Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 12 (116) 


Дадана: 19-03-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 12 (116), 20 сакавіка 2024 г.

Міжнародны кніжны форум сабраў вялікую колькасць наведвальнікаў

XXXI Менская Міжнародная кніжная выстава-кірмаш праходзіла 14 - 17 сакавіка ў сталічным выставачным цэнтры "Белэкспа". Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі каля 20 краін, у тым ліку: Кубы, Венесуэлы, Туркменістана, Расіі, Ірана, Егіпта, Кітая, Сірыі і іншых.

У бягучым годзе асноўнымі тэмамі выстаўкі былі выбраны 80-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30 гадоў з першых у гісторыі суверэннай Беларусі выбараў прэзідэнта, 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі і Год якасці, які быў аб'яўлены ў 2024 годзе.

Асноўнымі акцэнтамі экспазіцыі сталі кнігі ў жанрах нон-фікшн, дзіцячая і адукацыйная літаратура, выданні, прысвечаныя беларускай культурнай спадчыне і традыцыям, творам класікаў і замежных аўтараў. 39 выдавецтваў з Расіі прадстаўлялі свае разнастайныя выданні. Выдавецтва з Германіі "Дылінберг" распаўсюджвала бескаштоўна хрысціянскую літаратуру.

На ХХХI Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску выступалі цудоўныя беларускія паэткі і дзіцячыя пісьменніцы, было прадстаўлена шмат гістарычнай, краязнаўчай літаратуры, кніг пра мастацтва, можна было набыць творы нашых класікаў.

На розных пляцоўках са сваімі творамі знаёмілі Тамара Бунта, Аксана Спрынчан, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, з чытачамі сустракаліся асобна Эдуард Акулін, Людміла Дзіцэвіч і іншыя.

15 сакавіка на прэзентацыйнай пляцоўцы са сваімі творамі знаёмілі чытачоў члены Віцебскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гучалі пранікнёныя вершы на беларускай мове.

Шырока была прадстаўлена культура іншых народаў і краін, праходзілі прэзентацыі кніг і чытацкія дыскусіі.

Мастацкую і грамадска-палітычную літаратуру Венсуэлы на выставе дэманстравалі прадстаўнікі Амбасады - сеньора Майрэна Ньевес і сеньор Генры Пінта. Яны прадстаўлялі творы Ромула Гальегаса, Уладзіміра Акосты, Эрлі Эрэры, Акілеса Назоа і іншых пісьменнікаў Венесуэлы.

Пра маляўнічыя куткі некранутай экзатычнай прыроды Амазоніі і Карыбскага рэгіёна гасцям выставы распавядаў сеньёр Генры Пінта. Амбасада Рэспублікі Куба дзялілася прыгожымі турыстычнымі альбомамі і каталогамі.

Cтудэнты Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы прадставілі культуру і кнігі розных народаў на Міжнародным кніжным кірмашы: Беларусі, Кітая, Туркменістана і іншых.

Культурнае ўзамадзеянне і сяброўства спрыяе развіццю дабразычлівых і міралюбных стасункаў паміж краінамі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Больш за 130 рамеснікаў сабраліся ў Гародні на кірмашы "Казюкі"

16 сакавіка ў Гародню з'ехаліся народныя майстры з Гарадзенскага, Ваўкавыскага, Наваградскага, Свіслацкага і Шчучынскага раёнаў Гарадзенскай вобласці, а таксама з розных куткоў Беларусі - Баранавіцкага, Менскага, Маладзечанскага, Пінскага, Слуцкага раёнаў. Тэмай свята сёлета стала кавальская справа. Традыцыйна на кірмашы правялі цырымонію прыняцця чаляднікаў у гарадзенскую гільдыю рамеснікаў.

Сёлета кірмаш "Казюкі" праходзіў у рамках фэсту "Гарадзенскі разгуляй".

БелТА.

Падведзены вынікі Міжнароднага дня роднай мовы ў Гарадзенскай вобласці

Падведзены папярэднія вынікі дыктовак і іншых мерапрыемстваў у Дзень роднай мовы ў Гарадзенскай вобласці..

У межах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы для навучэнцаў, педагагічных работнікаў, прадстаўнікоў грамадскасці вобласці 21 лютага 2024 года было арганізавана правядзенне Гарадзенскай абласной дыктоўкі, прысвечанай 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Для напісання дыктоўкі быў прапанаваны тэкст "Сімвал бязмерных выпрабаванняў беларусаў", прысвечаны гераізму беларускага народа ў напружанай барацьбе з захопнікамі. Удзел у напісанні дыктоўкі прынялі супрацоўнікі Гарадзенскага аблвыканкама, райгарвыканкамаў.

Ва ўстанове адукацыі "Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы" 21 лютага 2024 года адбылося напісанне традыцыйнай агульнай універсітэцкай Купалаўскай дыктоўкі. Дыктоўку пісалі звыш 1000 чалавек.

Акрамя таго, з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры, далучэння моладзі да вывучэння гісторыі, культуры, традыцый сваёй радзімы ва ўстановах адукацыі і культуры вобласці быў арганізаваны шэраг конкурсаў, кніжных выстаў, творчых сустрэч з пісьменнікамі Гарадзеншчыны і іншых мерапрыемстваў.

Ва ўстановах адукацыі праведзены:

конкурсы чытальнікаў вершаў і выканаўцаў музычных твораў на вершы беларускіх пісьменнікаў, уласных твораў, прысвечаных мове;

конкурсы творчых пісьмовых работ "Пра мір і Радзіму на матчынай мове";

конкурсы сачыненняў-эсэ "Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля мая, зямля бацькоў святая!";

інфармацыйныя гадзіны "Славутыя сыны сваёй краіны";

вусныя часопісы "Чароўныя напевы роднай мовы";

конкурсы малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў;

тэатралізаваныя пастаноўкі і іншыя мерапрыемствы.

Установай адукацыі 'Тродзенскі дзяржаўны Палац творчасці дзяцей і моладзі" і ўнітарным прадпрыемствам "Гродзенская праўда" праводзіўся абласны чэлендж "Мова краіны маёй", падчас якога ўдзельнікам было прапанавана запісаць тэматычны відэаролік на беларускай мове аб культурных, архітэктурных, гістарычных, спартыўных аб'ектах або сучасных і гістарычных асобах Гарадзенскай вобласці.

На Лідчыне традыцыйна асноўная ўвага была ўдзелена напісанню беларускіх дыктовак. Ва ўсіх відах дыктовак (17-я Агульнанацыянвальная, 6-я Купалаўская, Гарадзенская абласная і Рэспубліканская) у Лідскім раёне прынялі ўдзел каля 12 500 чалавек. Гэта абсалютны рэкорд. У папярэднія гады толькі адзін раз колькасць удзельнікаў дыктовак на Лідчыне перасягала 10 000 чалавек.

Атрымаць дакладныя лічбы па ўсёй Гарадзенскай вобласці праблематычна. Ацэначна дыктоўкі ахапілі недзе каля 220 населеных пунктаў, пісалі іх да 40 тысяч чалавек.

Яраслаў Грынкевіч.

ІЗНОЎ ВЯСНА ...

Зміцер Захарэвіч

ПЕГАС

21 сакавіка - Сусветны дзень паэзіі


Твайго пагляду счэзлы квет,

Бо прагнеш нібы і нямнога:

Кахання простага - зямнога,

Каб без сыходаў у засвет,

Але штораз мяне дарога

Вядзе туды, дзе знічак след.


Як выкляты да рэшты дзён,

Да сэнсу існага імкнуся.

Даруй, ізноў не азірнуўся

На тых, хто ўдома і на дом, -

Бліжэйшай раніцай вярнуся

Спяваць табе пад струнаў звон.


Пра тое, як цячэ сляза,

Пра што ўначы шапочуць хвалі,

Чаму з усмешкаю зухвалай

Снягі адужвае вясна

І як у сэрцы акрыялым

Знікае крыўдаў драбяза.


Калі ж зраблю апошні ўздых,

На плач твой не сказаўшы слова,

Не зрынецца светабудова,

Уцям - не я навек заціх,

А ў скачцы страціўшы падкову,

Пегас не вытрымаў дваіх.

УСХОД

Не цешыць колерамі ўсход,

Аднак вясна не прамарудзіць -

У горад, скурчаны ў прастудзе,

З паўднёвых з'явіцца шырот.


Паміж гмахамі, быццам шрот

Ва ўпор, завея джаліць грудзі,

Не цешыць колерамі ўсход,

Аднак вясна не прамарудзіць


Разбіць вітрын зімовых лёд,

І цепліцца ўспамін аб цудзе,

Дарма што ў ранішнім бязлюддзі

Сівых нябёсаў пасярод

Не цешыць колерамі ўсход.

* * *

Зрабілася туманам замяць -

Сышла пакорліва ў нішто,

Пакінуўшы ў завулках памяць,

Набраклую, як паліто,

Слязьмі яшчэ яскравых згадак

Пра час, убраны ў аксаміт,

Калі снег нетропка падаў,

Затульваючы краявід,

Струменіўся, галовы хмеліў

З кватэры кожнай елак пах

І вера ў цуды зіхацела

У святаў прагнулых вачах.

Тады здавалася, што ў вокнах

Калядных зорак не згасіць,

А сёння - паліто прамокла,

Бо памяць згадкамі бруіць.

* * *

Хто ведае, што будзе потым? -

Скразняк цяпельца патушыў,

Рассыпаны надзеяў попел

На дне астылае душы.


Які з турбот займею скутак?

Ці толькі камень у руку?

Расталі радасці і смутак

Сумётамі ў сакавіку.


Чым соты прышласці напоўню,

Калі сягоння не баліць?

Лаўлю ў далонь жарынкі промняў,

Каб зноў цяпельца запаліць.

ІЗНОЎ ВЯСНА

Хоць снег сышоў, а стаў святлейшым вечар,

Гараць дарма а шостай ліхтары -

Прыродзе людства звыкла супярэчыць.


Палю нахабна ў акадэмдвары -

Яе чакаю на супольны шпацыр,

І ўзрушана гудзе праспект стары.


Ізноў вясна - далоў з пачуццяў панцыр!

Заходзяцца, вярнуўшыся, шпакі

Пакуль рахую на ўзаемнасць шансы.

Наштось ранейшых стрэчаў чарапкі

Збудзіліся і непакояць памяць,

Нібы з юнацтва ўскрэслыя радкі.


Руды прамень, растаючы, не раніць -

Самоты час згасае пакрысе,

А цыферблат часцей мой позірк вабіць.


Вось постаць тонкая ў дзвярах…

Ідзе!

ЗОРНЫ МОСТ

Слодыч сноў пра крылы склаўшы за спіною,

Ля замкнёнай брамкі ў неба пагляджу:

Зіхаціцца промнем па-над галавою

Зорны мост - дарога адляцелых душ.


Кладка між сусветаў - вечнага й зямнога,

Адгасаюць побач знічкі ў цішыні.

Жыць мінучым шчасцем - можа, і нямнога,

Ды нямала ведаць, што па ёй прайсці.


Да сяброў і крэўных, без пары спачылых

Правядзе хай першы стрэчны арханёл,

Даланёй ад ветру, як дзяды вучылі,

Захіну грамнічкі дрогкі аганёк.


Супакой пануе там, куды намэціў,

І падступным кордам смутак не працьне

Будуць спаць мястэчкі, гадавацца дзеці,

Вальсаваць сняжынкі, толькі без мяне.


Па скананні кожны долю выбраць мусіць:

У чысцец камусьці, кане ў Лету хтось,

Я ж распраўлю крылы, з ланцуга сарвуся

І скірую проста - на зіхоткі мост.

ШАЛЬ

(наследванне песням ландскнехтаў)


Апоўначы сціх смерці баль,

Спачылі страх і гнеў,

На ветры хутаюся ў шаль,

Што вышыла ты мне.

На ім праменны эдэльвейс

Уплецены ва ўзор,

Яго калісь табе прынёс

На знак кахання з гор.


Каб славу й золата здабыць

Спусціўся з іх даўно -

І ўзяты горад, і бяжыць

У келіхі віно.

Не раз як скрыгатала сталь,

Паіла кроў мурог,

Нібы сцяг, я ўздымаў той шаль -

Ён вёў да перамог.


Спакусна талеры звіняць,

Б'юць поклічна званы:

Пакуль ёсць прага ваяваць -

Патрэбны будзем мы.

Хто чэрава твайго Грааль

Напоўніць без мяне? -

Бо найміта злінялы шаль

Дадому не вярне.


Ландскнехта зраненага ўрэшт

Прыкончыць бог ці чорт,

А ты да ўнукаў дажывеш

У цені нашых гор.

Ці ўзрушыцца за іх сцяной

Чуллівая душа,

Калі павяжуць на крыж мой

Прабіты куляй шаль?

ПА ЛЁДЗЕ

У люстры зледзянелага азерца

Твой кожны рух напорны адаб'ецца,


Бо прагнучы на іншы бераг трапіць,

Пайшла наўпрост - па небяспечнай гладзі.


На ім цябе што вабіць незваротна -

Няўжо агеньчык у акне самотны?


Які не гасне да пары світальнай,

Нібыта хоча падзяліцца тайнай.


І, дома ўседзець не знайшоўшы сілы,

У двор свой брамку звонку зачыніла.


Ну што ж, ідзі! Ды памятай - ты ўночы

На покліч па няпэўным лёдзе крочыш.

* * *

Нібы за шыбай, прад вачмі

Знікаюць у смузе нястрымна,

Cпяваючы расстання гімны,

Паяцы, трагікі і мімы.

З усмешкай немай выбач ім

За тое, што праходзяць міма.


Бо сам прадказваў той зыход,

Як фэст квяцісты пачынаўся,

І, хоць здавалася - быў наўзле,

Ігрой з ліста не захапляўся.

Ты не ўвайшоў у карагод,

А на сваім стаяць застаўся.


Наўзле (дыял.) - побач.

MEMORIAS

Усеўладдзе сонца, жамчуговасць мора…

Ці было такое? - Так, аднак учора.

Клаў прыбой карункі зіхатлівых хваляў,

Нібы паж дарункі, каля ног смуглявых.

Аксаміт вячэрні і праменнасць ранкаў,

Пераліў гаворкі ў стоенай альтанцы…

Растрывожаць згадкі сэрца да трымцення,

Але жыць мінулым - пакарыцца ценям.

Без дазволу прыйдуць, сумам апануюць,

Беспрасвеццем лягуць на душу жывую,

Бляск вачэй гарэзных без пары прыгасяць…

Дык нашто трымацца колішняга шчасця?

КАРМЛЮ ПТУШАК

З ложка цёплага ўзрушыць

Дзень, зірнуўшы ў акно, -

Час, маўляў, карміць птушак,

Змешваць грэчку з пшаном.


Выйшаўшы на падворак,

Поўнай жменяю для

Жоўтагрудых сябровак

Сыплю харч спакваля.


Вобміг з-пад стрэх зляціцца

Звонкая грамада.

Смачна есці, сініцы! -

Вам, дальбог, не шкада.


Радасныя пракудзіць

Будуць штораз смялей

Перыстыя, як людзі,

Толькі з намі страшней…

ТОЙ, ХТО НА ПРАВЫМ ПЛЯЧЫ

Сцюжа прышласць пастэллю фарбуе,

Замяце далячынь да начы,

Скрозь якую мне шлях нарысуе

Той, хто дбае на правым плячы.


Без выходных, заўсёды на працы,

Ставіць толькі шматкроп'і ў канцы,

Каб я меў куды ў стоме вяртацца,

Той, хто дбае на правым плячы.


Часам кроіцца сэрца пустэчай,

Ад адчаю - хоць крыкам крычы,

Тады словы спадзеўныя шэпча

Той, хто дбае на правым плячы.


А калі пачуццё развярэдзіць

І да строфаў знаходжу ключы,

На распаленых струнах вядзе рэй

Той, хто дбае на правым плячы.


Сёння ж дабраславеннем агорне,

Да пары крылы аддаючы,

У паўзмроку расстайнай платформы

Той, хто дбае на правым плячы.


Аглаблёвую чарку да донца,

Поціск рук - і ў чарговы маршрут…

Сцеражы, мой анёл-абаронца,

Тых, каго пакідаю я тут!

КЛЕНЧАННЕ (НЕ?)

1.

Здараецца, бурапенюся,

Гарэзуючы, п'ю нагбом,

Бо ведаю, да каленяў мне

Тваіх не прыхінуцца лбом.


Цябе знячэўку сустрэўшы, я

Рукой не крануся пляча,

Не моўлю, да ног укленчыўшы,

Нязлічны раз: "Выбачай…"

2.

Пакорна словы прачулыя

Жабрак, абы бога ўмаліць,

Яму ў журбе ахвяруе ўсе,

Не маючы чым заплаціць.


А я і ў пару бяскрылую

(Як хочаш - пагардай сячы)

Да ног тваіх не абрынуся,

Каб іх слязьмі не апячы.

ПРЫЧАСЦЕ

Бясхмарны ўсход пазалаціў

Сівога лесу выцінанку,

Ліецца, як віно ў пацір,

У дом мой ззянне скрозь фіранку.


Павольна паміж сцен плыве

У дробным прамянёў трымценні,

Але ў агністым харастве

Без следу тонуць ночы цені.


І, каб не слугаваць хам'ю

Парой панураю бясчасся,

Святло ўдыхаю, нібы п'ю

Збавіцеля кроў на прычасці.

ЛОВЫ

Завершаны вечар хваёвы,

Пад зорнаю коўдраю стаў,

Я выбраўся ўночы на ловы

Адчаю, што сэрца працяў.

Бадай, да двубою гатовы -

Як трэба, пайду да канца;

Мігцяць светлякі тытунёвыя -

Здрабнелыя дзеці Зніча.


Гады ў рады дужаўся з лёсам,

Блазнуючы, множыў грахі,

А богу, відаць, немаглося,

І ўзмахам уладнай рукі

Свянцаў ён жаролы грымотаў,

Каб нас касавалі дажджы;

Цяпер жа я ладжу цянёты

На цішы звярыных сцяжын.


У лесе глухім і бясснежным

Сабе паўтараю: "Не спаць!",

Бо прыйдзе галодны драпежнік,

Жывое крыві паспытаць.

Пазнаць мушу беспамылкова

І подых, і поступ здаля,

Пачуўшы абураны голас

Пабуджанага ім галля.


Стральцоў нумары абмінуўшы,

Ён рушыць наўпрост на мяне,

З ікластым адзін застануся,

Сціскаючы тронкі ў руцэ.

Дастаць імкнучыся да горла,

Звер хіжа мне ў твар захрыпіць

І цёплая чырвань па кордзе

Світанкам на мох пабяжыць...


Струменіць дымок тытунёвы,

Кашлатыя хвоі маўчаць.

Ці я перамог у двубоі? -

Не можа ніхто адказаць.

Ліхой паняверкі нервовасць

Схаваю пад сподам плашча,

І часам бліжэйшым - на ловы,

Якіх ці счакаю канца?

З НІЗКІ "РУБАІ"

*

Дзе ні ступі - паўсюль пачуеш павучанні,

Як шомаст лісця дрэва вышняга спазнання,

Хоць бог разумнікаў выгнаннем пакараў,

Каб заслужылі паслушэнствам дараванне.

*

Адныя вераць байкам пустазвонаў,

А іншыя ўладарным б'юць паклоны,

Але, выгоды меўшыся знайсці,

Штораз трапляюць у ярмо прыгону.

*

Як сонца дыск руды паўстане над зямлёй,

Заліўшы гарады нібы начы крывёй,

Адродзіцца жыццё ў крыві ахвярнай той.

Так Вечнасць свой штодня разгортвае сувой.

Інэса Парфенчык прайшла ў суперфінал другога сезону шоў талентаў "Фактар.ВУ 60+"

Жыхарка в. Бердаўка Лідскага раёна заваявала сімпатыю чальцоў журы яшчэ падчас тэлекастынгу, а ў паўфінале даказала, што годная выходзіць на вялікую сцэну, за што і атрымала шмат кампліментаў ад чальцоў журы. А ад спевака Аляксандра Саладухі - дзесяць балаў.

Разынкай выступу было і тое, што спадарыня Інэса з Бердаўкі выканала песню на бездакорнай французскай мове, а Саладуха пачуў у голасе спявачкі нават ноткі, характэрныя для Мірэй Мацье.

Інэса Парфенчык - адзін з кіраўнікоў і салістаў народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкоў "Мы з вёскі-калыскі", які прапагандуе беларускую песню. Летась яна стала пераможцай фестывалю песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі…". Цяпер праект "Фактар.ВУ 60+ " раскрыў у ёй і эстрадную спявачку.

Адзначым: з 12 паўфіналістаў у фінал "Фактар.ВУ 60+" прайшлі восем артыстаў. Іх выступ гледачы ўбачылі на тэлеканале "Беларусь 1" у пятніцу, 15 сакавіка, у 20:45. У фінале былі вызначаны імёны чатырох суперфіналістаў. І Інэса Парфенчык прайшла ў суперфінал. Аляксандр Саладуха зноў паставіў ёй дзесяць балаў.

Наш кар.

Конкурс юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі

6 сакавіка 2024 года Лідскі РЦЭТіК адбыўся вочны тур конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. Раней, на завочным этапе, удзельнікі прадставілі відэавізітку агляднай экскусіі па музеі сваёй установы.

Цяпер жа 12 удзельнікаў конкурсу - экскурсаводы музеяў СШ № 1, 6, 9, 13, 14, 16, 17 г. Ліды, гімназіі № 1 г. Ліды, Ваверскай СШ, Дварышчанскай СШ,Тарноўскай СШ, РЦТДМ - прадставілі імправізаваную экскурсію "Гісторыя аднаго прадмета".

ТК "Культура Лідчыны.

60 гадоў з дня нараджэння Міхала Анемпадыстава

16 сакавіка юбілей вядомага беларускага паэта, мастака, публіцыста і перакладчыка Міхала Анемпадыстава. Яму было б 60 гадоў

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся ў Менску 16 сакавіка 1964 года. Дызайнер, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябар Беларускага саюзу дызайнераў. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, плакату, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і персанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.

Ягоныя вершы сталі песнямі N.R.M., "Новага Неба", Змітра Вайцюшкевіча, IQ48 і іншых, ён быў аўтарам канцэпцыі і многіх тэкстаў славутага "Народнага альбому" (прызнанага "Альбомам года" на "Рок-каранацыі - 1997"), перакладаў польскія рок-хіты для беларускіх спевакоў. "Народны альбом" на доўгія гады стаў адметнай падзеяй для айчыннай музыкі.

Песні з "Народнага альбома" выконвалі такія зоркі беларускай сцэны, як Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў і іншыя.

Анемпадыстаў заваяваў прэмію "Чалавек года - 2006" па версіі інтэрнэт-парталу "Тузін гітоў". У 2013 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў "Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы".

Таксама Анемпадыстаў ствараў вокладкі для музычных альбомаў. Вёў на сайце кампаніі "Будзьма беларусамі!", для якой стварыў лагатып, калонку "Простыя рэчы".

Кніга "Колер Беларусі", якую ён напісаў, стала культавай. Гэта ўнікальны агляд фармавання колеравай свядомасці беларусаў творчым вокам мастака. У кнізе як апісанні колераў, іх бытавання ў мастацтве, рэлігіі, бытавым жыцці народа, так і дзясяткі ўнікальных фота-ілюстрацый, якія сведчаць пра ўплеценасць разгляданага колеру ў палітру наваколля.

Адзін з пісьменнікаў казаў, што Міхал сканструяваў новую ДНК беларускай культуры, іншы назваў Анемпадыстава "іконаю стылю".

Міхал Анемпадыстаў быў удзельнікам беларускага адраджэнцкага руху пачынаючы з "Беларускай майстроўні" пачатку 1980-х. Генераваў і ўвасабляў вобразныя ідэі для беларускіх грамадскіх і палітычных кампаніяў - "Барані сваё", "Будзьма беларусамі", "Выбірай!". Як мастак і свядомы месціч Анемпадыстаў бараніў ад разбурэння вядомы раён свайго роднага Менска Асмалоўка. Абараніць раён удалося, і ён захаваўся па сёння.

Пасля раптоўнай смерці мастака з'явілася кніга ўспамінаў пра яго "Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў". Назву абралі нездарма - песня "Простыя словы" з "Народнага альбома" стала сапраўдным гітом, яе і дагэтуль спяваюць у дарозе, пры вогнішчы, на сяброўскіх бяседах і іншаземцам, знаёмячы іх з беларускай культурай. У кнізе сабраныя цікавыя і менш вядомыя факты пра Анемпадыстава, ягоныя вершы і песні для "Народнага альбома" і гурта "Новае неба", раней не публікаваны сцэнар "Народнага альбома" для польскай тэлевізіі, унікальныя фотаздымкі і "магічная мапа" Анемпадыстава, а таксама ўспаміны пра яго больш як 60 чалавек.

Міхала Анемпадыстава не стала ў студзені 2018 года.

У 2019 годзе ў памяць пра паэта, мастака, фатографа, культуролага, заснавалі прэмію ягонага імя. Ёю вырашылі адзначаць найлепшую вокладку беларускай кнігі.

Пасля смерці Міхала Анемпадыстава беларусы талакой перавыдалі "Колер Беларусі".

Вікіпедыя.

Беларуская праца на навуковай ніве

Інтэрв'ю са сп. А. Луцкевічам

Маючы жаданне атрымаць дакладныя і вычарпальныя звесткі аб навукова-даследчай працы беларусаў, мы звярнуліся да старшыні Беларускага навуковага таварыства (БНТ) і адначасова дырэктара музея гэтага ж таварыства сп. Антона Луцкевіча. У ціхім пакоі з прыгожым скляпеннем, у якім месціцца архіў музея, сп. Луцкевіч даў нам наступнае інтэрв'ю:

- Гэта сёння нармальная справа, калі беларуская інтэлігенцыя, якая мае неабходную кваліфікацыю, скіроўвае свае інтарэсы ў бок навукі. Самастойная навукова-даследчая праца пераважна засяроджваецца менавіта ў БНТ, якое заснавана ў 1918 г. Таварыства, першапачаткова складалася з людзей, не заўсёды здольных да навуковай працы, але павольна, год за годам, яно пераўтварылася ў паважаны навуковы цэнтр. Доўгі час функцыі ўправы БНТ выходзілі далёка за свае адміністратыўныя рамкі - управа брала на сябе рэцэнзаванне рукапісаў беларускіх падручнікаў, якія выдаваліся для сярэдніх і ніжэйшых школ і, адначасова, у сваім поўным складзе, працавала як установа па справах беларускай мовы.

Даўно ўжо кіраўніцтва Беларускага музея, які застаецца часткай Таварыства, перайшло да Рады музея, якая прызначаецца Управай на правах секцыі. Праца Рады музея ёсць, бадай, самай важнай сферай дзейнасці Таварыства, галоўнай мэтай якога пры яго стварэнні было прыняцце прыватных збораў, якія ахвяраваў с. п. Ян Луцкевіч. Акрамя Рады музея, таксама энергічную дзейнасць вядзе гістарычная секцыя Таварыства, якая разам з членамі Таварыства, аб'яднала і шэраг асоб, якія працуюць над гісторыяй краю і не ўваходзяць у БНТ. Да найбольш важных спраў гістарычнай секцыі можна аднесці ўдзел у VI-м Усеагульным з'ездзе польскіх гісторыкаў, які прайшоў у Вільні на пачатку верасня гэтага года. Члены секцыі заявілі на з'езд 6 дакладаў але, на жаль, у праграме засталіся толькі 2.

- Якой яшчэ дзейнасцю займаецца Таварыства?

- Існуе літаратурна-мастацкая секцыя, у якой супрацоўнічаюць прадстаўнікі розных галін мастацкай творчасці. У гэтым годзе ўзнікла музычна-драматургічная падсекцыя. Але спыніла працу раней вельмі энергічная секцыя, якая ладзіла даклады, гэта здарылася з-за немагчымасці карыстацца залай былой Беларускай гімназіі. Шырокую дзейнасць таксама вяла і краязнаўча-турыстычная секцыя, якая некалькі гадоў таму арганізавала цікавую выставу фотаздымкаў і малюнкаў у галіне беларускай этнаграфіі. Але калі справа дайшла да арганізацыі экскурсійных паездак, секцыя сутыкнулася ў непераадольнымі перашкодамі. Смерць ініцыятара і кіраўніка секцыі, маладога географа Мікалая Ільяшэвіча, нанесла ёй вельмі моцны удар.

Акрамя працы па секцыях, таварыства рабіла памятныя ўрачыстасці, якія тычыліся важных момантаў культурнай мінуўшчыны Беларусі (400-годдзе Статута ВКЛ, заснаванне ў Вільні др. Скарынам першай беларускай друкарні, 500-годдзе смерці вялікага князя ВКЛ Вітаўта, 50-годдзя з дня нараджэння Івана Луцкевіча і інш.), ладзіла навуковыя лекцыі і дыскусійныя вечары, забяспечвала матэрыяламі, інфармацыяй і парадамі як акадэмічную моладзь, так і айчынных і замежных навукоўцаў. І нарэшце, займалася выдавецкай справай.

- Што было надрукавана?

- У першы перыяд свайго існавання, калі Таварыства амаль што ўсю сваю ўвагу засяродзіла на Беларускім музеі, выдавецкая дзейнасць была вельмі абмежаванай і былі выдадзены толькі некалькі брашур. Аднак з 1933 г., дзякуючы субсідыі міністэрства веравызнанняў і асветы, мы выдалі першую кнігу нашага "Гадавіка" і 6 навуковых кніжак. Мы меркавалі, што "Гадавік" будзе пастаянным выданнем і збіралі матэрыялы для выпуску яго ў наступным годзе. На жаль, нашы спадзяванні не апраўдаліся, хоць навуковы свет і прыхільна адгукнуўся на першую кнігу "Гадавіка".

- Якія адносіны БНТ да навуковых колаў у Польшчы і па-за Польшчай?

- Нашы навуковыя кантакты пастаянна растуць, пашыраюцца і паглыбляюцца. Шэраг як польскіх, гэтак і замежных навукоўцаў, наведаў наш музей і карыстаўся нашымі калекцыямі для сваёй навуковай працы. У нас былі госці з Францыі, Бельгіі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Чэхаславакіі, Італіі і інш. З іншага боку, само Таварыства прымала ўдзел у міжнародных кангрэсах (гісторыкаў у 1934 г., філолагаў у 1934 г., географаў у 1934 г.). Наш музей належыць да Асацыяцыі музеяў Польшчы і прымае ўдзел у штогадовых сходах Асацыяцыі. Зараз, як я ўжо казаў, мы прынялі ўдзел у Кангрэсе польскіх гісторыкаў у Вільні.

- Ці па-за БНТ існуюць іншыя асяродкі беларускай навуковай працы?

- Так. Такую працу нядаўна пачаў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, вядомы да гэтага як асветнае таварыства. Моўныя пытанні, дакладней чысціня беларускай мовы, сталі прадметам спецыяльнай камісіі, створанай па ініцыятыве др. Яна Станкевіча незалежна ад існых таварыстваў. Нарэшце, значную актыўнасць у навуковай працы дэманструе наша студэнцкая моладзь, якая стварыла пры Віленскім універсітэце гурток сяброў беларусазнаўства. Гэта паказвае, моцную цягу да навуковай працы ў беларускім грамадстве.

- Якое пакаленне больш актыўнае у навуковай працы?

- Пакуль што панавала "старая гвардыя" - даваенная інтэлігенцыя. Потым прыйшла грамада маладых, так званых "пражан". Гэта выпускнікі прыватных беларускіх гімназій, якія не мелі правоў дзяржаўных гімназій і таму не давалі магчымасць працягваць вучобу і атрымліваць вышэйшую адукацыю. Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, наша моладзь мусіла эміграваць за мяжу, пераважна ў Чэхаславакію, дзе мела добрую магчымасць карыстацца дзяржаўнай дапамогай. А цяпер, штогод з польскіх універсітэтаў прыязджаюць маладыя адэпты навукі. Яны ахвотна займаюцца самастойнай культурнай і грамадскай працай. На жаль, на гэтым шляху яны сустракаюць непераадольныя перашкоды - статут Звязу беларусаў-выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў не быў зарэгістраваны ўладамі.

- Як справы з музеем?

- Мы шмат гадоў працуем над належным уладкаваннем музея - гэтай нашай сапраўднай нацыянальнай каштоўнасці. Выстаўленыя і не выстаўленыя экспанаты, кніжны фонд (новыя і старыя друкі) інвентарызаваны, але, на жаль, некаторыя экспанаты пакуль што немагчыма ўбачыць з-за жахлівай цеснаты памяшканняў. Гэта датычыць і багатай нумізматычнай калекцыі з часоў ВКЛ, каштоўнага збору графікі і інш. Больш-менш цалкам можна ўбачыць наступныя раздзелы: мілітарыя, звычаі, абрадавыя рэчы (прыгожыя віленскія вышыванкі XV-XVI ст.), фальклор і народнае мастацтва (скульптура, музычныя інструменты, тканіны), касцельна-царкоўнае і свецкае мастацтва, кераміка і, нарэшце, дагістарычныя экспанаты. Гэта ўсё разам узятае, дае ўяўленне як пра старабеларускую культуру гэтак і пра народнае мастацтва новага часу.

- Колькі наведвальнікаў мае музей?

- У апошнія гады, хаця наш музей не згадваецца ні ў адным з польскіх даведнікаў па Вільні, наведвальнасць пастаянна расце і апошнім часам дасягае 1300 чалавек у год. У гэтай колькасці і каля 50 экскурсій, якія мы праводзім. Гэта няшмат, асабліва калі ўлічваць, што мы не бяром грошы за ўваход у музей.

- Які галоўныя патрэбы і праблемы мае музей?

- Самая вялікая праблема - памяшканне. У нас немажліва цесна. Па гэтай прычыне большасць рэчаў захоўваецца ў скрынях і пакунках. Асабліва кепска з бібліятэкай, у якой пераважна сабраныя творы пра Беларусь і беларусаў ці ВКЛ. Маем друкі, якіх няма ў іншых бібліятэках Польшчы. Агульная колькасць тамоў дасягае 14 000. Яны складзены ў малым пакоі куды мы не маем прамога доступу з музея. Нас аддзяляе малюсенькі пакойчык які належыць філіялу Беларускай дзяржаўнай гімназіі імя Славацкага. У нас няма асобнага памяшкання для чытальнай залы, і нашы чытачы мусяць заставацца ў архіве.

Напрыканцы наш суразмоўца з горыччу заўважыў:

- Польскае грамадства, асабліва ў Вільні, апрыёры падазрона ставіцца да ўсёй беларускай дзейнасці ў галіне навуковых даследаванняў. Запомніўся адзін вельмі характэрны факт. Летась тут, у Вільні, прайшоў штогадовы з'езд дэлегатаў Асацыяцыі музеяў у Польшчы. Удзельнікі з'езда наведалі і наш музей. Я даў тлумачэнні і выслухаў шмат пахвальных слоў, якія маюць асаблівую каштоўнасць, бо гэта меркаванне спецыялістаў. А адзін з самых выбітных польскіх музейшчыкаў, пры развітанні звярнуўся да мяне і сказаў: "Спадар, прызнаюся, што ішоў да вас з нейкім недаверам: ну што ў іх там можа быць? Але я ў захапленні - у вас першакласныя рэчы!".

Я маю ўражанне, што акрамя палітычных момантаў, на незацікаўленасць нашай працай ў значнай ступені ўплывае вось гэты недавер: "Што добрага можа быць у беларусаў?". Калі расказ пра нашы праблемы на старонках "Кур'ера Віленскага" будзе спрыяць знікненню гэтага недаверу, дык гэта будзе значным крокам наперад на шляху нармалізацыі ўмоў нашай працы і павышэння нашай эфектыўнасці.

Praca białoruska na niwie naukowej. Wywid z p. A. Łuckiewiczem // Kurjer Wileński. 1935. № 186.


Ад перакладчыка. У дадатак, фрагмент артыкула др. Станіслава Лорэнца, які напісана ім па дакладзе, прачытаным др. Лорэнцам на адкрыцці Х з'езда музейшчыкаў у Вільні.

Першым публічным музейным зборам у Вільні стаў "Музей старажытнасці", заснаваны ў 1855 г. пры Віленскай археалагічнай камісіі Яўстахам Тышкевічам. Асновай музея сталі прыватныя зборы Тышкевіча, павялічаныя потым зборамі Адама Кіркора і падарункамі Канстанціна Тышкевіча з раскопак, праведзеных ім у Барысаўскім павеце. Багацейшымі раздзеламі музея былі зборы па дагістарычнай археалогіі, а таксама каштоўныя зборы скульптуры, жывапісу, нумізматыкі, гравюр і рукапісаў.

У 1865 г. дзейнасць Віленскай археалагічнай камісіі была спынена, і найбольш каштоўныя віленскія экспанаты сталі часткай Румянцаўскага музея у Маскве, а ўсе астатняе было далучана да расійскага музея пры Віленскай публічнай бібліятэцы, адчыненай у 1868 г. Падчас сусветнай вайны частка збораў была эвакуявана (нумізматыка і ўсе каштоўныя экспанаты), рэшта страцілася падчас вайны, і толькі малая частка патрапіла у Археалагічны музей Віленскага ўніверсітэта […] кусташам якога з'яўляецца др. Цэгак-Галубовіч. […]

Маем у Вільні 3 нацыянальныя музеі: беларускі, летувіскі музей і яўрэйскі.

Беларускі музей імя Яна Луцкевіча (вул. Вострабрамская, 9). Працуе штодзённа з 9-й па 12-ю гадзіну. Музей паўстаў у 1918 г., калі заснавальнік Беларускага навуковага таварыства Ян Луцкевіч перадаў Таварыству сваю прыватную калекцыю. З 1921 г. музей месціцца ў па-базыльянскіх мурах. Задачай музея ёсць даследаванне матэрыяльнай і духоўнай беларускай культуры з асаблівым акцэнтам на перыяд ВКЛ. Рост калекцый звычайна адбываецца за кошт ахвяраванняў і дэпазітаў.

Музей мае наступныя раздзелы:

1. Невялікі дагістарычны раздзел, частка рэчаў паходзіць з калекцыі Яўстаха Тышкевіча.

2. Нумізматычны раздзел, у якім на першым месцы стаіць нумізматыка ВКЛ.

3. Прадметы рэлігійнага культу: крыжы, абразы, царкоўныя шаты, у тым ліку каштоўныя шаты віленскіх мітрапалітаў, касцельнае начынне і г. д.

4. Этнаграфічны раздзел: строі і дамашнія тканіны, вырабы з дрэва, музычныя інструменты, каштоўныя народныя дрэварыты і г. д.

5. Мілітарыя, мастацкія вырабы, гравюры на медзі і г. д.

Музей мае вялікі фонд рукапісаў і друкаваных выданняў а таксама бібліятэку. Кароткая гісторыя музея і апісанне калекцый былі летась агучаны кусташам музея Антонам Луцкевічам ў першым томе бюлетэня "Balticoslavica". […]

Lorentz Stanisław. Rzut oka na muzea wileńskie // Kurjer Wileński. 1934. № 169.; Kurjer Wileński. 1934. № 170.


Пераклад Леаніда Лаўрэша.

У беларускай гімназіі

Уражанні ад непасрэднага назіральніка

Гістарычны дворык кляштара базыльянаў памятае зняволеную тут моладзь з філарэтаў і хвіліны вулканічнага натхнення Міцкевіча (у "келлі Конрада"), сёння ён мае шмат наведвальнікаў, і менавіта тут зараз знаходзіцца Дзяржаўная беларуская гімназія.

Быццам гэтыя старажытныя, напоўненыя сэнсам муры, уздзейнічаюць на выхаванцаў, якія выйшлі з гэтага абуджанага праз стагоддзі народа, тут пануюць іншая, чым у нашых школах атмасфера, больш засяроджанасці і цішыні, іншыя адносіны, тэмпераменты і інтарэсы - як тут быццам іншы сусвет!

Вучні - славянскія натуры, чыста славянскія, як кажа адзін з настаўнікаў, бо беларусы спакон вякоў жылі сярод балот і лясоў, не змешваліся з чужымі плямёнамі і мала паддаваліся чужым уплывам. Адсюль нейкая пасіўнасць, сум, любоў да паэзіі. Нават маленькія дзеці з малодшых класаў запаўняюць сваімі творамі цэлыя сшыткі - і гэта звычайная з'ява. Тут у настаўніка ўдзячная ніва - дзеці вучацца з ахвотай. Яны прыкладаюць максімум намаганняў і добрай волі, каб выканаць хатнія заданні, якія ў іншых месцах звычайна выконваюцца абыяк. Ёсць такія, якія атрымаўшы на выбар тры тэмы, прапрацоўваюць усе і толькі, на іх думку самую лепшую, запісваюць у сшытак. Іх характарызуе адчуванне прыгажосці прыроды, небанальныя падыходы да праблем, моцны індывідуалізм … і яшчэ адна рэч: вялікая адчувальнасць да чужой беднасці і крыўды.

Новая беларуская інтэлігенцыя рэкрутуецца з дробных сялян, якія прызвычаіліся змагацца з галечай, на што трацілася іх маладосць, часта заўчасна знясільваецца. Яны заўсёды памятаюць нядолю сваіх бацькоў, якія гадаваліся у сваіх убогіх хацінках і таму па сваёй натуры, схільныя да радыкальных ідэй.

Не ведаю, ці ў іншай школе я сутыкнуўся б з такім агульным адчуваннем адзінства ў роздумах, якія выклікала тэма, зададзеная ў мінулым годзе на адным з заняткаў: "Маленькі разносчык газет". Многія з вучняў выказваюць розныя трапныя думкі пра долю гэтых малых валацуг, а адзін гэтак закончыў сваё эсэ: "Малому разносчыку газет: кінь гэтыя газеты і гучна скажы, што ты хочаш жыць і вучацца на роўных з іншымі! Маеш роўныя з імі правы!".

З-за сваіх сімпатый, яны лічацца "камуністамі", але гэта беспадстаўнае меркаванне, асабліва, калі справа ідзе пра апошнія часы - у святле фактаў, ведаючы мясцовыя рухі і настроі, гэты закід губляе сілу.

Бо Вільня - горад, дзе ўсе патроху "камунізуюцца": і студэнты, і прафесура, маладыя католікі і праўладныя арганізацыі і нават … эндэкі. Мне паказвалі дакумент: адозву ці артыкул, вельмі, вельмі, "перспектыўны" ў гэтым сэнсе.

Аднак генезіс гэтых настрояў у беларусаў іншы.

Не радыкальныя настроі, гэтак уласцівыя моладзі, якімі сёння прасякнутая атмасфера і нават не спагада да пакрыўджаных, гэтак зразумелая сярод дзяцей народа - у аснове гэтых настрояў ляжыць тая невылечная хвароба, сімптомы якой, мы - палякі, можам лёгка распазнаць.

У часы беларусізацыі савецкай Беларусі, саветы для гэтага народа адчынілі вялікія магчымасці як для палітычнага, гэтак і для культурнага развіцця. Адсюль моцнае выпраменьванне радыкалізму і на частку Беларусі, якая знаходзіцца ў межах Польшчы. Тым больш, што мы не маем для нацыянальных меншасцяў ніякай праграмы.

"Калі ласка, зразумейце нас!" - казала мне адна з беларускіх дзяячак і адначасова настаўніца гэтай гімназіі: "І з д'яблам пайшлі б, каб можна было б нешта зрабіць для свайго народа". Аднак з часам прыйшло працверажэнне. Бо былі арышты ў 1933 г. сяброў "Грамады" і зняволенне ў ГПУ … а потым высылка на Камчатку, падобны ж лёс напаткаў і сяброў іншай беларускай арганізацыі "Змаганне". Цэлы шэраг крокаў савецкіх уладаў, напрыклад, акцыя, накіраваная супраць нацдэмаў, усё гэта яскрава сведчыць пра тое, што нацыянальныя патрабаванні беларусаў Саветы не прымаюць і яны будуць рашуча знішчацца. Гэта трагедыя нацыі, якая занадта слабая, каб стварыць моцны незалежніцкі рух і не мае для гэтага рэсурсаў. Адсюль расчараванне і прыгнечанасць.

Цікавыя гісторыі з часоў, калі Саветы мелі моцны ўплыў на беларускую моладзь, расказаў мне дырэктар гімназіі сп. Астроўскі. Камуністы стварылі свае сеткі ўплыву ў гэтай установе, і з-за таго, што ім не ўдалося захапіць старэйшыя класы, яны ўзяліся за малодшыя. Вучні зладзілі каля школы мітынг з заклікам да моладзі пакінуць памяшканне. Узамен абяцалі залатыя горы: стыпендыі, бясплатную вучобу ў Менску і г.д. Дайшло да таго, што дырэктар, баючыся вынікаў агітацыі, вырашыў адправіць дамоў тых, якія падтрымлівалі байкот. І гэтыя маладзёны, калі іх спыталі да якой станцыю яны даедуць, аднагалосна адказвалі: "Да Менска".

Як бачым, настроі такой невялікай установы як школа, яскрава адлюстроўваюць настроі ўсяго грамадства. Яно перажывае фазу нацыянальнага рамантызму і незалежніцкіх памкненняў, таму кожны важнейшы момант у жыцці школы: дзяржаўныя ўрачыстасці, імяніны дырэктара, нават пасяджэнне навуковага гуртка, мае для іх асаблівае значэнне і з'яўляецца сур'ёзнай магчымасцю выказаць свой сімвал веры. Нават ранішняя малітва заканчваецца народнай песняй:


Краіну родную,

Беларусь бяздольную,

Маці гаротную,

Божа храні.


І сыноў яе верных,

Працаю замучаных,

На дарогу светлую,

Божа, напраў.


Волю, свядомасць,

Брацтва і роўнасць,

Шчасліву долю,

Ім Божа пашлі 1.


У іх выступах, лекцыях і прамовах не толькі няма непрыязні да палякаў, а наадварот, я б сказаў, адчуваецца атмасфера добразычлівасці, і гэта вельмі важна.

У кожнай гарачай адзінцы з беларусаў, на вуснах цэлы шэраг пытанняў, на якія няма адказу.

Ім вядомыя традыцыі агульнай барацьбы з імперыяй. Урачыста адзначылі яны гадавіну студзеньскага паўстання на беларускіх землях. […] Час ад часу ад іх можна пачуць прыказкі, кшталту: "Мы некалі разам змагаліся за свабоду, а як палякі зараз ставяцца да нас?" (VI клас). А вучань IV класа аднойчы даволі наіўна на ўроку спытаў у мяне:

- Чаму пан Пілсудскі нічога не зрабіў для беларусаў?

Адказ на гэта даў дырэктар на святкаванні імянін маршала. Ён сказаў: "Пілсудскі не прасіў свабоды, але ён узяў яе, а вы праспалі 1918 г.". […]

Адносіны беларускай моладзі да маршала і сапраўды незвычайныя. Па ініцыятыве вучняў, літаральна за некалькі дзён на беларускую мову была перакладзеная брашура ці дакладней нататкі др. Арцімовіча "Маршал Юзаф Пілсудскі ў Вільні і на Віленшчыне". Праўда, гэтую працу трэба было яшчэ ўдасканальваць і аддаць ёй яшчэ шмат часу, але сам факт сведчыць, што адносіны моладзі да Польшчы цалкам пазітыўныя і разам з тым не без адчування ўласнай годнасці. Беларусы брашурай хацелі нагадаць маршалу пра патрэбы свайго народа. Таксама ў свой час вучні IV класа сабралі пэўную суму на нацыянальную пазыку (каб ацаніць ўчынак, трэба ведаць што гэта зрабілі вельмі бедныя маладыя людзі) і перадалі ўладам ад адукацыі і просьбай памятаць пра беларускія школы.

Адукацыя - самая вялікая праблема беларусаў і, напэўна, адзіная праграма на бліжэйшую перспектыву, бо адукацыя ў сваім сучасным стане не можа задаволіць патрэбы вёскі.

Беларуская вёска, якая апошнім часам вельмі актывізавалася, адчувае патрэбу ў сваёй школе, але, знеахвочаная няўдалымі спробамі, перастала змагацца за яе. Дастаткова сказаць, што калі ў 1925, 26 і 27 гг. штогод падавалася па 20 000 дэкларацый з патрабаваннем адчыніць беларускія школы, дык ў 1928 г. іх было сабрана ўжо толькі некалькі дзясяткаў. Трэба ведаць мясцовыя ўмовы, каб зразумець прычыны гэтай відочнай абыякавасці беларусаў да сваіх спраў.

Здавалася б, беларусы, дзякуючы свайму культурнаму падабенству з палякамі маюць больш магчымасцяў, чым іншыя нацыі для паразумення і рэалізацыі сваіх патрабаванняў, але калі гэта не так, калі нават самыя шляхетныя асобы з польскага лагера, выхаваныя на лозунгу "За вашу і нашу свабоду", не вераць у беларускі рух, дык трэба прызнаць, што віну за гэта ў значанай ступені нясуць і самі беларусы 2. Не сумелі зацікавіць сваёй справай, не маюць таго размаху і той пэўнасці і пачуцця сілы ў сабе, якая ёсць у украінцаў.

У выніку беларуская інтэлігенцыя і моладзь, пакідаюць партыйныя шэрагі і замыкаюцца ў сабе, не жадаюць мець справы з нейкай палітыкай.

Аднак, з моладзі выйдуць будучыя дзеячы, з якімі польскае грамадства, без сумневу, будзе лічыцца.

G. K. W gimnazjum białoruskiem (Wrażenia bezpośredniego obserwatora) // Kurjer Wileński. 1934. № 340.


Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 Беларускі рэлігійны гімн, упершыню быў надрукаваны ў часопісе "Беларуская зарніца", № 2, 15 верасня 1928 г. у наступным варыянце:

Беларускі рэлігійны гімн.

Краіну родную, Беларусь бяздольную,

Маці гаротную, Божа храні,

I сыноў яе бедных, працаю замучаных

На дарогу сьветлую, Божа напраў

Волю, сьвядомасьць, брацтва і роўнасьць

Шчасьлівую долю ім, Божа, пашлі.

Перадрукоўваўся ў часопісе "Сьветач Беларусі", № 1, 18 красавіка 1930 г., у абодвух выпадках без указання аўтара. - Л. Л.

2 Падобна на патрабаванне да кузуркі бегчы, пасля таго, як у яе адарвалі ногі. - Л. Л.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Заўсёды на лініі - не агню, а слова: Васілевіч, Сінайкін, Шадура; спроба англамоўнага бюлетэня

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-11 (105-115) за 2024 г.)

"НЬЮСЛАЙН"

Выбраныя паведамленні з "Newsline / Belarusian - American Indian Society" ("Лінія навін / Беларуска-індзейскае таварыства" (1998), пераклад з англійскай мовы)

NEWSLINE BAIS 1998#03 ЧЛЕН БІТ ПІША ДЛЯ КНІГІ "ПАМЯЦЬ. ГОМЕЛЬ" Кніга выйдзе з друку да кастрычніка. Чакаецца артыкул пра Давіда Выгодскага.

NEWSLINE BAIS 1998#06 ЦЫГАНЫ РАЗЗЛВАЛІСЯ З-ЗА "ІНДЗЕЙСКІХ" ПАРАЎНАННЯЎ Адзін член БІТ у Гомелі распачаў "правакацыйны" эксперымент. Цыганкі "прыстаюць" да прахожых. Той член кажа: "Амерыканцы заганяюць сваіх індзейцаў у рэзервацыі". Адна з раз'юшаных жанчын вельмі нецэнзурна вылаялася. Крыху абражаны член у адказ паказаў на абласную бібліятэку і сказаў: "Ідзіце і пачытайце пра індзейцаў". І ганарыцеся.

NEWSLINE BAIS 1998#07 "КАКТУСЫ" 4 чэрвеня ў Мінску адбылася прэзентацыя "візуальнай паэзіі" і анаматапеі Зміцера Вішнёва ("Краіна кактусаў"; гл. рэпартаж у "Мінск ньюс", 1998, 9-15 чэрвеня). Газета або яе старонкі рассылаюцца зацікаўленым асобам у абмежаванай колькасці. Каб "падпісацца", звяжыцеся з намі.

NEWSLINE BAIS 1998#08 ЛЮЛЬКА МІРУ ПАНІЗНІКА У Гродне сабраліся прадстаўнікі нацыянальнасцей, чые кроўныя браты на радзіме / памежжы яшчэ "не могуць раскурыць "люльку міру"" (па словах паэта Сяргея Панізніка). Фестываль нацыянальных меншасцей прайшоў там 22-24 мая 1998 г. ("Голас Радзімы", 11.6.98).

NEWSLINE BAIS 1998#09 КНІГІ ВЫРАТАВАНЫЯ Маскоўскі член БІТ "выратаваў" кнігі з Бібліятэкі Інстытута Лацінскай Амерыкі для "Лацінаамерыканскага цэнтра" ў Гомелі. Акадэмічныя і публічныя бібліятэкі Расіі і Беларусі па-ранейшаму распрадаюць "неактуальныя" і дублетныя кнігі.

NEWSLINE BAIS 1998#11 "РАЗРЫВАЮЧЫ ЦІШЫНЮ", рэжысёра Менахема Голана, здымаецца / страляе ў Мінску і паказвае супрацьстаянне Тупак Амару і Японіі ў Ліме.

NEWSLINE BAIS 1998#14 РЭЗЕРВАЦЫЯ ЛІКВІДАВАНАЯ Сяргей Шапран, індзеянісцкі аўтар папулярнага штотыднёвіка "Имя", у артыкуле пра разгром "апошніх абарыгенаў" паведаміў пра закрыццё вядомага контркультурнага музычнага клуба "Рэзервацыя".

NEWSLINE BAIS 1998#20 НАВІНЫ МАВНМ Грамадская і некамерцыйная арганізацыя Міжнародная акадэмія вывучэння нацыянальных меншасцей (Брэст, Беларусь) выпусціла № 1 штоквартальнага бюлетэня "Весці АНМ. Нацыянальныя меншасці ў Беларусі і свеце". Праф. Сяргей А. Яцкевіч, рэдактар, 224030, г. Брэст, Беларусь, а/с 14.

NEWSLINE BAIS 1998#21 МАЙЯ ПАПОВА Гомельскі мастак Іван Папоў цяпер мае серыю карцін "Майя" (Майя, 1994, палатно/алей 40-30; Астраном з Капана, 1995, п/а 100-121; Майя-2, 1997 п/а 32-36). Ён таксама выпусціў "майку" ("Майка майя"). Іван Папоў нарадзіўся ў 1966 г. у Рэчыцы; у 1985 г. скончыў Менскае мастацкае вучылішча імя Глебава, працаваў мастаком-афарміцелем, з 1990 г. удзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх выставах; член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь; арганізатар выставы авангарднага мастацтва "Нірвана" (стыль арт-мадэрн) у 1994 г. "Індзейскую" творчасць пачаў са стварэння некалькіх "падарункавых" дэкаратыўных мініяцюр ("Танец духаў" і інш.). Ён таксама цікавіцца індзейскай музыкай.

NEWSLINE BAIS 1998#22 "СЫН ВАДЫ" ЯНКІ МАЎРА Ў БЕЛАРУСКІХ ВЫДАННЯХ І ПЕРАКЛАДАХ Аповесць пра фуіджынца і англійскую дзяўчыну, любімы твор вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка Янкі Маўра, упершыню апублікавала Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, Мінск, у 1928 г. Іншыя асобныя публікацыі былі ў 1932, 1938 і 1946 г. Аповесць друкавалася ў розных зборніках (1947, 1952, 1954, 1960, 1975, 1983, 1986, 1989, 1991 гг.). Два рускія пераклады выдаваліся ў Мінску і некалькі разоў у Ленінградзе. Вядома пра пераклады аповесці на чэшскую і нямецкую мовы.

NEWSLINE BAIS 1998#25 КАРОТКІЯ НАВІНЫ ЭСПЕРАНТА 1. БІТ просіць эсперантыстаў дасылаць свае варыянты яго назвы. 2. Міхаіл Мандрык, адзін са старэйшых беларускіх піянераў-эсперантыстаў, Мінск, пераклаў аповесць другога піянера Янкі Маўра "Сын вады". Хто мог бы апублікаваць? 3. Шукаецца архіў аднаго з першых лацінаамерыканістаў і эсперантыстаў Беларусі Паўла Кірушына. 4. Аповесць мапучэ "Залатая дзіда" Аляксея Якімовіча, БІТ, вартая перакладу на эсперанта, лічыць Алесь Сімакоў. 5. Эсперантыстка Людка Сільнова, БІТ, выпусціла сваю новую кнігу "экалагічных коміксаў". Прапанаванае англамоўнае выданне можа быць падмацаванае спецыяльнымі аб'явамі ад аўтара, якія БІТ будзе рассылаць зацікаўленым групам за мяжой. Аўтар плануе выдаць яе і на эсперанта. 6. Чакаецца адказ ад эсперанта-клуба імя пісьменніка-індзеяніста Янкі Маўра (Віцебск). Яе кіраўніца Святлана Іванова ў адным артыкуле напісала пра чылійскія эсперанта-крыніцы Маўра, якія выкарыстоўваліся ў "Сыне вады".

NEWSLINE BAIS 1998#29 7-10 верасня 1998 г. у Мінску пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя "АДАМ МІЦКЕВІЧ У НАЦЫЯНАЛЬНЫХ КУЛЬТУРАХ". У яе арганізацыйны камітэт увайшлі прадстаўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францыска Скарыны пры Міністэрстве адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, Польскі інстытут у Менску і Федэрацыя інстытутаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Паведамленне члена БІТ на тэму "Адам Міцкевіч і індзейцы" было прынятае.

NEWSLINE BAIS 1998#30 ЧУКЧЫ І ІНДЗЕЙЦЫ З рамана расійскага пісьменніка Мікалая Шундзіка "Белы шаман" (пераклад на беларускую мову, 1983, Леў Салавей): Кэргына (кажа): "Антон не можа нічога зняважлівага сказаць пра цябе. А яшчэ ён цябе называе гордым індзейцам". "Гэта я ведаю, - з самаздаволенай усмешкай адказаў Пайгiн. - Мне ён не раз гэта казаў. Расказваў пра племя людское - індзейцы называюцца. Жывуць там, далёка, на Алясцы, і яшчэ далей" (с. 71).

NEWSLINE BAIS 1998#31 "ІНДЗЕЙСКІ" СШЫТАК ВЫРАБЛЕНЫ Ў ГОМЕЛІ На вокладцы сшытка, распрацаванага мясцовым мастаком, блізкім да БІТ, і вырабленага фабрыкай "Палесдрук", намаляваны індзеец Паўднёвага Захаду, што танцуе.

NEWSLINE BAIS 1998#32 "ХРЫСТАФОР КАЛУМБ" ГАМБЕРЫНІ ПА-БЕЛАРУСКУ. Араторыя італьянскага кампазітара Гамберыні "Хрыстафор Калумб" у перакладзе на беларускую мову прадаецца па ўсім свеце. Дыск міланскай студыі каштуе ў Францыі 35 долараў, паведаміў у інтэрв'ю "Советской Белоруссии" спявак Віктар Скорабагатаў. Візіт Гамберыні ў Менск і беларусіфікацыю араторыі разглядаюць як уклад у 500-годдзе "адкрыцця" Амерыкі.

NEWSLINE BAIS 1998#35 КАНФЭРЭНЦЫІ АКАДЭМІІ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ МЕНШАСЦЕЙ Міжнародная навуковая канферэнцыя "Дэпартацыя як сацыяльная праблема". Былі разгледжаны наступныя пытанні [наш пер. з англ.]: 1. Дэпартацыя як аб'ект метадалагічнага аналізу: праблемы азначэння, класіфікацыі, вызначэння функцый. 2. Дэпартацыя як сацыяльная з'ява і сродак вырашэння палітычных (нацыянальных і іншых) праблем. 3. Дэпартацыя і рэпатрыяцыя ў найноўшай гісторыі чалавецтва. Канферэнцыя праходзіла 16-17 верасня 1997 г. у Менску. Даклад аб дэпартацыі апачаў у 1886 г. зрабіў член БІТ.

NEWSLINE BAIS 1998#37 "100 МЕКСІКАНСКІХ ПЛАКАТАЎ" экспанаваліся ў Музеі сучаснага мастацтва (прасп. Ф. Скарыны, 47) у Менску ў жніўні 1998 г. (да 15-га) дзякуючы ласкавасці пасольства Мексікі ў Маскве. "500 anos" былі заўважаныя на некаторых з іх. Кантакт - Ларыса Дабравольская ў музеі.

NEWSLINE BAIS 1998#39 ІНДЗЕЙСКАЯ МУЗЫКА: АЎДЫЯЗАПІСЫ Ў ГОМЕЛІ Студыя ORION запісала з кампакт-дыскаў на касеты "Свяшчэнны дух '94. Спевы і танцы карэнных амерыканцаў".

NEWSLINE BAIS 1998#43 БІБЛІЯТЭКА БІТ: ПОШУК ВЫДАННЯЎ Публікацыі ЮСІА ў перакладзе на беларускую мову кніг і буклетаў (1995): [наш пер. з англ. загалоўкаў] Карта ЗША; Што такое дэмакратыя?; Канстытуцыя Злучаных Штатаў; Як ствараюцца амерыканскія законы; Нарыс амерыканскай эканомікі; Нарыс амерыканскай гісторыі; Біл Клінтан, 42-і прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі; Дакумент свабоды № 5 - Кіраванне вышэйшай адукацыяй у дэмакратычным грамадстве; Дакумент росквіту № 6 - Бізнес і камерцыйнае права: асноўныя прынцыпы.

NEWSLINE BAIS 1998#44 БІТ ПРА ЯЗАФАТА ЗАЛЕСКАГА, Т. І. Артыкул члена БІТ, прысвечаны гісторыі Таварыства Ісуса на Гомельшчыне і жыццю і дзейнасці ўраджэнца Чачэрска Язафата Залескага, дапушчаны да публікацыі ў краязнаўчым зборніку. Айцец Язафат Залескі нарадзіўся ў 1785 г., стаў езуітам у 1804 г. і памёр у 1868 г. Асноўная крыніца інфармацыі - кніга Станіслава Заленскага "Езуіты ў Польшчы".

NEWSLINE BAIS 1998#52 КУЛЬТУРА БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКА-ЎКРАІНСКАГА СУМЕЖЖА (2-я міжнародная навуковая канферэнцыя па культуры беларускага пагранічча), арганізаваная Міжнароднай акадэміяй вывучэння нацыянальных меншасцей, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур і Брэсцкай аб'яднанай абласной арганізацыі Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", адбудзецца 25-27 верасня 1998 г. у Брэсце. Арганізацыйны камітэт: праф. С. А. Яцкевіч, 224030, г. Брэст, а/с 14.

NEWSLINE BAIS 1998#54 Сустрэчу "ПІНАЧЭТ 25: ЗА І СУПРАЦЬ" рыхтуе ў Гомелі член БІТ, каб нагадаць пра чылійскую драму. Сустрэчу плануецца правесці ў першыя выхадныя кастрычніка.

NEWSLINE BAIS 1998#55 ПАДЗЯКА ПАНУ ЭДУАРДУ ГУТКІНУ за перасылку наступных перыядычных выданняў, якія даступныя ў бібліятэцы БІТ у Гомелі: "Арызона хайуэйс" , кастр. '94; "Арт ін Амерыка", кастр. '95; "Артыст'с мэгазін", лістап. '88; "Форбс" 11 лістап. '95; "Джордж", снеж. '96.

NEWSLINE BAIS 1998#56 ФАЛЬКЛОРНЫ ФЕСТЫВАЛЬ у Мінску і ваколіцах (ліпень 1998 г.) прымаў гурт з Балівіі. Неабходныя дадатковыя звесткі.

ВАСІЛЕВІЧ Рыгор - нарадзіўся ў Менску, быў старшынёй Канстытуцыйнага суда і Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусі; уражвае як аўтар незвычайна вялікай колькасці публікацый у межах сваёй спецыяльнасці (больш за тысячу). Ён адзін з аўтараў менскага падручніка "Канстытуцыйнае права зарубежных краін", а таксама адзін з аўтараў і рэдактараў падручніка для ВНУ з такім жа загалоўкам у Расіі (2-е выд., М., 2017, дзе індзейцы згадваюцца ў вялікай главе (20-й) па Бразіліі - яна дадзеная ў 2-ім выданні, а з амерыканскіх краін у змесце прысутнічае яшчэ ЗША).

Васілевіча адрознівае ад большасці недасведчаных у індзейскай юрыспрудэнцыі беларускіх суддзяў і ў цэлым юрыстаў тое, што ён па рабоце наведаў (1995) індзейскую рэзервацыю (яго спадарожнікамі пры гэтым былі калегі па КС, акрамя аднаго).

Рэзервацыя паўночных паютаў Пірамід-Лейк (Pyramid Lake Paiute Tribe Reservation) знаходзіцца на паўночным захадзе Нявады, колькасць жыхароў у ёй у 1993 г. была 1603 чал., а ў 2000 г. - 1734 чал. Адміністрацыя племені - у Ніксане (Nixon, названы у гонар сенатара ад Нявады; у 2000 г. - 418 жыхароў, 132 гаспадарак, 104 сем'яў).

Літ.:

2060 У Нью-Йорку апублікаван [так] даклад арганізацыі амерыканскіх юрыстаў - Цэнтр па канстытуцыйных правах, у якім прыводзяцца шматлікія выпадкі грубых парушэнняў правоў чалавека ў ЗША // Звязда. 1988. 7 студз. (Фота: "пасведчанне асобы" іракеза.)

1032 В Нью-Йорке опубликован доклад организации американских юристов Центр по конституционным правам, в котором приводятся многочисленные случаи грубых нарушений прав человека в США // Советская Белоруссия. 1988. 10 янв. (Фото: ирокез с документом, который должен быть всегда при нем.)

1567 Ляшко М. Иллюзии и действительность: по поводу столетия [так!] конституции США // Знамя юности. 1987. 17 сент.

1568 Ляшко М. Мифы и реальность // Сельская газета. 1987. 10 дек.

3337 Угнич И. Купи джинсы - укрепи конституцию // Знамя юности. 1996. 27 янв.

6389 Ушацкий И. И. Конституция СССР - гарантия основных прав человека. Мн., 1979.

6792 Николюк С. Рожденная конституцией. США: рецепт построения сильного и процветающего государства появился 200 лет назад // Наша свобода. 2002. 2002. 2 лип. С. 12.

7851 Чудаков М. Ф. Конституционное право Соединенных Штатов Америки: основные институты: пособие для студентов. Мн., 1999. (У 1996-1997 гг. быў суддзёй КС.)

СІНАЙКІН (Сінайкіна) Фейга Эта - (Faige Etke Sinykin; Sinykin - амерыканізаваная форма прозвішча Сінайкін, але яго можна прачытаць і як Сіныкін; жанчына з Капыля ў кнізе Э. Х. Стэнтан "Jewish Pioneers of the Black Hills Gold Rush" (2011) у тэкстах да фатаграфій называецца Etta Sinykin або Etta Fanny Koval Sinykin - гэта можа сведчыць, што яна была народжанай Коваль; дарэчы, вядомая Фані Каплан была названая пры нараджэнні Фейгай) - капыльская яўрэйская жанчына, якую сустрэў Гары Сінайкін. Ён паехаў разведаць "абяцаныя землі", потым трое дзяцей і, нарэшце, маці з астатнімі трыма таксама прыехалі ў Амерыку. Такім чынам, іх сям'я трапіла за акіян часткамі, паступова. І для іх важным, ключавым месцам быў горад Су-Сіці (Сулэнд, Siouxland).

Беларускія яўрэі і індзейцы - гэта рамантыка вышэйшай катэгорыі, супертэма. Аб'яднаўшы патэнцыял гэтых народаў у адно - адзін стэрэатып чалавека і грамады, - можна атрымаць фенаменальныя наступствы, хоць часам і камічныя.

Гісторыя Сінайкіных упісваецца ў гісторыю яўрэйскай эміграцыі з Беларусі і Капыльшчыны, Случчыны ў прыватнасці, а таксама іміграцыі яўрэяў у Су-Сіці і пераезду з яго далей на захад. Апісаць шматслойнае фактычнае напаўненне гэтай гісторыі без працяглай падрыхтоўкі цяжка - а выяўлены факт "Сінайкіны - індзейцы" намі толькі ў сакавіку 2024 г., дзякуючы кнізе, выдадзенай у 2023 г.

…Ад пагрому ў Адэсе мужчына збег на Капыльшчыну, сустрэў там жанчыну, нарадзіліся дзеці, адзін з Сінайкіных у 1892 г. перабраўся ў Амерыку - Сэм Сінайкін быў, верагодна, першым перасяленцам з Капыля ў Су-Сіці. Потым і Гары дачакаўся ўз'яднання сям'і, і Паўднёвая Дакота стала новым домам для яго, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, і цяпер іх нашчадак, Рэбека Кларэн, аўтар кнігі 2023 г., лічыць "першародным грахом" рашэнне яе продкаў пасяліцца на індзейскіх землях у рамках іх раздачы, распродажу прыватным уласнікам. У сэрцы зямель сіў, з 1900-х і пазней, - сапраўдная беларуска-індзейская гісторыя (таксама, можна сказаць, і расійска-, украінска-індзейская) з "парадоксамі" яўрэйскай прызмы: пасяліся ў Беларусі, шукаючы больш камфортнае месца ва ўмовах еўрапейскага антысемітызму; уцякалі ад пагромаў і пасяліліся на землях індзейцаў, якія практычна зазналі пагромы ў іх амерыканскай "першароднай" форме і вымушаныя былі пракінуць большасць сваіх зямель. Яўрэі не былі карэннымі ні для Беларусі, ні для Амерыкі, беларусы (уключаючы балцкі субстрат) - былі карэннымі ў Беларусі, і вядома, не былі б "індзейцамі" ў Амерыкі пры ўсім вялікім жаданні (без уліку выпадкаў, для нас пакуль больш тэарэтычных і не зусім ясных, калі індзейцы прымалі белых у свае роды, плямёны - Нік Трусевіч як "наш" прыклад). Тым не менш, сумленне, як бачым, працуе і ў яўрэяў, і ў беларусаў, - што да засялення зямель абарыгенаў. Лепшым варыянтам было б пакінуць Амерыку індзейцам і вярнуцца ў Еўропу - але ўсё роўна былыя індзейскія землі хто-небудзь бы заняў, прычым не лепшы з чалавецтва. Пакіданне індзейцам магчымасці развівацца на свой "капыл" не пазбавіла б іх ад міжплемянных войн і станаўлення класаў з усімі жахамі - затое беларусы разам з іншымі карэннымі мелі б спакой ў сэнсе недатычнасці да грандыёзных гістарычных злачынстваў захопу і рабавання, пазбаўлення мільёнаў людзей прыналежнасці да сваіх народаў (метысацыя, якая разбурала адзінства, "адмяняла" важны прынцып дамінавання пэўнай адметнай культуры на пэўнай тэрыторыі і змяншала волю да супраціўлення).

…"Руская калонія" ў Су-Сіці, "Горадзе сіў", размешчаным на захадзе штата Аява, у месцы, дзе на рацэ Місуры сыходзяцца межы Паўднёвай Дакоты і Небраскі, лічылася найбуйнейшай на Сярэднім Захадзе. Яе характэрнай рысай было тое, што 80 працэнтаў у ёй - "выхадцы з былой Мінскай губерні Слуцкага павета Капыльскай воласці і з самога мястэчка Капыль" (дэмографы, што першымі ў беларускім друку паведамлялі пра гэты феномен, не ўдакладнялі, што "рускія" ў Су-Сіці - гэта не толькі капыльскія беларусы, але і братнія капыльскія яўрэі). Дайшло да таго, што лічбу аднеслі да ўсяго насельніцтва горада, якое паміж 1900 г., калі ўжо адзначаецца прысутнасць "рускай групы", і 1920-ым хутка павялічвалася, дасягнуўшы 70 тыс., і пазней, акрамя французаў, немцаў, скандынаваў, яўрэяў і беларусаў, уключыла значны працэнт індзейцаў. Су-Сіці ўваходзіць у лік амерыканскіх гарадоў з вялікай канцэнтрацыяй індзейскага насельніцтва. Галоўны прыток быў з бліжэйшых да горада рэзервацый, асабліва Вінебага і Омаха ў Нябрасцы. Такім чынам, Су-Сіці - месца, дзе сустракаюцца значныя групы выхадцаў з Беларусі і з індзейскіх рэзервацый.

Здавалася б, працэнт індзейцаў ("карэнных амерыканцаў") у Су-Сіці па перапісе 2020 г. малы - 2,2 (усяго ж насельніцтва 85797 чал.), але "як сказаць". У "вялікай амерыканскай дыспрапорцыі" дзясятыя і сотыя долі працэнта ў падобных выпадках важаць больш на дзясяткі цэлых працэнтаў. У горадзе, у дадатак, было "10,1% прадстаўнікоў іншых рас або дзвюх ці больш рас", а "лаціна-амерыканцы любой расы" складалі 20,9% насельніцтва, значная колькасць мексіканцаў і гватэмальцаў. Іх прыцягвалі рабочыя месцы - найперш мясакамбінаты, як і на мяжы 19 і 20 стагоддзяў бойні, на якіх пачалі працаваць многія з былых жыхароў Капыльшчыны.

У 2017 г., пішучы пра свой род і "капылян" з іншых яўрэйскіх родаў, што перасяліліся у Су-Сіці, і імкнучыся даць "ключы ды разумення Су-Сіці і псіхікі" яго сваякоў, Джордж Кролаф (George M. Kroloff) пералічыў прозвішчы "некаторых членаў нашай сям'і, якія пасяліліся ўздоўж даліны ракі Місуры, калі яна яшчэ лічылася варотамі на Захад": Кролаф, Хельфет, Левіч, Леві, Рычардс, Сандлер, Рабінаў, Каўфман, Дэвідсан, Герцаф, Дуброфскі, Гінзберг і Левін (Kroloff, Helfet, Levich, Levy, Richards, Sandler, Rabinow, Kauffman, Davidson, Herzoff, Dubrofsky, Ginsberg, and Levin). І гэта не лічачы больш дальніх сваякоў і суседзяў.

Кролаф адзначае, што большасць з іх паходзіла з ваколіц Слуцка і "Капулі" або "Капульі" (Kapulia, Kapulya), г.зн. Капыля, асобныя - з Мены і Чарнушаў (або Чарнухаў), што на Украіне.

Расказваючы пра сям'ю Хельфет, ён згадвае, што тры сястры з вострава Эліс адправіліся адразу ў Су-Сіці, каб далучыцца да брата Гары (Ісаака).

"Стрыечны брат Арні Левін, маці якога была сястрой Сэма Хелен, аднойчы застаўся з Сэмам і Сарай на некаторы час. Калі я правільна памятаю, гэта было ў той час, калі маці і бацька Арні адкрывалі або прадавалі [were setting up or selling] сваю бакалею / ўніверсам у Розалі (Rosalie), штат Небраска, непадалёк ад Су-Сіці. Іх кліенты ў асноўным былі з суседніх індзейскіх рэзервацый Вінебага і Омаха [Winnebago and Omaha]". Вёска Розалі і сама знаходзіцца на тэрыторыі рэзервацыі Омаха.

Да пытання, хто першы пераехаў у Су-Сіці. Бацька Ірвінга Левіча, Морыс, магчыма, быў першым жыхаром "Капулі", які прыехаў у Су-Сіці. Першы ж з сям'і Сінайкіных, што прыбаў у Амерыку, Сэм, пасля некалькіх месяцаў у Нью-Ёрку, шум у якім яму не падабаўся, перабраўся ў Су-Сіці і трымаў сувязь па пошце з Гары, расказваючы пра стан спраў і перспектывы.

У 1895 г. прыбыў у Амерыку і сам Гары, а ў 1905 г. ён з Фейгай і дзецьмі як частка групы з двух дзясяткаў сямейных пар і іх дзяцей і 18 адзінокіх мужчын пераехалі на захад Паўднёвай Дакоты, у паселішча прыкладна за 40 міляў на поўнач ад н. п. Куін [Quinn], якое стала вядомае як "Джу-Флэтс" (Jew Flats, "яўрэйскія кватэры"). Бліжэйшым горадам быў Грындстоўн [Grindstone], дзе былі чыгуначны прыпынак, пошта, крама, школа. На паўднёвы захад - Рапід-Сіці, таксама даволі "індзейскі" горад, але галоўнае, што Сінайкіны апынуліся паміж дзвюма рэзервацыямі - Шаен-Рывер і Пайн-Рыдж, адпаведна на поўнач і поўдзень. У многім гэта вызначыла ментальнасць сям'і, асабліва малодшых пакаленняў, якія, як мы маглі пераканацца, адчулі нават своеасаблівую віну. Іншыя сем'і пратрымаліся на гомстэдах толькі некалькі гадоў, а Сінайкіны засталіся і далей - яны важнае сведчанне ў галіне "міжкультурных камунікацый" у штаце з вялікімі плошчамі, што засталіся пад рэзервацыямі.

Мы не пералічваем пакуль членаў сям'і Сінайкіных, каб не заблытацца, не памыліцца. Гісторыю іх варта вывучаць вялікім калектывам. У кнізе Рэбекі Кларэн цэлыя старонкі прысвечаныя і Капыльшчыне: быт іх быў просты, хаты на фота амаль, як у рэзервацыі, - гэта можа быць цікавым многім - і яўрэям, і беларусам, і індзейцам.

Літ.:

12680 Clarren R. The cost of free land: Jews, Lakota, and an American inheritance. N. Y., 2023.

2129 Черные холмы не продаются: индейцы США борются за возвращение своих земель: (публикуем в сокр. вар. ст. Билла Ричардса из газ. "Уолл-стрит джорнэл") // Советская Белоруссия. 1988. 30 янв. (Bill Richards, Wall Street Journal.)

4038 Bleeker S. The Sioux Indians: hunters and warriors of the Plains / il. K. Sasaki. N. Y., 1962. (Morrow.)

Miller L. M., Jr. Review of The Sioux Indians. By Sonia Bleeker. William Morrow and Company, New York, 1962. 155 pages. $2.75 // Friends Journal. 1963. Jun. 15. P. 274. (Рэц. у выданні квакераў.)

1466 Косвен М. О. Сиу // Большая Советская Энциклопедия. Изд. 2-е. М., 1945. Т. 51. Стб. 239. (Аўтар - ураджэнец Брэста.)

4185 Skwarnicki M. Wesele w Sioux City. Warszawa, 1974. (Аўтар - ураджэнец Гродна.)

ШАДУРА Павел - святар пакінуў мноства дакументальных сведчанняў пра сваю службу, якая была звязаная ў значнай ступені з падтрыманнем праваслаўя сярод індзейцаў.

Наш пераклад адной са справаздач - з англійскай, а з рускай пераклад яе зрабіў А. Знаменскі - для кнігі "Праваслаўнымі вачыма: рускія місіянерскія аповеды пра падарожжы да дэнаіна і атна, 1850-я-1930-я гг." (2003), дзе змешчаныя 12 тэкстаў ураджэнца Беларусі (с. 259-278).

У публікацыі Знаменскага тэкст мае загаловак "Report to the Dean of Clergy Mikhail [Andreevich] on Conditions in the Kenai Parish, April 25, 1913" і спасылку на архіў ARCA: roll 201, box D299.

СПРАВАЗДАЧА БЛАГАЧЫННАМУ МІХАІЛУ [ АНДРЭЕВІЧУ ] АБ СТАНОВІШЧЫ Ў КЕНАЙСКІМ ПРЫХОДЗЕ , 25 КРАСАВІКА 1913 Г .

Айцец Павел Шадура

У гэтым 1912 годзе я з Божай дапамогай наведаў усе вёскі маіх прыхаджан. Звычайна ўсе жыхары вёскі чакаюць святара і прымаюць яго з любоўю і выконваюць свае хрысціянскія абавязкі, за выключэннем тых, хто мусіць ад'язджаць, выконваючы сваю платную працу. Аднак я заўважыў, што летась з адкрыццём салунаў у многіх вёсках маральнасць прыхаджан пачала зніжацца. Амаль усе члены таварыства цвярозасці парушылі клятву цвярозасці. Многія тубыльцы [natives - далей у Знаменскага ўвесь час гэтае слова, якое мы перадаём таксама стэрэатыпна] прапівалі ўсе летнія заробкі, а зімой галадалі, жывучы падачкамі сваіх добрых суседзяў. Акрамя таго, пастаянна змяншаліся ахвяраванні на царкву і капліцу, амаль удвая. Улічваючы высокія цэны на ежу, летніх заробкаў тубыльцам на жыццё далёка не хапае. Але замест таго, каб зэканоміць лішні цэнт на будучыню, яны трацяць апошнія грошы на выпіўку. Такая ў іх спакуса да п'янства. Гадоў пяць-шэсць таму тубыльцы тут жылі як у раі. Потым прыйшлі злыя людзі і пабудавалі салуны, якія цалкам сапсавалі гэтых дзяцей прыроды. У вёсках, якія знаходзяцца далей ад місіі, галодная смерць прымусіла некаторых тубыльцаў вярнуцца да сваіх шаманскіх песень і танцаў, каб выцягнуць апошнія капейкі ў суседзяў-працаўнікоў. Старасты забіралі ўсе каштоўныя рэчы і грошы з капліц і брацтваў і растрачвалі іх на сваіх раздатачных святах [give-away feasts, потлачах]. Ніякія пагрозы і пакаранні на іх не дзейнічаюць. Адзінае, чаго яны баяцца, - гэта памерці, не адслужыўшы апошняга абраду. Тубыльцы вераць, што святар існуе для таго, каб злучыць іх (хоць некаторых з іх ужо злучылі шлюбам суддзі), хрысціць, праводзіць абрад, адпяваць і маліцца за іх пасля смерці. Пытанне аб тым, як жыць, каб заслужыць доступ [access] да Царства Нябеснага, іх не цікавіць. Няшчасныя людзішкі [ljudishki - так лацініцай у кв. дужках у Знаменскага]. П'янства нясе маральную распушчанасць, крывадушнасць, хлусню, святатацтва і іншыя заганы. Гэтыя факты можна назіраць не толькі ў вёсцы Кенай, населенай нецывілізаванымі кенайцамі, але і ў самым цэнтры місіі, дзе жывуць адукаваныя крэолы. Апошнія часам паводзяць сябе яшчэ горш за тубыльцаў і абражаюць святара [offend the priest] і Божы храм, прыходзячы п'янымі на супольную малітву. У многіх іншых адносінах адрозненняў у ладзе жыцця крэолаў і кенайцаў практычна няма.

Усе, за невялікім выключэннем, ставяцца да святара з павагай. Як ні дзіўна гэта гучыць, але свечкі купляюць звычайна бедныя людзі. Што тычыцца забяспечаных крэолаў, то яны, як правіла, купляюць свечкі ў крэдыт. Ва ўсіх вёсках людзі клапоцяцца пра ўтрыманне капліц, якія знаходзяцца ў чысціні і належным парадку. Аднак толькі ў вёсцы Кенай набажэнствы праводзяцца рэгулярна, бо Кенай - гэта месца, дзе жыве святар. Амаль кожнае набажэнства суправаджаецца пропаведдзю. Акрамя таго, ёсць нядзельныя вячэрнія чытанні. Часам мы арганізуем урачыстыя абеды, каб актывізаваць рэлігійнае жыццё прыхаджан. У трох вёсках набажэнствы праводзяць мясцовыя спевакі [songle-aders]. У астатніх чатырох населеных пунктах з-за недахопу сродкаў і кваліфікаваных людзей набажэнствы адбываюцца толькі калі з'яўляецца святар. Людзі вераць у Бога і моляцца Яму, хоць не заўсёды ведаюць малітвы і ўмеюць перахрысціцца (мы можам быць задаволенымі, што яны не забыліся прынамсі гэтай звычкі). Нашы царкоўна-прыходскія школы ў вёсках у апошнія некалькі гадоў не дзейнічаюць. Цяпер у іх толькі амерыканскія школы. У вёсцы Кенай ёсць царкоўна-прыходская школа, дзе вучыць усе класы сам святар. У школе вучылася каля дваццаці пяці дзяцей. У такіх вёсках, як Кенай, Нінільчык [Ninilchik], Селдовія [Seldovia], Аляксандраўск, амаль усе прыхаджане хоць трохі ўмеюць чытаць. Размаўляюць па-руску і ведаюць малітвы. Што ж тычыцца паўночных вёсак, то там пануе поўная пустэча і цемра. Але ўсе прыхаджане любяць свае капліцы, і зімой, асабліва падчас вялікіх свят, амаль усе прыходзяць у свае храмы. У адрозненне ад гэтага, летам усе мужчыны пакідаюць свае вёскі, каб выконваць розныя работы або вандраваць з сем'ямі на паляванне і рыбалку [wander around with their families hunting and fishing]. Таму летам капліцы звычайна зачыненыя. Калі царква ці капліца патрабуюць рамонту, жыхары ахвотна ахвяруюць са сваіх мізэрных заробкаў, колькі могуць. Многім прыхаджанам цяжка зводзіць канцы з канцамі. І акрамя таго, салуны не даюць ім занадта шмат шанцаў зэканоміць грошы. Калі б тубыльцы больш клапаціліся аб эканоміі, яны маглі б жыць годна. Замест гэтага зімой яны звычайна галадаюць, асабліва вясной, калі няма працы, паляванне дрэннае, а шкуры не такія каштоўныя [not so valuable]. Святар не атрымлівае нічога за служэнне [performing ministrations], акрамя атрымання ад дваццаці пяці цэнтаў да аднаго долара за ажыццяўленне звычайнага малебну [a customary prayer service]. Крэолы рэгулярна адпраўляюць сваіх дзяцей у школу, за выключэннем некалькіх упартых амерыканцаў. Што тычыцца кенайцаў, то яны вельмі прывязаныя да сваіх дзяцей і яшчэ не ўсведамляюць карысці адукацыі. Яны не любяць адпраўляць дзяцей у школу, і я вымушаны прымушаць іх гэта рабіць [I have to force them to do it]. На шчасце, яны прыслухоўваюцца да мяне, і, хоць і не рэгулярна, кенайцы адпраўляюць сваіх нашчадкаў [offspring] на заняткі. Дзеці кенайцаў не знаёмыя з дысцыплінай і выхоўваюцца на ўлонні прыроды [in the lap of nature]. Гэта ўсё, што я магу сказаць пра рэлігійна-маральнае жыццё маіх прыхаджан.

З адкрыццём салунаў у некаторых вёсках таварыства цвярозасці ў місіі Кенай амаль знікла, хоць некаторыя людзі ўсё яшчэ далучаюцца да таварыства на кароткі час. Амаль усе людзі, якія давалі клятву не піць да канца жыцця, цяпер гэтую клятву парушылі калі не адкрыта, дык таемна. Святар вядзе цвярозы лад жыцця і заўсёды чытае лекцыі пра шкоду п'янства. Прыхаджане вельмі добра ведаюць пра гэты ўплыў алкаголю, але не могуць выстаяць перад спакусай і працягваюць піць. Калі тубыльцы маюць шанец атрымаць выпіўку [drink], яны лепш галадаюць, але выпіваюць. Прашу перад уладамі зачыніць у маёй парафіі ўсе гэтыя агідныя прытоны [hideous dens, bogo-merzkie zavedenia, богомерзкие заведения]. У вёсцы Кенай ёсць брацтва, асвечанае ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы [Protection of the Most Holy Mother of God]. У цэлым справы ў брацтва з фондам каля 88 долараў зусім нядрэнныя. Тым не менш, многія сябры выключаны з таварыства за нерэгулярную выплату членскіх узносаў. Грошы на выпіўку маюць, але членскія ўзносы не плацяць па некалькі гадоў. Калі ўсё будзе добра, мы зможам вярнуць многіх прыхаджан да брацтва. Мы даўно хацелі ўкласці гэтыя грошы [$88] у нешта, але ўсё ніяк не можам вырашыць, таму што баімся страціць усё. Гэта ўсё.

Павел Шадура".

Літ.:

8084 Through Orthodox eyes: Russian missionary narratives of travels to the Dena'ina and Ahtna, 1850s-1930s / trans. with an introduction by A. A. Znamenski. Fairbanks, 2003.

10802 Znamenski A. A. Orthodoxy Among Dena'ina and Ahtna // Through Orthodox eyes: Russian missionary narratives of travels to the Dena'ina and Ahtna, 1850s-1930s / trans. with an introduction by A. A. Znamenski. Fairbanks, 2003. P. 1-72.

Znamenski A. A. Epidemics, prophesy, and self-Christianization: Ahtna Indians quest for Russian Orthodoxy, 1880s-1930s // Вестник антропологии (Herald of Anthropology). 2020. № 1. P. 5-15.

9042 Znamenski A. A. Shamanism and Christianity: native encounters with Russian Orthodox missions in Siberia and Alaska, 1820-1917. Westport, CT; London, 1999.

11118 The Alaskan Russian Church archives: records of the Russian Orthodox Greek Catholic Church of North America - Diocese of Alaska. Washington, DC, 1984. (ARCA.)

8278 Ackerman R. E. The Kenaitze people. Phoenix, AZ, 1955.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 89].

Беларуска прывезла на тыдзень моды ў Парыжы льняныя вясельныя сукенкі

На Парыжскім тыдні моды свае працы прэзентавала беларуская дызайнерка вясельных і вячэрніх убораў Наталля Мініна. Калекцыю яна стварыла з ільну.

Адзенне на 98% складаецца з натуральнага матэрыялу і цалкам выканана ўручную. З дэкору - фацінавыя кветкі і іншыя элементы. Унікальнасць калекцыі - у сумяшчэнне прыроды і раскошы.

На парыжскі подыум Наталля запрасіла дзяўчат розных камплекцый і ўзросту. Рост адной з іх - 158 см.

- Мы вырашылі зняць абутак з мадэляў, такім чынам яшчэ больш падкрэсліць натуральнасць. А на адзін з выхадаў дзяўчат папрасілі ўзяць яблыкі. Такім чынам стварыўся лёгкі і натуральны вобраз прагулкі па садзе. Бо, каб быць прыгожымі, нам не патрэбны ўпрыгожванні, дастаткова знайсці нешта асаблівае ў сваёй душы, - пракаментавала дызайнерка журналістам.

Самае прыемнае для Наталлі - увага і ацэнка "калег па цэху". Так, да беларускай дызайнеркі падышоў вядомы мадэльер Наз Маер, экс-памочнік Жана-Поля Гацье. Прызнанаму эксперту калекцыя спадабалася. Яшчэ адно прыемнае дасягненне - фота з паказу калекцыі Наталлі апублікавалі ў італьянскім часопісе Marie Claire.

Адну з сукенак у яе купілі з паказу.

Некалькі дзён у Наталлі працаваў шоўрум у Парыжы. Там дызайнерка прадставіла сукенкі па ўласнай задумцы.

- Цікавасць да іх была сапраўды вялікая: да мяне падыходзілі, пыталіся, бралі візітоўкі. Цяпер я маю зносіны з баерамі, праз якіх планую супрацоўнічаць з сусветнымі крамамі і шоурумамі, - агучыла планы дызайнерка.

Паводле СМІ. Фота: архіў дызайнеркі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX