Вярнуцца: 2020

№ 27 (1490)


Дадана: 01-07-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 27 (1490), 1 ліпеня 2020 г.

Захаваем ТБМ разам!

Дарагія сябры!

Звяртаецца да вас Ганаровы старшыня ТБМ Алег Трусаў.

З вашай дапамогай мы здолелі сабраць грошы на запазычанасць за красавік (ужо аплацілі), аднак сітуацыя не палепшылася, бо пандэмія працягваецца, а таксама наклалася перадвыбарчая кампанія з неспакойнай абстаноўкай у краіне.

Зараз мы ўжо мусім сабраць каля 4000 рублёў, каб сплаціць арэнду за травень і чэрвень. На жаль, кожны дзень адтэрміноўкі цягне за сабой дадатковя выдаткі (бо накладаецца пеня). На наш зварот да ўладаў Менска, каб у сувязі з пандэміяй нам часова зменшылі арэндную плату, мы сёння атрымалі здзеклівую адмову. Таму я звяртаюся ў першую чаргу да кіраўнікоў абласных і раённых арганізацый ТБМ і прашу тэрмінова сабраць сяброўскія складкі за гэты год і, калі будзе магчымасць, ахвяраванні. Бо страта офіса, у якім зарэгістраваныя Рэспубліканская арганізацыя ТБМ, выдавецтвы часопіса "Верасень", газет "Наша слова" і "Новы час", Менская гарадская і тры раённыя арганізацыі ТБМ г. Менска (Партызанская, Савецкая і Кастрычніцкая), пацягне за сабой закрыццё пералічаных арганізацый, а ў перспектыве і ўсяго ТБМ.

Спадзяюся, што з вашай падтрымкай мы справімся ў гэтай няпростай сітуацыі, як спраўляліся цягам усіх 30 год існавання ТБМ. Унёскі можна пералічыць на рахунак ТБМ BY84BLBB30150100129705001001 BIC BLBBBY2X у аддзяленні № 539 ААТ "Белінвест-банка" УНП 100129705. Ахвяраванні можна пералічыць на рахунак ТБМ BY91BLBB31350100129705001001 BIC BLBBBY2X у аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" УНП 100129705.

Нягледзячы на пандэмію за гэты час выйшаў новы "Верасень" № 22, працягвае выходзіць газета "Наша слова", літаратурна-мастацкі зборнік "Ад лідскіх муроў", працягваем аплочваць сайт https://tbm-mova.by, на якім можна спампаваць розныя матэрыялы, напрыклад, разнастайныя слоўнікі. Вядома, афлайнавыя мерапрыемствы, адукацыйныя і моўныя курсы прыпыніліся ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Дзякую ўсім, хто нас ужо падтрымаў ці толькі збіраецца гэта зрабіць, зычу ўсім здароўя, спакою і аптымізму ў гэтыя няпростыя часы. Разам мы былі, ёсць і будзем моцныя!

Статут ААН выдадзены на беларускай мове

Прэзентацыя Статута ААН на беларускай мове адбылася 26 чэрвеня ў Лошыцкай сядзібе ў Менску на мерапрыемстве з нагоды 75-годдзя падпісання Статута, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Гэта першае ў суверэннай гісторыі дзяржавы выданне на беларускай мове асноўнага дакумента ААН (раней Статут перакладаўся ў БССР у 1963 г.). У цяперашні час новае выданне даступна для запампоўкі па спасылцы, а пазней будзе перададзена ў фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і цэнтральных бібліятэк краіны. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы на мерапрыемстве, адзначыў, што выданне Статута ААН на беларускай мове будзе садзейнічаць забеспячэнню пераемнасці пакаленняў і гістарычнай памяці пра ўклад Беларусі ва ўстанаўленне міжнароднага міру. Статут ААН быў падпісаны 26 чэрвеня 1945 года на Канферэнцыі Аб'яднаных Нацый у Сан-Францыска прадстаўнікамі 50 дзяржаў, у тым ліку Беларусі. Подпіс пад дакументам паставіў Народны камісар замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў. Гэта стала сведчаннем прызнання міжнароднай супольнасцю значнага ўкладу беларускага народа ў перамогу ў Другой сусветнай вайне, знакам павагі і памяці аб мільёнах беларусаў, якія аддалі свае жыцці і выстаялі ў барацьбе за свет, свабодны ад фашызму.

Лошыцкая сядзіба абрана для правядзення мерапрыемства невыпадкова. Тут у 1946-1947 гадах размяшчалася фактычна першае прадстаўніцтва ААН у Беларусі - гуманітарная місія ЮНРРА (Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб'яднаных Нацый), мэтай якой было аказанне дапамогі Беларусі як адной з найбольш пацярпелых у выніку вайны дзяржаў. Фота Аксаны Манчук.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі выдала знакамітую "Канстытуцыю Піліпа Орліка"

Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша.

- Нашы паўднёвыя суседзі называюць яе "Першай Канстытуцыяй Украіны" і нават першай Канстытуцыяй у Еўропе, - распавёў ён. - Гэты знакавы гістарычны дакумент быў створаны яшчэ ў 1710 г. яркай асобай - гетманам Піліпам Орлікам, якому ўсталяваны прыгожы помнік у Кіеве, мемарыяльныя знакі ў розных месцах, яго іменем названыя вуліцы... Але не ўсе ведаюць - і ва Украіне, і ў Беларусі, - што Піліп Орлік з'яўляецца ўраджэнцам Беларусі, бо нарадзіўся ў вёсцы Касута пад Вілейкай! Так, аўтар "Першай Канстытуцыі Украіны" (арыгінальная назва "Устава правоў ды вольнасцей Войска Запарожскага") - родам з Беларусі".

Ініцыятарамі выдання сталі Менскае гарадское таварыства ўкраінцаў у Беларусі "Заповіт" і Пасольства Украіны ў Беларусі. Пераклаў тэкст Канстытуцыі на беларускую мову Ягор Сурскі. Усе выдавецкія і паліграфічныя работы выкананы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Копія лацінамоўнай версіі "Канстытуцыі Піліпа Орліка", перададзена ў свой час у Нацыянальную бібліятэку Беларусі паслом Швецыі Крысцінай Юханесан.

Паводле СМІ. Фота дадзена Алесем Сушам.

Беларуская мова: lost in translation?

Цяперашні хаос у беларускай мове з'яўляецца і прычынай, і наступствам распаду беларускамоўнай грамады. Ён перашкаджае выкарыстоўваць яе як эфектыўны сродак зносін для жыцця. І гэта праяўляецца, між іншага, у асаблівым, "перакладчыцкім" спосабе карыстання мовай.

Ёсць жарт, які цудоўна тлумачыць гэту праблематыку. "Паняцце якасці перакладу з'явілася тады, калі з'явіўся другі перакладчык". Файны жарт. Вядома, што адну і тую ж думку можна перадаць рознымі словамі і фразамі. А пераклад аднаго і таго ж тэксту рознымі людзьмі практычна заўжды розны. І калі дадаць прынцып "лепшае - вораг добрага", то заўжды можна знайсці цудоўны пераклад, а астатнія ганіць як неідэальныя.

Але пры чым тут спецыфіка перакладу? Большасць актыўных карыстальнікаў беларускай мовы вывучылі яе на аснове рускай і абапіраюцца на яе як на мову арыгінала, перакладаюць з яе. Гэтая ж большасць аточана рускамоўным асяроддзем, чуючы і перапрацоўваючы рускія словы. Ці не чулі, як то тут, то там нехта пытае пра пераклад новага рускага мэма, жарганізму, анекдота? Ці не чулі, як абгрунтоўваюць выбар беларускага слова руска-беларускім слоўнікам? У выніку кожны перакладае па-рознаму, а потым кожны ацэньвае іншых.

Разнабой заканамерны, бо здаровае існаванне мовы - гэта калі яна служыць сродкам зносін, абмену думкамі ўнутры грамады і не звязана ні з якай іншай мовай як мовай арыгінала; гэта калі маўленне людзей - унутраны абмен, а не перапрацоўка іншай мовы. У такой сітуацыі зносіны ў асяроддзі прыводзяць да пэўнай сінхранізацыі, вылучэння больш распаўсюджанага варыянта, фарміравання узусу і нормы. Але ў нас працэсы ідуць у іншым кірунку.

Да энтрапіі ў перакладах дадаюцца і іншыя фактары. Напрыклад, устаноўка саромецца слоў, падобных да рускай, бо нехта некалі высмейваў беларускую як пераробку рускай. "Перакладчыкі" гавораць па-беларуску, азіраючыся на рускую, падбіраючы непадобныя словы. І кожны выбірае сваё непадобнае.

Або такі фактар, як адпрэчванне літаратурнай мовы. Пачуўшы ад палітызаваных папулярызатараў, што літаратурная норма - русіфікаваная, г.зн. несапраўдная і чужая, падманутыя пачынаюць шукаць пераклады ўсюды, але не ў "ганебнай" школьнай мове. Лагічным было б спытаць у папулярызатараў, а якой нормы трымацца, або папрасіць паказаць жывое аднамоўнае асяроддзе, дзе па-беларуску гавораць, не перакладаючы, і дзе кожны беларускамоўны аточаны іншымі беларускамоўнымі. Але не пакажуць. Яны раяць, як не рабіць, але не даюць прыкладу, як рабіць. У выніку людзі знаходзяць кучу альтэрнатыўных слоўнікаў або бяруць наўгад з тэкстаў. І пераклад па розных слоўніках заканамерна ва ўсіх выходзіць розны.

А яшчэ адрозніваюцца пераклады на першую засвоеную (родную) мову і пераклады на замежную (вывучаную). У першым выпадку перакладчыкі схіляюцца перакласці згодна з нормай, узусам, і кола варыянтаў звужаецца, і ў розных перакладчыкаў варыянты перакладу менш адрозніваюцца. Калі ж перакладаць на вывучаную, то такога адчування мовы ў чалавека няма, ён можа выбіраць наўгад або з нейкіх суб'ектыўных меркаванняў.

Уявіце школьную алімпіяду па перакладзе на замежную мову складанага тэксту з незнаёмымі словамі, дзе ўдзельнікам далі набор розных слоўнікаў, у тым ліку аўтарскіх, паэтычных, гістарычных, дыялектных і г.д. Уявілі, якая стракатасць у перакладах атрымаецца? А цяпер уявім, што са слоўнікаў прыбралі сучасныя словы, ухваленыя афіцыйнымі мовазнаўчымі інстытутамі. Вось дзе выйдзе карнавал!

Ці дарма я вінавачу папулярызатараў, што яны спрыяюць узбагачэнню ведаў пра мову, слоўнікавага запасу людзей, ці я заклікаю да абяднення мовы? Ні ў якім разе. Проста не трэба падманваць іншых і сябе самога - для мэтавай аўдыторыі ўсяго гэтага папулярызатарства асновай з'яўляецца не проста руская мова, а руская літаратурная мова, і гэта аснова ў большасці не развіваецца. То-бок, арганізатары модных курсаў могуць, колькі хочуць, казаць, што ніхто ў свеце не гаворыць на літаратурнай мове, але пры гэтым паказваць пераклад з рускай літаратурнай і на рускую літаратурную.

І руская літаратурная (тая, якую вучаць у школах), гэта яшчэ гучна сказана. Часта гэта проста "базавы набор слоў", трохі большы за той, па якім у Расіі экзаменуюць гастарбайтараў. То-бок, нашы папулярызатары неўсвядомлена падтрымліваюць каштоўнасць літаратурнай мовы, але чамусьці толькі для рускай мовы, а не для беларускай. І падманваюць іншых і сябе, бо хочуць прышчапіць вучням вытанчаную эстэтыку вышэйшага ўзроўню, мінаючы простыя асновы.

У выніку беларускамоўныя робяцца нібыта перакладчыкамі-эстэтамі, якія ацэньваюць пераклады адно аднаго і лаюць адно аднаго за "дрэнную" якасць.

Перакладаючы беларускія словы буякі, ровар і адзенне, папулярызатары заўжды скажуць голубика, велосипед і одежда. Куды падзелася імкненне да высокіх матэрый? Можна ж было ўжыць небанальныя словы гонобобель, самокат і платье?

Або ўзяць тое ж табло "Выконвайце хуткасны рэжым", якое А. Лукашэнка сказаў замяніць на рускае. Хаця пра існаванне табло патрыёты беларушчыны ўспомнілі тады, калі яго загадалі зняць, яны былі шчодрыя на прапановы, як правільна мусіла перакладацца "Соблюдайте скоростной режим". І "датрымлівайце", і "прытрымлівайцеся", і "захоўвайце", і "кіруйцеся", і "Не перавышайце хуткасць", і "Ездзіце паціху". І хоць бы хто паставіў пад сумненне рускую фармулёўку! Вось і атрымліваецца, што беларуская мова - нібы палігон для выпрабавання густаў, а руская застаецца сродкам зносін для практычнага жыцця, бо звязана наўпрост з думкамі і досведам і ўстоянасць, унармаванне, кадыфікацыя, пашыранасць дапамагаюць арыентавацца ў выпадку шматзначнасці. Няўжо для беларускай гэта няважна?

Дрэнна, калі людзей пачынаюць вучыць з таго, як няправільна, або па якіх прыкметах вызначыць няправільнае. Заганнасць падыходу ў тым, што сапраўднае навучанне спачатку прышчапляе пэўныя ўзоры, паказвае, як трэба і з чаго пачынаць. Тое, што не ўваходзіць у першыя стадыі навучання, неабавязкова няправільнае. Напрыклад, "гэта табе яшчэ рана ведаць". Або гэта для іншай сітуацыі, гэта для пэўнага кола, гэта з пэўнай вёскі і г.д., і ўжо канкрэтныя выпадкі сапраўды - няправільна. Прычым для носьбітаў мовы навучанне пачынаецца не са школы, яны спазнаюць яе ў асяроддзі. І толькі пасля гэтага ім можна прад'яўляць спіс непісьменных слоў, бо ў іх ужо ёсць даволі шырокі досвед у мове. Гэта не працуе з тым, хто вывучае мову як наступную, на аснове іншай, гэта збівае яго з панталыку.

Калі прышчапляць такую тактыку ад пачатку, то вучань новай мовы робіцца абмежаваным. Ён вынес прысуд і не развіваецца. Тым больш, калі людзей навучаюць выбіраць між падобным да рускага і непадобным да рускага - бо тады замацоўваецца прэзумпцыя ведання рускай мовы. Каб ведаць, як правільна ў беларускай мове, прапануецца вылічваць праз рускую, то-бок для правільнага навучання беларускай трэба ведаць рускую? Гэта непрымальна. Роднасць любой мовы заключаецца ў яе першаснасці пры фарміраванні сувязей з паняццямі ў галаве, гэта "мова думак". Калі адна мова вызначаецца праз другую, то яна не родная.

А яшчэ страшна бачыць, якую блытаніну ўносяць у галовы дзяцей тыя з беларускамоўных бацькоў, калі аддаюць іх у школы, але пры гэтым крытыкуюць школьную мову як няправільную. Далёка не ўсе з бацькоў гавораць без памылак, далёка не ўсе з бацькоў маюць аднастайную мову з іншымі бацькамі, а фізічнае беларускамоўнае асяроддзе дарослых і дзяцей, дзе дзеці маглі б арыентавацца на узус, адсутнічае. Вынік - кагнітыўны дысананс, калі дарослыя аддаюць дзяцей вучыць тое, у што самі не вераць, але і свайго не прапаноўваюць. Заканамерна, што большасць дзяцей беларускамоўных не заставалася беларускамоўнай.

Беларускай мове трэба вяртаць яе ролю сродку зносін, безадноснага да іншых моў. Для гэтага трэба раздзяляць яе самадастатковае, аўтаномнае ўжыванне і ўжыванне ў перакладах.

Віталь Станішэўскі, НЧ.

РАСІЯ ЯК НІКОЛІ АКТЫЎНА ЎКЛЮЧЫЛАСЯ Ў БЕЛАРУСКІЯ ВЫБАРЫ НЕ ДЛЯ ТАГО, КАБ УСТАЛЯВАЦЬ У НАС ДЭМАКРАТЫЮ

... Пасля 1996 года вертыкаль шэсць разоў прызначала дэпутатаў мясцовых Саветаў, шэсць разоў прызначала дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чатыры разы (2001, 2006, 2010, 2015) прызначала Прэзідэнта. 16 разоў была імітацыя выбараў, было менавіта прызначэнне, было 16 выбарчых спектакляў! З якога такога перапалоху сёлета мусіць быць па-іншаму?

Прыхільнікі ўдзелу ў выбарах сцвярджаюць, што якраз у гэтым годзе можа быць па-іншаму, бо людзі стаміліся, людзі прагнуць пераменаў, і гэта бачна, што называецца, няўзброеным вокам. Так! Але, зноў жа але!

Стомленыя людзі вераць (хочуць верыць) у цуд, што вось прыйдзе хтось - асілак Ціханоўскі, Бабарыка, Цапкала - адхіліць Лукашэнку ад улады і вырашыць іх праблемы. Людзі не задаюць пытанне, чаму асілак Бабарыка злез з рускай печы (газпрамаўскай трубы) не праз 33 гады, як Ілля Мурамец, а праз 20 год. У гэтых людзей Цапкала, які 26 год побач з Лукашэнкам будаваў "краіну для жыцця", раптам пераўтвараецца ў высакароднага асілка. Стомленых людзей прываблівае тое, што для здзяйснення цуду ад іх патрабуецца так мала - адно паставіць свой подпіс за будучых цудатворцаў і потым прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць. Ну, гэта падобна, як хворы купляе абразок адпаведны, ставіць свечку ў царкве і чакае дзівоснага збаўлення ад хваробы.

Людзі павінны пазбавіцца іллюзіяў, што хтосьці за іх нешта зробіць. Людзі павінны зразумець, што "караля робіць світа". Світа сёлета ў чарговы раз за немалыя даброты забяспечыць чарговую "перамогу", бо сумленне даўно пакінула іх грэшныя целы і недзе блукае. Калі стомленыя людзі шчыра вераць, што гэтым разам будзе не прызначэнне, а сапраўдныя выбары кіраўніка дзяржавы, дык я з павагаю стаўлюся да іх веры. Але асабіста знаю слонімцаў, якія ведаюць, што выбары не сапраўдныя, не чэсныя, але пагаджаюцца быць членамі выбарчых камісій, удзельнічаюць у выбарах, загадзя ведаючы, што гэта насамрэч фарс, спектакль. Такіх людзей я не паважаю.

Ёсць палітычныя сілы, якія заклікаюць 9 жніўня выйсці на плошчу. І зноў але! Задамо пытанне. Што перашкаджае гэтым сілам рыхтаваць плошчу не падчас выбараў - "свята беларускай дэмакратыі" - а, скажам так, у будні? Лічу, найперш у людзей мусіць хапіць розуму і смеласці не хадзіць на выбары, якія яны не лічаць выбарамі. Другое. У людзей павінна хапіць розуму і смеласці выйсці з грамадскіх арганізацый, кіраўніцтва якіх абараняе інтарэсы дзяржавы, а не сяброў арганізацыі. Калі людзі перастануць удзельнічаць у фальшывых выбарах, калі людзі аб'яднаюцца ў незалежных арганізацыях, тады, магчыма, і плошча непатрэбна будзе. Сама болей улада баіцца, што людзі перастануць баяцца - перастануць хадзіць на выбары, пачнуць выходзіць з афіцыйных арганізацый і да т.п.

Цяпер у прыхільнікаў ўдзелу ў выбарчым фарсе новы кумір - Бабарыка. Пра Ціханоўскага забыліся, бо ў стомленых людзей памяць кароткая, як у немаўляці. Для мяне відавочна, што Бабарыка не пасланец добрай волі ад дэмакратычнай Расіі, пра якую мараць лепшыя сыны і дочкі рускага народа, а марыянетка фээсбэшнай крымінальнай пуцінскай Расіі. А планы Расіі тыя ж, што былі і да Пуціна. Успомнім артыкул Зянона Пазняка "О русском империализме и его опасности" ("Народная газета", 15-17.01.1994)! У 1996 годзе Расія ўжо "дапамагла" беларусам - падставіла плячо рэжыму, калі Вярхоўны Савет збіраўся праз імпічмент адхіліць Лукашэнку ад улады. У 2008 годзе Расія "дапамагла" грузінам, у 2014 годзе - украінцам. Яшчэ ўчора Бабарыка зняважліва хіхікаў, гаворачы пра нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага. Сёння духоўныя нашчадкі Каліноўскага "б'юць у званы", каб вызваліць яго з-за кратаў. І гэта правільна. Кожны, у тым ліку і дыктатар, і марыянетка, мае права на незалежны і бесстаронні суд.

Галоўная адметнасць сёлетніх выбараў у тым, што Расія як ніколі актыўна ўключылася ў беларускія выбары. Натуральна, не для таго, каб усталяваць у нас дэмакратыю. Баюся, Расія паспрабуе рэалізаваць у Беларусі ўкраінскі сцэнар.

Нехта ўбачыць у маіх словах песімізм, бязвыхаднасць, безнадзейнасць… . Не! Проста ў мяне няма надзеі на цуд. Ёсць мы, і ёсць наладжаная сістэма ўлады - вертыкаль і яе прыкормленая, добра ўзброеная ахова. Ніхто нам не дапаможа, акрамя саміх сябе. Вацлаў Гавел, дысідэнт у сацыялістычнай Чэхаславаччыне, у сваім эсэ "Сіла бяссільных" (1978 г.) пісаў, што барацьбу з рэжымам трэба пачынаць з адмовы выконваць некаторыя патрабаванні сістэмы, пэўныя рэчы проста не рабіць: не хадзіць на выбары, якія не лічыш выбарамі; не хаваць перад начальствам сваіх поглядаў. Гэта зусім не мала!

Міхась ВАРАНЕЦ, маёр у адстаўцы, дэпутат Слонімскага гарсавета ў 1995-1999 гг.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Прафесіянал юрыст павінен добра ведаць гісторыю і культуру сваёй дзяржавы. Толькі ў такім выпадку ён можа на высокім узроўні выконваць свае абавязкі, працуючы ў юрыдычнай установе ці будучы юрыстам-кансультантам у дзяржаўнай ці гаспадарчай арганізацыі. Гэтыя веды яму заўсёды патрэбны, каб лепш зразумець прычыны крымінальных з'яўленняў, адкланяючыхся паводзін людзей, на якія заўсёды накладвае свой адбітак мінулае. На жаль, няма гэтых ведаў у даследваных студэнтаў. Толькі 22% з іх заявілі, што добра ведаюць як гісторыю, так і культуру Беларусі. А 12% указалі, што не ведаюць ні той, ні другой. Астатнія адказалі, што ведаюць гісторыю, але не ведаюць культуру, альбо, наадварот, ведаюць культуру, аднак не ведаюць гісторыю.

Высокакваліфікаваны юрыст сярод гістарычных падзей сваёй Радзімы ў першую чаргу назаве акт утварэння нацыянальнай дзяржавы. Бо гэтым падкрэсліваецца павага да сваёй Радзімы, патрыятычнае адчуванне сябе як яе сына, гонар за яе веліч, гісторыю. Аднак малая колькасць даследваных студэнтаў гэта праявіла праз свае адказы на пытанне "Назавіце, калі ласка, важнейшыя гістарычныя падзеі Беларусі ХІ-ХІХ стагоддзяў". Толькі 32% апытаных студэнтаў такой падзеяй назвалі ўтварэнне Вялікага Літоўска-Руска-Жамойцкага княства, у якім Беларусь займала галоўнае становішча (тады яна называлася Літвой) і дзяржаўнай мовай тут была беларуская мова, на якой гаварылі ўсе вялікія князі і працавала ўся служба вялікага князя як у ваяводствах, так і ў староствах.

Калі гаворка ідзе аб вялікіх асветніках Радзімы, то юрыст прыпамінае перш за ўсё тых асветнікаў, якія штосьці зрабілі, унеслі нейкі ўклад сваёй асветніцкай справай у тэорыю дзяржавы і права, у гісторыю нацыянальнага права і г.д. Праз гэта свеціць высокі ўзровень прафесіяналізму, нацыянальнай юрыдычнай свядомасці. На жаль, гэта не праявілася ў апытваных студэнтаў, нават і ў студэнтаў выпускнога чацвёртага курса. З пазіцыі агульнай культуры яны правільна аднеслі сюды Ф. Скарыну, М. Гусоўскага, С. Буднага, В. Цяпінскага. Але ж тымі, хто тварыў у Залаты век" Беларусі і пакінуў вялікія літаратурныя помнікі, што маюць і юрыдычнае значэнне, былі перш за ўсё вялікі князь Вітаўт, вялікія гетманы Леў Сапега, Канстанцін Астрожскі, Януш Радзівіл, Ян Хадкевіч, вядомы тэарэтык дзяржавы і права Астафій Валовіч. Аднак гэтых імёнаў ніхто з апытваных студэнтаў не назваў.

Праведзеныя дадзеныя сведчаць аб тым, што студэнты даследванага факультэта атрымліваюць мала ведаў з чытаных ім курсаў па нацыянальнай тэорыі дзяржавы і права, гісторыі беларускага права. Сама па сабе напрошваецца выснова: трэба павялічыць колькасць навучальных гадзін па гэтых дысцыплінах. Гэта самае першае, што патрэбна зрабіць, каб павысіць узровень выхавання нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў.

Чацвёртае, на фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці моладзі вельмі ўздзейнічае гістарычнае мінулае нацыі. Гэта вельмі яскрава адлюстравалася ў самасвядомасці вывучаных студэнтаў.

Усё апошняе тысячагоддзе расіяне мелі моцную дзяржаву, стаўшую апошнія тры стагоддзі імперскай дзяржавай; багатую расейскую мову, заўсёды выконваўшую функцыю дзяржаўнай мовы; магутную і вельмі моцна ўздзейнічаючую на самасвядомасць людзей праваслаўную рэлігію; багатую культуру, вядомую ўсяму цывілізаванаму свету перш за ўсё праз яе мастацкія і літаратурныя творы. Усё гэта ад пакалення да пакалення стагоддзямі выхоўвала ў расейскіх людзей глыбокую нацыянальную самасвядомасць, гонар за сваю нацыю, мову, культуру, дзяржаву. Па-гэтаму зусім не выпадкова тое, што студэнты-расіяне даследванага інстытута ў сваіх адказах на пытанні анкеты падкрэслівалі роль праваслаўнай царквы, расейскай мовы, дзяржавы ў развіцці нацыянальнай самасвядомасці чалавека. Так, на пытанне "Ці існуе, на вашу думку, сувязь паміж нацыянальнай свядомасцю і рэлігіяй?" больш паловы апытаных студэнтаў-расіян адказала, што такая сувязь існуе. На пытанне "Калі такая сувязь існуе, то якая з рэлігій найбольш паўплывала на развіццё беларускай гісторыі і культуры?" 82% гэтых студэнтаў назвалі такой рэлігіяй праваслаўе, хаця сапраўды ў Беларусі праваслаўе заўсёды ваявала супроць беларускай ідэі" (г.зн. беларускай нацыянальнай культуры і гісторыі) і актыўна насаджала "расейскую ідэю".

З такой жа ўпэўненасцю даследваныя студэнты-расіяне падкрэслівалі роль дзяржавы ў вырашэнні нацыянальных праблем. На пытанне "Што, на ваш погляд, вельмі садзейнічае росту нацыянальнай самасвядомасці?" 57% з іх назвалі палітычны суверэнітэт рэспублікі. А на пытанне "Якія прыкметы, на вашу думку, з'яўляюцца галоўнымі пры вызначэнні той ці іншай нацыі?" 28% з іх адказалі - "нацыянальная дзяржаўнасць".

З такімі ж гонарам і павагай адазваліся студэнты-расіяне аб ролі мовы ў фарміраванні і развіцці самасвядомасці. 54% з іх здзначылі, ш'то родная мова - гэта дзяржаўная мова, а 87% на пытанне "Якой мовай вы валодаеце сёння вельмі добра?" адказалі - "расейскай". Тут, як бачым, усё адпавядае нармальнаму ходу развіцця нацыі, а адсюль і нацыянальнай самасвядомасці людзей.

Зусім іншае гістарычнае мінулае ўздзейнічала на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў беларусаў. Калісьці беларусы мелі вялікую дзяржаву, сваю мову, якая была дзяржаўнай, сваю вельмі гуманную рэлігію, сваю багатую нацыянальную культуру, добра вядомую ўсёй Еўропе ўсімі сваімі накірункамі. Беларуская дзяржава бярэ свой пачатак з XI стагоддзя з часоў княжання Усяслава Чарадзея. У ХV-ХVІ стагоддзях Вялікае Літоўска-Руска-Жамойцкае княства, галоўную частку якога складала Беларусь, якая іменавалася тады Літвою, была найвялікшай і самай дэмакратычнай дзяржавай у Еўропе. Тут ужо дзейнічаў Статут Вялікага Княства, які рэгуляваў адносіны дзяржавы да людзей і наадварот, адносіны паміж шляхтай і сялянствам, абшарнікамі і гарадамі, сістэму падаткаў і нормы іх збору. Усе ваяводскія і амаль усе павятовыя гарады мелі магдэбургскае права. Вялікі князь выбіраўся на вальным сойме. У гэтай дзяржаве ўсё пісалася на беларускай мове. На ёй быў надрукаваны і сам Статут Вялікага Княства.

Мелі калісьці беларусы і сваю рэлігію - уніяцкую. Хаця праваслаўе вельмі актыўна распаўсюджвала сярод беларусаў праваслаўная царква, галоўным чынам маскоўская епархія, каталіцызм - каталіцкі касцёл, перш за ўсё Кракаўскі епіскапат, у XVI стагоддзі нарадзілася беларуская ўніяцкая царква, узяўшая да сябе ўсё найбольш гуманнае з праваслаўя і каталіцызму. Пры канцы XVIII стагоддзя, напярэдадні анексіі Расійскай імперыяй беларускіх земляў 90% насельніцтва Беларусі былі ўніятамі. У гэтай царкве багаслужэнне вялося на беларускай мове. Тут захоўваліся традыцыі, звычаі беларускага народа, засяроджвалася беларуская культура, асабліва ў 90 уніяцкіх саборах і пяці акадэміях.

Невыпадкова перыяд ХІV-ХVІ стагоддзяў лічыцца "Залатым векам" Беларусі. У гэты час не толькі беларуская дзяржава дасягнула вяршыні сваёй магутнасці, але меў месца вялікі росквіт беларускай культуры. Ужо ў XVI стагоддзі ў Беларусі працавала больш за 10 друкарняў, прадукцыя якіх карысталася попытам не толькі ў Вялікім Княстве, але і ў краінах Заходняй Еўропы. У XVII стагоддзі на тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш за 15 вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку 9 езуіцкіх калегіюмаў, дыпломы якіх прыраўноўваліся да дыпломаў еўрапейскіх універсітэтаў. Ва ўсіх гэтых навучальных установах выкладанне вялося на беларускай мове і латыні. У гэты ж час жылі і працавалі такія вялікія творцы беларускай культуры, як Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Леў Сапега, Астафій Валовіч, Язэп Руцкі, Казімір Семяновіч і іншыя. Беларускія гарады: Полацк, Наваградак, Бярэсце, Гародня, Магілёў, Слуцк, Нясвіж сваімі архітэктурнымі забудовамі, дойлідскім вырашэннем, мастацкім багаццем здзіўлялі еўрапейскіх архітэктараў, дойлідаў, мастакоў.

Але ж усё гэта было! А цяпер няма. За 200 гадоў расейскай акупацыі ўсё гэта знішчана, разрабавана, вывезена ў расейскія замкі, музеі, бібліятэкі. Пасля анексіі Беларусі сваім указам расейскі цар забараніў ужываць слова "Беларусь", нашу радзіму царскія ўлады назвалі "паўночна-заходнім краем Расеі", дзяржаўнай мовай аб'явілі расейскую мову, на якой ішло навучанне ў школах, гімназіях, друкаванне кніг, працавала чыноўніцтва. У 1839 годзе па ўказу цара ўніяцкая царква была зліквідавана. Усе ўніяцкія манастыры, у тым ліку і Жыровіцкі, цэрквы былі перададзены праваслаўнай царкве. Большую частку ўніяцкіх святароў вывезлі ў Сібір. Уніяцкія кнігі, рэчы палілі праваслаўныя папы з дапамогай расейскіх салдат, каб запужаць беларускае насельніцтва. Бязлітасная расправа з уніяцтвам тварылася па той прычыне, што вернікі-ўніяты ў адрозненне ад католікаў і праваслаўных былі найбольш устойлівымі супроць паланізацыі і русіфікацыі. Уніяцтва - гэта духоўная сіла беларушчыны, носьбіт і прапаганда беларускай гісторыі і культуры, мовы.

Вялікую духоўную сілу нацыі складае інтэлігенцыя і яе нобілі (знакамітыя сем'і, роды). Беларускую інтэлігенцыю і ўсе сем'і беларускіх нобіляў за актыўны ўдзел у паўстаннях супроць расейскіх акупантаў, асабліва ў паўстаннях 1794, 1831, 1863-64 гг. часткова перабілі, а асноўную масу вывезлі ў Сібір. Іх маёмасць разрабавалі, вывезлі ў Расею (толькі з Нясвіжскага замка адны кутузаўскія інтэнданты вывезлі 100 фургонаў золата, срэбра, рукапісаў і іншых каштоўнасцей). Іх землі аддалі расейскім генералам, афіцэрам і іншым расейскім чыноўнікам, якія "праявілі адвагу" ў барацьбе супроць беларускага народа. Усе лепшыя беларускія землі аказаліся ў расіян. Разам з зямлёй аддавалі новым уладарам і сялян.

Застаўшыся без сваёй дзяржавы, рэлігіі, мовы, культуры, беларускі народ 200 гадоў атрымліваў спачатку ад царскай, а потым ад бальшавіцкай дзяржавы духоўную страву, веды, пранізаныя "рускай ідэяй", якая на нашай тэрыторыі мела змест: "Беларусь - гэта частка Расеі", гэтаму славянскаму народу "трэба даць лепшую славянскую мову - расейскую", "лепшую рэлігію ў свеце - праваслаўную". Нічога дзіўнага няма, што праз стагоддзі з беларуса зрабілі манкурта. Таму і адказы студэнтаў-беларусаў даследванага інстытута на ўсе пытанні, якія высвятляюць узровень іх нацыянальнай самасвядомасці, выклікаюць роспач, смутак і цяжкую думку аб бліжэйшай будучыні нашай Беларусі.

На пытанне "Што асабіста для Вас азначае паняцце "родная мова?" толькі 7% апытаных студэнтаў-беларусаў сказалі, што гэта мова, якой я валодаю лепш за іншыя мовы, 8% з іх адзначылі такую пазіцыю, як "родная мова - гэта мова, на якой гавораць у маёй сям'і". З усёй масы студэнтаў-беларусаў (яны складаюць 79% усёй колькасці студэнтаў інстытута) толькі 3% напісалі, што вельмі добра ведаюць беларускую мову. Апошнія добра ведаюць і дома гавораць на расейскай мове.

Ярка праявілася ў свядомасці студэнтаў-беларусаў неразуменне ролі дзяржавы ў адраджэнні беларускай мовы. Толькі 25% з апытаных заявілі, што беларуская мова павінна заставацца адзінай дзяржаўнай мовай. Яшчэ менш, толькі 24% апытаных напісалі, што дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы павінны працаваць на беларускай мове.

З манкурцтва выцякае і неразуменне студэнтамі-беларусамі і дзяржавы ў развіцці нацыянальнай самасвядомасці чалавека. На пытанне "Што, на ваш погляд, вельмі садзейнічае росту нацыянальнай самасвядомасці" толькі 30% апытаных адзначылі пазіцыю "палітычны суверэнітэт рэспублікі". I толькі 18 % апытаных адказалі, што гэтаму вельмі садзейнічае выкарыстанне роднай мовы кіраўнікамі дзяржаўных устаноў і ўрада рэспублікі. Толькі 11% апытаных студэнтаў-беларусаў на пытанне "Якія праблемы Вас сёння вельмі хвалююць?" адзначылі пазіцыю "праблемы нацыянальна-культурнага адраджэння". Астатнія 89% так і не збіраюцца выбрацца са становішча манкурта. Яны яшчэ дагэтуль не зразумелі, што без нацыянальна-культурнага адраджэння наша дзяржава не ачысціцца ад расейскай шавіністычнай ідэалогіі, не стане сапраўды незалежнай дзяржавай, якую паважаюць дэмакратычныя краіны свету.

Толькі макурцтвам можна патлумачыць неведанне студэнтамі-беларусамі існасці рэлігіі ўніяцтва, яе ролі ў фарміраванні і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Зусім не дзіўна, што на пытанне "Якая з рэлігій найбольш паўплывала на развіццё беларускай гісторыі і культуры?" толькі 7% апытаных студэнтаў-беларусаў назвалі такой рэлігіяй уніяцтва. Свядомасць манкурта ўплывае на тое, што толькі 20% студэнтаў-беларусаў штодзённа слухаюць беларускае нацыянальнае радыё і каля 40% зусім яго не слухаюць. Менш як 16% з іх штодзённа глядзяць беларускае тэлебачанне. Толькі 34% апытаных студэнтаў чытаюць беларускую літаратуру. У свядомасці беларускага манкурта амаль няма нацыянальнай годнасці, цягі да крыніц беларускай культуры. Каб змяніць гэтае становішча, спатрэбіцца значны час.

(Працяг у наст. нумары.)

Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал. Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатол. Аніскевіч Ганна Уладзіміраўна Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўласевіч Алеся Дзянісаўна Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Бабчанок Марына Сяргееўна Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Бацілава Надзея Мікалаеўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Белы Іван Юр'евіч Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Аляксан. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бразгуноў Алесь Уладзімір. Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Буцко Павел Анісімавіч Быстрык Арцём Аляксандр. Бязрукая Маргарыта Юр'еўна Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Верамоўскі Аляксей Мікал. Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галавань Алесь Галай Аркадзь Апанасавіч Гаўрыленка Вольга Герасімовіч Казімір Станісл. Гікс Станіслаў Анатольевіч Гіркін Сяргей Уладзіміравіч Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Сяргеевіч Гоўша Ларыса Аляксандраўна Грузноў Валер Іосіфавіч Грынько М.У. Гулевіч Пётар Фёдаравіч Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Данілаў Павел Фёдаравіч Даніловіч Мар'яна Даўмантовіч Іван Уладзімір. Дзергачоў Аляксандр Март. Дзянісаў Галляш Дзяржаўцаў Ян Аляксеевіч Дзяшук Юрый Віктаравіч Догіль Андрэй Алегавіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Ермакова Святлана Сяргееўна Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Вікт. Жук Марына Мікалаеўна Жыгальская Вольга Анатол. Завальнюк Уладзіслаў Мацв. Залацілін Аляксандр Валер. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Зылева Святлана Васільеўна Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казак Алеся Дзмітрыеўна Казакоў Ігар Яўгенавіч Казлова Алена Казлова Святлана Мікалаеўна Казляк Любоў Калеева Вераніка Уладзімір. Кальцова Зінаіда Іванаўна Камароў Васіль Васільевіч Карабач Віталь Віктаравіч Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятроўна Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Сяргеевіч Кобер Таіса Копаць Алег Міхайлавіч Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Красноўскі Аляксандр Віктар. Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крукоўскі Вадзім Віктаравіч Крываручанка Ігар Мікал. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Крэнт Зміцер Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузняцоў Ігар Мікалаевіч Кузьміч Алег Андрэевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сяргеевіч Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лява Арцём Лявіцкі Антон Мікалаевіч Ляўчук Вольга Васільеўна Ляўчук Леанід Аляксандравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Паўлаўна Максімава Кацярына Максуць Надзея Віктараўна Маліцкая Кацярына Сяргееўна Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванавіч Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місцюкевіч Аляксандр Іван. Місько Алег Пятровіч Міхалевіч Аляксандр Анатол. Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Муржак Эвеліна Ігараўна Мядзведзеў Кірыл Наварай Уладзімір Ціханавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Нагдаляп Андрэй Мікалаевіч Назаранка Людміла Станіслав. Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкоў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Някляеў Уладзімір Пракопавіч Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер'еўна Піліпішын Павел Барысавіч Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзім. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксан. Радзівонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамановіч Станіслаў Канстан. Рамашкевіч Кацярына Уладзім. Рамук Алена Расказава Лізавета Пятроўна Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Савіч Дзмітры Уладзіміравіч Савянкова Таццяна Анатол. Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Саўчанка Андрэй Віктаравіч Сахно Таццяна Анатольеўна Сватко Павел Аляксандравіч Семчык Ганна Аляксандраўна Семяненка Максім Уладзімір. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леанід. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыраваткаў Аляксандр Васіл. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сюбарава Серафіма Іванаўна Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Танкевіч Аляксандр Яўгенавіч Ткачова Вольга Ткачэнка Антон Алегавіч Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Турчак Наталля Уладзіміраўна Уласава Руслана Ігараўна Усцінава Людміла Нікіфараўна Філіповіч Валер Аляксеевіч Хаданёнак Віктар Мамертавіч Хасанаў Ігар З. Храпавіцкая Тамара Аркадз. Хрол Часлаў Часлававіч Цімохін Ілья Вітальевіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзіміравіч Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюшкевіч Сяргей Анатол. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чувахова Алена Уладзіміраўна Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзімір. Шалупенка Васіль Іванавіч Шапуцька Ганна Віктараўна Шарашовец Аляксандр Мік. Шафаловіч Аляксандр Пятр. Шкутко Анастасія Эдуардаўна Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктаравіч Шымірка Анатоль Шынкевіч Уладзімір Мікал. Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Святлана Вячаслав. Шэмет Антон Аляксандравіч Шэравера Руслан Уладзімір. Юран Антон Ярмац Аляксандр Аляксанд. Яскін Андрэй Алегавіч Яўмен Настасся Мікалаеўна Яўцюшкіна Таццяна Алякс. Ячычка Віктар

Талака ў Погірах

9 чэрвеня 2020 года споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння нашага знакамітага земляка, доктара філасофіі, літаратуразнаўца, гармадска-палітычнага дзеяча Заходняй Беларусі Ігната Сымонавіча Дварчаніна, помнік якому ўпрыгожвае цэнтральную плошчу нашага Дзятлава. Яшчэ ў студзені Дзятлаўскай раённай арганізацыяй ТБМ сумесна з ідэалагічным аддзелам райвыканкама быў складзены план святкавання гэтага юбілею. Меркавалася правесці навукова-практычную канферэнцыю з запрашэннем вучоных з Акадэміі навук Беларусі, мясцовых краязнаўцаў, настаўнікаў, вучняў старэйшых класаў, супрацоўнікаў бібліятэк і ўсіх зацікаўленых асоб. На радзіме Ігната Дварчаніна, у вёсцы Погіры і ў горадзе Дзятлаве, каля помніка рыхтавалі мітынгі з выступленнем самадзейных артыстаў, у тым ліку і погірскага народнага гурта, прамовы паэтаў і пісьменнікаў, конкурсы на лепшую дэкламацыю вершаў Ігната Дварчаніна, паэтаў з суседняй вёскі Зачэпічы і беларускіх класікаў. Бяда-пандэмія, якая звалілася нечакана, сарвала нашы планы.

Актывісты ТБМ у гэтых умовах прынялі рашэнне сумесна з кампаніяй "Зробім лепш - 2020" надаць больш прывабны выгляд сядзібе ў вёсцы Погіры, на якой калісьці стаяла родная хата нашага вядомага земляка, пазначаная сёння мемарыяльнай дошкай. Трэба адзначыць, што цяперашняя гаспадыня гэтай хаты Надзея Лукашык - жанчына творчая, акуратная. Адна, без мужа, падтрымлівае ўзорны парадак. Сама і пакосіць, і пафарбуе, і пакапае, і кветкі пасадзіць, і дапаможа старэйшым за яе аднавяскоўцам.

Але каб у раёне з'явіўся яшчэ адзін лакальны турыстычны маршрут, мы вырашылі каля хаты ўсталяваць памятны камень, пасадзіць кветкі і дэкаратыўныя кустарнікі, паставіць лаву для наведвальнікаў, а на шашы - адмысловы турыстычны ўказальнік. Сярод вучняў і аматараў паэзіі Дзятлаўскага раёна ТБМ сумесна з раённай бібліятэкай аб'явілі ў відэафармаце конкурс на лепшую дэкламацыю вершаў беларускіх паэтаў (відэаролікі дасылаць на электронны адрас: cbs@tut.by). Спяшайцеся паўдзельнічаць. Тэмін - да 15 ліпеня 2020 года. Пераможцаў і прызёраў чакаюць каштоўныя прызы.

Каб не парушаць правілы паводзін падчас пандэміі, на грамадскую працу выязджаем невялікімі групамі на 3-5 чалавек. На сёння зрабілі нямала: пафарбавалі вароты, залілі фундаменты пад камень і лаўку, пасадзілі хосты, туі, заказаны выраб шыльды-ўказальніка. Запрашаем усіх, хто хоча чым-небудзь дапамагчы, далучацца да нас.

А 3 ліпеня, падчас святкавання Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна, з 16 да 18 гадзін на пляцоўцы каля Дзятлаўскага музея будзе праводзіцца конкурс чытальнікаў вершаў, прысвечаных Дзятлаўшчыне, Беларусі, яе вядомым людзям, прыродзе роднага краю. Любы ахвочы можа прачытаць верш у рэальным фармаце.

Даведкі па тэлефоне: 8-029-906-40-97; 21-3-41 (музей).

Валерый Петрыкевіч, краязнавец, старшыня раённай арганізацыі ТБМ.

На Верхнядзвіншчыне пройдзе конкурс чытальнікаў "Вечар Купалы"

Разам з раённым Цэнтрам культуры і народнай творчасці раённая арганізацыя ГА "Таварыста беларускай мовы" праводзяць конкурс чытальнікаў "Вечар Купалы", які пройдзе ў інтэрнэт-фармаце. У конкурснай праграме прадстаўляюцца вершы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.

Мэта конкурсу:

- Прапаганда і папулярызацыя нацыянальнай творчай спадчыны.

- Стымуляванне цікавасці насельніцтва да творчасці класікаў беларускай літаратуры.

- Фарміраванне маральных асноў актыўнай жыццёвай пазіцыі падрастаючага пакалення.

Задачы конкурсу:

Падтрымка цікавасці да літаратурнай гісторыі беларусаў.

Выяўленне лепшых чытальнікаў.

Арганізатары конкурсу:

Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца ДУК "Верхнядзвінскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" і Верхнядзвінская раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы".

Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца ўсе ахвочыя ў адпаведнасці з правіламі правядзення конкурсу.

Узроставыя катэгорыі для ўдзелу ў конкурсе:

- "малодшая катэгорыя" - ад 5 да 10 год;

- "дзіцячая катэгорыя" - ад 11 да 14 год;

- "юнацкая катэгорыя" - ад 14 да 18 год;

- "моладзевая катэгорыя" - ад 18 да 31 года;

- "дарослая катэгорыя" - ад 31 года.

Для ўдзелу ў конкурсе канкурсант павінен пакінуць заяўку з асабістым паведамленнем у групу сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" "Верхнедвинский районный центр культуры" https://vk.com/club 137825826 з пазначэннем прозвішча, імя выканаўцы, назвай верша Я. Купалы.

Конкурс будзе праходзіць 6 ліпеня 2020 года ў гарадскім парку г. Верхнядзвінска, на беразе р. Дзвіна. Пачатак - а 20 гадзіне.

Раённая арганізацыя ГА "Таварыства беларускай мовы" - адна з заснавальнікаў інфармацыйна-рэсурсовага цэнтра "Рубон".

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Чыгір Яўген - 20 р., г. Менск

2. Жыдаль Дзяніс - 100 р., г. Менск

3. Лісічонак Сяргей - 100 р., г. Менск

4. Кукавенка Іван - 50 р., г. Менск

5. Аглушэвіч - 20 р., г. Менск

6. Джэгайла Уладзімір - 50 р., г. Менск

7. Нямера Рыта - 100 р., г. Гародня

8. Зыкунова Т. - 20 р., г. Магілёў

9. Шэмянкова Наталля - 10 р., г. Магілёў

10. Юнчыц Сяргей - 100 р., г. Менск

11. Качаноўская Наталля - 25 р., г. Менск

12. Максімчук Раман - 20 р., г. Менск

13. Вяргейчык - 15 р., г. Барысаў

14. Бойса Іосіф - 30 р., г. Ліда

15. Стэпановіч Я. М. - 50 р., г. Менск

16. Трусаў Алег - 20 р., г. Менск

17. Ралько Леанід - 60 р., г. Баранавічы

18. Бубен Кастусь - 154 р., г. Менск

19. Кароль Галіна - 9 р., г. Менск

20. Шкірманкоў Фелікс - 20 р., г. Слаўгарад

21. Дарохін Павел - 20 р., г. Менск

22. Сяменас Святлана - 35 р., г. Менск

23. Птушка - 5 р., в. Хільчыцы

24. Крыўко - 10 р., г. Наваполацк

25. Рабека Мікалай - 20 р., г. Менск

26. Лічык - 1 р., г. Менск

27. Барыс Сымон - 10 р., г. Менск

28. Лук'янава Надзея - 13 р., г. Магілёў

29. Бялко - 10 р., г. Жыткавічы

30. Кудзякін - 15 р., г. Менск

31. Тамашэнка - 50 р., г. Гомель

32. Малаковіч Надзея - 20 р., г. Менск

33. Шнут Яўген - 2 р.

34. Панасюк А.П. - 30 р., п. Лясны

35. Камінская Аліна - 50 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Германія назвала прыярытэт для свайго старшынства ў Радзе ЕС

Навіны Германіі

З 1 ліпеня старшынства ў Радзе Еўрапейскага саюза пераходзіць да Германіі.

Кіроўная ў ФРГ кааліцыя прыняла рашэнне, што галоўным у гэтым перыядзе будзе барацьба з пандэміяй каронавіруса, піша DW.

"Пандэмія COVID-19 ставіць Еўрасаюз перад лёсавызначальным выклікам", - гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках паседжання.

Германія, паводле дакумента, выконваючы ролю старшыні Рады ЕС, будзе "прыкладваць усе сілы для таго, каб разам і, думаючы пра будучыню, справіцца з гэтай задачай і зноў зрабіць Еўропу моцнай".

Раней кіраўнік германскага ўрада Ангела Меркель заявіла, што бачыць у старшынстве ФРГ у Радзе ЕС магчымасць надаць новы імпульс адносінам з Расіяй. Канцлер аднесла да магчымых тэм для абмеркаванняў з Масквой сітуацыю ў Лівіі і Сірыі, абарону клімату і глабальную ахову здароўя.

Чакаецца, што праграма старшынства ў Радзе ЕС будзе прадстаўлена ўжо заўтра. Дзяржава-старшыня Рады Еўрасаюза абіраецца на шэсць месяцаў. Германія, якая ў апошні раз займала гэты пост у 2007-м, 1 ліпеня па ратацыі зменіць на ім Харватыю, а з новага года перадасць эстафету Партугаліі.

Кіраўнік МЗС Германіі не выключае паўторнага закрыцця межаў у Еўропе

Хайка Мас пры гэтым упэўнены, што такія меры павінны праходзіць галасаванне на ўзроўні Еўрасаюза.

Межы ў Еўропе зноў могуць быць закрыты ў выпадку рэзкага росту колькасці інфікаваных каронавірусам у той ці іншай краіне ЕС. Пра гэта ў суботу, 27 чэрвеня, заявіў у інтэрв'ю dpa міністр замежных спраў Германіі Хайка Мас (Heiko Maas). Пры гэтым ён адзначыў, што такія рашэнні павінны быць скаардынаваны на агульнаеў-рапейскім узроўні і прайсці працэдуру галасавання.

Напачатку пандэміі каронавіруса многія краіны-чальцы ЕС, уключаючы Германію, у аднабаковым парадку прымалі рашэнні пра закрыццё межаў. Пачынальна з траўня межы ў сярэдзіне Еўрасаюза і Шэнгенскай зоны паступова адкрываліся. Толькі Нарвегія і Фінляндыя не маюць намер адкрываць свае межы да сярэдзіны ліпеня.

З 1 ліпеня Германія старшынюе ў Еўрасаюзе. Па словах Маса, чаканні дзяржаў-удзельнікаў арганізацыі ад Германіі вельмі вялікія ў сувязі з пандэміяй. Кіраўнік МЗС Германіі назваў тры найважныя мэты: дамова пра шматмільярдную праграму дапамогі эканоміцы краін ЕС да 2027 года, перамовы па "брэкзіту" і выразнае пазіцыянаванне ЕС у канкурэнтных адносінах са ЗША, Кітаем і Расіяй.

Еўрасаюз абмяркоўвае далейшыя паслабленні для вандронікаў з іншых краін

Чакаецца, што ўжо ў ліпені могуць быць зняты абмежаванні на ўезд у ЕС для тызх, хто прыбывае з Паўднёвай Карэі і Новай Зеландыі. Тыя, хто прыбывае з Расіі, ЗША і Бразіліі, атрымаюць дазвол на ўезд толькі ў выключных выпадках. Канчаткова спіс краін, адкуль можна будзе бесперашкодна заязджаць у зону Еўрасаюза, павінен быць зацверджаны ў панядзелак.

У далейшым ключавым фактарам для забароны ўезду ці, наадварот, дазволу, стане лік выпадкаў інфікавання каронавірусам у краіне выезду на працягу апошніх двух тыдняў - на 100 000 жыхароў павінна быць 16 ці меней выпадкаў, што адпавядае сярэдняму паказчыку па ЕС. І гэтак жа важнае значэнне будзе мець тэндэнцыя на зніжэнне ліку заражаных.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА РЫГОРА СЕМАШКЕВІЧА (12.09.1945 - 11.06.1982)

Паэты адыходзяць маладымі

Не для таго, каб мы ў цыгарным дыме

За пляшкаю самотнага віна

Пра іх забытыя магілы й вершы

Ноч напралёт шумелі давідна,

І кожны думаў, што ён самы лепшы

І лепей ведаў і цаніў паэта,

Якога ўжо няма, як і не вернеш лета,

Калі ён адляцеў у свет высокі,

Туды, дзе нам ці знойдуцца аблокі,

Каб мы на іх плылі па-над зямлёй,

Дзе нашыя забытыя магілы,

Крыжы, нібы раcкінутыя крылы,

Спакойна зарасталіся травой…

Паэты адыходзяць маладымі

Сцяжынамі сваімі залатымі,

Каб мы прайшлі сваё выпрабаванне,

Нібыта не праспалі тое ранне,

Калі патрэбна будзе ўстаць, прызнацца,

Што мы сваіх паэтаў забывацца

Зарана пачалі, нібыта ў вечнасць

Свае ўпісалі дробныя імёны,

І свечак тонкіх белыя калоны

Пад рыфмы вершаў асвятляюць вечар

Паненкам гожым, для якіх таксама

Паэзія, нібы анёльскі замак,

Куды паэты адлятаюць маладымі

Не для таго, каб мы ў цыгарным дыме

За пляшкаю самотнага віна

Пра іх забытыя магілы й вершы

Ноч напралёт маўчалі давідна…

9.02.2004 г.

БАЛАДА ВАЛЯНЦІНЫ КОЎТУН (6.04.1946 - 30.04.2011)

На зломе вясновай маланкі

Твая адляцела душа…


І сонца ўзыйшло новым ранкам,

І ўспырхнулі птушкі з крыжа,

І ўсё, як было тут заўсёды,

Пайшло, пацякло, паплыло

У вечнасці мутныя воды,

Дзе ёсць Беларусі святло,

Дзе ёсць Ефрасіння і Цётка,

Якімі штодня ты жыла,

І ў кнігах, нібы ў белых лодках,

Ты з імі ад сэрца плыла

Да сэрца, якое не здрадзіць

Ні Богу, ні людзям, ні снам.

Калі мову родную страцім, -

Як мове, прапасці і нам.

І ты паўтарала штохвілі,

Нібыта малітву, заклён,

Каб мы родны край наш любілі,

Любоўю ўратуецца ён

Ад здрады, ад гвалту, ад хама,

Што ў кожным смяротным жыве.

Была Беларусь тваім Храмам

І будзе, не знікне ў жарстве,

Бо ёсць Ефрасіння і Цётка,

Бо ёсць беларусы, і ты,

І кнігі твае, што, як лодкі,

Нясуць нас усіх праз гады…

2.06.2011 г.

БАЛАДА ВАСІЛЯ ГАДУЛЬКІ (17.05.1946 - 15.06.1993)

Нібы воран ляцеў над палямі,

Нібы воўк тут шукаў воўчы след,

Вершаванымі плакаў слязамі

Адзінокі, як неба, паэт,

У якога ёсць вецер і ціша,

У якога агонь і трава,

І сцяжына, якую калыша

Беларускае жыта...

Царква

Адзінока чакала паэта

І паэт, як малітва без слоў,

Праз маўчанне, нібы праз край свету

Да царквы і да нас не прыйшоў,

А застаўся, як неба над намі,

Як прад намі агонь і трава,

Дзе мы плачам паэта слязамі,

Дзе адвечнай слязою царква.

28 - 29.06.2005 г.

БАЛАДА МІКОЛЫ СЕЛЯШЧУКА (4.08.1947 - 25.09.1996)

З прыгожай і роднай самотнай краіны

Паехаць да мора і там - патануць...


Праз дождж па дарогах,

дзе плачуць рабіны,

Самотныя людзі самоту вязуць.


І дрэвы губляюць апошняе лісце,

І следам лятуць за машынай вятры,

І ты ўжо не можаш спыніць іх і выйсці,

Каб з лесам, каб з рэчкаю пагаварыць.


Ты едзеш не ў хату, ты едзеш пад крыж,

Дзе вечнасць чакае цябе на пагосце,

Таму так балюча і шчыра маўчыш...


Зноў мора чужое далёкае сніцца,

Дзе чорныя хвалі, як чорны пажар.

І раптам на бераг

вады бліскавіца,

І падае неба -

пад хвалямі

хмар...


І ціха ізноўку, і светла, бы ў Храме,

І свечкі, як зоркі ў Сусвеце, гараць.

І маці страчае...

І што скажаш маме,

І што тут Айчыне сказаць?..

14 - 15.12.1996 г.

БАЛАДА ВІТАЛЯ СКАЛАБАНА (5.08.1947 - 20.08.2011)

Ад Бога планіда - знаходзіць імёны і даты,

Як цэглу старую,

з якой будаваўся наш Храм,

Які быў амаль што разбураны

ў час той пракляты,

Калі замест Храмаў

турма будавалася нам.

І гэтай святою планідай

ты жыў для Айчыны

І пылам, і попелам дыхаў, знаходзячы нам

Забытыя творы, нібыта ад Храма цагліны,

Каб чорнай турмой

не зрабіўся ніколі больш Храм.


І сонца ўзышло па-над вёскамі і гарадамі,

Як рыцарскі шчыт,

за якім стаяў рыцарам ты

З усмешкаю светлай,

як роднае неба, з вачамі,

Дзе поўна, як зорак калючых,

слязін залатых


Па скарбах,

якія не вернуцца ў нашыя хаты,

І што маладым

аніколі не ўстаць з курганоў

Закончыць пачатыя справы, а іх жа багата

Было й засталося

на шмат адраджэнцкіх гадоў,


Дзе слову твайму не згубіцца,

а жыць для Айчыны,

І іншай Айчыны для нас не было і няма,

Як гэта, дзе сумныя ў полі бярозы

й рабіны,

Дзе лета кароткае й доўгая восень-зіма,


А ў сэрцах вясна,

што дае нам надзею, як маці,

Што здзейсняцца нашыя светлыя

мары і сны,

І мы ўжо надзею і веру вякамі не трацім,

Жывём у змагарным чаканні

сапраўднай вясны.


І ты нечакана пакінуў наш свет,

як ад ветру

Патухла найсветлая свечка каля абразоў

І ўміг загарэлася зноўку ад нашае веры

У Бога і край, дзе твая засталася любоў,


З якою заўсёды нам жыць,

як ты жыў для Айчыны

І пылам, і попелам дыхаў, знаходзячы нам

Забытыя творы, нібыта ад Храма цагліны,

Каб чорнай турмой

не зрабіўся ніколі больш Храм…

25.08.2011 г.

(Працяг у наступным нрумары.)

МАСАВАЯ МІГРАЦЫЯ РУСКІХ У ЛІТВУ І БЕЛАРУСЬ У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XVIII СТАГОДДЗЯ ЯК ФОРМА КЛАСАВАЙ БАРАЦЬБЫ СУПРАЦЬ УЗМАЦНЕННЯ ПРЫГОННІЦКАГА ПРЫГНЁТУ

(ПА АПУБЛІКАВАНЫХ РУСКІХ КРЫНІЦАХ)

В. Грыцкевіч

Цікавая інфармацыя

Зараз я разбіраю свае вялікія хатнія архівы, каб найбольш цікавыя матэрыялы перадаць у дзяржаўныя архівы нашай краіны. Нядаўна я знайшоў адбітак з малавядомай публікацыі беларускага краязнаўца і гісторыка Валянціна Грыцкевіча, які надрукаваў яе на рускай мове ў Вільні ў амаль невядомым гістарычным зборніку ў 1984 г. У гэты час у БССР панавала гістарычная тэорыя Лаўрэна Абацэдарскага, у якой беларусам у школах і асабліва ў ВНУ навязвалі думку, што тры падзелы Рэчы Паспалітай для беларусаў, асабліва сялян, з'ява добрая і прагрэсіўная і яны стагоддзямі марылі, каб трапіць пад уладу рускіх цароў і імператараў. Але ў XVIII ст. усё было наадварот. Менавіта сяляне з Расіі тысячамі ўцякалі на Беларусь, дзе прыгон з боку мясцовай шляхты быў значна меншы, чым ад рускіх дваран, якія маглі прадаць свайго селяніна на базары, як афрыканскага раба, альбо адправіць на ўсё жыццё ў войска, як рэкрута.

Спадзяюся, што публікацыя В. Грыцкевіча ў перакладзе на беларускую мову будзе цікавай для чытачоў "Нашага слова".

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ.

Першая палова XVIIІ ст. у Расіі характарызавалася ўмацаваннем феадальнай дзяржавы, узмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі і абвастрэннем класавай барацьбы. Адным з праяўленняў гэтай барацьбы былі масавые ўцёкі сялян і дваровых людзей ад абшарнікаў.

Сяляне Сярэдняга Паволжа і Падмаскоўя, імкнучыся палепшыць сваё становішча, беглі на Ніз ці ў Сібір. Для іх субраццяў з паўночна-заходніх і заходніх губерняў і правінцый уцёкі ў гэтыя зоны было цяжка здзейсніць, і яны беглі бліжэй. Сысці ад феадала селянін імкнуўся звычайна са сваёй маёмасцю і, па магчымасці, з жывёлай. А гэта было зручней рабіць у найболей блізкія месцы: за заходнюю мяжу. Туды іх пераваблівалі зацікаўленыя ў працоўных руках замежныя феадалы, якія не скупіліся на шчодрыя абяцанні вольнасцяў, палёгак на многія гады, падмогі ў абзавядзенні гаспадаркай

У сваёй надзеі на паляпшэнне жыцця многія сяляне ўцякалі з Расіі ў Літву і Беларусь, а таксама ў Латвію і Эстонію .

Калі масавыя ўцёкі насельніцтва з захаду і цэнтра Расіі ў першай палове XVIII ст. на поўдзень і ўсход краіны прыцягвалі ўвагу савецкіх даследчыкаў пастолькі, паколькі там яны спалучаліся з найболей вострымі формамі класавай барацьбы - сялянскімі войнамі і паўстаннямі, то масавыя ўцёкі сялян за заходнюю мяжу ў Літву і Беларусь заставаліся за межамі інтарэсаў большасці гісторыкаў і пад адмысловыя даследаванні не патраплялі. Асобных эпізодаў гэтай мігрцыі краналіся дарэвалюцыйныя гісторыкі С. М. Салаўёў, А. В. Рамановіч-Славацінскі, М. І. Лілееў, беларускі гісторык Н. М. Нікольскі, савецкія даследчыкі гісторыі Расіі XVIII ст. П. К. Алефірэнка, В. М. Кабузан, С. М. Троіцкі і інш.

Масавыя ўцёкі рускіх у Літву і Беларусь супадалі з сустрэчнай міграцыйнай плынню літоўцаў і беларусаў у Расію.

Мы абмежаваліся разглядам толькі перасялення рускіх у Літву і Беларусь, бо пэўныя прыклады ўцёкаў літоўцаў і беларусаў у Расію ў згаданы перыяд дасканала разгледзеў А. П. Ігнаценка.

Хоць масавая міграцыя рускага насельніцтва ў Літву і Беларусь расхіствала асновы абшарніцкай гаспадаркі Расіі ў іншай ступені, чым уцёкі на поўдзень і паўстанні на Доне і Волзе, яе эканамічныя наступствы; былі не меней згубнымі для феадальнай дзяржавы. Пра гэта сведчаць дадзеныя многіх апублікаваных рускіх крыніц урадавага паходжання, да разгляду якіх мы і пяройдзем.

Сярод актавага матэрыялу асноўнымі з'яўляюцца сенацкія і імянныя ўказы пра меры да прадухілення ўцёкаў і ліквідацыі іх наступстваў і высачайша зацверджаныя даклады кабінета міністраў. Да іх прылягаюць матэрыялы бягучага справаводства ўстаноў: рэзалюцыі кабінет-міністраў на данясеннях і экстрактах дакладаў ніжэйстаячых службоўцаў, данясенні, запіскі і даклады генерал-пракурора сената, губернатараў, ваяводаў, афіцэраў, чалабітныя і данясенні мясцовых абшарнікаў, вопісы канцылярыі, акты, канфіскацыі. Звесткі пра ўцёкі ўтрымоўваюцца і ў следчых справах так зв. Свяцейшага Сінода. Гэтыя крыніцы не могуць выклікаць сумневу адносна іх сапраўднасці і пэўнасці, і не давяраць ім у нас няма падстаў.

Паводле заўвагі А. В. Рамановіча-Славацінскага, уцёкі сялян і спробы ўладаў зменшыць іхнія памеры "ад XVII стагоддзя перайшлі па спадчыне ў XVIII і XIX". Гэта і зразумела, калі ўлічыць, што ўцёкі з'яўляліся непазбежнай рэакцыяй сялян і чэлядзі на ўзмацненне феадальнай эксплуатацыі.

З сярэдзіны XVII ст. многія ўцекачы накіроўваліся за мяжу пад падставай адстойвання "старой веры", хоць у руху масаў ідэі барацьбы за "старую веру" ігралі не галоўную ролю, а ўцёкі былі звязаны галоўным чынам з узмацненнем сацыяльнага прыгнёту і абвастрэннем класавай барацьбы.

Больш за тое, для магчымага тлумачэння ўцёкаў матывамі абароны свабоды веравызнання, а не сацыяльна-эканамічнымі прычынамі, уцекачы часам звярталіся да маскіроўкі, выдаючы сябе за старавераў. Так, у слабодах на выспе Ветка і паблізу ад яе, па дадзеных дакумента пачатку XVIII ст., "прамногі лік з розных гарадоў беглыя багатыя купцы, назаваючы сябе раскольнікамі (падкрэслена мною. - В. Г.), хаваюцца ад накладзеных на іх падаткаў і рэкруцкіх набораў" . Калі а 1744 г. у Валакаламску былі схоплены 20 сялян, якія прабіраліся на Ветку, аказалася, што павадыр навучыў іх маліцца па-раскольніцку.

Нярэдка сяляне выязджалі дзясяткамі з надзейнымі праваднікамі, спыняліся па дарозе ў адпаведных месцах у адмысловых "прыстаноўшчыкоў". Селянін вёскі Касанава Апочацкага павета Іван Парфёнаў паказаў у сінодзе, што ў 1699 г. перабраўся за мяжу ў суседні Невельскі павет з абозам у 40 падвод, з якім ішлі 100 з лішнім стараабрадцаў.

З нагоды падобнага масавага руху рускіх сялян на поўдзень краіны ў першай палове XVII ст. А. А. Навасельскі пісаў: "Адносна ўсяго гэтага руху тэрміны "ўцёкі" і "ўцекачы" маюць толькі фармальную гісторыка-юрыдычную падставу, але не адлюстроўваюць сутнасці працэсу. Адбывалася высяленне, сыход, часта абсалютна адкрыты, які арганізоўваўся па-гаспадарску і прадугледжваў розныя магчымасці ўладкавання на месцы, новага пасялення".

Урад спрабаваў караць злоўленых "падгаворшчыкаў" больш сурова, чым уцекачоў, ссылаючы іх "у вечную работу на катаргу", як абвяшчаў указ ад 19 лютага 1721 г. Уцекачоў па гэтым указе каралі бізуном. Але пагроза такога пакарання, па меркаванні дваранскага гісторыка Н. А. Фірсава, мела мала поспеху: "Пакаранне бізуном (...) не магло быць страшным для тых, каму дома даводзілася цярпець гэтае пакаранне. Салдаты памежнай варты, здаралася (...) самі ўцякалі з уцекачамі".

Уцёкі з паўночна-заходніх і заходніх абласцей Расіі набылі вялікія памеры ў першай чвэрці XVIII ст. Яны былі наступствам сацыяльнай барацьбы, абвостранай реформамі Пятра І, якія ажыццяўляліся за кошт народных мас і клаліся на іх цяжкім грузам. Гэты рэгіён цярпеў дадатковыя цяжкасці з-за блізкасці тэатра Паўночнай вайны ў сувязі з мабілізацыяй сялян на будаўнічыя работы, падводнай і іншымі адпрацоўвачнымі павіннасцямі.

За мяжу сыходзілі і заможныя людзі, у тым ліку і купцы. З 1716 г. старадубскія купцы ўвесь час скардзіліся на канкурэнцыю старавераў, пасяліўшыхся на Ветцы, у раёне якой у 1722-1732 гг. налічвалася больш за 20 слабод з насельніцтвам у 40 тыс. жыхароў.

Н. М. Нікольскі лічыць, што Пётр I і першыя яго пераемнікі не прымалі мер па ліквідацыі гэтага агменя ўцекачоў таму, што былі звязаны з Рэччу Паспалітай союзнай дамовай і агульнай барацьбой супраць Швецыі. Нельга выключыць і іншага: па звестках рускага пасланніка ў Варшаве Генрыха Гроса, вялікі канцлер літоўскі Ф.М. Чартарыйскі падчас перамоў пра выдачу рускіх уцекачоў з Рэчы Паспалітай у 1754 г. нагадаў, што ў 1708 годзе, калі Карл XII пайшоў на Украіну, Пётр Вялікі ўсіх жыхароў польскіх памежных абласцей адправіў у Расію, адкуль (яны), нягледзячы на частыя патрабаванні, вернутыя не былі". Не выключана, што ў сувязі з гэтым было непажадана прымаць меры супраць уцекачоў у Літву і Беларусь.

Жадаючы прыпыніць уцёкі, сенат выдаў 8 сакавіка 1723 г. указ пра будаўніцтва застаў для лоўлі ўцекачоў і пасылкі туды воінскіх каманд на чале з афіцэрамі. Падставай для ўказу служыў той факт, што "з многіх паветаў многія сяляне, сабраўшыся з жонкамі і з дзецьмі і з пажыткамі, бягуць у Польшчу і за іншыя межы".

С. М. Троіцкі мяркуе, што гэты ўказ быў рэалізаваны не адразу, паколькі ўвесну і ўлетку таго ж года ў сталіцу паступілі данясенні ад ваявод і дваран Наўгародскай, Пскоўскай і іншых правінцый Паўночнага Захаду. У іх утрымоўваліся просьбы паскорыць уладкаванне застаў і ўзмацніць барацьбу супраць уцёкаў. Дваране Наўгародскага павета ў сваёй чалабітнай цару ад 24 траўня 1723 г. звярталі ўвагу на тое, што ўцёкі сялян учасціліся пасля "паверак" рэвізскіх дадзеных у 1720-1722 гг. Дваране Пскоўскага, Вялікалукскага, Тарапецкага і Пустаржэўскага паветаў у сваёй чалабітнай ад 7 ліпеня 1723 г. прасілі аднавіць адмысловую пасаду "памежнага суддзі", які раней займаўся вышукам збеглых сялян у Літве, Беларусі і "Польскіх Інфлянтах" (цяпер Латгалія) і вырашаў усе спрэчныя справы пра ўцёкі. Гэтая просьба была задаволена.

(Працяг у наст. нумары.)

ДЗЕЛЯ БЕЛАРУСКАЙ СПРАВЫ

Мы з Латвіяй даўно ў сваяцтве.

Князь Вячка з Кокнэсэ - радня.

З ім Вячка Целеш у мастацтве

латышызуецца штодня.

Ён мае гонар! І каханак

не піша дрогкіх, у расе, -

ды ў Рызе нарадзіў "Сьвітанак",

Сцяг беларускасці нясе !

Пяць творцаў: Пётра Мірановіч, Аркадзь Салаўёў, Міхась Калінін, Аляксандра Бельцава, Дзімітры Гадынец-Цвірка прадстаўлены ў кнізе Вячкі Целеша "Беларускія мастакі Латвіі" (1920-1990). Іскрынкі з яго манаграфіі трапечуцца і на гэтай старонцы майго паслання з нагоды такой падзеі. Так, веру, што будзе створаны агляд творчага шляху апантанага дзеяча Вячкі Целеша, які "нарадзіў" Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" (1988), Аб'яднанне мастакоў-беларусаў "Маю гонар" (1991), заснаваў беларускую школу, якая і сёння дзейнічае ў Рызе пад імем Янкі Купалы. За заслугі перад Латвіяй у 2006 г. ён быў узнагароджаны ордэнам Трох Зорак. І калі я з нагоды 80-годдзя Вячкі Целеша паслаў яму некалькі сказаў, то закончыў вітанне-віншаванне такімі радкамі:

Слаўка! Дружа!

Жменю ружаў

пасылаю праз прасцяг.

Будзь жа дужы -

на ўвесь Шлях!

З вераснёвых свежых дзей -

маеш гонар! Маладзей,

наш латвійскі дабрадзей!

А для будучага агляду жыццёвых сцежак Вячкі Целеша - мастака, педагога, гісторыка, фалькларыста, краязнаўца, філакартыста, даследчыка творчасці выдатных дзеячаў мастацтва і культуры - пазначаю некаторыя іскрынкі з напоўненага за паўвека целешаўскага архіва: аўтапартрэт Міхася Калініна, 1944 г. + "Сяргей Сахараў", партрэт Пётры Мірановіча. + "Францыск Скарына", + " На лявонпальскім беразе", так я выглядаю з-пад пэнзля Вячкі Целеша, 1978 г. + Міхась Калінін "Вясна", + некалькі экслібрысаў Вячкі + партрэт Ганны Рыгораўны Панізьнік, маёй мамы.

Вячка! На краю зямлі

росы Росі высвеці,

Беларусі караблі

смела ў мора выведзі.

Мнагалікасцю сяброў

сёння ты уквечаны.

А будзь, Вячка наш, здароў

з раніцы да вечара!

У паклоне кавалер ордэна Трох Зорак Латвійскай РэспублікіСяргей Панізьнік.

На здымку: Сяргей Панізьнік уручае Вячку "Выбраныя творы" Вольгі і Сяргея Сахаравых, выдадзеныя маладзечанцам Міхасём Казлоўскім (сядзіць за сталом). Рыга, 20.ХІ.2015 г.

Не ад Эзопа, а ад Язэпа

Як я сала ў Турцыю прадаваць вазіў

Цудоўны час! Перабудову закончылі паспяхова і датэрмінова. З самастойнасцю на "ты", каму хочам - таму аддаем. На базар завітаеш - ад разнастайных твараў вочы разбягаюцца. Адна толькі скруха. Да грошай усе нізкія на вочы сталі. У кішэню глянеш - нічога не відаць.

З тае нагоды жонка "лагодна і пяшчотна", як і належыць лепшай палове чалавецтва, прапануе:

- Давай, заколем вепрука! Сала будзе! Махнеш з ім за кардон, у родную Вільню. Яны там капіталістамі сталі. Суседка казала: "Сала ўсё з'елі, а грошай куры не дзяўбуць".

Зрабілі мы са шваграм тую справу. Свежыну добра абмылі. Раніцай, калі яшчэ ад сну вочы зліпаюцца, а галава, пасля ўчарашняга, гудзе як пусты збан на плоце, штурхае "каханенькая-родненькая": "У дарогу".

На сталічным вакзале мне трапляецца такі сур'ёзны, з вусамі джыгіта, пры гальштуку мужчына. Слова за слова, распачалася гутарка.

- У Турцыю едзь, - горача цвердзіць ён. - Усе туркі любяць сала і баксамі плацяць.

Ён прадстаўнік нейкай фірмы, што арганізуе паездкі ў Турцыю. Угаварыў. Ён мне пячатку ў замежны пашпрт, нейкую паперку і квіткі да самага Стамбула. Узамен аддаў квікі да Вільні.

Еду. Суседкі па купэ - бабулькі-камерсанткі з вялізнымі клункамі па пяць на кожную руку. Адну б такую торбу знакаміты ў мінулым волат Аляксееў наўрад ці з трэцяга разу падняў бы. Сядзяць, скручанымі пальцамі хлеб шчыпаюць ды прафесійна абмяркоўваюць курс даляра да мангольскага тугрыка.

Хлопец я вясковы, дастаў пляшку ды сала. Бабулек запрасіў. Не адмовіліся. Сала ядуць, гарэлку п'юць, а хлеб схавалі.

Выпілі, яшчэ больш зашчабяталі ды яшчэ распачалі даваць парады, як пачынаючаму камерсанту.

У суседнім купэ некалькі маладух і хлопцаў каньяк глушаць і з мяне збыткуюць:

- Дзяроўня! Мусульмане сала не ядуць.

Ядуць не ядуць. Білет ёсць, і таму ехаць мушу.

Тут прыехалі на мяжу Бацькаўшчыны. Нашы мытнікі бадзёра ўскочылі ў вагон, схапілі крайнюю бабку ды пацягнулі яе на выхад. Кабета ўпіралася нагамі ва ўсе выступы, кусалася, лямантавала, але хлопцы трапіліся дужыя і… за пятнаццаць хвілін выцягнулі старэчу.

Гоман у вагоне сціх. Народ затаіўся: хто будзе наступны?

Нашыя мытнікі выканалі заданне і болей ні да кога не чапляліся.

Праз паўгадзіны ў вагон завіталі ўкраінскія памежнікі. Бабуляк яны не чапалі. Бралі ўсё, што дадуць. Падыйшлі да мяне. Старшы носам пашмыргаў і кажа падначаленаму:

- Пэтро, пэўна, сало!

Пятро таксама абнюхаў торбы і радасна бліснуў вачыма:

- Тэ ж сало!

Я струпянеў ад страху. Адбяруць. Тады заб'е мяне жонка.

Начальнік грозна загадаў падначаленаму:

- Пэтро! Цыбулю шукай.

Пэтро знік, а старшы, як тыя бабкі, пачаў шчыпаць сала пальцамі.

Адна з бабуляк пачала касіць вока і сліну коўтаць. Бачна, таксама хоча. Урэшце не сцярпела і кажа:

- Не еш, чалавек, сала, яно з радыяцыяй.

- Дакумэнт, - грозна запытаў старшы.

Супакоіўся толькі тады, калі даведаўся, што я еду ў Турэччыну.

Тым часам у суседнім купэ працягвалася гулянка. А цягнік імчаў і імчаў уперад. Неўзабаве распачаліся першыя цяжкасці. У вагоне стала брак пітной вады, потым у рэстаране зніклі перасмажаныя катлеты. Урэшце рэшт у суседнім купэ выпілі кан'як і з'елі сэрвілат. Мяне пачалі адольваць сумненні. Туркі - мусульмане. Рэлігія забараняе ім есці сала. Дрэнь мае справы. Уліп, Піліп! Не бачыць мне заробку, як уласных вушэй. Утопіць мяне жонка, як таго шчанюка летась.

Першымі здаліся бабкі.

- Ты нам кілю-другую сала адпусці. Як на Камароўцы, заплацім.

Тут у мяне ўзнік імпэт гандляра.

- Э-э! Не, - кажу, - надта танна, транспартныя выдаткі і ўсё астатняе.

Гадзінку слінку пакоўталі, пашапталіся ды пук украінскіх купонаў падаюць.

- Не, - цверджу сваё. - Зялёненькія ганіце.

Змоўклі. Голад не цётка. Хуценька дасталі з патаемных сховаў неабходную валюту. Згандляваліся. Еду далей. Тут з суседняга купэ маладуха падвальвае.

- Будзем мяняць сала на сала, - а сама і без таго кароткую спаднічку вышэй задзірае, вышэй.

- У маёй жонкі такое сала лепшае, - адказваю пад пільныя позіркі бабуль.

Пакрыўдзілася. Пайшла.

Адразу заходзіць другая. Такая цыбатая, танклявая. Як усходняя гейша. Спакуса, не ўтрываць. Пачынаецца дробнае варушэнне ў нагавіцах. І сала ўжо не надта шкада стала. Але тут - бац! Прасвятленне наступіла. Бабкам сказаў, адкуль я. А калі адна з іх расколецца, і да жонкі дойдзе, што я сала на кабету прамяняў. Тапіць яна мяне ўжо не будзе. Павесіць, як таго коціка, што нагадзіў на дыван. Э-эх! Адмовіў.

- Пачакай. Я на цябе Крутога нацкую. Будзеш ведаць, што такое рэкет. Сам усё аддасі.

Заходзіць амбал. Столь у вагоне галавою чапляе. Тут не толькі сала аддасі, але і Богу душу. Глянуў! Ба-а! Кумы сын. Я ж яму, падшыванцу, крапіву ў нагавіцы клаў, калі ён мае гуркі краў. Ён таксама пазнаў мяне. Засаромеўся. Павітаўся, пра здароўе запытаў, а потым кажа:

- Дзядзечка, дай сала! Усяроўна яго ў Турцыі ніхто купляць не будзе. Не ядуць яго масульмане.

- Будзе не будзе, не твая справа, - адказваю. - Табе аднаму даў бы шматок. А ў вашым купэ процьма народу. Яны ўсё сала ўмомант заглыкнуць. Не хочаце купляць, ешце свае каўбасы і піце каньякі.

- Усё з'елі і выпілі, - праслязіўся Круты.

- Тады памірайце з голаду, - кажу абыякава, а сам называю кошт удвая большы, чым бабкам. (Гэта табе за здратаваныя грады!)

Купіў, як міленькі! Не толькі сала, але і самагонку, коштам кан'яку.

Надарыліся і непрадбачныя выдаткі. Сходзіў па сваёй патрэбе, бачу, адзін аполец паменшыў на вузкую стужачку. Бабкі-праныры скарысталі момант. Калі заснулі бабкі, цыбатая дамаглася свайго - давялося плаціць салам. Надалей вымушаны быў шукаць паразумення з былымі братнімі малдаўскімі і балгарскімі сябрамі - мяняць віно на сала.

Ура-а! Нарэшце даехаў. Слынны канстанцінопальскі Стамбул.

За доўгую дарогу сала аслізла, месцамі пакрылася плесенню. Настрой упаў да долу. Коцік са шчанюком паўсталі перад вачыма. Куды дзенешся - лёс мой такі недарэчны. Пайшоў з гэтым таварам на іхні базар. Чаго там толькі няма. Усё ёсць! Усё-ё! Няма толькі сала. Яшчэ горай стала на душы. Мой тавар нікому не патрэбны. Хто яго купіць? Гадзіну стаю, другую. Наўкола снуюць адны толькі нашыя. Нешта купляюць, нешта прадаюць. Да мяне ніхто не падыходзіць. Толькі пад вечар на гэты людны рынак завітаў першы турак. Ходзіць, глядзіць, але нічога не купляе.

Падыходзіць да мяне.

- Сала, - радасна закрычаў ён па-руску.

- Сала-сала, - абыякава адказаў я.

- Купляю усё!

Разлічыўся са мною шчодра. Пасля ўсяго пытаю ў яго:

- Навошта вам? Вы ж - масульмане! Сала не ясце.

- Рускі, як нап'ецца, дык сала просіць і плаціць добра, - з задавальненнем адказаў турак і пацягнуў торбы з набыткам.

Памчаў на вакзал, каб хутчэй вярнуцца дамоў. Пэўна, жонка зачакалася.

Вярнуўся на досвітку. Сусед дровы коле, жонка складвае. Не дачакалася, аднак на мяне наскочыла: дзе бадзяўся сякі-такі столькі часу.

- Сала ў Турцыі прадаваў, - кажу так і дастаю пук "зялё-ненькіх".

Супакоілася, палагоднела, суседа дамоў прагнала.

З таго часу я не важу прадаваць сала нікуды, але суседкам дровы секчы не адмаўляюся.

Язэп Палубятка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX