Вярнуцца: 2020

№ 10 (1473)


Дадана: 04-03-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 10 (1473), 4 сакавіка 2020 г.

У Гарадзенскім аблвыканкаме напісалі беларускамоўную дыктоўку

У Міжнародны дзень роднай мовы сотні ахвотных у розных установах Гарадзеншчыны сталі ўдзельнікамі абласнога дыктанта. Да маштабнай беларускамоўнай акцыі далучыліся і студэнты, і педагогі, і супрацоўнікі органаў улады.

У аблвыканкаме сёння было ўсё як некалі ў школе: сапраўдны настаўнік, фірмовыя бланкі і ніякіх падказак. Тэкст, які прапанавалі ўдзельнікам, быў прысвечаны 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і, дарэчы, ён быў дастаткова няпростым: з-за неўважлівасці можна было лёгка зрабіць памылку, але ж адзнак тут ніхто не ставіў, таму што галоўная мэта не ў гэтым.

- Хочацца ўспомніць словы Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі", - сказаў старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Аляксандр Вярсоцкі. - Такія акцыі нам патрэбны, каб кожны сваім асабістым прыкладам мог нагадаць аб сэнсе гэтых слоў тым, хто побач, каб прыцягнуць увагу да роднай мовы. Разам з іншымі супрацоўнікамі аблвыканкама мы з вялікім задавальненнем напісалі сённяшнюю дыктоўку. Прыемна, што вельмі многія адклікнуліся на прапанову.

Напісанне беларускамоўнага дыктанта - гэта, як адзначылі ўдзельнікі акцыі, арыгінальны эксперымент, які абавязкова павінен захавацца добрай традыцыяй.

- Сёння свята, калі мы ўсе павінны ўспомніць пра сваю родную мову, - адзначыў старшыня галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык. - Людзі павінны не забываць родную мову, памятаць, адкуль пайшлі іх карані. Аб гэтым нагадвае Міжнародны дзень роднай мовы.

Ганна Радзюк. Фото: Вадзіма Галоціка. dzyannica.by.

Дарагія беларусачкі!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе Вас з самым вясновым святам - Міжнародным жаночым днём!

Спрадвеку жанчыны - маці, гаспадыні лічыліся захавальніцамі сямейных традыцый. Нездарма беларусы сваю родную мову называюць матчынай, матулінай. Няхай гэтая традыцыя ніколі не перапыняецца! Няхай і надалей нашы матулі і бабулі праз песні і калыханкі перадаюць немаўлятам найвялікшы наш скарб - беларускую мову.

Здароўя Вам усім, аптымізму і непахіснай веры ў тое, што наша роднае слова прывядзе беларускі народ да годнага жыцця.

Хай з Вашых вуснаў і вуснаў Вашых блізкіх мілагучнае звонкае беларускае слова разальецца магутнай паводкай па ўсёй нашай краіне.

Сакратарыят ТБМ.

Кіраўніцтва ТБМ у Дзень роднай мовы

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы старшыня ТБМ Алена Анісім, першы намеснік старшыні Уладзімір Колас, прарэктар па навуковай частцы Універсітэта імя Ніла Гілевіча Павел Церашковіч наведалі Лідзянскую школу ў Чэрвеньскім раёне.

Наш кар.

Сустрэча прадстаўнікоў Віцебскай абласной рады ТБМ з кіраўніцтвам вобласці

У Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, у ВДУ імя П. М. Машэрава адбылася сустрэча сябраў Віцебскай абласной рады ТБМ імя Ф. Скарыны з чыноўнікамі Віцебскага аблвыканкама. Ідэя правядзення круглага стала менавіта ў сценах універсітэта належала дэкану філалагічнага факультэта прафесару С.У. Нікалаенку і была падтрыманая рэктарам прафесарам В.В. Багатыровай. Бадай, ніколі яшчэ не адбывалася дыялогу на такім высокім узроўні паміж актывістамі Таварыства і органамі дзяржаўнай улады, як у гэты Дзень роднай мовы! Мяркуйце самі. У сустрэчы ўдзельнічалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У. Цярэнцьеў, начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Г.М. Ягораў, начальнік упраўлення культуры П.М. Падгурскі і іншыя чыноўнікі высокага рангу. Віцебскую абласную раду ТБМ прадстаўлялі яе старшыня Ю.М. Бабіч, Ганаровы старшыня І.А. Навумчык і іншыя сябры рады.

За круглым сталом абмяркоўвалася, сярод іншага, пытанне пра адкрыццё ў Віцебску беларускамоўных класаў, беларускамоўных гімназій у гарадах вобласці. На сённяшні дзень у Віцебску няма ніводнага беларускамоўнага класа, а колькасць сельскіх школ з году ў год змяншаецца.

Закраналіся праблемы супрацоўніцтва ТБМ і органаў дзяржаўнай улады ў розных рэгіёнах Віцебшчыны, гаварылася пра неабходнасць пашырэння беларускай мовы на старонках раённых газет, адбываўся нефармальны і шчыры абмен думкамі па шэрагу іншых важных тэмаў.

Пра стан роднага слова ў ВДУ расказаў дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Уладзіміравіч Нікалаенка. Ён адзначыў, што на факультэце традыцыйна праводзяцца імпрэзы, якія спрыяюць развіццю беларускай мовы і культуры. Сяргей Уладзіміравіч выступіў з ідэяй, каб студэнты нашай ВНУ наведалі малую радзіму Васіля Быкава і больш глыбока пазнаёміліся з яго творчасцю.

Такім чынам, у Дзень роднай мовы ў Віцебску былі абмеркаваны найважнейшыя пытанні, якія датычаць пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў рэгіёне. Будзем спадзявацца, што падобны дыялог нашай грамадскай арганізацыі і прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады стане традыцыйным.

Наталля Ермакова, сябра ТБМ, студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Віцебску

У Віцебскай абласной бібліятэцы 22 лютага больш за пяцьдзясят чалавек пісалі дыктоўку, прымеркаваную да Дня роднай мовы. Гэтае традыцыйнае мерапрыемства ладзіцца абласной арганізацыяй ТБМ сумесна з бібліятэкай.

Перад пачаткам адбылася невялікая літаратурна-мастацкая імпрэза, да якой упершыню далучыліся выкладчыкі Віцебскага філіяла МІПСА. Яны прачыталі свае любімыя вершы па-беларуску. Таксама з вершамі выступілі студэнты філалагічнага факультэта ВДУ імя П. М. Машэрава: Анастасія Асташчанка, Марына Сазонава, Лізавета Сямчонак і Наталля Ермакова. Дзяўчаты не толькі прадэманстравалі высокі ўзровень валодання роднай мовай, але і праявілі сябе як знаўцы беларускай паэзіі. Затым у выкананні Арцёма Лонскага - студэнта гэтага ж факультэта - прагучала прыгожая песня. Закончылася літаратурна-мастацкая частка выступамі віцебскіх паэтаў Мар'яна Даргеля і Міхася Мірановіча.

Для дыктоўкі сёлета быў прапанаваны фрагмент з успамінаў Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Па традыцыі тэкст чытаў старшыня Віцебскай абласной рады Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, кандытат філалагічных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава Юрый Бабіч. Асабліва адзначым, што ў гэтым годзе дыктоўку пісалі разам з усімі і прадстаўнікі кіраўнічага складу вобласці - начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення і па справах моладзі аблвыканкама Г.М. Ягораў і начальнік упраўлення культуры аблвыканкама П.М. Падгурскі.

Адзнакі ўдзельнікам дыктоўкі ніхто не выстаўляў, бо галоўным вынікам была не наяўнасць або адстутнасць памылак, а атрыманая асалода ад дакранання да глыбокага, сакавітага, мілагучнага беларускага слова.

Наталля Ермакова, сябра ТБМ, студэнтка 3 курса філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава.

У Валожыне ўшанавалі Міжнародны дзень роднай мовы

У Валожынскай гарадской бібліятэцы сабраліся, каб ушанаваць Міжнародны дзень роднай мовы і аддаць дань павагі нашым продкам, якія захавалі для нас гэты бясцэнны скарб.

Большасць прысутных склалі людзі паважанага ўзросту, але вельмі актыўныя, якім было цікава даведацца, на колькі граматна яны валодаюць пісьмовай беларускай мовай. Аматары роднага слова пісалі дыктоўку, якую прачытала настаўніца беларускай мовы, старшыня Валожынскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны Людвіка Таўгень. Тэкст быў падабраны з нагоды 75-годдзя Вялікай перамогі - урывак з апавядання В. Быкава "Адна ноч". Перад напісаннем Людвіка Станіславаўна азнаёміла прысутных з рэальнымі падзеямі, якія і паслужылі для напісання гэтага твора, з арыгінальным і захапляльным зместам. (Гэта здарэнне В. Быкаў апісвае ў кнізе ўспамінаў "Доўгая дарога дадому", дзе змешчаны найбольш яркія старонкі біяграфіі пісьменніка). З цікавасцю была выслухана некаторая інфармацыя з біяграфіі В. Быкава ваеннага часу, паведамленне аб стылі, аўтарскай манеры нашага творцы, прапанаваны для чытання лепшыя творы - усё гэта паслужыла ўзнікненню ў слухачоў зацікаўленасці да твораў класіка.

Сябар Валожынскай суполкі ТБМ Сяргей Сівы. На фота: дыктоўка ў Валожыне.

Сэрцам роднага слова крануся

Важнай падзеяй гэтых дзён з'явілася пасяджэнне народнага літаратурна-мастацкага аб'яднання "Рунь" пры Валожынскім ЦНТ.

Былі запрошаны з Валожынскай СШ № 1 вучні 4 кл. з класным кіраўніком Т. Л. Каланцэр, якія пры "Руні" складаюць дзіцячы літаратурны клуб "Летуценнік". Сустрэча маладзенькіх заўзятараў мастацкага слова і ўжо вопытных літаратараў мела на мэце ўшанаваць роднае мастацкае слова з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.

Гучалі творы землякоў-валожынцаў П. Бітэля, В. Шніпа, Г. Рубацкай, Г. Філяноўскай, У. Буракоўскага і інш. Не былі абмінуты і выказванні пра родную мову класікаў нашай літаратуры, такіх як Ф. Багушэвіч, Якуб Колас і інш. Прызнаваліся ў любові да роднай мовы, роднай зямлі старэйшыя "рунёўцы" Л. Гардынец, М. Шакун, кіраўніца "Руні" сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі В. Гіруць-Русакевіч, чытаючы ўласныя творы.

Маленькія "летуценнікі" з цікавасцю і ўвагай слухалі сваіх старэйшых сяброў, настаўнікаў, прымалі ў свае чыстыя сэрцы кожнае прамоўленае слова, выраз на роднай мове, навучаліся гэтаму слову і самі чыталі беларускія вершы.

Людвіка Таўгень. На фота: на пасяджэнні літаратурна-мастацкага аб'яднання "Рунь".

Пра роднае слова ў Дзень роднай мовы

Тое, што для многіх народаў здаецца звычайным і зразумелым, нам, беларусам, трэба спасцігаць. Напрыклад тое, што было вядома значна раней, што "наша мова для нас святая". Мы ўсё стараемся яе замяніць, карыстаючыся іншай, няхай сабе вельмі прыгожай і цудоўнай, але ж не роднай. Але, дзякуй Богу, ёсць дзень, калі пра тое, што павінны ведаць заўсёды, успамінаюць усе, хто на справе, а хто хаця б у думках - сусветны Дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Нагадаць усім пра даўно вядомае паспрабавалі і супрацоўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, запрасіўшы чытачоў бібліятэкі і ўсіх аматараў роднага слова прыняць удзел у Тыдні роднай мовы, які прайшоў у бібліятэцы з 18 па 24 лютага.

Людзі розных узростаў удзельнічалі ў акцыях: "Сэлфі па-беларуску", падчас якой неабходна было зрабіць фота ці відэа з беларускімі словамі і апублікаваць у сацсетках з #Нясвіжчытае, "Любімае беларускае слова", якое наведвальнікі бібліятэкі запісвалі на рознакаляровыя паперкі і замацоўвалі на лічбе 21. Цікавымі былі і сумесныя акцыі з аўтамабільным паркам № 8 у грамадскім транспарце "Вучымся размаўляць па-беларуску разам" і "Пазнай больш сакавітых слоў" (сумесна з БРСМ на вуліцах горада).

Але самае цікавае адбылося менавіта ў Дзень роднай мовы - 21 лютага.

Малодшыя чытачы бібліятэкі сустрэліся з беларускай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, якая прэзентавала сваю новую кнігу "Ключ ад Вялікай Каштоўнасці", а таксама пазнаёміла з героямі сваіх кніг, якія ўжо знайшлі свайго чытача.

Вучні пачатковых класаў паўдзельнічалі ў майстар-класе "Нясумнае чытанне: чытаем і ствараем" па стварэнні герояў дзіцячых беларускіх кніг і паспрабавалі сябе ў ролі найлепшых чытальнікаў твораў на роднай мове .

Старшакласнікі і навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа мелі магчымасць праверыць свае веды падчас традыцыйнай дыктоўкі, якую правяла для іх пісьменніца, сябра Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў раённага і літаратурна-музычнага аб'яднання "Валошкі" Зоя Кулік.

Завіталі ў той дзень у бібліятэку і маладыя інваліды, наведвальнікі Нясвіжскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам са сваімі кіраўнікамі Таццянай Георгіенай Хоміч і Аксанай Юр'еўнай Пяткевіч. Бібліятэкар дарослага абанемента Аксана Леанідаўна Кунаш прапанавала ім інтэлектуальную гульню "Мова родная - мова модная". Дзеці слухалі беларускія вершы і песні ў выкананні вядомых беларускіх артыстаў, тлумачылі значэнне беларускіх слоў, паспрабавалі сябе і ў ролі перакладчыкаў з рускай на беларускую мову. Дарэчы, лепшым перакладчыкам паказаў сябе снаўчанін Дзяніс Бушмялёў.

Многія ўдзельні гульні - даўнія чытачы бібліятэкі. У той дзень, пасля мерапрыемства, яны ўзялі для чытання кнігі беларускіх аўтараў, якія размяшчаліся на выставах "Смак беларускай мовы", "Да кніжных скарбаў дакраніся", "Роднага слова святло", "Будзь у трэндзе: чытай беларускае".

Не засталіся ўбаку і сельскія бібліятэкары. Сустрэча з кнігай на роднай мове "Кніга - шлях да ведаў" прайшла ў Высокаліпскай бібліятэцы, віктарына "Знаўца роднай мовы" ў Заазерскай. Супрацоўніца бібліятэкі вёскі Ужанка Людміла Казіміраўна Гуленка запрасіла сваіх чытачоў на літаратурную гасцёўню "Багата, родная ты мова..".

У Юшавіцкай сельскай бібліятэцы імя Івана Гурбана адбыўся конкурс знаўцаў роднай мовы, у якім прынялі ўдзел вучні 2-7 класаў. Бібліятэкар Ганна Канстанцінаўна Халопіца загадвала ім загадкі, прапаноўвала разгадаць шарады, чым найхутчэй прагаварыць скорагаворку, узгадаць і сабраць з прапанаваных слоў прыказку і многае іншае. Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія прызы, а вынікі дружна падвялі за салодкім сталом. І самае цікавае тое, што ў гэтым конкурсе не было пераможаных - перамаглі ўсе.

Як бы хацелася, каб і на шчырай зямлі нашай роднай беларуская мова таксама не была пераможанай. Каб гаварылі на ёй людзі, вырашалі грамадскія пытанні, вялі важныя перагаворы, каб роднымі словамі выказвалі свае пачуцці да каханых, прызнаваліся ў любові да роднай зямлі, суцяшалі ў сумныя хвіліны, раздзялялі радасць. Яно так і будзе, асабліва калі мы станем як мага больш чытаць па-беларуску, і, канешне ж, не забывацца, што самыя цікавыя сустрэчы і з кнігамі, і з іх аўтарамі адбываюцца менавіта ў бібліятэцы. Завітвайце да нас часцей, не пашкадуеце.

Валянціна Шчарбакова, бібліятэкар І катэгорыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы. Фатаграфіі Святланы Польскай. На здымку: з Зояй Кулік Анастасія Бунцэвіч, Яраслава Грыцэль, Ганна Жукоўская, Таццяна Глусценка, Дар'я Буйко, навучэнцы Нясвіжскага каледжа, група Н-22.

ДЫКТОЎКА: МА-ЛЮ-ЕМ І ПІШАМ

Як і папярэднія, сёлетні Міжнародны дзень роднай мовы ў дзіцячым садку, што ў вёсцы Саская Ліпка, на Нясвіжчыне, атрымаўся цікавым, напоўненым разнастайнымі справамі, сустрэчамі, гульнямі. Не засталіся ў баку і ад Агульнанацыянальнай дыктоўкі - пісалі разам з усім беларускім светам. Дый не абыяк, а ў дзве рукі!

Спачатку да аформленых бланкаў-лістоў прыклалі сваю руку выхаванцы старэйшай групы садка: напісалі, а лепш сказаць, на-ма-ля-ва-лі вядомыя літаркі і слоўкі. Часцей гэта былі "мама" і "мова" ды знак роўнасці паміж імі. А ў дадатак яшчэ аздобілі зялёнай траўкай унізе ліста, вышэй - кветкамі, яшчэ вышэй малявалі вясёлку, птушак, воблакі…- каму што захацелася, як падказаў настрой. А настрой у дзетак быў святочны: ад нясвіжскіх сяброў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны яны атрымалі ў падарунак кніжкі з вершамі беларускіх паэтаў і беларускімі народнымі казкамі, а яшчэ прыгожыя медалькі з наказам шанаваць і любіць родную мову.

Пасля ўжо на тых расфарбаваных лістах супрацоўнікі садка ў вольны свой час напісалі дыктоўку "Малітва за беларускі народ" (з беларускага малітоўніка "Божым шляхам" 1946 г.).

- Пісаць было адказна і хвалюча, нібыта стаіш на каленях і просіш у Бога яго шчодрых даброт, - кажа выхавацель садка Рыта Мацкевіч. - Яшчэ думалася: мы часта звяртаемся да Усявышняга са сваімі асабістымі турботамі, а ці часта ўзнімаемся да грамадскай малітвы за сваю зямлю, народ, яго будучыню, каб мог ён "разумна ды прыгожа жыць і развівацца".

Напісаную дыктоўку-малітву маглі ўзяць з сабой бацькі выхаванцаў, каб дома прачытаць, а то і перапісаць яе прачулыя словы: "Дабраславі нашы сем'і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчыраю святою любоўю, выхоўвалі Табе на славу, а Бацькаўшчыне на карысць сваіх дзетак."

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

Дзень роднай мовы ў Беластоку

Да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы традыцыйна далучыліся ў Праваслаўнай школе імя святых Кірыла і Мяфодзія, дзе вывучаюць беларускую мову. Тут не толькі прайшла дыктоўка, але, як звычайна, зладзілі сапраўднае беларускае свята: сёлета гралі сцэнкі, танчылі лявоніху ды спявалі. А вось чаму школа гасцей на беларускае свята запрасіла менавіта на 24 лютага, патлумачыла настаўніца беларускай мовы Яанна Марко:

- У гэтым годзе мы пішам 24 лютага, хаця Дзень роднай мовы 21 лютага. Нас запрасілі ў Берасце, дзе праходзіў Фестываль беларускай культуры, і мы там выступалі. Так што я цешуся таксама, што цяпер нават у Берасці школа, якая калісьці не мела такой традыцыі святкавання Дня роднай мовы, цяпер таксама святкуе. Можа, не пішуць дыктоўкі, але нейкім іншым спосабам. Так што мы змаглі там таксама выступіць, распавесці пра наша свята, пра наш Дзень роднай мовы ў Беластоку. І таму трэба было перанесці дыктоўку на сёння.

Тры ўзроставыя групы пісалі розныя тэксты. Напрыклад, дарослыя госці пісалі тэкст пра незалежнасць, старэйшыя школьнікі пісалі пераклад на беларускую мову тэкста польскай Нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук, малодшыя школьнікі пісалі легенду пра назву горада Берасце, які сёлета адзначыў сваё 1000-годдзе і адкуль нядаўна вярнулася школьная дэлегацыя.

Улад Грынеўскі, Радыё Рацыя.

Мова родная, мілагучная…

Дню роднай мовы прысвячаецца

Гэтай ісціне веру даўно,

І яна для мяне, як замова:

У людзей ёсць багацце адно -

Чалавечае, добрае слова.

С.Законнікаў.

Родная мова такая мілая, пяшчотная, гучная і такая цудоўная. Яна ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці. Прыгожае гучанне роднага слова мы пачынаем успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легендаў і паданняў. Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, Максім Багдановіч, Янка Брыль …. І сёння, напэўна, няма пісьменнікаў, якія б не выказалі сваіх адносін да роднай мовы. У шматлікіх радках песняроў падкрэсліваецца яе значэнне ў жыцці грамадства, багацце і адметнасць, паказваецца сувязь мовы народа, культуры і гістарычнай памяці.

21 лютага народы нашай планеты святкуюць Дзень роднай мовы. Амаль ўсе бібліятэчныя ўстановы ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка" далучыліся да гэтага шыкоўнага свята і яшчэ раз нагадалі сваім наведвальнікам, што ёсць такі дзень, ёсць такое свята, што нездарма ён устаноўлены і святкуецца, што родную мову паважаць і аберагаць трэба, "… каб не ўмерла".

Яшчэ за тыдзень да знакавай даты ў кожным "райскім" куточку (менавіта бібліятэка гэта асабісты рай для чалавека разумнага і пазітыўнага) ладзіліся цікавыя і змястоўныя кніжныя выставы, на якіх прадстаўлены лепшыя творы з фондаў бібліятэк, праводзіліся акцыі. У сам дзень арганізавана звыш 12 мерапрыемстваў: гадзіна роднай мовы "Мова родная - багацце народнае" (Карэліцкая раённая бібліятэка), "Чароўныя гукі роднай мовы" (Райцаўская сельская бібліятэка), "Ад зерня - колас. Ад слова - мова" (Мірская гарпасялковая бібліятэка), гістарычная вандроўка "Погляд праз стагоддзі" (дзіцячая бібліятэка), літаратурныя чытанні "Сэрцам роднага слова краніся" (Палужская сельская бібліятэка. І абавязковым пунктам кожнай сустрэчы - агульнанацыянальная дыктоўка. Узброіўшыся шарыкавымі ручкамі і аркушамі паперы, удзельнікі мерапрыемстваў, а гэта падлеткі, моладзь і людзі старэйшага пакалення пісалі ўрыўкі з твораў Васіля Быкава ці Уладзіміра Караткевіча.

У Карэліцкай раённай бібліятэцы спачатку член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Кошур узгадала мясцовага паэта Івана Жука і яго творчасць, прасякнутую дабрынёй, любоўю да роднай зямлі і матчынага слова. Нездарма імя Івана Жука ўнесена ў даведнік Аляксея Пяткевіча "Людзі культуры Гродзеншчыны". А затым прадыктавала ўрывак з аповесці Васіля Быкава "Альпійская балада". На працягу 30 хвілін (менавіта столькі доўжылася дыктоўка) Іван і Джулія радаваліся сонечнаму летняму дню, паху кветак і травы, сваёй маладосці, збіралі і ласаваліся чырвонымі зорачкамі - суніцамі, на пэўны час забыўшыся пра небяспеку. У заканчэнні амаль усе ўдзельнікі выказалі свае пазітыўныя адносіны да мерапрыемства.

Тыдзень завяршыўся, але наперадзе новыя святы і новыя беларускамоўныя мерапрыемствы, якія яшчэ не адзін раз падкрэсляць, што мова - душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны і неацэнны скарб. I сёння гонар і абавязак усіх нас - шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту.

Н.У. Казарэз, метадыст ДУК "Карэліцкая раённая бібліятэка.

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку

Адаміна Алена Адамовіч Славамір Генрыхавіч Азарчык Раман Уладзіміравіч Анацка Ганна . Андрэас Анатоль Аніскевіч Алег Аноп Віталь Аляксандравіч Антонава Алена Аляксеўна Арочка Ларыса Іванаўна Асіпчук Аксана Мікалаеўна Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Канстанцін. Астроўскі Аляксандр Алякс. Аўсяннікава Тамара Аляксан. Баброўская Людміла Бажыцка Алег Аляксандравіч Бандарэнка Юлія Дзмітрыеўна Бараноўскі Сяргей Бародзіч Ганна Стафанаўна Баршчэўскі Лявон Пятровіч Барэль Таццяна Уладзіміраўна Баўсюк Мікола Бахцізіна Кацярына Георгіеўна Белякоў Аляксандр Бермант Раіса Барысаўна Богдан Вадзім Бойка Сяргей Васільевіч Бохан Уладзіслаў Сяргеевіч Бубула Вольга Бугай Казімір Іосіфавіч Бугук Яўгенія Якаўлеўна Бука Таццяна Леанідаўна Булак Аляксандр Бураўкін Арсеній Аляксеевіч Бутылін Міхась Уладзіміравіч Бяляева Наталля Уладзімір. Васільчанка Мікола Рыгоравіч Вашкевіч Андрэй Фрыдрых. Вашкевіч Ігар Пятровіч Віцько Дзмітры Вячаслававіч Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Вулхайзер Курт Фрэдрык Вянгура Ніна Фёдараўна Вярбіцкая Ядвіга Станіслав. Вячорка Францішак Валянц. Галец Вольга Георгіеўна Гапеенка Анатоль Мікалаевіч Гарасюк Аляксандр Гардзей Н. М. Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Эдуардаўна Герасімовіч Валянцін Іванавіч Гіль Лілея Эдмундаўна Гоўша Сяргей Канстанцінавіч Грамыка Валянціна Васільеўна Грыгаровіч Радаслаў Іванавіч Грыгор'еў Аляксандр Віктар. Грынь Наталля Станіславаўна Грышкевіч Юры Генадзевіч Гук Ганна Іванаўна Гуркоў Канстанцін Уладзімір. Дабратвор Ілля Мікалаевіч Давыдоўская Алена Сяргееўна Дайлідка Юры Далудзенка Анастасія Дзмітр. Дамасевіч Віталь Уладзімір. Дапкюнас Жанна Казіміраўна Дарашкоў Сяргей Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Другакова Марына Мікал. Дрык Людміла Дубіцкі Уладзімір Пятровіч Дыдышка Ніна Дэц Алена Георгіеўна Жылко Антон Мікалаевіч Забалотная Леакадзія Віктар. Завацкі Яўген Ігаравіч Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Згірскі Міхаіл Францавіч Здзітавец Алена Уладзіміраўна Зінавенка Сяргей Леанідавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Іванова Бярнарда Пятроўна Ішчанка Галіна Мікалаеўна Кавальчук Дамініка Сяргееўна Кавальчук Дзмітры Леанідавіч Кадушка Вера Уладзіміраўна Казлова Аляксандра Віктар. Каліновік Вольга Фёдараўна Калоша Аляксандр Аляксан. Кандрацьева Зінаіда Міхайл. Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Іванаўна Карась Ганна Аляксандраўна Караткевіч Таццяна Мікал. Карлінскі Віктар Адамавіч Карпіцкі Максім Юр'евіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Кечанкоў Мікалай Мікалаевіч Кірылаў Герман Іларыёнавіч Кіслая Вольга Юр'еўна Клімавец Яўгенія Антонаўна Клінава Дарыя Коваль Ірына Віктараўна Козел Ларыса Міхайлаўна Конічава Галіна Корань Вольга Кохан Павел Сяргеевіч Крапоціна Вольга Іванаўна Красніцкі Віктар Яўгенавіч Крол Цімур Аляксандравіч Крук Ларыса Васільеўна Крукоўскі Уладзімір Крывенькая Марына Расцісл. Кулеўскі Уладзіслаў Ігаравіч Кулецкі Уладзіслаў Ігаравіч Кулішча Эдуард Францавіч Кунцэвіч Уладзімір Генадз. Курбацкі Аляксандр Міхайл. Кухаронак Валянціна Іванаўна Кухто Васіль Іванавіч Лазіцкі Дзяніс Андрэевіч Лазоўскі Алег Алегавіч Лапенка Аляксей Купрыянавіч Лапіцкі Аляксей Іванавіч Латушка Ірына Латыш Аліна Лявонаўна Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Міхайлавіч Лісоўскі Тарас Станіслававіч Ліцвінчук Наталля Лойка Ганна Станіславаўна Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Луханіна Алена Альбінаўна Ляўковіч Міхась Васільевіч Мазанік Аляксандр Віктаравіч Макар Юры Уладзіміравіч Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Малахава Людміла Віктараўна Малашанка Зміцер Васільевіч Малашчанка Ядвіга Алегаўна Малышчыц Мікалай Васіл. Мамонька Алена Мамчыц Эдуард Іосіфавіч Марачкін Аляксей Антонавіч Марус Алена Маханько Алена Валер'еўна Махвіц Аляксей Яўгенавіч Мацвееў Ігар Аляксеевіч Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мерцалава Надзея Фёдараўна Мінава Вера Місевіч Мар'ян Міхалькевіч Віталь Генрых. Міхалькевіч Віталь Паўлавіч Міхалькевіч Уладзіслаў Генр. Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Мухіна Надзея Аляксандраўна Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Насовіч Эдуард Піліпавіч Несмяянава Людміла Данілаўна Носава Галіна Падгайскі Мікалай Вячаслав. Пазднякова Анастасія Дзмітр. Пазняк Марыя Пальчэўскі Юры Леанідавіч Паляк Надзея Васільеўна Панкевіч Аляксандр Папковіч Уладзімір Антонавіч Паўлавец Зміцер Змітравіч Паўлюковіч Ніна Пералайка Мікалай Уладзім. Перападзя Ліна Фёдараўна Праконіна Вера Уладзіміраўна Прыбыш Ірына Мікалаеўна Прыгодзіч Фёдар Уладзімір. Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч Пятручык Уладзіслаў Анат. Рабчынская Лідзія Аляксееўна Раманоўская Ганна Леанідаўна Раманоўская Яніна Рамашэўская Людміла Алякс. Родзік Анатоль Леанідавіч Рулевіч Алена Валер'янаўна Русан Сяргей Іванавіч Руткоўская Антаніна Фадз. Рыбакова Ірына Алегаўна Рыбакоў Яўгеній Юр'евіч Рыбачонак Аляксандр Міх. Рымша Ангеліна Алегаўна Сабалеўская Вольга Алякс. Савіцкі Максім Савіцкі Павел Уладзіміравіч Садоўская Алена Станіслав. Садоўскі Раман Салдаценка Ігар Пятровіч Санько Зміцер Хведаравіч Саракавік Анатоль Вячаслав. Сарнацкі Аляксандр Балясл. Саўчанка Марыя Уладзімір. Севасцьянава Ганна Сяргееўна Сідаровіч Ала Рамуальдаўна Сідарэвіч Святлана Рыгораўна Сідарэнка Сяргей Уладзімір. Сінькевіч Сяргей Алегавіч Сіняўская Вера Васільеўна Смаль Вячаслаў Мікалаевіч Смірнова Рэната Юр'еўна Старавойт Наталля Юр'еўна Стаўбун Ірына Іванаўна Стахоўскі Станіслаў Аляксан. Стаціўка Мікалай Страха Соф'я Валянцінаўна Стэпусь Васіль Суравіцкі Віталь Анатольевіч Сурскі Ягор Дзмітрыевіч Сухарава Любоў Васільеўна Сушко Вера Іванаўна Сцямпкоўскі Сяргей Сцяцко Павел Уладзіміравіч Сянкевіч Васіль Іванавіч Табушава Ірма Алегаўна Тамулёнак Мікалай Іванавіч Тацянкоў Генадзь Максімавіч Точка Людміла Браніславаўна Трайнель Віктар Траццякова Алена Уладзімір. Трацяк Іван Іванавіч Трашчанка Уладзімір Яўхім. Турок Марыя Аляксандраўна Уазіз Амін Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валерый Васільевіч Філіпаў Мікалай Альбертавіч Фірысюк Таццяна Мікалаеўна Хабян Вольга Хамрэнка Ірына Алегаўна Харашылава Тамара Пятроўна Хацятоўскі Аляксей Алякс. Храпавіцкі Васіль Сяргеевіч Цвяткова (Русак) Надзея Ів. Цыркуноў Аляксандр Іванавіч Чакур Анатоль Міхайлавіч Чаляпін Аляксей Чапля Аляксей Генрыкавіч Чарняўская Святлана Чашчына Наталля Мікалаеўна Чэчат Сяргей Аляксандравіч Шавель Яўген Іванавіч Шагулін Алег Іванавіч Шадыра Вадзім Іосіфавіч Шарах Генадзь Мікалаевіч Шаргаева Святлана Міхайл. Шарэйка Вольга Шахоўская Святлана Уладзім. Шыпіла Вераніка Уладзімір. Шышкіна Лена Сяргееўна Шышук Андрэй Іванавіч Шэметава Алеся Аляксандр. Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Раманаўна Яноўская Марыя Януковіч Вікторыя Эдуард. Янчанка Алена Рыгораўна Яўдошына Ларыса Іванаўна Яцына Яна Мікалаеўна

З чарады Страцім-Лебедзя…

Навіна аб смерці блізкага чалавека заўсёды засцігае знянацку, як гром з яснага неба… І ты, агаломшаны гэтай навіной, робішся абсалютна абязброеным і бездапаможным перад жыццём і лёсам. І пачынаеш пакутліва сумнявацца ў існасці Божага промыслу… Ну чаму? Чаму? Чаму так? Мо таму, што "не па барадзе, а па чарадзе смерць ідзе…"? Алесь Пісьмянкоў, Ала Канапелька, Анатоль Сыс, Уладзімір Марук, Таццяна Сапач, Міхал Анемпадыстаў, Уладзіслаў Ахроменка… У гэтым жалобным шэрагу з нядаўняга часу і - Эдуард Дубянецкі… Ён быў паэтам з рыцарскім абліччам і анёльскай душой - абсалютна шчырым, даверлівым і бяскрыўдным у адносінах да людзей і ні разу не паскардзіўся на бязлітасны лёс, і не выказаў крыўды на Бога за сваю фізічную загану… На гэта здольныя толькі сапраўдныя волаты Духу… Тыя, хто робіць першы крок на Птушыны шлях без самоты і шкадавання, бо "кнігу маюць"… Паэт Эдуард Дубянецкі з іх акрыленай чарады…

Памяці Эдуарда Дубянецкага

Отговорила роща золотая…

С. Ясенін.

Нібыта хтосьці зло пажарціў, -

яшчэ учора вершы сніў…

- Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Ну што ж ты, дружа, нарабіў?!

Жыцця на дробязь не растраціў…

Хлуснёй душу не замуціў…

- Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Ты, як анёл, узнёсла жыў…

Аб моры мару даляглядзіў…

Не шкадаваў балесных крыл…

- Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Чым Богу ты не дагадзіў?

Завету Геніюш не здрадзіў…

Больш за жыццё

свой Край любіў…

- Ой, Эдуардзе, Эдуардзе!

Не ў час твой гай адгаманіў…

Эдуард Акулін. 25 лютага 2020 г. 20:25.

Эдуард Дубянецкі.Паэт, гісторык, культуролаг, эсэіст. Аўтар кнігі паэзіі "Душы маёй няскончаны палёт" (2011), а таксама навукова-папулярных кніг, энцыклапедычных даведнікаў і навучальных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, беларусазнаўству, культуралогіі. Кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Чудзін на Берасцейшчыне. Памёр 25 лютага 2020 года.

Беларуская мова

Беларуская мова -

То крылы,

Што дае міласэрна Ўсявышні

Нам для ўзлёту

Знямелай душы...


Беларуская мова -

Малітва,

Што гучыць пранікнёна і льецца

Жыццядайным святлом

На імшы...


Беларуская мова -

Ліхтарык

Для таго,

Хто зблудзіў цёмнай ноччу

І не ведае шлях

Да шашы...


Беларуская мова -

Цягнік ты,

Здольны вывезці хутка народ

На прастор

Ціхай радасці вольны

З хцівай пашчы

Бязвер'я глушы...

Зрабі з маім сном, што захочаш…

Калі мой сон

ізноў

сплываці будзе

уніз па рэчцы,

ты яго спыні...


Спыні

і на руках сваіх вільготных

у дом пусты

свой прынясі ўначы,

а потым

у ложак свой яго,

нібыта котку,

з сабою побач

пакладзі і прытулі,

альбо,

як бруднае

і непатрэбнае люстэрка,

ушчэнт разбі яго,

без роспачы разбі...

Канфармісты

Іх не турбуе лёс краіны,

Іх крэда - быць ніжэй травы

І гнуць перад начальствам спіны,

Жыць, як бязвольныя рабы.


Іх не хвалюе скон народа,

А толькі шмоткі, сэкс, харчы.

Для іх пусты гук "дух", "свабода".

Іх прынцып -

"лепш заўжды маўчы!"


Яны б хацелі жыць так вечна,

Бы рыбы ў касяку, маўчаць,

І плыць у рацэ жыцця бяспечна

Усёй сям'ёй сваёй. Аднак

Ім здолее хтось пракрычаць

З нашчадкаў шчырых:

"Ганьба! Ганьба!"

Беларускі баян

Рыгору Барадуліну

Кшчоны вы нябёсамі і Богам,

каб служыць

святыні нашай -- мове!

Каб насуперак

усім бедам і трывогам

эліксірам быць

чароўным у знямозе!


Голас Ваш узнёслы вышэй гор

узлятае, мудры

дзядзька наш Рыгор!

Вы - паэзіі цудоўнай акіян,

чараўнік і беларускі наш Баян!

Паэзія

Адзін другога пераконваў:

"Паэзія - гэта пошук

дна бяздоннага маўчання"

Другі яму рашуча запярэчыў:

"Не! - гэта адчуванне

бязмежнага болю

ў нетрах спрадвечнай мілосці".

А трэці паспрабаваў іх

прымірыць:

"Паэзія - гэта спасціжэнне

спрадвечнага маўчання

мілосці на дне неабсяжнага болю".

Творчасць

У лабірынце слоў нямых

блукаю,

нястомна я шукаю сярод іх

такія словы,

каб з іх можна было скласці,

нібыта пазл,

таямнічы верш,

які б змог вырвацца

з прасторы нематы,

і ў рэшце рэшт

загаварыць

са мной, з табой,

а мо

і з цэлым светам...

Там…

Там штось шапоча пасівелая рака,

вісяць, бы яблыкі,

на дрэве неба зоркі,

там выглядае лодка рыбака

чаўном Харона. І ляжаць пагоркі,


нібы вярблюды

у пустыні; вецер там

містычнай цішынёй зачараваны,

бы немаўлятка, спіць.

З нябёс бальзам

спакою льецца.

Дзіўны час нірваны...

Журботны дыялог

"Жыццё маё сцякала,

Бы вада

З халоднага

І вострага ляза..."


"Маё жыццё -

Гаркавая сляза,

Што ўпала на зямлю калісь

І знікла,

І знікла незаўважна,

Бы раса..."


[Той дыялог

Дзвюх мёртвых душ

Пачулі

Пясок маўклівы

Й задуменная трава].

2020 - ГОД ЖЫЛКІ

План работы

Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па ўшанаванні 120-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі

1. Грамадская працоўная акцыя "100 дубоў для Жылкі".

2. Выданне календара "Маляванкі", прысвечанага "песняру красы" У. Жылку і творам народных мастакоў-самавукаў.

3. Прэзентацыя календара "Маляванкі" - анонс ГОДА ЖЫЛКІ на Нясвіжчыне.

4. Ліст ад сяброў ТБМ і зацікаўленай грамадскасці на імя старшыні Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў з прапановай назваць адну з вуліц г. Нясвіжа імем Уладзіміра Жылкі.

5. Ліст ад сяброў ТБМ і зацікаўленай грамадскасці на імя старшыні Гарадзейскага Савета дэпутатаў аб наданні адной з вуліц г.п. Гарадзея імя Уладзіміра Жылкі.

6. Напісанне Агульнанацыянальнай дыктоўкі (АНД) "Закладка на Жылку".

7. Распрацоўка эскіза і выраб памятнай пліты ў гонар Жылкі для ўсталявання на камені ў зоне адпачынку "Ціхая затока" (бераг Ушы, Гарадзея).

8. Падбор радкоў з вершаў паэта і ўсталяванне суправаджальных лірычна-краязнаўчых паказальнікаў у зоне адпачынку "Ціхая затока".

9. Ініцыяваць выкуп хаты ў в. Макашы, дзе нарадзіўся і гадаваўся паэт, з мэтай далейшай мемарыялізацыі сядзібы і стварэння музея Жылкі.

10. Удзел ў святкаванні юбілею паэта ў в. Макашы і г.п. Гарадзея.

11. Літаратурная сустрэча ў Гарадзеі "Чытаем і дэкламуем Жылку".

12. Зварот да адміністрацыі Стаўбцоўскага раёна аб усталяванні ў в. Падлессе, дзе летаваў Уладзімір Жылка, КАМЕНЯ ПАМЯЦІ паэта і РУЖОВАГА КРЫЖА як сімвала яго творчасці.

13. Працоўныя дэсанты ("Ціхая затока", Гарадзея і Макашы). 14. Экскурсіі для ахвотных наведаць радзіму паэта.

15. Зварот да беларускай грамадскасці з прапановай ажыццявіць паездку да магілы паэта ў г. Уржум

16. Памінальная імша па У. Жылку ў Ішкальдзі, дзе некалі прыняў ён хрышчэнне.

Д А Л У Ч А Й Ц Е С Я !

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскім аграрным універсітэце

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца традыцыйна 21 лютага. У нашым горадзе адбылася 13 агульнарэспубліканская дыктоўка.

З ранку па запрашэнні Наталлі Іванаўнай Пержынскай патрапіў на пачатак дыктоўкі ў корпусе БТФ на вуліцы Акадэмічнай. Дыктоўка была па творы Аляксея Карпюка "Данута". З самой Данутай мы таксама знаёмыя яшчэ з часоў маёй вучобы ў ГСГІ, калі яна выступала ў нас разам з Аляксеем Нічыпаравічам перад студэнтамі сельскагаспадарчага інстытута. У гэты раз дыктоўку пісалі студэнты школы кіруючых кадраў. Зрабіў некалькі здымкаў і накіраваўся ў свой корпус на заняткі.

Прайшло пару гадзін, і я аказаўся сведкам яшчэ дзвюх дыктовак. Адну з іх чытала Наталля Іванаўна для першакурснікаў. Як мне падалося, студэнты былі вельмі сціплымі.

У іншай аўдыторыю дыктоўку чытала таксама для першакурснікаў Аксана Мікалаеўна Асіпчук. У студэнтаў гэта былі першыя заняткі па беларускай мове. Тэкст дыктоўкі яны пісалі на вельмі прыгожа аформленых аркушах паперы, якія спецыяльна для дыктоўкі падрыхтавала Аксана Мікалаеўна. Распавёўшы некалькі цікавых старонак пра свае сустрэчы з выдатнымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі я пакінуў аўдыторыю, каб не перашкаджаць ні выкладчыку, ні студэнтам.

Мікола Таранда.

Міжнародны дзень роднай мовы ў Бярозаўскім палацы культуры

У 1999 годзе рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўя ўстаноўлены Міжнародны дзень роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага.

З мэтай папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы ў Бярозаўскім гарадскім Доме культуры Лідскага раёна адбылася квэст-гульня "Размаўляем па-беларуску", да Міжнароднага дня роднай мовы. Удзельнікаў чакала падарожжа па станцыях, на якіх прыходзілася выконваць цікавыя і разнастайныя заданні.

1-ае месца заняла каманда СШ № 3 "Крынічкі".

Сардэчна віншуем нашых пераможцаў.

Наш кар.

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

Міжнародны дзень роднай мовы сябры абласной арганізацыі ТБМ адзначылі разам з навучэнцамі і выхаванцамі беларускіх групаў і класаў Гародні. Дзеці падрыхтавалі праграмы святкавання, а сябры арганізацыі павіншавалі, прыгожымі падарункамі. Для дашкольнікаў 65 і 83 садкоў было выраблена 60 адмысловых налепак. У кожным з гэтых садкоў існуе па адной беларускай групе. Менавіта туды і занеслі налепкі Галіна Самойла і Іна Соркіна. Яшчэ ў адным садку, у сорак пятым таксама існуе і працуе беларуская, мяшаная паводле ўзросту, група дашкольнікаў. Але там уведзены каранцін, таму сябры Таварыства беларускай мовы Гарадзенскай вобласці завітаюць з падарункамі і адзначаць Дзень роднай мовы пазней.

Трэба заўважыць, што выхавацелі і дзеткі беларускіх групаў садкоў 83 і 65 добра падрыхтаваліся да святкавання Дня роднай мовы. Маюць добрую метадычную базу для выхавання па-беларуску. У садку № 65, па вуліцы Рэпіна, 7 - загадчыца Алена Працкайла і выхавальніца Марына Шымук. Беларуская група складаецца з дваццаці двух дзетак. У садку № 83, вуліца Ліможа, 8 - загадчыца Алена Пышынская. Колькасць дзетак ў беларускай групе - 12. У апошні віншаваць дзяцей прыйшлі не толькі сябры ТБМ, але і навучэнцы суседняй гімназіі.

У сярэдніх школах 32 і 34 ўжо цягам дзесяці гадоў існуе беларуская плынь. Ёсць таксама па адным-два навучэнцы па асобным навучальным маршруце ў гімназіях 7 і 10 г. Гародні.

Сябры Таварыства беларускай мовы адведалі гэтыя школы, дзе ўручылі падарункі (настольная гульня "Паўстанцы", кніжкі, налепкі) і адмысловыя падзякі ўсім беларускім выдатнікам: Алесі Карнэль, Ульяне Федасевіч, Васілю Астроўскаму, Дамініцы Лукашык, Айгару Бучу, Марыі Чугай, Яну Астроўскаму, Святлане Астроўскай. Некаторыя з названых школьнікаў, разам з бацькамі прыйшлі на грамадскую трынаццатую гарадзенскую дыктоўку і там атрымалі падарункі і падзякі ад грамадства і сяброў ТБМ.

У фармаванні падарункаў фінансавую дапапамогу Таварыству беларускай мовы аказалі гарадзенскія людзі і гандлёвыя ўстановы: Сяргей Зылькоў, Павел Мажэйка, Зміцер Захарка, Мікола Маркевіч, Галіна Парфененка, крамы "Адметнасць", "Цудоўня", "Кубік", партал Hrodna.life.

Віктар Парфёненка, старшыня Гарадзенскай абласной Рады ТБМ.

13-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў філіялах ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы"

Шэраг мерапрыемстваў прайшлі ў філіялах ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы. Акрамя такіх звыклых форм, як літаратурныя вечары, гадзіны роднай мовы, гасцёўні, віктарыны, урокі беларусазнаўства традыцыйным стала правядзенне Агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая сёлета прысвечана 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтае мерапрыемства праводзіцца з мэтай папулярызацыі беларускай мовы, шырокага святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.

15 лютага 13-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў філіяле "Мінойтаўская сельская бібліятэка". У дыктоўцы прымалі ўдзел жыхары вёскі Мінойты, а таксама старшыня і намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк. Тэкст чытала настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА "Мінойтаўская сярэдняя школа" Алена Іосіфаўна Скерсь. Для дыктоўкі быў выбраны тэкст з аповесці А. Карпюка "Данута". Большасць з тых, хто прыйшоў, хоць i запэўнiлi, што вырашылi далучыцца да дыктоўкi выключна са спартыўнага iнтарэсу, але падчас мерапрыемства адчувалася, што хваляванняў i напружання ў зале было нямала. Справіліся з дыктоўкай усе прысутныя - вынікі былі добрымі і выдатнымі. Пакуль ішла дасканалая праверка дыктовак перад прысутнымі з невялікім канцэртам выступіў бард Сяргей Чарняк.

19 лютага падчас гадзіны беларускай мовы "Далучыся да роднай мовы" у філіяле "Дітвянская сельская бібліятэка" прайшла дыктоўка, у якой прымалі ўдзел вучні мясцовай школы розных узростаў. Школьнікам звычна пісаць дыктоўкі, таму ўсе выдатна справіліся з пастаўленай задачай.

Здаць своеасаблівы "экзамен" на веданне роднай мовы ў Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы 21 лютага прыйшлі самыя актыўныя і адданыя чытачы. Да ўвагі ўдзельнікаў дыктоўкі быў прадстаўлены ўрывак з рамана "Векапомныя дні" М.Ц. Лынькова "Будзем жывы, будзе і дэпо". Адразу пасля дыктоўкі ўсе ўдзельнікі мелі магчымасць самастойна праверыць свой тэкст і зрабіць асабістыя высновы, наколькі добра яны валодаюць беларускай мовай. Трэба разумець, што гэта сімвалічная дыктоўка, нешта кшталту флэшмоба. Яго галоўная мэта - паказаць, што табе падабаецца беларусская мова. Такім чынам, дэвіз мерапрыемства - "Я ўдзельнічаю, таму што мне падабаецца". І людзі сапраўды атрымалі задавальненне.

Міжнародны дзень роднай мовы быў адзначаны і ў філіяле "Бярозаўская гарадская бібліятэка". 21 лютага сябры аматарскага аб'яднання "Суразмоўніца" прынялі ўдзел у 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы, напісаўшы тэкст Васіля Быкава "На Чорных лядах".

Тым жа днём у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" ладзілася літаратурная гасцёўня "Родная мова - матчына мова, ззяе вясёлкай кожнае слова". Прысутным быў прапанаваны для дыктоўкі тэкст А. Карпюка "Данута", усе з ахвотай і выдатна яе напісалі. Падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні на роднай мове. Дадаткам бібліятэкар правяла агляд кніг "Адкрываю… нанова беларускае слова".

21 лютага філіял "Дварышчанская сельская бібліятэка" запрасіў вучняў 5-га класа ДУА "Дварышчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа" адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы паэтычнай сустрэчай "І прыгожа льюцца на прасторы словы беларускай мовы". Свае веды вучні прадэманстравалі адгадваючы загадкі, збіраючы прыказкі і напісаўшы дыктоўку, якую прапанавала настаўніца беларускай мовы І.Л. Шостак.

Апошнімі ўдзел у дыктоўцы прынялі чытачы філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3", дзе ў рамках гадзіны роднай мовы "І прыгожа льецца па прасторы слова беларускай мовы" 22 лютага прайшла дыктоўка. Тут тэкст з аповесці А. Карпюка "Данута" пісалі ў асноўным сябры лідскіх арганізацый ТБМ. Чытала А.Я. Папковіч.

Прайшлі мерапрыемствы і ў іншых бібліятэчных філіялах раёна. Да прыкладу:

20 лютага ў рамках дзіцячага клуба "Буслік" філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" прайшла пазнавальная сцяжынка "Чаму знікаюць словы?", прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Да Міжнароднага дня роднай мовы 20 лютага прайшла літаратурная вечарына "Роднаму слову прызнанне ў любові" у філіяле "Тарноўская сельская бібліятэка".

21 лютага філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" запрасіў навучэнцаў 3А класа ДУА "Сярэдняя школа № 8 г.Ліды" на літаратурную палітру "Беларускае роднае слова, ты на крылах бусліных ляціш", прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы.

21 лютага да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1" адбыўся паэтычны вянок па творах беларускіх паэтаў "У мовы роднай - роднае карэнне", і так па ўсіх філіялах.

Міжнародны дзень роднай мовы - нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той адзінай, якую мы завём роднай, якую чуем упершыню з матчыных вуснаў, на якой размаўлялі нашыя продкі. А дыктоўка дае магчымасць праверыць уласную пісьменнасць, садзейнічае развіццю патрыятызму, павагі да роднай культуры.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу К.С. Сандакова.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Лідзе адбыўся штогадовы квэст ад платформы Say.by

22-га лютага да Міжнароднага дня роднай мовы ў Лідзе адбыўся штогадовы квэст ад платформы падтрымкі жывой беларускай мовы Say.by. Згуляць у квэст маглі ўсе ахвочыя без узроставых абмежаванняў.

Каб прайсці квэст трэба было абысці тры лакацыі: адшукаць QR коды ў кафэ хуткага харчавання "Тутака", у кавярні "Добрая кава" і кафэ "Тамака". Усяго было 13 пытанняў, і за кожны правільны адказ удзельнікі раскрывалі сімвал закадаванай фразы квэсту. Прайшоўшы паспяхова ўсе выпрабаванні можна было атрымаць - "Я (люблю) РОДНУЮ МОВУ".

У пытаннях трэба было: адгадаць беларускія загадкі; пакуль гучыць урывак песні беларускай выканаўцы Palina - "Як ты" або ўрывак з перакладзенага фільма "Вядзьмар" студыяй дыктарскага агучвання па-беларуску Gavarun.by адшукаць ў прапанаваных тэкстах словы, якія не супадаюць з арыгіналам. Напісаць правільна пад дыктоўку знакамітыя цытаты і шмат інш.

Квэст доўжыўся ўвесь дзень і пад заканчэнне працоўнага часу кафэ "Тутака" ў 0:00 быў завершаны.

Падсумаваўшы вынікі былі вызначаны 8 паспяховых удзельнікаў сярод якіх былі вылучаны прызёры 1-га, 2-га і 3-га месца, якія справіліся першыя:

1. Ксенія;

2. Валерыя;

3. Дар'я;

4. Антон;

5. Дзіяна;

6. Зміцер;

7. Вікторыя;

8. Антон.

23-га лютага ў банкетнай зале кафэ хуткага харчавання "Тутака" адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне. Кіраўнік платформы Say.by Аляксандар Шастаковіч прывітаў усіх пераможцаў квэсту з Міжнародным днём роднай мовы і выдатна завершаным квэстам. Усе паспяховыя ўдзельнікі атрымалі арыгінальныя прызы ад платформы Say.by. А заняўшыя 1-е, 2-е і 3-е месцы ў дадатак атрымалі грашовыя сэртыфікаты ад "Тутака" па 10 рублёў, "Добрай кавы" па 5 рублёў і "Тамака" па 10 рублёў.

Мы шчыра дзякуем усім, хто прыняў удзел у квэсце ў падтрымку беларускай мовы.

З Міжнародным днём роднае мовы!

Алег Лазоўскі.

"Загаўліны" ў Кальчунах

Апошні вечар перад Вялікім пастом у аўторак 25 лютага ў Кальчунах Ашмянскага раёнапрайшоў па традыцыях і звычаях продкаў. У "тлусты аўторак" у мясцовым аддзеле культуры і вольнага часу сабраліся добрыя вясёлыя аднавяскоўцы, каб разам паўдзельнічаць у тэатралізаваным абрадавым дзеянні "Загаўліны", зладзіць "прабачальную бяседу", "працягнуць калодку", патанчыць, выявіць спрыт у заплятанні кос са стужак, прадставіць свае асабістыя рэцэпты падрыхтоўкі беларускіх страў, паспрабаваць усякіх смачнасцяў ад гаспадара і гаспадыні: традыцыйных ласункаў і пахучых мясных страў!

Кальчуны - гэта каталіцкае аграмястэчка, а ў беларускіх каталікоў гэты дзень завецца "Запусты", у Кальчунах - "Загаўліны", ад слова "загаўляцца", г.зн наесціся сытна тлустай мясной ежы перад пастом?! Гэты абрад быў звычайным для гэтай мясцовасці да пачатку 90-х, потым быў забыты. А вось чатыры гады назад загадчыца аддзела культуры і вольнага часу аг. Кальчуны Кагадоўская Сняжана Іосіфаўна з супрацоўнікамі аднавілі гэтую традыцыю і цяпер ужо падтрымліваюць кожны год. Гэтым разам абрад пачаўся абыходам двароў групай пераапранутых з возам з канём, якія сабралі з хат жыхароў аграмястэчка старыя рэчы, каб спаліць іх вечарам на агульным яркім вогнішчы! Пудзіла (ляльку, тыпу масленічнай) насілі з сабой па дварах (але потым не спалілі!). Яе падол ірвалі на часткі, для таго каб потым закапаць у гародах аграместачкоўцаў для павелічэння ўраджайнасці. Потым усе разам сабраліся ў імправізаванай хаце на вячоркі. Перад уваходам усім прыйшлося пераскочыць цераз "бервяно" і пачаставацца смачнай духмянай наліўкай для весялосці! Гасцінныя гаспадары разам з гасцямі накрылі агульныя сталы. Тут можна было ўбачыць і тэатралізацыю цікавай традыцыі: прыбраўшы бярозавае палена як нованароджанае дзіця, яго падарылі незамужняй дзяўчыне, каб яна сёлета выйшла замуж. А вось нежанатым хлопцам прывязвалі да нагі бярозавыя палены, і тыя павінны былі ці хадзіць з імі ці адкупіцца - у нашым выпадку замест водкупу спявалі песню. Запальным стаў выступ самабытнага песеннага калектыва са Смаргонскага раёна "Валычанка" з народнымі шумавымі музычнымі прыладамі побытавага паходжання. Пасля вячэры сталы з ежай пакрылі чыстымі белымі абрусамі і ахінулі ў кажух для павелічэння дастатку і багацця. Пасля гэтага пачаліся вясёлыя народныя танцы! Свята працягвалася дапазна! Усе яго ўдзельнікі атрымалі яркія ўражанні і смачныя пачастункі, каб, загавеўшыся ад душы, сем тыдняў шчыра папасціцца.

Па матэрыялах аддзела метадычнай працы ГУК "Ашмянскі РЦК" і карэспандэнта-аматара Альфрэда Мікуса.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX