Вярнуцца: 2021

№ 13 (1528)


Дадана: 31-03-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1528), 31 сакавіка 2021 г.

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

Вербніца. За тыдзень - Вялікдзень!

Для вернікаў надыходзіць пара падрыхтоўкі да Вялікадня. Напярэдадні адбываецца асвячэнне вербаў у храмах. Традыцыйна ў беларускіх вёсках вярбу складалі з трох галінак вярбы, ялоўчыка з ягадкамі. Вярбу ўпрыгожвалі кветачкамі з паперы, зёлкамі, перавязвалі каляровымі ніткамі.

Пасля багаслужэння выходзілі на вуліцу і вербамі "асвячалі" сваіх знаёмых, прыгаворваючы, напрыклад, такія пажаданні:

"Не я б'ю - вярба б'е.

За тыдзень - Вялікдзень.

Хвароба - у лес, здароўе - у косці!

Будзь здарова як вада,

а расці як вярба!".

"Не я б'ю - вярба б'е.

За тыдзень - Вялікдзень.

Будзь здарова, не ўмірай,

Вялікадня дачакай!

Ужо недалечка

чырвона яечка!"


"Вербай б'ю, вербай б'ю!

Ксёнз казаў навіну -

есць у Вялікдзень сланіну!"

На фотаздымку дзяўчаты аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" акрамя вербаў дэманструюць святочнае народнае адзенне Наваградскага і Віленскага строяў канца ХІХ ст. рэгіёна Панямоння.

Строі маюць падабенства ў дэталях крою, аздабленні кашуль і агульныя рысы, характэрныя для суседніх краін: Польшчы і Літвы. Камплект складае: сарочка, гарсэт, спадніца (андарак), фартух, галаўны ўбор, упрыгожанні і абутак.

Асаблівую цікавасць уяўляюць галаўныя уборы, характэрныя для заходнееўрапейскага касцюма, якія ў пачатку ХХ ст. выйшлі з ужывання і замяніліся хусткамі. Шматлікія мясцовыя варыянты афармлення чапцоў і каптуроў надавалі твару жанчыны прыгожы і індывідуальны выгляд. Чапец - архаічны галаўны ўбор. З'явіўся ў сярэднія вякі, яго насілі ўсе слаі грамадства ў розных варыянтах да 17 ст. Каптур выглядае невялікай шапачкай з вушкамі-завязкамі, а чапец без завязак. Шылі з даматканых або фабрычных тканін. Каптур лічыцца традыцыйным галаўным ўборам замужніх беларусак. Захавалася такая пагаворка для нявесты напярэдадні вяселля: "Пойдзеш пад вянец - завяжаш хусту на чапец".

Можна ўдакладніць, што зафіксаваны беларускім даследчыкам Міхасём Раманюком у экспедыцыях 1967-1980 гг. сялянскі касцюм з тэрыторыі Лідскага раёна ўваходзіў у склад Наваградскага строю. Традыцыйна ў Наваградскім строі бытавалі каптуры чорныя ці чырвоныя з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шоўкавымі стужкамі. Край вушак аздаблялі каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай.

За кошт прапарцыянальных суадносін частак касцюмаў: гарсэтаў, якія шчыльна аблягаюць стан, пышных рукавоў сарочак і аб'ёмістых доўгіх спадніц, сілуэты касцюмаў выглядаюць стройнымі і вельмі гарманічнымі.

Майстры аддзела рамёстваў пры стварэнні камплектаў выкарыстоўвалі палатно на ўсе часткі адзення, якое выткалі самі; тэхналогію традыцыйнага крою; вышываны дэкор з аўтэнтычных узораў у аздабленні сарочак і фартухоў. Праца выканана на аснове даследчых матэрыялаў і літаратурных крыніц.

Ірына Маркаўна Дыдышка, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Хрыстос уваскрос!

Янка Купала

Вялікдзень

Два святы на свеце - ад нівы да нівы:

Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!

Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.

І далей к жыццю з паніжэння і сна!

Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў

Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!

Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты

У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!

Вялікдзень! Вялікдзень! - ад нівы да нівы.

Забыў не адзін з нас нядыўныя дні,

А ўспомні-прыпомні, шчасліў, нешчаслівы,

Аб тых, што ў світанні на век адышлі, -

Усе костачкі тыя на гонях папарных, -

Жывых, што ў бяспуцці акуццем звіняць…

Прыпомні, дай слова не шчэзнуці марна,

Пачатую справу шырыць, расшыраць!

Вялікдзень! Вялікдзень! - ад нівы да нівы

Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.

Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.

І заўтра на поле ад сох як адзін!

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,

Адвечных не можам пазбыціся слёз…

Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,

Вясна ўжо на свеце, - Хрыстос уваскрос!

"САКАВІЦКАГА РЭХА - IV"

Ужо стала традыцыяй адзначаць Сусветны дзень паэзіі падвядзеннем вынікаў гарадскога конкурсу "Сакавіцкае рэха", які ў чацвёрты раз ладзіць бібліятэка імя Янкі Купалы ўстановы культуры "Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных бібліятэк г. Магілева" сумесна з Магілёўскай абласной арганізацыяй ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і Магілёўскай гарадской арганізацыяй ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

У гэтым годзе конкурс праводзіўся онлайн з наступнымі умовамі: на адрас арганізатараў конкурсу трэба было даслаць ад 1-го да 3-х вершаў свайго сачынення і відэаролік з выразным яго чытаннем.

У конкурсе прынялі удзел словатворцы розных узростаў і рознага сацыяльнага статусу. У склад журы ўвайшлі: Яраслаў Клімуць, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік, выкладчык вышэйшай школы, Мікола Яцкоў, паэт, кампазітар-песеннік, старшыня Магілёўскага абласнога аддзяленя ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", Аляксей Карпенка, паэт, кіраўнік літаратурнага гуртка пры магілёўскай арганізацыі ТБМ, Галіна Жмачынская, загадчыца інфармацыйна-сервіснага сектара бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Ініцыятар конкурсу і вядоўца імпрэзы Тамара Аўсяннікава павіншавала прысутных са святам і сказала некалькі слоў-пажаданняў пачаткоўцам паэтам. Творчых поспехаў зычыла канкурсантам пісьменніца Таццяна Барысік. І па просьбе прысутных прачытала некалькі сваіх вершаў. Старшыня журы Яраслаў Клімуць падвёў вынікі паэтычнага конкурсу і ўручыў дыпломы і падзякі ўдзельнікам.

Пераможцай конкурсу ў намінацыі "Дарослыя" стала Вольга Шпакоўская. Яна даслала на конкурс 3 вершы, пранікнёна іх прачытала. Адзін з іх, прысвечаны любімай бабулі, якая нядаўна пакінула гэты свет:

- Дзетка, апранайся цяплей, -

казала мне бабуля познім летам.

Рэхам адгукаецца

ўва мне яе голас.

- Ты куды, мая родная, знікла? -

Гарачай хваляй па маёй душы.

Жалем перапоўнена сэрца.

Бабуля адкрывала для мяне зноў

і зноў нешта важнае, забытае…

А за парогам - вечар. Зіма.

Вострая адзінота. Без палёгкі.

Вольга Шпакоўская нарадзілася ў 1999 годзе ў Магілёве. Скончыла гістарычна-філалагічны факультэт МДУ імя А.А. Куляшова. Працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школе № 34 г. Магілёва. Чатыры гады наведвала літаратурны клуб "Святліца". Раней пісала на рускай мове, а вось апошнім часам звярнулася да беларускай. І паспяхова, бо ўжо друкавалася ў часопісе "Верасень".

Другое месца заняла Рыма Сорына, якая нарадзілася ў Малдове, але даўно жыве ў Магілёве. І ведаюць яе тут як рускамоўную паэтку. А зараз яна ўзялася за пераклады сваіх вершаў на беларускую мову.

Трэцяе месца ў Іны Навумовіч, актыўнага ўдзельніка "Сакавіцкага рэха".

Пераможца конкурсу ў намінацыі "Школьнікі" - Ганна Сергяенка, вучаніца 8 класа сярэдняй школы № 25 (кіраўнік Новікава Алеся Уладзіміраўна) прысвяціла свой верш выдатнаму пісьменніку і паэту Уладзіміру Караткевічу.

Другое і трэцяе месца ў вучняў сярэдняй школы № 21 (настаўніца Ірына Алегаўна Адзіянава): Ефрасінні Варапаевай (8 клас) і Стаса Ярмоленкі (6 клас).

Наймалодшы ўдзельнік конкурсу вучань 3 класа сярэдняй школы № 11 Уладзіслаў Баброў (настаўніца Святлана Аляксандраўна Ветрава) атрымаў падзяку за першыя крокі ў паэзіі.

Прыемна, што разам з пачаткоўцамі-паэтамі на падвядзенне вынікаў прыйшлі не толькі настаўнікі, але і бацькі.

Да пабачэння "Сакавіцкае рэха - 4". Да сустрэчы "Сакавіцкае рэха - 5"!

Галіна Жмачынская, Магілёў.

Любоў да Беларусі доктара Івана Шэгі і пасля ягонага жыцця дапамагае нам

Шэсць гадоў таму ў "Газеце Слонімскай" доктар і грамадскі актывіст Івана Шэга так напісаў пра 25 сакавіка - Дзень аб'яўлення Беларускай Народнай Рэспублікі: "Гэтая дата для патрыётаў-беларусаў мае асобае значэнне. У 1918 годзе ўпершыню прадстаўнічым сходам дэлегатаў з усяго "Паўночна-Заходняга краю" было заяўлена пра намер аднавіць сваю незалежную дзяржаву з новай назвай Беларусь. Сённяшняя незалежнасць краіны родам менавіта адтуль, як бы каму ні жадалася падправіць гісторыю".

Даная публікацыя пад назвай "Чаму ўлада баіцца 25 сакавіка?" змешчана і ў кнізе І. Шэгі "Пра краіну і пра нас" (2016 год).

У артыкуле "Чаму ўлада баіцца 25 сакавіка?" Іван Шэга называе Беларусь краінай вялікіх і маленькіх фобій: "абы не было вайны", боязнь не дагадзіць начальству, "як бы чаго не выйшла", боязнь страціць працу, боязнь зніжэння ўзроўню жыцця. У такіх умовах, разважае І. Шэга, нядрэнна б мець грамадзянам агульную ідэю, якая аб'ядноўвае. Не калекаватую, як у Расіі сёння, - захоп сілай зброі новых тэрыторый, а годную ідэю, якая дапаможа нашай краіне перажыць цяперашні цяжкі час. "Такой ідэяй, - на думку І.Шэгі, - магла б стаць нацыянальная ідэя, для ажыццяўлення якой грамадзяне краіны, напрыклад, добраахвотна, а не па прымусу куплялі б беларускія тавары і лекі, як гэта было ў свой час у Турцыі. Здаровы нацыяналізм, безумоўна, дапамог бы беларусам вылечыцца ад празмернай боязі і адчування сябе людзьмі другога гатунку перад расійцамі".

- Іван Іванавіч Шэга паказваў прыклад здаровага нацыяналізму і самапавагі. У 1992 годзе турэцкая фірма "Энка" будавала ў Слоніме жылы мікрараён для савецкіх вайскоўцаў. Турэцкія начальнікі дамовіліся з мясцовымі, што слонімскія ўрачы будуць абслугоўваць туркаў па-за чаргой. Але! Доктар Шэга адмовіўся выконваць такое ўказанне свайго медычнага кіраўніка, бо гэта была непавага і прыніжэнне беларусаў, прыніжэнне слонімцаў, якія таксама працуюць, таксама шануюць свой час і не мусяць адчуваць сябе людзьмі другога гатунку перад турэцкімі работнікамі.

Такі факт узгадаў слонімец Павел Севасцьян 25 сакавіка 2021 года каля магілы І. Шэгі. У гэты дзень сябры і паплечнікі Івана Іванавіча, жонка Маргарыта Уладзіміраўна і сын Аляксандр ушанавалі яго памяць, усклалі бела-чырвона-белыя кветкі.

"Гэтую гістарычную падзею ўлада цалкам магла б выкарыстаць у мэтах кансалідацыі беларускага грамадства. З'явілася б аб'ядноўваючая ўсіх грамадзян Беларусі, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці і палітычных пераваг, цэласная ідэалогія незалежнасці і беларускай дзяржаўнасці, заснаваная на гістарычнай праўдзе. І, на аснове такой ідэалогіі, грамадзянін Беларусі дакладна змог бы пераадолець свае фобіі", - такія словы Івана Іванавіча з ягонага артыкула "Чаму ўлада баіцца 25 сакавіка" нагадаў прысутным каля магілы І. Шэгі аўтар гэтай нататкі.

Роўна шэсць гадоў таму Іван Іванавіч са скрухай і здіўленнем напісаў, што замест таго, каб адзначыць свята 25 сакавіка, улады робяць выгляд, што такой даты ў гісторыі ўвогуле не існуе. "Складваецца ўражанне - піша І. Шэга, - што яны яе панічна баяцца. Напрыклад, магу засведчыць, што ў гэты дзень кожны год я знаходжуся пад вонкавым назіраннем людзей у цывільным, якія на аўтамабілі суправаджаюць мяне ва ўсіх маіх рухах, як быццам я нейкі тэрарыст… Вось такая "пашана".

А 17-ай гадзіне 25 сакавіка 2021 года жонка, сын, сябры Івана Іванавіча Шэгі каля ягонай магілы ўшанавалі памяць мужа, таты, паплечніка, патрыёта Беларусі. І за ўсім гэтым назіралі людзі ў цывільным на аўтамабілі. І пасля смерці доктар Іван Шэга на свята 25 сакавіка знаходзіцца пад вонкавым назіраннем…, і пасля смерці - вось такая "пашана"…

Чаму людзі ў цывільным і сёння баяцца Івана Шэгі? Адказ відавочны. 25 сакавіка 2021 года Івану Іванавічу Шэга было б 68 год. Было б… Чатыры гады таму яго не стала. Але ў слонімцаў засталася добрая памяць пра гэтага чулага чалавека і мужнага грамадзяніна нашай краіны (прадаўшчыца не ўзяла грошы за кветкі, калі даведалася, што гэта для І. Шэгі). У нас засталася яго кніга "Пра краіну і пра нас", на якой Іван Іванавіч 29 траўня 2016 года напісаў аўтару гэтай нататкі: "З любоўю да Беларусі. І. Шэга".

Любоў да Беларусі доктара Івана Шэгі і пасля ягонага жыцця страшыць людзей у цывільным. Любоў да Беларусі доктара Івана Шэгі і пасля ягонага жыцця дапамагае нам вылечыцца ад празмернай боязі, дапамагае адчуваць сябе паўнавартаснымі людзьмі на сваёй зямлі…

Міхась ВАРАНЕЦ, г. Слонім.

ЧАТЫРЫ ДНІ У САКАВІКУ

(З прыватнага дзённіка)

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

I вось пасля доўгіх кулуарных спрэчак і перамоў генерал Гец выступіў з кампраміснай прапановай зрабіць беларускую мову дзяржаўнай, а рускую - мовай міжнацыянальных зносін. Пасля таемнага галасавання на табло з'явілася доўгачаканая лічба, і раздаліся моцныя авацыі. Усе прысутныя былі задаволеныя, бо разам зрабілі добрую справу.

Яшчэ большыя спрэчкі выклікала ў ВС прэзідэнцтва. Спачатку прэзідэнцтва хацелі ўвесці на Беларусі яшчэ ў савецкія часы, у 1990-91 гг., калі гэта пасада з'явілася ў Расіі і Украіне. Прычым некаторыя хацелі выбіраць прэзідэнта Вярхоўным Саветам, аднак большасць дэпутатаў было за ўсенароднае абранне і першы варыянт не прайшоў.

Ідэя прэзідэнта, абранага ўсім народам, з'явілася дзесьці ў 1993 г. у асяроддзі Вячаслава Кебіча. Фармальна, кіраўніком краіны лічыўся Станіслаў Шушкевіч. Кебіч, хоць і меў вялікую ўладу, моцна залежаў ад Вярхоўнага Савета, тым болей, што апазіцыя рэгулярна патрабавала ягонай адстаўкі. I фракцыя "Беларусь" разам з "маладымі дэмакратамі" на чале з Ганчаром і Карпенкам рушыла наперад. Галоўнай перашкодай быў Станіслаў Шушкевіч, які не спяшаўся пакідаць сваю пасаду і не вельмі шчыраваў у накірунку будучага прэзідэнцтва, тым больш, што пытанне аб усенародным рэферэндуме на падставе подпісаў грамадзян, якія сабрала апазіцыя, ён паспяхова праваліў. Аб'яднаныя сілы кебічаўцаў і "маладых дэмакратаў" скарысталіся крызісам вакол выдачы Літве былых літоўскіх камуністаў, што хаваліся на Беларусі, і запатрабавалі адстаўкі сілавых фігур, якія выдалі Літве тых, хто не жадаў яе незалежнасці і верна служыў СССР.

Генералы Ягораў (кіраўнік МУС) і Шыркоўскі (кіраўнік КДБ) шукалі падтрымкі ў Шушкевіча, бо толькі Вярхоўны Савет мог адправіць іх у адстаўку. Аднак Шушкевіч паспадзяваўся на падтрымку Кебіча, і генералаў знялі з іх пасадаў. Неўзабаве надышла чарга і самога Шушкевіча, якога абвінавацілі ў прысваенні "скрынкі цвікоў".

"Кебічаўцы" адкінулі кандыдатуры Ганчара, Марыніча і Карпенкі, абралі кіраўніком краіны Мечыслава Грыба. Аднак і пры ім пытанне прэзідэнцтва рухалася марудна, бо супраць выступіла не толькі апазіцыя БНФ, але і артадаксальныя камуністы; яны лічылі пасаду прэзідэнта буржуазнай выдумкай і ўспаміналі пра лёс першага савецкага прэзідэнта Гарбачова, які "разваліў" СССР.

Прадстаўнікі апазіцыі казалі, што прэзідэнцтва прывядзе да дыктатуры, як тое не раз было ў еўрапейскай гісторыі. Да іх прыслухоўваліся найбольш вопытныя кіраўнікі абласцей і раёнаў і не спяшаліся галасаваць "за".

Тады кебічаўцы прыдумалі галасаваць за гэты раздзел не з дапамогай электроннага табло, а імяннымі бюлетэнямі, як на выбарах. Прычым час галасавання свядома зрабілі працяглым. Таямніца галасавання была парушана, бо людзей, што залежалі ад Кебіча, прымусілі паказваць свой бюлетэнь перад тым, як апусціць яго ў скрынку.

Я свой бюлетэнь забраў дахаты і ў галасаванні ўдзелу не прымаў, бо лічыў, і зараз лічу, што Беларусь, як і большасць краін Еўропы, павінна быць парламенцкай рэспублікай. Прэзідэнт мае прадстаўнічыя функцыі, абіраецца 2/3 галасоў парламента, а рэальная ўлада належыць прэм'ер-міністру - лідару той партыі, якая пераможа на выбарах.

Такім чынам, 15 сакавіка 1994 г. шлях да аўтарытарызму ўлады ў Беларусі быў расчышчаны. Калі людзі не ведаюць гісторыі, яна вучыць іх вельмі балюча і жорстка.

У 14 гадзін мне патэлефанаваў мой намеснік па ТБМ Сяржук Кручкоў і сказаў, што ў Вярхоўным Судзе не хочуць браць нашую скаргу і патрабуюць, каб яе здаваў старшыня. Лаўлю "таксоўку" і еду ў Вярхоўны Суд. Заходзім разам з Кручковым у адпаведны кабінет. Суддзя доўга глядзіць на мой пашпарт, патрабуе доказаў, што менавіта я - Старшыня ТБМ. Нарэшце дакументы прымаюць і абяцаюць у трохдзённы тэрмін паведаміць, ці прыняў Вярхоўны Суд нашу скаргу. Адыходзячы, нагадваем суддзі нашу ўмову, каб працэс ішоў па-беларуску. Дарэчы, усе запісы ў кнізе прыёму скаргаў у Вярхоўным Судзе робяць выключна па-расейску. Аднак усе службоўцы ў судзе на нашую мову рэагавалі нармальна, асабліва ахоўнік, вялі сябе нязмушана, быццам з імі гавораць па-беларуску ўсе наведнікі. Тое ж самае назіраецца ў крамах, у транспарце, у розных дзяржаўных установах.

Калі я сядаю ў вагон метро, то чую аб'яву машыніста па-беларуску. Ён кажа, каб мы пільна сачылі за ўласнымі рэчамі, якія могуць скрасці. На вочы кідаецца цікавая абвестка, што 25 сакавіка адчыняецца новая крама дзіцячага адзення пад назовам "Апранайка". Нехта прыдумаў новае беларускае слова, фірмовы брэнд, як модна зараз казаць, заміж традыцыйна савецка-рускіх "Малышок", "Незнайка", ці "Буратино". Калі зайшоў у краму, купіў сардэлек "Смачных" і бохан "Віленскага хлеба". Значыць, жыве Беларусь і жыць будзе.

Няхай вакол гэтых беларускіх брэндаў астатняя інфармацыя яшчэ падаецца дробным шрыфтам па-расейску, гэта ўжо не так істотна. Яшчэ далей пайшлі буйныя замежныя фірмы. Як прыемна разгарнуць рускамоўную газету і ўбачыць там вялікую беларускамоўную рэкламу фірмы "Самсунг", альбо "Панасонік", ці ўбачыць на БТ рэкламу "Галіны Бланкі", "Бош" ці "Нескафе", агучаную на нашай роднай мове.

Таму я не разумею тых людзей, якія лямантуюць аб заняпадзе беларускай мовы, а самі дома і ў грамадскіх месцах, ведаючы беларускую мову, размаўляюць па-расейску. Гэта ж тое самае, калі медык кажа пра шкоду тытуню, а сам паліць, асабліва калі гэта медык - прыгожая жанчына.

16 сакавіка 2005 г. Серада

Знаходжу хвілінку, каб сустрэцца з сябрамі грамадоўцамі, што актыўна рыхтуюцца да аб'яднаўчага з'езду, які мяркуем правесці 19 сакавіка. У памяшканні шмат людзей, працуе кампутар, звіняць тэлефоны. Мне паказваюць паперу, якую па загадзе Шушкевіча разаслала старшыням філій і суполак БСДГ кіраўнік спраў партыі Святлана Губейка. Тэкст напісаны ў знаёмым савецка-брэжнеўскім стылі. Губейка (відаць, пад дыктоўку Шушкевіча) паведамляе, што былыя сябры БСДГ Трусаў і Кароль, а таксама далучыўшыя да іх сп. Лавіцкі і Лойка разбураюць партыю і збіраюцца разам з сябрамі БСДП (НГ) на чале з Ляўковічам і Нісцюком стварыць з дазволу уладаў "кішэнную" сацыял-дэмакратычную партыю. Губейка заклікае кіраўнікоў нашых структур не ехаць на з'езд, а плённа працаваць пад мудрым кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча. Трэба сказаць, што раней Шушкевіч распаўсюдзіў інфармацыю, што Цэнтральная Рада БСДГ выключыла мяне і сп. Аляксея Караля з партыі за раскольніцкую дзейнасць. Гэта інфармацыя навяла на роздум, як мяне раней спрабавалі выключыць з розных палітычных і грамадскіх арганізацый.

Першы раз мяне двойчы хацелі выключыць з шэрагаў КПСС, дзе я знаходзіўся з 1978 на 1990 год. Дзякуючы свайму выхаванню - а з пяці год я рос без бацькоў, і мяне гадавала прабабуля і бабуля - у мяне камуністычных ілюзій ніколі не было, і ў перамогу сацыялізму ці камунізму ў асобна ўзятай краіне я не верыў. Прабабуля, што пражыла 100 год, была вельмі разумным і дасведчаным чалавекам, памятала падзеі рэвалюцыі 1905 г. Яна ганарылася сваім мяшчанскім паходжаннем, а яшчэ болей сваім шлюбам з мсціслаўскім шляхціцам Васілём Драздоўскім, прафесійным будаўніком, які скончыў Горацкую акадэмію і збудаваў у маім родным Мсціславе ў 1907 - 1908 гг. будынак гімназіі. Сярод маіх блізкіх камуністаў не было. Аднак другі муж маёй бабулі быў рэвалюцыйным матросам, актыўным бальшавіком, ствараў на Мсціслаўшчыне калгасы і змагаўся з кулакамі. У выніку быў арыштаваны і расстраляны як "вораг народа". Бабуля з дзецьмі жыла ў вечным страху, але здолела нейкім чынам вярнуць сабе прозвішча свайго першага мужа, майго дзеда, які таксама паходзіў са "шляхты", і такім чынам уратавалася.

Таму з камуністамі і камуністычнай ідэалогіяй я непасрэдна сутыкнуўся на гістарычным факультэце БДУ, дзе мусіў вывучаць паўтары гады гісторыю КПСС (курс чытаў тагачасны рэктар Сікорскі), марксістцка-ленінскую філасофію ("дыямат" выкладаў дацэнт Міхайлаў - сённяшні рэктар ЕГУ), а таксама навуковы камунізм разам з атэізмам.

Вучыўся я грунтоўна, стаў на пятым курсе ленінскім стыпендыятам і, у адрозненне ад сваіх аднакурснікаў, з цікавасцю прачытаў шмат прац класікаў. Асабліва мне падабаліся працы Энгельса і Маркса, а таксама Леніна пра "звериную сущность русского империализма".

Таму на ўсе прапановы ўступіць у КПСС на старэйшых курсах, а таксама паступіць у аспірантуру па "Навуковым камунізме" я ветліва адмаўляўся. У той час мяне цікавіла археалогія і навуковая фантастыка, асабліва замежная.

Па размеркаванні я трапіў у рэстаўрацыйныя майстэрні пры Міністэрстве культуры і неяк выпадкова ўзначаліў камсамольскую арганізацыю. Мы пачалі актыўна змагацца за выратаванне нашых помнікаў архітэктуры. Памятаю, як мы, актыўныя камсамольцы, паехалі ў Слонім, дабіліся прыёму ў кіраўніка горада і выратавалі ад разбурэння ўнікальны помнік XVIII ст. - касцёл Святога Андрэя. Улады нават вывезлі адтуль залежы солі, некалькі спецыяльна завезенай у касцёл, каб ён паступова разбураўся. У гэтыя часы я быў добра знаёмы з Зянонам Пазняком, які лічыў, што мне трэба ўступіць у КПСС, каб з партыйным білетам змагацца за нашую гістарычную спадчыну. Прыкладам для мяне сталі і літоўскія рэстаўратары, якія дзякуючы дапамозе мясцовага ЦК КПСС адбудавалі Тракайскі замак і гістарычны цэнтр Вільні.

У КПСС мяне прынялі вельмі хутка, бо меў адпаведную падрыхтоўку і мог адказаць на ўсе пытанні партыйнай камісіі.

У 1979 - 1980 гг. пад пагрозай знішчэння апынуўся Верхні горад Менска. Архітэктары-манкурты прапаноўвалі знесці большую частку забудовы Верхняга горада, нават гістарычны будынак тэатра імя Янкі Купалы, і стварыць так званы "водна-зялёны дыяметр" ад будынка ЦК КПБ да цэкоўскіх лецішчаў у Драздах.

Тады мы разам з Зянонам Пазняком і гісторыкам Уладзімірам Дзянісавым накіравалі адпаведны ліст у газету "Праўда", дзе я падпісаўся як член КПСС. У лісце абгрунтоўвалася гістарычная вартасць забудовы Верхняга горада і асабліва яго цэнтральнай часткі. Неўзабаве ў "Праўдзе" выйшаў артыкул мясцовага карэспандэнта "Минский смольный", у якім прапаноўвалася захаваць Верхні горад, у тым ліку і як помнік рэвалюцыі 1917 года.

Мясцовыя ўлады былі вельмі абураныя і распачалі следства. Хутка выйшлі і на нас. Паколькі сябрам КПСС быў я адзін, мяне разбіралі на адмысловай камісіі і пагражалі выключыць з партыі і звольніць з працы, калі хоць адзін гістарычны факт у нашым лісце не пацвердзіцца. Камісія, складзеная з дыпламаваных гісторыкаў, пацвердзіла слушнасць нашых довадаў. У 1980 годзе Машэраў загадаў адмяніць праект зносу Верхняга горада і ўхваліў ініцыятыву рэканструкцыі Траецкага прадмесця.

У другі раз справа была больш сур'ёзная. 19 кастрычніка 1988 года я, будучы сакратаром партыйнай арганізацыі, быў абраны ў склад аргкамітэта па стварэнні БНФ. Куды мяне толькі ні выклікалі, чым не палохалі. Сакратарства сваё я неўзабаве пакінуў, а вось з партыі мяне выключыць не здолелі, бо часы ўжо былі не тыя. Я нават трапіў у Маскву на з'езд дэмакратычнай платформы КПСС, на якім канчаткова пераканаўся, што рэфармаваць КПСС немагчыма. Таму летам 1990 года я сам выйшаў з яе шэрагаў і неўзабаве ўвайшоў у аргкамітэт па стварэнні БСДГ.

Наступны раз мяне выключалі з БЗВ, калі ў 1995 годзе я паспрачаўся з Міколам Статкевічам па пытанні далейшага лёсу Грамады. У той час БЗВ ужо практычна не існавала, але сябры Статкевіча вырашылі яго падтрымаць і абвясцілі аб маім выключэнні з БЗВ, папярэдне нічога мне не сказаўшы.

I вось трэцяе выключэнне, на гэты раз з БСДГ, партыі, якую я ствараў, амаль тры гады ўзначальваў і аднаўляў у 1998 годзе.

Цягам апошніх гадоў сябры БСДП (НГ) і БСДГ неаднаразова сустракаліся і абмяркоўвалі прынцыпы аб'яднання нашых партый. Сустрэчы адбываліся як у Менску, так і ў рэгіёнах. Асабліва мне запомнілася сустрэча ў Белаазёрску, дзе сабраліся прадстаўнікі абедзвюх партый Берасцейшчыны і вырашылі аб'яднацца. На сустрэчы кожны раз запрашалі Статкевіча і Шушкевіча, але яны ні разу не прыйшлі і былі за аб'яднанне толькі на словах.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Паэзіі чароўны дзень

Другая палова сакавіка не часта радуе надвор'ем, пахамі кветак, радаснымі тварамі мінакоў ды новымі ўражаннямі ад быцця. Але для паэзіі межаў у пошуках прыгожага няма, таму свята Сусветнага дня паэзіі лепш за ўсё праводзіць вясною, калі абуджэнне прыроды і ўсяго жывога не за гарамі. Менавіта 21 сакавіка ў памяшканні бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога адбылася творчая імпрэза аматараў паэзіі і прафесійных паэтаў, прысвечаная Сусветнаму дню паэзіі. І хоць надвор'е агрызалася зімовым россыпам снегу, марознага ветру і шэрага неба, але свята адбылося настраёвае, утульнанае, насычанае эмоцыямі і лірыкай, з мілагучнымі галасамі паэтаў, жартамі, музыкай, шчырымі прызнаннямі. Вялі творчы вечар дзве лірычныя грацыі: паэткі Таццяна Барысюк і Інга Вінарская. Гэта выглядала абсалютна натуральна, таму што вясна - пара года, якая цудадзейным чынам належыць жанчынам.

Ва ўтульнай бібліятэчнай зале сабраліся прафесійныя паэты, музыкі, пачаткоўцы аўтары і аматары прыгожага пісьменства. Таццяна Барысюк і Інга Вінарская распавялі прысутным пра гісторыю заснавання Сусветнага дня паэзіі. Свята гэтае было зацверджана ЮНЕСКА (Камісіяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях асветы, навукі і культуры) у рэзалюцыі 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, прынятай 15 лістапада 1999 года. І, як адзначалася ў рашэнні ЮНЕСКА, мэта заснавання свята - "надаць новы імпульс і новае прызнанне нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным паэтычным рухам".

Распачала сустрэчу сваімі творамі паэтка і навукоўца Таццяна Барысюк. Яна расказала пра свае творчыя знаходкі, ідэі. Як даследчык літаратуры кранулася праблем сучаснай паэзіі, падкрэсліваючы важнасць паэтычнага слова для развіцця сусветнай культуры. Таццяна распавяла пра тэорыю перавернутага залатога сячэння ў паэзіі, чытала свае вершы - прагучалі некалькі яе лірычных твораў.

Праз вочы каханне да сэрцаў ішло.

…Каб кроў супыніць, я дала табе лекі.

Сустрэліся пальцы - узнікла мілосць

такая, якая існуе навекі.

Нявольная я, муж нямоглы, стары,

А ты малады,

светлы месяц мой ясны!

Каханне агеньчыкам

жарсным гарыць,

хай вечна палае, няхай не пагасне!


Ваду падала табе - смагу спыніць,

а ў ёй былі мары, табой апантаны.

І гэты любоўю асветлены німб

напоўніў напой

той чароўнаю тайнай.

…Іжотай была.

Цяпер кліч мяне Таняй…

Далей канцэртную праграму працягвала паэтка, празаік, шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар" Інга Вінарская. Інга крыху распавяла пра дзевяты нумар альманаха, дзе яна працавала не толькі над рэдактурай, але і над дызайнам і вёрсткай. Потым расказала пра свае новыя творы і знаходкі ў літаратуры; успомніла пра сяброў-паэтаў, распавяла пра значнасць паэтычнай кнігі ў прагрэсе развіцця грамадства. У нейкі час паэтка глянула ў акно і ўголас жахнулася сапраўднай зімовай завеі, якую можна было пабачыць у Менску 21 сакавіка. Інга сказала, што хоча, каб хутчэй наступіла лета, і таму прачытала прысутным нізку сваіх прыгожых летніх вершаў.

Рамонкі, макі, васількі,

Буяе луг пад сонцам лета,

Ракі здаля відны кругі,

Святло зайграе ў промнях гэтых.


Няхай бы ў кветак чарадзе

Застацца… Гэтым ранкам свежым,

Вянок заплесці, як спадзеў,

З тых васількоў, рамонкаў снежных.


Цябе забыць, праблем глыбінь,

Пра ўсё на гэтым белым свеце,

Пяшчотна кветкі церабіць,

У простым не змарнець сюжэце.


Не хвалявацца за акном

І з глузду не з'язджаць ад страху,

Што ноччу запаўзае ў дом,

Бы кат які з гатовай плахай.


Вытока сілы - летні луг, -

Кахання, мараў і натхнення,

Вакол зірні: які ланцуг

З цудоўных сонечных імгненняў!

Наступным выступаў паэт Вячаслаў Корбут. Ён павіншаваў сабраўшыхся са святам - Сусветным днём паэзіі, падзяліўся разважаннямі пра значнасць паэтычнага слова, тонкасць адчування чалавекам вершаваных радкоў, пра тэмперамент і сімвалізм у паэзіі, што дамінуюць у чулым чалавечым сэрцы. Ён узгадаў знакавых творцаў, што прысвяцілі свой лёс паэзіі, а таксама тых сваіх сяброў-паэтаў, што пайшлі у іншы свет, сярод якіх былі Алесь Пісьмянкоў, Павал Саковіч, Валеры Скакун і іншыя. Вячаслаў Корбут прачытаў свае лірычныя і гумарыстычыя творы.

Ён крочыць паэт і крочыць

Па шляху, абраным небам.

А дні яго, доўгія ночы

Тым нервам жыцця ганебным


Углыб недзе так прасякнуты,

І болей не будзе пагарды.

Ён крочыць, паэт, па ўсялякіх

Дарогах, ці гэтага варты?


Нянавісць людская і пошласць,

І здзекі над духам бліжняга

Ўсё ж сілы ў змаганні множаць,

У мудрасць укленчаць кніжную.


Давайце не будзем паэтаў

Разносіць за іхнія хібы,

За панскую млоснасць гэтых,

І тых, што адрынуць німбы.


Сталее, глядзі, планета

Не трэба ўжо ёй рамантыкі,

Ці зможа яна без паэтаў

Шчаслівай ахутацца мантыяй?


Так, сёння паэты крочаць,

Бы маманты і дыназаўры,

Іх песні і сумныя вочы

Ці вынайдуць зорнае заўтра?

Ёсць такі ёмкі выраз: "Паэзія - гэта музыка, якая застыла ў слове". Напэўна, усе вершы маюць нейкую сваю музыкальнасць. Толькі музычныя напрамкі ў кожнага паэта розныя: у некага вершы бліжэй да класічных спеваў, у іншых - да фолку, року ці папулярнай музыкі.

Музычную частку на творчай сустрэчы 21 сакавіка файна прадставіла таленавітая музыкантка, кампазітарка і педагог Вольга Воінская. Прыехала яна на святкаванне Дня паэзіі не адна, а з кампаніяй юных выступоўцаў. Маленькая вакалістка Аліса Далжанкова праспявала пад акампанемент сваёй маці Вольгі Воінскай некалькі песень. Лаурэат шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў Арцём Нарбутоўскіх выканаў для прысутных шэраг кампазіцый на саксафоне пад музыку сваёй настаўніцы. Яшчэ і сама Вольга Воінская сыграла на піяніна для сабраўшыхся некалькі вясёлых беларускіх мелодый.

Цікава, што на імпрэзе прысутнічала маці Арцёма Нарбутоўскіх Іна Старык, якая, як высветлілася, і сама з'яўляецца творчай асобай - піша вершы. Невялічкую нізку сваіх твораў яна прачытала прысутным.

Далей прадстаўляў паэтычную частку сустрэчы Валянцін Шведаў, які падзяліўся сваімі разважаннямі пра годнасць і чароўнасць паэзіі. Маючы немалы досвед жыццёвага вопыту, ён выказаў думку пра значнасць паэтычнага слова ў сваім жыцці.

Я помню, зязюля ў дзяцінстве кувала,

Гадоў налічыла ні многа, ні мала.

Ды толькі пражыць іх -

нялёгкая справа:

Мінаюць чамусьці багацце і слава.


На шчасце адна застаецца надзея,

І тая згубілася недзе ў завеях.

Прад вечнасцю

ўсё выглядае нікчэмна...

Вось верш напісаў -

мо жыву недарэмна.

Не так даўно на прасторах Фэйсбуку Таццяна Барысюк адкрыла аднаго таленавітага беларускамоўнага паэта. Па прафесіі ён юрыст. Таццяну ўразілі яго вершы на гістарычную і патрыятычную тэматыку: уразілі глыбінёй думак і пачуццяў. Імя гэтага паэта - Глеб Ганчароў. І канешне, ён быў запрошаны на святкаванне Дня паэзіі 21 сакавіка ў бібліятэку імя Талстога і чытаў там свае вершы, адзін з якіх асабліва спадабаўся прысутным:

Хораша прыдворным быць паэтам

Пры маленькім герцагскім двары.

Седзячы ў курфюрста за абедам,

Дзе табе - фарэль і асятры.


Ані ў чым не бачыць недахопу,

Ведаць толк у якасцях віна,

Сытна заміраць над эскалопам,

Танчыць менуэты давідна.


Герцагу з сям'ёй ліслівіць лоўка,

Ручку герцагіні цалаваць,

Задзіраць спадніцы пакаёўкам,

Вершы пад шандалам касаваць.


Раз на тыдзень зляпаў дзеля глуму

Нейкі красамоўны мадрыгал -

І жыві далей, не ведай суму,

Быццам з сэрца годнасць адрыгаў.

Смірную кабылку на канюшні

Асядлай - і ў поле, як з куста!

Хочаш футру - і прымчацца кушнер,

Каб цябе аздобіць… Любата!


Хораша прыдворным быць паэтам -

Пры любым двары,

Ды не пры гэтым.

Як вядома, аб'ядноўваць паэтаў, якія пішуць на розных мовах, ва ўсе часы дапамагалі перакладчыкі. І паэтычны пераклад - гэта не так проста, як можа падацца на першы погляд. Часцяком найперш робяцца падрабязныя падрадкоўнікі, а потым ужо пераклады. На імпрэзе 21 сакавіка прысутнічала цікавая жанчына і прафесійная перакладчыца Кацярына Матусевіч. У яе выкананні прысутныя пачулі паэтычныя пераклады вершаў Максіма Багдановіча на турэцкую мову: спачатку арыгінал, потым пераклад.

Далей перад прысутнымі выступаў паэт, які па прафесіі журналіст, - Зміцер Арцюх. Разам з Аксанай Спрынчан ён з'яўляецца заснавальнікам паэтычнага тэатра "Арт.С.". На паэтычную творчасць яго часцяком натхняе кінамастацтва, а яшчэ - экзатычныя краіны, і канешне, прыгожыя жанчыны. Зміцер вельмі артыстычна прачытаў сабраўшымся некалькі сваіх вершаў.

Не спыняйся. Ідзі. Пішы…

Казку студзеня, казку лета.

Закахайся - і дыхай!

Ты -

Непаўторная экзапланета.

Ты - пясчынка ў сусвеце зім,

Ты - сняжынка ў сусвеце лета.

Не спыняйся. Ідзі. Пішы…

Тваё сэрца вясной сагрэта.

Навукоўцаў на святкаванні Дня паэзіі прадстаўляла не толькі Таццяна Барысюк. Прысутнічаў тут яшчэ адзін вельмі цікавы чалавек са сваім прафесійным філасофскім погладам на жыццё - кандыдат філасофскіх навук, і канешне, - паэт, прычым з вельмі своеасаблівымі творамі, Ігар Шыршоў. Ігар Яўгенавіч чытаў крыху правакацыйныя паэтычныя опусы на беларускай мове, напісаныя ў народным стылі.

Напрыканцы паэтычнай праграмы выступілі дзве своеасаблівыя паэткі, абедзве цікавыя і прыгожыя жанчыны і, між іншым, абедзве - бландзінкі. Але анекдоты пра бландзінак тут успамінаць не дарэчы, бо вершы і ў Таццяны Пратасевіч, і ў Клаўдзіі Максімавай прыгожыя і прафесійныя.

Падчас мерапрыемства на пляцоўцы білбіятэкі № 1 працаваў вядомы беларускі фотамастак Міхаіл Крыжаноўскі, які з задавальненнем здымаў і выступоўцаў, і гасцей свята. На заканчэнне імпрэзы ён звярнуўся да прысутных з палымянай прамовай.

Людзі доўга не хацелі разыходзіцца - так усім спадабалася імпрэза. Гэты Дзень паэзіі надоўга застанецца ў памяці тых, хто прысутнічаў 21 сакавіка 2021 года ў гасціннай зале сталічнай бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога.

Вячаслаў Корбут, Інга Вінарская.

Бацькі-заснавальнікі БНР на старонках літаратурных твораў

Кожны год грамадскасць так ці інакш звяртаецца да гісторыі абвяшчэння БНР, да гісторыі Дня Волі, праводзячы семінары, выставы і канцэрты. Некалькі гадоў таму абвяшчэнню БНР была прысвечана навуковая канферэнцыя ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі з удзелам аўтарытэтных даследчыкаў і знаных гісторыкаў.

Падзеям 1918 года пісьменнік Генрых Вацлававіч Далідовіч прысвяціў брашуру "БНР - БССР. Роздум аб пакутным шляху беларускай дзяржаўнасці ў ХХ стагоддзі" (Мінск, Пейто. 2002).

- У 1980-1995 гадах я ў прозе далучыўся да даследчыкаў часу ўтварэння БНР і БССР, выклаў сваю версію ў раманах "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя", "Свой дом", - на аснове асэнсавання ўсяго надрукаванага ў нас у Заходняй Беларусі, і за мяжой, у сілу сваіх здольнасцей імкнуўся надрукаваць творы не толькі ў белых і чорных, але і ў шматколерных фарбах, каб не ганьбіць шчырых, высакародных герояў і не ўзвышаць непрыяцеляў.

У кручаным 1918 годзе, у самых што ні на ёсць жудасных умовах было проста не пад сілу зрабіць шмат, ды бадай, удалося дабіцца самага галоўнага - паўстаць з попелу, сцвердзіцца і заявіць свету пра яшчэ адну дзяржаву - БЕЛАРУСЬ!!!"- падкрэсліў Генрых Далідовіч.

Уладзімір Арлоў пісаў пра айцоў-заснавальнікаў БНР: Язэпа Варонку, Пётру Крэчэўскага, Алеся Бурбіса, Васіля Захарку і Аркадзя Смоліча на старонках кнігі "Імёны свабоды" (2009) і ў аб'ёмнай гістарычнай энцыклапедыі "Краіна Беларусь" (2012).

Вольга Міхайлаўна Іпатава падрыхтавала ў свой час шэраг публікацый, прысвечаных даце 25 сакавіка, на старонках "Народнай волі" і "Нашага слова", і праводзіла шэраг гістарычных семінараў на сядзібе ТБМ у Менску.

Э. Дзвінская.

Магілёўскі паэт Васіль Матэвушаў

Чаруюць сэрца колеры зямлі,

Ружовая зара, вясёлкі,

Даспелыя жытнёвыя палі,

Ля сцежак вогненныя смолкі.

Нідзе не знойдзеш

лепшых дываноў

Па яркасці і расфарбоўцы,

Як разнаквецце заліўных лугоў

Каля Дняпра пад зыркім сонцам.

Даследчыкі кажуць, што лепш за паэта Васіля Матэвушава ніхто прыроду Прыдняпроўя не апеў… Васіль Іванавіч Матэвушаў (1915-1974) - беларускі паэт і журналіст. Нарадзіўся творца ў мястэчку Княжыцы, што пад Магілёвам, у прыгожы вясновы дзень 6 сакавіка. І дзе б ён не жыў, куды б яго не закінуў лёс - ён заўсёды ўспамінаў родныя мясціны Магілёўшчыны. Жонка паэта Тамара Аляксандраўна працавала настаўніцай у СШ 4 горада Магілёва. Апошнія гады сям'я Матэвушавых жыла на праспекце Міру, дом 10. Зараз тут жыве дачка паэта Наталля Васільеўна Матэвушава і ўнук Уладзіслаў. Пахаваны Васіль Матэвушаў на каталіцкіх Польскіх могілках, там дзе знайшоў свой спачын і паэт Аляксей Пысін.

Вясна выходзіць на паверку

Пад марш сярэбраных руччоў.

У возера, нібы ў люстэрка,

Глядзяцца сосны з берагоў.

Спавіты дзеразой паляны,

Цвіце на купінах чабор,

З праменняў сонечных сатканы

Лугоў рамонкавы убор.

І толькі хай зара над краем

Настроіць горнаў сваіх медзь,

Я пабягу хутчэй да гаю

Вясне ў вочы паглядзець.

Алег Дзьячкоў.

Магілёў. На фота: 1. Паэт Васіль Матэвушаў. 2. Васіль Матэвушаў з супрацоўнікамі газеты каля рэдакцыі. В. Матэвушаў другі справа. 3. Аўтограф ад сябра, магілёўскага паэта Аляксея Зарыцкага.

Цікавая краязнаўчая кніга

У сталічнай краме "Акадэмкніга" набыў цікавую кнігу "Крэва.

Гісторыя, археалогія, культурная спадчына", якая пабачыла свет у выдавецтве "Беларуская навука" ў 2021 годзе. Яе наклад - 150 асобнікаў. Укладальнік - Алег Іванавіч Дзярновіч. На вокладцы выкарыстаны гравюры Б. Тамашэвіча. Рэцэнзенты: доктар гістарычных навук Г.Я. Галенчанка і кандыдат гістарычных навук А.А. Любая.

У зборніку навуковых артыкулаў прадстаўлена багатая гістарычная, археалагічная, культурная спадчына Крэва...

Змешчаныя матэрыялы тычацца праблем балта-славянскіх кантактаў, гісторыі мястэчка Крэва і яго знакамітага замка. Аналізуюцца падзеі ў перыяд позняга сярэднявечча, ранняга новага часу, падзей Першай сусветнай вайны, а таксама падзеі ў мястэчку ў міжваенны перыяд. Асобна прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з князем Даўмонтам.

Выданне разлічана на навукоўцаў і краязнаўцаў. Будзе карысна навучэнцам, экскурсаводам і ўсім хто цікавіцца гістарычна-культурнай спадчынай нашай краіны. Зборнік падрыхтаваны ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016-2020 гады.

Асабіста мне спадабаліся артыкулы Андрэя Шулаева, Алега Дзярновіча, Валянціны Мароз, Сяргея Емяльянава, Сяргея Харэўскага, Аляксандра Камінскага і Івана Сацукевіча.

Раю набыць кнігу чытачам нашага штотыднёвіка.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.

Па Каліфорніі - II

Мікалай Русель

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

Доктар Русель выязджае ў Сьера-Неваду… але не зусім ясна, з кім

Пры азнаямленні з кожным раздзелам "Па Каліфорніі" патрабуюцца невялікія растлумачэнні, без якіх няпроста зразумець, што адбываецца.

З "дэтэктыўных" пытанняў, што ўзнікаюць: хто былі спадарожнікі доктара Руселя пры выездзе і на розных "адрэзках" яго двухмесячнага знаходжання паміж Сан-Францыска і возерам Таха. Засталіся не названымі па імёнах або схаванымі ў слове "мы" жонкі з "рускага" Сан-Францыска, якія апынуліся ў раёне Плэйсервіля. Такіх магло быць дзве або нават тры. Вядома, што рыхтаваўся да выезду Русель у тым ліку і продажам маёмасці, каб мець сродкі на адпачынак, а гэта тычылася і яго жонкі - доктара Леакадзіі Русель.

Несумненна, гандаль у цягніку да болю нагадвае тое, што мы рэгулярна бачым у нас, хоць і ажыццяўляецца ў нас з меншай агрэсіўнасцю. Таксама тое, як Русель "адбіваецца" ад яўрэйскіх гандляроў у Галіцыі, можа збянтэжыць. Але народнік мае права пажартаваць, не паважаючы такі гандаль, а сам наўрад ці пакрыўдзіць фізічна якую-небудзь жывую істоту.

Тэкст прайшоў амерыканскую (акадэмічную стэнфардскую) "цэнзуру" 30 гадоў таму (1991): калі гісторыкі-славісты не знайшлі ў ім яўных праяў таго, пра што і як не прынята пісаць у цывілізаваным друку і што нельга надрукаваць у выданні афіцыйнай асацыяцыі выпускнікоў універсітэта ў ЗША, то гэта можа тычыцца і практычна любога выдання ў развітых краінах. Англійскі пераклад (расшыфроўка рускамоўнага рукапісу Джэхан Гейт, пераклад Сары Фенандэр) рэдагаваў прафесар Тэранс Эманс.

Алесь Сімакоў, даследчык прысутнасці беларусаў у Каліфорніі і на Алясцы.

Гэта было ў канцы траўня. Нягледзячы на ранічку, Сан-Францыска ўжо быў на нагах. Вагоны канатных дарог бегалі чарадой па яго вуліцах узад і ўперад, набітыя рабочымі, што спяшаліся на фабрыкі. Паміж імі з шумам каталіся ламавікі з велізарнымі вазамі, якія цягнуліся некалькімі парамі магутных коней, і пастаўшчыкі ў сваіх лёгенькіх экіпажах, якія развозяць па дамах малако, зеляніва, бакалейныя і іншыя тавары. Па колькасці шуму і руху ў гэты час горад гэты наўрад ці чым саступае Нью-Ёрку, Лондану і іншым партовым гарадам.

Мы прыбылі на прыстань і ўзялі білеты. Параход-паром мусіў перавезці нас праз бухту ў суседні гарадок Oakland, дзе змешчаны вакзал чыгункі. Гэты пераезд займае паўгадзіны часу і складае адну з самых прыемных загарадных экскурсій. Ландшафты кругом, куды не зірнеш, выдатныя, якія нагадваюць паўднёвую Італію. Велізарная бухта, у якой свабодна маглі б змясціць усе флоты свету, усеяная невялікімі ўзвышанымі маляўнічымі астравамі, на жаль, яшчэ голымі, таму што дзяржава ўтрымала іх за сабой з мэтай ператварыць іх у выпадку патрэбы ва ўмацаванні. Да дзяржаўных жа і муніцыпальных устаноў увогуле ў індывідуалістычнай Амерыцы больш, чым у якой-небудзь іншай краіне прыдатная прымаўка: everybody's interest is nobody's interest. Калі б гэтыя астравы належалі прыватным асобам, яны даўно былі б пакрыты садамі і прыгожымі дачнымі дамкамі накшталт тых, што какетліва выглядваюць на другім баку бухты.

Лепшы за ўсё краявід з сярэдзіны заліва. Адсюль назад на захад за лесам мачтаў і параходных труб гавані на схілах узгоркаў віднеецца, як на далоні, Сан-Францыска, што раскінуўся правільным лініямі. У ніжняй, рабочай частцы з мноства высокіх комінаў незлічоных фабрык і заводаў валіць чорны дым, які роўнымі слупамі падымаецца высока ў неба. Пабудовы гэтай часткі ўражваюць толькі сваімі памерамі і казарменнай безгустоўнасцю. Затое, далей і вышэй ён і прыгожы і арыгінальны. За выключэннем некалькіх дзясяткаў вялікіх мураваных палацаў, якія сканцэнтраваны ў 2-3 фешэнебельных кварталах і належаць камерцыйным тузам, палацаў, што з'яўляюцца няўдалымі наследаваннямі стылям усіх часоў і народаў, увесь астатні горад складзены з прыгожанькіх утульных драўляных, афарбаваных у светлыя фарбы катэджаў па англійскай манеры. Большая частка іх у два і тры паверхі, з абавязковым bay window, г. зн. выдаюцца на манер балкона. Калі б не схільнасць цягнуцца ўверх пры малой паверхні, не скучанасць і пабольш саду і зеляніны вакол, я параўнаў бы іх з нашымі дачнымі пабудовамі, якіх шмат бачыш пад'язджаючы да Масквы або Пецярбурга.

На ўсход на супрацьлеглым беразе бухты каля падножжа высокіх узгоркаў размясціліся некалькі шырэй і больш прасторна ў зеляніне садоў і паркаў мястэчкі Аламіда, Окланд, Беркелей. Па сутнасці гэта толькі прадмесці Сан-Францыска. Большасць іх жыхароў толькі начуе дома, а ўвесь дзень, за выключэннем свят, праводзяць у сталіцы, прыязджаючы раніцай і вяртаючыся вечарам. Дзякуючы вельмі нізкай плаце за праезд ($3 у месяц) гэта нават больш зручна і ва ўсякім разе здаравей, чым жыць у самім горадзе. На поўдзень бухты не бачна, там ў блакітнаватай смузе сінь вады непрыкметна пераходзіць у сінь неба. На поўнач жа, акрамя згаданых вышэй астравоў, бачныя даволі высокія часткова пакрытыя лесам горы берагавога ланцуга (coast range) і новая група гарадкоў яшчэ больш маляўнічых, дзякуючы свайму ўзвышанаму становішчу і мноству зеляніны: Сасэліта, Сан-Рафаэль і інш. Раніца была ціхая, сонечная. Увесь навакольны ландшафт, дзякуючы адлегласці, быў ахутаны празрыстым блакітным туманам. Сонца толькі што ўзышло, і прамені яго яшчэ не паспелі разагнаць падбадзёрлівай ранішняй ядранасці. Яны весела ігралі ў лёгкай рабізне на блакітнай паверхні мора і іскрыліся рознакаляровымі агнямі ў пырсках вадзяных колаў. Аптычны эфект сонечнага асвятлення какетлівых гарадкоў, горных вяршынь, што падымаюцца над імі, і паўскалістых, паўубраных свежай зелянінай астраўкоў цяжка перадаць словамі. Пра іх могуць скласці сабе ўяўленне толькі тыя, каму знаёмы панарамы Швейцарскіх азёр, Неапаля і Сіцыліі.

Так, прырода тут цудоўна добрая. Пры поглядзе на яе міжволі настройваешся на аптымістычны тон, і тым больш балюча становіцца душы, калі падумаеш, які рэзкі кантраст паміж ёй і меркантыльна-дробязным пошла-матэрыялістычным духам гэтага чалавечага мурашніка. Гэта духоўнае ўбоства жыцця выпадае з-пад увагі звычайнага турыста. Нішто не перашкаджае яму захапляцца прыродай і пераносіць яе прыгожасці на саміх насельнікаў. Уяўная паказная заможнасць, багацце і нават раскоша навокал у сувязі з прадузятымі вычытанымі ўяўленнямі пра рэспубліканскую свабоду і роўнасці мімаволі падкупляюць і не дзіўна, калі карціны, што малююцца ім для айчыннага друку, прадстаўляюць Амерыку ўвогуле і Каліфорнію ў асаблівасці чымсьці падобным да зямнога раю. Такому аптымізму нашых падарожнікаў нямала садзейнічае і тое, што яны з'яўляюцца выведваць з туга набітымі кішэнямі і добрым абывацельскім страваваннем. Калі б не гэта, калі б прыязджалі яны сюды як прыязджаюць штодзённа тысячы эмігрантаў з Еўропы і Усходу Амерыкі, г. зн. у эмігранцкіх спецыяльных цягніках, асуджаныя на цяжкую і доўгую барацьбу з-за кавалка хлеба сярод гэтага раю, нямала патух бы каларыт карцін амерыканскага дабрабыту, які малюецца імі.

На гэты раз мы не маем намеру, зрэшты, вадзіць чытача за кулісы амерыканскага жыцця. Наадварот, я павязу яго туды, дзе больш святла і менш ценяў, у лясы і горы - у праславутую радзіму Залатога штата, дзе ўпершыню было адкрыта золата, у месцы, апісаныя Брэт-Гартам, так званае графства Эльдарада, адміністрацыйным цэнтрам якога служыць Placerville.

Паромы, што адпраўляюцца кожную чвэрць гадзіны на супрацьлеглы бок бухты, абсталяваны раскошна. Некаторыя з іх асветлены электрычнасцю і ў вячэрні час здаюцца нейкімі казачнымі плывучымі палацамі. Ніжняя палуба прызначана для грузаў, экіпажаў і публікі, якая курыць. Тут жа змяшчаецца шынок, а таксама і высокае крэсла якога-небудзь неграчысцільшчыка ботаў. Хаця ніякага абавязковага раздзялення на класы няма, хаця ўсе плацяць тую ж плату за пераезд і карыстаюцца аднолькавымі правамі, тым не менш публіка добраахвотна падзяляецца на два класы. Усё, што бядней і брудней, аддае перавагу гэтай ніжняй бруднай палубе, усё, што чысцей, усплывае наверх у раскошную, велізарную залу, падлога якой пакрытая суцэльным аксамітным дываном, а сцены ўпрыгожаны люстрамі і алейнымі карцінамі, якія адлюстроўваць даволі няблага прыроду Залатога штата. Кантынентальны бераг бухты мелкі, і таму прыстань і вакзал чыгункі ўпакаваны на маленькім штучным астраўку, які знаходзіцца далёка ад берага і злучаецца з ім даўгім віядукам.

Вакзал, як і параход, падзелены на такія ж два паверхі, якія злучаюцца пры прычальванні асобнымі масткамі з двума адпаведнымі паверхамі парахода. Гэта не толькі паскарае спаражненне судна, але і дае магчымасць абодвум класам публікі не змешвацца. Верхні паверх вакзала - вялізная, раскошная, цудоўна асветленая і прыбраная накшталт сталай выстаўкі, узорамі ўсякага роду тавараў і аб'яў зала. Ніжняя цёмная і брудная. Пры выхадзе з вакзала публіку чакаюць некалькі цягнікоў, якія адпраўляюцца ў розныя бакі і абазначаны буйнымі подпісамі. Кожны лёгка можа знайсці свой цягнік. Званкоў ніякіх не заведзена. Прыязджай, садзіся і едзь далей. Нямала здзіўляе еўрапейца яшчэ адсутнасць паліцыі, а таксама і апранутых у спецыяльны касцюм службоўцаў. Увогуле, ні на параходзе, ні на вакзале, ні на вуліцы вы не сустрэнеце нікога ў форменнай ваеннай або іншай вопратцы. А між тым парадак неяк сам падтрымліваецца надзвычайны. Увесь гэты вялізны ў некалькі тысяч натоўп разнастайнага народа спакойна, без шуму і сутыкненняў злазіць і сам рассаджваецца па вагонах, дзе і як ён хоча. Некаторыя ўладкоўваюцца на платформах, іншыя аддаюць перавагу курыльнаму вагону і нават багажнаму аддзяленню. Большасць, аднак, і, вядома, усе жанчыны змяшчаюцца ў звычайных пасажырскіх вагонах, агульных для ўсіх і падобных на нашы вагоны другога класа, толькі больш даўгія і прасторныя. Цікава яшчэ і тое, што вагонаў у большасці выпадкаў бывае ў два і тры разы больш, чым колькі трэба было б калі б заняты былі ўсе месцы. У гэтых адносінах амерыканскія чыгуначныя кампаніі вельмі ліберальныя. Яны не толькі не набіваць іх людзьмі як бочкі селядцамі, але і пакідаюць поўную свабоду перамяшчэння. У выключных выпадках, праўда, бывае, што публікі набіраецца ўдвая больш, чым колькі ёсць месцаў, але тады і публіка ставіцца так жа ліберальна да кампаніі, не патрабуе месцаў таму толькі, што ёй прадалі білеты і прастойваюць у праходах, трымаючыся за рамяні.

Што зусім атручвае жыццё нязвыкламу іншаземцу ў Амерыцы, гэта рэклама. Не кажучы ўжо пра населеныя цэнтры, дзе яна ва ўсіх магчымых і немагчымых формах надакучліва лезе і ў вушы, і ў нос, як камар у балотных і лясістых мясцовасцях, на шляху, усё роўна чыгунка гэта, параход або прасёлкавы тракт, яна на кожным кроку псуе ландшафты і штохвілінна нагадвае вам пра куплю-продаж. У гэтых адносінах вынаходлівасць амерыканцаў не ведае межаў.

Прыстані і вакзалы літаральна залеплены гіганцкімі аб'явамі, што б'юць у вочы, карцінамі, прыстасаванымі з мэтай звярнуць увагу. Уздоўж віядукаў і палатна чыгункі, на дрэвах, часам з вышыні аддаленых узгоркаў, вось раз-пораз у самы раз апавяшчаецца, што нейкая газета мае самую вялікую колькасць падпісчыкаў, што пілюлі такога вось маюць цудадзейную сілу ва ўсіх хваробах, такое вось мыла перасягае ўсе астатнія мылы ў свеце. Пры ўсёй паблажлівасці да меркантыльнага духу веку, згадзіцеся, гэта надакучыць хоць каму. Але на гэтым не канчаюцца выпрабаванні падарожніка. Не паспееце вы ўсесціся на сваім месцы і цягнік рушыць, як у вагоне з'яўляецца нейкі пан з кошыкам і бесцырымонна кідае кожнаму пасажыру па два-тры арэхі, не разбіраючы, у вока ці ў рот трапіць вам гэты арэх. Публіка прымае гэта абыякава, і большасць ад няма чаго рабіць раскусвае іх і з'ядае. Пан знікае, не патрабуючы ўзнагароджання, але праз пяць хвілін з'яўляецца зноў паглядзець, у каго разыграўся апетыт, і на гэты раз ужо прадаць некалькі дзясяткаў пакетаў. Следам за ім з'яўляецца такі ж дабрадзейны пан з кнігамі і газетамі і, не пытаючыся, накладвае вам і астатнім цэлую кучу ў надзеі зацікавіць і, калі вы зачытаецеся, падыдзе да вас на самай цікавай старонцы і патрэбуе плату. Потым ідуць каштаны, цукеркі, цыгары, іх у сваю чаргу змяняе працэсія новых дабрадзеяў, заклапочаных да крайнасці пытаннямі пра тое, як будзе дастаўлены ваш багаж са станцыі ў гатэль і ў якім гатэлі вам зручней і танней спыніцца, і ў якім рэстаране паснедаць і паабедаць, і г.д., і г.д., без канца. Усе гэтыя асобы заплацілі чыгуначнай кампаніі не малую плату за права атручваць жыццё пасажырам і гэты падатак у сто разоў спаганяюць са сваіх ахвяр. Мець з імі справу даволі небяспечна.

Але вось станцыя. Тут да патэнтаваных далучаецца цэлае полчышча непатэнтаваных з самымі разнастайнымі прапановамі. Праз вокны і дзверы вас літаральна завальваюць сотнямі ўсялякіх лісткоў і абвестак. Нейкі бядак настойліва патрабуе, каб я спыніўся ў "самым лепшым атэлі", які ён рэкамендуе, і, калі я, каб адчапіцца, адказваў яму, што спынюся ва ўласным доме, ён са шчырай, але горкай усмешкай называе мяне шчасліўцам, якому нельга не зайздросціць; калі б у яго быў уласны дом, ён не павінен быў бы лезці, як надакучлівая муха, да кожнага падарожнага, каб заслужыць у гаспадара гатэля некалькі капеек.

Пры выхадзе з вакзала - цэлы скандал. Уявіце сабе некалькі дзясяткаў, а ў вялікім горадзе і цэлую сотню малайцоў, падабраных знарок, хто больш гарласты. Кожны з іх прадстаўляе які-небудзь гатэль. У руках у яго пакецік адрасных картак, на ілбе назва гатэля меднымі літарамі. Як толькі дзверы адчыніліся і публіка рынула да пад'езду, пачынаецца такі пякельны роў, ад якога ў нервовага чалавека можа здарыцца прыпадак. Як зграя драпежных звяроў кідаецца гэты натоўп на сваіх ахвяр і літаральна раздзірае нерашучых, аспрэчваючы іх адзін у аднаго.

Увогуле, з усіх шматлікіх краін, якія мне ўдалося наведаць, у гэтых адносінах Злучаныя Штаты больш за ўсё нагадваюць мне Галіцыю, дзе ад куплі-продажу чалавек не бяспечны, здаецца, і ў магіле і дзе мне аднойчы прыйшлося з рэвальверам у руках адстойваць свае права на адпачынак ад фактараў-яўрэяў.

Няхай чытач даруе мне ўсе гэтыя адступленні. Іх неяк цяжка абысці, калі гаворка ідзе пра далёкую і занадта мала вядомую нам краіну, пра нашых антыподаў, жыццё якіх заснавана на пачатках дыяметральна супрацьлеглых нашым.

Экскурсія па Пухавіччыне "Юзаф Бака. Геній майго месца"

Яшчэ нядаўняй зімой адбылася сустрэча Пухавіцкага ТБМ з нашым земляком Юрыем Важнікам. Лічу яго грандыёзным чалавекам, як і яго працу. Грандыёзнасць яго ў тым, што, адпрацаваўшы шмат гадоў у сферы транспарту, ён раптам зразумеў, што гісторыя - вось сапраўдны чалавечы скарб. Юры пачаў даследаваць тапаніміку Пухавіцкага краю. А там з кожным днём усё больш і больш з'яўляецца цікавага і незвычайнага… У рэшце рэшт, ён стаў стваральнікам праекту сэнсавага турызму.

Экскурсія называлася ''Юзаф Бака. Геній майго месца''.

Больш падрабязна пра праект вы можаце даведацца на сайце GMM.BY. Пачатак экскурсіі быў а 12 гадзіне ля вакзала. Прыйшлі 14 чалавек, уключаючы Юрыя (вельмі шкада, што так мала, улічваючы, што было 5 машын). Хутка нам распавялі пра тое, як карыстацца даведнікам і QR-кодам. Такім чынам, на машынах ехалі па 2-4 чалавекі і слухалі Юрыя Важніка (ды і не толькі, гучалі і музычныя суправаджэнні). Першым нашым прыпынкам стала Блонская сядзіба. Класічны шляхецкі ліцвінскі дом з калонамі, пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. Бонч-Асмалоўскімі. Экскурсавод музея была рада наведвальнікам, бо іх мала ў сённяшнія часы эпідэміі. У музеі Юры Пятровіч расказаў нам пра ''Misio Bakana''. Малады 32-гадовы езуіт Юзаф Бака зладзіў вельмі знакамітую на той час місію ў сяле Блонь. Ён прадаў два свае спадчынныя надзелы і папрасіў яшчэ ў бацькі 10 тысяч злотых, каб зладзіць гэтую місію. Гэта быў час, калі яшчэ існавала Рэч Паспалітая - сярэдзіна ХVІІІ стагоддзя. Ён будуе двор, будуе каталіцкі касцёл і навучае тутэйшых людзей. Пазней гэтыя землі пераходзілі ва ўладанне Путкамерам, Асоўскім, Бонч-Асмалоўскім. Распавялі нам пра трагічную паэму езуіта-паэта, які яе сцвердзіў сваім лёсам. Галоўная паэма Юзафа Бакі "Увагі смерці няхібнай" напісана ўсім станам людскім. Сэнс ўвагі ў тым, што ніхто не вечны - памятайце аб гэтым. Што б ты не рабіў, рабі так, як робіш гэта апошні дзень, памятай аб смерці, павер Богу, жыві апошнім днём, рабі добрыя ўчынкі. Паэзія Бакі досыць складаная. Юры параўноўвае Юзафа з Сальвадорам Далі. А апошні кароль Рэчы Паспалітай з гэтых вершаў смяяўся. Даследчыкі наступнага стагоддзя пісалі, што Бака - гэта графаман, блазан, ''Бака - ср-ка, бака - кака'', але ж час ішоў… І людзі ўбачылі, што Юзаф Бака бяссмяротны, як і сэнс яго твораў. Цяпер ён адзін з самых знакамітых ПОЛЬСКІХ паэтаў позняга барока пры тым, што нарадзіўся ў Беларусі, жыў у Беларусі і тварыў у ёй, толькі памёр ён у Варшаве, куды паехаў, мабыць, толькі паміраць. Так, ён пісаў па-польску, але гэта не значыць, што ён быў паляк, такія гістарычныя ўмовы былі. Шляхта Вялікага Княства Літоўскага хацела залатых шляхецкіх вольнасцей, гэткіх, як у Польшчы,таму прыняла каталіцтва і польскую мову. Гэта тое самае, што зараз усіх рускамоўных у Беларусі назваць расейцамі. Дзякуючы Юрыю Важніку, кожны з вас зараз можа лёгка даведацца і азнаёміцца з творчасцю Бакі - наш зямляк пераклаў паэму "Увагі смерці няхібнай" на беларускую мову, выдаў асобнай папяровай кнігай і размясціў на сайце для свабоднага чытання. Акрамя таго, Юрый Важнік склаў турыстычны маршрут па Пухавіччыне "Юзаф Бака. Геній майго месца", частку якога мы і праехалі з аўтарам ў гэты зімні дзень.

Далей наш шлях ляжаў на месца колішняга маёнтка Форбсаў, які цяпер уяўляе з сябе роўнае поле і маленькі лес. Вось у гэтым і ёсць ''сэнсавы турызм''. Беларусь мае найбагацейшую гістарычную спадчыну, але частыя войны і абыякавасць грамадства да свайго мінулага раўнялі з зямлёй усе здабыткі. Сабраць карціну можна толькі па аскепках і ''сэнсах'', бо будынкі руйнуюцца, эпохі сыходзяць, а людзі застаюцца… Наступны прыпынак - дом адпачынку, які яшчэ гадоў 40 таму жыў самым бурным жыццём. Прыгажосць неверагодная: лес, рака Свіслач. Сюды хадзілі аўтобус за аўтобусам. Але прыйшоў час, і цяпер дом адпачынку паўразбураны належыць БРСМ, які здае яго страйкбалістам. Пройдзе яшчэ гадоў 100, і ад гэтага дома застанецца столькі ж, колькі і ад маёнтка Форбса - маленькая плямка на прыродзе. Вось вам і ўвага смерці няўхільнай. Мне асобна хацелася б узгадаць пра цікавую вёску Пухавіччыны, якая называецца ''Красны акцябр'', як вам назва? Насамрэч вёска мела назву Забалева (ад імя Ізабэлы), а недалёка мясціна, дзе Якуб Колас любіў летаваць.

Мы наведалі таксама мястэчка Пухавічы, дзе калісьці жыло 92% яўрэяў. Менавіта ў Пухавічах рэчка Цітаўка ўпадае ў Свіслач. У мястэчку захаваліся старыя магільныя камяні з яўрэйскіх могілак, якія валяюцца нікому не патрэбныя і зарослыя. Мясцовыя краязнаўцы шмат біліся, каб яўрэйскія могілкі былі ўнесены ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей, але пакуль нічога не атрымалася. Юры ўзгадаў, што ў 1937-39 гадах на Пухавіччыне былі забіты ўсе, без выключэння, святары: і каталіцкія, і праваслаўныя, і равіны. Наведалі драўляную Блонскую Троіцкую царкву ХІХ ст., якая цудам захавалася. Каштоўнасць яе ў тым, што яна пабудавана не па маскоўскіх канонах. Святыня з васьмікутнай вежай, афарбаваная ў фісташкавы колер, і без какошнікаў. Наведалі мы і каталіцкі касцёл Юзафа Бакі. А як вы лічаце, што з ім здарылася? Ён быў зруйнаваны бальшавікамі ў 1937-ым годзе, а пасля вайны на яго месцы пабудавалі Блонскую школу.

Цікавым і сумным нам быў аповед пра ''Папову горку'', дзе ў 1941 годзе немцы сагналі 1280 яўрэяў з мястэчка Пухавічы і з Мар'інай Горкі і расстралялі іх. Вакол вялікай магілы яўрэйскія могілкі пасляваеннага часу. Нядаўна з мясцовай уладай звязалася яўрэйская асацыяцыя і вылучыла грошы на рэстаўрацыю. Пачаўся рамонт, але хутка ён скончыўся, грошы кудысьці зніклі, праца спынілася, і, калі прыехалі яўрэі і паглядзелі на выкананую працу, то разарвалі ўсе стасункі. Такім чынам, гэтае месца было таксама аддадзена прыродзе. Цікавы момант адзначыў расказчык, што падчас вайны з мірнага жыхарства загінулі 4.5 тыс. яўрэяў і ўсяго 600 беларусаў па Пухавіччыне. Затое ў 1944-45 беларусы былі забраны ў Чырвоную Армію і шмат іх загінула ў баях ва Усходняй Прусіі і Польшчы - сталі там "гарматным мясам" у гэтай бесчалавечнай бойні.

Экскурсія ўсім вельмі спадабалася. Мы шмат чаго на ёй зразумелі, але самае галоўнае тое, што варта апранацца цяплей і трэба ладзіць больш экскурсій. Мы вельмі дрэнна ведаем сваю гісторыю, і гэта тыя, хто ёй цікавіцца, а колькім людзям яна не цікава!? Людзі мала ведаюць свой край, мала цікавяцца сваім. І ў гэтым наша галоўная задача: заахвоціць людзей да спасціжэння свайго, роднага, беларускага!!!

Наша задача, каб Беларусь не напаткаў лёс ''смерці няўхільнай''. Для гэтага трэба адрадзіць беларускую мову. А разам з ёй і беларускую гісторыю, бо гэта дзве паралелі. Гісторыю, з боку беларусаў, а не з боку Расіі, Саюза ці Польшчы.

Запрашаем аматараў гісторыі ды ўсіх неабыякавых людзей азнаёміцца з праектам сэнсавага турызму і наведаць Пухавіччыну. Шчыра запрашаем!!!

P.S. Хацелася б пакінуць тут свой тэматычны верш:

Шчыт Беларусі

Магутныя муры ля рэк уздымаюцца,

І моцная веліч блішчыць,

І брамы высока-высока ўзрушаны:

Гатовы сінхронна вітаць караля.

А рвы ўсё паўзуць і паўзуць -

Няшчадна дзяўбуць збяднелага ката.

Да самага неба ўзрушаны вежы,

На сценах тых веж - пячаткі гармат.

І слёзы на сценах… Няспоўненых мар,

І храбрасць пяхоты - надзея ліцвінаў,

І вершнікаў жах, і кроў непавінных.

Смерць ратным хлапцам

і Боская ласка тутэйшым!

Усё захавана пад мурам вялізным,

Усё прыгажосці прыроды аддадзена

І знікла ў няспынных часах…

Сяргей Крачкоўскі.

Мар'іна Горка.

Да Міжнароднага дня паэзіі

Уладзімір Барысенка

ЛЯМПА ЖУРБЫ

Хлюпкі снег глухамані

на дарогах пустых,

у імжыстым тумане

рэха крокаў тваіх.

Ты ў якой фірмы ботах

хваліш Захад хадой,

ці ў прыемных турботах

дзень сплывае вадой?..

У чыіх дзе абдымках

засыпаеш-ўстаеш,

на сляпых фотаздымках

хоць мяне пазнаеш?..

У якіх акулярах

пазіраеш на Ўсход,

а ў якіх - мемуары

пра фабрычны народ?..

Тут я зноўку без свету,

што гарыць - не гарыць,

і па нашаму лету

лямпа ў лазні журбіць.

Б'ецца ў мох і пакулле

вецер вулкі крывой,

злуе золь завуголля

на штыкетнік-канвой.

У прастуджанай хаце

грэю свечку, маўчу,

ў васільковым халаце

ты стаіш уваччу.

Апрануўся ў калючкі

зноў быльнік-вартаўнік,

абышоў цёмну ночку

і прыцішыў мой крык...

Парцэлы

Алесь Макрацоў

Кароткі

верш…

Вярхушка

айсберга.

***

Грані

крыжа,

які

нясеш…

***

Моўны

бар'ер…

між табой

і дзяржавай.

***

Выбары…

Участковых

камісій

вырабы…

***

Калі я

такі…

Калі вы

такія…

Калі яны

такія…

***

Счужэнне

зямлі

Беларускай

дыктатарам…

***

Бэз…

не зацвіў.

Памёрзлі

гронкі…

***

Святло…

збалелага

сэрца

матулі…

***

Волі кветка…

Цвіце парасон

твой бела-

чырвона-

белым…

***

Спеў

сэрцайкаў…

вярнуўшыхся

птушачак…

***

Сусвет -

трымаецца

на…

мастацтве?

***

Ландышы…

ў дзень анёла

мне Госпад

падараваў…

***

Новы год…

ад палена

быцця

адпілоўваю?

***

Крылы

растуць?

Баляць

лапаткі…

***

Чыстыя

гукі…

празрыстага

лёсу…

***

Ліловы

луг…

столькі

званочкаў…

***

Курапу …

вясной

на градзе

выкапаў…

***

Худым

лягчэй

пераносіць

спёку…

***

І мяне,

як ваўка,

ногі

кормяць…

***

Улетку

з кашом

на лісіц

палюю…

***

Пазбавілі

пенсіі…

Не пасадзілі.

Не забілі.

***

Сволач…

што ўскладняе

жыццё

мастаку…

***

Зелянее

густа…

сабачая

капуста?

***

Вёска…

на ўборцы

ўраджаю

апенек…

***

Баравы

каравай:

баравік

вялізны.

***

Паганка…

поплеч

з абабкам

вырасла…

***

Рэбры…

струхнелай

яліны

абапал…

***

Чалавек…

пад сябе

Сусвет

падганяе…

***

Статак…

скаціны

нягоднай?

Гейропа…

***

Дрэва…

засохла

ля дошкі

гонару…

***

Як адзінокая

тая сасна…

на дзялянцы

доўгажыхарка.

***

Знаходжу

лісічкі…

Лесу

кланяюся…

***

Нячыстая

сіла…

сусед

звязаны…

***

Капіляр…

сістэмы

людазвароту.

Сцяжынка…

***

Вожык…

на сцежцы

вячэрае.

Мышка…

***

Бульба

ў мяху…

Парцэлы

ў зборніку.

***

Столькі

вершаваных

мазаік

згнаілі…

***

Ослік…

на якім

едзе

душа…

***

Галіны

вінаграднай

лазы…

Цэрквы…

***

Перасадка

сэрца…

Атэісцкае

шкурніцтва?

***

Дакрануўся

да распуснай

бабы…

як да жабы…

***

Бігудзі…

на зімняй

таполі.

Вароны…

***

П'яны сусед

з сякерай…

ганяе

сямейнікаў…

***

На небе

зоркі…

нібыта

лісічкі…

***

Аблокі…

высокія.

Дажджу

не будзе?

***

Матэма-

Тычны

Шкілет

Сусвету…

Анталогія беларускіх народных песняў з Лідчыны

17 сакавіка на паседжанні лідскага літаб'яднання "Суквецце" была прадстаўлена кніга "Закуй, закуй, зязюленька, рана... Анталогія беларускіх народных песняў. Сабрана Аленай Іваноўскай на Лідчыне ў 1905 - 1912 гадах".

Укладальнік: Леанід Лаўрэш.

Рэдактар: Станіслаў Суднік.

Перакладчык тэкстаў Алены Іваноўскай з англійскай мовы: Мікола Бусел.

У кнігу ўвайшлі ноты і тэксты беларускіх народных песняў і танцаў, запісаных Аленай Іваноўскай у раёне Лябёдкі Лідскага павета ў 1905 - 1912 гг. і апублікаваных у Англіі ў 1914 і 1924 гг.

На вокладцы размешчаны фатаграфіі фальклорнага калектыва "Талер", прадстаўленыя Дзяржаўнай установай "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Землі, па якіх цячэ рэчка Лебяда, як і ўся Лідчына, знаходзяцца на тэрыторыі колішняга яцвяжскага племені дайнава. Дайна па-яцвяжску - песня. Таму дайнаўцаў можна назваць песенным народам. Дык і не дзіва, што на Лідчыне спяваюць: усюды, многа і прыгожа. Па законе прыроды адходзяць пакаленні, узрастаюць новыя, адходзяць і песні. Клопат захаваць, запісаць гэтыя песні з'явіся яшчэ ў пачатку 19-га стагоддзя. Не будзем тут, аднак, імкнуцца пераказаць гісторыю беларускага фальклоразнаўства. Засяродзімся на Лідчыне.

У 1992 годзе ў Польшчы выйшла кніга Земавіта Фядэцкага з маёнтка Лебяда Лідскага павета "Цёплыя вечары ….. ды халодныя ранкі, czyli co spiewano w Fieliksowie", у якую ўвайшлі беларускія народныя песні, запісаныя пераважна ў вёсцы Феліксава Лідскага раёна ў 1942-43 гадах. Кірылічная частка зборніка перавыдадзена ў Лідзе ў 2017 годзе. Доўгі час гэты зборнік лічыўся адзіным зборам лідскага песеннага фальклору, хаця вядома, што беларускія песні на Лідчыне запісваў і Уладзімір Урбановіч з в. Пудзіна тады Лідскага павета, але гэтыя запісы пакуль недаступныя.

У 2018 годзе падчас працы над дакументальнай аповесцю пра славутую сям'ю Іваноўскіх з Лябёдкі ўсё таго ж Лідскага павета лідскі пісьменнік Леанід Лаўрэш знайшоў інфармацыю пра тое, што Алена Іваноўская, сястра беларускага нацыянальнага дзеяча Вацлава Іваноўскага, выпускніца каледжа Нью-Нам Кембрыджскага ўніверсітэта ў перыяд недзе ад 1905 да 1912 года запісала ў ваколіцах Лябёдкі вялікую колькасць беларускіх народныя песняў. Дзве падборкі песняў Алена Іваноўская разам з сябрам па Кэмбрыджы Гуі Онславам апублікавала ў лонданскім часопісе "Folklore". Яшчэ дзве публікацыі былі зроблены ў 1924 годзе з дапамогай жонкі Онслава Мюрыэл Уэлдэйл (Muriel Wheldale).

Леанід Лаўрэш знайшоў усе гэтыя публікацыі, расчытаў тэксты надрукаваныя лацінкай, перапісаў іх кірыліцай і падрыхтаваў да друку. Ён жа ўпершыню напісаў біяграфію Алены Іваноўскай, якая друкуецца ў гэтай кнізе.

Вялікія англамоўныя прадмовы да публікацый выдатна пераклаў на беларускую мову актывіст ТБМ і паліглот Мікола Бусел з Гомельшчыны.

Важна было таксама паглядзець, наколькі карэлююцца зборы Іваноўскай і Фядэцкага, зробленыя ў адным павеце на берагах адной і той жа рэчкі Лебяды, але на адлегласці каля 30 км у прасторы і каля 30 гадоў у часе. Параўнальны аналіз двух збораў зрабіла метадыст Дзяржаўнай ўстановы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Ірына Струмскіс.

Так атрымаўся другі зборнік лідскага песеннага фальклору, а калі глядзець па часе запісу песняў і па часе публікацый у Англіі, то гэта, безумоўна, першы зборнік. І сёння мы дадаём яго да багатай фальклорнай спадчыны Лідчыны і ўсёй Беларусі.

Выданне ажыццёўлена сіламі рэдакцыі газеты "Наша слова".

Магчыма, праз некаторы час Дзяржаўная ўстанова "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" падрыхтуе і правядзе прэзентацыю зборніка. А калі не атрымаецца, то пачакаем да фестывалю імя Земавіта Фядэцкага, які пройдзе летам у Феліксаве. Там песні са зборніка А. Іваноўскай прагучаць абавязкова.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX