Вярнуцца: 2020

№ 46 (1509)


Дадана: 18-11-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1509), 18 лістапада 2020 г.

Гарадзенскае беларускамоўнае выданне прызнана лепшым рэгіянальным медыем

Беларускамоўнае выданне з Гародні Hrodna.life па выніках конкурсу Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя прызнана лепшым рэгіянальным медыем Беларусі. Пра адметнасці конкурсу распавядае рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:

- Атрымліваецца, мы ўзялі самую галоўную ўзнагароду сярод і друкаваных газет, і інтэрнэт-сайтаў. Было 13 удзельнікаў, 13 рэгіянальных медыяў удзельнічала ў конкурсе, 96 журналістаў і амаль 300 матэрыялаў. Акрамя галоўнай узнагароды мы яшчэ ўзялі 8 дыпломаў і першыя месцы ў розных намінацыях.

Адным з пераможцаў гэтага конкурсу стаў вядомы журналіст Гародні Руслан Кулевіч, які, па словах Аляксея Шоты, паказаў на сваіх фота гістарычную рэканструкцыю падзей Халакосту ў Гародні:

- Гэта быў фотарэпартаж з такой маўклівай акцыі памяці, прысвечанай Халакосту ў Гародні, гісторыя гарадзенскага гета. Гэта быў марш даволі вядомых гарадзенскіх акцёраў - Васіля Калача і яго калег з тэатра "Гіксаген". Яны прайшліся па вуліцы Савецкай, ад Віленскай да вялікай сінагогі ў строях эпохі, з нашытымі жоўтымі зоркамі Давіда, рэканструючы ўваход габрэяў у гета, калі іх сагналі туды ў 1941 годзе.

Для гарадзенскага выдання перамога ў конкурсе Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыяў - не адзінае прызнанне 2020 года. Hrodna.life таксама сёлета атрымаў высокія адзнакі ў маніторынгу выканання прафесійных стандартаў MediaIQ.

Беларускае Радыё Рацыя. Фота: hrodna.life.

Журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч атрымаў прэмію Ядкоўскага

Руслан Кулевіч атрымаў прэмію Ядкоўскага-2020. Яе ўручаюць тым, хто ўнёс значны ўклад у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гародні. У мінулым годзе ён быў намінантам на гэтую прэмію.

Руслан Кулевіч - краязнавец, абаронца гістарычнай спадчыны, аўтар дзвюх кніг, былы ваенны разведчык, спартсмен. Займаецца зборам вусных успамінаў гарадзенцаў. У 2019 годзе выйшла яго кніга "Горад адзін, успаміны розныя", у 2020 - "Гісторыі з гродзенскіх вуліц" з гісторыямі пажылых гарадзенцаў і іх успамінамі пра Гародню пачатку 20 стагоддзя.

Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага заснавана ў 2012 годзе гарадзенскімі гісторыкамі. Штогод яе ўручаюць тым, хто ўнёс значны ўклад у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гародні, а таксама паспрыяў захаванню прыроднай і гістарычна-культурнай самабытнасці Гародні і рэгіёна. У розны час прэмію атрымлівалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы: Андрэй Вашкевіч, Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Фёдар Ігнатовіч, Таццяна Еўдакімава, Наталля Канюк, Ігар Лапеха.

hrodna.life.

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай нават пад зямлёй!

6 лістапада ў Менску ўрачыста адкрылася 3-я лінія метро ад станцыі "Кавальская Слабада" да "Юбілейнай плошчы", у тым ліку станцыя "Плошча Францішка Багушэвіча".

Станцыя метро «Плошча Францішка Багушэвіча» ўвайшла ў лік першых чатырох станцый Зялёналужскай лініі Менскага метрапалітэна і мала чым адрозніваецца ад астатніх, аднак з-за яе размяшчэння на маленькім пятачку станцыя стала самай кароткай з іх - яе даўжыня склала толькі 140 метраў. Па тарцах платформы на сценах устаноўлены дзве скульптуры, выкананыя ў метале - "Ткацкі станок" работы Аляксея Сарокіна і Віктара Копача памерам 5х6 метраў і "Кніга беларуская" работы Максіма Петруля памерам 6х6 метраў. Абедзве скульптуры нясуць словы заснавальніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча - на першай: "Можа, хто спытае: дзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, дзе наша мова жыве: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Менск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...", на другой: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі".

Як згадвае Алег Трусаў, калі ў свой час гэтай маленькай плошчы надавалі імя Францішка Багушэвіча, ніхто і блізка не мог прадбачыць такога яе кроку да Беларушчыны.

Паводле СМІ.

У беларускай мовы ёсць толькі Беларусь

Чаму літоўцы змаглі вырашыць моўнае пытанне, а беларусы ўсё топчуцца на месцы, баючыся, каб хаця б руская мова не пакрыўдзілася на беларускую, калі тая будзе не ў ролі падчарцы, а дачкі ў сваёй маці-Беларусі? Пра гэта разважае доктар філалагічных навук Лілея Плыгаўка.

Пытанне любой нацыянальнай мовы як вырашанае, так і cпрэчнае ўжо доўгі час. Асабліва яно абвастраецца тады, калі краіна хоча будаваць сваё жыццё самастойна, але іншая краіна, што трымае яе ў сваёй сферы ўплыву, гэтага, зразумела, не хоча.

І вось, каб не выскачыў народ з "братэрскіх абдымкаў", пачынае мусоліцца моўная тэма. Выводзіцца тэза пра міфічныя крыўды, непаразуменні, апраўданні карыстання чужой мовай дзеля нечага таго, што ніхто і не разумее як след.

Ствараецца штучная праблема, якая баламуціць і палохае людзей. Галоўнае - доўга і шмат гаварыць пра яе і з нейкімі жахлівымі перспектывамі.

Я прыехала ў Літву ў 91-м. Як толькі Літва аднавіла незалежнасць, яна прыняла Закон аб мовах, які ўсталёўваў за літоўскай мовай статус дзяржаўнай.

Што такое дзяржаўная мова? Зразумела, гэта мова этнасу, які даў пачатак пэўнай дзяржаве. І таму толькі на тэрыторыі гэтай дзяржавы яна можа рэалізоўвацца, захоўвацца і развівацца.

Другое. Дзяржаўны статус мовы дазваляе накіроўваць фінансавыя сродкі на яе даследаванне, рэалізацыю і развіццё. Гэта робіцца для таго, каб мова магла паўнавартасна выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах жыцця - справаводстве, заканадаўстве, адукацыі, эканоміцы і г.д.

Памятаю, не ўсе, безумоўна, былі згодныя з тым, што трэба пісаць заявы і лісты па-літоўску. Што трэба здаваць экзамен па літоўскай мове, калі прэтэндуеш на нейкую пасаду.

Але ўсё ж тое, на якой мове звяртацца да свайго народа чыноўніку, кіраўніку ці прэзідэнту, нават і без закона аб мовах не аспрэчвалася. Як не аспрэчваецца, хто для цябе ёсць твае бацькі і твая зямля.

І што ў краіне сёння, праз 30 гадоў? Пры адзінай дзяржаўнай мове кожны размаўляе на той мове, якая для яго зручней у дадзенай сітуацыі ці калектыве. І разам з тым паважае літоўскую мову, бо гэта ёсць мова дзяржавы, дзе ён жыве.

Дык чаму літоўцы змаглі вырашыць гэтае пытанне, а беларусы ўсё топчуцца месцы, баючыся, каб хаця б руская мова не пакрыўдзілася на беларускую, калі тая будзе не ў ролі падчарцы, а дачкі ў сваёй маці-Беларусі?

У рускай мовы ёсць Расія, у літоўскай - Літва.... А ў беларускай мовы ёсць толькі Беларусь.

Чаму немцы размаўляюць па-нямецку, палякі - па-польку, французы - па-французску?... І нікога гэта не здзіўляе. Ніхто не патрабуе ад іх, каб яны адмовіліся ад сваёй мовы. Ніхто іх не палохае нацыяналізмам (хаця вызначэнне гэта тэрміна станоўчае), не кажа, што яны некага крыўдзяць або прыніжаюць.

Я доўга магу тлумачыць гістарычныя прычыны гэтай з'явы, але - сёння і без майго тлумачэння ёсць шмат даступнай інфармацыі, урэшце свая галава, і можна знайсці адказ на гэтае пытанне.

Як і на пытанне: Чаму прэзідэнты іншых краін з гонарам прамаўляюць на сваёй мове? А беларускія кандыдаты і посткандыдаты ў прэзідэнты, наадварот, ігнаравалі і ігнаруюць мову свайго народа, бо, як неяк прагучала: па-беларуску "беларусы мяне горш зразумеюць".

Тым самым прыніжаючы беларусаў і робячы з іх нейкіх непаўнавартасных людзей, што няздольныя ў наш час полілінгвізму зразумець мову, якую чулі ад дзядоў і бацькоў і вывучалі ў школе.

І апошняе. Літва ідзе далей, перастаўшы выдаткоўваць свае сілы на відавочнае. А тыя беларусы, якія пераязджаюць сюды жыць, не разважаюць, трэба ці не мне літоўская мова (як гэта яны робяць у Беларусі), а адразу шукаюць моўныя курсы.

Калі нацыя хоча быць заможнай і самадастатковай, хоча, каб з ёй лічыліся, яна мусіць апекавацца ў першую чаргу СВАЁЙ мовай і культурай, а потым астатнімі. Астатнімі няхай апякуюцца іх краіны.

Лілея Плыгаўка.

Адказ нашым заслужаным

На з'ездзе ТБМ у кастрычніку пасля шэрагу нудных дакладаў пра вялікія нашыя дасягненні, калі многія з прысутных у зале пачалі ўжо засынаць, мне прыйшлося выступіць з крытыкай шаноўнага кіраўніцтва нашай арганізацыі. Пасля майго невялікага спічу народ прабудзіўся і распачалася цікавая дыскусія, якая зараз перайшла на старонкі газеты "Наша слова". У № 44 за 4 лістапада выйшлі аж два матэрыялы з крытыкай маёй сціплай асобы. Артыкул "Як Алегу Дзьячкову з Магілёва "з'явіліся новыя лідары" я каментаваць не буду, бо гэта звычайнае глупства, што мяжуе з хамствам. А вось на артыкуле спадара М.П. Булавацкага спыніцца варта.

Зразумела, што крытыку ніхто не любіць, сказаць па шчырасці, я і сам яе не дужа люблю. Але ж ТБМ лічыцца дэмакратычнай арганізацыяй, па меншай меры, была такой да нядаўняга часу. І крытыкаваць варта і трэба, не зважаючы на рэгаліі і пасады, каб арганізацыя магла нармальна развівацца і існаваць.

Спадар Булавацкі піша , што "не варта кідаць камяні ў людзей, што пражылі значна большы век", маўляў, "зарабляйце свой імідж іншымі сродкамі", г.зн., іншымі словамі, што не трэба крытыкаваць нашых "заслужаных" і самога Булавацкага ў тым ліку?! Але ж мой апанент - дэмакрат і апазіцыянер з вялікім стажам, аж з 1978 года, і дзіўна, як ён не разумее, што адным з галоўных прынцыпаў дэмакратыі якраз і з'яўляецца магчымасць выказваць крытычныя заўвагі, не зважаючы ў тым ліку на ўзрост і заслугі. Аднаго такога сонцападобнага "заслужанага" аўтарытарнага кіраўніка з пакалення Булавацкага мы ўсе добра ведаем… Ён таксама заяўляе, што вельмі шмат зрабіў для Беларусі і таму не варта яго крытыкаваць… Але ж ён аўтарытарны кіраўнік, і таму з ім усё зразумела, а спадар Булавацкі лічыць жа сябе дэмакратам?! Так што пакрытыкаваць наша шаноўнае кіраўніцтва (якое, безумоўна, шмат чаго добрага робіць) і самога Булавацкага варта і нават неабходна, каб яно не забранзавела са сваімі дасягненнямі і рэгаліямі , як калісьці "дарагі Леанід Ільіч".

Такім чынам, спадар Булавацкі дужа палымяна мне хоча давесці пра тое, "дзе тая "традыцыйная" апазіцыя…???" Пра старую і новую апазіцыю, або традыцыйную і нетрадыцыйную, (называйце, як каму зручней), можна доўга разважаць. Але факт застаецца фактам, што сёлета адзінага кандыдата старая апазіцыя вылучыць так і не здолела. Хаця ў нашай найноўшай гісторыі пазітыўны прыклад ужо маецца, калі ў 2006 годзе быў вылучаны адзіны апазіцыйны кандыдат, прычым беларускамоўны - гэта спадар Алесь Мілінкевіч. Але калі гэта было?! А сярод сённяшніх беларускамоўных лідараў так і не знайшлося постаці, вакол якой варта было б усім аб'яднацца і за якой пайшоў бы народ. Як яскравы прыклад дзейнасці некаторых беларускамоўных арганізацый, якія прэтэндуюць на лідарства, можна прыгадаць момант віншавання на з'ездзе ТБМ ад Грамады і БНФ. Гэтыя спадарыня і спадар павіншавалі, засвяціліся, пабылі трошкі і… пабеглі. А куды пабеглі? Зразумела, што яны памкнуліся ратаваць Бацькаўшчыну, бо ў бліжэйшыя некалькі гадзін, калі доўжыўся з'езд нашай арганізацыі, Бацькаўшчына без іх дапамогі абысціся не здолела б. А калі разважыць, то хіба не маглі ўжо гэтыя дзве шаноўныя арганізацыі хаця б раз на тры гады (!) даслаць на пару гадзін свайго прадстаўніка на рэспубліканскі з'езд ТБМ, дзе абмяркоўваюцца многія істотныя пытанні нацыянальнай культуры і цэлай краіны ўвогуле?! Выслухаць розныя меркаванні, і самім нешта параіць і падказаць?! Але ў іх, як заўсёды, не было часу! А вось каб іх запрасілі на які семінар, напрыклад, у Вільню ці Варшаву, а пажадана ў Брусэль, то, мяркую, што ад гэтых партый набралася б шмат аахвочых кандыдатаў, ды і часу б у іх знайшлося некалькі дзён і нават тыдзень.

І таму нічога дзіўнага, што на палітычным небасхіле паўсталі новыя імёны, перадусім, гэта Віктар Бабарыка і Святлана Ціханоўская. І вы самі добра ведаеце, што і ў новых лідараў палітычны шлях не ўсыпаны ружамі-кветкамі… Але яны ўжо шмат чаго здолелі дамагчыся менавіта як палітыкі.

Парада Булавацкага "прыгледзецца да справы" такіх, як я, - вельмі слушная. Я ніколі Булавацкага М.П. публічна не крытыкаваў, а крытыку мог сабе дазволіць толькі ў вузкім коле на пасяджэнні гарадской рады. Але паколькі мой апанент захацеў вынесці дыскусію на "шырокі прастор", то так і быць… Я стаў кіраўніком ТБМ г. Магілёва восенню 2005 года. У якім стане я прыняў арганізацыю ад Булавацкага і такіх заслужаных дэмакратаў, як ён? Калі Міхась Пятровіч забыўся, якой была наша тады гарадская арганізацыя, то няхай перачытае пратакол, які ён пісаў на справаздачна-выбарчай канферэнцыі, і ўзгадае выступы ўдзельнікаў, якія там гучалі. Напрыклад, тады прагучала і прапанова закрыць гарадскую арганізацыю ў Магілёве, бо дзейнасцю арганізацыі ніхто займацца не хацеў. І зараз я не хачу сказаць, што ў нас няма праблем і што ў нас усё выдатна. Але наша гарадская Магілёўская арганізацыя далёка не апошняя сярод суполак рэспубліканскага ТБМ, і я вельмі ганаруся нашымі дасягненнямі і нашай грамадой! Пастараюся ў бліжэйшы час перамагчы сваю ляноту і напісаць справаздачу аб дзейнасці нашай арганізацыі за апошнія гады для друку ў "Нашым слове". Дзіўна, што Булавацкі не заўважае, або не хоча заўважаць "іміджу" ТБМ г. Магілёва. І яшчэ адно. У гэтыя гады мы пасунулі ў нашай арганізацыі заслужаных пенсіянераў і прэдпенсіянераў, якія "сінеючымі пальцамі" ўчапіліся і ўвесь час любілі ўваходзіць у раду, ездзіць на з'езды і засядаць у прэзідыумах: усё нам любілі раіць і радзіць са сваімі павучаннямі. Ды і ўвогуле, спадару Булавацкаму варта ўжо даўно ад глабальных пытанняў аналітыкі агульнадзяржаўных праблем нарэшце пераходзіць да лакальных, напрыклад, заняцца пытаннямі ўласнай абласной арганізацыі ТБМ, якую ён узначальвае ў апошнія гады. Бо хутка там застанецца толькі сам "ганаровы і заслужаны" Міхась Пятровіч. Так што пара Вам ужо паклапаціцца аб сваім уласным іміджы…

Калі Булавацкі і такія, як ён, не здолеюць пераадолець свой старэчы эгаізм, то яны пахаваюць і сябе як грамадскіх дзеячаў, і сваю справу, якой яны аддалі вялікію частку свайго жыцця.

А таму нашаму рэспубліканскаму кіраўніцтву яшчэ раз нагадаю, што, на ваша шчасце, я жыву ў Магілёве, а не ў Менску, а так бы даўно вас з вашымі рэгаліямі пасунуў, як я гэта шмат год таму зрабіў з пенсіянерамі ў Магілёве. Калі, спадары, новаабранае кіраўніцтва ТБМ і надалей так будзе кіраваць рэспубліканскай арганізацыяй, то наступны з'езд ТБМ будзе падобны да пасяджэння Палітбюро ЦК КПСС. Чаго вартыя мы і нашыя ўсе дасягненні і званні, калі мы не здолеем знайсці і навучыць моладзь, нашых будучых пераемнікаў, будучыню нашай краіны?!

Алег Дзьячкоў, намеснік старшыні ТБМ. Магілёў. 12 лістапада 2020 г.

Не магу маўчаць!

Такое ўражанне ад артыкула М. Варанца за № 44 "Нашага слова", што ён напісан па заказу рэжыму Лукашэнкі. Не буду пералічваць справы Латушкі, Бабарыкі для народа Беларусі. Чалавек, які чытае, ведае гэта.

А вось абраза ў бок С. Ціханоўскай - камень у бок самога аўтора.

Гэтая кухарка, спадар Варанец, размаўляе з кіраўнікамі дзяржаў, добра валодае ангельскай мовай. На пытанні па-ангельску таксама без запінкі адказвае па-ангельску. А пра грошы - гэта, як быццам, спецзаказ спецслужбаў Расіі.

Тры жанчыны прымусілі паверыць, павялі за сабой, ускалыхнулі нацыянальную годнасць кожнага разумнага беларуса. Вы, спадар Варанец, дрэнна ведаеце праграмму Святланы Ціханоўскай. Ёй не трэба ўлада, ёй патрэбны празрыстыя выбары без яе.

А вось артыкул В. Сазонава чытала і плакала. Можа я не маю лагічнага мыслення? Я - жанчына эмацыянальная. Эмоцыі таксама рухаюць жыццём.

Не кожны мужчына адважыцца так зрабіць,як Марыя Калеснікава. І дай Бог мужнасці такой усім мужчынам.

Ёсць беларускія сімвалы - будзе і беларуская мова!

Чалец ТБМ Астаповіч Г. К., аг. Дараганава.

Лірычныя ўспаміны пра добрыя часы

4-га лістапада сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў паэтка Святлана Багданкевіч, сябра Сакратарыяту ТБМ імя Ф. Скарыны, падзялілася радкамі лірычнай сямейнай хронікі "Як усё было" з чальцамі клуба "Прамова" на сядзібе ТБМ. Новая кніжачка, аздобленая каляровымі фотаздымкамі, выйшла ў менскім выдавецтве "Бонэм" накладам 200 асобнікаў.

Аўтарка вершаваных радкоў, Святлана Мікалаеўна Багданкевіч, нарадзілася ў 1947 годзе ў вёсцы Рубяжэвічы ў сям'і настаўнікаў. Яе бацька Мікалай Сцяпанавіч быў дырэктарам школы, загадчыкам райана, а маці Яўгенія Рыгораўна - настаўніцай. Бацькі парупіліся, каб дзяўчынка займалася ў класе фартэпіяна ў музычнай школе. Для гэтага ёй давялося жыць самастойна асобна ад бацькоў, пачынаючы з 12 гадоў. Пра гэтыя абставіны спадарыня Святлана якраз і ўзгадала на сторонках сваёй новай паэтычнай кнігі.

Дзяўчына была выдатніцай і скончыла з залатым медалём сярэднюю школу № 1 ў 1965 годзе, паступіла вучыцца ў Менскі педагагічны інстытут імя М. Горкага на літаратурна-музычны факультэт. У 1970 годзе пасля яго заканчэння С. Багданкевіч працавала ў Менскай педагагічнай вучэльні (пазней - Менскі дзяржаўны педагагічны каледж № 2 імя Максіма Танка) і выкладала музычныя дысцыпліны. У 90-тыя гады каледж набыў статус беларускамоўнай навучальнай установы.

У тыя часы Святлане Багданкевіч даводзілася рабіць шмат перакладаў рознай дакументацыі. Па сваім прадмеце яна ўдзельнічала ў складанні музычна-педагагічнага тэрміналагічнага руска-беларускага слоўніка (разам з мужам Валянцінам Карпуцем, дацэнтам кафедры народных інструментаў БДПУ імя Максіма Танка). З радасцю яна перакладала дзіцячыя песні на родную мову. І рабіла ўсё гэта з вялікім энтузіязмам! Спадарыня Святлана працавала ў Адукацыйнай камісіі ТБМ і некаторы час узначальвала яе. Нямала парупілася для арганізацыі курсаў па вывучэнні беларускай мовы і па культуры мовы пры ТБМ.

Вершы С. Багданкевіч друкаваліся ў альманахах "Дзень паэзіі" і ў калектыўных зборніках клуба " Спадчына" - "Скрыжалі Спадчыны". У 2012 годзе выйшаў зборнік яе вершаў і перакладаў з польскай паэзіі "Напрадвесні". З 2013 года С.М. Багданкевіч з'яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. У апошнія гады спадарыня Святлана па даручэнні Алега Трусава складала "Летапіс ТБМ" з 2009 па 2014 год.

І вось, пражыўшы багатае на падзеі жыццё, захацелася падзяліцца з сябрамі і роднымі сямейнымі ўспамінамі. Сабраліся разам дзве сястры, прыехала з Калінінграда да Святланы Таццяна і пад псеўданімам Багдан Астравецкі яны стварылі лірычныя паэмы, героямі якіх сталі іх бацькі, блізкія, аднакласнікі.

Бо яны выхоўваліся ў творчай атмасферы, перанялі ад бацькоў цікавасць да літаратуры і манеру апавядання, і навучыліся мысліць рыфмамі. Сваю кнігу сёстры дапоўнілі фотаздымкамі юначых гадоў, а таксама перыяду іх сталасці, прафесійнай і грамадскай дзейнасці, сустрэч з выдатнымі асобамі.

Не аднойчы завітвалі да спадарыні Святланы ў госці паэты, рэдактары і публіцысты: Міхась Скобла, Міхась Шавыркін, Алесь Гібок-Гібкоўскі, Яўген Гучок і іншыя. Была яна асабіста знаёмая і са Стэфаніяй Станютай. А спадарыні Таццяне даводзілася сустракацца з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным.

Лірычныя паэмы Святланы Багданкевіч нагадваюць зместам і стылем раман у вершах "Родныя дзеці" Ніла Гілевіча і паэму "Міхасёвы прыгоды" Якуба Коласа.

Спадарыня Святлана - чалавек вельмі таленавіты і празарлівы. Вочы яе празрыстыя і ясныя, нібы крышталікі веснавога лёду. Пацеркі, нанізаныя ўласным рукамі - у колер вачэй. У думках паэтка сумаўляецца з геніямі, якія нядаўна адышлі ад нас. Свае вобразы яна часта атрымлівае з вышыняў. Яна ўдасканальвае майстэрства, адточвае выразы, працуе над перакладамі.

Душэўная вечарына прынесла радасць і суцяшэнне сябрам ТБМ! Усё атрымалася, як напісана ў раздзеле паэмы "Мінскія падзеі".

"Чалавек я - сацыяльны,

Клімат ім ствару спрыяльны.

Як пірог мой пачастуюць -

Творчы ўздым яны пачуюць!"

Былі тут пірагі і яблыкі з лецішча, вершы і жарты, размовы пра каханне, успаміны і пытанні чытачоў да аўтаркі.

У творчай еднасці прыхільнікаў беларускага слова цяжкія часы перажыць значна лягчэй!

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Вандроўка па малой радзіме: Дворышча!

Лідскі край багаты на прыгожыя мясціны. Шмат захавала наша малая радзіма і славутасцяў: цэрквы і касцёлы, старажытныя селішчы і сядзібы, помнікі і мемарыялы часоў Вялікай Айчынай вайны, аб'екты прыроды і арыгінальныя скульптурныя формы. Усяго ў спіс помнікаў гістарычна-культурнай спадчыны ўнесены 47 аб'ектаў.

Падчас "Года малой радзімы" вучні СШ № 11 г. Ліды здзейснілі ўжо не адну вандроўку па родным краі і змаглі пазнаёміцца з шэрагам славутасцяў Лідскага раёна, уражаннямі пра якія не раз дзяліліся з чытачамі на старонках раённай газеты. На гэты раз маршрут, які здзейснілі вучні, быў пракладзены ў аграгарадок Дворышча.

Яшчэ на пад'ездзе да свайго пункта назначэння ўсіх вандроўнікаў уразілі бярозы, якія прыгожа размясціліся ўздоўж трасы. Сваёй урачыстасцю і прыгажосцю яны быццам бы вярнулі нас на некалькі стагоддзяў назад і нагадалі падарожжа па "кацярыненскім тракце". Так, бярозы хоць і не вельмі старыя, ды і наўрад ці сама імператрыца Кацярына II падарожнічала па гэтай дарозе, але ж сама атмасфера і традыцыя высаджваць уздоўж дарогі бярозы пайшла менавіта з тых часоў. І гэтае ўражанне аказалася нездарма.

У мінулым Дворышча - гэта мястэчка, якое размясцілася на маляўнічых берагах ракі Жыжма. Літаральна пры ўездзе ў населены пункт з першых метраў нас сустрэла гісторыя. Яе сляды засталіся ўсюды: на месцы былой капліцы, былога панскага палаца і там, дзе і сёння часткова захаваліся будынкі старадаўняга фальварка (вадзянога млына, крухмальнага завода, карчмы, лядоўні).

Сапраўдным падарункам для вучняў СШ№ 11 г. Ліды стала сустрэча з чалавекам, які большую частку свайго жыцця не проста пражыў у Дворышчы, а ўнёс вялікі ўклад ў развіццё як гэтага населенага пункта Лідскага раёна, так і ўсяго сельгаспрадпрыемства. Віктар Іванавічам Кудла - у мінулым кіраўнік экспераментальнай бызы "Ніва", сёння больш вядомы як лідскі краязнавец, мастак, фермер. Менавіта з яго вуснаў вандроўнікі і даведаліся аб гісторыі мястэчка Дворышча: адкуль пайшла назва, каму належаў гэты населены пункт, калі ўзгадваецца ўпершыню ў пісьмовых крыніцах. Як заўважыў Віктар Іванавіч, у лістападзе гэтага года дварышчанцы адзначаць 500-годдзе з дня першага ўспаміну мястэчка. Сядзіба 19 стагоддзя, на жаль, не захавалася. Яна цалкам згарэла ў час Першай сусветнай вайны. Але захаваліся фрагменты будынкаў, сцены якіх з'яўляліся сведкамі гістарычных падзей розных часоў. Нягледзячы на свой немалы ўзрост, аб'екты сядзібнага комплексу не з'яўляюцца аб'ектамі гістарычна-культурнай спадчыны. Больш за ўсё, як мы ўбачылі, пашчасціла вадзяному млыну. Яго аднаўленнем вось ужо амаль 10 год займаецца турыстычная фірма "Адрас Лета", якая заснавала ў будынку музей з функцыяй сядзібы і рознымі забаўкамі.

Не менш цікавым аб'ектам для наведвання школьнікаў стала дзіцяча-юнацкая конна-спартыўная школа (цяпер гэта - аддзяленне коннага спорту Лідскай комплекснай ДЮСШ № 4). Як мы даведаліся, гэта таксама асаблівы гонар нашай малой радзімы. З таго часу, як у 1987 годзе, па ініцыятыве і пры актыўным удзеле кіраўніцтва былога сельгаспрадпрыемства "Ніва", у Дворышчы была адкрыта секцыя коннага спорту, тут было падрыхтавана 5 майстроў спорту па канкуры (пераадоленні перашкод), 8 кандыдатаў у майстры спорту, 13 спартсменаў першага разраду. Але ж самым незвычайным для дзяўчат і хлопцаў падчас наведвання конна-спартыўнай школы стала прагулка верхам на конях. Усе без боязі змаглі сесці па чарзе на коней і праехаць верхам.

У цэнтры аграгарадка, каля школы, мы падышлі да скульптурнай кампазіцыі, якая прысвечана землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчынай вайны. Помнік выглядае велічна і грандыёзна: з барэльефнымі малюнкамі абліччаў двух воінаў, партызана, дзвюх жанчын і дзіцяці. Хвілінай маўчання мы ўшанавалі памяць загінуўшых за мірнае неба над галавой.

Яшчэ адной славутасцю Дворышча з'яўляецца этнаграфічны пакой "Спадчына" пры сельскай бібліятэцы. Там у выглядзе экспанатаў засяродзілася ўся гісторыя побыту дварышчанскага краю.

Раім усім хоць раз зазірнуць у Дворышча: сучасная прыгажосць і старажытная частка мястэчка беспаваротна зачаруе і прывабіць вас ў гэты аграгарадок.

Наталля Анашкевіч.

Пясняр наднёманскага краю

І для таго я стаў паэтам,

Каб веру ў сэрцах распаліць.

Міхась Васілёк.

Скідзельшчына - самабытны куточак беларускай зямлі з багатай і цікавай гісторыяй. Тут нарадзілася шмат таленавітых людзей. Сярод іх паэт, дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху Міхась Васілёк (сапраўднае імя Міхаіл Восіпавіч Касцевіч).

Міхась Васілёк з кагорты тых паэтаў, хто прайшоў складаны жыццёвы шлях: у дзяцінстве - бежанства за часам Першай сусветнай вайны, здзекі ў паліцэйскіх пастарунках у перыяд панскай Польшчы найперш за тое, што пісаў вершы па-беларуску, уцёкі з палону і ўдзел у барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў.

Нарадзіўся будучы паэт 14 лістапада 1905 года ў вёсцы Баброўня Гарадзенскага раёна ў сям'і лесніка. Праз усё сваё жыццё і творчасць Міхась Васілёк пранёс непагасную любоў да свайго народа, да яго мовы, культуры, да свайго краю, да бацькоўскай зямлі.

Творчасць паэта была зразумелая і дарагая людзям. Простыя вершы былі народжаны пакутамі і нядоляй, але ў іх жыве глыбокая ўпэўненасць у тым,

Што няволя міне,

Прыйдзе шчасця пара залатая!

Памятаюць і шануюць свайго земляка на Гарадзеншчыне, ведаюць і любяць яго творчасць. Яго імем названы вуліцы ў Гародні і Скідзелі, народны літаратурна-краязнаўчы музей у Скідзельскім сельскагаспадарчым ліцэі. У музеі ў вёсцы Мількаўшчыне ў раздзеле экспазіцыі "Гарадзеншчына літаратурная" размешчаны матэрыялы пра жыццёвы і творчы шлях паэта.

Пры ўездзе ў вёску Баброўня ў лістападзе 2012 года намаганнямі мясцовых уладаў, калектыва Скідзельскага сельскагаспадарчага ліцэя і мясцовых краязнаўцаў быў устаноўлены памятны камень-валун у гонар землякоў - змагароў за нацыянальнае адраджэнне і паэтаў Міхася Васілька і яго дзядзькі Макара Краўцова.

З нагоды 115-х угодкаў з дня народзінаў Міхася Васілька сябры Скідзельскай суполкі Таварыства беларускай мовы наведалі яго малую радзіму вёску Баброўню. Адразу ж былі зачараваны незвычайнай прыгажосцю гэтага месца: недалёка восеньскі таямнічы лес, прыгожы і яшчэ нават зялёны лужок, а побач - рака Котра, адметная і непаўторная ў любую пару года.

Налюбаваўшыся цудоўнымі краявідамі, мы заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол памятнага знака, якая займае даволі вялікую прастору. Спачатку прыбралі высокі травяны сухастой, пачысцілі цэнтральную дарожку і да ўжо падросшых елачак, хвоек, дубкоў і ліпак пасадзілі невялікія каштаны. Саджанцы са свайго гадавальніка прапанаваў былы старшыня Скідзельскага гарсавета Аляксандр Лазовік. За гэта мы яму вельмі ўдзячныя.

Да каменя-валуна ўсклалі кветкі і запалілі знічы. А потым гучалі цудоўныя вершы нашага славутага земляка. Асабліва ўразіў усіх прысутных аповед Галіны Самойлы - гарадзенскай паэткі, пляменніцы Міхася Васілька, якая родам з суседняй вёскі Бандары. Яе маці, Фаіна Самойла, была стрыечнай сястрой паэта і падтрымлівала з ім сувязь на працягу жыцця.

На развітанне прайшліся праз усю вёску Баброўня (налічылі 15 дамоў). Не мінулі месца, дзе раней была сядзіба Міхася Васілька. Ад хаты застаўся толькі падмурак, побач растуць магутныя дубы і ліпы, магчыма, пасаджаныя самім паэтам.

Міхась Васілёк пакінуў нам невялікую літаратурную спадчыну. Але яго паэзія, шчырая, палымяная, з'явілася значным унёскам у беларускую літаратуру. Яна знаходзіла і знаходзіць шырокі адгалосак у сэрцах шматлікіх чытачоў і служыць прыкладам самаахвярнага і бескарыснага служэння Айчыне і народу.

Сябры Скідзельскай суполкі ТБМ.

Астраном Сяргей Блажко

Гісторыя Магілёўшчыны

Нядаўна мне пашчасціла пабываць у самым усходнім гарадку нашай краіны Хоцімску. Нягледзячы на тое, што Хоцімск-Радзівілаў - зусім невялікі раённы цэнтр нават па маштабах Беларусі, але там маюцца аж два краязнаўчыя музеі. Адзін, раённы краязнаўчы знаходзіцца ў старажытным двухпавярховым дарэвалюцыйным будынку па вуліцы Пралетарскай. А другі краязнаўчы музей знайшоў свой прыстанак у сярэдняй школе № 1 каля Траецкай царквы. У школьным музеі ёсць досыць шмат каштоўных экспанатаў: каменныя сякеры, нумізматычная калекцыя, дакументы і прылады сялянскага побыту… Але, бадай, самымі незвычайнымі рарытэтамі з'яўляюцца ўласныя рэчы вядомага навукоўца і даследчыка, нашага земляка Сяргея Мікалаевіча Блажко.

Сяргей Блажко нарадзіўся 5 лістапада 1870 года ў купецкай сям'і. Вучыўся ў Хоцімску ў народнай вучэльні. А затым скончыў Смаленскую гімназію. Працягваў сваю адукацыю ў Маскоўскім універсітэце. Працаваў асістэнтам і астраномам-назіральнікам Маскоўскай абсерваторыі. Выкладаў курс практычнай астраноміі ў Маскоўскім універсітэце. З 1910 года становіцца прыват-дацэнтам кафедры астраноміі і геадэзіі пры Маскоўскім універсітэце. А з 1918 года С. Блажко становіцца прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта і быў прызначаны дырэктарам Маскоўскай абсерваторыі. Сяргей Мікалаевіч вядомы таксама ў навуковым асяроддзі, як выдатны вынаходнік. Ён даследаваў пабудову метэарытаў і першы ў свеце выявіў змены перыядаў і формы бляску пераменных зорак, якія атрымалі назву "эфекта Блажко". Таксама распрацаваў новы метад фатаграфавання малых планет і зрабіў для гэтага некалькі ўласных прыладаў. У 1929 годзе С. Блажко быў абраны член-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. Вялікі ўклад Сяргея Мікалаевіча і як педагога. Ім напісаны некалькі падручнікаў, якія і дагэтуль застаюцца актуальнымі: "Курс практычнай астраноміі", "Курс агульнай астраноміі", "Курс сферычнай астраноміі". Дасягненні С. Блажко былі высока ацэнены дзяржавай і ён быў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пайшоў з жыцця наш знакаміты зямляк 11 лютага 1956 года і пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках.

У школьным музеі захаваліся працоўныя нататнікі Сяргея Мікалаевіча, падручнікі і сакваяж. Нататнікі вельмі цікава пагартаць. Там вы пабачыце прыгожыя малюнкі і загадкавыя вершы. Нейкім дзівам у Хоцімску на вуліцы Камсамолькай недалёка ад школы захавалася і драўляная хата, дзе калісьці нарадзіўся вядомы астраном. Так што, калі завітаеце ў Хоцімск, то не прамініце школьны краязнаўчы музей.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. Фота. 1. Каля хаты С. Блажко. 2. Фота навукоўца. 3. Падручнік па астраноміі.

Алег Трусаў прэзентаваў сваё новае выданне ў "Акадэмкнізе"

Як і з чаго ставілі манументальныя будынкі нашыя продкі? Археолаг, гісторык Алег Трусаў прэзентаваў у сталічнай "Акадэм-кнізе" сваю новую кнігу-даследаванне, прысвечаную эвалюцыі будаўнічых матэрыялаў і канструкцый на працягу ХІ-ХVIII стагоддзяў.

- Калі я пісаў свае кнігі, я стараўся вярнуць нашу старадаўнюю беларускую тэрміналогію, бо будаўнічыя матэрыялы і тэрміналогія, як неба і зямля адрозніваліся ад расейскіх. Там сёння ўплывы Залатой арды, пра гэта доўга можна расказваць. Дарэчы, цэглу расейцы навучыліся вырабляць, дзякуючы італьянцам, якія будавалі Крэмль у канцы ХV стагоддзя. Але, калі нашы майстры ў форму гліну забівалі рукой, то ў Расіі забівалі нагой.

Мураванае манументальнае будаўніцтва на тэрыторыі Беларусі распачалося ў ХІ стагоддзі ў візантыйскай традыцыі. Аднак, ужо ў ХІV стагоддзі нашы продкі пераймаюць заходнееўрапейскія тэхналогіі і тэрміналогію.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск.

Змітрок Бядуля лёг у родную зямлю

У цяжкую ваенную восень 1941 года Змітрок Бядуля разам са сваёй сям'ёй вымушаны быў накіравацца ў эвакуацыю ў Ташкент. Па ўспамінах відавочцаў, на станцыі Сямігаловы Арол пісьменнік выйшаў з цягніка, каб паспрабаваць абмяняць рэчы на ежу. Неўзабаве прагучаў гудок, які абвяшчаў аб адпраўленні цягніка. Усе, каб не спазніцца, кінуліся да сваіх вагонаў... Пабег і Бядуля, немалады ўжо чалавек. Паспеў. Але праз некалькі хвілін яго не стала. Не вытрымала сэрца. Здарылася гэта 3 лістапада. На станцыі Уральск сям'я Бядулі вымушана была сысці з цягніка. Там, ва Уральску (паўночны захад Казахстана), класіка беларускай літаратуры і пахавалі. Пасля вайны сям'я вярнулася ў Менск і на працягу доўгага часу неаднаразова ўздымала пытанне аб вяртанні парэшткаў Змітрака Бядулі на Радзіму. І вось 3 лістапада 2020 года, нарэшце, адбылося ўрачыстае перапахаванне пісьменніка ў роднай зямлі.

Перапахаванне пісьменніка стала магчымым дзякуючы фонду імя Марыі-Магдалены Радзівіл, які вядомы некалькімі паспяхова рэалізаванымі праектамі (адзін з апошніх - усталяванне помніка беларускаму пісьменніку Яну Баршчэўскаму ва ўкраінскім горадзе Чуднаў).

Менавіта прадстаўнікі фонду згодна з просьбай Яфіма Плаўніка, сына Змітрака Бядулі, узяліся за гэтую няпростую справу, за якую раней браліся многія, але, на жаль, ніхто не змог давесці да лагічнага завяршэння.

Апошнюю грамадскую ініцыятыву падтрымалі розныя ўстановы і арганізацыі як беларускія, так і замежныя. Па словах кіраўніка фонду Аляксандра Сапегі, для многіх устаноў Казахстана, у якія давялося звяртацца, гэта пытанне было, скажам так, новым. Таму яны ўвесь час перанакіроўвалі прадстаўнікоў фонду то да адной інстанцыі, то да іншай. Але, урэшце рэшт, атрымаўшы ўсе дазволы, паспяхова правёўшы эксгумацыю, самалётам расійскай кампаніі парэшткі пісьменніка, разам з надмагільнай плітой, былі перавезены ў Беларусь. Адбылося тое 26 лютага 2020 года.

Перапахаванне Змітрака Бядулі адбывалася на дзяржаўным узроўні.

Цырымонія развітання прайшла ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры - "Беларускай хатцы", на вуліцы Рабкораўскай. Месца было абрана невыпадкова, бо менавіта ў гэтым драўляным дамку 1904 года пабудовы, доўгі час жыў Змітрок Бядуля.

Пахавалі Змітрака Бядулю на Усходніх могілках.

Паводле "Культуры".

У Берліне з'явілася альтэрнатыўнае пасольства Беларусі. Хто за ім стаіць?

Навіны Германіі

Беларускія актывісты, якія жывуць у Берліне, арганізавалі насупраць афіцыйнага пасольства Беларусі альтэрнатыўнае - у драўляным вагончыку з бела-чырвона-белым сцягам. Як яно з'явілася і чым займаецца - у рэпартажы DW.

Праз дарогу ад будынка беларускага пасольства ў Берліне стаіць драўляны вагончык з прымацаваным да яго шасцімятровым флагштокам, на якім развіваецца бела-чырвона-белы сцяг - знак пратэстаў у Беларусі. Беларускія актывісты, якія жывуць у Берліне, завуць гэтую хатку-прычэп са светлых дошак з плоскім дахам і рассоўнымі зашклёнымі дзвярамі альтэрнатыўным пасольствам вольнай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Германіі. За няпоўныя два месяца яны правялі тут больш за сорак акцый салідарнасці з пратэстуючымі аднадумцамі на радзіме.

Вагончык знайшоўся па шчаслівай выпадковасці

Альтэрнатыўнае пасольства з'явілася, дзякуючы шчаслівай выпадковасці і ініцыятыве аднаго з суарганізатараў акцый пратэсту Тараса Сякеркі. Усмешлівы берлінец родам з Гомеля распавядае, што падчас прэзідэнцкіх выбараў на радзіме і пасля іх ён доўгі час правёў у Беларусі, галасаваў, потым удзельнічаў у дэманстрацыях і вярнуўся ў Берлін "зараджаны нашай беларускай атмасферай". Актывісцкую дзейнасць ён працягнуў у Германіі і спачатку кожны дзень стаяў па некалькі гадзін у пікеце перад уваходам у пасольства. На плакаце ў яго было напісана па-нямецку "Сігналь за волю Беларусі".

Пра не самы відавочны выбар месца для акцый, якое знаходзіцца далёка ад цэнтра і ажыўленых вуліц, побач з Трэптаў-паркам, Тарас кажа:

- Тут аднабаковая трохпалосная праезная частка, і мой плакат убачыла вялікая колькасць кіроўцаў. Яны былі не знаёмыя з ужо звыклай беларусам формай пратэсту, але заўважылі надпіс, прачыталі і, ізноў праязджаючы міма, сапраўды, сталі ўсё часцей сігналіць.

Аднойчы падчас чарговага адзіночнага пікету да актывіста падышоў малады хлопец. Ён выказаў словы падтрымкі і сказаў, што яму належыць вагончык, ужо паўгода прыпаркаваны насупраць беларускага пасольства. У Тараса маментальна нарадзілася ідэя папрасіць дазволу на выкарыстанне вагончыка. Яго гаспадар пагадзіўся.

Цяпер вагончык упрыгожваюць самаробныя плакаты, улёткі з інфармацыяй на розных мовах, фатаграфіі, якія сведчаць пра гвалт сілавікоў супраць беларусаў, а таксама аб'явы з дадзенымі фондаў, што збіраюць грошы для сем'яў бастуючых і пацярпелых. Усярэдзіне хаткі захоўваюцца расцяжкі і сцягі, якія актывісты выкарыстоўваюць падчас акцый пратэсту.

Афіцыйнае пасольства Беларусі не рэагуе

Актывісты кажуць, што ніякай прыкметнай рэакцыі з боку афіцыйнага пасольства на такое суседства дагэтуль няма - ні пазітыўнай, ні негатыўнай. Але арганізатары альтэрнатыўнага пасольства не выключаюць, што беларускія спецслужбы спрабуюць выгнаць іх адтуль: пасля таго, як вагончык стаў інфармацыйным цэнтрам беларускай дыяспары, ім раптам зацікавіліся "ананімныя кліенты з інтэрнэту" і некаторы час настойліва спрабавалі арандаваць яго ва ўладальніка.

На адным з плакатаў на сцяне вагончыка прымацавана фатаграфія цяперашняга амбасадара Рэспублікі Беларусь у Германіі Дзяніса Сідарэнкі з надпісам: "Звольнены". Актывісты незадаволены тым, што ён і яго калегі дагэтуль захоўваюць маўчанне, якое можна прыняць за лаяльнасць да дыктатарскага рэжыму. Па словах адной з удзельніц акцый Веранікі Кругловой, актывісты "хацелі б, каб супрацоўнікі афіцыйнага пасольства нашай краіны ў Германіі перайшлі на бок народа, выказалі сваю падтрымку, як гэта зрабіў, напрыклад, найгодны чалавек - амбасадар Беларусі ў Аргентыне".

Альтэрнатыўнае пасольства адкрыта штодня. На пытанне, ці будзе яно, напрыклад, у якасці мастацкай акцыі выдаваць альтэрнатыўныя візы і пашпарты, Тарас Сякерка падморгвае:

- Ды мы яшчэ і вяселлі будзем праводзіць!

DW. nv.online.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на першае паўгоддзе 2021 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 59. Цана змянілася нязначна. У 2021 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце.

Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

БЕЛАРУСКІ ПАНТЭОН

Балады крыві і любові. Частка ІІ

Віктар Шніп

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

БАЛАДА СЦЯПАНА ГАЎРУСЁВА (10.05.1931 - 12.03.1988)

Ты вырас пад гарматнымі стваламі,

І мераў час секундай, а не днём,

І вызначаў свой рост не пад сталамі -

Пад расчахлёнай пашчай, пад агнём.


Гады ляцелі, як над полем кулі,

І ты ішоў, і ты жыццё любіў,

Калі ў табе, нібыта пчолы ў вуллях,

Гудзелі вершы і ты мёд іх піў.


І слухалі цябе над полем зоры,

І вецер чуб твой, нібы дым, круціў.

Па лёне, як па беларускім моры,

Ты босы за русалкамі хадзіў.


І для цябе Паэзія краінай

Была, дзе вольна дыхаў ты і жыў.

Ты цалаваў бярозу, як дзяўчыну,

Калі сыходзіў ад сям'і ў дажджы.


А сёння Тут не бачыш ты нічога.

Сівы, сляпы і ўжо амаль глухі.

І прад табой апошняя дарога,

Як дым цыгаркі і палын сухі.


І верш твой недапісаны

ніколі

Ніхто ўжо не дапіша так, як ты.

І твой радок ляціць над родным полем

Няўлоўны, як пражытыя гады.

3.07.2020 г.

БАЛАДА ІВАНА ПТАШНІКАВА (7.10.1932 - 28.07.2016)

Рыхтуеш да друку чужое.

Яно, нібы сена сырое.

Ды трэба яго рыхтаваць.

За вокнамі - не сенажаць,

А чорны асфальт, як патэльня.

Цяпер бы паехаць у ельнік

І белых грыбоў пазбіраць,

І крыкнуць: "Абрыдла чытаць!"

І заўтра не выйсці на працу,

І дзень цэлы ў полі бадзяцца,

А потым пісаць і пісаць

Пра вецер, што праз сенажаць

Ляціць і за рэчкай знікае,

Дзе ў лесе каплічка старая…

Якія прыгожыя мары!

Над горадам сонца і хмары.

Рыхтуеш да друку чужое,

Нібыта сваё і жывое.

І хутка табе вольным стаць,

Ды толькі не зможаш пісаць.

І будзе папера, як снег,

І будзе табе сніцца бег

Аленя па снезе, дзе ты,

Нібыта алень малады…

3.07.2020 г.

БАЛАДА ГЕНАДЗЯ РАВІНСКАГА (15.07.1933 - 25.06.1999)

Вучняў сустракаючы на ганку школьным,

Кожнаму гаворыш ветла: "Добры дзень!"

На душы святочна, хоць і не спакойна

За дзяцей, якіх сцяжына павядзе

У жыццё дарослае, што заўтра будзе,

Як за святамі заўжды прыходзіць будзень.


Ты - дырэктар школы. Ты не спіш начамі,

І ў цябе збалела сэрца ўжо даўно.

Вечна кнігі, сшыткі ў кляксах прад вачамі,

Неба часта бачыш толькі праз вакно,

Дзе за лесам Іслач стронгаю віруе,

Дзе пяе салоўка і туман начуе.


І ты пішаш кнігу пра жыццё, Айчыну,

Для якой жывеш ты, як жылі дзяды.

І не стушыць вецер восенню рабіну,

Што садзіў калісьці побач школы ты,

Каб рабіна з небам размаўляла ясным

Па-над Шыкуцямі,

дзе ты быў век шчасным.

27.04.2020 г.

БАЛАДА ІВАНА ЧЫГРЫНАВА (21.12.1934-5.01.1996)

Зноў чуецца плач перапёлкі,

І ты больш не можаш заснуць.

Як кроў, з неба капаюць зоркі,

Праз ноч і праз сэрца лятуць.


Выходзіш на вуліцу. Лета

Туманам паўзе па лугах.

На лаўцы старая газета,

Нібыта падстрэлены птах.


Запаліш цыгарку і кінеш.

Здароўя няма, каб паліць.

Дастанеш пчалу з павуціння

Няхай зноў да кветак ляціць.


Рассыпала плач перапёлка,

І росы, як слёзы яе.

На сэрцы балюча і горка,

І волі табе не стае,


Каб тое рабіць, што жадаеш,

І тое пісаць, што ў душы.

І лета тваё ўжо знікае

І хутка пачнуцца дажджы.


І ведаеш ты, лёс-дарогу

Тваю ўжо цяпер не змяніць.

І нават калі б верыў Богу

Не стаў бы нічога прасіць.


Зацішыўся плач перапёлкі,

Ды толькі табе не заснуць.

Як кроў, з неба капаюць зоркі,

Праз ноч і праз сэрца лятуць.

1-2.07.2020 г.

БАЛАДА САКРАТА ЯНОВІЧА (4.09.1936 - 17.02.2013)

Даўно дарогі ўсе і ўсе сцяжынкі,

Дзе б ты не быў, вядуць дамоў у Крынкі,

У дом бацькоўскі, дзе цяпер - нікога,

Калі не бачыць кніг, не слухаць Бога.

І ты вярнуўся ў дом і стаў ён вілай

Усім, каго душа твая ўзлюбіла,

Хто беларускай мовы не забыўся

І правільным палякам не зрабіўся.

Ты выдаеш часопіс, пішаш прозу

І на жыццё тутэйшае цвяроза

Глядзіш і прызнаешся, што бывала

Грашыў і ты, ды толькі не знікала

Любоў да беларушчыны, да "Нівы",

Якой ты жыў, з якою быў шчаслівы.

А зараз ты адзін стаіш ля вілы,

Сябры паехалі, каб свет свой мілы

У вершах праслаўляць, чакаць сустрэчы.

Зноў холадна табе і снег на плечы

Ляціць, ляціць і болей не знікае.

І чуеш ты, як хтось цябе гукае

Знаёмым голасам, ледзь пазнаецца.

Ідзеш у снег і дом твой застаецца,

Як востраў, у бялюткім снежным моры.

Куды ідзеш? Нікому не гаворыш.

Але ўсе знаюць - да мяжы тут блізка,

А там, глядзіш, і дойдзеш ты да Мінска.

Ды ўсё ж дарогі ўсе і ўсе сцяжынкі,

Дзе б ты не быў, вядуць дамоў у Крынкі.

14.06.2020 г.

БАЛАДА ХВЕДАРА ЧЭРНІ (10.06.1939 - 16.03.1983)

"Валожынскія мы!"-гаворыш ты

І хлебам дзелішся і ўсім,

што ёсць да хлеба.

І землякі ўсе для цябе - браты

І сёстры, а інакш і жыць, ці трэба.

Ты вершы дапрацоўваеш сябрам,

Якім ахвота ў кніжках друкавацца.

Ужо свайго даўно не пішаш сам,

І вочы чыстых аркушаў баяцца.


Зноў кропелькай спакуснага віна

У веснім небе свеціць Мілавіца,

Якую бачыш ты штоноч з вакна,

Якой паэту кожнаму дзівіцца.


Сумуе без цябе акардэон,

І Вішнева без музыкі сумуе,

Якой ты жыў, калі быў маладзён,

Якая ў вершах, што стварыў, пульсуе.


І ты ўцякаеш ад сябе далей,

Чым поле, дзе цвітуць твае рамонкі.

І неба ўжо не робіцца святлей,

І кветкі, як парваныя старонкі.

8.06.2020 г.

БАЛАДА АНАТОЛЯ СЕРБАНТОВІЧА (13.05.1941 - 21.03.1970)

"Няма ні тут, ні там, за дымкай,

Няма ў дзвярах, няма ў вакне,

Няма мяне ў тваіх абдымках,

Няма мяне, няма мяне..."-


Ты шэпчаш верш, і паміраеш,

І ў гэтым свеце без сябе

Вясну й пярсцёнак пакідаеш

Дзяўчыне, што жыве ў журбе.


Світання сонечныя ніці

Не асвятляюць твой пакой.

І твой жаўрук ужо ў зеніце

І кнігаўкі галосяць над табой.


Ты дараваў тым нехарошым,

Што папрасілі запаліць,

І, атрымаўшы пачак грошай,

Цябе нагамі сталі біць.


Ты шэпчаш верш, нібы малітву,

І дыхаць робіцца лягчэй.

Ды востры боль халоднай брытвай

Зноў сэрца, і душу сячэ.


І толькі ўсё ж, пазней, з палёгкай

У сне, што прыйдзе незнарок,

Убачыш, як душа далёка

Да зор ляціць, як матылёк...

8.07.2020 г.


Закончылася 2-я частка "Пантэону..." Віктара Шніпа. Але не закончылася беларуская гісторыя. Таму мы чакаем ад спадара Віктара і іншых творцаў яскравых вобразаў нашых герояў старых і новых часоў, вобразаў, якія ёсць эскізамі да абразоў у Храме Беларусі.

Па дарогах жыцця паэта-брукара

Дому Таўлая - 10 гадоў

Нядаўна, на мерапрыемстве, прысвечаным 10-гадоваму юбілею Дома паэта Валянціна Таўлая ў Лідзе, адзначалася, што супрацоўнікі дома-музея зацікаўленыя і ў экспанатах і матэрыялах, звязаных з жыццём і дзейнасцю паэтаў-сяброў Валянціна Таўлая, сярод якіх - Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Герасім Прамень. І сёння, з дапамогай навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея, куратара Дома Таўлая Алеся Хітруна, мы спынімся на асобе "паэта-брукара" Петруся Граніта, раскажам аб матэрыялах з архіва паэта, не так даўно перададзеных у наш літаратурны музей.

"Гэта вялікая радасць для нас, лідскіх музейшчыкаў!"

- У жніўні мінулага года, - расказвае Алесь Хітрун, - я ездзіў у вёску Зачэпічы Дзятлаўскага раёна ў складзе дэлегацыі лідскіх паэтаў на штогадовае свята беларускай паэзіі, якое там праводзіцца. Гэтую вёску называюць "гняздом паэтаў", бо з яе выйшлі сябры і паплечнікі Валянціна Таўлая - заходнебеларускія паэты Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Герасім Прамень. Там я ў час свята і пазнаёміўся з унучкай Петруся Граніта - Людмілай Аляксандраўнай Яновіч, даведаўся, што ў яе захоўваецца архіў дзеда. Як аказалася, Людміла Аляксандраўна жыве ў Лідзе, прычым недалёка ад Дома Таўлая, у трынаццаціпавярховым інтэрнаце будтрэста. А недалёка ад Зачэпіч - у вёсцы Жукоўшчына - жыве ўнук Граніта, брат Людмілы Яновіч. Пазней Людміла Аляксандраўна прыйшла да мяне ў Дом Таўлая, прынесла папкі з рукапісамі, дакументамі, фотаздымкамі, якія датычацца яе вядомага дзеда. Падобныя архіўныя матэрыялы звычайна перадаюць у абласны або рэспубліканскі музей, і тое, што ўнучка Петруся Граніта згадзілася перадаць іх у наш Дом Таўлая, - вялікая радасць для нас, лідскіх музейшчыкаў.

Драўляная хата ў Вільні, цікавая для даследчыкаў

Беларускі паэт і педагог Пятрусь Граніт (сапраўдныя імя і прозвішча - Іван Івашэвіч) нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна (а на той час - Беліцкай воласці Лідскага павета) ў сялянскай сям'і. Яму рана давялося выконваць усю цяжкую работу па гаспадарцы, а вучыцца прыходзілася прыхваткамі. "За польскім часам" працаваў брукаром на сваёй малой радзіме. Яго нават называлі "паэт-брукар". Дарэчы, у Зачэпічах да сённяшняга дня захаваўся брук, некалі пакладзены ягонымі рукамі.

Ва ўмовах Заходняй Беларусі Пятрусь Граніт даволі рана ўключыўся ў падпольную дзейнасць, наведваў сходы Беларускай сялянска-рабочай грамады. Пад уплывам вызвольнага руху пачаў пісаць вершы. У 1930 годзе ўступіў у рады Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У снежні 1933 года прымаў удзел у нелегальным з'ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні. Сярод архіўных матэрыялаў, перададзеных унучкай Петруся Граніта ў Дом Таўлая, ёсць успаміны самаго паэта аб тым з'ездзе, якія змешчаны ў кнізе Уладзіміра Калесніка "Зорны спеў" (1975).

Паводле ўспамінаў, на з'ездзе прысутнічала больш за дзесяць чалавек, праходзіў ён у драўлянай хаце на два канцы. Гэта была хата Любы Асаевіч, будучай жонкі паэта Максіма Танка. Паэту запомнілася, што на сценах у той хаце было шмат фатаграфій і сярод іх - абраз з выявай нейкай святой, якую Граніт спачатку прыняў за фатаграфію вельмі прыгожай паненкі і па-вясковаму заўважыў камусьці з прысутных: "О, брат, глядзі ты, як гэтая во вырыхтавалася!" Гэтая фраза ўсіх рассмяшыла. Запомніўся таксама круглы стол, на ім - бутэлька гарэлкі, чаркі, талеркі (для канспірацыі). На гэтым з'ездзе Пятрусь Граніт упершыню сустрэўся з Валянцінам Таўлаем. Першае ўражанне яго аб Таўлаі: танклявы, падобны на хлопчыка (а Таўлаю тады было дзевятнаццаць гадоў), але гаварыў па-даросламу разважліва, часта ўстаўляў у сваё выступленне цытаты з Маякоўскага. Тады Граніт яшчэ не ведаў, што гэта выступае Таўлай.

- Дарэчы, што датычыцца гэтай драўлянай хаты, дзе праходзіў нелегальны з'езд, - адзначае Алесь Хітрун. - Ёсць меркаванне, што менавіта ў гэтай хаце пазней, у гады нямецкай акупацыі, жыла яўрэйка Кіра Брант - першая жонка Валянціна Таўлая. Яна жыла тут, па вуліцы Букавай, у цешчы Максіма Танка (аб гэтым Танк пісаў у сваім дзённіку за 1944 год) пад іншым прозвішчам і з падробленым пашпартам, хаваючыся ад немцаў. Гаспадыня хаты ўратавала Кіру ад смерці ў Віленскім гета, ілгала немцам, што гэта яе пазашлюбная дачка. Далейшая гісторыя Кіры, пасляваенная, невядомая, і мне, як даследчыку, хацелася б хоць трохі запоўніць гэты прабел.

Быў у яго і псеўданім Мацей Гвозд

Але вернемся да біяграфіі Петруся Граніта. У 30-я гады за рэвалюцыйную дзейнасць паэт-брукар, як і Валянцін Таўлай, неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, зведаў катаванні ў дэфензіве. У друку ўпершыню выступіў у 1933 годзе з вершам, надрукаваным у падпольнай "Беларускай газеце". Яшчэ адзін яго літаратурны псеўданім - Мацей Гвозд.

- Між іншым, даследуючы архіўную папку паэта, перададзеную Людмілай Яновіч, - гаворыць Алесь Хітрун, - я знайшоў у стосе рукапісаў аркуш, на якім алоўкам занатаваны верш пад гэтым жа псеўданімам. Гэта пакуль адзіны твор з такім подпісам, які патрапіў з асабістага архіва зачэпіцкага паэта. Бо, як вядома, Іван Івашэвіч часцей выкарыстоўваў псеўданім Пятрусь Граніт.

А яшчэ Алесь адзначыў, што пры "Беларускай газеце" - неафіцыйным друкаваным органе КПЗБ - выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Літаратурная старонка". Аднак першы нумар быў канфіскаваны польскімі ўладамі, а выпуск часопіса быў забаронены. Усё ж выдаўцы, ведаючы пра магчымасць канфіскацыі, частку накладу схавалі, і таму яна пазбегла знішчэння. Да падрыхтоўкі першага нумара часопіса "Літаратурная старонка" меў дачыненне Валянцін Таўлай, які, між іншым, быў і арганізатарам першай канферэнцыі пісьменнікаў Заходняй Беларусі. У архіве Дома Таўлая ёсць копія гэтага нумара.

- Але больш важным адкрыццём для мяне стала тое, - працягвае Алесь Хітрун, - што я знайшоў у стосе папер Петруся Граніта арыгінал "Дэкларацыі групы паэтаў да ўсіх пісьменнікаў Заходняй Беларусі" за подпісамі заходнебеларускіх пісьменнікаў, якія потым за яе падпісанне былі арыштаваны і пакараны турэмным зняволеннем. Гэты дакумент быў змешчаны ў "Літаратурнай старонцы".

У сваіх вершах 30-х гадоў Пятрусь Граніт выступаў супраць нацыянальнага прыгнёту ў Заходняй Беларусі, адлюстроўваў мары сялян, заклікаў заходнебеларускіх рабочых і сялян да ўз'яднання з БССР. У 1939 годзе падрыхтаваў да друку сваю першую кнігу паэзіі "Над хвалямі Нёмана", але кніга ў сувязі з вайной так і не выйшла.

Сустрэча з Купалам у лідскай сталоўцы

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР Пятрусь Граніт амаль два гады працаваў старшынёй Беліцкага сельсавета. У сакавіку 1940 года прысутнічаў на сустрэчы з Янкам Купалам у Лідзе (як вядома, Купала тады выбіраўся ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай-Слабадской выбарчай акрузе). Тады ж ён сустрэўся з песняром Беларусі ў неафіцыйнай абстаноўцы, аб чым праз шмат гадоў, у 1964 годзе, расказаў вядомаму літаратуразнаўцу Уладзіміру Калесніку. Апошні гэты аповед запісаў, ён увайшоў у кнігу "Зорны спеў", экзэмпляр якой ёсць у Доме Таўлая.

Кароткі змест яго наступны. Пятрусь Граніт разам з Валянцінам Таўлаем і Анатолем Іверсам пайшлі праведаць Купалу ў сталовую "Амерыканка", што знаходзілася на рагу вуліц Савецкай і Ленінскай. Купала сустрэў іх ветліва, запрасіў разам паабедаць, заказаў абед з чатырох страў з чаркай і півам. Маладыя паэты памкнуліся плаціць, але Купала іх прыпыніў: "Хлопцы, у мяне, можа быць, больш грошай". Усе трое тут жа, у сталоўцы, атрымалі ад народнага паэта падарункі на памяць. Петрусю Граніту дасталіся кнігі Купалы "Выбраныя паэмы" і асобнае выданне "Над ракой Арэсай". Чытаў Граніт Купалу і адзін са сваіх вершаў. Пясняр Беларусі запрасіў яго да сябе ў Менск, сказаў: "Там параімся і наконт зборніка". Купала зрабіў уражанне вельмі свойскага, душэўнага чалавека, з якім не адчуваеш розніцы ва ўзросце. "Падумаць толькі! - успамінаў Пятрусь Граніт. - Гэта ж народны паэт, а гаворыць, як бы быў сам вясковым простым чалавекам".

На думку Алеся Хітруна, рукапісы і машынапісы 30-х гадоў, якія перадала Людміла Яновіч, магчыма, бачыў сам Купала і, верагодна, трымаў іх у руках. Але адназначна чуў вершы з гэтых рукапісаў з вуснаў Граніта.

Заядлы грыбнік, рыбак, які любіў прыроду і дзяцей

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Пятрусь Граніт быў сувязным партызанскай брыгады "Барацьба" на Гарадзеншчыне, выступаў з вершамі ў партызанскім друку. Вершы яго таго часу адлюстроўваюць нянавісць да фашысцкіх акупантаў. Пасля вайны завочна скончыў Наваградскае педагагічнае вучылішча, працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў родных Зачэпічах.

Не раз сустракаўся з Гранітам лідскі паэт Уладзімір Васько, калі працаваў у дзятлаўскай раённай газеце, разам з ім быў у Менску ў гасцях у Максіма Танка (гэтыя сустрэчы апісаны ў аўтабіяграфічнай кнізе Уладзіміра Гаўрылавіча "Зігзагі лёсу").

"У вёсцы Зачэпічы, што на Дзятлаўшчыне, - пісаў Уладзімір Васько, - жыў Пятрусь Граніт (Іван Пятровіч Івашэвіч), саматужны паэт, як называў яго Уладзімір Калеснік. Ён працаваў дырэктарам пачатковай школы і часта прыязджаў у Дзятлава. Не прамінаў рэдакцыі. Прыносіў кожны раз лісткі з вучнёўскага сшытка альбо цэлы вучнёўскі сшытак з вершамі. Хацеў, каб я абавязкова прачытаў іх пры ім, што я і рабіў. Вершы паэта друкаваліся больш-менш рэгулярна. Іншы раз рукапісыправіліся. Ён на гэта даваў згоду. Кожны раз, развітваючыся, Іван Пятровіч запрашаў у госці… Сам Івашэвіч - заядлы грыбнік, рыбак. Жывучы пры лесе, ён добра ведаў у ім усе сцяжынкі, дарогі, пароды дрэў, назвы птушак, звяркоў, кветак, увогуле раслін. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў яго творах, у якіх адчуваецца сапраўдная чалавечая любоў да прыроды і дзяцей".

Памёр Пятрусь Граніт у 1980 годзе, пахаваны на могілках паблізу роднай вёскі.

У кніжцы паэта для дзяцей ёсць і верш, прысвечаны ўнучцы

Што перадала Дому Таўлая ўнучка Петруся Граніта? Па-першае, рукапісы і машынапісы яго вершаў, самыя раннія з якіх пазначаны 1933-1934 гадамі. У рукапісах сустракаецца шмат вершаў-прыпевак, вершаў для дзяцей (апошнія адносяцца да перыяду працы паэта ў пачатковай школе). Вядома, што Граніт як паэт рэгулярна друкаваўся ў дзятлаўскай раённай газеце "Перамога", дзясяткі яго вершаў "раскіданыя" па розных беларускіх выданнях. Незадоўга да смерці паэта выйшаў зборнік яго вершаў для дзяцей "Сцяжынка" (з рукапісаў вядомая чарнавая назва гэтага зборніка - "Па дарогах жыцця"). Прыгожа ілюстраваная кніжка "Сцяжынка" (а дакладней, яе частка) таксама перададзена Людмілай Аляксандраўнай Яновіч у Дом Таўлая. У гэтай кніжцы ёсць верш "Верабейчык", прысвечаны менавіта ўнучцы паэта. Дарэчы, слонімскі паэт, краязнавец і літаратуразнавец Сяргей Чыгрын паабяцаў перадаць Дому Таўлая поўны асобнік зборніка "Сцяжынка".

А вось сам верш "Верабейчык":

Верабейчык - ціў, ціў, ціў!

Пад страхой гняздзечка звіў.

Рада Люда, рад і я,

Што займелі вераб'я.


Скача ён, як па драбінках,

Па танюсенькіх галінках.

І спявае: - Чык-чырык -

У гняздзе я жыць прывык.


І казаў яшчэ ён Людзе,

Што ў гняздзе яечка будзе.

Люда кожны дзень і я

Даглядалі вераб'я.

Мы гнязда не разбуралі

І яечак не чапалі,

Тыдняў некалькі прайшло,

У гняздзечку загуло…


Крошкі мы малым насілі,

Мы іх мушкамі кармілі,

Ды праз тыдні тры ці болей

Вераб'і шугнулі ў поле.

Рада Люда, рад і я:

- Во якая ў іх сям'я!..

Да канца жыцця заставаўся простым селянінам

Што яшчэ можна адзначыць з перададзеных дому-музею матэрыялаў, якія датычацца Петруся Граніта? Напрыклад, пісьмо паэту ад Уладзіміра Калесніка, у якім літаратуразнавец паведамляе, што напісаў артыкул "Зачэпічы - гняздо паэтаў" у часопіс "Помнікі архітэктуры і гісторыі Беларусі", пісьмо ад рэдактара Гарадзенскага абласнога радыё Аляксея Дземідовіча, граматы, у тым ліку ад дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", ад лідскай раённай газеты "Сцяг працы", ад Лідскага раённага аддзела народнай адукацыі, выпіску з акта аб шлюбе з аднавяскоўкай Ганнай Тананушка, датаваную 16 ліпеня 1933 года, ваенны білет, каля дваццаці фотаздымкаў, праз якія раскрываецца асоба паэта-селяніна, які і будучы дырэктарам школы заставаўся ў першую чаргу простым селянінам, адкрытым для аднавяскоўцаў і блізкім ім па духу…

- У 2016 годзе ў Зачэпічах быў устаноўлены памятны валун у гонар трох паэтаў, - гаворыць у заканчэнне нашай сустрэчы Алесь Хітрун, - а ў 2017-м у Зачэпічах з'явілася вуліца Петруся Граніта. На гэтай вуліцы знаходзіцца дом, дзе ён жыў (зараз у гэтым доме ніхто не жыве), і, магчыма, там таксама захавалася штосьці з архіва паэта, што можа ў перспектыве папоўніць наш Дом Таўлая.

Аляксей КРУПОВІЧ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX