Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 11 (115) 


Дадана: 12-03-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 11 (115), 13 сакавіка 2024 г.

Беларусь шчыра шануе Святога Казіміра

Гародня

4 сакавіка, у свята апекуна Гарадзенскай дыяцэзіі святога Казіміра, у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя. Перад Імшой канонікі Гарадзенскага катэдральнага капітула, апекуном якога таксама з'яўляецца святы Казімір, сабраліся на супольнай малітве Літургіі гадзінаў у галоўнай святыні дыяцэзіі. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Лепель

У нядзелю 3 сакавіка, напярэдадні ўспаміну святога Казіміра, у Лепелі (Віцебская дыяцэзія) урачыста адзначылі парафіяльны адпуст і 420-годдзе з часу заснавання тутэйшай каталіцкай парафіі. Падзяліць радасць з парафіяльнай супольнасцю Лепеля прыбыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

Маладзечна

У панядзелак 4 сакавіка вернікі парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Менска-Магілёўская архідыяцэзія), у якой нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, адзначылі адпустовую ўрачыстасць.З гэтай нагоды парафіяльную супольнасць у сваім родным горадзе наведаў Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Магілёў

4 сакавіка ў парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі ў Магілёве, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, адзначылі парафіяльную ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна супольнасці. З гэтай нагоды ў маленькай капліцы, дзе моляцца парафіяне, сабралася каля 50 чалавек. Цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Catholic.by.

Правялі зіму ўсёй грамадой

3 сакавіка ў 12.00 у гарадскім парку культуры і адпачынку для лідзян і гасцей горада адбылося раённае свята "Провады зімы". Гэтая яркая, незвычайная падзея сабрала вакол сябе шмат цікавых момантаў.

Адкрылі свята народны ансамбль "Лідчанка" і народны драматычны тэатр "Ракурс" Палаца культуры горада Ліды.

Далей усіх гледачоў чакала незвычайнае шэсце "Шчодрая Гаспадыня", дзе больш за 40 прадпрыемстваў і арганізацый горада стварылі вельмі прыгожыя Лялькі-Марэны, якія прайшлі па алеях парку ў тэатралізаваным шэсці і занялі свае месцы для таго, каб гледачы маглі атрымаць асалоду ад іх выгляду, сфатаграфавацца.

Арганізатары свята ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" пастараліся на славу! І для ўсіх лідзян падрыхтавалі незабыўны канцэрт, дзе выступалі лепшыя артысты: народны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка", народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі-калыскі", народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік", артысты з аграмястэчка "Ганчары", народны вакальны ансамбль "Святліца", таксама на канцэртнай пляцоўцы выступілі і артысты з Менска, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь - народны вакальны ансамбль "Белы птах".

На свяце былі такія забавы як: выстава-продаж вырабаў рамеснікаў народных промыслаў, святочны гандаль, спартыўныя спаборніцтвы, дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі з гульнямі і атракцыёнамі.

І безумоўна, кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла Марэны.

Разам з лідзянамі і гасцямі свята нам удалося правесці матухнузіму і сустрэць прыгажуню-вясну! Мы ўпэўнены - вясна прынясе нам шмат радасці, добрых навін, цяпла і ўтульнасці!

Бадай, ніводнае іншае беларускае каляндарнае свята не мае такой вялікай колькасці мясцовых варыянтаў, як Провады зімы. Да таго ж, святкаванні ў розных частках краіны могуць быць адзін да аднаго зусім непадобныя. Адрозніваюцца і мясцовыя назвы свята. Агульныя рысы характэрныя для ўсёй Беларусі, канешне, ёсць: гэта спажыванне малочных прадуктаў і бліноў, катанні на конях, на каруселі, з горак, гасцяванні ў сваякоў і суседзяў, спяванне песень (у кожнай мясцовасці адметныя).

Увесь гэты вобраз быў праяўлены ў каларытнай ляльцы Ласавіцы, якую прадаставіў для лідзян Лідскі гістарычна-мастацкі музей на пляцоўцы ў гарадскім парку культуры і адпачынку. Лідзяне і госці горада з задавальненнем рабілі фотаздымкі з Ласавіцай, даспадобы ім прыглянулася і гусачка ў кошыку.

Ласавіца правяла зіміцу!!!!

Запамінальным стаў конкурс лялек "Шчодрая гаспадыня", на якім былі прадстаўлены 38 лялек. Акрамя таго, арганізацыі, якія іх падрыхтавалі, стваралі святочны настрой. Адны частавалі аладкамі ды скваркамі, другія спявалі ды вадзілі карагоды. Па выніках конкурсу першае месца атрымала ДУА "Санаторны дзіцячы сад № 2 г. Ліды", другое месца - ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", трэцяе ж месца - ААТ "Лідахлеба-прадукт".

Супрацоўнікі бібліятэк падрыхтавалі не толькі цудоўную ляльку, якая і была адмечана дыпломам 2 ступені, а і тэатралізаваную прэзентацыю. Гасцей раённага свята "Провады зімы" сустракалі вясёлыя скамарохі, Маша і мядзведзь, лесавік і каза, беларускія красуні.

Паводле Вольгі Мiкшы.

За "Провадамі зімы" - "Гуканне вясны"

6 сакавіка ў фiлiяле "Белiцкi Дом культуры" ладзiлi абрад "Гуканне вясны".

Удзельнiкi з задавальненнем спявалi веснавыя песнi i вадзiлi карагоды, павязвалi на дрэва каляровыя стужкi i вешалi на галiнкi папяровых птушак, падкiдвалi ўгору печыва i гукалi вясну-красуню, прасiлi, каб тая прыйшла найхутчэй i прынесла ўсялякiя даброты: "старым бабкам - па кiёчку, красным дзеўкам - па вяночку, малым деткам - па яечку".

ТК "Культура Лідчыны".

Танцуем для цябе, наш горад!

У г. Бярозаўцы Лідскага раёна адбылося неверагоднае - святочны юбілейны канцэрт "Танцуем для цябе, наш горад!", прысвечаны 30-гадоваму юбілею ўзорнага ансамбля танцу "Крышталікі". Гэта было сапраўднае свята мастацтва, якое ўразіла ўсіх прысутных.

Усё - рухі артыстаў, словы віншаванняў, кожная нота музыкі - было выканана так цёпла, што зала не магла адарваць погляд ад сцэны... Апладысменты не змаўкалі!

ТК "Культура Лідчыны".

НАН выпусціла факсіміле "Вялікае мастацтва артылерыі..." Семяновіча

У выдавецтве "Беларуская навука" выйшла факсімільнае навуковае выданне "The Great Art of Artillery of Casimir Simienowicz / Вялікае мастацтва артылерыі Казіміра Семяновіча" на аснове асобніка, які быў надрукаваны ў Лондане ў 1729 годзе, паведаміла Цэнтральная навуковая бібліятэка ім. Якуба Коласа НАН Беларусі.

Факсіміле падрыхтавалі супрацоўнікамі Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Піліп Падбярозкін і Вадзім Урублеўскі на падставе ангельскай версіі трактата нашага земляка Казіміра Семяновіча "The Great Art of Artillery" (Лондан, 1729), які захоўваецца ў фондзе ЦНБ Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі.

Як тлумачаць выдаўцы, упершыню ў айчыннай і замежнай гістарыяграфіі прыводзяцца сведчанні, якія паказваюць беларускае паходжанне і мэтавую аўдыторыю Казіміра Семяновіча, прынцыпы і спецыфіку перакладу трактата на ангельскую мову ў 1729 годзе, адметнасці літаратурнай традыцыі і навукова-тэхнічнай тэрміналогіі артылерыйскай справы XVII стагоддзя.

Праца Казіміра Семяновіча (каля 1600 - каля 1651) першапачаткова выйшла на лацінскай мове ў 1650 годзе, досыць хутка набыла вядомасць і станла падручнікам па артылерыі. У кнізе прадстаўлены канструкцыі ракет, запальных снарадаў і іншых піратэхнічных прыстасаванняў. Менавіта Казімір Семяновіч упершыню прадставіў ідэю выкарыстання рэактыўнага руху ў артылерыі. Вялікі раздзел прысвечаны калібрам, канструкцыі, будове і якасцям ракет (вайсковых і цывільных), у тым ліку шматступеньчатых ракет, ракетных батарэй і ракет са стабілізатарамі.

Паводле СМІ.

У Лідскім замку адкрылася выстава, прысвечаная галоўнай архітэктурнай "пярліне" горада

"Лідскі замак на мяжы стагоддзяў" - выстава пад такой назвай адкрылася ў сценах галоўнай славутасці нашага горада. У экспазіцыі прадстаўлены паштоўкі і фатаграфіі з малюнкамі Лідскага замка ХХ і пачатку ХХI стагоддзя, праектныя дакументы, якія выкарыстоўваліся пры рэканструкцыі замка, а таксама афішы мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў ім.

ТК "Культура Лідчыны".

Юныя таленты з прынёманскай глыбінкі

Лідскі дзяржаўны музычны каледж на мінулым тыдні прымаў удзельнікаў абласнога конкурсу сярод навучэнцаў сельскіх дзіцячых школ мастацтваў і дзіцячых музычных школ мастацтваў. У ім прынялі ўдзел больш за сто таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Гарадзенскай вобласці.

Арганізатарамі конкурсу выступілі ўпраўленне культуры Гарадзенскага аблвыканкама і Лідскі дзяржаўны музычны каледж. Творчае спаборніцтва праходзіла па трох намінацыях: "Фартэпіяна і струнныя смычковыя інструменты", "Духавыя і ўдарныя інструменты" і "Народныя інструменты".

Адораныя і натхнёныя канкурсанты прадэманстравалі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства. Між іншым, лаўры пераможцаў дасталіся найлепшым.

Сярод пераможцаў адзначаны і прадстаўнік Лідчыны. Лаурэатам 1 ступені ў намінацыі "Фартэпіяна і струнныя смычковыя музычныя інструменты" стаў навучэнец Дзітвянскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў Давід Кудаш. Яго падрыхтавалі педагог Святлана Навіцкая і канцэртмайстар Таццяна Грыднева.

Дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Алена Серакова адзначыла: "Вельмі прыемна, што творчая імпрэза ладзілася менавіта ў Лідзе, якая лічыцца конкурснай і фестывальнай сталіцай Гарадзенскай вобласці. Сімвалічна і тое, што менавіта ў Год якасці конкурсныя мерапрыемствы адбываюцца ў Лідскім дзяржаўным музычным каледжы, які заўсёды ганарыўся высокай якасцю адукацыі і падрыхтоўкі спецыялістаў. Жадаю нашым таленавітым, адораным музыкантам, выхадцам з сельскай мясцовасці, і надалей на творчым шляху невычарпальнай крыніцы натхнення і мноства яскравых перамог".

Вольга Яхантава.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў жанчын са святам 8 сакавіка

8 сакавіка Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі накіраваў жанчынам віншаванне "са святам вясны і прыгажосці".

"Дарагія нашыя жанчыны - бабулі, матулі, сёстры, дочкі ў Хрысце!

Віншую вас са святам вясны і прыгажосці!

Няхай ваша мацярынскае сэрца заўсёды будзе напоўнена любоўю і клопатам, нібы вечная крыніца пяшчоты. Вы - сапраўдныя захавальніцы цяпла і святла ў сям'і; ваша высакароднасць і мудрасць - нібы нотка з самай мілагучнай песні.

"Моц і раскоша - вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню. Вусны адкрыла для разумных словаў, і павучанне пра дабрыню на языку яе"(пар. Прып. 31, 25-26).

Няхай кожны ваш крок будзе вытанчаным танцам грацыі, а кожнае слова - кропляй мёду, падоранай тым, хто вас акружае. Вам уласціва не толькі пакорнасць, але і сіла; не толькі пяшчота, але і стойкасць, бо ў вас увасобілася лепшая частка з Біблейскіх гісторый пра міласэрнасць, любоў і адданасць.

Няхай ваша ззянне азарае і саграе ўсіх хто вас акружае, як святло свечкі ў змроку ночы.

Дзякуй за вашу непаўторную і жыццёва важную ролю ў свеце! Няхай вашы дні будуць поўныя радасці і спакою, а ў сэрцы гучыць вечная гармонія.

Даручаю ўсіх вас апецы нашай Нябеснай Матулі Марыі: Той, якая з'яўляецца найлепшым прыкладам для кожнага з нас.

Ад шчырага сэрца з малітвай і благаслаўленнем,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 8 сакавіка 2024 г."

Catholic.by. Ілюстрацыйнае фота Аляксандры Шчыглінскай.

90 гадоў з дня нараджэння Аўгінні Кавалюк

Аўгіння Трафімаўна Кавалюк, па нараджэнні Сідаровіч (13 сакавіка 1934, в. Стральцы, Мастоўскі раён - 2 лістапада 2007, Санкт-Пецярбург) - беларуская паэтэса.

Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Выхоўвалася без бацькі, які быў асуджаны як "вораг народа" і адбыў у ГУЛАГу 15 гадоў.

У 1954 годзе скончыла беларускую школу № 9 у Гародні, а ў 1959 годзе - гістарычна-філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута, дзе наведвала літаратурны гурток. З 1952 года публікавалася ў раённай газеце. Першы верш быў змешчаны ў школьнай насценгазеце.

Літаратурным настаўнікам быў Міхась Васілёк, духоўную падтрымку мела яна і ад Васіля Быкава.

Па сямейных абставінах пераехала ў Рыгу і ў 1959-1978 гадах працавала настаўніцай у адной з рыжскіх сярэдніх школ. Да 1982 года выкладала ў Міжгаліновым інстытуце павышэння кваліфікацыі спецыялістаў народнай гаспадаркі. Удзельнічала ў культурна-асветнай рабоце сярод латвійскіх беларусаў.

З 1987 года жыла ў Ленінградзе, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці беларусаў.

Аўтар зборнікаў вершаў "Белае дзіва" (1964, для дзяцей), "Маўклівыя скарбы" (1966), "Кропля бурштыну" (1974), "Імгненняў след" (1987).

Перастварала з латышскай мовы. Творы Аўгінні Кавалюк перакладзены на латышскую, рускую, украінскую мовы.

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1993 года.

Вікіпедыя.

Над Лідзейкай

Уладзіслаў Абрамовіч 1


Ад перакладчыка. Апавяданне напісана кароткімі фразамі, у модным у той час стылі "пад-Хемінгуэя". Цікава, але, здаецца, перакладаў Хемінгуэя на польскую мову ў той час яшчэ не было. Ці чытаў Абрамовіч па-англійску? Невядома. Але магчыма, у тагачаснай прэсе ўжо друкаваліся пераклады фрагментаў гэтага моднага ў той час аўтара.


Як мага хутчэй яна бегла да Раслякоў. Задыхаўшыся, села на камень і пачала прагна хапаць паветра ротам. У вушах яшчэ чулася рэха ад цяжкіх ботаў паліцыянта, які гнаўся за ёй. Але яна добра схавалася. Адпачне тут хвілінку ад стомы. Спакойна і ціха … Пагодны вечар. Павольна мармыча Лідзейка. Услухоўваецца.

Але нейкія нервовыя дрыжыкі ўвесь час прабягаюць па яе целе, прымушаючы сэрца біцца мацней. Можа, гэта з-за спеву салаўя, які парушае цішыню сваімі дзіўна гарманічнымі спевамі і стварае ў яе такі настрой? …

Бо, той вечар, калі Віт, стаўшы на адно калена, прызнаўся ёй у каханні, быў зусім, як сённяшні. Зінка жыла з бацькамі. На Слабодцы, за чыгункай. Мела, можа, гадоў з васямнаццаць, працавала прадаўшчыцай ў краме вяндлінаў 2.


Віт выпадкова з'явіўся на яе жыццёвым шляху. Старшы паштальён з Ліды-1 3. Пазнаёміліся самым звычайным чынам. Віт прыносіў лісты ў краму, у якой працавала маладзенькая Зінаіда. Аднойчы і яна атрымала паштоўку. Прачытала і зразумела, што ёй напісаў сам паштальён. Прасіў пра спатканне.

Як і зараз, калі яны абодва выбраліся на прагулку ў Раслякі, быў месяц май. Ішлі павольна, шпацыравалі. Віт быў такі прыемны, сардэчны… Мелі з сабой што выпіць і закусіць.

Вярнулася тады Зінка дадому позна ўвечары. Была вельмі вясёлая і шчаслівая. Потым пазнаёміла яго са сваімі бацькамі. І з гэтай хвіліны Віт кожны вечар праводзіў яе дадому на Слабодку.


Праз некаторы час памёр бацька.

Зінчына маці, з маршчыністым, старэчым тварам, углядалася выцвілымі вачамі ў будучыню любімай дачкі, толькі разам з дачкой чакала яна спакойнай старасці, якая ўжо выразна стаяла на парозе іх сціплага дамка.

Але на гэтым самым парозе кожны дзень стаяў і малады чалавек ў росквіце сіл. Старая моцна цешылася, калі бачыла элегантнага, вытанчанага мужчыну, яе глыбока запалыя вочы іскрыліся пры гэтым фосфарным святлом. Яна бачыла ў ім будучага зяця-хлебадаўцу.

І надышоў час, калі Віт не мог ужо больш стрымліваць свае пачуцці да Зіны - жанчыны незвычайнай прыгажосці.

Дачакаўшыся наступнай нядзелі, яны зноў адправіліся на прагулку. У лесе было вельмі добра. Шумелі дрэвы. Па галінках скакалі спрытныя вавёркі. Абапал Лідзейкі раскінуліся вясёлкавыя лугі. Сонца садзілася. Дагасаючыя промні ламаліся ў вадзе, як тэлефонныя драты на рагу вуліцы.

Сядзелі над ракой. Павольна струменілася блакітныя стужка вады. У далечыні, на пляжы бавілася вясёлая кампанія. Чуліся гучныя фырканні юнакоў і срэбны смех дзяўчат.

Зінаіда занепакоілася.

- Ужо вечар, мусім спяшацца дахаты, мама можа хвалявацца. …

- Яна не пакрыўдзіцца. Яшчэ паспеем дамоў, а можа, табе холадна?...

Накрыў яе сваім плашчом і сам уладкаваўся ля каменя, на якім сядзела яго абранніца.

На пляжы стала зусім ціха. Толькі, як і раней, шумеў цёмны алешнік. З-за вечаровых дрэў у бязмежнае асфальтаванае неба павольна вынырнуў медна-цяжкі месяц. У далечыні па ройстрах блукалі жаўнеры.

Віт з Зінаідай ціха сядзелі і слухалі, як цячэ вада. Моцна калацілася сэрца. Нарэшце Віт далікатна ўзяў далонь Зіны і дрыжачым ад хвалявання голасам прашаптаў:

- Каханая … Даўно я чакаў гэтай хвіліны. Я хаваў ад цябе свае намеры. Але сёння я хачу … прагну, усё табе расказаць. Ты - маё першае каханне. Пакахаў цябе з першага погляду і не ўяўляю сваё жыццё без цябе…

Палажыла галаву на яго плячо. Паглядзела на яго з поўным даверам і іх гарачыя вусны сустрэліся …

Вада з цурчаннем лілася праз камяні, то гучней, то цішэй яна грала такты сваёй срэбнай сімфоніі. Шумела вольха… Часам лапатала крыламі абудзіўшаяся слонка, а потым зноў на ройстры спускалася ціша.


Праз некалькі тыдняў пабраліся шлюбам. Уважалі сябе самымі шчаслівымі людзьмі пад сонцам. Зіне больш не трэба было працаваць у краме вяндлін. Віт не хацеў гэтага. Ён жадаў, каб жонка думала толькі пра дамашні агмень. Зінчына маці вельмі радавалася. Хоць з цяжкасцю, але амаль штодзень наведвала сваіх суседак і вельмі цешылася шчасцем дачкі:

- Цяпер, мая дарагая куманька, я магу спакойна заплюшчыць вочы. Я ўпэўненая, што мая Зіна будзе шчаслівай з такім чалавекам. Як ён яе шануе. Танчыць вакол яе зноў і зноў, - расказвала старая ўсім, каго толькі сустракала. Аднак нядоўга яна цешылася шчасцем дачкі.

Праз некалькі месяцаў маці памерла. Зяць выправіў пахаванне. Апошнюю павагу аддалі суседзі. Ніхто не бачыў, як яна аддала Богу душу. Пахавалі і забыліся. Некаторыя нават казалі, што пані Злахоцкая апошнім часам зусім не паважала сваю маці.

Калі б Зінаіда ведала, што маці яшчэ будзе ёй патрэбная, дык, магчыма, даглядала б яе больш уважліва. Але нашто гэта зараз, калі яна шчаслівая і задаволеная сваім лёсам?

Праз пэўны час Віт быў пераведзены з Ліды ў Баранавічы. Жонку пакуль што ўзяць з сабой не мог. На пачатку хацеў знайсці прыдатную кватэру і толькі потым назаўсёды пераехаць у новы дом.

Адзінокая, замужняя, маладая жанчына зараз выразна адчула недахоп маці. Казала, што старая была б ёй добрым сябрам, бо ёй зараз няма з кім нават і слова прамовіць. Няма каму і паскардзіцца.

Сумавала па мужу, які быў далёка ад яе. Суцяшалася толькі лістамі, напоўненымі гарачым каханнем, атрымлівала іх амаль што кожны тыдзень. Моцна чакала, калі Віт забярэ яе да сябе. А жыццё ішло манатонна.

Нарэшце і лісты пачалі прыходзіць не так часта як раней. Яны сталі менш эмацыйнымі, і яна заўважыла гэта. За апошні месяц і грошай яна атрымала меней, чым раней дасылаў ёй муж.

Нехта злавесным голасам прашаптаў, што муж здраджвае ёй. І яна вырашыла зрабіць яму сюрпрыз. За астатнія грошы пераканацца ў яго шчырасці і вернасці. У лісце Віт пісаў, што будзе ашчаджаць грошы, каб набыць неабходныя рэчы для толькі што знятай ім кватэры.

Не паверыла.

Збіралася ў дарогу і раптоўна адчула моцнае паколванне ў целе. Боль.

"Хутка стане маці", - падумала яна. Занепакоілася. Спужалася падарожжа, бо ў ім была небяспека. І толькі даслала мужу ліст. …

Адказу не было.

Чакала. Доўга чакала. Нарэшце нарадзіла сына. Цяпер яна была вельмі шчаслівай. Была больш, чым ўпэўненай, што Віт прыедзе, калі даведаецца пра сына.

Напісала другі ліст …

Нічога.

?...

Прайшоў цэлы месяц. Нічога.

Зіна ўжо не мела з чаго жыць. Віт, пэўна, прыедзе… Не можа ж ён пакінуць яе без сродкаў, на раздарожжы, з немаўлятам на руках?

Калі б было каму даглядаць дзіцё, сама пайшла б шукаць працу…

Але што рабіць цяпер?

Немаўля заплакала. Яна ўзяла яго на рукі. Паднесла да грудзей. Дзіця засмактала. Хацела есці. Але грудзі маці былі амаль што без малака. Два дні яна не мела ў роце нават кавалка хлеба.

Зінаіда прыняла рашэнне. Хутка разарвала кашулю і загарнула сына ў чыстыя пялюшкі. Потым узяла аловак і напісала на кавалку паперы:

"Хоць гэта мая адзіная надзея і шчасце, я не маю за што ўтрымліваць дзіця. З яго жыццём закончыцца і мае. Неахрышчаны".

Вечар быў цёплы. Май. Горад, як неба, усеенае зоркамі, тануў у святле электрычных лямпаў. На вуліцы Сувальскай віравала жыццё. З адчыненых вокнаў кавярняў і рэстаранаў даносіліся гукі вясёлых танцаў. "Зялёны карнавал" 4. Жанчына з дзіцём на руках выйшла з кватэры. Хаця яе ногі падкошваліся ад слабасці, бегла з апошніх сіл.

Каля рынку затрымалася. Глядзела на мінакоў пустымі вачамі. Потым увайшла ў браму. Праз хвіліну вярнулася на вуліцу без сына. У той жа момант амаль што каля сябе заўважыла паліцыянта на службе. Яна адступіла. Дзіця на падворку ўжо ахрыпла ад плачу. Пастарункавы накіраваўся да брамы. Злахоцкая схавалася за вуглом. Боль сціснула яе сэрца. Яна адчувала, што вось-вось страціць прытомнасць. Хісталася на нагах. Усе цела пачало дрыжаць, нібы ў гарачцы. З цяжкасцю выбралася на тратуар. З грудзей Зінаіды вырваўся спазматычны, прыглушаны енк. Без думкі і мэты яна пабегла. Пастарункавы заўважыў…

"Мне ўсе роўна, каб толькі хутчэй, хутчэй …"

Паліцыянт узяў дзіця на рукі і пайшоў за ёй.

Схавалася ў алешніку. Моцна стамілася. Наблізілася да ракі, села на камень ля берага. Яе позірк скіраваўся на ваду, у ласкавай плыні якой калыхаліся сілуэты разгалістых вольхаў. Струмень вады, апалоскваючы дробныя каменьчыкі, гучаў як голас маці, калі яна чытала ружанец. Шумелі дрэвы. З глыбіні чуліся салаўіныя трэлі. Зінаіда прыслухалася. Сэрца хутка білася. Срэбны туман, які ўздымаўся над ройстрамі, ахутваў яе твар і рукі мяккім шаўковым вэлюмам.

Яна адчула, які прыгожы навакольны сусвет і не жадала разлучацца з ім. Шкадавала маладосці, цягнула час…

Раптоўна да яе вушэй даляцеў вельмі знаёмы гук - плач немаўляці, якое нёс пастарункавы. Камяні рознай велічыні, раскіданыя па беразе Лідзейкі, маскіравалі яе постаць.

Потым пачуўся моцны ўсплёск. Паліцыянт паскорыў крок. Аднак нікога не ўбачыў. Пры святле месяца заўважыў толькі бурбалкі пасярод ракі і хвалі вакол іх. Дзіця пачало плакаць мацней.

Кроны старых вольхаў каля Лідзейкі - сведкі пачатку і канца шматлікіх раманаў - скардзіліся жалобным гулам.

Władysław Abramowicz. Nad Lidziejką // Kurjer Wileński. 1934. № 135.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 Уладзіслаў Абрамовіч (1909-1965) - рэдактар знакавай для горада Ліды газеты "Лідская зямля", якая выдавалася ў нашым горадзе з красавіка 1936 г. па жнівень 1939 г., карэспандэнт газеты "Кур'ер Віленскі" ў Лідзе. Пісьменнік, журналіст, гісторык, літаратуразнавец, паэт і перакладчык, аўтар адзінаццаці кніг. Добра вядомы гісторыкам сваёй фундаментальнай кнігай: Абрамавичюс, В. Библиография белорусских периодических изданий, 1861-1944. Вильнюс, 1949. - Л. Л. Гл. пра яго: Лаўрэш Леанід. Рэдактар - краязнавец. 105 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Абрамовіча // Лідскі Летапісец. 2014. № 3 (67). С. 22-25.

2 Бізнес-даведнік паказвае, што ў 1928 г. у цэнтры Ліды меліся наступныя крамы вяндлін, у якіх магла б працаваць Зінаіда: вул. Сувальская - Паплаўскі Ч., Радзевіч А., Вярсоцкі А.; вул. 3-га Мая - Рудзецкі А.; Рынак - Тубялевіч Д., Тубялевіч Ю.; вул. Мацкевіча - Місюра А. - Л. Л.

3 У той час Ліда-1, галоўная пошта горада, знаходзілася па адрасе: Сувальская, 90. Зараз гэта перакрыжаванне вуліцы Савецкай і Міцкевіча. - Л. Л.

4 Свята на другі дзень Вялікадня. Святкуецца як вясёлае свята. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Пахаваныя і "міфічныя" сэрцы: Жлутка, Жылінскі, Кавальчук, Кацярыніч, Андрэй; з кніжных аглядаў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-10 (105-114) за 2024 г.)

Мікалай Шуканаў

"ЧУЖЫЯ НА СВАЁЙ ЗЯМЛІ"

(Дзі Браўн. Пахавайце маё сэрца каля Вундэд-Ні. - Хабараўск, 1988)

Трагедыя індзейскіх плямён Паўночнай Амерыкі... Як сувымераць яе, на якіх вагах узважыць слёзы і пакуты тысяч расстраляных, закатаваных, памерлых ад голаду, холаду і хвароб індзейскіх маці, старых і дзяцей?

Амаль 500 гадоў таму ступілі першыя каланізатары на Новыя землі. Але замест хрысціянскай любові, як пра гэта марыў Хрыстафор Калумб, агонь і меч пайшлі гуляць па неабсяжных прэрыях і спрадвечных [первозданным] лясах адкрытага кантынента. І сёння нельга без болю ў сэрцы ставіцца да тых крывавых падзей, якія набылі найбольш бязлітасны [ожесточенный] характар у другой палове мінулага стагоддзя на новых Заходніх землях Паўночнай Амерыкі, куды рынуліся тысячы белых старацеляў у пошуках золата. Пры падтрымцы рэгулярных войск, з афіцыйнага ўхвалення [одобрения] амерыканскіх уладаў, яны чынілі на сваім шляху смерць і разруху. Аб усіх гэтых падзеях жыва апавядаецца ў кнізе амерыканскага гісторыка Дзі Браўна "Пахавайце маё сэрца каля Вундэд-Ні", якая выйшла ў 1988 годзе ў Хабараўскім кніжным выдавецтве. Кніга адкрываецца ўступным артыкулам Логінава А. В., у якім аўтар дае змястоўны агляд гісторыі барацьбы індзейцаў за свае законныя нацыянальныя правы з самых першых кантактаў з еўрапейцамі да нашых дзён.

Аўтар кнігі Дзі Браўн сабраў разам успаміны ўдзельнікаў узброенай барацьбы за правы індзейцаў, барацьбы, якая ў 60-80 гг. XIX ст. дасягнула свайго найбольшага напружання. Такім чынам, чытач зможа азнаёміцца з жывымі дакументамі, якія сведчаць аб бесчалавечнасці "цывілізаванага" свету. Нельга без абурэння чытаць радкі аднаго з відавочцаў тых далёкіх падзей: "У гэтай разні без разбору забівалі мужчын, жанчын і дзяцей… У адной цяжарнай жанчыны быў успораты жывот, і ненароджанае дзіця, як мне здалося, ляжала ў яе збоку...". У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб крывавым пабоішчы каля Сэнд-Крык, які стаў чорным сімвалам злачынстваў каланізатараў. Усё гэта не магло не выклікаць справядлівага гневу ў карэнных жыхароў Амерыкі, якія, як і трэба было чакаць, падняліся на няроўную барацьбу. Слаба ўзброеныя, знясіленыя ад голаду і холаду індзейцы палічылі за лепшае памерці ў баі, чым стаць рабамі. Іх мужнасць і сёння не можа не выклікаць павагу і захапленне.

Дзі Браўн малюе шырокую панараму барацьбы індзейцаў, якая ахоплівае Захад паўночнаамерыканскага кантынента са шматлікімі і свабодалюбівымі плямёнамі, што насяляюць яго. Чытачы змогуць таксама азнаёміцца з побытам і звычаямі карэнных жыхароў, змогуць глыбей зразумець псіхалогію індзейскага народа. Для тых, хто зможа прачытаць гэтую кнігу, назаўжды застануцца ў памяці індзейскія правадыры, якія ўпісалі свае імёны ў гісторыю і сталі легендамі. Многія з іх загінулі са зброяй у руках яшчэ да сімвалічнага канца індзейскай свабоды, які настаў у Вундэд-Ні ў снежні 1890 года. "Сёння, праз стагоддзе, у век, які не ведае герояў, - піша Логінаў, - яны, магчыма, перасягаюць гераізмам усіх амерыканцаў".

Рэцэнзія падпісана: Шуканаў Мікалай Васільевіч (Жлобін), настаўнік, член Беларуска-індзейскага таварыства, 29.03.1989, г.п. Лельчыцы. Пераклад з рускай А. Сімакова, сакавік 2024 г.

Наш першы просты выклад факту з'яўлення, зместу і значэння аповесці Аляксея Якімовіча "Эльдарада просіць дапамогі" таксама не з'явіўся ў друку, таму ёсць сэнс змясціць яго тут цалкам.

Алесь Сімакоў

ЭЛЬДАРАДА ПРОСІЦЬ ДАПАМОГІ

Сярод кніг, што выпусціла ў 1989 г. выдавецтва "Юнацтва" ў "Бібліятэцы прыгод і фантастыкі", дзве - "Чалавек ідзе" Янкі Маўра і "Эльдарада просіць дапамогі" Аляксея Якімовіча - злучаны сувяззю, на якую варта звярнуць увагу і якая відавочная. У адзін год у адной серыі сустрэліся гісторыя і сучаснасць беларускай прыгодніцкай літаратуры. Шэсць дзесяцігоддзяў падзяляюць першыя творчыя спробы пісьменнікаў; "Эльдарада…" адзначае вяртанне да індзейскай тэмы, пачатак якой у Беларусі паклаў Маўр аповесцю "Сын вады". Аляксей Якімовіч, несумненна, выступіў цяпер як адзін з лепшых прадстаўнікоў маўраўскай традыцыі, ён блізкі класіку выбарам тэмы і метадам; чытач заўважыць гэта і, акрамя таго, ацэніць новы падыход да "індыхенізму" (як назвалі б гэта ў Лацінскай Амерыцы), які можна б было назваць моцнадзейным, бо актывізуе пазіцыю нашага падрастаючага пакалення па міжнароднай праблематыцы.

"Эльдарада просіць дапамогі" - прыгодніцка-фантастычная аповесць, але фантастычнага ў ёй не так ужо і шмат. Неіснуючая ў сапраўднасці краіна, а астатняе - зусім магчымае ў цяперашнім свеце. Пачатак аповесці амаль "будзённы". У вёсцы пайшла пагалоска, што паблізу з'явіліся іншапланецяне. Што ж, рэч звычайная. Такіх сустрэч з НЛА-наўтамі - тысячы, яны мала каго здзіўляюць. Але дапытлівыя школьнікі-шасцікласнікі, якія толькі што знайшлі бутэльку з загадкавым [тут у машынапісе прапушчанае слова, верагодна, "пісьмом", як у аповесці] і натхнёныя расказам бабкі Тэклі пра "чалавека-жабу" з "нейкага апарата" ("Вочы пукатыя, сам зялёны"), высвятляюць, што пілоты ў зялёных камбінезонах - індзейцы, яны ж агенты з краіны Эльдарада, а пасланыя навукоўцам Кляйнам у Баварыю па маладое папаўненне для лабараторыі. Чаму апынуліся ў Беларусі? Адзін з індзейцаў - Кока-Кола - уносіць карэктывы ў ход аперацыі, спадзеючыся, што ў Савецкім Саюзе знойдзе людзей, якія дапамогуць у барацьбе з немцам-фашыстам, які займаецца стварэннем біялагічнай зброі, выкарыстоўваючы для сваіх мэт эльдарадаўскіх індзейцаў і плануючы генацыд. Даведаўшыся пра ўсё, Андрэй, Міхась і Наташа адразу ж прымаюць рашэнне. Пад выглядам членаў арганізацыі "Агонь і меч"' яны ляцяць у Эльдарада...

Што было далей - прачытайце, кніга толькі што з'явілася ў кнігарнях.

Да асабліва станоўчых бакоў гэтага твора можна аднесці тое, што ў фантастычны сюжэт "уводзяцца" напаміны пра жорсткія рэаліі ў Лацінскай Амерыцы: нацысцкія злачынцы-эмігранты, іх роля ў індзейскай палітыцы пэўных краін (прыгадаем урача-ізувера з Асвенціма Менгеле, "саветніка" па справах індзейцаў дыктатара Стрэснера), стварэнне імі пасяленняў і выхаванне ў адпаведным духу моладзі (сумна вядомая калонія "Дыгнідад"); адначасова згадваюцца такія сур'ёзныя праблемы, як знешняя запазычанасць лацінаамерыканскіх краін, неабходнасць іх салідарнасці; праводзіцца важная думка аб тым, што і з прыгнечаных народаў выходзяць асобныя верныя паслугачы неакаланізатараў.

I ўсё гэта - у кніжцы для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту (хаця часам здаецца, што героі яе занадта наіўныя для шасцікласнікаў, няхай сабе і вясковых); яна спакваля, не навязваючы, арыентуе дзяцей на інтэрнацыянальную салідарнасць, на адпор рэакцыі.

... Толькі адзін істотны недахоп можна адзначыць у аповесці: аўтар, які амаль на кожнай старонцы прыводзіць цікавыя факты з галіны біялогіі і тэхнікі, мог бы, напэўна, прыцягнуць і некаторыя этнаграфічныя звесткі. Яны яўна згарманізавалі б аповесць. Магчыма, аўтар зробіць гэта ў наступнай сваёй рэчы?

Аляксей Якімовіч, безумоўна, напісаў надзвычай цікавы твор і зрабіў гэта своечасова; беларускія пісьменнікі павінны адзначыць будучае 500-годдзе адкрыцця Амерыкі жывым і крытычным зваротам да драмы, імя якой - Новы Свет.

Матэрыял датаваны лютым 1990 г. (БіА БІТ, машынапіс на 2 с.). Водгук на кнігу быў адпраўлены ў "Чырвоную змену". Ёсць адказ карэспандэнта аддзела культуры Ірыны Халіп - чаму адмаўляецца ў публікацыі: "На жаль, Ваш матэрыял, прысвечаны кнізе А. Якімовіча "Эльдарада просіць дапамогі", не можа быць надрукаваны. Справа ў тым, што ён напісаны недастаткова выразна для таго, каб зацікавіць чытача. Ён не падобны не толькі на рэцэнзію, але нават на анатацыю - гэта проста пераказ часткі зместа [зместу] кнігі. Ды і спроба аналізу аповесці ў Вас, на жаль, няўдалая" (ліст без даты, мінскі штэмпель - 26.02.1990). Варта адзначыць, што аналіз спецыяльна не планаваўся, гэта быў водгук на публікацыю ў вольнай форме, галоўным у ім мы лічылі акцэнтаваць сацыяльна-палітычны ўплыў, які можа рабіць твор. Узнікае пытанне: Ірына ўжо чытала аповесць, калі змагла ацаніць водгук на яе таго падпісчыка "ЧЗ", хто твор, магчыма, цалкам не чытаў, але бачыў?

Пазней Якімовіч напісаў і чыста індзеянісцкую аповесць - "Залатая дзіда", "аўтасінопсіс" якой мы маем ад яго.

Яшчэ адзін кніжны агляд, які хацелася б з гэтым разам прапанаваць увазе чытачоў БСІ, ёсць у нас у занадта кепскім для FineReader'а выглядзе, але ён таксама не павінен згубіцца. Гэта "гомельскі погляд" - Аляксандра Снітко - на кнігу пра мапучэ, якая выйшла ў Маскве пад рэдакцыяй Юрыя Зубрыцкага (проста так элемент "зубр" у прозвішчы не з'яўляецца!).

Тры кнігі з'явіліся з нязначнай розніцай у часе: Боркес Скеуч А., Адрисола Росас А. История и этнография народа мапуче: пер. с исп. / общ. ред. и предисл. Ю.А. Зубрицкого. М., 1987; Браун Д. Схороните мое сердце у Вундед-Ни: история американского Запада, рассказанная индейцами. Хабаровск, 1988; Якімовіч А. Эльдарада просіць дапамогі: аповесці. Мн., 1989. Таксама: Якімовіч А. Залатая дзіда: аповесці, апавяданні. Мн., 2001.

Літ.:

1589 Марков С. Н. Юконский ворон: роман / послесл. В. Милькова; худ. Е. И. Вольгушев. Хабаровск, 1986.

2862 Чарняк Т. Для вас, рабяты // Камуніст (Жлобін). 1988. 4 жн. (аўтар - метадыст дырэкцыі раённай кінасеткі; рубр.: У дні школьных канікулаў); "індзейскіх магікан".)

3683 Осторожно: магия индейцев: (вопрос А. Елизара, г. Жлобин; ответ благочинного Жлобинской округи православных церквей протоиерея В. Пилипенко) // Новы дзень. 1998. 21 мая.

8113 Алексеев А. "Чингачгук" из лестничества // Новы дзень (Жлобін). 2006. 18 июля.

342 Рощаховский В. Лихорадка в сельве Эльдорадо // Знамя юности. 1991. 3 авг.

264 Сімакоў А. Слонім і… Эльдарада // За перамогу камунізму (Слонім). 1989. 9 снеж.

4518 Савік Л. С. Якімовіч Аляксей // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. Т. 6: Талалай-Яфімаў; Дадатак / БелЭн; ННАЦ імя Ф. Скарыны пад рэд. А. В. Мальдзіса. Мн., 1995. С. 484.

427 Снитко А. "Адмапу" зовет к сплочению // Молодежь Севера (Сыктывкар). 1988. 19 февр.

7499 Восьмеркин М. Команданте Эрнесто Че Гевара // Комиссар. 1999. 10 нояб. № 1.

7506 Восьмеркин М. Brigate Rosse // Комиссар. 2002. 16 янв. (Индейцы арауко, Че.)

3491 Араўканы // Беларуская энцыклапедыя. у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 454.

ЖЛУТКА Алесь - нарадзіўся ў 1954 г. у в. Заполле Клічаўскага раёна. Лацініст, цікавіцца гісторыяй езуітаў і ватыканскімі архівамі, якія вывучаў на месцы. Быў супрацоўнікам Скарынаўскага цэнтра, які наведаў індзеец з Перу. Менавіта Алесь першым звярнуў нашу ўвагу на індзейца кечуа, які ажаніўся з мінчанкай, сказаўшы, як пра амаль звычайную рэч, што яны былі гасцямі і яго сям'і.

З Алесем мы пазнаёміліся і мелі гутаркі ў інтэрнаце АН БССР у познесавецкую эпоху, дзе бачыліся з многімі дзеячамі, якія згаданыя ў серыі БСІ.

Адзін раз індзеяніст Алег Жылінскі папрасіў нас зрабіць пераклад з нямецкай яго перапіскі з ГДР. Пісала жанчына, хоць у перакладзе мы чытаем нібыта ліст мужчыны, які старанна, па-нямецку тлумачыць многія рэчы свайму сябру па перапісцы ў Заслаўі. Перакладзены з нямецкай мовы Алесем Жлуткам тэкст, як і ўсё іншае, што трапляла ў нашы рукі, мы пастараліся захаваць для нашчадкаў.

Літ.:

5005 Тернер Г. Мир духов // Религии мира: пер. с англ. [Мн., 1994]. С. 128-132.

ЖЫЛІНСКІ Алег (2) - у 1997 г. з'явілася яго інтэрв'ю, якое ўзяў Сяргей Маліноўскі ("Свободные новости плюс"). "Iндзейцы тратуара" ў загалоўку - гэта вядомы ўстойлівы выраз, фразеалагізм, які замацаваўся ў нас, дзякуючы зборніку перакладаў на рускую 1983 г. "Индеец с тротуара" (па творы ў ім "Sіdewalk Indіan" by Mel Ellis).

"Бледнатварыя еўрапейскія "сабраты" ў амерыканскіх індзейцаў з'явіліся яшчэ ў 80-х гадах і не моцна іх абрадавалі. "Вы забралі ў нас землі, і цяпер спрабуеце адабраць і нашу культуру", - бурчалі чырванаскурыя. Але ішоў час, рух індзеяністаў на постсавецкай прасторы развіваўся, і вось ужо самі карэнныя індзейцы сталі прыязджаць у госці да нас.

Восенню мінулага года на першы міжнародны фестываль у Мінску "Indian Spirit" прыбыў з дружалюбным візітам з ЗША індзеец племені наваха містар Язі. Мяркуючы па цёплых лістах, якія прыходзяць цяпер у Беларусь, ён застаўся вельмі задаволены ўбачаным. Аб тым, якія яны, айчынныя індзейцы, я вырашыў распытаць Алега Жылінскага, якога ў Мінску людзі дасведчаныя называюць правадыром.

М: Напэўна, каб жыць індзейскімі катэгорыямі, трэба адчуваць сябе часткай прыроды. Але ці магчыма гэта ў "каменных джунглях" мегаполіса?

Ж: У прынцыпе, магчыма. У Амерыцы нават ёсць такое паняцце - індзеец тратуара. Гэта, калі ты жывеш не ў рэзервацыі, на сваёй зямлі, а ў горадзе, і пры гэтым прытрымліваешся індзейскіх традыцый. Спачатку мне гэты тэрмін не падабаўся, але потым зразумеў, што як ні круці, а жыццё прыходзіцца сувымераць з пульсам мегаполіса. Вядома, у горадзе многае адцягвае. Бывае, еду на працу, ужо ўваходжу ў метро, і раптам кажу сабе: стоп! Які прыгожы світанак. I тады я спыняюся, выкурваю цыгарэтку і ў думках дзякую за гэты падараваны мне небам дзень.

М: Па пашпарце ты - беларус. Як думаеш, індзеец - стан душы? Або нацыянальнасць усё ж мае значэнне?

Ж: Я разумею, што ў твайго пытання ёсць падтэкст. Таму ў якасці прыкладу прывяду наш "агульнасаюзны збор" Паў-Ваў, які праходзіць у ліпені пад Санкт-Пецярбургам. Штогод там збіраецца каля трохсот індзеяністаў. Ну, беларусы з рускімі традыцыйна разам, ім дзяліць асабліва няма чаго. Прыбалты звычайна трымаюцца сваёй кампаніяй, хаця прыйсці да іх "у госці" можа кожны. Украінцы гавораць на сваёй мове, у іх манера паводзін накшталт нашай, славянскай, але ўсё ж адрозніваецца. Гэта значыць тое, што адбываецца на Паў-Ваў, у чымсьці паўтарае адносіны ва ўсім грамадстве. Дарэчы, і ў амерыканскіх індзейцаў, нягледзячы на то тое, што яны адной крыві, здараюцца сур'ёзныя рознагалоссі. Ёсць свае кансерватары, лібералы... Ёсць радыкалы - штосьці накшталт індзейскага "народнага фронта".

М: (Разглядваючы сцяну, на якой развешана разнастайная індзейская амуніцыя). Напэўна, цяжка вырабіць усё гэта ў беларускіх шыротах? Я бачу, ты выкарыстоўваеш пер'е арла...

Ж: У прынцыпе, усе матэрыялы можна дастаць і тут. А вось арлінае пер'е нам сапраўды прывозяць. Дакладнасці індзейскага касцюма дабіваюся дзякуючы мастацкай літаратуры, калі яе аўтары жылі сярод індзейцаў і апісваюць рэальныя падзеі. У якасці дакументальных крыніц у мяне ёсць "самвыдат". Але для звычайнага чалавека гэта інфармацыя нічога не скажа.

М: Ці ёсць у беларускіх індзейцаў свая рэліквія?

Ж: Так, гэта люлька з чырвонага каменю. Увогуле, люлька ў жыцці мужчыны-індзейца адыгрывае вельмі важную ролю, ёсць нават прымаўка: "Мужчына без люлькі - палова мужчыны". Дык вось, адзін з вядомых па многіх эпатажных акцыях у Амерыцы індзейскі правадыр Шчаслівы Арол, даведаўшыся пра нас, прыслаў нам гэтую люльку. З Амерыкі ў Мінск яна дабіралася цэлы год.

М: Не было ідэі зняцца ў кліпе або фільме? Напэўна, атрымалася б вельмі цікава...

Ж: Ва ўсялякім разе, нам гэтага не прапаноўвалі. А ўвогуле спробы, вядома, былі, але не занадта ўдалыя. Напрыклад, рэквізіт для фільмаў "Следапыт" і "Джонатан, сябар індзейцаў" рабілі маскоўскія індзеяністы.

М: На мой погляд, індзеяністы - гэта тыя, хто займаецца навуковымі даследаваннямі жыцця індзейцаў.

Ж: Так, тэрмін у адносінах да нас не зусім слушны. Індзеяністыка - гэта навука. Хаця мы вывучаем жыццё індзейцаў, але больш нас цікавіць практычны бок: пажыць у лесе, паставіць ціпі, пакурыць люльку, мець зносіны [пообщаться] з духамі. Проста, калі называеш сябе індзейцам, многім гэта рэжа слых".

На гэтым інтэрв'ю не заканчваецца, і ёсць нямала іншых апублікаваных матэрыялаў, дзе Алег-Танта выказвае свае думкі, розныя назіранні, погляд на жыццё.

Літ.:

8435 Штукарь В. Белорусский краснокожий / интервью с Олегом [Жилинским] // Вечерний Минск. 2005. 23 нояб.

8688 Малиновски [так] В. Очевидное-Невероятное // Ратуша. 2001. № 5 (верас., кастр.). С. 4. (Малюнак; Амазонка, туземки.)

3088 Малиновский С. Индейцы тряхнули перьями: дают краснокожие!.. // Свободные новости плюс. 1996. 18-25 окт.

3264 Малиновский С. Фонд Сороса, индейцы, мы // Свободные новости плюс. 1996. 11-18 окт.

3161 В понедельник - в "Понедельнике" // Советская Белоруссия. 1997. 1 марта. (Анонс - интервью И. Боровой с О. Жилинским "Настоящему индейцу".)

7930 Krieger C. More on Russian redskins // European Review of Native American Studies. 2004. V. 18. № 1. P. 55.

5004 Ньюбери Дж. У. Е. Очерк 11: Коренное население Северной Америки // Религии мира: пер. с англ. [Мн., 1994]. С. 165-166.

КАВАЛЬЧУК Дзмітрый - з Баранавіч, нарадзіўся 15.04.1963 г. З ім праз інтэрнэт размаўляў наш калега А. Снітко. Дзмітрый сказаў яму, што працаваў у камуністычнай інтэрбрыгадзе імя Віктара Хара. Пры тым, што ў брыгадзе "Віктар Хара", па словах Снітко, які, праўда, працаваў не ў гэтай брыгадзе, але ў курсе гісторыі руху КІБаў, было нямала лацінаамерыканцаў.

З нашай перапіскі з А. Снітко (2024-02-04): "Якія індзейскія элементы адзначыш у гісторыі брыгады Віктара Хары?"

Адказ: "Увы, не довелось мне там работать...

Знаю только, что за 10 лет кроме чилийцев ч/з бригаду прошло десятки перуанцев, панамцев, боливийцев..."

Снітко падказаў, што на Facebook ёсць Валянціна Ваганава (Ваганова), якая шмат ведае па гісторыі КІБ "Віктар Хара". На "ВКонтакте" існуе суполка "Клуб Интербригада им. Виктора Хара". Адтуль даведваемся, што ў 1984 г. у брыгадзе з Кавальчуком былі Раланда Хіменес (Мексіка), Маўрысіа Гальдамес (сапраўднае прозвішча Катальда Мантальвес - Mauricio Cataldo Monsalves; удакладняецца, што ён фізік-тэарэтык, спецыяліст па чорных дзірках у Сусвеце, дэкан факультэта ва Універсітэце Біа-Біа "ў сваім родным горадзе" Кансепсьён).

Даволі цікава было б высветліць, што памятае пра лацінаамерыканцаў у брыгадзе, названай у гонар чылійца Віктара Хара, той з Беларусі, які ў ёй, як аказваецца, таксама працаваў.

Чаму Дзмітрый Кавальчук трапіў у брыгаду "Віктар Хара"? Растлумачэнне простае: ён вучыўся ва Універсітэце дружбы народаў у Маскве (УДН, РУДН).

Літ:

8807 Градскова Ю. Интернациональное воспитание и позднесоветская солидарность с Чили и Латинской Америкой - между геополитикой, протестом и самореализацией? // Laboratorium. 2011. № 3. С. 118-142. (А. Снитко - источник некаторых данных, использованных в статье.)

9593 Опарин А. Ю., Снитко А. Ф. Солидарность с Латинской Америкой в СССР: опыт работы клубов латиноамериканско-советской дружбы // Сотрудничество и интеграция в многополярном мире: опыт Беларуси и государств Латинской Америки: мат. межд. науч.-практич. конф., Респ. Беларусь, г. Минск, 12 мая 2015 г. Мн., С. 175-181. (Институт философии НАН Беларуси; удзел Снітко - яго вусны расказ пра рух салідарнасці ў час сустрэчы з А. Апарыным у Мінску, апрацаваны навукоўцам як частка сумеснай работы, а таксама прысутнасць на канферэнцыі, у час якой ён меў гутарку з патрыярхам беларускай лацінаамерыканістыкі А. Цернавым.)

КАЦЯРЫНІЧ Іван (Ivan Katerinich) - цікавы тым, што ён адзін з нямногіх нашых суайчыннікаў, якія пасяліся на Алясцы пасля распаду СССР.

Васіла або Уасіла (Wasilla, Уасилла, Василла) - невялікі горад у раёне "гістарычнай адказнасці" атапаскаў дэнаіна. Іх правадыр і даў імя месцу - паходзіць ад яго рускага імя Василий (Васіль, Basil).

Насельніцтва Васілы ў апошнія дзесяцігоддзі істотна павялічвалася. На 2023 г. яно складалася з амаль 10 тыс. чалавек, і сярод яго жыхароў, пры амаль 80% белых, стала 7 працэнтаў "American Indian and Alaska Native". Па перапісе 2000 г. было 5469, з якіх белых 85%, а "Native American" 5,3%.

"Лісты ад Янкі Кацярыніча" змешчаны як заключны матэрыял у кнізе Пятра Мурзёнка "Адвечныя плыні" (раздзел "V. Артыкулы, пісьмы").

"Аднойчы мне патэлефанаваў зусім незнаёмы чалавек з Аляскі - Кацярыніч Янка - беларус, які пажадаў набыць маю кнігу. Я тут жа яму выслаў. Так завязалася наша сяброўства яшчэ з адным добрым чалавекам, шчырым беларусам. Пры перапісцы выявілася, што ў Беларусі ў нас ёсць агульны знаёмы - Ян Драўніцкі - пісьменнік і краязнаўца Пастаўшчыны".

Іван Кацярыніч шмат пераязджаў. Некаторыя месцы, дзе ён быў да таго, як у 2001 г. перасяліўся на Аляску. У 1958 г. Янка скончыў сямігодку, атрымліваў першую прафесію ў Драгічыне, працаваў на цаліне, у калгасе ў вёсцы Гарбаха (Іванаўскі раён), служыў у войску ў Камсамольску-на-Амуры, з 1967 па 1970 г. вучыўся ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, быў майстрам вытворчага навучання ў Свірскім СПТВ, пераехаў у Астравец, у Паставы, у 1990 г. у Шаўляй, а адтуль 5.07.1991 г. у Сакрамента, дзе жыў 10 гадоў. Выйшаў на пенсію па стане здароўя. Старэйшая сястра Янкі з трыма дзецьмі і мужам пасяліліся ў Паўднёвай Караліне. Ён мае шмат сваякоў, якія засталіся на радзіме, але, напрыклад, пра пляменнікаў ён пісаў Пятру, што яны "планамерна выміраюць ад гарэлкі".

Пётр Мурзёнак не паведаміў пра абстрактныя думкі Янкі і яго адносіны да жыхароў Васілы - апісанне тычыцца гаспадарчых заняткаў гэтага аляскінскага беларуса, яго дома і двух аўто.

"Пры "роднай" савецкай уладзе, - піша ён, - раскулачылі б за такое".

Праўда, кватэра ў яго казённая, за што ён плаціць рэнту ў 305 амерыканскіх долараў, плюс электрыка, газ, тэлефон, то якраз паўпенсіі. Яго пенсія складае 1211 долараў у месяц. Дырэктар домаўпраўлення дазволіла яму мець градку. "Так як я па сваёй прыродзе земляроб, то люблю корпацца ў зямельцы. А мая маці заўжды прымаўляла: "Што дасць зямлі латка - таго не дасць ні бацька, ні матка". На градцы вырошчвае ўкропчык, шчаўе, пятрушку, то і суседзям хапае. Расце і морквачка і бурачок, а асабліва добра расце бульба і капуста. Памідоры і агуркі - не кожнае лета. У 2008 годзе - прапалі, бо лета было халоднае.

Спрабаваў займацца пчолкамі, то адным летам дужа пашэнціла: з трох сем'яў узяў каля 100 кілаграмаў мёду. За два апошнія гады пчолы прапалі ад холаду. Больш пчолкамі не займаецца, хіба пераедзе ў цяплейшае месца.

"На дзіва ўсім я з пчоламі працаваў без сеткі, а часам, пры беглым аглядзе, і без дымара. Яны поўзалі мне па твары, руках і ніколі не джгалі. Я і сам не ведаю і здзіўляюся, як такое зразумець. Калі хто другі хацеў падысці, то ўжо за крокаў пяць усёй зграяй кідаліся на прышлага".

"Адным словам, на Алясцы добра жыць усім тым, хто любіць прастору, волю, акружаючае асяроддзе, грыбы, ягады, паляванне і ціхае нетаропкае жыццё і, вядома, рыба. Ды і што за рыба. Такая мне на радзіме і не снілася".

Віншуючы з Вялікаднем 2009 г., Янка пісаў:

"Мы тут, дзякуючы Богу, жывем не кепска. Зіма слабее. Падаўжэлі дні - і болей сонца, то і на душы весялей. Адно толькі турбуе, што наша навакольнае асяроддзе відавочна бяднее па нейкіх няведамых прычынах. Вось і сёння, 27 сакавіка, ездзіў з жонкай на два возеры, каб злавіць трохі рыбы на юшку і, на жаль, не злавілі аніводнай. Яшчэ зімы са тры назад такіх выпадкаў у мяне не здаралася. Прыкметна вельмі стала меней птушак і звяроў, асабліва ласёў".

Горад Васіла, "знаходзіцца на адной і той жа 61-й паралелі паўночнай шыраты, на якой размешчаны і Кулой у Архангельскай вобласці, дзе я служыў у арміі на працягу трох гадоў. Так што я добра ведаю клімат на гэтай паралелі. У кожным лісце Янка запрашае нас наведаць Аляску. Ну што ж - пажывём, убачым, было б толькі здароўе".

Літ.:

12031 Baker M. Geographic dictionary of Alaska. Washington, 1906. ("Беларуская" тапанімія прадстаўленая ў гэтым слоўніку, у прыватнасці, згаданымі на с. 309 назвамі Kosciusko Island і Koserefski з варыянтамі Kozerevsky, Kosyrof, Kozyrof (вёска называлася таксама Leather): "Holy Cross; Jesuit mission school, on the northern bank of the Yukon, about 25 miles below Auvik, opposite Koserefski, established in 1886".)

9495 Okladnikov A. P. Asia - America: the ancient bridge // Alaska Journal. 1979. № 4. P. 42-45.

9846 Mishler C. Historical demography and genealogy: the decline of the Northern Kenai Peninsula Dena'ina // Alaska Journal of Anthropology. 2007. V. 5. № 1. P. 61-81.

11977 Szostak H. Alaska to Ushuaia. [Bloomington, IN], 2016.

9400 Auerbach J. Male call: becoming Jack London. Durham, NC, 1996. ("Filtered through depictions of women (Indian and white) in his Northland tales, the omitted "Russian Jewess" in his abyss notes would seem to function as a displaced version of Strunsky herself". Ганна Струнскі (Струнская) - беларуская яўрэйка.)

* АНДРЭЙ (Перу) - 41-гадовы мінчанін на радзіме афармляў інтэр'еры, рабіў дэкаратыўную тынкоўку. 28-гадовая Юлія, эканаміст па адукацыі, працавала ў бізнес-хабе "Імагуру". У іх двое дзяцей: Фіёне 6 месяцаў, Макару 3 гады. План змяніць жыццё ўзнік не імгненна, але быў сапраўды радыкальным: сям'я прадала спачатку кватэру ў Мінску, а потым, гады праз тры, і дом пад Мінскам, які купілі, - "гэты час быў падрыхтоўкай да вялікага падарожжа" - і паехала ў Перу, у амазонскі лес, дзе пасялілася ў доме шамана. Пра свой побыт яны расказваюць у блогу.

"План кардынальна змяніць жыццё выспяваў паступова. Андрэй стаміўся ад жыцця ў Беларусі. Адчуў, што ў ім шмат спажывальніцтва, матэрыялізму, зайздрасці". У Беларусі? "Ёсць варожасць, яна адчуваецца ў паветры. Людзі стараюцца быць добрымі адно з адным, але адно аднаго баяцца". Іншая справа ў Перу: "Тут я ўбачыў, што людзі любяць адно аднаго, хочуць быць у супольнасці".

У Юліі ўвогуле "пачалася дэпрэсія ў Беларусі", пра свае адчуванні яна сказала, што "ўнутрана памірала", маўляў. Было, маўляў, усё адно і тое ж, і менавіта яе ідэяй было ўнесці разнастайнасць у жыццё з дапамогай Перу.

Юлія: "Я Андрэя даймала апошнія тры гады: "Давай нешта зменім! Мне тут не падабаецца. Трэба абсалютна нешта іншае!" Я яму падсоўвала то аяваску, то яшчэ нешта. "Паглядзі, як цікава! Чаму мы тут сядзім? Мы паміраем!""

Прыляцеўшы ў Ікітас, пажылі ў гатэлі тыдзень, а потым вырашылі перабірацца ў вёску, набылі лодку ў майстра за 450 дол. Андрэй: "Човен тут асноўны від транспарту".

У вёсцы Мішана шукалі шамана, па-перуанску "курандэра".

"Беларус загадзя падрыхтаваў зварот да шамана па-іспанску, але яму было складана чытаць, таму перадаў тэлефон з тэкстам гаспадару, і той чытаў сам. У звароце Андрэй тлумачыў, што стаміўся ад жыцця ў Еўропе і хоча яго памяняць". Зварот даступны ў мультымедыйнай версіі ў інтэрнэце.

Бернардзіна прачытаў зварот і сказаў: "Мой дом - твой дом": "Калі б мы не знайшлі месца, дзе спыніцца, то пачалі б будаваць свой уласны дом", паведаміў Андрэй.

За арэнду дома і навучанне не плацяць. Але "далучаюцца да камунальных аплат у вёсцы: помпы для вады, сонечных панэляў, на правядзенне інтэрнэту". Па інтэрнэт, праўда, едуць у горад.

Бернардзіна, які будуе храм у джунглях, раней меў шмат вучняў з Аўстраліі, ЗША, Еўропы, але на той момант жыў адзін. Але, відаць, ён не адзіны шаман, у якога можна было пасяліцца. У інтэрнэце чытаем пра Ayahuasca Foundation і Mishana Community: "гэта невялікая група людзей, якія жывуць разам на беразе ракі Нанай [Nanay] больш за восемдзесят гадоў. Тры пакаленні членаў суполкі жылі ў гэтым аддаленым месцы ў джунглях, якое цяпер з'яўляецца часткай Нацыянальнага запаведніка Альпаўая-Мішана" [Allpahuayo-Mishana National Reserve, Reserva Nacional].

"Жыццё ў горадзе ў Пэру можна параўнаць па выдатках з жыццём у Мінску", на думку Андрэя. У Перу даражэйшыя мабільная сувязь, паліва. "Агародніна, садавіна танныя, але бульба даражэйшая, чым у Беларусі. У вёсцы можна збіраць плады ў джунглях, бясплатна лавіць рыбу ў рэках. Многія вяскоўцы не маюць аплатнай працы, а жывуць са сваёй натуральнай гаспадаркі". Дзеці беларусаў знайшлі агульную мову з мясцовымі. Падзеяй былі міжвясковымі спаборніцтвы ў футболе.

Андрэй: "У тым асяроддзі, дзе я раней жыў, можна было дакладна апісаць свой дзень. Апісваеш адзін дзень - і гэтым апісваеш усе свае дні. А тут ты нешта плануеш на заўтра, а ўсё адбываецца інакш. Мы плануем ісці ў сельву дабудоўваць домік, а зранку пачынаецца трапічная залева на паўдня, і ты нікуды не ідзеш".

Прывезеныя з сабой долары ў сям'і крыху разыходзяцца - яны не зарабляюць, абыходзяцца мінімумам. "Асноўнае, чым займаецца Андрэй, гэта вучыцца на шамана і разам з Бернардзіна адбудоўвае храм для цырымоній у джунглях. Ён праводзіць з шаманам увесь час. У джунглях той паказвае лекавыя расліны. Вучыць беларуса спяваць ікарасы - спевы, якія шаман выконвае падчас цырымоній".

Са "Спеву аб Бернардзіна (і яго беларускіх сябрах)", на жаль, не выкінеш словы пра аяваску. Андрэй пра гэтую аяваску: "Ты канцэнтруешся на гуках і паглыбляешся ў медытацыю. Можна легчы. Такі стан працягваецца ўсю ноч. Ты застаешся адзін на адзін з сабою, са сваім роздумамі".

Пакінем такія "роздумы" і ўсё "калягалюцына-геннае" тым, хто мае схільнасць да ірацыянальнага - гэта зусім не наша "парафія". Калі Андрэю здаецца, што аяваска "нешта змяняе ў свядомасці", гэта навуковы факт. Хтосьці павінен вывучаць і гэта, найперш псіхіятры: "Гэта зменены стан, у якім ты крыху больш адчуваеш і разумееш, што адбываецца навокал і што адбываецца ў цябе ў галаве" і "Няма такога, што аяваска вучыць універсальным рэчам. Кожнага - свайму".

Тое, як "адвар" можа змяняць свядомасць, - даўно пройдзены этап, які чалавецтву, відаць, не варта паўтараць. Праўда, слухаючы Андрэя, мы міжволі ўспамінаем і нашых "індзейцаў тратуара" ў Мінску, якія таксама адчуваюць змененую свядомасць дзякуючы паэтычным пошукам у галіне светаўспрымання - спосаб запоўніць пустату і не здавацца звычайнымі мяшчанамі-ютуберамі.

Якія высновы з Андрэем? "Ён сцвярджае, што ў Перу ўжо знайшоў адказы на некаторыя пытанні. Прыкладам, што для яго больш каштоўная камунікацыя з людзьмі, а не рэчы. З'явілася больш радасці ў жыцці, стаў больш усміхацца. Кажа, што іншыя людзі заўважаюць у ім пазітыўныя змены: што ён стаў больш творчым, ініцыятыўным, свабодным".

Па назіраннях Андрэя, жыхары вёскі Мішана больш радасныя, чым беларусы.

"Раней у Беларусі было 50/50. Спачатку ўсё нармальна, а потым ходзіш і пакутуеш. Цяпер негатыўных перажыванняў усё менш. Радуешся больш поўна, больш шырока, больш глыбока". Тое і з Юліяй.

Андрэй кажа, што "пачаў намацваць сваё прызначэнне. Думае, што яно звязана з дапамогай людзям. Дапускае, што не ўсім падыдзе ягоны спосаб жыцця. Аднак мяркуе, што знойдуцца і тыя, хто ім зацікавіцца".

"У будучыні пара мяркуе зарабляць на турыстах. Андрэй цяпер вучыцца самастойна праводзіць абрады. Гэта плануюць рабіць у храме, які цяпер адбудоўваюць з Бернардзіна". Андрэй: "Мы будзем запрашаць сюды турыстаў адпачыць, ацаліцца, паправіць самаадчуванне".

Як бы ім ні было добра ў Перу, Андрэй і Юлія збіраюцца прабыць там адзін-два гады і потым паехаць у Аўстралію. А там, як вядома, ёсць яшчэ абарыгены з рэшткамі іх першабытных вераванняў. Дадатковае апраўданне таму, што Андрэй авалодваў шаманскімі практыкамі ў Амазоніі.

Хаця гэтыя беларусы ў Перу сталі больш "радаснымі", гэта неяк не радуе нас. Магчыма, больш увагі трэба было звярнуць на рацыянальныя спосабы пошуку свайго прызвання і "радасці", якія маюць найбольшы сэнс у тым, што дапамагае лепш зразумець дынаміку, перспектывы і рэальныя магчымасці людзей у карэкцыі сацыяльных адносін. Правільна арганізаваць інфармацыю і здолець пры гэтым забяспечваць свае элементарныя чалавечыя патрэбы, напрыклад, працай у інфармацыйнай галіне, - вось выбар, альтэрнатыўны "аявасцы".

Літ.:

5003 Бэнкс Дж. Земля ацтеков и инков: Америка до Колумба // Религии мира: пер. с англ. [Мн., 1994]. С. 50-57.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 88].

Лідзяне на ВДНГ у Маскве

Лідзяне ў гэтыя выхадныя прадстаўлялі сваю творчасць у павільёне Беларусі на ВДНГ у Маскве ў рамках дзён Гарадзенскай вобласці, якія адбываліся на пляцоўцы ВДНГ у Маскве. Патэнцыял Гарадзенскай вобласці прадстаўлены не толькі прамысловымі прадпрыемствамі, але і багатай гістарычна-культурнай спадчынай.

Лідчыну прадстаўлялі калектывы:

- эстраднай студыі "Талісман" Палаца культуры горада Ліды,

- ансамбля народнай музыкі "Гудскi гармонiк",

- фальклорнай групы "Талер" Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і рамеснікаў.

І ўсе выходныя масквічам і гасцям расійскай сталіцы лідзяне прапаноўвалі акунуцца ў атмасферу народных танцаў і песень. У рамках Дзён Гарадзенскай вобласці на ВДНГ наведвальнікі выставы маглі навучыцца танчыць беларускую польку, кракавяк, падыспань, лысага, кірмаш, нарэчаньку і млын.

Шпацыруючы па павільёне, можна было зазірнуць у беларускую хатку: увазе наведвальнікаў прапаноўваўся майстар-клас па ткацтве ад Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Валянціны Сільвановіч.

Дзякуй наведвальнікам беларускага павільёна за цёплы прыём і ўдзел у майстар-класах.

Пул 4 рэгіён.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX