Вярнуцца: 2020

№ 18 (1481)


Дадана: 29-04-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 18 (1481), 29 красавіка 2020 г.

Дапамога ад вернікаў у барацьбе з каронавірусам

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася да вернікаў з просьбай аб зборы ахвяраванняў на барацьбу з пандэміяй.

"Сотні тысяч людзей па ўсім свеце знаходзяцца ў шпіталях, дзе за іх жыццё змагаюцца медыкі - адданыя, але часта бездапаможныя перад абліччам бязлітаснай хваробы", - гаворыцца ў звароце.

Больш за трыста супрацоўнікаў службы аховы здароўя ў Беларусі заражаны каронавірусам. Папа Францішак, успамінаючы святароў і медыкаў, якія загінулі ў жорсткай барацьбе з каронавірусам, назваў іх "святымі з суседняга двара". Медыкі - сціплыя героі нашай рэчаіснасці. Сёння складаная сітуацыя з эпідэміяй таксама ў Беларусі. Колькасць хворых павялічваецца, расце нагрузка на спецыялістаў.

25 тысяч медыкаў у шпіталях ратуюць ад страшнай хваробы нашых родных і блізкіх, знаёмых і незнаёмых. Кожны дзень мы бачым звароты ў СМІ і сацыяльных сетках аб зборы неабходных сродкаў для супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя: патрэбныя бахілы, маскі, спецыяльнае адзенне, гарачыя абеды і нават начлег. Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць медыкам і моліцца за іх.

"Аказаць дапамогу можа кожны, хто жадае далучыцца да акцыі: святар, кансэкраваная асоба, свецкі вернік. Просім пробашчаў, улічваючы цяперашнюю сітуацыю ізаляцыі, данесці гэты зварот да як мага большай колькасці вернікаў, выкарыстоўваючы сродкі масавай камунікацыі", - гаворыцца ў звароце.

Разліковы рахунак:

р/р BY03PJCB31350544160030000933 у АТТ "Пріорбанк".

Код банка: PJCBBY2X.

УНП : 101124634.

Адрас банка: г. Мінск, вул. В. Харужай, 31-А.

Ахвяраванне можна здзейсніць праз "Разлік" (АРІП): - Грамадскія аб'яднанні - Рэлігійныя аб'яднанні - "Карытас Беларусь"- Ахвяраванні - COVID-19.

Як паведаміла намеснік дырэктара менскага аддзялення "Карытас" Ганна Якімовіч, за тыдзень з моманту пачатку збору сродкаў сабрана 13 000 бел. рублёў.

У гэтую нядзелю пробашчы каталіцкіх парафій па Беларусі таксама звернуцца з просьбай да сваіх парафіянаў аб зборы сродкаў. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў на мэты забеспячэння неабходнымі рэчамі найбольш патрабуючых устаноў аховы здароўя па ўсёй Беларусі, будуць накіраваныя ў шпіталі па ўсёй краіне.

"Старанна працуюць аддзяленні "Карытаса" ва ўсіх абласцях, - паведаміла Ганна Якімовіч. - Валанцёры шыюць маскі, падвозяць медыкам у шпіталі гарачыя абеды, памперсы, развозяць прадуктовыя наборы самотным людзям і інвалідам, дапамагаюць шматдзетным сем'ям".

Падрыхтавала Э.ла Дзвінская.

Вялікдзень для памерлых

Веснавы дзень памінання памерлых продкаў - Радаўніца - адзначаецца ў Беларусі са старажытных часоў. І заўжды ў аўторак, праз тыдзень пасля Вялікадня. Паводле традыцыйных уяўленняў усходніх славян, у гэты дзень душы памерлых вяртаюцца на зямлю, каб разам з жывымі адсвяткаваць Уваскрэсенне Хрыстова.

На Радаўніцу людзі спачатку ідуць памінаць сваіх блізкіх у царкву, а потым - на могілкі. Існуе звычай памінальнай трапезы - велікоднае яйка пакідаюць і для спачылых.

Праваслаўная царква не ўхваляе гэтага звычаю. Лічыцца, што памерлым дзеля заспакаення душы патрэбны толькі малітва і добрыя справы ў памяць пра іх. Але грамада трымаецца сваіх звычаяў: прыбіраюць магілы, пакідаюць на сподачку фарбаваныя яйкі, цукеркі, кавалачак велікоднага пірага ці печыва. Часам нават наліваюць чарачку віна ці гарэлкі і таксама ставяць з пачастункамі на магільны грудок.

Упарадкаваўшы магілы памерлых, сваякі і самі садзяцца падмацавацца - хто за столік, калі ён ёсць, іншыя - наўпрост на зямлі, разгарнуўшы посцілку.

На могілках у адселенай пасля Чарнобылю вёсцы Барталамееўка Веткаўскага раёна бачыў, як былыя тутэйшыя вяскоўцы сцелюць наўпрост на магілы абрусы ці ручнікі і ўжо тады кладуць на іх свае пачастункі. Магільны грудок служыць сталом для памінальнага сняданку. Мясцовая вяскоўка Алена Музычэнка, якая адмовілася ад перасялення, прапанаванага ўладамі, распавядала ў свой час, што за такой трапезай сваякі размаўляюць з памерлымі, распавядаюць ім, што адбылося, запрашаюць пачаставацца велікоднымі прысмакамі.

"Радаўніца - гэта Вялікдзень для памерлых", - лічыць Марыя Мартыненка, жыхарка адселенай вёскі Піркі Брагінскага раёна.

У гэтым годзе, як і раней, для ахвочых наведаць могілкі былі арганізаваны дадатковыя маршруты грамадскага транспарту, ДАІ рэгулявала рух у раёнах пахаванняў.

Разам з тым, у гэтым годзе з-за пандэміі каронавіруса беларусаў прасілі адмовіцца ад традыцыі і застацца дома. Міністэрства аховы здароўя неаднаразова звярталася да жыхароў краіны падчас сваіх стрымаў і прэс-брыфінгаў. Медыкі засцерагалі, што масавыя навалы людзей на могілках, а таксама паездкі ў іншыя рэгіёны краіны да пажылых сваякоў могуць справакаваць рост колькасці хворых, а таксама павялічваюць рызыкі для людзей старэйшага ўзросту. Многія прыслухаліся.

nv-online.info.

Грамадзянская супольнасць дапамагае медыкам

На гэтым тыдні актывісты Руху "За Свабоду" ў Гомелі, Магілёве і іншых гарадах раздавалі ў вялікай колькасці насельніцтву маскі і памяткі, як паводзіць сябе ў час эпідэміі. Пра ініцыятыву паведаміла каардынатар кампаніі Вольга Быкоўская.

У Менску штаб валанцёраў і склад "BYCOVID-19" дзейнічае ў памяшканні галерэі " Ў". Кіраўнік ініцыятывы Андрэй Ткачоў распавёў, што аб'ядноўвацца беларусы пачалі пасля паведамленняў пра тое, что лекарам у шпіталях не хапае сродкаў індывідуальнай абароны. "Я убачыў запыты медыкаў, размясціў інфармацыю ў сябе ў Інстаграме і знайшліся людзі, гатовыя дапамагчы", - распавёў Андрэй Ткачоў.

Каб атрымаць дапамогу, медыкі пакідаюць заяўку праз форму на сайце ініцыятывы. Валанцёры атрымалі больш за 800 запытаў ад розных медычных установаў краіны. У першую чаргу медыкі просяць маскі, распіратары, бахілы, пальчаткі. У памяшканні галерэі сучаснага мастацтва " Ў" валанцёры збіраюць пасылкі са сродкамі абароны для медыкаў.

У штабе валанцёраў - пастаянны рух. Да ініцыятывы далучыліся звычайныя грамадзяне і прадстаўнікі бізнесу. З дапамогай краўдфандынгу беларусы сабралі ўжо больш за 135 тысяч даляраў.

Фірмы рэгулярна перадаюць медыкам мінеральную ваду, гарбату, каву і нават пральныя машыны. На склад прадпрымальнікі перадалі некалькі рулонаў матэрыялу, з якога будуць шыць камбінезоны для медыкаў.

Дырэктар кампаніі "Курцце" Наталля Ілліна передала медыкам слодычы ўласнай вытворчасці - 20 кілаграмаў печыва. "Я разумею, як цяжка фізічна і маральна ўрачам працаваць у рэжыме нон-стоп", - кажа яна.

На сховішчах распіратары і слодычы не затрымліваюцца, адразу рассылаюцца па шпіталях. Валанцёры кажуць, што іх перавага - у аператыўнасці. З моманту атрымання заяўкі да пастаўкі ў медыцынскую ўстанову праходзіць не больш сутак.

Усяго ініцыятыва паставіла лекарам больш за 30 тысяч распіратараў. Валанцёры не супрацьпастаўляюць сябе ўладам, яны спрабуюць супрацоўнічаць з Міністэрствам аховы здароўя.

Іншую ініцыятыву "Прытулі героя" па пошуку часовага жылля для медыкаў распачалі Ганна Кулакова і Дзяніс Відзевіч.

Каб дактарам, медсёстрам, санітаркам не вяртацца дадому да пажылых бацькоў, бабуль і дзядуль, ім прапануецца часовае жыллё для адпачынку.

Яго гатовы прадаставіць уладальнікі прыватных кватэр, а таксама аграсядзіб па ўсёй Беларусі. Ініцыятыву па пошуку жылля "Прытулі героя" падтрымалі ўладальнікі гатэляў, а таксама, у прыватнасці, асобны гатэльны холдынг у Менску.

Падрыхтавала Эла Дзвінская.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

2. Анкетнае апытанне будзе выкарыстана на ўсіх аб'ектах даследавання. Ужо летам 1993 г. будзе распрацавана анкета для студэнтаў гістарычных і філалагічных факультэтаў, а ў наступным годзе - для журналістаў, юрыстаў.

Анкета для вучняў тэхнікумаў і тэхнічных вучылішчаў, а тым больш для вучняў сярэдняй школы вельмі спецыфічная, рыхтаваць яе трэба будзе разам з выкладчыкамі гэтых навучальных устаноў, а таксама правесці дзвюх - ці трохразовую апрабацыю.

Анкеты будзем рабіць невялікія, максімальна даступныя вучнёўскай моладзі, але абавязкова з кантрольнымі пытаннямі.

3. Інтэрв'ю будзе весціся галоўным чынам нестандартызаванае, кожным супрацоўнікам у час працы на аб'екце. Яно будзе выкарыстана ў перыяд падрыхтоўчых прац на аб'екце для кантролю дадзеных, атрыманых масавым апытаннем ці вывучэннем дакументаў. Распрацоўка інтэрв'ю будзе весціся кожным супрацоўнікам, калі ён палічыць гэта патрэбным.

4. Назіранне будзе праводзіцца як у адкрытай, так і схаванай форме. Адкрытае назіранне будуць весці ўсе супрацоўнікі групы, схаванае (уключанае) - толькі студэнты ў сваіх групах. Кожны супрацоўнік даследчага калектыву вядзе дзённік назірання з абавязковымі графамі: "што бачыў, чуў", "калі: час, дзень", "сам ацаніў". Дзённік запаўняецца кожны дзень у час працы на аб'екце.

5. Паспрабуем выкарыстаць біяграфічны метад. 5 студэнтам, у якіх праявіцца высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, будзе пастаўлена задача напісаць аўтабіяграфію з апісаннем фактараў, якія моцна падштурхнулі рост нацыянальнай самасвядомасці. Гэтая праца будзе залічана як курсавая студэнцкая праца, якая з'яўляецца ў ВНУ абавязковай заліковай студэнцкай працай.

ІV. Каляндарны пдан працы навукова-даследчага калектыву

1993 г.

1. Напісанне праграмы даследавання.

2. Распрацоўка анкет для студэнтаў гістарычнага і філалагічнага факультэтаў.

3. Анкетнае апытанне студэнтаў і выкладчыкаў 1, 5 курсаў на гістарычным факультэце наступных універсітэтаў: Гродзенскага, Гомельскага, Мінскага.

4. Пілатажнае даследаванне на філалагічным факультэце Белдзяржуніверсітэта, педагагічных інстытутаў (г. Мінск, г. Брэст).

5. Правядзенне ўключанага назірання ў студэнцкіх групах 4-5 курсаў аддзялення сацыялогіі.

6. Аналіз сабранай інфармацыі.

7. Напісанне дзвюх аналітычных запісак.

1994 г.

1. Распрацоўка анкет для студэнтаў журналістаў і юрыстаў.

2. Анкетнае апытанне студэнтаў і выкладчыкаў журфака і юрыдычнага факультэта.

3. Аналіз дакументаў: дыпломныя і курсавыя работы студэнтаў, афіцыйныя і службовыя дакументы ВНУ, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў.

4. Правядзенне ўключанага назірання ў студэнцкіх групах аддзялення сацыялогіі і філалагічнага факультэта.

5. Кантэнт-аналіз шматтыражных газет вядучых ВНУ рэспублікі.

6. Аналіз сабранай інфармацыі.

7. Напісанне дзвюх аналітычных запісак.

1995 г.

1. Распрацоўка анкет для навучэнцаў тэхнікумаў, вучылішчаў і сярэдніх школ.

2. Анкетнае апытанне вучняў і настаўнікаў сярэдніх школ, тэхнікумаў і вучылішчаў.

3. Аналіз афіцыйных дакументаў сярэдніх навучальных устаноў.

8. Кантэнт-аналіз шматтыражных газет вядучых ВНУ рэспублікі.

9. Правядзенне панэльнага даследавання ва ўніверсітэтах рэспублікі і педагагічных інстытутах.

10. Выкарыстанне біяграфічнага метаду даследавання сярод студэнтаў Белдзяржуніверсітэта.

11. Аналіз сабранай інфармацыі.

12. Напісанне выніковай навуковай справаздачы (итоговый научный отчет).

АНАЛІТЫЧНАЯ ЗАПІСКА ПА ТЭМЕ "ФАРМІРАВАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ ВУЧНЁЎСКАЙ МОЛАДЗІ" (№ 531/97)

Заказчык: Камісія да адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Выканаўца: навукова-даследчы калектыў кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Адказны выканаўца тэмы:

вядучы навуковы супрацоўнік К. ЛАПІЧ.

Навуковы кіраўнік тэмы:

прафесар Г. ДАВІДЗЮК.

Мінск, 1993.

ЗМЕСТ

УСТУП.

§ I. Гісторыя Беларусі з пункту гледжання яе будучых спецыялістаў. (Вынікі даследавання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце).

§ 2. Гісторыя Беларусі ў адказах гомельскіх студэнтаў і выкладчыкаў.

§ 3. Гістарычны шлях Беларусі. (Вынікі даследавання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце).

ЗАКЛЮЧЭННЕ.

Аўтарскі калектыў:

§ I. ДАВІДЗЮК Г.П.

§ 2. КРУКОЎСКІ А.У.

§ 3. ЛАПІЧ К.Г. (Уступ, заключэнне).

УСТУП

Любоў да сваёй Бацькаўшчыны нельга ўявіць без ведаў гістарычнага мінулага свайго народа: яго перамог і няўдач, яго нацыянальных: герояў і палітычных дзеячоў, таленавітых пісьменнікаў і філосафаў, помнікаў яго матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Памяць аб мінулым узбагачае як нацыю ў цэлым, так і асобнага індывіда, акумулюючы і перадаючы з пакалення ў пакаленне назапашаны вякамі працоўны і ратны вопыт. Гістарычная памяць выступае асноўным элементам нацыянальнай самасвядомасці. Яна дае чалавеку пачуццё ўласнай годнасці і еднасці са сваім народам, дапамагае ўсвядоміць нацыянальныя каштоўнасці і ідэалы як свае асабістыя, дае ўсведамленне свайго месца ў сусветнай гісторыі.

Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання 1991-1992 гг., праведзенага сацыялагічным цэнтрам Белдзяржуніверсітэта, росту нацыянальнай самасвядомасці найбольш спрыяюць веды гісторыі свайго народа. Якія ж гэтыя веды ў студэнтаў-гісторыкаў і выкладчыкаў гістарычных дасцыплін? Адказ на гэтае пытанне, на наш погляд, часткова даюць вынікі навуковага даследавання, праведзенага сацыялагічным цэнтрам Белдзяржуніверсітэта сумесна з Камісіяй Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны сярод студэнтаў Беларускага, Гродзенскага і Гомельскага дзяржаўных універсітэтаў.

У ходзе даследавання была прыменена многаэтапная квотная выбарка. Анкетным апытаннем былі ахоплены першыя і пятыя курсы кожнага ўніверсітэта, а на курсах было, у асноўным, суцэльнае апытанне. У сярэднім, на кожным курсе было апытана каля 50 чал. Такім чынам, у анкетным апытанні прынялі ўдзел каля 300 студэнтаў.

Сярод выкладчыкаў была прыменена стыхійная выбарка. Было апытана: у Беларускім дзяржаўным універсітэце 13 выкладчыкаў, у Гомельскім і Гродзенскім універсітэтах па 8 выкладчыкаў. Усяго было апытана 29 выкладчыкаў гістарычных дысцыплін названых універсітэтаў.

§ 1. Гісторыя Беларусі з пункту гледжання яе будучых спецыялістаў

(Вынікі даследавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта)

Зыходзячы з агульнай тэорыі культуры гіпатэтычна можна было б падумаць, што ўзровень нацыянальнай самасвядомасці ў студэнтаў-гісторыкаў V курса, тым больш у выкладчыкаў гэтага факультэта намнога вышэйшы, чым у студэнтаў I курса гэтага ж факультэта. Такая выснова выцякае з аксіёмы: чым вышэй адукацыя, агульная культура, тым вышэй нацыянальная самасвядомасць. Але ж у дадзеным выпадку мы маем усё наадварот, як і ва ўсёй беларускай сучаснай культуры. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку падліку адказаў на пытанні анкеты, у якіх былі закладзены галоўныя эмпірычныя паказчыкі нацыянальнай самасвядомасці, паказваюць, што студэнты I курса па ўсіх гэтых паказчыках маюць больш высокі ўзровень самасвядомасці, чым студэнты V курса і іх выкладчыкі. У такія вынікі цяжка паверыць. Але ж факты - рэч упартая. А яны вось якія:

На пытанне "Ці з'яўляецца гісторыя Кіеўскай Русі пачаткам гісторыі Беларусі?" 57,8% студэнтаў I курса адказалі "Не" і толькі 28,9% - "Так", а 8,9% напісалі "Не магу сказаць". Прынцыпова інакш адказалі студэнты V курса і выкладчыкі. Напісалі "Так" 59,6%, "Не" - 25,5%, "Не магу сказаць" - 8,5% студэнтаў V курса. А выкладчыкі яшчэ больш па-савецку адказалі: 61,5% - "Так", 15,4% - "Не". Як выкладчыкі, так і студэнты V курса добра засвоілі савецкую ідэалогію, што Беларусь пайшла ад Кіеўскага княства, а не ад балцкага "субстрату". Студэнты I курса ўжо ў сярэдняй школе даведаліся ад сваіх выкладчыкаў, а таксама са сродкаў масавай інфармацыі, якія, пачынаючы з 1988 года, трохі больш справядліва гавораць і пішуць аб сапраўднай гісторыі Беларусі, падкрэсліваючы, што Беларусь фарміравалася самастойна з плямён крывічоў, драгавічоў і радзімічаў, прыйшоўшых на гэтую тэрыторыю ўжо ў VІ стагоддзі, паступова выцясняючы з яе балтаў, асіміліючыся з апошнімі.

Такія ж дрэнныя веды па гісторыі роднага краю паказалі старэйшакурснікі і выкладчыкі па такіх гістарычных падзеях як анексія Беларусі царскай Расіяй у канцы ХVIII стагоддзя і аб'яднанне Беларусі з бальшавіцкай Расеяй. Зыходзячы з канцэпцый царскіх гісторыкаў і камуністычных ідэолагаў, яны лічаць гэтыя падзеі прагрэсіўнымі для Беларусі. Так, на пытанне "Далучэнне зямель Беларусі да царскай Расіі, на Вашу думку, затрымала ці прыспешыла яе культурнае і эканамічнае развіццё?" студэнты V курса адказалі: "Прыспешыла - 53,2%, "Затрымала" - 19,2% і "Не магу сказаць" - 25,5%. Выкладчыкі - "Прыспешыла" - 38,5%, "Затрымала" - 38,5%. Прыкладна такую ж ацэнку яны даюць і аб'яднанню Беларусі з бальшавіцкай Расіяй: 46,8% студэнтаў V курса і 38,5% выкладчыкаў лічаць, што гэта прыспешыла культурнае і эканамічнае развіццё Беларусі. Прынцыпіяльна іншую ацэнку гэтым падзеям даюць студэнты I курса. 64,4% лічаць, што далучэнне да Расіі затрымала развіццё Беларусі, а толькі 31,1% з іх лічаць - "Прыспешыла". Гэтак жа яны ацэньваюць і далучэнне Беларусі да бальшавіцкай Расіі: 60% з іх лічаць, што гэта затрымала, а 28,9% - прыспешыла развіццё Беларусі.

Тут таксама можна выказаць думку, што студэнты I курса ўжо прачыталі падручнікі В. Ластоўскага і У. Ігнатоўскага, дзе вельмі добра паказана, як царская Расія рабавала багацце Беларусі і разбурала яе культуру, вынішчала беларускую мову. Не гаворачы ўжо аб вядомых фактах рабавання расійскімі генераламі і губернатарамі каштоўнасцей, музеяў, бібліятэк Полацка, Навагародка, Нясвіжа, Віцебска, Магілёва, Мінска і іншых гарадоў, прывядзём малавядомы факт аб рабаванні, вынішчэнні культурных каштоўнасцей графаў Тышкевічаў у іх родавым замку ў Лагойску. У першай палове XIX стагоддзя тут было каля 200 карцін італьянскага жывапісу. У хатняй калекцыі знаходзіўся вялікі збор этрускіх вазаў, рэдкіх знаходак з Пампеі і Геркуланума. Захоўвалася тут багатая калекцыя ў 1140 адзінак манет і медалёў. Маці Яўстафа Тышкевіча Аўгуста Плятар, якая паходзіла са знатнага шляхецкага роду, што здаўна асеў у Падзвінні, прывезла ў Лагойск частку кракаўскага кнігазбору агульным лікам у тры тысячы тамоў на польскай, старабеларускай, французскай, лацінскай і іншых мовах. Бацька Яўстафа і ён сам як вялікі даследчык-археолаг, правёўшы вельмі шмат раскопак на Беларусі, стварылі ў Лагойску найвялікшы для таго часу археалагічны музей у Беларусі. Цяпер у Лагойску нічога гэтага няма. Што не паспелі вывезці ў Расію царскія чыноўнікі, якія вельмі актыўна рабавалі нашыя нацыянальныя каштоўнасці пасля паўстання 1863-1864 гадоў, тое разбурылі бальшавіцкія актывісты пад сцягам барацьбы з буржуазіяй. Аб гэтым усім ні ў якіх савецкіх падручніках не напісана.

Нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў-гісторыкаў і іх выкладчыкаў высвечваецца ў кожным адказе на пытанні праведзенай анкеты.

На пытанне "Ці ведаеце Вы пісьменніка Быкава?" 7,7% выкладчыкаў адказалі: "Не ведаю", 8,9% студэнтаў I курса таксама напісалі: "Не ведаю". Гэта можна тлумачыць той адмоўнай грамадска-палітычнай атмасферай, якая яшчэ і сёння ёсць у адносінах уладаў і пракамуністычных партый да найвялікшага сучаснага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. За яго бесперапынную барацьбу за нацыяальнае адраджэнне яны паносяць яго як толькі можна і выкладчыкаў нацкоўваюць супраць яго. Гэтым духам пранізаны школьныя падручнікі і хрэстаматыі.

На пытанне "Назавіце, калі ласка, 3 асобы, якія, на Вашу думку, адыгралі самую негатыўную ролю ў гісторыі Вашай дзяржавы?" студэнты I курса назвалі Сталіна, Леніна, Кебіча; студэнты V курса - Сталіна, Леніна, Гітлера, а выкладчыкі - Сталіна, Леніна, Кацярыну ІІ.

Галоўных знішчальнікаў беларускай культуры, мовы савецкага часу правільна назвалі апытваныя. Але ж не названы галоўныя рабаўнікі Беларусі царскіх часоў, сярод якіх неабходна назваць перш за ўсё цара Аляксея Міхайлавіча і Пятра I. За 13-гадовую вайну супраць Беларусі і Польшчы 280-тысячная армія Аляксея Міхайлавіча разбурыла, спаліла ўсе вялікія гарады і вёскі Беларусі, у тым ліку і сталіцу Вялікага Літоўска-Руска-Жамойцкага княства - Вільню, засекла, у няволю пагнала больш мільёна беларусаў. Краіна была ўвергнута ў катастрафічны стан. Ніводны народ Еўропы не перажыў такога дэмаграфічнага рэгрэсу, як беларусы: з 2,9 мільёна даваеннага жыхарства ўцалела толькі каля 1 мільёна 400 тысяч. Ва ўсходніх і паўночных паветах Беларусі не засталося і трэці насельніцтва. Пусткаю ляжала палова ранейшага ворыва. У рабаванні беларускага багацця, культуры, разбурэнні беларускіх гарадоў і вёсак, забіванні і ўгоне ў палон беларусаў перасягнуў свайго бацьку Пётр Вялікі. Адступаючы перад шведскай арміяй па загадзе Пятра I расейскія войскі рабавалі, палілі, руйнавалі ўсё, што было на іх шляху, а застаўшыхся ў жывых беларусаў гналі з сабой у палон. Руіны засталіся ад Віцебска, Магілёва, Мінска, Воршы. Па загадзе Пятра Вялікага ўзарвалі найвялікшы і найбагацейшы храм беларускай культуры - Сафійскі сабор у Полацку. А перад гэтым Пётр I уласнаручна ў саборы засек 5 уніяцкіх святароў. За гады Паўночнай вайны беларускі народ паменшаў амаль на траціну - блізка да 800 тысяч чалавек.

Няведанне студэнтамі і выкладчыкамі вандалізму, учыненага расійскімі царамі на Беларусі, - гэта вынік ідэалагічнай працы камуністычнай савецкай сістэмы, якая прымала ўсе меры, каб схаваць ад беларускага народа яго сапраўдную гісторыю. Праца гэтай сістэмы, безумоўна, з'яўляецца адной з прычын таго, што студэнты і выкладчыкі маюць вельмі нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і сваімі адказамі на пытанні анкеты паказваюць няведанне гісторыі, культуры роднага краю, трацыцый, звычаяў беларускага народа.

Па-гэтаму нічога дзіўнага няма, што як студэнты, так і выкладчыкі шчыра прызнаюцца, што не ведаюць гісторыю Беларусі. Так, на пытанне "Як добра Вы ведаеце гісторыю Беларусі?" напісалі , што "Слаба ведаюць" 42,5% студэнтаў V курса, 23,1% выкладчыкаў. Толькі 80 студэнтаў I курса (91,1%) напісалі, што добра ведаюць. Тут, мусіць, зноў было ўздзеянне падручнікаў М. Ермаловіча, В. Ластоўскага і У. Ігнатоўскага, якія выпушчаны друкам, калі гэтая моладзь вывучала гісторыю Беларусі ў сярэдняй школе.

Гісторыя Літвы, асабліва ў ХІV - ХVIII стст., - менавіта гэта гісторыя Беларусі. Яе веданне - гэта абавязак кожнага адукавана га беларуса. На жаль, ні выкладчыкі як адукаваныя людзі, ні студэнты, якім належыць будучыня Беларусі, не ведаюць гэтую гісторыю. На пытанне "Як добра Вы ведаеце гісторыю Літвы?" студэнты V курса адказалі "Слаба" - 55,3%, "Не ведаю" - 25,5%; выкладчыкі - паслядоўна - 38,5% і 7,7%. Трошкі больш студэнтаў I курса напісалі "Добра ведаюць" (51,1%).

Больш высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, любові да сваёй культуры, спадчыны праявілі студэнты I курса пры адказе на гатэе пытанне: "Назавіце, калі ласка, 3 пісьменнікаў ці 3 кнігі, якія зрабілі на Вас найбольшы ўплыў?". Яны ў адказе напісалі: "У. Караткевіч, В. Быкаў, М. Багдановіч". Старэйшакурснікі напісалі: "Л. Талстой, Ф. Дастаеўскі, У. Караткевіч". Выкладчыкі - "У. Караткевіч, Ф. Дастаеўскі". Такі расклад адказаў абумоўлены перш за ўсё выкладчыкамі сярэдняй школы. Апошнія гады ў сярэдніх школах пачало працаваць больш беларусаў, з'явіліся патрыятычна настроеныя маладыя выкладчыкі беларускай літаратуры. Сваімі ўрокамі яны выклікаюць вялікае ўражанне ў школьнікаў аб беларускіх пісьменніках, іх кнігах, грамадзянскай існасці. Паступова ідзе пераадоленне аднабокага падкрэслівання вялікай ролі расійскай літаратуры. I гэта ўжо праявілася ў студэнтаў I курса.

Вялікую ролю ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі іграюць як выкладчыкі, так і падручнікі. Ва ўсіх савецкіх падручніках чырвонай ніткай праходзіць ідэя, што толькі дзякуючы Расіі Беларусь стала індустрыяльнай дзяржавай, атрымала дзяржаўную самастойнасць. Гэта падкрэслівалі і выкладчыкі на сваіх уроках, выконваючы ідэалагічную ўстаноўку КПСС. I нічога дзіўнага няма ў тым, што як выкладчыкі, так і студэнты на пытанне "Назавіце, калі ласка, 2 народы, якія найбольш дапамаглі Вашай краіне ў ХІХ - XX стагоддзях?" назвалі рускі народ. Праўда, другім такім народам названы польскі народ. Гэта ўжо бліжэй да сапраўднасці. Бо калі царызм рабаваў Беларусь, знішчаў яе культуру, беларускую мову, то палякі разам з беларусамі падымаліся на паўстанні супраць расійскіх акупантаў (1794, 1831, 1863-64 гг.), разам змагаліся за нашу волю.

У сучасны момант вельмі важным пытаннем з'яўляецца для Беларусі выбар краін, на каго арыентавацца, каб хутчэй і з найменшымі эканамічнымі і сацыяльнымі разрухамі прыйсці да рыначных адносін. Беларускі ўрад і Вярхоўны Савет рэспублікі, кіраваныя камуністамі і іх саюзнікамі па партыях, усе погляды зварочваюць на Расію. Гэтая палітычная пазіцыя ўздзейнічае на людзей, асабліва на моладзь, якая слаба падрыхтавана ў эканамічных пытаннях, не ведае пазіцыю Расіі, якая прадугледжвае трымаць у залежнасці ад Расіі ўсіх сваіх суседзяў. А некаторыя расійскія палітыкі ўжо зараз абяцаюць зрабіць Беларусь 89-й губерняй Расеі. Па-гэтаму на пытанне "Назавіце, калі ласка, 3 краіны, якія Вы хацелі б бачыць у найлепшых прыяцельскіх адносінах з Рэспублікай Беларусь?" як выкладчыкі, так і студэнты назвалі Расею. У якасці іншых дзвюх краін выкладчыкі назвалі Польшчу і Украіну. Студэнты абодвух даследаваных курсаў - Германію і ЗША. Пэўна, іх погляды можна было б назваць больш прагрэсіўнымі, калі б адны і другія на першае месца паставілі гэтыя апошнія краіны. Вопыт Польшчы нам вельмі патрэбны для пераходу да рыначных адносін. Польшча нам адкрывае праз свае прадпрыемствы выхад у Еўропу. А Беларусі як еўрапейскай дзяржаве трэба арыентавацца на Еўропу. Па-гэтаму шырокія эканамічныя і культурныя сувязі з Германіяй і ЗША вельмі спрыяльныя. Праз іх прадарыемствы, якія яны зацікаўлены адкрыць у Беларусі як на падставе долевых ці цалкам уласных срокаў, наша прадукцыя выйдзе на еўрапейскі рынак, а адтуль прыйдзе да нас новая тэхналогія. А галоўнае - гэта тое, што ніхто, апрача Расеі, не збіраецца зрабіць з Беларусі з часам сваю губерню, ці штат. На жаль, выкладчыкі-гісторыкі гэтага яшчэ не зразумелі.

Даследаванне паказала не толькі слабыя веды нацыянальнай гісторыі і культуры студэнтамі і выкладчыкамі гістарычнага факультэта, але і агульнай культуры чалавецтва. У складзе апошняй вялікае месца займае рэлігія. Для кожнай нацыі больш прагрэсіўную ролю адыграла нейкая азначаная рэлігія. Для Італіі, Іспаніі - гэта каталіцызм, для Германіі - лютэранцтва, для ЗША - пратэстанцтва. У гісторыі Беларусі, развіцці беларускай культуры, мовы, духоўнасці народа найвялікшую ролю адыграла ўніяцтва. Менавіта яно на працягу ўсёй сваёй гісторыі прапагандавала беларускасць, традыцыі, звычаі нашага народа, вяло царкоўную службу на беларускай мове. У канцы ХVIII стагоддзя 90% насельніцтва Беларусі было ўніятамі. Уніяцтва было духоўнай цытадэллю ў барацьбе беларускага народа супраць паланізацыі і русіфікацыі. Менавіта за гэта так люта знішчала ўніяцтва расейская праваслаўная царква ў ХVIII - XIX стагоддзях. Але гэтага, аказваецца, не ведаюць нашы гісторыкі. На пытанне "Ці спрыялі развіццю культуры і навукі на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны ў ХVII стагоддзі праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая і пратэстанцкая цэрквы?" усе апытваныя прыярытэт аддалі праваслаўю: адказалі "Так" 92,3% выкладчыкаў, 80,8% студэнтаў V курса і 66,7% студэнтаў I курса. Уніяцтва і пратэстанцтва ва ўсіх аказаліся на другім месцы, прычым, у іх карысць выказалася найбольш выкладчыкаў. Можна сказаць, што тут сваю ролю адыграла веравызнанне, бо больш паловы студэнтаў і выкладчыкаў на пытанне "Ваша веравызнанне?" адказалі "Праваслаўе", а каля 15% студэнтаў абодвух курсаў - "Каталіцызм". Людзі паважаюць сваю рэлігію і лічаць, што яна спрыяе развіццю культуры і навукі той ці іншай нацыі. Ацэнка гэтага фенамену апытванымі была б некалькі іншай, калі б у гістарычнай савецкай літаратуры расказвалася, як праваслаўная царква памагала знішчаць беларускасць, укараняла на Беларусі "рускую ідэю", якая ўзвышала расейскі дух над духам іншых народаў.

Менавіта няведанне гісторыі роднага краю, яго сувязяў з краінамі Еўропы прывяло апытваных да высновы, што Беларусь мае аднолькавае, агульнае ў сваёй гісторыі як з культурай Заходняй Еўропы, так і з візантыйскай усходняй культурай. На пытанне "Ці ёсць штосьці агульнае ў гісторыі Вашай краіны з культурай заходне-еўрапейскай і візантыйска-усходняй?" 100% выкладчыкаў, 80% студэнтаў V курса і 65% студэнтаў I курса адказалі "Так". Ніхто не адцяніў розніцу наяўнасці адной і другой культуры ў гісторыі Беларусі. У сапраўднасці заходне-еўрапейская культура на працягу ўсёй гісторыі Беларусі аказвала на яе галоўнае ўздзеянне. Таленавітая беларуская моладзь вучылася ва ўніверсітэтах Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі. Бібліятэкі, музеі беларускіх князёў, баяр напоўнены былі кнігамі, карцінамі еўрапейскіх аўтараў. Архітэктура беларускіх гарадоў - гэта еўрапейская архітэктура. Тэхналогія сельскай і прамысловай вытворчасці мела свае вытокі з Еўропы. Толькі алфавіт кірыліцы і праваслаўная рэлігія прыйшлі ў Беларусь ад візантыйска-ўсходняй культуры. Па-гэтаму аб аднолькава чымсьці агульным у гісторыі Беларусі з заходне-еўрапейскай і візантыйска-ўсходняй культурамі гаварыць нельга. Тут ёсць прынцыповая розніца як колькасных, так і якасных паказчыкаў. Прыярытэт: належыць заходне-еўрапейскай культуры. Ужо адзін такі агульны паказчык, што Беларусь еўрапейская дзяржава, вызначае, што тут еўрапейская культура.

Вельмі рознымі з'яўляюцца ацэнкі студэнтамі і выкладчыкамі гістарычных падзей і ўздзеянне апошніх на развіццё Беларусі. Было прапанавана ацаніць 29 пазіцый анкеты з пункту гледжання іх негатыўнага ці пазітыўнага ўплыву на гісторыю Беларусі. Каля 30% апытваных не змаглі ніяк ацаніць больш паловы названых падзей, у тым ліку і Кастрычніцкую рэвалюцыю. Найбольшая частка студэнтаў і выкладчыкаў дала станоўчую ацэнку ўздзеянню хрысціянства (100% выкладчыкаў, 86,7% студэнтаў I курса і 85,1% студэнтаў V курса). Другое месца па ацэнцы пазітыўнага ўплыву на гісторыю Беларусі заняла бітва пад Грунвальдам (91,1% студэнтаў I курса, 84,6% выкладчыкаў і 70,2% студэнтаў V курса). Трэцяе месца па такой жа ацэнцы занялі Літоўскія статуты (75,6% студэнтаў I курса, 69,2% выкладчыкаў і 68,1% студэнтаў V курса). Найбольш апытваных далі адмоўную ацэнку ўздзеянню на Беларусь такім падзеям як раздзел Рэчы Паспалітай і будаўніцтва сацыялізму. Адмоўнае ўздзеянне раздзелу Рэчы Паспалітай на гісторыю Беларусі далі 75,6% студэнтаў I курса, 61,5% выкладчыкаў і 46,8% студэнтаў V курса. Такую ж ацэнку сацыялізму далі 71,1% студэнтаў I курса, 40,4% - V курса і 38,5% выкладчыкаў. Прыведзеныя дадзеныя пацвярджаюць названую намі выснову, што студэнты I курса больш прагрэсіўна ацэньваюць гістарычныя падзеі, ролю апошніх у развіцці Беларусі, чым іх старэйшыя калегі і выкладчыкі. Яны больш прагрэсіўна ацэньваюць і дзейнасць сучасных сацыяльных інстытутаў, арганізацый. Пазітыўны уплыў БНФ на развіццё рэспублікі адзначылі 53,3% студэнтаў I курса, 46,2% выкладчыкаў і 34% студэнтаў V курса.

Найбольш патрыятычным з'яўляецца адказ усіх апытваных на першае пытанне анкеты: "Назавіце, калі ласка, 5 асоб, якімі Вы найбольш ганарыцеся ў сваёй гісторыі?". Тут сапраўды былі названы імёны, якімі ганарыцца беларуская нацыя. Усе апытаныя назвалі Скарыну, Вітаўта, Каліноўскага, Усяслава Полацкага (Чарадзея). Першакурснікі да гэтага дадалі яшчэ Е. Полацкую, выкладчыкі - М. Багдановіча, а V курс - Пятра I. Апошняе імя з'явілася ў адказе, на нашу думку, таму, што 25,5% студэнтаў V курса - расіяне. Для расіян імя Пятра I - сапраўды вялікае гістарычнае імя, і няма нічога дзіўнага ў тым, што яны ім ганарацца.

(Працяг у наст. нумары.)

Шаноўныя сябры!

Паважаныя прыхільнікі роднага беларускага слова!

Звяртаюся да вас з просьбай падтрымаць дзейнасць нашай арганізацыі.

Як вы ведаеце, ТБМ 30 гадоў застаецца самай паслядоўнай у плане абароны дзяржаўнасці беларускай мовы. Мы праводзім шмат мерапрыемстваў па папулярызацыі нашага роднага слова, у тым ліку і выдаём газеты, некалькі часопісаў, арганізоўваем канферэнцыі і шмат чаго іншага. Значная частка нашай дзейнасці праводзіцца ў сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Гэты адрас добра вядомы кожнаму прыхільніку роднага слова. Мы не займаемся камерцыйнай дзейнасцю, мы цалкам валанцёрская арганізацыя. Таму мы не маем магчымасці зарабляць грошы, бо гэта супярэчыць Статуту. У той жа час у плане арэнднай аплаты мы не маем ніякіх палёгкаў, плоцім вялікія грошы.

Да чарговага з'езда, які прызначаны на 18 кастрычніка, мы не можам адмовіцца ад цяперашняй сядзібы. Тым больш, што яна памятае першых старшыняў - любімых нашых пісьменнікаў - Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна. Мы вельмі разлічваем на вашу падтрымку. Сродкі можна пералічыць па рэквізітах,пазначаных ніжэй.

Унёскі можна пералічыць на рахунак ТБМ:

BY84BLBB30150100129705001001.

BIC: BLBBBY2X у аддзяленні № 539 ААТ

"Белінвестбанка".

УНП: 100129705.

Ахвяраванні можна пералічыць на рахунак ТБМ:

BY91BLBB31350100129705001001.

BIC: BLBBBY2X у аддзяленні № 539 ААТ

"Белінвестбанка".

УНП: 100129705.

Загадзя ўдзячныя ўсім, хто адгукнецца!

Старшыня ТБМ Алена Анісім.

Роднае слова

У сутарэнні стагоддзяў згубілася слова...

Дзе народ мой і дзе яго мова?

Калісьці ж гучала бадзёра і пэўна.

Цяпер што з ім стала... Мо слова памерла?

Ці проста ляжыць на архіўных паліцах,

Пад гнётам часоў анямела, пыліцца...

Ды глядзіць са здзіўленнем на свет навакольны,

Што жыве без аглядкі, занадта свавольна.

А бывалі ж часіны - і слова гучала,

На прасторах Айчыны яно не маўчала.

У Еўропу панёс наш славуты Скарына,

Слова з мовай народа заўсёды адзіны.

У сугуччы, у ладзе дарыла асвету,

Аб магутных славянах даводзіла свету.

Паважалі яго па суседстве народы

І шукалі ўсе разам з ліцвінамі згоды.

Шмат вякоў было слова ўсім даспадобы -

Перамовы вялі ім, мірыла народы.

І татары, якія на гэтыя землі прысталі,

Друкаваць свой кітаб мовай нашаю сталі.

Час ідзе, зменаў шмат, і гісторыя - сведка.

Разгубілася слова - чуваць цяпер рэдка.

У трывозе, у смутку яно прабывае -

Калі мовы няма, то народ памірае.

Абудзіся ад спячкі, прачніся, народзе,

Пад чужую дуду, мо, скакаць ужо годзе,

Ды ўспомні імёны сыноў сваіх слынных,

Аб свабодзе што дбалі для роднай Айчыны.

Час заўсёды быў цяжкім, а мова гучала,

Святло, праўду знайсці слова роднае звала.

Праз віхуры вякоў яго прашчуры годна пранеслі,

Каб і мова нашчадкаў плыла мілагучнаю песняй.

Галіна Гражынская, сябра Валожынскай суполкі ТБМ.

Памерла дачка Івонкі Сурвілы Паўліна. Ёй было 56 гадоў

На 57-м годзе жыцця ад цяжкай хваробы памерла Паўліна Сурвіла, прафесар амерыканскага Wartburg College (штат Аёва), выканаўчы дырэктар Цэнтра беларускіх даследаванняў у Канзасе, сябра Рады БНР, паведамляе "Радыё Свабода".

Праз каранцінныя захады ейная маці, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, не можа развітацца з дачкой.

Паўліна (поўнае імя - Паўліна Марыя) Сурвіла нарадзілася 2 лютага 1964 года ў Мадрыдзе, дзе ў той час яе бацькі - Івонка Сурвіла (Шыманец) і Янка Сурвіла - рабілі беларускія праграмы на іспанскім радыё. Была другім дзіцём у сям'і (яе сястра Ганя на тры гады старэйшая). "Яны з самага маленства прысутнічалі ўсюды, дзе штосьці беларускае рабілася", - прыгадвала пазней пра сваіх дзяцей у інтэрвію "Радыё Свабода" старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Паўліна служыла музыкантам у канадскім войску, скончыла ўніверсітэт, магістарскую працу пісала пра беларускую дыяспару. Абараніла доктарскую дысертацыю. Апошнія гады была прафесарам Вартбурскага каледжа (штат Аёва) і вывучала праблемы фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці ў постсавецкай Беларусі. Аўтар навуковых працаў і кніг, прысвечаных беларускай музыцы, адна з іх - "Пра русалак і рок-спевакоў" - прысвечаная сучасным выканаўцам.

Паўліна Сурвіла была выканаўчым дырэктарам створанага ў 2007 годзе віцэ-прэзідэнтам Паўднёва-заходняга каледжа Джэймсам Шэпардам і першым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэвідам Суорцам Цэнтра беларускіх даследаванняў у Канзасе (ЗША), першай акадэмічнай установы ў ЗША, якая займалася вывучэннем выключна Беларусі.

Паўліна Сурвіла была сябрам Рады БНР і шмат рабіла для аб'яднання беларускай дыяспары на паўночна-амерыканскім кантыненце.

У Паўліны Сурвілы застаўся муж Эрык, прафесар музыкі, музыка, і два сыны 20 і 22 гадоў.

nn.by.

Адзіная платформа дыстанцыйнага навучання школьнікаў можа з'явіцца да канца 2020 года

Распрацоўку адзінай платформы для дыстанцыйнага навучання школьнікаў могуць завершыць да канца 2020 года, заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка дзяржаўнаму тэлеканалу "Беларусь 1".

Карпенка заявіў, што платформа не заменіць класічнай адукацыі ў класах і ствараецца для школьнікаў, якія хварэюць ці знаходзяцца на хатняй адукацыі.

- Мы знаходзімся ў кантакце з калегамі і назіраем, як дыстанцыйнае навучанне арганізавана ў Расіі. Адкрыта кажучы, там таксама маса сваіх пытанняў. Давайце скажам адкрыта: калі дзіця не матывавана ў класе, то мы, наіўна мяркуем, што яно дыстанцыйна, у інтэрнэце, будзе сядзець і вывучаць вылучна гэтыя пытанні?

І ў былыя гады дзеці хварэлі ці знаходзіліся на хатнім навучанні. Стварыўшы гэтую платформу і ўзяўшы лепшыя напрацоўкі, якія ёсць у школах, плюс адмыслова падрыхтаваўшы метадычныя напрацоўкі для гэтай адзінай платформы - думаю, да канца года мы гэту працу завершым.

Сёння сыплецца вельмі шмат крытыкі: чаму школы не зачынілі? А што, школа - сёння адзіны інстытут у нашай дзяржаве, які працуе ў гэтых умовах? У нас працуюць прадпрыемствы, арганізацыі, заводы, фабрыкі. Так што, школа павінна была зачыніцца і стварыць бацькам дадатковыя праблемы? Мы, напрыклад, па сельскай мясцовасці вырашалі пытанні. Ішла пасяўная, і ў нас быў цэлы вал скаргаў ад бацькоў, якія працуюць у сельскай гаспадарцы: дзіця адно дома, а так было ў школе - накормлена, дагледжана, займалася справай.

Я б папрасіў усіх зменшыць узровень крытыкі сістэмы адукацыі. Асабліва настаўнікаў. Я спакойна рэагую на тое, што крытыкуюць міністра і Міністэрства адукацыі. Але давайце перастанем крытыкаваць настаўніка. Настаўнік сёння робіць сваю справа, - сказаў Карпенка.

Міністр дадаў, што не бачыць праблемы ў аднаўленнні школьных заняткаў 20 красавіка. Паводле яго, у школах выкарыстоўваюцца ўсе неабходныя захады бяспекі, а бацькам, якія працуюць, не трэба турбавацца, дзе знаходзяцца дзеці.

Пасля трох тыдняў вакацыяў заняткі ў школах Беларусі аднавіліся 20 красавіка.

Радыё Свабода, naviny.by.

Настаўнік застаецца разам з вучнямі

Мы пагутарылі з даследчыцай беларускай літаратуры, пісьменніцай Ганнай Севярынец, якая выкладае рускую мову і літаратуру ў Смалявічах.

- Ганна Канстанцінаўна, падзяліцеся, калі ласка, досведам дыстанцыйнага навучання школьнікаў. Якія формы Вы выкарыстоўвалі? Што найбольш эфектыўна?

- Я задавала вучням самастойную працу, яны пісалі эсэ і свае адказы дасылалі мне. Навучанне ан-лайн (ан-лайн урокі, канферэнцыі) у нас праводзіць пакуль немагчыма, таму што не ўсе дзеці на перыферыі маюць планшэты і ноўтбукі, і мы не можам "засадзіць" іх на доўгі час за кампутар.

Дыстанцыйная форма дазваляе самастойную працу і зваротную сувязь выкладчыка з вучнямі, што мы і рабілі.

Я выкладаю ў 5-6 і ў 10-11 класах рускую мову і літаратуру.

З вучнямі 10-11 класаў мы паглыблена працуем. Старшакласнікі рыхтуюцца да ЦТ. Каб ім было цікава, мы прыдумалі свой праект - YOU.TUBE-канал. Дзецы самі здымаюць відэаролікі, працуюць над мовай, мы ствараем карысны кантэнт.

- Які псіхалагічны стан вучняў?

- Яны спакойныя і мэтанакіраваныя, таму што бачаць, што настаўнік застаецца, не пакідае іх і займаецца з імі. Іншая справа - бацькі. Яны вельмі моцна нярвуюцца. Нават дробязныя пытанні выводзяць іх з раўнавагі.

- Якія памкненні ў Вашых вучняў? Што яны думаюць пра будучыню?

- Большасць з іх скіравана на тэхнічныя і эканамічныя спецыяльнасці. Многіх цікавяць сацыяльныя камунікацыі, менэджмент. Некалькі чалавек мараць аб гуманітарных спецыяльнасцях. Вучні сканцэнтраваныя на сваіх задачах. Для ніх нават трошкі прасцей зараз, бо яны могуць не наведваць неабавязковыя дысцыпліны.

- Колькі дзяцей наведвае школу пасля вакацый?

- На гэтым тыдні з 200 вучняў ў нашай гімназіі займаліся 33 чалавекі. Большасць з іх - гэта вучні 7-9 класаў.

- Калі б рашэнне залежала ад Вас, то які б Вы далі загад у сістэме адукацыі?

- Я б перавяла вучняў цалкам на дыстанцыйнае навучанне.

Гутарыла Эла Дзвінская.

На здымку: Ганна Севярынец.

Поўнае тармажэнне. Нямецкі лекар дзеліцца досведам барацьбы з вірусам

Навіны Германіі

Германія здолела каранціннымі метадамі запаволіць пашырэнне эпідэміі каранавіруса. Такую выснову робяць спецыялісты: колькасць ачунялых усё больш перавышае колькасць тых, хто захварэў. Міністр аховы здароўя Германіі Енс Шпан заявіў у мінулую пятніцу: "Стала магчымым трымаць пад кантролем развіццё эпідэміі".

Ён канстатаваў, што з сярэдзіны сакавіка Германія прайшла перыяд "поўнага тармажэння", так міністр ахарактарызаваў строгія абмежаванні ў грамадскім і эканамічным жыцці. Так званы каэфіцыент распаўсюджвання знізіўся ў краіне з 3 у пачатку сакавіка да 0,7: паўтара месяца таму кожны інфікаваны заражаў у сярэднім трох чалавек, а цяпер менш за аднаго. Як улады Германіі і нямецкая медыцына здолелі дамагчыся такога выніку?

Паводле дадзеных на раніцу 19 красавіка колькасць выяўленых тэстамі заражаных каранавірусам склала 143 724 чалавекі, з якіх 88 тысяч ужо паправіліся. Памерлі 4538 чалавек, сярэдні ўзрост памерлых перавышае 80 гадоў. У Германіі ў цэлым пратэставана больш за 1,7 мільёна грамадзян.

Суразмоўца Радыё Свабода - доктар Вадзім Бас, лекар клінікі Артэнаў у невялікім горадзе Кель. Клініка цяпер перапрафілявана ў каронавірусны цэнтр.

- Вось ужо месяц нашая клініка закрытая для наведванняў і мы пачалі збіраць пацыентаў з COVID-19.

План разгортвання абслугоўвання пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй быў распрацаваны загадзя. Мы да гэтага рыхтаваліся, паступова вызваляючы палаты, і калі да нас 6 сакавіка даставілі жанчыну з запаленнем лёгкіх, мы адразу правялі тэст, і аказалася, што ў яе каронавірусная інфекцыя. Якраз у тыя дні нашу клініку канчаткова афіцыйна перапрафілявалі ў каронавірусны цэнтр. Гэтая пацыентка, дарэчы, выжыла.

Яшчэ некалькі дзён таму ў нас было 47 пацыентаў, з іх 90% з даказанай каронавіруснай інфекцыяй, а іншыя пацыенты пакуль альбо з канчаткова не пацверджаным дыягназам, альбо з цяжкім распіраторным захворваннем. Частка пацыентаў знаходзілася на штучнай вентыляцыі лёгкіх у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі. На жаль, за апошнія дні ў нас памерлі 19 чалавек.

Цяпер ва ўсіх пацыентаў з вострай распіраторнай інфекцыяй першапачаткова падазраюць каронавірусную, але на стацыянарнае лячэнне мы прымаем не ўсіх пацыентаў з распіраторнай інфекцыяй. Калі ў пацыента маюцца прыкметы распіраторнай недастатковасці - павялічаная частата дыхання і ўзровень кіслароду ў крыві ніжэйшы за вызначаны адсотак, то гэта з'яўляецца падставай для стацыянарнага прыёму. Калі пацыент ужо знаходзіцца на стацыянарным лячэнні, праводзіцца дыягностыка і тэставанне на каранавірусную інфекцыю. Гэта значыць, калі паступае пацыент з запаленнем лёгкіх, яго ўсё адно ізалююць, хоць на той момант вынікаў тэстаў яшчэ няма. Такія хворыя знаходзяцца ў нас мінімум пару дзён. Пацыенты, у якіх каронавіруснай інфекцыі няма, альбо пераводзяцца ў іншыя шпіталі, альбо, калі іх стан ужо палепшыўся, проста выпісваюцца дадому.

У цэлым статыстыка пры цяжкай форме каронавіруснай інфекцыі ў пацыентаў, падлучаных да апаратаў ШВЛ, несуцяшальная. Каля 80% пацыентаў не атрымоўваецца выратаваць.

- Якія магчымасці вашай клінікі, колькі ложкаў у вас свабодна, колькі хворых вы маглі б прыняць?

- Пакуль пацыенты ў нас ляжаць па адным у пакоі. Інстытут Роберта Коха (Інстытут імя Роберта Коха, размешчаны ў Берліне інстытут па вывучэнні хваробаў - РС) дазваляе некалькі пацыентаў, у якіх даказаная інфекцыя, змяшчаць у адну палату, але да таго часу, пакуль існуе магчымасць ізаляцыі, кожны пацыент знаходзіцца ў асобным пакоі.

- Апаратура ШВЛ, як паказвае практыка, у выніку не ўсім дапамагае. Ці ёсць перспектывы з'яўлення іншых спосабаў лячэння?

- Цяпер у свеце разглядаецца вельмі шмат тэрапіі, планаў лячэння. У Германіі ў дадзены момант афіцыйнага медыкамянтознага лячэння яшчэ не існуе, гэта значыць няма афіцыйна зацверджаных планаў спецыфічнага лячэння. Таму праводзіцца сімптаматычная тэрапія. Пацыентаў падлучаюць да апаратаў штучнага дыхання, таму што ў іх дыягнаставана лёгачная недастатковасць.

Скажам так, нашае цела спрабуе кампенсаваць недахоп кіслароду, а пры каронавіруснай інфекцыі, пры запаленні лёгкіх, недахоп кіслароду ў крыві выклікаецца пашкоджаннем лёгачнай тканкі. Характэрная прыкмета гэтай інфекцыі - пашкоджанне ніжніх доляў лёгкіх. Для таго, каб кампенсаваць гэты недахоп кіслароду, альбо частата дыхання павінна павялічыцца, альбо ў лёгкіх неабходна задзейнічаць пэўныя ўчасткі, якія пры нармальнай, спакойнай працы лёгкага ў дыхальным акце не ўдзельнічаюць.

Да нейкага моманту чалавек сам кампенсуе недахоп кіслароду - у хворых з'яўляецца дыхавіца, яны пачынаюць дыхаць часцей. Але ў нейкі момант (у людзей сталага веку гэта адбываецца хутчэй) дыхальная мускулатура стамляецца, і ўзнікае стадыя, калі яна не ў стане забяспечыць дыханне. Гэта і з'яўляецца падставай для падлучэння да апарата штучнага дыхання.

У прынцыпе, паводле статыстыкі, з тых, хто захварэў, 80% перанясуць захворванне на каронавірусную інфекцыю, магчыма, нават не заўважыўшы яго, і толькі 20% пацыентаў атрымаюць, хутчэй за ўсё, цяжкую форму хваробы. А з гэтых 20%, у якіх будзе так званая атыповая двухбаковая пнеўманія, таксама прыкладна яшчэ 20% урэшце апынуцца падлучанымі да апаратаў штучнага дыхання. У першую чаргу гэта, вядома, пацыенты з узростам 80+, якія маюць дадатковыя захворванні (залішняя вага, гіпертанія, дыябэт, ну, і анкалагічныя захворванні, і захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і лёгкіх).

- Канцлер Германіі Ангела Меркель яшчэ ў сакавіку, звяртаючыся да грамадзян Германіі, заявіла: спецыялісты пераканалі яе ў тым, што праз каранавірусную інфекцыю давядзецца прайсці, так ці інакш, 70% немцаў. Што азначае гэтая фраза? Што рана ці позна, у той ці іншай форме, можа быць, у лёгкай, у Германіі перахварэюць больш за 50 мільёнаў чалавек?

- Так, безумоўна, таму што заразнасць каронавіруса вельмі высокая. Але пры гэтым трэба сказаць, што хоць Ангеле Меркель, мабыць, усё патлумачылі, яна хацела сказаць нешта іншае. Рэч у тым, што, калі 70% насельніцтва будзе заражана, гэта не значыць, што ўсе яны захварэюць. Галоўнае, мы спадзяёмся, што яны не захварэюць адначасова, а гэта будзе адбывацца на працягу многіх тыдняў, месяцаў, а можа быць, будзе доўжыцца год ці два. Але пры 70-адсоткавым паражэнні папуляцыі інфекцыяй у нейкі момант паўстане такая сітуацыя, што ў асяроддзі чалавека будуць знаходзіцца толькі людзі, якія перахварэлі, якія маюць ужо імунітэт да каронавіруснай інфекцыі. Калі вакол мяне знаходзяцца толькі людзі, якія не могуць заразіць мяне, то і я, адпаведна, ужо не змагу захварэць. Калі 70% насельніцтва пройдуць праз інфекцыю, яна проста знікне. Ці яна, можа быць, будзе ўзнікаць як сезонны грып, не больш.

- У Германіі многія СМІ цытавалі выступ гамбурскага патолагаанатама, прафесара Клаўса Пюшэля. Яго мэтай было, па-першае, супакоіць людзей, патлумачыць ім, што так, гэта вельмі вострае, заразнае захворванне, трэба берагчыся, выконваць усе загады, але тым не менш смерць ад яго і ў сувязі з ім пагражае ўсё ж такі больш тым людзям, у якіх ёсць нейкія іншыя захворванні.

- Я чытаў інтэрвію доктара Пюшэля і магу сказаць, што не згодны з ім. Ён напісаў, што пры ўскрыцці ва ўсіх памерлых былі выяўленыя іншыя захворванні, якія прывялі да смерці, што ён яшчэ не бачыў ніводнага пацыента, які памёр ад каронавіруснай інфекцыі. Я лічу, гэта няправільная, не адпаведная рэаліям фармулёўка. Вядома, цяжкую форму каронавіруснай інфекцыі перш за ўсё атрымліваюць людзі з хранічнымі захворваннямі, але, калі б не было гэтай інфекцыі, многія пацыенты былі б цяпер жывыя.

Магчыма, яны памерлі б ад наступстваў сваіх захворванняў праз месяцы ці гады, але ў дадзеным выпадку смерць адбылася менавіта праз тое, што яны захварэлі на каронавірусную інфекцыю. Магу пацвердзіць, што, пацыенты, якія, на жаль, паміраюць у нашай клініцы, безумоўна паміраюць у выніку каронавіруснай інфекцыі.

- У нашай перапісцы вы згадалі трагічны выпадак, які адбыўся на вашых вачах, калі ў адной нямецкай сям'і амаль усе памерлі. Што гэта быў за выпадак?

- Нягледзячы на тое што каранцінныя мерапрыемствы ўведзены больш за тры тыдні таму, вы, напэўна, таксама бачыце, што людзі працягваюць выходзіць на вуліцы, усяроўна маюць зносіны. І вось гэты выпадак, вядома, увесь наш персанал уразіў. Адна сям'я вырашыла сабрацца і адзначыць юбілей, нягледзячы на тое, што ўвесь час гаварылася: калі ласка, не збірайцеся больш, чым па двое. Асабліва гэта тычыцца людзей сталага веку. Але адна сям'я ўсё ж сабралася адзначыць 85-годдзе прадзядулі, дзядулі, бацькі. У выніку праз 7 дзён да нас паступіў спачатку сам імяніннік, герой вечарыны, потым паступіў брат, потым жонка, потым дачка, затым жонка брата... У выніку вялікая нямецкая сям'я ў адначассе пазбавілася старэйшага пакалення.

Самога юбіляра мы тры дні інтубіравалі, потым знялі са штучнай вентыляцыі лёгкіх, і нам здавалася, што ён выжыве. Мы турбаваліся за ягоную псіхіку, не ведалі, як сказаць яму, што ягоная жонка, двое ягоных братоў і жонка аднаго з іх (усім за 80 гадоў) - усе памерлі. Вось такая сумная гісторыя. Сямейнае свята ператварылася ў сямейную трагедыю.

Радыё Свабода.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АРКАДЗЯ КУЛЯШОВА (6.02.1914 - 4.02.1978)

"Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая", -

Складаўся верш, і плакала твая душа,

Бо бачыла, як наша мова дагарае

На ўсходзе зор чырвоных,

што заміж крыжа,

Які ўтапталі людзі ў гразь,

сарваўшы з Храма,

І ў стайню Храм ператварылі, дзе б і ты

Не беларусам быў, а - беларускім хамам,

Якому родны край, як ля карчмы кусты….


А час ляціць, ляціць, нібыта д'ябал чорны.

І кожны хоча жыць, а не ў зямлі ляжаць

У дзень пад небам сонечным,

а ў ночы - зорным.

Ты пішаш вершы, бо не можаш не пісаць

На мове продкаў, што знішчаецца, знікае,

Але жыве, бо сёння пішаш ты на ёй.


І cотня пройдзе год, і нехта ж прачытае

Твой верш,

нібы глыне глыток вады жывой:


"Хай ісціны старэюць з году ў год,

Хай сэрца разрывае гук жалезны,

А ты за ўсё ў адказе, мой балесны,

За мову, за дзяржаву, за народ!"


І ўбачыць ён, як сонца сумна дагарае

На захадзе, і праз стагоддзе за табой:

"Жыві, абуджаная ў сэрцы, дарагая…"

Паўторыць ціха і слязу змахне рукой…

8.02.2009 г.

БАЛАДА КСЯНДЗА УЛАДЗІСЛАВА ЧАРНЯЎСКАГА (14.01.1916 - 22.12.2001)

...І прыйшоў ён да нас, нібы слова жывое

Апусцілася з неба на нашу зямлю,

Дзе адвеку ў пашане сваё і чужое,

Дзе прад светам баімся сказаць мы

"люблю"

Шчодрым нівам, якія паліты крывёю

Нашых продкаў,

што верылі ў лепшы прасцяг,

Ветлым хатам,

напоўненым век цеплынёю,

Сціплым людзям, што горбяцца

з ранку ў палях...


Ён прыйшоў,

як прыходзяць вясна і світанне,

Хоць не кожны вясну і світанне чакаў,

Хоць не кожны пранікся ягоным літаннем

Толькі ён не адрокся таго, што абраў,

І ў мястэчку ў касцёле, гаворачы з Богам,

Верыў ён, што надыдзе той радасны час, -

Прывядзе нас у Храм беларускі дарога,

Ды шкада,

што тады ўжо не будзе тут нас...


І пайшоў ён ад нас, нібы слова жывое,

І прайшоў ён праз нас,

як святло з абразоў,

Каб мілей нам зрабілася наша, святое,

Каб мы ўспомнілі шлях

да забытых крыжоў...

12.03.2002 г.

БАЛАДА УЛАДЗІМІРА ЮРЭВІЧА (22.07.1916 - 2005)

... Крынічная, нібыта лёд, вада

Хоць сонца з ёй цалуецца ўвесь дзень.

Зноў камароў лятучая арда

Запаланіла пад бярозай цень.

І не спыніцца там, не пасядзець,

І ты ідзеш за светлаю вадой

Па беразе ракі, дзе з дрэваў медзь

Плыве, як час пражыты ўжо табой,

Што чыста залатым не часта быў,

Але ты жыў і Беларусь любіў,

Дзе ёсць Дуброва родная твая,

Дзе ў родных словах цэлы свет жыве,

Як Божы дух у кожнае царкве,

Хоць і царква, як свет, самотная.

І ты ў крынічную ваду глядзіш,

Нібыта ў немінучы дзень, дзе ёсць

Усё, пра што ты ўсмешліва маўчыш,

Нібыта ўспамінаеш маладосць.

А з маладымі сам ты малады,

Як раніца, з якой пачаўся дзень.

Зноў паштальён прынёс табе лісты

І ў кожным лісце сонечны прамень

Любові да зямлі, дзе ты жывеш

У родным слове, слове залатым,

Як крыж на беларускае царкве…

30.09.2011 г.

БАЛАДА ЯНКІ БРЫЛЯ (4.08.1917 - 25.07.2006)

А ён спакойна жыў… Памёр спакойна,

Як неба памірае над зямлёй,

Дзе цішыня, як шкло, дзе вечна войны,

Дзе рэчак вены з нашаю крывёй

Парэзаны, як брытваю, мяжой.

І неба зноў спатоліцца душой,

А нам, як свечкам, ля крыжа застацца

Пад сонцам, як пад божаю слязой,

Дзе толькі на сябе нам спадзявацца,

Бо аніхто, ніхто не дапаможа

Прайсці зіму і гэта бездарожжа,

Якім сябе мы часта суцяшаем,

І наша неба з намі памірае…


А ён пайшоў, як Заўтра памірае,

Дзе цішыня, як на іконе шкло,

Дзе жыў ён светла, дзе расце святло,

Дзе нашага і ценю не было…

25.07.2006 г.

БАЛАДА ПІМЕНА ПАНЧАНКІ (23.08.1917 - 02.04.1995)

Ці плачу я, ці пяю,

Ці размаўляю з матуляю -

Песню сваю, мову сваю

Я да грудзей прытульваю.

П. Панчанка.

Паэты проста так не паміраюць,

Іх белыя анёлы забіраюць

У лепшы свет ад хамскае хлусні,

У вечны свет ад пыльнай мітусні,

Дзе мы жывём у полымі жыцця,

Самотныя, як дрэвы без лісця…


Паэты адыходзяць, нібы дні,

Дзе адвуглелі вольнасці агні,

Дзе мы адчулі: тут наш родны кут

І за яго нам будзе Божы Суд,

Калі не зберажом яго святло,

Што праз стагоддзі і да нас дайшло…

Ты плакаў, размаўляў з матуляю,

Казаў: "Я да грудзей прытульваю

І песню родную, і мову маці,

Каб іх ніколі наш народ не страціў…"

І ведаў ты, што жаўранак начуе

У сэрцы, што другія сэрцы чуе,

Якім трывожна не за ўсё на свеце,

А за бярозу, што ламае вецер,

За рэчку за сялом, што абмялела,

За сцежку, што за лета затравела…


Паэты, як Хрыстос, не паміраюць.

Яны жывуць і смерць перамагаюць…

10.04.1995 г.; 30.03.2011 г.

БАЛАДА АЛЕСІ ПАСЛЯДОВІЧ (23.04.1918 - 23.04.1988)

Сымон-музыка… Рыбакова хата…

І Беларусь уся… І цэлы свет…

Малюеш восень і душой крылатай

За павуцінкаю ляціш услед,

Самотнай, як начной сурмы гучанне,

Бялюткай, як у ранні першы снег,

Які пад сонцам восеньскім растане,

Калюгай стане, у якой на дне

Лісток зжаўцелы рыбкай залатою

Затоіцца ў няскошанай траве.

І чорны крыж над белаю царквою

Ключом ад неба, дзе наш Бог жыве,

Убачыш ты, і намалюеш неба

І зорку адзінокую, як цвік,

Куды ікону заўтра вешаць трэба,

Яе ж няма, яна ў табе, як крык,

Якому не дасі ніколі волю,

Бо гэты крык пра вечную любоў

Да рыбаковай хаты, жыта ў полі,

Да музыкі і велічы лясоў,

Па-над якімі павуцінку бачыш,

Якая ўсё ляціць і ўсё ляціць.

І ты малюеш так, нібыта плачаш

Ад шчасця жыць і родны край любіць.

24.02.2019 г.

(Працяг у наступным нумары.)

З годнасцю жыву сярод людзей

Загад № 20-Л-С ад 20.02.2019 года па асабовым складзе УУС Гарадзенскага аблвыканкама: занесці ў Кнігу Гонару Гарадзенскай вобласці палкоўніка міліцыі ў адстаўцы Дземідовіча Аляксандра Аляксандравіча.

Адзін з маіх калег, грэбліва адкапыліўшы губу ў вузкім коле, іранізаваў наконт палкоўнікаў савецкага часу. З нейкай зласлівай усмешкай не вельмі ўдалы творца і чалавек даказваў цвёрдалобасць хлопцаў, якія прайшлі вайсковую навуку.Я глядзела на гэтага ўжо таксама немаладога мужчыну і думала: "Пэўна не ўдалося паступіць у вайсковае вучылішча. Тады гэта было пад сілу толькі моцным і разумным".

Вось і вырашыла напісаць пра аднаго з іх, майго аднакласніка і сябра, палкоўніка міліцыі Дземідовіча Аляксандра Аляксандравіча. Пра службу блізкай нам па жыцці кагорты тых, дзе палкоўнікам проста так не станеш.

Фаталісты сцвярджаюць: "Што лёсам наканавана - не зменіш." Але ўсё ж, відаць, Бог чалавеку дае дзве дарогі. І выбар ёсць нават пры самых неверагодных абставінах, калі прыходзіць разуменне сябе як асобы. Да некага ў раннім дзяцінстве. Да некага пазней. А хтосьці боўтаецца па жыцці, апраўдваючыся: "Лёс!.."

А ўсё ж, колькі людзей - столькі і сцяжынак. І ні адна не топчацца двойчы. Імчыць, плыве, цячэ дарога з лёсаў чалавечых. Уліваюцца ў яе ўсё новыя бясконцыя сцяжынкі, і не відаць краю жыццю зямному. Бо, дзе той край, вядома толькі Богу аднаму ды гэтай дарозе, што ўцякае за небасхіл, вядзе, шукае выйсця, прыспешлівае.

Адзін чалавек бяжыць, таўчэцца локцямі, другі ледзь валачэцца, трэці аглядаецца. Нехта размерана, абдумана крочыць. Нехта саступае, збіваецца з дарогі.

І над кожным, як "дамоклаў меч", - сумленне, годнасць, вера, самаахвярнасць, любоў. Усім людзям даецца адчуванне гэтых пачуццяў. Чаму ж некаторыя іх губляюць?

Ні ў кожнага атрымліваецца стрымаць нікчымныя жаданні, а з імі і ўчынкі. Сённяшнім днём усё часцей іх і не стрымліваюць. Бо гэты "дамоклаў меч" згубіў сваю вастрыню. А сэрца і душа чалавечыя чарсцвеюць. Куды падзелася ў людзей пачуццё годнасці! Здавалася б!

Атрымоўваецца: няма выйсця добраму чалавеку, толькі як падпарадкавацца злу і спадзявацца на сябе.

Аднак страпянецца зямля ў часовай дрымоце, стукне ілбамі прамое і крывое … і вось ужо відаць гэтых рыцараў зямлі радзімай. Пэўна, для кожнага паўнавартаснага мужчыны было заўсёды за гонар абараняць сваю радзіму ад ворагаў. Страшэнная справа - войны. Святое паняцце салдаты. Але ж ёсць яшчэ і такая катэгорыя сапраўдных абаронцаў людзей ад тых, каму парадак спакой сярод грамадства непатрэбны - ад злачынцаў. Бог ведае, чаму бандытамі становяцца. Кожны выпадак - цэлая гісторыя. Ды толькі аддаць чалавечае грамадства на разарванне спакон веку не дазвалялася. Быў час - галовы зляталі як лісце ў лістапад. Бо як толькі ні называлі праваахоўнікаў - і баяры, і гарадавыя, і спраўнікі, а парадак ды закон сярод людзей яны блюлі.

Шмат вылівалася; ды і цяпер не менш, на іх незадаволенасці натоўпу, народа. Бо цяпер гэта быў ужо прымус таксама да паслухмянасці ўладзе, закону і здаваўся гвалтам. І вось ужо натоўп абмяркоўвае кожны іх крок.

А ім трэба выконваць абавязкі. Бо іх шнур - першы, і на сябе трэба прыняць першы камень, першую кулю. А разборкі ўжо потым.

Колькі іх загінула ў сутычках з бандытамі, з экстрэмістамі - хлопцаў, якія верай і праўдай служылі закону. І не толькі сучаснікаў.

Мы не будзем зараз аналізаваць і адзначаць, што хапае там і шкурнікаў, і баязліўцаў. А дзе іх не хапае, як высветлілася?! Але адзін з дзесяці калі профі - залатнік, адказны, сумленны - справа робіцца. А іх жа нашмат болей.

Калі ўжо прыскіплівацца датошна, не заўсёды загад супадае з іх сумленнем, з тым "дамоклавым мячом", ад якога не сыдзеш на ўзбочыну. І рвецца сэрца, і гарыць душа. Аднак, у тыя часы, калі дрыжыць зямля ад бойкі двух сусветаў, яны павінны рабіць сваю справу. Хто ведае, чаму гарыць іх душа агнём непахіснасці і доблесці. Чаму яны больш за іншых дбаюць пра закон.

Такое не выхоўваецца толькі словамі, навукамі.

Гэтая Божая іскра справядлівасці гарыць у іх душах і не дае згаснуць агульнаму полымю светапарадку на планеце Зямля.

….Гэты маленькі хлопчык, вельмі худзенькі, з заплаканымі і такімі мудрымі, нібыта разгледзеўшымі нешта незямное, няўлоўнае вачыма, цёмнымі і нагоранымі, прыйшоў да нас у пяты клас. Такія вочы я ўбачыла толькі ўжо ў сталым веку на іканаграфіі цара Давіда ў Грузіі. А тады, у нашым дзяцінстве, яны, усё разумеючыя і вельмі дарослыя, трымалі равеснікаў у нейкай нялоўкасці і адлегласці, а дарослых і настаўнікаў - у стрыманасці, на роўных. Ён стаў сіратою, застаўшыся без бацькоў у адначассі: бацька памёр ад сухотаў, а маці трапіла ў балотнае акно, калі бегла да бацькі ў бальніцу.

Хлопчык жыў некалькі тыдняў у лясной старожцы, бо бацька быў лесніком, пакуль не захваляваліся ў школе.

Можа ўжо тады Бог вырашыў, што ён, гэты мужны маленькі чалавек, патрэбен будзе людзям сярод тлуму абыякавасці і зладзейства, і збярог яго.

Кажуць, мы выбіраем дарогі. Але і нас выбіраюць дарогі. Неяк незразумела, можа, не заўсёды, здаецца, правільна, абставінамі.

Саша выбіраў прагматычна. Побач, як патрэбна такому лёсу, надарыўся добры, разумны чалавек. Тады лейтэнант РАУС Аляксей Папоў, дзядзя Лёша, як мы жартам яго называлі. Бо старэйшым ён быў за нас добра калі гадоў на пяць - муж нашай гэткай жа маладой дзяўчынкі - настаўніцы Таццяны Іванаўны.

- Ідзі, Саша, у міліцыю. У цябе ўсе задаткі следчага: цвярозы розум, жалезная логіка і сам нацярпеўся ў жыцці. Ні гідаваць людзьмі не будзеш, ні сячы з пляча. Ды і на поўным утрыманні ў вучылішчы, для цябе немалаважна.

А Сашу падабаўся гэты чалавек і яго адносіны да іх, падшыванцаў. Праўда, школа была элітная і асаблівых шкодаў ніхто не рабіў, але ж зносіны з разумным старэйшым хлопцам заўсёды дзецям патрэбны. Бо абавязкова з'явіцца неразумны, колькі такіх выпадкаў.

Што за праца ў міліцыі Саша асабліва не разумеў. Тады яшчэ не было серыялаў і культаў Сталоне, пецярбуржскіх "мянтоў". Самы вядомы для нас міліцыянер быў лейтэнант Папоў ды ўчастковы Собаль. О! Собаль - гэта была асоба! Жыў ён побач са школай і мільгаў сваім міліцэйскім наганам кожны дзень перад вачыма заўсёды пешшу, праціраючы хусцінкай унутры сваю форменную шапку з какардаю, у запыленых, але ўсё роўна бліскучых ботах. Суровы. Яго баяліся. Усе ў горадзе. Казалі, што сваю дачку ён абрыў налыса, калі тая пафарбавала валасы.

Але Саша верыў, што ён будзе, як Аляксей Папоў - вясёлы, адукаваны і баявы.

Так Саша прайшоў школу міліцыі імя М.В. Фрунзе. Пасля арміі завагаўся: а можа ў тэхнары? Знаёмы яго дзядзькі, начальнік Салігорскага РАУС палкоўнік міліцыі Пыжык У.М. сказаў:

- Калі ты сапраўдны опер, Саша, то тут табе хопіць і матэматыкі, і логікі, і псіхалогіі. А хто будзе змагацца з усялякай шваллю, калі не такія, як ты выдатнікі? Гэта дадзена выбраным. Рукі толькі трымай чыстымі - дзярмо ліпне.

….Першы год малады лейтэнант пачаў служыць у Шчучыне. Дабраславенная, старадаўняя гаспадарыня Гарадзеншчына. Неверагоднай прыгажосці краявіды, старажытныя былі і працавітыя людзі! Здаецца, сама зямля распасцірае табе абдымкі - толькі жыві і радуйся.

Ан не. Неверагодныя здарэнні на мяжы з містыкай не давалі спакойна спаць жыхарам сяла Б. То начныя пажары, то хлеў і карова гараць, то злыдні вокны б'юць.

Усюды пайшлі скаргі. Нават вобласць падключылася - ніяк нікога не зловяць. Даў даручэнне Аляксандру сам начальнік міліцыі:

- Думай, лейтэнант, гэта табе баявое хрышчэнне!

Дзікі мароз лістападаўскай ноччу стаяў той год. А лейтэнант з участковым Башманавым, нікому не гаворачы, на матацыкле даехалі да чыгункі, пакінулі тэхніку ў вартоўні каля шлагбаума ды ў кажухах пешшу дайшлі да сяла і залеглі ў засаду. Змерзлі так, што гаварыць не маглі, а злавілі падшыванца. Суседа падставіць хацеў і ад яго хаты дарожку таптаў, каб зноў хлеў падпаліць. А засады ў хаце яго сям'і і рабіліся. Не судзілі хлопца, малы яшчэ быў, а вось цэлае сяло давёў да страху, усю міліцыю на вушы паставіў. Ніхто і не думаў на яго.

Падзяку атрымаў тады Аляксандр і назаўсёды запомніў: няма безуважных дэталей. Да ўсіх прыглядайся і ўпарта даследуй.

80-я гады. Алімпіяда-80. У Менску на футбольных спаборніцтвах Аляксандр з аператыўнікамі ловіць кішэннікаў. Шмат выпадкаў крадзяжоў, а лавіць цяжка. Працавалі ва ўнівермазе "Беларусь". Тры чалавекі "вядуць" злодзея, бо патрэбны былі доказы, трэба злавіць з палічным і браць пры пацярпелым. Бывала цэлы дзень "вадзілі", але працавалі строга па законе.

Удзельнічаў потым у злёце маладых выдатнікаў-работнікаў крымінальнага вышуку ў Менску ад Гарадзенскай вобласці з удзелам міністра СССР Федарчука і будучы толькі лейтэнантам гатовы быў выступіць аб праблемах міліцыі.

- Сам вучыўся ў ганаровых спецыялістаў, вядомых следакоў, аб якіх з павагай і ўдзячнасцю ўспамінаю і зараз: былы начальнік аддзела крымінальнага вышуку Гарадзенскай вобласці Беляўскі Часлаў Яцкавіч - гэта ж легенда вышукнога свету! А Грымута Пётр Мікалаевіч - былы начальнік аддзела Гарадзенскага УУС! Пашанцавала мне з такімі калегамі. Было чаму навучыцца, і такім без сораму ў вочы глядзець стараўся, - адзначае Аляксандр Аляксандравіч.

І не раз маладому лейтэнанту прыйшлося ўключаць сваю логіку, розум і добрыя веды. А з маленства цяга да спорту і фізічная падрыхтоўка давалі магчымасць перавагі пры самых экстрэмальных абставінах. А яны сыпаліся, як гарох. Пачыналіся 90-я гады. Хіснуўся парадак у магутнай дзяржаве, нахіліліся нават вопытныя дзяржаўныя дзеячы, разгубіўся народ ад невядомай будучыні, затаіўся ў чаканні. А наверх ужо лезла брыдота.

І каб не дапусціць разгулу анархіі, стаялі на варце вось такія хлопцы-міліцыянеры: і лейтэнанты, і палкоўнікі. Бо палітыка палітыкай, а ў нанава незалежнай дзяржаве, якая толькі адраджалася, парадак - адно з самых галоўных. А людзі ўжо не верылі нікому, лепей плацілі "крышам", баяліся пісаць заявы.

Усё было! І стральба на трасах па машынах, калі прыйшлося Волкаву І.Б., начальніку крымінальнага вышуку вобласці, самому ўзначаліць групу аператыўнікаў, каб знайсці бандытаў. Аляксандру даручылі абшукваць хутары. Людзі падказвалі, дапамагалі. Потым злоўлены бандыт казаў: "Трэба было мне цябе застрэліць. За пятнаццаць метраў ад мяне прайшоў!" І колькі такіх момантаў і рызыкоўных метраў у жыцці гэтага рашучага і вельмі адказнага чалавека было - аднаму Богу вядома. Але служба ёсць служба. Злачынны свет знішчыць цяжка.Згон машын, крадзяжы, рабаванні, разбоі, забойствы. А ў міліцыянераў - бяссонныя ночы і цяжкая праца разам з калегамі супраць бандытызму. Па выніках года Аляксандр становіцца лепшым шпікам Гарадзенскай вобласці. Ужо капітана, старэйшага аперупаўнаважанага Дземідовіча А.А. пераводзяць намеснікам начальніка Карэліцкага РАУС па аператыўнай рабоце. Яшчэ ў Шчучыне Аляксандр скончыў Вышэйшую школу МУС СССР, куды накіроўвалі лепшых шпікаў з усіх рэспублік СССР.

Навука і зносіны з вопытнымі спецыялістамі дапамагалі трымаць і выпрацаваць сваю методыку працы, паводзінаў. Пры самых цяжкіх момантах трымаў нервы ў кулаку, не дапускаў ні жорсткасці работнікаў, ні самасуду грамадзян. А такія выпадкі бывалі, калі забойцу сям'і зачыняць прыйшлося ў машыне, каб не разарвалі яго людзі на кавалкі. Дагнаў бяззбройны раз'юшанага чалавека з сякераю, скруціў, закрыў: "Няхай суд вырашае, - сказаў людзям, - самасуд не дазволю."

Мне цяжка аналізаваць працу сённяшніх праваахоўнікаў, якія ўзброены да зубоў і вельмі добра ахоўваюцца на сваіх участках. Але на папярэджанне зладзействаў яны, мне здаецца, рэдка цяпер здатныя! А ў тыя часы я не бачыла Дземідовіча і праваахоўнікаў, ужо нават калі ён стаў начальнікам РАУС, за сямю замкамі. Больш адкрытая для людзей была міліцыя і іх справы.

Адзін толькі раз не стрымаў ён свае пачуцці. Злавілі гвалтаўніка і рабаўніка. Аказаўся той зэк, якому Дземідовіч дапамог некалі пасля турмы ўладкавацца на працу. Наогул, гэта была яго метода - даваць права на памылку і дапамагаць выправіць сваю дарогу па жыцці такім людзям. Шмат гутарыў, дапамагаў дзецям праблемным, не грэбаваў людзьмі. Разумеў, што жыццё ў кожнага патрабуе на шляху дарадцу. А маеш розум - пачуеш, схопішся і за былінку.

Так і з гэтым было.

- Аляксандр Аляксандравіч! Наш падапечны, аказалася, рабункамі займаўся, - далажыў аператыўнік. - Злавілі з палічным.

- Як жа так?! Я ж табе хлеб у рукі даў. Чаго не хапала? - Аляксандр абурана глядзеў у вочы бандыту.

- А каб ты быў сірата? Што б ты рабіў? - пачаў скакаць да Аляксандра затрыманы.

- Я не пайшоў рабаваць, а працаваў і вучыўся. Ад такіх як ты, шкурнікаў, адно зло, - махнуў рукою, ледзь стрымаў слёзы і выйшаў, дрыжачымі рукамі сціскаючы табельны пісталет, каб не нарабіць бяды.

Наогул , насельніцтва ўсё ж было актыўнае, неабыякавае. Але ўсё яшчэ і залежыць ад таго, як арганізавана з народам праца. Людзі ж баяцца, што чуць дзе праявішся - зацягаюць. Заўсёды ўлічвалі і нацыянальнае пытанне, бо сёлы многія былі шматнацыянальныя і многаканфесійныя. Таму кожнай справе дэталёвы аналіз: і абстаноўкі, і месца, склад насельніцтва. Аператыўная праца - штука сур'ёзная і разумоввая.

- Гэта цяпер за пераработку плацяць у РАУС і можна сказаць "гэта не маё". А ў наш час такога не было. Апантанасць у працы бралася ад выхавання, ад кадравай палітыкі. З кожным яна была індывідуальнай, - кажа Аляксандр Аляксандравіч.

У РАУС больш, чым дзе трэба памятаць пра бумеранг, калі працуеш з народам. Распавядаць людзям, што нічога дарам не праходзіць.

Цікавы выпадак: тры разы судзімы за кражу маёмасці выйшаў чарговы раз з турмы і купіў матацыкл. А матацыкл укралі, сагналі з двара. Круціўся, круціўся і прыбег з заяваю ў міліцыю. Рогат стаяў на ўвесь горад. На сваёй шкуры спазнаў, што Бог шэльму меціць.

Знайшлі ўсё ж такі матацыкл, паўразабраны, але знайшлі. Другому не знойдзеш. І гісторыі шматлікіх злачынцаў гавораць, што лёс іх сем'яў часта трагічны - адказваюць усім родам перад Богам.

- Самыя лепшыя гады прайшлі ў крымінальным вышуку. І яшчэ раз падкрэсліваю, як важна ў нашай працы датошнасць і адказнасць выхоўваць у супрацоўнікаў, - працягвае распавядаць Аляксандр Аляксандравіч.

Было здарэнне, калі выпадак забойства цягнуў на "вісяк", як ні стараліся. Праверылі чатырыста чалавек, і адмеціны пальцаў знайшлі - не супалі. І тут у Баранавічах аператыўнік у СІЗА арыштаванага чалавека за дробнае хуліганства адказна пераправерыў па ўсіх паказчыках, у тым ліку і пальцы, і выявіўся факт забойства ў Карэлічах.

І гэты выпадак не ўнікальны, хоць і з'яўляецца паказчыкам добрай працы пры падрыхтоўцы кадраў міліцыі, але ўнікальны, як скрупулёзная адказнасць опера.

Быў адзін год у Карэлічах адзін з самых цяжкіх. Дзесяць забойстваў. Раскрывалі складана, але раскрылі. У асноўным віна людзей - п'янства, бытавуха. Асабліва памятнай была смерць сям'і па прычыне рэўнасці ў вёсцы Р. Ніколі жанчынам не трэба цярпець здзекі, трэба чым раней ісці па дапамогу.

Усюды стараўся выязджаць сам, калі быў начальнікам РАУС. Але пошукавая справа цягнула: ці то пажар, ці заказныя разборкі праз раздзел маёмасці, ці тое ж забойства, - прыкладаў максімум сіл і фізічных, і разумовых, каб не было, як кажуць, "вісякоў". Калектыў склаўся ўдалы, хлопцы баявыя, адказныя. Шмат праводзіў з імі заняткаў, шыхтовую падрыхтоўку, кабінетная праца абцяжарвала.

Але начальнік аддзела міліцыі раёна - гэта ўжо і шмат розных спраў арганізацыйных. Тым больш, што гаспадарчую дзейнасць пачынаў з нуля, будаваў аддзел.

Кіраўніцтва УУС ставіць мэты па падтрыманні правапарадку, годным становішчы сярод служб раёна, вобласці. А выконваць трэба на месцах і мець шэраг метадаў добрай працы. Гэта і сувязь з іншымі суседнімі раёнамі для аператыўнасці, узаемадзеяння, арыенціроўкі, каб раскрываць выпадкі зладзейства па гарачых слядах, і ўсё рабіць своечасова, для бяспекі грамадзян. І добрыя адносіны з уладамі на месцах, бо часта прыходзіцца і па пытаннях транспарту звяртацца, па працы з прадпрыемствамі, насельніцтвам, з усімі адстойваць справу міліцыі.

Адчынілі бар у Карэлічах, напрыклад, дык ледзьве не аховай хацелі зрабіць супрацоўнікаў РАУС, не разумеючы, на самай справе, ролю міліцыі, што яна на службе у закону, а не ў "моцных гэтага свету".

- І самае галоўнае - гэта выхаванне кадраў, - задумліва распавядае Аляксандр Аляксандравіч.

Годнасць міліцыянера, вернасць абавязку, прысязе, разуменне, што ты служыш людзям у першую чаргу - гэта трэба выхоўваць, гэта трэба патрабаваць ад асобы ў міліцэйскай форме. Не займайся паборамі. Не падымай на людзей руку - доказы трэба здабываць законна, умець даказаць, абгрунтаваць. Вельмі шмат размаўляў з маладымі спецыялістамі. У пашане было настаўніцтва.

Вось такая адданасць і вернасць абавязку, працы цяпер можа і не ўсім зразумела. Але ж так было, і такія законнікі, як Аляксандр, і сёння трымаюць веру людзей, у праўдзівасць закону.

Болей таго, вельмі шмат размаўляў Аляксандр Аляксандравіч і з жонкамі афіцэраў.

Калі ў доме парадак, спакой, узаемапаразуменне, то і праца не за страх, а на сумленне. Паступова прыйшло разуменне і ў жанчын, што так, праца небяспечная, але яны ў любы момант ведалі, дзе муж і што кіраўніцтва ўсё робіць, каб стварыць умовы бяспекі міліцыянерам. Бо тады ж яшчэ сотавых не было, дык дзяжурных Аляксандр Аляксандравіч заўсёды папярэджваў: "Жонак настройваць станоўча, адказваць ветліва". Бо ведаў, што тыя жанчыны, што згадзіліся быць побач з гэтымі мужнымі хлопцамі - рыцарамі свайго народа, моляцца за іх жыццё, бо божая міласць жыве ў нашых сэрцах, недзе спадволь, па веры і давалася.

На далёкіх берагах майго дзяцінства сярод цёплых азёрных затокаў раслі чароўныя кветкі-лілеі. Каб здабыць кветку, трэба было добра пастарацца, а потым вельмі добра яе шанаваць, бо без гэтага яна не будзе радаваць вока. Так і з сапраўднай дзяўчынай. Яе трэба знайсці, заваяваць, ушанаваць. Толькі тады тваё жыццё будзе пад абярэгам сям'і і сямейны агмень, як казачны маяк, засвеціць твайму сэрцу ўсюды і заўсёды. Можа таму, што Аляксандру гэта ўдалося, які з дзяцінства разумеў важнасць і цеплыню роднага дома, ён усе свае дасягненні называе словам "нашы".

І цяпер, калі можа дазволіць сабе больш увагі ўдзяліць сям'і, яго Галіна нават болей, чым ён, рада што так шмат людзей глядзіць на яе Сашу з павагай і ўдзячнасцю, нават на адпачынку тэлефануюць, раяцца і віншуюць са святамі. Іх шмат.

- Канешне, і ганарова, і прыемна, што маеш прызнанне сваёй працы. Асабліва ўдзячны за ўнясенне майго прозвішча ў Кнігу Гонару вобласці. Але найлепш, што ў ладзе са сваім сумленнем варта і з годнасцю хаджу сярод людзей. Не шкадую за пройдзены шлях - служыў людзям і Радзіме. Маю гонар!

Зоя Капуста (Кулік), старшыня Нясвіжскай гарадской суполкі ТБМ.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

"Абсалютны нуль"

Людміла Сцяпанаўна Антанюк, маладая настаўніца пачатковых класаў у той год прывяла ў першы клас сваю дачку Кацю ды пасадзіла за першую парту.

Дзяўчынка была адметнаю ад іншых вучняў. Выдзялялася ростам, ахайнасцю, прыгажосцю ды ведамі.

Ззаду, на другой парце сядзеў Коля Піліпок. Твар яго быў увесь у рабацінні, малы, лапавухі. Чыстай апраткі яму хапала на паўдня. Іншы раз у яго пад носам з'яўлялася вялізная булька. Хлопчык выціраў яе пальцам, а палец намагаўся выцерці аб вялізныя Кацярыніныя банты. Гэта было б нічога, але ён не меў ніякіх здольнасцей да навукі. Не кеміў у самым простым. Літары пісаў з ухілам налева, дрэвы маляваў з ухілам направа, заміж кропкі ставіў коску. У Людмілы Сцяпанаўны не хапала на яго цярпення. Аднойчы яна не стрымалася і абазвала вучня: "Абсалютны нуль". Гэты выраз падхапілі аднакласнікі, і за ім замацавалася мянушка "Абсалютны нуль".

Да канца першага навучальнага года хлопец паразумнеў на свай лад: уцяміў, што ўрокі можна спісваць і пачаў цягнуць сваю кароценькую шыю ды заглядваць у Кацін сшытак. Пасля аднаго выпадку, калі "Абсалютны нуль" перадаў перадаў дачцы недасмактаны цукерак, а тая з вялікаю ахвотаю прыняла яго і запіхнула ў рот, хлопца перасадзілі на апошнюю парту, а дзяўчынка мела непрыемную гутарку з маці наконт таго, з кім трэба сябраваць, а з кім не. Дачка пакрыўдзілася і доўга не размаўляла з мамаю.

Наступныя тры гады вучоба хлопца палепшылася, хоць і не значна. Толькі класная кіраўнічка Людміла Сцяпанаўна іншы раз знаходзіла ў сшытках вучня Колі Піліпка рашэнні задач і прыкладаў, якія адзін у адзін супадалі з рашэннямі яе дачкі.

Педагагічная душа Людмілы Сцяпанаўны сеяла ўсім "добрае, мудрае, вечнае", але не ўспрымала толькі аднаго вучня, які на яе думку болей за ўсіх гультаяваў. Затым настаўніца на нейкі час згубіла з поля зроку Колю Піліпка. Калі ў сёмым класе яе Каценька заспяшала на школьную дыскатэку ды патлумачыла, што яе чакаюць, з цікавасцю глянула ў акно. Дачка падхапіла пад руку высокага хлопца, але ўжо з надта знаёмай постаццю.

"Хто ж гэта такі?"

Праз некалькі дзён тое пытанне зняла матэматычка.

- А ваша дачка дае спісваць, прычым толькі аднаму вучню.

- Каму?

- "Абсалютанаму нулю".

- І падказвае па фізіцы, - падхапіў яе калега.

- Ды яны трэці год сядзяць за адною партаю, - зазначыла класная кіраўнічка.

На заўвагу маці дачка адказала слязьмі.

Напярэдадні выпускных экзаменаў маці выпадкова пабачыла, як яе дачку цалаваў "Абсалютны нуль", а тая яго абдымала.

Людміла Сцяпанаўна была страшна абурана. Дачка прыйшла дамоў апоўначы, зазначыла, што затрымалася ў бібліятэцы ды лягла спаць.

За сняданкам маці выказала сваю незадаволенаць дачцэ, на што Кацярына, каб не чуў бацька, адрэгаавала так:

- Калі я вучылася ў другім класе, то бачыла, як ты цалавалася з дырэктарам школы і нікому аб тым не казала.

Аргументаў пярэчыць дачцэ не знайшлося.

Кацярына скончыла школу і паступіла ў педагагічны.

Істэрыя ахапіла Людмілу Сцяпанаўну праз два гады, калі на парозе дома з'явілася дачка, а з ёю статны прыгажун з вялізным букетам кветак.

Толькі ў гэтым маладым чалавеку яна адразу пазнала былога двоечніка, смаркатага карантыша.

- "Абсалютны нуль", - сарвалася з вуснаў кабеты.

- Мама! Мы з Колем падалі заяву на шлюб!

Людміле Сцяпанаўне стала млосна. Ужо глыкаючы ў непамерны дозах "валяр'янку" яна папракала дачку:

- Нашто ён табе? Гэта - "абсалюны нуль"!

Адказ дачкі быў самы нечаканы, які сведчыў аб яе практычнасці:

- Не для таго я яго столькі гадоў выхоўвала, каб аддаць у нечыя рукі.

Піліпкі адвучыліся. Вярнуліся дамоў. Мікалай Кузьміч хутка пайшоў уверх па службовай лесвіцы. Неўзабаве стаў загадчыкам аддзела адукацыі. Ва ўсім слухаўся жонку. З павагай ставіўся да Людмілы Сцяпанаўны, але апошняя, калі ў іх педагагічным калектыве ўспаміналася прозвішча зяця, заўжды казала:

- Абсалютны нуль!

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX