Папярэдняя старонка: 2020

№ 39 (1502) 


Дадана: 30-09-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 39 (1502), 30 верасня 2020 г.

У Беларусі ўзнавілі Тураўскі крыж

Навуковец і археолаг Пётр Лысенка ў мінулым стагоддзі знайшоў чатыры свінцовыя выявы - Найсвяцейшай Багародзіцы і трох святых. Навуковец выказаў здагадку, што абразкі мелі дачыненне да крыжа кафедральнага сабора Турава, разбуранага землятрусам у першай палове XIII стагоддзя. Крыж быў галоўнай святыняй Тураўскай епархіі.

- У навукоўца, археолога Пятра Лысенкі нарадзілася думка ўзнавіць крыж. Калі звярнуліся да мяне, я працаваў у вобласці царкоўнага мастацтва, займаўся даследаваннем святынь, - кажа ювелір Алег Ермаловіч. - Вялікую ролю сыграў уладыка, мітрапаліт Павел. З яго дабраславення, сказанага на дарогу слова я ўзяўся за гэтую працу. Я магу сказаць пра сваю праробленую працу, што выраб атрымаўся таго часу, у тых традыцыях, у тым успрыманні канону, дагмату. Атрымалася добра.

Усяго былі ўзноўлены два крыжы. Асноўны крыж з мошчамі святых будзе захоўвацца ў Тураве, другі - у менскім музеі. У адзін з крыжоў, які перададуць Тураўскаму кафедральнаму сабору, будзе ўстаўлена часціца крыжа, на якім быў раскрыжаваны Ісус.

Абодва крыжы выкананы з золата, з выкарыстаннем каштоўных і напаўкаштоўных камянёў. Золата, смарагд, кіпарысавая аснова. Аўтарам эскізнага праекта Тураўскага крыжа стала мастачка Алена Андрушчанка.

- Я, вядома ж, ганаруся, што маю нейкае дачыненне да стварэння крыжа. Я паспрабавала максімальна выкласціся на ўсе сто, калі збірала эскізы, проста зрабіць максімальна добра сваю працу, - распавяла Алена Андрушчанка. - У такім разе, калі ствараецца такі аб'ект, складана сказаць, што ты адзін аўтар. Тваёй рукой, напэўна, водзяць вышэйшыя сілы, як мне здалося.

- Адна з самых складаных задач, якая перад намі стаяла, - зрабіць усё ў тэхніках таго часу. Выбіраўся матэрыял - золата, таму што гэта адпавядала мысленню сярэднявечнага чалавека. Чалавек аддае Богу самае лепшае. Таму абодва крыжы выкананы з золата, з выкарыстаннем каштоўных і напаўкаштоўных камянёў, - распавяла старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўным мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі, аўтар канцэпцыі ўзнаўлення Тураўскага крыжа і куратар праекта Марыя Нецвятаева. - На крыж, які быў зроблены для Акадэміі навук, смарагд быў выраблены Акадэміяй навук. І ўсе работы па крыжы былі выкананы ў поўнай адпаведнасці з аналагамі. Гэта значыць: кіпарысавая аснова, каштоўныя матэрыялы і ручная праца ва ўсіх ста адсотках крыжа.

ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ

Археолаг, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Лысенка ў 2017 годзе распавёў "Камсамолцы" пра тое, як знайшоў свінцовыя абразкі, і пра самую перспектыву аднаўлення крыжа.

- Іх удалося знайсці ў 1962 годзе, калі я толькі-толькі пачаў даследаваць Тураў - гэта былі літаральна першыя мае раскопкі там. Гэтыя свінцовыя абразкі - унікальны матэрыял: аналагаў ім не зафіксавана ні ў літаратуры, ні ў музеях. Памятаю, як у здзіўленні разводзілі рукамі мае навуковыя кіраўнікі, калегі, паслушнікі манастыроў, а таксама спецыялісты музеяў Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе, Гістарычнага музея ў Маскве, музея Ленінградскай епархіі, - распавядаў нам Пётр Фёдаравіч.

Тады ж ён высунуў гіпотэзу пра прыналежнасць абразкаў Тураўскаму напрастольнаму епархіяльнаму крыжу. Яна не аспрэчана і праз паўстагоддзя. І ў карысць сваёй версіі Лысенка апелюе да Полацкага епархіяльнага крыжа. Больш вядомы як крыж святой Еўфрасінні Полацкай, ён якраз і ствараўся для галоўнага храма епархіі.

Па меркаванні Лысенкі, рэліквія магла згінуць яшчэ ў 1230 годзе пад руінамі храма, для якога і стваралася. 3 траўня водгукі землятрусу ў Румыніі дайшлі да Турава. Пад іх уплывам абрынуўся галоўны сабор епархіі, які стаяў на слабым падмурку.

Дарэчы, у інтэрв'ю для "Камсамолкі" Пётр Лысенка казаў, што ўзнаўленняў Тураўскага крыжа можа быць нават некалькі. Напрыклад, адна копія - для епархіяльнага храма, другая - для музея. Так і атрымалася.

Вось толькі сам Пётр Фёдаравіч Лысенка да гэтага моманту не дажыў. Ён памёр 23 сакавіка 2020 года на 89-м годзе жыцця.

Дар'я Ламаноўская. Фота: Таццяна Амеліна, church.by. Крыніца: kp.by.

Скульптура "Манета" з'явілася каля галаўнога офіса банка "Дабрабыт" на вуліцы Камуністычнай, 49 у Менску.

Аўтарам працы стаў вядомы беларускі скульптар Канстанцін Касцючэнка, паведамляе сайт банка. Манета выканана з бронзы, вышыня - 3 метры, вага каля 2 тон.

Скульптура змяшчае фрагменты манет, якія хадзілі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Гэта арабскі дырхем (9 стагоддзе), срэбны пенязь Вітаўта пачатку 15 стагоддзя, манеты канца 14 стагоддзя, дукаты 16 і 19 стагоддзяў, талеры 17 і 18 стагоддзяў.

У кампазіцыі прысутнічаюць таксама савецкія 10 капеек і сучасныя 2 рублі.

Менская абласная канферэнцыя ТБМ

Менская абласная справаздачна-выбарчая канферэнцыя Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" пройдзе 3 кастрычніка (субота) у 11.00 у Менску па адрасе: вул. Румянцава, 13 (сядзіба ТБМ).

Запрашаюцца: абраныя дэлегаты ад раёнаў, сябры абласной рады і рэвізійнай камісіі мінулай кадэнцыі, сябры рэспубліканскай Рады ад Менскай вобласці.

У Слуцку адбыўся справаздачна -выбарчы сход Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ

24 верасня сябры Слуцкай раённай арганізацыі ТБМ падвялі вынікі працы за апошнія 3 гады і перавыбралі на новы тэрмін раду і кіраўніка раённай арганізацыі.

Цімошак Зінаіда, старшыня Слуцкай ТБМ, распавяла ў справаздачы пра дзейнасць арганізацыі ў перыяд з красавіка 2018 па верасень 2020 года. Асноўнымі накірункамі працы былі зборы подпісаў сярод случчан за беларускамоўныя шыльды і вулічныя ўказальнікі. Паездкі па месцах масавых расстрэлаў людзей, іх добраўпарадкаванне, арганізацыя беларускамоўных экскурсій па горадзе Слуцку, наведванне музеяў - краязнаўчага Анатоля Белага ў Старых Дарогах, Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах Капыльскага раёна, стварэнне тэатральна-спеўнага гуртка, штотыднёвыя "Гадзіны беларускай мовы"для насельніцтва. Таксама мела месца рэгулярнае правядзенне Дня роднай мовы, канцэрты мастацкай дзейнасці, запрашэнне беларускіх бардаў для папулярызацыі беларускай мовы, перапіска з прадпрыемствамі па праблеме беларузіцыі ў маркіроўцы прадукцыі і многае іншае.

На сходзе прысутнічалі 11 чалавек з 16 сяброў арганізацыі. Яны адзінагалосна прагаласавалі за новага старшыню арганізацыі - тую ж Цімошак Зінаіду.

Таксама на сходзе абрана Рада з 5 чалавек:

Цімошак Зінаіда (старшыня);

Блінова Тамара;

Зыкаў Мікола;

Крот Ірына;

Кульбіцкі Сяргей.

Рэвізорам абралі Плеваку Валерыя.

Абраны 2 дэлегаты на Менскую абласную канферэнцыю і 1 дэлегат на рэспубліканскі з'езд ТБМ.

У розным слухалі Цімошак Зінаіду, якая распавяла пра неабходнасць навядзення парадку ў спісачным складзе сябраў ТБМ. На 24-е верасня 2020 года на ўліку у Слуцкай раённай аргнізацыі ТБМ пазначаны 16 чалавек. Ёсць дзве заявы аб выбыцці з арганізацыі. Заявы прадставілі Дамарад Марына і Адзярыха Уладзімір.

Прынялі рашэнне: Прыняць заявы да ведама і выкрасліць са спісаў ТБМ Дамарад Марыну і Адзярыху Уладзіміра.

Цімошак З.В. паведаміла таксама, што двое жыхароў Слуцка напісалі пісьмовыя заявы на ўступленне ў ТБМ і былі прыняты падчас паседжання Рады Слуцкай раённай арганізацыі 20.09.2020 года. Гэта - Крот Ірына і Крот Андрэй. Такім чынам, на ўліку Слуцкай раённай арганізацыі па-ранейшаму 16 сяброў. Пярэчанняў па колькасным спісе не было.

Наш кар. (Працяг тэмы на ст. 4.)

Алена Анісім: "Я чакаю таго, што здаровы сэнс усё ж такі возьме верх"

"Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі няпростая, можна сказаць, тупіковая, - лічыць старшыня Таварыства беларускай мовы, былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. У інтэрв'ю карэспандэнту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу яна сказала, - так сталася з-за таго, што за 26 гадоў не створана, а наадварот, знішчана сістэма пераемнасці ўлады".

Алена Анісім:

- Таму ўсе мы з'яўляемся закладнікамі менавіта такога стану рэчаў. Сёлетняя выбарчая кампанія была цалкам правалена ўладамі. Тое, што рабілася падчас працэсу рэгістрацыі кандыдатаў, ужо паказала, што насамрэч ніхто і не збіраўся ладзіць выбарчую кампанію як такую. Гэта значыць адбылася імітацыя выбарчага працэсу, фактычна маляванне нейкай уяўнай перамогі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што папярэдне неаднаразова рабіліся закіды Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку пра тое, што можа варта было б ужо яму і не вылучацца, грамадства атрымала недвухсэнсоўны адказ, што менавіта Аляксандр Рыгоравіч будзе правіць баль у гэтай краіне столькі, колькі ён сам пажадае. У выніку атрымалася тое, да чаго ніхто не быў гатовы. Народ не захацеў болей цярпець, народ недвухсэнсоўна выказаўся адносна таго, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка не з'яўляецца пасля 9 жніўня легітымным кіраўніком краіны. І ўсе мы зараз сведкі таго, што народ, не абіраючы лідара, не абіраючы нейкай канкрэтнай палітычнай сілы, партыі, ініцыятывы дэманструе, што менавіта ён з'яўляецца легітымным уладным органам, гэта значыць менавіта народ вызначае, як яму жыць, з кім яму жыць і хто павінен прамаўляць ад імя народа. На сённяшні дзень гэта робіцца вуснамі розных людзей. Але паколькі ў народа няма рэальных рычагоў уплыву на прыняцце палітычных рашэнняў, то гэтыя масавыя выхады вельмі эфектныя, але не маюць таго эфекту, на які мы ўсе разлічвалі. На жаль, палітычнай эфектыўнасці, таго выніку, якога б мы хацелі, пакуль мы не маем. Адным словам, мы бачым, што ўсё зайшло ў тупік.

РР:

- А якое выйсце з гэтага тупіка?

Алена Анісім:

- Сітуацыя склалася адпаведна таму, як развіваліся ўсе працэсы на працягу гэтых 26 гадоў, - калі палітычнае поле зачышчана, калі няма ніякай магчымасці займацца палітыкай усім тым, хто пачувае ў сабе такое жаданне. Таму што палітыка - гэта найвышэйшая форма праяўлення чалавечага розуму, адказнасці, патрыятычнасці. А ў нас гэта пад забаронай, кажучы так, як ёсць. Таму адзінае выйсце - гэта вяртанне ў прававое поле, гэта пачатак дыялогу ў грамадстве і пачатак нармальнай дэмакратыі. Без гэтага ніяк і нікуды. У прыватнасці, ёсць пляцоўка, якую стварыла Рада інтэлігенцыі разам з аргкамітэтам па правядзенні Кангрэса ў абарону Незалежнасці. Гэтая пляцоўка раз-пораз збіраецца. І мы гатовы стаць, можа быць, той пачатковай пляцоўкай для шырокага грамадскага дыялогу.

РР:

- А да вас хто-небудзь хаця б мякка і асцярожна з боку ўлады звяртаўся хаця б з намёкамі пра такую магчымасць?

Алена Анісім:

- Былі пэўныя размовы. Але наша пазіцыя ясная, - мы настойваем, што павінна быць прызнанне таго, што выбары прэзідэнта ў Беларусі не адбыліся. Гэта асноўная наша пазіцыя. Калі мы пачынаем з таго, што ў Беларусі выбараў не было, прэзідэнт у нас не быў абраны, значыць, павінна дзейнічаць па Канстытуцыі іншая структура ўлады. Калі мы на гэта пагаджаемся, зыходзім з гэтага, то далей мы пачынаем размаўляць: якія крокі павінны быць зроблены ў той ці іншых сферах. І далей пайшлі да наступных крокаў.

РР:

- Пакуль мабыць улады ўсё ж не гатовыя да гэтага. Не так даўно Лукашэнка казаў - а з кім размаўляць?

Алена Анісім:

- Размаўляць трэба з людзьмі, размаўляць трэба з народам. А ўжо якім чынам прадстаўнікі народа будуць вылучацца, гэта ўжо пытанне другое. Каму народ будзе давяраць, каму будзе дэлегаваць свае паўнамоцтвы, гэта вельмі проста і лёгка арганізаваць. Было б жаданне.

РР:

- Вяртаючыся да тэмы непрызнання выбараў і сітуацыі, калі па вашых словах, павінна дзейнічаць іншая структура ўлады, а па Канстытуцыі, гэта прэм'ер-міністр як выканавец абавязкаў кіраўніка дзяржавы, то Лукашэнка прадугледзеў і гэты момант. 19 жніўня ён зацвердзіў прэм'ера, але без узгаднення з палатай прадстаўнікоў. Можа быць, працэдура парушана наўмысна, каб і да прэм'ер - міністра былі пытанні аб яго легітымнасці, каб раптам не пераняў гэтую ўладу?

Алена Анісім:

- Вось мы пра гэта і кажам. Дык якая ж гэта ўлада? Якая ж моц улады, калі яна сама сябе заганяе ў такую сітуацыю? Ніхто не перашкаджаў, ніхто не замінаў. А між тым улада нічога не зрабіла з таго, што трэба было зрабіць па працэдуры, што трэба было зрабіць па законе, што трэба было зрабіць па Канстытуцыі. Такім чынам, улада сама распісалася ў тым, што яна няздольная.

РР:

- Чаму традыцыйная апазіцыя не пайшла на выбары? У тым ліку і Вы, хаця спачатку планавалі?

Алена Анісім:

- Я не пайшла перш за ўсё таму, што вылучаўся Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Я сказала - пасля гэтага няма чаго ў гэтым удзельнічаць. Гэта значыць падыгрываць яму, ісці на тых умовах, якія ёсць, а вынік прадказальны. Тое ж самае і для традыцыйных партыяў. Яны былі сагнаныя даўным даўно на палітычную ўзбочыну. А тое, што адбыўся ўсё ж такі прарыў, то ў нейкай ступені ён быў прадказальны. Людзі ўжо даўно хацелі зменаў ва ўладзе, хацелі зменаў у вышэйшым палітычным кіраўніцтве. Аднак іх ніхто не збіраўся слухаць. Гэта, прабачце, прагучыць груба, але гэта так - ешце, што даюць! А народ не захацеў гэта перанесці і выказаў сваё абурэнне і выказаў сваё стаўленне да ўсяго. І да таго, што галасы ў адных адбіраюць, і каму галасы прыпісваюць, і каму хочуць малююць. Адным словам, супраць гэтага фарсу. А нехта не захацеў удзельнічаць у гэтым фарсе, нехта меў дастаткова рэсурсаў, у першую чаргу, фінансавых, у другую тэхнічных, для таго, каб паспрабаваць прабіць гэтую сцяну, якую ўлада паставіла між сабой і народам. І ўдалося! Беларусы ўсё ж паказалі, што яны талерантны народ, але гэта народ свабодалюбівы!

РР:

- І, дарэчы, паказальна, што асноўныя лозунгі, асноўныя сімвалы гэтых пратэстаў - "Жыве Беларусь!", бел - чырвона - белы сцяг, герб "Пагоня". Што таксама нечакана.

Алена Анісім:

- У людзей ёсць моцнае жаданне жыць менавіта ў незалежнай Беларусі. І для таго, каб яшчэ больш выразна гэта падкрэсліць, людзі скарысталіся нацыянальнымі сімваламі ў процівагу сімвалам сённяшняй палітычнай эліты, якая знаходзіцца на вяршыні ўлады. Вось у піку ім, у знак пратэсту, яны выкарыстоўваюць нацыянальныя сімвалы. Гэта таксама падкрэслівае, што людзі свядома абіраюць незалежнасць Беларусі. І хочуць жыць у сваёй краіне, а не ў саюзнай дзяржаве ці яшчэ ў нечым.

РР:

- Бачна, што Лукашэнка не збіраецца сыходзіць. Калі ўзімку і ўвесну ён яшчэ звяртаўся да Захаду, сварачыся з Пуціным, то зараз хутка памяняў арыентацыю, кідаецца ўжо да Пуціна ледзь не ў абдымкі.

Алена Анісім:

- Сітуацыя з Расеяй зразумелая ад пачатку і да канца. Менавіта Расея, а дакладней - Крэмль, стаў гарантам праўлення Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, пачынаючы, можа, з 1994 года, а ўжо з 1996 года - то дакладна. Не будзь умяшання Расеі ў 1996 годзе, то яго праўленне магло закончыцца праз два гады. Але гісторыя распарадзілася інакш. І менавіта ад Крамля Аляксандр Рыгоравіч у першую чаргу і чакае падтрымкі. Бо Крэмль - гэта гарант ягонай улады ў Беларусі. І таму ён паехаў туды, і таму ён дзеля сваёй улады гатоў прымаць якую заўгодна позу, і казаць тыя рэчы, якія кожнаму беларусу проста рэжуць вуха і прыводзяць у няўцямны стан, - наконт агульнай нейкай айчыны, радзімы ад Берасця да Уладзівастока.

РР:

- Чаго чакаеце рэальна ў бліжэйшы час?

Алена Анісім:

- Я чакаю прагрэсу. Я чакаю таго, што здаровы сэнс усё ж такі возьме верх. Зразумела, што сітуацыя, якая склалася зараз у Беларусі, сведчыць, як бы там хто не казаў, аб слабасці цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Таму што моцны палітык выразна адчувае, калі яму варта сысці. Калі палітык пачынае, насуперак усялякім законам, неправамерна скарыстоўваць сілу, значыць ён хавае сваю слабасць. Аляксандр Лукашэнка, безумоўна, будзе яшчэ чапляцца за ўладу. Але можна меркаваць, што яго палітычны лёс ужо вырашаны.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск .

Пісьмовыя прылады знакамітых асобаў

Пласт матэрыяльнай культуры, звязаны з традыцыяй пісьменства, прадстаўлены на новай выставе ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Багатая калекцыя лаўрэата прэміі за духоўнае адраджэнне Уладзіміра Ліхадзедава лягла ў аснову новай выставы "Тайны канцылярыі".

На выставе можна пабачыць, чым пісалі нашы продкі ў ХV-ХХ стагоддзях, якімі былі алоўкі і асадкі даўніх часоў, пісалы і пер'я, чарнільніцы ў розных мастацкіх стылях, пісьмовыя прылады з каштоўных матэрыялаў, якія належалі вядомым асобам. Цікавасць выклікаюць у гледачоў пёравыя асадкі са срэбра, асадкі ў выглядзе дырыжабля "Graff Zeppelin", пісьмовыя прылады князёў Радзівілаў і сям'і Манюшкаў, канцылярскія прылады краязнаўца і гісторыка О. Гедэмана, фінансіста Л. Палякова, маршала С.К. Цімашэнкі і іншых.

Школьная тэма экспазіцыі адкрывае змесціва ранца гімназістаў розных эпох (сшыткі, алоўкі, тачылкі, пеналы), а таксама дэманструе, як выглядала парта ліцаіста А.С. Пушкіна.

Роздум і ўспаміны пра гісторыю Менска выклікаюць вырабы друкарні Іллі Львовіча Каплана - папера і сшыткі, а таксама рарытэтныя фотаздымкі сям'і Капланаў. На выставе прадстаўлены алоўкі Варшаўскай фабрыкі Станіслава Маеўскага і іншых фабрыкантаў. Выстава наводзіць на роздум пра вечнасць і глыбіннасць літаратурнага працэсу, неабходныя яго аксесуары.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

ПРА НАШУ РЭВАЛЮЦЫЮ

Нататкі сацыял-дэмакарата

Жыццё дабягае канца. Трэба дарабіць тое, што ніхто за мяне не зробіць. Як даследчык, я жыву цяпер у часавых рамках 1900-1919. Працую з дакументамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Вымушаны каторы раз асэнсоўваць рэвалюцыйныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя.

Ногі ўжо "не тыя", і на дэманстрацыі я не пайшоў. А мітынгі я не люблю, бо навошта слухаць прамоўцаў, калі я і без іх ведаю, у чым і ў кім "прычына нашых крыўд і бед". І ўсё ж 15 жніўня я не стрымаўся і паехаў на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім.

Мой скептыцызм, пра які я пісаў на пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі, не прапаў.

Вярнуўшыся з мітынгу, я пагаманіў па тэлефоне з маім партыйным таварышам і ацаніў бачанае адным словам. Якім? Пра гэта будзе пазней.

На пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі я пісаў: не бачу, за каго магу падпісацца ў час вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі. Адмыслова пішу абодва словы з вялікай літары, на французскі лад, бо ў Францыі гэтае словаспалучэнне з'яўляецца ледзь не сакральным. Пасля таго, як гэты інстытут спаганены, дыскрэдытаваны, хацелася б бачыць у Беларусі сапраўды і Рэспубліку, і Прэзідэнта. Але не праглядваюцца постаці, якія б вартыя былі такога статусу. Няма Шарля дэ Голя, Жоржа Пампіду, Франсуа Мітэрана. І нават няма Жака Шырака, Нікаля Сарказі, Франсуа Аланда і Эманюэля Макрона, якія аўтарытэт гэтага інстытута абнізілі, але ўсё ж здолелі павесці за сабой большасць нацыі, большасць грамадзян. (Не забудзем, што і гэтыя паняцці народжаныя ў Францыі.)

З вуснаў і Віктара Бабарыкі, і Валерыя Цапкалы, і Святланы Ціханоўскай я не пачуў, што яны прапануюць народу (пра нацыю гаворкі няма, бо і нацыі няма). А менавіта - якую мадэль развіцця яны прапануюць. Сінгапурскую, з "дыктатурай рззвіцця"?

Цывілізацыйны выбар - прынцыповае пытанне. Яно фармулюецца гэтак: Еўропа ці Азіёпа? Яшчэ больш канкрэтна: вернемся мы ў Еўропу, станем мы - краіна, якая мела Магдэбурскае права, не ведала людажэрчага самаўладдзя, зведала досвед Рэнесансу, Гуманізму, проста Рэфармацыі і Каталіцкай Рэфармацыі - зноў еўрапейцамі? Ці так і будзем заставацца пад рукой краіны, у якой толькі мяняюцца назвы, але сутнасць застаецца адна: агрэсіўны дэспатычны рэжым, які не дае нармальна развівацца ні свайму народу, ні народам суседніх краін?

Зрэшты, некаторыя кажуць, што такая сутнасць самога расійскага народа: не можа ён без цвёрдай рукі, без Івана Жахлівага, без галавасека Пятра, без Мікалая Крывавага (я налічыў 16 масавых расстрэлаў пры "святым" цары), без Сталіна, без Пуціна… Калі гэта так, то чым мы адрозніваемся ад усходняга суседа, 26 гадоў трываючы дыктатуру? І ці патрэбная нам Еўропа? Каму патрэбная, той можа з'ехаць, а астатнім навошта яна тут?

…Абавязковае адступленне. Я не еўрааптыміст. Мне блізкая пазіцыя французскага сацыяліста Ларана Фабіуса, які рашуча выступіў супраць ратыфікацыі складзенай у духу лібералізму Еўрапейскай канстытуцыі (і на рэферэндуме нацыя выказалася супраць ратыфікацыі). Я ведаю, як быў парушаны дэмакратычны прынцып далучэння да Еўрасаюза праз ратыфікацыю яго канстытуцыі на рэферэндумах у паасобных краінах. І мне блізкая пазіцыя тых брытанскіх лейбарыстаў, якія выказаліся за выхад сваёй краіны з гэтага Саюзу. Мне блізкая таксама пазіцыя таварышаў з Сацыял-дэмакратычнай партыі Ісландыі, Рабочай партыі Нарвегіі і Сацыялістычнай партыі Швейцарыі, якія спрычыніліся да пабудовы Еўропы ў сваіх краінах і не спяшаюцца ў Еўрапейскі Саюз.

Адзін з аўтараў і рэдактар праграмы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), у першапачатковы яе тэкст я не ўставіў пункт пра сяброўства Беларусі ў Еўрапейскім Саюзе. Ён быў устаўлены пазней і без мяне. Але свой пункт гледжання я не мяняю і кажу, што ўступленне Беларусі ў ЕС можа быць выкарыстана супраць Беларусі яе суседзямі з ЕС. Веданне гісторыі дае мне права не стамляцца і паўтараць, што па ўсім перыметры ў Беларусі няма сяброў - ёсць суседзі. Ёсць лепшыя суседзі і горшыя (наконт горшых суседзяў чытайце верш "Наша гаспадарка" Янкі Купалы). А з суседзямі трэба жыць па-суседску: вышэйшая ці ніжэйшая, шчыльнейшая ці радзейшая агароджа ды павінна быць.

…Цяпер вяртаюся да пытання пра цывілізацыйны выбар. Нават калі не ўступаць у Еўрапейскі Саюз, Беларусі, як мне думаецца, трэба мець яго як саюзніка. Саюзнік ён непаслядоўны, ненадзейны, асабліва калі мець на ўвазе немцаў з іх пуцінферштэйн і французаў з сарказі-макронаўскімі рэверансамі Крамлю. Непаслядоўныя паводзіны ЕС і ў дачыненні да лукашэнкаўскага рэжыму. Каштоўнасці дэмакратыі, клопат аб правах чалавека не заўсёды знаходзяцца на першым плане. ЕС то ўводзіць санкцыі, то здымае іх, то адклікае амбасадараў, то вяртае іх… Такая сабе школа танцаў Саламона Пляра: "две шаги налево, две шаги направо, шаг вперед и две назад".

Паўтараю: ЕС - саюзнік ненадзейны. Але лепшага саюзніка ў Еўропе дэмакратычныя сілы Беларусі не маюць. Калі б тут былі вялікія радовішчы нафты і газу, тады, пэўна, Еўропа і ЗША інакш глядзелі б на Беларусь.

Гэта што тычыцца цывілізацыйнага выбару.

Я добра зразумеў, супраць КАГО дэманструюць дзясяткі тысячаў. А супраць ЧАГО? Супраць фальсіфікацыяў, дзікунскіх сцэнаў гвалту над безабароннымі людзьмі, судовых распраў, супраць катаванняў? Гэта выдатна. Супраць чаго яшчэ? Не чуў, што супраць прыватызацыі Беларусі, пра што добра напісаў Сямён Букчын, супраць карупцыі, супраць эксплуатацыі наёмых работнікаў... Ці мала супраць чаго яшчэ!

Пагатоў не чую і чамусьці не бачу, ЗА ШТО выходзяць людзі. Няма лозунгаў, як яны былі (і ёсць) у "старой" апазіцыі.

Тысячы людзей сабраліся каля станцыі метро Пушкінская - і ніводнага лозунгу, транспаранту. Ніводнага прамоўцы. Добра, гэта развітанне з чалавекам. Магчыма, там лозунгі і прамоўцы без патрэбы, але назаўтра выходзяць сотні тысяч і практычна ніякіх лозунгаў. Затое прапагандоны пішуць праграму за Ціханоўскую.

Я адразу выказаў скепсіс адносна новых людзей у палітыцы, якія перш-наперш кляліся, што яны - не апазіцыя.

Яны здзіўлялі сваёю наіўнасцю. Сказаў бы мацней, але не буду ўжываць тое грэцкае слова, якое ўжыў Дастаеўскі, даючы загаловак свайму раману. Было такое ўражанне, што яны не ведаюць, у якой краіне жывуць, які ў гэтай краіне рэжым. Яны быццам не чулі, не бачылі, не чыталі пра жорсткія расправы ўлады са сваімі апанентамі, пра знікненне Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара. Яны, пэўна, не чыталі, што ўладу, маёмасць і грошы не аддаюць. Яны чамусьці не ведалі, што гэтая ўлада не спыніцца ні перад чым, каб утрымаць Беларусь у сваіх руках і высмоктваць з яе сокі, асуджаючы яе на доўгія гады стагнацыі.

Між тым улада прадбачліва запраторыла за краты правадыроў вулічнага пратэсту. І з дуру, з перапуду, з прышыбееўскай сваёй натуры, мякка сказаўшы, перастарался, "переусердствовала". У тых, хто выйшаў 9-га на вуліцы, не было правадыроў. Таму не было ніякага мітынгу, ніякай дэманстрацыі - быў натоўп, гэта значыць - стыхійная, не арганізаваная, не кіраваная гурма.

Я казаў свайму таварышу: добра было б, калі б на пратэст людзі збіраліся не ў адной мясціне - гэта стварыла б праблемы карнікам. Здаецца, так і пайшло. Але бяда ў тым, што ў розных мясцінах сталіцы, збіраліся, зноўтакі, натоўпы. Выключэнне - той момант, калі людзі пачалі будаваць барыкады. Але ўлада (ведама, не без вонкавага ўплыву) спахапілася, аслабіла ціск.

Што 15-га на развітанне з Аляксандрам Тарайкоўскім сабраўся натоўп, я ў той самы дзень сказаў свайму таварышу. Адна частка гэтага натоўпу крычала адно, другая - у той самы час - другое, і не было дружнага, адзінага голасу. Самае смешнае, што я пачуў, гэта кліч "Света, Света!". Так і хацелся спытаць: а дзе ж тая Света?

Я прайшоў па вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна. Я ўзіраўся ў твары. Мала каму за сорак, і рэдка каму за пяцьдзясят гадоў, а такіх, як я, старых і зусім адзінкі.

Такая дэмаграфія. У сацыяльным плане гэта прэкарыят - людзі, здольныя ўтвараць часовыя асацыяцыі. Усякія прафсаюзы і партыі для іх аджылая непатрэбшчына, скоўваюць іх асабістую свабоду.

Маё пакаленне пакінула ім у спадчыну вернутыя з нябыту бел-чырвона-белы сцяг і Купалаў кліч "Жыве Беларусь!". Больш, здаецца, нічога. Гэта амаль суздром абрусачнае пакаленне - пакаленне, якое вучылася ў школе Замяталіна і Радзькова. Але і гэтая школа, колькі яе ні падганялі пад стандарты ўлады, з задачай не справілася, бо, акрамя школы, гэтых людзей вучыла сеціва. Вось чым тлумачыцца вінегрэт у галаве: ідуць у палітыку, ва ўладу і заяўляюць, што яны не апазіцыя, што яны не такія, як тыя, каторыя ў БСДП, АГП, Партыі БНФ… Яны думалі, што дастаткова ўкінуць бюлетэнь у скрыню - і справа зроблена. Яны абурыліся, калі іх падманулі. Такое ўражанне, быццам яны не ведалі, што ўлада трымаецца на хлусні, што іх абавязкова падмануць і што да гэтага трэба рыхтавацца загадзя.

…Пасля рэвалюцыйнага ўздыму наступае яго спад. Наступае рэакцыя. З'яўляецца Сталыпін ці пародыя на Сталыпіна. Законамі і асабліва законапрымяненнем робіцца ўсё, каб падагнаць прадстаўнічую ўладу пад патрэбы ўрада. Сістэма ўстаяла, умацавалася, прыціснула, загнала ў падполле ўсё, што ёй не падабаецца. У шэрагах рэвалюцыянераў з'явіліся капітулянты і ліквідатары. Многія падаліся ў прочкі. (Улада магла ў гэтыя жнівеньскія дні пераканацца, колькі людзей яна змусіла падацца за мяжу. А колькі яшчэ змусіць?) І ў той самы момант, калі сістэма дасягнула апагею, пачалася яе эрозія, распад. І супраць вярхоўнай улады паўсталі адфільтраваныя і, здавалася, надзейныя, дэпутаты, земствы і гарадское самакіраванне і нават генералітэт. Вялікую (Лютаўскую) рэвалюцыю зрабіў не пралетарыят, яна адыбалася "зверху".

Вось так можна было б апісаць схему пасляжнівеньскага развіцця Беларусі, калі б я не ведаў, што ключ да вырашэння нашых праблем ляжыць у Маскве. І пакуль не пераможа рэвалюцыя ў Расіі, рэвалюцыя ў Беларусі не пераможа, бо маскоўская контррэвалюцыя абавязкова дапаможа контррэвалюцыі менскай. Пра гэта я не раз казаў сваім таварышам сацыял-дэмакратам.

З расійскай рэвалюцыі 1989-1991 гг. найлепш скарысталі краіны Балтыі, рэспублікі Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Казахстан і нават Украіна з Малдовай, якім яшчэ доўга давядзецца адстойваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць. У гэтым ланцугу самым слабым звяном аказался сама больш нашпігаваная савецкай ваеншчынай і агентурай Беларусь, у якой так і не склалася нацыя, а мелася насельніцтва.

Нацыі ў Беларусі няма і дасюль. Існы рэжым усе 26 гадоў робіць усё залежнае ад яго, каб нацыя і грамадзянская супольнасць не склаліся. Вось, бадай, галоўная прычына слабасці рэвалюцыйных сіл. У Беларусі задачы дэмакратычнай рэвалюцыі непазбежна супадаюць з задачамі рэвалюцыі нацыянальна-вызвольнай. (Чытайце, што пра ўзаемазалежнасць нацыянальнага і ўсякага іншага вызвалення пісаў Фрыдрых Энгельс.) Дзейныя рэжымы ў Беларусі і Маскве не дапусцяць у нас ні дэмакратычнай, ні нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі.

Становішча Беларусі можна ўмоўна параўнаць са становішчам Польшчы ў 1980-х гг. Маючы магутную "Салідарнасць", маючы магутную незалежную Царкву, маючы на рымскім пасадзе Папупаляка, Польшча не магла вызваліцца ад "камуны" і ад абдымкаў Масквы, пакуль Масква сама не разняла рукі. У нас няма ні падабенства "Салідарнасці", ні магутнай незалежнай нацыянальнай Царквы. І таму нам давядзецца чакаць, калі Масква аслабіць свае абдымкі або калі Маскве будзе не да Беларусі. Нам трэба чакаць пачатак новай рэвалюцыі ў Расіі.

Калі дэмакратычная рэвалюцыя 1989-1991 гг. прывяла да распаду савецкага квазісаюза, то чарговая рэвалюцыя ў Расіі, на думку многіх расійскіх гісторыкаў і палітолагаў, будзе суправаджацца распадам квазіфедэрацыі. Вось тады і настане час нацыянальна-вызвольнай і дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі. І да яе трэба быць гатовымі.

Анатоль Сідарэвіч.

Тры абзацы ў дадатак.

Я, мусіць, не зграшу супраць ісціны, калі напішу, што праціўнікамі дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі і, ergo, у Беларусі з'яўляюцца Еўропа і Штаты. Тэарэтычны распад Расіі, як і фактычны распад СССР, выклікае ў іх толькі адно пытанне: каму дастануцца атамныя бомбы? Таму для Еўропы і ЗША лепш, каб рэвалюцыі не было.

І яшчэ адно. Вы заўважылі, што я не ўжываю словаспалучэнне "беларуская ўлада" і да яго падобныя? Я не ўпэўнены, што ўлада ў нас - беларуская.

Я не разглядаю тут форс-мажорную сітуацыю. Усе мы пад Богам ходзім. І калі Бог пакліча яго на суд, то гэта не азначае, што рэжыму прыйдзе канец. На месца аднаго знойдзецца другі, які таксама будзе задавальняць Маскву. Іншая справа, калі Бог пакліча маскоўскага валадара...

20 жніўня 2020 г.

Справаздача аб дзейнасці Слуцкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны за перыяд з красавіка 2018 года па 24 верасня 2020 года

03.04.2018 г. Перавыбары старшыні рады Слуцкай арганізацыі ТБМ і дадатковыя выбары намесніка старшыні рады і рэвізора.

22.04. Сустрэча з беларусам - случчанінам Сяргеем Сарагаўцом, якія жыве ў Амерыцы, на тэму "Беларуская дыяспара ў Нью - Ёрку".

Красавік - май. Арганізацыя курсаў "Мова нанова ў Слуцку", падрыхтоўка памяшкання.

Май - ліпень. Удзел сяброў ТБМ у працы курсаў "Мова нанова" - 1 раз у тыдзень.

10 мая 2018 года. Добраўпарадкаванне магілы Альгерда Абуховіча.

15 мая 2018 г. Экскурсія па старажытным горадзе Слуцку на тэму "Горад, якога няма". Праводзіў сябра ТБМ, мясцовы краязнавец Ігар Ціткоўскі. Знаёмства са слуцкай старасветчынай, прыцягненне ўвагі да гісторыі роднага горада. Прысутнічалі 10 чалавек.

Май - чэрвень 2018 года. Збор подпісаў сярод жыхароў горада за дадатковае ўсталяванне на шыльдах з назвамі вуліц беларус-камоўнай версіі. Сабралі 637 подпісаў на 29 аркушах.

Перадача подпісаў у Слуцкі райвыканкам. Атрымалі адказ аб немэтазгоднасці ў сувязі з існаваннем дзвюх дзяржаўных моў.

03.06. Паездка ў Курапаты ў сувязі з 30-годдзем адкрыцця месца масавых расстрэлаў. Ушанаванне памяці загінуўшых. Удзельнічалі 5 сяброў ТБМ.

12.06. Паездка ва ўрочышча Каліта - месца масавых расстрэлаў у Слуцкім раёне. Праверка захавання ўсталяваных крыжоў, прыбіранне смецця.

14.06. Зварот да дырэктара Слуцкага лясгаса з просьбай перамясціць зону адпачынку з месца расстрэлаў у іншае месца. 25.06. атрыманы пазітыўны адказ з абяцаннем перамясціць зону адпачынку ў іншыя месцы Урэцкага лясніцтва.

Ліпень 2018 г. Перапіска сяброў ТБМ з кіраўніцтвам РУП "Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі" наконт ліквідацыі арфаграфічных памылак на беларускамоўных таблічках на чыгуначным вакзале. 21.08. атрыманы пазітыўны адказ аб тым, што памылкі выпраўлены.

Ліпень 2018 г. Удзел сяброў ТБМ у перапісцы з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследванняў Рэспублікі Беларусь з мэтай унясення прапановы па змяненні артыкулаў 7 і 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 9.02. "Аб абароне спажыўцоў". Прапанова аб тым, каб інфармацыя аб таварах (работах, паслугах) даводзілася альбо на дзвюх мовах, альбо на адной беларускай мове.

17.07. Атрыманы негатыўны адказ у сувязі з прэзідэнцкімі зменамі ў Законе ад 13.06.2018 года, згодна з якімі руская мова застаецца ў прыярытэце.

Канец ліпеня 2018 г. Збор 30 подпісаў на імя дырэктара Слуцкага хлебзавода наконт спынення вытворчасці і рэалізацыі хлебнай прадукцыі пад назвай "Бульбаш", якая зневажае нацыянальны гонар беларусаў.

01.08.2018 г. подпісы накіраваны на прадпрыемства. 30 жніўня атрыманы негатыўны рускамоўны адказ з парушэннем заканадаўства аб зваротах. Перапіска прадоўжана па факту парушэння спецыялістамі ААТ "Слуцкі хлебзавод" парадку афармлення адказу на зварот - з заводам і Слуцкім райвыканкамам. 28.09. атрыманы адказ са Слуцкага райвыканкама аб тым, што райвыканкам запатрабаваў ад ААТ "Слуцкі хлебзавод" выправіць парушэнні заканадаўства.

14.08. Беларускамоўная пешая кскурсія па Слуцку з мэтай абуджэння ў случчан цікавасці да гісторыі і беларускай мовы з краязнаўцам Ігарам Ціткоўскім.

25.08. Сустрэча з сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Паўлам Севярынцам. Прэзентацыя яго кнігі "Беларусалім". Прысутнічалі 10 чалавек.

29.08. зварот ат старшыні ТБМ Цімошак З. В. у дзяржаўную ўстанову культуры "Слуцкі гарадскі дом" з просьбай выдзеліць ў карыстанне на бясплатнай аснове адно з памяшканняў для правядзення заняткаў курсаў "Мова нанова".

17.09. Атрыманы адказ аб немагчымасці прадставіць памяшканне з прычыны таго, што ўсе памяшканні занятыя і дзейнасць курсаў "Мова нанова" не прадугледжана дзяржаўнай установай культуры.

Верасень - пачатак кастрычніка. Перапіска старшыні Слуцкага ТБМ з дырэктарам вінагарэлачнага завода "Бульбашъ" аб замене зневажальнай назвы гарэлкі на іншую назву. Атрыманы адмоўны адказ наконт замены брэнда.

18.10. Збор подпісаў супраць разбурэння двухпавярховага цаглянага будынка, пабудаванага ў пачатку 20 стагоддзя з мясцовай цэглы з мэтай захавання спадчыны ў Слуцкі райвыканкам - 11 подпісаў. Спроба сустрэчы сяброў ТБМ і іншых актывістаў з кіраўніком райвыканкама па гэтай жа праблеме. Электронны зварот старшыні ТБМ у Міністэрства культуры. Атрыманы адмоўныя адказы ў сувязі з тым, што гэты будынак не ўключаны ў дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Выратаваць не ўдалося. Разбураны.

Кастрычнік, лістапад, снежань. Арганізацыя і пачатак дзейнасці гуртка пры ТБМ "Размаўляем па-беларуску" (1 раз у тыдзень).

На працягу 2018 года з мэтай пашырэння беларускамоўнай перапіскі з рознымі арганізацыямі на беларускай мове ажыццяўлялася перапіска па сацыяльных і культурніцкіх тэмах: з Раённым вузлом паштовай сувязі наконт паляпшэння якасці абслугоўвання, са Слуцкім райвыканкамам і раённым Саветам дэпутатаў наконт стварэння веладарожкі па вуліцы Леніна, па пытанні рамонту веладарожкі паміж Слуцкам і вёскай Вясея, з рэстарацыяй "Теремъ" наконт дзіўнага цвёрдага знака на шыльдзе, наконт вышыні бартавых камянёў на вуліцы Багдановіча, якая не адпавядае будаўнічым нормам, са Слуцкай раённай бальніцай аб нармалізацыі працы гардэроба і асвятлення лесвіцы ў вячэрні час, аб перасяленні аддзялення рэўматалогіі з аддзялення пульманалогіі ў іншае аддзяленне, у якім бы рэўмахворыя з аслабленым імунітэтам не падвяргаліся небяспецы захварэць на пнеўманію (звароты і адказы па перапісцы знаходзяцца ў файлах з назвай "Рознае").

2019 год

23.01. Пашыранае пасяджэнне рады Слуцкай раённай арганізацыі. Аналіз працы за 2018 год. Планаванне мерапрыемстваў на 2019 год.

Пачатак лютага. Добраўпарадкаванне памяшкання для ТБМ. Барацьба з вынікамі затаплення, устаноўка новага акна, рамонт уваходных дзвярэй, пераафарбоўка прыбіральні.

Люты 2019 - красавік 2019. Працяг працы гуртка "Размаўляем па-беларуску". "Асаблівасці зімовай рыбалкі - 24.01, "У крамах" - 31.01, "Пісьменнікі і паэты Случчыны" - 07.02, "Вучым мову праз беларускія песні і сцэнкі" (14.02), "Нацыянальнае адзенне і прадметы беларускага побыту" (02.03), "Жыццё - быццё" (09.03) - удзельнікі 10 -12 чалавек.

06.02. зварот да старшыні Слуцкага райвыканкама Янчэўскага А. старшыні Слуцкага ТБМ Цімошак З. В. аб неабходнасці пашырэння сферы ўжытку беларускай мовы, стварэнні беларускамоўнай версіі сайта.

18.02. Віншаванне арганізацый горада і раёна з Днем роднай мовы - 20 віншавальных паштовак 20-ці арганізацыям з просьбай аб пашырэнні сферы ўжытку беларускай мовы. У КУП "Слуцкая ЖКГ" - аб неабходнасці беларусізацыі шыльдаў і ўказальнікаў з назвамі вуліц, на прадпрыемствы - аб беларускамоўных этыкетках і маркіроўцы прадукцыі, у аддзел адукацыі райвыканкама - аб стварэнні беларускамоўнай версіі сайта. Атрыманы адказ з аддзела ідэалогіі і адукацыі Слуцкага райвыканкама, што беларускамоўны сайт распрацоўваецца.

20.02. Уручэнне 230 віншавальных паштовак з Днём роднай мовы ад газеты "Новы час" жыхарам горада Слуцка на вуліцах горада.

21.02. "Дзень роднай мовы" - дыктоўка і канцэрт мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваны ўдзельнікамі гуртка. Прынялі ўдзел 15 чалавек.

Удзел у імпрэзе "Мова продкаў - мова нашчадкаў у Слуцкай раённай бібліятэцы" - прынялі ўдзел 4 сябры ТБМ.

Арганізаваны экскурсіі і імпрэзы для насельніцтва з мэтай пышырэння кола прыхільнікаў беларускай мовы і ТБМ.

14.04. Пешая вандроўка "Таямніцы вуліцы Віленскай" - прынялі ўдзел 30 случчан.

18.04. Сустрэча з мастаком і краязнаўцам Ігарам Ціткоўскім. Выстава яго малюнкаў і афортаў па гісторыі архітэктуры горада Слуцка - прынялі ўдзел каля 20 чалавек.

17.05. Творчая сустрэча з беларускамоўнай спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай. Прысутнічалі 30 чалавек. Кавярня "Стары горад".

15.06. Сябры ТБМ наведалі прыватны музей па гісторыі Беларусі Анатоля Белага ў Старых Дарогах.

08.07. Паўторны зварот старшыні Слуцкага ТБМ у Слуцкі райвыканкам па пытанні беларусізацыі вулічных указальнікаў - да новага намесніка старшыні райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Чарнушэвіч Наталлі Вікенцеўны.

18.07. У адказе гаворыцца аб выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моў у жыцці горада і змешчана абяцанне ўлічваць прапановы звароту ў далейшай рабоце райвыканкама.

4.10. Перапіс насельніцтва. Актывісты Слуцкага ТБМ раздалі жыхарам больш за 200 самаробных паштовак з заклікам падтрымаць беларускую мову.

Распачата і скончана Адміністрацыйная справа супраць старшыні Слуцкага ТБМ Зінаіды Цімошак за тое, што 4 кастрычніка, яна асмелілася нагадаць жыхарам Слуцка падчас перапісу не забыць пра сваю родную мову - беларускую.

24.10. Удзельнікі слуцкага гуртка "Размаўляем па-беларуску" прысвяцілі чарговую "гадзіну беларускай мовы" расстраляным і рэпрэсаваным літаратарам. Хвіліна памяці, Чытанне вершаў і ўрыўкаў твораў, знаёмства з біяграфіямі расстраляных і рэпрасаваных беларускіх літаратараў.

20.11. Наведанне музея рэпрасаваных сялян пад адкрытым небам у вёсцы Чарнагубава Капыльскага раёна і наведанне музея Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы.

1.12. Удзел у мітынгу, прысвечаным 99-ай гадавіне Слуцкага Збройнага Чыну.

17.12. Удзел слуцкіх актывістаў ТБМ у святкаванні 30-годдзя Лідскага ТБМ.

22.12. Святкаванне 30-годдзя таварыства ТБМ імя Францішка Скарыны ў Слуцку. Канцэрт мастацкай самадзейнасці з удзелам лідскага барда Сяргея Чарняка. Выступ міні-тэатра Слуцкага таварыства ТБМ.

2020 год

Старшыня Слуцкага ТБМ разам з папулярызатарамі беларускай мовы Алінай Нагорнай і Ігарам Случаком 9 студзеня паўдзельнічала ў перадачы 200 дзіцячых беларускамоўных кніг дзіцячым дашкольным установам.

21.01. Сход сяброў арганізацыі ТБМ. Падвядзенне вынікаў працы за 2019 год. Пазначаны накірункі дзейнасці.

Студзень - сакавік - дзейнасць міні-тэатра, заняткаў "Размаўляем па-беларуску".

Студзень 2020 г. прадоўжана перапіска са Слуцкім райвыканкамам наконт усталявання беларускамоўнай шыльды на доме 22 вуліцы 8-га Сакавіка. Атрыманы пакручасты адказ з райвыканкама. У пісьме ад 24.01.2020 г. № 3/1-2/640 за подпісам намесніка старшыні Пенязя М.П. паведамляецца, што згодна з правіламі размяшчэння дамавых знакаў "на будынках і збудаваннях, размешчаных у сярэдзіне вуліцы, усталёўваюцца толькі дамавыя знакі з указаннем нумара будынка альбо збудавання".

Люты 2020 года. Зварот у Слуцкі райвыканкам ад старшыні Слуцкага ТБМ наконт арганізацыі ў Слуцкім гарадскім доме культуры бясплатнага беларускамоўнага канцэрта - 21лютага, у Дзень роднай мовы. (Слуцкі райвыканкам ладзіць бясплатныя рускамоўныя канцэрты на Дзень горада, на дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 23 лютага, 8 сакавіка... ) У атрыманым адказе за подпісам намесніка старшыні райвыканкама па ідэалогіі Чарнушэвіч Н. В. гаворыцца, што "арганізаваць 21 лютага 2020 года ў дзяржаўнай установе культуры бясплатны канцэрт беларускіх выканаўцаў не прадстаўляецца магчымым па прычыне арганізацыі ў гэты дзень мерапрыемстваў у адпаведнасці з планам".

19.02. Віншавальныя паштоўкі з нагоды Дня роднай мовы накіраваны ў 20 арганізацый горада Слуцка, у тым ліку ў аддзел ідэалогіі Слуцкага райвыканкама, незалежную газету "Курьер-инфо" з пажаданнем беларусізацыі гэтых арганізацый.

Падрыхтоўка канцэрта мастацкай самадзейнасці Міжнароднага Дня роднай мовы.

21.02. Напісанне беларускамоўнай дыктоўкі, канцэрт мастацкай самадзейнасці.

Сярэдзіна сакавіка - верасень - прыпыненне актыўнасці Слуцкага Таварыства белмовы ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса і пагаршэннем стану здароўя старшыні Слуцкага ТБМ.

24.09. Справаздачна-выбарчы сход сябраў Слуцкага раённага таварыства белмовы імя Францішка Скарыны. Выбары новага складу Рады, старшыні, двух дэлегатаў на абласную канферэнцыю ТБМ і аднаго дэлегата на рэспубліканскі з'езд ТБМ.

Шаноўныя сябры!

У нашу арганізацыю прыйшла сумная вестка: не стала Ірыны Краўчук, нашага сябра і шматгадовага галоўнага бухгалтара ТБМ.

Ірына была вельмі абаяльнай, прыгожай, дасведчанай жанчынай. Яна была незаменным памочнікам па фінансавых справах нашага Таварыства беларускай мовы. У разгар жнівеньскіх падзей яе сэрца не вытрымала напружання, і яна трапіла ў непрытомнасці ў бальніцу. Паўтара месяца ішло змаганне за жыццё...

Сябры нашай арганізацыі смуткуюць з гэтай нагоды і выказваюць спачуванне сям'і, родным і блізкім Ірыны.

Светлая памяць!

Сакратарыят ТБМ.

СЛОВА ЗА "НАША СЛОВА"

Сябры Карцэвіцкай суполкі ТБМ - актыўныя падпісчыкі "НС", ніколі не забудуцца і не запозняцца аформіць падпіску. Атрымаўшы чарговы нумар выдання, не прамінуць перакінуцца словам-другім наконт яго напаўнення, а то наладзяць (хай і па тэлефоне) абмеркаванне прачытанага.

Станіслава Вальчык, старшыня суполкі, кіраўнік заняткаў "Роднае слоўка" ў нясвіжскім садку "Караблік дзяцінства":

- Сёння цяжка знайсці цалкам беларускамоўную газету, а "НС" - на сваёй мове ад пачатку і да канца.

- З глыбокай удзячнасцю аўтарам чытаю публікацыі паважаных прафесара Міколы Савіцкага і доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Лыча. Вельмі крануў артыкул Уладзіміра Гука "Калі мы дойдзем да Беларусі". Цалкам падзяляю яго высновы, боль яго душы. Своеасаблівы каляндар "З падзей 2019 года" С. Барыса - добрая магчымасць асвяжыць у памяці падзеі мінулага года. Шчыры дзякуй аўтару.

- Кожны нумар "НС"- гэта магчымасць узгадаць таленавітых людзей нашай зямлі (часцей несправядліва забытых). Усцешана тым, што ў наш час знаходзяцца людзі, якія помнікамі, крыжамі, памятнымі камянямі, грамадскімі імпрэзамі шануюць іх імёны.

Ніла Бруй, былы дырэктар Карцэвіцкай школы, стваральніца школьнага гістарычна-краязнаўчага музея (пры ёй установа была выключна беларускамоўным, глыбока нацыянальным адукацыйным асяродкам):

- "Наша слова" выпісваю на працягу некалькіх гадоў. Гэтае ўнікальнае выданне па-свойму асвятляе самыя розныя падзеі сацыяльна-культурнага жыцця. Радуецца сэрца, што "Наша слова" дае магчымасць зазірнуць у мінуўшыну, каб мець адказы на пытанні: "Хто мы?", "Адкуль нашы карані?"

- З вялікім захапленнем чытаю "Беларускі пантэон" Віктара Шніпа, паэму-эсэ пра рабства Яўгена Гучка, артыкулы Алега Трусава і (нікога не хачу пакрыўдзіць) іншых аўтараў.

- Вельмі хацелася б, каб "Наша слова" прыйшло ў кожную сям'ю Беларусі, каб прыйшло разуменне, што без ведання роднай мовы і гісторыі, усе мы - толькі насельніцтва пэўнай тэрыторыі, а не народ.

Уладзімір Бруй, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў:

- "Наша слова" - гэта выданне, якое цягам гадоў узначальвае спіс нашай сямейнай падпіскі. Бярэш у рукі чарговы нумар і прадчуваеш цікавую сустрэчу з хоць і забытымі, але заўжды цікавамі падзеямі і слаўнымі імёнамі нашай Беларусі.

- На апошняй старонцы стаіць нязменнае: "Галоўны рэдактар Станіслаў Суднік".

Гэтаму чалавеку днямі споўнілася 66 гадоў - тэрмін, які ў два разы перавышае працягласць зямнога жыцця Ісуса Хрыста. У Бібліі сказана, што ўсяму свету не змясціць справаў, якія здзейсніў Госпад за свае 33 гады, і я не буду праводзіць пазалішніх аналогій. Скажу толькі, што вельмі рады, што сярод нас жыве спадар Станіслаў - у свой час мужны вайсковец і заслужаны афіцэр, сёння - нястомны змагар за роднае слова, бліскучы паэт, выдавец і рэдактар, выдатны дзеяч ў шэрагах Таварыства беларускай мовы

- Хочацца пажадаць шаноўнаму Станіславу Вацлававічу, каб і ў наступныя 33 гады не пакідала яго мілата Божая і хапала здароўя і моцы дзеля плённага служэння Айчыне!

Водгукі запісала Вольга Карчэўская. Нясвіж.

Кіраўнік бундэстага: "Відавочна, што рэжыму ў Беларусі прыйшоў канец"

Навіны Германіі

Кіраўнік ніжняй палаты парламента ФРГ Вольфганг Шойбле заклікаў афіцыйны Менск спыніць ужыванне сілы ў адносінах да ўдзельнікаў мірных пратэстаў.

- Калі дыктатару прыходзіць канец, лепш за ўсё знайсці спосаб адмовіцца ад далейшага гвалту, - заявіў спікер напярэдадні ў інтэрв'ю DW.

Палітык дадаў, што для яго з'яўляецца "відавочным, што рэжыму ў Беларусі прыйшоў канец".

Ён таксама заўважыў, што ЕС павінен выразна паказаць, што "выкарыстоўвае ўсе свае магчымасці для таго каб настойваць на выкананні правоў чалавека, дэмакратыі і адмове ад гвалту".

- Калі выступаюць за правы чалавека, прынцып нягвалту, дэмакратыю, то гэта накіравана не супраць каго-небудзь, тым больш, не супраць Расіі, - заявіў ён.

На дадзены момант Шойбле лічыць самым важным урэгуляваць сітуацыю, якая склалася, негвалтоўнымі метадамі.

- Для дыктатара ў Беларусі было б разумным нарэшце ўсвядоміць, што кадры з дэманстрацый - у тым ліку тых, якія ён паспрабаваў арганізаваць - кажуць самі за сябе, - падкрэсліў кіраўнік бундэстага.

Фота з мікраблога бундэстага.

Лідскія курсы "Мова нанова" аднавілі працу

Адкрыццё новага сезону крэатыўных курсаў па вывучэнні роднай мовы "Мова нанова" ў Лідзе адбылося на тым жа месцы, у той жа час! (Кавярня "Тутака", у 18.00.) Падчас першага занятка адбылася прэзентацыя кнігі шаноўнага госця знакамітага гісторыка Алеся Краўцэвіча "Дзяржава волатаў". На пачатку занятка вядоўца, спадарыня Наталля Тананушка правяла моўны тэст для слухачоў, падчас якога прыйшлося наведвальнікам папрацаваць з перакладам рэдкаўжывальных беларускіх слоў. Спадар Алесь Краўцэвіч распачаў гутарку пра вялікіх князёў літоўскіх таксама з апатанкі для мова-ноноўцаў. Актыўнымі былі і слухачы, якія задавалі цікавыя пытанні і абмяркоўвалі з госцем гістарычныя факты нашай вялікай гісторыі! Чакаем новых гасцей і наведвальнікаў!

Мы пачынаем!!! Кіраўніцтва курсаў.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові. Частка ІІ

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

БАЛАДА ВАЙНІСЛАВА САВІЧ-ЗАБЛОЦКАГА (3.03.1850 - 3.02.1893)

У Санкт-Пецярбургу

па Неўскім праспекце

Самотны ідзеш, хоць не ведаеш ты,

Што ў гэтым нясумным

нясонечным свеце

Табою пражыты ўжо час залаты.

І вершы ў табе, быццам пчолы, раяцца,

Гудуць і гудуць аб квяцістых лугах,

Аб родным маёнтку, аб чорных палацах,

Аб Белай Русі, што жыве на вятрах.

Ты марыш прыехаць дамоў у Панчаны,

Але не прыедзеш ніколі ўжо ты

Да светлых бяроз, у якіх закаханы

Ты быў у свае маладыя гады.

Глядзіш на Няву, дзе, як сон, праплывае

Вялікі і дымны стары параход,

З якога хлапчук табе шапкай махае,

Нібыта ён кліча цябе ў свой паход

Па свеце, дзе кожны па-свойму шчаслівы

І кожны няшчасны на гэтай зямлі,

Дзе творы твае запыляцца ў архівах,

Нібыта для сонца яны не былі.

15.04.2020 г.

БАЛАДА МІХАЛА ФЕДАРОЎСКАГА (1.09.1853 - 10.06.1923)

Ты прыехаў у фальварак Косін.

Што Еўропа! Не цікава там.

Ну а тут зноў залатая восень,

У якой твой сад стаіць, як Храм,

Праз які ты ходзіш па ваколлі,

З беларусамі - нібы з раднёй,

Песні іх запісваеш і болей

Любіш іх, чым сонца над зямлёй.

Хтосьці пасміхаецца, злуецца,

Што ў іх пан, напэўна, не з паноў.

Ну, а ты на ўсё глядзіш праз сэрца,

І сыходзіш з дому зноў і зноў.

Пройдзе час і ўсё, што занатуеш,

Будзе ў кнігах, будзе назаўжды,

Як малітва, што людзей ратуе,

Як крыніца той жывой вады,

Без якой нам жыць тут немагчыма.

Ты шчаслівы, бо багаты ты

Не на грошы, восень прад вачыма

І на з песнямі народнымі лісты.

14.04.2020 г.

БАЛАДА БРАНІСЛАВА ЭПІМАХ-ШЫПІЛЫ (16.09.1859 - 6.06.1934)

Пецярбург залаты, з маразамі зіма.

Над Васільеўскай выспаю сонца няма.

Але тут ты жывеш, ты прыехаў сюды

Не таму, каб тут быць пабліжэй да вады,

Што вясной затапляе скляпенні дамоў,

Да сябе забіраючы слёзы ды кроў.

Ты прыехаў сюды, каб над роднай зямлёй,

Што была і заўсёды век будзе тваёй,

Засвяцілася сонца і потым яно

Заглянула да кожнага светла ў вакно.

На Васільеўскай выспе ў кватэры тваёй

Не жылі, не жывуць цішыня і спакой.

Як у штаб беларускі, ідуць да цябе

Беларусы не толькі ў бязмежнай журбе,

А прыходзяць,

каб дзякуй за сонца сказаць,

Каб з Купалам сустрэцца і верш пачытаць,

І паслухаць "Жалейку", якой дапамог

Загучаць па-над сотняй сцяжын і дарог,

Што вялі ў Беларусь, у якой будзем мы

Не баяцца ні спёкі, ні лютай зімы.


Над Васільеўскай выспаю сонца няма.

І цяпер без марозу і снегу зіма.

Да кватэры, дзе жыў ты,

мы з сябрам прыйшлі

І стаім, як у цэнтры святла і зямлі.

26.02.2020 г.

БАЛАДА СТАРОГА УЛАСА (22.03.1865 - 30.09.1939)

Табе і ў Вільні наш Валожын сніцца,

Тышкевічаў палац і родны дом,

І лес, дзе кожны камень і крыніца

Знаёмыя табе, бо лясніком

Ты пушчу Налібоцкую прамераў

І ўпоперак, і ўдоўж, і вершы там,

Нібы грыбы, збіраў і ў долю верыў,

Якую Бог дае з любоўю нам.

І хоць цябе друкуюць у газетах

Ля твораў, што пісалі Песняры,

З усмешкай на цябе, як на паэта,

І жонка паглядае, і сябры.

Пра кніжку марыш, а яна далёка.

Яе не дачакаешся цяпер.

І сонца зноў хаваецца ў аблоках

І вецер залятае за каўнер.

Ідзеш па Вільні да касцёла Ганны.

Не марыш нават, ды ўсё ж прыдзе час -

На доме тым, што збудаваў старанна,

Ёсць знак: "Тут жыў паэт Стары Улас".

11.04.2020 г.

БАЛАДА МАРЫІ МЯКОТЫ (1869 - 4.10.1896)

Маленькі хлопчык на цябе глядзіць

І ласкава табе гаворыць: "Мама…"

Ён нарадзіўся Беларусь любіць,

І будзе Беларусь любіць таксама

Твайго Максіма, што малы яшчэ

І вучыцца хадзіць, і падаць смела,

І падымацца да святла вачэй

Тваіх, дзе не адна сляза ўскіпела

Ад шчасця і ад гора, без якіх

Няма жыцця на гэтае планеце,

Дзе многа памірае маладых,

Дзе і табе нямнога жыць у свеце,

Які твой сын у вершах апяе,

І застанецца між людзей за гэта.

Не кожнае жанчыне Бог дае

Свайму народу нарадзіць Паэта…

Максім да ложка да цябе бяжыць

І ціха толькі "Мама…" паўтарае.

А за вакном кастрычнік і дажджы,

З табой, як сонца, свечка дагарае.

18.05.2020 г.

БАЛАДА ВІТОЛЬДА БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ (31.01.1872 - 18.06.1957)

Заснежаны пагорак. Храм і неба,

І дрэвы акалелыя стаяць

У снезе сцішаным, які як срэбра,

Дзе кропелькі вясны спакойна спяць

І сняць зімовы сон, і ты малюеш

"Зімовы сон", і родную зямлю

Малюеш так, нібы зямлю цалуеш

І шэпчаш беларускае: "Люблю…"

І фарбамі блакітнымі спыняеш

Час цішыні над чыстаю вадой.

І чайкаю над возерам лятаеш

І плачаш, і смяешся над сабой.

І дні даўжэюць, як дамоў сцяжынкі,

Якімі ты даўно ўжо не хадзіў.

І ўжо зарос травой фальварак Крынкі,

Але не знік той край, што ты любіў,

Дзе ёсць пагорак, Храм і неба,

Дзе травы й дрэвы па вясне шумяць.

І для цябе нічога больш не трэба,

Як помніць іх, любіць і маляваць.

15-17.06.2020 г.

БАЛАДА ВЫДАЎЦА АНТОНА ГРЫНЕВІЧА (3.05.1877 - 8.12.1937)

Ты маеш сваё выдавецтва і шчасце -

Купалу і Коласа ты выдаеш.

І песні друкуеш, даеш не прапасці

І музыцы той, што не ведае меж,


Бо з сэрцаў людскіх яна выйшла на волю

І вольнаю стала, каб следам за ёй

Пайшоў твой народ

зведаць лепшую долю,

Легендаю стаць для Айчыны сваёй…


Ты сёння сыходзіш на фронт, не бядуеш,

Бо верыш, што ўсё, што аднойчы зрабіў,

Не знікне бясследна. Ты кнігі цалуеш.

Як кнігі, нічога ты так не любіў!


Па-над Пецярбургам зноў сонца царуе.

Ты з дому выходзіш, няспешна ідзеш.

І чайка ляціць, нібы кніга, якую,

Яшчэ ты напішаш, людзям прынясеш.

21.04.2020 г.

(Працяг у наступным нумары.)

У Радамлю на этнасвята

Кожны год ТБМ імя Ф. Скарыны горада Магілёва наведвае этнаграфічнае свята "У госці да радзімічаў" у Радамлі Чавускага раёна. Звычайна падзея адбывалася летам, але сёлета, у сувязі з эпідэміяй мерапрыемства праходзіла 19 верасня. Надвор'е было спрыяльнае і нават палетняму цёплае, і ТБМ-аўцы з задавальненнем рушылі ў паход па маршруце: Магілёў - Галяні - Брылі - Сухары - Расна - Будзіна - Радамля - Магілёў.

Першае мястэчка якое мы наведалі называецца Галяні -1 у Магілёўскім раёне. Тут захавалася Свята-Успенская праваслаўная мураваная царква пабудаваная ў 1903 годзе. Царква з'яўляецца помнікам архітэктуры эклектыкі з выкарыстаннем форм старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Недалёка ад храма мы падышлі паглядзець прыгожы стаў на невялікай рачулцы Чарняўка. Дарэчы, вельмі прыгожая мясціна і выдатнае месца для адпачынку на прыродзе зусім недалёка ад Магілёва. Далей мы рушылі ў легендарныя Брылі, што зусім побач са старажытным Мсціслаўскім трактам. У Брылях загадчыкам мясцовага ДК працуе наш даўні сябра выбітны кампазітар і пісьменнік Мікола Яцкоў, які да таго ж з'яўляецца старшынём абласной пісьменніцкай арганізацыі. Дамовіліся мы аб сустэчы са спадаром Міколам каля тутэйшай панскай сядзібай. Спадар Яцкоў дасведчаны краязнавец і захапляльны апавядальнік і распавёў нам, што сядзібу пачаў будаваць яшчэ мясцовы Брылёўскі пан недзе ў 1907 годзе, але потым прадаў яе "Пазямельнаму банку" ў Магілёве. Затым будынак выкупіў пан Смаляроў. Дарэчы, адзін з нашчадкаў тых паноў Смаляровых уваходзіць у склад нашай магілёўскай арганізацыі… Пасля кастрычніцкага перавароту маёнтак забралі пад школу. Калісці мясцовая рачушка Рудэя была карабляходная, і на ёй знаходзіўся вадзяны млын. Каля сядзібы ў парку ёсць таксама брацкая магіла з невялікім помнікам загінулым летам 1944 года савецкім салдатам. Напрыканцы нашай экскурсіі па былым маёнтку Мікола Яцкоў прачытаў для прысутных некалькі сваіх твораў, сярод якіх і верш "Яну Паўлу ІІ". Акрамя таго, цікавы факт! Спадар Мікола з'яўляецца аўтарам музыкі афіцыйнага гімна горада Магілёва.

Яну Паўлу II

Святы Айцец сказаў: "Не бойцеся!" -

І страхі некуды падзеліся.

Рассыпаў золата над восенню

Неўтаймаваны, звонкі верасень.

І трэба жыць… А за кастрычнікам

Вачэй бяздонне лістападавых.

І нам даводзіцца па звычаю

Усё на потым зноў адкладываць.

І ў снежань несці сэрцы босыя,

І помніць тое, з чым сустрэліся, -

Як нам Айцец сказаў: "Не бойцеся!"

І страхі некуды падзеліся.

Недалёка ад Брылёў па тракце Магілёў - Мсціслаў мы наведалі мястэчка Сухары, якое вядомае з 16 стагоддзя. Адразу каля аўтобуснага прыпынка ёсць памятны знак, які распавядае пра гісторыю Сухароў. А на самым пагорку перад спускам да ракі Раста узвышаецца Свята-Успенская праваслаўная царква, якая пабудавана ў пачатку 20 стагоддзя. Помнік пастаўлены ў рэтраспектыўна-рускім стылі і добра захаваўся да нашага часу. Таксама захавалася дарэвалюцыйная каваная ўваходная брама. Ля самай дарогі некалькі год таму быў усталяваны невялікі мемарыял ахвярам халакосту з пералікам імёнаў загінуўшых ад гітлераўцаў мясцовых габрэяў.

Мястэчка Расна Дрыбінскага раёна яшчэ са старажытных часоў лічыласяся горадам. І да нашага часу тут захавалася досыць шмат помнікаў архітэктуры і старажытных артэфактаў: касцёл Святога Казіміра, парэшткі праваслаўнай царквы, панская сядзіба Спытковых, гаспадарчыя будынкі разам з броварам, вадзяны млын і цікавыя габрэйскія могілкі. Касцёл Св. Казіміра пабудаваны ў 1812 годзе ў стылі класіцызму. На вялікі жаль помнік знаходзіцца ў аварыйным стане, і ўнутр будынка небяспечна заходзіць, бо абвальваецца цэгла. Але і ў сённяшнім напаўразбураным стане храм выглядае велічным і загадкавым нібы старажытны замак. Сядзіба паноў Спытковых пабудавана ў 1880-х гадах і таксама паступова прыходзіць у заняпад. А яшчэ некалькі год таму тут месцілася мясцовая сярэдняя школа. А недалёка ад яе бровар і некалькі гаспадарчых будынкаў ужо амаль зруйнаваныя… Вадзяны млын на мясцовай невялікай рачулцы пабудавалі ў часы НЭП-у мясцовыя прадпрымальнікі Пеўзнеры, якія пасля развалу СССР, як распавядаюць мясцовыя краязнаўцы, прыязжалі паглядзець на свае былыя ўладанні. У цэнтры мястэчка ёсць прыгожы стаў з добраўпарадкаваным пляжам, дзе ў мінулыя летнія вандроўкі мы з сябрамі спыняліся, каб пакупацца.

Невялічкая вёска Будзіна Чавускага раёна знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад Радамлі на беразе ракі Проня. Тут у мясцовай крыніцы мы набралі празрыстай вады і паглядзелі на цікавыя краявіды поймы мілагучнай Проні. Але ў гэтую невялікую вёску мы заехалі не толькі, каб вады набраць, але і каб узгадаць забытага нашага пісьменніка Цімоха Рублёва. У Будзіна ў 1910 годзе нарадзіўся Ц. Рублёў - беларускі пісьменнік, педагог і перакладчык. Некалькі год таму адна знаёмая жанчына мне падаравала непатрэбную ёй беларускую кнігу…. Кніга была вялікая на 500 старонак, і я, калі прыйшоў дадому і разгарнуў яе, то пабачыў, што гэта "Дон-Кіхот" Мігеля Сервантэса выдадзены ў "Менску" ў 1935 годзе на беларускай мове з малюнкамі ў перакладзе з рускай Цімохам Зарэчным! Лявон Радзіміч і Ц. Зарэчны - гэта псеўданімы Ц. Рублёва. З Рублёвых тут ужо нікога не засталося сярод жыхароў, але мясцовыя тубыльцы ведаюць, што з іх краю паходзіць цікавы беларускі пісьменнік.

Радамля - гэта дужа чароўнае месца! Яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага тут быў замак, ад якога да нашага часу засталася вельмі стромкая замкавая гара. Некалькі год таму на пасадзе каля замкавай гары зрабілі рэканструкцыю старажытных жылых будынкаў радзімічаў 11-13 стагоддзя. У гэтыя збудаванні можна ўвайсці і пабачыць, як жылі старажытныя беларусы. Як заўсёды, на фэсце былі цікавыя музычныя выступы, сярэднявечныя танцы, продаж сувеніраў і рамесных вырабаў. Ахвотныя маглі прыняць удзел у этнаграфічным квэсце. Мы з задавальненнем зноў паслухалі нашых дарагіх спявачак з народных гуртоў "Спадарыня" з Чавусаў і "Вясковачкі" з Слаўгарадскага раёна. Пару год таму з гэтымі калектывамі мы і пазнаёміліся на фэсце ў Радамлі. Было вельмі прыемна яшчэ раз пачуць старажытныя нацыянальныя аўтэнтычныя песні ад гэтых ужо далёка не маладых беларускіх жанчын. Пасля канцэрту сфатаграфаваліся разам з удзельнікамі народных гуртоў. Фэст у Радамлі вельмі цікавы і варта яго падтрымліваць!!! Так што дарагія сябры, чакаем вас у наступны год да нас у госці ў Чавускі раён!

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

Светлай памяці Эдуарда Канстанцінавіча Агуновіча

Вельмі сумная навіна. На 82 годзе жыцця памёр мой рэчыцкі зямляк заслужаны мастак Беларусі і лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі, нястомны дзеяч адраджэння Беларусі, Эдуард Канстанцінавіч Агуновіч.

Нарадзіўся 16 снежня 1938 г. у Рэчыца на Дняпры. Скончыў Віцебскую мастацка-графічную навучальню (1959), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут з дыпломам выдатніка (1966). Вучыўся ў Валянціна Дзежыца, Аляксандра Мазалёва, Арлена Кашкурэвіча, Уладзіміра Сухаверхава. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1971 г. У мастацкіх выставах браў удзел з 1966 г. Творы экспанаваліся на шматлікіх выставах у Беларусі, Канадзе, ЗША, Чэхаславакіі, Аўстраліі, Германіі.

Працаваў у галіне кніжнай i станковай графікі, жывапісу, займаўся распрацоўкай экспазіцый мемарыяльных i мастацкіх музеяў i выставаў. Найбольш значныя творы: ілюстрацыі да кніг "Тарас на Парнасе" (1967), "Сымон-музыка" Якуба Коласа (1968), "Глыбокая плынь" (1967) i "Трывожнае шчасце" (1973) Івана Шамякіна, "Прыгоды дзеда Міхеда" Анатоля Астрэйкі (1969), серыі станковых працаў "Дзяцінства" (1977), "Маці" (1979), "Спрадвечнае" (1980), "Крык кнігаўкі" (1981). Аўтар экспазіцый філіяла Дзяржаўнага музея ў Заслаўі (1971), літаратурных музеяў Янкі Купалы (1974), Якуба Коласа (1982), Максіма Багдановіча (1991).

Галоўны мастак экспазіцый Беларусі ў Ляйпцыгу (залаты медаль, 1976), Нью-Дэлі (1980), Левантыйскага кірмаша ў Італіі. Аўтар знакалагатыпа Першага з'езда беларусаў свету "Ефрасіння Полацкая збірае пад свой крыж беларусаў свету" (1993).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, у іншых музеях i прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, Чэхіі, Венесуэлы, Аўстраліі, ЗША.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1993). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1977). Ганаровы сябар Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі "IEAS".

А ў роднай Рэчыцы ён стаў аўтарам капліцы Ефрасінні Полацкай, помніка Мітрафану Доўнар-Запольскаму, помніка рэчыцкім воінам-інтэрнацыяналістам.

Вечная, Светлая памяць Вам, Эдуард Канстанцінавіч.

Алесь Рэзнікаў.

Выйшла новая кніга Эдуарда Акуліна "Плашчаніца"

Выйшла з друку новая кніга вершаў Эдуарда Акуліна "Плашчаніца". Гэта ўнікальны міжнародны культурніцкі праект, заснавальнікам якога з'яўляецца вядомы сербскі літаратар і мастак Мікола Шындзік. Паводле праекта ў Белградзе ў 2016 годзе адбылася вялікая літаратурна-мастацкая выстава. Сімвалічна, што кніга выйшла менавіта цяпер - у плашчанічна-навальнічны для лёсу Беларусі час... Вось як выказаўся аб праекце ягоны аўтар Мікола Шындзік:

"Літаратурна-мастацкая кампазіцыя "Плашчаніца" - вынік творчага сумоўя Эдуарда Акуліна, паэта з Беларусі, і дванаццаці сербскіх мастакоў. Прачытанне мастакамі гэтых "густых" вершаў (у перакладзе Міадрага Сібіновіча) увасобілася ў праект зборніка, дзе распавядаецца дванаццаць аўтэнтычных, насычаных візуальна аповесцяў, своеасаблівых "выяўленчых фільмаў", і ўсе яны, насуперак адрознаму паэтычнаму і жанраваму ўвасабленню, яднаюцца ў складаную архітэктоніку выставы вершамі з цыкла Эдуарда Акуліна "Плашчаніца". У зборніку змешчана па адной працы кожнага аўтара, "выяўленчай песні", на якую натхніў адзін з вершаў "Плашчаніцы", і гэта стварае кампазіцыю ўсёй выставы, жывы шкілет спектакля, дзе словы глядзяць на вас, а карціны гавораць…"

Пытайце "Плашчаніцу" ў сталічнай Акадэмкнізе або непасрэдна ў аўтара (8-025-60-60-891 А1).

Кніга пра "Крыжоўкі"

На свяце Дзень беларускага пісьменства ў г. Бялынічы я пазнаёміўся з вядомым краязнаўцам Ігарам Пракаповічам, які днямі даслаў мне сваю (разам з Алісай Януш) кнігу "Прыродна гістарычны комплекс "Крыжоўкі"".

Наклад выдання 30 асобнікаў. Кніга ўяўляе сабой даведнік пра вельмі цікавы прыродна-гістарычны комплекс "Крыжоўкі", які размешчаны на мяжы Мядзельскага і Пастаўскага раёнаў і ўключае звыш трыццаці адметных турысцка - экскурсійных аб'ектаў. Кніга надрукавана ў Пастаўскай друкарні і мае дзесяткі каляровых фатаздымкаў. Асабіста мне спадабалася тая частка кнігі, якая расказвае пра родныя мясціны паэта Уладзіміра Дубоўкі.

Выданне вельмі карыснае ўсім, хто цікавіцца прыродай, гісторыяй і культурай сваіх родных мясцін, а таксама даследчыкам і рупліўцам на ніве адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці. Кніга будзе выдатным дапаможнікам для настаўнікаў, бібліятэкараў і экскурсаводаў.

Трэба адзначыць, што набыць кнігу магчыма ў яе аўтараў: Ігара Міхайлавіча Пракаповіча і Алісы Алегаўны Януш (вучаніцы Пастаўскай гімназіі).

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

З павагай да народнай артысткі сінявокай Беларусі

Сярод яркіх жаночых вобразаў смелых і прыгожых беларусак, якія сёння напаўняюць медыяпрастору, сваё святло, лагоду і пяшчоту па-ранейшаму пралівае зорка Зінаіды Бандарэнкі.

Вобраз тэлезоркі, каралевы "Блакітных агенчыкаў", абаяльнай і мілай жанчыны, пяшчотнай матулі, вядоўцы "Калыханкі", шчырай сяброўкі з'ядноўваецца з сапраўдным вобразам Беларусі на старонках новай кнігі, створанай Аляксандрам Тамковічам, "Мой шлях да Беларусі".

На пачатку верасня на загараднай сядзібе Янкі Грыба пад Дзяржынскам адбылася прэзентацыя летапісу жыццёвага і творчага шляху легенды беларускага тэлебачання, вядоўцы шматлікіх міжнародных фестываляў і канцэртаў, народнай артысткі Зінаіды Бандарэнкі.

Трыццаць гадзін дыктафонных запісаў спатрэбілася аўтару ідэі, журналісту і пісьменніку Аляксандр Тамковічу, каб ахапіць аддаленыя па часе перыяды жыцця вядомай асобы, занатаваць яе шчырыя і пранікнёныя аповеды. Гэта найярчэйшчы жаночы вобраз, створаны аўтарам кніг "Найноўшая гісторыя ў асобах", "Лёсы", "Жанчыны", "Мазаіка жыцця" і іншых. Аляксандр Леанідавіч працаваў над кнігай два гады, збіраў сродкі для выдання праз краўдфандынгавыя платформы. Прадмову напісала Нобілеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч.

З аповеду гераіні чытач даведваецца, як сціплая дзяўчына з Уборак Гомельскай вобласці, якая перажыла вайну з матуляй Марыяй Піліпаўнай, пакутвала ў куранях, перахварэла ў юнацтве на сухоты, паступова ператварылася ў сапраўдую кветачку - спачатку ў маладзенькую выпускніцу медвучэльні, а потым - у пачаткоўку-дыктарку Гомельскага тэлебачання. Падчас правядзення Дзён Гомельскай вобласці ў сталіцы маладзенькая дыктарка прышлася вельмі даспадобы менскім гледачам. Праз некаторы час, калі яна была ўжо замужам за інжынерам-канструктарам "Гомсельмаша" Генадзем Кап'ёвым, яе запрасілі пераехаць у Менск, дзе яна хутка апынулася ў коле прафесіяналаў, якія спрыялі раскрыццю яе таленту. Вядомыя дыктары Тамара Бастун, Давенора Галкіна і рэжысёры студыі Сяргей Шпанаў і Савелій Замоўскі дэталёва абмяркоўвалі з ёй кожны выхад у эфір, былі настаўнікамі і педагогамі.

На шляху да прызнання шырокай аўдыторыі былі здымкі ў Астанкіна сярод дыктараў-прадстаўнікоў 15 рэспублік. На перадачы сярод іншых 15-ці удзельніц толькі адна Зінаіда Аляксандраўна прачытала верш на роднай мове:

"Беларусь мая, маці ласкавая,

Сінявокая азярніца,

Дай да рук тваіх прытуліцца,

Да тваіх ласкавых далоняў.

Ці ж маглі яны быць у палоне,

У няволі, за кратамі,

Гэтыя рукі твае крылатыя,

Гэты вочы празрыстыя?"

Беларускай Мадоннай называлі гледачы вядоўцу аўтарскіх канцэртаў кампазітара Ігара Лучанка ў Маскве. Пастаяннымі былі ў тыя часы камандзіроўкі ў сталіцу СССР, вучоба на курсах дыктараў на Шабалаўцы, удзел у мерапрыемствах у канцэртнай зале "Расія".

Запомніліся Зінаідзе Аляксандраўне канцэрты майстроў мастацтваў "Беларусь сінявокая" на спартыўным комплексе "Алімпійскі" ў Маскве, дзе зала ўмяшчала каля 20 тысяч гледачоў. Радкі верша Эдзі Агняцвет дапамагалі ёй передаваць пачуцці і настрой вялікай аўдыторыі:

"Я ў сэрцы ўсю цябе ўвабрала,

І міла слухаць кожны раз

Гул Беларускага вакзала -

Сталіца сустракае нас.

Паклон вам ад зямлі крынічнай,

І хлебаробнай, і лясной,

Ад Беларусі будаўнічай,

Ад Беларусі баявой!"

На старонках кнігі дзясяткі фотаздымкаў сведчаць пра сустрэчы народнай артысткі з выбітнымі і знакавымі асобамі савецкай эпохі і часу незалежнай Беларусі: Максімам Лужаніным, Ігарам Лучанком, Эдуардам Зарыцкім, Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам, Нілам Гілевічам і Генадзем Бураўкіным, Святланай Алексіевіч. Зінаіда Аляксандраўна сустракалася з касманаўтам Юрыем Гагарыным, з мастаком Міхаілам Савіцкім, трохразовым алімпійскім чэмпіёнам Аляксандрам Мядзведзем і іншымі яркімі асобамі.

Шчаслівыя старонкі сямейнага жыцця адбіліся ў фотаімгненнях: маладыя і прыгожыя Зінаіда Аляксан-драўна і Генадзь Мікалаевіч Кап'ёў адпа-чываюць з маленькім сынам Сашам ў Сімеізе.

Незабыўныя ўспаміны засталіся ў народнай артысткі ад супрацы з Уладзімірам Мулявіным, Міхаілам Фінбергам і іншымі вядомымі дзеячамі культуры Беларусі. Асобны раздзел кнігі прысвечаны кіраўніку Белдзяртэлерадыё Генадзю Мікалаевічу Бураўкіну, які ствараў сапраўднае нацыянальнае тэлебачанне, у бытнасць якога родная мова гучала ў жывым эфіры, літаратурна-мастацкую рэдакцыю ўзначальвала Вольга Іпатава, а Уладзімір Содаль шчыраваў у рэдакцыі навукова-пазнавальных праграм.

У адным з апошніх раздзелаў кнігі ідзе аповед не толькі пра дыктарскую працу тэлезоркі, але і пра яе ўдзел у аўдыёпраектах - запісах аўдыёдыска на вершы Ларысы Геніюш "Птушкі без гнёздаў", стварэння аўдыёкнігі Рыгора Барадуліна "Лепей", запіса твору С. Алексіевіч "Час сэканд-хэнд." Не аднойчы Зінаіда Бандарэнка праводзіла дыктоўкі для гасцей свята ў Бычках і выступала на ўручэнні прэміі "За свабоду думкі". Прыхільніца дэмакратычных каштоўнасцей, яна застаецца цягам многіх гадоў пастаяннай падпісчыцай "Народнай волі".

З дзяцінства праз усё жыццё пранесла ў сваім сэрцы Зінаіда Аляксандраўна Бандарэнка агенчык праваслаўнай веры. Яе малодшы сын Уладзімір Кап'ёў скончыў дыстанцыйна Маскоўскі праваслаўны Свята-Ціханаўскі гуманітарны ўніверсітэт і вучыцца ў аспірантуры ў Менскай Духоўнай акадэміі. У Ксеніі і Уладзіміра Кап'ёвых - трое дзетак, любімых унукаў Зінаіды Аляксандраўны. З 1993 года Зінаіда Бандарэнка была вядоўцай Міжнароднага хрысціянскага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" ў Магілёве. Гэтыя фестывалі былі сапраўдным святам і праваслаўных, і католікоў. Успаміны народнай артысткі, запісаныя майстрам жывой гутаркі Аляксандрам Тамковічам, прасвятляюць душу. Гераіня ўвасабляе ідэал беларускай жанчыны.

Кніга "Мой шлях да Беларусі" распаўсюджваецца праз клопат Алеся Мазаніка, яе можна набыць у прыватным кніжным кіёску. Плануецца правесці сустрэчу чытачоў з галоўнай гераіняй кнігі і аўтарам літаратурнага запісу яе біяграфіі на сядзібе ТБМ у Менску ў лістападзе.

Эла Дзвінская, фота з архіва Зінаіды Бандарэнкі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX