Папярэдняя старонка: 2020

№ 51 (1514) 


Дадана: 23-12-2020,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 51 (1514), 23 снежня 2020 г.

З Божым Нараджэннем! З Калядамі!

Святло Божага Нараджэння набліжаецца

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк ухваліў учынак беларускіх скаўтаў, якія зноў даставілі Бэтлеемскі агонь у Менск і іншыя гарады Беларусі. Нягледзячы на эпідэмію і закрытыя межы, скаўты не апусцілі рукі. Дапамаглі ім супрацоўнікі Гарадзенскага Польскага Кансулята і даставілі агонь праз мяжу дыпламатычным транспартам.

Вернікі панеслі агенчык у свае дамы, каб падзяліцца святлом і сагрэць родных і сяброў!

Тры дні на перадсвяточных рэкалекцыях ў менскім Чырвоным касцёле прамаўляў ксёндз Петр Антоні Бялевіч, каб падзяліцца верай і надзеяй. "Не бойся, Захарыя! Не бойся, Юзаф! Не бойся, Марыя", - цытаваў святар словы з Новага Запавету. "Не бойцеся і вы, дарагія людзі!"

Год таму ў такі ж перыяд ён збіраў ахвяраванні на пабудову касцёла ў Менску на вул. Някрасава. У той час быў толькі выкапаны катлаван, а зараз ужо новы касцёл быў накрыты дахам. Многія раілі святару ў цяжкі год спыніць будоўлю, але ён не спыніў, і працягвае ставіць святыню.

Акрамя будаўніцтва храма, кс. Пётр Антоні Бялевіч вырашыў выдаць штодзённік на беларускай мове, прысвечаны св. Юзафу, апякуну сям'і. Добра ілюстраваны штодзённік з урыўкамі з Евангелля на кожны дзень і літаніяй св. Юзафу выйшаў з друкарні і зараз прапануецца ў якасці каляднага падарунка. 7 снежня аказалася, што Папа Францішак, каб натхніць вернікаў і змягчыць іхнія перажыванні, вырашыў абвясціць наступны год Годам Св. Юзафа.

"Увайсці ў новы год мы прапануем разам з разважаннямі св. Айца Францішка, перакананага, што "слова збаўлення не шукае ахоўных, стэрыльных, бяспечных месцаў" - яно "ўваходзіць у нашы складанасці, у нашу цемру", што Слова Божае суцяшае, заахвочвае, "правакуе" навяртанне, мабілізуе, вызваляе ад паралічу эгаізму, змяняе жыццё і прымушае пераходзіць з цемры да святла", - напісаў у прадмове да штодзённіка айцец Пётр Антоні Бялевіч ОМІ.

Э. Дзвінская.

Пад Каляды - у Дэндра-парк

Лідскі край багаты на прыгожыя мясціны. Прырода вабіць вока і дарослых, і дзяцей. Лясы і палі, рэкі і азёры, векавыя дрэвы і камяні-следавікі… Убачыўшы іх аднойчы, ніколі не забудзеш.

Вучні 7-8 класаў сярэдняй школы № 11 г. Ліды гэтай восенню пазнаёміліся яшчэ з адным аб'ектам прыроды, які да гэтага часу не пакідае іх думкі. Гэтае незвычайнае месца - дэндра-парк "Гарні". Асабліва прывабны ён восенню. Гэта тая пара, калі прырода выглядае найлепш у залатым убранні.

Чым так здзівіў дзяцей парк прыроды "Гарні"?

Па-першае, тут распрацаваны экалагічны маршрут, па якім вучні вандравалі сярод векавых дрэў розных парод. Апроч спрадвечнай прыроднай прыгажосці, падчас вындроўкі мы сустрэлі шмат займальнага і пазнавальнага. Самае вялікае і старажытнае дрэва парку - цукровы клён, яму 139 гадоў, дыяметр ствала - 180 сантыметраў! Захаваліся алеі, пракладзеныя больш за 130 гадоў таму. Ёсць насаджэнні лістоўніцы сібірскай, хвоі веймутавай і звычайнай, белай акацыі, ліпы, дуб чарэшчаты, ясень звычайны, рабіна, елка калючая.

Па-другое, мы даведаліся, што батанічны помнік прыроды мясцовага значэння "Гарні" мае сваю гісторыю: парк быў закладзены па ініцыятыве царскай дзяржаўнай лясной аховы на паўднёвай ускраіне Ліды ў далёкім 1881 годзе. У снежні 1964 года рашэннем Лідскага райвыканкама парк абвешчаны батанічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Плошча парку - 6,7 гектара. Тут расце каля двух тысяч дрэў і кустоў. Больш за паўтары тысячы дрэў, уключаючы рэдкія віды, перасягнулі векавую мяжу.

Па-трэцяе, паміж магутнымі волатамі размясцілася алея казак, на якой вучні сустрэліся з казачнымі персанажамі: Бабай-Ягой, русалкай, лесуном, каля векавога дуба гуляе "кот-вучоны". А на адным з дрэў ёсць "вуха жаданняў"! Кожны можа прашаптаць туды сваё самае патаемнае жаданне, і яно абавязкова збудзецца. Падчас вандроўкі мы сустрэлі сапраўдны лабірынт, які высажаны з туй. На адной з самых велічных алей парку - ліпавай - ёсць ліпа і дуб, якія растуць практычна з аднаго кораня. Гэта ўнікальнае месца для фотасесій. На велізарнай паляне ўзвышаецца стыльная васьмікутная вясельная альтанка. Як мы даведаліся, менавіта тут апошнім часам маладыя людзі ўступаюць у шлюб.

А яшчэ, тут дзейнічае сапраўдны Музей гісторыі лясной гаспадаркі. Экспанаты ў музеі незвычайныя: шышкасушылка, пасека пчол і інш.

Усё гэта: дрэвы, казачныя героі, музей гісторыі лясной гаспадаркі - можна ўбачыць у батанічным помніку прыроды мясцовага значэння. Дэндра-парк "Гарні" запрашае ў госці ўсіх! Мы ўпэўнены, калі вы аднойчы заглянеце сюды, то ён назаўжды застанецца ў вашых ўспамінах!

А два гады назад сюды пачаў збірацца Зюзя Панямонскі, каб зрабіць тут сваю сядзібу, ды з-за надта цёплых зімаў пакуль не адважваецца, мабыць, растаць баіцца.

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 Б класа.

Ці патрэбны мове статус дзяржаўнай?

Левы ўрад Іспаніі прапануе пазбавіць іспанскую мову статусу афіцыйнай і ўвогуле аддаць моўнае пытанне на разгляд рэгіёнаў. Апазіцыя лічыць, што такі сцэнар фатальны для іспанскай нацыі.

Год таму іспанскія нацыяналісты былі ў эйфарыі. У свежым штогодніку, выдадзеным Інстытутам Сервантэса, сцвярджалася, што колькасць чалавек, якія размаўляюць па-іспанску, у свеце вырасла да 577 мільёнаў. Такім чынам, іспанская мова стала чацвёртай па распаўсюджанасці мовай на планеце. А ў ракурсе дынамічнага росту іспанамоўнай дыяспары ў ЗША яна нават атрымала шанцы пацясніць на глабальным узроўні англійскую.

Прайшоў год, і настроі ў гэтым асяродку - зусім іншыя. Іспанафілы б'юць у званы, сцвярджаючы, што мове Лоркі і Сервантэса пагражае хуткае выміранне. Усё з-за прынятага 20 лістапада ў парламенце пакета паправак да закона пра адукацыю. Згодна з яго новай рэдакцыяй, з адукацыйнага заканадаўства будзе прыбрана фраза пра тое, што іспанская мова з'яўляецца афіцыйнай дзяржаўнай. Яна ж таксама пазбаўляецца статусу мовы міжнацыянальных зносін. У перспектыве не цэнтральны ўрад, а адміністрацыі іспанскіх рэгіёнаў павінны забяспечыць права вучняў атрымліваць адукацыю на іспанскай мове і мовах аўтаномій у адпаведнасці з Канстытуцыяй, статутамі рэгіёнаў і дзейным заканадаўствам. Пры гэтым аўтаномныя рэгіёны абавязаны забяспечыць адукацыю школьнікам таксама на іспанскай.

Папраўкі былі прынятыя пры 177 галасах "за", 148 "супраць", 17 устрымаліся. Галоўным чынам галасы за новыя правілы аддалі дэпутаты ад партый левай кааліцыі - Іспанскай сацыялістычнай рабочай партыі (PSOE) і левай кааліцыі Unidas Podemos. Паколькі гаворка ідзе пра канстытуцыйны закон, для зацвярджэння паправак неабходна было атрымаць абсалютную большасць (176 з 350) дэпутатаў. Сабраць патрэбны гербарый мандатаў удалося за кошт дэпутатаў ад рэгіянальных нацыяналістычных партый Галісіі, Краіны Баскаў і Каталоніі.

Як і трэба было чакаць, правая апазіцыя адразу ўзняла неверагодны лямант. Правыя кажуць: запускаецца працэс выцяснення іспанскай мовы з усіх сектараў грамадскага жыцця. У перспектыве гэта прывядзе да таго, што жыхары Іспаніі будуць вучыцца па розных школьных праграмах. Гэта паглыбіць ізаляцыю рэгіёнаў і замарудзіць мабільнасць насельніцтва, прывядзе да стварэння перадумоў фрагментацыі дзяржавы і нават да яе распаду. Дарэчы, пакуль такія прагнозы падаюцца перабольшанымі. На сёння 90 % грамадзян Іспаніі ў побыце гавораць на іспанскай.

Крытыкі новага закона актыўна спасылаюцца на досвед Каталоніі, дзе каталонская мова паступова выцясняе іспанскую са школьнай аўдыторыі. У акругах, дзе пры ўладзе знаходзяцца нацыяналісты, на іспанскай выкладаюцца толькі 25 % вучэбнага матэрыялу. Іх апаненты ў сваю чаргу сцвярджаюць, што статыстыка не адлюстроўвае сумнай рэальнасці. З-за засілля іспанамоўнай культурнай прадукцыі па-за школьнымі класамі моладзь усё роўна выкарыстоўвае іспанскую. Ускосна, як піша Financial Times, пра гэта сведчаць і вынікі нацыянальных школьных конкурсаў па веданні іспанскай мовы і літаратуры. Прызавыя месцы там традыцыйна атрымліваюць каталонскія школьнікі.

Так ці інакш, шмат хто сапраўды лічыць, што іспанскай мове нешта пагражае. Інакш на мінулым тыдні ў 12 гарадах краіны не прайшлі бы маніфестацыі за захаванне для іспанскай мовы статусу дзяржаўнай. Многія культурныя арганізацыі, уключаючы Каралеўскую іспанскую акадэмію, выказалі заклапочанасць рэформай, заклікаўшы прыняць закон, які не "ставіць пад сумнеў выкарыстанне іспанскай мовы на тэрыторыі любога рэгіёна і забараняе ствараць перашкоды для навучання на ёй".

Цяпер аматары іспанскай спадзяюцца, што законапраект удасца заблакаваць у нетрах Сената, які павінен накласці на яго сваю рэзалюцыю. Зрэшты, старшыня кансерватыўнай Народнай партыі Пабла Касада загадзя заявіў, што ў іншым выпадку падасць у Канстытуцыйны Суд, паколькі папраўкі супярэчаць Канстытуцыі.

Спрэчкі вакол мовы адсунулі на задні план іншыя, не менш цікавыя аспекты рэформы. Са старой версіі закона прыбраны словы пра тое, што дзяржава "абавязана падтрымліваць прыватныя школы". Гэта сапраўдная міна пад недзяржаўныя школьныя ўстановы. Напрыклад, як піша выданне Voz de Almeria, новыя правілы прымусяць зачыніць 80 % каталіцкіх школ. Акрамя таго, усім школам як прыватным, так і дзяржаўным, забаронена паасобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак. Адукацыя павінна быць сфакусаваная на праблемах дэмакратыі, экалогіі і фемінізму. Вучні павінны будуць глыбока вывучаць гісторыю дэмакратыі ў Іспаніі з улікам гендарнай праблематыкі.

Фактычна, левыя намагаюцца трансфармаваць навучальныя ўстановы ў інкубатары для гадавання сваіх выбаршчыкаў. Зрэшты, Іспаніі характэрная дастаткова частая ракіроўка правых і левых кабінетаў. Няма сумневу, што як толькі ўлада зменіцца, правыя паспрабуюць узяць рэванш.

Алег Новікаў.

Пакліканне - несці духоўнае святло

У сталіцы вернікі розных канфесій пазнаёміліся з вынікам міжканфесійнага культурнага праекта "Лініі святла" - аднаіменным зборнікам інтэрв'ю з дзеячамі культуры і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, якія развіваюць хрысціянскія традыцыі ў даследваннях кніжнай культуры, у літаратуры, музыцы, тэатральным мастацтве, жывапісе і іншых галінах дзейнсці.

Героямі інтэрв'ю, запісаных Элай Дзвінскай, сталі даследчык Слуцкага, Полацкага і Тураўскага Евангелляў, Берасцейскай Бібліі Алесь Суша, дырыжор і фагатыст Аляксей Фралоў, оперны спявак Ілля Сільчукоў, кіраўнік госпелхораў, член Саюза кампазітараў Беларусі Павел Шведаў, рэжысёр і актор тэатра і кіно Павел Харланчук і яго жонка Ганна, арганізатар фестываляў хрысціянскай культуры ксёндз-канонік Сяргей Бараўнёў, мастачка Ядвіга Сянько і іншыя асобы.

У раздзеле " З родным словам і песняй - да святыняў" у кнізе прадстаўлена дзейнасць арганізатара спеўных сходаў Сяржука Доўгушава і асветніцкая, экскурсійная і папулярызатарская руплівасць старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзячкова.

Героі кнігі распавялі аўтарцы не толькі пра свае поспехі і дасягненні, але і пра традыцыі веры ў іх сем'ях, закладзеныя з дзяцінства, якія стваралі маральны грунт для іх развіцця як асобаў. Так, чытачы змогуць даведацца пра стойкі характар дзеда Іллі Сільчукова - Яўгенія Іванавіча, які быў пастарам евангельскай царквы ў Слуцку ў 60-я гады, і пра бабулю Алеся Сушы Валянціну Карлаўну, якая спявала ў хоры Любаніцкай царквы ў Карэліцкім раёне, і пра шляхетных продкаў з каталіцкага шляхецкага роду Савіцкіх і праваслаўнага роду Хлусовічаў Алега Дзьячкова.

27 лістапада прэзентацыя зборніка " Лініі святла" адбылася ў менскай евангельскай царкве "Святло Ісціны". На сустрэчы выступілі героі кнігі - кандыдат культуралогіі Алесь Суша, госпел-хор "Імправізацыя" на чале з Паўлам Шведавым, Павел Сурагін і квартэт яго выхаванцаў "Brevis".

13 снежня ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк дабраславіў адкрыццё выставы абразоў пані Ядвігі Сянько ў Чырвоным касцёле. Госці імпрэзы цяпер больш даведаюцца пра яе творчасць з кнігі "ЛІНІІ СВЯТЛА". Прыемна было бачыць сярод гасцей паэтку і мастачку Святлану Раманаву, журналістку Вікторыю Чаплеву і яе мужа, кандыдата гістарычных навук Паўла Булатага. Творчасць пані Ядвігі нясе сапраўдную радасць, вышэйшую прыгажосць, Ласку Божую, прасвятляе і залагоджвае душы! Прысутныя падзякавалі пані Ядвізе за яе вялікую дзейнасць па ўпрыгожанні святынь Беларусі. Яе пэндзлю належаць больш за 2000 абразоў і карцін з біблейскімі сюжэтамі.

Абразы пані Ядвігі знаходзяцца ў менскім касцёле св. Сымона і Алены, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай ў Будславе, у касцёлах Браслава, Міхалішак, ў праваслаўных храмах Маладэчна, у цэрквах Клецкага, Вілейскага, Стаўпецкага і Баранавіцкага раёнаў, у пас. Мір, у царкве Уваскрасення Хрыстова ў Ашмянах, у г. Валожыне і іншых гарадах.

Праца над праектам "Лініі святла" дапамагла яго ўдзельнікам пераадольваць самазамкнёнасць, трывогу і разгубленасць падчас вясновай і зімовай хваляў каранавірусу, аб'ядноўвацца ў супольнай творчай дзейнасці, узаемным творчым абмене.

Зборнік "Лініі святла" выйшаў сёлета ў выдавецтве " Кнігазбор", кнігу можна набыць у сталічнай " Акадэмкнізе".

Наш кар, фота аўтара.

Літаратурна-музычныя зазімкі "Літаратурнае сузор'е Лідчыны"

17 снежня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыліся літаратурна-музычныя зазімкі "Літаратурнае сузор'е Лідчыны". Галоўнай мэтай гэтага мерапрыемства стала фарміраванне цікавасці да чытання твораў пісьменнікаў і паэтаў Лідскага краю праз папулярызацыю іх творчасці.

Кнігі пісьменнікаў-землякоў вельмі запатрабаваныя сярод чытачоў бібліятэкі і заўсёды знаходзяць жывы водгук у іх сэрцах. Яны прывіваюць любоў і павагу да гісторыі і культуры роднага краю, дапамагаюць паўней адчуць і ўсвядоміць сувязь літаратуры з жыццём, пашыраюць і ўзбагачаюць веды аб родных мясцінах.

У гэтым годзе мерапрыемства прайшло ў незвычайным фармаце, на ім, на жаль, не прысутнічалі галоўныя ўдзельнікі літаратурных зазімак - пісьменнікі. Удзел у мерапрыемстве прынялі супрацоўнікі філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Курбыка распавяла прысутным пра дзейнасць членаў Саюза пісьменнікаў, больш падрабязна спыніўшыся на творчасці Віктара Бачарова, Ірыны Бараздзіной, Алы Юшко, Святланы Тамашэвіч, Станіслава Судніка. Знаёмства з іх жыццём і творчасцю дапамагло лепш зразумець мастацкую праўду твораў, прыгажосць нацыянальнай мовы, глыбіню думак і пачуццяў.

Да ўвагі прысутных супрацоўнікі бібліятэкі прадставілі буктрэйлеры на выданні паэтаў і пісьменнікаў Лідчыны: зборнік "Гутарка" Віктара Бачарова, зборнік вершаў "Пялёсткі лёсу" Алы Юшко, зборнік вершаў і апавяданняў "Няхай будзе..." Ірыны Бараздзіной, паэтычны зборнік "Любіце жыццё" Святланы Тамашэвіч і іншыя.

Падводзячы вынікі мерапрыемства, можна зрабіць выснову, што літаратурныя творы лідскіх аўтараў занялі сваё належнае месца ў культуры горада Ліды. Знаёмства з імі прылучае да маральнага і эстэтычнага багацця беларускай літаратуры, знаёміць з гісторыяй, культурай, з асаблівасцямі нацыянальнага характару беларускага народа, выхоўвае павагу да іх, дапамагае фарміраванню пачуцця патрыятызму.

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Завіталі ў госці да Валянціна Таўлая пад Новы год!

Сапраўдным падарожжам у часе стала для вучняў 8 класа адзінаццатай школы горада Ліды наведванне мемарыяльнага пакоя літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея. На першы погляд, нічым знешне непрыкметны домік, дзе жыў напярэдадні вайны беларускі пісьменнік Валянцін Таўлай, унутры з'явіўся "машынай часу". Не паспелі юныя госці ўвайсці і разгледзецца, як адразу іх сардэчна прывітала ахмістрыня і запрасіла прайсці ў пакой, стылізаваны пад даваенны перыяд. Але не толькі сам інтэр'ер пакоя стварыў у дзяцей уяўленне мінулага часу, а больш тэатралізаванае дзеянне герояў з мінулага дапамагло наогул заглыбіцца ў эпоху, калі жыў пісьменнік.

У горадзе Лідзе ўсім добра вядомы домік Таўлая, і вучні адзінаццатай школы сюды завітвалі не раз: выставы, сустрэчы з цікавымі людзьмі, прэзентацыі кніг, музейныя заняткі… А вось на гэты раз іх чакала сустрэча з сапраўдным вобразам беларускага пісьменніка. У вобразе Валянціна Паўлавіча Таўлая і яго жонкі Кіры дзяцей сустрэлі Алесь Хітрун і Надзея Хартановіч, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Усё было настолькі набліжана да жыцця, што здавалася, быццам сам Валянцін Паўлавіч распавядае пра сябе, пра сваіх родных, пра свае мары выдаць зборнік твораў, пра тагачаснае жыццё ў перадваеннай Лідзе. Пачулі вучні і вершы па-беларуску і па-польску, бо менавіта на гэтых мовах пачынаў пісаць творы малады паэт. Акрамя таго, думкі Таўлая былі заняты выданнем чарговага нумара раённай газеты "Уперад", дзе ён працаваў да вайны. На дапамогу Валянціну Таўлаю, па запрашэнні ахмістрыні, у вобразе якой выступіла Наталля Валынец, старэйшы навуковы супрацоўнік музея, прыйшлі госці. Вучні 8 класа атрымалі першае заданне: дапамагчы падрыхтаваць чарговы нумар газеты "Уперад". З гэтым заданнем дзеці справіліся хутка, і гэтым самым дапамаглі наблізіць час наступлення Новага году.

А каб дапамагчы паэту ажыццявіць мару выдаць зборнік твораў, вучням прапанавалі намаляваць малюнкі на тэмы пачутых падчас сустрэчы вершаў. Гэтае заданне вучні выконвалі з асаблівым задавальненнем. А калі Валянцін Паўлавіч папрасіў размеркаваць дзіцячыя фотаздымкі вядомых рускіх і беларускіх пісьменнікаў і абавязкова знайсці яго фотакартку, то метадам выключэння, заданне было выканана, што прыйшлося даспадобы паэту.

У інтэрактыўнай форме прайшло абмеркаванне з вучнямі таго, як святкавалі навагодняе свята ў 1940 годзе і святкуюць цяпер, у 2020-м, як выглядала навагодняя ёлка, чым яе ўпрыгожвалі, якія дарылі падарункі родным і сябрам. Паспрабавалі параўнаць асаблівасці жыцця і побыту людзей той эпохі і сучаснай. Як аказалася, на здзіўленне дзяцей, 80 гадоў таму яшчэ не было шарыкавых ручак, у кожным доме не было тэлефона, пра інтэрнэт ніхто не чуў. І калі Валянцін Паўлавіч быў задаволены сваім часам, то пачуўшы, як жывуць людзі ў наш час, пераканаўся, што мы жывём значна лепш.

У пераднавагодняе свята госці паэта не засталіся без падарункаў, кожны атрымаў салодкі пачастунак і дыплом за актыўны ўдзел у мерапрыемстве. Вучні, у сваю чаргу, напісалі паэту свае пажаданні і склалі іх у маленькі навагодні куфэрак пад елку.

Вось такое неверагоднае перамяшчэнне ў часе здзейснілі вучні 8 класа адзінаццатай школы горада Ліды падчас наведвання доміка Таўлая. Валянцін Паўлавіч чакае ў госці да сябе ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй мінулага часу. Завітайце, не пашкадуеце!

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 Б класа СШ № 11.

Таварыства нямецкай мовы - Gesellschaft fur deutsche Sprache (GfdS)

Таварыства нямецкай мовы (ням. Gesellschaft fur deutsche Sprache, GfdS) са штаб-кватэрай у Вісбадэне - адно з найболей важных германскіх, фундаваных урадам, моўных таварыстваў. Паўторна заснаванае неўзабаве пасля Другой сусветнай вайны ў 1947 годзе, GfdS з'яўляецца палітычна незалежным і называе сябе пераемнікам таварыства Allgemeiner Deutscher Sprachverein (ADSV), заснаванага ў 1885 г.

Мэтай таварыства з'яўляецца даследаванне і падтрымка нямецкай мовы; крытычная ацэнка бягучых змен нямецкай мовы і рэкамендацыі адносна яе выкарыстання.

Гісторыя Таварыства нямецкай мовы

1947 г., 10 студзеня ў Люнебургу заснавана Таварыства нямецкай мовы (GfdS). Юрыст Макс Вахлер абіраецца першым старшынём. GfdS атрымлівае абшырную бібліятэку ад Асацыяцыі нямецкай мовы (DSV), былой Агульнай нямецкай моўнай асацыяцыі (ADSV).

1948 г. У чэрвені праходзіць першы агульны сход GfdS у Люнебургу. Ёсць сем філіялаў і 130 чальцоў. У кастрычніку ўжо было 15 філіялаў і 1000 чальцоў.

1949 г. Выходзіць першы нумар "Mutterssprachige", часопіса па падтрымцы і даследаванні нямецкай мовы (59-ы год), які раней выдаваўся DSV. Рэдактарам часопіса з новым зместам стаў заснавальнік GfdS Макс Вахлер. У гэтым годзе тыраж склаў 850 асобнікаў.

1951 г. Публікуецца пятае выданне "Кіраўніцтва па юрыдычных і афіцыйных мовах". Па выніках года было прададзена 27 тысяч асобнікаў. У той час асобнікі былі яшчэ вузкай запісной кніжкай, надрукаванай на фрактуры; 11-е выданне выйшла ў 1998 годзе.

1952 г. GfdS публікуе папярэдніка моўнай службы ў якасці дадатка да роднай мовы. Яго імя: "моўны сябар". У гэтых лістах па падтрымцы нямецкай мовы вы знойдзеце невялікія артыкулы на лінгвістычныя тэмы і праблемы, якія былі актуальныя ў той час.

1955 г. Заснаваны філіял у Вісбадэне. Лео Вайсгербер чытае асноўную лекцыю: "Служэнне мове". Адгэтуль і назва часопіса "Der Sprachdienst".

1957 г. У Гановеры заснавана група падтрымкі (тады яшчэ група падтрымкі) Таварыства нямецкай мовы. Конрад Адэнаўар, Вальтар Хільперт (дырэктар Norddeutscher Rundfunk) і Герман Касак (прэзідэнт Нямецкай акадэміі мовы і паэзіі ў Дармштадце) - сярод асобаў, якія падпісалі ўстаноўчы дакумент.

Першы выпуск часопіса "Der Sprachdienst" органа GfdS, выходзіць у кастрычніку. Там на лінгвістычныя пытанні трэба адказваць так, каб яны былі зразумелыя і цікавыя лінгвістычна зацікаўленай публіцы.

1962 г. GfdS стварае кансультацыйны цэнтр па імёнах. Вілфрыд Зейбіке становіцца першым кансультантам, яго самай важнай працай стала гістарычная нямецкая кніга імёнаў (1996-2007), якую апублікавала GfdS. Пазней лінгвіст Хорст Наўманн падрыхтаваў справаздачы пра прозвішчы для GfdS. Ён напісаў "Вялікую кнігу прозвішчаў".

1965 г. У гэтым годзе GfdS пераязджае ў Вісбадэн па прапанове тагачаснага кіраўнічага дырэктара Ота Нюслера і з тых часоў знаходзіцца ў цэнтры нямецкамоўнага рэгіёна.

1966 г. Ойген Герстанмайер, прэзідэнт Бундэстага Германіі, стварае рэдакцыю ў Бундэстагу Германіі ў Боне, якая падпарадкоўваецца GfdS, з мэтай зрабіць юрыдычную мову больш зразумелай у доўгатэрміновай перспектыве. Тэлефонныя, пісьмовыя і асабістыя моўныя кансультацыі прапануюцца Бундэстагу і Бундэсрату (цяпер у Берліне).

1967 г. Заснавана працоўная група незалежных культурных інстытутаў (AsKI), чалец-заснавальнік GfdS. З тых часоў наладжана цеснае супрацоўніцтва з AsKI.

1978 г. Упершыню аб'яўляюцца словы года і публікуецца спіс самых папулярных імёнаў.

1987 г. Упершыню прысуджаецца медыйная прэмія за моўную культуру, моўная прэмія, што прысуджаецца людзям і рэдактарам, якія ўнеслі ўклад у нямецкую мову ў сродках масавай інфармацыі.

1989 г. Падпісана дамова пра супрацоўніцтва з did deutschinstitut. Дагэтуль супрацоўніцтва спрыяе прасоўванню нямецкай мовы ў краіне і за мяжой і забяспечвае высакаякасны спектр моўных і культурных праграм для моладзі і сталых з-за мяжы.

1991 г. Хорст Дытар Шлосер ініцыюе кампанію Unwort des Jahres у якасці старшыні аддзялення GfdS у Франкфурце-на-Майне. З 2011 года гэтую кампанію працягне Ніна Яніч.

1992 г. Заснаванне першага аддзялення GfdS у новых федэральных землях, у Лейпцыгу.

1993 г. Карын М. Франк-Сайрус (цяпер Эйхоф-Сайрус) бярэ на сябе кіраванне GfdS як першая жанчына (пасля Оскара Бухмана, Вільфрыда Зейбіке, Ота Нюслера і Ханса Бікеса).

У гэтым годзе Федэральнае міністэрства юстыцыі заключыла з GfdS кантракт на некалькі лінгвістычных справаздач па юрыдычнай мове.

1994 г. Прэмія імя Аляксандра-Ромберга-Прэйса, спонсарская для маладых журналістаў, упершыню прысуджана ў сувязі з прэміяй СМІ за моўную культуру.

1998 г. 100 слоў стагоддзя адабраны аўтарытэтным журы ў супрацоўніцтве з GfdS і абвешчаны публіцы праз кіно, радыё і публікацыі. Ініцыятар - журналіст і галоўны рэдактар 3Sat Kulturzeit Армін Конрад.

2003 г. GfdS з'яўляецца адным з заснавальнікаў Рады нямецкай мовы, у якую таксама ўваходзяць Інстытут Гётэ (GI) і Інстытут нямецкай мовы (IDS). DAAD (Нямецкая служба акадэмічных абменаў) была дададзена пазней.

2007 г. Па выпадку 100-годдзя ўніверсітэта Тунцзі ў Шанхаі нямецкі факультэт у супрацоўніцтве з GfdS і Фондам Фрыца Тысена арганізаваў міжнародны сімпозіюм на тэму "Мадэрнізацыя германістыкі з кітайска-германскага пункту гледжання".

У Галеан-дэр-Заале Альбрэхт Грэль удзельнічаў у сімпозіюме "Зразумеласць як грамадзянства? Юрыдычная і адміністрацыйная мова ў публічнай дыскусіі "60-годдзе GfdS" з праграмнай лекцыяй: "Паміж моўным грамадствам, моўным аб'яднаннем і моўнай радай. 60 гадоў Таварыству нямецкай мовы".

У Люцэрне сумесна са Швейцарскай асацыяцыяй нямецкай мовы (SVDS) праходзіць канферэнцыя на тэму: "Нямецкая мова і нямецкасць - нямецкая мова ў Швейцарыі і Еўропе".

2008 г. GfdS праводзіць рэпрэзентатыўнае апытанне "Як немцы думаюць пра сваю родную і замежныя мовы?" З Інстытутам дэмаскапі Аленсбаха ў супрацоўніцтве з Радай нямецкай мовы.

У Брусэлі GfdS у супрацоўніцтве з Радай нямецкай мовы і Інстытутам Гётэ арганізуе міжнародны сімпозіюм на тэму "Толькі ангельская? Што будзе з нямецкай і іншымі еўрапейскімі мовамі?"

2009 г. GfdS публікуе рэпрэзентатыўнае апытанне па афіцыйнай мове "Што немцы думаюць пра юрыдычную і адміністрацыйную мову?". Праведзена Інстытутам демаскапіі Аленсбаха ў супрацоўніцтве з AsKI і Цэнтрам прававой лінгвістыкі ўніверсітэта Марціна Лютара ў Гале-Вітэнбергу.

GfdS атрымала замову ад гарадской адміністрацыі Вісбадэна распрацаваць асноўныя прынцыпы для дружалюбнай да грамадзян адміністрацыйнай мовы ў сумеснай праектнай групе: "Klartext у Вісбадэне. Асноўныя прынцыпы дружалюбнай да грамадзян афіцыйнай і адміністрацыйнай мовы ".

2010 г. Андрэа-Ева Эвелс становіцца кіраўнічым дырэктарам GfdS.

На гэты час GfdS мае 107 падраздзяленняў, якія дзейнічаюць на добраахвотнай аснове, на чатырох кантынентах у 39 краінах і прадстаўлена ў Германіі ва ўсіх федэральных землях.

2012 г. Міжнародны сімпозіюм у Тэль-Авіве пад кіраўніцтвам GfdS прысвечаны тэме "Нямецкая мова ў Ізраілі".

2013 г. GfdS даручыў Інстытуту демаскапіі Аленсбаха правесці рэпрэзентатыўнае даследаванне "матываў выбару імя". GfdS налічвае больш за 100 000 розных імёнаў і больш за мільён індывідуальных празванняў, што робіць яго самай шырокай лічбавай калекцыяй імёнаў у Германіі.

2014 г. З нагоды 25-ых угодкаў падзення Берлінскай сцяны GfdS публікуе даследаванне Форса на тэму "Берлінскі дыялект у ацэнцы жыхароў горада".

2015 г. Петар Шлабінскі становіцца старшынём GfdS (пасля Арміна Буркхардта, Рудольфа Гоберга, Гюнтара Пфлуга, Зігфрыда Фрэліха, Ганса Шэфера, Ганса Штайнметца, Вальтара Генсена і Макса Вахлера).

GfdS пераязджае ў новыя сучасныя апартаменты па адрасе Spiegelgasse 7.

2016 г. У гонар 50-годдзя рэдакцыі Бундэстага Германіі праводзіцца ўрачыстая цырымонія ўшанавання яе працы. Выступае прэзідэнт Бундэстага Норберт Ламерт.

2017 г. У гонар 70-годдзя GfdS праводзяцца розныя мерапрыемствы, у тым ліку сімпозіюм на тэму "Падтрымка моў у 21 стагоддзі", 70 мерапрыемстваў па актуальных для GfdS тэмах і адмыслова распрацаваная выстава пра мінулае і сучаснае GfdS.

2018 г. GfdS узнагароджаны культурнай прэміяй горада Вісбадэна за шматгадовыя дасягненні ў вывучэнні нямецкай мовы.

Сучасныя праблемы Таварыства нямецкай мовы

Ужо дзесяць гадоў назад дзве траціны апытаных немцаў выказалі меркаванне, што нямецкая мова імкліва пагаршаецца. Сярод прычын былі названы камунікацыя ў інтэрнэце, тое, што людзі менш чытаюць кнігі, а таксама папулярнасць англіцызмаў і моладзевы слэнг. Так, у 2012 годзе тагачасны кіраўнік Рады па арфаграфіі (Rechtsschreibrat) Ганс Цеэтмайр (Hans Zehetmair) крытыкаваў асабліва маладое пакаленне і наракаў з нагоды вельмі абмежаванага запасу слоў у СМС і Твітары: "Нямецкая мова ў сацсетках бяднее і ператвараецца ў другасную сыравіну. Яе скарачаюць, спрашчаюць і зноў перажоўваюць без усякай крэатыўнасці".

У Таварыстве нямецкай мовы з такім песімістычным сцэнарам згубы мовы не згодны:

- Наша мова не падупадае, яна ўвесь час змяняецца - хоць бы таму, што свет змяняецца ў дагэтуль нябачаных маштабе і тэмпе, - пярэчыць яго кіраўнік Андрэа-Ева Эвельс (Andrea-Eva Ewels) у інтэрв'ю DW (2019). - Мы ж больш не гаворым на мове, на якой гаварылі ў 6-м стагоддзі ці ў Сярэднявеччы.

Па яе меркаванні, мова павінна падладжвацца пад новыя жыццёвыя рэаліі, каб яна магла быць сродкам для рэфлексіі і камунікацыі.

Таму і мову ў WhatsApp і Твітаре яна не лічыць беднаю. Спрошчаная граматыка, сказаць асноўнае мінімумам слоў, - усё гэта не новае. Сёння мы бяром у рукі смартфон, раней людзі адпраўлялі тэлеграмы і таксама выказваліся крайне сцісла.

Нямецкая мова і новамоўе

Крытыку з нагоды моладзевага слэнгу Андрэа-Ева Эвельс таксама не падзяляе. З пункту гледжання мовазнаўства, няма пацверджання таму, што моладзевая мова пагаршае нямецкую мову. У маладых заўсёды была свая мова, на якой яны маюць зносіны першым чынам паміж сабой. Яе характарызуе крэатыўнасць, спантаннасць, шчырасць і гнуткасць.

- Для падлеткаў слэнг - магчымасць адмежавацца ад сталых, гэта вольная прастора для моўных эксперыментаў і раскаваных зносін, - адзначае эксперт з Таварыства нямецкай мовы.

Да таго, што ў школах і ўніверсітэтах б'юць трывогу з нагоды дрэннай арфаграфіі і граматыкі, яна ставіцца спакойна. На працягу дзесяцігоддзяў Таварыства нямецкай мовы атрымлівае скаргі ад настаўнікаў. Але няправільнае ўжыванне давальнага склону з асновай замест роднага ці абвеснага ладу замест умоўнага Андрэа-Ева Эвельс лічыць натуральным развіццём:

- Моўныя пераўтварэнні заўсёды прыводзяць да спрашчэння структуры мовы. Граматычныя функцыі, якія зжылі сябе і зліліся з іншымі функцыямі, паступова выходзяць з ужытку.

У мовазнаўца з Кёльнскага ўніверсітэта Арыі Адлі (Aria Adli) падобная пазіцыя.

- Калі бацькі скардзяцца на тое, што дзеці не валодаюць нямецкай мовай, можна павярнуць гэта па-іншаму і сказаць, што сталае пакаленне не навучылася новаму і не здольна гаварыць на сучаснай мове, - іранізуе філолаг.

Да новых моўных феноменаў можна прылічыць, напрыклад: "I bims" - так падлеткі скарачаюць фразу "Ich bin" ці "Ich bin's" ("Гэта я"). У 2017-м у Германіі і Аўстрыі яго назвалі "Моладзевым словам года". Іронія ў тым, што гэтая фраза была штучна створана для высмейвання сучаснай мовы моладзі, але яна прыжылася і стала папулярнай не толькі ў падлеткаў.

Чужыя словы ў нямецкай

У нараканняў з нагоды збяднення нямецкай мовы доўгая традыцыя. У 1852 годзе нямецкі філосаф Артур Шапэнгаўар (Arthur Schopen-hauer) наракаў на "метадычнае знявечванне мовы". З-за забруджвання нямецкай словамі, запазычанымі з іншых моў, раней таксама ішлі на барыкады. Так, у 17-м стагоддзі, калі ў вышэйшых колах грамадства ў Еўропе была распаўсюджана французская, некалькі арыстакратаў у Веймары заснавалі гурток і выступалі супраць чужых, замежных слоў і за выкарыстанне літаратурнай нямецкай мовы ў гаворцы, лістах і скачыніцельстве. І цяпер, праз чатыры стагоддзі, у Германіі ёсць прыхільнікі моўнага пурызму: Аб'яднанне нямецкай мовы (Verein Deutsche Sprache) адчайна змагаецца з англіцызмамі і патрабуе прыняць Закона аб наданні нямецкай мове статусу дзяржаўнай.

Англіцызмы ў нямецкай мове

У Таварыстве нямецкай мовы ў такой заканадаўчай ініцыятыве не бачаць сэнсу.

- Мы сур'ёзна ставімся да ўсіх скарг насельніцтва, але разглядаем запазычанні, у якіх няма аналагаў у нямецкай, як узбагачэнне слоўнікавага запасу, - каментуе ў інтэрв'ю DW Андрэа-Ева Эвельс. Хоць ангельская мова як сусветны сродак камунікацыі і ў Германіі набывае ўсё большае значэнне, эксперт не бачыць у англіцызмах пагрозы для нямецкай мовы. Статыстычна кожнае трэцяе-пятае слова ў нямецкай паходзяць з лацінскай ці грэцкай, каля двух адсоткаў нямецкіх слоў заснаваны на запазычаннях з ангельскай. Самы распаўсюджаны англіцызм - "окей". Яго выкарыстоўваюць, як паказала апытанне YouGov, і тыя, каму замінаюць англіцызмы.

Паводле DW і інш. крыніц. Пераклад С. Судніка.

СВЕТЛАЙ ПАМЯЦІ ТАДЭВУША ГРЫГЕЛЯ

15 снежня на 90 годзе жыцця пакінуў гэты свет Тадэвуш Грыгель - прафесар, доктар медыцыны, магістр фізічнага выхавання, народны дыпламат, які мацаваў сяброўскія стасункі паміж Беларуссю і Польшчай.

Ураджэнец Нясвіжа жыў у польскім Шчэціне, але ніколі не губляў сувязяў з Нясвіжчынай, наведваўся сюды ў лепшыя часы амаль штогод. Стасункі з роднай зямлёй мацаваліся памяццю. Памяццю пра маляўнічыя ваколіцы вёскі Качановічы, дзе бярэ пачатак Уша. Памяццю пра першага настаўніка, народнага мастака Фёдара Вініцкага, які на ўсё жыццё стаў прыкладам выхаванасці і густу, любові да роднай мовы і звычаяў, імкнення да высокай адукаванасці як да абавязку кожнага сапраўднага грамадзяніна. Вяла на родныя сцежкі і памяць пра бацьку, расстралянага ў жніўні 1942 года ва ўрочышчы Гайкі і пахаванага ў брацкай магіле. Грамадскай справай Тадэвуша Грыгеля было складанне як мага больш поўнага і дакладнага спісу гайкоўскіх пакутнікаў-ахвяр, а жыццёвым дэвізам сталі словы, якія неаднойчы паўтараў: "Аддайце памяць памерлым, а гісторыі праўду".

Да таго ж яму былі блізкія музыка і паэзія, журналістыка і парапсіхалогія. Захапляўся пчалярствам і садаводствам.

Актыўны жыццялюб, ён меў шырокае кола стасункаў, шмат знаёмых і сяброў. Сярод іх вылучаў шаноўнага святара Дзмірыя Пятровіча Хмеля, у якога і любіў спыняцца. Завітваў неаднойчы і ў Малева, дзе пасля прымусовага звальнення з працы жыў і пахаваны яго настаўнік, каб запаліць свечку і памаліцца за яго душу. Прыязджаючы на Нясвіжчыну, мала адпачываў: да яго па медыцынскія кансультацыі і парады ішлі і ішлі людзі, якім ён ахвотна дапамагаў.

Светлая памяць светламу чалавеку - і божая вечнасць.

Нясвіжская рада ТБМ.

Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчаецца падпіска на першае паўгоддзе 2021 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 59. Цана змянілася нязначна. У 2021 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце.

Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.

Як вайна ў Нагорным Карабаху пазбавіла нямецкае войска ўзброеных дронаў

Навіны Германіі

Пакупка для бундэсвера баявых дронаў была практычна вырашаным пытаннем, пакуль супраць гэтага раптам не выступіла СДПГ. Што прымусіла партыю змяніць рашэнне, і да якіх наступстваў для нямецкага войска гэта прывядзе?

У найбліжэйшыя некалькі месяцаў узброеныя сілы Германіі атрымаюць пяць новых беспілотных лётных апаратаў Heron TP. Беспілотнікі вытворчасці ізраільскага абароннага канцэрна Israel Aerospace Industries могуць знаходзіцца ў паветры больш за 30 гадзін, і нават пры дрэнным надвор'і здольныя перадаваць на зямлю выявы дамоў, машын і людзей у рэжыме рэальнага часу. Міністэрства абароны ФРГ збіралася ў паскораным парадку абсталяваць новыя беспілотнікі ракетамі, здольнымі паражаць цэлі на зямлі. Планавалася, што бундэстаг дасць зялёнае святло на пакупку ўзбраення яшчэ да Каляд, і Мінабароны ўжо падрыхтавала кантракт на закуп.

Але беспілотнікі пакуль што абсталёўваць ракетамі не будуць: сацыял-дэмакраты - малодшыя партнёры кансерватараў па кіраўнічай "вялікай кааліцыі" - 16 снежня адмовіліся падтрымаць гэты план.

- Паміж абаронай жыцця нашых салдатаў і магчымасцю забойства з дапамогай джойсціка ляжыць толькі тонкая грань, - заявіў сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Норберт Вальтар-Бор'янс (Norbert Walter-Borjans) і падкрэсліў, што такое важнае рашэнне нельга прымаць без папярэдняга грунтоўнага абмеркавання.

Адзін з асноўных аргументаў, якім сацыял-дэмакраты растлумачылі сваю адмову ўхваліць куплю новых сістэм узбраення, быў наступны: поўная "аўтаматызацыя вайны", на іх погляд, небяспечная тым, што можа ўхіліць апошнія псіхалагічныя бар'еры, якія яшчэ стрымліваюць праціўнікаў. Падзеяй, якая прымусіла СДПГ змяніць сваю пазіцыю, стаў канфлікт у Нагорным Карабаху і "вайна дронаў", якую вялі Арменія і Азербайджан, заявіла намеснік старшыні парламенцкай фракцыі СДПГ Габрыэла Гайнрых (Gabriela Heinrich).

- Упершыню ў гісторыі зыход узброенага канфлікту вырашыла выключна выкарыстанне беспілотнікаў, - сказала яна.

Гэтая вайна, па словах Гайнрых, стала відавочным доказам таго, што дроны можна выкарыстоўваць як зброю нападу. І гэта "зрушыла ўсю сістэму каардынат", якая грунтавалася на перакананні, што беспілотнікі павінны выкарыстоўвацца выключна як дадатковы элемент абароны салдатаў наземных войскаў. Пасля канфлікту ў Карабаху стала ясна: "Неабходна тэрміновая дыскусія, якая ўлічвае гэтую новую філасофію вядзення практычнай вайны", канстатавала Гайнрых.

Раптоўная змена пазіцыі СДПГ выклікала здзіўленне ў дэпутатаў бундэстага, прычым, як у прыхільнікаў, так і праціўнікаў ідэі ўзбраення дронаў. І тыя, і другія адзначаюць, што дыскусія на гэтую тэму вядзецца на працягу доўгага часу. Дэпутат ад партыі "Саюз-90"/"Зялёныя" Тобіяс Лінднер (Tobias Lindner) яшчэ на-пачатку снежня казаў пра тое, што ў бундэстагу гучала досыць аргументаў па гэтым пытанні. Лінднер папракнуў СДПГ у непаслядоўнасці: па яго словах, можна быць "за" ці "супраць" узбраення беспілотнікаў, але пара б вызначыцца з выбарам.

Некаторыя нямецкія СМІ ўгледзелі ў змене настрояў сацыял-дэмакратаў тактычны ход: у наступным годзе ў Германіі адбудуцца парламенцкія выбары, і раптоўны нахіл СДПГ налева можа азначаць, што партыя спрабуе заваяваць сімпатыі новага электарату і адначасова расчысціць шлях для магчымай кааліцыі з "зялёнымі" і левымі, якія традыцыйна займаюць пацыфісцкія пазіцыі.

На дэмарш партнёраў па кааліцыі найбольш раздражнёна адрэагавала міністр абароны ФРГ Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр (Annegret Kramp-Karrenbauer). Яшчэ 9 снежня падчас дэбатаў у бундэстагу па абаронным бюджэце яна заявіла:

- Аргумент "мы не абмяркоўвалі гэтае пытанне" не ўлічваецца - мы ўжо восем гадоў абмяркоўваем гэтае пытанне.

Раздражненне кіраўніка абароннага ведамства Германіі цалкам вытлумачальнае: у апошнія месяцы Мінабароны па просьбе сацыял-дэмакратаў неаднаразова выступала ініцыятарам дыскусій па пытанні ўзбраення дронаў. Да ўдзелу ў іх запрашаліся вайскоўцы, праваабаронцы, палітыкі і эксперты ў вобласці абароны. Падчас гэтых дыскусій нямецкія салдаты - удзельнікі міжнародных міратворчых місій распавядалі, у прыватнасці, пра тое, як з дапамогай няўзброенага беспілотніка Heron 1 - папярэдніка дрона Heron TP - яны неаднаразова станавіліся сведкамі нападаў на лагеры ці патрулі бундэсвера ў Афганістане і Малі, і ніяк не маглі абараніць сваіх таварышаў.

У аргумента пра больш надзейную абарону салдатаў у нямецкім бундэстагу таксама шмат прыхільнікаў. Войскі іншых краін ужо даўно выкарыстоўваюць баявыя беспілотнікі, кажа эксперт па абароннай палітыцы фракцыі ХДС/ХСС Генінг Ота (Henning Otte). Ён лічыць "амаральным адмаўляць нямецкім салдатам у тэхналогіях, якія абараняюць жыцці людзей". У Еўропе ўзброеныя дроны ёсць, да прыкладу, у войсках Вялікабрытаніі, Францыі, Сербіі і Украіны...

Паводле СМІ.

МАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ "УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ"

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

КАЛІБЕРАЎ ВАСІЛЬ ХВЕДАРАВІЧ нарадзіўся 6 красавіка 1919 года ў вёсцы Петухоўка Чавускага раёна. Журналіст, гісторык. Вучыўся ў Вышэйшай партыйнай газетнай школе ў Магілёве (1937-1938), Менскай рэспубліканскай партшколе пры ЦК КП(б)Б (1947-1949), Менскім педагагічным інстытуце імя Горкага (1949-1954).

З 1935 па 1939 гады працавў у чавускай райгазеце "Іскра". У 39-м удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. Пасля ўзначальваў косаўскую райгазету "Чырвоная звязда" (1939-1940), "Полесскую правду" ў Пінску (1940-1941). Падчас вайны працаваў карэспандэнтам "Советской Белоруссии" (1942-1943), рэдактарам брэсцкай абласной падпольнай газеты "Заря" (1943-1944). Быў карэспандэнтам газеты "Звязда" (1949-1952), рэдагаваў полацкую абласную газету "Знамя коммунизма"(1952-1054), аршанскую гарадскую "Ленінскі прызыў" (1955-1959) і любанскую раёнку "Будаўнік камунізму". З'яўляўся навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН БССР (1981-1984), знаходзіўся на партыйнай і гаспадарчай рабоце. Узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1944), ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1985). Памёр 2 снежня 2006 года.

Падчас рэдактарства В. Х. Каліберава ў "Ленінскім прызыве" ў нумары газеты за 31 ліпеня 1957 года быў надрукаваны артыкул "Не ў нагу з жыццём". У ім рззка і несправядліва крытыкаваліся шчырыя, сардэчныя, разумныя вершы маладога настаўніка роднай мовы і літаратуры з Оршы, змешчаныя ў ліпеньскім нумары часопіса "Полымя". Больш за тое, праз два тыдні на старонках мясцовага выдання намаляваўся матэрыял пад рубрыкай "Па слядах нашых выступленняў". У ім змяшчаліся вытрымкі з арганізаваных (як было прынята) прысудных, гнеўных і павучальных водгукаў чытачоў. Але ж і гэта яшчэ не ўсё! У лістападзе тога ж года на мясцовым ільнокамбінаце адбылася чытацкая канферэнцыя, на якой зноў жа шмат агіднага гаварылася пра творчасць Караткевіча, годнага сына не толькі аршанскай зямлі.

* * *

КУЦЕІНСКІ БОГАЯЎЛЕНСКІ МАНАСТЫР, будынак якога захаваўся, заснаваны ў 1623 годзе. Складаўся з галоўнага Богаяўленскага сабора, які быў пабудаваны ў 1623-1635 гг. і згарэў у 1888-м, пастаўленай у першай палове XVII ст. Святадухаўскай царквы (захавалася), званіцы, богаслужбовых, жылых і гаспадарчых пабудоў. Быў агароджаны бутавым каменем і цэглай. У XX ст. хрысціянская святыня краіны выкарыстоўваўся хіба што пад гаспадарчыя патрэбы, а ў 30-х у ёй нават размяшчалася вайсковая частка. Пасля перадачы яе ў 80-х Праваслаўнай Царкве яна, хоць і павольна, але адраджаецца. Цяпер там жывуць некалькі манахаў. Адбыўся першы неабходны рамонт страхі будынка былой друкарні, якая была ў XVII ст. цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Яе заснаваў у 1630 годзе вялікалітоўскі друкар, асветнік і літаратар Спірыдон Собаль (каля 1580 - 1590, Магілёў - 1645, Мултаны). Першай выдадзенай кнігай стала "Брашна Духоўнае" (1630). У 1631-м выйшаў першы славянскі "Буквар" С. Собаля - самая вядомая са старажытных часоў аршанская кніга. У яе гонар у 2014 годзе на тэрыторыі Куцеінскага Свята-Богаяўленскага мужчынскага манастыра адкрыты Памятны знак. Дзейнасць друкарні спынілася ў 1654-м з-за руска-польскай вайны. Пасля захопу Оршы ў 1656-м расійскі цар Аляксей Міхайлавіч наведаў лаўру і быў у захапленні ад дзейнасці мясцовых майстроў. Па яго загадзе з манастыра ў Маскву былі вывезены лепшыя разьбяры па дрэве, гравёры, якія пасля працавалі ў Збройнай палаце Крамля, аздаблялі Каломенскі палац. Абсталяванне друкарні было дастаўлена ў Маскву ў 1675-м і перададзена пад кантроль Сімяёна Полацкага. Пра адну з першых друкарань Уладзімір Караткевіч згадвае ў сваім эсэ "Рша камен..." (1967), у якім распавядае пра свой родны горад: "Пісьменны і абазнаны ў культуры яшчэ сярэднімі вякамі (у Куцейне была адна з першых друкарань) - дае роднаму краю, з сябе і навакольных вёсак, пісьменнікаў і паэтаў". Пра куцеінскіх старцаў можна прачытаць у рамане "Каласы пад сярпом тваім" (1962-1964). Манахі, дарэчы, з аршанскім бурмістрам паасобку вымольвалі ў цара Аляксея Міхайлавіча ахоўныя граматы для манастыра і горада. Узнёсла гаварыў Уладзімір Сямёнавіч пра невядомага майстра, які стварыў у манастыры вобраз Маці Божай: "Гэтая ікона з Куцейны (пад Оршай) лічылася раней узорам для тых, хто пісаў іконы: "Прыгажосць невыказная!".

* * *

ТАНАНА-СЦЯПАНАВА АЛЕНА нарадзілася 28 ліпеня 1965 года ў вядомым з X ст. Віцебску, у аснове якога тады ляжала старажытнае гарадзішча. Пасля тут быў пабудаваны замак. Напачатку XII стагоддзя горад ужо быў буйным гандлёвым цэнтрам і ўдзельным княствам. У XIII - XIV ст. будаваліся новыя ўмацаванні - Верхні і Ніжні замкі. У гэты час горад тэрытарыяльна далучыўся да ВКЛ. У 1410-м харугва з Віцебска прымала ўдзел у бітве пад Грунвальдам. У пачатку XVI ст. утварылася Віцебскае ваяводства, якое праз паўстагоддзя падзялілі на Віцебскі і Аршанскі паветы. Крыху пазней, з далучэннем Веліжскай воласці, тэрыторыя ваяводства пашырылася.

У 1910 годзе ў Віцебску быў заснаваны настаўніцкі інстытут, які рыхтаваў настаўнікаў для сярэдняй школы. У 1918-м яго ператварылі ў педагагічны інстытут. У пачатку 1920-х некалькі разоў мяняў назву і рэарганізовываўся, а ў 1924-м яго аб'ядналі з БДУ імя Леніна. У 1995-м установа стала Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П. М. Машэрава. А. Танана-Сцяпанава скончыла Віцебскі педагагічны інстытут (1982- 1986) і аспірантуру Беларускага ўніверсітэта культуры (1992 - 1994), які пачаў дзейнічаць з 1975 года.

З 1986 па 1999 год працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў СШ № 16 г. Оршы і выкладала ў аршанскай філіі Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання. Як пазаштатны журналіст, супрацоўнічала з шэрагам СМІ, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Разам з мужам Віктарам Сцяпанавым запрашала людзей на першыя ў райцэнтры курсы беларускай мовы, пра што распавядаецца ў дакументальнай кнізе "Аршанская хроніка 1986 - 2001", якую прэзентаваў 18 ліпеня 2001-га ў Оршы яе аўтарукладальнік Віктар Андрэеў. Кніга ў актуальным жанры нон-фікшн мае 251 старонку і заснаваная на архіўных матэрыялах, дакументах ды інтэрв'ю з 15 асобамі.

Паэтка, краязнавец і літаратуразнавец, А. Танана-Сцяпанава, разам з Юрасём Карэйвам і Людмілай Рублеўскай, удзельнічала ў нарадзе маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах (1986) і разам з Таццянай Сапач, Ігарам Бабковым, Галінай Дубянецкай, Юрасём Пацюпам, і Лерай Сом - у нарадзе маладых пісьменнікаў у Іслачы (1988). Ёй належыць даследчая праца "Рысы еўрапейскага постмадэрнізму ў творах Уладзіміра Караткевіча (на матэрыяле рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Надрукавана ў кнізе "Уладзімір Караткевіч і яго творчасць у еўрапейскім культурным аспекце" (Беларускі кнігазбор, 2000). У сваёй працы Алена Танана-Сцяпанава адзначае, што "будучы сапраўдным гісторыкам і па глыбіні ведаў, і па прызванні, беларускі пісьменнік стварае маляўнічыя карціны нашага сярэдневякоўя. Да таго ж сваім раманам Караткевіч аддае даніну і прыгодніцкаму жанру, таксама вельмі ім любімаму. Чытачу пададзены ўвесь "набор" класічнага прыгодніцкага рамана".

Жыве і працуе ў Віцебску. Дачка Кася жыве ў Менску.

* * *

ТАНЧЭЎСКАЯ АЛА САМУІЛАЎНА (1941-2015) нарадзілася ў вёсцы Васькаўшчына Аршанскага раёна ў шматдзетнай сям'і. Журналістка і паэтка, вершы якой пачалі з'яўляцца ў друку яшчэ са школьных гадоў.

Скончыла Аршанскую СШ № 47 (1948 - 1957, па ўзроўні ведаў узялі адразу ў другі клас). Пасля школы паступала ў БДУ імя У. І. Леніна, але працоўнага стажу не мела, і да ўступных экзаменаў не дапусцілі. Пасля гэтага пераехала ў вёску Церабунь Берасцейскага раёна і працавала ў калгасе "Краіна Саветаў" (1957 - 1959). З'яўлялася агітатарам паляводчай брыгады і сябрам рэдкалегіі мясцовай сценгазеты. Праўленне гаспадаркі рэкамендавала адну з лепшых сваіх працаўніц для паступлення ў Белдзяржуніверсітэт.

Пасля вяртання дадому спачатку была піянерважатай Забалацкай сямігодкі ( 1960 -1964), а затым працавала карэспандэнтам-арганізатарам сельскага радыёвяшчання райвузла сувязі. Адначасова завочна вучылася на аддзяленні журналістыкі БДУ імя У. І. Леніна (1959 - 1965). Адразу пасля яго заканчэння з'ехала ў берасцейскі райцэнтр Бяроза, дзе працавала ў мясцовай райгазеце "Маяк камунізму", з'яўлялася намеснікам сакратара Берасцейскага сельскага вытворчага камітэта ЛКСМБ.

У Бярозе Ала Танчэўская пабралася шлюбам з выпускніком БДСГА ў Горках Пятром Герасіным (1937 - 2014), і яны пераехалі на малую радзіму жонкі, дзе ў іх нарадзіліся ў 1967-м дачка Ала, а ў 1972-м сын Алесь. Ала-старэйшая назаўжды звязала свой далейшы лёс з раённай газетай "Ленінскі прызыў" (з 1991-га "Аршанская газета"). У выданні, якое адзначыла ў траўні 2017-га свой 100-гадовы юбілей, А. С. Танчэўская працавала па 2001-ы, да свайго 60-годдзя. Пасля яшчэ два гады дапамагала аднаму з мясцовых выданняў. У раёнцы спачатку шчыравала карэспандэнтам, потым загадчыкам сельгасаддзела. У той жа час творчыя здольнасці і вялікая цікавасць да журналістыкі ўвогуле дазвалялі ёй лёгка пераключацца на іншыя справы: аналіз рэдакцыйнай пошты, перапіска з пазаштатнымі аўтарамі, дапамога сакратарыяту ў своечасовым выпуску чарговага нумара і г. д.

Пры ўсім Ала Самуілаўна кіравала створаным пры рэдакцыі літаб'яднаннем "Дняпроўскія галасы". Праводзіла незабыўныя паэтычныя вечарыны, арганізоўвала сустрэчы з пісьменнікамі, мастакамі і гісторыкамі. Вяла ў газеце паэтычную старонку, дзе друкаваліся лепшыя творы мясцовых аўтараў. Многім пачаткоўцам дапамагала выходзіць на шырокі паэтычны прасцяг. У 1990-м, да 60-годдзя з дня нараджэння слыннага творцы Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, сябры творчага аб'яднання пад кіраўніцтвам А. С. Танчэўскай выпусцілі ў мясцовай друкарні зборнік вершаў пад назовам "Вяртанне". Літаратурны вянок памяці пісьменніка, чалавека, земляка, звестуна беларускага нацыянальнага адраджэння сплялі творы 11 паэтаў Аршаншчыны, людзей розных узростаў і прафесій, у ліку якіх была і сама Ала Самуілаўна.

* * *

ЯРШОЎ ІГАР АНАТОЛЬЕВІЧ нарадзіўся ў 1946 годзе ў Оршы. Беларускі гісторык, даследчык, краязнаўца. Скончыў гістфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у аршанскай газеце "Ленінскі прызыў", пасля быў на партыйнай і прафсаюзнай рабоце.

Выкладаў гісторыю ў Аршанскім дзяржаўным педагагічным каледжы. Друкаваўся ў газетах "Віцебскі рабочы", "Народнае слова", "Настаўніцкая газета", часопісах "Беларуская мінуўшчына", "Беларусь", "Родная прырода", "Роднае слова", "Пачатковая школа", "Адукацыя і выхаванне".

Аўтар кніг "Вежы над Дняпром" (1996), "Зямля Караткевіча" (1997, у суаўтарстве), "Вёрсты пройдзеных дарог" (2003, у суаўтарстве), дзе змешчаны ягоныя нарысы "Ветрык з Дняпра", прысвечаны Уладзіміру Караткевічу і нарыс "Кошык выспелых суніц", прысвечаны аўтару гэтых радкоў. Укладальнік гістарычна-дакументальнай хронікі Оршы і Аршанскага раёна "Памяць" (1999-2000). Сябар Беларускага саюза журналістаў.

Дарэчы, у нарысе пра Уладзіміра Караткевіча аўтар згадвае сяброўку дзяцінства пісьменніка Нэлі Казак-Галубовіч. У другой палове 1950-х вершы паэта пачалі з'яўляюцца ў часопісе "Маладосць", газетах "ЛіМ" і "Чырвоная змена". Узімку 1957- 1958 гг. (падчас працы Караткевіча ў 8-й СШ Оршы) Нэлі прыехала ў горад на пераддыпломную практыку. Праз гады яна ўспамінала, што тады яны часта разам праводзілі вечары. Уладзімір чытаў урыўкі з аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха" ў рукапісе. Дзяўчыну ўражвала захапленне Андрэя Беларэцкага нашай гісторыяй. Ён ёй вельмі спадабаўся як патрыёт, які ўсё робіць для таго, каб зразумець, "якім багам павінен маліцца", які здольны прыгожа і чыста кахаць.

Фантазія Уладзіміра Сямёнавіча з кожным новым сказам Нэлі проста здзіўляла! У ейнай душы тады перапляліся і любоў, і каханне, і патрыятызм, і фантастыка. А яшчэ яна думала: Божа-божа, які ж гэта жах - паляваць на людзей… Здавалася, Караткевіч сам, як і ягоны герой, з нечым сваім змагаўся ў той час да самага астатку, пра што нічога не казаў, а толькі характэрна ўсміхаўся... Пасля яна недзе прачытала, што гэтая аповесць надавала сілу духу, жаданне вырашыць асабістую і не толькі праблему, нягледзячы на дзікі страх. Нэлі тады зацікавілася расповедам так, што злавіла сябе на неадольным сардэчным жаданні самой заняцца этнаграфіяй. Да легендаў, паданняў і былін яна была небезуважнай з самога свайго дзяцінства, а вось "Дзікае паляванне..." прымусіла яе шукаць новае гістарычнае самастойна…

Ігар Яршоў жыве ў Оршы.

Надзеі і расчараванні протаіерэя Антона Сасноўскага

Леанід Лаўрэш

Вядомы грэка-каталіцкі святар Антон Юр'евіч Сасноўскі (18.01.1775-03.03.1852) паходзіў са старажытнай беларускай шляхты. Сасноўскі займаў пасады члена супрасльскага капітула, драгічынскага протапрасвітара, берасцейскага каноніка, дэпутата драгічынскага павятовага суда, віца-старшыні Берасцейскай кансісторыі, афіцыяла Віленскай мітрапалічай кафедры і старшыні Віленскай грэка-каталіцкай кансісторыі. Аднак нечакана для многіх, у 1828 г. ён зышоў з высокай пасады, а ў 1834 г. страціў месца Драгічынскага дэкана. За некалькі месяцаў да скасавання уніі, у жніўні 1838 г., Сасноўскі быў абвінавачаны ў непадпарадкаванні свайму дэкану, пазбаўлены пасады параха парафіі і як нядобранадзейны і свавольны, у лістападзе 1838 г., прыгавораны да высылкі ў Кастраму. Святар меў тады 64 г. Аднак праз нейкі час, ужо пасля скасавання уніі, маючы вялікую сям'ю і слабое здароўе, падпісаў паперу аб далучэнні да праваслаўя і нават атрымаў бронзавы медаль за скасаванне уніі.

Антон Юр'евіч Сасноўскі ў свой час у нашым краі быў добра вядомым чалавекам, сёння ён практычна забыты, і гісторыкі лепш памятаюць ягонага сына, прафесара Віленскага ўніверсітэта Платона Сасноўскага.

Паспрабую аднавіць памяць пра гэтага неардынарнага чалавека.


Мястэчка Кляшчэлі (зараз мястэчка ў Гайнаўскім павеце Падляскага ваяводства Польшчы), у якім пачаў і закончыў сваё 78-мі гадовае жыццё Антон Сасноўскі, узнікла на пачатку XVI ст. Прыкладна тады ж з'явіўся і храм св. Мікалая Мірлікій-скага. Згодна з паданнем першымі жыхарамі мястэчка былі панцырныя баяры. У 1523 г. Кляшчэлі атрымалі Холмскае права і пачалі кіравацца бурмістрамі і радцамі. Па люстрацыі 1576 г. у мястэчку мелася 385 дымоў і болей за 60 вінных, піўных і мядовых корчмаў, жыхары валодалі добрымі зямельнымі надзеламі, а царква добрым фундушом. У 1544 г. тут быў пабудаваны касцёл св. Станіслава. Па люстрацыі 1660 г. у мястэчку мелася толькі 13 дымоў. Праз стагоддзе, у 1765 г. у колькасць насельніцтва павялічылася, і Кляшчэлі мелі ўжо 152 дымы.

З XVIІ ст. пры грэка-каталіцкай царкве існавала парафіяльная школа і, дзякуючы гэтай установе, амаль што ўсе вернікі мястэчка былі пісьменныя. Адукацыю яны атрымлівалі не на польскай, а на стараславянскай (старабеларускай) мове. Акрамя прыходскай школы ў Кляшчэлях меліся пачатковыя школы ў вёсках Дашы, Чаромсе, Кузаве, Сухавольцах. У 1822 г. у прыходскай школе вучыліся 70 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак, выкладаў дзяк Пётр Саласцюкевіч, яму за гэта плацілі 3 р. 58 к. у месяц. Дзеці з 7 да 12 гадоў вучыліся тут пісьму і чытанню на стараславянскай (старабеларускай), польскай і рускай мовах, арыфметыцы і гародніцтву, а некаторыя яшчэ і царкоўным спевам. За два стагоддзі парафіяльную школу ў Кляшчэлях закончыла вялікая колькасць будучых грэка-каталіцкіх святароў. З ліку вучняў школы 5 чалавек рыхтаваліся ў настаўнікі для вясковых школ. У чатырох вясковых школах грэка-каталіцкай парафіі навучалася 78 хлопчыкаў і 30 дзяўчынак чытанню на тых жа трох мовах, а таксама пачаткам пісьма і арыфметыцы.

Падчас падзелаў Рэчы Паспалітай і потым, пры прускім кіраванні, насельніцтва Кляшчэляў складалася з 2000 грэка-католікаў, 170 рыма-католікаў і 100 яўрэяў. Па Тыльзіцкім міры, у 1807 г. Беластоцкая вобласць адышла да Расіі. Старажытная Супрасльская епархія была далучана да Берасцейскай. Трэба заўважыць, што Супрасльская епархія ад прускага ўрада атрымала адмысловыя правы, якія па ўмовам Тыльзіцкага міру пацвердзіў расійскі імператар.

Першая інфармацыя пра царкоўныя зямельныя надзелы мелася яшчэ ў люстрацыі землямера Дзевальтоўскага ў 1560 г. Кляшчэльская царква пры канцы XVII ст. валодала дзвюма валокамі зямлі і ўрочышчам Пухава, якое межавала з зямлёй Паўла Кунаховіча, акрамя таго меўся яшчэ гарод на Бельскай вуліцы. У Кляшчэлях пры царкве быў добры сад з выбранымі гатункамі дрэў і вуллі. Сад даглядаў садоўнік, а пчалярствам, звычайна, займаліся самі святары.

Св. Мікалаеўская царква ў 1819 г. мела ўжо 2125 вернікаў. Акрамя параха тут служыў вікарый Сцяпан Бядрыцкі, а таксама дзяк, псаломшчык, панамар, званар. У царкоўным шпіталі дажывалі старыя адзінокія парафіяне. Вернікі царквы стварылі ажно 9 брацтваў - 5 мужчынскіх і 4 жаночыя.

Па фундушовых запісах XVI ст. святар Кляшчэльскай царквы быў павінен:

- служыць у царкве па нядзелях і святах;

- узмацняць парафіян у веры, вучыць іх малітвам;

- выконваць абрады;

- весці царкоўныя кнігі;

- утрымліваць парафіяльную школу.

У 1826 г. да царквы св. Мікалая была далучана іншая Кляшчэльская царква св. Георгія.

Кляшчэльскі прыход пераходзіў ад абацькі да сына Сасноўскіх ў трох пакаленнях. Дзед Антона Сасноўскага Ян быў прызначаны парахам царквы св. Мікалая 15 верасня 1747 г., яго адзіны сын Георгій стаў парахам 3 лістапада 1772 г. Сын Георгія Антон нарадзіўся 18 студзеня 1775 г. Сваю адукацыю пачаў ў Кляшчэльскай царкоўнай школе а потым закончыў 3 класы Бельскага публічнага вучылішча. Вывучаў там лацінскую мову, матэматыку, красамоўства, права, гісторыю. Пасля заканчэння вучылішча нейкі час дапамагаў свайму бацьку а. Георгію - выкладаў у парафіяльнай школе. З дазволу Берасцейскага епіскапа Арсенія ўзяў шлюб з Юльянай Дыбоўскай і праз 5 гадоў, 20 траўня 1799 г., здаўшы экзамен ў адмысловай камісіі пры Супрасльскім манастыры (28 кастрычніка 1798 г.) высвечаны ў святары. У 1804 г. стаў парахам Мікалаеўскай царквы і Драгічынскім дэканам. Пасля пераходу Беласточчыны ў склад Расіі, Сасноўскі 19 лютага 1810 г. быў паўторна зацверджаны на сваёй пасадзе епіскапам Булгакам і ўжо 21 лютага атрымаў сан каноніка Берасцейскага капітула, а 26 кастрычніка прызначаны экзаменатарам для святароў Бельскага дэканата. У 1817 г. атрымаў пасаду дэпутата Драгічынскага павятовага суда, у 1819 г. вытрымаў экзамен на багаслоўскім факультэце Віленскага ўніверсітэта на званне "экзаменаванага багаслова".

Прывяду вялікую цытату доктара тэалогіі, святара і пісьменніка Плацыда Янкоўскага, у якой ён характарызуе Сасноўскага як гісторыка і даследчыка: "Протаіерэй Сасноўскі, афіцыял самастойнай тады яшчэ Віленскай уніяцкай епархіі, хоць і быў, - як у нас прынята з некаторым грэбаваннем казаць, - самавукам, але ж належаў да самавукаў вельмі і вельмі славутых. Маючы ад прыроды добрыя здольнасці і незвычайную дапытлівасць, ён нястомнай працай удасканаліў сваю адукацыю амаль да строгага навуковага ўзроўню, захаваўшы пры тым за сабою вельмі карысны ... і нічым не заменны руцінны спрыт. Валодаючы шырокімі ведамі, асабліва па мясцовай царкоўнай гісторыі, ён да такой ступені цікавіўся старадаўнімі кнігамі, рукапісамі і наогул славянскімі старажытнасцямі, што пры першай пэўнай інфармацыі пра існаванне дзе-небудзь у краіне такога помніка, не супакойваўся, пакуль не атрымліваў яго для вывучэння ці не вывучаў яго на месцы. З гэтай адзінай мэтай ён нярэдка рабіў даволі далёкія паездкі, зусім не лёгкія для шматдзетнага і небагатага святара. Амаль усе кнігі і рукапісы, якія такім чынам пабывалі ў руках дапытлівага протаіерэя, носяць сляды ягонага вывучэння - на палях кніг, з якіх ён рабіў выпісы, пакідаў ... розныя беглыя адзнакі, а ў канцы рукапісаў пазначаў (абавязкова на латыні) сапраўдную ці меркаваную эпоху іх старажытнасці, месца паходжання і сёе-тое наконт асобы пісьменніка".


Антон Сасноўскі меў вялікую сям'ю - шэсць сыноў (Платона, Юстына, Панкрата, Арыстарха, Канстанціна і Антона) і дзвюх дачок, з якіх да паўналецця дажыла толькі Вераніка. Сын Платон у 1819 г. ужо вучыўся на трэцім курсе Галоўнай духоўнай семінарыі ў Вільні. Быў чалавекам бліскучага інтэлекту, дасягнуў вучонай ступені доктара багаслоўя і ў 1823 г. заняў кафедру прафесара пастырскага і маральнага багаслоўя Віленскага ўніверсітэта.

Публічная дзейнасць каноніка Сасноўскага ў Берасцейскай капітуле пачынаецца ў 1819 г. У тай час узмацніліся супярэчнасці паміж белым духавенствам і манахамі базыльянскага ордэна. Тады сярод часткі белага духавенства склалася меркаванне, што ва ўсіх бедах нашай царквы вінаваты базыльянскі ордэн - ён захапіў старыя фундушы і занядбаў адукацыю, псуе ўсходнія абрады і г.д. Сасноўскі прадставіў у капітулу ліст, у якім абапіраючыся на дакументы (ажно з XVI ст.) выклаў факты пераходу маёмасці - фундушоў і капіталаў ад цэркваў да манастыроў. Грунтуючыся на гэтай інфармацыі, капітул ў 1822 г. накіраваў пратэст міністру духоўных спраў і народнай адукацыі. Такім чынам, у значнай ступені праз Антона Сасноўскага выйшла на паверхню спрэчка, якая мела самыя згубная наступствы для лёсу грэка-каталіцкай царквы - праз нейкі час гэтую праблему выкарысталі ўлады і авантурысты ўнутры царквы для скасавання уніі. Сасноўскі, як і іншыя святары, лічыў, што ў сваёй барацьбе з ордэнам базыльянаў можна абаперціся на царскі ўрад, але ён не ведаў і не мог ведаць, што звяртаецца не да лекара, які дапаможа, а да ката, які ўжо амаль што вырашыў забіць яго царкву і выкарыстоўвае святара ў сваіх мэтах. Разуменне гэтага прыйдзе потым.

Прыкладна тады ж сябар Антона Сасноўскага прафесар Міхал Баброўскі быў у навуковай камандзіроўцы ў Еўропе. Прафесар пісаў, што ўкраінскія грэка-каталікі ў Аўстра-Венгерскай імперыі, дзякуючы падобнай рэформе, знаходзяцца ў значна лепшым стане, чым іх адзінаверцы ў Расійскай Імперыі: служаць па ўсходнім абрадзе, маюць шмат семінарый, святары атрымліваюць добрыя грашовыя даходы, маюцца грошы для дапамогі бедным парафіям. Але прафесар не ўлічваў, што ў "аўстрыйскай Галіцыі" ўрадам Аўстра-Венгерскай імперыі праводзілася палітыка падтрымкі этнічнай самабытнасці ўкраінцаў разам з падтрымкай іх духоўнага апірышча - уніяцкай царквы.

Прывяду некалькі меркаванняў пра праблемы ў адносінах белага і чорнага духавенства. Яшчэ Юзаф Бялінскі пісаў, што "здаўна на Літве ішла ціхая барацьба паміж базыльянамі, ці польскай партыяй, і свецкім уніяцкім духавенствам, прыхільнікамі расійскай партыі, якіх звалі нацыяналістамі. Пакуль князь Галіцын быў міністрам, базыльяне не мелі праблем, калі ж яго змяніў адмірал Шышкоў, пасыпаліся даносы ў Пецярбург, што базыльяне закінулі грэцкі абрад і ўвялі шмат змен неадпаведных іх веры ...".

Беларускі святар Уладзіслаў Талочка лічыў, што барацьба паміж белым і чорным духавенствам пачалася "ў выніку раскладу сілаў, які пакінула на Беларусі XVIII стагоддзе і не без уплыву клічаў Вялікай Французскай Рэвалюцыі".

Заўважу, што неабходна дэталёвае вывучэнне гэтага вузла нашай гісторыі на сучасным узроўні, бо па гэтай праблеме сучасных напрацовак мала і, у асноўным, маецца толькі прапагандысцкая антыўнійная літаратура XIX ст.


Вернемся да тэмы. 26 лютага Берасцейскі капітул пад старшынствам Гаўрыла Янкоўскага абмеркаваў запіску Сасноўскага, прыняў пратэст супраць дрэннага стану спраў у Берэсцейскай і Віленскай епархіі і запрасіў дапамогу ад урада. На першы раз міністр князь Галіцын абмежаваўся паўмерамі: у маі 1819 г. ён прапанаваў мітрапаліту задаволіць патрабаванні Брэсцкага капітула і палепшыць умовы белага духавенства. Мітрапаліт Булгак вырашыў, што патрабаванні белага духавенства празмерныя, але на цэлы год з'ехаў у свае Віленскую і Брэсцкую епархіі для вывучэння пытання.

1 кастрычніка 1820 г. Сасноўскі піша другую скаргу, адказ на яе атрымлівае толькі праз два гады. Але за гэтыя два гады змяніўся погляд расійскага ўрада на справы грэка-каталіцкай царквы. Імператар Аляксандр І пасля ўказу аб забароне масонскіх ложаў і таемных таварыстваў, у канцы жніўня 1822 г., на шляху ў Вярону, наведаў Вільню і адтуль загадаў міністру Галіцыну неадкладна выканаць ягоныя папярэднія загады аб скасаванні "залішніх" грэкака-таліцкіх манастыроў і "паляпшэнні" быту белага духавенства. Дарэчы, як раз ў гэтыя гады будучы цар Мікалай І з гвардыяй знаходзіўся ў Беларусі. Менавіта тады ў яго з'явілася моцнае перакананне "далучыць уніятаў да нас".

(Працяг у наст. нумары.)

Цімох Рублёў з мястэчка Будзіна

Да 110- годзя пісьменніка

Гісторыя Магілёўшчыны

Некалькі год таму знаёмая жанчына краязнавец падаравала мне кнігу са словамі, што яна ёй не дужа патрэбная, а мне, які збірае ўсё беларускае, мабыць, прыдасца….Узяўшы ў рукі дыхтоўнае выданне на 510 старонак, я са скрухай падумаў, што мала ў мяне дома яшчэ якой макулатуры, вось і яшчэ адзін важкі дадатак на паліцу ў пылазборнік... Але, прыехаўшы дадому і разгануўшы кнігу, я не паверыў сваім вачам, гэта было выданне "Дон-Кіхот Ламанчскі. Твор Мігеля Дэ-Сервантэса Сааведра. Менск - 1935." Але самае каштоўнае для мяне, як магілёўца, было тое, што гэты грунтоўны твор быў у перакладзе з рускай мовы Цімоха Зарэчнага з мястэчка Будзіна Чавускага раёна. Дагэтуль я нічога не чуў пра такога пісьменніка і адразу загугліў у Вікіпедыі, якая дала літаральна некалькі сказаў пра біяграфію нашага земляка. Аказалася, што сапраўднае імя творцы Цімох Рублёў, які друкаваўся пад псеўданімамі Цімох Зарэчны і Лявон Радзіміч. Нарадзіўся ў 1910 годзе. Беларускі пісьменнік, педагог і перакладчык. Скончыў Менскі педагагічны інстытут у 1928 годзе. У 1930-х працаваў у "Савецкай Беларусі", на радыё, у Інстытуце школьнай педагогікі, настаўнічаў. Пераклаў на беларускую мову "Першыя людзі на Месяцы" Г. Уэлса і "Дон Кіхота" М. Сервантэса. Падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам на Нясвіжчыне і друкаваўся ў "Беларускай газеце". Паводле адных звестак у 1944 годзе выехаў у Польшчу, дзе жыў пад прозвішчам Лукашэвіч, паводле другіх - загінуў у час бамбёжкі каля Гарадзеі. У Берліне ў серыі "Народная бібліятэчка" выйшла яго кніга "Адам і Ева. Чабор. Апавяданні".

У хуткім часе мы з паплечнікамі паехалі на радзіму Ц. Рублёва ў Будзіна, каб на месцы сабраць якія краяўзнаўчыя матэрыялы. Аказалася мястэчка Будзіна досыць вялікай вёскай за некалькі кіламетраў ад гістарычнага паселішча Радамля, якое па звестках некаторых даследчыкаў лічыцца сталіцай радзімічаў. Таму і не выпадковым атрымліваецца ў нашага літаратара адзін з псеўданімаў Лявон Радзіміч. А калі мы выйшлі на бераг ракі Проні, на якой раскінулася вёска, і пабачылі маляўнічую пойму ракі, то вырашылі, што сапраўды ў такім прыгожым месцы не выпадкова нарадзіўся пісьменнік. Тут жа на ўскрайку мястэчка паміж пагоркаў знаходзіца добраўпарадкаваная крыніца. Апытаўшы тутэйшых месцічаў мы высветлілі, што сапраўды жылі тут калісьці Рублёвы . Як паведаміла адна жанчына: "А старая Рублёвіха памерла гадоў 15 таму, і вока ў яе было дрэннае, бо, як паглядзіць яна на прыплод жывёлы, то дабра не будзе са скацінай." А астатнія Рублёвы некуды паехалі… Пасля гэтай размовы мы пайшлі на мясцовыя могілкі, што за вёскай на пагорку, каб пашукаць старыя пахаванні Рублёвых. Але, на вялікі жаль, ніводнай магілы з гэтага роду мы не знайшлі. Якая цікавая акалічнасць нас уразіла ў размове з месцічамі - што яны ведаюць пра свайго земляка пісьменніка. І нават, калі сустрэлі на шляху жыхара з суседняй вёскі, то ён таксама сказаў, што чуў нешта пра таленавітага Цімоха Рублёва. Сабраўшы не дужа багаты "краязнаўчы скарб" мы рушылі далей па сваім шляху, але пошукі я не спыніў і звярнуўся затым у Нацыянальную бібліятэку ў Менску. Аказалася, што, нягледзячы на складаны лёс нашага земляка, нешта да нашага часу ў фондах з яго выданняў захавалася. Вось іх пералік: "Зарэчны Ц. Узбунтаваная зямля. Нарысы. Мн. 1930", "Зарэчны Ц. Сустрэчы: нарысы і фельетоны. Мн. 1930", "Першыя людзі на Месяцы. Гербэрт Уэльс; пераклад з расійскай мовы Цім. Зарэчнага. (Малюнкі У. Шульца). Менск 1931", "Ц. Зарэчны. Маладосць: навэлы і апавяданні. Мн. 1931", "Ц. Зарэчны. Паэма пра геройства. Нарыс. Мн. 1932", "Пажары: нарысы і фэльетоны. Цім. Зарэчны. Менск. 1932", "Мігель дэ-Сервантэс Сааведра. Дон-Кіхот Ламанчскі : пер. з рус. Ц. Зарэчнага. Мн. 1935", "Іншакраінны легіён. Віктар Фінк. Пер. з рус. Ц. Зарэчнага. Мн. 1936", "Руднянскі пастушок. Цім. Зарэчны. Мн. Дзяржаўнае выдавецтва пры СНК БССР. Рэдакцыя дзіцячай літаратуры, 1941", "Князеў Іван Ягоравіч. Як у барацьбе з папамі і кулакамі вырас калгас. Пер. з рус. Ц. Рублёва. Мн. 1930."

Чытаючы творы Цімоха Рублёва пачынаеш разумець, што многія з іх аўтабіяграфічныя і могуць нам дапамагчы ў вывучэнні жыцця і творчасці пісьменніка. Вось, як прыгожа і сакавіта ён апісвае свае мясціны дзяцінства ў апавяданні "Сосны": "Пахнуць сосны празрыстасцю бурштынавае смалы, сьлязьмі купальскага каханьня, каралямі сьпелае маладзіцы; пахнуць шумам шурпата-ўпэўненым, лапуховым, - трывогаю векавечна-ўнутранай, дурнап'янай, - сумам надламана-хваравітым, калакалушным; пахнуць сосны сакавітасьцю сыраежак і баравікоў, шыгальлем вільготнае зямлі, дымам закопчаных смалакурань. Бабіным летам пахнуць сосны… А больш за ўсё пахнуць сосны ўспамінамі аб маленстве. Лазіў па стромкіх дрэвах высока, аж дух займала, і сэрца загаралася жахам; суніцы і чарніцы зьбіраў па ўзгорках і равох, - люба разгарнуць папараць і знайсьці чырвоны вугалёк - ягадзіну; зязюлю слухаў у стомленыя дзённай сумятнёй вечары, - яна зычыла шчасьце лёгкакрылае і жыцьцё сунічнае; коні вадзіў на начлег, - вылі ваўкі, пугамі цокалі вартаўнікі, ях сабачы трывожыў цемень ночы… На ўскраі лесу, за амшараю, жыта каласілася, сокам зямлі налівалася, - смачныя прожмы з пульхных зернят, н'т смачней за казку аб папоўскім парабку і за сьлёзы дзяцінае радасьці".

Калі захочаце даведацца пра няпростыя часы калектавізацыі, пра хутары і "нехацімцаў", то варта пазнаёміцца з кнігай Ц. Рублёва "Пажары. Нарысы і фельетоны" 1932 года выдання. Тут прысутнічае шырокая геаграфія няпростага жыцця беларуса на абшарах савецкай Беларусі ў пераломны час: мястэчка Глуск і Дукора, Лельчыцы і Полацк з Гарадком, вёска Новая Слабада ў Прапойскім крэдытным таварыстве і настаўнік Кастусь з Рудні, што на Віцебшчыне, Халапенічы з пажарнікамі і "цэнтр цэнтраў" Клімавічы…

А вось так выглядае ўсход сонца на Месяцы ў перакладзе Ц. Рублёва з Г. Уэльса "Першыя людзі на месяцы": "Усход сонца на месяцы. Тое, што мы ўбачылі, абяцала для нас мала добрага. Наш балён ляжаў на зусім круглым дне вялікага, досыць глыбокага кратэру. З усіх бакоў узьнімаліся бадай што старчковыя скалістыя сьцены. З захаду падаў слабы прамень нябачнага для нас сонца і асьвятляў шэры хаос брудных каменьняў, паміж якіх там-сям бялеў сьнег. Потым выявілася, што гэтыя каменьні знаходзіліся ад нас на адлегласьці ня менш дванаццаць міль і што іх лепш было-б назваць кручамі, але ў той час, дзякуючы адсутнасьці паветра, мы думалі, што яны ўзьнімаюцца амаль што поплеч з намі. Навакол мы бачылі безьліч грэбеняў, выступаў, узгоркаў, верхавін, і ўсё гэта было ахутана таямнічым шэрым дымам, аж да разьзяўленай чарнаты неба. Тамсям выдаваліся конусы нейкай белай масы. Спачатку я думаў , што гэта сьнег, але потым выявілася , што мы бачылі камлыгі цьвёрдага замерзлага паветра…".

І, канешне ж, варта пагартаць легендарнага Дон-Кіхота "Менскага" выдання. Кніга аздоблена шматлікімі чорна-белымі малюнкамі, якія досыць цікава гучаць: "Санчо ўзяў за недавуздак асла адной з сялянак і стаў перад ёю на калені", "Санчо павярнуў Расінантэ, зусім здаволены тым, што можа цяпер клясціся, што яго пан - вар'ят", "Але велікадушны леў, не зварочваючы ўвагі на Дон-Кіхота, павярнуў да яго свае сядалішчныя часткі". А вось якое вершаванае завяршэнне твора:

"Тут ляжыць ідальго слаўны,

Так адважны Дон-Кіхот,

Што і смерць сваю ў змаганні

Перамог ён, дастаслаўны,

І жыве - хаця памёр.

Ні ва што сусвет лічыў ён,

Страшным пудзілам ён жыў,

Быў вар'ятам на здзіўленне

Ўсяму свету, - а ў час смерці

Ў ясным розуме ён быў."

У жыцці Цімоха Рублёва на сённяшні дзень больш пытанняў, чым адказаў. Варта і надалей вывучаць яго біяграфію і літаратурную спадчыну. Вялікі дзякуй супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія дапамаглі мне ў зборы інфармацыі і матэрыялаў.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX