Вярнуцца: 2021

№ 31 (1546)


Дадана: 04-08-2021,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 31 (1546), 5 жніўня 2021 г.

У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках

26 ліпеня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святых Яўхіма і Ганны - бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі, а напярэдадні ў касцёле Святой Тройцы ў Жодзішках (Смаргонскі дэканат) адбыўся парафіяльны фэст у гонар святой Ганны.

Гэтая нядзеля была асаблівай, паколькі стала першым у гісторыі Касцёла Днём дзядуляў, бабуль і пажылых людзей, устаноўленым Папам Францішкам.

- Мы збіраемся разам у святыні, каб праз нашу апякунку, святую Ганну, выпрасіць ласкі для парафіі, таму асаблівым чынам сёння ўзносім малітвы, просьбы і падзякі да Пана Бога, - зазначыў, вітаючы ўсіх удзельнікаў урачыстасці, пробашч Жодзішскай парафіі ксёндз Павел Калеснік.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Біскупскі вікарый Астравецкага дэканата і пробашч парафіі святых Касмы і Дам'яна ў Астраўцы ксёндз Юзаф Багдзевіч. Слова Божае прамовіў дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч. У цэлебрацыі бралі ўдзел таксама святары з суседніх парафій: Вішнева, Войстама, Смаргоні і Солаў.

Звяртаючыся да вернікаў, ксёндз Андрэй звярнуў увагу на ролю старэйшага пакалення ў духоўный апецы над моладдзю; на нашых бабуль і дзядуляў, якія прыкладам свайго жыцця захавалі і перадалі веру нашчадкам.

Паколькі ў нядзелю 25 ліпеня адзначаўся ўспамін святога Крыштафа, які лічыцца апекуном кіроўцаў, маракоў, вандроўнікаў і пілігрымаў, у гэты дзень на заканчэнне святочнай літургіі адбылося дабраслаўленне кіроўцаў і транспартных сродкаў.

Тэкст і фота: Віктар Ведзень, Catholic.by.

У Японіі стварылі беларускае кімано з вершам Лaрысы Геніюш

Японскі дызайнер Ёшымаса Такакура зрабіў "The Kimono Project" да пачатку Летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Для кожнай краіны-ўдзельніцы было распрацавана і створана ўнікальнае кімано, якое адлюстроўвае нацыянальны характар, гісторыю і культуру. На беларускім кімано радкі з верша Лaрысы Геніюш:

"Усё, што цешыць,

і усё, што баліць,

на палотны

узорам раскіну:

хвалі, краскі,

калоссе, палі -

усю красу

наймілейшай Краіны!"

novychas.by.

9 жніўня спаўняецца 111 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш.

Некалі пры асвячэнні бюста паэтэсы ў Лідзе даследчык яе жыцця і творчасці Міхась Скобла, ўбачыўшы вершы Геніюш на сценах сказаў:

- Не думаў, што дажыву да часу, калі ўбачу вершы Ларысы Геніюш на банерах.

Аж вось дажылі да вершаў Геніюш на японскім кімано. Жыццё такі рухаецца наперад.

У вёсцы Будзілаўка адкрылі помнік рэпрэсаваным у сталінскія часы

Галоўнай падзеяй свята вёскі Будзілаўка, што на Бягомльшчыне, стала адкрыццё памятнага знака ахвярам рэпрэсій. Гэта стала працягам справы па ўвекавечанні памяці загінуўшых землякоў, распачатай доктарам гістарычных навук, прафесарам Мікалаем Печанем. Менавіта яму належыць ідэя ўстаноўкі помніка і пасадкі бярозавага гаю, паведамляюць "Родныя вытокі". Мікалай Печань сабраў звесткі аб сваіх рэпрэсаваных родных і аднавяскоўцах, з'ездзіў у Оршу, прывёз зямлю з Кабыляцкай гары, дзе ў гады рэпрэсій было расстраляна больш за 20 тысяч чалавек. Унукі і праўнукі тых, чые імёны запісаны на чорнай пліце, заклалі капсулу з зямлёй ля падножжа вялікага каменя. Пасля памінальнага набажэнства, якое адслужыў іерэй Аляксей Кушнярэвіч, памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання.

Родныя вытокі. Радыё Рацыя.

Распачата працэдура ліквідацыі Універсітэта імя Ніла Гілевіча

У адпаведнасці з рашэннем Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Менгарвыканкама з 22 ліпеня 2021 года пачала працу ліквідацыйная камісія па ліквідацыі Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

Загадам па ўніверсітэце з 28 ліпеня 2021 года сп. Алег Трусаў спыніў выкананне абавязкаў рэктара Універсітэта імя Гілевіча.

Ліквідацыя зойме некалькі месяцаў. Але ўсе мы ведаем, што цывілізацыі развіваюцца цыклічна, таму будзем спадзявацца, што Універсітэт імя Ніла Гілевіча адродзіцца і адродзіцца на новым, больш высокім, узроўні.

Наш кар.

На сайце ЦУМа нарэшце з'явілася беларускамоўная версія

Больш за паўгода пісьменніца і вялікая прыхільніца роднай мовы Зоя Доля ліставалася з кіраўніцтвам гандлёвай установы, каб на сайце ЦУМа з'явіліся звесткі па-беларуску. Спачатку адміністрацыя ўпарцілася, таму давялося нагадаць пра пастанову Савета Міністраў, якая абавязвае дзяржаўныя ўстановы прытрымлівацца моўнага рэгламенту ў інтэрнэце. Урэшце кіраўніцтва пагадзілася, і ўжо з траўня пачалася праца над беларускамоўнай версіяй сайта, распавяла спадарыня Зоя:

- У цяперашні час у іх там ужо ўся інфармацыя пададзена на беларускай мове. Адзінае, што яшчэ - гэта рэклама тавараў, якія яны прадаюць, рускамоўная. Але гэта пытанне часу. Мяркую, што ў бліжэйшы час яны ўжо і гэтыя звесткі будуць перакладаць на беларускую мову і падаваць на беларускай мове.

"Беларусізацыяй сайтаў" розных установаў Зоя Доля займаецца ўжо даўно. З яе досведу, варта часцей нагадваць адказным асобам пра абумоўленую заканадаўствам неабходнасць мець беларускамоўную версію сайтаў. Вядома, часам даводзіцца сутыкацца і з упартым супрацівам з боку кіраўніцтва, але часцей адміністрацыі пагаджаюцца. Варта толькі "даць штуршок", і праблема будзе паспяхова вырашана, кажа Зоя Доля.

Беларускае Радыё Рацыя.

У Баранавічах створаны новы беларускі клас

У Баранавічах створаны новы беларускі клас у гімназіі нумар чатыры. Але ў ім будуць займацца толькі 5 чалавек. Здавалася б, пасля жнівеньскіх падзей 2020 года, калі вырасла нацыянальная самасвядомасць, якая аб'яднала людзей, беларусы павінны былі зразумець, што мова - гэта паказчык нацыі. На жаль, вынікі такія як ёсць, кажа маці дзвюх дзяўчынак з Баранавіч, якія вучыліся і вучацца ў беларускіх класах, Таццяна Малашчанка:

- Бацькі звярнуліся ў ТБМ за год, можна сказаць, да пачатку навучальнага года. Мы, камісія па навучанні і па выхаванні, таксама напісалі ліст у гарадскі аддзел адукацыі, далучылі туды зварот бацькоў. Вельмі хутка прыйшоў адказ: будзе адкрыты клас там, дзе пададуць заявы бацькі. У гэтым адказе было напісана, што на сайце будзе аб'ява пра тое, што набіраецца беларускі клас. Гэтага нічога не было.

Паводле Таццяны Малашчанкі, застаўся месяц да новага навучальнага года. Яшчэ ёсць невялікі час для магчымасці папоўніць беларускі клас. Калі б зварухнуліся ў гэтым кірунку чыноўнікі ад адукацыі.

Беларускае Радыё Рацыя.

"Мова - гэта дыялект, у якога ёсць армія і флот"

Шатландыя набліжаецца да новага рэферэндуму пра незалежнасць - і цяпер усё часцей пачалі гучаць заклікі пра наданне шатландскай мове больш высокага статусу.

"Хуло" замест "хэло" і "вулам" замест "вэлкам". Так кажуць шматлікія жыхары Шатландыі. Як сведчыць сацыялогія, такіх людзей дастаткова шмат. Колькасць актыўных носьбітаў шатландскай мовы ацэньваецца ў 1,5 мільёна (з 4 мільёнаў чалавек, якія жывуць у Шатландыі). Астатнія валодаюць тымі ці іншымі прамежкавымі формамі паміж стандартнай англійскай і архаічнай шатландскай. Захавалася ў краі і гістарычная мова - гэльская, якая адносіцца да кельцкіх моў. Аднак размаўляюць на ёй толькі каля 50 тысяч чалавек, або каля 1% насельніцтва Шатландыі.

Менавіта на адраджэнне і папулярызацыю гэльскай мовы доўгі час арыентаваліся мясцовыя нацыяналісты. Вынікам іх актыўнасці стаў прыняты ў 2005 годзе "Закон аб гэльскай мове", "накіраваны на замацаванне гэльскай у якасці афіцыйнай мовы Шатландыі, да якой павінны ставіцца з такой жа павагай, як да англійскай". Закон галоўным чынам выкарыстоўваецца для стварэння планаў па вывучэнні гэльскай мовы дзяржаўнымі чыноўнікамі Шатландыі. Акрамя таго, дзякуючы яму фінансуюцца гэльскія медыя і нават была адкрытая адна гарадская школа.

Не забывалі і пра шатландскую. Хаця б таму, што пасля асіміляцыі шатландцаў, прыкладна з 1400-х гадоў, шатландская мова была афіцыйнай мовай у Каралеўстве Шатландыя. Акты мясцовага парламента былі напісаныя на шатландскай. Сярод тых, хто пісаў на ёй літаратурныя творы, быў славуты Роберт Бёрнс. Шатландскую сёння можна вывучаць ва ўніверсітэтах Абердзіна, Эдынбурга, Глазга. ЮНЭСКА прызнае шатландскую мову мовай, як і Еўрапейскі саюз. Пры гэтым асабліва пытанне шатландскай мовы не палітызавалася - у адрозненне ад праблемы з гэльскай.

Стаўленне да яе пачало рэзка мяняцца на фоне цяперашніх спроб нацыяналістаў дабіцца незалежнасці рэгіёна. Па-першае, наяўнасць у рэгіёне асобнай мовы надае шатландцам дадатковыя правы патрабаваць суверэнітэту. Па-другое, дастаткова ўмоўная мяжа паміж мясцовай англійскай і шатландскай дазваляе перацягваць на бок ідэі незалежнасці англамоўных жыхароў краю.

У мінулым годзе адбылася спецыяльная канферэнцыя Шатландскай нацыянальнай партыі (SNP), прысвечаная праблеме шатландскай мовы. Па яе слядах нарадзілася ідэя замацаваць правы спецыяльным актам, накшталт "Акта ў абарону гэльскай мовы". Напрыканцы мінулага года ў шатландскім парламенце прайшлі першыя слуханні, што варта рабіць з шатландскай мовай. Пры гэтым дэпутаты намагаліся выступаць па-шатландску. З мінулай восені ідзе грамадская кампанія за правы шатландскамоўных.

Адначасова нарадзіліся і набылі адносную папулярнасць тэорыі, аўтары якіх ставілі пад пытанне тэзу, што шатландцы перайшлі на англійскую ў выніку моўнай асіміляцыі, якая часам мела гвалтоўны характар. Новыя тэорыі даводзяць, што шатландская мова - не фрагмент англійскай, а цалкам самастойны кірунак. Ідэя ў тым, што шатландская мова, маўляў, паходзіць ад аднаго з паўночных дыялектаў стараанглійскай мовы, а цяперашняя стандартная англійская - прадукт паўднёвай старажытнай англійскай.

Такі падыход выклікаў дэбаты ў навуковых колах. Філолагі, якія лічаць шатландскую мову дыялектам, прызнаюць, што ў горцаў трошкі іншыя слоўнікавы запас і маўленне. Аднак, на іх думку, выключна лексіка і вымаўленне не робяць гаворку мовай. Больш фундаментальнай, як кажуць яны, застаецца граматыка - і тут адрозненні ад англійскай не такія вялікія. Шатландцы кажуць "я іду ў свой ложак", у той час як англічане - папросту "іду спаць". Звяртаецца ўвага, што, як паказваюць мапы шатландскага сінтаксісу, шатландская мова вар'іруецца ўнутры краю.

Свае пяць капеек у гэтую дыскусію нечакана ўставілі і праеўрапейскія СМІ, якія бачаць незалежную Шатландыю будучым чальцом Еўрасаюза. Яны прапануюць аматарам тэзіса пра тое, што шатландская - гэта дыялект, накіравацца ў Данію і паспрабаваць давесці датчанам, што тыя размаўляюць на нарвежскім дыялекце.

На жаль, за кадрам гэтых дэбатаў і спрэчак застаецца пытанне лёсу гэльскай мовы - у выніку магчымага ўзмацнення прававога статусу шатландскай. Ці не будзе яна цалкам маргіналізаваная ў перспектыве?

Пакуль аматары гэльскай выступаюць за замацаванне статусу шатландскай з прычыны салідарнасці перад спробамі моўнай дыскрымінацыі. "У грамадстве па-ранейшаму шмат лінгвістычнага невуцтва, снабізму, забабонаў альбо моўнага расізму. Гэта проста неразумна, калі нешматлікія людзі, здаецца, ведаюць, як і на якой мове трэба размаўляць іншым", - піша адна з актывістак руху ў мясцовай газеце "The National".

Хутчэй за ўсё, месца гэльскай і шатландскай моў будзе вырашацца, сыходзячы з будучай палітычнай сітуацыі, і ў тым ліку ў кантэксце спроб шатландцаў атрымаць незалежнасць. Часопіс "The Economist" з гэтай нагоды адзначае: "Прызнанне шатландскай у якасці афіцыйнай мовы можа быць падмацавана не граматычнымі аргументамі, а палітычнымі. Як гаворыцца ў старой прыказцы, "мова - гэта дыялект, у якога ёсць армія і флот"".

Алег Новікаў.

Вандроўнік шляхамі паэтаў і герояў

Уладзімір Урбановіч (1921-1999) у 1960-1990 гадах быў самым вядомым у Беларусі краязнаўцам, педагогам, вандроўнікам, калекцыянерам і музейшчыкам.А яшчэ - шчырым беларусам, дэлегатам Устаноўчага з'езда Таварыства беларускай мовы ў Менску. Сёлета 1 жніўня яму споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Уладзімір Урбановіч у 1921 годзе ў вёсцы Пудзіна на Лідчыне ў сялянскай сям'і. У 1932 годзе скончыў пяць класаў і працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У 1938 годзе экстэрнам здаў экзамен за сямігодку і ў 1939 годзе паступіў у Жыровіцкую польскую сельска-гаспадарчую гімназію Слонімскага павета. Пры "саветах" зноў здаваў экзамены за 7 класаў і паступіў у Менскі політэхнікум. Падчас акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Наваградку, пасля якіх працаваў настаўнікам у пачатковых класах у Лідзе і ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. Пасля вайны завочна скончыў Лідскую педагагічную вучэльню і літаратурны факультэт Гарадзенскага педінстытута. А калі скончыў педінстытут, то ўладкаваўся настаўнікам роднай мовы і літаратуры ў Райцаўскую сярэднюю школу Карэліцкага раёна, а з 1959 года працаваў у Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна.

Уладзімір Урбановіч адзін з першых у тыя пасляваенныя гады, напісаў і выдаў у Беларусі краязнаўчую кнігу "Па дарагіх мясцінах" (Мн., 1964), дзе дзяліўся досведам краязнаўчай работы па беларускай літаратуры ў сваёй Валеўскай сярэдняй школе Наваградскага раёна. Настаўнік Уладзімір Урбановіч у той час паказаў і апісаў, як трэба выкарыстоўваць краязнаўчы матэрыял на ўроках у школе. Вывучаючы жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама пісьменнікаў-землякоў, ён з вучнямі на раварах і пяшком абыйшоў, аб'ехаў, і зноў жа апісаў тыя мясціны, дзе нарадзіліся пісьменнікі, творчасць якіх вывучалі ў школе. Настаўнік-краязнавец са школьнікамі наведаў мясціны Адама Міцкевіча, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Цішкі Гартнага, Ежы Путраманта, літаратурныя Лідчыну, Баранавіччыну, Дзятлаўшчыну, Наваградчыну, Стаўбцоўшчыну, Слонімшчыну і Уздзеншчыну, збіраючы новыя звесткі пра творчасць беларускіх літаратараў, запісваючы не толькі ўспаміны сваякоў, якія тады яшчэ жылі, але і займаўся зборам вуснай народнай творчасці.

У 1955 годзе ў Валеўскай сярэдняй школе быў створаны краязнаўчы музей. Спачатку ў ім былі тры аддзелы: гісторыка-этнаграфічны і прыроды. Калі ў школу прыехаў на працу Уладзімір Урбановіч, то ён дапоўніў музей чацвёртым аддзелам - літаратурным. Ужо ў 1980 годзе ў Валеўскім народным краязнаўчым музеі налічвалася 1895 экспанатаў, з іх 978 арыгінальных. Уладзімір Аляксандравіч па ўсім свеце збіраў для музея розныя экспанаты, асабліва ў свой літаратурны аддзел. Тады ў музеі былі каштоўныя рэчы, звязаныя з "Хронікай Быхаўца", з гісторыяй Любчанскай друкарні, матэрыялы пра Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, кнігі, паштоўкі, выдадзеныя суполкай "Загляне сонца і ў наша ваконца", друкарнямі Марціна Кухты і "Нашай нівы". Шырока была прадстаўлена заходнебеларуская літаратура кнігамі Б. Тарашкевіча, І. Дварчаніна, Г. Леўчыка, К. Буйло, В. Таўлая, М. Танка, М. Васілька, Н. Тарас, газетамі і часопісамі той пары, фотаздымкамі беларускіх літаратараў, каштоўнымі дакументамі і кнігамі А. Міцкевіча, Г. Сянкевіча, М. Рылеева, І. Катлярэўскага, С. Нерыс і іншымі асобамі, лёс якіх непасрэдна быў звязаны з Наваградчынай.

У 1970 годзе Уладзімір Урбановіч выдае сваю новую кнігу "Шляхамі паэтаў і герояў". Гэта было дапоўненае выданне, дзе аўтар цікава расказваў пра школьны літаратурны гурток, пра музей, апісваў паходы вучняў па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменнікаў і герояў беларускага народа, аўтар дзяліўся шматгадовым досведам выкарыстання краязнаўчага матэрыялу на ўроках беларускай літаратуры. Пра кнігі настаўніка з Валеўкі пісалі Аляксей Пяткевіч, Рыгор Шкраба, Янка Саламевіч, Уладзімір Калеснік, Вера Ляшук, Сцяпан Александровіч і многія іншыя вядомыя асобы.

Чалавек, жывучы ў глыбінцы, дзеля беларускай справы працаваў даволі сур'ёзна і актыўна. Да яго звярталіся па дапамогу і параду навукоўцы, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, архівісты і літаратуразнаўцы з усёй Беларусі, а таксама з Літвы, Польшчы, Украіны. Уладзімір Урбановіч вёў вялікую перапіску, тысячы пісем ад вялікіх людзей, на жаль, згубіліся, але і шмат захавалася ў беларускіх архівах і музеях, у прыватных сховішчах. Уладзімір Урбановіч сябраваў амаль з усімі дзеячамі беларускай культуры і пісьменнікамі. У яго доме і ў школе ў Валеўцы шмат разоў пабывалі Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Генадзь Каханоўскі, Уладзімір Калеснік, Ігар Лучанок, Аляксей Карпюк, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Пятрусь Макаль, Фёдар Янкоўскі, Ян Скрыган, сваякі Якуба Коласа і Адама Міцкевіча і сотні іншых вядомых нам асобаў. Ён заўсёды знаёміў гасцей з Валеўкай, школьным музеем і вядома ж адвозіў іх на Свіцязь, дзе частаваў, дзе вяліся шчырыя гутаркі пра Беларусь, родную мову і культуру…

За сваю педагагічную і краязнаўчую дзейнасць Уладзімір Урбановіч быў унагароджаны рознымі граматамі і дыпломамі, а таксама значком "Выдатнік народнай асветы". Ён так пры жыцці і не адрымаў звання заслужны работнік культуры ці заслужаны настаўнік Беларусі. І толькі пасля смерці (памёр 2 лютага 1999 года ў Валеўцы, дзе і пахаваны), яго пасмяротна занеслі ў Кнігу Славы Наваградскага раёна.

Даўно пара на будынку Валеўскай школы адкрыць Уладзіміру Урбановічу мемарыяльную шыльду, устанавіць у Валеўцы яму помнік і ўсе яго артыкулы выдаць асобнай кнігай.

Сяргей ЧЫГРЫН. Фота з архіва аўтара.

Майстар выражаў думку ў розных пластычных формах

У менскім Палацы Мастацтваў у жніўні праходзіць выстава прац скульптара Аляксандра Іванавіча Лышчыка.

Аляксандр Лышчык нарадзіўся ў 1953 годзе ў Камянцы Берасцейскай вобласці. У 1983 годзе ён скончыў тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў у галіне манументальнай і станкавай скульптуры, выкладаў скульптуру ў Акадэміі мастацтваў з 1985 па 1991 год. Творчая майстэрня члена Саюза беларускіх мастакоў Аляксандра Лышчыка была заснавана ў 1983 годзе.

Ён з'яўляецца аўтарам шэрагу помнікаў і манументальна-дэкаратыўных комплексаў, праявіў сябе ў розных жанрах: ад малых формаў - станкавай мініяцюры, пластыкі, да манументальных кампазіцый. Яго жаночым вобразам уласціва вытанчанасць формаў, грацыёзнасць.

Асноўным відам дзейнасці майстра з'яўлялася ліццё з бронзы па выплаўленых мадэлях. Творы А. Лышчыка знаходзяцца ў Вялікабрытаніі, Бельгіі, Арабскіх Эміратах, Італіі, ЗША, Швецыі і іншых краінах свету.

На выставе прадстаўлены макет помніка князю Гедыміну, які быў створаны майстрам, але не ўвасоблены ў жыцці.

Акрамя скульптуры і малой пластыкі на выставе дэманструюцца фотаздымкі выкананых скульптарам праектаў у Беларусі - Мемарыяла Менскіх брацкіх вайсковых могілак 1914-1918 года, помніка заснавальніку Камянца дойліду Алексе і іншыя.

Выстава прадстаўляе шырокаму колу гледачоў творчасць Аляксандра Лышчыка ва ўсёй яе разнастайнасці. Майстар пайшоў з жыцця ў 2011 годзе, але цікавасць да яго дзейнасці пашыраецца.

Эла Дзвінская, фота аўтра.

Неразвітанне з Радзімай

Яўген Гучок

Паэма-эсэ

(Заканчэнне. Пачатак. у папярэдніх нумарах.)

***

Простае скрывіць лёгка,

А вось скрыўленае (ды яшчэ) беларускае

Выраўняць - гэта подзвіг.

***

Антыбеларуская свістапляска

У прысутнасці рыцарскіх беларусак

Не пройдзе, не прапаўзе, не запануе.

***

Ні ў кога столькі псоў няма,

Псоў-назіральнікаў,

Як у беларусак - гарачых патрыётак.

***

Многа навокал людскіх абалонак;

Задача рыцарак: патрыятычным зместам

Напоўніць абалонкі тыя.

***

Быць мачахай для Айчыны -

Гэта з'ява у нас назіраецца;

Але такога быць не павінна.

***

Далоў дазіроўшчыкаў-дрэсіроўшчыкаў

У справе квітнення

Беларускай мовы, культуры, гісторыі!

***

Ні драпежныя з гербаў арлы,

Ні падлянкі і ні вязніцы

Не адарвуць душу беларускую ад Беларусі.

***

Любіць незабыўную Айчыну -

Нябёс і гуманнасці

Дар.

***

Так трэба жыць пачынаць -

Даводзіць да розуму

Нашых тумкалаў і цяльпукоў.

***

Айчына - не казарма;

Утульным светлым домам

Быць павінна яна.

***

Адна альтэрнатыва для беларуса:

У нечалавечых умовах

Чалавекам застацца.

***

Патрыёт

І ў вар'ятні

Не вар'яцее.

***

Не столькі для сябе,

Колькі для Беларусі

Здабывайма славу.

***

Неразвітанне з Айчынай -

Галоўны чыннік і лейтматыў

Зместу жывой беларускай душы.

***

Патрыёты не паміраюць,

Яны адыходзяць

У нябесную Беларусь.

***

ХХІ стагоддзе...

Рыцаркі, беларусародзіцы...

Ау!

Яўген Гучок

(біяграфія)

Нарадзіўся 4 лістапада 1940 г. у г. Слуцку, у сям'і будаўнікоў. Пасля заканчэння 9-й сярэдняй школы працаваў у геалагічным атрадзе, на мэблевай фабрыцы. Тры гады (1960-1963) служыў у войску ў Маскве, дзе наведаў амаль усе музеі і тэатры, быў на вечарынах вядомых паэтаў і пісьменнікаў. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і аспірантуру пры ім. Працаваў настаўнікам. Вучыўся ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце. З 1971 па 2001 г. быў на пасадах спачатку рэдактара, а пасля вядучага рэдактара ў выдавецтве "Народная асвета". Друкавацца пачаў у 1959 г. у слуцкай раённай газеце "Шлях Ільіча". З'яўляецца аўтарам кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі ("Белое чудо", "Блакітныя чмялі", "Сэрцам і думкай", "Истоки пути", "Формула травы" (два выданні), "Чаму мы страцілі этнонім "Літва", ці гісторыя аднаго рабства", "На патрэбу душы", "Nekropolis", "Ах, Родчанка", "Беларусь у Магдэбургскім праве", "Альгерд Абуховіч", "Тэрыторыя душы", "У родным краі", "Маё пяцікніжжа", "Голы кароль", "Трыяда Анатоля Белага", "Гучанкі", "Мая квадрыга", "Мая Тройца", "Працяг", "Вершы"), калектыўных зборнікаў, альманахаў, рознай перыёдыкі. Перакладае з розных моў на беларускую. Даследуе пытанні роднай гісторыі і культуры. Яго творы друкаваліся ў Расіі, Польшчы, Чэхіі, ЗША, Індыі. Жыве ў Менску.

Загадкавыя словы беларускай мовы

У менскім выдавецтве "Народная асвета" выйшла з друку цудоўная кніга вядомага беларускага паэта Міколы Чарняўскага "Загадкавыя словы беларускай мовы". Кніга гэта адрасавана дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, настаўнікам, выхавальнікам і ўсім, хто цікавіцца роднай мовай. А складаецца яна з вершаў-загадак з амонімамі - словамі, якія гучаць аднолькава, але маюць розныя значэнні і сэнс. Загадкі-пазнаванкі Міколы Чарняўскага ў афармленні мастака Валянціна Макаранкі дапамогуць чытачам зрабіць самыя арыгінальныя адкрыцці ў бясконцым і вельмі цікавым свеце слоў роднай беларускай мовы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.

Фірму "Слодыч" пакаралі за грэблівае стаўленне да беларускай мовы

Пракуратура і адміністрацыя Партызанскага раёна Менска накіравалі ў суд справу супраць службовай асобы кандытарскай фабрыкі "Слодыч" за неналежную працу са зваротамі грамадзян.

Заснавальнікі ініцыятывы "Умовы для мовы" Ігар Случак і Аліна Нагорная звярнуліся да кіраўніцтва менскай фабрыкі "Слодыч" з просьбай дадаць беларускую мову на пакункі з гатовай прадукцыяй - балазе, у самім брэндзе вытворца пазіцыянуе сябе менавіта па-беларуску.

А ў выніку атрымалі нахабны адказ па-руску пра тое, што моўныя актывісты "сваёй беларускай мовай іх дыскрымінуюць", адзначыла Свабодзе Аліна Нагорная.

"...Обращением только на белорусском языке вы избавили возможности русскоговорящих сотрудников ОАО, ответственных за делопроизводство, получить информацию о сути просьбы на том языке, который они используют в повседневной жизни. Таким образом, русскоговорящая категория сотрудников - а это практически 100% - дискриминируется вами по языковому признаку, что нарушает ст. 17 Конституции Республики Беларусь", - гаворыцца ў фрагменце адказу за подпісам галоўнага тэхнолага Марыі Ярошкінай.

Ігар Случак і Аліна Нагорная абскардзілі непрыхавана грэблівы адказ у пракуратуру і адміністрацыю Партызанскага раёна Менска. У выніку пракуратура абавязала кіраўніцтва "Слодыча" адказаць па-беларуску і прыцягнуць супрацоўніка да дысцыплінарнай адказнасці, а раённая адміністрацыя склала пратакол і перадала справу ў суд.

Абодва адказы з дзяржведамстваў, адрозна ад прадпрыемства "Слодыч", падпрыхтаваны на беларускай мове.

"У сувязі з выяўленымі парушэннямі пракуратурай унесенае прадстаўленне з патрабаваннем даслаць вам адказ на беларускай мове, а таксама прыцягнуць службовых асобаў прадпрыемства да дысцыплінарнай адказнасці. Упраўленнем адукацыі Партызанскага раёна складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні (арт. 10.16 КаАП) у адносінах прадстаўніка ААТ "Слодыч". Справа накіраваная для разгляду ў суд", - праінфармаваў намеснік пракурора Партызанскага раёна Максім Смаленскі.

У сваю чаргу кіраўніца справамі адміністрацыі Партызанскага раёна Карына Мікаялян паведаміла заяўнікам з ініцыятывы "Умовы для мовы", што справа накіравана ў суд Партызанскага раёна Менска на падставе арт. 3.2 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Паводле СМІ.

Што траціць Беларусь праз закрыццё Інстытута Гётэ ў Менску

Навіны Германіі

Інстытут Гётэ 30 ліпеня прыпыніў сваю працу ў Беларусі. Гэтага ў канцы чэрвеня запатрабавала ад амбасады Германіі беларускае Міністэрства замежных спраў. Таксама ў Беларусі спыняе працу Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD). Узгадаем, чым займаўся інстытут у Беларусі.

Сутыкнуліся з такім упершыню

- Гётэ-Інстытут, 157 прадстаўніцтваў якога свабодна працуюць ва ўсім свеце, упершыню сутыкаецца з такім развіццём падзей. Мы вельмі шкадуем аб такім патрабаванні беларускага кіраўніцтва і спадзяёмся, што хутка зможам працягнуць сваю працу ў Беларусі. У нашых думках мы побач з калегамі ў Беларусі. Мы салідарныя з Германскай службай акадэмічных абменаў, якая таксама атрымала патрабаванне спыніць сваю працу" - пракаментаваў прыпыненне дзейнасці генеральны сакратар Інстытута Гётэ Ёханэс Эберт.

Што такое Інстытут Гётэ?

Інстытут Гётэ (Goethe-Institut) - нямецкая недзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў 1951 годзе. Названа ў гонар нямецкага літаратара Ёгана Вольфганга фон Гётэ. Інстытут Гётэ дзейнічае ў 98 краінах, у ім працуе больш за 3500 чалавек. Задачай арганізацыі - папулярызацыя нямецкай мовы ў свеце і міжнароднае культурнае супрацоўніцтва. Фінансуюць інстытут улады Германіі.

Што Інстытут Гётэ рабіў у Беларусі?

У Беларусі ён існаваў з 1993 года. Асноўнымі напрамкамі ў працы былі: курсы нямецкай мовы, выставы, кінапаказы, канцэрты. У Менску працавала бібліятэка нямецкай літаратуры. Дзякуючы працы інстытута на беларускую мову перакладаліся творы класікаў нямецкай літаратуры. Інстытут часта супрацоўнічаў з музеямі або ўдзельнічаў у праектах, прысвечаных гісторыі.

Інстытут прадстаўляў Германію на штогадовым міжнародным кніжным кірмашы ў Менску. Час ад часу прывозіў у Беларусь цікавыя выставы або нямецкіх аўтараў. Акрамя гэтага, Інстытут неаднаразова прадстаўляў свае памяшканні для правядзення іншых культурніцкіх імпрэзаў.

Што карыснага Інстытут Гётэ рабіў у Гародні?

Інстытут супрацоўнічаў з абласной навуковай бібліятэкай імя Карскага. Напрыклад, у 2015 годзе ў бібліятэцы выступаў нямецкі пісьменнік Гербэрт Гюнтэр, а ў 2016-м у бібліятэцы праходзіла інтэрактыўная выстава "Экамысленне - вучымся ў прыроды".

Таксама інстытут курыраваў гарадзенскую школу № 28, дзе з 2011 года працуе абласны рэсурсны цэнтр нямецкай мовы і культуры. Гарадзенскія школьнікі ў выніку не толькі мелі магчымасць вывучаць нямецкую мову ў сваіх школах, але і ездзілі, напрыклад, на канферэнцыі ў Берлін.

У 2020 годзе ў Гародні адбываліся канцэрты, выставы і кінапаказы, прысвечаныя 250-годдзю з дня нараджэнна Людвіга ван Бетховена. У іх арганізацыі таксама ўдзельнічаў Інстытут Гётэ.

У сакавіку 2021 года пры падтрымцы Інстытута стварылі першую віртуальную рэканструкцыю будынка слонімскай сінагогі.

З 2005 года ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе Цэнтр нямецкай мовы і культуры. Ён рэгулярна супрацоўнічаў з Інстытутам Гётэ і службай DAAD. Таксама ва ўніверсітэце адбываліся выставы, арганізаваныя Інстытутам.

Якую карысць студэнтам і выкладчыкам прыносіла DAAD?

Германская служба акадэмічных абменаў (DAAD) працавала ў Беларусі з 1994 года. Гэта найбуйнейшы ў свеце фонд, які займаецца міжнародным супрацоўніцтвам у акадэмічным і навуковым асяродку. Перадусім, праз міжнародны абмен студэнтамі і навукоўцамі. З Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы служба працавала з 2000 года.

DAAD фінансуе паслядыпломныя праграмы, праграмы для навукоўцаў і аспірантаў на напісанне навуковых працаў. Студэнты маглі паехаць таксама на кароткія азнаямляльныя візіты, практыкі і стажыроўкі або на летнія курсы ў ВНУ Германіі. Адзін з самых вядомых стыпендыятаў DAAD - беларуская лаўрыятка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч.

У 2019 годзе падтрымку DAAD у галіне міжуніверсітэцкіх праектаў (азнаямляльныя візіты, семінары, стажыроўкі, сумесныя навучальныя праграмы) атрымалі 124 беларусы. Індывідуальную стыпендыйную падтрымку ў 2019 годзе атрымалі 106 беларусаў. У канцы 2020 года служба DAAD распрацавала рэкамендацыі для нямецкіх ВНУ: як падтрымаць тых, хто навучаецца і працуе ў ВНУ Беларусі.

Што дала DAAD гарадзенцам?

У перыяд з 2000 па 2018 год 97 студэнтаў ГрДУ прайшлі моўныя і навукова-даследчыя стажыроўкі або летнія курсы, прайшлі тры міжнародныя студэнцкія праекты, 29 стажыровак прайшлі выкладчыкі гарадзенскага ўніверсітэта. Цягам 10 год лектары DAAD праводзілі курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў Гародні і рэгіёна.

Паводле СМІ.

Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута*

Зоф'я Кавалеўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

"Кацап", які вёз цалюткі воз гэтага тавару не выклікаў у дарозе ніякага падазрэння і шчасліва даехаў да Рыгі. Там Андрыёлі ўдалося праслізнуць на карабель. Дабраўся да Капенгагена, а адтуль праз Англію пераехаў у Парыж, дзе ўжо змог спакойна адпачыць. У Парыжы Андрыёлі сустрэў шмат знаёмых і сяброў, між іншымі і сястру камандзіра - спадарыню Тэадору Манчунскую, якая на радзіме знаходзілася пад часовым арыштам, але змагла шчасліва ўцячы за мяжу.

У кароткія часы побыту ў Парыжы, трымаючы ў памяці свежы вобраз крывавай сцэны ў полі бітвы пад Дубічамі, Андрыёлі перанёс яе на палатно пад назвай "Смерць Нарбута" і захаваў нам такім чынам рысы загінуўшага камандзіра, твары яго таварышаў і свае чорныя прамяністыя вочы. Арыгінал гэтай карціны знаходзіцца ў Бацінёльскай школе ў Парыжы.

Грошы Андрыёлі пераважна зарабляў малюнкамі для ілюстраваных парыжскіх часопісаў. Аднак моцна сумаваў па Айчыне. Таму скарыстаўся з першага ж маніфеста, па якім для эмігрантаў, якія вярталіся ў край, гарантавалася адносная бяспека, і паспяшаў вярнуцца на айчынную зямлю. Праз нядоўгі час адбыўся паўторны суд, праз які павінны былі прайсці ўсе паўстанцы. Суд пакараў Андрыёлі ўжо не смерцю, а пажыццёвай высылкай на Сібір.

Быў вымушаны падарожнічаць зноў, але цяпер ужо на поўнач. Пасяліўся ў Іркуцку, дзе было шмат выгнаннікаў. Хутка знайшоў там сяброў і шмат настаўніцкай і афарміцельскай працы. Губернатар запрасіў Андрыёлі займацца малюнкам з яго дочкамі. Цэрквы давалі замовы на маляванне розных "ікон". Хлеба хапала. Аднак шчаслівым адчуў сябе толькі вярнуўшыся нарэшце на радзіму. Далейшы яго лёс вядомы хіба ўсім. Пасяліўся ў Варшаве. Ажаніўся. Супрацоўнічаў з часопісамі, запаўняючы іх сваімі малюнкамі. Вёў жыццё, якое трошкі адпавядала стылю жыцця землеўладальніка. На вялікі жаль, заўчасна памёр ад раку.


Расцярушванне апошняй жменькі паўстанцаў пад Дубічамі зусім супакоіла маскоўскую ўладу. Дзякуючы гэтаму, адважны Аляксандр Парадоўскі, знакаміты пад мянушкай "Астрога", змог незаўважна вярнуцца ў Лідскі павет.

Віленскі аддзел Народнага ўрада паслаў яго, як намесніка Людвіка Нарбута, мяркуючы, што паўстанне ў Лідскім павеце ўдасца падтрымаць і пасля смерці лідара. Парадоўскі меў заданне сабраць рэшткі разбітых пад Дубічамі і знайсці новых паўстанцаў, стварыўшы такім чынам новы аддзел.

Парадоўскі паходзіў з Беразянаў у Галіцыі і прыбыў на Літву па закліку Народнага ўрада, каб узначаліць у Ашмянскім павеце пакуль што малаколькасны паўстанцкі аддзел. Хутка праявіў сябе як здольны арганізатар. Умеў адважна ваяваць і належаў да тых, якія трымаліся як даўжэй і змагаліся да позняй восені.

Высланы на замену забітаму Нарбуту, Парадоўскі павінен быў узняць згасаючы агонь паўстання і падняць народны дух. Заданне было цяжкае. Смерць Нарбута, любімага ва ўсіх пластах грамадства, пасля першых выбухаў болю, як бы замарозіла пачуцці бальшыні, забіла веру ў поспех справы.

Калі Парадоўскі прыбыў з невялікім аддзелам у Лідскі павет, дык адрадзіць нанова паўстанне ўжо было немагчыма. Першымі справамі Астрогі было пакаранне здраднікаў. У Начы ён павесіў пісара гміны Даўнаровіча, хоць, як потым гаварылі, быў не надта і вінен, і Базыля Карповіча, які нават у хвіліну смерці, зласловіў на адрас паўстанцаў, і так з праклёнамі павіс на браме ўласнага двара.

Без весткі прапаў і селянін Талочка, якога падазравалі ў супрацоўніцтве і здрадзе.

Потым Парадоўскі заняўся збіраннем ацалелых пад Дубічамі, з якімі меў намер пайсці ў Гарадзенскую губерню. Не ведаючы ні людзей, ні ваколіц, Астрога безвынікова блукаў сярод лясоў, аж пакуль у нататцы пра асобы, якія маглі б даць яму патрэбную інфармацыю, не знайшоў прозвішча Манчунскай. Змог таемна з ёй сустрэцца. Даведаўся, што пэўная частка ацалелых паўстанцаў хаваецца ў лясах каля Шаўроў пад апекай двара Нарбутаў. Хутка яна звяла яго з братам забітага камандзіра Баляславам Нарбутам, якога выслалі з нейкім заданнем да Віславуха, і ён вярнуўся ўжо пасля пагрому пад Дубічамі. Аднак Баляслаў прабыў у аддзеле нядоўга, таму што быў слабы і нездаровы, вымушаны быў выйсці са справы паўстання.

Тэадора Манчунская дастаўляла аддзелу Парадоўскага ежу і адзенне. Аднойчы яна прыйшла ў лагер Парадоўскага ў той самы час, калі паўстанцаў выкрылі і па іх следу ўжо ішло маскоўскага войска. Аддзел адходзіў у Гарадзенскую губерню. З Манчунскай быў Гажыц, якога прыслалі з Вільні ад Народнага ўрада, каб на месцы спраўдзіць сітуацыю. Вяртаючыся з лагера ў Шаўры, Манчунская і Гажыц ледзь здолелі размінуцца з ворагам.

Парадоўскі, аддзел якога павялічыўся, правёў некалькі вялікіх сутычак, як напрыклад, паміж Доцішкамі і Каркунянамі недалёка ад Шумнай, дзе 24 чэрвеня ваяваў з дзвюма ротамі Паўлаўскага палка пад кіраўніцтвам палкоўніка Уласава і адной ротай Інгермандланцкага палка. З гэтай сутычкі Астрога выйшаў пераможцам. 23 ліпеня Парадоўскі разам з аддзелам Лянкевіча атакаваны маскоўскім войскам каля Азёр у Гарадзенскай губерні. Паўстанцы вымушаны былі адступіць, страціўшы семярых людзей.

У Аўгустове 21 жніўня Парадоўскі разам з аддзеламі Сэндака, Любіча і Лянкевіча браў удзел у бітве пад Мазурышкамі. Астрога трымаў там рэзерв і, толькі дзякуючы яго гераічнай барацьбе і прысутнасці духу, аб'яднаныя аддзелы паўстанцаў былі ўратаваныя.

Хутка пасля гэтага Парадоўскі з'яднаўся з аддзелам Глеба, які паходзіў з Аўгустова. Разам аддзелы налічвалі 230 чалавек. 19 верасня пад Доўгай Вёскай і Мазуркамі каля Сейнаў былі раптоўна атакаваныя дзвюма ротамі пяхоты, 50-ю казакамі і 60 "аб'ездчыкамі" пад камандваннем Нікіціна. Паўстанцы пад кіраўніцтвам "Астрогі" ваявалі, як ільвы. Маскалі панеслі адчувальныя страты. Былі забітыя 2 афіцэры і 20 жаўнераў. Паўстанцы мелі некалькі забітых і параненых. Забітых пахавалі на могілках у Рынгалішках. Аднак потым пад Шлявятамі, 9-га кастрычніка злучаныя аддзелы Астрогі і Глеба былі так моцна прыціснуты князем Баратынскім, што расцярушыліся, каб выжыць.

Парадоўскі здолеў потым уцячы за мяжу. Жыў у Парыжы, дзе ажаніўся з французскай пісьменніцай, якая публікавала ў парыжскіх часопісах цікавыя артыкулы на тэмы французска-польскіх адносін.

Аддзел Парадоўскага - Астрогі ў Лідскім павеце пасля смерці Нарбута называлі аддзелам Віславуха. Магчыма, што падставай для гэтага была распаўсюджаная вестка аб просьбе Нарбута да Віслаўха пра харчаванне.

Раздзел XIV

Ператрус у Шаўрах. Лёс бібліятэкі Нарбута. Уцёкі Манчунскай.

Яе наступныя дзеянні. Граф Пшаздзецкі. На Чорным Востраве


Пасля смерці Людвіка Нарбута пад пераслед улады трапіла яго сям'я ў Шаўрах. Асабліва гэта было адчувальна паcля таго, як у Вільню прыбыў Мураўёў.

Паводле загаду "вялікадзяржаўцы" Літвы за "бандытызм" Людвіка і Баляслава адказваць павінна была ўся сям'я Нарбутаў. Ператрусы раз за разам страсалі жыццё цэлага дома. У той час там жыла толькі Крыстына Нарбут з дачкой Тэадорай Манчунскай і самым малодшым сынам Станіславам, яшчэ зусім малым хлопчыкам, які аднак вельмі перажываў за падзеі на радзіме і ў сям'і, і які ў меру сваіх дзіцячых магчымасцяў аказваў родным розныя паслугі. Не раз, падняўшыся на страху, падаваў сігналы пра блізкую небяспеку. Падчас бесперапынных ператрусаў, смела круціўся сярод жаўнераў і ўмеў зручна прыхаваць прадметы, якія маглі выклікаць падазрэнне.

Стары гісторык Літвы Тэадор Нарбут жыў у Вільні ва ўдавы сына Людвіка ці ў дачі Кунцэвіч, якая таксама жыла ў гэтым горадзе. Адразу сям'я хацела забраць з Шаўроў і маці, каб зберагчы яе ад бясконцых нягодаў і шоку, але энергічная жанчына мужна перажывала розныя беды і была вельмі карысная, калі яе дачцэ Тэадоры трэба было схавацца.

Падчас ператрусаў у Шаўрах варварскаму знішчэнню падверглася каштоўная бібліятэка Тэадора Нарбута і ўсе яго старанна сабраныя за многія гады зборы. У пошуках кампрамату былі парваны і знішчаны многія старыя друкі, рукапісы і рэдкія дакументы. Іх таксама забіралі ў Вільню, каб больш старанна вывучыць. З-за нястачы адпаведных ёмістасцяў усю бібліятэку ўціснулі ў бочкі з-пад квашанай капусты, а тое, што выходзіла за берагі бочак, абсякалі сякерай. Сыпаліся ў бочкі жмуты з найкаштоўнейшых артэфактаў і зборы найкаштоўнейшых гістарычных дакументаў! Сістэма пераследу дапускала такі дзікунскі вандалізм.

Пасля разгляду ў Вільні кнігазбору Нарбута, кнігі адаслалі ў Маскву, дзе патанула бальшыня падобных скарбаў гісторыі і навукі нашага Краю. На шчасце гісторык Літвы не ведаў пра руйнаванне працы свайго жыцця, бо гэта магло стацца прычынай яго смерці. Кватэра жонкі Людвіка Нарбута гэтак жа трапіла пад ператрус, як і ўсе патрыятычныя дамы і кватэры. Але як і ў Шаўрах, гэтак і ў Вільні, не было знойдзена нічога, што кампраметавала сям'ю.

Тэадор Нарбут стаў такім слабым, што амаль увесь час праводзіў у ложку. Мураўёў, у якасці помсты за дзеянні сыноў, загадаў вывезці старога і слабога Нарбута ў Расею. Такія адміністратыўныя загады былі раўнасільныя пастановам суда і практыкаваліся вельмі часта.

Мураўёву данеслі, што Нарбут такі стары і хворы, што хіба разам з ложкам яго можна пасадзіць у кібітку. Увайшоўшы ў запал, Мураўёў загадаў паставіць старога перад сабой. Нарбута амаль што прынеслі на руках. Мураўёў абрынуў на развітанне паток брудных ілжывых слоў, якія зусім глухі стары ўспрыняў абыякава, хаця мог чытаць па губах.

- А знаешь, подлец, - закрычаў напрыканцы Мураўёў, - твой сын убит! Вон! Вон!

І падаў знак вывесці Нарбута.

Гэтае здарэнне яшчэ больш падарвала сілы старога. Праз няпоўны год гісторык Літвы ўжо не жыў. Пераслед з поўнай сілай абрынуўся на сястру Людвіка Нарбута Тэадору Манчунскую. Быў выданы загад на яе арышт. У Шаўры прыбыў ваенны начальнік Алзахаў з атрадам жаўнераў пад кіраўніцтвам двух маладых афіцэраў.

Тэадора ўжо не магла болей хавацца. Маці з дачкой прынялі вайскоўцаў гасцінна. Адзінае, аб чым прасілі: даць магчымасць пераначаваць яшчэ адну ноч дома. Алзахаў выдаў загады і паехаў, а маладыя афіцэры, змучаныя маршам, ахвотна пагадзіліся на начлег. Дом атачылі казакі і жаўнеры, якіх сыта накармілі і напаілі.

Ахова, сытая і задаволеная, заняла варту пры кожным акне і дзвярах. Пасля багатай вячэры афіцэры выправіліся на адпачынак. Калі ўсё заціхла, Тэадора Манчунская, заўсёды адважная і рызыкоўная (можа верыла ў сваю шчаслівую зорку, якая яе дагэтуль берагла), вырашыла ўцякаць, аб чым папярэдне дамовілася з маці.

Ціхенька адчыніла дзверы, якія вялі ў сад, уважліва прыглядзелася да ахоўнікаў... Жаўнеры спалі стоячы, абапёршыся на свае карабіны. Ніводзін не варухнуўся... У мужчынскім адзенні Манчунская ціха, як цень, збегла з ганку і схавалася за кустом язміну. Ахова спала... Пабегла далей, спынілася каля другога куста. Хвіліну пачакала... Ахова не абудзілася. Тады з усяе сілы маладых ног прыпусціла ўздоўж парэчкавай алеі ў канец сада, пералезла праз стары струхнелы плот і адразу за садам звалілася ў капальні вапны. Вось нарэшце і азёрны чарот над ставам, і далей, далей у лес знаёмай сцяжынай да хаты Баняшкі... Знікла...

На досвітку маці ўзняла страшны крык. Збляднелая, з распушчанымі валасамі пабудзіла афіцэраў воклічам:

- Дзе мая дачка?... дзе дачка? Што вы з ёй зрабілі?...

Афіцэры падхапіліся... Страшэнная мітусня ўзнялася ў доме. Старая Нарбут удала выказвала роспач і крычала:

- Вы яе выкралі, можа забілі або ўтапілі... Аддайце мне дачку!

Сканфужаныя афіцэры кінуліся на пошукі, ператрасаючы ўсе будынкі і ўсе куты... шукалі ў ставе... закідвалі невад.

- Напэўна патанула! - енчыла маці. - Шукайце! Аддайце дачку!...

* Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. Зоф'я Кавалеўская. Гісторыя Лідскага паўстання: успаміны пра Людвіка Нарбута. Вільня. 1934 г. Перадрук з "Дзённіка Віленскага". Пераклад і каментары Галіны Лаўрэш. Рэдагаванне і каментары Леаніда Лаўрэша.

(Працяг у наступным нумары.)

Рыбак на Сумбары, або Айцец Грынкевіч зноў сустрэўся з гваюлай?

Мітрафорны протаіерэй у туркменскім ауле

Такім мог бы быць энцыклапедычны артыкул пра нашага героя: "Грынкевіч Мікалай Сцяпанавіч (1864 - не раней 1924), праваслаўны святар, педагог. Ураджэнец с. Рэпкі Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер в. Рэпкі Побалаўскага сельсавета Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці). З сям'і святара. Скончыў Гомельскае духоўнае вучылішча, Магілёўскую духоўную семінарыю; "дзейны студэнт" Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1888). Кандыдат багаслоўя (1896). Псаломшчык (1888), святар (1891), член Аляскінскага духоўнага праўлення (з 1891), яго справавод і (з 1892) скарбнік. Протаіерэй (1895), настаяцель кафедральнага сабора ў Сан-Францыска (1895-1896). Настаўнік у царкоўнай школе (багаслоўскім вучылішчы) у Сан-Францыска (1888-1892; апісаў яе ў нататцы "Пра школу", надрукаванай у 1895 і двойчы ў 1902), наглядчык Арэнбургскага (з 1896) і Бялёўскага (з 1903) духоўных вучылішчаў, законавучыцель Ташкенцкага кадэцкага корпуса (прыкладна з 1908 па 1917). У 1924 настаўнік у ауле Кара-Кала (Туркменская вобласць). Даследаваў заканадаўства аб шлюбе ЗША і Расіі. Пераклаў з англійскай мовы артыкулы пра гісторыю Усходу, мусульманства, кнігу А. Ралі "Хрысціяне ў Мецы" (рускае выданне: "Мекка в описаниях европейцев" , Ташкент, 1913)".


Наша біябібліяграфія айца Мікалая Грынкевіча налічвае каля 240 запісаў. Першыя нашы чатыры артыкулы з фундаментальнымі звесткамі пра яго з'явіліся ў 2009-2011 гг. З таго часу знаходзіліся некаторыя істотныя дапаўненні, зусім няшмат, але і пра яго погляды, у прыватнасці, наконт спраў на Алясцы і ў цэлым у епархіі. З нарыса Сяргея Пратапопава (спадарожнік Уладзіміра Караленкі, які 27 жніўня 1893 г. выехаў з Чыкага ў Сан-Францыска і ў адсутнасць епіскапа атрымаў статыстычныя і іншыя звесткі пра прыходы і настаяцеляў ад нашага рэпкаўца) "Сучасная Аляска" (апублікаваны ў 1897 г.) можна даведацца і пра інтанацыю, манеру паводзін - стрыманую - айца Грынкевіча (апавядае "более покойным тоном", у той час як яго дыякан дазваляе сабе павышаную эмацыянальнасць, калі гаворка заходзіць пра знішчэнне коцікаў, спойванне тубыльцаў, нажыву амерыканцаў).

- Мне здаецца, - сказаў айцец Мікалай, - што праваслаўе ў Алясцы растае, і растае па дзвюх прычынах: па-першае, праваслаўнымі ў Алясцы з'яўляюцца карэнныя мясцовыя жыхары, гэтыя карэнныя мясцовыя жыхары, эскімосы, алеуты і інш., несумненна, выміраюць; а па-другое, праваслаўе растае пад напорам пропаведзі каталіцызму, пратэстантызму, прэсвітарыянства і інш. веравучэнняў.

Пра характар яго дастаткова канкрэтна нам упершыню стала вядома толькі сёлета, дзякуючы звароту да стваральнікаў сайта "Туркестанская Галгофа": епіскап Інакенцій (Ціханаў) і яго калега, якіх накіравалі ў сяло (аул) Кара-Кала паблізу ад савецка-персідскай граніцы (пазней пасёлак, стаў горадам, а ў 2005 г. перайменаваны ў Махтумкулі), сустрэліся з Грынкевічам, які перасяліўся туды з Ташкента. Гэта было ў красавіку 1924 г. і адлюстравана ў другім і трэцім лістах з першых трох апублікаваных (да астатніх неапублікаваных трох з захаваных шасці неабходны доступ). І з'яўляецца істотным дабаўленнем фактаграфіі, разам са звесткамі, якіх няма ў публікацыі 2011 г., - што Грынкевіч у 1918 г. быў выбраны сакратаром Туркестанскага епархіяльнага савета, потым яго згадвалі абнаўленцы перад саборам у Маскве 1923 г. як святара, на якога спадзяваліся, і што ён быў ужо мітрафорным протаіерэем.

У 1927 г. у Кара-Кале быў створаны апорны пункт Усесаюзнага інстытута раслінаводства (ВИР), але (і ў тым ліку і таму што) яшчэ ў 1925 г. там было высаджана насенне каўчуканоса гваюлы, якое прывёз з Мексікі славуты М. Вавілаў. Гваюла расце і ў Каліфорніі, праўда, Паўднёвай, але сцвярджаюць, што арэал гваюлы даходзіць да Салінаса, сталіцы графства Мантэрэй. Туды - у прэстыжнае курортнае месца Дэль-Монтэ (цяпер частка горада Мантэрэй) - Грынкевіч ездзіў у вясельнае падарожжа ў пачатку 1891 г., і там ён з матушкай Аляксандрай тэарэтычна мог бачыць гэтую расліну.

Епіскап Інакенцій: "Пакуль апішу, як мы ўладкаваліся. Сёння ўжо восьмы дзень, як мы тут. Прыехалі мы позна вечарам у суботу 30 сакавіка / 11 красавіка вельмі стомленыя пасля вельмі цяжкай дарогі. Начальства нас пакуль што накіравала да ташкенцкага протаіерэя Мікалая Сцяпанавіча Грынкевіча (памаліся за яго), што ўжо жыў у Кара-Кала. У яго мы выпілі чаю і правялі ноч. Гэта ўжо старац, - мітрафорны протаіерэй. […] А. Мікалай (я так і буду яго зваць) вельмі бадзёры стары, вельмі сур'ёзны і, бадай, суровы. Жыве адасоблена, бо любіць адзіноту і маўчанне. Пра нас ён, аднак, паклапаціўся, як бацька родны, і першыя два дні літаральна спакою не ведаў, жадаючы дапамагчы нам уладкавацца. Але пасяліцца з намі, нягледзячы на нашы ўзмоцненыя просьбы, ён адмовіўся".

Прапусцім душэўныя, пахвальныя словы праасвяшчэннага Інакенція пра сумесныя спевы, якіх шмат, заўважым толькі, што раней лічылі, што ў а. Мікалая бас, а ў прадгор'і Капетдага гаворка ідзе пра "тэнарок".

"А. Феадор таксама выдатны кампаньён. Ён знайшоў сабе часовы заробак у "хлопкоме", а я пакуль толькі дапамагаю маме па гаспадарцы, а. Мікалай настаўнічае па раніцах, а днём ідзе на рыбную лоўлю. Нягледзячы на нязначную шырыню і каламутную ваду рэчкі Сумбара, у ёй водзіцца буйная рыба вусач, сом. Хадзіў лавіць і а. Феадор. Прынёс вусача ў фунт. Я яшчэ не быў, не мог сабрацца. На Вялікадні пайду і я. На Страсным тыдні рыбу есці не будзем, а на сённяшні дзень, калі рыба належыць паводле статуту, у нас яна ёсць".

Можна ўявіць сабе, як хлопчык Мікалай лавіў рыбу ў Добысне, рэчцы каля яго роднай вёскі Рэпкі на Рагачоўшчыне.

Пра неафіцыйную службу ў ауле : "Мы, вядома, не маем права запрашаць каго-небудзь, але і гнаць, калі хто прыйдзе, не можам. Стаяць нясмела, дакладна ўсё ім зусім незнаёмае. Бедныя, здзічэлі яны тут зусім. Бо з 1916 года яны тут службы не бачылі. Абедню служыў а. Феадор, мы з а. Мікалаем спявалі. Ён тыповы прадстаўнік лепшай часткі рускага духавенства старога часу. Строгі, старанны, акуратны. Ён ніколькі не палохаўся той статутнасцю службы, якую мы стараліся выконваць. А я вельмі задаволены, што мы маем такога суслужэбніка і сумалітвеніка".

Зусім дакладна растлумачыць з'яўленне яго ў туркменскім сяле дапамагае ліст абнаўленчага епіскапа Мікалая Коблава ў ДПУ (Центральный государственный архив Республики Узбекистан (ЦГА РУз). Ф. Р-39. Оп. 1. Д. 659а. Л. 224-225):

"В. Ц. С.

Туркестанскае

Епархіяльн. Упраўленне.

22 ліпеня 1923 г.

№ 1619,

г. Ташкент

Цал. сакрэтна

У ДЗЯРЖАЎНАЕ ПАЛІТЫЧНАЕ ЎПРАЎЛЕННЕ

У Народны Камісарыят Унутраных Спраў і Аддз. Упраўлення н/гарадск. Выканкама

Усе асобы, што ніжэй названыя, аўтакефалісты-ціханаўцы акрамя таго, што нацкоўваюць адну частку насельніцтва на другую /сваіх прыхільнікаў на абнаўленцаў, з прычыны чаго апошнія падвяргаліся апляванню, выгнанню, пагрозам расправы/, з'яўляюцца прамымі контррэвалюцыянерамі, палітычнымі злачынцамі. [...]

ТЕУ, даводзячы да ведама вашага аб непапраўнай палітычнай злачыннасці названых у спісе асоб, што натхняюцца да анархіі царкоўнай і да контррэвалюцыйнасці палітычнай самазванцам Лукой, просіць выслаць іх з краю або абясшкодзіць нейкім іншым спосабам.

[...]

Спіс [20 чалавек]

[...]

СЕРГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА

6. протаіерэй ГРЫНКЕВІЧ Мікалай;

[...]

Епіскап Мікалай".

Якраз перад гэтым у ссылку, але ў Сібір, у Енісейск і Туруханск, быў адпраўлены і славуты, па каранях "магілёвец", Лука (Война-Ясянецкі), які служыў у той жа царкве Сергія Раданежскага (знішчанай у 1932 г.).

Асцярожнасць і некаторы кампраміс у паказаннях наконт царкоўнай школы не дапамаглі Грынкевічу не быць урэшце высланым з Сан-Францыска. Ракавую ролю ў яго кар'еры адыграла нататка, напісаная па просьбе земляка доктара Руселя, магчыма, рэалізаваная як форма пратэсту. Далей яго перамяшчэнні па службе ішлі з няўхільным паніжэннем.

І для чаго ён добра авалодаў англійскай мовай, калі вярнуўся ў амаль цалкам рускамоўнае асяроддзе?

У дзясятках артыкулаў мы расказвалі пра розныя падзеі ў жыцці нашага, без сумнення, ужо знакамітага земляка. З самых хвалюючых момантаў, якія не ўдалося высветліць, - ці ездзіў ён непасрэдна на Аляску, каб пабачыць у тым ліку і бацькоў сваіх вучняў з абарыгенаў, і дзе прайшлі яго апошнія дні. Колькі мітрафорных протаіерэяў было ў першыя паслярэвалюцыйныя гады - і лёс колькіх з іх невядомы?

Алесь Сімакоў, даследчык жыцця і дзейнасці протаіерэя Мікалая Грынкевіча.

"ЛІТФЭСТ ПА-ЛІДСКУ" ПРАЦЯГВАЕЦЦА!

Як прыцягнуць новых чытачоў і нагадаць пра тое, што акрамя інтэрнэту, тэлебачання па-ранейшаму існуе кніга, нагадаць пра сябе насельніцтву, частка якога, магчыма, і не чула пра існаванне бібліятэкі? Як прыцягнуць увагу моладзі да чытання, якая рэагуе толькі на нешта яркае, інтрыгуючае? Адказ на гэтыя пытанні вядома ж ёсць!

Улетку 2021 года ўжо звыклым стаў "Літфэст па-лідску", які працягвае радаваць чытачоў бібліятэк і гасцей г. Ліды цікавымі і яркімі, пазнавальнымі і інтэлектуальнымі сустрэчамі з кнігай.

"Лета з кнігай: займальна і пазнавальна" - з такім дэвізам прыйшлі бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" у ДУА "Яслі-сад № 29 г. Ліды". Мэта такога мерапрыемства - пашырыць кругагляд дзяцей, прыцягнуць старэйшых дашкольнікаў да чытання кніг. Як вядома, лета - час актыўных гульняў на свежым паветры, зносін з сябрамі. Прыход бібліятэкара для дзяцей стаў нечаканым, але вельмі радасным сюрпрызам. Дашкольнікі падзяліліся сваімі ведамі аб бібліятэцы, іх пазнаёмілі з прафесіяй "бібліятэкар", распавялі аб сумесным чытанні з бацькамі і выхавацелямі, разам успомнілі любімыя творы. Дзеці з задавальненнем адгадвалі загадкі, рэбусы, адказвалі на казачныя пытанні, а таксама з вялікім задавальненнем разглядалі карцінкі з эпізодамі з твораў дзіцячых пісьменнікаў. Вялікую цікавасць выклікалі маляўнічыя, яркія кнігі і часопісы, што прынёс з сабой бібліятэкар. Дзецям было вельмі цікава, бо зносіны з кнігамі духоўна ўзбагачаюць маленькага чалавека, робяць яго дабрэйшымі і выдатнейшымі.

Падарожнічаць па родным горадзе, ды яшчэ ў выдатнай кампаніі - што можа быць лепш у цудоўны летні дзень. З такой жа думкай здзейснілі займальную шпацыр супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" разам са сваімі адданымі чытачамі. Прагулка па горадзе была займальнай, супрацоўнік бібліятэкі расказала шмат цікавага аб горадзе і яго выдатных жыхарах. Гісторыі пра дзіўныя месцы і лідзянах, забытых легендах і неверагодных фактах - усё гэта разам раскрыла загадкі любімай Ліды. Ля сцен галоўнай славутасці горада - Лідскага замка - удзельнікі прагулкі прачыталі вершы, прысвечаныя любімаму гораду, разгледзелі кнігі пра яго гісторыю і людзей, якія тварылі яе. І каб адпачынак стаў яшчэ больш камфортным, кожны ахвочы мог адпачыць разам з цікавай кнігай або часопісамі па інтарэсах, якія былі ў "арсенале" бібліятэкара.

Не толькі дзеці і адпачывальнікі маглі стаць удзельнікамі "Літфэсту па-лідску", але і сапраўдныя мужчыны, якія нясуць штодзённую службу для нашага дабрабыту. Бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" наведалі Пажарную аварыйнавыра-тавальную частку № 1 г. Ліда, работнікі якой змаглі азнаёміцца з актуальнай прафесійнай інфармацыяй з перыядычных выданняў.

Адпачывайце летам разам з нашымі бібліятэкамі!

Адпачывайце разам з "Літфэстам па-лідску"!

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Кацярына Сандакова.

У Лідзе адкрылася майстэрня па ткацтве

Заходзьце - навучым

У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры адкрылася майстэрня па ткацтве. Ідэя мець такую з'явілася ў 2010 годзе ў кіраўніка тады яшчэ цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры "Спадчына" Алены Шчэлінай пасля таго, як установа з пасёлка Першамайскі пераехала ў Ліду ў адрамантаваны да рэспубліканскіх "Дажынак" будынак кінатэатра "Кастрычнік".

Майстэрня па ткацтве была адкрыта, дзякуючы праекту "Умацаванне самабытнасці сельскіх раёнаў шляхам развіцця традыцыйных рамёстваў і турызму" Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь у рамках Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-20 гады. Праца па яе стварэнні вялася з 2019 года.

За гэты перыяд былі набыты станкі, мэбля і швейныя машыны. Дзякуючы вяскоўцам, а асабліва жыхарам вёскі Збляны, супрацоўнікамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры за дзесяць гадоў назапашаны багаты тэарэтычны матэрыял па ткацтве і адвостраны навыкі гэтага рамяства. Вялікую практычную дапамогу аказаў лідзянін Яўген Маркевіч, якому сакрэты ткацтва раскрыла бабуля, а потым ён перадаў свой досвед іншым.

Пра гісторыю стварэння ў Лідзе майстэрні па ткацтве ўспаміналі на яе адкрыцці, а затым майстры прапанавалі гасцям ацаніць вынік сваёй шматгадовай працы. У майстэрні па ткацтве ў Лідзе - пяць ткацкіх станкоў. Усе яны выраблены лідскім майстрам па ўзорах тых, якімі карысталіся беларусы стагоддзі таму.

У інтэр'еры - тканыя палотны, абрусы, пакрывалы і ручнікі. Тут жа - прыклады белаўзорчатага ткацтва. Нагадаем, у 2018 годзе за рэалізацыю праекта "Ад мінулага ды сучаснага", прысвечанага адраджэнню ўнікальных тэхнік шматнітавага ткацтва Панямоння, і стварэнне калекцый традыцыйнай і сучаснага нацыянальнага адзення калектыў Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры быў уганараваны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.

lidanews.by.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX