Вярнуцца: 2021

№ 28 (1543)


Дадана: 14-07-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 28 (1543), 15 ліпеня 2021 г.

Купалле на ўсходзе і захадзе

Александрыя сабрала сяброў

Рэспубліканскае свята "Купалле" прайшло ў аграгарадку Александрыя.

Ужо з раніцы на святочнай пляцоўцы было шумна, весела і цікава. Месца сустрэчы тое ж - маляўнічая лугавіна на беразе Дняпра - з аднаго боку аграгарадок Александрыя Магілёўскай вобласці, з другога Копась - Віцебскай. У фестывальнай праграме шмат цікавых мерапрыемстваў. Для зручнасці гасцей працавалі некалькі прапускных пунктаў, на ўваходзе ў святочную зону размешчаны абменнікі, камеры захоўвання, інфармацыйныя паказальнікі.

Стартавала свята а 11 гадзіне. Удзельнікаў і гасцей свята павіталі віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка і губенатар Леанід Заяц.

На малой сцэне свята распачалося канцэртам "Галасы будучыні". Звонкія галасы выхаванцаў прадзюсарскіх цэнтраў "Прыступкі", "Анёлы дабра", заслужанага аматарскага калектыва Беларусі тэатра-студыі "Вясёлка", Магілёўскай абласной філармоніі былі чутны ўжо на падыходах да фестывальнай тэрыторыі. Наогул музыка, спевы гучалі з усіх бакоў. Народныя, фальклорныя, эстрадныя мелодыі накладваліся адна на адну. Настрой стваралі абрадавыя творчыя калектывы і групы, пераможцы і ўдзельнікі абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва "Скарбніца Падняпроўя", конкурсу гарманістаў і выканаўцаў прыпеўкі "Падняпроўскі гармонік". У канцэрце "Люблю Беларусь" сваю творчасць дэманстравалі азербайджанцы, беларусы, казахі, карэйцы, малдаване, украінцы, цыганы - прадстаўнікі усіх тых нацыянальнасцяў, якія жывуць і працуюць у Беларусі.

Адной з навінак гэтага года стала прэм'ера мюзікла "Вянок на вадзе" ад Магілёўскай абласной філармоніі.

- Свята ў Александрыі вяртае нас да спрадвечных беларускіх традыцый. Кірмаш, гульні, песні - усё, як было ў нашых продкаў. І зараз мы працягваем гэтую традыцыю, адаптуючы яе пад наша жыццё. У мюзікле мы вырашылі спыніцца на прыгожай і загадкавай гісторыі кахання, - распавяла мастацкі кіраўнік філармоніі Алёна Беланожка.

Праграма гала-канцэрта, на якім прысутнічаў Прэзідэнт краіны, была сфарміравана сёлета па заяўках жыхароў Александрыі. У ёй - Прэзідэнцкі аркестр, Канстанцін Масковіч, Сярога, Алег Газманаў, Алёна Ланская, Жанет, Вікторыя Алешка, Уладзімір Громаў, Настасся Масквіна, групы "Беларусы", "Верасы", ансамблі "Песняры", "Сябры" і іншыя. Партэр, дарэчы, складаў 3 тысячы месцаў.

Сёлета сімвалам рэспубліканскага свята абраны ручнік, які цалкам раскрывае самабытную культуру беларускага народа і сімвалізуе адзінства славянскай культуры. Адна з галоўных купальскіх пляцовак - выстава-кірмаш "Ручнiк Народнага Адзiнства". Ткачыхі на аўтэнтычных станках XVIII-XIX стагоддзяў праводзілі майстар-класы па вырабе ручнікоў з узорамі і вышыўкай. Магілёўскую вобласць прадстаўляла адна са старэйшых ткачых - народны майстар з Хоцімска Таццяна Кавалёва. Аляксандра Кухціна з Быхава - яшчэ малады, але ўжо перспектыўны майстар. У яе можна павучыцца асновам ткацтва на перасовачным ткацкім станку. У экспазіцыях - ручнікі кожнага рэгіёна, у тым ліку работы ўдзельнікаў і пераможцаў абласнога конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці "Ручнік як шлях жыцця чалавека". Спаборніцтва праходзіла на працягу года і завершылася на свяце. Наогул, ручнікоў сёлета было тут вельмі багата. Свае творы прадстаўлялі каля 800 удзельнікаў.

Паводле Нэлі ЗІГУЛІ. Фота аўтара. zviazda.by.

Каля замка на Купалу

10 ліпеня, жыхары Лідскага рэгіёна і яго госці адзначылі Купалле - старажытнае народнае свята, звязанае з летнім сонцастаяннем, росквітам прыроды і прыходам летняй цеплыні.

Месцам правядзення раённага свята абрана адкрытая пляцоўка ля паўднёвай сцяны Лідскага замка. Тут працавалі выстаўкі, выязны гандаль, ладзіліся дзіцячыя забавы.

У 19 гадзін у рамках правядзення культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец" мерапрыемства адкрыла фальклорна-абрадавае прадстаўленне "Каля замка на Купалу", падрыхтаванае Лідскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці.

Прайшлі конкурс дзявочай прыгажосці "Купалінка-2021", пляценне і пусканне вянкоў на ваду, пошук папараць-кветкі і, канешне ж, купальскае вогнішча.

Прадстаўленне аздобілі канцэртныя нумары сталічных калектываў - фольк-бэнда "Неруш", заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, фальклорнай групы "Купалінка", а таксама артыстаў Лідчыны.

А ў 23 гадзіны свята прадоўжылася ў самім замку. Гледачоў чакала сапраўднае шоў з піратэхнічнымі і светавымі эфектамі. Канцэртную праграму, падрыхтаваную заслужаннай артысткай Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай, дапаўнялі выступленні груп "BYCITI", "LAS VEGAS", "PROвокация", Кірыла Арцёменкі, Ганны Благавай, DANCE-праект (г. Мінск).

Канцэрт-дыскатэка доўжыўся да 3 гадзін ночы.

Лілея Лапшына. lidanews.by.

НЯСПЫННАЕ ГАРЭННЕ

Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі

Слынная дачка беларускага народа Цётка (Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын непадалёку ад Ліды (цяпер гэта Шчучынскі раён Гарадзеншчыны) і пражыла ўсяго 40 гадоў...

Імя паэтэсы-рэвалюцыянеркі, празаіка, публіцыста і грамадска-палітычнага дзеяча стаіць у шэрагу пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Усё бурнае жыццё гэтай надзвычай эмацыянальнай, захопленай нацыянальным адраджэннем змагаркі было, па словах сучаснікаў, няспынным гарэннем.

У ЯЕ БЫЛО шмат розных псеўданімаў: Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Крапіўка, Мацей Крапіўка, М. Крапівіха, Тымчасовы, Банадысь Асака… Замацаваўся ж - Цётка, Пад ім яна ўпершыню выступіла ў 1906 годзе як аўтар кніжкі "Першае чытанне для дзетак-беларусаў". Але хто з нас, скажыце, чытаў ці, хоць, бачыў гэтую кніжку да 2001 года?! Так, ніхто! Цяжка ўявіць, што падручнік, які і вучыў, і развіваў, і выхоўваў нашых беларускіх дзетак, паўторна пабачыў свет толькі праз... стагоддзе. Ды некаторыя апавяданні не ўвайшлі і ў апошняе пакуль выданне. У ім, дарэчы, апрацаваныя для лепшага дзіцячага ўспрымання народныя песні, прымаўкі, прыказкі, загадкі. Само сабой, вершы паэтэсы. Мне асабліва запомніўся "Мой сад", прывяду з яго пазней. Пакуль жа - пра псеўданім. Практычна яна карысталася ім і ў апошнія свае гады.

Адказ на пытанне, чаму менавіта Цётка, я не знайшоў ні ў сваёй Якаўлевіцкай сярэдняй, ні на журфаку, ні ў інстытуце паліталогіі. І даведаўся ўпершыню не з прац, прысвечаных Пашкевіч. Дапамагла камандзіроўка 1986 года ад "Сельской газеты", дзе працаваў, у Шчучынскі раён. Накіраваўся з мясцовым кіраўніком да вядомай у акрузе выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры Шастакоўскай школы Анфісы Дабрынкі. Яна па крупінках збірала звесткі пра Пашкевічаў і іх таленавітую дачку. Шматгадовыя ўпартыя пошукі ператварыла ў справу ўсяго свайго жыцця. Вось яна і паведаміла, што Цёткай Алаізу назваў упершыню яе сусед-зямляк Вацлаў Іваноўскі. Яго постаць, заўважу, на многія гады выкраслілі з гісторыі нашай культуры і нацыянальнага руху. І гэта пры тым, што ён разам з Цёткай і братамі Луцкевічамі выдаў першы нумар часопіса "Свабода". Быў адным з арганізатараў выдавецтва суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца", дзе пабачыла свет "Першае чытанне...". Уклаў першы беларускі лемантар (буквар). Апрацаваў першы буквар сучанай беларускай мовы.

Мне было пяць гадоў, калі выпускніца педагагічнага вучылішча Дабрынка з'явілася ў Старым Двары, на радзіме Алаізы Пашкевіч. Яна хутка знайшла агульную мову з мясцовымі. А неўзабаве, расказвала мне пры сустрэчы, ужо "даставала" іх самымі рознымі пытаннямі пра зямлячку. Даведалася, што ў дзяцінстве Алаіза сачыняла незвычайныя жахлівыя казкі. Сама ў іх верыла і палохала імі сясцёр (у яе былі тры сястры і два браты). Свякруха расказвала Анфісе, што прыгожае дзяўчо наведвалася ў госці з сябрамі-студэнтамі.

Цётка, дарэчы, шмат дзе і шмат чаму, сведчыць падрабязная біяграфія, вучылася. Спачатку ў хатніх настаўнікаў, потым у Віленскай гімназіі. У Пецярбургу скончыла агульнаадукацыйныя курсы вядомага бунтарнага вучонага Пятра Лесгафта. Там жа здала экзамены за поўны курс гімназіі. Пра іншую навуку прачытаеце пазней.

Калі яна каго прывозіла ў госці - усіх з усімі знаёміла, жадала вяскоўцам шчасця, лепшай долі і здароўя.

Сама ж хварэла на сухоты. Пры гэтым была вельмі ганарлівая. Нічыю дапамогу ні ў чым не прымала. А вось сама была надта шчодрай. Вельмі любіла размаўляць з сялянамі, частка якіх за бясцэнак гарбацілася на ейнага бацьку Стэфана. У адзін з прыездаў, успаміналі старыя старадворцы, сабрала вакол сябе малых. Расказала, дзе была і што бачыла. Пачаставала цукеркамі і пернікамі. А потым як рассмяялася! Зняла каляровую хусцінку, парвала лоўка на прадаўгаватыя стужачкі дый пазаплятала іх у коскі збянтэжаных, але шчаслівых і радасных хоць у той момант дзяўчынак. Хацела, каб ім добра было, а сама ж, невысокая, кволая, хворая… З часам абурэнне існымі дома і ва ўсім грамадстве парадкамі, калі ў адных - усё, а ў іншых - нічога, узрастала і ўзмацнялася. Яно і прывяло ў выніку да актыўнай барацьбы з існым ладам, найперш, сваёй неверагоднай палымянай творчасцю, самым трывалым грунтам якой, як і грамадскай дзейнасці, стала дзяржаўнага кшталту ідэя незалежнасці.

ПАЧЫНАЛАСЯ гэтая палымяная творчасць, як зазначылі ў сваіх даследаваннях "Постаці" і "Стану песняй" вядомы крытык і журналіст Рыгор Бярозкін і цудоўная пісьменніца, літаратуразнаўца Лідзія Арабей, пад моцным уплывам прадвесніка адраджэння Францішка Багушэвіча. Пра гэта сведчыць сама назва першага зборніка Гаўрылы з Полацка (Цёткі) - "Скрыпка беларуская". У Багушэвіча, калі помніце, - "Дудка беларуская" і "Смык беларускі". Аўтарка, якая з 1905 года, за год да выхаду кніжкі, удзельнічала ў мітынгах і дэманстрацыях, выступала з рэвалюцыйнымі прамовамі, выкрывала ў вершах самаўладства і заклікала змагацца з царызмам. У асабістай прадмове "Скрыпкі..." яна адзначала, што прыкладам для яе быў Мацей Бурачок, які марыў адшукаць "такой вадзіцы ды з такой крыніцы, што як хто нап'ецца, дык вольным стаецца". Даследчыкі падкрэсліваюць: вершы "Суседзям у няволі", "Вера беларуса", іншыя творы зборніка дыхаюць прадчуваннем хуткага выбуху народнага гневу і нянавісці. У іх глыбокая вера ў непераможную на гады сілу народа, якая загартавалася ў суровых выпрабаваннях цяжкай і шматпакутнай гіісторыі:

Веру, братцы, ў нашу сілу,

Веру ў волі нашай гарт...

Мы не з гіпсу, мы - з камення,

Мы - з жалеза, мы - са сталі,

Нас кавалі у пламенні,

Каб мацнейшымі мы сталі.

Цяпер, братцы, мы з граніту,

Душа наша з дынаміту,

Рука цвёрда, грудзь акута,

Пара, братцы, парваць пута!

Амаль адразу, у Жоўкве, недалёка ад Львова, пра які пагаворым асобна, выйшаў і другі зборнік змагаркі - "Хрэст на свабоду". Ён быў прысвечаны барацьбе супраць царызму. У вершах "Небывалыя часы", "Добрыя весці", "Бунтаўнік", "Пад штандарам", "Бура" яскрава бачыцца, як развіваліся падзеі, якія Цётка ўспрымала народнай рэвалюцыяй. Поўнасцю адпавядаюць тагачаснай рэчаіснасці "Хрэст на свабоду" і "Мора". Першы - публіцыстычная лірыка. Крытыкай і класавай непрымірымасцю, выкравальным пафасам і вострай сатырай на цара ён нагадвае мне палітычную пракламацыю. Ну, а другі... Другі, пагаджуся з даследчыкамі, сапраўды, стаў самым яркім з усіх рэвалюцыйных твораў. Калі ласка, пераканайцеся:

Мора вуглем цяпер стала,

Мора з дна цяпер гарыць,

Мора скалы пазрывала,

Мора хоча горы змыць.

Мора злуе, крэпнуць хвалі,

З дзікім шумам бераг рвуць;

Гром грыміць за вёрсты-мілі,

З мора брызгі ў неба б'юць.

Адчуваеце грозную навальніцу на моры? Гэта бітва паміж "разгневанай натурай" і "войскамі бога", у вобразе якіх выступаюць варожыя людзям сілы. А як узнёсла ўслаўляецца ў канцы барацьба! Барацьба не на жыццё, а на смерць!

Такі бой вякамі жджэцца,

Такі бой гігантаў дасць.

Ў такім баю толькі грэцца,

Ў такім баю толькі пасць.

Напісаны ў кастрычніку 1905-га , верш стаўся сапраўдным гімнам рэвалюцыі.

УЖО ТАДЫ аўтарцы давялося жыць на нелегальным становішчы. Яна хавалася ад паліцыі ў Нова-Вілейцы. Працавала там сястрой міласэрнасці псіхіятрычнага шпіталя. А ў самым пачатку новага года актыўна ўдзельнічала ў 2-м з'ездзе Беларускай рэвалюцыйнай грамады ў Менску. Праграмным пытаннем было стварэнне незалежнай беларускай рэспублікі. Неўзабаве намаганнямі шчырай барацьбіткі ды іншых "грамадоўцаў" пачала выходзіць першая лягальная беларуская газета "Наша доля". Яна, на жаль, спыніла сваё існаванне на шостым нумары. Спрычынілася будзіўшая ўсім сваім сэрцам у слухачоў запал і любоў да прыгнечанага люду паэтэса і да выдання першых нумароў "Нашай нівы".

У сярэдзіне 1906-га Цётку запрасіў да сябе ў горад Львоў украінскі філолаг-славіст і мастацтвазнавец Іларыён Свянцінскі. Ён, не магу не адзначыць, стварыў Львоўскі гістарычны музей. Дык вось беларускі раздзел у ім захоўваў на той час 23 слуцкія паясы, 12 кніг "Бібліі" Францішка Скарыны, а гэтаксама старадрукаваныя выданні, граматы, акты, абразы і іншае. У свой час чатырма з тых унікальных поясаў я любаваўся ў нашым мастацкім музеі. Ён прадстаўляў тады экспазіцыі, прывезеныя з Львова і Луцка. Былі яшчэ партрэты кіраўнікоў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Свянцінскі, між іншым, пасадзейнічаў, каб у выдавецтве Базыльянскага кляштара, сёння ён у горадзе Несцераве, і пабачылі свет узгаданыя вышэй паэтычныя зборнікі госці. Адбіткі на лацініцы выйшлі, па меркаванні нашага адметнага прафесара Сцяпана Александровіча, крыху раней у Вільні. За два месяцы да камандзіроўкі ў Шчучын я быў на развітанні з паважаным Сцяпанам Хусейнавічам, які падрыхтаваў да выдання творчую спадчыну Багушэвіча і Цёткі. І сёння адчуваю праз характэрныя акуляры майстра ягоны востры ўдумлівы погляд і чую ягоныя прароцкія словы:"Я расказваю, а час пакажа і дакажа".

З ТАВАРЫСКАГА ВІЗІТУ да Свянцінскага і пачаліся эмігранцкія вандроўкі няўрымслівай, энергічнай, захопленай барацьбой за ідэю беларускі. Хвароба тым часам абвастралася, і некалькі месяцаў давялося лячыцца ў польскім цэнтры гуральскае культуры Закапанэ, які быў папулярным горналыжным курортам. У гэты час Цётка сябравала з родапачынальнікам літоўскай лірычнай прозы Ёнасам Білюнасам, пражыўшым усяго 28 гадоў. Вучобу, пра якую я распачаў наперадзе, Цётка працягнула ў Кракаве, на філасофскім факультэце Ягелонскага ўніверсітэта. Падчас яе ўдзельнічала ў рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі "Спуйня". Цікава, што ў дадатак спатрэбіліся і філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта, і ўрокі таго ж Свянцінскага па грэцкай мове, іспыт па якой здавала ў… Пецярбургу. Як стала вядома, мелася пісаць грунтоўную працу пра беларускую батлейку. Пра намер нагадвае цяпер толькі складзеная праграма збірання матэрыялаў.

Далейшыя пераезды сталі дужа ўжо стракатымі. Шматкроць супастаўляючы час і падзеі, заняткі і ўчынкі, я стаміўся ў архівах даганяць вандроўніцу. Да першых стрэлаў Першай сусветнай жыла то ў Пецярбургу, то ў Вільні, то ў Менску, то ў Львове - працягвала ж вучобу! І яшчэ, ледзь не забыў, - падарожнічала з жонкай Білюнаса па Італіі. Была і ў Германіі. Пры гэтым "паспела" ўзяць удзел у стварэнні беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. У ліку названых псеўданімаў быў, нагадваю, М. Крапівіха, пад якім сыграла ў гэтым тэатры ролі Пантурчыхі (спектакль Марка Крапіўніцкага "Па рэвізіі"), Наталкі (Антона Чэхава "Сватанне") і старой Насты (Элізы Ажэшкі "У зімовы вечар"). Візіты на Бацькаўшчыну сталі больш частымі яшэ і дзякуючы шлюбу з літоўскім сацыял-дэмакратам Стэпонасам Кайрысам, якога, не памятаю, дзе прачытаў, дражніла "гіргуном", і з якім пражыла толькі пяць гадоў.

Урэшце, вярнулася ў Беларусь назусім. У 1914-м працавала сястрой міласэрнасці. Ніколі не перастану здзіўляцца, як і калі знаходзіла час на падрыхтоўку і вершаў, і апавяданняў (каб не кароткае жыццё - магла б стаць вялікім празаікам), і публіцыстыкі, і нарысаў. А ў апошнія гады - нататкаў з падарожжаў у Фінляндыю ды Швецыю. Мелася наведаць і Нарвегію...І хоць па колькасці, як зазначыў Іван Пятровіч Шамякін, "напісала менш, чым Купала, Колас, але ўсё, створанае ёй, увайшло ў залаты фонд нашай беларускай літаратуры". Дарэчы, у сваім вершы "Аўтарцы "Скрыпкі беларускай" Купала вось як высока ацэньваў творчасць Цёткі:

Чутка йграеш, чутка йграеш

Ты на скрыпачцы сваей,

К небу з думкай падлятаеш,

Шчасця зычыш для людзей.

Гэй, пяснярка, болей, болей

Нам на скрыпцы сваёй грай!

Прывітаем хлебам-соляй,

Дзякуй скажа родны край...

Край, пра які гучаць у маім аршанскім сэрцы радкі з верша "Мой сад", змешчанага ў шматпакутным "Першым чытанні...":

Люблю мой сад, як расцвітае,

Як салавей свой трэль вядзе,

Як цвет галінку прыгібае,

Як пчолка мёд адтуль нясе.

Стан роднага краю і яго насельнікаў хвалюе Цётку і ў яе неардынарнай прозе, пачынаючы з першага апавядання "Прысяга над крывавымі разорамі" пра беднага, змучанага цяжкай працай і нястачай Мацея. Яна і працягвае творамі трагічнага гучання, як і само жыццё - "Асеннія лісты", "Лішняя", "Міхаська". У іх " глыбокі псіхалагізм, уменне аўтара заглянуць у душу чалавека, раскрыць яго думкі і перажыванні". Публіцыстка заўсёдна думала, як вы ўпэўніліся, пра народную культуру і роднае слова. Паслухайце, як натхнёна і пранікнёна гучыць артыкул "Шануйце роднае слова!" :

"Роднае слова!

З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуст. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз. І табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць..." І да моладзі: "Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. І, гледзячы на вас, асмеляцца і іншыя, зразумеюць, што шчырае сэрца беларускае б'ецца не толькі пад мужыцкай сярмягай, павераць у ўласныя сілы свае і пойдуць цвёрдай ступой да лепшай будучыні, да ясных зор шчасця народнага".

Апошнім часам Цётка арганізоўвала беларускія школы і настаўніцкія курсы, дапамагала хворым у тыфусовым бараку, стварала дзіцячыя прытулкі. У студзені 1916 года яна атрымала паведамленне аб смерці бацькі. Паехала ў Ліду на яго пахаванне. Пасля хаўтураў вырашыла падлячыць землякоў у Старым Двары. Заразілася там тыфусам сама і ў ноч з 4 на 5 лютага памерла пад дахам роднага дома.

ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ гадоў таму мы стаялі з настаўніцай Анфісай Дабрынкай ля магілы Цёткі. Я пазіраў на мармуровы крыж, якому было тады 50. А крыж глядзеў на мяне.

Памінальны камень і фасад помніка кірыліцаю ды лацінкаю прадыктавалі мне пачатак верша "На магіле", у якім Алаіза Пашкевіч прадказала сваю будучыню:

На магіле ўзыду дубам,

Пачну шаптаць братнім губам

Аб іх долі, аб свабодзе,

Стану песняй у народзе!

Нядаўна я патэлефанаваў свайму сябру, старшыні савета ветэранаў Гарадзенскага аблупраўлення Дэпартамента аховы МУС палкоўніку міліцыі ў запасе Мікалаю Трушчанку. Літаральна праз паўгадзіны ён назваў патрэбныя мне тэлефонныя нумары ў Шчучынскім раёне. Адзін з іх - дзяжурнай сястры сацыяльнай палаты ў амбулаторыі Васілішкаўскай бальніцы. Менавіта тут, сказала Ірына Гурская, знаходзілася некаторы час і працягвала, як дазваляла самаадчуванне, расказваць пра Цётку Анфіса Паўлаўна Дабрынка. У траўні 2015-га яе перавезлі ў дом суполкі Сёстраў Маці Міласэрнасці ў Каменцы. "У нас, - распавяла па слухаўцы ў адказ на хвалюючае мяне пытанне сястра суполкі Фаўстына, - ёй было лепш. Вельмі сціплая, душэўная, добрая, прыемная жанчына. Спачатку шмат цікавага паведамляла нам і пра Цётку, і пра наш родны край, які стаў родным і для яе самой. На вялікі жаль, здароўе яе хутка пагаршалася, і трэцяга жніўня 2018 года яна памерла..."

Уладзімір Барысенка.

Прарок - пасол святла

"Беларускаю рукою

Светлай праўды сіла

Славу лепшую напіша

Беларусі мілай."

Я. Купала

Сонечны і лагодны дзень выдаўся 11 ліпеня. У Радашковічы, мястэчка, дзе працавала калісьці знакамітая гімназія імя Ф. Скарыны, адкрытая Аляксандрам Уласавым, у якой вучыўся будучы паэт Максім Танк, у мясцовасць, дзе жылі і працавалі Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Драздовіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін і іншыя выдатныя асобы, скіраваліся ўдзельнікі і госці духоўнага і літаратурнага свята.

У Радашковічах у касцёле Найсвяцейшай Тройцы, дзе быў ахрышчаны ў маленстве Янка Купала, святую імшу цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Парафіяне сустрэлі яго гарачымі апладысментамі. У парафіі ўрачыста і велічна прайшоў штогадовы Купалаў фэст. Яго выдатна арганізаваў ксёндз-пробашч Юры Быкаў супольна з Літаратурным музеем Янкі Купалы ў Менску. На ўрачыстасці прысутнічалі шматлікія госці з розных гарадоў, дзеячы культуры, пісьменнікі, выдаўцы кніг.

Святая Імша адбылася ў музычным суправаджэнні вядомых арганістаў, салістаў Белдзяржфілармоніі Юрыя Габруся і Варвары Царук, салістаў Моладзевай трупы Вялікага тэатра Беларусі і Сімфанічнага аркестра Беларусі Дзмітрыя Апяцёнка і Ігната Данько.

Яго Эксэленцыя Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй прамове падкрэсліў, што моцнае грамадства немагчыма збудаваць без духоўнага падмурка. Ён падзякаваў за духоўных светачаў Пану Богу, які пасылае народу паэтаў-прарокаў, а таксама людзей, чыім пакліканнем ёсць распаўсюджанне Слова Божага.

Ранняя творчасць Янкі Купалы мела выразную хрысціянскую скіраванасць. Два вершы "Малітва" былі пакладзены на музыку і сталі шырока вядомымі.

Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што Янка Купала браў шлюб са сваёй жонкай Уладзіславай Францаўнай у касцёле свв. Пятра і Паўла ў Маскве, і ён наведваў гэта месца.

Вершы паэта і прарока, народнага песняра, натхнёна і пачуццёва прачыталі вучні, ўдзельнікі творчага аб'яднання "Батлейка" пад кіраўніцтвам Н. Маскалевіч разам з супрацоўніцай Літаратурнага музея Янкі Купалы Марыяй Бартковай.

- Сёлета Купалаў фэст адбываецца ў 100-ую гадавіну Рыжскай мірнай дамовы (1921), падпісанне якой спыніла вайну, але раздзяліла беларускія землі, - прывяла гістарычнае ўдакладненне спадарыня Марыя Барткова. - Мяжа прайшла па самых дарагіх мясцінах: такія значныя для лёсу паэта Вязынка і Радашковічы сталі недасяжныя амаль на два десяцігоддзі… У той час слова Янкі Купалы яднала ўсіх тых, што "беларускай гутаркай гамоняць" па абодва бакі мяжы".

На Купалавым фэсце ў Радашковічах выступіў з чытаннем вершаў сёлетні юбіляр, паэт Уладзімір Някляеў. Ён выказаў словы пашаны і падтрымкі арцыбіскупу Т. Кандрусевічу і сказаў, што моцна перажываў і хваляваўся за яго, калі кіраўнік Каталіцкага Касцёла Беларусі не мог вянуцца на Радзіму.

У. Някляеў распавёў пра сваю працу над раманам, прысвечаным Я. Купалу, пад назвай "Гэй бэн гіном", які друкаецца ў часопісе "Дзеяслоў".

- Я прыехаў у гэты храм, дзе быў ахрышчаны Я. Купала, - прамовіў У. Някляеў, каб схіліць галаву перад яго памяццю. У рамане я хацеў паказаць постаць такога маштабу, нацыянальнага генія з усімі яго чалавечымі пачуццямі.

Прысутныя павіншавалі паэта з 75-годдзем. Уладзімір Пракопавіч падзяліўся вершамі са сваіх новых выданняў і раней надрукаванымі. Прагучалі вершы, прысвечаныя Я. Коласу і Я. Купалу, творы з кнігі "Знічы кахання". Найбольш пасіянарна прагучаў верш "Боскі падарунак".

- Мой сябра Павел Севярынец пісаў, што нацыянальная ідэя - гэта Бог, які прамаўляе па-беларуску, - падкрэсліў У. Някляеў.

"Не загаснуць зоркі ў небе

Покі неба будзе, -

Не загіне край забраны,

Покі будуць людзі", -

з хваляваннем дэкламавалі вершы юнакі.

- Не загіне Беларусь, пакуль беларуская мова гучыць у святынях з вуснаў святароў і вернікаў! - пераканаліся ўдзельнікі Купалавага фэсту.

Інфармацыйнымі партнёрамі мерапрыемства выступілі партал Catholic.by і "Радыё Марыя". Ксёндз-пробашч Юры Быкаў паведаміў, што ў Радашковіцкім касцёле з дапамогай ахвяраванняў прафіянаў аднаўляецца арган ХIХ-га - пачатку ХХ-га стагоддзя. Храм з'яўляецца сапраўдным асяродкам высокай культуры і прыгажосці.

Купалаў фэст завяршыўся супольным выкананнем гімна "Магутны Божа".

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Валерый Счасны: "Малевіч даў мне свабоду творчасці, а Драздовіч - нацыянальную ідэю"

Мастаку Валерыю Счаснаму, жыццёвы і творчы шлях якога быў звязаны з Віцебскам, а дзяцінства і сеняшняе жыццё з Верхнядзвінскам, споўнілася 70 год.

БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Нарадзіўся В. І. Счасны ў Верхнядзвінску, прафесійную адукацыю атрымаў у Віцебску. У 1973 г. закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў А. Някрасава. З 1976 г. удзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Працуе ў графіцы (акварэль), а таксама ў афармленчым мастацтве.

Валерый Счасны - лаўрэат прэміі ЛКСМ Віцебшчыны, член Беларускага саюза мастакоў з 1993 г. У 1988 г. В. І. Счасны стаў адным з сяброў творчага аб'яднання віцебскіх мастакоў "Квадрат", аб'яднання беларускіх мастакоў "Пагоня".

З "Квадрата" мы і пачынаем размову.

СЧАСНЫ: "Квадрат" стаў як бы лагічным фіналам нашай творчай тусоўкі: мастакі кантактавалі паміж сабой, дзяліліся планамі, і ў нейкі час Аляксандр Малей унёс прапанову зарэгістраваць творчае аб'яднанне, што давала б нам магчымасць ладзіць свае выставы, бо мы былі не вельмі заангажаваны ў афіцыйным мастацтве, гэтак жа як і ў афіцыйным Саюзе мастакоў. Назва таксама нарадзілася спантанна. "Квадрат", прапанаваў я. На гэтым і сышліся. Чаму "Квадрат"? Гэта як памяць пра віцебскага мастака Казіміра Малевіча, бо няма больш дасканалай і чыстай формы, як квадрат.

КАР.:Вы землякі з Аляксандрам Малеем…

СЧАСНЫ: Мы нават сядзелі за адной партай ў школе! І ў нас была адна настаўніца - Валянціна Аляксандраўна Радзіёнава, дзякуючы якой мы рабілі першыя крокі ў мастацтве. Менавіта яна ўцягнула нас у гурток выяўленчага мастацтва, відаць, як прафесіянал, убачыла нашыя здольнасці, і з таго часу мы разам з Аляксандрам сталі "школьнымі мастакамі" і заўзята афармлялі ўсе школьныя мерапрыемствы і насценгазеты. Дарэчы, усе яе тры сыны таксама заканчвалі мастацка-графічны факультэт.

А пра нас ўжо таксама ўсе ведалі, што будзем паступаць, як казалі, "на худграф". Было гэта ў 1968 годзе і ў нас была мэта - вучыцца дызайну. Пасля года вучобы мы паехалі паступаць ў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай, сёння гэта - Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Шцігліца. Праўда наша "самастойнасць" магла закончыцца прызывам у армію, але, дзякуючы дэкану В. Шаталаву, нам далі магчымасць давучыцца ў інстытуце і атрымаць дыпломы.

І вось 10 чэрвеня мы адкрылі сумесную выставу з Аляксандрам Малеем ў Віцебску. Аляксандр Малей - таксама юбіляр.

КАР.:Як склаўся творчы шлях пасля заканчэння інстытута?

СЧАСНЫ: Вучобу я скончыў у 1973 годзе, і паколькі тады было дзяржаўнае размеркаванне на працу, я быў накіраваны ў Віцебскі абласны аддзел адукацыі, а адтуль - у абласны Дом піянераў, дзе выкладаў у студыі выяўленчага мастацтва і маімі вучнямі былі вядомыя на сёння мастакі - Сяргей Кухто і Надзея Пашкевіч. Да таго часу сваёй працы я стаўлюся з вялікім імпэтам, бо гэта быў важны перыяд у маёй творчасці. Амаль 20 год аддадзена Віцебскаму камбінату мастацтва, а, пераехаўшы ў Верхнядзвінск, працаваў у школе мастацтваў, у Цэнтры для дзяцей і моладзі.

КАР.:З часу Вашай працы ў школе мастацтваў хочацца згадаць пра цікавы праект - гэта пленэр "На хвалях натхнення", да якога, да гонару, давялося спрычыніцца і мне. Нажаль, гэта было, як кажуць, першы і апошні раз…

СЧАСНЫ: Так, ён быў прымеркаваны да Дня горада і ў ім, калі не памыляюся, брала ўдзел 5 мастацкіх школ вообласці. Наша школа мастацтваў ўзяла на сябе ўвесь клопат па яго арганізацыі і правядзенню, і яе калектыву, і дырэктару - Шугалю Яўгену Давыдавічу - давялося нямала папрацаваць, каб быў вынік. І ён быў: на свяце горада было выстаўлена больш за паўсотню прац выхаванцаў школ мастацтваў, удзельнікаў пленэру. Ды ў мясціны, дзе праходзіў пленэр, знакавыя для Верхнядзвіншчыны - вёска Цінкаўцы, дзе некалі быў сядзіба-музей "Хатка "Бабкі Параскі" Сяргея Сцяпанавіча Панізніка, які меў званне "Народны", сядзіба Нітаслаўскіх на Вопытнай, пярлінка нашага раёна - Расіца, дзе тры дні нас гасцінна сустракаў пан Чэслаў Курэчка…

КАР.:Яшчэ да адной вялікай творчай падзеі з Вашым удзелам, але, на жаль, таксама ў мінулым, хачу ўзгадаць пленэр "У пошуках Атлантыды". Але пошук Атлантыды працягваецца…

СЧАСНЫ: Так, які дзякуючы Кацярыне Мясніковай, жыве і зараз. Мінулым годам, дзякуй раённаму Таварыству беларускай мовы, мы адзначалі юбілей - 15-годдзе. Памятаю і першы пленэр, калі 10 дзён, каля паўтара дзесятка мастакоў працавала ў нашым раёне, а потым сваю сядзібу ў Лявонпалі, на Мёршчыне, нам гасцінна аддаў у карыстанне Сяргей Сцяпанавіч Панізнік.

КАР.:Да сказанага Вамі дадам, што якраз тады ў нас была магчымасць зрабіць першыя крокі для стварэння мастацкай галерэі ў раёне, бо мастакі гатовы былі аддаць некаторыя свае працы ў падарунак раёну.

СЧАСНЫ: А вось правесці выставу твораў, якія былі напісаны падчас пленэру "У пошуках Атлантыды" мясцовыя улады не рызыкнулі, але прайшла ў Полацку, куды ганаровым госцем быў запрошаны Сяргей Сцяпанавіч Панізнік, а таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна, якія зрабілі свой унёсак у правядзенне пленэру. Дарэчы, у пленэры прымаў удзел і Алесь Пушкін і, дзякуючы разуменню памежных службаў, не ўзнікала пытанняў адносна знаходжання мастакоў у памежнай зоне, а таксама пры наведванні імі Расіцы, Сар'і, Асвейшчыны…

КАР.:У адным з інтэрв'ю з культуролагам Аксанай Кузінай на пытанне пра тое, якую падзею Вы б вызначылі маркерам таго, што змяніла Ваша жыццё, вы сказалі, што гэта - Салаўкі.

СЧАСНЫ: Так. Гэта было яшчэ ў 1974 годзе, калі мой сябар, мастак і архітэктар Уладзімір Цяцеркін, зрабіў такую прапанову: паехаць туды на пленэр. Салаўкі тады толькі-толькі прыадчыняліся, і паехаць туды без спецыяльнага дазволу было нельга. Але нам пашанцавала, бо на цеплаходзе, які хадзіў раз на тыдзень з Архангельска на Салаўкі, ехаў выкладчык маскоўскай ВНУ для праверкі працы будатрада МГІМА.

І мы ўбачылі, што на храмах былі пяцікутныя зоркі і стаяў пах лагераў, усе падвалы і вежы былі адчынены, і была магчымасць хадзіць усюды і глядзець.

На Салаўках зямля зліваецца з небам.

КАР.:Ведаючы Вас, як вельмі сціплага і не рызыкоўнага чалавека, знаёмячыся з фактамі Вашай біяграфіі, бачу, што памыляюся… Вы адзін рызыкнулі "скарыць Эльбрус"!

СЧАСНЫ: Так, на Каўказ я паехаў адзін. Праўда, перад гэтым вясной мы з групай былі на Прыэльбруссі на спартыўных спаборніцтвах: я займаўся ў секцыі па горнаму турызму. Так што горы ведаў і быў пад вялікім уражаннем ад таго, што ўбачыў там. Але з пуцёўкай вырашыць пытанне было проста немагчыма, а я хацеў трапіць у альпіністычны лагер. Прыслухаўшыся да парады: прыедзеш, патупаеш там, нешта дапаможаш зрабіць, глядзіш і трапіш на другую змену. Але не ўдалося, і я застаўся практычна без сродкаў. Але цудам неяк прыладкаваўся да маскоўскага будаўнічага атрада інстытута імя Баўмана, студэнты якога вялі будаўніцтва ліній электраперадач да Лядовай базы на Эльбрусе і папрацаваў з імі. Разам даехаў да Масквы, а на дарогу да Віцебска грошы яны мне далі таксама.

Замалёўкі з Каўказа сталі матэрыялам для маёй дыпломнай работы, якая адразу пасля экзамена, дзіўна некуды знікла (смяецца).

КАР.:Той, хто бачыў Вашыя карціны, звяртае ўвагу на тое, што на іх шмат крыжоў…

СЧАСНЫ: Я - пастаянны ўдзельнік драздоўскіх плэнераў, адзін з якіх праходзіў у вёсцы Бабруйшчына Глыбоцкага раёна. І там на могілках ёсць крынічка, а па-над ёй-каплічка, а ў ёй - праваслаўны абраз і стаіць скульптура каталіцкага святога. І вернікі абодвух канфесій ходзяць да крынічкі па ваду, бо яна лічыцца святой вадой. Як бачым, у гэтым месцы вернікі не падзяляюць сябе на розныя канфесіі, іх яднае гісторыя і кроў Хрыста, і магчыма, і язычаскае пакланенне вадзе. І гэта стала тэмай яднання хрысціянскіх канфесій ў маёй творчасці. Так узнікла праца "Два крыжы", у якой злучаны дзве тэмы - нацыянальная ідэя і адзіная рэлігія. Так нарадзіўся мой канструктывізм, у падмурку якога ляжыць ідэя экуменізму.

КАР.:Адзіная рэлігія. Ці паспрыяла гэта таму, што Вас пачалі прымаць вернікі, царква?

СЧАСНЫ: Першыя некалькі абразоў напісаў для іканастаса Верхнядзвінскай Свята-Мікалаеўскай царквы. Гэта стала пачаткам супрацы з католікамі-францішканцамі: мне давялося ўдзельнічаць у праектаванні і рэканструкцыі будынкаў пад касцёлы ў Бярозаўцы, Гняздзілаве, Уражайным. Для гэтых храмаў я рабіў не толькі праекты інтэр'ераў, але і алтароў.

У 2015 годзе будаваў новую капліцу ў Докшыцах, працаваў над абразом Дабраславеннага Мечыслава Багаткевіча для касцёла Святой Дзевы Марыі з Верхнядзвінска, які быў закатаваны немцамі ў 1942 годзе.

КАР.:Вы - удзельнік шматлікіх выстаў… Распавядзіце пра гэта.

СЧАСНЫ: Калі пералічваць усе выставы, у якіх я браў удзел, не хопіць месца ў газеце (смяецца).

Першая выстава, у якой я браў удзел, прайшла ў далёкім 1976 годзе ў Віцебску і была прысвечана, на той час - гэта традыцыя, 60-годдзю Кастрычніка. У 1980 г. - "На Буратскім участку БАМа", а ў 1987годзе - першая выстава творчага аб'яднання "Квадрат" і ў гэтым жа годзе яна была адкрыта ў Каўнасе. Крыху пазней "Квадат" эскпанаваў свае працы ў Ленінградзе, а затым - выстава "Квадрата", прысвечаная А. Малевічу, наступная выстава з нагоды яго юбілею "130 - Малевічу". Выстаўляліся мае працы ў Польшчы, Маскве, Іспаніі, і гэта ўсё з удзелам ТА "Квадрат".

Я - пастаянны ўдзельнік мастацкіх пленэраў імя Я. Драздовіча, І. Хруцкага. Да 625-годдзя Верхнядзвінска была адкрыта мая персанальнная выстава. Зараз, дарэчы, у Віцебску адкрыты дзве мае юбілейныя персанальныя выставы, а да гэтага, у 2001 і 2016 гг. працавалі персанальныя выставы ў Віцебску і Менску.

Бліжэй да сённяшняга часу - у 2019 годзе ў Варшаве працавала выстава "Віцебскія мастакі ў палацы А. Малевіча", рэспубліканскі праект "Фармат" у Менску, "100 год УНОВІС" у Віцебску.

Гэты год для мяне юбілейны, і можна ўбачыць мае працы ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы - "Пламя багрового огня" і ў абласным мастацкім музеі -"Шлях", якая была адчынена 10 чэрвеня.

Агулам давялося браць удзел ў не меней чым 30 творчых выставах не толькі ў Віцебску, Менску, але і за межамі Беларусі.

Мастацкія творы Валерыя Счаснага ёсць у калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Віцебскім і Полацкім мастацкіх музеях, краязнаўчым музеі імя І. Чэрскага ў Валынцах, раённым краязнаўчым музеі, а таксама ў Расійскай таварна-паліўнай біржы, у прыватных калекцыях.

КАР.:Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, сябар Беларускага саюза мастакоў напісаў пра Валерыя Счаснага так:

"Зварот да гісторыі і традыцый славутай Віцебскай мастацкай школы, вяршыняў "Віцебскага рэнесансу" творчай практыкі "Сцвярджальнікаў Новага мастацтва" (УНОВІС) сталі падставай для шэрагу жывапісных палотнаў.

…Крыж - адзін з самых старажытных сімвалаў чалавецтва -паўстае ў яго творчасці як сімвал вышэйшых і сакральных каштоўнасцяў, сімвал Хрысціянства, Жыцця і Веры. …У яго творах крыж - гэта адначасова Знак Часу і Знак Вечнасці, Знак Бессмяротнасці і Шлях да Яднання.

…Вобраз крыжа сапраўды паўстае ў палотнах Валерыя Счаснага сімвалам энергіі дабра, а крыжовы арнамент выступае як своеасаблівы ябярэг мастака.

Тэма трансфармацыі язычніцтва ў хрысціянства, адзінства веры-галоўная тэма яго творчасці.

Падчас адкрыцця юбілейнай выставы Валерыя Счаснага ў абласным мастацкім музеі, па ініцыятыве раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, я сустрэлася з Аляксандрам Малеем і запрасіла яго на юбілейную вечарыну сябра Валерыя Счаснага, якое ён з задавальненнем прыняў і прыехаў разам з жонкай Людмілай. Вечарына прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, куды прыйшлі сябры, работнікі культуры, жыхары горада.

Пасля вечарыны ўсе наведалі яшчэ адну выставу, якая адкрылася ў Цэнтры дзяцей і моладзі намаганнямі яго супрацоўнікаў, тут зараз працуе В. Счасны.

Раённая арганізацыя ТБМ звярнулася ў мясцовы выканкам з прапановай узнагародзіць Граматай выканкама мастака Валерыя Счаснага, які нямала пашчыраваў для нашага раёна, і ў ліку асаблівых набыткаў - канцэпцыя і праца над экспазіцыяй раённага краязнаўчага музея ў Верхнядзвінску.

Падарункам ад мясцовых актывістаў ТБМ нашым мастакам - землякам стала кніга пра Ефрасінню Полацкую Сяргея Тарасава, сустрэча з якім прайшла тыднем раней у Верхнядзвінску.

У творчых працах Валеры Счаснага шмат крыжоў, якія запрашаюць жыць адной суполкай увесь Сусвет.

Валянціна Болбат, ТБМ, Верхнядзвінск.

ЖЫЎ І ПАМЁР НЕ СКАВАНЫ…

Светлай памяці Віталя Ешану

7 ліпеня на 68-м годзе пайшоў з жыцця мужны патрыёт Беларусі Віталь Ешану.

Віталь (па-пашпарце - Віктар) Рыгоравіч Ешану нарадзіўся 13 красавіка 1954 года ў Слоніме. Ягоны бацька з Малдовы, праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў Слоніме, ажаніўся з мясцовай дзяўчынай, ды тут і застаўся.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Віталь два гады вучыўся ў Менску ў політэхнічным інстытуце, а потым 42 гады - з 1973 па 2015 год - працаваў на Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыцы рабочым, а апошнія гады (пасля выдалення адной ныркі) працаваў у ахове фабрыкі.

- Ужо 28-мы год я працую на КПФ. Вучыўся, потым дабудоўваў фабрыку і манціраваў абсталяванне. З пуску фабрыкі працую ў кордачасальным цэху. З ёю звязана ўсё маё жыццё. Гэта - і мой горад, і мая фабрыка. Я з гонарам называю фабрыку сваёй. Мне не абыякава, якая яна была, якая яна цяпер, і што нас чакае ў будучыні, - так у жніўні 2000 года ў інфармацыйным бюлетэні першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага работнікаў ААТ "Слонімская КПФ" Віталь патлумачыў, чаму пачаў займацца Свабоднымі прафсаюзамі.

Суполка СПБ на Слонімскай КПФ была створана ў пачатку 2000 года па ініцыятыве В. Ешану. З траўня 2020 года суполка выдавала інфармацыйны бюлетэнь "Камвольшчык", рэдактарам якога быў Віталь. Па прыкладзе камвольшчыкаў, у Слоніме паўсталі яшчэ тры суполкі СПБ. Праз два гады адміністрацыі прадпрыемстваў пазбавілі суполкі Свабодных прафсаюзаў юрыдычнага адраса, што азначала забарону на афіцыйную дзейнасць.

У інтэрв'ю "Газеце Слонімскай" у ліпені 2020 года В. Ешану так сказаў пра тыя часы:

- Ні начальства, ні ўлады ніяк не рэагавалі на маё сяброўства ў адной з сацыял-дэмакратычных партый. Але калі я выйшаў з федэрацыі і ўступіў у Свабодны прафсаюз Беларускі, арганізаваў і ўзначаліў першасную арганізацыю на КПФ Слоніма, дык адчуў усё "хараство" ўлады. Запужванне, пагрозы, выклікі ў пракуратуру, КДБ, вобшукі. Галоўнае, што дапамагло выстаяць, гэта падтрымка сяброў першаснай арганізацыі, у пераважнай большасці жанчын, салідарнасць людзей, маральная падтрымка. Нават пасля ліквідацыі ячэйкі.

У 2004 годзе Віталя і яго жонку Ліду напаткала вялікае гора - пасля працяглай анкалагічнай хваробы памёр іх малодшы сын, 21-гадовы Юрась. Віталь з удзячнасцю згадваў рабочую салідарнасць падчас лекавання сына - маральную і матэрыяльную падтрымку сяброў дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі, асабліва падтрымку шахцёраў Салігорска.

Для нас, паплечнікаў і сяброў Віталя па духу, па душы, для многіх людзей у Слоніме і па ўсёй Беларусі Віталь Ешану - яркая, неардынарная асоба. Віталь - знакавая постаць у найноўшай гісторыі Слонімшчыны. Рамантык і летуценнік, і, адначасова, бунтар і бескампрамісны барацьбіт, які ўсё называў сваім імем: дабро - дабром, зло - злом, годных людзей - годнымі, падлюгаў - падлюгамі.

25 гадоў таму, у 1996 годзе, гаспадар лецішча ў вёсцы Паўлавічы Слонімскага раёна Віталь Ешану застрахаваў гэтую сваю вясковую будыніну толькі таму, што работнік Белдзяржстраху Міхась Варанец размаўляў па-беларуску*. Для Віталя не існавала словазлучэння "Какая разніца!". І гэта не толькі адносна нашай мовы. Для Віталя была розніца, які сцяг, герб, была розніца, хто, што за чалавек ва ўладзе, і хто, што за чалавек побач з ім. Таму не дзіўна, што летам-восенню 2020 года В. Ешану апынуўся ў эпіцэнтры драматычных падзей, якія, як і па ўсёй краіне, разгарнуліся на Слонімшчыне, а ў лістападзе таго ж 2020 года адбыў 7-суткавы адміністрацыйны арышт. Не дзіўна, што пасля названых драматычных падзей Віталь са студзеня 2021 года стаў падпісчыкам "Нашага слова" - галоўнай беларускай газеты на беларускай мове.

Адкуль гэта?! Такі характар, такая натура! Мабыць жа, ад бацькі і маці. А мо яшчэ, кажучы словамі яго любімага паэта Уладзіміра Высоцкага, у дзяцінстве Віталь прачытаў тыя, што трэба, кніжкі…

"Шлях ці труна? Ізгой ці небыццё?

Так, выбар небагаты перад намі.

Даруюць нам маруднае жыццё,

Мы з ім скаваны моцна кайданамі.

Але ж ці то жыццё - што ў ланцугах?

Хіба то выбар - калі ты скаваны?" -

пісаў калісьці Высоцкі**.

Віталь Ешану жыў і памёр не скаваны, без ланцугоў. Такім яго мы будзем помніць.

З кастрычніка 2020 года Віталь стаў слабець. Сэрца. Пахавалі яго 9 ліпеня ў Слоніме на могілках Чырвоных Партызан побач з магілай сына Юрася.

* Тады не было абавязковага страхавання, а толькі добраахвотнае.

** Радкі з верша У. Высоцкага "Выбар", у перакладзе Міхася Булавацкага.

ХАВАЮЦЬ БЕЛАРУСА

Хаваюць сёння беларуса -

Часцінку роду майго.

А колькі ўсіх на свеце палягло!

О, Госпадзе Ісусе!..

Хаваюць сёння беларуса,

Часцінку роду майго.

Хаваюць сёння беларуса,

І стала менш на аднаго.

Паплачуць людзі… Што з таго?

Хаця слязінкі, паўшыя

у дол нябожчыка глыбокі,

Уздымуцца, і з белых воблакаў высокіх

Паведаюць Усявышняму пакутнасці яго.

Хаваюць сёння беларуса,

І стала менш на аднаго.

Хаваюць сёння беларуса,

Як зерне сеюць у раллю.

І як яно пакуль не ўмрэ -

Не ўзродзіцца.

Хаваюць сёння беларуса,

Як зерне сеюць у раллю.

Хаваюць сёння беларуса,

А можа, сеюць на вякі?

І па славянску з правае рукі

Зямелькі сыпнуць па тры жменькі,

Чатыры ў труну заб'юць цвікі.

Хаваюць сёння беларуса,

А можа, сеюць на вякі?

Хаваюць сёння беларуса,

Як пасланца ў Сусвет нябачны,

І так ці гэтак, не іначай,

Аддзеліцца душа ад цела,

Як з вогнішча аддзеліцца ахвярны дым.

Наколькі цяжка тут было на свеце белым,

Настолькі лёгка будзе ёй на свеце тым?

О, Госпадзе Ісусе!

Хаваюць сёння беларуса…

Гасподзь, будзь міласціў,

Дапамажы

Душы яго спакой знайсці.

Гэты верш Яўгена Петрашэвіча ў памяць пра Віталя Ешану прапанаваў апублікаваць падпісчык "НС" са Слоніма Пятро Жукоўскі.

Міхась Варанец, сябар.

Да выбараў у бундэстаг дапушчаны 44 малыя партыі

Навіны Германіі

У вераснёвых выбарах у бундэстаг прымуць удзел 44 малыя партыі. Такое рашэнне 9 ліпеня прыняла Федэральная выбарчая камісія.

Федэральная выбарчая камісія ў пятніцу, 9 ліпеня, паведаміла пра допуск да вераснёвых выбараў у бундэстаг ФРГ 44 малых партый. Гэты орган збіраецца кожны раз за некалькі месяцаў да выбараў у германскі парламент і разглядае заяўкі малых партый. У гэты раз паседжання выбарчай камісіі адбыліся 8 і 9 ліпеня. Пра намер удзельнічаць у выбарах заявілі 87 невялікіх партый.

У першы дзень працы камісіі да выбараў была дапушчана 21 партыя. Прыкладна гэтулькі ж партый атрымала адмову, сярод іх апынуліся "Анархісцкая Пога-партыя Германіі" і "Германская камуністычная партыя", прычым апошняя была не дапушчана да выбараў у бундэстаг упершыню з моманту яе стварэння ў 1968 годзе. Прычынай адмовы ў абодвух выпадках стала тое, што дакументы ад гэтых партый былі атрыманы выбарчым камітэтам па заканчэнні адведзенага для гэтага тэрміну. Не прайшлі адбор таксама "Германская партыя жанчын, прававой дзяржавы, абароны прыроды, развіцця дзяцей і дэмакратычнага кахання", а таксама "Ненямецкае аб'яднанне".

Федэральная выбарчая камісія, як адзначыў яе кіраўнік Георг Ціль (Georg Thiel), прымае рашэнне пра допуск партый да выбараў выключна на аснове фармальных крытэраў, указаных у Законе пра партыі. У яе кампетэнцыю не ўваходзіць разгляд праграмы, іншых дакументаў і дзейнасці партыі на яе адпаведнасць канстытуцыі. Таму Ціль адхіліў крытыку сацыял-дэмакратаў на допуск да выбараў праваэкстрэмісцкай партыі "Трэці шлях". Акрамя яе, у выбарах змогуць прыняць удзел Пірацкая партыя, Марксісцка-ленінская партыя Германіі, "Партыя за змены, вегетарыянцы і веганы", "Еўрапейская партыя кахання", "Садовая партыя", партыя "Іншыя".

Усяго ў выбарах у бундэстаг, прызначаных на 26 верасня, прымуць удзел 53 партыі. Партыі, якія маюць дэпутатаў у адным з зямельных парламентаў ці бундэстазе, не маюць патрэбы ў допуску. Гэта Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХСС), Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ), Свабодная дэмакратычная партыя (СВДП), Левая партыя, "Саюз-90"/"зялёныя", "Альтэрнатыва для Германіі" (АДГ), а таксама "Вольныя выбарнікі" і "Аб'яднаныя грамадзянскія рухі Брандэнбурга/Вольныя выбарнікі".

Працэдура допуску да выбараў прапісана да наймалейшых падрабязнасцяў. Да вызначанай даты малыя партыі, якія не прадстаўлены ў федэральным ці адным з зямельных парламентаў, павінны поштай накіраваць у Федэральную выбарчую камісію набор дакументаў, акрамя таго, сабраць не меней 200 подпісаў у падтрымку кожнага кандыдата ў дэпутаты і выявіць публічную актыўнасць. Усё гэта павінна быць задакументавана. Удзел у выбарах вельмі важны для малых партый, паколькі так яны могуць атрымаць дзяржаўнае фінансаванне.

Сёлета з-за пандэміі каронавіруса гэтым партыям было вельмі цяжка збіраць подпісы і праводзіць публічныя акцыі, паколькі ў многіх гарадах былі забаронены агітацыйныя мерапрыемствы. У канцы траўня бундэстаг пайшоў насустрач малым партыям і зменшыў неабходны лік подпісаў для аднаго кандыдата з 200 да 50.

Навіны Германіі.

Новы раман Міколы Адама

З цікавасцю прачытаў аўтабіяграфічны раман "І прыдбаў гэты дом", які напісаў Мікола Адам. Ён пабачыў свет у выдавецтве "Чатыры чвэрці". Наклад выдання - 200 паасобнікаў. У мастацкім афармленні вокладкі выкарыстаны малюнак Анастасіі Пратасавіцкай...

Мікалай Міхайлавіч Адам нарадзіўся 8 студзеня 1978 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўпецкага раёна Менскай вобласці. Да 1992 года жыў у горадзе Шахцінск Карагандзінскай вобласці (Казахстан).

Скончыў філалагічны факультэт БДУ (2000 г.) і факультэт культуралогіі, аддзяленне кінадраматургіі (2005 г.), Працаваў грузчыкам, загадчыкам пастановачнай часткі ў Менскім тэатры студыі кінаакцёра, рэжысёрам Капыльскага і Стаўпецкага дамоў культуры, стыльрэдактарам у выдавецтвах "Мастацкая літаратура" і "Рэгістр".

Першыя вершы надрукаваны ў 1995 годзе ў часопісе "Першацвет". Празаічныя творы публікаваліся ў часопісах "Полымя", "Маладосць", "Акно", газетах "ЛіМ", "Звязда", "Наша Ніва", у калектыўных зборніках "Кахаць і верыць" (2013), "Пад зоркай кахання".

Аўтар кніг паэзіі "Калыханка для каханай" (2001); прозы: "Шоўк" (2013), "Гульня ўяўлення" (2016), "Прывітанне, Даша!" (2016) і інш.

Разам з Юліяй Алейчанка выдадзена кніга-білінгва пад тытулам "На абцасах / на підборах" украінскай пісьменніцы, арганізатаркі і ўдзельніцы паэтычных імпрэз, асветніцы і папулярызатаркі сучаснай украінскай літаратуры Вікторыі Шэвель. Зборнік выйшаў у беларускім выдавецтве "Галіяфы" (2019). Мікола Адам пераклаў з украінскай мовы таксама і творы Васіля Слапчука: "Каранацыя палявога рамонка" (Мінск, "Колорград", 2019) і "Кветкі на мінным полі" (Мінск, "Колорград", 2020).

Сябра саюза пісьменнікаў Беларусі, Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Міколы Бідэнкі за пераклад на беларускую мову твораў Міколы Бідэнкі (Украіна, 2019) і міжнароднай прэміі імя Г. Скаварады (Украіна, 2019).

Раю прачытаць захапляльны раман прыхільнікам роднага слова!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры, журналіст-фрылансер.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пач. у папяр. нумарах.)

Адзін паўстанцкі пікет, другі …, прамаўляю пароль. Ужо бачу Людвіка ..., ён сядзіць абапёршыся аб сасну, двое паўстанцаў са зброяй стаяць каля яго. Хвіліна - і я падаю да яго ў абдымкі, найперш аддаю танюсенькія паперкі і манеты з Вільні, затым ліст ад жонкі і сігары. Раздае таварышам. Потым пры вогнішчы прачытаў паперы, пералічыў грошы. Было дзвесце штук залатовак. Усміхнуўся і сказаў мяне: "За маю галаву болей дадуць. Гэтыя панове пільнуюць мяне дабраахвотна, змяняючыся што гадзіну."

З удзячнасцю паціснула далоні незнаёмцаў. Пачалі збірацца старшыні: двое Краінскіх і некалькі іншых.

- Гэта звяз маёй будучай кавалерыі, - адазваўся Людвік. - Нядаўна двое з іх конна падманулі цэлы эскадрон расейскіх драгунаў. А гэта браты Бразоўскія, твае танцоры, - прадстаўляў тых хто падыходзіў, - а вось і Андрыёлі, якога ты нядаўна з іншымі вільнянамі прывяла ў лагер.

Мы пачалі свабодна размаўляць і жартаваць. Андрыёлі непрызвычаены да ляснога жыцця уздыхаў:

- Ах! Выпіць бы гарбаткі пад дахам, седзячы ўтульна пры стале... .

Атрымаў бы катар, як Душман 41, які выспаўся аднаго разу пад дахам, - прамовіў Людвік. - Мы прызвычаеныя да лесу, і здароўе нам служыць.

У лясной глыбіні запалілі невялікі пучок агню для мяне і лідара. Спытала Людвіка:

- Хто найбольш баявы?

Яго адказ магла данесці жонкам, сёстрам і паненкам у ваколіцы, бо ведала што многа паўстанцаў было з нашай стараны. Людвік хвіліну памаўчаў:

- Трыцкевіч, Пілецкі і брат наш Болесь. Заўсёды рвуцца наперад, засланяюць мяне ў сутычках.

Расказвала Людвіку, што пра яго гавораць. Станавіўся легендарным.

- Найгорш - сказаў - тое, што кажуць пра тысячы маіх байцоў. Непрыяцель сцягвае што раз большыя сілы. Апошні раз нас трымала ў аблозе ажно шэсць тысяч з гарматамі. Трэба пусціць пагалоску, што у нас вельмі мала людзей.

Тым часам маю ўвагу прыцягнуў незвычайны цырыманіял. Уначы на фоне лесу сярод зялёных карунак галін ксёндз Гарбачэўскі ў белай комжы і арнаце свянціў касу. Гледзішча было насамрэч цікавае!..

Мне прыпомніўся кафтан са скуры лася на ксяндзы, у якім ён з амбона адразу пайшоў ў лес пасля агалашэння Народнага Маніфеста. Ці носіць яго пад комжай?...

На развітанне Людвік нічога не гаварыў мне пра свае намеры, толькі сказаў:

- Не даю табе ніякіх загадаў, вяртайся той жа дарогай. Мы пасунемся бліжэй да Дубічаў. Там нам прыгатуюць хлеб, можа пойдзем на Гародню. З Дубічаў атрымаеш вестачку, а гэтыя пячоначнікі 42 - дадаў, падаючы мне букет кветак, - завязі жонцы і бацьку.

Мы развіталіся...

Краінскія перадалі мне лісты да жонак, напісаныя алоўкам на кары.

- Першы дзясятак правядзе маю сястру праз пікеты, - загадаў Людвік.

Выступіла жменька маладых людзей, сярод якіх быў Андрыёлі, Пілецкі і некалькі лідзян. На развітанне акінула лагер вокам. Усе твары былі спакойныя, але каля пікетаў адчуваўся нейкі насцярожаны парадак. Пароль: "Толя". Спыніліся перад глыбокім ровам поўным вады.

- Зрабіць насілкі, - выкрыкнуў нехта. - Перанясём пані.

Але каваль, які ўжо чакаў, падхапіў мяне на рукі і так перайшоў роў.

- Ну што вы, панічы? - пракрычаў з іроніяй.

Пачуўся сігнал: свісток. "Панічы" заспяшаліся ў лес. Каваль хапіў мяне за руку і пацягнуў, шэпчучы:

- Хутчэй, хутчэй з лесу, ужо світае.

Беглі. Можа праз чвэрць гадзіны пачуліся грымоты, штосьці падобнае на гром. Каваль уздрыгнуў і пабег яшчэ шпарчэй. Зноў ... нібы трэск дрэва, нібы грукат возу на мосце з бярвення ... каваль здрыгануўся і прыспешыў хаду ... Мне ўжо не хапала дыхання, не магла зразумець, што гэта ўсё азначае ... пытаць не асмельвалася. Прыйшоў на памяць доктар Рэнье 43 - ахвяра часоў Канарскага, які меў звычку казаць:

- Не пытацца пра лішняе, не больш за тое, што неабходна. Прозвішчы, даты вырываць з памяці, таму што, калі цябе схопяць, ты можаш у сне, у стане гарачкі выдаць.

Болей не пыталася. Падобна на тое, што каваль вызнаваў такія ж прынцыпы, таму не прамовіў ні воднага слова. Мы дабеглі да нашага вазка, моўчкі каваль упарадкаваў сядзенне і запрог каня - вырушылі.

Пачынаўся белы ясны вясновы дзень. На дарозе нас сустрэла нейкая незнаёмая паненка ... мела ўстрывожаныя вочы і валасы не ў парадку. Затрымалася прамовіўшы:

- Не пушчу пані адну, паеду з паняй...

Я ўжо звыклася з тагачаснай экзальтацыяй жанчын і шанаваннем майго брата, таму адазвалася спакойна:

- Не час на чуллівасць, але калі пані мае дабрату, дык прасіла бы перадаць Краінскім, у гэты двор, направа, лісты, якія вязу з лагера, гэта мне вельмі скароціць час.

Паненка паглядзела на мяне непрытомным позіркам...

- Няхай пані ідзе напрасткі, - дадала. - Тут дарога робіць вялікі круг...

Узяла лісты, хацела штосьці сказаць, але павярнулася і памчала як страла.

Паглядзела ёй услед і паехала далей. Вярталася простай шырокай дарогай. Адчувала сябе ў бяспецы, таму што пры сабе не мела нічога кампраметуючага... Конь жвава бег дадому. Яшчэ некалькі бродаў, адна горка, другая і ўжо наш лясок. Перад хатай стаіць ляснік Баняшка, увесь заліты слязьмі!.. Што здарылася?! Ускочыла ў хатку ... там ... Болесь! ... абарваны, акрываўлены...

- Людвік забіты, - выбухнуў здушаным голасам. Свет пацямнеў, вочы перасталі бачыць! Я толькі што з ім была! Але ж гэтыя грымоты ... гэты трэск ... нарэшце я зразумела. Павольна вярталася памяць, а з ёй ... Маці!...

Кінулася да дзвярэй, спяшаючыся да свайго двара. Да яго было каля палову вярсты ... белы ... ціхі!...

Прабегла сені і сталовую з партрэтамі Нарбутаў.

Здавалася, што глядзяць на мяне са сцяне здзіўленым позіркам. Спынілася на парозе матчынага пакою ... і скамянела ... Страшная вестка дабегла сюды хутчэй за мяне!

Маці глядзела на мяне выцвілымі вачыма, твар мела бледны, сівыя валасы распушчаныя ... Скочыла да мяне і адразу з крыкам падалася назад ... Мне падалося - яна звар'яцела.

Стаяла на парозе як прыкутая ... праз некаторы час маці наблізілася да мяне, дакранулася сваёй рукой майго твару ... свядомасць вярталася, у вачах ужо быў толькі бязмерны сум і незвычайная пяшчота.

Кінулася да яе ў абдымкі. Ціхі плач прынёс нам невялікую палёгку. Маці, ведаючы, што я паехала ў лагер, была ўпэўнена, што я загінула разам з Людвікам. Пабачыўшы маю постаць вырашыла, што гэта толькі мой прывід ... аплаквала дваіх дзяцей.

- Ах! Якое шчасце, - паўтарала маці, нібы шукаючы ў гэтым уцехі. - Ты засталася жывая, і Людвіка не ўзялі жывым.

- Пайду шукаць яго цела, - сказала я і зноў запяшалася ў Дубічы.

Раздзел XI

Смерць лідара і яго дванаццаці таварышаў. Базыль і Цімафееў. У Палашках.


У папярэднім раздзеле амаль даслоўна было прыведзена апавяданне пані Манчунскай, відавочцы апошняй ночы ў лагеры Нарбута перад бітвай пад Дубічамі. Ён не быў у стане апатыі, за каторую яго ў той час асуджалі, але меў дрэннае прадчуванне, бо гаварыў сястры пра новы загад, які яна яму прывезла:

- Не дадуць мне яго выканаць, крук ужо заклекатаў над маёй галавой.

Гэтыя словы, перавернутыя на жарт, не выклікалі трывогі на фоне агульнага даволі спакойнага і добрага настрою. Развітаўшыся з сястрой. Нарбут выйшаў на ўскраек лесу і сеў пад дрэвам. Яго ад'ютанты і асабліва Краінскі, як бы прадчуваючы няшчасце, хацелі перавесці лідара ў больш бяспечнае месца. Аднак Нарбут не пагадзіўся і застаўся ў суме і задуменні. Можа ў думках бег да каханай жонкі і сямейнага вогнішча, а можа апанаваў яго перадсмяротны сум, як гэта часта бывае з некаторымі людзьмі перад сконам.

Увогуле ён не ведаў пра тое, што Базыль павярнуў Цімафеева з дарогі, калі той адступаў ад Дубічаў, не ведаў пра яго здраду, пры тым што той знаў усе пераходы паміж багнамі да лагера паўстанцаў.

Ужо потым расказвалі, што на возеры бачылі лодку і двух чалавек. Падобна на тое, што гэта былі Цімафееў з Базылём, які паказваў ваколіцы і даступныя дарогі. Хтосьці з паўстанцаў хацеў па іх стрэліць, але Нарбут забараніў, бо думаў, што гэта могуць быць тутэйшыя сяляне-рыбакі.

Здаля ў перадсвітальным змроку сярод балот замаячылі цені, падобныя на постаці людзей.

Андрыёлі першы звярнуў на гэта ўвагу.

- Сяляне нясуць хлеб, - спакойна нехта пракаментаваў.

- Замнога чалавек! - заўважыў Андрыёлі.

Камандзір падняў да вачэй бінокль.

- Спадарства, гэта ўзброеныя людзі, - выгукнуў ён. - Але яшчэ не страляць!

У лесе раздаліся нягучныя сінгалы, атрад займаў баявую пазіцыю. З ранняй імглы вынырвалі чалавечыя постаці адзетыя як бы ў сялянскія сярмягі...

- Жаўнеры ў шынялях!, - крыкнуў нехта.

Нарбут, як расказваў сведка Паплаўскі, яшчэ стаяў з біноклем, калі з боку ракі, са стараны, з якой зусім не чакалі небяспекі, выгукнулі стрэлы. І адразу другі залп з іншага боку - патрапілі ў засаду, яны былі акружаны ... пачалася паніка.

- Спадарства, халаднакроўна адстрэльвацца і адыходзіць назад, - скамандаваў Нарбут. - У рассыпную! - дадаў яшчэ, але яго голас заглушыў гул бітвы. Раптам камандзір захістаўся ... і ўпаў. Андрыёлі і Пілецкі кінуліся яму на дапамогу, але атрымалі раненні і вымушаны былі саступіць сваё месца іншым, якія ўчатырох падхапілі Нарбута, каб вынесці яго з лініі агню ў больш бяспечнае месца.

Частка аддзела разбеглася па лесе, а тыя, хто нёс камандзіра - Пакемпіновіч, Леан Краінскі, Аляксандр Бразоўскі і Стэфан Губарэвіч, упалі на зямлю мёртвымі.

У імгненне вока, тых, хто паваліўся на зямлю, змянілі чатыры іншых таварышы: Францішак Бразоўскі - брат Аляксандра, Уладзімір Паплаўскі, Уладзіслаў Жаброўскі і Станіслаў Ёдка.

Гэта ім сказаў Нарбут:

- Пакіньце мяне, панове, ратуйце ўласнае жыццё.

Але кулі забівалі іх па чарзе. З бязмежнай адданасцю, месца забітых займалі іншыя паўстанцы. Паспелі аднесці Нарбута толькі на невялікую адлегласць і новая куля трапіла яму ў шыю. Стрэл быў смяротным. Камандзір змог толькі прамовіць:

- Паміраю за Айчыну! -... і сканаў...

Гэта былі яго апошнія словы. Разам з ім загінула і тая трэцяя чацвёрка маладых людзей, якая коштам свайго жыцця ратавалі камандзіра. Гэта быў цвет моладзі з землеўладальнікаў Лідскага павета, верных да апошняга дыхання ідэі, за якую змагаліся, і лідару, які іх вёў.

Вось іх імёны:

1. Леан Краінскі з Грачанішак Лідскага павета;

2. Стэфан Губарэвіч, сын Станіслава з Галавічполя;

3. Уладзіслаў Жукоўскі з Ляцка;

4. Аляксандр Бразоўскі і

5. Францішак Бжазоўскі - сыны Аляксандры з Бейнаровічаў і Францішка, жыхары Гурнафеля; старэйшы Аляксандр скончыў медычную навуку, а малодшы вывучаў яе на другім курсе;

6. Скірмунт з Піншчыны;

7. Лукашэвіч з Міцкунцаў;

8. Юзаф Пакемпіновіч, студэнт з Кракава;

9. Уладзімір Паплаўскі;

10. Пётр Янкоўскі;

11. Генша з Міцкунцаў;

12.Станіслаў Ёдка з Петрашанцаў.


* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

41 Невядомая асоба. - Л. Л.

42 Кветкі Hepatica - заўвага перакладчыцы.

43 Генадзь Кісялёў пісаў: "Рэніер Мамерт - доктар, сябар беларускага рэвалюцыянера і паэта Ф. Савіча. У 40-я гады разам з братам Аніцэтам абвінавачваўся ў сувязях з эміграцыяй і рэвалюцыйнай прапагандзе. Пісаў па-беларуску". Гл: Пачынальнікі: З гісторыка-літаратурных матэрыялаў ХІХ ст. / Укл. Г.В. Кісялёў. Мінск: Навука і тэхніка, 1977. С. 236. - Л. Л.

(Працяг у наступным нумары.)

Палац у Жалудку

Леанід Лаўрэш

На сёння лепшым выкладам старадаўняй гісторыі Жалудка з'яўляецца праца Міхала Шымялевіча "Нататкі да манаграфіі Жалудка", якая ўвайшла ў яго зборнік (гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. - Гродна: ТАА "ЮрСаПрынт", 2019. - 326 с., кніга ёсць у інтэрнэце). Таму, каб не паўтараць ужо вядомае, гісторыю гэтага мястэчка да сярэдзіны XIX ст. падам у некалькіх радках.


Першае ўзгадванне мясцовасці вакол Жалудка знаходзім у "Паведамленнях аб літоўскіх шляхах", тэксце напісаным паміж 1385 і 1404 г. шпіёнамі крыжакаў. Нейкі Сцегявіла Шалутка меў двор каля сучаснага Жалудка.

Як і большасць маёнткаў, вакол якіх потым выраслі мястэчкі, Жалудок на пачатку быў вялікакняскай маёмасцю, якая кіравалася намеснікамі ці цівунамі. Юры Стырнель, "чинивший суд и управу" ў Жалудоцкай воласці ў канцы княжання Казіміра і на пачатку княжання Аляксандра, у дакументах зваўся жалудоцкім цівуном ці жалудоцкім намеснікам. Пераемнік яго па ўраду, дворны канюшы пан Марцін Храбтовіч, тытулуецца ў актах "наместникомъ" Жалудоцкім. У 1511 г. вялікі князь апавяшчаў жалудоцкага намесніка пана Шымку Кібартавіча пра тое, што віленскаму падканюшаму Шымку Мацкавічу пакідаецца "землица пустовскоя лейтская Можейковщины", якую яму даў папярэднік пана Шымкі Кібартавіча, пан Мікалай Юр'евіч Пацэвіч. У 1516 г. кароль здаў у заставу (арэнду) за 600 копах грошаў князю Васілю Андрэевічу Палубенскаму свой двор Жалудок Троцкага павета, з усімі людзьмі Жалудоцкай воласці, з іх службамі і падаткамі і з усімі прыбыткамі. Князь Палубенскі, які трымаў Жалудок, завецца ў актах "державцею Жолудским". Верагодна, назва мясцовасці паходзіць ад слова "жолуд", бо вядома, што ў тым ліку і жалудамі падданыя плацілі падаткі намесніку, а мясцовасць вакол Жалудка славілася сваімі дубравамі.

Потым Жалудок становіцца маёмасцю Сапегаў і праз дачку Івана Сапегі Ганну пераходзіць да яе мужа, Мікалая Францкевіча-Радзімінскага. У 1726 г. дачка Давіда Францкевіча-Радзімінскага Аляксандра прыносіць палову гэтай маёмасці свайму мужу Міхалу Тызенгаўзу. Міхал за 5000 талераў купляе ў цесця другую палову і становіцца гаспадаром усяго маёнтка. Унукам Міхала быў знакаміты надворны падскарбі ВКЛ Антоні Тызенгаўз. Тызенгаўзы залажыў тут вялікі парк, у якім раслі прыгожыя ліпавыя алеі. Адна з гэтых алей вырошчвалася гэтак: да галін прывязваліся камяні, якія нагіналі іх да зямлі, пры гэтым канцы галін імкнуліся расці ўгару. У выніку атрымалася алея ў выглядзе перавернутай літары "V".

У 1835 г. дачка былога палкоўніка артылерыі арміі Напалеона Рудольфа Тызенгаўза Германцыя (7.08.1822, Жалудок - 6.11.1891, Піза), выходзіць замуж за графа Севярына Урускага, і Жалудок становіцца маёмасцю гэтай сям'і.

Севярын Урускі (1817, Львоўшчына - 1890, Піза) валодаў шматлікімі маёнткамі ў Галіцыі, Люблінскай, Віленскай і Гарадзенскай губернях. Таксама Урускі меў палац у Варшаве, вядомы як Палац Урускіх, пабудаваны ў 1844-1847 гг. архітэктарам Анджэем Галонскім, у гэтым палацы зараз размешчаны Геалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.

З 1857 г. Севярын Урускі - маршалак шляхты Варшаўскай губерні, член Дзяржаўнага Савета Царства Польскага Расійскай імперыі, тайны дарадца і гофмайстар расійскага імператарскага двара, старшыня геральдычнай камісіі Царства Польскага. Пры абмеркаванні сялянскага пытання Севярын Урускі адкрыта выступіў за адмену прыгоннага права. Самае цікавае для нас тое, што Севярын Урускі - аўтар 15-томнага працы "Сям'я. Гербоўнік польскай шляхты" (Rodzina. Herbarz szlachty polskiej), выдадзенай пасля яго смерці ў1904-1917 гг.

У 1854 г. на сродкі графіні Германцыі Урускай па праекце архітэктара Караля Падчашынскага ў Жалудку быў пабудаваны мураваны касцёл Успення Маці Божай, у алтарнай частцы касцёла знаходзяцца памятныя дошкі ў гонар Германцыі і Севярына Урускіх.

Вядома, як Германцыя Уруская пасля паўстання 1863 г. перашкодзіла царскім уладам пабудаваць у Жалудку царкву. Улады выбралі для храма найлепшае месца - сярэдзіну рыначнай плошчы мястэчка і накіравалі план пабудовы на зацвярджэнне ў Вільню. Але пакуль члены камітэта па пабудове царквы вярнуліся ў Жалудок, пасярэдзіне рынка ўжо стаялі масіўныя сцены гандлёвых залаў, якія пабудавала абшарніца.

Дачка Гермацыі і Севярына Урускіх Марыя (1853-1931), выйшла замуж за князя Уладзіміра Чацвярцінскага (1837-1918) і ўнесла гэтую маёмасць Чацвярцінскім. Апошнім уладальнікам Жалудка быў сын Марыі і Уладзіміра - Людвік Чацвярцінскі (1877-1941) жанаты з Ружай з нясвіжскіх Радзівілаў (1884-1949).


З часоў Тызенгаўзаў у парку стаяў жылы палацык у неагатычным стылі з вежай і цікавым ўваходным парталам. На вежы меўся бляшаны сцяжок з лічбамі і словам "Тызенгаўз".

Але ў новыя часы палацык Тызенгаўзаў, дзе раней жылі ці толькі спыняліся на нейкі час Урускія і Чацвярцінскія, ужо стаўся малым і незадоўга перад Першай Сусветнай вайной, у 1907-1908 гг., Чацвярцінскія пабудавалі новы палац у стылі неабарока (суседзі Чацвярцінскіх казалі пра старафранцузскім стыль гэтага палаца) па праекце вядомага варшаўскага архітэктара Уладзіслава Марконі. Але сучаснікі пісалі, што першасны праект палаца распрацаваў віленскі інжынер-архітэктар Тадэвуш Раствароўскі (жанаты з адной з спадкаемец маёнтка Вялікае Мажэйкава), а Марконі толькі ўнёс пэўныя змены. Раствароўскія былі незадаволены ўдзелам Марконі, бо сын Тадэвуша Раствароўскага Андрэй пісаў, што менавіта яго бацька спраектаваў палац Чацвярцінскіх у Жалудку, а потым, "па жаданні гаспадароў, Марконі няўдала перарабіў яго". Дадам, што бацька Уладзіслава Марконі Генрык, у свой час недалёка ад Жалудка пабудаваў прыгожы касцёл у Ражанцы.

Знаўца архітэктуры Анатоль Кулагін лічыць, што палац князёў Чацвярцінскіх мае велічны і арыстакратычна-імпазантны выгляд. "Двухпавярховы будынак (з трэцім мансардным паверхам - Л.Л.), на франтальных фасадах раскрапаваны1глыбокімі прамавугольнымі бакавымі і авальным цэнтральным рызалітамі з аўтаномнымі фігурнымі шатровымі завяршэннямі на фоне пластычнага мансардавага даху. Галоўны ўваход выдзелены балконам на чатырох парных калонах, з боку дваровага фасада яму адпавядаў высокі шкляны вітраж параднай лесвіцы. Паміж рызалітамі дваровага фасада працягнута балюстрадная тэраса, на якую выходзілі парадныя памяшканні першага паверха. Да буйных архітэктурных форм дададзены лёгкія элементы ракако - авальныя люкарны, вазы, картушы, гірлянды, высокія панелі, фігурныя ліштвы і рустоўка", - піша Анатоль Кулагін.

Рэдактар "Лідскай зямлі" Людвік Абрамовіч у 1938 г. зрабіў такое апісанне сядзібы: "За кіламетр ад мястэчка, у цяні прыгожага парку, слыннага сваімі алеямі, знаходзіцца маёнтак князя Людвіка Рудольфа Святаполк-Чацвярцінскага. Апрача вялікага палаца заслугоўваюць увагі арыгінальныя мураваныя афіцыны, пабудаваныя графам Рудольфам Тызенгаўзам, млын і піўніца і так званы стары палацык з вежай, які мае выгляд сярэднявечнага феадальнага замка. У глыбіні парку знаходзіцца выбітая ў адным вялікім гранітным камені лаўка з датай 1823 г. Дрэвы ў алеях парку пасаджаны так, што верхнія галінкі робяць скляпенні над алеямі, і таму алеі нагадваюць падземны тунель".

Гэтую каменную лаўку з высечанай датай A.D. 1823 узгадвалі розныя аўтары. "У далечыні ад серпантыну сцяжынак, у цянідрэў, над хуткім струменем, які цячэ з вышыні апрацаваных палёў, ёсць старая каменная лаўка. ... Імхом параслі літары, але цвіль ад вільгаці выпісала на старым камені дзіўныя знакі, якія пакінуў на лаве хутка мінаючы час. Зараз ужо ніхто не шукае тут натхненне, бо ў сонечнай частцы парку з'явіліся новыя паркавыя павільёны для князёў і княжон, рэдка хто сюды прыходзіць, і ўжо даўно старая лава, не чула слоў рамансаў, якія раней тут гучалі...", - пісаў аўтар артыкула "Наднёманскае княства Чацвярцінскіх" Фелікс Дангель у часопісе "As" (№17. 1936 г.)


Падчас Першай сусветнай вайны немцы занялі палац пад ваенны шпіталь. У тыя часы розныя арміі цалкам разрабавалі маёнтак, зніклі каштоўныя мастацкія калекцыі. Пасля вайны палац стаяў нежылы і без мэблі - з-за таго, што зімой 1918 г. палопаліся трубы цэнтральнага ацяплення і потым не былі адрамантаваны. Палац служыў летняй рэзідэнцыяй для моладзі. Калі-нікалі тут праводзіліся прыёмы і балі, але толькі летам ці ранняй восенню.

Сусед Чацвярцінскіх з Ішчалны Караль Лясковіч апісаў некалькі такіх баляў. Першы баль у Жалудку, які ён памятаў, даваўся ў гонар афіцэрскага корпусу 2-га палка Грохаўскіх уланаў, які стаяў у Сувалках, у ім служылі маладыя князі. На баль прыехалі ўсе афіцэры палка разам з камандзірам брыгады, брыгадным генералам графам Мараўскім, прыехалі сваякі і сябры князёў, а таксама суседзі. Разам сабралася каля 70 чалавек.

1 Раскрапоўка - спосаб пластычнага дзялення фасада, калі калона (ці пілястр) разам з часткай бэлечнага перакрыцця, якое знаходзіцца над ёй, высунута адносна сцяны.

(Працяг у наступным нумары.)

"ЛІТФЭСТ ПА-ЛІДСКУ"

Дзень за днём на карысць Бацькаўшчыны

1 ліпеня гарадскія бібліятэкі-філіялы ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" ладзілі для жыхароў горада сапраўднае кніжнае свята - "ЛІТФЭСТ ПА-ЛІДСКУ".

З мэтай паказаць сувязь бібліятэкі і жыхароў горада Ліды працавалі інтэрактыўныя літаратурна-бібліятэчныя пляцоўкі ў дзіцячых садках, ва ўтульных скверах і дворыках мікрараёнаў, дзе госці з задавальненнем знаёміліся з лепшымі творамі беларускіх, рускіх і замежных пісьменнікаў. Тут таксама можна было: пагартаць часопісы - дзіцячыя, моладзевыя, забаўляльныя; пачытаць дзецям кніжкі; праявіць свае веды і эрудыцыю па гісторыі горада ў конкурсах і віктарынах; даведацца аб правілах карыстання бібліятэкай, а затым - стаць яе чытачом.

Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 1" адправіўся ў ДУА "Яслі-сад № 23 г. Ліды", каб правесці акустычныя чытанні для самых маленькіх жыхароў мікрараёна "Паўночны".

Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў у г. Лідзе наведалі book-пляцоўку, арганізаваную філіялам "Лідская гарадская бібліятэка № 4".

Адну з самых незвычайных пляцовак арганізавалі ў мікрараёне "Раслякі" супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2". Бібліятэчны паштальён Печкін адправіўся ў паштовае аддзяленне "Белпошты", каб прарэкламаваць самыя аператыўныя крыніцы атрымання інфармацыі - газеты і часопісы. Паштальён Печкін дапамог жыхарам мікрараёна разабрацца ў велізарным пераліку перыядычных выданняў, якія можна ўзяць у бібліятэцы або аформіць падпіску на пошце, і знайсці менавіта тое, што іх цікавіць.

Са светам загадкавага і цікавага, малавядомымі з'явамі прыроды, цікавымі фактамі з жыцця жывёл і раслін знаёмілі юных гасцей book-пляцоўкі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" ў мікрараёне "Слабада".

Бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" разам з дзецьмі з ДУА "Яслі-сад № 7 г. Ліды" адправіліся ў літаратурнае падарожжа, у гэтым ім дапамаглі кнігі пра жывёл і насякомых. Хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі скарбы - гэта размалёўкі і цукеркі, якія яны адшукалі дзякуючы сваім спазнанням навакольнага свету.

Адпачывайце летам разам з нашымі бібліятэкамі!

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дар'я Марцінкевіч.

"Звычайная кніга пра незвычайнае ўсё"

Прэзентацыя дзіцячай кнігі

2 ліпеня ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" адбылася прэзентацыя дзіцячай кнігі "Звычайная кніга пра незвычайнае ўсё". Гэтую кнігу напісалі бацькі, якія жывуць з псіхічнымі захворваннямі і выхоўваюць дзяцей. Аўтары падзяліліся асабістым вопытам, як растлумачыць дзіцяці, што адбываецца з мамай і татам падчас абвастрэння хваробы. Кніга вучыць дзіця пазнаваць і разумець разнастайны свет, бачыць і прымаць усё лепшае, што ёсць у кожным чалавеку, незалежна ад таго, хворы ён ці не.

Кніга "Звычайная кніга пра незвычайнае ўсё" створана ў рамках сацыяльнага праекта "Добрая казка", рэалізаваным ГА "Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў" пры падтрымцы кампаніі А1. Кніга падрыхтавана Менскім клубным домам "Адкрытая душа" і экспертамі ў тэме псіхічнага здароўя ў рамках рэабілітацыі людзей з захворваннямі псіхікі.

Прэзентацыя кнігі пачалася з акустычных чытанняў, падчас якіх навучэнцы прышкольнага лагера ДУА "Сярэдняя школа № 9 г. Ліды" пазнаёміліся з галоўнай гераіняй кнігі - дзяўчынкай Таняй. Дзеці пачулі гісторыі, якія паказваюць, як важна падтрымліваць іншых, вырашаць праблемы разам, не баяцца звяртацца па дапамогу і не саромецца казаць пра хваробу, бо калі хтосьці хварэе - гэта не сорамна і не смешна.

Затым з дзецьмі вяла гутарку Ганна Валер'еўна Саук, дырэктар сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтра "Лідскі клубны дом". Ганна Валер'еўна патлумачыла, што такое хваробы псіхікі, чаму не заўсёды зразумела "дзе зламалася, і што трэба рамантаваць" і як дапамагчы, падтрымаць таго, хто хварэе.

Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" падрыхтавалі для дзяцей гадзіну зносін "Планета талерантнасці". Дзеці не толькі дэталёва пазнаёміліся з такім паняццем, як "талерантнасць", але і сабралі кветку талерантнасці. А таксама прыйшлі да высновы, што ў аснове ўсіх рыс талерантнай асобы ляжыць дабро, яно - самае важнае, сур'ёзнае і галоўнае.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Кацярына Сандакова.

"БЕЛАРУСЬ МАЛАДЗЁЖНАЯ"

3 ліпеня ў Лідзе адбыліся святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя галоўнаму дзяржаўнаму святу, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы ў гэты дзень ладзіла інтэрактыўную пляцоўку "Беларусь маладзёжная". Зазірнуўшы сюды, можна было "прадэгуставаць" навінкі беларускай літаратуры, дзякуючы кніжнай выставе "Любіць і чытаць сваё". З велізарным задавальненнем госці прымалі ўдзел у краязнаўчых віктарынах "Уся Беларусь" і "Героі міфаў і паданняў Беларусі", дзе неабходна было праявіць усю сваю эрудыцыю і знаходлівасць. Бібліятэкары прапанавалі таксама скласці краязнаўчыя пазлы "Герб горада" і "Лідскі замак".

Для гасцей мерапрыемства была разгорнута маляўнічая фотазона ў выглядзе кнігі вышынёй звыш аднаго метра. Яна мела назву "Кніга - Вялікая каштоўнасць".

Асаблівую цікавасць выклікаў бібліятэчны квілт "Маё любімае беларускае слова". Падчас акцыі дзеці і дарослыя маглі падысці да стэнда і напісаць сваё любімае слова на роднай мове. У канцы акцыі ўвесь стэнд быў запоўнены такімі словамі, як: "матуля", "калі ласка", "дзякуй", "вотчына", "суніцы", "бульба", "завушніцы", "мара", "гонар", "спадчына", "Панямонне" і шмат іншых. Можна з упэўненасцю можна сказаць, што самае папулярнае беларускае слова - гэта слова "каханне".

На працягу дня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы працаваў камунікатыўны стэнд "Мой любімы куток горада", дзе кожны мог прагаласаваць "смайлікам" за тое месца горада, якое яму больш за ўсё падабаецца. Пераможцамі ў намінацыі сталі Лідскі замак і Курган Неўміручасці.

Наша пляцоўка не дала засумаваць нікому: ні дарослым, ні дзецям. Тут, ля Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, людзі атрымалі масу станоўчых эмоцый, размаўлялі, дзяліліся ўражаннямі ад свята.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дар'я Марцінкевіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX