Вярнуцца: 2020

№ 50 (1513)


Дадана: 16-12-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1513), 16 снежня 2020 г.

Да Усебеларускага Народнага Сходу

Як і многія чытачы "Нашага слова", мы спадзяёмся, што аб'яўлены шосты Усебеларускі Народнаы Сход дапаможа вывесці краіну з глыбокага сістэмнага крызісу, які выкліканы сур'ёзнымі тактычнымі і стратэгічнымі хібамі дзяржаўнай палітыкі Прэзідэнцкай вертыкалі за апошнія 26 гадоў. Яе палітыка падлягае карэннай перабудове з поўнай заменай чынавенства самых высокіх эшалонаў улады. Яе неабходна перадаць у надзейна-адказныя рукі палітыкаў цвёрдага дзяржаватворнага беларускага нацыянальнага гарту. На адрас Сходу намі пасланы ліст наступнага зместу.

У камісію па правядзенні шостага Усебеларускага Народнага Сходу

Нас, як і многіх беларусаў нацыянальнай арыентацыі, вельмі непакоіць сацыяльны стан беларускай мовы, выкліканы сур'ёзнымі хібамі ўведзенага дзяржавай афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Практычна поўная адсутнасць беларускай мовы ў афіцыйным жыцці выключыла яе і з міжасобасных зносін людзей. Народ анямеў у сваёй роднай мове, яго пазбавілі права называцца беларусамі. Поўная страта беларускай мовы, сведкамі чаго мы з'яўляемся, непазбежна прывядзе да этнічнага вымірання беларускага народа, пакажа сусветнай цывілізацыі, што палітыка яго дзяржавы не адпавядае нацыянальным інтарэсам карэннага этнасу Рэспублікі Беларусь.

Настойліва просім Вас гэтае лёсавызначальнае пытанне абмеркаваць на гэтым Сходзе. Галоўны даклад на ім пажадана прачытаць па-беларуску. Уносім прапанову абмеркаваць на Сходзе пытанне аб стварэнні пры Адміністрацыі Прэзідэнта і пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай моўнай інспекцыі па забяспячэнні беларускай мове роўнага з рускай месца ў афіцыйным жыцці краіны.

Са шчырай павагай!

Прафесары Леанід Лыч і Мікола Савіцкі.

Аднаму з найлепшых беларускіх краязнаўцаў - 60

9 снежня споўнілася 60 гадоў з дня нараджэнння беларускага краязнаўца, пісьменніка і педагога Ігара Пракаповіча з Паставаў. Зацікаўленне родным краем пачалося ў Ігара Пракаповіча ў далёкім 1985 годзе, калі ён, выпускнік геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, вярнуўся са сталіцы на радзіму і быў накіраваны на працу ў невялікую васьмігодку ў вёску Апідамы, што на мяжы з Літвой. Там паспрабаваў ладзіць першыя вандроўкі з вучнямі і быў уражаны, што амаль у кожным вакольным паселішчы былі нейкія цікавосткі: стараверскія храмы, каплічкі, помнікі, легенды, паданні, гісторыі, пра якія нідзе ніякай інфармацыі знайсці не ўдавалася. Таму і пачаў занатоўваць, фатаграфаваць, запісваць на магнітафонную стужку. Спачатку гэта ўсё збіралася хаатычна, ад вандроўкі да вандроўкі. Пазней работа набыла больш сістэмны характар. На гэта паўплываў і ўдзел у 1990-я гады ў Віцебскіх абласных краязнаўчых спаборніцтвах "Мой родны кут", якія арганізаваў метадыст аддзела краязнаўства цэнтра пазашкольнай работы Віцебскага упраўлення адукацыі Алег Куржалаў. Ён зрабіў вялікі ўплыў і на Ігара, і на многіх краязнаўцаў Віцебшчыны, быў іх "хрышчоным бацькам" у гэтым напрамку дзейнасці. Менавіта дзякуючы яму, Ігару ўдалося наведаць архівы і музеі Віцебска, Менска, Вільні, Пецярбурга, здзейсніць цікавую паездку ў Польшчу (Беласток, Варшава, Кракаў, Люблін). Гэта быў вялікі досвед, добрая навука. І ён зразумеў тады, што не трэба марнаваць час на тое, каб агітаваць і заклікаць некага да пэўных відаў дзейнасці, праводзіць разборкі і гаварыльню па нейкіх пустых справах, а трэба дзейнічаць і сваімі справамі, і пазіцыяй даваць прыклад іншым: размаўляць на роднай мове, шанаваць родную гісторыю, культуру, геаграфію, у межах абставін змяняць жыццё да лепшага. У сярэдзіне 1990-х Ігар Пракаповіч паступіў у аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, дзе на аснове агульнай тэорыі сістэм распрацаваў сістэму школьнага краязнаўства, галоўныя палажэнні якой апісаў у адной са сваіх манаграфій. Працуючы ў школе і ў гімназіі, Ігар стараецца далучыць да краязнаўства вучняў: разам з імі выдаў сем невялічкіх кніжачак пра вёскі, вуліцы горада Паставы, дзіцячыя гады У. Дубоўкі і іншыя. З-пад пяра самога Ігара Пракаповіча выйшлі з друку больш за 50 кніг па краязнаўстве. Ён з'яўляецца адным з найлепшых даследчыкаў роднага краю ў Беларусі. Калі б па адным такім Ігару Пракаповічу на кожны раён Беларусі, то наша Бацькаўшчына была б грунтоўна даследавана. Краязнаўчая і літаратурная творчасць Ігара Пракаповіча ўшанавана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Рэспублікі Беларусь… Са святам, з юбілеем Вас, спадар Ігар! Няхай і надалей Вам шчыра і плённа працуецца і пішуцца новыя кнігі!

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.

ЗВАРОТ

(З нагоды падзей 2020 г.)

Громы зноў будзяць прасторы,

Маланкі ўспыхваюць блізка,

Чарнеюць маўкліва разоры -

Што будзе з зямлёй Абеліскаў?


Стаяць Абеліскі, як воі,

У памяць аб нашым салдаце,

Што выйшаў на ратнае поле

Свой край і свой род зберагаці.


Стаяць Абеліскі і бачаць,

Як танкі грукочуць над полем,

І сілы там чорныя скачуць -

Зямля здрыганулася болем.


Сыночкі, якая навала

Зноў зрушыла сілу на бой?

Якая бяда напаткала

І хто тут чужынец, хто свой?


Глядзяць з Абеліскаў салдаты

На армію роднага краю.

Глядзяць на іх родныя хаты

З надзеяй і болем адчаю.


Было ж у іх ратнае поле,

Прайшлі праз пакуты, нягоды,

Каб новая, светлая доля

Была ў іх нашчадкаў заўсёды.


А ваша дзе ратнае поле?

Каго трэба вам пакараці?

За тое, што люд хоча волі,

Сястра ваша, брат ваш і маці...


Не будзе вам воінскай славы,

Вы ганьбу к сабе прызавеце.

Не на ахову дзяржавы,

Мае вы сыночкі, ідзеце.

Гісторыя - лепшая сведка -

Змагацца з народам ганебна!

Дык, можа, вярніцеся, дзеткі,

Вайна нам зусім не патрэбна.


Спыніцеся ля Абеліскаў,

Успомніце воінаў слынных,

Ў паклоне схіліцеся нізкім

У дань абаронцаў Айчыны.

Галіна Гражынская, сябра Валожынскай суполкі ТБМ .

Памёр беларускі грамадскі дзеяч Аляксандр Місцюкевіч

Памёр беларускі грамадскі дзеяч, гарадзенец Аляксандр Місцюкевіч, актыўны сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Яму было 77 гадоў. На працягу доўгіх гадоў займаў пасаду старшыні Рады Гарадзенскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Шчыры беларускі патрыёт, вернік. Вёў актыўны дыялог з уладамі пра вяртанне ў вонкавае афармленне Гародні беларускай дзяржаўнай мовы, захавання малых архітэктурных формаў, якія абласныя ўлады спрабавалі схаваць ад жыхароў. Як краязнавец займаўся вывучэннем Слонімшчыны.

Аляксандр Місцюкевіч памёр 11 снежня ў Гародні ад каронавіруснай інфекцыі. Абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выказвае словы смутку і спачування родным нябожчыка.

Старшыня Гарадзенскай абласной Рады ТБМ імя Ф. Скарыны Віктар Парфёненка.

Не стала Аляксандра Місцюкевіча - даследчыка Слонімшчыны

У Гародні не стала гісторыка, грамадскага актывіста і даследчыка Слонімшчыны Аляксандра Місцюкевіча. Ён пражыў 77 гадоў і памёр ад каронавіруснай інфекцыі.

Нарадзіўся ён на Слонімшчыне ў вёсцы Піронім. Усё жыццё ён адпрацаваў на пасадах, звязаных далёка не з краязнаўствам, гісторыяй, філалогіяй. У свой час ён закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Працу пачаў электраманцёрам і даслужыўся да намесніка дырэктара вучэбнага цэнтра РУП Гроднаэнерга. Разам з тым, Аляксандр Місцюкевіч актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, цікавіўся гісторыяй сваёй сям'і, гісторыяй роднага краю. У 1999 годзе яго абіраюць кіраўніком Гарадзенскага абласнога Таварыства беларускай мовы. І дзевяць гадоў разам з іншымі землякамі ён адраджаў беларускую мову на Гарадзеншчыне - вяртаў яе ў школы, на прадпрыемствы і ў арганізацыі.

У 2002 годзе мне трапіў у рукі маленькі па памерах, але ладненькі зборнічак "Спявайце, братцы, спявайце". Гэта быў кішэнны фармат беларускага спеўніка, у які былі сабраны песні рознага жанру. Яго склалі гарадзенскі паэт і кампазітар Яўген Петрашэвіч і Аляксандр Місцюкевіч.

Час ішоў і спадар Місцюкевіч сур'ёзна захапіўся гісторыяй сваёй роднай вёскі Піронім на Слонімшчыне. Пачаў збіраць пра яе розныя звесткі: ад успамінаў да архіўных матэрыялаў. І сабралася іх шмат. Ён пачаў пісаць асобныя артыкулы, зрэд часу друкуючы іх на старонках "Газеты Слонімскай". Так атрымалася і кніга "Падарожжы па родных мясцінах", якая пабачыла свет у гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" у 2016 годзе.

У "Падарожжах па родных мясцінах" Аляксандр Місцюкевіч вельмі цікава распавёў не толькі пра родную вёску Піронім, але і пра асоб, якія некалі мелі дачыненне да вёскі, былі яе гаспадарамі. Найперш шмат новых архіўных звестак аўтар знайшоў пра шляхціцаў Бронскіх. Дзякуючы Бронскім у Піроніме ў XIX стагоддзі была адкрыта суконная фабрыка, на якой працавалі 75 чалавек.

Апісваючы гісторыю Піроніма, аўтар кнігі даследуе і іншыя вёскі і хутары Слонімшчыны, асабліва тыя, якія суседнічаюць ці суседнічалі з Піронімам. Найперш гэта Львоўшчына, Ісаевічы і Дзераўная. Таму што лёс роднай вёскі краязнаўца Місцюкевіча падобны на лёс іншых слонімскіх вёсак. Не абмінула іх і паўстанне 1863 года, розныя войны, у тым ліку Першая і Другая сусветныя, рэпрэсіі і калектывізацыя. Сотні землякоў праходзяць праз старонкі кнігі Аляксандра Місцюкевіча, якія змагаліся з ворагамі, прымалі ўдзел у паўстаннях, загінулі за Бацькаўшчыну і на франтах, былі сасланыя ў Сібір ці закатаваныя, а таксама тыя, хто застаўся жыць і працаваць на роднай зямельцы, перажыўшы многія войны, рэпрэсіі і калектывізацыю…

Аляксандр Місцюкевіч шмат гадоў пражыў у Гародні. Яго заўсёды можна было бачыць на розных мерапрыемствах, сустрэчах, прэзентацыях, а таксама на роднай Слонімшчыне. Ён хварэў душой і сэрцам за Бацькаўшчыну і родную мову. Для ўсіх землякоў і беларусаў - гэта вялікая страта. Нам заўсёды будзе не хапаць гэтага шчырага, светлага і таленавітага чалавека.

Сяргей ЧЫГРЫН, старшыня Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ.

Памяці Аляксандра Місцюкевіча

11 снежня скончылася зямное жыццё шчырага беларуса, адраджэнца, сябра Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Аляксандра Іванавіча Місцюкевіча.

Шлях яго да беларускай Беларусі быў невыпадковы, працяглы, як і многіх савецкіх беларусаў. Нарадзіўся ён 14 ліпеня 1943 г. на Слонімшчыне, дзе яго продкі з даўніх часоў захоўвалі і баранілі сваю беларускую адметнасць. З дзіцячых гадоў да заканчэння Дзераўноўскай сярэдняй школы ён жыў і фарміраваўся ў беларускім моўна - культурным асяроддзі, і пазней яму не спатрэбілася асаблівых высілкаў для вывучэння мілагучнай роднай мовы. Пасля была вучоба ў прафтэхвучылішчы электратэхнікі, 3 гады службы ў савецкім войску, навучанне ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, які ён закончыў у 1975 г. з дыпломам інжынера-энергетыка. Гады навучання і служба ў арміі, праца прарабам па пракладцы высокавольтных электраліній, на розных інжынерных пасадах у Гроднаэнерга фарміравалі яго як звычайнага стандартнага савецкага беларуса, у якога адна радзіма - Савецкі Саюз і адна агульная мова - руская.

Але сямейная, вясковая, школьная беларуская загартоўка не загінула, а ў сярэдзіне 80-х гадоў з перабудовай атрымала моцную падтрымку. Абуджалася нацыянальнае жыццё ў рэспубліках, расла нацыянальная самасвядомасць беларусаў.

Аляксандр Місцюкевіч нібыта чакаў гэтага часу. Пасля працоўнага прафесійнага росту пачынаецца новы, духоўны ўздым у яго жыцці. Ён, інжынер, энергетык, паглыбляецца ў вывучэнне сапраўднай, нескажонай савецкімі гісторыкамі гісторыі Беларусі, яе культуры, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада. Калі пачалі ўзнікаць у Гародні першыя суполкі Таварыства беларускай мовы, Аляксандр Іванавіч стварыў такую першасную арганізацыю ў Гроднаэнерга, дзе ён працаваў у гэты час. Працаўнікі вытворчага аб'яднання з задавальненнем слухалі паведамленні вучоных універсітэта, пісьменнікаў па праблемах беларускай гісторыі, культуры, мовы. Новы штуршок у нацыянальным адраджэнні атрымала арганізацыя пасля прыняцця Закона аб мовах, які паслядоўна рэалізоўваўся ў Гроднаэнерга пры актыўным удзеле сп. Місцюкевіча. Справаводства на прадпрыемстве было пераведзена на беларускую мову, вытворчыя нарады і "лятучкі", навучанне ў вучэбным цэнтры праводзіліся таксама па-беларуску. Як ініцыятыўны сябар Таварыства Аляксандр Місцюкевіч удзельнічаў у шматлікіх мерапрыемствах гарадской арганізацыі. Яго грамадская актыўнасць садзейнічала таму, што ён пасля стварэння абласной арганізацыі Таварыства быў абраны намеснікам старшыні рады, а з 1999 г. узначальваў 9 гадоў Гарадзенскую абласную арганізацыю і ў многім садзейнічаў росту яе аўтарытэту ў грамадстве і сярод дзяржаўных органаў. На гэтай пасадзе ён клапаціўся аб выкананні Закона аб мовах, выкарыстанні беларускай мовы ў дзяржаўных і грамадскіх структурах, на прадпрыемствах, аб пашырэнні беларускамоўнага навучання, наданні гораду беларускага аблічча, ушанаванні памяці выдатных дзеячоў беларускай культуры (В. Быкава, А. Валынчыка, А. Цыхуна). Для вырашэння гэтых праблем Аляксандр Іванавіч сустракаўся з кіраўнікамі абласнога і гарадскога выканкамаў, начальнікамі і загадчыкамі аддзелаў выканкамаў, работнікамі пракуратуры, кіраўнікамі прадпрыемстваў. Яго радавала, што вуліцы горада набылі беларускія назвы, што ў гарадскім транспарце і на вакзалах гучыць беларуская мова, што кожны год адкрываліся па два беларускамоўныя першыя класы, што і пры яго ўдзеле ўшанавана памяць Заслужанага дзеяча культуры А. Валынчыка ... Хаця не ўсё ўдавалася здзейсніць, што яго засмучала.

Аляксандр Місцюкевіч, патрыёт беларускай песні, разам з гарадзенскім кампазітарам Я. Петрашэвічам склалі і выдалі "Беларускі спеўнік" (2002 г.), дзе прадстаўлены 72 беларускія песні розных жанраў.

Аляксандр Місцюкевіч, патрыёт сваёй малой радзімы, шмат гадоў працаваў у архівах Гародні і Менска, у бібліятэках, паглыбляўся ў інтэрнэт, вывучаючы гісторыю Слонімшчыны, родных мясцін - Піроніма, Львоўшчыны, Ісаевіч, Дзераўной. Вынікам яго пошукаў стала цікавая кніга "Падарожжы па родных мясцінах" (2016 г.), дзе прасочаны лёс многіх пакаленняў землякоў за некалькі стагоддзяў. Кніга - падарунак сучаснікам.

Аляксандр Іванавіч усе гады да апошніх дзён, нягледзячы на праблемы са здароўем, не замыкаўся на хатніх справах, не адрываўся ад грамадскага жыцця, удзельнічаў у справах Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Штогод ён знаходзіў шчодрых спонсараў для падпіскі на газету Таварыства "Наша слова", з'яўляўся сябрам абласной рады.

Такім ён і застаецца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў: працавітым, адкрытым, добрасумленным, сяброўскім, гатовым паслужыць людзям - шчырым, сапраўдным беларусам.

Сябры абласной і гарадской радаў Гродзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны.

Пісьменнік з зялёнай Бабруйшчыны

Да 100 годдзя пісьменніка Міколы Аўрамчыка

Наш зямляк пісьменнік Мікола Аўрамчык пражыў доўгае і няпростае жыццё, пакінуўшы нам цікавую літаратурную спадчыну. Нарадзіўся паэт у студзені 1920 года ў сялянскай сям'і у мястэчку Плёсы на Бабруйшчыне, што ляжыць па шашы на Жлобін непадалёк ад чыгункі. Пасля пачатковай школы тры гады хадзіў у Цялушу ў сямігодку. Па прызнанню самога пісьменніка, да вучобы асаблівых схільнасцей не выяўляў, а нязменна любіў адну геаграфію. Але выкладчыца беларускай літаратуры Алена Меляшкевіч па-сапраўднаму абудзіла цікавасць да свайго прадмета, і таму яшчэ будучы ў школе ён пачаў пісаць свае першыя творы. Пра сваю малую радзіму вёску Плёсы паэт напісаў у прыгожым вершы, прысвяціўшы гэты твор свайму сябру Пімену Панчанка, які таксама ў маладосці працаваў у гэтых мясцінах у Бабруйскім раёне.

Плёсы

Тут раса зіхціць, нібы патрушчана

І рассыпана нябёсаў шкло…

Юнака прыслалі на Бабруйшчыну

Працаваць у гэтае сяло.

Плёсы!.. І адразу ўявіш завадзі…

Праўда, каб не кінуў ты дакор,

Мушу я агаварыцца загадзя:

Тут няма ні рэчак, ні азёр.

Мо таму нявопытнаму воку

І не спадабаўся гэты кут…

А якія месцы тут навокал

І жывуць якія людзі тут -

Самі за сябе гавораць зноўку

Назвы вёсак гэтае зямлі:

Красная Дуброва і Дубоўка,

Бортнікаў аж двое, Кавалі.

Людзі тут сустрэнуць і прывецяць,

Бо не горш, як іншыя жывуць:

Самі ў Кавалёўскім сельсавеце

Шчасце для сябе яны куюць.

І паблізу колаў стук чыгунны

Музыку нагадвае ў цішы,

Нават рэйкі граюць, быццам струны,

І грыміць, як бубен, брук шашы.

Можа, зараз ты ўхмыльнешся горка…

А як нудна ад размоў было!

Дзесь на Асамблеі, у Нью-Ёрку,

Ты прыгадваў гэтае сяло.

1959 год.

Упершыню жывых пісьменнікаў пабачыў увосень 1936 года, калі школьнікаў запрасілі ў Бабруйск у Дом Чырвонай арміі на вечарыну з удзелам Якуба Коласа і Платона Галавача. На гэтай імпрэзе М. Аўрамчык прачытаў свой верш, прысвечаны Я. Коласу. З 1937 года пачаў друкавацца ў бабруйскай газеце "Камуніст". Паступіў на літаратурны факультэт Менскага педінстытута і адначасова пачаў працаваць у рэдакцыі газеты "Піянер Беларусі". У час вайны быў на фронце. Патрапіў у палон і быў вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. У красавіку 1945 вызвалены англічанамі. Пасля вызвалення працуе на Данбасе. Затым вяртаецца ў Менск і працягвае навучанне. Працуе ў рэдакцыях газет "Чырвоная змена", "Літаратура і мастацтва", у часопісе "Полымя". А ў 1953 - 80 гадах рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладосць." Ажаніўся. Меў трох дачок. Аўтар кніг прозы і паэзіі. Займаўся таксама перакладамі. Сумесна з Нілам Гілевічам - суаўтар паэмы "Сказ пра Лысаю гару." Вялікі ўплыў на творчасць пісьменніка аказаў Аркадзь Куляшоў. Вось што ў сваіх успамінах піша М. Аўрамчык: "Шпацыруючы па каралішчавіцкіх лясных сцежках, адзін час я шмат распытваў у Аркадзя Куляшова пра яго юнацкіх сяброў Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенку, якіх ніколі не бачыў, але паэзія якіх мне заўсёды падабалася. Аднойчы падчас такой гутаркі ён выказаў сумненне наконт таго, што Змітрок Астапенка загінуў. Нават таямніча спаслаўся на нейкую асобу, якая ў цягніку нібыта апазнала ягонага сябра… Неяк я расказаў Аркадзю Куляшову, што ў пачатку вайны мяне прызваў у армію Мсціслаўскі ваенкамат. Паэт пачаў цікавіцца, як выглядае там Дзявочая гара, ці захаваліся старыя прысады перад будынкам іхняга былога педтэхнікума. І шкадаваў, што ўсё не выберацца праведаць горад свайго юнацтва. У выніку тых размоў я напісаў прысвечаны яму верш "Мсціслаў". А праз нейкі год Аркадзь Куляшоў прагаварыўся, што працуе над невялікай рэччу пра сваіх юнацкіх сяброў. Я папрасіў, каб ён, калі закончыць яе, меў на ўвазе наш маладзёжны часопіс. Паэт паабяцаў і потым стрымаў сваё слова - "Маналог" друкаваўся ў "Маладосці"".

Мікола Аўрамчык пайшоў з жыцця ў траўні 2017 года, пражыўшы 97 год. Чытаючы яго вершы і прозу нібы вандруеш па родных мясцінах нашай Беларусі.

Мая Бабруйшчына зялёная,

Здаешся іншым ты малой

З тваёй Бярэзінай хвалёнаю

І з непрыкметнаю Алой.

А мне заўсёды паўнаводнымі

Здаваліся іх берагі,

Былі твае мясціны роднымі,

Куток з маленства дарагі….

Ля Ступянёў і за Цялушаю

Майго кахання з той пары

Сляды нічым не зацярушаны -

Цвітуць пралескамі ў бары.

Якія стравы беларускія

Падносіла ты да стала!..

І нават прозвішча бабруйскае

У спадчыну ты мне дала.

1970 год.

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

Аўтару паэмы "Каранацыя Міндоўга" - 90

10 снежня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук Міколы Арочкі (1930-2013). Апошнія дваццаць тры гады жыцця ён пражыў у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне. Там яго і правялі ў апошні шлях вяскоўцы на мясцовы пагост, правялі да сыноў, лёс якіх быў трагічным і кароткім. У вясковай хаце засталіся на стале недапісаныя вершы і паэмы Міколы Арочкі, а на кніжных паліцах сумуюць сёння без свайго гаспадара дзясяткі кніг, многія з якіх падараваныя пісьменнікамі з аўтографамі і пажаданнямі. Жонка паэта Марыя Іванаўна Арочка дазволіла мне пазнаёміцца з бібліятэкай літаратара, а таксама ўзяць у сваю асабістую бібліятэку тыя выданні, якія мяне зацікавяць. Некалькі гадзін я сядзеў каля кніг асабістай бібліятэкі Міколы Арочкі. Даставаў з паліц то адну, то другую, то сотую кнігі… Усе яны напаміналі мне пра таленавітага літаратара-земляка, якога ведаў і з якім сябраваў шмат гадоў. Найбольш кніг з аўтографамі ў асабістай бібліятэцы Міколы Арочкі ад слонімскіх літаратараў. Алега Лойкі, Уладзіміра Сакалоўскага, Анатоля Іверса, Аляксандра Талерчыка, Уладзіміра Кароткага. Сваім земляком Міколу Арочку лічылі і Мікола Грынчык, і Янка Брыль. У бібліятэцы Міколы Арочкі захаваліся і іх кнігі з аўтографамі. "Дарагому Міколу Арочку, земляку і сябру з сардэчнымі пачуццямі і пажаданнем далейшых, яшчэ большых і большых творчых поспехаў - аўтар. 8.4.1969. Мінск", - такі аўтограф пакінуў Мікола Грынчык (1923-1999) на сваім даследаванні "Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі" (Мн.. 1969). А Янка Брыль (1917-2006) на кнізе сваіх апавяданняў, замалёвак і нарысаў "Працяг размовы" (Мн.,1962) напісаў: "Міколу Арочку - земляку і паэту. Янка Брыль. 31.8.62".

Я шмат гадоў шчыра сябраваў з Мікалаем Мікалаевічам. Таму і цяпер не мінаю роднай вёскі Вецявічы Міколы Арочкі. Там стаіць яго пустая хата. А вясковую вуліцу работнікі Сялявіцкага сельскага Савета назвалі ў гонар двух Арочкаў - Міколы Арочкі і Эдуарда Арочкі. Эдуард Арочка некалі ўзначальваў мясцовы калгас, пісаў па-беларуску артыкулы на розныя тэмы і друкаваўся ў рэспубліканскіх газетах.

Сумна, што ўжо няма ў Вецявічах Арочкаў, а Мікалая Мікалаевіча ніколі не ўбачу ні ў хаце, ні на панадворку. Не крочыць ён з роварам па вёсцы, не вядзе на аселіцу сваіх коз, не малоціць і не жне. Паэт і сялянскі сын за вёскай прылёг назаўсёды адпачыць. Пасля таго, як у сталіцы трагічна загінулі яго два сыны, а невядомыя зламыснікі абрабавалі і падпалілі яго кватэру, Мікола Арочка з жонкай і маленькім тады ўнукам Валерыкам, вярнуліся ў родную вёску. Тут і ратаваўся ён вясковай працай, прыродай, паветрам і, вядома ж, паэзіяй. Еду да яго ў Вецявічы і ў памяці прыгадваюцца радкі з першага зборніка Міколы Арочкі:

Іду, як заварожаны,

А спеў плыве з-за гаці:

"Ці ўсе лугі пакошаны,

Ці ўсе сенажаці!…"

Мне заўсёды здаецца, што гэта гаць не толькі за алешнікам паміж слонімскімі вёскамі Вялікая Кракотка і Вецявічы, але і гаць за маёй роднай вёскай. Слаўны мой, дзядзька Мікола! Так я яго часам клікаў, слухаў яго жыццёвыя былі, якіх пісьменнік ведаў даволі шмат. Ён мог распавядаць бясконца. Распавядаў ён і пра газаправод Емал-Еўропа. Гэты газаправод праходзіць побач за вёскай Вецявічы. Калі клалі трубы, а дзядзька Мікола якраз там пасвіў кароў, дык каровы ў гэтыя трубы рыкалі. "Магчыма, прапаноўвалі, каб газу, хоць струменьчык, далі ў Вецявічы", - казаў жартам мне славуты вясковец. Ніхто не даў і не пачуў вецявіцкіх кароў Міколы Арочкі. Газ з Расеі пайшоў на Захад. Дзядзька Мікола заўсёды хадзіў з роварам. На руль ён вешаў услончык і кошык, а ў кошыку былі вершы і Біблія. У вершах слонімскага паэта мне шчыра імпанавалі тыя постаці, якія стаялі на ахове духоўнасці нашага народа, яго культуры, мовы, калі Бацькаўшчына была ў небяспецы, калі варожыя сілы спрабавалі пазбавіць народ волі, гістарычнай памяці, роднай мовы. Давайце прыгадаем яго драматычныя паэмы "Крэва", "Судны дзень Скарыны", "Каранацыя Міндоўга" - творы пра Міндоўга, Кейстута, Вітаўта, Францішка Скарыну. З прагнай цікавасцю чытаю сёння вершы Міколы Арочкі пра лёс Валянціна Таўлая, Гальяша Леўчыка, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага, Браніслава Тарашкевіча, Францішка Багушэвіча - ды ўсіх пералічыць немагчыма. Скарб Мікола Арочка нам пакінуў і як крытык. Ён быў удумлівым, сталым, вопытным, аўтарытэтным літаратурным крытыкам. Такога сёння ў нашай літаратуры няма. Асабліва пісьменнік дасканала даследаваў жанр паэмы, сатырычнай беларускай паэзіі, асноўных заканамернасцяў беларускага паэтычнага слова. Крытык спыняўся на эстэтычных каштоўнасцях, якія былі створаны аўтарамі, у прыватнасці Максімам Танкам, Кандратам Крапівой, Міколам Аўрамчыкам, Рыгорам Барадуліным, Аляксеям Пысіным, Алегам Лойкам, Валянцінам Таўлаем, на высокім узроўні літаратурнай культуры ХХ стагоддзя, разглядаў майстэрства, паэтыку, багацце жанрава-стылявых пошукаў пісьменнікаў. Як крытык з шырокімі творчымі інтарэсамі, глыбокай эрудыцыяй, самабытным мысленнем ён шчыра вёў размову пра ўсю беларускую паэзію 1960-х-1970-х гадоў.

Чытаю-перачытваю сёння кнігі свайго земляка Міколы Арочкі. І вучуся ў яго майстэрству, якое будзіла і будзіць душу чытача, прымушае думаць над нашым жыццём, чалавечымі ўзаемаадносінамі, павагай да сваёй культуры, рэлігіі і гісторыі наогул. Дзякуй Вам, дзядзька Мікола, за тое, што я Вас ведаў, за Вашы кнігі і гутаркі.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя. Фота з архіва аўтара.

ВЕРАСНЁЎСКАЯ ШАША

(траса М6 Менск - Горадня)

Зміцер Захарэвіч

Смуга наўсцяж ляжыць над краем...

Яе вачэй

Зіхоткасць - прошча ў верасні.

Зачараваны цудам,

дзякую яму.

А промні шчэ

Спрабуюць у цяперашні

Час росны лета

прамінулае вярнуць.


Нас цеплыня

Ахутвае абдымкамі,

Стрыкоча конікам

гарэзліва ў траве.

І на працяг

Надзея павуцінкаю

У неба просіні

бязважкая плыве.


Гаёў лісцё

Ад ветру сугалосіцца,

Абапал трасы

мне прыветна шамасціць.

І пачуццё

З грудзей на волю просіцца -

Неўтаймаванае

між рэбрамі кіпіць.

РАКА

Жыццё - вандроўка

на хісткім чоўне.

Францішак Багушэвіч.


Усіх, з кім рос, каго кахаў,

Па чарцы браў з кім не па разу,

Нясе бурлівая рака

У невараць па плыні часу.


Цмянеюць постаці сяброў

Няўзнак пад друзам успамінаў,

Нібыта астывае кроў

У змроку глеістых глыбіняў.


І я ў віры тым з галавой,

Хаця пакуль вада трывае,

Але зглыне будзённа мой

След новаплёснулая хваля,


Адхланне даўшы на вякі,

Бо ў роўнядзі нямногіх плёсаў

Няспыннай, велічнай ракі

Люструецца спакой нябёсаў.

МАЛІТВА ПЕРАД БОЕМ

Прашу, умацуй мяне ў веры,

Што ёсць я правіцай святой,

Калі запахне ў паветры

Чужою пралітай крывёй.


Прашу, не пазбаў праўды права

Зацята выконваць загад,

Калі лунанне штандараў

Наўсцяж ахіне далягляд.


Прашу, дай мне сілы падняцца,

Калі ці свінец, ці клінок

Абпаляць у першай атацы

І я павалюся ў мурог.


Прашу, не пакінь без надзеі

На стрэчу ў альковах Тваіх

Усіх, што дома збалеюць,

Як з бою не вернемся ў шыхт.


Судзі, Усяўладны, нас, строга,

За тое, што мы, у Цябе

Не просячы пра перамогу,

Здабыць захацелі яе!

СВЯТЛО ГРАМНІЦАЎ

Поцемкі. Люты. Грамніцы.

Тонкая жычка святла

Мякка сплыла на масніцы

І да нябёс пралягла.


Гэтак скрозь крык парадзіхаў

Па гартаванні агнём

Душы курэюць аціхла,

Свой пакідаючы дом.


Каб прэч ад сіверу злога

Праз Сіта зор угары

Рушыць Птушынай дарогай

Ў край, дзе Зніч продкаў гарыць.


Нас - і жывых, і памерлых -

З ім ад няпомных вякоў

Лучыць насуперак цемры

Дрогкіх грамніцаў святло.

* * *

Расцярушыла сляды па свеце -

Осла, Мальта,

Вільня, Будапешт…

Успамінаў зорыстых суквецце

На чало каронай пакладзеш.

Прыйдзе дзень.

І ён апошнім стане,

Калі будзем прагаю гарэць,

Перад тым,

як назаўжды растанеш

Ты з абдымкаў і падтэкстаў.

Прэч

Пабяжыш,

пазвоньваючы срэбрам -

Нестрыманы веснавы струмень;

Я ж сваім,

адгэтуль непатрэбным,

Вяночкам згадак

распалю агмень.

БЯСКОНЦАСЦЬ

І летні захад залаты,

І бляск сакральны слёз і зораў,

Пра што спяваў да нематы,

Сусвет без нас

шматкроць паўторыць.


І мосенж будзе зіхацець

На шатах восеньскіх прысадаў,

І ветрык вуснамі ледзь-ледзь

Кране крысо "яе" прывабаў,


Якіх і снежань не спаўе,

Хаця пад гранне белых нотаў

Ён аркушамі на стале

Маўкліва пакладзе сумёты,


Што ў плыні талае вады

З марозам знікнуць

па прадвесні.

І ўрэшце ўсё, аднак не ты,

Паўторыцца, нібы ўваскрэсне.

БРЭХ І ПЕСНЯ

Нясецца гнеўны брэх сабачы

Крылатай песні наўздагон,

Каб скрозь грымеў

кайданаў звон,

Нясецца гнеўны брэх сабачы.

Аднак ні слова перайначыць

Няздольны, а таму, як стогн,

Нясецца гнеўны брэх сабачы

Крылатай песні наўздагон.

ГЕРОЙ

Узмах крылаў,

і цемра

ахутала саванам горад -

Праглынуў без разваг

яблык сонца

пражэрлівы цмок.

Беспрасветнае сёння

прыйшло

памяркоўнаму ўчора

На замену

й чуваць скрозь

патрульных бязлітасны крок.


Ядваб нашых сцягоў

перапэцканы

нафтай і гноем,

Дбайна вецер смуродны

змятае з пляцоў

попел кніг -

Кіпцюрастая лапа

гнётам легла

на ўсё жывое,

Нават свойскі цвыркун

дзесь за грубкай

ад страху заціх.


Вочы месцічаў скутых

хаваюць

нямое пытанне:

"Калі будзе

збавення дзень

ад незлічоных нягод

І на белым кані,

абвяшчаючы

выратаванне,

Пераможцам праедзе

праз браму

ваяр Ланцэлот?"


Гэтак мусіла б здарыцца

згодна

жыццёвым законам,

Каб над ратушай зноўку

на святы ўрачыста

граў звон,

Але марны спадзеў,

бо ніхто не сказаў

паланёным,

Што чаканы герой

на чужыне заснуў

вечным сном.

КРЫЙ БОГ…

Крый Бог, сябе перачакаць,

Цыгаркай копцячы нябёсы

На станцыі пабочных лёсаў,

Крый Бог, сябе перачакаць.

Як да стала ці поплеч стаць

Уголас грамада запросіць,

Крый Бог, сябе перачакаць,

Цыгаркай копцячы нябёсы.

СОН ГЕРОЯЎ

На вежах Наваградскіх сняць

Сны пра паходы цені вояў.

Не пніся абудзіць герояў,

Бо іх гадзіннікі стаяць.


Няўцям пакуль яшчэ жывым,

Што па-за часам засталіся

Усе, над кім лунаў у вышы

Пад Грунвальдам штандар Літвы.


Не кліч ізноў узняць мячы,

Прыйсці нашчадкам на падмогу,

Каб у баі адолець злога, -

Ты мусіш сам перамагчы.


Заведзена ад першых дзён

Сусвету не чапаць спачылых -

Яны ў жыцці сваё зрабілі,

Дык марна не турбуй іх сон.

АПОКРЫФ

Прымружыўшы ў самоце вочы,

Нібыта ў яве бачу я

Таго, хто ў мой Грааль ліў воцат

І дзідай рэбры мне працяў.


Няхай сабе я не належу,

Але душа за тых баліць,

Што скінулі з мяне адзежу,

Каб паміж собку падзяліць.


За тых,

што, ветла стрэўшы ўчора,

Даюць сягоння бізуноў,

Бо,

жабраком прыйшоўшы ў горад,

Прагнаў з бажніцы гандляроў.


А шчырых казаняў гучаннем

Насельнікаў пазбавіў сну…

Плачу цяпер укрыжаваннем

Наканаваную цану.


Пад стрэлы позіркаў лядачых,

З цяжарам згубным на плячах

Крывавымі слядамі значу

Паўз тлумы свой апошні шлях.


І скрозь знямогі морак чорны

Чуваць, як у спіну мне кпяць:

"Ён памагчы сабе не здольны,

А меўся свет уратаваць!"

ДОЖДЖ НА ЮБІЛЕЙ

Ад раніцы прырода плача,

Струмені слёз няўцешна лье,

Каб без ілюзіяў адзначыў

Дзяржавы нашай юбілей.


Так, сёння ёй нібыта трыццаць,

Але няма настрою піць,

Бо срэбнае Пагоні рыцар

Знямелы ў вязніцы сядзіць.


Не бачыць сонца ён праз краты

Бяспамяцтва глухой турмы,

А мы, змагарныя, упарта

Ілбы крывавім аб муры.


Смуга наўсцяж ляжыць над краем,

Дык поцемкам згубілі сцяг,

Таму ніяк не адшукаем

Да вольнай прышласці прасцяк.


Блукаем безвач, як вар'яты,

Змарнелі, боскі клічам суд -

Хіба што ў ЦІП ад Курапатаў

Праклалі скрозь гады маршрут.


У гонар пераможных бітваў

Гучыць штось,

рыхтык з продкаў здзек, -

Не ўцяміш, гімн альбо малітва?

Альбо перадсмяротны енк?


Употайкі чакаем цудаў,

Хоць нэндзу церпім ад маны,

Ды верым гаваркім прыблудам,

Адкуль бы ні прыйшлі яны.

Сяброў не маем ва ўсім свеце,

Ужо да пахаў у дрыгве,

Аднак на прыкры здзіў суседзям

Усё ж-ткі

БЕЛАРУСЬ ЖЫВЕ!

ЖЫЦЬ…

Слотную дарогу

ўсцяж лістота ўслала,

Золата ў калюгах -

скрушны краявід.

Жыць на золкім ветры -

гэта ўжо нямала

У краі свянцаным

пахам журавін.


Дзень імжыць на поле

вераснёўскім хростам,

Вербы хмару вудзяць

у рацэ рабой.

Пад прыгаслым сонцам,

далібог, няпроста,

Скінуўшы аздобы,

быць самім сабой.


Казаняў бусліных

знік без следу клёкат,

Нізкія нябёсы -

ненадзейны схоў.

Млосці не скарыцца,

сапраўды, нялёгка

Між апанаваных

спаннем мінакоў.


Мкне ад ганку ў захад

слотная дарога

Праз туманаў неруш

і мятлушак смерць.

Жыць у час настылы

можа і нямнога,

Толькі іншай долі

не патрапіў мець.

* * *

Бывай здароў! А я зноў у дарогу -

Нясе жыццё

на пенных хвалях дзівака

За далягляд з утульнага бярлогу.

І сэрца лёгкае, і цвёрдая рука.


Пакуль разважны без канца гадае,

Яму ці ў твар,

ці спадарожны вецер дзьме? -

Вандроўца човен жвава разразае

Аблокаў белыя пярыны на вадзе.


На беразе даў адпачыць камандзе

Ад веры ў шчырасць

развітальных слоў і драм.

І золкам моўчкі,

на самотнай мачце

Падняўшы ветразь,

я стырную ў штормы сам.


Свабоды колькі ў велічнай сінечы!

Апошняй чайкі крык

адстаў, аціх даўно…

Нішто пад небам

не бывае вечным,

Хіба што верш, які пацэліць у яго.

Літаратурная прэмія імя Анатоля Іверса прысуджана Рычарду Бялячыцу

Сёлетняя штогадовая літаратурная прэмія імя Анатоля Іверса прысуджана паэту са Шчучына, Рычарду Бялячыцу. Гэта рэгіянальная гарадзенская адзнака Саюза беларускіх пісьменнікаў. Летась гэтую ўзнагароду атрымала Антаніна Хатэнка, якая паходзіць з Зэльвы. Кажа Валянцін Дубатоўка, старшыня Гарадзенскай абласной суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

- Я вельмі рады абвясціць, што лаўрэатам прэміі стаў знакаміты наш гарадзенскі паэт Рычард Бялячыц, які працуе ў палацы Друцкіх-Любецкіх. І вось я, маючы нагоду, хачу яго павіншаваць з гэтай прэміяй. У Рычарда Бялячыца амаль штогод выходзіць новая кніга, ён зараз вельмі плённа працуе. Тым больш, што ён у нас такі невыпраўны рамантык, уся яго творчасць светлая, пра людзей, пра мясцовасць. Прэмія падкрэслівае значны ўклад Рычарда Бялячыца ў развіццё беларускай паэзіі.

Валянцін Дубатоўка, як кіраўнік абласной суполкі з вялікім абурэнем глядзіць на тое, што некаторыя сябры творчай арганізацыі, пісьменнікі-беларусы, забываюцца на сваю місію, быць з народам у цяжкі час і пісаць для яго, і з'язджаюць з Беларусі.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

Урок любові да гісторыі роднага краю

Пісьменнік і краязнавец, старшыня Слонімскай раённай арганізацыі ТБМ Сяргей Чыгрын правёў для старшакласнікаў Слонімскай сярэдняй школы № 2 своеасаблівы ўрок, прысвечаны гісторыі роднай Слонімшчыны. Аўтар не толькі распавёў пра цікавыя гістарычныя імгненні слонімскай зямлі, расказаў пра знакамітых слонімцаў, пра помнікі і падзеі, пра Міхала Казіміра Агінскага і яго славуты тэатр у Слоніме, а таксама пазнаёміў школьнікаў са сваімі апошнімі кнігамі, у якіх апісана слонімская зямля і лёсы яе людзей. З вялікім захапленнем слухалі школьнікі і пра ўкрадзеныя слонімскія скарбы, якія за апошнія трыста гадоў зніклі з храмаў, палацаў, навучальных устаноў і музеяў Слонімшчыны. Многія каштоўныя скарбы сёння знаходзяцца па-за межамі Беларусі, а іншых і след знік. Пыталіся школьнікі і пра слонімскія падзямеллі, пра якія чыталі ў газетах і чулі ад сваіх бацькоў і дзядоў, пра лёсы слонімскіх літаратараў. Але за адзін урок ахапіць самае цікавае з гісторыі слонімскай зямлі госцю не ўдалося, таму было вырашана сустрэцца яшчэ раз пасля зімовых канікулаў.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.

ФРГ выдзеліць 500 млн еўра на барацьбу са зменай клімату ў бедных краінах

Навіны Германіі

Падчас анлайн-канферэнцыі ва ўгодкі Парыжскай дамовы Меркель паабяцала выдзеліць 500 мільёна еўра для падтрымкі бедных краін у барацьбе са зменай клімату.

Канцлер ФРГ Ангела Меркель паабяцала накіраваць амаль 500 мільёнаў еўра на падтрымку бедных краін у барацьбе са зменамі клімату. "Усе дзяржавы павінны мець магчымасць фінансаваць неабходныя інвестыцыі ў абарону клімату", - заявіла яна ў суботу, 12 снежня, у відэазвароце да ўдзельнікаў саміту па задачах у вобласці змены клімату, які праходзіў у анлайн-фармаце пад старшынствам ААН, Вялікабрытаніі і Францыі ў партнёрстве з Чылі і Італіяй. Сродкі паступяць з бюджэту міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

Акрамя таго, Германія па-ранейшаму прыхільная свайму абяцанню да 2020 года падвоіць інвестыцыі ў абарону клімату да чатырох мільярдаў еўра ў год, адзначыла далей Меркель. Краіна таксама прыкладзе ўсе высілкі, каб да наступнай Кліматычнай канферэнцыі ААН COP26, запланаванай на снежань 2021 года ў Глазга, быў вызначаны план абароны клімату ў бедных краінах з дапамогай міжнароднай супольнасці.

Пяць гадоў Парыжскай дамове па клімаце

Анлайн-саміт праводзіцца ў пятыя ўгодкі падпісання Парыжскай дамовы па клімаце, у рамках якой дзяржавы абавязаліся прымаць меры для барацьбы з глабальным пацяпленнем.

Напярэдадні краіны ЕС дамовіліся пра скарачэнне шкодных выкідаў у атмасферу да 2030 года не меней, чым на 55% у параўнанні з узроўнем 1990 года. Мэта дамоўленасцяў - выкананне мэт Парыжскай дамовы па клімаце, адзначаецца ў заяве па выніках саміту.

Еўрапейская Рада пацвердзіла "амбіцыйную прапанову" Еўрапейскай Камісіі (ЕК), і гэта "вызваляе нам дарогу да кліматычнай нейтральнасці да 2050 года", напісала ў Twitter кіраўнік ЕК Урсула фон дэр Ляйен (Ursula von der Leyen).

DW.

"Месяц беларускай літаратуры" ў Вікіпедыі

15 студзеня - 15 лютага 2021 года ладзіцца спаборніцтва па напісанні артыкулаў да юбілею "Вікіпедыі 20".

Удзельніцы і ўдзельнікі паляпшаюць і ствараюць артыкулы на тэму беларускай літаратуры ад старажытнасці да нашых дзён. Задача спаборніцтва "Месяц беларускай літаратуры" ("МБЛ") - напісанне артыкулаў пра постаці і творы, паняткі і ўстановы, зборнікі і летапісы, датычныя беларускага пісьменства. Каб мець права выйграць узнагароду, варта падаць спосаб сувязі. Пераможцы атрымаюць за стварэнне найбольшага ліку артыкулаў узнагароды на суму: 300 $ - за 1-е месца, 200 $ - за 2- е і 100 $ - за 3-е; а таксама на 100 $ за паляпшэнне найбольшага ліку артыкулаў.

Каб унёсак быў улічаны, трэба дадаць спасылку на кожны дапоўнены і створаны артыкул у адпаведны раздзел на старонцы "Месяца беларускай літаратуры". Пагатоў, дапаўненне мае складаць прынамсі 500 байтаў. Пры гэтым усялякі створаны змест патрэбна падмацоўваць вартымі даверу крыніцамі. Удзельніцы і ўдзельнікі вольныя самі абіраць усялякі артыкул, калі той тычыцца беларускага пісьменства, або скарыстаць прапанаваныя, але неабавязковыя спісы, дзе пералічваюцца найбольш істотныя артыкулы для дапаўнення і стварэння.

Прэс-рэліз.

МАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ "УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ"

Да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" завяршае падрыхтоўку энцыклапедыі пра выдатнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Па словах загадчыцы рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі Вольгі Давідовіч, гэта будзе аднатомнае выданне на 500 старонак з вялікай колькасцю ілюстрацый накладам 1000 асобнікаў. Над ім працуюць выкладчыкі філфака БДУ, прафесары і рэгіянальныя аўтары.

З класічнай энцыклапедыі "Уладзімір Караткевіч", якая пабачыць свет да заканчэння гэтага года, можна будзе дэталёва даведацца пра тое, дзе хто з асяроддзя літаратара нарадзіўся і вучыўся, кім з'яўляўся і якім чынам быў з ім звязаны, а гэтак-сама пра цікавыя творчыя факты стварэння слынным пісьменнікам сваіх раманаў, аповесцяў і эсэ.

Сёння мы прапануем увазе шаноўных чытачоў артыкулы, падрыхтаваныя для будучага выдання нашым пастаянным аўтарам, аршанскім земляком Уладзіміра Сямёнавіча, беларускім паэтам і публіцыстам Уладзімірам Барысенкам.

ВЁСКА БАРЗДОЎКА Аршанскага раёна ўпершыню ўпамінаецца ў 1672 годзе ў "Інвентары Дубровенскага графства", які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Беларусі ў Менску. Згодна з кнігай старажытных актаў (1707), знойдзенай у Дзяржаўным архіве Літвы, мястэчка было прададзена панамі Пацеевымі пад заклад у 500 бітых талераў пану Яну Бародзічу. "Атлас Могилевского наместничества" (1784 ) сведчыць, што тагачасную Барздоўку акружалі густыя лясы і пушчы.

У першай палове 18 ст. вёска ўваходзіла ў склад "Дубровенскага графства" Аршанскага павета, якім валодалі князі Сапегі. У 1987-м у ёй было 48 двароў, 311 жыхароў, хлебазапасны магазін (склад), школа царкоўнай граматы, вінная лаўка і капліца. У пачатку 20 ст. - у складзе Горацкага павета Пугляёўскай воласці. Налічвала 55 двароў і 390 жыхароў. Мела 626 дзесяцін зямлі, з якіх 45 - лесу.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адкрылася працоўная школа 1-й ступені. У 1929-м з'явіўся першы калгас пад назвай "Вызваленне жанчын", у якім працавала кузня. У 1970-м было ўжо 88 двароў і 247 жыхароў, у 1999-м - адпаведна 112 і 290. У верасні 2016-га аграгарадок "Барздоўка" стаў 109-м сельскім пунктам Віцебшчыны, куды прыйшло блакітнае паліва. У 2019-м тут з'явіўся ўнікальны аб'ект: Барздоўскі дзіцячы сад - сярэдняя школа і размешчаны на яе базе Цэнтр адукацыйных, культурных і сацыяльных паслуг. Амаль пад адным дахам з установай адукацыі знайшлі месца ФАП, пошта і сельскі Дом культуры.

Сапраўднай пярлінай школы, ды і ўсёй Барздоўкі, з'яўляецца музей "Гісторыя роднай вёскі". Больш як 30 гадоў настаўнікі разам з вучнямі збіраюць для яго каштоўныя рэліквіі. Тут няма ніводнага муляжа, кожная рэч захоўвае ў сабе цэлую гісторыю, за кожнай - складаныя чалавечыя лёсы, беды і радасці жыцця старажытнай Барздоўкі. Дэвізам творчай краязнаўчай працы сталі словы Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча з ягонай кнігі "Зямля пад белымі крыламі" (1972) - "Любіце гэтую сваю зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, ды і не патрэбна". Гэтыя словы вучні зрабілі ў выглядзе разьбы па дрэве на расчыненых старонках драўлянай кнігі. Яна вісіць над уваходнымі дзвярыма музея.

У музеі захоўваюцца копіі вершаў паэта, напісаныя ягонай рукой і знойдзеныя вучнямі ў Рэспубліканскім музеі-архіве літаратуры і мастацтва, а гэтаксама ягоныя малюнкі. Сяброўка і калега Уладзіміра Сямёнавіча М. Е. Сняжко падаравала музею некалькі групавых фотаздымкаў, зробленых падчас вучобы ў Кіеве ў 1952 годзе і падчас сустрэчы выпускнікоў Кіеўскага Дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1984-м. А супрацоўнікі музея Уладзіміра Караткевіча ў Оршы падаравалі кіраўніку мясцовай установы В. Г. Пячонкіну кнігу "Свет вачыма Караткевіча (малюнкі, аўтапартрэты, карыкатуры, шаржы)", у падрыхтоўцы якой ён прымаў самы актыўны ўдзел.

* * *

БАРЫСЕНКА УЛАДЗІМІР УЛАДЗІМІРАВІЧ нарадзіўся 5 студзеня 1949 года ў вёсцы Якаўлевічы (Фабрычны пасёлак) Аршанскага раёна. Беларускі журналіст, паэт і публіцыст.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1975), Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання (1991). Пасля школы працаваў памочнікам камбайнера ў калгасе імя Дзяржынскага Аршанскага раёна, электраманцёрам на Аршанскім ільнокамбінаце. У 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі ў ракетных войсках. Дэлегат Х Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Берліне (1973). Удзельнік Усесаюзнай нарады маладых журналістаў у Маскве (1977 г.) Працаваў літсупрацоўнікам газеты "Знамя юности" (1975), у "Сельской газете" (1975 - 1998), у часопісе "Беларуская думка" (1998) , у газеце "На страже" (1999 - 2009) і іншых выданнях. Сябра Беларускага саюза журналістаў з 1977 г., Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1998 г.

Дэбютаваў вершам "Живой памятник" у газеце 2-й асобнай Чырванасцяжнай арміі супрацьпаветранай абароны "Воздушный часовой" (1969). Аўтар кніг: "Прописан на этой земле" (1978, не выдадзена), "Рельсы судьбы" (1994), "Запаленне душы" (1996), "Вірус адзіноты" (2000), "Калінавы лес" (2003), "Транспортная милиция. История и современность (літаратурны запіс) " (2004), "Cлужба охраны столицы" (2017), "На варце грамадскага спакою" (2018), "Перамовы з жыццём" (2020). Аўтар шматлікіх калектыўных зборнікаў нарысаў, надрукаваных у саюзных і беларускіх выданнях.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2001), нагрудным знакам Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь "Выдатнік друку Беларусі" (2001). Заслужаны журналіст БСЖ (2008). Пераможца творчага конкурсу "Спадчына", прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, у намінацыі "Лепшы літаратурна-публіцыстычны твор" (2017), шматразовы лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР і Беларускага саюза журналістаў.

Аўтар паэтычнага прысвячэння Уладзіміру Караткевічу "Капсула часоў", надрукаванага ў "Аршанскай газеце", часопісе "Маладосць" і кнізе "Вірус адзіноты" (2000) і артыкула-пераможцы літаратурна-мастацкага конкурсу, прысвечанага 75-годдзю з дня нараджэння У. С. Караткевіча (2005) "Сучаснік будучыні" (упершыню надрукаваны ў "Аршанскай газеце", пасля ў "Рэспубліцы" і кнізе "Калінавы лес" (2003). Жыве ў Менску.

УЛАДЗІМІРУ КАРАТКЕВІЧУ

Ты быў, і ёсць, і будзеш вечна,

адкрыты, шчыры, чалавечны,

нятлен глытаю, штось пішу -

кропельку таленту прашу.

Ты годным быць мне наказаў

і прыклад веры паказаў,

твой вобраз з "Матчынай душой"

нашу заўжды ў душы сваёй.

* * *

ГАРОДНАЕ - вёска гістарычнай Піншчыны (цяпер цэнтр сельсавета Столінскага раёна. Упершыню Уладзімір Караткевіч наведаў гэты дзіўны край разам з Зянонам Пазьняком і Валянцінам Ждановічам у чэрвені 1969-га. Пачатак паселішча губляецца ў сівой даўніне. Паводле вусных паданняў саміх гарадэнцаў, яго заснавалі больш за тысячу гадоў таму ў часы Уладзіміра Вялікага. Месца на пясчанай выспе сярод бяскрайняга і непраходнага балота Марочнае на пінскім Зарэччы было выдатным для пабудовы ўмацаванага, цяжкадаступнага для шматлікіх ворагаў, горада (адкуль і назва). Вынікам згаданага падарожжа (другое, у складзе экспедыцыі "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" Інстытута мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР адбылося ў ліпені 1970-га, адразу пасля адпачынку ў Крыме) стаўся цыкл эсэ пра Палессе "Званы ў прадоннях азёр". Яго загалоўны верш натхнёны паданнямі дзядоў-гарадэнцаў.

Пачынаў рыхтавць паслядоўны закончаны рад з 23 большых і меншых "гістарызмаў" Уладзімір Сямёнавіч на Палессі, а скончыў працу над імі ў Менску ў ліпені 1969-га. Упершыню гэты твор быў надрукаваны ў тым жа годзе ў снежаньскім нумары часопіса "Маладосць". У 1991-м ён увайшоў у другую кнігу (фактычна дзявяты том) апошняга з васьмі тамоў (стар. 49 - 107) збору твораў пісьменніка. Эсэ пабачылі свет у выдавецтве "Мастацкая літаратура" пад назовам "З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя артыкулы, інтэрв'ю, летапіс жыцця і творчасці".

Згаданыя нататкі (з дазволу вядомых даследчыкаў) уразілі і сяброў, і чытачоў, і аглядальнікаў. Па словах крытыка Андрэя Ганчарова, які даволі добра ведаў Караткевіча, эсэ былі зусім не падобныя на ўвесь тагачасны бетонны афіцыёз, які панаваў у савецкім друку.

З гэтым, сапраўды, нельга не пагадзіцца. У надрукаваным цыкле, які хочацца зноў і зноў перачытваць, жыве жывая гісторыя, перад вачыма паўстаюць незабыўныя паданні, легенды і звычаі. Аднак цікавы, незвычайны, пазнавальна-адукацыйны твор выклікаў вялікае незадавальненне ў тагачаснага кіраўніка беларускіх камуністаў Пятра Машэрава (26. 02. 1918 - 04. 10 1980). "Что это за восторги перед резервациями?" - вымавіў ён. Мелася на ўвазе, вядома ж, Палессе, якое лічылі дзікім краем. Пасля гэткага выказу-рэагавання з Менску прыехалі на "вядомыя" месцы "сапраўдныя" камсамольцы, разбілі і закапалі ў гістарычную зямлю ўсе святыя крыжы…

* * *

ГЕРБ СЯМ'І КАРАТКЕВІЧАЎ (на падставе знойдзеных архіўных матэрыялаў) апісвае ў сваёй дакументальнай аповесці "Адпяванне жывых" (1993) пісьменнік Уладзімір Ліпскі: "Чорны крумкач стаіць на сухім паваленым дрэве, у якога знізу і зверху - па два сукі, і трымае той крумкач у дзюбе залаты пярсцёнак. Поле - чырвонае, па баках - дзве зялёныя галіны, а ўверсе тры страўсавыя пяры на шышаку".

У Нацыянальным архіве Беларусі ёсць выява гэтага герба і матэрыялы пра род Караткевічаў герба Корвін. Як зазначае ў сваім артыкуле "Радавод Уладзіміра Караткевіча" даследчык творчасці пісьменніка Анатоль Верабей: "… гэты старадаўні шляхецкі род пачынаўся ў першым пакаленні з Данілы, які ў 1546 г. стаў уладальнікам зямель у Раманаўшчыне і Лятаўшчыне Рэчыцкага павета, размешчаных пры Чачэрскім тракце. Магчыма, Даніла быў далёкім продкам У. Караткевіча. Відаць, не выпадкова аднаго з галоўных персанажаў рамана "Каласы пад сярпом тваім", старога Загорскага-Вежу, пісьменнік назваў Данілам".

Вядомы польскі гісторык, геральдыст і генеалог Адам Банецкі (1842 - 1909) у сваім "Гербоўніку польскім" пачынальнікамі шляхецкага роду Караткевічаў герба Корвін з Каротак у Менскім ваяводстве называе Гаўрылу і Данілу Караткевічаў, якія атрымалі за ваенныя заслугі ў 1546 г. ад Зыгмунта Аўгуста ў Рэчыцкім павеце Раманаўшчыну і Лятаўшчыну. Гэтыя маёнткі назвалі Кароткамі. А. Банецкі знаёміць пры гэтым з нашчадкамі Гаўрылы і Данілы, якія ў розны часы жылі ў Рэчыцкім, Бабруйскім, Рагачоўскім, Полацкім, Браслаўскім паветах ды іншых мясцінах. Пра гэта сведчаць гэтаксама іншыя архіўныя матэрыялы.

* * *

ГУСЦІНОВІЧ ВАСІЛЬ ХВЕДАРАВІЧ нарадзіўся 1 снежня 1935 года ў мястэчку Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна. Паэт і фалькларыст. Скончыў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А. С. Пушкіна і гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам гісторыі, беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 2 г. Оршы.

Першыя вершы надрукаваў у раённых газетах "Авангард" (Лунінец) і "Пінская праўда" (1955). Быў адным з тых, хто складаў аснову аршанскага літаратурнага аб'яднання "Дняпроўскія галасы", на старонках анталогіі паэзіі і прозы якога вершы ўпершыню з'явіліся ў 1970-м. Друкаваўся ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. Аўтар калектыўных зборнікаў паэзіі "Крыло" (1984). "Вяртанне" (1990), "Дняпроўскія галасы"-60 (2009). Яму належаць кнігі "У свеце цікавага" і "Маленькія хітрыкі". Пераможца рэспубліканскага конкурсу на лепшага збіральніка фальклору. Запісы В. Гусціновіча (102 песні) надрукаваны ў выданнях АН БССР. У "Аршанскай газеце" быў змешчаны ягоны верш "У. С, Караткевічу".

Памёр 5 сакавіка 2014 года.

* * *

ДОМ ЛІТАРАТАРА ў Менску на вуліцы Фрунзе, 5 быў пабудаваны ў 1976 годзе па праекце архітэктараў Юрыя Грыгор'ева (29.05.1932 - 21.03.2019) і Вольгі Шубінай (26. 03. 1941). У ім заўсёды шчыра віталі Уладзіміра Сямёнавіча. 28 лістапада 1980-га тут адбыўся юбілейны вечар, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння слыннага пісьменніка.

Сілу і красу караткевічаўскага слова адзначыў, адкрываючы ўрачыстасць, Васіль Быкаў. Юбіляра сардэчна віншавалі тагачасны першы сакратар праўлення СП БССР Ніл Гілевіч, старэйшы сябра Янка Брыль, украінскі паэт, заслужаны работнік культуры БССР Алекс Юшчанка, Іван Пташнікаў, Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Нічыпар Пашкевіч, Анатоль Кудравец, Алесь Жук, Аляксандр Шабалін, Уладзімір Ліпскі, мастакі Нінэль Шчасная і Уладзімір Басалыга, дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Міхась Дубянецкі, рэжысёр тэатра імя Якуба Коласа Валерый Мазынскі.

- Прабачце мне, сказаў у адказ юбіляр, - бо ў мяне ад хвалявання сеў голас, і таму я буду гаварыць з вамі крышачку такім, ну хрыплаватым. Сябры мае і сяброўкі! Няўжо вы думаеце, што я быў бы чагосьці варты без вас, якія сыйшліся сюды з большай там ці меншай сімпатыяй да мяне? Мабыць, нічога не быў бы варты без вас, дарагія, без зямлі беларускай вялікай, без вялікага беларускага народа, без вялікай беларускай мовы. І таму дзякуй вам за тое, што вы ёсць. Дзякуй зямлі беларускай за тое, што я еў яе хлеб, чорны, піў яе смачную ваду, дыхаў яе паветрам, паціскаў самыя верныя на свеце мужчынскія рукі ў дружбе, рукі нашых мужчын, і зрэдку шанцавала мне цалаваць рукі самых мілых істот на свеце - нашых жанчын. Дзякуй вам людзі, яшчэ тысячу раз дзякуй вам, без вас я - нішто!

27 ліпеня 1984 года ў Доме літаратара развітваліся з У. С. Караткевічам. На сцэне патанала ў вянках і кветках труна. Аддаць даніну павагі і памяці вялікаму майстру роднага слова, заснавальніку беларускага гістарычнага рамана прыйшлі пісьменнікі, мастакі, артысты, навукоўцы, рабочыя, студэнты, вучні, ягоныя землякі з Оршы. У ганаровай варце стаялі кіраўнкі партыі і ўрада рэспублікі I.Я. Палякоў, Г. Г. Барташэвіч, А. Т. Кузьмін.

На жалобным мітынгу выступілі Н. Гілевіч, В. Быкаў, Р. Барадулін, першы сакратар Аршанскага гаркама партыі Я. Глушкевіч, кінарэжысёр М. Пташук.

14 красавіка 1987 года ў Доме літаратара прайшоў вечар новай кнігі "Быў. Ёсць. Буду", а 29 лістапала 1990 года адбылося ўшанаванне Уладзіміра Караткевіча з нагоды ягонага 60-годдзя.

* * *

ІЛЬІНА ГАЛІНА МІХАЙЛАЎНА нарадзілася 7 красавіка 1954 года ў вядомым з 1712 года горадзе Шадрынск Курганскай вобласці Расіі ў сям'і афіцэра-вайскоўца. У 1966-м, пасля некалькіх пераездаў з другога пасля Кургана па колькасці жыхароў горада на новыя месцы службы бацькі, разам з дарослымі сямейнікамі Галя апынулася ў Оршы. Тут з шостага класа 7-й школы набывала сярэднюю адукацыю.

У 1974 - 75 гадах вучылася ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, у які ў адпаведнасці з пастановай Усерасійскага з'езда работнікаў настаўніцкіх інстытутаў напрыканцы 1918-га быў пераўтвораны мясцовы настаўніцкі інстытут. Завочна скончыла заснаваны ў кастрычніку 1929-га Аршанскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, цяпер Аршанскі каледж Белдзяржуніверсітэта транспарту (1983 - 1986). Працавала тэхнолагам, інжынерам на вядомым аршанскім заводзе "Красный борец" (1973 - 1994), домакіраўніком домакіравання № 3 (1994 - 2000), супрацоўнікам праектнага інстытута "Віцебскаблрэмбуд" (2005 - 2010). Жыве ў Оршы, якую Уладзімір Караткевіч любіў "першым вялікім каханнем, якое не знікне, пэўна, нават з маім жыццём".

Галіна Міхайлаўна вышывае шыкоўныя карціны атласнымі і шаўковымі стужкамі. Яе адметныя работы двойчы дэманстраваліся на выставах у Музеі Уладзіміра Караткевіча. На стварэнне радаводу класіка беларускай літаратуры ў 2017 годзе Галіна Ільіна ахвяравала адкрытаму 26 лістапада 2000 года музею асабістыя грашовыя сродкі. Па яе словах, гэта стала данінай вялікай і заслужанай павагі да неардынарнай асобы Уладзіміра Сямёнавіча і яго непаўторнай, неўміручай творчасці

Дачка Ганна і зяць Андрэй жывуць і працуюць медыкамі ў Нью-Ёрку, адкуль даляцелі ў Музей гісторыі і культуры Аршаншчыны малюнак "Славяначка" і каталог прац аршанкі Алены Тылькінай, якая і за акіянам называе сябе беларускай мастачкай. Збываецца мара Уладзімра Караткевіча - згаданы музей становіцца цэнтрам, які аб'ядноўвае землякоў, што пражываюць за мяжой.

* * *

КАДРЭВІЧ НІНА ВАСІЛЕЎНА нарадзілася 12 снежня 1904 года ў Рагачове. Малодшая сястра маці Уладзіміра Караткевіча Надзеі Васілеўны (25. 07. 1893, Мсціслаў - 16.12.1977, Менск). Вучылася ў гімназіі ў Рагачове і мясцовым педагагічным тэхнікуме (1920-1923). Працавала настаўніцай малодшых класаў у Кармянскім раёне, дзе выйшла замуж за Канстанціна Міхайлавіча Кадрэвіча (1901 - 1979). Ён скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1923-1925) і нейкі час гэтаксама працаваў настаўнікам малодшых класаў. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1929-1931), пасля якога працаваў ваенным ветурачом на Далёкім Усходзе (1931-1935). Працаваў ветурачом у Чачэрску (1936-1937).

Быў несправядліва рэпрасаваны і асуджаны (1937) за "шкодніцтва" на 10 гадоў і адпраўлены ў турму на той жа Далёкі Усход. Пасля шматлікіх зваротаў жонкі і сваякоў да Надзеі Крупскай і Андрэя Вышынскага справу перагледзелі і праз два гады (плюс год афармлялі дакументы) выпусцілі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Узнагароджаны медалямі "За ўзяцце Будапешта" (1945), "За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 - 1945 гг.". (1946).

Пасля вайны Кадрэвічы жылі ў гарадскім пасёлку Акцябрскі (1950-1957), а потым пераехалі ў Горкі, дзе галава сямейства працаваў ветурачом у акадэмічных падраздзяленнях. Вырасцілі трох дачок: Таццяну (1927-2004), Ксенію і Надзею (1935-1999). Ксенія Канстанцінаўна нарадзілася ў Кармянскім раёне ў 1931 годзе. Скончыла БСГА (1951-1956). Працавала спачатку асістэнтам кафедры раслінаводства, а пасля абароны кандыдацкай (1970) засталася ў акадэміі дацэнтам кафедры раслінаводства і лугаводства да 1987 года. Жыве ў Горках з дачкой.

(Працяг у наст. нумары.)

"Прыняўся я за збіральніцтва…"

Да 165-годдзя Еўдакіма Раманава

Гісторыя Магілёўшчыны

Калі будзеце ў горадзе Магілёве і захочаце наведаць самы старажытны музей, то вам трэба ісці ў абласны краязнаўчы музей Еўдакіма Раманава на Плошчы славы. На гістарычным будынку музея ў 2005 годзе была ўрачыста адкрыта памятная шыльда нашаму выбітнаму археолагу і грамадскаму дзеячу Еўдакіму Раманавічу Раманаву. І гэтая пашана славутаму дзеячу ў нашым горадзе зусім невыпадковая.

Еўдакім Раманаў (1855 - 1922) - беларускі гісторык, археолаг, этнограф і фалькларыст, краязнавец і педагог. Нарадзіўся ён ў Нова-Беліцы на Гомельшчыне, навучаўся ў гомельскай прагімназіі, затым на курсах настаўнікаў рускай мовы і гісторыі. Потым працаваў настаўнікам, інспектарам народных вучэльняў Віцебскай, Гарадзенскай і Магілёўскай губерній. Быў чальцом Расійскага геаграфічнага таварыства, Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, Маскоўскага археалагічнага таварыства, Віцебскага статыстычнага камітэта. Уваходзіў у склад камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай бібліятэкі і музея. Вялікі паслужны спіс, ці не праўда? Усё сваё жыццё, дзе б ён не быў, Еўдакім Раманаў адднана і самаахвярна працаваў на ніве папулярызацыі і захавання духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа. Будучы патрыётам свайго краю, ён добра ўсведамляў значнасць для беларусаў нацыянальнай адметнасці і ў першую чаргу мовы. Вось як ён напісаў у 1891 годзе ў адным са сваіх твораў пра занядбанасць беларускай мовы: "Балюча стала беларускаму майму сэрцу такое няведанне навукоўцамі маёй роднай мовы, і, ведаючы беднасць літаратуры беларускай, прыняўся я за збіральніцтва… ".

Даследчыку было ўсё цікава ў жыцці і культуры беларусаў: жытло, народныя абрады, дзіцячыя гульні, народны каляндар і медыцына, адзенне і мова. За сваё жыццё Еўдакім Раманавіч напісаў больш за 200 працаў па этнаграфіі і фальклоры, гісторыі і археалогіі. Да таго ж ён сабраў і надрукаваў больш за 10000 фальклорных твораў. Асноўнай этнаграфічнай працай навукоўцы з'яўляюцца 9 выпускаў "Беларускага зборніка", якія выйшлі ў 1886 - 1912 гадах. Даследчыкі па праву называюць гэтую працу сапраўднай энцыклапедыяй побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу, якая захоўвае казкі і спевы, вершы і прымаўкі…

У адным са зборнікаў вельмі цікава пачытаць замовы з Магілёўшчыны. Напрыклад, замова ад гадзюкі, вужакі і сліўня: "Ездзив Юрий по горах, по межах, на зялезных струменах, побивав копъём и гадов и гадынь, и сливнев,подмежных, подбережных, потколодных, гноявых, водзяных, и чорных, и белых, и зяленых, и вишневых, и полосоватых, и чмарых, и рудых. А ты, старая старица, свой скот судержай, рабе божай пухлины на распущай". (Запісана ў мястэчку Нежкава Магілёўскага павета).

Ці замова ад "заломаў" на збожжы: " На синям мори камянь, па тым камяни дуб, на тым дуби тридзевяць кокотов, на тых кокотах тридзевяць гняздов, на тых гняздах тридзевяць сорок, тридзевяць урок от жаночча, от дзявочча, от хлопечча, от мужчыньска, русый волос, чорный волос, рыжий волос, белый волос. Святая святочки, годовыя празьнички, ходзиця ко мне на помоч; я с словамы, Бог с духамы, як стало, так перастало". (Вендаражская воласць, Магілёўскі павет).

А вось замова з вёскі Жыравец (мабыць, Журавец) той жа воласці: "Маць Марея сына мела, купала, раба божаго уроки выбирала, ис косьцей, ис сустав, з белага цела, з румянаго лица, из русаго волоса, з голоса, што злый злая уракая, сам Бог помогая. Сам Бог на помочь, янгали на радось. Маць родзила зарой потперазала, усих яго урагов потоптала, каб косьци ня ломило и сэрца ня сушило".

Замова з мястэчка Палыкавічы Магілёўскага павета: "Жарко сонцо, ясный месяц, три зарицы - родны сястрицы: вутреня заря, повдзенная заря и вячерняё; вода Ярданица, твоя матка волняница, ишла ты цемными лясами, зялеными лугами, крутыми берегами, каменьням, кореньням, поможи рабу божаму от урочищ".

Замова ад "ляку, упуду, сцени" з вёскі Чыгірынка Быхаўскага павета: "Першим разом, добрым часом. Переполохи вымовляю, Господа Бога упрошаю, - бацьковы, мацярыны, и дзявоцкия и хлопоцкия, и чаловеччия и кошеччия, и собаччия и коровиччия. Помощи Господа умовлях, уговорах, Господьних помыслах; стань Господзи у помочь аминь".

На думку гісторыка Анатоля Седзіна найбольш плённым у творчай і навуковай дзейнасці Еўдакіма Раманава быў Магілёўскі перыяд 1895 - 1906 гадоў, калі ён служыў інспектарам народных вучылішчаў Магілёўскай губерні і на працягу шасці гадоў (1897 - 1903) быў рэдактарам неафіцыйнай часткі газеты "Магілёўскія губернскія ведамасці". Менавіта ў гэтыя часы быў зроблены велізарны ўнёсак у справу вывучэння і папулярызацыі гістарычна-культурнай спадчыны Падняпроўя.

У 1897 годзе Еўдакім Раманаў заснаваў Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей, які налічваў больш за 6 тысяч экспанатаў. Музей размяшчаўся ў будынку былога кляштара бернардзінаў на беразе Дняпра. Экспазіцыя займала тры пакоі - 140 квадратных метраў. Музейныя экспанаты былі ў асноўным са старажытных храмаў і археалагічных раскопак, якія праводзілі Еўдакім Раманавіч і іншыя археолагі: каменныя і жалезныя прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожванні, манеты, калекцыя крыжоў.

Абразапісанне ў музеі было прадстаўлена абразамі 16 - 18 стагоддзяў маскоўскага, смаленскага, стараабрадніцкага, магілёўскага пісьма на палатне, дошках, а таксама выразаных з дрэва, медзі і свінцу. Некаторыя з іх былі ў абкладах работы магілёўскіх майстроў А. Воўчака і П. Сліжыка. Былі там шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1566 года, срэбная мітра 1758 года магілёўскага архіепіскапа Г. Каніскага, часткі іканастасаў, царскія брамы, скульптурныя выявы святых. Бібліятэчны аддзел музея ўтрымліваў шматлікія богаслужэбныя кнігі 16 - 18 стагоддзяў, да таго ж там захоўвалася мінея, выдадзеная ў Кракаве ў 90-я гады 15 стагоддзя. У архіве музея было больш за 4000 дакументаў пераважна 17 стагоддзя, у тым ліку грамата на Магдэбургскае права Магілёву 1577 года, інвентары горада, замка, воласці 1604 года. У Магілёўскі перыяд Еўдакім Раманаў надрукаваў каля сотні розных даследаванняў, і гэта не ўлічваючы бібліяграфічных нататак.

Навуковец увёў у навуковы ўжытак вялікую колькасць пісьмовых крыніц па гісторыі Магілёва. Даследаваў археалагічныя помнікі горада, даў ім навуковае апісанне. Даследаваў гарадзішчы і курганы ў Буйнічах, Дашкаўцы, Быхаве, Лучыне, Радамлі, Лукомлі і іншых шматлікіх мясцінах.

У 1905 годзе Раманаў вывучаў Пелагееўскае гарадзішча Змяёўка ў Магілёве па праспекце Міру і правёў археалагічныя раскопкі Магілёўскага замчышча. У межах сучаснага Магілёва на правым беразе Дняпра ва ўрочышчы Гарадшчызна ён выявіў і даследаваў комплекс паселішчаў эпох мезаліту, неаліту, і часоў ранняга жалезнага веку, і Старажытнай Русі. Сабраў археалагічную калекцыю, у якой былі прадстаўлены рэчы ўсіх эпох, пачынаючы ад каменнага веку.

Раманаў працаваў над стварэннем археалагічных карт Магілёўскай, Віцебскай і Гарадзенскай губерній. Сабраў звесткі пра больш чым 1000 гарадзішчаў на Беларусі. Вывучаў шматлікія помнікі каменнага і бронзавага вякоў, а таксама зрабіў першую на Беларусі класіфікацыю прыладаў каменнага веку.

Пад рэдакцыяй Е. Раманава ў 1900-1903 гадах выйшла 3 выпускі "Магілёўскай даўніны". Гэта зборнікі краязнаўчых матэрыялаў па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі Магілёўшчыны. У зборніках друкаваліся цікавыя звесткі пра каменны крыж з чырвонага граніту 1598 года па дарозе на Вендараж за 15 вёрст ад Магілёва, пра Баркалабаўскі летапіс, манетныя скарбы, Чарэйскі манастыр, Магілёўскі сабор Святога Іосіфа, апісанне граматы Стэфана Баторыя і многае іншае.

Асобны артыкул быў прысвечаны шапавалам мястэчка Дрыбін. Шапавальства - шэрстабітны і валяльны промысел, традыцыйнае мастацтва вырабу з воўны, валянне і качанне галаўных убораў і валёнак. Шапавалы Дрыбіншчыны нават распрацавалі сваю адмысловую таемную мову, якая вядомая, як "катрушніцкі лемязень". Еўдакім Раманаў склаў слоўнік шапавалаў, які быў прыведзены ў першым выпуску за 1900 год.

Вось некаторыя цікавыя словы, прыведзеныя ў зборніку: лес - воксім; балота - шальта; зіма - сіворка; ноч - кімка; раніца - шураньня; поўнач - лухтавіна; тыдзень - жэўшніца; Бог - Ахвес; царква - хлюса; жанчына - жбаха; хлопец - мікрэц; дзеўка - шыхта; баба - яруха; дзед - ярох; маці - бакштэйка; сын - звінчык; жонка - жбаха; муж - жбан; жаніх - драпелун; бядняк - кухта; шапавал - катрушнік; пастух - лапстыр; млынар - скрыготнік; нос - моршчык; язык - лемязень; барада - вірыя; малады - драпёлы… Некаторыя фразы шапавалаў выглядаюць вось так: " Дай мне грошай - гурь маньку хавбов", " пайшлі піва піць - похлім кера керыць", " мой брат хварэе - манек хімшает".

Пагадзіцеся, цяжка пераацаніць унёсак Еўдакіма Раманавіча Раманава ў вывучэнне Беларускага краю. Даследаваннем спадчыны слыннага гісторыка-патрыёта займаліся В. Капыцін, Г. Каханоўскі, А. Седзін, У. Багамольнікаў і многія іншыя. Пачынаючы з 2004 года ў Магілёве на базе МДУ імя Аркадзя Куляшова штогод адбываюцца міжнародная навуковыя канферэнцыі "Раманаўскія чытанні", прысвечаныя памяці вядомага археолага.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.На фота Аксаны Астапавай: 1. Памятная шыльда на будынку Абласнога краязнаўчага музея ў г. Магілёве. 3. Будынак музея Е. Раманава.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX