Вярнуцца: 2020

№ 23 (1486)


Дадана: 03-06-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1486), 3 чэрвеня 2020 г.

Не пакiдайце ж газеты нашай "Наша слова"

Шаноуныя чытачы газеты "Наша слова", магчыма, Вы яшчэ памятаеце трывожны артыкул - заклік паважанага прафесара Мiкoлы Савiцкага да нас: "Дзецюкi! Kaтастрофа!!!" ("Наша слова" № 16 за 15 красавiкa 2020 г.). Яго трывога выклiкaна тым, што пачала змяншацца колькасць падпicчыкаў "Нашага слова". Я жадаю падтрымаць Мiкoлу Савiцкага i ў cваю чаргу заклiкaю беларусау актыўней падпicвацца на "Наша слова". Самы пажаданы варыянт, каб газета дастаўлялася ў кожную беларускую сям'ю . Але гэта недасягальная мара, фантастыка. Зараз ва ўмовах каронавipyca, калi абмежаваны мерапрыемствы, сустрэчы, калi вакол гучыць руская мова, калi няма з кiм паразмаўляць на роднай мове, "Наша слова" - адзiны суразмоўца.

Зараз, у такi cкладаны час, газета для мяне, як жывая icтота. Я чытаю яе сам сабе ўслых. Я звычайна для сябе афармляю падпicкy на паўгоддзе. Перафразipyючы беларускага класiкa, звяртаюся да беларусаў: "Не пакiдайце ж газеты нашай "Наша слова", калi ласка, падпiшыцеся".

Iлля Копыл, сталы падпicчык "Нашага слова".

У нас ідзе падпіска на 2-е паўгоддзе. У чэрвені "Наша слова" выпісала аж 557 чалавек, што складае 8% ад усіх сяброў ТБМ, не ад насельніцтва, а ад сяброў арганізацыі, якая змагаецца за мову.

Сёння ў каталогу падпіскі "Наша слова" знаходзіцца на ст. 60.

Кошт падпіскі:

на месяц - 2,65 руб.

на 3 месяцы - 7,95 руб.

на 6 месяцаў - 15,90 руб.

Грошы абсалютна пад'ёмныя. І сёння кожны сябар ТБМ можа падпісацца сам, падпісаць сябра і сябра сябра.

Рэдакцыя сама можа арганізаваць падпіску для школ і бібліятэк любога раёна Беларусі. Для гэтага трэба знайсці дабрадзея, які мог бы ахвяраваць нейкую суму на высакародную справу падтрымкі беларускага слова. Грошы неабходнаа пералічыць на рахунак Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ з наступнымі рэквізітамі:

Банк-атрымальнік: г. Мінск, ААТ "Белаграпрамбанк".

Код банка: BAPBBY2X.

Беніфіцыяр: Лідская гарадская арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Рахунак № BY94 BAPB 3015 2806 0001 4000 0000

Прызначэнне плацяжа: За падпіску на газету "Наша слова" на 2-е паўгоддзе 2020 года.

УНП беніфіцыяра: 500016944.

Тэрмін праплаты не абмяжоўваецца. Паступяць грошы да 25 чэрвеня - газета будзе падпісана з ліпеня, паступяць да 25 ліпеня - газета падпішацца са жніўня і г.д.

У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча

50 гадоў назад у 1970 годзе адышоў у вечнасць беларускі паэт Анатоль Станіслававіч Сербантовіч. З гэтай нагоды 25 траўня 2020 года сябры літаратурнага салона імя Міхася Зарэцкага, які дзейнічае пры Шклоўскай раённай арганізыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" наведалі яго малую радзіму - вёску Ордаць Шклоўскага раёна. Тут, у сям'і настаўнікаў нарадзіўся і скончыў Ордацкую сярэднюю школу будучы вядомы беларускі паэт.

Госці са Шклова наведалі Ордацкую школу. Зараз гэта базавая школа, дзе вучацца каля 50-вучняў. Кіраўніцтва школы дабразычліва сустрэла сяброў шклоўскай ТБМ і здзейсніла экскурсію ў школьную бібліятэку, дзе створаны мемарыяльны куток паэта. Адбылася размова пра жыццё, творчасць і мясцовую памяць паэта. Сядзіба беларускага паэта ў вёсцы не захавалася. Пасля смерці яго маці дом набылі жыхары Шклова і перавезлі ў горад. Але галоўнае, памяць пра славутага ранейшага жыхара Ордаці захавалася ў мясцовай школе, і гэта вельмі добра.

З успамінаў пісьменніка Уладзіміра Арлова: "Ён быў упарты і вольналюбны. Ён жыў у прадчуванні цуда. Ён меў выключнае пачуццё мовы і талент, прызнаны і падтрыманы мэтрамі. Школьнікам, лідзіруючы ў велагонцы, ён трапіў у звалку, параніўся, але, закінуўшы ровар на плечы, першым дабег да фінішу. У дваццаць сем Анатоль выдаў ужо другую кнігу - не па гадах спелую і бязлітасную да сябе. Яна называлася трывожна - "Міннае поле". Аднойчы ўвечары ён, атрымаўшы неблагі ганарар і "замачыўшы" гэтую падзею, ішоў па менскай вуліцы. На просьбу сустрэчнай кампаніі даць закурыць выцягнуў з кішэні пачак грошай: "Вось вам на цыгарэты!" Яго завалілі на ходнік і бясконца доўга білі нагамі. Потым былі шпіталь, жорсткія прыступы галаўнога болю, інсульт і адыход туды, дзе паэту, магчыма, удалося здзейсніць выказаную ў адным з вершаў мару і разгадаць

Тайну музыкі,

Тайну крыкаў,

Тайну гукаў і нематы,

Тайну чыстага і вялікага,

Тайну злосці і дабраты... "

Гістарычная даведка: Анатоль Станіслававіч Сербантовіч нарадзіўся 13 траўня 1941 года. У вайну жыў з бацькамі ў вёсцы. У 1958 годзе скончыў Ордацкую сярэднюю школу, працаваў у калгасе. У 1960 годзе паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое закончыў у 1965 годзе. У 1964-1965 гг. быў літаратурным супрацоўнікам часопіса "Бярозка". З восені 1966 года знаходзіўся ў творчай камандзіроўцы ў Запаляр'і, Казахстане, на Урале, Далёкім Усходзе. У 1969 годзе зноў вярнуўся ў Менск і працаваў у газеце "Піянер Беларусі". Сябар Саюза пісьменнікаў БССР з 1967 года. Памёр у Менску 21 сакавіка 1970 года пасля жорсткай бойкі з хуліганамі. Пахаваны на Усходніх могілках Менска. Анатоль Сербантовіч пачаў пісаць яшчэ ў школе. Гэта былі байкі і сатырычныя замалёўкі калгаснага жыцця. У 1959 годзе ў газеце "Магілёўская праўда" надрукаваў свой першы верш. У гады вучобы ў школе запрашаўся на паседжанні літаб'яднання, на абласныя і рэспубліканскія семінары пачынаючых пісьменнікаў. На другім курсе ўніверсітэта склаў рукапісны зборнік вершаў. Як сталы паэт сфармаваўся ў 1964 годзе, калі пачаў рэгулярна друкавацца ў рэспубліканскіх часопісах, напісаў некалькі паэм. Характэрная праявай яго паэзіі былі грамадзянская накіраванасць, пафаснасць. Аўтар зборнікаў паэзіі "Азбука" (1966 г.), "Міннае поле" (1968 г.), "Пярсцёнак" (1971 г.), "Жаваранак у зеніце" (1989 г.). Акрамя вершаў пісаў творы для дзяцей, прозу, крытычныя артыкулы, займаўся перакладамі. У сярэдзіне 1960-х звярнуўся да жанру паэмы. У 1968 годзе, у час знаходжання ў Сярэдняй Азіі напісаў паэму для дзяцей "Тэлефон".

Алесь Грудзіна, Шклоўская арганіз. ТБМ.На здымках: 1. Анатоль Сербантовіч; 2. Дэлегацыя ТБМ у Ордаці; 3. Кіраўнік літсалона ТБМ Пётр Мігурскі.

Да Дня беларускага пісьменства

Ю.П. Бондару,

Міністру культуры,

пр-кт Пераможцаў, 11,

220016, г. Мінск

Аб выкарыстанні беларускай мовы

падчас падрыхтоўкі Дзён беларускага

пісьменства ў Бялынічах

Шаноўны Юрый Паўлавіч!

У свой час у нашай незалежнай краіне па ініцыятыве Міністэрства культуры было запачаткавана свята беларускага пісьменства, якое праходзіць у розных гарадах Беларусі. На права правядзення яго на сваёй тэрыторыі прэтэндуюць многія славутыя мясціны нашай краіны. Аднак, з кожным годам падчас правядзення мерапрыемстваў заўважаецца звужэнне выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы.

Так, у нашу арганізацыю звяртаюцца грамадзяне са скаргамі на тое, што падчас падрыхтоўкі ў гэтым годзе Дзён беларускага пісьменства ў Бялынічах адбываецца свядомае ігнараванне беларускай мовы. Напрыклад, абнаўленне экспазіцыі славутага беларускага мастака Бялыніцкага-Бірулі ў музеі зроблена на рускай мове.

У сувязі з гэтым, звяртаем Вашу ўвагу на тое, што правядзенне Дзён беларускага пісьменства на рускай мове, як гэта набывае пашырэнне ў апошнія гады, губляе сэнс. Мала таго, яно дыскрэдытуе саму ідэю правядзення такога свята, бо замест папулярызацыі дзяржаўнай беларускай мовы, яно ператвараецца ў знявагу і абурае прыхільнікаў роднага слова і шчырых патрыётаў.

Просім Вас узяць пад асабісты кантроль правядзенне Дзён беларускага пісьменства ў гэтым годзе і ў наступныя гады з тым, каб яно прайшло на належным узроўні і з выключным выкарыстаннем дзяржаўнай беларускай мовы.

Мы ўпэўнены, што такія крокі, якія знаходзяцца цалкам у кампетэнцыі Вашага Міністэрства, павысяць узровень карыстання дзяржаўнай беларускай мовай і ўздымуць прэстыж дзяржаўных органаў улады.

З павагай, Старшыня ГА ТБМ А.М.Анісім.


Старшыні ГА "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Анісім А.М.

Паважаная Алена Мікалаеўна!

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь разгледжаны Вашы звароты ў адрас Урада ад 24.04.2020 № 17 і ў адрас Міністэрства культуры ад 24.04.2020 № 18. Па выніках паведамляем наступнае.

Падрыхтоўка да святкавання Дня беларускага пісьменства ў бягучым годзе ажыццяўляецца Нацыянальным арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы і правядзенні XXVIІ Дня беларускага пісьменства ў г. Бялынічы Магілёўскай вобласці 6 верасня 2020 г. Каардынуючая роля ў дзейнасці камітэта ўскладзена на Міністэрства інфармацыі.

Разам з тым, інфармуем, што правядзенне падчас свята мерапрыемстваў (выстаўкі, прэзентацыі, акцыі і г.д.), якія запланаваны арганізацыямі сістэмы Міністэрства культуры, прадугледжана на беларускай мове.

У рамках падрыхтоўкі да свята вядуцца работы па будаўніцтве новага будынка Бялыніцкага раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Праектам новай пастаяннай экспазіцыі музея прадугледжваецца афармленне тэкстаў у экспазіцыі на беларускай і рускай мовах.

У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Об обращениях граждан и юридических лиц" гэты адказ можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым парадку.

Першы намеснік Міністра Н.У. Карчэўская.

Не стала Міхася Міцкевіча

27 траўня не стала Міхася Міцкевіча, малодшага сына і зберагальніка спадчыны і памяці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

У Міхася Міцкевіча засталіся дачка Марыя, унукі, праўнукі. Развіталіся з ім 29 траўня ў Менскім крэматорыі. Ягоны прах пазней пахаваюць на Вайсковых могілках у Менску, дзе знайшлі спачын ягоныя бацькі і брат Даніла.

Нарадзіўся Міхась Міцкевіч 31 студзеня 1926 года ў Менску. Да вайны скончыў тут 8 класаў, а сярэднюю школу - у Ташкенце. Вучыўся ў Варонежскім авіяцыйным інстытуце, Маскоўскім авіяцыйным інстытуце, у 1949 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут і з таго часу працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Ён быў выдатным навукоўцам, доктарам тэхнічных навук, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Прырода надзяліла яго рознымі талентамі - ён пісаў кнігі, сур'ёзна захапляўся фатаграфіяй, быў майстрам спорту па стэндавай стральбе.

Міхася Міцкевіча ў інтэрвію Свабодзе згадалі ягоныя сябры.

Вынаходнік у металургіі

Літаратар і крытык Міхась Скобла сябраваў з малодшым сынам Якуба Коласа. Узгадвае, як летась у свае 93 гады Міхась Міцкевіч чытаў яму па памяці "Сымона-музыку" і "Новую зямлю" і радаваўся, што ці не ўсе ягоныя нашчадкі - коласазнаўцы: дачка Марыя, унучка Васіліна, пляменніца Вера.

- Міхася Міцкевіча многія ведаюць як сына вялікага песняра Якуба Коласа. А ён быў выдатным навукоўцам у галіне апрацоўкі металаў, доктарам тэхнічных навук, на яго рахунку звыш 30 вынаходак. А яшчэ Міхась Канстанцінавіч пакінуў па сабе выдатныя кнігі: "Ліст наўздагон", "Апалены золак", ён укладальнік кнігі "Якуб Колас. У думках, у сэрцы, у песнях".

Аўтар трапных эпіграм

У кнізе "Пад бацькоўскім дахам", апрача цікавых успамінаў, можна знайсці і трапныя эпіграмы. Накшталт гэтай, якою аўтар кальнуў аднаго народнага пісьменніка:

"У студню, дзед,

хто б ні прасіў цябе, - не плюй

і не пагань струмень вадзіцы

чыстай і халоднай,

каб не казаў пасля ні сын,

ні ўнучак родны,

што дзед ягоны быў халуй -

ці то заслужаны,

ці то народны", -

расказвае Міхась Скобла.

Дэмакратычны суразмоўца і педагог

Паэт Леанід Дранько-Майсюк кажа, што калі свет пакідаюць такія людзі, вельмі востра і балюча адчуваецца нястача дабрыні.

- Без ніякага пафасу, без паэтычных метафар скажу, што гэта быў незвычайна добры чалавек. На зямлі так мала добрых людзей і наагул дабрыні. Спадар Міхась пражыў вялікае жыццё, у нашай культурнай прасторы ягоная роля была значная. Ён умеў прыгожа выступіць са сцэны, яму было што сказаць людзям, ён быў зразумелы, ясны, з ім было ўтульна, цёпла.

Нягледзячы на сталы век, Міхась Канстанцінавіч ніколі над суразмоўцам не ўзвышаў ні свой жыццёвы досвед, ні свой талент, ні сваё паходжанне - што ён з такой слаўнай сям'і. Ён быў роўны з роўнымі. І дэмакратызм ягоных паводзін зачароўваў.

Леанід Дранько-Майсюк кажа, што Міхась Міцкевіч быў таленавітым педагогам, які вучыў не словамі, афарызмамі, павучаннямі, а сваімі інтэлігентнымі паводзінамі. Яму быў уласцівы і талент літаратурнага крытыка:

- Ён заўсёды ўмеў сказаць добрыя словы пра чалавека. Але ён быў і крытычны - калі спадар Міхась выказваў заўвагі па пэўным літаратурным творы, яны былі вельмі аб'ектыўныя, дакладныя і трапныя. Так што і талент літаратурнага крытыка быў яму ўласцівы.

Калі мы гаворым пра зорак нацыянальнай культуры, пра яго можна сказаць, што менавіта ад яго ішло гэтае нябеснае святло.

Тры гады змагаўся з ракам

Паэт Уладзімір Някляеў, які сябраваў з сынам Якуба Коласа, кажа, што тры апошнія гады Міхась Канстанцінавіч змагаўся з цяжкай анкалагічнай хваробай. А так бы яшчэ жыў - сэрца было моцнае, памяць і розум - геніяльныя:

- Ёсць такая банальная расхадная фраза: "Я быў шчаслівы, што ведаў яго". Але ёсць моманты ў жыцці, калі гэтая фраза не расхадная і не банальная. Я шчаслівы, што ведаў Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча.

У ім я ўбачыў тое жывое - не літаратурнае, што было ў вершах і прозе ягонага бацькі Якуба Коласа ці Кузьмы Чорнага, а менавіта жывое - цяперашняе, сённяшняе, беларускае, карэннае, якое знікае. Прычыны знікнення ўсім вядомыя і зразумелыя, але гэта не змяншае болю па тым, што знікае.

І вось знік і ён, таленавіты, мудры, шчодры, неверагодна добры і годны нашчадак Якуба Коласа. Праўда, не зусім знік - памяць пра яго застанецца, ва ўсялякім выпадку ў тых, хто яго ведаў, як і памяць пра ягонага бацьку. Але адсутнасць жывога, беларускага, - гэта самае страшнае, што на сённяшні дзень ёсць.

Паводле Радыё Сввабода.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

На расейскім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ студэнты ўсіх курсаў напісалі, што "добра" валодаюць толькі расейскай мовай. Толькі студэнты першага і другога курса гэтага аддзялення адзначылі, што"валодаюць" беларускай мовай. На гэтым жа аддзяленні студэнты першага і другога курса напісалі, што жадаюць вывучаць беларускую мову (адпаведна 54,3% і 50%). Студэнты старшых курсаў у анкетах адзначылі, што згодны вывучаць беларускую мову "толькі ў тым выпадку, калі гэтага патрабуе іх будучая праца".

Усё гэта мае месца на філалагічным факультэце БДУ, дзе рыхтуюцца выкладчыкі для сярэдніх школ. А там зараз чакаюць выкладчыкаў-прафесіяналаў, якія добра валодаюць беларускай мовай, незалежна ад таго, які прадмет будуць выкладаць. На жаль, гэта не хочуць улічваць студэнты. А студэнты гэтага аддзялення не разумеюць значэння ведання беларускай мовы сучасным выкладчыкам як сярэдняй, так і вышэйшай школы. Такому становішчу свядомасці студэнтаў вельмі спрыяюць катэгарычна адмоўныя адносіны выкладчыкаў гэтага аддзялення да беларускай мовы і беларусізацыі наогул. Зусім нядаўна, калі расейскае аддзяленне было"галоўным", "вядучым", яны мелі тут вялікую сілу, уплыў на сітуацыю на факультэце.

У грамадстве дзейнічае заканамернасць росту культуры, свядомасці чалавека ад аднаго пакалення да другога. Кожнае маладое пакаленне больш прагрэсіўнае, адукаванае, разумнае, чым яго бацькі. Але ж у нашых беларускіх справах, асабліва ў працэсе нацыянальнага адраджэння, гэтая заканамернасць штосьці не вельмі праяўляецца, асабліва сярод расейскіх людзей, якія жывуць на Беларусі. Наша даследаванне паказала, што студэнты расейскага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ, таксама як і іх бацькі, рашуча выступаюць супраць беларускай мовы і патрабуюць увядзення ў рэспубліцы другой дзяржаўнай мовы - расейскай. 84,5% студэнтаў гэтага аддзялення ў анкеце адзначылі, што "ў Рэспубліцы Беларусь павінны быць дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і расейская". На пытанне "Што, на ваш погляд, трэба зрабіць для адраджэння беларускай мовы?" 55,04% студэнтаў гэтага аддзялення напісалі: "Нічога не трэба рабіць, гэты працэс павінен ісці натуральным шляхам". I толькі 5,43% студэнтаў адзначылі: "Усе дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы павінны працаваць на беларускай мове". Прынцыпова іншыя адказы на гэтае пытанне атрыманы ад студэнтаў беларускага аддзялення гэтага факультэта. Толькі 12,24% тут заявілі, што ў Беларусі павінны быць дзве дзяржаўныя мовы, 8,16% студэнтаў напісалі: "Нічога не трэба рабіць, гэты працэс павінен ісці натуральным шляхам". Затое 61,22% з іх адзначылі: "Неабходна паступова перавесці ўсё выкладанне і выхаванне ў сярэдняй і вышэйшай сістэме адукацыі на беларускую мову", 32,65% студэнтаў напісалі, што ўсе дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы павінны працаваць на беларускай мове.

Тое, што не ўсе студэнты беларускага аддзялення філфака БДУ выказваюцца за хутчэйшае адраджэнне беларускай мовы, выцякае перш за ўсё з таго, што каля 12% студэнтаў аддзялення небеларусы (рускія, палякі, украінцы, яўрэі). Яны, хаця і вучацца на гэтым аддзяленні, але азіраюцца назад: хочуць, каб панавала ў Беларусі расейская мова. Так бацькі думаюць. Так дзяржаўныя дзеячы рэспублікі думаюць, і ў гэтым накірунку дзейнічаюць. Не дзіўна, што і шмат студэнтаў так думае.

Аднак трэба падкрэсліць, што большая частка студэнтаў сучаснаму Ураду не давярае і чагосьці добрага для Беларусі ад яго не чакае. Амаль усе студэнты філалагічнага факультэта БДУ на пытанне "Ці спрыяе выкананню Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь дзейнасць Урада?" адказалі адмоўна. Але ж ступень гэтай адмоўнасці вельмі адрозніваецца ў студэнтаў расейскага аддзялення ад адказаў студэнтаў беларускага аддзялення. Толькі 18,6% студэнтаў расейскага аддзялення адзначылі пазіцыю анкеты: "Больш не спрыяе", а з беларускага аддзялення гэтую адзнаку зрабіла 48,3% студэнтаў. Адзнаку пазіцыі анкеты "Больш спрыяе" зрабіла 14,73% студэнтаў расейскага аддзялення і толькі 8,16% студэнтаў беларускага аддзялення. На абодвух аддзяленнях 19% студэнтаў адзначылі пазіцыю анкеты "Не спрыяе". Самы высокі працэнт недаверу Ураду па гэтым пытанні выказалі студэнты ІV курсаў абодвух аддзяленняў. Каля 50% студэнтаў першых курсаў абодвух аддзяленняў адзначылі пазіцыю анкеты па гэтым пытанні "Не магу адказаць". Гэты паказчык добра адлюстроўвае ўзровень агульнага развіцця студэнтаў. Студэнты ІV курса атрымалі ва ўніверсітэце палітычную падрыхтоўку, больш разумеюць палітычную практыку, чым першакурснікі, якіх выхоўвалі ў школе паважаць улады. Таму апошнія, адказваючы на пытанні аб дзейнасці Урада, лічаць за лепшае сказаць: "Не магу адказаць".

Студэнты абодвух аддзяленняў далі такую ж прыкладна ацэнку і Вярхоўнаму Савету рэспублікі па пытанні выканання Закона аб мовах. Па курсах аддзяленняў гэтая ацэнка прыкладна аднолькавая, як і ацэнка Урада па ўсіх пазіцыях анкеты. Ёсць хістанні паміж ацэнкамі розных аддзяленняў на 3-5%. Больш прыкметная розніца ў ацэнцы дзейнасці Вярхоўнага Савета ад ацэнкі Урада студэнтамі розных нацыянальнасцей. Гэта вельмі праявілася на расейскім аддзяленні, дзе больш шматнацыянальны склад студэнтаў. Пазіцыю "Больш не спрыяе, чым спрыяе" выкананню Закона аб мовах дзейнасць Вярхоўнага Савета адзначылі 23,5% студэнтаў-расіян. Дзейнасць Урада па гэтым пытанні ацэнкай "Больш не спрыяе, чым спрыяе" адзначылі 22,2% студэнтаў-беларусаў і толькі 13,8% - студэнтаў-расіян. Нават па гэтай ацэнцы відаць, што Вярхоўны Савет і Урад рэспублікі лепш забяспечвае інтарэсы расіян, чым беларусаў. Іх дзейнасць больш задавальняе інтарэсы нацыянальных меншасцей, чым інтарэсы карэннага насельніцтва - беларускага. Гэты факт яшчэ раз пацвярджае, што сучасны Урад Беларусі-каланіяльны Урад, які забяспечвае інтарэсы метраполіі - Расеі.

Аналіз даных праведзенага даследавання паказвае, што студэнты-беларусы больш чытаюць беларускія нацыянальныя газеты, часопісы, якія выдаюцца на беларускай мове. Студэнты іншых нацыянальнасцей, асабліва расіяне, чытаюць, шукаюць інфармацыю ў партакратычных газетах, якія выдаюцца на расейскай мове. Так, найбольшая частка студэнтаў-беларусаў чытаюць такія газеты і часопісы як "Літаратура і мастацтва", "Народная газета", "Спадчына", "Полымя", "Крыніца", а студэнты іншых нацыянальнасцей - "Юность", "7 дней", "Народная газета", "Советская Белоруссия", "Культура". Гэта тлумачыцца не толькі слабым веданнем беларускай мовы студэнтамі іншых нацыянальнасцей, але ж у першую чаргу палітычнай арыентацыяй: цягай расіян да ўсяго расейскага, да захавання былога іх панавання на Беларусі, няведаннем беларускай культуры, гісто-рыі беларускай дзяржавы, нацыі - студэнтамі-ўкраінцамі, яўрэямі і іншымі.

Аб тым, што студэнты рускага аддзялення ведаюць беларускую мову, яны пацвердзілі сваімі адказамі на пытанне: "У якой ступені вы валодаеце беларускай мовай?". Толькі 2,33% з іх напісалі: "Зусім не валодаю"; 37,2% напісалі: "Добра валодаю"; 35,66% - "Магу паразумецца"; 24,81% - "Разумею, але не гавару".

Не няведаннем мовы, а палітычнай арыенціроўкай трэба тлумачыць і адносіны студэнтаў да беларускага радыё, тэлебачання. Па беларускім радыё, тэлебачанні гучыць беларуская мова, песня, музыка, спартыўныя перадачы. Па-гэтаму зусім натуральна, што студэнты беларускага аддзялення штодзённа слухаюць радыё (54,42%), некалькі разоў у тыдзень (36,05%), а тэлебачанне адпаведна - 44,90% і 48,98%. Студэнты ж расейскага аддзялення штодзённа слухаюць беларускае радыё толькі 22,48%, тэлебачанне глядзяць штодзённа 17,83%. Больш студэнтаў старэйшых курсаў гэтага аддзялення слухаюць штодзённа беларускае радыё (33,3%). Вялікая розніца ў атрыманні інфармацыі праз радыё паміж студэнтамі малодшых і старэйшых курсаў выцякае з таго, што старшакурснікі маюць большую патрэбу ў эстэтычных, палітычных і прафесіянальных інтарэсах. Ім неабходна здабываць інфармацыю аб гэтым хоць праз беларускае радыё, якое аб гэтых пытаннях часцей гаворыць на расейскай мове.

Валоданне інфармацыяй - ведамі аб развіцці нацыі, яе гісторыі і культуры - важны паказчык узроўню нацыянальнай самасвядомасці. Адносіны студэнтаў да беларускай мовы, беларускіх сродкаў масавай камунікацыі, якія мы вышэй паказалі, наглядна выражаюць вялікую розніцу ў ступені наяўнасці беларускай нацыянальнай самасвядомасці ў студэнтаў-беларусаў і студэнтаў іншых нацыянальнасцей, якія з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі. У беларусаў яна вышэй, хаця далёка ад высокага ўзроўню. Гэтая розніца вельмі вялікая і па іншых паказчыках, якія былі закладзены ў анкету, запоўненую студэнтамі філалагічнага факультэта БДУ.

Як студэнты беларускага, так і студэнты расейскага аддзяленняў дакладна не ведаюць, з якога часу беларусы сталі самастойным народам. 15,5% студэнтаў расейскага аддзялення і 4,76% студэнтаў беларускага аддзялення па гэтым пытанні адзначылі пазіцыю анкеты "Не магу адказаць". Адказы апошніх студэнтаў рассыпаліся па дзевяці іншых пазіцыях. Пазіцыю "З часоў засялення тэрыторыі Беларусі славянскімі плямёнамі" адзначылі 8,16% студэнтаў расейскага аддзялення. Найбольшая колькасць студэнтаў абодвух аддзяленняў адзначылі пазіцыю -"З часоў Вялікага Княства Літоўскага" (42,18% і 27,13%) і пазіцыю "З часоў узнікнення Полацкага княства" (40,82% і 29,48%). У абодвух выпадках больш студэнтаў беларускага аддзялення лепш ведае гэтую праблему, бліжэй знаходзіцца да ісціны, чым студэнты расейскага аддзялення. Аб'яднанне крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў у барацьбе з Кіевам рабілі ўжо полацкія князі, асабліва Усяслаў Полацкі (1044-1101). Але ж поўнае аб'яднанне зрабілі князі Вялікага Літоўскага княства Гедымін і Альгерд. Пасля гэтага беларускі народ стаў сапраўды вялікім самастойным народам, з якім лічыліся дзяржавы Еўропы і баялася яго невялічкая ў той час Маскоўская дзяржава, пераймаўшая ў Беларусі горадабудаўніцтва, апрацоўку металаў, друкарскую справу і іншыя майстэрскія справы. Ні аб якім паходжанні беларусаў ад расіян у той час у Масковіі ніхто і думкі не меў.

Невялікі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў . даследванага факультэта паказваюць адказы на пытанне "Ці ведаеце вы гісторыю і культуру Беларусі?". Менш паловы студэнтаў беларускага аддзялення і 1/5 студэнтаў расейскага аддзялення адзначылі пазіцыю анкеты "Добра ведаю як гісторыю, так і культуру Беларусі" (17,05% русістаў напісалі "Не ведаю", 17,01% напісалі "Добра ведаю культуру", а 34,01% з іх - "Добра ведаю гісторыю"). Гэта вельмі і вельмі нізкі паказчык самасвядомасці філолагаў, якія хутка будуць працаваць у сярэдняй школе і павінны выконваць агульнанацыянальную задачу - беларусізацыю. Як яны яе змогуць выконваць, калі ведаў аб беларускай культуры, гісторыі няма!? Напрошваецца канкрэтная прапанова: трэба рэзка павялічыць колькасць гадзін на выкладанне курсаў "Гісторыя Беларусі" і "Культура Беларусі".

Неабходнасць такога мерапрыемства пацвярджае і адказ студэнтаў на пытанне "Назавіце, калі ласка, асноўныя крыніцы вашых ведаў па гісторыі і культуры Беларусі". Студэнты абодвух аддзяленняў на першае месца паставілі "Лекцыі і семінары ВНУ" (85,71% студэнтаў беларускага аддзялення і 71,32% расейскага аддзялення далі такі адказ). Сродкі масавай камунікацыі, кіно, спецыяльная літаратура ў адказе на гэтае пытанне аказаліся на апошнім месцы. Па-першае, гэтыя сродкі сапраўды пакуль што даюць невялікую і небагатую інфармацыю па беларускай культуры і гісторыі. Па-другое, галоўная іх частка выконвае ўстаноўкі ўрадавых чыноўнікаў, якія штурхаюць іх (сродкі) на эканамічную, сучасную палітычную праблематыку, "барацьбу з мафіяй" і г.д. А гэта не вельмі цікавіць студэнтаў- філолагаў.

Добрае разуменне і некаторых іншых беларускіх нацыянальных праблем паказалі студэнты філалагічнага факультэта БДУ ў час правядзення сярод іх анкетнага апытання. Перш за ўсё хочацца адзначыць добрыя веды студэнтаў у галіне сучаснай беларускай літаратуры, веданне сучасных пісьменнікаў. Усе студэнты, адказваючы на пытанне "Назавіце, калі ласка, імёны вашых любімых сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў", назвалі імёны сапраўды вялікіх беларускіх пісьменнікаў: В. Быкава, Ул. Караткевіча, Ніла Гілевіча, А. Адамовіча. I з веданнем справы адказалі студэнты і на пытанне "Назавіце, калі ласка, імёны вядомых беларускіх асветнікаў і пісьменнікаў перыяду "залатога веку" Беларусі. Названы былі імёны сапраўды вялікіх дзеячаў беларускай культуры таго часу: Скарына, С. Будны, М. Гусоўскі, В. Цяпінскі, С. Полацкі, Л. Сапега. Вельмі высокую ацэнку студэнты далі беларускім пісьменнікам і паэтам у справе адраджэння беларускай мовы.

(Працяг у наст. нумары.)

У Шклове запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя памяці Залужанага дзеяча культуры Віталія Бабчанкі

"Наша слова" № 14 ад 1 красавіка 2020 года паведамляла, што ў Шклове раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" правяла вечарыну, прысвечаную памяці Заслужанага дзеяча культуры Беларусі Віталія Аляксеевіча Бабчанкі, які доўгі час узначальваў Шклоўскую музычную школу і ўсё жыцце прысвяціў адданай працы на ніве культурнага жыцця Шклоўшчыны.

Па выніках вечарыны ад імя грамадскасці было накіравана пісьмо ў Шклоўскі райвыканкам з просьбай паспрыяць таму, каб імя гэтага чалавека з'явілася ў тапаніміцы Шклова. У Шклоўскім райвыканкаме аператыўна адрэагавалі на гэтую прапанову. 11 траўня 2020 года Шклоўская арганізацыя ТБМ атрымала афіцыйнае пісьмо №7-29/978 за подпісам намесніка старшыні райвыканкама А.А. Іваненкі, дзе пералічаны шэраг мерапрыемстваў, якія запланаваны ў гонар памяці Віталія Бабчанкі:

"На Вашу прапанову аб наданні імя В.А. Бабчанкі ДУА "Шклоўская дзіцячая школа мастацтва" Шклоўскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе наступнае.

... У кнізе "Памяць. Шклоўскі раён" змешчаны матэрыялы пра Заслужанага дзеяча культуры Бабчанку В.А.

У УК "Шклоўскі раённы краязнаўчы музей" таксама прадстаўлены матэрыялы пра нашага знакамітага земляка, маецца інфармацыя пра яго творчую спадчыну, матэрыялы аб жыцці і творчасці.

З нагоды 85-годдзя Заслужанага дзеяча культуры В. Бабчанкі ў ДУА "Шклоўская дзіцячая школа мастацтва" запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя яго памяці:

тэматычны вечар з удзелам народнага аркестра народных інструментаў "Спадчына" і салістаў школы;

аддзяленне ў справаздачным канцэрце з запрашэннем знакамітых гасцей (Раінчык В.П., Алданаў М.М., Сафонаў Р.Г.); устаноўка тэматычнага стэнда.

Выказваем падзяку таварыству за імкненне ўвекавечыць у тампаніміцы горада Шклова імя Віталія Бабчанкі.

ДУА "Шклоўская дзіцячая школа мастацтва" вывучаецца магчымасць размяшчэння ў гонар Віталія Бабчанкі на будынку школы мемарыяльнай дошкі.

З павагай,

Намеснік старшыні райвыканкама А.А. Іваненка".

Гістарычная даведка:Віталь Аляксеевіч Бабчанка пачаў працаваць у Шклоўскай музычнай школе з 1961 года, напачатку выкладчыкам, а з 1970 года і да выхаду на пенсію - дырэктарам гэтай установы. У 1969 годзе з выкладчыкаў музычнай школы ствараецца ансамбль народных інструментаў, нязменным яго кіраўніком на доўгі час становіцца Віталь Бабчанка. Яго ўдзельнікі і кіраўнік неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі Міністэрства культуры Беларусі і ўпраўлення культуры аблвыканкама. Ганаровае званне "народны" ансамблю прысвоена ў 1980 годзе за высокі ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуару і выканаўчае майстэрства. Адначасова, разам з народным, Віталь Аляксеевіч стварае і эстрадны музычны калектыў пры клубе "Чырвоны Кастрычнік" папяровай фабрыкі "Спартак. Высокі ўзровень і дасканаласць выканання музычных твораў пасадзейнічалі таму, што ансамбль быў запрошаны ў Менск для запісу на рэспубліканскім радыё. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Віталь Аляксеевіч у 1995 годзе стварае ансамбль народнай песні і музыкі "Бліскавіца" на базе раённага Дома культуры. Калектыў хутка набывае папулярнасць. "Бліскавіца" - лаўрэат рэспубліканскага фестывалю камернай музыкі ў Мсціславе, міжнародных фестываляў: "Дняпроўскія галасы" ў Дуброўне, "Вянок дружбы" ў Бабруйску. Удзельнічае ў рэспубліканскіх святах "Дзень беларускага пісьменства, "Дажынкі", выступае ў многіх кутках Беларусі і ў замежжы. У 2002 годзе ансамблю прысвоена ганаровае званне "народны". За доўгі час, працуючы на ніве музычнай творчасці, Віталь Бабчанка паспрыяў таму, што вялікая колькасць жыхароў Шклоўшчыны, вучняў музычнай школы і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнай абудзілася да музычных здольнасцей і ўвогуле дакранулася да "яе вялікасці" культуры. Сярод іх народны артыст Беларусі Васіль Раінчык - прафесар, кампазітар, кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля "Верасы", маладзёжнага тэатра эстрады. Віталь Аляксеевіч Бабчанка ўзнагароджаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, знакамі I і II ступені Усесаюзнага фестываля самадзейнай творчасці. У 1990 годзе ён атрымаў званне Заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Разам з літаратарам Лявонам Анціпенкам ён з'яўляецца аўтарам гімна горада Шклова.

Спадзяёмся, што ўсе мерапрыемствы, запланаваныя Шклоўскім райвыканкамам, здзейсняцца.

Аляксандр Грудзіна, старшыня Шклоўскай арганізацыі ТБМ.

Векавая цагліна захоўвае капсулу часу

Прывітанне, маё імя Сяргей. Вучуся я ў адзінаццатым класе, цікаўлюся гісторыяй і думаю пасля заканчэння школы паступаць у ЕГУ. Хачу расказаць вам пра цікавы праект, які быў рэалізаваны нашай сям'ёй. Мы заклалі капсулу часу ў вонкавай сцяне кухні нашай кватэры.

Падзея гэтая, можа, і не новая - у многіх кутках Зямлі людзі здзяйсняюць падобныя рытуалы. Але месца, дзе пакоіцца зараз капсула, заслугоўвае невялікага расповеду.

Справа ў тым, што сам дом і месца яго пабудовы з'яўляюцца ўнікальнымі. Дом знаходзіцца на скрыжаванні сучасных вуліц Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, якія на момант пабудовы дома, а дакладней у 1893 годзе, называліся Петрапаўлаўская і Падгорная. На даху галоўнага фасада бачны металічны шпіль з выкаванай датай. І вось ужо 127 гадоў дом і тэатр Янкі Купалы складаюць архітэктурны ансамбль цэнтральнай часткі Менска. Дом запраектаваў архітэктар Я. Гінзбург. Са знойдзеных архіўных чарцяжоў даведаліся, што заказ на пабудову быў зроблены дваранінам Дамінікам Юлновічам. Некаторы час там месцілася школа-ешыва, а пасля рэвалюцыі 1917 года - ГубЧК, таму тут, пэўна, бываў Ф.Э. Дзяржынскі, які спыняўся ў так званым Доме Саветаў, што знаходзіцца ніжэй па Карла Маркса на рагу вуліцы Леніна, і дзе зараз кватэра-музей Петруся Броўкі.

Як і чаму мне прыйшла думка закласці капсулу ў сцяне і менавіта ў гэтым доме? У сцяне - таму, што яна старадаўняя, масіўная (80 см таўшчынёй), з цэглы, і падчас капрамонту выдалася магчымасць закласці капсулу ў нішу, пакінутую ад дэмантажу старога радыятара. А чаму? Ну, хто ў дзяцінстве хоць раз не марыў схаваць сакрэтнае дасланне ў будучыню?! У капсулу мы заклалі фотаздымак нашай сям`і: мяне, брата, сястры, мамы, таты і бабулі. Кожны з нас "нясе" сваім знешнім выглядам пэўную інфармацыю, атрыбут, сімвал. Мама, напрыклад, трымае бутэльку Сoca-Cola, якая на сённяшні дзень (можа, і на жаль) з`яўляецца папулярным напоем, бабуля наша мудрэйшая нагадвае пра неўміручую гістарычную сімволіку, сястра склала далоні "сардэчкам", што папулярна ў сучасных дзяцей, я трымаю ў руках таксама папулярны сёння скейт-борд, мой брат у футболцы з выявай Статуі Свабоды паказвае рукой знак "V", тата трымае самы папулярны сёння гаджат - мабільны тэлефон. Магчыма, у будучыні па гэтых знаках можна будзе зразумець, чым жылі людзі нашага часу. Мы стаім на мосце цераз Свіслач, размаляваным сучаснымі "графіці", а за намі можна ўбачыць стадыён "Дынама", у рэканструкцыі якого брала ўдзел і наша мама. У капсулу мы паклалі таксама некалькі сучасных манетак.

Такім чынам векавая цэгла захоўвае ў сабе не толькі дух часу, але і рэчы - пасланне з 2019 года ў будучыню.

Сяргей.

Займальная кніга

Днямі набыў цікавую кнігу "Філаматы і філарэты: Творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці", якая пабачыла свет у выдавецтве "Беларуская навука". Наклад навуковага выдання 120 асобнікаў. Навуковыя рэдактары: кандыдаты філалагічных навук: Ілля Капылоў і Ірына Багдановіч, а рэцэнзенты: кандыдат філалагічных навук Сяргей Гаранін і кандыдат культуралогіі Алесь Суша...

У зборнік уключаны даклады ўдзельнікаў міжнародных навуковых чытанняў "Філаматы і філарэты: Творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці" (да 200-годдзя ўтварэння таварыства), якія адбыліся 13-14 снежня 2017 г. у Менску. У дакладах асвятляюцца пытанні рэцэпцыі і інтэрпрэтацыі творчай спадчыны філаматаў і філарэтаў , а таксама паказваюцца лёсы асоб таварыства ў кантэксце эпохі і ў народнай памяці. З цікавасцю прачытаў даклады: Ванды Бароўкі, Ірыны Багдановіч, Вольгі Кругловай, Таццяны Кохан, Марыны Свістуновай, Алены Дзенісенкі, Ларысы Доўнар, Інгі Бязлепкінай, Разаліі Александровіч, Ігара Запрудскага, Аляксандра Ерашэвіча, Аляксея Фралова, Людмілы Сільновай і Ганны Гладковай.

Асабіста мне вельмі спадабаўся даклад Ганны Запартыкі, які меў назву "Публікацыі Сымона Шалковіча (1840-1886) як крыніца па гісторыі тайных студэнцкіх таварыстваў".

У выданні кнігі прымалі ўдзел: Нацыянальная Акадэмія Навук Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, ГА "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў", а таксама Польскі Інстытут ў Менску.

Зборнік разлічаны на шырокае кола чытачоў. Яго яшчэ мажліва набыць у сталічнай краме "Акадэмкніга".

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

З ЖЫЛКАВАЙ СОТНІ

…Я з грамадой іду па шчасце нам.

Мой меч зіхціць,

непераможны, востры,

Змагуся сам,

дык сотням перадам.

У. Жылка. "Меч".

27 траўня іх сабрала сюды 120-ая вясна Уладзіміра Жылкі. Іх было нямнога, не больш паўтара дзясятка. Але кожны, урачысты і годны, пачуваў сябе героем той сотні. Задуманае здзейснілі!

На гарадзейскім беразе Ушы за зонай адпачынку "Ціхая затока" прыжываюцца, адольваючы сухмень, карэняцца ў скупаваты дол маладыя дубкі. Іх пасадзілі год таму падчас акцыі "100 дубоў для Жылкі". А сёлета, акурат пад юбілейную дату, усталявалі на маляўнічым валуне памятную пліту. Яна нагадвае пра паэта-земляка, яго 120-гадовы юбілей ды тужлівую "лілею між балот" - улюбёны вобраз Жылкі.

Дзеля ўшанавання памяці паэта выдаткавалі свае ахвяраванні сябры раённай арганізацыі ТБМ, жыхары Гарадзеі і Нясвіжа. Добры і вельмі дарэчны ўнёсак у калектыўную справу зрабіла кіраўніцтва і прафкам Гарадзейскага цукровага камбіната.

Гарадзея - частка айкумены паэта: тут ён вучыўся, тут жылі і жывуць яго нашчадкі, на гарадзейскіх могілках займеў вечны спачын яго дзед Ануфры. Таму з'яўленне тут "Каменя Жылкі" вельмі натуральнае. Гэта будзе першы акцэнт у нясвіжскай мемарыялізацыі паэтавага імя і годны матыватар падарожнічаць далей, да яго Макашоў. Удзельнікі той святочнай сустрэчы так і зрабілі.

Як у Гарадзеі, так і ў Макашах чыталі вершы Жылкі, саджалі дубкі. Разважалі пра лёс паэта і яго паэзію, яшчэ да сёння цалкам не данесеную да нашчадкаў, землякоў, сённяшніх школьнікаў. Сяброўскія прамовы-развагі былі пераважна пра будучыню - пра перспектывы музея паэта і раённага Свята паэзіі ў Макашах, надання адной са школ ці бібліятэк імя Жылкі. Верылася, што ўсё так і будзе, абавязкова будзе! Залітыя шчодрым сонцам Макашы адгукаліся суладным птушыным шчэбетам ды згодна ківалі духмянымі галінкамі бэзу.

Год Жылкі працягваецца. Н. Плакса. Нясвіж.

Фота: 1. "Пад гэтым небам, так каханым, я пастушком гуляў у бор…" (Гарадзея. "Камень Жылкі");

2. "…І што набыў, усё, што маю,

Што душу цешыла маю,-

Ўсе скарбы, ўсе свае багацці

І песні ўсе - крывіцкай хаце."

(в. Макашы. Каля хаты У. Жылкі. Сярод удзельнікаў старшыня ТБМ Алена Анісім.)

3. Расказвае краязнавец Аляксандр Абрамовіч. (в. Студзёнкі).

Вірус выратаваў свет ад калапсу?

Навіны Германіі

Некаторыя нямецкія СМІ пішуць, што, як гэта ні цынічна гучыць, цяперашняя эпідэмія мае пэўныя пазітыўныя бакі. Калі б увесь свет не захварэў на Covid-19, яго сёння мог чакаць жудасны хаос.

Усё праз радыкальных эколагаў, якія разглядалі 2020-ы як год вырашальнай бітвы за клімат. Калі верыць тым жа СМІ, напярэдадні гэтага года абаронцы клімату падрыхтавалі падступны план маштабнага наступу на інфраструктуру буйных гарадоў і офісы вядучых энергетычных кампаній Заходняй Еўропы. Толькі пад план атакі і блакады Франкфурцкага аэрапорта было мабілізавана каля дзесяці тысяч актывістаў. Аперацыя была запланаваная якраз на пачатак лета, аднак праз эпідэмію і каранцін яе давялося адкласці.

Цяпер наўрад ці эколагі хутка вернуцца да сваіх планаў, паколькі праз каронавірус прыпыніў дзейнасць школьны рух Fridays for Future, акцыі якога ў мінулым годзе падтрымалі 1,4 мільёна дзяцей. Крызіс таксама прымусіў скараціць фінансаванне грамадзянскага сектару, частка якога падтрымлівала радыкальных кліматычных актывістаў. Аднак нельга забывацца, што сіноптыкі абяцаюць спякотнае лета. Таму ладзіць хаўтуры па кліматычным руху, магчыма, яшчэ рана.

Паводле нямецкай прэсы. Фота dpa.

На занядбанай магіле скульптара-паўстанца Генрыка Дмахоўскага паставілі душэўны помнік

Напярэдадні дня смерці паўстанцкага камісара Дзісенскага павета сусветна вядомага скульптара Генрыка Дмахоўскага (загінуў 26 траўня 1863 года - у баі з карнікамі "васьмю кулямі прашыты") на магіле героя з'явіўся годны велічны помнік.

Магіла, дзе Дмахоўскі пахаваны разам з двума невядомымі паўстанцамі, знаходзіцца ў лесе на старажытным курганным могільніку паблізу вёскі Бірулі Докшыцкага раёна.

Зусім маладым Дмахоўскі браў удзел у вызвольным паўстанні 1831 года. Жывучы потым у эміграцыі за акіянам, ён стварыў бюсты Тадэвуша Касцюшкі, прэзідэнтаў Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана і аднаго з герояў вайны за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі Бенджаміна Франкліна. Гэтыя бюсты і сёння ўпрыгожваюць Кангрэс ЗША. Творчы геній нашага суайчынніка нарадзіў таксама скульптурную групу "Гарыбальдзі з ваярамі", выяву венгерскага нацыянальнага героя Лаяша Кошута… Раней, у Парыжы, Дмахоўскі ўдзельнічаў у стварэнні саркафага Напалеона.

Незадоўга да паўстання Каліноўскага Генрык вярнуўся на радзіму, каб узяць у рукі зброю.

Доўгі час магіла была ў жудасным стане, ад яе амаль не засталося знаку, але час настаў...

nn.by.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА УЛАДЗІМІРА КОНАНА (23.04.1934 - 6.06.2011)

Дон Кіхот з навагрудскай зямлі,

Беларускай душы абаронца,

Дзе ты сёння? Зноў прыйдзеш калі

Ты да нас, бо самотна ў старонцы

Нашай роднай? І трэба, каб ты

Сваё слова сказаў і ўсе зналі,

Што наш край не куток нематы,

А краіна, якую стваралі

Нашы продкі для нас…


" Я нікуды ад вас не сышоў,

Я на хвілю адну аддаліўся

Ад сівых навагрудскіх муроў…"-

Ты сказаў, і, як меч, засвяціўся

Крыж драўляны і вечны твой крыж,

Які лёгкім не быў аніколі,

Пад якім ты маўчаў, і маўчыш,

І маўчаў, і маўчыш не аб долі

Нашай любай зямлі, аб сабе,

Адзінокім, як бэз ля дарогі,

Што ламаюць усе і ў журбе

Потым кідаюць часу пад ногі,

І маўчаць, і гавораць: "Маўчы…"

А маўчаць немагчыма бясконца.

Аднаму цяжка выйсці з начы,

Дзе над намі адно вечна сонца

І адзін Дон Кіхот сярод нас,

Без якога самотна ў краіне,

Без якога спыняецца час

І ўсё светлае, роднае гіне…

8.06.2011 г.

БАЛАДА РЫГОРА БАРАДУЛІНА (24.02.1935 - 2.03.2014)

Даравальная нядзеля…

Даравальны дзень…

З рук тваіх аловак выпаў,

як жывы прамень,

Што свяціўся, быццам бы казаў,

што мы жывём

З моваю матулінай, як са святым агнём,

Што для нас рунее і дае надзеі жыць,

Што вятрам у сэрцах

мову нашу не стушыць,

Бо без роднай мовы

ўсе мы - толькі жыхары

У краіне нашай, нашай да тае пары

Покуль мы шчэ помнім,

хто мы і чаму мы тут…

З рук аловак выпаў,

ды не знік наш родны кут,

У якім ты нарадзіўся, для якога жыў,

Вершамі, малітвамі з людзямі гаварыў,

І ляцела гойна слова ад тваёй душы

Праз глухія сцены,

праз вятры, агонь, дажджы,

Праз туман і душы, у якіх святла няма,

У якіх жывуць вароны, у якіх зіма,

У людскія сэрцы, дзе святло і Бог жыве

І жывуць анёлы й вершы,

быццам бы ў царкве…

Даравальная нядзеля…

Даравальны дзень…

Не даруюць продкі нам,

як мова прападзе…

Мова будзе жыць…

І ў Свята, мудры наш Паэт,

Дараваў усім і адышоў у іншы свет…

2.03.2014 г.

БАЛАДА ГЕНАДЗЯ КАХАНОЎСКАГА (8.01.1936 - 15.01.1994)

Па Віленскай зямлі, нібыта па Галгофе,

Самотны беларус няспешліва ідзе.

Ён ведае, што мы народжаны ў Еўропе,

І тут нам толькі жыць і болей анідзе,

Бо тут забытыя крыжы далёкіх продкаў

І толькі нам іх адшукаць, і толькі нам

На роднае зямлі спыняць агню паводку,

Якая можа змыць наш самы белы Храм,

Адзіны ў свеце, дзе не ведаць адзіноты

Ніколі нам, бо мы спрадвеку тут жылі

І нашы хаты, старадрукі і кляйноты,

Як наша кроў у травах Віленскай зямлі,

Жывуць і будуць жыць,

бо беларус самотны

Няспешна, бо задумлівы, усё ідзе

І толькі роднае Ён называе родным,

Якое не аддаць нікому і нідзе.

І кажа Ён: "Я не адзін, і слава Богу!

Мы пройдзем спёкі ціш і замяці зімы…

І нашы ўжо ідуць, і ў Храм вядзе дарога,

І кожны ведае, што Віленскія - мы…"

22.09.2007 г.

БАЛАДА ЯНКІ СІПАКОВА (15.01.1936 - 10.03.2011)

Усе мы з хат…

Я. Сіпакоў.

"Хто мы такія?"- на гэта пытанне

Ты нам пакінуў у кнігах адказ:

"Мы - беларусы, і наша світанне

Там, у стагоддзях, і знішчыць тут нас

Нельга нікому, бо створаны Богам

Мы, беларусы, і наша жыццё -

Наша да Бога праз вечнасць дарога,

Хоць кожны з нас, як бярозы лісцё,

Кволы пад ветрам, які абрывае

Нас, як лісцё, з радаводных галін…"


Проза твая, нібы мёд, залатая,

Вершы твае, як сузор'і расін,

Што асвятляюць нам сэрцы і душы,

Каб мы любілі зямлю, на якой

Замкі і Храмы і ў спёку, і ў сцюжы

Неба трымаюць, як ты над сабой

Сёння трымаеш свой крыж беларуса,

Што не адрокся ад мовы бацькоў,

Рана пайшоўшы па свеце за музай,

Па папялішчах мінулых гадоў,

Каб ажывіць нашу славу ў баладах,

Тую, далёкую, нібы зару…


Выйшаў ты з хаты, і будзеш ты ў хатах,

Хатаю стала тваёй Беларусь…

10-14.03.2011 г.

БАЛАДА ВАСІЛЯ СЁМУХІ (18.01.1936 - 3.02.2019)

Ты з Томасам Манам і Гётэ

Сядзіш у кавярні шматзорнай.

Не віскі шатландскія з лёдам

Няспешна п'яце, а чытаеш

На мове зямлі непакорнай

Іх творы і ўжо не спяшаеш

Нікуды, бо сёння - ты Дома,

Які ёсць і будзе над намі,

Бы ў даўні - на стрэхах салома

І ў бела-чырвоныя кветкі

Ручнічок па-над абразамі.

Яшчэ пад снягамі палеткі,

Але ўжо вясна недалёка.

Ты чуеш вясну і малітву

Чытаеш, і робіцца лёгка

Любіць і выходзіць на бітву…

4.02.2019 г.

БАЛАДА ВЕРЫ РЫЧ (24.04.1936 - 23.12.2009)

Між Лонданам і Менскам цэлы свет,

Напоўнены спякотай і дажджом,

Дзе ты ідзеш, вандроўніца, паэт,

Начуючы ў анёлаў пад крылом,

У Беларусь, якую любіш ты,

Бо тут паэзіі агонь жывы

Дашчэнту прозы спальвае масты

І замкі выбудоўвае з травы,

Дзе нашае мінулае жыве,

Якім і самі ўсе мы тут жывём.

Нам россып рос на восеньскай траве

Цвіце паўстанцкім маладым агнём.

І ты гаворыш нам: "Не сумаваць!"

А мы не чуем, бо не сумна нам

З табою Караткевіча чытаць

І піць святло з слязою папалам,

Бо ў ноч анёл з нябёсаў прыляцеў,

Каб не была тут болей ты ў журбе.

І Лондан без цябе не пабяднеў,

А Беларусь збяднела без цябе,

Дзе аніколі не згараць масты

Між Лонданам і Менскам, па якіх

У Беларусь, якую любіш ты,

Ісці табе, спыніўшыся на міг…

20.24.07.2010 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Новае пра лідскі фарны касцёл і замак

Леанід Лаўрэш

Знойдзены малюнак з першапачатковымі відамі лідскіх касцёлаў

Турыстам і гасцям горада Ліды добра вядомы фарны касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які стаіць недалёка ад замка. Якраз паміж ім і замкам нядаўна паставілі помнік заснавальніку горада князю Гедыміну.

Гэты касцёл - помнік архітэктуры барока - пабудаваны, верагодна, па праекту віленскага архітэктара Іагана Крыштафа Глаўбіца ў другой палове XVIII ст. Новы касцёл быў асвечаны ў 1768 ці 1780 годзе. Вядома, што ад пачатку гэта была дзвюхвежавая базіліка з трохузроўневымі вежамі. Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX ст. кс. Язафат Вайшвіла пісаў: "Стары фарны драўляны касцёл, як і сучасны мураваны, стаяў каля замка на пачатку галоўнай вуліцы. Тыя, хто сваімі вачамі бачыў стары, драўляны касцёл, казалі, што ён падобны на сучасны і таксама быў павернуты да галоўнай вуліцы". Адсюль даведваемся, што стары, драўляны лідскі касцёл таксама быў пабудаваны ў стылі барока і меў дзве вежы. Найкаштоўнейшая інфармацыя.

З-за памылак у праектаванні і будаўніцтве, а таксама з-за "надта дрэннага матэрыялу" ўжо ў 1777 годзе касцёл патрабаваў рамонту, што запісана і ў візітацыі 1782 года. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх зваліліся бляха, тынк і нават фрагменты гзымсаў і сцен; да таго ж ветрам павыбівала шыбы, і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў. Рамонт праводзіўся ў 1782-90 гадах пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, для чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1 675 чырвоных злотых. Цалкам касцёл быў адрамантаваны да 1792 года. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт і, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла.

Па другой версіі, вежы канчаткова былі прыбраны пры рамонце 1826 года, але на акварэлі Юзафа Пешкі, намаляванай на пачатку XIX ст. вежаў на фарным касцёле ўжо няма. Таму, падобна, што памыляўся і рэктар Вайшвіла, да таго ж, верагодна менавіта з яго падачы 1826 год лічыцца годам разборкі вежаў: "[Касцёл] раней меў дзве вежы але яны былі зняты, бо пашкодзіліся пры пажары 1826 г. Вежы і ўвесь касцельны дах згарэлі, і новы дах быў зроблены стараннем пробашча Вінцэнта Лінкіна пры дапамозе парафіянаў. Скляпенне ў празбітэрыюме ці над вялікім алтаром было пафарбавана, што цалкам сказіла інтэр'ер. Толькі чатыры абразы пэндзля Смуглевіча здабыла гэтая святыня, а менавіта Св. Яна Непамуцэна над дзвярыма сакрыстыі, Св. Тадэвуша Апостала над дзвярыма скарбца, Св. Барбары і Св. Тэклі ў алтары", - пісаў рэктар.

На адлегласці 108 крокаў ад фарнага касцёла, далей на поўнач па вуліцы Віленскай (сучаснай Савецкай) стаялі былы кляштар і касцёл кармелітаў. Кляштар згарэў у 1941 г. і быў разабраны на пачатку 1950-х гг. Пра касцёл, які праз сакрыстыю злучаўся з кляштаром, вядома, што ён меў форму крыжа даўжынёй 44,5 і шырынёй 17,5 локця, пакрыты дахоўкай.

Нядаўна з Бібліятэкі імя Асалінскіх (г. Уроцлаў) пры дапамозе свайго сына Вадзіма, я атрымаў сканы рукапісу рэктара лідскай піярскай павятовай вучэльні Язафата Вайшвілы, напісаныя ў першай палове XIX ст. з малюнкам лідскага замка на першай вокладцы (Wspomnienie domku Pijarów Lidzkich. Napisał ks. Jozafat Wojszwiłło, ostatni rektor Pijarów lidzkich // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn.3667/III. ). Гэты малюнак, верагодна, намаляваў нехта з выкладчыкаў ці вучняў піярскай школы.

Я не адразу звярнуў увагу, што справа ад замка (1) намаляваны касцёл з кляштаром кармелітаў (2) і, яшчэ трошкі правей - фарны касцёл з вежамі! (3) (гл. малюнак). Бачна, што кармеліцкі касцёл меў фасад, павернуты на ўсход і надбудаваны купал з сігнатуркай над вялікім алтаром. Трэба сказаць, што фарны касцёл для мастака знаходзіцца ў такой праекцыі, што дзве вежы бачны, як адна.

Але галоўнае - фарны касцёл намаляваны з трохузроўнемымі вежамі. Гэты малюнак адзіны, на якім можна убачыць лідскія касцёлы ў іх першапачатковым выглядзе. Верагоднае датаванне малюнка з вокладкі - да 1790 г.

На гэтую выяву лідскага фарнага касцёла з дзвюмя вежамі да апошняга часу не звярталі ўвагі, і ў апошняй, кнізе, якая толькі што выйшла, я нават напісаў, што такой выявы, верагодна, наогул не існуе. Таму аўтэнтычны малюнак з двухвежавым лідскім фарным касцёлам, касцёлам кармелітаў і замкам - важная, новая крыніца інфармацыі па гісторыі горада Ліды.


Таксама кс. Вайшвіла паведаміў пра фарны касцёл, што: "Мураваны шпіталь (пры фарным касцёле) знаходзіўся ў самым рагу мура, які атачаў парафіяльны касцёл, з боку замка ад вуліцы Віленскай. Але ў пажары 1826 г. згарэў дах шпіталя і ўсё драўлянае, што ў ім было. Цэглу тады разабралі на падмуркі іншых дамоў, і таму цалкам знік нават след таго прытулку для ўбогіх.

У другім рагу таго ж мура, пры той жа самай вуліцы Віленскай стаіць мураваны невялікі шпіталік які мае толькі адзін пакой. У гэтым прытулку жывуць касцельныя і ўбогія дзяды на утрыманні багалюбівых парафіян. Невядома, калі гэты прытулак з'явіўся і хто яго будаваў".

Цікавым з'яўляецца інфармацыя рэктара піяраў пра тое, што ў першай палове XIX ст. у вёсцы Перапечыца, якая належала фарнаму касцёлу, працавала цагельня.


Падам яшчэ некалькі цікавых фактаў з успамінаў рэктара лідскіх піяраў. У нашым народзе захавалася доўгая памяць пра каралеву Бону і будаўніцтва лідскага замка доўгі час, пэўна, да прац Тэадора Нарбута, прыпісвалася менавіта каралеве Боне. Кс. Язафат Вайшвіла пісаў: "Замак у горадзе прыпісваюць каралеве Боне, як быццам яна яго пабудавала. Амаль што кожны, у каго пра гэта пытаеш, так кажа. Нават лідскі магістрат менавіта гэтак каля 1820-га года рапартаваў, і гэтак жа лічыў і сам бурмістр Вінцэнт Бенстажыцкі. Так ён і напісаў у рапарце, выконваючы загад урада які патрабаваў інфармацыю пра лідскі замак.

... Я запытаў аднаго шляхціца:

- Ці ведаеш, чый замак?

Пан шляхціц адразу адказаў:

- Ведаю вельмі добра - каралевы Боны.

- А ці Бона яго вымуравала?

- Так, Бона, няма сумнення.

- Як даўно?

- Дастаткова даўно.

- А хто гэта такая, каралева Бона? Жонка якога караля?

- Гэтага не ведаю.

- А ці яна была хрысціянкай ці паганкай?

- Паганкай!

- А дзе яна жыла?

- Тут, у Лідзе.

- А пахаваная дзе?

- У нашым замку.

- А хто пахаваны пасля яе?

- Кароль.

- А як яго звалі?

- Не ведаю.

- А што яшчэ ведаеш пра гэты замак?

- Больш нічога не ведаю.

- А хто яго знішчыў?

- Не ведаю.

Вось і ўсё, што можна даведацца пра замак ад мясцовых людзей".


Вайшвіла падае і такую, цалкам невядомую зараз інфармацыю пра замак: "На шчасце замак у вачах урада займеў каштоўнасць, і таму мае з яго боку абарону ад знішчэння рукамі людзей. Указам цара ... распачата справа аб разбурэнні Лідскага замка ў 1840 г.

Пан лідскі гараднічы, падпалкоўнік Стугін вырашыў вымураваць масток цераз рэчку Каменку і пачаў рабіць яго з камянёў, якія валяліся каля дарогі пры замку. Аднак да муроў не дакрануўся. Тым не менш пачаліся размовы, і па павеце распаўсюдзілася навіна, што гараднічы разбірае замак. Хутка гэтая навіна дайшла на Нарбута, гістарыёграфа Літвы. У нашай мясцовасці ён быў руплівым абаронцам замкавых парэшткаў, пра разбурэнне замка ён данёс губернскаму ўпаўнаважанаму, і той распачаў следства. Гараднічы даводзіў, што яго недарэчна абвінавацілі, але пасля далучэння Лідскага павета ... да Віленскай губерні, з Вільні было загадана: "Привести в первобытное состояние". Гараднічы ў рапарце справядліва адказаў, што гэтага зрабіць немагчыма, бо для гэтага, трэба пабудаваць новы замак. Аднак у новым указе было напісана: "Привести … в первобытное состояние. А за неисполнение записать Городничего в черную книгу".

Гараднічаму нічога не заставалася як пачаць працы па прывядзенні замка ў першасны стан. Калі ж Стугін распачаў працу, яго ж канцылярыст Яраслаў Ёлец, каб не было клопату, падаў наступную параду: адрапартаваць, што загад ужо выкананы і замак "приведен в первобытное состояние". Гэтак і зрабілі - гараднічаму справа ўдалася, бо на гэтым усё скончылася, і ўказаў больш не было".


Дадам яшчэ, што з тэксту кс. Вайшвілы, даведваемся, што каля таго самага мастка праз рачулку Каменку, які хацеў перабудаваць лідскі гараднічы, стаяў млын і "меліся сярністыя крыніцы, бо ў гэтым месцы пасля цёплага дажджу, пры святле сонца, бліжэй да вечара, чутны пах серы. Аднак першыя зробленыя пробы паказалі што запасы серы там недастатковыя для таго, каб пабудаваць лекавыя купальні". Гэта цалкам невядомая ў наш час і таму надзвычай цікавая інфармацыя.

Шчара - рака партызанская

Шчара - найбольшы левы прыток ракі Нёман. Згодна з энцыклапедыяй, яе даўжыня 325 кіламетраў. Пачатак бярэ з Калдычэўскага возера ў Баранавіцкім раёне побач з Завоссем, радзімай вялікага, сусветна вядомага польскамоўнага паэта Адама Міцкевіча. Невялікім, ледзве прыкметным ручайком праз лугі і балоты накіроўваецца яна на поўдзень, на Палессе, дзе набіраецца моцы і паступова, нібы перадумаўшы, робячы вялікую дугу, мяняе кірунак свайго бегу на поўнач, спяшаючыся ў абдымкі да бацькі Нёмана. Менавіта тут ад старажытнага вялікага мястэчка Быцень рака калісьці была караблеходнай, лес на ёй сплаўляўся і з іншых месцаў вышэй па цячэнні. Але ад Быценя да Нёмана і далей па ім плыты цягнулі невялікія рачныя буксіры.

Яшчэ ў 18 стагоддзі магнат Агінскі задумаў і здзейсніў мару злучыць Шчару праз Ясельду, Прыпяць і Дняпро з Чорным морам, каб мець магчымасць дастаўляць свае тавары водным шляхам не толькі ў парты Балтыкі. Праўда, са з'яўленнем чыгуначнага транспарту і ў выніку войнаў, асабліва Вялікай Айчыннай, гэтая транспартная артэрыя перастала дзейнічаць.

Але ідэя не прапала. У канцы 50-х гадоў 20 стагоддзя яна ажыла ў галовах кіраўніцтва былога СССР. Былі праведзены інжынерна-гідралагічныя даследаванні, зроблена амаль на 100% праектная дакументацыя новага воднага шляху, па якім свабодна маглі б рухацца караблі тыпу рака-мора. "Забуксаваўшая" эканоміка, адстаўка М.С. Хрушчова прывялі да таго, што амаль гатовы праект часова паклалі пад сукно, а затым увогуле забыліся пра яго. Нам засталася некранутай прыгажосць прыбярэжных лясоў з карабельнымі хвоямі, векавымі дубравамі, абшары заліўных лугоў з разнастайным шматквеццем, прыбярэжныя вёскі з багатай гісторыяй і самабытным укладам жыцця.

У сярэдзіне 16 стагоддзя ў ВКЛ была праведзена зямельная рэформа, якая мела назву "валочная памера". За кожнай сялянскай гаспадаркай замацоўвалася валока (20 дзесяцін) альбо частка яе, за што, адпаведна з велічынёй надзелу, плацілася даніна дзяржаве ці магнату. Калі такія надзелы выдзяляліся ў глухіх, недаступных месцах, на пясчаных ці балоцістых глебах, у лясах, далёка ад дарог, то, каб прывабіць ахвотнікаў, іх вызвалялі ад выплаты павіннасцяў на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. Пасяленні, што вызваляліся ад платы падаткаў тэрмінам на 5 гадоў, называліся малой воляй. А на тэрмін да 10 гадоў - вялікай воляй. Зрэдку да слова воля дадавалі прозвішча першых пасяленцаў, напрыклад, Воля Крупіца. У такія лясныя паселішчы пазней, спакушаныя глушшу і льготамі, збягалі і хаваліся многія свабодалюбівыя людзі. Менавіта таму з пакалення ў пакаленне на генным узроўні ў жыхароў лясных вёсак захоўвалася і загартоўвалася прага да свабоды, да волі, якую яны заўсёды адчайна баранілі нават і коштам свайго жыцця.

Яшчэ ў самым пачатку 18 стагоддзя пушчанцы наносілі сур'ёзныя страты захопнікам шведскага караля Карла Вялікага. У 1833 годзе ў лясах каля Слоніма падняў на паўстанне сялян Міхал Валовіч. Пазней у Ліпічанскай пушчы ствараліся аддзелы паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. На берагах Шчары прайшоў загартоўку і яго паплечнік, у далейшым генерал Парыжскай Камуны, Валерый Урублеўскі. У нашых лясах у 1922 годзе набіраўся вопыту вядзення партызанскай барацьбы К.П. Арлоўскі, а ў канцы 1930-х гадоў вядомы герой Заходняй Беларусі, кіраўнік Слонімскага падпольнага РК, які часта бываў у вёсцы Воля Крупіца - С.В. Прытыцкі.

Але асабліва праявілі сябе жыхары лясных вёсак падчас Вялікай Айчыннай вайны. Яны не толькі ваявалі ў складзе шматлікіх партызанскіх атрадаў, але кармілі і апраналі іх, дапамагалі абсталёўваць партызанскія аэрадромы, шпіталі, хлебапякарні, лазні. Акупанты ў лясы баяліся і носа патыкнуць. Толькі тры разы за ўсю вайну, сабраўшы вялікія сілы, тэхніку, гарматы, мінамёты, яны рабілі спробы ўсталяваць свой парадак. Ад гэтых рэйдаў найбольш даставалася мірным жыхарам. Тут, на берагах Шчары, падчас такіх карных экспедыцый былі спалены цалкам разам з жыхарамі дзясяткі вёсак. У межах Дзятлаўскага раёна гэта Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля і іншыя. Амаль нічога не пакінуў агонь ад дамоў жыхароў і гаспадарчых будынкаў Ліпічанскай пушчы. Сёння аб тых страшных падзеях нам нагадваюць крыжы, помнікі і абеліскі.

На жаль, не паспелі цалкам аднавіцца ад страт і згубаў апошняй вайны многія паселішчы, і, пачынаючы з 70-х гадоў 20 стагоддзя, большасць вёсак Беларусі, а ў першыя чаргу, лясныя і аддаленыя ад вялікіх гарадоў, непрыкметна знікалі.

Дзяржава зрабіла ўсё, каб запаволіць гэты працэс, уклала вялікія сродкі на добрыя дарогі, падвяла электрычнасць і сучасныя сродкі камунікацый. Але сёння жыхароў у вёсках на берагах Шчары можна пералічыць на пальцах. Тыя, хто дажывае свой век, яшчэ могуць успомніць і распавесці пачутае ад сваіх бацькоў і сваякоў пра падзеі ваеннага ліхалецця.

А вось пра караблеходства ў пасляваенны час, пра тое, як жыхары вёсак "задобрывалі" праекціроўшчыкаў вялікага воднага шляху каўбасамі, кумпякамі і самагонкай, каб пару соцень метраў абышлі бокам сенакос ці вясковую пашу, якой у людзей было не менш, чым у калгасах, альбо пра знакамітых творчых людзей, якія аблюбавалі ў той час для свайго адпачынку не ўзбярэжжа Чорнага мора, а сціплы калгасны дом адпачынку "Рэчанька" непадалёку ад Трахімавічаў. З гэтымі людзьмі вяскоўцам даводзілася сустракацца ці на рыбалцы, ці ў лесе, збіраючы грыбы і ягады, і размаўляць пра трафеі, пра вясковыя абрады і святы.

Вяскоўцы могуць многае расказаць, праўда, разгаварыць старажылаў, якія зведалі ў сваім жыцці ваенную разруху, вельмі цяжка. Не заўсёды ім зразумела, чаму гэта нас нехта прымусіў мокнуць пад дажджом, спаць у намётах, дарэмна "лапаціць" вёсламі ваду, але калі яны павераць у шчырасць нашых памкненняў, то лепшых суразмоўцаў нам не знайсці. Прыпамінаю, як некалькі гадоў таму я з сябрамі сплаўляўся па Шчары ад Міцькавічаў з-пад Слоніма, а ў Гарадках спрабавалі знайсці студню з лепшай вадой (паўсюль у прыбярэжжы вада ў студнях мутная). Першая сустрэла нас бабуля сталага веку. Перш, чым даць параду, паспяшала ў хату і вынесла апошнюю пачатую буханку хлеба і кавалак пражоўклага салёнага сала. Зведаўшы ўсе жахі вайны: голад, сон у лесе пад дрэвам, страх смерці - яна з такой павагай паставілася да людзей, якія добраахвотна вырашылі пабыць адзін на адзін з прыродай. Пачастунак мусілі прыняць, адрэзаўшы па невялікім кавалку хлеба і сала, а, зрабіўшы запас пітной вады, прынеслі кабеце бляшанку паштэту, пачак пячэння, палову батона і пакінулі на прысядзібнай лаўцы. Вось такія, заўсёды шчырыя, з вачыма, якія выпраменьваюць дабрыню і праўдзівасць, людзі дажываюць свой век у вёсках над Шчарай. Дзясяткі хатаў пустуюць, але ўсё часцей нашчадкі былых жыхароў прыстасоўваюць іх пад летнікі. Летам вязуць сюды дзяцей, бавяць свой час, адпачываюць ад гарадскога тлуму, даглядаюць магілы дзядоў і прадзедаў, спасцігаюць гісторыю свайго роду, вучацца атрымліваць асалоду ад шчэбету птушак, клёкату буслоў ці проста ад цішыні. У адным са сваіх эсэ, напісаных на берагах Шчары Янкам Брылём, сказана: "Зноў вось п'ю цішыню…"

Вось на гэтай рацэ-партызанцы я і прапаную правесці два-тры дні. Можна падарожнічаць пешшу ці на ровары, але найлепш праплыць на байдарцы. Яна манеўраная, хуткая, у ёй можна размясціць шмат паклажы для забеспячэння адносна камфортных умоў падчас падарожжа.

Найлепш пачынаць сплаў з Гарадкоў. Даехаць да іх можна толькі заказным транспартам праз Падвялікае або праз Паўлава Слонімскага раёна. У абодвух выпадках будзе прыкладна 35-36 кіламетраў ад Дзятлава.

Сплаўляючыся, вам не надакучыць з замілаваннем любавацца прыбярэжнымі краявідамі, векавымі дубамі, якія там-сям учапіліся карэннямі ў бераг, па словах таго ж Янкі Брыля - дубамі-баравікамі. Некаторыя з іх, падмытыя за сотні гадоў паводкавымі водамі, схілілі галовы да самай вады ці зусім утапіліся, але гэта ў адрозненне ад вузкай Моўчадзі не дазваляе ім перагарадзіць усё русла. Заўсёды застаецца шмат месца для манеўру. Таму на Шчары можна дзясяткамі хвілін "сушыць" вёслы, рабіць замалёўкі, фотаздымкі, сэлфі, а часам і "драмануць". Паўсюль нескладана знайсці месца, каб спыніцца для кароткага адпачынку, перакусу ці купання. На выпуклых берагах час ад часу з'яўляюцца палогія ўчасткі з чыстым гарачым пясочкам, месцамі да самага берага падступае лес, найчасцей хваёвы. Няма праблем і з дровамі для вогнішча. На адлегласці ад ракі да Гарадкоў і Вялікай Волі магазінаў няма, спадзявацца на аўталаўку рызыкоўна, таму харчы на ўсе дні трэба браць з сабой. Пра пітную ваду ўжо ўпаміналася. Але надзейней ёй таксама запасціся загадзя, тым больш што яна на плечы турысту-водніку не будзе ціснуць.

У Гарадках, Трахімавічах і Вялікай Волі трэба абавязкова наведаць абеліскі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, пакласці кветкі, аддаць даніну павагі хвілінай маўчання, можна зачытаць урыўкі ўспамінаў сведкаў трагедыі з кнігі Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка і Алеся Адамовіча "Я з вогненнай вёскі". Пабываць у пустым зараз доме адпачынку "Рэчанька", зрабіць экскурсію ў адноўленую партызанскую зямлянку побач з ім.

Вада ў Шчары з чырванаватым, "палескім" адценнем, але значна цяплейшая, чым у Моўчадзі, больш рыбная. На вуду нават неспрактыкаванага рыбака часцей трапляе акунь, плотка ці лешч. А ў спякотныя летнія дні ў прыбярэжным аеры на плыткіх мясцінах мне з вучнямі не раз удавалася налавіць рукамі некалькі дзясяткаў дробязі на наварыстую юшку. У лясах хапае суніцаў, брусніцаў, чарніцаў, сустракаюцца зараслі маліны і ажыны, а ў другой палове лета за гадзіну можна сабраць кош грыбоў.

Прыгажосць краявідаў, цішыня, зрэдку патрывожаная клёкатам буслоў ці дзікіх качак, бязлюддзе ствараюць непаўторную атмасферу для душэўнага адпачынку.

Здзіўляе зараз і тое, што вялікія абшары прыбярэжных лугоў не косяцца, не пасвіцца на іх жывёла, таму іншы раз, каб разбіць бівак, гэты травастой даводзіцца "касіць" вяслом ці рыдлёўкай. Але ёсць і другі бок медаля: усё гэта спрыяе разнастайнасці флоры і фаўны. Сёння ў лясах каля Шчары можна ўбачыць і завезеных сюды нядаўна зуброў, і высакародных аленяў, не кажучы пра ласёў і казуляў. У старыцах былі заўважаны балотныя чарапахі, а месцамі вока могуць парадаваць вялікія белыя лілеі. Таксама чырвонакніжныя гарлачыкі і дзясяткі іншых рэдкіх раслін.

Не бойцеся таго, што Шчара глыбокая і небяспечная. Гэтая рака для сплаву нашмат прасцейшая для пачаткоўцаў, чым Моўчадзь, а якая багатая яе гісторыя ад старажытнасці да нашых дзён. Сёлетні 75-гадовы юбілей Вялікай Перамогі - найлепшая нагода, каб пабываць на ёй, каб аддаць даніну павагі тым, хто коштам свайго жыцця здабываў яе.

Мне давялося сплаўляцца па Шчары не менш за дзесяць разоў, пачынаючы ад Быценя і Шылавічаў, ад Слоніма да Міцкавічаў, ад Прырэчча і Гарадкоў. Магу зрабіць выснову: чым бліжэй да вусця, тым яна прыгажэйшая. Менавіта таму, каб захаваць гэтую прыгажосць, на пачатку двухтысячных гадоў створаны ландшафтны заказнік Ліпічанская пушча. У нашым раёне ён займае тэрыторыю паміж прытокамі Шчары, рэкамі Пад'яваркай і Хлеўнай ад вёскі Лозкі і да правага берага асноўнай ракі паміж Малой і Вялікай Воляй.

У межах гэтага прыродаахоўчага дзяржаўнага аб'екта турыстам спыняцца на начлег можна толькі на платных абсталяваных стаянках, абмежаваны многія правы падарожнікаў. Каб выпадкова не патрапіць пад значныя штрафныя санкцыі, загадзя ўзгадняйце з лясгасамі правілы паводзінаў у заказніках. А пакуль межы яго не пашыраны, спяшайцеся на Шчару, спяшайцеся ў партызанскі край, спяшайцеся нацешыцца дадзенай вам Усявышнім прыгажосцю роднага краю, беражыце яго для нашчадкаў.

Тэлефон для даведак: 8-015-63-62-1-95; +375445227175 (пытаць Васіленка Вольгу).

Валерый Петрыкевіч, краязнавец, турыст-воднік, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX