Папярэдняя старонка: 2022

№ 20 (20) 


Дадана: 17-05-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 20, 18 траўня 2022 г.

Жывіце ў радасці

У Слоніме адбыўся VI рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці"Жывіце ў радасці", у якім прынялі ўдзел сямейныя творчыя калектывы з усёй Беларусі.

Сацыяльны статус, роля і значнасць сям'і ў беларускім грамадстве нельга пераацаніць. Менавіта гэтым векавым каштоўнасцям і быў прысвечаны фестываль. Ён стаў трывалай пляцоўкай для раскрыцця вялікай колькасці таленавітых сямейных калектываў, якія праносяць праз усе сферы свайго жыцця дух творчага эксперыментавання і любоў да мастацтва.

Фестываль распачаўся ў гарадскім парку, дзе яго ўдзельнікаў шчыра віталі слонімцы. Потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па цэнтры старажытнага горада над Шчарай да Цэнтра культуры.

На пляцоўцы Цэнтра культуры з самай раніцы адкрылася выстава-конкурс сямейнай творчасці "Творчая майстэрня сямейнага дабрабыту". А на сцэне Цэнтра культуры да самага вечара праходзіў конкурс сямейных калектываў рэспублікі "Жыццё як творчасць".

Калі конкурс завершыўся, усіх удзельнікаў фестывалю радаваў канцэрт "Спраўляючы святы, мы песень багата спяваем усёй сям'ёй" творчых калектываў Гарадзенскай вобрасці ў гарадскім парку.

У фестывалі прынялі ўдзел з Берасцейскай вобласці інструментальны сямейны дуэт "Куражбамбей", вакальны дуэт сям'і Цямчык, калектыў сям'і Ганчар. З Віцебскай вобласці ў Слонім прыехала сям'я Агеевых - удзельнікі народнага аматарскага аб'яднання самадзейных паэтаў і кампазітараў "Гармонія". З Гомельскай вобласці завітаў ансамбль Клемпач "Вечарынка", з Гарадзенскай вобласці - народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі-калыскі" і народны сямейны ансамбль акардэоннай музыкі " Круіз". Магілёўскую вобласць на фестывалі сямейнай творчасці прадстаўлялі сямейны вакальны ансамбль Грыгор'евых і народны ансамбль народнай песні "Сваякі". А з Менскай вобласці прыехаў сямейны гурт роду Лямбовічаў" "Крона". Дарэчы, фальклорны сямейны гурт роду Лямбовічаў адлічвае свой творчы шлях з канца XIX стагоддзя, калі жыў народны майстар-самародак Кліменцій Лямбовіч. З дзяцінства ён быў захоплены музыкай. Кліменцій не толькі цудоўна іграў на шматлікіх музычных інструментах, але і сам рабіў некаторыя з іх. У прыватнасці, фізгармоніі і арганы. Сведчаннем таму з'яўляецца спецыяльны дыплом-пасведчанне і бронзавы медаль, якія былі ўручаны Кліменцію Лямбовічу на выстаўцы ў Магілёве напачатку ХХ стагоддзя. Яго дзеці і ўнукі таксама былі музыкамі.

Сёння сямейны калектыў "Крона"налічвае 16 чалавек - гэта сёстры Лямбовічы, іх дзеці і ўнукі. "Кронаўцы" спяваюць, танчаць, граюць на шматлікіх музычных інструментах (дуда, жалейка, ліра, акарына, скрыпка, басэтля, баян), займаюцца рознымі традыцыйнымі рамёствамі (ткацтва, кавальства, вышыўка, выцінанка, карункапляценне), а таксама жывапісам, графікай і роспісам дываноў. Сцэнічныя касцюмы Лямбовічаў - гэта супольная праца ўдзельнікаў калектыва.

Сямейны фальклорны гурт "Крона" старанна прапагандуе сваю спадчыну, сямейна-песенныя традыцыі і прымае ўдзел у шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных святах. Калектыў быў лаўрэатам многіх конкурсаў, сярод якіх - Менскага абласнога фестывалю сямейнай творчасці ў Дзяржынску, у Ганцавічах, Міжнароднага фестывалю музычных сем'яў у Добрэ Място ў Польшчы. Атрымаў Гран-пры на Другім Міжнародным фестывалі сямейнай творчасці "Полярные звёзды" ў Мурманску, а таксама іншых імпрэзаў.

У Слоніме сямейны фальклорны гурт "Крона" таксама выступіў лепш за ўсіх і паказаў сваё выдатнае сямейнае музычнае майстэрства. Дамоў сям'я Лямбовічаў павезла са Слоніма Гран-пры.

Сярод майстроў народнай творчасці найбольш таленавітымі аказаліся Сяргей і Ганна Рымдзёнкі з аграгарадка Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. Яны сталі пераможцамі конкурсу сярод майстроў народнай творчасці. Сяргей Рымдзёнак з'яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. А ў напачатку 2021 года атрымаў статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь. На працягу ўжо 26 гадоў Сяргей Рымдзёнак займаецца вырабамі з гліны.

Такія поспехі мае і яго жонка Ганна Рымдзёнак. Яна сапраўдны майстар ткацтва, валодае ручным і станковым ткацтвам. У сваёй працы выкарыстоўвае двухнітовае, закладнае, бранае, выбранае, пераборнае, падвойнае і ажурнае ткацтва. Яна вырабляе бясшоўныя посцілкі-паласавікі і мясцовыя закладныя дываны-кілімы. Ганна Рымдзёнак з'яўляецца адзіным майстрам у Беларусі, якая працуе ў гэтым накірунку. Цяпер Ганна Міхайлаўна працуе ў напрамку адраджэння стараверскіх ручнікоў.

З фестывалю сямейнай творчасці астатнія ўдзельнікі свята з пустымі рукамі дамоў не паехалі. Усе атрымалі каштоўныя падарункі, граматы, дыпломы і ўспаміны пра цёплы прыём слонімцаў.

Сяргей ЧЫГРЫН. Фота аўтара.

У Менску з'явіўся помнік Яўстаху Тышкевічу

Манумент стаў часткай кампазіцыі "Залатое кола беларускай навукі", якая, паводле задумы стваральнікаў, павінна сімвалізаваць увасабленне пераемнасці айчыннай навукі і культуры. Яна складаецца з ратонды і скульптур Францішка Скарыны, Казіміра Семяновіча, Сімяёна Полацкага, а цяпер і Яўстаха Тышкевіча і знаходзіцца на праспекце Незалежнасці побач з галоўным будынкам Акадэміі навук і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай. Дадамо, што Яўстаха Тышкевіча лічаць адным з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі.

Паводле СМІ.

Хлеб вайны і хлеб Перамогі

Пра тое, якую цану меў хлеб у час ваеннага ліхалецця, знаёміць інтэрактыўны занятак "Хлеб вайны і хлеб Перамогі". Напачатку наведвальнікі віртуальна апынуліся на вул. Шубіна ля Лідскага хлебазавода, дзе пазнаёміліся і з гісторыяй назвы вуліцы, і з прадукцыяй прадпрыемства. А затым, уражаныя разнастайнасцю хлебабулачных вырабаў, перамясціліся ў часы ваеннага ліхалецця, калі нават маленькая крошачка станавілася даражэй за золата. Дапамагала пагрузіцца ў атмасферу ваеннай пары выстаўка "Грозна грымнула вайна" і экспазіцыйная частка "Партызанская зямлянка" ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.

Разнастайнасць у занятак уносілі інтэрактыўныя хвілінкі. Можна было апынуцца на "партызанскай кухні", набраць дроў і "распаліць" вогнішча, размалоць зерне і… спячы хлеб, калі не хапала мукі.

І, канешне ж, гісторыя 125 г хлеба, якія ляжалі на вагах.

Як голас з мінулага, на занятку прагучала прыказка "Пры сытасці памятай пра голад", і каментар ужо быў не патрэбны.

Наш кар.

Дранікі - гістарычна-культурная каштоўнасць

13 траўня 2022 года на паседжанні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасці элементу "Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя) - традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Гродзенскай вобласці". Элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны адлюстроўвае багатую, яскравую, самабытную народную спадчыну, звязаную з асаблівасцямі харчавання. Носьбіты традыцыі і маладыя гаспадыні Гарадзеншчыны прадставілі для дэгустацыі "дранікі", "бульбяныя бліны" Іўеўшчыны і Лідчыны, "банды на дубовых лісцях" з ам. Юбілейны Ваўкавыскага раёна, "бульбяную бабку" з ам. Адэльск Гарадзенскага раёна.

Чальцы рады адзінагалосна прагаласавалі "за". Эксперты пераканаліся, што традыцыя прыгатавання страў з таркаванай бульбы распаўсюджана па ўсёй Беларусі - зафіксавана 235 народных рэцэптаў...

Цяжка сказаць, ці сярод гэтых 235 рацэптаў знайшлося месца для "шурпаў", вядомых і папулярных калісьці ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна ды ў наваколлі.

Гэта - не бульбянікі, не бабка, не крывяная наліванка, у якой масай для налівання ў кішкі служыць свіная кроў, замешаная з цёртай бульбай.

Каб прыгатаваць "шурпы" трэба бульбу нацерці і добра адцадзіць у клінку, ці як яшчэ, каб атрымалася тугая маса. Потым з гэтай масы качаюцца шарыкі міліметраў 15 у дыяметры. Шарыкі варацца на вадзе, так жа з адварам і падаюцца, але зверху яшчэ добра заліваюцца малаком. Ядуць "шурпы" лыжкамі. Звычайна "шурпы" варылі зімовым вечарам, калі быў час нацерці бульбы, ды накачаць тых "шурпаў"...

Немалая заслуга ва ўшанаванні дранікаў і іншых бульбяных страў належыць упраўленню культуры Гарадзенскай вобласці, якое даўно выношвала гэтую ідэю, і многім раённым установам культуры. І не трэба гаварыць, што нацыянальныя традыцыі не жывуць у дамах культуры. Жывуць - не жывуць, але захоўваюцца і папулярызуюцца, а захаваныя вяртаюцца ў народ.

Наш кар.

Пісьменніку Сяргею Панізніку - 80

Пісьменнік Сяргей Панізнік - энцыклапедыя нашага жыцця, нашай літаратуры. Такіх у Беларусі сёння асобаў засталося мала. А нядаўна ж жылі і Генадзь Кісялёў, і Генадзь Каханоўскі, і Алег Лойка, і Янка Саламевіч, і Арсень Ліс, і Сцяпан Александровіч… Але час не стаіць на месцы.

10 траўня Сяргею Панізніку споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння. Родам ён з Мёрскага раёна. Скончыў Магілёўскае медвучылішча і Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча, Сяргей Панізнік быў накіраваны для афіцэрскай службы ў 120-ю гвардзейскую Рагачоўскую дывізію. Але галоўным дыпломам, з якім ён адправіўся ў войска, быў яго першы зборнік паэзіі "Кастры Купалля", які пераслаў у Львоў стваральнік кніжачкі Рыгор Барадулін. У ім паэт пісаў:

Не жыў бы ў сэрцы

сум па Беларусі,-

Я Украіну б роднаю назваў…

Неяк начальству вучылішча паэт-журналіст напісаў заяву на дазвол вывучаць творчасць беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі Цёткі. І яму дазволілі, таму здабываў звесткі ў Львоўскай навуковай бібліятэцы АН Украіны імя Васіля Стэфаніка (у аддзеле рукапісаў - найперш). Існаваў так званы Беларускі аддзел у Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва. Праз імя Цёткі можна было выявіць адзнакі беларускай прысутнасці ў свеце. Нездарма Пімен Панчанка так выказаўся пра дыфузію культураў: "Мы для братніх народаў бяздонныя верныя донары". Ну, а калі "Панізніка стварыў Львоў", то ён і натхніў паэта і на вось такія радкі:

На акварэльнай любаце

бузок у Стрыйскім парку цвіў.

А ў Алаізіным куце

свяцілася: "Мэ фэцыт Львіў"…

Шмат працаваў Сяргей Панізнік у архівах Львова, шукаў беларускія скарбы і сляды Цёткі. Але найперш, ужо на Бацькаўшчыне, захапіўся паэзіяй. Пісаў вершы, потым дакументальныя аповесці, публіцыстычныя артыкулы. З друку пачалі выходзіць яго кнігі "Палявая пошта", "Крона надзеі", "Слова на дабрыдзень", "Стырно", "Жыцень" і шмат іншых. Не сядзіць без творчай справы пісьменнік і сёння, шмат піша, выдае. Таму шчыра віншуем Сяргея Сцяпанавіча з юбілеем і жадаем яму здароўя і творчага натхнення яшчэ на доўгія гады.

Сяргей Чыгрын.

Да самай смерці служыў Радзіме

Да 110-годдзя беларускага паэта Анатоля Іверса (1912-1999)

Нарадзіўся Анатоль Іверс (Іван Міско) 15 траўня 1912 года ў вёсцы Чамяры на Слонімшчыне. Праз два гады сям'я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні і ў Кіеве. Вярнуліся дамоў толькі ў 1918 годзе. Як не цяжка было, а за гэты час маленькі Ваня навучыўся чытаць па-руску, а калі вярнуўся з бацькамі ў родныя Чамяры, пайшоў "перавучвацца" ў польскую пачатковую школу. Але гэтыя мовы былі для яго чужыя. Хлопчыку хацелася вучыцца ў беларускай школе. Аднойчы летам з Віленскай беларускай гімназіі прыехаў у Чамяры Казімір Чартовіч, які за лета падрыхтаваў чамяроўскіх дзяцей да паступлення ў гімназію. Сярод гэтых вучняў быў і Іван Міско. У 1926 годзе ён становіцца вучнем беларускай гімназіі ў Вільні. Там чамяроўскі хлопец знаёміцца з Алесем Салагубам, Язэпам Урбановічам, Міхасём Васільком. Раскідвае лістоўкі, носіць у турму мопраўскія перадачы для вязняў, расклейвае плакаты, ходзіць на дэманстрацыі рабочых. Аднойчы паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, а некалькі дзесяткаў гімназістаў былі выключаны з беларускай навучальнай установы, у тым ліку і Іван Міско, якога пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам. Потым былі яшчэ дзве спробы працягваць адукацыю ў Клецкай і Наваградскай гімназіях, але і адтуль "бунтар" Міско быў выключаны. Яго "ўніверсітэты" закончыліся ў 1931 годзе, пасля чаго юнак вярнуўся ў родную вёску. У адзін з вечароў да Івана Міско зайшоў незнаёмы хлопец, перадаў прывітанне ад Валянціна Таўлая і папрасіў згоды на подпіс пад Дэкларацыяй сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Дэкларацыя і першы верш Івана Міско пад псеўданімам Анатоль Іверс былі апублікаваны ў першым студзеньскім часопісе "Літаратурная старонка" за 1934 год. Праўда, наклад часопіса быў канфіскаваны, але з друкарні ўсё ж удалося вынесці некалькі нумароў. Вокладка першай кніжкі Анатоля Іверса. Праз некаторы час вершы Анатоля Іверса пачалі часта друкавацца на старонках выданняў "Літаратурная старонка", "Калоссе", "Беларускі летапіс", "Шлях моладзі", "Наша воля", "Асва". А ў верасні 1939 года ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік "Песьні на загонах". Аб чым пісаў малады слонімскі паэт? Ды пра тое, як шуміць жыта, як "хтось расчэсваў зялёныя сосны", як "заігралі ветры ў полі" і як "залацілася раніца ападаючым шэлестам". А яшчэ паэт пісаў пра Беларусь, пісаў шчыра і светла, натхнёна і радасна:

Адзначыць каб добрую ўдачу,

Я зораў з сабой набяру

І жменяю сыпну - няйначай,

На славу табе, Беларусь.

Калі прыйшлі "першыя саветы" і ў Слоніме пачала выдавацца раённая газета "Вольная праца", яе першы рэдактар Іосіф Чарняўскі запрасіў Івана Міско на працу на пасаду літсупрацоўніка рэдакцыі. А ў 1940 годзе на выязным паседжанні ў Беластоку кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі БССР прыняло Анатоля Іверса ў Саюз пісьменнікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны Іван Міско ўзначальваўваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага па разведцы. У лесе выдаваў антыфашысцкую газету "Барацьба", лістоўкі, дапамагаў выпускаць падпольную "Вольную працу". Вайна прайшла праз сэрца і душу Анатоля Іверса. Ён страціў першую жонку і бацьку, ды і сам быў на валаску ад гібелі. Пасля вайны, замест творчай працы Іван Міско працаваў на смолазаводзе, у хімлясгасе, а калі пайшоў на пенсію - быў адказным сакратаром Слонімскага раённага аддзялення таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. А першы пасляваенны зборнік вершаў выйшаў з друку толькі ў 1970 годзе. Ён называўся "З пройдзеных дарог". Сюды ўвайшлі вершы, напоўненыя пачуццём шчырай любові да роднага краю і яго працавітых людзей, а таксама паэма пра камсамольца Валодзю Бялько. У сваіх паэтычных радках Анатоль Іверс стараўся праўдзіва адлюстраваць перамогі над усімі акупантамі, якія не давалі спакойна жыць і працаваць на роднай зямлі:

Перамога! Перамога!

Абіваем з ботаў пыл.

І на пройдзеных дарогах

Ставім новыя слупы.

Вецер гутарыць з ліствою,

Ад кастра адносіць дым.

А слупы ўсё пахнуць хвояй,

Нашым лесам маладым.

Але як цяжка Анатолю Іверсу не было і дзе б ён не працаваў, заўсёды пісаў вершы, ніколі не цураўся матчынай мовы. Паэт трываў і "шчасце спазнаў" у сваіх вершах. Трэці зборнік паэзіі "Жыву ў бацькоўскім краі" пабачыў свет у Менску ў 1982 годзе. Ва ўступным слове да яго Алег Лойка трапна заўважыў, што "вершы Анатоля Іверса другой паловы 1960-1970-х гадоў раскрылі жыццёвы лёс паэта найбольш шырока і глыбока, і іх дэкларацыі - часцей за ўсё менавіта ёмістыя паэтычныя формулы жыцця і барацьбы, вернасці Радзіме, праўды лёсу чалавечага, як, напрыклад, гэтыя:

Таварышы, паверце,

Хачу не проста жыць,

Хачу да самай смерці

Радзіме паслужыць".

Нялёгка было ў правінцыі жыць, але вершы пісаліся і выдаваліся новыя кнігі: "Я пайшоў бы ўслед за летам…"(1987), "Прыдарожныя сосны" (1995), "Травень" (1997) і іншыя. Васіль Быкаў аднойчы сказаў: "Анатоль Іверс шмат дзесяткаў гадоў сумленна і мужна працаваў на карысць свайму народу і яго літаратуры".

Сяргей Чыгрын.

Род Лямбовічаў ад Міхала

Паходжанне роду і ўзнікненне прозвішча

Існуе думка, што родапачынальнік Лямбовічаў паходзіць з нетутэйшай зямлі. На гэта ўказвае само прозвішча, а дакладней: спалучэнне губных гукаў мб, што не ўласціва для моў усходнеславянскіх народаў (беларускай, украінскай, рускай) і з'яўляецца адным з паказчыкаў слоў замежнага паходжання, або, як прынята яшчэ гаварыць, запазычання з іншых моў.

Прыводжу прыклады такіх запазычаных слоў. Агульныя назоўнікі: камбінат (лац.), амбіцыя (лац.), эмблема (грэч.), амбулаторыя (лац.), амбразура (франц.), эмбрыялогія (грэч.), камбайн (англ.); уласныя назоўнікі: Камбоджа (дзярж.), Калумб (прозв.), Каломба (прозв.), Эмбер (прозв.), Амброзій (імя), Амбон (горад і востраў), Эмба (рака), Лемба (прозв.).

Існуюць дзве версіі ўзнікнення роду Лямбовічаў. Першая мае італьянскі след. Мой тата сцвярджаў, што род наш паходзіць ад італьянца, якога мог прывезці граф Тышкевіч з-за мяжы. І замежнік гэты быў таленавітым музыкам, хутчэй, небагатым (граф абыкаго не браў бы, а багаты сюды сам не паехаў бы). І калі аднойчы ў 90-я гады 20 ст. тата прачытаў у газеце "Известия" пра нейкага італьянца Лемба, то яшчэ больш уцвердзіўся ў сваёй думцы. Дарэчы, як сёння помню, ён мне паказваў гэты артыкул пра Лембу, не прыдала я тады асаблівага значэння гэтаму і шкадую, што газета не захавалася.

На карысць гэтай версіі працуе і прозвішча з характэрным паказчыкам замежнасці (само слова Лемба нічога не гаворыць, яго вытворная аснова - невядомая), і тое, што ў родзе шмат людзей з музычнымі здольнасцямі (музыканты, спевакі, майстры па вырабе музычных інструментаў), а, як вядома, італьянцы вельмі музыкальны народ.

Паразважаем, як жа ўзнікла прозвішча Лямбовіч з характэрным беларускім -овіч (-евіч, -эвіч). Такога кшталту прозвішчы ўтвараліся такім чынам: за аснову браўся антрапонім (часцей імя, мянушка носьбіта роду), напрыклад, Павел, Пётр, Тамаш... і дабаўляўся патрэбны суфікс. Чытаем у прафесара, доктара філалагічных навук Паўла Сцяцко: Тамашэвіч - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Тамаш і значэннем "нашчадак названай асобы": Тамаш + -эвіч = Тама-шэвіч.

Па аналогіі выводзім схему ўтварэння прозвішча Лямбовіч.

Лямбовіч - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Лемба (Lеmbo) са значэннем "нашчадак названай асобы": Лемба + -овіч = Лямбовіч. Акцэнтаванне на апошнюю літару а (о) антрапоніма Лемба (Lembo). Пасля л з'явілася я, бо ў першым складзе перад націскам у беларускай мове замест е пішацца і вымаўляецца я.

Другая версія мае паўднёва-славянскі след ( магчыма, сербскі або югаслаўскі). Прозвішчы, характэрныя для гэтых народаў, нагадваюць нашы, беларускія, толькі ёсць адна асаблівасць: у беларускіх - націск падае на суфікс ( Лямбовіч, Казакевіч), а ў паўднёваславянскіх народаў - на аснову, ці корань слова ( Драйгавіч, Мелашавіч).

Такім чынам, можам дапусціць наступнае:

Напрыклад, далёкі наш продак (дапусцім, серб) меў прозвішча Лембавіч, а стаў Лямбовіч, змяніўшы толькі націск на спецыфічны, беларускі. Але ці зафіксаваны навукова такія формы ўтварэння беларускіх прозвішчаў, мне невядомы. Таму я асабіста схільна да першай версіі ўтварэння прозвішча і паходжання роду Лямбовічаў...

Магчыма, нашчадкам наступных пакаленняў удасца глыбей зазірнуць за ўжо прыадкрытую заслону часу, каб удакладніць вядомае і спазнаць яшчэ не раскрытыя таямніцы роду ЛЯМБОВІЧАЎ... і паставіць кропку.

Людвіка Таўгень - дачка Лямбовіча Станіслава, унучка Лямбовіча Міхала, праўнучка Лямбовіча Кліменція, прапраўнучка Лямбовіча Міхала, прапрапраўнучка Лямбовіча Міхала.

ЦУКЕРКІ ЯНКІ КУПАЛЫ

ГРЫБЫ І ЗУБРОЎКА

Ляўкі... Лічы, радзіма, якая згадваецца ў 1669 годзе як вёска ў складзе маёнтка Копысь у Аршанскім павеце ВКЛ. Ад майго Фабрычнага пасёлка - не больш за 12 кіламетраў. Чатыры - да Магілёўскай шашы і восем - ад паварота на цэнтр сельсавета Зубава, куды пераехала ў 2018-м мая родная Якаўлевіцкая школа, якую пасля 90 гадоў існавання зачынілі і якая падзяліла лёс іншых сярэдніх навучальных устаноў раёна...

"Ехаць прыйдзецца цягніком да Оршы, адтуль яшчэ кіламетраў дваццаць", - расказваў Янка Купала Якубу Коласу. Упершыню Іван Дамінікавіч аказаўся ў Ляўках разам з іншымі нашымі творцамі ў красавіку 1935-га падчас сваёй чарговай творчай камандзіроўкі. Пісьменнікі выступалі на калгасных сходах і вечарынках. Паэт настолькі ўразіўся і вёскай, і людзьмі, і наваколлем, што пражыў тут у сям'і ляснічага Шыманскага цэлае лета. Мясцовасць так яму спадабалася, што пасля пастановы ўрада аб будаўніцтве дачы ў гонар ягонай 30-гадовай творчай дзейнасці на пытанне "Дзе", адказаў: "Толькі тут!". Пятрусь Броўка, які памёр у сакавіку 1980-га, успамінаў, што такі цудоўны куток цяжка было ўявіць. Стоячы над асабліва прыгожым, раздольным у Ляўках Дняпром, Купала гаварыў: "Ты толькі паглядзі, Петрусёк, якая веліч гэтая рака, а яна ж звязвае ўсіх нас - і рускіх, і беларусаў, і ўкраінцаў". Як жа горка чытаць гэтыя братэрска-сардэчныя словы песняра сёння, калі між славянамі ідзе жудасны кровапралітны канфлікт.

Пра тое, што лепшае месца для лецішча ўявіць было, сапраўды, складана, распавядае ў сваім рамане-эсэ і вядомы беларускіі літаратуразнавец Алег Лойка, які пайшоў з жыцця ў 2008-м. Ён піша, што за дачай на кручы гайдалі ў высокім сінім небе свае разложыстыя лапіны векавыя, задуменныя сосны. Яны "дарылі Купалу грыбы, ягады і зуброўку - шаўковую, духмяную траву зуброў, якая расце толькі ў Беларусі". У багажніку "Шэўрале", мышыны, якую ўрад падарыў паэту ў 1939-м, разам з "найлепшай траўкай для гасціннай настойкі" ехалі "белыя баравікі ў карычнева-чорных пакарабацелых капелюшах, вогненна-рыжыя рыжыкі, маслатыя маслякі, чырвонага-ловыя падасінавікі". У ціхім і прыемным паляванні на іх прымаў удзел і Якуб Колас. Акрамя яго і згаданага вышэй Броўкі ў госці прыязджалі Міхась Лынькоў, Пятро Глебка і Андрэй Александровіч. Наведвалі гаспадара і пісьменнікі з саюзных рэспублік - перакладалі на свае мовы вершы, складалі з іх зборнікі… Пра гэта распавядала мне падчас маёй працы ў "Сельской газете" былая дырэктарка Літаратурнага музея Янкі Купалы Жанна Казіміраўна Дапкюнас, дачка пляменніцы песняра, захавальніцы яго літаратурнай і архіўнай спадчыны Ядвігі Юльянаўны Раманоўскай. Па словах Жанны Казіміраўны, разам з Іванам Дамінікавічам Ляўкі наведвалі, вядома ж, ягоная жонка Уладзіслава Францаўна, а гэтаксама малодшая сястра паэта Леакадзія з сынамі Янкам і Уладам, сярэдняя сястра Марыя, пляменніцы Уладзя, Ніна, Ваця і Ядвіга.

Па ўспамінах Коласа, калі ён упершыню прыехаў у Ляўкі, Купала павёў яго аглядаць наваколле, спачатку лес, які часта перасякаўся глыбокімі ярамі. З іх схілаў прабіваліся крыштальна чыстыя крыніцы. Яны ўтваралі на дне яроў рухлівыя, гаманкія ручайкі, што зліваліся ў адзін і шпарка імкнуліся ў Дняпро, у бераг якога ўпіраўся адхонны схіл кручы, багата зарослы пышнымі кустамі. Летняй раніцай, да ўсходу сонца, паэтаў уражваў і хваляваў, радаваў і натхняў малюнак, які яны назіралі з вакна салькі купалаўскай дачы. Павольная, паважная баржа з чырвоным ліхтаром. Следам за ёй - агністая плямка, што адбіваецца ў празрыстай вадзе. Рыбацкія лодкі. А воддаль, за два кіламетры вышэй па рацэ, - сілуэты будынкаў Копысі…

З вялікай цікавасцю пазнаёміўся я некалі і з першым успамінам Коласа пра Купалу. Вось ён: "Мая першая непасрэдная сустрэча з Янкам Купалам адбылася толькі летам 1912 года, амаль праз год пасля майго вызвалення з астрога (паэт трапіў у менскую турму за ўдзел у настаўніцкім беларускім саюзе - У. Б.).

… Я жыў у сваіх родных на Нёмане, за паўтара кіламетры ад в. Мікалаеўшчына. Якраз на тую пару я быў у сяле ў аднаго з сваіх прыяцеляў. І раптам прыбягае адна з маіх сясцёр. Усхваляваная, стаміўшыся ад шпаркай хады, яна адразу з запалам сказала: "Да цябе прыйшоў Янка Купала!". Гэтыя словы моцна ўразілі мяне. Я зараз жа развітаўся з прыяцелем і хутка падаўся дахаты на сустрэчу з паэтам, якога я ведаў даўно, але ні разу яшчэ не бачыў, і якога так моцна хацелася пабачыць.

Купала сядзеў за сталом. Згледзеўшы мяне на парозе хаты, ён не спяшаючыся падняўся з месца і накіраваўся насустрач мне. Лагодная ўсмешка, ясны малады твар, вясёлыя светлакарыя вочы з ледзь улоўнай хітравінкай - такі быў у маіх вачах Янка Купала. Такім жыве ён і па сённяшні дзень у самым запаветным куточку мае памяці…

... Звычайны Купала мала калі пускаўся ў доўгія гутаркі. Ён пераважна абмяжоўваўся кароткімі і трапнымі адказамі, заўвагамі. У тоне яго гаворкі нязменна чуліся дабрадушныя ноткі жарту і гумару. Запаветныя думкі ён таіў у самім сабе, не раскідаўся імі. І толькі вынасіўшы, перажыўшы іх, даваў ім волю ў сваіх творах. Таксама не любіў ён гаварыць і аб сваіх творчых намерах, планах..."

НАСТОЙКА І ДРОЖДЖЫ

У Копысі, што за два кіламетры ад Ляўкоў, на самым беразе Дняпра стаяла хата майго дзеда па маці Іллі Нічыпаравіча Ігнаценкі, у якую трапіла ў 41-м адна з самых першых фашысцкіх бомбаў... Упершыню мястэчка, у якім вельмі любіў бываць аўтар створанай у 1906-м пранізлівай "Маёй малітвы", згадваецца як горад Полацкага княства ў Ніканаўскім летапісе ў 1059-м. У сярэдзіне XII стагоддзя тут знаходзіўся пункт збору смаленскімі князямі гандлёвага мыта з тавараў, што правозілі па Дняпры, і карчмарскай даніны з заезных дамоў. Цягам чатырох стагоддзяў мястэчка было цэнтрам керамічнага рамяства, гэтак званай "копыскай кафлі". Да гітлераўскай навалы тут дзейнічала разам з іншым і вядомая ў акрузе хлебапякарня, на якой шчыравалі дзед і бабуля Мар'я. Ілля моцна сябраваў з Шыманскім, які і пазнаёміў яго з Купалам.

Мама Настасся Іллінічна, якой у 1936-м споўнілася 12, пачула, як бабуля расказвала суседцы, што Купала вельмі ўважліва сачыў за сваім мілавідным тварам. І калі на белых шчоках нечакана пачалі з'яўляцца чырвоныя запаленыя вугорчыкі, паэту параілі на працягу месяца піць парашковыя піўныя дрожджы. Пра іх існаванне мама, у арозненне ад старэйшых, нічога ніколі не чула і не ведала. Як не ведала да часу, што дзед мяняў праз знаёмых звычайныя хлебапякарныя дрожджы на неабходныя. Па іх Купала і прыехаў з Шыманскім да дзеда.

Быў паэт, якога ўжо добра ведалі і старыя, і малыя, сярэдняга росту, з кіёчкам і ў каляровай цюбецеечцы. А ўжо тыдні праз два прыйшоў пешаком, як гэта часта рабіў, адзін. Дзеду прынёс пляшку асабістай "зуброўкі", а маме - цукеркі і новую кніжку "Песня будаўніцтву". Яна толькі што пабачыла свет і потым захоўвалася ў горацкіх Анікавічах, на ўскрайку якіх, побач з вялікім балотам, дзед пабудаваў у вайну маленечкую хатку, да самага заканчэння вайны. Наведваўся Іван Дамінікавіч у Копысь і з жонкай Уладзіславай Францаўнай, якая аднойчы дужа пакрыўдзілася на суседку-сяброўку - тая не сказала ёй, што ў яе адсутнасць Янка гуляў ноччу на дачы не толькі з сябрамі-паэтамі, але і з мясцовымі дзяўчатамі-прыгажунямі. Пасля яму давялося шкліць на сваім лецішчы ўсе вокны!.. Увогуле ж моладзь збіралася ў вялікім клубе, будаўніцтва якога арганізаваў камсамольскі актыў. Назвалі прыстойны дом у стылі часу - "Чырвоны аратай". Купала пісаў:

Вечарынка ў калгасе,

У "Чырвоным аратаю", -

Прыйшлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,

Прыйшлі Зоські, Стасі, Касі,

І гармонік грае, грае.

Гэта радкі з верша "Вечарынка", што ўвайшоў у вядомы "Ляўкоўскі цыкл".

Нягледзячы на часовыя жыццёвыя непаразуменні, якія тут жа забываліся, Уладзіслава Францаўна вельмі цёпла адгукалася пра мае родныя мясціны: "Калі я ўспамінаю Ляўкі, дзе была наша дача, перада мной заўсёды ўстае высокі бераг Дняпра, стары сасновы бор, задумны, шумлівы...

Каля Дняпра зарослыя кустамі чаромхі, арэшыны, у высокай зялёнай траве акопы, бліндажы - памяць Першай сусветнай вайны.

Па Дняпры праходзяць платы, за Дняпром відаць шырокія калгасныя палі, з вясны зелянеючыя рунню, а пасля - залацістыя ў цяжкім наліве калгаснага збожжа.

Плытагоны пелі песні, якія доўга несліся над вадой, рэхам адгукаючыся ў бары. Цэлымі днямі бор напаўняўся птушыным шчэбетам, ноччу і раніцай увесь прастор дрыжаў ад салаўінага спеву".

САЛАЎІ І РАДЗІМА

Думаецца, і Купалу адразу ж і назаўжды паланілі гэтыя ўнікальныя, цікавейшыя нябесныя птахі. Мой добры знаёмы Віктар Рабкоў, які працаваў у свой час у нашым Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, вярнуўшыся аднойчы з Аршаншчыны, запытаў, ці чуй я калі ляўкоўскіх салаўёў? І, не чакаючы адказу, "заспяваў": "Уяўляеш, яшчэ не паспела схавацца сонца і на небе ўдалечыні залаціцца высокая хмурынка, а з тваіх прыдняпроўскіх пагоркаў нечакана - іх цёхканне. Спачатку ціхае і як бы нясмелае, якое з кожным каленцам набірае моц і дужыцца, аж пакуль не аціхае на нечаканай ноце. За першым, ледзь разгледзіш, даўганогім, бураватым, падаў голас другі, потым трэці... І пашыбаваў па ўсім тваім наваколлі мілагучны, гаючы і радасны розгалас..." Мне тады падалося, я зноў у Ляўках, у развагах пра веліч і хараство, якія ахутвалі Янку Купалу. Праз год ужо сам знаходзіўся сярод лістоты, з якой салаўі пілі расу, і атрымліваў асалоду ад канцэрту мясцовых майстроў. Свіст, вуркатанне і гукі пстрыкаў, няспешны тэмп і вялікая разнастайнасць проста зачароўвалі. Дарэчы, крышачку буйнейшая за вераб'я, непаўторная, дзіўная птушка спявае толькі на радзіме! І гэта робяць праз тыдзень пасля прылёту дадому толькі самцы. Сваім нябесным мастацтвам яны шукаюць сваю другую палову. Лепш удаецца гэта старэйшым. Што ні кажы, а рэпертуар іх песень багацейшы. Тым не менш, лічы, палова ўсіх кавалераў так і не знаходзіць сабе пару… Калі прыгледзецца ўважліва, можна заўважыць, як побач з першым выцягнуўся на лапках і ківае хвастом другі, за ім топчыцца трэці... Сам не ўцяміў, падказалі людзі: гэта маладзейшыя пераймаюць высокае майстэрства ў старэйшых.

У чарговы раз дзед перадаваў своеасаблівыя лекі Купалу падчас наведвання ім Копыскай сярэдняй школы, дзе мама вучылася тады ў сёмым класе. Яна каля паўстагоддзя адпрацавала медсястрой у нашай фабрычнай бальнічцы, і я ніколі не чуй, каб яе называлі не інакш як Іллінічна - без імя і прозвішча.

- Купала быў у нашай школе некалькі разоў, - расказвала Іллінічна. - Асабліва запомніла, як ён прыязджаў у 1938-м разам, здаецца, з Броўкам. Настаўніца Ганна Якаўлеўна Барадзінцава запрасіла яго, як мы, малодшыя, даведаліся, на выпускны вечар. Прыйшоў Купала, нельга было не звярнуць увагу, у прыгожым шэрым касцюме з белай сарочкай і гальштукам, і вельмі акуратна пастрыжаны. Сабраліся і вучні, і выкладчыкі, і вяскоўцы - усе, хто на той момант аказаўся ў школе. Такі прыемны, сціплы, светлы, ён больш цікавіўся мясцовымі справамі, чым распавядаў пра сябе. Пытаўся, колькі ўсіх выпускнікоў, куды збіраюцца ўладкоўвацца, хто застаецца вучыцца, дзе працуюць бацькі, хто чым з большай ахвотай займаецца, што неадкладна патрэбна школе, ці піша хто вершы. Сам жа прачытаў пра тое, як бацька кліча сыноў і запытвае, чым яны будуць займацца.

Праз нейкі час я даведаўся, што гэта быў верш "Сыны" - першы, напісаны паэтам у Ляўках, які ўвайшоў у згаданы вышэй "Ляўкоўскі цыкл". Хто памятае, у ім яшчэ "Старыя акопы", "Беларусі ардэнаноснай", "Алеся", "Здаецца, было гэта ўчора", "Як я молада была", "Лён", зразумела ж, неўміручы "Хлопчык і лётчык", які я ведаў на памяць зусім яшчэ малым:

- Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Вазьмі ты з сабою мяне!

Я - ведай - вялікі ўжо хлопчык,

І ўмею ўжо лётаць у сне.

Мне мама сягоння сказала,

Што стукнула мне ўжо сем год.

Табе гэта, можа, і мала,

А мне ляцець толькі ў палёт...

...................................................

Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я

Пабыць у людзях, паглядзець,

Як месяц на небе начуе,

Як блукае ў лесе мядзведзь.

Як свецяцца ночкаю зоры,

А днём не відаць іх чаму,

Як рэчкі ў далёкія моры

Улетку плывуць і ў зіму…

Гэтым ды іншымі вершамі паэта я зарабляў у першых класах навагоднія падарункі не толькі для сябе, але і для Максіма, Шкрэда і Валіка. Загадчык канторы падсобнай гаспадаркі Аршанскага ільнокамбіната, маленькі, хітраваты, зухаваты Касцючок выдаваў чаканую смакату бясплатна толькі тым дзецям, якія поўнасцю расказвалі той ці іншы верш на памяць. Сябры гэтага зрабіць не маглі, і я чытаў, што дазвалялася, за іх…

Што тычыцца "Хопчыка і лётчыка", то гісторыя з'яўлення гэтага славутага верша заслугоўвае, каб пра яе распавесці. На вясковай вуліцы Купала так захапіўся гутаркай са сваім таварышам, што пра ўсё забыўся. Раптам з брамы, насустрач ім, выбег загарэлы, з белымі ільнянымі валасамі хлопчык. Ад неспадзеўкі суразмоўцы спыніліся. Той на бягу кружыў перад сабой рукамі і гуў, як самалёт. Твар у яго быў сур'ёзны, сабраны на адзінай думцы. Малюнак так уразіў аўтара створанай у 1918 годзе "Спадчыны", што ён наўздагон малому крыкнуў: "Кім ты быць хочаш?". І ён, не спыняючыся, звонка адказаў: "Лётчыкам!". Неўзабаве на словы нарадзілася музыка кампазітара Віктара Белага.

Дарэчы, у дні Вялікай Айчыннай, як працяг, з'явіўся верш "Хлопчык і лётчык на вайне". Праз пяць дзён пасля яе пачатку пясняр, які напіша папулярнейшы ў народзе верш "Беларускія партызаны", быў у Ляўках (разам з жонкай і Коласам) у апошні раз...

Цяпер тут знаходзіцца адзін з чатырох філіялаў Купалаўскага музея ў Менску. Яшчэ два - на Маладзечыншчыне (Вязынка і Яхімоўшчына) і адзін - на Лагойшчыне (Акопы). З аршанскім мяне знаёміла ў свой час Тамара Крына, якой дапамагалі Аксана Платонава, Святлана Галецкая, Людміла Мяншова і Дзмітрый Акулаў. Мясцовы філіял - створаны ў кастрычніку 1978-га мемарыяльны запаведнік плошчай у 19 гектараў. На іх прымаюць гасцей адноўленая дача, якая згарэла 3 ліпеня 41-га ад прамога пападання нямецкага снарада з другога берага Дняпра, уцалелы падчас ліхалецця будынак былой канторы Копыскага лясніцтва, дамок шафёра, гасцініца, гаспадарчыя пабудовы, помнік "Восень паэта" скульптара Анатоля Анікейчыка, якога не стала ў 56 гадоў, участак змешанага лесу, зона масавых гулянняў і, вядома ж, гараж. У ім прываблівае ўсіх той самы "Шэўрале", якім карыстаўся класік з 1939 па 1942 гады. У 2010-м унікальны рарытэт адрэстаўрыравалі і выставілі на нейкі час у сталічным музеі, а потым вярнулі яго "на радзіму". Сёння кошт аўтамабіля, якім падчас сваёй першай сустрэчы з Ляўкамі "кіраваў" я, сямікласнік памерлай школы, перавышае сто тысяч еўра.

Памятаю, як я з заміраннем сэрца аглядаў толькі што створаную ў былым лясніцтве новую літаратурна-дакументальную экспазіцыю. Яна ўвасобіла вобраз "Госці", які пясняр разгарнуў у аднайменным вершы, адным з сямнаццаці, напісаных у чэрвені 1935-га:

...Такога гонару не меў ніколі,

Як я на гэтае зямлі жыву,

Каб так віталі мяне хлебам-соляй,

І то не ў сне якім, а наяву...

Як і ў творах Купалы, у кожнай музейнай залы - свой асабісты, непаўторны голас. Дзе ж ты было раней, сучаснае мультымедыйнае абсталяванне?! З тваёй дапамогай я глыбей адчуваю тагачасную атмасферу і прысутнасць паэта. Слухаю дзіўныя мілагучныя песні на ягоныя залатыя словы і чароўныя спевы ляўкоўскіх салаўёў, якія спяваюць толькі на радзіме. Можа, разам з гасцямі, што прыходзяць і прыязджаюць у Ляўкі пакланіцца генію беларускага слова і духу, іх чуе і сам Янка Купала…

Уладзімір Барысенка. На фота: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік "Ляўкі", 2020 г. Здымкі Аляксея Шчукіна, вучня 7 класа Віцебскай гімназіі № 7.

Адпачатнасць

У Менску выйшла паэтычная кніжка Зміцера Цеслянка з Мастоў "Каля нуля". У прадмове Л явон Вашко адзначае:

"У паэтычным зборніку Зміцера Цеслянка чутно водгулле ўжо няблізкага, але яшчэ жывога і помнага часу нулявых гадоў з ягонымі ўзнёслымі і няспраўджанымі надзеямі, акрыленымі пошукамі, рамантычнымі парываннямі.

Рэха маладых галасоў сучаснікаў раз-пораз наганяе сённяшнюю памяць цёплым пачуццём незваротнае прамінуласці - настальгічнымі фотаздымкамі непаўторнасці перажытага, пачутага, прамоўленага...

З нулявых гучаць і вершы паэта Зміцера Цеслянка ў ягоным зборніку з сімвалічнай назваю "Каля нуля".

Памятаюцца тагачасныя "калянулявыя" лясныя сустрэчы мастоўскіх беларусаў з вольна разгорнутым нацыянальным сцягам па-над нёманскімі хвалямі. На тыя беларускія маёўкі прыходзіў і неабыякавы да грамадска-палітычнага жыцця краіны школьнік Дзіма. Ён даставаў з кішэні блакнот ды чытаў свае творы. Прамоўленыя насуперак часу-зэра бунтарскія вершы вучня Дзімы ўтваралі ў прасторы адмысловыя адценні магіі, адухаўлялі грамадска-палітычны вычын шаманскімі рытмамі, напаўнялі падзеясвета-ўтворнай энергіяй паэзіі распачатыя жыццямі навакольныя часанулі. На пачатку дзвюхтысячных гадоў я надрукаваў верш Зміцера Цеслянка "Я прашу ад вас цішыні..." у адным з нумароў літаратурнага агляду "Дзея-час". У вершы сумная прага свабоды выяўляецца разам са свядомай грамадзянскай нязгодаю. Бадай што, на сёння гэта адзіная публікацыя аўтара ў перыядычным друку.

I вось праз даволі вялікі тэрмін вусныя вершаваныя формы увасобіліся ў кніжны тэкст. Усе творы зборніка - з тае пары распачатага тысячагоддзя.

Выдавецкая няспрытнасць паэта, праз якую першы зборнік выйшаў так "позна", кампенсуецца негаданай тугою, што ўзнікае пры чытанні, па страчаным незваротна часе, яскравым, натхнёным і таму дарагім. Туга - той нечаканы і знячэўны канцэптуальны ніт, які яднае вершы між сябе. Яна ўтвараецца нават з прачытання юначых вершаў-абвяшчэнняў, характэрных для любой пачатковай паэзіі. Такія юначыя вершы-транспаранты, як "Мы прыйдзем", "Неба плача", "Не грыміце гарматы ў сэрцы маім..." ды некаторыя іншыя, "рэанімуюць" сцвярджальныя рытмы пачатку 2000-х гадоў насуперак часазабыццю, а стылізаваны пад тагачасны моладзевы гарадскі фальклор верш "Сышоў маладым" явіць чытачу мелодыку яшчэ не дарэшты забытага рэпу - гэта такі сабе паэтычны аповед-"графіці" пра смерць юнака і неадольную марнасць навакольнага жыцця...

Туга ў больш глыбокім сэнсе, не як рэакцыя памяці на перажытую мінуўшчыну, а як чароўнае мастацкае рэчыва складанага лірычнага свету, таксама прысутнічае ў вершах. У творы інтымнае лірыкі "Мы на розных канцах Беларусі..." яна шчымліва сілкуе тэму растання, якое суджана не могуць пераадолець закаханыя адно ў аднаго лірычныя героі.

Тэма расчараванасці з пахібнасці навакольнага свету характэрная для шматлікіх вершаў. Гэтак у вершы "Я вырашыў сысьці зь нябёс" лірычны герой сярод стратнае рэчаіснасці сумуе па ідэальным пазаісным свеце. Туга па ідэальным і вечнанедасяжным свеце ў свеце вечнанедасканалае прыроды собскага пахібнага існавання гучыць і ў вершы "Калі б...":

Каб сябраваў я з Маткай Боскай,

Маліўся б я пры сьвечках з воску.

I хутаў бы я коўдрай неба,

Бы навароднае жыцьцё...

Ісус сказаў бы: "Вось як трэба

Захутаць у пяшчоту ўсё!"

Калі б паўсюдна бачыў думкі

Зямлі і грэшнай, і сьвятой,

Зазнаў бы я таемства гукаў,

Што ў мове сьцішаны маёй.

Гэткі ж тужлівы покліч у шчаслівую пазаіснасць адгадваецца ў вершы "Прыляцела куля ў спіну...", дзе недасканалае бытаванне лірычнага героя ў няволі разам з тым ёсць высокая мера асабістае біялагічнае вартасці, якой ён ахвяруецца дзеля высокіх духоўных ідэалаў:

Прыляцела куля ў сьпіну,

А я ўзяў ды не сагнуўся.

I застаўся я з Радзімай,

Са сваёю Беларусяй.

Зь Беларусяй буду вечна

Праплываць між яскаў-зораў,

У нябёсах Шляхам Млечным

Я і ў радасьці, і ў горы.

У калысцы Беларусі

Буду трызьніць снамі зорна,

Не ў палоне, не ў прымусе...

А ці ты на гэта здольны?

Уласцівасць часу брыняць з нулёў бясконцым лікам лічбападзеяў, пераўтвараючы непарушныя гмахі ў старыя руіны, а старыя руіны ў пыл, і падымаючы на іх месцы горы новых здзяйсненняў, дазваляе з ашчаднасцю зірнуць на першы вершаваны зборнік Зміцера Цеслянка, што напісаны на той мяжы, дзе працяг чарговым разам абнуляецца і пераходзіць у пачатак. Першае, што заўважаецца ў творчасці маладога паэта - гэта беларуская адпачатнасць. Зборнік "Каля нуля" каштоўны сваёй пачатковасцю ў прамым і пераносным сэнсах: ён адкрывае чытачу новага беларускага аўтара і з'яўляецца яшчэ адным творчым вытокам беларушчыны ва ўмовах паўсюднага вынішчэння беларускага духу".

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Я наадварот лічу, што генерал Шаптыцкі не мае рацыі і што мы не павінны былі ісці наперад. Не толькі таму, што мы мелі войскі змучаныя двухтыднёвымі цяжкімі баямі, не толькі таму, што былі намеры перакідвання некаторых дывізій на паўднёвы фронт, але асабліва таму, што мы мелі вельмі малы лічэбны штат і на ніякую карысць пасля таго наступлення спадзявацца было нельга.. У найлепшым выпадку маглі пасунуцца яшчэ на якія 100 км, заняць яшчэ пэўны тэрытарыяльны абшар.

Ці гэта было, аднак, нашай стратэгічнай задачай? Ці вычарпаныя і нешматлікія нашы дывізіі маглі разбіць групаваўшыеся расійскія арміі і перашкодзіць іхняй канцэнтрацыі?

Сёння мы ўжо ведаем, што ў гэты самы час рухаліся ў раён канцэнтрацыі: Полацк - Талочын - Орша, шматлікія маршавыя дывізіі і палкі, сцягваныя савецкім урадам з розных франтоў. Нават разбіццё некаторых з іх ці магло мець хоць які ўплыў на падрыхтоўку вялікай групоўкі войскаў і на будучую кампанію?

Стратэгічная сітуацыя на ўсім усходнім фронце вымагала акрамя акцыі на Украіне не высоўвання на ўсход паўночнай групы, а адступлення яе на лінію нямецкіх акопаў. Далёка зайшоўшае наступленне магло прывесці нас да катастрофы і адкрыцця ўсяго абшару паўночнага фронту.

Справа тая прынамсі не ёсць новай. Маршал Пілсудскі апісаў яе ў сваёй кнізе абшырна, а акрамя таго ёсць фактам, што ўжо ў час вайны, перад пачаткам вялікага савецкага наступлення, Галоўнае камандаванне прапанавала камандаванню фронту адступленне левага крыла на лінію нямецкіх акопаў. Нажаль, тая парада, не падмацаваная загадам, была праігнаравана камандаваннем паўночнага фронту.

Ідэя невысоўвання левага крыла задалёка на ўсход мусіла сутыкнуцца з іншай ідэяй, якая недзе ў апісаных варунках хацела рэалізавацца на палях Смаленска.

Як мы ўбачым, тая другая ідэя не засталася занядбанай і ў пярэдадзень расійскага генеральнага наступлення, і ў пярэдадзень атакі 13 расійскіх дывізій атрымала 10-я дывізія, якая складалася тады з трох палкоў, загад заняць мястэчка Язна.

Як я ўжо гаварыў, не толькі рух арміі наперад не быў пажаданы, а адступленне на лінію нямецкіх акопаў згодна з поглядамі Галоўнакамандуючага было мэтазгоднае і абавязковае.

Па-першае, гэта скараціла б фронт на 130 км, па-другое адхіліла б на захад наша залішне высунутае левае крыло, па-трэцяе дало б арміі магчымасць выкарыстання ўмацаванняў, пабудаваных якасна і ў любым выпадку значна мацнейшых, чым тое, што на працягу двух тыдняў мы маглі пабудаваць на рацэ Аўце. Іншымі словамі, сканцэнтраваўшыся на поўдні, мы мелі бы перайсці да абароны на поўначы, а тая лінія нямецкіх акопаў была значна больш адпаведная, чым лінія Аўты.

Генерал Шаптыцкі высоўвае два моманты, якія маюць абгрунтаваць, чаму ён быў супраць заняцця нямецкіх акопаў. Першае, што нямецкія акопы будаваліся для большай колькасці войск, а таму цяжка было іх запоўніць нашымі сціплымі сіламі; другое, што наш малады жаўнер мог быць дэмаралізаваны падчас адводу на тую лінію.

Лічу абедзве тыя засцярогі за неістотныя.

Канешне, нямецкія акопы былі пабудаваны для большай колькасці войск, але гэта не выключала ў цэлым, каб мы з іх не маглі выбраць таго, што нам было патрэбна. Пры тым галоўнай іхняй рысай была ашчаднасць сіл, якія немцам так моцна былі патрэбныя на заходнім фронце. Ідэя агнявой абароны была даведзена тут да дасканаласці, гэтак жа, як загарадзь з калючага дроту, якую не адалелі знішчыць нашыя, смутнай памяці дэбілы. Праўда, што не было ўжо цэлых, зацягнутых дротам, палёў, ані правадоў высокага напружання, але таго, што было, хапіла б, каб пры пэўнай энергіі і здольнасцях канкрэтных камандзіраў стварыць апору для нашых нешматлікіх, але моцных духам аддзелаў. Натуральная рэч, што і гэтая лінія магла быць праламана саветамі, але лінія Аўты магла значна лягчэй паддацца і паддалася таму лёсу.

Лінія нямецкіх акопаў мела б яшчэ і той добры бок, што перастала б спалучаць у сабе дзве лініі: заслонную і абаронную. Была б адзіная лінія, пра якую кожны шараговец ведаў бы, што тут трэба бараніцца. Баронячы гэтую лінію, мы мелі б час падрыхтаваць абарону Вільні, лініі Нёмана і Гародні, а таксама выканаць той ці іншы манёўр. На фронце ўстанавіўся звычай яшчэ перад пачаткам той справы ў кожнай тактычнай аснове, што камандаванне кожнага аддзела, які займае пэўную прастору фронту, ёсць таксама гаспадаром на абшары фронту ўглыб і на такую самую адлегласць, якой даўжыні ёсць адрэзак таго фронту. Абавязвала гэта на клопат камандзіра роты, батальёна, палка, брыгады, дывізіі. Той самы прынцып абавязваў, канешне, і камандаванне фронту, а таму лінія нямецкіх акопаў ляжала ў арбіце дзейнасці камандавання фронту і яшчэ ў мірны час павінна была быць падрыхтаванай, як другая лінія абароны. Пераход з адной лініі на другую не стварыў бы ніякіх дадатковых цяжкасцяў, не цярпелі б яны нават ад кавалерыйскіх атак, здзейсненых непрыяцелем пры нязмушаным адходзе, падрыхтаваным і праведзеным планава. Войскі, якія не патрафілі б спакойна выканаць такі адход, не заслужвалі б назвы войска.

На шчасце стан нашай арміі не адпавядаў песімістычным поглядам некаторых нашых вышэйшых камандзіраў. Пасля паразы на Аўце патрафіла яна зрабіць адход не толькі на нямецкую лінію, а аж пад Варшаву, у кожны момант здольная не толькі да прыняцця бітвы, але і да наступлення.

Думаю, што адход на лінію нямецкіх акопаў быў бы ў той час праведзены без націску з боку непрыяцеля. Калі б тыя акопы падрыхтавалі загадзя пры дапамозе афіцэраў-інжынераў і з прыцягненнем да работ цывільнага насельніцтва, адыгралі б яны важную ролю ва ўсім ходзе вайны 1920 года.

Другі довад, што наш жаўнер не выносіць адходу і ваюе добра толькі тады, калі ідзе наперад, не прыводзіць мяне да пераканання. Думка тая пакутавала, здаецца, не толькі ў камандуючага фронту і сталася аксіёмай, ствараючы шкодны абман. Не толькі наш, а кожны жаўнер (роўна як французскі, так і нямецкі, амерыканскі і да т.п.) у наступленні ёсць найлепшы і значна слабейшы пры адходзе. Такая прырода рэчаў, і нельга сцвярджаць, што спецыяльна наш жаўнер мае іншую псіхалогію. Я думаю, што мае ён усякія ўмовы, каб быць найлепшым роўна як ў атацы, так і ў абароне. Крыўдным было б для нашага жаўнера цверджанне, што ён уяўляе сабой натоўп, які толькі тады нечага варты, калі ідзе наперад.

Нарэшце, ці адход у чэрвені меў бы быць псіхалагічна горшым за адход у ліпені?

Разведку наогул мы мелі добрую. Ужо ў палове чэрвеня мы ведалі пра вельмі інтэнсіўную канцэнтрацыю расійскіх сіл на поўначы. Спачатку мы праводзілі скрупулёзнае асведчанне гэтых сілаў, але калі яны перараслі нашыя ў два разы, мы перасталі гэтым займацца. Відочна было, што набліжаецца вырашальны момант, што магутная расійская армія вытне на паўночнае наша крыло, і маючы ў сваіх руках ініцыятыву, самавольна выбера пункт удару.

На што маглі абапірацца надзеі на перамогу?

Пачынаючы ад возера Мешушол да Дзвіны на прасторы каля 100 км мы мелі раскінутыя шэсць дывізій пяхоты і брыгаду кавалерыі, а насупраць іх сканцэнтраваліся 13 дывізій пяхоты і корпус кавалерыі. Настрой у камандавання арміі быў песімістычны. Калі камандуючы арміі прыехаў у Шаркаўшчыну і мы абгаворвалі сітуацыю, я выказаў думку, што трэба будзе бараніць Вільню. Камандуючы арміі махнуў на гэта рукой на знак безнадзейнасці і сказаў:

- Хіба, Варшаву!

Старая ісціна гаворыць, што "кіраваць - гэта прадбачыць". Мы павінны былі прадбачыць, што нас можа спаткаць на поўначы.

ІІІ. "Сядан" - 4 ліпеня

Нашыя пазіцыі. - Абломкі. - Выпад на Язну. - Справа папаўнення.- Пачатак савецкага наступлення. - Ход баёў у дзень 4 ліпеня. - Страта сувязі з арміяй.

У сярэдзіне чэрвеня баі закончыліся, і дывізія згодна з загадам камандавання арміі заняла лінію рэчкі Ямны паміж азёрамі Ельня і Жадо. У той час, як я ўжо ўспамінаў, з уласных палкоў дывізія мела толькі два, г.зн. 28-мы 30-ты, дадалі ёй яшчэ два іншыя, а менавіта 23-ці і 55-ты рэзервовы. З трох іншых, якія належалі да дывізіі, 29-ты знаходзіўся на літоўскай мяжы, а 31-шы ўвайшоў у склад 4-й арміі каля Менска. Справы тыя не ўдалося стабілізаваць, бо існаваў у той час вельмі шкодны звычай псавання арганізацыйных сувязяў. Камандуючыя армій распараджаліся звычайна меншымі часткамі, адтуль раскіданне палкоў, а часам нават батальёнаў па ўсім фронце. Гаварылі тады жартам, што мы не маем частак арміі, а абломкі. Канешне "абломкі" тыя існавалі на кожным кроку. Затыкалі імі дзіркі, не турбуючыся пра іх арганізацыйныя сувязі. Ясная рэч, гэта не спрычынялася да ўзмацнення арміі.

Штаб дывізіі стаяў у Германавічах, маючы штаб ХІХ брыгады ў Лужках, штаб ХХ у Міхалішках. 23-ці полк я размясціў, як рэзерв дывізіі, у вёсцы Баяры.

Направа ад дывізіі знаходзілася група генерала Ендрыеўскага. Яе VII рэзервовая брыгада суседнічала непасрэдна з ХІХ брыгадай. На поўначы суседам ХХ брыгады, за возерам Ельня, была група палкоўніка Савіцкага, якая замыкала, нібы корак, найвузейшае месца паміж возерам Ельня і ракой Дзвіной.

Уся тэрыторыя каля ракі Дзісны, прытока Дзвіны вельмі балоцістая, парослая кустамі і рэдкім лесам. На некаторых выспах паміж балот раскіданы невялікія вёскі. Адзіная дарога на той тэрыторыі злучае мястэчка Дзісну, Германавічы, Шаркаўшчыну, Казяны і Цверач са Свянцянамі. Дарога тая на балоцістым падкладзе, яшчэ немцамі выкладзеная круглякамі, была вельмі няпэўная, асабліва для артылерыі і грузавых аўтамабіляў. З гэтай прычыны правіянтная база дывізіі была размешчана ў Глыбокім, адкуль дарога ішла праз Лужкі і Германавічы. Было гэта нязручна, бо вяла яна ўздоўж фронту.

У Германавічах стаяла ў рэзерве арміі 8-я дывізія пяхоты ў складзе трох палкоў. Яна была аслаблена травенскімі баямі і не мела абозу. Паколькі існаванне на адной тэрыторыі дзвюх асобных арганізацый з адміністрацыйнага пункту гледжання, было невыгаднае, я прасіў аб падпарадкаванні 8-й дывізіі мне. Камандаванне арміі на гэта не згадзілася. Як убачым пазней, адмова камандуючага арміі мела ў будучыні прыкрыя вынікі.

Хоць мы стаялі на ўказанай лініі, баі трывалі далей. Нашы праціўнікі, маючы вялікую колькасць жывой сілы, не шкадавалі людзей і арганізоўвалі выпады - безвыніковыя, але якія пастаянна паўтараліся. Але настрой у расійскай арміі не быў добры, і мы ведалі ад палонных, што ў іх няма баявога запалу.

Аднак адначасова адчувалася вялікая падрыхтоўка расейцаў да наступлення. Абаронныя пазіцыі дывізіі на рэчцы Ямне былі досыць моцныя. Абодва возеры Ельня і Жадо ў гэтую пару года яшчэ не высахлі і ўяўлялі перашкоды для абходу крылаў. Палкі ўласнымі сіламі пабудавалі палявыя ўмацаванні з апорнымі пунктамі, на якіх знайходзіліся кулямёты. Найчасцей тыя пункты мелі агнявую сувязь, не складаючы цэлай лініі. Пра больш сур'ёзныя ўмацаванні не было мовы не толькі з прычыны адсутнасці тэхнічных сродкаў, але таксама таму, што ніхто гэтай пазіцыі не лічыў за сталую, фундаментальную абаронную лінію.

Настрой у дывізіі быў вельмі добры. Толькі пашырэнне тыфу з-за дрэнных камунікацый і недахопу шпіталяў вельмі давалася ў знакі.

У параўнанні з канцэнтрацыяй расійскай арміі ў раёне Полацка сітуацыя нашай групы станавілася ўсё больш уражлівай. Слабыя колькасна, з жаўнерам, які ваяваў без перапынку ад пачатку травенскага наступлення, у раёне катастрафічна дрэнных дарог і не ўпарадкаваных тылоў, дывізія ў кожную хвілю магла чакаць атакі ў некалькі разоў мацнейшага ворага, які меў нічым не абмежаваную ініцыятыву выканання нападу паводле сваіх планаў.

Нават травенскі манёўр, паўтораны расейцамі большымі сіламі і скіраваны па восі Глыбокае-Паставы, адразаў нашую групу ад поўдня і пазбаўляў яе дарог для адступлення.

Сітуацыю ўскладняла таксама тое, што камандаванне дывізіі не толькі не мела паўнамоцтваў для пэўнай свабоды ў выбары дыспазіцыі, свабоды ў такіх выпадках абавязковай, але наадварот у вышэйшых кіраўніцтвах існавалі наступальныя тэндэнцыі, насіліся з намерам атакаваць Дзісну, і ва ўсякім разе намерваліся ўтрымаць наяўны стан размяшчэння любой цаной.

Колькасна слабыя аддзелы мусілі ўдаваць з сябе моцных, робячы выпады, загаданыя камандаваннем арміі. Несумненна сістэма выпадаў наогул была рацыянальнай, асабліва на працягу зімы, бо падтрымлівала гэта баявы настрой у аддзелах. Аднак жа пазней, а асабліва ў чэрвені, калі ўжо гулялі з непрыяцелем адкрытымі картамі, ведаючы пра яго вялікія наступальныя мерапрыемствы, выпады нашых аддзелаў звыш меры напружвалі нашыя сілы маральна і матэрыяльна і непатрэбна вычэрпвалі так моцна нашую энергію - як гэта сёння ўжо відавочна - якая была нам так патрэбна ў той час на найбліжэйшыя дні. Адзіная мэта тых выпадаў - узяцце палонных - была менш істотнай, бо мы мелі пра непрыяцеля дакладныя звесткі.

У другой палове чэрвеня вярнуўся ў дывізію 29-ты полк. Была гэта вельмі моцная баявая частка, якой камандаваў адзін з найлепшых нашых афіцэраў маёр Стэфан Вальтар. Гэты полк я накіраваў у Лужкі, дзе разам з 28-м палком ён утварыў ХІХ брыгаду.

З канца чэрвеня камандаванне арміі ўтварыла з дывізіі аперацыйную групу, у склад якой увайшла група палкоўніка Савіцкага. Даданне да дывізіі цэлага паўночнага крыла было вельмі клопатным, бо адлегласць аддзелаў Савіцкага ад штаба, які цяпер перабраўся ў Шаркаўшчыну, складала звыш 40 км па найгоршых дарогах. Пры тым камандаванне дывізіі, ці цяпер дакладней групы, не магло ў выпадку патрэбы падтрымаць палкоўніка Савіцкага, не маючы ніякіх рэзерваў. З-за такога стану рэчаў камандаванне групай Савіцкага, якая мацярынскі належала да 8-ай дывізіі пяхоты, фактычна было фікцыяй.

У другой палове чэрвеня камандаванне арміі вырашыла правесці выпад на Дзісну і заняць гэтае мястэчка. Гэтаму плану я здолеў аказаць супраціў, бо такі манёўр падаўся мне непатрэбным і шкодным.

Калі б мы занялі Дзісну, то мусілі б яе пазней бараніць, і тады адразанне паўночнай групы было б для расейцаў яшчэ латвейшым. У гэты час камандаванне арміі арганізавала акцыю на Язну.

Колькасна слабая дывізія, анамальна высунутая на паўночны ўсход, з фатальнымі дарогамі ў тылах, перад тварам вялікай расійскай групоўкі мела ісці яшчэ далей на ўсход, узяць Язну і ўтрымаць гэтае мястэчка, прычым пасля выхаду з раёна азёр абодва яе крылы павіслі б у паветры.

Не дапамаглі мае пратэсты. Штаб арміі ўзмоцнена налягаў на выкананне гэтай аперацыі. Яе памеры ўдалося мне настолькі зменшыць, што яна абмежавалася акцыяй 29-га палка. Не ўдалося мне, на жаль, зменшыць страт, якія панеслі: 8 афіцэраў і каля 300 шарагоўцаў забітых і параненых.

Рэччу, якая стала непакоіла, была праблема папаўнення дывізіі. Пасля заканчэння травенскага наступлення Галоўнае камандаванне было занята баямі на Украіне, а таму паўночны фронт адыгрываў дапаможную ролю. Папаўненні прыбывалі рэдка і былі нешматлікія, а страты ў час бітваў, пачынаючы ад Казян былі досыць значныя.

Пастаянныя баі і сутычкі на перадполлі вычэрпвалі сілы аддзелаў, асабліва што не было чым іх папаўняць. Таму сілы раставалі з дня на дзень, да чаго спрычыніўся таксама тыф. Каб неяк папраўляць справу, узмацнялі баявыя аддзелы за кошт тылавых арганізацый. Ідэалам было, каб лікавыя суадносіны баявых аддзелаў да аддзелаў тылавых перавышалі 3:1. Горш, хаця і не найгорш яшчэ, выглядала справа, калі адносіны тыя выглядалі, як 2:1. Неспакой узбуджала прапорцыя 1:1.

У канцы чэрвеня пачалася дакладная рэвізія ўсялякіх дапаможных служб з мэтай узмацнення лінейных аддзелаў. Не ўдалося зрабіць многа, бо адсутнасць добрых камунікацый і недахоп абозу паглыналі шмат сіл. З неспакоем я тады пераканаўся, што суадносіны баявых сіл да тылоў паволі набліжаецца да 1:1.

* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.

(Працяг у наступным нумары.)

Старадаўнія спеўныя традыцыі захоўвае этна-фолк-гурт "Guda"

У Нацыянальнай бібліятэцы ў межах Бібліяночы-2022 на пляцоўцы "Энергія традыцый" выступіў этна-фолк-гурт "Guda", адметнасцю якога з'яўляецца жаночае акапэльнае выкананне абрадавых спеваў, захаванне іх аўтэнтычнага гучання.

Кіраўніца гурта Вікторыя Міхно распавяла:

- Наш калектыў дзейнічае з 1996 года, мы пачыналі ў студэнцкія гады як асяродак эксперыментальнага пошуку ў галіне архаічнай спеўнай спадчыны. Этнаграфічныя экспедыцыі, падчас якіх адбываліся непасрэдныя кантакты з жывымі носьбітамі традыцыі, праца з аўдыя- і відэаматэрыяламі, кансультацыі з фалькларыстамі і этнамузыколагамі дазволілі нам пераняць асаблівасці старадаўняй спеўнай традыцыі.

Творчай мэтай нашага гурта з'яўляецца не толькі захаванне і трансляцыя старадаўняга спеўнага мастацтва, але і сцвярджэнне адметнага светапогляду, у падмурку якога - разуменне вялікай старажытнасці і сакральнасці сваёй традыцыйнай культуры, а таксама адчуванне сувязі з ёю.

Шмат гадоў мы працуем над зборам матэрыялу і стараемся спасцігнуць глыбіню зместу песень, вяршыні выканальніцкага майстэрства народных спявачак і вучыцца ў іх.

Склад удзельніц гурта "Guda" неаднаразова змяняўся, сярод прадстаўніц старэйшага пакалення былі Любоў Сівурава і Вольга Емельянчык, выкладчыцы БДУКМ і Полацкага ўніверсітэта, у гурце выступалі Ганна Емялёва і Дар'я Зуева, Таццяна Бароўка, Кацярына Акімава, Вольга Тарасевіч і іншыя дзяўчаты. Аднак нязменнай заставалася спецыфічнае гучанне гурта, надзвычай набліжанае да аўтэнтычнага.

Гурт браў удзел у шматлікіх музычных фестывалях у Беларусі і ў Польшчы, выпусціў некалькі сольных студыйных альбомаў, а таксама ўдзельнічаў у супольных праектах, у тым ліку ў галіне электроннай музыкі.

- Усе, хто прыйшоў на вясновую вечарыну падчас Бібліяночы, удзячныя за гасціннасць Нацыянальнай бібліятэцы і адчуваюць, што тут мы маем сапраўдны скарб кніжнасці, духоўнасці і культуры, - адзначыла кіраўніца гурта.

Пастаянныя чытачы і госці бібліятэкі з замілаваннем слухалі веснавыя спевы і разам з удзельнікамі гурта з азартам танчылі "Лявоніху". Наведвальнікі Бібліяноч-2022 зарадзіліся энергіямі ведаў, мастацтва і творчасці!

Эла Дзвінская, фота аўтара.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX