Вярнуцца: 2020

№ 48 (1511)


Дадана: 02-12-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 48 (1511), 2 снежня 2020 г.

Слуцкі збройны чын - 100

Сёлета адзначыць масава 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну не ўдалося. Каронавірус і "талерантныя хаджэнні па ўладу" зрабілі немагчымым атрымаць хоць які дазвол, ды і многіх актывістаў проста павысекла з шэрагаў.

Тым не менш, 27 лістапада, у Дзень Герояў, сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў з'ездзілі па мясцінах, звязаных з падзеямі Слуцкага збройнага чыну. Пабывалі ў Грозаве, дзе фармаваўся другі беларускі полк, неўзабаве былі ў Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, а ў Семежаве прымацавалі да мемарыяльнага крыжа памятны вянок "Беларускім паўстанцам - ад беларускіх пісьменнікаў".

У паездцы ўдзельнічалі старшыня і першы намеснік старшыні ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч, паэт і публіцыст Міхась Скобла, перакладчыца Сюзанна Паўкштэла, прэс-сакратар СБП Ціхан Чарнякевіч.

Лакальныя акцыі прайшлі і ў іншых мясцінах Беларусі і беларускага замежжа.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Багатае жніво творчасці, натхнённай Караткевічам

Фестываль-конкурс хрысціянскай творчасці "Каласы пад сярпом тваім", прысвечаны У. Караткевічу прайшоў 29 лістапада ў менскай евангельскай царкве "Святло Ісціны".

У праграме былі літаратурныя чытанні, спевы, гучалі вершы і ўрыўкі з паэмаў і раманаў пісьменніка, дэманстраваліся творы мастацтва, фатаграфіі.

На вечарыне выступілі выкладчык вакалу, арганізатар многіх фестываляў Аляксандр Віслаўскі, оперны спявак і служка евангельскай царквы Ілля Сільчукоў, Ала Скарабагатая, Сергій Мельянец, Святлана Тоўсцік, Павел і Алена Гормаш, Эла Дзвінская і іншыя.

Адзін з арганізатараў фестывалю Леанід Скарабагаты патлумачыў евангельскі сэнс назвы рамана пісьменніка "Каласы пад сярпом тваім" і распавёў пра тое, як цэнзары спрабавалі выкрасліць біблейскія цытаты з рамана, прымушалі перарабляць адзін з лепшых гістарычных твораў У. Караткевіча.

Вечарына была арганізавана беларускамоўнай царквой "Узнясенне" і супольнасцю шматдзетных бацькоў. На ёй прысутнічала шмат сем'яў з дзецьмі.

Мэтай фестывалю-конкурсу, які праводзіцца штогод у трох намінацыях (музыка, выяўленчае мастацтва, мультымедыйныя прэзентацыі) і ў сямі ўзроставых катэгорыях, пачынаючы з 2010 года, з'яўляецца падтрымка талентавітай моладзі з шматдзетных сямей. У лепшыя часы фестываль праводзіўся ў памяшканні Белдзярфілармоніі і меў вялікі фармат.

Прыгожыя, сімпатычныя, сяброўскія шматдзетныя бацькі Ала і Леанід Скарабагатыя не перастаюць здзіўляць сваімі талентамі! У канцэртнай праграме ўзялі ўдзел яны самі і іх дзеці - Вера, Марта, Аляксандра і Генрых.

А ўсяго ў сям'і - 9 дзяцей, і усе таленавітыя і музычна адораныя! Госці шчыра падзякавалі гэтай сям'і за арганізацыю і правядзенне фестывалю і душэўную вечарыну з гульнямі для дзяцей і шчодрым пачастункам.

Э. Оліна, фота аўтара.

СЛАНА НЕ ПРЫКМЕЦІЎ…

Не на карысць газеце, калі яна з нумара ў нумар публікуе спрэчку дзвюх асобаў. Але некалькі рэплік на "адказ заслужаным" А. Дзьячкова сказаць усё ж варта.

У сваім папярэднім лісце ("НС" 4.11) я пісаў аб праве А. Трусава, А. Анісім ды іншых грамадзян краіны патрабаваць ад прэтэндэнта на самую высокую дзяржаўную пасаду валодання тытульнай мовай гэтай краіны. З гэтага пачаў свой тэкст, гэтым і скончыў. Чакаў, што А. Дзьячкоў неяк закране гэтае пытанне. Але не дачакаўся. Галоўнае ў маім тэксце ён праігнараваў. Зусім па Крылову: слана не прыкмеціў.

Ён засяродзіўся на праве крытыкаваць. Цытую: "… крытыку ніхто не любіць, сказаць па шчырасці, я і сам яе не дужа люблю". Гэта мякка сказана. Крытыку Алег дужа не любіць і рэагуе на яе досыць агрэсіўна. Урэшце, каб не перашкаджаць яму сваімі крытычнымі заўвагамі, я перад апошнім з'ездам сышоў з гарадской рады. У версіі Алега: ён мяне "пасунуў".

Што ж тычыцца старшынства ў абласной арганізацыі, за якую я нібыта ўчапіўся "сінеючымі пальцамі", то варта патлумачыць. Гэтую пасаду я заняў два гады таму, змяніўшы Яраслава Клімуця, які па ўзросце і па стане здароўя ужо не мог цягнуць лямку. Заняў, хаця і мне ўжо хацелася на грамадскую пенсію, бо іншага прэтэндэнта на пасаду не было. Тады на канферэнцыі я сказаў, што буду займаць гэтую пасаду (больш намінальна) два гады, чакаючы, што за гэты час знойдзецца нехта маладзейшы і больш актыўны. Так што буду рады, калі і тут мяне нехта "пасуне". І тады мае пальцы прымуць іншае адценне.

Падумаў: навошта ён сказаў пра "сінеючыя пальцы"? Усе ведаюць, ад каго з'явіўся гэты вобраз. І параўноўваць мяне з тым суб'ектам - гэта нейкая абраза. Бяда Алега ў тым, што ён не адчувае мяжы паміж крытыкай і абразай.

Гэта не толькі ў дачыненні да мяне. Людзей старэйшага пакалення, якія здабылі незалежнасць нашай краіне і шмат чаго добрага зрабілі для яе (З. Пазьняка, А. Трусава, Л. Баршчэўскага ды іншых), крытыкаваць, канешне ж, можна. А калі-нікалі і варта. Але на першым месцы ў гэтай крытыцы павінна быць павага. Павага, якая дапаможа выбраць правільную форму, правільны тон крытыкі. А петушыныя наскокі, выказаныя агрэсіўна павышаным тонам ("Вы зганьбілі сябе!"), на мой погляд, недарэчныя.

І ўвогуле ў сваім тэксце я пісаў не пра Алега (ці Пятра, Сяргея, Івана), я там нават не згадваў яго прозвішча. Я пісаў пра пэўную частку сучасных маладых людзей, якія, не ведаючы, што рабілася напрыканцы 80-х, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, лічаць сябе першапраходцамі і грэбліва ставяцца да старэйшых.

А гэтая грэблівасць ад Алега аж тырчыць. Услухайцеся: "Мы пасунулі ў нашай арганізацыі заслужаных пенсіянераў і прэдпенсіянераў, якія "сінеючымі пальцамі" ўчапіліся і ўвесь час любілі ўваходзіць у раду, ездзіць на з'езды і засядаць у прэзідыумах". Пра сябе, "пасунутага", я ўжо напісаў. А каго яшчэ з пенсіянераў "пасунуў" Алег? Мне ўзгадваецца толькі адно прозвішча - Яраслаў Клімуць, які стварыў Магілёўскую філію ТБМ і, будучы дэканам філалагічнага факультэта, доўгі час ачольваў яе, шмат чаго зрабіўшы (пра што Алег, мабыць, нічога не ведае). Ён даўно прасіўся быць "пасунутым", але нікога не знаходзілася. Падрос А. Дзьячкоў, малады, актыўны, з пэўнымі ідэямі - і яго ахвотна пусцілі на тую пасаду. Сцяг яму ў рукі! Але ж чым Я. Клімуць заслужыў такую грэблівасць?

Тут варта яшчэ звярнуць увагу на гэтае "мы". Алег піша ад імя нейкай супольнасці, мяркую, ад імя рады. Няўжо іншыя сябры гарадской рады гэтак жа грэбліва ставяцца да нас, старэйшых?

А зараз А. Дзьячкоў бярэцца "пасоўваць" рэспубліканскае кіраўніцтва ТБМ. Пагражае гэтым, бач! Рыхтуйцеся, менчукі!

Міхась Булавацкі.

P.S. Калі спадар А. Дзьячкоў захоча мне нешта сказаць праз газету, мяркую, варта даць яму такую магчымасць. Але, што б ён там ні напісаў, адказваць праз

Валерый Петрыкевіч: "Уладзімір Караткевіч назваў мяне яцвяжска-ліцвінскім граком"

Цікавы чалавек жыве ў Дзятлаве на Гарадзеншчыне. Гэта Валерый Петрыкевіч - сын заснавальніка Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, аднаго з заснавальнікаў школьнага музея Валеўскай сярэдняй школы на Наваградчыне, заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўца Міхася Петрыкевіча (1913-1999).

Валерый Петрыкевіч нарадзіўся ў Любчы. У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. Працаваў настаўнікам фізкультуры ў Карэліцкім, Наваградскім, Дзятлаўскім раёнах. Восем гадоў узначальваў Дзятлаўскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. Нягледзячы на свой сталы ўзрост і праблемы са здароўем, ён актыўна жыве грамадскім жыццём і сёння, узначальвае Дзятлаўскую раённую арганізацыю ТБМ, прымае ўдзел у розных мерапрыемствах, сустрэчах, нават у спартыўных мерапрыемствах. А яшчэ ён цудоўны суразмоўца, які шмат дзе пабываў і не раз сустракаўся з цікавымі людзьмі. Тым больш, што бацька яго ў свой час сябраваў з многімі вядомымі асобамі Беларусі, але найбольш - з пісьменнікамі. Сябрамі бацькі Валерыя Петрыкевіча былі Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган і вядома ж… Уладзімір Караткевіч. Падчас адной з такіх сустрэч, з дазволу спадара Валерыя, я ўключыў дыктафон, каб запісаць тое, што ён любіў прыгадваць.

- Застаўся ў памяці прыезд у Валеўку надвячоркам аднаго з апошніх чэрвенскіх дзён 1963 года Уладзіміра Калесніка і Янкі Брыля і трэцяга з імі, - пачаў распавядаць Валерый Петрыкевіч. - Ён быў значна маладзейшы за ўсіх, круглатвары, у караткаватых на мой погляд, шырокіх і, трохі памятых за дарогу, портках. На першы погляд дабрадушны "прастак". Калі Янка Брыль знаёміў яго з бацькам і назваў Караткевічам, то мне, чамусьці, падумалася, што гэта яго псеўданім, бо ён носіць кароткія порткі. Не ведаў я тады, што гэта адзін з самых таленавітых беларускіх пісьменнікаў, які хутка заваюе вялікую папулярнасць і любоў чытачоў, шмат зробіць для вяртання гістарычнай памяці свайму народу. Прыезджыя былі адчувальна здарожаныя і вельмі ўсхваляваныя. На беразе нашай рачулкі сілкаваліся на разасланай дзяружцы. На гэты раз без вогнішча. Вялі размову-спрэчку пра Ларысу і Янку з Зэльвы, скуль яны і прыехалі. Ларыса ўсімі суразмоўцамі характарызавалася вельмі станоўча. А вось пра свайго цёзку Янку, Брыль адклікаўся адмоўна і зусім не хацеў яго ўспамінаць. Уладзімір Калеснік, як мне падалося, трымаў "нейтралітэт". А Уладзімір Караткевіч стараўся апраўдаць зэльвенца, матывуючы яго паводзіны пры іх сустрэчы цяжкім мінулым. Пазней бацька мне распавёў пра Ларысу Геніюш і яе мужа Янку, пра іх лёс і пра тое, як яны апынуліся ў Зэльве, а вось пра сэнс той спрэчкі - ані слова, маўляў, табе гэта не патрэбна. Я і сёння не ведаю. Толькі здагадваюся. Але дагадкі ёсць дагадкі. Якраз, напярэдадні гэтых падзей, я прачытаў у нейкім, не памятаю ўжо, расейскім часопісе, перададзеным бацьку стрыечным братам з Наваградка, Раманам Лецкам, аповесць Салжаніцына "Адзін дзень Івана Дзянісавіча". І мне, чамусьці завочна, спадабаліся зэльвенскія Ларыса і Янка, якія, як і Раман Лецка, і сотні тысяч іншых беларусаў, зведалі ўсе пакуты сталінскіх лагераў.

- А ці гасцяваў у Вас яшчэ Уладзімір Караткевіч?

- У 1964 годзе Янка Брыль, Уладзімір Калеснік і Уладзімір Караткевіч зноў завіталі ў нашу вёску Валеўка, здаецца, у ліпені. Бацька быў у суседніх Мірацічах, дзе загадваў летнікам для дзяцей Карэліцкага раёна. Маці таксама адсутнічала. Госці, чакаючы бацькоў, на вуліцы каля хаты доўга размаўлялі з намі, дзецьмі. Пазней Уладзімір Калеснік гэты дыялог са мной апісаў у нарысе "Партрэт друга". Уладзіміра Караткевіча вельмі цікавіла Валеўская 300-гадовая драўляная царква. Я адразу пра яе выклаў яму ўсе свае веды. Пра святара Міхаіла Лінніка, пра яго дзяцей - нашых аднагодкаў, пра святкаванне Вялікадня з усяночнай, пра традыцыю апоўдні назаўтра збірацца амаль усёй дзятве, ды і вясковым дзецюкам на "бойку" яйкамі, пра фэст на Пятра і Паўла, пра тое, што раней гэта быў касцёл, у якім шмат разоў бываў Адам Міцкевіч. Настрой Уладзіміра Сямёнавіча быў выдатны. Яму, напэўна, спадабаўся і мой аповед. Развітваючыся, ён паабяцаў яшчэ раз наведаць Валеўку. Гэта сталася, калі мы ўжо перабраліся ў Дзятлава. Знаёмыя валяўчане казалі, што амаль цэлы дзень пісьменнік правёў у царкве, разглядаў абразы, чытаў царкоўныя кнігі і запісы. Не магу сцвярджаць, але хутчэй за ўсё гэта ён вызначыў, што некалькі абразоў былі напісаны Васняцовым ці мастакамі яго школы. У канцы ХХ стагоддзя нейкія злыдні-рабаўнікі з Менска выкралі іх. У гэты ж дзень, пазней, мне давялося яшчэ раз спаткацца з гэтымі волатамі беларускай літаратуры. Адвячоркам на ровары я паехаў па завядзёнцы пакупацца на Свіцязь. Шаноўная "кампанія" знайшла майго бацьку і, зрабіўшы падарожжа ў Плужыны, Варончу, Туганавічы і Карчова, ды ўдоваль паблукаўшы па сцежках Адама Міцкевіча і Яна Чачота, з асалодай выкупаўшыся ў асвяжаючагаючай вадзе Свіцязі, вячэрала пры невялікім вогнішчы. Уладзімір Караткевіч нават прапанаваў мне ці то ўсур'ёз, ці дзеля "этыкету" чарку. Вядома ж, я адмовіўся, бо не ўжываў спіртнога і нават не марыў аб гэтым. Вельмі хацелася стаць "вялікім" спартсменам. А вось кавалак сала з'еў, ды з асалодай асушыўшы шклянку ліманаду, паехаў дахаты. Бо вечарам было прызначана спатканне з дзяўчынай. На развітанне Уладзімір Караткевіч, моцна ціснучы маю руку, назваў мяне яцвяжска-ліцвінскім граком і пажадаў высокага палёту.

- А чаму граком, ды яшчэ яцвяжска-літвінскім?

- Напэўна таму, што я быў чарнявы і з карымі вачыма. А вось пра яцвяжска-ліцвінскага хацеў спытаць у яго - ды не хапіла смеласці. А сёння - няма магчымасці. (Відаць, Караткевіч ужо тады ведаў, што ўсе яцвягі былі чарнявыя і што ліцвіны - тыя ж яцвягі, рэд.)

- А ці чыталі Вы што з твораў Уладзіміра Караткевіча да сустрэчы з ім?

- На вялікі жаль да сустрэчы з гэтым самабытным чалавекам, з таленавітым пісьменнікам, я нічога не чытаў з яго твораў. Гэта значна пазней яго творы "Дзікае паляванне караля Стаха", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Зямля пад белымі крыламі" былі з цікавасцю прачытаныя мною. А апошні твор увогуле стаў настольнай кнігай. З такім замілаваннем Уладзімір Караткевіч апісвае ў ёй родныя мае мясціны - Валеўку, Варончу, Свіцязь, Наваградчыну ў цэлым, ды і іншыя запаветныя куточкі нашай Беларусі, традыцыі народа, любімыя стравы, абрады, што кожны раз, калі я адкрываю яе, у памяці паўстае вобраз вялікага мастака слова, вясёлага і шчырага чалавека.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя Фота з архіва аўтара. На здымках: 1. Валерый Петрыкевіч; 2. Янка Брыль, Георгй Вылчаў і Міхась Петрыкевіч на Свіцязі, 1964 г. 3. На сустрэчы ў Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна. Справа налева: Міхась Петрыкевіч, Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч, 1960-я гады.

Старажытная вёска ў Быхаўскім раёне

Гісторыя Магілёўшчыны

Балонаўка - вёсачка на беразе аднайменнае ракі, левага прытока Друці. Назва гэтая паходзіць ад славянскага "балонь", што азначае "заліўны луг", "нізкі, заліваны вадой бераг ракі", бо і сапраўды па-над берагамі рачулкі ляжыць багата сенажацяў, лучак. Сярод "сваякоў" па этымалогіі - Абалонь, гістарычная мясцовасць на поўначы Кіева, у гонар якой названы і вядомы ўкраінскі бровар "Оболонь".

Людзям гэтая мясцовасць палюбілася даўно: на поўнач ад вёскі знаходзіцца селішча і стаянка каменнага веку і ранняга сярэднявечча, а на паўднёвы ўсход - курганныя могільнікі X-XIII стагоддзяў.

Цікава, што пры першай пісьмовай згадцы ўжыта менавіта форма Абалонаўка. Было тое ў 1731 годзе. У тыя часы навакольныя землі належалі да фальварка Лубянка, уласнасці Быхаўскага кляштара рэгулярных канонікаў латэранскіх, але трохі на поўнач праходзіла мяжа з Быхаўскім графствам, якім у той час валодаў вялікі стольнік літоўскі Ежы-Станіслаў Сапега. Паміж сялянамі памежных сёл у тыя часы амаль бесперапынна адбываліся канфлікты з-за зямлі, якая была для сялян найгалаўнейшай каштоўнасцю: скашваліся спрэчныя лугі, вытоптваліся палеткі, пераносіліся гранічныя капцы, адбываліся ўзброеныя напады аж да выпадкаў забойства.

Нешта падобнае адбылося і тады, у 1731 г.: сяляне вёскі Залатва, што ўваходзіла ў склад Быхаўскага графства, захапілі млын Абалонаўка. Кляштарныя падданыя з сяла Лубянка лічылі, аднак, млын сваім, сабралі вялізны натоўп, узброены стрэльбамі, віламі, цапамі, рагацінамі, пешнямі, напалі на млын, раскапалі грэблю, спусцілі возера і вылавілі ў ім ўсю рыбу. На месца гвалту прыбылі пробашч быхаўскага касцёла ксёндз Гдоўскі, аканом фальварка Лубянка пан Ян Крымоўскі і святар з Гарадца Пракоп Аніскевіч. Нягледзячы на іхнюю прысутнасць, лубянкаўцы скалечылі палкамі залатвянца Гаўрылу Кусаку і пана Клявуса, што трымаў у пажыццёвай арэндзе зямлю ў Залатве, а лубяніцкі шляхціц Галецкі ляснуў Кусаку шабляй, ад чаго той ледзь не сканаў.

Наступная згадка Балонаўкі - у 1757 годзе, калі арандатар фальварка Цвёрдаў Антоні Сасіновіч скардзіўся ў суд на тое, што лубянкаўскія сяляне, сярод іншых шкодаў, захапілі ягоных гусей, што мірна сабе гадаваліся дзеля разводу, тлусцелі на возеры ў балонаўскага мельніка.

Першае вядомае балонаўскае прозвішча - Стрыжэўскія: Зміцер Стрыжэўскі згадваецца ў 1750-ыя гг. У 1773, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі мяжа прайшла па рацэ Друць, у судовых дакументах згадваецца Лукаш Янавіч Стрыжэўскі, які збег з маткай і сялянамі з іншых вёсак "у Польшчу" - у Доўгую, якая ўваходзіла ў склад каралеўскага Любашанскага староства (цяпер вёска Доўгае Клічаўскага раёна): уладальнікі - быхаўскія манахі - патрабавалі ад тагачаснага любашанскага старосты, вялікага пісара літоўскага Людвіка Тышкевіча, вярнуць уцекачоў. Трэба сказаць, што праз новаствораную мяжу бегалі ў тыя часы сяляне масава, прычым у абодва бакі: збеглыя зазвычай атрымлівалі ад новага пана вызваленую ад падаткаў на 12 год зямлю (т. зв. "слабаду"). Акрамя таго, з Расійскай Імперыі ў Рэч Паспалітую маладыя хлопцы беглі ад рэкрутчыны, якой не было ў нашай гістарычнай дзяржаве, як і ў выпадку Лукаша.

Патрабаванне ксяндзоў засталося без увагі: Лукаш Стрыжэўскі застаўся ў Доўгай прымаком у сям'і Дайнекаў, узяў цесцева прозвішча, мусіць, дзесь ягоныя нашчадкі жывуць і дасюль.

Аднак, відаць, род быў вялікі: Стрыжэўскія з Балонаўкі не зніклі. Упэўнены, што менавіта яны былі тымі "балонаўскімі мельнікамі", якія згадваюцца ў архіўных дакументах. Прынамсі, у народнай памяці засталася легенда пра нейкага Карпу Стрыжэўскага, які, паводле адной версіі, быў запрошаны ксяндзамі "з Польшчы" як майстар для пераабсталявання ставу на млыне, паводле другой быў сірата са шляхты, чый бацька загінуў у войску, а маці рана памерла, гадаваўся ў быхаўскіх мніхаў, а калі ён вырас, то канонікі далі яму зямлю на месцы цяперашняй Балонаўкі, што лічылася засценкам. Засценак - гэта тып сельскага паселішча, што ўзнік на Беларусі ў сярэдзіне XVI ст. у выніку правядзення так званай валочнай памеры. Паводле "Уставы на валокі" 1557 года ворныя землі маёнткаў падзяляліся на 3 часткі, кожная з якіх мела свае межы ("сценкі"). Землі, што заставаліся па-за гэтымі межамі, называліся засценкам; іх арандавала дробная шляхта (адсюль тэрмін "засцянковая шляхта") і часткова заможныя сяляне. Засценкам называлася і паселішча на гэтых землях. Першапачаткова ў засценках былі 1- 4 двары. Тое ж самае было Балонаўцы: 3 двары адзначана ў 1797 г., 4 двары фіксуецца ў паселішчы ва ўсіх інвентарах пачатку XIX ст.

Але вернемся да Стрыжэўскіх: па ўсім відаць, яны і праўда былі ці то збяднелымі шляхціцамі, ці то заможнымі сялянамі, бо актыўна звязвалі сябе матрыманіяльнымі вузамі з навакольнай шляхтай: Аношкамі з Паплаўшчыны, Каранкевічамі з Мокрага, Цехановічамі з Радамыслі, што знаходзілася значна ніжэй па Друці (цяпер вёска Слабада Рагачоўскага раёна).

Дзесь у 1815 г. чарговы балонаўскі мельнік - Тодар Янавіч Стрыжэўскі - узяў сабе прымака - збяднелага зямяніна Мікалая Маркоўскага з Глух, які, як казалі старыя людзі, спачатку быў у яго проста парабкам.

Трэцяй спракаветнай сям'ёй у Балонаўцы былі Палавіковы. Старыя людзі казалі, што яны калісьці былі запрошаныя Стрыжакамі (так клікалі Стрыжэўскіх) сюды як майстры на нанова пабудаванай сукнавальні і медзеплавільні. Пазней ужо да палавікоўскіх дачок прыйшлі ў прымы ў 2-й палове ХІХ ст. збяднелы шляхціц Прахор Гейсцер і жыхар сяла Мокрае Гаўрыла Фіткевіч.

Ніжэй хацелася б спыніцца падрабязней на гісторыі роду Стрыжэўскіх.

Акрамя дачкі Насты, з якой ажаніўся Мікалай, у Тодара Стрыжэўскага быў яшчэ і сын Тодар, які працягнуў бацькаву справу: таксама стаў мельнікам, лічыўся самым багатым гаспадаром наваколля, уласна, як і ягоныя прамыя нашчадкі. У малодшага Тодара было тры сыны: Сымон (1820 г.), Стахван (1826 г.) і Амброж (1830 г.).

Стахвана з малых гадоў забралі да сябе ў школку пры кляштары паны - быхаўскія ксяндзы. Там ён добра вывучыўся, нейкі час працаваў нават кляштарным пісарам і, хоць ніколі не жаніўся, пакінуў па сабе вельмі добрую памяць сярод балонаўцаў. Праз шмат гадоў прыгадвалі такую гісторыю. У 1842 годзе царскі рэжым - у сваім змаганні супраць усялякага іншадумства - зачыніў апошнія каталіцкія кляштары ў Беларусі, у тым ліку і наш Быхаўскі кляштар латэранскіх канонікаў. Адпаведна, была сканфіскаваная ўся ягоная вялізная маёмасць, у тым ліку 3 фальваркі: фальварак Белая Гара ў самім Быхаве, фальварак Лубянка з аднайменным сялом, шкляной гутай з пасёлкам майстроў пры ёй (пазнейшая вёска Лубяніцкая Гута ці проста Гута, цяпер спляжаная бульдозерамі, не існуе, на ейным месцы - загон з аленямі на пацеху багатым паляўнічым), слабодамі Галееўка, Кароткія і засценкам Балонаўка, а таксама фальварак Хамічы з аднайменнай вёскай ды млынам на рацэ Езва. Землі і сяляне ад таго часу сталі казённымі. Трэба адзначыць, што балонаўцы, які і іншыя насельнікі лясных вёсак, вельмі актыўна займаліся бортніцтвам - гадавалі пчолы ў калодах, якія вешаліся на высокія бортныя дрэвы ў лесе. Бортнікаў у нашых краях звалі "зямцамі". Дык вось, у 1870-ыя гг., калі дзяржаўных сялян перавялі на прымусовы выкуп, казна патрабавала выдаліць з лесу ўсе калоды з пчоламі, а пчол было так багата (у кожнага гаспадара - ад 5 да 20 калод), што ўсталёўваць іх у садах, як таго патрабавалі канцылярскія прадпісанні, было проста немагчыма.

Дзякуючы Стахвану, які пісаў багата петыцый, хадайніцтваў у розныя інстанцыі ажно да Пецярбурга, удалося дамагчыся дазволу на тое, каб пакінуць пчолаў там, дзе яны месціліся спрадвек. Працуючы ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве, вельмі прыемна было некалькі разоў сустрэць пад тым ці іншым дакументам акуратнае, рупліва выведзенае: "Стефанъ Стрижевскій". Народная памяць захавала нават месца ягонага пахавання на мясцовых могілках, у адрозненне ад многіх іншых старых магіл.

Амброж, Тодараў малодшы сын, быў здадзены ў рэкруты, адслужыў на флоце ў Кранштаце 20 гадоў, пасля звальнення з войска атрымаў ад казны па 1 дзесяціне раллі і сенажаці, гараваў ад беззямеліцы, але пайшоў па дынастычнай сцяжыне: балонаўцы, што арандавалі ўласны млын і сукнавальню ў дзяржавы як аброчную крыніцу даходу, даверылі яму быць мельнікам ледзь не да самага скону ў 1911 г. Акрамя таго, будучы ветэранам, Амброж здолеў угаварыць мясцовага станавога прыстава, каб той ненавязліва папрасіў Сымонавага сына Адама адрэзаць яму яшчэ адну дзесяціну зямлі. Ажаніўшыся з Доркай Дымзавай, беднай незаконнанароджанай дзяўчынай з Чачэвіч (а хто яшчэ пайшоў бы за галапузага салдата?), якая, аднак, была на 25 гадоў маладзейшага за Амброжа, ён яшчэ паспеў нарадзіць 10 дзяцей.

Сымон жа, старэйшы сын Тодара, атрымаў у спадчыну ўсё - і зямлю, і пасаду мельніка, і павагу сярод зямлякоў, займаўся гандлем лесам, трымаў багата вуллёў. У яго было 3 дачкі і 1 сын - ужо згаданы Адам, якога разважлівы Сымон здолеў ажаніць з дачкой аднаго з найбагацейшых быхаўцаў - Варкай Бусловай. На вянчанні яна сябе паводзіла нейк зусім ціха, была дзіўнай, маўклівай, усе спісвалі гэта на сціпласць і сарамлівасць. Праўда ж была нашмат страшнейшай: Варвара надзяліла нашчадкаў генам шызафрэніі. Гэта прынесла багата гора, ледзь не знішчыла ўсю сям'ю, дый самой ёй, ужо пажылой, у 1928 годзе адсек сякерай галаву ейны малодшы сын Сідар.

Але гэта зусім іншая гісторыя.

Анатоль Прасаловіч. Магілёў. На здымках: 1. Вёска Балонаўка; 2. Рачулка Балонаўка; 3. Вёска Балонаўка зімой.

У беларускае неба пайшоў Валер Санько

22 лістапада ў беларускае неба - не ў чарнобыльскае, а лідскае, але ўсяроўна ў беларускае - пайшоў таленавіты пісьменнік Валер Санько.

Валерый (Валер) Аляксеевіч Санько (нар. 29 жніўня 1939, в. Вялікая Сліва, Слуцкі раён) - беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, кнігавыдавец, доктар народнай медыцыны, магістр нетрадыцыйнай медыцыны, член-кар. МА энергаінфармацыйных навук. Аўтар і суаўтар каля 20 кніг. Бацька трох сыноў.

Пасля заканчэння Вяліка-Сліўскай СШ з адзнакаю закончыў Баранавіцкае медвучылішча (1958). Загадваў (адкрываў) Лосіцкім ФАПам у Пінскім раёне. З арміі (1958-1961) прыйшоў сяржантам. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (завочна, 1961-1967, стараста курса), Менскую ВПШ (1976-1978). Вучыўся ў медінстытуце (1964-1965). Закончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1968-1971). Здаў кандыдацкія экзамены, але дысертацыю на тэму "Беларуская чарадзейная казка" не абараніў. Некаторыя яго запісы беларускага фальклору надрукаваны ў газетах, часопісах, у трох тамах акадэмічнага 50-томнага выдання беларускага фальклору.

Працаваў памочнікам санітарнага ўрача ў Менску, журналістам у газетах "Чырвоная змена" (1963-1965) і "Звязда" (1965-1972). Загадваў рэдакцыяй медыцынскай і фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Беларусь" (1972-1975). Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Здравоохранение Белоруссии" (1975-1976), намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва "Народная асвета" (1978-1982), загадчыкам рэдакцыі краязнаўства, турызму, фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Полымя" (1982-1990), намеснікам рэдактара чарнобыльскай газеты "Набат" (1990-1991), дырэктарам заснаванага Беларускім дзіцячым фондам Беларускага выдавецкага Таварыства "Хата" (1992-2006). За сваё жыццё падтрыхтаваў да друку 1089 кніг іншых аўтараў.

З 1960 года з'яўляўся членам КПСС, адкуль у 1989 годзе выйшаў дабраахвотна. Быў намеснікам старшыні Цэнтральнай Рады Беларускай Сялянскай партыі, ад яе тройчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі (Слуцк, 1995; Салігорск, 1996; Салігорск, 1996). Удзельнік шасці (1993-2013) з'ездаў Беларусаў свету (на апошніх чатырох выступаў з прамовамі).

Першае апавяданне надрукавала ў студзені 1958 года Баранавіцкая раённая газета, першую аповесць - "Чырвоная Змена" (жнівень - верасень, 1964). Надрукаваў шэсцьдзесят восем апавяданняў. З шаснаццаці надрукаваных аповесцей - восем у газетах, "Пакуль не зайшло сонца" - у часопісе "Маладосць" (1977, № 6), адна ў кнізе прозы трох аўтараў "Знаёмства" (1982). Аўтар і суаўтар каля дваццаці кніг, у тым ліку дзевяць уласных празаічных, тры - пра лячэнне травамі, дзве - прыкметы, абярэжніцтва. Найбольш значныя кнігі прозы: "Жыватворныя крыніцы" (1979), "Знаёмства" (1982), "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве" (1993), "Не плач, маці" (1995), "Дахаты пойдуць усе" (1999), "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах" (2009), "Грэх на іх нязмыўны" (2013). У суаўтарстве - "З вудай і стрэльбай" (1974), "Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму" (1985).

У кнізе "Згарэў у Слуцку суд народны" падрабязна апісаў і даследаваў храналогію стыхійнага бунту случчакоў у кастрычніку 1967 года.

Даследаванні чарнобыльскай тэматыкі выліліся ў дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" (612 стар., 2013), над матэрыялам кнігі аўтар працаваў 19 гадоў. У рамане апавядаецца пра прычыны выбуху на ЧАЭС, даюцца біяграфіі ліквідатараў, перасяленцаў. Дзевятнаццаць фрагментаў з рамана "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" друкаваліся[ ў газеце "Наша слова" (23.11.2011 - 08.05.2013).

У лістападзе 2016 выдаў кнігу "Карыды вогненныя іскры". На беларускай, рускай, іспанскай мовах. У ёй апісвае пра сувязь карыдных феерыяў і спектакляў з беларускімі Купаллем і Калядамі.

Апошняя кніга - "Прыкмета і прырода - сябры назаўсёды" (2019).

Прыняла парэшткі пісьменніка вялікасліўская зямля.

Вечная памяць і цёплы ўспамін.

Ушанавалі бацькоў паэта

Да таго, як выпадзе снег, мы спяшаемся прыбраць усё на могілках. З паплечнікамі 26 лістапада 2020 года ў Магілёве на Машэкаўскіх могілках мы прыбралі пахаванне бацькоў вядомага паэта Ігара Шклярэўскага.

Іван Іванавіч Шклярэўскі, бацька паэта, працаваў спачатку рэдактарам газеты ў Бялынічах, а потым настаўнікам. Маці Ксенія Аляксандраўна таксама была настаўніцай.

Сам Ігар Шклярэўскі ўжо даўно жыве ў Маскве - аж з 1965 года, а брат яго - у Менску. Таму ТБМ-цы ўзялі шэфства над пахаваннямі бацькоў слынных пісьменнікаў, якія ўславілі нашую зямлю.

Алег Дзьячкоў, Магілёў. Фота - Віталь Палавінскі.

Светлай памяці Марыі Аліевай

24 лістапада 2020 г. на 68-м годзе жыцця памерла Марыя Рыгораўна Аліева. Падчас тэлефоннай размовы ёй стала блага, і яна самлела. Лекары паўгадзіны змагаліся за яе жыццё і спрабавалі яе рэанімаваць, аднак аслаблены арганізм не справіўся… Летась яна перанесла інсульт, але не магла быць абыякавай да таго, што адбываецца ў краіне.

Аліева Марыя нарадзілася 1 студзеня 1953 года ў сяле Востраў Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Сябра Свабоднага прафсаюза Беларусі з моманту яго стварэння. Намеснік прэзідэнта Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (1994-1995), кіраўнік справамі, затым старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага (1995-1999). З 1999 года старшыня Беларускай арганізацыі працоўных жанчын і віца-прэзідэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Да апошняга часу жыцця яна заставалася энергічнай актывісткай руху, удзельнічаючы ў грамадскім і палітычным жыцці Беларусі, у прыватнасці, у рэспубліканскіх, гарадскіх і раённых акцыях пратэсту.

Марыя Рыгораўна казала, што не можа проста сядзець, бо, знаходзячыся ў пастаянным руху, яна жыве. Лічыла, што сваёй актыўнасцю яна набліжае дзень нашай перамогі…

Для старой партыйнай гвардыі Марыя Рыгораўна была паважаным чалавекам. Партыйная актывістка, прафсаюзны лідар…

Для новай хвалі яна стала адным з сімвалаў пратэстнай Серабранкі. Яе шмат хто ведаў і прыслухоўваўся да яе словаў, яна ўмела матываваць людзей… Яе кватэра стала фактычным штабам мікрараёна Серабранка. Да яе асабіста прыходзілі міліцыянты, каб дамаўляцца, бо ведалі, каго будзе слухаць народ і за кім ён пойдзе.

Марыю Рыгораўну заўсёды цягнула ў родны кут - вёску Востраў на Ляхавіччыне.

Марыя Аліева купіла старэнькі домік. Да вясны прывяла яго ў парадак. Пабудавала альтанку. Двор прасторны, пакрыты зялёнай траўкай. Ёсць там і калодзеж, і сабака ў будцы для парадку. А на лета новаспечаная пенсіянерка забірала ў вёску дваіх менскіх унукаў.

Разабраўшыся з асабістым сялянскай гаспадаркай, Аліева займалася грамадскай. Пад яе націскам навялі парадак перад крамай. Падсыпалі жвірам вуліцу 8 Сакавіка. Дастаткова было аднаго званка Марыі, каб назаўтра ў сельпо ўсталявалі два вентылятары. Паспрыяла падключэнню водазабеспячэння ў краме.

Раз у тыдзень Марыя на ровары аб'язджала родны Востраў, вітаючыся і размаўляючы з кожным вяскоўца. Актыўнасць Аліевай не засталася незаўважанай: да яе пацягнуліся па дапамогу. На падыходзе мясцовыя выбары, і многія землякі прапаноўвалі Марыі балатавацца ў дэпутаты Востроўскага сельсавета. Ніколькі не сумняваючыся ў тым, што яна справіцца, Аліева ўсё ж не спяшалася вызначыцца:

- Мне прасцей вырашаць пытанні, пакуль я не на службе. Калі пайду ў дэпутаты, то можа здарыцца, што зацягне руцінная папяровая праца, а на выбаршчыкаў і часу не застанецца. Ды вось яшчэ ўнукаў хацелася б забіраць на лета. А сапраўднага гаспадара ў нашай вёсцы сапраўды няма.

З прыездам Марыі ажыўляліся ў вёсцы і жанчыны. У Востраве з'явілася аддзяленне БАПЖ (Беларускай Арганізацыі Працоўных Жанчын). Прыязджалі госці з Галандыі. Арганізавала хор....

Марыя Рыгораўна не прапускала і маршы пенсіянераў… Толькі ёй на вясёлае вітанне АМАПу: "Хлопчыкі, Жыве Беларусь!" - яны, сціснуўшы зубы, адказвалі: "Жыве!"

Яркая, ініцыятыўная, бясстрашная і прамалінейная - яна была прыкладам жаночага лідарства і актывізму.

Да апошняга ўздыху яна была разам з партыйцамі, і апошні, хто чуў яе голас, быў партыец.

Яе моцна ўсхваляваў і раз'юшыў факт атрымання пратакола, які быў складзены на яе дачку за ўдзел у мітынгу 25 кастрычніка. Яе вінавацілі па вядомым арт. 23.34 за ўдзел у несанкцыяваным мітынгу… З гэтым перажываннем яна не справілася…

Вечная табе памяць, Марыя Рыгораўна, спачывай з мірам…

Развітанне з ветэранам незалежнага прафсаюзнага руху, вядомай беларускай актывісткай Аліевай Марыяй Рыгораўнай (1953-2020) адбылося ў чацвер, 26 лістапада, з 10.00 да 11.00, Куляшова, 12.

А.Р.

А вы кажаце: "Усё прапала"

Пакуль мы змагаемся за беларускую мову на ўпакоўках самых розных тавараў (у асноўных харчовых), некаторыя прадпрыемствы моўчкі перавялі маркіроўку на мову народа. Так, у крамах прадаецца "Круг абразіўны, адразны па метале", у маркіроўцы якога няма ні аднаго рускага слова. Усе надпісы, у тым ліку, самым дробным шрыфтам, выкананы па-беларуску без адзінай памылкі, брэндавыя надпісы вытворцы - па-ангельску. І як цяпер такім дыскам будуць карыстацца спажыўцы і носьбіты "нормального языка"? Як ім зразумець "12200 аб/хвіл"?

Наш кар.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2021 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 59. Цана змянілася нязначна. У 2021 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце.

Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Да юбілею класіка

Да 90-годдзя У. Караткевіча часопіс "Дзеяслоў" № 5 за 2020 год падрыхтаваў падборку публікацый, куды ўваходзяць урыўкі з дзённіка пісьменніка за 1984 год, апошні год яго жыцця, і ягоныя лісты да львоўскага паэта Уладзіміра Лучука.

Гарадскі конкурс дзіцячай і юначай творчасці "На пачатку дарог", прысвечаны 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча, адбываецца ў Магілёве. У конкурсе ўдзельнічаюць дзеці і юнакі ад 6 гадоў да 31 года. У паэтычнай намінацыі канкурсанты прадстаўляюць творы ўласнага сачынення з грамадзянска-патрыятычнай, філасофскай і пейзажнай тэматыкай. Моладзь накіравала на конкурс сачыненні, прысвечаныя жыццю і творчасці У. С. Караткевіча.

У намінацыі "Мастацкае слова" юнакі выступаюць калектыўна, прадстаўляючы відэазапісы з выкананнем твораў Караткевіча розных жанраў: урыўкаў з раманаў, вершаў ці іншых твораў класіка. Удзельнікі намінацыі "Тэатральная пастаноўка" прапаноўваюць відэазапіс інсцэніроўкі твораў У. Караткевіча.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Дзяржаўная ўстанова дашкольнай адукацыі "Цэнтр творчасці Эверэст" г. Магілёва і Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Каментар: Германія стаіць перад вялікімі зменамі

Навіны Германіі

Адстаўка Андрэа Налес робіць больш рэальнай верагоднасць датэрміновых выбараў - і тым самым канец эпохі Меркель. Але партыям "вялікай кааліцыі" варта сцерагчыся паспешных рашэнняў, лічыць галоўны рэдактар DW Інэс Поль.

Вынікі выбараў у Еўрапарламент, якія адбыліся тыднем раней, выклікалі ў Германіі палітычны землятрус, спусташальны эфект якога выразна стаў бачны цяпер. Заява кіраўніка Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Андрэа Налес пра сыход са сваіх пастоў з'яўляецца значна большым, чым унутрапартыйная праблема нямецкіх сацыял-дэмакратаў. Гэта адначасова знак стану, у якім знаходзяцца СДПГ і ХДС. Дзве буйныя партыі, якія з моманту заснавання Федэратыўнай рэспублікі напераменку ў розных кааліцыях знаходзіліся ва ўлады і вызначалі, хто стане федэральным канцлерам.

На дадзены момант у абедзвух адсутнічае стабільнасць - як у праграмах, так і ў кадравым складзе - неабходная для таго, каб несці сапраўдную адказнасць лідарства.

Слабасць новага лідара ХДС

Пачнём з ХДС: з тых часоў як Ангела Меркель (Angela Merkel) пакінула пост старшыні партыі - пайсці на гэта яе вымусілі дрэнныя вынікі ХДС на зямельных выбарах - унутрыпартыйную барацьбу розных крылаў больш немагчыма кантраляваць. Новая лідар партыі і патэнцыйная пераемніца Меркель уяўляе сабою больш чым няўдалую постаць. Спробы Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр (Annegret Kramp-Karrenbauer) падчас кампаніі выбараў Еўрапарламент зблізіцца з правым крылом кансерватыўнага блока ХДС/ХСС не прынеслі партыі ніякай карысці. Хутчэй наадварот.

Яшчэ больш сур'ёзным аказаўся правал, які яна выклікала сваёй крытыкай у адрас аднаго YouTube-блогера. Яе заклікі да больш строгага рэгулявання інтэрнэту былі спробай праявіць цвёрдасць, але яе крытыка выклікала эфект бумеранга, ад цвёрдага ўдару якога пацярпела не толькі Крамп-Карэнбаўэр, але і ўся партыя. ХДС цяпер выглядае старой, патрапанай - як заўгодна, але толькі не як партыя, якая бадзёра глядзіць у будучыню.

СДПГ - у пошуках свайго месца

Для СДПГ сітуацыя яшчэ больш складаная. Вось ужо шэсць гадоў партыя з'яўляецца малодшым партнёрам у "вялікай кааліцыі", але не змагла супрацьпаставіць майстэрскім дзеянням канцлера свае ўласныя. Ці ідзе гаворка пра мінімальную заработную плату ці догляд дзяцей - практычна ва ўсіх рэформах, ініцыяваных СДПГ, палітычную выгаду на свой рахунак заўсёды запісвала Ангела Меркель. Сацыял-дэмакратам трэба было адказаць на фундаментальную праблему пошуку месца ў палітычным ландшафце Германіі ва ўмовах, калі ХДС забрала ў СДПГ іх класічныя тэмы. Але іх адказ складаўся не ў праграмных зменах, а ва ўнутраных звадах.

Зараз лідар сацыял-дэмакратаў пакідае ўсе свае пасты. Гэта робіць магчымым усё. СДПГ звалілася гэтак глыбока, што шматлікія галасы проста заклікаюць скончыць з кашмарам пад назвай "вялікая кааліцыя". Усё роўна, якім коштам.

Не прымаць паспешных рашэнняў

Але гэта, аднак, небяспечна. Што калі сёлета сапраўды мелі быць бы датэрміновыя выбары ў бундэстаг? Ні ў СДПГ, ні ў партый блока ХДС/ХСС няма пераканаўчых лідараў. Ні ў адной з партый няма праграмы, якая змяшчае адказы на актуальныя пытанні немак і немцаў. Абарона клімату - толькі адзін з падобных пытанняў, хоць у дадзены момант пра яго кажуць гучней за ўсё.

Вядома, Германія цвёрда стаіць на дэмакратычнай аснове. Небяспека таго, што правыя папулісты атрымаюць урадавую большасць, не існавала б нават у выпадку датэрміновых выбараў. Гэта добрыя навіны з Германіі ў гэтыя неспакойныя часы.

Роля Германіі ў свеце

У святле значнасці Германіі ў сучасным свеце недапушчальна, каб унутрапартыйныя звады і інтрыгі вызначалі падзеі хуткіх дзён. І СДПГ, і ХДС не варта спяшацца. Рашэнне павінна быць не паспешлівым, а добра прадуманым. У сярэднетэрміновай перспектыве Германія застанецца палітычна стабільнай і прадказальнай для міжнародных партнёраў, калі цяперашнія палітычныя дзеячы задумаюцца пра будучыню, а не пра захаванне ўлады ў сучаснасці.

Аўтар: Інэс Поль, галоўны рэдактар DW.

Каментар выяўляе асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем Deutsche Welle ў цэлым.

Упершыню на беларускай мове артыкулы пра спробу адраджэння уніяцкай царквы ў 1920-х гг.

Пасля з'езда прыхільнікаў уніі ў Вільні

З'езд, які адбыўся ў Вільні 9 - 10 лістапада [1926 г.], у нашы часы стаў першай нарадай біскупаў такога кшталту. 330 гадоў прайшло з часу абвяшчэння памятнай Берасцейскай уніі. Потым мы ведаем пра шматлікія сіноды, на якіх вырашаўся яе далейшы лёс, аднак не ведаем, ці адбываўся раней нейкі віленскі з'езд, які мог прэтэндэнтна папярэднічаць сучаснаму з'езду. Выбар месца быў вельмі трапны, бо мы маем смеласць сцвердзіць, што ў справах уніі Вільня адыграла значна больш важкую ролю, чым Львоў. […]

Першая цяжкасць якую мае той, хто піша пра Віленскі з'езд - дакладнае вызначэнне яго характару. Зразумела, што не важна, як мы яго назавём: з'ездам, канферэнцыяй, нарадай ці неяк яшчэ, больш важнай справай з'яўляецца неабходнасць даць яму кваліфікацыю. Ці быў гэта унійны з'езд? Здаецца так, але ўніяцкія ўладыкі ў ім удзелу не прымалі і іх нават не запрасілі. Тады, можа, гэта быў з'езд лаціннікаў? Не зусім, бо на ім слухалі даклады а. Марозава і а. Дамброўскага - святароў толькі ўсходняга абраду - а кандыдаты ў унію праваслаўныя духоўныя асобы, толькі ўвіваліся вакол з'езда. Не будзе дакладным і трэцяе вызначэнне: з'езд біскупаў савецкага памежжа, бо ў Вільні не былі прадстаўлены Львоўская і Станіславаўская грэка-каталіцкая архідыяцэзіі, не было і лацінскіх біскупаў з Галіцыі, дыяцэзіі якіх непасрэдна мяжуюць з Саветамі. Таму і не будзем выдумляць доўгую і складаную назву, якая б магла пасаваць гэтаму з'езду.

У з'ездзе прымалі ўдзел віленскі (старшынстваваў) і магілёўскі архібіскупы, а таксама біскупы з Любліна, Ломжы, Седліцы і Пінска. На жаль, з-за хваробы біскупа не быў прадстаўлены Луцк. Сакратаром на з'ездзе стаў адзіны віленскі біскуп-суфраган, бо іншыя суфраганы (з Любліна, Луцка, Седліцы) не прысутнічалі, не гледзячы на тое, што пытанні уніі для іх не чужыя. […]

З'езд праходзіў у форме закрытых спрэчак падчас якіх былі праслуханы шматлікія даклады. Дакладчыкі мелі права даваць дадатковую інфармацыю толькі па тых пытаннях, па якіх яны выступалі. […] Магчыма таму з'езд унёс мала новага ў тэорыю і практыку польскай унійнай працы. Але агульную цікавасць выклікаў асцярожна рэдагаваны і выдадзены пасля з'езду камунікат.

Заяўленай мэтай з'езду было ажыўленне і ўніфікацыя унійнай працы. Гэтакае шырокае акрэсленне мэты трошкі абцяжарыла падрыхтоўку дакладаў. Дадалася і другая праблема - на чытанне дакладаў давалася мала часу, на што скардзіўся шмат хто з выступоўцаў.

Самым вялікім быў даклад а. Марозава. Каб надрукаваць яго даклад, дык гэта брашура сталася б надзвычай цікавай нават для тых, хто не падзяляе ўсе погляды архімандрыта. Не будзем тут цалкам пераказваць змест гэтага цікавага даклада але спынімся толькі на некалькі яго тэзах:

- хрысціянскі ўсход, у асноўным, не жадае, каб разам з каталіцызмам (не лацінізмам) ён быў ўцягнуты ў арбіту спецыфічнай заходняй, чужой для яго культуры;

- найлепшая назвай для абраду з'яднаных з Рымам праваслаўных была бы назва "праваслаўна-каталіцкі абрад", а вернікі зваліся "праваслаўныя католікі";

- значна большай, у асноўным маральнай апекай, трэба атачыць новых вернікаў Сусветнай царквы і для гэтага ў Вільні стварыць асобны генеральны праваслаўна-каталіцкі вікарыят, залежны ад мясцовага архібіскупа.

Тэзы а. Марозава, можа за выняткам першага, былі цалкам адхіленыя.

Я чуў, што а. Марозаў быў вельмі пакрыўджаны і больш не бачыць сабе поля для працы ў нашым грамадстве. Але, пэўна не маюць рацыю чуткі аб вяртанні Марозава ў праваслаўе, якія распускае эндэцкая прэса (у 1927 г. архімандрыт Піліп Марозаў і насамрэч зноў стаў праваслаўным. У 1944 г. у Вільні ён быў забіты бальшавікамі. Вядомы праваслаўны царкоўны гісторык Міхаіл Польскі лічыў яго пакутнікам за веру (Гл: Польский Михал. Новые мученики Российские. USA. Jordanville, 1957. Т. 3. С. 676. - Л. Л.) Зараз у каталіцкім свеце унійная ідэя з кожным днём узмацняецца, і таму гэты малады і адукаваны святар знойдзе для сябе адпаведнае месца з значна больш спрыяльнай атмасферай па-за межамі Польшчы.

Езуітаў усходняга абраду з Альбярціна прэзентаваў адзін з самых заслужаных членаў свайго ордэна, суперыёр а. Пянткевіч разам з сваім актыўным супрацоўнікам а. Дамброўскім (а. Уладзімір Пянткевіч, SJ (1865-1933), а. Антон Дамброўскі, SJ. - Л. Л.)

Пра тое, што з'езд прытрымліваўся сваёй лініі, а не лініі гэтак папулярных у Вільні эндэкаў, добра сведчыць той факт, што сярод дакладчыкаў быў і а. Андрэй Цікота, суперыёр Марыянаў у Друі. У яго выступе меліся чатыры галоўныя тэзы:

- катэхізацыя і навучанне беларускага народа павінна адбывацца на беларускай мове;

- уніяцкія місіі павінны працаваць на гэтай жа мове;

- неабходна арганізацыя каталіцкага выдавецтва для процідзеяння метадыстам (пратэстантам - Л. Л.) і камуністам;

- нарэшце, неабходна закласці місійныя пляцоўкі ўсходняга абраду ў такіх месцах як Лявонпаль, Шкунцішкі, Ёды і інш.

Для паўнаты вобразу трэба дадаць, што віленскі Архіпастыр загадаў аднаму з выбітнейшых у нас дэканаў, які лепш за іншых арыентуецца ва ўніяцкім руху, падаць рапарт-мемарыял пра гэтую праблему. Мемарыял быў дасланы на з'езд, і ў ім мелася шмат трапных заўваг і каштоўных думак.

Усе прачытаныя даклады і дасланыя тэксты былі далучаны да дакументаў з'езда. Размова ішла пра Божую справу, і таму нам трэба быць аптымістамі, як сцвярджае нямецкая прымаўка: "Божы млын працуе марудна, але пэўна".

Трошкі пра сам з'езд

Што нам абвясціў пасляз'ездаўскі камунікат? Апрача паслання да св. Айца ў Рым і апрача слоў пра марудны і таямнічы Усход, у камунікаце можна ўбачыць наступнае:

- Памяркоўны бірытуалізм;

- Пэўнае разуменне псіхалогіі ўсходняга люду;

- Згода пакінуць ім іхні абрад;

- Прыняцце назвы "славянска-каталіцкі" як для абраду, гэтак і для асоб;

- Канстатацыя сталага прытоку ў Сусветную царкву новых вернікаў.

Акрамя таго, мы даведаліся, што негатыўные стаўленне да супольнай працы з базыльянамі на тэрыторыі Беларусі і Украіны ўсё яшчэ існуе і кіраваць унійнай справай на тэрыторыі Віленскай архідэяцэзіі, як быццам, даручана біскупу Міхалкевічу.

Але нас моцна насцярожвае дзейнасць святара Леснабродскага, насцярожвае як сама яго асоба, так і яго метады. Касцёл і Царква - гэта два сужэнцы, якія доўгі час жывуць у разводзе і не маюць звычкі стрымліваць ці прыніжаць самі сябе, і таму касцёл нічога не выйграе ад прыніжэння царквы праз дзейнасць а. Леснабродскага (былы праваслаўны святар з Пастаў а. Уладзімір Леснабродскі, у 1927 г. вернікі яго царквы перайшлі ў каталіцызм. - Л. Л.)

Але на мінулым тыдні адбылася яшчэ больш горшая рэч. Унія ў Вільні практычна зраслася з дзвюма асобамі, выкінутымі з царквы віленскім рускім грамадствам. Адна з асоб мае ў сваім мінулым крымінальную пляму, а другая ў вачах рускага грамадства з'яўляецца прыладай у руках дэфензівы, якая даўно ўжо суне свой нос у справы уніі, і адначасова крыніцай інфармацыі аб праваслаўным і рускім грамадстве для эндэцкага "Дзённіка Віленскага". Пачырванеўшы ад сораму чыталі мы ў віленскай прэсе пра гэтых "навярнуўшыхся". (Гл: Slowo. № 270 (1280), 19 listopada 1926. Газета паведамляла, што адзін з самых старых праваслаўных святароў Вільні, протаіерэй Васіль Гапановіч разам з дыяканам Савічам прысягнулі біскупу Міхалкевічу. Да гэтага з-за канфлікту з духоўнымі ўладамі Гапановіча перавялі ў Глыбокае, дзе ён разам з сваім дыяканам і перайшоў у унію. Але, верагодна, Талочка памыляецца, бо а. Васіль Гапановіч зарэкамендаваў сябе як аўтарытэтны і паважаны уніяцкіх святар, выдатны прапаведнік якога часта запрашалі служыць і прапаведаваць на святы ў розныя мясціны. - Л. Л.). Яшчэ некалькі такіх навяртанняў - і слабенькая ў Вільні унія можа закончыцца. Шляхетны лютаранскі пастар А. Нідра з-за афер вакол кальвінскага збору ў Вільні ў лісце да аўтара гэтага артыкула напісаў, што ён не хоча, каб яго збор стаўся вядром для памыяў. Словы вядомага пастыра прыдадуцца і нам. Яны не былі б патрэбныя, каб перад прыняццем двух "апосталаў" спыталіся пра іх у людзей, якія добра дасведчаны ў справах віленскага рускага грамадства. Асцярожна з тымі, хто навярнуўся!

P. Kantryba [Талочка Ул.] Po zjeżdzie unjonistycznym w Wilnie // Pregląd Wileński. 1926. № 20. S. 2–3.

Пасля сыходу архімандрыта Марозава

Сышоў, … не першы і пэўна не апошні.

Спраўдзіліся чуткі, якім я не даваў веры. Што ім кіравала? Яшчэ раней чуў і яшчэ гучней чую зараз пра кар'ерызм, якім кіраваўся архімандрытам Марозаў. Але я ведаю, што: "Чужая душа потем-ки". Вядома, што кар'ерызм не з'яўляецца ўласцівым толькі для святароў праваслаўнай царквы, бо, на жаль, бачым яго і ў святароў розных веравызнанняў і абрадаў, у тым ліку, каталіцкага касцёла. Вядома, што ён не з'яўляецца цнотай. Але, калі адны святары ўнікаюць пасадаў, дык іншыя ў такой жа ступені іх прагнуць. Калі здольны чалавек зойме высокае становішча і зробіць на гэтай пасадзе нешта каштоўнае, дык гэта можа лічыцца станоўчай амбіцыяй і гэта ўсе ж адрозніваецца ад простай пыхі і кар'ерызму.

Кажучы пра гэтага новага супраціўніка, не хацелася б ісці старой дарогай і шукаць толькі яго самыя нізкія імкненні. Генезу сыходу архімандрыта Марозава можна прадставіць наступным чынам: ён перавышаў сваёй тэалагічнай адукацыяй калег, якія ў апошнія гады, але пасля яго перайшлі ў касцёл, на цэлую галаву, да таго ж архімандрыт Марозаў прыйшоў з ужо гатовай праграмай.

Па яго меркаванні, перад усім, належала захаваць назву "праваслаўны" як для новых вернікаў, гэтак і для абраду. Далей, павінна была з'явіцца пэўная форма іерархічнай незалежнасці ў выглядзе постаці экзарха (генеральнага вікарыя) пры лацінскім архібіскупе. Наколькі ведаю, Марозаў на працягу 1,5 гадоў як мог, казаў пра гэтую праграму: выступаў з амбона, пісаў мемарыялы, адстойваў яе ў размовах … Не хаваў гэтую праграму ні ад біскупа Матулевіча, якому прынёс прысягу, не хаваў яе ў Рыме, Львове, Варшаве (у нунцыя), Познані (у прымаса). Было бачна, што гэтая праграма мае для яго самую вялікую вагу. Але на з'ездзе біскупаў яго праграма была цалкам адрынута. Архімандрыт Марозаў адразу страціў апору пад нагамі і аказаўся ў надзвычай прыкрай сітуацыі - трэба было бараніцца ад двух бакоў. Бо праграма, якую, пакідаючы праваслаўе, ён прапагандаваў перад праваслаўнымі, была не прынятая касцёлам - тое, што ён спадзяваўся атрымаць ад католікаў, перавышала іх магчымасці даць. Незадоўга да з'езда а. Марозаў казаў пра страту ўсіх сваіх надзей, быў моцна, да слёз, узрушаны. Пры ацэнцы стасункаў а. Марозава з касцёлам пасля лістападаўскага з'езда, трэба браць пад увагу гэтую памылку яго канцэпцыі з'яднання цэркваў. Зразумела, што памылка скасоўвала ўсе кансэнсусы, факты, дамовы і г. д. Дадам, што наогул для унійнай працы, і канкрэтна для ратавання сітуацыі, якую зараз мы маем, патрэбны такія гарачыя прыхільнікі царкоўнага ўсходу, як біскуп Штросмайер (1815-1905, харвацкі біскуп, тэолаг і грамадскі дзеяч. - Л. Л.) ці памёрлы год таму кардынал Мерс'е (1851-1926, бельгійскі кардынал, філосаф-неатаміст. - Л. Л.), а іх акурат няма …

Ёсць, безумоўна, годнае ўвагі, хоць не пазбаўленае хібаў, меркаванне лідара фламандскіх прыхільнікаў уніі, выказанае ім у лісце да майго знаёмага некалькі месяцаў таму. Пасля азнаямлення з канцэпцыяй а. Марозава, ён напісаў: "Дзякуй за лісты архімандрыта Марозава. Мы тут усе цалкам падзяляем яго ідэі, якія вельмі падобныя на нашы. … Цалкам не дзівіць тое, што нехта з тых, хто далучыўся, вярнуўся ў праваслаўе. Гэта быў провід. Але ідэя экзархата, залежнага ад віленскага архібіскупа, была бы выдатным сродкам для ажыўлення унійнага руху і з'яднання. Ідэя называць тых, хто прыняў каталіцызм праваслаўнымі католікамі, з'яўляецца слушнай. Вось ужо год як мы яе падтрымліваем". У тым жа лісце ён жадаў а. Марозаву шмат цярплівасці на цяжкім шляху унійнай працы.

Але калі ж архімандрыт Марозаў увойдзе ў праваслаўны манастыр св. Духа і за ім зачыняцца манастырскія дзверы, тады, пераступіўшы парог, а. Марозаў, нядаўні фаварыт эндэкаў, паланізатар віленскай праваслаўнай гімназіі і русіфікатар нашай уніі, пачне новы, трэці перыяд сваёй дзейнасці. Але нікому ён ужо не будзе цікавы.

P. Kantryba [Талочка Ул.] Po odejściu archimandryty Morozowa // Pregląd Wileński. 1927. № 1. S. 5–6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Пётр Бурэц - дудар малавядомы і добра вядомы...

Віталь Воранаў

Давядзецца падкарэктаваць карты, перапісаць значную частку кнігі "Дудары Глыбоцкага краю" і падрыхтаваць яе трэцяе выданне, але справа таго вартая. Вось і яшчэ адзін дударскі след у Глыбоцкім краі з абарваных кавалачкаў склаўся ў адну цэласную і як жа важную і нават у нечым сентыментальную карціну. Аказваецца, што даваеннага дудара Пятра Бурца мы шукалі не там, дзе трэба - не ў тым баку. Справа ў тым, што сляды зблытала публікацыя ў СБ (2011), а пазней памылку паўтарылі ў часопісе "Дудар" (2012). Вёска Асінаўка, што каля возера Шо, і вёска Псуя, сталі няіснымі "Свілінай" і "Слівінай". Для мяне як для аўтара кнігі "Дудары Глыбоцкага краю" і заснавальніка фэсту "Дударскі рэй" было вельмі важна знайсці больш інфармацыі пра Пятра Бурца. Даволі шмат часу я правёў у пошуках таямнічай вёскі, якой няма ні на сучасных ні на старых картах Глыбоччыны. У выніку, параіўшыся з Кастусём Шыталем, мы прыйшлі да высновы, што хутчэй за ўсё на ўвазе мелася вёска Свіла - сугучнасць з міфічнай Свілінай і Слівінай. Хоць след здваўся быць інтуітыўна малаверагодным. Аднак летам 2020 я аб'ездзіў тую Свілу ўздоўж і ўпоперак і нават знайшоў на мясцовых могілках Бурцоў, пэўна далёкіх сваякоў нашага дудара. У выніку рэчаіснасць аказалася больш простай. Прыціснуўшы Змітра Сасноўскага на ўспаміны, урэшце выявілася, што Пётр Бурэц быў з той самай вёскі, што і Мікола Караткевіч, які расказваў пра яго Змітру Сасноўскаму ў 2007 годзе, падчас дударскай экспедыцыі ў наш край. У дакументальным фільме Змітра Сасноўскага "Старыя інструменты Беларусі", назва вёскі пазначана правільна - "Асінаўка".

Больш за тое. У тэлефоннай размове Зміцер Сасноўскі пачаў прыгадваць іншыя, неймаверна цікавыя факты, якія не ўвайшлі ні ў фільм, ні ў ягоныя публікацыі. Аказваецца, што Мікола Караткевіч быў вучнем Пётры Бурца і нават праз больш чым паўвеку ўмеў спрытна трымаць дуду і перабіраць пальцамі.

Пры нагодзе цяпер трэба выбрацца ў Асінаўку і ўпэўніцца ў тым, што месца пахавання адпаведна забяспечанае і пазначанае на карце. Для гісторыі дударства на Глыбоччыне гэта месца больш, чым сімвалічнае. На сённяшні дзень у нас ёсць копія найстарэйшай дуды, некалькі іншых цікавых сведчанняў пра інструменты з Глыбоччыны-Дзісеншчыны. Маем у наяўнасці шэраг гісторый пра некалькіх самабытных дудароў з ваколіц Шо і не толькі. Ну а цяпер стала таксама вядомым месца пахавання аднаго з іх!

Але вось уласна і сам успамін Змітра Сасноўскага, напісаны адмыслова для кнігі "Дудары Глыбоцкага краю".

"У першай экспедыцыі, у 2007 годзе, апрача мяне ўдзельнічалі Андрэй Апановіч і Алег Белавусаў. Мікола Караткевіч з радасцю паведаміў нам, што ў дзяцінстве з вялікай цікавасцю поўзаў за "дзедам Пётрам" - так ён звяртаўся да старога музыкі, самабытнага дудара Пятра Бурца. Пётр Бурэц граў на дудзе з вялікім мяшком, які доўга трымаў паветра. Больш за тое, у яго быў асобны мех з запаснымі чаратовымі пішчыкамі. Гэта нам Караткевіч сказаў калі пабачыў, што ў нас пішчыкі драўляныя. Чаратовыя казаў больш ашчадныя для паветра. Дадаткова Пётр Бурэц заламліваў сапель пад паху каб магчы спяваць. Таленавіта перабіраў і спяваў розныя прыпеўкі. На музычныя вечарыны Пятра Бурца збіраліся цэлымі ваколічнымі вёскамі і нават вазамі прыязджалі з больш адлеглых хутароў. Што казаць, калі паслухаць славутага дудара прыходзілі нават адлеглыя ад беларускай музычнай традыцыі афіцэры польскай стражніцы і то разам са сваімі жонкамі. Пётр Бурэц такой увазе з боку польскіх жаўнераў, відаць, быў не вельмі рады і трохі для жарту, а можа і ўсур'ёз пачынаў спяваць нецэнзурныя прыпеўкі, устаўляючы ў іх польскія словы. Жонкі афіцэраў, расфуфыраныя паненкі, чырванелі і абураныя настойвалі на тым, каб пакінуць канцэрт. Па словах Міколы Караткевіча, Пётр Бурэц быў культавай асобай усяго рэгіёна. Уражаны хлопчык вельмі хацеў вучыцца граць у дудара. Пётр Бурэц даваў малому дуду, паказваў як правільна надзімаць мех і вучыў яго найгрышам. Мікола Караткевіч лічыў сябе вучнем і пераемнікам Бурца. У 2007 годзе, ужо ў сур'ёзным узросце калі пачуў як мы з Андрэем Апановічам граем на дудах то заплакаў. Усплылі ўспаміны дзяцінства і маладосці. Калі мы праз пару дзён ізноў заехалі да дзядзькі Міколы, то ўгаварылі яго ўзяць у рукі дуду. Спярша ён адмаўляўся, спасылаючыся на ўзрост, але ўсё ж пагадзіўся, а пасля з веданнем справы прафесійна ўзяў дуду. Ён надзьмуў у мех паветра і пачаў перабіраць просценькі найгрыш. Алег Клімаў у сваім артыкуле з 2011 года апісаў наш прыезд у 2007 не вельмі дакладна. Мікола Караткевіч тады проста вельмі расхваляваўся, хацеў паказаць сябе як з найлепшага боку, але ўзрост, здароў'е і пальцы былі ўжо, вядома, не тыя. Ён нават папрасіў не выкарыстоўваць відэа самога грання. Маўляў - не так, як даўней. Сцірайце, мальцы, каб мне не было сорамна. Я на поўным сур'ёзе лічу яго апошнім старым дударом у Беларусі. Тая сустрэча і размова была для мяне вельмі знакавай. На нейкім метафарычным узроўні адбылася сімвалічная перадача яшчэ ў той час захаванай часткі жывой дударскай традыцыі. Беларуская дударская традыцыя атрымліваецца не зусім як бы і перарваная. На дудзе, на якой свае апошнія гукі выдаў Мікола Караткевіч, я пазней вучыў іграць маладых дудароў. Граю на ёй і па сённяшні дзень. А згадкі пра апошняга дудара трапілі ў кнігі і захаваліся на фота і відэа. Падчас нашага чарговага прыезду да Міколы Караткевіча ў 2011 годзе гаспадара ў у хаце мы ўжо, нажаль, не заспелі. Яго старэйшая сястра, якая жыла побач паведаміла, што брат вельмі хворы і ўжо доўгі час ляжыць у полацкай больніцы.

Хто-ніхто будзе аспрэчваць тое, што Міколу Караткевіча можна лічыць апошнім дударом, але я веру Змітру Сасноўскаму. Па-першае ён быў у Караткевіча не адзін, а з іншымі дударамі, якія не далі б зманіць ці нешта дадумаць. Па-другое Сасноўскі навуковец, аўтар некалькіх кніг па гісторыі музычнай традыцыі Беларусі. Таленавіты збіральнік і музыка. Усё пра, што ён казаў мне ў размове пацвердзілася цудоўнай фотасправаздачай Алега Белавусава. Адзінае пытанне выклікае адсутнасць відэазапісу моманту грання Караткевіча, хоць сам момант апавядання запісаны на відэа і стаў часткай фільма "Старыя інструменты Беларусі". У сваім успаміне Зміцер аднак дае даволі лагічнае тлумачэнне чаму запіс грання выкарыстоўваць было неэтычна. Я добра разумею, чаму запіс не мог атрымацца. Бывае месяц напралёт не хапае часу, каб пайграць на дудзе. Тады бярэш інтсрумент у рукі, і… пальцы ўжо зусім не такія, калі практыкуешся рэгулярна. А тут мінула больш чым паўстагоддзя… Па-другое, дуда гэта інструмент, які патрабуе нядрэннай фізічнай падрыхтоўкі. У кнігах пра даўнейшых дудароў такіх гісторый дзясяткі - "у старасці ўжо не граў", "хвароба не дазваляла надзімаць мех", "сіл у старога граць не было".

Вяртаемся да Пятра Бурца. Паасобныя шматкі інфармацыі пачалі неяк усё больш гарманічна складвацца ў агульную карціну. Ажно падумалася - дык ці не той гэта "дудар беларускі" Дзісенскага павета са славутай паштоўкі?! Звестак пра іншых вядомых дудароў з Глыбоцкага краю таго перыяду не захавалася. Пётр Бурэц вельмі нават мог быць тым самым дударом, для сфатагравання якога са свайго Мікалаёва або Завідзічаў мог выбрацца вядомы фатограф Міхаіл Кусцінскі. Час выканання фотаздымка і геаграфія сыходзяцца. Кусцінскі быў родам з Лепельшчыны, а жыў у Мікалаёве, каля Дзісны. Вёска Асінаўка, дзе жыў вядомы на ўсю ваколіцу дудар, якраз на даўнейшым і цяперашнім шляху з аднаго ў другі маёнтак. Самабытных дудроў з прыгожымі інструментамі ўжо тады было адносна мала. Пра гэта піша Еўдакім Раманавіч Раманаў, беларускі этнограф, фалькларыст і археолаг, у 8-м выпуску выдання "Белорусский сборник" (Вільня, 1912): "Достать хороший экземпляр дуды теперь уже нелегко даже и опытному этнографу..". Міхась Машара таксама, хоць і пазней (пра 30-ыя гады XX ст.), у адным са сваіх вершаў цыклу "Падарожжа" (1933) канстатуе - культура беларускай дуды ўжо толькі пэўны успамін. Дуда ўжо не грае і не весяліць, а з'яўляецца музейным экспанатам. Інфармацыя пра знакамітасць такога маштабу абавязкова б да нас дайшла, у той ці іншай форме. Гэтак дудары прыблізна падобнага году нараджэння (пачатак другой паловы XІX ст.), Фёдар Стэсь або Мікола Усцінаў, з другога боку мяжы, былі своеасаблівымі зоркамі БССР. На хвалі беларусізацыі іх запрашалі на тэматычныя выставы, запісвалі на відэа і радыё. Беларускія дудары выступалі на выставе ВДНГ- Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі. Больш за тое, у 35-м годзе на сельскагаспадарчай выставе ў Парыжы Савецкі Саюз прадстаўлялі таксама беларускія дудары.

Пра такога маштабу славу ў міжваеннай Польшчы, дзе беларуская культура існавала пад прыгнётам - дудар Пётр Бурэц мог толькі памарыць. Што ўжо казаць пра пачатак стагоддзя ў Расійскай Імперыі. У 1904 1 годзе слова "беларус", "беларускі" былі фактычна пад забаронай. Нагадаем, што верш Янкі Купалы "Беларусы" (1905-1907) быў забаронены цэнзурай і выйшаў толькі пад змененай назвай "А хто там ідзе?". Цікава, што ў 1904 годзе ў Варшаве газета на польскай мове магла выходзіць без перашкод. Першая ж легальная газета на беларускай мове - "Наша доля" (Вільня) выйшла толькі ў 1906 годзе. Дык вось, у часопісе "Naokolo swiata" дудар падпісаны без ведання справы або па патрабаванні цэнзуры ці самацэнзуры: "Kobziarz litewski."

Ужо пазней у беларускім выдавецтве "Загляне сонца і ў наша ваконца" (Пецярбург) выйшла паштоўка, якую мы ведаем з подпісам "Dudar Bielaruski" 2. Было гэта паміж 1906-1914 годам (гады існавання выдавецтва). І гэтая акалічнасць вельмі цікавая. Паходжанне дудара было абазначана Дзісенскім паветам. Дарэчы, у той жа серыі выдаваліся таксама паштоўкі з акторамі Ігната Буйніцкага 3. Значыць выдавецтва хутчэй за ўсё ведала імя дудара - дудар мусіў быць вядомы. Кантакту з фотамайстрам Міхалам Кусцінскім у рэдакцыі быць не магло - той памёр у 1905 годзе. Хоць якасць фотакартачкі на паштоўцы нашмат лепшая за варшаўскую публікацыю, кадр шырэйшы, больш выразны. Гэта магло б сведчыць пра тое, што рэдакцыя мела доступ да арыгінальнага фотаздымка і што паштоўка не была перадрукам з польскай газеты. Імя дудара на паштоўцы аднак не пазначанае - так як бы рэдакцыя не хацела выстаўляць яго на патэнцыйныя, непрыемныя наступствы. Трэба браць пад увагу гістарычна-культурныя акалічнасці таго часу. Але вернемся да самога дудара.

На фотакартачцы яшчэ адносна малады мужчына ў сіле веку (35-45 гадоў), які дударом "старычком" стане толькі ў 30-ыя і 40-ыя гады, час дзяцінства Міколы Караткевіча. У дуды на фотаздымку даволі вялікі, у параўнанні з іншымі захаванымі дудамі мех які нагадвае нудзьмуты "пузырок", "вялікі мех які доўга трымаў паветра". Дарэчы, копію дуды 4 з фотаздымка ў 2018 годзе зрабіў майстар Сяргей Чубрык.

Заўважым, што на старым фотаздымку дудар трымае дуду дакладна так, як на відэа прэзентуе Мікола Караткевіч, больш спераду, чым з боку пад пахай. Апрача таго ёсць і цікавае супадзенне - элемент традыцыйнага адзення дудара на фотаздымку называецца бурка-бурнос, а на Глыбоччыне проста - "бурак" (параўн. з Бурэц). Доўгая мужчынская верхняя вопратка з башлыком, шытая з даматканага валенага сукна, часцей без падшэўкі, мела назву "бурка". На грудзях і па баках рабіліся праразныя кішэні, на спіне - хлясцік. Бурку апраналі на іншае адзенне (світку, кажух, паўкажух), каб яны не прамакалі і каб было цяплей.

Безумоўна, Мікола Караткевіч ніколі не стаў дударом маштабу Пятра Бурца. Аднак, ён захаваў яскравыя ўспаміны пра дудара, напоўненыя аўтэнтычным дзіцячым захапленнем. Таксама ён пацвердзіў цікавы факт трымання меха дуды больш спераду, на грудзях, чым збоку пад пахай. Чалавек, не знаёмы з тэмай, звычайна трымае дуду на выцягнутых руках, не ведаючы, што да чаго і з якога боку. Што казаць - нават дудар пачатковец гук і мех трымае звычайна нязграбна і няўмела, што можна пабачыць на многіх відэазапісах. Гранне на дудзе вымагае вывучэння даволі складанай маторыкі пальцаў і рук, адпаведнай паставы цела і каардынацыі. Мікола Караткевіч таксама быў занадта добра знаёмы з дэталямі дударскага майстэрства (дэталёвая інфармацыя пра пішчыкі і заломванне трубкі 5 для ўдзімання паветра) - як для звычайнага назіральніка. Тым больш, што словы Міколы Караткевіча пацвярджаюцца таксама сведчаннем цымбаліста-віртуоза Васіля Радзюша (1928 г.н.). "Надзьмець, надзьмець, надзьмець, поўны гэты пузырок, ну а тады воздух сходзіць, ну і пальцамі перабіраіць і песню… Красіва іграў старычок". То бок, ускосна пацвярджаецца інфармацыя пра вялікі мех, пра выконванне спеваў падчас грання і пра спрыт старога музыканта. Што, дарэчы, з вуснаў самога таленавітага музыканта гучыць як двайное прызнанне майстэрства. Трэцім сведкам з'яўляецца жонка Міколы Маркевіча - Эмілія Караткевіч (1924 г.н. - на 6 гадоў старэй за мужа). Жанчына разам з мужам жыва ўспамінала паставу дудара і спосаб грання Пятра Бурца. Больш за тое - польская стражніца (пагранічная застава) сапраўды была ў Асінаўцы - KOP "Osinowka" і існавала ад 1925 да 1939 года. Яна ахоўвала 4-кіламятровы адрэзак дзяржаўнай граніцы з БССР. Значыць канцэрты і актыўная дзейнасць Пятра Бурца прыпадаюць больш-менш на гэты перыяд, а калі ўлічыць гады нараджэння інфарматараў, то значыць гэта было бліжэй да 1939 года.

Не ставіцца таксама пад сумніў, што Асінаўка была так званым дударскім сялом. Яна ляжыць у вельмі моцным дударскім арэале з умоўным цэнтрам на возеры Шо, які фармальна перастаў быць цэнтрам Еўропы, але мае права і павінен заставацца цэнтрам дударскай традыцыі на Глыбоччыне. Нездарма фэст дударскіх рэгіёнаў "Дударскі рэй" у 2019 годзе свой нефармальны пачатак меў на сядзібе "Запаветны востраў" (возера Івесь), з ласкавага запрашэння яе ветлівага гаспадара Алеся Цвіркі. Хутчэй за ўсё таксама з гэтай ваколіцы свой радавод вядзе Адам Шульга, дудар Буйніцкага. Да Палевачоў і Празарок адсюль зусім блізка. Непадалёк таксама па музейным пашарце прапісалася найстарэйшая (1849 г.) беларуская дуда з вёскі Верацеі. У вёсцы Шо да гэтага часу жывуць нашчадкі яшчэ аднаго дудара - Уладзіміра Паўлавіча Забелы, 1928 г.н., завадатара традыцыйных каляндарных святаў, актыўнага калядоўшчыка і валачобніка. Такая вось канцэнтрацыя дударскай аўтэнтыкі. Усё гэта сведчыць пра тое, што дзядзька Мікола ведаў гэтую тэму не па кніжках, а сапраўды быў апошнім вучнем знакамітага дудара Глыбоцкага краю, Пятра Бурца.

Фота: Алега Белавусава.

1 Першая вядомая публікацыя (з 11 чэрвеня 1904 г.) з'явілася ў варшаўскім ілюстраваным тыднёвіку "Naokolo swiata". Выданне адзначае, што фотаздымкі фатографа-аматара М. Кусцінскага былі ўзнагароджаныя ў конкурсе зладжаным рэдакцыяй.

2 Адзін з асобнікаў захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, і спецыялісты датуюць яе 1905-1920 гг. Глыбоцкі краязнавец і аўтар кнігі "Глыбокае на старых паштоўках" (1998) Уладзімір Скрабатун вызначыў, што паштоўка была выдадзена ў Пецярбургу, у беларускім выдавецтве "Загляне сонца і ў наша ваконца", значыць паміж 1906 і 1914 годам. Датаванне Уладзіміра Скрабатуна больш дакладнае за бібліятэчнае. Аналіз стаў магчымым дзякуючы перапісцы з Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы і атрыманню выявы адваротнага боку паштоўкі, якая, калі не лічыць газетных выданняў, публікуецца ўпершыню.

3 Трупа двойчы выступала ў Пецярбургу разам са сваім дударом Адамам Шульгом у 1911 і ў 1912 гадах.

4 Дуда была зроблена да Другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў і з'яўляецца рэплікай дуды з паштоўкі. Інструмент зрабіў майстар і дудар Сяргей Чубрык. Захаваўшы асноўныя рысы і формы дуды са старой выявы, Сяргей гарманічна ўвёў таксама ўласныя, аздобныя элементы.

5 "Магчыма, дудар пры надзіманні меха трымаў соску зубамі, а пасля таго ён мог заломваць яе пад паху, каб паветра не выходзіла, і спяваць. Калі паветра скончвалася, цыкл паўтараўся зноў ", - Алесь Сурба.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX