Папярэдняя старонка: 2021

№ 03 (1518) 


Дадана: 20-01-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 3 (1518), 20 студзеня 2021 г.

Яму былі ўласцівы міласэрнасць, чалавечнасць, адкрытасць на міжканфесійны дыялог

Адышоў на вечны спачын былы кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, які больш за 35 гадоў служыў яе адраджэнню і развіццю.

У Менску і ў Жыровічах прайшло развітанне з мітрапалітам Філарэтам, Ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Яму было 85 гадоў. Пахавалі мітрапаліта ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры 15 студзеня.

Як напісана ў Бібліі, па адыходзе чалавека, які прысвячае сябе служэнню Усявышняму, больш адкрываюцца велічныя справы яго і памяць пра яго захоўваецца з роду ў род (Сірах, 39).Кірыл Вахрамееў, сын выкладчыка Маскоўскай музычнай вучэльні, выхаванец Маскоўскай духоўнай семінарыі, у 1959 годзе прыняў манаства з імем Філарэта Міласцівага. У 1961 годзе ён атрымаў ступень кандыдата багаслоўя, з 1961 года загадваў аспірантурай пры Маскоўскай духоўнай акадэміі, у 1963 годзе ён быў узведзены ў сан архімандрыта, а затым, у 1975 годзе - у сан мітрапаліта.

10 кастрычніка 1978 года ён быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім.

Да таго, як Уладыка ўзначаліў Беларускую Праваслаўную Царкву, у ёй было 340 прыходаў і 1 епіскап, а зараз на беларускай зямлі існуе больш за 1, 5 тысячы праваслаўных прыходаў і дзейнічаюць 15 епіскапаў.

Мітрапаліт Філарэт спрыяў будаўніцтву новых храмаў і рэканструкцыі старых, дзякуючы яго намаганням былі адкрытыя духоўныя школы, аднавіла дзейнасць семінарыя ў Жыровічах. Ён спрыяў вяртанню беларускай мовы ў багаслужэнне, перакладу Святога Пісання на беларускую мову, выдавецкай дзейнасці Праваслаўных брацтваў, узначальваў Сінадальную біблейскую камісію.

С 1978 года па 2013 уладыка Філарэт нёс служэнне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Мітрапаліт Філарэт падтрымліваў экуменічныя кантакты з прадстаўнікамі іншых канфесій, спрыяў развіццю багаслоўскай думкі, аднаўленню выдання царкоўных і прыходскіх газет і часопісаў ("Царкоўнае слова", "Ступені" і іншых), правядзенню канферэнцый і чытанняў на духоўныя тэмы, прыкладваў намаганні, каб навучэнцы Інстытута тэалогіі маглі праходзіць стажыроўкі ў еўрапейскіх краінах.

Мітрапаліт Філарэт выконваў цэлы шэраг грамадскіх абавязкаў.

З сакавіка 1990 па 1995 ён быў народным дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. З 19 ліпеня 1990 года ён быў членам камісіі Сінода РПЦ па пераадоленні наступстваў на ЧАЭС.

Мітрапаліт Філарэт дабраславіў устанаўленне помніка Ларысе Геніюш на тэрыторыі праваслаўнага храма ў Зэльве. У яго бытнасць кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы паўсталі помнікі Еўфрасінні Полацкай, Кірылу Тураўскаму і іншым духоўным асобам і асветнікам.

Падчас яго дзейнасці ў Еўропе Мітрапаліт Філарэт накіраваў служыць у Лейпцыг пратаіереяў Ф. Поўнага і У. Башкірава, якія пераймалі еўрапейскі досвед дзейнасці канфесійных клінік, душпастарства і сацыяльнай дапамогі, вынікам чаго стала будаўніцтва ў Менску першага на Беларусі рэабілітацыйнага цэнтра пры храме св. Іова - Дома Міласэрнасці.

- Дзякуем Госпаду за архіпастырскае служэнне Мітрапаліта Філарэта, за ягоную хрысціянскую адкрытасць на міжканфесійны дыялог, які спрыяў пабудове адносінаў узаемнай павагі паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі, - прамовіў на развітанні айцец Сергій Гаек.

- Гэта быў высока інтэлігентны, адкрыты для дыялогу святар, са здаровым пачуццём гумару, што дапамагала ў пошуку выйсця са складаных сітуацый, - падзяліўся ўспамінамі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. - Чалавек малітвы, заклапочаны справай духоўнага адраджэння. Яго адрознівала надзвычайная чалавечнасць. Ён навучыў нас адкрытасці ў адносінах з іншымі веравызнаннямі і майстэрству весці дыялог з людзьмі розных поглядаў і перакананняў, з прадстаўнікамі розных слаёў грамадства.

У жніўні 2020 года ўладыка Філарэт выступіў са зваротам аб захаванні міру ў краіне, дзе асабліва звярнуў увагу на каштоўнасць чалавечага жыцця.

У снежні 2020 года мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны ў сувязі з каронавіруснай інфекцыяй. Ён адышоў у вечнасць 12 студзеня 2021 года. Развітацца з уладыкам і пакланіцца яму прыйшлі вернікі з кветкамі ў менскі кафедральны Свята-Духаў сабор.

Падрыхтавала Эла Дзвінская.

80-годдзе Уладзіміра Мулявіна

12 студзеня 2021 года споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Уладзіміра Мулявіна - выдатнага кампазітара, спевака, гітарыста-віртуоза і аранжыроўшчыка, заснавальніка легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры". Шматгранны мастак, Мулявін аб'ядноўваў вакол сябе лепшых музыкантаў і выканаўцаў, майстэрства і талент якіх стварылі ансамблю "Песняры" арэол славы і ўзнялі яго на высокія прыступкі вядомасці і папулярнасці. Але самыя шчырыя сімпатыі і любоў мільёнаў паклоннікаў "Песняроў" заўсёды па праву былі аддадзены менавіта Уладзіміру Мулявіну. Сваім яркім абліччам і непаўторным голасам ён нязменна прыцягваў найбольшую ўвагу. Яго яркія і неардынарныя ідэі больш як тры дзесяцігоддзі рухалі ансамбль "Песняры" наперад, развівалі і ўзмацнялі яго творчы патэнцыял, магутнасці якога хапіла на шмат дзесяцігоддзяў. Нават сёння, калі Майстра ўжо даўно няма сярод нас, лепшыя песні "Песняроў" па-ранейшаму кранаюць сэрцы і карыстаюцца шырокай папулярнасцю сярод сучасных слухачоў.

12 студзеня ў Менску адбылося ўскладанне кветак да помніка творцы. У цырымоніі прынялі ўдзел, у тым ліку, дзеці Песняра Марына, Валерый і Вольга Мулявіны, музыканты Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Нікіта, скульптар Аляксандр Каструкоў, які стварыў і помнік Мулявіну за філармоніяй, і надмагільны помнік…

Па добрай традыцыі, штогод у дзень нараджэння Песняра на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ладзіцца канцэрт у яго гонар. Вось і сёлета праект "Я нясу вам дар" сабраў у Вялікай канцэртнай зале філармоніі шчырых прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Мулявіна. Як заўсёды, арганізатарам і галоўнай дзейнай асобай "Канцэрта ў дзень нараджэння" быў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца. Дзякуючы гэтаму аркестру творчая спадчына Мулявіна надзейна захоўваецца і атрымлівае новае жыццё. У рэпертуары калектыва - не толькі дзясяткі песень "Песняроў", але і творы буйных форм, якіх у гісторыі ансамбля было нямала. З цягам часу вялікія праграмы "Песняроў" пайшлі ў нябыт і лічыліся беззваротна страчанымі, але аркестр імя І. Жыновіча дзякуючы намаганням аранжыроўшчыка Аляксандра Крамко здолеў адрадзіць іх і вярнуць Беларусі, Яны зноў ужывую загучалі са сцэны. Сярод такіх праграм - рок-опера Уладзіміра Мулявіна "Песня пра долю", паэма-легенда "Гусляр", створаная Мулявіным у суаўтарстве з кампазітарам Ігарам Лучанком, яго ж уласны цыкл "Вянок" на вершы Максіма Багдановіча і аўтарская праграма "Праз усю вайну".

Фрагменты з гэтых праграм прагучалі на канцэрце. Сёлета арганізатары праекта "Канцэрт у дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна" ў гонар яго юбілею вырашылі прадставіць на суд гледачоў выключна яго аўтарскія творы. Апроч ўрыўкаў з буйных праграм прагучалі такія вядомыя і любімыя мільёнамі паклоннікаў на ўсёй постсавецкай прасторы хіты Уладзіміра Мулявіна, як "Александрына", "Завушніцы", "Чырвоная ружа", "Людка", "Калядачкі", "Крык птушкі", беларускія народныя песні ў яго апрацоўцы "Касіў Ясь канюшыну", "А ў полі вярба", "Як я ехаў да яе" і многія іншыя.

Белдзяржфілармонія.

24 студзеня - Рада ТБМ

У аўторак 12 студзеня 2021 г. адбылося паседжанне сакратарыята ТБМ, на якім былі прыняты новыя сябры арганізацыі, а таксама разгледжаны пытанні падрыхтоўкі і правядзення Рады ТБМ.

Было пацверджана раней прынятае рашэнне аб скліканні Рады 24 студзеня.

Фармат правядзення з улікам пандэміі будзе камбінаваны. Хто зможа - прыедзе ў сядзібу ТБМ, хто не мае такой магчымасці - будзе прымаць удзел праз інтэрнэт.

Пачатак паседжання - 11.00.

Заканчэнне - 13.00 - 13.30.

Прапанаваны парадак дня Рады:

1. Справаздача аб дзейнасці ў 2020 г. (перыяд пасля з'езда).

2. Прыняццё і зацвярджэнне плана дзейнасці ТБМ на 2021 г.

3. Тэкст для Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

4. Дзейнасць Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

5. Функцыянаванне сядзібы ТБМ.

6. Рознае.

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

Вялікую страту панесла беларуская навука. 17 студзеня пайшоў у іншы свет доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч.

Леанід Міхайлавіч Лыч нарадзіўся ў сельскай сям'і ў мястэчу Магільнае на Уздзеншчыне. Пасля вайны ён навучаўся ў Менскім статыстычным тэхнікуме, вайсковым вучылішчы, скончыў гістарычны факультэт Башкірскага педагагічнага інстытута ў Уфе (1957) і з 1958 г. працаваў настаўнікам.

З 1962 года ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, Леанід Міхайлавіч прайшоў шлях ад старшага лабаранта да галоўнага навуковага супрацоўніка (2016). У 1989 годзе Леанід Міхайлавіч пасля абароны дысертацыі стаў доктарам гістарычных навук, у 1993 годзе атрымаў званне прафесара. Л.М. Лыч быў старшынём Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыюме Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1992-1996).

"На нашых вачах, - успамінаў пісьменнік Уладзімір Содаль, - ціхмяны, лагодны характарам чалавек паступова зрабіўся змагаром - змагаром за нацыянальную самабытнасць беларусаў, нашу гістарычную памяць. Гэта прыйшло, зразумела, не адразу, але - назаўжды. Колькі ж ім аб гісторыі нашай зямлі і мовы было напісана! Прац глыбокіх, аналітычных, прасякнутых болем, а не "паложаным" навукоўцу алімпійскім спакоем. Аб'ектыўнасць, але не абыякавасць, - каштоўная рыса гэтых даследаванняў".

Неабходнасці выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім жыцці Леанід Лыч прысвяціў шэраг кніг: "Беларуская нацыянальная ідэя: тэарэтычны і практычны аспекты"( 2010), "Беларускае нацыянальнае пытанне ў калейдаскопе думак" (2014) "Беларуская мова на скрыжаваннях трох палітычных рэжымаў" (2016) і іншыя.

Пытанням беларускай культуры былі прысвечаны навуковыя працы Леаніда Лыча: "Гісторыя культуры Беларусі ( разам з У. І. Навіцкім. 2-е выд. - Мн., 1997), "Уніяцкая царква Беларусі: этнакультурны аспект, (2-е выд. - Мн. Кнігазбор), "Культурнае супрацоўніцтва беларускага і ўкраінскага народа - гарант захавання іх нацыянальнай ідэнтычнасці" - (Мн, 2013).

Адну са сваіх кніг "Рускі прафесар на ніве беларускага нацыянальнага адраджэння" Леанід Міхайлавіч прысвяціў сваёй жонцы - доктару педагагічных навук, прафесару Ефрасінні Георгіеўне Андрэевай. У цяжкія часы хваробы Леанід Міхайлавіч даглядаў яе 9 гадоў пасля перанесенага інсульта.

Леанід Міхайлавіч вельмі часта выступаў на навуковых канферэнцыях, імпрэзах і сустрэчах. Адным з вельмі яскравых і моцных стала яго выступленне на канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі НАН, прысвечанае 100-годдзю БНР у 2018 годзе.

- Гэта быў вельмі эрудзіраваны, даступны, дэмакратычны чалавек, які кантактаваў з усімі, не зважаючы на свой узрост, - успамінае публіцыст і паэт Я.С. Гучок. - Я быў рэдактарам некалькіх яго кніг, якія ён рыхтаваў у выдавецтве "Народная асвета. - Вельмі арганічна Леанід Міхайлавіч звязваў веды ў розных галінах навук з беларускай нацыянальнай ідэяй. Ён цаніў у людзях інтэлект, справядлівасць, беларускасць.

- У маёй памяці ён застанецца як светлы, надзейны, адданы беларускай справе чалавек, - напісаў у Фэйсбуку дырэктар выдавецтва "Кнігазбор" Генадзь Вінярскі. - Выдавецтва "Кнігазбор" выдала з дзясятак кніг і брашур Леаніда Лыча. Леанід Міхайлавіч неаднаразова абіраўся ў Раду МГА Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", у якой браў актыўны ўдзел.

- Ад нас пайшоў рыцар беларускага слова і беларускай культуры, - адзначыў Уладзімір Азёма. - Ён выпраменьваў светлую энергію. Не забуду моцны поціск яго рукі і таварыскасць! Нам будзе вельмі не хапаць яго.

- Мы нарадзіліся на адным гасцінцы і дзесяцігоддзямі жылі на адным гасцінцы, - кажа Станіслаў Суднік, - і ўвесь час пра гэта памяталі. Старадаўні гасцінец Нясвіж - Магільнае ішоў праз маю вёску Сейлавічы і ўліваўся ў Магільным у вуліцу Нясвіжскую. Пасля Рыжскага міру за Бузунамі прайшла мяжа, і гасцінец перастаў дзейнічаць. Не аднавіўся і пасля вайны. Я не раз расказваў Леаніду Міхайлавічу пра мае спробы аднавіць гэты гасцінец, ажывіць яго, зрабіць ізноў патрэбным і бойкім, але, на жаль, пакуль што з гэтага нічога не атрымалася. А ўсё ж гэты гасцінец звязваў нас на працягу не ведаю колькіх ужо гадоў і дзесяцігоддзяў і да самага сённяшняга дня. Бо можна было мяжой падзяліць Беларусь, але нельга было падзяліць любоў да Бацькаўшчыны і мовы. Яна была аднолькавай і на ўсходзе Нясвіжчыны, і на захадзе Уздзеншчыны.

Падрыхтавала Эла Дзвінская, фота аўтара.

Усе заклапочаны. А толку?

Старшыні Камісіі па правядзенні 6-га

Усебеларускага Народнага Сходу,

Прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь Галоўчанку Р. А.

Паважаны Раман Аляксандравіч! Дасылаем Вам, як старшыні Камісіі па правядзенні 6-га Усебеларускага Народнага Сходу нашы канкрэтныя прапановы па стратэгічна важнай дзяржаватворнай праблеме. Просім уключыць яе ў парадак дня Сходу.

Аўтары.

У камісію па правядзенні шостага Усебеларускага Народнага Сходу

Нас, як і многіх беларусаў нацыянальнай арыентацыі, вельмі непакоіць сацыяльны стан беларускай мовы, выкліканы сур'ёзнымі хібамі ўведзенага дзяржавай афіцыйнага беларускарускага двухмоўя. Практычна поўная адсутнасць беларускай мовы ў афіцыйным жыцці выключыла яе і з міжасобасных зносін людзей. Народ анямеў у сваёй роднай мове, яго пазбавілі права называцца беларусамі. Поўная страта беларускай мовы, сведкамі чаго мы з'яўляемся, непазбежна прывядзе да этнічнага вымірання беларускага народа, пакажа сусветнай цывілізацыі, што палітыка яго дзяржавы не адпавядае нацыянальным інтарэсам карэннага этнасу Рэспублікі Беларусь.

Настойліва просім Вас гэтае лёсавызначальнае пытанне абмеркаваць на гэтым Сходзе. Галоўны даклад на ім пажадана прачытаць па-беларуску. Уносім прапанову абмеркаваць на Сходзе пытанне аб стварэнні пры Адміністрацыі Прэзідэнта і пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай моўнай інспекцыі па забяспячэнні беларускай мове роўнага з рускай месца ў афіцыйным жыцці краіны.

Са шчырай павагай!

Прафесары Леанід Лыч і Мікола Савіцкі.

Лычу Л.М.

Савіцкаму М.І.

Аб разглядзе звароту


Шаноўны Леанід Міхайлавіч!

Шаноўны Мікалай Іванавіч!

Па даручэнні Апарату Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ваш зварот разгледжаны ў Аддзяленні гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі.

Пытанні, якія выкладзены ў вашым звароце, не ўваходзяць у кампетэнцыю НАН Беларусі, аднак паведамляем наступнае.

У сваім звароце ў органы дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь ад 29.12.2020 Вы закранаеце вельмі важную і актуальную праблему для нашага грамадства - праблему функцыянавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму. Захаванню і развіццю моўнай разнастайнасці сёння ў свеце надаецца важнае значэнне, паколькі страта нацыянальных моў вядзе не толькі да страты традыцыйнай духоўнай спадчыны і пераемнасці ў ведах, але і да страты сусветнай культурнай разнастайнасці. Рэспубліка Беларусь не выключэнне: вырашэнне дадзенай праблемы мае важнае значэнне, паколькі беларуская мова з'яўляецца не толькі сродкам камунікацыі, але і асновай кансалідацыі нацыі, галоўным элементам культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці і ідэнтыфікацыі, сродкам захавання і перадачы сацыяльнага вопыту. Паўнавартаснае і ўсебаковае развіццё нацыянальнай мовы выступае гарантам гуманітарнай бяспекі краіны, садзейнічае фарміраванню пазітыўнага іміджу дзяржавы.

У Рэспубліцы Беларусь беларуская мова мае юрыдычны статус дзяржаўнай мовы, што ў значнай ступені павышае яе грамадскую значнасць. Паводле даных апошняга перапісу насельніцтва, беларуская мова з'яўляецпа роднай мовай пераважнай большасці беларусаў. Беларуская мова выступае важнай часткай нацыянальнай культуры і сродкам яе прэзентацыі, яна дастаткова актыўна прадстаўлена ў сферы школьнага навучання, СМІ, у сакральнай сферы. На сучасным этапе адзначаецца рэальнае пашырэнне беларускай мовы ў афіцыйна-дзелавой сферы: актыўна ствараюцца беларускамоўныя сайты розных міністэрстваў і ведамстваў, ажыццяўляецца пераклад важнейшых заканадаўчых актаў на беларускую мову з мэтай забеспячэння магчымасці іх шырокага публічнага выкарыстання. Вучонымі НАН Беларусі праводзіцца паслядоўная і мэтанакіраваная праца па тэарэтычным і факталагічным забеспячэнні патрэб сучаснай беларускамоўнай практыкі і адукацыйнага беларускамоўнага працэсу.

Разам з тым сённяшняя сітуацыя з выкарыстаннем беларускай мовы ў большасці сфер афіцыйных зносін не цалкам адпавядае яе статусу дзяржаўнай мовы, і гэта з'яўляецца прадметам заклапочанасці як грамадскасці, так і органаў дзяржаўнага кіравання. Заканадаўчы статус беларускай і рускай моў і іх рэальнае функцыянаванне ў сучасным беларускім соцыуме ставяць перад грамадствам і перад навукоўцамі шэраг праблемных пытанняў, над вырашэннем якіх вядзецца работа: забеспячэнне прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя ў краіне; вызначэнне шляхоў і механізмаў удасканалення сацыяльных функцый беларускай мовы як дзяржаўнай мовы краіны; забеспячэнне патрэб сучаснай моўнай практыкі і адукацыйнага працэсу ў сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя; фарміраванне неабходнай беларускамоўнай кампетэнцыі асобы і грамадства ў цэлым; вяртанне ў сучаснае культурна-інфармацыйнае поле гістарычнай моўнай спадчыны, пашырэнне беларускай мовы ў сучаснай кіберпрасторы.

Калі Вы не згодны з дадзеным адказам, Вы можаце абскардзіць яго ў парадку, які устаноўлены артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

З павагай,

Намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення гуманітарных навук

і мастацтваў НАН Беларусі В.І. Ляўковіч.

У памяць пра мітрапаліта Філарэта

Герой Беларусі, праваслаўны царкоўны дзеяч, ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт (у свеце - Вахрамееў Кірыл Варфаламеевіч) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія.

У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаскі пострыг з імем у гонар святога Філарэта Міласцівага і быў пасвечаны ў іераманаха. У 1978 годзе Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім, Патрыяршым экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989-м - мітрапалітам Менскім і Гарадзенскім, Патрыяршым экзархам всея Беларусі, сталым чальцом Святога Сінода. У 1992-2013 гадах быў мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам всея Беларусі, свяшчэннаархіман-дрытам Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі.

Дзейнасць уладыкі Філарэта атрымала шырокую вядомасць як у блізкім, так і далёкім замежжы. Разам з tut.by згадаем факты яго біяграфіі.

Родам з Масквы, але больш за 40 гадоў пражыў у Беларусі

Уладыку Філарэту было 85 гадоў, з 1990 па 2013 год ён быў прэдстаяцелем Беларускай праваслаўнай царквы. Родам з Масквы.

- Я - карэнны масквіч. Наша сям'я жыла ў раёне Вялікай Ардынкі ў прыходзе Царквы ў гонар абраза Божай Маці "Усіх журботных Радасць". У нашым Шчацінінскім завулку была Царква Вялікапакутніцы Кацярыны, дзе бралі шлюб мае бацькі, яе потам зачынілі. Бацька скончыў музычную вучэльню пры Маскоўскай кансерваторыі і 40 гадоў выкладаў у ёй. Мама таксама працавала ў музычнай школе ў Маскве на Сафійскай набярэжнай, - гаварыў уладыка ў 2003 годзе ў эксклюзіўным інтэрв'ю журналістцы "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Ганне Ляшкевіч.

Філарэт быў выхаванцам Маскоўскай духоўнай семінарыі, вучыўся ў Маскоўскай духоўнай акадэміі. Пра сваю сям'ю ў тым жа інтэрв'ю "Камсамольскай праўдзе ў Беларусі" ён распавёў, што яго род - старадаўні, купецкі. Яго прадзед быў гарадскім галавой у Яраслаўлі. Дзед уладыкі быў чальцом гарадской управы і таксама нямала зрабіў для горада.

Ворагам незалежнасці Філарэт не быў. Калі яго перавялі ў Беларусь, то папрасіў сустрэчу з Караткевічам

Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990 - 1996) Сяргей Навумчык успамінае свой досвед сумеснай працы ў парламенце з мітрапалітам Філарэтам.

"НН" пацікавілася ў Навумчыка, як Філарэт глядзеў на пытанне беларускай незалежнасці.

- Магу дакладна сказаць, што ставіўся неварожа. У цэлым у мяне засталіся добрыя ўражанні ад супрацы з мітрапалітам. Я скажу дакладна, што да моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады Філарэт дакладна не быў ворагам незалежнасці, што было потым - іншыя пытанні. Яму даводзілася супрацоўнічаць і з Кебічам, і з Лукашэнкам.

Цікавы факт, калі Філарэта толькі перавялі ў Беларусь напрыканцы 1970-х, то ён папрасіў сустрэчу з Уладзімірам Караткевічам.

Я не помню, каб Філарэт калісьці публічна выступаў з крытыкай апазіцыі, БНФ.

Дабраславіў аднаўленне Крыжа Ефрасінні Полацкай

Падчас адзначэння тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы ў Беларусі ў 1992 годзе было вырашана ўзнавіць Крыж Ефрасінні Полацкай. Працу дабраславіў іерусалімскі патрыярх Дыядор і патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт. Узнаўленне крыжа было даручана берасцейскаму ювеліру-эмальеру Мікалаю Пятровічу Кузьмічу. 24 жніўня 1997 года мітрапаліт Філарэт высвянціў копію Крыжа Ефрасінні Полацкай, якая ў наш час захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра.

Выступаў супраць смяротнага пакарання

Уладыка Філарэт выступаў супраць смяротнага пакарання. У 2013 годзе ён накіраваў прывітанне ўдзельнікам круглага стала "Рэлігія і смяротнае пакаранне смерцю".

"Беларуская праваслаўная царква настойліва звяртала ўвагу грамадскасці на праблему смяротнага пакарання смерцю яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. У 1996 годзе, напярэдадні ўсенароднага рэферэндуму, на якім сярод іншага абмяркоўвалася пытанне пра смяротнае пакаранне, мы заклікалі беларускі народ адмовіцца ад такой меры пакарання: мы, хрысціяне, не можам апраўдваць смяротнае пакаранне, бо гэта грэх забойства… Жыццё любога чалавека належыць яго Творцу, Богу. Не мы, грэшныя людзі, даравалі быццё чалавеку - не нам і пазбаўляць чалавека існавання. Бо за жыццё кожнага з нас Бог Ісус Хрыстос аддаў сваё жыццё, зведаўшы пакуты, зневажэнні, здзекі і смерць на Крыжы… Дзяржава, караючы смерцю сваіх грамадзян, кожны раз нанова крыжуе Хрыста. Такой была наша пазіцыя ў год рэферэндуму. На сёння яна засталася нязменнай", - падкрэсліваў Філарэт.

Герой Беларусі

Мітрапаліту Філарэту ў 2006 годзе за шматгадовы асабісты ўнёсак у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне сяброўства і братэрскіх сувязяў паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу прысвоена званне Героя Беларусі. Гэта не адзіная яго ўзнагарода. Уладыка ўзнагароджаны таксама ордэнам Айчыны III ступені, ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Пашаны, ордэнам Францыска Скарыны, медалём Францыска Скарыны, граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Савета міністраў. У мітрапаліта ёсць узнагароды і іншых краін: у тым ліку Расіі, Украіны, Польшчы.

Падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку

Уладыка падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку. Напрыклад, у 2004 годзе, калі ў краіне праходзіў рэферэндум, ён лічыў, што народ на рэферэндуме скажа "так".

- У мінулыя гады беларускі народ не раз выяўляў мудрасць. Упэўнены, што і цяпер нашы суайчыннікі зробяць правільны выбар, - казаў уладыка. - Так, я ведаю, што адбываецца ў краіне. І я стаўлюся да існай улады так, як і павінен кожны хрысціянін. Таму што апостал Павел у сваім пасланні да рымлян раз і назаўжды запаведаў хрысціянскі прынцып стаўлення да свецкай улады: " Усякая душа ды будзе пакорлівая вышэйшым уладам, бо няма ўлады не ад Бога; існыя ж улады ад Бога ўсталяваны" (Рым. 13:1). А кіраўніком улады ў дэмакратычнай дзяржаве з'яўляецца той, каго абраў народ, - казаў уладыка ў 2003 году ў эксклюзіўным інтэрв'ю журналістцы "Камсамольскай праўды" ў Беларусі" Г. Ляшкевіч.

Прапанаваў рэгуляваць доступ у інтэрнэце

Уладыка прапанаваў на заканадаўчым узроўні рэгуляваць змесціва ў інтэрнэце і ў гэтым пытанні абапірацца на досвед Кітая. Пра гэта ён казаў у 2009 годзе, паведамляюць РІА "Навіны" на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з чальцамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы.

- Для Царквы інтэрнэт - гэта не больш чым прылада. Прычым далёка не ўніверсальная… Хуткі доступ да патрэбнай інфармацыі, хуткасць абмену дадзенымі, аператыўнасць у распаўсюдзе інфармацыі: усё гэта выдатна і бясспрэчна. Але балбатня, плёткі, спрэчкі, якія ні да чаго не прыводзяць - гэта забойства часу. Мяркую, што многія здзяйсняюць гэта забойства ад адзіноты ці з-за якіх-небудзь асабістых комплексаў, нерэалізаваных амбіцый, - лічыў Філарэт.

Заступіўся за экс-кіраўніка "Беннафтахіма" падчас суда

У 2008 годзе ўладыка заступіўся за Аляксандра Бароўскага, які быў старшынём канцэрна "Беннафтахім". Яго судзілі за злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, з асабістай зацікаўленасці пацягнулым прычыненне істотнай шкоды дзяржаве.

"…Да мяне звярнуліся вернікі горада Бабруйска… з прашэннем пра заступніцтва, - цытаваў адвакат Бароўскага ліст уладыкі, паведамляла "Камсамольская праўда" ў Беларусі". - Бароўскі нам вядомы як уважлівы і спагадны чалавек. Ён не пакідаў без адказу просьбы жыхароў Бабруйска. І аказаў істотную дапамогу ў аднаўленні найстаражытнага храма горада - гістарычна-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, які 40 год выкарыстоўваўся як плавальны басейн. З гэтым храмам звязаны лёсы многіх гараджан. У гэтым храме яны хрысціліся, бралі шлюб, выпраўлялі ў апошні шлях сваіх блізкіх".

Гаворка ішла пра Свята-Мікольскі храм, збудаваным у канцы XIX стагоддзя ў Бабруйску. Пры савецкай уладзе ў 60-я гады мінулага стагоддзя да царквы прыбудавалі трохпавярховы бетонны корпус.

"Нам вядома, што Бароўскі не зусім здаровы. Напярэдадні арышту ён знаходзіўся на стацыянарным лячэнні. І далейшае знаходжанне ва ўмовах ізаляцыі можа негатыўна адбіцца на яго здароўі. Гэтыя акалічнасці падахвочваюць нас звярнуцца да вас, шаноўны Аляксандр Рыгоравіч, з просьбай праявіць у стаўленні да Бароўскага літасць, знаходзіцца дома, у коле сям'і да высвятлення ўсіх акалічнасцяў справы", - гаворыцца ў звароце Філарэта.

Прасіў Адміністрацыю Прэзідэнта пракаментаваць публікацыю пра царкву ў газеце

У 2006 годзе ўладыка Філарэт накіраваў у Адміністрацыю Прэзідэнта ліст з просьбай пракаментаваць публікацыю ў газеце "Савецкая Беларусь", якая змяшчае "некарэктныя выказванні і абразлівыя для вернікаў палажэнні". Гаворка ішла пра артыкул акадэміка Анатоля Лалавая.

Як тады паведамлялася, па меркаванні БПЦ, у сваім артыкуле акадэмік адзначаў: "Залішняя актыўнасць царквы, імкненне пракрасціся ў сярэднюю і вышэйшую адукацыю выклікаюць заклапочанасць. Усё-такі дамінантнымі ў нас павінны быць свецкія адукацыя і выхаванне, заснаваныя на матэрыялістычным светапоглядзе. Інакш адукацыйны і творчы статус нашага грамадства будзе паніжацца… Рэлігія не павінна вызначаць нормы свецкага жыцця грамадства, дыктаваць яму свае ўмовы ці ўстанаўліваць забароны".

Па меркаванні навукоўца, празмернае ўзмацненне ўплыву рэлігіі ў грамадстве можа мець шэраг адмоўных наступстваў. Напрыклад, зніжэнне ўстойлівасці грамадства ў выніку яго дзялення па рэлігійным прынцыпе, калі ў краіне развіваюцца розныя канфесіі, паслабленне ўплыву дзяржавы і дзяржаўнай ідэалогіі.

Садзейнічаў устаноўцы помніка Ларысе Геніюш у Зэльве

У 2003 годзе мітрапаліт Філарэт асабіста даў дазвол на ўстаноўку бюста Ларысы Геніюш каля Зэльвенскай царквы, а калі зэльвенскія ўлады памкнуліся было зняць яго, так прыгразіў, што адбіў ахвоту рыпацца ў гэты бок назаўсёды.

Падарыў ДФР абраз апостала Паўла

У 2010 годзе ўладыка ўручыў кіраўніцтву фінансавай міліцыі Камітэта дзяржкантролю абраз апостала Паўла, які стане нябесным заступнікам ДФР КДК.

Абраз быў створаны вядомым іканапісцам прыходу храма абраза Божай Маці "Усіх журботных Радасць" у Менску Вольгай Чарняк. Копіі абраза былі ўручаны кіраўнікам абласных кіраванняў Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, а таксама старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Садзейнічаў пераадоленню наступстваў аварыі на ЧАЭС

Уладыка быў старшынём камісіі Святога сінода РПЦ па садзейнічанні высілкам у пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І ў цэлым тэма Чарнобыльскай трагедыі была яму блізкая. Падчас тэлезвароту з нагоды адной з гадавін адзначыў, што аварыя на ЧАЭС - вынік нашага грахоўнага жыцця.

"Вынік нашай чалавечай няўвагі да жыцця, нядбалага стаўлення да сваіх абавязкаў і іншае, і іншае. Таму і нагнала нас гэтае пакаранне за нашу нядбайнасць", - казаў Філарэт.

Мітрапаліт лічыў, што толькі агульнымі высілкамі і малітвамі можна палегчыць сітуацыю і супрацьстаяць гэтай бядзе.

Яшчэ ў 2010 годзе хацеў сысці са свайго паста

Мітрапаліт Філарэт сышоў са свайго паста ў 2013 годзе, пасля яго кіраўніком БПЦ стаў мітрапаліт Павел. Аднак пра магчымасць сысці ён папрасіў сінод яшчэ ў 2010 годзе, калі яму споўнілася 75 гадоў, пісалі ў "Камсамольскай праўдзе" ў Беларусі". На чале БПЦ ён прабыў 23 гады.

Галоўны помнік яго жыцця - вялікая шматтомная праца "Беларусы"...

Да 160-годдзя акадэміка Яўхіма Карскага

Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ і сябар БГТ

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

7. Успаміны Сяргея Новіка-Пяюна (1906-1994). Пра прыезд Яўхіма Карскага да брата Івана ў 1920 г. беларускі паэт і кампазітар Сяргей Новік-Пяюн:

"Была летняя раніца… Я ішоў з Нясвіжа ў родную вёску Лявонавічы. У той час я быў вучнем Нясвіжскай рускай гімназіі… Раптам я пачуў за сабой грукат колаў і азірнуўся. Да мяне набліжалася брычка. На брычцы сядзелі Іван Навіцкі з сяла Блячына і нейкі барадаты чалавек у капелюшы.

- Сядай, гімназіст! Падвязём! - прамовіў чалавек з чорнай барадой.

Я падзякаваў і сеў насупраць яго. Мы паехалі.

- Гэта наш беларус! - з усмешкай сказаў Навіцкі.

- Я - таксама беларус і кнігі пішу аб беларусах. Маё прозвішча Карскі Яўфімій Фёдаравіч. Мо чуў?

Да самай павароткі ў вёску Лань (гэта кіламетраў сем) Карскі распытваў мяне аб гімназіі, аб маёй вёсцы, ці многа песень спяваюць у нас дзяўчаты і аб іншым. І такім простым і шчырым выдаўся мне акадэмік Карскі. Я падзякаваў за тое, што мяне падвезлі, развітаўся і павярнуў на лявонаўскую дарогу. Карскі зняў капялюш і, ветліва ўсміхнуўшыся, сказаў:

- Да пабачэння, беларус! Вучыся добра!".

Далейшы лёс Сяргея Новіка-Пяюна быў незайздросны. Арыштаваны пры Польшчы за арганізацыю гуртка Таварыства беларускай школы, беларускага тэатра і хора. Другая Сусветная вайна. Нямецкі арышт - 1944, расстрэл, прытварыўся забітым, таму і выжыў. У 1944 - савецкі арышт. 10 гадоў Калымы. Жыў пасля Калымы ў Слоніме, Нясвіжы, Менску. Папулярныя песні на словы і музыку "Зорачкі" і "Над Шчарай" (Слонімскі вальс) лічацца народнымі, хоць у іх ёсць аўтар Сяргей Новік-Пяюн. Адсядзеўшы па турмах пры трох замежных уладах, беларус Сяргей Новік-Пяюн сустрэўся з творчымі беларусамі, хто выжыў у ХХ стагоддзі, іх засталося не шмат, з блізкімі і дарагімі сябрамі маладосці. Спадар Сяргей дажыў і да незалежнасці Беларусі.

8. Маці Яўхіма Карскага-Магдалена. Продкі яе жылі ў Лашы і ваколіцах. Нарадзілася ў 1841годзе, магчыма, 22 ліпеня. Сама нарадзіла 8 дзяцей. Яўхім Карскі нарадзіўся за паўтара года да шлюбу з Фёдарам Навіцкім. Іншыя дзеці Магдалены Карскай-Навіцкай атрымалі прозвішчы Навіцкія. Магдалена Навіцкая памерла ад сухотаў у ліпені 1902 года, пахавана на могілках у Волме. У Валмянскай царкве захаваўся запіс пра смерць 19 ліпеня 60-гадовай Магдалены Ануфрыеўны, жонкі псаломшчыка царквы Фёдара Навіцкага. Сёння Волма - аграгарадок, Койданаўскі (Дзяржынскі) раён Менскай вобласці, на мяжы з Валожынскім раёнам. З 16 стагоддзя Волма мела статус мястэчка. Настаўніца беларускай мовы Валмянскай школы Рубанік Наталля Уладзіміраўна расказала аб спробах знайсці магілу маці Яўхіма Карскага - Магдалены Карскай з Аляксандрам Карскім і настаўнікам Іванам Рудовічам. Але пакуль безвынікова. Цяжка адшукаць з-за вырасшага лесу і хмызняку. У Волме, як вядома быў і сам Яўхім Карскі, запісваў беларускія словы. Наталля Уладзіміраўна займаецца са школьнікамі папулярызацыяй спадчыны акадэміка, можа ім некалі пашчасціць знайсці магілу Магдалены Карскай - маці Яўхіма Карскага?

9. Адкуль Карскія? Гэтае пытанне ўздымае праўнук у біяграфіі прадзеда Аляксандр Карскі - геаграфія яго пошукаў ад захаду Польшчы да Віцебска-Віленскага краю. І ён аддае перавагу Браслаўшчыне. Але, здаецца, варта шукаць і побач, на Гарадзеншчыне. І для гэтага ёсць падставы. Яшчэ нядаўна лічылася, што ўпершыню прозвішча - Карскі - з'явілася на Гарадзеншчыне ў Лашанскім царкоўным прыходзе ў 1805 г., калі ў мясцовай царкве пачаў служыць дзяк Вікенцій Карскі і што ў Вікенція былі тры сыны: Ігнат (1800 г.н.), Ануфрый (1802 г.н.) і Сцяпан (1805 г.н.). Старэйшы і малодшы сыны даволі рана памерлі, пакінуўшы пасля сябе шасцёра дзяцей-сіротаў. Іх узяў на выхаванне сярэдні сын Ануфрый. Ён, як і бацька, служыў дзячком Лашанскай царквы. Акрамя прыёмных, у Ануфрыя з жонкай было 8 уласных дзяцей. Такім чынам, пад адным дахам разам жыло 16 чалавек!...

Але…Згодна са знойдзенымі архіўнымі дакументамі ў Гародні, мы даведваемся пра яшчэ адно пакаленне Карскіх. Бацьку Вікенція звалі Якаў. Можа, ён першы пераехаў аднекуль на Гарадзеншчыну? А магчыма і не. Другое, знойдзены звесткі аб нараджэнні Вікенція Якаўлевіча Карскага -1764 год. Трэцяе, вельмі важнае, у дакументах фігуруе і чацвёрты сын дзяка Вікенція Карскага - Іван Вікенцьевіч, пры чым узрост на 1795 г. - 9 гадоў, на 1811 год запісана - 25 гадоў, на 1816 г. - 31 год, які ў адных дакументах пазначаны як вольны чалавек, і быў прапушчаны пісарам у казках, на 1831 год - 44 гады (магчыма тут пісар абмыліўся, бо праз 15 гадоў павінна было быць 45-46 гадоў). Іван быў найстарэйшым сынам Вікенція Карскага. Раней лічылі сына Ігната старэйшым. Паміж Іванам і Ігнатам розніца ва ўзросце была каля 6 гадоў на 31.08.1811 г. і па рэвізіі 1795 г.

Чацвёртае. Даведваемся мы з Гарадзенскага Нацыянальнага архіва пра шлюб і сям'ю чацвёртага сына Вікенція Карскага - Івана Вікенцьевіча. Сваю жонку Палканаву (Палкан) Кацярыну ён узяў з 5 дзяцьмі і на 1831год меў двое сваіх - Ігната і Еву.

Ранейшыя гады нараджэння трох братоў таксама будуць іншыя, згодна з новымі звесткамі. Брату Ігнату на 1795 год - 3 гады, на 1811г. - 19 гадоў, на 1831 г. - 45 гадоў (узрост пісары пераблыталі з братам Іванам?), Ануфрыю на 1795 год - яшчэ не нарадзіўся, на 1811 г. - 15 гадоў, на 1831- 34 гады, Сцяпану на 1811- 9 гадоў, на 1831-30 гадоў. З гэтых крыніцаў атрымліваецца, што ўсе яны нарадзіліся напрыканцы 18 стагоддзя, акрамя Сцяпана (па мясцоваму Стэфана). Больш падрабязна інфармацыя для даследчыкаў, у якіх фондах, вопісах і справах - новая інфармацыя пра Карскіх, будзе ў канцы ІІ часткі артыкула.

10. Аляксандр Карскі ў І томе біяграфіі (стар. 24) прадзеда падае дадзеныя за 1840 год з "Ведомості Лашанской церкві в Гродненском уезде". Ігнацій - старэйшы, які вучыўся ў святара Івана Іванавіча Халькоўскага чытанню з малых гадоў. (Магчыма, Іван - старэйшы брат на той час памёр - А.К.) Брату Ануфрыю - 41 год, брату Сцяпану - 37гадоў. (Ігнату павінна было б быць 52-гады - А.К.) Розніца ва ўросце паміж братамі супадае з архіўнымі дадзенымі за 1831 год знойдзенымі ў Нацыянальным гістарычным архіве, але ўзросты з улікам дадатку (1831+ 8-9 гадоў) трошкі розняцца ў дакументах. Магчыма, спрацаваў чалавечы фактар пры напісанні пісарамі ўзросту братоў і, верагодна, пісары пераблыталі старэйшага Івана з Ігнатам пры напісанні ўзросту. Тым не менш, раней складзены радавод Карскіх патрабуе карэкцыі.

11. Спроба ідэнтыфікацыі родных Яўхіма Карскага, напісаных на старым металічным крыжы на могілках у Лашы, верагодна пастаўленым Іванам Ануфрыевічам Карскім. Пасля знаходкі ў архіве імёнаў жонак і дзяцей, 4 сыноў Вікенція Якаўлевіча Карскага, можна бліжэй падысці да адказу, каму з родных Я. Карскага належаць імёны, напісаныя на крыжы: "Онуфрія, Фёклу, Игнатія, Стефана, Марію, Антонину, и всех сродников".

Ануфрыем звалі бацьку Івана Ануфрыевіча Карскага, вядомага краязнаўца і карэспандэнта Паўла Шэйна, імя Фёклы ў архіўных справах няма, але ёсць імя на беларускі манер Тэкля па прозвішчы Бандарэвіч - жонка Ануфрыя Вікенцьевіча, Ігнацій - папулярнае імя на той час насілі брат Ануфрыя, узрост якому на 1811 год запісаны 19 гадоў, а ў 1831г. - 45 гадоў, Ігнатам быў таксама сын Ануфрыя (на 1831 г. - 3 гады, верагодна 1828 г.н.), сына Ігната 1819 г.н. меў старэйшы брат Ануфрыя - Іван Вікенцьевіч Карскі. Наступнае імя на крыжы - Стэфан, верагодна, гаворка пра Сцяпана, па дакументах - малодшы брат Ануфрыя Вікенцьевіча. Імя Марыя на крыжы - у архіўных дакументах такога імя пакуль не знойдзена. Але Марыяй звалі сястру Я. Карскага, якая нарадзілася ў 1865 г., хоць у той час Карскія-Навіцкія ў Лашы ўжо не жылі, але Марыя пазней нідзе не ўзгадваецца. Імя Антаніна - запісана ў духоўных казках як імя жонкі малодшага брата Ануфрыя-Сцяпана (Стэфана) Вікенцьевіча, які меў дачку Петранэлю 1829 г.н. (2 гады на 1831 г.) .

(Працяг у наст. нумары.)

Экспертная рада зацвердзіла беларускамоўную версію Працоўнага кодэкса

Экспертная рада па перакладзе заканадаўства на беларускую мову зацвердзіла ў канцы снежня беларускі варыянт Працоўнага кодэкса, паведамляе БЕЛАПАН са спасылкай на сайт Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) Беларусі.

Акрамя таго, у 2020 годзе эксперты зацвердзілі беларускамоўныя версіі Грамадзянскага і Жыллёвага кодэксаў, а таксама Кодэкса пра зямлю. У 2019 годзе былі зацверджаны перакладзеныя версіі Кодэкса пра шлюб і сям'ю, Выбарчага кодэкса.

Экспертная рада па перакладзе заканадаўчых актаў на беларускую мову створана ў 2019 годзе пры НЦПІ. Апроч супрацоўнікаў цэнтра ў яго ўваходзяць прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Палаты прадстаўнікоў, міністэрстваў юстыцыі і культуры, шэрагу ВНУ, іншых арганізацый.

Ідэя стварэння экспертнай рады была ўпершыню выказана ў красавіку 2019 года на сустрэчы старшыні "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ) Алены Анісім і ганаровага старшыні ТБМ Алега Трусава з кіраўніцтвам НЦПІ і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. Сустрэча, прысвечаная распрацоўцы законапраектаў на абедзвюх афіцыйных мовах, адбылася неўзабаве пасля "Вялікай гутаркі з прэзідэнтам" (1 сакавіка), калі Аляксандр Лукашэнка дэлегаваў створанаму ТБМ Універсітэту імя Ніла Гілевіча абавязкі па падрыхтоўцы беларускамоўных варыянтаў заканадаўчых актаў, прынятых на рускай мове.

Фота: brest.1prof.by.

Беларускаму малаку - беларускую ўпакоўку

Дырэктару ААТ "Савушкін прадукт"

Цімошак Зінаіды Вячаславаўны,

вул. 8-е Сакавіка, д. 22, кв. 69,

г. Слуцк, 223610

Зварот

У Беларусі, у адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі, дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская.

Разам з тым, упакоўка і этыкетка малочнай прадукцыі утрымлівае рускую, іншыя замежныя мовы, але не мае інфармацыі на беларускай мове.

Гэта пазбаўляе магчымасці беларусаў, для якіх беларуская мова з'яўляецца роднай і якія выкарыстоўваюць яе ў сваім паўсядзённым ужытку, атрымліваць інфармацыю аб тавары на той дзяржаўнай мове, якой яны карыстаюцца.

Такім чынам дадзеная катэгорыя грамадзян Беларусі дыскрымінуецца па моўнай прыкмеце, а арт. 17 Канстытуцыі - парушаецца.

Прапаную разгледзець магчымасць укаранення недыскрымінацыйнай практыкі ў дачыненні да мовы афармлення тавараў, у склад якіх уваходзіць малако.

Такія антыдыскрымінацыйныя захады будуць мець у выніку падвышэнне спажывецкай лаяльнасці, што прынясе дадатковыя прыбыткі, у тым ліку і рэпутацыйныя.

Звяртаю ўвагу, што распрацоўка і выраб новай этыкеткі або ўпакоўкі не патрабуе істотных выдаткаў і не падвышае кошт прадукцыі. Гэта адзначае і гендырэктар "Лідскага піва" Аўдрыюс Мікшыс:

"У нас аддрукаваная этыкетка захоўваецца на складзе максімум некалькі месяцаў, затым мы друкуем новую. Дадаць беларускую мову не складана. Гэта тым больш нічога не каштуе, у параўнанні з павагай да роднай мовы." (http://belbeer.com/2017/04/05/8309/ )

Варта адзначыць, што пасля аналагічнага звароту да КВУП "Мазырскія малочныя прадукты", дадзенае прадпрыемства за менш, чым 2 месяцы з моманту звароту распрацавала для 15 найменняў выпусканай прадукцыі новую этыкетку, на якую была дададзена інфармацыя на беларускай мове. Распрацоўка і вытворчасць новай этыкеткі не пацягнула ў прадпрыемства дадатковых выдаткаў, а кошт прадукцыі не павысіўся. Неабходнасць новай, дзвюхмоўнай, этыкеткі КВУП "Мазырскія малочныя прадукты", сярод іншага, растлумачыла палажэннямі артыкуламі 19 і 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах: "Кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю", "Кожнай асобе гарантуецца роўная і эфектыўная абарона ад дыскрымінацыі ў тым ліку карыстання моваю" (адказ ад 20.08.2020 №1219).

Варта памятаць, што паводле Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі СТБ 1100-2016 "Харчовая прадукцыя. Інфармацыя для спажыўца. Агульныя патрабаванні" неабавязковы для выкарыстання.

Таксама паводле Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі не абавязковы для выкарыстання і ТР МС 022/2011 "Харчовая прадукцыя ў частцы яе маркіроўкі".

Такім чынам, "могуць прымяняцца этыкеткі з інфармацыяй для спажыўца толькі на беларускай мове". (https://gosstandart.gov.by/by/responses-to-electronic-treatment-of-massive-proportion)

Трэба адзначыць, напрыклад, што прадукцыя ЗАТ "Дзяржынскі мясакамбінат" лінейкі "Родныя мясціны. Мапа каўбасных смакаў" фасуецца ў пакункі, надпісы на якіх зроблены толькі на беларускай мове. Разам з тым, на пакунку ёсць пазнака ЕАС - прадукцыя пастаўляецца за межы Беларусі.

На падставе адзначанага, прашу:

1. Зрабіць на этыкетцы або ўпакоўцы малочнай прадукцыі версію абавязковай і іншай інфармацыі для спажыўцоў на беларускай мове або на беларускай і рускай мове адначасова.

2. У адпаведнасці з законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" прашу даць адказ па сутнасці звароту ў вызначаны законам тэрмін.

12.01.2021г. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна.

Памёр знакаміты беларускі мастак Леанід Шчамялёў

14 студзеня, на 98-м годзе жыцця памёр знакаміты беларускі мастак Леанід Шчамялёў. Пра гэта паведаміў tut.by са спасылкай на Беларускі саюз мастакоў.

Леанід Шчамялёў нарадзіўся 5 лютага 1923 года ў Віцебску, дзе прайшло яго дзяцінства. Скончыў Менскае мастацкае вучылішча і Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (вучань народнага мастака Віталя Цвіркі). Шчамялёў скончыў інстытут у 1959. Пасля смерці настаўніка пераехаў у ягоную майстэрню. Леанід Шчамялёў выкладаў у Менскім мастацкім вучылішчы, а таксама ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка і Беларускім політэхнічным інстытуце. З'яўляўся першым сакратаром праўлення Беларускага саюза мастакоў (1977-1982), узначальваў праўленне мастацкага фонду БССР (1982-1987), быў старшынём Рады Беларускага саюза мастакоў (2002-2005). У 1983 годзе яму было прысвоена званне народнага мастака Беларусі.

- Чалавек дзіўнага творчага лёсу, які ўнёс вялікі ўклад у скарбніцу нацыянальнай выяўленчай культуры. "Мае палотны - мае дзённікі", - зазначаў Леанід Шчамялёў. Партрэты балерыны Людмілы Бржазоўскай, мастака Віталя Цвіркі, пісьменніка Якуба Коласа… Гарадскія пейзажы Менска, Віцебска… Малюнкі з падарожжаў па Сярэдняй Азіі, Поўначы… Сюжэты з вяселлямі, святы… А якая казачная вада ў яго жывапісных рэках і азёрах!.. На адным з самых вядомых палотнаў "Нібы ў сне" ён разам з жонкай Святланай узлятае на чароўным скакуне і лунае над роднай Беларуссю…, - адзначае Беларускі саюз мастакоў.

Яго працы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой. У 2003 годзе ў Менску адкрыта Гарадская мастацкая галерэя Леаніда Шчамялёва. У аснове экспазіцыі - карціны, якія майстар падарыў гораду.

- Я 70 гадоў займаўся адной справай, працаваў амаль кожны дзень. Пражыў жыццё так, як хацеў, - казаў Шчамялёў.

Беларускае Радыё Рацыя.

У творчасці Леаніда Шчамялёва адбіўся дух часу, у якім ён жыў

Дзверы ў "Люстраную залу" расчыніліся 14 студзеня ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. Яго абноўленая пастаянная экспазіцыя - адна з лепшых у краіне. Сярод хітоў арт-збору - нямала "першых імёнаў".

Распавядае АНТ:

"І без подпісу зразумела - гэта почырк Леаніда Шчамялёва. Памер "Анегі" - метр на два. 69 год - велізарная краіна, вялікая эпоха, вялікі мастак. Сёння яго - апошняга "народнага БССР" - таксама не стала. Стварыў сабе вечную памяць.

Шэдэўр з запаснікаў.

Вольга Лук'ян-Піліпчук, дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея:

- Адчуваецца старая паваенная школа, загартоўка, цвёрдасць ліній, выразнасць формы і выразнае бачанне рэальнасці. Таму, што цяпер усё досыць хістка і няўстойліва. Такая ёсць традыцыя - мэтры сыходзяць, мы робім хвіліну памяці і выставу адной карціны. Што да "пастаяннай экспазіцыі", можна гэтую назву ўзяць у двукоссе. Мы спрабуем яе змяняць пад камерныя мерапрыемствы, пад значныя падзеі.

У "Люстраной зале" размешчана экспазіцыя сучаснага мастацтва пасля рэнавацыі. Стыль - неакласіка ў інтэр'еры. Жывапіс, графіка, скульптура, ТПМ - не старэй пачатку 90-х. 20 гадоў назад часткай музейнага збору стаў збор культавай галерэі "Лідзея". Адтуль і пейзаж шчамялёўскі".

АНТ.

ПАЭТЫЧНЫЯ ВОБРАЗЫ МІКОЛЫ КАНАНОВІЧА

Напярэдадні Новага, 2021, года ў Менскім выдавецтве "Колорград" выйшла кніжка паэзіі "Вяртанне восені. Сцятыя вобразы". Гэта - другая кніга беларускага паэта са Слонімшчыны Міколы Канановіча. Так напісана ў выходных даных. І гэта - праўда! Але не ўся. Бо! Сапраўдныя беларусы не лічаць колькасць кніг сапраўдных нацыянальных паэтаў, а чытаюць іх вершы.

Першая кніжка М. Канановіча "І доўжыцца ноч…" выйшла ў 2003 годзе накладам 500 асобнікаў. Дзякуючы спрыяльнаму збегу абставінаў, тыраж мог быць сама меней у два разы большы, але аўтар вырашыў, што хопіць і столькі, і… памыліўся. Не хапіла. Прырода надзяліла Міколу Канановіча глыбокім аналітычным розумам, уразлівай душою і паэтычным талентам, а мы, беларусы, дзякуючы самому паэту, які не змарнаваў дадзенае яму Богам, маем магчымасць узбагаціць свой розум і сэрца сапраўднай паэзіяй. Не дзіва, што гэтая першая кніжка паэта даўно стала рарытэтам.

Новая кніжка М. Канановіча паказвае нам шмат у чым і новага паэта. Тут меней бунтарства маладосці, а больш разважлівасці (ажаніўся чалавек), больш узвышаннасці, больш чыстай красы. Паэт пасталеў, і… адступіла ноч. У кнізе болей святла, цяпла, дабрыні. Асабліва гэта адчуваецца ў вершах, прысвечаных жонцы Ірыне і дачцэ Хрысціне.

Кніга паэзіі "Вяртанне восені…" выдана коштам самога аўтара, таму, на жаль, тыраж яе ўсяго 30 асобнікаў. Але! Гэтая кніга ўжо сёння рарытэт! І не толькі з-за малога тыражу, а і з-за вельмі ўдалага яе аздаблення. Гэта кніжка - той выпадак, калі форма адпавядае зместу. Вяршыняй высокагустоўнага мастацкага афармлення кнігі з'яўляюцца малюнкі 16-гадовай дачкі паэта. Хрысціна сама выбрала вершы таты, да якіх ёй захацелася зрабіць малюнкі.

Надоечы прачытаў пісьмо вядомага рускага савецкага пісьменніка-дысідэнта Уладзіміра Вайновіча (1981 год) тагачаснаму кіраўніку СССР Леаніду Брэжневу, што прыйдзе час і людзі будуць здаваць на макулатуру па 20 кг твораў Брэжнева, каб атрымаць талон на пакупку адной кніжкі Вайновіча. Перакананы! Паэзія Міколы Канановіча не вымяраецца і ніколі не будзе вымярацца штукамі ці кілаграмамі, бо мае толькі адну вартасць - мастацкую!

Міхась Варанец, г. Слонім.

З кнігі "І ДОЎЖЫЦЦА НОЧ…"

ДЫЯЛЕКТЫКА

Калі апускаецца ноч,

Тады абуджаецца чэрнь,

Ды шчасце праходзіць наўзбоч

Перамен.


Калі выбіраюць цара -

Не будзе ён добрым царом.

На звалку даўно ўжо пара

Уладароў.


Калі ў хмары ракетамі б'юць, -

Дзесьці льецца

чарнобыльскі дождж,

І атручаныя жывуць -

Для чаго ж?


Калі свету настане канец -

І ўсё з праху пачнецца ізноў,

А нябесны наш Бог-Айцец

Зробіць Еву наноў.

ІНТЭР'ЕР ПЫСТЭЧЫ

На небе поўня. Лямпа на стале.

Цябе няма. І тут няма мяне.

Было каханне,

жарсць і сэрцаў стук,

І слоў цяпло, суладдзе ног і рук.

Пасля - зіма,

як галавой аб брук…

І ноч лупатай поўняй

смокча кроў,

Святло пустое сее лямпа зноў,

Даўно нам наша

свечка не гарыць,

Мы не жывём,

а толькі мусім жыць.

І калі нас разгубленасць

знайшла,

Не важна стала, у чым чыя віна.

З кнігі "ВЯРТАННЕ ВОСЕНІ…"

ТУМАН

Туман схаваў царкву,

І могілкі, і поле.

З жыццём былым парву.

І боль не будзе болем?..

Няўтульнасць, неспакой,

Нявызначанасць шляху.

І слізка пад нагой,

І не відаць абсягу.


Я ведаю, туман

Развеецца апоўдні.

Ды не загоіць ран

І шлях змяніць не здольны.


Што позна, а што не -

Тлумачыць мне не трэба.

Я жыў у тумане

І з ім сыду на неба.

ВОСЕНЬСКАЕ

Вязнямі - кнігі ў шуфлядзе.

Гадзіннік адстуквае дні.

Восень на даляглядзе,

А здабыткаў - ані!


Калгасны кірмаш прыедзе

Раённы карміць гарадок,

А я заблуджуся недзе

У лесе на той дзянёк.


Знікну з астылых вуліц,

Пакіну людскі натоўп.

Хай ціша бору атуліць,

Што ў ступе жыццёвай стоўк:


Каханні, гады, жаданні,

Мары, надзеі, час,

Падзенні і беснаванні,

І шанец яшчэ на раз.

І .

Ты мае не чытаеш вершы,

Не прысвечаныя табе,

Ды наперадзе твор наш лепшы

Сэнсам станецца для цябе.

З дня на дзень вясна надыходзіць.

Так пранізліва пахне снег.

Ты па ім асцярожна ходзіш,

Бо табе паслізнуцца грэх.

Чакаеш лета і сонца,

Каб жыццём распусціцца з ім

І падоўжыць жыцця

бясконцасць,

І застацца ў ім нам дваім.

ХВАРОБА

Залацістая, рыжая, мілая!

Развітальны твой позірк злавіў.

Не хацела, мая ты любімая,

Расчапіць сваіх ручак наіў.

Ды хвароба аднолькава жорсткая

Да старых і да дзетак, як ты.

У вачанятах - гаркота маркотная.

То ў твой годзік і месяцы тры.

Адпускаць у палату бальнічную-

Быццам сэрца на лекі здаваць -

Дзяўчыначку нашу цяплічную…

Але мусім лячыць і трываць.

ПА ДАРОЗЕ

(Фантасмагорыя)

На сядзенні заднім - бо забілі -

Прымясціўся Божы раб Мікола -

Бачу я сябе ў аўтамабілі,

Што ў бок ад свету круціць колы.


Застаецца, белым палыхае

Квецень красавіцкая мястэчка,

Дзе ніхто мяне ўжо не чакае,

Не кахае, не запаліць свечку.


Я імкну ў халоднае нікуды

І на Божы рай не спадзяюся,

Не баюся пранцаў і прастуды

І ні з кім ужо не пасваруся.


Не страшныя мне цяпер "канвоі"

І да фені праца па Сізіфу.

Еду я ў вечныя ізгоі

Па зусім бясплатнаму тарыфу.

Бо - забілі. Значыць, ёсць нагода

Не ў чаргу па рай

да Божай брамы,

А дамоў, у Вялікае балота,

Дзе бываў калісь

шчаслівы самы,


Дзе Зяльвянка

з Летай нерастуюць -

Еду на бясконцую рыбалку.

Там самы са мною пасябруюць,

А ў каханкі выберу русалку.

АШЧАДНАЯ КНІЖКА

На шэрай паперы

Ды з яркай Пагоняй -

Ашчадная кніжка бабулі.

1993-ці.

Ужо так блізка

Да бабінай смерці,

Да смерці Пагоні

На кніжках ашчадных,

На Доме ўрада

І ўсюды,

Дзе здрада

Цісне, як прэсам,

Дзе чэрці ізноў

Пагоняць люд лесам

Далей ад шляхоў

І бліжэй да балота,

Дзе кніжак ашчадных

Не мецьме басота.


...Эпас народа

І шанц гістарычны

Пасад свой займець

На зямельцы спрадвечнай

Звузіў на пшык

Гарлапан той публічны,

Што выплыў наверх

З калатнечы галечай.

Памерла бабуля.

Падзерлі Пагоню.

І казка, і песня, і мова

Паснулі.

А іх абаронцаў

Дручкамі гоняць

Пагоны,

Што тоўстыя шчокі

Надулі.

Зноў чорная зграя

Лютуе над людам.

Даляры ёй, золата

Засцілі вочы.


...Бабуліна кніжка

ляжыць у шуфлядзе

рэліквіяй памятнай

новага часу.

А што там далей,

і ці доўгі век здрадзе?.. -

Гэта ўжо тэма

іншага сказу.

ПОСТКАЛЯДНЫ СІНДРОМ

Каляды.

Чорныя Ляды.

Быкаў Васіль,

Што так змрочна зусім?

Сыс Анатоль,

Ты ўзяў бы мой боль?..


Някляеў Уладзімір -

Ён за праўду, за мір! -

Ў "амерыканцы" адбыў

Новы год і Каляды -

Пашыраў далягляды

Ад кандыдата

Да арыштанта

І ў хаце сядзельца...

Ці баліць каму сэрца?


...Каляды ўжо ззаду,

У тумане далягляды,

У краіне - нарыў...


Беларускі матыў

У свеце прастыў.

Толькі з Расіі

Доўгія шыі

Цягнуць да нас -

Пільнуюць свой час.


...А я тут свой сум

Паміж вёсак пасу.

ХРЫСЦІНЕ

На жоўта-брудным

восеньскім фоне -

Ясныя вочы маёй дзяўчынкі.

Ідзем за руку мы з ёю паволі

І топчам у лужах

першыя льдзінкі.


Пра клёны чырвоныя

ў нас бяседа,

(Хоць стаў варыцца

супу каструлю),

Затым дачка нешта

кажа пра дзеда

І ўспамінае сваю бабулю.


Мы заўтра паедзем

у госці ў вёску

У цёплую хату да бабы з дзедам,

Дзе добра так спіцца

на дзедавым ложку,

Дзе баба за ўнучкай

тупае следам.


...Малая набрала лістоў кляновых

І звонка ў двары

гарадскім смяецца,

А ў мяне ад пачуццяў

старых і новых

Не ў такт імгненню

сціскаецца сэрца.

ПЫТАННЕ

...Ёсць сям'я і праца ёсць -

Не стае кахання!

Няма стомы, а ёсць злосць

На мяжы трывання.

Ёсць краіна ды няма

Тут тваёй дзяржавы…


Ці ва ўсім, чаго няма,

Вінаваты самі?

ВЫБАР

Калі ў начальнікі выбралі хама -

У акрузе закрылі

апошнюю краму.

А тыя крэціны, што выбіралі,

Ездзяць па хлеб у далёкія далі.

Аляксандраўская рэальная вучэльня ў Магілёве

Гісторыя Магілёўшчыны

У горадзе Магілёве на плошчы Арджанікідзэ, на былой Касцерні знаходзіцца Сацыяльна-гуманітарны каледж МДУ імя А. Куляшова. Ён месціцца ў чатырохпавярховым, з першага погляду досыць тыповым, шэрым савецкім будынаку. Але насамрэч гэты будынак мае даўнюю гісторыю.

Гісторыя пабудовы пачынаецца з 1885 года, калі ў ім было адчынена Александраўскае рэальнае вучылішча. Згодна свайго Статуту гэтая вучэльня была ўсесаслоўнай сярэдняй навучальнай установай адкрытага тыпу. Вучыліся ў ёй шэсць гадоў, сёмы год быў дадатковым.

Падрыхтоўка да арганізацыі і стварэння рэальнай вучэльні ў Магілёве пачалася ў 1879 годзе пры актыўным удзеле губернатара А. С. Дамбавецкага. Пачатковы праект будынка распрацаваў губернскі інжынер Уладзіслаў Міляноўскі. Затым будаўніцтвам займаўся інжынер Пётр Камбураў.

Адчынена была вучэльня 1 ліпеня 1885 года. Назва "Аляксандраўская" была прымеркавана да 25-годдзя кіравання Расійскай імперыяй Аляксандрам ІІ. Будынак быў пабудаваны з чырвонай цэглы у стылі эклектыкі. На навучанне прымаліся толькі хлопцы, прычым любога сацыяльнага статусу і веравызнання. Адразу ў першы год былі залічаны 142 чалавекі. Кіраваў вучэльняй дырэктар з дапамогай інспектара, а навучанне праводзілі 9 выкладчыкаў, 4 "законоучителя" праваслаўнага, рымска-каталіцкага, лютаранскага і габрэйскага веравызнання, памочнік класных настаўнікаў, сакратар і лекар. Адукацыя ў рэальнай вучэльні давалася згодна з вучэбным планам, які прадугледжаваў наступныя прадметы: Закон Божы, руская мова, дзве мовы замежныя - нямецкая і французская, гісторыя, матэматыка, чыстапісанне, маляванне, спевы і музыка. Але асноўны ціск рабіўся на фізіку, механіку, хімію і геаграфію. Па інфармацыі краязнаўца Дзмітрыя Аляксеенкі ў вучэльні была добрая матэрыяльна-тэхнічная база з даволі сучаснымі кабінетамі. Напрыклад абсталяванне кабінета фізікі складалася з 192 адзінак, сярод якіх былі сферычныя люстэркі, электраметар Фехнера, магніты, а таксама геадэзічныя і землямерныя прылады. У будынку былі свае метэастанцыя, хімічная лабараторыя з 98 прыладамі, малявальны тэхнічна-чарцёжны кабінет з 5.115 прадметамі, набор мапаў, атласаў і глобусаў. Фундаментальная бібліятэка вучэльні ў 1902 годзе налічвала 2914 тамоў. Меўся таксама хор, які выконваў музычныя творы з вучэбных хрэстаматый, зацверджаных Міністэрствам адукацыі. Праводзілася навучанне ігры на музычных інструментах. Існавала некалькі аркестраў: сімфанічны, духавы і нават аркестр балалаечнікаў.

Сцены навучальнай установы бачылі многіх выбітных дзеячоў, якія праславілі наш Магілёўскі край. У пачатку 20 стагоддзя выкладчыкам працаваў Міхаіл Сілуянавіч Кахановіч - беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар і публіцыст, рэдактар газеты "Магілёўскія ізвесція". Менавіта ён быў старшынём Магілёўскай Беларускай Рады, па ініцыятыве якой у сакавіку 1918 года ў Магілёве была афіцыйна прызнана ўлада БНР.

Сярод выпускнікоў вучэльні можна назваць мастака Канстанціна Геда, пісьменніка Рувіма Фраермана, аўтара "Дзікага сабакі Дзінга", Уладзіміра Барцэвіча - палкоўніка Генштаба Расійскай імператарскай арміі, удзельніка Белага руху, паплечніка барона Урангеля. Трэба сказаць, што апошні выпуск Магілёўскай Аляксандраўскай рэальнай вучэльні адбыўся ў 1916 годзе.

У 1960-х гадах на старым будынку былі надбудаваныя яшчэ два паверхі, знівеліраваны адмысловы дэкор з галоўнага фасаду, разабраныя кафельныя печы. Па ўспамінам старажылаў да рэканструкцыі наведвальнікі вучэльні, праходзячы праз фае, сустракалі на падлозе надпіс "Аляксандраўская рэальная вучэльня".

Мабыць, у будучым любячыя гісторыю сваёй зямлі магілёўцы адновяць непаўторны фасад старажытнай навучальнай установы, каб ні былая прыгажосць, ні высілкі тагачасных архітэктараў не прапалі дарэмна.

Алег Дзьячкоў, Магілёў.

Недапетая песня яго жыцця і творчасці

Дому Таўлая - 10 гадоў

Супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая ў Лідзе многае робяць для таго, каб тыя лідскія паэты, якіх ужо няма з намі, не былі забытыя, каб не былі забытыя і іх творы. І ў гэтым артыкуле з дапамогай куратара Дома Таўлая Алеся Хітруна мы раскажам пра аднаго з паэтаў Лідчыны, аб якім сёння памятае, на жаль, толькі старэйшае пакаленне лідзян, - пра Леаніда Казачэўскага.

Ён пражыў кароткае жыццё, але пакінуў пасля сябе яркія вершы, на якія ў свой час звярнуў увагу Васіль Быкаў. Асобнай кнігай гэтыя вершы так і не выйшлі, аднак ёсць надзея, што зборнік вершаў Леаніда Казачэўскага, намаганнямі ў першую чаргу літаратурнага музея, усё-такі ўбачыць свет. Гэта патрэбна для захавання памяці пра паэта, на сёння амаль забытага.

Матэрыялы, якія датычацца жыцця і творчасці маладога і перспектыўнага лідскага паэта Леаніда Пятровіча Казачэўскага (1938-1963), чыё жыццё, на жаль, абарвалася рана і трагічна, сабраны ў архіве Дома Таўлая ў асобную тоненькую папку. Матэрыялаў няшмат - гэта выразкі з газет, пісьмы, фатаграфіі. Апошнімі папка значна папоўнілася некалькі месяцаў назад дзякуючы сябру Леаніда Казачэўскага, лідзяніну, салісту калектыва рэтрапесні "Мерыдыян" і хору ветэранаў працы "Майскія зоры" Палаца культуры горада Ліды Славаміру Васільевічу Шкленніку. Сярод перададзеных Славамірам Васільевічам фатаграфій ёсць і здымкі з пахавання паэта, па якіх бачна, што ў пахавальнай працэсіі ішло вельмі шмат людзей - значыць, Леаніда Казачэўскага ў Лідзе (а магчыма, і не толькі ў Лідзе) ведалі многія, ён паспеў пакінуць значны след на зямлі і добрую памяць пра сябе.

Паводле ўспамінаў Мікалая Дзелянкоўскага, колішняга загадчыка аддзела пісьмаў і кіраўніка літаратурнага аб'яднання пры рэдакцыі газеты "Уперад" (цяпер "Лідская газета"), Леанід Казачэўскі (сябры і калегі называлі яго Лёня), малады рабочы электрастанцыі, пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй у 1959 годзе, дасылаў туды свае вершы, якія ахвотна друкавалі. Ён быў і сябрам абласнога літаратурнага аб'яднання, вершы яго, акрамя газеты "Уперад", друкаваліся ў газетах "Гродзенская праўда", "Знамя юности", "Сельская газета", у часопісе "Нёман". Разам з кіраўніком літаб'яднання пры рэдакцыі газеты "Уперад" (пазней "Сцяг працы") ён дапамагаў пачынаючым паэтам Лідчыны.

Творчасць Леаніда Казачэўскага была заўважана нават такой вялікай постаццю ў беларускай літаратуры, як Васіль Быкаў. Вось што пісаў Быкаў ва ўступным слове да падборкі вершаў Казачэўскага ў альманаху "Дзень паэзіі-90": "Леанід Казачэўскі толькі яшчэ падбіраўся да сваёй першай паэтычнай кніжкі, калі трагічны выпадак абарваў яго маладое, вечна занятае, турботнае жыццё. Ён шэраг гадоў працаваў у лідскай газеце "Уперад" і шмат ездзіў па калгасах і селішчах, удзельнічаў у грамадскім жыцці раёна, выкройваючы кавалачак часу, каб напісаць які верш… Канешне, зроблена ім небагата, але тое, што засталося людзям, дае падставу меркаваць, што з гэтага маладога журналіста мог бы вырасці добры беларускі паэт са сваім бачаннем свету, актыўным стаўленнем да жыцця… Аб чым бы ні пісаў Леанід Казачэўскі - харастве роднай зямлі, сваім маладым сучасніку і яго пачуццях, - у ягоных радках заўсёды шмат ад добрай юначай душы, захопленай жыццём і ўлюбёнай у чалавека".

Жыў Леанід Казачэўскі ў Лідзе, у прыватным доме па вуліцы Камуністычнай (дзесьці ў раёне сучаснага "Віталюра"). Славамір Шкленнік дакладна ведае, дзе размяшчаецца гэты дом.

Як ужо адзначалася, Леанід Казачэўскі трагічна загінуў у 1963 годзе. Ён утануў, купаючыся ў Нёмане, 27 ліпеня, не дажыўшы тыдня да свайго 25-годдзя. Хутка пасля таго трагічнага выпадку памерла яго маці.

Праз шмат гадоў, у 1997 годзе, Мікалай Дзелянкоўскі перадаў у рэдакцыю "Лідскай газеты" папку, у якой ім было сабрана больш за дваццаць вершаў Леаніда Казачэўскага, надрукаваных у розных перыядычных выданнях. У былога кіраўніка літаб'яднання была мара выдаць гэтыя вершы асобнай кніжачкай, каб малады таленавіты паэт не быў забыты. Тагачасны галоўны рэдактар Іван Швакель падтрымаў гэтую прапанову. Рэдакцыя кінула кліч па лідскіх прадпрыемствах, каб дапамаглі ў зборы грошай на выданне зборніка "Недопетая песня" (да 60-годдзя з дня нараджэння Леаніда Казачэўскага), але тады, у складаныя 90-я, ніхто з прадпрыемстваў не адгукнуўся, кніжка вершаў так і не выйшла.

- Мне вядома, - гаворыць Алесь Хітрун. - што рукапіс зборніка "Недопетая песня" Мікалай Дзелянкоўскі (якога ўжо няма ў жывых) захоўваў у сябе дома. Я знайшоў яго адрас, па якім зараз пражывае яго сын Валерый Мікалаевіч. На жаль, той рукапіс не захаваўся. Не знайшоў я яго і з дапамогай праўнучкі Мікалая Дзелянкоўскага Ганны Раманаўны. Хутчэй за ўсё, рукапісныя матэрыялы проста выкінулі на сметнік, не надаўшы ім якога-небудзь значэння. Вельмі шкада!

Аднак Алесь, як куратар літаратурнага музея і даследчык, усё роўна не пакідае думкі рэанімаваць творы Леаніда Казачэўскага, усё ж такі выдаць іх асобна. Будзем спадзявацца, што гэты зборнік усё ж такі будзе выдадзены, як выйшлі некалі зборнікі вершаў Максіма Багдановіча, Валянціна Таўлая - паэтаў, чыё жыццё таксама было кароткім (Таўлай, між іншым, зноў жа так і не пабачыў сваёй кнігі пры жыцці). А яшчэ супрацоўнікі Дома Таўлая звяртаюцца да чытачоў: можа, хто яшчэ памятае Леаніда Казачэўскага, магчыма, захоўвае фотаздымкі, вершы, газетныя выразкі - просьба перадаць іх у Дом Таўлая. Памяць пра Леаніда Пятровіча і яго вершы павінны жыць!

Аляксей КРУПОВІЧ.

Кніга Вінцэся Мудрова

Набыў у сталічнай кнігарні апошні зборнік апавяданняў Вінцэся Мудрова "Помнік літары Ў". Выдавец А.М. Янушкевіч. Наклад кнігі 300 асобнікаў. Дызайн вокладкі зрабіла Аўгіння Багдановіч. У Афармленні вокладкі выкарыстана карціна Юліі Хінтэман "Партрэт Вінцэся Мудрова" (2015). У новую кнігу сучаснага беларускага празаіка ўвайшлі навэлы і апавяданні, напісаныя цягам апошніх дзесяці гадоў... Сярод іх выдзяляецца навэла "Албанскае танга", якая распавядае пра абставіны разрыву савецка-албанскіх адносін палову стагоддзя назад. У творы выразна прасочваюцца дзве сюжэтныя лініі: непасрэдны канфлікт паміж Мікітам Хрушчовым і Энверам Хаджой, а таксама гісторыя кахання беларускай дзяўчыны і албанскага студэнта...

Асабіста мне спадабаліся апавяданні: "Вецер вандраванняў", "Шпег", "У святле бліскавіцы", " Сцяг над царквою", і іншыя.

Я даўно цікаўлюся творчасцю славутага празаіка. З вялікім захапленнем прачытаў кнігі "Ператвораныя ў попел" (2005) і "Альбом сямейны" (2007). Нагадаю таксама, што спадар Вінцэсь Мудроў таксама аўтар кніг: "Жанчыны ля басейна" (1992), "Гісторыя аднаго злачынства" (1993), "Зімовыя сны" (1999), "Багун" (2013), "Забойца анёла" (2017).

Літаратар з'яўляецца лаўрэатам прэміі Гедройца 2017 года! Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і таварыства вольных літаратараў. Трэба адзначыць, што кнігі спадара Мудрова карыстаюцца попытам чытача і няблага было б арганізаваць з ім творчую сустрэчу у сталіцы.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX