Вярнуцца: 2020

№ 30 (1493)


Дадана: 22-07-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1493), 22 ліпеня 2020 г.

Зварот Сакратарыята Таварыства беларускай мовы да ўдзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі 2020 г.

Паважаныя суайчыннікі!

Набірае моц чарговая прэзідэнцкая кампанія. Мы зноў звяртаем Вашую ўвагу на галоўную прыкмету нашай нацыі і незалежнасці - беларускую мову. Кіраўнікі дзяржавы прыходзяць і адыходзяць. А пакуль жыве беларуская мова - жыве і наш народ, жыве і наша краіна. Знікне мова - не стане ні народа, ні дзяржавы.

Таму мы заклікаем усіх выбаршчыкаў галасаваць за тых кандыдатаў, якія карыстаюцца беларускай мовай і хто ўключыць у свае праграмы наступныя пункты:

1. Прыняць Закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

2. Падтрымаць дзейнасць універсітэта імя Ніла Гілевіча з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

3. У кожным раённым цэнтры, а таксама ва ўсіх раёнах абласных гарадоў і г. Менска адкрываць новыя школы і гімназіі з выкладаннем усіх прадметаў на беларускай мове.

4. Вярнуць выкладанне гісторыі і геаграфіі ва ўсіх школах краіны па-беларуску.

5. Забяспечыць вяшчанне на дзяржаўнай беларускай мове першага беларускага тэлеканала (БТ-1).

6. Усе дзяржаўныя раённыя і абласныя газеты павінны друкаваць па-беларуску не менш, чым 50% тэкстаў у кожным нумары.

Гэта будзе найлепшым спосабам сцвердзіць свой патрыятызм і праявіць сапраўдны клопат пра незалежнасць і паспяховае развіццё Беларусі.

14 ліпеня 2020 года.

Сакратарыят ТБМ.


Паважаныя сябры!

Кіраўніцтва радаў Гарадзенскай абласной і гарадской арганізацый Таварыства беларускай мовы шчыра запрашаюць Вас прыняць удзел у справаздачна-выбарчай канферэнцыі і выбарах дэлегатаў на з'езд ТБМ 20 верасня (нядзеля) 2020 года.

Месца і дакладны час мерапрыемства будуць паведамлены дадаткова.

З павагай, старшыня Гарадзенскай абласной рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" В. Парфёненка.


Справаздачна-выбарчы сход Нясвіжскай раённай аргнізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" спланаваны на 22 жніўня 2020 года.

Старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Н. Плакса.


Справаздачна-выбарчыя канферэнцыі Лідскай (раённай), Лідскай гарадской арганізацый ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", а таксама справаздачна-выбарчы сход Ёдкаўскай суполкі ТБМ пройдуць 29 жніўня 2020 г. Вылучэнне дэлегатаў на канферэнцыі ад Бярозаўскай гарадской арганізацыі і суполак ТБМ г. Ліды рэкамендуецца правесці да 27 жніўня, пратаколы прадставіць у Лідскую гарадскую арганізацыю ТБМ, канкрэтна - намесніку старшыні Сяргею Чарняку.

С. Суднік.

Культурная прастора Вайцюшкоў развіваецца

ФECТЫВАЛЬ "ПАД ЛІПАМІ" сабраў у Вайцюшках каля 100 прыхільнікаў творчасці Змітра Вайцюшкевіча з розных гарадоў і мястэчак. Публіка моцна засумавала па канцэртах, таму імкнулася патрапіць на выходныя на Нёман, на арграсядзібу вядомага музыкі напярэдадні яго Дня народзінаў - 20 ліпеня.

Для ўсіх ахвотных гаспадар аграсядзібы спачатку правёў экскурсію і распавёў пра ўнікальныя артэфакты, якія ствараюць непаўторнае мастацка-ландшафтнае асяроддзе на хутары сярод лесу.

Тут удзельнічалі ў пленэрах і працавалі мастакі і скульптары: Кацярына Сумарава, Алег Усціновіч, Валянціна Шоба, Ігар Засімовіч і Кацярына Зантарыя. Камень-кветка - праца скульптара з Магілёва Андрэя Вераб'ёва.

- Шмат зрабіў розных выяў у двары Алег Усціновіч, - узгадаў з удзячнасцю гаспадар сядзібы. - Ён напісаў " Тут жыве Беларусь!" У апошнія гады з'явіліся дзве вялікія стылізаваныя паходні, зробленыя мастакамі. У іх закладаюць дровы, і яны саграваюць па вечарах наведвальнікаў сядзібы.

Скульптурная кампазіцыя Ігара Засімовіча з двух камянёў сімвалізуе крылы мараў, летуценняў. Нядаўна з'явіліся два новыя шчыты на варотах - адзін з гербам Наваградскага раёна і другі з "Пагоняй". У сакавіку мы "каранцінілі" ў Вайцюшках разам з гуртам Naviband, і ў нас нарадзілася шмат ідэй! - узгадвае Зміцер Вайцюшкевіч.

Увечары на свежым паветры адбыўся традыцыйны летні канцэрт, які трывала ўвайшоў у культурнае жыццё краіны і раней звычайна збіраў слухачоў у канцэртнай зале "Мінск" у сталіцы.

Воплескі і авацыі суправаджалі хіт "Я нарадзіўся тут", горача падтрымлівала публіка песню італьянскіх партызанаў "Bella, сhao!".

"Жыццё - гэта сёння" - радкі з новай песні сталі лейтматывам новай сустрэчы спевака са слухачамі. Шаноўны артыст выканаў песні на словы Алеся Ліпая, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча. Прагучалі прэм'еры з новага дыска для дзяцей на словы Аляксея Пысіна.

- Новы праект зроблены з жывымі інструментамі (не запісам) - скрыпкамі, валторнамі, - падзяліўся спявак. - Я не думаў, што паэзія Пысіна такая глыбокая і кранальная, у ёй шмат сапраўдных пачуццяў, якія патрэбны кожнаму з нас.

У фестывалі прынялі ўдзел Віталь Рыжкоў, Сяргей Башлыкевіч і Зміцер Папоў. Публіка была шчаслівая! Гаспадар сядзібы частаваў усіх смачнай юшкай са шчупаком пасля канцэрту. Зоркі ўсміхаліся, аблокі танчылі!

З бацькамі прыехала шмат дзяцей, якія з радасцю гасцявалі некалькі дзён у дамках і намётах, купаліся ў рацэ, гойдаліся на арэлях, скакалі на батуце.Творчасць і сяброўства здзейснілі маральную перамогу над каранавірусам, які да гэтага трымаў думкі ў палоне.

Эла Дзвінская.

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

Трагічная вестка прыйшла раніцай 17 ліпеня: на 72-ім годзе жыцця памёр Юры Нагорны…

Вядомы ў краіне грамадскі дзеяч, педагог, руплівец роднай мовы, шматгадовы і нязменны кіраўнік Аршанскай раённай арганізацыі ТБМ, сябар Рэспубліканскай і Віцебскай абласной рады арганізацыі.

Проста немагчыма паверыць у рэальнасць таго, што здарылася… Чалавек вялікай душы, выдатны арганізатар, вытанчаны інтэлігент, з якім заўсёды прыемна было пагаварыць, абмяняцца думкамі, абмеркаваць надзённыя пытанні… Колькі ўсяго зроблена ім і пад яго непасрэдным кіраўніцтвам у Оршы і раёне! Культурніцкія імпрэзы, прымеркаваныя да памятных датаў нашай гісторыі, тэбээмаўскія вечарыны з удзелам вядомых пісьменнікаў і музыкаў…

Ён марыў убачыць Беларусь беларускаю, дзе будзе гучаць наша родная мова, дзе будзе павага да нашай нацыянальнай гісторыі і культуры, да нашых нацыянальных герояў. Ён ніколі не заставаўся абыякавы да праблем і актуальных пытанняў з жыцця нашай арганізацыі. І не было за шмат гадоў ніводнага выпадку, калі б шаноўны Юры Аляксандравіч не прысутнічаў на пасяджэнні Віцебскай абласной рады ТБМ, не ўносіў слушныя і карысныя прапановы… ТБМ заўсёды было вельмі важнай часткай жыцця гэтага выдатнага чалавека.

Віцебская абласная рада ТБМ выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Юрыя Аляксандравіча Нагорнага. У гэты цяжкі час мы разам з Вамі!

Вечная памяць выдатнаму Дзеячу і вялікаму Чалавеку!

Юрась Бабіч, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.

Нарадзіўся Юры Нагорны на Наваградчыне, на хутары Мондзіна. У 5-м класе напісаў першы верш па-беларуску. Яго апублікавала літоўская газета. Школу скончыў са срэбным медалём.

Усё сваё жыццё Юры Нагорны настаўнічаў, быў дырэктарам школы ў Барані. З 1985 па 1995 год быў старшынём гарсавета ў Барані. На пасяджэннях выступаў па-беларуску. Спрычыніўся да дэсаветызацыі назваў мясцовых вуліц. Дзякуючы яму з'явілася вуліца Радзівілаўская і пераназвалі прадпрыемства «Чырвоны кастрычнік» у «Лёс».

Апошнія гады Юры Іванавіч жыў у Селішчы. Паводле нявесткі Таццяны, ён скардзіўся на болі ў сэрцы і ціск. Пахавалі яго побач з жонкай на Селішчынскіх могілках.

Дзве дзяржаўныя мовы, што гэта?

Добра памятаю рэферэндум 1996 г. Сярод мноства пытанняў, вынесенных на рэферэндум, было і пытанне аб мове. У народа пыталіся, ці згодны ён (народ ) з двухмоўем. Зразумела, быў згодны, акрамя невялікай часткі насельніцтва, якую паблажліва называлі свядомай, да якой адносіўся і я, чым ганаруся. Не памятаю дакладнай фармулёўкі пытання, але сэнс заключаўся ў тым, што акрамя роднай мовы (беларуская мова родная хаця б таму, што краіна наша называецца Беларусь), дадавалася руская мова, таксама ў якасці дзяржаўнай. Такім чынам, у Канстытуцыю была запісана норма, па якой у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Ну дзве, дык дзве, - думалася мне. Нідзе родная мова ад мяне не дзенецца. І праўда. Я магу гаварыць па-беларуску, але толькі ў беларускамоўным асяроддзі, таму што ў беларускіх крамах не заўсёды разумеюць, чыноўнікі ўсіх рангаў круцяць насамі, a гадоў колькі назад журналісты Лідскага тэлерадыёаб'яднання на маю просьбу сфармуляваць пытанне па-беларуску ў час апытання на вуліцах горада адказалі, што не размаўляюць па-беларуску?!!! Праўда, цяжка паверыць. Толькі не ў Беларусі. Калі расійская прапаганда распавядае аб тым, што ў Латвіі, або дзе яшчэ рускіх людзей прымушаюць ведаць мову тытульнай нацыі, становіцца сорамна і прыкра. А як жа па-іншаму. Ніхто ж не забараняе карыстацца рускай мовай на вуліцы, дома, ды і на рабоце ніхто не прымушае гаварыць на мове гэтай краіны. А мову трэба ведаць для таго, каб арыентавацца ў дакументацыі, напрыклад. Хаця можна ўладкавацца грузчыкам. Там ўвогуле не будуць прымушаць ведаць мову. Дастаткова ведаць рускую разам з рускім матам. Можна цягаць мяхі і скрыні хоць усё жыццё, і ўсім будзе добра. А можна пераехаць на сталае жыццё ў Беларусь, тут цябе ніхто не будзе прымушаць вучыць беларускую мову. А навошта? Амаль уся дакументацыя на рускай мове. З другога боку, адпаведна перапісу, як мінімум 60% насельніцтва краіны лічыць беларускую мову роднай. І нічога страшнага няма ў тым, што мала хто на ёй размаўляе. Так склался гістарычна. Будзе незалежнасць - будзе і мова. Я ў гэтым упэўнены. Можа, нават гэта адбудецца пры маім жыцці, калі пашанцуе. Праўда, хацелася б, каб хутчэй. А каб было хутчэй, мову трэба прапагандаваць. З гэтай нагоды хочацца выказаць падзяку калектыву беларускага радыёаб' яднання за тое, што асноўная маса праграм ідзе па-беларуску. Бяда толькі ў тым, што іх мала хто чуе. У свой час, у кожнай хаце і ў вёсцы, і ў горадзе, была радыёкропка, якая цэлы дзень вяшчала ў асноўным па-беларуску. Цяпер гэтага няма - радыё замяніла тэлебачанне. Больш маладыя яшчэ маюць магчымасць атрымліваць асалоду ад беларускай мовы, блукаючы па прасторах інтэрнэту. Людзі ж сталага ўзросту, пенсіянеры ў асноўным глядзяць тэлевізар, глядзяць рускія і беларускія каналы. Гэта гучыць дзіўна, але гэта факт. Я аб тым, што беларускую мову на нашым тэлебачанні можна пачуць толькі 21 лютага, калі ва ўсіх краінах адзначаецца дзень роднай мовы. Зразумела, гэта здзек. Калі ў нас больш за палову насельніцтва лічыць беларускую мову роднай, чаму гэта насельніцтва не мае магчымасці глядзець беларускія навіны па-беларуску. Па вялікім рахунку, мяне пазбаўляюць канстуцыйнага права на карыстанне роднай мовай. У часы СССР навіны на БТ выходзілі на беларускай мове, калі хто не ведае. Калі ў нас дзве дзяржаўная мовы, чаму на тэлебачанні чувацць толькі адна Якая яшчэ мова, па думцы ўплывовай міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА, уваходзіць у топ 3 па меладычнасці? Беларуская. Услед за італьянскай. Любая краіна ганарылася б гэтым. Хто ва Усходняй Еўропе першадрукар? Скарына. Дык чаму немагчыма перавесці адну з беларускіх праграм на родную мову? Хаця б часткова. У нас жа іх тры. Так, тры. Таму, што канал "Культура", на тое і канал "Культура", каб прапандаваць родную мову. Між іншым, хапае там і расейскай, фактычна выконваецца закон аб двухмоўі, і гэта правільна, калі ў нас такі закон. Што перашкаджае ўвесці дадзеную норму для іншых каналаў, я не ведаю. І нават не здагадываюся. Я разумею, што з боку Расеі на Прэзідэнта аказваецца пастаянны ціск у моўным пытанні. Ідзе размова аб мяккай беларусізацыі. Камусьці з дробных расейскіх чыноўнікаў не падабаецца слова "малако" на шыльдах беларускіх крамаў замест расейскага "молоко", нехта не разумее "хуткасны рэжым" і яго мяняюць тэрмінова на "скоростной". Ну змянілі. І што? Расейцы сталі больш лагодныя? А газ немцам прадаюць таней, чым саюзніку. Ды пішыце хоць усё па-руску. Нічога не зменіцца. А вось як праглынуць Беларусь, будуць пісаць як захочуць і рабіць што хочуць. "Белоруссия и Россия - одна страна, ведь там и там говорят по-русски". Такія вось заявы даводзілася часта сустракаць у сродках масавай інфармацыі суседняй краіны. І яны маюць рацыю. Згодны на 100%. Ну, немагчыма адрозніць беларускі канал ад рускага. Хто не верыць - праверце. На пачатку работы тэлевізійнага канала вам пажадаюць добрай раніцы, далей будзе агляд навін па-руску, культурных праграм па-руску, спартыўных праграм па-руску і так, пакуль класціся спаць. Пасля вашага тэлебачання людзі сталага веку, якія ў свой час валодалі беларускай мовай, размаўлялі на ёй, пераўтвараюцца ў атрад рускамоўных і лічаць сябе "почти что русскими". А паспрабуйце запытаць школьніка, што гэта за месяц такі чэрвень, і вам будзе сорамна, таму што адказу не пачуеце. А між тым, у адрозненне ад рускіх назваў беларускія маюць сэнс. Да прыкладу: верасень, кастрычнік, лістапад і сентябрь, октябрь ноябрь. Ці снежань, студзень, люты і декабрь, январь, февраль. Адчуваеце розніцу? Між тым расейскай мовай карыстаецца ўсё менш насельніцтва. У Казахстане ўвогуле пераходзяць на лацініцу, каб забыцца пра "великий и могучий". Яно і зразумела: пасля анексіі Крыма і спробы стварыць "русский мир" на ўсходзе Украіны Расія трапіла пад жортскія санкцыі, і кожны кантакт з рэжымам лічыцца непрыстойным. Разам з тым, пачынаючы з 2014 г., па трох расейскіх каналах пачалі паказваць адыёзныя праграмы, з удзелам так званых расійскіх палітолагаў. Карыстаючыся вядомай формулай "лучшая защита - нападение", расійская зграя палівае брудам кіраўніцтва Украіны, эліту, народ дружалюбнай нам краіны.Такое ўражанне, што гэта Украіна захапіла расійскую тэрыторыю, а не наадварот. Мой знаёмы глядзіць праграму "60 минут" і "Соловьева" некалькі разоў, балазе сучасныя тэлевізійныя функцыі дазваляюць гэта рабіць, і даўно зрабіў выснову, што Пуцін - самы разумны, і Лукашэнку да яго далёка, і зусім не супраць, каб Пуцін быў у яго прэзідэнтам. Якім чынам? Правільна, пасля аб'яднання з Pасіяй. Ну для чаго гэта паказваць? Kаб падымaць рэйтынг Пуціна? А што, калі замест гэтых пустых і шкодных, праграм увесці свае беларускія. Каб пасля прагляду нацыя кансалідавалася вакол свайго Прэзідэнта а не абмяркоўвала вартасці чужога, ад якога адвярнуўся ўвесь свет. "Не можа быць нацыі без мовы", - гэта словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія пара нарэшце ўчуць кіраўніцтву Белтэлерадыёкампаніі. Калі яна беларуская?

Вяслаў Ярмак, г. Ліда.

У нас свой юбілей

На мінулым тыдні адзначыла 25 год з дня заснавання ўсімі любімая "Народная Воля". З гэтай нагоды заснавальнік і галоўны рэдактар газеты павіншаваў супрацоўнікаў рэдакцыі, усіх чытачоў і пазаштатных аўтараў з гэтым слаўным юбілеем. Далучaюся да віншаванняў і хачу распавесці пра наш юбілей.

Так супала, што ў 1995 годзе быў арганізаваны гурток "ЭЛЕКТРОНІКА" пры Лідскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці - РЦТТ. Гэта гурток тэхнічнай накіраваннасці і ў той жа час беларускамоўны, чым я вельмі ганаруся. Уся дакументaцыя, запісы ў журналах, рэклама, аб'явы выконваюцца на беларускай мове. Калектыў цэнтра таксама напалову беларускамоўны, таму адчуваю пастаянную падтрымку адміністрацыі. Можа здацца, што немагчыма карыстацца тэхнічнымі тэрмінамі па-беларуску. Так думаюць тыя, хто не ведае беларускай мовы. А вось нашы гурткоўцы не бачаць у гэтым ніякіх праблем. Ну якія могуць быць цяжкaсці, калі, напрыклад, святладыёд - гэта па-руску светодиод, рэзістар - резистор, транзістар - транзистор, шпуля індуктыўнасці - катушка индуктивності і г.д. На перапынках паміж заняткамі гучаць беларускія песні, і ўсім гэта падабаецца. У апошнія гады відэаролікі тэхнічнай накіраванасці здымаем, у асноўным, па-беларуску. Да таго ж, на працягу вучэбнага дня практычна ўвесь час размаўляю з гурткоўцамі на роднай мове. Не ведаю, у якім аб'ёме яны будуць карыстацца беларускай мовай, але амаль усе выпускнікі гуртка пры сустрэчы, альбо пры тэлефаванні стараюцца гаварыць па-беларуску. Такім чынам, дзеці атрымліваюць тэхнічныя навыкі і заадно вывучаюць мову. І я лічу, што адно другому не перашкаджае.

Педагог дадатковай адукацыі Вяслаў Ярмак, г. Ліда.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Аб нізкай палітычнай актыўнасці студэнтаў сведчаць адказы на пытанне анкеты "Ці з'яўляецеся вы прыхільнікам альбо членам якой-небудзь грамадска-палітычнай партыі ці руху?" 84,7% рэспандэнтаў адказалі "не", 14,0% - "так'". Тыя, хто адказаў "так", з'яўляюцца прыхільнікамі альбо членамі наступных партый ці рухаў: БНФ - 5,6%, "Аматараў піва" - 3,9%, , партыі БНФ "Адраджэньне" - 2,9%, БСДГ - 1,3%. Нам здаецца, што для студэнтаў-юрыстаў, будучых законатворцаў і праваахоўнікаў, такі ўзровень палітычнай актыўнасці з'яўляецца звыш нізкім і павінен выклікаць вялікую заклапочанасць у дэканата ўніверсітэта, рэктарата.

На думку рэспандэнтаў, сёння найбольш актыўна ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці ўдзельнічаюць прадстаўнікі наступных партый і рухаў: БНФ - 48,5%, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады - 17,6%: партыі БНФ "Адраджэньне" - 9,5%, партыі Народнай згоды - 8,5%, Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" - 6,2%. Бачна, што і ў гэтых адказах студэнтаў прысутнічае абыякавасць да праблемаў нацыянальна-культурнага адраджэння, няведанне імі праграм і мэт асноўных палітычных партый Беларусі, менавіта такіх, як Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі.

Сёння ў грамадскай свядомасці шырока распаўсюджана разуменне рэлігіі як элемента нацыянальнай культуры, носьбіта агульначалавечых каштоўнасцей. Працэсы нацыянальна-культурнага адраджэння сёння ідуць побач з рэлігійным адраджэннем. 28,7% рэспандэнтаў лічаць, што сувязь паміж нацыянальнай самасвядомасцю і рэлігіяй існуе незалежна ад таго, верыць чалавек ці не ў Бога, і вызначае некаторыя асаблівасці характару і паводзін людзей, 21,5% - сцвярджаюць, што сувязі паміж нацыянальнай самасвядомасцю і рэлігіяй няма, 21,2% - што гістарычна такая сувязь была, але цяпер страчана, і толькі 17,6% рэспандэнтаў адказалі, што такая сувязь ляжыць у аснове ўсёй нацыянальнай гісторыі і культуры. Улічваючы, што ў нашым даследаванні прынялі ўдзел 68,7% студэнтаў, якія вызначылі сваё веравызнанне, як "праваслаўе", большасць з іх сцвярджае (57,7%), што найбольш паўплывала на развіццё беларускай гісторыі і культуры праваслаўная рэлігія, 24,7% - што каталіцызм і 9,8% - што ўніяцтва. I гэтыя адказы рэспандэнтаў яшчэ раз сведчаць аб слабых ведах імі гісторыі Беларусі. Галоўнымі рэлігійнымі плынямі ў час існавання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай былі ўніяцтва і каталіцызм, менавіта гэтыя дзве рэлігіі найбольш плённа ўздзейнічалі на фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Наогул, на такія адказы студэнтаў, на наш погляд, паўплывала перш за ўсё 70-гадовая рэлігійная сітуацыя ў Беларусі з яе атэістычнай ідэалогіяй і прапагандай.

Такім чынам, падводзячы вынікі сацыялагічнага даследавання сярод студэнтаў 1-5 курсаў юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта можна зрабіць наступныя высновы і прапановы:

1. Студэнты малодшых курсаў (1-3) паказалі лепшыя веды беларускай мовы, гісторыі, культуры. Хаця і гэтыя веды нельга лічыць добрымі для студэнтаў, якія вывучалі "Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь", Закон аб мовах, Закон аб адукацыі і Закон аб культуры і г.д. і павінны добра ведаць асноўныя прынцыпы пабудовы нацыянальнай сістэмы адукацыі і выхавання.

2. Студэнты малодшых курсаў праяўляюць большую зацікаўленасць да праблемаў нацыянальна-культурнага адраджэння. Больш значны працэнт студэнтаў 1-3 курсаў - за беларускую мову як адзіную дзяржаўную. Усё гэта, на наш погляд, сведчыць аб тым, што ў студэнтаў малодшых курсаў больш высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці, чым у студэнтаў 4-5 курсаў. На нашу думку, гэтаму садзейнічала тая акалічнасць, што на 1-3 курсах, у асноўным, выкладанне вядзецца на беларускай мове і чытаюцца такія дысцыпліны як "Беларусазнаўства", "Гісторыя сусветнай і айчыннай культуры", "Гісторыя дзяржавы і права Рэспублікі Беларусь", "Сучасная беларуская мова". Аднак, нам здаецца, што для будучых спецыялістаў, уся дзейнасць якіх будзе непасрэдна звязана з дзяржаўным кіраваннем, удасканаленнем прававой асновы дзяржаўнага і грамадскага жыцця, усямерным умацаваннем законнасці, сённяшні ўзровень іх нацыянальнай самасвядомасці яшчэ даволі нізкі.

3. Нам цяжка меркаваць, наколькі адпавядае рэальным запатрабаванням выкладаны аб'ём вышэйназваных дысцыплін. Але тое, што ні на адным курсе кожнай спецыялізацыі не чытаецца асобна курс "Гісторыі Беларусі" застаецца толькі пашкадаваць.

4. Для павышэння ўзроўню нацыянальнай самасвядомасці студэнтаў-юрыстаў аднаго выкладання вышэйназваных культуралагічных і гістарычных дысцыплін мала. Патрэбна нацыянальная накіраванасць усяго вучэбнага працэсу, патрэбна выкладанне спецыяльных юрыдычных дысцыплін удакладніць і напоўніць нацыянальным зместам. Нам здаецца, з гэтай задачай цяжка будзе справіцца сённяшняму выкладчыцкаму складу юрыдычнага факультэта. Так, на гэтым факультэце працуюць высокаквалі-фікаваныя спецыялісты, але ж большасць з іх пенсійнага ўзросту. Улічваючы гэта, мы прапануем дэканату факультэта паступова абнаўляць маладымі выкладчыцкімі кадрамі ўсе кафедры факультэта. Менавіта маладым выкладчыкам з сучасным мышленнем, светапоглядам будзе лягчэй адаптавацца да новых умоў і патрабаванняў і выкладання, і выхавання ў вышэйшай школе.

Заключэнне

Нацыянальная самасвядомасць - гэта не толькі веды мовы, гісторыі, культуры свайго народа, але і пэўнае разуменне яго нацыянальных інтарэсаў.

Менавіта студэнты-юрысты павінны сёння часцей, чым студэнты іншых факультэтаў ставіць пытанне: куды мы ідзём, якую краіну мы будуем? I адказы на гэтыя пытанні трэба шукаць у гісторыі і культуры Беларусі, яе рэлігіі. Па-гэтаму сёння патрабуюць перагляду дзяржаўныя стандарты, вучэбныя праграмы, падручнікі. Тыя змены, якія адбываюцца ў нашай рэспубліцы, - менавіта прыняцце Закона аб мовах, Закона аб адукацыі, комплекснай праграмы нацыянальнай сістэмы адукацыі і выхавання - патрабуюць таксама новых падыходаў да падрыхтоўкі і выкарыстання нацыянальных кадраў. Менавіта ў працэсе прафесійнай адукацыі студэнцкая моладзь павінна зразумець, што яна не толькі носьбіт адпаведнай культуры, але і носьбіт нацыянальнай самасвядомасці свайго народа.


МIНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ I НАВУКІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

КАФЕДРА САЦЫЯЛОГІІ

АНАЛІТЫЧНАЯ ЗАПІСКА ПА ТЭМЕ "ФАРМІРАВАННЕ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ САМАСВЯДОМАСЦІ ВУЧНЁУСКАЙ МОЛАДЗІ"

Загадчык кафедры сацыялогіі прафесар А. М. Елсукоў.

Навуковы кіраўнік, вяд. навуковы супрацоўнік К. Г. Лапіч.

1995

З м е с т

Уступ.

§ 1. Праблемы развіцця беларускай нацыянальнай культуры ў рэспубліканскай прэсе. § 2. Кантэнт-аналіз шматтыражкі БДУ "Беларускі ўніверсітэт".

Аўтарскі калектыў:

§ 1. Ерашова В.Р., Бурына І.Ф.

§ 2. Крукоўскі А. У.

УСТУП

Згодна з вынікамі сацыялагічнага даследавання сярод студэнтаў гістарычнага, філалагічнага і юрыдычнага факультэтаў ВНУ рэспублікі любімымі рэспубліканскімі газетамі рэспандэнтаў з'яўляюцца "Народная газета" і "Літаратура і мастацтва". Навукова-даследчая група паставіла перад сабой задачу шляхам кантэнт-аналізу вызначыць, як адлюстроўваюцца ў гэтых газетах праблемы фарміравання нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі. Гэта, па-першае. Па-другое, даследаванне праводзілася на ўсіх трох факультэтах БДУ. На наш погляд, уяўляе значную цікавасць кантэнт-аналіз шматтыражнай газеты БДУ "Беларускі ўніверсітэт". Менавіта накіраванасць матэрыялаў шматтыражкі, іх сувязь з праблемамі нацыянальнай самасвядомасці студэнцкай моладзі.

I прадстаўленая аналітычная запіска створана на матэрыялах кантэнт-аналізу вышэйназваных газет.

§ 1. Праблемы развіцця беларускай нацыянальнай культуры ў рэслубліканскай прэсе

У выбраных газетах былі прааналізаваны матэрыялы (якія датычаць гісторыі і культуры Беларусі), надрукаваныя з 1 ліпеня 1992 года па 1 ліпеня 1993 года. З усіх матэрыялаў па гісторыі і культуры метадам выпадковага адбору былі выбраны ў "Літаратуры і мастацтве" 304 матэрыялы - гэта складае каля 50% ад усіх матэрыялаў па вызначаных тэмах. Крок выбаркі рабіўся так, каб выйсці прыблізна на 300 матэрыялаў (артыкулаў) па кожнай газеце. У "Народнай газеце" прааналізаваны 273 матэрыялы - гэта ўсе матэрыялы па ўказанай тэме за азначаны перыяд. Тут адбор не рабіўся, бо такіх матэрыялаў у газеце было няшмат.

Сёння ўсё больш значнае месца ў духоўным жыцці грамадства займаюць сродкі масавай інфармацыі. Друкаванае і вуснае слова могуць у карацейшыя срокі дасягнуць самых аддаленых куткоў рэспублікі, пранікнуць у любое сацыяльнае асяроддзе. Яны маюць магчымасць разнастайна ўплываць на асобу, на розныя сацыяльныя групы, на агульны стан духоўнага жыцця грамадства. У спецыфічных умовах Беларусі, з улікам сённяшняга моўнага, культурнага становішча, сродкі масавай інфармацыі робяцца значнай сілай у адраджэнні нацыянальнай культуры і фарміраванні самасвядомасці беларусаў. Яны з'яўляюцца адным з істотных фактараў, які можа паспрыяць ці, наадварот, замарудзіць гэтыя працэсы.

Як сведчаць вынікі даследавання, большая частка прааналізаваных у "Літаратуры і мастацтве" матэрыялаў (артыкулаў) (31,9%)1 прысвечана праблемам культуры. Гэта ў асноўным (80,9%) аналітычныя матэрыялы. На старонках газеты няма вострых дыскусій па праблемах культуры ці з нагоды гістарычных падзей: у 96,7% матэрыялаў прадстаўлены толькі адзін пункт гледжання, у якім аўтар выказвае свае меркаванні па тым ці іншым пытанні. Большасць матэрыялаў па культуры прысвечана праблемам беларускай літаратуры - 22,0%, музыкі - 11,5%, беларускай мовы - 8,6%, беларускага нацыянальнага тэатра - 6, 3%, кнігавыдавецтва - 6,3%. Што тычыцца тэм у артыкулах па культуры, то высветлілася, што 81,0% матэрыялаў прысвечаны мерапрыемствам у сферы культуры (напрыклад, выхаду ў свет новых кніг, часопісаў, адкрыццю выстаў, канцэртам беларускіх кампазітараў і выканаўцаў і г.д.). У 24,3% матэрыялаў разглядаюцца ўнутраныя праблемы культуры (рэфармаванне беларускага правапісу, развіццё нацыянальнага тэатра і да т.п.). Каля 10% артыкулаў прысвечаны гісторыі культуры (гісторыі беларускага кіно, гісторыі стварэння нацыянальнай бібліятэкі і інш.), 5,7% - дзяржаўнаму кіраванню культурай, 3,9% - матэрыяльнай падтрымцы культуры. (Сума працэнтаў прааналізаваных тэм перавышае 100% таму, што ў адным артыкуле (матэрыяле) звычайна сустракаецца некалькі тэм). Трэба мець на ўвазе, што ніжэй у тэксце таксама будуць сустракацца такія выпадкі, дзе сума будзе перавышаць 100% таму, што ў адным артыкуле магло быць названа адразу некалькі суб'ектаў, каштоўнасцей ці гістарычных перыядаў, якія трэба было фіксаваць у адной катэгорыі аналізу.

(Працяг у наст. нумары.)

1 Усе лічбы ў аналітычнай запісцы прадстаўлены ў працэнтах ад ліку артыкулаў, у якіх зафіксаваны дадзеныя катэгорыі.

Імя і сутнасць яго, нажаль, пакуль амаль нязменныя...

(Аб рабстве паэма-эсэ)

Яўген Гучок

І

Як на галерах, так і на тронах...

Рабства - найцяжэй

з усіх няшчасцяў.

Цыцэрон Марк Тулій.


Айчына раба там, дзе палка.

Генрых Гейнэ.

***

Чаму пішу пра рабства?

Бо на планеце

Бездань рабства!

***

Як з дна балота пухіры

Уздымаюцца,

Так нараджаюцца рабы.

***

Адны і тыя ж рабы

Робяць галеры і трон,

Аднак і тыя ж рабы там сядзяць.

***

Як на галерах,

Так і на тронах

Заўжды рабоў хапала

***

Бог - рабаўладальнік -

Не сапраўдны Бог,

Ён сам, бясспрэчна, - раб.

***

Гвалт, бізун, збіццё, забіццё -

Нязменныя атрыбуты

Рабства.

***

Амаль няма ў рабства

Адшчапенцаў,

Наадварот, там безліч неафітаў.

***

Толькі страўнік

Жывы

Ў раба.

***

Неба раба -

Уласнае нёба

Ў роце.

***

На варце страўніка,

Нібы жывёла,

Стаіць нязменна раб.

***

Раб - выпівоха -

Наспіртаваная

Жывёліна.

***

Раб за кормнае месца

Заўсёды змагаецца

І ўпарта трымаецца яго.

***

Ці ёсць дзе ў свеце

Начальнік-раб,

Каб не быў занадта ўкормлены?

***

Каб падвысіць статус

свайго страўніка,

Раб гатовы адмовіцца

І ад бацькоў.

***

Пры ўладзе раб

І пад уладай раб -

Нібыта блізнюкі.

***

Бясконцае рабства -

Маёмасць

Раба.

***

Дзяржаву стваралі

Рабы,

Фізічна мацнейшыя.

***

Пакуль існуе дзяржава,

Датуль існавацьме

І рабства.

***

Дзяржава

Не прытрымліваецца

Маралі.

***

А калі рабы паўстаюць

І калі пагрозай паўстанне,

Яны сваіх лідараў здаюць.

***

Няма градацыі-размежавання

Між галінамі рабства,

Яно ўсюды - універсальнае.

***

Пытанне: хто першанец

Фізічнае ці духоўнае рабства?

Хутчэй за ўсё, гэта - спарыш.

***

З фізічнага рабства

Бяруць эстафету

Ў рабства духоўнае і наадварот.

***

На каго б і на што б

Не глянуў раб (фізічны, духоўны),

Позірк яго - Іудзін.

***

Вось што не ведае

Крызісу -

Рабства.

***

Раб ведае ўсё

І нічога

Не ведае.

***

Рабы гавораць

Ні пра што

І абы што.

***

Сур'ёзныя раба пытанні -

Бязглуздыя,

На іх няма адказу.

***

У рабоў вушы не толькі на галаве,

Яны і ў мазгах

Паслухмяна-хітраванскі вядуцца.

***

Любяць парады даваць рабы,

Вядома, у духу

Рабскім.

***

Рабства белых удасканалілася

І прыйшло ў адэкват

З рабствам чорных мінулых гадоў.

***

Прыгледзься пільней:

Мала каго раздражняе

Рабства фізічнае і духоўнае.

***

Вокны і дзверы рабства

Глядзяцца і скіроўваюцца

У апраметную.

***

Чаму навучае раб раба?

Вядома, майстэрству

Рабства.

***

І Хрыстос не стаў

Спартаком для рабоў,

Асабліва рабоў духоўных.

***

У школе рабства

Другагоднікаў

Не бывае.

***

Калі рабства пераварочваецца,

Дык з аднаго боку

На бок другі.

***

У зайздрасці і подласці

Не ведае ляноты

Раб.

***

Надзённая задача раба -

Рабом

Заставацца.

***

У рабства амплітуда такая:

То ўздымацца,

То падаць.

***

Светлай агульнай справы

Няма ў рабоў,

Таму яны між сабой

варагуюць часта.

***

Для раба сумленне і сорам -

Не штосьці іншае -

Смецце.

***

Раб - і даверліва-недаверлівы,

І легкадумны,

І крывадушны.

***

Сучаснае рабства класічнае -

Больш якаснае:

Яно больш у мазгах і сэрцы.

***

Рабы - вучоныя..,

Іх рабсты

Пыхлівыя.

***

Ці ёсць сярод паэтаў рабы?

О, цэлыя плоймы антыпаэтаў!

У якіх замест таленту шкурніцтва.

***

А на паперу, крый Божа,

Для іх пэцкаў

Нямала лясоў высякаюць.

***

Ці то раб торбу нясе,

Ці то торба яго вядзе -

Не разабрацца.

***

Раб, як вядома, - юркі,

Вяртлявае ўсё ў яго,

Нібы хвост.

***

Калі бяда ў каго,

Дык радуецца раб сабе:

"Як добра, што не ў мяне".

***

Як сварацца рабы,

Дык вочы адзін аднаму

выдзіраюць,

Каб праўды было не відаць.

***

Раб верыць усялякай хлусні

І нават, як сам сабе

Хлусіць.

***

"Не чуў, не бачыў,

Не ведаю, не я...", -

Адказы рабскія на розныя пытанні.

***

"Ничего не вижу,

ничего не слышу,

Ничего никому не скажу...", -

Улюблёная прыпеўка рабыні.

***

Адпаведныя ў рабоў і мянушкі:

Пацук, Казёл, Жаба,

Дыстрафан і інш.

***

Рабства - гэта яшчэ да трусасці

Жаданне падобнымі

Верхаводзіць.

***

Маска ў раба

І на...

Патыліцы.

***

Так рабства для раба

Пераважае вольнае

Жыццё.

***

Неарабства

Фізічнае і духоўнае

Не губляе статус

класічнага рабства.

І І

Школа рабства неўміручая...

Верагодна, большасць

сённяшніх людзей

Паходзяць з сем'яў рабоў.

Альфрэд Адлер.


Былі рабамі, рабамі і засталіся.

Язэп Лёсік.

***

Дарога ў рабства -

Ад нараджэння,

Выхад з рабства - вырашаеш ты.

***

Матэрыя і дух

узаемна пранікнёныя...

Трэ думаць, што існуюць пазлы

Між рабствам фізічным

і рабствам духоўным.

***

Школа рабства неўміручая.

Пільна сцерагуць яе

Настаўнікі і вучні.

***

Раб заўжды

Крэатыўны

У сваім крэтынізме.

***

Рабоў пратажэ -

Таксама рабы,

І маюць узаемны гонар.

***

Сучасныя рабы ў большасці сваёй

Самі сябе

Выкшталцоўваюць.

***

З'яўляліся месіі на зямлі,

А рабства на ёй

Не паменшала.

***

Па вытворчасці рабоў

План на зямлі

Штогод перавыконваецца.

***

О, колькі іх наўкол,

Што нарадзіліся

Для рабства!

***

Бацькі-рабы

Ганарацца сынам-рабом,

Што ён для многіх рабоў -

начальнік.

***

Угледзься добра ў дзяцей -

І знойдзеш радзімыя плямы

Рабства.

***

У любым паверсе грамадства,

Хочаш - не хочаш, а патыхае

Рабствам.

***

Грамадства кшталту багадзельні

З'яўляецца адначасова

Рабадзельняй.

***

Сварацца ўчарашнія

сябры-рабы -

Даносамі адзін аднаму

Пагражаюць.

***

"Соль табе ў вочы,

Дзяркач табе ў плечы!" -

Крычыць рабыня рабу.

***

Грэбліва ставіцца

Раб да раба...

Гэта ў іх у крыві.

(Працяг у наступным нумары.)

СТАЛЫЯ ПРАЕКТЫ НА НЯСВІЖЧЫНЕ

Апошнія два-тры гады сябрамі ТБМ з Нясвіжчыны ажыццяўляецца некалькі сталых, але шматаблічных праектаў. Адзін з іх - "Клумба памяці ад ТБМ". Пачалося ўсё з жадання прыбраць магілу краязнаўцы, аўтаркі кніг пра гісторыю і легенды Нясвіжа Клаўдзіі Шышыгінай. Пасля былі чырвоныя кропелькі-лісточкі на клумбе ля мемарыяла Леаніда Левіна каля Гарадзеі. Сціплая клумба з вясковых кветак, што з ініцыятывы Валянціна і Марысі Гладкіх запярэсцілася каля напаўразбуранага касцёла ў вёсцы Навасёлкі, выконвала сваю місію: нагадвала пра Божую веру і даўнейшы гонар продкаў, падахвочвала да грамадскай актыўнасці, дакарала за абыякавасць і бяспамяцтва. Кожная сустрэча шматгадовага праекта - гэта новыя людзі, знаёмствы. І не толькі праца ды добраўпарадкаванне пэўнай мясціны. Гэта пазнаваўчая інфармацыя, краязнаўчыя сведчанні, жывая нітка памяці з мудрагелістымі вузламі людскіх лёсаў і невядомымі гістарычнымі фактамі. У ліпені гэтага года "Клумбу памяці" зладзілі ў Нясвіжы ля помніка былой вёсцы Агароднікі, знішчанай 7 ліпеня 1944 года падчас авіяналёту (фота 1).

Яшчэ адзін праект працуе на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю народнай творчасці, а менавіта нясвіжскіх маляванак. Выяўлена па вёсках і зафатаграфавана каля сотні твораў наіўнага жывапісу. Сабрана калекцыя для невялікага музея. У шматгадовай аўтарскай серыі Валерыя Дранчука "Маляўнічая Бацькаўшчына" выдадзены каляндар на 2020 год "Маляванкі ў Ваш дом". Праведзена некалькі прэзентацый выдання. Асабліва багатую творчую спадчыну пакінуў пасля сябе мастак з Сейлавіч Юзік Мысліцкі. У гэтую вёску зладжана некалькі экскурсій. Падчас пандэміі экскурсійныя групы невялікія. Але сын мастака Іван Мысліцкі годна сустракае кожнага, з ахвотай расказвае пра бацьку, паказвае тое, што захавалася ў роднай хаце. Падчас апошняй сустрэчы падараваў у калекцыю маляванак чарговую знаходку - "Букет з белай ружай" (фота 2; крайні справа Іван Мысліцкі).

Ідэя музея маляванак, як і мара пра адраджэнне касцёла ў Навасёлках…, застаецца пакуль толькі ідэяй, але, як вядома, кожная добрая справа пачынаецца з добрай задумы.

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

З друку выйшла кніга Вячаслава Шведа "Летапіс Гродна"

Кніга прафесара Вячаслава Шведа "Летапіс Гродна" выйшла з-пад варштата мясцовага выдавецтва "Літара", якое раней называлася "ЮрсаПрынт". Гэта аўтарская кніга, якая ў святле апошніх доследаў дапаўняе і ўдакладняе звесткі пра Гародню ад 1005 па 1995 год. Кніга выйшла па-беларуску.

- Яна - лагічны працяг вывучэння Гародні, кажа аўтар. - Кніга, якую я асабіста напісаў, - гэта аўтарская канцэпцыя бачання гісторыі Гародні. Тут у мяне ёсць новыя перыядызацыі. Кніга пачынаецца з 1005 года, а не з 1116. У кнізе ёсць фрагменты дакументаў, і чытач можа сам даведацца пра тое, што гэта не прыдуманае аўтарам, а ёсць у дакументах таго часу гісторыі Гародні.

Прэзентацыя кнігі адбудзецца ў канцы жніўня з удзелам выдаўца і аўтара. А пакуль яе можна набыць у выдавецтве на вуліцы Маркса. Нагадаем, што першая кніга Вячаслава Шведа "Кронан - летапіс горада на Нёмане" выйшла па-расейску ў суаўтарстве з Алесем Госцевым у 1993 годзе.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

Маштабная акцыя салідарнасці з Беларуссю прайшла ў Берліне

Навіны Германіі

18 ліпеня ў Берліне прайшла акцыя супраць рэпрэсій з боку дзяржавы ў Беларусі перад пачаткам прэзідэнцкіх выбараў.

Прадстаўнікі беларускай супольнасці ў Германіі сабраліся перад Мемарыялам загінулым савецкім салдатам, адкуль прайшлі да берлінскай тэлевежы побач з Аляксандарплятц.

"Грамадзяне Беларусі ва ўсім свеце пратэстуюць супраць гвалту з боку беларускіх уладаў і патрабуюць вольных выбараў, допуску да выбараў незалежных кандыдатаў і неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў. Мы патрабуем міжнароднай увагі да бягучых падзей. Дзеянні беларускага ўрада ў геаграфічным цэнтры Еўропы з'яўляюцца недэмакратычнымі, састарэлымі і нялюдскімі", - гаворыцца ў заяве арганізатараў акцыі.

Апроч беларусаў, якія жывуць у Берліне, на акцыю прыехалі прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Германіі - з федэральных зямель Паўночны Рэйн-Вестфалія, Брандэнбург, Гесен, Саксонія, Ніжняя Саксонія, Брэмен і іншых.

Фота прадстаўлены арганізатарамі.

naviny.by.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

БАЛАДА АЛЕСЯ ПІСЬМЯНКОВА (25.02.1957 - 23.04.2004)

Ведайце: калі мяне не стане-

Я ў сваю дывізію пайшоў.

Аляксей ПЫСІН.

Мы ідзём праз спёку і снягі,

Праз надзею, веру і любоў.

Як раку трымаюць берагі,

Мы жывём душою між сяброў.


І ніхто не ведае, хто з нас

Першым скажа вечнае: "Бывай..."

Нібы смерць, ляціць за намі час,

Як жыццё, прад намі родны край.


Ты гаворыш: "Будзем доўга жыць,

Як жывуць надзея і любоў…"

Ды за намі, як трава, крыжы

Прабіваюцца з зямлі сярод крыжоў.


Нечаканасць, як агонь, як стрэл,

Праз цябе - і ўжо цябе няма,

Толькі дождж і кветкі на дварэ,

Холад, бы вярнулася зіма.


На пытанне, што гучыць прыцішана:

"Дзе паэт? Дзе Саша Пісьмянкоў?"

Чуецца з нябёс узвышана:

"Ён да Аляксея Пысіна

У яго дывізію пайшоў…"

28.04.2004 г.

БАЛАДА ЛЕАНІДА МАРАКОВА (15.04.1958 - 17.12.2016)

Святло ў тваім вакне, нібыта зорка,

Гарыць і не стухае цэлы век,

І чуецца табе людзей гаворка,

Якіх няма, як фрэсак у царкве,

Бо знішчаны былі і пылам сталі,

І пыл застыў між небам і зямлёй.

Магіл няма, травой пазарасталі,

Ты іх знайшоў і ажывіў слязой,

І запісаў для вечнасці імёны

Людзей, якіх ты слухаў галасы.

А над Нямігай лёталі вароны

Чарнюткія, як смерці валасы.

І ты глядзеў з вакна на горад белы

І ты яго, нібы жыццё, любіў,

І гаварыў з расстрэлянымі смела,

Нібыта сам расстрэляным ты быў,

Як дзядзька твой, паэт, якога помнім,

І да якога ты цяпер пайшоў,

Пакінуўшы святло ў вакне, як помнік,

Як вечнасць, што завецца "Маракоў"…

17.12.2016 г.

БАЛАДА АНАТОЛЯ СЫСА (26.10.1959 - 4.05.2005)

І

...А для паэта, як і для паяца,

Віно - не вежа, у якой схавацца.

Віно - агонь, і на яго ляцім,

Каб узлятаць, аб хмары разбівацца

І плыць над светам, як цыгарны дым

У бары, дзе віно, нібыта вежа,

Куды хаваеш, як агонь, душу,

Што любіць снегу белае бязмежжа

І адзіноту чорную дажджу,

Што, як манах, прыходзіць і малітву

Табе зноў шэпча ля твайго вакна,

Што, нібы неба, што на крыж прыбіта,

Дзе сонца ўжо няма, нібы віна,

Нібы крыві, што шчэ цячы жадае

У гэтым свеце, дзе любоў, як сон,

Які, як толькі спіш, тады й бывае,

Калі ж няма віна, знікае й ён,

Як і жыццё, з якога не схавацца,

Як матылю ў агні, табе ў віне,

І сонца адыходзіць, каб з'яўляцца

У небе чыстым, быццам у вакне,

Дзе бачыць нам паэта і паяца

З тутэйшым крыжам на спіне...

І І

...Пад кашуляй белай, белай, вышыванай,

Цела пачарнелае, як тая ноч,

Што сышла апошняй з хаты непрыбранай,

У якой ты плакаў... Слёзы гостра з воч,

Быццам воск са свечак, да крыві сцякалі,

Да віна і сонца, больш якога ты

Не спазнаеш, бо анёлы прашапталі, -

Ты ўжо ў гэтым свеце, як Каўчэг, пусты,

І ляжыш ты адзінока ў дамавіне,

Нібы ў русле перасохлым і прамым,

У кашулі вышыванай, як Айчыне

Верш апошні, што табой яшчэ жывым

Быў прысвечаны, асвечаны крывёю,

Ды ніхто яго не прачытае тут,

Бо драўляныя нябёсы над табою,

Як крыло, якім закрыўся ад пакут

Ты цяпер, каб заўтра закапалі ў гліну

На Палессі, на тваёй святой зямлі,

Верш твой,

што аднойчы прарасце рабінай

Сумнай, як мы ўсе, што тут з табой былі...

9-10.05.2005 г.

БАЛАДА ТАЦЦЯНЫ ЗІНЕНКІ (4.03.1960 - 1.02. 2011)

Табе я не зайздросціў і не пазайздрошчу,

Запомніў, што казала ты, я не маню,

Што будзе пакараны Сыс

з табой на плошчы,

Дзе пашкадуюць толькі вам дваім агню.

… І падаў мокры снег на плошчу,

як у пашчу,

Дзе зубы - плот, яліна ў мішуры - язык.

І вуліца, як у асфальт закуты яшчур,

Які сябе штодня з'ядаць у нас прывык,

Была яшчэ ў цябе пад босымі нагамі,

Калі на плошчу да Сыса праз ноч ішла

І верыла, што неба белае над намі

Не мёртвае, а поўнае жыцця-святла.

Прыйшла на плошчу,

а на ёй - даўно нікога,

І толькі лёд і снег, як попел, над якім

Ляталі вераб'і і радавалі Бога,

І п'яным горад быў у навагодні дым.

А Сыс сядзеў на воблаку, кідаўся снегам,

І клікаў да сябе, і чула толькі ты,

Што палюбіць віно

не будзе страшным грэхам,

Ну а паэту век не быць у нас святым.

І плошчу ты пакінула, і на край свету

Пайшла, каб не вярнуцца болей на зямлю,

Дзе паміраюць кветкамі ў мароз Паэты,

Перш чым пачуюць шчырае: "Люблю…"

12.06.2019 г.

БАЛАДА АРЫНЫ ВЯЧОРКІ (14.04.1961 - 9.04.2012)

Запыніўшыся ў Вільні на сцежцы святла,

Ты ў Вялікае Княства княгіняй пайшла,

Бо была ты княгіняй, і рыцары ўслед

За табою хадзілі, і вершы паэт

Сачыняў для цябе, і на крылах вятроў

Іх пісаў, каб крыляла над светам любоў

Да зямлі, дзе ссівелыя замкі стаяць,

Дзе дубам векавым наша неба трымаць,

У якім наша золата - россыпы зор,

Дзе малітвы і песні, дзе вольны прастор,

Па якім мы ідзём, і мы прыйдзем усе

Да адной Беларусі, што сцяг свой нясе,

Нібы сонца, якое ні ў небе, а ў нас,

Нібы нашая кроў, у якой новы час,

Новы век выспявае на сцежках святла,

Па якіх ты з Вялікага Княства прыйшла

На зямлю, на якой нашы продкі жылі

І найлепшай у свеце не зналі зямлі.

Ты прыйшла, і з табою прыйшла талака,

Каб, як смецце, не змыла нас часу рака

І не зніклі ў траве нашых продкаў крыжы.

Ты прыйшла, і пайшла

праз сухмень і дажджы

У Вялікае Княства, дзе жыць без бяды,

І дзе будзеш княгіняю нашаю ты…

10.04.2012 г.

БАЛАДА ТАЦЯНЫ САПАЧ (26.08.1962 - 28.12.2010)

Па віленскіх вулках няспешна ідзеш

І час тут няспешна ідзе, як ішоў,

І ў небе глыбокім, нібыта ў вадзе,

Аблокі, як гурбы вандроўных снягоў,

Плывуць над табою, навек маладой,

Хаваючы сонца, што плача святлом

На кроплі крыві, што не стануць травой,

Бо зоркамі стануць, і будзе кругом

Журботна і светла ад велічы іх,

Бы ў Храме ад свечак, што ў памяць тваю

Пастаўлены ўчора на век і на міг,

І я сёння ў Храме, як свечка стаю,

Каб ты не спыняла па Вільні хаду

І ў вершах жыла, у якіх мы жывём

І разам з табою п'ём неба ваду,

Сябе саграваем тутэйшым агнём,

Што ў нашых садах незабыўна гарыць

І будзе гарэць каля нашых крыжоў,

І будзе з вятрамі пра нас гаварыць,

Калі ўсе мы прыйдзем няспешна дамоў,

Куды ты прыйшла не адна без пары,

І не дарабіла, што ўмела рабіць,

І не далюбіла, умеўшы любіць,

Сяброў і Радзіму, і Вільні муры…

1.08.2012 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Літаратурны ўспамін пра выбітнага навукоўца

На кніжных паліцах у бібліятэках з'явілася новае выданне. Пісьменніца, журналістка і тэатральны крытык Таццяна Мушынская выдала ў 2020 годзе дакументальна-мастацкую аповесць "Сямейны партрэт на фоне эпохі", прысвечаную бацькам: члену-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару філалагічных навук, прафесару, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Міхасю Іосіфавічу Мушынскаму і яго жонцы Тамары Фёдараўне.

Цягам многіх гадоў М.І. Мушынскі (1931-2018) ўзначальваў аддзел выданняў і тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства. Пад яго кіраўніцтвам была ажыццёўлена падрыхтоўка шматтомных выданняў класікаў нацыянальнай літаратуры: зборы твораў Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа. З цёплымі пачуццямі ў абразках і нататках дачка навукоўца Таццяна Міхайлаўна ўспамінае яркія эпізоды з жыцця бацькоў. Для многіх чытачоў кніга - нагода для развагі, як найлепшым чынам захаваць памяць пра адышоўшых бацькоў, якія жыццёвыя ўрокі засвоіць.

Сілуэты

Першакласнік Міша Мушынскі - вясковы хлопчык з наіўным і крыху праставаным тварам. У часы маладосці на студэнцкіх здымках у яго абліччы шмат акрыленасці, рамантычнасці, расхінутасці свету. На фотаздымках больш позняга часу, на пачатку новага стагоддзя, выраз яго твару часцей засярожданы і строгі.

Бабуля Марфа Іванаўна называла майго бацьку "Мішачка-сыночак", жонка "Міхаська", я "татка і папусік". Дзмітрый Іванавіч Сыракваш, муж Валянціны Іосіфаўны, бацькавай сястры, звяртаўся так: "Пан прафесар".

Міхась Іосіфавіч любіў прастор поля і лугу, вандроўкі па лесе, цішыню і засяроджанасць. Любіў не мітусіцца, а займацца любімай справай. Цаніў унутранае адчуванне сябе як героя. Як філосафа і чалавека, што шырока і фундаментальна мысліць. Ён быў інтэлектуалам, для якога кніга і літаратура з'яўляліся цэнтрам, вакол якога круцілася ўсё астатняе.

Многія з калег і вучняў бацькі згадваюць яго вясёлы, жыццярадасны характар, уменне быць душой кампаніі.

Такім раскаваным, абаяльным, свецкім тата ад прыроды не быў. Яго характар асабліва ў першай палове жыцця не выглядаў лёгкім. Меліся і празмерная крыўдлівасць і схільнасць губляцца ў нечаканых жыццёвых сітуацыях, іх празмерна драматызаваць. Але бацька ўсё жыццё свой характар "ляпіў", карэкціраваў, мяняў, габляваў і шліфаваў. Шмат чым пад уплывам мамы, неверагоднай аптымісткі, чалавека тактоўнага і жыццярадаснага.

Пасля заканчэння БДУ бацька марыў паступіць у аспірантуру, бо ў студэнцкія гады хацеў займацца навукай. Але месца ў аспірантуры мелася адно, і нечакана яго аддалі Міхасю Ткачову. Тата, рамантык і летуценнік, арыентаваны на будучы поспех, поўны ідэй і задум, не рэалізаваўшы мары, моцна захварэў. Выявілася нярвовае знясіленне і дэпрэсія.

Дыягназ і прысуд дактароў аказаўся страшным: "Рассяны склероз". На шчасце, дактары памыліліся ў дыягназе і ў прагнозах. Дапамаглі выпісаныя лекі. Бацька некалькі разоў ездзіў у санаторый у Друскенікай. У тым, што ачуняў і вярнуўся да навуковай працы, паспяхова напісаў кандыдацкую, а потым і доктарскую галоўнай была любоў і непахісная вера маці ў тое, што яе дарагі Міхаська паздаравее, павесялее. І наперадзе ў іх доўгае жыццё - незвычайнае і шчаслівае.

Пасля драматычнага перыяду, які, на шчасце, скончыўся ап-тымістычна, бацька і маці зрабілі грунтоўныя высновы. Яны фармуляваліся не словамі, але істотна ўплывалі на лад жыцця. Бацька ніколі не імкнуўся працаваць праз сілу. Строгасць, сабранасць, пэўны педантызм, засяроджанаць на працы - гэтыя рысы вызначалі бацькаў характар. А дысцыпліна, нармальны сон абавязковыя, штодзённыя прагулкі на свежым паветры зрабіліся звыклымі рысамі ўкладу сям'і. Менавіта строгасць і спакойны, цвярозы рацыянальны падыход да працы зрабіліся прычынай бацькавага даўгалецця, чалавечага і навуковага.

Маці бачыла: бацька адчувае сябе свабодна і разняволена ў свеце кніг, літаратуры, у свеце складаных філасофскіх пытанняў, але не надта любіць побыт. Таму мама заўжды імкнулася ўзяць на сябе большасць паўсядзённых і побытавых клопатаў.

Сымон-музыка і вядро трускалак

У 1963 годзе бацька абараніў кандыдацкую. Назва фармулявалася так - " Творчая гісторыя паэм Якуб Коласа "Новая зямля" і "Сымон-музыка". Міхасю Іосіфавічу - 32 гады. Гэта быў пачатак яго даследванняў спадчыны паэта, якім ён будзе займацца ўсё сваё жыццё. Напярэдадні з Быхава, з радзімы прыехаў Анатоль, бацькаў малодшы брат. Прывёз вялікае вядро на дзесяць літраў трускалак і штосьці кшталту смажанага ці вэнджанага кумпяка. У 1964 годзе пасля абароны ў сям'і адбылася важная падзея - нарадзіўся малодшы брат Андрэй.

Мама як сонца

Для кожнай істоты, асабліва малой, мама - галоўны чалавек у жыцці. Сустрэча з ёй - самая важная, істотная і вызначальная. У дзіцячым узросце ўспрыманне бацькоў і блізкіх ідзе на падсвядомым ці энергетычным узроўні. Не можаш патлумачыць, чаму так адчуваеш, а не іначай.

Мама ў маленстве ўспрымалася мной як сонца. Ласкавае, добрае, шчодрае, цёплае. Сонца патрэбна ўсім - дрэву, кветцы, дзіцяці. Мама ўваходзіць у пакой - і ўсё ажывае. Асвятляецца яе радасцю, прыязнасцю, грацыёзнымі жарцікамі. Усё пачынае граць новымі фарбамі. Пералівацца і ззяць, як ззяе на сонцы кропля расы. Карцінка, якая трывала засталася ў памяці: мама сядзіць у кухні каля печы, дзе цёпла. Трымае на руках скрутак-немаўля - майго малодшага брата. У хату асцярожна заходзяць Марыя Іванаўна і Фёдар Фёдаравіч. На тварах адлюстраваны цікавасць, хваляванне, усведамленне ўрачыстасці моманту…

Зялёны Луг. Краны, катлаваны, будоўля

У жніўны 1964 года сям'я перабралася з Грушаўкі ў Зялёны Луг. Пачыналася новае жыццё. Тэрыторыя ў межах вуліц Каліноўскага, Сядых і Коласа ў другой палове 1960-тых гадоў актыўна забудоўвалася. У мікрараёне атрымлівалі кватэры пераважна сем'і з дзецьмі. Там, дзе заканчваліся дамы, услед за балотцам і нізінкай знаходзіўся зялёны лужок. Ля самага лесу стаялі хаты вёскі Падбалоцце. Цяпер на тым месцы - вуліцы Карбышава і Цікоцкага, шматпавярховікі Зялёнага Лугу-5. Не засмечаная прыгарадная зона, а сапраўдны лес. Светлы, пера-важна сасновы, дзе панавалі велі-зарныя гонкія дрэвы. Тут прастора аказвалася чыстай, некранутай. Бацька часта тымі сцежкамі хадзіў. І сам, і мы разам з ім. Маршруты лясных вандровак кожны раз аказваліся рознымі.

У 1965 годзе ў выдавецтве "Навука і тэхніка" выйшла першая манаграфія бацькі "Ад задумы да здзяйснення. Творчая гісторыя "Новай зямлі" і "Сымона - музыкі".

Працаваць для Гісторыі

На чым грунтавалася выключная працаздольнасць бацькі? Па-першае, у яго былі трывалыя і здаровыя гены. Марфа Іванаўна, ягоная маці, пражыла амаль 90 гадоў. Яна была рухавай, гаспадарлівай жанчынай, працавала да глыбокай старасці. Існуе такі выраз: "Вялікая энергія нараджаецца для вялікай мэты". Мне здаецца, што стыль жыцця Міхася Іосіфавіча выдатна яе ілюструе. Бацька ўсведамляў, што працуе для гісторыі. Што акадэмічныя выданні, новая "Гісторыя літаратуры" будуць арыенцірам для наступнага пакалення даследчыкаў. А грунтоўныя распрацоўкі Інстытута літаратуры паўплываюць на праграмы школьныя і гуманітарных факультэтаў ВНУ. Гэтая акалічнасць, выдадзеныя кнігі і шматлікія прыкметы грамадскага прызнання натхнялі і ўсцешвалі. Давалі новыя імпулься і штуршкі для руху наперад.

Сябры

Пра маштаб асобы сведчыць тое, з кім кантактуе і сябруе чалавек. Мой бацька заўсёды меў самыя добразычлівыя стасункі з калегамі. З літаратуразнаўцамі і пісьменнікамі Алесем Адамовічам і Віктарам Каваленкам, Іванам Навуменкам і Дзмітрыем Бугаёвым, Васілём Жураўлёвым і Вячаславам Рагойшам. Вельмі любілі Міхася Іосіфавіча супрацоўнікі Коласаўскага музея.

Бацька заўжды імкнуўся апранацца акуратна і элегантна. Касцюмы яму пасавалі, надавалі афіцыйны, у нечым строгі выгляд. Увага да знешняга выгляду мела шмат прычын. Па-першае, вымагалі пасады і грамадскі статус навукоўца. Немалая колькасць літаратурных, навуковых, грамадскіх мерапрыемстваў, у якіх трэба ўдзельнічаць, паседжанні вучонага савета Інстутута літаратуры і паседжанні прэзідыума Акадэміі навук. Па-другое, калі ў 1986 годзе Мушынскі стаў загадчыкам сектара тэксталогіі і выданняў, высветлілася: пераважная большасць яго супрацоўнікаў - жанчыны. Міхасю Іосіфавічу хацелася выглядаць прадстаўніча, бо жаночае вока звычайна ў момант вызначае, добра клапоціцца пра мужа жонка ці не надта. Бацька заўсёды выглядаў дагледжаным. Маці за ягоным выглядам і гардэробам сачыла. Імкнулася, каб ён быў апрануты модна і па-сучаснаму.

Будні, святы і "нятленка"

У 2011-м Акадэмія навук выдала кнігу бібліяграфіі Міхася Мушынскага. У ёй пералік манаграфій ( іх 13). Зборнік займае 100 старонак дробным шрыфтам. Як можна ўсё гэта напісаць? Артыкул - кароткая дыстанцыя, а кніга ў 300 ці 500 старонак - марафон. Аб'ём зробленага ім і сёння здаецца абсалютна незразумелым. Свае артыкулы бацька заўжды пісаў ад рукі. Почырк у яго быў не ідэальны, не радасна-"круглы", настаўніцкі, як мамін. На аркушах бацькавых рукапісаў шмат літар з вострымі вугламі.

Яшчэ ў 1991-м доктара навук Міхася Мушынскага абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. Адбываецца гэта звычайна на сесіі Акадэміі. Выберуць ці не, вырашаецца тайным галасаваннем вучоных, якія маюць званне членкораў і акадэмікаў. За Міхася Іосіфавіча прагаласавалі ледзь не адзінагалосна. Бацьку споўнілася толькі 60 гадоў. Вядома, калегі і сям'я былі рады! Віншавалі.

Вывучэнне творчасці Якуба Коласа было адным з магістральных напрамкаў навуковай дзейнасці Міхася Іосіфавіча. Дзвюм паэмам была прысвечана першая, даўняя манаграфія. Падрыхтоўкай збору твораў Якуба Коласа ў 20-ці тамах у Інстытуце літаратуры займаўся менавіта аддзел выданняў і тэксталогіі, які спадар Мушынскі ўзначальваў з 1979 па 2002 год. Кіраўнікамі праекта выступалі ён і Тарэза Голуб. Працаваў Міхась Іосіфавіч над "Летапісамі" жыцця і дзейнасці Якуба Коласа і Івана Шамякіна.

Маці, Тамара Фёдараўна, змагла абараніць дысертацыю ў сталым узросце, маючы дарослых дзяцей і ўнука. У дысертацыі Тамара Фёдараўна абагульніла свой педагагічны вопыт, назапашаны за чвэрць стагоддзя практыкі. Кнігу мамы "Беларуская літаратура 20-40-х гадоў ХХ стагоддзя. Дапаможнік для настаўніка" ў 2000-ым годзе апублікавала "Народная асвета" тыражом 5400 экземпляраў.

Міхась Іосіфавіч займаў такое велізарнае месца ў жыцці блізкага атачэння, сваіх сяброў, калег, вучняў і ў гісторыі беларускай крытыкі, літаратуразнаўства, тэксталоггі, выдання збораў твораў, што пустату, якая ўтварылася з яго сыходам, нельга нічым запоўніць. На думку калег, пісьменнікаў, музейных супрацоўнікаў, журналістаў, Міхась Мушынскі - такая маштабная асоба, што яго навуковую спадчыну доўга будуць асэнсоўваць. Яна будзе запатрабаваная пакуль жывая айчынная літаратура.

У ліпені 2018 года ў Коласаўскім музеі ладзілася вечарына памяці бацькі па ініцыятыве тагачаснага дырэктара музея Зінаіды Камароўскай. Імпрэза атрымалася душэўнай і кранальнай. За шклом шафаў стаялі яго кнігі, зборнікі і рукапісы артыкулаў, гучалі любімыя бацькавы песні Булата Акуджавы. А ўся атмасфера стварала адчуванне нябачнай прысутнасці галоўнага героя.

Падрыхтавала Эла Дзвінская, фота з архіва сям'і Мушынскіх. На здымках: 1. Міхась Мушынскі з бацькамі і стрыечным братам; 2. М. Мушынскі - у маладосці; 3. Ля будынка Акадэміі навук.

"Ад хвалявання спаць не магла".

Выпускніца з Маладзечаншчыны расказала, як атрымала сто балаў на ЦТ па беларускай мове

Сёлета сто балаў на ЦТ па беларускай мове набрала 78 чалавек. Сярод іх - выпускніца Гарадзілаўскай сярэдняй школы Ганна Бярнацкая. Дзяўчына рассказала карэспандэнту "Рэгіянальнай газеты" пра тое, як рыхтавалася і атрымала высокі вынік.

Беларуская мова - больш простая і зразумелая

- Для мяне беларуская мова заўсёды была куды больш простая і зразумелая ў параўнанні з рускай. Таму я нават не думала, якую мову здаваць. Дакладна ведала - гэта будзе беларуская, - тлумачыць Ганна свой выбар.

Па словах дзяўчыны, да ЦТ яна рыхтавалася два гады - падчас вучобы ў дзясятым і адзінаццатым класах. Да рэпетытара не звярталася. Займалася толькі са сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Якавіцкай. Рашала шмат тэстаў, займалася па тэматычных зборніках, паўтарала правілы.

- Нядрэнныя вынікі на рэпетыцыйным тэсціраванні: на першым і трэцім этапах - па 87 балаў, на другім - 90, - прыгадвае дзяўчына.

Як здаюць ЦТ у пандэмію

Ганна кажа, што з беларускай мовай сябравала заўсёды. З пятага класа ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе "Буслік", дзе былі пэўныя поспехі. У прадметнай алімпіядзе таксама ўдзельнічала, але не праходзіла далей першых этапаў.

Перад ЦТ абітурыентка хвалявалася так, што не магла нават спаць. Настройвала сябе на тое, што ўсё павінна быць добра.

- На рашэнне тэста мне спатрэбіліся хвілін сорак. Яшчэ дваццаць - на пераправерку і ўнясенне вынікаў у бланк. Як заўсёды, частка "В" падалася лягчэйшай за частку "А", - згадвае Аня дзень ЦТ.

Пандэмія ўнесла свае змены ў правядзенне тэсціравання. Па словах Ані, у аўдыторыі было не так шмат чалавек, як звычайна. Людзі сядзелі за партамі ў шахматным парадку, рэкамендавалі надзяваць маску.

Рытуалаў накшталт кніжкі пад падушку ці пяць капеек у чаравік у дзяўчыны няма. Затое ёсць моцная падтрымка сям'і.

Спадзявалася на дзевяноста балаў

Пасля напісання тэста дзяўчына спадзявалася, што павінна быць балаў дзевяноста. На сто не разлічвала. Таму, калі зайшла на сайт Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, адразу не паверыла вачам:

- Пачала гартаць старонку туды-сюды. Не магла зразумець, ці мае гэта балы. Потым пачала правяраць адказы, і ўсе аказаліся правільнымі. Была ў шоку, - дзеліцца суразмоўца.

Першымі пра поспех дзяўчыны даведаліся члены яе сям'і, потым - настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Як здаць? Вучыць і верыць у сябе

Ганна прызнаецца, што ў апошнія школьныя гады ёй на ўсё хапала часу. Былі не толькі падручнікі, а сустрэчы з сябрамі, музычная школа, выступленні на школьнай сцэне, чытанне для душы.

Будучай спецыяльнасцю дзяўчына вырашыла абраць медыцыну. Канкрэтную ўстанову абярэ тады, калі будуць вядомыя ўсе вынікі ЦТ. Кажа, медыцына блізкая ёй. У ёй працавалі і працуюць родныя.

На пытанне, як здаць ЦТ на сто балаў, адказ у Ганны такі: вучыць і верыць у сябе.

nn.by.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX