Вярнуцца: 2020

№ 45 (1508)


Дадана: 11-11-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 45 (1508), 11 лістапада 2020 г.

ХХ з'езд Партыі БНФ і ХVI з'езд ГА БНФ "Адраджэньне"

7 лістапада ў Менску прайшлі XX з'езд Партыі БНФ і ХVI з'езд Грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне".

У працы ўдзельнічалі 98 дэлегатаў, з іх 14 - у анлайн-фармаце. З прывітаннямі да дэлегатаў звярнуліся старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, кіраўнік Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

- Сёння мы бачым, што для большасці беларусаў незалежнасць не толькі стаіць на парадку дня, але і большасць разумее яе каштоўнасць. Большасць людзей выкарыстоўвае нашы нацыянальныя сімвалы. Але для нас застаецца вялікая частка працы з-за таго, што асноўная наша каштоўнасць - мова - застаецца ў заняпадзе, - заявіла Анісім.

З'езд павінен быў прайсці ў кастрычніку, аднак арганізатары сутыкнуліся з адмовамі ў арэндзе пляцовак, таму мерапрыемства давялося перанесці.

У рэзалюцыі з'езда сказана: "У 2020 годзе беларускі народ, абураны злачыннымі маніпуляцыямі і махлярствам падчас выбарчай кампаніі, выйшаў на вуліцы дзеля дэманстрацыі пратэсту і нязгоды з нахабнымі фальсіфікацыямі. Нягледзячы на тое што абсалютная большасць акцый мела мірны характар, улады кінулі супраць пратэстоўцаў велізарныя сілы МУС і нават войскі...

...Пад пераслед трапілі сотні актывістаў БНФ, многія з іх зведалі арышты і катаванні, супраць сябра сойма Вітольда Ашурка выстаўлены крымінальныя абвінавачанні па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 384 (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), і ён кінуты за краты...".

Партыю БНФ абурае, што агрэсіўная рыторыка і заклікі да гвалту з боку ўладаў "адбываюцца адначасова з крывадушнымі заклікамі да дыялогу".

Разам з тым у гэтай сітуацыі Партыя БНФ лічыць, што іншага выйсця з вострага палітычнага крызісу, акрамя перамоў, няма. Умовамі для іх пачатку павінны быць вызваленне ўсіх палітзняволеных, спыненне ўсіх палітычных крымінальных і адміністрацыйных спраў, зняцце абвінавачанняў.

На з'ездзе было абрана новае кіраўніцтва Партыі БНФ і ГА БНФ "Адраджэньне".

На пасаду старшыні балатаваліся дзейны старшыня партыі Рыгор Кастусёў, менскі актывіст партыі Ілля Дабратвор і Васіль Заманаў з Гомеля.

Кастусёў атрымаў 66 галасоў, за Дабратвора прагаласавалі 18 дэлегатаў, за Заманава - 3.

На намеснікаў старшыні былі абраны Аляксей Янукевіч, Зміцер Салошкін, Вадзім Саранчукоў і Юры Меляшкевіч. З'езд выбраў 51 чальца органа кіравання партыі - сойма. Сярод іх вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская.

- Асноўны кірунак нашай працы - адстойванне суверэнітэту нашай краіны, гэта тое, дзеля чаго БНФ ствараўся і што заўжды было галоўным у ягонай працы. Бо пагроза страты незалежнасці і суверэнітэту Беларусі ўзрастае з кожным годам і месяцам, нават з кожным днём. І на гэтым з'езд завастрыў сваю ўвагу.

Далей, чым я мушу займацца, гэта выкананнем рашэнняў сённяшняга з'езда, гэта і адраджэнне беларускай мовы і іншыя кірункі працы. І мы павінны настойваць на тым, каб нарэшце пачаліся перамовы апазіцыі наконт вызвалення палітвязняў, парушэнняў заканадаўства, у тым ліку выбарчага. Мы будзем таксама дамагацца новых выбараў на працягу нейкага тэрміну. Вось гэтым будзе займацца Партыя БНФ, - сказаў у каментары Свабодзе Рыгор Кастусёў.

Новы намеснік старшыні партыі Юры Меляшкевіч паведаміў, што плануе заняцца працай з новымі грамадскімі ініцыятывамі і бізнес-супольнасцю. Поспех сваёй працы ён будзе ацэньваць па колькасці актывістаў, якія далучацца да партыйных мерапрыемстваў і партыйных структураў.

- Калі мы пакрыем хаця б частку абласных цэнтраў і Менска, выйдзем на раённыя арганізацыі, дзе не было палітычнай актыўнасці партыі, я буду гэта лічыць поспехам, - адзначыў Меляшкевіч. Акрамя таго, ён лічыць неабходным займацца фінансаваннем партыйных структур. - Важна, каб мы выйшлі ў сваёй дзейнасці на фінансаванне сваімі сродкамі, мабілізаваўшы беларускі бізнес, членаў партыі, якія хочуць цывілізаванага палітычнага працэсу ў краіне, - сказаў намеснік старшыні партыі.

Паводле СМІ.

Беларуская мова - гарантыя бяспекі і незалежнасці дзяржавы

Заява ХХ з'езда Партыі БНФ 7 лістапада 2020 года

2020 год стаўся часам магутнага ды імклівага грамадзянскага абуджэння беларусаў. Большасць суайчынніц ды суайчыннікаў актыўна уключылася ў грамадска-палітычнае жыццё.

Грамадска-палітычная актыўнасць беларусаў скіравана, у першую чаргу, на адстойванне базавых свабодаў ды законнасці ў краіне. Партыя БНФ цалкам падтрымлівае патрабаванні аб забеспячэнні правоў ды свабодаў грамадзян, строгім выкананні законаў ды прыцягненні да адказнасці кожнага, хто парушаў Канстытуцыю ды іншыя законы Рэспублікі Беларусь, а таксама аб правядзенні новых, сумленных выбараў.

Каб воля нацыі была пачутая, нацыя мусіць казаць сваім уласным голасам. Менавіта беларуская мова ёсць тым голасам беларусаў, які не могуць скрасці ніякія фальсіфікатары.

Партыя БНФ нагадвае, што Рэспубліка Беларусь ёсць формай існавання беларускай нацыі - і толькі як беларуская нацыянальная дзяржава яна мае сэнс існавання і можа быць устойлівай. Дзяржаўныя інстытуты будуць сапраўды моцныя толькі тады, калі будуць абапірацца на беларускае грамадства, беларускі бізнес, беларускае войска, беларускія СМІ, беларускія цэрквы, на пачуццё нашай агульнай ідэнтычнасці як беларусаў і пачуццё нашай супольнай адказнасці за лёс нашай краіны і будучых пакаленняў беларусаў.

У гэтай сістэме дзяржаватворных падмуркаў найважнейшым элементам з'яўляецца беларуская мова. Выбар на карысць беларускай мовы - гэта выбар на карысць нацыянальнай дзяржавы і, адпаведна, на карысць свабоды, дэмакратыі, вяршэнства закону.

Спробы цяперашняга рэжыму раскалоць, падзяліць беларускае грамадства па моўным пытанні - марныя ды наканаваныя на правал. Іншамоўныя беларусы ніколі не будуць дыскрымінаваныя ў свабоднай Беларусі. Але цяперашні стан татальнага дамінаваньня расейскай мовы аб'ектыўна ўскладняе вызваленне нашага грамадства, бо менавіта расейская мова з'яўляцца адным з наймацнейшых інструментаў, якія дазваляюць Крамлю ідэалагічна падтрымліваць цяперашні рэжым у Менску. Пагроза рэваншу тыраніі застанецца, калі новая, свабодная Беларусь не будзе ўгрунтаваная на нацыянальнай культуры і на роднай мове.

Дзеля найхутчэйшай перамогі каштоўнасцяў свабоды, дэмакратыі, вяршэнства закону ды незалежнасці, а таксама дзеля забеспячэння ўстойлівага развіцця свабоднай Беларусі ў будучыні, Партыя БНФ:

- заклікае усіх жыхароў Беларусі вывучаць і ўдасканальваць ступень валодання беларускай мовай, карыстацца беларускай мовай ва ўсіх жыццёвых выпадках, ініцыяваць стварэнне беларускамоўных групаў і плыняў у навучальных установах розных узроўняў;

- заклікае беларускі бізнес, усіх вытворцаў тавараў і паслугаў, карыстацца беларускай мовай у рэкламных кампаніях, у аздабленні тавараў, у камунікацыі з пакупнікамі і карыстальнікамі;

- заклікае беларусаў адмовіцца ад прагляду расейскіх СМІ, якія імкнуцца дыскрэдытаваць беларускае грамадства, распальваюць міжнацыянальную варажнечу і па-сутнасці ёсць сродкамі вядзення інфармацыйнай вайны супраць нашага народа;

- заклікае пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў сістэме адукацыі;

- заклікае Святлану Ціханоўскую ды ейны штаб, Каардынацыйную Раду ды любыя іншыя грамадзянскія ініцыятывы шырока карыстацца беларускай мовай як у камунікацыі з грамадствам, так і пры распрацоўцы ўласных дакументаў, праграмаў развіцця і г. д. Пры абмеркаванні і падрыхтоўцы неабходных зменаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь заклікаем адстойваць вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі.

Памяць пра дзядоў

Баранавіцкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы ініцыявала правядзенне жалобнага мерапрыемства ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій. Сябры Таварыства кожны год на "Дзяды" праводзяць малебень ля крыжа "Ахвярам гвалту 1939-1953". Гэты крыж на пачатку дзевяностых гадоў быў ўсталяваны ў скверы на скрыжаванні вуліц Смаленскай і Пірагова, каля былой турмы "Крывое кола", у якой утрымлівалі рэпрэсаваных.

У пятніцу, трыццатага кастрычніка, чацвёра сяброў Таварыства падрыхтавалі месца для правядзення службы. Яны прывялі ў парадак клумбы ля крыжа, падграблі апалае лісце на бліжэйшых дарожках. А ў нядзелю, першага кастрычніка, яшчэ да пачатку службы, падышлі з граблямі і венікамі неабыякавыя грамадзяне, суседзі з бліжэйшых дамоў, падмялі ў скверы ўсе дарожкі, падграблі і паадносілі лісце. Гэтага не было ў мінулыя гады і гэта паказвае на рост палітычнай актыўнасці грамадства. Паступова збіралася ўсё больш людзей. Ускладалі кветкі, запальвалі знічкі.

Працяглую службу аб упакаенні душ забітых, загінулых і памерлых ахвяр палітычных рэпрэсій, таксама як і казань, правёў на беларускай мове айцец Яўген Маліноўскі, святар грэка-каталіцкай царквы. На завяршэнне праспявалі "Магутны Божа".

Аляксандр Швед вёў трансляцыю праз інтэрнэт на студыю "Белсат" і тэлеграм-канал. На момант заканчэння мерапрыемства ўжо было 13000 праглядаў, а ўсяго 90000. Фота можна паглядзець па спасылцы: https://t.me/belsat/28154. Таксама вялікі матэрыял з фатаграфіямі быў размешчаны на гарадскім сайце "Інтэкс прэс".

Таццяна Кісель, старшыня Баранавіцкай арганізацыі ТБМ.

Сучасная шрыфтавая школа графічнага мастацтва прадстаўлена на выставе

Да 75-годдзя Беларускай Акадэміі мастацтваў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава прац дызайнераў і графікаў: "Шрыфт: Litera in primo. Ад Францыска Скарыны да беларуских друкаваных выданняў 1918-1939 г.". Пра традыцыі беларускіх шрыфтоў распавёў кандыдат культуралогіі Алесь Суша:

- Мы вельмі часта звяртаем ўвагу на мастацкае афармленне кнігі, на вокладку, ілюстрацыі, але важнае значэнне мае шрыфт, які фарміруе вобраз кнігі. На нашай зямлі традыцыя друкаваных шрыфтоў нарадзілася на аснове старажытнай рукапіснай традыцыі. Францішак Скарына зрабіў у свой час шрыфтавую эвалюцыю. Яго шрыфт быў лёгка чытальны, зразумелы. Будны, Цяпінскі спрабавалі яе развіваць, але яна ў 16 стагоддзі і скончылася.

Вызначальным для беларускіх шрыфтоў было ХХ стагоддзе. У 20-я гады назіраўся ўздым шрыфтавога мастацтва. Над стварэннем вельмі цікавых шрыфтоў працавалі мастакі габрэйскай традыцыі ў 20-тыя гады мінулага стагоддзя. У іх часопісах, газетах з'явіліся незвычайныя, яркія авангардныя шрыфты. У 20-я гады адбывалася нармалізацыя сучаснай беларускай мовы, ішло стварэнне граматык, але і стварэнне шрыфтоў. У "Маладнякоўцаў" ішлі пастаянныя пошукі стылю і эксперыменты са шрыфтамі.

Наша сучасная нацыянальная школа графічнага мастацтва грунтуецца на традыцыях рукапісаў і выданняў Скарыны і распрацоўках ХХ стагоддзя. Сучасная Беларусь мае ўнікальную школу шрыфту. Школа Паўла Семчанкі - вельмі вядомая, і яго вучні - Усевалад Свентахоўскі і Генадзь Мацур з'яўляюцца прадаўжальнікамі традыцыі. Іх вучні - сучасны феномен беларускай шрыфтавой культуры.

На адкрыцці выставы выступіў член Беларускага саюза мастакоў, дацэнт, дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, БДАМ Усевалад Пятровіч Свентахоўскі і яго студэнткі Кацярына Прадко і Анастасся Cамсонава.

- Значную працу мы выканалі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У 2017 годзе трэба было зрабіць тытульныя лісты і вокладкі са шрыфтом Ф. Скарыны. Калі для краіны, горада, рэгіёна трэба шрыфтавое акрэсленне, яго трэба тыражыраваць, маштабіраваць, тут даводзіцца рабіць шмат працы. Сіламі студэнтаў дзвюх кафедр і трох курсаў мы тры гады рабілі распрацоўку шрыфтоў, і студэнты выконвалі шрыфтавыя плакаты.

Яшчэ у маладосці, пасля войска, калі я паступіў у Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, то патрапіў на курс да Паўла Апанасавіча Семчанкі. Аднойчы ён прынёс студэнтам павялічаныя фотакопіі Бібліі Францішка Скарыны, і цэлы семестр на вялікіх планшэтах мы выконвалі выявы літар, пераносілі шрыфт.

Праз 20 гадоў я змог знайсці ў майстэрні гэтыя працы і зрабіць лічбавы шрыфт. Студэнты зараз выкарыстоўваюць шрыфтавыя плакаты, электронныя прэзентацыі са шрыфтамі, - распавёў Усевалад Свентахоўскі.

Лічбавыя і рукапісныя кампазіцыі напісанняў шрыфтоў, прадстаўленыя ў экспазіцыі, робяць годны ўнёсак у беларускую кніжную шрыфтавую культуру.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Дому Таўлая - 10 гадоў

"І дух паэта спрыяе мне…"

Супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая па вуліцы Замкавай у Лідзе, які нядаўна адзначыў сваё 10-годдзе, поўныя новых цікавых планаў і ідэй. Некаторымі з іх падзяліўся куратар Дома Таўлая, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. Ён расказаў аб планаваных зменах у экспазіцыі мемарыяльнага пакоя Валянціна Таўлая, аб пошуках бюста паэта, аб сваіх сустрэчах і падарожжах па таўлаеўскіх месцах у Менску, аб перспектывах папаўнення Дома Таўлая, дзякуючы гэтым сустрэчам, новымі экспанатамі, нарэшце, аб сваім неабыякавым стаўленні да асобы паэта, чыё імя носіць літаратурны музей у нашым горадзе.

"Хацелася б, каб пры тумбачцы з'явіўся ложак"

- Спачатку раскажу аб планах адносна мемарыяльнага пакоя Валянціна Таўлая - адной з нашых пастаянных экспазіцый, - пачынае нашу гутарку Алесь. - За апошнія гады мною, як куратарам Дома Таўлая, сабрана мноства дакументаў (у большасці сваёй гэта копіі), якія датычацца жыцця паэта. Іх мы адназначна будзем выкарыстоўваць. Але ў самім мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая зробім акцэнт на прадметах, мэблі таго часу, калі паэт тут жыў (канца 30-х-пачатку 40-х гадоў). Гэта можа быць і мэбля, хаця б стылізаваная пад той час. Напрыклад, у нас ёсць прыложкавая тумбачка, падораная, няхай і ў 1945 годзе, Валянцінам Таўлаем на вяселле баявога сябра - Мікалая Грабёнкіна. Хацелася б, каб пры гэтай тумбачцы з'явіўся ложак (можа, у каго ў вёсцы захаваўся старэнькі ложак прыкладна тых часоў - няхай "адшкадуе" яго для дома-музея, мы будзем вельмі ўдзячныя).

Некаторыя экспанаты з мемарыяльнага пакоя мы плануем вынесці ў калідор, і літаратурна-дакументальная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Валянціна Таўлая, будзе пачынацца з калідора. У ёй будзе адлюстравана жыццё паэта ад нараджэння да смерці. Уся інфармацыя па гэтай тэме, якая не ўвойдзе ў экспазіцыю (паколькі калідорнае памяшканне невялікае), магчыма, будзе змешчана ў інфакіёску (але гэтая інфармацыйная тэхналогія патрабуе значных фінансавых затрат на яе атрыманне і таму яшчэ толькі запланавана) або пададзена з дапамогай QR-кодаў. Па задуме, калі наведвальнік пераступіць парог, адразу акунецца ў гістарычнае мінулае, звязанае з жыццём паэта.

Асобны куток адвядзём для раздзела "Купала ў Лідзе" (якраз у той час, калі Таўлай жыў і працаваў у Лідзе, у наш горад прыязджаў Янка Купала, які выбіраўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе; згаданыя паэты тады сустракаліся адзін з другім, і гэтыя факты мы не можам абмінуць).

Будзе і раздзел, прысвечаны гісторыі самаго будынка Дома Таўлая, у якім у розныя перыяды месціліся і скурна-венералагічны дыспансер, і спортаддзел. Гэты раздзел таксама патрэбны, бо турысты падчас экскурсій цікавяцца, колькі гадоў гэтаму будынку, што ў ім было да таго, як ён стаў літаратурным аддзелам Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

"Яго напевам выпаў слаўны лёс…"

- Алесь, памятаю, яшчэ ў мінулым годзе ты падзяліўся са мной сваёй марай набыць дакументальны фільм пра Валянціна Таўлая. Ці здзейснілася гэтая мара?

- Сёлета Белтэлерадыёкампаніяй быў выкладзены ў інтэрнэт шэраг дакументальных фільмаў аб беларускіх пісьменніках. У сувязі з гэтым я зрабіў запыт у Белтэлерадыёкампанію на дакументальны фільм пра Валянціна Таўлая, і хутка адпаведны фільм таксама з'явіўся ў сеціве. Гэты фільм называецца "Яго напевам выпаў слаўны лёс…", зняты ён у 1981 годзе. У фільме адлюстраваны ўрачыстасці, якія праходзілі ў Баранавічах, а менавіта - адкрыццё цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Валянціна Таўлая, у юнацкім аддзеле якой быў створаны музейны куток паэта. На ўрачыстасці прысутнічалі Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Якуб Міско і іншыя дзеячы беларускай літаратуры, а таксама дачка Таўлая Галіна Валянцінаўна, сваякі, блізкія Таўлая, якія расказвалі аб ім. Цяпер кожны ахвотны можа паглядзець гэты фільм у інтэрнэце. Наш Дом Таўлая можа выкарыстоўваць яго праз Wi-Fi у сваёй рабоце - напрыклад, падчас экскурсій, выставак.

- Добра было б, каб у Доме Таўлая знаходзіўся і бюст паэта…

- Хочам знайсці і па магчымасці набыць для нашага дома-музея бюст Валянціна Таўлая, які некалі захоўваўся ў першай у Беларусі бібліятэцы імя Янкі Купалы ў вёсцы Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне (пазней яна была пераведзена ў іншы будынак, здаецца, у Сялевіцкую сельскую бібліятэку, а куды дзеўся вялізны бюст паэта, нам пакуль невядома).

Дарогамі і вуліцамі паэта

- Як вядома, апошнія гады свайго жыцця Валянцін Таўлай правёў у Менску. Завочна вучыўшыся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, ты часта бываў у Менску і наведваў там таўлаеўскія месцы, хадзіў дарогамі і вуліцамі паэта, а заадно спрабаваў запоўніць белыя плямы ў "менскім" - апошнім - перыядзе яго біяграфіі. Раскажы падрабязней аб сваіх менскіх вандроўках і сустрэчах.

- Пражываючы ў інтэрнаце, які належыць універсітэту культуры і мастацтваў, што па вуліцы Сурганава, 23 (раней гэта была вуліца Друкарская), я дазнаўся, што бліжэйшыя вуліцы маюць непасрэднае дачыненне да жыцця і творчасці Валянціна Таўлая. Зусім побач, на праспекце Незалежнасці, 79, Дом друку. Пры жыцці Таўлай збіраўся там выдаць свой зборнік вершаў. На той час гэта была вуліца Пушкіна, 55, а друкарня насіла імя Сталіна. А жыў паэт непадалёку, па вуліцы Пушкіна, 56. Такі адрас ён пазначыў сам у асабістым лістку па ўліку кадраў пры афармленні дакументаў для Акадэміі навук. Копія асабістай справы з гэтай арганізацыі ў нас ёсць таксама. Я знайшоў гэты дом, у якім жыў Валянцін Таўлай, калі працаваў навуковым супрацоўнікам музея Янкі Купалы. Гэты шматпавярховы дом знаходзіцца на вуліцы Акадэмічнай, 13. Знайсці яго мне дапамаглі ўспаміны Ніны Таўлай, сястры паэта. Побач - парк Чалюскінцаў. Праз дарогу - дом, у якім у той жа час жыў Якуб Колас (зараз у ім знаходзіцца мемарыяльны музей Якуба Коласа), і 1-я клінічная бальніца, у якой у 1947 годзе спынілася жыццё Валянціна Таўлая.

Размаўляў я па тэлефоне з Наталляй Іванаўнай Семашкевіч - дачкой Янкі Брыля, які жыў у адным пакоі з Валянцінам Таўлаем. Сама Наталля Іванаўна некалі жыла ў адным доме з жонкай Таўлая Лідзіяй Сяргееўнай і яго дачкой Галінай (на праспекце Незалежнасці, 43). Ад яе я даведаўся, што ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" павінен выйсці збор твораў Я. Брыля ў дзесяці тамах. У сёмым томе будуць змешчаны яго ўспаміны, у тым ліку аб Таўлаі, таму гэты том у перспектыве, калі ён выйдзе, хачу набыць для нашага літаратурнага музея.

Дарэчы, у гэтым жа доме на праспекце Незалежнасці жыў і вядомы паэт-песеннік Адам Русак (яго песня "Бывайце здаровы!" і цяпер гучыць на многіх святах, вяселлях). Цяпер там жыве яго дачка Людміла Адамаўна, з якой я таксама пагутарыў па тэлефоне. Мне вядома, што яе бацька меў дачыненне і да Ліды, не раз прыязджаў у наш горад, сустракаўся ў Лідзе з паэтэсай Алесяй Бурак (у Доме Таўлая захоўваюцца лісты з іх перапіскі). Людміла Адамаўна плануе ў траўні прыехаць да нас у Ліду, мы арганізуем сустрэчу з ёю ў Доме Таўлая, яна раскажа наведвальнікам пра свайго знакамітага бацьку, пра яго сувязі з нашым горадам. Дома ў Людмілы Адамаўны захоўваецца вялізны архіў Адама Русака. Магчыма, у гэтым архіве ёсць і штосьці звязанае з Лідай, што можа быць перададзена ў наш Дом Таўлая.

І Наталля Семашкевіч, і Людміла Русак запрасілі мяне ў госці, і па магчымасці я іх наведаю, бо з іх вуснаў пачую шмат звестак, якія датычацца Валянціна Таўлая.

А яшчэ ў Менску я сустракаўся з Анатолем Клышкам, аўтарам знакамітага "Буквара", укладальнікам кнігі "Валянцін Таўлай" з серыі "Беларускі кнігазбор". У яго кнізе ёсць звесткі аб тым, што сталася паміж Валянцінам Таўлаем і Кірай Бранд (першай жонкай паэта) у Лідзе ў першыя дні вайны, а таксама аб тым, як адкрывалася бібліятэка імя Янкі Купалы ў Лідзе, на цырымоніі адкрыцця якой прысутнічаў і Валянцін Таўлай. Інфармацыяй, якая не патрапіла ў кнігу, Анатоль Клышка падзяліўся са мною.

Замест пасляслоўя

- Бываючы ў Менску, - адзначае ў канцы нашай гутаркі Алесь Хітрун, - я абавязкова наведваю і месца апошняга прытулку Валянціна Таўлая - яго магілу на Вайсковых могілках па вуліцы Казлова, 11, кладу на гэтую магілу кветкі, і дух Таўлая, я ўпэўнены, дзякуе мне, спрыяе мне ў знаходжанні новых звестак. Так, я неабыякава стаўлюся да асобы Валянціна Таўлая, і назву распрацаванаму мною ў 2017 годзе экскурсійнаму маршруту па таўлаеўскіх месцах у Лідзе я даў адпаведную - "сТАЎЛенне".

Гутарыў Аляксей КРУПОВІЧ.

На здымках: 1) Скурна-венералагічны дыспансер (атынкаваны белы дом) - фота 1945-1953 гадоў; 2) Бюст Валянціна Таўлая, які знаходзіўся ў Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы Слонімскага раёна. Месца знаходжання бюста невядомае. Фота з архіва Сяргея Чыгрына; 3) Дом Валянціна Таўлая сёння.

За нямецкі фальклор замовілі слова: старыя песні на новы лад

А як у Германіі?

Нямецкі фальклор - гэта народная традыцыя, якая складалася ў Германіі на працягу многіх стагоддзяў. Ён мае шмат агульных рыс са скандынаўскім фальклорам і ангельскім фальклорам з-за іх паходжання з агульнай германскай міфалогіі. Ён адлюстроўвае аналагічнае спалучэнне ўплываў: дахрысціянскі пантэон і іншыя істоты, эквівалентныя істотам у скандынаўскай міфалогіі; магічныя персанажы (часам вядомыя дахрысціянскія), злучаныя з хрысціянскімі святамі, і розныя рэгіянальныя "характэрныя" гісторыі. Як і ў Скандынавіі, калі вера ў старых богаў знікла, захаваліся рэшткі міфаў: Хольда - "звышнатуральная" заступніца прадзення; Ларэлея - небяспечная Rhine, сірэна, вядомая з літаратуры 19-га стагоддзя; дух Берхта (таксама вядомы як Перхта); Weisse Frauen - водны дух, які абараняе дзяцей; Doppelgаnger - звышнатуральныя істоты, здольныя быць падобнымі па вонкавым выглядзе на адпаведных асобаў; Wild Hunt (у нямецкім фальклоры папярэджвае старых, Сумленны Экарт, які папярэджвае іншых пра свой падыход); волат Рубецаль; легенды падменышаў і многія іншыя агульныя сутнасці, такія як эльф, гном, кобальд і эрлкінг. Папулярны фальклор уключае Крампуса і Кнехта Рупрахта, грубага кампаньёна Санта-Клаўса; Lutzelfrau - Ведзьма-юла, якая мусіць быць супакоена невялікімі падарункамі; Osterhase ( Велікодны заяц - арыгінальны Велікодны заяц) і Вальпургіева ноч - вясновае свята, якое паходзіць з паганскіх звычаяў.

Фальклор персанажаў складаецца з гісторыі пра пацукалова з Гамлена, Хрышчонага бацьку смерці, героя-ашуканца ЦіляУленшпігеля, брэменскіх музыкаў і Фаўста. Дакументаванне і захаванне фальклору ў дзяржавах, якія фармальна аб'ядналіся ў Германію ў 1871 годзе, першапачаткова заахвочваліся ў 18-19 стагоддзях. Яшчэ ў 1851 годзе аўтар Бернхард Баадэр апублікавала зборнік фальклорных даследаванняў, атрыманых шляхам вуснай гісторыі, пад назвай "Volkssagen aus dem Lande Baden und den angrenzenden Gegenden". Саксонскі аўтар Іяган Карл Аўгуст Музеўс быў другім раннім калектарам. Далейшаму развіццю даследаванняў спрыяў прускі паэт і філосаф Іяган Готфрыд фон Гердар. Яго вера ў ролю фальклору ў этнічным нацыяналізме - фальклоры Германіі як нацыі, а не разрозненых нямецкамоўных народаў - натхніла братоў Грым, Гётэ і іншых. Напрыклад, элементы фальклору, такія як "Рэйнскія дзяўчаты" і " Гісторыя хлопчыка, які пайшоў вучыцца страху" Грым, сталі часткай зыходнага матэрыялу для опернага цыклу Рыхарда Вагнера "Пярсцёнкі нібялунгаў". Некаторыя з твораў Вашынгтона Ірвінга - асабліва "Рып ван Вінкль" і "Легенда пра Сонную Лагчыну" - заснаваны на нямецкіх казках. У Германіі нацыяналістычны аспект атрымаў далейшае развіццё ў эпоху нацыянал-сацыялізму. Фальклорныя даследаванні, Volkskunde, выкарыстоўваліся ў якасці палітычнай прылады для пошуку традыцыйных звычаяў у падтрымку ідэі гістарычнай пераемнасці з германскай культурай. Асобна падкрэсліваўся антысеміцкі фальклор, такі як легенда пра крывавы паклёп.

У немцаў, як і ў кожнага народа, ёсць свае песні. Але калі шатландцы ці італьянцы без цяжкасці падхопліваюць чарговы куплет, то папрасі немца праспяваць што-небудзь народнае - яго ледзь хопіць на прыпеў.

Зрэшты, у нямецкай народнай песні - усё жыццё наперадзе. І пацверджанне таму - дакументальны фільм "Sound of Heimat" ("Гучанне Радзімы"), стваральнікі якога "раскапалі" ў Германіі вакальны фальклор, які не сорамна спяваць ні са сцэны, ні ў вясёлай кампаніі.

З пазіцыі аўтсайдара

На пошукі сапраўды народнай нямецкай музыкі рэжысёры фільма Арнэ Біркеншток (Arne Birkenstock) і Ян Тэнгелер (Jan Tengeler) адправілі замежніка. Лепш і прыдумаць было нельга! Погляд збоку заўсёды дазваляе ўбачыць у штодзённым новае. Таму і ўпаў выбар на рудавалосага новазеландца шатландскіх каранёў. Хейдн Чысхольм у Германіі не першы год, сваёй другой радзімай лічыць Кёльн, да таго ж сам - музыка, вядомы ў джазавых колах, і прытым музыка вандроўны, які аб'ехаў увесь свет у пошуках музычнай экзотыкі.

Яго вандроўка па Германіі пачынаецца ў Кёльне, у піўной "Белая бузіна", дзе па выходных збіраюцца ўсе ахвотнікі паўдзельнічаць у калектыўных спевах на "кёльнскі" манер. Чаму спяваюць? Ды таму, што хочацца зносінаў: локаць патрабуе блізкасці з падобным да сябе, і пад звон піўных шкляначак лёгка і радасна раскрываецца нямецкая душа ў яе "рэйнскай" варыяцыі. Нават да болю знаёмыя карнавальныя матывы гучаць па-новаму, калі іх зацягваюць людзі не таму, што прыйшоў час блазнерства, а таму, што песня, як вядома, будаваць і жыць дапамагае.

Але Кёльн - гэта толькі прадчуванне таго, што называецца "гучаннем Радзімы". Хейдн адпраўляецца ў шлях. Першы прыпынак - горы, радзіма самага вядомага нямецкага напеву: "Йодл - ай - іі - уу". Пад кіраўніцтвам вясёлай вядоўцы, а семінар праходзіць пад акампанемент ветру на альпійскай сенажаці, наш гід з Новай Зеландыі перамыкае галасавыя рэгістры, але з нязвычкі жудасна фальшывіць. Зрэшты, і ў яго атрымліваецца і нямецкі "йодль", і нават шатландская мелодыя на альпійскі манер.

Фальклорны андэграўнд

Спусціўшыся з гор, фільм адпраўляецца ў баварскі Бамберг. І ў гэтым горадзе шматвяковых традыцый выяўляецца зусім нечаканы андэграўнд: нямецкія народныя мелодыі ў аранжыроўцы панк-калектываў, якія запальваюць не горш, чым аматары балканскага поп-фолка. Такое паказаць не сорамна і заморскаму госцю, які прывык думаць, што нямецкая народная песня - гэта прыкрыя шлягеры ў выкананні "вясёлых музыкаў" з "народных хіт-парадаў", якімі частуе публіку нямецкае тэлебачанне на працягу апошніх 30 гадоў.

Пакуль падлеткі клубяцца пад "фальклор", іх бацькі аддаюцца эйфарыі калектыўнага спеву ў Рудольштадце, дзе фільм робіць наступны прыпынак. На іспанскі манер перакручваючы нямецкую лексіку, з юным запалам у вачах і стары і малады дружна спяваюць "сэксапільныя народныя песні" пра Марыю і яе гарачых палюбоўнікаў. Хто б мог падумаць, што і гэта таксама - нямецкі фальклор!

Наш праваднік апыняецца ў кампаніі сясцёр па прозвішчы Вэл (Well), якія спяваюць на баварскім дыялекце смешныя куплеты, якіх не пачуеш з тэлевізійнай эстрады. Амаль "Pussy Riot", толькі старэйшыя.

Вечныя тэмы, новыя рытмы

Народная песня ніколі не састарэе, разважае ўслых дырыжор аднаго з найвядомейшых хораў Германіі - Gewandhauschor - з Лейпцыга, дзе новазеландзец праводзіць частку сваёй вандроўкі па Германіі. Каханне, смерць, растанне, - усё гэта ўніверсальныя тэмы, пра гэта спявае і нямецкая душа. Разамлеўшы ад пачутага, Хейдн робіць прывал ля трох дубоў і падбірае на саксафоне шчымлівую для сэрца мелодыю.

Музычная сцежка прыводзіць турыста ў Рудныя горы, што на мяжы з Чэхіяй. Там вандроўніка сустракае Рудзі Фодаль (Rudi Vodel), бандэяніст. Ён праводзіць госця па майстэрні, дзе вырабляюць інструменты, якія надаюць аргентынскаму танга яго характэрнае гучанне, і госць дзівуецца, што гэтую разнавіднасць гармонікі вынайшлі ў Германіі. Так, смяецца Рудзі, аргентынцы на інструменце толькі граюць. Не да смеху Рудзі Фодалю было ў часы ГДР, дзе цэнзура забараняла нямецкія песні, калі ў іх згадвалася імя караля і іншая "ненарматыўная" лексіка. Зжыць да канца фальклор цэнзуры не ўдалося. А Рудзі Фодаль ратуе яго ад забыцця.

У новы "прыкід" апранаюць фальклор кёльнскія рэперы і непараўнальная Бобо, голас якой гучыць на адным з альбомаў групы Rammstein. Пад прэпараванае піяніна, скрыгат металічных трубак і шолах ударных уласнага вынаходства нават знаёмыя на слых нямецкія песні гучаць як хіты альтэрнатыўнай рок-музыкі. Ад марацкіх балад у выкананні сівавалосага капітана з Фленсбурга цяплее на сэрца, як ад добрага рому. Дык чаму ж бянтэжацца немцы, калі іх просяць праспяваць што-небудзь народнае?

Адказ прадказальны, як змена дня і ночы: імідж фальклору, як і многага іншага, сапсавалі, вядома ж, нацысты ў "трэцім рэйху". У фільме былы вязень канцлагера Уладзіслаў Каждон распавядае, як зняволеных прымушалі спяваць нямецкія песні, а калі за калючы дрот вярталі ўцекача, то спяваць даводзілася "Усе птушачкі зноў на месцы".

Час адмые ўедлівую карычневую пляму на нямецкім фальклоры. А немцы, як аказалася, зусім не развучыліся спяваць. Напачатку фільма "The Sound of Heimat" кіраўнік хору з Лейпцыга, звяртаючыся ў камеру, кажа: "Спявайце з намі!" Хто б мог падумаць, што ўсяго праз гадзіну гэтага пышнага роўд-муві нават у чалавека безгалосага з'явіцца зверскі апетыт на нямецкі фальклор!

Realfict.

На Дзяды да Цішкі Гартнага

На Дзяды ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва звычайна наведвае памятныя мясціны нашага горада. Вось і 31-га кастрычніка мы з паплечнікамі рушылі да Цішкі Гартнага. Палітык, пісьменнік, паэт. Але - памерлы паэт.

Так сталася, што Зміцер Жылуновіч, першы старшыня беларускага савецкага ўраду знайшоў свой спачын менавіта ў Магілёве. Калісьці ў маладосці, працуюцы гарбаром у нашым горадзе, Жылуновіч напісаў прароцкі верш "Роднай краіне" ў 1910 годзе. Вось урывак з гэтага твора:

"…Я люблю гэты вобраз бясконца,

Тыя вёскі, балоты, гаі,

Бо радзіўся я ў гэтай старонцы

І памру мо ў гэтай зямлі".

Зміцер Жылуновіч, узяўшы сабе паэтычнае імя "Цішка Гартны", пахаваны на ускрайку Магілёва, у Пячэрскім лесапарку, дзе калісьці месцілася псіхалячэбная бальніца, у якой пісьменнік быў закатаваны.

Сціплы памятны знак усталявала грамадская арганізацыя "Мартыралог Беларусі", якую ў Магілёве ачольваў грамадскі дзеяч, рэжысёр і актор Валянцін Ермаловіч.

Мы з сябрамі пачысцілі помнік, усклалі кветкі і пагаманілі пра спадара Жылуновіча. Помнік заўсёды ў добрым стане, смецце заўсёды прыбранае, побач растуць кветкі… Гэты клопат - паслуга нашага сябра, так званага "начальніка" гэтага месца Аляксандры Рыгораўны Падалінскай, за што ёй вялікі дзякуй ад нас у прыватнасці і ад усёй беларускай літаратуры ў цэлым!

Алег Дзьячкоў, Магілёў.

Магілёў. Прыбіраем старажытныя могілкі

На Дзяды беларусы прыбіраць пахаванні сваіх продкаў.

Магілёўцы таксама не забываюць сваіх звычаяў, і 1-га лістапада сябры магілёўскага ТБМ наведалі грамадой старажытныя каталіцкія Польскія могілкі на вуліцы Лазарэнкі (былая Віленская).

На гэты раз мы вырашылі прывесці да ладу пахаванні вядомых магілёўцаў на цэнтральнай алеі, дзе знайшлі свой спачын Цеханавецкія і Жукоўскія, Войніч-Сенажэцкія і Маўро.

Кожнае з пахаванняў гэтых знакамітых фамілій уяўляе з сябе сапраўдны помнік мастацтва. Адзін з Цеханавецкіх, Уладзімір, быў маршалкам шляхты Магілёўскай губерні, і яго велізарны склеп з надмагільным помнікам дагэтуль уражваюць прыгажосцю і дасканаласцю.

Капліца-пахавальня Жукоўскіх прыходзіць у заняпад. Скульптурныя выявы анёлаў і мастацкая ляпніна асыпаюцца і руйнуюцца. За капліцай Войніч-Сенажэцкіх знаходзіцца сціплая магіла вядомага магілёўскага паэта Васіля Матэвушава.

Дачка паэта, Наталля Васільеўна Матэвушава, з'яўляецца сябрам нашай арганізацыі, мы ганарымся знаёмствам з ёй і з вялікай пашанай адносімся да памяці яе слыннага бацькі.

На гэтых прыгожых могілках знайшоў свой спачын і паэт Аляксей Пысін.

Сябры! Могілкі досыць вялікія, і каб прыбраць усе пахаванні - старажытныя, але, на жаль занядбаныя - ТБМ-аўцам прыйдзецца прыйсці яшчэ раз, бо ёсць задума не толькі смецце прыбраць, але і пачысціць старадаўнія надпісы. Калі хочаце дапамагчы - неабавязкова ўступаць у ТБМ. Пішыце нам, мы абавязкова паразумеемся па гэтым пытанні.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.

Бундэсрат ухваліў рэформу выбарчага заканадаўства

Навіны Германіі

Змены закліканы спыніць рост складу нямецкага парламента. У цяперашнім скліканні ў бундэстагу 709 дэпутатаў, хоць па законе павінна быць 598.

Германскі бундэстаг

Бундэсрат (прадстаўніцтва федэральных земляў Германіі) у пятніцу, 6 лістапада, ухваліў рэформу выбарчага заканадаўства ФРГ, мэтай якой з'яўляецца спыніць сталы рост ліку дэпутатаў германскага парламента - бундэстага. Цяперашні бундэстаг складаецца з 709 парламентарыяў, хоць паводле закона, павінен уключаць 598 чальцоў. Паводле паправак, якія парламент прыняў напачатку кастрычніка, дамагчыся гэтага плануецца шляхам скарачэння ліку дадатковых мандатаў (Uberhangmandate) і ўраўнавальных мандатаў (Ausgleichmandate). Акрамя таго, з 2024 года скароціцца і лік выбарчых акруг з 299 да 280.

Буйнейшая рэформа выбарчага заканадаўства, у тым ліку і далейшае скарачэнне выбарчых акруг, па рашэнні кіравальнай кааліцыі ХДС/ХСС-СДПГ, павінна быць праведзена да выбараў 2025 года. Для гэтага будзе створана адпаведная камісія, якая павінна прадставіць прапановы па рэформе да 30 чэрвеня 2023 года.

Дадатковыя і ўраўнавальныя мандаты

Да змены размеркавання месцаў у бундэстагу прыводзіць наяўнасць дадатковых мандатаў (Uberhangmandate). Кожны выбарнік у Германіі мае на выбарах два галасы. Палова з 598 месцаў у парламенце размяркоўваецца па галасах выбарнікаў, аддадзеным за пэўных людзей - прамых кандыдатаў у акругах, а другая палова - па галасах выбарнікаў, аддадзеным за зямельныя партыйныя спісы.

Рэгулярна здараецца, што партыі могуць правесці больш прамых кандыдатаў у парламент, чым ім належыць па выніках галасавання за партыйныя спісы. У такім разе колькасць месцаў у бундэстагу павялічваецца, таму што гэтыя партыі атрымліваюць дадатковыя мандаты. Але ў такім разе і астатнія партыі, якія прайшлі ў парламент, у якасці кампенсацыі атрымліваюць ураўнавальныя мандаты (Ausgleichmandate). Падобная практыка прыводзіць да таго, што лік народных выбраннікаў з разу ў раз расце, і бундэстаг ФРГ цяпер з'яўляецца самым вялікім нацыянальным парламентам у Еўропе.

Навіны Германіі.

АД ВАЛЯНЦІНЫ АКСАК І УЛАДЗІМІРА АРЛОВА

У 2000 годзе з Макашоў, з Жылкавага свята, атрымала падарунак ад Валянціны Аксак - трэці зборнік паэзіі "Антычны дождж" з цёплым аўтографам аўтаркі.

Сёлета ўжо не сотая, а 120-ая гадавіна песняра "змагання і красы". І ў Валянціны Аксак ўжо восьмы зборнік паэзіі. І гурт шчырых прыхільнікаў адметнага роднага слова няўхільна прырастае.

Дамовіліся перастрэцца ў Нясвіжы, каля Ратушы. Покуль чакала, зазірнула ў маленькую кнігарню глянуць на палічкі з беларускамоўнай літаратурай. Авось дый будзе што! Акурат паспела агледзець: тых палічак у сённяшніх крамах зусім не багата.

Шаноўныя госці ані не запазніліся; мо, як і ва ўсім, нават апярэдзілі час.

Ад спадарыні Валянціны атрымала "Каву ў арліным гняздзе" з заўсёдным кранальным пажаданнем. А спадар Уладзімір перадаў для нясвіжскай грамады важкі стос кніг, дзе былі і яго "Свецяцца вокны ды нікога за імі", і шмат іншых выданняў, якіх не напаткаеш ў мясцовай кнігарні.

А гаворка ішла пра Жылку, яго вуліцу, што нядаўна з'явілася ў Нясвіжы, Камень Жылкі ў Гарадзеі, макашоўскую хату, якая мусіла б быць музеем, ды верагоднасць напрыканцы траўня штогадовага Жылкавага свята паэзіі.

Годныя задумы!

Багатыя дарункі!

Шчырая наша ўдзячнасць!

Наталля Плакса і сябры Нясвіжскай арганізацыі ТБМ.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові. Частка ІІ

Віктар Шніп

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

БАЛАДА ІВАНА НАВУМЕНКІ (16.02.1925 - 17.01.2006)

Сасна пры дарозе, і ты ля сасны.

Здаецца, што век як з праклятай вайны

Вярнуўся, ды не пазнікалі акопы

У сэрцах людскіх, на прасторах Еўропы,

І вецер віруе і пыл уздымае,

І коршак над полем жытнёвым лятае.

Ты болей сюды не прыедзеш ніколі,

Не будзеш глядзець на дарогу ўжо болей,

Якая сцяжынай вузенькаю стане,

А потым і знікне ў траве і ў тумане.

У горадзе добра, але там нічога

Няма, як вось тут, для душы дарагога,

Як гэтыя птушкі, што міла спяваюць,

Як хаты вяскоўцаў, што родных чакаюць.

Там жонка, там дзеці, там тоўстыя кнігі.

Няміга там ёсць, і няма там Нямігі.

Яна пад зямлёю, як наша былое,

Якое камусьці і не залатое,

Як гэта сасна, што жыве пры дарозе,

І жыць застанецца ў тваёй ціхай прозе.

Ты, стомлены, вернешся ўвечар дадому,

І, дзе пабываў, ты не скажаш нікому.

І дні палятуць, як лістота сухая,

І знікнуць у вечнасці, што нас чакае.

Ды будуць ля неба, нібы ля сцяны,

Сасна пры дарозе, і ты ля сасны.

1.07.2020 г.

БАЛАДА МІХАСЯ МІЦКЕВІЧА (31.01.1926 - 27.05.2020)

Не проста сынам быць вялікага паэта.

Ты ж сам вялікім стаў для роднае зямлі.

Самотнае на Мікалаеўшчыне лета,

Ля Нёмана гукаюць сонца жураўлі.


І ты да іх пайшоў, бо ведаеш, дзе сонца

Цяпер начуе наша, па якой траве

Сымон музыка ходзіць і сваёй старонцы

Іграе гімны, кажа: "Беларусь жыве


І будзе жыць, бо Беларусь - краіна…"

І ты ідзеш да засені сівых дубоў,

Дзе неба жаўруковае цячэ ў галінах,

Бы ў беларускіх волатаў у венах кроў.


Ты любіш светлы лес - бярозы і яліны.

Цяпер табе тут жыць

ля продкаў, што жылі

Вякамі толькі думай-мараю адзінай

Аб новае зямлі, дзе іх лугі, палі


І воля, без якой зямля - пясок, каменне.

Ідзеш да Нёмана, на беразе стаіш,

Дзе ластаўкі і кнігаўкі, і цені

Лятаюць, як маланкі, разрываюць ціш.

І сэрца, і душу зноў напаўняюць сілы.

І паўтараеш ты, нібы з малітвы сказ,

Бацькоўскі верш:

"Мой родны кут, як ты мне мілы!",

І, пакідаючы, не пакідаеш нас.

28.05.2020 г.

БАЛАДА МІХАЛА ДУБЯНЕЦКАГА (4.03.1927 - 3.09.1990)

Дамы залацеюць, зноў сонца заходзіць,

І ліпа лістотай калюгу салодзіць.

Дахаты тут блізка, і ты не спяшаеш,

У думках уважліва кнігу гартаеш,

І радасць у сэрцы слязой закіпае,

Бо кніга жывая, бо кніга жывая,

І ты дапамог ёй на свет нарадзіцца.

І ты не дасі анікому пыліцца,

Хто варты, каб гутарку весці з людзямі.

Ізноў над Нямігаю чайкі з вятрамі

Спрачаюцца гучна, і ты адчуваеш,

Што з чайкамі разам над рэчкай лятаеш.

Дахаты прыходзіш і радасна дзеці

Цябе абдымаюць, і ты ў кабінеце

Ад іх не знікаеш, ты кнігі чытаеш.

"Я самы шчаслівы!" - ім ліст пакідаеш.

Яны прачытаюць твой ліст, як пасланне,

Ім будзе натхненне, і будзе світанне,

Ды толькі святлей за свабоду - нічога.

Дарогі ты іншай не меў, як дарога

Да нашай свабоды, што век перад намі,

Як крыж,

што ў нябёсы ўрастае на Храме…

Дамы залацеюць, зноў сонца ўзыходзіць.

Дзе ліпа шумела - асфальт, і там ходзяць

Вясёлыя людзі, сярод іх бываюць,

Хоць зрэдку, што нашыя кнігі чытаюць…

4.07.2020 г.

БАЛАДА АЛЕСЯ БЕЛАКОЗА (11.09.1928 - 1.12.2016)

Вясна. Гудзевічы. Над полем жаўрукі.

Спакойна ў курганах сівыя спяць вякі.

Ты з вучнямі ідзеш, распавядаеш ім,

Што маем ад дзядоў,

што знікла, быццам дым.

Ты любіш родны край, і каб жа так, як ты

Яго любілі ўсе, край стаў бы залатым,

Якім у марах ён вякамі ўжо жыве.

Ты з вучнямі ідзеш па сцежцы,

што ў траве

Не знікне, бо яна да продкаў на клады.

У школе ёсць музей, жывеш музеем ты,

Каб родная зямля і дворышчы людзей

Ніколі не ператварыліся ў музей.

Вяртаешся дамоў і доўга шчэ не спіш,

І думаеш жыццё, і на вясну глядзіш,

І верыш, што дабру ніколі не знікаць,

Без веры нельга Тут не жыць, не паміраць.

І свеціць над табой самотны маладзік,

Трымае шчэ абраз табой забіты цвік…

30.05.2020 г.

БАЛАДА ВІКТАРА КАВАЛЕНКІ (21.07.1929 - 17.08.2001)

Падвышанае неба засталося нам.

Яго стварыў ты, і яно й цяпер жывое

Над Сакаўшчынаю,

дзе дом бацькоў, як Храм,

Дзе для цябе ўсё светлае, і ўсё святое.


І ты дамоў прыходзіш кожны раз, калі

Табе самотна

ў гэтым цесным тлумным свеце.

І для цябе мілей Валожынскай зямлі

Няма і не было, і ў мёдным спелым леце


Ідзеш да рэчкі, што цячэ, як час цячэ,

Змываючы няспешна

ў вечнасць нашы сцежкі.

І птушкі весела спяваюць тут яшчэ,

І дораць кветкі для цябе і пчол усмешкі…


Жыццё бясконцае, і заўтра будзеш ты

Ізноў ісці да рэчкі і раман пра неба

Пісаць,

і на Валожыншчынскай зямлі сады

Зноў зацвітуць,

і будзе хлеб і соль да хлеба.

7.06.2020 г.

БАЛАДА ПАЎЛА СЦЯЦКО (5.03.1930 - 23.03.2020)

Самыя светлыя чыстыя зоры

Над Беларуссю, дзе ў вёсцы Азёры

Хата твая ў белым садзе стаіць.

Ты - наш садоўнік, які даглядае

Сад роднай мовы, дзе слоў не бывае

Тых, што патрэбна чужымі змяніць.


Вецер з усходу і вецер заходні

Сад напаўняюць дыханнем халодным,

Толькі ім сад усё ж не загубіць.


Мы не загінем, твой сад не загіне

Нават тады, калі сад ты пакінеш.

Ёсць каму сад гадаваць і любіць.

25.04.2020 г.

БАЛАДА МІХАСЯ МУШЫНСКАГА (24.01.1931 - 8.06.2018)

Гарыць святло ў тваім пакоі ўночы.

Пакой, як карабель, які плыве

Не там, куды кіруе вецер воўчы,

А там, дзе вера і любоў жыве

Да Слова беларусакага, якое

Прайшло стагоддзі і далей ідзе,

І гэта Слова нашае, зямное,

І толькі з ім нідзе не прападзем.

Яно ад Коласа і ад Купалы,

З якімі ты свой вывяраеш шлях

Праз час, як мора, дзе бяды нямала,

Дзе ты нітуеш нас, каб у вяках

Былі мы, як і нашая Айчына,

Дзеля якой ты па начах не спіш

І робіш, што рабіць усе павінны,

Каму пісьмовы стол - ад Бога крыж.

16.05.2020 г.

(Працяг у наступным нумары.)

Упершыню па-беларуску артыкулы Антона Луцкевіча

1936 год у культурніцкай працы беларусаў

Як вядома, беларуская творчая культурніцкая праца з-за падзелу беларускіх зямель на дзве часткі развіваецца ў двух розных, ідэалагічна супрацьлеглых накірунках. А менавіта, калі на ўсходзе мы бачым шырока спланаваныя дзеянні дзяржавы, накіраваныя на поўнае вынішчэнне індывідуальных рысаў беларускай нацыянальнай культуры па формуле: "беларуская па форме, пралетарская па зместу", дык на захадзе беларуская інтэлігенцыя напружвае ўсе сіла каб захаваць і развіваць ў нацыянальнай культуры як раз тое самае, з чым гэтак энергічна ваююць у Саветах.

У гэтым напрамку беларуская інтэлігенцыя на захадзе праявіла вялікую здольнасць да прадбачання: яна і раней імкнулася да стварэння ў межах Польскай рэспублікі асяродка беларуская культуры, нацыянальнай як па форме, гэтак і па зместу, і верыла, што ў блізкай ці далёкай будучыні дэмакратыя пераможа савецкую і фашысцкую сістэмы і набыткі культуры, зробленыя на захадзе, будуць служыць усёй дэмакратычнай Беларусі.

Імкненне да захавання і развіцця падмуркавых элементаў беларускай нацыянальнай культуры ў апошнія гады вызначае напрамак дзейнасці цэлай плыні беларускіх дзеячаў у Польшчы, гэтак жа адбывалася і ў мінулым годзе (маецца на ўвазе 1936 г. - Л. Л.). Розныя групы і плыні адсунулі ў бок нядаўнія спрэчныя справы ў палітыцы і пачалі каардынацыю сваіх сіл і сваіх намаганняў у культурніцка-асветнай дзейнасці. Справы культуры занялі першае месца, і вынікі гэтай каардынацыі, да якой яшчэ зусім нядаўна грамадства заклікалі толькі дальнабачныя адзінкі, вельмі паказальныя.

Перад усім, трэба падкрэсліць павелічэнне агульнай цікаўнасці да працы найстарэйшай беларускай навукова-даследчай пляцоўкі - Беларускага навуковага таварыства, якое працягвае ствараць культурна-нацыянальныя каштоўнасці. Як заўсёды, самай актыўнай дзейнасцю вылучылася музейнай секцыя ("Музейная Рада"), якая кіруе зборамі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча і багатым кніжным зборам "альбарутэнікі". Таксама ўзмацнілася дзейнасць літаратурна-мастацкай секцыі. Але менш энергічна працавалі гістарычная і, самая маладая, моўная секцыя.

У склад Таварыства ўвайшоў цэлы шэраг новых членаў - як з старой гэтак і з маладой генерацыі. Наведвальнасць Беларускага музея, які пераважна праз дараванне стала папаўняе свае калекцыі, у 1936 г. павялічылася амаль што ў два разы.

Навуковым праблемам шмат увагі надае беларускай акадэмічная моладзь якая аб'ядналася ў Таварыстве прыяцеляў беларусаведы пры УСБ (Універсітэт Стэфана Баторыя - Л. Л.). У мінулым годзе Таварыства арганізавала чытанне шэрагу навуковых дакладаў з дыскусіямі. Падобнае ж адбывалася ў Звязе студэнтаў-беларусаў, пра што сведчаць даклады, якія чыталіся на зборах сяброў гэтага звязу.

Вельмі эфектыўнай у мінулым годзе была беларуская паэтычная і мастацкая творчасць. Акрамя шырокавядомых Наталлі Арсенневай, Міхала Машары, Васілька, Ільяшэвіча і многіх іншых, на беларускім небасхіле запаліліся ўзыходзячая зорка сапраўднай першай велічыні ў асобе вельмі маладога і таленавітага Максіма Танка. Першыя творы паэта дазваляюць нам прарочыць яму вялікую будучыню. Акрамя вялікай колькасці вершаў, якія надрукаваны ў беларускіх часопісах, малады паэт стварыў прыгожую паэму "Нарач" з жыцця нарачанскіх рыбакоў. У мінулым годзе выйшаў вялікі том яго твораў пад назвай "На этапах". На жаль, гэтая кніга была канфіскавана …

Значны крок наперад зрабілі беларусы ў галіне музыкі, дакладней - у гарманізацыі і апрацоўцы беларускай, неверагодна багатай і чароўнай народнай музычнай творчасці. Перад усім з вялікай павагай трэба адзначыць працу Рыгора Шырмы - нястомнага збіральніка беларускіх песень і адначасова стваральніка і кіраўніка шырока вядомага сваімі выступамі беларускага хору.

Дапамагае яму на віленскім грунце знаны мясцовы музыка Канстанцін Галкоўскі, які акрамя апрацоўкі народнай музыкі піша і арыгінальныя рэчы: сімфанічныя творы, рамансы на словы беларускіх паэтаў і г. д.

У справе апрацоўкі беларускіх песень вялікія заслугі мае рускі кампазітар Грачанінаў, які зараз жыве ў Парыжы. Ён гарачы прыхільнік нашых песень і зараз працуе над праектам беларускай оперы. У Варшаве на гэтым жа полі працуе прафесар Станіслаў Казура, аднак апрацаваныя ім песні ён выдае з польскімі тэкстамі.

У галіне жывапісу працуе ў асноўным беларуская моладзь - выхаванцы факультэта мастацтваў УСБ. Асабліва адзначым працу трох маладых мастакоў-беларусаў: Чурылы, Сеўрука і Сергіевіча. Апошні ў зімнім сезоне 1935/36 гг. меў самадзейную выставу сваіх твораў, якая атрымала надзвычай станоўчыя водгукі віленскай прэсы. На жаль, імкненне знайсці для Сергіевіча замежную стыпендыю ад Фонду нацыянальнай культуры, нягледзячы на гарачую падтрымку з боку польскіх мастацкіх колаў, не знайшло разумення Фонду.

Для знаёмства шырокіх слаёў грамадскасці з дасягненнямі беларускай паэзіі, музыкі і жывапісу, служаць беларускія часопісы: штоквартальнік "Калоссе", які выходзіць ужо трэці год і "Маладая Беларусь", якая з'явілася ў 1936 г. і выйшла покуль толькі адным нумарам.

Гэта пра творчую працу. Але каля яе досыць інтэнсіўна развіваецца і асветная праца якая дзеліцца здабыткамі культуры з беларускім людам, духоўныя патрэбы якога не могуць быць задаволены афіцыяльнай асветай у яе сучасных формах, бо гэтая асвета працуе выключна ў нацыянальным польскім духу і на польскай мове. Таму разам з папулярызацыяй ведаў на беларускай мове арганізуюцца публічныя лекцыі і завочныя курсы па перапісцы. У 1936 г. беларусы правялі акцыю, накіраваную на выкладанне навукі ў агульнаадукацыйных школах па-беларуску. У гэтай акцыі жывы ўдзел прынялі самыя паважаныя беларускія культурна-асветныя арганізацыі, аб якіх паразмаўляем у наступным нумары.

H. B. [Антон Луцкевіч]. Rok 1936 w pracy kulturalnej Białorusinów // Pregląd Wileński. 1937, № 3. S. 4-6

Нечаканы ўдар (пра ТБШ і БІГК)

Шмат гадоў у Вільні існуюць тры беларускія асветныя арганізацыі: Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГК) які заснаваны ў 1926 г. і нарэшце, самае маладое з іх, Таварыства беларускай асветы (ТБА), якое пасля расколу і выхаду самых дзейсных членаў у 1934 г., перастала займацца якой-небудзь дзейнасцю.

У культурна-асветнай працы заўсёды дамінавала заснаванае ў 1921 г. ТБШ якое ў лепшы час налічвала 15 000 членаў і 2 000 лакальных гурткоў. З-за сваёй масавасці, гэтая арганізацыя прыцягнула да культурна-асветнай працы самыя жывыя і дзейсныя элементы грамадства беларускай вёскі і адцягнула такім чынам людзей ад палітыканства. Таму пасля ліквідацыі Грамады гэтая арганізацыя пачала цікавіць кампартыю. Камуністы стараліся ўлезці ў гурткі і надаць ім цалкам неадпаведны накірунак, а калі гэта не ўдавалася, без вагаганняў проста злосна правакавалі ТБШ. Карыстаючыся гэтым, адміністратыўныя ўлады, якія заўсёды з падазрэннем глядзелі на беларускі рух, хутка ліквідавалі лакальныя і акруговыя арганізацыі ТБШ, накіроўваючы рэпрэсіі не толькі супраць адзінкавых асоб, якія знаходзіліся пад уплывам камуністаў, але супраць усёй культурна-асветнай працы ТБШ.

Была прыпынена дзейнасць сеткі гурткоў і акруговых структур, а ў пэўны час і праца цэнтральнага органа ТБШ у Вільні. Таму кіраўніцтва ТБШ, пасля зыходу са сцэны групы "Змаганне" (беларуская дэпутацкая фракцыя польскага Сойма ў 1928-1930 гг. - Л.Л.), уласнымі рукамі чыніла энергічныя высілкі для абароны ТБШ ад камуністычнага ўплыву, аднаўлення кіравання лакальнымі структурамі і нарэшце дабілася адмены рашэння ўладаў аб прыпынення дзейнасці Галоўнай управы.

Апошнія гады дэманстравалі нам вобразы гераічнай барацьбы кіраўніцтва ТБШ з камуністамі, якія ў шматлікіх улётках не шкадавалі вострых слоў і лаянкі ў адрас самых чынных чальцоў Галоўнай управы і лакальных гурткоў. Стымуляваў такія паводзіны камуністаў паварот у БССР савецкай палітыкі у адносінах да беларусаў. З 1928 г. тут пачалі агульна абвінавачваць беларусаў у нацыяналізме і варожасці да савецкай улады і дэпартаваць у глыб Расіі і на "Салаўкі" сотні дзеячаў беларускай культуры на чале з рэктарам БГУ прафесарам Пічэтам. Гэта сказалася на змену свядомасці беларускага грамадства, якое цалкам страціла наіўную веру ў вызвольную ролю Саветаў у адносінах да беларусаў Польшчы. Кіраўнікі ТБШ у поўнай меры выкарысталі гэты момант, каб ператварыць сваю арганізацыю ў выключна культурна-асветную і нацыянальна-дэмакратычную.

ТБШ згрупавала ў сваіх шэрагах пераважна прагрэсіўныя элементы, якія мелі погляды далёкія ад камуністычных і радыкалізм якіх не ішоў далей за неабходнасць напачатку здабыць беларускаму селяніну зямлю і менавіта "ўласную" зямлю. Ідэалагічна гэтай арганізацыі супрацьстаяў "Інстытут", які быў часткай беларускай хадэцыі (хрысціянскіх дэмакратаў - Л. Л.). У значнай меры, у сваёй культурна-асветнай працы "Інстытут" прытрымліваўся ахоўчай ідэалогіі. На чале хадэцыі стаялі ксяндзы-беларусы, што заўсёды дадавала ў яе дзейнасць характэрную афарбоўку. Інстытут паўстаў 10 гадоў таму (у 1926 г. - Л. Л.) і не меў у сваёй гісторыі такіх прыгожых старонак, якія мела ТБШ, тым не менш у часы росквіту ТБШ ён развіў вялікую дзейнасць але значна менш, чым гурткі ТБШ, ціснуўся адміністратыўнымі ўладамі. Гэтыя адносіны ўладаў яшчэ больш прычыніліся да паглыблення антаганізму паміж арганізацыямі з рознымі ідэалагічнымі падмуркамі.

1936 г. прынёс глыбокія змены ў стасункі паміж ТБШ і "Інстытутам", што відавочна, стала магчыма з-за змены настрою ў шырокіх колах беларускага грамадства. Канкрэтнай справай, якая памірыла ўчарашніх антаганістаў, стала заўсёды гарачая і актуальная для беларусаў справа школьніцтва на роднай мове. У мінулым годзе закончыўся сямігадовы тэрмін, вызначаны дэкрэтам прэзідэнта падчас якога было забаронена ўносіць змены ў школьную мову навучання, вызначаную моўнымі законамі Траўгута-Грабскага ад 31.07.1924 г. Таму зноў з'явілася магчымасць правядзення законнай акцыі ў форме плебісцыту аб навучанні па-беларуску ў школах. Каб выкарыстаць гэтую магчымасць, ТБШ і "Інстытут" вырашылі аб'яднаць свае сілы і заклалі супольны "Школьны сакратарыят", які кіраваў справай.

Нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, акцыя плебісцыту развівалася надзвычай інтэнсіўна. Лозунг здабыцця беларускай школы здаўна быў вельмі папулярным у пэўнай часткі сялянства. Але ініцыятары акцыі дачакаліся яе вынікаў: у самым канцы 1936 г. адміністрацыйныя ўлады прыпынілі дзейнасць ТБШ і "Інстытута", а ваяводскія ўлады распусцілі абедзве арганізацыі.

Характэрным ва ўсёй гэтай справе стала тое, што забарона беларускіх таварыстваў наступіла ў той час, калі ў беларускім грамадстве перамагла плынь пазітыўнай працы над яшчэ нядаўнім палітыканствам, што стала відочным у святкаванні з удзелам усіх беларускіх груп і плыняў "Дня беларускай культуры" 13 студзеня мінулага года (1936 г. - Л. Л.). Закрыццю арганізацый папярэднічалі масавыя ператрусы ў беларускіх дзеячаў Вільні і ў офісах шэрагу арганізацый - акурат у той час, калі дэлегацыі ТБШ і "Інстытута" безвынікова абівалі парогі Рады міністраў, а таксама Міністэрства веравызнанняў і асветы, і адначасова прасілі аб аўдыенцыі ў прэм'ера і міністра Свентаслаўскага … Аднак, відочна, што гэтыя ператрусы не далі ніякіх матэрыялаў для абвінавачвання, бо ніхто не быў арыштаваны і не было высунута ніякіх палітычных абвінавачванняў. Варта адзначыць, што зброя і доказы ўдзелу ў "камуністычнай" дзейнасці шукаліся ў такіх яскравых антыбальшавікоў, як прэзідэнт "Інстытута" ксёндз Гадлеўскі, былы салавецкі вязень Аляхновіч і іншых.

Бачым, што 1936 г. ад пачатку, вызначыўся ў беларускім жыцці ўзмацненнем культурна-асветнай працы і аддзеленнем яе ад палітыкі, а закончыўся катастрофай. Без сумневу, для кіраўнікоў нацыянальных меншасцяў у Польшчы вышэйапісаныя падзеі адаб'юцца вельмі непажаданым рэхам ў шырокіх народных масах: шматгадовыя высілкі беларускіх дзеячаў, якія тлумачылі народным масам неабходнасць спакойнай творчай нацыянальна-культурнай працы і стараліся вызваліць беларускі рух ад непажаданых як для беларусаў, гэтак і для Польшчы камуністычных уплываў, могуць быць адкінуты з-за дзейнасці адміністрацыйных уладаў.

H. B. [Антон Луцкевіч]. Nieoczekiwany cios // Pregląd Wileński. 1937, № 4. S. 3-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша

Прэзентацыя кнігі Валянціна Шведава ў бібліятэцы № 1 імя Талстога

Увечары 13 кастрычніка 2020 года ў сталічнай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога было шумна і шматлюдна. Тут мелася адбыцца прэзентацыя кнігі сябра літаратурнага клуба "Экватар", паэта Валянціна Шведава "Міг на часавай стужцы". На імпрэзу прыйшлі паэты і пісьменнікі - сябры "Экватара", аматары літаратуры, навучэнцы сталічных каледжаў, прысутнічалі супрацоўнікі бібліятэкі № 1.

У прызначаную для пачатку мерапрыемства гадзіну слова ўзяла загадчыца біліятэкі № 1 Лола Іншаземцава. Яна шчыра прывітала ўсіх прысутных, а асабліва аўтара прэзентаванай кнігі Валянціна Шведава. Яна павіншавала аўтара з такой знакавай у ягоным жыцці падзеяй, як выхад зборніка вершаў. Спадарыня Лола пажадала аўтару і ягонай кнізе добрага шляху ў жыцці і ў літаратуры і перадала слова віноўніку ўрачыстасці.

Валянцін Шведаў добра падрыхтаваўся да сваёй прэзентацыі. Ён загадзя адабраў вершы, якія будзе чытаць, падрыхтаваў невялічкую прамову для прысутных. Сабраныя ў бібліятэцы № 1 пачулі пра гісторыю стварэння аўтарам ягонага вершаванага зборніка. Таксама Валянцін Шведаў прачытаў прысутным свае лепшыя, на ягоны погляд, вершы, сярод якіх быў і твор "Кросны мовы". Прывядзем некалькі слупкоў з яго:

У жыццi ўсё даецца няпроста:

Праз пакуты, сумненнi i кроў.

Мовы роднай ледзь рыпаюць кросны.

Час настаў абудзiцца ад сноў.


Не стамляюся я ўвек цябе славiць.

Ты - бальзамам для рванай душы.

Будзе сэрца да скону крывавiць -

Слова роднае чахне ў глушы.


Можа, зробiм урэшце свой выбар,

Сiлы ўзяўшы ад роднай зямлi,

Каб нявер'я разбiлася глыба,

Ружы мовы паўсюль расцвiлi…

Далей слова ўзяла непасрэдная вядоўца імпрэзы, шэф-рэдактар літаратурнага клуба "Экватар" Інга Вінарская. Яна паведаміла прысутным, што з'яўляецца, як правіла, рэдактарам усіх кніг, што выходзяць у сяброў "Экватара". Так было і з кнігай "Міг на часавай стужцы", дзе спадарыня Інга была рэдактарам, а таксама дызайнерам і тэхнічным рэдактарам. Яна ж напісала і ўступны артыкул да зборніка Валянціна Шведава пад назвай "Дабра вам зычу…", дзе зрабіла кароткі аналіз раздзелаў кнігі і яе літаратурна-лінгвістычных асаблівасцей. Каб прысутным было больш зразумела, што за кніга прэзентуецца, рэдактарка зачытала сабраўшымся гэты свой артыкул. Паколькі аўдыторыя была большай часткай маладзёвая, Інга Вінарская прачытала некалькі сваіх вясёлых вершаў з кнігі "Солнце поэтов", якія звычайна падабаюцца дзіцячай і юнацкай аўдыторыі.

Цудоўна ўпрыгожыла імпрэзу спявачка, акторка і мастачка Міліта Сібрыкава. У бібліятэку імя Талстога яна прыхапіла губны гармонік і так званы "чароўны" мікрафон - гэта караоке-мікрафон, які не толькі узмацняе голас выканаўцы, але і грае патрэбную мелодыю, ствараючы эфект так званай "мінусоўкі". Спадарыня Міліта тройчы выходзіла да аўдыторыі па запрашэнні вядоўцы мерапрыемства. Прысутныя пачулі самыя розныя творы ў выкананні артысткі: і спевы, і ігру на губным гармоніку, і цікавыя невялічкія аповеды.

Паэт Вячаслаў Данілаў па магчымасці не прапускае ніводнага мерапрыемства, што праводзіць літаратурны клуб "Экватар". І канешне, Вячаслаў не мог не прыехаць на прэзентацыю кнігі Валянціна Шведава, якога ведае ўжо шмат гадоў. Спадар Данілаў шчыра павіншаваў аўтара з выхадам зборніка, а потым прачытаў некалькі сваіх новых вершаў.

Паэтка Клаўдзія Максімава часам жыве ў Маскве, часам - у Менску. Калі яна знаходзіцца ў Беларусі, то заўсёды з задавальненнем прысутнічае на мерапрыемствах "Экватара". Так было і з прэзентацыяй Валянціна Шведава, якога Клаўдзія Максімава прыйшла павіншаваць з такой цудоўнай падзеяй у ягоным жыцці, як выхад паэтычнай кнігі. Спадарыня Клаўдзія прачытала тым восеньскім вечарам шэраг сваіх глыбокіх філасофскіх вершаў, якія пра многае прымушаюць задумацца слухачоў.

Лера Лявонцьева вельмі любіць моладзёвую аўдыторыю, таму што шмат піша для яе. На прэзентацыі Валянціна Шведава Лера прачытала спецыяльна адабраны ёй маналог з адной з кніг "Светлай навукі для моладзі", а таксама невялічкае гумарыстычнае апавяданне.

Раіса Марозава сама вершаў не піша, але заўсёды ахвотна чытае для прысутных паэтычныя творы свайго мужа Уладзіміра Марозава, які тры гады таму пайшоў з жыцця. Дарэчы, з дапамогай літаратурнага клуба "Экватар" у 2020 годзе выйшла першая афіцыйная і, нажаль, пасмяротная кніга Уладзіміра Марозава "Восхождение в себя". Некалькі твораў з гэтага зборніка на тэму кахання і прачытала спадарыня Раіса для сабраўшайся аўдыторыі.

Паэтка Тамара Смірнова доўгі час адсутнічала на Радзіме, у Беларусі. Яна амаль год адпрацавала па кантракце ў Іярданіі. Вярнуўшыся дадому, яна зазначыла, што леш за родную зямлю нічога ў свеце няма і што больш яна нікуды не хоча ехаць. Прысутныя пачулі ў выкананні Тамары Смірновай яе вершаваныя творы на беларускай і рускай мовах.

Усіх выступоўцаў аўдыторыя шчыра вітала апладысментамі.

На заканчэнне імпрэзы вядоўца Інга Вінарская падзякавала ўсім прысутным за тое, што сабраліся на вечарыну ў такія няпростыя ва ўсіх сэнсах часы. У бібліятэкі каледжаў, навучэнцы якіх прысутнічалі на імпрэзе, былі падараваны кнігі некаторых аўтараў літаратурнага клуба "Экватар", а таксама альманах "Літаратурны экватар" № 8 (10).

Потым адбылася аўтограф-сесія паэта Валянціна Шведава, агульная выніковая фотасесія сяброў "Экватара", а таксама невялічкае чаяпіцце ў адным з залаў бібліятэкі.

І. Вінарская.

Дабра вам зычу!..

Асноўныя функцыі паэзіі - несці святло людзям, станоўчыя эмоцыі, сцвярджаць дабро і справядлівасць. І калі гэта сапраўдная паэзія, то святло і дабро прабіваюцца нават скрозь сумныя вершы.

Мы надзею ўсе носім.

Цэрквы клічуць званамі.

Для душы спакой просім

У таго, хто над намі.


Не злучыць душу з верай -

Суддзі мы сабе самі!

Мо, адчынім мы дзверы

Да таго, хто над намі?!

Перад вамі, шаноўныя чытачы, першая кніга паэзіі вельмі цікавага аўтара - Валянціна Шведава, з вельмі арыгінальнай, зусім не банальнай назвай - "Міг на часавай стужцы". Зборнік атрымаўся глыбокі, шмат тэм закрануў у ім аўтар.

Усяго раздзелаў дзевяць: "Зямля беларуская" - асвячае тэму нацыянальнай свядомасці, незалежнасці, беларускай мовы; "Белая царква" - змяшчае вершы рэлігійнай тэматыкі; "Рэха памяці" - прысвечаны ўспамінам дзяцінства, а таксама роздумам пра патрыятызм і любоў да Радзімы; "Ці была яна, тая сустрэча" - распавядае, канешне, пра каханне і ягоныя наступствы; "Пазайздросціў люты маю" - бадай, найвялікшы раздзел кнігі - прысвечаны апісанням прыроды, надвор'я, пораў года - а самая любімая пара ў аўтара, канешне, восень; "Бяру я аловак" - прысвечаны тэме творчасці і творцам; "Паміж гэтым і тым" - змяшчае філасофскую лірыку; "Ты, сынок, пазвані" - раскрывае тэму сям'і, тут знаходзяцца вершы, прысвечаныя сваякам і сябрам; "У аркестр клічуць зайца" - змяшчае дзіцячыя вершы.

Вось такая аб'ёмістая кніга. Зборнік багаты моцнымі вобразамі, прыгожымі метафарамі, эпітэтамі. У аўтара цудоўная, вельмі каларытная беларуская мова. У асноўным, Валянцін Шведаў прытрымліваецца класічнай манеры напісання вершаў, але ёсць тут і свае, аўтарскія знаходкі ў плане вершаванай тэхнікі.

Зборнік "Міг на часавай стужцы" - гэта падвядзенне пэўных вынікаў за вялікі прамежак часу жыцця аўтара, такое своеасаблівае падсумаванне перажытага. І вынікі гэтыя станоўчыя, пазітыўныя.

Праляцелі, бы птушкі,

Неўзаметкі гады.

Міг на часавай стужцы -

Пыл заносіць сляды.


Памяць верне карціны,

Нібы рэха ў бары.

Клічуць шчасця мясціны

І маленства сябры.

Хочацца пажадаць аўтару яшчэ шмат натхняльных імгненняў, каб кніга "Міг на часавай стужцы" стала першай, але далёка не апошяй у ягоным жыцці, а чытачам - прыемнага падарожжа па старонках зборніка, аўтар якога зычыць нам усім дабра.

Паэтка, пісьменніца, журналістка

Інга Вінарская.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX