Вярнуцца: 2021

№ 01 (1516)


Дадана: 07-01-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 1 (1516), 6 студзеня 2021 г.

З нараджэннем Хрыстовым! З Калядамі!

Зазімак

Юрка Голуб

Налева збочыў ліставей,

Направа зрушыцца пазёмка.

За гай зашыўся салавей,

I глотку драць адтуль няёмка.


З каморы польныя дары

Калядна будуць пахвалёны.

Дарэмна ў прыказцы дурны -

Не слабкі одумам валёнак.


З палудня дзень пайшоў на знос:

Шыхуе вечарам пагрэцца,

I націрае жорстка нос

Тутэйшы дух эпікурэйцу.


Затуліць поцемкам лазняк

У шалік доўгую аблогу,

А шкалік згодны раскілзаць

Кабылку пожаду былога.


Маўчок парафія завей:

Чакаюць снежня-архірэя.

А той да посту прызаве -

I хто нядуж - перахварэе.

Ручай пад лёдам

Замкнулі голас ручаі,

Каб ён завей не бударажыў

Ні тых - зашклёных у гаі,

Ні тых - з дрымотным камуфляжам.


Зіма навесіла расклад,

А ў ім адлігі - не па тэме.

Ірдзеюць водбліскі Каляд,

Як краснапёры на патэльні.


На круглагрудых снегірах

Шугае багра - і нядарма

Яны нараніцу гараць,

А ўвечар грэюцца над жарам.


I на дзядзінцы ля ДэКа

Абноўка грае, як гаёўка.

Ахрысцяць жарты мінака,

Не злічыць кветак шаляноўка.


Ды ўсе нацешымся наўрад:

Цішком смутка ў сувой загорне,

Калі ты ў радасці не рад,

I дзесь ручай зажаліў горла.


Паслухай сам перад усім:

За брамай

скрушнага крышталю,

Як ён пад сподам збеглых зім

Гучыць у шолаху і шале.


Першы снег у горадзе


Завіснуў снег

Над тратуарам.

Святлелі ўсе -

Відно па тварах.


А снег не стаў

З кіёскам побач,

А шлях прастаў

У шэры побыт.


Гарнуўся сам

Да дрэў і вокан,

Схаваўся там

Ад злога вока.


I стала так

Тады празрыста,

Нібы мастак

Палотны хрысціць.


А снег панёс

Сябе пад дахі.

Такі ўжо лёс:

З зямлі падацца.

Апостальскім адміністратарам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны біскуп Казімір Вялікаселец

3 студзеня 2021 г., у дзень 75-годдзя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, Папа Рымскі Францішак прыняў яго адстаўку. Кіраўніцтва Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй пакуль што пераходзіць да Генеральнага вікарыя Пінскай Рымска-каталіцкай епархіі, біскупа Казіміра Велікасельца - ён прызначаны Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі.

Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 траўня 1945 г. у вёсцы Стараволя Пружанскага раёна цяперашняй Берасцейскай вобласці ў сям'і сялян. Ужо ў 1948 г. парафіяльны касцёл тут зачынілі, святара арыштавалі. Але дзякуючы глыбокай веры бацькоў, Казімір з дзяцінства быў прывучаны да малітвы. Да першай споведзі і св. Камуніі хлопчыка рыхтаваў бацька. І ў 10-гадовым узросце адвёз яго на ровары ў бліжэйшы касцёл у Кобрын - гэта 60 км у адзін бок. Казімір Велікаселец памятае, як у дзве гадзіны ночы бацька пасадзіў яго побач на ровар, да 8 раніцы яны былі ў Кобрыне. Там святар прыняў іспыт у Казіміра, дапусціў яго да першай споведзі і Камуніі. Назад дадому - таксама 60 кіламетраў на ровары.

Сям'я слухала па радыё св. Імшу на польскай мове. У юнацтве Казімір вывучыў на памяць Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. І, калі яго прызвалі ў войска, чытаў яе штодня: калі засцілаў ложак раніцай ці калі клаўся спаць пасля адбою. Кожную нядзелю замест Эўхарыстыі маліўся на Ружанцы.

Пасля войска ён адправіўся працаваць на будоўлю ў Вільню. Там жа пазнаёміўся з братамі-дамініканцамі, у далейшым прынёс у ордэне першыя манаскія шлюбы. Тры гады ўлады не давалі Казіміру магчымасць паступіць у Рыжскую семінарыю. Вярнуўшыся ў БССР, у канспірацыі ён рыхтаваўся да паступлення. Двойчы ездзіў у Маскву з просьбай дазволіць яму паступіць у семінарыю. У выніку дамогся гэтага дазволу і ў 1981 г. быў прыняты ў Рыжскую семінарыю адразу на трэці курс.

Адразу пасля заканчэння семінарыі святар абслугоўваў пяць парафій - гэта значыць, што ў нядзелю трэба было служыць пяць св. Імшаў. Цікава, што гэтыя парафіі былі ў памежных вёсках і мястэчках Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Меншчыны. Атрымліваецца, што за адзін дзень ён бываў адразу ў трох абласцях. Акрамя пастырскага служэння, займаўся рэстаўрацыяй і рамонтам святыняў. У цэлым, адкрыў або аднавіў працу каля дзесяці парафій.

У 1992 г. Казіміра Велікасельца прызначылі Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, у 1999 г. атрымаў біскупскую сакру.

Паводле nn.by.

Выйшаў "Верасень" № 23!

Выйшаў з друку чарговы, 23 па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень".

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Наты Солтан, Яны Нікіфаравай, Вольгі Шпакоўскай, Цімура Буйко, Насты Кудасавай, Анатоля Дэбіша і Івана Карэнды. Друкуецца паэма Сяргея Законнікава "Хараство". Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Ульяны Зяткінай і Сяргея Календы, а таксама "драбніцы" Яўгена Мартыновіча.

У раздзеле "Пераклады" змешчаны вершы сёлетняй лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Луізы Глюк у перакладзе Наталлі Русецкай. Раздзел "Крытыка" пачынаецца палемічным артыкулам Ірыны Хадарэнкі "Пунсовая чума замест ветразя…". Пра высокае і нізкае, пра часовае і вечнае, пра форму і змест і пра шмат чаго іншага - гутарка Эдуарда Акуліна з таленавітай паэткай і мастачкай Кацярынай Масэ. Жыццёвы і творчы шлях Анатоля Сыса аналізуе ў сваім артыкуле "Я такі - які ёсць…" Валянціна Якімовіч. Згадкамі пра Пятра Васючэнку дзеляцца Наталля Лысова, Ірына Бурдзялёва, Марыя Дуброўская і Аксана Спрынчан. Эдуарда Дубянецкага ўспамінаюць Яна Будовіч і Галіна Дубянецкая. Заходнебеларускага паэта Алеся Сучка адкрывае ў сваім артыкуле Сяргей Чыгрын. Уражаннямі ад паэтычнай кнігі Кацярыны Масэ "Беланоч" дзеліцца з чытачамі Васіль Жуковіч. Кароткі агляд творчасці Міхася Рудкоўскага, Міколы Купрэева, Алеся Каско і Леаніда Галубовіча робіць Алесь Аркуш. Творчыя Нюансы новай кнігі Міколы Гілевіча разглядае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык.

Мастацкае афармленне і вокладку нумара падрыхтавала Валерыя Праслава. Ілюстрацыі Кацярыны Масэ.

Пытайце "Верасень" № 23 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas@gmail.com.

Беларускі народны каляндар на 2021 год

Народны каляндар - гэта фальклорны каляндар, у якім захаваны прыродна-храналагічныя веды народа. У яго аснове хранонімы, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў.

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у сукупнасці з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

У народным календары на 2021 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.

У наступным, 2022-м, годзе па каталіцкай пасхаліі Вялікдзень (Пасха) - 17 красавіка, а па праваслаўнай - 24 красавіка.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашых кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002) і інш.

Студзень

1. пт. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - у 1700 г.

6. с. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз'яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".

7. ч. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

9. сб. Сцяпан. Дзень найму слуг, батракоў у мінулым. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана".

13. с. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз, хадзі куццю есці".

14. ч. Васілле. Новы год па праваслаўным календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

18. п. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".

19. а. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".

20. с. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. н. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце". Фядос. "На Фядоса цёпла".

25. п. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. "Вее вецер - будзе вайна".

31. н. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".

Люты

1. п. Ігнат. "На Святога Ігната зіма багата".

2. а. Грамніцы, Стрэчанне. "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца".

5. пт. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты".

6. сб. Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце". Паўзіміца Аксіння. "На Аксінні мяце".

11. ч. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".

12. пт. *Стрэчаньскія Дзяды.

14. н. Валянцін. Свята закаханых. Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя".

15. п. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася". "На Грамніцы - палавіна зіміцы".

17. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў, да 3.04).

18. ч. Агата. Каровіна свята.

24. с. Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз". Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас".

26. пт. Фаціння. Заступніца ад хвароб (ліхаманак, трасцы і інш.).

Сакавік

1. п. Пачатак *Памінальнага, Дзедавага тыдня.

4. ч. Казімір. "Святы Казімір дровы сякець і ў клад кладзець".

5. пт. * Дзедава пятніца.

6. сб. *Памінальніца. Канец Памінальнага тыдня. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".

8. п. *Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны, Масленічны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам. *Дзень сустрэчы на Масленым тыдні.

9. а. *Заляцанне на Масленым тыдні. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

10. с. *Лысая серада. Праталіны-залысіны.

11. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".

12. пт. *Цешчыны вечары. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".

13. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі". *Залвіцыны вячоркі. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. н. *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". *Развітальны, або Дараваны дзень. *Гуканне вясны. "Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці". На Палессі вадзілі карагоды, "спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі". (1.03 Новы год /Новае лета) у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). "Святы Еўдакей … пераступ года".

15. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту (да 1.05). Паласкалі зубы гарэлкаю. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".

17. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў".

19. пт. Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту" (забарона на шлюб). "На Язэпа пагода - год ураджайны".

20. сб. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі". Веснавое раўнадзенства ў 09 г. 37 хв.

21. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага годазлічэння. "Святы Ізбор упярод ступіць". Пачатак збору селяніна ў поле.

22. п. Саракі. Было Новым годам/летам. Свята вясновага раўнадзенства. "Дзень з ноччу мераецца". "Святыя Саракі наперад пайшлі". Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Пліска. "На святога Пліска праб'ець лёд і пліска".

25. ч. Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам/летам. "Перша свята - нова летца, Дабравешчанне зямлю сушыць". Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора".

26. пт. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.

28. н. * Вербная (Пальмовая) нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю".

29. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна".

30. а. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".

Красавік

1. с. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

4. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ у ка-толікаў.

5. п. Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".

6. а. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Благавеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".

7. с. *Серадапосце. Выпякалі "храстцы". Благавешчанне. "Благавешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "Страла".

8. ч. Благуста. "На Благусту сей капусту".

9. пт. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".

12. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца".

14. с. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер". Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. ч. Палікарп. "Пачатак бясхлебіцы".

16. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".

17. сб. *Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.

21. с. Руф. Руф рушыць снягі.

23. пт. Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я", "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла". Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. сб. Анціп - ахоўнік зубоў.

25. н. *Вербніца. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка".

26. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

27. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.

28. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае. Пуд. "Пуд снег пужне".

29. ч. *Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця дзежкі. Арына. "На Арыну сей капусту на расаду".

30. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Травень

1. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".

2. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ. "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!". Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня".

3. п. Працяг *Вялікадня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць".

5. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула". Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады. "Благаславі, маці,/ Ой, Лада, маці!/Вясну заклікаці".

6. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "Страла".

7. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей". Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. сб. Станіслаў. "Сей лён на Станіслава - вырасце як лава". Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як шкварка". Ярылавіца. Свята Ярылы.

9. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".

10. п. *Радаўнічныя Дзяды.

11. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць".

13. ч. *Ушэсце. Унебаўшэсце пана Езуса. Свята агляду жыта. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. пт. Макарэй. Абрады ля вады.

15. сб. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. а. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

20. ч. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".

21. пт. Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".

22. сб. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".

23. н. *Сёмуха, Зялёныя святкі, Святы Дух. Свята зелені. "На Духа будзе цёпла і суха".*Міраносцы. "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця". Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".

24. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры - і лета будзе мокрае.

25. а. Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".

26. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу.

27. ч. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.). Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29.сб. *Троіца. Магдалена. "Магдалена зязюльку прысылае".

31. п. Шэсць дзеў. "Лён сей позні". Канапелька Матруна. "У зямлю махнула". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка".

Чэрвень

2. с. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".

3. ч. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. пт. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".

5. сб. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

7. п. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".

10. ч. *Ушэсце. Абрад "Страла".

13. н. Ерамей. Антоній. "Антоні, аддай коні".

14. п. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

16. с. *Градавая серада. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.

18. пт. *Сёмушныя Дзяды.

19. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. Свята маладой зеляніны. "Завівалі" вянкі, бярозкі.

20. н. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...".

21. п. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...". Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа". Летняе сонцастаянне ў 03.32 г.

22. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Купала. У старажытн. - Новы год/лета.

24. ч. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне продкаў на могілках. Ян Купальны. "Сонца грае".

25. пт. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".

26. сб. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост. Каровы "зыкуюць".

27. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі.

28. п. *Пятроўка, Петравіца. Пятроўскі пост да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".

29. а. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

Ліпень

1. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеўяць ягодзін на ветцы".

2. пт. *Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы.

6. а. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дня адбаўленне, ночы прыбаўленне".

7. с. Іван Купала. "Учора было Купала, а сёння Іван".

8. ч. *Дзясятнік. "Дзясятнік гнаі возіць". Данат. "Святы Данат коскі точыць".

9. пт. *Дзясятка. "Косы точыць". "Жыта паспявае".

10. пт. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

12. п. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. а. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".

14. с. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".

17. сб. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. н. Свята Месяца. "Месяц гуляе".

21. с. Казанская, Градавы дзень. Засцераганне ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк".

25. н. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа". Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос.

26. п. Ганна. Снапы кладзе. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду.

29. ч. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

30. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллём). Дзень "зазубрывання" сярпоў перад жнівом.

Жнівень

1. н. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".

2. п. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля". "Укінуў у ваду кусок ільду".

4. с. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".

6. пт. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".

7. сб. Ганны. "Святыя Ганны бабкі стаўляюць".

9. п. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

10. а. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".

12. ч. Сіла. Жыта сей.

14. сб. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.

15. н. Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста". Базыль. "Базыль авечкам воўну дае".

16. п. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак" - дзень выглядання нявест.

17. а. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. ч. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. п. Лаўрэн - свята млынара. "Баўтрамей і Лаўрын паказваюць, якая прыйдзе восень".

24. а. Баўтрамей. "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. пт. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. сб. Прачыстая, Зельная. Свята ўраджаю.

29. н. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".

30. п. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".

31. а. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. Сухая навальніца, або дождж.

Верасень

5. н. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. а. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".

8. с. Другая Прачыстая. Багач. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. пт. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. сб. Калінавік, Іван Крываўнік. "Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й сам упрашу".

13. п. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. а. Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Бабіна лета.

19. сб. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".

21. н. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.

22. п. Асенняе раўнадзенства ў 19 г. 21 хв.

24. пт. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

26. н. Стаўроўскія Дзяды.

27. п. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі збіраюцца ў кучу.

29. с. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў".

Кастрычнік

2. сб. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.

3. н. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.

4. п. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. пт. Сяргей. "З Сяргея пачынаецца зіма". Жалезны тыдзень. Чысцілі жалезныя рэчы.

9. сб. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест. "Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова". "Святы Б. ды буракі капаў".

14. ч. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.

21. ч. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер. "Да Змітра баба хітра".

25. п. Марцін - свята млынароў. Частаваліся гусяцінай на млынавым крузе. "Марцін святы - любіцель гагаты".

28. ч. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. пт. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. сб. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. н. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. п. Усе святыя.

2. а. Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень.

4. ч. Казанская. "Да Казанскай - не зіма, а пасля - не восень; зранку дождж, з вечара - снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі".

6. сб. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".

8. п. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. а. Тодар. "На Тадора поўна камора".

10. с. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. ч. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".

12. пт. Артошка. Пачатак прадзення.

14. н. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. н. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. п. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".

24. с. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. ч. Кацярыны. "Кацярына забрала лета". Іван Міласцівы. Дзень падарункаў.

27. сб. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпоўскага посту (да 7 студзеня).

28. н. Піліпаўка - перадкалядны пост (да 06.01).

29. п. Мацей. "На Мацея зіма пацее".

30. а. Андрэйкі. Дзявочае свята.

Снежань

4. сб. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла". Увядзенне. Водзяцца ваўкі.

5. н. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. п. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе". Матрыхваны. Не пралі.

7. а. Кацярыны. "Забрала край лета".

9. ч. Юр'е Зімовы. "Юра мосціць". Ганны. "Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні".

13. п. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. а. Навум. "Наставіць на вум". Пачыналі вучыць дзяцей грамаце.

17. пт. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".

18. сб. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".

19. н. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".

21. а. Зімовае сонцастаянне ў 15 г. 59 хв.

22. с. Ганны. "Ганны - прыбавіцца багата дня". "Ганкі - палічаны дзянькі".

24. пт. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. сб. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. "Свята Ражаство ўпярод пашло, новы гадок павёў радок". Спірыдон Сонцаварот.

26. н. Сцяпан. Дзень найму парабкаў у мінулым. "Кожны сабе пан".

31. пт. Багатая куцця. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка".

Алесь ЛОЗКА, фалькларыст. На здымках: лідскі фальклорны гурт "Талер".

Да 160 годдзя акадэміка Яўхіма Карскага

Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ і сябар БГТ

Галоўны помнік яго жыцця - вялікая шматтомная праца "Беларусы"...

Вырасшы ў вельмі цяжкіх матэрыяльных умовах, як сын бедных бацькоў, Яўхім Фёдаравіч з дзяцінства прывык да настойлівай, карпатлівай працы, якой вызначаўся на працягу ўсяго свайго жыцця … Галоўны помнік яго жыцця - вялікая шматтомная праца "Беларусы", роўнай якой па грунтоўнасці наўрад ці знойдзем у галіне вывучэння іншых славянскіх народаў.

Акадэмік Барыс Ляпуноў.

Частка І Новыя звесткі па радаводу і біяграфіі акадэміка

1. Радзіма. Яўхім Карскі нарадзіўся ў Лашы Гарадзенскай губерні і Гарадзенскага павета 1 студзеня 1861 г. Аўтабіяграфіі Яўхім Карскі не пакінуў, бо лічыў вельмі нізка і сорамна пісаць пра сябе. Краязнаўча-біяграфічны нарыс пра акадэміка ў 1992 годзе ў Гародні выдаў Апанас Цыхун накладам 5 тысяч асобнікаў. Цікавую кнігу напісаў і выдаў у Менску ў 2014 годзе Дзмітрый Дзятко ў серыі Анатоля Тараса "100 выдатных дзеячаў беларускай культуры". Нарэшце ў 2019 годзе ў Менску выйшла вялікая біяграфія Яўхіма Карскага ў 2-х тамах, напісаная праўнукам акадэміка Аляксандрам Карскім. І нават пасля гэтага застаецца шмат недаследаванага ў біяграфіі акадэміка і яго родных, як сказаў Аляксандр Карскі: біяграфія прадзеда бяздонная. Большую частку жыцця Яўхім Карскі пражыў за межамі Беларусі, кім ён сябе адчуваў?

У новых дакументах-анкетных дадзеных, якія запоўнены ўласнаручна Я. Карскім і захоўваюцца ў Санкт-Пецярбургскім філіяле АН (звесткі А.Карскага з біяграфічнай кнігі пра прадзеда, выдадзенай у 2019 г.у Менску) і асабістай справе з Масквы (ДАРФ г. Масква. Ф. 49, воп. 3, № 46, скапіраваныя В. Карнелюком у 2019 г.) у графе: Нацыянальнасць пазначана: Беларус. Так ідэнтыфікаваў сябе акадэмік.

Яўхіма Карскага па праву можна назваць прадаўжальнікам асветніцкай дзейнасці Францішка Скарыны. На канферэнцыі да 150-годдзя акадэміка, якая праходзіла ў Каралеўскай зале Новага замка Гарадзенскай абласной бібліятэкі, яго называлі "Беларускім Калумбам". У сваёй фундаментальнай трохтомнай працы "Беларусы" (1903-1922) Я. Карскі на падставе глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвекавой культуры беларусаў упершыню навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа.

Вядомы філолаг, этнограф, палеограф і фалькларыст Я. Карскі нарадзіўся ў 1861 г. у в. Лаша недалёка ад Гародні. За свае вялікія навуковыя заслугі Я. Карскі атрымаў званне акадэміка Пецярбургскай і Чэшскай Акадэмій навук, ён з'яўляўся правадзейным членам Інстытута беларускай культуры і быў старшынём камісіі па адкрыцці ў Менску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён таксама - удзельнік і ганаровы старшыня І Усебеларускага з'езда ў снежні 1917 года ў Менску. Падчас шматлікіх экспедыцый акадэмік Карскі аб'ехаў больш за сотню мястэчак і вёсак, вывучаючы асаблівасці беларускай мовы і межы яе распаўсюджання. Працуючы ў Варшаўскім універсітэце, ён часта праводзіў лета разам з сям'ёй у Прынёманскім краі (Гарадзенскі раён, Мігова, Панямонь -18 км ад Гародні), дзе адпачываў і працаваў.

Яўхім Карскі быў заўсёды аб'ектыўным, даволі сціплым і добрасумленным даследчыкам, не быў рэвалюцыянерам ні ў грамадскай, ні ў навуковай дзейнасці. Але не шмат беларусаў у гісторыі краіны зрабілі такую фундаментальную працу, як Яўхім Карскі. Ён добра ведаў мовы славянскія, знаў добра грэчаскую і лацінскую, ведаў санскрыт. За 48 гадоў працы напісаў 96 кніг! Быў беспартыйны. Памёр Яўхім Фёдаравіч Карскі 29 красавіка 1931года. Пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках у Санкт-Пецярбургу, дзе з 18 стагоддзя хавалі ліцвінаў-беларусаў.

"Волатаўскае" на першы погляд здароўе верагодна падтачылі не толькі арышт у "чырвоным" Менску ўвесну 1919 года і арышт у Пецярбургу ў 1930 г., а і "дабразычліўцы" з ліку вучоных пісьменнікаў-камуністаў у Менску - Зміцер Жылуновіч, Язэп Дыла, рэдактары газет "Звязда" І. Асьмоў, М. Кальцоў у маскоўскай "Праўдзе" і адэскіх "Известиях". Святовая вайна і змены ў АН СССР, перажыванні за сыноў, якія служылі ў розных арміях (Яўген за "белых", малодшы Сяргей за "чырвоных"), ліставанне і пошукі інфармацыі пра Яўгена за мяжой, напружаная дзясяцігоддзямі праца і ўзятая адказнасць за навуковыя праекты…

У Пецярбургу Карскія жылі ў знакамітым доме № 2, кв. 9 па 7 лініі Васільеўскага вострава. Гэта быў дом вучонных. Унучка Яўхіма Фёдаравіча - Таццяна Сяргееўна ўспамінала: "…На Універсітэцкай наберажнай, у Ленінградзе, дзе жыла наша сям'я, ёсць не вельмі вялікі, але цяністы сквер…. Мы, дзеці, часта выбягаючы за высокую агароджу сквера, сустракалі нашага дзядулю, які вяртаўся з Акадэміі… Ужо здалёк можна было ўбачыць яго, высокага і стройнага. Як мне казалі, у акадэміі яго называлі "старарускім волатам". Ён быў вельмі рослы, з шырокімі грудзямі, галаву трымаў высока і крыху набок. У дзядулі быў свежы ружовы твар, сівая, не вельмі доўгая, прыгожая барада. На ім было цёмнае, доўгае паліто і цёмнага колеру капялюш, у руцэ - кій з загнутай круглай галоўкай. Вельмі часта яго праводзіў маленькі, сівы, у цёмных акулярах акадэмік Барыс Ляпуноў.

2. Асабістая справа. "Жизнеописание академика Е.Ф. Карского", напісаная акадэмікам Барысам Ляпуновым. (ДАРФ г. Масква. Ф. 49, воп. 3, № 46, копія справы, атрыманая ў 2019 г., вольны пераклад А.К., з кароткімі тлумачэннямі і скарачэннямі, поўная версія даслана ў "Наша слова").

Яўхім Карскі атрымаў пачатковую адукацыю ў Ятранскай (Наваградчына) народнай вучэльні, куды пераехалі ў 1866 г. на 13 гадоў яго бацькі з Быдчы Барысаўскага павета. Потым была Менская духоўная семінарыя. А ў 1881-1885 гг. Яўхім скончыў Нежынскі (Чарнігаўшчына) гісторыка-філалагічны інстытут імя графа Безбародкі са званнем настаўніка гімназіі і правамі кандыдата ўніверсітэта. (Да слова, у 1868 годзе Нежынскі юрыдычны ліцэй закончыў Францішак Багушэвіч - рэд.)

З 1885 года, больш за 7 гадоў адпрацаваў у Другой віленскай гімназіі. З 1893 года працаваў на розных пасадах у Варшаўскім універсітэце.

Пасля рэвалюцыі з верасня 1905 абраны дэмакратычным шляхам на пасаду рэктара. Потым пераабраны на другі тэрмін да 2 верасня 1910 года.

У 1910 годзе Я. Карскі зышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць рэжыму міністра адукацыі Льва Касо.

За працы "Белоруссы" т. I і II (1903-1912) Я. Карскі ўзнагароджаны прэміямі Бацюшкава і Ахматава (у 1908 і 1913 г.) На навуковыя працы Я. Карскага звярнулі ўвагу шырокія навуковыя колы ў Расеі і за мяжой.

5.03.1914 г. абраны ганаровым членам Гісторыка-філалагічнага таварыства пры Новарасійскім універсітэце, 24.05.1925 г. - Ганаровым членам аматараў расійскай славеснасці, 15 снежня 1927 г. - ганаровым членам Таварыства пісьменнасці і мастацтва ў Ленінградзе.

У студзені 1929 г. абраны членам Kralevske Ceske Spolecnosti Nauk. Пасля сыходу ў адстаўку пасля 1910 года Я. Карскі быў абраны звышштатным прафесарам і працягваў выкладчыцкую дзейнасць у Варшаўскім універсітэце і на Вышэйшых жаночых курсах да 1915 года, калі разам з Варшаўскім універсітэтам з-за вайны быў эвакуяваны ў Растоў на Доне, дзе чытаў лекцыі да вясны 1916 г.

8.10.1916 г. абраны ардынарным акадэмікам па аддзяленні рускай мовы і славеснасці, пераехаў у Петраград, дзе быў прафесарам Петраградскага, а затым Ленінградскага ўніверсітэта і Навукова-даследчага інстытута, заставаўся прафесарам і членам інстытута да 1928 г.

Такім чынам, агульная выкладчыцкая дзейнасць Яўхіма Карскага ў сярэдняй і вышэйшай школе працягвалася 43 гады, а навуковая дзейнасць 48 гадоў, паколькі Яўхім Фёдаравіч працягваў узмоцнена працаваць да самай смерці па гісторыі і дыекталогіі беларускага і іншых усходнеславянскіх моваў, прымае ўдзел у грамадскай дзейнасці АН у якасці члена Кіравання, дырэктара музея антрапалогіі і этнаграфіі (вядомага сёння больш як Кунсткамера, ці МАЭ - А.К.), старшыні Слоўнікавай камісіі і Камісіі рускай мовы, з кастрычніка 1925 года Камісіі "Навука і навуковая работа", і што асабліва важна - у рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці АН у якасці рэдактара "Известий ОРЯС и РЯС" і члена "РИСО". З часу пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Я. Карскі неаднойчы быў у камандзіроўках з навуковай мэтай у Варшаве, Кіеве, Нежыне, у Польшчы, Чэхаславакіі, Балгарыі, Югаславіі, прытым асабліва карысны яго ўдзел у І з'ездзе славянскіх географаў і этнографаў у 1924 г. і паездка ў Чэхаславакію, Польшчу і Югаславію летам 1926 года.

Не кажучы аб тым, што агромністае грамадскае значэнне мае ўся навуковая дзейнасць Я. Карскага, шматлікія працы якога даюць уяўленне аб мінулым і сучасным забытага раней беларускага народа. Садзейнічаючы пад'ёму нацыянальнай свядомасці і самастойнай ролі сярод іншых народаў былога Саюза ССР, лічу неабходным звярнуць увагу на дзейсны ўдзел Яўхіма Фёдаравіча ў справе адраджэння культуры беларускага народа, у прыватнасці ў адбудове беларускага ўніверсітэта ў Менску.

(Працяг у наст. нумары.)

Музейна-педагагічны занятак "Лён - табе пашана і паклон!" у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі наведалі вучні 8 класа СШ № 11 г. Ліды

Візітоўнай карткай Беларусі на працягу стагоддзяў з'яўляецца лён. Кожны беларус жадае купіць адзенне з лёну. Гэта і практычна, і прыгожа. А калі мы едзем за мяжу, то абавязкова вязём сувенір з беларускага лёну. Гэтую прыгожую і карысную расліну, асабліва яе цвіценне, услаўляюць паэты, пісьменнікі, мастакі.

У наш час усе работы па вырошчванні і апрацоўцы лёну механізаваны. Замест ручной працы ўсю работу выконваюць машыны як на палях, так і на льнозаводах і ткацкіх камбінатах. А як жа было раней? Як лён вырошчвалі нашы продкі? Як атрымоўвалі з расліны з такім цвёрдым сцяблом мяккую нітку? Як з нітак ткалі льняное палатно? Які быў кошт льнянога палатна?

Пра гэта і многае іншае вучні 8 Б класа сярэдняй школы № 11 г. Ліды даведаліся падчас наведвання музейна-педагагічнага занятка "Лён - табе пашана і паклон!" у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

Куратар выставы Ірэна Антонаўна Клімовіч падрабязна знаёміла юных наведвальнікаў з усімі этапамі працы нашых продкаў з ільном.

Земляробчыя работы ў першую чаргу былі звязаны з падрыхтоўкай зямлі да сяўбы. Сяляне ўзворвалі поле драўлянай сахой, пасля чаго можна было прыступаць да сяўбы лёну. Па традыцыі, гэтай працай займаліся мужчыны. Згодна з народнымі прыкметамі, рабіць гэта можна было толькі ў пятніцу і суботу. Калі засяваннем лёну займаліся мужчыны, то наступныя этапы працы, звязаныя з вырошчваннем і апрацоўкай лёну, пераходзілі ў жаночыя рукі. Асабліва важнае значэнне займала праполка льнянога поля ад пустазелля. У сярэдзіне жніўня ільняныя галоўкі станавіліся залаціста-карычневага колеру - гэта было сігналам да таго, што лён паспеў і прыйшоў час для яго ўборкі з поля. Традыцыйна лён вырывалі з каранямі (церабілі), каб захаваць даўжыню валакна, і звязвалі ў снапы для прасушкі. Зерне выбівалі пранікам, а атрыманую трасту адпраўлялі на поле не менш, чым на 1-2 месяцы, каб вылежаўся ў росах, вымачыўся дажджамі.

Высушаны лён зноў трапляў у рукі жанчын. Цяпер у ход пускаліся самыя розныя прылады працы: церніца, трапло, драўляныя або металічныя грабяні. Усе гэтыя прылады працы былі прадстаўлены на выставе. Вучні нават паспрабавалі на практыцы авалодаць уменнем працаваць з імі. Для часання валакна выкарыстоўваліся і шчоткі, якія выраблялі пераважна з свінога шчаціння, звязанага ў пучкі і з аднаго боку пакрытага смалой, каб шчацінкі не рассыпаліся. Валакно ж, атрыманае пасля часання (кужаль, альбо кудзеля) скручвалася ў "лялечкі", "круцелькі", "скруткі" ці спляталася ў косы, і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.

У старажытнасці пралі на верацяне, і гэта займала велізарную колькасць часу. У канцы ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя, дзякуючы з'яўленню "калаўротка" (ад беларускага "кола круціць, паварочваць"), тэхналагічны працэс прадзення значна паскорыўся. Хлопцы і дзяўчаты ўбачылі ў дзеянні два тыпы калаўроткаў, якія былі прадстаўлены на выставе.

Як даведаліся вучні, на Беларусі была шырока распаўсюджана традыцыя сумеснага жаночага прадзення, так званыя "вячоркі" ў якім-небудзь адным з вясковых дамоў. Далейшы лёс спрадзенай ніткі - гэта кросны і ўмелыя рукі ткачыхі.

Пасля знаёмства з працэсам апрацоўкі лёну і прыладамі працы ўвага хлопцаў і дзяўчат была звернута на наступную экспазіцыю выставы, у якой прадстаўлена вялікая колькасць ільняных вырабаў. Посцілкі, дываны, абрусы, палотны, ручнікі, мужчынская і жаночая вопратка. Гэта ўся незвычайная для сучаснага чалавека прыгажосць калісьці была створана жаночымі рукамі лідскіх ткачых. А зазірнуўшы ў куфар, які раней служыў людзям замест шафы, дзяўчаты ўбачылі вырабы, якія калісьці іх аднагодкі рыхтавалі сабе ў пасаг.

Сапраўднае "падарожжа ў часе" здзейснілі вучні падчас правядзення музейна-педагагічнага занятка "Лён - табе пашана і паклон!" Яны не проста пашырылі веды пра жыццё, побыт, культурныя традыцыі нашых продкаў, а выкарысталі ўнікальную магчымасць разгледзець прадметы з усіх бакоў, практычна іх асвоіць.

Наталля Анашкевіч, класны кіраўнік 8 Б класа.

Пайшоў з жыцця Аляксандр Савянкоў

Не стала Аляксандра Савянкова, валанцёра, актывіста са Скідзеля, мужа кіраўніцы мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы, дырэктаркі літаратурна-краязнаўчага музея Элізы Ажэшкі ў Мількаўшчыне - Таццяны Савянковай. Памёр ён ад каронавіруснай інфекцыі. Аляксандру Савянкову было 70 год. Пра яго ўзгадвае паэтка Данута Бічэль:

- 2021 год аб'яўлены Годам сям'і, у касцёле - Год святога Юзафа, і мы гаворым увесь час пра тое, што людзі моцныя сем'ямі і выхоўваюцца ў сем'ях. Дык вось, гэта быў прыклад той сям''і. Яны разам працавалі ў музеі ў Мількаўшчыне, яны разам працавалі на беларускую мову ў Гародні. Яны разам жылі, яны гадавалі сваіх дзяцей. Гэта ўзор для Беларусі.

Пахавалі Аляксандра Савянкова 31 снежня на новых скідзельскіх могілках у вёсцы Партызанская.

Гарадзенская абласная арганізацыя ТБМ выказвае свой смутак і спачуванні сям'і нябожчыка з прычыны смерці сапраўднага Беларуса і Патрыёта.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

ГЕРОІ СВАБОДЫ ПОБАЧ З НАМІ

У лёсавызначальныя для дзяржавы моманты заўсёды знаходзяцца асобы, якія не скараюцца і ў самых безнадзейных абставінах. Няхай іх змаганне не мае шанцаў на поспех. Але яно заўсёды мае шанец стаць прыкладам - дзеля працягу.

Ул. Арлоў.

На шчасце, ёсць яшчэ нямала людзей, для якіх кніга - найлепшы падарунак, якое свята ні вазьмі. Менавіта такое віншаванне ад Уладзіміра Арлова зноў атрымала (цяпер пад Божае нараджэнне і Новы год) грамадскасць Нясвіжчыны.

Падарунак каштоўны - "Імёны свабоды"- выданне 4-е, дапрацаванае і дапоўненае (365+1 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII - XXI cтагоддзяў). Энцыклапедыяй любові да радзімы, волі і незалежнасці назваў кнігу ва ўступным слове Аляксандр Лукашук. Сам жа аўтар дзеліцца назіраннем:

- Калі пішаш кнігу з такой колькасцю дзейных асобаў, надыходзіць момант, у які пачынаеш адчуваць іхнюю метафізічную, а часам і фізічную прысутнасць недзе побач".

А што ж ты, нясвіжскі чытач? Прыгадваеш з волі аўтара адзін за адным гераічныя, чацей заўчасна абарваныя лёсы. Шукаеш сваіх ды суседзяў, з-пад Клецка, Капыля ці Свержаня. Сустракаеш новыя факты, дзівішся, што не ведаў і мог бы і не ведаць. Прыкмячаеш акцэнты, на якія раней не зважаў. Пагаджаешся з тым, што памяць павінна быць дзейснай, і радуешся, што сёлетнімі стараннямі з'явіліся на Нясвіжчыне вуліца нашага Уладзіміра Жылкі і "Камень Жылкі". Боль ад трагічнасці лёсаў адольваеш аптымістычнай высновай: нас "нязмерна болей, чым здаецца ў часы паняверкі і роспачы". Разумееш, што працяг кнігі пішацца і сённяшнім днём.

…І запальваеш калядную свечку памяці, навагоднюю свечку надзеі.

Наталля Плакса.

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

Як імгненна бяжыць час. Здаецца, зусім нядаўна сустракалі высакосны, 2020 год. Год, у якім на чалавецтва звалілася страшная, дасюль невядомая хвароба. Каронавірус, год бурных, непрадказальных палітычных падзей, год шматлікіх ваенных канфліктаў, забастовак і пратэстаў мірных грамадзян, год прыродных катаклізмаў.

Праўда, у нашай сям'і былі і радасныя падзеі. У канцы жніўня мы з жонкай сціпла адсвяткавалі паўстагоддзя сумеснага жыцця, а праз месяц упершыню за 50 гадоў удалося разам адпачыць у санаторыі "Энергетык". Старэйшы ўнук Іван канчаткова вызначыўся "расквітацца" з халасцяцкім жыццём і стварыць сваю сям'ю. Гэты важны крок быў запланаваны на пачатак 2021 года. Меншы ўнук Міхась у жніўні здолеў прайсці праз парогі сур'ёзнага адбору і стаць выхаванцам прэстыжнай футбольнай акадэміі берасцейскага "Дынама" ў горадзе Ашмяны. Настойлівасць, вытрымку, спартыўны імпэт праявіла і наша адзіная ўнучка Дар'я, якая таксама захапілася футболам. Кумірам для яе стала ігрок менскага "Дынама" і нацыянальнай каманды Беларусі, былая вучаніца СШ № 3 г. Дзятлава Карына Альховік. На адным з матчаў на першынство Гарадзенскай вобласці сярод дзяўчынак яе заўважыў трэнер рэзерву сталічнага "Дынама" і запрасіў на прагляд у Менск. Цяпер амаль кожную пятніцу пасля ўрокаў Дар'я самастойна едзе маршруткай у Менск, паспявае на вячэрнюю трэніроўку, начуе ў роднай цёткі. У суботу, як правіла, едзе з камандай на таварысцкія сустрэчы ў іншыя гарады краіны ці праводзіць іх у Менску. У нядзелю з раніцы - трэніроўка з камандай і "пакет" хатніх заданняў па ўдасканаленні тэхнікі гульні і фізічнай падрыхтоўкі. Дарога ў Дзятлава і падрыхтоўка да ўрокаў займаюць другую палову дня, а іншы раз - кавалак ночы.

З аднаго боку поспехі ўнукаў радавалі нас, хоць было трошкі трывожна і шкада іх. Як ні кажы, а штотыднёвыя паездкі маршруткай у сталіцу, а там на гарадскім транспарце ў двухмільённым горадзе, насычаным шматлікімі палітычнымі акцыямі, асабліва па выхадных днях, выклікалі трывогу і найболей у Наталлі Георгіеўны. Хвалявалася і перажывала яна і за меншага Міхася. Ведала, што жыве ў зручным, прасторным двухмесным пакоі з адмысловым пяціразовым харчаваннем, вучыцца ў мясцовай гімназіі, да якой не болей за сто крокаў, рыхтуе хатнія заданні пад наглядаў педагогаў-выхавацеляў, трэніруецца пад кіраўніцтвам трэнераў-прафесіяналаў, на працягу сутак за здароўем выхаванцаў сочыць кваліфікаваны медык, але ўсяроўна далёка ад бацькоўскай ласкі і клапатлівай бабулінай апекі. На вачах меншыя ўнукі пасталелі, сталі больш адказнымі, самастойнымі, дысцыплінаванымі.

У кастрычніку, падчас нашага адпачынку ў "Энергетыку", у адзін з выхадных дзён Міхась прыехаў на пару дзён дахаты. Маёй Наталлі раптам захацелася ў Дзятлава. Матывавала тым, што трэба паліць хатнія кветкі, нешта ўзяць з адзежы ды проста змяніць абстаноўку.

Канешне ж, паехалі, бо машына была з намі. Дарогай узнікла ідэя ехаць іншым шляхам. Звярнулі на Галубы, Зачэпічы Шчучынскага раёна, Гузні, Шаршні, Дзям'янаўцы. Абшары Ліпічанскай пушчы, раскінуўшыся абапал дарогі, прымусілі кожнага задумацца пра нешта сваё. Ехалі няхутка, любуючыся прыгажосцю ляснога бяскрайняга масіву. Праязджаючы паўз Дзям'янаўцы, жонка раптам захацела завярнуць у вёску, бо ніколі не была тут. Тым больш, што ўжо некалькі гадоў гэты ціхі лясны куток, каб лягчэй перажыць трагічную страту сына, выбрала для свайго жыцця былая калега, з якой доўгі час працавалі ў адным кабінеце. Вёска вялікая, хоць даўно ўжо няма сельсавета, школы і іншых устаноў, але з паўсотні жыхароў ёсць. Зусім нядаўна тут паўстаў невялікі прыгожы будынак драўлянай праваслаўнай царквы, што сведчыць пра перспектыву гэтага населенага пункта.

Адзін вясковец, які рамантаваў плот, падказаў, як нам трапіць да В.К. Кушаль. Хату знайшлі, праўда, у апошні момант Наталля не захацела прыносіць клопат, зваліўшыся, як снег на галаву сваёй былой калезе. Візіт адклалі на пазнейшы час, тым больш што да Дзям'янаўцаў з Дзятлава скончана асфальтаванне дарогі.

Пасля адпачынку ў санаторыі пачалася другая палова кастрычніка, так званая "залатая восень" з палітрай жоўта-барвовых фарбаў. Праўда, чамусьці краявіды не радавалі нас так, як у папярэднія гады. На сэрцы панавала нейкая трывога. Так і мінуў кастрычнік, а яму на змену прыйшоў хмуры, хваравіты лістапад.

З кожным днём у маёй жонкі з'яўлялася ўсё больш надакучлівая думка з'ездзіць куды-небудзь, купіць што-небудзь, паглядзець што-небудзь. З'ездзілі ў Наваградак, набылі новую лядоўню. У Лідзе купілі камплект пасцельнай бялізны, каструльку, шукалі новую патэльню і яшчэ хоць што на кухню, хоць ручнічок ці абрус.

Аднойчы лістападаўскім ранкам зноў гучыць просьба куды-небудзь паехаць. Напаўсур'ёзна прапаную - на Кудыкіну горку. Згодна. Паехалі. Спачатку ў бок Дварца, але на паўдарозе маёй спадарожніцы не захацелася, бо была там дзясяткі разоў. Павярнулі на Тарасавічы і Палубачкі. Я распавёў пра дугу Струве, расказаў, што мы знаходзімся на так званай Слонімскай градзе Наваградскага ўзвышша, што гэта самае высокае месца Дзятлаўшчыны. Яго вышыня амаль 300 метраў над узроўнем мора. Праехалі паўз бязлюдныя Палубачкі, праз Тарасавічы і палявой дарогай трапілі ў Валоўнікі, якія хоць і пры асфальце, але выглядаюць не менш сумна. На вуліцы ніводнай жывой душы.

Больш як паўсотні гадоў таму, калі я пачынаў працу дырэктарам Дзятлаўскай ДЮСШ, мяне накіроўвалі прадстаўніком РАНА на экзамены ў Сямёнавіцкую базавую школу. Транспартам быў спартыўны ровар. Недзе паміж Тарасавічамі і Петрукамі, на палявой дарозе, я наехаў на кавалак калючага дроту і давялося вярнуцца ў Дзятлава, ведучы ровар у руках.

За Валоўнікамі, на гары, заўважылі ўказальнік на Петрукі, Сямёнавічы. Нечакана прыняў рашэнне хоць праз паўстагоддзя пабыць у тых Сямёнавічах. Дагледжаная, роўная гравейная дарога вядзе ў аб'езд Петрукоў. Тут сустрэўся чалавек, які з малатком і зубілам з руінаў былой калгаснай фермы здабываў на свае патрэбы чырвоную цэглу. З яго слоў даведаліся, што ў Петруках на ўсю вёску толькі адзін жыхар.

Паўразваленыя будынкі фермы, закінутыя сянажныя траншэі, воданапорная вежа сустракалі нас злева, на грудку, пры ўездзе ў Сямёнавічы. У вёсцы тры вуліцы. Праехалі па адной - ніводнага жывога чалавека. На другой, у двары, пашчасціла заўважыць пажылога мужчыну. Прыпыніліся. Павіталіся. Загаварылі. Наш прыезд крыху здзівіў яго. Напэўна, ён і не паверыў нашым краязнаўчым пазнавальным намерам, але разгаварыўся. Высветлілася, што ў Сямёнавічах тры жыхаркі. Адна з іх - яго цёшча, да якой раз на тыдзень і наведваецца, каб прынесці ў хату дроў, вады, а таксама забяспечыць хлебам, цукрам, крупамі і іншымі харчамі. Сам жыве ў Борках. У вёсцы Сямёнавічы шмат садоў, усланых ападкамі яблыкаў, якія нікому не патрэбныя. Нават "бічы" ўжо некалькі гадоў не абтрасаюць сады, бо транспарт і паліва абыходзяцца даражэй за выручку ад здадзенай садавіны. Вакол Сямёнавічаў - дагледжаныя бяскрайнія калгасныя палі з сотнямі коткаў саломы, на якіх там-сям горда сядзяць драпежныя птушкі, падпільноўваючы мышэй, а можа, і зайцоў. На даляглядзе заўважылі некалькі дзікіх козаў.

Далей шлях ляжаў на старажытнае мястэчка Раготна, у якім мая Наталля, як і ў Явары, ніколі не была. Колькі ездзіла, працуючы настаўніцай, а пазней завучам, на розныя семінары, адкрытыя ўрокі ў школы раёна, а Раготна і Явар заставаліся невядомымі.

У апусцелым былым мястэчку пад'ехалі да касцёла, палюбаваліся яго прыгажосцю, успомнілі, што не так даўно мясцовы саўгас выкарыстоўзваў яго як склад, праехалі паўз замкнёную сталоўку, каля прыгожага двухпавярховага будынка школы, за парты якога не так даўно садзілася паўтысячы вучняў школы, што дала пуцёўкі ў жыццё дзясяткам знакамітых людзей: таленавітых кіраўнікоў, педагогаў, інжынераў, спартсменаў.

Сёння тут каля 30 вучняў. Збіраліся даехаць яшчэ і да Горкі, але стаміліся. На некалькі хвілін зрабілі прыпынак за Раготна на беразе вадасховішча, звыклым месцы рыбакоў-аматараў. Здалёк агледзелі знакамітае старажытнае гарадзішча першажыхароў гэтых мясцін, якое сёння мае назву "талерка" за вялікае падабенства на гэтую пасудзіну.

З Раготна праз Яхноўшчыну рушылі да Сачыўлян, каб праз іх трапіць у Явар. У Сачыўлянах уразілі два будынкі. Абодва збудаваныя ў канцы 20 стагоддзя з белай цэглы, абодва - двухпавярховыя. Кантора калгаса і жылы дом для настаўнікаў і спецыялістаў. У адным і другім сёння "гуляе" вецер, на балконах шматкватэрнага дома параслі маладыя бярозкі, а на падворку неўзабаве будзе лес, такі ж, як на падмурках старажытнага шматвекавога палаца колішніх уладароў гэтых мясцін, знакамітых магнатаў з роду Радзівілаў. У тутэйшых жыхароў гэтыя разваліны атрымалі назву "замачак".

За гэтымі падмуркамі праз сотню метраў і вёска Явар. Дарога ўпіраецца ў комплекс драўляных аднапавярховых будынкаў асірацелай мясцовай сярэдняй школы, якая павінна ганарыцца сваімі выпускнікамі не менш, а можа, і больш, чым раготнаўская. На працягу апошніх дзясяткаў гадоў 20 стагоддзя памянялася кіраўніцтва школы, дзятлаўскага РАНА, мясцовага калгаса, да школы прыбудоўваліся майстэрні, сталоўка, спартыўная зала, склады, неаднаразова рамантаваўся асноўны будынак. А сёння, гледзячы на ўсё пабудаванае, здаецца, што яно нібы апускаецца ў зямлю.

У мяне ўзнікла пытанне, ці мэтазгодна было калісьці ўсё зроблена, а ў Наталлі - дзе збірацца былым выпускнікам на пачатку лютага на традыцыйны вечар сустрэч? Хто яго арганізуе?

Вечарэла. Да павароту на Нагорнікі ехалі моўчкі. Было адно жаданне - хутчэй дахаты. Усё ж вырашылі без прыпынку праехаць праз Нагорнікі, Лагуны, Юравічы. Убачыўшы роднае Дзятлава, Наталля Георгіеўна, уздыхнуўшы, з палёгкай сказала, што вельмі стамілася ад убачанага. А пасля дадала: "Як добра, што дзятлаўскім школам, у якіх вучылася і працавала ўсё свае жыццё, у бліжэйшы час нішто не пагражае". Шчыра падзякавала за падарожжа і ціха самасабе задала пытанне:"Ці будзе яшчэ хоць адно?"

Праз некалькі дзён пасля той вандроўкі мы адчулі недамаганне, фізічную стомленасць, затэмпературылі. Выклікалі хуткую дапамогу. Тыдзень хатняга лячэння не прынёс станоўчых вынікаў. У сераду 25 лістапада паклалі ў раённую бальніцу. Зробленыя аналізы пацвердзілі каронавірус. Праз два дні жонку перавялі ў рэанімацыю, а 30 лістапада яе сэрца перастала біцца. Нечакана, неспадзявана, як гром з яснага неба. Шэсцьдзясят восем гадоў. Ранавата. Хоць бы дацягнула да сярэдняй прадацягласці жыцця жанчын у Беларусі - 78 гадоў, дачакалася праўнукаў, парадавалася за малодшых унукаў.

Нягледзячы на такі трагічны вынік лячэння, не магу не выказаць слоў удзячнасці дактарам, медсёстрам, санітаркам, усім супрацоўнікам раённай бальніцы за самаахвярную працу ў нязручным камуфляжным адзенні, у масках і скафандрах; яны, рызыкуючы сваім здароўем, самааддана, днём і ноччу змагаюцца са страшнай хваробай. Праляжаўшы 12 дзён на бальнічным ложку, я ад усіх без выключэння людзей у белых халатах адчуваў дабрыню, спагаду, жаданне дапамагчы. Нізкі вам паклон і шчыры дзякуй!

На жаль, сёння не ўсё залежыць толькі ад дактароў і магчымасцей сучаснай медыцыны, хоць узровень яе і бясплатныя лекі даволі эфектыўныя. Але кожнаму чалавеку наканаваны свой лёс і вызначаны час зямному жыццю Усявышнім. Маёй Наталлі была прадказана такая дата, і яна адчувала з кожным днём усё больш і больш выразна, што зямны шлях яе вось-вось закончыцца. Гэта я зразумеў, калі яе не стала.

Наша сямейнае жыццё ў цэлым было шчаслівым, але не без цяжкасцяў. Ранні шлюб прымусіў вучыцца завочна і працаваць. На яе долю выпала трое родаў і ўсе з паталогіяй. Другая дачка была неданошанай і нарадзілася мёртвай. А ў 1978 годзе ў абласной бальніцы ўбачыў свет сямімесячны паўтаракілаграмовы сын, якога змясцілі ў спецыяльны кювес, а маці адправілі ў Дзятлава. Колькі трывожных дзён і начэй нам, але асабліва Наталлі, прыйшлося перажыць. Кожны тыдзень яна ездзіла ў Гародню. Праўдамі і няпраўдамі, з цяжкасцямі прабіралася да немаўляткі, каб хоць пару хвілін палюбавацца ім. На дзень два сэрца матулі супакойвалася. І так на працягу двух месяцаў.

Па характары Наталля Георгіеўна была прыроджаным лідарам. Яна і вучылася амаль на выдатна (у атэстаце - лічаныя чацвёркі), паспяхова скончыла дзятлаўскую музычную школу па класе акардэона, калектыў класа выбіраў яе і старастам, і на розныя піянерскія, а затым і камсамольскія кіраўнічыя пасады. З першага да дзясятага класа была салісткай танцавальнага гуртка Дзятлаўскага дома піянераў, а затым амаль 20 гадоў кіравала ім. Ні адзін канцэрт на сцэне раённага Дома культуры не абыходзіўся без танцаў, падрыхтаваных Наталляй Георгіеўнай. А ў кожным танцы не менш за 8-12 пар, бо было шмат ахвочых авалодаць майстэрствам прыгожа танчыць. А які быў рэпертуар: і беларуская полька з крыжачком, і "Юрачка" з "Лявоніхай", і розныя танцы з гумарам, і ўкраінскія, і малдаўскія, і рускія, і танцы народаў Прыбалтыкі. Наталля была самавучкай, але вельмі апантаная і ўлюбёная ў сваё хобі, таму ўсё, што ўдавалася дзесьці ўбачыць на конкурсах ці па тэлевізары старалася прыстасаваць пад умовы свайго гуртка. А танец - гэта дадатак да адрэпетыраваных дасканалых рухаў і адмысловага адзення. Тролькі усё разам магло даць патрэбны эстэтычны эфект. Таму пошукі спонсараў, патрэбных матэрыялаў, кваліфікаваных краўчых займалі іншым разам не менш часу, чым падрыхтоўка самога танцу. А яшчэ амаль усе рэпетыцыі суправаджаліся музыкай пад язык. У фінале ж - трывожныя хвіліны за кулісамі, перажыванні, каб ніхто не зблытаўся, каб усё прайшло гладка. Авацыі, як і прынята, толькі танцорам, пра кіраўніка ўспаміналі рэдка, а часцей увогуле забывалі. Асноўнай працай Наталлі Георгіеўны было выкладанне біялогіі. За ўсё жыццё я не ўспомню ні аднаго выпадку, калі мая жонка пайшла на ўрок без падрыхтоўкі, без напісанага плана-канспекта. Іншы раз на гэта адводзіўся час за кошт начнога сну. Можа, таму амаль усе вучні і любілі біялогію, бо ў дадатак да дасканалага ведання свайго прадмета дапасоўваўся пераканаўчы, зычны, прыемны голас, заўсёды акуратны знешні выгляд настаўніцы, справядліва выстаўленыя адзнакі не толькі за адказы каля дошкі, але папраўкі і адказы з месца, уменне дараваць вучню яго промахі і быць пры гэтым патрабавальнай і справядлівай. Дзясяткі яе вучняў былі пераможцамі раённых, прызёрамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. Многія выбралі прафесію настаўніка біялогіі.

Напэўна, таму, калі ў 1988 годзе ў нашым горадзе адчыніла дзверы новая школа, на пасаду завуча была прызначана менавіта Наталля Георгіеўна. Напэрэдадні яна паспяхова прадстаўляла Дзятлаўскі раён на першым абласным конкурсе "Настаўнік года". Адной з першых на Дзятлаўшчыне яна атрымала кваліфікацыю "настаўнік вышэйшай катэгорыі".

Але вучыць дзяцей - гэта адна справа, звыклая. Вучыць роўных сабе, многія з якіх былі нашмат старэйшыя і больш вопытныя - справа новая, вельмі сур'ёзная і адказная. Колькі давялося паездзіць па семінарах, гутарыць з вопытнымі завучамі вялікіх гарадскіх школ і, у першую чаргу з Яўгеніяй Рыгораўнай Савань, пад чыёй апекай Наталля Георгіеўна вырасла сапраўдным педагогам. Настольнымі кнігамі сталі зборнікі загадаў Мінадукацыі, метадычная літаратура па кіраванні навучальным працэсам. Гасцюючы ў Вільні, у свёкра, заслужанага настаўніка Беларусі, які шаснаццаць гадоў працаваў завучам Валеўскай школы, не цуралася задаваць яму пытанні, і іншы раз іх гутарка доўжылася гадзінамі.

Усё гэта, але найперш справядлівыя адносіны да кожнага педагога, за кароткі тэрмін дапамаглі стварыць працаздольны, апантаны ідэяй стаць у рад лепшых школ раёна калектыў настаўнікаў, які налічваў амаль 100 чалавек. А колькі нервовых клетак было патрачана пры складанні штогадовага раскладу ўрокаў для школы амаль з паўсотняй класаў і тысячай вучняў!

У канцы 2005 года на галаву маёй жонкі звалілася яшчэ адна бяда. Неспадзяваная траўма прыкавала мяне на доўгія 9 месяцаў да ложка. Быў пастаўлены цяжкі, невылечны дыягназ. Маё жыццё праходзіла па бальніцах Гародні і Дзятлава. Спосаб перамяшчэння - толькі на насілках.

Колькі фізічных сіл і вытрымкі, нервовай напругі спатрэбілася маёй Наталлі, колькі трэба было праявіць ласкі, пяшчоты і дабрыні, выходжваючы мяне, выконваючы капрызы хворага.

Дзякуючы ёй, дактарам і маім малітвам мне пашчасціла спачатку перасесці ў інвалідны вазок, а затым і ўвогуле падняцца на мыліцы, з якімі не расстаюся і сёння.

У 2014 годзе яшчэ адно выпрабаванне звалілася на нас: інсульт пазбавіў дару мовы нашу старэйшую дачку. Зноў Наталля Георгіеўна значную частку часу траціць на яе апеку. Зноў бальніцы: то Ліда, то Гародня. Зноў трывожныя дні і ночы, зноў нашы шчырыя малітвы - і зноў Усявышні зміласцівіўся. Дачка праз тры гады вярнулася на працу. Карыстаецца аўтарытэтам і пашанай у педкалектыве СШ № 9 г. Ліды. Прадаўжае рыхтаваць пераможцаў гарадскіх і прызёраў абласных школьных алімпіядаў па англійскай мове, якой яна дасканала валодае. У свой час скончыла з залатым медалём дзятлаўскую СШ № 1, а затым з чырвоным дыпломам Менскі лінгвістычны ўніверсітэт. Ад маці пераняла гены адданасці выбранай прафесіі, добрасумленнасць, працаздольнасць.

Усе жыццёвыя калізіі значна падарвалі здароўе маёй жонкі. Не так даўно яна вымушана была зрабіць аперацыю на пазваночную грыжу, з'явіліся значныя праблемы з ціскам, часта стала балець галава і шмат іншых, менш значных болек.

Нягледзячы на ўсё гэта, мая Наталля заўсёды была надзейным тылам, падтрымлівала ўсе мае грамадскія справы: адкрыццё мемарыяльных знакаў і дошак, сустрэчы беларускіх пісьменнікаў з вучнямі школ раёна і дарослымі ў бібліятэках, любіла краязнаўчыя вандроўкі, паверыла і падтрымала ідэю стварэння ў Дзятлаве помніка К.І. Астрожскаму.

Разам мы ўжо ахвяравалі першую, але не апошнюю грашовую суму ў гэтую справу. Па паходжанні Наталля Георгіеўна - руская. Маці, хутчэй за ўсё, этнічная беларуска з прыгранічнай Берасцейшчыны, але з гонарам лічыла сябе рускай. А бацька ўвогуле меў скандынаўскія карані. У яго тыповае шведскае прозвішча - Янсон, пазней ператворанае рознымі пісарамі ў Янісон. Дачцэ гэтых людзей Наталлі было наканавана нарадзіцца на беларускай зямлі, у Дзятлаве, тут правесці сваё дзяцінства і юнацтва, тут стварыць сям'ю, нарадзіць дзяцей і дачакацца ўнукаў, тут, у школах горада, адпрацаваць амаль 45 гадоў, увабраць у сябе беларускія традыцыі і культуру, паглыбіць веды багацейшай гісторыяй ВКЛ, а з 90-х гадоў 20 стагоддзя перайсці на беларускую мову, на якой і выкладала свой прадмет. Пазней, каб лепш яе ведаць, стала сябрам ТБМ, беларуская мова запанавала ў нашай хаце ў паўсядзённым жыцці. Прыхільнікамі яе паступова становяцца нашы дзеці і ўнукі, бо сапраўдная любоў да сваёй краіны, згодна з выказваннем К. Паўстоўскага, немагчыма без любові да сваёй мовы.

У адной з запісных кніжак жонкі я знайшоў днямі: "Истинная любовь к своей стране немыслима без любви к своему языку" (К. Паўстоўскі). Канешне ж, Паўстоўскі меў на ўвазе рускую мову, але Наталля гэтае выказванне прыстасавала да мовы таго народа і краіны, дзе ёй выпала пражыць зямное жыццё.

Адышла ў іншы свет наша Наталля, прыгожая жанчына, ласкавая і дабрадушная жонка, пяшчотная маці, клапатлівая бабуля, неназойлівая свякруха, высокакваліфікаваны педагог-прафесіянал, справядлівая суседка, з Богам у сэрцы. Вельмі неспадзявана, ціха, нікога не турбуючы. Дзятлаўская зямля нарадзіла яе, яна ж і прыняла яе прах на вечны спачын.

Пра аўтарытэт яе гаворыць і той факт, што на развітанне з кавіднай нябожчыцай, якое адбывалася ў двары дома, сабраліся родныя і блізкія людзі, суседзі, былыя калегі-пенсіянеры і сённяшнія настаўнікі СШ № 3, выпускнікі розных гадоў, у якіх памерлая была класным кіраўніком, аднакласнікі дачкі і сына, іх сябры, знаёмыя, супрацоўнікі папраўчай калоніі, дзе працуе сын і шмат іншых. Многіх я не пазнаў, бо быў на ізаляцыі і прысутнічаў на цырымоніі развітання, седзячы ў зачыненай машыне. Таму і не мог сказаць "дзякуй" тым, хто сабраўся, за маральную і матэрыяльную падтрымку, за шчырыя спачуванні, выказаныя мне і маім сямейнікам праз газету "Перамога", праз тэлефон, праз паведамленні, а пазней і пры асабістых сустрэчах.

Шаноўныя дзятлаўчане, настаўнікі-пенсіянеры, педкалектыў СШ № 3, лідскай СШ № 9, папраўчай калоніі № 26, супрацоўнікі дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчагна музея, суседзі, сябры, знаёмыя, сястра Маргарыта Ламака, сваты Альшэўскія і Падвойскія, усім Вам нізкі паклон, сардэчны "Дзякуй". Няхай такое гора як мага далей абыходзіць Вас, Вашых родных і блізкіх.

І апошняе. Наталля Георгіеўна не была шчырай прыхаджанкай. У царкву хадзіла толькі на вялікія святы. Царкоўныя пропаведзі слухалі праз адчыненае акно ці з балкона, бо наша кватэра знаходзіцца праз дарогу ад царквы, але Бога трымала ў сэрцы. Малілася. Старалася жыць па біблейскіх законах.

І настаяцель дзятлаўскага храма іерэй Аляксей Сцяпанавіч адпеў яе згодна з усімі канонамі, за што мы - родныя і блізкія нябожчыцы - вельмі ўдзячныя і маем вялікую надзею, што нашы малітвы дапамогуць вызначыць месца для душы любімай Наталлі ў райскім куточку на нябёсах. Дзявятага студзеня будзе 40 дзён, як з зямнога жыцця адышла ў вечнасць наша любімая жонка, матуля, бабуля, сястра, свякруха. Мы будзем помніць яе заўсёды.

Валерый Петрыкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ.

Цікавая кніга

У папулярным выдавецтве "Медысонт" пабачыла свет кніга Валерыя Тухты "У бляску і цені салдацкіх крыжоў". Наклад навукова-папулярнага выдання - 299 асобнікаў.

У кнізе распавядаецца пра жыццёвы шлях лепельчаніна Дамініка Канопкі (1886-1975), удзельніка Першай сусветнай вайны, поўнага Георгіеўскага кавалера. На падставе архіўных крыніц і краязнаўчых даследаванняў даюцца звесткі пра ўзнагароджанні яго Георгіеўскімі крыжамі... Падаюцца звесткі пра іншых лепельчан, уганараваных Георгіеўскімі крыжамі розных ступеняў на франтах той жахлівай і паўзабытай вайны. Кніга багата ілюстравана фотаздымкамі.

Аўтар кнігі спадар Валерый Тухта нарадзіўся ў г. Лепель (1976 г.), краязнаўца. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзія Куляшова (2003 г.). Настаўнік гісторыі і геаграфіі Велеўшчынскай базавай школы Лепельскага раёна (1996-2007), настаўнік гісторыі Слабадской сярэдняй школы Лепельскага раёна (з 2007 г.).

Кіраўнік краязнаўчага школьнага гуртка "Нашчадкі". Даследуе помнікі археалогіі і падзеі Першай і Другой сусветных войнаў на тэрыторыі роднага Лепельскага раёна.

Займаецца зборам легенд і паданняў улюбёнай Лепельшчыны. Разведаў больш за 20 археалагічных помнікаў на тэрыторыі роднага раёна, 8 з іх упершыню ўведзены ў навуковы аварот.

Мае больш за сотню артыкулаў на краязнаўчую тэматыку. У раённай газеце "Лепельскі край", абласных і рэспубліканскіх выданнях. Пераможца рэспубліканскага конкурсу "Беларускі настаўнік года - 2008".

Кніга " У бляску і цені салдацкіх крыжоў" разлічана на шырокае кола чытачоў і пакуль яшчэ ёсць у продажы ў сталічнай краме "Акадэмкніга".

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

У Польшчы напярэдадні Новага 2021 года свет пабачыла ўнікальная кніга-альбом на польскай мове "Ваўкавыск - горад трох народаў". Аўтары кнігі Мікола Быхаўцаў і Рэната Гаўрылік-Куклінская з Гданьска. Мікола Быхаўцаў жыве ў Ваўкавыску, ён вядомы на Гарадзеншчыне краязнавец і гісторык, які ўсё сваё свядомае жыццё даследуе Ваўкавышчыну. Мікола Быхаўцаў напісаў і выдаў шмат кніг на расейскай і беларускай мовах пра гісторыю Ваўкавыскай зямлі. Пра суаўтарку Рэнату Гаўрылік-Куклінскую Мікола Быхаўцаў сказаў так:

- Хоць Рэната Гаўрылік і нарадзілася ў Польшчы, але адчувае вялікую сувязь з радзімай бацькі з вёскай Цімахі, сваякі якога засталіся на Ваўкавышчыне і жывуць да сёняшняга часу. Многа разоў Рэната наведвала Ваўкавыск. Сумесная праца над кнігай-альбомам працягвалася больш за тры гады. У альбоме змешчаны як вядомыя фотаздымкі, так і шмат невядомых з гісторыі Ваўкавыска. Кнігу пакуль што набыць у Беларусі немагчыма. Калі атрымаю некалькі асобнікаў, то вышлю ў Нацыянальную бібліятэку ў Менск і падарую бібліятэцы Ваўкавыскага педагагічнага каледжа, дзе знаходзяцца ўсе мае кнігі.

Кніга атрымалася сапраўды ўнікальнай. Гэта ілюстраваная гістарычная аповесць пра жыццё беларусаў, палякаў і яўрэяў у Ваўкавыску да 1939 года.

Рэната Гаўрылік у прадмове да кнігі шчыра напісала пра краязнаўчую справу Міколы Быхаўцава, які вельмі шмат зрабіў для гісторыі Ваўкавыскага краю. І праца яго яшчэ пасапраўднаму не ацэненая. Далей аўтарка адзначыла, што "сапраўдная катастрофа Ваўкавышчыны адбылася з пачаткам Другой сусветнай вайны. Няма доступу да дадзеных, якія паказалі б, колькі жыхароў Ваўкавыска і Ваўкавыскага павета былі знішчаны трыма дэпартацыямі ў Сібір. Няма яшчэ даследаванняў і дадзеных, колькі людзей выехала ў Польшчу з Ваўкавышчыны ў 1945-1958 гадах. Вядома толькі, што за перыяд 1946-1951 гг. з Ваўкавыска выехалі ў Польшчу 378 сем'яў, а ў 1945-1947 гадах з Ваўкавыскага павета пераехалі ў Польшчу 1907 чалавек".

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.

Балонаўка. Старажытная вёска ў Быхаўскім раёне

Частка 2

Гісторыя Магілёўшчыны

(Пачатак у нумары 48 ад 2 снежня 2020 г.)

Працяг гісторыі невялічкай вёскі Балонаўка на шляху Магілёў - Бабруйск недалёка ад Чачэвічаў

Адам Стрыжак, як адзіны Сымонаў сын, атрымаў у спадчыну вялізную маёмасць: пад 60 дзесяцін толькі надзельнай зямлі (праўда, большая частка была пад лесам), вялізную хату, якую пазней перабудаваў на свой манер пад пяцісцен, быдла, пчолы… Быў ён, як кажуць, ледзь не пра кожнага заможнага гаспадара, даволі сквапны, дзяцей трымаў у чорным целе, бадай не стасаваўся з суседзямі, але, як ужо пісалася вышэй, было на тое і тлумачэнне: ён ажаніўся з багатай быхаўкай Варкай Бусловай, якая прынесла ў сям'ю своеасаблівы праклён - ген псіхічнага захворвання, якое праявілася на некаторых дзецях і пазнейшых нашчадках.

Усяго Стрыжачыха нарадзіла Адаму 7 сыноў і 6 дачок. Трое з іх памерлі немаўлятамі. Яшчэ траіх кранула шызафрэнія: Лукір'я, як казалі, "была дурная", "брындала туды-сюды", "гаварыла абы-што". Бывала, ужо пасля раскулачвання, калі яе, як хворую і безмаёмасную, пакінулі жыць у адным з пакойчыкаў бацькавай хаты, пакуль не здалі ў лякарню ў славуты магілёўскі Пячэрск, яна забягала да маёй прабабы Настасі (што была ёй траюраднай сяструхай, унучкай беднага рэкрута Амброжа), станавілася пры печы і няспынна паўтарала: "Чычэўка - ты! А мая мамка - з Быхава, ого!" (чычэўцы - жыхары суседніх Чачэвіч), а пасля хуценька некуды збягала.

Тут трэба трохі патлумачыць. Балонаўцы агулам лічыліся ў наваколлі нелюдзімымі (іх звалі "ваўкі балонаўскія"), а ў выпадку Чачэвіч у стасунках адбіваўся і сацыяльны фактар - паходжанне сялян. Чычаўляне былі панскімі, мелі меншыя надзелы зямлі, а балонаўцы ж - казённымі, былі больш узбітымі на грошы, чычэўцы нярэдка парабкавалі ў Балонаўцы. Таму і адносіны між жыхарамі суседніх (4 км) вёсак былі, мякка кажучы, дыстанцыяванымі, а міжасабовыя стасункі - мінімальнымі. Адсюль і згаданае вышэй пагардлівае "Чычэўка - ты!" Чычаўляне таксама не заставаліся ў крыўдзе: па аналогіі з сапраўднымі ваколічнымі шляхціцамі з суседняй Кароўчыні яны лічылі балонаўцаў падпанкамі і кпілі з іх па-бядняцку трапна: "Ці свінні елі, ці балонаўская/караўчанская шляхта чай піла", намякаючы на відавочную неадпаведнасць між маёмасным узроўнем і панскімі звычкамі.

Вернемся да дзяцей Адама Стрыжэўскага. Згаданую Лукір'ю ў 1935 годзе знайшлі мёртвай: яна нібыта выпадкова скінулася з печы і задушылася ў нітах у кроснах. Адамаў сын Клім таксама пакутваў ад псіхічнай хваробы і засіліўся ў той самай Пячэрскай бальніцы яшчэ да рэвалюцыі, у 1916 годзе, маючы 24 гады. З малодшым Сідарам выйшла трохі інакш. У сярэдзіне 1920-ых, нягледзячы на тое, што старэйшы Адамаў сын Лявон аддзяліўся, большую частку зямлі дзяржава ў Стрыжакоў экспрапрыявала. Сідар пасля смерці бацькі застаўся жыць у бацькавай палове з маці і сястрой Лукір'яй. У 1928 годзе, маючы 25 год, ён ажаніўся з Наталляй Леснікоўскай з пасёлка Навумяты насупраць вёскі Кароткія. У той час савецкае грамадзянскае права было вельмі ліберальным: пры адсутнасці дзяцей развод ЗАГС-ы давалі адразу ж па першым патрабаванні аднаго з сужэнцаў. Так сталася і тут: Наталля, прарабіўшы лета на мужавай гаспадарцы, адчула, што з Сідарам нешта не тое, дый рабіць у іх было прынята ад світанку да позняга вечара, бо парабкаў наймаць было забаронена, і таму ўжо праз тры месяцы яна развялася і вярнулася жыць да сваіх бацькоў. Сідар, якога неўзабаве, як кулака, пазбавілі выбарчых правоў, дужа перажываў не толькі з-за сыходу Наталлі як такога, але і з-за таго, што яна падала ў суд на выдзяленне ёй часткі мужавай маёмасці, як былой жонцы. У канцы лютага яны нейк вячэралі з маці, Варкай і гаманілі менавіта пра гэта: Сідар даказваў, што суд аддасць Наталлі запатрабаваную ёю частку гаспадаркі і зямлі, пажылая ж, 70-гадовая маці ўпарта даводзіла яму, што закон такога дапусціць не можа. Размова перарасла ў спрэчку. У пэўны момант раз'юшаны Сідар выскачыў з-за стала, знайшоў сякеру, схапіў матку за валасы, дацягнуў яе да парога і на ім адсек ёй галаву. Пасля - з сякерай у адной руцэ і галавой сваёй ахвяры ў другой - ён пачаў бегаць па Балонаўцы і хаатычна ламіцца ў двары, секчы вароты, дзверы. Вёска маленечкая: жудасная вестка разляцелася імгненна, спужаныя людзі пазамыкаліся ў хатах. Сабралася купка мужчын, яны ўзялі стрэльбы, жэрдзе і пабеглі супакойваць мацізабойцу. Доўга гэтага не ўдавалася зрабіць, Сідар нема крычаў, пагражаў сякерай. У рэшце рэшт, адзін з мужчын здолеў ударыць яго даўгой жардзіной, збіў з ног. Мужчыны падбеглі, скруцілі яго… Сідар памёр праз некалькі год у той самай лякарні ў Пячэрску.

Два сыны Адама загінулі на вайне: Іван, яшчэ не жанатым, быў забіты ў японскую, Ілля - у імперыялістычную. У Іллі засталіся жонка ды 3 малыя сыны, яны не падпалі пад раскулачванне, але старэйшы Сашка, усё ж, трапіў пад жорны сталінскага малоха. У канцы 1930-ых, рыхтуючыся да немінучай вайны, у Быхаве пачалі будаваць слынны вайсковы аэрадром, не ставала работнікаў, то іх па разнарадцы набіралі сярод калгаснікаў. З Балонаўкі ў 1938 годзе паехалі туды працаваць швагры Хведзька Маркоўскі і Сашка Стрыжэўскі. Адрабіўшы сваё, яны вярнуліся ў родную Балонаўку. І не проста вярнуліся, а з форсам: на… "лісапетах", што былі надзвычайнай раскошай у нашых згалелых падкалгасных мясцінах. Старшыня балонаўскага калгаса імя І.В. Сталіна Хведзька Палавікоў і малады, 26-гадовы мясцовы настаўнік Сашка Гейсцер (заўважце: і там, і там - Хведзька і Сашка), добра падпіўшы, праз зайздрасць напісалі на нядаўна прыбылых "буржуяў" паперу, "куды трэба". Праз некалькі тыдняў абодвух фігурантаў з розніцай у тры ночы забралі чорныя варанкі. І яны зніклі назаўжды. Іхнія жонкі - родныя сёстры Алена і Вера - чакалі іх перад вайной, усю вайну, пасля вайны да смерці Сталіна, пасля яе. У канцы 1950-ых абедзве атрымалі аднолькавыя паведамленні, маўляў, вашыя мужы загінулі ў месцах зняволення ў выніку сталінскіх рэпрэсій і цяпер рэабілітаваныя. І толькі ў самым пачатку 2000-ых мне ўдалося адшукаць на сайце расійскага таварыства "Мемориал" звесткі пра тое, што і Хведзька, і Сашка, арыштаваныя ў ліпені 1938 г., былі абодва расстраляны ў Магілёўскай турме НКУС у адну ноч - 11.10.1938 г. - як польскія шпіёны, бо ў сваёй заяве іхныя цёзкі-паклёпнікі напісалі, што яны - палякі і працуюць на польскую дэфензіву, бо і прозвішчы ў іх польскія - Маркоўскі і Стрыжэўскі, хоць у абодвух родах былі спрадвек адны вуніяты, а пасля праваслаўныя. Розум не можа спасцігнуць подласці сталінскіх карнікаў, якія маглі хоць бы злітавацца над беднымі ўдовамі, зусім маладымі, якія маглі яшчэ раз выйсці замуж, заручыцца мужчынскай падтрымкай, але, будучы вернымі дадзенаму некалі слову, вымушаныя былі 20 год праліваць слёзы, чакаючы весткі пра жыццё ці смерць сваіх каханых.

Яшчэ адзін сын - Андрэй, адваяваўшы на франтах імперыялістычнай і грамадзянскай, у 1922 паступіў на матэматычны факультэт Петраградскага ўніверсітэта, скончыўшы ж яго, з'ехаў працаваць настаўнікам у Казахстан, каб не мець праблем з тым, што ён з'яўляецца выхадцам з кулацкай сям'і. Там ён і памёр на самоце.

З астатніх Адамавых дачок старэйшая Сцепаніда шчасліва пайшла за Марка Палавікова, Аксіння, якая адна з дужа нешматлікіх дзяўчынак скончыла школу граматы ў суседняй Галееўцы, пазней, яшчэ да рэвалюцыі, сама вучыла балонаўскіх падшыванцаў чытаць і пісаць. Малодшая Антоля пайшла за Хведара Станкевіча ва Уюноўскую Сялібу, пазней яны жылі ў Быхаве, іхні сын у вайну рабіў шафёрам у немцаў, з імі ж і з'ехаў. Далейшы ягоны лёс невядомы.

Застаўся Лявон, якому, пасля смерцяў, гібелі ці ад'езду братоў, фактычна засталася ўся бацькоўская маёмасць, хоць і пакуцаная савецкай уладай цягам 1920-ых гг. У 1928 годзе ён, як кулак, быў пазбаўлены выбарчых правоў, а ў 1930 г. ён, жонка і чацвёра малых дзяцей былі сасланы на Урал. Праз пэўны час, не дабыўшы ссылку да канца, яны ціхма вярнуліся на Радзіму, пасяліліся ва ўласнай лазні, бо ў сканфіскаванай на карысць калгаса вялізнай бацькавай хаце размясціліся школа, дзіцячы садок і калгасная кантора. Лявон употай уладкаваўся працаваць на смалакурны завод у Гамарню (за 20 км), ніхто нікога пэўны час не здаваў, аж пакуль - дзесь ужо ў другой палове 1930-ых - па яго не прыехалі паўторна. Больш Лявон на Радзіму не вярнуўся…

Яшчэ нейкі час пасля апошняй вайны на высокай частцы балонаўскіх могілак стаялі некалькі невялічкіх рубленых церамкоў, якія балонаўцы аздаблялі на Радуніцу, Тройцу і ў іншыя памінальныя дні. Пасля адзін нехарошы жыхар Балонаўкі пасек іх, каб гнаць самагонку, бо складзеныя яны былі з якаснага смаляку. Унутры тых церамкоў стаялі жорны: іх у нашых краях укопвалі - напалову ў зямлі - над магіламі мельнікаў. Жорны тыя выкінулі долу, але высілкамі неабыякавых людзей іх удалося выцягнуць са смецця, ачысціць. Усяго захавалася 6 цэлых ці фрагментаваных млынарскіх надмагілляў: на адным з жорнаў пазначаны год - "1787", а таксама пры-ведзена даволі вялікая, але, на жаль, нечытэльная эпітафія. Яшчэ на двух - гады пахавання: "1809" і "1817". На ўсіх - тыповыя ўніяцкія крыжы і абрэвіятуры "ІС ХС". Няма аніякага сумневу, што бальшыня з гэтых жорнаў з'яўлялася помнікамі над магіламі прадстаўнікоў дынастыі балонаўскіх мельнікаў - Стрыжакоў, Стрыжэўскіх.

(Працяг будзе.)

Анатоль Прасаловіч, Магілёў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX