Папярэдняя старонка: 2024

Наша слова.pdf № 19 (123) 


Дадана: 07-05-2024,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 19 (123), 8 траўня 2024 г.

З Днём Перамогі!

Хто стаў "Чалавекам года Гарадзеншчыны"

У пярэдадзень свята 1 Траўня адбылося адкрыццё абноўленай Дошкі пашаны Гарадзенскай вобласці, а таксама прайшло ўшанаванне пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў філармоніі. Адкрыў мерапрыемства старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.

- Павага і ўшанаванне чалавека працы - гэта адна з асноў нашай дзяржавы. На гэтай зямлі заўсёды жылі людзі, якія імкнуліся ўсяго дамагацца сваім розумам і сваёй працай. І нездарма Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на VII Усебеларускім народным сходзе сказаў: "Толькі мы ведаем, якім павінна быць будучыня нашай Беларусі, якой павінна быць краіна і як зрабіць яе мацней. Толькі мы, і ніхто іншы". Яркім пацверджаннем гэтай тэзы з'яўляецца тое, што ва ўмовах геапалітычнай нестабільнасці, ва ўмовах беспрэцэндэнтнага санкцыённага ціску наша краіна не толькі захавала стабільнасць, яна забяспечыла развіццё. Гэта датычыцца краіны ў цэлым і Прынёманскага краю ў прыватнасці. І заслуга ў гэтым ваша - працаўнікоў розных сфер дзейнасці. Сёння я хачу выказаць шчырыя словы падзякі вам і тым шматтысячным калектывам, якія вы прадстаўляеце. Усім без выключэння працаўнікам нашага рэгіёна, - падкрэсліў у сваім выступе Уладзімір Сцяпанавіч.

- А яшчэ я хачу сказаць словы велізарнай падзякі нашым ветэранам, якія стварылі вельмі трывалы падмурак. Мы цяпер рухаемся наперад, абапіраючыся на дасягненні папярэдніх пакаленняў беларусаў. Заўсёды беларусы марылі жыць у міры на сваёй зямлі. Нашым пакаленням выпаў гэты шанец. І наша задача цяпер сваёй працай забяспечыць развіццё і бяспеку нашай краіны, захаваць яе для будучых пакаленняў. Перадаць наступным пакаленням беларусаў суверэнную, незалежную камфортную для жыцця, добраўпарадкаваную краіну ў стадыі развіцця і перадаць наказ, пра тое, каб яны бераглі тое, што было дасягнута з такой цяжкасцю і перадавалі з пакалення ў пакаленне павагу да памяці мінулага і жаданне стваральна дзеяць у імя будучыні.

Лідзяне паднімаліся на сцэну не аднойчы. Старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргею Ложачніку ўручаны два дыпломы. Наш рэгіён заняў трэцяе месца ў першай групе ўдзельнікаў у намінацыі "За дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-культурным развіцці" і другое - "За дасягнутыя высокія паказчыкі ў будаўніцтве і развіцці галін будаўнічай індустрыі".

Званне "Чалавек года Гарадзеншчыны" прысвоена начальніку ўчастка аздабляльных работ ААТ "Будаўніча-мантажны трэст № 19" Алене Жодзік і аздабляльніку выдзіманых вырабаў са шкла і крышталю ААТ "Шклозавод "Нёман" Валерыю Багінскаму. Годнае месца на абласной Дошцы пашаны таксама занялі ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" і ПУП "Столе".

Падчас урачыстай цырымоніі таксама былі адзначаны працоўныя дынастыі. Лідскі раён прадставілі тры: дынастыя Курачкіных, агульны працоўны стаж якіх на ААТ "Шклозавод "Нёман" складае 287 гадоў, дынастыя Міцкевіч-Змітрэвіч, якія прысвяцілі працы ў Лідскім ГУП ЖКГ больш за 68 гадоў, і дынастыя Станюк-Калодка-Кудзі, якія сумарна працуюць на ААТ "Завод "Оптык" больш за 144 гады.

lidanews.by. Фота Арцёма Турлая, Лілеі Лапшыной.

Вялікая Айчынная вайна ў беларускай філуменіі

Шмат хто з жыхароў Беларусі, чыё маленства прайшло ў 1940-1970-х гадах, добра памятае той час, калі амаль кожны з іх збіраў этыкеткі ад запалкавых пачкаў. Асабліва вясковыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Некаторыя захоўвалі цэлыя пачкі з рознымі этыкеткамі, іншыя этыкеткі зрывалі з пачкаў і наклейвалі ў альбомы. Хавалі ўсе свае калекцыі ў розных кардонных упакоўках ці ў шуфлядках сталоў. Часта мяняліся этыкеткамі з сябрамі і зайздросцілі таму, у каго была лепшая калекцыя або рэдкая этыкетка. Нават прыносілі ў школу, дзе рабілі абмен. З узростам гэтая прага гублялася, а калекцыі іх бацькі выкідвалі на сметнік ці палілі ў печках. Праўда, не ўсе спакойна развітваліся са сваімі калекцыямі запалак. Некаторыя людзі ўсё жыццё калекцыянуюць запалкі ці этыкеткі ад запалак і маюць вялікія калекцыі. Тыя, хто займаецца калекцыянаваннем запалкавых этыкетак ці пачкаў ад запалак называюць філуменістамі, а калекцыянаванне этыкетак з пачкаў ад запалак, запалкавых пачкаў, буклетаў (кніжак-запалак) і іншых прадметаў, звязаных з запалкамі, называецца філуменіяй (ад грэцкага "phileo" - люблю і лацінскага "lumen" - агонь ці святло).

Сёння філуменія не з'яўляецца распаўсюджаным хобі, як, напрыклад, калекцыянаванне манет, паштовых марак, паштовак, самавараў, прасаў, аўтамабіляў, але аматары гэтай навукі працягваюць развіваць свае калекцыі. Хачу адзначыць, што кошт на запалкавыя этыкеткі і запалкі XIX стагоддзя нічуць не ніжэйшы, чым, напрыклад, на банкноты ці манеты гэтага перыяду. На аўкцыёнах сёння можна ўбачыць, што калекцыі этыкетак і запалак амаль заўсёды знаходзяць сваіх пакупнікоў, бо гэта таксама антыкварыят, які расце ў цане.

Пасля Другой Сусветнай вайны этыкеткі на запалках адлюстроўвалі многія перыяды нашай гісторыі. Хочацца спыніцца на Вялікай Айчыннай вайне ў беларускай філуменіі.

Пасля 1945 года першыя запалкі з этыкеткай, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне, былі выпушчаны на Барысаўскай фанерна-запалкавым камбінаце ў 1958 годзе. На этыкетцы запалак адлюстраваны воін-вызваліцель у Трэптаў-парку ў Берліне і напісаны тэкст: "Перамога над Германіяй. 1945".

Годам раней той жа Барысаўскі ф/з камбінат выпускае запалкі з этыкеткай, прысвечанай Брэсцкай крэпасці. Наогул, беларускія фанерна-запалкавыя камбінаты пасля вайны, найбольш выпусцілі запалак, прысвечаных Брэсцкай крэпасці і яе абаронцам у гады вайны. Выпускалі не толькі асобныя запалкі, але і цэлыя камплекты і наборы запалак, прысвечаныя Брэсцкай крэпасці.

Да 25-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці-героя Пінскі фанерна-запалкавы камбінат выпусціў сувенірны набор запалак. Сам мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" быў адкрыты 25 верасня 1971 года для ўшанавання подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Абаронцамі Брэсцкай крэпасці былі воіны больш як 30 нацыянальнасцей СССР, якія здзейснілі адзін з найвялікшых подзвігаў савецкага народа ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гераічная абарона крэпасці працягвалася з 22 чэрвеня па канец ліпеня 1941 года. Ні адзін са сцягоў воінскіх частак, якія змагаліся ў крэпасці, не дастаўся ворагу.

У пасляваенныя гады гісторыя абароны Брэсцкай крэпасці стала сімвалам гера-ізму, вернасці прысязе і любові да Радзімы. 8 траўня 1965 года крэпасці прысвоена ганаровае званне "Крэпасць-герой". У лістападзе 1956 года адбылося адкрыццё музея абароны Брэсцкай крэпасці. З траўня 1968 года вяліся работы па будаўніцтве мемарыяльнага комплексу. Стварэнне мемарыяла стала сапраўды ўсенароднай справай.

У 1975 годзе Пінскае прадпрыемства дрэваапрацоўчай галіны выпусціла серыю паштовак "30-годдзе вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". Найбольш у гэту серыю ўваходзіла запалак з этыкеткамі, прысвечаных абаронцам Брэсцкай крэпасці.

У 1964 годзе Барысаўскі фанерназапалкавы камбінат ажыццявіў выпуск серыі прыгожых запалак, прысвечаных 20-годдзю вызвалення Віцебска. У гэтым жа годзе Барысаўскі камбінат выпускае і серыю запалак з нагоды 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На кожнай этыкетцы ў малюнках былі адлюстраваны падзеі вайны і напісаны розны тэкст. Напрыклад:

1. "Бессмяротны подзвіг камсамолу Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне".

2. "На тэрыторыі Беларусі ў партызанскіх атрадах і падпольных арганізацыях змагаліся 74 тысячы камсамольцаў".

3. "На тэрыторыі Беларусі ў гады вайны дзейнічала 36 камсамольска-маладзёжных брыгад і атрадаў" і г.д.

Пінскі фанерна-запалкавы камбінат у 1964 годзе, а пазней і Барысаўскі, Гомельскі фанерна-запалкавыя камбінаты выпусцілі серыю запалак пад назвай "Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг.". На этыкетках гэтых запалак адлюстраваны помнікі вайны ў розных гарадах і краінах. Гэта помнік ахвярам фашызму ў Аўстраліі, дэталь помніка-ансамбля "Стаялі насмерць" у Валгаградзе, фігура маці (помнік ахвярам фашызму) у Пірчупісе, помнік Марэце Мельнікайтэ ў Зарасаі (Літва), помнік Аляксандру Матросаву ў Вялікіх Луках, помнік Марату Казею ў Менску, помнік Дзмітрыю Карбышаву ў Омску і іншыя. Марэта Мельнікайтэ, Аляксандр Матросаў, Марат Казей, Дзмітрый Карбышаў - усе Героі Савецкага Саюза, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 1964 годзе беларускія філуменісты папоўнілі свае калекцыі новымі этыкеткамі на ваенную тэматыку. Беларускія фанерна-запалкавыя камбінаты парадавалі калекцыянераў серыяй "3 ліпеня - Дзень вызвалення Мінска ад фашысцкіх захопнікаў". На этыкетках былі адлюстраваны помнік-танк у Менску, набярэжная ракі Свіслач, тэлецэнтр, будынак Акадэміі Навук, Прывакзальная плошча, плошча Перамогі і іншыя памятныя мясціны нашай сталіцы.

Арыгінальны падарунак падрыхтавала ААТ "Барысаўдрэў" да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1944-2019). Калектыў прадпрыемства падрыхтаваў і выпусціў прыгожы набор сувенірных запалак серыі "Партызанскі малюнак Барысаўшчыны". Ён складаецца з 9 пачкаў. На кожным пачку намаляваны малюнак і тэкст. Пра гэтыя тэксты на пачках хочацца прыгадаць:

1. "Палітінфармацыя атрада імя Чапаева (летні лагер "Пліскі") Бягомельскага раёна".

2. "Група камсамольцаў-паляўнічых "палюе" на фрыцаў у Зембінскім гарнізоне (Бакураў, Колесень), 1944 г.".

3. "Старшы кухар-камуніст т. Ларыёнаў рыхтуе страву для першай роты, якая адправіцца на баявое заданне ў раён Лядчыца".

4. "Падрыў варожага аўтамабіля".

5. "Бой у варожым гарнізоне в. Брылі Барысаўскага раёна".

6. "Бой з нямецкімі акупантамі ў раёне в. Зацень , люты, 1944 г.".

7. "Бой з немцамі падчас варожай блакады (раён Сялец воз. Пачык, май, 1943 г.".

8. "Група бранябойшчыкаў Падалякіна вядзе агоньз ПТР, па нямецкім паравозе (страляе партызан Кузура) у раёне Жодзіна-Барысаў, май 1944 г.".

9. "Падрыўнікі групы летэнанта Ільіна за работаю (Вілейка-Маладзечна)".

Некалькі сувенірных пачкаў запалак у апошні час выпусціла менскае прыватнае вытворчае прадпрыемства "Каралева агню". Асабліва кідаюцца ў вочы "Партызанскія запалкі" і запалкі "Партызаны".

Шмат запалак, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне і Беларусі, выпусцілі расійская запалкавыя фабрыкі ў розны час.

Запалкавая фабрыка ў Турынску ў серыі "Помнікі Вялікай Айчыннай вайны" (1970 год) на дзвюх этыкетках прыгадала і Беларусь. Гэта этыкеткі прысвечаныя Хатыні і Брэсцкай крэпасці.

Барнаульская фабрыка ў 1966 годзе пазнаёміла ўсіх, хто карыстаўся запалкамі, серыяй этыкетак "Гарады-героі". Тры этыкеткі былі прысвечаны Брэсту і яго крэпасці.

Фабрыка "Белка" г. Слабадскі ў 1976 годзе выпусціла серыю этыкетак на запалках "Гарады-героі". У гэтую серыю ўвайшлі і этыкеткі з выявамі "Манумент "Курган славы" і "Стэла каля ўваходу ў Хатынь".

"Помнікі Вялікай Айчыннай вайны" - так называлася серыя запалак, якую выпусцілі ў 1975 годзе на запалкавай фабрыцы "Маяк" у Рыбінску. Былі там і тры этыкеткі, прысвечаныя Беларусі: курган Славы, помнік партызанам Гарадзеншчыны (вёска Дзяляцічы) і помнік Канстанціну Заслонаву ў Оршы. Канстанцін Заслонаў (1909-1942) - савецкі партызан, Герой Савецкага Саюза.

Расійская фабрыка "Сібір" у 1965 годзе ў вялікай серыі запалкавых этыкетках "Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 г.г." парадавала філуменістаў этыкеткай з помнікам Марату Казею у Менску. Марат Казей (1929-1944) -партызан-разведчык.

Да 25-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці расійскія фабрыкі "Пралетарское Знамя" і Балабанаўская эксперыментальная фабрыка выпусцілі вялікі сувенірны набор запалак, прысвечаны Брэсцкай крэпасці. Падобныя сувенірныя наборы выпускаліся ў 1966 і 1971 гадах.

У 1985 годзе тая ж Балабанаўская эксперыментальная запалкавая фабрыка ўжо сумесна з аб'яднаннем "Барысаўдрэў" падрыхтавала набор з 28 пачкаў, прысвечаны подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Увесь запалкавы набор адлюстроўвае подзвіг беларусаў у апошняй вайне, які паказаны ў помніках і мемарыяльных комплексах, што знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Сумесны праект Балабанаўскай эксперыментальнай фабрыкі ў 1985 годзе з беларускімі аб'яднаннямі "Пінскдрэў", "Барысаўдрэў" "Гомельдрэў" ажыццяўляе выпуск яшчэ аднаго сувенірнага набору з 28 пачкамі "Мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой".

Сёння ААТ "Барысаўдрэў" з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў запалак у Рэспубліцы Беларусь. Запалкі вырабляюцца на сучасным выдатным шведскім абсталяванні фірмы "Арэнка" і даволі добрай якасці.

У 2015 годзе "Барысаўдрэў" ажыццявіў выпуск запалак да 70-годдзя Перамогі. На этыкетках запалкавых скрыначак нанесены выявы 30 відаў ордэнаў і медалёў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама 60 відаў баявой зброі, якая выкарыстоўвалася ў барацьбе з фашыстамі пад назвай "Зброя Перамогі". На этыкетках гэтай серыі адлюстраваны выявы легендарных самалётаў-выпрабавальнікаў, бамбардзіроўшчыкаў, гармат, танкаў, мінамётаў, вінтавок, пісталетаў, гранатамётаў і іншай зброі перыяду вайны. Запалкі гэтай серыі былі выпушчаны у колькасці 5 мільёнаў пачкаў. Сёння яны ўжо сталі рэдкасцю для калекцыянераў-філуменістаў.

Сяргей ЧЫГРЫН, г. Слонім.

"Падранкі" ў Мінойтах

Да 79-х угодкаў Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 80-ых угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у філіяле "Мінойтаўскі культурна-досугавы цэнтр" дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбылася прэм'ера пранізлівага па сюжэце спектакля "Падранкі" (па матывах ваенных аповядаў пісьменніцы Вольгі Гарачавай).

Праект уяўляе сабою суцэльны тэматычны спектакль, у якім утрымоўваецца глабальны маральна-патрыятычны пасыл. У цэнтры гэтай гісторыі дзеці з дзіцячага дома, якія патрапілі пад акупацыю падчас Вялікай Айчыннай вайны. Спектакль прадставілі ўдзельнікі ўзорнага тэатральнага калектыва "Іскрынка" (кіраўнік Сідаровіч Галіна Іванаўна).

ТК "Культура Лідчыны".

"І сёння нам творы гавораць..."

Неўзабаве мы будзем адзначаць 79-я ўгодкі Перамогі і 80 год з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай даты рыхтуюцца і работнікі культуры. Праводзяцца мерапрыемствы, адкрываюцца выстаўкі. У Доме Валянціна Таўлая арганізаваны ўрок памяці "І сёння нам творы гавораць...".

Яго наведваюць вучні школ горада Ліды. На гэты раз чарговымі сталі вучні з СШ №1 і СШ №14.

Ім было расказана пра падпольны друк у складаныя ваенныя гады, пра выхад лідскай газеты "Уперад", пра дзейнасць падпольшчыкаў на Лідчыне. Былі згаданы класікі беларускай літаратуры, жыццё якіх было скалечана вайной і якія ў сваіх творах пакінулі нам гістарычную памяць. Даведаліся прысутныя і пра дзейнасць Валянціна Таўлая ў ваенны час. Разам з тым, праз відэаматэрыялы стала вядома пра выхад агітплаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", у якім друкаваў В. Таўлай свае вершы пад псеўданімамі.

І творы нам сёння гавораць

Пра час той жахлівы, трывожны.

Аб ім мы павінны ўсе помніць

І ведаць павінен з нас кожны...

ТК "Культура Лідчыны".

"Сяброўкі" з канцэртам да Дня Перамогі

Аўтаклуб наведаў в. Красноўцы з канцэртнай праграмай да Дня Перамогі і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з удзелам канцэртнага калектыва "Сяброўкi".

ТК "Культура Лідчыны".

Працоўны дэсант памяці

Бердаўскі культурна-досугавы цэнтр Лідскага раёна арганізаваў акцыю "Працоўны дэсант "Ніхто не забыты і нішто не забыта" на брацкай магіле афіцэраў, чырвонаармейцаў і партызан.

ТК "Культура Лідчыны".

Кніжная выстава "Старонкі памяці"

Напярэдадні Дня Перамогі бібліёбус Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы выконваў абслугоўване чытачоў па маршруце "Мыто - Касілаўцы - Янаўляны". Да Дня Перамогі была падрыхтавана кніжная выстава "Старонкі памяці".

Бібліятэкар расказвала чытачам пра кнігі, у якіх пісьменнікі расказваюць пра жудасныя гады Вялікай Айчыннай вайны, пра зверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці і Лідскага раёна. Асаблівую шмат прысутныя пачулі пра пісьменнікаў і паэтаў-землякоў, якія як ніхто лепш ведаюць жыццё ваеннага часу з расказаў сваіх блізкіх. Таму іх творы найяскравей адлюстроўваюць падзеі тых часоў.

Наш кар.

Дзень адкрытых дзвярэй "Клічу ў сваю прафесію"

30 красавіка бібліятэкары Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы правялі дзень адкрытых дзвярэй "Клічу ў сваю прафесію". Бібліятэкары правялі прысутных па залах бібліятэкі: абанемент, чытальная зала, камп'ютарны клас, расказалі пра работу бібліятэкара ў кожнай зоне абслугоўвання.

Затым вядоўца прапанавала гасцям паспрабаваць свае сілы ў прафесіі бібліятэкара і абслужыць адзін аднаго. Падлеткі вельмі хваляваліся пры пошуку кніг, часопісаў, але ўсе выпрабаванні прайшлі выдатна.

Наш кар.

Адзін з самых папулярных беларускіх паэтаў 1920-х гадоў

6 траўня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Паўлюка Труса (1904-1929) - аднаго з самых папулярных беларускіх паэтаў другой паловы 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

Нарадзіўся Паўлюк Трус у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Сям'я была вельмі беднай, мела ўсяго дзве дзесяціны зямлі. Бацька Адам Трус пасля падзелу дзедавай зямлі паміж сынамі, а потым і паміж унукамі, атрымаў толькі шостую частку звычайнага надзелу, гэтыя самыя дзве дзесяціны. Таму вясковае прозвішча Трусоў было Шастаковы. У сям'і гадавалася чацвёра дзяцей, Паўлюк быў самы старэйшы. З дзевяці гадоў хлопчык хадзіў пастухом і дапамагаў бацьку.

У вясковай школе Паўлюк вельмі старанна вучыўся. У сямігодку ва Узду хадзіў кожны дзень пешшу - дзесяць кіламетраў туды, дзесяць назад. Гэта, калі было цёпла. А зімой жыў у мясцовым інтэрнаце. Там юнак пазнаёміўся і пасябраваў з Пятром Глебкам і Алесем Якімовічам.

Восенню 1918 года заняткі ў сямігодцы на некаторы час прыйшлося адкласці. Пачалася грамадзянская вайна, летам 1920 года не хапала абозаў для патрэб арміі. Замест хворага бацькі забралі ў абоз Паўлюка, з Чырвонай арміяй ён даехаў амаль да Варшавы, у дарозе хварэў. Затым вярнуўся дадому, дапамагаў бацьку па гаспадарцы.

Пасля заканчэння Уздзенскай сямігодкі паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум. Лекцыі там чыталі Якуб Колас, Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік. Тут вучыліся Пятро Глебка, Максім Лужанін, Зінаіда Бандарына, Сяргей Дарожны і Сымон Хурсік.

Першы надрукаваны верш 20-гадовага паэта называўся "Над возерам". Твор вельмі дасканалы для гэтага ўзросту, уражвае маладой свежасцю, шчырасцю і чысцінёй:

Возера дрэмле…

Вербы зялёныя

стан пахілілі

на сочную гладзь,

у постаці ціхай,

пад ночы апонаю,

сны старажытнасці сняць.

На творчасць Паўлюка Труса паўплывалі яго любімыя аўтары: Тарас Шаўчэнка, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас…

Сярод сваіх аднакашнікаў ён вылучаўся, быў зоркай першай велічыні. Добра спяваў, меў бездакорны музычны слых, арганізоўваў пастаноўкі п'ес, удзельнічаў у спектаклях, маляваў дэкарацыі, разам з Пятром Глебкам і Максімам Лужаніным пад агульным псеўданімам "Калектыў шаўцоў" выпускаў вусную газету "Чырвоны прамень". Актыўна друкаваўся ў газетах і займаўся апрацоўкай беларускага фальклору для кампазітараў Нестара Сакалоўскага і Уладзіміра Тэраўскага. Быў актыўным членам літаратурнага аб'яднання "Маладняк" у 1925 годзе, слухаў лекцыі ў паэтычнай студыі, наведваў школы і рабочыя гурткі, удзельнічаў у літаратурных дыскусіях. Пры жыцці паэта выйшлі два зборнікі: "Вершы" ў 1925 годзе і другі - "Ветры буйныя" - у 1927-м. У планах быў трэці зборнік пад назвай "Чырвоныя ружы" і першая паэма "Сірата Алеся". Пасля яго смерці выйшлі "Творы" (1935 г.), кнігі "Выбраныя творы" (1931-1979 гг.), "Новай квадры настаў маладзік" (вершы і паэмы, 1984 г.). Для дзяцей была выдадзена кніга паэзіі "Падаюць сняжынкі" (1983 г.) і іншыя.

Пасля заканчэння педтэхнікума ў 1927 годзе Паўлюк Трус з'ехаў на працу ў Гомель. Уладкаваўся на пасаду сакратара ў рэдакцыю газеты "Новая деревня". Праз некалькі месяцаў газета перастала існаваць і Паўлюк перайшоў у гомельскую раённую газету "Палеская праўда". На новым месцы працы ён арганізоўваў літаратурныя вечары ў розных гарадах і вёсках Гомельшчыны, чытаў лекцыі пра маладую беларускую літаратуру. "Калі я стаў сустракацца з людзьмі, якія не ведаюць і нават не хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную свядомасць, абудзіць сярод іх любасць да Беларусі, у прыватнасці да беларускае мовы і літаратуры".

У 1928 годзе паэт пераехаў з Гомеля ў Менск і паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака БДУ. На семінарах па беларускай літаратуры вывучае сярод іншых і свае ўласныя вершы, бо яны ўжо ўваходзяць у праграму ўніверсітэта. Такі выпадак ці не адзіны ў літаратуры, каб паэт аналізаваў свае асабістыя вершы падчас вучобы.

Апошняя яго паэма "Дзясяты падмурак" была надрукавана ў часопісе "Маладняк". Паўлюк Трус спрабаваў даць у ёй шырокую панараму змен у краіне, але задаволены паэмай не быў.

Улетку 1929 года, на канікулах, Паўлюк Трус адправіўся ў фальклорную экспедыцыю па Магілёўшчыне - збіраць народныя песні. Вяртаўся ў Менск у сярэдзіне жніўня. Па дарозе дадому, зразумеў, што захварэў, але ўсё роўна паехаў у Ждановічы, каб праведаць сваіх сяброў Пятра Глебку і Міколу Хведаровіча. Уначы яму стала зусім дрэнна, і пры тэмпературы пад сорак Паўлюк пешшу дайшоў да бальніцы ў Менску. Месцаў у палатах не было - яго паклалі ў калідоры. Тут ён і памёр - выратаваць паэта ўрачы не змаглі - у экспедыцыі ён захварэў на брушны тыф. 30 жніўня 1929 года паэта не стала. Яму было ўсяго 25 гадоў.

Хавалі Паўлюка Труса ў закрытай труне на Вайсковых могілках. У ганаровай варце стаялі народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас. Правесці паэта ў апошні шлях выйшаў, без перабольшанняў, увесь Менск - Паўлюка любілі і простыя чытачы, і інтэлігенцыя, і працаўнікі фабрык, і настаўнікі школ.

Зараз яго імя носіць вуліца ў Менску і Уздзенская раённая бібліятэка.

Паводле СМІ.

Навукова-практычны семінар для супрацоўнікаў літаратурных музеяў

Навукова-практычны семінар для супрацоўнікаў літаратурных музеяў "Інструменты для прыцягнення новых наведвальнікаў у літаратурны музей" прайшоў 30 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Прагучалі даклады спецыялістаў з вядучых літаратурных музеяў краіны. Такім чынам калегі падзяліліся сваёй дзейнасцю, якая дапамагае прывабліваць наведвальніка ў сцены сваёй установы. Усе "інструменты" надзвычай цікавыя і вартыя ўвагі і могуць быць прыменены на іншых музейных пляцоўках.

З дакладам "Інсцэніраваны аповед "У Таўлая пабываем..." як новая форма правядзення экскурсіі ў мемарыяльным пакоі Валянціна Таўлая" выступіў і навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун.

Па традыцыі, былі закладзены далейшыя і новыя супрацоўніцтвы, прадуманы сумесныя праекты.

Наш кар.

Навіны Германіі

Ракета нямецкай стартап-кампаніі з поспехам прайшла выпрабаванні Нямецкая стартап-кампанія HyImpulse распрацавала ракету, якая лётае ледзь не на свячным воску. Зараз яна паспяхова прайшла выпрабаванні ў Аўстраліі. Ракета нямецкай стартап-кампаніі HyImpulse© HyImpulse

Упершыню за апошнія дзесяцігоддзі адбыўся запуск камерцыйнай ракеты-носьбіта нямецкай кампаніі. Як паведаміў прадстаўнік кампаніі, дванаццацімятровая ракета ўзляцела з аўстралійскага выпрабавальнага палігона Куніба ў пятніцу каля 7:10 па нямецкім часе. Ракета-носьбіт SR75 стартап-кампаніі HyImpulse працуе на парафіне (свячным воску) і вадкім кіслародзе. Па словах аднаго з заснавальнікаў Крысціяна Шмірара, яна можа паляцець і ў космас, але гэтым разам была запланавана вышыня ўсяго толькі ў 60 кіламетраў, так што мяжа паміж атмасферай і космасам не была дасягнута.

Па словах Шмірара, гэтая ракета-носьбіт кампаніі HyImpulse, штаб-кватэра якой знаходзіцца недалёка ад Хайльброна ў зямлі Бадэн-Вюртэмберг, стане лепшай прапановай для рынка малых спадарожнікаў. Кампанія працуе і над другой, буйнейшай ракетай пад назвай SL1 для вываду на арбіту грузу масай да 600 кг, якая таксама будзе абсталявана гібрыднай рухальнай устаноўкай, якая працуе на парафіне і вадкім кіслародзе. Плануецца, што гэтыя ракеты пачнуць дастаўляць спадарожнікі ў космас прыкладна праз паўтара гады.

Куніба (dpa).

Легенды Лідскага замка

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Легенды пра сакральныя аб'ект у замку і вакол яго. Ва ўсё тым жа дадатку да свайго 5-га тома Тэадор Нарбут пісаў: "Капліца ў замку існавала ад пачатку яго будаўніцтва". І гэта ўсё, што мы ведаем пра існаванне капліцы ў паўночна-заходняй вежы (вежы Гедыміна). Трэба разумець, што Нарбут як аўтар не карыстаецца вялікім даверам ў гісторыкаў, бо ён быў вялікім майстрам фальсіфікацый на карысць балцкага элементу гістарычнай Літвы

Тым не менш, прааналізуем самы пачатак артыкула Тэадора Нарбута пра Ліду з таго самага дадатку да яго 5-га тома, дзе сярод іншага, згадваецца і капліца, Нарбут пісаў: "Гэтая мясцовасць пасля заваёвы каля 1180 г. Дайнаўскага княства, у якім яна размяшчалася, ёсць абшар літоўскі (у сэнсе - балцкі, а не славянскі - Л. Л.), бо Ліда абазначае паляна, поле, ачышчанае ад лесу. Замак быў заснаваны ў 1323 г. вялікім князем Гедымінам; будавалі яго кіеўскія майстры і скарыстаны былі палонныя з Валыні. Хрысціянская рэлігія русінскага (у сэнсе - усходняга - Л. Л.) веравызнання была пастаўлена ў гэтым краі з вельмі даўніх часоў; капліца ў замку існавала ад пачатку яго заснавання".

Зараз цвёрда вядома, што першае гістарычнае паселішча на месцы нашага горада, якое ад пачатку знаходзілася каля будынка сучаснай галоўнай пошты, было славянскім2. Гэта пацверджана археалагічна, і таму шукаць крыніцу назвы нашага горада ўсё ж лепш у беларускай мове. Замак быў заснаваны Гедымінам, ён з'яўляецца класічнай еўрапейскай "кастэллю" 3, і яго будавалі еўрапейскія майстры, якіх наняў Гедымін, а так званага "валынска палону" на той час проста не было.

Нарбут піша пра капліцу, заўважу - безымянную капліцу, а не царкву. Як для мяне, адзіным аргументам на карысць існавання капліцы ў нашым замку з'яўляецца сам факт згадвання яе Нарбутам, бо каб не ён, дык ніхто б пра капліцу не ведаў і не пісаў бы. Таму цалкам магчыма, што кут пакоя на адным з паверхаў вежы быў выкарыстаны пад капліцу для воінаў-хрысціян, якія былі ў гарнізоне. Усё гэта добра разумеюць людзі, якія прафесійна займаюцца гісторыяй нашага горада.

Аднак амаль што з ніадкуль з'явілася легенда, пра тое што:

1. Адначасова з будаўніцтвам замка была пабудавана драўляная царква для будаўнікоў, і гэта пры тым, што будаўнікі - з вялікай верагоднасцю, былі яшчэ паганцамі, а кіраўнікі будоўлі - рыма-каталікамі;

2. Потым гэтую царкву, як быццам, перанеслі ў вежу Гедыміна, а яшчэ потым яна была вынесена на падзамча, прыкладна туды, дзе зараз стаіць помнік Гедыміну.

Пасылам гэтай легенды з'яўляецца толькі адзін, цытаваны вышэй, радок Нарбута пра капліцу, і ў астатнім, яна не мае ніякага апірышча ні ў гістарычных крыніцах, ні ў археалогіі і з'яўляецца сапраўдным народным фальклорам.

Дадам, што прыкладна на месцы сучаснага помніка Гедыміну, нейкі час - з другой паловы XVII па сярэдзіну XVIII ст., стаяў драўляны фарны касцёл, папярэднік сучаснага мураванага. Пры гэтым спрадвечная тэрыторыя вакол сучаснага фарнага касцёла, дзе стаялі некалькі яго драўляных папярэднікаў, заставалася тэрыторыяй парафіі, на якой працягваліся пахаванні нябожчыкаў, косткі якіх і сёння, на жаль, выкопваюцца пры кожных земляных работах каля сучаснага фарнага касцёла.


Легенда пра паўночную браму замка і скразны шлях праз замак у паўночную браму. Гэта зусім новая народная легенда цікавая тым, што яна не абапіраецца наогул ні на якія крыніцы, не мае пацверджання ні ў археалогіі ні ў тапаграфіі мясцовасці вакол нашага замка, ні ў канструкцыі самога замка.

Вельмі аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў, які вялікую частку свайго жыцця аддаў вывучэнню Лідскага замка пісаў: "У ХV ст. замак меў тры ўваходы. У паўднёвай сцяне на адлегласці 22 метраў ад вежы - невялікі паўцыркульны праём на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара, які, відаць, лічыўся запасным (на выпадак выведкі або ўцёкаў), і трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной альбо вяраўчанай лесвіцы. Два ўваходы - ва ўсходняй сцяне: малы, зроблены на ўзроўні абрэза падмуркаў сцяны, і вялікі (відаць, крыху пазнейшы), размешчаны каля паўночна-ўсходняй вежы на вышыні 2,5 метра. Трапіць у замак праз вялікі ўваход можна было толькі дзякуючы пад'ёмнаму мосту. Пра яго наяўнасць сведчыць вялікая разгрузачная спічастая ніша, якую праразаў уваходны праём меншых памераў".

Аднак свежанароджаная легенда расказвае, што ад пачатку ў паўночнай сцяне меўся яшчэ адзін, невядомы навуцы ўваход у замак, і вандроўнік, які прайшоў праз гэтую браму, трапляў у міфічны мытны пост у замку з якога выходзіў праз запасную вузкую паўдзённую браму, якая адмыслова была зроблены на вышыні не менш за 4 метры і выходзіла у бок багны (каб ёй не скарыстаўся вораг). Уявіце сабе гэты сапраўдны "трылер": фурманкі з грузам, людзьмі і коньмі, праціскаюцца ў вузкі (нешта каля 1 метра) запасны выхад і падаюць з яго пад сцяну замка. Але прыгоды купцоў (а хто яшчэ мог вандраваць у той час) на гэтым толькі пачынаюцца. Алег Трусаў пісаў: "Для замка была выбрана невялікая пясчаная выспа ў балоцістай сутоцы дзвюх рэк - Лідзеі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5-6 метраў. З поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада". Таму на поўдзень, купцы, якія выпалі з вышыні 4 м "раптоўна" бачаць дзве ракі якія злучаюцца якраз каля замка, а за імі, на кіламетры ў бок поўдня, цягнуцца знакамітыя лідскія балоты якія пераходзяць ў Дакудаўскія, каля-Дзітвянскія і г. д. І купцы-небаракі, павінны былі б уздоўж вонкавых сцен прабірацца да замкавага мосту (ці мастоў).

Але ўсё было б яшчэ цікавей! Яшчэ пры спробе ўвайсці ў замак з поўначы, нашы купцы сутыкнуліся б з невырашальнай праблемай. Бо, з поўначы (з боку фарнага касцёла), археолагі знайшлі рэшткі вельмі шырокага рова (каля 20 метраў), але не знайшлі рэшткаў мосту. І нашым купцам трэба было б неяк разам з нагружанымі фурманкамі і коньмі пераплываць праз роў, каб пасля гэтага ўперціся ў моцную і глухую замкавую сцяну, у якой ні звонку, ні знутры няма і не было ніколі ніякіх слядоў брамы! Каб зразумець, як павінна была б выглядаць гэтая міфічная брама, калі б яна тут была, на наша шчасце, цікаўным асобам дастаткова толькі агледзець аўтэнтычныя брамы замка з гатычнымі аркамі, якія, з большага, захаваліся да нашага часу.

І апошняе. Тыя, усім бачныя некалькі цаглін знутры паўночнай сцяны замка, якія чамусьці дзеля легенды пачалі выдаваць за тое, што засталося ад брамы, найверагодней, з'яўляюцца рэшткамі былой печы ў казарме гарнізона замка. Бо, як пісаў усё той жа аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў: "Падчас раскопак двара [замка] высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў туліліся драўляныя аднапавярховыя будынкі-казармы (захаваліся рэшткі падмуркаў, печаў і абгарэлых бярвенняў). Шырыня іх каля 4 метраў". Чаму казармы імкнуліся пабудаваць каля паўночнай сцяны ці бліжэй да яе, цалкам зразумела. Бо толькі з поўначы, з сухога ўзгорка, вораг мог штурмаваць і абстрэльваць наш замак, таму месца ўнутры замка каля паўночнай сцяны было ў той час самым бяспечным. І менавіта таму з гэтага боку не было ні моста, ні брамы - імі абавязкова скарыстаўся б наш вораг. Таму, аніякіх слядоў міфічнай брамы ў глухіх замкавых паўночных мурах няма і, з вайсковага боку гледжання, быць не можа.

***

Але ўсё ж, думаю, можа, і не трэба навукова лагічна аналізоўваць сапраўдны фальклор. Бо фальклор - як песня, у ім галоўнае, каб было цікава, прыгожа і прыцягвала людзей. Усе мы любім легенды, казкі і паданні і вельмі паважаем асоб, якія маюць сапраўдны талент ствараць сапраўдны народны фальклор.

Але шматлікім турыстам, якія прыязджаюць у Ліду, легенды трэба падаваць менавіта, як легенды, бо сярод іх бываюць і вельмі кампетэнтныя асобы, якія потым законна абураюцца абсурднымі з навуковага боку гледжання, рэчамі. І пасля гэтага нічога не застаецца, як сказаць ім: "Гэта толькі легенды, прыгожыя, беларускія народныя легенды, падобныя легенды маюць усе замкі, мае іх і наш замак, яны былі і будуць заўсёды, іх наяўнасць пацвярджае толькі, што замак наш сапраўдны, што гэтую перлу цаніць трэба, любіць і ганарыцца!"

Дадаткі

Да дзвюх соснаў, якія стаяць пад Лідскім замкам

Аляксандр Макрэцкі


Сосны, дзве прыгажуні Лідскага замка ў нашай зямлі,

Раскажыце, чаму вы так смутна стаіце?

Раскажыце нам, раскажыце пра мінулае ваша жыцце,

Што бачылі вы? Хто вас садзіў і калі?


Як прылеглі да даўніх, амшалых тых сценаў?

Чаму абнялі іх вашыя кроны,

Як каханак каханку? Так вы хвіляў мільёны

Стаіце, нібы сёстры ў глухім задуменні.


Дзіўных казак сплялі тут старэйшыя людзі:

Вы - не сосны - заклятыя дзве каралеўны,

Што ў час невядомы, ды пэўны

Бразгат зброі і крыкі вас будзяць.


Што часта між ночы занімецца ззянне,

Пад ім жа дзве ў беллі прыгожыя панны,

Ды труны ля ног не падпусцяць цікаўных,

І доўжыцца тое да самага рання.


Раз нейкі смяльчак хацеў ссеч вас, спаліць,

Пырскнула кроў з-пад сякеры струменем,

Зямля задрыжала, і хлопец з трымценнем

Уцёк, каб жыццё ў той жа час не згубіць.


Можа выраслі вы з касцей нашых браці,

Каб пільнаваць тут іх светлай магілы?

І кронамі горад стары вы пакрылі,

Каб нікому-нікому яго не аддаці.


А мо алтары перад вамі стаўлялі

На гонар якога літоўскага бога

І кожнай галінцы маліліся строга,

Рэліквіі шчыра ў паклоне складалі.


Хай было там, як хоча, скажу вам па-свойму:

Столькі стагоддзяў на свет вы глядзіце,

Вы бачылі нашых прашчураў жыцце,

І бітвы на полі, і ў горадзе соймы.


Святыя часіны, як кожны з сабрацця

Нёс маёмасць сваю і жыццё на ахвяру

За вольнасць Айчыны, за светлую мару

І не баяўся, што ўсё можа страціць.


Іх слаўныя дзеі Бог дабраславіў,

Імя іх набатам грымела ў вяках,

Праймалі суседзяў павага і страх,

Як хто пра ліцвінаў казкай іх бавіў.


Святы час! Святы! Аддаў бы і жыцце

За светлай мінуўшчыны дзень...

Ды край па касцях маіх продкаў брыдзе,

І роспач буяе мятліцамі ў жыце.


Помнікі сведчаць, ды іх ужо мала,

Колькі ў крушні лягло і прапала на векі.

Як дзве сіраты без падмогі, апекі

Вы засталіся над стромаю вала.


Як міла пад вамі ў цяньку прыпыніцца,

Каб глянуць на горад, тлум рознага люду

І з пакорай прасіць Маці Божае цуду,

Каб яму наказала духам праўды з'явіцца.


Каб горад той ласкай сваёй ахінула,

Шлях асвяціла ў варожасці ночы...

Ды ўсё тут маўчыць, толькі вецер з паўночы

Глуха нам цвердзіць, што ўсё прамінула.

13 ліпеня 1850 г., м. Дзітрыкі, Лідскае староства.

(Пераклад Станіслава Судніка.)

Легенды пра замкі ў Тракаі (Троках) і Каўнасе (Коўні), надрукаваныя Вандалінам Шукевічам4

Наступныя дзве легенды, надрукаваныя Вандалінам Шукевічам, з большага ідэнтычныя лідскім і могуць быць выкарыстаны і як наш, мясцовы, фальклор.

Закляты ў Троцкім замку скарб

Шмат гадоў таму ў Троках жыў слынны злодзей Чараповіч. Ён быў сапраўднай пакутай для спакойных месцічаў і ваколічных гаспадароў, бо заўсёды так рабіў свае цёмныя справы, што ніколі не трапляўся на гарачым. І хаця, грунтуючыся на ускосных доказах, яго часам выклікалі ў суд, ён заўсёды выкручваўся і пазбягаў заслужанага пакарання.

Незадаволеныя з-за няўдач трайчане, не маючы магчымасці атрымаць справядлівы суд, вырашылі самі выправіць зло. Аднойчы ўначы вялікая грамада сабралася каля хаты Чараповіча, схапіла яго ў ложку і звязанага, як барана, павяла на востраў у замак. Там яго кінулі ў падзямеллі, таямнічыя глыбіні якіх яшчэ бачны сярод руін замка Кейстута. Зрабіўшы гэта, месцічы засыпалі яму камянямі і друзам, знішчыўшы такім чынам ўсе сляды свайго злачынства.

Але провід, відаць, пільнаваў Чараповіча і выратаваў яго ад пералому карку, а потым ад галоднай смерці ў той страшнай магіле і даў яму час адрачыся ад граху.

Апрытомнеўшы пасля перажытага жаху і падзення, пасля якога нейкім цудам косці засталіся цэлымі, Чараповіч устаў і неяк вызваліўся ад путаў. Хоць нічога не бачыў у поўнай цемры і не ведаў, у які бок падацца, ён абмацваючы рукамі сцены, пачаў павольна рухацца. Чараповіч не ведаў, колькі часу ішоў, калі ў далечыні ўсё ж убачыў слабое святло. Узрадаваны гэтым паратункам, пайшоў у той бок і раптам анямеў, бо відовішча, якое адкрылася яго вачам, магло прымусіць задрыжаць любога зуха. Ён убачыў чалавека ва ўсім белым, якія стаіць на каленях з кнігай у руцэ побач з вялікім, акутым жалезам, куфрам, на якім ляжыць вялікі сабака на ланцугу і трымае ў лапах свечкі.

Ахоплены жахам, Чараповіч захацеў уцячы незаўважаным, але сабака ўбачыў і з лютым брэхам пачаў на яго кідацца. І тут падняўся чалавек у белым. Узмахам рукі ён супакоіў сабаку і замагільным голасам спытаў у Чараповіча:

- Адкуль і чаму ты прыйшоў?

Напаўжывы ад страху, дрыжучы і ляскаючы зубамі, злодзей расказаў пра ўсё, што з ім адбылося і чаму ён быў пакараны.

- Табе пашанцавала, што сказаў мне шчырую праўду, - сказаў прывід - таму я цябе ўзнагароджу. У гэтым куфры ляжаць невычарпальныя скарбы - бяры колькі можаш панесці.

- Мне няма куды ўзяць, - адважыўся сказаць Чараповіч.

- Хоць порткі скінь і завяжы, а бяры, калі даюць!

Сказаўшы гэта, ён сагнаў сабаку і падняў вечка куфра.

Убачыўшы колькі там золата, Чараповіч на хвіліну аслупянеў. Але зрабіў так, як яму загадалі, і насыпаў столькі, колькі мог панесці. Пасля чаго прывід сказаў:

- Ідзі і не крадзі больш.

Потым загадаў сабаку вывесці яго з падзямелля.

Пасля доўгай хады яны прыйшлі да вялізнага каменя, які ад удару сабачай лапы адсунуўся і дазволіў Чараповічу выйсці на свет Божы. Як толькі ён выйшаў, валун зноў заваліў праход. Былы злодзей на адлегласці за 1,5 кіламетры ад вострава ўбачыў кляштар бернардынаў (сёння турма). Падзякаваўшы Богу за сваё цудоўнае выратаванне, ён вярнуўся дадому. Частку з атрыманага скарбу аддаў касцёлу, а з рэшты пабудаваў дом, стаў заможным і пачцівым чалавекам.

Заснуўшы ў Ковенскім замку

Звычайна кожная руіна ў Літве, ахрышчаная ў народзе "замкам каралевы Боны", мае свае легенды пра скарбы, якія, ці сцерагуць зачараваныя прынцэсы, ці скарбы знаходзяцца пад аховай чараў, якія можна пераадолець толькі пры пэўных, цяжкавыканальных, умовах. Але скарбы адчыняюць смельчаку цуды, якіх ніколі не бачыла яго вока і чула вуха.

Адну з такіх легенд падаю ніжэй. Яна цікавая тым, што ў ёй, як і ў карпацкай легендзе, мы сустракаем рыцараў усыпленных сілай заклёнаў, якія чакаюць толькі слова, каб паўстаць і выратаваць сваю радзіму.

Пры вусці ракі Віліі ў Коўні захаваліся рэшткі старога замка, дзе, паводле легенды, у акружэнні шматлікага двара і харугваў адборнага войска, некалі жыла каралева Бона. Хаця гэта было так даўно, што нават бацькі і дзяды самых старых людзей не памяталі тых вялікіх часоў, аднак дакладна вядома, што каралева Бона не памерла да нашых часоў, але спіць у падзямеллях замка, якія цягнуцца недзе ў бок Вільні, яна спіць зачараваная заклёнам трывожным сном, сярод сваіх багаццяў, слуг і рыцараў. І чакае зручнага моманту, каб выйсці з падзямелля на чале сваіх войскаў, разбіць ворагаў і адрадзіць дзяржаву. Такі момант здараецца кожныя сем гадоў, калі каралева Бона прыходзіць у сне да каго-небудзь з жыхароў Коўні і расказвае яму, што трэба зрабіць, каб зняць моц закляцця. Выконваючы яе інструкцыі, перш за ўсё патрэбна ачысціць сваю душу ад грахоў праз споведзь і пакаянне. Потым у пэўную гадзіну ночы, трэба пайсці ў замак і капаць там у вызначаным месцы, покуль не з'явіцца вуголле. Пад ім, глыбей, будуць жалезныя, а яшчэ глыбей - медныя дзверы, адчыніўшы якія, трапіш у вялізную залу, дзе на шыкоўным троне з золата і каштоўных камянёў, сядзіць каралева Бона, акружаная заснулымі прыдворнымі і рыцарамі, побач з ёй стаіць вялізны куфар, напоўнены незлічонымі багаццямі, а на куфры ляжыць леў. Аднак не трэба баяцца гэтага льва, а смела ісці да куфра, які адчыніцца сам, і тады можна будзе ўзяць усё дабро, якога толькі душа жадае. Адначасова з гэтым усе абудзяцца і пойдуць выконваць сваю вялікую справу.

Як бачым, умовы не занадта складаныя і, каб іх паспяхова выканаць, вам спатрэбіцца толькі крыху смеласці. Але ў гэту справу абавязкова ўмяшаецца паліцыя, якая пра ўсё ведае і сочыць, каб ніхто не капаў у замку. Нягледзячы на гэта, аднаму зуху ўдалося ўцячы ад паліцыі, ён пачаў капаць, дабраўся да вуголля і нават да жалезных дзвярэй. Аднак працы аднаго чалавека мала, а летняя ноч занадта кароткая, і таму пры дзённым святле падкоп быў знойдзены, і ўсё закончылася арыштам смельчака і судовай справай. Потым яшчэ шмат хто з гараджан сніў Бону, але ўсе яны баяліся ўладаў.

Бона і да гэтага часу дарэмна чакае вызвалення ад закляцця.


2 Гл: Лаўрэш Леанід. Лакалізацыя "Ліды Нарбута", першаснага паселішча на тэрыторыі нашага горада // Лідскі Летапісец. 2023. № 2(102). С. 30-35.

3 Кастэль, ад castells, замак, тып абарончага збудавання.

4 Гл: Szukiewicz Wandalin. Niektore wierzenia, przesady i zabobony ludu naszego, legiendy i podania // Kwartalnik Litewski wydawnictwo poswiecone zabytkom przeszlosci, dziejom, krajoznawstwu i ludoznawstwu Litwy, Bialorusi i Inflant. 1910. T. 2. S. 85-102.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Пісьменнікі, кожны загадкавы па-свойму, і сацыёлаг, які пабываў на Юкатане: Дудзіцкі, Клімовіч, Ластоўскі; "Информобзор" вернецца?

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-18 (105-122) за 2024 г.)

Ці дапамаглі індзейцы падняць тыраж хаця б аднаго беларускага выдання? У прыватнасці, ці дапамог індзейскі воін на кані ў 1995 г. падняць тыраж жлобінскага "Информ-обзора", інфармацыйна-рэкламнай газеты, якая праіснавала да 2019 г.?

Нам здаецца, што індзейцы дапамагаюць прыцягнуць увагу да навін і тавараў найперш як гумарыстычныя персанажы. І таму нават індзеец з фільма, які плача, выкарыстаны ў рэкламе пэўнага гандлёвага дома ў газеце "Вячэрні Гомель".

Літ.:

2927 "Информобзор": подписка: июль, август, сентябрь: 6000 // Информобзор (Жлобин). 1995. 20 мая (№ 20). (Тыр. 5360. Жаданы тыраж у трэцім квартале - 6000.)

3187 Лещенко А. В ХХI век с амарантом! // Информобзор. 1997. 22 марта.

2394 Он плачет, потому что не был в торговом доме "Горизонт-Гомель" // Вячэрні Гомель. 1993. 11 нояб.

2907 Солнце дарит нам жизнь, "ПроРАМПО" - комфорт: [реклама] // Вячэрні Гомель. 1995. 26 мая. С. 1. (Тыр. 20729.)

2908 Солнце дарит нам жизнь, "ПроРАМПО" - комфорт: [реклама] // Вячэрні Гомель. 1995. 9 июня.

3653 Сбылась американская мечта - "Супер-лето" в супер-стране!: [реклама] // Навіны. 1998. 15 мая.

4939 ПРИМА-ЛЮКС: триумфальное шествие по континентам: [текстовый рекламно-информационный материал] // Советская Белоруссия. 2000. 26 февр. С. 17.

ДУДЗІЦКІ Уладзімір (Uladzimir Dudzitski) - Уладзімір Гуцька (Гуцько) нарадзіўся ў в. Дудзічы (Пухавіцкі раён). З рэпутацыяй п'яніцы, лавеласа і актыўнага калабаранта, але таленавітага і творчага чалавека, у поглядах якога было шмат прагрэсіўных элементаў, ён трапляе ў нашу серыю найперш як жыхар Венесуэлы і аўтар твораў, уключаных у "Беларуска-індзейскую бібліяграфію". У Венесуэлу ён вярнуўся пасля жыцця і працы ў Мюнхене, Нью-Ёрку і Блумінгтане (Індыянскі ўніверсітэт, выкладанне рускай мовы), і мясцовыя рэаліі не маглі не адлюстравацца ў яго паэзіі.

Гарадзенскі мастак Алесь Сураў, ураджэнец Бярозы, у якога была нават асобная "лацінаамерыканская" выстава, нямала параўноўваў лёс індзейцаў і беларусаў (а таксама - як яшчэ больш жорсткая кампаратывістыка - і беларускіх яўрэяў).

Мы не знайшлі выказанай прама беларуска-індзейскай кампаратывістыкі ў самога Дудзіцкага або падобных выказванняў у сувязі з ім, але Сураў даў у адным сваім адказе акцэнт на індзейскай тэме ў Дудзіцкага.

"- Лацінская Амерыка, сляды старых цывілізацый. Амазонка, джунглі. Ці няма ў гэтай тваёй зацікаўленасці чагосьці ад Палесся, ад тваіх родных мясцінаў? Я памятаю, на тваёй выставе выкарыстоўваліся лацінаамерыканскія вершы беларускага эмігранцкага паэта Уладзіміра Дудзіцкага.

- Дудзіцкі пасля вайны сапраўды жыў у Венесуэле і пісаў пра тыя рэшткі старажытных цывілізацыяў. Што да мяне, дык я прайшоў да ўсведамлення сябе як беларуса, без перабольшвання, менавіта праз гісторыю тых народаў. Я, як усе, цікавіўся прыгодніцкімі раманамі пра індзейцаў. Але захацелася зірнуць глыбей. Зацікавіўся індзейскімі культурамі, гісторыяй нараджэння тамтэйшых нацый. Я лічу, што i беларусы як нацыя толькі нараджаюцца. Не было краіны ў ранейшыя часы з такой назвай".

Дудзіцкі - адзін з тых нямногіх "публічных" дзеячаў беларускай дыяспары, "канчатковы" лёс якіх няясны - але "знік" ён, бадай, не ў джунглях і не ў Венесуэле, а недзе ў ЗША, магчыма - дакаціўся да чаго-небудзь зусім "ганебнага", пра што ні ён сам, ні яго блізкія ўжо не хацелі паведамляць.

Яго верш "Помнікі і абеліскі" (Мюнхен, студзень 1958 г.) з цыклу "Венесуэла" мы знайшлі ў трох выданнях. У ім гучыць голас самой Карэннай Амерыкі:

На плошчы - помнікі і абеліскі

вялікім свету й богу Сонца-міту.

Схіляюся, паклон усім шлю нізкі -

халоднай бронзе, мармуру й граніту.

А ў думках паўстае маіх: каторы

з іх край вось гэты мілаваў бясконца?

І вецер з гор данёс: "Канкістадоры,

прыкрыўшыся сцягамі бога Сонца,

не мелі ў сэрцы любасці. На балі

агню й мячоў паклалі ў дамавіны

усё, што мы цаной крыві прыдбалі,

пакінуўшы гранітныя ўспаміны…"

Літ.:

12173 Дудзіцкі У. Помнікі і абэліскі // Конадні. 1958. № 5-6. С. 75. ("Вэнэцуэля", 2.)

12174 Дудзіцкі У. Помнікі і абэліскі // Дудзіцкі У. Напярэймы жаданьням. Нью-Ёрк, 1994. С. 190.

12722 Дудзіцкі У. Помнікі і абеліскі // Дудзіцкі У. Творы / уклад., прадм. і камент. Л. Юрэвіча. Мн., 2010. С. 234.

КЛІМОВІЧ Уладзімір (2) - у аднайменным з публікацыяй у "ЛіМе" (2001), але выкананым не на афіцыйным варыянце беларускай мовы (магчыма, пераведзены на "дзеясловіцу") матэрыяле ў "Дзеяслове" (2003, № 4) набор тэм у абразках іншы, хоць ёсць і некаторыя паўторы з "развіццём", як у выпадках з вечным акіянам і муміямі.

Некаторыя з іх (не муміі, а абразкі), якія здаюцца бліжэй да "каранёў" Мексікі, расказваюць пра яе канкрэтных людзей, а таксама пра важныя прыродныя аб'екты, мы любоўна выбралі з "Дзеяслова" (які таксама ўжо памёр, але мусіць адрадзіцца).

Загалоўкі абразкоў - нашы.

ЧАМУ ЛАЛІТА І ЧАМУ КАКТУС?

"Апошнім часам не даюць спакою некалькі пытанняў: чаму я калісьці напісаў апавяданне "Лаліта і кактус" і назваў так кнігу; чаму я калісьці напісаў словы і музыку да песні "Дзеці вятроў" і гэтаксама аднайменна назваў аўдыёзборнік; чаму так даўно, што здаецца, быццам, у іншым жыцці, напісаў не зусім звычайнае для мяне апавяданне "Час, калі плавіцца Сонца"? Чаму?..

Я выходжу з двара, пераходжу вузкую брукаванку і ступаю на ўзбуялую пасохлым зеллем пустку. Тут расце вялікі, як дрэва, кактус. Мы стаім з ім на вышыні больш, чым дзве тысячы метраў над узроўнем мора і, здаецца, я адчуваю стрыманую калючую пяшчоту кактуса. Гарачае сонца смаліць мне валасы і ахутвае нейкай гіпнатычнай немасцю, а моцны вятрыска асцярожна гайдае разняволеныя рукі і нябачна падштурхоўвае, быццам малое дзіця, у спіну.

Магчыма, любоў да Вялікага Кактуса, да Вялікага Сонца і да Вялікага Ветру была даўно прадвызначана мне лёсам".

СПЕВЫ ДЛЯ УЛАДЗІМІРА У РЭСТАРАНЕ

"Аднойчы мы зайшлі ў маленькі рэстаран, дзе гатавалі смачныя кісадзіі - вялікія кукурузныя аладкі з гарачым плаўленым сырам, вострай падлівай і дробна парэзаным, смажаным аж да сухога хрусту, мясам. У гэтым рэстаране мы засядзеліся да поўначы, бо сярод столікаў, на драўлянай імправізаванай сцэне, пад акампанемент гітары спяваў каржакаваты лацінаамерыканец. Акустыка залы, правільна выстаўленыя частоты мікрафона, беззаганны лад дарагой гітары і дыяпазон добра пастаўленага голасу сведчылі пра тое, што выпала добрая магчымасць паслухаць прафесійнага спевака. I я расцёкся ад задавальнення ў мяккім зручным фатэлі, атрымліваючы асалоду ад кожнай песні, ад тэатральных інтанацыяў і ўздыхаў. Нечаканым падарункам было тое, што мексіканскія сябры замовілі для мяне песню і спявак аб'явіў: "Гэтая песня для беларускага хлопца Уладзіміра". I дадаў яшчэ штосьці, чаго я не зразумеў. Я з удзячнасцю кіўнуў спеваку.

А ў канцы выступлення лацінаамерыканец адставіў гітару, падняўся з фігурнага зэдліка, размінаючы заседжаныя ногі, паднёс мікрафон да самых вуснаў і, бліснуўшы чорнымі вачыма, з нейкай таемнасцю ў голасе сказаў:

- А зараз, асабіста ад мяне, песня для беларускага хлопца Уладзіміра, які, па ўсім бачна, нічога не разумее па-іспанску, але які вось ужо больш за тры гадзіны гэтак уважліва глядзіць на мяне, што забываецца піць сваё піва.

Рэстаран засмяяўся і гучна запляскаў і спеваку, і ўдзячнаму слухачу. Мне давялося ўстаць і прыветна махнуць рукой, сцвярджаючы, што я і ёсць той самы хлопец з Беларусі.

...I проста дзіву даешся, як з намі можа часам жартаваць лёс: праз тыдзень Вінсэнт запрасіў мяне ў лепшы рэстаран горада на свята "новай улады", якую нядаўна выбралі, і ў якой ён атрымаў пасаду намесніка мэра Гуанахуата. Мы сядзелі за шчодрымі і багатымі сталамі, а на шыкоўна аздобленай сцэне... спяваў усё той жа каржакаваты лацінаамерыканец, толькі ў суправаджэнні аркестра марыячы [мар'ячы]. Цяпер ужо спявак не зводзіў з мяне ўсхвалявана-палахлівага позірку нават у перапынках паміж песнямі. А я мог толькі ўсміхацца яму, зрэдку кідаючы позірк убок сцэны.

Большага не дазваляў этыкет стала, за якім сядзела кіраўніцтва горада і дзе я павінен быў намагацца актыўна падтрымліваць гутарку".

ПЕСНЯ ПРА РЭВАЛЮЦЫЯНЕРА НЕ СПАДАБАЛАСЯ

"У міжгароднія аўтобусы часта заходзяць вулічныя спевакі. Аднойчы мы выязджалі з Ліёна і перад самым адпраўленнем у салон увайшоў каржакаваты мексіканец. хаваючы смаляныя пасмы валасоў пад шырокімі палямі белага самбрэра, ускінуў гітару і пачаў сіплаватым голасам спяваць штосьці пра прыгожую дзяўчыну з гарачай крывёю і пра свайго худога каня. Я даў спеваку дробную манету, бо мне падалася цікавай гэта местачковая балада. Спявак удзячна павярнуўся да мяне і, смешна ўздымаючы густыя бровы, зацягнуў штампаваную песню пра адчайнага рэвалюцыянера.

І стала так нецікава слухаць, што я пашкадаваў дарэмна страчаны пес".

ВУЛКАН ПОПА

"Ну вось і дачакаліся: прачнуўся мой добры "знаёмы" - вулкан Папакатэпетл. Мексіканцы называюць яго коратка: "Роро". Неяк я наведаў гэтага свавольніка і правёў цэлы дзень на аграмадным скалістым падножжы. Мне падабалася доўга ўглядацца ў дымок, які безупынна віўся над кратэрам [кратарам] і апускаўся мне на плечы ледзь заўважным шэрым попелам, а пасля я падаў на сухі і калючы мох, што ўкрываў сляды апошняга вывяржэння стогадовай даўніны, прыціскаўся ўсім целам да вулкана і слухаў яго трывожную дрымоту.

Ля падножжа вулкана збегліся ў некалькі купак хаты з дробнай гаспадаркай небагатых ранчэра. У адной такой вёсцы, дзе пралягала больш-менш прыстойная дарога да Папакатэпетла, я спыніўся, каб купіць фруктаў і пітной вады. Там я даведаўся, што мясцовыя жыхары называюць вулкан пяшчотна і з павагай - "Don Goyo". Што па-беларуску азначае "Паніч Рыгорка".

Цяпер панскі сынок прачнуўся. I, дзякаваць Богу, у добрым настроі. Ён стрымана кашлянуў, выпускаючы клубы попелу, пары і газу, падняў распаленую магму да самых краёў згаладнелага жэрла, але не пераліў яе, а толькі растапіў вялікай тэмпературай сваю снегавую шапку. Ручаі талай вады пацяклі па яго схілах, быццам змываючы апошнія прыкметы даўняга сну.

Вулканолагаў вельмі ўсхвалявала нечаканае абуджэнне, бо Папакатэпетл - самы буйны вулкан з тых нямногіх, якія стаяць на стыку вялікіх пластоў зямной кары. I калі аднойчы здарыцца вялікае вывяржэнне, якое абавязкова суправаджаецца моцнымі выбухамі і землятрусамі, зямная кара можа даць глыбокую трэшчыну і частка неўтаймоўнай энергіі планеты абрынецца на паверхню праз жэрла Папака-тэпетла. Тады бліжэйшыя гарады - сталіцу штата, Пуэбла, і дваццаціпяцімільённы мегаполіс Мехіка не ўратуюць ніякія навуковыя дасягненні чалавецтва...

Пакуль жа вулкан дражніцца, свавольна плюецца дробнымі і гарачымі камянюкамі, вагой да дзесяці кілаграмаў, у бліжэйшае наваколле.

Жыхароў тых вёсак, дзе я даведаўся мясцовае імя вулкана, у тэрміновым парадку адсялілі ў больш бяспечнае месца.

А "Паніч Рыгорка", забаўляючыся, ломіць дрэвы, завальвае попелам вуліцы і агароды, рушыць няхітрае людское жыллё і, па ўсім відаць, яшчэ доўга не збіраецца засынаць".

ПАДСЛЕПАВАТА ПРЫГЛЯДАЮЦЦА ДА ПІРАМІД

"Калі прыходзіць зіма, цёплую Мексіку наведваюць чароды птушак з Канады і натоўпы пенсіянераў. Найчасцей прыязджаюць заможныя амерыканцы. Гэтыя людзі, даўно не першай маладосці, сумленна адпрацавалі неабходны дзеля забяспечанай старасці тэрмін і цяпер асцярожна гайдаюць на зеленаватых хвалях акіяна жыццёвую стому сваіх маршчыністых целаў, альбо падслепавата прыглядаюцца да пірамід і іншых гістарычных помнікаў, спрабуюць спасцігнуць культуру майя.

А ў небе безупыннымі чародамі ляцяць белыя пералётныя птушкі. Мексіканцы называюць іх: "Канадскія прадвеснікі зімы"".


ОСЛІКІ Ў ГУАНАХУАТА

"На вуліцах Гуанахуата часта можна ўбачыць вослікаў [ослікаў]. Ранчэра на іх прывозяць дровы для тых рэстаранаў, дзе ў меню маюцца экзатычныя стравы, прыгатаваныя на агні.

Вослікі спускаюцца з гор пасля апоўдня. З акуратна складзенымі вязкамі на сваіх пузаценькіх баках, яны ідуць ланцужком па штодзённай і звычнай дарозе. На першым восліку едзе гаспадарранчэра і ціха пасвіствае, каб падбадзёрыць свой маленькі караван. Гуанахуата - горад даўніх каланіяльных традыцыяў, і яго вуліцы не маюць ні аднаго святлафора. Але раптам, быццам па камандзе, спыняюцца драпежна-рыклівыя джыпы і зіхоткія лімузіны: з каралеўскім велікадушшам яны саступаюць дарогу нагружаным жывёлам. Ранчэра з удзячнасцю прыпадымае зашмальцаванае самбрэра і ўскідвае калматыя бровы.

Людзі ў машынах ківаюць галовамі і ўсміхаюцца".

ЗАГІПНАТЫЗАВАНЫ ПРЫБОЕМ

"Прыемна выйсці ўвечары на ўзбярэжжа акіяна. Ззаду застаецца сцішаны камердынер, змяінае цела няонава-крыклівай назвы атэля, зыркія агні ліхтароў і ідзеш да прыбою. Яго перарывісты шум, быццам гукавы маяк у цемры блізкай начы, вабіць цябе і кліча. Ты сядаеш на яшчэ цеплаваты пасля дзённай спякоты пляжны пясок, нецярпліва зрываеш сандалі і з задавальненнем выцягваеш босыя ногі.

Поўня адразу сцеле дываном да цябе сваю залаціста-бясконцую сцежку, і акіян прахалодным дотыкам хвалі, запрашае ў непрадказальнае падарожжа па тваіх думках.

Праз некалькі хвілінаў, загіпнатызаваны Прыбоем, Поўняй і Вялікай Адзінотай, якія прынялі цябе ў сваю кампанію, ты цалкам аддаешся рамантычным мроям, спадзяванням, альбо ўспамінаеш мінулае, якое гэтак часта вяртаецца да цябе саркастычна-шчымлівай усмешкай".

Літ.:

1741 Пад попелам вулкана // Гомельская праўда. 1989. 4 лістап.

2633 Мистраль Г. Земля Чили; Вулкан Осорно / пер. О. Савича // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха; вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 146-147.

2782 Левданская П. И. Кактусы и другие суккуленты в комнатах. Мн., 1972.

2783 Левданская П. И. Кактусы и другие суккуленты в комнатах. Изд. 2-е, перераб. и доп. Мн., 1979.

2986 Лобко В. Д. Ваши "зеленые ежики". Мн., 1984.

4592 Новожилов С. Кактус - мексиканский огурец? // Советская Белоруссия. 1999. 14 авг. С. 5.

12266 Клімовіч У. Капэла весялосці // Клімовіч У. Лаліта і кактус. Мн., 1997. С. 15-30.

6397 Грудзіньска М. EZLN - мірная армія / пер. з пол. Н. Вашчанка // Свабода@без.цябе: краявіды на вольным паветры / [рэдакцыя і падрыхтоўка польскіх матэрыялаў: Ё. Кілян]. Мн.; Познань, 2001. С. 73-92. (Jolanta Kіlіan.)

ЛАСТОЎСКІ Аляксей (Lastouski) - на жнівень 2023 г. пабываў на 342 аб'ектах Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (усяго іх налічвалася тады 1157). Ён сацыёлаг і гісторык, а падарожжы з падобным высокім сэнсам - яго хобі. З 7 топ-уражальных месцаў Сусветнай спадчыны чацвёртым Аляксей назваў Ушмаль (Uxmal) у Мексіцы. Гл. яго сэлфі з руін гэтага некалькі буйнога горада майя на Юкатане.

10.10.2023 г. паведаміў нам, што "больш зацікаўлены быў спадчынай дакалумбавых цывілізацый, а не актуальным жыццём індзейцаў". Ён пацвердзіў, што бачыў індзейцаў, але да сістэматычнага расказу пра іх быў не гатовы. Мы спадзяёмся, што Аляксей, калі ў будучым наведае індзейскія раёны, зможа распавесці падрабязна пра ўбачанае.

Таксама ён наведаў Кубу, хаця гэта, зразумела, "усё ж асобнае".

Літ.:

6190 Сіюль А. Белы насарог // Наша ніва. 1994. № 8-9. С. 13-5, 18-22. (Спісы сусьветнае спадчыны.)

12553 Охрана и популяризация культурного наследия: мировой и отечественный опыт: материалы II Международной научно-практической конференции, посвящённой Году мира и созидания, Витебск, 26-27 октября 2023 г. / редкол.: А. Н. Дулов (отв. ред.) [и др.]. Витебск, 2023.

1723 Организация Объединенных Наций по вопросам образования, науки и культуры (ЮНЕСКО) передала Перу 34 тыс. долларов для праведения работ по восстановлению флоры и фауны в районе всемирно известной археологической достопримечатаельности страны - бывшей столицы инков Мачу-Пикчу // Советская Белоруссия. 1988. 28 окт. (Помощь; инки.)

3059 Под эгидой ЮНЕСКО // Советская Белоруссия. 1992. 16 сент.

860 Аб падабенстве пірамід // Звязда. 1989. 5 жн.

3639 Дрозд Е. Фэнтези: пробуждение спящих богов // Всемирная литература. 1997 № 11. С. 157-177

2984 Истоки - в Древнем Египте // Сельская газета. 1989. 16 авг.

6367 Клепко В. Наши болота и судьба Земли // Свободные новости. 2001. 31 авг. - 7 сент. С. 24.

7608 Костюкович А. Даже ржавый гвоздь способен приносить удачу // Имя. 1998. 8 июля. (Кл. сл.: талисман, вожди индейские, пирамиды.)

7965 Куликова Н. Пирамиды - послания древних? // Вечерний Минск. 2004. 24 сент.

3225 На Алтае обнаружены пирамиды // Гомельская праўда. 1997. 12 марта.

6788 На экранах ("Канал истории": "Загадки мексиканских пирамид": док. фильм) // Згода. 2002. 26 ліп. - 1 жн. С. 7-8.

3973 Находка в Пирамиде Луны // Советская Белоруссия. 1998. 12 нояб. С. 3.

5464 Павлов С. Спросим у Гиннесса // Во славу Родины. 1997. 12 февр. С. 4.

6291 Пирамиды... китайские и японские / подг. О. Вертинский // Сям'я. 2001. 2 нояб. С. 8.

4606 Піраміды // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 8. Мн., 1975. С. 447.

1812 Праскуракоў С. Будаўнікі пірамід з сузор'я Вялікага Пса. Геаграфія пірамід (Паўночная Амерыка) // Чырвоная змена. 1988. 13, 16, 19 крас.

3696 Самбрэра, карыда і кактус / падрыхт. П. Юдо // Настаўніцкая газета. 1998. 3 сак.

7482 Солодовников С. В., Солодовникова Д. С. Тайна пирамид, или Все пути ведут к Атлантиде. Мн., 2002.

2529 Тайна Ацидалийской равнины // Во славу Родины. 1993. 5 нояб.

2001 Тайны древних ацтеков / хранят камни величественных пирамид солнца и луны в Теотиуакане // Знамя юности. 1982. 29 окт.

6163 Шунейка Я. Ф. Піраміды // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мн., 1996. С. 379-380.

3802 Odyniec A. E. Listy z podrozy. T. 1. (Z Warszawy do Rzyma). Wyd. 2. Warszawa, 1984.

3801 Odyniec A. E. Listy z podrozy: (wybor) / oprac. H. Zyczynski. Lwow, [1937].

12723 Odyniec A. E. Listy z podrozy: (wybor). Wroclaw, 2005. (Піраміды.)

5292 Адзярыха В. У. Майя // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 9. Мн., 1999. С. 524-255. (З нямногіх артыкулаў у БелЭн, прысвечаных асобным індзейскім этнасам, - тым больш падпісаны прозвішчам беларускага аўтара; "індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе".)

1679 Находка археологов (Мехико) // Сельская газета. 1988. 19 февр. (Кл. сл.: майя, Кортес де Брасфенар Ф., Кинтана-Роо, полуо-в Юкатан.)

8298 Юкатан // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 18, кн. I. Мн., 2004. C. 207.

5210 Белят М. Падарожжа ў свет майя // Чырвоная змена. 1990. 24 кастр.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 96].

Больш за 10 навінак на беларускай мове

Больш за 10 навінак CINEVOKA: французскія камедыі, культавыя экранізацыі, вестерны 1960-х на беларускай мове

З сакавіка па красавік CINEVOKA, праект па агучванні сусветнага кіно на беларускую мову, выпусціў 11 навінак. Усе яны даступныя да прагляду на відэасервісе VOKA.

Гэтай вясной у беларускай агучцы выйшлі культавыя французскія камедыі з Люі дэ Фюнэсам: працяг гісторыі пра Фантамаса - "Фантамас раз'юшаны" і "Фантамас супраць Скотланд-Ярда", а таксама першыя два фільмы пра прыгоды жандара Крушо - "Жандар з Сан-Трапэ" і "Жандар у Нью-Ёрку".

На беларускай мове загаварылі і каўбоі - гледачы VOKA цяпер могуць паглядзець два папулярныя вестарны 1960-х: "Джанга" і "Золата МакКены". Яшчэ два сусветных кінахіта таго часу таксама сталі даступныя на платформе - аскараносная экранізацыя п'есы Джэймса Голдмэна "Леў узімку" з Кэтрын Хапбёрн, Пітарам О'Тулам і Энтані Хопкінсам і камедыя паводле п'есы Уільяма Шэкспіра "Утаймаванне наравістай" з Элізабэт Тэйлар і Рычардам Бёртанам.

Яшчэ адна экранізацыя - ужо сучасная - "Джэйн Эйр" паводле рамана Шарлоты Бронтэ папоўніць калекцыю меладрам, а для сямейнага прагляду відэасервіс падрыхтаваў мультфільм "Астэрыкс і таемнае зелле". Аматары баявых мастацтваў змогуць ацаніць у беларускай агучцы тайскі крымінальны трылер "Онг Баг".

Дзякуючы праекту CINEVOKA на VOKА ўжо сабрана больш за 50 фільмаў і серыялаў на беларускай мове - усё ад галівудскіх блакбастэраў да класікі анімэ. Гэтая эксклюзіўная калекцыя пастаянна абнаўляецца, яе можна знайсці ў спецыяльным раздзеле "CINEVOKA - Кіно па-беларуску". Кантэнт для яго ствараецца спецыяльна для відэасервіса VOKA і даступны толькі на платформе.

"Бізнес-Ліда".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX