Папярэдняя старонка: 2020

№ 33 (1496) 


Дадана: 18-08-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 33 (1496), 19 жніўня 2020 г.

Склікаць круглы стол з мэтай кансалідацыі беларускага грамадства

14 жніўня Рада беларускай інтэлігенцыі прапанавала склікаць круглы стол з удзелам прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў Беларусі і ўладных структур.

На паседжанні Рады інтэлігенцыі свае прапановы агучылі старшыня ТБМ Алена Анісім, Міхаіл Пастухов, Уладзімір Колас і Алег Трусаў.

Старшыня Рады інтэлігенцыі Уладзімір Колас адзначыў:

- Беларусы ў гэты гістарычны момант не ператварыліся ў натоўп, падуладны папулізму, а засталіся годнымі і свабоднымі людзьмі. Праз волю народа разбілася дзікая антычалавечная сіла, якой нахабна спрабавалі навязаць фальсіфікацыі. Высакародны, чысты парыў народа да волі і дэмакратыі натхняе Раду інтэлігенцыі на тое, каб выпрацаваць шляхі мірнага асэнсаванага дэмакрытычнага выйсця з сітуацыі.

Міхаіл Пастухоў, былы член Канстытуцыйнага суда, дэпутат Верхоўнага Савета ХІІ склікання падкрэсліў:

- Неабходна адрадзіць на Беларусі ўладу на прынцыпах законнасці, дэмакратыі і правоў чалавека. Такой асновай можа стаць Канстытуцыя 1994 года. Выбары Прэзідэнта і Парламента павінны ажыццяўляцца на аснове менавіта гэтай Канстытуцыі. Мы павінны прайсці пэўны перыяд да аднаўлення Канстытуцыі 1994 года. Мы памятаем досвед польскай "Салідарнасці", калі мірныя перамовы кансалідавалі грамадства.

- Мы ўсе адчулі цяжкую сітуацыю, - сказала старшыня ТБМ Алена Анісім. - На выбарах у нашай арганізацыі было 650 назіральнікаў. Законапаслухмяныя людзі бачылі сваю задачу ў тым, каб сумленна палічыць галасы. Але многіх сяброў нашай арганізацыі пасля выбараў забралі з участкаў. Так Дзяніс Тушынскі быў затрыманы. Кіраўнік Магілёўскай арганізацыі Алег Дзьячкоў быў арыштаваны падчас правядзення экскурсіі разам з турыстамі і асуджаны. Мы адчуваем сваю адказнасць за нашых сяброў.

Ганаровы старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў адзначыў:

- Мы прапануем прадстаўнікам нашай грамадскасці розных палітычных поглядаў арганізаваць і правесці "круглы стол" з мэтай кансалідацыі беларускага грамадства і выпрацоўкі агульных шляхоў выхаду з палітынага крызісу і стратэгіі дзеянняў пасля "так званых выбраў.

Рада інтэлігенцыі прапануе сваё пасярэдніцтва ў арганізацыі "круглага стала". Вядома, што будуць іншыя ініцыятывы. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, праваслаўныя і католікі, левыя і правыя, павінны сабрацца разам з мэтай захаваць Беларусь незалежнай і дэмакратычнай краінай. Вяртанне Канстытуцыі 1994 - найбольш легітымны шлях.

12 жніўня была прынята заява "Рада інтэлігенцыі - на баку народа".

"Недавер да вынікаў галасавання выказалі шматтысячныя групы людзей у розных гарадах Беларусі, якія выйшлі на выліцу з мэтай адстаяць сваё права на годнае жыццё…

У цяперашняй сітуацыі процістаяння ўлады і народа, - гаворыцца ў заяве, - мы бачым выйсце ў скліканні "круглага стала", на які мы запрашаем прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў Беларусі і ўладных структур. У выніку яго правядзення павінна быць выпрацавана прававая аснова выхаду з крызіснай сітуацыі і правядзення выбараў новай легітымнай улады".

Рада інтэлігенцыі была створана ў 2003 годзе з удзелам лідараў думкі, грамадскіх і культурных дзеячаў - Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Янкі Брыля, Радзіма Гарэцкага і іншых.

Першае пасяджэнне Аркамітэта спланавана на панядзелак 17 жніўня ў 13.00 на сядзібе ТБМ у Менску па вул. Румянцава, 13.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

У Зэльве ўшанавалі народную паэтку Беларусі

15 жніўня ў Зэльве каля Свята-Троіцкай царквы, дзе знаходзіцца помнік беларускай паэткі-змагаркі, вязня сталінскіх лагераў Ларысы Геніюш (1910-1983), адбылася ўрачыстасць з нагоды 110-й гадавіны з дня яе нараджэння. На мерапрыемства завіталі людзі з Гародні, Менска, Слоніма, Ліды, Баранавіч і Дзятлава. Распачаў урачыстасць паэт і журналіст Міхась Скобла, які адзначыў, што Ларыса Геніюш на належным узроўні ў Беларусі яшчэ не ўшанавана і што ў розных архівах знаходзіцца сотні неапублікаваных раней яе твораў. Пра паэтку і яе творчасць прыгадалі Станіслаў Суднік з Ліды, Аляксей Пяткевіч з Гародні, Мікола Ганчарук з Баранавіч, Валерый Петрыкевіч з Дзятлава, протаірэй з Зэльвы Георгій Субаткоўскі і іншыя ўдзельнікі свята ў Зэльве. Каля помніка Ларысы Геніюш адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына "Вяртанне да Ларысы Геніюш", якая нядаўна пабачыла свет у Гародні. Пра кнігу і працу над ёй распавёў прысутным сам аўтар. Ён адзначыў, што ў кнізе змешчаны артыкулы не толькі пра ўсіх Геніюшаў, але і пра тых людзей, з кім Ларыса Геніюш кантактавала, была ў сталінскіх лагерах, перапісвалася, сябравала. Напрыканцы мерапрыемства кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка сказаў, што штогод у Зэльве будзе ўручацца Гарадзенская абласная літаратурная прэмія імя Анатоля Іверса лепшаму літаратару Гарадзеншчыны, які нарадзіўся ці пражывае на прынёманскай зямлі і займаецца літаратурай. Сёлета першую літаратурную прэмію імя Анатоля Іверса атрымала ў Зэльве паэтка і этнакультуролаг Антаніна Хатэнка. Прэмію ёй уручыў Сяргей Чыгрын. Антаніна Хатэнка шчыра падзякавала за прэмію і пазнаёміла ўсіх з новымі сваімі вершамі. Аздабляў мерапрыемства бард з Ліды Сяргей Чарняк, які выканаў некалькі песень на словы Ларысы Геніюш.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва. Фота аўтара.

Нацыя, якая абудзілася і раскалолася

Шматлікія акцыі пратэсту супраць грубага ўжывання сілы ў дачыненні да нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў ускалыхнулі ўсю краіну. Паводле дадзеных Праваабарончага Цэнтра "Вясна" па ўсёй краіне за тры дні было затрымана каля 7000 чалавек, 250 чалавек было змешчана ў вайсковы шпіталь у Менску, у 10-ты шпіталь і ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі са шматлікімі раненнямі і траўмамі.

Нобілеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч назвала напады на людзей, якія адбываліся ў Менску ноччу 9, 10 і 11 жніўня праявамі сатанінскай лютасці. Не адно пакаленне беларусаў, выхаванае на кнігах Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Івана Навуменкі не можа змірыцца з фактамі зверскіх катаванняў у мірны час на нашай шматпакутнай зямлі, якая пераадолела фашызм у сваёй гісторыі.

13 - 14 жніўня працоўныя калектывы прадпрыемстваў па ўсёй краіне выступілі супраць ужывання грубай сілы адносна мірнага насельніцтва. На прахадную з патрабаваннямі выйшлі абураныя працаўнікі "БелАЗа". Яны сустрэліся з дырэктарам прадпрыемства і мэрам Жодзіна. Работнікі МТЗ у Менску запатрабавалі вызваліць усіх затрыманых, спыніць гвалт, адхіліць Прэзідэнта і прызначыць новыя выбары. 14 жніўня тысячная калонна працаўнікоў МТЗ з плакатамі "Мы не быдло, не народец, мы - работники МТЗ, нас не 20 человек, а 16.000" крочыла па праспекце Незалежнасці сталіцы да Дома ўраду. Салідарнасць, перакананасць і рашучасць аб'ядноўваюць людзей.

Да адміністрацыі з патрабаваннямі звярнуліся працаўнікі Гарадзенскага "Хімвалакна". Да мясцовых уладаў звярнуўся працоўны калектыў МСП "Белкард". Спынілі працу на некалькі гадзінаў і выставілі свае патрабаванні працаўнікі Беларускай чыгункі, "Кераміна", "Нафтана".

Сталі вядовыя факты сумленных учынкаў прадстаўнікоў розных прафесій, якія больш не згодныя падпарадкоўвацца сістэме хлусні.

Вядоўца праграмы "Арсенал" на тэлеканале Беларусь-1 Уладзімір Бурко сышоў з тэлебачання і звярнуўся да вайскоўцам са зваротам, у якім ён заклікаў афіцэраў да годных паводзінаў. З тэлеканала Беларусь-1 сышоў таксама тэлевядоўца Яўген Перлін. Капітан міліцыі Ягор Емельянаў падаў у адстаўку, бо больш не згодны знаходзіцца ў шэрагах людзей, якія чыняць гвалт над мірным насельніцтвам. Лаўрэаты прэміі Прэзідэнта для адоранай моладзі адмовіліся ад прэмій і званняў, навучэнцы гімназій пачалі вяртаць свае медалі і ўзнагароды.

12 жніўня шматлікія акцыі салідарнасці прайшлі па ўсё краіне. У Менску дзяўчаты і жанчыны, пратэстуючы супраць гвалту над іх мужамі, братамі, сынамі і каханымі, у белых вопратках з кветкамі ў руках станавіліся ў доўгія ланцугі на Плошчы Перамогі, ля будынка Філармоніі, ля станцыі метро Усход.

Да пратэстаў далучыліся дактары 1-ай клінічнай бальніцы, якія ў дзённы час выйшлі на праспект Незалежнасці, і дактары РНПЦ "Кардыялогія". Медыкі зноў праявілі сваю высокую сумленнасць і гуманнасць. Каля 50 медыцынскіх работнікаў выйшлі з плакатамі "Спыніць гвалт" да будынка Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта ў Пятроўшчыне. Дактары выступілі таксама ў падтрымку свайго калегі, беларускамоўнага лекара, кандыдата медыцынскіх навук, дзіцячага анестэзіолага і рэаніматолага Андрэя Вітушкі, які быў затрыманы разам з жонкай Крысцінай.

На акцыю пратэсту выйшаў творчы калектыў з 85 супрацоўнікаў Белдзяржфілармоніі - Камерны хор і Камерны аркестр, Капэла імя Шырмы з плакатамі "Мы, беларусы, мірныя людзі". На прыступках буйнейшай сталічнай установы культуры артысты выканалі духоўны гімн Беларусі "Магутны Божа". Сталічную інтэлігенцыю падтрымалі працаўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва, якія таксама выйшлі на праспект Незалежнасці. Акцыю салідарнасці правялі акторы Нацыянальнага беларускага тэатра імя Я. Купалы на чале з Паўлам Латушка.

У Менску многія матулі, жонкі і родныя па трое сутак не маглі адшукаць сваіх сыноў, тэлефануючы ў Ізалятар часовага ўтрымання на зав. Акрэсціна, 36 і ў Жодзіна. Сярод іх - маці моладзевага хрысціянскага актывіста, выкладчыка пачатковай школы Змітра Хведарука - Ірына Пятроўна, бацька Юрася Меляшкевіча - Віктар Рыгоравіч. З горкімі пачуццямі знайшоў свайго сына сярод затрыманых у Жодзіна гісторык і краязнавец Антон Астаповіч. У адну з начэй быў затрыманы вядомы артыст Купалаўскага тэатра Павел Харланчук. Раіса Уладзіміраўна Чудук адшукала і змагла вярнуць дадому з ІЧУ на Акрэсціна свайго трыццацігадовага сына Паўла, магістра тэалогіі. Спадарыня Раіса 10 гадоў працавала на хуткай дапамозе, а потым - у прэсавай службе Міністэрства аховы здароўя.

- Усе шкадуць аб тым, што здарылася! - кажа спадарыня Раіса, - Медыкі настойваюць на тым, што такіх траўмаў не павінна быць у мірны час! Усе пытанні ў грамадстве павінны вырашацца праз дыялог.

Шматлікія акцыі салідарнасці з беларускім народам адбыліся ў Вільні, Варшаве і Таронта.

А 16 жніўня ў Менску прайшоў шматтысячны мітынг прыхільнікаў А.Р. Лукашэнкі і Марш Свабоды.

Падрыхтавала Эла Дзвінская, фота з сайта www.tut.by.

Няўжо вы гатовы забіць сваю маці?

Уладзімір Арлоў

Пяты дзень мы жывем, нібы ў вусцішным крывавым сне.

Засынаем, калі ўдаецца, і прачынаемся, маючы ўваччу адно і тое ж: вакханалію гвалту, безліч збітых, а мо і забітых (яшчэ невядома, якія страшныя таямніцы хаваюць турмы і лякарні), сотні параненых, залітую крывёю пяцігадовую дзяўчынку, доктарку з прыстаўленым да скроні пісталетам…

Калі я быў маленькі, такой жнівеньскай парою дапамагаў маме збіраць у нашым садзе яблыкі. Увечары мама цалавала мяне і пыталася: "Ці не стаміліся твае ручкі, сынок?"

Калі я вырас і прывёз маме з будатрада свае першыя вялікія грошы, яна пагладзіла мае рукі з загрубелымі сібірскімі мазалямі, пацалавала іх і спытала: "Яны не стаміліся, сынок?"

Калі я напісаў сваю першую кнігу, мама зноў пацалавала мае рукі: "Яны не стаміліся, сынок?"

У такія хвіліны да мяне заўсёды вярталіся сілы.

У вас, маладых, азвярэлых, бязлітасных, з прадбачліва схаванымі за маскамі і шаломамі тварамі і налітымі сілай натрэніраванымі рукамі і нагамі, у вас, хто выконвае сёння нялюдскія загады, таксама ёсць маці, і вы раней ці пазней прыйдзеце ці прыедзеце да іх. Магчыма, яны, як і мая мама, пагладзяць вас па руках і спытаюць: "Яны не стаміліся, сынок?"

І тады вы ўспомніце, як самааддана збівалі да паўсмерці падлеткаў, катавалі мужчынаў, здзекваліся з дзяўчатак. Вы ўспомніце, як гераічна стралялі ў бяззбройных людзей і кідалі ў іх гранаты.

Што вы скажаце тым, хто нарадзіў вас, як паглядзіце ім у вочы?

Але вашыя маці ўжо ўсё ведаюць. Вашыя маці пазнавалі вас, асатанелых ад крыві, і ў балаклавах. Я ніколі не паверу, што вашыя маці пляскалі вам у ладкі.

Вашыя маці скрозь слёзы спытаюць: "За што вы збівалі і калечылі, за што наводзілі прыцэлы на мірных людзей, якія хацелі толькі свабоды і праўды?"

Што вы зробіце тады? Будзеце збіваць да паўсмерці родную маці? Напэўна, вы гатовы да гэтага.

Вы ўжо робіце гэта, збіваючы і катуючы саму Беларусь.

Яна не даруе.

13 жніўня 2020 г. Паводле Радыё Свабода.

Шаноўны Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка, агляніцеся на пройдзенае

Да ўсталявання ўлетку 1994 года ў Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкага палітычнага рэжыму ў нас паслядоўна, без усялякага прымусу адбываўся такі наспелы, жаданы для народа працэс нацыянальна-культурнага адраджэння. У яго гістарычнай заканамернасці, пераможным завяршэнні мала хто сумняваўся. Найбольш адметнымі былі поспехі ва ўзрастанні сацыяльнай ролі беларускай мовы, якую стагоддзямі душылі ў царскія і савецкія часы. Пасля прыняцця 26 студзеня 1990 года самага прагрэсіўнага для ХХ стагоддзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР", роднае слова беларусаў пачало выключна дэмакратычным шляхам, без спеху займаць толькі для яе адной законнае на нашай зямлі месца ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці чалавека, у т. л. і ў дзяржаўна-палітычнай.

Неадарваных ад нацыянальнай глебы людзей асабліва радаваў прыход беларускай мовы ва ўсе тыпы навучальных устаноў, бо гэта стварала спрыяльныя ўмовы для ўзгадавання маладых пакаленняў, быць здольнымі актыўнымі носьбітамі этнакультурных традыцый сваёй краіны. Далучаныя да яе роднай мовы школьнікі настойліва прасілі бацькоў размаўляць з імі дома толькі па-беларуску і даволі часта дапамагалі дарослым выпраўляць іх памылкі. Людзі па-добраму зайздросцілі тым, хто без запінкі карыстаўся беларускай мовай. Многія дзяржаўныя чыноўнікі замест таго, каб бавіць час ля тэлевізараў, на стадыёнах, наведвалі курсы па вывучэнні беларускай мовы, прычым за досыць высокую аплату. Словам, нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі, сэрцам якога была, ёсць і назаўжды застанецца яе родная мова, давала 100-працэнтную надзею на перамогу.

Гэтую так жаданую, выкліканую самім ходам развіцця беларускай нацыі надзею Вы, Аляксандр Рыгоравіч, пахавалі сваімі супярэчнымі адраджэнскаму працэсу рэферэндумамі, няспыннымі размовамі пра надуманую тоеснасць беларускага і рускага народаў, іх моваў, што так цешыла нашага ўсходняга суседа, спрыяла выношванню ў яго планаў па інкарпарацыі ў свой склад краіны з аднолькавымі (па Вашым вызначэнні) народамі, культурай, мовай.

Уведзенае з Вашай ініцыятывы афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе, як і меркавалася яго зачыншчыкамі, практычна цалкам вытурыла беларускую мову з грамадскага ўжытку. Выдатна разумеючы абсалютную непатрэбнасць для любога карэннага народа краіны афіцыйнага двухмоўя, ніхто з прэзідэнтаў створаных на постасавецкай прасторы дзяржаў не пайшоў, Аляксандр Рыгоравіч, Вашым памылковым шляхам. У выніку ў ніводнай з гэтых дзяржаў не існуе, як у Рэспубліцы Беларусь, праблемы з захаваннем карэннай нацыі ад смяротнага ўздзеяння на яе русіфікацыі. Гэтая страшэнная трагедыя дамоклавым мячом вісіць толькі над галавой беларусаў. Без сваёй спрадвечнай бацькоўскай мовы яны падобныя на дзяцей, адарваных ад роднай маці.

У Вашай моўнай палітыцы, Аляксандр Рыгоравіч, шмат агульнага з той, якую за пасляваенныя гады праводзіла Камуністычная партыя Беларусі, прычым таксама, каб дагадзіць, выслужыцца перад Маскоўскім Крамлём. Вашыя дасягненні ў разбурэнні моўнай асновы беларускай нацыі непараўнальна больш заўважныя, чым у камуністаў. Але ў апошніх хапіла розуму, смеласці, каб ухіліцца ад адказнасці за нанесеную беларускай мове шкоду. А ўхіліліся таму, што ініцыявалі прыняцце вялікай гістарычнай важнасці Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Аўтар гэтых радкоў ніколі не быў камуністам, але да тых, хто прычыніўся да прыняцця такога выратавальнага для беларусаў Закона, ставіцца з вялікай пашанай.

На падобнага роду крок павінны пайсці і Вы, Аляксандр Рыгоравіч, каб не застацца ў айчыннай гісторыі далакопам беларускай мовы, няшчадна загубленай майскім (1995) і лістападаўскім (1996) рэферэндумамі. На стварэнне, развіццё беларускай мовы нашаму народу спатрэбілася тысячагоддзе! Вы ж яе загубілі за 10-15 гадоў свайго прэзідэнцва. Ужо заўтра рашуча адрачыцеся ад злачыннай практыкі афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Рэкамендую грунтоўна азнаёміцца з моўнай палітыкай уладаў краін з адной карэннай нацыяй: Польшчы, Германіі, Славакіі, Францыі, Чэхіі…, каб пераканацца, што і Беларусі, як і ім, няма аніякай патрэбы ў афіцыйным двухмоўі. Усякія спасылкі ў дачыненні да Беларусі на нейкія аб'ектыўныя ўмовы будуць беспадстаўнымі, бо іх свядома і да таго ж гвалтам стваралі для нас варожыя свецкія і духоўныя ўлады іншых краін.

Каб ад слоў перайсці да канкрэтнай справы, што так наспела, рэкамендую Вам распарадзіцца аб правядзенні ў Менску Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі па праблеме: "Шляхі выратавання беларускай мовы ад поўнага заняпаду і забеспячэння ёй рэальнага статусу адзінай дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь." Загадзя ведаю, што для Вас гэта надзвычай цяжкае псіхалагічнае выпрабаванне: ламаць тое, чаму прысвяцілі больш за чвэрць стагоддзя свайго прэзідэнцтва. Заўважу, што ў свеце дастаткова прыкладаў, калі ў інтарэсах справы вялікія палітыкі ішлі на карэнную перамену ўчыненых імі памылак, пралікаў.

Будучы ў гадах Вашага бацькі (ідзе мне 92-і год), маючы багаты жыццёвы досвед, з усёй адказнасцю рэкамендую Вам адысці ад актыўнай палітычнай дзейнасці, каб яшчэ больш не "наламаць дроў", асабліва ў такой важнай этнаўтваральнай сферы, як нацыянальна-культурная. Вы яе незаслужана паставілі на галаву. Дайце ж магчымасць свайму пераемніку на прэзідэнцкіх выбарах паставіць яе на ногі, што, ой, як нялёгка ажыццявіць пасля здзейсненага тут пагрому.

Дарэчы, у Вас адсутнічаюць падставы хваліцца дасягненнямі і ў эканамічным развіцці краіны, павышэнні жыццёвага ўзроўню людзей. Ён ніжэй, чым ва ўсіх нашых суседзяў. Гісторыя не забываецца і на добрыя, і на дрэнныя (у дадзеным выпадку загуба беларускай мовы) учынкі палітыкаў.

Ніколькі не сумняваюся, што заўтрашнія беларусы будуць любіць сучасную беларускую мову і пасля таго, як яна стане безнадзейна мёртвай (будзь пракляты той, па чыёй волі такое злачынства адбудзецца!), як сёння мы любім, цэнім старабеларускую мову. Забыцца, зняважыць сучаную беларускую мову, г. зн., выкрасліць з нашай духоўнай спадчыны створанае Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Караткевічам, Генадзем Бураўкіным… Хто не разумее гэтага, таму вялікі грэх ісці, заставацца Прэзідэнтам!

З павагай і спадзяваннем быць пачутым!

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар.

Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай моладзі

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

"Героямі" матэрыялаў, як бачна з табліцы IV, зноў жа, у асноўным, выступае інтэлігенцыя. А вось "мужык-беларус, пан сахі і касы", пра якога так любілі пісаць класікі, адышоў у нябыт. У "Літаратуры і мастацтве" мы не сустрэлі ніводнага матэрыяла, дзе б "героямі" былі рабочыя, сяляне, рамеснікі, а ў "Народнай газеце" такіх матэрыялаў толькі 3,3%. Аўтары абедзвюх газет аддаюць перавагу ў якасці "герояў" людзям адукаваным, таленавітым, знакамітым. Яны настойліва спрабуюць данесці да чытачоў, што беларусам ёсць кім ганарыцца. Героямі нацыі, якія аказалі станоўчы ўплыў на развіццё беларускай культуры па меркаванні аўтараў, з'яўляюцца: Ф. Скарына, Я. Купала, Я. Колас, А. Багатыроў, М. Куліковіч, Я. Ясінскі, М. Агінскі, А. Куляшоў, А. Адамовіч, К. Езавітаў і некаторыя іншыя. "Герояў" многа і яны вельмі розныя - гэта і паэты, і кампазітары, і ўдзельнікі паўстанняў, навукоўцы і г.д.

Цікавай, на наш погляд, з'яўляецца інфармацыя аб тым, што ў найбольшай меры, на думку аўтараў артыкулаў, спрыяе адраджэнню беларускай нацыянальнай культуры і фарміраванню самасвядомасці. Дадзеныя па гэтым пытанні прадстаўлены ў табліцы V.

Як бачна з табліцы V, вялікае значэнне аўтарамі публікацый надаецца такім каштоўнасцям як "гісторыя", "беларуская мова", беларускае мастацтва", "дзяржаўная падтрымка культуры". I вельмі далёка ад першага месца стаіць такая каштоўнасць як "дзяржаўная незадежнасць". У "Літаратуры і мастацтве" ёй амаль зусім не ўдзяляецца ўвагі: толькі ў 1,4% матэрыялаў падкрэсліваецца, што такой каштоўнасцю з'яўляецца дзяржаўная незалежнасць. Сёння ў нашай краіне, ці то з прычыны істотных памылак у нацыянальна-патрыятычным выхаванні (не будзем браць мінулае, дзе ўсё нацыянальнае выкаранялася, а сёння яно дазваляецца), ці то па іншай прычыне для многіх людзей задавальненне некаторых сваіх сацыяльных патрэб стаіць на некалькі парадкаў вышэй за права мець уласную дзяржаву. Агульна-прызнана, што мера нацыянальнай самасвядомасці народа вызначаецца яго імкненнем да дзяржаўнай незалежнасці. Чым больш выразней такое імкненне ў практычных дзеяннях людзей, тым больш высокі ўзровень іх нацыянальнай самасвядомасці. Калі ж у народа адсутнічае такое імкненне, то пад пагрозу ставіцца і рэальная магчымасць яго існавання як самабытнага этнасу. Бо гісторыя не ведае прыкладаў, каб добра жыў і квітнеў народ, які не мае ўласнай дзяржавы. Таму недастатковая ўвага дзяржаўнаму суверэнітэту, як каштоўнасці, можа дрэнна адбіцца на свядомасці студэнтаў.

Кідаецца ў вочы і тое, якую нязначную ролю аўтары артыкулаў, у якіх названы каштоўнасці, надаюць актыўнасці саміх этнічных беларусаў у адраджэнні нацыянальнай культуры. Калі параўнаць такія фактары, як дзяржаўная падтрымка беларускай культуры ("Народная газета" - 35,7% матэрыялаў, "Літаратура і мастацтва" - 17,1%) і актыўнасць саміх этнічных беларусаў ("Народная газета" - 9,6%, "Літаратура і мастацтва" - 6,9%), то вельмі здзіўляе недаацэнка актыўнасці апошніх. Дапусцім, што дасць дзяржава грошы на развіццё культуры, Вярхоўны Савет прыме адпаведныя законы, але ж ад гэтага насельніцтва рэспублікі адаразу не загаворыць на беларускай мове, не пабяжыць у тэатры, музеі, на выставы. На гэтыя грошы можна пабудаваць новыя бібліятэкі, выдаць новыя кнігі па гісторыі роднага краю і да т.п., але ж ці пойдзе ў гэтыя бібліятэкі большасць насельніцтва, (бо тыя, каму бібліятэкі патрэбны для выканання прафесійных абавязкаў, хадзілі заўсёды і ў будучым пойдуць): ці прачытаюць яны тыя кнігі па беларускай гісторыі, ці будуць ганарыцца нацыянальнымі героямі, думаць аб будучым краіны - аб тым, як зрабіць яе заможнай і квітнеючай? Дзяржаўная падтрымка развіцця культуры мае, на наш погляд, вялікае значэнне, але яно ў нас сёння вельмі перабольшана. Грошы і законы не могуць усяго вырашыць. У любой справе (а ў культурным адраджэнні аса бліва) патрэбны яшчэ жаданне, воля і актыўнасць людзей, і, у першую чаргу, этнічных беларусаў.

Паважаныя партнёры, калегі і неабыякавыя грамадзяне!

Прафесійная супольнасць беларускіх выдаўцоў рэгіянальнай прэсы звяртае вашую ўвагу на тое, што адбываецца ў нашай краіне за апошнія месяцы - ад пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і ўжо чацвёрты дзень пасля яе правядзення:

o Увесь перыяд электаральнай кампаніі 2020 года па выбарах прэзідэнта масава парушаліся правы журналістаў і СМІ. Гэта з'яўляецца грубым парушэннем свабоды слова, прынцыпаў галоснасці і адкрытасці выбарчага працэсу;

o Ужо больш за 5000 чалавек падверглася затрыманням, пагрозам і збіванням з боку праваахоўных органаў і спецслужбаў - толькі з часу асноўнага дня галасавання 9 жніўня. Ёсць факт ужывання табельнай зброі супраць мірнага насельніцтва.

Нас, выдаўцоў рэгіянальнай прэсы Беларусі, хвалюе не толькі лёс супрацоўнікаў, правы журналістаў і наша прафесійная будучыня, але і лёс чытачоў, насельніцтва краіны, якая ўжо чацвёрты дзень жыве на грані грамадзянскай вайны. Журналісты выданняў, якія мы прадстаўляем, адстойваюць нашы канстытуцыйныя правы, права насельніцтва ведаць праўду пра тое, што адбываецца ў краіне.

o Мы заклікаем улады спыніць парушэнне правоў журналістаў і СМІ, а тым больш гвалт супраць журналістаў, а таксама і грамадзян, што выказваюць пратэст мірным шляхам;

o Мы заклікаем сусветную грамадскасць адрэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі, падтрымаць беларускі народ усімі магчымымі спосабамі;

o Мы патрабуем устанаўлення і прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў журналістаў і СМІ;

o Мы патрабуем вызваліць затрыманых ні ў чым не вінаватых людзей, спыніць гвалт у краіне і "разгоны-хапуны", у сутнасці генацыд мірных грамадзян, нязгодных з вынікамі выбараў. Прыцягнуць да адказнасці тых, хто дазваляе гэта рабіць, і спагнаць з іх нанесеную маральную і матэрыяльную шкоду людзям і гаспадаркам рэгіёнаў;

o Мы патрабуем вызваліць усіх затрыманых журналістаў і прыцягнуць да адказнасці тых, хто перашкаджаў і перашкаджае ім займацца прафесійнай дзейнасцю;

o Мы патрабуем забяспечыць выкананне законнасці па свабодзе доступу да інфармацыі і спыніць тэндэнцыйнае асвятленне падзей у краіне праз дзяржСМІ, паклёп, навешванне "цэтлікаў" і распальванне нацыянальнага канфлікту.

Спіс журналістаў, што патрапілі пад рэпрэсіі за апошні час можна знайсці ў сайце БАЖ па лінку https://baj.by/be/analytics/represii-suprac-zhurnalistau-u-belarusi-u-2020-godze-tablica-abnaulyaecca. Спіс пастаянна абнаўляецца.

Па дадзеных ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"/baj.by ад 13.08.20 11:59/ колькасць затрыманняў журналістаў па днях выглядае наступным чынам:

9 жніўня - 24 затрыманні;

10 жніўня - 20 затрыманняў;

11 жніўня - 12 затрыманняў;

12 жніўня - 8 затрыманняў.

Кароткая інфармацыя пра Асацыяцыю: Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя Масмедыі" была створана ў 2009 годзе і на сённяшні дзень аб'ядноўвае 15 незалежных медыя, як анлайн, так і друкаваных, з розных рэгіёнаў Беларусі. Агульны тыраж друкаваных версій выданняў, чальцоў Асацыяцыі, перавышае 70 000 асобнікаў.

Галоўная мэта Асацыяцыі - развіццё асяроддзя, спрыяльнай для эфектыўнай працы незалежных медыяў і ўмацаванні галіны ў цэлым. Асацыяцыя фасіліцуе камунікацыі і абмен досведам паміж прыватнымі выдаўцамі, садзейнічае развіццю рынку рэгіянальных СМІ.

Нашы кантакты: e-mail: info@masmedyi.by.

Сайт: www.masmedyi.by.

FB: www.facebook.com/unitedmassmedia.

Імя і сутнасць яго, нажаль, пакуль амаль нязменныя...

(Аб рабстве паэма-эсэ)

Яўген Гучок

(Працяг. Пач. у папяр. нумары.)

***

Смяяцца прадуктыўна,

Тым болей над сабой -

Не ў здольнасці раба.

***

Так многа ў свеце розных дзей,

Што маюць падмурак

Рабства.

***

Раб, хай ён нібы свабодны,

Любавацца не стане

Бяздонным небам.

***

Сказаць,

што раб нічога не ведае, -

Няпраўду сказаць;

Раб ведае, як прыстасоўвацца.

***

Рабства, каб між людзей

І надальш затрымацца,

Найболей

вытанчанным становіцца.

***

Раб любіць, калі гавораць -

Яму ў дарогу,

Але дарога для волі - не для яго.

***

З рабоў выходзяць

Буйныя жулікі і карупцыянеры...

Агледзьцеся наўкол!

***

Нямала ў свеце такіх мясцін,

Дзе б раб не імкнуўся

Не прынізіцца.

***

Паралюш душы...

Што гэта?

Работа.

***

Сёння няма тых класічных галер,

Але галеры -

Сэрца неараба.

***

Таму Зямля -

вар'яцкі дом у Сусвеце,

Што многае на ёй

На рабстве заснавана.

***

"Не хлебам адзіным

Жыве чалавек..."

Гэта ўжо не раб.

***

Раб купляе ў кіёску

Газету напаўсвабодную...

І азіраецца.

***

Пры небяспецы для свайго жыцця

Раб здольны есці

Экскрыменты.

***

Любяць рабы хваліцца

Узнагародамі

За рабства сваё.

***

Для духоўнага раба

І сонца - не пасыл

Ад Творцы.

V

Раб не любіць сваю Радзіму...

Патрэбна спачатку быць

дрэнным грамадзянінам,

каб зрабіцца пасля добрым рабом.

Шарль Мантаск'е.


Толькі той свабодны,

хто самастойна мысліць

і не паўтарае чужых слоў,

сэнс якіх не разумее.

Бертольд Аўэрбах.


***

Не меней забаўна і смешна,

Назіраць, калі раб сябе

Выдае за свабоднага чалавека.

***

За крытыку раб

З-за пазухі камень

Дастане.

***

Раб-хам звяртаецца да вас на "ты",

А вы з маўчаннем ад яго

Не адыходзіце. Што гэта?

***

У рабскія колы ўплывовыя

Часта дарога ідзе цераз

Ложак.

***

Сядзіць у лайне,

А думае, што ён на месяцы.

Хто ён? Вядома раб.

***

Чужыя чорныя перамогі

святкуе раб,

А ўласную светлую хоць бы адну.

А яе ў яго няма.

***

Рабом, як прамочкай,

Можна прамакнуць

Любую мярзоту.

***

І ад імя Бога

Гавораць рабы

Рабам.

***

Хто цвердзіць

аб сваім сваяцтве з Богам?

Ці ні экзатычны гэта

Раб?

***

Сярод рабоў

Квітнее

Й блат.

***

Раб хрысціцца -

Нібы зазывае

Д'ябла.

***

Для раба няма

Законаў сумлення,

Замяняюць іх яму грошы,

чужыя грошы...

***

Тут кожную кроплю раба

У сябе глыбей уціскаюць

І адначасова перадаюць іншым.

***

Не можа быць гасцінным раб,

Калі ён з роднай хаты

Мову роднай зямлі выганяе.

***

Нашчадак вырачэнцаў

роднай мовы,

Ты таксама рабом

Застаешся.

***

Беларускі сённяшні раб

Веданнем мовы

чужой ганарыцца,

А мова роднай зямлі - не для яго.

***

А як абслугоўвае раб раба?

Са злосцю, зняважліва,

Абразліва.

***

Калі рабы-шпана

Гуляюць ў Беларусь,

Яны Радзіме

кісларод перакрываюць.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

Тамары Талерчык - 85

Актыўнай стваральніцы новай хвалі гарадзенскага ТБШ, Тамары Васільеўне Талерчык (у дзявоцтве - Падковіч), якая нарадзілася 15 жніўня 1935 года ў в. Петралевічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці, споўнілася б 85 гадоў.

У 1953 годзе Тамара Талерчык закончыла СШ № 1 у Слоніме. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Менскім інстытуце замежных моў на факультэце ангельскай мовы. Тры гады выкладала нямецкую мову ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна. Працавала настаўніцай ангельскай мовы ў Карэліцкай і Наваградскай школах. З 1964 года і да выхаду на пенсію працавала ў СШ № 2 Гародні. На пятым дзясятку гадоў Тамара Васільеўна вырашыла атрымаць яшчэ адну вышэйшую адукацыю па роднай мове. У 1982 г. завочна скончыла Гарадзенскі ўніверсітэт беларускага аддзялення філфака.

Спадарыня Тамара нарадзілася ў шматдзетнай сям'і, дзе было сямёра дзяцей. Яна была самай малодшай. У хаце збіраліся дзеці розных узростаў, арганізоўвалі танцы, спявалі песні, рабілі тэатральныя пастаноўкі. Родныя ў хаце размаўлялі толькі па-беларуску, таму любоў да роднай мовы яна захавала з дзяцінства. У СШ № 1 у г. Слоніме (якая тады лічылася беларускай) любоў да роднай мовы заклаў і настаўнік матэматыкі і класны кіраўнік Ракевіч Мікалай Антонавіч, які толькі адзін выкладаў па-беларуску. Пад час працы ў сістэме адукацыі Тамара Васільеўна праводзіла розныя школьныя мерапрыемствы - конкурсы, тэатральныя пастаноўкі. Разам з кіраўніком тэатра спадаром Фрыдманам, настаўнікамі, бацькамі і вучнямі, яны займалі прызавыя месцы сярод школьных тэатраў…

Напачатку 60-х гг. ХХ ст. трохі па-іншаму сустрэла спадарыню Тамару зрусіфікаваная Гародня. Усё неяк прыпынілася… Вельмі балюча ёй было бачыць дыскрымінацыю роднай мовы ў абласным цэнтры. Але дзякуючы лёсу, тут у СШ № 2 Тамара Васільеўна сустрэла заслужаную настаўніцу беларускай мовы Кулай Вольгу Піліпаўну, якая паўсюль і з усімі размаўляла толькі па-беларуску. Вучні з задавальненнем хадзілі на яе заняткі. У вольныя часіны хадзіла на яе ўрокі і спадарыня Тамара. Тут яна пажыццёва атрымала вірус "беларускасці". Гэта падштурхнула Тамару Васільеўну, настаўніцу замежнай мовы, да паступлення на беларускае аддзяленне Гарадзенскага інстытута.

Пад час гарбачоўскай перабудовы яна разам са сваім мужам, Аляксандрам Сямёнавічам Талерчыкам, шматгадовым грамадскім актывістам пачала актыўна ўдзельнічаць у клубе "Паходня". Сябры клуба прыбіралі старыя могілкі, на "Дзяды" і Радаўніцу ўскладалі кветкі на магілы вядомых беларускіх дзеячаў. Аднаўлялі беларускія Каляды, Купалле, нацыянальныя песні, танцы, віктарыны, удзельнічалі ў шматлікіх вандроўках па беларускіх месцах памяці. Але ў памяці гарадзенскіх актывістаў Тамара Талерчык застанецца найперш за стварэнне і актыўны ўдзел у ТБМ і ТБШ, папулярызацыю беларускай мовы і культуры.

На першым этапе Незалежнасці Беларусі ў Гародні намеснікам старшыні гарвыканкама быў Аляксандр Мілінкевіч. Тады, згодна з перапісам насельніцтва, прапарцыянальна нацыянальнаму складу, быў зацверджаны статус беларускіх школ. (80% - беларускія, 20% - рускія). У 1994/95 навучальным годзе з 35 школ было 27 беларускіх. Усяго 13115 вучняў вучыліся па-беларуску. Школы былі забяспечаны беларускімі падручнікамі. Але працэс павольнай і негвалтоўнай беларусізацыі 27 школ пачаў мяняцца ў 1994 годзе, асабліва пасля антыканстытуцыйнага рэферэндума 1995 г. пра "роўнасць беларускай і рускай моў". Гвалтам сотні беларускіх школ па ўсёй краіне пераводзіліся на рускую мову. Ужо праз год у Гародні засталіся толькі тры беларускія школы з 27! Колькі слёз на вачах было ў соцень бацькоў з-за немагчымасці іх дзецям вучыцца па-беларуску! Сёння, як вядома, у Гародні няма ніводнай беларускай школы, акрамя беларускіх класаў у рускіх школах № 32 і № 34… Але, як і з адкрыццём Нацыянальнага ўніверсітэта, гэта залежыць ад палітычнай волі адной персоны і яго найбліжэйшых памагатых ідэолагаў.

У той цяжкі для беларусаў перыяд антыбеларускасці ад кіраўніка Беларусі Тамара Васільеўна разам з мужам вырашылі аб'яднаць настаўнікаў і выкладчыкаў, якія ўжо нешта рабілі ў сваіх навучальных установах па стрымліванні працэсу русіфікацыі беларускіх школ. Была створана ТБШ і бацькоўскі камітэт беларускіх класаў. Старшынём быў абраны А.У. Мілінкевіч. Намеснікамі сталі Т.В. Талерчык (Ленінскі раён) і А.І. Крой (Кастрычніцкі раён). Але фактычным кіраўніком і каардынатарам ТБШ была Тамара Васільеўна. Тут яна сваёй кіпучай энергіяй не давала слабінку нікому. Гэта была вельмі цяжкая валанцёрская праца, якая хутка адбілася на здароўі многіх яго ўдзельнікаў. Кожнаму з Рады ТБШ даводзілася наведваць сотні кватэр і дзясятак школьных бацькоўскіх сходаў кожны год. Яшчэ трэба зыходзіць з таго, што знайсці талковых валанцёраў для такой спецыфічнай працы было вельмі цяжка, таму асноўны цяжар несла Рада ТБШ. Найбольшую актыўнасць з бацькоў праяўлялі звычайна тыя, хто на наступны навучальны год меўся аддаваць свае дзіця ў беларускі клас.

Кастрычніцкі РАНА (кіраўнік С.В. Цыганкова), дзе былі беларускія СШ № 26 і № 5, а дырэктары гэтых школ былі сябрамі Рады ТБШ, па паказчыках русіфікацыі апярэджваў Ленінскі раён. Загадам Кастрычніцкага РАНА ў першай беларускай школе № 26 быў адчынены рускамоўны клас. Пасаду дырэктара СШ № 26 замест В. Шаўцова заняла В.М. Ількевіч. Цяжка хварэў і памёр ад раку В.І. Шаўцоў, былы дырэктар СШ № 26, сябар Рады ТБШ - ён першы ў горадзе сваю школу зрабіў беларускай. Тамара Васільеўна таксама мела праблемы са здароўем і праз нейкі час не змагла актыўна працаваць у ТБМ і ТБШ з-за хваробы. Пакінулі гэты свет іншыя актывісты ТБМ і ТБШ. Некаторым сябрам, не хапіла звычайнага цярпення і аптымістычнага настрою, каб працягваць працу па папулярызацыі беларускай мовы і стварэнні беларускіх класаў і груп. Песімістычны настрой часова апанаваў нешматлікіх актывістаў. Колькасць беларускіх класаў штогод змяншалася, але кожны год праца з бацькамі і настаўнікамі працягвалася, хоць і меншым складам. Актыўныя настаўнікі мелі праблемы і з працаўладкаваннем, але працягвалі працаваць у грамадскіх арганізацыях і друкаваліся ў розных СМІ. Аддзелы адукацыі адсочвалі кожны артыкул сваіх падначаленых. Тамара Васільеўна і іншыя дасылалі "балючыя" артыкулы ў "Народную Волю", "Пагоню", "Наша слова", "Свой лад", у іншыя СМІ. Актыўна працавалі па Ленінскім раёне В. Бойка, М. Мельнікаў (стваральнік грамадскага музея В. Быкава), Л. Маісеенка, А. Талерчык, С. Іоська, А. Пяткевіч, Т. Маліноўская, А. Астроўскі, А. Місцюкевіч, Л. Ермаловіч. Па Кастрычніцкім раёне - В. Біруля, А. Прысяч (дыр. СШ № 5), С. Марозава, І. Курчэўскі, Г. Гапонік, В. Касіла, М. Жукевіч, М. Маркевіч, А. Смалянчук, І. Навумаў, С. Тарасава, Г. Кургун, А. Воўчак і іншыя…

Шмат часу прайшло з тых "дзевяностых", але праблема навучання на роднай мове засталася і на сёння. З пачатку 2000-х да 2010 было шмат спробаў ТБШ і ТБМ, бацькоў адкрыць хоць адзін новы беларускі клас у школе, ці беларускую групу ў садку, але аддзелы адукацыі не хацелі, а бацькі яшчэ не маглі актыўна адстойваць свае канстытуцыйныя правы і іх было нешмат. З 2010 года наступіў новы грамадскі этап вяртання бацькоў і іх дзяцей да роднай мовы ў школах і садках. На сёння ў дзвюх школах і трох садках Гародні ёсць класы і групы навучання па-беларуску. Праца, пачатая пры актыўным дзеянні сям'і Талерчыкаў у сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя працягваецца. У ТБМ прыйшлі маладзейшыя людзі, якія займаюцца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры, штогод выступаюць на бацькоўскіх сходах у навучальных установах, але валанцёраў увесь час не хапае. Старэйшыя актывісты змагаюцца з набытымі хваробамі падчас сяўбы на беларускай культурнай глебе. Пачынальніца новага ТБШ Тамара Васільеўна Талерчык таксама атрымала інсульт, праз нейкі час стан яе здароў'я трохі палепшаў, але 25 ліпеня 2012 года здарыўся абшырны інфаркт. Па словах Аляксандра Сямёнавіча Талерчыка медыкі рабілі ўсё магчымае, але выратаваць яе жыццё не ўдалося…Муж Тамары Аляксандр Талерчык таксама праз некаторы час адышоў у вечнасць… 25 ліпеня з'яўляецца сумным днём для беларускай культуры. У гэты дзень Беларусь страціла народнага пісьменніка У. Караткевіча (1984), Н. Арсенневу (1997), Я. Брыля (2006).

У свой апошні шлях на вечны спачын праводзіла дэмакратычная грамадскасць Гародні спадарыню Тамару 27 ліпеня 2012 г. у дзень Незалежнасці Беларусі. У час развітання са спадарыняй Тамарай гучалі цёплыя словы на яе адрас спачатку каля дома на вул. К. Каліноўскага, дзе скончыўся яе зямны шлях, а пазней - на могілках у Аульсе, дзе пад беларускую малітву і спевы хору "Бацькаўшчына" Тамару Васільеўну пахавалі ў родную беларускую зямельку, накрыўшы бел-чырвона-белым нацыянальным сцягам. Яна была заўсёды з вельмі надзейным, вялікай дабрыні і ласкі мужам Аляксандрам. Узаемную любоў і спагаду Аляксандр і Тамара пранеслі праз усё сваё сямейнае жыццё. Ад іх, былых вяскоўцаў, сыходзіла сапрадная шляхетнасць, працавітасць і дабрыня, шчырасць і павага да бліжняга. Бадай, найважнейшае - яны былі аднадумцамі і ў любові да сваёй краіны, мовы, гісторыі і культуры. Свой творчы беларускі нацыяналізм яны неслі разам. Ад іх чалавечых адносін сыходзілі нябачныя промні светлыні. Прыгожая і цудоўная настаўніца, актыўны сябар ТБМ, шчырая патрыётка, арганізатарка новай хвалі ТБШ ў Гародні Тамара Васільеўна надоўга застанецца ў памяці шматлікіх гарадзенцаў.

Намеснік старшыні Гарадзенскай абласной Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алесь Крой.

Амбасадара Беларусі ў Германіі запрасілі ў МЗС для "тэрміновай гутаркі"

Дзянісу Сідарэнку на сустрэчы ў міністэрстве замежных спраў Германіі растлумачылі пазіцыю ўрада ФРГ па сітуацыі ў Беларусі ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі і пратэстамі, якія пачаліся за імі.

На фоне масавых пратэстаў, якія ідуць у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, беларускі амбасадар у ФРГ быў запрошаны ў чацвер, 13 жніўня, у МЗС Германіі для "тэрміновай гутаркі". Дзянісу Сідарэнку на сустрэчы была растлумачана пазіцыя ўрада ФРГ па сітуацыі ў Беларусі.

Раней у той жа дзень міністр замежных спраў Германіі Хайка Мас (Heiko Maas) выказаўся за ўзмацненне ціску на беларускія ўлады. "Зусім ясна, што гвалтоўныя дзеянні і арышты мірных дэманстрантаў (…) у Еўропе XXI стагоддзя недапушчальныя", - заявіў ён. Ён выказаў надзею на тое, што яго калегі з краін ЕС падчас сустрэчы 14 жніўня ў Бруселі зоймуць адзіную пазіцыю.

Прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся ў Беларусі 9 жніўня ўрад Германіі не лічыць ні сумленнымі, ні вольнымі. Яны, як заявіў афіцыйны прадстаўнік канцлера Германіі Штэфен Зайберт (Steffen Seibert), "не адпавядалі нават мінімальным стандартам, мінімальным патрабаванням, якія прад'яўляюцца да дэмакратычных выбараў".

Навіны Германіі.

Васіль Сухамлінскі: стварэнне чалавека

(Да 50-й гадавіны памяці пра Настаўніка)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Наступная старонка паднімае іншыя праблемы, якія ў малодшых класах не развяжаш: праблему старшынства, праблему кіраўніцтва. Не сакрэт, што ёсць людзі, якія разважаюць так: калі начальнік, дык лайдак. Падобныя меркаванні можна пачуць і ад падлеткаў, і ад старшакласнікаў. Дык вось, старонка на гэтую тэму.

Гэта было ў змрочныя дні фашысцкай акупацыі. Фашысты спалілі вёску Іванаўку, забілі ні ў чым не павінных жыхароў - жанчын, старых, дзецей. Забілі за тое, што яны спачувалі партызанам. Цудам уратаваліся двое хлопчыкаў, два Іваны. Былі яны вельмі падобнымі адзін да аднаго, толькі вочы ў аднаго былі сінімі, а ў другога - чорнымі. Селі хлопчыкі ля папялішчаў і заплакалі. Потым вырашылі: трэба прабівацца праз лінію фронту, да сваіх. Будзем разам з імі ваяваць супраць фашыстаў. Адпомсцім. А да лініі фронту 200 кіламетраў. Пачалі думаць хлопчыкі: хто з іх будзе старшым у гэтым паходзе? Без старшага ж нельга. Ваня з чорнымі вачыма сказаў: "Я буду старшым". Ваня з сінімі вачыма падумаў і сказаў: "Добра, я буду малодшым".

Яны ішлі і шлі, не баючыся ні спякоты, ні холаду. Іх ногі былі параненыя да крыві, пачырванелыя вочы балелі ад холаду, але хлопчыкі стойка пераносілі ўсе цяжкасці і нягоды. На кожным кроку іх магла напаткаць смерць, але яны пагарджалі смерцю. Яны сталі мужнымі і адважнымі. Ваня старшы стаў мужным і адважным таму, што адчуваў: я адказваю за жыццё Вані малодшага. А Ваня малодшы стаў мужным і адважным таму, што ведаў: за мяне адказвае Ваня старшы…

Чалавек становіцца непераможным, калі адчувае, што ён адказвае за нечае жыццё. Чалавек становіцца таксама непераможным, калі адчувае, што нехта адказвае за яго жыццё. Не бойцеся станавіцца старшым. І не апасайцеся быць малодшым. Галоўнае, каб вы былі чалавекам.

Гэтая старонка дае магчымасць для сур'ёзнай размовы аб тым, што такое дарослы чалавек. Дарослы чалавек - гэта той, хто ўмее за штосьці ці за кагосьці адказваць: за сябе, за справу, за іншых людзей. Гэта чалавек з пэўнай мерай адказнасці. Дастаеўскі неяк сказаў пра аднаго з сваіх герояў: "Такія людзі асуджаны на вечнае непаўналецце". І ў наш час бывае так, што чалавек жыццё пражыў, да старасці дажыўся, а дарослым не стаў.

Наступная старонка дапамагае ў даволі далікатнай справе. Не кожны настаўнік валодае пэўнай доляй мужнасці і рашучасці, каб з гэтай тэмай ісці на размову да бацькоў. Вось зараз скончыў школу мой клас. З 36 выпускнікоў 12 без бацькі. Кожная трэцяя сям'я распадаецца. І праблема нарастае. Ці можа школа тут нешта паправіць? Пакінем гэтае пытанне збоку. Але ці можа школа прайсці міма? Ці можа яна не рэагаваць на гэта? Думаю, што не, не можа. Трэба даць магчымасць бацькам, мацяркам найперш, усвядоміць сваё становішча, каб у панцыры гора, асабістай няўдачы, у шкарлупіне гэтакай недаступнасці чалавек не забыў пра тых, хто жыве побач. Каб гэтае гора рыкашэтам не стукнула дзіця, не абяздоліла яго, выклікаўшы натуральную ланцуговую рэакцыю.

Наступная старонка дапамагае нам, настаўнікам, стварыць пэўны маральнасны, эмацыйны накал размовы на гэтую тэму.

Каця з мамай жывуць удваіх. Каціна мама вечна ў клопатах - то бялізну памыць, то абед згатаваць раніцай, каб на працу паспець… Рэдка ўсміхаецца мама. Баіцца распытваць Каця, што ў мамы на душы, хаця часта бачыла яе сумнай.

Аднойчы ў выходны дзень выдалася вольная часіна, і мама сказала: "Кацюня, давай пойдзем у поле". "А хіба і сёння на працу?" - здзівілася Каця. "Не… проста пойдзем… адпачываць". Каця не паверыла сваім вушам: няўжо яны пойдуць у поле проста так, адпачываць. Дзяўчынка нібыта на крылах ляцела. Яна рвала палявыя кветкі і давала маме, а тая сплятала вянок. Пачуўшы спеў жаваронка, спыніліся і доўга слухалі песні шэранькай птушкі. На вузкай сцяжынцы каля пшанічнага поля Каця з мамай селі. Перад імі расцілаўся шырокі стэп. Мама ціха запела: "Ой, у полі вітер віе, а жыто половіе, а козак дывчыну та вірненько любіць, а сказаць не посміе…"

Каця слухала песню, стаіўшы дыханне. Калі мама змоўкла і, паглядзеўшы на Кацю, усміхнулася, дзяўчынка сказала: "Мама, я не ведала, што ты так спяваеш… Якая ж ты прыгожая, мама!" І заплакала. "Чаго ж ты плачаш, донька?" - "Бо я не берагла цябе… Як жа я цяпер буду цябе берагчы…"

Вось сцэнка, выхапленая з жыцця. Мы такіх сцэнак маглі бачыць нямала, бачылі, але не заўважалі. А ён, чалавек з нейкім асаблівым псіхічным складам, не прайшоў міма, падняў і прынёс нам: глядзіце, вось дастаткова было мацеры паказаць адну грань сваёй духоўнасці, свайго даравання, як у дзіцяці ўзнікла натуральнае жаданне берагчы маці, дапамагаць ёй.

Кожная маці хоча, каб дзеці яе і паважалі, і любілі, і бераглі, - без гэтага, мабыць, не бывае бацькоў, не бывае сям'і. А за што ўвогуле берагчы, за што любіць, калі прыгажосць мамінай душы схаваная ад дзіцяці?

Гэтая старонка заўсёды мае працяг, бо яна выклікае ў бацькоў жаданне падзяліцца сваім роздумам, жаданне расказаць пра дзіця тое, чаго не ведае настаўнік. Іншымі словамі, старонкі В. Сухамлінскага дапамагаюць пранікненню школы, настаўніка ў сям'ю, у тую ячэйку грамадства, якая для старонняга вока закрыта наглуха. Чужая сям'я - пацёмкі! Часцей мы заўважаем непаладкі ў сям'і, калі схаваць іх ужо немагчыма. Тады і пачынаем неяк уздзейнічаць. А гэтыя старонкі дапамагаюць заўважыць такое раней і прыняць некаторыя прафілактычныя меры.

Старонкі В. Сухамлінскага дапамагаюць знаходзіць развязкі задач, якія не ляжаць на паверхні. Яны сутыкаюць розныя меркаванні, здараецца так, што людзі разыходзяцца набударажаныя, не знайшоўшы агульнапрыймальнага погляду. Вось адна з такіх старонак.

Пачынаецца будаўніцтва дома. Рабочыя выкапалі траншэю для падмурка, катлаван для кацельнай. У самым цэнтры будучага дома расло дрэва. Вішня ў квецені. Усе разумелі, што вішня дажывае апошнія дні, ужо пачынаюць класці сцены, дрэва трэба ссекчы, але ні ў кога не паднімаецца рука на тое. Нехта сказаў: "Няхай сячэ Федзька." Федзька быў змрочным, маўклівым, бессардэчным чалавекам. Два гады таму ён кінуў жонку з трыма дзецьмі і ні разу не праведаў іх. Федзька пачуў сваё імя і спытаў у прараба: "А колькі заплацяць?"

Калі Федзька ссякаў вішню, усе сышлі з будаўнічай пляцоўкі. У кожнага знайшлася справа недзе ў іншым месцы. Пасля гэтага ўсе пазбягалі сустрэч і размоваў з Федзькам. "Ды што ж гэта такое? - не мог ён даразумецца. - Усё адно нехта павінен быў ссекчы дрэва". Усе разумелі, што гэта сапраўды так, але ўсе пагарджалі Федзькам.

Сваім вучням я прапаную даць ацэнку таму, што адбылося, доказную, абгрунтаваную ацэнку дзеянням будаўнікоў. Няхай кожны з вас зараз уявіць сябе на месцы маіх шасцікласнікаў і паспрабуе выказацца.

- Толькі нягоднік можа падняць руку на прыгажосць. Гэта бачна з таго, што ён пакінуў жонку з трыма дзецьмі.

Вось такая ацэнка. А вось другая, калі ласка.

- Ужо само стаўленне іншых людзей да яго паказвае, чаму ён стаў такім, чаму ён змог пакінуць сям'ю. Даручэнне ссекчы вішню - лагічны працяг такога стаўлення.

- Людзі, якія даручылі Федзьку ссекчы вішню, вырашылі зрабіць непрыемнае чужымі рукамі. Знайшлі, так бы мовіць, казла адпушчэння. Гэта ж можна было і лесаваннем вырашыць.

(У зале смех.)

- А я лічу, што будаўнікі дзейнічалі правільна. Яны зладзілі Федзьку своеасаблівы іспыт: ці засталося ў яго душы штосьці чалавечае? І калі б ён адмовіўся, яго, магчыма, крыху запаважалі. Але ён не адмовіўся…

- Ясна. Але ўявім на хвілінку: а раптам ён гэта з выклікам сказаў: "Колькі заплоціце?" Траяк дасце - дрэва ссяку, сотню дасце - чалавека заб'ю.

- А я хачу сказаць, што ўсяму жывому ўласціва клапаціцца пра сваіх дзяцей. І калі чалавек ў папярэднім жыцці адмовіўся ад дзяцей, то гэтым ён ніяк не можа выклікаць павагі да сябе.

Вось яшчэ адно бачанне. І скончым на гэтым.

Калі мы праводзім падобныя абмеркаванні з дзецьмі і калі я чую, што Федзька - нягоднік, Федзька дрэнны і да т.п., я тлумачу дзецям выраз "грукаць у адчыненыя дзверы". Гэта ж ужо вядома. Кароткі тэкст дае ўяўленне пра Федзьку: змрочны, маўклівы, бессардэчны, пакінуў сям'ю, дзяцей - ён і так кепскі, ды вось яшчэ грошы ўзяў… Трэба падумаць, чаму гэта адбылося.

Натуральна ж, у шостым класе такую асацыяцыю не выклікаць. А вось дзесяцікласнікі, якія чытаюць тое, чаго мы не заўсёды ведаем, аднойчы выклікалі ў мяне асацыяцыю з мапасанаўскай Пышкай [варта знайсці ў інтэрнэце і перачытаць гэтую навэлу - М.Б.]. Гэта дало мне магчымасць паставіць пытанне: пра каго расповяд - пра Федзьку ці не пра Федзьку, пра дрэва, пра людзей? Пра што? На чым варта засяродзіцца? Няўжо трэба сабраць прафсаюзны сход, каб вырашыць, каму секчы дрэва? Ці лесаванне правесці па такім далікатным выпадку? А сітуацыя далікатная - не вельмі часта даводзіцца секчы дрэва ў горадзе. Але тут вытворчая неабходнасць. Хто гэта павінен зрабіць? Ну так, даручылі Федзьку. А што, гэтае даручэнне спрыяе таму, каб ён стаў лепшым? Калі яго "штурхнулі" на гэта, як сказалі мне ў той установе, пра якую я тут упамінаў, тады чаму ад яго ўсе адвярнуліся? Ці такі ён прапашчы? "Ён не мог даразумецца…" Гэта не тое, што не разумеў, гэта глыбей. Тут і адценне абурэння і раздражненне: усё адно камусьці трэба было секчы дрэва! Усе разумелі, што гэта сапраўды так, але ўсё адно ўсе пагарджалі Федзькам. А магчыма, мы павінны пагаджаць тымі, хто "штурхнуў", а потым адвярнуўся? Як сказалі мне ў лячэбным прафілакторыі, захацелі застацца "чысценькімі".

Як бачыце, тут адназначнага адказу няма. Гэтая старонка можа абмяркоўвацца і ў вытворчым калектыве, і ў сям'і, і на ўроку. Я бачу ў гэтай старонцы цэлы ўрок, урок-дыспут. Перанясіце яе ў сваю школу - і вы пачуеце, як гавораць, як думаюць, як аргументуюць вашы дзеці. А паколькі кожны будзе выказвацца ад сябе, гэта і стане сродкам самавыражэння, дзеля чаго, як мне здаецца, і задумана такая ўстанова, як школа. Калі ён будзе толькі паўтараць тое, што панапісвалі дзядзькі і цёткі ў вучэбных дапаможніках, асобай не вырасце. А потым, даючы ацэнку каму-небудзь, чалавек вольна ці нявольна прымервае яе да сябе: а як зрабіў бы я? І ён адстойвае сваю ацэнку, вусна ці пісьмова, і гэта служыць нейкім маральнасным абавязкам, які агучаны перад класам, перад настаўнікам, што нашмат больш каштоўна, чым той жа абавязак, выказаны іншым спосабам.

А вось наступная старонка.

Два браты захацелі яблыкаў з чужога сада. Забраліся ў сад, залезлі на самы верх яблыні, ядуць - і так гэтыя яблыкі здаюцца ім смачнымі, што аж зажмурыліся ад задавальнення. І не заўважылі, як пад яблыняй апынуўся гаспадар. Убачыў дзяцей і кажа: "Чаго ж вы забраліся наверх? Там галінкі тонкія, крохкія - яшчэ сарвецеся, пакалечыцеся. Спускайцеся ўніз, рвіце і ешце ў задавальненне." Прысаромленыя, прыціхлыя хлопчыкі злезлі з дрэва і сарвалі па яблыку з ніжняй галінкі. Але яны падаліся ім настолькі кіслымі, што аж зажмурыліся ад аскоміны.

Аповяд называецца "Чаму яблыкі сталі кіслымі?" Дзяўчынка піша: "Спачатку дзеці елі яблыкі, якія бліжэй да сонца. Яны паспелі хутчэй, таму і былі салодкімі. А яблыкі знізу, закрытыя лісцем, яшчэ не даспелі, таму былі кіслымі." З пункту погляду батанікі дзіця адказала на "выдатна", а з пункту погляду маралі - на "нуль". Ніякага маральнаснага бачання, почуту. Не пачула слоў "прысаромленыя, прыціхлыя", не падумала, што гаспадар мог неяк інакш зрэагаваць. Ужо зразумела: з дзіцём не ўсё ў парадку, дзіця хворае - трэба занатаваць. А хворых не караюць, хворых лечаць.

Іншая старонка - і тое ж дзіця выдае аналагічны вынік. Вось гэтая старонка.

Дзеці ўзялі шэфства над бабуляй. Бабуля старэнькая, у яе ўжо й зубоў няма. Вады ёй прынясуць, падлогу памыюць, травы нарвуць для казы… А тут у школьным садзе паспелі арэхі - вялікія грэцкія арэхі, але цвёрдыя, як камень. Нехта нават прапанаваў, што імі можна з рагаткі страляць. А другі кажа: "Давайце бабулі занясем." Нарвалі цэлае вядзерца, занеслі бабулі, высыпалі на стол: ешце, бабуля. А самі пабеглі. За вокнамі чуюцца дзіцячыя галасы. А бабуля сядзіць за сталом, перабірае арэхі, яны грукацяць, як каменьчыкі, а па шчаках старой жанчыны цякуць слёзы.

(Працяг у наст. нумары.)

З гісторыі змагання за Беларускі нацыянальны ўніверсітэт

Змаганне за існаванне Нацыянальнага ўніверсітэта мае даўнюю гісторыю. Пачалася яна прыкладна ў 1997 годзе, калі пасля рэферэндуму 1995 г. гэтае пытанне першым падняў Юры Хадыка і яго падтрымала ТБМ..

Зараз я прапаную вам азнаёміцца з маім інтэрв'ю ў газеце "Чырвоная змена" ад 15 жніўня 2000 г. і думкай на гэты конт тагачаснага міністра адукацыі Васіля Стражава.

Прайшло роўна 20 год, а праблема засталася. Цяжка, ой, цяжка нам ісці да Беларусі, але мы ідзём.

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ.

Мова павінна быць мэтай, а не гвалтам

Беларускі нацыянальны ўніверсітэт: мара ці рэальнасць?

Пра тое, што беларуская мова ў нашай краіне - пытанне палітычнае, так ці інакш мы ўзгадваем усюды, пачынаючы ад сямейнай кухні і заканчваючы кабінетам чыноўніка. Так склалася, што з палітыкай воляй-няволяй звязваюць і стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта (БНУ). Камусьці магчымасць адкрыцця гэтай вышэйшай навучальнай установы з выключна беларускай мовай навучання падабаецца, камусьці - не. Аднак зараз, мабыць, упершыню за доўгі час існавання гэтай ідэі пра яе загаварылі больш сур'ёзна. Пацвярджэнне таго - з'яўленне Праекта Канцэпцыі стварэння Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта, які быў надрукаваны ў такіх дзяржаўных і недзяржаўных выданнях, як "Наша слова", "Пагоня", "Рабочы", "Беларуская маладзёжная", "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Народная воля". Але найбольш важнай і, шчыра кажучы, некалькі нечаканай падзеяй стала прапанова Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (ТБМ) - аўтара ідэі БНУ - абмеркаваць пытанне яго адкрыцця на адной з сустрэч удзельнікаў грамадска-палітычнага дыял огу. Што з гэтага атрымаецца - пакажа час. А пакуль мы вырашылі пагутарыць з чалавекам, які мае да гэтай праблемы непасрэднае дачыненне, - старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алегам Анатольевічам ТРУСАВЫМ.

- Ідэя стварэння вышэйшай навучальнай установы, у якой навучанне і справаводства вяліся б толькі на беларускай мове, - распавядае наш суразмоўца, - узнікла ў нас амаль тры гады таму. Праз некаторы час да ТБМ далучыліся Таварыства беларускай школы і Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны. Восенню мінулага года ўтварылася спецыяльная ініцыятыўная група, якая нарэшце распрацавала праект статута БНУ. Сёння мяркуецца, што ўніверсітэт будзе мець філіялы ў беларускіх гарадах, насельніцтва якіх складае больш за 100 тысяч жыхароў і дзе адсутнічаюць іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Перш за ўсё - у Лідзе, Оршы, Пінску, Бабруйску.

У Беларускім нацыянальным універсітэце плануецца стварыць шэсць факультэтаў - фізіка-матэматычны; юрыдычны з аддзяленнямі міжнароднага, грамадзянскага і адміністрацыйнага права; філасофскі, на якім папярэдне будуць навучаць студэнтаў па трох спецыяльнасцях - сацыялогіі, культуралогіі і тэалогіі. Таксама павінны быць створаны прыродазнаўчы і гісторыка-лінгвістычны факультэты. Апошні, акрамя гістарычнага і музейна-архіўнага, будзе мець і лінгвістычнае аддзяленне, дзе збіраюцца рыхтаваць прафесійных перакладчыкаў, літаратурных крытыкаў, журналістаў, рэдактараў і спецыялістаў выдавецкай справы. Шосты, эканамічны, факультэт будзе мець кафедру дэмаграфіі, бо на Беларусі апошнім часам вельмі востра адчуваецца неабходнасць у такіх кадрах. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на стварэнне кафедраў вайсковай гісторыі Беларусі, гісторыі архітэктуры і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва - гэта, мяркую, будзе і цікава, і карысна.

Студэнты кожнага факультэта будуць вывучаць гісторыю сваёй спецыяльнасці, шырокі курс беларусазнаўства і, акрамя абавязковай для кожнага заходнееўрапейскай мовы, па сваім выбары адну са славянскіх моў. Можна будзе пазнаёміцца і з балцкімі, і з мовамі народаў Усходу (хіндзі, японскай, арабскай і г.д.). Такая "шматмоўная" палітыка абумоўлена перш за ўсё дыпламатычнымі стасункамі Беларусі з іншымі краінамі свету. Тут дарэчы ўзгадаць простую ісціну: хочаш мець з нейкай краінай добрыя адносіны - размаўляй на яе мове. У Літве і Польшчы пра гэта не толькі памятаюць - там ужо вывучаюць беларускую мову. А мы... мы ў гэтым сэнсе выглядаем не зусім прыгожа: краіна, якая гучней за ўсіх крычыць пра тое ж славянскае адзінства, надае мала ўвагі мове суседняй дзяржавы і важнага партнёра Беларусі на міжнароднай арэне - Украіны, рэдка дзе вывучае чэшскую, балгарскую ці сербскую, зусім ігнаруе славенскую... і грэбуе сваёй роднай - беларускай. Выпускнікам і без таго нешматлікіх беларускамоўных класаў і школ проста няма куды падзецца: амаль усе ВНУ, што прапануе ім наша сістэма вышэйшай адукацыі, з рускай мовай навучання. Або спыняйся на тым, што ўжо атрымаў, або мірыся з разнастайнымі, у тым ліку і псіхалагічнымі, цяжкасцямі, паступіўшы ў абраную вышэйшую навучальную ўстанову. Трэцяга не дадзена. Таму, відавочна, неабходнасць у стварэнні БНУ ужо наспела.

- Алег Анатольевіч, у адносінах да Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта вы часта ўжываеце наступныя азначэнні: новая беларуская навучальная ўстанова еўрапейскага тыпу, элітны ўніверсітэт. Што прынцыпова новага чакае нас у ім?

- Змешаная еўрапейска-амерыканская мадэль атрымання вышэйшай адукацыі. Галоўнай яе асаблівасцю з'яўляецца дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў і прынцып акадэмічнай свабоды. Апошні прадугледжвае, што студэнт сам вырашае, хадзіць яму на заняткі ці не, аднак пры ўсім гэтым залікі ці экзамены ён павінен здаваць своечасова. "Нездавальняюча" азначае для яго выкпючэнне, але праз год студэнт-гаротнік зноў можа вярнуцца на той курс, які не здолеў скончыць, і такім чынам дадаць да абавязковых пяці гадоў навучання ва ўніверсітэце яшчэ адзін. Выкладанне на беларускай мове будуць весці лепшыя навукоўцы нашай краіны і замежжа. Ужо зараз у нас маецца база дадзеных на больш за 100 патэнцыяльных выкладчыкаў, якія ў любы момант гатовы прыйсці працаваць у БНУ. Сярод іх - каля 30 беларусаў, што жывуць за мяжой і працуюць у знакамітых універсітэтах Расіі, Польшчы, Англіі, Швейцарыі... Ёсць і навукоўцы іншых нацыянальнасцей, што выдатна валодаюць беларускай мовай. У далейшым мяркуем наладзіць конкурсны адбор выкладчыкаў, галоўнымі патрабаваннямі да якіх стануць прафесіяналізм, цудоўнае валоданне беларускай мовай і ўжыванне яе ў паўсядзённых зносінах. Жорсткі конкурс чакае і абітурыентаў. Бо меркаваны ўніверсітэт зможа даць месца не больш як 3-3,5 тыс. студэнтаў. Такая малая іх колькасць абумоўлена як фінансавым бокам справы, так і тым, што рыхтаваць у БНУ будуць будучых навукоўцаў і кіруючыя кадры ў галіне палітыкі, культуры, адукацыі і гаспадаркі - нацыянальную эліту. А яна проста не можа быць шматлікай.

- Аднак ходзяць чуткі, што ўжо зараз ТБМ збірае подпісы студэнтаў, якія гатовы перайсці вучыцца ў БНУ...

- Гэта не зусім так. Зразумела, да нас паступаюць падобныя просьбы ад студэнтаў розных ВНУ. Аднак нават пры жаданні мы не зможам прыняць іх усіх: розніца ў навучальных праграмах не пакідае іншага варыянту. Праўда, для некаторых асабліва адораных студэнтаў можа быць зроблена выключэнне, але вучыцца яны пачнуць з першага курса. Здадзеныя ж у папярэдніх ВНУ экзамены будуць ім залічаны. Таксама БНУ мяркуе супрацоўнічаць з адзіным у нашай краіне цалкам беларускамоўным гуманітарным ліцэем імя Якуба Коласа, і двума педкаледжамі ў Менску, лепшыя выпускнікі якіх будуць аўтаматычна залічвацца ў шэрагі яго студэнтаў. Астатніх жа жадаючых паступіць у БНУ чакае звычайны конкурс сярод абітурыентаў. Такім чынам, праблем з выкладчыкамі і студэнтамі не прадбачыцца. Распрацоўваюцца і навучальныя праграмы, спонсары гатовы ўжо ў бліжэйшы час выдаць 20 падручнікаў, кожны накладам у 299 асобнікаў. Справа, як кажуць, за "малым" - вырашыць пытанне аб стварэнні БНУ палітычна.

- Наколькі вядома, дагэтуль улады не звярталі асаблівай увагі на гэтую праблему...

- Часам ствараецца ўражанне, што чыноўнікі баяцца сустрэцца і пагутарыць з намі, бо добра ведаюць, што паводле перапісу насельніцтва, у 1999 годзе 85,6 працэнта грамадзян Беларусі назвалі сваёй роднай мовай беларускую і 41,3 працэнта прызналі яе мовай паўсядзённых зносін. З гэтай прычыны некалькі дзіўнай падаецца мізэрная колькасць беларускамоўных класаў, школ, адсутнасць ВНУ, дзе б навучанне цалкам вялося на нацыянальнай мове беларускага народа. Разам з тым, за стварэнне БНУ выказаліся амаль 30 тыс. грамадзян Беларусі і іншых краін. I мы рады ўжо таму, што аб праблеме беларускамоўнай ВНУ нарэшце пачалі гаварыць і на дзяржаўным узроўні. Так, 29 красавіка ў Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь адбылася нарада з прадстаўнікамі адміністрацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка (БДПУ), прысвечаная пытанню адкрыцця БНУ. Ніхто з ТБМ туды запрошаны не быў. Вердыкт, які вынеслі ўдзельнікі нарады, як і трэба было чакаць, адмоўны. Падстава - эканамічныя цяжкасці, хоць, паводле нашых падлікаў, на стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта першапачаткова дастаткова выдаткаваць паўмільёна долараў. Гэта параўнальйа невялікая сума. Узамен нам паабяцалі перавесці на беларускую мову навучання адну з ужо існуючых ВНУ (БДУ ці БДПУ). Наколькі гэта сур'ёзна, пакуль цяжка меркаваць. Але зразумела адно: ні гэтае рашэнне, ні прапановы стварыць БНУ шляхам рэарганізацыі (г.зн. закрыцця) адной з існуючых ВНУ, добрых вынікаў не дадуць. Бо ў той ці іншай ступені кожная з гэтых акцый азначае прымус, а мова павінна быць мэтай, а не гвалтам.

Наталля ШЧАСНАЯ.

Р.S. "Мова павінна быць мэтай, а не гвалтам...". Цікава, што падобныя словы мне давялося пачуць і ад аднаго кампетэнтнага чыноўніка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У іх закладзена тая "залатая сярэдзінка", якую спакон вякоў шукае чалавецтва. Шкада толькі, што "сярэдзінка" гэтая, як і любая добрая ідэя, можа служыць розным, нават супрацьлеглым мэтам. Не хачу ў гэтым нікога абвінавачваць. Толькі... Вельмі хацелася б, каб ідэя Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта не ператварылася ў адну з падстаў жорсткага супрацьстаяння.

Пасляслоўе. Ці будзе пастаўлена кропка?

Беларускі нацыянальны ўніверсітэт... Што гэта: утопія, неабходнасць, прыгожая мара або нечы ўдалы палітычны крок? Пытанне, на якое нельга забыцца, спаслаўшыся на вельмі трапную думку: "У жыцці ўсё вельмі проста. Праблемы сабе стварае чалавек сам". Не рызыкуем навязваць свой адказ на яго - вы і самі ў стане зрабіць высновы. А вось пазнаёміць вас, нашых чытачоў, з яшчэ адным меркаваннем на гэты конт прымаем за абавязак. Такім чынам... Мы папрасілі пракаменціраваць сітуацыю, якая складваецца зараз вакол ідэі Беларускага нацыянальнагауніверсітэта (БНУ), міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Васіля Іванавіча СТРАЖАВА.

- Перш, чым разважаць над праблемай стварэння БНУ, - гаворыць наш суразмоўца, - трэба ўдакладніць, аб чым менавіта ідзе размова. Аб магчымасці атрымліваць вышэйшую адукацыю на беларускай мове? Гэтае жаданне маладых людзей мы ў нейкай ступені можам задаволіць і сёння. Хоць, безумоўна, клапаціцца аб развіцці нацыянальнай мовы ў галіне адукацыі трэба яшчэ шмат: ствараць беларускамоўныя плыні спачатку ў класічных універсітэтах, потым у іншых ВНУ... Да таго ж ужо праз год можна перавесці цалкам на беларускую мову навучання Беларускі ўніверсітэт культуры, і зараз гэтае пытанне абмяркоўваецца з прадстаўнікамі яго адміністрацыі. Толькі рабіць усе гэтыя захады трэ ба паступова, па меры падрыхтоўкі выкладчыкаў і стварэння навукова-метадычнай базы.

Калі ж размова ідзе аб адкрыцці менавіта нацыянальнай ВНУ... Прабачце, але з такім выразам я пагадзіцца не магу. У нас ужо ёсць нацыянальная сістэма адукацыі. Таму ў дадзеным выпадку мы можам гаварыць толькі аб стварэнні ў межах гэтай сістэмы яшчэ адной вышэйшай навучальнай установы. Адразу паўстае пытанне: ці і патрэбна гэта?

Даць адказ цяжэй...

Праўда, на заканчэнне размовы Васіль Іванавіч упэўнена паабяцаў:

- Хутка створым спецыяльную камісію па гэтым пытанні, у якую ўвойдуць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, грамадскіх аб'яднанняў, разнастайных ВНУ, навукоўцы. - I дадаў. - Ідэя развіцця беларускай мовы і культуры - справа высакародная. Шкада толькі, што ў некаторых выпадках яна мае пад сабой палітычную падаплёку.

Наталля ШЧАСНАЯ.

Шануем знакамітых землякоў

Калі зазірнуць у каляндар, то ў ім на кожны дзень прыпадае якое-небудзь свята. Дзяржаўнае, рэлігійнае, прафесійнае, народнае, ці нават цэлы год, а то і болей аб'яўляюцца святочна-юбілейнымі. Так, у гэтым годзе мы прадаўжаем адзначаць добрымі справамі трэці Год малой радзімы, сёлета - 80-годдзе ўтварэння нашага раёна, летась - 75-годдзе Гарадзенскай вобласці.

Амаль кожны жыхар Дзятлаўшчыны стараецца ў гэты час зрабіць нешта такое, каб не выглядаць горш за іншых, каб наша малая радзіма стала прыгажэйшай, больш заможнай, лепш прыстасаванай да жыцця, для захавання сваёй гісторыі, культуры, традыцый. Нехта рамантуе сваё жытло, садзіць дрэвы і кветкі, наводзіць парадак на прысядзібным участку і вуліцы, у парку, лесе ці на палетках.

Невялікая па колькасці раённая грамадская арганізацыя ТБМ (Таварыства беларускай мовы) не застаецца ў баку ад добрых спраў. За апошнія 4-5 гадоў намаганнямі сваіх сяброў ТБМ зрабіла, робіць і плануе ў далейшым прадаўжаць справу вяртання памяці аб нашых знакамітых земляках, якім было наканавана нарадзіцца, жыць, працаваць і тварыць на Дзятлаўшчыне, праслаўляць яе сваімі справамі і творамі.

Так у 2016 годзе мемарыяльнай шыльдай была пазначана хата ў вёсцы Труханавічы, у якой жыў і пісаў свае вершы самабытны сялянскі паэт Нікіфар Жальба (сапраўднае імя Аляксандр Бяленка). У вёсцы Зачэпічы Жукоўшчынскага сельсавета, у самым цэнтры, дзе калісьці быў магазін і пачатковая школа, аб якой сёння згадваюць толькі пасаджаныя былымі вучнямі і іх настаўнікам-паэтам Петрусём Гранітам (Іванам Івашэвічам) прыгожыя цяністыя клёны і духмяныя ліпы, усталявалі камень-валун з мемарыяльнай шыльдай. Тэкст на ёй напамінае вяскоўцам і праезджым, што ў гэтай лясной вёсцы ў першай палове 20 стагоддзя жылі і тварылі адразу тры паэты, простыя сялянскія хлопцы. Змагаючыся за права беларусамі звацца, яны стварылі драматычны гурток, рыхтавалі для вяскоўцаў спектаклі па творах Я. Купалы, М. Чарота, У. Галубка і іншых беларускіх аўтараў. Сцэнай і глядзельнай залай былі вясковыя гумны. Зачэпіцкія паэты пісалі вершы на роднай мове, друкавалі іх у віленскіх беларускамоўных газетах, чыталі на вясковых святах. У 1967-68 гадах мінулага стагоддзя ў Зачэпічы спецыяльна некалькі разоў прыязджаў знакаміты даследчык беларускай літаратуры, пісьменнік, прафесар Уладзімір Калеснік. Пасля шматгадзінных гутарак з Петрусём Гранітам і Васілём Струменем (А. Лебедзевым), які жыў у гэты час ужо на Украіне, але кожнае лета не забываў наведваць сваіх сяброў-паэтаў у Зачэпічах, Калеснік трапна назваў Зачэпічы "гняздом" паэтаў, бо тут пісаў свае вершы і яшчэ адзін адораны паэтычным талентам вясковец - Герасім Прамень (Іван Пышко).

Пазней мемарыяльнай дошкай на Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі быў уганараваны яго стваральнік і першы дырэктар, заслужаны настаўнік Беларусі Міхаіл Петрыкевіч.

Два гады таму ўраджэнцу вёскі Варакомшчына - знакамітаму беларускаму пісьменніку Вячаславу Адамчыку на яго радзіме з ініцыятывы Сяргея Каско, пры матэрыяльнай падтрымцы старшыні мясцовага сельгаспрадпрыемства "Граніт-Агра" Станіслава Мазура і галоўнага інжынера Андрэя Падліпскага ўсталяваны вялікі прыгожы валун з адпаведнай мемарыяльнай дошкай.

Каб надаць нашаму Дзятлаву большую турыстычную прывабнасць, мы ініцыявалі збор подпісаў жыхароў за стварэнне мемарыяльнага манументальнага помніка заснавальніку і першаму ўладару нашага горада, знакамітаму ваяру-палкаводцу, шчыраму абаронцу праваслаўнай веры, гетману найвышэйшаму Вялікага Княства Літоўскага Канстанціну Іванавічу Астрожскаму. Ужо пройдзены ўсе папярэднія этапы на юрыдычнае права з'явіцца ў Дзятлаве гэтаму манументу. Выбрана месца для яго, зацверджаны пасля конкурснага адбору макет помніка, адкрыты на збор сродкаў рахунак у банку. Наперадзе - збор сродкаў. Спадзяюся, што жыхары нашага горада і раёна з разуменнем, добраахвотна, згодна са сваімі кашалькамі адгукнуцца на гэтую добрую справу. Упэўнены, што сябры ТБМ пакажуць першымі добры прыклад.

9 жніўня гэтага года споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння яшчэ аднаго нашага слаўнага земляка - Ігната Сымонавіча Дварчаніна, помнік якому ўпрыгожвае гістарычны цэнтр Дзятлава.

За вяртанне заслужанай памяці пра гэтага чалавека, грамадска-палітычнага дзеяча, навукоўца, доктара філасофіі, паэта шмат намаганняў прыклаў мой бацька, былы дырэктар музея Міхаіл Петрыкевіч. Яму з цяжкасцю ўдалося пераканаць тагачасных кіраўнікоў раёна і вобласці заручыцца матэрыяльнай падтрымкай мясцовага калгаса "1 Мая" і пазначыць мемарыяльнай дошкай хату № 33 у вёсцы Погіры, на месцы якой калісьці стаяў дом Дварчанінаў. Паралельна было прынята рашэнне і аб усталяванні ў цэнтры горада бюста Ігнату Дварчаніну. Але гэтая справа зацягнулася на доўгія шэсць гадоў.

У верасні 1989 года бацька, які на той час жыў ужо ў Вільні, прыехаў на адкрыццё помніка сам і запрасіў сваіх сяброў Янку Брыля і Уладзіміра Калесніка. Калі гэтая кампанія пасля ўсіх святочных імпрэзаў сядзела ў нашай кватэры за кубачкам кавы, успамінаючы мінулае, пражытае і перажытае, я міжволі засяродзіў увагу на твары свайго роднага чалавека. Ён нібы памаладзеў, і то з аднаго, то з другога прыжмуранага вока раз-пораз сцякала непрыкметная сляза. Так, гэта былі слёзы радасці за тое, што ўдалося здзейсніць даўно задуманае. І вось пад канец таго, як аказалася, апошняга сумеснага сяброўскага "чаяпіцця", бо сяброў хутка раздзяліла мяжа, старасць ды адыход у "лепшы свет", бацька са шкадаваннем заўважыў, што не шкодзіла б трошкі лепш упарадкаваць радзіму Ігната Дварчаніна, яго Погіры, яго родную хату. Пры гэтым неяк неспадзявана-запытліва кінуў позірк на мяне. Далей яны абмяркоўвалі магчымасці ўшанавання ў 1995 годзе 100-х угодкаў знакамітага земляка. Але бурлівыя падзеі таго часу, развал СССР, эканамічная разруха не дазволілі ім не толькі прыгожа адзначыць гэты юбілей, але і ўспомніць пра яго. Ды і малодшы з іх Уладзімір Калеснік пайшоў у вечнае жыццё, а майму бацьку пераваліла за 80.

Непрыкметна праляцела яшчэ чвэрць стагоддзя. На вясну і пачатак лета гэтага года выпаў пік пандэміі. Але мы, сябры ТБМ, гэта, у першую чаргу, Леанід Марцукевіч, Віктар Нікіпорчык, Мечыслаў Якубчык, Андрэй Капітула, Фёдар Красюк, Аляксей Петрыкевіч ды аўтар гэтых радкоў, разам з сённяшняй гаспадыняй хаты № 33 у Погірах Надзеяй Лукашык і яе сынам Кастусём з усімі перасцярогамі, збіраючыся па тры-чатыры чалавекі, адпаведна нашым сілам і сродкам пастараліся надаць сядзібе больш-менш прывабны для турыстаў стан. Перад хатай усталявалі мемарыяльны камень, зрабілі прыгожую лаву для наведвальнікаў, пасадзілі туі і хосты. На шашы Дзятлава - Ліда замацавалі вырабленую шыльду-ўказальнік. Не так даўно гаспадары хаты зрабілі прыгожы, белага колеру, металічны плот. Каля хаты заўсёды чыста, трава своечасова скошваецца.

Узгадніўшы тэрміны з мясцовымі ўладамі, ТБМ сумесна з раённай бібліятэкай і музеем рыхтуе святочныя мерапрыемствы з нагоды 125-годдзя нашага юбіляра. На гэтае свята, якое адбудзецца 22 жніўня ў Дзятлаве, Погірах і Зачэпічах, запрошаны беларускія пісьменнікі, паэты, барды і спевакі з Гародні, Ліды, Слоніма, Менска і Баранавічаў.

У Дзятлаве святкаванне адбудзецца каля помніка Ігнату Дварчаніну з 11 да 11.45, у Погірах на надворку хаты № 33 - з 12 да 12.45. Заключная частка мерапрыемства пройдзе ў Зачэпічах каля мемарыяльнага каменя мясцовым паэтам з 13.15 да 14.45.

Будзем вельмі радыя бачыць на гэтых імпрэзах сваякоў Ігната Дварчаніна, зачэпіцкіх паэтаў і Нікіфара Жальбы, а таксама ўсіх, каго цікавіць наша культура і гісторыя, жыхароў Дзятлава, Погіраў, Зачэпічаў і навакольных вёсак.

Валерый ПЕТРЫКЕВІЧ, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX