Вярнуцца: 2020

№ 49 (1512)


Дадана: 09-12-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1512), 9 снежня 2020 г.

150 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца

Пакуль над Беларуссю распасцерлі крылы пандэпія, талерантная рэвалюцыя і неталерантная контррэвалюцыя, унізе Беларусь паціху адзначае 150-годдзе вялікага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца.

Фердынанд Рушчыц (Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц; 10 снежня 1870, маёнтак Багданава Ашмянскага павета, цяпер Валожынскі раён - 29 кастрычніка 1936, там жа) - мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасцей сваёй эпохі. Наследваў традыцыі беларускага, рускага, польскага, французскага мастацтва, у некаторых творах адметны ўплыў мадэрну.

Аказаў пэўны ўплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў польскім мастацтве. Матэрыялізаваў магутны нацыянальна-патрыятычны імпульс, характэрны для польскага мастацтва ў цэлым і для мастацтва мяжы ХІХ-XX стагоддзяў у прыватнасці. Яго вельмі цэльная па духу творчасць мела непасрэднае дачыненне да фарміравання польскага нацыянальна-рамантычнага пейзажу канца ХІХ - пачатку XX стагоддзя і найбольш ярка адлюстроўвала яго мастацкую праблематыку.

У яго творчасці знайшлі адлюстраванне жыццё і побыт беларускага народа, пераламіліся традыцыі беларускага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна Рушчыц сцвяржае, што яе бацька заўсёды лічыў сябе "тутэйшым", г. зн. беларусам. Імя Фердынанда Рушчыца занесена ЮНЭСКА ў каляндар памятных дат на 2020 год.

Выстава да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца

Выстава да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі 28 лістапада 2020 года.

- Я ўпэўнены, што выстава пакіне вялікі, сур'ёзны след у мерапрыемствах гэтага года, - сказаў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. - А беларускі глядач будзе мець магчымасць дакрануцца да спадчыны вялікага чалавека. Хацеў бы выказаць падзяку Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЭСКА і яе старшыні - міністру замежных спраў Уладзіміру Макею, Менскаму абласному і Валожынскаму раённаму выканаўчым камітэтам за працу па захаванні памяці нашага земляка і, вядома, Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь.

Выстава - галоўнае мерапрыемства з цэлага шэрагу падзей, запланаваных да Года Рушчыца ў Беларусі, урачыстае адкрыццё якога адбылося 27 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі. У экспазіцыю ўвайшлі не толькі карціны самага Фердынанда Рушчыца, але і працы мастакоў яго асяроддзя. Гэта і творы яго настаўнікаў у Акадэміі мастацтваў - Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, яго аднакурснікаў па майстэрні Куінджы - Мікалая Рэрыха, Канстанціна Багаеўскага, Вільгельма Пурвіціса, Аркадзя Рылова і інш. Цэлы раздзел прысвечаны вучням Фердынанда Рушчыца, выпускнікам Віленскага ўніверсітэта, выдатным беларускім мастакам Пятру Сергіевічу і Міхасю Сеўруку.

Дапаўняюць экспазіцыю таксама творы сучасных мастакоў - удзельнікаў плянэраў, прысвечаных майстру, і цікавы архіў фатаграфій вёскі Багданава, выкананых падчас Першай сусветнай вайны, з калекцыі Уладзіміра Багданава.

Да нядаўняга часу ў зборы НММ захоўвалася толькі адна праца Ф. Рушчыца "Ля касцёла" 1899 года. У лістападзе 2019 года былі набыты ў калекцыі ўнука мастака і перададзены ў дарунак яшчэ тры маляўнічыя працы.

Паводле Ірыны Аўсяп'ян. Фота: Белта і У. Шлапака.

Марка "Фердынанд Рушчыц"

5 лістапада 2020 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў аварот паштовую марку "Фердынанд Рушчыц" з эмблемай Рэгіянальнай садружнасці ў вобласці сувязі (РСС).

Дызайн Алены Мядзведзь. Друк афсетны, поўнаколерны. Папера мялованая, гумаваная. Памер маркі 52х29,6 мм. У лісце сем марак і адзін купон. Памер ліста 180х109 мм. Тыраж маркі 35 тыс.

Марка друкавалася ў РУП "Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.Т. Непагодзіна". Дызайн спецштэмпеля і канверта "Першы дзень" А. Мядзведзь. Колер масцікі - чорны.

Памятныя манеты "Фердынанд Рушчыц. 150 год"

Памятныя манеты "Фердынанд Рушчыц. 150 год" уведзены ў зварот: 14 верасня 2020 года. Дызайн: С. Заскевіч (Беларусь). Чаканка: РГП "Казахстанскі манетны двор НБ РК", Усць-Каменагорск, Казахстан.

Выпушчаны два наміналы.

Срэбная, проба срэбра: 925, намінал: 20 рублёў.

Медна-никелевая, намінал: 1 рубель

Манеты маюць прастакутную форму, з правага і левага бакоў - кант, які выступае па перыметры прастакутніка. Бакавая паверхня манет без насечкі.

Аверс: справа ўнізе - рэльефны малюнак Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь; вакол яго надпіс: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; у цэнтры - фрагменты карціны мастака Фердынанда Рушчыца "Пустка. Старое гняздо", выкананыя з выкарыстаннем лічбавага друку; унізе паказаны намінал 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), год чаканкі; злева - проба сплаву (на срэбнай).

Рэверс: у цэнтры - рэльефная выява фрагмента карціны "Зямля", справа - партрэт Фердынанда Рушчыца; унізе злева надпіс: Ф. РУШЧЫЦ; уверсе справа - гады жыцця мастака: 1870-1936.

Беларуская мова ад перапісу да перапісу

Юры Дракахруст

Леташні перапіс паказаў, што тэндэнцыя рэзкага скарачэння абшару беларускай мовы спынілася і павярнула ў адваротны бок.

Сцісла

- Паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў паказнікі беларускай мовы як роднай і мовы хатніх зносінаў змяніліся неістотна;

- За 10 гадоў захаваўся характар сувязі моўных паводзінаў з адукацыяй і ўзростам: чым вышэйшы ўзрост і чым ніжэйшая адукацыя, тым больш беларускай мовы - і як роднай, і як мовы хатніх зносінаў;

- На працягу 10 гадоў павялічыўся абшар беларускай мовы ў групах з сярэдняй і вышэйшай за сярэднюю адукацыяй, а таксама ўва ўзроставых кагортах да 40 гадоў (адносна беларускай як мовы хатніх зносінаў - да 60 гадоў);

- Павелічэнне долі беларускай мовы як роднай і мовы хатняга ўжытку не заўсёды адлюстроўвае рэальныя змены моўных паводзінаў, але яно сведчыць пра ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці

Леташні перапіс паказаў, што тэндэнцыя рэзкага скарачэння абшару беларускай мовы спынілася і павярнула ў адваротны бок.

Падчас перапісу 2019 года роднай назвалі беларускую 54% грамадзян Беларусі; за 10 гадоў да таго такі адказ далі 53,2%; на перапісе 1999 года беларускую назвалі роднай 73,7% жыхароў краіны.

Прыкладна такая ж дынаміка назіралася і ў адказах пра мову хатняга ўжытку - у адказах на пытанне перапісаў "На якой мове Вы звычайна гаворыце дома?". Летась беларускую мовай хатняга ўжытку назвалі 26%, у 2009 годзе - 23%, у 1999-м - 36,7%.

Як гэтыя змены пазіцыяў беларускай мовы аказаліся звязанымі з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі?

Дзякуй, Белстат!

Белстат на сваім сайце і ў афіцыйных публікацыях не дае і не даваў раней дадзеных пра сувязь адказаў на моўныя пытанні перапісаў з узростам і адукацыяй.

Аднак на маю просьбу спецыялісты Белстату падрыхтавалі і перадалі мне гэтыя дадзеныя, летась - аб перапісе 2009 года, сёлета - аб перапісе 2019 года. Выказваю ім сваю шчырую ўдзячнасць.

Я атрымаў ад Белстату дадзеныя не па ўсіх масівах перапісаных за 2009 і 2019 гады, а толькі па тых перапісаных, хто мае ўзрост 15 і больш гадоў, пазначыў падчас перапісу сваю адукацыю, а таксама назваў роднай мовай беларускую альбо расейскую.

Гэта прыкладна па 80% усіх перапісаных і ў 2009 і ў 2019 гадах. Абмежаванне ў гэтым выпадку не надта істотнае, бо паводле закону адказы на пытанні пра родную мову і мову хатняга ўжытку за грамадзян узросту да 18 гадоў даюць іх бацькі, а не яны самі. У перапісе 2009 года дзеці і падлеткі (0-14 гадоў) складалі 14,7% ад усіх перапісаных, у перапісе 2019 года - 16,9%.

Мова і адукацыя

У далейшым выкладзе тэрмін "усе" будзе азначаць менавіта гэтыя групы апытаных - узросту 15 гадоў і больш, з пазначанай адукацыяй, з беларускай ці расейскай роднай мовай.

Навідавоку шчыльная сувязь паміж адказамі на моўныя пытанні перапісаў і адукацыяй: чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым часцей у адпаведнай групе ніжэйшая доля асобаў, у якіх беларуская - родная ці мова хатняга ўжытку. Перапісаныя з вышэйшай адукацыяй - адзіная група, у якой асобы з роднай беларускай складаюць меншасць.

Разам з тым варта адзначыць змены, якія адбыліся ў моўных прэферэнцыях групаў насельніцтва з рознымі ўзроўнямі адукацыі.

Паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў доля людзей з роднай беларускай знізілася ў групах з самай нізкай адукацыяй - базавай і ніжэйшай. У той жа час амаль ва ўсіх іншых адукацыйных групах гэтая доля альбо засталася прыкладна ранейшай (як у групе з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй), альбо павялічылася.

Найбольшы рост (прыкладна на 5 адсоткавых пунктаў) назіраўся ў групах з сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. У гэтых дзвюх групах доля асобаў з роднай беларускай у перапісе 2019 года стала вышэйшай, чым у групе з базавай адукацыяй.

Дакладна такія ж тэндэнцыі назіраліся і адносна мовы хатняга ўжытку: сярод тых, хто мае адукацыю не вышэйшую за базавую - зніжэнне долі беларускамоўных; сярод усіх астатніх адукацыйных групаў - павелічэнне гэтай долі; найбольш істотнае - у групах з сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.

Іншымі словамі, за 10 гадоў беларуская мова страціла свае пазіцыі сярод асобаў з невысокай адукацыяй, але ўмацавала - у групах з больш высокай адукацыяй. Пры гэтым найбольшае ўмацаванне адбылося сярод асобаў з не самай высокай, але і не з самай нізкай адукацыяй.

Фактычная нязменнасць паказнікаў моўных паводзінаў насельніцтва ў цэлым аказваецца вынікам рознаскіраваных працэсаў у групах з розным узроўнем адукацыі.

Мова і ўзрост

Сувязь адказаў на моўныя пытанні перапісаў з узростам у нечым падобная да іх сувязі з адукацыяй.

На графіках 3 і 4 дадзеныя па самых маладых перапісаных прыводзяцца з пяцігадовым інтэрвалам з прычыны важнасці гэтых групаў для прагназавання будучыні. Хоць, як паказваюць графікі, моўныя паводзіны гэтых групаў ня вельмі розняцца. Дадзеныя па іншых узроставых групах, акрамя найстарэйшай, прыводзяцца з дзесяцігадовым інтэрвалам.

Графікі 3 і 4 паказваюць, што адказы на моўныя пытанні шчыльна звязаны і з узростам: чым старэйшая ўзроставая кагорта, тым больш у ёй людзей з роднай беларускай і беларускамоўных. Але звяртаюць на сябе ўвагу змены, якія адбыліся на працягу 10 гадоў.

Што тычыцца роднай мовы, то сярод насельніцтва, маладзейшага за 40 гадоў, доля людзей з беларускай роднай павялічылася, а сярод насельніцтва ўзросту 40 гадоў і старэйшага - зменшылася. А ў адказах на пытанне пра мову хатняга ўжытку доля беларускамоўных павялічылася ва ўсіх узроставых кагортах, акрамя дзвюх найстарэйшых - 60 і больш. У гэтых дзвюх кагортах - 60-69 і 70 і старэйшых - адсотак беларускамоўных і ў 2019 годзе застаўся больш высокі, чым у іншых узроставых кагортах, але ў іх доля беларускамоўных зменшылася, а ў маладзейшых кагортах павялічылася.

Як і ў сітуацыі з адукацыяй, нязменнасць агульных лічбаў - раўнадзейная рознаскіраваных зменаў у розных узроставых групах.

Мова як чыннік нацыянальнай ідэнтычнасці

І практычны досвед, і навуковыя даследаванні паказваюць, што адказ на моўныя пытанні перапісу - гэта нярэдка не столькі канстатацыя рэальных моўных паводзінаў людзей, колькі акт нацыянальнай ідэнтыфікацыі паводле формулы: я называю беларускую мову сваёй роднай ці нават мовай хатняга ўжытку, таму што я беларус.

Пацверджаннем дзеяння гэтага культурна-псіхалагічнага механізма з'яўляюцца дадзеныя двух наступных графікаў, якія ўяўляюць сабой пэўную мадыфікацыю прыведзеных вышэй графікаў 3 і 4. У графіках 3 і 4 супастаўляліся моўныя паводзіны аднолькавых узроставых кагортаў у перапісах, адлеглых адзін ад аднаго на 10 гадоў.

У наступных графіках супастаўляюцца моўныя паводзіны адных і тых жа ўзроставых кагортаў, але пасталелых на 10 гадоў: людзі, якім у 2009 годзе было ад 30 да 39, параўноўваюцца з тымі, якім у 2019 годзе было ад 40 да 49 гадоў, іншымі словамі, з імі ж самімі праз дзесяцігоддзе.

На першы погляд, дадзеныя графікаў 5 і 6 вельмі дзіўныя. Зразумела, за 10 гадоў нехта памёр, нехта эміграваў, нехта прыехаў у Беларусь, нехта мог быць перапісаны адзін раз і не перапісаны другі, так што поўнага супадзення адпаведных узроставых кагортаў, адлеглых на 10 гадоў, няма. Тым не менш збольшага гэта адны і тыя ж людзі, толькі пасталелыя на дзесяцігоддзе.

Як жа так істотна могуць адрознівацца іх адказы на моўныя пытанні? Па ідэі, гэтым могуць адрознівацца толькі самыя маладыя кагорты. Як было адзначана вышэй, амаль за ўсю самую малодшую кагорту (15-18) на моўныя пытанні адказваюць бацькі. Пасталеўшы на 10 гадоў, гэтыя юнакі могуць даваць іншыя адказы.

Да таго ж у маладосці людзі самавызначаюцца, у тым ліку і ў моўных прэферэнцыях.

Але, як бачна з графікаў 5 і 6, грамадзяне Беларусі самавызначаюцца ў моўных прэферэнцыях усё жыццё. І кірунак гэтага самавызначэння адзін для ўсіх кагортаў, якія фігуруюць на графіках 5 і 6 - рост долі беларускай мовы і як роднай, і як мовы хатняга ўжытку.

Здавалася б, калі дарослы чалавек мае ўзрост 30 і тым больш 50 гадоў, то якая ў яго родная мова і на якой мове ён пераважна размаўляе дома - ён вызначае назаўжды, гэтыя мовы не павінны мяняцца праз 10 гадоў.

Але яны, як бачым, мяняюцца і ў гэтых людзей, прычым мяняюцца істотна. І тлумачэнне - апісаны вышэй механізм: я беларус (беларуска) - значыць, мая родная мова беларуская і я мушу гаварыць па-беларуску (значыць, я і дома размаўляю па-беларуску). У розных узроставых кагортах на гэты механізм прыпадае да 9 адсоткавых пунктаў прыросту беларускай як роднай ці мовы хатняга ўжытку ў адных і тых жа людзей на працягу 10 гадоў.

Яшчэ адзін парадокс графікаў 5 і 6 у параўнанні з графікамі 3 і 4 - чаму на графіках 5 і 6 істотнае павелічэнне беларускай мовы ва ўсіх узроставых кагортах, чаму яно значна меншае на графіках 3 і 4?

Таму што значнай колькасці людзей узроставай кагорты "70 і старэйшыя", якія трапілі ў перапіс 2009 года, у 2019 годзе ўжо не было на свеце, яны памерлі за гэтыя 10 гадоў. Як бачна на графіках 3 і 4, менавіта самыя старыя давалі самыя высокія адсоткі і роднай беларускай (74%), і беларускай як мовы хатняга ўжытку (48,9%).

За 10 гадоў ладная частка іх пайшла з жыцця, іх унёсак у беларускамоўнасць у 2019 годзе ўжо знік. Але іх сыход скампенсаваўся ростам беларускай мовы прынамсі як чынніка ідэнтычнасці ва ўсіх іншых узроставых кагортах, якія яшчэ жывыя.

* * *

За 10 гадоў, якія прайшлі паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў, распаўсюд беларускай мовы істотна не змяніўся. Тыя змены, якія адбыліся, далёка не наблізіліся да ўзроўню, на якім беларуская мова была ў грамадстве ў 1999 годзе.

Захаваўся і характар сувязі моўных паводзінаў з адукацыяй і ўзростам: чым вышэйшы ўзрост і чым ніжэйшая адукацыя, тым больш беларускай мовы і як роднай, і як мовы хатніх зносін у адпаведнай дэмаграфічнай групе.

Аднак на працягу 10 гадоў павялічыўся абшар беларускай мовы ў групах з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, а таксама ўва ўзроставых кагортах да 40 гадоў (адносна беларускай як мовы хатніх зносін - да 60 гадоў).

Павелічэнне долі беларускай мовы як роднай і як мовы хатняга ўжытку не заўсёды адлюстроўвае рэальныя змены моўных паводзінаў, але яно сведчыць пра ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Паводле Радыё Свабода. narodny.org.

НЯМЕЦКІЯ ІМЁНЫ

Большасць сучасных нямецкіх імёнаў можна падзяліць на дзве групы. Першая - гэта імёны старажытнагерманскага паходжання (Karl, Ulrich, Wolfgang, Gertrud), другая - іншамоўныя імёны, запазычаныя з каталіцкага календара (Johann, Katharina, Anna, Margarete). Нямецкае заканадаўства забараняе даваць дзецям у якасці імёнаў геаграфічныя назвы, прозвішчы ці выдуманыя імёны (як гэта прынята, напрыклад, у ЗША), але затое дазваляе даваць неабмежаваную колькасць імёнаў, што адпавядае каталіцкім традыцыям, якіх прытрымліваецца траціна насельніцтва Германіі.

У апошні час у якасці пашпартных усё часцей выступаюць кароткія ці памяншальныя імёны: Kathi (замест Katharina), Heinz (замест Heinrich). Практыкуецца таксама зрашчэнне падвойных імёнаў: Marlene = Maria+ Magdalene, Annegret= Anna+ Margarete, Annemarie = Anna+ Marie.

Транскрыпцыя нямецкіх імёнаў

У беларускай мове прынята перадаваць нямецкі гук [h] як "г": Hans - Ганс, Helmut - Гельмут, Burkhard - Буркгард. Мы кажам і пішам Генрых Гейне, Вільгельм Гогенцолерн. Жаночыя імёны, якія заканч-ваюцца на -e, у беларускай транскрыпцыі ў асноўным перадаюцца з канчаткам -а: Martine - Марціна, Magdalene - Магдалена (тым больш, што ў нямецкай мове таксама ёсць формы Martina і Magdalena).

Самыя папулярныя нямецкія імёны

Таварыства нямецкай мовы (GfdS) у Вісбадэне прааналізавала, якія імёны бацькі ў Германіі давалі сваім дзецям у 2019 годзе. Большасць немцаў выбіраюць для сваіх дзяцей традыцыйныя імёны, якімі звалі іх бацькоў, дзядуляў і бабуль. Мала таго, яны з года ў год паўтараюцца ў рэйтынгах.

Ганна і Ноа былі самымі папулярнымі імёнамі для нованароджаных. Сярод імёнаў для дзяўчынак на другім месцы апынулася Эма, саступіўшы па папулярнасці лідару зусім нязначна. Затым стаіць Міа на трэцім месцы. У тройцы самых папулярных імёнаў для хлопчыкаў значацца Бэн і Паўль.

Адметна тое, што бацькам падабаюцца, як і ў мінулыя гады, мілагучныя і мяккія імёны для дзяўчынак, тлумачыць лінгвіст і чалец кіравання GfdS прафесар Дамарыс Нюблінг (Damaris Nubling). Так, у першую дзясятку ўваходзяць Эмілія (4), Ліна (6) і Міла (9). "Імёны хлопчыкаў у гэтым сэнсе некалькі больш разнастайныя", - сказала Нюблінг інфармацыйнаму агенцтву dpa. Спектр галосных і зычных у імёнах для хлопчыкаў значна багацейшы. У спіс самых папулярных першых імёнаў летась у Германіі ўвайшлі, у прыватнасці, Луіс (5), Фелікс (7) і Фін (10).

У 2018 годзе спіс самых папулярных імёнаў узначалілі такія імёны, як Мары (Marie), Сафі (Sophie/Sofie), Паўль (Paul), Аляксандр (Alexander).

Нароўні з так званымі "класічнымі" ў спіс самых папулярных імёнаў у 2018 годзе ўвайшлі і кароткія імёны - Міа (Mia), Ганна (Anna), Лявон (Leon) і Ноа (Noah). Новымі ў рэйтынгу аказаліся Ёганна (Johanna) і Генры (Henry).

У 2017 годзе дзяцей, якія нарадзіліся ў Германіі, часцей за ўсё звалі Эма (Emma) і Бэн (Ben).

Сёлета Таварыства нямецкай мовы склала рэйтынг з улікам толькі першых імёнаў. Раней даследнікі мовы ў Вісбадэне ўлічвалі ўсе імёны, якія дзеці атрымліваюць пры нараджэнні. GfdS абапіраецца на дадзеныя 700 цэнтраў запісу актаў грамадзянскага стану па ўсёй краіне, што ахоплівае 89 адсоткаў усіх нованароджаных.

У апошнія гады прынцыповых змен у спісах самых папулярных імёнаў, па словах Дамарыс Нюблінг, не адбывалася. Затое зусім іншая карціна складаецца, калі паглядзець на рэйтынгі мінулых дзесяцігоддзяў.

Імёны для хлопчыкаў атрымалі "жаночы" канчатак

У 1950-х і 1960-х гадах папулярныя імёны для хлопчыкаў былі кароткімі і мелі больш цвёрдае гучанне, напрыклад Петар, Вернер ці Клаўс. Наадварот, дзяўчынак у той час часта звалі Габрыэлай, Урсулай ці Анжалікай, гэта значыць імёнамі даўжэйшымі і плаўнымі. З 1970-х гадоў імёны хлопчыкаў таксама сталі даўжэйшымі і больш маляўнічымі - Міхаэль, Крысціян ці Андрэас. Новы трэнд азначыўся ў 1990-я гады, калі імёны хлопчыкаў пачалі станавіцца ўсё больш жаноцкімі, і працягваўся аж да 2000-х, калі ў рэйтынгах у лідары вырваліся такія імёны, як Лука ці Ноа. Да гэтага галосная "а" ў канцы імя стаяла толькі ў імёнах для дзяўчынак, падкрэслівае Нюблінг.

У самым канцы актуальнага рэйтынгу сабраліся, па меркаванні эксперта, будучыя фаварыты: у спіс папулярных імёнаў для хлопчыкаў ужо некалькі гадоў запар уваходзяць Матеа (13), Ліам (20) і Мілан (14). Сярод жаночых імёнаў Дамарыс Нюблінг бачыць патэнцыял у Іды (18), Фрыды (13) і Шарлоты (17).

Старажытнагерманскія імёны

Старажытнагерманскія імёны фармаваліся на базе старажытна-германскіх моваў.

Старажытнагерманскія мовы - мовы германскіх плямёнаў, якія паводле пэўных тэорый (магчыма, спрэчных) паходзяць ад прагерманскай мовы-асновы. Старажытнагерманскія мовы прынята падзяляць на тры групы: заходнюю, паўночную і ўсходнюю.

Да заходніх моў (пісьмовыя крыніцы - VII - X стст.) адносяцца старажытнаверхненямецкая - продак сучаснай нямецкай мовы, старажытнаніжненямецкая (старажытнасаксонская) - продак ніжненямецкіх дыялектаў, на якіх цяпер гавораць на поўначы Германіі і паўночным усходзе Нідэрландаў, старажытнаніжне-франкскавя - продак сучаснай нідэрландскай (галандскай, фламандскай) мовы і афрыкаанс, старажытнафрызская і старажытнаанглійская (англа-саксонская).

Мовы паўночнай групы падраздзяляюцца на заходнескандынаўскія (старажытнанарвежская і, пазней, старажытнаісландская - мова нашчадкаў нарвежскіх перасяленцаў, каланізаваўшых Ісландыю ў IX-X стст.) і ўсходнескандынаўскія (старажытна-дацкая, старажытнашведская і вельмі блізкія да апошняй гаўцкая і гутнійская).

Да ўсходняй групы (пісьмовыя крыніцы - IV - VI стст.) прылічаюцца мовы готаў, бургундаў, вандалаў (віндылаў), карынаў, варынаў, герулаў і яшчэ некалькіх плямёнаў. Пра большасць з іх практычна нічога невядома; выключэнне складае гоцкая мова, якая мела сваё пісьменства, створанае ў IV ст. вестгоцкім біскупам Вульфілам на аснове грэцкага і, магчыма, лацінскага і руніцкага алфавітаў. Да нашых дзён дайшлі ўрыўкі перакладу на гоцкую мову Новага Запавету, зробленага Вульфілам. Меркавана, першапачаткова готы насялялі на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Швецыі, па суседстве з роднасным племем гаўтаў (гетаў), хоць, магчыма, этнонім "гаўты" з'яўляецца ўсяго толькі варыянтам назвы готаў. На мяжы новай эры готы перасяліліся на паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора, а затым, у III ст. н.э., рассяліліся ў прычарнаморскіх стэпах, таксама захапіўшы Крым. Да гэтага часу яны падзяляюцца на два вялікія племянныя саюзы: остготаў (остраготаў, усходніх, стэпавых готаў) і вестготаў (візіготаў, заходніх, лясных готаў). У IV стагоддзі остготы і вестготы пад націскам гунаў накіроўваюцца на захад. Вестготы пад правадырствам Аларыха напачатку V стагоддзя заваёўваюць Рым, аднак утрымацца ў Італіі ім не ўдалося, і вестготы перавандроўваюць у Паўднёвую Галію, дзе ствараюць незалежнае Тулузскае каралеўства, якое праіснавала да 507 г. Пазней вестготы, выцесненыя з Аквітаніі, ствараюць новае каралеўства з цэнтрам у Таледа, якое праз два стагоддзі ўпадзе пад ударамі арабскіх заваёўнікаў, і раманізаваныя нашчадкі вестготаў, якія ўжо змяшаліся з мясцовымі плямёнамі, адступяць на поўнач Пірэнейскага паўвострава. Остготы, якія таксама перасяліліся на захад, у 493 годзе заваёўваюць Рым, аднак, у адрозненне ад іх вестгоцкіх субраццяў, ім удалося ўмацавацца ў Італіі, дзе яны стварылі остгоцкае каралеўства, што ўключала ў сябе тэрыторыю сучаснай Італіі, Ілірыю і Далмацію і якое праіснавала да сярэдзіны VІ стагоддзя. Пасля распаду гоцкіх каралеўстваў гоцкія дыялекты канчаткова знікаюць на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Даўжэй за ўсё гоцкая мова захоўваецца ў Крыме: нашчадкі готаў, якія не перасяліліся на захад, працягвалі гаварыць па-гоцку. У XVI ст. фламандскі купец Бусбек сустракае ў Канстанцінопалі двух готаў (або гота і грэка, які разумеў гоцкую мову) і запісвае некалькі дзясяткаў крымска-гоцкіх слоў. Аднак інфармацыя Бусбека не занадта надзейная, паколькі асобныя словы яго спісу маюць прыкметы, характэрныя для заходнегерманскіх моў.

Пра старажытнагерманскія імёны. Асноўную частку германскіх імёнаў, якія дайшлі да нас, складаюць двухсастаўныя (двухасноўныя) імёны. Большасць падобных імёнаў-кампазітаў сфармавалася, відаць, яшчэ ў прагерманскі перыяд - пра што сведчаць наяўнасць ідэнтычных формаў у розных старажытнагерманскіх мовах. Не выключана таксама, што асобныя імёны пазней запазычваліся аднымі плямёнамі ў іншых, падвяргаючыся фанетычным зменам. Як правіла, двухасноўныя імёны насілі прадстаўнікі сацыяльных вярхоў (пар. імёны старажытнарускіх князёў: Святаслаў, Яраслаў, Яраполк), што тлумачыць іх высокі адсотак сярод дайшоўшага да нас германскага анамастыкону: гістарычныя дакументы значна часцей згадваюць пра правадыроў і ваяводаў, чым пра сялян і шараговых ваяроў.

Аднаасноўныя імёны маглі ўяўляць сабою як самастойныя ўтварэнні ад словаасновы (часцяком з памяншальным або патранімічным суфіксам: Wulf, "воўк" - Wulfila, літар. "маленькі воўк, ваўчанё", Hwita, "белы" - Hwiting, "сын/нашчадак Гвіты, сын/нашчадак Белага"), так і кароткія формы двухасноўных імёнаў (Berta - Bertrada).

Семантыка старажытнагерманскіх імёнаў

Семантыку імянных асноў можна падзяліць на некалькі асноўных катэгорый:

1. Асновы "ваеннай" тэматыкі: sigiz, sigaz - "перамога" (гоцк. sigis, sigus, стар.ісл. sigr, стар.англ. sige, syge, стар.верхненям. sigu, sigi, sig): Sigibodo ("перамога" + "пасланец, ганец"), Sigihard/Sigeheard ("перамога" + "моцны, устойлівы, адважны"), Sigimar/Sigmarr ("перамога" + "знакаміты, хвалебны"), Vulfsig/Wulfsige ("воўк" + "перамога")...

2. Назвы вышэйшых істот, асабістыя імёны багоў: ansu-z, ansi-z - "боства, бог, ас" (стар.ісл. ass, стар.англ. as, стар.сакс. as, стар. верхненям. ans): Ansger/Osgar/Asgeirr ("ас, асы" + "дзіда"), Oslaf/Аsleifr ("ас, асы" + "спадчына, спадчыннік") Answart/Osweard/Аsvarоr ("ас, асы" + "вартавы, захавальнік"), Ansovin/Oswine ("ас, асы" + "сябар") Ansiulf/Oswulf/Аsоlfr ("ас" + "воўк") alba-z, albi-z - "эльф, альв" (гоцк. albs, alfs, стар.ісл. аlfr, стар.сакс. alf, стар. верхненям. alb):

3. Фізічныя і маральныя якасці: hauha-, hauhaz - "высокі, узнёслы" (гоцк. hauhs, стар.ісл. hаr, hа, стар. англ. hаah, hаh, стар.сакс., стар. верхненям. hаh): Heahmund/Hаmundr ("высокі" + "абарона, абаронца") Hohstein/Heahstan/Hаsteinn ("высокі" + "камень"), Sigihoh/Sigeheah ("перамога" + "высокі"), alda-, aldaz - "стары" (гоцк. alda, стар.англ. eald, стар.сакс. ald, стар.верхненям. alt): Aldiger/Ealdgar ("стары" + "дзіда") Aldulf/Ealdwulf ("стары" + "воўк"), Altheri/Ealdhere ("стары" + "войска")...

4. Сацыяльныя катэгорыі: Ermanarich/Eormenric ("велізарны, усёабдымны" + "багаты, магутны; правадыр, кіраўнік") Frideric/Frithuric/Fridrekr ("свет, бяспека" + "багаты, магутны; правадыр, кіраўнік") waldan-, walda-n, waldia-n - "кіраваць, панаваць" (гоцк. waldan, стар.ісл. valda, стар.англ. wealdan, стар.сакс. waldan, стар.верхненям. waltan): Answald/Osweald/Аsvaldr ("ас, асы" + "улада, які валодае")

5. Назвы жывёл wulfa-, wulfaz - "воўк" (гоцк. wulfs, стар.ісл. ulfr, стар.англ., стар.сакс. wolf, wulf, стар. верхненям. wolf): Wolfger/Wulfgar/Ulfgeirr ("воўк" + "дзіда") Wolfihilda/Wulfhild/Ulfhildr ("воўк" + " бітва, бой"), Vulfsig/Wulfsige ("воўк" + "перамога"), Gundulf/Gunndlfr ( "бой, бітва" + "воўк"), Asculf ("ясень/дзіда" + "воўк"), Ansiulf/Oswulf ("ас" + "воўк"), Aldulf/Ealdwulf ("стары" + "воўк"), Hardulf/Heardwulf ("моцны, устойлівы, адважны" + "воўк").

Як бачна, імёны-кампазіты складаліся са стандартных, часта паўтаральных імянных асноў. Камбінуючы гэтыя асновы, старажытныя германцы зважалі не гэтулькі на "агульнае" значэнне атрыманага імя, колькі на значэнне саміх асноў. Чым прэстыжней было паняцце, якое пазначаецца асновай, тым часцей яно выкарыстоўвалася пры складанні імёнаў.

Асобныя асновы імя маглі "ўспадкоўвацца" ад бацькоў да дзяцей або з'яўляцца ў імёнах дзяцей адной сям'і, служачы своеасаблівым радавым маркерам. Пар. імёны каралёў дынастыі Меравінгаў: Сігіберт I - сын Сігіберта Хільдаберт II - дзеці Хільдаберта II Тэадаберт II, Тэадарых II і Тэадалінда. У асобных выпадках імя дзіцяці магло складацца з асноў, наяўных у імёнах бацькоў. "Так, сына Эльфгівы (Еlfgifu) і караля Этэльрэда II (Еthelred) звалі Эльфрэд (Еlfred). Падобны спосаб канструявання асабістых імёнаў быў адлюстраваны ў крыніцах, якія адносяцца да пазнейшага часу, калі сам прынцып вар'іравання бацькоўскіх імёнаў ужо патрабаваў каментароў і тлумачэнняў.

Пытанне значэння імя паступова страціла сваю важнасць - тым больш, што мова, з якой запазычаліся імянныя асновы, часцяком была ўжо незразумелая тым, хто насіў гэтыя імёны. На пярэдні план выступілі іншыя фактары: сацыяльны прэстыж імя і наяўнасць знакамітых "цёзак".

Распаўсюд германскіх імёнаў

Германскія імёны (уключаючы старажытнаанглійскія і скандынаўскія) аказалі велізарны ўплыў на еўрапейскі анамастыкон. Заваёўваючы тэрыторыі, населеныя негерманскімі плямёнамі, германцы, як правіла, праз некалькі стагоддзяў гублялі сваю мову, але захоўвалі свае імёны. Франкі, якія заваявалі Рымскую Галію, змяшаліся з мясцовым насельніцтвам і да канца VIII стагоддзя канчаткова перайшлі на галараманскую гаворку, якая з'яўляецца продкам сучаснай французскай мовы. Аднак арыстакратыя, якая з'яўлялася (ці лічыла сябе) нашчадкамі франкаў, працягвала насіць германскія імёны: Carl/Karl (суч. фр. Charles), Chlodovech (суч. фр. Clovis, Louis), Theoderic (суч. фр. Thierry), Henric/Henrich (суч. фр. Henri). Аналагічным чынам гоцкія заваёўнікі пакінулі ў спадчыну продкам сучасных іспанцаў і італьянцаў імёны гоцкай шляхты: Alareiks, Alarich (суч. іт. Alarico), Hrodareiks, Hroderich (суч. ісп. Rodrigo), The-oderic/Theodoric (суч. ісп. і іт. Teodorico).

Скандынавы, якія аселі на тэрыторыі паўночнай Францыі і заснавалі напачатку X ст. герцагства Нармандыя, досыць хутка перайшлі на нармандскі дыялект старажытна-французскай мовы, але таксама працягвалі захоўваць свае старажытна-германскія імёны. Пасля нашчадкі заснавальнікаў Нармандскага герцагства прынеслі іх у заваяваную Сіцылію, а таксама ў Англію, дзе кантынентальныя германскія і скандынаўскія імёны (у іх паўночнафранцузскім варыянце) часткова выцеснілі старажытнаанглійскія аналагі.

Папулярнасць германскіх імёнаў на працягу Сярэдніх вякоў вызначалася першым чынам іх "арыстакратызмам". Гоцкія, франкскія і нарманскія заваёўнікі стаялі ля вытокаў генеалогіі значнай часткі шляхетных сямействаў, адпаведна, германскія імёны валодалі высокім сацыяльным прэстыжам. Іх насілі каралі, ваяводы, феадальныя сеньёры, а таксама прадстаўнікі вышэйшага духавенства. Пасля Рымская царква кананізуе немалую колькасць выхадцаў з арыстакратычных родаў - першым чынам, біскупаў, абатаў, плябанаў найболей вядомых манастыроў, і такім чынам германскія імёны трывала замацуюцца ў каталіцкім іменаслове. Пазней, калі царкоўны каляндар стане асноўнай (і ці ледзь не адзінай) крыніцай хрысцільных імёнаў, гэта сыграе сваю ролю ў пашырэнні іх папулярнасці. І, нарэшце, не апошнюю ролю ў распаўсюдзе германскіх імёнаў у негерманскай Еўропе сыграў народны эпас, у прыватнасці, так званы "каралінгскі цыкл". Большасць яго герояў, стаўшых для сярэднявечных еўрапейцаў узорам рыцарства, носяць германскія імёны.

Паводле dpa.

Бывай, наш дарагі сябра!

Нядаўна мы даведаліся, што ў лепшы свет адышоў нястомны змагар за Беларушчыну Мікола Галаўнёў.

Мікалай Іванавіч Галаўнёў нарадзіўся 10 жніўня 1934 г. на Віцебшчыне, у вёсцы Дзягілева Бешанковіцкага раёна. Так сталася, што пасля доўгіх вандровак ён апынуўся ў Менску, дзе жыў адзін, без сям'і ў інтэрнаце на вуліцы Дзянісаўскай у Ленінскім раёне нашай сталіцы.

Калі пачалося беларускае адраджэнне ў часы гарбачоўскай перабудовы Мікола ўступіў у шэрагі БНФ і быў актыўным сябрам мясцовай суполкі. У 1995 годзе, у складаны палітычны перыяд, уступіў у шэрагі ТБМ і да канца сваіх дзён штодня працаваў на беларускай ніве. Колькі разоў мы былі разам з ім на шэсцях у Курапаты, на розных мітынгах і пікетах, якія ладзіла ТБМ у абарону роднай мовы. У сваім Ленінскім раёне Мікола выконваў функцыі нязменнага скарбніка, рэгулярна збіраў сяброўскія складкі і ахвяраванні ды пераводзіў іх на рахунак ТБМ. Займаўся распаўсюдам нашай газеты, разносіў свежыя нумары "Нашага слова" па школах, бібліятэках Ленінскага раёна, арганізоўваў падпіску на "Наша слова" палітвязням, абмяркоўваў самыя цікавыя артыкулы са сваімі сябрамі, рэгулярна выбіраўся дэлегатам на з'езды ТБМ. Калі з Ліды прывозілі новыя нерасфасаваныя нумары газеты, Мікола мог па некалькі гадзін праводзіць у сядзібе ТБМ, каб давесці да ладу кожны нумар "Нашага слова" і потым заняцца распаўсюдам газеты.

Разам з Міколам адыходзіць у гісторыю цэлая эпоха, эпоха ўзнікнення і гартавання новай незалежнай Беларусі ў канцы ХХ і пачатку ХХІ стагоддзя. Няхай родная беларуская зямля будзе пухам нашаму аднадумцу і паплечніку!

Алег Трусаў, ганаровы старшыня ТБМ.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першае паўгоддзе 2021 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 59. Цана змянілася нязначна. У 2021 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце.

Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Пара купляць "Родны край"

Беларускамоўны каляндар "Родны край" выйшаў сёлета накладам 4500 асобнікаў. Летась было столькі ж. Наклад не зменшыўся, значыць, летась каляндар раскупілі. Трэба пастарацца і цяпер, а дзе не хопіць, пісаць заяўкі на дадатковую пастаўку. Гэтыя заяўкі дадуць падставу павялічыць наклад на наступны год.

Наш кар.

Прэзідэнт ФРГ нагадаў пра значнасць адносін з Польшчай

Навіны Германіі

Прэзідэнт ФРГ Штайнмайер у 50-я ўгодкі жэсту пакаяння канцлера Вілі Брандта ў Варшаве вітаў рашэнне бундэстага паставіць у Берліне помнік палякам - ахвярам Другой сусветнай вайны.

Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер (Frank-Walter Steinmeier) нагадаў пра значнасць адносін Федэратыўнай Рэспублікі з Польшчай. Партнёрства Германіі і Польшчы з'яўляецца "важнай перадумовай да паспяховай будучыні", гаворыцца ў відэапаведамленні Штайнмайера, апублікаваным у панядзелак, 7 снежня, праз 50 гадоў пасля знакамітага жэсту пакаяння канцлера ФРГ Вілі Брандта (Willy Brandt) у Варшаве.

"Але мы не забудземся і мінулае. Ні гора палякаў, ні гістарычная мужнасць для пагаднення, ні кленчанне, якое нагадвае нам пра гэта", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт ФРГ вітаў рашэнне бундэстага паставіць у Берліне помнік палякам - ахвярам Другой сусветнай вайны. Па меркаванні Штайнмайера, манумент стане "бачным знакам супраць забыцця".

Міністр замежных спраў ФРГ Хайка Мас (Heiko Maas) таксама не пакінуў без увагі юбілей важнага палітычнага жэсту. Учынак Брандта з'яўляецца прызнаннем віны Германіі за злачынствы Халакосту супраць чалавечнасці, піша Мас у калонцы для выдання Passauer Neue Presse. Сам экс-канцлер не нясе віны, падкрэсліў кіраўнік МЗС ФРГ. Ён "схіліў калені за тых, каму варта так зрабіць", адзначыў міністр, таксама вітаючы рашэнне бундэстага.

Варшаўскае гета

У 1940 годзе нацысты стварылі ў Варшаве самае вялікае габрэйскае гета на тэрыторыі акупаванай імі Еўропы. У ліпені-верасні 1942-га 300 тысяч габрэяў з Варшавы былі дэпартаваны ў канцэнтрацыйны лагер Трэблінка і знішчаны. Сотні жыхароў габрэйскага раёна аб'ядналіся ў падпольныя групы супраціву. Паўстанне ў Варшаўскім гета ішло з 19 красавіка па 16 траўня 1943 года і было жорстка задушана нацыстамі.

Вілі Брандт узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру

Вілі Брандт узначальваў урад ФРГ у 1969-1974 гадах. 7 снежня 1970 года падчас візіту ў Польшчу ён устаў на калені перад помнікам героям паўстання ў Варшаўскім гета. Спантаны жэст стаў знакам пакаяння за злачынствы, здзейсненыя немцамі ў часы нацыянал-сацыялізму. У 1971 году Брандт быў ганараваны Нобелеўскай прэміяй міру "за стварэнне ўмоў для сур'ёзнага дыялогу паміж Усходам і Захадам".

DW

Пляменнік паэта ўдзельнічаў у будаўніцтве БелАЭС

Дому Таўлая - 10 гадоў

Аднаго інтэрв'ю, каб раскрыць няспынную пошукавую дзейнасць Дома Таўлая ў Лідзе, які нядаўна адзначыў сваё 10-годдзе, аказалася недастаткова, і днямі мы зноў запрасілі да гутаркі куратара Дома Таўлая, навуковага супрацоўніка Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алеся ХІТРУНА.

Дачка апраўдала спадзяванні бацькі

У апошні час, дзякуючы інтэрнэту, Алесь Хітрун даследаваў заходнебеларускія часопісы і газеты, якія выходзілі ў 20-30-х гадах, і знайшоў у іх вершы і артыкулы Валянціна Таўлая, надрукаваныя пад рознымі псеўданімамі. Няпростая была задача вызначыць іх аўтарства, ведаючы, што псеўданімаў у паэта было дзесьці каля дваццаці. Напрыклад, у часопісе "Калоссе" за 1938 год змешчаны верш "Перамога", падпісаны псеўданімам Паўлюк Сірата. У часопісе "Беларускі летапіс" за 1939 год ёсць артыкул пра кампазітара Міхала Забэйда-Су-міцкага, падпісаны псеўданімам А. Горны. Таўлай быў добра знаёмы з гэтым кампазітарам, як і з Рыгорам Шырмам, Генадзем Цітовічам.

Вядома, што паэт збіраў народную музыку, валодаў добрым музычным слыхам, часам выстукваў пальцамі на прывезеным у Менск пасля вызвалення Наваградка піяніна розныя мелодыі. Да музыкі хацеў далучыць з самых ранніх год і сваю дачку Галіну. Лечачыся ў І клінічнай бальніцы Менска ў 1947 годзе, ён прасіў жонку Лідзію ўключаць маленькай Галінцы перад сном радыёпрыёмнік. Дарэчы, Галіна Таўлай у далейшым атрымала вышэйшую музычную адукацыю, апраўдаўшы спадзяванні бацькі.

Што датычыцца Забэйды-Суміцкага, пра якога пісаў Валянцін Таўлай, у 1938 годзе, у час гастрольнага тура, музыкант прыязджаў у Ліду. А ўвогуле, выступаў ён у многіх гарадах, у тым ліку, у Празе, Парыжы, Лондане, Нью-Ёрку.

Пасля смерці Таўлая было напісана нямала песень на яго вершы. Напрыклад, беларускі кампазітар Леанід Шурман напісаў сем такіх песень і адну - на верш Максіма Танка, прысвечаны памяці Валянціна Таўлая. Копіі гэтых раздруковак таксама ёсць у доме-музеі ў Лідзе, яны перададзены самім кампазітарам. Але шкада, што няма ахвотных ажывіць гэтыя творы. Алесь Хітрун марыць аб тым, каб яны загучалі ў сценах дома паэта.

Таўлай тады смяяўся ад шчасця…

Жывучы ў Лідзе і працуючы ў рэдакцыі газеты "Уперад", Валянцін Таўлай пісаў артыкулы і вершы для гэтай газеты. У Доме Таўлая ёсць фотарэпрадукцыя яго артыкула "Ліквідаваць самацёк у падрыхтоўцы да зімы" (1940, пад псеўданімам М. Гарустовіч). Вядома, што ў той жа перыяд (1939-1941 гг.) у газеце "Уперад" працавала яшчэ адна заходнебеларуская паэтэса - Ніна Тарас. Яе вершы таксама змяшчаліся ў газеце. У Доме Таўлая захоўваецца пісьмо Ніны Тарас 1966 года тагачаснаму дырэктару Лідскага краязнаўчага музея Мікалаю Іванову, у якім яна расказвае пра "лідскі" перыяд свайго жыцця, пра Валянціна Таўлая.

Так, паэтэса піша, што спачатку Таўлай утойваў ад яе, што ён паэт, пазней дзяліўся з ёй сваімі вершамі, творчымі задумамі. Таўлай вёў у газеце літаратурную старонку, працаваў з маладымі літаратарамі Лідчыны. Ніна Тарас узгадвае першамайскую дэманстрацыю 1940 года ў Лідзе, якую яна і Валянцін Таўлай разам назіралі з балкона рэдакцыі і па-добраму пасмейваліся над вершамі адно аднаго, якія былі змешчаны ў першамайскім нумары газеты "Уперад". Таўлай тады смяяўся ад шчасця.

Рэдакцыя на той час размяшчалася па вуліцы Савецкай, у раёне Архістраціга-Міхайлаўскага кафедральнага сабора. Вядома, што падчас вайны гэты будынак быў знішчаны.

А ў перадваенны перыяд паэт рыхтаваў сябе да вялізнай творчай працы, збіраў шмат фактычнага матэрыялу, дакументаў.

Бываў Таўлай у Лідзе і ў гады нямецкай акупацыі, заходзіў на кватэру да Ніны Тарас, якая праз яго наладжвала сувязь з партызанамі. Ніна Міхайлаўна, між іншым, прыязджала да яго на Наваградчыну па чарговыя партызанскія заданні. У будучым паэтэса прысвяціла Таўлаю два вершы.

Дзёрзкая, з сівой пасмай у чорных валасах…

У траўні бягучага года шэраг матэрыялаў, якія маюць дачыненне да жыцця і дзейнасці Валянціна Таўлая, перадаў у дом-музей Мікалай Мікалаевіч Грабёнкін - сын Мікалая Іванавіча Грабёнкіна, які разам з Таўлаем прымаў удзел у партызанскім руху на Навагрудчыне. Дык вось, разам з іншымі матэрыяламі была перададзена газетная выразка з "ЛіМа" за 1969 год. Там змешчаны ўрывак з аповесці Уладзіміра Калесніка "Кірмаш" (у "Полымі" за 1964-1965 гады твор быў надрукавана пад назвай "Аповесць пра Таўлая", асобным выданнем не выходзіла). Падзеі ў гэтым урыўку адбываюцца ў першыя месяцы вайны, калі Таўлай пакінуў Ліду і пераехаў у Наваградак. На кірмашы ў Наваградку паэт сустрэўся са сваім сябрам па Гарадзенскай турме Васілём Ражко. У гутарцы з сябрам Таўлай згадвае сваю першую жонку, яўрэйку Кіру Брант, з якой жыў у Лідзе. Кіра са слоў Таўлая паўстае перад чытачом дзёрзкай, з сівой пасмай у чорных, па-хлапечы стрыжаных валасах. Паэт верыў, што яна засталася ў жывых і хаваецца ад немцаў у надзейным месцы (а так яно і было). Гэта чарговы доказ таго, што яна не была расстраляна немцамі ў Лідзе, як у свой час лічылі даследчыкі. Аб тым, што яна выжыла, пісаў і Максім Танк. Згадвае паэт у аповесці "Кірмаш" і сваё першае каханне - Кацярыну Главінскую, якой ён прысвяціў верш "Таварышу маёй вясны".

Доўгі час тут палілася печ

- А цяпер, - працягвае нашу гутарку Алесь Хітрун, - я хацеў бы расказаць пра будынак у Лідзе, у якім у 1939-1941 гадах жыў Валянцін Таўлай і які зараз называецца Домам Таўлая.

Як вядома, з 1944 года і да сярэдзіны 70-х гадоў у гэтым будынку месціўся скурна-венералагічны дыспансер. Звесткі па тагачаснай гісторыі будынка я сабраў дзякуючы цяперашняму загадчыку СВД Міхаілу Лебядзеўскаму, а той, у сваю чаргу, карыстаўся летапісам установы, які вёў адзін з яго папярэднікаў - Сяргей Якаўлевіч Бялько, што стаяў ля вытокаў арганізацыі дэрматалагічнай дапамогі на Лідчыне. Копіяй даведкі з летапісу падзяліўся з намі Міхаіл Пятровіч. Фотаздымкамі падзялілася Ірына Аляксандраўна Данілецкая, якая некалі працавала ў дыспансеры санітаркай. Стала вядома, напрыклад, што побач з гэтым (тады драўляным) будынкам быў яшчэ адзін - лабараторыя. У 1958 годзе стацыянар СВД пашырыўся з 15 да 35 ложкаў, ён пачаў абслугоўваць, акрамя Лідскага, яшчэ некалькі раёнаў.

З сярэдзіны 70-х да 2006 года ў гэтым будынку размяшчаўся спорт-аддзел. Аб гэтым перыядзе мне шмат чаго расказала Валянціна Іванаўна Волкава, якая каля трыццаці гадоў з'яўлялася галоўным спецыялістам спортаддзела. Яна ж перадала фотаздымкі на адпаведную тэму. Так, ад Валянціны Іванаўны я даведаўся, што да канца 80-х гадоў, да капітальнага рамонту, туалета ў будынку не было - ён быў на дварэ, як і пры жыцці Валянціна Таўлая, і падчас працы СВД. Доўгі час у гэтым доме палілася печ. У час рамонту драўляны будынак быў абкладзены цэглай. Аднойчы гісторык і археолаг Алег Трусаў прызнаўся мне, што падчас рэканструкцыі паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка была выкарыстана крамлёўская цэгла. Цяпер ходзіць легенда, што тая цэгла, якая засталася, была выкарыстана для абкладкі будынка спортаддзела (цяперашняга Дома Таўлая) напрыканцы 80-х гадоў.

Важна адзначыць, што мемарыяльная дошка, якая гаварыла аб тым, што ў гэтым доме жыў Валянцін Таўлай, вісела на будынку і тады, калі ён не з'яўляўся літаратурным музеем. Іх, дошак, нават было дзве. І Алесь Хітрун хоча адшукаць хаця б адну (тая, што вісіць ля ўвахода ў Дом Таўлая цяпер, такім чынам, ужо трэцяя).

"Піянерскія" фота Галіны Таўлай

Некалькі слоў куратар Дома Таўлая сказаў і пра сваю даследчыцкую работу, звязаную з роднымі Валянціна Таўлая.

Выйсці на стрыечнага пляменніка Таўлая Алега Уладзіміравіча Колтуна, які родам з Масквы, Алесю дапамог лідскі мастак Уладзімір Сяргеевіч Мельнікаў. Алег Колтун - унук Міхаіла Антонавіча Жыгмунта, які з'яўляецца братам роднай маці Валянціна Таўлая Марыі Антонаўны. Міхаіл Жыгмунт займаў высокую пасаду на Беларускай чыгунцы, быў рэпрэсаваны ў 1938 годзе і памёр у лагеры пад Нарыльскам у 1942 годзе. Алег Колтун да нядаўняга часу прымаў непасрэдны ўдзел у будаўніцтве АЭС, што паблізу Астраўца.

Што датычыцца дачкі паэта Галіны Таўлай, сёлета Святлана Чарняўская (жонка Міхася Чарняўскага, які некалі займаўся археалагічнымі раскопкамі ў Лідзе) перадала ў Дом Таўлая фотаздымкі, на якіх Галіна Таўлай - яшчэ дзяўчынка-падлетак. Справа ў тым, што дачка паэта была аднакласніцай Святланы Чарняўскай. Разам яны ў далёкім 1959 годзе адпачывалі ў Крыме, у піянерскім лагеры "Артэк". Гэтыя моманты і адлюстраваны ў фотаздымках. Да іх перадачы ў літаратурным музеі ў Лідзе меліся толькі "дарослыя" фота Галіны Таўлай.

Замест пасляслоўя

- А завяршыць гэтае інтэрв'ю, як і папярэдняе, - адзначае ў канцы нашай гутаркі Алесь, - я зноў хацеў бы згадваннем аб магіле Таўлая на вайсковых могілках у Менску, па вуліцы Казлова, 11. Ля магілы паэта пахавана яго прыёмная дачка Лена (дачка яго другой жонкі Лідзіі Сяргееўны), якая загінула напрыканцы 1945 года пад коламі аўтамабіля, перабягаючы дарогу. На магілцы дзіцяці няма ніякага надпісу - і мы, супрацоўнікі Дома Таўлая, хочам змясціць на ёй шыльду, каб людзі ведалі, хто пахаваны побач з паэтам. Дух паэта, упэўнены, аддзячыць нам і за гэты ўчынак.

Аляксей КРУПОВІЧ. На фота: 1) Ніна Тарас паэтэса, карэспандэнт лідскай газеты "Уперад"; 2) Валянцін Таўлай з першай жонкай Кірай Брант у Лідзе, 1941 г.; 3) Міхаіл Антонавіч Жыгмунт - брат роднай маці В. Таўлая - Марыі Антонаўны; 4) Першая мемарыяльныя дошка, якая змяшчалася на будынку спортаддзела напрыканцы 1986 года; 5) Валянціна Іванаўна Волкава падчас працы на пасадзе галоўнага спецыяліста спортаддзела (цяпер Дома-музея).

Таямнічы Змітрок Астапенка. Да 110-годдзя пісьменніка

Гісторыя Магілёўшчыны

Даслечыкі называюць постаць Змітрака Астапенкі адной з самых загадкавых у беларускай літаратуры. І гэтаму ёсць пэўнае тлумачэнне: неардынарнасць асобы і складаныя гістарычныя варункі наклалі свой адбітак на лёс пісьменніка.

Нарадзіўся Зміцер Емяльянавіч Астапенка 23 лістапада 1910 года на Мсціслаўшчыне ў сям'і настаўніка. Адны крыніцы ўказываюць на месца нараджэння вёску Сяргееўка Шумілінскага раёна, а па іншых звестках гэта мястэчка Калеснікі на Смаленшчыне (зараз Хіславіцкі раён). Юнак вырашае, як і бацька, стаць настаўнікам і паступае ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. У гэтыя гады ўсходняя Магілёўшчына разам з Мсціславам уваходзіла ў склад Калінінскай акругі з адміністрацыйным цэнтрам у Клімавічах. Па тэмпах беларусізацыі Калініншчына знаходзіцца сярод лідараў у Савецкай Беларусі, і непазбежным вынікам гэтага становіцца моцны краязнаўчы і літаратурны рух. Будучы студэнтам, Астапенка пачынае пісаць свае першыя творы. Пры Мсціслаўскім педтэхнікуме была моцная пісьменніцкая суполка "Маладняка", якая ў 1926 годзе налічвала шасцёра чальцоў. Друкуецца ў літаратурна-мастацкім дадатку "Сьвітаньне" пры акруговай газеце "Наш Працаўнік". Вось адзін з яго вершаў тае ўзнёслае пары (тагачасны правапіс захаваны):

І дзень за ноччу, і ноч за днём

Чаргой бясконцаю праходзіць.

Зьвініць жыцьцё, блішчыць агнём.

Імчыцца ў дзіўным карагодзе.


Пайду, пайду на шыр палян

Душой у прасторы акунуся,

Абніме ўсьцяж душа мая

Прасторы маці Беларусі.


Пайду на вёску, адгукнусь

Ёй песьняй гулкіх сутарэньняў,

Паклічу звонкую вясну

З вянкамі сонечных праменьняў.


І дзень за ноччу, і ноч за днём.

Чаргой бясконцаю праходзяць.

Сьпяваю песьні ў тахт з жыцьцём

Ў яго агністым карагодзе.

У вучнёўскім асяроддзі юнак знаходзіць сабе сяброў і аднадумцаў - таксама пачынаючых таленавітых паэтаў. Склалася нават творчая літаратурная суполка, якую называлі "Мсціслаўцы", "Амсціслаўцы" ці нават "Амсцiслаўская плеяда". Сярод іншых у суполку ўваходзілі Змітрок Астапенка, Аркадзь Куляшоў і Юлій Таўбін. Гэты юнацкі творчы перыяд яскрава апісвае ў сваім вершы-прысвячэнні "На ўсходзе нашага жыцця…" Юлій Таўбін:

На ўсходзе нашага жыцця,

Калі ўсход гарэў над намі,

Мы йшлі пад маладосці сцяг

Неабвузданымі хлапцамі.


Ці быў пад намі пыльны брук

І гарадоў дарожны камень,

А ці рамонкавы абрус -

Адну мы радасць спатыкалі.


І будзем дзякаваць зары,

Пакуль жыццё ў нас не згасне,

За тайны творчае пары,

За гэта радаснае шчасце…

Амсціслаў, 06.01.1930 г.

Пасля Мсціслава Зміцер з 1930 года жыве і навучаецца ў Менску. Працягвае сваё навучанне ў БДУ, а па іншых звестках на літаратурным аддзяленні педагагічнага інстытута. У гэтыя гады выходзяць яго зборнікі паэзіі "На ўсход сонца", "Краіне", "Абураныя". Прымае актыўны ўдзел у культурніцкім і грамадскім жыцці сталіцы. Ён уваходзіць у склад літаратурнага аб'яднання БелАПП. Працуе ў рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Піша апавяданні, займаецца таксама і перакладамі. Сярод іншага, Зміцер пераклаў, напрыклад, раман М. Горкага "Маці". Як мы бачым, твочае жыццё Астапенкі было даволі насычаным. Да таго ж ён знаходзіць час, каб дасканала вывучыць некалькі замежных моў, і ў арыгінале чытае Гейнэ і Міцкевіча. Акрамя гэтага малады літаратар цікавіцца фізікай, тлумачачы гэта працаю над фантастычным раманам "Вызваленне сіл", першая частка якога выйшла ў часопісе "Маладняк" у 1932 годзе. У бурапенных хвалях творчага жыцця трапляе ў шэрагі нефармальнай творчай арганізацыі "ТАВІЗ" - "Таварыства аматараў выпіць і закусіць", прадстаўнікі якой вялі багемны лад жыцця і былі сапраўды схільныя да ўжывання алкагольных напояў. Збіраліся сябры або на кватэры ў Міхася Багуна, або ў рэстаранах ці піўных. Але ўжыванне напояў было не адзіным заганным заняткам маладых творцаў. У той жа час, згодна з даносам, на кватэры З. Астапенкі "збіраліся пісьменнікі для праслухоўвання па радыё замежных перадач белагвардзейцаў-эмігрантаў." Акрамя таго, паведамляецца, што "ён плануе збегчы ў Заходнюю Беларусь, дзе можна "пісаць, што яму хочацца, а не выконваць сацыяльны заказ партыі".

Вось як апісвае ў сваіх успамінах незвычайныя здольнасці і фантазію Астапенкі пісьменнік Ян Скрыган:

"А было так. Мы з ім кватаравалі ў сваіх гаспадынь за вакзалам. Аднаго разу ішоў я з Дома пісьменнікаў дадому, і на парозе мяне нагнаў Астапенка. Ідзём, нешта гамонім па дарозе, і недзе ўжо блізка каля вакзала Астапенка, нешта жартаўлівае расказваючы, раптам кажа:

- Слухай, Янка, паступай у ГАБ.

- Што за ГАБ такі? - пытаюся ў Астапенкі.

- Група Адданых Бацькаўшчыне, - сказаў Астапенка і разрагатаўся.

Я тут жа суняўся і строга, нават сярдзіта кажу Астапенку:

- Каб такіх жартаў я ад цябе больш не чуў!

- Не, дык я ж жартую! - зноў разрагатаўся Астапенка. - А ты, аказваеццца, надта пужлівы.

Гэта было каля вакзала. Далей мы ішлі нейкі час моўчкі.

Я падумаў, што Астапенка вельмі любіць вострыя жарты. Да таго ж ён не раз мне гаварыў, як у думках ён лётае на прыдуманым ім аэраплане па чужых краінах, спускаецца недзе ў чужых гарадах. Што ён можа спусціцца на тым аэраплане на любой плошчы любой сталіцы свету, бо ён ведае тыя гарады як свае пяць пальцаў.

- Хочаш, я нарысую табе план любой сталіцы свету, з назвамі плошчаў, вуліц?

Фантазіі ў яго былі заўсёды вельмі крылатыя, у гэтым яму можна было пазайздросціць. "

Можна прыгадаць адзін цікавы факт: яшчэ ў 1929 годзе, у той час, калі толькі распачаліся масавыя арышты "ворагаў народа", Змітраку Астапенка прыснілася лунанне бел-чырвона-белага сцяга над Домам ураду.

Першы арышт таленавітага пісьменніка адбыўся ў 1933 годзе па справе "Беларускай народнай грамады".

Зміцер быў асуджаны "за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі" да трох гадоў зняволення. Знаходзіўся на пасяленні ў Марыінску Кемераўскай вобласці. Але вязня-літаратара вызваляюць датэрмінова летам 1935 года, і ён едзе жыць у Маскву, дзе працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе. Акрамя таго, Астапенка нейкім дзівам паступае і вучыцца ў МДУ.

У снежні 1936 года адбыўся другі арышт за "антысавецкую дзейнасць." Допыты і катаванні працягваліся шэсць месяцаў. Пад час ціску Астапенка "згадаў", што ў сваёй контррэвалюцыйнай арганізацыі яны з сябрамі абмяркоўвалі жыццё ў незалежнай капіталістычнай Беларусі, а менавіта ён прыдумаў яшчэ і штрафаваць там за карыстанне рускай мовай…

На гэты раз хлопцу далі восем год лагераў. Па этапе ён трапляе ў Магілёў тыдні на два, потым Ворша і затым Навасібірск.

А потым узнікае чарговая загадка ў жыцці Змітра Астапенкі. У 1942 годзе ён або збягае з лагера, або датэрмінова зноў вызваляецца і жыве ў Маскве. Нават займаецца літаратурнай творчасцю і піша апавяданні, вершы і паэмы. Вось адзін з самых узнёслых яго твораў таго трагічнага часу, які датуецца 1943 годам:

Паклянёмся любіць наш край!..

Паклянёмся, што ў нашыя сэрцы

Не ўкрадзецца ні страх, ні адчай,

Ні спалох немінучае смерці.

Мы ў гэтым кляліся калісь -

У гады залатога юнацтва.

Гэты час і пара надышлі -

Клятвы нашыя мусяць спагнацца.

Той, хто вырас на гэтай зямлі,

Хто ўсмактаў яе цяжкія сокі, -

Ведай: час і пара надышлі

На геройства, на подзвіг высокі.

І цяпер, калі грому гармат

Кулямёт падпявае па-брацку,

Ўспомні брата забітага, брат,

Ўспомні, сын, скатаванага бацьку!

Будзем помніць, як цяжкі кашмар,

Як баёў і нягоды выснову -

Ненавіснага ворага твар,

Ненавіснага ворага мову.

Паклянёмся Радзіму любіць!

Яна з верай на нас паглядае.

Ў нашых сэрцах жыве й будзе жыць

Наша даўняя клятва святая.

У верасні 1944 года Змітрок Астапенка ў складзе групы выведнікаў быў закінуты ў Чэхаславакію, дзе па афіцыйнай версіі і загінуў. Але яго сябра і аднакурснік па Мсціслаўскім педтэхнікуме Аркадзь Куляшоў сцвярджаў, што неяк бачыў яго пасля вайны ў натоўпе ў Маскве…Так што ёсць верагоднасць, што яму ўдалося перажыць вайну і сталінскія рэпрэсіі. Вывучэннем жыцця і творчасці пісьменніка займаліся многія вядомыя даследчыкі і літаратары: Р. Бярозкін, Л. Рублеўская, У. Арлоў, В. Жыбуль - але ў біяграфіі Змітрака Астапенкі дагэтуль вельмі шмат невядомага і нават таямнічага.

Алег Дзьячкоў. Магілёў. Снежань 2020 г. На здымках: Мсціслаўскі педтэхнікум і 3 фота з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Сустрэча з Ганнай Севярынец у Мар'інай Горцы

27 лістапада адбылася сустрэча сяброў ТБМ нашага горада з вядомай сучаснай пісьменніцай Ганнай Севярынец.

Пакуль чакалі ўсіх сяброў, Ганна пацікавілася нашым горадам, некаторымі гістарычнымі момантамі: ці захаваўся будынак пошты ў Мар'інай Горцы, у якім стане знаходзіцца тая пабудова, дзе быў Дом пісьменнікаў у 1930-ыя гады? Аказваецца, паэт Анатоль Вольны (Ажгірэй) нарадзіўся на станцыі Пухавічы, значыць, у Мар'інай Горцы, а бацька яго быў тут начальнікам пошты. Сям'я Алеся Дудара (Дайлідовіча) таксама жыла ля станцыі Пухавічы, а бацька працаваў у чыгуначнай краме. У выніку сышліся, што абавязкова ў будучым запросім Ганну на экскурсію па нашым горадзе.

На сустрэчы наладзілі відэаканферэнцыю для тых, хто хварэе і не мог далучыцца да сустрэчы.

Пілі гарбату з аладкамі ды пірожнымі.

Калі ўсе сабраліся, пісьменніца пачала лекцыю. Яна выказала думку, што ў Беларусі грамадзянская непакорнасць прачынаецца кожныя 30 гадоў, кожнае пакаленне. Спачатку гэта было паўстанне Касцюшкі 1794 г., за ім шляхецкае паўстанне 1831, паўстанне Каліноўскага 1863, нацыянальнае адраджэнне пачатку 20 ст. - першая партыя БСГ, першая газета "Наша ніва", БНР і беларусізацыя 1920-х , пісьменнікі 1960-ых гадоў - Быкаў, Караткевіч, Адамовіч, 1990-ыя нацыянальны ўздым і нараджэнне незалежнай Беларусі. І вось сення мы з вамі назіраем чарговую барацьбу беларусаў за права ''людзьмі звацца'' Таксама заўважылі, што, на жаль, беларускае нацыянальнае крыло ніколі не мела шырокай падтрымкі народа. З-за гэтага і былі мы пад рознымі імперыямі, бальшавікамі… На сённяшні дзень нацыянальнае пытанне зноў не цікавіць большасць людзей, і гэта, безумоўна, кепска.

Пісьменніца з асаблівай цікавасцю вывучае літаратуру перыяду 1920-30-ых гадоў. Пра гэты час яна напісала кнігу "Гасцініца Бельгія", што выйшла ў 2019 г. Гэта вельмі важны і насычаны перыяд у беларускай гісторыі і літаратуры. Ганна паведаміла нам, што ў Саюзе пісьменнікаў у ССРБ налічвалася 500 чалавек, найбольшая колькасць на савецкай прасторы. Пры тым, што Беларусь была тады маленькая, разрабаваная войнамі і падзеламі. Дык гэта не проста 500 нейкіх там ''пісьменнікаў'', а 500 пісьменнікаў, якія актыўна публікаваліся і пісалі. І ўсіх іх, разам з іх творчасцю знішчыла савецкая ўлада. У 1937 годзе, 29 кастрычніка, за адну ноч у Курапатах было расстраляна 108 чалавек. Самая беларуская эліта, інтэлігенцыя.

- Па ўспамінах жыхароў Менска, - распавяла нам Ганна, - у двары КДБ пылала вогнішча з розных рукапісаў, кніг, нататнікаў, дакументаў асуджаных два тыдні! Там гарэла наша з вамі душа.

Нішчыць і таптаць нашу нацыю, нашу эліту працягваюць дагэтуль. Беларускую літаратуру ператварылі ў нецікавую, шэрую "белліт". Ганна прывяла прыклад: у школе праходяць тэму "Прырода ў творчасці Уладзіміра Дубоўкі'', у той час, як у яго творчасці былі адзінкі вершаў на тэму прыроды. Астатнія - грамадзянская лірыка, моцныя вершы. Беларускую нацыю мэтанакіравана знішчаюць, знішчаюць і знішчаюць…

Ганна нам расказала пра 30 самых такіх яскравых пісьменнікаў таго часу. Адзначу ў гэтым артыкуле чатырох пісьменнікаў - нашых землякоў, з Пухавіччыны. Некаторыя слухачы пазналі іх усіх па партрэтах, некаторыя часткова. Я, напрыклад, ведаў толькі пра Міхася Чарота.

Першы талент Пухавіччыны 20-ых гадоў быў Анатоль Вольны (Ажгірэй) з Пухавічаў (Мар'інай Горкі).

Малады Алесь Дудар (Дайлідовіч) быў галоўным скандалістам у БССР.

Уладзімір Хадыка з Цітвы, вучыўся ў Дудзіцкай школе, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета, таксама быў рэпрэсаваны, сасланы ў Сібір, загінуў на будаўніцтве дарогі.

І нарэшце, Міхась Чарот. Пра Чарота Ганна расказала гісторыю, як ён у турме надрапаў на сцяне апошні свой верш ''Прысяга'', які нам пісьменніца зачытала:

Я не чакаў;

Я не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары, -

Кажу вам - я не вінаваты!

Таксама застаўся ў памяці яшчэ адзін таленавіты пісьменнік Юлій Таўбін, ураджэнец Магілёўшчыны. ''Калі б яго не расстралялі, то Нобелеўскі лаўрэат у Беларусі з'явіўся б раней. Юлій мог бы стаць нашым нацыянальным геніем''. У 21 год ён пачаў публікавацца, а ў 26 яго ўжо расстралялі. Асабліва ўразіў яго верш ''З нізкі ''Смерць'', які пачынаецца з радкоў:

Калі я буду паміраць

І рабіцца дакучным целам…

А я хачу, каб гэта было не хутка, -

Я цяпер хачу жыць, жыць -…

- Хто ведаў, што жыць яму засталося зусім няшмат, - сказала пасля верша Ганна. - Гэта сумна. Неверагодна сумна.

Я быў вельмі натхнёны пасля гэтай сустрэчы. Пачуцці годнасці і самоты пылалі перамешана ўнутры мяне. Пасля сустрэчы я захацеў напісаць верш. У мяне атрымаліся наступныя радкі:

Кроў ад крыві з яцвягаў і сарматаў

Народ дзівосны нарадзіўся,

Ён у стагоддзях не згубіўся

І не прагнуўся пад вар'ятаў!


Народ змагарную натуру прыгадаў.

Успомніў: ён спрадвечна не здаваўся!

І хоць за трыццаць год ён адсыпаўся -

На трыццаць першы ўсё ж паўстаў!


Такі кругаварот прыроды годны,

Які складае дух народны,

Які не знікне проста ў воду.


Вядзі кругаварот да волі!

Каб дух народны не забыў прыроду!

Каб род дайшоў да лепшай долі!

Сустрэча з пісьменніцай доўжылася дзесьці тры гадзіны. Тры найкаштоўнейшыя гадзіны для кожнага слухача, бо ў гэты час яны атрымалі веды, якія цяжка знайсці і яшчэ цяжэй нават даведацца пра іх. Мы, ТБМ імя Ф. Скарыны горада Мар'іна Горка, заклікаем людзей быць сквапнымі да ведаў!

Дарэчы, мы пацікавіліся, адкуль у яе руках урыўкі з біяграфіямі пісьменнікаў і іх фотаздымкі, і яна расказала нам пра новую даследчую кнігу, якую ў хуткім часе выдадуць, таму чакайце!

Сяргей Крачкоўскі.

Памяці У. Караткевіча

Аршанскі геній

Ён быў, ён ёсць, ён будзе!

Патрыёт, пісьменнік, паэт.

У вяках, памяці, людзях,

Бо думкай агарнуў Сусвет.

Ён з той знакамітай кагорты,

Цяжкія гады што далі.

Вайны прамерылі вёрсты,

Краіну на юных плячах паднялі.

Увабралі жахі і болі,

Чакалі з надзеяй світанак,

Мацнейшай за іх няма солі,

Бо кожны вайны быў падранак.

Іх светлая сутнасць і мара,

Безкарысная праца на знос,

Не кожны дажыў да старасці,

Але лёс свой з гонарам нёс.

Яны ўвайшлі ў светлую вечнасць.

Жыццё іх прыклад нашчадкам, святло,

Беларусі сыны адметныя,

Іх жыццё і сумленне -

Бы хрустальнае шкло!

***

Не! - ты не памёр - душа засталася,

Нязгаслая зорка, светлы прамень.

А песня твая, што краю гімнам далася,

У светлае заўтра заве кожны дзень.

Адчыніў ты вежаў ржавыя брамы,

Выпусціў здані з падзямелляў сырых,

Раскрыў таямнічыя продкаў драмы -

Пясняр паданняў і замкаў сівых.

Марыў, каб Хрыстос прызямліўся

ў Гародні,

У Полацку, Менску - Беларусі сваёй,

І каб Святы Запавет Гасподні,

Даў роднаму краю надзею, спакой!

Назваў яго ты

"Зямлёю пад белымі крыламі",

Чыстай, як вадзіца ў Дняпры ля Шклова,

І кляўся свету святымі продкаў магіламі:

Не будзе забыта наша гордая мова.

Ляціць твая душа на крылах бусліных

А над святой зямлёй Беларусі,

Дзе жывуць твае песні і быліны.

Цяпер жа, у небе, за яе заступіся.

Ты быў, ты ёсць і будзеш

Навекі ў нашай краіне ў вяках,

Бо, ты - прарок! Беларусь ты будзіш

Успомніць свой гонар і выгнаць страх.

Караткевічу

Чазенію ўмела прышчапіў

Да вярбы дняпроўскай,

Старадаўнія тайны адкрыў

Часоў Пагоні Літоўскай.


Радзіму вучыў любіць,

Як Кастусь Каліноўскі,

Быў сэрца гатовы раскрыць

Не толькі ў коле сяброўскім.


На Беларусі Бога знайшоў,

У час атэістаў кіпучых,

Ніколі на подласць не ішоў

Ствараў і герояў рашучых.


Быў докай, калі браўся за што,

Хоць біць у званы, ці ў абцасы.

Раскрыў тайны: хто ёсць хто,

Выкрыў хціўцаў на наша ласых.


Ён быў беларус, патрыёт!

Ён сёння ёсць і навекі будзе!

Сцяжынку да волі не згубіць народ,

Стары і малы па ёй не заблудзіць!

Мар'ян Даргель.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX