Папярэдняя старонка: 2022

№ 16 (16) 


Дадана: 20-04-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 16, 20 красавіка 2022 г.

"Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня"

9 красавіка 2022 г. у г. Гародні адбылося свята майстроў вобласці "Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня". Пяты год запар збіраюцца таленавітыя працаўнікі культуры напярэдадні галоўнага свята хрысціян - Вялікадня, каб не толькі паказаць свае вырабы, якія нашы продкі рыхтавалі на велікодны кірмаш, але паўдзельнічаць у конкурсах, выстаўках, кірмашы-продажы, віншавальнай праграме.

На рэгіянальным свяце-кірмашы вырабаў рамеснікаў годна прадстаўляў Лідчыну аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Творчы калектыў аформіў каларытную выстаўку. Стол, упрыгожаны керамікай з велікоднай тэматыкай, прадстаўляла майстар па кераміцы Алена Свідэрская, яйкі-пісанакі - майстар па роспісе Марына Савіцкая. Побач стракацела сувенірная прадукцыя на любы густ, красаваліся рэгіянальныя святочныя ручнікі, створаныя працавітымі рукамі майстра па ткацтву Валянцінай Сільвановіч, носьбітам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая захоўвае элемент белаўзорыстага ткацтва Панямоння.

Кіраўнік народнага фальклорнага гурта "Талер", Наталля Шчалканогава, падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў віншавальнай праграме сярод калектываў вобласці:

- Апладысменты ўдзячных гледачоў далі магчымасць зразумець, што наш творчы блок прыйшоўся даспадобы. Мы насыцілі яго старадаўнімі спевамі, гумарэскамі і абрадавымі дзеяннямі. Наш выхад у традыцыйных народных строях адразу стварыў харызматычную атмасферу свята, падобную да той, што адбывалася некалі на самой справе. За ўдзел у праграме "Талер" атрымаў дыплом.

Наш майстар па вырабе этнаграфічнай лялькі - Ірына Дыдышка ў абласной выстаўцы-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Велікодны падарунак" атрымала дыплом "За глыбіню вобразнага раскрыцця тэмы" і спецыяльны прыз. Тэматычная кампазіцыя лялек пад назвай "Вербная нядзеля" ў традыцыйных строях канца ХІХ - пачатку ХХ ст. прыемна ўразіла журы і падштурхнула прыняць такое рашэнне.

- І напрыканцы адзначу, што аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" за ўдзел у свяце атрымаў Дыплом ад аргкамітэта - з гонарам паведаміла загадчык аддзела рамёстваў Алена Шчэліна.

Дыдышка Ірына Маркаўна, метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікдзень 2022 года

"Дзень, поўны радасці, настаў. Сёння Пан Хрыстус з гробу ўстаў. Алялюя!"

Глыбокапаважаныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Умілаваныя браты і сёстры. Людзі добрай волі. Урачысты і велічны перазвон званоў, які з самага ранку загучаў у нашых святынях, у чарговы раз нагадаў аб радасці таямніцы Уваскрасення нашага Збаўцы і Пана Езуса Хрыста. На працягу многіх стагоддзяў радасным перазвонам Касцёл абвяшчае свету гэтую праўду, якую жанчыны перадалі апосталам: яны сказалі, што сустрэлі Хрыста жывога, Ён уваскрос! Ён перамог смерць! Ён выйшаў з магілы! Ён зноў з намі! Таму сёння літургія слова Божага яшчэ раз заглыбляе нас у атмасферу гэтай падзеі. Яна вядзе да таго месца, дзе Хрыстус перамог смерць. "У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы" (Ян 20, 1). Аднак вучні Хрыста былі настолькі напалоханыя падзеямі, што адбыліся ў Вялікую пятніцу, - напалоханыя тымі пакутамі, якія зносіў Езус, Яго ўкрыжаваннем і смерцю, што нават не ўспомнілі, што Езус прадказваў ім раней пра ўсе гэтыя здарэнні. Ні апосталы, ані жанчыны не думалі пра прадказанне Хрыста, што Сын Чалавечы ўваскрэсне з мёртвых, але думалі пра тое, як падрыхтаваць Яго цела на вечны спачын у адпаведнасці з дзеючым законам. Таму, калі на трэці дзень пасля смерці Хрыста ў Ерузалеме разнеслася вестка, што Ён уваскрос, што Марыя Магдалена бачыла Яго і што іншыя жанчыны, якім анёл паведаміў пра ўваскрасенне Хрыста, расказваюць пра гэта таксама апосталы, прымаюць гэтыя паведамленні з недаверам. Дарагія браты і сёстры! Толькі пустая магіла была для вучняў Езуса першым знакам уваскрасення іх Настаўніка. Пустая магіла прымусіла апосталаў усвядоміць, што словы, сказаныя Езусам, споўніліся: "Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне" (Мц 20, 19). Таму неўзабаве яны адчулі другі, яшчэ больш моцны знак. Бо ў той самы дзень Уваскрослы Хрыстус стаў пасярод іх у Вячэрніку: усе бачылі Яго на ўласныя вочы, маглі дакрануцца да Яго, паразмаўляць з Ім і спажываць пасілак (пар Лк 24, 36-42). Дарагія браты і сёстры! Можа ўзнікнуць пытанне: чаму Касцёл надае гэтай падзеі такі моцны акцэнт і нагадвае пра яе кожны год? Умілаваныя, таму, што Касцёл хоча ўмацаваць нас у перакананні, што праўда пра ўваскрасенне нарадзілася не з жадання, не са сведчання падкупленай варты ці з нейкіх плётак, якія распаўсюджваюцца сярод легкаверных людзей. Уваскрасенне Хрыста - гістарычны факт, пра які сведчыць вядомы гісторык старажытнасці Юзаф Флавій. За абвяшчэнне праўды аб уваскрасенні Хрыста Апосталы і Яго вызнаўцы зачастую аддаюць уласнае жыццё. Таму, пачынаючы з часоў Апосталаў, кожнае пакаленне хрысціянаў паклікана сведчыць аб уваскрасенні па просьбе самога Хрыста: "Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку" (Мц 28, 19-20).

Шаноўныя! Са смерцю Хрыста нічога не скончылася, а толькі ўсё распачалося. Уваскрасенне Хрыста - гэта гарантыя нашага ўваскрасення. Хрыстус першы ўваскрос з магілы, а гэта значыць, што ў свой час і мы таксама ўваскрэснем. Аднак трэба памятаць, што ўзыходжанне да хвалы ўваскрасення адбываецца праз крыж, цярпенні і пакуты. "Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены" (Мц 24, 13), - запэўнівае Езус Хрыстус. Дарагія браты і сёстры! Праўда аб Уваскрасенні Хрыста з'яўляецца асноваю нашай веры і адначасова для нас, вернікаў, з'яўляецца заклікам, каб мы змяніліся і распачалі новае, праведнае жыццё ўжо тут, на зямлі. На жаль, многія народы і сем'і раздзелены з-за сварак, спрэчак, помсты і нянавісці, зайздрасці і пыхлівасці, захоплены пагоняй за матэрыяльнасцю і славай, павялічваецца колькасць разводаў, забойстваў, назіраецца абыякавасць да чалавечай бяды і няшчасця. У свеце ўвесь час ідуць войны, якія нясуць вялікія цярпенні і пустку. Таму сёння кожнага з нас святы Павел заахвочвае: "Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное" (Клс 3, 1-2).

Шаноўныя! Дык давайце сёння цешыцца радасцю новага жыцця, якое Хрыстус абвясціў нам сваім уваскрасеннем. Кожны наш дзень давайце будзем старацца пражыць паводле вучэння Хрыстовага Евангелля, ствараючы вакол сябе атмасферу хрысціянскай любові, дабрыні і міласэрнасці. Няхай Уваскрослы Хрыстус заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці, у малітве, у працы, у абавязках, у нашых сем'ях, каб яны былі верныя Богу, адкрытыя на зачатае жыццё і на міласэрнасць да бліжніх. Няхай Уваскрослы Езус навечна паселіцца ў нашым народзе і ў нашай краіне, ва ўсіх нашых супольнасцях, у кожным нашым сэрцы. Няхай Уваскрослы Хрыстус Пан адорыць нас сваім шчодрым дабраслаўленнем. Бо Ён уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Я дзялюся гэтай радаснай праўдай нашай веры з усімі вамі, умілаваныя вернікі нашай архідыяцэзіі, з усім народам Божым. Прытуліцеся да Уваскрослага і не аддаляйцеся ад Яго. Няхай гэта станецца асноўнай каштоўнасцю вашага жыцця.

Умілаваныя! Словы Анёла: "Яго тут няма; Ён уваскрос, як сказаў", - няхай яшчэ раз прагучаць з пустой магілы Езуса. А калі гэта так, то:

Слёзы з твару выцірайце,

Праганяйце з сэрцаў грэх.

Песні радасна спявайце,

Хай гучыць вясёлы смех.

Уваскрос Пан над панамі,

Ён жыве, Ён зноўку з намі.

Алялюя, алялюя,

Усклікайце: Алялюя!

Браты і сёстры. Няхай жа радасна загучыць нашае Мінска-Магілёўскае: "Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя! аллелюя!" Усім вам жадаю радасных пасхальных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоцніць нашыя сілы і адновіць надзею. Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою святаў Пасхі Хрыстовай усім вам! Давяраючы ўсіх вас апецы Божай Маці, на гэты час святкавання ад усяго сэрца дабраслаўляю ў Імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Аман.

"Дзень, поўны радасці, настаў. Сёння Пан Хрыстус з гробу ўстаў. Алялюя!"

Глыбокапаважаныя біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, семінарысты, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Умілаваныя браты і сёстры. Людзі добрай волі. Урачысты і велічны перазвон званоў, які з самага ранку загучаў у нашых святынях, у чарговы раз нагадаў аб радасці таямніцы Уваскрасення нашага Збаўцы і Пана Езуса Хрыста. На працягу многіх стагоддзяў радасным перазвонам Касцёл абвяшчае свету гэтую праўду, якую жанчыны перадалі апосталам: яны сказалі, што сустрэлі Хрыста жывога, Ён уваскрос! Ён перамог смерць! Ён выйшаў з магілы! Ён зноў з намі! Таму сёння літургія слова Божага яшчэ раз заглыбляе нас у атмасферу гэтай падзеі. Яна вядзе да таго месца, дзе Хрыстус перамог смерць. "У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы" (Ян 20, 1). Аднак вучні Хрыста былі настолькі напалоханыя падзеямі, што адбыліся ў Вялікую пятніцу, - напалоханыя тымі пакутамі, якія зносіў Езус, Яго ўкрыжаваннем і смерцю, што нават не ўспомнілі, што Езус прадказваў ім раней пра ўсе гэтыя здарэнні. Ні апосталы, ані жанчыны не думалі пра прадказанне Хрыста, што Сын Чалавечы ўваскрэсне з мёртвых, але думалі пра тое, як падрыхтаваць Яго цела на вечны спачын у адпаведнасці з дзеючым законам. Таму, калі на трэці дзень пасля смерці Хрыста ў Ерузалеме разнеслася вестка, што Ён уваскрос, што Марыя Магдалена бачыла Яго і што іншыя жанчыны, якім анёл паведаміў пра ўваскрасенне Хрыста, расказваюць пра гэта таксама апосталы, прымаюць гэтыя паведамленні з недаверам. Дарагія браты і сёстры! Толькі пустая магіла была для вучняў Езуса першым знакам уваскрасення іх Настаўніка. Пустая магіла прымусіла апосталаў усвядоміць, што словы, сказаныя Езусам, споўніліся: "Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам. Яны асудзяць Яго на смерць і аддадуць Яго язычнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне, а на трэці дзень Ён уваскрэсне" (Мц 20, 19). Таму неўзабаве яны адчулі другі, яшчэ больш моцны знак. Бо ў той самы дзень Уваскрослы Хрыстус стаў пасярод іх у Вячэрніку: усе бачылі Яго на ўласныя вочы, маглі дакрануцца да Яго, паразмаўляць з Ім і спажываць пасілак (пар Лк 24, 36-42). Дарагія браты і сёстры! Можа ўзнікнуць пытанне: чаму Касцёл надае гэтай падзеі такі моцны акцэнт і нагадвае пра яе кожны год? Умілаваныя, таму, што Касцёл хоча ўмацаваць нас у перакананні, што праўда пра ўваскрасенне нарадзілася не з жадання, не са сведчання падкупленай варты ці з нейкіх плётак, якія распаўсюджваюцца сярод легкаверных людзей. Уваскрасенне Хрыста - гістарычны факт, пра які сведчыць вядомы гісторык старажытнасці Юзаф Флавій. За абвяшчэнне праўды аб уваскрасенні Хрыста Апосталы і Яго вызнаўцы зачастую аддаюць уласнае жыццё. Таму, пачынаючы з часоў Апосталаў, кожнае пакаленне хрысціянаў паклікана сведчыць аб уваскрасенні па просьбе самога Хрыста: "Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку" (Мц 28, 19-20).

Шаноўныя! Са смерцю Хрыста нічога не скончылася, а толькі ўсё распачалося. Уваскрасенне Хрыста - гэта гарантыя нашага ўваскрасення. Хрыстус першы ўваскрос з магілы, а гэта значыць, што ў свой час і мы таксама ўваскрэснем. Аднак трэба памятаць, што ўзыходжанне да хвалы ўваскрасення адбываецца праз крыж, цярпенні і пакуты. "Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены" (Мц 24, 13), - запэўнівае Езус Хрыстус. Дарагія браты і сёстры! Праўда аб Уваскрасенні Хрыста з'яўляецца асноваю нашай веры і адначасова для нас, вернікаў, з'яўляецца заклікам, каб мы змяніліся і распачалі новае, праведнае жыццё ўжо тут, на зямлі. На жаль, многія народы і сем'і раздзелены з-за сварак, спрэчак, помсты і нянавісці, зайздрасці і пыхлівасці, захоплены пагоняй за матэрыяльнасцю і славай, павялічваецца колькасць разводаў, забойстваў, назіраецца абыякавасць да чалавечай бяды і няшчасця. У свеце ўвесь час ідуць войны, якія нясуць вялікія цярпенні і пустку. Таму сёння кожнага з нас святы Павел заахвочвае: "Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстус сядзіць праваруч Бога; пра тое, што ў вышынях, думайце, а не пра зямное" (Клс 3, 1-2).

Шаноўныя! Дык давайце сёння цешыцца радасцю новага жыцця, якое Хрыстус абвясціў нам сваім уваскрасеннем. Кожны наш дзень давайце будзем старацца пражыць паводле вучэння Хрыстовага Евангелля, ствараючы вакол сябе атмасферу хрысціянскай любові, дабрыні і міласэрнасці. Няхай Уваскрослы Хрыстус заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці, у малітве, у працы, у абавязках, у нашых сем'ях, каб яны былі верныя Богу, адкрытыя на зачатае жыццё і на міласэрнасць да бліжніх. Няхай Уваскрослы Езус навечна паселіцца ў нашым народзе і ў нашай краіне, ва ўсіх нашых супольнасцях, у кожным нашым сэрцы. Няхай Уваскрослы Хрыстус Пан адорыць нас сваім шчодрым дабраслаўленнем. Бо Ён уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Я дзялюся гэтай радаснай праўдай нашай веры з усімі вамі, умілаваныя вернікі нашай архідыяцэзіі, з усім народам Божым. Прытуліцеся да Уваскрослага і не аддаляйцеся ад Яго. Няхай гэта станецца асноўнай каштоўнасцю вашага жыцця.

Умілаваныя! Словы Анёла: "Яго тут няма; Ён уваскрос, як сказаў", - няхай яшчэ раз прагучаць з пустой магілы Езуса. А калі гэта так, то:

Слёзы з твару выцірайце,

Праганяйце з сэрцаў грэх.

Песні радасна спявайце,

Хай гучыць вясёлы смех.

Уваскрос Пан над панамі,

Ён жыве, Ён зноўку з намі.

Алялюя, алялюя,

Усклікайце: Алялюя!

Браты і сёстры. Няхай жа радасна загучыць нашае Мінска-Магілёўскае: "Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя! аллелюя!" Усім вам жадаю радасных пасхальных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоцніць нашыя сілы і адновіць надзею. Поўных Божай ласкі, духоўнай радасці і супакою святаў Пасхі Хрыстовай усім вам! Давяраючы ўсіх вас апецы Божай Маці, на гэты час святкавання ад усяго сэрца дабраслаўляю ў Імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Аман.

24 красавіка - Вялікдзень па юліянскім календары

Урывак з "Новай Зямлі"

Звяры Вялікдзень чуюць, птушкі,

І хвоі гэтыя, і елі,

Ліхія людзі падабрэлі,

Бо святам Божым усюды вее;

З нажом разбойнік не пасмее

Залегчы ў лесе срэдзь дарогі,

Бо і заможны, і ўбогі

Святы Вялікаднік святкуюць

І радасць у сэрцы сваім чуюць

Народ калышацца, хвалюе,

Бы ў цёмным віры вада тая,

І ўсё плыве, усё прыбывае,

А ўлады сну ён больш не чуе,

І блізак час святой дзянніцы,

"Хрыстос Васкрос!" - з гары-званіцы

Вяшчае першы звон шчасліва.

Народ увесь, бы ў полі ніва

Буйнымі гнецца каласамі,

Скланіўся ціха галавамі.

А пачакаўшы з паўгадзіны,

Нясуць жанкі, нясуць мужчыны

Кашы, каробкі, паўасміны

І ставяць ў рад на цвінтары

Усе велікодныя дары.

Якуб Колас.

* * *

Хрыстос уваскрос!

і свет прачнуўся

вясной на голлечку бяроз.

Ударыў звон на Беларусі:

Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос з крыві і болю,

каб светач праўды не пагас.

Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,

васкрос Ён, брацці, і для нас.

Так будзем помніць мы ў кайданах,

падняўшы сэрцы ўгару,

што так, як Бог ускрыжаваны,

уваскрэсне наша Беларусь!

Ларыса Геніюш.

На Вялікдзень

Голасам магутным загрымелі звоны

Па блакітным небе ў блеску сонца кос.

Палілісь ўрачыста радасныя тоны,

Бо Хрыстос памершы

ў трэці дзень уваскрос.

Вецярок вясняны з радасці спявае.

Птушак пералівы

ймкнуцца ў вышыню,

А вясна на ліры гімн Хрысту іграе,

Гожа прыбірае краскамі зямлю.

І ты, людскі родзе, ранамі Хрыстовымі

Збаўлены ад грэху, зрок ўзнясі увысь!

Ўдзячнаю малітваю добраму Ісусу

Сэрцам і душою горача малісь!

Голасам магутным

грымяць сяння звоны

Па блакітным небе,

ў блеску сонца кос,

Льюцца урачыста радасныя тоны,

Бо Хрыстос, наш Збаўца,

ў трэці дзень ўваскрос!

Сяргей Новік-Пяюн.

Акцыя, прысвечаная Ігнату Дамейку

Краязнаўцы і музейшчыкі Дзятлаўшчыны правялі акцыю "Пасадзі дубок Дамейкі". Яна прысвечана 220-годдзю з дня нараджэння Ігната Дамейкі (1802-1889) - сябра таварыства філаматаў, удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, навукоўца, рэфарматара, геолага, мінеролага, мемуарыста. Юбілей гэты будзе адзначацца сёлета ў ліпені. Восенню 1823 года з Вільні Ігнат Дамейка быў высланы пад нагляд паліцыі ў вёску Заполле на Лідчыну і ў вёску Жыбартоўшчына паблізу Дзятлава. Яму назаўсёды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. У Жыбартоўшчыне родны дзядзька Ігната Дамейкі меў маёнтак, дзе і пасяліўся яго пляменнік. Але ў глушы жыць было няпроста. Тым не менш, Ігнат Дамейка на сваёй сядзібе пачаў праводзіць доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове, вёў інтэнсіўную перапіску з сябрамі. Пазней у сядзібе жыў Леан Дамейка, пляменнік Ігната, удзельнік паўстання 1863 года. На сцяне захавалася ўмураваная таблічка з прозвішчам дзядзькі Ігната Дамейкі, таксама Ігната. Сёння, 16 красавіка, у Жыбартоўшчыне, на святой для дзятлаўчан зямлі, землякі пасадзілі дубкі Дамейкі. Такія дубкі на працягу некалькіх бліжэйшых тыдняў будуць пасаджаны і ў іншых мясцінах, звязаных з Ігнатам Дамейкам, на Гарадзеншчыне. Цяпер зямля Жыбартоўшчыны належыць прадпрымальніку Канстанціну Шуляку. Ён таксама прыняў актыўны ўдзел у акцыі памяці свайго знакамітага земляка. Пасадзіць дубкі прыйшлі і супрацоўнікі Дзятлаўскага краязнаўчага музея Алена Абрамчык, Вольга Цюшляева, дзятлаўскія краязнаўцы Валерый Петрыкевіч і Анатоль Альшэўскі. А ініцыятарам акцыі "Пасадзі дубок Дамейкі" стаў Зміцер Юркевіч з Менска, які займаецца вывучэннем жыцця і дзейнасці славутага ліцвіна.

Аксана Шпак.

У Лідскім замку экспануецца калекцыя старажытных манет, знойдзеных у час археалагічных раскопак

Адкрыццё выстаўкі "Манетны скарб Лідскага замка" адбылося 14 красавіка на 6 ярусе паўднёва-заходняй вежы Лідскага замка.

Мерапрыемства было прымеркавана да Сусветнага Дня грошай, які адзначаецца 17 красавіка.

Наведвальнікі ўбачылі калекцыю старажытных манет, знойдзеных падчас археалагічных раскопак у Лідскім замку ў канцы 1970-х - пачатку 1980-х гг., а таксама пагутарылі з вядомым лідскім калекцыянерам-нумізматам Аляксандрам Кашуціным.

Выстаўка працуе кожны дзень, акрамя панядзелка, з 10.00 да 19.00.

Большасць манет знойдзена археолагамі ў раскопах паблізу муроў замка, а менавіта - каля заходняга, усходняга і паўночнага муроў, а таксама пры абследаванні руін паўночна-ўсходняй вежы.

Менавіта там былі выяўлены фрагменты фундаментаў пабудоў (казармаў, складоў са зброяй і правіянтам). А вось у паўночна-ўсходняй вежы на працягу XVII-XVIII стагоддзяў размяшчаліся архіў, жылыя пакоі і турма, праходзілі пасяджэнні судовых і павятовых соймікаў. Тут было наладжана грамадскае жыццё, людзі маглі весці грашовыя разлікі і пакінуць аб сабе напамін сваім нашчадкам у выглядзе ўнікальных экспанатаў.

- Пры даследаванні фрагментаў фундамента паўднёва-заходняй вежы часоў Гедыміна манетных скарбаў практычна не знойдзена, - расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Таццяна Ліпніцкая. - Пры Гедыміне, дарэчы, яшчэ не аформілася манетная сістэма Вялікага Княства Літоўскага. Манет ранейшага перыяду гісторыі таксама не знойдзена, а значыць, да XIV стагоддзя тэрыторыя, дзе затым будзе пабудаваны Лідскі замак, не была ўключана ў актыўныя сацыяльна-эканамічныя працэсы. Магчыма, толькі з пабудовай паўночна-ўсходняй вежы ў часы Вітаўта, у канцы XIV-пачатку XV стагоддзя, гэта ўсё ж такі адбылося. Манеты менавіта гэтага перыяду і былі знойдзены археолагамі ў час раскопак у Лідскім замку. XIV-XVII стст. - самы актыўны перыяд гісторыі архітэктурнага помніка, насычаны падзеямі ваеннымі, грамадска-палітычнымі.

Пры вывучэнні матэрыялаў справаздач аб палявых даследаваннях у час археалагічных раскопак за 1977, 1978, 1980 гады было ўстаноўлена, што даследчыкі адкапалі некалькі дзясяткаў сярэбраных і медных манет. На вялікі жаль, толькі нязначная іх частка была перададзена ў фонды ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей". Самыя раннія з іх - манета Вітаўта XIV-пачатку XV стагоддзя, паўгрош Яна Ольбрыхта (1492-1499 гг.).

- Такія манеты сустракаюцца рэдка і толькі на захадзе Беларусі, Украіны і на тэрыторыі Літвы, - расказвае навуковы супрацоўнік. - У далёкім 1978 годзе жыхар Ліды Генрых Іванавіч Ціховіч перадаў археолагам два літоўскія дэнарыі XIV-пачатку XV стагоддзя. Паводле аповеду гэтага чалавека, манеты былі знойдзены ў руінах паўночна-ўсходняй вежы Лідскага замка ў 1977 годзе.

На выстаўцы прадстаўлена даволі значная колькасць манет Рэчы Паспалітай XVI-XVII стагоддзяў. Напрыклад, двудэнарыі Жыгімонта II Аўгуста, рыжскі солід Жыгімонта III Вазы, барацінка Яна II Казіміра Вазы і манеты часоў Расійскай імперыі (2 капейкі Паўла I 1799 года, манеты 1878 года і інш.).

- Цікавая гісторыя выхаду ў свет барацінкі. Барацінка - назва медных солідаў Рэчы Паспалітай, якія чаканіліся ў 1659-1668 гадах на манетных дварах Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Гэта крэдытная манета Рэчы Паспалітай, рэальны кошт якой складаў толькі каля 15 працэнтаў намінальнага.

Сёння старадаўнія манеты адносяцца да ліку найбольш часта сустраканых помнікаў мінулага. Сама прырода манеты такая, што мноства аднолькавых асобнікаў, выбітых з даўгавечнага, устойлівага матэрыялу, адразу ж разыходзілася сярод людзей, змяняючы гаспадароў, пераходзячы з рук у рукі і паўсюль суправаджаючы чалавека. Захавалася да нашага часу толькі малая частка таго мноства манет, але і гэтая малая частка даволі значная. На мой погляд, самай прыкметнай на выстаўцы можна назваць медную манету Паўла I 1799 года. Яе дыяметр - усяго 35 міліметраў. Самыя буйныя манеты - гэта 2 капейкі паўлаўскай эпохі. Чаканіліся яны з 1797 па 1801 год. А вось адзін з самых позніх экспанатаў - гэта 15 капеек 1939 года…

Але ўсе сакрэты раскрываць не будзем. Завітайце ў Лідскі замак - і ўбачыце ўсё самі!

Вольга Капцевіч.

ІХ Лідскія чытанні

22 красавіка ў 11.00 у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдуць IX Лідскія чытанні.

Лідскія чытанні праходзяць кожны год і маюць у асноўным краязнаўчую тэматыку. Сёлета тэма чытанняў: "Лідчына ў мастацкай літаратуры". Спланаваны каля 10 дакладаў, прысвечаных творчасці лідскіх паэтаў і празаікаў, а таксама творам іншых аўтараў, якія так ці інакш закранаюць Лідчыну.

Рыхтуюць даклады да чытанняў лідскія краязнаўцы, сябры літаб'яднання "Суквецце", супрацоўнікі бібліятэкі і лідскага музея, а таксама студэнты Лідскага каледжа.

У апошнія гады чытанні набылі статус навуковай канферэнцыі, таму даклады рыхтуюцца грунтоўныя, і дакладчыкі ўжо тэлефануюць у бібліятэку і просяць вьвдзеліць дадатковы час дпя іхніх дакладаў, каб раскрыць тэму больш грунтоўна. Але колькі б каму часу ні выдзелілі, пасля чытанняў будзе сфармаваны зборнік, і туды ўсе даклады будуць уключаны ў поўным аб'ёме. Праца не прападзе.

Чытанні пройдуць у канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы - трэці паверх.

Уваход вольны.

У Чэхіі выйшла кніга пра лексіку беларускіх гаворак Літвы

У Празе выйшла новая манаграфія польскага беларусіста Міраслава Янковяка "Лексіка беларускіх гаворак Літвы. Моўная спадчына балта-славянскага памежжа". Публікацыя - вынік шматгадовых дыялекталагічных экспедыцый, якія праводзіліся аўтарам з 2009 года.

Манаграфія памерам у 624 старонкі складаецца з дзвюх асноўных частак. Першая - характарыстыка беларускіх гаворак Літвы ў лексічным аспекце, а другая - слоўнік.

У першай частцы лінгвіст апісаў гістарычныя міграцыйныя працэсы славян і балтаў, якія паўплывалі на ўзнікненне і фармаванне беларускіх гаворак балта-славянскага памежжа, прааналізаваў дыялектную лексіку ў арэальным аспекце, апісаў запазычанні з балцкіх, польскай, рускай ды іншых моў. Апошні раздзел прысвечаны тэарэтычным разважанням над лексікай у кантэксце розных лінгвістычных тэорый.

Другая частка кнігі - слоўнік беларускіх гаворак у Літве, падзелены на некалькі меншых слоўнікаў: а) дыялектная лексіка з падзелам на арэалы і тэматычныя кругі; б) запазычанні з падзелам на мовы і тэматычныя кругі.

Манаграфію дапаўняюць розныя дадаткі.

Кніга пра лексіку беларускіх гаворак Літвы - не першая буйная публікацыя польскага лінгвіста на беларускую тэматыку. Раней у яго выйшла дзве манаграфіі пра сучасныя беларускія гаворкі ў Латвіі, а таксама, сумесна з Нінай Баршчэўскай - грунтоўнае выданне "Беларуская дыялекталогія".

Наш кар.

Чэлендж "Класічна... Патрыятычна":

Гарадзеншчына чытае Я. Купалу і Я. Коласа"

Лідзяне разам з дзяржаўнай установай культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" далучаюцца да абласнога чэленджу!

Умовы: неабходна зрабіць фотаздымак чалавека, якога засталі за чытаннем твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Месца фотаздымкаў можа быць разнастайным: парк, аўтатранспарт, бібліятэка, пляж, кафэ, аўтобусны прыпынак і г.д.

Дасылайце фотаздымкі на адрас электроннай пошты: Libro-metodist@mail.ru.

Этнакрама "Цудоўня" адзначыла сямігоддзе

Гарадзенская этнакрама "Цудоўня" адзначыла першыя сем год. Здаецца, невялікі час, але для людзей, якія яе стварылі, развівалі і правялі праз незлічоную колькасць выпрабаванняў, гэта сапраўды значны тэрмін. "Месца, дзе жывуць цуды" - так пазіцыянуе сябе крама, і бясспрэчна тое, што - з улікам усіх грамадска-палітычных падзеяў апошніх дзесяцігоддзяў - само яе існаванне і ёсць проста цуд.

Цёплы вясновы дзень, гарадзенскія вуліцы запоўнены ўрачыстай мітуснёй: вернікі спяшаюцца ў касцёлы пасвяціць велікодныя стравы. І ў ціхім дворыку ў самым цэнтры таксама святочная атамсфера, але з іншай нагоды. Менавіта тут знаходзіцца "Цудоўня", і сёння яна працуе ў напаўсвяточным фармаце - таму што, нават адзначаючы дзень народзінаў уласнай крамы, яе гаспадары ні за што не адмовяць тым, хто завітаў за годнымі беларускімі рэчамі.

Заснавальнік "Цудоўні" Андрэй Несцяровіч узгадвае, як у 2015 годзе крама нарадзілася і пачала свой неверагодны жыццёвы шлях. Ужо на той момант у Андрэя быў вялікі досвед удзелу ў гістарычных фэстах, у асноўным у Расіі - і гэта наштурхнула яго на разважанні пра стан беларускай традыцыйнай культуры. "Тое, што я бачыў у Расіі, як яны шануюць, як папулярызуюць свае рамесныя традыцыі… А нават тое, што не сваё, выдаюць за сваё і таксама папулярызуюць. Мне было вельмі крыўдна за беларускую культуру ў гэтым плане, за тое, што мы беларусы так мала ведаем пра свае традыцыі". Так і ўзнікла ідэя стварыць "Цудоўню". Пачатковую канцэпцыю крамы складалі сучасныя вырабы паводле гістарычных узораў, але даволі хутка асартымент пачаў развівацца ў этнаграфічным і нацыянальным кірунку.

Сёння палічкі крамы цікавыя і разнастайныя: тут можна знайсці керамічны і парцалянавы посуд, самыя розныя драўляныя рэчы для дома, упрыгожанні, цацкі, адзенне, торбы і заплечнікі, сувеніры і гравюры, і вельмі цікавыя традыцыйныя і сучасныя музычныя інструменты. Уся гэтая разнастайнасць паяднаная важнымі адметнымі рысамі: усе рэчы створаны менавіта беларускімі майстрамі і зроблены ўручную. А кожная рэч ручнога вырабу - абсалютна непаўторная, гэта сапраўдная раскоша, якую тым не менш вельмі лёгка ўпісаць у сваё паўсядзённае жыццё і карыстацца не проста таму, што трэба, а яшчэ і з вялікай асалодай. "Цудоўня" яднае пад сваім дахам творчасць каля 150 майстроў з усёй Беларусі, і ў гэтым надзвычайная каштоўнасць гэтага месца. Ці часта мы ведаем нават пра тых рамеснікаў, што могуць жыць зусім побач і штодня займацца стварэннем прыгожых густоўных рэчаў? Далёка не заўжды. А між тым менавіта такімі таленавітымі працавітымі людзьмі мае ганарыцца краіна. І як мінімум жыхарам Гародні вельмі лёгка адкрыць для сябе гэты свет дзякуючы "Цудоўні". Ну а ўсім астатнім заўжды можна завітаць на сайт крамы.

Значнае і ганаровае месца ў краме займаюць палічкі з беларускімі кнігамі. Гэта адзінае месца ў горадзе, дзе можна знайсці столькі самай разнастайнай літаратуры па-беларуску: дзіцячай і дарослай, мастацкай і гістарычнай, класічнай і сучаснай. "Сучасная беларуская літаратура клёвая і цікавая, - заўважае Андрэй. - А людзі яшчэ так шмат аўтараў не ведаюць, памятаючы толькі Коласа і Купалу".

Алёна Несцяровіч, дзякуючы якой у "Цудоўні" пануе казачная і высокаэстэтычная атмасфера, некалі патрапіла сюды выпадкова, на фотасесію ў вышыванках для газеты. Цяпер Алёна ўзгадвае, што некалі нават не ведала пра краму, хаця ўвесь час захаплялася культурай Беларусі, шукала кнігі на беларускай мове, адзенне ў этнастылі. І атрымалася так, што не толькі знайшла шмат цікавага і патрэбнага адразу, але і стала часткай "Цудоўні", засталася працаваць і прыўносіць у гэтае месца новыя ідэі.

Але зусім несправядліва лічыць і называць "Цудоўню" проста крамай. Усе сем год існавання гэтае месца выконвала важную ролю культурнай пляцоўкі, на якой адбываліся дзясяткі разнастайных імпрэзаў: выступы пісьменнікаў, журналістаў і гісторыкаў, творчыя вечары, канцэрты і тэатральныя прадстаўленні, майстар-класы, танцы, выставы, курсы беларускай мовы. Уся тая значная частка беларускай культуры, якая па вядомых прычынах не знаходзіла падтрымкі ў дзяржаўных установах, трапляла да людзей дзякуючы "Цудоўні". Алёна ўзгадвае і ўласны праект пра кінапрагляды па-беларуску на свежым паветры ў дворыку каля крамы і плануе яго аднаўленне і працяг.

З культурнымі пляцоўкамі падобнай значнасці ў беларускіх гарадах, цяпер ужо нават у сталіцы, вельмі складана. А што тычыцца беларускай мовы, без яе сапраўдная беларуская культура проста немагчымая. На жаль, нават у такім гістарычна значным месцы, як Гародня, беларуская мова - нячастая з'ява. Таму такую важную ролю для горада адыгрывае "Цудоўня" - месца, дзе заўжды ёсць з кім і аб чым паразмаўляць па-беларуску.

Калі ў 2020 годзе здарылася эпідэмія каронавіруса, "Цудоўні", канечне, давялося няпроста. Не абмінулі яе і ўвага ўладаў. Але "Цудоўня" выжыла, цалкам захавала свой фармат і працягвае развівацца. На тле эміграцыі беларусаў за мяжу і перамяшчэння туды самых розных ініцыятыў ды ўстаноў часам можа падавацца, што ў самой Беларусі ўжо нічога і не засталося - але гэта зусім не так, і "Цудоўня" - адзін са шматлікіх таму доказаў.

...Пакуль гаспадары прымаюць віншаванні ад сяброў і знаёмых, "Цудоўня" працягвае жыць сваім жыццём, ні на хвіліну не спыняючы сваю важную місію. Пара, якая завітала па падарунак для сяброў за мяжой, хлопец, якому спатрэбіліся кантакты беларускіх гісторыкаў - кожны зможа знайсці тое, што яму трэба.

- Ёсць людзі, якія пастаянна крычаць: "Куды коціцца гэты свет?", а ёсць людзі, якія коцяць гэты свет, - заўважае адзін з гасцей, маючы на ўвазе пад апошнімі, канешне ж, каманду "Цудоўні". Напэўна, у гэтым яна і ёсць, беларуская нацыянальная ідэя: у руплівай стараннай працы, у любові да сваёй краіны, яе самабытнасці, яе гісторыі і жаданні рабіць усё магчымае, каб навучыць гэтай любові іншых.

Кацярына Шуст

ВЯЛІКДЗЕНЬ ПРЫЙДЗЕ

Зміцер Захарэвіч

ЦІ ПРЫЙДЗЕ ВЯЛІКДЗЕНЬ?

Яшчэ рудзела на пяску

Ахвяры кроў,


А дзіда Лонгіна1

На сонцы зноў гарэла,


Калі прыйшоў да вучняў

Той, які ўваскрос,


Смерць зваяваўшы

На здзіўленне малаверам.


Бацькоўскі край,

Ці хто патрапіць адказаць


Забраным душам

На пакуты без збавення -


Калі мы здолеем

Наблізіць, прычакаць


Вялікі дзень

Твайго святога ўваскрашэння?

ПЕСНЯ

Наследванне А.Сысу

Крыжыкам на шыю мне

Вышывалі долю

Роснымі сцяжынамі,

Ніткаю тугою

Хвоі па-над Іслаччу,

Нёмнам і Дзвіною.

Я ж гадаў, ці выстарчу

На шывок спакою

Між начмі разгульнымі

Ды світанкаў хворых,

І вачыма любымі,

Поўнымі дакораў.

Крыўды - справа звыклая,

Нат без дай прычыны.

Дождж хвастаў і выплакаў

Хмары па лагчынах,

Над якімі ў рэшаце

Гадунец свабоды -

Вецер носіць-цешыцца

Модлы і мелодыі.

Песняй пакаяннаю

Долі не пазбыцца,

Сшытае з туману мне

Тонкаю ігліцай…

АДКАЗ

Што я магу разумным адказаць? -

Калі няма ўсцяж веры ведам:

Пануе забабон над светам

І сіляцца гару няздары ўзяць.


Што я магу няўцешным адказаць? -

Калі ў жыццё прыходзім з болю,

Таму на ветры мімаволі

Злятае з веяў знічкаю сляза.


Што я магу шаленцам адказаць? -

Калі рве хрыпам конь мой цішу,

У скачцы цуглі закусіўшы,

І ўжо ані спыніць, ані стрымаць.


На розных полюсах нам астываць,

У немым холадзе рот сцяўся -

Калі ніхто не запытаўся,

Што я магу цікаўным адказаць?

* * *

Не выбіць з рук змагарных меч

Ударам хвацкім з-за пляча,

Калі пайшоўшыя на смерць

Не маюць у руках мяча.


Заўсёды спляжаць, пасякуць -

Будзь шчырым хоць з самім сабой -

Тых летуценнікаў, што йдуць

У бой бяззбройнай грамадой.


Ні сцяг, ні кветкі, ні крыжы

Не здолеюць уратаваць -

На бітву ў рукі меч бяры,

Каб іх угору не падняць.

ВЕЦЕР

Шамасціць без перастанку лісце,

На дварышчы белы пух мяце -

На таполі вецер пер'е чысціць.

Выйду на выправу паглядзець.


- Ці далёка, пан?

- У ветраў вырай,

Дзе спакон вякоў Барэй жыве,

Аб званіцы там не зраню крылаў,

І млынар мяне не запражэ.


Маю там прастору для разгону,

Там свавольна ветракі кручу,

Там няма ні межаў, ні законаў…

- Дык вазьмі з сабой маю душу.


На зямлі, дальбог, марнее, чэзне,

Як закінуты нашчадкам маярат,

У дарогу дам без ліку песняў

І нічога не вазьму ў заклад.


…Цішыня, нібыта брата страціў.

Узіраюся ў бязвоблачны прадон.

Раптам нехта валасы ўскудлаціў,

Пёрка срэбнае паклаўшы на далонь.

ЗБОЧЫЎШЫ…

Суграмадзян сузіраю на вуліцах:

Ходзяць пад ручку, раз-пораз цалуюцца,

Жычкі ўзаемных пачуццяў на банцікі

Скрозь завязаўшы, фарсухі і францікі.


Хлюпае слота пад крокамі парачак,

Дробная прыкрасць - вясна ж прачынаецца.

Палячы моўчкі, з усмешкай падумаў я:

"Хоць бы ў маёй душы штось зварухнулася".


Колісь даўно, як усё было новым мне,

Свет успрымаў цераз лінзы ружовыя,

Толькі мінулі дні непаўналетнія,

Следам за імі - настроі букетныя.


Сёння, жыццём гнуты, праўда, не схілены,

Часам здаюся то блазнам, то цынікам,

Маю сяброўства не з цішай - з маланкамі -

І не згадаю сэнс слова "рамантыка".


Золату зор адспяваў панегірыкі,

Ні на страфу не знайду ў сабе лірыкі,

Ды закаханым дарогу дам, збочыўшы, -

Хай ходзяць вольна пад ручку, як хочацца.

ВАДОХРЫШЧА

Вось яно, сапраўднае Вадохрышча:

Адштурхнуўшыся ад стромых берагоў,

Апантана прэч з бясчасся пошасці

Самахоць ляцім у беспрасвет віроў.


Больш імгненне тое не паўторыцца,

Калі пушчанай за небакрай стралой,

Назаўжды прыземленасць адолеўшы,

Цела выструніш між сонцам і ракой.


Ад нырцоў шчэ роўнядзь не разломіцца,

Як пачнуць па ёй хвастаць, нібы свінцом,

Перабрэхамі, хлуснёй, праклёнамі,

Пасыланымі ўзляцелым наўздагон.


Б'юць наўскід, наўдачу, не выцэльваюць,

Выракаючы свавольнікаў на скон,

Пасьміхнуўшыся ў вусы, надзейныя

Вартавыя ладу безаблічных дзён.


Асляплёны ўласнаю вялікасцю,

На стральцоў забавы з-за аблок зірні:

Безліч нас, нікчэмных і пакліканых,

Захлынаецца цямрэччу ў глыбіні.

Прыгадай, таксама недавяркамі

Колісь страчаны Твой папярэднік - Ян,

А цяпер штодня плёскае ў чаркі нам

Перагорклымі струменямі Ярдан.


Не заві гібеючых блюзнерамі,

Бо з Табой мы аднае крыві, Хрыстос,

Але цэльнае віно без меры п'ем,

Паміж жорнамі віроў прыняўшы хрост.

НЕ БАЛІЦЬ

Не баліць. Не ўзрушае. Не мроіцца.

Пустата. Цішыня. Немата.

Сэрца роспачным болем не кроіцца,

Нібы гэнага сэрца няма.


Нібы трапіў у чэрава кратэра,

Дзе адно попел мёртвы й імгла.

У найдальшы лес да ліхаматары

Простай мовай натхненне паслаў.


Я не чую адвечнага вохкання

Паламаных жыццём і жыўцом,

Чорна-белы ані не палохае

Краявід уначы за вакном.


Дарма лезеце ў вочы з кантычкамі,

Чужых думак і слоў спажыўцы,

Мяне вашыя прымхі не тычацца -

Нам дарогамі рознымі йсці.


Іншым жальцеся, з іншым маліцеся,

Бо, п'ючы долі кубак да дна,

Не хачу ні парадаў, ні літасці,

Нібы сэрца напраўду няма.

* * *

Няхай наўсцяж дарогі вырвы і глыжы,

А змрочны крук благі канец прарочыць,

Сабой застанься да расстайнае мяжы,

Каб глянуць годна нават Богу ў вочы,

Калі па-над вузлом тваіх спраў і сцяжын

Свавольніца бязлітасная ўночы

Насупраць прышласці, якую не пражыў, -

Сняжынка - знічкаю паставіць прочырк

І ў неба колераў чарніцаў і ажын

Душа самотна назаўжды пакрочыць.

З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса*

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Другі трыумвір Нямекша - мозг ганебнай групы, быў вельмі тлустым чалавекам, што прыспешыла яго хуткі скон. Неяк моцна занямог. Усімі паважаны за сваю святаблівасць (зараз ён наогул стаў легендай) місіянер а. Вярыга наведаў хворага і навярнуў яго да з'яднання з Богам і пакаяння. Нямекша пагадзіўся пакаяцца, але з-за сваёй ляноты адклаў гэта да раніцы. Стары законнік казаў яму, што раніцы можа і не быць. Так і сталася, Нямекша памёр у тую ж ноч. Было гэта 10 кастрычніка 1878 г. Гэтак закончыў сваё жыццё той, які са сціплай пасады прэфекта Марыінкі ў Вільні ўзбіўся на вышэйшыя прыступкі касцельнай улады ў краі. Паміраў, не выканаўшы свае вялікія планы, якія ён меў разам з уладамі і, магчыма, нават расчараваўся ў іх.

Прыйшоў канец і Тупальскаму - трэцяму кампаньёну. У 1870-1872 гг. ён займаў пасаду рэктара духоўнай семінарыі ў Вільні. Жыў у вежы, якая была часткай комплексу будынкаў семінарыі. Вежа мела асобнае выйсце ў семінарыю і сваю прыёмную. Вежу і вокны жылога пакоя добра бачна з Святаянскага завулка (каля сучаснага палаца Агінскіх). Як і належыць, рэктар меў важнага слугу Юрку, які жыў у свайго дабрадзея ў вялікай ласцы і дапускаў да яго толькі тых, каго хацеў. Аднак быў нечым абражаны рэктарам і запомніў крыўду. Для выканання сваёй задумы, Юрка выбраў час, калі рэктар пасля св. імшы і перад сняданкам звыкла выпіваў кілішак нейкага трунку. У гэты раз слуга ўсыпаў у кілішак атруту. Выпіўшы трунку, Тупальскі адчуў сябе дрэнна і па парадзе Юркі, каб паправіць здароўе, выпіў яшчэ адзін кілішак. Вынік, аднак быў адваротны. Тады не чакаючы скону, слуга зачыніў дзверы, абухом (ці гірай ад гадзінніка) выцяў рэктара па галаве і забіў яго.

Але як схаваць сляды злачынства? Юрка выдумаў наступны план: адцяў галаву, у адзін мех паклаў цела забітага, у другі - яго каштоўнасці і галаву. Думаў, што так будзе цяжка даведацца, каму належыць цела забітага. Наняў вазніцу, прывёз першы мех на бераг Віліі і кінуў у раку. Вярнуўся на кватэру рэктара, замкнуў яе і з другім мяшком паехаў у бок мяжы. Аднак на мяжы яго ў нечым западозрылі і абшукалі. Як і належыць, знайшлі крыж каноніка і галаву Тупальскага. Тады злачынца ва ўсім прызнаўся. […] У Вільні нічога не ведалі, бо думалі, што рэктар хварэе і таму не выходзіць з кватэры. Атрымаўшы тэлеграму з мяжы, паліцыя адчыніла кватэру і знайшла сляды забойства. Такім страшным чынам 8 траўня 1872 г. пакінуў гэты свет трэці член трыумвірату Тупальскі. Вядомы ён быў таксама казаннямі, у якіх змагаўся з п'янствам.

З смутнай гісторыяй трыумвірату сцісла звязана гісторыя духоўнай семінарыі ў Вільні. У год студзеньскага паўстання (1863 г.) тут вучылася 116 студэнтаў (за ўвесь час было выпушчана 600 ксяндзоў). Пасля паўстання студэнтаў разагналі. Большасць з іх прыняла сан у Польскім каралеўстве і там засталася. Тупальскі застаў у семінарыі двух клірыкаў: гр. Ілінскага і Лінкевіча, першы з іх потым таксама быў выдалены. Пасля Тупальскага пасаду рэктара займалі ксяндзы Здановіч і Валіцкі (пяць месяцаў). У 1870 г. колькасць студэнтаў "узнялася" да 4 (усіх ксяндзоў у краі было 387). Лепей справы пайшлі, калі пасаду рэктара заняў кс. Мацей Гарасімовіч. Кіраваў ён ажно да 1878 г., калі за тое, што ў Вялікую пятніцу не прачытаў малітву за цара, быў пераведзены Жылінскім у вясковую парафію. У страшныя для дыяцэзіі часы трыумвірату Гарасімовіч выконваў вельмі вялікія функцыі - з'яўляўся ў Вільні і дыяцэзіі прадстаўніком Апостальскай сталіцы - лягатам, які падтрымліваў залежнасць ад Рыма. Падобна, ён нават атрымліваў лісты ад папы Льва XIII. Да Гарасімовіча звярталіся па самых важных касцельных справах, у яго шукалі абароны ксяндзы, прыціснутыя карупцыяй зверху. Памёр шляхетны кс. Гарасімовіч тайным камергерам папы. Стаўшы рэктарам семінарыі, ён застаў тут 17 студэнтаў, з якіх 14 адлічыў як няздольных на пасаду ксяндза. Гэты быў смелы, але патрэбны крок. Потым павольна ён павялічыў колькасць студэнтаў да 10 - 15 чалавек. […]

Цікава, што трыумвірат у семінарыі трымаў асобу графскай крыві ў надзеі, што граф стане біскупам і не забудзе сваіх дабрадзеяў. Гэта быў гр. Ілінскі, які займаў некалькі келляў, з якіх адна служыла яму спальняй, другая сталовай, трэцяя гасціннай і г. д. Граф не насіў сутаны, замест яе апранаў доўгую тужурку. Калі хацеў, выходзіў у горад і, калі хацеў, вяртаўся. Гасцінна прымаў у семінарыі розных наведвальнікаў. Канец яго вучобе паклаў кс. Гарасімовіч, але гр. Ілінскі застаўся ў гісторыі.


Дваццаць гадоў (1863-1883) працягвалася разбуральная праца трыумвірату у Віленскай дыяцэзіі. Маючы свае глыбокія карані ў плыні іосіфінізму97, яна абапіралася на грамадскую дэпрэсію, у якой апынулася Літва і Вільня пасля паўстання. Мураўёская расправа прымусіла значную частку кіраўніцтва дыяцэзіі шукаць кампрамісу з уладай нават коштам русіфікацыі касцельнага жыцця. Цяжка ўжо зараз вызначыць, ці ўсе яны мелі схізматычныя намеры, а калі мелі, дык у якой ступені, але такія намеры былі. Думалі тады так - папа далёка, а цар значна бліжэй. І цяжка сабе нават уявіць разруху, якая панавала ў дыяцэзіі пасля 20 гадоў такога стану рэчаў.

І менавіта тады, як раптоўны і моцны вецер, у 1883 г. прыйшоў біскуп Грынявецкі. Гісторыя вызначыла яму адыграць у дыяцэзіі значную і важкую ролю, і першы пасля паўстання віленскі біскуп стаў сапраўднай гістарычнай фігурай. У момант намінацыі на біскупа новы дастойнік касцёла быў чалавекам маладым, поўным энергіі і запалу і не лічыўся ні з чым і ні з кім. Толькі кс. Маеўскі (брат віленскага каноніка) як быццам меў на яго ўплыў.

Згодна з меркаваннем блізкіх знаёмых і калег намінанта па Пецярбургу, у пэўных духоўных колах хваляваліся, што будзе рабіць кандыдат, калі сустрэне ў Вільні гэткія цяжкасці. Мела сваё меркаванне і Апостальская сталіца, бо тры разы не пагаджалася з кандыдатурай Грынявецкага, калі яе прапаноўваў урад. І толькі згода ўрада на адначасовае прызначэнне кс. Кулінскага на пасаду біскупа ў Кельцы, прымусіла Ватыкан пагадзіцца з асобай Грынявецкага. Польская прэса таксама была не задаволена прызначэннем "пецярбургскага". Падобна, важным для біскупа быў дзень яго прыезду ў Вільню, калі па звычцы сваіх папярэднікаў, па дарозе з чыгуначнага вакзала ў катэдру, ён наведаў Вострую браму, каб памаліцца каля цудадзейнага абраза. Пасля дваццацігадовага сіроцтва біскуп быў сустрэты натоўпам, які чакаў свайго пастыра без аніякага энтузіязму. Нязвыкла шмат часу правёў біскуп у Вострай браме, што нямала здзівіла, але і натхніла вернікаў. Потым казалі, што менавіта тут біскуп Грынявецкі даў сабе слова: ці загінуць, ці перамагчы зло ў дыяцэзіі. Пасля гэтага быў энергічны выступ на сваім прысвячэнні ў Вільні і рэзкі ліст да генерал-губернатара Каханава.

І ён пачаў працаваць. Падобны быў да віхуры, якая ўсё рушыць, але хутка пралятае. Паспяваў паўсюдна: у парафіяльным жыцці (сам паехаў на вёску спавядаць хворага, бо пробашч касцёла Усіх святых адмовіў зрабіць гэта свайму парафіяніну), у кансісторыі (знайшоў там важныя паперы, якія прыйшлі яшчэ да 1863 г.), у семінарыі (думаў перанесці яе ў памісіянерскія муры) і інш. Афіцыялам кансісторыі стаў кс. Гарасімовіч. Шмат ксяндзоў вярнулася і пайшло сапраўднай дарогай святара. Гэтак кс. Пацынка, былы супрацоўнік Жылінскага, з'ездзіў у Рым і прайшоў там рэкалекцыю ў кляштары. Вярнуўшыся ў Вільню, упаў у ногі біскупу і атрымаў яго прабачэнне, а потым зрабіў яму шмат каштоўных паслуг. Менавіта кс. Пацынка папярэдзіў біскупа Грынявецкага, што зухаваты прэлат Капцаговіч носіць з сабой рэвальвер, каб застрэліць біскупа ў кансісторыі. Аднак адважны біскуп працягваў бываць у кансісторыі і неяк сустрэў там Капцаговіча. Біскуп прапанаваў яму выняць рэвальвер і покуль збянтэжаны ксёндз не ведаў, што яму рабіць, агаліў свае грудзі, сказаўшы: "Страляй зараз!" Потым біскуп сам усунуў руку ў кішэню помслівага прэлата і знайшоў там рэвальвер. Сумны быў канец у Капцаговіча - чалавека немалых здольнасцей: ён прыняў лютаранства, але пасля гэтага хутка памёр і ляжыць на лютаранскіх могілках у Царскім сяле.

Біскупу трэба было лічыцца нават з тым, што ворагі супраць яго могуць ужыць атруту. Каб засцерагчыся ад падобных выпадкаў, кс. Гарасімовіч фактычна выконваў абавязкі біскупскага капелана і не толькі засланяў яго сваім аўтарытэтам, які набываўся гадамі, але неадступна быў каля біскупа пры розных паездках па касцёлах, дзе падчас імшы падаваў біскупу сваё віно. І казалі, што адзін раз чужое віно было атручана … Калі адны ксяндзы былі цалкам лаяльныя біскупу (нават Жылінскі атрымаў дазвол служыць на Росах), другія змагаліся супраць яго. Напрыклад пралат Бядрынскі і іншыя дазвалялі сабе з амбона называць Грынявецкага маладзёнам, якому яны не дадуць кіраваць. Таму не дзіва, што біскуп граміў, караў і здымаў з пасад падобнае духавенства і быў для іх далонню Бога (можна ўзгадаць дэградацыю гарадзенскага дэкана Малышэвіча). І часам зразаючы сухую галіну, мог закрануць і яшчэ здаровую. Але кожная бура гэтак робіць …

Безумоўна, урад, які раней прапанаваў і ўпарта прасоўваў маладога біскупа, якога напачатку нават пахваліла газета "Русь", меў грунтоўныя прычыны быць незадаволеным. Справа ішла да звычайнага канца віленскіх біскупаў - выгнання. І такі канец прыспешыў сам біскуп Грынявецкі. Калі з пэўнай справай у біскупскі палац з'явіўся віленскі паліцмайстар Клінгенберг, біскуп раздражнёны нейкім непаразуменнем, сказаў яму: "Скажы спадару генерал-губернатару, што ён дурань!" Паліцмайстар на пачатку вырашыў, што не дачуў словы біскупа, аднак, той зноў паўтарыў: "Перадай яму, тое, што я сказаў - ён дурань!" І гэтыя словы былі перададзены Каханаву. Праз нейкі час біскуп зразумеў сваю памылку і паспрабаваў выбачацца. Але генерал-губернатар Каханаў не дазволіў, каб яго прымалі за смаркача, якому далі пстрычку, а потым гладзяць па галаве, і адмовіўся ад аўдыенцыі.

А яшчэ перад гэтым біскуп Грынявецкі пакрыўдзіў праваслаўныя духоўныя ўлады ў Вільні, калі падчас навагодняга прыёму ў палацы генерал-губернатара не пакланіўся праваслаўнаму архіепіскапу, калі той прывітаў біскупа ўставаннем. Гэтыя і іншыя экстравагантнасці былі прычынай, з-за якой біскупа Грынявецкага выклікалі ў 1884 г. у Пецярбург і выслалі ў Яраслаўль над Волгай. Урад плаціў біскупу 2000 руб. штогод, а калі праз пэўны час выгнанец выехаў за мяжу, дык атрымаў 5000 руб.

С. п. кс. Канстанты Маеўскі добра ведаў біскупа Грынявецкага яшчэ з пецярбургскіх часоў і быў сведкам яго кіравання ў Вільні, калі сам займаў пасаду рэктара семінарыі. Гэты ксёндз назваў кароткі віленскі перыяд Грынявецкага "феерверкам, які эфектна і хутка праляцеў, пакінуўшы пасля сябе добрыя, але трошкі прыкрыя ўражанні". […]

* Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.

97 Пра іосіфінізм гл: Ромер Міхал. Справы іосіфінізму ў Літве (пераклад Лаўрэша Леаніда) // Наша слова. № 3 (1466), 15 студзеня 2020.

Выйшаў з друку наваградскі літаратурны альманах "Стольны град" № 2

У Лідзе выйшаў з друку другі выпуск наваградскага літаратурнага альманаха "Стольны град". Уклала альманах наваградская паэтка Святлана Абдулаева пад рэдакцыяй Станіслава Судніка. Альманах распачынаецца вершамі таленавітага паэта з Наваградчыны Андрэя Пяткевіча (1966-1995). З паэтычнай спадчынай Андрэя Пяткевіча чытачоў знаёміць Васіль Кузьміч. А вершы Андрэй Пяткевіч пісаў цудоўныя:

Сівы вечар, сіні вечар

Ля парога ціха енчыць.

Смела ты заходзь у хату,

Бо я скінуў з вокнаў краты…

Парадуюць чытачоў лірычныя паэтычныя радкі Святланы Абдулаевай, Зміцера Арцюха, Марыі Быт, Уладзіміра Гайдука, Міхася Зізюка, Васіля Кузьміча і Янкі Паддубіцкага.

Белы голуб

У нябеснай сінечы

Белы голуб лунае…

І мяне вабіць нечым

Воля-вольная тая.

З гэтай птушкай на роўных

Я лятаю без крылаў -

І ў снах каляровых

Шлюць анёлы мне сілаў.

У нябеснай сінечы

Белы голуб лунае -

Повязь цесная з вечным -

Траекторыя тая…

Святлана Абдулаева.

* * *

Ты - загадка мая.

Я ўжо месяц гадаю,

Варыянты кручу.

Невядомасць - грызе.

І не ведаю я:

Ці люблю, ці кахаю…

Проста думкі лічу,

Як кругі на вадзе.


Ты - загадка мая.

Дні, як дзённік, гартаю.

Кожны позірк - акно…

Час няўмольна ідзе.

І не ведаю я,

Што пішу, што чытаю.

Толькі знаю адно -

Разгадаю цябе!

Зміцер Арцюх.

Свінарка

Мне знаёмая Прузына

Ідзе на працу балярынай.

Зграбнаногая, на шпільках.

Павадок, сабака Філька.

Падмалёваныя вочы.

Не жанчына - фея крочыць.

На губах - ну кветка ружа.

У "прыкідзе" і без мужа.

Не пазногці - кіпцюры,

Сантыметры мо па тры.

Міні верх і міні ніз,

Не Прузына, а сюрпрыз.

Рот адкрыеш, не маргнеш,

Пройдзе, дых перавядзеш.

Уся ў гонары і шпаркасць,

Так на працу ідзе свінарка.

Боты там надзене з гумы

Да свінячага парфуму.

Вось вам імідж яркі

Ад мясцовае свінаркі!

Уладзімір Гайдук.

З прозай у "Стольным градзе" выступаюць усё той жа Міхась Зізюк і Раіса Крывальцэвіч. Раіса Крывальцэвіч цікава разважае ў сваіх мініяцюрах пра жыццё і восень, бо "хутка настане час астраў - рознаколерных восеньскіх зорак…". Па-беларуску загучалі вершы ў альманаху Гаўрылы Шутэнкі, Яраслава Яраша, Уладзіміра Высоцкага, Аляксандра Пушкіна, Валерыя Брусава, Зінаіды Гіпіўс, Максіміліяна Валошына, Уладзіміра Хадасевіча, Юны Морыц, Аляксея Суркова, Іосіфа Бродскага ў перакладзе Уладзіміра Бармуты.

Наталля Кузьміч і Галіна Кавальчук у сваіх даследаваннях распавядаюць пра апавяданні Антона Чэхава і Максіма Гарэцкага як спробу тыпалогіі мастацкага свету, пра паэтыку апавяданняў Кузьмы Чорнага, пра асаблівасці мастацкага часу ў апавяданнях Галіны Багданавай, а таксама пра лёс храмаў Наваградчыны ў другой палове ХХ стагоддзя.

Сяргей Чыгрын, г. Слонім.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX