Вярнуцца: 2020

№ 21 (1484)


Дадана: 20-05-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1484), 20 траўня 2020 г.

Алег ТРУСАЎ: "Я супраць татальнага каранціну пры сённяшняй уладзе..."

У надзвычай складанай сітуацыі апынулася Беларусь. Як уратавацца ад каранавіруса, што трэба зрабіць, каб не абвалілася зканоміка, якія неабходны захады, каб не паглыбляўся раскол у грамадстве? На гэтыя і многія іншыя вострыя пытанні шукае адказы "Народная Воля", звяртаючыся да самых розных людзей. Сённяшняя размова - з Алегам Трусавым, гісторыкам, былым дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, які многія гады ўзначальваў грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы".

- Алег Анатольевіч, як вы асабіста ацэньваеце сітуацыю з каронавірусам у Беларусі?

- Па тэмпах распаўсюджвання каронавіруса ў апошнія дні Беларусь абагнала некаторыя краіны. Але афіцыйная статыстыка сцвярджае, што ў параўнанні з іншымі дзяржавамі ў нас даволі нізкі працэнт лятальных выпадкаў.

- Скажыце, а як схаваць праўдзівую статыстыку ў часы інтэрнэту?

- У інтэрнэце, будзем шчырыя, вельмі шмат хлусні. А таму ўлада супрацьпастаўляе сваю інфармацыю. Наколькі яна рэальная - пакажа час.

- Сусветная арганізацыя аховы здароўя апублікавала рэкамендацыі для Беларусі па змаганні з каронавірусам, але яны выконваюцца не цалкам.

- Можа, і добра, што яны да канца не выконваюцца. Паглядзіце, як такія ж рэкамендацыі выконвае Масква, калі паліцыя за парушэнне каранціну збівае людзей дручкамі. Таму я супраць татальнага каранціну пры сённяшняй нашай уладзе. Нават у дэмакратычных краінах прымусіць здаровых людзей увесь час знаходзіцца дома не вельмі атрымліваецца. Ды і спецыялісты сцвярджаюць, што 80 працэнтаў людзей, а магчыма, і болей, перахварэюць на гэты вірус бессімптомна альбо ў лёгкай форме.

- Тым не менш сітуацыя з кожным днём ускладняецца. Якія меры, на вашу думку, варта прыняць неадкладна?

- У першую чаргу трэба мацаваць медыцыну. Добра, што павысілі заробкі дактарам, медсёстрам, санітаркам, але гэтага мала.

Трэба паглядзець, як у надзвычай складанай сітуацыі прявілі сябе кіраўнікі самых розных сфер. Лічу, што трэба неадкладна адхіліць ад пасады міністра адукацыі спадара Карпенку, які так і не змог наладзіць дыстанцыйнае навучанне ў школах. Відавочна, што гэты чалавек ад пачатку не на сваім месцы.

- А. Лукашэнка падпісаў указ № 143, у адпаведнасці з якім будуць мінімізаваны страты ад каронавіруса для эканомікі. А ці атрымае канкрэтную падтрымку ў гэтай сітуацыі бізнес?

- А давайце зірнём на праблему шырэй. З пункту гледжання Лукашэнкі ён робіць усё правільна. Бо, калі спыніць вялікія заводы, здарыцца тое, што было ў 1991-м годзе, - людзі выйдуць на плошчу. Таму ён па-ранейшаму перш-на-перш звяртае ўвагу на буйныя прадпрыемствы, а што датычыцца праватнага бізнесу, то для яго падтрымка будзе мінімальная, у бюджэце грошай няма.

- А як вы ацэньваеце ролю грамадскай супольнасці ў сітуацыі, звязанай з пандэміяй?

- Грамадская ініцыятыва мяне парадавала: ад афіцыйных прафсаюзаў да тых людзей, якія шыюць маскі для медыкаў, рыхтуюць ім абеды, збіраюць грошы на патрэбы шпіталяў. Беларусь паказала, што мы не горшыя за іншых еўрапейцаў, асабліва мяне кранула тое, як вайскоўцы па-беларуску дзякуюць медыкам. У цяжкія часы ў нас прачынаецца гістарычная памяць.

- А што вы можаце сказаць наконт чарговых прэзідэнцкіх выбараў?

- Большасць людзей, хутчэй за ўсё, пойдзе на выбарчыя ўчасткі. А вось ці прагаласуюць за Лукашэнку - цяжка сказаць. А калі Ярмошына ў чарговы раз аб'явіць нейкія 80 працэнтаў, то ёй ніхто не паверыць.

Міхал Карневіч. Паводле"Народнай Волі".

Кнігазнаўчы форум стаў духоўным паклонам святыням

ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прымеркаваныя да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі у гэтым годзе адбыліся ў незвычайнай форме - у анлайн-фармаце з відэатрансляцыяй у рэжыме рэальнага часу, але сталі плённымі і паспяховымі.

На працягу многіх дзесяцігоддзяў Нацыянальная бібліятэка Беларусі выконвае адказную справу збірання, вывучэння і папулярызацыі беларускай і сусветнай кніжнай спадчыны і такім чынам забяспечвае духоўную і інтэлектуальную пераемнасць пакаленняў, перадачу фундаментальных каштоўнасцей і ідэалаў, стварае ўмовы для ўзбагачэння ўнутранага свету і раскрыцця творчага патэнцыялу шырокага кола сваіх карыстальнікаў. Выкананню гэтай высакароднай місіі служыць і правядзенне Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія ладзяцца ў бібліятэцы ўжо трэцяе дзесяцігоддзе.

- Мы не змаглі адмяніць традыцыю штогадовага правядзення гэтай слаўнай навуковай канферэнцыі, - адзначыў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша, - як і не захацелі забыцца пра святыню беларускай зямлі - Жыровіцкі манастыр і цудатворны абраз, які святкуе сёлета свой юбілей. Наша міжнародная канферэнцыя стала такім своеасаблівым паклонам духоўнаму цэнтру Беларусі. Для нас вельмі важным з'яўляецца не перарываць традыцыю наладжвання навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін, даць магчымасць падзяліцца вынікамі актуальных навуковых дасягненняў і праектаў.

З прывітальнымі словамі на адкрыцці навуковага форуму выступілі: міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Паўлавіч Бондар, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі, прарэктар па навукова-багаслоўскай рабоце менскіх Духоўных акадэміі і семінарыі, кандыдат багаслоўя, дацэнт, Аляксандр Валер'евіч Слесараў.

На інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі было зарэгістравана больш за 100 дакладаў і каля 60 артыкулаў былі прадстаўлены для друку ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі.

Вялікую цікавасць удзельнікаў канферэнцыі выклікалі выступленні Алеся Сушы аб паходжанні Жыровіцкага Евангелля, намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, кандыдата гістарычных навук Дзяніса Лісейчыкава пра герб Жыровічаў, намесніка дырэктара па навуковай рабоце Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Галіны Рыгораўны Нячаевай, якая паведаміла пра новыя матэрыяалы пра Жыровіцкі абраз і абраз Божай Маці ў рукапісах стараабрадцаў канца ХVII - пачатку ХVIII ст.

Прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі паведаміў пра віртуальную рэканструкцыю бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Міхайлаўна Дубянецкая падзялілася інфармацыяй пра даследванне Лонданскага Евангелля.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Miкалаеўна Фiлатава распавяла пра жыццё і дзейнасць Менскага і Бабруйскага праваслаўнага архіепіскапа Міхаіла Галубовіча.

Кандыдат гістарычных навук Павел Булаты пазнаёміў з археаграфічным даследаваннем кнігазбору касцёла ў Ляхавічах. Таццяна Анатольеўна Лаўрык азнаёміла з публікацыямі беларускага пісьменніка міжваеннага перыяду Вячаслава Адамовіча (Дзергача) на старонках беларускіх газет. Ксенія Суша праінфармавала пра экспазіцыйна-выставачны праект, прысвечаны нацыянальным энцыклапедыям.

ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні засведчылі пра высокі ўзровень даследванняў кніжнай культуры Беларусі, духоўна ўзбагацілі яго удзельнікаў і ўсіх, хто сачыў за падзеяй у віртуальнай прасторы.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Як ва Украіне 25 гадоў адраджалі сваю мову, пакуль у Беларусі дзейнічала дзяржаўнае дзвюхмоўе

Распад Савецкага Саюза стварыў роўныя магчымасці для развіцця нацыянальных моў Беларусі і Украіны. Але пасля рэферэндуму 1995 года ў Беларусі і "моўныя" шляхі суседзяў разышліся - беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, у той час як украінская ў гэты час умацоўвала свае пазіцыі. Хоць і не без праблем. Свабода сабрала галоўныя факты па тэме.

Стартавыя пазіцыі для ўкраінскай і беларускай моваў былі падобнымі

У савецкія часы ўкраінская мова прайшла праз тыя ж выпрабаванні, што і беларуская, - рэформа правапісу 1933 года, якая павінна была зблізіць яе з расейскай, звужэнне маштабаў выкарыстання да фальклору і афіцыйных святаў, русіфікацыя ў гарадах, перавод на расейскую мову навучання ў школах і ВНУ, навязванне стэрэатыпаў аб сельскім паходжанні людзей, якія размаўлялі на нацыянальнай мове.

Як і Беларусь, Украіна падзяляецца на Усходнюю і Заходнюю. У заходнюю частку сучаснай украінскай дзяржавы савецкая ўлада прыйшла пазней, у 1939 годзе, яна не зазнала русіфікацыі 19-га стагоддзя, бо ў той час належала большай часткай да Аўстра-Вугоршчыны. Заходняя Украіна больш, чым Заходняя Беларусь, захавала сваю мову і ідэнтычнасць, што дапамагло нацыянальнаму адраджэнню.

Абышліся без моўнага рэферэндуму

Нельга сцвярджаць, што ва Украіне ўсе постсавецкія гады пагрозы статусу ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай не існавала. Кожны раз перад выбарамі некаторыя палітыкі, выкарыстоўваючы рэгіянальныя адметнасці, абяцалі аднолькавыя ўмовы функцыянавання расейскай і ўкраінскай моў. Нават некалькі разоў спрабавалі арганізаваць моўныя рэферэндумы. Але адбыўся толькі адзін - рэгіянальны.

У сакавіку 1994-га, адначасова з выбарамі ў Вярхоўную Раду, паводле рашэння абласных уладаў адбылося "кансультацыйнае апытанне" ў Данецкай і Луганскай абласцях. На ім ад 80 да 90 адсоткаў жыхароў падтрымалі федэралізацыю Украіны, дзяржаўны статус расейскай мовы і больш цесную інтэграцыю ў СНД. Але тады Генеральная пракуратура Украіны абскардзіла законнасць гэтага "апытання" ў судзе, які пастанавіў, што вынікі мясцовага рэферэндуму не маюць прававой сілы.

Расейская мова два гады мела статус рэгіянальнай

Але гэта не спыніла прарасейскіх палітыкаў. Яшчэ многія гады, ажно да 2014-га, калі ва Украіне адбылася Рэвалюцыя Годнасці, яны працягвалі настойваць на ідэі, калі не дзяржаўнага, то афіцыйнага статусу для расейскай мовы і магчымасці яе выкарыстання ў справаводстве.

У выніку ў 2012 годзе парламент Украіны ўхваліў закон "Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі". Яго ініцыявалі два дэпутаты тагачаснай партыі ўлады - Партыі рэгіёнаў - Сяргей Ківалаў і Вадзім Калеснічэнка (апошні цяпер у вышуку па справе аб дзяржаўнай здрадзе).

Закон выклікаў "паўзучую русіфікацыю", якую спынілі падзеі 2014 года: расейская мова тады атрымала статус рэгіянальнай у 13 з 27 рэгіёнаў, у тым ліку ў Данецкай, Луганскай, Адэскай абласцях, Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, дзе колькасць носьбітаў расейскай мовы перавышала 10%. Тэле- і радыёкампаніі пачалі там паступова адмаўляцца ад украінскай мовы ў эфіры, замяшчаючы яе расейскаю. У канцы 2013 года, падчас кадэнцыі прэзідэнта Януковіча, толькі кінапаказ і адукацыя заставаліся сферамі, дзе ўкраінская мова трывала захоўвала пазіцыі.

Пасля Рэвалюцыі Годнасці гэты закон "Ківалава-Калеснічэнкі" скасавалі, а новы ўхвалілі толькі ў 2019 годзе. Але перад тым новы, паслярэвалюцыйны ўрад Украіны паспеў зрабіць іншыя крокі, каб вярнуць украінскай мове страчаныя пазіцыі.

Новая хваля моўнага адраджэння пасля 2014-га

Моўныя квоты на ўкраінамоўную прадукцыю для ўсіх тэлевізійных ды радыёарганізацый былі ўведзены ў 1994 годзе, але перыядычна ўносіліся змены ў іхнія аб'ёмы.

У часы прэзідэнцтва Януковіча гэтыя патрабаванні ўвогуле скасавалі, але ўжо ў 2017 годзе Вярхоўная Рада Украіны іх не толькі аднавіла, але і павялічыла з 35 да 75 ад-соткаў.

Украінская мова пачала хутка вяртацца ў эфір, перыядычныя выданні, на эстраду. З бюджэту пачалі сістэмна выдзяляць грошы на падтрымку ўкраінскай кнігі і кіно. Гэта падтрымлівала грамадства - пасля расейскай збройнай агрэсіі ва Украіне ўсё больш расейскамоўных грамадзян пераходзіла ў побыце на ўкраінскую мову.

Расейская мова ва Украіне не забаронена, яна прысутнічае ў СМІ і шоў-бізнесе, на кніжным рынку, у крамах і на транспарце, але ўжо нельга сказаць, што яна там дамінуе. Закон абавязвае весці рэкламу тавараў і паслуг па-ўкраінску.

Украінізацыя школ і ВНУ

Ва Украіне прайшла адукацыйная рэформа, адным са складнікаў якой стаў пераход на ўкраінскую мову ўсёй сістэмы навучання. Што праўда, поўнай украінізацыі школ яшчэ не адбылося, але колькасць навучальных устаноў з расейскай мовай навучання зменшылася.

Ва Украіне працуе 16 176 сярэдніх школ, у якіх навучаецца 3,9 мільёна вучняў.

З 2014 году расейскамоўных школ стала ўтрая менш. Паводле Міністэрства адукацыі і навукі Украіны, у 2014-2015 навучальным годзе іх было 621, а ў 2018-2019-м - ужо 194 (з іх 43 - прыватныя). Большасць расейскамоўных школ застаецца ў Харкаўскай (66), Запарожскай (35), Адэскай (34) і Дняпроўскай (31) абласцях. У трохмільённым Кіеве цяпер чатыры расейскамоўныя школы.

Але ўжо сёлета з верасня, паводле заканадаўства, усе сярэднія школы мусяць перайсці на ўкраінскую мову навучання. Магчымасць вучыцца на расейскай ці іншай нацыянальнай мове застанецца толькі ў пачатковай школе і толькі ў тым выпадку, калі дзеці належаць да пэўнай нацыянальнай групы.

У вышэйшых навучальных установах (а іх ва Украіне больш за 240), згодна з заканадаўствам, мова навучальнага працэсу - дзяржаўная мова. У той жа час іншаземцы могуць выбраць для навучання адну з трох моў - ангельскую, украінскую ці расейскую. Гэтыя палажэнні закона выконваюцца.

Новы правапіс

У траўні 2019 года ўрад Украіны зацвердзіў новы ўкраінскі правапіс, які пасля грамадскага абмеркавання прапанавала Нацыянальная камісія ў пытаннях правапісу.

Ва ўкраінскую арфаграфію вярнуліся многія нормы, якія дзейнічалі да моўнай рэформы 1933 года. Новыя правілы ахопліваюць не толькі ўласна правапіс, але і граматыку, пунктуацыю, а таксама адпаведныя эпосе электронных тэкстаў патрабаванні да іх афармлення.

Новы ўкраінскі правапіс набліжаны да моўнай традыцыі і народнага маўлення. Іншамоўныя словы перадаюцца адпаведна заходнееўрапейскай традыцыі засваення. Зацверджана магчымасць выкарыстання фемінітываў.

Ва ўкраінскі алфавіт вярнулася літара "Г-выбуховае".

Моўны амбудсмен

Усе захады, якія цягам пяці гадоў прэзідэнцтва Пятра Парашэнкі накіроўваліся на падтрымку ўкраінскай мовы, трансфармаваліся ў новы моўны закон 2019 года.

Закон прадугледжвае нормы, якія забяспечваюць функцыянаванне ўкраінскай мовы як афіцыйнай ва ўсіх сферах жыццядзейнасці дзяржавы - у дзяржаўнай службе, сферы абслугоўвання, у правасуддзі, ахове здароўя, навуцы, культуры.

Ва Украіне ўпершыню за гісторыю незалежнасці з'явіўся новы інстытут для абароны дзяржаўнай мовы - моўны амбудсмен (упаўнаважаны па абароне дзяржаўнай мовы). Паводле закона, менавіта ён павінен кантраляваць выкананне гэтага закона і дзяржаўных праграм развіцця ўкраінскай мовы, а таксама разглядаць звязаныя з гэтым скаргі грамадзян і юрыдычных асобаў.

Што праўда, гэты інстытут пакуль не запрацаваў напоўніцу. Прызначаная ў канцы 2019 году на гэтую пасаду Тацяна Манахава сышла ў адстаўку, абвінаваціўшы ўрад у адсутнасці палітычнай волі, каб забяспечыць функцыянаванне гэтага інстытута. На яе думку, урад сабатаваў стварэнне працоўных органаў і не забяспечваў дастатковага фінансавання.

Прэзідэнт Зяленскі загаварыў па-ўкраінску

Адразу пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў 2019 года, яшчэ не ўступіўшы ў прэзідэнцкія паўнамоцтвы, Уладзімір Зяленскі выказаў пэўныя сумневы ў канстытуцыйнасці моўнага закона, які ўхваляўся ў разгар выбарчага цыклу. Ён паабяцаў прааналізаваць закон, "каб пераканацца, што ў ім выкананы ўсе канстытуцыйныя правы і інтарэсы ўсіх грамадзян Украіны".

Але гэтая заява развіцця не атрымала. Зяленскі, які да прэзідэнцтва, будучы акторам, часцей са сцэны гаварыў па-расейску, на пасадзе кіраўніка дзяржавы паслядоўна перайшоў у публічных выступах на ўкраінскую мову.

Усе ягоныя папярэднікі - Леанід Краўчук, Леанід Кучма, Віктар Юшчанка, Віктар Януковіч, Пятро Парашэнка - у афіцыйных выступах і ў кантакце з падначаленымі прамаўлялі на дзяржаўнай украінскай мове.

Украінская мова - працоўная для дзяржаўнага апарату

Украінская мова за апошнія 30 гадоў стала не толькі паводле закона, але і фактычна працоўнай для ўсяго дзяржаўнага апарату, парламенту, праваахоўных органаў, арміі і флоту.

Па-ўкраінску выступаюць палітыкі ў парламенце і мясцовых радах, публікуюцца законы і рашэнні ўраду ды іншых адміністрацыйных органаў, вядуцца судовыя спрэчкі, выпісваюцца штрафы і рэцэпты лекаў, аддаюцца загады на фронце на Данбасе, дзе працягваецца неабвешчаная Расеяй вайна з Украінай.

Усе дзяржаўныя службоўцы паводле закона абавязаны карыстацца дзяржаўнай украінскай мовай, а ўсе грамадзяне, якія паступаюць на дзяржаўную службу, абавязаны пацвердзіць адпаведным сертыфікатам свае веды дзяржаўнай мовы, у тым ліку прэзідэнт, прэм'ер-міністр, міністры, дэпутаты ды іншыя кіраўнікі дзяржаўных органаў.

Вырас прэстыж украінскай мовы

На моўную сітуацыю ўплываюць не толькі законы, нацыянальнае абуджэнне, ініцыятывы, але і пэўная інерцыя ў грамадстве. На вуліцах у Кіеве і цяпер можна пачуць адначасова і ўкраінскую мову, і расейскую, на захадзе Украіны часцей гавораць па-ўкраінску, а на ўсходзе - па-расейску або на змяшанай расейска-ўкраінскай гаворцы, якую тут называюць суржыкам (аналаг беларускай трасянкі). Але сацыёлагі адзначаюць, што апошнім часам прэстыж украінскай мовы сярод звычайных людзей вырас.

Паводле вынікаў апошніх сацыялягічных апытанняў, чатыры пятыя грамадзян Украіны (81%) мяркуюць, што ўкраінская мова - важны атрыбут незалежнасці краіны, і жадаюць большага ўжывання ўкраінскай мовы ад чыноўнікаў і СМІ.

Як сведчаць вынікі сацапытання фонду "Дэмакратычныя ініцыятывы" імя Ілька Кучарыва, такое стаўленне да ўкраінскай мовы аб'ядноўвае жыхароў усіх рэгіёнаў Украіны, прычым найменшы адсотак прыхільнікаў такой ацэнкі на ўсходзе складае 64%.

Адказваючы на пытанне, які мае быць статус расейскай мовы ва Украіне, 69% апытаных украінцаў адзначылі, што яе можна свабодна выкарыстоўваць у прыватным жыцці, але ўкраінская мова павінна заставацца адзінай дзяржаўнай. Яшчэ 15% апытаных мяркуюць, што расейская мова павінна атрымаць статус афіцыйнай у некаторых рэгіёнах Украіны, а 12% - мець статус другой дзяржаўнай мовы.

Паводле звестак сацыёлагаў, прыхільнікі ўкраінскай мовы як адзінай дзяржаўнай жывуць на захадзе і ў цэнтры Украіны, у той час як статус афіцыйнай або другой дзяржаўнай мовы для расейскай найбольш падтрымліваюць на поўдні і ўсходзе Украіны.

Згодна з апошнім перапісам насельніцтва 2001 года, 67,5% грамадзян назвалі роднай украінскую мову - гэта было на 2,8% больш, чым у 1989 годзе. Але па-ранейшаму высокай - на ўзроўні 29,6% - заставалася колькасць расейскамоўных грамадзян, адначасова павялічылася і доля іншых нацыянальных моў.

Алена Літвінава, Радыё Свабода.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

Гісторыя Беларусі ў адлюстраванні савецкіх гісторыкаў запоўнена міфамі і легендамі. Адзін з такіх міфаў - міф пра прымусовае акаталічванне беларускага народа пасля Люблінскай і Берасцейскай уній. Менавіта па-гэтаму, на нашу думку, многія рэспандэнты далі негатыўную ацэнку каталіцызму, галоўнаму веравызнанню ў Вялікім Княстве Літоўскім. 47% першакурснікаў лічаць, што каталіцызм аказаў добры ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі, 35,3% - што благі. Адказы пятага курса: 57,8% - добры ўплыў, 24,4% - благі. Большасць жа выкладчыкаў (62,5%) далі негатыўную ацэнку каталіцызму. Для Гродзенскай вобласці, дзе пражывае многа католікаў, такія вынікі даследавання некалькі нечаканыя. Хаця ў апытанні прынялі ўдзел усяго 15,7% католікаў першага курса і 24,4% - пятага. Большасць апытаных (66,7% - першы курс, 68,9% - пяты курс) вызначылі сваё веравызнанне як "праваслаўны" і вельмі станоўча ацанілі ролю праваслаўя ў гісторыі Беларусі (80,4% - першы курс, 80% - пяты курс, 87,5% - выкладчыкі).

Аднак, як сведчаць навуковыя факты, каталіцызм і ўніяцтва былі галоўнымі рэлігійнымі плынямі ў час існавання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Што прыцягвала грамадзян старажытнай Беларусі ў гэтых веравызнаннях? У каталіцкай веры, як намі ўжо адзначалася, простаму чалавеку вельмі падабалася тое, што каталіцкія святары не мелі жонкі, сям'і, а, значыцца, усяцэла любілі Бога, служылі толькі яму, былі больш сціплыя і аскетычныя ў асабістым жыцці. Да ўніяцтва людзей цягнула яго ўвага да мясцовых нацыянальна-культурных традыцый, шырокае выкарыстанне ў рэлігійных казаннях беларускай мовы. Калі ў 1839 годзе быў падпісаны акт аб "уз'яднанні" беларускай уніяцкай царквы з расейскай праваслаўнай, значная частка ўніятаў, незадаволеная гэтым, добраахвотна далучылася да каталіцкай рэлігіі.

Большасць рэспандэнтаў на пытанне анкеты аб станоўчай ролі рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай (уніяцкай) цэркваў у развіцці навукі ды культуры на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны ў ХVII стагоддзі не змагла даць ацэнку або ацаніла адмоўна. Па-гэтаму, на нашу думку, сёння вельмі патрэбны справядлівая інфармацыя, глыбокія дасдедаванні аб ролі гэтых дзвюх рэлігійных плыняў у развіцці беларускай гісторыі і культуры.

Другім шырока распаўсюджаным міфам з'яўляецца міф аб тым, што гісторыя Беларусі пачынаецца з гісторыі Кіеўскай Русі. А як лічаць рэспандэнты?

Большасць выкладчыкаў лічыць, што гэта не так (62,5% - 5 чал.). У студэнтаў адказы размеркаваліся наступным чынам: першы курс: 54,9% - так, 41,2% - не; пяты курс: 55,6% - так, 40% - не.

Большасць апытаных пятага курса (68,9%) лічыць, што падзелы Рэчы Паспалітай мелі негатыўны ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі, і ў той жа час 71,1% рэспандэнтаў гэтага ж курса сцвярджаюць, што далучэнне зямель Беларусі да царскай Расіі прыспешыла яе эканамічнае і культурнае развіццё.

Адказы першага курса размеркаваліся так: 45,1% лічыць, што падзелы Рэчы Паспалітай мелі добры ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі, а 43,1% - што благі. 72,5% сцвярджаюць, што далулэнне Беларусі да царскай Расіі прыспешыла яе развіццё, 21,6% - што затрымала.

Большасць выкладчыкаў лічыць, што падзелы Рэчы Паспалітай мелі благі ўплыў, і што далучэнне да Расіі затрымала эканамічнае і культурнае развіццё Беларусі.

Што датычыцца адказаў на штанне аб далучэнні зямель Беларусі да СССР, то 50 % выкладчыкаў лічыць, што гэтая падзея затрымала эканамічнае і культурнае развіццё Беларусі, 50% - што прыспешыла. 45,1% рэспандэнтаў першага курса лічыць, што прыспешыла, 41,2% - што затрымала. Большасць апытаных пятага курса сцвярджаюць (51,1%), што гэтае далучэнне прыспешыла эканамічнае і культурнае развіццё Беларусі.

Такім чынам, большасць рэспандэнтаў адказалі, што падзелы Рэчы Паспалітай мелі негатыўны ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі і ў той жа час сцвярджаюць, што далучэнне зямель Беларусі да царскай Расіі, а потым да СССР прыспешыла яе эканамічнае і культурнае развіццё. I па-гэтаму, нам здаецца, з'яўляюцца заканамернымі адказы большасці апытаных аб тым, што распад СССР мае негатыўны ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі (41,2% - першы курс, 51,1% - пяты курс, 62,5% - выкладчыкі).

Пераважная большасць як студэнтаў, так і выкладчыкаў лічыць, што ў культуры Беларусі ёсць многа агульнага з заходне-еўрапейскай культурай. I гэта так. Беларусь - цэнтральна-еўрапейская дзяржава, многія яе знакамітыя асобы вучыліся ў заходнееўрапейскіх універсітэтах (Ф. Скарына, М. Гусоўскі, Л. Сапега). Але ж не зусім зразумела, чаму большасць апытаных таксама лічыць, што ў культуры Беларусі ёсць многа агульнага і з візантыйска-ўсходняй культурай.

Гістарычную самасвядомасць беларускага народа нельга ўявіць без ведаў сваіх нацыянальных герояў, якімі ганарыцца кожны нацыянальна сведамы беларус. Такімі асобамі для большасці рэспандэнтаў з'яўляюцца: Ф. Скарына (76,5% - першы курс, 62,2% - пяты курс, 75% (6 чал.) - выкладчыкі); Е. Полацкая (39,3% - першы курс, 51,1% - пяты курс, 50% (4 чал.) - выкладчыкі); Вітаўт (39,2% - першы курс, 31,1% - пяты курс, 50% (4 чал.) - выкладчыкі); К. Каліноўскі (33,3% - першы курс, 24,4% - пяты курс, 75% (5 чал.) - выкладчыкі). Вельмі нечаканымі з'явіліся адказы 43,1% першакурснікаў і 35,6% пяцікурснікаў, якія лічаць знакамітай асобай Пятра I. Тлумачэнне, на наш погляд, гэтаму наступнае: па-першае, многія, мабыць, з гродзенскіх студэнтаў лічаць сваёй краінай былы СССР, а не Беларусь; па-другое, мабыць, у гэтых адказах назіраецца нейкая сувязь з перамогай Пятра I у Паўночнай вайне. Перамогшы ў гэтай вайне, Пётр I пазбавіў палякаў, а гэта значыць, і жыхароў Гродзенскай вобласці, ад пагроз і пастаянных набегаў шведаў.

Многія рэспандэнты называюць знакамітай асобай у гісторыі Беларусі П. Машэрава (17,6 % - першы курс, 20 % - пяты курс).

Самымі найвялікшымі палітычнымі, культурнымі і грамадскімі дасягненнямі сваёй гісторыі большасць апытаных лічыць наступныя: кнігадрукаванне; утварэнне БНР (1918 г.); распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі; перамога ў Вялікай Айчыннай вайне; узнікненне Вялікага Княства Літоўскага і яго Статутаў.

З падзей ці ідэалогій, якія прычынілі найбольш шкоды Беларусі, часцей за ўсё называліся такія: Вядікая Айчынная вайна - фашызм; Кастрычніцкая рэвалюцыя - сацыялізм; сталінізм; далучэнне да СССР; русіфікацыя.

Заканамерна, зыходзячы з вышэйназваных падзей, большасць рэспандэнтаў назвала і асоб, якія прычынілі найбольш шкоды Беларусі. Менавіта: Сталіна, Леніна, Гітлера, Кацярыну ІІ, Гарбачова, Брэжнева, Берыю. А выкдадчыкі (3 чал.) назвалі нават Кебіча В.Ф.

Незразумела, чаму большасць апытаных лічыць, што распад СССР мае благі ўплыў на развіццё гісторыі Беларусі і ў той жа час сцвярджае, што Гарбачоў мае ў гісторыі станоўчую ролю (35,3% - першы курс, 44% - пяты курс).

Даючы ацэнку сучасным падзеям, большасць рэспандэнтаў, як выкладчыкаў, так і студэнтаў прызнаюць станоўчую ролю польскай "Салідарнасці" у гісторыі Беларусі (70,6% - першы курс, 42,2% - пяты курс, 50% (4 чал.) - выкладчыкі). Дзейнасць літоўскага "Саюдзіса" 19,6% рэспандэнтаў першага курса і 17,8% рэспандэнтаў пятага курса ацанілі станоўча. Большасць астатніх або не змагла ацаніць, або не бачыць ніякага ўплыву гэтага аб'яднання на гісторыю Беларусі.

Прыемна, што пераважная большасць адказаўшых станоўча ацаніла дзейнасць Беларускага Народнага Фронту. I гэта справядліва. Было б якраз, наадварот, вельмі незразумела, калі б гісторыкі не змаглі правільна ацаніць БНФ, дзе вельмі многа гісторыкаў. Менавіта маладыя вучоныя-гісторыкі, асабліва на этапе станаўлення БНФ, першымі загаварылі аб нацыянальным адраджэнні, аб гістарычнай і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. I гэта вельмі добры знак. Гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь верне страчаную спадчыну, што яна жыла, жыве і будзе жыць!

Заключэнне

Абагульняючы вынікі даследавання ва ўсіх трох універсітэтах, прыводзім некаторыя статыстычныя даныя: у даследаванні сярод выкладчыкаў удзельнічалі 82% беларусаў, 14,3% рускіх, са стажам педагагічнай працы: больш 20-ці гадоў - 25%, 15-20 гадоў - 17,9%, 10-15 гадоў - 14,5%, 5-10 гадоў - 14,3%, 1-5 гадоў - 17,9%. Веравызнанне сваё выкладчыкі пазначылі: праваслаўны - 50%, католік - 3,6%, няверуючы - 32,1%.

Сярод студэнтаў у даследаванні прынялі ўдзел 69,9% беларусаў, 19,1% рускіх, 5,6% палякаў, 3,6% яўрэяў. Сваё веравызнанне студэнты пазначылі: праваслаўе - 66,1%, каталіцызм - 13% іудаізм - 0,7%, няверуючы - 13,4%.

Такім чынам, у даследаванні ў асноўным удзельнічалі выкладчыкі-мужчыны (85%), беларусы праваслаўнага веравызнання са стажам педагагічнай працы ад 1 да 20 і болей гадоў і студэнты-беларусы, праваслаўнага веравызнання, амаль з аднолькавым прадстаўніцтвам мужчын (45,1%) і жанчын (54,5%).

Аналізуючы табліцы аднамернага і двухмернага размеркавання адказаў, можна зрабіць наступныя высновы (па выкладчыках):

1. Большасць выкладчыкаў, згодна з іх думкай, добра ведае гісторыю Расіі (82,1%), Беларусі (75%), Польшчы (67,9%), Англіі (50%), Германіі (50%), Францыі (46,4%), Літвы (42,9%), ЗША (39,3%), Украіны (39,3%). Прычым назіраецца такая тэндэнцыя: выкладчыкі са стажам педагагічнай працы 15 і болей гадоў аднесліся больш крытычна да сваіх ведаў па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы, чым іх мададзейшыя калегі (стаж працы 1-5 гадоў). Амаль усе выкладчыкі добра ведаюць гісторыкаў: У. Салаўёва, В. Ключэўскага, У. Ігнатоўскага, М. Доўнар-Запольскага, Грушэўскага, Т. Нарбута. Аднак прыкмегна, што з працоўным стажам узрастае гістарычная дасведчанасць.

2. 53,6% выкладчыкаў лічыць, што гісторыя Кіеўскай Русі з'яўляецца пачаткам гісторыі Беларусі, а 25% адказалі - "не". Прычым выкладчыкі са стажам працы болей 20-ці гадоў, усе адказалі, што гэта "так". Адмоўна адказалі ў асноўным выкладчыкі са стажам працы 1-5 і 5-10 гадоў.

3. Па такіх гістарычных падзеях, як Крэўская і Люблінская унія абазначаецца тэндэнцыя: чым вышэй стаж працы, тым больш негатыўна ацэньваецца Крэўская унія і болей пазітыўна Люблінская унія.

4. Падзелы Рэчы Паспалітай большасць выкладчыкаў ацаніла як негатыўную з'яву (60,7%). Як добрую з'яву ацанілі ў асноўным выкладчыкі (25%) са стажам працы болей 20-ці гадоў.

5. Далучэнне зямель Беларусі да царскай Расіі затрымала эканамічнае і культурнае развіццё Беларусі - так лічыць 46,4% выкладчыкаў, а 35,7% сцвярджаюць, што прыспешыла. Прычым, што прыспешыла, лічаць выкладчыкі са стажам працы 15 і болей гадоў, а што затрымала - 1-5, 5-10 гадоў.

6. 42,9% выкладчыкаў адказалі, што далучэнне зямель Беларусі да СССР прыспешыла яе эканамічнае і культурнае развіццё, а 25% - што затрымала. I тут такая ж заканамернасць: чым вышэй стаж педагагічнай працы, тым больш пазітыўная адзнака далучэнню Беларусі да СССР.

7. Распад Савецкага Саюза большасць выкладчыкаў (46,4%) ацанілі як дрэнную з'яву, 32,1% - як добрую. Прычым, як добрую з'яву у асноўным ацанілі выкладчыкі са стажам працы 1-5 гадоў (60%) і болей 20-ці гадоў - 42%, як благую - 57,1% выкладчыкаў ацаніла са стажам болей 20-ці гадоў.

8. Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю 39,3% ацаніла як з'яву, якая негатыўна ўплывае на гісторыю Беларусі, 28,6% - як пазітыўна. І зноў, чым вышэй стаж педагагічнай працы, тым больш высокая ацэнка гэтай падзеі.

9. Дзейнасць Беларускага Народнага Фронту 50% выкладчыкаў ацаніла пазітыўна, 21,4% - негатыўна. Прычым пазітыўная ацэнка у асноўным з боку маладых выкладчыкаў са стажам працы 1-5 гадоў.

10. Большасць выкладчыкаў лічыць, што ўсе цэрквы (рыма-каталіцкая, грэка-каталіцкая, праваслаўная, пратэстанцкая) спрыялі развіццю навукі ды культуры на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны ў ХVII стагоддзі.

11. Амаль усе выкладчыкі сцвярджаюць, што ў гісторыі Беларусі ёсць многа агульнага як з заходне-еўрапейскай, так і візантыйска-ўсходняй культурай.

Такім чынам, падводзячы вынікі даследавання сярод выкладчыкаў, можна зрабіць асноўную выснову: больш правільнае, навуковае, сучаснае тлумачэнне многім гістарычным падзеям даюць маладыя выкладчыкі. Выкладчыкі ж з вялікім педагагічным стажам і вопытам больш кансерватыўныя ў сваіх адказах. Па-гэтаму сёння адной з галоўных задач з'яўляецца падрыхтоўка нацыянальных выкладчыкаў-гісторыкаў з новым мысленнем і сучасным пунктам гледжання на гістарычныя падзеі.

(Працяг у наст. нумары.)

Палата ветэранаў войнаў

У студзені і лютым непажаданы сябар, інсульт, запрасіў мяне аж у дзве бальніцы: 5 -ую і 2 -ую. Там я звярнуў увагу на пацыентаў палат з шыльдамі "Палата ветеранов войн". Пацыентамі былі толькі кабеты, маладзейшыя за мяне. Я 1934 года нараджэння. Адчувалася нейкая сарамлівасць, а не гонар пацыентаў гэтых палат. Можна было пачуць: "Закривайте двери от "интересующихся". Значыць, ветэраны адчуваюць нейкую няёмкасць ці сорам перад пацыентамі бальніцы.

Мае разважанні па праблеме ветэранаў не супадаюць з афіцыйнай прапагандай уладаў. Ветэранаў, якія разам з намі радуюцца жыццю, засталіся адзінкі. Адсвяткавалі 75-ці годзе з дня заканчэння вайны. Звесткі вікіпедыі "Апошні ваенны прызыў - прызыў на вайсковую службу, апошні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку 17-18 - гадовых прызыўнікоў 1926 і 1927 гадоў нараджэння." Значыць: 17 плюс 75 раўняецца 92. Вось які самы малады ўзрост сапраўднага жывога сёння ветэрана можа быць.

Але, во дзіва: я на 87 годзе свайго жыцця мог быць ветэранам, каб меў паперку (выбачаюся, дакумент), што ўдзельнічаў у рэйкавай вайне. А было так. Партызаны пачалі ўсё часцей і часцей падрываць і пускаць пад адхон нямецкія цягнікі на чыгунцы Маладэчна - Полацк. Немцы пачалі рабіць начныя засады на мяркаваных праходах партызан да чыгункі. З'явіліся першыя страты сярод партызан. І тады партызаны вынайшлі адзін з варыянтаў выхаду з сітуацыі - пазбегнуць стратаў. Прыходзілі ноччу і прымушалі, як бы, паказаць дарогу да "жалезкі". Прычым падлетак ці хтосьці дарослы павінен быў ісці ўперадзе, як важак, на адлегласці. Нямецкая засада ў начной цемры пачынала страляць па "бандытах". Былі ахвяры. Некалькі разоў і я вадзіў партызан да чыгункі, перагону Зябкі - Палевачы.

На маёй малой радзіме на сёння захаваліся акопы і Першай, і Другой сусветных войнаў. У час Першай сусветнай вайны казакі царызму выгналі на ўсход адзін міліён сто тысяч беларусаў. А колькі загінула ў царскім і бальшавіцкім войску? Дык ці павінны беларусы памятаць аб гэтым? Я памятаю ад бабулі і матулі расказы аб загінуўшых з нашага роду на гэтых войнах. Разумова-псіхалагічна праз 75 гадоў мірнага жыцця я аднолькава ўспрымаю гэтыя далёкія войны як памяць аб далёкім мінулым. Для маіх дзяцей і ўнукаў гэта такія самыя войны, як для мяне і людзей майго пакалення вайна 1812 года з Напалеонам. Дык "няўжо нас не аб'ясніць розум ясны?" (Янка Купала). Пара вярнуцца нам да нашай старажытнай і сучаснай еўрапейскасці. Мне страшна бачыць мілітарысцкі псіхоз на тэлеканалах Расеі, а яны ж і ў нас замест сваіх нацянальна беларускіх як па мове, так і па змесце. Сорам перад светам і злачынна перад народам: у дзяржаве Рэспубліка Беларусь няма аніводнага этнамоўнага тэлеканала, а на тых, што ёсць, таксама зашмат ваеншчыны.

На 75-ці годзе заканчэння вайны з бюджэту (гэта народныя грошы) выдзелены адпаведныя немалыя сродкі. Ці з розумам мы іх патрацілі? Амаль месяц я ляжаў у неўралагічным аддзяленні (для пацыентаў з інсультам) 5-й бальніцы. Бывалі дні, калі ў калідоры было да 10 ложкаў з пацыентамі і кропельніцамі. Мой сусед па палаце на год старэйшы за мяне з калідора толькі на шосты дзень трапіў у палату. А каб інсультнікі не ляжалі днямі ў калідоры для майго (дзе я лячыўся) аддзялення на сёння патрэбна дадаткова дзве палаты (у палаце па пяць ложкаў).

Беларускі народ у дні 75-цігодзя заканчэння страшнай апошняй вайны на нашай беларускай зямлі, у выніку якой Беларусь страціла мільёны жыццяў і значную частку сваёй гістарычнай тэрыторыі годны таго, каб гэтае свята сталася надалей "Святам Душы" свайго роду і народа. Патрыятычна-адукацыйны эфект будзе значна большым, калі галоўныя мерапрыемствы перанесці з вуліцы з ваеннымі парадамі ў палацы і тэатры з трансляцыяй урачыстасцяў сучаснымі СМІ. Абарончы патрыятызм беларусаў пачне ўмацоўвацца на здаровых нашых гістарычных традыцыях.

Паважаны чытач, калі ўбачыш у гэтым матэрыяле "очернение героизма, искажение фактов" і падобнае паведамляю: што наша сям'я прайшла праз пекла-блакаду (помнік "Прарыў" каля г.п. Ушачы - Кублічы); дзядуля, дзядзькі, родныя загінулі ў пекле вайны, магілы не ўсіх вядомы.

Мікола Савіцкі, прафесар.

Вечная памяць беларускамоўнаму святару

Прыхаджане і клірыкі Свята-Петра-Паўлаўскага сабора праводзілі ў апошні шлях айца Генадзя Буцько, які нёс служэнне ў саборы з 2003 года.

Ён адышоў да Госпада 29 красавіка 2020 года на 57 годзе жыцця пасля працяглага захворвання, звязанага з каронавіруснай інфекцыяй. Айцец Генадзь быў адказным за сацыяльную працу на прыходзе і выконваў яе з любоўю і стараннасцю. 1 траўня адбылося адпяванне святара ў храме на Нямізе. Развітацца са святаром прыйшлі клірыкі сабора і шматлікія вернікі, якія ведалі і шанавалі айца Генадзя.

Айцец Генадзь нарадзіўся ў 1963 годзе ў Менску. Ён прыняў рашэнне прысвяціць свае жыццё Царкве Хрыстовай і ў 2003 годзе быў высвечаны на дыякана, а потым - на святара Мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам.

- Айцец Генадзь служыў па-беларуску, усё, што людзі жадалі па-беларуску рабіць, вянчанні, напрыклад, рабіў, - распавяла Вольга Алейнік, прыхаджанка Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. - Ён ніколі не гнаўся за чынамі, быў вельмі просты ў камунікацыі, прапаведаваў вельмі шчыра і натхняльна". У айца Генадзя засталіся чацвёра дзяцей: Аксана, Валеры, Ганна і Канстанцін.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Нашы франтавікі

Кожны год ТБМ імя Ф. Скарыны горада Магілёва ўшаноўвае сваіх франтавікоў. 7 траўня з Уладзімірам Пухоўскім наведалі месцы пахавання Васіля Матэвушава, Аляксея Пысіна і Валянціна Ермаловіча. Пачысцілі надмагільныя помнікі і ўсклалі цюльпаны з свайго лецішча. Каталіцкія, або Польскія могілкі на вуліцы Лазарэнкі (Віленская) - тут знайшлі свой спачын пісьменнікі В. Матэвушаў і А. Пысін. Васіль Матэвушаў - вядомы магілёўскі паэт, які нарадзіўся ў мястэчку Княжыцы. Ваяваў. Пасля вайны працаваў у мясцовай газеце. Адной з асноўных тэм яго творчасці была прырода падняпроўскага краю. Зараз у Магілёве жыве яго дачка Наталля Матэвушава, з якой ТБМ-аўцы сябруюць і дапамагаюць, чым могуць. Некалькі год таму мы папрасілі спадарыню Наталлю, каб яна сабрала архіў свайго бацькі, яго рукапісы, фотаздымкі і аднесла ў Абласны архіў.

Аляксей Пысін родам з Краснапольскага раёна. Класік беларускай літаратуры. У Магілёве жывуць дзве яго дачкі. На Лаўсанаўскіх могілках пахаваны В. Ермаловіч. Валянцін Іванавіч - заслужаны дзеяч культуры, франтавік, акцёр, рэжысёр, грамадскі дзеяч. Пасля таго як мы прыбралі магілу і ўсклалі кветкі, Уладзімір Пухоўскі пасадзіў дзве шаравідныя туі, якія прывёз з свайго расліннага гадавальніка "Зялёны рай". У Валянціна Ермаловіча два сыны - адзін жыве ў Магілёве, а другі ў Менску. У гэтым годзе ў сувязі з эпідэміяй мы не праводзім масавых мерапрыемстваў, але вось так лакальна ўшанавалі памяць нашых герояў вайны.

Дзьячкоў Алег, Магілёў.

ТРЭБА ГУРТАВАЦЦА РАЗАМ

Абмежаванні, звязаныя з каронавірусам, абумовілі і ўскладнілі грамадскую актыўнасць ў раёне: здароўе людзей - найпершы клопат, і таму публічныя мерапрыемствы перасунуты на больш позні час. Але сябры грмадскіх арганізацый, як дазваляе магчымасць і сама сітуацыя, не засталіся ўбаку аб агульных справаў і выступілі інфармацыйным рэсурсам для раённага выканаўчага камітэта і раённай бальніцы для збору сродкаў на платформе Моламола: падрыхтавана лагістычнае пісьмо, у якім пакрокава распісана тое, што трэба зрабіць для рэгістрацыі на платформе. Напісаны ліст для раённай бальніцы для размяшчэння на платформе для збору сродкаў, дадзены кантакты асобаў (Андрэй Стрыжак, Ірына Траццякова), якія займаюцца гуманітарным праектам дапамогі медыцынскім установам, медыкам, людзям пажылога ўзросту. Перададзены кантакты групы, якая займаецца гэтымі справамі ў Віцебску.

Прымалі ўдзел грамадскія актывісты і ў акцыі #Дзякуй, доктар. Каронавірус ў нашым раёне пайшоў з вёскі Жыгулі ад дальнабойшчыка. Дачка кіраўнічкі арганізацыі шматдзетных сямей "СемьЯ" Вольга Васіленка, якая нарадзілася ў гэтай вёсцы, а зараз індывідуальны прадпрымальнік і жыве ў Санкт-Пецярбургу, зрабіла свой унёсак у дапамогу раённай бальніцы, куды перададзена амаль 10 тысяч хірургічных масак, медыцынскіх пальчатак, нарукаўнікаў і дэзінфіцыруючай вадкасці на сумму 500 тысяч расійскіх рублёў. Груз перададзены якраз напярэдадні Вялікдня. Пэўныя складанасці з-за закрыцця мяжы з Расіяй узніклі якраз тут, але стараннямі старшыні раённай арганізацыі шматдзетных сямей і маці Вольгі - Наталлі Васіленкі, яе мужа Аляксандра, дабрачынны груз на мяжы быў перагружаны на транспарт з Верхнядзвінска і перададзены ў медыцынскую ўстанову.

Акрамя таго, жанчыны з раённай арганізацыі "Беларуская жаночая ліга" арганізавалі збор сродкаў для набыцця для медыкаў - вадкага мыла, дэзінфіцыруючых сурвэтак і мыйных сродкаў, пальчатак, туалетнай паперы, пячэння, цукерак для медыкаў, якія пастаяння знаходзяцца ў бальніцы. Першай, хто адгукнуўся на заклік падтрымаць медыкаў, стала Святлана Шук, свой ўнёсак зрабіла Тамара Кецкіна, сяброўка жаночай арганізацыі, асабісты транспарт для паездкі ў Полацк для набыцця неабходных тавараў прадаставіла Надзея Іванеева, я асабіста таксама выдаткавала пэўную суму. Падрыхтавалі для медыкаў і 20 смачных абедаў, а дапамогу нам аказала індывідуальная прадпрымальніца - Вольга Кліманская, якую наша арганізацыя кансультавала падчас яе "перыпетый" з адкрыццём самастойнай справы. Агулам сабралі каля 350 рублёў. Дзякуй за падтрымку нашай ініцыятывы абласному грамадскаму аб'яднанню "Самакіраванне і грамадства" і асабіста Хрыстафору Жаляпаву, які днямі перадаў нам яшчэ і 50 масак, якія мы аддадзім для сацыяльных работнікаў тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама для Цэнтра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Не забыліся і пра працяг акцыі "Добры сусед", якая распачыналася ў самым праблемным мікрараёне нашага горада - на Гейжанава, і якая гэтай вясной сёння святкуе маленькі юбілей - 4 гадочкі. Колькі было тады спадзяванняў на тое, што яна абудзіць мясцовых жыхароў на агульныя справы па добраўпарадкаванні месцаў агульнага жыцця, неяк падштурхне супольнасць і мясцовыя ўлады да дыялогу і агульных справаў, бо чалавечы рэсурс багаты на ідэі і ініцыятывы. Атрымалася?

Далёка не ўсё і, як аказалася, справа не ў людской інертнасці, хаця такі фактар прысутнічае, а ў тых чыноўніках, якія павінны быць завадатарамі такіх спраў. Цікава было б правесці "круглы стол" па гэтай праблеме, але з'явілася другая, больш сур'ёзная і, відаць, доўгачасовая - хвароба. І, нягледзячы на абмежаванні ў кантактах, "Добры сусед" выйшаў на прыдамовую тэрыторыю і зрабіў рамонт птушыных дамкоў, пафарбавана Дошка аб'яваў, пасаджаны кветкі. Вясна распачала свой сезон.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

У Германіі адчыняюцца музеі, цяпер яны працуюць па новых правілах

Навіны Германіі

Ахоўная маска, дыстанцыя ў паўтара метра і рух дакладна па маршруце - так павінны паводзіць сябе наведвальнікі зноў адкрытых нямецкіх музеяў, галерэй і бібліятэк.

Пасля вымушанага перапынку, звязанага з уведзеным у сярэдзіне сакавіка каранцінам з-за каронавіруса, у Германіі зноў адчынілі свае дзверы некаторыя музеі і мастацкія галерэі. Пры гэтым усе гэтыя культурныя ўстановы абавязаны выконваць меры засцярогі і абмяжоўваць колькасць наведвальнікаў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва dpa.

Ужо можна паглядзець выставу нямецкага жывапісца, графіка, скульптара і архітэктара Томаса Шутэ (Thomas Schutte) у берлінскім раёне Кройцберг.

Берлінская галерэя Ёхана Кёніга(Johann Konig) разгарнула экспазіцыю, прысвечаную творчасці двух экстравагантных сучасных мастакоў: немкі Ёрындэ Фойгт (Jorinde Voigt) і датчаніна Епе Хайна (Jeppe Hein).

PalaisPopulaire, выставачная пляцоўка Deutsche Bank у Берліне, адкрывае выставу, якая адлюстроўвае 57-гадовы творчы шлях знакамітага мастака-пакавальніка Крыста і яго жонкі Жан-Клод, якая памерла больш за 10 гадоў таму.

З сярэдзіны траўня пачнуць ізноў прымаць наведвальнікаў і буйныя сталічныя музеі. Сярод іх - Нямецкі гістарычны музей, які падрыхтаваў выставу "Ханна Арэнт і XX стагоддзе", якая расказвае пра жыццё і дзейнасць выбітнага нямецка-амерыканскага філосафа габрэйскага паходжання, палітычнага тэарэтыка і гісторыка, асновапакладальніцу тэорыі таталітарызму.

Плануецца і паступовае адкрыццё музеяў, якія знаходзяцца на Музейным востраве ў Берліне. Рыхтуюцца да адкрыцця і кёльнскі музей "Калумба", дзе экспануюцца творы мастацтва духоўнага зместу, а таксама мастацкі музей у Боне. Першых гасцей пасля каранціну ў бліжэйшы час рыхтуюцца прыняць і знакамітыя музеі Дрэздана.

Новыя правілы ў музеях

У залах можна знаходзіцца толькі пры наяўнасці ахоўнай маскі і з захаваннем дыстанцыі ў 1,5 метра паміж людзьмі. Колькасць наведвальнікаў абмежавана: у вялікіх залах адначасова дазволена прымаць па 4 - 5 чалавек, а ў маленькіх - толькі па адным чалавеку: на аднаго чалавека вызначана норма ў 20 квадратных метраў.

У выставачных залах дзейнічае "правіла вуліцы з аднабаковым рухам". Музейным наглядчыкам ўведзена ў абавязак строга сачыць за тым, каб наведвальнікі перасоўваліся па экспазіцыі ў адным кірунку - у пазбяганне сутыкненняў адзін з адным. Перад білетнымі касамі зроблена спецыяльная разметка - для захавання дыстанцыі паміж людзьмі ў чарзе. На касах і на стойках у гардэробах усталёўваюць панэлі з арганічнага шкла. Групавыя экскурсіі ў музеях пакуль не праводзяцца. У некаторыя музеі можна будзе трапіць толькі пасля папярэдняй анлайн-рэгістрацыі.

Бібліятэкі выдаюць кнігі

Першых наведвальнікаў пасля лакдаўну прынялі 4 траўня і некаторыя бібліятэкі. Так, навукоўцы і студэнты радасна віталі адкрыццё Берлінскай дзяржаўнай бібліятэкі. Аднак яе чытальныя залы пакуль застаюцца зачыненымі, як, зрэшты, і чытальныя залы іншых бібліятэк. Кнігі выдаюцца на дом. А правілы бяспекі і гігіены ў будынках дзейнічаюць такія ж, як у музеях.

Агулам 10 мільёнаў еўра будзе выдзелена з дзяржбюджэту на ажыццяўленне культурнай праграмы "Новы старт", мэта якой - падтрымаць музеі і іншыя ўстановы ў гэтыя нялёгкія часы. "Мы хочам, каб людзі зноў маглі атрымліваць асалоду ад мастацтва і культуры", - патлумачыў у інтэрв'ю журналістам Герман Парцынгер (Hermann Parzinger), прэзідэнт Фонду прускай культурнай спадчыны.

Паводле dw.com.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Рылько Леанід - 20 р., г. Баранавічы

2. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

3. Малаковіч Надзея - 10 р., г. Менск

4. Аўгустоўскі - 5 р., г. Менск

5. Чыгір Яўген - 10 р., г. Менск

6. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

7. Вяргейчык - 15 р., г. Барысаў

8. Шкут Яўген - 2 р., г. Менск

9. Дубараў Сяргей - 50 р., г. Менск

10. Навіцкі Марат - 50 р., г. Менск

11. Саперскі Андрэй - 100 р., г. Магілёў

12. Гарошка Аляксандр - 20 р., г. Менск

13. Матанскі - 10 р., г. Слуцк

14. Кіцыч Сяргей - 100 р., г. Менск

15. Бубен Кастусь - 15 р., г. Менск

16. Ляўшун Д. -12 р., г. Менск

17. Сівы Сяргей - 5 р., г. Валожын

18. Жыдаль Дзяніс - 50 р., г. Менск

19. Анісім Алена - 2000 р., г. Менск

20. Ціханчук Галіна - 10 р., г. Магілёў

21. Кізік Павел - 5 р., г. Менск

22. Лоцманава Вольга - 40 р., г. Менск

23. Гяцэвіч Вячаслаў - 20 р., г. Ліда

24. Кузьмін Лёкса - 20 р., г. Менск

25. Чайкоўскі Павел - 25 р., г. Менск

26. Рубцоў Артур - 20 р., г. Віцебск

27. Колас Уладзімір - 300 р., г. Менск

28. Нясвіжская суполка - 103 р., г. Нясвіж

29. Панасюк А. - 30 р., г. Менск

30. Глухава С. - 20 р., г. Магілёў

31. Васількоў В.- 50 р., г. Магілёў

32. Звярок А. - 20 р., г. Менск

33. Агееў А.Р. - 12 р., г. Магілёў

34. Кукавенка Іван - 25 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэа-льнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА ЛЯВОНА БАРАЗНЫ (4.02.1929 - 15.08.1972)

Ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты

Ідзеш ты па сцежках бацькоўскай зямлі,

І бачыш, на колькі народ наш багаты

На ўбранні, на ўзоры, а не на рублі,

Якія ніколі душу не сагрэюць,

А толькі апаляць жывую душу.


Малюеш Айчыну - не ўсе разумеюць,

Але і не трэба, бы ў восень дажджу

Не трэба, бо й так тут хапае самоты

З таго, што сыходзіць штодзённа ў нябыт

Мінулых гадоў светлыня, пазалота,

Нам ціш застаецца магільная пліт.


І ты ў адзіноце сваёй не сумуеш,

Бо шлях прад табой - беларускі наш шлях,

Які ты сваёю крывёй афарбуеш,

Каб ён не згубіўся ў туманных гадах,

Дзе з вёскі да вёскі, ад хаты да хаты

Ідзеш і збіраеш жывое святло

Айчыны, каб будні і нашыя святы

Былі беларускімі, каб не было

Самоты па тым, што знікае, сыходзіць

Вялікі народ, які ў сэрцы Еўропы,

Дзе ў травах, як чорныя вены, акопы,

Адкуль кожну раніцу сонца ўзыходзіць

Для цэлай Еўропы…

10.12.2008 г.

БАЛАДА ЯЎГЕНА ГЛЕБАВА (10.09.1929 - 13.01.2000)

Мара пра мора музыкай вечнаю стала.

Птушкі, як ноты, светла да сонца ўзляцелі

Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала,

Па-над шляхамі, што без пары затравелі.

І ажыло ўсё тое, што людзям належыць,

І зазвінелі звонка званы на званіцах,

І зарыкалі ў ранак зубры ў Белавежы,

І забурлілі нашы стагоддзі ў крыніцах,

І пачалося наша святое вяртанне

Да Беларусі, што беларускаю будзе.

Музыка - гэта наша любоў і каханне,

Музыка - гэта свята святое і будзень,

Дзе не знікае, а ажывае, як мора,

Мара твая і кожнага вечная мара,

Каб было заўтра лепей усім, чым учора,

Каб не прапала сонца чаканае ў хмарах

Па-над курганнем, дзе Беларусь начавала,

Па-над шляхамі, што без пары затравелі,

Па-над хацінай, дзе нарадзіўся Купала,

Па-над той песняй,

што мы з табой не дапелі…

9.10.2008 г.

БАЛАДА АРЛЕНА КАШКУРЭВІЧА (15.09.1929 - 26.08.2013)

"Я ў сучасным Менску чужаніца…"-

Кажаш ты, трымаючы ў руках

Ліст бярозавы, нібы сініцу,

Нібы іскру, што ў сівых вяках

Палымнела і да нас ляцела,

Асвяціўшы тое, што прайшло.

Як страла праз волатава цела,

Іскра праляцела й праз жытло

І жыццё тваё, што тут пражыта,

Дзе амаль няма старых дамоў.

Ты малюеш, як вядзеш з нябыту,

Край наш беларускі, дзе любоў,

Як лісток бярозавы пад ветрам

Можа паляцець з галінкі той,

На якой трымаўся смела летам,

Затрымцеўшы раптам прад зімой.

Ты малюеш беларускіх вояў,

Для якіх Радзіма тут заўжды,

Для якой яны - не ўсе героі,

Як лісток не кожны залаты,

Што з бярозы абляцеў сягоння.

І з рукі тваёй ліст паляцеў

І яго ніколі не дагоніць

Той, хто гэты ліст стаптаць хацеў…

18-22.09.2013 г.

БАЛАДА УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА (26.11.1930 - 25.07.1984)

Ён паехаў на Прыпяць памерці.

Там у чоўне, як ліст у канверце,

Што напісаны Богам для Бога,

Ён па Прыпяці плыў, як па Леце,

І была яго боскай дарога.

Трапятаў за ім восеньскі вецер,

Нібы сцяг, што над вежай узняты,

Нібы дым, што над комінам хаты,

Дзе ніхто ўжо даўно не бывае,

Куды смерць нават не зазірае.


Човен плыў, і глядзелі ўслед людзі,

І знікалі, як крыгі вясною,

А ён быў, а ён ёсць, а ён будзе,

Быццам неба над белай зямлёю,

Дзе ёсць Прыпяць, дзе можна памерці,

Каб у чоўне, як ліст у канверце,

Што напісаны Богам для Бога,

Плыць спакойна і думаць пра многа,

Пра цябе і мяне маладога,

Што гаворыць, што можа памерці,

Быццам бы малако з вуснаў сцерці,

І памерці ў любую хвіліну,

Не па п'янцы, за маці-Айчыну...


Ён паехаў на Прыпяць, каб жыць,

Каб мяне з табой не разлюбіць,

Быццам неба над белай зямлёю,

Быццам сцяг па-над вежай старою...

10.01.2002 г.

БАЛАДА ГЕОРГІЯ ПАПЛАЎСКАГА (15.02.1931 - 29.10.2017)

Ты сыйшоў у зямлю,

і застаўся ты ў "Новай зямлі",

Дзе жыве Беларусь,

у якой нашы продкі жылі

Сто вякоў і яшчэ шмат вякоў

без цябе прамільгне

З таго дня, як на небе тваім,

на тугім палатне,

Млечны Шлях намалёваны быў,

каб па ім мы ішлі,

Парабіўшы, што трэба

на роднай спрадвеку зямлі.


На двары лістапад, як агонь,

дзе згарае твой дзень,

І ў майстэрні ўсе пэндзлі,

нібы наламаны прамень,

Больш не свецяць нікому цяпер,

як свяцілі табе,

Каб журботным не быў,

а калі ты ўсё ж быў у журбе,

Маляваў не журбу, а наш край,

дзе азёрны прастор

І дзе блізка да сэрцаў людскіх

і далёка да зор.


Ты сыйшоў у зямлю,

і застаўся ты ў "Новай зямлі",

Каб ніхто анідзе не сказаў,

што мы Тут не жылі.

20.01.2019 г.

БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КІСЯЛЁВА (19.03.1931 - 14.11.2008)

Яшчэ не выпаў снег на шэрыя палі,

А твой касцёр прыціх, каля якога мы

Ніколі не баяліся вятроў зімы,

Бо мы ў наш час каля кастра з табой былі.


І ты шукаў, і ты знаходзіў і казаў,

Што мы - народ

і нам Еўропа - родны дом,

Дзе месца наша ёсць і будзе за сталом,

А не на вуліцы, дзе снег ужо схаваў

Усё, што мог ад нас за два вякі схаваць.


Снягі й цяпер на нашыя шляхі ляцяць,

Не засыпаючы высокіх шэрых траў,

Што выраслі сярод камення і крыжоў,

Дзе крыж і твой не знікне ў снезе і ў траве,

Бо мы тут ёсць, і наша Беларусь жыве,

Якую ты шукаў, якую ты знайшоў,

Як той касцёр у полі, ля якога мы

Былі з табой і не баяліся зімы.


І пройдзе снег,

бо ты цяпер свой шлях прайшоў,

Пакінуўшы вуголле беларускіх слоў,

Дзе ёсць Надзея, Вера і Любоў…

14.11.2008 г.

(Працяг у наступным нумары.)

КІМ І ЧЫМ МОГУЦЬ ГАНАРЫЦЦА БЕЛАРУСЫ

З нагоды выдання: Барыс, С. В. Гонар і слава Беларусі / Сымон Барыс. - Мінск, 2020. - 804 с. [24 л.] іл.

Паважаныя сябры! З вялікай радасцю жадаю паведаміць чытачам, што ў красавіку выйшла вельмі ўнікальнае выданне - сапраўдная энцыклапедыя беларуса і кніга, вартая таго, каб стаць падарункам гасцям нашай краіны - "Гонар і слава Беларусі". Без перабольшвання можна сказаць, што аўтар зрабіў тытанічную працу, якая, часам не пад сілу цэлым інстытутам ці аўтарскім калектывам. Тут прадстаўлена найшырачайшая, даведачная, дакладная інфармацыя з усіх бакоў мінулага і сучаснасці нашай краіны. Тут чытачы даведаюцца: хто, што, калі, дзе, як, чаму?... у нас самыя-самыя, чым і кім можна сапраўды ганарыцца. Тысячы асобаў і аб'ектаў: гісторыі, культуры, навукі, прыроды, тых, хто калі-небудзь праславіў нашую краіну, самыя-самыя вядомыя, значныя падзеі. І ўсё ў 8-мі раздзелах на 800-х старонках ("Краіна маляўнічай прыроды і развітай гаспадаркі", "Беларускай дзяржаўнасці - 1000 гадоў", "Змаганне за волю і незалежнасць сваёй краіны", "Пра самае, самае…" (цуды, рэкорды…), "Пераможцы конкурсаў і спаборніцтваў", "Мова і культура - аснова беларускай нацыі", "Яны праславіліся ў свеце", "Беларусь - турыстычная краіна", а дадаткі, дзе ёсць і касмічныя прышэльцы і магдэбургскае права…: усё гэта само за сябе гаворыць)! Нідзе вы ў адным месцы такой дакладнай, разнастайнай і новай інфармацыі не знойдзеце! На якое б пытанне не жадалі адказаць: пачынаючы ад беларускіх вучоных-першапраходцаў, ваеначальнікаў і касманаўтаў, заканчваючы цудамі прыроды, гаспадаркі і культуры. Кожны беларус і патрыёт, які жадае ведаць сваю краіну павінен мець гэтую кнігу як настольную на кожны дзень! А кожная бібліятэка, як публічная, так і школьная, павінна яе мець у сябе. Гэта вялікая ўдача беларусаў! І я вельмі рады, што таксама, хоць крышачку, але спрычыніўся да стварэнне гэтай кнігі.

Каб даць некаторае ўяўленне пра выданне, у сваю чаргу, прапануем невялічкі матэрыял - урывак з гэтага выдання - пра братоў-асветнікаў - унікальную культурную з'яву нашага народа.

Валерый Варганаў, настаўнік-метадыст ДУА "Ворнаўская сярэдняя школа Кармянскага раёна" Гомельскай вобласці, адзін з рэцэнзентаў выдання.

Браты-асветнікі - наш нацыянальны гонар

Сымон Барыс

За апошнія два стагоддзі ў гісторыі Беларусі некалькі братоў з розных родаў пакінулі значны след. Лічу, што кожны настаўнік гісторыі і беларускай мовы і літаратуры павінен ведаць іх прозвішчы і тое, што яны зрабілі для Радзімы. Яны вядомы не толькі як навукоўцы, дзеячы культуры, але і як грамадскія дзеячы. На жаль, лёсы братоў Цвікевічаў, Лёсікаў і Луцкевічаў незайдросныя, бо яны пацярпелі за грамадскую дзейнасць і беларусазнаўства, сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. Запомніце іх прозвішчы і імёны.

Басалыгі Дзмітрый (1884, в. Варкавічы Слуцкага р-на - 1969, г. Масква) і Канстанцін (1887, в. Варкавічы Слуцкага р-на - 1963) Мікалаевічы.

Басалыгі Уладзімір (н. 1940, г. Слуцк) і Міхаіл (н. 1942, г. Слуцк) Самойлавічы.

Гарэцкія Гаўрыла (1900, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на - 1988), Максім (1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на - 1938) Іванавічы.

Гілевічы Ніл (1931, в. Слабада Лагойскага р-на - 2016, г. Мінск) і Мікола Гіль (н. 1936) Сымонавічы.

Грыцкевічы Анатоль (1929, Мінск - 2015, Мінск) і Валянцін (1933, Мінск - 2013, Санкт-Пецярбург) Пятровічы.

Ельскія Міхаіл (1831, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на - 1904) і Аляксандр 1834, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на - 1916) Карлавічы.

Каліноўскія Віктар Отан (1833, в. Мастаўляны Гродзенскага пав., цяпер Беласточчына, Польшча - 1862, ф. Якушоўка, каля Свіслачы) і Кастусь Вінцэнт (1838, Мастаўляны - 1864, г. Вільня) Сымонавічы.

Ластоўскія Вацлаў (1883, засц. Калеснікаў, цяпер Глыбоцкі р-н - 1938) і Гладкі-Ластоўскі Юстын (Юрый, каля 1870 - пасля 1931) Юстынавічы.

Лёсікі Язэп (Іосіф, 1883, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на - 1940, Саратаў) і Антон (1872, в. Мікалаеўшчына - 1949, в. Мікалаеўшчына) Юр'евічы.

Луцкевічы Іван (Янка, 1881, г. Шаўляй, Літва - 1919) і Антон 1884, г. Шаўляй - 1946?) Іванавічы.

Лычы Лявон (н. 1929, мяст. Магільнае Уздзенскага р-на) і Генадзь (н. 1935, мяст. Магільнае Уздзенскага р-на) Міхайлавічы.

Міцкевічы Кастусь (1882, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на - 1956) і Міхась (1897, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на - 1991) Міхайлавічы - гэта Якуб Колас і Антось Галіна.

Сачанкі Барыс (1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на - 1995, г. Мінск), Іван (н. 1938, в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна) і Алесь (н.1940, в. Вялікі Бор) Іванавічы.

Станкевічы Адам (06.01. 1892, в. Арляняты Смаргонскага р-на - 29.11.1949, г. Тайшэт, Іркуцкая вобл.) і Ян (Янка, 26.11.1891, в. Арляняты Смаргонскага р-на - 16.08.1976, Хотарн, ЗША) - стрыечныя браты.

Тышкевічы Канстанцін (1806, мяст. Лагойск - 1868) і Яўстах (Ястафій, 1814, мяст. Лагойск - 1873) Піевічы.

Хлябцэвічы Яўген (1884, мяст. Жыровічы Слонімскага пав. - 1955, г. Масква), Уладзімір (1894, мяст. Жыровічы Слонімскага пав. - 1917, г. Петраград) Іванавічы.

Ходзькі Аляксандр (1804, мяст. Крывічы Вілейскага пав. - 1891), Міхал (1808, мяст. Крывічы Вілейскага пав. - 1879) Янавічы.

Цвікевічы Аляксандр (1888, г. Брэст - 1937) і Іван (1891, Брэст - 1938) Іванавічы.

Ціхановічы Валянцін (28. 08.1909, г. Вільня - 25.08.1978) і Яўген (1911, ст. Джусалы, Казахстан - 2005, г. Мінск) Мікалаевічы. Яго сын - мастак Генрых Яўгенавіч Ціхановіч (н. 1937, г. Мінск).

Янушкевічы Адольф Міхал Валяр'ян Юліян (1803, г. Нясвіж - 1857, в. Дзягільна Дзяржынскага р-на) і Яўстаф (1805, в. Прусы Салігорскага р-на - 1874) Міхайлавічы.

Янушкевічы Фелікс (н. 1954, мяст. Ракаў Валожынскага р-на), Язэп (н.1959, мяст. Ракаў) і Валяр'ян (н. 1962, мяст. Ракаў) Язэпавічы.

Вёска Арляняты Смаргонскага раёна - радзіма асветнікаў і грамадскіх дзеячаў Станкевічаў. Тут нарадзіліся 4 славутыя асобы: Адам Вікенцьевіч (1892-1949), выдавец, публіцыст, святар; Станіслаў Язэпавіч (1907-1980), філосаф, журналіст; Станіслаў Лявонавіч (1886-1964), выдавец, паэт; Ян (1891-1976), мовазнавец, гісторык, грамадскі дзеяч у эміграцыі.

У горадзе Магілёве на Падміколлі зараз ідзе адбудова Пакроўскай царквы

Царква была пабудавана ў 17 стагоддзі ў стылі барока магілёўскай школы дойлідства.

Гэты раён шчыльна быў забудаваны ў часы ВКЛ і на Пакроўскім пасадзе пражывалі пераважна купцы і рамеснікі. Паміж царквой і Свята-Мікольскім манастыром 17 стагоддзя была прамая вуліца якая так і называлася - Пакроўская.

Недалёка на самым беразе Дняпра ў пачатку 18 стагоддзя быў пабудаваны прыгожы двухвежавы касцёл Святога Антонія і кляштар бернардзінаў. А побач на Школішчы было некалькі драўляных і мураваных сінагог.

Атрымлівалася, што побач было некалькі храмаў трох канфесій: праваслаўных, каталікоў і іудзеяў.

Савецкія часы ўдалося перажыць толькі Мікольскаму манастыру. Пакроўскую царкву знеслі ў 1950-х гадах і на яе месцы быў усталяваны рэзервуар гарвадаканала. Касцёл Антонія знеслі таксама пасля вайны і яго падмуркі захаваліся да нашага часу. Вядомую драўляную сінагогу 17 стагоддзя знеслі яшчэ да вайны ў 1938 годзе.

Некалькі год таму праваслаўныя Магілёва вырашылі аднавіць Пакроўскую царкву. Быў праект ад Таварыства аховы помнікаў, каб храм паўстаў у першапачатковым выглядзе магілёўскай школы дойлідства. Але, на жаль, гістарычнага абгрунтвання было недастаткова, і перамог варыянт у стылі класіцызму з элементамі стылю барока. Што таксама, мабыць, нядрэнна.

Магілёўцы мараць, што ў будучым на Падміколлі побач з Пакроўскай царквой калі-небудзь будуць адноўленыя старажытны касцёл і сінагога.

Алег Дзьячкоў, Магілёў. Фота аўтара.

САПРАЎДНЫ ГАСПАДАР

Салодкае прадаў Ніл малако,

ну як прадаў...

Аддаў, лічы, даніну,

знайшоў без дзірак, чыстае трыко,

правёў на мяса ратавальніцу - Рабіну.

Параіць штосьці, як раней, Ілля не мог -

сканаў ён, кволы, ў чорны панядзелак:

крывава ў твар скрывіўся правы бот,

левы ж у траве крычаў пасярод елак.

У Ніла цёмна ў печы, да ўсяго,

а на дварэ дрыжаць трыццаткі-дошкі,

чакаюць лёсу традыцыйнага свайго

"Ну пацярпіце, - просіць Ніл іх, - трошкі".


Прыўкрасны, рэдкі, слынны гарманіст,

ён вырваў "хромку" з кіпцюроў бяды,

не толькі вальс ды польку, рэзаў твіст

у свае лепшыя пасля вайны гады.

Вяселля, балю, фестывалю не было,

дзе б жару не даваў, цярпеў гармонік,

і як накладна ды складана ні было -

ў раённым ЦДК забацаў сольнік!

На прыкарытных выбарах саветаў

пад казкі барацьбы за свой народ

не каштаваў ні рыбу, ні рулеты,

даваў народу свой музычны кісларод.

Калі ляцелі цуда-гукі пад нябёсы,

ў буслянцы бусел, што ад Бога рэжысёр,

лавіў бусліхі смех светлараскосы,

крылом мяняў мінор на свой мажор.


Ды вось раптоўна весяліць Ніл перастаў,

дый сумная мелодыя прапала -

"хромку" з сястрычкай

франтавою пахаваў,

каб не прыходзіў доўга, жонка загадала.

Упершыню загад выконваць не збіраўся:

як без Нінулі ў хаце быць,

штосьці рабіць,

і грэшных думак, нібы чэмеру, баяўся,

няўжо, не верыў сабе,

можна так любіць...

Пад Кенігсбергам думаў: "Ну, магіла", -

было ўсяроўна там - у пекла, ці ў той рай,

калі дзяўчынка сінявокая маліла:

"Сяржанцік, родненькі,

цярпі, не памірай".

Выпіў вясёлкі Ніл, скруціў гардзіну,

нідзе ніхто не едзе і не йдзе,

пайшоў збіваць з трыццатак дамавіну,

самотны бусел плакаў у гняздзе.


А раннім ранкам ля труны раўла Раіска,

прарабша аграгарадка, што на рацэ,

казыр рулеткі прыціскаў к зямлі запіску,

цярпела ручка ў мёртва сціснутай руцэ:

"Усё, што трэба - знойдзеце вы ў сенцах,

на столак не садзіцеся - кульгае,

ля шкельца - здымак, свечка - ля вакенца,

хавайце з Нінай мяне побач, абдымаю..."


Да жонкі - ўправа, клёнік, бэз, магіла,

за шлях музычны - безмузычны ганарар,

ахайна мальцы закапалі дзеда Ніла:

"Бач, сам труну зрабіў,

сапраўдны гаспадар!"

Уладзімір Барысенка.

Адведкі ў Палыкавічы

Штогод мы з сябрамі ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва ладзім шэраг мерапрыемстваў да Дня аховы помнікаў і памятных мясцін. Сёлета, у сувязі з эпідэміяй каранавіруса, масавыя падзеі замянілі лакальнымі. І 20 красавіка я з маёй пляменніцай Палінай і яе сябрам Мікалаем выправіліся ў старажытнае мястэчка Палыкавічы Магілёўскага раёна.

Палыкавічы знаходзяцца ў вельмі прыгожай пойме Дняпра з захапляльнымі краявідамі. Тут нават хацелі ў 1930-я гады, калі меркавалася, што будзе сталіца ў Магілёве, ладзіць кінастудыю "Беларусьфільм".

Шлях ад горада да мястэчка вядзе праз лес. А калі пачынаецца спуск да поймы ракі, то з'яўляюцца глыбокія і шырокія яры, парослыя яскравымі кветкамі і векавымі дрэвамі. Па дарозе моладзі паказваў рэдкія і цікавыя расліны: кураслеп (ветраніца лясная), пралескі, брызгліну барадаўчатую... Калі ішлі праз лес, то бачылі некалькі ліній парослых хмызняком акопаў. Бо ў гэтых мясцінах былі моцныя баі ў 1941 і 1944 гадах.

Тут, на самым абрыве перад поймай Дняпра нават захаваўся вялізны нямецкі дот, які ў будучым можа нават варта было б адрастаўраваць і зрабіць цікавым турыстычным аб'ектам...

Калі спусціліся па пакручастай сцежцы паміж ялін і дубоў, то апынуліся паміж двух ручаін выцякаючых з яроў. Гэтыя шматлікія лагчыныяры называюць Папоўскія равы, бо калісьці ў Палыкавічах ля цудадзейнай крыніцы існаваў праваслаўны манастыр. На самой крыніцы, якая калісці лічылася цудадзейнай, гадоў дваццаць таму адбудавалі зноў капліцу Параскевы Пятніцы. А на ўзгорку пабудавалі новую Траецкую царкву са званіцай. Царква старажытная была знішчана ўжо пасля вайны. А старая цагляная капліца, на вялікі жаль, была знішчана ўжо ў наш час пры будаўніцтве новай званіцы. Старажылы дагэтуль распавядаюць, як раней на Троіцу ў Палыкавічы збіраўся кірмаш. З'язджаліся сотні і тысячы сялян з бліжэйшых вёсак на сваіх падводах. З-за ракі народ перапраўляўся на пароме, які быў проста па дарозе пры спуску ад горада. Да рэвалюцыі ў мястэчку жылі князі Ладамірскія, ад маёнтка якіх да нашага часу захаваліся толькі падмуркі.

Я памятаю яшчэ з дзяцінства, што пад кожную надмагільную пліту марадзёрамі быў зроблены падкоп. Зараз могілкі добраўпарадкаваны і мы ў мінулым годзе з гісторыкам Галінай Бяляевай перапісалі і адфоткалі старажытныя помнікі. А зараз, калі прыйшлі, то аднекуль з'явіўся і "новы" помнік князя Мікалая Мікалаевіча Ладамірскага, які памёр у 1891 годзе. Верагодна, што нядаўна добраўпарадкаваліся могілкі і быў знойдзены ў зямлі і гэты гістарычны артэфакт.

У Палыкавічах ёсць таксама помнік археалогіі Барсукова Горка - гарадзішча эпохі жалезнага веку, якое ў 1930-х гадах даследваў вядомы беларускі археолаг Васіль Тарасенка. Але зараз мы туды не дайшлі, бо сіл не хапіла... У наступны раз сходзім, пафоткаем і абавязкова напішам пра гэта краязнаўчы артыкул....

Алег Дзьячкоў, Магілёў. Фота: Мікалай Зубкоў, Паліна Лазарэнка, Алег Дзьячкоў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX