Папярэдняя старонка: 2021

№ 19 (1534) 


Дадана: 13-05-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 19 (1534), 12 траўня 2021 г.

Радуніца - 2021

НАРОДНЫЯ МЕМАРЫЯЛЫ КАПЫЛЬШЧЫНЫ

Вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, вестку аб перамозе над гітлераўскай Германіяй вітала разам з усімі нясвіжцамі і Ванда Фянькоўская, маладая дзяўчына з Капыльшчыны. Нясвіж даў сіраце прытулак ў час вайны.

Да гэтага жыла яна ў працавітай шматдзетнай сям'і ў весцы Калодзезнае, на захад ад Капыля, у бок Нясвіжа. Пачаліся трывожныя дні вайны. Неяк у вёску прыехалі паліцаі, прайшліся па вуліцы, зайшлі на вячоркі, папярэдзілі, каб назаўтра ўсе заставаліся ў хатах, былі на месцы, маўляў, будуць правяраць дакументы.

Было тое 9 лютага 43 года. Уранні, па снеданні, малыя сядзелі на печы, дарослыя займаліся будзённымі клопатамі. Ванда - старэйшая з дзяцей - першая ўбачыла, што ідуць да іх. Папярэдзіла родных і ўскочала на гарышча, бо маці неаднойчы непакоілася, маўляў, малым нічога, а яе, каб не вывезлі ў Германію. Схавалася там, накінуўшы на сябе нешта, але чула стрэлы. Чула, як нехта прыадчыняў гарышча. Пасля ўчула і добра знаёмы стук брамкі - пайшлі. Вычакаўшы колькі часу, адважылася ціхенька спусціцца ў хату. Чужых не было, былі толькі родныя, але ўсе забітыя, усе да аднаго: і бабуля, і дзед, і маці, маленькія брацікі і сястрычка. Як уведала пазней, такі ж лёс напаткаў кожную сям'ю.

Ды на тым не скончылася - схавалася ў падпечак, бо пачалося рабаўніцтва. Забіралі жывёлу і што лепшае з хаты. Пасля вёску падпалілі. Сядзела дзяўчына ў тым падпечку дакуль было магчыма. Пазней, каб не сканаць у дыме і агні адважылася выскачыць праз акно ў снег, зашылася ў гурбу, каб не згледзелі. Бо кожную хату кантралявалі.

…На некаторы час далі ёй прытулак жыхары суседняй вёскі. Пасля параілі перабірацца да каго з родных. Вось і накіравалася Ванда ў Нясвіж. Жыла ў сям'і цёткі, якая парабралася сюды яшчэ на пачатку вайны.

Пасля вызвалення працавала ў магазіне лясніцтва, у так званых Домках. Затым паступіла вучыцца, атрымала сталую прафесію і мела добрую пасаду. Жыла ў Оршы. Пасля з мужам і сям'ёй пераехала на Украіну. Прыязджала ў Нясвіж, наведвала сваё няшчаснае Калодзезнае. Сабрала попел былой сваёй хаткі і пахавала на могілках, паставіўшы адзін крыж па ўсіх родных.

Ужо за мірным часам напісала Ванда Фянькоўская падрабязныя ўспаміны пра перажытае. Трапілі яны да пісьменніка Янкі Брыля, але на той час яго кніга "Я з вогненнай вёскі" была ўжо выдадзена.

Гэтую гісторыю пачула колькі гадоў таму ад старшыні Свержанскай суполкі Нясвіжскай арганізацыі ТБМ Валянціны Холадавай: гэта яе мама была той нясвіжскай цётачкай Ванды Фянькоўскай.

Сёлета 9 траўня з клопату і старання спадарыні Валянціны зладзілі паездку на Капыльшчыну. Першы прыпынак - могілкі в. Калодзезнае. Народны мемарыял, створаны тут у 2014 годзе на дабраахвотныя ахвяраванні і сіламі людской грамады, пры актыўным старанні мясцовага актывіста Віктара Дашкевіча, не можа пакінуць абыякавым. Мастак Уладзімір Швайбовіч з Капыля рэалізаваў задуму надзіва моцнымі метафарамі. Крок, яшчэ крок - і сцежка з бялюткіх дробных каменьчыкаў ператвараецца ў чырвона-крывавую… Абпаленая да чорнага вуголля сцяна… Вышэй, як родныя браты, каталіцкі і праваслаўны крыжы… Пры іх - невялікі медны звон. Кожны, хто наведаўся сюды, можа крануць ланцуг, што вядзе да тога звона, каб сумна-жалобным рэхам засведчыць: "Я помню".

Другі прыпынак - вёска Чарнагубава. Тут яшчэ адзін народны мемарыял, што нагадвае пра яшчэ адну народную трагедыю. "Сялянам і былой шляхце вёскі - ахвярам палітычных рэпрэсій", - пазначана на гранітнай пліце. Пералічаны імёны тых вяскоўцаў, што былі расстраляны, вывезены за межы Беларусі, адсядзелі тэрміны ў турмах. За усіх бязвінных ахвяр выказаўся такі ж "вораг народа" паэт Сяргей Грахоўскі:

Мы тут жылі, касілі і аралі,

А нас, невінаватых, пакаралі.

За тое, што зямлю і вас любілі,

Нас больш паўсотні сейбітаў забілі

У страшны 37 год…

Жыві і сцеражыся, наш народ.

Як на могілках у Калодзезным, так і тут, у Чарнагубаве, шмат кветак, прынесеных нядаўна, пасаджаных дзень-другі таму. І гэта абнадзейвае: памяць жыве, гісторыя вучыць, яе памылкі не павінны паўтарацца.

Вольга Карчэўская. Нясвіж.

Шаноўныя сябры ТБМ!

Ужо другі год мы працуем у надзвычай цяжкіх умовах. Так, пачатак 2020 года прынёс нам пандэмію каранавіруса, што самым непасрэдным чынам адбілася на дзейнасці арганізацыі. Мы вымушаны былі значна скараціць колькасць мерапрыемстваў, найперш у нашай сядзібе. Гэта прывяло да таго, што колькасць фінансавых сродкаў нашмат зменшылася. Як сведчаць праведзены намі аналіз паступлення грашовых сродкаў, штомесяц мы не далічваемся 1000 (адной тысячы ) беларускіх рублёў, неабходных для аплаты за арэнду нашай сядзібы. У выніку за мінулы год у нас утварыўся значны дэфіцыт у памеры 12 тысяч беларускіх рублёў. Гэтае пытанне нам трэба вырашыць цягам некалькі бліжэйшых месяцаў для таго, каб мець магчымасць прэтэндаваць на працяг арэнды. У процілеглым выпадку мы можам апынуцца ў сітуацыі, калі будзем вымушаны шукаць новае памяшканне. А гэта пацягне за сабой і праблему юрыдычнага адрасу для некалькіх нашых арганізацый. Нашы намаганні па пошуку фінансаў пакуль што не далі жаданага выніку.

Таму я звяртаюся да ўсіх кіраўнікоў раённых, гарадскіх, абласных арганізацый з наступнай просьбай:

1. Правесці пераўлік сяброў сваіх структур і даслаць поўныя спісы ў сядзібу.

2. Актывізаваць збор складак і ахвяраванняў за бягучы год, а калі ёсць запазычанасць, то і за мінулыя гады.

3. Выпісаць самім і заахвочваць іншых выпісваць газету "Наша слова" і "Новы час", якія з'яўляюцца ледзь не апошнімі з нешматлікіх беларускамоўных легальных незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Усіх сяброў ТБМ, хто не з'яўляецца сябрам арганізаванай структуры, або знаходзіцца за межамі краіны, зрабіць гэта самастойна і даслаць звесткі непасрэдна ў сядзібу па пошце ці на электронную пошту: siadziba@gmail.com.

Зараз мы актывізуем сваю дзейнасць у наступным накірунку. Неўзабаве з'явіцца новы сайт ТБМ, зараз ідзе актыўная праца над яго новым выглядам і размяшчэннем.

Таксама ёсць пільная неабходнасць абнавіць нашу базу звестак сяброў. У апошні час у нас з'явілася шмат новых сяброў, якія маюць ужо пасведчанні і даволі актыўна падтрымліваюць ТБМ сваімі ідэямі і дзеяннямі. Адначасова мы мусім канстатаваць, што за апошні год мы страцілі шмат актыўных сяброў.

Я дзякую ўсім сябрам арганізацыі за салідарнасць і ўзаемную падтрымку, якую вы праяўляеце штодня ў няпростых сённяшніх умовах. Я дзякую ўсім нашым прыхільнікам і паплечнікам, хто падтрымлівае нас добрым словам, а таксама рэгулярна пералічввае свае ахвяраванні. Я веру, што як бы ні было цяжка, разам мы здольныя чарговы раз выстаяць і захаваць нашыя каштоўнасці - родную беларускую мову і незалежнасць краіны.

З павагай і ўдзячнасцю, старшыня ТБМ Алена Анісім.

Новыя тэхналогіі дапамагаюць у папулярызацыі культурных каштоўнасцей

У Нацыянальнай бібліятэцы 4 траўня адбылася IХ навукова-практычная канферэнцыя "Электронная культура" па тэме "Рэальнасць і віртуальнасць ва ўмовах пандэміі", арганізаваная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валеры Грамада і Генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі.

- Сёння ў розных відах мастацтва адбываюцца ў віртуальным фармаце семінары, канцэрты, творчыя сустрэчы, выставы, і наша канферэнцыя як раз паклікана аб'яднаць напрацоўкі ў розных сферах культуры ў плане развіцця інфармацыйных тэхналогій, - адзначыў Раман Сцяпанавіч Матульскі.

За апошнія 10 гадоў канферэнцыя "Электронная культура" стала найважнейшай пляцоўкай для абмену вопытам і пошуку перспектыўных напрамкаў развіцця інфармацыйных тэхналогій у сферы культуры. Штогод навукоўцы, работнікі культуры і адукацыі, распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння і многія зацікаўленыя асобы абмяркоўваюць пытанні інфармацыйна-тэхналагічнага развіцця грамадства.

На мерапрыемстве ўдзялялася ўвага віртуальным праектам, якія ажыццяўляюцца ў розных установах культуры і асабліва запатрабаваны ў перыяд пандэміі; найлепшым практыкам у галіне захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны ў віртуальнай прасторы; перспектывам інфарматызацыі бібліятэк, музеяў, архіваў, мастацкіх школ; інавацыйным тэхналогіям у сферы культуры: "хмарным", мабільным, 3D-тэхналогіям, фарміраванні электроннага кантэнту і распрацоўцы віртуальных паслуг у сферы культуры.

Але канферэнцыя "Электронная культура" - гэта не толькі гаворка пра віртуальныя экскурсіі ў музеях у час пандэміі, спяктаклі і канцэрты - у Інтэрнэце, адлічбаваныя дакументы - у бібліятэках, каштоўныя кніжныя помнікі - у электронным доступе. Гэта яшчэ абмен вопытам зацікаўленых і апантаных музейшчыкаў і бібліятэкараў з розных рэгіёнаў, якія любяць сваю справу, папулярызуюць выбітных асобаў і пісьменнікаў свайго краю (І. Мележа, І. Навуменку і іншых).

Змястоўнымі і натхняльнымі былі выступы на канферэнцыі Марыны Сяргееўны Рафеевай з Гомельскай абласной навуковай бібліятэкі, Славіны Гаўрылавай з Полацкага Музея беларускага кнігадрукавання і іншых.

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша распавёў пра Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк паведаміў пра стварэнне інтэрнет-партала "Партызаны Беларусі".

Малады спецыяліст Юрась Гяцэвіч, загадчык лабараторыі Аб'яднанага інстытута Інфарматыкі НАН Беларусі падзяліўся досведам, як яго лабараторыя распрацоўвала аўдыёгіды для выставы "Беларусь і Біблія" і іншае праграмнае забеспячэнне для захавання і папулярызацыі культурнай спадчыны.

Э. Дзвінская, фота аўтара. На здымках: 1. А. А. Суша і А. К. Дземянюк. 2. Прэзентацыя Ю. Гяцэвіча.

"МЫ - ГЭТА ПАМЯЦЬ"

Ёсць у кожнага народа падзеі і даты, якія ён не забывае. Для ўсяго беларускага народа адной з такіх падзей з'яўляецца Вялікая Айчынная вайна. Гэта свята ўвайшло ў нашыя сэрцы як сімвал гераізму і мужнасці народа, які адстаяў мір на зямлі. Дзень Перамогі быў і застаецца святым днём для ўсіх людзей нашай краіны. Вайна пакінула крывавы след у гісторыі нашага народа, у кожнай сям'і, у чалавечых лёсах. Але не гасне памяць пра яе жудасныя і гераічныя падзеі, не сціхае боль, не затуманьваецца слава подзвігу нашага народа. З пакалення ў пакаленне перадаецца эстафета гэтай памяці.

Мы кожны год ўзгадваем падзеі ваенных гадоў і тых людзей, якія заваявалі для нас мір на зямлі. 5 траўня ва ўсіх публічных бібліятэках Гарадзенскай вобласці прайшоў абласны агульнабібліятэчны дзень "Мы - гэта памяць", прысвечаны 76-гадавіне Вялікай Перамогі. Дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" не засталася ў баку і падтрымала абласную акцыю.

Сярод публічных бібліятэк Лідчыны першым распачаў акцыю філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 1", які прапанаваў наведвальнікам дзіцячага садка № 7 зрабіць падарожжа па кнігах ваеннай тэматыкі "У кніжнай памяці імгненні вайны". Самымі цікавымі кнігамі былі тыя, дзе галоўныя героі - равеснікі нашых юных наведвальнікаў. Гэта гісторыі аб жыцці дзяцей, якія засталіся сіротамі, траплялі ў палон, галадалі, выжывалі, бралі ў рукі зброю, абаранялі сваіх маці і сёстраў.

Навучэнцы ДУА "Ліцэй № 1 г. Ліды" сталі ўдзельнікамі літаратурна-музычнай кампазіцыі "Салют Перамогі не памеркне", якая адбылася ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Вядоўцы распавялі дзецям пра жахі і нягоды вайны, пра пераадоленне цяжкасцяў і мужнасць нашага народа. Дэманстраваліся фатаграфіі і дакументальныя хронікі цяжкіх баёў і ваенных будняў салдат, якія захаваліся да нашых часоў. Мерапрыемства суправаджалася песнямі: "Дзень Перамогі", "Свяшчэнная вайна", "Жураўлі", "Даваенны вальс".

Гадзіна памяці "Завешчана памятаць", якую падрыхтаваў філіял "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка", была прысвечана героям, якія змагаліся за мірнае неба над галавой. Дзеці пазнаёміліся з такімі імёнамі, як Аляксандр Матросаў, Аляксей Марэссеў, Віктар Талаліхін, Яфім Асіпенка, Канстанцін Заслонаў, Мікалай Гастэла і іншыя. Гэта імёны людзей, якія ў смяротнай сутычцы з ворагам здолелі абараняць Радзіму да апошняй кроплі крыві. Аб адважных ўчынках юных герояў Марата Казея, Валянціна Коціка, Зіны Партновай дзеці таксама даведаліся на гадзіне памяці. Вядоўцы ўспаміналі мужчын, жанчын і дзяцей, якія былі на вайне. Але былі яшчэ адны героі вайны, якія выконвалі важныя заданні ў гэтыя страшныя гады. Гэта жывёлы-байцы, якія ўсю вайну прайшлі бок ля боку з людзьмі, змагаючыся за Перамогу. Падчас мерапрыемства дзеці пабывалі на віртуальнай экскурсіі ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны Рэспублікі Беларусь.

5 траўня бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" сустрэўся з вучнямі 4 класа мясцовай школы. Падчас гутаркі, было падкрэслена тое, чаму мы захоўваем памяць пра герояў. Бо мужнасць і стойкасць - гэта прыклад адзінства, патрыятызму і веры ў Перамогу, а памяць пра герояў падтрымлівае і напаўняе нас энергіяй дабра. Дзеці падзяліліся ўспамінамі пра гераізм сваіх блізкіх, распавялі пра лёс ветэранаў Дварышчанскага сельскага Савета. Ушанаваўшы памяць герояў і ўдзельнікаў ваенных падзей, юнакі разам з бібліятэкарам адправіліся віншаваць жыхароў аграгарадка з дапамогай маляўнічых паштовак. Гэта быў цёплы абмен віншаваннямі і пажаданнямі міру, здароўя і дабра.

Падчас гістарычнай гадзіны "Кнігі, як летапіс вайны", якая ладзілася ў філіяле "Інтэграваная бібліятэка агр. Бердаўка", бібліятэкар пазнаёміў юных чытачоў з матэрыяламі ваеннай тэматыкі, пра якія павінен ведаць кожны жыхар вёскі Бердаўка. Вялікую цікавасць выклікаў альбом "Помні іх імёны, яны прайшлі дарогі вайны", які прысвечаны ветэранам Бердаўскага сельскага Савета. У гэты дзень бібліятэку наведалі два праўнука ветэранаў С.В. Багдзевіча і С.М. Васілевіча, якія падзяліліся з прысутнымі ўспамінамі сваіх прадзедаў.

5 траўня, наведаўшы філіял "Тарноўская сельская бібліятэка", чытачы не толькі пазнаёміліся з унікальнымі па сваім змесце матэрыяламі, прадстаўленымі на фотавыставе "Жывым - памятаць!", але і ўспомнілі былых ветэранаў Тарноўскага сельскага Савета, такіх як Івашкова Міхаіла Міхайлавіча, Хаміцу Стэфана Антонавіча і многіх іншых.

Інформ-дассе "Праз лёс людзей прайшла вайна" ладзілася ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3". З чытачамі малодшага школьнага ўзросту ішла размова аб гераічных падзеях, мужных воінаў, партызанаў смелых і юных піянераў-герояў. Дзеці з гонарам дадалі ў інформ-дассе сваю гісторыю пра ваенныя падзеі, аб якіх яны даведаліся ад сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў.

А філіял "Бярозаўская гарадская бібліятэка" запрашае ўсіх ахвотных прыняць удзел у акцыі "Чытаем разам пра вайну", кожны ахвотны можа падзяліцца з чытачамі бібліятэкі сваім любімым творам пра вайну.

Змястоўныя героіка-патрыятычныя мерапрыемствы 5 траўня ладзілі і іншыя публічныя бібліятэкі Лідчыны, каб гэты дзень стаў своеасаблівым знакам таго, што мы памятаем подзвіг кожнага, які ваяваў, і ніколі пра іх не забудзем.

Д.А. Марцінкевіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

Прэзентацыі "Новага замка" і "Ятранкі" на Дзятлаўшчыне

Два літаратурныя альманахі прэзентавалі сябры Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў на Дзятлаўшчыне.

Прэзентацыі альманахаў "Новы замак" і "Ятранка" адбыліся ў Гезгалаўскай сельскай бібліятэцы і Дзятлаўскай раённай бібліятэцы. Прэзентаваць альманахі прыехалі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў з Гародні Янка Трацяк, пісьменнікі Уладзімір Хільмановіч, Мечыслаў Курыловіч ды Сяргей Чыгрын са Слоніма. Да іх далучыліся ў Дзятлаве аўтары альманаха "Ятранка" Алена Абрамчык, Міхаіл Лук'янчык, Вера Хрышчановіч, Дзмітрый Кузьма і Валерый Петрыкевіч.

Дарэчы, арганізатарам гэтых сустрэч быў дзятлаўскі грамадскі актывіст, краязнавец і проста цудоўны чалавек Валерый Петрыкевіч. Падчас сустрэч гучалі вершы, гумар, розныя прапановы і пажаданні, а таксама песні. Радавалі сваім выступленнем дзятлаўскія прыгажуні з ансамбля народнай песні "Ятранка" і бард з Ліды Сяргей Чарняк. Спадар Чарняк спяваў песні на словы дзятлаўскіх літаратараў, а таксама выконваў своеасаблівы гімн вёскі Зачэпічы, дзе штогод адбываецца Гарадзенскае абласное свята паэзіі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён. Фота аўтара.

Геаграфія знакавых месцаў памяці пра Я. Карскага і яго родных

Да 160-годдзя з дня народзінаў і 90-годдзя з дня смерці (1.01.1861 - 29.04.1931)

Алесь Крой

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

18. Петраград-1916 - Масква-1925 -Прага-1929. Акадэмік Я. Карскі ведаў класічныя мовы: старажытнагрэцкую, лацінскую, стражытнагабрэйскую, валодаў польскай, нямецкай, ведаў славянскія мовы, санскрыт, звяртаўся да летувіскай і латышскай, шырокую вядомасць мелі яго падручнікі па рускай мове і царкоўнасла-вянскай (амаль два дзясяткі выданняў), але званне акадэміка яму было дадзена ў першую чаргу за даследаванні па беларускай мове, якой займаўся ўсё жыццё. 8.10.1916 г. абраны ардынарным акадэмікам па аддзяленні рускай мовы і славеснасці. У 1925 годзе дадзена званне акадэміка СССР. У студзені 1929 г. абраны членам Kralevske Ceske Spolecnosti Nauk.

Я. Карскі пра "рускую" мову Францішка Скарыны, пра якога вельмі цёпла адзываўся і даваў высокія адзнакі: "Ён не адважваецца яшчэ перайсці на чыста народную мову: у яго нярэдкія яшчэ аорысты, імпэрфэкты, часта твораныя няправільна, і іншыя царкоўнаславянскія асаблівасці ў мове; побач з гэтым даволі частыя чэхізмы, як дань арыгіналу, з якога ён рабіў свае пераклады, - ды ўсё ж аснова мовы народная беларуская, з тымі асаблівасцямі, якія характарызуюць старую яе рэдакцыю ў Літоўскім гаспадарстве". У "Беларусах" Я. Карскі паказвае, што ў часы ВКЛ былі канчаткова выпрацаваны асаблівасці беларускай мовы, піша ён і пра запазычанні з іншых моваў "беларусы заняли у литовцев и латышей 36 слов общераспространённых и около 54 слов, известных только отчасти в некоторых местах, отчасти лишь в старинных памятниках". У той жа час літоўцы і латышы ўзялі ў беларусаў "огромное количество" слоў. Ці не супярэчыць гэта іншым словам вучонага аб "владычестве Литвы" ў Беларусі, бо "захопнікі" заўсёды прыносілі сваю мову. Піша Я. Карскі пра ўплыў польскай мовы, асабліва ў РП, калі старая беларуская літаратурная мова была выцеснена з афіцыйнага ўжытку ў Рэчы Паспалітай.

Піша ён пра уплыў на беларускую габрэйскай і татарскай моваў, пра уплыў на беларускую моваў кельтаў, грэкаў, румын, готаў, дакафракійцаў, лацінскай мовы і іншых, і што, знаходзячыся ў Расейскай імперыі, Беларусь была аж да сярэдзіны 19 стагоддзя ў "польскай опеке". Адзначае, што па багацці самых розных помнікаў пісьменства "белоруское наречіе" займае першае месца пасля вялікарускага, а ў частцы старажытнадрукаваных кніг нават пераўзыходзіць вялікарускае… Я. Карскі знаходзіць і называе рукапісныя матэрыялы на беларускай мове з 13 па 18 стагоддзе (116 рукапісных адзінак). Піша пра заняпад мовы пасля 16 стагоддзя ў РП, калі паланізацыя беларускай мовы і культуры рабілі сваю справу, "…главное средство выражения народного духа было отнято…". Але, просты народ працягваў беларускай мовай карыстацца стагоддзямі і як піша Я. Карскі : " оказался главным хранителем своей речи: в нём свободно и незагрязнённо тёк источник живой воды, который не высох и до нашего время…". Спаланізаваная беларуская шляхта тады здрадзіла мове (на жаль, роднай мове здраджвалі і багатыя чэхі, украінцы, славакі, фіны, палякі, каталонцы, і іншыя народы), але ў 19 стагоддзі адзінкі спаланізаванай беларускай шляхты і пачалі адраджэнне беларускай мовы ўжо ў Расейскай імперыі. Захаваная простым народам беларуская мова стала падмуркам для адраджэння новай беларускай літаратуры рамантыкамі ў 19 стагоддзі.

19. Менск. У 2021 годзе юбілеі ў славутых землякоў з Гарадзенскага павета, якія прамалі ўдзел у І Усебеларускім з'ездзе ў Менску: у Я. Карскага - 160-годдзе, у Макара Краўцова - 130-годдзе!

Як піша Я. Калубовіч: "У часы працы акруговым начальнікам асветы БНР у Менску прафесар Я. Карскі (акадэмік з 1916 г. - А.К.) у БНР-скіх перыядычных выданнях (газета "Звон", "Беларус", часопіс "Рунь") а д 17.09.1919 г. да 4.07.1920 г. зрабіў 17 публікацый з гісторыі беларускага пісьменства, якія потым увайшлі ў т. ІІІ, вып. 2 і 3 ягоных "Белорусов", выдадзеных у 1921 і 1922 гадах….".

4 ліпеня 1920 года Я. Карскі і паэт Макар Краўцоў разам друкаваліся, прынамсі, у штотыднёвай газеце беларускай літаратуры і мастацтва "Рунь" № 9-10. Я. Карскі напісаў артыкул на першай старонцы газеты пра Арцёма Дарэўскага-Вярыгу.

А настаўнік, паэт, аўтар вайсковага гімна і ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну Макар Краўцоў надрукаваў у той жа газеце на старонцы 9 напісаны ў 1918 годзе "Раманс". У тым жа нумары былі надрукаваны творы Я. Купалы, К. Буйло, Л. Родзевіча, У. Ігнатоўскага, З. Бядулі, Ф. Аляхновіча, Я. Лёсіка і іншых творцаў.

"… У чэрвені 1921 г. для канчатковай выпрацоўкі статута Інбелкульта была створана камісія ў складзе акадэміка Я.Ф. Карскага, Я.Л. Дылы, С.М. Некрашэвіча. Да лістапада 1921 г. яна распрацавала статут Інбелкульта, які аб'яднаў у сабе абодва прынцыпы развіцця інстытута - і як навукова-даследчай, і як культурна-грамадскай установы (тэкст першага статута адшукаць не ўдалося, але асноўныя яго палажэнні выкладзены ў артыкулах першых яго супрацоўнікаў)" (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск,"Навука і тэхніка", с. 7-8).

Карскі стаў правадзейным членам Інбелкульта, абраны ў адпаведнасці са статутам 1922 г. разам з Я. Лёсікам, Я. Купалам, Я. Коласам, старшынём С. Некрашэвічам, вучоным сакратаром У. Чаржынскім і навуковымі супрацоўнікамі. Праўда жыў Я. Карскі ў Петраградзе. (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск, "Навука і тэхніка", 1993, с. 9, 252.)

31 студзеня 1925 г. агульны сход Інбелкульта выбраў новы склад яго кіраўніцтва. Старшынём інстытута абралі наркама асветы БССР вядомага вучонага У.М. Ігнатоўскага, які змяніў С.М. Некрашэвіча. З пачатку 1925 г. да ліпеня 1926 г. Cцяпан Некрашэвіч на падвышэнні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-даследчым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце працаваў пад кіраўніцтвам Я.Ф. Карскага. Інбелкульт па формах і метадах арганізацыі навуковай дзейнасці пасля прыняцця акадэмічніга статута набліжаўся да акадэмічнай установы. У. Ігнатоўскі дамовіўся з вучонымі з РСФСР і Украіны і перацягнуў іх на Беларусь. У тым ліку з так званай старой прафесуры. У сярэдзіне 20-х вярнуліся і плённа працавалі нават дзеячы Рады БНР В.У. Ластоўскі, А.І. Цвікевіч, А.А. Смоліч, П. Трэмповіч і інш. (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск,"Навука і тэхніка", 1993, с. 24.)

Важнай функцыяй інстытута быў удзел у правядзенні палітыкі беларусізацыі - арганізатарамі і праваднікамі якой былі У. Ігнатоўскі, С. Некрашэвіч, Я. Купала, Я. Колас, Я. Лёсік і інш. Трагічна склаўся лёс першага старшыні Інбелкульта моваведа Сцяпана Некрашэвіча. У 1931 яго выслалі з Беларусі, а ў 1937 зноў арыштавалі і расстралялі. Першы прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук і першы дырэктар Інстытута гісторыі Усевалад Ігнатоўскі пасля наведвання Я. Купалы ў бальніцы, і ўбачыўшы дзікунскія арышты вучоных за любоў да Беларусі і беларускай мовы (Купалу чэкісты давялі да самазабойства-харакіры, але яго ўратаваў ваенны доктар Стэфан Луцкевіч, які ў той час жыў у Купалы), 4 лютага 1931 г. застрэліўся ў Менску ў сваім кабінеце.

20. Менск-Петраград (Ленінград). У кастрычніку 1928 г., калі рэарганізавалі Інбелкульт у Беларускую Акадэмію Навук, Я. Карскага нават не абралі яе "ганаровым сябрам". "Камуністычная партыйная секцыя Інбелкульта на пачатак кастрычніка 1928 года мела 16 чалавек (М. Бялуга, І. Віткоўскі, С. Гельтман, У. Ігнатоўскі, А. Казак, С. Матулайціс, І. Шпілеўскі і інш.). (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск,"Навука і тэхніка", 1993, с.24). Праз іх ішоў ідэалагічны ўплыў на працу іншых супрацоўнікаў ад адзінай кіраўнічай партыі СССР і "ОГПУ" пад кіраўніцтвам І. Сталіна і В.Р. Мянжынскага. З канца 20-х - пачатку 30-х гадоў з нагоды згортвання ў СССР палітыкі "коренизации" "ОГПУ" пачало масавыя палітычныя рэпрэсіі па ўсіх рэспубліках былога СССР. Пасля НЭП-у і пераходу да адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання паўсюль шукалі "ворагаў" савецкай імперыі. Моцнае цкаванне і беспартыйнага Я. Карскага было ў беларускіх і цэнтральных савецкіх газетах, асабліва пасля яго замежных навуковых паездак. Як піша праўнук акадэміка А. Карскі, пасля заказу, верагодна з ГПУ, артыкулаў ў газетах "Звязда", "Праўда", "Ізвестія" па дыскрэдытацыі імя Я. Карскага, замежныя калегі стараліся сваімі лістамі ўскосна падтрымаць акадэміка (чэхі, французы, немцы і інш.). Але, першай праявай падтрымкі акадэміка Я. Карскага праўнук А. Карскі ўзгадвае беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца Максіма Гарэцкага, які не пабаяўся на беларускай мове падтрымаць сваім лістом ад 30 красавіка 1927 г. апальнага акадэміка. М. Гарэцкі загадваў тады кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горкаўскай сельгасакадэміі. Ён пісаў: "Надоечы пераслалі мне Вашу поўную цёплай ласкі адкрытачку з Менску, з Інбелкульта. Быў я дужа рад, што піша мне ўсесаюзны акадэмік Карскі… Шчыра дзякую за прысланыя папраўкі… З прыемнасьцю сведчу Вам, Яхім Хвёдаравіч, сваю радасць з прычыны зьяўлення Вашае працы ў перакладзе на нямецкую мову. Пахвалу, якую ласкава выказваеце там, між іншам, маім кампіляцыям і некампіляцыям ("Гістор. белар. літ.") я ў большаі яе частцы аддаю глыбокапаважаным аўтарам тых кніг, на якіх я меў магчымасць пазнаваць гісторыю мае роднае літаратуры. На мой заўсёды вялікі жаль, некаторым з іх, можа, найбольш заслужаным, я не мог у сваёй кнізе аддаць хоць ласкавым словам тое, што ім некалі аддадуць, нелицеприятно, нашы на потым будучыя, праўдзівыя, вучоныя гісторыкі; але ня мог - дзеля прычын, ад мяне незалежных… ("Біяграфія…", Т. 2. С. 372-373.)

У 1929 годзе Я. Карскі быў зняты з пасады дырэктара Музея антрапалогіі і этнаграфіі (МАЭ). А ў 1930 годзе пасля з'яўлення артыкула па беларускім мовазнаўстве "Червенский говор" вучоны быў арыштаваны і кінуты ў вязніцу "ОГПУ" "за прыналежнасць да антысавецкіх арганізацый" (як і ў Менску 1919 года, яго выпусцілі), і заўчасная смерць праз кароткі час, магчыма, выратавала яго ад далейшых здзекаў кіруючых камуністаў і "ОГПУ". Сістэма цкаванняў сумленных навукоўцаў амаль не змянілася. На мемарыяльную дошку былога будынка "Інбелкульта" ў Менску акадэмік Я. Карскі не трапіў, але тут магчыма іншая прычына, у спісах членаў Інбелкульта ён значыцца ў 1922 годзе, а ў 1924 годзе яго ўжо не было ў новых спісах правадзейных членаў Інбелкульта (АН Беларусі, Інстытут беларускай культуры, Мінск, "Навука і тэхніка", 1993, с. 252-253). На мемарыяльнай дошцы пазначаны члены Акадэміі навук Беларусі 1929 года.

21. Брэст-Літоўск. Ці выкарыстоўвалася этнаграфічная карта Я. Карскага на савецка-нямецкіх перамовах у Берасці-Літоўскім сп. Пакроўскім са сп. Гофманам? Праўнук Аляксандр Карскі піша, што яе меў дэлегат ад Савецкай Расеі Пакроўскі і дэтальна яе ведаў, хоць пры перамовах спасылаўся на нямецкую, шмат у чым падобную, па некаторых паветах нямецкая карта і карта Я. Карскага па адсотку этнічных супольнасцяў на беларусіх землях супадалі да дзясятых доляў працэнтаў. (Напрыклад: у Гарадзенскім павеце па дадзеных Карскага пражывала беларусаў 65,72 %, па нямецкай карце - 65,8 %). Але, пасля незаконнага разгону п'янымі бальшавікамі І Усебеларускага з'езда, беларусаў на нямецкіх перамовах з немцамі як самастойнай дэлегацыі, не было, каб адстойваць нацыянальныя інтарэсы, а Пакроўскі ад Савецкай Расеі ў гэтым не быў заціўлены абсалютна, бо мяжу Савецкай Расеі з улікам беларускага самавызначэння прыйшлося б праводзіць за Смаленскам…

(Працяг у наступным нумары.)

Васіль Якавенка - беларускі грамадзянін

Да 85-годдзя Васіля Якавенкі

Шаноўныя чытачы, калі вы яшчэ не знаёмыя з адметным творам еўрапейскай літаратуры ХХІ ст. - беларускай трылогіяй "Пакутны век", раю неадкладна прачытаць яе. Бо гэты твор "варты таго, каб прэзентаваць у свеце беларускі народ і стаць яго візітнай карткай". Такую ацэнку "Пакутнаму веку" даў у апошні год свайго жыцця знаны айчынны літаратар і педагог, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Алег Лойка (1931-2008). А адзін з найвядомых расійскіх пісьменнікаў, ветэран Другой сусветнай Данііл Гранін (1919-2017) з нагоды з'яўлення рускамоўнага выдання гэтай трылогіі пад назвай "Надлом. Кручина вековая" (СПб, 2014) адзначыў: "Эта книга - о трудной судьбе белорусского народа, но она и про нас, россиян, которым также будет полезно взглянуть на своих ближайших соседей по-новому. Хотя бы для того, чтобы не повторять прошлых ошибок, ценить братские отношения и общую историю".

Узгадваю трылогію "Пакутны век" у сувязі з 85-годдзем яго аўтара - вядомага празаіка, публіцыста і грамадскага дзеяча Васіля Цімафеевіча Якавенкі, які адышоў у вечнасць 22 студзеня 2018 г. Ушанаванню памяці гэтага выбітнага творцы і прысвячаю свой артыкул.

Васіль Якавенка - родам з Гомельшчыны. Пра сваю родную вёску і вучобу пісаў так: "Нарадзіўся 5 мая 1936 г. на экзатычным камарыным хутары каля вялікай копанкі, у якой маці рэшатам лавіла карасёў. Акурат на той час з гэтага і іншых раскінутых па багністым абшары хутароў сцягвалася вёска Пажыхар, яна раней падпарадкоўвалася Васілевіцкаму раёну, цяпер - у Светлагорскім, ну а Васілевічы за часам страцілі статус райцэнтра, і іх прыгарнуў да сябе Рэчыцкі раён.

Вучыўся ў Васілевіцкай школе-мураванцы, якая чамусьці насіла імя Сталіна, у Беларускім індустрыяльным тэхнікуме (на геолага), у БДУ імя У. Леніна (на журналіста)".

У 1956-1958 гг. Васіль Якавенка праходзіў абавязковую вайсковую службу ў Групе савецкіх войскаў у ГДР. Працаваў майстрам на торфапрадпрыемстве "Васілевічы-2" (з 1959 г. - "Светлагорскае"), тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1972-1977 гг. - рэдактар аддзела навукі і мастацтва, потым аддзела нарыса і публіцыстыкі старэйшага літаратурна-мастацкага выдання Беларусі "Полымя". У 1977-1978 гг. з'яўляўся адказным сакратаром праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР. З 1977 г. член Саюза пісьменнікаў БССР і СССР.

"У вандроўках па роднай зямлі, - адзначаў Васіль Цімафеевіч, - а яны мелі пераважна пошукава-геалагічны характар, даследаваў нетры і разам прыродны сацыяльны масіў у грамадстве; сачыняў (яно змалку карцела), адточваў сціло публіцыста. Прайшоў сапраўдную літаратурную школу, працуючы ў часопісе "Полымя"".

Выдатны пісьменнік, заслужаны работнік культуры Беларусі Уладзімір Дамашэвіч (1928-2014) узгадваў: "Якавенку я ведаю даўно - разам у часопісе "Полымя" працавалі. Што мне падабалася ў ім? Гэта яго прамата і напорыстасць, непасрэднасць і яго чалавечая смеласць. Ён з тых людей, якія не так прыстасоўваюцца да жыцця, як большасць з нас. Чалавек адкрыты, прамы, прынцыповы".

Хацеў бы заўважыць, што сваю праўду жыцця Васіль Якавенка нярэдка адстойваў публічна, з уласцівымі яго складанаму характару (а ў якога творцы ён просты?) праявамі праматы і няўрымслівасці.

У 1980-я гг. ён актыўна выступаў супраць неабдуманнай меліярацыі беларускага Палесся, у прыватнасці, за скасаванне (што, дарэчы, у выніку і адбылося) буйнога праекта меліярацыі поймы Прыпяці, які пагражаў экалагічнай катастрофай - з'яўленнем пустыні. Вось так прадбачлівасць яго (і іншых такіх, як ён) уратавала красу і здароўе нашай зямлі.

Пасля Чарнобыльскай катастрофы В. Якавенка заснаваў Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль", які спрыяў аздараўленню нашых дзетак за мяжой і ў сумесна адкрытым беларуска-японскім санаторыі "Кюсю-на-Свіслачы" (у спорткомплексе "Стайкі" пад Менскам). Ён таксама быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам газеты "Набат", што набатам прагрымела на абшарах былога Саюза, прыцягваючы ўвагу грамадскасці да вострай праблематыкі чарнобыльскай катастрофы, якую ўздымала на сваіх старонках. Газета выходзіла ў 1991-1996 гг. На яе старонках выступалі шматлікія грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, навукоўцы, літаратары, журналісты. Кола падпісчыкаў "Набата" было разнастайным: ад прыватных асоб да шматлікіх урадавых, грамадскіх і камерцыйных устаноў і арганізацый Беларусі, Украіны і Расіі.

У адным з сваіх апошніх інтэрв'ю Васіль Якавенка казаў: "Пры "камунізме" жыццё будавалася такім чынам, каб прыхаваць, калі што дрэннае, замоўчаць, знівеліяваць - "а мо абыдзецца". …Я ж таксама прыйшоў да разумення Чарнобыля не ў родных забруджаных Васілевічах, а адразу пасля аварыі ва ўрадавай бібліятэцы (сёння - Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь. - Ю. К.). Знайшоў кніжку, перакладзеную з англійскай мовы, пра ўплывы радыяцыі на чалавечы арганізм. Праз нейкі час, калі ўжо пачаў займацца "тэмай", зноў хацеў звярнуцца да яе. Аж не - знішчылі, як і ўсё праўдзівае тады. Але я ўжо стаў ездзіць у Зону - Хойніцкі, Рэчыцкі раёны. Пасля Магілёўшчыны, дзе наогул забаранялася гаварыць пра наступствы радыяцыі. І гэта ішло з "вышынь" абкама партыі.

…Таму, калі першы нумар "Набата" з'явіўся ў кіёсках, я быў гатовы яго расцалаваць! Неўзабаве адкрылася, што апрача Беларусі і Украіны ў нас з'явіліся падпісчыкі ад Піцера да Далёкага Усходу".

Я асабіста ведаў Васіля Цімафеевіча і хачу засведчыць, што пры нашых з ім размовах (на жаль, нешматлікіх) ён заўсёды гаварыў на тэму "людскога Чарнобылю" - на тэму разбурэння ў сучасным грамадстве перш за ўсё духоўнасці. Дарэчы, гэта тэма па сутнасці з'яўляецца галоўнай у апошнім і шмат у чым аўтабіяграфічным яго рамане "Абярэг" (2017), які ён мне падараваў і падпісаў у апошнюю (нават сёння ў гэта цяжка паверыць!) нашу сустрэчу 10 студзеня 2018 г. У рамане праз лёс галоўнага героя Лявона Кавяровіча (у якім лёгка пазнаць самаго аўтара) асэнсоўваюцца падзеі незалежнай Беларусі ў нацыянальным кантэксце. На маю думку, раман "Абярэг" - гэта нацыянальная споведзь Васіля Якавенкі.

За дасягнутыя поспехі ў творчым і грамадскім жыцці Васіль Цімафеевіч Якавенка ў 2016 г. быў уганараваны медалём Францыска Скарыны. У яго літаратурным набытку некалькі дзесяткаў кніг прозы і мастацкай публіцыстыкі: "Земля, открытая нами" (1971), "Пробны камень" (1974), "Пакуль сонца ў зеніце" (1977), "Дайсці да ладу" (1985), "Вясковыя дыспуты" (1987), "Другой зямлі не будзе" (1989), "На что нам жизнь дана" (1991), "Чернобыль. Десять лет спустя" (1996), "Сказ пра беларусаў" (2000), "Крушэнне на ростані" (2002), "Пакутны век" (2006), "Прывіды Шанхая над Свіслаччу" (2011), "Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве" (2015) і інш.

Як падкрэсліў літаратуразнаўца і культуролаг, прафесар Аляксей Рагуля, у кнігах В. Якавенкі "галоўным пунктам адліку з'яўляецца мужнае сведчанне праўды чалавечай існасці".

Паэтычным рэквіемам у памяць Васіля Якавенкі сталі напісаныя ў дзень яго спачыну вершаваныя радкі паэта і навукоўца Алеся Клышкі:

Без ляманту, без крыку і без слёз

Ён адышоў у ціхую далечу.

Анёл у белым Дух яго ўзнёс

Да Госпада на тайную сустрэчу.


Хаўтурны сход сяброў і сваякоў

Не парушалі гэтага адзінства.

Ён спавядаўся - перад ім Прастол

Адзінага ў свеце Трыадзінства.


Не чутна скарг на лёс і на жыццё,

І на каго пакінуў нас заўчасна,

І быццам бы не спынена жыццё -

Таго, хто свет пакінуў - зорка згасла…


Так паміраюць толькі святары,

І дай нам Бог сваёй дажыць пары.

Юры Кур'яновіч. На здымку: Васіль Якавенка, 2008 г. Фота Ю. Кур'яновіча, друкуецца ўпершыню.

У ФРГ Левая партыя прадставіла лідараў перадвыбарнага спісу

Навіны Германіі

У барацьбу за парламенцкія мандаты левыя ўступаюць на чале з Яніне Віслер і Дзітмарам Барчам. Барч выказаўся за пераразмеркаванне багацця на карысць бедных пластоў насельніцтва.

Левая партыя будзе змагацца за мандаты ў германскім бундэстазе на чале з сустаршынёй партыі Яніне Віслер (Janine Wissler) і кіраўніком парламенцкай фракцыі Дзітмарам Барчам (Dietmar Bartsch). Кіраўніцтва Левай партыі ўхваліла іх абранне ў якасці лідараў партыйнага спісу амаль 87 адсоткамі галасоў, пацвердзіла другі сустаршыня Левай партыі Зузане Хеніг-Велсаў (Susanne Hennig-Wellsow) у панядзелак, 10 траўня.

- Левыя ўступаюць у перадвыбарную барацьбу. Гаворка ідзе пра тое, каб забяспечыць сацыяльную абароненасць і падтрымку, - сказала яна. У наш час рэйтынгу Левай партыі ледзь хапае для пераадолення пяціпрацэнтнага бар'ера. Тэарэтычна левыя могуць стварыць будучую кіравальную кааліцыю ў партнёрстве з "зялёнымі" і сацыял-дэмакратамі. - Такая большасць здольна многага дасягнуць, - адзначыла Хеніг-Велсаў.

У Левай партыі, аднак, не сціхаюць спрэчкі вакол знешняй і абароннай палітыкі ФРГ, асабліва з нагоды ролі Германіі ў НАТА. Гэта можа абцяжарыць супрацоўніцтва левых з "зялёнымі" і, першым чынам, з сацыял-дэмакратамі, адзначае агенцтва Reuters.

Пераразмеркаванне багацця на карысць бедных

Са свайго боку Дзітмар Барч паведаміў, што мэтай левых на выбарах у верасні з'яўляецца двухзначны адсоткавы лік. Ён паказаў на неабходнасць пераразмеркавання багацця на карысць больш бедных пластоў насельніцтва.

- Мы ваюем за мільёны, якія змушаны гнуць спіну за мінімальную зарплату. Нам неабходна дамагчыся новага адчування агульнасці аднаго з адным, - падкрэсліў ён, дадаўшы, што гэтага можна дасягнуць шляхам правядзення маштабнай падатковай рэформы.

Яніне Віслер у гэтай сувязі адзначыла, што гаворка ідзе пра неабходнасць запуску карэннай перабудовы эканомікі.

- Звышбагатыя павінны плаціць за крызіс, выкліканы пандэміяй. Неабходна мужная, радыкальная і рэалістычная палітыка. Гаворка ідзе не пра дробныя карэктывы, а пра змену курсу. Рост арэнднай платы на жыллё павінен быць абмежаваны па ўсёй Германіі, а буйныя канцэрны ў сферы нерухомасці - экспрапрыяваны, - рэзюмавала яна.

Левая партыя - правапераемніца Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі (САПГ), якая кіравала ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

Reuters.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

У наступным годзе цар Аляксандр абвясціў амністыю для ўсіх удзельнікаў ваеннай драмы. Амністыя была шчырай і выбачала ўсіх без наступстваў. Нарбут звярнуўся да ласкі манарха і атрымаў звальненне са службы і пагашаную за ўвесь час грашовую запазычанасць.

Нарэшце ён вярнуўся ў свае Шаўры і пачаў жыць пад сямейным дахам з набытым куфэркам і сваімі ўспамінамі.

Нарбута паглынула гістарычная праца. Збіраў і аб'ядноўваў матэрыялы, набываў каштоўныя дакументы. Расла яго бібліятэка. Перад першай краёвай бурай Тэадор Нарбут пабраўся шлюбам з Крысцінай Садоўскай7, дачкой жаўнера Касцюшкі. Яны пазнаёміліся на касцельнай службе ў Бутрыманцах. Крысціна была маладая, вясёлая, чарнавокая прыгажуня і, хоць не мела добрай адукацыі, але, як тады казалі, мела прыроджаны розум і шляхетную душу, што кампенсавала ўсякія салонныя недахопы. Бацькоўскія традыцыі развілі ў ёй глыбокі патрыятызм, а дзейны і энергічны характар зрабіў з яе выключную дзяўчыну.

Звяз з беднай шляхцяначкай не падабаўся гордай сям'і Нарбутаў. Гэта ўспрымалася як мезальянс, які аслабіў сувязі са сваякамі, але прынёс Тэадору шчасце. Маладая жонка стала неацэнным скарбам і як кіраўнік гаспадаркі і як выхавацелька дзяцей.

Гісторык мог спакойна аддавацца сваёй літаратурнай працы. У 1835 і 1841 гадах у Вільні пабачыла свет яго вялікая праца ў 9-ці тамах, выдадзеная пад назвай "Гісторыя народу Літоўскага" ("Dzieje starozytne narodu litewskiego"). Праца трохі грашыць перабольшанымі фантазіямі, бо абапіраецца на паданні, байкі і легенды. Прафесар Спасовіч8 гаворыць пра працу Нарбута так: "... гэта праца вялікая, арыгінальная, але некрытычная". Пры ўсім пры гэтым Нарбут заслугоўвае вялікай пашаны, як адзін з піянераў у даследаванні мінуўшчыны Літвы і тым, што сваім прыкладам заахвоціў іншых да далейшага вывучэння гісторыі краю. Тэадор Нарбут працаваў бесперапынна, і ў 1846 годзе выдаў "Помнікі гістарычных падзей літоўскіх" (Pomniki do dziejow litewskich… Wilno, 1846.), у 1847 годзе "Кароткі выклад гісторыі літоўскай" (Dzieje narodu litewskiego w krotkosci zebrane. Wilno, 1847.), у 1856 годзе "Нарысы гістарычныя ..." (Pomniejsze pisma historyczne, szczegolnie do historii Litwy odnoszace sie. Wilno, 1856.) Некалькі прац Нарбута засталіся ў рукапісах.

Калі першы гістарыёграф Літвы сядзеў, паглыбіўшыся ў даследаванні мінулага, яго жонка ўзяла стырно ў доме ў свае рукі. Заняпалая гаспадарка пачала патрохі ўзнімацца, разгаліноўвацца. Перад усім заквітнелі хатнія рамёствы, задавальняючы ўсе патрэбы дома, як гэта было ў большасці тагачасных гаспадарак. Вельмі пашырылася вырошчванне ільну і канопель, адначасова да такой ступені развілося ткацтва, што ткацкія вырабы дому Нарбутаў мелі выключную славу.

Шаўры паволі ператвараліся ў мястэчка. Мелі піва і ўласную гарэлку, якая не абкладалася акцызам, а перараблялася на знакамітыя літоўскія старкі, вядомыя ў Краі і за яго межамі. Вуллі давалі мёд, які таксама перарабляўся на гаспадарцы: з яго выраблялі воцат і настойкі. Ураджаі хлеба на палях былі дастатковымі; лясы, амаль некранутыя, давалі будаўнічы матэрыял, паліва, дзёгаць і смалу; аборы і хлявы адзявалі і кармілі; сады славіліся садавінай, а ставы рыбай. Гэтыя Божыя дары патрабавалі таго толькі, каб прыстасаваць іх для хатняга ўжытку.

Шаўры мелі цэлую арганізацыю ўласных рамеснікаў: цесляры, дахаўшчыкі, сталяры, гарбары, рымары, ткачы, краўцы. Кравец Кароль, які абшываў усю сям'ю Нарбутаў з тканін, вырабленых ў гаспадарцы, быў сапраўдным майстрам сваёй справы. Ваколічныя модніцы замаўлялі ў яго свае ўборы. Кухар Юрак мог дагадзіць самым вытанчаным кулінарным густам, а яго "свянцонае" славілася на ўвесь Лідскі павет.

У тагачасным эканамічным жыцці грош не пакідаў кішэнь так лёгка, як сёння, і гэтак жа цяжка ў яе патрапляў, бо сельскагаспадарчыя прадукты былі вельмі танныя.

Дом у Шаўрах уяўляў сабой згасаючы тып стараліцвінскіх двароў. Ён яднаў вакол сябе вясковую моладзь, якая падчас вучобы рамёствам знаходзілася пад уплывам народных традыцый. Суадносіны з вёскай насілі характар партнёрскай інтымнасці. Тое, аб чым пішам, у тагачасныя "прыгонныя" часы выглядала ідыліяй, аднак акрамя пануючага паўсюдна ўціску вяскоўцаў, часта знаходзіліся двары падобныя да Шаўроў, дзе хаты падданых атачаліся бацькоўскай любоўю і клапатлівай апекай. Да такіх патрыярхальных двароў належалі і Горкі9 Магнушэўскіх ў Наваградскім павеце.

Добразычлівыя адносіны, якія злучалі Нарбутаў з вёскай, перайшлі і ў наступныя пакаленні і не знікалі доўгі час пасля скасавання паншчыны. У 1863 годзе вёска Шаўры не запляміла сябе аніводнай здрадай, а ні даносам. Наадварот, заўсёды жадала дапамагчы і паслужыць сваім "даўнейшым панам".

РАЗДЗЕЛ II

Сям'я Тэадора Нарбута. Нараджэнне Людвіка. Гады неспакою. Уплыў бягучых абставін. Дзятва ў Шаўрах. Герадоўскі. Атмасфера ў доме.


Нарбуты мелі многа дзяцей - пяць сыноў: Людвік, Аляксандр, Францішак, Баляслаў і Станіслаў, а таксама тры дачкі: Яна, пазнейшая Кунцавічова; Амелія, пазнейшая Стрыенская; і Тэадора, якая праз некалькі гадоў аўдавела па шлюбе з Манчунскім.

З усіх сыноў Тэадора на ўсю Літву праславіўся Людвік, памяці якога прысвечаны гэтыя старонкі.

Яго імя пакрытае славай як правадыра паўстанцаў 1863 года. Розгалас аб ім шырока разляцеўся па Краі і запісаны ў гісторыі тагачаснай барацьбы за Айчыну, як пра чалавека ідэі і знакамітага партызана.

З братоў Людвіка актыўны ўдзел у паўстанні бралі Баляслаў і Францішак. Апошні ваяваў у Каралеўстве ў шэрагах Лангевіча. Гарачай і актыўнай патрыёткай была сястра Людвіка - Тэадора Манчунская, правая рука Людвіка. Яна служыла народнай справе з поўнай самааддачай.

Вяртаючыся да акалічнасцей, якія характарызавалі жыццё ў Шаўрах, разгледзім іх больш падрабязна, таму што менавіта сям'я ад самай калыскі ўплывала на фарміраванне душы Людвіка, на яго пазнейшыя думкі і памкненні.

Людвік Нарбут прыйшоў на свет у Шаўрах. Датай яго нараджэння паводле метрычных кніг у Начы быў верасень 31-га дня 1832 года. Аднак сямейная традыцыя гаворыць, што наш герой нарадзіўся ў 1831 годзе падчас найбуйнейшай завірухі ў Краі. Маці Людвіка, якая тады насіла яго ў сваім улонні, перажывала цэлую гаму пачуццяў: ад ап'янення радасцю і надзеяй пры поглядзе на аддзел Гелгуда, які праходзіў праз Шаўры, да пазнейшых балючых наступстваў. Такія ўзрушэнні не маглі не паўплываць на дзіцятка. З малаком маці ён усмоктваў потым горыч народнага болю. З яе грудзей чэрпаў міласць да Краю, якая пазней стала найважнейшай ідэяй яго жыцця. У маленстве яго калыхалі пад патрыятычныя песенькі, якая ціха напявала маці. У дзяцінстве чуў вакол людское шаптанне прозвішч Канарскі10 , Рэр11, Валовіч12 і іншых, звязаных з такімі выразамі, як вязніца, застрэліць, шыбеніца, высылка на Сібір.

Гэта былі амаль першыя выразы, якія моцна затрымаліся ў галаве дзіцяці, хаця іх значэнні яшчэ не ўсведамляліся. Чуў таксама шкадаванні і разважанні аб скасаванні уніі, аб подлай і здрадніцкай дзейнасці Сямашкі і г. д. Няня расказвала яму страшныя гісторыі пра гнюсны пераслед усіх тых, хто на "православие" перайсці не захацеў, пра збіццё іх нагайкамі, высылку ў Сібір, пра гвалтоўнае забіранне ўніяцкіх цэркваў.

Лідскі павет у тыя часы належаў да Гарадзенскай губерні, якой кіраваў знакаміты сваім зверствам Мураўёў, празваны за тое потым віленскім сатрапам. Значным было супраціўленне тутэйшага насельніцтва, і таму ў Лідскім павеце пераслед быў большым, чым дзе-небудзь.

Неаднаразова званочкі кібіткі чуліся і ў Шаўрах, адсюль гвалтоўна забіралі бацьку Людвіка - Тэадора і везлі ў Вільню, дзе ён павінен быў тлумачыць свае артыкулы ў "Кур'еры" ці сваю даўнейшую прыналежнасць да "Таварыства Шубраўцаў" 13 ці іншыя падобныя "злачынствы". Аднак, даючы зарабіць дзяржаўным мужам на "кашу і соль", гісторык Літвы заўсёды здымаў з сябе абвінавачванні і шчасліва вяртаўся дадому, дзе яго з вялікай радасцю вітала сям'я.


Год 1840 выцяў па Літве новым гвалтам. Указам ад 9 верасня ліквідавана старажытнае цывільнае права: Літоўскі Статут.

Дагэтуль цывільныя суды былі адкрытыя. Справы абаранялі адвакаты, дзяржаўных службоўцаў выбіралі, пастановы і судовыя акты пісалі па-польску. Цяпер уводзілася мова расійская і працэдуры закрытыя. З гэтым прыйшло хабарніцтва і дэмаралізацыя дзяржаўных службоўцаў.

Засмучэнне дарослых прыгнятала сэрцы дзіцяці. Не разумеў добра, што адбываецца, але адчуваў крыўду, хацеў абараніць, яго розум пастаянна аналізаваў і на яго дзіцячым твары Божая рука пакінула сляды ахвяраў і пакутаў.

У дзяцінстве найбольш вылучалася сваім яднаннем чацвёрка: Людвік, Баляслаў, Францішак і сястра Тэадора. Верхаводзіў у ёй Людвік, інтэлектуальна развіты вышэй за свой узрост.

Дзеці мелі дарослага прыяцеля: нейкага Гератоўскага, які ад 1831 года стала жыў у Шаўрах. Адкуль прыйшоў, кім быў, як уласна называўся, ніхто не ведаў. Таямніца засталася да самай яго смерці і з ім разам пайшла ў труну.

Гератоўскі трохі навучаў дзятву і апавядаў цікавыя рэчы з мінуўшчыны, асабліва пра 1831 год. Часта гістарычныя падзеі станавіліся тэмай дзіцячых гульняў у дальнім куце сада. Дзеці разам з Гератоўскім гулялі ў вайну. Людвік выступаў у ролі Касцюшкі. Баляслаў быў яго ад'ютантам, а сястра Тэадора - Плятароўнай14. Пасля гульні, дзеці, знясіленыя бегам, сядалі на вялікім камені і па-свойму вырашалі пытанні пакутніцтва і цярпення Краю і народа:

- А што было б, каб я вам здрадзіла? - спытала аднойчы Тэадора ў братоў.

- Адракліся б ад цябе, - сказаў Баляслаў.

- А я б цябе забіў уласнай рукой, - дадаў паважна Людвік.


Гісторык Літвы Тэадор Нарбут вельмі любіў сваіх дзяцей, песціў іх, а калі меў магчымасць адарвацца ад пяра, расказваў ім пра Напалеона, пра 1812 год і аб сваіх прыгодах. Моладзь гэтыя аповеды вельмі займалі.

З-пад страхі выцягваўся куфар са скуры Сіўкі, у якім стары прыхільнік Напалеона хаваў памятныя рэчы старых часоў, рэчы паважна вымаліся, і бацька ўзрушана, са слязьмі на вачах, як рэліквіі, раскладаў іх вакол сябе. Дзеці з вялікім хваляваннем пачціва маўчалі і слухалі бацьку, а потым нават падносілі да вуснаў гэтыя скарбы.

* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

7 Маецца на ўвазе паўстанне 1831 г. Але Тэадор Нарбут ажанiўся з Крысцiнай каля 1840 г. - Л. Л.

8 Уладзімір Данілавіч Спасовіч (1829-1906) - беларускі, рускі і польскі юрыст, грамадскі дзеяч, публіцыст і крытык. - Л. Л.

9 Горкі - былая маёмасць Магнушэўскіх, тут захаваўся прысядзібны парк XIX-XX ст. Зараз аграгарадок у Стаўпецкім раёне Менскай вобласці. - Л. Л.

10 Шыман (Сымон) Канарскі (1808-1839) - дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху ў Польшчы, Літве і на Беларусі. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, быў у эміграцыі ў Францыі. У 1835 г. нелегальна вярнуўся з эміграцыі ў Расію і стварыў падпольную арганізацыю "Садружнасць польскага народа". Фактычна Шыман Канарскі рыхтаваў новае паўстанне. У траўні 1838 г. быў арыштаваны і ў 1839 г. расстраляны. - Л. Л.

11 Ян Рэр (ці Ройр, Rоhr, Roehr, Rer, Rher, 1816-1877). Закончыў гімназію ў Познані і Уроцлаўскі ўніверсітэт. З 1844 г. быў членам канспіратыўнай арганізацыі. У 1845 г. быў пасланы ў Літву для стварэння падпольнай арганізацыі. У 1847 г. арыштаваны і прысуджаны на 12 год катаргі. У Сібіры знаходзіўся да 1857 г. У 1863 г. далучыўся да паўстання ў Польшчы. - Л. Л.

12 Міхал Валовіч (1833-1833) - рэвалюцыянер, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстання (1830-1831). - Л. Л.

13 Шубраўцы - сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822 гг. - Л. Л.

14 Маецца на ўвазе гераіня паўстання 1831 г. Эмілія Плятэр. - Л. Л.

(Працяг у наступным нумары.)

Па Каліфорніі - VIІ

Мікалай Русель

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

"Цярністы шлях" "Па Каліфорніі": ці лягчэй было б надрукаваць рэпартаж 130 гадоў таму?

Многія рэчы трэба рабіць не ў "лепшыя часы", а тады, калі не позна. Але "Да лепшых часоў" - гэта адно з самых сумленных растлумачэнняў, чаму тое ці іншае выданне не знайшло магчымым удзельнічаць у праекце публікацыі перакладу "Па Каліфорніі". Горш было з тымі, хто выключыў ужо з макета ці вёрсткі палітычна адзін з самых бяскрыўдных раздзелаў - няскончаны, але абсалютна эксклюзіўны XI-ты, у якім сустракаем рэшткі літаратурных перлаў доктара. З радасцю прынятыя ў канцы мінулага года для верагоднай публікацыі ў сакавіку першыя тры раздзелы былі - ужо з меншым энтузіязмам - перанесены на не раней, чым 2022 год - калі 130-годдзе вакацый, якія калі яшчэ не ўвайшлі, то ўвойдуць у гісторыю шматмоўнай беларускай літаратуры, скончыцца. Раздзел VII быў адхілены, умоўна кажучы, як СПБ, так і СБП. Апошні ўвогуле "па-юпітэраўску" "прамаўчаў" у адказ на шматразовыя спробы высветліць яго меркаванне пра творчыя вынікі актыўнага адпачынку доктара ад драмы праваслаўнай грамады Сан-Францыска.

Мы паглядзелі б, дзе былі б нашы літаратурныя начальнікі, калі б яны перамясціліся на 130 гадоў таму ў Каліфорнію: "Такія знатныя госці гэтых модных гатэляў. Затое прысутныя за сталом лёкаі ў большасці амерыканская галодная інтэлігенцыя: студэнты і студэнткі, мэта якіх зарабіць за лета трохі залатых, каб праіснаваць у будучым навучальным годзе, літаратары, артыкулы якіх не знаходзяць збыту, вынаходнікі, якім няма на што ўзяць патэнт на вынаходства, адвакаты, якія не знаходзяць кліентаў за немагчымасцю займець прыстойна абсталяваны офіс" (раздзел I).

Русель не скончыў рукапіс проста тэхнічна, не давёў да таго стану, які б дазволіў даслаць яго выдаўцам (рукапіс - далёка не чыставік, ёсць мноства кепска чытэльных месцаў; у гэтай частцы раздзела VII - адзінае ў рукапісе месца, дзе і мы адразу некалькі слоў не прачыталі - услед за Джэхан Гейт, якая здзейсніла подзвіг расшыфроўкі праблематычнага "хуткапісу" доктара з яго сістэмай закрэслівання і дапісвання). Інакш, не выключана, Русель прадаў бы свой нарыс у тоўсты часопіс у Маскве або Пецярбургу, што і было яго намерам. Міхаіл Іоська лічыў, што рэпартаж "сан-францыскія газеты адмовіліся надрукаваць", прычым ён "не стылістычнымі асаблівасцямі або характарам жанру не спадабаўся сан-францыскім выдаўцам", а не быў надрукаваны з-за яго крытыкі парадкаў у краіне; "дарэмна спрабаваў надрукаваць у ЗША. Яго крытыка прэтэндавала на абагульненні, яна, па сутнасці, была крытыкай капіталізму ўвогуле, што, вядома, не задавальняла ўладальнікаў і рэдактараў амерыканскіх газет". Але рускія газеты ў Сан-Францыска тады не выдаваліся, а англамоўная версія была створана праз сто гадоў (пры яе выданні сапраўды спатрэбілася тлумачыць, адкуль у Руселя, які кпіў з яўрэяў у перапісцы з сябрам-рэвалюцыянерам яўрэйскага паходжання, "рэвалюцыйны антысемітызм", уключаючы выказванні адносна дамінавання ў гандлі, якое ён назіраў).

Друк ЗША ў 1890-я гады дазваляў сабе і не такое. Узяць "Прогресс", з якога пачалася серыя рускамоўных публікацый пра канфлікт у Сан-Францыска - самога Руселя і яго сябра Я. Лазарава (такім чынам, перыяд 1891-1907 гадоў адзначаны досыць актыўнай "спецыялізаванай" "атакай" па РПЦ як важны інстытут самаўладства - з дапамогай сан-францыскага матэрыялу). Русель мог змясціць у гэтай блізкай яму па поглядах газеце толькі выбраныя месцы з "Па Каліфорніі". Яго нерэвалюцыйны, мала крытычны ў адносінах да імперыі рэпартаж быў "нефарматам" і для лонданскага Фонду Вольнай рускай прэсы, і для выдавецтва М. Элпідзіна ў Швейцарыі. Але падобны твор пра Каліфорнію натуральна глядзеўся б, напрыклад, у легальным "Русском богатстве".

Іоська зрабіў вялікую важную справу стварэння падрабязнага жыццяпісу і аналізу поглядаў Руселя, але месцамі дайшоў да неверагодных або няўдала пабудаваных сцвярджэнняў. Барыс Клейн, як і Іоська, быў схільны да белетрызацыі і домыслаў. Клейн пісаў раней і таму задаваў тон. Выкарыстанне ім мастацкага твора - аповесці, белетрызаванай аўтабіяграфіі Руселя "Жыццё ў барацьбе" (так перакладае назву "One Man's Battle" Іоська; яе варта было б узяць з архіва і перакласці - для ацэнкі публікай вартасцей ужо ўласна прыгожага пісьменства Руселя) прыўнесла ў пазнейшую руселеяну шэраг фіктыўных эпізодаў і фактаў. Так прыдаваўся арэол сапраўднасці асобным выдуманым рэчам. Але чытаючы "Па Каліфорніі", пачынаеш падазраваць, што і сам доктар мог выдумаць пэўныя "прыгожыя" дэталі, каб лепш прывабіць чытача…

Наконт таго, чаму ў СССР, дзе актыўна папулярызавалася асоба доктара Руселя, яго творы даваліся "ў пераказе", а не цалкам, заслугоўвае ўвагі адна версія: яго канкрэтныя разважанні (з непрыняццем бальшавікоў, "германафобіяй", што зашкалівала, і да т. п.) нярэдка былі нязручныя нават для яго "левых" калег. Пра тое, што можа чакаць шчырага, сумленнага або сумленнага з нязначнымі агаворкамі рэвалюцыйнага аўтара пасля рэвалюцыі, гаворыць ён сам, працытаваны Клейнам: "Мяне настолькі моцна байкатавалі ўсе партыі, што пры Керанскім у спісе народных выданняў забяспечаны былі імёнамі аўтараў усе, акрамя мяне. Мой артыкул з "Воли" "Чыя зямля" з'явіўся ў Петраградзе пад трыма зорачкамі".

Нарыс "Па Каліфорніі" не быў апублікаваны ў царскай Расіі і ў СССР не з-за зместу, а з-за непадрыхтаванасці тэксту. Але спроба Т. Эманса апублікаваць расшыфраваны тэкст у арыгінале ў Расіі (маем яго, як і прадмову і нарыс пра Руселя, прызначаныя для выдання ў Маскве), якая перажыла перабудову і распад СССР, не ўдалася - гэта была ўжо сацыяльна не зусім запатрабаваная літаратура. Чарнавыя варыянты рускага арыгінала і беларускага перакладу былі змешчаны ў бюлетэні "Веснік БІТ" (Гомель, адпаведна: 2015 і 2008-2009).

"Па Каліфорніі", хаця і жыла дагэтуль англамоўным жыццём як публікацыя ўжо 30 гадоў, даволі мала вядомая і пакуль зусім мала цытуецца. Але сітуацыю можа выправіць беларускі пераклад. Менавіта тут, у Беларусі, у гэтага рэпартажу - самая ўдзячная аўдыторыя. Дзякуючы дасціпнасці, назіральнасці аўтара, мноству апеляцый да "агульнай радзімы" - ён можа стаць родным і папулярным у нас.

Алесь Сімакоў, руселезнавец, г. Гомель.

P. S. Напісаўшы для кнігі 1976 года, што Русель быў прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі, біёграф-рамантык Міхаіл Іоська, сам схільны да літаратурных вопытаў, спарадзіў шматлікія паўторы гэтай памылкі, у т.л. у беларускіх энцыклапедычных выданнях ("Беларуская ССР" і "Беларуская энцыклапедыя"), падручніках… Хаця рэч у "бананавасці" тэрыторыі, дзе магчыма значна больш дзіўных рэчаў, чым на "кантыненце", тут мы маем справу з ашаламляльным выпадкам, які быў бы варты адлюстравання ў камедыі Кандрата Крапівы пра навуковую інтэлігенцыю. У кампаніі тых, хто блытаў гістарычныя перыяды, былі і Уладзімір Караткевіч з Уладзімірам Арловым - гэта толькі пачатак доўгага спісу паважаных аўтараў. Так, "гавайскі сенатар", які кароткі час быў прэзідэнтам Сената, - гэта адно з самых значных дасягненняў беларускай народа за мяжой, але яго трыумф як другой асобы тэрыторыі змяніўся бясслаўным пакіданнем органа ўлады ў выніку, як многімі адзначана, быццам бы найперш здрады паплечнікаў-гамрулераў, абарыгенаў.

Мікалай Русель

Па Каліфорніі - VII

(заканчэнне)

Пераклад з рускай мовы Алеся Сімакова

Mrs. Markell ужо не працуе, працуе маладая нявестка Mrs. Golden, якая аказалася аўтарам вышэйзгаданага ліста. Mrs. Golden маладая, добра складзеная жанчына гадоў 25, здаровая, дужая, хаця і пакрыўджаная прыродай наконт прыгажосці. Твар у яе гузаваты, вуграваты, што зусім псуе ўражанне. Яна бойкая, па слова ў кішэню не палезе, у той жа час не дурная і не пазбаўлена значнай дозы такту. Дзеравеншчыны ў ёй ніякай не заўважна, хаця і вырасла яна ў вёсцы, паблізу ад Каломы, на ферме свайго бацькі, і ні разу не бывала далей Placervill'я. Яна адзінае дзіцянятка ў сям'і і таму некалькі спешчаная. Калі працаваць трэба - яна майстра на ўсе рукі, а калі можна паленавацца, яна ператвараецца ў маўклівую калоду, якую можна падняць толькі дынамітам. У гэтых выпадках яна можа ляжаць і спаць некалькі сутак запар, прачынаючыся толькі для прыняцця прыгатаванай кім-небудзь іншым ежы. Затое, калі працаваць трэба, яна за 1/2 - гадзіны згатуе абед, спячэ хлеб, накрые і прыбярэ са стала, вымые і схавае посуд. І так 3 разы на дзень: у 6 гадзін раніцы гатуецца breakfast, у 12 - lunch, а ў 6 вечара - абед, якія нічым адзін ад аднаго не адрозніваюцца, патрабуюць кожны раз новага палення печкі і інш. У прамежках паміж гэтай кухоннай валтузнёй яна паспявае прыбраць пакоі, выдаіць кароў, дагледзець курэй і г.д. Усё гэта бярэ ў яе неяк дзіўна мала часу, бо яна знаходзіць яшчэ магчымасць пачытаць 10-цэнтавы капеечны раман і пайграць з гадзіну на скрыпцы пад акампанемент мужа, якога яна навучыла іграць па слыху на фісгармоніі. Mrs. Golden крыху спявае, і зусім няблага, даволі бегла чытаючы ноты. Яе агульная адукацыя роўная той, якую ў нас маюць гімназісткі 3-га-4-га класа, калі з запасу іх ведаў выдаліць замежныя мовы і ўвесь чыста тэарэтычны, філасофскі бок. Зрэшты, яе адукацыя вышэй сярэдняй для фермерскай дачкі, дзякуючы таму, што яна адзінае дзіця і мае маці... [канец сказа неразборлівы: цудоўную? умеючы? і вучыцца?]. Што яшчэ мацней адрознівае яе ад нашых гімназістак і малодшых паненак - гэта адсутнасць усякіх слядоў рамантызму, цьмяных імкненняў, экзальтацыі. Цікаўнасці да якіх бы там ні было адцягненых прадметаў або пытанняў - абсалютна ніякай. Практычнасць, рэалізм і здаровае імкненне здаровага цела пабалбатаць, павесяліцца, патанцаваць, асабліва патанцаваць. У гэтых адносінах яна можа спаборнічаць і ў самім майстэрстве выканання, і ў захапленні ім толькі са сваім мужам, які ў танцавальнай кампаніі робіцца зусім непазнавальным. Са здаровага, чырванашчокага і лянівага хлопца ён ператвараецца ў сапраўднага салоннага кавалера, якому пратанцаваць усю ноч бесперапынна зусім нічога не значыць.

Сама ферма складаецца з дзвюх пабудоў: дома і вышак, абедзве ў самым безнадзейным стане. Дом - маленькая, зусім спарахнелая, падгнілая драўляная пабудова, што скрывілася, накшталт тых, якія часам трапляюцца ў завулках нашых населеных мяшчанамі прадмесцяў. Ён абнесены вакол крытай тэрасай і складаецца па сутнасці з двух пакояў, раздзеленых сенцамі. Направа - чысты пакой, прыбраны, як і ў Дзікерсана, на гарадскі манер. Малюнкі і фатаграфіі ўпрыгожваюць голыя сцены, на маленькіх вокнах - кісейныя фіранкі. У адным кутку - ложак з полагам ад камароў, у другім фісгармонія, пара сталоў, застаўленых забаўкамі, два-тры драўляныя крэслы, вось яго ўбранне. Калі б тут яшчэ некалькі вазонаў з геранню на вокнах, можна б было падумаць, што пасяліўся ў мяшчанкі ў рускім павятовым горадзе. Другі пакой, горная, служыць сталовай. Тут, як і ў Дзікерсана, велізарны, зложаны з дзікага, неачэсанага каменю адкрыты камін. Каля акна лаўка, а пасярод пакоя доўгі стол. Столі нізенькія, сцены абклеены старымі, напалову абарванымі газетамі. На паддашку абсталяваны дзве маленькія спальні, і паколькі дах дзіравы, то прыходзіцца ладзіць усякія прыстасаванні для выратавання ад дажджу. На шчасце, дождж бывае рэдка.

Другая пабудова, вышкі, сумяшчае ў сабе ўсе службы. Тут не толькі складваецца сена, але і трымаецца некалькі штук жывёлы, хаваюцца калёсы і земляробчыя інструменты. Пад імі ж змяшчаюцца свінні. Хаця яны пабудаваны нядаўна, але пабудаваны кепска, спехам і таму моцна пакрывіліся на бок пад ціскам леташняга снегу. Без неадкладнага энергічнага ўмяшання ім пагражае сур'ёзнае крушэнне, а пра ўмяшанне пакуль не думаюць.

Уся ферма складаецца з 160 акраў (50 дзесяцін), калі не лічыць сумежных 160 акраў, узятых старой з мэтай перапродажу. З іх толькі акраў 15, што прымыкаюць да дома, абнесены агароджай. Гэтыя 15 акраў уяўляюць сабой спусцісты лясны поплаў, па сярэдзіне якога праходзіць маленькі ручай, які затапляе большую яго частку. Уся яна занятая лугам, пакрытым асакой. Няцяжка было б гадаваць на ёй цудоўную траву, калі б пракапаць некалькі раўкоў. Ні Гольдэн-бацька, ні Гольдэн-сын пра гэта, аднак, не паклапаціліся. Каля самага дома з аднаго боку некалькі дзясяткаў фруктовых, таксама занядбаных дрэваў, а з другога маленькі агарод, большая частка якога занятая бульбай. Узняцце зямлі на гэтым агародзе і пасадка бульбы і капусты была адзінай працай, за якой мы бачылі Гольдэна-сына на працягу двух месяцаў; але і тут ён не абыходзіўся без наёмнай дапамогі. Затое разы 2-3 на тыдзень ён ездзіць у Placerville без аніякай справы, толькі б час правесці. Сказанае нам пра яго ў Placervill'і, быццам ён ніколі не з'яўляецца туды ўлегцы, было толькі кампліментам, а можа іроніяй. Ніводнага разу не бачылі мы, каб ён вёз туды што-не-будзь прадаваць. Ды і вазіць жа не было чаго.

Адзіны даход фермы - жывёлага-доўля. Але і яна вядзецца тут вельмі своеасабліва. Па законах штата толькі ў месцы, абнесеныя агароджай, нельга пускаць жывёлу. Такія абнесеныя агароджай месцы складаюць толькі некалькі кропляў у гэтым бясконцым моры першабытнага лесу. Таму ўвесь лес, і прыватны, і казённы, свабодны для пашы. Гэтым карыстаюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і жывёлаводы, што жывуць далёка, у далінах, і прыганяюць сюды тысячы галоў на летнія месяцы. І фермерская, і здалёк прыгнаная жывёла пазначана. Нагляду над ёй абсалютна ніякага. Як толькі растаў снег, жывёла выганяецца ў лес і збіраецца толькі тыдні за два да новага снегу. Гэтае адшукванне ў густым лесе сваёй жывёлы, якая разышлася на некалькі дзясяткаў вёрстаў, складае адзіную працу жывёлавода. Мясцовыя жыхары цудоўна спраўляюцца з гэтай, як падаецца, невыканальнай задачай. Верхам на кані і з ласо ў руках, пры веданні мясцовасці і дапамогі 2-3 аўчарак за некалькі дзён яны збіраюць усю сваю жывёлу з яе летнім прыплодам. Безумоўна, пэўны працэнт губляецца, робячыся часцей за ўсё ахвярай ваўкоў і мясцовага, каліфорнскага льва; але гэты працэнт настолькі невялікі, што, каб пазбегнуць страты, трымаць адмысловых пастухоў не варта. Жывёла ў большасці рагатая, часткова коні, а таксама свінні, што адкормліваюцца за лета на жалудах. Зразумела, увесь удой малака пры гэтай сістэме таксама губляецца, а малочная гаспадарка здаецца занадта клапотнай для тутэйшага фермера, і таму ён трымае каля дома толькі 2-3 каровы для ўласнага ўжытку. Ды і з гэтым малаком ён абыходзіцца па-драпежніцку, за рэдкімі выключэннямі. Усе, што не было выпіта і скісла, цалкам выкідваецца курам, катам, свінням. Увогуле, амерыканцы кіслага малака і смятаны не ўжываюць. Сыры таксама рабіць не ўмеюць. Ва ўсёй Каліфорніі фабрыкуецца дзесьці толькі адзін род сыру, і то вельмі нізкай якасці...

Такі халодны - цёплы дзень

Прэзентацыя альманаха "Літаратурны экватар" № 9 (11)

Дзень чацвёртага траўня 2021 года ў беларускай сталіцы па надвор'і выдаўся зусім не вясновым - было вельмі холадна. Прахалодна было і ў бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога, таму прыйшоўшыя на святочнае мерапрыемства госці не надта спяшаліся распранацца. Але добраму настрою сабраўшыхся ўвесь гэты холад не надта перашкодзіў: было шмат радасці, іскрыстага смеху і апладысментаў. А віталі ў той дзень у першай сталічнай бібліятэцы альманах "Літаратурны экватар" № 9 (11).

Гэты нумар выдання пабачыў свет у самым канцы мінулага 2020 года, але нешта ўсё перашкаджала зрабіць яму годную прэзентацыю. І вось - нарэшце. Дарэчы, наконт таго амаль зімовага холаду ў траўні шэф-рэдактар альманаха Інга Вінарская нават пажартавала: маўляў, пакуль альманах не адпрэзентуем, што ўзімку выйшаў, сапраўдная вясна ўвогуле не наступіць і цяпло не прыйдзе. Жарты-жартамі, але на наступны пасля прэзентацыі дзень, пятага ўжо траўня, у сталіцы значна пацяплела…

Ды вернемся ад містыкі ў рэальнасць, а дакладней, да прэзентацыі чацвёртага траўня. Распачала імпрэзу загадчыца бібліятэкі № 1 імя Л.М. Талстога Лола Іназемцава. Яна звярнулася да прысутных са шчырай прамовай. Асабліва Лолу Юр'еўну парадавала вялікая колькасць моладзі на мерапрыемстве, а сабраліся ў той дзень на імпрэзу прадстаўнікі трох сталічных каледжаў у суправаджэнні сваіх выкладчыкаў. Спадарыня Лола расказала, што бібліятэку № 1 з літаратурным клубам "Экватар" звязвае доўгае і шчыльнае супрацоўніцтва, чаму яна вельмі рада.


Далей слова перайшло да непасрэднага вядоўца святочнай імпрэзы - да кіраўніка "Экватара", пісьменніка і журналіста Вячаслава Корбута. Ён распавёў прысутным, што літаратурнаму клубу "Экватар" ужо адзінаццаць гадоў, і аб'ядноўвае суполка пад сваім дахам каля пяцідзесяці літаратураў рознага ўзросту і ўзроўню, прычым не толькі тых, хто жыве ў беларускай сталіцы, але і прадстаўнікоў ўсіх шасці абласцей Беларусі. Спадар Вячаслаў, узяўшы ў рукі асобнік альманаха, расказаў сабраўшымся, што на вокладцы выдання змешчана графіка знакамітага беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Што ж тычыцца дызайну вокладкі, то рыхтаваўшая яго Інга Вінарская пастаралася ўпрыгожыць альманах каларытнымі беларускімі ўзорамі, што вельмі пасуе да ахраматычнай гамы выдання. І канешне, Вячаслаў Корбут прачытаў для аўдыторыі шэраг сваіх паэтычных твораў з новага нумара, сярод якіх быў і наступны верш:

Суніцаў пах і водар ліпы,

Спусціўся на зямлю жаўрук,

Усе паснулі, дуб са скрыпам

Пачуе ад чыгункі грук.


Успыхне зорка там на ўсходзе,

І знікне горыч дзён былых,

Залева ноччу луг адродзіць,

Маланкі не спужаюць слых.


Не спіцца... Кола часу ладзіць

Чарговую жыцця скрыжаль,

І лес прыціх, як на парадзе:

Хваінкі з жаху не дрыжаць.


І мне ўзгадаецца дзяцінства,

Як быццам там згубіўся свет,

Свет мараў, вобразаў адзінства,

Дзе мела ўсё заўжды сакрэт…

Шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар" Інга Вінарская зазначыла, што пакіне за дужкамі ўсе тыя праблемы, якія суправаджалі выхад у свет новага нумара альманаха, бо не хоча пра гэта казаць на святочным мерапрыемстве. Але, па меркаванні спадарыні Вінарскай, нягледзячы ні на што, з кожным годам усё больш важкім становіцца "экватарыяльны" зборнік твораў. У нейкі момант з залы паступіла пытанне, чаму альманах мае падвоены нумар? У адказ спадпрыня Інга зрабіла спасылку на супрацоўніц Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія парэкамендавалі рэдакцыі альманаха ўказваць не толькі колькасць нумароў з міжнародным кодам ISSN, але і ўсю агульную колькасць выдадзеных нумароў. І тут справа ў тым, што да таго, як альманах атрымаў код ISSN у Парыжы, выйшла яшчэ два нумары без гэтага кода. Таму цяпер у выдання падвоены нумар. Потым Інга Вінарская прачытала прысутным некалькі вершаў з альманаха "Літаратурны экватар" № 9 (11).

Пераможаш - сцягнуць перамогу,

Не прызнаюць - вось такі пасаж.

Не заўважаць і спяюць замнога

Па загадзе гідкіх песняў марш.


Стаў вядомы, папулярны ў свеце,

Толькі на Радзіме - не залік:

Тут свае куміры ў дамкі мецяць,

Штучныя без палачкі нулі.


Што рабіць?

Так жыць альбо змагацца?

Абыйсці як-небудзь гэты гной,

Заляпіць акенца брудам, здацца,

Каб акенца не было душой.


Альбо вылезці на барыкады,

Крыкнуць: libertе, еgalitе*…

І паслухаць, назавуць як гадам.

Вось тебе за ўсё - fraternitе**…


Ці мо з'ехаць, і пляваць на сродкі,

На бацькоўскай памяці цяжар...

Не вярнуць дзяцінства смех салодкі,

Толькі… ты не знічшыш продкаў дар.

___________________

*Свабода, роўнасць (франц.).

**Братэрства (франц.).

Малады, але ўдумлівы выканаўца ўласных песень пад гітару Кірыл Бандзерс захапіў аўдыторыю з першых акордаў. Яго музычна-паэтычныя творчасць - рамантычная, філасофская, узнёслая, але адначасова дастаткова жорсткая і супярэчлівая. У яго творчасці, як ні дзіўна, адчуваецца нейкі дух сярэднявечных балад і гераічных падзей. Музыка вельмі рытмічная, насычаная духоўнай праўдай і пошукамі ісціны. Для прысутных спадар Кірыл выканаў шэраг сваіх песень пад уласны акампанемент шчырым і пранікнёным голасам.

Вясёлы і эпатажны, спрактыкаваны ў мастацкім слове паэт Глеб Ганчароў уцягнуў аўдыторыю ў свет сваіх творчых сюжэтаў, фантазій, разважанняў. Ягоныя паэтычныя творы вельмі інтэлектуальныя, насычаныя гістарычнымі падзеямі і ўласнымі аўтарскімі разважаннямі з элементамі іроніі і жарту. Але ў кожным паэтычным опусе адчуваецца сур'ёзны настрой і сувязь з цяперашнім часам. На заканчэнне свайго выступлення, напэўна, пад уплывам майскіх халадоў Глеб Ганчароў прачытаў верш "Снег":

Снег вар'яваўся да зары,

Да дахаў, брам i раздарожжаў,

Паўсюль развесiўшы махры,

Якiх нiхто не растрывожыў.


Ён не спыняўся анiяк,

Падобны да смугi бяскроўнай,

I горад - белы, як мярцвяк -

Адпачываў пад ватнай коўдрай.


Снег падкрадаўся з глыбiнi,

З надхмар'я, з паднябеснай проднi;

У белым блiскалi агнi,

На дзень i ноч дзялiўшы соднi.


Снег засыпаў i засыпаў -

З напорам згубцы, лiхадзея...

Пужлiва горад засыпаў

Каханне, веру i надзею.


I знiклi ў свеце ўсе сляды

Ў маштабе даўняй эпапеi;

Снег падаў доўга - назаўжды,

Як попел падаў на Пампеi.

Паэт Вячаслаў Данілаў - даўні сябар літаратурнага клуба "Экватар", чалавек, улюбёны ў мастацкае паэтычнае слова, таленавіты, разважлівы, удумлівы аўтар. Яго творы вызначаюцца кароткай формай і вельмі насычаным, глыбокім сэнсам. Вячаслаў - паэт класічнага напрамку, добры, ветлівы і адкрыты чалавек. На прэзентацыі чацвёртага траўня Вячаслаў Данілаў чытаў свае новыя вершы і адказваў на пытанні зацікаўленых маладых слухачоў.

Наступны выступоўца Ігар Яўгенавіч Шыршоў, маючы шырокі досвед у філасофскай навуцы, паколькі ён кандыдат філасофскіх навук, літаральна заваражыў прысутных глыбокімі паэтычнымі разважаннямі пра рэаліі сучаснага непрадказальнага жыцця, пра яго сэнс і прызначэнне. А яшчэ Ігар Яўгенавіч - вялікі прыхільнік жанчын, і многія ягоныя вершы прысвечаны тэме кахання, сярод якіх і твор "Маленне", што таксама прагучаў на майскай імпрэзе, прысвечанай альманаху "Літаратурны экватар":

Пазаві, пазаві, пазаві!

Хоць на дзень, на гадзіну, на міг.

У свой час ты мяне адарві

Ад яшчэ не чытаных тых кніг,


Ад артыкулаў, дораць што сум,

І ад вольных ды дробных задум.

А яшчэ папрашу: не грашы,

Не разводзь дзве аблудных душы -


Яны стрэнуцца. Доля трымціць:

Дзве душы Бог з'яднае навек.

Дык чаму ж сэрца зноўку баліць?!

Ён без Бога слабы - чалавек…

Паэт Юрась Нераток - добры сябар "Экватара", стваральнік розных творчых праектаў. Ён з цікаўнасцю ставіцца да новых паэтычных формаў і напрамкаў. Спадар Юрась - паэт-эксперыментатар, паэт-наватар. Ён прыхільнік вельмі каларытных колераў у адзенні і яркіх гальштукаў. На імпрэзе чацвёртага траўня Юрась Нераток выканаў шэраг сваіх новых твораў, чым вельмі зацікавіў моладзь.

Закрывала творчую імпрэзу даўняя сяброўка літаратурнага клуба "Экватар", таленавітая паэтка і навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Таццяна Барысюк. Яна распавяла прысутным пра свой удзел у альманаху "Літаратурны экватар" і творчых праектах клуба. Таццяна адзначыла грунтоўнасць працы рэдакцыйнай калегіі альманаха, вызначыла высокі ўзровень яго літаратурнай і інфармацыйнай частак. Яна пажадала аўтарам, укладальнікам і рэдактарам альманаха "Літаратурны экватар" творчага плёну і ўдачы ў развіцці праекта. Напрыканцы Таццяна Барысюк прачытала некалькі сваіх вершаў з нізкі "Платанічнае каханне".

Дарэмна пустымі спадзевамі жыць!

Магчыма ж ужо!

Ды, здаецца, не трэба.

Дождж доўгачаканы

не хоча імжыць

На гэту сасмяглую, прагную глебу.


Апалена сонцам бязбожным, ліхім.

Вампірыць яно найапошнія сілы.

Паслана мне ўсё за якія грахі?

Люблю цябе, Божа! Кахаю Вас, мілы!


О марныя мары! Мне ўсё - для чаго?

Каб я зразумела ілюзію шчасця?

Не хоча згасаць вераломны агонь,

І целам каханага чар прычашчацца.


Мой любы! Вы згуба!

Кармічны мой кат!

За Вамі пайду я і ў рай, апраметнаю.

Па мне застанецца

шмат вершаў і згад

Аб тым,

як шукала я шчасце - адметнае.

Кожнага з выступоўцаў сабраўшыяся віталі апладысментамі. У бібліятэкі каледжаў, чые навучэнцы прысутнічалі на святочнай імпрэзе, былі падараваны экземпляры альманаха "Літаратурны экватар" № 9 (11). На заканчэнне мерапрыемства вядовец Вячаслаў Корбут пажадаў моладзі поспехаў у вучобе, плёну ў жыцці, асабістай рэалізаціі ў абраных прафесіях, кахання і вясновага настрою.

Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў святочнай імпрэзы, прысвечнай альманаху "Літаратурны экватар" № 9 (11).

Інга Вінарская, Вячаслаў Корбут.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX