Папярэдняя старонка: 2020

№ 29 (1492) 


Дадана: 15-07-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1492), 15 ліпеня 2020 г.

Паважаныя сябры ТБМ!

Шаноўныя кіраўнікі суполак, раённых, гарадскіх і абласных арганізацый!

Гэтай восенню ў кастрычніку мы праводзім чарговы з'езд ТБМ. Таму прашу яшчэ раз звярнуць ўвагу на неабходнасць правядзення справаздачна-выбарных канферэнцый і сходаў. Некаторыя арганізацыі ўжо правялі такія мерапрыемствы і даслалі на адрас сядзібы неабходныя дакументы. Зразумела, што сітуацыя з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі не спрыяе пашырэнню грамадскай дзейнасці. Тым не менш, мы абавязаны вытрымліваць тэрміны правядзення сваіх выбараў, як гэта прадугледжана нашым Статутам.

У сувязі з гэтым, прашу кіраўнікоў, па-першае, вызначыцца з датай правядзення справаздачна-выбарных мерапрыемстваў і па магчымасці паведаміць пра гэта ў сядзібу (на паштовы ці электронны адрас).

Па-другое, правесці праверку персанальнага складу арганізацый. Рыхтуючы з'езд, мы павінны ведаць дакладную колькасць нашых сяброў. Таму важна, каб кожны кіраўнік суполкі, а затым і кіраўнікі раённых і абласных арганізацый паведамілі пра колькасць усіх наяўных сяброў. Зыходзячы з вашых звестак мы будзем рыхтаваць памяшканне для правядзення з'езда.

Па-трэцяе, падчас сваіх справаздачна-выбарчых сходаў і канферэнцый абмяркуйце наступныя пытанні:

1) Абярыце новы склад кіраўніцтва сваёй арганізацыі;

2) Выберыце дэлегатаў на з'езд;

3) Выкажыцеся наконт кандыдатуры старшыні Рады ТБМ;

4) Прапануйце прадстаўнікоў у новы склад Рады ТБМ;

5) Падрыхтуйце прэзентацыю сваёй дзейнасці для нашага з'езда (стэндавую, электронную, відэа і інш.).

Як старшыня ТБМ я гатова прыняць удзел ва ўсіх абласных справаздачна-выбарных канферэнцыях (зразумела, калі яны будуць праходзіць не ў адзін дзень). Акрамя таго, я пастараюся пабыць у кожнай воласці на 2-х раённых сходах ці канферэнцыях.

Шаноўныя сябры! На нашым форуме нам давядзецца акрамя ўсяго іншага вырашаць і некаторыя важныя фінансава-арганізацыйныя пытанні: утрыманне сядзібы, выданне газеты "Наша слова". Ваша меркаванне па гэтым пытанні будзе мець важнае значэнне.

Жадаю ўсім добрага здароўя, выдатнага настрою і плёну ў дзейнасці.

Старшыня ТБМ Алена Анісім.

Справаздачна-выбарчая канферэнцыя Менскай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны"

Паважаныя сябры ТБМ г. Менска, запрашаю вас прыняць удзелу ў справаздачна-выбарчай канферэнцыі Менскай гарадской арганізацыі, якая адбудзецца 28 ліпеня 2020 г. у 18 гадзін у сядзібе ТБМ (г. Менск, вул. Румянцава, 13).

Папярэдні парадак дня:

1. Справаздача старшыні Менскай гарадской арганізацыі ТБМ.

2. Справаздача старшыні рэвізійнай камісіі.

3. Выбары старшыні Менскай гарадской арганізацыі і яго намесніка, рады і рэвізійнай камісіі.

4. Выбары галоўнага бухгалтара.

5. Выбары дэлегатаў на ХІV з'езд ТБМ.

6. Рознае.

Прапановы па кандыдатурах на выбарныя пасады і іншыя пытанні для ўключэння ў парадак дня пажадана дасылаць раней за прызначанаю дату сходу на эл. скрыню: davidovich@gmail.com.

З павагай, Аляксандр Давідовіч, старшыня Менскай гарадской арганізацыі.

Весела і гучна святкавалі Купалле ў Лідзе

У Лідзе ля сцен Лідскага замка прайшло маляўнічае традыцыйнае народнае свята "Купалле".

Усіх, хто вырашыў акунуцца ў чароўную і таемную атмасферу Купалля, чакала шмат цікавага: гэта традыцыйна, купальскія карагоды, варожбы, гульні і забавы, пошук міфічнай кветкі папараці, і вядома ж, купальскае вогнішча.

На свяце сваёй творчасцю радавалі лідзян лепшыя выканаўцы Лідскага раёна. Падарункам для ўсіх стала фаер-шоў гурта "Ін-фініці-фаер" з г. Баранавічы і канцэрт прафесійных артыстаў з г. Менска - фольк-медыя гурта "Неруш".

Кульмінацыяй свята стала дыскатэка ў Лідскім замку "Zamok Dance". Тут атрымлівалі асалоду ад купальскай ночы самыя актыўныя і вясёлыя лідзяне. На дыскатэцы прагучалі запальныя рэтра і сучасныя хіты, усіх радавала танцавальнае і музычнае шоў і жывая музыка.

Наш кар.

Дзяржава, якая сама сябе знішчае

Гістарычная праўда жыцця сцвярджае: адбяры ў народа мову - і народа паступова не стане. Менавіта па гэтай прычыне кіраўнікі ў нашай дзяржаве ўзялі курс на знішчэнне нацыянальнай мовы беларусаў. I для гэтага вышэйшая ўлада здрадніцкі прыдумала сумнавядомае двухмоўе.

Стагоддзямі знішчальнага панавання чужынцаў у Беларусі ішло апантанае знішчэнне беларускай мовы. Знакаміты Ядвігін Ш. сказаў: "Мова - гэта кроў народа". I чужаземныя захопнікі і свае трымальнікі вышэйшай ўлады ў краіне вякамі смакталі гэтую кроў беларусаў. Калі чужынцаў яшчэ неяк можна зразумець: яны - захопнікі чужой зямлі, парабаціцелі народа. А рабоў лёгка эксплуатаваць, гнабіць, знішчаць.

Што самае крыўднае дык гэта тое, як гэтае знішчэнне роднай мовы беларусаў вядзецца ў апошнія дзесяткі гадоў, калі Беларусь юрыдычна набыла незалежнасць і стала сувярэннай дзяржавай. Па асноўным законе - Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь - беларуская мова стала дзяржаўнай мовай. Адзінай! Але...

Але па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі, пры маўклівай згодзе чыноўнікаў і народа быў праведзены антынацыянальны рэферэндум, які надаў расійскай мове дзяржаўнасць. I панеслася татальнае знішчэнне нацыянальнай мовы беларусаў. І пацякла ракою кроў народнай мовы, кроў нацыі.

Удумайцеся, людцы добрыя, у словы першага і пакуль адзінага Прэзідэнта, якія ён прамовіў у 1995 годзе ў інтэрв'ю карэспандэнту "Советской Белорусии": "Мне прекрасно известно, как трагически складывались судьбы белорусских просвятителей - песняров, ясно понимаю значение белорусского языка в совершенствованнн нации... Мы пошли по самому демократическому пути, предоставив возможность людям говорить, писать, петь на том языке, который более всего удовлетворяет их самих".

Так і дыхае адсюль падказаным з Расіі цынізмам, шавінізмам, здрадніцтвам. I каб паскорыць знішчэнне беларускай мовы вышэйшая улада дзяржавы расколвае саюз беларускіх пісьменнікаў на два саюзы: "правільны" і "няправільны".

"Правільным" саюзам даручана кіраваць рускамоўнаму генералу, дзе сабраліся лаяльныя творцы з уласнымі амбіцыямі, інтарэсамі, для многіх з якіх, не для ўсіх, нацыянальная культура, мова, літаратура сталі разменнай манетай для вырашэння шкурных выгад. Творчыя людзі здрадзілі нацыі. Яны сталі фактычна забойцамі роднай мовы, забойцамі нацыі. I ўсе яны не могуць, а прасцей сказаць, не хочуць зразумець той жыццёвай ісціны: некалькі стагоддзяў ворагі нацыі беларускай імкнуліся задушыць яе. I не змаглі!

На жаль, у гэты час пакідаюць зямное жыццё лепшыя сыны, таленавітыя, народныя пісьменнікі: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч. Не стала і першых двух старшынь ТБМ імя Ф. Скарыны Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна.

Адступіліся ад нацыянальных інтарэсаў многія навукоўцы, мастакі, кампазітары, спевакі, артысты. I складваецца ўражанне, што на абароне нацыянальнай мовы, культуры, гісторыі стаіць толькі ТБМ.

Боль і трывога, крыўда і роспач прымушаюць усіх нас, каму дарагая наша мова, наша культура, наша нацыя, узняцца на барацьбу супраць тых, хто сёння знішчае і мову, і культуру, і нацыю беларусаў. Хочацца нагадаць мудрыя словы генія беларускай паэзіі, нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы: " На беларускай зямлі было і цяпер ёсць шмат фальшывых прарокаў, шмат ренегацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам... Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыйдуць новыя людзі, новыя прарокі... Дык не згаджайцеся на здраду, а пойдзем далей сваім цярністым, але светлым шляхам"...

Хочацца верыць, што хутка будуць змены і ва ўладных кабінетах, зменяцца адносіны да роднай мовы, да нацыянальнай культуры, да гісторыі нашай Бацькаўшчыны, да нашай дзяржаўнасці.

I час ідзе. I ён пакажа, як перад судом Божым і народным стануць усе ворагі беларушчыны, гандляры, махляры нашай мовай, незалежнасцю і суверэнітэтам, нашай дзяржаўнасцю.

Паэт Генадзь Бураўкін вельмі трапна сказаў:

Перажыла наша родная мова

I Бенкендорфа, і Мураўёва,

Панскія здзекі,

Чэкісцкія чысткі,

Рогат імперскі,

Вырак фашысцкі...

Тых,

Што з мякінаю ў галаве,

Перажыве!..

Дэмакратычныя сілы Беларусі павінны разумець, што змаганне за родную мову - гэта змаганне за нашу свабоду. Менавіта мова, нацыянальная свядомасць змогуць згуртаваць народ, яго духоўныя сілы на барацьбу за незалежнасць нашай дзяржавы.

Трэба ўсведамляць, што нацыя, якая страціла свой нацыянальны гонар, пазбаўляецца будучыні і аўтарытэту ў свеце. Выратаванне роднай мовы - наш маральны і грамадзянскі абавязак. I памятаць: " Жыве мова народа - жыве Беларусь!"

У нашай дзяржаве ідзе моўная дыскрымінацыя. Балгарскі лінгвіст, прафесар С. Джуджаў сказаў: "Моўная дыскрымінацыя старая, як гісторыя цывілізацыі". Сённяшні бядова-гаротны стан беларускай мовы - гэта вынік шматвекавой дыскрымінацыі. I першыя яе праявы адчуліся яшчэ ў XV стагоддзі, калі польскія каралі, якія ў той час з'яўляліся і князямі ВКЛ, не маглі змірыцца з тым, што беларуская мова істотна апераджала польскую. I ўжо ў 1569 годзе Польская Карона схіліла палітычных дзеячоў ВКЛ да аб'яднання на федэратыўнай аснове ў адну дзяржаву - Рэч Паспалітую. I пачалася дыскрымінацыя з боку дзяржавы і нацыянальнай мовы ліцвінаў-беларусаў. Улады Рэчы Паспалітай пачалі хітра і тонка выціскаць беларускую мову з дзяржаўнага, палітычнага, грамадскага і культурнага жыцця.

Як вядома, у 1795 годзе царска-імперская Расія далучыла амаль усю Беларусь. Але нават і кроку не зрабіла для вызвалення з-пад дыскрымінацыйнага моўнага ўціску. I ўжо ў 1867 годзе Расія пайшла на поўную забарону друкаваць любыя літаратурныя творы на беларускай мове. I толькі пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў дзяржаўны дыскрымінальны ўціск над беларускай мовай трохі аслабеў. Але трэба зазначыць, што ніводная нацыя ў Расіі не цярпела такога ўціску, як беларуская. Вось як расійскі прафесар П. Кавалеўскі пісаў: "Мова ў школе, у судзе, у дзяржаўных і дзелавых адносінах у Расійскай дзяржаве павінна быць безумоўна і непахісна расійскай".

А што было з мовай пасля рэвалюцыі 1917 года! Адступаць ад такой палітыкі дзяржаўныя дзеячы не хацелі і пасля таго, як у Беларусі была ўсталявана савецкая ўлада.

А што ж з мовай адбываецца ў сучаснай Беларусі? Ці ёсць моўная дыскрымінацыя ў незалежнай і суверэннай беларускай дзяржаве?

Давайце зірнём на некаторыя лічбы. 1993-1994 навучальны год. У першых беларускамоўных класах навучалася 75,3% дзяцей. А ўжо 1997-1998 навучальным годзе засталося толькі 28,7% . Жах! Але сёняшнія лічбы гавораць яшчэ пра больш жахлівае становішча. А дзяржаўная дакументацыя практычна ўся пераведзена на расійскую мову. Так паслядоўна ідзе знішчэнне беларускай мовы ў дзяржаве. Знішчаецца мова, а разам з ёй знішчаецца нацыя, знішчаецца Беларусь як дзяржава. А гэта значыць, няма мовы народа - няма Беларусі, няма і дзяржавы Беларусь. Выходзіць, што дзяржава знішчае сама сябе. Гэта трагедыя народа, нацыі, краіны, дзяржавы. Спаніць гэтую трагедыю павінны мы самі: народ, нацыя, дзяржава.

Сёння ў краіне ідзе выбарчая кампанія. I важна, каб да ўлады прыйшла нацыянальна арыентаваная асоба. Толькі чалавек з нацыянальнымі, беларускімі генамі, нацыянальнымі інтарэсамі зможа захаваць нацыянальную дзяржаву, захавае свабоду, незалежнасць, суверэнітэт. Людзі, не праспіце спрыяльны час для захавання нацыі, дзяржавы, Беларусі!

Уладзімір Гук, пенсіянер.

Сустрэча з галоўным ідэолагам краіны

У горадзе Магілёве 10 ліпеня 2020 года адбылася сустрэча грамадскасці з намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Кунцэвічам Андрэем Міхайлавічам. У мясцовы "Дом друку" былі запрошаны кіраўнікі грамадскіх арганізацый, якія ўваходзяць у склад Каардынацыйнага савета грамадскіх арганізацый і партый. Я задаў некалькі пытанняў, якія тычацца праблем нацыянальнай культуры.

Пытанне 1. У апошні час вельмі шмат на ўсіх узроўнях кажуць пра важнасць незалежнасці нашай краіны. У гэтым месяцы 27 ліпеня адзначаецца 30 год, як была прынята дэкларацыя аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь Вярхоўным Саветам 12 склікання. Ці плануюцца з гэтай нагоды якія мерапрыемствы ў нашай дзяржаве?

Андрэй Міхайлавіч паведаміў, што з гэтай нагоды мерапрыемствы абавязкова будуць, бо дата сапраўды вельмі істотная.

Пытанне 2. Пра Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах і стан беларускай мовы. Штогод мы з сябрамі наведваем дзяржаўнае свята Дзень беларускага пісьменства. І варта адзначыць, што ў апошні час гэтае свята значна дэградавала: пераважае музычная папса, дужа шмат пачалі прадаваць спіртных напояў, мала запрашаюць вядомых пісьменнікаў і дзеячоў культуры. Зачастую нават новыя шыльды да Дня пісьменства вырабляюць на рускай мове. У чым тады сэнс гэтага свята? У чым яго сутнасць? Прапанаваў перагледзець фармат гэтага мерапрыемства, каб з папсовага гэтае свята ператварылаўся ў элітарнае, на якім можна будзе пазнаёміцца з лепшымі набыткамі беларускай нацыянальнай культуры. Таксама было адзначана, што многія чыноўнікі ў сферы культуры, ідэалогіі і адукацыі не валодаюць дзяржаўнай нацыянальнай беларускай мовай, што парушае нашае заканадаўства.

Андрэй Міхайлавіч часткова пагадзіўся з заўвагамі і папрасіў дасылаць свае канкрэтныя прапановы па Дні пісьменства.

Пытанне 3. Аб катастрафічным стане помнікаў архітэктуры на Магілёўшчыне. У самым цэнтры нашага горада на вуліцы Лазарэнка, развальваецца некалькі дарэвалюцыйных будынкаў. У 1996 годзе на вуліцы Грамадзянскай, 13 знеслі сінагогу 19 стагоддзя. У аварыйным стане ў мястэчку Княжыцы касцёл 18 стагоддзя, які ў любы момант можа абрынуцца. І надалей руйнуецца Быхаўскі замак 17 стагоддзя. І калі мы перад чыноўнікамі ўздымаем гэтыя пытанні, то нам адказваюць, што няма сродкаў. Але сродкі ёсць. Проста яны не эфектыўна трацяцца. Напрыклад, у Магілёве на Плошчы славы нядаўна палажылі гранітную плітку, якую літаральна праз паўгода давялося мяняць. Некаторыя аграгарадкі ў нашай вобласці, якія зусім нядаўна пабудавалі, ужо на палову разваліліся. Зачыняюца новыя школы і дзіцячыя садкі, якія папрацавалі ўсяго 5-6 гадоў. Палова новых жылых будынкаў пустуе і прыходзіць у заняпад, бо пераважная большасць жыхароў - гэта пенсіянеры, і моладзі з кожным годам усё менш. А якія велізарныя сродкі былі выдаткаваны на гэтую інфраструктуру, якая паслужыла народу ўсяго некалькі год?! І хто за гэтае марнатраўства будзе адказываць? А ніхто!

Андрэй Міхайлавіч прапанаваў правесці ў Магілёве асобную сустрэчу па праблемах захавання гістарычнай спадчыны прадстаўнікоў грамадскасці з галоўным архітэктарам горада Магілёва.

У дыскусію таксама ўступіў магілёўскі чыноўнік Анатоль Глаз, які абвінаваціў мяне і ТБМ-цаў у тым, што мы не правялі ніводнага мерапрыемства па добраўпарадкаванні касцёла ў Княжыцах, а толькі займаемся размовамі. На што я адказаў, што мерапрыемствы ладзіліся і паабяцаў у бліжэйшы час у фэйсбуку выставіць нашы фотаздымкі з талакі ў Княжыцах.

Спадзяюся, што плён ад дадзенай сустрэчы будзе, бо Кунцэвіч Андрэй Міхайлавіч - кампетэнтны і сучасны чалавек, які, у адрозненне ад многіх нашых бюракратаў цікавіцца беларускай нацыянальнай культурай.

Вось фота з нашай ТБМ-аўскай талакі 2011 года. Фота Людмілы Папковай, Алесі Баранкевіч і Надзеі Бацілавай

Алег Дзьячкоў. Магілёў. Ліпень 2020 г.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Нам здаецца, на такія адказы студэнтаў паўплывала таксама, як і раней, сістэма юрыдычнай адукацыі. Студэнты добра ведаюць і адчуваюць ва ўсім вучэбна-выхаваўчым працэсе, што самы доўгі тэрмін выканання Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь (10 гадоў) адведзены на тыя артыкулы, дзе ідзе размова аб судовым, арбітражным, натарыяльным справаводстве, г.зн. аб юрыдычнай дзейнасці.

Стваральнікам і носьбітам мовы з'яўляецца народ, нацыя. Але ж мова ў сваю чаргу сама выступае творцам народа. Менавіта праз нацыянальную мову перш за ўсё праяўляецца менталітэт народа, менавіта нацыянальная мова садзейнічае згуртаванню, аб'яднанню людзей у канкрэтна-гістарычныя супольнасці. А як лічаць студэнты? Большасць студэнтаў-беларусаў лічыць, што "мова з'яўляецца асноўным элементам нацыянальнай культуры і яе страта вядзе да збяднення культуры, хаця нацыя і захоўваецца сама па сабе" (38,0%) і што "нацыя і мова нераздзельныя. Страта мовы вядзе да знікнення нацыі" (32,7%). Болынасць жа рэспандэнтаў-рускіх (39,5%) на першае месца паставілі такі ж варыянт адказу, як і студэнты-беларусы, на другое - "мова выконвае падначаленую ролю, таму яе страта не вядзе да знікнення нацыі" (31,6%).

Нам здаецца, на такія адказы рэспандэнтаў па нацыянальнасці "рускія" паўплывалі перш за ўсё тыя абставіны, што даследаванне праводзілася на тэрыторыі Беларусі, і само сабой зразумела, што гаворка ідзе пра нацыянальную мову карэннага насельніцтва - беларусаў, пра дзяржаўную мову, супроць увядзення якой ва ўсе сферы жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь часцей за ўсё выступаюць рускія. Мы перакананы, што значнасць рускай мовы для рускага народа была б ацэнена па самай высокай шкале, калі б такое пытанне было пастаўлена для рэспандэнтаў-рускіх.

На пытанне анкеты "Якія прыкметы з'яўляюцца галоўнымі пры вызначэнні той ці іншай нацыі?" большасць рэспандэнтаў справядліва адказала:

- наяўнасць нацыянальнай самасвядомасці - 49,2%;

- агульная культура - 45,9%;

- агульная гісторыя - 44,6%;

- агульная мова - 36,2%;

- нацыянальная дзяржаўнасць - 29,3%.

Шкада толькі, што праяўленне гэтых прыкмет і якасцей як ва ўсяго беларускага народа, так і ў кожнага грамадзяніна паасобку яшчэ вельмі слабое.

Большасць рэспандэнтаў лічыць, што вядучая роля ў прапагандзе беларускай мовы належыць прэсе - 39,7%, тэлебачанню (39,1%), радыё (30,9%). Але ж слухаюць беларускае радыё штодзённа 34,9% апытаных, не слухаюць - 27,0%. Глядзяць беларускае тэлебачанне штодзённа - 26,1%, некалькі разоў на тыдзень - 52,8%.

Сёння ў моладзі ёсць выбар, што глядзець і каго слухаць. Вынікі анкетнага апытання і асабістыя назіранні дазваляюць сцвярджаць, што ўсяму калектыву Белтэлерадыёкампаніі яшчэ вельмі цяжка спаборнічаць з расійскім радыё і тэлебачаннем. Нашы многія рэспубліканскія журналісцкія кадры не маюць такога высокага ўзроўню прафесіяналізму, нацыянальнай самасвядомасці, патрыятызму, як расійскія журналісты. А без гэтых якасцей у журналістаў нельга гаварыць аб стварэнні нацыянальнага радыё і тэлебачання.

Большасць рэспандэнтаў чытаюць "Народную газету" - 69,1%, "7 дней" - 39,4%, "Советскую Белоруссию" - 22,2%, "Свабоду" - 15,3%, "Родник" - 11,7%. Улічваючы тое, што "Народная газета" выдаецца як на беларускай, так і рускай мовах, можна сцвярджаць, што студэнты-юрысты ў асноўным чытаюць рускамоўную прэсу.

Што ж трэба зрабіць для адраджэння беларускай мовы? Большасць рэспандэнтаў лічыць, што "народ будзе вывучаць і паважаць беларускую мову, калі будзе паважаць сваю дзяржаву, а гэта магчыма толькі тады, калі дзяржава будзе клапаціцца аб кожным сваім грамадзяніне". Студэнты старэйшых курсаў і большасць студэнтаў па нацыянальнасці "рускі" сцвярджаюць, што "нічога не трэба рабіць, гэты працэс павінен ісці натуральным шляхам" (гл. табл. № 2). Дадзеныя табл. № 2 сведчаць, што большасць студэнтаў 1-3 курсаў адказалі, што для адраджэння беларускай мовы "неабходна паступова перавесці ўсё выкладанне і выхаванне ў сярэдняй і вышэйшай сістэме адукацыі на беларускую мову" і, у асноўным, студэнты малодшых курсаў - за беларускую мову, як адзіную дзяржаўную мову. 45,3% рэспандэнтаў сцвярджаюць, што добра ведаюць гісторыю Беларусі, 20,2% не ведаюць ні той, ні другой, 15,6% адказалі, што добра ведаюць і гісторыю, і культуру і 13,4% што добра ведаюць культуру Беларусі. Нам здаецца, студэнты-юрысты крытычна падыйшлі да сваіх ведаў па культуры Беларусі і далі больш-менш правільную адзнаку гэтым ведам. Самымі любімымі сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, рэжысёрамі і акцёрамі называлі часцей за ўсё тых, чые прозвішчы, як гаворыцца, сёння ва ўсіх на слыху. Менавіта В. Быкаў, У. Караткевіч, Я. Колас, Н. Гілевіч, С. Станюта, М. Савіцкі, Г. Макарава. Назіралася таксама ў адказах недакладная назва прозвішчаў таго ці іншага прадстаўніка мастацкай інтэлігенцыі.

Што датычыцца ведаў па гісторыі Беларусі, то, нам здаецца, што лічба 45,3% тых, хто добра ведае гісторыю Беларусі некалькі завышана. I вось чаму. Усяго толькі 23,5% рэспандэнтаў правільна назвалі гістарычны перыяд, з якога можна весці размову аб беларусах, як аб самастойным народзе. Менавіта - з часоў узнікнення Полацкага княства. 23,8% лічаць, што такім гістарычным перыядам з'яўляецца перыяд утварэння Вялікага Княства Літоўскага, а 16,0% сцвярджаюць - што з часоў засялення тэрыторыі Беларусі славянскімі плямёнамі. Свае веды па гісторыі Беларусі студэнты паказалі ў адказах на пытанне анкеты пра вядомых беларускіх асветнікаў і пісьменнікаў перыяду "Залатога веку" Беларусі, і ў адказах на пытанне анкеты аб важнейшых гістарычных падзеях Беларусі ХІ - ХІХ стагоддзяў. Вядомымі асветнікамі і пісьменнікамі Беларусі XVI стагоддзя Беларусі называліся часцей за ўсё Скарына (57,3%), Гусоўскі (38,1%), Будны (18,6%), Е. Полацкая (15,6%), Цяпінскі (8,8%).

Важнейшыя гістарычныя падзеі Беларусі XI-XIX стагоддзяў, на думку рэспандэнтаў, гэта: "утварэнне Вялікага Княства Літоўскага" (26,1%), "узнікненне Рэчы Паспалітай" (22,8%), "Грунвальдская бітва" (12,1%), "статуты ВКЛ" (10,4%).

Наогул, у адказах студэнтаў-юрыстаў назіралася вельмі часта недакладнасць у назве гістарычных падзей і асоб. Значная частка рэспандэнтаў пакідала гэтыя пытанні без адказаў, што, безумоўна, не сведчыць аб добрых ведах гісторыі Беларусі. З якіх крыніц чэрпалі і чэрпаюць свае веды па гісторыі і культуры Беларусі студэнты? Для 58,3% адказаўшых такой крыніцай з'яўляюцца лекцыі і семінары ў ВНУ, для 44,6% - школьныя падручнікі, для 38,8% - беларуская літаратура, для 34,2% - сродкі масавай інфармацыі, для 17,6% - спецыяльная літаратура.

82,7% рэспандэнтаў лічаць, што сёння найбольш актыўна ў адраджэнні беларускай мовы і культуры ўдзельнічаюць пісьменнікі і паэты, 20,2% - што выкладчыкі ВНУ, 19,9% - што тэатральныя дзеячы і 15% - што вучоныя. Сумна, што такі нязначны працэнт (20,2%) адказаўшых лічыць выкладчыкаў актыўнымі ўдзельнікамі нацыянальна-культурнага адраджэння. I зусім невыпадковымі з'яўляюцца ацэнкі студэнтамі ўзроўню ведаў беларускай гісторыі і культуры сваіх выкладчыкаў. 36,8% адказаўшых лічыць, што гэты ўзровень па гісторыі Беларусі сярэдні, 31,3% - што высокі і 11,4% - што нізкі. Веды выкладчыкамі культуры Беларусі ацэнены яшчэ ніжэй. 36,2% рэспандэнтаў сцвярджаюць, што гэты ўзровень сярэдні, 19,9% - што нізкі, 17,3% - што высокі. Невыпадковымі з'яўляюцца таксама адказы студэнтаў на пытанне анкеты "Якія праблемы вас сёння вельмі хвалююць?" Праблемы нацыянальна-культурнага адраджэння сёння амаль не хвалююць студэнтаў (гл. табл. № 3). I гэта заканамерна. Калі няма актыўнасці ў гэтым пытанні ў выкладчыкаў, то не будзе і ў студэнтаў. Найбольш хвалююць сёння студэнтаў наступныя праблемы: нізкі жыццёвы ўзровень большасці насельніцтва рэспублікі, маруднае ажыццяўленне эканамічных рэформ, праблемы экалогіі, рост злачыннасці, жыллёвая праблема. Прычым прыкметна, што жыллёвая праблема больш хвалюе студэнтаў старэйшых курсаў, а праблемы экалогіі - больш студэнтаў малодшых курсаў (гл. табл. № 3).

НАПЯРЭЙМЫ

Сяргей Панізьнік

Не насуперак і наперакор

павучанняў раскат -

кожнаму нападхват

Уводзіны

Дзе думы ў дагодзе, - жыццё ў асалодзе.

Мы - кветкі ў прыродзе:

нам быць толькі ў згодзе.

Пры ўзнёслай выгодзе абняць асяроддзе.

Мацуем суплоддзе ў свабодным народзе.

Днём з агнём…

- Цябе шукалі днём з агнём…

- Я, Вечар, не згубіўся:

у Ночаньку ўлюбіўся.

Сны пачалі туманіцца…

Святлела зноў зарэчча,

і той, хто Днём натхняецца.

- Ты - з Розумам сустрэча,

калі ўсе з Праўдай раяцца,

на крылцах золку бавяцца…

- У смелыя часы

хай нашы галасы

і з недаверам справяцца.

Расце вага…

- Улез у лес. Бярэ туга.

Не прапускае і смуга,

задзірыстая дзераза,

учэпістая лаза…

- А вунь прыволля паласа!

- Збягае па шчацэ сляза…

- Калі Свабоды ты слуга, -

расце вага!

Наканаванне

- Палачане! Мінчане!

Закіпела Маўчанне:

помніць наша яднанне і ўгнездаванне.

А галоўнае - звання ажыло ўжыванне, -

каб Айчына-Каханне

мела не існаванне, а быццё-будаванне.

* * *

Прамаўлялі Случане:

- Беларусь! Ты - прызванне,

нашай Волі світанне!

Шыпшына

Любіў шыпшыну*… Мне ж - апазнаць:

вось шып у шыну, вунь - грэбля-гаць…

Каму красоты і з мёдам соты, -

а мне б дружыну - жыцця спружыну, -

наноў здагнаць Рушэнне, Раць…

Шыпшына - Золь… Гучы, пароль:

- О, Беларусь, мая шыпшына,

у ветры дзікім не загінеш!

Знікае боль.

* Уладзімір Дубоўка, аўтар верша пра шыпшыну, па справе "Саюза вызвалення Беларусі" быў арыштаваны ў 1930 г.; меў пакаранні ў 1937 і 1949 гадах.

Крывіцкая крыца

І пад грознымі перунамі

Беларусь была з намі.

Прашу, мой ліцвін, не крычы:

па-праўдзе мы ж усе - крывічы.

Балткрэвамі завуць суседзі.

Мы - сваямі сваякі на вякі.

Вось і ўзведзена Крэва - сталіца,

дзе на сваю сваю - стрыжань Крывіі -

і ліцвін-беларус узлез.

… О! Лівень лье! Пад навес!

Там - нявінніца-таямніца:

Пад плашчаніцаю Беларусь:

К р ы в і ц к а я Кр ы ц а.

Крывія - беларуская гістарычная вобласць, размешчаная ў верхнім і сярэднім цячэнні Заходняй Дзвіны, а таксама ў вярхоўях Дняпра і Волгі. Крэва - гарадок ля Смаргоні з замкам пач. ХІV ст., тунэлямі да Вільні, камянямі-абярэгамі.

Горкая памяць Нясвіжчыны

Певень крычаў і двойчы, і тройчы,

На золаку вёску будзіць пачаў.

Крычаў, на абпаленым плоце стоячы,

Крыламі лопаў і крычаў.

Ён вёску будзіў, галасіў адчайна,

Пакуль не здзічэў, пакуль не знямеў.

А вёска маўчала, вёска маўчала.

Яна ўжо не чула той ранішні спеў.

(А. Вярцінскі.

"Балада пра спаленую вёску".)

Радкамі балады Анатоля Вярцінскага як у мінулым годзе, так і сёлета распачалася 7 ліпеня сустрэча ля помніка спаленай вёсцы Агароднікі на Нясвіжчыне. Сябры раённай арганізацыі ТБМ зладзілі яе дзеля памяці (яшчэ жывуць сведкі тых жахлівых падзей) і дзеля дабрачыннасці (кожная мемарыяльная мясціна патрабуе сталага грамадскага догляду).

Ірына Рыгораўна Шумейка з тых, хто перажыў купальскую ноч 1944 года. Убачанае тады, дванаццацігадовай дзяўчынкай, стаіць у вачах і цяпер, памятаецца да драбніц, хвалюе і трывожыць дасёння.

- Зямлю і неба раз-пораз скаланалі разрывы авіябомбаў, - распавядае яна.- Кулямётныя чэргі з самалётаў праціналі людзей. Загарэліся хаты. Шугалі полымем хлявы і гумны: у іх ужо быў звезены першы ўкос канюшыны і сена. Канала ў агні жывёла.

На раніцу з паўсотні вясковых хат ацалела толькі восем. Загінула чатырнаццаць аднавяскоўцаў, сярод іх чацвёра дзяцей, - сведчыць пра сумныя падлікі Ірына Рыгораўна.

Праз два дні пасля трагедыі мужчыны-вяскоўцы зрабілі ды ўсталявалі два крыжы: адзін тут, дзе зараз помнік, другі - на ўсходняй ускраіне няшчаснай вёскі.

Сёлета, на жаль не прыйшоў да помніка Аркадзь Аляксандравіч Язэпчык, які перажыў трагедыю дзесяцігадовым хлапчуком. Хата, у якой ён гадаваўся, згарэла падчас налёту. Але пасля вайны на папялішчы, акурат на ранейшым месцы, пабудавалі новую. Так і жыў тут Аркадзь Аляксандравіч, выгадаваў дзяцей, унукаў. Расказаць пра тую ліпеньскую ноч лічыў за свой святы абавязак, хоць успаміны моцна яго ўзрушалі, нібы перажываў усё наноў, балюча вярэдзілі неспакойнае сэрца. Цяпер маладзейшыя панясуць далей яго горкую памяць.

Сябры ТБМ маюць намер штогод збіраць на Святога Яна ля помніка спаленай вёсцы новых і новых слухачоў-валанцёраў.

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

"Звярталіся грамадзяне"

Як беларусізуюць квіткі грамадскага транспарту

Шмат у якіх гарадах у продажы з'явіліся беларускамоўныя квіткі на грамадскі транспарт. Карыстальнікі сацыяльных сетак паспелі размясціць на сваіх старонках фатаздымкі новых талонаў ды суправадзіць іх пазітыўнымі допісамі.

Гісторыя беларусізацыі квіткоў. Сцісла

Чарговую кампанію беларусізацыі квіткоў грамадскага транспарту распачалі год таму прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы "Умовы для мовы" Аліна Нагорная і Ігар Случак у межах акцыі "Беларускім месцам - квіткі па-беларуску". Першыя запыты яны зрабілі ў Міністэрства транспарту, а потым пераключыліся на абласных перавозчыкаў.

Пазітыўна на прапанову адрэагавалі ў Берасцейскай, Гомельскай ды Магілёўскай абласцях. У некаторых райцэнтрах рэакцыя была насцярожаная. Цяпер ініцыятары беларусізацыі квіткоў зацікаўлены, каб да працэсу далучыліся шырэйшыя колы грамадзян. Пакуль вынікамі сваіх дзеянняў яны задаволеныя.

У аб'яднанні "Магілёўабл-аўтатранс" запэўніваюць: беларуская мова для мясцовага грамадскага транспарту - не навіна. У аўтобусах ды тралейбусах даўно абвяшчаюць прыпынкі па-беларуску ды прадаюць беларускамоўныя праязныя. Цяпер, каб дасягнуць "аднастайнасці", выдрукавалі на беларускай мове і квіткі на адну паездку. Яны з'явіліся ў продажы на пачатку ліпеня.

- Пагатоў, пачалі звяртацца з такімі прапановамі і грамадзяне, - кажа намеснік генеральнага дырэктара аб'яднання Мікалай Антусаў. Ён дапускае, што знойдуцца пасажыры, незадаволеныя беларусізацыяй квіткоў.

- Такім будзем па-людску тлумачыць сітуацыю, - кажа суразмоўца, - але, мяркую, гэта не настолькі прынцыповае пытанне, якое будзе перашкаджаць жыць. Таму знойдзем паразуменне.

Мясцовыя знаўцы мовы заўважылі памылку ў тэксце на квітку. Мікалай Антусаў дзякуе за гэта і запэўнівае, што яе выправяць у наступнай партыі. Не выключае ён і таго, што па-працуюць у аб'яднанні яшчэ і над дызайнам талона.

- Пастараемся напоўніць яго магілёўскім характарам, каб стаў прывабнейшы і каб яго маглі пакінуць на памяць госці горада, - кажа суразмоўца.

Па ягоных словах, цяперашні выгляд квітка прапанавала друкарня, а "Магілёўабл-аўтатрансу" было важна, каб талон ды тэкст на ім адпавядалі правілам аўтамабільных перавозак, а таксама былі практычныя і чытэльныя.

Мікалай Антусаў не сказаў, у якую суму абышоўся выдрук беларускамоўных квіткоў. Запэўнівае, аднак, што на цане праезду гэта не адаб'ецца, бо расходы ўнутрыгаспадарчыя. З ягоных слоў вынікае, што новымі квіткамі будуць замяняць старыя расейскамоўныя па меры іх сканчэння.

- Замаўлялі друк беларускіх квіткоў невялікімі партыямі, каб спраўдзіць, як іх успрымуць пасажыры, - тлумачыць ён. - У свой час расейскамоўных шмат зрабілі, а потым выяўляліся хібы. Але забракаваць жа іх не маглі, таму ў абароце былі, пакуль не распрадалі. У новых якасць паперы лепшая, дый адрываюцца лепей.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім усцешана пашырэннем беларускай мовы ў сферы транспарту ды вяртаннем яе ў актыўны ўжытак. Што да памылак, то яны, паводле яе, - вынік замалой практыкі ўжывання мовы.

- Вядома ж, такіх памылак можна пазбегчы, калі б звярталіся да адпаведных прафесійных устаноў ці асобаў, напрыклад, настаўнікаў беларускай мовы, - кажа Алена Анісім і нагадвае:

- У нас жа ёсць Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, дзе таксама маглі б дапамагчы, як гэта цяпер робіцца з перакладам кодэксаў на беларускую мову ў сферы заканадаўства.

Гэтая публікацыя падрыхтавана "Радыё Свабода" з выкарыстаннем інфармацыі Бела-ПАН.

Германія прапанавала ЕС увесці санкцыі супраць Расеі за кібератакі

Навіны Германіі

Урад Германіі прапанаваў краінам-удзельніцам ЕС супольна ўвесці санкцыі супраць Расеі за маштабную кібератаку на нямецкі бундэстаг пяць гадоў таму. Калі краіны ЕС прымуць прапанову Германіі, гэта стане першым выпадкам ужыцця санкцыйнага рэжыму ЕС за кібератакі.

Аднак рашэнне ў гэтым пытанні пакуль не прынята, паведаміла 12 ліпеня агенцтва DPA са спасылкай на копію афіцыйнага адказу ўрада на так званы малы запыт фракцыі Левай партыі ў парламенце Германіі.

Урад Германіі мяркуе, што да кібератакі на бундэстаг датычна расейская вайсковая выведная служба ГРУ. Федэральная пракуратура Германіі 5 траўня выдала ордэр на арышт грамадзяніна РФ Дзмітрыя Бадзіна, які "ў якасці чальца хакерскай групы АРТ28 меркавана кіраваў кібератакай на нямецкі бундэстаг у красавіку-траўні 2015 года".

Калі краіны ЕС прымуць прапанову Германіі, гэта стане першым выпадкам ужыцця санкцыйнага рэжыму ЕС за кібератакі - заканадаўства, прынятага яшчэ ў 2017 годзе. У афіцыйным адказе на запыт фракцыі Левай партыі гаворыцца, што "федэральны ўрад абгрунтаваў прапанову аб увядзенні санкцый у рамках ЕС матэрыяламі, атрыманымі як ад выведных службаў, гэтак і з агульнадаступных крыніц".

У Міёрах з'явіўся мурал-квэст у выглядзе дывана-маляванкі

Дыван-маляванка цяпер упрыгожвае сцяну будынка ў Мёрах (Міёрах) на вуліцы Дзяржынскага, 18. На мурале, які выканаў вядомы стрыт-артар Алесь Kontra на замову грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ), адлюстраваны славутасці і адметнасці раёна.

- Паколькі Язэп Драздовіч з гэтых краёў і традыцыя маляванак там даволі распаўсюджаная, то я прапанаваў зрабіць у Міёрах мурал менавіта ў выглядзе стылізаванага дывана-маляванкі, - расказвае Алесь. - На ім выяўлены 10 славутасцяў Міёрскага раёна - напрыклад, вадаспад у Вяце і каменная званіца ў Навалоцы. Пра ўсе расказваць не буду, каб было цікавей адгадаць самім. На мурале можна пабачыць жураўлёў, лебедзяў, журавіны на арнаменце - гэта таксама адметнасці і своеасаблівыя мясцовыя сімвалы. Спачатку жыхары паставіліся да мурала з асцярогай, а потым, калі я скончыў працу, пайшлі выключна пазітыўныя водгукі. Многія падыходзілі і спрабавалі адгадаць, якія помнікі з якіх населеных пунктаў намаляваны. Адзін хлопец ехаў міма і здалёк убачыў мурал, сказаў, што адразу пазнаў помнікі з Лявон-паля і потым яшчэ раз пад'язджаў.

АПБ запрашае ўсіх зацікаўленых прайсці квэст і знайсці ўсе славутасці Міёршчыны, выяўленыя на мурале, а потым іх наведаць, каб палюбавацца ўжывую!

НЧ.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АНАТОЛЯ АЛЕКСАНДРОВІЧА (7.01.1953 - 26.05.2017)

На беразе лясное азярыны

Стаіць замшэлы човен у траве,

А ў чоўне адзінокая рабіна,

Якая праз хвіліну паплыве,

Бо дачакалася цябе вясною.

І ты прыйшоў самотны і прынёс,

Як ветразь чорны, парасон з сабою,

Не ад дажджу хавацца, а ад слёз.

І ты прынёс паперу і алоўкі,

Каб маляваць і думаць пра жыццё

Вось так, як радасна пяюць салоўкі,

Забыўшыся, што побач небыццё,

Як і трава, дзе кветкі над травою,

І пчолы, што людзям збіраюць мёд.

Нам сонца па-над вежаю старою

Малюеш, каб свяціла сотні год

Для нас, для берага той азярыны,

Дзе абнавіўся човен у траве,

Бо дачакалася цябе рабіна,

Каб разам плыць па вечнай сіняве….

12.01.2019 г.

БАЛАДА ВАЛЕРЫ МАСЛЮКА (30.03.1953 - 26.08.2001)

На сцэне пустой

зноў рыпяць тут масціцы,

Як сосны старыя начамі рыпяць

Па-над інсургентам, якому не спіцца,

Якому нічога няма ўжо губляць

У гэтай вялікай і злоснай краіне,

Дзе сонца за кратамі, косьці ў траве,

Дзе родная мова знішчаецца, гіне

І, як інсургент, у самоце жыве.

І ты тут самотны прад сцэнай сваёю

Стаіш, нібы свечка, у зале пустой.

Што трэба людзям? Каб пляваўся крывёю

На сцэне няшчасны прыгожы герой

Ці жарты дурныя? Адказу не маеш,

Але сам прыходзіць праўдзівы адказ -

На мове матулінай вершы ствараеш

І ў вершах жыве наша мова і час,

Дзе мы беларусы - не ціхія людзі,

А мы - еўрапейскі вялікі народ,

Які аніколі ўжо болей не будзе

Бяздольным,

дурным і сляпым, нібы крот…

Ізноўку на сцэне рыпяць тут масціцы,

Як сосны старыя начамі рыпяць

Над сумным паэтам, якому не спіцца,

Якому тут ёсць, што любіць і губляць…

19.07.2011 г.

БАЛАДА ВАСІЛЯ САХАРЧУКА (10.07.1953 - 27.01.2003)

Цябе няма, але ты ёсць - адсутны

На час, які ўжо знаеш толькі ты.

Цяпер ты пэўны: ісціна і сутнасць -

Як у віне, у свеце нематы,

З якога не вяртаюцца дадому,

Каб расказаць, дзе быў і што рабіў,

Каб зразумелым стала тут любому,

Што ты жыццё, не больш віна, любіў…

Цябе няма, як нас няма ў тым свеце,

Якога мы не ведаем яшчэ.

Ты светам стаў, які самотна свеціць

У ціхае слязіне на шчацэ

У той адной, што сёння зразумела -

Цябе няма і ўжо не будзе тут,

Дзе пад крыжом тваё, як кокан, цела

Ляжыць, не помнячы зямных пакут,

З якіх душа ляпілася, як з гліны

Небачнае небачны той сасуд,

З якога п'е жыццё і сэнс Айчына

І кожнаму дае для шчасця кут…

Цябе няма, і хутка нас не будзе

На час, якога мы не знаем тут.

Не будзе нас, нібы віна ў сасудзе,

І будзем свет, як без віна сасуд…

30.05 - 1.06.2003 г.

БАЛАДА АЛЕГА АБЛАЖЭЯ (6.05.1954 - 18.05.2016)

Вільня развіталася з табою.

Ты вярнуўся ў вёску назаўжды

На старыя продкавы клады,

Каб на белы свет глядзець травою

І шаптаць адвечнае: "Люблю", -

Небу, што над роднаю зямлёю

І людзям, што крэўную зямлю

Моўчкі любяць, бо інакш не ўмеюць,

Як і ты не ўмеў інакш любіць

Белую садовую завею,

Дзе пчала, нібы анёл, ляціць,

Каб у кожнай беларускай кветцы

Беларусь спрадвечная жыла,

Як жыла ў тваім вялікім сэрцы

І тваёй малітваю была

У малюнку кожным, як і ў словах,

Што табою сказаны былі.

Ты цяпер стаў нашаю аховай,

Каб яшчэ мы ў свеце пажылі

І зрабілі болей, чым хацелі

Для зямлі, якою станем мы.

Ты вярнуўся з Вільні і зляцелі

Птушкі з гнёздаў, ціхі спеў сурмы

Праз туман паплыў па сенажаці,

Па якой ты вандраваць любіў.

І цябе сівога стрэла маці,

Запытала: "Дзе ж, сынок, хадзіў?"

5.06.2016 г.

БАЛАДА АЛЕСЯ АСТАШОНКА (1.06.1954 - 6.09.2004)

Учора - бяздоннае мора,

Куды адплываем штохвілі.

І нельга вярнуцца з Учора,

Калі човен твой разбурылі,

Спалілі ў самотнай далечы.

Твой попел прынеслі дамоў,

Нібыта сказалі, што вечны

Адзін толькі попел. Любоў -

Віно, і яно ў час вясёлы

І п'ецца, і льецца ракой,

І круцяцца жорны і колы,

Ды словы, як лісце зімой,

Звіняць на вятры адзінока

Пад небам, нібыта пад шклом,

Дзе месяц, як д'яблава вока,

Гарыць спакушальным агнём

Вярнуцца хоць попелам стылым,

Хоць снегам, што ўноч на дамы

Зляціць з-пад аблок белакрыла,

Каб раптам успомнілі мы,

Што Ўчора - бяздоннае мора,

Куды адплываем штохвілі,

І нельга вярнуць нам з Учора

Нічога, што ўчора любілі.

14-15.09.2004 г.

БАЛАДА КАСТУСЯ ШАРАНГОВІЧА (26.02.1956 - 29.08.2014)

Ты ідзеш па вадзе,

на якой трапяткая сцяжына

Аж да жнівеньскай поўні,

якая над Нараччу свеціць.

За табой застаецца,

як хаты падмурак, карціна,

Што ты век маляваў,

ды ўсе фарбы пазмешаваў вецер,

Вецер чорны, які забірае з сабой,

каго зловіць.

І цябе ён дагнаў… Тут,

на беразе Нарачы мілай,

Ты шаптаў і пісаў на пяску тыя словы,

Што ля сэрца насіў,

як матуля цябе тут насіла.

І алоўкі твае пагубляліся ў травах азёрных,

І зрабіліся рыбамі ў хвалях,

што біліся ў бераг,

Па якім ты няспешна ішоў малады,

непакорны

І плылі прад табой рыбакі на чаўнах,

як галерах.

І шумелі-спявалі высокія светлыя сосны,

Што трымалі нябёсы

і будуць трымаць над зямлёю,

Пад якімі апошні свой год,

як агонь невыносны,

Ты пражыў, як хацеў,

і адзін з незямной цішынёю

Ты пайшоў па вадзе,

на якой трапяткая сцяжына

Аж да жнівеньскай поўні,

якая над Нараччу свеціць.

За табой засталася,

як Храм на пагорку, Айчына,

Што карцінаю будзе й тваёй

і не згубіцца ў свеце.

3.02.2019 г.

(Працяг у наступным нумары.)

МАСАВАЯ МІГРАЦЫЯ РУСКІХ У ЛІТВУ І БЕЛАРУСЬ У ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XVIII СТАГОДДЗЯ ЯК ФОРМА КЛАСАВАЙ БАРАЦЬБЫ СУПРАЦЬ УЗМАЦНЕННЯ ПРЫГОННІЦКАГА ПРЫГНЁТУ (ПА АПУБЛІКАВАНЫХ РУСКІХ КРЫНІЦАХ)

В. Грыцкевіч

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Так было, напрыклад, па сведчанні В. І. Мялешкі, у Крычаўскім старостве, куды палёгкі прыцягвалі сялян з-за рускай мяжы. Гэтыя палёгкі садзейнічалі аднаўленню разбуранай у гады Паўночнай вайны гаспадаркі староства.

Магнаты і шляхта, якія мелі патрэбу ў працоўных руках пераваблівалі рускіх сялян, пасяляючы іх, як пісаў буржуазны гісторык П.Н. Жуковіч, на "палёгкавых участках зямлі, якія можна было ўзяць на асобна дамоўленых умовах". Сяляне-велікарусы ва ўсход-небеларускіх маёнтках у тых выпадках, калі іх паходжанне ў інвентарах прама паказана ("маскалі"), апынаюцца на зямлі кунічнай ці вольнай.

Пры гэтым беларуская шляхта кіравалася тэндэнцыяй абаюднага імкнення абшарніка і селяніна да ўмацавання сялянскай гаспадаркі для атрымання большага прыбытку ад яго. Пра гэтую тэндэнцыю піша А. Н. Сахараў: "Несумнеўна, што гэтая лінія на кожным асобным адрэзку шляху вызначалася не толькі суб'ектыўнымі дзеяннямі феадала ці селяніна, але ў першую чаргу аб'ектыўнымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі развіцця іх гаспадаркі. Гэтыя ўмовы дыктавалі таксама ступень і формы эксплуатацыі ў кожным асобным выпадку".

Я. Н. Мараш і П. Г. Казлоўскі падкрэсліваюць, што беларускія і літоўскія феадалы ў XVIII ст. не маглі істотна змяншаць і без таго нізкі жыццёвы ўзровень сялян і былі змушаны ў інтарэсах захавання эксплуатацыі даваць ім як збяднелым часовыя палёгкі.

Аналагічныя палёгкі надаваліся і рускім навасёлам у краі. За рускімі пасяленцамі ў Беларусі і Літве магла захоўвацца "магчымасць пэўнага эканамічнага развіцця" сялянскай гаспадаркі, магчымасць для непасрэднага вытворцы "паляпшаць сваё становішча, узбагачацца".

Ёсць падставы меркаваць, што масавыя ўцёкі сялян з Расіі ў Беларусь і Літву тлумачыліся палёгкамі, якія, няхай нават на першую пару, надаваліся перасяленцам у Літве і Беларусі.

Пра гэтыя палёгкі добра зналі ў Расіі не толькі сяляне, але і дваране. Так, на паседжанні кабінета напачатку 1735 г. М. Г. Галоўкін заявіў пра тое, што ў сенаце стала вядома пра наступную практыку "многіх шляхціцаў" літоўскіх, беларускіх і "інфлянцкіх" памежных паветаў. Гэтыя дваране, па сведчанні М. Г. Галоўкіна, "у сваіх землях публікуюць з барабанным боем, каб рускія ішлі да іх у падданства, і абяцаюць ім шматлікія палягчэнні, таксама і ў рускія гарады пасылаюць шпіёнаў і падгаворваюць многіх да сябе, асабліва са Смаленскай губерні, якая за хлебным недародам многіх гадоў прыйшла ў вялікую беднасць і спусташэнне, бачачы іх ласкавае прывітанне мноствам ідуць за мяжу і селяцца, атрымліваючы палёгкі на вялікі лік гадоў".

У тым жа годзе смаленскі губернатар А. Б. Бутурлін дакладваў начальству, што "сялянства ад польскіх абывацеляў так прынаджана і прыласкана слабасцю і вольнасцю, што мужык, які і вернецца, і той ужо ніякай работы лішняй перад тамтэйшай панесці не можа і ўсяляк вышуквае, як бы зноў сысці".

М. Г. Галоўкін лаканічна выказаў погляды больш дальнабачных прыгоннікаў на прычыны ўцёкаў: "Дзе зямля хоць і ўрадлівая, а сялянства ў добрай ахове не будзе, там і добрая зямля не ўтрымае, уцякаюць туды, дзе б хоць некаторы час маглі пажыць у спакоі".

Таму ён прапанаваў: "Па мяжы размешчаныя месцы перад іншымі трэба палегчыць у падушным акладзе, каб жыхары іх не мелі ахвоты ўцякаць за мяжу. З чалабітных смаленскай шляхты можна бачыць, у якім кепскім стане гэтая губерня цяпер знаходзіцца, асабліва, калі на мінулы, 1734 год кіравалі (збіралі падаткі - В. Г.) раптам за абедзве паловы года і таму амаль усіх у Польшчу разагналі".

Па меркаванні П. К. Алефірэнкі, спрыяць вяртанню ўцекачоў, у Расію мог толькі дазвол урада стаць ім дзяржаўнымі, а не абшарніцкімі сялянамі. Сяляне Веткаўскіх слабод згаджаліся вярнуцца на радзіму толькі ў тым выпадку, калі іх паселяць у адной са слабод Старадубскага ці Чарнігаўскага палкоў. Чалабітчык "ад расійскіх людзей, якія жывуць у Польшчы", падкрэсліваў, што тыя пагодзяцца вярнуцца, калі б "асаблівае месца ім для пасялення адведзена было" (1749).

Улічваючы гэта, А. Б. Бутурлін прапанаваў з уцекачоў, якія вярталіся з-за мяжы браць падаткі "з памяншэннем, менавіта, колькі ў Польшчы бяруць. Убачыўшы гэта, многія і не падумаюць уцякаць, і ўцёкшыя з радасцю вернуцца, нават прыродныя палякі многія пераселяцца ў Расію".

Варта падкрэсліць, што класавая барацьба сялян гэтага рэгіёна не абмяжоўвалася ўцёкамі жыхароў паўночна-заходняй Расіі. Тут час ад часу ўспыхвалі паўстанні. Так, улетку 1708 г., падчас паўстання Булавіна, са Смаленскага і Вяземскага паветаў назіраўся масавы сыход узброеных сялян на раку Іпуць у новазбудаваную слабаду, прычым сяляне вялі баі з царскімі салдатамі. Праз 14 гадоў па абодва бакі мяжы Смаленскай правінцыі і Мсціслаўскага ваяводства "ватагі" атамана В. Зайца, якія складаліся са збеглых рэкрутаў і салдат, грамілі маёнткі і беларускіх, і рускіх дваран. У Вялейской вотчыне (на Пскоўшчыне) графіні А. Бястужавай у 1744 г. сяляне абралі новага аканома і стралялі ў салдат, якія прыбыткі для іх усмірэння.

Вядомыя і сумесныя дзеянні рускіх, літоўскіх і беларускіх сялян супраць феадалаў Літвы і Беларусі (напрыклад, у Полацкім ваяводстве ў канцы другога дзесяцігоддзя XVIII ст., у Крычаўскім старастве, куды ў 1741 г. на дапамогу мясцовым паўстанцам прыходзілі людзі з суседніх раёнаў Расіі).

Тым не менш, уцёкі рускіх сялян у Літву, Беларусь, з таксама ў "Польскія Інфлянты" ў пэўных умовах першай паловы XVIII ст. уяўляла сабою асноўную форму масавага пратэсту супраць узмацнення феадальнага прыгнёту: сяляне "галасавалі нагамі" за хоць бы адносна меншую ў тых умовах ступень іх эксплуатацыі. С. М. Салаўёў тлумачыў перавагу ўцёкаў над паўстаннямі ў гэтай частцы Расіі наступным чынам: "На ўсходзе бунтавалі заводскія сяляне; на захаде, дзе бунтаваць было нельга, таму што ўрадавыя сродкі да ўтаймавання мецяжу былі напагатове, на захадзе сяляне ўцякалі за мяжу".

Масавыя ўцёкі рускіх сялян і гараджан за мяжу Расіі з Рэччу Паспалітай былі адной з формаў іх барацьбы супраць узмацнелага прыгонніцкага прыгнёту. У гэтым стыхійным і неарганізаваным пратэсце з усёй відавочнасцю праяўлялася тая цалкам пэўная класавая мэта, якую ставілі перад сабой не толькі рускія бедныя сяляне і нізы гарадскога насельніцтва, але і заможныя сяляне і гараджане - збавенне ад узмацнення прыгонніцкай эксплуатацыі і абцяжарвання магчымасцяў для іх гаспадарчай дзейнасці як дробных вытворцаў.

Можна выказаць здагадку пры гэтым, што блізкасць мовы, побыту, рэлігіі рускіх і беларусаў узмацнялі як асяданне часткі ўцекачоў у стараверскіх слабодах Беларусі, так і рассяленне праваслаўных афіцыйнага толку сярод беларускага насельніцтва, пра што маюцца асобныя ўпамінанні ў інвентарах беларускіх мястэчкаў і маёнткаў. Так, у мястэчку Усвят у 1713 г. сярод мясцовага насельніцтва жыў "Івашка Маскаль".

Пра значэнне такіх уцекачоў, як магчымага "ферментацыйнага" матэрыялу для сялянскіх, хваляванняў у Літве і Беларусі можна толькі здагадвацца з-за адсутнасці адпаведных дадзеныных. Нам падобная здагадка ўяўляецца не пазбаўленай падстаў, хоць яна і патрабуе пацверджання фактамі.

Пры разглядзе матэрыялаў пра масавыя ўцёкі сялян з Расіі ў Літву і Беларусь нельга не адзначыць, што крыніцы, якія адлюстроўваюць гэты працэс у першай палове ХVIII ст., зыходзяць пераважна ад вышэйшых урадавых органаў, у меншай ступені - ад губернатараў і ў яшчэ меншай - ад абшарнікаў, якія адчулі непасрэдную шкоду ад гэтых уцёкаў. Такім чынам, згаданыя крыніцы адлюстроўваюць толькі частку інфармацыі пра ўцёкі, якая дасягала больш высокія інстанцыі бюракратычнага апарата краіны. Больш шырокае кола крыніц, якое ўключае дэпутацкія наказы дваран у камісію па новым укладанні, дыпламатычную перапіску, статыстычныя матэрыялы і асобныя дакументы, што адлюстроўваюць псіхалогію ўцекачоў, дае больш поўнае ўяўленне пра далейшае развіццё і асаблівасці развіцця гэтай масавай з'явы да другой паловы XVIII ст., чаму прысвечана наступнае наша паведамленне.

Ленінград. Уручана ў верасні 1982 г.

Свята паэзіі ў Дзятлаве

Каля сцен Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея адбылося паэтычнае свята "Славім Дзятлаўшчыну словам і справай". Арганізавалі мерапрыемства супрацоўнікі музея, Дзятлаўская раённая арганізацыя ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Зробім лепш-2020". Свята паэзіі было прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння Ігната Дварчаніна і 80-годдзю Дзятлаўскага раёна. Адкрыла і вяла свята паэзіі супрацоўніца музея, краязнавец і паэтка Алена Абрамчык, якая адзначыла, што сёння Дзятлава будзе слухаць паэтычныя радкі на роднай мове. Сцэнай служыў ганак музея, скуль гучалі вершы не толькі беларускіх класікаў, але і мясцовых паэтаў - сяброў дзятлаўскага літаратурнага аб'яднання "Пралескі". Вершы чыталі па чарзе: і школьнікі, і дарослыя. Дарэчы, дзеці атрымалі за гэта падарункі і салодкія пачастункі. А дарослыя - шчырыя словы падзякі. Да свята паэзіі перад музеем была арганізавана выстава партрэтаў славутых людзей Дзятлаўшчыны мастака Міколы Несцярэўскага.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.

Пераклады

Наступствы для марыянаў у Друі

Хуткі тэмп грамадскага жыцця ўжо прыглушыў памяць пра пераслед марыянаў у Друі, але пераслед гэты цягнуўся ўсю вясну і лета (артыкул надрукаваны ў кастрычніку 1938 г. - Л. Л.) Ціск меў месца за іх адважнае, публічнае прызнанне сваёй прыналежнасці да беларускасці. Падрахуем усё тое, чаму мы былі сведкамі ў апошнія месяцы і ролю розных чыннікаў у справе марыянскага кляштара ў Друі.

Адносіны духоўнай улады да падзей у Друі.

Падзеі вакол марыянаў у Друі, апрача іншых, папярэдніх і пазнейшых спраў, яшчэ раз пацвердзілі, як недастаткова арыентуецца ў нашых справах сучасны Апостальскі нунцый, які тым не менш мае найлепшыя інтэнцыі. Але цяжка чакаць ад яго чагосьці іншага. Папярэдні нунцый, кардынал Мармагі, бадай што ўсю сваю дыпламатычную службу да Варшавы, правёў у Празе і Бялградзе, дзе, як вядома, здаўна існавалі і існуюць нацыянальныя (рэлігійныя, абрадавыя, моўныя) праблемы, якія чакаюць належанага вырашэння. Дыпламатычная праца сучаснага нунцыя прайшла ў Паўднёвай Амерыцы і ў Мадрыдзе - у экзатычных для нас месцах, праблемы якіх не маюць ніякага дачынення да нашага жыцця. Калі ж казаць пра стаўленне апарата віленскага арцыбіскупа да марыянаў у Друі, дык для ўсіх друйскіх парафіян, якія так ці інакш маюць адносіны да кляштара, яны былі абсалютна зразумелымі - гэтыя нядобразычлівыя адносіны. А калі так паводзілі сябе вярхі, дык што казаць пра канцлера, сакратара Каталіцкай акцыі ці аб мёрскіх дэканах?

Акцыя каноніка Бародзіча.

Ужо шмат гадоў Вентымільскі ганаровы канонік Юзаф Бародзіч штогод кожную вясну пакідае свой палац у Сан-Рэма і як найхутчэй едзе на сваім люксусовым лімузіне "з зямлі італьянскай у Польшчу" (радок з польскага гімну: "z ziemi włoskiej do Polski " - Л. Л.) Патрапіўшы сюды, не шукае цёплых Залішчыкаў (зараз горад у Цярнопальскай вобласці Украіны - Л. Л.), але "ахвярна" рухаецца ў самы паўночны куток, дзе ў той час у лясах яшчэ ляжыць снег. У гэтых дрэнных для яго здароўя ўмовах, на небяспечных для яго аўтамабіля дарогах, сярод паўдзікіх людзей з нацыянальнай меншасці, гатовых яго нават штурхнуць (як гэта было некалькі гадоў таму падчас адпустаў у дзень св. Антонія ў друйскім кляштары марыянаў) і гэтым спакусіцца на яго каштоўнае жыццё. Тут ён да позняй восені гераічна місіянерствуе на славу эндэкаў (польская партыя нацыянальных дэмакратаў - Л. Л.) і лацінізму. Але восенню, разам з апошнімі птушкамі з'язджае ў край, "дзе цвітуць апельсіны".

Лета 1938 г., верагодна, было самым прыгожым у жыцці каноніка Бародзіча які ўжо столькі бачыў і не раз быў "на возе і пад возам" ("На возе і пад возам" - назва аўтабіяграфічнай кнігі кс. Бародзіча - Л. Л.), пад забаронай і зноў у фаворы. Гэтым летам, у сярэдзіне чэрвеня, у Друі ён перажыў хвіліну, якую даўно нецярпліва чакаў і якая была для яго платай за ўсе высілкі, старанні і нявыгоды ягонага апостальска-місіянерскага жыцця, бо мінула яму ўжо семдзесят гадоў. Гэта была хвіліна, калі, пасля высялення марыянаў з Друі поўны радасці, ён усклікнуў, звяртаючыся да мясцовых людзей: " Zwyciężyłem Moskali!" (Я перамог маскалёў - Л. Л.). Toe, што неўзабаве яму давялося крыху пахвалявацца за свае косці і за люстраныя шыбы аўтамабіля, бо пагражаў яму стромы ў гэтым месцы бераг Дзвіны, мусіць, не парушыла радасці гэтага гульца і рызыканта ў жыцці і ў рулетцы. Але і сапраўды - каго можа зараз баяцца гэты мільянер, капіталіст, уладальнік палацаў і вілаў, сябар арцыбіскупа і сакратароў Каталіцкай акцыі, прыяцель ваяводаў, старастаў і паліцыі?

Акцыя пралата Лубянца.

Гэты нефартунны канкурэнт унійнай акцыі папы Пія і хітры вораг летувісаў, беларусаў, а таксама ўсходняга абраду, не мала прычыніўся да высялення марыянаў з Друі праз сталыя паклёпы на іх кляштар. А як па-іншаму можна назваць тое, што былы інспектар духоўнай семінарыі ў Вільні з лёгкім сэрцам называў работу марыянаў (пераважна сваіх былых выхаванцаў і вучняў!) "камуністычнай".

Адносіны польскага кліру.

Нямала асоб, нават сярод патрыятычнага польскага кліру (відочна, я не кажу пра "духоўную эндэцыю") голасна не салідарызавалася, але асудзіла ціск на марыянаў-беларусаў. Годныя ўсялякай павагі адносіны марыянаў-палякаў, у тым ліку айцоў: правінцыяла Мрошкі з Бялян пад Варшавай і суперыёра з Друі Лусіка. Ніхто з іх не скарыстаўся магчымасцю схавацца ў цяжкі час ці сагнуць карак перад моцнымі гэтага свету. Гэтыя людзі - жывы доказ таго, што калі-небудзь паміж народамі запануюць лепшыя стасункі, якія абапіраюцца на ўзаемным даверы і павазе. Нават такі паважны ксёндз-эндэк, як канонік Кулеша і іншыя, паводзілі сябе не толькі тактоўна але і з вялікай доляй зычлівасці. Цешыліся толькі такія ксяндзы, як канонік Бародзіч ці ксяндзы з Каталіцкай акцыі ў Вільні.

Адносіны польскай прэсы.

Хацеў бы адзначыць адрознае ад іншых, добрае стаўленне да марыянаў у Друі "Кур'ера Віленскага" і дакладныя, сутнасныя артыкулы пра іх віленскага "Слова". Наадварот, неафіцыйны орган мітрапалічай курыі ў Вільні - "Глос Нарадовы" пяром свайго супрацоўніка - былога рускага і экс-праваслаўнага Сцяпана Лахціна, спрабаваў са звычайным эндэцкім падступствам прадстаўляць марыянаў як небяспечных дзяржаўных злачынцаў! На старонках дэмакратычнага "Кур'ера Паўшэхнага" не знайшлі мы а ні радка пра гэтую справу. […]

Прыемнай неспадзяванасцю для нас, было цалкам нечаканае выступленне з абаронай пакрыўджаных манахаў друйскага суддзі генерала Жалігоўскага, які асабіста прыбыў у Друю, каб вывучыць стан рэчаў, а потым паехаў у Варшаву для вырашэння справы ў самых высокіх дзяржаўных інстанцыях.

Падаём гэта ўсе коратка, бо не маем надзеі на змену курсу. Але гісторыя не заканчваецца сучасным днём. Нацыяналізм, як кій, мае два канцы

Які ўнёсак у справу вышэйшых уладаў?

Толькі той, што выступленне адміністрацыйных уладаў сёлета супраць марыянаў як у Друі, гэтак і ў Вільні падрыхтавалі і аблягчылі пэўныя касцельныя колы, якія ўвесь свой аўтарытэт і ўсе наяўныя сродкі кінулі на справу дэнацыяналізацыі беларусаў. І робяць гэта якраз тады, калі пад нагамі ксяндзоў-палякаў гарыць зямля. Бо ні ваявода, ні браслаўскі стараста, ні начальнік аддзела бяспекі ў сапраўднасці не вінаватыя ў высяленні марыянаў-беларусаў з Друі і Вільні. Біблейскага Язэпа прадалі ўласныя браты.

Калі некаму вышэй не падабаецца сказанае, хай прыгадае рашучыя словы Бядака з Асізы (св. Францішка - Л. Л.): "Калі праўда - скандал, дык будзем рабіць скандал".

P. Kantryba (Ул. Талочка)

Pokłosie na Marjanów w Drui // Pregląd Wileński. 1938, № 5-6.

Ксёндз Юзаф Бародзіч нарадзіўся ў 1861 г. каля Панявежы ў Ковенскай губерні. У 1893 г. паступіў ў Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1897 г. Служыў вікарыем у Лідзе, Новых Троках, Даўгілішках і адзін год у Гарадзенскім кляштары. У 1900 г. знаходзіўся у Рыме, дзе Папа Леў ХІІІ дабраславіў яго на місіянерскую дзейнасць. Пасля служыў у Вільні, першы касцёл пабудаваў у мястэчку Жозлі, другі - у Клюшчанах. У 1905 г. быў накіраваны ў Мёры, дзе на працягу 1905-1907 гг. пабудаваў цагляны касцёл. Царскімі ўладамі ссылаўся ў Яраслаўль, Рыбінск і Аглонскі дамініканскі кляштар у Латвіі. Суд у Гародні прысудзіў яго адбываць пакаранне ў Дынабургскай цвердзі. Але яму ўдалося ўцячы з цягніка, за расійскі рубель мытнік прапусціў яго на тэрыторыю Аўстра-Венгрыі. Нейкі час выкладаў філасофію ў Кракаўскім Ягелонскім універсітэце. Пасля патрапіў у Сан-Рэма. Тут служыў у касцёле святога Роха і пабудаваў заезджы двор "Палонія" і невялічкі гатычны касцёл. На пабудове замовіў намаляваць белага польскага арла. За злоўжыванні быў дэпартаваны ў Расію, але пачалася Першая сусветная вайна, і карабель падарваўся на міне. Вайну перачакаў у Канстанцінопалі. Пасля абвяшчэння польскай незалежнасці вяртаецца ў Польшчу, але ў Сан-Рэма распачынаецца справа аб паходжанні сродкаў на будову маёнтка "Палонія", аб прысабечванні ксяндзом сабе нерухомасці ў Сан-Рэма і нават аб кантрабандзе дыяментамі. Але ўсе справы былі залагоджаны. - Л. Л.

Віленскія бернардыны як прыхільнікі уніі

Гістарычныя нататкі

Хроніка былога бернардынскага кляштара ў Вільні змяшчае каштоўныя і да нашага часу невядомыя факты, якія сведчаць пра выбітную ролю ордэна ў гісторыі ўніянізма (уніянізм, тут цяга да яднання цэркваў - Л. Л.) былых часоў на летувіска-беларускіх землях.

Прыбыццё айцоў бернардынаў у Літву, і ў тым ліку ў Вільню, сцісла звязана з пашырэннем і ўзмацненнем у нашым Краі хрысціянства, якое ў XIV ст. далучылася да Сусветнай царквы. Бернардынская хроніка апавядае, што ў 1431 г. адзін з самых заслужаных манахаў, вікарый ордэна бернардынаў у Вільні, а. Мар'ян празваны "апосталам Вільні", пасля свайго вяртання з генеральнай капітулы у Ферары (маецца на ўвазе Ферара-Фларэнційскі сабор, на якім адбылося з'яднанне заходняй і ўсходняй цэркваў - Л. Л.), прыехаў у Вільню і тут, у кляштары сваіх братоў па ордане, пакінуў на захаванне ў добра акутай скрыні прывілеі свайго ордэна, якія ён атрымаў ад папы Сікста IV (Папа Рымскі з 9 жніўня 1471 па 12 жніўня 1484 года - Л. Л.) Гэтыя дакументы перад усім датычылі дысідэнтаў (праваслаўных) з іншымі іншаверцамі і надавалі бернардынам такія ж правы і прывілеі, якія мелі манахі ў Святой Зямлі. Вільня, якая тады ўжо была адным з важнейшых асяродкаў місійнай дзейнасці ордэна, была зацікаўлена ў атрыманні такіх прывілеяў.

Праз нейкі час, калі ў 1587 г. вікарыем бернардынаў быў дабраславёны Уладзіслаў з Гяльнюва († 1505 г.), у віленскім кляштары гэтага ордэна, захоўваліся пераклады прывілеяў, якія былі атрыманы яшчэ ад папаў Паўла II (папа рымскі з 30 жніўня 1464 да 26 ліпеня 1471 г. - Л. Л.) і Сікста IV, а таксама новыя, выдадзеныя папам Інакенціем VIII (папа рымскі з 29 жніўня 1484 г. па 25 ліпеня 1492 года - Л. Л.)

Наогул, асабліва важным годам у жыцці ордэна і тым больш віленскага кляштара бернардынаў быў год 1494, калі ў Вільні адбыўся шлюб Вялікага князя літоўскага Аляксандра з вялікай княжной Аленай, дачкой маскоўскага цара, якая, відавочна, была праваслаўнага веравызнання. З-за гэтага паўстала вострая спрэчка паміж, з аднаго боку віленскім ордэнам бернардынаў, а з другога, з віленскімі і кракаўскімі пралатамі і прафесарамі Кракаўскай акадэміі. Калі апошнія цвердзілі, што праваслаўнае хрышчэнне нельга прызнаваць, бо яно пазбаўлена ласкі Божай, і таму неабходна другое хрышчэнне па рымскім абрадзе, і толькі тады шлюб Вялікага князя будзе лічыцца сапраўдным, дык тэолагі ордэна бернардынаў станоўча ставіліся да таго, што праваслаўнае хрышчэнне мае характар і моц сапраўднага таінства і таму не павінна ані паўтарацца, ані дапаўняцца.

Гэтая спрэчка цягнулася некалькі гадоў, пакуль выдадзенае папам Аляксандрам VI у 1501 г. брэвэ "Attitudo divini consili" ("Улажэнне Божага выраку") не закончыла гэтую спрэчку - праваслаўнае хрышчэнне не трэба было паўтараць. […] Гэтае рашэнне папы вельмі падняла значэнне і ўплыў бернардынаў.

Таму не дзіўна, што Алена, Вялікая княгіня літоўская і польская каралева, мела вялікую ласку да віленскіх бернардынаў. Пасля смерці свайго мужа, каралева-ўдава ў 1506 г. пакінула ў віленскім кляштары бернардынаў 14 вялікіх і малых скрыняў з усёй набытай ёй у нашым Краі маёмасцю (пасаг яе быў зусім невялікі і недастатковы): золата, срэбра, каштоўныя камяні і каралеўскія шаты. Ордэн вагаўся, ці прыняць на захаванне гэтыя рэчы, і згадзіўся толькі пасля працяглых просьбаў каралевы. На рашэнне ордэна паўплывала тое, што ні ў адным з замкаў каралевы яе скарб не быў бы лепш забяспечаны ад рабаўніцтва ці крадзяжу. Да таго ж яна давяла, што калі хоча пакінуць свае рэчы ў бернардынаў, дык толькі таму, каб яны засталіся ў яе новай радзіме. Гэты аргумент паўплываў на бернардынаў, і рэчы былі прынятыя на захаванне.

Заканчваючы гэтую нататку, хачу сказаць, што ўніянізм не ёсць цалкам чымсьці новым і чужым у нас у Вільні. Наадварот ён старажытны і адначасова малады, як само хрысціянства з яго адвечнымі каштоўнасцямі. Змяняюцца толькі яго ўмовы і метады.

Christianin. Bernardyni wileńscy jako unijoniści // Pregląd Wileński. 1931, № 1-2. S. 10.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX