Папярэдняя старонка: 2020

№ 13 (1476) 


Дадана: 25-03-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1476), 25 сакавіка 2020 г.

25 сакавіка - 102-я ўгодкі БНР

Віншаванне з нагоды Дня Волі

Паважаныя сябры!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе вас з Днём Волі! Сёлета мы адзначаем ўжо 102-я ўгодкі гэтай слаўнай даты нашай найноўшай гісторыі. Гэты дзень для многіх пакаленняў беларусаў з'яўляецца Днём нацыянальнай годнасці і рашучасці. Сёння мы яшчэ больш выразна ўсведамляем, якую справу зрабілі нашы папярэднікі, калі ў неверагодна складаных умовах здолелі аб'яднацца і абвесціць пра новую краіну - Беларускую Народную Рэспубліку. Дзякуючы іх рашучасці, выключнай мужнасці і непахіснай веры ў свой народ, мы жывём у сваёй незалежнай дзяржаве.

Няхай жа гэты дзень стане для ўсіх нас, грамадзян Беларусі, днём удзячнай памяці пра слаўных папярэднікаў, святам яднання на грунце павагі і пашаны да нашай гісторыі, да нашай культуры і роднай беларускай мовы!

Разам святкуем - разам справімся з любымі нягодамі!

Сакратарыят ТБМ.

Рыгор Барадулін

25 сакавіка...

Дваццаць пятага сакавіка -

Годны дзень

Беларускай дзяржавы.

Веснаплынных вятроў талака

Пыл з кароны атрэсла іржавы.

Шматавалі нас досыць арлы

І з адной, і з дзвюмя галавамі.

Мы не з нейкай бязроднай імглы,

Нас вякі як сваіх

Гадавалі.

Мы - ратаі святла,

Крывічы,

Верхачы неўміруючай Пагоні.

Маладзік сакалом на плячы,

Гартны меч у цвярдое далоні.

Лучыць нашыя мары рака

Бел-чырвона-белага сцяга.

Дваццаць пятага сакавіка -

Наша свята,

Пароль

І прысяга!

Алесь Змагар

25 Сакавік

Радзіўся Ты ў Менску Беларускім'

Пажарам Край дыміўся ў вагні.

Наўкол чужынцы на палетках вузкіх

Тапталі скарбы нашых родных ніў.


Народ стагнаў' угору ўздымаў рукі'

Лавіў святла недасяжны прамень.

Быў цяжкі час. Сярод нясцерпнай мукі

З'явіўся Ты' прыгожы' светлы Дзень.


Цудоўнай зоркай ўзняўшыся высока'

Народу шлях да волі асвяціў'

І зашасцелі казкаю асокі'

Мінулай славай лес загаманіў.


І Край ажыў. Народ паймкнуўся к свету'

У вачах крынічыць радасці струмень.

І нашых продкаў слаўны запаветы

Ўваскрослі ў гэты незабытны дзень.


Вялікі Дзень! Нічым Цябе не сцерці!

Стагоддзям нат Цябе не перажыць!

Вякі мінуць' а Ты ў народным сэрцы

У песнях' былях будзеш жыць!

Kirchheim - Аўстрыя,

25 Сакавіка 1946 г.

"Беларускаму кнігазбору" - 25!

17 сакавіка 1995 года паўстала адно з першых недзяржаўных беларускаарыентаваных выдавецтваў - Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала Міжнародны Фонд "Беларускі кнігазбор"! Галоўнай мэтай выдавецтва была падрыхтоўка, выданне і распаўсюджванне па ўсім свеце шматтомнага літаратурнага і гістарычна-культурнага кнігазбору Беларусі.

Выдавецтва было заснавана выбітнымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі. Сама ідэя ўтварэння выдавецтва і падрыхтоўкі знакавага для Беларусі кніжнага праекта была распрацавана беларускім пісьменнікам і літаратуразнаўцам, кандыдатам гістарычных навук Кастусём Цвіркам. І 17 сакавіка 1995 года было зарэгістравана грамадскае аб'яднанне Міжнародны Фонд "Беларускі кнігазбор". Сярод яго заснавальнікаў былі: Н. Гілевіч, Р. Барадулін, С. Шушкевіч, Р. Гарэцкі, В. Зуёнак, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін, А. Клышка, К. Цвірка, Г. Вінярскі, В. Кіпель, Я. Запруднік, А. Баршчэўскі, А. Каўка, В. Сёмуха і іншыя. Распачыналі дзейнасць тры чалавекі - Кастусь Цвірка (прэзідэнт), Генадзь Вінярскі (выканаўчы дырэктар) і Марына Адамовіч (гал. бухгалтар і юркансультант).

Але ў 2006 годзе ў беларускім заканадаўстве з'явіліся змены, у сувязі з якімі грамадскія аб'яднанні больш не маглі займацца камерцыйнай дзейнасцю. І Управа МГА "Беларускі кнігазбор" прапанавала выканаўчаму дырэктару аб'яднання Генадзю Вінярскаму зарэгістраваць самастойнае выдавецтва "Кнігазбор", якое б працягнула выдавецкую справу "Беларускага кнігазбора". У лютым 2006 года было зарэгістравана ПУП "Кнігазбор", з траўня таго ж года, атрымаўшы ліцэнзію, прадпрыемства распачало самастойную выдавецкую дзейнасць, а грамадскае аб'яднанне пачало займацца выключна каардынаваннем падрыхтоўкі да друку кніг: вырашаць чарговасць выданняў, шукаць укладальнікаў кніг, вырашаць пытанні аб размяшчэнні кнігі ў тое ці іншае выдавецтва.

У кніжным праекце "Беларускі кнігазбор", у якім выйшла ўжо больш за 100 тамоў, прадстаўлены найлепшыя творы мастацкай літаратуры, айчыннага літаратуразнаўства і гістарыяграфіі. Праект складаецца з трох серый: мастацкая літаратура, гістарычна-літаратурныя помнікі і пераклады замежнай літаратуры. Апроч таго, выдавецтва пашырыла кола інтарэсаў - сумесна з партнёрамі ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і МГА "Згуртаванне Беларусаў свету "Бацькаўшчына"" рыхтуюцца да друку і выдаюцца кнігі серыі сучаснай літаратуры "Кнігарня пісьменніка", дзіцячая серыя "Каляровы ровар" і кніжная серыя беларускіх эмігрантаў-літаратараў і кніг пра беларускую дыяспару "Бібліятэка Бацькаўшчыны".

Штогод у выдавецтве выходзіць каля ста найменняў кніг. Сярод вядомых беларускіх аўтараў, што выдае "Кнігазбор", гэтакія знаныя імёны, як Віктар Марціновіч, Рыгор Барадулін, Віктар Казько, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Людміла Рублеўская, Міхась Скобла, Віктар Шалкевіч, Андрэй Хадановіч. Друкуе выдавецтва і маладых аўтараў і не баіцца адкрываць новыя імёны.

Алег Грушэцкі КУЛЬТУРА. Фота з фэйсбука выдавецтва.

За адзіную дзяржаўную беларускую мову

Беларускую нацыю за апошнюю чвэрць стагоддзя прывялі да мяжы яе этнічнага вымірання. Навука і гісторыя даказалі: няма этнічнай мовы - няма этнасу, няма нацыі. Сёння ўжо дзеці не разумеюць беларускую мову. Уладная вертыкаль вырасціла цэлае пакаленне беларусаў без роднай мовы, роднай песні, беларускай гістарычнай памяці. Як кажуць у народзе, усё не так, як у людзей. Татальная русіфікацыя праз сучасныя СМІ зрусіфікавала апусцелыя вёскі. Дзяржаўная сістэма выхавання і навучання амаль цалкам рускамоўная. Паспаліты народ беларускі не разумее, што мы, беларусы, ёсць носьбітамі паміраючай роднай беларускай мовы. І ў гэтых умовах ні адна палітычная партыя, грамадская арганізацыя, (у тым ліку і кіраўніцтва ТБМ імя Ф. Скарыны, ТБШ), іх кіраўнікі, дэпутаты ўсіх узроўняў за чвэрць стагоддзя афіцыйнага двухмоўя не асмеліліся прафесійна, адказна і чэсна публічна назваць прычыны і прозвішчы высокіх дзяржаўных і навуковых асобаў, якія адказныя за лінгвацыд беларусаў. Яны выступаюць бэквакалістамі ўладнай вертыкалі. Прыклад: паседжанне Рады ТБМ 26 студзеня і бессэнсоўны зварот да Прэм'ера. Інтэлігенцыя, акадэмічныя навукоўцы і грамадскія дзеячы разумеюць гэтую смертаносную праблему, але баяцца прафесійна-публічна адукоўваць паспалітых беларусаў і матывавана патрабаваць ад уладнай вертыкалі спыніць беларускамоўны лінгвацыд і этнацыд.

Этнацыд (ад спалучэння слоў грэч.: etnos - народ і лац.: caedo - забіваю) - палітыка, скіраваная на знішчэнне нацыянальнай свядомасці той ці іншай этнічнай групы. У адрозненні ад генацыду не звязана з фізічным знішчэннем носьбітаў пэўнай мовы, культуры альбо рэлігіі.

У канцы 1994 года беларусам і ўсяму свету было заяўлена: "Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белоруском языке, потому, что по-белорусски нельзя выразить что-то большое. Белорусский язык - бедный язык. В мире существует только два великих языка - русский и английский". І гэта не проста словы, а стратэгія і тактыка моўнай і культурнай дзяржаўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь.

Такое пра беларускую мову гаварылі толькі польскія палітычныя дзеячы ў міжваенны перыяд. У 21-м стагоддзі ніводзін палітычны лідар так не зганьбіў родную мову ў сваёй краіне. Для іх родная мова - найвялікшая каштоўнасць. (Нагадаем, што тэзаўрус літаратурнай беларускай мовы налічвае каля 500 тысяч слоў, а дыялектнай - дзесьці каля 2 мільёнаў слоў!)

Як і ў горшыя часы панавання савецкага палітычнага рэжыму, усё афіцыйнае жыццё нашай краіны пачало абслугоўвацца толькі рускай мовай, хаця і былі свядома, дзеля затуманьвання татальнага пачатку знішчэння беларускай мовы, прыняты нарматыўныя акты аб роўнасці беларускай і рускай моваў. Вынікам 25-ці гадовага канстытуцыйнага двухмоўя маем пераход беларускай мовы са статусу адзінай дзяржаўнай у статус выміраючай мовы.

Мова - душа Народа. Для вяртання беларусам іх роднай мовы ва ўсе сферы жыццядзейнасці грамадства трэба неадкладна на дзяржаўным, канстытуцыйным узроўні карэнным чынам выправіць моўную сітуацыю ў Беларусі. Для гэтага неабходна:

а) аднавіць дзейнасць гістарычных па сваім значэнні законаў аб мовах, прынятых дэпутатамі БССР. Гэта "Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі "Аб мовах у Беларускай ССР"" (26 студзеня 1990 г.), "Пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР "Аб парадку ўвядзення ў дзеянне закона Беларускай СССР "Аб мовах у Беларускай ССР"" (26 студзеня 1990 г.) , "Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР", пастанова Савета міністраў № 240 ад 20.09.1990 г.

б) або ў бліжэйшы час прыняць новы Закон аб статусе адзінай дзяржаўнай мовы - беларускай.

Дзяржаве неабходна сістэмна і мэтанакіравана весці сярод народа глыбока прадуманую растлумачальную работу пра выключную ролю яго роднай мовы як для захавання этнакультурнай ідэнтычнасці краіны, так і для абароны, умацавання яе палітычнага суверэнітэту. Народ павінен мець цвёрдае перакананне, што панаванне рускай мовы ў сучаснай Беларусі - гэта не гістарычная непазбежнасць, не добраахвотны выбар рускай мовы нашым народам, а вынік свядомай, сістэмнай дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі на працягу больш, чым двух стагоддзяў, ад якой, на вялікі жаль, уладная вертыкаль не адышла і па сёння.

Яшчэ раз паўторым нашы высновы-прапановы (лозунгі) па выратаванні беларускай мовы і яе этнаносьбіта:

- спыніць беларускамоўны лінгвацыд і этнацыд;

- за адзіную дзяржаўную беларускую мову ў Рэспубліцы Беларусь;

- вярнуць 17-ы артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года;

- вярнуць закон "Аб мовах у Беларускай ССР" (26 студзеня 1990 г.);

- вярнуць "Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы" 1990 г.

Прафесары Леанід Лыч, Мікола Савіцкі.

Шэрагі ТБМ папаўняюцца

21 лютага ў ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" ўступілі некалькі чалавек. Сярод іх - японка Сіёры Кіясава, якая ўжо некалькі гадоў як вывучыла беларускую мову і цудоўна на ёй размаўляе.

Наш кар.

Стрэтчынг для мам па-беларуску

Безумоўна, мамы ў час дэкрэту вельмі стамляюцца. Уявіце, насіць на руках штодзень цяжар пад 10 кілаграмаў і болей - нагрузка на ўвесь арганізм. Пакутуе найперш хрыбет, стамляюцца спіна, ногі, рукі. Як жа справіцца з усім гэтым? Увесь час адчуваецца напружанне. А як расслабіцца? І вось тут паўстае пытанне, куды пайсці, каб пазаймацца, асабліва, калі няма з кім пакінуць дзіця.

З падобнай праблемай давялося сутыкнуцца ў мінулым годзе і мне, калі нарадзілася другое дзіця і вельмі хутка прыбаўляла ў вазе - штомесяц па кілаграму. Спіну цяжка было распраміць, зацякалі рукі, ды і жывоцік аніяк не прыбіраўся.

І нечакана ўлетку ўбачыла аб'яву пра набор на заняткі стрэтчынгам, якія праводзіць у цэнтры сталіцы Алеся Бераснева-Касцеева. Мяне адразу прывабіла тое, што Алеся вядзе іх па-беларуску і наведваць іх можна разам з дзеткамі. Як гэта адбываецца на самой справе? Пакуль мамы займаюцца, дзеці гуляюць з цацкамі, бавяць час побач з матулямі - бачна, што ім цікава.

Першы занятак вельмі спадабаўся, выклікаў добрыя ўражанні. Усё так нязвыкла. Тут пануе асаблівая атмасфера. Непасрэдная, вольная. Да таго ж гучыць прыемная павольная музыка. Чамусьці такое адчуванне, што менавіта дзякуючы мілагучнай беларускай мове кіраўніцы ўсе практыкаванні выконваюцца лёгка, плаўна, з задавальненнем. Ды і сама Алеся прыгожая, абаяльная. Зрэдку на занятках можна пабачыць і яе трохгадовую дачушку-гарэзу Аўрору.

Зразумела, што амаль усе мамы тут беларускамоўныя. А якія імёны ў іх дзетак: Юня, Мар'яна, Рагнеда, Цімох.

Менавіта жаданне быць прыгожай, захоўваць добрую форму, а таксама не сумаваць, быць актыўнай, аднаўляць свае сілы, энергію прыводзіць дзяўчат сюды. Заняткі стрэтчынгам дапамагаюць найперш палепшыць свой фізічны стан і настрой. Займаючыся расцяжкай, вы здымаеце мускульнае напружанне і пазбаўляецеся стомленасці і стрэсу. Вашы рухі становяцца больш лёгкімі і вольнымі, цела - гнуткім.

Паколькі ў адной пазіцыі знаходзішся 10-30 секунд, ёсць час паглядзець за сваім дзіцём, што яно робіць у гэты момант. Звычайна дзеткі гуляюць з цацкамі, ядуць пячэнькі, поўзаюць, ходзяць. Большыя могуць паўтараць рухі за дарослымі. Часам трэба быць асцярожным, каб не закрануць малечу.

Такім чынам, заняткі праходзяць цікава і займальна як для дзетак, так і для мам.

Слоўнічак

Мышцы - цягліцы, мускулы

Позвоночник - хрыбет

Голень - галёнка, лытка

Бедро - сцягно

Ягодицы - ляжкі

Качать пресс - трэніраваць прэс

Расслабить - паслабіць

Копчик - хвасцец

Предплечие - прадплечча

Даведка

Стрэтчынг, або расцяжка ў перакладзе з англійскай мовы, - гэта сістэма практыкаванняў, у час якіх расцягваюцца цягліцы і звязкі. Стрэтчынг стаў адным з відаў фітнесу. Элементы яго запазычаны з ёгі, усходніх адзінаборстваў, харэаграфіі. Ён блізкі да натуральных рухаў. Асабліва, калі мы прачынаемся.

Наш кар.

Беларускі пясняр Францішак Багушэвіч

Васіль Герасімчык

Распачатую Кастусём Каліноўскім справу працягнуў іншы ўдзельнік паўстання, які таксама спазнаў мужыцкую "праўду" і ўвасобіў яе ў сваёй творчасці, - Францішак Багушэвіч. 21 сакавіка споўнілася 180 гадоў з дня яго нараджэння.

Менавіта Францішак Багушэвіч падхапіў кліч, кінуты паўстанцамі на чале з Каліноўскім, і абвясціў яго на ўвесь свет, зрабіўшыся духам, які нарадзіў рух Беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя:

Пасылаў Ты Сына, Яго не пазналі,

Мучылі за праўду, сілай паканалі;

Пашлі ж цяпер Духа,

да пашлі без цела,

Каб уся зямелька

адну праўду мела!

"Каб я панам ніколі не быў"

Францішак Бенядзікт нарадзіўся 9 (21) сакавіка 1840 года ў сям'і Казіміра і Канстанцыі Багушэвічаў. Ён з'явіўся на свет у Свіранах (цяпер Віленскі раён Летувы) у маёнтку сям'і маці - Канстанцыі з Галаўнёў, пляменніцы кіраўніка былой Літоўскай уніяцкай епархіі Андрыяна Галаўні.

Дзяцінства будучага беларускага песняра прайшло ў Кушлянах, дзе Багушэвічам належалі 34 сялянскія душы. Радавы маёнтак знаходзіўся побач з вядомым яшчэ з 1407 года мястэчкам Жупраны, куды сям'я наведвалася на касцельную службу, і пра якія Францішак пазней пісаў: "Калісьці "Пане Каханку", прыехаўшы на паляванне ў сваю Жупранскую (напэўна, яна называлася Зубранскай) пушчу, якая належыць цяпер гр. Чапскім, быў так прыемна здзіўлены глухімі і непраходнымі лясамі і багаццем дзічыны, што нібыта ўсклікнуў: "Не ведаў я, што значыць Жупранская пушча!"". У часы маленства Багушэвіча ад былой пушчы амаль нічога не засталося. На яе месцы паўстала поле з невялічкімі шнурамі сялянскіх надзелаў.

Ваколіцы Жупранаў, як і само мястэчка, дужа пацярпелі ў час адступлення французскай арміі з-пад Масквы ў 1812 годзе, ператварыўшыся ў папялішча, аб чым узгадваў у "Гісторыі Напалеона" граф Філіп Поль дэ Сегур (1824): "Бляск гэтага полымя прыцягваў пакутнікаў, якіх мароз і боль давялі да шаленства. Яны і ўцякалі, як звар'яцелыя, з зубным скрыгатам і вар'яцкім смехам, кідаліся ў агонь, у якім гінулі ў страшэнных канвульсіях. Іх галодныя таварышы глядзелі на гэта без страху, былі нават такія, якія выцягвалі абгарэлыя целы… і неслі да вуснаў гэтую смуродную ежу…".

З дзяцінства Багушэвіч сутыкаўся з нядоляй простага народа, павага да якога знайшла адлюстраванне ў яго вершах:

Маліся ж, бабулька, да Бога,

Каб я панам ніколі не быў:

Не жадаў бы ніколі чужога,

Сваё дзела, як трэба, рабіў.

Навучанне

У 1852 годзе Францішак разам з братам Валяр'янам паступіў у Віленскую гімназію. Ён вучыўся ў адным класе з будучымі вядомымі ўдзельнікамі паўстання 1863-1864 гадоў Цітусам Далеўскім (паплечнікам Кастуся Каліноўскага) і Юльянам Чарноўскім (камісарам Ашмянскага павета). У старэйшым класе навучаліся Канстанцін Далеўскі (будучы герой Парыжскай камуны), Зыгмунт Мінейка (ваенны кіраўнік Ашмянскага павета), Вінцэнт Віткоўскі (у 1860 годзе быў здадзены ў арэнбургскія лінейныя батальёны). Яшчэ на клас старэйшым быў Ігнат Здановіч - таксама яшчэ адзін будучы паплечнік Каліноўскага.

У 1855 годзе пры гімназіі з'явіўся Музей старажытнасцяў, заснаваны вядомым калекцыянерам і археолагам Яўстахам Тышкевічам. Францішак перадаў музею шэраг уласных знаходак, сярод якіх тры старажытныя манеты, крыж са славянскім надпісам і гадальнік.

У першыя гады навучання Багушэвіч не вызначаўся асаблівымі поспехамі і два гады (1857-1858 і 1858-1859) нават вымушаны быў правесці ў пятым класе. Найлепш яму даваліся руская і польская мовы, а найгорш - латынь, па якой ён меў "адзінку". Аднак у апошнім, сёмым класе, узяўся за розум, асабліва за матэматыку, і ў чэрвені 1861 года скончыў навучанне ў гімназіі ў ліку чатырох лепшых выпускнікоў з правам на чын XIV класа.

15 верасня 1861 года Францішак быў залічаны на першы курс Пецярбургскага ўніверсітэта па матэматычным разрадзе. Гэта былі цяжкія месяцы ў сталіцы - амаль без грошай у кішэні. У самы горшы момант з Багушэвічам здарыўся цуд, пра які ён успамінаў праз чвэрць стагоддзя: ён ішоў па Васільеўскім востраве і знайшоў на дарозе 2 рублі, "а роўна гэтулькі і было патрэбна для майго шчасця!"

Вучобу ва ўніверсітэце Францішак так і не распачаў: 24 кастрычніка ён удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях супраць новых заліковых кніжак (матрыкул), а 14 лістапада напісаў на імя рэктара просьбу аб звальненні з універсітэта - "з-за цяжкай хваробы і неспрыяльнага клімату". Ён выехаў у родныя Кушляны ў той час. Універсітэт жа 24 снежня быў часова закрыты.

Па вяртанні на радзіму Францішак уладкаваўся на працу ў школку, створаную ўладальнікам маёнтка Доцішкі Лідскага павета Аляксандрам Звяровічам (Жвяровічам), дзе навучаў сялянскіх дзяцей. Тут ён пасябраваў з Янам Карловічам з суседняга маёнтка Подзітва. Гэта быў высокаадукаваны малады чалавек, які скончыў Віленскую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт і вучыўся ў Каледж дэ Франс у Парыжы, універсітэце ў Гейдэльбергу і кансерваторыі ў Бруселі. Сяброўства з Карловічам Багушэвіч пранёс праз усё жыццё.

Акрамя працы ў школцы Францішак вандраваў па вёсках, вывучаў жыццё тутэйшых жыхароў. Ад Казіміра Умястоўскага з Замаслаўя Ашмянскага павета (сёння Іўеўскі раён) ён даведаўся пра сялянскія хваляванні, якія адбываліся тут вясной-летам 1861 года. Тыя падзеі сталі сюжэтам для аднаго з яго мацнейшых вершаў - "Хрэсьбіны Мацюка", у якім ён распавядае, як

"О так-то хрысцілі мяне казакі

З тутэйшага ды ў палякі!"

20 гадоў на чужыне

Напрыканцы студзеня 1863 года пачалося паўстанне, да якога далучыліся браты Францішак і Валяр'ян Багушэвічы. Валяр'ян яшчэ напярэдадні выступлення належаў да палітычнага гуртка "Пянтковічаў", а вясной узначаліў адзін з невялікіх аддзелаў. Францішак жа далучыўся да аддзела Людвіка Нарбута. Перад тым, згодна з легендай, у цэнтры Жупранаў, узняўшыся на камені, сказаў прамову пра патрэбу барацьбы супраць прыгнятальнікаў.

Пасля разбіцця аддзела Нарбута Багушэвіч дзейнічаў у аддзеле Аляксандра Парадоўскага-Астрогі. Але 12 чэрвеня быў цяжка паранены ў нагу ў Аўгустоўскіх лясах і ратаваўся ў Крашэўскіх, пасля чаго вымушаны быў выехаць ва Украіну - да дзядзькі Аляксандра Галаўні ў Нежын. Грошы на дарогу пазычыў Ян Карловіч. А сястра Ганна, брат Апалінар і бацькі з лістапада 1863-га да снежня 1864-га ўтрымліваліся за кратамі па абвінавачванні ва ўдзеле ў паўстанні.

7 траўня 1865 года Францішак падаў заяву на паступленне ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. Каб мець сродкі на "стол і кватэру", ён падпрацоўваў рэпетытарам, зарабляючы па 8 рублёў у месяц. Навучанне скончыў 26 ліпеня 1868 года, пасля чаго адправіўся памочнікам справавода ў Чарнігаў. Затым была праца следчым у тым жа Чарнігаве, горадзе Гразявец Валагодскай губерні, Кралевіцкім павеце і ў горадзе Канатоп. За 20 гадоў удалечыні ад Бацькаўшчыны ён даслужыўся да старшага следчага, атрымаў нават ордэн святога Станіслава 3-й ступені і чын калежскага дарадцы. Але начальства, нягледзячы на бездакорную працу, па-сапраўднаму ніколі не мілавала яго. Ён жа пра той час узгадваў, што "прамываў цукар у вадзе". Аднак менавіта на чужыне Багушэвіч пачаў пісаць свае першыя беларускамоўныя вершы.

У верасні 1874 года Францішак пабраўся шлюбам з мянчанкай Габрыэляй са Шклёнікаў, з якой меў дзяцей Тамаша Вільгельма (1876) і Канстанцыю-Марыю (1881). Знаходзячыся ва Украіне, Багушэвіч увесь час марыў вярнуцца на Радзіму. І ў 1883 годзе для таго склаліся спрыяльныя ўмовы: у траўні прайшла каранацыя новага імператара Аляксандра ІІІ, які абвясціў амністыю ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў. А ў лістападзе 1883 года на тэрыторыю Беларусі і Літвы была распаўсюджана судовая рэформа, у межах якой ствараліся галосныя суды, што давала магчымасць працаўладкавання ў якасці "прысяжнага паверанага" (адваката). Таму 2 лютага 1884 года Францішак падаў прашэнне аб адстаўцы, і ўжо 25 сакавіка, на Звеставанне, "як буслы", Багушэвічы былі ў Вільні.

Вяртанне

Яны пасяліліся на вуліцы Коннай (сёння - Арклю) у доме лекара Казлоўскага, непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Францішак працаваў "прысяжным абаронцам", але ад гэтага занятку меў больш клопату, чым заробку. У студзені 1885 года ён пісаў Яну Карловічу: "… кліентаў маю палову Вільні і ваколіц, але яны зняверыліся, і да мяне не прыходзяць, бо ведаюць, што весці іх справы задарма не думаю. Хаджу сабе і думаю, а што думаю, сам не ведаю, дык і апісаць не магу, і на гэтым канец".

Цяжкія думкі прыгняталі Багушэвіча, пра што ён паведамляў 5 (17) лютага: "Пакуль я быў далёка ад радзімы і ад сваіх, жадаў, нібы таго біблейскага збавення, знаходжання тут, а цяпер… не бачу сваіх і шукаю іх ва ўспамінах. Што гэта? Дзе тое, чаго я шукаў, і дзе тыя берагі, за якія не будзе сягаць туга? Ад чаго ж той незразумелы настрой душы, тое неспатольнае жаданне чагосьці?" Багушэвіч называе сябе "чалавекам, які нарадзіўся не ў сваю эпоху альбо які нарадзіўся так, што яго "эпоха" ніколі не наступіць, які з гэтай прычыны змушаны ўсё жыццё быць у своеасаблівай барацьбе з той эпохай і з усім тым, што ёсць у ёй…".

Каб падтрымаць сябра, Ян Карловіч падбіваў Францішка зрабіцца карэспандэнтам польскага часопіса "Край", што выходзіў у Пецярбургу. Але Багушэвіч быў вельмі няўпэўнены ў сабе і адзначыў, што "не раз рабіў спробы, ды рваў іх… Прыкра было б мне прачытаць у адказ: "ні змест, ні стыль непрыдатныя" ці нешта падобнае". Але ўсё ж выканаў параду: 4 красавіка 1885 года быў надрукаваны яго першы матэрыял, прысвечаны зніжэнню коштаў збожжа як наступства пачатага эканамічнага крызісу. Усяго за 7 гадоў у "Краі" пабачылі свет больш за паўсотні артыкулаў і нататак Багушэвіча.

"Дудка беларуская"

Францішак пачаў дасылаць Карловічу і вершы па-беларуску, сярод якіх адзін з першых у 1887 годзе - гэта "Думка", які пачынаецца радком: "Чагось мне маркотна, на плач забірае…" і заканчваецца спадзевам на лепшае:

Ну ды рана-позна,

тыкі мне здаецца,

Кожны занудзіцца,

да дому прыб'ецца…

Паглядзець, як людзі

ў бядзе сабе радзяць,

Абсядуцца ў дому

і лад заправадзяць.

Праз Яна Карловіча ў студзені 1887 года Францішак пазнаёміўся ў Гародні з вядомай пісьменніцай Элізай Ажэшкай: "Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават даў мне іх копію з асобным вершам, які напісаны па-беларуску. Ці ж няпраўда, што гэта цудоўныя рэчы, яны маюць нейкае асаблівае хараство, і я вельмі зацікавілася, ці зразумеюць іх таксама нашыя хлопы і ці змогуць яны іх упадабаць. На будучае лета паспрабую чытаць іх маім міневіцкім знаёмым".

Багушэвіч наведваў Ажэшку і ў верасні, і ў снежні 1887-га, чытаў пісьменніцы свае творы, у тым ліку адну са сваіх беларускіх казак. Пісьменніца 22 лютага 1888 года даслала ліст Карловічу, у якім зрабіла важную для далейшай творчасці Багушэвіча выснову: "Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на маю думку, выдатныя. Трэба з усёй сілы заахвочваць яго да працы ў гэтым кірунку".

Гэта займела поспех. У 1891 годзе ў кракаўскай друкарні Уладзіслава Анчыца пабачыў свет зборнік "Дудка беларуская", падпісаны псеўданімам "Мацей Бурачок". Так сябе назваў Багушэвіч, які ў лісце сябру Яну Карловічу наракаў на вялікую колькасць памылак у выданні. Але тое было ўжо дробяззю. Дудка зайграла "ад краю да краю", стаўшы пуцяводнай зоркай беларускага Адраджэння.

Але важней за вершы стала прадмова, у якой аўтар імкнецца абгрунтаваць права на развіццё роднай мовы, як пра тое напісалі ў рэцэнзіі ў польскім часопісе "Агульны агляд" у траўні 1892 года. Францішак Багушэвіч разбураў стэрэатып пра "мужыцкую" мову, якая насамрэч называецца "беларускай", ставіў яе ў адзін шэраг з англійскай і французскай, адзначаючы: "Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная". Менавіта мову Багушэвіч кладзе ў аснову вылучэння беларусаў як самастойнага народа ( "Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў") і акрэслівае межы існавання Беларусі: "Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…"

У той жа час Багушэвіч спрабаваў адказаць, чаму ж радзіма называецца менавіта "Беларусь": "Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася". Гэтыя словы да сёння - квінтэсэнцыя нацыянальнай ідэі. У той жа час Багушэвіч выступаў і як прарок уласнага народа, прадбачыўшы самую згубную для яго небяспеку: "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы".

Багушэвіч і Ажэшка

6 лютага 1892 года Багушэвіч наведаўся ў Гародню да Элізы Ажэшкі, у якой сабралася шмат гасцей, каб павіншаваць гаспадыню з 50-годдзем. Ён выступіў з прамовай у гонар пісьменніцы, сведкам чаго была жыхарка Варшавы Стэфанія Сэмпалоўская: "Сярод тых гасцей, з якімі я пазнаёмілася ўжо ў Гародні, зацікавіў мяне адзін чалавек, які вылучаўся вопраткай - выглядаў ён крыху па-сялянску (у высокіх ботах і старасвецкай даматканай світцы). Гэта быў Францішак Багушэвіч… беларускі паэт. Відаць, пан Багушэвіч адчуў, што нас лучыць і збліжае агульнасць у вопратцы, таму што сеў пры стале каля мяне, і мы пачалі доўгую гаворку, якая працягвалася некалькі гадзін… Было гэта першае ў маім жыцці сутыкненне з беларускай культурай і беларускім народам. Апавяданне пана Багушэвіча - гэта цудоўная, доўгая, простая па літаратурнай форме прамова. Аўтар спачатку расказваў аб беларускай зямлі - убогай, шэрай, што нічым не здзіўляе. Яна не мае ніякіх багаццяў, не дарасла да дзяржаўнасці ні праз зямныя багацці, ні праз узброеную сілу. На ёй няма ні ззяючых золатам гарадоў, ні замкаў, што свецяцца на сонцы белымі мурамі.

Беларусь, - казаў пан Багушэвіч, - гэта нізкія хаты з саламянымі стрэхамі. Але ў гэтых хатах б'юцца гарачыя сэрцы, нараджаюцца глыбокія чалавечыя пачуцці.

У гэты ўбогі край з больш шчаслівай і багатай сваёй айчыны прыйшла пані Ажэшка. Прыйшла і зычліва глянула, зычліва, па-братэрску паціснула рукі і злучыла іх з сваімі вузлом узаемных пачуццяў і ўзаемадапамогі.

І яна, полька, глядзіць сёння на Беларусь у крытай саломаю хаце не як на чужога ці ворага, але як на чалавека, з якім на адной зямлі і пры ўзаемадапамозе лягчэй жыць.

Якімі ж беззмястоўнымі здаліся мне потым выступленні паноў, апранутых у фракі".

"Смык беларускі" і сялянскі адвакат

У 1892 годзе Багушэвіч выдаў невялікую кніжку з апавяданнем "Тралялёначка". Затым яшчэ адну, без назвы і подпісу, якая пачыналася словамі: " Гаспадары, для Вас пішым гэта апавяданне… вы ж і павінны ведаць, сколькі церпяць вашые браты пад царскім ярмом. Апавядання гэтыя смутныя і страшныя, а нядоля нашая вялікая!..". У жніўні 1893-га Багушэвіч выправіўся за мяжу, відавочна, па патрэбе выдання новага зборніка вершаў, які пабачыў свет у 1894-м у Познані. Гэта быў "Смык беларускі" за подпісам "Сымон Рэўка з-пад Барысава".

Калі ў творчым плане ў Багушэвіча меліся вялікія поспехі, то ў працы з кожным годам станавілася ўсё цяжэй. Ён успрымаўся як "сялянскі адвакат", якога калегі па цэху за спіной называлі "хлопам", не паважаючы яго за тое, што ён не раз дапамагаў людзям судзіцца з іншымі адвакатамі, якіх тыя абдурвалі. Да яго накіроўваліся пакрыўджаныя з усяго краю, ведаючы, што Багушэвіч выслухоўвае людзей на "беларускай гаворцы". Багушэвіч дапамагаў сялянам у Ашмянскім павеце змагацца ў 1886 годзе з графам Адамам Гутэн-Чапскім, які незаконна завалодаў лесам і выганам сялян вёсак Навасёлкі і Гудзяняты. У снежні 1888 года выступіў на баку сялян вёскі Смейлы Віленскага павета Маліноўскага і Валенціновіча, якіх абвінавацілі ў хваляваннях. Здараліся выпадкі, калі ён вёў справы і задарма, як у 1892 годзе дапамагаў селяніну Крэўскай воласці Міхалу Вольскаму.

З восені 1894 года Францішак Багушэвіч пачаў моцна хварэць, спачатку на сэрца, затым на ныркі, і не меў магчымасці ні працаваць дастаткова для ўтрымання сям'і, ні пісаць. І тады, калі, здавалася, у яго жыцці наступіў найцяжэйшы час, як і ў выпадку непачатага пецярбургскага студэнцтва, з ім здарыўся цуд: у 1896 годзе ён атрымаў спадчыну па смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша. Францішак здолеў разлічыцца з пазыкамі і пачаў наноў адбудоўваць сядзібу ў Кушлянах. А таксама прафундаваў у Кракаве другое выданне "Дудкі беларускай", у якім галіцыйскія славянафілы ўбачылі пагрозу "нацыянальнага і літаратурнага сепаратызму беларусаў у Расіі".

Нарэшце, 20 траўня 1898 года Багушэвіч напісаў заяву аб вызваленні ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе "з прычыны цяжкай хваробы" і разам з сям'ёю перабраўся ў Кушляны. Тут ён аднавіў бацькоўскую сядзібу, высадзіў шматлікія каштаны і нават на шырокім дубовым пні стварыў сонечны гадзіннік, які быў знішчаны ў 1915 годзе, калі хату Багушэвічаў немцы выкарыстоўвалі як вайсковы шпіталь.

Аднак здароўе падвяло яго канчаткова. Не маючы магчымасці выехаць за мяжу, Багушэвіч спрабаваў выдаць напісаныя ім "Беларускія апавяданні Бурачка" і "Скрыпачку беларускую" ў Віленскай губернскай друкарні. Аднак цэнзура ўбачыла ў іх не з'яўленне новай беларускай літаратуры, а, у першую чаргу, намаганні "разбіць і аслабіць літаратурнае і нацыянальнае адзінства, а ў выніку гэтага і палітычную магутнасць рускага народа". Зборнікі так і не былі надрукаваныя, і іх далейшы лёс невядомы.

Францішак Багушэвіч апошні год увесь час ляжаў у ложку і выношваў ідэю стварэння беларускай граматыкі. Зрэдку яго выносілі на веранду, каб ён паназіраў за кушлянскім жыццём. Ён памёр 15 (28) красавіка 1900 года. У гэты ж дзень сын Томаш зрабіў замалёўку бацькі.

Над яго магілай быў усталяваны высокі дубовы крыж з двума вянкамі са словамі: "Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы" і "Мацею Бурачку ад мужыкоў-беларусаў". На крыжы віселі дудка, смык і скрыпка. На ўзгорку, дзе Багушэвічы святкавалі Купалле, на вялізным камені быў зроблены надпіс: "Памяці Мацея Бурачка". Немцы спрабавалі яго ўзарваць, але толькі трохі пашкодзілі. Падчас выбуху з зямлі выбіліся шматлікія паперы, якія затым валяліся па ўсёй ваколіцы. У 1983 годзе побач былі пасаджаныя 60 маладых дубоў, у гонар пражытых гадоў паэта.

У 1901 годзе ў Жупранскім парафіяльным касцёле з'явілася белая мармуровая дошка (аўтар - Іван Арасімовіч) з Багушэвічавым партрэтам на медзі (аўтар - Ян Яроцкі). У 1970-я гады партрэт, да якога людзі многія гады ставілі свечкі, знік і зноў быў адноўлены ў 1990 годзе.


Багушэвіч пакінуў сям'і маёнтак Кушляны, адзення і бялізны коштам у 300 рублёў, ды грашовую прэтэнзію да аднаго з кліентаў за вядзенне справы. Аднак значна больш ён падараваў свайму народу, пра што засведчыла Алаіза Пашкевіч (Цётка): "Доўга я гадаў і думаў, як сябе зваць, ці то палякам, ці то літоўцам… аж покі не папала ў мае рукі "Дудка" Мацея Бурачка; яна то мне сказала, што хто гаворыць па-тутэйшаму, па-мужыцку, значыцца, ён гаворыць па-беларуску, а хто гаворыць па-беларуску, то беларус. Прачытаўшы тую "Дудку", я сказаў: "Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, "Дудка", грай і мне голас дай"".

"Новы час"

Пра гістарычную спадчыну Магілёва

У суботу 21 сакавіка 2020 г. у старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта адбылася прамая лінія, і мне ўдалося дазваніцца да Леаніда Канстанцінавіча Зайца. Я ўзняў тры пытанні, якія тычацца праблем нацыянальнай культуры Магілёва і нашага рэгіёна. Першая праблема, якую я агучыў: звярнуць увагу на катастрафічны стан помніка архітэктуры 18 стагоддзя - касцёла ў мястэчку Княжыцы. Другое пытанне: у Магілёве на завулку Камуністычным, 10 інвестар збіраецца прыгожы дарэвалюцыйны будынак убудаваць у сучасны шматпавярховік, а ад старажытнага будынка застанецца толькі фасад. Я звярнуў увагу на тое, што ў тысячагадовым Магілёве і так дужа мала засталося старыжытнасцяў і помнікаў архітэктуры і прасіў выратаваць гэты старажытны дом. Трэцяе пытанне: звярнуў увагу старшыні аблвыканкама на тое, што сёлета 27 ліпеня будзе ўжо 30 год, як Беларусь была аб'яўлена незалежнай краінай, і за гэты час у Магілёве не было ўсталявана ніводнага помніка нацыянальнаму дзеячу. Я прапанаваў на Замкавай гары ўсталяваць помнік Янку Купалу, які калісьці напісаў паэму "Магіла льва", прысвечаную гісторыі нашага горада. Ідэя гэта не новая і калі раней узнімалі мы гэту праблему, то чыноўнікі казалі мне: "Выдатная ідэя, вось, Дзьячкоў, і збірай грошы на помнік Купалу". Я тады запытаў у Леаніда Канстанцінавіча, а чаму на рамонт помніка Леніну, гэтаму забойцу мірнага насельніцтва і тэрарысту з бюджэту выдаткавалі 70 тысяч даляраў, а на помнік нацыянальнаму дзеячу грошы павінна збіраць грамадскасць? Чыноўнік сказаў, што пытанні цікавыя і будуць над імі працаваць.

Дзьячкоў Алег, Магілёў.

Сустрэча з пісьменнікам

У 11-й школе горада Ліда адбылася чарговая сустрэча вучняў з выпускніком 1980-га года гэтай школы, пісьменнікам Леанідам Лаўрэшам. Пісьменнік прэзентаваў у музей і бібліятэку роднай школы кнігі і распавёў дзецям пра сваю апошнюю кнігу "Шпацыры па старой Лідзе". Ён рассказаў пра доўгую гісторыю напісання гэтай кнігі і пра яе галоўныя тэмы. Потым каля гадзіны адказваў на змястоўныя пытанні. Вучняў цікавіла гісторыя лідскіх могілак, гісторыя старажытных лідскіх вуліц і захаваўшыхся да нашага часу дамоў, падзеі Другой сусветнай вайны на Лідчыне і, наогул, лёс лідскага краязнаўства. Як заўсёды, былі зададзены сакраментальныя пытанні: "Як вы сталі пісьменнікам?", і "Адкуль вы бераце матэрыялы для сваіх кніг?".

І калі на першае пытанне адказаць можна жартам, дык на другое адказваць заўсёды складана любому аўтару. Леанід Лаўрэш растлумачыў, што піша ў асноўным у жанры "нон-фікшн", і ведае, што вывучэнне Лідчыны толькі пачынаецца - наперадзе вялікая праца для гісторыкаў і аматараў гісторыі. Ён жа мае вялікія планы і напрацоўкі для напісання яшчэ вялікай колькасці сваіх будучых кніг.

- Проста трэба па-сапраўднаму жадаць напісаць тое, што можаш напісаць толькі ты, - сказаў пісьменнік, - і тады абавязкова атрымаеш і неабходныя матэрыялы, і магчымасць выдаць кнігу. Проста трэба па-сапраўднаму хацець гэтага.

Яраслаў Грынкевіч.

Кастусь Каліноўскі: паўстанне працягваецца

29 кастрычніка 2001 года на Радыё Свабода выйшла ў эфір перадача, а на сайце з'явіўся тэкст з лаканічнай назвай "Магіла К. Каліноўскага". "Годны фінал 150-гадовай трагедыі. Як у Вільні развіталіся з Каліноўскім і яго паплечнікамі" - так называўся выніковы рэпартаж Радыё Свабода, які выйшаў у свет 22 лістапада 2019-га - у дзень, калі пры масавым наплыве беларускіх паломнікаў літоўскі ўрад правёў на дзяржаўным узроўні ўрачыстае пахаванне паўстанцаў. Паміж гэтымі публікацыямі - амаль 20 гадоў падзеяў, жарсцяў, спрэчак, заяваў, адкрыццяў, звязаных з імем Кастуся Каліноўскага. Салідны томік, больш за 800 старонак, вы атрымаеце праз пошту, калі запоўніце анкету радыё.

Радыё Свабода.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Рылько Леанід - 40 р., г. Баранавічы

2. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

3. Вяргейчык В.П. - 15 р., г. Барысаў

4. Ляўшун Д. - 16 р., г. Менск

5. Сівы Сяргей - 7 р., г. Валожын

6. Фурс Антон - 120 р., г. Паставы

7. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

8. Скамейка Сяргей - 20 р., г. Менск

9. Птушка С.І. - 5 р., в. Хільчыцы

10. Міхневіч Н.У. - 0,58 р., г. Івацэвічы

11. Лічык А,А. - 1 р., г. Менск

12. Шкут Я.А. - 1 р., г. Менск

13. Панасюк А.П. - 30 р., г. Менск

14. Асташонак - 10 р., г. Менск

15. Рабека Мікалай - 2) р., г Менск

16. Рак П.В. - 10 р., в. Навашына

17. Цагельнікава А. - 10 р., г. Менск

18. Яжовіч В. - 50 р., г. Менск

19. Шманюк Н. - 20 р., г. Менск

20. Насякайка Вольга - 20 р., г. Менск

21. Каржоў Платон - 20 р., г. Менск

22. Страко Дар'я - 20 р., г. Менск

23. Авіжыч - 20 р., г. Менск

24. Жадзецкі Алесь - 20 р., г. Менск

25. Букін Сяргей - 10 р., г. Менск

26. Падзько 10 р., г. Менск,

27. Калінкіна - 5 р., г. Менск

28. Шоцькіна Ульяна - 10 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Каронавірус: як вярнуцца ў Германію ці з Германіі дахаты?

Навіны Германіі

Урад ФРГ праводзіць аперацыю па эвакуацыі немцаў і асобаў з відам на жыхарства ў Германіі, якія захраслі ў розных краінах свету. Замежнікам з пратэрмінаванымі візамі ў самой Германіі санкцый можна не асцерагацца.

Урад ФРГ стварыў "паветраны мост" для эвакуацыі немцаў з-за мяжы

Урад Германіі працягвае эвакуяваць нямецкіх турыстаў і камандзіраваных, якія захраслі з-за пандэміі COVID-19 у розных краінах свету. Для гэтых мэт МЗС ФРГ выдзеліла на чартар самалётаў прыватных нямецкіх авіякампаній 50 мільёнаў еўра.

Адначасова і з самой Германіі не могуць выбрацца грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, тэрмін візы якіх на знаходжанне ў ФРГ мінае ці ўжо мінуў. Але штрафныя санкцыі з боку нямецкіх уладаў за парушэнне візавага рэжыму ім не пагражаюць.

Колькі немцаў ужо вярнулася дахаты?

Ніхто дакладна не ведае, колькі менавіта нямецкіх грамадзян часова ці ўвесь час знаходзяцца за межамі Германіі. Гаворка ідзе пра сотні тысяч, магчыма, нават пра пару мільёнаў чалавек. Далёка не ўсе яны жадаюць неадкладна вярнуцца на радзіму.

На заклік МЗС ФРГ зарэгістравацца на сайце міністэрства ў якасці патэнцыйнага рэпатрыянта адгукнуліся да вечара ў чацвер 144 тысячы немцаў, якія знаходзяцца за мяжой. Гэту лічбу назвала на ўрадавай прэс-канферэнцыі ў пятніцу, 20 сакавіка, прадстаўнік МЗС Марыя Адэбар (Maria Adebahr).

Пачынальна з мінулага панядзелка, калі ўрад Германіі ўстанавіў такі своеасаблівы "паветраны мост", эвакуяваны ўжо 96 тысяч. Гэта значыць, засталося меней за 50 тысяч, з якіх, па адзнацы Адэбар, таксама не ўсе будуць прэтэндаваць на месца ў самалёце. У спіс МЗС многія ўнеслі свае дадзеныя, па яе словах, на ўсякі выпадак.

Да вечара мінулай пятніцы нямецкія ўлады разлічвалі вярнуць на радзіму 4 з 6 тысяч немцаў з Марока, 25 з 35 тысяч з Егіпта, 3 тысячы з 3700 з Дамініканскай Рэспублікі, усе паўтары тысячы якія яшчэ заставаліся ў Тунісе, 7 з 15 тысяч з ПАР. Акрамя таго, дадала Адэбар, камерцыйнымі рэйсамі на працягу апошніх пяці дзён у Германію з Турцыі вярнуліся 20 з 30 тысяч немцаў, якія пажадалі гэта зрабіць, і 25 тысяч з Іспаніі.

Прыярытэтнымі кірункамі аперацыі па эвакуацыі нямецкіх грамадзян яна назвала Егіпет, Аргентыну, Коста-Рыку, Дамініканскую Рэспубліку, Марока, Перу, Філіпіны і Туніс. Ведаюць у МЗС ФРГ і пра тое, што шмат нямецкіх грамадзян ці замежнікаў, якія ўвесь час пражываюць і працуюць у Германіі, знаходзяцца і ў многіх іншых краінах, у тым ліку, не так аддаленых. З Кіева, напрыклад, не можа выбрацца адна супрацоўніца медыякампаніі DW разам з дзецьмі.

Адказваючы на пэўнае пытанне карэспандэнта DW, Марыя Адэбар прызнала, што застаецца яшчэ вельмі шмат тых, " якія вандруюць ва ўсім свеце, якіх мы пакуль не змаглі вярнуць дахаты і якія сутыкаюцца з праблемамі". Адначасова яна заклікала тых, хто захрас у іншых краінах патрываць і паабяцала, што МЗС паклапоціцца аб усіх, хто жадае вярнуцца ў Германію.

Уезд у Германію для турыстаў закрыты

Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра грамадзян Германіі, але і пра ўсіх замежнікаў, якія маюць сталы від на жыхарства ў гэтай краіне.

З турыстычнымі візамі ў Германію пакуль пускаць не будуць

"Грамадзяне трэціх краін з відам на жыхарства ў Германіі ці з доўгатэрміновай візай катэгорыі "D" па-ранейшаму могуць заязджаць, каб вярнуцца да свайго звычайнага месца жыхарства", - адказаў прадстаўнік МУС ФРГ Стыў Альтэр (Steve Alter) карэспандэнту DW. Іншая справа - прыезджы па турыстычнай візе. Нават, калі такая віза ў чалавека ёсць, растлумачыў Альтэр, яго ў Германію ў наш час не ўпусцяць.

За парушэнне візавага рэжыму штрафаваць не будуць

Па паведамленні медыякампаніі RBB24, у Берліне ў наш час затрымаўся сусветна вядомы ўкраінскі татуёўшчык Слава Конанаў.

Наогул ён збіраўся ў ЗША, але з-за закрыцця амерыканскіх меж яму прыйшлося вярнуцца спачатку ў Парыж, з якога ён перабраўся ў Берлін у надзеі з'ехаць адгэтуль у Кіеў на аўтобусе. Насілу расстараўся квіток на раніцу 17 сакавіка, але напярэдадні позна ўвечар атрымаў паведамленне пра адмену рэйсу, паколькі Польшча не дазваляе пасажырскі транзіт праз сваю тэрыторыю.

Украінцам віза для паездак у краіны Шэнгенскай зоны не патрэбна, але знаходзіцца тут яны могуць не больш за тры месяцы за адзін прыезд на працягу паўгода. Гэты тэрмін у Конанава праз пару дзён мінае, і ён асцерагаецца штрафу за адміністрацыйнае парушэнне.

Стыў Альтэр з МУС ФРГ запэўніў карэспандэнта DW у тым, што ні Конанаў, ні грамадзяне Расіі ці іншых краін з пратэрмінаванымі візамі не будуць лічыцца парушальнікамі, паколькі, растлумачыў ён, перавышэнне тэрміну дазволенага знаходжання на тэрыторыі Германіі адбылося па незалежных ад іх акалічнасцях.

DW

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ПАЎЛЮКА ШУКАЙЛЫ (31.12.1904 - 14.04.1939)

На Беларусі вада з крыві,

палеткі з курганоў і крыжоў.

Паўлюк Шукайла.

Ні надзейных сяброў, ні гасціннае хаты

У цябе больш у роднай краіне няма.

Ты адзін, як сабака, што ў поле прагнаты,

Дзе на гурбах счарнелых царуе зіма.

І глядзіш ты на свет не вачмі, а слязамі

І не можаш ніяк ты цяпер зразумець,

Што зрабілася гэта сягоння з людзямі

І чаму паўкраіны сядзіць у турме.

А было ж у бабровай баярскае шапцы

І з гадзіннікам, нібы агонь, залатым

Ты хадзіў і зайздросцілі ўсе падшыванцы

І лавілі мядовы паэзіі дым,

У якім ты сам жыў,

як матыль жыве ў кветцы,

Што ляжыць на магільнай

халоднай пліце…

Снег вадой са страхі, нібы волава, льецца,

Ледзяшом красавіцкім спакойна расце

І становіцца куляй, што трапіць у сэрца,

Каб ты больш не хаваўся,

каб болей не жыў

На зямлі, дзе вада з чалавечай крыві,

А палеткі наўкол - курганы і крыжы…

29.10.2007 г.

БАЛАДА СТЭФАНІІ СТАНЮТЫ (13.05.1905 - 6.11.2000)

Жыццё і сцэна, сцэна і жыццё

З'ядналіся, як рэкі ў акіяне,

У сэрцы, што праменіць пачуццём

Любові да зямлі, што нам не стане

Чужой ніколі, бо ў ёй наша кроў

І нашы косці ў ёй ляжаць таксама.

Выходзіш ты на сцэну, каб ізноў

Тэатар стаў нам беларускім Храмам,

Дзе з намі слова роднае жыве

І не знікае, як знікалі Храмы,

Разбураныя ў чорнае траве,

І вырасталі на іх месцы крамы.

І плачаш ты і слёзы, як агонь,

Нам нашую Айчыну асвятляюць,

Дзе сцэна, нібы Божая далонь,

Дзе ўсе на ёй жывуць і паміраюць.

24.10.2008 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ УЛАШЧЫКА (4.02.1906 - 14.11.1986)

… Ужо з Масквы дамоў

не вернешся ніколі,

І твой апошні лістапад, нібыта Бог,

Па горадзе ідзе, нібы па лесе й полі,

Не выбіраючы ні сцежак, ні дарог,

Як ты не выбіраў, бо меў адну дарогу -

Любоў да Беларусі, да якой ішоў

Праз чорны снегавей жыцця

і праз астрогі,

Душой трымаўшыся за веру і любоў,

За вёску Віцькаўшчына,

што знікае й знікне,

Ды застанецца ў сэрцах, курганах сівых

І ў слове родным, што ніколі тут не сціхне,

Чужым не стане ў акіяне слоў чужых…


Апалае лісцё, як золата ад фрэсак,

Ад беларускіх фрэсак з храмаў і званіц,

Што знішчаны і зараслі высокім лесам,

І дзе званы зрабіліся вадой крыніц,

Жывой вадой,

якую снег прысыпле ўночы,

І ты памрэш, але не адрачэшся ты

Ад Беларусі, што табе глядзела ў вочы,

Дзе бачыла заўсёды час свой залаты,

Што прыйдзе ўсё ж аднойчы…

6.07.2011 г.

БАЛАДА СЯРГЕЯ НОВІКА-ПЯЮНА (27.08.1906 - 26.08.1994)

У небе Айчыны чарнюткія краты,

І чэрап у небе - не сонца - плыве.

Пры новай уладзе ты зноў вінаваты,

Што ты беларусам з'явіўся на свет.

І гоняць ізноўку цябе да магілы,

І дротам калючым прыгожыцца шлях.

І воранаў чорных чарнюткія крылы,

І белыя крылы анёлаў, і жах

Над шляхам тваім, над людской непакорай.

І будзяцца песні пад звон кайданоў,

І будзяцца сілы, каб выжыць у горы,

Вярнуцца і ў гора патрапіць ізноў.

Навокал чарнеюць крывёю курганні,

І вёскі пустыя, і выюць ваўкі.

Ты помніш апошняе з маці спатканне,

І спадчыну дзеляць штодня чужакі.

І колюць штыкамі па-рабску у спіну

Служакі, што вераць у светлы прасцяг

І ў зорнае заўтра турэмнай Айчыны

І крочаць па братняй крыві і касцях.

Цяжэюць ватоўкі, звярэюць сабакі,

І холад, і голад збівае ўсіх з ног.

Смяротнікаў новых чакаюць баракі,

І ямы чакаюць ля чорных дарог,

І працу чакаюць культурныя каты…

Душа паўтарае: "Айчына жыве!"

А ў небе Айчыны турэмныя краты,

І чэрап у небе - не сонца - плыве.

21.08.1990 г., 26.08.1994 г.

БАЛАДА СЯРГЕЯ ФАМІНА (29.04.1906 - 4.12.1941)

У дымным жыце мала жыць хто хоча,

Бо там даўно Паэзія жыве,

І ў васількоў задумлівыя вочы

Айчыны дым няспешліва плыве.


І ўжо душа твая за матылямі

Ляціць у жыта і знікае ў ім,

Імгненная, як вецер над палямі,

І вечная, нібы Айчыны дым.


І ты ўглядаешся ў чужое неба,

Як у ваду, якую нельга піць.

Дамоў далёка. Поўня чэрствым хлебам

Над лесам, нібы над касцьмі, вісіць.


Што напісаць дамоў? Цяпер не знаеш.

Што ты ўсіх любіш - сто разоў пісаў.

І новы верш, як новы свет, ствараеш,

Ствараеш, як ніколі не ствараў,


Бо ведаеш - цябе чакае куля

За тое, што ты любіш, як любіў,

Свой родны край, сваю матулю

І мову, што ў сабе ты не забіў.

4.11.2018 г.

БАЛАДА КСЯНДЗА АДОЛЬФА ШНІПА (30.11.1906 - 4.01.1985)

Ты выйшаў раніцою з Пугачоў.

І сонца па калюгах паплыло

Самотна ўслед, бо ведала - дамоў

Не вернешся ніколі, ды цяпло

Ніколі не забудзецца табой,

Цяпло ад родных ніў, ад роднай хаты,

Дзе, як анёл, малітва пад страхой

Жыла й жыве і ў будзень, і на святы.

У Вільню шлях твой светлы, нібы пост,

Шырокі, як вясновае разводдзе,

Якім праз рэчку паламаны мост

І толькі той, хто з Богам, той і пройдзе.

І ты прайшоў праз вецер, праз дажджы,

Праз спёку, праз завеі, праз туманы.

І крыж свой нёс і вечнасць на крыжы

Была ў Хрыстовых незагойных ранах.

І неба люстравалася ў вачах,

А ў небе Пугачы ты бачыў добра,

Што сніліся ў чужых глухіх начах,

Дзе поўня, нібы пілігрыма торба.

Свой шлях па свеце ты даўно прайшоў,

Спачынак у Ваўжэньчыцах ты маеш

І ў вечным сне вяртаешся дамоў,

Ляціш,

ляціш

і ўсё не далятаеш…

16.05.2018 г.

(Працяг у наступным нумары.)

З падзей 2019 года

Склаў Сымон Барыс

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Беларусь у сярэдзіне снежня 2019 г. прыцягнула чарговы крэдыт ад Кітая 500 млн. долараў. На 1 студзеня 2019 года доўг Беларусі Кітаю складаў 3,3 млрд. долараў, сёння Кітай на другім месцы сярод нашых крэдытораў. Для параўнання: доўг перад РФ на 1 студзеня 2019 г. складаў 7,9 млрд. долараў.

У снежні 2019 г. агульны дзяржаўны доўг Беларусі склаў 43,7 млрд рублёў. Знешні дзяржаўны доўг -16,6 млрд даляраў.

Снежань. У Менскім гарадскім судзе судзілі былога кіраўніка прадпрыемства "Бедмедтэхніка" Аляксандра Шарака, у якога ў гаражы ў чэрвені 2018 г. супрацоўнікі КДБ знайшлі 620 тысяч долараў. Ён кіраваў гэтым прадпрыемствам з 2011 г.

Снежань. Спектакль "Паўлінка" Купалаўскага тэатра ў Менску атрымаў статус гістарычна-культурнай каштоўнасці Беларусі.

У 2019 годзе

Гэты год аб'яўлены Годам малой радзімы.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на 1 студзеня 2019 года колькасць насельніцтва Беларусі склала 9 475 600 чалавек. Гэта на 16 200 чалавек меней, чым год таму, на 66,8 тысячы менш, чым у 2008 годзе, і на 617 400 чалавек меней, чым у 1998-м. На піку ў 1994 годзе колькасць насельніцтва Беларусі дасягала 10 243 500 чалавек. Паводле падлікаў Белстату, па стане на 1 ліпеня 2019 года насельніцтва Беларусі склала 9 мільёнаў 456 чалавек. На 1 студзеня 2020 г. насельніцтва Беларусі складае 9 449 320 чалавек.

У гаспадарках усіх катэгорый Беларусі за 2019 год выраблена жывёлы і птушкі (у жывой вазе) 1808,2 тыс. тон, малака - 7 392,6 тыс. тон, яек - 3 514,5 млн. штук. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў 7 330,9 тыс. тон, бульбы - 6105,3 тыс. тон, гародніны - 1854,5 тыс. тон, цукровых буракоў - 4927,3 тыс. тон. Сярэдняя ўраджайнасць збожжа - 32,5 ц з 1 га, сярэдняя ўраджайнасць бульбы - 365 ц з 1 га.

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Беларусі ў снежні 2019 года склала Br 1238, 7, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

За 2019 г. бацькоўскіх правоў пазбавіліся 1013 жанчын і 1661 мужчын, а бацькі пазбавіліся 3179 дзяцей.

У 2019 г. прыгавораны да расстрэлу 2 забойцы. Яны пакараны смерцю.

Паводле назіранняў у Менску на вуліцах мала п'яных (гэта заслуга і міліцыі), але на прыпынках транспарту шмат курцоў.

2019 год за ўсю гісторыю метэаназіранняў з 1881 г. быў самы цёплы. Сярэдняя тэмпература склала + 8,8 градусаў цяпла, што на 2,1 градусы вышэй нормы. Усе месяцы за выключэннем студзеня і ліпеня былі цяплей звычайнага.

За гэты год выяўлена 400 наркатычных рэсурсаў. Пацярпелі ад педафілаў 487 дзяцей. За 6 гадоў колькасць педафілаў павялічылася ў 7 разоў, а пацярпелых ад іх - у 22 разы.

Сярэдняя месячная зарабатная плата па краіне за лістарад 2019 года склала 1113 рублёў (у Менску яна - 1537 рублёў, а Магілёўскай вобласці - усяго 922 рублі). Сярэдні памер пенсіі па старасці за кастрычнік склаў 447 рублёў.

У абменных пунктах у канцы снежня ў Менску 1 долар можна было купіць за 2,14 бел. руб., 1 еўра - за 2,38 бел. руб., 100 рас. руб. - за 3,48 бел. руб.

За снежань месяц у Менску плата за камунальныя паслугі (апрача элекраэнергіі і тэлефона) прыватызаванай аднапакаёвай кватэры агульнай плошчай 37 (жылой 17) кв. м., у якой пражывае адзін чалавек, склала 32 руб., а разам з электраэнергіяй - 50 руб.

Плата за камунальныя паслугі трохпакаёвай кватэры агульнай плошчай 68 (жылая 39,69) кв. м., у якой жывуць 3 чалавекі, за снежань склала 86 руб. Кошт электраэнергіі для насельніцтва, якія карыстаюцца электраплітой, за 1 кВт/гадз. - 0,1484 руб.

З 26 снежня 2019 года праезд у гарадскім транспарце Менска каштаваў у тралебусе, аўтобусе і трамваі адна паездка 0,65 рубля, у метро - 0,70 рубля, у аўтобусе-экспрэсе - 0,85 рубля, у кіроўцы транспартам - 0,70 рубля.

Інфляцыя ў Беларусі за 2019 год склала 4,7%.

На 1 снежня пазыка Беларусі склала 16,6 мільярдаў долараў, а ў 2010 г. дзяржаўны доўг Беларусі быў 8,4 долараў. За 2019 г. залаты запас Беларусі павялічыўся на адну тону і склаў 42,2 т. залатога эквіваленту (на 1 студзеня 2019 г. ён быў 41,2 т.). Знешні дзяржаўны доўг на 1 снежня 2018 года склаў 16,8 млрд. долараў ЗША.

У Менску за апошнія 3 месяцы 2019 года забудавалі высокімі жылымі дамамі былы аэрадром і вуліцу Аэрадромную.

У 2019 г. у Беларусі пачалі вырабляць электрычныя самакаты.

У Менску ў ліпені-кастрычніку на вуліцах стаялі равары, якія можна было самастойна ўзяць і пакатацца, заплаціўшы папярэдне банкавай карткай, прыклаўшы яе да ўказанага месца на ровары. Кампанія для гэтага купіла 3 тысячы равароў 300 электраравароў і 250 электрычных самакатаў. Кошт паездкі адной гадзіны каштаваў так: арэнда ровара на адну гадзіну каштуе 2 рублі, а арэнда электраровара і самаката - па 10 рублёў за адну гадзіну.

У канцы снежня кошты тавараў у менскіх крамах былі наступныя:

Хлеб "Нарачанскі" (1,2 кг) - 2,16 руб.

Хлеб "Водар" (0,86 кг) - 1,48 руб.

Бульба (1кг) - 0, 62 - 0,69 руб.

Буракі (1 кг) - 0, 69 руб.

Капуста (1 кг) - 0,59 руб.

Цыбуля (1 кг) - 0,89 руб.

Морква (1 кг) - 0,61 руб.

Батон (0,57 кг) - 1,3 руб.

Батон "Заслаўскі" (450 г.) - 1,39 руб.

Смятана 26 % (400 г) - 2,39 руб.

Смятана 20 % (300 г) - руб

Малако 3,2% (1 л) - 1, 37 -- 1,76 руб.

Сыр "Расійскі" 50 % (1 кг) - 12,64 - 12,99 руб.

Тварог 9 % (200 г) - 1,35 руб.

Масла сметанковае "Сялянскае" 72,5% (180 г) - 2,79 руб.

Кефір 3,2 % (1 л) - 1,49 руб.

Кефір 2,5 % (1 кг) - 1,74 руб.

Алей сланечнікавы (780 г) - 2,89 руб.

Цукар (1 кг) - 1,5 руб.

Крупы грэцкія (0,9 кг) - 2,59 руб.

Крупы грэцкія (0,8 кг) - 1,59 руб.

Ячменныя крупы (1 кг) - 1,29 руб.

Аўсяныя крупы (1 кг) - 1,29 руб.

Пшанічная мука (1кг) - 0,8 руб.

Соль спажыўная (1 кг) - 0,47 - 0,69 руб.

Гарох колаты (1 кг) - 1, 29 руб.

Фасоля (1 кг) - 5,39 руб.

Яйкі (10 шт.) - 1,99 руб.

Свініна (1 кг) 2-й кат. І гат. - 6,24 руб.

Мяса свінное тазабедранае (1 кг) - 9,09 - 13,60 руб.

Гарэлка 40 % (0,5 л) - 6,97 - 7,27 руб.

Каньяк 40 % (0,5 л) - 13,69 руб.

Вермут 18% (0,5 л) - 3,54 руб.

Віно паўсалодкае чырвонае "Старая келля" 9-13 % (1 л) - 4,79 руб.

Каўбаса вараная "Руская" (1 кг) - 8,29 руб.

Каўбаса вараная "Эстонская" (1 кг) - 7,88 руб.

Яблыкі (1кг) - 1,79 руб.

Селядцы антлантычныя (1 кг) - 4,7 руб.

Мыла гаспадарчае 72% (200 г.) - 0,79 руб.

ПРАГРАМА

святкавання 400-годдзя Хацінскай бітвы 1621 г.

У канцы 2019 г. у Менску адбыліся першыя паседжанні Беларускага грамадскага арганізацыйнага камітэта па святкаванні 400-годдзя Хацінскай бітвы, якое будзе адзначацца ў верасні - кастрычніку 2021 года.

Заснавалі Аргкамітэт мастак Мікола Купава, святар і краязнавец Леанід Акаловіч, палітык Рыгор Кастусёў, ваенны гісторык Віталь Чырвінскі, гісторык-журналіст Мікола Багадзяж, гісторык, кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка, літаратар Ірына Масляніцына. Старшынём аргкамітэта адзінагалосна абраны Мікола Купава. Спіс сяброў аргкамітэта папаўняецца і адкрыты для далучэння. Чакаем вашых карысных прапаноў, свежых ідэй і падтрымкі.

Аргкамітэт плануе:

1. У траўні 2020 г. арганізаваць вандроўку ў Хацін беларускіх гісторыкаў, краязнаўцаў і мастакоў для доследу і працы са зборам матэрыялаў пра бітву на месцы ў Хаціне, у бібліятэках, у архівах і музеях Украіны.

2. Правесці ў Беларусі міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную юбілейнай даце бітвы, з наступным выданнем зборніка дакладаў (кастрычнік 2020 г. або жнівень 2021 г.).

3. Ад імя Беларускага грамадскага арганіцыйнага камітэта па святкаванні 400-годдзя Хацінскай бітвы аб'явіць 2021 год у Беларусі годам Яна-Караля Хадкевіча.

4. Ініцыяваць вяртанне імя сусветна-вядомага палкаводца вялікага гетмана ВКЛ Яна-Караля Хадкевіча адной з вуліц гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца ў Гарадзенскай вобласці (цяпер гэта вуліца Дзяржынскага). Да 1940 года гэта вуліца насіла ганаровае імя Хадкевічаў.

5. Ініцыяваць наданне імя Яна-Караля Хадкевіча праспектам або вуліцам у Менску, Берасці, Баранавічах, Быхаве, Ляхавічах, а таксама адной з вулак у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці, дзе будучы палкаводзец правёў свае дзіцячыя гады.

6. Ініцыяваць наданне ў Полацку і Смаргоні адной з вуліц імя героя Хацінскай бітвы полацкага кашталяна Багуслава-Мікалая Зяновіча (уладальніка Смаргоні). Прапанаваць гарадскім уладам Чачэрска і Слаўгарада (былога Прапойска) увекавечыць памяць пра вялікага палкаводца ў сваіх гарадах.

7. Ініцыяваць наданне ў Воршы адной з вуліц імя героя Хацінскай бітвы Аляксандра-Дажбога Сапегі, чашніка літоўскага, сына аршанскага падкаморыя, які ў 1621 годзе прывёў пад муры Хаціна ваяроў з Воршы і Аршанскага павета.

8. Прапанаваць Наваградскаму райвыканкаму назваць адну з гарадскіх вуліц ці плошчаў імем наваградскага кашталяна Яна Рудаміна-Дусяцкага альбо ў гонар братоў Яна і Георга Рудамінаў-Дусяцкіх - герояў Хацінскай бітвы.

9. Ініцыяваць усталяванне коннага помніку вялікаму гетману ВКЛ Яну-Каралю Хадкевічу ў Менску, а таксама помнікаў (памятных знакаў) у Берасці, Быхаве і Баранавічах.

10. Прапанаваць Беларускаму саюзу мастакоў падрыхтаваць і правесці Міжнародную мастацкую выставу, прысвечаную Хацінскай бітве 1621 года.

11. Прапанаваць Рыма-Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве штогод ладзіць 10 кастрычніка адмысловую імшу ў гонар герояў Хацінскай бітвы (традыцыя правядзення такой імшы існавала аж да канца ХІХ стагоддзя).

12. Звярнуцца да кіраўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы з прапановай правядзення штогод 10 кастрычніка службы ў гонар герояў Хацінскай бітвы ў праваслаўных храмах Беларусі.

13. Прывезці капсулу з зямлёй, узятай з-пад муроў Хацінскага замка, і ганарова залажыць яе ў крыпце "Храма-помніка ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі ўратаваньню Айчыны нашай".

14. Прапанаваць беларускім выдавецтвам да юбілею бітвы выдаць маляўнічы каляндар на 2021 год.

15. Заахвоціць сродкі масавай інфармацыі прыняць актыўны ўдзел у асвятленні 400-гадовага юбілею бітвы.

16. Прапанаваць Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь, а таксама іншым абласным, раённым, гарадскім і школьным музеям, падрыхтаваць экспазіцыі на гэтую тэму.

17. Прапанаваць кіраўніцтву Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" аб'явіць конкурс на лепшы сцэнарый паўнаметражнай мастацкай стужкі, тэлевізійнага серыяла, анімацыйнага фільма, прысвечаных жыццю вялікага гетмана ВКЛ Яна-Караля Хадкевіча.

18. Прапанаваць дырэктару студыі гістарычных фільмаў Уладзіміру Бокуну дадаць імя Яна-Караля Хадкевіча ў свой дакументальны праект "100 імёнаў Беларусі".

19. Прапанаваць кіраўніцтву Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь выпусціць памятную манету, прымеркаваную да 400-годдзя Хацінскай бітвы, а серыю "Умацаванне і абарона дзяржавы" дапоўніць манетай, прысвечанай Яну-Каралю Хадкевічу.

20. У кастрычніку-лістападзе 2021 года арганізаваць выезд дэлегацыі з Беларусі ў горад Хацін (Украіна) на ўрачыстыя юбілейныя мерапрыемствы.

21. Прапанаваць Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Беларусі выдаць серыю паштовых марак, паштовак, канверт, а таксама выпусціць спецыяльны штэмпель, якім пагасіць маркі 9 кастрычніка 2021 года.

22. Прапанаваць Беларускаму саюзу мастакоў падрыхтаваць і выпусціць юбілейны медаль, прысвечаны Хацінскай бітве 1621 года, для ўручэння творцам і гісторыкам, якія вызначыліся ў гэтай тэме.

Мікола Купава, сябра Беларускага саюза мастакоў, старшыня Аргкамітэт;

Віталь Чырвінскі, ваенны гісторык;

Леанід Акаловіч, краязнавец;

Алесь Жлутка, кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі НАН Беларусі.

(Працяг тэмы на ст. 8.)

Інфармацыйныя нататкі пра ўдзел ліцвінаў-беларусаў у Хацінскай бітве 1621 года

Увосень 1621 года каля замка Хацін на малдаўскім правабярэжжы Днястра адбылася адна з самых масавых і значных бітваў XVII стагоддзя. Вынікам бітвы стала завяршэнне вайны, якую ў другой палове 1620 года Асманская імперыя і Крымскае ханства развязалі супраць Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у барацьбе за ўкраінскія і польскія землі.

Гэта вайна пачалася бітвай пад Цацорай на рацэ Прут (17 верасня - 7 кастрычніка 1620). Кароннае войска, узмоцненае ўкраінскімі рэестравымі казакамі, было разбіта. У дадатак палякі страцілі сваіх галоўных военачальнікаў. Вялікі каронны гетман Станіслаў Жалкеўскі загінуў у баі (яго адсечаную галаву разам з сядлом і шабляй паслалі ў Стамбул султану Асману ІІ), а польны каронны гетман Станіслаў Канецпольскі быў захоплены туркамі ў палон.

Татары ўварваліся ў Падолле, Валынь і Малую Польшчу. Заахвочаны перамогай султан Асман ІІ пачаў рыхтаваць вялікі паход на поўнач з мэтай дайсці да берагоў Балтыйскага мора.

Рэч Паспалітая пачала збіраць сілы для адпору. Паўстала пытанне, хто здольны ўзначаліць аб'яднанае войска. У Польшчы па вядомых прычынах такой асобы не было. Выбар выпаў на вялікага гетмана літоўскага Яна-Караля Хадкевіча. У снежні 1620 года ён прыняў галоўнае камандаванне над аб'яднаным войскам Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Узброеныя сілы ВКЛ (каля 11 тыс. чалавек), якія рухаліся з-пад Вільні, Полацка і Смаленска, злучыліся ў Берасці. Ужо пад Варшавай да польскага войска далучыліся аддзелы легендарных лісоўчыкаў (першага літоўска-беларускага спецназу). Па ўспамінах удзельніка бітвы каралеўскага камісара Якава Сабескага Ян-Караль Хадкевіч прывёў пад Хацін 34 987 чалавек. Пазней да яго далучылася войска запарожскіх казакоў.

У аб'яднаным 60-тысячным войску значную па колькасці сілу складалі палякі (пад камандаваннем польскага магната Станіслава Любамірскага, які выконваў абавязкі польнага гетмана) і запарожскія казакі (пад камандаваннем украінскага гетмана Пятра Канашэвіча-Сагайдачнага). Таксама было шмат наймітаў з Германіі, Сілезіі і Прусіі. Былі і дабраахвотнікі з многіх краінаў Еўропы. Літоўска-беларускіх ваяроў было каля 15 % ад агульнай колькасці ўсяго войска. Харугва Яна-Караля Хадкевіча (камплектавалася ўраджэнцамі Шклова, Быхава, Ляхавіч, Петрыкава і Копыся), полацкая харугва Мікалая-Багуслава Зяновіча, аршанская харугва Аляксандра-Дажбога Сапегі, пінская і чатыры харугвы нясвіжскага князя Аляксандра Радзівіла (камплектаваліся жыхарамі Нясвіжа, Слуцка, Капыля). Былі таксама ваяры з Вільні, Смаленска і літоўскія татары. Гэта былі вельмі баяздольныя сілы на чале з вопытнымі военачальнікамі, што і падцвердзіў затым ход бітвы.

Ян-Караль Хадкевіч, улічваючы стасункі сілаў (60 тысяч супраць 150 тысяч), выбраў пазіцыйную тактыку і адмыслова размясціў свой лагер на правым беразе Днястра, які прыкрываў яго тылы, каля сцен Хацінскага замка. Бліскуча арганізаваў актыўную абарону, прымяняючы контратакі і начныя вылазкі. На працягу месяца адбіваў асманскія штурмы, наносячы праціўніку вялізарныя страты. Нягледзячы на недахоп харчавання, разбуральныя артылерыйскія абстрэлы, зацятыя асманскія штурмы і сваю смяротную хваробу, якая прыціснула да ложка, Хадкевіч да апошняга гартаваў баявы дух войска і трымаў жорсткую дысцыпліну. У зацятых баях туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тысяч) і былі вымушаны спыніць ваенныя дзеянні. Гэта перамога стала апошняй у жыцці славутага літоўска-беларускага гетмана.

Пад мурамі Хаціна адзначыліся і іншыя нашы суайчыннікі.

Чашнік літоўскі Аляксандр-Дажбог Сапега, сын аршанскага падкаморыя, падчас турэцкіх штурмаў на чале свайго аршанскага палка стрымліваў праціўніка на левым крыле аб'яднанага войска, а пасля смерці Яна Караля Хадкевіча прыняў на сябе камандаванне войскам ВКЛ.

Стараста чачэрскі і прапойскі, кашталян полацкі Мікалай-Багуслаў Зяновіч (уладальнік Смаргоні) удала і мужна біўся на чале свайго палка (1800 чалавек). Падчас аднаго з баёў конь занёс яго ў самы гушчар ворагаў. Зяновіч страціў шлем, але працягваў бой. Акружаны з усіх бакоў праціўнікам, ён атрымаў дваццаць ранаў і памёр на трэці дзень у лагеры, "пакінуўшы вялікую славу свайго імя" (пра яго подзвіг многія ўдзельнікі бітвы пазней напішуць ва ўспамінах, а паэты ўславяць яго імя ў сваіх вершах і паэмах).

Яшчэ адзін з удзельнікаў Хацінскай бітвы наваградскі кашталян Ян Рудаміна-Дусяцкі пакінуў свае ўспаміны пра бітву ў вершаванай форме, а таксама замовіў і ўсталяваў у наваградскай капліцы Божага Цела мемарыяльную пліту ў памяць пра свайго роднага брата Георга Рудаміна-Дусяцкага і яго баявых паплечніках, якія восенню 1621 года загінулі пад мурамі Хаціна. Гэты помнік захаваўся да нашага часу і захоўваецца ў Фарным касцёле ў Наваградку.

Таксама трэба адзначыць, што шмат выхадцаў з беларускіх земляў было і сярод запарожскіх казакоў, якія мужна біліся ў складзе аб'яднанага войска.

У выніку перамогі пад мурамі Хацінскага замка Еўропа была выратавана ад турэцкага нашэсця. Асман ІІ адмовіўся ад захопніцкіх планаў, адвёў сваю армію назад, а неўзабаве быў задушаны збунтаванымі янычарамі.

У гонар Хацінскай бітвы з дабраслаўлення Папаў Рымскіх (Рыгора XV і Урбана VIII) у каталіцкіх цэрквах Еўропы 10 кастрычніка кожнага года маліліся за душы ваяроў, якія гераічна загінулі ў бітве пад Хацінам. Гэта традыцыя, па некаторых звестках, працягвалася да канца ХІХ стагоддзя.

Прайшло чатыры стагоддзі, а памяць пра бітву жыве. Хацінская фартэцыя добра захавалася да нашага часу. Цяпер у сценах замка дзейнічае гістарычны музей, дзе галоўная экспазіцыя прысвечана падзеям 1621 года і носіць гучную назву "Бітва за Цэнтральную Еўропу".

Віталь Чырвінскі, ваенны гісторык.

Аляксандр Радзівіл - камандзір чатырох харугваў у Хацінскай бітве

Князь Аляксандр Людвік Радзівіл (4 жніўня 1594, Нясвіж - 30 сакавіка 1654, Балоння) - дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, стольнік вялікі літоўскі (1626-1630), краўчы вялікі літоўскі (1630-1631), ваявода берасцейскі (1631-1635), маршалак надворны літоўскі (1635-1637), маршалак вялікі літоўскі (1637-1654), ваявода полацкі (1654), 5-ты ардынат Нясвіжскі (1642-1654), граф Шыдлавецкі (1642-1654) і 2-гі пан на Белай (1616-1654), войт магілёўскі (з 1632 года), стараста слонімскі (1635-1642), ліпіцкі, браслаўскі, шадэцкі, нававольскі, юрбаркаскі і аліцкі.

Прадстаўнік нясвіжскай лініі буйнога беларускага магнацкага роду Радзівілаў герба "Трубы". Чацвёрты (малодшы) сын ваяводы трокскага і віленскага князя Мікалая Крыштафа Радзівіла "Сіроткі" (1549-1616) ад шлюбу з Эльжбетай Ефіміяй Вішнявецкай (1569-1596). Старэйшыя браты - кашталян трокскі Ян Ежы Радзівіл, кашталян віленскі Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл і ваявода наваградскі Жыгімонт Караль Радзівіл.

У 1616 годзе пасля смерці свайго бацькі Мікалая Радзівіла "Сіроткі" Аляксандр Людвік атрымаў у валоданне маёнткі Белая і Дадукаў у Берасцейскім ваяводстве, Грэск у Наваградскім ваяводстве, Крожы ў Жамойтыі, пасля смерці свайго старэйшага брата Яна Ежы ў 1625 годзе - Карэлічы. У 1642 годзе пасля смерці свайго другога старэйшага брата Жыгімонта Караля ўспадкаваў Нясвіжскую ардынацыю.

Вучыўся ў Нясвіжы і Германіі, затым падарожнічаў па Францыі і Італіі. У 1621 годзе Аляксандр Людвік Радзівіл удзельнічаў у разгроме турэцка-татарскага войска ў бітве пад Хацінам. У 1632-1634 гадах браў удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай за Смаленск.

Аляксандр Людвік Радзівіл удзельнічаў у абранні на польскі каралеўскі пасад Уладзіслава IV Вазы (1632) і Яна II Казіміра Вазы (1648). Дамогся Магдэбургскага права для свайго маёнтка - Белай, дзе пабудаваў замак і заснаваў акадэмію. У 1640 году ў Нясвіжы на юбілей Ордэна езуітаў у Фарным касцёле выставіў натуральнай велічыні сэрца, адлітае з золата.

У канцы сакавіка 1654 гады 59-гадовы ваявода полацкі Аляксандр Людвік Радзівіл сканаў у Балонні (Італія), дзе знаходзіўся на лячэнні. Яго сын Міхаіл Казімір перавёз цела свайго бацькі ў Нясвіж і пахаваў у радавым магільным склепе.

Вікіпедыя.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX