Папярэдняя старонка: 2021

№ 09 (1524) 


Дадана: 03-03-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 9 (1524), 3 сакавіка 2021 г.

Зборнік матэрыялаў канферэнцыі ТБМ "Нашы вякі - наша багацце..." прэзентавалі ў бібліятэцы НАН Беларусі

22 лютага адбылася прэзентацыя зборніка матэрыялаў канферэнцыі "Нашы вякі - наша багацце. Лепшыя практыкі менеджменту спадчыны". Мерапрыемства праходзіла ў бібліятэцы НАН Беларусі. Яно было прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які ў акадэмічных установах плаўна трансфармаваўся ў тыдзень роднай мовы, а то і дэкаду.

На прэзентацыю прыйшлі аўтары зборніка, а таксама ўсе ахвотныя.

Згадкамі пра саму канферэнцыю і важнасць выдання зборніка падзяліліся з прысутнымі Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі, Лявон Баршчэўскі.

Заканадаўчыя аспекты захавання спадчыны, у прыватнасці нашых нацыянальных сімвалаў, асвятліў у сваім выступе Міхаіл Пастухоў.

Як заўсёды, цікавым быў выступ Ігара Мельнікава, які распавёў пра сваё бачанне ўзнятай праблемы, а таксама пра ўжо зробленае і пра новыя ідэі, датычныя існавання мяжы паміж заходняй і ўсходняй часткамі Беларусі.

Эмацыйна выступіла Наталля Агарэлышава з Гомеля, якая закранула праблему ўпарадкавання і захаванасці яўрэйскіх могілкаў.

Вельмі добра ўпісаўся ў тэму захавання спадчыны выступ Алеся Чумакова, музыкі, які віртуозна грае на старажытным адноўленым інструменце - гуслях. Песню на словы Сокалава-Воюша "Аксамітны летні вечар", зайграную па прапанове залы, з задавальненнем спявалі ўсе прысутныя.

Варта адзначыць, што не толькі аўтары, але і госці маглі атрымаць асобнік зборніка матэрыялаў канферэнцыі. Падчас правядзення прэзентацыі для арганізатараў і ўдзельнікаў было відавочна: трэба наладжваць і канферэнцыі, і не менш важна - рабіць прэзентацыі зборнікаў.

Што тычыць самога зборніка, то ён аб'ядноўвае аналіз айчыннага і сусветнага заканадаўства ў сферы матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, агляд дзейнасці айчынных і замежных дзяржаўных органаў, эканомікі спадчыны, арганізацыі аховы, прымнажэння і вывучэння спадчыны, яе экспанавання, сучаснага выкарыстання і турызму.

Важныя выступленні на канферэнцыі, якая праходзіла 6 верасня 2019 года, датычыліся захавання герба, сцяга і мовы як гістарычна-культурнай спадчыны беларускага народа. З дакладамі на гэтую тэму да прысутных прамаўлялі заслужаны юрыст, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў і старшыня ТБМ Алена Мікалаеўна Анісім.

"Гісторыя сведчыць, што калі грамадства ўзводзіць мову народа на вышэйшы п'едэстал, і мовай карыстаецца інтэлектуальная і палітычная эліта народа - гэта спрыяе і эканамічнаму развіццю, і дзяржаўнаму ўмацаванню краіны, і яе высокаму міжнароднаму статусу", - адзначала Алена Анісім.

"Гістарычна-культурная і духоўная спадчына беларускага народа фарміравалася на працягу стагоддзяў і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яна ўключае ў сябе мастацтва, фальклор, літаратуру, адукацыю, навуку, народную творчасць, іншыя матэрыяльныя, і духоўныя даброты. Асаблівае месца ў культурным і духоўным жыцці народа займаюць атрыбуты нацыянальнай дзяржаўнасці як герб і сцяг, а таксама мова тытульнай нацыі", - падкрэсліваў у сваім выступленні Міхаіл Пастухоў.

У зборнік матэрыялаў канферэнцыі ўвайшлі актуальныя даклады кандыдата архітэктуры, прафесара ЕГУ Георгія Баранца, намесніка старшыні ТБМ Дзяніса Тушынскага, кандыдата педагагічных навук Алы Баранавай, дырэктара фонду "Культурная спадчына і сучаснасць" Алы Сташкевіч, мастацтвазнаўца Сяргея Харэўскага, біскупа Казіміра Вялікасельца, рэдактара часопіса "Лідскі летапісец" і газеты "Наша слова" Станіслава Судніка і іншых. Паведамленні ўдзельнікаў канферэнцыі былі прысвечаны гістарычна-культурнай спадчыне і эфектыўным практыкам папулярызацыі яе.

ТБМ імя Ф. Скарыны пастаянна займаецца папулярызацыяй гістарычна - культурнай спадчыны, падтрымлівае і развівае краязнаўчую дзейнасць у рэгіёнах. Вызначэнне тэрміну "ахова культурнай спадчыны" акрэсліў у сваім дакладзе Г. Баранец як напрамак культурнай дзейнасці, які ўключае сістэму арганізацыйных, прававых, эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных, навуковых і інфармацыйных мер.

Ганаровы старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў паведаміў пра вывучэнне помнікаў беларускага мураванага дойлідства ХI-XII cтагоддзяў у ХХ стагоддзі.

Станіслаў Суднік распавёў пра захаванне гістарычнай памяці пра паўстанне 1863 года на Лідчыне. Журналіст і краязнавец Сяргей Галоўка ўзгадаў пра мемарыялізацыю мясцін Стаўбцоўшчыны, звязаных з імёнамі знакамітых творцаў. Ала Савішна Баранава распавяла пра сацыяльны праект "Культурная спадчына Беларусі", які быў рэалізаваны Банкам развіцця. Згодна з гэтым праектам быў наладжаны выпуск кніг-альбомаў, прысвечаных выбітным з'явам і дзеячам нацыянальнай культуры і мастацтва. Кандыдат гістарычных навук Мікалай Васільевіч Півавар падзяліўся інфармацыяй пра стварэнне "Краязнаўчага атласа Беларусі", важнага сродка захавання спадчыны.

Зборнік матэрыялаў канферэнцыі будзе карысны ў практычнай дзейнасці.

Э. Оліна, фота аўтара.

125 гадоў з дня нараджэння Кандрата Крапівы

Кандрат Крапіва, сапраўднае імя Кандрат Кандратавіч Атраховіч (5 сакавіка 1896, в. Нізок, цяпер Уздзенскі раён - 7 студзеня 1991, Менск) - беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік Беларусі (1956). Герой Сацыялістычнай Працы (1975). Лаўрэат дзвюх Сталінскіх прэмій (1941, 1951) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1971). З 1940 - член-карэспандэнт, а з 1950 - акадэмік АН БССР. Доктар філалагічных навук.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе ў вёсцы Нізок, уздзенскім народным вучылішчы, 4-класным гарадскім вучылішчы ў Стоўбцах, з якога перавёўся ў такое ж вучылішча ў Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Пасля заканчэння ў 1913 здаў экстэрнам экзамен на званне народнага настаўніка. Восенню 1914 атрымаў месца настаўніка ў пачатковай земскай школе ў вёсцы Мнішаны на Меншчыне. Адпрацаваў год і быў мабілізаваны ў армію для ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. У сакавіку 1916 года скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Удзельнічаў у баях на Румынскім фронце. Як настаўнік у лютым 1918 дэмабілізаваны. Настаўнічаў у вёсцы Каменка на Уздзеншчыне. У 1920-1923 - камандзір у Чырвонай Арміі. З 1924 зноў настаўнічаў на Уздзеншчыне ў пасёлку Астравок.

У 1925 пераехаў у Менск. Быў сябрам літаб'яднання "Маладняк" (да 1926), потым "Узвышша". Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1930...

(Працяг тэмы на ст. 4.)

Беларускае слова на алтары навукі ён свята захоўваў

24 лютага ў менскай сядзібе ТБМ адбылася вечарына памяці вядомага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Міхайлавіча Лыча. Яна прайшла з пачуццём глыбокай пашаны да галоўнай справы жыцця слыннага навукоўца - захавання гістарычнай памяці народа і яго скарба - роднай мовы. Праваслаўныя святары айцец Вікенцій і айцец Сергій маліліся па-беларуску за спачын душы спадара Леаніда.

Мастак Алесь Цыркуноў арганізаваў невялікую выставу, на якой дэманстраваўся партрэт Л.М. Лыча, напісаны да яго 85-годдзя. З цёплымі ўспамінамі пра грамадскага дзеяча, калегу і сябра выступілі старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Анісім, доктар гістарычных навук, прафесар Эмануіл Рыгоравіч Іофэ, Алесь Цыркуноў, Ігар Карашчанка і іншыя.

Адзін з самых аўтарытэтных гісторыкаў, Леанід Лыч займаў паслядоўную пазіцыю ў пытаннях нацыянальна-культурнага развіцця беларускага народа і абароны родный мовы.

Вельмі эрудыраваны, абазнаны ў розных галінах ведаў, ён вывучаў гісторыю развіцця чыгуначнага транспарту, міжнацыянальныя адносіны, праблемы развіцця беларускай нацыянальнай ідэі, гісторыю ўніяцкай царквы, габрэйскую культуру і іншыя пытанні.

Будучы атэістам, тым не менш, ён глыбока даследваў гісторыю ўніяцкай царквы на Беларусі, бо лічыў уніяцтва канфесіяй, якая найбольш адпавядае нацыянальна-культурным традыцыям і духоўным патрэбам беларускага народа.

Кожны з выступоўцаў узгадаў яркія эпізоды з жыцця прафесара Л.М. Лыча, якія характэрызуюць яго як інтэлігентнага чалавека, гуманіста. Удзельнік многіх канферэнцый, аднойчы ён не пашкадаваў даць вялікую суму грошай у падтрымку маладому аспіранту за добры даклад, ён выдаваў кнігі за ўласны кошт, пералічваў частку пенсіі на падтрымку "Краяўзнаўчай газеты" і "Нашага слова". Леанід Міхайлавіч спрыяў габрэйскай грамадзе ў здабыцці цікавых фактаў з жыцця габрэйскіх дзеячаў культуры і мастацтва на Беларусі і правядзенні навуковых мерапрыемстваў.

Аксана Уладзіміраўна Содаль узгадала эпізоды, калі Леанід Міхайлавіч наведваў сям'ю Содаляў і спрыяў ва ўладкаванні побытавых пытанняў.

Надзея Якаўлеўна Малаковіч з вялікай павагай распавяла, як ён старанна даглядаў хворую жонку Ефрасінню Георгіеўну. Гэта быў светлы чалавек, прыгожы ўсім сваім абліччам, які аддана любіў Радзіму, служыў ёй, і быў верным свайму каханню. Вечная памяць пра прафесара Леаніда Лыча застанецца ў памяці народнай.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Слова роднае - слова годнае

Дзень роднай мовы на Скідзельшчыне

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ва ўстановах адукацыі і культуры Скідзельшчыны ладзіліся разнастайныя мерапрыемствы, актыўнымі арганізатарамі і ўдзельнікамі якіх былі сябры мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы.

Ва ўстанове адукацыі яслі-сад № 1 г. Скідзеля (загадчык Людміла Іванаўна Чыжык) прайшло свята роднай мовы. Выхаванцы размаўлялі на беларускай мове, былі праведзены розныя забавы, якія дазволілі дзяўчынкам і хлопчыкам больш глыбока даведацца пра сваю мову. З віншаваннямі і падарункамі да дзяцей садок наведалася сябра суполкі ТБМ, кіраўнік літаратурна-краязнаўчага музея в. Мількаўшчына Таццяна Анатольеўна Савянкова.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў Другой скідзельскай школе пачаўся са свята "Мова краіны маёй". Пад кіраўніцтвам настаўніцы роднай мовы Алены Аляксандраўны Бычэнка ў форме гульні "Што? Дзе? Калі?" вучні здзейснілі падарожжа па краіне ведаў. Дапамогу меншым дзецям аказвалі старшакласнікі, якія таксама выступілі ў ролі журы. Вучні выконвалі цікавыя заданні, папрацавалі і карэктарамі, і мовазнаўцамі, і фалькларыстамі, паслухалі беларускія песні і вершы беларускіх класікаў. Асабліва ўдзельнікам спадабалася заданне "Фанты", дзе неабходна было адгадаць слова па-беларуску. Вясёлая і шчырая атмасфера нікога не пакінула абыякавым.

Літаратурная гасцёўня "Шануй сваю мову" запрасіла да сябе на сустрэчу вучняў 8 і 10-х класаў, кіраўніка музея ў в. Мількаўшчына, сябра ТБМ Таццяну Анатольеўну Савянкову, настаўнікаў школы. Вучні 8 "В" класа, адзінага ў горадзе класа з беларускай мовай навучання, са сваім класным кіраўніком Аленай Мікалаеўнай Волчак падрыхтавалі цікавую праграму: вершы, загадкі, песні на словы беларускіх паэтаў. Прысутныя пазнаёміліся з невядомымі захапленнямі нашай зямлячкі - знакамітай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, з яе літаратурнымі творамі.

Сярод вучняў СШ №3 г. Скідзеля падчас тыдня, прысвечанага святкаванню Міжнароднага дня роднай мовы, гучалі звароты "Гавары са мной па-беларуску". Падчас музычных перапынкаў і класных гадзінаў школьнікі спявалі беларускія песні, удзельнічалі ў конкурсах чытальнікаў і перакладчыкаў, абменьваліся віншаванкамі з днём роднай мовы, называлі свае любімыя беларускія слоўкі, атрымліваючы за гэта цукеркі альбо кавалачкі смачнага пірага ў святочных упакоўках, спецыяльна спечанага мамай адной з вучаніц школы. Дарэчы, як адзначыла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Антонаўна Кошчыц, бацькі ахвотна падключыліся да Тыдня роднай мовы шляхам удзелу ў дыстанцыйным сходзе па тэме: "Як пачаць размаўляць па-беларуску ў сваёй сям'і".

Не абышлося і без цікавых, захапляльных, і, галоўнае, запамінальных класных гадзінаў, якія правялі госці школы. Сябра скідзельскай суполкі ТБМ, паэтка Тамара Мазур правяла незвычайнае падарожжа ў краіну "Літарынка". З дапамогай створанай ёю чытанкі-маляванкі, яна падахвоціла вучняў да выразнага чытання, а затым падрадковага і зместавага перакладу вершаў з беларускай на рускую мовы. Патлумачыла розніцу між мовамі гутарковай, літаратурнай і мовай літаратуры, а таксама прычыны, з-за якіх неабходна валодаць як мага большай колькасцю моваў, але найперш - роднаю.

Са старшакласнікамі сустрэлася гарадзенская паэтка, сябра суполкі ТБМ Галіна Самойла, якая родам з вёскі Бандары, што непадалёку ад Скідзеля. Галіна Сямёнаўна - зямлячка і пляменніца паэта Міхася Васілька. Яна прачытала свае вершы са зборніка "Зоркі над маўклівай адзінотай" і часопіса "Новы замак". Расказала аб безэквівалентнай беларускай лексіцы ў адносінах да рускай мовы і пазнаёміла з прыкладамі яе выкарыстання ў сваёй кніжцы для дзяцей "Паляцелі птушкі ў вырай".

З цікавасцю вучні трэцяй скідзельскай школы слухалі кіраўніка літаратурна-краязнаўчага музея вёскі Мількаўшчына Таццяну Савянкову, сябра мясцовай суполкі ТБМ. Яна расказала аб славутасцях іх малой радзімы і ў захапляльна-гульнёвай форме правяла прэзентацыю кнігі "Зельнік Элізы Ажэшкі".

Хочацца верыць, што і арганізатары, і ўдзельнікі, якія душой і сэрцам дакрануліся да святкавання дня роднай мовы, заўсёды з любоўю і гонарам будуць размаўляць па-беларуску.

Сябры Скідзельскай суполкі ТБМ

"Мова продкаў маіх, не змаўкай…"

Дзень роднай мовы на Слонімшчыне

21 лютага ў клубных установах Слонімскага раёна быў наладжаны чэлендж "Дзень роднай мовы на Слонімшчыне". Адно з галоўных месцаў у гэтай моўнай эстафеце было адведзена паэтычнаму слову літаратараў-землякоў.

Творчую эстафету 21 лютага перадавалі адна адной дванаццаць клубных устаноў, дзе ў гэты дзень работнікі культуры разам з наведнікамі пісалі 14-ю Усебеларускую дыктоўку, спявалі песні на роднай мове і чыталі вершы паэтаў Слонімшчыны. У рэжыме он-лайн відэа і фота з чэленджу выкладаліся ў групавы чат, а затым і ў тэлеграм-каналы "Культура Слонімшчыны" і "Культура Гродзеншчыны", а таксама на сайт і на ютуб-канал раённага цэнтра культуры.

Трэба зазначыць, што Усебеларускую дыктоўку ў клубных установах культуры Слонімскага раёна пісалі ўпершыню. Моўны чэлендж таксама стаў новай формай работы, актуальнай у сучасных умовах. Падчас мерапрыемстваў дзеці і дарослыя спачатку запісалі надыктваныя тэксты беларускіх песняў і вершаў, а потым супольна выканалі іх. У эфір прагучалі вершы Алега Лойкі, Міколы Арочкі, Анатоля Іверса, Сяргея Чыгрына, Міколы Канановіча, Яўгена Барышнікава і Ірыны Войткі.

Асабліва зырка прайшлі мерапрыемствы да Дня роднай мовы ў Васілевічах, дзе пасля дыктоўкі адбылося супольнае выкананне знакамітай песні "Клён стары" ў выдатным перакладзе на беларускую мову, у Сурынцы, дзе прыгожа чыталі і пранікнёна спявалі, у Сялявічах, дзе работнікі культуры наладзілі напісанне дыктоўкі і спевы ў этнакутку, у Навасёлках, дзе мерапрыемства адбылося ў знакамітай каравайнай гасцёўні народнага аматарскага аб'яднання "Чараўніцы-каравайніцы". Усяго у мерапрыемствах да Дня роднай мовы ў клубных установах Слонімскага раёна паўдзельнічала каля 100 чалавек.

Святлана Адамовіч. На здымках: Дзень роднай мовы ў Сянькоўшчыне.

* * *

Для навучальных устаноў і ўстаноў культуры Дзень роднай мовы на Слонімшчыне пачаўся не 21 лютага, а значна раней і працягваўся ўвесь тыдзень. За гэты час адбыўся шэраг цікавых мерапрыемстваў, звязаных з роднай мовай, літаратурай, гісторыяй Слонімскага краю.

У Слонімскай раённай дзіцячай бібліятэцы вучні і настаўнікі СШ № 5 г. Слоніма сумесна з бібліятэкарамі правялі цікавае мерапрыемства "Мова продкаў пагаснуць не можа". У самой пятай школе таксама адзначылі Дзень роднай мовы - вучні 6 класа чыталі і аналізавалі апавяданне Івана Мележа "Здарэнне", вучні 8 класа наладзілі літаратурна-музычную імпрэзу пад назвай "Пад музыку пра мову" і г.д.

У Слонімскай СШ № 10 вучні малодшых класаў спаборнічалі ў інтэлектуальнай гульні "Знаўцы роднай мовы".

Шэраг цікавых мерапрыемстваў адбыўся ў вясковых школах Слонімшчыны. Напрыклад, у Новадзявяткавіцкай СШ праходзіла дэкада беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва. Некалькі дзён вучні і настаўнікі прымалі ўдзел у самых разнастайных конкурсах, турнірах, акцыях. Навучэнцы 5-11 класаў, настаўнікі і тэхнічныя работнікі школы ўдзельнічалі ў акцыі "Руска-беларускія моўныя эквіваленты прывітання", а вучні малодшых класаў аформілі прыгожа выставу "Ветлівыя словы маёй роднай мовы". Прыцягвала да сябе ўвагу і выстава ў школьным інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры пад назвай "Два Іваны - беларускай літаратуры тытаны", якая прысвячалася 100-годдзю Івана Мележа і Івана Шамякіна.

Шэраг цудоўных мерапрыемстваў адбыўся ва ўстановах культуры Слонімшчыны. Асабліва пастараліся культасветработнікі з вёсак Сялявічы, Васілевічы, Навасёлкі. Некаторыя мерапрыемствы адбыліся з ініцыятывы і пад куратарствам метадыста Слонімскага раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў, сябра ТБМ Святланы Бушчык. У некаторых установах культуры пісалі вершаваныя дыктоўкі па-беларуску, а потым іх выконвалі пад музыку.

У Дзень роднай мовы беларускія дыктоўкі пісалі амаль усе навучальныя ўстановы Слонімскага раёна. Вось іх колькасць:

Слонім:

Гімназія - 37 вучняў і 5 настаўнікаў;

СШ №2 - 23 вучні;

СШ № 3 - 77 вучняў;

СШ № 4 - 84 вучні;

СШ № 5 - 92 вучні і 16 настаўнікаў;

СШ № 7 - 21 вучань;

СШ № 8 - 47 вучняў;

СШ № 9 - 29 вучняў;

СШ № 10 - 48 вучняў;

Медыцынскі каледж - 26 навучэнцаў.

Слонімскі раён:

Жыровіцкая школа - 11 вучняў і 3 настаўнікі;

Міжэвіцкая школа - 21 вучань і 2 настаўнікі;

Новадзявяткавіцкая школа - 19 вучняў;

Сянькоўшчынская школа - 39 вучняў;

Рахавіцкая школа - 10 вучняў і 2 настаўнікі;

Дзераўноўская школа - 12 вучняў;

Сялявіцкая школа - 8 вучняў і 2 настаўнікі;

Навасёлкаўская школа - 8 вучняў і 2 настаўнікі;

Вялікашылавіцкая школа - 6 вучняў;

Касцянёўская школа - 11 вучняў і 2 настаўнікі;

Парэцкая школа - 10 вучняў і 2 настаўнікі;

Жыровіцкі агра-тэхнічны каледж - 77 навучэнцаў.

Беларускую дыктоўку па нарысу пісьменніка Уладзіміра Арлова "Незалежнасць - гэта…" пісалі 12 сяброў Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Разам, па папярэдніх падліках на сённяшні дзень, беларускую дыктоўку на Слонімшчыне пісалі 864 чалавекі.

Сяргей ЧЫГРЫН, кіраўнік Слонімскай арганізацыі ТБМ.

Падзеі 2020 года

Сымон Барыс

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах)

6 верасня. Дзень беларускага пісьменства ў краіне праходзіць ўжо ў 27-ы раз. Гэтым разам у Бялынічах. За гэтыя гады свята набыло агульнанацыянальны статус і стала адным з самых значных падзей у культурным жыцці.

9 верасня. А. Лукашэнка прызначыў новага Генеральнага пракурора Беларусі. Ім стаў Андрэй Швед. Яму 47 гадоў.

10 верасня памёр гісторык Уладзімір Адамушка. Ён нарадзіўся 1 студзеня 1952 года ў вёсцы Падгайны Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці.

17 верасня. Прэзідэнт падпісаў Указы аб пазбаўленні дыпламатычнага рангу Паўла Латушкі і Ігара Ляшчэні. Дыпламатычнага рангу яны пазбаўлены ў сувязі са здзяйсненнем учынкаў, якія ганьбяць дзяржаўную (дыпламатычную) службу. Таксама Васіль Марковіч вызвалены ад пасады пасла Беларусі ў Латвіі за неналежнае выкананне службовых абавязкаў.

Польшча адкрыла граніцу для турыстаў з Беларусі па турыстычнай візе, але трэба будзе праходзіць 10-дзённы каранцін у ізаляцыі ў сувязі з вірусам.

У чацвер 17 верасня А. Лукашэнка выступіў на жаночым форуме "За Беларусь", які прайшоў у Менску. 13 тысяч жанчын з усёй краіны прыехалі ў "Мінск-Арэну" на вялікіх аўтобусах. Больш за ўсё яны чакалі Мікалая Баскава - і той не падвёў: прыехаў, выступіў. З беларускіх спевакоў быў Аляксандр Саладуха.

17 верасня. Еўрапарламент прагаласаваў за рэзалюцыю, што заклікае структуры Еўрапейскага Саюза ўвесці жорсткія санкцыі супраць прадстаўнікоў улад Беларусі.

18 верасня ў цэнтры Гародні быў урачыста адкрыты помнік Св. Губерту. Адкрыццё прымеркавалі да Дня горада, які абласны цэнтр традыцыйна адзначае ў трэція выходныя верасня. Аўтар помніка скульптар Уладзімір Панцялееў.

19 верасня. Прайшло 11 пратэстаў. У Беларусі за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах 19 верасня затрыманыя 430 чалавек, у тым ліку 415 - у Менску.

19 - 20 верасня. Паломнiкi-хасiды сустрэлi 5781-ы Новы год у Беларусi. Яны спрабавалi трапiць ва ўкраiнскi горад Умань, дзе пахаваны духоўны лiдар брацлаўскiх хасiдаў цадзiк Нахман. Аднак праз пагрозу другой хвалi каранавiруса ўкраiнскiя ўлады хасiдаў у краiну не пусцiлi. Тысячы паломнiкаў месцам сустрэчы яўрэйскага Новага года абралi Беларусь. Частка iх спынiлася ў Пiнску, дзе маецца яўрэйская грамада, дзейнiчае яўрэйская школа. На месцы старых яўрэйскiх могiлак, дарэчы, захавалася магiла духоўнага лiдара пiнскiх хасiдаў.

Да гэтага дня паломнiкi з Iзраiля, краiн Еўропы i Амерыкi хадзiлi па вулiцах горада ў адзеннi чорнага колеру. А ў нядзелю яны апранулi белае адзенне. Бо ў яўрэяў наступiў Рош-Ха-Шана - Новы год. У гэты дзень многiя яўрэi апранаюць белае, як сiмвал чысцiнi i абнаўлення.

20 верасня ў пратэстных акцыях па ўсёй краіне прынялі ўдзел больш за 20 тысяч чалавек. Затрымалі 442 дэманстранты. Арыштаваны да суда 330 чалавек.

21 верасня. А. Лукашэнка прызначыў Вячаслава Даніловіча (былы дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі) на пасаду дырэктара Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

23 верасня. У Палацы незалежнсці ў Менску сёння адбылася інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі. Прысягу ён зачытаў на беларускай мове, а затым Л. Ярмошына ўручыла яму пасведчанне Прэзідэнта. Да апошняга часу ніхто не ведаў пра гэтую падзею, а таму сродкі інфармацыі назвалі яе тайнай. Ніводзін замежны амбасадар не быў запрошаны.

27 верасня, па дадзеных МУС у краіне зафіксаваны 22 пратэстныя акцыі. Усяго за суткі па краіне затрымана звыш 350 чалавек да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях.

29 верасня. Загадам міністра інфармацыі Ігара Луцкага, які атрымала рэдакцыя, для TUT.BY прыпынена магчымасць выкарыстоўваць з 1 кастрычніка 2020 года статус сеткавага выдання.

Беларусь і Расія на VII Форуме рэгіёнаў падпісалі пагадненні і кантракты на больш, чым 700 млн долараў.

30 верасня Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала рашэнне Камітэта па правах чалавека (№ 2482/2014), прынятае па індывідуальнай скарзе жыхара Гомеля Змітра Карашкова, у якім беларускі ўрад абавязалі на працягу 180 дзён змяніць закон аб масавых мерапрыемствах, "каб забяспечыць кожнаму поўнае ажыццяўленне права на свабоднае выказванне думкі".

Афіцыйны Менск, аднак, дасюль ігнараваў рашэнні, якія прымаюцца ў КПЧ ААН.

Па стане на 30 верасня 2020 года агульная колькасць хворых каронавірусам у Беларусі склала 78631 чалавек. За суткі небяспечным вірусам заразіліся 1022 чалавекі. Ахвярамі каронавіруса за суткі сталі 15 пацыентаў. Такім чынам агульная колькасць загінуўшых у Беларусі на сённяшні дзень складае 833 чалавекі.За суткі вылечыліся і адправіліся дадому 405 пацыентаў. Агульная колькасць выздаравелых у Беларусь дасягнула ўжо 74525 чалавек.

Верасень.

На дзвярах тралейбусаў і аўтобусаў у Менску з'явіліся квадрацікі, да якіх дастаткова прыкласці смартфон, каб разлічыцца за свой праезд на гэтым транспарце. Валідатары для праяздных білетаў-картак па разліку ў Менску дзейнічаюць з 2014 года. Тады адмянілі кандуктараў у сталічным гарадскім транспарце.

Мінадукацыі прапануе злучыць ЦТ і выпускныя экзамены ў адзін нацыянальны экзамен.

Кожнаму трэцяму жыхару краіны больш за 55 гадоў.

Пратэсты ахапілі ўсе пласты грамадства. Рэгулярна, штотыдзень, у Менску праходзяць чатыры маршы:

Марш пенсіянераў - штопанядзелак.

Марш людзей з інваліднасцю - шточацвер.

"Жаночыя маршы" - штосуботу.

Галоўны марш - кожную нядзелю.

(Працяг у наст. нумары.)

НЕВЯДОМЫ АЎТОГРАФ БАЙКАПІСЦА

Імёны і даты

Уладзімір Барысенка

Да 125 -годдзя з дня нараджэння вялікага майстра байкі і цудоўнага лірычнага паэта Кандрата Крапівы, які глыбока пранікаў у тайнікі паўсядзённага жыцця і бачыў у ім і гераічнае, і трагічнае і смешнае

ПЕРШАЙ байкай на беларускай мове, якую я яшчэ да школы вывучыў на памяць, была шырокавядомая "Дзед і Баба". Даслоўна магу працытаваць яе і сёння. Помню, як смяяліся, больш, напэўна, з мяне, чым з герояў, бацька і маці - я адначасова паказваў, як адбываецца дзеянне. Як старыя ўдваіх едуць на кірмаш на зусім слабым коніку, якая на возе (разводзіў шырока рукамі ) на сем пудоў Баба, што імкнецца дапамагчы гэтаму коніку, не пакідвючы воза. Тут адразу разумееш, чаму той конік-бядак не можа цягнуць воз. І калі Баба паслухалася Дзеда і злезла з воза, то "каня, як чорт панёс, - дзе ўзяліся й ногі!" Ні пра які бюракратызм я тады і не ведаў, і не думаў. Гэта ўжо ў класе сёмым ці восьмым, як пачалі праходзіць Крапіву, Кацярына Якаўлеўна Магерава ("Рыжая") давяла нам, што твор накіраваны супраць бюракратызму, з якім усё сваё доўгае жыццё змагаўся ў сваёй шматграннай творчасці Кандрат Кандратавіч:

Ва ўстановах часам ёсць

Вось такія ж "бабы":

Здэцца, й робяць яны штось,

Але справы - слабы.

Дарэчы, байка гэтая ўпершыню была надрукавана ў 1925 годзе ў газеце "Беларуская вёска", якая пачала выходзіць з 15 студзеня 1921-га і першапачаткова называлася "Белорусская деревня". Пазней яна насіла назву "Беларуская вёска", "Калгасьнік Беларусі", "Совецкі селянін", "Колхозная правда", покуль не стала многім (асабліва вяскоўцам) вядомай "Сельской газетой"), у якой я адпрацаваў на розных пасадах амаль чвэрць стагоддзя. І сёння ганаруся тым, што ў ёй друкаваўся сам Крапіва. Дарэчы, у "Сяльчанцы" ў розныя яе перыяды працавалі пісьменнікі Святлана Алексіевіч, якая стала ў 2015-м нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры, Марыя Вайцяшонак, Васіль Жуковіч, Уладзімір Жылка, Анатоль Казловіч, Генадзь Кляўко, Валянціна Коўтун, Леанід Левановіч, Макар Паслядовіч, Уладзімір Правасуд, Леанід Пракопчык, Міхась Пянкрат, Віктар Супрунчук, Мікалай Федзюковіч, Мікола Хведаровіч, Віктар Шымук, Васіль Шырко, Уладзімір Шыцік, Эрнест Ялугін, Яўгенія Янішчыц...

Нагадаю, што сапраўднае прозвішча Крапівы - Атраховіч. Сэнс жа свайго псеўданіма майстар тлумачыў напісаным яшчэ ў 1922-м вершы "Крапіва":

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава.

А якая? Смех, дый годзе:

Я - пякучка-крапіва.

,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,

Хто сустрэўся быў са мною,

Дакрануўся раз ці два,

Дык той ведае ўжо, хто я:

Я - пякучка-крапіва.

Як адзначаюць даследчыкі і біёграфы, пад трапны абстрэл крапівінскай сатыры адразу ж патрапілі пустазвоны і гультаі, хабарнікі і бескультурнікі, знахары і забабоншчыкі, пратэкцыяністы і сквапнікі, п'яніцы і злодзеі. Праўда, двум апошнім у гэтым пераліку катэгорыям было, як паказвае час, не так крыўдна. Праблему не можа дапамагчы вырашыць нават сам Бог!

Сатырычныя вершы пакаленні беларусаў цытуюць радкоўямі. А вось вядомыя многім крылатыя выразы Крапівы - з ягоных баек. Некаторыя прывяду, і вы адразу ж прамовіце - канешне, ведаем: "Другі баран ні "бэ", ні "мя", а любіць гучнае імя","Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала", "Пад кола жаба не падлазь"… Ну вось, разам і ўзгадалі.

Адначасова з паэзіяй Крапіва ствараў і прозу. Вельмі шкадую, што занадта позна "знайшоў" ягоны няскончаны аўтабіяграфічны раман "Мядзведзічы", у якім ён, не маючы літаратурнай адукацыі, распавёў пра жыхароў сваёй роднай вёскі Нізок напярэдадні калектывізацыі. Асабліва ўразілі мясцовыя дыялекты. Як цяпер разумею, менавіта гэтая рэч падштурхнула Івана Мележа (8 лютага 2021-га адзначалася ягонае 100годдзе) да напісання ім аднаго з лепшых для мяне твораў у нашай літаратуры - славутай "Палескай хронікі". Першую яе частку "Людзі на балоце" памятаю падрабязна. А вось другую ("Подых навальніцы") і трэцюю (Завеі, снежань" перачытаў у 2019-м у шпіталі ды бальніцы. Вельмі зручна было карыстацца двухтомнічкам кішэннага фармату з серыі "Мая беларуская кніга", заснаванай выдавецтвам "Папуры". Калі шчыра, далёка не ўсе кніжкі я дачытваю да астатку. Не падабаецца - сябе не сільнічаю, бяру і знаёмлюся з іншай. Цікаўнасць да той, што спадабалася, можа праз нейкі час знізіцца, але толькі не да фантастычнай камедыі Крапівы "Брама неўміручасці", якую ён дапісаў, калі я вучыўся на другім курсе журфака. Ні з чым не магу параўнаць уражанне аб сур'ёзным роздуме мэтра пра неўміручасць чалавечнасці, сапраўдных і фальшывых духоўных каштоўнасцях. Якая ж яна неверагодная і незвычайная, гэтая казачка пра сусветнае шчасце, пра спробу прарвацца ў неўміручасць без чаргі… Я ніколі на такое не пайшоў бы, а вось застацца ў памяці сваіх землякоў-аршанцаў мне ўсё-такі хацелася б. Вельмі ўразіла і напісаная праз дзесяць гадоў псіхалагічная драма "На вастрыі".

Тыя ж даследчыкі зазначаюць, што Крапіва з поўным правам лічыцца прызнаным тэарэтыкам роднай літаратуры. Ён аналізаваў і ацэньваў многія творы сваіх сучаснікаў. Закранаў важныя тэарэтыка-літаратурныя пытанні. Асабліва, як можа здагадацца недасведчаны, яго турбаваў стан сатыры. Даследаваць разнастайныя літаратурныя працэсы літаратар працягваў і пасля таго, як перастаў узначальваць вядомы "Вожык" і перайшоў на сталую працу ў Акадэмію навук, дзе нарадзілася 24 кастрычніка 1979 года свая газета "За передовую науку".

Цікава, што ў час кіраўніцтва сатырычным часопісам (быў люты 1954-га) Крапіва атрымаў ліст ад… маладога настаўніка СШ кіеўскай вёскі Лісавічы Уладзіміра Караткевіча. Той "дакладваў", што "шляхецкіх" слоў са слоўніка Насовіча не ўжывае, але цвёрда памятае: літаратурная мова чыстай і яснай склалася яшчэ ў "Тарасе на Парнасе" і вершах Багушэвіча. І калі хтось лічыць, што мова аўтара ліста падобная да іхняй - ён гэтым толькі ганарыцца. Справа ў тым, што пачынаючы паэт адаслаў таварышу ў Менск свае творы, а той аднёс іх у "Вожык", адкуль мой слынны зямляк атрымаў непрыемную для яго заўвагу: вершы напісаны мовай XІX стагоддзя. "Суцішце гэтых кампрачыкосаў у рэдакцыі", "яны звыклі, седзячы там, корчыць дурня, запаршывелі" - папракаў Крапіву малады аўтар. Ну што тут каментаваць?! Дарэчы, у "Вожык" пераўтварыўся сатырычны ліст "Раздавім фашысцкую гадзіну", які Крапіва рэдагаваў з 1943 года.

У рэдактарскім кабінеце акадэмічнай газеты, які займаў не менш за сорак, чаму нельга было не здзівіцца квадратаў, я ўпершыню ўбачыў Кандрата Кандратавіча, як кажуць," ужывую". Ён трымаў у руках звярстаную старонку і нешта тлумачыў рэдактару Уладзіміру Уладзіміравічу Прылуцкаму. Ад нечаканасці падалося, што абазнаўся, але зблытаць Крапіву з некім было б ганьбай. Да гаспадара памяшкання, якое працягвала мяне ўражваць, я прыбег са старога Дома друку (цераз праспект) па неадкладнай тэрміновай справе.

Праз 36 дзён пасля з'яўлення акадэмічнага выдання, у якім надрукаваны артыкул залічваўся як навуковая праца, мяне прызначылі ў "Сельской газете" загадчыкам аддзела навін з асвятленнем навукі. У сярэдзіне снежня тога ж года ў акадэміі праходзіла Міжнародная выніковая канферэнцыя па рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў. Мяне цікавіў торф, пра які я рыхтаваў вялікі, з працягам, артыкул. Другі яго кавалак ішоў у нумар, а на абмеркаванне справы ў акадэміі я спазніўся… Выйсце было адзінае - ляцець да Прылуцкага і выпраўляць з ягонай дапамогай становішча, што я і зрабіў. Той скарыстаўся занятасцю Крапівы і хуценька, нічога не удакладняючы, даў мне старонку з матэрыялам пра торф акадэміка Івана Іванавіча Ліштвана, з якім мы пасля вельмі пасябравалі. Ён у многім дапамог мне стварыць артыкул, па якім былі прынятыя рашэнні на самым высокім уладным узроўні. Ліштван вельмі добра, з павагай адносіўся да Прылуцкага, які стаў брыгадзірам першай цаліннай брыгады, сфарміраванай у сакавіку 1954-га на 18-м з'ездзе камсамолу Беларусі, і доўгі час працаваў у Казахстане... у галіне журналістыкі. Ад таго візіту на душы было прыемна двойчы. Выкруціўся з артыкулам і ўбачыў … доктара філалагічных навук, акадэміка, віца-прэзідэнта акадэміі, Героя Сацыялістычнай Працы, які тройчы адзначаўся Дяржпрэміяй СССР.

Ні ў якім сне не мог я тады прысніць, што праз даволі працяглы час буду дапамагаць Асацыяцыі працаўнікоў праваахоўных органаў "Шчыт Чарнобыля" разам з сынам Уладзіміра Уладзіміравіча Алегам, будучым генералам, ураджэнцам Сяміазёрнага раёна Кустанайскай вобласці.

Мы пасябравалі з Прылуцкім-малодшым у 1999-м, адразу пасля знаёмства ў інтэрнаце Трактарнага завода на вуліцы Кашавога. Там, на 11 паверсе, кватаравала пасля выгнання Валерыем Астапавым з Рэвалюцыйнай, 5, аб'яднаная рэдакцыя МУС, якой кіраваў Міхась Розум. Выдавалі пяць газет, у тым ліку "Пажар", які я пасля кароткага знаходжання на пасадзе загадчыка аддзелам філасофіі і права часопіса "Беларуская думка" рэдагаваў. Даволі хутка нас вытурылі і з інтэрната. Прыюціў урэшце рэшт, з дапамогай палкоўніка Іосіфа Кучынскага, вучэбны цэнтр МУС на К. Лібкнехта, 57. Яго ўзначальваў палкоўнік-дуралом Бялянін, які пры перамовах, у адказ на маю прапанову замачыць усяленне півам, хацеў выклікаць мясцовы міліцэйскі нарад.

У час адной з чарговых моцных застольных размоў у інтэрнаце я ўдакладніў у Алега пра бацьку і намаляваў яму абставіны першай з ім сустрэчы. Алег Уладзіміравіч схамянуўся, добрыя вочы яго заззялі, ён ускінуў у гару моцныя, як у касманаўта, рукі: "А ну-ка хутчэй налівай! Слухай уважліва ўсё, што я табе зараз паведамлю, гэта будзе табе дужа цікава!" І я пачуў…

Аднойчы бацька, між іншым, прамовіў, што збіраецца "ў госці" да свайго сябра Кандрата Крапівы: "Трэба аднесці яму на вычытку ягоны новы артыкул". "Слухай, - загарэўся Алег, - вазьмі ты і мяне разам з тым артыкулам!" Малодшы працаваў тады (сустрэча адбылася 17 кастрычніка 1985-га) старшым інспектарам арганізацыйна-метадычнага аддзела ўпраўлення выканання пакаранняў МУС. Гэта была маёрская пасада.

Прыйшоў на яе з газеты "Трудовой путь", дзе шчыраваў з сябруком па жыцці Міхасём Басавым (разам былі і ў Чарнобылі) пад кіраўніцтвам Міхася Сцяпанавіча Анісімава, светлай памяці чалавека.

Рыхтаваўся Алег да адказнага, хвалюючага візіту, як не аднойчы падкрэсліваў, так, як ні да якой дагэтуль падзеі, за выключэннем, хіба што, свайго з'яўлення ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. Нават вывучыў на памяць па-расейску байку "Заносчивый кабан", якую нагадваў мне пасля чаркі, калі, як правіла, працягвалася абмеркаванне паводзін некаторых знаёмых:

Бывает - правда очи колет...

Раз гнал пастух свиней на поле.

Один заносчивый Кабан,

Что влез в деревне

в каждый жбан,

За утро все обшарил зауголья,

Теперь был столь

надменно-важен,

Что свой пятак задрал

на сажень.

А калі адзін Падсвінак трапна заўважыў, што на ягоным лычы - бруд, дужа раз'юшыўя...

Кабан смотреть хотел не очень

Чистейшей правде в очи.

На пасадзе віца-прэзідэнта акадэміі Крапіва знаходзіўся да 1982 года, калі папрасіў, каб яго перавялі старшым навуковым супрацоўнікам-кансультантам. Стан грамадскіх навук, адмінстрацыйныя пытанні, партыйныя задачы, нарады, канферэнцыі, паседжанні, дэпутатства. Спраў хапала, як кажуць, з галавой. Але ж, як дзейны літаратуразнавец, асадку далёка і надоўга ад сябе не адкладваў. Працаваў апошнім часам больш дома, куды і накіраваліся Прылуцкія. Разам з радкамі ў галаве па-расейску малодшы нёс з сабой у моднай скураной карычневай сумцы новую ручку, зборнік выбранай паэзіі пісьменніка, выпушчаны ў 1971-м выдавецтвам "Беларусь" у серыі "Бібліятэка беларускай паэзіі" накладам у 11 тысяч асобнікаў і самы круты на той час люстраны фотаапарат "Зеніт-Е".

Дзверы ў кватэру дома нумар 76 на праспекце імя Леніна адчыніла ўнучка Алена, якая пасля Тэатральна-мастацкага інстытута толькі скончыла аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Госці знялі абутак, распрануліся і прайшлі ў працоўны кабінет. Старэйшы застаўся вычытваць набранае з гаспадаром, які адразу ажывіўся і пачаў пільна ўглядацца ў асабісты тэкст, быццам бачыў яго і чытаў упершыню. Малодшы, тым часам, як заўжды, не разгубіўся і пачаў размаўляць з унучкай, дэманструючы фотаапарат.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

Дзень роднай мовы ў ТБМ Гародні

У Гародні і вобласці навучальныя ўстановы, бібліятэкі, грамадскія арганізацыі, адміністрацыйныя ўстановы напісалі чатырнаццатую Агульнанацыянальную дыктоўку за два дні да свята роднай мовы. Асобныя грамадзяне маюць магчымасць напісаць беларускую дыктоўку, знаходзячыся дома, менавіта на Дзень роднай мовы. Заўважым, што праз каронавірусную пандэмію правесці масавую дыктоўку пад эгідай Таварыства беларускай мовы не рызыкнулі, але напісалі малой грамадой - актывам ТБМ Гарадзенскай вобласці і горада.

Кажа Іван Буднік, адзін з найстарэйшых сяброў арганізацыі:

- Мова яднае нацыю, а 2021 год аб'яўлены годам яднання народа. Гэта вельмі важна, таму што яна аснова нацыі, аснова дзяржавы. Таму надзяляецца вельмі вялікая ўвага і грамадскімі арганізацыямі, а цяпер і дзяржаўныя ўстановы таксама далучыліся да гэтай вялікай кампаніі. Праводзіцца сёлета чатырнаццатая Агульнабеларуская дыктоўка.

Тэкст, які выбралі сябры гарадзенскага ТБМ, прысвечаны роднай мове, быў аўтарства Апанаса Цыхуна, заслужанага настаўніка Беларусі, шчырага беларускага патрыёта. Зачытаў яго Алесь Крой, старшыня Гарадзенскай гарадской рады ТБМ і расказаў пра гісторыю тэкста:

- Верш - гімн беларускай мове. І ўжо на пачатку 2000-х гадоў яго сябар - гарадзенскі кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі - напісаў ноты пад гэты верш. Потым яны яшчэ стварылі другі варыянт гэтага гімна. І вось сёння мы вырашылі ўспомніць гэты гімн на роднай мове і прачыталі яго для нашых сяброў таварыства беларускай мовы.

Беларусы могуць выбраць уласны тэкст з беларускай літаратуры, па якім напішуць агульнанацыянальную дыктоўку. Таварыства беларускай мовы таксама падрыхтавала відэафайл з зачытанымі тэкстамі на выбар: да 90-годдзя паэта Ніла Гілевіча, і да 30-годдзя аднаўлення незалежнасці Беларусі.

Тацяна Савянкова прынесла цэлую калекцыю дыктовак, якія яна пісала цягам чатырнаццаці год. Адна з дыктовак - з аўтографам Генадзя Бураўкіна.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя.

ДНІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ГрДМУ

19 лютага ў Гарадзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прайшла Агульнанацыянальная дыктоўка, у якой прынялі ўдзел выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта. Таксама ў рамках Дзён беларускай мовы адбыліся творчыя сустрэчы сяброў літаратурнага клуба "Катарсіс" са студэнтамі, выстава карцін "Грані творчасці", конкурсы эсэ і вершаў на беларускай мове.

Старшыня аргкамітэта па правядзенні Дзён беларускай мовы ў ГрДМУ Віктар Варанец.

Магілёўскія дыктоўкі на Дзень роднай мовы

У Магілёве ў ТБМ імя Ф. Скарыны ёсць свая традыцыя - на Дзень роднай мовы сабрацца ва ўтульнай зале Палаца культуры вобласці і напісаць дыктоўку паводле твора свайго выдатнага земляка. Сёлета эпідэмія ўнесла свае карэктывы, і сабрацца поплеч, на вялікі жаль, нам не ўдалося. Але сучасныя сродкі камунікацый дазваляюць нам весці сваю справу папулярызацыі нацыянальнай культуры дыстанцыйна. У гэты раз мы правялі мерапрыемства з дапамогай Вайбера.

У гэтым годзе спаўняецца 90 год з дня народзінаў нашага паэта з Магілёўшчыны Сцяпана Гаўрусёва, і мы абралі ў якасці тэксту для нашай дыктоўкі яго верш "Рамонкавы хлопчык". Тэкст дыктоўкі чытаў вядомы магілёўскі настаўнік Алесь Цітоў. Напярэдадні нашай дзеі былі абвешчаны самыя паспяховыя ўдзельнікі леташняга свята роднай мовы. У 2020 годзе мы пісалі дыктоўку паводле тэкста "Сівая легенда" Уладзіміра Караткевіча. Адзнаку "9" у нас атрымалі наступныя ўдзельнікі: Глухава Святлана, Лаўранцова Алена, Папова Кацярына, Стагначова Дар'я, Станкевіч Вольга. На "8" напісалі: Брындзіна Таццяна, Бутанава Ніна, Карсакоў Дзмітрый, Камісарава Дана, Цумарава Алена, Бушкова Таццяна, Сенакосава Вольга, Дымкоў Сяргей, Астанькова Вольга, Андрэй Вараб'ёў, Гулевіч Алена. Шчыра віншуем нашых пераможцаў!!!

Алег Дзьячкоў. Магілёў.

Памяці Анатоля Чачоткі

4 лютага 2021 года не стала сябра Саюза журналістаў Беларусі, ветэрана Беларускага радыё, сябра ТБМ імя Ф. Скарыны і даўняга падпісчыка штотыднёвіка "Наша слова" Анатоля Ільіча Чачоткі. Яму было 78 гадоў.

Асабіста я стараўся не прапускаць перадачы славутага радыёжурналіста. Ён сам захапляльна распавядаў і знаходзіў цікавых суразмоўцаў, якія падымалі самыя разнастайныя надзённыя праблемы і даносілі іх толькі на роднай мове. Я не чуў ні адной перадачы спадара Анатоля, якую б ён вёў на чужой мове! Нават ў самыя ліхія антыбеларускія гады. Ён не здраджваў аднойчы прынятаму прынцыпу: карэспандэнцкі тэкст павінен гучаць толькі на роднай мове. Нават тады,калі інтэрв'ю дае паляк ці немец. За чатыры дзесяцігоддзі працы журналістам Беларускага радыё ён скалясіў усю краіну, самыя аддаленыя яе куточкі. Гэта асабліва падкрэсліваюць ветэраны радыё. Яны расказваюць, што на стале, за якім працаваў А. Чачотка ляжала мапа Беларусі, на якой той адзначаў мясціны, якія наведаў ў чарговай камандзіроўцы. Дык праз чатыры дзясяткі год плённай працы на той мапе ўжо не было не адзначаных раённых цэнтраў, мястэчкаў і буйных вёсак! Якой не была скупой дзяржава на адзнакі за добрую працу, але тое-сёе перапала. Тройчы ўзнагароджваўся медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР за цыкл радыёнарысаў пра людзей беларускай вёскі, таксама стаў лаўрэатам прэміі Саюза журналістаў Беларусі...

У 1991 годзе за цыкл перадач "Мікрафон перабудовы" сваім лаўрэатам А. Чачотку назвалі прафсаюзы Беларусі. Але больш за ўсё спадар Анатоль ганарыўся званнем "Выдатнік тэлебачання і радыё".

...Спадар Анатоль мяне асабіста запрашаў пацікавіцца сваёй хатняй бібліятэкай. У невялічкай кватэры творцы можна было ўбачыць больш за тры тысячы тамоў.

Анатоль Чачотка супрацоўнічаў таксама з рознымі дэмакратычнымі выданнямі.

Выказваю спачуванне родным і блізкім памерлага.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Ахвяраванні на ТБМ

1. Бандарчык Уладзімір - 30 р.

2. Варанцоў Міхал - 40 р.

3. Вашкевіч Ігар - 30 р.

4. Камлюк Алесь - 40 р.

5. Сабаленка Алесь - 30 р.

6. Цярохін Уладзімір - 40 р.

7. Зянкевіч Андрэй - 20 р.

8. Ткачоў Аляксандр - 10 р.

Усе - сябры суполкі № 1 ТБМ імя Ф. Скарыны жыхароў мікрараёна "Зялёны Луг - 7".

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас: вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ № BY84BLBB30150100129705001001 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белін-вестбанка" IBAN - BLBBBY2X (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.

Як аплаціць цераз МТБ - банк?

МТБ-банк => Аплата паслуг => Іншыя аплаты => Вольны плацёж => Працягнуць => Выбраць картку МТБ для аплаты => Увесці прозвішча => Працягнуць => БІК банка атрымальніка: BLBBBY2X => Працягнуць => Рахунак: BY84BLBB30150100129705001001 => ПІ Іпб/Найменне атрымальніка: ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" => УНП атрымальніка: 100129705 => Прызначэнне плацяжу: Складкі ці Ахвяраванні => Працягнуць => Працягнуць => З карты - выбіраем сваю карту => Набіраем суму => Аплата.

Аплата праз асабісты кабінет

Плацяжы => Вольны плацёж.

Атрымальнік: ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Рахунак атрымальніка: BY84BLBB30150100129705001001.

BIC банка-атрымальніка: BLBBBY2X.

УНП: 100129705.

ПІІпб адправіцеля: ...

Адрас: ...

Код плацяжу - прапускаем.

Прызначэнне плацяжу: Складкі (за перыяд студзень-сакавік 2021 г.).

За перыяд: Выбіраем месяц, у якім робім пералічэнні.

Сума: 20,00.

Далей: Аплаціць.

Мацвей Васільевіч Фурсаў - гісторык і педагог, дырэктар Магілёўскай мужчынскай гімназіі. Частка ІІ

Гісторыя Магілёўшчыны

У хуткім часе Мацвей Фурсаў прыехаў у губернскі Магілёў і пасяліўся на казённай кватэры на вуліцы Вялікая Садовая (зараз вуліца Ленінская), у адным з трох драўляных флігеляў пры гімназіі. Дырэктарам М. Фурсаў быў да 1 лютага 1887 года. На гэтай пасадзе Мацвей Васільевіч праявіў сябе не толькі, як выдатны выкладчык і навуковец, але і як здольны арганізатар. Магілёўская гімназія была адкрыта ў 1809 годзе. У 1838 годзе купец І гільдыі Мяснікоў падараваў гімназіі флігель з прылеглым пляцам, які знаходзіўся адразу за навучальнай установай. У тым жа годзе ў гэтым будынку быў адкрыты Высакародны пансіён для дваранскіх дзяцей, які праіснаваў да 1868 года.

Адразу па прыбыцці ў Магілёў Фурсаву давялося актыўна ўзяцца за мадэрнізацыю і перабудову гімназіі. Пад яго кіраўніцтвам у 1877-1879 гадах корпус гімназіі быў часткова перабудаваны. Да старога мураванага корпуса была зроблена вялікая прыбудова, для чаго давялося знесці драўляныя флігелі, якія выходзілі на В. Садовую, і ў выніку будынак стаў у плане падобны на літару "Г." На другім паверсе была ўсталявана дамавая царква Святога Аляксандра Неўскага, а на першым паверсе зрабілі актавую залу, былі ўладкаваны фундаментальная і вучнёўская бібліятэкі.

Пры гімназіі ў 1879 годзе пасля перабудовы будынка па ініцыятыве дырэктара і са згоды губернатара быў пасажаны пладовы сад: 50 штук яблыняў і 20 грушаў на плошчы ў адзін гектар. На пасадцы сада разам з гімназістамі быў і Мацвей Васільевіч Фурсаў разам з былым дырэктарам гімназіі, а з 1875 года дырэктарам Горацкай земляробчай вучэльні Мікалаем Міхайлавічам Арнольдам і старшым выкладчыкам той жа ўстановы Эдуардам Фёдаравічам Рэга. Што цікава, у гэты ж час ў гімназіі навучаліся сыны М. Арнольда і Э. Рэга: Іван Мікалаевіч Арнольд, які стаў вядомым навукоўцам-іхтыёлагам, прафесарам Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Юліян Эдуардавіч Рэга з братам Робертам Эдуардавічам Рэга.

Пасля рэканструкцыі гімназія мела вялікі двор плошчай да 6000 квадратных сажняў (гэта больш за 2,5 гектары), з садам і скверам, якія служылі вучням месцам для гульні і адпачынку. Пазней у дадатак, былі створаны два вялікія двары для заняткаў гімнастыкай.

Акрамя адміністратыўных абавязкаў Мацвей Фурсаў актыўна займаецца педагагічнай дзейнасцю і выкладае гімназістам гісторыю, геаграфію і расійскую славеснасць, а часам і лытынь.

Таленавіты настаўнік выкарыстовывае ў працэсе навучання розныя сучасныя методыкі і прыёмы. Часам нават выходзячы за межы зацверджанай афіцыйнай адукацыйнай праграмы. Напрыклад, у 1879 годзе вучань гімназіі Карл Каменскі ў межах літаратурных чытанняў па геаграфіі выступіў з вусным паведамленнем "Белоруссия. Характер и хозяйство белорусов.". Даследчыкі адзначаюць па гэтым факце наступнае, што ва ўмовах існавання Беларусі ў Расійскай імперыі выключна пад назвай "Северо-Западный край" такія тэмы для вывучэння гімназістамі не віталіся ўладамі, і таму М. Фурсава можна з поўным правам залічыць у пачынальнікі школьнага краязнаўства на Магілёўшчыне.

За плённую і сумленную службу 28 снежня 1879 года М. В. Фурсаву прысвоілі чын дзейснага стацкага дарадцы, што адпавядала 4 класу. Як адзначае магілёўскі гісторык Марына Тарасава, пасада дырэктара адпавядала рангу чыноўніка 5-га класа, і сярод магілёўскага чынавенства прадстаўнікоў з такім высокім званнем было не шмат і прысутнасць у губернскім цэнтры такога адукаванага і актыўнага чалавека, як Мацвей Васільевіч, упрыгожвала мясцовае інтэлектуальнае жыццё.

Не заставаўся ў баку Мацвей Васільевіч і ад грамадскага жыцця горада. Уваходзіў у склад камітэта па заснаванні ў Магілёве Александраўскай рэальнай вучэльні і прымаў удзел у закладцы падмурка навучальнай установы 24 сакавіка 1884 года на Касцерні. Садзейнічаў перадачы часткі зямлі гімназіі пад будаўніцтва новай адукацыйнай установы. М. Фурсаў актыўна далучыўся да вялікай і крапатлівай працы па стварэнні трохтомніка "Дослед апісання Магілёўскай губерні", які выйшаў у свет у 1882-1884 гадах. Менавіта яму належыць "Гістарычны нарыс Магілёўскай губерні". Гэты твор быў настолькі запатрабаваны, што нават выйшаў асобнай кнігай. Для другога тома Фурсаў разам з калегам, з выкладчыкам старажытных моў гімназіі М.В. Тымінскім напісаў артыкул "Вучылішчная справа ў губерні з часоў далучэння Беларускага краю да Расійскай імперыі."

З лютага 1883 года Мацвей Фурсаў займае таксама вельмі адказную і цікавую пасаду рэдактара неафіцыйнай часткі газеты "Магілёўскія Губернскія Ведамасці." За часы рэдактарства Фурсавым было надрукавана не менш за 176 артыкулаў пра жыццё і гісторыю Магілёўскай губерні. Гісторыі нашага краю ў газеце ўдзялялася асаблівая ўвага, бо многія дакументы ў архівах вывучаліся непасрэдна Фурсавым. Матэрыялы пісаліся на актуальныя тэмы, жывой і даступнай мовай: "Гістарычны нарыс Магілёўскай гімназіі", "Друкаванне кніг на рускай мове ў Магілёўскім краі", "Справа магілёўскіх мяшчан з Максімовічам і Лаўровічам", "Пасяленні смаленскіх крывічоў у межах Магілёўскай губерні", "Каралеўскі ліст 1532 года", "Калі з'явіліся яўрэі ў Літве", "Магілёўская гімназія ў 1809 годзе", "Праваслаўе на Літве і ў Беларусі", "Гістарычныя ўспаміны"… Фурсаў друкаваўся ў газеце і іншых выданнях пад уласным прозвішчам, або пад псеўданімамі М.В.Ф, М.Ф., М.Ф-в, М.Ф-ь, Ф.

Дзякуючы рэпутацыі сумленнага і справядлівага чалавека 4 сакавіка 1883 года М. Фурсава абралі на ганаровую пасаду старшыні савета Магілёўскага Богаяўленскага брацтва. Але ўжо з 22 кастрычніка 1884 года з гэтай пасады пайшоў па ўласнай просьбе. Будучы сябрам гэтай дабрачыннай арганізацыі ў 1884 годзе падрыхтаваў адукацыйны дапаможнік па арыфметыцы "Навучанне ліку ў першапачатковых народных школах". Гэта невялікая кніга была падрыхтавана з улікам асаблівасцей беларускай метралогіі і прызначалася для настаўнікаў царкоўна-прыходскіх школ, у якіх не было спецыяльнай педагагічнай адукацыі. Аўтар за сваю працу ганарар не атрымліваў, і кніга накладам 1200 экзэмпляраў была надрукавана ў мясцовай друкарні Ш. Фрыдланда ў 1884 годзе.

Летам 1887 года Мацвея Фурсава па ініцыятыве міністра асветы нечакана звальняюць са службы дырэктара мужчынскай гімназіі. Якая прычына адстаўкі, дагэтуль не высветлена. Бо заявы аб звальненні Фурсаў не падаваў, і знешніх яўных прычын не было агучана. За ўсе гады сваёй педагагічнай дзейнасці, а гэта больш за 35 год, Мацвей Васільевіч не прапусціў ніводнага ўрока. А яго служба і праца неаднаразова адзначаліся падзякамі і ўзнагародамі: ордэн Уладзіміра 3 і 4 ступені, ордэн Станіслава 2 ступені, Ганны 2 ступені з імператарскай каронай, а за вайну 1853-1856 гадоў ён атрымаў дыяментавы пярсцёнак. "За выслугу тэрміну", які па Палажэнні складаў 25 год, а Фурсаў праслужыў 38 год, яго звольнілі з дырэктарства "з дазволам насіць пасля адстаўкі мундзірны паўкафтан, апошняй пасадай прысвоены".

Сапраўднай прычынай звальнення, даследчыкі мяркуюць, што гэта звязана з так званым "яўрэйскім пытаннем". Пры Фурсаве ў навучальных установах, якімі ён кіраваў, не было антысемітызму і ксенафобіі. Напрыклад, у Магілёўскай мужчынскай гімназіі ў 1878-79 вучэбным годзе іудзеі складалі 100 чалавек - 20 адсоткаў. А ў 1884 годзе з 39 гімназістаў, якія атрымалі атэстат, 14 чалавек былі іудзеямі - 36%. І пры гэтым іудзеямі былі абодва медалісты, якія паходзілі з мяшчан Магілёўшчыны: Давід Ландаў атрымаў залаты медаль і Берка Гісін быў атэставаны з сярэбраным медалём.

На наступны вучэбны год, калі М. Фурсаў ужо не быў дырэктарам гімназіі, у сярэдніх адукацыйных установах Віленскай акругі ўводзілася дзесяціпрацэнтная норма прыёму дзяцей іудзеяў. І, верагодней за ўсё, талерантны Мацвей Фурсаў для такой вялікадзяржаўнай сістэмы адукацыі ў якасці кіраўніка не падыходзіў. Унёсак Мацвея Васільевіча ў развіццё Магілёўскай мужчынскай гімназіі цяжка пераацаніць. Вось пералік некаторых выпускнікоў гімназіі, якія навучаліся пры М. Фурсаве: Галынец Лявон - доктар медыцыны, аўтар дысертацыі па медыцынскай геаграфіі і статыстыцы Магілёва; Забэла Мікалай - народнік-прапагандыст; Гарбатоўскі Вацлаў-Мікадзім - доктар медыцыны, гісторык аховы здароўя; Аміцін Гірш - доктар медыцыны; Залкінд Лейба-Мойша - народаволец, даследчык бурацкага народа, гісторык; Краўзэ Уладзімір - пісьменнік, педагог, філолаг і перакладчык; Лепяшынскі Панцеляймон - доктар гістарычных навук, арганізатар Маскоўскага музея рэвалюцыі і многія іншыя.

Пасля адстаўкі Мацвей Васільевіч увесь свой час прысвяціў грамадскай, навуковай, асветніцкай і дабрачыннай дзейнасці. З 1882 года займаўся добраўпарадкаваннем публічнай бібліятэкі, якая яшчэ ў 1876 годзе па патрабаванні гарадской Думы была пераведзена з будынка ратушы ў памяшканне Казённай палаты. За сем год прывёў да ладу кніжныя зборы і выдаў каталог, які надрукавалі ў Магілёве ў 1889 годзе з дазволу губернатара А. Дамбавецкага.

Працяг будзе.

Наталля Куляшкова. Алег Дзьячкоў. Магілёў.

Якім жа быў Дзень роднай мовы ў бібліятэках Лідчыны?

Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб дазнацца нешта новае пра беларускую культуру і мову, паглядзець на сябе збоку, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці.

Мова яднае нацыю, народ і ўсіх людзей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны. Кожны чалавек павінен шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру свайго народа. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для ўсіх філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", вельмі важным святам для супрацоўнікаў, чытачоў, наведвальнікаў бібліятэк і звычайных аматараў беларускай мовы. Усе арганізаваныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.

Шанаванне роднай мовы распачалі ў філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка" 17 лютага, калі гасцей запрасілі на гадзіну беларускай мовы "Гучы, родная мова!". Вучні 7 класа ДУА "Дзітвянская сярэдняя школа" з задавальненнем слухалі вершы беларускіх аўтараў, урыўкі з празаічных твораў, бо беларуская мова - гэта родная мова, сакавітая, меладычная і пяшчотная. Кемлівыя знаўцы роднай мовы мелі магчымасць прыняць удзел у інтэлектуальна-пазнавальным моўным турніры. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Святочнасць мерапрыемству надалі музычныя нумары таленавітых вучняў мясцовай школы.

Традыцыйным становіцца ўдзел філіялаў у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, сёлета акцыю падтрымалі Лідская раённая бібдіятэка імя Янкі Купалы, філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3", філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая", філіял "Мінойтаўская сельская бібліятэка" і філіял "Дварышчанская сельская бібліятэка".

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла ўсіх ахвочых 19 лютага да напісання 14-й агальнанацыянальнай дыктоўкі, якая была прысвечана 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама Году народнага адзінства ў Беларусі. Таварыства беларускай мовы для напісання дыктоўкі прапанавала ўрывак з кнігі "Глыбокая плынь" Івана Шамякіна, 100-гадовы юбілей якога сёлета адзначаецца. Намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Вацлававіч Суднік таксама прымаў удзел у мерапрыемстве. Чакаючы вынікаў дыктоўкі, усе прысутныя маглі з карысцю бавіць час - супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі адкрыты прагляд літаратуры І. Шамякіна "Пісьменніцкае слова на далоні". Па выніках дыктоўкі ўсе справіліся выдатна і добра як прысутныя навучэнцы школ г. Ліды, так і дарослыя чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі.

Тым жа днём у музейным пакоі "Спадчына" філіяла "Дварышчанская сельская бібліятэка" сабраліся аматары беларускай мовы - вучні ДУА "Дварышчанскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа", каб разам са сваёй настаўніцай Шостак Ірынай Леанідаўнай напісаць дыктоўку па твору Івана Шамякіна "Глыбокая плынь".

"З роднай моваю на "ты"" - пад такой назвай прайшла гульня-спаборніцтва для гасцей філіяла "Мінойтаўская сельская бібліятэка". Для прысутных бібліятэкар правяла некалькі конкурсаў на веданне роднай мовы, гісторыі роднага краю, традыцый беларускага народа. А пасля ўсе разам прынялі ўдзел у напісанні Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" была праведзена літаратурная гасцёўня "Жыві, мая родная мова!", на якой прысутным таксама прапанавалі напісанне дыктоўкі, з якой справіліся ўсе на выдатна. Падчас мерапрыемства гучалі вершы і песні на роднай мове, дадаткам стаў агляд кніг "З любоўю да роднага слова".

Для сяброў лідскіх арганізацый ГА "Таварыства беларускай мовы" 14-я Агульнанацыянальная дыктоўка традыцыйна прайшла ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3".

Сапраўдная любоў да сваёй краіны неймаверная без любові да сваёй мовы. Кожны чалавек з дзяцінства пачынае гаварыць, думаць, разважаць на роднай яму мове. У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" прайшла паэтычная гадзіна "Гімн роднай мове", прымеркаваная да святочнага дня. У гэты дзень прайшлі гучныя чытанні вершаў беларускіх пісьменнікаў: П. Панчанкі, У. Дубоўкі, М. Танка, К. Цвіркі і інш. з навучэнцамі ДУА "Лідская дзіцячая музычная школа мастацтваў".

Філіял "Гудская сельская біліятэка" ветліва сустрэў гасцей на гадзіне роднай мовы "Каласы роднай мовы". Вучні 6-9 класаў мясцовай школы завіталі на мерапрыемства і апынуліся на сапраўдным спаборніцтве знаўцаў і аматараў беларускай мовы.

Юных чытачоў чакалі ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" на мерапрыемстве "Свет беларускіх кніг!", дзе яны змаглі пазнаёміцца з пісьменнікамі, якія пісалі на беларускай мове, выкарыстоўвалі яе ў сваім жыцці, ганарыліся і паважалі беларускае слова. Каб лепш валодаць, умець размаўляць і разумець беларускую мову, для дзяцей былі праведзены віктарына "Беларускія перакладчыкі" і гульня "Мовазнаўцы". Хлопчыкі і дзяўчынкі паразважалі, для чаго чалавеку і дзяржаве трэба мець уласную мову, а таксама называлі іхнія самыя любімыя беларускія словы. Для дзецей быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры "Роднае слова ў кнігах".

Не пакінуў без увагі святочны дзень і філіял "Iнтэграваная бiблiятэка аграрарадка Бердаўка", дзе быў праведзены вечар "Роднай мовы жывыя вытокi", прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Удзельнiкi мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з гiсторыяй узнiкнення беларускай мовы, яе фармаваннем і асаблівасцях, пазнаёмілі з вуснай народнай творчасцю i з творамі пiсьменнiкаў-юбiляраў 2021 года.

Цікавыя імпрэзы прайшлі ў Мажэйкаўскай і Тарноўскай сельскіх бібліятэках.

І гэта толькі частка яскравых і найцікавейшых мерапрыемстваў, якія прайшлі ва ўтульных залах бібліятэк Лідчыны. Спадзяемся, што мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, нікога не пакінулі абыякавымі, і бібліятэкары змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што трэба ведаць і любіць - "зямлі бацькоўскай слова". Праведзеныя мерапрыемствы дазволілі перажыць моцныя пачуцці радасці і гонару за сваю Радзіму, пераканацца, што родная мова - бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць.

Наш кар.

Дзень роднай мовы адзначылі сталічныя літаратары і музыкі

Бываюць у жыцці дні, якія застаюцца ў памяці насзаўсёды і, нібыта чароўныя зоркі, свецяць потым праз усё жыццё. Менавіта такім для многіх стаў дзень 21 лютага 2021 года, калі ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Талстога сабраліся вядомыя літаратары і музыканты, шматлікія слухачы, аматары паэзіі і музыкі, каб адзначыць сапраўднае для ўсіх інтэлігентных людзей Беларусі свята - Дзень роднай мовы.

Вядоўцаў у гэтага мерапрыемства было двое: супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, паэтка і навукоўца Таццяна Барысюк і кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар", паэт, празаік, журналіст Вячаслаў Корбут.

Распачала імпрэзу, як заўсёды прыгожая і ў новай сукенцы, Таццяна Барысюк. Яна шчыра павіншавала ўсіх прысутных са святам - Днём роднай мовы. Потым Таня зазначыла, што мова - адна з найпершых умоў існавання нацыі, і пакуль ёсць беларуская мова, пакуль яна жыве, пакуль мы ёй карыстаемся, існуюць Рэспубліка Беларусь і беларускі народ! Далей вядоўца працытавала знакаміты верш класіка беларускай паэзіі Максіма Танка "Родная мова", які быў напісаны падчас Вялікай Айчыннай вайны - у 1943 годзе.

З легендаў i казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,

З сузор'яў i сонечных

цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.

З птушынага шчэбету,

шуму дубровы,

I з гора, i з радасцi, i з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святынi народа, бяссмерця яго, -

Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,

Якога б ты нам перадаць не магла.

Няма такiх нетраў, глыбокага мора

I гор, праз якiя б ты не правяла

Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння

Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй

Над спаленай хатай,

над родным загонам,

Над будучыняй і песняй маёй -

Над тым, што было

i што век будзе вольным.

Народ пранясе цябе, родная мова,

Святлом незгасальным у сэрцы сваiм

Праз цемру і годы змаганняў суровых.

Калi ж ападзе і развеецца дым

I нiвы васкросшыя закаласяцца, -

Iзноў прашумiш ты

вясновым дажджом,

Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,

Цымбалам дасi iх сярэбраны гром

I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

Сувядоўца Таццяны Барысюк Вячаслаў Корбут распавёў прысутным пра гісторыю ўзнікнення свята - Дня роднай мовы, якое, між іншым, з'яўляецца міжнародным і якое адзначаецца таму, што ў гэты дзень, 21 лютага, людзі некалі пайшлі на смерць за права размаўляць на роднай мове. І, канешне, Вячаслаў чытаў прысутным свае вершы на роднай мове - патрыятычныя і лірычныя, вясёлыя і сумныя.

Там, дзе Колас, дык там і Купала, -

Беларусь іх навек паяднала.

Там, дзе колас мацнее, яднанне,

І Купалле спявае да рання ?

Песні дзве аб журбе і аб шчасці,

Два агні на зямным даляглядзе.

Нам такія ўжо больш і не скласці,

Бо згараюць, нібы на парадзе.


Там, дзе Колас, дык там і Купала,

Мова сэрцы іх сілы з'яднала,

Што калісьці і ў зорным абшары

Будзе весці да болю, да мары,


Да Радзімы, вялікай, нябёснай,

Быццам колас багатай і роснай.

Льецца песня купальскага рання,

Дзе жывуць нашы мары, паданні!..

Адметнай рысай імпрэзы 21 лютага 2021 года стала прысутнасць і ўдзел у ёй музыкантаў і спевакоў, якія прадстаўлялі не толькі розныя музычныя стылі і напрамкі, але і належалі да самых розных узроставых катэгорый.

Першымі з музыкаў выступалі самыя маленькія выканаўцы - вучні вядомай музыканткі і кампазітаркі Вольгі Воінскай. Вольга акампанавала ім на фартэпіяна, на саксафоне гралі Сафія Пушкарова і Міхась Лашко, спявала дачка музыканткі - прыгажуня Аліса Даўжанкова. Дарэчы, у выкананні Сафіі Пушкаровай прысутныя пачулі на саксафоне творы Баха, а Міхась Лашко зайграў мелодыі, пад якія некалі спяваў Элвіс Прэслі. На заканчэнне Вольга Воінская сыграла на фартэпіяна некалькі беларускіх народных мелодый.

Далей імправізаваная сцэна ў зале бібліятэкі перайшла ў распараджэнне старэйшага музычнага пакалення - перад сабраўшыміся выйшаў выступаць оперны спявак, бас Дзмітрый Максімавіч Марозаў. Ён натхнёна павіншаваў усіх са святам - Днём роднай мовы, распавёў, якую вялікую ролю беларуская мова заўсёды адыгрывала і дагэтуль адыгрывае ў ягоным жыцці. Спадар Марозаў выканаў акапэла музычны твор на верш Ніла Гілевіча "Край мой беларускі" (кампазітар Кім Цесакоў), а таксама дзве беларускія народныя песні: "Зіма, зімачка, зіма" і "Невясёла камару".

Зусім яшчэ нядаўна школьніца, а сёння - студэнтка Лінгвістычнага ўніверсітэта Любоў Раманава належыць да той нашай таленавітай моладзі, якая вельмі любіць родную мову, добра ведае яе і піша на ёй цудоўныя творы. У выкананні Любові Раманавай прысутныя пачулі нізку яе новых лірычных вершаў пра каханне - канешне, пра што ж яшчэ можа пісаць маладая дзеўчына напярэдадні вясны!..

Далей не магу не зрабіць невялічкае лірычнае адступленне, бо наступная выступоўца гэтага заслугоўвае… Ах, прыгажуні дзевяностых, - чароўныя пані, музы і феі! Колькі ж вам напісана песень, прысвечана вершаў, колькі дыфірамбаў вы пачулі ў сваім жыцці! Вы значна ўзбагацілі і беларускую літаратуру, і беларускую музыку, і беларускую культуру цалкам, асабліва, калі вы самі маеце дачыненне да творчых прафесій. І тут я маю на ўвазе не толькі Таццяну Барысюк. На імпрэзе 21 лютага прысутнічала яшчэ адна прыгажуня - таленавітая паэтка, празаік і спявачка Людміла Шчэрба, якая, між іншым, вучылася на адным курсе з Таццянай Барысюк на філфаку Белдзяржуніверсітэта. Дарэчы, Людміла і Таццяна разам друкаваліся ў студэнцкія гады ў часопісе "Першацвет". Прыехала Людміла Шчэрба не адна, а разам з мужам Ціханам Мядзведзевым, які акампаніраваў на гітары яе спевам. Таксама спадарыня Людміла прачытала сабраўшымся шэраг вершаў са сваёй новай кнігі.

Шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар", паэтка і празаік Інга Вінарская распавяла прысутным пра вокладку дзявятага нумара гэтага выдання, з якім і выйшла выступаць. Пры стварэнні гэтай вокладкі была выкарыстана графічная карціна славутага беларускага мастака Язэпа Драздовіча, на якой намаляваны старажытны Менск пачатку ХІХ стагоддзя, а дакладней - тая частка Траецкага прадмесця, дзе знаходзіцца Кафедральны сабор. Інга закранула тэму трагічнага лёсу гэтага выдатнага мастака. Далей паэтка адзначыла, што цяперашні час стварэнню лірычных твораў не спрыяе, і пішуцца ў яе дастаткова жорсткія вершы. Частку з іх Інга Вінарская прачытала сабраўшымся.

Бадзягі мы, паэты… Часу сілы

Хаду змарудзяць, мо і зменяць рух,

Калі пачнём размову мы з усімі, ?

Радкамі сонца запляце наш дух.


Паэты мы… Па сонцы лёс звяраем,

Няважна: ці ў палацах, ці ў дамках.

Мы часам п'ём, нярвуемся без краю

І лаемся, бы злодзеі, аж жах.


У продаж душ

чарноцце нас дурманіць,

Ды толькі мы - не зборышча іюд,

А смерць імкнецца запрасіць на танец,

У пастку, як мага хутчэй, тых пут...


Ды ўсходзіць сонца раніцай з усходу,

Зноў разбівае морак, страх і дым,

За слёзы жарсцяў і пакутаў подлых,

Каб нас усіх цяплом сагрэць сваім…

Паэтка і навукоўца Таццяна Барысюк нядаўна выйграла ў конкурсе, арганізаваным музеем Якуба Коласа, на лепшы твор пра каханне. Грамату і прыз - кнігу Якуба Коласа "Казкі жыцця" (апошняе выданне) - ёй уручылі ў гэтым музеі 16 лютага 2021 года. Гэтую грамату Таццяна і прадэманстравала сабраўшымся. Спадарыня Барысюк адзначыла, што яе як паэтку найбольш цікавіць у творчасці любоўная лірыка, цікавіць культура адносін да іншага чалавека, наколькі страсна, шчыра і верна чалавек умее кахаць. І, канешне, Таццяна Барысюк прачытала прысутным некалькі вершаў пра любоў з нізкі пад назвай "Платанічнае каханне", што была надрукавана ў восьмым нумары альманаха "Літаратурны экватар".

Памаладзець - на дно нырнуць,

адкінуць рэшткі год нарослых,

на нас на абаіх зірнуць -

я маладая, й Вы дарослы.

Разбежку ўзросту скасаваць,

як найдакучную між ісцін,

і доўга ў вочы пазіраць,

як часта так было калісьці.


Вачамі Вам сказаць: "Люблю", -

каб Вы адразу зразумелі.

Хвілінку кожную лаўлю

спатканняў хвалявальна-хмельных

і не хачу спускацца на зямлю!..

Наступны выступоўца адметны не толькі тым, што носіць яркія кашулі і каларытныя гальштукі, якіх, бадай, больш ні ў кога няма. Па прафесіі ён архітэктар малых форм, а па жыцці - вельмі стыльны, харызматычны і арыгінальны чалавек. Завуць яго Юрась Нераток. Свае творы ён часцяком выконвае пад гітару, піша опусы ад імя розных лірычных суб'ектаў, а таксама выдае кнігі рэдкіх на сённяшні дзень у Беларусі калектыўных твораў. Прысутныя на імпрэзе пачулі шэраг цікавых і арыгінальных твораў Юрася Нератка ў непаўторным аўтарскім выкананні.

Паэт Валяцін Шведаў шчыра прывітаў прысутных і павіншаваў усіх з Днём роднай мовы. Не так даўно ён выдаў кнігу вершаў "Міг на часавай стужцы", у якой ёсць раздзел "Зямля беларуская". Вершы з гэтага раздзела Валянцін Шведаў і прачытаў у той дзень, бо яны вельмі сугучныя тэме і нагодзе мерапрыемства, што праводзілася 21 лютага. Сярод іх быў верш, прысвечаны непасрэдна беларускай мове:

…А пакуль што ты

дзiкай шыпшынай

Ля дарогi - бы тулiшся ўзбоч,

Быццам падчарка роднай Айчыне,

Спiш, i доўга так цягнецца ноч...


Ад душэўнай тугi мала сродкаў.

I пакуль светач мовы не згас,

Прачытаем, што сказана ў продкаў,

I нашчадкам пакiнем наказ.


Будзем верыць - улягуцца жарсцi,

Пераможам мы скруху i лень.

I замест традыцыйнага:

"Здрасьце!" -

Мы пачуем наўкол: "Добры дзень!"

Музычную частку праграмы закрываў вельмі незвычайны выканаўца - Кірыл Бандзерс, высокага росту малады чалавек з доўгімі русымі валасамі. І што тут незвычайнага? Ды тое, што Кірыл выканаў перад прысутнымі некалькі брутальных гатычных балад на беларускай мове, акампаніруючы сабе на гітары. Тэксты твораў былі вельмі жорсткія, "на грані фолу", ды Кірылу Бандзерсу ўсё ж такі ўдалося застацца ў нейкіх чалавечых рамках. Але магу сказаць, што такога ў бібліятэцы № 1 імя Талстога яшчэ не выконвалі і не чулі.

Усіх выступоўцаў: і літаратараў, і музыкаў - прысутныя сустракалі воплескамі. Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй.

А яшчэ на святкаванне Дня роднай мовы - 2021 завітаў вядомы ў Беларусі фотамастак Міхаіл Крыжаноўскі, які зрабіў шэраг пастановачных фота для сваёй уласнай калекцыі. І фотаздымкі гэтыя ён вельмі хутка абнародаваў у сацыяльных сетках.

Інга Вінарская, паэтка, пісьменніца, журналістка.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX