Папярэдняя старонка: 2022

№ 27 (27) 


Дадана: 06-07-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 27, 6 ліпеня 2022 г.

3 ліпеня - Дзень Незалежнасці - галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці

Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме. Гэтае свята стала сімвалам нацыянальнага адраджэння нашай дзяржавы. Яно адзначаецца ў дзень вызвалення Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - 3 ліпеня 1944 года.

Сёлета святочныя мерапрыемствы ў Дзень Незалежнасці па традыцыі прайшлі па ўсёй краіне. У Менску 3 ліпеня адбылося мноства мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел жыхары і госці сталіцы.

Выступаючы на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці Беларусі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці адзначыў:

«Паважаныя суайчыннікі, дарагія ветэраны!

Віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь!

Свяшчэнная для беларусаў дата 3 ліпеня - гэта нацыянальны сімвал народнага адзінства і перамогі ў барацьбе за сваю свабоду. Перамогі, якая стала вянцом усіх здзяйсненняў шматвяковай гісторыі роднай зямлі.

Зямлі, на якой дванаццаць стагоддзяў таму нашы далёкія продкі пабудавалі першыя гарады і цэрквы.

У старажытнасці ў беларускага народа было многа імёнаў - крывічы, дрыгавічы, радзімічы, але іх аб'ядноўвалі: адна вера - у праўду і справядлівасць; адно імкненне - берагчы традыцыі і абараняць свае дамы, сем'і; адна любоў да Радзімы - кавалачка зямлі, дзе беларусы нарадзіліся і сталі народам.

Мы беражліва адносімся да гістарычнай памяці кожнай эпохі, падзеі якой фарміравалі духоўную аснову нацыі, гартавалі волю і характар беларусаў.

Ганарымся летапісам Полацкага княства - аднаго з трох дзяржаваўтваральных цэнтраў Старажытнай Русі. Імёны нашых суайчыннікаў, якія нарадзіліся на гэтай святой зямлі Рагнеды, - Усяслава Чарадзея, Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага - назаўсёды ўпісаны ў гісторыю ўсходнеславянскага сярэднявечча.

Нам важна памятаць, што менавіта на аснове беларускага этнасу стварылася ўнікальнае для свайго часу дзяржаўнае аб'яднанне - Вялікае Княства Літоўскае (гэта была першая беларуская дзяржава). Што ў гэтым абарончым саюзе з прыбалтыйскімі плямёнамі славяне навучылі іх грамаце, пазнаёмілі з філасофіяй хрысціянства.

Мы захапляемся духоўнай сілай і мужнасцю нашых суайчыннікаў, якія змаглі захаваць сваю мову, культуру і веру на працягу стагоддзяў татальнай паланізацыі. У самым сэрцы народа, які адстаяў права беларусамі звацца, выспявала нацыянальная ідэя - ідэя свабоднага народа. Ідэя законнага імкнення быць на сваёй гістарычнай зямлі гаспадаром...»

Знакавая падзея адбылася ў Слонімскім раёне.

У гонар Дня Незалежнасці ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры асвяцілі самы вялікі ў Беларусі звон. Яго вага - 14 тон. Ён выраблены ў памяць аб суайчынніках, якія набліжалі Перамогу ў вайне супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У год гістарычнай памяці гэта асабліва сімвалічна. Аб гэтым сведчаць барэльефы ўсіх дванаццаці гарадоў-герояў - Менска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Наварасійска, Тулы, Смаленска, Мурманска, Валгаграда, Адэсы, Керчы, Севастопаля, Кіева і цвердзі-героя Берасця, а таксама такіх знакавых месцаў, як Хатынь, Трасцянец і Курган Славы. Барэльефы размешчаны паміж вялікімі абразамі з выявай Хрыста, Маці Божай і святых праведнікаў.

Звон пакуль устаноўлены на часовай званіцы. А зрабілі яго майстры расійскага Варонежскага завода пры садзейнічанні кіраўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, банка ВТБ і Жыровіцкага манастыра. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Веніямін.

Каля абеліска часткам-вызваліцелям горада Ліды, што знаходзіцца ў скверы па вуліцы Савецкай, прайшоў урачысты мітынг. Удзел у ім прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік, чалец Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік па друкаваных СМІ дырэктара-галоўнага рэдактара ГУ "Рэдакцыя "Лідамедыякампанія" Кацярына Серафіновіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сангін, іншыя прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, вайскоўцы, моладзь. Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, а потым усклалі вянкі і кветкі да мемарыяла.

Трэба адзначыць, што практычна ўвесь мітынг ішоў на беларускай мове. Асабліва яскрава прамовіў пробашч касцёла Узвіжання Святога Крыжа г. Ліды Уладзімір Гуляй, які закончыў выступ вершам Алеся Ставера:

ДА ВАС ЗВЯРТАЮСЯ, НАШЧАДКІ

Да вас звяртаюся, нашчадкі,

Да суйчыннікаў сваіх,

Пакіньце злосць і зайздрасць, звадкі, -

Мы нацярпеліся ад іх.

Любіце травы, дрэвы, рэкі,

Прастор палёў, блакіт нябёс,

Цаніце Працу, Чалавека, -

І Бог вам дасць спагадны лёс.

А каб цанілі вас у свеце,

(Я лепшых слоў не падбяру),

Шануйце дзіва на планеце -

Святую нашу Беларусь.

І мову Коласа, Купалы

Вы беражыце з роду ў род,

Каб наша воля не прапала,

Каб не загінуў наш народ.

Святочная праграма, прысвечаная імпрэзе Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працягнулася каля сцен Лідскага замка. Адна з лакацый была прысвечана выставе прадукцыі лідскіх прадпрыемстваў.

Святочная праграма "Зямля, што крылы нам дае" прымеркавана да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Гэта сведчыць пра тое, што на нашай зямлі ў гармоніі і згодзе жывуць людзі розных нацыянальнасцяў. Пад белымі крыламі Беларусі пражывае каля 140 народнасцяў і нацыянальнасцяў. Лёсы народаў цесна пераплецены, але ў той жа час у кожнага ёсць свая гісторыя, традыцыі і нацыянальны каларыт, што і прадэманстравалі на сцэне творчыя калектывы.

Гледачы падтрымлівалі кожны калектыў бурнымі воплескамі, чым даказалі, што жыхары Лідчыны паважаюць і шануюць культуры розных народаў і падтрымліваюць адзін аднаго.

Паводле СМІ.

140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы

Янка Купала, сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай воласці (цяпер Маладзечанскі раён, Менская вобласць) - 28 чэрвеня 1942, Масква) - беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928), АН УССР (1929). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1941) за зборнік "Ад сэрца".

З 1944 года дзейнічае Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. У гонар паэта ў 1957 годзе была заснавана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы. З 1995 года сістэматычна праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытанні - прафесійны форум для абмеркавання навуковых дасягненняў і праблем купалазнаўства. У 1996 годзе быў створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы. Імем паэта названы Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, парк у Менску і станцыя менскага метрапалітэна, мноства вуліц у гарадах Рэспублікі Беларусь...

У Лідзе прайшла святочная акцыя "Падары немаўляцi вышыванку"

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 2 ліпеня Лідскі раённы камітэт грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" традыцыйна правёў акцыю "Падары немаўляці вышыванку", у рамках якой мясцовыя актывісты наведалі радзільню горада Ліды. Так, двум нованароджаным малянятам былі падораны распашонкі з беларускай сімволікай.

- Акцыя "Падары немаўляці вышыванку" - частка шматступеннага праекта "Беларусь - крынiца натхнення", - распавядае другі сакратар Лідскага РК ГА "БРСМ" Таццяна Яфрэмава. - Штогод, 2 ліпеня, мы наведваем Лідскую радзільню, дзе віншуем жанчын са спасціжэннем мацярынскага шчасця і ўручаем ім вырабы з нашай беларускай вышыўкай, якая з'яўляецца своеасаблівым абярэгам для чалавека. Традыцыя ўпрыгожваць сябе, свае хаты вышыўкамі дасталася нам ад нашых продкаў і нясе ў сабе адпаведны культурны код нацыі. Хай жа маленькія грамадзяне Беларусі растуць здаровымі, шчаслівымі і сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

Максім Кісялеўскі.

Лёс Вялікакракоцкай бібліятэкі імя Янкі Купалы

Вёску Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне, Уладзімір Караткевіч назваў самай прыгожай вёскай на свеце. Але вёска не толькі прыгожая, але і знакамітая. Знакамітая Вялікая Кракотка найперш тым, што тут яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра. У 1949 годзе Валянцін Таўлай у сваім артыкуле "Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз'яднанне беларускага народа" ("Полымя", № 10, 1949) пісаў: "Імем Янкі Купалы называліся беларускія культурна-асветныя ўстановы - бібліятэкі і чытальні. Нам дакументальна вядома, што ў вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна, сяляне, якія арганізаваліся ў гурток ТБШ (Таварыства беларускай школы), у 1927 годзе заснавалі шляхам ахвяраванняў кніжак і грошай на закуп літаратуры вясковую бібліятэку-чытальню і прысвоілі ёй імя нашага слаўнага песняра Янкі Купалы. Аб гэтым паведамляла "Наша праўда" № 11 ад 11 мая 1927 года…".

Кожны раз, калі еду ў гэтую вёску, прыгадваю верш Міколы Арочкі, прысвечаны Вялікакракоцкай сельскай бібліятэцы імя Янкі Купалы:

Мой цэлы свет: Вялікая Кракотка,

Часоў бурлівых родны мацярык.

Была Кракотка, як рака ў паводку.

Была Кракотка - гнеў, і боль, і крык.

Кракотка - гэта хвойны пах узлесся,

Гняздо за пазухай зялёных гор.

З таго гнязда заклекатала песня,

Што клікала з нізіны: "Гэй, да зор!..".

Рашаўся лёс… Прадвесне гнала крыгі.

І вось тады з-пад стрэх мацерыка

Дрыготка пацягнулася да кнігі

Мазольная сялянская рука.

Святая прага ведаў і пазнання!

У родным слове чалавек ажыў!

Было тут вашай еднасцю змаганне,

А духам мужнасці Купала быў.

Хто знае, колькі іх адсюль, упартых,

Узняў да барацьбы змагарны край?

Нядарам верш, якім пілуюць краты,

З зямлі вось гэтай здабываў Таўлай.

Нязломны дух... Жывая сіла мовы.

Жыву з тых дзён я вашаю красой.

Жыткевічы... Збраевіч... Трафімовіч...

Ля вас я грэўся словам і душой!

Я ўдзячны вашай дабраце і хлебу,

Хоць менее ўсё рук - іх кліча дол.

Вучылі ж вы, як сеяць зерні ў глебу,

Каб луста праўды асвячала стол.

Нашу я сёння, замест эпілога,

Гаркоту з вашых апусцелых хат.

За бурны век вы вызналі так многа!

Ды пра такое думаў хто?..

Наўрад.

Мой родны свет:

Я ў кожнай тут часцінцы

Жыву - дзялю трывогу і слязу.

І ўсё, чым з каранёў тут прычасціўся,

Я ў людства, як урок ваш, панясу.

Невыпадкова ў гэтых паэтычных радках Мікола Арочка ўспамінае прозвішчы Жыткевічаў, Збраевіча і Трафімовіча. Бо арганізатарамі ТБШ і бібліятэкі ў той нялёгкі 1927 год у вёсцы былі Рыгор Акулевіч, Сцяпан Ігнатовіч, Васіль Трафімовіч, Сямён Жыткевіч, Павел Таўлай, Кастусь Петручэня і іншыя вясковыя хлопцы. Дарэчы, Рыгор Акулевіч, каб пазбегнуць арыштаў з боку польскіх уладаў, у 1928 годзе эміграваў у Канаду, дзе актыўна ўключыўся ў рабочы і фермерскі рух, прымаў удзел у выпуску першай рускай газеты ў Канадзе "Канадский гудок", нараджэнне якой вітаў Максім Горкі. Газета мела і беларускую старонку. У Другую сусветную вайну Рыгор Акулевіч добраахвотнікам пайшоў на фронт, у баях з немцамі быў цяжка паранены. Пасля вайны ў Канадзе ён рэдагаваў газету "Вестник", напісаў і выдаў кнігі "Рускія ў Канадзе" і "50 год Беларускай рэспубліцы".

У 1927 годзе сваю працу кракоцкая моладзь пачала з таго, што сабрала сярод насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры і інвентару. Знайшлося для культурнай установы і памяшканне - хата Данілы Грасевіча, які не вярнуўся з бежанства. На заклік вялікакракоцкіх сялян адгукнуліся і жыхары суседніх вёсак Рудаўка і Малая Кракотка. Бібліятэкарам на грамадскіх пачатках працаваў Сямён Акулевіч.

Спачатку сабралі для бібліятэкі каля трыццаці кніг. Гэта былі пераважна творы для вясковых драмгурткоў. Энтузіясты культурнай работы працягвалі збіраць сярод насельніцтва кнігі і грошы на набыццё літаратуры. І кніжны фонд увесь час папаўняўся. У канцы 1928 года бібліятэка налічвала каля тысячы назваў беларускіх, рускіх і польскіх кніг і каля двухсот чытачоў. Тады кракоцкія юнакі, сярод іх быў і Валянцін Таўлай, якія вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі, закупілі і прывезлі сотні кніг рускай і беларускай класікі. З павелічэннем кніжнага фонду было створана дзве філіі бібліятэкі. Адной філіяй у суседняй з Вялікай Кракоткай вёсцы Рудаўка кіраваў Павел Кулак, а Малакракоцкай філіяй загадвала Людміла Кулак.

Адначасова пры бібліятэцы і пры вясковым гуртку ТБШ былі створаны драматычны, харавы і музычны калектывы. Імі кіравалі Васіль Трафімовіч і Аляксандр Жыткевіч. Рэпетыцыі праводзіліся ў памяшканні бібліятэкі, а спектаклі - у адрамантаваным і прыстасаваным школьным хляве. Пастаноўкі былі платнымі. За выручаныя грошы, папаўняўся кніжны фонд бібліятэкі і аказвалася дапамога палітзняволеным.

За кароткі час свайго існавання драмгурток паставіў шмат п'ес беларускіх і ўкраінскіх драматургаў, у тым ліку "Паўлінку", "Раскіданае гняздо", "Прымакоў", "На папасе" Янкі Купалы, "Збянтэжанага Саўку" Леапольда Родзевіча, п'есы Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка. Пастаноўкі і вечары песень давалі не толькі культурны адпачынак, але з'яўляліся моцным сродкам палітычнай агітацыі. Пра кожную прэм'еру ў Вялікай Кракотцы пісала віленская газета "Наша праўда". Давайце пагартаем тагачасныя нумары газеты за 1927 год.

У артыкуле "Праца ў нас пашыраецца" ("Наша праўда" за 11 чэрвеня 1927 г.) паведамлялася: "22 траўня ў нашай вёсцы Вялікая Кракотка адбыўся спектакль. Пастаўлена была драма Галубка ў чатырох актах "Апошняе спатканьне". Апрача сяброў Таварыства Беларускае Школы, прысутных было болей як 50 асоб. 28 траўня адбылося памінаньне паэта Максіма Багдановіча з прычыны дзесятых угодкаў яго сьмерці. Тут прачытана была лекцыя на тэму "Жыцьцё і творчасьць Максіма Багдановіча". Цікава адзначыць, што пасьля лекцыі стараста прыслаў паперку, у якой кажа, што дзеля таго, што лекцыя была публічная, а не толькі для сяброў Таварыства Беларускай Школы, трэба прасіць у старасты дазволу на лекцыю, што толькі паведаміць мала. Хочучы ўзмоцніць сваю працу матэрыяльна, мы зьвярнуліся з лістамі ў Амэрыку. Адзін ліст паслалі "Форду", а другі сваім землякам. "Форд" адказаў нам, што з такімі лістамі, як наш, зьвяртаецца да яго шмат хто, і што ўсіх іх задаволіць ён ня можа. А на другі ліст атрымалі лепшы адказ, тут відаць братэрскія сэрцы нашых землякоў адгукнуліся на наш кліч, бо пішуць яны, што ўжо сабралі па падпісному лісту 20 даляраў і 70 цэнтаў, і што хутка вышлюць гэтыя грошы нам. Хутка манімся паставіць новы спектакль, хочам згуляць "Паўлінку" і "Заручыны Паўлінкі". Добра было б, каб з Вільні нам больш п'есаў падкінулі, як "Суд", "Гурток" і іншыя п'есы. Збіраемся арганізаваць хор і аркестр. Але і на гэтым праца наша ня спыніцца, як выканаем гэта, яшчэ далей пойдзем".

Пастаноўкі "Паўлінкі" і "Заручынаў Паўлінкі" ў Вялікай Кракотцы вясковая моладзь ажыццявіла.

У пачатку 1928 года ў вёсцы Вялікая Кракотка з'явілася яшчэ адна грамадская арганізацыя - кааператыў "Дабрабыт". Частка яго даходаў ішла на набыццё літаратуры для бібліятэкі імя Янкі Купалы і на іншыя культурнаасветныя мерапрыемствы. Вось тады і было вырашана пачаць будаўніцтва Народнага дома, у якім размясціўся б кааператыў, бібліятэка-чытальня, глядзельная зала на 300 месц, сцэна і грымовачная. І ў 1930 годзе ў Вялікай Кракотцы ўсё ж пабудавалі Народны дом, а на новы, 1931 год, там нават адбыўся вялікі беларускі канцэрт.

А тым часам польская паліцыя перашкаджала дзейнасці беларускіх грамадскіх арганізацый. Праіснаваўшы некалькі гадоў, бібліятэка-чытальня імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы была зачынена паліцыяй, а кнігі канфіскаваны. Праўда, тыя выданні, якія знаходзіліся ў чытачоў і ў перасоўках у вёсках Рудаўка, Малая Кракотка, яшчэ доўга хадзілі па руках і чыталіся вяскоўцамі.

Затым пачаліся рэпрэсіі супраць актывістаў, многіх без суда і следства кінулі ў канцлагер Картуз-Бяроза. Так, Сцяпан Ігнатовіч быў засуджаны на сем гадоў турэмнага зняволення, Рыгор Збраевіч - на пяць, Кастусь Петручэня - на шэсць гадоў турмы. Паэту Валянціну Таўлаю, якога арыштоўвалі неаднаразова, далі восем гадоў.

У верасні 1939 года слаўную Купалаўскую бібліятэку ў вёсцы Вялікая Кракотка зноў аднавілі, але праз некаторы час яе дзейнасць была спынена - ужо гітлераўскім нашэсцем.

Дата новага нараджэння Вялікакракоцкай бібліятэкі - жнівень 1946 года. Аднойчы ў вёску завітаў супрацоўнік слонімскай раённай газеты "Вольная праца" паэт Анатоль Іверс. Ён сабраў калгасны сход, на якім было аднадушна вырашана прызначыць загадчыкам бібліятэкі імя Янкі Купалы інваліда вайны Аляксандра Жыткевіча. Трыццаць гадоў адпрацаваў Аляксандр Іванавіч, рабіў усё, каб яго родная бібліятэка апраўдала імя вялікага Купалы.

Многія пісьменнікі дарылі кнігі з аўтографамі асабіста яму як чалавеку, які любіў сваю справу і шырока прапагандаваў родную літаратуру і культуру. Гэтыя кнігі Аляксандр Іванавіч Жыткевіч пакідаў у бібліятэцы, каб чыталі вяскоўцы. "Дарагому Аляксандру Іванавічу Жыткевічу і вялікаму сябру кнігі з сардэчнай павагай Мікола Арочка", - аўтограф земляка на кнізе "Крылатае семя". Піліп Пестрак на сваёй кнізе "Неспадзяванак" напісаў: "Жыткевічу Аляксандру - ад шчырага сэрца".

Вялікую дапамогу ў дзейнасці бібліятэкі аказвала жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч (цётка Уладзя). Яна вельмі любіла Кракоцкую бібліятэку імя Янкі Купалы і ўсіх тых людзей, якія жылі побач. З Менска яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Уладзіслава Францаўна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы.

Дзякуючы цётцы Уладзі, для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя вядомыя пісьменнікі.

У 1957 годзе бібліятэку наведалі Пятрусь Броўка, Янка Брыль і Іван Шамякін. Пятрусь Броўка падараваў бібліятэцы свой двухтомнік. На першым томе ён напісаў: "Бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. З вялікай пашанай да яе прыхільнікаў і актыўных чытачоў. Пятрусь Броўка. 29.5.1957 г.". Свае аўтографы бібліятэцы тады пакінулі Янка Брыль і Іван Шамякін.

У 1961 годзе свой двухтомнік з аўтографам прыслаў з Менска Янка Брыль: "Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы - з зямляцкай павагай і найлепшымі пажаданнямі Янка Брыль. Мінск, 6.01.61 г.".

На святкаванне 30-годдзя бібліятэкі ў 1957 годзе ў Вялікую Кракотку прыехалі з Менска Максім Лужанін, Рыгор Няхай, Пятро Прыходзька, супрацоўнікі музея Янкі Купалы, якія з сабою ў дар прывезлі каля 50 кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. "Кракоцкай бібліятэцы імя Янкі Купалы ў дзень яе слаўнага трыццацігоддзя ад аўтара Пятра Прыходзькі", - так напісаў на сваёй кнізе "Салдаты міру" паэт-франтавік.

У 1972 годзе Вялікакракоцкая бібліятэка адзначала 90-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. У вялікім літаратурным вечары, які праходзіў у Вялікай Кракотцы, прымалі ўдзел Сяргей Грахоўскі, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Янка Саламевіч і іншыя літаратары. Як памяць пра сустрэчу захоўвала бібліятэка іх кнігі з аўтографамі. Пакінуў аўтограф Сяргей Грахоўскі на кнізе "Тры вымярэнні": "Чытачам бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы. Жадаю жыць у шчасці, любіць і шанаваць ніву, засеяную Купалавай шчодрай рукою".Захоўваліся ў бібліятэцы і кнігі з аўтографамі Алеся Якімовіча, Міколы Аўрамчыка, Леаніда Прокшы, Івана Навуменкі, Сяргея Панізьніка і многіх іншых нашых творцаў.

Але самая каштоўная рэліквія, якую захоўвала бібліятэка, - гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Менска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу "Адшчапенец", выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана: "Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.". Цяпер кніга з аўтографам захоўваецца ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

Вялікакракоцкая сельская бібліятэка імя Янкі Купалы Слонімскага раёна за свой 80-гадовы шлях шмат разоў адзначалася ўзнагародамі. У 1960 і 1967 гадах гэтая ўстанова культуры за шматгадовую плённую працу была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР. Дзве ганаровыя граматы і два дыпломы атрымала бібліятэка ад Міністэрства культуры і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі.

У 2005 годзе бібліятэка ў Вялікай Кракотцы набыла новы статус і стала Бібліятэкай-музеем імя Янкі Купалы. А ў 2007 годзе яна адзначыла сваё 80-годдзе. Але гэта быў апошні юбілей бібліятэкі ў Кракотцы. У 2008 годзе яе закрылі, а каштоўныя кнігі і фотаздымкі перадалі ў іншыя бібліятэкі Слонімшчыны, а таксама ў Сялявіцкую сельскую бібліятэку. Усе акупацыі і войны перажыла слаўная Купалаўская бібліятэка, а вось сённяшні час перажыць не змагла. Шкада…

Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва аўтара.

Жальбіны па Купалу

28 чэрвеня на Вайсковых могілках адбыліся Жальбіны з нагоды 80-й гадавіны з дня трагічнай смерці Янкі Купалы. Прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, працаўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Я. Купалы і проста прыхільнікі творчасці паэта ўсклалі да помніка белыя ружы - любімыя кветкі паэта.

Паводле СМІ.

"На Беларусі Бог жыве!"

Традыцыйны Фэст у Будславе

1-3 ліпеня ў Будславе праходзіў традыцыйны фэст «На Беларусі Бог жыве». Паводле падлікаў арганізатараў традыцыйнай ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай, па меншай меры 20 арганізаваных пілігрымак прыбылі сёлета на Будслаўскі фэст. У іх узялі ўдзел больш за 1 700 асобаў.

Увечары 1 ліпеня, у першы дзень Будслаўскага фэсту, у Нацыянальным санктуарыі адбылася святая Імша для пілігрымаў. Ля сцен зноў адкрытага пасля рамонту Будслаўскага касцёла значэнне ўрачыстасці адзначыў Арцыбіскуп-Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Іосіф Станеўскі:

- Ад вякоў, праз 5 стагоддзяў, народ тут, перад Маці Божай Будслаўскай просіць, каб яна сцерагла. Тое, што мы сёння бярэм удзел у гэтай святой імшы - доказ таго, што нашыя продкі і мы слухаем Езуса. Ні хваробы, ні іншыя ліхалецці не забароняць нам прыйсці сюды.

Познім вечарам 1 ліпеня ў Нацыянальным санк-туарыі Маці Божай Будслаўскай адбылася адна з найбольш яскравых падзей фэсту - працэсія з запаленымі свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза.

Узначаліў велічнае шэсце вакол Чырвонай плошчы і цэлебрацыю святой Імшы апоўначы Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне маліліся Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які толькі вярнуўся з Рыма, дзе атрымаў з рук Святога Айца палій Мітрапаліта, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскупы Юрый Касабуцкі і Казімір Велікаселец, больш за сто святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў і тысячы вернікаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы

2 ліпеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, цэлебрацыю галоўнай святой Імшы фэсту ў Будславе ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Галоўнай святой Імшы папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

Catholic.by.

На 100 балаў ЦТ па беларускай мове здалі 67 чалавек, па рускай - 43

З'явіліся афіцыйныя лічбы сёлетняй здачы ЦТ па беларускай і рускай мовах

ЦТ па беларускай мове сёлета збіраліся здаваць больш за 18 000 абітурыентаў (летась 17 900). Не з'явілася на тэставанне 742 чалавекі, гэта 4,2% усіх запісаных. Адзін чалавек быў выдалены з ЦТ за мабільны тэлефон.

На 100 балаў ЦТ па беларускай мове напісалі 67 чалавек, - паведаміў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк. Летась на ЦТ па гэтым прадмеце было 40 стобальнікаў і 4 абітурыенты, якія напісалі тэставанне на 0 балаў (колькі не атрымалі ніводнага бала сёлета - не паведамляецца).

Адразу чатыры выпускніцы ўстаноў адукацыі Клецкага раёна зарабілі 100 балаў з 100 магчымых на цэнтралізаваным тэставанні па беларускай мове, напісаў тэлеграм-канал Міністэрства адукацыі. Максімальную колькасьць балаў набралі: навучэнка сярэдняя школа № 1 Клецка Паліна Чакун, дзве выпускніцы Клецкай гімназіі Настасся Контарава і Ганна Лабецкая, а таксама навучэнка Зубкоўскай сярэдняй школы Ангеліна Валадзько.

Найвышэйшы вынік на ЦТ па беларускай мове атрымала вучаніца СШ №8 г. Ліды Настасся Більдзь.

Педагог - Наталля Казіміраўна Яцкевіч.

На 100 балаў сёлета рускую мову здалі 43 чалавекі (у мінулым такіх было 65). Колькі здалі на 0 балаў - таксама не паведамляецца.

На ЦТ па рускай мове зарэгістраваліся больш за 50 300 чалавек (больш за 50 800 у 2021 годзе). Гэта - самы папулярны прадмет. У першы дзень не з'явіліся на экзамен 2,7% запісаных, у другі - 4,5%. 4 абітурыенты былі выдаленыя з аўдыторыі за парушэнне правілаў.

Наш кар.

Фантазійна, смачна, крэатыўна.

Майстар-клас "Пернікавая казка"

Да Дня моладзі Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла ўдзельнікаў Цэнтра падтрымкі псіхічнага здароўя "Лідскі клубны дом" на незвычайны салодкі майстар-клас па роспісе пернікаў глазурай, які правяла бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Сандакова.

Сёння размаляваныя пернікі - гэта прыгожы духмяны ядомы сувенір, выдатны падарунак з нагоды і без. На "Пернікавай казцы" прысутныя праявілі крэатыўнасць і фантазію пры стварэнні асабістага церамка для кожнага з герояў аднайменнай народнай казкі. Ва ўсіх пернікі атрымаліся розныя, але радавалі вока абсалютна ўсіх прысутных. Падчас майстар-класа ўсё даведаліся аб гісторыі пернікаў, відах і асаблівасцях пернікаў, іх прызначэнні, традыцыйных формах, аб сакрэтах пернікавага цеста і аб упрыгожванні пернікаў. Кожны ўдзельнік стварыў свой кулінарны шэдэўр, самы смачны і прыгожы казачны сувенір.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Кацярына Сандакова.

Дадатковыя выплаты на дзяцей у ліпені - калі і колькі грошай атрымаюць бацькі

Навіны Германіі

У ліпені бацькі разам з дапамогай на дзіця атрымаюць таксама аднаразавую выплату на дзяцей. Гэта адна з мер федэральнага ўрада ў мэтах падтрымкі насельніцтва. Калі будзе зроблена выплата і хто атрымае яе ў поўным аб'ёме?

Дакладная дата выплаты залежыць ад апошняй лічбы нумара дзіцячай дапамогі. Першымі аднаразавую выплату ў памеры 100 еўра атрымаюць бацькі, у якіх нумар дапамогі на дзіця заканчваецца на 0. Дадатковая выплата на дзіця не будзе пералічана з сацыяльнымі дапамогамі. Такім чынам, маламаёмасныя і атрымальнікі сацдапамог атрымаюць грошы ў дадатак да выплат. Працоўныя жыхары краіны атрымаюць поўную суму, толькі калі яны не адносяцца да высокааплатных жыхароў краіны.

Дзіцячая прэмія не ўлічваецца як прыбытак пры налічэнні сацыяльных дапамогаў. "Гэта азначае, што атрымальнікі дапамогаў SGB II маюць права на гэтыя грошы", - падкрэслівае федэральны ўрад. Дапамогу ў памеры 100 еўра перавядуць і атрымальнікам жыллёвай дапамогі і іншых сацыяльных выплат.

Падатковае ведамства аўтаматычна правярае, ці выйграюць бацькі ад выплаты дапамогі на дзіця (плюс бонус на дзіця) ці ім выгадней падаткавая палёгка, у выглядзе павышэння мяжы прыбытку, з якога не выплачваецца падатак. "Чым вышэй прыбытак, тым выгадней бацькам павялічыць суму неабкладнага падаткам прыбытку", - падкрэслівае прадстаўнік Федэральнае міністэрства фінансаў.

У выпадку калі сукупны прыбытак бацькоў з адным-трыма дзецьмі не перавышае 69 810 еўра - яны атрымаюць бонус на дзіця цалкам. Калі прыбытак абодвух бацькоў вышэй, сума адначасовай выплаты памяншаецца.

Выгадней цалкам пералічваць выплату за кошт павышэння неабкладнага сумарнага прыбытку ў 2022 годзе калі сям'я з адным дзіцем мае прыбытак вышэй за 75 588 еўра, сям'я з двума дзецьмі мае сумарна звыш 83976 еўра, сям'я з трыма дзецьмі - вышэй 96 494 еўра.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Славутыя і менш вядомыя з "Беларуска-індзейскага біяграфічнага слоўніка"

(Працяг, гл. № 19, 22 і 24)

АПАЛІНЭР Гіём - па маці Анжаліцы - з Кастравіцкіх - звязаны з Дзісеншчынай (маёнтак Дарожкавічы; раней лічылася, што гэта Наваградчына). Нібыта бачыў у Парыжы індзейца-мапучэ (араўкана) - сярод злачынцаў-"апашаў" і каманчаў, не ўсе з якіх могуць быць фейкавымі, "артыстычнымі", і многіх іншых каларытных персанажаў, звязаных з індзейскім светам. Яму даводзілася сутыкацца з мастацтвам карэнных народаў заморскіх уладанняў Францыі, якія цікавілі яго менавіта з гэтага пункту гледжання і ў той час, калі ён працаваў у міністэрстве калоній.

Апалінэру належыць апісанне Парыжа, у прыватнасці Манпарнаса, жыцця мастакоў у перадваенныя гады ("Хроніка нораваў" публікуецца ў яго "Кур'ерах"): "Усе гэтыя былыя паклоннікі Манмартра эмігравалі сюды, як нейкія чырванаскурыя індзейцы або выгнаныя паэты". "На другім рагу кафэ "Ратонда", там пазіруе індзеец у святочным уборы са шкур і пер'я; і мастак, і мадэль у роўнай ступені прыцягваюць да сябе позіркі". "Пройдзем вуліцай Гранд Шам'ер на Акадэмічную вуліцу, дзе яшчэ нядаўна прагульваўся адзіны прадстаўнік Патагоніі ў Парыжы, з племені араўканаў Ортыз Зара, што абвясціў сябе ўладальнікам усіх ісцін" (перакладаем з захаваннем пунктуацыі з рускага перакладу кнігі Юліі Хартвіг; у польскім арыгінале - "Ortiz Zarate"; гаворка ідзе пра мастака Manuel Ortiz de Zаrate Pinto, касцільскай "крыві" і нараджэння ў Італіі, які жыў і ў Чылі (сцвярджа-юць, што меў продка - прэзідэнта гэтай краіны) - апошняе і крыху знешнасць і прывялі да "патагонскага" тытулу, які ўжыў Апалінэр).

Але паэт прадказвае канец і гэтага асяродка: "Сюды прывядзе свае караваны турыстаў агенцтва Кука, затое кліенты Какю перабяруцца ў іншы квартал і захопяць з сабой мастакоў, кітайцаў, патагонцаў, індзейцаў племені каманчаў, лімузінцаў і, можа быць, нават найнуднейшага чалавека ва ўсёй акрузе і панясуць іх да іншых гор і ўзгоркаў, найбольш верагодна на Бют Шамон".

У Мексіку ў 1913 г. пераехаў яго брат Альберт (Albert de Kostrowitzky, памёр у Мехіка ў 1919 г.). З гэтай акалічнасці і канкрэтна з перапіскі з братам узніклі мексікана-індзейскія "імпульсы" ў Апалінэра. Мексіканскі матыў, напрыклад, прысутнічае ў вершы Апалінэра "Ёсць". Вобраз індзейца паўстае ў вядомым вершы "Цень" з цыклу "Каліграмы". У "каліграме" "Пісьмо-Акіян" (або "Акіянскі ліст") у выглядзе тэлеграмы (загаловак "Добры дзень, дарагі мой брат Альберт у Мексіцы"), пасланай брату, ён шматзначна суправаджае вітанні фразай "не пазнаеш ніколі добра майя" і нават абразлівым выразам у адрас індзейца. Гэтая "ідэаграма" трактуецца як "адзін з самых смелых і нават рызыкоўных вопытаў", "адзіны ў сваім родзе", "вузка паэтычны эксперымент" у частцы "слоў на свабодзе" паміж асобнымі фразамі, "калі б яны змаглі выкарыстаць гэтую свабоду на карысць".

Гл. пра мастака ў Парыжы Ары Стыльмана ў нашай серыі БСІ.

ГРЫЦУК Аляксей - яго ненаўмыснае сутыкненне з канадскімі індзейцамі згадала яго жонка Вольга ў кнізе "Мы стваралі сваю Беларусь: Жыццё і дзейнасць Аляксея Грыцука" (2007) (з тарашкевіцы): "У 1966 г. мы пераехалі ў Кінгстан, дзе мой муж пачаў працаваць у мясцовым Квінс-універсітэце. Спачатку, праўда, паехаў туды адзін Алесь, жыў там шэсць месяцаў, а мы з Юльянкай заставаліся на старым месцы. Ён прыяжджаў (так!) штодватыдні. Зімой я вельмі хвалявалася: галалёдзіца, слізка, каб чаго не здарылася. Бо ён ужо меў тры выпадкі: першы раз - калі толькі купіў аўто ў Гамільтане і ехаў паказаць нам. На скрыжаванні ў яго ўехаў грузавік індзейцаў, якія не зважылі на чырвонае святло. Паліцыя прызнала іх вінаватымі, але нам таксама было шмат працы і клопату".

ДЭВІДАЎ Майк ("Дэвидоу" і "Давидоу") - амерыканскі журналіст-камуніст, родам з ваўкавыскага "штэтла". Жывучы ў 1970-1980-я гг. у Маскве і наведваючы многія раёны Саюза, Дэвідаў сустракаўся з цікавымі людзьмі, сярод якіх вылучаюцца Джордж Тайнес і індзеяністка Таццяна Купрыянава. З нарысаў Дэвідава стала вядома, што Тайнес, ураджэнец ЗША, напалову негр, напалову індзеец, прыехаў у СССР у 1931 г. у складзе групы спецыялістаў па сельскай гаспадарцы, арганізаванай з асоб негрыцянскага паходжання Джонам Голдэнам і накіраванай першапачаткова ў Ташкент. У ЗША ён скончыў універсітэт, але працаваў мыйшчыкам посуду, партовым службоўцам, быў баксёрам і выступаў нават у складзе зборнай ЗША па футболе, але часта быў беспрацоўным. Тайнес стаў савецкім грамадзянінам, працаваў па сваёй прафесіі, апублікаваў навуковыя працы па гадоўлі свойскіх птушак. Ён лічыў, што жыве як сапраўдны чалавек і што ў Савецкім Саюзе адсутнічае расізм. Адзін з яго дзяцей, Слава, працаваў у Агенцтве друку "Навіны", пішучы пра Афрыку і неграў у СССР. Пра Дж. Тайнеса расказваў яшчэ адзін з папярэднікаў М. Дэвідава Джон Пітман, маскоўскі карэспандэнт газеты кампартыі ЗША "Уоркер".

ЕЛЬСКІ Канстанцін - лекар і прыродазнавец па адукацыі, прыбыў у Каену ў жніўні 1865 г. і, уладкаваўшыся вучнем фармацэўта, пачаў збіраць насякомых, звяроў і птушак. У гэтых заалагічных экспедыцыях яго суправаджалі як праваднікі і памочнікі мясцовыя індзейцы.

Ельскі назіраў за тым, як індзейцы палююць на лясных жывёл, на акул і чарапах, ловяць піраній, з дапамогай лука і стрэл - кунані (туку-нарэ), іншых, больш буйных - гарпунамі. Натураліст часам выкарыстоўваў індзейскі сарбакан, каб падстрэльваць птушак. Пра паводзіны індзейцаў ён пісаў: "Ходзяць яны ціха і хутка, прымячаюць на дрэвах нават маленькіх птушак, шэрых і нерухомых, выдатна вызначаюць, які звер пакінуў след на зямлі. Умеюць яны пераймаць голас кожнага звера; у лесе могуць дастаць літаральна ўсё, бо ведаюць карысныя ўласцівасці кожнай расліны, кожнага дрэва". Менавіта індзейцам К. Ельскі быў абавязаны многімі рэдкімі экзэмплярамі сваіх калекцый, якія адпраўляў у Парыж. (Ён лічыцца адкрывальнікам шэрагу новых відаў, у т. л. пакараны або фальшывай пакі. У гонар К. Ельскага названы віды андскага свістуна і лаўра.). Ельскі ставіўся да сваіх памочнікаў з ўсёй спагадай, уключаючы бясплатнае лячэнне; індзейцы называлі яго "добрым белым" (чытай: добрым беларусам, з Дабрарусі ў цэлым, як і павінна быць).

В. Грыцкевіч падае дэталі яго падарожжа на р. Уасу ў чэрвені 1869 г. Ён апісаў "уаскіх індзейцаў", іх качавы лад жыцця, метады земляробства, палявання, рыбалоўства, звычаі ў адзенні і ў арганізацыі стаянак; даў шмат этназаалагічных і этнабатанічных звестак (у прыватнасці, пра чаплю мішэль, якая з'яўлялася галоўным прадметам гандлю ў індзейцаў з-за шкурак і пер'я, якое экспартавалася ў Еўропу як упрыгажэнне для капялюшыкаў).

ЗЯНКОВІЧ Усевалад - савецкі вучоны-акіянолаг і геамарфолаг, нарадзіўся Маскве ў сям'і беларусаў з Пружанскага павета. Пабочным прадуктам вывучэння ім прыбярэжных (Куба, Мексіка) была, відаць, не адна сустрэча з індзейцамі. Індыянку з крыху загадкавага племені ён сустрэў на Юкатане. Знаходзячыся ў Мерыдзе, ён быў запрошаны ў госці ў бунгала Іштвана Бараша, які лічыў Мексіку "трэцяй і апошняй радзімай" (першая - Венгрыя, а потым ён вучыўся і пачынаў працаваць на поўнач ад Рыа-Грандэ). Незадоўга да гэтага ён заключыў шлюб з "індыянкай племені сіў, родам з Саноры". Пры знаёмстве яна назвала сябе Мукпутль (не падобна на імя сіў, магчыма, штосьці наблытанае з назвай народа, хаця і сіў маглі трапіць на поўнач Мексікі). Навуковец апісаў яе фізічныя і псіхалагічныя якасці, здольнасці гаспадыні вельмі станоўча, хаця перад сустрэчай з жонкай у Зянковіча нават была думка, што Іштван ажаніўся з бунгала (апісанне з'явілася ў кнізе Зянковіча "Між двух акіянаў" (1972)).

САЛАНЕВІЧ Іван - паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта восенню 1913 г. Пасля пачатку першай сусветнай вайны выбыў з яго "за неўнясенне плацяжу", аднавіўся ў лютым 1917 г., але не прыступіў да заняткаў. Ён жартаваў, што скончыў яго "больш або менш". За непрацяглы час вучобы Саланевіч набыў нават і "індзейскі" вопыт. Пісаў у "Народнай манархіі": "Невядомыя мне перавагі філалагічнага факультэта прыцягвалі да яго амерыканскіх студэнтаў і студэнтак. Сярод іх былі і індзейцы. Сапраўдныя. Пра іх навуковыя поспехі я не інфармаваны ніяк. Але яны бралі ўдзел у нашым спартыўным жыцці, і я тады ніяк не мог сцяміць, што менавіта іх так прыцягвае да "рускай дэмакратыі". Цяпер я гэта так-сяк разумею, - пасля майго заходнееўрапейскага досведу". Факт не правераны. Але ён усё ж больш рэалістычны, чым паходжанне Аляксандра Няўзорава ад каманча з Лотана ў Аклахоме, дзе яго і спрабаваў шукаць (той нібыта ўдзельнічаў у Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Маскве, 28.07-11.08.1957). Відаць, гэта жартаўлівая алюзія на рысы яго твару.

Паведамленне Саланевіча можна аднесці да тэмы "масавых" (з боку беларусаў) кантактаў з індзейцамі ў Пецярбургу. Кур'ёзнымі выглядаюць вынікі перапісу 1897 г. па Пецярбургу ў аналізе этнічнага складу гэтага горада Н. Юхнёвай. З 60 моў 17 лічылі роднай менш за 10 чалавек, гэта адносілася і да мовы дакота (г.зн. адной з груп сіў), 17 - ад 10 да 100, 12 - ад 100 да 1000 і 13 - ад 2,4 тыс. да 50,8 тыс. У апошняй групе былі нямецкая, польская, фінская, эстонская, яўрэйская, латышская, татарская, шведская, літоўская, французская і англійская. "Як можна заўважыць, - піша даследчыца, - сярод пералічаных моў няма беларускай і ўкраінскай. Я наўмысна прапусціла іх, таму што дадзеныя перапісаў аб гэтых мовах зусім неверагодныя". Насамрэч беларусаў было ў 30 разоў больш, чым тых, хто прызнаў роднай беларускую мову.

Саланевіч жыў у Аргенціне (1948-1950) і Уругваі (1950-1953) - якія "больш або менш" знішчылі сваіх індзейцаў, але кантакты з імі там былі магчымыя.

СНІТКО Аляксандр - украінец, які нарадзіўся ў Гомелі ў 1955 г. у сям'і рабочых, што прыехалі ў Гомель з Аляксандраўкі ў Карукаўскім раёне Чарнігаўскай вобласці. Выдатны прадстаўнік неафіцыйнай амерыканістыкі, таленавіты папулярызатар. Стваральнік адной з дзвюх велізарных калекцый па амерыканістыцы і іншым краіназнаўстве ў Гомелі (больш увагі Лацінскай Амерыцы, чым у Бібліятэцы і архіве Беларуска-індзейскага таварыства). Двойчы наведваў Кубу (1984, 1987), адкуль прывёз кнігі пра індзейцаў Кубы і іншых рэгіёнаў, у прыватнасці двухтомнік Б. Левіна пра паўстанне Тупака Амару (з дублетамі для Бібліятэкі БІТ). Сустракаўся з індзейцам наваха У. Язі ў Менску (1996), дзяўчатамі-мапучэ "піначэтаўскага перыяду", індзейцамі з Перу і Эквадора ў Маскве, многімі метысамі, напрыклад, студэнтамі-нікарагуанцамі ў Гомелі, гватэмалкамі ў Маскве, байцамі (працоўных) камуністычных інтэрбрыгад (КІБ), у якіх сам удзельнічаў. Апісаў (змешчана ў інтэрнэце) юнацкую спробу збегчы ў Гватэмалу.

У лісце без даты (11.02.1991 па штэмпелі), пасля чарговай паездкі ў Маскву, ён напісаў: "1) высылаю табе 2 лацінскія [(слэнг) лацінаамерыканскія] адрасы; а) эквадорскі - гэта маленькі шчупленькі індзеец, даволі сціпла апрануты, прасіў аб салідарнасці, абяцаў матэрыялы аб дзейнасці сваёй арганізацыі і індзейскай праблеме ў Эквадоры.

б) перуанскі - хлопец з сям'і правінцыяльных інтэлігентаў, тыповы чола, цікавіцца перабудовай г.зн. палітычнымі працэсамі ў СССР, згаджаўся на абмен выразкамі з газет і інш. матэрыяламі".

Гэта былі адпаведна: Марка Чымба (Marco Chimbo) - Федэрацыя індзейскай моладзі, Лага-Агрыа, Сукумбіёс (Эквадор) і Фларэнціна Тэльё (Frorentino Tello Q.) - Чылька, Уанкаё (Перу). Аляксандр узяў у іх адрасы ў час сустрэчы, як ён сцвярджае, з удзельнікамі стажыровак для лаціна-амерыканскіх дэлегацый. Мы напісалі ім, але адказу не было. Але ўсяроўна гэта была вялікая эпоха вялікага інтэрнацыяналізму, у якім сапраўдны было шмат шчырага, а не "інспіраванага" выключна кампартыяй і дзяржаўнымі органамі або (насамрэч) нацыянальным, вялікадзяржаўным эгаізмам, і падобнае больш ніколі не паўторыцца.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Вайна ў 1920 годзе*

Успаміны і разважанні

Генерал Люцыян Жалігоўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Бітва на Нарве і Бугу выразна падкрэсліла, якую вялікую памылку мы рабілі, ігнаруючы нашыя цвердзі. Праўда, што былі яны старыя, не мелі цвердзевай артылерыі і належнага ўзбраення, але калі возьмем пад увагу тэхнічныя сродкі нашых праціўнікаў і факт, што расейцы не мелі цяжкай артылерыі, то ўбачым, што цвердзі, нават элементарна падрыхтаваныя і сціпла забяспечаныя, маглі цалкам змяніць характар вайны. Значэнне цвердзі мы звычайна ацэньвалі ўжо пасля яе страты. Пасля Гародні, якая магла быць асновай усёй нашай поўначы, пераходзім да абароны лініі: Нарвы і Буга, на краях якой знаходзяцца Берасце і Асавец.

Ад абароны Берасця залежала выкананне першага наступальнага плану. Трэба было, каб гэтая цвердзь утрымалася некалькі дзён, пакуль не сканцэнтруецца армія на поўдні з кірункам удару на поўнач. Тую цвердзь атакуюць дзве дывізіі 16-й савецкай арміі і здабываюць на працягу аднаго дня. У выніку гэтага ўвесь план нашага контрнаступлення аказваецца перакрэсленым. А ў момант, калі падае Берасце, бароніцца яшчэ ўся лінія Буга і Нарвы, а таксама цвердзь Ломжа. Контратакі на Берасце не да чаго не прыводзяць, і ўвесь план зрываецца.

Сучасную цвердзь Асавец аддалі без бою, а адносна слабейшая, як цвердзь, Ломжа бароніцца на працягу пяці дзён і разам з пазнейшай абаронай Зэгржа і Замосця пацвярджае, якое важнае значэнне для аперацыі мае хоць бы некалькідзённая абарона цвердзі.

Сусветная вайна мела вялікі ўплыў на нашыя адносіны да ўмацаваных абаронных пунктаў. Пасля падзення бельгійскіх цвердзяў у 1914 годзе здавалася ўсім, што цвердзі перасталі адыгрываць якую-небудзь ролю, а нават дзе-нідзе былі шкодныя. Нямецкія атакі на Вярдэн засталі фарты гэтай цвердзі на этапе іх раззбраення. Маршал Пятэн перашкодзіў таму раззбраенню, і яму ўдзячная Францыя, што Вярдэн адыграў такую высокую ролю ў Сусветнай вайне.

Аднак, ці фарты Вярдэна нашмат адрозніваліся ад фартоў Гародні або Берасця, не гаворачы ўжо пра зусім сучасны Асавец? Калі возьмем суадносіны сіл і сродкаў непрыяцеля да абаронных здольнасцяў Вярдэна і нашых цвердзяў у вайне 1920 года, то суадносіны тыя будуць на карысць нашых цвердзяў.

Канешне, не ішлося пра нейкую вельмі доўгую абарону, бо для таго акрамя ўзбраення патрэбна было забеспячэнне харчаваннем не толькі войска, але і цывільнага насельніцтва. Хапіла б аднак некалькі або з дзясятак дзён, а такую абарону мы маглі б заўсёды вытрымаць. Калі б Гародня, Берасце і Асавец пратрымаліся так доўга, як Ломжа, то вельмі праўдападобна, што ўвесь ход вайны выглядаў бы іначай.

Вось чаму нельга пагадзіцца з маршалам Пілсудскім, калі ён у сваёй кніжцы "1920 год" гаворыць, што Берасце было "нібы цвердзю", Гародню ж акрэслівае, як "для ўпрыгожання вайсковага жыцця цвердзю званую". Праўда, што цвердзі гэтыя былі не дасканалыя, аднак былі цалкам прыдатныя для вайны ў 1920 годзе. Трэба было толькі, каб іх выкарыстала нашая стратэгія.

Звычайна толькі пасля страты цвердзяў вышэйшыя штабы праяўлялі разуменне іх вартасці. Загады, накіраваныя на адабранне Гародні, Асаўца ці нарэшце Берасця ёсць выразным сведчаннем значэння і вартасці цвердзяў. Рэакцыя гэтая была аднак ужо запозненая. Для штурму неабачліва адданых цвердзяў мы не мелі ані сіл, ані тэхнічных сродкаў. Найважнейшай аднак прычынай страты цвердзяў у такім хуткім тэмпе была памылковая дактрына вайны, абапёртая выключна на руху і памылковым перакананні, што наш жаўнер не здольны да абароны.

Бітва пад Радзымінам

У Вышкаве. - План Варшаўскай бітвы. - Абараназдольнасць варшаўскіх подступаў. - Аблога. - 10-я дывізія ў адступленні. - Расшыфраваны непрыяцельскі загад. - Няўдача з адводам арміі. - Стварэнне групы з трох дывізій. - План контрнаступлення. - Атака Паганоўскага. - Наступленне брыгады палкоўніка Томе. - Вяртанне нямецкай лініі. - Узяцце Мокрага. - Далейшыя баі. - Расейскія крыніцы.


Дывізія пасля адходу з-пад Вострава займала лінію Уджынак - Пшэтыча, маючы полк уланаў на левым крыле. Штаб размяшчаўся ў Вышкаве. 7-га жніўня прыбыў у штаб дывізіі тагачасны камандуючы арміі генерал Ендрыеўскі, інфармуючы мяне строга сакрэтна пра планы Вярхоўнага галоўнакамандавання адносна будучай бітвы. Генерал дадаў, што абавязковым ёсць утрыманне дывізіі ў Вышкаве да 10 жніўня, г.зн. да часу, калі будуць гатовыя фартыфікацыйныя збудаванні на абароннай лініі Варшавы, сумняваўся аднак, ці гэта ўдасца, і пытаўся пра маю думку. Я запэўніў генерала, што да 10-га ўтрымаемся на гэтай лініі, і ў той самы дзень арганізаваў выпад на Даўгасёдла ўздоўж чыгуначнай каляі. З наступальным аддзелам выслаў два бронецягнікі. Як вынік гэтага выпаду быў вялікі абхоп краю лесу каля вёскі Яшчолты, і ўзяцце палонных з 33-й кубанскай дывізіі. Ужо тады мы пацвердзілі рух непрыяцельскіх калон на поўнач у бок Ражан.

10-е жніўня застала дывізію на лініі Браншчык - Тшцянка - Пажэндзе. Невялікае адступленне левага крыла было выклікана адходам групы генерала Бараноўскага на Пултуск. У той жа дзень прыбыў зноў у штаб дывізіі генерал Ендрыеўскі. Задача дывізіі была выканана. Было пытанне, ці мы павінны пачынаць спланаваны адход. Генерал запытаў па тэлефоне штаб фронту. Адказ гучаў, што было б добра, каб дывізія яшчэ адзін дзень магла застацца на займаных пазіцыях. Было гэта цалкам мажліва, але не было ўпэўненасці, ці ў вынітку баёў пад Пултускам Сіроцк не будзе да заўтра заняты, а потым і шаша, якая да яго вядзе. Пасля гэтага генерал Ендрыеўскі затэлефанаваў, што дывізія можа застацца, але можа быць, што ўжо заўтра быдзе вымушана адступаць не на Сіроцк, а на Радзымін - Яблонную ці па левым беразе Буга. Са штаба фронту прыйшоў адказ, што неабходна адступленне дывізіі на Сіроцк, а таму адход трэба выконваць сёння. У выніку дывізія 11-га перад паўднём сканцэнтравалася ў Сіроцку.

Там сустрэў камандуючага фронту генерала Ю. Галера і начальніка штаба Вярхоўнага галоўнакамандавання генерала Развадоўскага. Атрымаў загад перайсці ў Яблонную, дзе дывізія мела стаць рэзервам паўночнага фронту.

Існаванне плану і правядзенне яго ў жыццё напаўняла сэрца палёгкай. Хоць войска не ведала, на чым ён палягае, усе адчувалі, што дзеецца нешта планавае.

План бітвы палягаў на абароне Варшавы арміямі паўночнага фронту пад камандаваннем генерала Ю. Галера і ўдары манеўровай групы пад камандаваннем маршала Пілсудскага з-над Вепжа. Атака з-над Вепжа не магла пачацца раней, чым 16-га жніўня, і да таго часу абарона мусіла безумоўна трываць на перадполлі Варшавы.

Гэты класічны ў сваёй прастаце план мы распачалі выконваць 10 жніўня, калі ўсе аддзелы занялі вызначаныя для іх пазіцыі. Як я ўжо згадваў, 10-я дывізія стаяла ў Яблонне ў рэзерве камандавання фронту так, што магла быць ужыта і на варшаўскім плацдарме ў раёне 1-й арміі, і на поўначы ў раёне 5-й арміі.

План расійскага камандавання сёння нам дакладна вядомы. Палягаў ён на захопе Варшавы, што складала не толькі стратэгічную, але і палітычную мэту вайны. "Даёшь Варшаву!" стало вельмі папулярным лозунгам савецкіх жаўнераў з пазіцый лёгка зразумелых.

Савецкае камандаванне добра ведала, што Варшава не будзе здадзена лёгка. Акрамя дарогі ўжо вядомай і памятнай ад бітвы пад Грохавам*, шукала яно іншай дарогі, па якой лягчэй дасягнуць гэтай мэты і якая адначасова дала б магчымасць перарэзаць нашыя зносіны з Захадам, асабліва з Гданьскам.

Маючы на флангах дзве конныя масы, на поўначы корпус Гая, а на поўдні конную армію Будзённага, якія ў выпадку ўдачы маглі б злучыцца недзе ў ваколіцы нашага сённяшняга трохкутніка бяспекі, расійская армія, якая маршыравала ўздоўж паўночнай граніцы праводзіла абход праз Пултуск, Цеханоў, выходзячы на Плоцк - Улацлавак - Торунь, адкуль - як некалі Паскевіч** - магла заатакаваць сталіцу з захаду. Тут яны спадзяваліся застаць галоўныя польскія сілы і перарэзаць злучэнне Польшчы з Гданьскам.

* * *

Варшаўскую бітву ў часе і прасторы можна падзяліць на дзве часткі: частка першая - гэта абарона паўночнага фронту, якім камандаваў генерал Ю. Галер 13, 14 і 15 жніўня. Частка другая - гэта ўдар групы маршала Пілсудскага з-над Вепжа.

Бітва пад Радзымінам не мае да гэтага часу сваёй гісторыі. Ёсць у гэтым шмат і маёй віны, бо камандуючы групай у апошняй фазе гэтай бітвы, не пакінуў ніякага загаду, ніякага рапарту, ніякай справаздачы пра яе. Адбылося гэта не толькі таму, што я - праціўнік лішняй пісаніны, але па-просту таму, што не было на гэта часу.

Уся бітва адбывалася на такім малым абшары і пры такім вялікім духоўным напружанні, што больш латвей было з людзьмі размаўляць, чым да іх пісаць. На працягу вырашальных дзён 14 і 15 жніўня ў маім штабе быў напісаны, здаецца, толькі адзін аператыўны загад, які адразу стаў неактуальным, а таму не быў высланы ў аддзелы. Уся карэспандэнцыя складалася з маіх запісак, напісаных алоўкам да камандзіраў. Можа якраз таму, гісторыя зайшла на неўласцівыя шляхі.

У абароне Варшавы найважнейшым месцам былі тэрыторыі, размешчаныя на ўсход ад Прагі. Тут мы мусілі чакаць наймацнейшага непрыяцельскага напору і таму, што сходзіліся тут камунікацыйныя шляхі з усходу (шаша Берасце - Варшава і Беласток - Варшава), аднак асабліва таму, што не было тут ніякіх ані прыродных, ані штучных умацаванняў. Кірунак гэты здаўна, яшчэ ў нашай мінулай гісторыі адыгрываў важную ролю. У 1831 годзе тут быў слынны рэдут Грахоўская Альшынка. Потым у інтарэсах Расіі не было будаваць з таго боку хоць якія ўмацаванні, і такі стан ператрываў да Сусветнай вайны.

У час акупацыі немцы, забяспечваючыся з усходу, дакладна вывучылі тэрыторыю на ўсход ад Прагі з мэтай пабудовы абароннай лініі. Трэба ім аддаць належнае, што зрабілі гэта вельмі добра. На адлегласці дзесяці з нечым кіламетраў ад Варшавы знайшлі лінію пагоркаў, якая акаляла гэтую тэрыторыю.

Найважнейшай перавагай нямецкай лініі былі знайходзіўшыяся толькі на ёй назіральныя пункты для артылерыі. Пунктаў такіх не было нідзе ў іншых месцах гэтай плоскай і лясістай тэрыторыі. Адыгрывала гэта тым большую ролю, што тут мы хацелі як найінтэнсіўней выкарыстаць агонь артылерыі.

Недалёка за гэтай лініяй прабягала роўнаадлеглая ад яе абвадная дарога Вавер - Вялішэва. Даўжыня гэтай пазіцыі, пачынаючы ад Віслы аж да Буга дасягала каля 50 кіламетраў і магла бараніцца сіламі 4 - 5 дывізій і шматлікай артылерыяй, якую мы мелі.

З якасцю фартыфікацыі першай лініі цесна ўвязваецца справа нашай артылерыі на прадмесці. Хоць артылерыя гэтая была значна слабейшая, чым падаюць тое крыніцы, аднак на ўсім плацдарме знаходзілася каля 40 батарэй.

Нажаль з-за размяшчэння яе за першай лініяй ужо 13-га вечарам мусіла ад'ехаць за другую лінію і там увесь час заставалася бяздзейнай. Бо не было там назіральных пунктаў з-за плоскасці тэрыторыі, паветраных шароў на прывязі не мелі, а наша маладое камандаванне не было яшчэ здатнае да кіравання агнём артылерыі.

У выніку гэтага нашая артылерыя не адыграла вялікай ролі. У ходзе бітвы за Вольку і Мокрае 10-я дывізія карысталася агнём толькі дзвюх батарэй. Не лепшай ўяўлялася сітуацыя з таго ж пункту гледжання ў нашых праціўнікаў. Іхні агонь артылерыі мала нам шкодзіў. Уся бітва абапіралася на кулямётны агонь і ручную зброю.

Пазіцыі пачыналіся ў месцы, дзе Свідар упадае ў Віслу, беглі ўздоўж рэчкі Мені, потым лініяй пагоркаў на ўсход ад Рэмбяртова праз Пустэльнік да форта Бен'ямінаў і далей да Буга. Лінія гэтая была вельмі добра прадумана, мела прыстасаванні кругавога агляду, а ў некаторых месцах нават бетонныя пляцоўкі для кулямётаў. Усё гэта, разам узятае, надавала нямецкай лініі высокую абаронную вартасць.

Нажаль, мы распачалі з паспешнасцю разбудоўваць іншую лінію, якая ад Вянзоўні ішла праз Лесняковізну аж да ракі Жондзы і ўздоўж яе да яе ўпадзення ў Буг, дзе злучалася з нямецкай лініяй. Радзымін, які пры абароне нямецкай лініі не ўваходзіў у абаронную сферу, пасля вызначэння той другой аказаўся паміж абедзвюма лініямі. Тая новая лінія сталася крыніцай нашых няўдач. Значна даўжэйшая, непрыстасаваная да тэрыторыі, не маючы закрытых тылоў, простая і амаль не адрэдутаваная, ні ў якім разе не вытрымлівала параўнання з абароннымі якасцямі нямецкай лініі.

Тут належыць дадаць, што Радзымін мог бы адыграць пэўную абаронную ролю, бо ён мае і меў у той час цэлы шэраг фабрычак, цагельняў і мураваных жылых дамоў, якія маглі пры адпаведным іх выкарыстанні стварыць не толькі цэлую сетку малых фартоў, але нават даць аснову абароне плацдарма. Такія закрытыя і забарыкадаваныя фарты пад камандаваннем афіцэраў і сяржантаў з дастатковай колькасцю кулямётаў і боепрыпасаў, найбольш адпавядалі характару безумоўнай і ўпартай абароны плацдарма ў чаканні ўдара з-над Вепжа.

* 13 (25) лютага 1831 года адбылася бітва пры вёсцы Грохаў, стаўшая адной з найбольшг крывавых эпізодаў Лістападаўскага паўстання. 72 тысячы расійцаў пад камандаваннем фельдмаршала Дыбіча-Забалканскага сышліся ў бітве з 56 тысячамі палякаў, узначаленых князем Радзівілам. Па выніках бітвы страты рускіх перавысілі 9 тысяч чалавек, палякі страцілі 12 тысяч. Вынік бітвы адназначным назваць нельга: нягледзячы на ўсе старанні і надзеі Дыбіча-Забалканскага, вайна закончана так і не была. Рэд.

** Паскевіч, Іван Фёдаравіч, Святлейшы князь Варшаўскі, граф Іван Фёдаравіч Паскевіч-Эрыванскі, расійскі палкаводзец, дзяржаўны дзеяч і дыпламат. Пасля смерці генерал-фельдмаршала І. І. Дыбіча-Забалканскага задушэнне польскага паўстання 1830 г. было ўскладзена на графа Паскевіча. Ён прыбыў 13 чэрвеня 1831 года ў Пултуск да галоўных сілаў арміі, рушыў з Плоцка ўніз па Вісле, пераправіўся каля прускай мяжы ў Оські, абышоў моцную армію палякаў пад камандаю Скржынецкага і адцясніў яго да Варшавы. Рэд.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Станіслава Судніка паводле выдання 1930 года.

"БЕЛАРУСКАЯ ВЁСКА: ПОБЫТ, ГАСПАДАРКА І ТРАДЫЦЫЙНАЯ КУЛЬТУРА"

Паблізу аграгарадка Дворышча Лідскага раёна літаральна з першых метраў сустракае гісторыя... Яе сляды ўсюды: на месцы капліцы, былога панскага палаца і там, дзе і сёння часткова захаваліся будынкі старадаўняга фальварка (вадзянога млына, крухмальнага завода, карчмы, бровара, кузні і інш. пабудовы). Яшчэ адной славутасцю Дворышча з'яўляецца этнаграфічны пакой "Спадчына", які працуе пры філіяле "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча". Там у выглядзе экспанатаў засяродзілася ўся гісторыя побыту Дварышчанскага краю.

Наведванне бібліятэкі абавязкова ўваходзіць у турыстычны маршрут для жыхароў і гасцей Лідскага раёна. Экскурсанты прыязжаюць сюды не толькі палюбавацца Дварышчанскімі краявідамі, але і пазнаёміцца з экспанатамі пакоя, паглыбіцца ў гісторыю вёскі Дворышча, дзякуючы ўнікальным краязнаўчым матэрыялам, сабраным бібліятэкарам па крупіцах з розных крыніц.

На працягу чэрвеня бібліятэка ладзіла цыкл экскурсій для дзяцей з прышкольных лагераў пад агульнай назвай "Беларуская вёска: быт, гаспадарка і традыцыйная культура". Спачатку прысутныя наведалі этнаграфічны пакой "Спадчына", дзе бліжэй пазнаёміліся з даўнімі рэчамі сялянскага ўжытку, з мноствам прыкмет і павер'яў, звязаных з гэтымі прыладамі. Затым дзеці з вялікай зацікаўленнасцю пагарталі ў бібліятэцы краязнаўчыя фотаальбомы. І абавязкова паўдзельнічалі ў шматлікіх гульнях і віктарынах: "Хата наша родная", "Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму", "Рэдкі экспанат" і інш.

Бібліятэкар надае вялікую ўвагу арганізацыі вольнага часу дзяцей з ранняга маленства і імкнецца прывіць ім любоў да гістарычнай і культурнай спадчыны роднага краю.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX