Вярнуцца: 2020

№ 15 (1478)


Дадана: 08-04-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 15 (1478), 8 красавіка 2020 г.

Не бойцеся маліцца - бойцеся грашыць

Штогод на Вербніцу касцёлы не змяшчаюць усіх ахвотных. Частка людзей стаіць на вуліцы, займаючы ўвесь прылеглы ходнік так, што мінакам не прайсці. Каб святар пакрапіў вербы асвечанай вадой, людзі шчыльна прыціскаюцца адзін да аднаго і вызваляюць вузкі праход. Але не сёлета.

За некалькі дзён да Вербніцы старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў заставацца дома і глядзець святочныя богаслужэнні праз тэлебачанне або сеціва. Перадусім, ён зрабіў акцэнт на людзях сталага веку, хворых і тых, хто баіцца заразіцца.

"Застаньцеся сёння дома ўсе - каб потым усім прыйсці ў касцёл!!! - напісаў прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Юры Санько ў Фэйсбуку. - Памятайце, што не вада асвячае стравы на стол, вярбу, а малітва!".

І ўсяроўна людзі пайшлі ў касцёлы. Як ішлі ў вайну, як ішлі пры камуністах, так пайшлі пры пандэміі.

У Лідзе касцёлы не былі перапоўненыя, але на дварэ каля Фарнага касцёла ўсё было, як звыкла - натоўп, можа меншы, чым летась, але вялікі, і гандлярак вербачкамі дастаткова, і купляюць. Некаторыя стаяць усю імшу, некаторыя сыходзяць пасля асвячэння вербаў, іншыя ў гэты час падыходзяць.

Трэба думаць, што перад Вялікаднем і на Вялікдзень людзей будзе значна больш, калі за тыдзень не адбудзецца нечага надзвычайнага.

Паводле СМІ.

Дарагія сябры "Нашага слова"!

У красавіку па лічбах мы бачым значнае падзенне колькасці падпісчыкаў, але гэта адпала ведамасная падпіска, а што тычыцца фізічных асобаў, то змяншэнне нязначнае, а ёсць сям-там і прырост. Такім чынам, газета працягвае выходзіць, і пададзена заяўка на ўключэнне ў каталог падпіскі на другое паўгоддзе.

Студзень Красавік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 13 13

Бяроза р.в. 8 8

Белаазёрск р.в. - -

Бярэсце гор. 7 7

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - -

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в - -

Івацэвічы р. в. 2 2

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 1 1

Лунінец гор. 2 2

Ляхавічы р.в. 1 -

Маларыта р.в. - -

Пінск гор. 6 5

Пружаны р.в. 4 3

Столін р.в. - -

Усяго: 45 43

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. - 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 16 18

Верхнедзвінск р.в. 4 5

Глыбокае р.в. 6 5

Гарадок р.в. 2 2

Докшыцы р.в. 3 3

Дуброўна р.в. 1 -

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 1 1

Наваполацк гор. 18 18

Орша гор. 5 3

Полацк гор. 3 3

Паставы р.в. 4 2

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 -

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 3 3

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 6 6

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 80 76

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 3 4

Вілейка гор. 1 1

Валожын гор. 7 7

Дзяржынск р.в. 5 6

Клецк р.в. - -

Крупкі р.в. 2 1

Капыль р.в. 1 1

Лагойск 6 7

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 167 163

Менск РВПС 10 9

Маладзечна гор. 9 6

Мядзель р.в. 2 2

Пухавічы РВПС 4 4

Нясвіж р.в. 25 6

Смалявічы р.в. 4 5

Слуцк гор. 44 6

Салігорск гор. 3 3

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 4 4

Узда р.в. 1 1

Чэрвень р.в. 1 1

Усяго: 303 241

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. - -

Гомель гор. 15 15

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 13 13

Жлобін гор. - -

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - -

Мазыр гор. 1 1

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 2

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 1 -

Хойнікі р.в. - -

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 43 44

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 2 2

Ваўкавыск гор. 5 3

Воранава р.в. 2 2

Гародня гор. 25 25

Гародня РВПС 14 13

Дзятлава р.в. 8 5

Зэльва р.в. 1 1

Іўе р.в. 3 3

Карэлічы р.в. 1 2

Масты р.в. 1 1

Наваградак гор. 3 8

Астравец р.в. 2 2

Ашмяны р.в. 3 3

Смаргонь гор. 5 6

Слонім гор. 9 8

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 1 1

Ліда 46 10

Усяго: 135 99

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 1 1

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. - 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. - -

Клічаў р.в. 2 2

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. - -

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 20 18

Асіповічы гор. 8 9

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 1 1

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 1 2

Усяго 39 40

Усяго на краіне: 645 543

Паважаныя супрацоўнікі медыцынскай сферы Беларусі!

Сакратарыят ТБМ

Дарагія нашы ўрачы і медсёстры!

ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" выказвае шчырую падзяку за вашу штодзённую дзейнасць падчас пандэміі, аб'яўленай Сусветнай арганізацыяй здароўя ў сувязі з распаўсюдам каранавіруса.

Мы ўдзячныя вам за тое, што вы, рызыкуючы сваім здароўем, штодня без мітусні і панікі робіце ўсё, што ў вашых сілах, каб абараніць наш народ ад страшнай хваробы. Вы праяўляеце лепшыя якасці, уласцівыя беларускай нацыі: адказнасць, прафесіяналізм, самаахвярнасць, спагадлівасць і дабрыню.

Дзякуй вам за вашу працу! Будзьце здаровымі!

Беражыце сябе!

Сакратарыят ТБМ.

Сакратарыят ТБМ

Паважаныя сябры Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны!

Як вы ведаеце, улады Беларусі прынялі рашэнне значна падняць плату за арэнду памяшканняў з красавіка гэтага года. Зараз наша сядзіба працуе ў абмежаваным варыянце, мы да траўня не праводзім публічных мерапрыемстваў у сувязі з распаўсюдам каранавіруса. Кіраўнікі курсаў перайшлі на дыстанцыйнае навучанне або зрабілі перапынак. Аднак у плане аплаты за арэнду нашай арганізацыі не даводзіцца чакаць ніякай палёгкі. Праўда, мы і дагэтуль ніякіх ільготаў ад дзяржавы не атрымлівалі.

У такой сітуацыі мы звяртаемся да кожнага сябра Таварыства беларускай мовы.

Шаноўныя сябры! Просім вас, хто не плаціў складкі, зрабіце гэта, калі ласка.

У нас значная колькасць сяброў, і калі кожны заплаціць складкі, мы будзем мець пэўную суму сродкаў для дзейнасці.

Многія з вас, але на жаль не ўсе, рэгулярна плацяць складкі, а таксама робяць ахвяраванні. Толькі дзякуючы вашай падтрымцы мы можам праводзіць літаратурныя сустрэчы, выставы карцін, сходы нашых раённых арганізацый, выдаваць газету "Наша слова", падтрымліваць і абнаўляць наш сайт, працягваць працу па развіцці Універсітэта імя Ніла Гілевіча і шмат іншых мерапрыемстваў, а таксама рэгулярна аплачваць арэнду, якая на сённяшні дзень разам з камунальнымі плацяжамі складае больш за дзве тысячы беларускіх рублёў. А ў красавіку яна вырасце яшчэ на дзвесце рублёў і складзе дзве з паловай тысячы.

Мы ўдзячны ўсім сябрам, прыхільнікам, журналістам незалежных СМІ, хто ўжо падтрымаў нас. Разлічваем на вашу дапамогу і ў далейшым!

З павагай і ўдзячнасцю,

Старшыня ТБМ Алена Анісім.

Зборнік вершаў пра родную мову

У гарадзенскім выдавецтве "ЛітАры" выйшаў з друку зборнік вершаў паэтаў Слонімшчыны "Душа роднай мовы", прысвечаны беларускай мове. Выданне прымеркавана да 30-годдзя Слонімскай філіі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Зборнік падрыхтавала і за ўласны кошт выдала кіраўнік Слонімскай філіі ТБМ Святлана Адамовіч. У зборнік "Душа роднай мовы" увайшлі вершы слонімскіх паэтаў Гальяша Леўчыка, Васіля Супруна, Алега Лойкі, Міколы Арочкі, Анатоля Іверса, Сяргея Чыгрына, Міколы Канановіча, Зьніча, Ірыны Войткі, Таццяны Трафімчык. Зборнік аформіла слонімскага мастачка Надзея Салейка.

Барыс Баль, Радыё Рацыя.

110 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта

Барыс Кіт, імя пры нараджэнні Барыс Уладзіміравіч Кіта (нар. 6 красавіка 1910, Санкт-Пецярбург - 1 лютага 2018, Франкфурт-на-Майне) - беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі, найстарэйшы сябар ТБМ усіх часоў.

Барыс Кіт чвэрць стагоддзя ўдзельнічаў у амерыканскіх касмічных даследаваннях, першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аб'ездзіў з лекцыямі амаль усе краіны свету. Ён - сведка і ўдзельнік многіх вызначальных падзей, што адбываліся на планеце ў XX ст. Але ўсе гэтыя падзеі Барыс Кіт нязменна суадносіў з жыццём сваёй адзінай Бацькаўшчыны. Ён часта любіў паўтараць: "Усё, што я зрабіў, - для Беларусі".

Неласкавай, непрыветнай часта была яна для сваіх таленавітых сыноў. Барыс Кіт неаднойчы гаварыў, што ў СССР яго жыццё заўчасна скончылася б у ГУЛАГу. I ён зрабіў свой выбар - не прыняў сталінскай таталітарнай сістэмы, пайшоў у выгнанне, добра разумеючы, што не Бацькаўшчына была вінавата ў гэтым, бо і сама яна жыла пад рознымі акупацыямі, што не давалі беларусу быць гаспадаром на ўласнай зямлі. Ён, як і многія беларусы, вымушаны быў перайначваць свой лёс далёка за межамі Айчыны.

У найноўшы час ён стаў ганаровым грамадзянінам Наваградка, дзе некалі вучыўся, узначальваў гімназію, вучыў дзяцей, ганаровым прафесарам Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Справы выдатнага сына Беларусі застануцца ў гісторыі Бацькаўшчыны.

Родныя вобразы.

ДА КАРАНАВІРУСА

Паспелі ў Нясвіжы акурат да трывожных падзей, перасцярог і забаронаў наладзіць за адзін дзень тры сустрэчы з шаноўнымі гасцямі - Яраславам Іванюком і Віктарам Шалкевічам.

Задума сустрэцца з моладдзю і актыўнай грамадскасцю Нясвіжчыны даўняя: яе абмяркоўвалі яшчэ мінулым летам, падчас спаткання ў Нясвіжы заснавальнік і трымальнік "Камуніката" Яраслаў Іванюк і журналіст, эколаг, выдавец газеты "Белавежская пушча" Валер Дранчук. Як задумалі, так і зрабілі. Толькі з адным істотным і прыемным дадаткам, у якасці якога выступіў вядомы беларускі бард Віктар Шалкевіч.

Першымі сустрэлі гасцей нясвіжскія старшакласнікі-гімназісты. Ім, будучым гісторыкам і журналістам, юрыстам і медыкам, карысна было даведацца пра абставіны заснавання і дзейнасць вялікай беларускай электроннай бібліятэкі. Расповед Яраслава Іванюка стаўся сапраўдным урокам, што вучыў вандраваць па электронных стэлажах і паліцах. Урок той не быў сумным: з Віктарам Шалкевічам і яго песнямі не засумуеш, каб нават і моцна захацеў.

У педагагічным каледжы радаваліся гасцям так, як радаваўся б ім сам Якуб Колас, імя якога носіць установа. Будучыя педагогі актыўна ўдзельнічалі ў гаворцы, задавалі шмат нечаканых пытанняў, за што таксама атрымалі ад гасцей шмат прыемных сюрпрызаў.

Завяршыўся нясвіжскі дзень спадароў Яраслава і Віктара на курсах "Мова Нанова". Там былі крыху іншыя тэмы гаворкі, іншыя пытанні і іншыя песні, але нязменна па-беларуску, з клопатам пра новы беларускі дзень. Бо эпідэміі мінаюць, а навука, літаратура, песні - як і Радзіма - застаюцца.

З водгукаў:

Уладзімір, гімназіст:

- Не ведаў пра гэты электронны рэсурс. Цяпер буду чытаць кнігі, газеты і часопісы на "kamunikat.org".

Алена, навучэнка педагагічнага каледжа:

- Песні Віктара Шалкевіча слухала. А пра Яраслава Іванюка не ведала. Цікава, што на старонках яго бібліятэкі ёсць шмат кніжак нашых землякоў - В. Дранчука, С. Судніка, В. Аксак. Буду чытаць.

Адам Скачко, наведвальнік курсаў "Мова Нанова".

- Цудоўная сустрэча! Цудоўныя беларускія людзі! Вельмі рады знаёмству!

Наталля Плакса, старшыня Нясвіжскай арганізацыі ТБМ, арганізатар сустрэчы:

- Сённяшні дзень правяла з нашымі гасцямі. Адчула рытм і пазітыў іх жыцця. Гэтыя людзі шмат выдаткоўваюць сваёй энергіі, розуму, таленту дзеля свайго, роднага. Але гэта ж і падсілкоўвае іх.

Вольга Карчэўская . Нясвіж.

ХТО Ў БЕЛАРУСІ КАНТРАЛЮЕ МОЎНУЮ ПАЛІТЫКУ?

(Ліст з Мінжылкамгаса і каментар Міхася Варанца)

У лютым гэтага года слонімец Міхась Варанец па чарзе даслаў у газеты "Слонімскі веснік", "Гродзенская праўда" і "Рэспубліка" артыкул пра адсутнасць на беларускай мове тыпавых дамоў на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, пра незаключэнне са сланімчанкай Кацярынай Варанец тыпавых дамоў на роднай мове, пра тое, што для дырэктара Слонімскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алега Конана і начальніка Гарадзенскага абласнога ўпраўлення ЖКГ Алены Каспяровіч артыкул 50 Канстытуцыі ("Кожны мае права карыстацца роднай мовай") - фікцыя, міраж, існуе толькі на паперы, гэтаксама як з 2011 года толькі на паперы існуе і каналізацыя ў вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна.

Нагадаем, Міхась Варанец з 5 лістапада 2018 года дабіваецца, каб Савет Міністраў зацвердзіў дамоўныя бланкі па-беларуску ("Наша слова" №№ 25,29,32, 33 за 2019 год, № 6 за 2020 год).

Няма аніякага дзіва, што ўсе тры дзяржаўныя газеты не апублікавалі артыкул. Аднак вынік ёсць. "Рэспубліка" пераадрасавала артыкул у Мінжылкамгас, а міністэрства прыслала Варанцу свае тлумачэнні.

Рэдакцыя прапануе ўвазе чытачоў "НС" пісьмо з Мінжылкагаса і каментары Міхася Варанца да гэтага пісьма.

МІНЖЫЛКАМГАС

03.03.2020 № 01-151 В 471

г. Слонім Варанцу М.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Міхаіл Адамавіч!

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (далей - Мінжылкамгас) разгледзела Ваш зварот з прапановай для публікацыі артыкула адносна парадку заключэння на беларускай мове тыпавых дагавораў на аказанне жыллёва-камунальных паслуг, а таксама будаўніцтва ачышчальных збудаванняў у вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна, які паступіў з установы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Выдавецкі дом "Беларусь сегодня", і паведамляе наступнае.

Мінжылкамгасам распрацаваны Закон Рэспублікі Беларусь"Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг" (далей - Закон), які прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (далей - Палата прадстаўнікоў) 19 лістапада 2019 года і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3 снежня 2019 г. На стадыі распрацоўкі ў Закон была ўключана норма, якая прадугледжвае магчымасць падрыхтоўкі праектаў дагавораў на беларускай і рускай мовах. Разам з тым, пры праходжанні юрыдычнай экспертызы, а таксама пры разглядзе Закона Палатай прадстаўнікоў, гэтая норма была выключана. Матывам гэтага паслужыла тое, што згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

У сваю чаргу артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. № 3094-XI "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" замацоўвае, што акты дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прымаюцца і публікуюцца на беларускай і (або) рускай мовах. Аналагічны парадак прыняцця і выдання нарматыўных прававых актаў на беларускай і (або) рускай мовах прадугледжаны артыкулам 54 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2018 г. № 130-З "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь".

Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь на канстытуцыйным узроўні замацаваны роўны юрыдычны статус абедзвюх дзяржаўных моў. Якіх-небудзь прэферэнцый і пераваг на заканадаўчым узроўні беларускай або рускай мове не надаецца, правы чалавека ў галіне забеспячэння роўнага статусу дзвюх дзяржаўных моў не ўшчамляюцца.

У адпаведнасці з абзацам другім часткі другой артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 г. № 405-З "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг" выканавец жыллёва-камунальных паслуг абавязаны падрыхтаваць і заключыць са спажыўцом дагавор на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг у адпаведнасці з Законам і іншымі актамі заканадаўства.

Такім чынам, у сувязі з тым, што тыпавыя дагаворы на асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі зацверджаны на рускай мове пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеняч 2009 г. № 99 "Аб мерах па рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг", выканавец жыллёва-камунальных паслуг прапаноўвае для заключэння дагаворы на рускай мове.

Аднак, калі спажывец жыллёва-камунальных паслуг выказвае жаданне заключыць дагавор на беларускай мове, нішто не перашкаджае падрыхтаваць такі дагавор і заключыць яго са спажыўцом.

У дапаўненне паведамляем, што Мінжылкамгасам накіравана даручэнне аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму аб падрыхтоўцы дагавораў прадпрыемствамі ЖКГ вобласці на беларускай мове і іх заключэнні па патрабаванні спажыўцоў.

Па пытанні будаўніцтва аб'екта "Ачышчальныя збудаванні прадукцыйнасцю 40 метраў кубічных у суткі ў вёсцы Дзеравянчыцы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці" паведамляем. У сувязі з тым, што ўпраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці расследуецца крымінальная справа, ацэнка правамернасці дзеянняў службовых асоб выходзіць за рамкі кампетэнцыі Мінжылкамгаса.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2001 г. № 300-З "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" адказ на зварот можа быць абскарджаны ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.

Намеснік Міністра В.А. Смірноў.

КАМЕНТАР МІХАСЯ ВАРАНЦА

Мінжылкамгас канстатуе

Сутнасць, квінтэсенцыя неапублікаванага артыкула: Акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй (арт. 137), а Савет Міністраў, насуперак артыкулу 17 Асноўнага Закона, не зацвердзіў тыпавыя дамовы на дзяржаўнай беларускай мове.

У пісьме Мінжылкамгаса намеснік міністра Віталь Смірноў бадзёра паведамляе, што ў Беларусі на найвышэйшым, "канстытуцыйным узроўні замацаваны роўны юрыдычны статус абедзвюх дзяржаўных моў"! Дзякуй, спадар Смірноў, за канстатацыю факта! Ведаем! У тым ліку ведаем, што ўрад не мае аніякага дачынення да замацавання ў Канстытуцыі моўнай роўнасці.

Што па сутнасці? Чаму Савет Міністраў па сёння не зацвердзіў дамоўныя бланкі па-беларуску? Адказу па сутнасці ў пісьме Мінжылкамгаса няма! Замест адказу В. Смірноў, ужо не так бадзёра, паведамляе: "Тыпавыя дагаворы… зацверджаны на рускай мове пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2009 г. № 99". Зноў канстатацыя! І гэта ведаем, спадар Смірноў. У тым ліку ведаем, хто ў Савеце Міністраў нясе адказнасць за стан спраў у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі…

Ад імя і па даручэнні ўрада

Мінжылкамгас дзейнічае ад імя і па даручэнні ўрада Беларусі, пазіцыя міністэрства наконт тыпавых дамоў з'яўляецца пазіцыяй Савета Міністраў! З Апарата Савета Міністраў мне двойчы напісалі (апошні раз - 20 лістапада 2019 года): "Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь з'яўляецца калегіяльным цэнтральным органам дзяржаўнага кіравання. У склад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь уваходзяць міністры, якія нясуць адказнасць за стан спраў у даручанай ім сферы дзейнасці. Пытанні, выкладзеныя ў Вашых зваротах, датычацца кампетэнцыі Мінжылкамгаса".

Ганебнае сартаванне

Мінжылкамгас (чытай - Савет Міністраў) праз аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам накіраваў прадпрыемствам ЖКГ чарговае даручэнне падрыхтаваць тыпавыя дамовы на беларускай мове (папярэдняе такое "філалагічнае" даручэнне год таму было накіравана слонімскім камунальнікам).

Такім чынам, урад падзяліў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг на дзве няроўныя катэгорыі. Першай катэгорыі прапануюцца тыпавыя дамовы па-руску, зацверджаныя Саветам Міністраў, другой катэгорыі (ніжэйшага гатунку) - саматужныя па-беларуску, зацверджаныя дырэктарам мясцовага прадпрыемства ЖКГ.

Магчыма, гэта даручэнне будзе выканана. Магчыма, на кожным прадпрыемстве ЖКГ будзе вывешана інфармацыя:"Паважаныя спажыўцы! Прапануем Вам на выбар тыпавыя дамовы па-руску і саматужныя па-беларуску!".

Магчыма, даручэнне і не будзе выканана. Ужо вядомая нам гарадзенская чыноўніца Алена Каспяровіч (гл. артыкул "Языча, языча, які чорт цябе кліча?" - "НС" № 6, 05.02.2020) у лісце ад 11 лютага гэтага года, насуперак сцвярджэнню Смірнова пра "нішто не перашкаджае", паўторна адмовіла Кацярыне Варанец у праве падпісаць беларускамоўныя дамовы, адно гэтым разам не прапанавала скарыстацца паслугамі перакладчыка.

З нагоды такога ганебнага сартавання мы можам сказаць і міністру ЖКГ Аляксандру Церахаву і Прэм'ер-міністру Беларусі Сяргею Румасу на даступнай ім мове іхняга начальніка: "Пазорышча!"

Каго баяцца беларускія міністры?

Відавочна, чыноўнікі-выканаўцы, ад дырэктара раённага прадпрыемства ЖКГ і да членаў урада ўключна, без загаду баяцца нават пальцам паварушыць дзеля забяспечання грамадзянам Беларусі магчымасці заключаць тыпавыя дамовы на беларускай мове. Маленькія начальнікі баяцца вялікіх. Гэта добра бачна на прыкладзе дырэктара Слонімскага ГУП ЖКГ Алега Конана. Загадалі Конану перакласці дамовы на беларускую мову і заключыць іх з Міхасём Варанцом - пераклаў і заключыў, наконт Кацярыны Варанец загаду не было - не заключыў.

На прадпрыемствах ЖКГ усе бланкі тыпавых дамоў - у электронным выглядзе. Цана пытання роўна кошту аднаго аркуша паперы фарматам А-4 з тэкстам пастановы Саўміна аб зацвярджэнні беларускамоўных бланкаў. Аднак Савет Міністраў упарта ігнаруе Канстытуцыю і не зацвярджае беларускамоўныя бланкі тыпавых дамоў.

Каго баяцца большыя начальнікі - міністр ЖКГ Церахаў і Прэм'ер-міністр Румас? Што за невядомыя нам "эксперты" і "спецыялісты", не дазваляюць ураду зацвердзіць дамоўныя бланкі на беларускай мове? Напрыклад, 3 студзеня 2019 года Адміністрацыя Прэзідэнта накіравала мой зварот да А. Лукашэнкі ў Савет Міністраў для "разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй". Кампэтэнцыя ва ўрада была і ёсць, а зацверджаных дамоўных бланкаў па-беларуску як не было, так і няма.

"Нешта" пераважвае "Нішто"

У трох лістах запар Міжылкамгас нястомна піша адну і тую ж аптымістычную фразу: " Нішто не перашкаджае" заключыць са спажыўцом беларускамоўныя дамовы!

Але! Нешта перашкодзіла Конану і Каспяровіч заключыць з Кацярынай Варанец беларускамоўныя дамовы… Нешта перашкаджае Церахаву і Румасу прытрымлівацца літары і духу Канстытуцыі Беларусі, перашкаджае зацвердзіць дамоўныя бланкі па-беларуску…

З пэўнасцю можна сказаць толькі адно: нейкае невядомае і магутнае "Нешта" пераважвае ўрадавае "Нішто"!

Міхась Варанец, г. Слонім.

З Пагоняй на тарчы

Ён кіраваў кафедрай жывапісу ў Акадэміі мастацтваў і адначасова ўзначальваў Управу Беларускага народнага фронту. Быў галоўным у Згуртаванні беларусаў свету і сядзеў пяць сутак нібыта за нецэнзурную лаянку. Аляксей Марачкін - адзін з самых вядомых беларускіх мастакоў, чые творы і грамадзянская пазіцыя выклікаюць як захапленне, так і крытыку.

30 сакавіка 2020 года ён адсвяткаваў сваё 80-годдзе. Вашай увазе - некаторыя факты з яго біяграфіі, а таксама рэдкія кадры, на якіх можна ўбачыць знакамітага мастака падчас працы ва ўласнай майстэрні. Піша TUT.BY.

Свой юбілей Алесь Мара (гэта псеўданім мастака) нечакана сустракае ў Чарнагорыі. Ён накіраваўся туды разам з іншымі беларускімі мастакамі на пленэр, але з-за каранавіруса не змог своечасова вярнуцца дадому.

Як тлумачыць нам Ігар Марачкін, сын Аляксея Антонавіча, гэты пленэр ужо не першы год ладзіць чарнагорскі бізнесмен Ратка Паповіч. Беларусы жывуць за яго кошт у віле высока ў гарах і займаюцца творчасцю.

Праца на Балканах атрымалася надзвычай плённай. З пачатку сакавіка Марачкін-старэйшы стварыў ужо 19 карцін. Некаторыя з іх застануцца ў Чарнагорыі.

- Звычайна мастак пакідае гаспадару некалькі твораў, пра якія з ім дамовіцца. Так прынята: творцы выказваюць удзячнасць за гасцінны прыём, - кажа Ігар Марачкін.

- Умовы для працы сапраўды створаны найвыдатнейшыя, - працягвае спадар Ігар і прыводзіць наступны прыклад:

- У краму звычайна выязджае гаспадар. Згодна з правілам, у машыне падчас каранціну можна ездзіць толькі ўдвух: кіроўца і пасажыр на заднім сядзенні. Але вялікай патрэбы ў вандроўках няма. У спадара Раткі надзвычай вялікая гаспадарка. Усё як звычайна на нашых сядзібах: ёсць і жывёлы, і птушкі. Адпаведна, ёсць ежа, таксама - запасы віна. Можна забяспечыць сябе харчаваннем на многія месяцы нават без крамы.

На мінулых выхадных беларусы арганізавалі на віле выставу: павесілі на сценах свае творы.

- Яны зрабілі гэтую выставу больш для сябе. Былі запрошаны літаральна некалькі мясцовых мастакоў, якія жывуць паблізу. Каб падтрымаць аўтараў, паказаць, што зараз яны не адны.

А так беларусы жывуць на віле амаль у поўнай ізаляцыі. Найбліжэйшыя населеныя пункты размешчаныя на адлегласці за дзесяць кіламетраў.

- Настрой ва ўсіх добры, бадзёры. Песімізму няма. Так, бацька хоча вярнуцца на Радзіму, але падпарадкоўваецца міжнародным правілам. Перасядзець гэтую сітуацыю ў гарах будзе больш правільна.

Аляксей Марачкін - чалавек з дзвюма датамі нараджэння.

- Я заўсёды тлумачу гэтую блытаніну, - казаў мастак у інтэрв'ю "Нашай Ніве". - Сапраўдны мой дзень нараджэння - 30 сакавіка, "на Божага чалавека Ляксея нарадзіўся", як маці казала. А калі я пайшоў у першы клас, ведаў толькі, што ў сакавіку, але не ведаў даты. Чамусьці дзясятка спадабалася. Так і з'явілася 10 сакавіка. І пачало "гуляць" у афіцыйных дакументах. А ў даведніках па мастацтве ўжо фігуруе 30 сакавіка.

Малым дзіцём Марачкін, які нарадзіўся на Чэрыкаўшчыне (усход Магілёўшчыны), стаў сведкам бою паміж нямецкімі і савецкім лётчыкамі - ішла Вялікая Айчынная вайна. Як згадваў мастак у інтэрв'ю "Новаму часу", аднойчы ён схаваўся ў жыта, каб лепш паглядзець на бой. Убачыў, як за адным самалётам з'явіўся чорны дым. Выбуху не было. Прайшло больш за сорак гадоў, і калі пачалі асушаць балоты, то знайшлі і той самалёт, і нават савецкага лётчыка ў ім - у торфе захавалася амаль усё.

- Загінулы лётчык выглядаў нібы жывы. Пазней дазналіся яго імя і паставілі помнік.

Маляваць Марачкін пачаў яшчэ ў школе.

- [Бацька] казаў: "Ты, Ляксейка, гультай. Нічога не ўмееш - толькі маляваў бы". А я на замерзлых шыбах розныя ўзоры цвіком шкрабаў. Не памятаю, каб ён з вайны прывёз швейную машынку ці нешта такое, а прывёз ахапак паштовак. Як пасля высветлілася, гэта былі рэпрадукцыі з Дрэзданскай галерэі, Луўра. Яму не было абыякава, што я малюю. Але я ўсё самастойна спасцігаў, - расказваў ён у інтэрв'ю "Нашай Ніве".

Першыя творы Алеся Мары былі надрукаваныя ў школьных альбо калгасных сценгазетах.

- Адзін раз мяне пабіў аднакласнік. "За што ты майго бацьку скрытыкаваў?" А ён быў п'яніца: намаляваў яго з бутэлькай. Гэта быў першы "ганарар".

Пасля школы Марачкін вырашыў паступаць у Менскае мастацкае вучылішча, але не прайшоў конкурс. Яму пашанцавала: яго і іншых калег па няшчасці прынялі на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута (яго Аляксей Антонавіч скончыў у 1962-м).

Потым была служба ў арміі, дзе мастак спаліў танк.

- Зімой сказалі: на макетах ты навучыўся кіраваць, сядай у сапраўдны танк. Я залез і ўсе кнопкі ўключыў. Сістэма не вытрымала напругі - і пачала гарэць праводка, схапілася полымя. Я ледзь уцёк. І танк выгарэў ушчэнт: чорны стаяў на белым снезе, - расказваў Марачкін "Нашай Ніве". - <…> На гаўптвахту мяне не пасадзілі. А пасля навучылі на танку ездзіць. Мне падабалася, што не трэба вучыць правілы дарожнага руху.

Вярнуўшыся з войска, Аляксей Антонавіч пэўны час выкладаў жывапіс у Жодзіне, а потым паступіў у Акадэмію мастацтваў (скончыў у 1972-м).

Ужо ў тыя гады мастак меў рэпутацыю дысідэнта. Так, да 100-годдзя са дня нараджэння Леніна студэнтам загадалі намаляваць што-небудзь адпаведнае. Марачкін стварыў твор пад назвай "Смаленне чорнага кабана". Зразумець маштаб крамолы могуць толькі тыя, хто ведае, якім заідэалагізаваным было тагачаснае савецкае грамадства. Да таго ж мастак яшчэ і заявіў чыноўнікам, што Ільіч, маўляў, любіў таксама паесці сала, таму не бачыць у сваім учынку праблемы.

У глухія брэжнеўскія часы Марачкін з'яўляўся ўдзельнікам творчага асяродка "На Паддашку" - так называлася майстэрня мастака Яўгена Куліка на цяперашнім праспекце Незалежнасці, што месцілася насупраць будынка КДБ.

Там збіраліся будучы лідар БНФ Зянон Пазняк, гісторык Міхась Чарняўскі, даследчык Міхась Раманюк, паэт Алесь Разанаў. Менавіта падчас гэтых дыскусій нарадзіліся ідэі дзвюх гучных выстаў: выставы да стагоддзя са дня нараджэння паэтэсы Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у 1976-м і выставы да юбілею паэта Міколы Гусоўскага (у 1980-м).

- Рашэннем ЮНЕСКА юбілей Міколы Гусоўскага быў унесены ў сусветны каляндар выдатных культурных падзей. У гэтых абставінах не адзначыць падзею было для кіраўніцтва БССР тое ж самае, што прадэманстраваць усяму свету абыякавасць ці нават варожасць да беларускай нацыянальнай культуры. Адзначыць - паспрыяць распаўсюджванню ў Беларусі нацыяналістычных настрояў, - пісаў мастацтвазнаўца Пётра Васілеўскі. - Вырашылі ўсё ж юбілей аўтара "Песні пра зубра" адсвяткаваць, але трактаваць беларускага генія як носьбіта духоўнай велічы "ўсходнеславянскіх народаў".

- А паколькі ніякіх святочных мерапрыемстваў падрыхтавана не было, давялося ўхапіцца за паўпадпольную, "нацыяналістычную" выставу, надаць ёй афіцыйны статус, - працягвае Васілеўскі. - Але афіцыйнае - значыць падцэнзурнае. Ад мастакоў запатрабавалі зняць з экспазіцыі творы, у якіх прысутнічае герб "Пагоня". Тыя, зразумела, адмовіліся. Астатнія іх падтрымалі і заявілі: калі здымуць гэтыя творы, мы паздымаем свае і выставы ўвогуле не будзе. Экстрэмальныя абставіны прымусілі ўладу саступіць: ніводзін твор не быў зняты з экспазіцыі.

Падчас перабудовы Марачкін уключыўся ў грамадскае жыццё, якое тады літаральна віравала. У 1986-м ён разам з мастаком Міколам Купавам арганізавалі ў Траецкім прадмесці "Выставу аднаго дня". Тое свята скончылася скандалам: на дзяцей (навучэнцаў Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве) нацкавалі былых "афганцаў". Тых падманулі: расказалі, што дзеці, якія бралі ўдзел у абрадзе гукання вясны, святкуюць дзень нараджэння Гітлера. Марачкін ды Купава скардзіліся ў пракуратуру, але атрымалі толькі адпіску.

У 1988-м Марачкін увайшоў у грамадскую раду "Мартыралога Беларусі" - таварыства, якое займалася тэмай сталінскіх рэпрэсій. Між іншым, менавіта на ўстаноўчым сходзе "Мартыралога" быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту, сябрам якога стаў і Марачкін.

У наступным годзе Марачкін разам з аднадумцамі сустракаўся з кіраўніцтвам БССР і марна спрабаваў дамовіцца, каб устаноўчы з'езд БНФ адбыўся ў Менску (урэшце ён прайшоў у Вільні). У 1990-м разам з Зянонам Пазняком і Юрыем Хадыкам Аляксей Антонавіч падаваў заяўку, каб адсвяткаваць у Менску Дзень Волі (25 сакавіка).

У 1990-м ён вылучыў сваю кандыдатуру на парламенцкія выбары ў Вярхоўны Савет 12-га склікання - першыя, якія праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. Мастак ішоў на выбары як сакратар праўлення БНФ. Яго галоўным супернікам па сталічнай Чкалаўскай акрузе быў пісьменнік, генерал міліцыі Мікалай Чаргінец. Але ніхто з іх так і не стаў дэпутатам: яўка выбаршчыкаў аказалася занадта нізкай. А на паўторныя выбары Марачкін сваю кандыдатуру ўжо не выстаўляў.

Сакратаром управы БНФ Марачкін з'яўляўся да 1993 года.

- Што мы зрабілі не так? Адзін надта свядомы спрачаўся з другім, які не дарос да яго свядомасці, і ўвесь час казаў: "Згода!" Таму і прафукалі. Я маю на ўвазе Зянона Пазняка і [Станіслава] Шушкевіча, - казаў мастак TUT.BY.

Палітыкай Аляксей Антонавіч займаўся на грамадскіх пачатках, бо знаходзіўся на вольных хлябах толькі ў 1970-я. Пасля стаў галоўным мастаком Мастацкага фонда, у 1988-м - выкладчыкам у Акадэміі мастацтваў. Праз два гады ўзначаліў кафедру жывапісу.

Цяпер цяжка ўявіць тую вольніцу, якая панавала ў сталічных ВНУ. Як расказваў Марачкін, разам са студэнтамі ён зладзіў перформанс да аднаго з "Чарнобыльскіх шляхоў". Дарэчы, Чарнобыль паўплываў і на жыццё нашага героя: Ігар, сын мастака, быў ліквідатарам аварыі.

Падчас "Шляху" студэнты Марачкіна ішлі ўнутры кардонных чорных труб, з якіх ішоў дым - запальваліся дымавыя шашкі. Цяпер мастак нават не марыць, каб студэнты выйшлі на мітынг гэтак жа свабодна.

- Каб была свабода ўнутры чалавека, то сёння з Акадэміі мастацтва выйшлі бы з такім перформансам! Каб студэнтам сказалі, што трэба пайсці і выказаць свае адносіны - моладзь ішла б.

У 1997-м мастак быў вымушаны сысці з акадэміі.

- У канцы 1990-х многія выкладчыкі страцілі свае пасады. Тады галоўным ідэолагам быў сумнавядомы Замяталін <…>. Дык вось, мяне выклікаў рэктар Васіль Пятровіч Шаранговіч і расказаў, што наверсе жадаюць ад мяне пазбавіцца. Я яго падводзіць не хацеў, таму звольніўся, але не па ўласным жаданні. Праўда, у хуткім часе знялі і самога Шаранговіча, - расказваў Марачкін.

З таго часу Алесь Мара працуе як вольны мастак і рэгулярна трапляе на старонкі газет ды сайтаў. Праўда, адпаведныя нагоды часам стварае не сам творца, а іншыя асобы.

Так, у 2008-м Марачкін - на той момант кіраўнік Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" - быў затрыманы на пяць сутак - нібыта за тое, што брыдкасловіў каля будынка Цэнтральнага РУУС. Пад выглядам пакупнікоў да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія зрабілі ператрус і канфіскавалі расцяжкі і плакаты да Дня Волі.

Зрэшты, Марачкін сапраўды ніколі не заставаўся ў баку ад палітыкі і выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю ў творах. Так, у 2006 годзе, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў на Кастрычніцкай плошчы ладзіліся пратэсты, ён стварыў карціну "За Свабоду! Плошча Каліноўскага". У яго карцінах увасоблена і дзяжурства ля рэстарана "Поедем поедим", што месціцца ля Курапат.

- Палітычная тэма - не асноўная ў маім жыцці, але яна асноўная ў маёй грамадскай пазіцыі. Скажыце, хто сёння бярэ смеласць выказацца сродкамі мастацтва ў адносінах да пануючага ў краіне палітычнага рэжыму? Адзіндва чалавекі, - адказваў Марачкін на крытыку ва ўласны адрас.

Дзеля аб'ектыўнасці, часам пазіцыя юбіляра выклікае пярэчанні і здзіўленне. Так, сярод яго твораў - і карціна "Меня неправильно поняли". На ёй Марачкін увасобіў партрэт Святланы Алексіевіч і заявіў, што Нобелеўскай прэміі былі вартыя шмат іншых пісьменнікаў, якія пісалі па-беларуску. Маўляў, хоць у кнігах Святланы Аляксандраўны ёсць пра чырвонага чалавека, пра СССР, яна пісала іх па-руску.

- Што да крытыкі… Лічу, што мастак сам сабе найгалоўнейшы суддзя. Я ведаю як і свае хібы, так і станоўчыя якасці. На сваіх выставах я ніколі не кладу кнігу водгукаў, - кажа Марачкін. - Мне казалі, што і ў сеціве на мае творы шмат каментарыяў. Але я не давяраю ўсім гэтым словам. Я давяраю сабе, маім калегам-мастакам альбо мастацтвазнаўцам, якія прааналізуюць творы, зробяць нейкія заўвагі. Па-другое, калі ў мастака шмат непрыяцеляў, то гэта нармальна. У кепскага мастака ўсё добра.

ТUT.BY. Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY, vytoki.net і з архіва Сяргея Навумчыка..

Смяротнасць праз COVID-19 у Германіі застаецца адносна нізкай

Навіны Германіі

Германія - пятая па ліку краіна свету паводле колькасьці заражаных каранавірусам людзей. Аднак у параўнанні з іншымі краінамі яна ўсё яшчэ мае адносна нізкі ўзровень смяротнасці. Украінская Свабода тлумачыць, што адбываецца ў самой Германія, і якія фактары трэба браць пад увагу для справядлівага параўнання.

Германія па-ранейшаму адрозніваецца ад суседзяў

Германія па-ранейшаму застаецца адной з найбольш пацярпелых ад каранавіруса ў свеце. Толькі ЗША, Італія, Іспанія і Кітай апярэджваюць паводле колькасці заражаных.

На 20 сакавіка былі зарэгістраваны 44 смяротныя выпадкі ў 15 320 інфікаваных. Тады смяротнасьць складала каля 0,29 працэнта. Навукоўцы і аглядальнікі ў той час выказалі здагадку, што статыстыка зменіцца да пачатку красавіка, але Германія ўсё яшчэ адрозніваецца ад суседзяў.

Па стане на 2 красавіка ў ЗША было 5 137 памерлых на 216 722 заражаных. Такім чынам, смяротнасць у гэтай краіне складае 2,37 працэнта.

У Італіі, якая лічыцца эпіцэнтрам пандэміі ў Еўропе і самай пацярпелай краінай па колькасці смяротных выпадкаў, налічваецца 13 554 смерцяў пры 110 574 заражаных. Смяротнасць складае каля 11,9 працэнта.

У Іспаніі 104 118 заражаных і 9 387 загінулых. Гэта, у сваю чаргу, дзесьці каля 9,02 працэнта.

У Францыі, якая крыху адстае паводле колькасці заражаных ад Германіі - 57763 інфікаваных, 4 043 загінулых, гэта 7 працэнтаў.

У Германіі, аднак, толькі 931 смерць на 77 981 выпадак хваробы. Гэта 1,2 працэнта.

Такім чынам, паказчыкі істотна не змяніліся.

Назіральнікі кажуць, што адносна нізкі ўзровень смяротнасці ў Германіі тлумачыцца не адной, а некалькімі магчымымі прычынамі і нават узаемасувяззю розных фактараў. Сюды ўваходзяць: адносна малады ўзрост большасці інфікаваных, якасць сістэмы аховы здароўя, вялікая колькасць тэстаў на інфекцыю. Ёсць таксама некаторыя дадатковыя нюансы.

Узрост заражаных і дадатковыя фактары

У павярхоўным параўнанні Германіі і Італіі першае, што кідаецца ў вочы, - гэта ўзрост заражаных.

У 2019 годзе амаль чвэрць італьянскага насельніцтва складалася з людзей старэйшых за 65 гадоў. Італія мае другое па велічыні найстарэйшае насельніцтва сярод усіх краінаў свету, і большасць памерлых - пажылыя людзі. Пры гэтым большасць заражаных у Германіі - адносна маладыя людзі. Паводле Інстытута Роберта Коха, больш за 80 працэнтаў заражаных - маладзейшыя за 60 гадоў.

Насельніцтва Германіі і Італіі мае прыблізна аднолькавы сярэдні ўзрост - гэта дзве найстарэйшыя краіны ЕС. Але сярэдні ўзрост заражаных у Германіі складае менш за 46 гадоў, у адрозненне ад Італіі, дзе сярэдні ўзрост заражаных складае 63 гады.

Здаецца, гэта шмат што тлумачыць, таму што чым старэйшы чалавек, тым вышэйшы шанц памерці ад COVID-19. Самі немцы згодныя з гэтай версіяй.

- Адзін з магчымых фактараў - дэмаграфічны. Да гэтага часу ў Германіі ў сярэднім мы маем справу з адносна маладымі інфіцыраванымі людзьмі, - заявіў прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Германіі пры канцы сакавіка.

Але некаторыя назіральнікі адзначаюць, што, калі, напрыклад, разглядаць асобна ўзроставую групу 70-79 гадоў, то ў Італіі смяротнасць сярод іх склала 12,8%, а ў Кітаі, напрыклад, на тую ж узроставую катэгорыю прыпадае толькі 8%.

У якасьці дадатковай праблемы, якая можа павялічыць смяротнасць, як гэта было ў Італіі, некаторыя называюць не столькі сам каранавірус, колькі бактэрыі.

У Італіі найбольшая колькасць смерцяў звязана з антымікробнай устойлівасцю ў ЕС, а траціна ўсіх выпадкаў смерці ад антымікробнай рэзыстэнтнасці ў ЕС прыпадае на Італію. Так, каранавірус не з'яўляецца бактэрыяльнай інфекцыяй. Але вірусная інфекцыя часта можа адкрыць шлях да другасных інфекцый або ўскладненняў, напрыклад, бактэрыяльнай пнеўманіі.

Такім чынам, калі чалавек у выпадках ускладненняў не можа належным чынам лячыцца антыбіётыкамі з прычыны яго ўстойлівасці да бактэрый, гэта тое, што можа забіць пацыента, але не сам вірус, тлумачаць эпідэміёлагі ў інтэрвію BBC.

Такім чынам, становіцца зразумела, што толькі ўзрост пацыентаў не абавязкова з'яўляецца ключавым фактарам нізкай смяротнасьці, ёсць і іншыя магчымыя прычыны.

"Германія таксама лепш абараняе сваіх пажылых людзей, якія падвяргаюцца вялікай рызыцы. Федэральныя землі забаранілі пажылым людзям рабіць візіты, а чыноўнікі вынеслі тэрміновыя папярэджанні аб абмежаванні кантактаў з пажылымі людзьмі. Шмат хто, здаецца, накіраваў сябе ў добраахвотны каранцін. Вынікі відавочныя: пацыенты ва ўзросце да 80 складаюць каля 3 адсоткаў заражаных, хаця яны складаюць 7 адсоткаў насельніцтва", - адзначае аглядальнік New York Times.

Пашыранае тэставанне

Большасць назіральнікаў працягваюць пільна звяртаць увагу на актыўныя тэсты нямецкага насельніцтва на COVID-19. Немцы, на думку экспертаў, праводзяць вельмі вялікую колькасьць тэстаў і такім чынам ідэнтыфікуюць тых, хто пераносіць інфекцыю, не маючы прыкметаў. Вылучаючы такіх людзей, Германія стрымлівае распаўсюджванне хваробы.

- У некаторых краінах правяраюцца толькі вельмі сімптаматычныя выпадкі (напрыклад, у Італіі), у іншых - больш шырокая стратэгія тэставання (напрыклад, у Германіі), - заявіў Дзітрых Ротэнбахер, дырэктар Інстытута эпідэміялогіі Універсітэта Ульм у Германіі. Гэта азначае, што нягледзячы на тое, што Германія застаецца пятай пацярпелай краінай у свеце, верагодна, будзе менш невядомых выпадкаў заражэння, чым у многіх іншых краінах, дзе тэставанне зрабіць больш складана.

Нямецкія лабараторыі штотыдзень праводзяць сотні тысяч тэстаў на каранавірусную інфекцыю, паведамляе Financial Times.

- Мы можам зрабіць больш за 160000 тэстаў у тыдзень, і гэтую колькасць можна павялічыць, - сказаў журналістам прафесар Інстытута Роберта Коха Ротар Уілер.

Медычная сістэма

Якасць медычнай сістэмы адыгрывае пэўную ролю ў зніжэнні смяротнасці.

На першы погляд, Германія лепш за ўсіх гатовая да ўспышкі каранавіруса з прычыны самай вялікай колькасьці ложкаў у рэанімацыі. Падчас эпідэміі дзяржава вырашыла павялічыць іх колькасць прыблізна да 56 000.

Паводле некаторых звестак, у Германіі было каля 29,2 ложкаў для інтэнсіўнай тэрапіі на 100 000 чалавек, што ўдвая больш, чым 12,5 ложкаў у Італіі.

Крытычную ролю ў выратаванні жыцця таксама адыгрывае наяўнасць медычнага абсталявання, напрыклад, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, ад якіх залежыць жыццё людзей, якія знаходзяцца ў крытычным стане. На пачатак эпідэміі ў Італіі па дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацый, было каля 5 000 АШВЛ. У Германіі, для параўнання, іх было 10 000, і яны замовілі яшчэ 25 тысяч на працягу года.

Але гэта яшчэ не ўсё. Адно з дадатковых адрозненняў нямецкай медыцынскай сістэмы - вялікая колькасць належным чынам падрыхтаваных медсясцёр.

Паводле аглядальніка CNN, "COVID-19 будзе працягваць выяўляць моцныя і слабыя бакі медычных сістэм ва ўсім свеце".

Метадалогія падліку

Некаторыя аглядальнікі звяртаюць увагу на яшчэ адзін важны і не відавочны на першы погляд фактар - метадалогія вылічэння смяротнасці ад каранавіруса ў розных краінах. Гэта можа стаць прычынай значнай розніцы ў паказчыках смяротнасці.

Як тлумачыць эпідэміёлаг BBC Карл Джыган, на самай справе адрозніваюць два тыпы смяротнасці. Першы - гэта колькасць загінулых, у якіх каранавірус пацвердзіла тэставанне. Гэта называецца "каэфіцыент лятальнасці выпадкаў". Другі - гэта доля людзей, якія паміраюць пасля распаўсюджанай інфекцыі, і гэта "смяротнасць ад заражэння".

Вы можаце ўзяць, напрыклад, 100 чалавек, якія былі заражаныя каранавірусам. У дзесяці з іх хвароба пайшла настолькі дрэнна, што іх шпіталізавалі, і там зарэгістравалі вірус. Астатнія 90 наогул не прайшлі праверку. Тады адзін з пацыентаў у бальніцы памірае ад вірусу, а астатнія 99 чалавек выжываюць. У гэтым выпадку гэта будзе азначаць, што смяротнасць складае кожны 10, або 10%. Але смяротнасць ад заражэння складзе толькі адзін са 100, альбо 1%, тлумачыць BBC.

У гэтым выпадку таксама варта разумець, што калі ў дзяржавах тэстуюць толькі вельмі хворых пацыентаў, якія паступілі ў бальніцу, але не правядуць абследаванне менш хворых (ці нават бессімптомных) пацыентаў з каранавірусам, якія не трапляюць у бальніцу, смяротнасць можа быць вышэйшай, чым у краінах, дзе людзі вельмі актыўна тэстуюцца (напрыклад, Германія ці Паўднёвая Карэя), гаворыцца ў артыкуле.

Для таго, каб параўнаць узровень смяротнасці ў розных краінах, варта тэставаць не толькі сімптаматычныя выпадкі, але і бессімптомныя. Наяўнасць гэтых дадзеных дасць дакладнае ўяўленне пра тое, як пандэмія ўплывае на ўсё насельніцтва, а не толькі на пацыентаў.

Ёсць таксама пытанні аб тым, як падлічваюцца выпадкі, напрыклад, калі чалавек захварэў на рак, але памёр пры заражэнні каранавірусам: ці гэта смерць ад раку ці ўсё ж такі вірус? Падчас эпідэмій лекары з большай верагоднасцю звязваюць большасць смерцяў з вірусам.

Бюро нацыянальнай статыстыкі Вялікабрытаніі фіксуе ўсе выпадкі смерці, якія адбыліся ад COVID-19, гэта значыць, калі каранавірус згадваецца ў пасведчанні аб смерці, незалежна ад таго, ці былі праведзены аналізы, ці гэта быў проста падазраваны вірус, паведамляе BBC. Італія фіксуе любую смерць інфікаванага каранавірусам як смерць, выкліканую COVID-19; як і Германія, і Ганконг.

Акрамя таго, не забывайце, што многія людзі могуць памерці праз гэтую хваробу і ніколі не праходзяць праверку на яе.

Радыё Свабода.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ВАЛЕРЫЯ МАРАКОВА (27.03.1909 - 29.10.1937)

Не вярнуцца дахаты паэту,

Як і зорцы, што ўпала, у неба

Не вярнуцца з крывавае Леты,

Дзе паэтам нічога не трэба.

І няма на Айчыне прарока.

Ёсць чырвонае лісце, як кроў.

Тут да смерці сягоння - паўкрока,

І, як зорка за хмарай, - любоў.


Ты глядзіш на турэмныя сцены,

Як на ноч, што ваўчэе штоміг,

Дзе счарнелыя краты, як вены

На руках у забойцаў тваіх.

Але верыш ты ў светлае ранне,

Як у Бога, што помніць пра нас.

І яно ў нашы хаты загляне,

Хоць, як сонца, далёка наш час.


Ты на неба глядзіш, там не зоры,

А там кроў, як на столі турэмнай.

І твой крык толькі рэха паўторыць

І схаваецца ў цемры падземнай,

І травой прарасце праз каменне,

І ажывіцца ў сэрцах людскіх:

"Не паставіць народ на калені

Нат забіўшы паэтаў усіх!"

31.10 - 4.11.2007 г.

БАЛАДА ЛУКАША КАЛЮГІ (27.09.1909 - 5.10.1937)

Маладыя гады… Залатыя гады…

Але час не святы. Арыштанцтва, суды.

І ты - вораг народа, і гэты народ

Прад табою цяпер, як з калючкамі дрот.

І навокал, як вечнасць, чужая зіма,

І дарогі да сонца і сонца няма,

Бо яго расстралялі - свяціла яно.

І цяпер каля вогнішча жлукцяць віно

Звар'яцелыя каты, якім гэты свет,

Нібы беглага зэка заснежаны след.

І адсюль не ўцячы, бо краіна - турма,

Але думак пра волю турме не ўтрымаць.

І ты ў думках бяжыш праз завеі дамоў

І не можаш дабегчы дадому ізноў,

Бо крычыць вартавы і страляе ў спіну…

Прачынаешся ты і не можаш заснуць,

Бо і ты пачынаеш ужо разумець,

Што ў няволі жыццё -

не жыццё і не смерць,

І твае залатыя не прыйдуць гады,

Як цвісці аніколі не будуць сады,

Дзе пустыня спрадвеку і дзе халады…

6 - 8.11.2007 г.

БАЛАДА МАКСІМА ЛУЖАНІНА (2.11.1909 - 13.10.2001)

Жыццё прайшло, як кніга прачытана...

Жыццё прайшло, нібы святло ўзарвана

І Храм разбураны на ўзгорку тым,

Дзе ўсё, як сон, дзе ўсё, як райскі дым...


Жыццё прайшло, але было жыццё,

Нібы на дрэве высахлым лісцё

Было.

І больш ніколі ўжо не быць

Пад гэтым небам, дзе аблокам плыць,

Табе і мне, і гэтаму святлу

Падобнаму на вострую стралу,

Што пранізаўшы нашу цемнату,

Ляціць далей і плача на ляту ...


Жыццё прайшло, нібыта дзень прайшоў,

І паўзлятала вараннё з крыжоў,

І свечкі захлынуліся святлом,

Нібы згарэў стары гасцінны дом ...

13.10.2001 г.

БАЛАДА ЯНІНЫ КАХАНОЎСКАЙ (26.11.1909 - 16.07.2005)

Па Манхэтане гоніць лістоту

Вецер сумны, як сумная ты.

І не любіш сваю ты самоту,

І будуеш з лістоты масты

На радзіму, дзе гэткая ж восень,

Ды яна без цябе, як пажар,

У якім пачарнелая восець,

Нібы Ноеў Каўчэг сярод хмар,

Адзінока плыве, не знікае,

Бы чакае цябе, каб і ты,

Як пчала, што адна й залатая

Ною несла свой мёд залаты,

У якім ёсць любоў і ёсць вера,

Без якіх не прадоўжыцца род

І святочным не стане дзень шэры,

І вадою не зробіцца лёд

На рацэ нашай вечнасці слёзнай,

У якой не патоне Каўчэг,

Бо тануць яму сёння не можна,

Бо на ім Беларусь… Заўтра снег

Пазасыпле апалае лісце,

Быццам бы залатое святло

Снег прытушыць, якое калісьці

За табою сюды прыплыло,

Дзе ідзеш у свой лёс, маладая,

І табе сёння не сумаваць,

Не сумуе ж пчала залатая,

Паляцеўшы ў свет мёд субіраць…

14.07.2011 г.

БАЛАДА БАРЫСА КІТА (6.04.1910 - 1.02.2018)

Ізноў прысніўся Навагрудскі замак,

Які паўстане некалі з зямлі,

Дзе ўвосень лісце языкамі клямак

Тырчыць з травы, дзе спалі матылі

У ноч, калі ўладарыў жоўты вецер

І зоры асыпаліся з нябёс,

І ты ішоў па бела-шэрым свеце

І ў сэрцы родныя прасторы нёс.

І дзень твой доўгім быў, як вечнасць,

І беларускім, як і продкаў шлях,

Што не прапаў яшчэ

пад Шляхам Млечным,

Пазначаны крыжамі на палях.

І ты прыйшоў у Навагрудскі замак,

І ён вялікі, як і родны край,

Дзе сто гадоў цябе чакала мама…

Прысніўся замак і ў табе адчай

Запалымнеў,

што жыць больш немагчыма

Без роднай Навагрудчыны, і ты

Сказаў: "Хай за мяне жыве Радзіма,

Я веру ў час Радзімы залаты…"

І снег засыпаў сцежкі і дарогі,

Дзе ты нядаўна, стомлены, хадзіў.

І зніклі ўсе надзеі і трывогі,

І засталося ўсё, што ты любіў.

29.05.2019 г.

БАЛАДА ПЯТРА КОНЮХА (8.03.1910 - 14.07.1994)

… Па мястэчку Турэц ты ідзеш малады,

І гармонік з табой пяе на ўсе лады.

І мястэчку да ранку цяпер не заснуць -

Усе разам з табой пра каханне пяюць …


Зноў Радзіму ў сваіх ты пабачыў слязах.

А Радзіма далёка, нібы Млечны шлях,

Па якім нам да Бога на споведзь ісці.


Млечны шлях прад табой,

як сцяжына ў лісці,

Што сарванае ветрам ляціць і ляціць,

І не можа радзімага дрэва забыць,

Як табе не забыцца, што ты не чужы

Беларусі, якая, як цвік у крыжы,

Да якога прыбіта Еўропа і ты.


Ты спяваеш, не плачыш, і пішаш лісты

На Радзіму, якая жыла і жыве,

Як малітва ў касцёлах і ў кожнай царкве.


І лісты твае светла над светам ляцяць,

Быццам іскры з кастра, ля якога не спяць,

Як і ты, хто далёка ад роднай зямлі,

Да якой шчэ сцяжыны не ўсе зараслі…

9.05.2009 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Ян Караль Хадкевіч

(460 гадоў з дня нараджэння)

Паважаная рэдакцыя!

Падрабязна азнаёміўся з Праграмай святкавання 400-годдзя Хацінскай бітвы 1621 года, якая надрукавана ў газеце ад 25 сакавіка 2020 года № 13 (1476). Прапную, пункт 5, дзе пералічваюцца гарады Менск, Берасце, Баранавічы, Быхаў, дапоўніць горадам Шкловам. Таксама, прапаную сваю працу пра Яна Караля Хадкевіча, які мае непасрэднае дачыненне як да Шклова, так і да Хацінскай бітвы 1621 года.

З павагай, Аляксандр Грудзіна..

Ян Караль Хадкевіч (1560 - 24 верасня 1621) - вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі (1605), ваявода віленскі (1616). Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад кіеўскіх баяраў (XV ст.). Належаў да найстарэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа "на Шклове, Мышы і Быхаве".

Ян Хадкевіч - адзін з найбольш таленавітых вайскаводаў XVII стагоддзя. У сваёй палітычнай дзейнасці адстойваў суверэнітэт Вялікага Княства. У родзе Хадкевічаў існавала традыцыя актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Бацька Яна, таксама Ян (1537-1579), быў кашталянам віленскім (сенатарам) і адміністратарам Інфлянтаў. У 1568 годзе ён атрымаў ад імператара Святой Рымскай імперыі Фэрдынанда тытул графа з назвамі галоўных маёнткаў - Шклова, Мышы і Быхава. Дзед вядомага вайскавода, Геранім Хадкевіч (1500-1561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад Рады Вялікага Княства Літоўскага. А брат дзеда, Рыгор Хадкевіч, быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Дзякуючы менавіта Хадкевічам, пачалося будаўніцтва Шклова на "новым", другім па ліку, месцы на беразе Дняпра, больш вядомае пад назвай Рыжкавічы. Гэтыя традыцыі роду давалі магчымасць здольнаму і амбітнаму чалавеку рабіць сваю кар'еру.

Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў часы Інфлянцкай вайны. Ён быў сведкам ваенных дзеянняў на Літве і Балтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Жахлівага, што ўварваліся ў Літву. Пасля папярэдняй хатняй адукацыі ў 1573 годзе Ян разам са сваім старэйшым братам Аляксандрам, распачаў навучанне ў Віленскай езуіцкай калегіі, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль і вялікі князь Стэфан Баторы ў сакавіку 1579 года праязджаў праз Вільню з войскам, каб вярнуць захоплены Маскоўскім войскам Полацк, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў менавіта малады Ян Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасццю да навукі і ўжо тады меў моцны характар. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну не толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве. Потым была вучоба за мяжой, дзе Ян Хадкевіч, апрача акадэмічнага курсу, шмат увагі прысвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.

Па вяртанні на радзіму ў 1590 годзе Ян Хадкевіч зрабіўся вайскоўцам. Ужо ў 1595 годзе ён камандаваў уласнай ротай з 50 коннікаў, а потым - ротай у 100 коннікаў ва Украіне. У 1596 годзе Хадкевіч удзельнічаў у баях з войскам Севярына Налівайкі, дзе выявіў свой вайсковы талент. За свае вайсковыя заслугі Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 годзе, яму было нададзена Жамойцкае староства, што раўнялася ваяводскай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сенату Рэчы Паспалітай.

У 1600 годзе Ян Хадкевіч на чале ўласнай коннай роты ўдзельнічаў у паходзе гетмана Яна Замойскага ў Малдову, якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Мужны (Віцязул). Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Мужнага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 года і скончылася перамогай Замойскага. Хадкевіч быў у перадавым аддзеле дабраахвотнікаў, якія асабліва прычыніліся да перамогі. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых вояў вылучаў Яна Хадкевіча.

Падчас барацьбы ў Маскоўскай дзяржаве паміж Ілжэдзмітрыем І і Барысам Гадуновым і потым, пасля забойства Ілжэдзмітрыя І, сярод кіроўных колаў Рэчы Паспалітай папулярным быў план стварэння славянскай федэрацыі - Рэчы Паспалітай з далучэннем да яе Маскоўскай дзяржавы ў якасці трэцяга чальца федэрацыі. Між тым, гісторыкі сцвярджаюць, што гетман Ян Хадкевіч выступаў супраць дапамогі Ілжэдзмітрыю ІІ і нават выказваў сваё незадавальненне каралю. Як вядома Ілжэдзмітры ІІ паходзіў са Шклова і, магчыма, Ян Хадкевіч асабіста ведаў гэтага чалавека не з лепшага боку. Каралю прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб пераканаць Хадкевіча ўдзельнічаць з войскам у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы. Урэшце Ян Хадкевіч згадзіўся на прапанову караля ўзначаліць войска для дапамогі гарнізону ў Маскве. На пачатку восені 1611 года ён сабраў у Шклове 2500 жаўнераў, запасы харчавання і амуніцыі і накіраваўся ў Маскву. Яго намаганнямі запасы харчавання былі дастаўлены ў Маскву для крамлёўскага гарнізона на чале з Ілжэдзмітрыем. Але ў канцы лета - пачатку верасня 1612 года Хадкевіч быў адбіты ворагамі Ілжэдмітрыя. Хадкевіч спрабаваў увайсці ў горад з поўдня, прайшоўшы праз Данскі манастыр, праз Калужскую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліцаў Вялікая Ардынка і Пятніцкая. Спробы прарвацца да Крамля і Кітай-горада не ўдаліся. Гэта вырашыла лёс крамлёўскага гарнізона. 6 снежня 1612 года гарнізон капітуляваў.

У 1618 годзе падчас новага паходу на Маскву ў войску Яна Хадкевіча налічвалася 14 тысяч чалавек, у тым ліку каля 5500 пяхоты. Войска заняло сяло Тушына на поўнач ад Масквы і пачало рыхтавацца да штурму сталіцы. На дапамогу Хадкевічу прыйшло з Украіны 20-тысячнае казацкае войска на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным. Пачаўся новы штурм Масквы праз Цвярскую і Арбацкую брамы, але ён быў адбіты. У выніку перамоваў 11 снежня 1618 году ў сяле Дэўліне (каля Тройца-Сергіева манастыра) было падпісана перамір'е. Расея адмовілася ад прэтэнзіяў на Смаленскую, Чарнігаўскаю і Северскую землі, якія цяпер вярталіся ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

А неўзабаве пачалася вайна з супраць Турцыі і крымскіх татараў. Ян Хадкевіч зноў узначаліў галоўнае камандаванне над узброенымі сіламі Рэчы Паспалітай. Аднак гады, праведзеныя на войнах, паўплывалі на яго здароўе. Хадкевіч усё часцей хварэў. Памёр Ян Хадкевіч 24 верасня 1621 года, пражыўшы 60 год. Хоць камандзіры спрабавалі захаваць гэтую вестку ў таямніцы, каб не аслабіць баявы дух у войску, усе хутка даведаліся і, калі перавозілі ў замак Хацін яго цела, жаўнеры сталі ў шыхт і аддалі вайсковае шанаванне свайму палкаводцу. Вайна закончылася перамогай. Султан забараніў крымскім татарам нападаць на Украіну.

Цела Хадкевіча была дастаўлена ў Камянец-Падольскі, дзе ён быў пахаваны 14 кастрычніка 1621 года. Летам 1622 году, удава Хадкевіча дамаглася эксгумацыі, і Хадкевіч быў перапахаваны ў рэзідэнцыі князёў Астрожскіх - горадзе Астрогу на Валыні ў чэрвені таго ж года. Падчас паўстання Хмяльніцкага ў 1648 годзе, труна была эвакуявана з Астрога і вернута туды зноў у 1654 годзе. Яшчэ раз рэшткі Хадкевіча былі перапахаваны ў новую магілу ў Астрогу ў 1722 годзе.

У Яна Караля Хадкевіча засталася спадчына. У тым ліку горад Шклоў і Шклоўскае графства. Праўда, засталіся і даўгі, якія дасягалі 100 тысяч злотых. Патрыёт сваёй дзяржавы, Ян Караль Хадкевіч ахвярна пералічаў асабістыя грошы на войска і да апошняга моманту бараніў сваю Айчыну [1,2,4].

Нажаль, сёння імя Яна Хадкевіча адсутнічае ў тапаніміцы горада Шклова. Між тым, яшчэ ў даваенны час паміж сучаснымі вуліцамі Замкавай і Вішнёвай на паўднёвым ускрайку горада існавала мураваная калона, якя мела назву "Слуп Яна". Гэта месца знаходзіцца амаль побач з былой брамай сярэднявечнага Шклова, якая насіла назву "Магілёўская". Верагодна, калона і была пабудавана ў гонар славутага дзяржаўнага і вайскова дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і які мае непасрэднае дачыненне да нашага горада. Па ўспамінам мясцовых жыхароў на калоне заўсёды рабілі сваё гняздо буслы, але падчас пасляваеннай адбудовы калону разабралі на цэглу [3].

Аляксандр Грудзіна, Шклоўская раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны

Літаратура:

1. Саверчанка І., Санько Зм. 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. - Мн.: рэдакцыя газеты "Звязда", 1993, - С.42.

2. Большой энциклопедический словарь Брокгауза и Эфрона. Т. XXXVII - СПб, 1903. - С. 476.

3. Рэвяка А.А., Тараканаў С.Р. Былыя жыхары вёскі Рыжкавічы. Успаміны, асабісты архіў.

4. Інтэрнэт-крыніцы.

Юбілей беларускага школьніцтва

Ул. Талочка

Усялякія гадавіны маюць звычайны план напісання ўспамінаў. У выпадку гадавіны беларускага школьніцтва ў Вільні, належала б: 1) падвесці баланс дасягненняў, 2) расказаць чаму рабіліся тыя ці іншыя рэчы, 3) зрабіць высновы на будучыню.


Першая агульнаадукацыйная беларуская школа паўстала ў Вільні ў 1915 г., хутка пасля прыходу немцаў. Згодна з філасофскім падыходам, які, здаецца можа тут пасаваць: "post hoc ergo propter hoc" ("пасля нечага - значыць у выніку гэтага" - Л. Л.), у пэўных колах пануе перакананне, што беларускае школьніцтва з'яўляецца … нямецкай інтрыгай. Ці трэба даводзіць беспадстаўнасць гэтай высновы? На пачатку трэба падкрэсліць, што ў акупацыйных нямецкіх ўладаў не было ўсталяваўшагася погляду на беларускае пытанне. Першыя адозвы акупантаў выразна сведчаць, што яны трактавалі Вільню як частку будучай Польшчы. І таму адразу немагчыма было выдушыць з іх дазволу на беларускую школу. У той жа час, але ў іншых месцах нямецкія жандары гвалтам гналі дзетак у падобныя школы. У гэтых месцах такімі паводзінамі яны аказалі справе мядзведжую паслугу (калі наогул думалі аказваць нейкія паслугі), бо ўсе загады нямецкай улады сустракаліся народам з антыпатыяй.

Згадваючы розныя падобныя факты, належыць зрабіць выснову пра дэзарыентацыю акупантаў у нацыянальным пытанні. Больш яны ведалі пра палякаў і летувісаў. Таму ўся заслуга і цяжар арганізацыі школы пры адсутнасці педагогаў, традыцыі і, часта, у дрэнных умовах, ляжаў на малой групе беларускіх дзеячаў, якія не падаліся ў бежанства на ўсход. Цётка і іншыя вядомыя і невядомыя ў справе адраджэння не павінны намі быць забытыя. Жменя тых ідэйных асоб, сваім жаданнем, ахвярнасцю да смерці ад голаду ці тыфу, стварыла трывалыя падмуркі беларускага школьніцтва. Відочна, што семя патрапіла на ўрадлівую глебу, бо толькі 10 гадоў прайшло ад першага зерня, а колькі бачым людзей, якія жывуць, працуюць і церпяць за тыя самыя ідэалы!

Беларускае грамадства, ці лепей сказаць, малое кола інтэлігенцыі, з першай хвіліны ўзяло на свае плечы цяжар будовы ўласнага школьніцтва. У выніку гэтай працы, на момант адыходу немцаў мелася ўжо 350 пачатковых школ і настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы. Польскія вайсковыя ўлады адразу, не ўступаючы ў спрэчкі, зачынілі семінарыю. Падчас свайго існавання Цывільная ўправа ўсходніх земляў неаднаразова мяняла свае падыходы да беларускай школы - дазваляла ці забараняла іх. На тэрыторыі Сярэдняй Літвы да пэўнага часу стан рэчаў быў больш-менш цярпімы. Быў утвораны "Аддзел беларускага школьніцтва" пад кіраўніцтвам Бр. Тарашкевіча. Аднак перад знікненнем самой Сярэдняй Літвы, гэты аддзел быў скасаваны, а новаарганізаваная Барунская настаўніцкая семінарыя зачынена. З гэтага часу і ўсталявалася польская палітыка адносна беларускай школы. Палітыка гэта была выразна накіраваная на ліквідацыю існых школ праз розныя забароны і стрыманне стварэння новых.

Гэта палітыка, стала сапраўдным мартыралогам беларускага грамадства і настаўніцтва, яна зрабіла беларускую школу ўнікальнай з'явай - школы можна пералічыць па пальцах. Два гады таму іх было 38, і большасць школ існавала на Віленшчыне. У самой Вільні ў 1923 г. налівалася 6 школ, сёння існуе адна, і тую гаспадары памяшканняў ганяюць з месца на месца. Магчыма, мы станем сведкамі, што ў юбілейным годзе знікне і апошняя школа. Гэта выглядае настолькі парадаксальна, што з пішучага гэтыя радкі, здаецца, можна пасмяяцца. Бо быў ухвалены моўны закон, а ён смее цвердзіць пра скасаванне апошняй школы.

Але, нажаль, гэта праўда (у гэты месяцы віленскі школьны інспектар загадаваў каб гэта апошняя школа, пачынаючы з першага класа, пераходзіла на польскую мову выкладання). Законы законамі, а школы ўсяроўна замыкаюць. Да гэтага часу моўны закон абазначыў сваё існаванне загадам вучыцца на курсах некалькім дзесяткам настаўнікаў, якія раней атрымалі права выкладаць у будучай школе ўтраквістычнага (двухмоўнага - Л. Л.) тыпу. І гэта ўсё. А колькі было шуму аб тых курсах.

Увогуле настаўніцкія беларускія курсы маюць сваю цікавую гісторыю на працягу 10 гадоў. Колькі іх ужо было - цяжка палічыць. У 1919 г. створаны ажно 5 курсаў і прынята 1 500 слухачоў. Слухачы, пераважны кваліфікаваныя настаўнікі, вывучалі беларускія прадметы ці паланістыку. У 1922 г. беларусы стварылі курсы сваімі высілкамі. Адначасова ўлады са свайго боку заклалі курсы на 250 настаўнікаў і нават абяцалі навучэнцам нейкія грошы. Але, каб закончыць курсы, трэба было ехаць у Кракаў. Пасля заканчэння курсаў, ніхто з выпускнікоў не патрапіў на працу не толькі ў беларускія школы, але і нікога нават не пусцілі працаваць у свой край. Усе атрымалі пасады на этнічных польскіх землях.

А іншыя курсы, якія працавалі пасля моўнага закона, куды яны толькі не вандравалі. Быў праект стварыць іх і ў Кракаве, і ў Быдгашчы, і яшчэ ў нейкім польскім горадзе, усё, каб далей ад Вільні, далей ад Беларусі.

У выніку атрымаўся просты баланс. Некалькі агульнаадукацыйных дзяржаўных школ, некалькі школ прыватных - на большую колькасць не даюць дазволу, непасільная плата на навучанне для вучняў, шмат беспрацоўных настаўнікаў, суды за тайнае навучанне з штрафамі і вязніцай.

Сумныя, вельмі сумныя факты. Не больш радасна і ў дзядзіне сярэдняй адукацыі. Зараз існуюць тры беларускія гімназіі, а было іх пяць і яшчэ семінарыя. Прыватныя гімназіі, без усялякіх праў, навучанне ў іх не звальняе ад войска, не дае магчымасці вучыцца ў вышэйшых установах. Гімназія, без магчымасці спакойна жыць сёння, бо заўтра настаўнік можа патрапіць у канцэнтрацыйны лагер, а памяшканне гімназіі будзе занята вайсковымі ўладамі ці паліцыяй (падзеі ў гімназіі ў Радашковічах). Арышты і ператрусы вучняў проста ў школьных памяшканнях (выпадкі ў Вільні і іншых гімназіях). Перапісванне ранейшых дазволаў з мэтай прынізіць справу ў вачах людзей, каб у школы прымалі толькі праваслаўных ці яўрэяў (Клецк, Нясвіж). Розныя іншыя падобныя выпадкі практыкуюцца стала і зараз. Трэба яшчэ сказаць пра сістэматычнае пазбаўленне беларускіх настаўнікаў польскага грамадзянства. Ці пра забарону на ўжыванне падручнікаў, якія ўжо прайшлі праз цэнзуру і раней ужываліся ў школах. Пасля гэта яны кажуць, што з-за браку школьных кніжак навука не можа выкладацца! Хто зможа пералічыць усе ашуканствы, якія робяць абсалютна немагчымай нармальную працу. І трэба толькі дзівіцца, што ўзровень адукацыі ў гэтых школах усё яшчэ нармальны. Тое, што гэта менавіта так, даказвае паступленне абітур'ентаў гімназій у замежныя ўніверсітэты. Яны вучацца там не горш а часта нават і лепш за іншых.

Трэба толькі дзівіцца, што настаўнікі ў такіх умовах яшчэ і ўздымаюць свой узровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і думаюць пра навуковае развіццё сваіх устаноў. Гэта паказаў агульны з'езд педагогаў сярэдніх школ у Вільні ў 1923 г. Тое, што не ўсе тыя праекты рэалізаваная, мусім тлумачыць абсалютным недахопам грошай, што бачна нават у самай заможнай Віленскай гімназіі, якая не можа дазволіць сабе наняць возніка і дзе рамонтам інтэрната мусяць займацца самі вучні. Гэта і зразумела, бо 60% вучняў - сялянскія дзеці з бедных і зруйнаваных беларускіх вёсак.

Нас яшчэ меней дзівіць малая эфектыўнасць творчай настаўніцкай працы ў нас, бо трэба браць пад увагу, акрамя іншых чыннікаў, эміграцыю ў іншыя краіны. Едуць, бо іх выгналі з працы. У свой час ехалі ў Латвію, зараз едуць у Менск, бо там маецца вялікае поле для культурнай працы.

Калі ўсё гэта падсумаваць, дык дзень юбілею мусіць стаць днём смутку а не вяселля. За гэты час школьніцтва не развівалася, а колькасць вучняў памяншалася. Але гэты час выявіў вялікую жыццядзейнасць самой ідэі, якая развіваецца, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, на слабасць людзей якія ёй займаюцца. [...]

Jubileusz szkolnictwa białoruskiego // Pregląd Wileński. 1925. № 18. S. 2-3.

Dryhwicz (псеўданім Ул. Талочкі)

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

А карміць будуць?

Вясковы механізатар трапляе ў аварыю і ламае нагу. Даставілі ў лякарню. Па ім бачна, што ён пакутуе. Трывае, цярпяліва прыкусіўшы губу. Рыхтуюць да аперацыі. Вязуць у аперацыйную, даюць наркоз. Доктар таксама адчувае, што пацыент занепакоены, пачынае гутарку аб тым, што балець моцна не будзе і ўсё будзе добра.. Хворы некаторы час вагаецца, потым пытае:

- Скажыце, доктар, а карміць тут будуць?

Траўматолаг заняты сваёй справаю, механічна адказвае:

- Канешне, будуць.

На твары мужчыны з'яўляецца ўсмешка, і ён задаволена гаворыць:

- Тай добра, а я хваляваўся, што сваё купляць давядзецца. Няма за што. А гэта -пабаліць ды перастане.

* * *

Расійская фондавая біржа. Гутараць два "крутыя" бізнесмены.

- Паглядзі! Што гэта за лапаць з пустою торбаю туды-сюды бегае?

- Беларус. Волю прадаць хоча.

- Можа купім.

- Навошта яна нам? Сваю не маем куды дзець.

* * *

- Чаму ты са сваім суседам у лютай варажбе жывеш? Ён жа такі беларус, як і ты: мову паважае, размаўляе не ёй, шануе нацыянальныя традыцыі і сімвалы, прагне незалежнасці і самастойнасці, як ты.

- Так то яно - так. Але я лічу, што я больш шчыры беларус, чым ён.

* * *

Наведвальнік зайшоў у карчму, агледзяў паліцы і памкнуў на выхад.

- Вы што-небудзь хацелі?

- Што можна хацець у карчме без грошай.

* * *

Пабачыліся тры шчырыя беларусы-навукоўцы.

- Ты выпадкова не маеш апошняга нумара "Нашага слова"? Там, кажуць, цудоўны артыкул пра нашу мову.

- Я меркаваў, што ты выпісваеш гэтую газету.

- А што існуе такое выданне?

* * *

Да шынкара звярнуўся адзін з наведвальнікаў:

- Чаму вы не абслугоўваеце таго госця? Каторую гадзіну да яго ніхто не падыходзіць. З такой скрухі ён нешта дастае з торбачкі і есць.

- То сапраўдны беларус.

- Хіба беларусы - не людзі?

- Сапраўдны беларус прыходзіць у шынок са сваёю гарэлкаю і кілбасаю пальцам піханаю.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX