З успамінаў беспрытульнага Сабары: Літоўскія карціны [1]
Карціна другая. Пасля падзелаў краю
III. Урывак з успамінаў прафесара Станіслава Юндзіла пра прамяністых, філарэтаў і філаматаў
II. Другі ўрывак з успамінаў Станіслава Юндзіла. Рэвалюцыя 1830 года.
IV. Наступствы знікнення універсітэта
V. Склад універсітэта ў часы яго скасавання
VI. Чацвёртая частка ўспамінаў прафесара Станіслава Юндзіла
Ці хочаце, каб я намаляваў вам некалькі карцін з нядаўняга мінулага Літвы?
О, і сапраўды, мне прыемна пачуць вашу згоду, дарагія браты!
[...]
Але, дарагія браты! Апісваць усё гэта - значыць акрапіць паперу слязьмі і заліць сэрца самай балючай тугой і шкадаваннем.
Згаджаюся з вамі - пісаць неабходна, бо кожны, хто быў сведкам, хто ўсё ведаў, хто быў закрануты гэтымі сумнымі падзеямі, той павінен пісаць. Пісаць чыстую праўду, без перабольшання, без забабонаў і нават без нянавісці. Бо кожны занатаваны, запісаны і расказаны факт з імёнамі - важны ўнёсак у нашу гісторыю, у скарбніцу нашых памятных рэчаў, пасланне нашым сынам і ўнукам.
Таму я падзялюся з вамі карцінамі, якія я бачыў на ўласныя вочы. Не шукайце ў іх літаратурнага таленту ці відовішчных сцэн, вы знойдзеце тут толькі голую праўду, бесстаронняе апісанне падзей, сведкамі якіх мы былі.
Сабары
Карціна першая (1838-1839)
I
Быў цудоўны майскі вечар (1838 г.). Падарожная карэта стаяла перад карчмой на мінскім гасцінцы за некалькі крокаў ад паштовай станцыі, вядомай як Крыжоўка. Пан увайшоў у карчму, а вазніца хадзіў каля стомленых коней. Гэта быў моцны, шыракаплечы мужчына сярэдняга росту, гадоў трыццаці, апрануты ў звычайны плашч вазніцы з доўгай палярынай. Вазніца зняў цыратовы капялюш, зняў рукавіцы і правёў рукой па сваіх доўгіх, прыгожых, светлых валасах.
Амаль што ў гэты самы момант перад поштай спынілася так званая руская паштовая карэта. Высокі, худы ягамосць выскачыў з яе і хутка пабег на станцыю, але ў карэце, акрамя «ямшчыка», застаўся каржакаваты, атлусцелы чалавек з апухлым, відавочна ад п'янства, тварам. Яго маленькія, слязлівыя, як у яшчаркі, вочы з самага прыезду быццам бы прыклеіліся да вазніцы. І як толькі вазніца зняў рукавіцы, тоўсты чалавек уважліва ўтаропіўся на яго і сачыў за кожным рухам. Не памыляўся: невялікія белыя рукі вазніцы выдавалі яго. Па яго рухах, па цудоўных валасах, але ў першую чаргу па гэтых белых руках, лёгка было здагадацца, што гэты чалавек не заўсёды быў вазніцам. Раптоўна тоўсты чалавек выскачыў з карэты і кінуўся на паштовую станцыю. Стаў у зале, каб з-за дзвярэй лепш разгледзець рысы твару вазніцы. Потым дастаў з кішэні паперку і ўважліва ўтаропіўся ў яе. Вазніца ўбачыў гэта, падышоў да карэты і спытаў у «ямшчыка»:
- Хто едзе?
- Не знаю-с.
- Не размаўляеш па-польску?
- Нет-с. Не говари со мной, -дадаў загадкава. Вазніца зірнуў на яго і, здавалася, пашкадаваў.
- Идите же, - прамармытаў «ямшчык» і кіўнуў галавой наперад, быццам паказваючы дарогу.
Вазніца зразумеў, сказаў «дзякуй» і ў імгненне вока быў ужо каля карчмы, ускочыў на козлы і пагнаў коней. Але, не ад'ехаўшы і сто крокаў, павярнуў галаву ў бок карчмы, быццам нешта ўспомніў, і рэзка спыніў коней, а потым развярнуў іх і зноў спыніўся перад карчмой якраз тады, калі яго пана вывелі два жандары. Па знаку высокага, хударлявага чалавека яго «ямшчык» - пераапрануты жандар, тоўсты чалавек і двое з карчмы кінуліся на вазніцу. Той не супраціўляўся і дазволіў звязаць сябе вяроўкамі, а потым пад канвоем пайшоў на пошту разам са сваім панам, якога таксама звязалі. Пасля допытаў і падпісання акта, карэты рушылі назад па дарозе, якая вяла ў Вільню.
II
Мы павінны апісаць падзеі, якія папярэднічалі вышэйзгаданаму інцыдэнту ў карчме і адбыліся ў той жа самы дзень у Вільні.
На вуліцы Нямецкай у Вільні, з правага боку, калі ісці ад вуліцы Віленскай, недалёка за домам Мюлера (цяпер Шышкі), і сёння стаіць невялікая камяніца. Надпіс над уваходам «Гандаль вінамі Разэнталя» прывабліваў мінакоў, бо Разэнталь меў рэпутацыю добрага віняра, а таксама ў яго доме былі адасобленыя пакоі, дзе зацікаўленыя бакі маглі за бутэлькай свабодна паразмаўляць са сваімі адвакатамі.
У адным з гэтых пакояў у той самы лёсавызначальны дзень сядзелі двое мужчын. Адзін з іх, з доўгімі светлымі валасамі і прыгожымі блакітнымі вачамі, быў апрануты ў летняе паліто. Другі меў паўвеку ад роду, добразычлівую постаць і выраз твару, які сведчыў пра тое, што ён шмат перажыў.
Пілі віно. Размаўлялі пра гадзіннікі. Бландзін дастаў свой гадзіннік, і яго таварыш з захапленнем паглядзеў на яго. Гэта быў гадзіннік фірмы Чапека і Патэка [2].
Праз хвіліну бландзін азірнуўся:
- Ці тут мы цалкам у бяспецы? - спытаў ён.
- О, безумоўна! - адказаў старэйшы мужчына. - У 1831 годзе мы часта праводзілі тут нашы найважнейшыя сустрэчы. З дзвярыма і тоўстымі сценамі ніхто нас не зможа падслухаць.
- У 1831 годзе вы жылі ў палацы?
- Так, пане. Я працаваў палацавым гадзіншчыкам, і таму мне далі невялікую кватэру ўнізе. Храпавіцкі, тагачасны генерал-губернатар, быў аматарам гадзіннікаў і меў іх шмат, таму я кожны дзень хадзіў заводзіць і рэгуляваць іх. У мяне заўсёды быў вольны доступ да палаца, і я нават заходзіў у яго кабінет, не рэгіструючыся. Ад'ютанты генерала, а нават і сам грозны паліцмайстар Пракудзін-Горскі, добра ставіліся да мяне, але часта кпілі, а я нібы агрызаўся. Аднак ведаў, як здабыць тое, што трэба, і адразу ж усё паведамляў сваім. Такім чынам мне нават удалося некалькі разоў выратаваць жыццё таму шалапуту Матушэвічу [3].
- Ведаю, ведаю, мой дарагі пане, што вы добра служылі свайму краю. Па гэтай прычыне я хацеў бы даверыць вам кіраўніцтва друкарняй.
- Гэта добра, але, як ужо казаў вам раней, я нічога не ведаю пра друкарства.
- Не ў гэтым справа, добры пане. Канонік Людвік пакажа і растлумачыць вам усё, што неабходна ведаць. Ён, як уладальнік, напагатове і пры кожным выпадку будзе падказваць. Вы нам патрэбны як дасведчаны чалавек, якога сёння ніхто не падазрае і якому мы можам давяраць. Я ведаю, што за мной ужо сочаць, але я не адмоўлюся ад сваёй місіі. Усё рухаецца хутка - ёсць тэрміновыя навіны з-за мяжы. Калі палічу патрэбным, я буду дасылаць для друку адозвы выключна вам, а вы будзеце пільнаваць і надрукаваныя адпраўляць мне.
- Няхай будзе так! Толькі памятайце, што гэта адцягне мяне ад звычайных спраў, а ў мяне ёсць жонка і дачка.
- Не хвалюйцеся - гэта наша справа. Спачатку, калі ласка, прыміце гэтую дробязь.
Ён дастаў кашалёк і ўсунуў яму нешта ў руку, дадаўшы:
- Значыць, згода!
Яго таварыш трымаў асігнацыю і быццам вагаўся, ці варта яе прымаць. Нарэшце паклаў у кішэню і збіраўся яшчэ нешта сказаць, калі увагу прыцягнула шамаценне за сцяной. Здавалася, гэта быў бразгат шаблі. Міжволі яны здзіўлена дакрануліся да сцяны, бо яна нібыта выгнулася.
- Нам здрадзілі! - закрычаў бландзін. - Бяжым! - і яго ўжо тут не было.
- Бяжым! - сказаў сабе той, хто застаўся. - Але дзе ты тут схаваешся? Мяне ж усе ведаюць.
Раптам дзверы адчыніліся - жандар-маёр Арандарэнка ўварваўся з некалькімі падначаленымі і застыў, бо не ўбачыў у пакоі бландзіна.
- Куды ён падзеўся! Кажы! - закрычаў Арандарэнка.
- Адкуль я ведаю - быў тут і пайшоў.
- Кажы, дзе жыве, бо заплаціш жыццём, калі паспрабуеш яго схаваць! - сказаў Арандарэнка, трасучы за грудзі беднага чалавека. - Скажы, дзе жыве?
- Адкуль я ведаю! А калі б і ведаў, не сказаў б.
Арандарэнка глядзеў на гэты спакойны і непахісны твар, які нібы казаў: «Нічога з мяне не дастанеш».
- У турму, у сакрэтную турму! - крыкнуў Арандарэнка падначаленым і хутка выйшаў.
З калідора праз адчыненыя дзверы нясмела выглянуў высокі, прыгожы мужчына з круглым, румяным тварам. Гэта быў здраднік Нітэль Разэнталь.
III
Дзейнасць Шымана Канарскага зараз добра вядома. Таму мы не будзем паўтараць тут падрабязнасці. Хутчэй, мы імкнёмся выправіць некаторыя памылковыя звесткі, якія, верагодна, міжволі, з-за недахопу матэрыялу, праніклі ў яго біяграфію, апублікаваную ў «Нацыянальным жыцці» (Usque ad Finem), выдадзеным у Парыжы ў 1859 годзе, дзе захоп Канарскага і многія іншыя падрабязнасці апісаны самымі фальшывымі словамі [4].
Шыман Канарскі нарадзіўся ў Літве, у так званым Запушчанскім краі Аўгустоўскай губерні, у 1806 годзе. Вучыўся ў школе ў Сейнах. У 1825 годзе паступіў на ваенную службу радавым 1-га стралковага палка. Падчас паўстання, у якім актыўна ўдзельнічаў, падняўся па службовай лесвіцы і ў рэшце рэшт у званні капітана за мяжой далучыўся да Хлапоўскага. Затым ён удзельнічаў у Савойскай экспедыцыі ў 1834 годзе, выдаваў газету «Поўнач» у Парыжы, вывучаў гадзіннікавую справу ў Швейцарыі, а ў Лондане, Парыжы і іншых буйных гарадах усталяваў цесныя сувязі з Дэмакратычным таварыствам, якое прызнала яго вялікія здольнасці і адправіла ў 1835 годзе ў Літву. Поўны ўпэўненасці ў нацыянальнай справе, перакананы, што можна аднавіць сваю незалежнасць толькі ў тым выпадку, калі бацькаўшчына верне справядлівасць сваім няшчасным сялянам і ў XIX стагоддзі нарэшце прыслухаецца да голасу Скаргі з XVI стагоддзя, калі прызнае сялян грамадзянамі краіны і, як вызваленых рабоў, закліча іх да зброі.
Ён прыехаў як вандроўны рабочы, удзень рамантаваў гадзіннікі, а ўначы шукаў адданых людзей. У сваім сялянскім сукмане заходзіў у халупы і прапаведаваў, што палон сялян не будзе вечным, што будучая барацьба пакліча іх да зброі як свабодных грамадзян краю. Сяляне слухалі яго са слязьмі на вачах, хавалі і падтрымлівалі. Такім чынам ён падарожнічаў па Валыні, Падоллі, Украіне і Літве. Студэнты Кіеўскага універсітэта і Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі прынялі актыўны ўдзел у агульнай справе. Ва ўсіх паветах былі створаны звязаныя паміж сабой камітэты. Канарскі апублікаваў шматлікія лісты да абывацеляў і народа, у якіх тлумачыў свае галоўныя ідэі. Таксама ён меў шмат жанчын-супрацоўніц і выдаў прыгожы зварот да жаночага полу, у якім заклікаў да дзеяння. З Радзевічам і айцом Людвікам Трынкоўскім меў намер заснаваць таемную друкарню ў Вільні, для чаго ўсё было ўжо падрыхтавана, і, верагодна, некаторыя звароты, у тым ліку зварот да жанчын, былі надрукаваны ў гэтай друкарні пад кіраўніцтвам Трынкоўскага. Наглядчыкам друкарні павінен быў стаць Ян Духоўскі, віленскі гадзіншчык, дасведчаны чалавек веры і сумлення, гарачы патрыёт.
Галоўнымі паплечнікамі Канарскага былі жыхар Мінскай губерні Напалеон Навіцкі і Рыгор Брынк з Ігнатам Радзевічам з Гродзенскай. Радзевіч жыў на Валыні, у Лісаве. Разам з Навіцкім яны хавалі Канарскага ў сябе як вазніцу, дварэцкага, кухара і г. д. Сярод галоўных агентаў Канарскага былі канонік Трынкоўскі, Станіслаў Шумскі, Эдвард Ромер, Юстын Грабніцкі, Медард Конча, Францішак Дабкевіч і Севярын Ромер. Аднак душой віленскага таварыства, а таксама сакратаром і галоўным актывістам быў Станіслаў Казакевіч, віленскі адвакат. Сярод іншых важных асоб, якія дапамагалі Канарскаму ў Літве, былі Антон Ажэшка, Ян Былеўскі, Тамаш Булгак, Людвік Орда, Францішак Тарлецкі, Напалеон Жаленскі і іншыя. Віленскую моладзь з медыцынскай акадэміі ўзначальваў Францішак Савіч, Ян Загорскі, Казімір Капчынскі і іншыя. У Кіеве галоўнымі лідарамі былі Бароўскі і Бопрэ. Яны абодва потым былі асуджаныя на смерць разам з Міхальскім і Машкоўскім. Аднак гэты прысуд замянілі на катаржныя работы. Акрамя таго, 115 мужчын і 10 жанчын з выкрытых змоўшчыкаў былі падвергнутыя розным пакаранням. Сярод іх былі і вядомая Ева Фялінская, маці цяперашняга варшаўскага архібіскупа-мітрапаліта, сасланая ў Яраслаў, Давыдоўская з дому Шалайскіх і іншыя. У Канарскага была нявеста Эмілія, якую ён вельмі кахаў, і гэтае пачуццё было ўзаемным. Яе ўвязнілі неўзабаве пасля арышту Канарскага [5].
ІV
Канарскі прыехаў у Вільню на Святаянскія кантракты [6] ў 1838 годзе. У гэты час тут збіралася вялікая колькасць абывацеляў. Канарскі выконваў ролю вазніцы свайго гаспадара. Яны спыніліся ў доме Трынтрока за Вострай Брамай. З 1837 года маскоўскі ўрад ведаў пра існаванне змовы і дзейнасць Канарскага ў Літве і Русі. Кажуць, што імператар Мікалай, знаходзячыся ў Вільні ў 1837 годзе (10 і 11 жніўня), адразу ж спытаў у генерал-губернатара князя Далгарукага пра стан думак жыхароў края. Далгарукі запэўніў цара, што стан самы лепшы. «Так, - адказаў Мікалай, - а можа, менавіта ў гэты момант Канарскі, схаваўшыся дзесьці тут, нешта плануе супраць мяне». Ён таксама дадаў, што французская паліцыя служыць яму лепш, чым яго ўласная [7]. Менавіта тады, нібыта, Далгарукі ўпершыню пачуў імя Канарскага. Таму не дзіўна, што былі выкарыстаны ўсе сродкі, каб выявіць і злавіць яго. Французскі пасол нават даслаў яго партрэт, які скапіравалі і адправілі паліцэйскім уладам. Але Канарскі ведаў усё гэта і быў асцярожны. Як мы ўжо казалі, Навіцкі і Радзевіч умела яго хавалі, а ў Вільні ўсім кіраваў Казакевіч. Пасля прыбыцця Канарскага ў Вільню яны звычайна збіраліся ў ксяндза Людвіка Трынкоўскага. Часам Канарскі, Духноўскі і іншыя змоўшчыкі сустракаліся ў Разэнталя, і тут, у асобным пакоі, які здаваўся такім бяспечным, маглі свабодна размаўляць. Разэнталь заўважыў нейкага новага госця, але не ведаў яго імя. Ён зразумеў, што пад сціплым адзеннем хаваецца важная асоба. Лавіў словы, падслухваў размовы і западозрыў, што справа палітычная. Таму паведаміў генералу жандараў фон Дрэбушу, і каб палегчыць падслухванне, цішком зняў драўляную перагародку, прыклеіў кардон замест дошак і абклеіў яго шпалерамі. Маёр Арандарэнка мог лёгка падслухаць размову, і калі пераканаўся, што тут сам Канарскі, паспрабаваў яго схапіць.
Мы ўжо ведаем, што ў яго гэта не атрымалася. Канарскі ўцёк на вуліцу Жмудзкую, адтуль праз лабірынт яўрэйскіх завулкаў дабраўся да Пазавілля і праз конскі рынак - да дома Трынтрока. У імгненне вока сеў на коней і Чорным трактам рушыў са сваім гаспадаром.
Аказалася, што ні Арандарэнка, ні Разэнталь не здагадваліся, дзе жыве Канарскі, бо да апошняга моманту яны дакладна не маглі ведаць, што ён у Вільні. І ў Вільні настаў Судны дзень! Брамы дамоў і гарадскія рагаткі былі зачынены, вуліцы запоўніліся войскам, паўсюль вялі дбайны ператрус, і праз некалькі гадзін жандармерыя і паліцыя ўварвалася ў дом Трынтрока. Толькі тады даведаліся: толькі што з'ехаў нейкі пан з фурманам, і па апісанні твару апошняга пачалі здагадвацца, што гэта можа быць тая самая таямнічая постаць, якая прычыніла ім столькі клопатаў. Тады пачалі шукаць па ўсіх дарогах. Дом, дзе жыў Канарскі, месціўся на скрыжаванні трох вуліц і трох меншых завулкаў, кожны з якіх вёў на той ці іншы гасцінец, што дазваляла лёгка выбраць больш зручны маршрут - тракт Ашмянскі, Лідскі, Чорны, Полацкі ці нават праз Коміны да Ваўчынай Лапы, а потым на Ковенскі ці Трокскі тракт. У рэшце рэшт Канарскага захапіў віленскі паліцыянт Вендзягольскі. Як гэта адбылося, мы апісалі вышэй.
Такі быў пачатак страшных і памятных бедстваў для Вільні і ўсёй Літвы, якія пачаліся пасля захопу Канарскага і працягваліся да 1840 года.
Адразу ж была створана следчая камісія пад старшынствам князя Трубяцкога [8], вядомага сваёй жорсткасцю. У яго таксама былі годныя памочнікі ў асобе Юферава, Анісімава, Пакроўскага, Арандарэнкі, пра якога мы ўжо згадвалі, і некалькіх іншых. Сакратаром гэтай страшнай камісіі быў Семяненка, брат цяпер вядомага ў Рыме ксяндза. Гэты сакратар Семяненка пазней ажаніўся з полькай Жарноўскай і служыў афіцэрам недзе ў Жамойці, відаць, жывы і сёння.
Велізарныя муры віленскіх кляштараў не маглі змясціць няшчасных вязняў, якіх прывезлі з усіх куткоў краіны. Галоўная турма знаходзілася ў Базыліянскіх мурах, недалёка ад Вострай Брамы, тут жа працавала і следчая камісія.
Магчыма, ніколі, нават у часы інквізіцыі, не выдумляліся такія катаванні і пакуты, як тыя, якія ўчыніў Трубяцкі. Забіванне іголак і цвікоў пад пазногці, гарачы сургуч на рукі, голад, жорсткае абыходжанне і іншае стала звычайнымі катаваннямі, якія многіх даводзілі да смерці або самагубства. А не маючы сродкаў пазбавіць сябе жыцця, выдумлялі такое, што ад адной толькі думкі пра гэта ўздрыгваеш. Дастаткова сказаць, што адзін студэнт здолеў схаваць у сваёй камеры высушаны венік, выцягваў з яго галінкі і глытаў іх, пакуль не захлынуўся.
Адразу пасля прыбыцця вязня яго змяшчалі ў гарачы, як лазня, пакой і на працягу некалькіх дзён не давалі нічога есці, акрамя селядца без кавалка хлеба і кроплі вады. Толькі калі ён траціў прытомнасць, напаўжывога адносілі ў камеру для допыту, дзе перад яго вачыма ляжалі розгі, бізуны і іншыя падобныя прылады катаванняў. Лёгка зразумець, што чалавек у такім стане можа расказаць усё што заўгодна! І ўсё ж, нягледзячы на гэта, большасць змоўшчыкаў прадэманстравала беспрэцэдэнтны гераізм, ахвяравала сабой, але не калегамі. Гэтыя людзі ведалі, што памруць ад пакут, але не маглі здрадзіць, нават калі гэта азначала выратаванне сябе і пазбяганне катаванняў.
Найвысакароднейшы, найслаўнейшы прыклад для ўсіх паказаў сам Канарскі! Гэты чалавек вытрымаў усё, выстаяў да канца, нікому не здрадзіў, веліччу сваёй душы і высакароднасцю сваіх учынкаў прымусіў нават сваіх катаў паважаць сябе [9]. Сам Трубяцкі ў рэшце рэшт лічыў яго святым мучанікам за ідэю. Так, Шыман Канарскі сто разоў быў сапраўды мучанікам!
Нам не трэба казаць, што сярод зняволеных былі і слабыя людзі, якія паддаліся цяжару і болю свайго жахлівага становішча, паддаліся і здрадзілі. Калі б такіх не было, зняволенне Канарскага нічога б не выявіла і за кароткі час не былі б арыштаваны некалькі сотняў асоб. Але не будзем згадваць імёны гэтых няшчасных, лепш даруем ім, бо яны слабыя але цалкам адкупілі свае грахі.
V
Што рабіў віленскі сатрап, князь Далгарукі, спытаеце вы? Як мог гэты ганарлівы пан з панаў дапусціць такія злоўжыванні ўладай, такія катаванні і здзекі над безабароннымі? Князь-пан у той час раззлаваўся на нас. Бо як жа так, ён даведваецца ад Яго Вялікасці, што на свеце ёсць Канарскі, што ён жыве і сее смуту ў ласкава даручаным яго апецы краю, які ён так любіў і дзе яму было так добра, а тым часам ніхто з палякаў, якія яго акружалі, усе гэтыя Марцінкевічы-Жабы, якім ён дараваў сваю міласць, ніхто з іх не паведаміў, што нейкі нягоднік адважыўся тут з'явіцца, адважыўся на змову пад яго пільным вокам і імкнецца да адраджэння дзяржавы, хоча зрабіць гэта праз народ, праз вольны народ, які, вызваліўшы сваю радзіму ад прыгнятальнікаў, вызваліць і сябе ад страшнага рабства прыгонніцтва.
Такім чынам, светлы князь даў Трубяцкому поўную ўладу і рабіў выгляд, што не ведае пра злоўжыванні, а тым часам сам добра бавіў час, ладзячы балі і абеды, нават прымушаючы бавіцца заможную шляхту-арыстакратыю. Ён пазычаў грошы, гуляў у карты, еў за дзесяцярых і нават больш. У князя ў той час меліся і асабістыя праблемы. Ён быў закаханы ў пані Анелю Калкоўскую з дому Падбярэскіх (з прэтэнзіяй на герб Друцкіх, што давала права на княжскі тытул, бо ў Літве і сапраўды былі князі Друцкія-Падбярэскія, былі Друцкія-Сакалінскія, Друцкія-Горскія і, як ёсць і дагэтуль, Друцкія-Любецкія). Прыгожая, як анёл, яна была выдадзена замуж у вельмі маладым узросце за Базыля Калкоўскага, падатковага дарадцу, самага паважанага ў свеце чалавека, па вушы закаханага ў сваю маладую і прыгожую жонку, ад якой меў сына Мікалая.
Амаль што адразу пасля прыбыцця ў Вільню (восенню 1831 года) Далгарукі заўважыў Калкоўскую, і яна спадабалася яму. Распусны сатрап пачаў з таго, што адправіў яе мужа ў Беласток па дзяржаўных справах, і каб улагодзіць, павесіў яму на шыю крыжык. Пані Калкоўская, як і большасць жанчын з вышэйшага класа ў той час, не мела паняццяў ні пра цноту, ні пра абавязак, ні пра гонар. Існавала нават мода на маскалёў, не таму, што яны вылучаліся сваёй прыгажосцю, а таму, што мелі грошы, уладу і былі больш агрэсіўнымі і смелымі, чым мясцовыя. Маскоўскі мундзір таксама адыграў у гэтым значную ролю. Шырока вядомы ўрок, які некалькі гадоў таму ў Вільні студэнты універсітэта далі прыгожай палове, асабліва з арыстакратыі. На адным з маскарадаў у доме Мюлераў [10] у залу ўвайшоў юнак у масцы ў багатай гусарскай форме, сярэбраныя шнуры мундзіра нацягнуты ззаду, і па абодвух баках да шнуроў прымацаваны прыгожа і модна апранутыя панны. На спіне гусара была прышпіленая запіска: «За мундурам панны шнурам» [11].
Такім чынам, атлусцеламу князю было лёгка заваяваць калі не сэрца, то прыхільнасць прыгожай Калкоўскай. У мужа не было прычын вяртацца ў Вільню. Ён пакорліва цярпеў сваё прыніжэнне ў Беластоку, суцяшаючыся час ад часу крыжыкам ці чынам. Аднак, калі даведаўся, што яго жонка занадта забываецца, ён запатрабаваў разводу, і хоць біскуп Андрэй Клангевіч быў вялікім аскетам і ніколі нікому не даваў разводаў, ён не мог супраціўляцца загаду князя, бо, як заўсёды казаў прэлат Гразмані, айцы касцёла не маглі прадбачыць, што князь Далгарукі можа запатрабаваць чагосьці забароненага [12]. І пані Калкоўская развялася.
Яна жыла раскошна, людзі кланяліся ёй, яе сяброўства спрабавалі заваяваць нават і першыя пані, такія як фрэйліна цара графіня Лапацінская і многія іншыя. Аднак сярод арыстакратыі былі і паважаныя матроны, якія вельмі старанна пазбягалі любых кантактаў з палацам. На чале гэтых высакародных паняў, якія свята захоўвалі традыцыі лепшых часоў і дабрадзейнасць, не заплямленую распуснай эпохай Станіслава Аўгуста і яшчэ больш распуснай эпохай маскоўскага панавання, заўсёды стаяла Апалінарыя графіня Плятэр, народжаная Жабянка, дачка знакамітага полацкага ваяводы Жабы і маці цяпер ужо знакамітага Уладзіслава графа Плятэра. Для суцяшэння сэрца мы маглі б пералічыць і некалькі іншых імёнаў, якія здолелі захаваць сваю годнасць і, барані Божа, не кінуць яе ў бруд. Такая была эпоха!
Але вернемся да пані Калкоўскай. Пані Анеля была прыгожай, разумнай і кемлівай, як д'ябал, аднак яна не магла назаўсёды прывязаць сатрапа да сябе. Дачка шляхетнага генерала Ваўжэцкага, жонка графа Забелы, маршалка шляхты Ковенскага павета, таксама прыцягнула ўвагу князя. Далгарукі адразу ж перавёў яе беднага мужа на пасаду губернскага маршалка ў Вільню, што яго вельмі ўсцешыла, бо быў неразумны і пыхлівы. Чакаючы для сябе большага прасоўвання, ахвотна пагадзіўся развесціся з жонкай, за што, хоць яго маршалкоўства і было нядоўгім, атрымаў чын стацкага радцы, камергера царскага двара і кавалера ордэна св. Уладзіміра 3-й ступені. Таксама Далгарукі выплаціў яму і значную грашовую прэмію. Кажуць, што Ваўжэцкі нават саступіў частку пасага дачкі, толькі б пазбавіцца ад зяця, які, што агульнамеркавана, быў дрэнным чалавекам. Сумленны стары падманваў сябе надзеяй, што раман яго дачкі з князем скончыцца вяселлем, і Далгарукі заўсёды ўрачыста абяцаў яму гэта.
Аднак князю было нялёгка расставацца і з Калкоўскай. Ёй усё ж удалося паўплываць на сатрапа, і да таго ж яна была цяжарнай. Як быццам было гэта сёння, памятаем скандальную сцэну яе ад'езду на воды за мяжу. Ехала ў некалькіх карэтах, а яшчэ ў некалькіх карэтах везлі прыгожых віленскіх дам на чале са старой графіняй Лапацінскай, каб яшчэ раз развітацца і абняць сваю дарагую сяброўку. Гэтая пяшчотная сцэна адбылася ля Вострай Брамы, дзе каханка князя малілася і горка плакала, а яе шчырыя сяброўкі здзіўляліся яе пабожнасці і рэдкім якасцям сэрца!
Пасля ад'езду Калкоўскай Далгарукі ўздыхнуў вальней. Значна маладзейшая за яе, прыгожая, магчыма, не такая разумная, але значна больш адукаваная, графіня Забелава зачаравала віленскага сатрапа настолькі, што графіня Лапацінская і цэлая плеяда сябровак Калкоўскай раптам перайшлі на яе бок, сталі яе прыхільніцамі і пачалі заляцацца да прыгожай графіні. Яна жыла з бацькамі ў доме Завадскіх (былы дом Алізараў) у Бернардынскім завулку. Далгарукі не хаваў сваіх любоўных прыгод. Насамрэч, кожны вечар ён ехаў да графіні ў суправаджэнні казакоў або жандараў на чале з начальнікам паліцыі Мяжнёвым. Уся кавалькада ўязджала на двор, брама зачынялася, і эскорт, у тым ліку начальнік паліцыі, ціха чакаў некалькі гадзін, часам да світанку, пакуль «князь не налюбится досыта», як казалі казакі.
Але Калкоўская вярнулася і прывезла любімага сына. Князь вельмі пяшчотна прыняў яе ў пакоі, спецыяльна ўпрыгожаным для гэтай мэты, пераўтвораным у альтанку з найпрыгажэйшых руж. Зноў пачаліся візіты да абедзвюх - аднак, відавочна, пераважала маладзейшая. І паколькі Забелава ў рэшце рэшт перамагла, пані Калкоўская пайшла ў бенедыктынскі кляштар пры касцёле Святой Кацярыны, дзе правяла шасцітыднёвыя рэкалекцыі. Тым часам з Беластока ў Вільню прыбыў яе былы муж, Базыль Калкоўскі. Гэты няшчасны чалавек заўсёды кахаў няверную жанчыну! Таму ён ахвотна пагадзіўся прыняць яе - другое вяселле адбылося ціха (летам 1838 года) у прысутнасці некалькіх сваякоў, потым быў абед за горадам, у Цівалі на Антокалі, і неўзабаве маладыя адправіліся ў Санкт-Пецярбург, але без суправаджэння і пампезнага развітання. Далгарукі забяспечыў лёс сына. Пазней ён стаў афіцэрам і загінуў на Каўказе. А Калкоўскі атрымаў пасаду прэзідэнта падатковай палаты, спачатку ў Смаленску, пазней у Арле. Ён быў годным чалавекам - мудрым, справядлівым чыноўнікам, найлепшым абывацелем, набожным католікам. Але ўсё яго жыццё было зламанае і атручанае гэтай злой і распуснай жанчынай. Яна мучыла і мучыла яго. Ён памёр у Арле, дзе пабудаваў для сябе могілкавую капліцу. Пакінуў значныя грошы свайму сыну і жонцы. Яна вярнулася ў Вільню, быццам не зняславіла і не апаганіла гэты святы горад! Яна ўпала ў лютасць, якая перамяжоўвалася з выбліскамі чыстага вар'яцтва, і, нарэшце, памерла ва ўзросце амаль 70 гадоў у Вільні, у жніўні 1872 года.
Далейшы лёс графіні Забелавай мы абмяркуем у іншым месцы. І даруйце мне за гэты ўрывак, за звычайныя разважанні старых людзей. Калі ўжо казаць пра Канарскага, дык можна лічыць грахом нават узгадкі пра такія агідныя постаці, але што ж рабіць? Такія ўрыўкі нібыта найлепш характарызуюць эпоху і яе людзей.
Аднак, баюся, мяне могуць абвінаваціць у апаганьванні сямейнага гнязда. Той, хто так думае, моцна памыляецца. У мяне яшчэ хопіць часу апісаць не адну з нашых паважаных і выдатных матрон і прыгожых літвінак, але я мушу закрануць і іншых - такі ўжо лёс апавядальніка! Але хай ніхто не абвінавачвае мяне ў паклёпе, і я смела прызнаюся, што хоць ведаю ўсе правінцыі, і ўсюды ёсць прыгожыя і добрыя жанчыны, але анідзе вы не знойдзеце такіх прыгожых, дабрадзейных і бясконца добрых жанчын, як у нашай любай Літве!
VI
Прасторны будынак, вядомы як Кардыналія, дзе сёння месціцца пошта, - адзін з найстарэйшых у Вільні. Ён існаваў яшчэ ў XIV стагоддзі, а з XV належаў сям'і Радзівілаў. У гэтым будынку жыў віленскі біскуп, ксёндз-кардынал Юры Радзівіл, малодшы сын знакамітага Мікалая Чорнага. Ён значна пашырыў будынак, які з-за яго атрымаў назву Кардыналія, - назва захавалася да нашых дзён [13].
У эпоху, якую мы апісваем, гэта значыць у 1838 годзе, тут знаходзіўся трактыр панны Ганны Хольснер. Няхай вас не палохае яе нямецкае прозвішча. Вільня мае ўнікальную здольнасць ператвараць не толькі немцаў і італьянцаў, але нават саміх маскалёў у добрых літвінаў. Спіс пакутнікаў апошняга паўстання найбольш пераканаўча сведчыць пра гэта. Гэтыя Абіхт, Нікалаі, Малінары і Чарняеў ахвяравалі сабой дзеля нашай справы і ў рэшце рэшт насілі нашы прозвішчы. І давайце ўспомнім Плятэраў, Тызенгаўзаў, Гюнтэраў, Дэ Рызаў, Шуазэляў, Марыконі, Ромераў, Борхаў, Моляў, Шульцаў, Корфаў, Краўзаў, Шмітаў, Паповых, Жмайлаў і многіх іншых. Усе яны сёння - лепшыя палякі. Мы не гаворым пра татараў, якія да сённяшняга дня захавалі веру сваіх продкаў і чытаюць Каран па-нашаму.
Вось і панна Ганна Хольснер, хоць яе продкі калісьці прыехалі з Германіі, ужо не ведала ні слова па-нямецку, была добрай каталічкай і лепшай полькай. Кватэра, якую яна займала, складалася з адной даволі вялікай гасцінай і некалькіх меншых пакояў. Тут збіраліся студэнты, адвакаты і чыноўнікі, а часам сюды заходзіў па тушаную капусту з каўбасамі або па вытанчаныя літоўскія калдуны нават прафесар. Стравы панны Ганны былі простымі, але па-літоўску сытнымі і здаровымі. За злот можна было наесціся ўдосталь, а да таго ж за 3 грошы выпіць добры келіх гарэлкі, за другія 3 - атрымаць шклянку піва, а за 5 грошаў - дык і філіжанку адборнай кавы. Усе любілі панну Ганну, яе ведаў увесь горад і нават амаль што ўся Літва, і яна, вядома ж, ведала ўсіх. Ёй было тады каля 40 гадоў, высокая, паўнаватая, з нізкім, крыху гучнаватым голасам. Яна называла ўсіх на «ты», па імені, а часам нават і сварылася - усё гэта ёй было дазволена. Бо панна Ганна мела вялікую цноту. Дваццаць, а часам і больш, бедных студэнтаў харчаваліся ў яе бясплатна, некаторыя па некалькі гадоў, і гэта здавалася такім натуральным, што ніхто асабліва не здзіўляўся. Некаторыя з маладых людзей нават адважваліся капрызіць, калі ім штосьці не спадабалася ці страва падавалася не хутка. Пачцівая панна Ганна была неверагодна арыгінальнай. Напрыклад, у нядзелю яна ішла на конскі рынак і купляла вялізны воз сена. Пячэ сонца, яна даволі тоўстая і ёй цяжка хадзіць, але яна ашчадная і дакладная - не можа пакінуць пакупку на ласку прадаўца. Таму загадвае падняць сябе на самы верх і едзе на возе па галоўных вуліцах горада. Небарачку жудасна трасе, ёй баліць галава, капялюш спаўзае на самую патыліцу, потым звальваецца парык, і з-пад яго ў беспарадку выбіваюцца рэшткі валасоў і падаюць на твар - але панне Ганне ўсё роўна!
- Яўсташак, Рудольф, як маецеся? - кліча яна з вышыні свайго сеннага трона пана графа ці пана маршалка, якія праходзяць міма, і тыя ветліва вітаюць яе. Пачынаецца размова, жарты, досціпы, пусты, але гучны смех, які разносіцца па ўсёй вуліцы.
Такія былі часы ў Вільні, і хоць ужо было шмат паразаў і гора, але было лепш, чым у пазнейшыя мураўёўскія ці каўфманаўскія часы...
Позняй восенню 1838 года, паміж поўднем і першай гадзінай ночы, некалькі чалавек святкавалі ў панны Ганны ў апошнім маленькім пакоі, адзінае вялікае акно якога выходзіла на званіцу касцёла Святога Яна. Гэтае акно было старанна завешана тканінай, і ўваход у маленькі пакой вёў прама з калідора на дзядзінец, падобны на доўгі і шырокі пляц - той самы дзядзінец, на якім князь Кшыштаф Радзівіл сабраў да 10 000 войска, калі ў 1600 годзе ішоў вайной на Хадкевічаў, у палацы якіх (пазней Пуслоўскіх, сёння навуковай акругі) хавалася Зоф'я, княгіня Слуцкая, апошняя Алелькавічоўна, нявеста князя Януша, сына князя Кшыштафа. Таму ўваход у гэты маленькі пакой быў асобны, дзверы, якія вялі ва ўнутраныя пакоі былі замкнёны, а замочная шчыліна зачынена каўпаком. Каля печы, далёка ад акна, на стале гарэла адна свечка, і з меркаванняў засцярогі яна была застаўлена ад акна вазонам. За сталом сядзеў маскоўскі афіцэр і трое цывільных, сур'ёзных мужчын. Афіцэр быў вельмі малады і вельмі прыгожы. На стале стаяла бутэлька мадэры. Яны ціха размаўлялі, час ад часу абдымаліся, і можна было ўбачыць слёзы на іх вачах ды адчуць асалоду, якую можа выклікаць толькі спакой сумлення, калі з-за буры жыццё абрушваецца самымі страшнымі падзеямі. Афіцэр відавочна быў сваім у гэтай кампаніі.
У гэты момант адчыніліся дзверы з сяней і Панна Ганна ўвайшла з ліхтаром. Яна прынесла цыгары, паперу, чарніліцу і ручкі.
- Пішыце да сваіх, я перадам запіскі як мага акуратней, але піце, дзеля Бога! Афіцэр, чаму вы не п'яце?
Потым ціха выйшла. Афіцэр закурыў цыгару і сеў каля акна, астатнія пачалі пісаць. Першы звон ударыў на вежы Святога Яна. Афіцэр ускочыў і сказаў па-руску:
- Што гэта, мой Божа? Я хвалююся!
Усе кінулі пёры і паглядзелі ў вочы афіцэру, быццам у яго вачах быў прысуд жыцця ці смерці.
- Далібог! Не думайце пра нас, але што будзе з вамі? - закрычалі яны.
- Вось табе і маеш, яны ўжо збаяліся, героі! Што будзе? Нічога не будзе - усё будзе добра - сядайце, супакойцеся і піце, баязліўцы! Супакойцеся, калі ласка, можа лепш маліцеся, калі вы ўжо такія баязлівыя і, так, выпіце па чарцы, - сказала панна Ганна, потым разліла па кілішках і зноў ціха выслізнула з пакоя з ліхтаром, дадаўшы толькі:
- Я спяшаюся на кухню. Зараз вярнуся.
Падбадзёрыла. Бледныя твары пасвятлелі, афіцэр залпам выпіў кілішак мадэры, некаторыя вярнуліся да лістоў, іншыя ціха размаўлялі з афіцэрам. Так прайшло добрых пятнаццаць хвілін. Афіцэр зноў пачаў адчуваць трывогу - найменшы шолах на вуліцы прыцягваў яго ўвагу.
Потым раптам дзверы адчыніліся, і першай увайшла панна Ганна з ліхтаром, а за ёй - трыццацігадовы мужчына сярэдняга росту з прыгожым тварам. За ім увайшоў афіцэр з выключна высакароднымі рысамі твару і разумным, задуменным позіркам. Усе ўскочылі, кінуліся да прыбылых, цалавалі чалавека ў твар, у плечы, спрабавалі пацалаваць яго руку, але ён выхапіў яе і ветліва прывітаўся. Дабрыня свяцілася на яго прыгожым твары і ў яго ярка-блакітных вачах. Ён так спакойна гаварыў з усімі і цёпла абдымаў іх, быццам гэта было апошняе развітанне перад смерцю. Так працягвалася некалькі хвілін. Панна Ганна стаяла нерухома, але слёзы цяклі па яе пухлых шчоках. А калі скончылі вітацца, яна паставіла ліхтар на стол і кінулася да прыбылага.
- Досыць гэтага самашкадавання, наш кароль, пане наш найкаханейшы, прэч сумныя думкі і не пагарджайце маёй беднасцю - чым багата, тым і рада!
Сказаўшы гэта, яна моцна схапіла прыбылага за руку і пасадзіла ў крэсла, потым выхапіла яго руку і пакрыла яе пацалункамі. Ён не мог ні абараніцца, ні супраціўляцца, сказаў толькі лагодна і ласкава:
- Добра, хопіць ужо, панна Ганна!
Панна Ганна выбегла, але хутка вярнулася з вялізным падносам з ежай. Прыгожая пятнаццацігадовая дзяўчына Наста (пазней добра вядомая ў Вільні, бо сама стала гаспадыняй кавярні) несла яшчэ адзін, меншы паднос з бутэлькамі. Яны ўсё паставілі на стол, і мужчыны міжволі ўсміхнуліся ад багацця ежы. Тут былі розныя гарэлкі, пачынаючы з літоўскай старкі, каўбасы і каўбаскі, велізарная, цёплая шынка, марынаваная сялява з Трокаў, вугор з Вакі, сыры Брахоцкіх [14] і сыры пастаўскія і г. д., і г. д.
- Ну, мой кароль, мой дабрадзей, я п'ю за цябе! - і жанчына сёрбнула старкі з вялікага келіха, наліла яшчэ адзін, падала яго разам з бутэлькай і зноў знікла. Вярнулася праз хвіліну з новым падносам, які трэба было паставіць на стол. На ім быў цудоўны рулет з парасяці, белая і чорная каўбаса і ўсё такое іншае!
- Мой кароль, мой дабрадзей, прашу есці, калі ласка, - сказала панна Ганна, - а ім я яшчэ нічога не дала, мусяць пачакаць, згаладаліся, але добра ім - цьфу! - баязліўцы! Яны ўжо сталі баязліўцамі!
Але сказала:
- Панове маскалі-дабрадзеі, прашу вас сесці за стол, проста сядайце, як хочаце - і ешце, калі ласка, я ўсё сама прыгатавала!
Усе з ахвотай пачалі есці, і нейкая весялосць, нейкі добры настрой пранізваў іх. Гаспадар, як яны называлі прыбылага, быў асабліва вясёлы, еў, смяяўся і падбадзёрваў іншых. Яму асабліва спадабалася сялява з Трокаў. Вельмі хваліў сыр Брахоцкіх. Ежы заставалася яшчэ дастаткова, каб накарміць дзесяць галодных чалавек, калі дзверы зноў адчыніліся, і панна Ганна з Настай прынеслі новыя прысмакі. Гэта былі літоўскія зразы з вытанчаным соусам і грачаная каша, велізарная смажаная індычка, фаршыраваная сліўкамі, смажанае парася, фаршыраванае вельмі смачным начыннем, якое ўмеюць гатаваць толькі ў Літве, і бялюткая, далікатная квашаная капуста, або, як тут кажуць, кішоная капуста з яблыкамі і аліўкавым алеем да індычкі, і, нарэшце, залацістыя вяршкі. Прысутныя больш не маглі стрымлівацца і выбухнулі смехам. Панна Ганна не знеахвоцілася, а сама села разам з імі, каб падбадзёрыць, наразала, накладала і падкладала, жартавала рэзка, але заўсёды добразычліва і шчыра. Раптам панна Ганна кіўнула Насце, тая выбегла і імгненна вярнулася з іншым падносам, на якім стаялі сярэбраныя лямпы і нейкія старыя, брудныя, нязграбныя, пакрытыя цвіллю і пылам тры бутэлькі.
- Наш дарагі кароль, - сказала панна Ганна, - я не дам табе заморскага віна, але пачастую цябе літоўскім «дубнячком», далібог, старым! Я сама раней хадзіла да Кацэнеленбогена, ён добры чалавек, і мы даўно знаёмыя. Дык ён даў мне гэтую бутэльку 28-гадовай даўніны, яна пастаўлена была, калі ён ажаніўся, а гэтыя дзве бутэлькі крыху старэйшыя, бо іх яшчэ яго бацька паставіў, калі ён нарадзіўся. Стары кажа, што яму зараз пад пяцьдзесят, але каму якая справа да гэтага! Ён хлусіць, бо ў яго ёсць яшчэ бутэлькі.
«Дубняк» сапраўды быў выдатны, густы, як аліўкавы алей, але такі мяккі, бадзёры і сагравальны, а галава пасля яго такая лёгкая, быццам нічога не піў, калі ногі ўжо трошкі пачынаюць кульгаць. Праз гадзіну ежы заставалася яшчэ шмат, але не было ні кроплі «дубняка».
Галоўны задумаўся. Усе змоўклі. Ён устаў, узяў у панны Ганны ліхтар, сеў за невялікі столік, на якім ляжала падрыхтаваная папера і стаяла чарніліца, пачаў пісаць. Нарэшце склаў дзве запіскі, напісаў на адной: «Маёй маці», на другой: «Маёй каханай Эміліі», і аддаў панне Ганне. Яна загарнула запіскі ў кавалак, адарваны ад «Літоўскага кур'ера», і схавала ў сябе на грудзях. Ён напісаў яшчэ некалькі кароткіх запісак і аддаў іх афіцэру, з якім прыйшоў. Ціха пагаварыў некалькі хвілін з другім афіцэрам, а потым са сваімі калегамі - з кожным паасобку. Здавалася, што перад табой святар, які суцяшае, сагравае і намашчае кожнага веліччу сваёй душы, нязломнай сілай волі і характару. І таму ўсе сыходзілі ад яго сапраўды умацаванымі, з абноўленыя для барацьбы і новых пакут.
Нарэшце ён падышоў да гаспадыні, узяў яе за руку і з пачуццём сказаў:
- Дзякуй вам, добрая панна Ганна! Я ведаю вас, сумленныя літоўскія жанчыны, я ведаю, што вы робіце гэта ад сэрца, што гэта прыносіць вам радасць і шчасце, як і любая добрая справа. Але я баяўся за вас. Спадзяюся, што ўсё будзе добра, бо калі б вы пацярпелі за мяне, гэта было б занадта балюча! Няхай Бог узнагародзіць і дабраславіць вас!
- Усё добра, усё добра, - прамовіла панна Ганна, рыдаючы, - але цяпер вы дабраславіце і перахрысціце мяне!
Галоўны перахрысціў і пацалаваў яе ў лоб. Ганна схапіла яго руку, але ён заўважыў гэта і не дазволіў пацалаваць яе. Тады панна Ганна без цырымоній кінулася яму на шыю і пацалавала ў вусны, кажучы:
- Вось і ўсё! Толькі не злуйцеся!
- Добра, добра, годная панна Ганна! Але ж дазвольце мне нагадаць вам, што ваша гасціннасць яшчэ не скончана.
- Ведаю, ведаю! Хто з вас, панове, заступае на службу? - звярнулася яна да афіцэраў.
Тыя пераглянуліся і, хвіліну падумаўшы, сказалі, што сыходзяць абодва.
Афіцэры выйшлі, і адразу ж за імі ўвайшлі два салдаты: адзін ужо сівы, з шырокімі вусамі, другі таксама стары, абодва ўпрыгожаныя некалькімі медалямі, а старэйшы насіў яшчэ Георгіеўскі крыж за адвагу. Як толькі яны ўвайшлі, па-салдацку аддалі пашану таму, каго называлі «гаспадаром», а потым пакланіліся гаспадыні і ўсім прысутным. Панна Ганна пасадзілі іх, і пачала падаваць ежу, не забыўшыся пра гарэлку і мадэру.
Гадзіннік прабіў тры. Сівы салдат ускочыў і пачаў ветліва дзякаваць, і хоць панна Ганна паспяшалася напоўніць келіхі, салдаты не паддаліся на ўгаворы, пакланіліся і выйшлі.
Афіцэры вярнуліся.
- Нічога з гэтага не выйдзе, - усклікнула панна Ганна, бачачы, як яны збіраюцца сыходзіць. Яна кінулася з пакоя і неўзабаве вярнулася з бутэлькай шампанскага.
- Што гэта, больш не трэба, шаноўная панна Ганна, - сказаў галоўны.
- Ха, вы думаеце, што гэта шампанскае? Для такіх гасцей у мяне ёсць ковенскі ліпчык [15].
Калі келіхі былі напоўнены і пададзены прысутным, гаспадар падышоў да пажылога афіцэра, сціснуў яго руку і з бачным хваляваннем сказаў:
- Мы ўдзячны табе, брат славянін. Ты робіш гэта не толькі для нас, але і ў імя ідэі, якая табе гэтак жа дарагая, як і нам. Ідэі, якая пройдзе па нашых трупах і дасягне сваёй мэты - рускія і палякі паціснуць адзін аднаму рукі ў імя адзінства, братэрства і свабоды!
- Каб гэтая ідэя хутчэй рэалізавалася, нам трэба, каб вы нарэшце пагадзіліся і не марнавалі час, - адказаў афіцэр.
- Не, брат! Перш за ўсё трэба мець чыстае сумленне. Калі ты думаеш, што мая свабода можа яшчэ для чагосьці спатрэбіцца, то дазволь мне сказаць, што, пазбавіўшы цябе гэтай свабоды, я пазбаўлю твой народ самага смелага змагара за свабоду! Не і не! Я не выйду з вязніцы, бо ведаю, што гэта гібель для цябе і іншых - інакш і быць не можа [16].
Яны абняліся, а потым усе прысутныя па чарзе абнялі афіцэра. Нарэшце развіталіся з паннай Ганнай і пайшлі.
Чытач, напэўна, ужо здагадаўся, што тым, каго яны называлі гаспадаром, быў Шыман Канарскі. Трое іншых былі яго таварышамі па турме. Афіцэр, з якім Канарскі так пяшчотна размаўляў, быў годны капітан рускай арміі Караваеў. Другі афіцэр - яго калега і падначалены.
У Літве ў той час стаяў корпус генерала Гейсмара, адважнага правадыра і сумленнага чалавека. У гэтым корпусе, у афіцэрскім коле, даўно ўжо панаваў свабодны дух, мелася моцная рэвалюцыйная арганізацыя, і Караваеў быў адным з яе лідараў.
Караваеў і яго саўдзельнікі пайшлі па слядах Мураўёва-Апостала, Рылеева, Пестэля і Бястужава. Яны імкнуліся разарваць кайданы дэспатызму, але іх задача была яшчэ глыбейшай, бо, ратуючы сябе, яны думалі і пра сваіх славянскіх братоў, ужо адчуваючы, што толькі федэратыўны славянскі саюз можа забяспечыць свабоду славянскім народам.
Лёгка зразумець пачуццё, якое ахоплівала вялікую душу Караваева, калі яго самога выкарыстоўвалі як інструмент для прыгнёту братоў, бо ён са сваёй ротай павінен быў цэлы тыдзень трымаць варту ў базыльян. Менавіта тады пазнаёміўся з Канарскім і змог ацаніць гэтага жалезнага чалавека, як называў яго сам Трубяцкі. Ён спрыяў яго стасункам з іншымі вязнямі, ён жа і арганізаваў спатканне ў панны Ганны.
Сходка, пра якую мы распавялі вышэй, не была ні першай, ні апошняй. Мы бачылі, што ў ёй удзельнічалі нават давераныя салдаты. Гэтыя сумленныя людзі вельмі любілі свайго начальніка і выконвалі ўсё, што ён патрабаваў. Без іх удзелу Караваеў не змог б арганізаваць такія спатканні.
Панна Ганна таксама ўмела разумна кіраваць, і, акрамя маладой Насты, ніхто ў доме нічога пра гэта не ведаў. Яна ўмела ўсё рыхтаваць загадзя, і калі наведвальнікі сышлі, а слугі разышліся, сама гатавала ежу ў невялікай кухні і была шчаслівай, калі кароль, як яна называла Канарскага, ухваляў яе кулінарыю.
Акрамя палітычнага аспекту, сходкі дазвалялі мець асабістыя зносіны і распрацоўваць планы, не ўцягваючы ў гэтую справу новыя ахвяры. Гэтыя сустрэчы прыносілі таксама маральнае задавальненне, бо няшчасныя людзі, разлучаныя са сваімі сем'ямі, маглі свабодна напісаць ім некалькі слоў, а панна Ганна ахвотна і ўмела спрыяла дастаўцы. Мы бачылі, што праз яе Канарскі пісаў сваёй маці і сваёй нявесце, панне Эміліі.
Канарскі меў рацыю ў сваім прадчуванні, што гэтыя сустрэчы прынясуць цяжкасці добрай панне Ганне. Караваеў таксама меў рацыю, калі жадаў вызваліць Канарскага з турмы і палегчыць яму ўцёкі. Аднойчы Караваеў зайшоў у камеру аднаго з вязняў і перадаў яму запіску ад Канарскага. Як толькі той прачытаў, адразу скамячыў запіску ў руцэ і з пэўнай усмешкай сказаў Караваеву:
- Дзякуй, пан! Вы далі мне зброю з дапамогай якой я дакажу сваю невінаватасць.
Караваеў быў ашаломлены. Спачатку ён падумаў, што арыштант яму не давярае, што той не разумее, што адбываецца, і паспрабаваў растлумачыць, потым заклікаў да пачуцця гонару і сумлення. Нічога не дапамагло! Подлы чалавек засмяяўся і ўзрадаваўся. Караваеў, даведзены да крайнасці, накінуўся на яго, спрабуючы вырваць у яго запіску, але раптам пачуліся крокі вартаўніка - і ён здаўся. Сышоў з пакорай, а подлы чалавек паспяшаўся заявіць, што яго трэба выклікаць у суд, дзе ён неўзабаве прадставіць доказы супраць Канарскага і Караваева. Кару яму змякчылі, а Караваева адразу арыштавалі. Але пра гэта ў іншым месцы.
VII
У снежні 1838 года генерал Полазаў прыбыў у Вільню ў якасці старшыні ваенна-палявога суда. Ён не быў дрэнным чалавекам, але яму не хапала кемлівасці і праніклівасці, каб раскрыць усе беззаконні і злоўжыванні, учыненыя следчай камісіяй. Полазава хваляць як лагоднага і справядлівага чалавека. Кожны ў той час мог бы здацца лагодным пасля жорсткасцяў і тыранства Трубяцкога. Ён, магчыма, хацеў быць справядлівым, але на самай справе ім не быў, бо не спрыяў пакаранню такіх злачынцаў, як Трубяцкі, Юфераў, Анісімаў, Арандарэнка, Пакроўскі і Семяненка - усе яны атрымалі ўзнагароды. Аднак яму былі ўдзячны, бо ён вызваліў з турмы хаця б некалькі чалавек, некаторых вызваліў умоўна-датэрмінова.
Зняволеных падзялялі на тры класы. Да першай катэгорыі адносіліся тыя, хто быў асуджаны на смерць; да другой катэгорыі - тыя, хто быў асуджаны на катаржныя работы (г. з. пажыццёва або на пэўную колькасць гадоў у падземныя шахты); трэцяй катэгорыяй былі асуджаныя на пасяленне ў Сібіры ці ў аддаленых правінцыях, а таксама ў салдаты Арэнбургскага і Каўказскага корпусаў.
Шыман Канарскі належаў да першай катэгорыі. 14 лютага 1839 г. (27 лютага 1839 г. па новым календары) следчай камісіяй Канарскаму быў зачытаны прысуд, які прысудзіў яго да смяротнага пакарання праз расстрэл [17]. Прысуд павінен быў быць выкананы наступнай раніцай. Такім чынам, у яго быў цэлы дзень, каб думаць і разважаць.
Ён любіў сваю радзіму - і таму, верагодна, у той апошні дзень найбольш думаў пра яе і бачыў яе будучы лёс у самых яркіх фарбах, бо дакладна, што ні на хвіліну не сумняваўся ў адраджэнні. Ён любіў сваю маці і сваю нявесту, яму было цяжка ад разлукі, але роспач і смутак ніколі не закрадаліся ў гэтую вялікую душу. Тыя, хто бачыў яго некалькі разоў у той апошні дзень, сведчылі пра гэта.
Тужліва іграў на сваёй любімай флейце. Вартаўнік распавядаў, што ў той дзень ён сытна еў. Увечары шмат пісаў. Што ён напісаў? Мы не можам сказаць з упэўненасцю. Па горадзе хадзіў верш, быццам напісаны ім у апошнія хвіліны. Ці сапраўды быў напісаны ім і ці быў напісаны ў апошнія хвіліны, мы не можам ручацца. Аднак змест верша дакладна адлюстроўвае нораў і непахісную стойкасць Канарскага. Ён напісаў ліст маці і нявесце. Каля поўначы ўвайшоў турэмшчык Салаўёў, які ад імя князя Далгарукага заявіў, што вязень можа скласці патрабаванні, якія датычацца толькі яго самога. Канарскі адразу ж напісаў:
1. Каб яму дазволілі развітацца са сваімі сябрамі;
2. Каб вызвалілі яго нявесту Эмілію, якая зусім не ўдзельнічала ў змове, але была зняволена з-за яго;
3. Каб яго рэчы былі вернуты сям'і.
Далгарукі загадаў выканаць усё гэта. Аднак турэмшчык скраў рэчы.
Нарэшце спакойна заснуў. Тыя, хто па абавязку службы наведваў яго ўначы і раніцай, былі здзіўлены тым, як чалавек можа так моцна спаць усяго за некалькі гадзін да смерці.
15 лютага, а 5-й раніцы, натоўпы людзей ужо запоўнілі вуліцы. На рагах вуліц былі расклеены друкаваныя аб'явы, у якіх гаварылася, што «сёння, а 8-й раніцы, эмісар Шыман Канарскі будзе пакараны смерцю за дзяржаўную здраду».
Аднак склалася інакш. Да 7-й гадзіны раніцы камендант горада, пляц-маёр, іншыя вайсковыя афіцэры і войска, якое павінна было суправаджаць яго да месца пакарання смерцю, ужо было ў базыльянскіх мурах, але Канарскі ўсё яшчэ спаў. Пляц-маёр і палкоўнік Багдановіч некалькі разоў заходзілі ў камеру, але не адважваліся яго будзіць. Ён прачнуўся толькі каля 8-й гадзіны раніцы. Першай, з кім павітаўся, была яго маці, якую бачыў напярэдадні. Далгарукі адразу ж загадаў ёй пакінуць Вільню да выканання прысуду. Канарскі лічыў, што яна ўжо з'ехала, таму і напісаў ёй вышэйзгаданы ліст. Але Канарская так мужна супрацьстаяла Далгарукаму і праявіла такі вялікі гераізм, што ён быў вымушаны дазволіць ёй зноў убачыць сына і пакінуць Вільню толькі пасля абеду. Са свайго боку яна дала слова гонару, што не будзе прысутнічаць на месцы пакарання смерцю, а правядзе гэты час, молячыся ў кафедральным саборы. Такім чынам, сярод тых, хто чакаў абуджэння Шымана, была і яго маці [18]. Камендант Квятніцкі са спачуваннем размаўляў з ёй. Яна падзякавала і сказала: «У мяне ёсць яшчэ адзін сын, генерал, і я буду шчаслівая, калі ён таксама памрэ за наш край». Радасць Канарскага была вялікай, калі ён зноў убачыў маці. Яна благаславіла яго, абняла, не праліла аніводнай слязінкі і пайшла прама ў кафедральны касцёл, дзе ўжо была заказана святая імшы за Шымана. Толькі тут патокі слёз на імгненне суцішылі жудасны боль. Адразу пасля 12-й гадзіны дня яна пакінула Вільню [19].
А. Стэфан Ліпінскі, суперінтэндант пратэстанцкага збору ў Вільні, увайшоў адразу пасля маці. Ён адбыў споведзь, яны доўга размаўлялі і разам чыталі пакаяльныя псалмы. Ліпінскі належаў да невялікай колькасці высокародных слуг Хрыстовай Царквы, якія найбольш адпавядалі першым апосталам. Без сумнення, меў вялікую душу і непахісную волю, быў выдатным прамоўцам, быў неабходны Шыману ў апошнія хвіліны яго жыцця.
Прынеслі гарбату і цыгары. Канарскі з апетытам піў яе і частаваў а. Ліпінскага. Затым прывялі таварыша з апошняга падарожжа, разам з якім ён быў схоплены, а пасля аднаго за другім пачалі прыводзіць астатніх. З кожным развітаўся чула і сардэчна, суцяшаў і падбадзёрваў, каб трымаліся.
Толькі а 11-й гадзіне раніцы яго вывялі з турмы разам з а. Ліпінскім. Нязмерныя тлумы народа стаялі на вуліцах горада і асабліва на пляцы перад базылянамі, там, дзе сустракаюцца вуліцы Вострабрамская і Вялікая. Загадалі вывесці вязня праз заднюю браму, якая вядзе ў Паліцэйскі завулак.
Каля брамы чакалі аднаконныя сані, арандаваныя ў рамізніка. Справа сеў а. Ліпінскі, злева - Канарскі. Ён быў апрануты ў летняе адзенне, у якім яго арыштавалі - шырокі летні плашч без рукавоў з кароткай палярынай, на галаве сіняя ваўняная шапка, зробленая нявестай, з-пад шапкі да плячэй спадалі прыгожыя светлыя валасы. Ногі ў кайданках. Сані акружаў эскорт з конных жандараў, перад якімі ехалі некалькі афіцэраў на чале з пляц-ад'ютантам і начальнікам паліцыі. Было вельмі цесна з-за вялікай колькасці людзей, і Канарскі казаў жандарам: «Адыдзіце ўбок - бачыце, людзі хочуць мяне ўбачыць і развітацца!» - і кожны раз яго жаданні выконваліся. Па меры набліжэння да Пагулянкі натоўп рос, перапоўненыя былі не толькі вуліцы і пляцы, але і дахі дамоў. На полі перад месцам пакарання стаяла мноства карэт, на іх дахах маці трымалі дзяцей і голасна казалі ім: «Глядзіце, вось мучанік памірае за наш край!». Луналі тысячы хустак і цяклі слёзы. Увесь гэты час Канарскі, бадзёры і ўсмешлівы, кланяўся ва ўсе бакі, развітваўся рукой, зрэдку здымаў шапку і трос яе над галавой. Толькі некалькі разоў гучна сказаў: «Бывайце! Любіце сваю радзіму!». Айцец Ліпінскі стаяў бледны, і хто-ніхто думаў, што гэта менавіта яго асудзілі на смерць. А Канарскі меў здаровы колер твару, і ад вольнага паветра на яго твары нават з'явіўся румянец. А дзень быў прыгожы, яркі, сонечнае святло залівала ўсю ваколіцу.
Месца пакарання смерцю нагадвала вялікі круг, падобны на прасторную плошчу, у тры рады акружаную арміяй. Войскі гралі музыку. На правым баку гэтага круга стаяў камендант Квятніцкі, некалькі генералаў, палкоўнікаў і ніжэйшых афіцэраў - выканаўцы царскай волі. Насупраць іх, злева, была выкапана яма, побач з ёй устаноўлены слуп. З шэрагаў войска выступіў атрад з 24 салдатаў, набраных, каб выканаць смяротнае пакаранне.
Калі сані заехалі ў круг з войска, за імі пачала ціснуцца маса людзей. Канарскі быў больш не ў стане развітвацца вачыма і працягваў развітацца, працягваючы перад сабой абедзве далоні, ажно пакуль за ім не самкнуліся шэрагі войска. Запанавала магільная цішыня. Тыя, хто не мог залезці на вазы, уціскаліся ў шэрагі салдат. Я стаяў паміж шэрагамі, дзе разрывалася кола, за некалькі крокаў ад фатальнага слупа і, такім чынам, усё бачыў.
Як толькі сані ўехалі ў круг і спыніліся, першым выскачыў Канарскі, бразгаючы кайданкамі, спрытна і хутка аббег і дапамог а. Ліпінскаму выйсці з саней. Затым смелым і ўпэўненым крокам, з усмешкай на твары, падышоў да афіцэраў і ветліва прывітаў сваіх катаў. Квятніцкі працягнуў яму руку. Усе маўчалі. У гэтай групе былі вядомыя людзі, такія як генерал Квятніцкі і палкоўнік Багдановіч. Мелі яны сумныя твары, у вачах стаялі слёзы. Адзін Канарскі ўсміхнуўся, і гэта не было прытворствам ці бравадай. Не, позірк яго быў ясны, а твар спакойны. Здавалася, быццам перад табой звястун у момант вялікага натхнення, які вось-вось заспявае гімн уваскрэсення.
Але момант развітання быў кароткім. Канарскі ўзяў а. Ліпінскага пад руку, і разам яны пайшлі да слупа. Тут ён з цікаўнасцю назіраў за падрыхтоўкай, глядзеў у дол, прызначаны для яго вечнага спачыну. Праз хвіліну адышоў, апусціўся на калені і пачаў маліцца разам са святаром. Устаў - і а. Ліпінскі некалькі хвілін благаслаўляў і ўмацоўваў яго дух. Нарэшце святар не стрымаўся і, хістаючыся ад болю, заплакаў. Канарскі кінуўся яму ў абдымкі, яны доўга, шчыра абдымаліся.
Нарэшце а. Ліпінскі пайшоў. Падышоў ад'ютант, капітан Валентыновіч. «Я гатовы!» - сказаў яму Канарскі. Зняў плашч і кінуў яго паліцэйскаму, які стаяў побач. Яму падалі кашулю смерці. Надзеў яе на сябе.
Пачалі завязваць вочы. Адмовіўся і сказаў Валентыновічу: «Папрасіце пана генерала, каб вызваліў мяне ад гэтай ганьбы. Я салдат, і я не раз глядзеў смерці ў вочы». Ад'ютант пабег да каменданта. Той ветліва паказаў рукой, што не можа выканаць гэтую просьбу. Валентыновіч вярнуўся праз хвіліну і сказаў тое ж самае, дадаўшы, што генерал вельмі шкадуе, але не можа ні на ёту адхіліцца ад правілаў.
- Ха, але толькі баязліўцам і злачынцам завязваюць вочы! - усклікнуў Канарскі.
Тады а. Ліпінскі зноў падышоў да яго, яшчэ раз абняў, потым перахрысціўся і прамовіў адпаведную малітву. а калі пайшоў, падышлі каты. Яны завязалі яму вочы і прывязалі да слупа доўгімі рукавамі ад кашулі. А сонца прыгожа свяціла. Неба было яснае - ніводнай хмаркі. Тлум з некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек скамянеў. Канарскі стаяў нерухома, скіраваўшы позірк у адну кропку.
Навокал запанавала мёртвая, жудасная цішыня, якую перапыніла каманда: «Плі!». Каманда не гучная, хутчэй нясмелая, але стрэлы 24 карабінаў былі дакладнымі - пяць з іх трапілі ў сэрца... Кроў пырснула - ён злёгку паваліўся ўправа, а галава нахілілася ўлева.
У той момант, калі стрэлілі карабіны, шматтысячны натоўп у адну секунду выдаў такі стогн, што зямля задрыжала, а неба засмуцілася...
Калі сціхла рэха стрэлаў, загрымела музыка, і шэрагі войска калонамі трыумфальна прайшлі каля дола. Гэтага патрабуюць ваенныя статуты - мы не ведаем, ці ўсе, ці толькі маскоўскія. Як толькі зламаўся мур з салдат, які аддзяляў натоўп ад нябожчыка, людзі кінуліся да магілы. Хусткі, пальчаткі і рэчы ўсіх акуналіся ў кроў мучаніка. Гэтыя рэліквіі захоўваюцца і да сённяшняга дня.
Людзі да вечара наведвалі магілу, якую неўзабаве засыпалі. Гэта працягвалася і на наступны дзень. Ніхто не пярэчыў. Але ў краме Маліноўскага з патаемнага пакоя назіралі і запісвалі наведвальнікаў магілы.
У першую ж ноч самая шляхетная з жанчын, Антаніна Снядэцкая з Сулістроўскіх, жонка сына Анджэя Снядэцкага, у суправаджэнні многіх іншых дам і акадэміцкай моладзі пайшла да магілы. Яны адкапалі дол, знялі кайданы і, памаліўшыся, зноў закапалі, упрыгожыўшы магілу найпрыгажэйшымі вазамі са свежымі кветкамі, прынесенымі для гэтай мэты [20].
Ніхто не пярэчыў. Аднак ведалі, хто там быў і хто што рабіў.
З кайданоў выразалі некалькі тысяч крыжоў і вясельных пярсцёнкаў. Іх шырока насілі і носяць дагэтуль. Плашч быў таемна набыты за 5 тысяч рублёў, парэзаны на дробныя кавалкі і раздадзены як рэліквіі.
Пасля таго як склалі спіс будучых ахвяр, вазы з кветкамі прыбралі, а каля магілы паставілі вартаўніка.
Пазней на гэтым месцы быў пабудаваны невялікі дом, дзе пасяліўся звольнены салдат. Непадалёк пан Гмелінг заснаваў фабрыку па вытворчасці гліняных і каменных вырабаў.
Пасля пакарання смерцю Канарскага ледзь жывы а. Ліпінскі быў вымушаны паехаць да генерала жандараў фон Дрэбуша, а пазней да Далгарукага, каб расказаць падрабязнасці яго смерці. Яны былі глыбока ўзрушаныя.
У той жа вечар генерал фон Дрэбуш даў цудоўны баль (у доме Фіцінгофа). Танцавалі да позняй ночы. Весела бавіліся. Вячэра была смачнай, грымела "ура!" падчас тостаў за цара.
VIII
Напрыканцы гэтага нарысу мы павінны коратка расказаць пра лёс таварышаў Канарскага, а таксама пра іншых асоб, якія тут згадваліся.
Змова ў корпусе Гейсмара была выкрыта. Расследаванне вялося таемна, бо гэтай справе не хацелі даваць розгаласу. Гейсмар страціў корпус. Генерал Квятніцкі, камендант Вільні, за дрэнны нагляд за зняволенымі быў высланы. Палкоўніка Багдановіча аддалі пад трыбунал. Пазней яго апраўдалі, і ён паехаў у Санкт-Пецярбург шукаць працу, бо не меў магчымасці ўтрымліваць сваю вялікую сям'ю. Неўзабаве памёр у Санкт-Пецярбургу.
Высакародны капітан Караваеў і многія іншыя афіцэры былі асуджаныя на катаржныя работы або разжалаваныя ў салдаты. Асуджаны Караваеў памёр у 1841 годзе на Камчатцы, у Петрапаўлаўскай крэпасці. Яго начныя візіты да пані Ганны Хольснер былі раскрыты. Яе арыштавалі. Ганна зацята спрачалася нават з самім Трубяцкім. Ён бязлітасна катаваў і мучыў гэтую годную жанчыну. Пазней, аднак, яе вызвалілі, яна вярнулася ў свой тракцір. Паважаная ўсімі, потым арандавала маёнтак каля Коўна. Мы не ведаем, ці жывая яна яшчэ сёння.
Шаноўная пані Снядэцкая была саслана ў Смаленск. Пазней яна вярнулася ў Вільню і жыла ў сваім доме на Віленскай вуліцы, дзе і памерла. Увесь край любіў яе, бо была ўзорам грамадзянскай цноты і дабрачыннасці.
Вяндзягольскі быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава на шыю і павышаны да губернскага радца. Меў нявесту і наведаў яе ў вёсцы з ордэнам і стужкай на грудзях. Нявеста ўбачыла яго і ўсклікнула: «Ах! У цябе кроў на грудзях!». Ён адразу ж з'ехаў. Аднак пазней ажаніўся з іншай жанчынай. Памёр старым падчас дэманстрацый (відаць, дэманстрацый 1862 г. - Л. Л.). За труной ішлі начальнік паліцыі Васільеў і некалькі членаў сям'і. Дарэчы, Вяндзягольскі не быў дрэнным чалавекам. Звычайны слуга. Не меў благіх намераў, але, як і было яму наканавана лёсам, схапіў Канарскага і потым усё сваё жыццё дорага плаціў за гэта: грамадская думка праследавала яго і зрабіла ізгоем.
Той тоўсты пан, якога мы згадвалі ў першым раздзеле, які ўпершыню сустрэў Канарскага ў Крыжоўцы, быў ключвойтам Мілеўскім. Хоць і не ўмеў пісаць, але яго павысілі да станавога прыстава (раённага камісара ў павеце). Праз некалькі гадоў страціў працу, урэшце збяднеў і туляўся ад хаты да хаты. Яму не адмаўлялі ў падтрымцы, але за гэта ён быў вымушаны падрабязна расказваць пра тую сумную катастрофу, плачучы і праклінаючы, што не меў ніякага ўяўлення пра тое, хто такі Канарскі.
Паплечнікамі Канарскага ў справе заснавання Дэмакратычнага таварыства лічацца Напалеон Навіцкі, Рыгор Брынк і Ігнацы Радзевіч. Іх пазбавілі шляхецкага стану і прысудзілі да пажыццёвых катаржных работ, а маёмасць канфіскавалі ў скарб.
Станіслаў Казакевіч, Антоні Ажэшка і Ян Былеўскі былі галоўнымі членамі звязу, уносілі найбольшы ўклад і забяспечвалі арганізацыю сродкамі. Казакевіч меў ключ да сакрэтнай перапіскі і быў сярод тых галоўных дэмакратаў, якія прынялі план партызанскай вайны. Аднак, паколькі яны прадэманстравалі шчырае пакаянне і далі важныя паказанні, іх толькі адправілі ў сібірскую ссылку.
Тамаш Булгак, Людвік Орда і Францішак Тарлецкі таксама былі адпраўлены ў Сібір на пасяленне.
Канонік Віленскай кафедры Людвік Трынкоўскі сасланы ў Сібір.
Іншых асудзілі на ссылку ў далёкія губерні або ў салдаты на Каўказ [21]. Некаторыя памерлі, іншыя пасля маніфеста 1857 года вярнуліся і дагэтуль жывыя.
Наш сябар, гадзіншчык Духноўскі, паводле дзіўнага збегу абставін і лёсу, выжыў. Яго вызвалілі з турмы амаль праз паўтара года - у люты холад, у летнім адзенні, у якім яго і арыштавалі. Як страла ляцеў дадому, да сям'і, з якой не меў ніякіх кантактаў на працягу ўсяго зняволення. Падышоў да кватэры і ўбачыў вялікае святло ў вокнах. Здзіўлены, з трымценнем у сэрцы, адчыніў дзверы, і што ж? У цэнтры пакоя стаяў більярдны стол, некалькі чалавек бавіліся.
- Што гэта? - крычыць. - Дзе мая жонка, дзе мая дачка?
- Жонка памерла, дачка выйшла замуж і з'ехала!
- А гадзіннікі, інструменты і абсталяванне?
- Усё даўно прададзена.
Такім чынам, ён застаўся на вуліцы ў летнім адзенні, без грошай, без сям'і. Але такія людзі ў Вільні не паміраюць. Неўзабаве, як след ачуняўшы, ён да самай смерці рамантаваў і прадаваў гадзіннікі.
Мы не сказалі ні слова пра постаць Нізеля Разенталя. Ён быў узнагароджаны медалямі, узведзены ў ганаровыя грамадзяне і атрымаў прэмію ў памеры 10 000 рублёў. Нягледзячы на гэта, справы пайшлі не вельмі добра. Яго брат, Сымон, паважаны і інтэлігентны чалавек, звярнуўся да ўлад з просьбай дазволіць яму змяніць прозвішча. Натуральна, яму адмовілі [22]. Другі брат паехаў у Санкт-Пецярбург, трапіў у ласку да вядомага тытунёвага фабрыканта Васіля Жукава і, дзякуючы яго заступніцтву, прыняў праваслаўе. Сёння ён багаты купец.
У папулярную калісьці вінную краму Нізеля ніхто больш не заходзіў. Валодаў ён і крамай спецый. Як і вінную, яе таксама давялося закрыць. Потым ён рызыкаваў, займаючыся рознымі іншымі справамі, і ўлады некалькі разоў падтрымлівалі яго ў гэтым. Але гэта не дапамагло. Ён збяднеў, быў паралізаваны і памёр у галечы.
Літоўскія яўрэі любяць край, і яны неаднаразова гэта дэманстравалі. Але маладзейшае пакаленне, якое атрымлівае адукацыю ў сённяшніх школах, цалкам ператвараецца ў расіян. Старэйшае пакаленне, вернае традыцыям, заўсёды бачыць у шляхце і сялянах галоўную крыніцу ўзбагачэння і не асабліва пераборлівае ў сродках. Нават сёння літоўская шляхта не можа зрабіць ніводнага кроку без яўрэя-фактара, ёсць нават магнаты, якія не адважваюцца выехаць за мяжу, напрыклад, «на воды», без яўрэя. Але тут гаворка не пра гэта. Я не збіраюся пісаць трактат пра яўрэяў. Я проста хацеў сказаць, што сярод літоўскіх яўрэяў такіх Нізеляў няшмат. У тыя гады, якія я памятаю, было ўсяго пяць ці шэсць вядомых шпіёнаў, якія лічылі гэта сваім рамяством.
Найбольш вядомымі сярод іх былі: дзіўна разумны і хітры чалавек, шпіён Напалеона ў 1812 годзе Абрам Шахноўскі, які вызначыўся сваёй руплівасцю і ў 1831 годзе, а пазней выкрываў кантрабанду і фальшаванне грошай і таму меў вялікія заслугі перад Міністэрствам фінансаў. Непахісны, упарты чалавек, які палохаў усіх нават толькі сваім з'яўленнем… а дома яго біла жонка.
Быў другі - Сакер, абвешаны медалямі. Трэці - Гірш К. (нам было б занадта балюча згадваць яго імя), заможны купец, які двойчы банкрутаваў, а потым як шпіён быў узнагароджаны медалямі! Апошні і самы вядомы - Бенька Вільбушэвіч, шпіён яшчэ пры Канстанціне Варшаўскім, той самы, які адразу падчас рэвалюцыі 1863 года ў Гродна быў атручаны вядомым ліхадзеем, губернатарам Скварцовым.
З усіх калег Канарскага найбольш выбітнай фігурай быў айцец Людвік Трынкоўскі. Нарадзіўся 24 сакавіка 1805 года ў сялянскай сям'і і ў маладым узросце прыняў святарскі сан. Усяго ў дваццаць з нечым гадоў быў ужо вядомы па ўсёй Літве як адзін з самых таленавітых прамоўцаў. У 1831 годзе, у дзень Спаслання Духа Святога, калі за мілю ад Вільні адбывалася памятная бітва пры Панарах, ён прачытаў пропаведзь у катэдральным касцёле, падчас якой тройчы звярнуўся да шматтысячнага натоўпу: «Паўстаньце!», і толькі пасля трэцяга звароту ціха дадаў: «Са сваіх грахоў!». Яшчэ да таго як ён скончыў пропаведзь, быў аддадзены загад на яго арышт, і жаўнеры ўжо чакалі каля кафедры. Але кафедру акружылі тлумы вернікаў, а на лесвіцы для яго загадзя падрыхтавалі цывільнае адзенне. Трынкоўскі пераапрануўся, незаўважна зліўся з натоўпам і спакойна выйшаў з касцёла. Ён мог панесці суровую адказнасць, але ў сувязі з ад'ездам Храпавіцкага і прызначэннем Даўгарукага, а таксама пасля таго як Трынкоўскі нейкі час хаваўся ў вёсцы, каб потым зноў з'явіцца ў Вільні разам з сябрамі, справа была закрытая дзякуючы заступніцтву тагачаснай усемагутнай Калкоўскай.
Біскуп Андрэй Клангевіч высока шанаваў яго прапаведніцкі талент, але не мог дараваць распуснага, як ён сам казаў, жыцця - бо Трынкоўскі бязмерна кахаў высакародную і таленавітую панну Ружу Парчэўскую і меў ад яе ўзаемнасць. Гэтае ціхае, прыгожае і старанна схаванае каханне не выклікала гучнага скандалу, і ксёндз Трынкоўскі як святар і як чалавек карыстаўся шырокай павагай і любоўю. Пад ціскам грамадскай думкі і нягледзячы на асабістае нежаданне, Клангевіч быў вымушаны пагадзіцца з рашэннем капітулы ўзвесці Трынкоўскага, якому тады было ўсяго 30 гадоў, у годнасць катэдральнага каноніка і ў 1836 годзе высвеціць яго.
1 мая 1838 года, у самыя балючыя для жыхароў Вільні хвіліны, калі праз неўтаймаванае свавольства Трубецкога, жорстка катавалі сотні няшчасных ахвяр, памёр знакаміты Андрэй Снядэцкі - выдатны лекар, прафесар хіміі, а пазней медыцыны, аўтар бліскучай працы «Тэорыя арганічных рэчаў» і шматлікіх іншых кніг [23]. Шматтысячны натоўп нёс яго цела на руках ад дома Франка (нават з той самай кватэры, дзе раней жыў сам знакаміты Франк) у касцёл Святога Яна. 3 мая адбылася ўрачыстая служба, якую адправіў біскуп Клангевіч у суправаджэнні ўсяго вышэйшага духавенства. Канонік Трынкоўскі сказаў кранальную жалобную прамову [24]. Вільня больш ніколі не бачыла падобных пахаванняў. Пазней адбылося шмат іншых знакавых пахаванняў - Сыракомлі, Маліноўскага, Ромера, Снядэцкай і многіх іншых нашых выбітных суайчыннікаў, але ніводнае з іх не было такім маштабным. Прафесары і студэнты неслі цела на сваіх плячах за Вострую Браму, аж да скрыжавання дарог на Мінск і Гродна, дзе чакаў катафалк, каб перавезці парэшткі ў маёнтак памерлага Болтуп, што ў Ашмянскім павеце. На месцы, дзе студэнты развіталіся з целам свайго любімага прафесара, яны ўласнаручна насыпалі прыгожы курган, вядомы як Андрэеўскі, які стаіць і сёння [25].
Хто не памятае натхнёнай прамовы Трынкоўскага? Яна вядомая з выдання Гіпаліта Скімбаровіча (Варшава, 1840 г.). А гэта была яго апошняя прамова! У гэтай прамове ён выказаў столькі жыццёвых, важных ісцін і ўзняў столькі філасофскіх пытанняў, якія глыбока кранулі тагачаснага прэзідэнта акадэміі, вядомага нягодніка Кучкоўскага, але абурылі біскупа Клангевіча, які не мог дараваць Трынкоўскаму спробу апраўдаць Снядэцкага за тое, што той не наведваў касцёл. Трынкоўскі пераканаўча паказваў, як Снядэцкі выратаваў столькі людзей і падняў іх з смертнага ложка, што само з'яўленне яго прыносіла радасць і суцяшэнне сем'ям у смутку. Клангевіч пісьмова даслаў каноніку рэзкую вымову, але канонік з вялікай годнасцю растлумачыў абвінавачанне і вельмі трапна дадаў, што, у рэшце рэшт, і сам біскуп прымушаў сваю канцылярыю працаваць з тэрміновымі дакументамі нават у першы дзень Уваскрасення Гасподняга. Гэты адказ яшчэ больш раззлаваў біскупа.
Трынкоўскі не мог чакаць абароны ці апекі з гэтага боку. Кучкоўскі ж ужо паразумеўся з Трубяцкім. Думаючы, што, магчыма, яго адсутнасць у Вільні пакладзе канец справе, Трынкоўскі таемна атрымаў пашпарт ад тагачаснага Віленскага дэкана кс. Яна Менінэ (што зусім не ўваходзіла ў яго абавязкі) і выехаў у Друскенікі. Аднак неўзабаве пасля таго, як даведаліся пра месца побыту, яго арыштавалі і прывезлі ў Вільню, дзе зняволілі ў базыльянскім кляштары. Тут пачаліся жахлівыя здзекі, якія давялі яго да такога вар'яцтва, што ён пачаў казаць тое, чаго ніколі не было. У 1839 годзе Трынкоўскага адвезлі ў Мінск, дзе ўрачыста ў кафедральным саборы пазбавілі святарства і адтуль саслалі ў Сібір. Большую частку ссылкі ён пражыў у Іркуцку, цалкам ачуняў, служыў настаўнікам дзяцей аднаго з мясцовых губернатараў, карыстаўся любоўю і павагай усіх і памёр ва ўзросце 44 гадоў у 1849 годзе [26].
Трынкоўскі шмат пісаў, публікаваў вершы і прозу. Добра вядомы яго філасофскія трактаты, такія як "Геній стагоддзяў", "Вораг і народ", "Навуковыя гарызонты", "Уплыў сучаснай філасофіі на літаратуру ў цэлым".
Карціна другая. Пасля падзелаў краю
Мы мелі намер гаварыць толькі аб тым, што бачылі з 1834 года на ўласныя вочы.
Аднак у нашай торбе назапасілася так шмат цікавых успамінаў і апавяданняў з мінулых гадоў, нататак людзей, якія жылі і працавалі ў папярэднюю эпоху, што не можам не падзяліцца гэтымі ўспамінамі з нашымі чытачамі. Мы нават палічылі б грахом не дадаць хаця б адну крупінку ўспамінаў у скарбніцу нашай гісторыі. Таму гэтая карціна прысвечана эпосе пасля падзелаў і да 1839 года. Мы не маем намеру пісаць гісторыю ці ствараць сістэматычны і храналагічны спіс падзей. Мы толькі распавядзем некаторыя падрабязнасці, узятыя з надзейных крыніц, і пазначым толькі абсалютна неабходныя гістарычныя факты.
I
У 1788 годзе расійскія войскі ўвайшлі ў Літву і з таго часу не пакідалі яе. 18 сакавіка 1793 года адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай.
27 сакавіка генерал Крэчэтнікаў выдаў маніфест да забранага народа, у якім абвясціў міласэрныя намеры Кацярыны II клапаціцца аб пакрыўджаным праваслаўным людзе. Згодна з другім падзелам, Расія захапіла Мінскае ваяводства, Падолле, палову Валыні, частку Літвы і 10 паветаў, прылеглых да Кіева, агульнай плошчай 4653 квадратныя мілі. Насельніцтва захопленай зямлі - 3 011 628 жыхароў. Генерал-губернатарам прызначылі генерала Туталміна. Губернатарамі сталі: Мінскім - Няплюеў, Заслаўскім - Шарамецьеў, Брацлаўскім - Бэрхман.
19 красавіка 1794 года ў Вільні ўспыхнула паўстанне, якое распаўсюдзілася па ўсёй Літве. Галоўнакамандуючым быў Ясінскі. Расійскі гарнізон у Вільні пад камандаваннем генерала Арсеньева раззброены. Шмат хто забіты, іншыя ўзяты ў палон. Самога Арсеньева арыштавалі на Антокалі, калі ён бавіў час у пані Валадковічавай. У касцёле св. Казіміра на Рынкавай плошчы, акрамя Арсеньева, зняволілі палкоўніка Языкава, падпалкоўніка Робена, пяць маёраў, пляц-маёра, чатырох капітанаў, адзінаццаць паручнікаў, восем падпаручнікаў, дванаццаць карнетаў і 964 шарагоўца. Уцёк толькі маёр Тучкоў з некалькімі гарматамі, бо знаходзіўся за горадам, на Пагулянцы.
Шымана Касакоўскага, вялікага гетмана літоўскага і ўжо генерал-лейтэнанта рускай службы, які дзейнічаў разам з Арсеньевым, арыштавалі ў доме Мюлера на вуліцы Дамініканскай у шлафроку. Рудзінскі, ад'ютант, які яго абараняў, быў забіты, а Касакоўскі зняволены і, па прысудзе суда, як здраднік пакараны смерцю на Рынкавай плошчы 25 красавіка. Быў створаны Часовы ўрад, які складаўся з найлепшых абывацеляў Вільні і Літвы. Усталяваўся поўны парадак. Урад узначаліў Ясінскі. Арміяй камандаваў генерал Мэйн.
Нацыянальны ўрад існаваў з 19 красавіка па 31 ліпеня. Некалькі расійскіх нападаў былі паспяхова адбіты. Нарэшце, 7 ліпеня значныя расійскія сілы аблажылі Вільню з двух бакоў: генерал Кнорынг ад Вострай Брамы, а Зубаў ад Полацкай шашы на Зарэччы. Успыхнуў страшэнны пажар. Шмат дамоў і касцёлаў згарэла. Затым рускія падпалілі бернардынскі касцёл, прыгожы гатычны фасад якога, а таксама адна з вежаў, абваліліся. Старажытныя ўніяцкія цэрквы св. Пракседы і Спаса таксама згарэлі дашчэнту. Аблога працягвалася без перапынку тры тыдні. Шкода гораду зроблена жахлівая, але рускія таксама панеслі вялікія страты. Аднойчы палкоўніку Міхаілу Іванавічу Дзеяву з вялікімі сіламі ўдалося прайсці праз Вострую Браму - ён ужо быў у горадзе, калі з акна капліцы Пацеяў пры вострабрамскім касцёле босых кармелітаў (св. Тэрэзы) кармеліт Цэліца так трапна стрэліў у Дзеява з дубальтоўкі, што той памёр на месцы. Паніка была настолькі вялікая, што кармеліту ўдалося выбегчы на вуліцу і сарваць з грудзей Дзеява крыж св. Георгія, які ён павесіў у алтары цудадзейнай Божай Маці, крыж застаецца там дагэтуль. Цяперашні імператар Аляксандр II убачыў яго ў 1858 годзе і спытаў, адкуль ён узяўся. Прэлат Урублеўскі, які яму дапамагаў, без ваганняў адказаў: "Гэта генерал Жавускі пакінуў". Пазней, аднак, расіянам удалося выкрасці цела Дзеява. У мілі ад Вільні, за ракой Нямежай, на Ашмянскай шашы, палкоўніка пахавалі і паставілі помнік, адноўлены некалькі гадоў таму.
Другім разам, калі лютаваў расійскі наступ, шавец Гарноўскі, стоячы на гарадской сцяне за царквой Святога Духа, у месяцовую ноч патрапіў у камандзіра падраздзялення, палкоўніка Караваева, які ўжо прарваўся ажно за пляцык перад місіянерскай камяніцай. Караваеў упаў на месцы, а салдаты ўцяклі.
Аднак жыхары Вільні, хоць і праявілі вялікую мужнасць і адвагу, больш не маглі трываць, і 31 ліпеня чужая сіла захапіла спалены і разбураны горад.
Неўзабаве пасля гэтага, 30 кастрычніка таго ж года, хоць трэці падзел яшчэ не адбыўся, Літва была падзелена на тры губерні: Віленскую, Гродзенскую і Ковенскую. Князь Мікалай Рапнін быў прызначаны першым генерал-губернатарам усёй Літвы. Толькі 15 красавіка 1795 года імператрыца ўрачыста абвясціла сваю волю далучыць Літву.
20 лістапада Станіслаў Аўгуст падпісаў адрачэнне ад трона, а 14 снежня быў выдадзены маніфест аб далучэнні ўсёй Літвы. Плошча далучанай краіны складала 2020 квадратных міль, а насельніцтва - 1 176 590 чалавек.
Былі створаны дзве губерні: Віленская і Слонімская, але 12 снежня 1796 года ўся правінцыя аб'яднана пад адзінай адміністрацыяй (у Вільні) і атрымала назву Літоўская губерня. Яшчэ раней, 3 мая 1795 года, была створана Мінская губерня, а пасля смерці Кацярыны, пры Паўле, 9 верасня 1801 года, зноў створаны дзве губерні ў дадатак да Мінскай - Віленская і Гродзенская.
Пералічым першых генерал-губернатараў Літвы.
Першым, як мы ўжо згадвалі, быў фельдмаршал князь Мікалай Рапнін. Ён кіраваў чатыры гады, з 30 кастрычніка 1794 года па 26 лістапада 1798 года. Аднак Літва і Вільня мала ведалі яго, бо пераважна жыў у Рызе і выконваў абавязкі генерал-губернатара Эстляндыі і Ліфляндыі.
Другім генерал-губернатарам быў прызначаны генерал ад інфантэрыі Морыц дэ Ласі, ураджэнец Аўстрыі. Ён дасягнуў высокага звання і значнасці пры Кацярыне, а пазней стаў улюбёнцам Паўла. Яго кіраванне ў Літве доўжылася нядоўга, усяго адзінаццаць месяцаў, і 26 кастрычніка 1799 года ён пакінуў Вільню. Пазней, у 1805 годзе, быў фельдмаршалам і галоўнакамандуючым саюзнай арміі ў Неапалі супраць французскіх войскаў. Пасля паразы ў бітве пад Аўстэрліцам вярнуўся ў край і пасяліўся ў Гродзенской губерні, у маёнтку, падораным яму Кацярынай. Яго нашчадкі дагэтуль жывуць у гэтых краях.
Пасля дэ Ласі з 13 лістапада па 19 снежня 1799 года абавязкі кіраўніка выконваў генерал Ян Горыч.
Трэцім генерал-губернатарам, які потым праславіўся ў расійскай гісторыі, быў генерал Кутузаў-Галенішчаў, з 19 снежня 1799 года па 11 ліпеня 1801 года.
Чацвёртым быў генерал Бенінгсен, які кіраваў краем да 20 верасня 1806 года.
Пятым быў генерал Рымскі-Корсакаў, які кіраваў да 3 ліпеня 1809 года.
Пасля яго (шостым) зноў быў прызначаны Кутузаў, які кіраваў амаль тры гады, і гэта кіраванне запомнілася Літве. Кутузаў вылучаўся дзіўнай лагоднасцю манер, быў справядлівым, не праследаваў мясцовую культуру, размаўляў па-польску і пратэжаваў віленскай сцэне, паглыбляючыся ў найменшыя дэталі жыцця за кулісамі. Шмат цікавых анекдотаў пра яго расказвалі старыя віленскія артысты, асабліва Юзаф Рагоўскі. "Мосане (скарочана ад "Мосць пане". - Л. Л.) быў панам і аматарам сцэны, - распавядаў стары ветэран. - Ён вельмі нас любіў, быў рады дапамагчы. Я быў жанаты, а ў нашай прафесіі здараецца ўсялякае - мы часамі сварымся, а калі жанчына дзейнічае на нервы, з ёй не справішся. Ну, у такіх выпадках адзіным выйсцем было ўцякаць да Кутузава! Ён нас угаворваў і мірыў. І нават, мосане, здарылася так, што я ўваходзіў у кабінет графа праз галоўныя дзверы, без якіх-небудзь дакладаў - вядома, не так, як зараз робіцца, мосане. А падчас сваркі з жонкай я ўрываўся ў кабінет праз бакавыя дзверы, было дрэнна, бо ў прысутнасці генерала жонка нават дабіралася да маёй чупрыны". Мы бачылі ў Рагоўскага карыкатуры «Кур'ера Літоўскага» са справаздачамі аб тэатральных пастаноўках, выпраўленыя самім Кутузавым па-польску.
У сакавіку 1811 года граф Кутузаў (пазней князь Смаленскі) быў прызначаны галоўнакамандуючым Малдаўскай арміяй. Аднак ён не адмовіўся ад пасады літоўскага генерал-губернатара, і падчас адсутнасці яго абавязкі выконваў генерал Гур'еў, а ўсе ўрадавыя ўказы і пастановы заўсёды пераадрасоўваліся Кутузаву. Нарэшце, пасля заканчэння Турэцкай вайны Кутузаў павінен прыняў удзел у памятнай вайне супраць Напалеона і быў вымушаны развітацца са сваёй любімай Вільняй. На яго месца 17 красавіка 1812 года сёмым літоўскім генерал-губернатарам зноў прызначылі генерала Рымскага-Корсакава. Ён займаў гэтую пасаду да самога паўстання, да 24 снежня 1830 года, г. з. больш за 18 гадоў.
Восьмым генерал-губернатарам падчас самога паўстання быў генерал Мацвей Храпавіцкі, з 24 снежня па 23 кастрычніка 1831 года. Яго пераемнікам стаў князь Мікалай Далгарукі, дзевяты генерал-губернатар Літвы і першы, хто пачаў тытулаваць сябе віленскім, гродзенскім, беластоцкім і мінскім. У першай карціне мы ўжо казалі пра Далгарукага. Вернемся да яго пазней, а цяпер давайце адзначым найбольш значныя падзеі той эпохі.
II
17 лістапада 1796 года памерла Кацярына II, і на трон узышоў яе сын Павел I, які ў наступным годзе наведаў Вільню. Павел прыехаў 15 мая. У той час мы ўскладалі вялікія надзеі на гэтага імператара, бо ён выказваў знакі сваёй дабрыні да нас. Вызваленне Касцюшкі з турмы і шчодры прыём магнатаў забранага краю ў Санкт-Пецярбургу былі незабыўнымі. І ў Вільні яго прынялі з вялікай шчодрасцю. Слаўны рэктар Марцін Пачобут-Адляніцкі [27] прывітаў прамовай і паказаў кабінеты акадэміі і абсерваторыю, велічным будынкам якой Павел захапіўся, пра што ўласнаручна запісаў у кнізе, падрыхтаванай для гэтай мэты [28].
Шляхта справіла баль у будынку ратушы - баль доўжыўся да 9 гадзін раніцы, і ўвесь час прысутнічаў імператар. Яшчэ раней, 15 лютага, Станіслаў Аўгуст на шляху з Гродна ў Санкт-Пецярбург апошні раз быў у Вільні.
Аднак надзеі не спраўдзіліся - Станіслаў Аўгуст (19 лютага 1798 г.) і Павел I (11 сакавіка 1801 г.) неўзабаве памерлі, нашы надзеі перакінуліся на маладога Аляксандра I, які на той час здаваўся ліберальным. Неўзабаве, 6 чэрвеня, ён прыбыў у Вільню і таксама быў прыняты з неверагоднай пяшчотай [29]. Аляксандр потым часта наведваў Вільню. Яго прыцягвала прыгожая пані Сулістроўская, якая нават праз трыццаць гадоў з гонарам казала: «Ці не праўда, што мой сын падобны на імператара Аляксандра?» [30]. Можна было б нагадаць шмат анекдотаў пра любоўныя прыгоды Аляксандра, каханкі ў яго былі паўсюль, нават у корчмах і на поштах, напрыклад, у Няменчыне, дзе яшчэ некалькі гадоў таму жыла яўрэйка, якае, калі яе за нешта пачаў лаяць станавы пісар, гучна закрычала: «Як ты смееш мяне лаяць, калі сам імператар цалаваў вось гэтую самую маю руку!». Пасля такога выказвання пісар быў вымушаны замаўчаць. Аляксандр любіў наведваць прыгожы маёнтак Горы каля Вільні, і па вяртанні часта спыняўся ў карчме Тышкевічаў, вядомай сваімі ракамі ў малацэ і курамі. Тут ён сядзеў у альтанцы, а прыгожыя літоўскія жанчыны абслугоўвалі яго.
21 студзеня 1805 года была створана Віленская навучальная акруга, пад уладай якой апынуліся ўсе літоўскія губерні, а таксама Валынь, Падолле і Кіеўшчына. Куратарам імператар прызначыў свайго асабістага сябра, князя Адама Чартарыскага, былога таварыша (намесніка) міністра замежных спраў. 18 мая Віленская акадэмія была перайменавана ва універсітэт, ён складаўся з чатырох факультэтаў: фізіка-матэматычнага, маральна-палітычных навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў і медыцынскага. У штаце універсітэта былі рэктар, чатыры дэканы, 32 прафесары і 12 ад'юнктаў. Пазней колькасць выкладчыкаў павялічылася. Пасля таго як у скарб былі канфіскаваны фундушы езуітаў і Адукацыйнай камісіі, урад пачаў штогод выдзяляць 105 000 срэбных рублёў на ўтрыманне універсітэта, што было на той час значнай сумай, і прафесарам добра плацілі.
Далей Віленскі універсітэт праіснаваў нядоўга, менш за 30 гадоў. Аднак важнасць універсітэта была вельмі вялікай, дастаткова назваць імёны такіх прафесараў, як Пачобут, Нарвойш [31], Ян і Андрэй Снядэцкія, Пётр і Юзаф Франкі, Гуцэвіч [32], Смуглевіч [33], Галанскі, Баянус [34], Гродэк [35], Лелевель [36], Ярашэвіч, Галухоўскі [37], Анацэвіч [38], Юндзіл [39], Палінскі, Нішкоўскі, Лабенвейн, Ламаліцкі, Абіхт, Рымкевіч, Кажанеўскі, Бароўскі, Парцянка, Вольфганг і многія іншыя. Таксама трэба згадаць імёны знаных студэнтаў Віленскага універсітэта, такіх як Міцкевіч, Славацкі, Чачот, Зан, Малеўскі, Маліноўскі, некалькі Ходзькоў, Нарбут, Крашэўскі, Балінскі, Адынец, Тышынскі, Ёхер, Шыдлоўскі, Здановіч і многія, многія іншыя, якія сталі ўпрыгожваннем нашага грамадства і засталіся ў гісторыі.
Мы не маем поўнай гісторыі Віленскага універсітэта. Аднак ужо цяпер валодаем значнай колькасцю матэрыялаў, якія з'яўляюцца важным унёскам у яе даследаванне. Адным з такіх каштоўных крыніц з'яўляюцца мемуары знакамітага батаніка і прафесара Станіслава Юндзіла. Яны былі апублікаваныя толькі часткова, але, магчыма, калі-небудзь мы выдадзім іх і цалкам. Ніжэй прыводзіцца ўрывак з гэтых успамінаў, прысвечаны прамяністым, філарэтам і філаматам.
Меркаванні выбітнага прафесара падаюцца занадта суровымі і, відаць, шмат у чым перадузятымі. Ён халодна і скептычна глядзіць на моладзь, якая з юнацкім захапленнем спрабавала адкрыць новыя, больш светлыя шляхі для развіцця нацыянальнай адукацыі. Шляхетны Юндзіл добра бачыць іх недахопы, аднак не ўсведамляе сапраўдных намераў і маштабаў дзейнасці таварыства (у чым і сам прызнаецца). Ён не ведаў пра іх высакароднасць, самаахвярнасць і бязмежную любоў да роднага краю. Безумоўна, не ўсе, каго хваліў Юндзіл, былі годныя пашаны, як і не ўсе асуджаныя ім заслугоўвалі такога стаўлення. Таварыства ўключала ў сябе мноства выдатных асоб, якія на працягу ўсяго свайго жыцця дэманстравалі чысціню намераў і сумленнасць. Яно атрымала настолькі шырокае прызнанне і выклікала такую глыбокую сімпатыю ва ўсім краі, што заслугоўвае самай пільнай увагі. Магчыма, праз маладосць і недасвечанасць яго ўдзельнікаў таварыства і мела пэўныя недахопы, але яно ніколі не кіравалася ліхой воляй.
Пра прамяністых і філарэтаў напісана ўжо шмат, але гэтая тэма застаецца невычэрпнай. Найбольшую цікавасць, безумоўна, выклікаюць нядаўнія запісы Ігната Дамейкі - аднаго з найстарэйшых філарэтаў. Наколькі нам вядома, некаторыя з удзельнікаў тых падзей усё яшчэ жывыя (Абрамовіч, Пясецкі, Адынец, Кавалеўскі і, магчыма, іншыя), таму менавіта яны мусяць выступіць у абарону памяці славутага таварыства. Кіруючыся гэтымі меркаваннямі, мы лічым карысным прапанаваць чытачам урыўкі з успамінаў Юндзіла пра прамяністых і філарэтаў.
Прафесар Юндзіл быў вядомы не толькі сваёй навуковай дзейнасцю і шматлікімі заслугамі перад універсітэтам і краем, але і высокай прынцыповасцю ды сумленнасцю. Аднак, падобна, ён меў і свае хібы, бо вызначаўся надзвычайнай строгасцю і быў непахісны ў сваіх часта негатыўных ацэнках падзей і людзей, да якіх не меў сімпатыі. Гэта выразна выяўляецца не толькі ў прыведзеных ніжэй тэкстах, але і ва ўсіх яго мемуарах. Тым не менш, усе даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што яго ўспаміны з'яўляюцца вельмі каштоўнай нашай спадчынай.
III. Урывак з успамінаў прафесара Станіслава Юндзіла пра прамяністых, філарэтаў і філаматаў
Аб'яднанне студэнцкай моладзі ў таемнае таварыства «прамяністых» на пачатку вясны 1819 года стала новай і небывалай дагэтуль падзеяй ва універсітэцкім жыцці. Яго заснавальнікамі былі Тамаш Зан [40], Францішак Малеўскі [41] і Ян Чачот. Яны называлі сябе «прамяністымі», бо, выходзячы раніцай на сумесныя прагулкі, ладзілі свае сустрэчы пад адкрытым небам і сустракалі прамяні ўзыходзячага сонца. Існаванне гэтага таварыства ні для каго не было сакрэтам, і нават некаторыя правілы яго статута былі шырока вядомыя. Маральнасць, прыстойнасць і навука абвяшчаліся іх галоўнымі мэтамі. Аднак празмерная пыха некаторых членаў, карпаратыўны дух, выключная прыхільнасць толькі да аднадумцаў і адасабленне ад тых, хто не жадаў ці не мог быць сярод іх, выклікалі амаль што ўсеагульную непрыхільнасць з боку астатняй універсітэцкай моладзі. Таварыства праіснавала каля двух гадоў, мела шмат прыхільнікаў у розных факультэтах, але з-за чутак пра існаванне таемных студэнцкіх суполак у паўночна-германскіх універсітэтах урад пачаў звяртаць пільную ўвагу на падобныя аб'яднанні і ў нашым краі.
Ваенны літоўскі губернатар Корсакаў ужо пэўны час меў звесткі пра дзейнасць «прамяністых». Губернатар адкрыта варожа ставіўся да тагачасных папулярных таварыстваў вольных муляроў (масонаў). У сярэдзіне мая 1821 года рэктар Малеўскі [42], маючы справядлівую заклапочанасць з-за магчымых наступстваў, якія маглі напаткаць неспрактыкаваную моладзь праз гэтае аб'яднанне, даведаўся пра час і месца іх чарговага сходу. Ён асабіста прыйшоў да іх, загадаў неадкладна разысціся і строга забараніў збірацца зноў. Сябры таварыства паставіліся да закліку рэктара з відавочнай павагай і, не аказваючы ніякага супраціву, мірна разышліся Гэты роспуск «прамяністых» стаў штуршком для хуткага стварэння новага аб'яднання - таварыства філарэтаў. Тыя ж самыя асобы, якія заснавалі першае, неўзабаве арганізавалі і другое, але гэтым разам таварыства было строга заканспіраваным і добра арганізаваным. Нават самыя блізкія сябры, сваякі і бацькі ўдзельнікаў нічога не ведалі пра гэты саюз. Сапраўды, малодшыя члены нават не здагадваліся пра агульную колькасць, маштабы і, верагодна, пра сапраўдныя намеры арганізацыі. Непрадбачаная падзея выкрыла філарэтаў, якія так старанна хаваліся два гады, і прынесла вялікія няшчасці яго ўдзельнікам [43].
У 1823 годзе некалькі вучняў пятага класа гімназіі, кіруючыся звычайнай для іх узросту легкадумнасцю, напісалі на школьнай дошцы тлустымі літарамі: «Віват канстытуцыя 3 мая!». Надпіс заставаўся незаўважаным на працягу некалькіх гадзін. Ваенны губернатар, даведаўшыся пра гэта, палічыў надпіс напамінам пра знакамітую ў многіх адносінах эпоху нашага края і расцаніў яго як цяжкае дзяржаўнае злачынства. Ён не толькі накіраваў афіцыйны ліст з жорсткай вымовай рэктару, але і, занепакоены іншымі абставінамі, прадставіў даклад вялікаму князю Канстанціну, дадаўшы, што мае звесткі пра існаванне таемных патрыятычных суполак сярод школьнікаў. У выніку, паводле загаду рэктара, многія старшакласнікі, якія падазраваліся ў здзяйсненні гэтага надпісу, былі неадкладна арыштаваныя і дапытаныя. Вінаватыя ў гэтай легкадумнасці - Ян Чахавіч, Міхал Плятэр, Бенедыкт Касцялкоўскі і Юзаф Кулакоўскі - былі неўзабаве выяўленыя і пакараныя адпаведна ступені іх віны.
17-га чысла таго ж месяца, паводле нечаканага загаду вялікага князя, рэктар універсітэта Твардоўскі [44], прэфект сярэдняй школы Юзаф Скачкоўскі, а таксама выкладчыкі Аляксандр Жылінскі і Ян Вашкевіч былі арыштаваныя і ўзятыя пад вайсковую ахову. 7 ліпеня ў Вільню прыбыў тайны радца і сенатар Мікалай Навасільцаў [45] з даручэннем імператара Аляксандра аднавіць расследаванне. Яму загадвалася не толькі знайсці вінаватых і высветліць прычыны з'яўлення надпісу, але і выкрыць таемнае таварыства, згаданае ў дакладзе Корсакава. Сенатар загадаў неадкладна вызваліць з-пад варты рэктара і выкладчыкаў, аднак абвінавачаных студэнтаў пакінуць пад арыштам на больш працяглы тэрмін. Пасля паўторнага расследавання яны разам з цэнзарам пятага класа Каэтанам Максевічам былі прысуджаны да максімальнага тэрміну вайсковай службы ў якасці салдат звычайных стралковых палкоў. Расследаванне справы таемнага таварыства адклалі на пазнейшы час, а ўсім студэнтам забаранілі пакідаць горад падчас чарговых вакацый. Атрымаўшы інфармацыю пра гэтыя падзеі, 29 жніўня куратар навучальнай акругі князь Чартарыскі прыбыў у Вільню і неадкладна прызначыў камісію ў складзе прафесараў Баянуса, Лабойкі і Клангевіча для расследавання і складання справаздачы аб вышэйзгаданым таварыстве.
Перад камісіяй кіраўнікі «прамяністых» (таварыства, якое было ліквідавана двума гадамі раней) прызналіся ва ўсім, што ўжо і так было вядома. Аднак ім удалося настолькі добра прыхаваць існаванне новага аб'яднання філарэтаў і філаматаў, што камісія, завяршыўшы працу, паведаміла князю Чартарыскаму, нібыта таемнае таварыства, згаданае ў дакладзе Корсакава, даўно спыніла сваё існаванне. Задаволены гэтай справаздачай (ці, хутчэй, уведзены ў зман), куратар запэўніў імператара, які тады знаходзіўся ў Вільні, што ніякіх таемных таварыстваў сярод студэнцкай моладзі няма, і адбыў у Пулавы.
Прыкладна ў той жа час расследаванне іншай вучнёўскай арганізацыі ў Свіслачы, членам якой раней быў Ян Янкоўскі [46] (ён ужо некалькі гадоў вучыўся ва універсітэце), прымусіла паліцыю канфіскаваць паперы, пакінутыя ў карчме падчас яго адпачынку. Гэтыя дакументы сталі пераканаўчым доказам існавання таварыства філарэтаў, якое да таго часу старанна хавалася. Янкоўскага зняволілі ў доме бацькоў і вярнулі ў Вільню, дзе з ім абыходзіліся мякка, бо мелі надзею на шчырае пакаянне. Таму Янкоўскі прызнаўся ва ўсім і выдаў не толькі кіраўнікоў, але і амаль што ўсіх сяброў таварыства. Да канца кастрычніка сенатар Навасільцаў вярнуўся з паўнамоцтвамі ад вышэйшай улады правесці расследаванне і неадкладна стварыў камісію, якая складалася з буйных чыноўнікаў. У гэтую камісію ўваходзілі дзяржаўны радца Леон Байкоў, рэктар універсітэта Юзаф Твардоўскі, губернскі радца Вінцэнт Лаўрыновіч, пракурор Геранім Батвінка, надворны радца Ота Андэрсан і начальнік паліцыі Пётр Шлыкаў. Старшынстваваў сам сенатар Навасільцаў. Пачаліся арышты ўсіх членаў, якіх назваў Янкоўскі, і не толькі ў горадзе, але і паўсюдна. Гарадская і павятовая паліцыя нават з аддаленых губерняў, такіх як Падолле, Валынь, Беларусь, а таксама з Украіны і нават з Санкт-Пецярбурга і г. д., штодня дастаўляла па некалькі чалавек. Усе манастыры былі ператвораны ў турмы для філарэтаў, а ваенная ахова пад кіраўніцтвам мясцовай паліцыі ўважліва сачыла за выкананнем прынятых мер. Шматлікія сем'і ахапілі гора і страх за лёс сваіх дзяцей і родных.
У сярэдзіне лістапада пачалося следства. Мэтай яго было, па-першае, высветліць маштабы і намеры таварыства; па-другое, прасачыць, хто з універсітэта ці з іншых станаў грамадства меў дачыненне да яго. Па першым пункце было пацверджана вышэйапісанае. Аднак па другім, нягледзячы на самае строгае расследаванне, ніхто ні ва універсітэце, ні ў правінцыі не быў прызнаны вінаватым. Большасць грамадскасці добра ведала пра плённы талент Казіміра Контрыма [47] і яго шматгранны ўплыў на свядомасць навучэнцаў, таму аднагалосна прызначыла яго калі не заснавальнікам, дык хаця б актыўным удзельнікам гэтага таварыства. Аднак афіцыйнае расследаванне не змагло знайсці ніякіх доказаў. Калі, з аднаго боку, меры, якія ўжывала камісія, і перапыненне любой камунікацыі паміж зняволенымі здаваліся празмерна жорсткімі, дык, з іншага боку, разумныя і дзейныя намаганні кіраўнікоў таварыства забяспечылі паслядоўнасць і аднастайнасць прызнанняў і адказаў. Яны загадзя прадугледзелі набліжэнне буры. Давераныя члены таварыства былі адпраўлены ва ўсе бакі, каб вусна інструктаваць сваіх калег, як паводзіць сябе ў кожным канкрэтным выпадку, як тлумачыць справу і якія адказы на пытанні трэба даваць. Іншыя атрымлівалі падобныя інструкцыі ў лістах, адпраўленых прыватна і надзейна. Насамрэч, складана сказаць, паўплывала на гэта выдатная арганізацыя таварыства ці справа была ў тым, што ўсе выказвалі ім сваё спачуванне, але ад пачатку зняволення кожны новы вязень праз дзесяць гадзін пасля прыбыцця ўжо ведаў пра ўсіх сваіх раней зняволеных калег, пра характар следства, а таксама пра прызнанні, якія ўжо зроблены ці яшчэ толькі будуць рабіцца. Менавіта гэтым варта тлумачыць дзіўную і несупярэчлівую паслядоўнасць адказаў і тлумачэнняў больш чым 100 маладых людзей, якая выявілася падчас доўгага расследавання.
Гэтае расследаванне працягвалася амаль да канца красавіка 1824 года. Пасля завяршэння следства большасць членаў таварыства была вызвалена, і ім дазволілі вярнуцца да сваіх сем'яў. Дваццаць чалавек з заснавальнікаў таварыства, якія вялі ў ім рэй, на некаторы час трапілі пад нагляд паліцыі, некаторыя засталіся ў вязніцы. Сенатар Навасільцаў прадставіў пратакол пасяджэнняў камісіі разам са сваім меркаваннем спачатку вялікаму князю Канстанціну, а пазней імператару. Імператар прызначыў графа Аляксея Аракчэева (члена Дзяржаўнай рады), Аляксандра Шышкова (міністра адукацыі) і самога сенатара Навасільцава для азнаямлення з усёй працай і для вынясення канчатковага вердыкту. Вердыкт, складзены гэтым высокім камітэтам і зацверджаны імператарам 14 жніўня яго ўласным подпісам, гучыць наступным чынам:
Рукой Яго Імператарскай Вялікасці напісана:
«Згодна з гэтым, мае быць. Царскае Сяло, 14 жніўня 1824 г.
Камітэт, заслухаўшы ліст выканаўцы, дзейнага таемнага радцы Навасільцава да Яго Імператарскай Вялікасці пра расследаванне, якое ён правёў у Вільні адносна таемных таварыстваў, і ўлічыўшы меркаванне дзейнага таемнага радцы Навасільцава, вырашыў ужыць пакаранне вінаватых па меры іх правінаў, не па строгасці законаў, а кіруючыся пачуццём міласэрнасці, і выказаў сваё меркаванне:
А. Што тычыцца таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў:
1. Нягледзячы на тое, што віна ў стварэнні таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, а таксама ў прыналежнасці да іх, ляжыць у цэлым на ўсіх удзельніках, з якіх 108 былі выяўлены і асуджаны следчай камісіяй, аднак, улічваючы, што яны былі ўцягнуты ў гэтае злачынства праз прыклад сваіх старэйшых таварышаў і пад уплывам панаваўшага ў той час духу, а таксама ўлічваючы, што большасць з іх знаходзілася пад строгім арыштам сем месяцаў, таму пасля спагнання з іх грошай, роўных выдаткам, панесеным на правядзенне расследавання справы філарэтаў, мы вызваляем іх ад далейшай адказнасці, за выключэннем наступных:
2. Дзесяць членаў Таварыства філаматаў, якія прысвяцілі сябе настаўніцкай прафесіі, а таксама тых філарэтаў, якія аказаліся найбольш чыннымі ў шкодных намерах гэтага таварыства, не пакідаць у польскіх губернях, дзе яны мелі б намер распаўсюджваць неразумны польскі нацыяналізм праз выкладанне навук у школах, а выкарыстаць іх патэнцыял часткова ў губернях, аддаленых ад Польшчы, да пазнейшага рашэння аб іх вяртанні на радзіму.
3. Да ліку філаматаў і філарэтаў, згаданых у другім пункце, адносяцца наступныя скарбовыя вучні: Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі і Ян Вернікоўскі, якія перад пачаткам расследавання заявілі пра сваё жаданне вывучаць усходнія мовы, каб паступіць на службу ў замежную калегію. Гэтых накіраваць у Казанскі універсітэт.
4. Казіміра Пясецкага і Ігната Дамейку, якія былі сярод філаматаў, але не выбралі прафесію настаўніка, а таксама члена таварыства філарэтаў Станіслава Макавецкага пакінуць у месцах нараджэння пад строгім наглядам мясцовай паліцыі, з той, аднак, умовай, што яны не будуць прыняты ні на якую службу без указа Яго Імператарскай Вялікасці.
5. Настаўнікі Полацкай піярскай школы кс. Мацей Брадовіч і Каласанты Львовіч павінны быць назаўжды адхілены ад абавязкаў выкладчыкаў і перададзены пад пільны нагляд духавенства.
6. Ян Чачот і Адам Сузін, якія ў сваіх вершах або прамовах адкрыта дэманстравалі шкодныя намеры, павінны ўтрымлівацца ў крэпасці на працягу шасці месяцаў, пасля чаго быць высланы з польскіх у расійскія губерні, пакуль пазней не будзе прынята рашэнне аб іх вяртанні на месцы нараджэння.
7. Такое ж пакаранне павінна быць распаўсюджана на заснавальніка таварыства Тамаша Зана пасля таго, як ён адбудзе зняволенне ў турме цэлы год.
8. Яну Янкоўскаму, хоць ён і заслужыў такое самае пакаранне, як Ян Чачот і Адам Сузін, але з-за таго, што першы адкрыў існаванне Таварыства філарэтаў і шчыра ва ўсім прызнаўся, залічыць за пакаранне зняволенне ў вязніцы на працягу дзесяці месяцаў і выслаць з польскіх губерняў.
9. Шэсць былых студэнтаў Віленскага універсітэта, прысланых з Санкт-Пецярбурга для следства, а менавіта: Ігнат і Брунан Шамёты, Дамінік Арліцкі, Юзаф Шаткевіч, Вінцэнт Бабінскі і Канстанцін Залескі, павінны быць вернуты ў папярэднія месцы. Залескі павінен быць узяты пад нагляд паліцыі.
Б. Што датычыцца таварыстваў у Свіслачы пад назвай «Вучоныя» і «Маральныя»:
Заснавальнікам гэтых таварыстваў Дзіянісію Шляеўскаму і Якубу Абрамовічу залічыць у якасці пакарання іх папярэдняе знаходжанне ў вязніцы і вызваліць ад далейшай адказнасці. Рэкамендаваць губернскім уладам вынесці ім строгае папярэджанне, а універсітэцкім уладам - не прымаць на якія-небудзь пасады. З астатнімі членамі двух вышэйзгаданых таварыстваў абыходзіцца гэтак жа, як і з філарэтамі, згаданымі ў першым пункце, г. з. вызваліць ад адказнасці пасля кампенсацыі выдаткаў, панесеных на расследаванне справы гэтых таварыстваў.
Камітэт вырашыў прадставіць усё гэта Яго Імператарскай Вялікасці на разгляд, і калі будзе атрыманы найвышэйшы дазвол, гэты загад разам з усімі дадаткамі адправіць міністру народнай адукацыі для выканання найвышэйшай волі Яго Імператарскай Вялікасці.
Дакумент падпісалі: генерал граф Аракчэеў, адмірал Шышкоў, дзейны таемны радца Навасільцаў.
Зацвердзіў: Аляксандр Балеман, дырэктар Дэпартамента народнай асветы».
Гэты прысуд, накіраваны ва універсітэт міністрам асветы і зачытаны на пазачарговым пасяджэнні савета 6 верасня, быў неадкладна выкананы ва ўсіх дэталях.
Імкненне філаматаў і філарэтаў захаваць і прапагандаваць польскі патрыятызм, згодна з прысудам, з'яўляецца адзіным палітычным злачынствам гэтага таварыства. Аднак яго падаўленне было ў нейкім сэнсе карыснай падзеяй для акадэмічнага стану. Я не адмаўляю, што ў вялікім таварыстве некалькі маладых людзей мелі рэдкі талент і вялікую будучыню. Але дух часу і ілжывы накірунак, які рэфарматары задалі маладым розумам, рана заплямілі гэтае рэдкае і каштоўнае зерне прыродных здольнасцей.
Большая частка з іх былі абмежаванымі пасрэднасцямі. Я ведаў амаль усіх па лекцыях і экзаменах, калі яны слухалі курсы фізічнага факультэта і імкнуліся да першых навуковых ступеней.
Звязаныя вузамі таемнага звяза, захопленыя імпульсамі неразумнай пыхі, яны адважваліся ацэньваць здольнасці, працу і таленты найбольш выбітных выкладчыкаў універсітэта. І, згодна са сваімі мудрагелістымі меркаваннямі ці парадамі, атрыманымі ад рэфарматараў, яны празмерна ўзвышалі некаторых, у той час як іншыя не маглі пазбегнуць паклёпу і адкрыта высмейваліся. У 1822 годзе пачатак лекцыі шаноўнага прафесара Яўхіма Лялевеля пакрылі незвычайна шумнымі апладысментамі і публічна абразілі рэктара Малецкага, які асудзіў гэтую беспрэцэдэнтную выхадку. Адам Міцкевіч, вядомы сярод калег літоўскі бард, абвясціў хвалу свайму новаму настаўніку ў доўгай одзе.
Наадварот, на лекцыях грунтоўнага і сціплага прафесара фізікі Фелікса Дравінскага, вядомага сваімі раней апублікаванымі працамі, амаль увесь час стаяў шум і студэнты яго стала праследавалі. Памерлы ўжо паталагаанатам і прафесар Аўгуст Бэм, чалавек рэдкага розуму, глыбокай вучонасці, беглага і яснага красамоўства падчас лекцый, выдатны лекар у тэорыі і практыцы, быў абвешчаны невукам-ідыётам, не кажучы ўжо пра іншыя паклёпніцкія абвінавачванні. Удзячнасць не была ўзорнай цнотай філаматаў і філарэтаў. Яны часта лёгка ўхіляліся ад абавязкаў, якія нават не былі цяжкімі. Францішак Малеўскі, сын рэктара, з халоднай і злачыннай абыякавасцю слухаў паклёпы, якія кідалі ў бок яго бацькі рэфарматары і паўтаралі філарэты. Людвіг Сабалеўскі, які патапіў свой талент у алкаголі, забыўшыся, каму ён быў абавязаны сваёй ступенню ад'юнкта, адважыўся скласці брудны памфлет і падарыць яго князю Чартарыскаму ў Пулавах. Крыніцкі, кандыдат у настаўнікі, калі ўжо быў прэфектам, двойчы атрымаў па сто срэбраных рублёў. Ён быў шчодра ўзнагароджаны дзякуючы маім намаганням і прызначаны ў навуковае падарожжа ў 1821 годзе разам з Юзафам Юндзілам, цяпер прафесарам батанікі. Але хутка забыўся пра бескарыслівую ласку, якую яму аказвалі. Ён не толькі перастаў наведваць мяне і карыстацца маімі добрымі парадамі, але, што яшчэ горш, відавочна, нейкім таемным шармам стрымліваў сваё начальства, пазбягаў сустрэч са мной, а калі сустракаў мяне выпадкова, дык уцякаў.
Памерлы студэнт-медык Фартунат Юрэвіч [48] з самага пачатку свайго прыбыцця ва універсітэт пастаянна карыстаўся маімі паслугамі. У 1820 годзе, па замове кнігагандляра Морыца, ён узяўся за пераклад «Апісання прадметаў натуральнай гісторыі» і папрасіў мяне палепшыць пераклад. Я ў той час быў абцяжараны шматлікімі працамі, але, жадаючы прывіць яму густ да больш дакладнага перакладу і ведаючы, што ўзнагарода, абяцаная кнігагандляром, неабходна яму з-за беднасці, узяўся за гэтую працу і на працягу дванаццаці месяцаў з лагоднасцю добрага бацькі і цярпеннем руплівага настаўніка займаўся карпатлівымі выпраўленнямі каракуляў гэтага студэнта. У 1823 годзе заалагічную калекцыю планавалі перанесці ў нядаўна падрыхтаваны пакой побач з анатамічным тэатрам. Юрэвіч ужо быў асістэнтам прафесара Баянуса і па яго загадзе прыйшоў па прадметы, якія трэба было перанесці. Ён заўважыў за шырмай на каміне кабінета некалькі велізарных ракавін Murex Tritonis, якія як з-за таго, што яны яшчэ не былі ачышчаны ад звычайнага марскога глею, так і з-за сваіх памераў, не маглі змясціцца ў вітрынах. Праз некалькі дзён сам Баянус захацеў убачыць гэтую калекцыю. Юрэвіч суправаджаў яго, увайшоў у кабінет, кінуўся за шырму, з усмешкай адкрыў і паказаў ракавіны, якія там захоўваліся, як доказ уяўнага занядбання калекцыі. Разумны прафесар строгім позіркам выказаў сваё стаўленне да маладога чалавека; Юрэвіч пачырванеў і змоўк, але не змог стрымаць свае няўдзячныя пачуцці.
Не меў падставаў мець агіду супраць мяне, чалавека сталага ўзросту, кс.-прэлат Каласанты Львовіч. Больш за тое, я заўсёды станоўча выказваўся пра яго перад ягоным начальствам, аднак, стаўшы філарэтам, ён перапыніў усялякія кантакты са мной і, калі выпадкова сустракаў мяне, асабліва калі быў у кампаніі сваіх новых калег, адмаўляўся нават вітацца са мной. Занадта доўга было б пералічваць усе прыклады падобных падзей. Ва ўсім шматлікім таварыстве было мала членаў, якія не вылучаліся гэтай агіднай амаральнасцю, і былі гэта толькі нядаўна прынятыя маладыя людзі, больш старанна выхаваныя і яшчэ не прасякнутыя духам сваіх правадыроў. Таму няхай ніхто не кажа, што таварыства было ўзорнай школай маральнасці і прыстойнасці!
Філарэты карысталіся моцнай падтрымкай ва універсітэце з боку рэфарматарскай партыі, і ўзнагародай ім было гучнае рэха пахвал ці вымоў, якімі іх шчодра адарылі, як у выпадку Малеўскага, Беца і Дравінскага. Жадаючы прынізіць здольнасці маладых людзей, не завербаваных у іх звяз, яны перад грамадскасцю і вышэйшымі ўладамі хвалілі здольнасці, схільнасці і таленты сваіх пасрэдных, нават нягеглых таварышаў і заўзята рэкамендавалі іх на ўсе выгадныя пасады ў горадзе і ў правінцыі. Настаўніцкія пасады ў мужчынскіх і жаночых пансіёнах Вільні былі запоўнены філарэтамі. Юзаф Яжоўскі [49] ўжо быў настаўнікам філасофіі ў бенедыктынаў у Троках. Вядомы сваёй неразумнасцю Якаў Ягайла - вядомае пасмешышча сярод студэнтаў, стаў філарэтам і атрымаў месца гувернёра ў заможным правінцыйным доме з самымі спрыяльнымі ўмовамі. У 1822 годзе Ян Ходзька, адзін з кіраўнікоў масонскіх лож [50] і заўзяты прыхільнік руху філарэтаў, быў прызначаны інспектарам школ Віленскай губерні. Сваім сакратаром ён узяў Тамаша Зана, прэзідэнта гэтага таварыства. У сваёй справаздачы яны назвалі Яна Сабалеўскага, настаўніка фізікі ў Крожах, не толькі самым руплівым і здольным настаўнікам, але і тым, хто заслугоўвае ўзнагароды ад універсітэта. Аднак абмежаванасць і пасрэднасць Сабалеўскага была добра вядомая, уся заслуга яго заключалася ў тым, што ён быў філарэтам.
Сам куратар, князь Чартарыскі, не пазбег падману з боку таварыства, якое імкнулася да поспеху і актыўна падтрымлівала рэфарматараў. Да канца 1822 года ён рэкамендаваў універсітэту адправіць трынаццаць выбраных студэнтаў розных факультэтаў у навуковую паездку за мяжу. Гэтая рэкамендацыя з-за недахопу сродкаў не спраўдзілася, але яе выбар заставаўся загадкай для большасці рады. Час паказаў, што рэкамендаваны для гэтага дабрадзейства былі толькі філарэты.
Гэтая адкрытая падтрымка партыі рэфарматараў, гэтая сур'ёзная пратэкцыя высокапастаўленага чыноўніка, гэтыя актыўныя і паспяховыя намаганні таварыства па забеспячэнні сваіх членаў добрымі пасадамі, сталі прычынай такой моцнай яго прывабнасці, што менш чым за два гады колькасць членаў дасягнула 150. Гэта адкрыта прызнаў Канстанцін Кельнер, калі падчас следства яго спыталі, чаму ён, іншаземец, далучыўся да патрыятычнага моладзевага аб'яднання, адказаў: «Менавіта таму, што, будучы народжаным ад бедных бацькоў-замежнікаў і пазбаўлены якіх-небудзь сямейных сувязяў у гэтым краі, я быў упэўнены ў надзейнай падтрымцы з боку таварыства як гарантыі шчаслівай будучыні». Многія іншыя пазней рабілі падобныя прызнанні сваім сем'ям і сябрам. Верагодна, што калі б таварыства існавала больш працяглы час, дык пры такіх яго моцных і эфектыўных намаганнях большасць кафедраў універсітэта і ўсе пасады ў школах Віленскай акругі былі б заняты выключна філарэтамі.
Вышэйзгаданы вырак адносна філаматаў і філарэтаў не адлюстроўвае выразнай розніцы паміж імі. Аднак, здаецца, што розныя назвы былі прыкметай паступовага падзелу таварыства, і межы паміж імі былі настолькі шчыльнымі, што больш маладыя філарэты нават не ведалі пра існаванне сваіх старэйшых таварышаў-філаматаў. Таксама невядома, чым адрозніваліся статуты і дзейнасць гэтых груп. Пазнейшыя сяброўскія адносіны з некаторымі з маладзейшых членаў дазволілі мне пазнаёміцца толькі са статутамі філарэтаў.
Змест іх наступны.
Таварыства філарэтаў мела свайго ўласнага вярхоўнага прэзідэнта [51]. Яно было падзелена на сем аддзяленняў, якія называліся гронамі. Гроны атрымлівалі свае назвы ад розных колераў, у прыватнасці: у фіялетавым былі студэнты-юрысты, у зялёным і пурпурным - студэнты фізіка-матэматычнага факультэта, у ружовым - філолагі, у сінім - медыкі і г. д. Кожнае грона мела свайго кіраўніка, раду і сакратара. Усе яны абіраліся большасцю галасоў, першыя - на тры месяцы, другія - на шэсць [52].
Пасяджэнні кожнага грона праводзіліся раз у два тыдні. На іх чыталі пратаколы папярэдняй сесіі, затым уносіліся розныя прапановы, некаторыя з якіх тычыліся навуковых пытанняў, некаторыя - парадку або арганізацыі таварыства, іншыя - новых кандыдатаў і г. д. Прэзідэнт па сваім абавязку не прысутнічаў на сустрэчах грон, акрамя выпадкаў, калі бачыў у гэтым патрэбу. Аднак, каб падтрымліваць сувязь паміж сабой і гронамі, прэзідэнт праводзіў асобныя сустрэчы з радцамі ўсіх грон, якія называліся пасяджэннямі палаты радцаў. На гэтых сустрэчах аналізавалася дзейнасць усіх грон, усталёўваліся змены або дамоўленасці, датычныя ўсяго таварыства. Акрамя прэзідэнта, радцаў і кіраўнікоў, якія адбывалі свае паўнамоцтвы, больш ніхто не прысутнічаў. Аднак, калі які-небудзь член жадаў падаць прапанову аб Таварыстве, ён павінен быў абвясціць пра гэта на пасяджэнні свайго грона. Пасля таго як прапанову разгледзелі члены свайго грона і палічылі яе мэтазгоднай, прапанова распаўсюджвалася сярод іншых грон і, нарэшце, адпраўлялася ў палату радцаў. І толькі там, пасля дбайнага разгляду, яна прымалася або адхілялася.
Кожны член меў права прапанаваць кандыдата. Калі чалавек быў вядомы ўсім або большасці членаў грона, прапанова адпраўлялася радцам, дзе запісвалася ў сакрэтных паперах. Палата грона потым паведамляла аб прыняцці або адхіленні прапанаванага кандыдата. Тады той, хто зрабіў прапанову, прадстаўляў новапрынятага члена на пасяджэнні свайго грона, і кіраўнік вітаў яго адпаведнай прамовай. Пасля гэтага з яго бралі абяцанне захоўваць у сакрэце існаванне таварыства і выконваць усе яго правілы. Толькі тады ён рэкамендаваўся ўсяму таварыству на пасяджэннях іншых грон. Калі прапанаваны кандыдат быў вядомы толькі невялікай колькасці членаў, то з грона, з якога ён рэкамендаваўся, выбіраліся некалькі асоб, і яны былі абавязаны прыглядзецца да яго, уважліва назіраць за яго жыццём і дзейнасцю, каб высветліць, ці можа ён быць членам.
Каб члены аднаго грона ведалі, што адбываецца на пасяджэннях іншых грон, па чарзе абіралі дзвюх асоб, і яны былі абавязаны прысутнічаць на пасяджэннях прызначанага для іх грона і паведамляць пра тое, што там адбываецца [53]. Акрамя таго, кожны член мог прысутнічаць на пасяджэннях усіх грон; такі член называўся госцем, першых жа называлі дэлегатамі.
Для падтрымання патрэб таварыства, такіх як асвятленне, папера і памяшканне для пасяджэнняў, пры ўступленні ў таварыства выплачваўся аднаразовы агульны ўнёсак у рублях, а пазней - штомесяц у злотых. Бедныя члены таварыства вызваляліся ад унёскаў. Сродкі, якія засталіся пасля гэтага, выкарыстоўваліся для падтрымкі бедных студэнтаў, якія маглі нават не быць членамі таварыства, але былі вядомыя сваімі добрымі справамі і руплівай вучобай.
Спіс філарэтаў
Абрамовіч Геркулан.
Адамовіч Каэтан.
Бабінскі Вінцэнты.
Барысевіч Антоні.
Брадовіч Мацей.
Буцэвіч Вінцэнты.
Будрэвіч Вінцэнты.
Будкевіч Тамаш.
Хадаровіч Юзаф.
Ходзька Дамінік.
Храпавіцкі Ян.
Храшчановіч Казімір.
Цяцерскі Юстын.
Цвікліч Ян.
Чачот Ян.
Дамброўскі Стэфан.
Дашкевіч Цыпрыян.
Дэршкаў Пётр.
Дольнер Францішак.
Дамейка Міхал.
Дрэвіцкі Іпаліт.
Дрэвіцкі Віктар.
Дудзін Антоні.
Дзяконскі Мікалай
Эйсмант Люцыян.
Эйтмін Адрыян.
Францкевіч Ежы.
Фрэджэнт Антоні.
Гінет Віктар.
Гаціскі Ян.
Гамлікевіч Мікалай.
Гараін Ян.
Грэгаровіч Аўгуст.
Грэгаровіч Тадэвуш.
Ябланоўскі Мікалай.
Ягела Якуб.
Янкоўскі Ян.
Янушэўскі Ігнат.
Ярмаловіч Ян.
Яжоўскі Юзаф.
Ігнатовіч Вінцэнты.
Юндзіл Ян.
Юндзіл Руфін.
Юрэвіч Фартунат.
Камінскі Антоні.
Камінскі Караль.
Казімірскі Цыпрыян.
Кельнер Канстанты.
Клюкоўскі Ян.
Качан Дыянізі.
Контрын Баляслаў.
Кавалеўскі Юзаф.
Казлоўскі Мікалай.
Казакевіч Станіслаў.
Красіцкі Грацыян.
Краскоўскі Юзаф.
Краскоўскі Тамаш.
Калакоўскі Фелікс.
Крыніцкі Ян.
Лебель Жульен.
Лазінскі Тэадор.
Лукашэўскі Гілярый.
Львовіч Каласанты.
Малеўскі Францішак.
Маліноўскі Караль.
Маліноўскі Міхал.
Марцішэўскі Станіслаў.
Міцкевіч Адам.
Міцкевіч Аляксандр.
Міхалевіч Ян.
Мікульскі Караль.
Мілакоўскі Тэадор.
Мішкель Ян.
Мараўскі Станіслаў.
Морзэ Францішак.
Муйшаль Караль.
Навіцкі Напалеон.
Адынец Ант. Эдуард.
Агінскі Ксаверы.
Асташэўскі Эльяш.
Папроцкі Людвік.
Паўловіч Тамаш.
Пясецкі Казімір.
Пясецкі Мар'ян.
Пяткевіч Дамінік.
Петрашкевіч Ануфрый.
Пятроўскі Францішак.
Плятэр Юзаф.
Пол Джасцін.
Пол Рамуальд.
Папейка Ян.
Пшэцішэўскі Каэтан.
Радкевіч Мікалай.
Ромер Генрык.
Сліжаноўскі Тадэвуш.
Славінскі Ксаверы.
Сабалеўскі Ян.
Сасноўскі Леапольд.
Станевіч Эмерык.
Станішэўскі Юзаф.
Станкевіч Антоні.
Станкевіч Юзаф.
Сузін Адам.
Шыдлоўскі Вінцэнты.
Тарлецкі Ігнат.
Талінскі Канстанты.
Турскі Ксаверы.
Тышкевіч Юзаф.
Тышкевіч...
Вернікоўскі Ян.
Вержбаловіч Міхал.
Вельк Павел.
Загорскі Серафін.
Залескі Канстанты.
Зан Ігнат.
Зан Стэфан.
Зан Тамаш.
Зарэцкі Ян.
Завадзкі Міхал.
Зяновіч Антоні.
Зялінскі Тадэвуш.
Жылінскі Марцін.
Жаброўскі Тадэвуш.
Карціна трэцяя
I
Паколькі мы ўжо прывялі цікавыя і малавядомыя падрабязнасці з гісторыі Віленскага універсітэта, абапіраючыся на праўдзівыя сведчанні прафесара Станіслава Юндзіла, з мемуараў якога ўзялі ўрывак пра прамяністых, філарэтаў і філаматаў, таму лічым мэтазгодным працягнуць наша далейшае апавяданне пра падзеі, абапіраючыся на аўтарытэт і больш блізкае знаёмства з гэтым знакамітым і выбітным чалавекам, памяць якога шануецца ў Літве і дагэтуль.
Нашы асабістыя ўспаміны пачынаюцца з 1834 года. Да таго часу адбылося шмат падзей, наступствы якіх мелі самы катастрафічны ўплыў на далейшы лёс, і гісторыя, якую мы маем намер расказаць, у пэўным сэнсе і з'яўляецца вынікам гэтых буйных падзей.
Пераслед філарэтаў, які мы апісалі, быў толькі пачаткам сумнага лёсу Віленскага універсітэта, само існаванне якога ўжо знаходзілася пад пагрозай. Рэвалюцыя 1830 года канчаткова знішчыла гэты шматвекавы гмах, гэты цэнтр адукацыі ўсяго края. Мемуары Станіслава Юндзіла, якія мы маем, утрымліваюць тры раздзелы, якія тычацца гэтай важнай эпохі. Таму мы рады падзяліцца з нашымі чытачамі рэліквіямі аднаго з самых выбітных настаўнікаў літоўскай моладзі.
Але спачатку варта сказаць некалькі слоў пра самога Юндзіла.
Станіслаў Юндзіл, сын Бенедыкта і Ружы з Даўгялаў, нарадзіўся ў Лідскім павеце Віленскай губерні, у родавым маёнтку Ясенцы 6 мая 1761 года. Памёр у Вільні 27 красавіка 1847 года. Пачатковую адукацыю атрымаў у піяраў у Лідзе, у 1777 годзе паступіў у навіцыят піяраў у Любешаве і стаў настаўнікам піярскіх школ, спачатку ў Расеінах, а потым у Вільні. Пераехаўшы ў Вільню ў якасці настаўніка, адначасова вучыўся ва універсітэце, скончыў курс філасофіі ў 1783 годзе і тэалогіі ў наступным годзе, быў высвечаны ў святары.
Прафесары прыродазнаўства Жылібер і хіміі Сарторыс першымі адкрылі для яго вялікую кнігу прыродазнаўчых навук. Потым ён слухаў курс заалогіі і батанікі Форстэра. У 1792 годзе быў прызначаны надзвычайным прафесарам прыродазнаўства Віленскай акадэміі, але спачатку за кошт Акадэміі паехаў за мяжу. У Вене наведваў курсы батанікі ў Жакена і мінералогіі ў Джардана. Затым наведаў суседнія краіны, даследаваў флору амаль усёй Германіі. У Вене прафесар Кноблах даручыў яму стварыць батанічны сад пры ветэрынарнай школе, гэта было выканана з такой пільнасцю, што яму прапанавалі пастаяннае месца жыхарства ў Вене. Аднак Юндзіл адмовіўся ад прапанаванай пасады і ў 1797 годзе, пасля сямігадовага падарожжа, вярнуўся ў Вільню, атрымаў ступень доктара філасофіі і пачаў чытаць публічныя курсы ў акадэміі. Праз два гады, у 1799 годзе, ля падножжа Замкавай і Трыкрыжскай гор, заснаваў батанічны сад, які паступова пашыраў праз уласную працу і намаганні, давёўшы калекцыю да 7000 раслін. Кожную таполю ў гэтым прыгожым садзе на беразе ракі Вілейкі пасадзіў Юндзіл, і да самай старасці любіў сядзець у іх ценю.
Юндзіл напісаў мноства навуковых прац. З іх найбольш важныя: «Апісанне раслін, якія натуральным чынам растуць у Вялікім Княстве Літоўскім», 1791, 570 с.; «Пра штучную і натуральную электрычнасць Бекарыі, пераклад з італьянскай мовы», 2 тамы, 1786, 509 с.; «Ужытковая батаніка», 1799, 496 с.; «Заалогія» ў 3 тамах, 1807 - праца, прызнаная пачатковымі школамі ў Літве і Княстве Варшаўскім. У 1801 годзе ён заснаваў мінералагічны кабінет ва універсітэце. Немагчыма ў кароткім нарысе пералічыць велізарную колькасць прац нястомнага, адданага навуцы Юндзіла. Яго працы былі добра вядомыя і высока цаніліся па ўсёй Еўропе, і амаль да самай смерці ён вёў перапіску з вядучымі навукоўцамі. У 1826, 1833 і 1835 гадах падарожнічаў на замежныя воды, наведваў сталіцы Германіі, і ўсюды яго віталі і прымалі як аднаго з самых выбітных навукоўцаў Еўропы. Яму неаднаразова прапаноўваліся высокія пасады ў касцельнай іерархіі, але не прыняў ніводнай. Нават не стаў канонікам Віленскай капітулы, куды быў прызначаны ў 1810 годзе, пры тым, што атрымаў ад Папы вызваленне ад усіх святарскіх абавязкаў.
У 1824 годзе ён завяршыў сваю публічную службу ва універсітэце і ахвяраваў 15 000 рублёў піярам з умовай, што яны выхаваюць двух яго сваякоў або цёзак; пасля шасці гадоў вучобы вучні павінны былі атрымаць аднаразовую суму ў памеры 300 рублёў.
У маладосці з-за празмернай нагрузкі ён страціў зрок на правае вока. Страх, што пасля столькіх гадоў цяжкай працы страціць зрок і на другое вока, прымусіў яго пакінуць універсітэт у годнасці звычайнага прафесара-эмерыта. Аднак нават тады ён не пераставаў працаваць, уважліва сачыў за развіццём батанікі, мінералогіі і ў цэлым усіх прыродазнаўчых навук, публікаваў свае назіранні ў розных перыядычных выданнях.
Памёр ва ўзросце 86 гадоў пасля некалькіх дзён слабасці, выкліканых выпадковым падзеннем у сваім пакоі. Дзясяткі тысяч жыхароў Вільні неслі яго парэшткі на Бернардзінскія могілкі, дзе быў усталяваны прыгожы помнік з красамоўным надпісам: «Пашыральнік прыродазнаўства ў краі, стваральнік батанічнага саду ў Вільні», а на другім баку: «Concrescat ut pluvia doctrina sua. Fluat ut ros eloquium meum».
Перажыўшы Віленскі універсітэт, будучы відавочцам гісторыі універсітэта, ён задумаў напісаць мемуары. Сур'ёзныя, бесстароннія, далёкія ад думкі падладжвацца пад каго-небудзь, ён пісаў іх так, як бачыў і разумеў, не саромеўся выступіць і рэзка выказаць заўвагу многім хвалькунам. Нанёс цяжкі ўдар не аднаму прафесару. Нядзіўна, што такі чалавек, як Юндзіл, халодна глядзеў на рэчы і не быў асабліва прыхільны да рамантычнай школы. Гэтыя ўспаміны трапілі да аднаго з яго сваякоў, нябожчыка Яна Юндзіла, выбітнага абывацеля Навагрудскага павета [54]. Яны не маглі быць надрукаваны дагэтуль, за выключэннем невялікага фрагмента ў адным з віленскіх часопісаў, бо заставаліся жывымі тыя, пра каго ён пісаў. У Вільні было прынята правіла: не кідаць брудам у гмах вялікага і знакамітага Віленскага універсітэта. Але суд і меркаванне такога чалавека, як Станіслаў Юндзіл, больш не могуць заставацца ў цені, і таму мы, прынамсі часткова, публікуем урыўкі з гэтых успамінаў, а менавіта: пра падзеі 1830 года, пра закрыццё Віленскага універсітэта і пра працу Махнацкага «Уздым польскага народа».
І калі ў будучыні нашы «Карціны» вернуцца ў родную Літву, у нашу любую Вільню, няхай суайчыннікі ўспомняць паважаную і сур'ёзную постаць старога Юндзіла, няхай нагадаюць пра яго тым, чые маці яшчэ вадзілі іх у батанічны сад, каб шанавалі памяць пра гэтую высакародную асобу, чалавека, якога паважалі нават ворагі. Няхай не насміхаюцца нават тыя, пра каго Юндзіл, магчыма, казаў занадта рэзка, занадта сурова, але, безумоўна, сумленна. Suum Cuique! (лац. «Кожнаму сваё» - Л. Л.)
II. Другі ўрывак з успамінаў Станіслава Юндзіла. Рэвалюцыя 1830 года.
Рэвалюцыя ў Каралеўстве Польскім у канцы 1830 года ўцягнула ў ваенныя дзеянні і ў паразы амаль што ўсе правінцыі, аддзеленыя ад гэтага каралеўства і падпарадкаваныя расійскаму скіпетру. Вестка пра Варшаўскае паўстанне 17/29 лістапада выклікала страх за спакой у горадзе і губерні. Вялікая пільнасць была праяўлена да паводзін студэнтаў універсітэта, тым больш, што было вядома, якую значную ролю адыграла моладзь у Варшаўскім паўстанні і наколькі ў цэлым нашы студэнты былі незадаволены рэктарам Пеліканам [55] і іншымі кіраўнікамі.
У дапамогу чатыром ранейшым бедэлям [56] рэктар загадаў прыняць на працу трынаццаць новых. Пасля дбайнай праверкі дакументаў у скарбовых студэнтаў-медыкаў, студэнтаў пазбавілі ўсёй зброі і строга забаранілі пакідаць свае дамы ўвечары і асабліва ўначы, каля іх жытла была пастаўлена ваенная варта. Падобная ж варта з трыццаці салдат пачала ахоўваць кватэру інспектара універсітэцкай паліцыі Вінцэнта Наксяновіча, гэтыя салдаты былі пераведзены пад яго кіраўніцтва.
Нягледзячы на прынятыя меры засцярогі, прыкметы хвалявання, асабліва з прыездам сенатара Навасільцава [57] ў Вільню, сталі станавіцца ўсё больш відавочнымі. Пасля амаль што кожнай ночы ў розных месцах знаходзіліся раскіданыя запіскі з заклікамі пераймаць Варшаву, эпіграмы, насценныя надпісы, алегарычныя малюнкі [58], карыкатуры і г. д., шмат разоў білі вокны рэктару.
3 снежня арыштавалі больш за дзясятак студэнтаў, падазраваных у злых намерах. Сярод іх былі Тэадор Абіхт, Юзаф Ігнат Крашэўскі, Аляксандр Забела, Юзаф Крачкоўскі, Абрапальскі, Чаплінскі, Вярбіцкі, Янкевіч, Махвіц, Данэйка і іншыя. Першага абвінавацілі ў спробе забойства рэктара і куратара падчас балю ў Рэсурсе - нібыта для гэтай мэты ён набыў пісталет. Частку студэнтаў абвінавацілі ў стварэнні таемнага таварыства, кіраўніком якога нібыта быў Крашэўскі. Іншых, як Чаплінскага, абвінавацілі ў напісанні вершаў, што зневажалі ўладу, а астатніх - у распаўсюджванні трывожных і ілжывых чутак.
6 снежня, пасля папярэджання аб небяспецы для жыцця, у дом рэктара была ўведзена ваенная варта з трыццаці чалавек. Пад уплывам Абіхта [59] было прынята рашэнне правесці адначасовы і агульны ператрус усіх студэнцкіх кватэр і канфіскаваць усю зброю.
Усіх прафесараў, ад'юнктаў і нават асістэнтаў выклікалі а восьмай гадзіне вечара да рэктара на пазачарговую сустрэчу. Ніхто не падазраваў пра мэту такога сходу. Пасля сустрэчы прыбыў куратар Навасільцаў з генерал-ад'ютантам Храпавіцкім [60] і, пасля прамовы, у якой ён расказаў пра свае і рэктара заслугі перад універсітэтам і згадаў пра небяспеку, якая пагражала ім абодвум, заклікаў правесці ператрус студэнцкіх кватэр і канфіскаваць любую зброю, якую яны змогуць знайсці. Затым Храпавіцкі выкрыў жахі і бедствы, якія непазбежна закранулі б усіх жыхароў пры самых невялікіх хваляваннях у горадзе. Усе прысутныя, нават сямідзесяцігадовы былы рэктар і дэкан Шыман Малеўскі, без ваганняў узяліся за гэтую працу. Толькі некалькі прафесараў медыцыны, якія працавалі ў ваенных шпіталях, былі вызвалены ад яе. Для забеспячэння сакрэтнасці экспедыцыя выправілася проста з пасяджэння і не мела часу пераапрануцца ў больш прыдатную вопратку або паведаміць сваім сем'ям прычыну затрымкі. Каб палегчыць адначасовы агляд кватэр, раскіданых па горадзе і прыгарадах, выкладчыкі падзяліліся на невялікія групы па два-тры чалавекі. Кожная група мела свой вызначаны раён, і кожную групу ўзначальвалі спецыяльны бедэль і паліцэйскі з некалькімі салдатамі.
Гэтыя арганізаваныя групы ўсе разам пакінулі дом рэктара а дзевятай гадзіне вечара. Кожная пайшла ў прызначаны ёй раён. Агляд працягваўся ўсю ноч, а ў больш аддаленых прыгарадах, такіх як Лукішкі, Сніпішкі і Антокаль, - да дзевяці гадзін наступнай раніцы. Куратар, рэктар і касір Радзевіч у суправаджэнні ваеннай аховы шпацыравалі па галоўных вуліцах амаль да поўначы.
Яны канфіскавалі ўсю агнястрэльную зброю, якую змаглі знайсці, у тым ліку стрэльбы, карабіны, пісталеты, кручыцы (кішэнныя пісталеты - Л. Л.), порах, кулі, шрот і палашы, акутыя кіі, нават вымяральныя тычкі і г. д. У ператрусах асаблівай стараннасцю вызначыліся заслужаны прафесар Зноска і памочнік прафесара Мікалая Мяноўскага, Аляксандр Вельк [61]. Усю канфіскаваную зброю перадалі універсітэцкай паліцыі.
Гэтая незвычайная выправа напалохала жыхароў горада. Стук у вароты і дзверы, бразгат зброі, калі яе цягнулі па сходах у цішыні ночы, будзіў тых, хто спаў, і палохаў чуткамі пра рабаванні і забойствы, якія цыркулявалі сярод людзей у той час. У многіх месцах гэта палічылі за сапраўдны напад, а ў іншых, як у выпадку з доктарам Урублеўскім, гэта ледзь не прывяло да крывавай бойкі. З іншага боку, прафесарскія сем'і, якія засталіся дома, занепакоеныя лёсам сваіх мужоў і бацькоў, якія так доўга адсутнічалі, правялі ўсю ноч у трывожнай бяссонні, пасылалі запыты рэктару, але не маглі атрымаць ніякіх звестак.
8-га чысла таго ж месяца ўсе вышэйзгаданыя асобы былі выкліканы на сход пад старшынствам Зноскі, каб правесці допыты і даведацца, чаму студэнты захоўвалі знойдзеную ў іх зброю. Кіраваў допытамі чыноўнік для асаблівых даручэнняў пры куратары Горахлад. Падчас допытаў студэнты пісьмова тлумачылі: адкуль яны атрымалі зброю, як даўно і з якой мэтай; ці ведалі яны пра якое-небудзь таемнае таварыства і г. д. Найбольш строга дапытвалі тых, у каго знайшлі зараджаную або прыхаваную зброю. Пратаколы гэтых праверак былі перададзены рэктару.
Тое ж самае, што універсітэт рабіў са сваімі студэнтамі, рабіла гарадская і павятовая паліцыя. Яна ўжывала строгія меры засцярогі. Усе дамы ў горадзе былі абшуканы, уся зброя, як прыватная, так і ў крамах, была канфіскавана і здадзена на захоўванне ў арсенал. У рамесных цэхах былі забраны барабаны. Забаранілі званіць у касцёлах і праводзіць пахавальныя цырымоніі па вечарах. Усім без выключэння забаранялася хадзіць па вуліцах пасля восьмай гадзін вечара пад страхам арышту. Па горадзе пачалі хадзіць шматлікія начныя патрулі і г. д. Падобным жа чынам, праз суды, уся агнястрэльная зброя была канфіскавана ў сялян усіх губерняў і адпраўлена ў губернскія гарады.
З-за таго, што ператрусы студэнцкіх кватэр выявілі менш зброі, чым чакалася, пры гэтым большасць яе была непрыдатнай для выкарыстання, а дух беспарадку сярод моладзі яшчэ выразна не выявіўся, куратар і рэктар вырашылі надаць гэтай сітуацыі больш спрыяльны для універсітэта паварот. Былы ваенны губернатар генерал Корсакаў ад'язджаў у Санкт-Пецярбург з намерам намаляваць там карціну варожасці студэнтаў і універсітэцкага кіраўніцтва да ўлады. Таму кіраўніцтва універсітэта ў сваёй справаздачы міністру, абапіраючыся на вышэйзгаданы ператрус і допыты, на руплівасць выкладчыкаў і спакой студэнтаў, прадставіла такі бліскучы даклад, што ў выніку імператар выказаў сваё вялікае задавальненне. У пачатку студзеня 1831 года амаль што для ўсіх прыбылі ўзнагароды - ордэны, грошы і пярсцёнкі. Бедэлі і многія іншыя атрымалі аднаразовае гадавое жалаванне. Пелікан і Малеўскі былі ўзведзены ў ранг дзейсных дзяржаўных радцаў, гэта падрабязна апісана ў выпусках 7 і 10 «Кур'ера Літоўскага». У звароце да студэнтаў рэктар заявіў пра сваё задавальненне, запэўніў іх у прыхільнасці манарха і заклікаў кожнага да публічнай службы ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі.
Нягледзячы на гэтыя пахвалы, узнагароды і бачны спакой, трывога як ва універсітэце, так і ў горадзе не сціхала. А на самой справе нават узмацнілася. Шпіянаж памнажаўся не толькі сярод студэнтаў, але і сярод розных класаў гараджан і абывацеляў. На пачатку студзеня студэнты, як звычайна, паехалі дадому на канікулы. Бедэлі, расстаўленыя каля рагатак, старанна абшуквалі іх рэчы і канфіскоўвалі любыя знойдзеныя лісты і паперы, што выклікала неспакой у многіх сем'ях і асоб. У канцы таго ж месяца ваенная варта каля рэктара была павялічана, і з начной, як гэта было раней, яна стала бесперапыннай.
Неўзабаве, пасля вышэйзгаданага ператрусу кватэр, пачаліся допыты зняволеных студэнтаў. У склад следчай камісіі ўваходзілі: ваенны губернатар Храпавіцкі, генерал Мундэрштэйн, пракурор Батвінка [62], рэктар і чатыры дэканы універсітэта. Расследаванне працягвалася больш за месяц. Данейка быў вызвалены за раскрыццё таемнага таварыства, а прысуд астатнім перададзены галоўнакамандуючаму фельдмаршалу Дыбічу для зацвярджэння.
Амаль усе зняволеныя студэнты ў чаканні прысуду фельдмаршала ўтрымліваліся пад строгім арыштам да канца жніўня наступнага года, за выключэннем Абіхта, Вярбіцкага і Ядкоўскага, якія ў красавіку ўцяклі з-пад варты бедэляў і далучыліся да паўстанцаў. Толькі ў сярэдзіне верасня найвышэйшым указам Крашэўскі быў асуджаны простым салдатам у Каўказскую армію [63].
На пачатку сакавіка пажар вайны пачаў распаўсюджвацца з Польшчы ў Літву. Звесткі пра першыя поспехі польскіх войскаў, хоць іх і спрабавалі схаваць ад грамадскасці, хутка і нават з перабольшваннямі даляцелі да самых аддаленых куткоў края.
Кожны верыў, што настаў час вызваліць сваю Радзіму і скінуць чужынскае расійскае панаванне. Услед за паўстаннем трох жамойцкіх паветаў неўзабаве выступілі і іншыя рэгіёны Віленскай губерні: Упіцкі, Вількамірскі, Ашмянскі і інш. Толькі Браслаўскі павет пакуль заставаўся бяздзейным. У паўднёвых губернях - Украінскай, Падольскай і Валынскай - таксама ўспыхнула агульнае паўстанне. У Мінскай губерні пра сябе заявілі Сенненскі, Мазырскі і Вілейскі паветы, у Віцебскай - Лепельскі, у Гродзенскай - Навагрудскі, Ваўкавыскі, Слонімскі паветы і частка Белавежскай пушчы. Усе яны цалкам або часткова, але вельмі выразна паказалі сваю сілу.
Паўсюль знаходзілася старанна схаваная ад мясцовай і земскай паліцыі агнястрэльная зброя ды боепрыпасы. Шмат зброі паўстанцы захапілі ў слабых інвалідных ротах, размешчаных у розных гарадах і мястэчках. Сяляне спешна ўзбройваліся самаробнымі пікамі. У Вільні, тагачаснай сталіцы Літвы, пастаянна стаяла шмат войскаў і размяшчаліся ўсе дзяржаўныя органы. Аднак сталіца аказалася не менш адважнай у барацьбе за вызваленне Айчыны. Усе жыхары Вільні, пачынаючы ад простых, паспалітых людзей і заканчваючы жыхарамі правінцыі, былі сапраўднымі патрыётамі. Асабліва імкнулася прысвяціць сябе барацьбе за старажытныя правы і свабоды моладзь. Уся зброя, здабытая пад пільным наглядам уладаў, была надзейна схаваная. Збройнікі на працягу трох месяцаў рамантавалі старую або сапсаваную агнястрэльную зброю. Паўсюдна, дзе толькі было магчыма, збіралі порах і свінец. Салдаты інвалідных рот у гарадах употай прадавалі гатовыя набоі па нізкай цане.
Аднак не было каму стаць на чале добраахвотнікаў і прапанаваць адзіны план наступальных дзеянняў. Кіраўнікі разрозненых атрадаў мала кантактавалі паміж сабой і не ведалі пра канкрэтныя намеры адзін аднаго. Доўгі час шмат гаварылася пра аблогу Вільні сіламі паўстанцаў з суседніх паветаў і захоп арсенала з яго велізарнымі запасамі боепрыпасаў і амуніцыі. Аднак гэты план не мог быць рэалізаваны з-за адсутнасці здольнага галоўнакамандуючага і цяжкасцяў пры штурме ўмацаванага арсенала, які абараняла рэгулярнае войска пры дзесяці гарматах, у той час як паўстанцы мелі толькі стралковую зброю.
Узброеная моладзь з усіх слаёў грамадства прагнула дзеянняў, стамілася ад доўгага бяздзейства і пачала разыходзіцца ў павятовыя атрады, куды іх клікалі і дзе яны спадзяваліся знайсці больш здольных камандзіраў. Першыя групы, якія накіраваліся ў паветы, былі нешматлікімі, але наступныя станавіліся ўсё большымі. Атрад, які выступіў на пачатку красавіка праз папяровую фабрыку Пуслоўскіх у бок Нёмана, налічваў 96 маладых людзей. Усе групы добраахвотнікаў, нягледзячы на строгія меры, прынятыя ўладамі, і шчыльныя патрулі вакол горада, дасягнулі месцаў збору амаль без страт. Мясцовыя сяляне свядома і ахвотна паказвалі ім бяспечныя шляхі.
Найбольш смелы і масавы выхад з горада адбыўся 29 красавіка. Сярод іншых добраахвотнікаў тут было 417 студэнтаў. Падрыхтоўка пачалася са штодзённага перавозу ўсёй зброі ў Барбарышкі [64] на павозках, нагружаных гноем. Гэта не выклікала ніводнага падазрэння з боку пільных уладаў. Выхад з горада і агульны збор у лесе каля Барбарышак быў запланаваны на шостую гадзіну вечара. Каля дзвюх гадзін дня моладзь рушыла з усіх частак горада. Яны ішлі праз усе вуліцы - ад Зарэчча аж да заставы на Закрэце. Гэты незвычайны паход моладзі ў адным кірунку прыцягваў увагу сваякоў і сяброў, якія суправаджалі іх пешшу і на транспарце, каб развітацца. Хоць мэта руху не была сакрэтам практычна ні для каго з жыхароў, ніхто не выдаў і не паведаміў пра гэта ні гарадской, ні універсітэцкай паліцыі [65].
Толькі а сёмай гадзіне вечара расійскі мешчанін па прозвішчы Лукін заўважыў у сваім доме студэнта Яўхіма Фрызэ ў сялянскім адзенні і данёс каменданту Юкічаву. Той адразу ж вырушыў з атрадам кіргізаў [66] у бок гаю. Аднак моладзь, якая ўжо сабралася там, лёгка адбіла напад і ўначы паспяхова адышла праз Ваку ў бок Руднікаў. Толькі трое сталі ахвярамі свайго спазнення: медыка Барткевіча ў полі каля ніжняй Панарскай карчмы схапілі казакі; Яхіма Фрызэ ў хаце схапіў камендант, а яго брата Ота Фрызэ забілі адразу каля гарадской рагаткі.
Пасля гэтага буйнога выхаду з горада розныя групы (хоць і меншыя па колькасці) працягвалі рэгулярна сыходзіць у розных кірунках. Да пачатку мая агульная колькасць паўстанцаў у Літве ўжо дасягнула трыццаці тысяч чалавек, але ім не хапала неабходных рэсурсаў для паспяховага пачатку маштабных ваенных аперацый.
У большасці выпадкаў кіраўнікам асобных павятовых атрадаў бракавала як ваенных навыкаў, так і ўзаемадзеяння. Прыватныя інтарэсы, амбіцыі, зайздрасць і нават даўнія крыўды падчас соймікаў сеялі насенне скандальных і разбуральных сварак. Менавіта таму Ашмянскае паўстанне, якое было больш шматлікім і лепш арганізаваным, чым астатнія, было хутка задушана. Няздатныя палкоўнік Пшаздзецкі [67] і неразважлівы Парфірый Важынскі [68] праз узаемнае непаразуменне загубілі паўстанне ўжо на пачатку мая.
Нявопытныя парафіяльныя камандзіры былі такімі жа. Яны самі і іх падпарадкаваныя паддаваліся загане п'янства, былі няздольныя ні абараніць саміх сябе, ні выконваць загады. Так, Гіпаліт Лабаноўскі, камандзір Шырвінскай і Мейшагольскай парафій, мог цалкам знішчыць чатыры рэзервовыя гусарскія эскадроны, якія ўцякалі з Бейсагалы ў Шырвінты, і мог бы ўзяць у палон ужо перахопленых генерал-лейтэнанта Безабразава і віцэ-губернатара Лістоўскага. Аднак замест гэтага ён аддаўся п'янай гулянцы ў Пашырвінтах, вызваліў палонных, пасля чаго сам быў імі схоплены, зняволены ў Вільні і пазней ваенным судом прысуджаны да расстрэлу. Юзаф Гедройц, камандзір гедройцкай парафіі, даручыў п'яніцу Бянецкаму адказваць за ахову даверанага яму аддзела, што прывяло да яго разгрому і наступнай разні ў гедройцкай плябаніі.
Сутычкі з ворагам вяліся ў розных месцах з пераменным поспехам. Гарачая моладзь дэманстравала неверагодную мужнасць, упартасць і вынослівасць пры ўсіх нягодах і цяжкасцях. Але, акрамя некалькіх былых афіцэраў, не было каму кіраваць іх пахвальным імпэтам, стрымліваць занадта смелыя пачынанні, на ўласным прыкладзе вучыць строгаму падпарадкаванню, а ў складаных сітуацыях - абараняцца трапнымі манеўрамі ад бязглуздага знішчэння. Розныя сутычкі хутка вычарпалі і без таго мізэрныя запасы боепрыпасаў, а пораху і свінцу наогул не хапала. У некалькіх месцах рабіліся марныя і безвыніковыя спробы наладзіць уласную вытворчасць пораху.
Перш за ўсё, не хапала асобы, якая б дасканала валодала ваенным мастацтвам і карысталася ўсеагульным даверам; чалавека, які, узяўшы на сябе камандаванне, распрацаваў бы агульны план аперацый для шырока раскіданых, незалежных атрадаў, узяў на сябе адзінае кіраўніцтва паўстанцамі і, калі гэта неабходна, сам бы іх узначаліў, каб усе камандзіры лічылі яго сваім адзіным ратавальнікам. У сярэдзіне мая гэтыя агульныя чаканні нарэшце спраўдзіліся. Дзевяцітысячны корпус польскага войска са шматлікай артылерыяй і многімі вопытнымі афіцэрамі ўвайшоў у Віленскую губерню. Камандаваў ім Людвік Гелгуд, пад яго кіраўніцтвам былі генералы Хлапоўскі, Дэмбінскі, Роланд і Шыманоўскі. Гэтае нечаканае прыбыццё напоўніла ўсе сэрцы надзеяй на поспех. Разрозненыя да гэтага часу паўстанцкія групы хутка аб'ядналіся і ахвотна падпарадкаваліся рэгулярнаму камандаванню.
Ніхто ў Літве не сумняваўся ні ў гонары, ні ў талентах гэтых генералаў. Аднак Гелгуд, больш вядомы суайчыннікам сваім абмежаваным цвярозым розумам, занядбаным выхаваннем і лёгкадумнай натурай, не меў аўтарытэту сярод больш адукаваных грамадзян. У прыватнасці, у Жамойці яшчэ свежымі былі ўспаміны пра ганебны эксдывізійны суд. Памяталі нават, што яго бацька, вядомы соймікавы інтрыган, быў актыўным членам Таргавіцкай канфедэрацыі і атрымаў ад яе пасаду надворнага маршалка Літвы. Аднак у гэтым выпадку ўсе, адкінуўшы асабістую варожасць, з энтузіязмам прынялі пасланага правадыра. Аднак гэты правадыр з самага пачатку сваіх аперацый аказаўся непрыдатным для кіраўніцтва даручанай яму такой важнай экспедыцыяй.
Падчас памятнага адступлення рускай гвардыі з Млавы да Жолтака і Тыкоціна корпус генерал-маёра Сакена быў адрэзаны каля Ломжы. Гелгуд атрымаў загад ад Скшынецкага праследаваць Сакена ў Аўгустоўскім ваяводстве, пасля чаго ўвайсці ў Літву і ўзяць на сябе камандаванне паўстанцамі. У гэтым маршы ён мог лёгка - бо меў перавагу ў сіле і мужнасці свайго войска - цалкам знішчыць войскі Сакена. Аднак, рухаючыся павольна і млява, ён дазволіў яму без значных страт увайсці ў Коўна.
Пераправіўшыся праз Нёман, замест таго каб адразу акружыць Коўна або рашуча атакаваць вышэйзгаданага генерала, Гелгуд цэлы тыдзень гасцяваў у бацькі ў Гелгудышках. Потым ён затрымаўся ў Зэймах у Міхала Касцялкоўскага. Тым часам Сакен са слабым войскам, цалкам пазбаўлены боепрыпасаў, павольнымі маршамі і без аніякіх страт дасягнуў Вільні.
На пачатку чэрвеня, аб'яднаўшыся з Хлапоўскім, які ўвайшоў у Літву з іншага боку, і прыцягнуўшы да сябе большасць літоўскіх паўстанцаў, Гелгуд з дваццаццю пяццю тысячамі рэгулярных і паўстанцкіх войскаў пайшоў у Трокскі павет і размясціўся вакол Ковенскай Вакі. У той час на шляху з Гродна ў Вільню генерал Курута стаў на адпачынак у Гопшце з трыма палкамі асабістай гвардыі царэвіча Канстанціна. Нягледзячы на блізкасць горада і слабасць ворага, паўстанцы не зрабілі нічога супраць гэтай гвардыі, і яна мірна ўвайшла ў Вільню.
5 чэрвеня Гелгуд загадаў генералу Дэмбінскаму з чатырма тысячамі чалавек атакаваць Вільню з боку Кальварыі. Гэты адважны генерал не атрымаў абяцанага падмацавання і, каб пазбегнуць бессэнсоўнага крывапраліцця, пасля кароткай сутычкі адступіў, адмовіўшыся ад непатрэбнай атакі.
7-га чысла таго ж месяца Гелгуд адправіў генерала Роланда з сямю тысячамі чалавек, каб пачаць падобную атаку з боку Панараў. Смяротная бітва на Панарскіх пагорках працягвалася з чатырох гадзін раніцы да поўдня. Рэгулярная армія і паўстанцы з небывалай мужнасцю змагаліся супраць пераважаючых сіл праціўніка. Галоўнакамандуючы бяздзейна стаў з астатняй часткай арміі і, нягледзячы на настойлівыя заклікі, не паслаў падмацавання і не загадаў Дэмбінскаму, які знаходзіўся побач, увесці ў бой кавалерыю. Бітва вялася без выразнай мэты і плана, каштавала абодвум бакам да пяці тысяч забітых і параненых. Тут загінула шмат юнакоў-добраахвотнікаў, якія ўпершыню сталі ў баявыя шэрагі. Пасля гэтага камандуючага і яго начальніка штаба Хлапоўскага [69] пачалі адкрыта абвінавачваць у здрадзе і некампетэнтнасці.
10 чэрвеня галоўнакамандуючы рэзервовай арміі генерал Талстой прыбыў пад Вільню. Яго сілы пачалі канцэнтравацца ў Трокскім павеце. Гелгуд пераправіўся праз раку Вілію часткова ў Янаве, часткова ў Чабішках. Рэзервовая армія, узмоцненая гвардыяй і аддзеламі генералаў Сакена, Сулімы, Хілкава, Атрашэнкі і іншых, ушчыльную ішла за імі. У Коўне неразумны палкоўнік Кекярніцкі з тысячай чалавек і некалькімі дзесяткамі афіцэраў, якія павінны былі сфармаваць новы кавалерыйскі полк, здаўся амаль без адзінага стрэлу.
Гелгуд, нягледзячы на колькасць, мужнасць і запал сваіх войскаў, пазбягаў вырашальных баёў і адыходзіў з пазіцыі на пазіцыю ў напрамку Жамойці. 27 чэрвеня ён загадаў Дэмбінскаму са слабым атрадам атакаваць моцна ўмацаваныя Шаўлі. Сам жа з галоўнымі сіламі стаяў побач на флангу. Доўгі і крывавы штурм, падобны на той, які адбыўся пад Панарамі, каштаваў шмат крыві абодвум бакам. Тут таксама загінула шмат адважных і бясстрашных паўстанцаў. Дэмбінскі, так і не атрымаўшы падмацавання ад свайго камандзіра, пачаў адступаць. Не жадаючы ўдзельнічаць у відавочнай здрадзе вышэйшага кіраўніцтва, ён кінуўся да Мяшкуцяў і самастойна пачаў адводзіць свой атрад.
Гелгуд не падрыхтаваўся да адступлення ні ў Літву, ні ў Польшчу, і апынуўся заціснутым на вузкай прасторы паміж морам і Курляндыяй. Ён вырашыў шукаць выратавання ў Прусіі і 1 ліпеня дасягнуў мяжы гэтай суседняй дзяржавы. Аднак, калі ён пачаў перамовы з мясцовымі ўладамі, адзін з афіцэраў [70] стрэліў яму ў галаву і забіў на месцы. Яго неразлучны таварыш Хлапоўскі [71] таксама паспяшаўся перакрочыць прускую мяжу і здацца ў палон з усім сваім аддзелам. Праз некалькі дзён генералы Роланд і Шыманоўскі пасля марнай спробы прарвацца назад у Літву былі вымушаны зрабіць тое самае.
Так скончылася экспедыцыя, распачатая з мэтай працягнуць руку дапамогі літоўскім паўстанцам і дасягнуць вызвалення абодвух народаў. Яе няўдача зняла ўсе перашкоды для дзеянняў фельдмаршала Паскевіча і амаль падвоіла яго сілы, чым паскорыла сумны канец рэвалюцыі, якая так смела пачалася і так адважна трымалася на працягу дзевяці месяцаў.
Пасля бітвы пад Шаўлямі 26 чэрвеня, хаваючы свае намеры ад ворага, Дэмбінскі пайшоў Мітаўскім гасцінцам да Мяшкуцёў. Адтуль ён раптоўна павярнуў направа і паспешліва рушыў да Панявежа. Тут ён часткова раззброіў і часткова разагнаў два эскадроны палкоўніка Жаброўскага. З Панявежа, абмінаючы Вількамір, накіраваўся на Маляты. Каля гэтага мястэчка генерал адбіў пераслед вялікага кавалерыйскага падраздзялення, захапіў і раззброіў некалькі эскадронаў. З Малят, прасоўваючыся без адпачынку ўздоўж межаў Віленскага, Завілейскага і Ашмянскага паветаў, ён пераправіўся праз Нёман у Збойску. Пад Дзятлавам разбіў генерала Станкевіча, які спрабаваў абысці яго з флангаў. Адступаючы праз Слонімскі, Ваўкавыскі і частку Беластоцкага павета, ён пераправіўся праз раку Буг каля Драгічына і адтуль без перашкод дабраўся да Варшавы. Туды напрыканцы ліпеня ён паспяхова прывёў каля сямі тысяч рэгулярных войскаў і літоўскіх паўстанцаў з сямю гарматамі.
Гэтае знакамітае адступленне Дэмбінскага прынясе яму большую славу ў ваеннай гісторыі, чым бліскучая перамога, якой ён дасягнуў у папярэдняй бітве. Марш працягваўся сто дваццаць міль па найгоршых дарогах, з разбуранымі пераправамі на шматлікіх рэках. Цяжкасці з харчаваннем для людзей і фуражом для коней, спякотнае лета і іншыя перашкоды не затрымалі яго прасоўвання. Усе гэтыя складанасці ён лёгка пераадолеў дзякуючы свайму ваеннаму генію. Генерал Савойні, які ішоў за ім з усім чацвёртым корпусам, імкнуўся дагнаць, але нідзе не адважыўся атакаваць - яго перадавыя атрады заўсёды сустракалі жорсткі адпор і са стратамі разбіваліся.
Нягледзячы на тое, што гэтая рэвалюцыйная вайна прынесла жудасныя разбурэнні ўсім колішнім польскім і літоўскім правінцыям, Віленская губерня, аднак, пацярпела больш за іншыя з-за шырокамаштабнага і працяглага паўстання. Тры разы маршы туды-сюды амаль стотысячных войскаў, сталыя пастаўкі харчавання і фуражу ў губернскі горад ці на самыя аддаленыя склады, цалкам вычарпалі ўсе запасы, і сяляне апынуліся ў поўнай галечы. Вёскі, а асабліва маёнткі, прылеглыя да гасцінцаў, страцілі амаль усе свае запасы.
Пасля выбуху паўстання ўрадам былі выдадзены суровыя маніфесты і ўказы, каб стрымаць рух. Камандзіры розных расійскіх частак, кожны ў адпаведнасці са сваімі схільнасцямі, займаліся злоўжываннямі і самаўпраўнасцю. Забойствы, гвалт, рабаванні і пажары - як вінаватых, так і невінаватых - закранулі мясцовых жыхароў, святыні і святароў; не шкадавалі нават немаўлят і жанчын. Каманда генерала Каблукова пасля ўсіх сваіх паходаў пакінула ў памяці толькі жахі і спусташэнне. У Гедройцах гарматы генерала Хілкава забілі мірных абывацеляў Юстына Дмахоўскага і парафіяльнага наглядчыка Аляксандра Стахоўскага разам са шматлікімі іншымі. Сам Хілкоў у Беластоку загадаў жорстка катаваць і ледзь не забіў афіцэра Валяр'яна Стому, якога расійскае войска ўзнагародзіла ганаровай шабляй за адвагу. Два бурлакі [72] упалі на калені, каб змякчыць бесчалавечнае сэрца генерала і засведчыць невінаватасць Стомы. У Ібрадах падпалкоўнік Булкашын асабіста ператварыў маёмасць Моля ў попел, бо страляў па кожным яго будынку, хоць гэты абывацель не браў ніякага ўдзелу ў паўстанні. У Ашмянах падпалкоўнік Вяршылін загадаў дзікай азіяцкай ардзе казакоў, якіх у нас называюць кіргізамі, забіць больш за 200 бяззбройных жыхароў, пазбавіў касцёлы ўсяго святога начыння, забіў капланаў падчас ахвярапрынашэння і г. д., і г. д. Акрамя вайсковых каманд, было шмат іншых несумленных чыноўнікаў і прыватных асоб, якія пад выглядам руплівасці пра дабрабыт трона рабавалі ў асабістую кішэнь. У Трокскім павеце падобнымі рабункамі вызначыліся падпалкоўнік Віленскага палка Крагельскі, павятовы камісар Эгерстэт і сын былога «страпчага» Краснасельскі, а ў Завілейскім павеце - ваенны ад'ютант губернатара Кахоўскі. Менавіта гэты апошні разабраў і прысвоіў сабе багатую здабычу ў Даўгелішках, маёмасці Канстанціна Плятэра, які не меў ніякага дачынення да паўстання, а таксама ў маёнтках Барткевічаў, Кубліцкіх і іншых. Яўрэй Шахноўскі, вядомы шпіён, кіраваў гэтымі шматлікімі рабаўніцкімі выправамі.
Шмат скаргаў на бясчынствы паступала да генерал-губернатара Храпавіцкага з усіх бакоў. Але гэты губернатар, чалавек з абмежаванымі разумовымі здольнасцямі і жорсткім сэрцам, ігнараваў усе скаргі і гнеўна, са пагардай прымаў просьбы. Чыноўнікі, пасланыя на расследаванне, не адважваліся адкрыта паведамляць пра выяўленыя і даказаныя злачынствы.
Гэтую вайну з пункту гледжання чалавечнасці можна назваць вайной на знішчэнне. Найменшае падазрэнне або зламысны данос прыводзілі да пакарання ў выглядзе выгнання або суровага і працяглага зняволення для самых мірных абывацеляў. Варожыя ўраду намеры караліся смерцю. Біскуп Клангевіч [73], суфраган і адміністратар Віленскай дыяцэзіі [74], разам з губернскім маршалкам Юзафам Гурскім, павятовым маршалкам Станіславам Шумскім [75] і маладым Адамам Мірскім былі высланы ў Смаленск 5 чэрвеня. Шляхта: Міхал Балінскі [76], Юстын Грабніцкі [77], Сарока, Раткевіч і многія іншыя былі зняволены, некаторыя на некалькі тыдняў, іншыя вытрымалі жорсткі шасцімесячны палон. 7 сакавіка былі расстраляны Праневіч, Бачынскі, Фінк, а 11 красавіка - Караль Саранкевіч, а таксама святар-трынітарый Геранім Вайткевіч і семінарыст Марцін Стралка. Аднак колькасць гэтых ахвяр - нішто ў параўнанні з тымі, хто загінуў у шматлікіх і жорсткіх сутычках на полі бою. З аднаго боку была неспрактыкаваная і імпульсіўная моладзь, якая непазбежна падвяргала сябе небяспецы, з другога - няўмольная лютасць ворага, раз'юшаная азіяцкая лютасць, якая не прабачала нават палонным і раззброеным паўстанцам. Пасля нядаўніх паражэнняў у Жамойці адны, пазбаўленыя ўсіх сродкаў да існавання, вымушаны былі блукаць па чужых землях, другія, найбольш шматлікія, пакутавалі ад голаду і галечы і шукалі прытулку ў лясах і балотах. Але, праследаваныя з усіх бакоў, яны альбо гінулі, альбо траплялі ў палон на страшны суд, які абапіраўся на жорсткія дэкрэты, і атрымлівалі прысуд: ці ў марозную Сібір, ці засяляць стэпы, ці салдатамі ў шэрагі каўказскага войска.
Выканаўцамі гэтых дэкрэтаў былі: ваенны губернатар Мацей Храпавіцкі ў Вільні, Міхаіл Мураўёў у Гродне, Петэрсан у Беластоку, Левашоў у Жытоміры і галоўнакамандуючы Першай арміяй фельдмаршал Сакен. Яны, ахопленыя нацыянальнай нянавісцю, імкнуліся выконваць строгія дэкрэты імператара. У чаканні ўзнагарод і павышэнняў для сябе, учынялі па ўсім краі нелюдскі прыгнёт і пераслед, бесчалавечна злоўжывалі ўладай і такім чынам памнажалі звычайныя зверствы вайны.
У сярэдзіне верасня, пасля адклікання Храпавіцкага з Вільні і Петэрсана з Беластока, новы ваенны начальнік гэтых губерняў, князь Мікалай Далгарукі пачаў палягчаць надзвычай жаласнае становішча жыхароў Літвы. Многія абывацелі, якія правялі ў зняволенні сем месяцаў, былі вызвалены. Многія, нават найбольш выбітныя паўстанцы, без цяжкасцей вярнуліся дадому, ім былі вернуты маёнткі, спыніліся паклёпніцкія даносы подлых людзей і г. д.
Але ў паўднёвых правінцыях, пад непасрэдным уплывам фельдмаршала Сакена, пераслед працягваўся з усёй першапачатковай лютасцю. Пасля спусташэння гарадоў, вёсак і маёнткаў падчас пераследу Дзвярніцкага, адбыліся надзвычай шматлікія арышты. Вінаватыя асобы, падазраваныя ці цалкам невінаватыя, якія не змаглі ўцячы, былі сабраны ў губернскіх гарадах і ўтрымліваліся пад строгім арыштам. Колькасць канфіскаваных маёнткаў і колькасць абвінавачаных, асуджаных да смяротнага пакарання або ссылкі, пацвярджаецца паведамленнямі, якія бесперапынна публікаваліся ў газетах на працягу апошніх шасці месяцаў.
Больш за тое, надзелены неабмежаванай уладай пераглядаць і пацвярджаць або адхіляць судовыя рашэнні ў заходніх губернях адносна прысудаў паўстанцам фельдмаршал Сакен, судзіў прызнаных невінаватымі ў іншых месцах. Нядаўнім прыкладам гэтага з'яўляецца выпадак двух абывацеляў Ашмянскага павета - Янкоўскага і Багуслаўскага, якія, прызнаныя невінаватымі Віленскай камісіяй, былі асуджаны на Сібір кіеўскім ваенным судом Сакена. Гэта злоўжыванне ўладай і паўнамоцтвамі зневажала суды, палохала невінаватых і апускала ўвесь край у сумную няпэўнасць.
Нарэшце, непахісны ў сваім гневе і помсце цар Мікалай, распаўсюдзіў агульнае і больш балючае пакаранне на ўсю краіну. Указам ад 19 кастрычніка ў Маскве ён аднёс усю шляхту, якая не змагла пацвердзіць сваё паходжанне перад «Герольдыяй», да падаткаабкладальнага стану пад новай назвай «аднадворцы» і прысудзіў да простай вайсковай службы праз звычайныя рэкруцкія наборы ад валасцей. Такім чынам пагрузіў амаль мільён старажытных і раней свабодных сем'яў у смутак і роспач. Хто ж не ведае, наколькі бываюць велізарнымі выдаткі на пераадоленне цяжкасцей, якія «Герольдыя» звычайна стварае для жыхароў? Пры тым, што падзелы маёмасці і перасяленні ў іншыя паветы прывялі да збяднення калісьці заможных гаспадарак. Пажары і войны знішчылі нават самыя паважаныя архівы і сцерлі помнікі, сляды заслуг і паходжання продкаў. Таму колькі паважанай і несумненнай шляхты аказалася няздольнай пацвердзіць сваё паходжанне? Аднак усе яны павінны былі падпарадкавацца агульнаму, цяжкаму лёсу. Гора тым, хто з-за галечы не можа несці велізарныя выдаткі ці не можа выканаць занадта жорсткія, незаконныя патрабаванні! [78]
III. Закрыццё Віленскага універсітэта. Трэці фрагмент з «Успамінаў» прафесара Станіслава Юндзіла. Пелікан і яго рэктарства.
Указам ад 1 мая 1832 года Віленскі універсітэт быў скасаваны. Гэты ўказ зруйнаваў старажытную навучальную ўстанову, заснаваную ў 1578 годзе Стэфанам Баторыем, адноўленую і пашыраную Адукацыйнай камісіяй у 1781 годзе пры Станіславе Аўгусце [79], а ў 1803 годзе, дзякуючы намаганням князя Адама Чартарыскага і шчодрасці Аляксандра I, годна адроджаную і надзеленую новымі прывілеямі ў адпаведнасці з патрэбамі асветніцтва. З яе знікненнем у нашым краі згасла паходня ведаў, спыніўся прагрэс навукі і цывілізацыі, адукаваныя суайчыннікі са шкадаваннем і адчаем чакалі непазбежнага вяртання былой цемры.
Імператар Аляксандр, узышоўшы на расійскі трон у росквіце маладосці, кіраваўся імпульсамі свайго сэрца, яшчэ не заплямленага ўплывам і парадамі міністраў, і лічыў агульную асвету асновай шчасця і дабрабыту незлічоных народаў, падпарадкаваных яго скіпетру. Для дасягнення гэтай мэты ён вырашыў пабудаваць новыя і ўдасканаліць старыя навуковыя ўстановы ў сваёй велізарнай імперыі.
Асаблівую ўвагу цар звярнуў на нашы правінцыі, умацаваў і шчодра абдарыў даўно заснаваную ў Літве навучальную ўстанову і ўвесь выкладчыцкі стан. Вартыя вечнай памяці і павагі словы, якімі самадзержац пачынае прадмову да свайго прывілею: «Жадаючы ўгрунтаваць ва ўсіх правінцыях нашай імперыі агульную асвету як натуральны прынцып, мы палічылі неабходным, каб першым крокам стала імкненне да стварэння новых устаноў адукацыі моладзі і ўпарадкавання тых, якія ўжо існуюць і маюць шматгадовы карысны вопыт. Таму мы палічылі патрэбным забяспечыць гэтым нашым актам захаванне старажытнага Віленскага універсітэта, заснаванага ў 1578 годзе і адноўленага ў 1781 годзе, у адпаведнасці з сучасным узроўнем навук у Еўропе» [80]. […]
Нядоўга мы карысталіся гэтым дарагім дарам шчодрага Аляксандра. Не прайшло і трыццаці гадоў, як установа, пра вечнае існаванне якой казаў імператар, была зачынена па загадзе яго непасрэднага пераемніка Мікалая. Розніца ў падыходах гэтых двух манархаў па-сапраўднаму ўражвае. Тое, што адзін прыняў і абвясціў асновай сваёй улады, другі лічыў небяспечным для сябе і пагрозай для грамадскага жыцця.
Знішчэнне такой карыснай установы ў сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя -надзвычайная з'ява ў навуковай гісторыі Еўропы. Гэта стане векавечным доказам таго, што расійскі ўрад у эпоху асветніцтва не пазбавіўся грубых забабонаў аб навуках як пагрозе грамадскаму спакою. Аднак здаецца, што сам Мікалай, абсалютны пан і самаўладца ў сваіх землях, не быў абыякавы да меркаванняў іншых, больш адукаваных і цывілізаваных народаў. Магчыма, з-за гэтага ягоны ўказ не быў у поўным выглядзе перададзены універсітэту і не быў, як звычайна, апублікаваны ў якой-небудзь газеце. Міністр толькі стрымана паведаміў радзе універсітэта, што імператару даспадобы (!) закрыць Віленскі універсітэт. Пры гэтым універсітэт не здзейсніў ніякіх правапарушэнняў, каб заслужыць такі прысуд. Увесь час універсітэт карыстаўся поўным даверам як з боку вышэйшых навуковых улад, гэтак і самога імператара. І нават у апошнія гады розныя члены універсітэта атрымлівалі ганаровыя ўзнагароды. Нарэшце, у сваім афіцыйным развітальным лісце ад 18 мая куратар Навасільцаў, падзякаваўшы прафесарам і выкладчыкам як сваім калегам за іх стараннасць і бездакорную вернасць трону, урачыста засведчыў невінаватасць усяго акадэмічнага калектыву. Таму гэты незаслужаны ўдар стаў вельмі балючым для ўсіх, хто нечаканая страціў свае пасады і надзеі на льготы, гарантаваныя законам за іх працу [81].
Хоць грамадства і лічыць актыўны ўдзел Літвы і іншых правінцый у мінулагодняй рэвалюцыі непасрэднай прычынай скасавання універсітэта, але існавалі таксама шматлікія іншыя, больш даўнія прычыны, якія паступова рыхтавалі сапраўдную катастрофу для сістэмы адукацыі. Неўзабаве пасля Венскага кангрэса, які змяніў палітычны ландшафт амаль усёй Еўропы, народы, што ўнеслі свой уклад у скіданне невыноснага ярма Напалеона [82], чакалі ад сваіх урадаў больш ліберальных законаў. Менавіта з-за няспраўджаных спадзяванняў успыхнула адкрытае незадавальненне. У Калабрыі і Іспаніі гэтыя імкненні давялося стрымліваць сілай замежнай зброі. У многіх нямецкіх дзяржавах дзеля здабыцця свабоды былі створаны шматлікія таемныя таварыствы. Дух вольнасці пранізваў моладзевыя аб'яднанні амаль ва ўсіх нямецкіх універсітэтах. Гэты ж дух часу ахапіў і нашу школьную моладзь, якая раней займалася выключна навуковай дзейнасцю. У Вільні сярод студэнтаў універсітэта ўтварылася таварыства філарэтаў. Падобныя аб'яднанні ўзніклі таксама ў школах Коўна, Крожаў, Панявежаў і Кейданаў.
Раней ліберальны ў сваіх палітычных поглядах імператар Аляксандр падчас Веронскага кангрэса прыняў дэспатычнае вучэнне аўстрыйскага міністра Метэрніха і адмовіўся ад сваіх ранейшых высакародных прынцыпаў, бо палічыў іх пагрозай для міру ў Еўропе, якая тым не менш вітала яго як свайго вызваліцеля. Таму ён загадаў уважліва сачыць за намерамі і маштабамі дзейнасці таварыстваў у Германіі. Два таемныя пасланцы - грэк Стурдзіё і вядомы сваімі драматычнымі творамі Коцэбу - сталі інструментамі гэтага агіднага назірання. Пад уплывам імператара паўсюдна былі адменены прагрэсіўныя прынцыпы гэтых таварыстваў, а свабода друку істотна абмежаваная і заціснутая.
Яшчэ горшыя падзеі адбыліся ў нашым краі. Пасля сямі месяцаў следства па справе таварыства філарэтаў не было знойдзена ніякай іншай віны, акрамя жадання захаваць і пашырыць польскую народнасць [83]. Аднак некалькі дзесяткаў студэнтаў, пасля адбыцця шасцімесячных і аднагадовых тэрмінаў зняволення, былі пакараныя пажыццёвай высылкай з радзімы. Вучняў школ адправілі ў Сібір або прымусова прызначылі на салдацкую службу. Школа ў Кейданах была закрытая назаўжды, а некалькіх юнакоў (Тыра і Малесана) зняволілі на катаргу ў Бабруйскай цытадэлі. Разам з гэтым былі скасаваныя ліберальныя законы аб цэнзуры і строга абмежаваная свабода прэсы. Друк усім любімага сатырычна-крытычнага перыядычнага выдання «Бруковыя ведамасці» [84] быў цалкам забаронены. У школах забаранілі карыстацца творамі класічных польскіх пісьменнікаў у якасці узораў чыстай мовы і стылю, пад забарону патрапіла нават граматыка Капчынскага [85]. Акрамя таго, два рэдактары перыядычных выданняў, Марціноўскі і Жалкоўскі, былі асуджаныя на месяц пазбаўлення волі за друк некаторых артыкулаў - нават тых, якія раней ужо былі афіцыйна дазволеныя цэнзурай. Цэнзар кс. Клангевіч атрымаў строгую вымову, а рэктар універсітэта Твардоўскі быў пакараны пяццюдзесяццю днямі пазбаўлення волі ў казармах у былым кляштары св. Казіміра. Чатыры прафесары: Яўхім Лялевель, Ігнат Даніловіч, Юзаф Галухоўскі і святар Міхал Баброўскі, як варожыя ўладам, былі звольненыя з універсітэта без суда, выключна на падставе сакрэтнага даносу [86]. Нарэшце, былі звольненыя са сваіх пасад куратар Віленскай навучальнай акругі князь Адам Чартарыскі і міністр асветы князь Галіцын, якіх палічылі адказнымі за самыя малыя дзіцячыя легкадумнасці.
Гэта быў першы выбух царскага гневу супраць універсітэта і сумная прыкмета на будучыню. Стала зразумела, што існаванне універсітэта, якое, здавалася б, грунтавалася на непарушных падмурках, можа быць разбурана з-за вонкавых падзей, незалежных ад самой навучальнай установы. Галоўным вінаватым у гэтым несумненна быў сенатар Мікалай Навасільцаў - царскі камісар пры польскім урадзе ў Варшаве - чалавек дасціпны, вучоны, красамоўны і працавіты, але разам з тым крывадушны, ён палаў нянавісцю да нашага края.
Заваяваўшы давер вялікага князя Канстанціна, які кіраваў усімі далучанымі ад Рэчы Паспалітай правінцыямі, Навасільцаў пастаянна ўнушаў яму думку, што адукацыйная сістэма Віленскай акругі з'яўляецца моцнай перашкодай для больш шчыльнага збліжэння гэтых земляў з Расіяй. Ён сцвярджаў, што родная мова, якая шырока ўжываецца ў школах, падтрымлівае мары пра вольнасць, любоў і прывязанасць да сваёй айчыны і шкодзіць справе аб'яднання. На яго думку, філасофскія навукі, старажытная гісторыя, прыроднае права, палітычная эканомія, красамоўства і польская літаратура супярэчылі манархічным прынцыпам і разбуралі іх. Сваімі дзеяннямі Навасільцаў увесь час распальваў непрыязнасць вялікага князя да універсітэта. Праз гэта ён неўзабаве аслабіў павагу імператара да князя Чартарыскага і пачаў рыхтавацца калі не да поўнага скасавання, то прынамсі да значнага рэфармавання і абмежавання статутаў і прывілеяў, нададзеных гэтай навучальнай установе.
Выкрыццё таварыства філарэтаў у 1823 годзе, а таксама іншых тайных моладзевых суполак унутры навучальных устаноў, дало Навасільцаву зручную магчымасць часткова рэалізаваць свае намеры. Ён быў накіраваны ў Вільню, каб расследаваць мэты і вызначыць колькасць удзельнікаў таварыстваў, а таксама вывучыць настроі і палітычныя схільнасці не толькі сярод універсітэцкага і школьнага юнацтва, але і сярод жыхароў гэтых правінцый. Навасільцаў прадставіў усё гэта ў максімальна сумнеўным і небяспечным святле. Яго рапарт меў сумныя наступствы як для развіцця навукі, так і для лёсаў канкрэтных асоб. У той час яшчэ не было дастаткова відавочных прычын для знішчальнай рэформы універсітэта, аднак пазнейшыя падзеі паслужылі для ўладаў зручнай апраўдальнай падставай.
Паколькі тагачасныя падзеі былі цесна звязаны з рэктарствам Вацлава Пелікана, будзе дарэчы падрабязней распавесці пра жыццё, характар і таемныя памкненні гэтага апошняга кіраўніка Віленскага універсітэта. Вацлаў Пелікан (сын Вацлава) нарадзіўся ў Слоніме ў 1780 годзе. Яго бацька, чэх паводле паходжання, спачатку працаваў прыдворным музыкам у знакамітым аркестры гетмана Міхала Казіміра Агінскага, а пазней стаў маркграфам (упраўляючым) палаца Агінскіх. З часам ён заняўся вінным гандлем супольна са сваім суайчыннікам Новакам. Малады Вацлаў пачаў навучанне ў Слонімскай павятовай школе ксяндзоў-канонікаў латэранскіх. У 1806 годзе ён прыбыў у Вільню, дзе пасля заканчэння курса прыродазнаўчых навук пачаў сур'ёзна займацца медыцынай. З Вільні юнак накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, каб працягнуць адукацыю ў Медыка-хірургічнай акадэміі. Там яго прынялі ў доме сваяка Адама Паўстанскага, а пазней ён жыў у сям'і Васіля Кукальніка, тагачаснага рэктара Педагагічнага інстытута. Пелікан старанна вывучаў медыцынскую справу і дасягнуў такіх значных поспехаў, што прафесар Буш прызначыў яго сваім асістэнтам. Пад кіраўніцтвам гэтага выбітнага прафесара Вацлаў заслужыў рэпутацыю надзвычай умелага хірурга і неўзабаве быў абраны ад'юнктам акадэміі.
У 1817 годзе, пасля смерці прафесара Нішкоўскага, вызвалілася кафедра хірургіі ў Вільні. Паводле прапановы і настойлівай просьбы Юзафа Франка, Пелікан быў абраны прафесарам хірургіі. У сярэдзіне верасня таго ж года вярнуўся ў Вільню, а ўжо 1 кастрычніка ўпершыню ўвайшоў у склад рады універсітэта. Сваю выкладчыцкую і практычную дзейнасць ён пачаў вельмі рупліва і старанна, узорна праводзіў складаныя хірургічныя аперацыі. Добра вучыў студэнтаў і карыстаўся іх вялікай павагай, а ў віленскім грамадстве хутка набыў славу бліскучага лекара і хірурга.
Аднак, нароўні з бясспрэчнымі прафесійнымі якасцямі, Пелікан адразу ж выявіў рысы, згубныя для яго атачэння і ганебныя для звання прафесара - неўтаймоўную схільнасць да раскошы і абсалютную марнатраўнасць. Галоўнай страсцю яго жыцця стала пастаяннае наведванне публічных забаў, начныя гулянні, дэманстрацыя дарагога адзення, шыкоўнага жылля і выезду. Нягледзячы на велізарныя заробкі і значныя даходы ад прыватнай медыцынскай практыкі, ён ніколі не меў ашчаджэнняў і жыў у пастаянных даўгах. Яшчэ больш шкодзіла рэпутацыі і абурала студэнцкую моладзь відавочная распуснасць прафесара [87]. Прыбыўшы ў Вільню, ён прывёз з сабой Лізавету Пратапопаву (у дзявоцтве Васільеву), жонку маёра расійскай арміі, з якой завязаў непрыстойную сувязь яшчэ ў сталіцы і якую трымаў пры сабе як наложніцу. Яго старэйшы сын Аляксандр, які нарадзіўся яшчэ пры жыцці законнага мужа Пратапопавай, быў плодам незаконнага саюза. Акрамя Пратапопавай, усім былі вядомыя яго любоўныя прыгоды з многімі іншымі жанчынамі без гонару і сумлення. Сярод іх былі жонкі іншых прафесараў (Рэшкава, Саўндэрсава) і яўрэйка Клячкова [88]. Толькі праз некалькі гадоў пасля смерці маёра Пратапопава, пад уплывам і пасля настойлівых патрабаванняў сяброў, Пелікан ажаніўся з Лізаветай, чым паклаў канец публічным скандалам і грамадскаму абурэнню.
Аднак прыватныя заганы прафесара шкодзілі пераважна яму самому. Куды больш небяспечнымі сталі яго амбіцыі - галоўны і самы трывалы запал, які меў сумныя наступствы для ўсяго універсітэта. Першыя гады, пакуль строга выконваўся універсітэцкі статут, Пелікан абмяжоўваўся лабіраваннем уласных інтарэсаў і падтрымкай сваіх прыхільнікаў. У гэтым яму дапамагала нямецкая пратэстанцкая партыя універсітэта, з якой ён зблізіўся. Дзякуючы гэтай уплывовай падтрымцы, пасля смерці Лябенвейна ў 1820 годзе, ён атрымаў кафедру анатоміі з поўным прафесарскім акладам. Прызначаючы сваіх людзей на ключавыя пасады, паступова кансалідаваў уладу: у 1819 годзе зрабіў свайго сябра Зноску візітатарам беларускіх школ, у 1820 годзе прызначыў дэканам філалагічнага факультэта неспакойнага Гродэка, прасунуў Ігната Гарадоцкага на кафедру мінералогіі, Юзафа Сянкоўскага - на кафедру ўсходніх моў, Фердынанда Шпіцнагеля намінаваў на найвышэйшую ўзнагароду і г. д.
Кар'ерныя амбіцыі Пелікана напоўніцу выявіліся ў 1824 годзе падчас следства па справе таварыства філарэтаў. Працяглае знаходжанне сенатара Мікалая Навасільцава ў Вільні (якое доўжылася больш за шэсць месяцаў) дало тагачаснаму рэктару Твардоўскаму і самому Пелікану магчымасць дэталёва вывучыць характар, слабыя месцы і намеры царскага камісара. Прадбачачы непазбежнае падзенне куратара князя Адама Чартарыскага, Пелікан пачаў дамагацца прыхільнасці Навасільцава. Барацьба паміж Твардоўскім і Пеліканам - двума сапернікамі, якія раней пазіцыянавалі сябе як блізкія сябры, была нядоўгай. Хітрасць, спрыт і прыдворная гнуткасць Пелікана ўпэўнена перамаглі нязграбныя соймікавыя інтрыгі Твардоўскага. У выніку Твардоўскі быў вымушаны пакінуць сваю пасаду, і 21 кастрычніка 1824 года Вацлаў Пелікан быў афіцыйна прызначаны выканаўцам абавязкаў рэктара Віленскага універсітэта.
Да канца кастрычніка таго ж года ў Вільню прыбыў сенатар Навасільцаў, зацверджаны на пасадзе куратара Віленскай навучальнай акругі замест Чартарыскага. Менавіта з гэтага моманту ва універсітэце пачаліся амаль штодзённыя, нечуваныя дагэтуль брудныя палітычныя інтрыгі, якія пазней сталі звыклай практыкай. У дзень імянін свайго кіраўніка, універсітэт даваў цудоўны баль на складкі сваіх членаў [89]. Новы кіраўнік 1 лістапада на першым пасяджэнні пад старшынствам куратара пачаў свой тэрмін з нечаканай прапановы абраць Бэркмана на пасаду прафесара кафедры судовай медыцыны.
Наступныя два гады прайшлі без якіх-небудзь незвычайных падзей. Пелікан з дапамогай ветлівасці, святкаванняў і забаў заваяваў агульную прыхільнасць рады. У 1825 годзе для прысваення чыноў і ордэнаў ён прадставіў не толькі многіх выкладчыкаў, але і розных чыноўнікаў. У 1826 годзе прызначыў чынных прафесараў Мяноўскага, Паблінскага, Падчашынскага і Бэркмана візітатарамі школ розных губерняў, адцягваючы іх ад лекцый на шкоду студэнтам, і гэта было зроблена толькі дзеля таго, каб спаганяць з кожнага з іх значныя сумы грошай за пустыя паездкі.
Але чужая і далёкая падзея дала яму магчымасць паслужыць ураду яшчэ ў большай ступені; ён спрытна скарыстаўся і зрабіў яе падставай свайго будучага ўзвышэння. Да канца 1825 года ў Санкт-Пецярбургу была раскрыта страшная і шырока распаўсюджаная змова, якая пагражала манархіі і ўсёй пануючай дынастыі. У некаторых школах, асабліва ў гімназіях Беластока і Свіслачы, сярод моладзі з'явіліся прыкметы ўдзелу ў гэтым грозным замаху. Каб расследаваць незвычайную падзею, Пелікан паспяшаўся на месца і арыштаваў падазраваных вучняў. Пасля дбайнага расследавання ён паведаміў пра ўсё вялікаму князю Канстанціну. Паспяховасць і стараннасць у выкананні гэтага даручэння дапамаглі яму заслужыць поўны і неабмежаваны давер імператара. У выніку найвышэйшым указам, без папярэдніх выбараў радай і ў прамое парушэнне ўказаў Аляксандра, ён быў прызначаны рэктарам універсітэта.
Гэта было першае парушэнне фундаментальнага прывілею, згодна з якім права выбіраць рэктара заставалася за радай, абмежавала свабоду меркаванняў нават у найбольш гарачых і адукаваных членаў сходу. Нядаўні прыклад звальнення чатырох прафесараў выключна на падставе сакрэтнага дакладу, без выслухоўвання абвінавачаных і прадугледжаных законам мер абароны, напоўніў усіх страхам і прымусіў замаўчаць самых заўзятых абаронцаў парадку, прадпісанага статутам універсітэта. Адны перасталі наведваць пасяджэнні рады, другія, не адважваючыся каментаваць, моўчкі з усім пагаджаліся. І толькі подлыя падхлябалы з-за асабістай зацікаўленасці гучна апладзіравалі ўсім праектам. Пажыццёвы рэктар, незалежны ад рады - гэта была навіна, якая жахала членаў універсітэта і ўвесь выкладчыцкі стан [90]. Знікла павага да корпуса выкладчыкаў, заслугі і ранейшая пашана больш нічога не каштавалі. Усе звярталі позірк выключна на таго, ад каго залежалі лёс і няшчасце кожнага.
Пад уплывам гэтага тэрору ствараліся новыя пасады і кафедры, якія ўзначальвалі фаварыты або сваякі, што выклікала ўсеагульнае абурэнне. Такім чынам занялі кафедры: усеагульнай гісторыі - Павел Кукальнік, хоць ён нават не ведаў пачаткаў лацінскай мовы; старажытнай літаратуры і ўсходніх моў - Эміль Мюльніх, прычым першае ён ведаў слаба, а пра другое амаль не меў паняцця; натуральнага права і палітычнай эканоміі - швагер рэктара Ян Вашкевіч, таксама нягеглы і вядомы публіцы толькі з-за свайго сваяцтва з рэктарам; французскай літаратуры - Ян дэ Нэў, нядаўні гандляр дробнымі таварамі ў Маскве; куратарам канцылярыі - невыносны з-за сваіх грубых манер Платон Кукальнік, Міхал Васільеў, брат рэктара, быў прызначаны экспедытарам і г. д., і г. д.
Універсітэцкі фундаш, які так старанна бераглі папярэднікі Пелікана, быў растрачаны з надзвычайным марнатраўствам як на пышныя рамонты і ўпрыгожванне універсітэцкіх будынкаў, так і на нечуваныя ўзнагароды прыхільнікаў за іх уяўныя заслугі. Толькі рамонт Святаянскага касцёла ў 1827 годзе каштаваў больш за 8000 рублёў. Колькі было выдаткавана на новыя падлогі, вокны і агульную рэканструкцыю галоўнага універсітэцкага будынка, колькі пайшло на раскошнае аздабленне кватэр Ачапоўскага, Дравінскага, Вырвіча, Фомберга, Бароўскага і іншых, а таксама на паўторны рамонт прасторнага дома рэктара, мэбляванне залы публічных сходаў і падобныя патрэбы - застаецца таямніцай адміністрацыі. Марнае і беспаспяховае падарожжа Эйхвальда ў паўднёвыя губерні ў 1829 годзе каштавала 1700 рублёў. Спецыяльны камітэт па вывучэнні, апісанні і ўпарадкаванні багатай калекцыі манет з Крамянца, які складаўся выключна з фаварытаў рэктара (хоць сярод іх не было ніводнага эксперта), атрымаў велізарныя грашовыя ўзнагароды, не лічачы чыноў і адзнак.
У 1828 годзе рэктар прывёз з Крамянца нягеглага садоўніка Вітцэля, прызначыў яму заработную плату ў памеры 500 рублёў штогод і, на шкоду мне і калекцыі раслін, даручыў кіраваць садам. Ён вылучыў гэтаму марнатраўнаму садоўніку некалькі тысяч сярэбраных рублёў на нібыта ўпрыгожванне саду, а дакладней - на поўнае зруйнаванне ўстановы, якая паспяхова квітнела на працягу трыццаці гадоў. Больш за тое, пасля смерці садоўніка рэктар прысудзіў яго ўдаве і дзецям, акрамя аднаразовай выплаты ў 1000 рублёў, пажыццёвую пенсію ў памеры 250 рублёў кожнаму, нібыта за вялікія заслугі. Таксама ён загадаў выплаціць 1100 рублёў за яго нікчэмны гербарый і струхлелую калекцыю насякомых.
Непранікальная заслона хавае і таемнае размеркаванне даходаў ад вячыстай і часовай арэнды бенефіцыяльных маёнткаў. Члены прызначанага для гэтага камітэта былі вельмі асцярожнымі, яны не адкрылі галоўныя інтрыгі, таму часта нават дабрадзейныя людзі з найлепшымі намерамі дзейнічалі на шкоду універсітэцкаму фундашу. Сакратар Фелікс Межаеўскі і люстратар маёнткаў Ян Шантыр умела накіроўвалі рашэнні камітэта на карысць рэктара, а той, у сваю чаргу, шчодра кампенсаваў іх працу грашыма. Фармальнасці, прадпісаныя законам для такіх спраў, былі для яго толькі дробязямі, да якіх ставіліся ў залежнасці ад канкрэтных абставін, а часам і зусім ігнаравалі. Такім спосабам швагер Кукальніка і сябар Пелікана Пузырэўскі атрымаў фальварак Пузырышкі, а віцэ-губернатар Лістоўскі - фальварак Свёнтнікі ў вечную арэнду за самы нізкі кошт. Больш за тое, дэкан Мяноўскі, які так гучна скардзіўся і асуджаў злоўжыванні былых рэктараў (пра якія чуў толькі ён сам), у 1829 годзе без аніякіх фармальнасцей і ўмоў заняў фальварак Мяжаны і, не ўносячы ніводнага гроша ў касу універсітэта, карыстаўся ім два гады ва сваю карысць.
Нягледзячы на бачны спакой, усеагульнае маўчанне ці нават апладысменты прыхільнікаў, у асяроддзі якіх здзяйсняліся гэтыя злоўжыванні, Пелікан не мог не адчуваць, што значная частка больш паважаных і разумных членаў універсітэта, якія вылучаліся сваімі талентамі і заслугамі, з глыбокім болем глядзела на гэтае самавольнае таптанне статутаў і прывілеяў. Таму, дзейнічаючы ў асабістых інтарэсах, ён стараўся прыцягнуць да сябе кожнага і, па магчымасці, зрабіць іх саўдзельнікамі гэтай несправядлівасці. Сваім ветлівым і прывабным абыходжаннем са старымі і выбітнымі ветэранамі ён у пэўным сэнсе згладжваў тыя паклёпы і абразы, якія нядаўна абрушылі на іх рэфарматары. Пры гэтым ён баяўся маладзейшых і трымаў іх у поўнай пакоры паміж страхам магчымай помсты і надзеяй на ўзнагароду з узвышэннем. Каб пазбавіць іх часу на разважанні і абдумванне сумных наступстваў уласных злоўжыванняў, пагрузіў большасць з іх у пастаянны вір забаў, бясед і раскошных свят.
Да рэктарства Пелікана картачныя гульні былі амаль невядомыя ва універсітэце, ці, прынамсі, ніхто звычайна не аддаваўся гэтай пустой забаве. Ён стаў першым, хто ператварыў свой дом у сапраўдны прытон. Віст і бостан займалі ўвесь час пасля абеду і ўсе ночы людзей, пакліканых лёсам да нечага больш вышэйшага. Нямілым быў той госць, які не садзіўся за картачны стол, бо ён не падзяляў гэтай агульнай жарсці, несумяшчальнай з важнымі абавязкамі. Некаторыя сцвярджалі, што жонка рэктара мела штогадовы даход з карт да 2000 рублёў. Мода на карты хутка распаўсюдзілася ў старажытнай навуковай установе. Прафесары, а менавіта Мяноўскі, Кукальнік, дэ Нэў, Парцянка, Бэркман, Анацэвіч і іншыя, змагаліся за першынство і прыхільнасць у вачах свайго кіраўніка. Усюды панавалі азартныя гульні і весялосць, а каб дадаць разнастайнасці, нават з'явілася асобнае більярднае таварыства, якое стварылі для сябе тыя, хто не ўмеў гуляць у карты, але не жадаў ні ў чым саступаць іншым. Неўзабаве пачалі гуляць у яшчэ больш модны віст. Наколькі ўзрастала цікавасць да гульняў і забаў, настолькі ж выклікала яна поўную абыякавасць да інтарэсаў універсітэта.
Другім сродкам тлумлення і адрыву ад інтарэсаў універсітэта, і асабліва ад дзейнасці адміністрацыі, якая строга трымалася ў сакрэце, былі амаль пастаянныя раскошныя і п'яныя святы. Спачатку яны праводзіліся ў доме рэктара, потым распаўсюдзіліся і сталі прыкладам і абавязкам амаль для ўсіх прыхільнікаў. Заўсёды пышнымі святамі адзначаліся ўрадавыя ўрачыстасці, дні нараджэння і імяніны куратара, рэктара, яго жонкі і маці, а таксама шматлікіх прыхільнікаў з сем'ямі. Для гэтых свят збіраліся значныя ахвяраванні з асоб, нават абыякавых да забаў. На рэктарскіх святах пад акампанемент шумнай музыкі, пакуль больш сур'ёзныя члены пагружаліся ў карты, моладзь забаўлялася рознымі танцамі. Іх арганізаваў універсітэцкі танцмайстар Ксаверый Дэйбель, а прафесар сусветнай гісторыі Павел Кукальнік, больш умелы і спрытны ў гэтым мастацтве, з юнацкай жвавасцю ажыўляў іх нацыянальнымі рускімі скокамі.
Гэтыя пышныя святы не абмяжоўваліся дамамі рэктара ці яго прыхільнікаў, часта святкавалі ў прыгарадах і нават у больш аддаленых раёнах. Дом Мюлера ў горадзе, Карвела на Росах, рэстаран Цівалі на Антокалі, Маліноўскага і Фохта на Пагулянцы, а таксама ўзорны фальварак у Заменчку, Пузырышкі Пузырэўскага, Салечнікі Мяноўскага, бліжэйшыя паштовыя станцыі ў Ялінску, Салечніках і Няменчыне былі частымі месцамі сустрэч рэктара, які ад'язджаў ці вяртаўся. Часам нават Байкоў (прыдворны шамбелян Навасільцава) быў сведкам гэтых свят. Два п'яніцы, Шантыр і Мяжэўскі, а таксама Платон Кукальнік, пастаянныя паяцы і блазны рэктара, заўсёды суправаджалі гэтыя экскурсіі і, прамаўляючы складаныя тосты, аглушалі гуляк сваімі крыкамі.
Акрамя членаў універсітэта, прыватныя і іншыя асобы, звязаныя з універсітэтам, спрабавалі заслужыць прыхільнасць рэктара і яго світы падобнымі святамі. Напрыклад, віняр Бідо падобнымі абедамі, каб забяспечыць будучыню сваім сынам - студэнтам-медыкам, страціў маёнтак. Універсітэцкі кнігар Тэафіл Глюксберг, нягледзячы на пастаянныя пройгрышы ў азартных гульнях, праз гэтыя святы і банкеты меў велізарны прыбытак, бо прадаваў кнігі-падручнікі па высокім кошце. 3 красавіка 1830 года, у яўрэйскія святы праснакоў і ў Вялікі чацвер перад Вялікадням, дзень усеагульнага пакаяння, быццам высмейваючы гэтую ўрачыстасць, ён зладзіў свята мацы. Рэктар з усёй сваёй звычайнай світай і, што дзіўна, са старым і заслужаным ветэранам Малеўскім, правёў амаль усю ноч, гуляючы ў азартныя гульні на гэтым свяце. Толькі малады прафесар Фелікс Рымкевіч пагардліва адхіліў запрашэнне [91].
Пелікан ганарыўся сваім рэктарствам без выбараў, неабмежаваным даверам куратара, а праз яго і прыхільнасцю імператара, аднак лічыў сведчаннем незадаволенасці і таемнага дакору пазбяганне некаторымі асобамі гэтых забаў. Тым не менш, пагарджаючы праявамі назойлівай ліслівасці, ён часам казаў сваім больш давераным сябрам: «Чаму гэтыя дурні бегаюць за мной?». Пры ўсім гэтым большасць яго ўжо здэградаванага асяроддзя лічыла свае паводзіны нармальным сродкам кар'еры і спрабавала задаволіць рэктара новай, усё больш агіднай ліслівасцю.
Таму быў уведзены звычай прыносіць дарагія падарункі на кожныя імяніны рэктара, яго жонкі і членаў яго сям'і. Немагчыма дакладна ацаніць колькасць, гатункі і каштоўнасць гэтых ахвяраванняў, якія рабіліся на працягу некалькіх гадоў, бо ў такіх выпадках ні той, хто дае, ні той, хто атрымлівае, не прызвычаіўся хваліцца сваёй нізасцю. Я згадаю толькі тое, што не схавалася ад вока вашай дапытлівай і празмерна чуллівай публікі.
Аляксандр Вельк, прэтэндуючы на пасаду асістэнта ў радзільнай клініцы, падарыў пару сярэбраных падсвечнікаў коштам у 33 сярэбраныя рублі, а ў іншы раз - сярэбраны кошык каштоўнай работы. Прафесар Бэркман падарыў сярэбраную вазу коштам 300 рублёў, а іншым разам - дыяментавыя завушніцы. Прафесар Ачапоўскі падарыў вялікі сярэбраны паднос і падобны жа падарунак зрабіла і прафесарава Шпіцнагелева. Павел Кукальнік падарыў дзесятак пазалочаных дэсертных лыжак. Дэ Нэў - парадныя хамуты пецярбургскай работы.
5 верасня 1829 года Ачапоўскі зноў падарыў дыяментавы пярсцёнак коштам 300 рублёў, Бэркман - сярэбраную ванну, а Глюксберг - залатыя завушніцы. А што яшчэ можна сказаць пра іншых членаў універсітэта, як старэйшых, так і маладзейшых: Палінскага, Падчашынскага, Вырвіча, Гурскага і г. д., якія ў падобных рэчах нічым не адрозніваліся ад сваіх калег? А як жа дырэктар гімназіі Каэтан Красоўскі, кіраўнік клінікі Радзішэўскі, наглядчык за скарбовымі студэнтамі-медыкамі Казімерскі і іншыя, якія падарункамі пакрывалі свае правіны?
Фармацэўт Вольфганг, акрамя свайго хатняга вытанчанага шакаладу на цэлы год, мусіў забяспечваць дастатковую колькасць сіропу для кожнага рэктарскага балю, а ў летнюю спёку мусіў пастаўляць яшчэ і імбірную ваду (Ingwer Wasser). Некаторыя сцвярджаюць, што Красоўскі на складкі настаўнікаў гімназіі ахвяраваў сярэбраную вазу коштам 400 рублёў, і гэта нібыта прывяло да хуткага яго павышэння да рангу радцы стану і ордэна св. Ганны 2-га класа.
Акрамя добраахвотных унёскаў, умелі прымусова выцягнуць ахвярапрынашэнні праз страх і розныя хітрасці. Прафесару тэрапіі Гэрберскаму пагражала звальненне з пасады, бо ён не мог чытаць лекцыі на лацінскай мове з-за адсутнасці моўнай практыкі. Хворы Гэрберскаму не прадбачыў сваёй хуткай смерці і завяшчаў 6000 рублёў дзецям рэктара і дарагі настольны гадзіннік дэкану Мяноўскаму з намерам, калі выздаравее, адмяніць сваё завяшчанне, спадзяючыся толькі супакоіць гэтай шчодрасцю сваіх двух найважнейшых кіраўнікоў. Але ён памёр раней, чым чакаў, і хітрыя спадчыннікі спакойна атрымалі яго спадчыну.
Лянівы скнара Мюніх, прафесар старажытнай літаратуры і ўсходніх моў, расчараваў чаканні сваіх студэнтаў у абедзвюх дысцыплінах і атрымаў асабістае папярэджанне аб звальненні з кафедры. Рэктар жадаў праз Мяжэеўскага атрымаць у яго пазыку ў 700 рублёў. Каб утаймаваць грознага начальніка, Мюніх ахвотна пазычыў грошы і атрымаў ад яго афіцыйны пахвальны ліст, які гарантаваў недатыкальнасць. Але калі ён папрасіў распіску за пазычаную суму, пасрэднік Мяжэеўскі адхіліў просьбу здзеклівай адмовай. Неўзабаве Мюніх захварэў і памёр, 700 пазычаных рублёў засталіся ў Пелікана, а паслухмяны Станіслаў Грыневіч, якому даручылі інвентарызаваць рэчы памерлага, знайшоў пахвальны ліст і вярнуў яго рэктару, каб пазбегнуць магчымых праблем і тым самым заслужыць яго прыхільнасць.
Прафесар фармакалогіі Вольфганг меў велізарную карысць, бо менавіта ён забяспечваў лекамі клінічную бальніцу. Маючы найлепшы стан здароўя, ён прыкідваўся хворым і пакінуў выкладанне фармакалогіі свайму намесніку Станіславу Горскаму. Гэты намеснік атрымліваў гадавы заробак у памеры 300 рублёў. З гэтай нагоды некаторыя члены універсітэта скардзіліся. Вольфгангу пагражала новая сістэма забеспячэння клінік лекамі і звальненне памочніка з пасады. Кажуць, што ён лёгка адкупіўся 400 рублямі ад першай праблемы і 300 - ад другой, і да канца 1831 года працягваў рабаваць фонд клінікі і выкладаць праз свайго намесніка.
Падобна на праўду тое, што казалі незадаволеныя. Напрыклад, сцвярджалі, што ксёндз Ян Цывінскі, прэлат Віленскай капітулы (пазней біскуп), заплаціў 2000 рублёў, каб яго прадставілі на пасаду Троцкага суфрагана [92].
Прадажнасць пасад ва універсітэцкім школьным аддзеле стала заразнай тэндэнцыяй, і падначаленыя рэктара карысталіся гэтым. Настаўнік Вінніцкай гімназіі Павел Бялецкі з горыччу распавядаў, як дырэктар Кавалеўскі са сваёй кампаніяй часта збіраў грошы на партрэты рэктара і куратара, на прыём гасцей і на святы.
У Вільні сакратар Мяжэеўскі браў грошы з настаўнікаў за перавод па розных абставінах у іншую школу. Ніхто не мог атрымаць перавод і новую вакантную пасаду, калі не разлічваўся грашыма або багатым застоллем. Прэфект Свіслацкай школы Шыман Пушкарэвіч, звольнены з-за вучняў, сядзеў у Вільні без сродкаў да існавання і амаль год дарэмна прасіў месца ў любой школе. Нарэшце ён аддаў Мяжэеўскаму свае апошнія футры і адразу ж атрымаў жаданую пасаду ў мужчынскай школе. Часам жніва для гэтага сібарыта і вымагальніка быў перыяд вакацый, калі настаўнікі адусюль з'язджаліся ў Вільню, каб упарадкаваць свае справы.
Якія б вялікія выгады ні меў Пелікан ад добраахвотных і прымусовых ахвяраванняў, яны ўсё роўна былі нічым у параўнанні з тым, што ён меў ад велізарных універсітэцкіх фундушоў. Але гэта беспрэцэдэнтная дзейнасць у значнай ступені застаецца загадкай нават для членаў адміністрацыі. Прывяду адзін прыклад, які кінуўся мне ў вочы. Адукацыйны фундуш доўгі час валодаў значным капіталам у маёнтку князя Радзівіла Колкі, што на Валыні. У былой Адукацыйнай камісіі, а пазней і ў Валынскай камісіі ўзнікла судовая спрэчка аб дакладнай суме, і пасля строгага разбору было ўстаноўлена, што Радзівіл вінен фонду 40 000 рублёў. Радзівілы сафістычна даводзілі, што стары доўг ужо выплачаны, і наадварот, гэта ім вінны 30 000 рублёў доўгатэрміновых працэнтаў. У 1830 годзе пытанне было разгледжана універсітэтам. Пасля дбайнага аналізу адмысловы камітэт прызнаў названую суму фактычнай маёмасцю адукацыйнага фундушу і вырашыў прадставіць сваё меркаванне міністру. Рэктар, несумненна, размаўляў з паўнамоцным прадстаўніком Радзівілаў Кажухоўскім і не падпісаў дакумент, бо сцвярджаў, што прадстаўнік дасягнуў пагаднення з міністрам. Такім чынам, велізарныя грошы зніклі ў выніку незаконнага і сумнеўнага рашэння.
Пелікан не спыняўся на гэтых выпадковых і залежных ад розных падзей даходах. Будучы чуйным да ваганняў лёсу, ён імкнуўся пры любых абставінах забяспечыць сабе стабільныя і вялікія фундушы. З гэтай мэтай ён наўмысна планаваў набыць у пажыццёвую арэнду знакаміты і багаты фальварак Галоўчыцы ў маёнтку Бяздзежа Кобрынскага павета. Дзеля гэтага люстратар бенефіцыйных маёнткаў Шантыр некалькі гадоў паляпшаў гаспадарку гэтай воласці. Ён цалкам перабудаваў усе гаспадарчыя пабудовы, завёў шматлікую і выдатную жывёлу, у бровар паставіў добрае абсталяванне, а жылы дом абставіў прыстойнай мэбляй. Усё гэта рабілася за кошт іншых фальваркаў гэтага ж маёнтка, якія павінны былі быць прададзены чужым асобам. Калі ўсё было гатова, Пелікан падаў просьбу аб атрыманні пажыццёвай арэнды. Куратар, як звычайна, прадставіў гэтую просьбу міністру. Міністр, не жадаючы спусташаць бенефіцыйныя фундушы, якія былі ў асноўным прызначаны для ўтрымання універсітэта, не пагадзіўся з такім падарункам на карысць рэктара. Аднак, жадаючы ўзнагародзіць яго руплівую службу ўраду, па патрабаванні куратара, відавочна падтрыманага ўмяшаннем імператара, прызначыў штогадовую даплату да заробку ў памеры 1500 рублёў гатоўкай на працягу 25 гадоў з агульных адукацыйных фундушоў. Такім чынам, пастаянны даход Пелікана павялічыўся да незвычайнай і беспрэцэдэнтнай раней сумы ў 6200 рублёў [93].
Дух часу і прыроджаная цяга маладых розумаў да палітычных мар часта давалі Пелікану магчымасць дэманстраваць сваю невычэрпную руплівасць на карысць урада. Узяўшы на сябе кіраўніцтва універсітэтам у канцы 1824 года, пасля ліквідацыі таварыства філарэтаў, ён перш за ўсё звярнуў увагу на тое, каб падобныя моладзевыя аб'яднанні не ўзнікалі ў будучыні. З гэтай мэтай ён стварыў ва універсітэце невядомую раней школьную паліцыю, якая складалася з аднаго інспектара і чатырох бэдляў. Яе абавязкам было сачыць за строгім выкананнем студэнтамі ўстаноўленых правілаў і, у прыватнасці, сачыць за іх палітычнымі памкненнямі. Падобны нагляд і пільнасць у гімназіях і павятовых школах быў ўскладзены на дырэктараў, прэфектаў і ўсіх настаўнікаў. У школы духоўных ордэнаў, якім менш давяралі, прызначылі свецкіх прэфектаў.
Гэтая паліцыя была неабходна для падтрымання дысцыпліны і належнага парадку сярод моладзі, якая звычайна дрэнна выхоўвалася дома і мела схільнасць да распусты. Але дзікія і варварскія паводзіны інспектара Вінцэнта Наксяновіча і некалькіх бэдляў, пастаянныя прэтэнзіі і пераслед з-за крою і колеру адзення, капелюшоў, каўнерыкаў, паліто і г. д., распальвалі розумы і выклікалі агульную нянавісць да рэктара. Аднак паліцыя, якая дзейнічала адкрыта, не здольная была сачыць за схаванымі палітычнымі поглядамі і выявіць таемныя думкі і сувязі. Для дасягнення гэтай мэты ва універсітэце і ва ўсіх школах, насуперак маралі і звычаяў, з'явілася таемнае шпіёнства. З яго дапамогай у розны час і ў розных месцах, такіх як Свіслач, Беласток, Крамянец і Вінніца, пад рознымі назвамі і з рознымі намерамі, былі выяўлены таемныя таварыствы. У Вільні ў 1827 годзе выявілі звяз з трох гімназістаў - Канстанціна Заха, Фелікса Лісоўскага і Адама Трускоўскага [94]. Пасля строгага расследавання гэтых непаўналетніх асудзілі на працяглы тэрмін зняволення, цялесныя пакаранні бізуном і службу ў Каўказскай арміі [95].
Два подлыя стукачы, Фісян і Вяндалоўскі, атрымалі агідную ўзнагароду за сваю амаральнасць. Праз гэта подлае шпіёнства сачылі за крокамі кожнага студэнта. Найменшае падазрэнне прыводзіла да доўгага і жахлівага турэмнага зняволення, а пасля допытаў - да ваеннай службы. У апошні час многія неасцярожныя юнакі сталі ахвярамі гэтай інквізіцыі.
Пастаянныя даносы пра бурлівыя розумы, небяспечныя змовы і канспірацыі студэнтаў, распальвалі гнеў імператара супраць усіх навуковых устаноў. І хоць, з аднаго боку, гэта выклікала павагу да Пелікана, да яго чуйнай руплівасці, але з другога боку, нараджала варожасць і падазронасць да ўсяго края. У выніку грамадскасць ненавідзела і адкрыта пагарджала рэктарам. На сценах грамадскіх будынкаў множыліся памфлеты, у яго дом кідалі саркастычныя і пагрозлівыя лісты, і - беспрэцэдэнтная дагэтуль справа - амаль што кожную ноч білі яго вокны і г. д. Не маючы магчымасці адчуваць бяспеку ў сваім доме, ён быў вымушаны акружыць сябе ваеннай вартай.
Надышоў памятны 1831 год, у якім усе беды і няшчасці, нібы з скрыні Пандоры, абрынуліся на наш народ. Рэвалюцыйная вайна, якая ўспыхнула ў канцы папярэдняга года ў Польскім каралеўстве, неўзабаве перакінулася і на Літву. І тут Пелікан не шкадаваў сродкаў, каб дыскрэдытаваць барацьбу народа, які змагаўся за сваю свабоду, суцішыць запал, які раптоўна ўспыхнуў ва ўсіх правінцыях, і прадэманстраваць сваю гарачую адданасць ураду. Яго дом стаў домам кпінаў і праклёнаў, якія адсюль кідалі ў бок нашых найбольш выбітных па паходжанні і таленце людзей; ім прыпісвалі нізкія намеры і амбіцыі ці яшчэ больш нізкае жаданне нажыцца на рэвалюцыйным віры. Тут ствараліся самыя фальшывыя паведамленні пра паразы паўстанцаў і трыумф рускай арміі.
У пачатку снежня 1830 года рэктар аддаў будынак клінікі пад ваенны шпіталь і пагадзіўся ўтрымліваць хворых за кошт універсітэта. Гэтае ўтрыманне на працягу васьмі месяцаў, да 1 жніўня 1831 года, абышлося ў 3000 сярэбраных рублёў - увесь гадавы фундуш медыцынскага факультэта. Ён загадаў студэнтам-медыкам старэйшых курсаў служыць ва ўсіх астатніх шпіталях. Пазней, маючы ахову ў трыццаць чалавек, ператварыў усю гімназію і Святаянскі гмах у ваенныя казармы. Выгнаныя са сваіх кватэр прафесары і настаўнікі былі вымушаны туліцца па горадзе. Акрамя незлічоных пашкоджанняў, разбурэнняў сцен, печаў, вокнаў і г. д., нанесеных зладзеямі будынкам, частая раздача хлебных і гарэлачных паёк гэтаму гарнізону каштавала універсітэту да трохсот сярэбраных рублёў. Узорная статуя Лаакоана ў пакоі для жывапісу была цалкам знішчана.
З дапамогай усяго гэтага ён памнажаў і свае заслугі перад урадам, абвінавачваючы іншых у... амбіцыях і асабістыя мэтах. Дзеля гэтага ён апусціўся да ўчынкаў, якія ў любым іншым выпадку лічыліся б подласцю. Ён сам лячыў хворага палкоўніка казакоў Вярзіліна, вядомага сваімі забойствамі і жорсткасцю. Размясціў у сваім доме параненага афіцэра Кутакова з той жа дзічы, сам лячыў яго і прымусіў іншых медыкаў, такіх як Парцянка і Казімерскі, таксама лячыць. Ён выехаў насустрач палкам, якія ішлі ў горад, і радасна вітаў іх. Ён разам з бесчалавечным Храпавіцкім наведаў няшчаснага палоннага Лабаноўскага, здзекаваўся з яго і ласаваўся выглядам палоннага паўстанца.
Omnia serviliter pro servitu (лац. «Усё па-рабску дзеля службы» - Л. Л.) [96].
У красавіку аб'яднаныя атрады павятовых паўстанцаў пачалі пагражаць нападам на Вільню. Гарнізон у горадзе быў слабы і меў мала артылерыі, ён амаль што цалкам складаўся з рот унутранай стражы. Калі б меўся смелы і дасведчаны камандзір, які б мог па-сучаснаму арганізаваць справу і мудра кіраваць сваімі сіламі, горад можна было б узяць. Усеагульны страх ахапіў усе дзяржаўныя ўлады. Пакаваліся архівы, усе грошы вывезены ў бліжэйшыя крэпасці. Пелікан адправіў жонку і дзяцей у Слонім, дзе спыніўся Навасільцаў, і праводзіў дні і ночы ў пастаянным страху і клопаце пра сваю бяспеку. Акрамя ваеннай стражы, якой, як ужо згадвалася, даўно быў акружаны, вечарамі збіраў сваіх самых давераных слуг: універсітэцкага скарбніка Баговіча, інспектара паліцыі Наксяновіча, наглядчыка за скарбавымі студентамі-медыкамі Казімерскага, экзекутара Платона Кукальніка, прэфекта базыліянскай школы Граўэрта, прэфекта Мерацкай школы Лабунскага і бэдляў Вяржайскага, Гедройца, Пятрашэўскага і іншых. Такім чынам, акружаны подлымі падхалімамі, да позняй ночы глушыў сабе абсурднай лаянкай супраць паўстанцаў і адпачываў сярод гэтых людзей. Але замучаны страхам, не мог спакойна спаць. Кожны далёкі шум, кожны грукат на вуліцы палохаў яго і здаваўся нападам. Ён будзіў таварышаў, кідаўся да акна, апранаўся ў яўрэйскае адзенне, каб пад гэтай маскай, у выпадку замятні, забяспечыць сабе выжыванне.
У сярэдзіне мая генерал Хлапоўскі нечакана з'явіўся ў Лідзе з невялікім атрадам. Паніка сярод чыноўнікаў у Вільні дасягнула свайго піку, хоць горад ужо быў значна ўмацаваны а яго абарона лепш арганізавана. Неўзабаве пасля гэтага генерал Гелгуд увайшоў у Замосце з корпусам у дзесяць тысяч чалавек. Застрашаны Пелікан вырашыў пакінуць горад і 20 мая а 3-й гадзіне ночы з усёй сям'ёй, у атачэнні эскорту кіргізаў, адправіўся ў Санкт-Пецярбург. Папячыцель адукацыйных фундушаў Кукевіч, дэкан Мяноўскі, Павел і Платон Кукальнікі, Наксяновіч, Граўэрт і Вяржайскі суправаджалі яго.
Гэтая памятная вайна з паражэннямі і іх наступствамі працягвалася нядоўга. Нямоглы Гелгуд разам з усім польскім корпусам і большасцю літоўскіх паўстанцаў быў выгнаны ў Прусію ў пачатку ліпеня. Літва паволі пачала супакойвацца.
Даведаўшыся пра гэта, Пелікан вызваліўся ад пакутлівага страху і 10 ліпеня вярнуўся ў Вільню. Там, на сваё здзіўленне, ён убачыў значныя змены ў сваім двары. Многія подлыя і разбэшчаныя служкі, спакушаныя надзеяй на перамогу нашага боку, не чакалі вяртання Пелікана, змянілі свае палітычныя погляды і, выдаючы сябе за зацятых патрыётаў, пачалі гучна асуджаць усе яго мінулыя правіны. Шантыр і Мяжэўскі, якія карміліся яго хлебам, узнагароджаныя адзнакамі і рангамі, абсыпаныя падарункамі з дзяржаўнай казны, удзельнікі ўсіх яго свят, пачалі асуджаць свайго дабрадзея. Разбіты гэтай няўдзячнасцю, ён холадна прыняў прывітанне і быў вымушаны шукаць суцяшэння ў кампаніі некалькіх верных прыхільнікаў. Аднак неўзабаве яго напаткала новая, больш балючая абраза.
Як ужо згадвалася, у Вільні яму пагражала яўная небяспека і таму ён быў вымушаны з'ехаць. Каб схаваць кірунак свайго шляху і пазбегнуць нападу паўстанцаў па дарозе, ён адправіў свайго пісара, Фартуната Бяляўскага з пакетам у Слонім да Навасільцава і даў яму звычайны праязны білет, выпісаны на сваё імя, каб той пакінуў след нібыта рэктара на ўсіх паштовых станцыях. Бяляўскі з гэтым фальшывым білетам прыбыў у Слонім. Толькі тут ён зразумеў мэту гэтага падману і небяспеку, якой падвяргаўся, покуль падарожнічаў як самаабвешчаны рэктар. Вярнуўшыся ў Вільню, падбухтораны сябрамі, ён вырашыў адпомсціць. 20 ліпеня, а 11-й гадзіне раніцы, калі Пелікан праходзіў з вуліцы Савіча ў Імбург, ён нечакана напаў на яго з вузлаватым кіем у руках і гучна крыкнуў натоўпу: «Ты, подлы чалавек, ты хацеў аддаць мяне паўстанцам, каб мяне забілі замест цябе! Для цябе на ўсім дарогах шыбеніца стаіць!». Ён загнаў яго ў камяніцу Ліневічаў і біў кіем, калі той уцякаў па лесвіцы. Пабіўшы, пайшоў да галоўнакамандуючага рэзервовай арміяй генерала Талстога, растлумачыў прычыну свайго ўчынка і добраахвотна здаўся.
Навіна пра гэтую помсту сярод дня і пра удары кіем па спіне [97], маланкай разляцелася па гораду і ахапіла ўсіх здзеклівай радасцю. Генерал Талстой не спяшаўся караць вінаватага і проста загадаў пасадзіць яго ў вязніцу. Сам Пелікан не скардзіўся на збіццё, а толькі на лаянку. Хутка пасля гэтага на ўсіх вуліцах з'явіліся саркастычныя надпісы, эпіграмы і карыкатуры, аб'явы пра латарэю з выйгрышам палкі пад назвай «пеліканаўка» і г. д. [98] Пелікан, даўно страціў ўсялякую павагу, быў пакінуты вялікай колькасцю сваіх няўдзячных прыхільнікаў, і пакрыты сорамам за апошні выпадак, не захацеў далей заставацца ў Вільні, асабліва калі новы ваенны губернатар, князь Далгарукаў, пераемнік бесчалавечнага Храпавіцкага, адмовіўся мець з ім блізкія стасункі і загадаў вызваліць Бяляўскага з-пад варты. Пелікан атрымаў дазвол на выезд у Санкт-Пецярбург і, пакінуўшы дэкана Мяноўскага сваім намеснікам, 21 кастрычніка нарэшце з'ехаў. Гэта быў канец панавання дэспатычнага рэктара, навязанага ўладай універсітэту.
Калі Пелікан з'ехаў у Санкт-Пецярбург, у лістах адтуль ён абяцаў сябрам, што будзе старанна працаваць, каб вярнуць сваю фартуну. Ці старанна ён працаваў, ці змог змякчыць сэрца імператара, якое было занадта распалена супраць універсітэта, невядома. У любым выпадку, задушэнне старажытнай навуковай установы, здаецца, не з'яўляецца прамым вынікам удзелу Літвы ў паўстанні, паўстанне было выкарыстана толькі як падстава для рэалізацыі даўно задуманых планаў. Гэтак жа, як праект пазбаўлення шляхты найкаштоўнейшых прывілеяў, ужо цыркуляваў у друку некалькі гадоў таму. Задушэнне рэлігійных ордэнаў было заснавана на ўказе аб навіцыяце. А магчымая медыка-хірургічная акадэмія ўжо шырока абмяркоўвалася два гады таму.
Без сумневу, сярод вялікай колькасці маладых людзей, як гэта было ва універсітэце, народны дух шырока распаўсюджваецца і лепш захоўваецца. Гэтак жа дакладна, што пасля справы філарэтаў ужо сем гадоў не спынялася раздражненне студэнтаў з-за розных пераследаў, і ў свой чарод, усё больш распальваўся і раздражняўся ўрад. Таму закрыццё універсітэта стала рашучай мерай з мэтай адсекчы будучую небяспечную канцэнтрацыю моладзі, а паўстанне толькі нагодай, каб паскорыць раней задуманы план.
З агідай і сціснутым сэрцам я бяру ў рукі пяро і прысвячаю рэшткі свайго згасаючага зроку на апісанне апошніх хвілін жыцця, нядаўна такога вядомага, паважанага не толькі маім народам, але і чужынцамі, універсітэта.
У росквіце маладосці, у 1781 годзе, я быў сведкам урачыстага ўваскрэсення гэтай навуковай установы. У больш сталым узросце, у 1803 годзе, я праліваў слёзы радасці, бачачы, як ён узняўся да найвышэйшыя прыступкі росквіту. Я радаваўся надзеям на бліскучыя даброты для края. Ужо будучы членам універсітэта, я прысвяціў сябе памнажэнню яго славы і, у сваю чаргу, цешыўся заможным і ганаровым існаваннем у ім на працягу 34 гадоў. Сёння, абцяжараны старасцю, стаю каля магілы і з сумам гляджу на заўчасную смерць гэтага шаноўнага і любімага мной храма навукі, горка перажываю сумную праўду, якую калісьці сказаў рымскі філосаф: Dies vixisse nocuit multis! (лац. "Адзін пражыты дзень многім прынёс шкоду" - Л. Л.)
IV. Наступствы знікнення універсітэта
Пасля знікнення універсітэта ўвесь мудра спланаваны і паспяхова ажыццёўлены на працягу паўстагоддзя план народнай адукацыі быў раптоўна парушаны. Установа, якая адказвала за адбор і падрыхтоўку настаўнікаў, кантроль за выкананнем правоў, пасрэднічала паміж вышэйшымі ўладамі і нават самымі дробнымі навучальнымі ўстановамі, знікла. Знікла педагагічная інстытуцыя, дзе маладыя людзі станавіліся настаўнікамі і для гэтага вывучалі адпаведныя дысцыпліны, дзе маглі практыкавацца пад кіраўніцтвам выдатных выкладчыкаў. Знікла інстытуцыя арганістаў, якая была ва ўсіх адносінах важнай і карыснай школай для сельскіх настаўнікаў. З яе заняпадам знікла надзея на прывіццё чыстай маральнасці, пазбаўленне ад забабонаў, узвышэнне цывілізацыі і тым самым паляпшэнне ўзроўню жыцця людзей працоўнага класа. І калі раней універсітэт спрабаваў памножыць колькасць сярэдніх і пачатковых школ, дык цяперашні ўрад вырашыў іх знішчыць і скасаваць. Ужо ў верасні 1831 года ў трох паўднёвых правінцыях былі цалкам скасаваны 23 сярэднія і пачатковыя школы, якія ўтрымліваліся манахамі, а ва ўсіх свецкіх школах выкладанне прыпынена да далейшага распараджэння.
У 1832 годзе, пасля роспуску больш за 200 кляштараў у васьмі губернях, было зачынена амаль столькі ж павятовых і парафіяльных школ. У многіх з іх былі знішчаны ці раскіданы выдатныя калекцыі кніг, фізічных інструментаў і прыродазнаўчых калекцый, сабраных у асноўным за кошт прыватнай шчодрасці. Гэтая страшная катастрофа як рэлігійнай, так і навуковай адукацыі закранула дзве беларускія губерні, дзе патрэба ў гэтых фундаментальных навучальных матэрыялах была найбольш вострай, а колькасць скасаваных кляштараў і, адпаведна, школ і дзіцячых прытулкаў - найбольшая. Валынскі ліцэй, амаль роўны па сваіх акадэмічных магчымасцях універсітэту, заснаваны на добраахвотныя ахвяраванні абывацеляў трох паўднёвых губерняў, быў выведзены з гэтых губерняў і пераведзены з Крамянца ў Кіеў.
Астатнія школы былой Віленскай акругі былі перададзены пад кіраванне двух новых - беларускага і кіеўскага - куратараў. Маральныя навукі цалкам забаронены. Іншыя, такія як фізіка, матэматыка і замежныя мовы, у дзвюх беларускіх і трох паўднёвых губернях павінны былі выкладацца выключна на рускай мове, а ў дзвюх літоўскіх губернях, а таксама ў Мінскай губерні і Беларускай акрузе часткова дазваляліся на польскай мове. Паколькі мала хто з цяперашніх настаўнікаў можа дакладна перакладаць на рускую мову, і амаль ніхто з вучняў, асабліва малодшых, не разумее гэтай мовы, і таму такія школы не прынясуць ніякай карысці краіне. Родная мова - гэты найкаштоўнейшы помнік нашага народа, дарагія нашым сэрцам гісторыя і літаратура - цалкам выведзены са сферы навукі і грамадскай адукацыі.
У Вільні, на руінах разбуранага універсітэта, была створана медыка-хірургічная акадэмія. Яе агульны гадавы фундуш складае 365 520 рублёў асігнацыямі, на гэту мэту быў выдзелены ранейшы фундуш, г. з. даходы ад езуіцкіх маёнткаў. У склад акадэміі ўвайшлі члены былога медыцынскага факультэта і некалькі чалавек з іншых кафедр для правядзення дапаможных заняткаў. Усе яны, акрамя ветэрынараў, абавязаны выкладаць курсы на рускай або лацінскай мовах. Гэта, безумоўна, прыводзіць да тых самых праблем, пра якія гаварылася вышэй.
У сярэдзіне жніўня з Санкт-Пецярбурга прыбыў Пелікан, а неўзабаве за ім - імператарскі надворны акушэр доктар Громаў і прафесар батанікі Санкт-Пецярбургскага універсітэта Гаранінаў, якіх даслаў міністр унутраных спраў. Ім было даручана прыстасаваць статуты да мясцовых абставін, агледзець калекцыі і будынкі былога універсітэта, падзяліць змешаную раней гімназічную і акадэмічную маёмасць і ўрачыста адкрыць новую ўстанову. 1 верасня яны сабраліся на сваё першае публічнае пасяджэнне і пасля кароткай прамовы старшыні сходу Громава выслухалі ўхвалены царом статут новай навучальнай установы. Затым сход перайшоў у суседнюю прыгожую залу-капліцу, дзе, урачыста ўкленчыўшы, архімандрыт, духавенства і хор спевакоў у грэка-рускім абрадзе ўзнялі свае гучныя малітвы. Пасля службы ўдзельнікі разам з паважанымі гасцямі накіраваліся ў бібліятэку на падрыхтаваны банкет, і тут, быццам адзначаючы сваё канчатковае разлучэнне з музамі ў прысвечанай ім на працягу трох стагоддзяў святыні, пачалі шумнае свята. Падобны, незвычайны раней грэка-рускі абрад сярод амаль выключна каталіцкіх студэнтаў і выкладчыкаў стаў прафанацыяй таго, што заўсёды было асяродкам геніяльнасці і розуму ў асвечаным храме навукі, і гэта, пры яшчэ свежай памяці пра універсітэт, глыбока і сумна закранула сэрцы ўсіх нашых суайчыннікаў, якія думалі пра будучыню, выклікала горкія слёзы.
Выкарыстаны міністрам для распрацоўкі законаў, Пелікан не прамінуў стварыць шмат новых вакансій і аддзелаў, каб размясціць сваіх шматлікіх былых служак і прыхільнікаў. Сапраўды, па яго рэкамендацыі на першай сесіі канферэнцыі былі аднагалосна абраныя наступныя: знакаміты дзікім барбарствам са студэнтамі Вінцэнт Наксяновіч - інспектар з заробкам 4500 рублёў асігнацыямі ў год; навуковым членам рады акадэміі - прафесар Буркман, якім ўсеагульна пагарджалі студэнты і грамадскасць, з дадаткам 1000 рублёў асігнацыямі да заробку звычайнага прафесара; некампетэнтны Ян Вашкевіч, швагер Пелікана, - цывільны член рады з заробкам 3000 рублёў асігнацыямі ў год; сярод памочнікаў інспектара (або бэдляў) былі, сярод іншых, Казімерскі і малады Паўстанскі, таксама блізкі сваяк Пелікана, з заробкам у 1500 рублёў асігнацыямі ў год і г. д.
Прагнучы дасягнуць самай важнай і прыемнай пасады прэзідэнта, Пелікан лёгка дамогся ад канферэнцыі ўхвалы і звароту да міністра з просьбай, каб імператар прызначыў яго прэзідэнтам акадэміі. Навуковыя калекцыі, у тым ліку мінералагічныя, заалагічныя, зоаанатамічныя, анатамічныя і іншыя, былі перададзеныя акадэміі. Толькі частка фізічных прыбораў, а таксама класічных і літаратурных твораў з бібліятэкі павінны былі пайсці для камплектавання калекцый і бібліятэк гімназій. Астранамічная абсерваторыя з усім сваім папярэднім абсталяваннем і фундушом таксама засталася некранутай, з той толькі розніцай, што нагляд за ёй быў даручаны прэзідэнту Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Даўно нявызначаны лёс агранамічнага інстытута быў вырашаны толькі на пачатку 1833 года загадам міністра асветы аб перадачы маёнтка ў вечную арэнду. Архівы адукацыйных фундушоў, а таксама кнігі Літоўскай і Валынскай камісій былі перавезены ў Санкт-Пецярбург.
Акрамя медыцынскага факультэта, як ужо згадвалася, да гэтай новай медыка-хірургічнай акадэміі далучыліся і некаторыя выкладчыкі з іншых кафедраў. Такім чынам, усе іншыя прафесары, ад'юнкты і настаўнікі гімнастыкі, чыі навукі не мелі цеснай сувязі з медыцынай, былі вызвалены ад сваіх абавязкаў і, атрымаўшы пажыццёвае жалаванне, прапарцыянальнае выслузе гадоў, павінны былі разысціся і пакінуць свае акадэмічныя дамы. Яшчэ горшым быў лёс некаторых канцылярыстаў, якія, пазбаўленыя пасад і не маючы ніякіх выплат, былі вымушаны шукаць цяжкія і няпэўныя спосабы існавання.
Такімі былі канчатковыя наступствы як для навукі, так і для людзей пасля закрыцця універсітэта. У дзённіку майго жыцця, а таксама ў гэтым зборніку фрагментарных звестак, якія гавораць пра ўвядзенне новых і распаўсюд старых навук ва універсітэце, а таксама пра сродкі, якія справядліва ці несправядліва выкарыстоўваліся для гэтай мэты, я меў магчымасць згадаць многіх асоб, якія сваімі выдатнымі талентамі і запалам падтрымлівалі прагрэс нацыянальнай адукацыі, або якія праз супраціў, немач і іншыя недахопы расчаравалі агульныя чаканні края. Кароткі агляд супрацоўнікаў універсітэта, якія разам са мной бачылі завяршэнне гэтай сумнай для навукі і балючай для краіны эпохі, з бясстароннім і добрасумленным апісаннем іх навуковых і маральных якасцей, магчыма, стане каштоўным дадаткам для нашчадкаў.
Да гэтага часу няма гісторыі нашай старажытнай установы.
Рэктар Ян Снядэцкі прызначыў Казіміра Контрыма гістарыёграфам універсітэта і дадаў да яго заробку штогадовую прэмію ў памеры 200 рублёў срэбрам. Пелікан прызначыў камітэт з трох найстарэйшых членаў універсітэта на чале з рэдактарам Леонам Рагальскім і ўзнагародзіў яго пасадай сакратара рады. Першы быў заняты рэфарматарскімі інтрыгамі, і я не ведаю, ці пачаў нават збіраць матэрыялы; другі, «занадта пыхлівы», не жадаў прымаць нават самыя далікатныя заўвагі камітэта, і хутка яго запал астыў - нічога не зрабіўшы, ён пакінуў камітэт.
Што да мяне, то ранейшыя шматлікія і цяжкія абавязкі прафесара батанікі і заалогіі, кіраўніка саду, мінералагічнага і заалагічнага кабінетаў, пастаянная перапіска з самымі выбітнымі айчыннымі і замежнымі ўстановамі і г. д. не дазвалялі нават думаць пра такі праект. Цяпер жа мае сілы прытуплены ўзростам (маю больш чым семдзесят гадоў), і амаль поўная слепата робіць рэалізацыю гэтай ідэі немагчымай. Таму я мусіў абмежавацца кароткім пералікам найбольш важных падзей.
У будучым лёсе нашай радзімы, які цяпер небачны ніякаму чалавечаму розуму, можа з'явіцца нейкі руплівы даследчык навуковай гісторыі і краявой адукацыі, які ў маіх мемуарах і ў гэтым зборніку фрагментарных звестак, калі яны пазбегнуць знішчэння, знойдзе карысныя матэрыялы і распрацуе больш поўную гісторыю універсітэта, прынамсі ад яго адраджэння ў 1781 годзе да знікнення ў 1832 годзе [99].
V. Склад універсітэта ў часы яго скасавання
Пра рэктара Вацлава Пелікана падрабязна гаварылася вышэй.
I. Факультэт фізічных і матэматычных навук
1. Міхал Пёлка-Палінскі - звычайны прафесар вышэйшай прыкладной матэматыкі, звычайны прафесар кафедры фізікі, дэкан фізічнага факультэта.
Скончыў педагагічны інстытут і атрымаў працу выкладчыка геаметрыі ў Віленскай гімназіі. Напісаў і апублікаваў у 1816 годзе дзве працы: «Пачаткі плоскай трыганаметрыі» (с. 80) і «Геадэзія» (с. 58). Ва ўзнагароду за гэта, а таксама за належны настрой вучняў, быў абраны ад'юнктам універсітэта. Неўзабаве павышаны да надзвычайнага, а потым і да звычайнага прафесара. Ён атрымаў фінансаванне двухгадовай паездкі за мяжу, каб мець больш шырокія веды па тэме сваіх даследаванняў. Аднак, вярнуўшыся з гэтай паездкі, не паказаў ніякіх вынікаў.
Мала дбаў пра поспех сваіх вучняў: прыходзіў на лекцыі з халоднай абыякавасцю і без належнай падрыхтоўкі, дыктаваў гатовыя формулы з кніг для рашэння задач. Больш за тое, не выклікаў ні найменшага энтузіязму да матэматычных навук ні ў адным са сваіх вучняў. Гэтая халоднасць прывяла да таго, што ў 1826 годзе атрымаў пасаду візітатара школ у дзвюх губернях і правёў чатыры месяцы ў бяздзейнай паездцы, грэбуючы галоўнымі абавязкамі прафесара.
Празмерна старанна памнажаў свае багацці, не грэбаваў ніякімі зручнымі сродкамі для гэтага. Ноты, мінералы і кнігі (як старыя, так і новыя, набытыя падчас замежнай паездкі) прадаваў прыватным энтузіястам, а таксама з ліхвярскім прыбыткам - калекцыям дзяржаўных школ і універсітэта. Увесь час навязваў кабінетам бескарысныя дублікаты ракушак і мінералаў і подла патрабаваў аплаты. Будучы прэфектам педагагічнага інстытута, напаўняў бібліятэку ўстановы кнігамі, непатрэбнымі ў яго ўласнай калекцыі, у тым ліку нават і старымі календарамі. Стаўшы дэканам фізічнага факультэта, забіраў грошы, выдзеленыя на пакупку патрэбных інструментаў для маладых хімікаў, геометраў і іншых. Таму даручыў выраб патрэбных інструментаў свайму швагру, Валяр'яну Гурскаму, які рабіў іх альбо занадта позна, альбо яны былі бескарыснымі, і ніколі не падаваў ніякіх справаздач аб выдатках.
Пры канцы скажу, што эгаізм, крывадушнасць, падазронасць і дробныя інтрыгі былі галоўным запалам гэтага прафесара [100].
2. Міхал Ачапоўскі, пасля таго як за свой кошт паехаў на гаспадарку Тоера ў Мёгеліне, 26 мая 1822 г. па загаду князя Чартарыскага быў узведзены непасрэдна на кафедру агранаміі. У асабістым жыцці быў сумленным, некрывадушным чалавекам, адным з нямногіх, хто ў апошні час не шукаў асабістай выгады ад махлярства з дзяржаўнымі сродкамі [101].
3. Караль Падчашынскі, прафесар грамадзянскай архітэктуры, быў накіраваны за кошт універсітэта спачатку ў Санкт-Пецярбург, а потым у Італію і Францыю, дзе вывучаў тэарэтычныя і практычныя асновы гэтай навукі. 1 красавіка 1822 г. абраны на кафедру і адразу стаў на бок партыі, якая вызначала рэформы ва універсітэце. Чэсна прытрымліваўся яе, пазней удзельнічаў у скандальным махлярстве з навуковымі сродкамі [102].
У 1826 годзе зрабіў сабе тое самае імя, як і Палінскі, калі інспектуючы школы ў дзвюх губернях, пасля чатырохмесячнага перапынку ад акадэмічнага жыцця, атрымаў тысячу рублёў на выдаткі і праезд. Падчас праўлення Пелікана быў галоўным дарадцам па ўсіх пышных і надзвычай дарагіх зменах і перабудовах дома і Святаянскага касцёла. Кожны, хто знаёмы з маніпуляцыямі такога кшталту, можа лёгка ацаніць карысць, якую атрымліваў ад правядзення і рэалізацыі гэтых пераўтварэнняў, разлікаў кошту і заключэння кантрактаў. Ён часта, з рознай нагоды і па самых дробязных прычынах, заўсёды гатоўкай атрымліваў надзвычайныя ганарары, напрыклад, за інспектаванне студэнцкіх кватэр: 6 снежня 1830 г. - 1500 рублёў срэбрам і г. д.
У 1828 і 1829 гадах апублікаваў у двух тамах: «Пачаткі архітэктуры для акадэмічнай моладзі». У гэтай працы грунтоўна пададзены (хоць і запазычаныя з замежных прац) прынцыпы архітэктуры. Аднак ён яшчэ не мае практычнага вопыту ў будаўніцтве трывалых, зручных і ўражлівых будынкаў. Новапачаты фасад Евангельскай царквы на вуліцы Паштовай і дзве брамы моста ў батанічным садзе можна хутчэй назваць сатырай, чым прыкладам вытанчанага густу.
4. Фелікс Даравінскі, прафесар фізікі, скончыў з выдатнымі вынікамі педагагічную ўстанову і пасля памерлага ад'юнкта Сыманавіча выкладаў мінералогію ва універсітэце. Разам з Юзафам Юндзілам падрыхтаваў і апісаў нядаўна набытую ім калекцыю мінералаў. У 1817 годзе яго накіравалі ў Парыж з планам атрымання грунтоўных і шырокіх ведаў і далейшага вывучэння фізічных навук. Пасля вяртання значна спрыяў пашырэнню і распаўсюджванню сваіх ведаў. Быў светлым і руплівым прафесарам у навуцы, а ў асабістым жыцці - сумленным, сціплым і узорным чалавекам. Нічым не запляміўся ў апошні складаны час. У 1823 годзе з тым жа памочнікам, што і раней, апісаў усе свае мінеральныя калекцыі і размясціў іх у нядаўна пабудаваных шафах.
Апублікаваў працы: «Пачаткі мінералогіі» паводле Вернера (1816, с. 610) і «Штогадовы курс эксперыментальнай фізікі» (1823, с. 500). Сёння, пераведзены ў медыка-хірургічную акадэмію, вымушаны з вялікай цяжкасцю чытаць свае лекцыі на лаціне, што, верагодна, прыносіць мала карысці сваім студэнтам.
5. Антоні Вырвіч, прафесар вышэйшай чыстай матэматыкі, падчас свайго кіраўніцтва партыяй рэфарматараў падзяляў з імі ўсе абразы і паклёпы, якія кідалі ў адрас выбітных людзей універсітэта [103], але праз сваю ганарыстасць і пыху хутка імі адхілены і не дапушчаны да ўдзелу ў незаконным доступе да публічнага фундушу. Апублікаваў: «Пачаткі алгебры для гімназій» (частка III, 1825) і «Пачаткі аналітычнай геаметрыі Бія» (1819, у перакладзе на польскую мову).
6. Пётр Славінскі, прафесар астраноміі. Вучыўся ў педагагічнай установе і бессмяротны Ян Снядэцкі амаль што адразу ўзяў яго асістэнтам у астранамічную абсерваторыю, неўзабаве пад яго кіраўніцтвам пачаў чытаць лекцыі па астраноміі. Пазней на некаторы час яго адправілі за мяжу, наведваў установы ў Лондане, Парыжы і іншых гарадах, якія вылучаліся ў яго галіне.
Вярнуўшыся дадому, быў палічаны сваім настаўнікам годным стаць пераемнікам, таму лёгка атрымаў пасаду прафесара і астранома-назіральніка. Ён пазбег амаль усіх грамадскіх сходаў, і, паколькі ні ў чым не прымаў удзел, не заваяваў ні сяброўства, ні узаемнага даверу. Пасля закрыцця універсітэта захаваў свае ранейшыя абавязкі назіральніка, залежнага ад прэзідэнта Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу. Апублікаваў: «Пачаткі тэарэтычнай і практычнай астраноміі» (1826 г.).
7. Эдвард Эйхвальд, прафесар заалогіі і параўнальнай анатоміі, з Курляндыі. Гэты настаўнік быў выкліканы з Казанскага універсітэта ў 1827 г. Меў звычайны пісьменніцкі сверб накіраваны на сваіх неадукаваных суайчыннікаў. Да прыезду ў Вільню апублікаваў мноства кароткіх прац і трактатаў па розных тэмах прыродазнаўства, але ўсе яны былі пазбаўленыя лагічнай крытыкі. Яго апошняя праца - «Спецыяльная заалогія» ў трох тамах (1829, 1830 і 1831 гадоў) для акадэмічнай моладзі, акрамя дзіўнай класіфікацыі жывёл, амаль на кожнай старонцы мае уразлівыя недарэчнасці.
Хто, напрыклад, не абурыцца гісторыяй, якую раней пераказвалі дзеля жарту і якую ён з прафесарскай сур'ёзнасцю апісаў у трэцім томе на старонцы 109, - гісторыяй пра тое, што звычайны вугор летам блукае па палях, засеяных гарохам? (Anguilla... agros pisorum frequentare diligit). Хто паверыць, што марскі вугор можа шмат дзён абыходзіцца без вады? (Muraena... plures dies extra aquam degit). Хто з пагардай не пасмяяўся б са сцвярджэння аўтара пра жаб на старонцы 167, што ўсе іх віды пажыраюць лён на палях і вельмі шкодзяць ураджаю гэтай расліны? (Ranae... omnes, quae vesci diligunt, lino infestae). Ці жаласны аповед пра птушак, якія ўзімку застаюцца ў Літве? Паводле яго слоў, зуйкі, бекасы, чайкі, удоды, пліскі, рэйкі і г. д. не адлятаюць з Літвы ў самыя халодныя зімы (In Lithuania statant).
Аднак грамадскасць мала хвалюе, што аўтар, які напісаў гэты поўны хлусні і абсурду твор, хваліцца і ганарыцца ім. Спосаб, якім ён яго прадае, агідны і з'яўляецца дагэтуль нечуваным вымагальніцтвам грошаў з студэнтаў. Высокая цана падпіскі (4 рублі) адбівае ва ўсіх жаданне плаціць цяжкі падатак прафесару. Аднак надыходзіць час чарговых экзаменаў: Эйхвальд раздае пытанні толькі тым студэнтам, якія падпісаліся; астатнія ж, менш заможныя, лічацца непадрыхтаванымі - яны альбо не змогуць здаць экзамен, альбо павінны будуць ахвяраваць апошнія свае грошы, каб атрымаць станоўчы адказ.
Гэты сварлівы прафесар усімі пагарджаў, і ў адказ усе з пагардай ставіліся да яго. Аднак ён быў пераведзены ў новую медыка-хірургічную акадэмію для выкладання тых жа самых дысцыплін і прызначаны вучоным сакратаром. Пазней яго перавялі прафесарам у Санкт-Пецярбург.
8. Юзаф Юндзіл, прафесар батанікі з 1813 года. Пасля добраахвотнага ад'езду Макарыя Багаткі быў прыняты ва універсітэт асістэнтам пры батанічным садзе і кабінеце натуральнай гісторыі. У 1817 годзе адпраўлены за мяжу за мой кошт і падчас трохгадовага падарожжа наведаў Паўночную Германію, Францыю і часткова Англію, дзе старанна займаўся батанікай, мінералогіяй, заалогіяй, зоаанатоміяй і г. д. у самых знакамітых акадэміях.
Вярнуўся адтуль у 1821 годзе і па даручэнні універсітэта наведаў заходнія паветы Віленскай губерні для батанічных, заалагічных і геагнастычных (геалагічных) даследаванняў. У 1824 годзе замяніў мяне ў чытанні лекцый па батаніцы. У 1825 годзе быў прызначаны афіцыйным намеснікам, чытаў тыя ж самыя лекцыі і кіраваў садам. У тым жа годзе, 17 чэрвеня, стаў ад'юнктам, а ў 1828 годзе быў абраны звычайным прафесарам батанікі.
Напісаў і апублікаваў «Апісанне раслін Літвы, Валыні, Падолля і Украіны, як дзікарастучых, так і акультураных, паводле шаснаццатага выдання сістэмы раслін Лінея» (1830, с. 583). (Падобна, ён усё яшчэ жывы).
9. Ігнацы Фомберг, прафесар хіміі. Падаваў заяўку на гэтую кафедру праз законную працэдуру, але пасаду не змог атрымаць праз інтрыгі Палінскага, Падчашынскага і супраціў рэктара Твардоўскага, якія рашуча выступалі супраць яго. Толькі на пачатку кіравання Пелікана, пад маім кіраўніцтвам, спачатку стаў ад'юнктам, а потым - надзвычайным прафесарам.
У апошні час не прымаў удзелу ў амаль што паўсюднай распусце. Акрамя некалькіх невялікіх трактатаў, напісаў і апублікаваў грунтоўную працу па хіміі: «Хімія з ужываннем яе да мастацтваў і рамёстваў» (IV тамы, 1827-1832). Пераведзены ў медыцынска-хірургічную акадэмію, дзе пачаў чытаць лекцыі па гэтай навуцы на рускай мове, якой раней не ведаў. Пазней яго перавялі на прафесарскую пасаду ў Кіеў, дзе ён і памёр некалькі гадоў таму.
10. Валерыян Гурскі, ад'юнкт універсітэта, выкладчык практычнай механікі. Гэты малавядомы ва універсітэце чалавек быў адпраўлены за мяжу па патрабаванні Казіміра Контрыма, які ўбачыў у ім асаблівую здольнасць да механікі, каб атрымаць тэарэтычнае і практычнае знаёмства з механічнымі навукамі. Правёў там тры гады.
Вярнуўшыся дадому і не выяўляючы ніякіх доказаў пераканаўчага характару, з вялікай хвальбой ён пачаў абвяшчаць праект стварэння асобнай механічнай школы. Рабіў гэта тым больш смела, што знайшоў моцную падтрымку ў рэктара Твардоўскага, свайго заступніка Контрыма і свайго швагра Палінскага. Нават князь Чартарыскі, заўсёды руплівы дзеля дабра навукі, але ў той час цалкам падпарадкаваны ўплыву рэфарматараў, гарачы жадаў з'яўлення гэтай школы.
Грандыёзны і надзвычай дарагі план, неабходны для стварэння і ўтрымання школы, ужо абмяркоўваўся на фізічным факультэце і ўжо ішоў пошук прыдатнага месца для ўзвядзення адпаведных будынкаў, Аднак калі больш глыбока зразумелі характар гэтага Архімеда-рэфарматара, пачалі заўважаць яго слабасць і недастатковасць ведаў. Энтузіязм да яго таленту хутка астыў, і неўзабаве змоўклі нават самыя заўзятыя прыхільнікі. Слухачы пакінулі яго школу, грамадскасць пагарджала ім, больш разумныя члены сходу пачалі наракаць на страту грошай і разбітыя надзеі. Мост, які вісіць на ланцугах у батанічным садзе, - адзіная публічная механіка, якая застанецца трывалым помнікам яго немачы.
11. Гіпаліт Румбовіч, ад'юнкт універсітэта і выкладчык накрысоўнай геаметрыі. Застаўся ў педагагічным інстытуце і амаль што выключна прысвяціў сябе грамадзянскай архітэктуры. З гэтай мэтай за кошт універсітэта наведаў Санкт-Пецярбург і Маскву, дзе старанна і дакладна замалёўваў многія найважнейшыя будынкі. Пасля закрыцця універсітэта яго перавялі ў Беласток з тытулам архітэктара імператарскага палаца.
12. Антоні Шагін, спачатку студэнт педагагічнага інстытута, пазней асістэнт астранамічнай абсерваторыі і нарэшце выкладчык геадэзіі і тапаграфіі. Цяпер па яго ўласнай просьбе пераведзены ў беларускія школы. Заўзятая адданасць картам ёсць ганебны запал гэтага маладога чалавека.
13. Ігнацы Якавецкі, таксама студэнт педагагічнага інстытута. Спачатку выкладаў фізічныя навукі ў павятовых школах, пазней слухаў лекцыі па мінералогіі ва універсітэце. У 1829 годзе суправаджаў Эйхвальда ў навуковай паездцы па паўднёвых губернях. Акрамя некалькіх невялікіх геагнастычных трактатаў, апублікаваў: «Лекцыі па арыктагназіі і пачаткам геагнозіі» (1827, с. 396). Быў пераведзены ў Медыка-хірургічную акадэмію і пачаў выкладаць мінералогію на рускай мове, якой не ведаў. Таксама апублікаваў: «Назіранні за геагнозіяй у заходніх і паўднёвых губернях Расійскай дзяржавы». Памёр у Вільні 28 снежня 1847 года ва ўзросце 53 гадоў.
2. Медыцынскі факультэт
1. Мікалай Мяноўскі, прафесар акушэрства, дэкан медыцынскага факультэта. У маладосці яго ўпрыгожвалі сціпласць, узорныя манеры, энтузіязм да навукі і выдатныя поспехі - гэта вылучала Мяноўскага сярод студэнтаў універсітэта і прыцягвала ўвагу прафесараў, уважлівых да развіцця талентаў.
Андрэй Снядэцкі заручыўся падтрымкай Аляксандра Хадкевіча, каб Мяноўскі мог завяршыць вывучэнне медыцыны, а пазней афіцыйна прапанаваў яму застацца ва універсітэце. Паколькі нямецкая партыя кіравала тады медыцынскім факультэтам, з'яўленне тутэйшай моладзі выклікала моцны супраціў. Але на кафедры батанікі фізічнага факультэта не хапала ад'юнкта, і рэктар Снядэцкі на пазачарговым пасяджэнні савета 21 чэрвеня 1809 года прапанаваў кандыдатуру Мяноўскага, ён атрымаў гэтую пасаду пераважнай большасцю галасоў.
Аднак Мяноўскі, не жадаючы ахвяраваць больш выгаднай медыцынскай адукацыяй, якую ён атрымаў дзякуючы доўгай працы, на карысць батанікі, і ўмела супакоіўшы неахвоту Лябенвейна, папрасіў пераводу на медыцынскі факультэт. У наступным годзе, 17 верасня 1810 года, яго без цяжкасцей перавялі.
З добрым прафесійным настроем ён адразу ж пачаў чытаць лекцыі па фізіялогіі ў 1813 і 1814 гадах, а пасля ад'езду Лябенвейна ў Санкт-Пецярбург, чытаў таксама лекцыі па анатоміі і фізіялогіі. У 1815 годзе быў абраны надзвычайным прафесарам фізіялогіі.
Каб наведаць найбольш вядомыя медыцынскія і акушэрскія ўстановы, у 1816 годзе паехаў за мяжу. Вярнуўшыся адтуль, пачаў чытаць курс акушэрства, і ў 1819 годзе быў абраны прафесарам гэтай навукі.
Пакуль Мяноўскі заставаўся ў ніжэйшых шэрагах універсітэта, яго вострае пачуццё розуму, сціплыя і ветлівыя манеры ў спалучэнні з навуковай падрыхтоўкай, здавалася б, абяцалі будучыню, напоўненую сумленнай працай. Але як толькі ён далучыўся да рады, яго крывадушнасць, амбіцыі, жаданне быць лідарам і, перш за ўсё, неспакойны дух ды імкненне змяніць існуючы парадак пачалі праяўляцца ўсё мацней.
За кароткі час, з дапамогай свайго таксама крывадушнага ад'юнкта Казіміра Контрыма, каб змяніць існуючы парадак, Мяноўскі ствараў вялікую фракцыю з ліку маладзейшых членаў універсітэта, якія актыўна яму служылі і дамінавалі пры ўсіх абмеркаваннях. Гэта фракцыя, акрамя паклёпаў на самых вядомых людзей, пагражала адмяніць статуты і знішчыць ранейшы парадак, як гэта падрабязна апісана мною вышэй.
Зняцце з пасады рэктара працавітага і разумнага Малеўскага, а потым праз хітрасць, інтарэсы і соймікавыя інтрыгі прызначэнне Твардоўскага, разбурэнне даверу куратара князя Чартарыскага да мудрых парадкаў дабрадзейнейшага Яна Снядэцкага, жаданне гэтага куратара атрымаць найвышэйшы ўказ аб аднаўленні правоў на былыя езуіцкія маёнткі, каб потым падзяліцца імі са сваімі прыхільнікамі [104] - вось галоўныя наступствы інтрыг гэтай партыі [105].
Калі ў 1824 годзе, са зменай вышэйшых акадэмічных улад, гэта партыя страціла перавагу ва універсітэце, і калі трое найбольш выдатных членаў партыі [106] былі выгнаныя з пасад і з Вільні, Мяноўскі з ахвотай перайшоў на бок Пелікана, чые вядомыя амбіцыі і неабмежаваная прыхільнасць да яго Навасільцава, хутка зрабілі Пелікана адзіным самаўладцам універсітэта. А калі ў 1826 годзе непасрэдна тронам Пелікан быў прызначаны рэктарам, Мяноўскі змяніў свае ранейшыя сумнеўныя паводзіны і ва ўсіх справах стаў яго адкрытым і руплівым памочнікам - як у марнатраўстве фундашоў, так і ў падаўленні навукі.
Нядаўна яшчэ выдаваў сябе за ліберала і ствараў таварыствы падтрымкі студэнтаў з малазабяспечаных сем'яў, гучна вітаў філарэтаў, якія імкнуліся захаваць народнасць, і ў адказ атрымліваў ад іх апладысменты. Цяпер, падчас расследавання сувязей Заха, Траскоўскага і Лісоўскага, стаў самым строгім суддзёй непаўналетніх юнакоў. Як казалі, бізуном прымусіў іх да прызнання. Больш за тое, калі следства спрабавала высветліць, хто падбухторваў іх да гэтага саюза, праз пагрозы і ілжывыя абяцанні ён прымусіў абвінавачаных назваць прафесара Анацэвіча. Мяноўскі, які тады выконваў абавязкі рэктара, канфіскаваў паперы і загадаў арыштаваць прафесара ў яго ў кватэры. Пасля працяглых абразлівых паклёпаў адзін на аднаго маладыя людзі ўрачыста адмовіліся ад сваіх прызнанняў пра Анацэвіча і казалі, што іх прымусілі. Аднак Анацэвіч усё роўна быў звольнены з універсітэта і аддадзены пад суд, нягледзячы на яго выдатныя акадэмічныя дасягненні. А студэнты асуджаны ў салдаты Каўказскай арміі [107].
Падобную жорсткасць пазней адчулі ўсе тыя, каго Мяноўскі падчас паўстання зняволіў і дапытваў з-за іх легкадумных размоў, надпісаў, вершаў і г. д. Новыя адносіны з Пеліканам, акрамя змены яго палітычных прынцыпаў, прывялі да рэзкай змены яго лада жыцця. Мяноўскі, які раней гучна дакараў нябожчыка прафесара Бекю за пропускі заняткаў, у 1826 годзе сам уладкоўваўся візітатарам школ у трох паўднёвых губернях, каб на некалькі месяцаў адпачыць ад заняткаў і падарожнічаць за кошт акадэмічнага фундушу. Ён, які лічыў злачынствам прыняцце Малеўскім дробных падарункаў, сам у 1829 годзе арандаваў фальварак Мяжаны ад імя нейкага Васілеўскага і пасля двухгадовай арэнды нічога не ўнёс у казну універсітэта і не падаў ніякіх разліковых справаздач. Ён, які нядаўна вёў сціплае, цвярозае і ашчаднае жыццё ў коле сям'і, цяпер, сярод пастаянных забаў, свят і гулянак, стаў заўзятым гульцом і вытанчаным аматарам сталовай раскошы і сібарытам.
Гэта разбэшчанасць, гэта адкрытая пагарда грамадскай думкай прынесла яму ва ўсіх адносінах балючую і цяжкую помсту. Яшчэ нядаўна яго шанавала і амаль што багавіла ўся акадэмічная моладзь, ён меў павагу і давер суайчыннікаў, яго прымалі ў шматлікіх дамах, меў выгадную лекарскую практыку. Сёння ж, пакрыты нянавісцю і праклёнамі з боку першых і ўсеагульнай пагардай з боку другіх, усе самыя паважаныя дамы для яго зачынены, і нават калегі і таварышы па картах праяўляюць толькі ўяную ветлівасць. Ці знаходзіць ён кампенсацыю за гэтыя страты ў душэўным спакоі, невядома. Дакладна вядома, што ў 1831 годзе, калі літоўскае паўстанне толькі пачало пагражаць Вільні, гэты мясцовы прафесар, баючыся сваіх суайчыннікаў, у суправаджэнні кіргізаў разам з Пеліканам і вялікай групы шпіёнаў з самымі подлымі служкамі пакінуў горад і знайшоў прытулак у Дынабургу. Пасля вяртання адтуль, як і цяпер, займае пасаду намесніка рэктара медыка-хірургічнай акадэміі. (Памёр у Вільні ў 1841 годзе).
2. Андрэй Снядэцкі, даўні прафесар універсітэта, прызначаны яшчэ Адукацыйнай камісіяй прафесарам хіміі ў гэтым універсітэце. Пасля наведвання самых вядомых навуковых устаноў за мяжой ён у верасні 1797 года прыбыў у Вільню і адразу пачаў чытаць курс хіміі паводле новых для таго часу прынцыпаў Лавуазье. Уся краіна абавязана гэтаму чалавеку прывіццём і распаўсюджваннем гэтай фундаментальнай навукі, і амаль што ўсімі яе вынікамі ў мастацтвах і рамёствах. Ён з'яўляецца стваральнікам гладкай і выразнай мовы хіміі. Беглае і займальнае красамоўства і лёгказразумелыя лекцыі заўсёды прыцягвалі вялікую колькасць слухачоў; можна сказаць, што кожны, хто слухаў яго курс, ведаў прынцыпы хіміі. Адсюль дзіўны прагрэс яго студэнтаў ва ўсіх галінах, больш-менш звязаных з гэтай навукай, адсюль схільнасць шматлікіх маладых людзей да карыснай працы ў краі.
Ён яшчэ не паспеў адпачыць пасля вызвалення ад абавязкаў прафесара хіміі, калі ў 1828 годзе, пасля смерці Вінцэнта Гярберскага, быў прызначаны кіраўніком студэнтаў-медыкаў у медыцынскай клініцы. І тут такая ж яснасць у тлумачэннях, праніклівасць у распазнаванні самых складаных захворванняў, дакладнасць у выбары і ўжыванні лекаў - усе гэта выклікалі ўсеагульнае захапленне ім. Хуткая і старанная падрыхтоўка 180 лекараў як для грамадзянскай, так і для ваеннай службы - гэта плён яго запалу і геніяльнасці. Праведны і непахісны абывацель, знаўца як гуманітарных, так і дакладных навук, нязменны сябар, адданы сваёй сям'і бацька. Ён упрыгожваў край сваімі звычаямі і талентамі, яго любілі і паважалі ўсе станы. Акрамя шматлікіх невялікіх прац па хіміі, якімі ўвесь час дапаўняліся новымі знаходкамі, у 1811 годзе ён напісаў і апублікаваў двухтомную тэорыю арганічных рэчываў. Доктар Морыц пераклаў гэтую кнігу на нямецкую мову [108].
3. Ян Бэркман [109], сын віленскага гадзіншчыка, прафесар судовай медыцыны і гігіены. Гэты няздольны настаўнік абавязаны сваім узвышэннем любоўнаму заляцанню Навасільцава да княгіні Зубавай, якая жадала ўзнагародзіць свайго прыдворнага лекара. І лёгка зрабіла гэта: 1 лістапада 1824 г. на першым пасяджэнні пад старшынствам куратара Навасільцава, без усялякіх фармальнасцей, прадугледжаных статутам, Бэркман быў абраны звычайным прафесарам. Яго дрэнныя медыцынскія здольнасці, адсутнасць дакладных навуковых навыкаў, цёмны і незразумелы спосаб тлумачэння хвароб у спалучэнні са звычайнай гордасцю і пыхай невука зрабілі яго пасмешышчам сярод студэнтаў і выклікалі агульную пагарду ў грамадскасці. Аднак, дзякуючы нізкай ліслівасці, рабскай пакоры і каштоўным падарункам абодвум рэктарам, у 1826 годзе ён атрымаў, сярод многіх іншых выгод, пасаду візітатара школ у дзвюх губернях, а ў 1829 годзе - пасаду пажыццёвага члена цэнзуры з гадавым акладам у 1500 рублёў. Цяпер, ва ўрадзе медыцынскай акадэміі, ён атрымаў пасаду навуковага кансультанта.
4. Канстанцін Парцянка, прафесар практычнай хірургіі, спецыяльнай тэрапіі і медыцынскіх спраў. Ён быў выдатным знаўцам, грунтоўна разбіраўся ва ўсіх аспектах медыцыны, дакладным і дасведчаным лекарам пры лячэнні ўнутраных і знешніх хвароб, а таксама і ў хірургіі. Ён быў лаканічны і ясны ў сваіх тлумачэннях, ветлівы і адкрыты ў зносінах, добра разбіраўся не толькі ў дакладных, але і ў гуманітарных навуках. Выкладаў з вялікай карысцю для сваіх слухачоў. Нягледзячы на шматлікія абавязацельствы перад Пеліканам і ўдзячнасць, якую ён павінен быў мець да яго, не парушыў сваіх абавязкаў і не заразіўся шырока распаўсюджанай у апошні час карупцыяй. Усеагульная любоў да яго вучняў, гонар і павага грамадскасці - справядлівая ўзнагарода за таленты і чалавечыя якасці [110].
5. Адольф Абіхт, ураджэнец Эрлангена, сын нябожчыка прафесара фізіялогіі і агульнай паталогіі, прафесар агульнай паталогіі. У 1823 годзе быў асістэнтам у медыцынскай клініцы, а ў 1828 годзе прызначаны звычайным прафесарам. Шырокія веды ў медыцынскіх навуках, лаканічнасць і яснасць у тлумачэннях, імкненне да прагрэсу сваіх студэнтаў і стараннасць пры выкананні абавязкаў робяць яго вельмі прывабным для ўсіх маладых людзей. Таму нязменнасць характару, сціпласць і лагодныя манераў, а таксама прывязанасць да краіны, у якой ён вырас, прыносяць яму ўсеагульную павагу. Ён адзін з нешматлікіх членаў, якія не былі запэцканы карупцыяй нядаўняга часу.
6. Адам Бялькевіч, прафесар анатоміі. Прызначаны віцэ-рэктарам у 1820 годзе і абраны надзвычайным прафесарам анатоміі ў 1827 годзе, старанна і з запалам прысвяціў сябе гэтай навуцы. Усе студэнты любілі яго за ветлівасць і лёгкую даступнасць у любы час, а грамадскасць паважала і шанавала за сумленнасць і дакладнае лячэнне як унутраных, так і знешніх хвароб [111].
7. Фелікс Рымкевіч, прафесар паталогіі і спецыяльнай тэрапіі. Выкладаў ясна, дакладна і з вялікай карысцю для студэнтаў, яны захапляліся ім за дабрыню і бесстароннасць. Быў шырока паважаны ў грамадстве за свой сумленны і паслядоўны характар [112].
8. Севярын Галянзоўскі, ад'юнкт універсітэта, асістэнт хірургічнай клінікі. Малады чалавек з высакароднымі душэўнымі якасцямі і рэдкім майстэрствам у хірургічных аперацыях. У 1828 годзе быў адпраўлены за мяжу для далейшага ўдасканалення свайго мастацтва. Калі ў 1831 годзе з ураджаем сабраных ведаў вяртаўся дадому, спыніўся ў Варшаве каб дапамагчы шматлікім параненым воінам, якія тады змагаліся за сваю свабоду. Пасля ўзяцця Варшавы ўцёк у чужыя землі, дзе падзяліў свой лёс з суайчыннікамі.
9. Аляксандр Вэльк, сын віленскага фармацэўта, памочнік і намеснік акушэра-гінеколага, не заваяваў прыхільнасці сваіх студэнтаў з-за няветлівасці і нецярплівасці (памёр у Вільні ў 1870 годзе).
10 і 11. Адам Адамовіч і Караль Мушаль - дактары медыцыны: першы - па агульнай медыцыне буйной рагатай жывёлы, другі - па зоаанатоміі, тэарэтычнай і практычнай хірургіі буйной рагатай жывёлы, настаўнікі. Абодва маладыя ветэрынары былі адпраўлены за мяжу за кошт універсітэта, дзе старанна наведвалі буйныя ветэрынарныя ўстановы Германіі, Францыі і Англіі і нядаўна вярнуліся з багаццем набытых ведаў. Абодва маюць узорны запал і грунтоўныя веды, што дае надзею на ўздым да высокага ўзроўню дасканаласці. Тым больш што статут новай акадэміі дазваляе выкладаць на польскай мове. (Адамовіч усё яшчэ жывы, мы згадвалі пра яго вышэй).
12 і 13. Юзаф Мяноўскі і Юзаф Каржанеўскі, дактары медыцыны, асістэнты: першы - у медыцынскай, а другі - у хірургічнай клініцы. Вылучаліся як сваёй душой, так і грунтоўнымі медыцынскімі навыкамі. Перайшлі ў медыка-хірургічную акадэмію, дзе ім даручылі тыя ж самыя абавязкі [113].
14. Станіслаў Гурскі, памочнік і намеснік Вольфганга, з 1830 года - кіраўнік батанічнага саду. Поўная адсутнасць паверхневага бляску і прыстойнасці, грубае невуцтва ў асновах этыкету, фальшывы характар, распушчанасць манер пры слабых ведах у навуках, нахабная пыха і пахвальба, характарызуюць гэтага чалавека, якога Вольфганг лічыў годным сябрам дома. Урэшце рэшт ён стаў яго пераемнікам. Менавіта дзякуючы яго намаганням Гурскі, не маючы ніякіх ведаў у садоўніцкім мастацтве, стаў кіраўніком саду пасля смерці Вітцэля, а пасля закрыцця універсітэта быў прызначаны выкладчыкам фармацэўтыкі і батанікі. Правілы акадэміі дазваляюць выкладаць фармацэўтыку на роднай мове. Гурскі выдаваў сябе за руплівага прыхільніка ўсяго нацыянальнага, але, каб дагадзіць ураду, пачаў выкладаць на скалечанай рускай мове, не зважаючы на студэнтаў.
15. Ф. Брунер, родам з Баварыі, захавальнік заалагічных калекцый, вылучаўся сваім рэдкім талентам рабіць добрыя чучалы жывёл. Ён узбагаціў і ўпрыгожыў заалагічны кабінет многімі рэдкімі відамі жывёл, птушак, рыб і г. д., заслужыў шырокую павагу за свае высакародныя якасці. Сёння займае тыя ж самыя пасады ў медыцынскай акадэміі.
3. Факультэт маральна-палітычных навук
1. Святар Міхал Баброўскі, прафесар экзегетыкі і біблейскай археалогіі. Гэты грэка-уніяцкі святар у 1815 годзе быў пакліканы чытаць лекцыі пра Святое Пісанне, у 1817 годзе адпраўлены за мяжу для ўдасканалення сваіх тэалагічных ведаў і пасля вяртання ў 1822 годзе прызначаны надзвычайным прафесарам тэалогіі. Адразу ж прыняў бок партыі рэфарматараў і рупліва ўдзельнічаў ва ўсіх мерапрыемствах гэтых парушальнікаў спакою.
У якасці ўзнагароды ў 1823 годзе рэктар Твардоўскі, не вагаючыся, прадставіў яго радзе для абрання канонікам Віленскай рымска-каталіцкай капітулы, і гэты жахлівы праект ажыццявіўся б, калі б не разумны, але настойлівы супраціў Яна Снядэцкага. Калі брудны і няправедны саюз (рэфарматараў) распаўся ў 1824 годзе, Баброўскі разам з трыма іншымі калегамі быў звольнены з універсітэта і выдалены з Вільні. Звярнуўся да вышэйшых адукацыйных улад у асобе графа Астэрмана, чыю прыхільнасць заваяваў за мяжой, і вярнуўся на сваю пасаду ў 1826 годзе, але ва універсітэце, з-за вядомых змен, не знайшоў стымулаў для далейшых інтрыг. Яго лекцыі пакідалі слабое ўражанне на розумы студэнтаў, бо меў сярэднія навуковыя таленты і холадна выкладваў свае тэмы. Ён напісаў адзінаццаць навуковых прац, некалькі з якіх былі асабліва важнымі для славянскага пытання.
2. Кс. Ян Скідэль, прафесар маральнай і пастырскай тэалогіі, пачаў чытаць лекцыі па тэалагічных навуках у 1826 годзе. У 1829 годзе быў абраны звычайным прафесарам гэтых навук. Яго добры нораў, дар да лаканічных і зразумелых тлумачэнняў, а таксама сціпласць і лагодныя манеры прынеслі усеагульную павагу як з боку студэнтаў, так і з боку калег.
3. Кс. Антоні Фіялкоўскі, з 1828 года надзвычайны прафесар дагматычнай тэалогіі і касцельнай гісторыі, напаўняў сваіх студэнтаў шырокімі і яснымі ведамі. Ягоныя веды і ветлівыя зносіны спрыялі пяшчотнай прыхільнасці да яго [114].
4. Алаізы Капелі, прафесар рымскага, кананічнага і крымінальнага права, а таксама італьянскай мовы і літаратуры, дэкан маральнага факультэта. Я ўжо казаў вышэй пра яго з'яўленне ва універсітэце, калі згадваў замежнікаў. З многіх замежнікаў, запрошаных ва універсітэт у 1804 годзе, да гэтага часу застаўся толькі Капелі, і толькі ён карыстаўся вельмі шчодрай стыпендыяй імператара Аляксандра. Неўзабаве пасля прыбыцця пачаў чытаць кананічнае права і італьянскую літаратуру, якая нам мала патрэбная, пазней быў прызначаны дэканам факультэта. За гэта, разам з жалаваннем звычайнага прафесара, атрымліваў 2800 рублёў штогод.
Аднак выдатныя ўмовы не прывязалі яго да края, дзе ён жыў цалкам шчасліва. Бо ў нядаўнія разбэшчаныя часы апынуўся подлым прыхільнікам гвалту і адкрытым ворагам нашага гаротнага народа [115]. Усеагульная грамадская пагарда была заслужанай расплатай за няўдзячнасць.
5. Павел Кукальнік, прафесар усеагульнай гісторыі і статыстыкі, быў узведзены на гэтую кафедру ў 1826 годзе з парушэннем усіх фармальнасцей, прадугледжаных статутамі. Прафесар усеагульнай гісторыі без ведаў нават пачаткаў лацінскай мовы - гэта ва універсітэце для нас было упершыню.
Бацькі Кукальніка прынялі Пелікана ў Санкт-Пецярбургу, калі ён пачаў вывучаць там медыцыну, і Пелікан аддзячыў сыну тым, што дапамог з такой важнай пасадай. Больш за тое, з самага пачатку ён даверыў яму пасаду сакратара рады, потым цэнзара, а потым бібліятэкара, і пры любых нагодах часта ўзнагароджваў, напрыклад, за апісанне нумізматычнай калекцыі ў Крамянцы, правядзенне агляду студэнцкіх кватэр па вечарах і г. д., у той час як іншыя атрымлівалі ганаровыя званні, яго ўзнагароджвалі аднаразовай прэміяй у памеры прафесарскага жалавання.
Удзячны Пелікану, Кукальнік, у сваю чаргу, быў актыўным удзельнікам усіх яго таемных сходаў і мерапрыемстваў, а таксама пастаянным забаўляльнікам падчас пастаянных свят і гулянак. Таксама суправаджаў яго падчас уцёкаў з Вільні 20 мая 1831 года. Яго лекцыі чыталіся на рускай мове і з-за абмежаваных ведаў гэтай мовы не прынеслі карысці нікому са студэнтаў [116].
6. Юзэф Ярашэвіч, надзвычайны прафесар грамадзянскага і крымінальнага права з 1827 года, а ўрэшце - звычайны прафесар, выкладаў абодва прадметы пры агульным задавальненні сваіх студэнтаў [117].
7. Ян Вашкевіч, надзвычайны прафесар палітычнай эканоміі. Гэты няздольны выкладчык, якім усе грэбавалі, быў абавязаны сваім узвышэннем злоўжыванням, распаўсюджаным у апошні час. Ганарлівая Пеліканава, маючы сястру з праблемамі псіхічнага і фізічнага развіцця, хацела пазбавіцца ад сястры праз удалы шлюб. Ніхто яе не браў, і таму быў выдуманы план ажаніць яе з Вашкевічам, які даўно жадаў атрымаць пасаду на поўны працоўны дзень, але не мог яе мець праз сваю няздольнасць.
Гэты план быў адкрыты яму з абяцаннем прафесарскай пасады. Вашкевіч, нягледзячы на сваю прыроджаную агіду на лёс і горкія скаргі сябрам з гэтай нагоды, убачыў адзіны сродак свайго шчасця, здушваў агіду і прыняў навязаную яму нявесту. Сапраўды, 1 лютага 1830 года ён быў абраны надзвычайным прафесарам. Такім чынам, кафедра Страйноўскага, якую калісьці займаў Малеўскі, перайшла як пасаг да Ганны Васільеўны, а важная навука, палітычная эканомія, стала ахвярай бессаромных інтрыг.
Пасля закрыцця універсітэта гэты былы прафесар, пад заступніцтвам свайго швагра, быў прызначаны эканамічным дарадцам медыцынскай акадэміі. Акрамя нязначных перакладаў, апублікаваў «Навуку гандлю», 1830.
8. Кс. Анёл Даўгірд, піяр, выкладчык логікі з 1818 года. З-за дрэнных выкладчыцкіх здольнасцей ён амаль што не прынёс карысці сваім студэнтам, а калі універсітэт быў закрыты, не атрымаў ніякай узнагароды. Апублікаваў за свой кошт «Выклад правілаў натуральнага мышлення, або тэарэтычнай і практычнай логікі», Полацк, 1828 год, с. 425.
9. Аляксандр Караніцкі, выкладчык рускага грамадзянскага права з 1823 года, завабіў аўдыторыю ясным выкладам гэтай навукі. Апублікаваў: «Літоўскія грамадзянскія працэсы», 1826; «Парадак суда ў правячым сенаце», 1827.
IV. Факультэт літаратуры і вольных мастацтваў
1. Ян Лабойка, з 1822 года прафесар рускай мовы і літаратуры, чалавек спакойнага характару і узорных нораваў, але з-за абмежаванага тэмпераменту і абмежаванай прыхільнасці да рускай мовы і літаратуры, прасунуўся мала. Пасля закрыцця універсітэта пачаў чытаць лекцыі студэнтам-медыкам у медыцынскай акадэміі.
2. Леон Бароўскі, прафесар паэзіі, польскай мовы і агульнай граматыкі, працаваў каля дванаццаці гадоў на ніжэйшых узроўнях універсітэта і атрымаў сваю пасаду толькі 1 красавіка 1822 года. Кемлівасць, шырокія веды ў старажытнай і сучаснай літаратурах, вытанчаны стыль і бездакорны характар зрабілі яго карысным. Ён апублікаваў: «Заўвагі пра паэзію і рыторыку з пункту гледжання іх падабенства і адрознення», 1820. С. 152.
Нарадзіўся ў 1784 г., памёр у 1846 г. Першым пасля чытання ранніх спроб Міцкевіча ўсклікнуў: «Геній, геній заззяў у нашым краі». Ён дапамагаў зрабіць першыя крокі Адынцу, Ходзьку, Балінскаму, Маліноўскаму, Корсаку, Галавінскаму, Крашэўскаму і многім іншым [118].
3. Ян Рустэм, заслужаны прафесар жывапісу і малюнку. Хоць згодна з статутам быў афіцыйна вызвалены ад сваіх абавязкаў шэсць гадоў таму, але і сёння мае вялікі і гарачы запал да распаўсюджвання высакароднага мастацтва. Працягваў кіраваць сваімі шматлікімі вучнямі, пакуль універсітэт не быў ліквідаваны. Вышэй, , кажучы пра замежнікаў, я ўжо згадваў пра высакародныя якасці гэтага чалавека.
4. Станіслаў Грыневіч, з 1829 г. надзвычайны прафесар лацінскай мовы і літаратуры. Выразна, з вялікай карысцю і майстэрствам выкладаў студэнтам правілы граматыкі па творах лепшых класічных рымскіх пісьменнікаў. Цяпер пераведзены ў медыцынскую акадэмію, дзе вучыць студэнтаў-медыкаў. Гэты выкладчык усюды перабольшана абвяшчае сябе заўзятым прыхільнікам нацыянальнага. Аднак яго пастаянны ўдзел ва ўсіх забавах, гульнях і святах разам з іншымі служкамі Пелікана дае падставу слушна сумнявацца ў цэласнасці яго прынцыпаў. (Памёр у 1867 годзе).
5. Жан дэ Нэў, француз, з 1829 года надзвычайны прафесар французскай мовы і літаратуры. Гэты замежнік карыстаўся вялікай любоўю Пелікана і яго жонкі з-за нізкай ліслівасці, але усе іншыя разам з студэнтамі ім пагарджалі. У апошні час праяўляў вялікую нянавісць да нашай нацыянальнасці.
6. Шымон Фелікс Жукоўскі, ад'юнкт універсітэта, выкладчык грэчаскай мовы і літаратуры. Моладзь абавязана яму сваімі першымі знаёмствамі з гэтай класічнай, старажытнай мовай, прынцыпы якой ён грунтоўна тлумачыў у граматыцы, якую апублікаваў. Сілу і яснасць гэтай мовы ён дэманстраваў на яе ўзорах.
7. Бенджамін Хаўштэйн, ад'юнкт універсітэта, выкладчык нямецкай мовы і літаратуры, а таксама выкладчык англійскай мовы. Гэты замежнік, хоць і меў добры характар і быў прыемным таварышам, мала ведаў першую мову і амаль не прынёс сваім студэнтам карысці ў другой.
8 і 9. Багуміл Кіслінг і Фрыдэрык Леман, абодва ад'юнкты універсітэта і выкладчыкі гравюры. Ахвотна вучылі розным жанрам гэтага мастацтва.
10. Вінцэнт Смакоўскі, асістэнт у школе малюнка і жывапісу, малады чалавек прыгожай душы і сэрца, добра разбіраўся ў вытанчаных навуках, спачатку займаўся жывапісам пад кіраўніцтвам Рустэма ў Вільні, а пазней, на працягу некалькіх гадоў адточваў сваё майстэрства ў Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбурга. Пасля закрыцця універсітэта яго перавялі ў Віленскую гімназію выкладаць малюнак. (Жывы дагэтуль).
***
Такі быў склад універсітэта пры яго закрыцці. У той час не было выключных асоб, рэдкіх навуковых геніяў ці талентаў. Малавядомыя асобы займалі важныя кафедры. Аднак можна сказаць, што большасць яго членаў, нягледзячы на нядаўнія, шматлікія і магутныя стымулы да карупцыі, засталіся непахіснымі ў сваёй прынцыповай сумленнасці.
Я падпісваю гэты зборнік фрагментаў, кс. Станіслаў Юндзіл.
VI. Чацвёртая частка ўспамінаў прафесара Станіслава Юндзіла
Выпраўленне памылак, хлусні і паклёпаў у працы Маўрыцыя Махнацкага «Паўстанне польскай нацыі ў 1830 і 1831 гадах». Парыж, 1834.
Паважаны аўтар гісторыі паўстання, маючы намер прадэманстраваць уплыў народнай адукацыі на з'яўленне і распаўсюд палітычнага духу, пачынае з Віленскага універсітэта як галоўнай навуковай установы краю. Гэты намер яму цяжка выканаць. Ніхто яшчэ не адважыўся надрукаваць гісторыю універсітэта, і аўтар ніколі сам у ім не вучыўся, бачна, што не ведаў асабіста нікога з яго членаў, акрамя Лелявеля і Галухоўскага. Але на працягу ўсёй сваёй працы ён пераказвае не толькі галоўныя падзеі рэвалюцыі, але і апісвае другарадныя справы і спрабуе абапірацца на найбольш аўтэнтычныя доказы пра тое, што ён кажа пра універсітэт. Аднак не прыводзіць ніякіх годных даверу доказаў, ні з публічных твораў, ні нават з вусных традыцый.
Крыніцамі яго твора пра універсітэт, верагодна, з'яўляюцца некаторыя з нашых маладых землякоў-эмігрантаў, якія, хаваючы ўсе недахопы сваёй партыі пад шчытом святога патрыятызму, здолелі захапіць і падмануць даверлівасць аўтара смелымі, напышлівымі выразамі і цвёрдым тонам аповяду [119]. На такія памылкі варта звярнуць увагу і выправіць іх, бо я як член універсітэта і відавочцы падзей, згаданых аўтарам, кіруючыся любоўю да праўды і жаданнем апраўдаць тых, на каго паклёпнічаюць, лічу сваім абавязкам зрабіць гэта.
У першым томе, на старонцы 390, аўтар, кажучы пра аднаўленне імператарам Паўлам езуітаў у радзе галоўнай літоўскай школы, сцвярджае: «Супраціў знакамітага былога езуіта Пачобута, прафесара астраноміі, перашкодзіў гэтаму намеру». У гэтым сцвярджэнні ёсць дзве памылкі: першая тычыцца тытулаў Пачобута. Ён не быў прафесарам астраноміі, але быў прызначаны каралеўскім астраномам караля Станіслава і займаў гэтую пасаду да 1799 года. Сучасным яму прафесарам астраноміі быў былы езуіт Андрэй Стрэцкі. Што тычыцца меркаванага супраціву вышэйзгаданаму імперскаму ўказу, я сапраўды не ведаю, што аўтар мае на ўвазе пад гэтым. Супраціў волі ўрада ў любой краіне, асабліва манархічнай, тым больш пры праўленні Паўла, магло мець самыя жахлівыя наступствы. Тагачасны рэктар Страйноўскі за найпакорлівейшае прадстаўленне трону плана быў асуджаны на восем дзён зняволення на хлебе і вадзе. І гэтае нечакана больш мяккае, чым чакалі, пакаранне нават назвалі дабраславеннем. Пачобут, ужо не рэктар, не меў ніякіх правоў і не зрабіў ні найменшага кроку да імператара ў гэтым сэнсе. А яго перапіску з генералам езуітаў Бразоўскім і абвінавачванне ў шкодных наступствах для Таварыства Ісуса ніхто сапраўды не можа назваць супрацівам. Надзейнай прычынай анулявання гэтага ўказу ёсць страта прыхільнасці імператара езуітам Груберам і смерць Паўла.
На старонках 402 і 403 першага тома мы чытаем беспадстаўнае сцвярджэнне, што хімічная, заалагічная, мінералагічная і фізіялагічная калекцыі абавязаны сваёй дасканаласцю Яну Снядэцкаму. Юндзіл у 1804 годзе апублікаваў працу «Пачаткі батанікі», а ў 1805 годзе - «Пачаткі заалогіі». Першае выданне працы Андрэя Снядэцкага «Хімія» выйшла ў 1806 годзе. Сымановіч пачаў працаваць над мінералогіяй у 1805 годзе. Абраны рэктарам універсітэта, Ян Снядэцкі прыбыў у Вільню ў сярэдзіне лютага 1807 года. Таму ён не мог паўплываць на навуковыя мовы, створаныя вышэйзгаданымі прафесарамі.
На старонках 407 і 408 пачынаецца доўгі панегірык Зану, заснавальніку таемнага таварыства філарэтаў. Тут жа выказваецца дакор у бок Снядэцкага за тое, што ён аддаваў перавагу толькі матэматычным і фізічным навукам, а маральна-філасофскімі даследаваннямі грэбаваў. Напрыклад, на старонцы 407 чытаем: «Снядэцкі, грунтуючы навуку на вопыце, знаёміў моладзь з бачнай прыродай і не даваў ёй часу, не хацеў дазваляць ім даследаваць усё тое, што, акрамя матэрыяльных ведаў, зачароўвае розум і уяўленне. Яго кірунак быў аднабаковым, а майстэрства - бязлітасным, як і стыль, якім ён пісаў, і астранамічныя інструменты, якімі лічыў зоркі на небе. Нацыянальныя законы ў Еўропе, палітыка, заканадаўства, старая Польшча - усе гэта было па-за межамі разумення старога, які назіраў за планетамі і не хацеў ведаць, што адбываецца на Землі, на яго радзіме» і г. д.
Божа! Хто ўплішчыў такую бязглуздую думку пра Снядэцкага ў галаву аўтара? Яго навуковая слава ў нас і за мяжой, агульная папулярнасць і павага сярод суайчыннікаў, любоў і павага ўсіх станаў студэнтаў ва універсітэце - не маглі быць дасягненнем ідыёта, неадукаванага і незнаёмага ні з якімі іншымі навукамі, акрамя матэматыкі. Снядэцкі добра ведаў старажытную і сучасную літаратуру, не толькі айчынную, але і замежную - усіх еўрапейскіх народаў. Яму дапамагала веданне лацінскай, англійскай, французскай, італьянскай і нямецкай моў. Як інакш мог бы ён развіць свой сур'ёзны, ясны і прыгожы стыль пісьма, які ставіў яго сярод першых польскіх аўтараў? Ён ведаў палітычную гісторыю не толькі старажытных, але і ўсіх сучасных народаў, і асабліва айчынную гісторыю, чаму дапамагала багатая бібліятэка, сабраная каб ёй пастаянна карыстацца. Ён добра ведаў сучасны стан філасофіі, аналізу і грунтоўнай крытыцы якой ён прысвяціў выключна ўвесь чацвёрты том сваіх «Розных твораў». Ён ведаў сучасны палітычны стан Еўропы, бо рэгулярна чытаў амаль што ўсе газеты і часопісы, якія дазвалялі яму чытаць вядомыя цэнзурныя абмежаванні. Ён ведаў сумны стан сваёй радзімы, дабрабыт якой хваляваў яго гэтак жа, як і любога з нас. Аўтар прыгожа сказаў, што «зоркі на небе мёртвыя, як астранамічныя прылады, якімі ён лічыў зоркі на небе», відаць, таму, што яго творы, а менавіта прамовы падчас штогадовых акадэмічных цырымоній, характарызаваліся не празмернасцямі рамантычнай паэзіі, а хутчэй адкрытым імкненнем да свабоды і выразным, гарачым патрыятызмам.
Хіба аўтар не ведаў, што ў Вільні нельга пісаць і абмяркоўваць палітыку і патрыятызм, як яе абмяркоўваюць і пішуць у Парыжы, Лондане, Бруселі і г. д.? Хіба ён не ведаў, што грэбаванне гэтымі строгімі мерамі засцярогі можа паскорыць заняпад важнай навуковай установы, даручанай яго апецы? Нягледзячы на вонкавую абыякавасць, увесь край лічыў Снядэцкага гарачым прыхільнікам бацькаўшчыны, як і моладзь усіх факультэтаў, якая не раз урачыста выказвала яму сваю любоў, удзячнасць і прыхільнасць.
На старонцы 417 аўтар працягвае хваліць Лелявеля і апісвае не толькі яго веды ў гісторыі, але і яго знешні выгляд, прыпісвае яму дар паэта, дар натхнёнага бачання вельмі далёкіх рэчаў і г. д. І далей, кажучы пра яго імкненне да універсітэцкай кафедры гісторыі, ён робіць рэзкія і нават непрыстойныя папрокі ў бок Снядэцкага за яго супраціў, за тое, што заступіў гісторыку шлях да пасады, на якой яго хацела бачыць уся грамадскасць.
Але, нягледзячы на гэта, ён выкарыстоўвае сваю зброю супраць сябе ж і апраўдвае Снядэцкага, калі кажа, «што Лелявель, паглыбляючыся ў вывучэнне старажытнай геаграфіі, быў вымушаны ўважліва вывучаць фальсіфікаты, напісаныя на варварскай лаціне або сярэднявечнай грэцкай мове, чым настолькі занядбаў сваё красамоўства, што нават тыя, хто ведае справу, часам чыталі адну яго старонку па некалькі разоў; карацей кажучы - творы Лелявеля таго часу можна было толькі гартаць» і г. д.
На старонцы 422 ён кажа: «Лелявель апублікаваў артыкул пра Мацея герба Халява. Навуковымі і значна больш цікавымі былі яго трактаты, апублікаваныя ў 1816 і 1817 гадах у «Tygodniky Wileńskim» пра стан асветы ў Польшчы да ўвядзення друкарства. Гэтыя творы, адны з самых глыбокіх у крытыка-гістарычнай літаратуры, мелі, аднак, характэрную для ўсіх іншых твораў Лелявеля той эпохі рысу, г. з. іх амаль ніхто не разумеў, хоць усе абсыпалі пахвалой» і г. д.
Гэтая незразумеласць твораў Лелевеля таго часу пацвярджаецца на старонцы 422: «На думку яго сябра і папярэдніка на кафедры Анацэвіча, які падчас лекцыі ў 1819 годзе, пералічваючы аўтараў, якія пісалі пра гісторыю, казаў: "Маем яшчэ аднаго з нашых найвялікшых крытыкаў - Лелявеля. Шкада толькі, што яго працы яшчэ не перакладзены на родную мову"». І гэтую прычыну непрыняцця аўтар адважваецца назваць дзіцячай і несправядлівай. Бо ці мог рэктар, заўсёды імкнучыся падтрымліваць славу універсітэта, дапусціць ва універсітэт чалавека, які, хоць і быў руплівым даследчыкам старажытнай гісторыі, але яшчэ не ўмеў варушыць пяром і перакладаць, выразна і зразумела запісваць свае думкі?
Універсітэт сваімі выпускнікамі запаўняў пасады ў гімназіях і нават у павятовых школах і гарантаваў, што настаўнікі, нават малодшых класаў, могуць правільна, ясна і зразумела пісаць, прынамсі, у межах сваіх прадметаў. Наколькі большага варта чакаць ад чалавека, які рыхтуе настаўнікаў для народнай адукацыі і павінен не толькі вусна ўкараняць ідэалы ў свядомасць сучаснай моладзі, але і, выдаючы часопісы, забяспечыць іх для новых пакаленняў? Тое, што супраціўленне Снядэцкага ў гэтым плане не было вынікам якіх-небудзь прыватных інтарэсаў або асабістай агіды, дэманструе лёгкае і аднагалоснае абранне Лелевеля прафесарам у 1821 годзе. Ясна і грунтоўна напісаная конкурсная дысертацыя на пасяджэнні рады была сустрэта агульнымі апладысментамі, і заслужаны астраном Снядэцкі, які прысутнічаў на гэтым пасяджэнні як астраном у адстаўцы, не толькі таемна, але і адкрыта выказаў сваю поўную задаволенасць, падтрымаў і пацвердзіў выбар Лелевеля на пасаду.
На старонцы 241 аўтар кажа пра нелюбоў Снядэцкага да Лелявеля як доказ яго нелюбові да польскай мовы: «У той час як першыя аддавалі асаблівую перавагу ётам, другія ненавідзелі іх як чуму» [120]. Гэтае дзіцячае і легкадумнае абвінавачанне не заслугоўвае нават абвяржэння. Немагчыма ўявіць, што такі разумны і разважлівы ветэран зайшоў так далёка, каб помсціць нават за гэтую нявінную літаратурную гульню. У той час яшчэ быў жывы ксёндз Філіп Неруш Галанскі, які ўнёс у правапіс яшчэ большыя дзівацтвы. Снядэцкі заўсёды ставiўся да яго са сваёй звычайнай ветлівасцю, і Галанскі ніколі не скардзіўся на якія-небудзь недахопы з гэтай нагоды.
Да гэтага часу аўтар, верагодна, кіруемы духам прадузятых і фальшывых раманаў, крытыкаваў і выпраўляў недахопы асобных людзей, прынамсі, Снядэцкага. Але далей ён напрасткі атакаваў дакладныя навукі, бо быццам бы яны неслі ў сябе зерне разбэшчанасці і дэмаралізацыі, якое яны ўкараняюць у тых, хто дакладнымі навукамі займаецца. Але добра засвоеныя і зразумелыя маральныя ці фізічныя навукі ніколі не вядуць ні да астракізму ў твар, ні да эпікурэізму. Гэтыя заганы, неаддзельныя спадарожнікі чалавечых слабасцяў, часцей за ўсё - вынік недахопу дбайнага выхавання ў дзяцінстве, або дрэнных, не абмежаваных рэлігіяй і асветай паводзін у грамадстве.
Што да першай слабасці - схільнасці да астракізму - доўга жывучы ў свеце, я бачыў вострых сатырыкаў, якія не маюць паняцця пра фізічныя навукі. Хто з жывых не ведае сатырычнага пяра нашых суайчыннікаў Булгарына і Санкоўскага? У таварыстве «Шубраўцаў» мелася толькі два члены - доктар Шымкевіч і Андрэй Снядэцкі, якія ведалі фізічныя навукі, - усе астатнія былі альбо літаратарамі, альбо маралістамі. Але якія сатыры толькі не выйшлі з-пад іх пера? Прафесар красамоўства Леон Бароўскі і Ігнацы Шыдлоўскі пераўзыходзілі іншых дасціпнасцю і сарказмам. Першымі сярод іх былі нават духоўныя асобы, я ведаў былога езуіта Ксаверыя Богуша і Міхала Карповіча, вядомага і ўзорнага прапаведніка, былога місіянера, якія не маглі адрозніць барометр ад тэрмометра, але люта стралялі сатырамі і памфлетамі. Вядомы ў Францыі Вальтэр, які жартаваў з натураліста Бюфона і высмейваў матэматыка д'Аламбера, ці не быў самым галоўным сатырыкам свайго часу?
Што да эпікурэйства - мы не ведаем, што аўтар мае на ўвазе пад гэтым словам, але пэўна ён мяркуе, што яно азначае распусту ў жыцці і разбэшчаныя звычаі, якія таксама і па тых жа прычынах, з'яўляюцца агульнымі для ўсяго чалавецтва. Увогуле, чым менш адукаваны чалавек, тым больш ён разбэшчаны і дэмаралізаваны. Што тычыцца віны дакладных навук, дык у гонар фізічных навук можна сказаць, што калі сярод шматлікіх прафесараў медыцынскага і фізічнага факультэтаў відавочнай карупцыі не назіралася, то на філалагічным факультэце прафесар старажытнай літаратуры і філалогіі Гродэк, а на маральным факультэце прафесар тэалогіі Юзаф Багуслаўскі былі, у шырокім сэнсе гэтага тэрміна, агульнаўслаўленымі эпікурэйцамі.
На старонцы 415 чытаем: «Сур'ёзны і маўклівы прафесар Юндзіл не любіў іх (філарэтаў) і, безумоўна, не праз недахоп патрыятызму, а як прэфект кандыдатаў у настаўнікі, забараніў ім запісвацца ў настаўнікі». Гэты нязначны аповед не варты быў бы разгляду, калі б не быў адной з шматлікіх казак філарэтаў, якія я вырашыў тут выправіць. Таварыства прамяністых, як і філарэтаў, было сакрэтным і малавядомым, таму я не мог забараніць кандыдатам на настаўніцкую прафесію запісвацца ў рэестр з-за ўдзелу ў таварыствах, пра існаванне якіх нічога не ведаў.
На старонцы 446 мы чытаем: «Паколькі Вырвіч данёс Чартарыскаму, што ў межах таварыства прамяністых створаны таемны палітычны звяз пад назвай філарэты, Чартарыскі быў вымушаны прызначыць камісію для расследавання даносу, але даручыў расследаванне шаноўнаму прафесару Баянусу, які пасля кароткага разгляду палічыў усю справу нявартай далейшага расследавання». Тут аўтар, чэрпаючы інфармацыю з ілжывай крыніцы, дапускае супярэчнасць, і справа становіцца незразумелай. Немагчыма зразумець, чаму Чартарыскі, прызначаючы камісію для расследавання даносу Вырвіча даручыў расследаванне нейкаму Баянусу. Гэта камісія, як вядома, складалася з прафесара тэалогіі кс. Клангевіча, прафесара рускай літаратуры Лабойкі і прафесара ветэрынарыі Баянуса. Яны, дзейнічаючы разам і адначасова, аднагалосна палічылі ўсю справу нявартай далейшага расследавання. Такім чынам, прыпісванне гэтага ўчынку, выдуманага філарэтамі, нейкаму Баянусу і зламыснае замоўчванне двух іншых асоб з'яўляецца відавочнай шкодай для гістарычнай праўды і прыніжэннем вышэйзгаданых прафесараў.
На старонцы 450, завяршаючы расказ пра расследаванне Навасільцава і найвышэйшы прысуд філарэтам, аўтар дадае: «Многія студэнты, не згаданыя ва ўказе, былі ўзяты ў войска як простыя салдаты» і г. д. Гэта апошняе дапаўненне цалкам ілжывае. Акрамя філарэтаў, згаданых ва ўказе, ніхто не быў падвергнуты ніякаму пакаранню, тым больш не былі асуджаны да салдацкай службы, бо калі б гэта было, аўтар напэўна б назваў іх па імені.
Але хто можа прачытаць без здзіўлення і дрыжыкаў на старонцы 451 імя паважанага прафесара Бекю сярод тых чыноўнікаў, якія, на думку аўтара, дапамаглі Навасільцаву рабаваць універсітэт! Я не разумею, чаму філарэты так люта праследуюць гэтага ўжо памерлага прафесара. Міцкевіч закрануў яго ў першай частцы сваіх «Дзядоў», а ў трэцяй частцы гэтых рамантычных мар ён называе яго смерць ад маланкі пакараннем Божым. Махнацкі жа залічвае яго да нягоднікаў, якія маюць абрабаваць універсітэт. Адзінай прычынай гневу філарэтаў, здаецца, з'яўляецца падазрэнне ва ўдзеле гэтага прафесара ў камісіі пад старшынствам Навасільцава для расследавання справы філарэтаў. Прычына гэтага падазрэння была наступнай.
Аўгуст Бекю, прафесар фізіялогіі, адслужыў ва універсітэце ў адпаведнасці з статутам да канца 1822 года і падаваў просьбу аб вызваленні ад службы і прызначэнні пажыццёвай пенсіі, гарантаванай тым жа статутам. Міністэрства народнай асветы не спяшалася вырашаць гэтую просьбу - і калі ў 1823 годзе разгортвалася справа таемнага таварыства філарэтаў, усё падобныя просьбы былі прыпынены да вырашэння справы, бо хацелі ведаць, ці можа належаць член універсітэта да гэтага таварыства. Гэта так засмуціла Бекю, які вельмі стаміўся ад выкладання, што ў тым жа годзе ён паехаў у Санкт-Пецярбург, каб атрымаць вырак. Калі не атрымаў, а пачатак навучальнага года ўжо набліжаўся і яму трэба было пачынаць зноў чытаць лекцыі. Бекю ўсклаў усе свае надзеі на Навасільцава, пра прыезд якога ў Вільню ўжо было абвешчана і пра магутны ўплыў якога на розум вялікага князя Канстанціна, а значыць, і на міністэрства, ён добра ведаў. Па прыбыцці Навасільцава ў Вільню Бекю пачаў рабіць крокі, каб атрымаць абарону ад такога высокапастаўленага чыноўніка, ушанаванага імператарскім даверам.
Шляхетная постаць, розум, сфарміраваны навукай і шырокімі ведамі, яго свабодныя і зразумелыя тлумачэнні на французскай, нямецкай і польскай мовах, яго заўсёды вясёлы гумар і рэдкая кемлівасць падчас вясёлай і заўсёды прыемнай размовы, хутка захапілі Навасільцава. Прафесар спадабаўся яму, і Навасільцаў выказаў жаданне, каб ён наведваў яго як мага часцей, тым больш што з-за непрыемнага старшынства ў гэтым расследаванні ён быў пазбаўлены ўсялякай кампаніі. Такім чынам, Бекю, кіруючыся ўласнымі інтарэсамі і прымушаны загадам, мусіў прысутнічаць у Навасільцава, але рабіў гэта толькі, калі дазвалялі яго хатнія абавязкі і заняткі. Філарэты, хоць усе ўжо былі ў зняволенні, мелі сваіх шматлікіх студэнтаў-прыхільнікаў, якія ўважліва сачылі за ўсім, што адбывалася па-за аўдыторыямі. Сядзячы ў кнігарні Завадскага прама перад кватэрай Навасільцава, бачылі, як Бекю некалькі разоў уваходзіў і выходзіў, і лёгкадумна зрабілі выснову, што прычынай яго прысутнасці быў нейкі подлы данос, накіраваны супраць таварыства.
Я ведаў гэтага чалавека з маладосці. Шмат гадоў мы былі калегамі - студэнтамі акадэміі і на працягу дваццаці з нечым гадоў універсітэцкімі прафесарамі, і я ніколі не бачыў у ім схільнасці да якой-небудзь, не кажучы ўжо пра гэткую, подласці. Добры муж, добры бацька, добры сябар Снядэцкіх і ўсіх высакародных членаў універсітэта, ці мог ён так доўга падманваць столькі людзей сваімі ўдаванымі цнотамі? Урэшце, што ён мог данесці і каго мог абвінаваціць? Ён не быў членам таемнага таварыства і таму не мог ведаць пра яго дзейнасць ці намеры. Паколькі аўтар не прыводзіць ніякіх крыніц, якія б пацвярджалі такое агіднае абвінавачанне, можна смела высказаць здагадку, што яно зыходзіць ад некаторых нашых суайчыннікаў, якія, грунтуючы свае домыслы на падазрэннях, заплямілі прафесара хлуснёй і паклёпам [121].
Неўтаймаваны ў сваёй лютасці аўтар, з вострым, але бяссільным сарказмам праследуе Снядэцкага на працягу ўсёй кнігі. На старонцы 425, хвалячы яснасць, лёгкасць і дакладнасць лекцый Лелявеля па гісторыі чалавецтва, ён дадае: «Лелявель збянтэжыў Снядэцкага». Снядэцкаму не было чаго бянтэжыцца, бо ён ясна і красамоўна чытаў свае лекцыі. Гэтак ж, як некалькі гадоў таму зняцце з пасады недарэчнага ў той час Лелявеля, рабілася без асабістай выгады, гэтак жа як і потым апладысменты і пахвалы Лелявелю, які змяніўся, не маглі быць для Снядэцкага прыніжальным сорамам.
Адначасова з прыняццем Лелявеля на працу на кафедру, прызначылі Галухоўскага на кафедру філасофіі, якая некалькі гадоў была вакантнай. I з-за гэтай падзеі аўтар радуецца невычэрпнай і вялікай карысці як для адукацыі адзінаццаці мільёнаў чалавек, так і для ўмацавання і распаўсюджвання ў народзе палітычнага і патрыятычнага духу.
«У гэтых абставінах, - кажа аўтар на старонцы 426, - маральны факультэт узяў верх над матэматычным. Гэта была рэвалюцыя на карысць духу і на шкоду матэрыі... Галухоўскі заахвочваў думку разумець саму сябе незалежна ад знешняга свету» і г. д., і г. д.
Трэба было б зайсці занадта далёка, каб разгледзець пытанне, як паэзія і філасофія вядуць нацыю да палітычных рэвалюцый. Сённяшняя, непаэтычная і нефіласофская Грэцыя скінула турэцкае ярмо, пад якім яна стагнала некалькі стагоддзяў. Іспанія, далёкая ад еўрапейскай цывілізацыі, не ведае ніякай філасофіі, акрамя схаластычнай, якую дагэтуль выкладалі ў Саламанцы, але застаецца ў стане бесперапыннай рэвалюцыі з моманту смерці Фердынанда VII і да сённяшняга дня, у той час як флегматычная Германія, дзе, бянтэжачы амаль усіх навукоўцаў, паэзія і філасофія здаўна квітнеюць у тысячах формаў і ва ўсіх новых сістэмах, спакойна пераносіць формы кіравання, навязаныя ёй Венскім кангрэсам - абсалютнай воляй манархаў. У Гановеры герцаг Камбэрленд адным росчыркам пяра пазбавіў сваіх падданых прывілеяў, нададзеных герцагам Кембрыджам, і правінцыі не пакрыўдзіліся з-за гэтай несправядлівасці. Прускі кароль не стрымаў свайго абяцання ліберальнай канстытуцыі, дадзенага падданым у 1813 годзе, і грамадскія сходы адважыліся толькі слабымі галасамі нагадаць яму пра гэтае абяцанне, але безвынікова.
Давайце разгледзім, ці адказаў Галухоўскі на чаканні і ці апраўдаў надзеі сваіх заўзятых прыхільнікаў і нашага аўтара. Паступіўшы на кафедру, ён абвясціў у праспекце на 1823/1824 год, лекцыі па антрапалогіі, логіцы і маральнай філасофіі. На пачатку навучальнага года Галухоўскі, замест таго каб заахвочваць думку да разумення самога здумлення незалежна ад знешняга свету, пачаў свой курс з антрапалогіі, якая, грунтуючыся на ведах пра склад чалавечага цела, або анатоміі, вядзе да разумення функцый органаў, якія яго складаюць. Такім чынам, гэтая цалкам фізічная навука не магла стымуляваць уяўленне яго слухачоў і распаліць палітычную рэвалюцыю, як таго жадаў аўтар. І цяжка зразумець, чаму гэты прафесар, прызвычаены да зносін з духам, вырашыў чытаць лекцыі па цалкам фізічных, матэрыяльных навуках. Пасля аб'явы аб запланаваных лекцыях па філасофіі да яго пачалі сцякацца шматлікія студэнты з усяго горада, у тым ліку студэнты ўсіх факультэтаў, чыноўнікі адміністрацыйных і судовых устаноў, юрысты, духавенства і нават жанчыны [122].
Галухоўскі, трымаючыся працы Вірэя «Гісторыя чалавека», доўга абмяркоўваў зачацце, жыццё і развіццё органаў у немаўлячым узросце, потым у дзяцінстве, дарослым жыцці і старасці да смерці, усё красамоўна і патэтычна. Слухачкі, а менавіта жанчыны, не падазравалі відавочных недакладнасцей у многіх яго сцвярджэннях і гучна хвалілі яго лекцыі, абсыпалі апладысментамі. Толькі студэнты-медыкі, якія добра валодалі анатоміяй і фізіялогіяй, часам жартавалі з занадта смелага і напышлівага прафесара.
У другой частцы сваёй антрапалогіі наш філосаф меў магчымасць глыбей разгледзець разумовыя здольнасці, чым малавядомую ім фізічную структуру чалавека. Але замест таго, каб анатаміраваць чалавечы розум, як гэта робяць сённяшнія мудрацы, ён звярнуў увагу на ўплыў гэтага найвышэйшага дару нябёсаў на лёс народаў у цэлым і на індывідуальнае існаванне разумнай істоты. Такім чынам, прасочваючы гісторыю старажытнага свету, ён абмяркоўваў вялікія подзвігі сусветна вядомых герояў, бліскучых аратараў і паэтаў, скульптараў і мастакоў, статыстыкаў, гісторыкаў і г. д., якія дасягнулі поспехаў у сваім мастацтве.
Асабліва вартая ўвага да прыгожай паловы - ён прызнаваў яе перавагу і прыярытэт над мужчынскім полам, дэманструючы гэта праз шматлікія прыклады: Юдзіф у Ізраілі, вядомая сваёй мужнасцю і адвагай; каралева Ізабэла ў Іспаніі; Жанна д'Арк у Францыі; нядаўняя Бабеліна ў Грэцыі. Сярод нашых суайчынніц - Кацярына Чартарыская ў Мендзыбужжы і Хшаноўская ў Трэмбоўлі. Сярод кіраўнікоў і заканадаўцаў сваіх народаў - Семіраміда ў Вавілоне, Марыя Тэрэза ў Аўстрыі і Кацярына II у Расіі. Сярод літаратарак, паэтак і артыстак - мадам д'Асье, Жанліс, Сталь-Гольштэйн у Францыі, Дружбацкая ў Польшчы і г. д. Яго частыя кампліменты ў бок прыгожай паловы забяспечылі нашаму філосафу ўваход у шматлікія сямейныя колы і зрабілі яго знаходжанне ў Вільні вельмі прыемным.
Аднак неўзабаве незайздросны лёс спыніў яго не вельмі філасофскія лекцыі. Ваенны губернатар Вільні Корсакаў па невядомай прычыне загадаў забараніць дамам наведваць яго лекцыі. Раптам аўдыторыя апусцела, і акрамя дзесятка яго студэнтаў, амаль што нікога не засталося.
Сярод прадметаў, якія выкладаў Галухоўскі ў тым годзе, была логіка і маральная філасофія. Я не буду тут падрабязна расказваць, як яму ўдалося навучыць гэтым высокім навыкам студэнтаў, бо баюся, што хтосьці можа сказаць мне, фізіку і натуралісту: «Ne ultra crepidam» (лац. «Не заходзь за край» - Л. Л.). Чытач сам можа ацаніць яго талент у спасціжэнні і тлумачэнні метафізічных прадметаў па двух урыўках з конкурснай працы, прымацаваных тут. Кс. Станіслаў Красінскі ў сваім штогодніку за 1843 год як узор глыбокай навукі і яснага тлумачэння апублікаваў, а вядомы і ўмелы крытык гэтых рэчаў пад псеўданімам Гервазій Бамбаш у сваіх лістах з Палесся ў № 6-2 «Тыднёвіка Пецярбургскага» за той самы год пракаментаваў з «шубраўкім» запалам.
[...]
Такім быў Галухоўскі тады. Ці можна паверыць, што гэты філосаф, як прафесар ці пісьменнік, мог, паводле сцвярджэння Махнацкага, паказаць перавагу маральнага факультэта над матэматычным? Ці мог ён зрабіць рэвалюцыю ў навуках на карысць духу і на шкоду матэрыі, ці мог стымуляваць у каго-небудзь мысленне да ўзроўню разумення самога сябе, незалежна ад знешняга свету? Не, Галухоўскі ніколі не вучыў і, на шчасце, нават нікога не заразіў цёмным і незразумелым спосабам тлумачэння самога сябе, які выразна бачны ва ўсіх яго цытаваных творах. Таму сцвярджэнні Махнацкага не патрабуюць ніякіх абвяржэнняў.
Пісаў у Вільні ў канцы 1843 года.
Кс. Станіслаў Юндзіл
[1] Obrazki Litewskie. Ze wspomnień tułacza Sobarri. Poznań. 1874.
[2] У 1838 г. гадзіннікаў гэтай фірмы яшчэ не было, бо прадпрыемства (1839-1845) "Czapek (Францішак Чапек) і Patek (Антоні Патэк)" было заснавана ў 1839 г. Заснаванне фірмы Чапека і Патэка - адна з самых значных падзей у гісторыі высокага швейцарскага гадзіннікавага мастацтва. Гэтыя два майстры з'яўляюцца сузаснавальнікамі кампаніі, якая пазней ператварылася ў легендарны брэнд Patek Philippe. 1 мая 1839 года ў Жэневе Антоні Патэк (польскі эмігрант, кіраванне і продажы) і Францішак Чапек (чэшскага паходжання, галоўны гадзіншчык) стварылі сумесную мануфактуру Patek, Czapek & Cie. Аднак праз шэсць гадоў з-за рознагалосся, кантракт паміж імі не быў падоўжаны і ў 1845 годзе фірма распалася. Антоні Патэк аб'яднаўся з французскім вынаходнікам Адрыянам Філіпам (стваральнікам завадной галоўкі без ключа), што прывяло да стварэння сучаснага гіганта Patek Philippe. - Л. Л.
[3] Верагодна, маецца на ўвазе Вінцэнт Матушэвіч (1803-1862), адзін з кіраўнікоў паўстання 1830-1831 гг. на тэрыторыі Троцкага павета, пасля паразы паўстання эміграваў у Францыю. - Л. Л.
[4] Сам партрэт Канарскага з худым тварам і доўгай барадой, ідэальны. Намаляваны тым, хто ніколі не бачыў, і нават не чуў пра яго. У Канарскага была кароткая, прыгожая барада, і нават у дзень смерці ён выглядаў здаровым, меў поўныя і ружовыя шчокі.
[5] Пра справу Канарскага гл: Луговцова С. Л. «Заговор Конарского» и его организатор на страницах следственного дела 1838-1839 гг. (По материалам Литовского государственного исторического архива в г. Вильнюсе). // Российские и славянские исследования: Сб. науч. статей. Вып. 5. Мінск: БГУ, 2010. С.106-112.
[6] «Святаянскія кантракты» (або кантракты на Святога Яна) - гэта традыцыйныя кірмашы і дзелавыя сустрэчы ў Беларусі і Літве (найбольш вядомыя ў Вільні), якія праводзіліся ў канцы чэрвеня, прымеркаваныя да дня Святога Яна (Купалля). У XIX - пачатку XX ст. яны мелі важнае эканамічнае і культурна-грамадскае значэнне. Падчас Святаянскіх кантрактаў шляхта, землеўладальнікі і купцы падводзілі вынікі мінулага года, заключалі новыя гандлёвыя і арэндныя дамовы, прадавалі ўраджай і бралі пазыкі. Гэта быў час грандыёзных баляў, тэатральных прэм'ер, выстаў і свецкіх раўтаў, куды з'язджалася ўся эліта края. Многія літаратурныя героі таго часу (у прыватнасці, героі Уладзіміра Караткевіча ці ўспамінаў Станіслава Мараўскага) прыязджалі ў Вільню ці Мінск спецыяльна на «Святаянскія кантракты» для вырашэння важных спраў. - Л. Л.
[7] Інфармацыя аб таемных арганізацыях і іх кіраўніках была перададзена цару французскім каралём Луі-Філіпам, што дазволіла арыштаваць Канарскага разам з іншымі змоўшчыкамі. Па сакрэтнаму даручэнню караля графіня Сэнт-Альдэгонд расказала імператару Мікалаю I аб гэтай новай змове. - Л. Л.
[8] Трубяцкі Аляксей Іванавіч (1806-1855) - князь, дзейсны стацкі дарадца. У 1838-1840 гадах - віленскі цывільны віцэ-губернатар, кіраўнік следчай камісіі па справе Канарскага. - Л. Л.
[9] 4 чэрвеня 1838 года Канарскі пачаў даваць вялізныя паказанні Віленскай асобай ваенна-следчай камісіі. - Л. Л.
[10] Раней палац Флемінга, літоўскага скарбніка, потым сям'і Бжастоўскіх і, нарэшце, сям'і Мюлераў, бацькоў пані Манюшковай, жонкі Станіслава Манюшкі. У сярэдзіне XVIII ст. дом рэканструяваў архітэктар І. Глаўбіц. - Л. Л.
[11] Гл: Мараўскі Станіслаў. Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825). Издательские решения, 2025. С. 199-198.
[12] Далгарукі звычайна запрашаў вышэйшае духавенства на балі, якія ладзіліся ў дзяржаўныя святы, званыя Царскімі днямі, г. з. у дзень каранацыі, імянін і нараджэнняў царскай сям'і. Некаторыя з прэлатаў таксама наведвалі гэтыя балі, асабліва Гразмані, Мікуцкі і іншыя. Аднойчы, калі біскуп Клангевіч папракнуў яго за гэта, цытуючы аднаго з айцоў касцёла, Гразмані вельмі наіўна адказаў: "Але, Ваша Мосць, ці мог айцец касцёла прадбачыць, што князь Далгарукі запросіць мяне на баль?!".
[13] Гісторыя гэтага гмаха пачалася ў XV ст. і звязана з імёнамі Барбары Радзівіл, яе першага мужа Станіслава Гаштаўта і яе другога мужа, караля Жыгімонта Аўгуста, які перадаў дом стрыечнаму брату жонкі - Мікалаю Кшыштафу Радзівілу Чорнаму. Да канца XVI ст. па імені наступнага ўладальніка Юрыя Радзівіла, віленскага каталіцкага біскупа і першага ў Літве і Беларусі кардынала, гэты будынак атрымаў назву Кардыналія. Юры Радзівіл пахаваны ў рымскім барочным касцёле Хрыста, па выяве якога ў канцы XVI ст. быў пабудаваны касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Кардыналія належала Радзівілам да 1832 года. У 1812 г. у Кардыналіі некаторы час жылі Вінцэнт Красінскі і Дамінік Радзівіл, у 1816 г. тут жыў Тамаш Зан. У трактыры з боку касцёла св. Яна з 1831 г. збіраліся арганізатары паўстання ў Літве, а 1837-1838 гг. - Шыман Канарскі з удзельнікамі яго арганізацыі. Стэфанія з Радзівілаў як пасаг, унесла дом Вітгенштэйнам. У 1850 г. гэты дом купіў расейскі ўрад і заснаваў пошту. Нейкі час начальнікам пошты і яго намеснікам служылі Леў Даніловіч і Мікіта Уласаў - бацькі Барыса Даніловіча і Аляксандра Ўласава, вядомых дзеячаў беларускай культуры пачатку ХХ ст. з кола газеты "Наша ніва". Нажаль, старажытны будынак згарэў у 1944-м, і, хоць сцены заставаліся цэлымі, іх знеслі ў 1957-м. Ад арыгінальнага корпуса Кардыналіі ўсё ж застаўся невялікі кавалачак - дом на вуліцы Швянта Ёна, 13, а пад сучасным будынкам на вуліцы Пілес захаваліся глыбокія гатычныя падзямеллі. - Л. Л.
[14] Сыры Брахоцкіх вырабляліся ў маёнтку Гарадзея сучаснага нясвіжскага раёна. - Л. Л.
[15] Ліпчык (або «ліпучка») народная назва салодкіх, густых або ліпкіх спіртных напояў, часцей за ўсё хатняй вытворчасці. - Л. Л.
[16] У біяграфіі Канарскага (Парыж, 1859 г.) памылкова пазначана, што ён пагадзіўся на прапанову Караваева. Ён не мог пагадзіцца - гэта было б несумяшчальна з яго высакародным характарам. Вызваляючы сябе, ён знішчаў Караваева і яго саўдзельнікаў. Аб вызваленні іншых зняволеных, як казалі, не магло быць і гаворкі.
[17] Даслоўная версія гэтага прысуду, апублікаваная ў мясцовых «Губернскіх ведамасцях» выглядае наступным чынам: «Пасланец рэвалюцыйнай прапаганды Шыман Канарскі, ураджэнец Каралеўства Польскага, з Аўгустоўскай губерні, дваранін ва ўзросце 31 года, паступіў на ваенную службу ў 1825 годзе шарагоўцам 1-га стралковага палка былой Польскай арміі; у 1827 годзе быў павышаны да звання падафіцэра; падчас паўстання Паўстанцкі камітэт надаў яму годнасць падпаручніка і паручніка; ён удзельнічаў у баях супраць расійскіх войскаў і ў канцы 1831 года ў званні капітана ўцёк за мяжу з паўстанцкім атрадам Хлапоўскага. У пачатку 1834 года, знаходзячыся ў Швейцарыі, быў сярод групы паўстанцаў, якія напалі на Сан-Паўлу. У канцы таго ж года быў у Парыжы; таксама ўдзельнічаў у выданні перыядычнага выдання пад назвай «Поўнач» і падтрымліваў цесныя адносіны з галоўнымі паўстанцамі, якія ўцяклі за мяжу пасля паўстання 1831 года. Пасля таго, як яго выслалі з Парыжа ў Англію, разам з паўстанцам Адольфам Залескім адправіўся адтуль у Кракаў. Там, параіўшыся з тымі, хто меў злачынныя погляды, вырашыў таемна прыехаць …, каб распаўсюджваць рэвалюцыйную прапаганду і рыхтавацца да новых хваляванняў, якімі марыў парушыць спакой заходніх правінцый. Таемна прыбыў на Валынь у канцы 1835 года і з гэтай злачыннай мэтай адразу ж прыступіў да ажыццяўлення сваіх планаў. Падарожнічаючы пад рознымі выдуманымі імёнамі і ўцягваючы неразумных у змову, распаўсюджваў паўстанцкія творы, да друку рыхтаваў іх разам са сваім саўдзельнікам Радзевічам, заснаваў таемную друкарню. Імкнучыся прышчапіць свае злачынныя ідэі, выкарыстоўваў даверлівых людзей як інструмент і спакушаў іх ілжывымі запэўненнямі. Заахвочваў актыўнае павелічэнне колькасці змоўшчыкаў, кіраваў імі па рэвалюцыйным законам, усталёўваў і збіраў грашовыя ўзносы, і каб замацаваць сваю гнюсную здраду, абавязваў выконваць усё і нават пагражаў ім неаднаразова кінжалам (хлусня! - Сабары). У Такім чынам, яму ўдалося стварыць тайнае дэмакратычнае таварыства ў Валынскай, Падольскай і Кіеўскай губернях, у Вільні, а таксама часткова ў Мінскай і Гродзенскай. Ён уцягнуў у змову моладзь з універсітэта Святога Уладзіміра і Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. Не спыняючыся на гэтым, апублікаваў зварот да жанчын, заклікаючы іх да дзеянняў у сваім духу, і некалькіх далучыў. Гэтага злачынца схапілі у маі 1838 года пад Вільняй, і ўся яго дзейнасць і дзейнасць змоўшчыкаў была цалкам раскрытая. Палявы суд, на падставе палажэнняў і акта главы 2, пункта 6, ваеннага закона 127 артыкулаў, ваенна-марскога закона 5 кніг, 85 артыкулаў; пятнаццатага тома крымінальных законаў 247 і 248, указа ад 25 ліпеня 1833 года і палажэнняў, выдадзеных 10 снежня 1838 года, аб падзеле злачынцаў на катэгорыі, асудзіў эмісара Шымана Канарскага як галоўнага кіраўніка, які хацеў ... пачаць паўстанне і з гэтай мэтай прыцягнуць іншых, уключыць яго ў лік галоўных дзяржаўных злачынцаў, расстраляць і канфіскаваць любую маёмасць, якая будзе знойдзена ў яго валоданні.
[18] Бацькам Шымана Канарскага быў Ежы Канарскі, стараста Бухценіцкі, які раптоўна памёр у 1825 годзе ў маёнтку Паазёры ЯВ Гаўронскага падчас пасхі. Жыў ён у Добкішках Аўгустоўскага павета. Спадчынны маёнтак сям'і Канарскіх у Сейненскім павеце называўся Абеліца. Маці Шымана Канарскага, кашталянка з Вішнеўскіх, у другім шлюбе - Стручкоўская, памерла ў чэрвені 1856 года ў Варшаве. Пасля пакарання смерцю сына, урад прапанаваў ёй значную суму, але яна не прыняла. Толькі пазней, прымушаная жаласным станам рэчаў, прыняла 40 000 злотых, але памерла вельмі беднай.
[19] Аўтар біяграфіі Канарскага кажа, што за тры дні да пакарання смерцю ёй загадалі з'ехаць. Так і было; аднак яна засталася. У апісанні апошніх хвілін Шымана ёсць яшчэ некалькі недакладнасцяў. Напрыклад, аўтар кажа, што 15 лютага стаяў моцны мароз, не - стаяў цудоўны дзень і мароз быў не больш за 3-5 градусаў Цэльсія. А падчас пакарання смерцю нават і гэтага не было. Ён кажа, што на Пагулянцы было месца для пакарання. Яго ніколі тут не было. Першым і апошнім тут быў пакараны смерцю Канарскі. Гэта было ворнае поле, арандаванае горадам, страта адбылася не на Пагулянцы, а злева, за чвэрць вярсты ад мытных варот і гандлю Маліноўскіх, якія тады таксама называліся Пагулянкай. Аўтар згадвае, што для споведзі памылкова прывялі бернардына. Такой памылкі не магло нават быць, бо камісія добра ведала, што Канарскі быў пратэстантам. Хіба што бернардын прыйшоў сам, без выкліку, але мы пра гэта не чулі. Маці Канарскага была каталічкай. Я не згадваю тут шмат іншых памылак, якія, дарэчы, не маюць вялікага значэння. Напрыклад, аўтар кажа, што Канарскі ўзяў у руку смяротны прысуд і сказаў: «Цар падпісаў яго бледным чарнілам» і г. д. Гэтага не было, і па прыродзе рэчаў не магло быць. Ён кажа, што афіцэры кінуліся ў абдымкі і закрычалі: «За нашу і іхнюю свабоду». Зноў казка, пустое перабольшанне. Яны не кінуліся і нават не стаялі каля яго, акрамя аднаго Валентыновіча, пра якога мы яшчэ раскажам. Гістарычныя факты часта самі па сабе вялікія, узнёслыя і святыя таму перабольшанне можа толькі апаганіць і прынізіць іх. Навошта, напрыклад, даказваць, што Канарскі ў момант смерці глядзеў на прыгожыя краявіды Пагулянкі? Ці што ніводзін афіцэр не хацеў кіраваць камандай, якая павінна была расстраляць Канарскага?
[20] Габрыэля Пузыня пісала: "З Вільні да нас даходзілі толькі сумныя і страшныя навіны. Асуджаны на смерць Канарскі расстраляны на Пагулянцы. Шмат зняволеных чакала прысуду. Пані Антаніна Снядэцкая, якая заўсёды вельмі чуйна ставілася да няшчасцяў краю, прадала свае каштоўнасці, каб дапамагчы суайчыннікам. Яна раздавала лепшым вучням свайго цесця залатыя пярсцёнкі з датай яго смерці, а памёр ён летась. Адзін з пярсцёнкаў убачыў рускі вайсковец, і таму ўрад убачыў у гэтым памятку пра смерць Канарскага. У выніку пані Снядэцкая была зняволена". - цыт. па: Пузыня Габрыэля. У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815-1843 гадоў. (пераклад Леаніда Лаўрэша). Издательские решения, 2026. С. 215.
[21] А менавіта: Аляксандр Мацкевіч, Юзаф Пятрашкевіч, Юзаф Крычкоўскі, Эразм Горніч, Драздоўскі, ксёндз Блажэй Адамовіч, Пётр Грабоўскі, Юзаф Краскоўскі, Станіслаў Шумскі, Эдвард Ромер, Юстын Грабніцкі, Медард Конча, Францішак Дабкевіч, Севярын Ромер - у аддаленыя губерні. З медыка-хірургічнай акадэміі: Францішак Савіч, Ян Загорскі, Казімір Капчынскі, Аляксандр Грыцкевіч, Юзаф Каглярскі, др. Станіслаў Мілкоўскі. Студэнты: Людвік Градэцкі, Караль Стахоўскі, Антоні Карповіч, Францішак Ваякоўскі, Ян Мошкащ (рас.). Дактары: Аляксандр Вярмінскі, Мечыслаў Малеўскі. Студэнты: Яўстах Вароніч, Аляксандр Казакевіч, Яўхім Бартушэўскі, Фелікс Здановіч, правізар Мікалай Каркано, Станіслаў Янкоўскі, Фаўстын Рагоўскі, Юзаф Кадынацы, Уладзіслаў Багрыноўскі, Напалеон Яленскі - салдатамі на Каўказ.
[22] Ён быў першым, хто прапанаваў ураду план прымусіць яўрэяў апранацца ў еўрапейскае адзенне. План быў прыняты ў 1845 годзе, і больш адукаваныя яўрэі лічылі для сябе гэта добрай справай.
[23] Снядэцкі Андрэй (1768-1838) - лекар, біёлаг, хімік. Прафесар хіміі Галоўнай школы Літоўскай, потым Віленскага універсітэта, пасля яго закрыцця - Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. Старшыня Віленскага медыцынскага таварыства.
[24] "Вільня ў той самы дзень пачула казанне выключнага прапаведніка ксяндза Трынкоўскага, які пачаў сваю пахавальную прамову словамі: «Вось чалавек…». Моладзь, у тым ліку і рэшта студэнтаў-медыкаў, слухала прамову і не знайшла ў гэтых словах нічога празмернага, хутчэй яны знайшлі ў іх сваё апраўданне, бо прапаведнік, паказваючы на моладзь, назваў ўсіх сапраўднымі дзецьмі памерлага і сказаў, што толькі ў іх ён і можа адрадзіцца!". - цыт па: Пузыня Габрыэля. У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815-1843 гадоў. С.201-202.
[25] Андрэй Снядэцкі быў пахаваны ў драўлянай капліцы каля вёскі Гароднікі Ашмянскага павета. Захаваўся малюнак Напалеона Орды. На месцы старой у 1864 г. пабудаваная сучасная капліца як сямейная пахавальня Снядэцкіх. Др. Юльян Цітыюс пісаў: "Прычынай яго смерці была язва на карку. Ганаровае пахаванне ў касцёле св. Яна. Знакаміты прамоўца кафедры, ксёндз Людвік Трынкоўскі, сказаў прамову, а труну вучні неслі ажно да Вострабрамскай рагаткі, дзе яе паклалі на воз і павезлі ў маёнтак Болтуп ў Ашмянскім павеце. У памяць пра Снядэцкага, злева ад паштовага тракту, студэнты насыпалі курган. Было мала рук і часу, таму гэты курган не стаў сапраўдным помнікам пасярод суседніх пагоркаў. Калі імправізаваная праца падыходзіла да канца, пайшоў вясенні дождж і ўдарылі маланкі. Тлум асоб рознага ўзросту, полу і стану хутка вярнуўся ў горад". - цыт па: Цітыюс Юльян. Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса. (Пераклад Леаніда Лаўрэша). Издательские решения, 2025. С. 11-12. - Л. Л
[26] Удзельнік руху Канарскага Юстын Ручынскі пісаў: "У групе літвінаў быў яшчэ кс.-канонік Трынкоўскі, слаўны прапаведнік у Вільні. Ён звар'яцеў і памёр у Іркуцкай вар'ятні". Ксёндз Людвік Габрыэль Трынкоўскі (1805-1849), канонік Віленскай кафедры, быў вельмі папулярны сваёй прапаведніцкай дзейнасцю. Пасля арышту следчай камісіяй падвергнуты допытам "з пристрастию", пасля чаго захварэў на расстройства псіхікі і ў такім стане быў сасланы ў Сібір. Увесну 1849 г. сканаў у Іркуцку. - Л. Л.
[27] Пра яго, гл: Лаўрэш Л. «І зорнае неба над галавой...» : нарысы з гісторыі астраноміі. Мінск, 2013. С. 35-74. - Л. Л.
[28] «Новы расійскі імператар Павел I здзейсніў паездку па заходняй частцы імперыі і 27 мая 1797 г. наведаў Галоўную школу. Імператар агледзеў універсітэт, абсерваторыю. У зале абсерваторыі захоплена выгукнуў: "Quel salon, quel salon!" ("Які салон, які салон!"). На пытанне Паўла, што неабходна вучэльні, рэктар распавёў аб бягучых фінансавых праблемах, пасля чаго той звярнуўся да Рапніна з загадам вырашыць патрэбы універсітэта. Усе пачынанні Пачобута былі падтрыманы. Галоўная школа была захавана і дапоўнена кафедрай хіміі, куды быў прыняты на працу таленавіты малады прафесар Андрэй Снядэцкі, брат астранома Яна Снядэцкага. Хутка Рапнін даслаў Пачобуту праект новага рэгламента, згодна з якім у рэктара было адабрана кіраванне ўсёй сістэмай адукацыі ў былым ВКЛ, а Галоўная школа ВКЛ перайменавана ў Галоўную віленскую школу» - цыт. па: Лаўрэш Л. «І зорнае неба над галавой...». С. 65-66. - Л. Л.
[29] «19 чэрвеня 1802 г. Вільню і універсітэт наведаў малады імператар Аляксандр I. Ад імя ўсіх выкладчыкаў і студэнтаў як самы вядомы і паважаны вучоны да яго з прамовай на французскай мове звярнуўся Пачобут і прачытаў на латыні ўласную оду, прысвечаную імператару. Потым астраном правёў імператара ў абсерваторыю, дзе Аляксандр з цікавасцю агледзеў абсталяванне. Імператару былі падораны табліцы з вынікамі назіранняў Цэрэры, вырабленыя ўласнаручна Пачобутам. Аляксандр I пацікавіўся, ці мае абсерваторыя тэлескоп Гершэля, пра які ён шмат чуў. Спадабаўся яму таксама ахраматычны тэлескоп з мікраметрам - у яго доўга аглядаў наваколле. Як вынік выйшла кніга на латыні з одай Пачобута, прысвечаная імператару: "Ad Augustum Imperatorem Alexandrum I, carmen lectum in publico consessu Imp. Universitatis Vilnensis" (У рускім перакладзе выйшла ў "Периодическом издании об успехах народного просвещения", 1803, № 3). Пасля гэтага візіту ўказам ад 8 верасня 1802 г. была адноўлена сістэма адукацыі ў былым ВКЛ. А 4 красавіка 1803 г. выйшаў указ, які пацвярджаў існаванне Галоўнай літоўскай школы ў новых умовах - пад назвай Імператарскага універсітэта з поўным фінансаваннем» - цыт. па: Лаўрэш Л. «І зорнае неба над галавой...». С. 69. - Л. Л.
[30] Караліна Сулістроўская, у дзявоцтве Пшаздзецкая, жонка Юзафа (†1815), уласніца Вішнева. Была адной са шматлікіх каханак Аляксандра I. Хвалілася, што яе сын Эдмунд - сын Аляксандра I. - Л. Л.
[31] Францішак Нарвойш (1742-1819), езуіт, выбітны прафесар матэматыкі ў Галоўнай літоўскай школе (універсітэце). Гл: Лаўрэш Леанід. Гараджанін эпохі Асветніцтва (Францішак Нарвойш) // Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2009. С. 208-214. - Л. Л.
[32] Ваўжынэц ці Лаўрын Гуцэвіч (1753-1798) - архітэктар, прафесар універсітэта, прадстаўнік класіцызму. - Л. Л.
[33] Гл: Узембла Люцыян. Францішак Смуглевіч (1745-1807) // Наша слова.pdf No 52 (208), 24 снежня 2025. - Л. Л.
[34] Людвіг Баянус (1776-1827). Біёлаг, з 1804 г. прафесар Віленскага універсітэта. У 1812 г. пераехаў у Пецярбург і стаў членам Акадэміі навук. У 1814 г. вярнуўся ў Вільню. - Л. Л.
[35] Годфрыд Эрнэст Гродэк (1762-1825). Паходзіў са Шлёнска, скончыў гімназію ў Гданьску і універсітэт у Гётынгене. З 1804 г. - прафесар у Вільні, з 1805 г. - дэкан факультэта філалогіі і вольных мастацтваў. - Л. Л.
[36] Іаахім Лелевель (1786-1861) - знаны гісторык і грамадскі дзеяч. - Л. Л.
[37] Прафесар Юзаф Галухоўскі (1797-1858). - Л. Л.
[38] Выдатны беларускі гісторык 1-й паловы XIX ст., прафесар Віленскага універсітэта Ігнат Анацэвіч, быў вядомы сучаснікам пад псеўданімам Жэгота з Малой Бераставіцы. Пра яго гл: Габрусевіч С. А., Марозава С. В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё і спадчына. Гродна, 2005. - Л. Л.
[39] Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847), піяр, паходзіў з Лідчыны, вядомы выкладчык, навуковец і аўтар шэрагу навуковых кніг. - Л. Л.
[40] Тамаш Зан (1796-1851) - паэт, геолаг, грамадскі дзеяч. Удзельнік і адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў, кіраўнік таварыства «прамяністых». Па справе філаматаў адбываў ссылку ў Арэнбургу (1824-1835), дзе стварыў музей. У 1837-1841 гг. служыў бібліятэкарам у Горным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. У 1841 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. - Л. Л.
[41] Францішак Малеўскі (1800-1870) - выбітны юрыст, сын рэктара Віленскага універсітэта, філамат, сябар Адама Міцкевіча. - Л. Л.
[42] Шыман Малеўскі (1759-1832) - рэктар Віленскага універсітэта ў 1816-1822 гг. - Л. Л.
[43] Падрабязней пра справу філаматаў гл.: Вильна 1823-1824: Перекрестки памяти. Минск, 2008; Borowczyk Jerzy. Rekonstrukcja procesu filomatów i filaretów 1823-1824: historia śledztwa przeciw uczestnikom konspiracji studenckich i młodzieżowych w Wilnie oraz w Wileńskim Okręgu Naukowym. Poznań, 2003, і інш. - Л. Л.
[44] Юзаф Твардоўскі (1786-1840) - рэктар Віленскага універсітэта ў 1823-1824 гг. У 1807 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт свайго універсітэта са ступенню доктара філасофіі. Сваімі выдатнымі здольнасцямі звярнуў на сябе ўвагу Адама Ежы Чартарыйскага. - Л. Л.
[45] Навасільцаў М. М. (1761-1836) - расійскі дзяржаўны дзеяч, член Неафіцыйнага камітэта пры Аляксандры I; расійскі камісар пры ўрадзе Царства Польскага ў 1815-1831 гг., сенатар, папячыцель Віленскай навучальнай акругі ў 1824-1832 гг., давераная асоба вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, старшыня Дзяржаўнага савета і Камітэта міністраў. - Л. Л.
[46] Пра яго гл: Федута А. Следы на снегу. Минск, 2018. С. 101-117. - Л. Л.
[47] Казімір Контрым, сын Юзафа, нарадзіўся ў 1776 г. у фальварку Багданава Вілейскага павета, вучыўся ў Вільні. Дырэктар бібліятэкі Віленскага універсітэта. - Л. Л.
[48] Пра яго лёс гл: Мараўскі Станіслаў. С. 148-150. - Л. Л.
[49] Юзаф Яжоўскі, філолаг-антычнік. Сябар таварыства філаматаў і яго нязменны прэзідэнт. У 1824 г. высланы ва ўнутраныя губерні Расіі, дзе выкладаў у розных універсітэтах. - Л. Л.
[50] С. Дабранскі пісаў: «Увесну 1816 г. масоны Норвід, Сабескі, Гофман ды Ходзька прыбылі да Вільні і, дзякуючы спрыянню аднаго са старых тутэйшых масонаў - прэлата Міхала Длускага - пачалі працу ў ложах "Руплівы Літвін" і "Добры Пастыр". Аднаўляючы дзве гэтыя ложы (яны разам адкрылі і дзве новыя: адну пад назвай "Школа Сакрата", у Вільні, другую - "Палямон", у Расіенах (Ковен. губ.)». - цыт. па: Дабранскі С. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Спадчына. 1997. № 3. С. 42-72. - Л. Л.
[51] Хто, як і калі абраў прэзідэнта, на час ці пажыццёва, невядома.
[52] Мемуарыст Мараўскі пісаў: "Мяне ў свой час аднагалосна абралі ваяводам "прамяністых", а ў філарэтах я быў кіраўніком сіняга грона!". - гл. Мараўскі Станіслаў. С. 167. - Л. Л.
[53] Мараўскі пісаў: "…звычайна дэпутацыі адных грон з таварыскімі мэтамі наведвалі пасяджэнні другіх і мелі ўсебаковую інфармацыю". - гл. Мараўскі Станіслаў. С. 168.
[54] Законнасць валодання намі гэтымі ўспамінамі пацвярджаецца двума лістамі нябожчыка Яна Юндзіла, адзін з якіх датаваны 29 мая 1858 года ў Івацэвічах, другі - 14/2 ліпеня 1858 года ў Варшаве. (Заўвага Сабары).
[55] Пелікан Вацлаў (1790-1873) - хірург, прафесар (з 1816 г.) i рэктар (фактычна з кастрычніка 1824 г., бо быў намеснікам адстаўленага Ю. Твардоўскага, фармальна - у 1826-1831 гг.) Віленскага універсітэта. Пры падтрымцы М. Навасільцава быў зацверджаны на пасадзе рэктара Віленскага універсітэта пажыццёва. Пасля закрыцця універсітэта ў 1832 годзе - галоўны ўрач Маскоўскага ваеннага шпіталя, дырэктар Медыцынскага дэпартамента Ваеннага міністэрства, затым - прэзідэнт Медыцынскага савета Расійскай імперыі. - Л. Л.
[56] Бедэль (ці педэль) - адміністратыўная асоба ва еўрапейскіх універсітэтах, якая выконвала абавязкі ад распарадчыка цырымоній да універсітэцкага паліцыянта. - Л. Л.
[57] Навасільцаў быў прызначаны куратарам пасля князя Адама Чартарыскага.
[58] Літаграфія, прыбітая да дзвярэй анатамічнага тэатра, адлюстроўвала сабаку, які вісеў на шыбеніцы, з надпісам: «Так будзе з Пеліканам і Навасільцавым».
[59] Тэадор Абіхт, сын знакамітага філосафа Яна Генрыха Абіхта, прафесара Эрлангенскага універсітэта і аўтара шматлікіх прац, якога ў 1803 годзе запрасілі ў Вільню на пасаду прафесара, ён чытаў лекцыі па філасофіі на лацінскай мове. Памёр у Вільні ў 1816 годзе. Яго сын Адольф, старэйшы брат Тэадора, з 1823 года быў ад'юнктам, а з 1825 года - прафесарам паталогіі Віленскага універсітэта, памёр у Вільні. Пазней Тэадор служыў чыноўнікам Віленскай пошты, а яго сын уцёк у Лондан, дзе ўдзельнічаў у выдавецкім гуртку Герцэна. Пазней удзельнічаў у паўстанні 1863 года і быў расстраляны ў Варшаве. (Заўвага Сабары).
[60] Неўзабаве пасля гэтага, 24 снежня 1830 года, ён быў прызначаны генерал-губернатарам Літвы, замяніўшы генерала Рымскага-Корсакава. Храпавіцкі займаў гэтую пасаду да 23 жніўня 1831 года. (Заўвага Сабары).
[61] Той самы Вельк, які потым працяглы час пры Трубяцкім сядзеў у вязніцы. (Заўвага Сабары).
[62] Вядомы нягоднік, які асабліва вызначыўся ў справе філарэтаў, той самы, якога згадвае Міцкевіч:
"Той (Батквінка), ха-ха,
Ня хутка скончыць, раз кiём пачаў махаць,
Ручаюся, ён спрацаваў, ого, дабротна,
… прапiсаў ня меней, чым тры сотнi…"
(Дзяды, частка трэцяя. Пераклад на беларускую мову Сержа Мінскевіча).
Той самы Батвінка, чые злачынныя ўчынкі ў Белай Русі апісвае Тадэвуш Булгарын у рамане «Іван Выжыгін», Батвінка там выступае пад прозвішчам Скацінка (Скотинка).
Станіслаў Мараўскі пісаў: "Віленскі губернскі пракурор Батвінка, сын магілёўскага млынара, якому хуткаплынная вясновая рэчка знішчыла млын, чалавек нягодны, подлы і не варты, каб яго згадваць. Дастаткова было сустрэць Батвінку, убачыць гэтае рыла, каб зразумець, што гэта за птах! Потым за іншыя грахі ён быў вызвалены ад пасады, але да таго часу добра ўжо паламаў нашу долю, разбагацеў і купіў значны маёнтак у Вількаміркім павеце. Уцёк ад вяроўкі ў 1831 г. і, падобна, жыве да гэтага часу". - цыт па: Станіслаў Мараўскі. С. 193. - Л. Л.
[63] Пасля вынясення прысуду, Крашэўскага не адразу адправілі на Каўказ, бо князь Далгарукі дазволіў яму застацца ў лазарэце, Крашэўскі быў памілаваны 19 сакавіка 1832 г. Аднак яму не дазволілі вярнуцца ў любімую Вільню, дзе ён так доўга працаваў. Параўнайце, з тым, што сам Крашэўскі кажа пра гэты час у № 30 «Дзень» (Познань, 1863 г.). (Заўвага Сабары).
[64] Былая сядзіба ксяндзоў-місіянераў, за вярсту ад Свята-Стэфанскай дарогі, сёння належыць праваслаўнаму духавенству. (Заўвага аўтара).
[65] Здзіўленым вартаўнікам пры рагатках з усмешкай адказвалі: «Хіба вы не ведаеце, што гэта студэнты пачынаюць свае маёўкі?». (Заўвага аўтара).
[66] Так называлі казакаў. - Л. Л.
[67] Караль Дамінік Пшаздзецкі (1782-1832) - беларускі і польскі вайсковы дзеяч. Пра яго гл. падрабязней у мемуарах Габрыэлі Пузыні. - Л. Л.
[68] Важынскі Парфірый - абшарнік Ашмянскага павета Віленскай губерні, уладальнік маёнтка Араны, старшыня Ашмянскага трыбунала. Удзельнік кампаніі 1812 года. У студзені 1831 года арганізаваў у сваім маёнтку тайны камітэт для падрыхтоўкі паўстання. Узначальваў Ашмянскі паўстанцкі камітэт. Пасля паражэння пад Ашмянамі далучыўся да атрада генерала Хлапоўскага. 19.11.1831 г. сасланы на цяжкія работы ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці. У кастрычніку 1832 г. пераведзены на пасяленне пад нагляд паліцыі Табольскай губерні. У 1857 г. атрымаў дазвол вярнуцца на месца жыхарства з правам вяртання страчаных правоў. 12.2.1857 г. выехаў у Вільню. - гл: Гарбачова В. В. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. на Беларусі. Мінск, 2006. С. 73-74. - Л. Л.
[69] Мы не згодныя з меркаваннем ксяндза Юндзіла аб генерале Хлапоўскім, паколькі гэтае меркаванне не мае пад сабой ніякіх падстаў. Аднак мы не можам змяніць ніводнай літары ў «Мемуарах» такога выдатнага чалавека. (Заўвага рэдактара).
[70] Гэты афіцэр (Скульскі) перад стрэлам у Гелгуда сказаў: «Ты нягоднік, ты здраднік, згінь!». (Заўвага аўтара).
[71] Гелгуд, што падаецца несумненным, прынёс свае амбіцыі і абавязкі ў ахвяру інтарэсам уласнай сям'і. Хлапоўскага таксама нельга апраўдаць за саўдзел у гэтым злачынстве. Як памочнік камандзіра і пастаянны сведка яго дзеянняў, ён мог і павінен быў, маючы перавагу ў розуме, выправіць памылкі, прадухіліць бяду і не дапусціць здрады. (Заўвага аўтара).
[72] Так у нас называлі старавераў. - Л. Л.
[73] Андрэй Бенедыкт Клангевіч (1766-1841), прафесар дагматычнай тэалогіі і гісторыі касцёла, з 1828 па 1842 г. як біскуп кіраваў Віленскай дыяцэзіяй. - Л. Л.
[74] Біскуп Клангевіч неаднаразова выклікаў непрыязь ваеннага губернатара Храпавіцкага сваім гарачым заступніцтвам за пераследаванае духавенства, асабліва калі ён як пастыр адмовіўся падпісаць патрабаваную ад яго адозву да народа. Крыху пазней, калі генерал Хлапоўскі нечакана ўвайшоў у Літву, баючыся раптоўнага нападу на Вільню, Храпавіцкі вырашыў накіраваць з горада дэлегацыю з просьбай пазбегнуць бедстваў. У сваіх інструкцыях дэлегатам ён патрабаваў, каб яны назвалі сваё пасольства добраахвотным актам жыхароў горада. Клангевіч адмовіўся, і адпраўка дэлегацыі была адменена. Нарэшце, атрымаўшы афіцыйныя паведамленні ад сваіх дэканаў аб апаганьванні касцёлаў, рабунках плябаній і кляштараў, забойствах нават капланаў, у прыватнасці, у Ашмянах, Мерачы, Пумах, Гедройцах і г. д., ён прадставіў гэтыя данясенні рымска-каталіцкай калегіі. Імператар, даведаўшыся пра гэтыя несправядлівасці, загадаў расследаваць іх. Храпавіцкі, вельмі зацікаўлены ў тым, каб схаваць усе злачынствы ў губернях, якімі ён кіраваў, даказваў ілжывасць гэтых паведамленняў у расследаваннях, якія ён сам загадаў правесці і якімі сам кіраваў. Гэта стала прычынай зняволення і дэпартацыі Клангевіча. (Заўвага аўтара).
[75] Маршалак Віленскай губерні ў 1831 г. Станіслаў Шумскі - адна з самых сімпатычных постацей Літвы першай паловы XIX ст. Пакінуў вельмі цікавыя ўспаміны, апісаў падзеі 1812 года і канспірацыю ў Вільні 1831 года, арышт па справе Канарскага і працяглыя размовы з ім, жыццё падчас ссылкі ў Волагдзе. - Л. Л.
[76] Вядомы пісьменнік і гісторык. (Заўвага Сабары).
[77] Былы ад'ютант Напалеона, выбітны абывацель, памёр у старасці некалькі гадоў таму. (Заўвага Сабары).
[78] Закон Кацярыны II аб дваранстве загадвае, каб высновы рабіліся на падставе генеалагічнага паходжання ад прадзеда. "Герольдыя", сярод іншых умоў, улічвае тытулы розных пасад вышэйшых ці ніжэйшых губернскіх і павятовых дыгнітарыяў, такіх як падчашыя, скарбнікі, чашнікі, вознікі і г. д., пасады, якія каралі даравалі шляхце асобнымі прывілеямі. (Заўвага аўтара).
[79] Пасля скасавання Ордэна іезуітаў (1773 г.) Віленская акадэмія ў 1781 г. ператвараецца ў Галоўную школу Вялікага княства Літоўскага (лац.: Schola Princips Magni Ducatus Lithuaniae) - свецкую вучэльню, рэфармаваную Адукацыйнай камісіяй. - Л. Л.
[80] Цалкам прывілей надрукаваны: Сборник постановлений по Министерству народного просвещения. Т. 1. Царствование императора Александра I. 1802-1825. С. Петербург, 1864. С.45-63. - Л. Л.
[81] Як тут не згадаць Скалазуба з п'есы Грыбаедава: «Ученость - вот чума, ученость - вот причина». - Л. Л.
[82] Пасля паразы Прусіі ў вайне з Напалеонам, гэтай дзяржаве нічога не засталося, як толькі зрабіць стаўку на развіццё патэнцыялу чалавека-грамадзяніна. У выніку гэта прывяло да ўзлёту нямецкай навукі і прамысловасці. Пруская адукацыйная рэформа - маштабная перабудова сістэмы адукацыі, была ініцыявана ў 1809-1810 гг. Вільгельмам фон Гумбальтам. Упершыню ў гісторыі было ўведзена абавязковае навучанне, падзел на класы па ўзросце, што стала эталонам для ўсіх сучасных дзяржаўных сістэм. Універсальная адукацыя была накіравана на ўсебаковае і гарманічнае развіццё асобы, а не толькі на падрыхтоўку вузкага спецыяліста. Ключавыя напрамкі рэформы: усеагульнае абавязковае 8-гадовае навучанне ў пачатковай школе для ўсіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў; увядзенне дзяржавай абавязковых сертыфікацыйных экзаменаў для настаўнікаў і стварэнне спецыяльных семінарый для іх; выбудоўванне вертыкалі адукацыі (пачатковая школа - гімназія - універсітэт); акадэмічныя свабоды і незалежнасць навукі ад палітычнага і рэлігійнага ўплыву; прынцып непадзельнасці выкладання і навуковых даследаванняў для выкладчыкаў. - Л. Л.
[83] У ходзе расследавання па справе філарэтаў Навасільцаў напружана, але марна спрабаваў высветліць, які ўплыў мог мець князь Чартарыскі або хто іншы з найбольш паважаных членаў універсітэта, і хто з іх мог удзельнічаць у гэтым таварыстве. (Заўвага аўтара).
[84] «Wiadomości Brukowe» («Бруковыя ведамасці») - гумарыстычная газета, у якой аўтары высмейвалі тагачасны лад, патрабавалі прававой роўнасці людзей перад законам і г. д. Стыль публікацый насіў вясёлы і задзірлівы характар. Рэдактарамі газеты былі І. Ляхніцкі і К. Контрым. У гэтай газеце ў 1816 г. свае першыя гумарыстычныя нарысы апублікаваў малады В. Сянкоўскі, гістарычныя апавяданні пра мінулае - Я. Ходзька, вершы - А. Гарэцкі і Тамаш Зан. - Л. Л.
[85] Ануфрый Капчынскі (1735-1817) - мовазнавец, напісаў «Граматыку польскай і лацінскай моў для народных школ» (Варшава, 1780 г.) і шэраг іншых мовазнаўчых прац. - Л. Л.
[86] Прычынай звальнення гэтых прафесараў стала прызначэнне Яна Зноскі, якім усе пагарджалі, на пасаду дэкана маральнага аддзялення. Рэктар Твардоўскі разам з Пеліканам рашуча прасоўвалі яго на гэтую пасаду, але большасць членаў, і асабліва чатыры згаданыя прафесара, выступілі супраць гэтага. Зноска быў зняты з заяўленай пасады дэкана большасцю галасоў у радзе. Пра гэта паведамілі Навасільцаву, які тады знаходзіўся ў Вільні. Ён, нягледзячы на свабоду, захаваную статутам, прадставіў гэты ўчынак імператару як супраціў уладам. Пасля гэтага дэканства Зноскі было незаконна зацверджана, а прафесары звольнены з універсітэта. Падобны лёс чакаў ад'юнкта і віцэ-бібліятэкара Казіміра Контрыма, якога таксама звольнілі з пасады без суда і права на абарону і назаўсёды забаранілі жыць у Вільні. (Заўвага аўтара).
[87] Пра яго гл: Мараўскі Станіслаў. С. 179-182.
[88] Маці Юльяна Клячко. Гл: Cz. Jankowski. Juljan Klaczko // Słowo. 1926. № 87; № 88; № 89.
[89] Гэты баль, 5 снежня, відочна, быў уладкаваны для знакамітай і прыгожай княгіні Зубавай, народжанай Валянтыновіч, на руку якой Навасільцаў тады шчыра меў надзею. Уплыў гэтай жанчыны распаўсюджваўся нават на прызначэнне загадчыкаў кафедраў і іншых пасад ва універсітэце. Менавіта па яе пратэкцыі хворы Бэркман атрымаў кафедру судовай медыцыны, а п'яніца Рэнер - пасаду настаўніка музыкі. Княгіня Зубава, удава сумнавядомага былога фаварыта Кацярыны II Зубава, а пазней аднаго з тых, хто забіў імператара Паўла I, неўзабаве выйшла замуж за графа Шувалава, сёння маршалка імператарскага двара. Яна дагэтуль захавала каталіцкую веру, не забылася сваёй мовы, утрымлівае вялікую сям'ю ў Літве і ў цэлым дапамагае ўсім землякам, каму можа. Яна маці цяперашняга начальніка жандармерыі, графа Пятра Шувалава. (Заўвага Сабары). Пра яе гл: Мараўскі Станіслаў. С. 224-238.
[90] Пазней высветлілася, што рэктар, гэты абсалютны ўладар выкладчыкаў, быў пагрозай і для іншых станаў. Пасля яго прызначэння абывацель Антоні Гарэцкі (вядомы паэт) у 1828 годзе быў западозраны ў напісанні сатырычных вершаў і дастаўлены ў Варшаву пад казацкім эскортам. Начальнік паліцыі Шлыкаў і жандарскі падпалкоўнік Руткоўскі страцілі пасады. (Заўвага аўтара).
[91] Гэты Тэафіл Глюксберг усё яшчэ жывы. Шляхам махлярства і празмерных коштаў на кнігі, ён нажыў багацце. Выдаў сваю дачку замуж за Адама Паўстанскага, сына Паўстанскага (выхрыста), пра якога Юндзіл згадваў вышэй. Паўстанскі быў санітарным інспектарам у Вільні і сам нажыў значнае багацце. Сын Глюксберга пакутаваў ад псіхічнай хваробы. Аднойчы ўначы ў Кіеве ён з брытвай напаў на свайго бацьку і жудасна парэзаў яго. Аднак той ачуняў. Сёння ён больш не клапоціцца пра мацу, бо грае ў лютэраніна. (Заўвага Сабары).
[92] Акрамя дарагіх ахвяраванняў, некаторыя універсітэцкія ўстановы былі адкрыты для патрэб рэктара. На працягу многіх гадоў аптэка Вольфганга забяспечвала бясплатнымі лекамі ад частых і працяглых хвароб яго вялікую сям'ю. Батанічны сад забяспечваў стол і кухню вытанчанай садавінай і гароднінай а дрэва пастаўлялася са складаў для ацяплення кватэр, памяшканняў для слуг, кухні і пральні, а таксама васковыя і лоевыя свечкі, лямпы і г. д. Таксама за кошт універсітэта выраблялася і рамантавалася дарагая і раскошная мэбля. (Заўвага аўтара).
[93] Пелікан атрымліваў наступныя заробкі: за хірургію - 1500 срэбных рублёў; за анатомію - 1500 срэбных рублёў; за прэфектуру над скарбовымі студэнтамі-медыкамі - 500 срэбных рублёў; за рэктарства - 1200 срэбных рублёў; нядаўна прысуджаная надзвычайная узнагарода - 1500 срэбных рублёў; усяго 6200 срэбных рублёў (Заўвага аўтара).
[94] Гл: Марозаў С. Тайнае студэнцкае таварыства "Племя сарматаў" у Віленскім універсітэце і справа прафесара Ігната Анацэвіча // Цюркскія народы ў гісторыі Беларусі: Матэрыялы ІХ міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, 2-3 верасня 2003. Ч. ІІ. - Мінск, 2005. - Л. Л.
[95] Падчас допыту гэтых дзяцей паміж Анацэвічам і Мяноўскім узнікла брудная справа, якая выклікала праблемы для рэктара і яго галоўных прыхільнікаў. У выніку Анацэвіч быў звольнены з пасады і з універсітэта. (Заўвага аўтара).
"На допытах "сарматы" паказалі, што да ідэі аднавіць саюз філаматаў іх падштурхнулі лекцыі І. Анацэвіча, напоўненыя гарачай любоўю да айчыны. Зразумела, на яго пала падазрэнне ў падбухторванні студэнтаў да стварэння таемнага таварыства. На самай справе, ніякага ўдзелу, нават апасродкаванага, у заснаванні арганізацыі ён не прымаў. Але сярод папер арыштаванага К. Заха дзіўным чынам знайшлі ліст да прафесара (без указання прозвішча) з просьбай узначаліць арганізацыю. Гэты ліст "сарматы" нібыта намерваліся ўручыць І. Анацэвічу. Не выключана, што, як дапускае І. Анацэвіч, К. Заха прымусілі застрашваннем і абяцаннямі напісаць гэты ліст пост фактум. Сямнаццатага лютага прафесара арыштавалі ва ўласнай хаце, канфіскавалі ўсе паперы. Па распараджэнні Мікалая Мяноўскага, які выконваў тады абавязкі рэктара універсітэта, даследаваннем папер І. Анацэвіча заняліся сакратар універсітэцкага праўлення Межаеўскі і экзекутар Платон Кукальнік. Сярод канфіскаваных папер былі гістарычныя працы даследчыка, "абуральныя вершы і іншыя паперы загадную зместу", перапіска, у тым ліку з канцлерам М.П. Румянцавым, і інш." - цыт па: Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына / С. А. Габрусевіч, С. В. Марозава. - Гродна, 2005. С. 75. - Л. Л.
[96] Гэтая фраза належыць рымскаму гісторыку Тацыту, знакаміты лацінскі крылаты выраз «Omnia serviliter pro dominatione» - «Усё па-рабску дзеля улады». У Юндзіла апошняе слова заменена на servitu (рабства), - Л. Л.
[97] Вестка пра біццё рэктара шырока распаўсюдзілася ў горадзе, і ніхто нават не сумняваўся ў справядлівасці справы. Грамадскасць успрыняла гэта з энтузіязмам, бо горача выступала супраць Пелікана. Бяляўскі, калі яго вызвалілі з-пад варты, сам хваліўся справай і яму паўсюдна, гучна апладзіравалі. Як бы там ні было, такі напад сам па сабе з'яўляўся і заўсёды застанецца ганебнай падзеяй для Пелікана. (Заўвага аўтара).
[98] З шматлікіх вершаў і эпіграм, якія распаўсюджваліся з-за гэтай падзеі, найбольшай папулярнасцю ў публікі карыстаўся вершык наступнага зместу: Пачобут і Страйноўскі, за імі Снядэцкі, першыя два - духоўныя асобы, апошні - свецкі чалавек, яны слаўна трымалі стырно універсітэта і сёння менавіта яны кіямі мацаюць спіну рэктара. Яны вартыя месца ў гісторыі а ён толькі кія. (Заўвага аўтара).
Да сённяшняга дня ў Вільні прадаюцца вузлаватыя палкі, тыя самыя, якімі Бяляўскі біў Пелікана, і называюцца яны пеліканаўкамі. Фартунат Бяляўскі, як ён сам расказваў, пасля перамогі над Пеліканам, стаў храбрым і пасварыўся з сваім братам, капітанам гвардыі, які пазней стаў генералам і вызначыўся на Каўказе. Абодвух цяпер няма ў жывых. (Заўвага Сабары).
[99] Тут варта сказаць некалькі слоў пра далейшы лёс нашых прыгнятальнікаў, Навасільцава і Пелікана, бо мы больш не сустрэнем іх у гісторыі Юндзіла. Навасільцаў стаў графам і ў 1832 годзе атрымаў пасаду старшыні Дзяржаўнай рады і Камітэта міністраў. Памёр на гэтай пасадзе ў 1838 годзе ва ўзросце 76 гадоў. Вацлаў Пелікан пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе, прайшоўшы розныя пасады ў медыцынскай калегіі, цяпер 93-гадовы стары і з'яўляецца найвышэйшай асобай у гэтай калегіі з рангам дзейснага таемнага радцы (другога класа). Ён мае добрае здароўе і дагэтуль атрымлівае асалоду ад смачных абедаў, якімі яго ўшаноўваюць у Вільні, куды ён прыязджае кожныя тры гады. Стаў вельмі набожным, не змяніў сваёй каталіцкай рэлігіі і размаўляе, прынамсі ў Вільні, толькі па-польску. Літаральна мінулым летам (1872 г.) ажаніў у Вільні свайго ўнука. Менавіта дзякуючы яго намаганням зусім забыты, адстаўны А. Ф. Адамовіч, прэзідэнт медыцынскага таварыства ў Вільні, нечакана быў узнагароджаны вышэйшым ордэнам і узведзены ў генеральскі чын. Адамовіч - вучоны і вельмі паважаны чалавек. Нядаўна адзначаўся юбілей яго доктарскай ступені, на якім прысутнічаў і Пелікан. Вацлаў Пелікан - аўтар шматлікіх медыцынскіх трактатаў на польскай мове, а таксама працы «Міталогія, або навука аб мышцах чалавечага цела» з 13 табліцамі (Вільня, 1823 г.). Яго сын Яўген, цяпер рускі і праваслаўны, з'яўляецца аўтарам шматлікіх медыцынскіх прац на рускай мове і ў зараз займае важную пасаду дырэктара медыцынскага дэпартамента. (Заўвага Сабары).
[100] Справядліва будзе сказаць, што ў пазнейшыя гады Палінскі карыстаўся ўсеагульнай павагай. Будучы прафесарам на пенсіі, ён прысвяціў сябе выключна польскай бібліяграфіі і пакінуў вельмі важны рукапіс пад назвай «Дадаткі да гісторыі польскай літаратуры Бянткоўскага» і «Спіс кніг ад увядзення друкарства да нашых дзён, выдадзеных у друкарнях, якія існавалі або існуюць у Беларускай навучальнай акрузе» ( «Spis książek od wprowadzenia druku aż do naszych czasów wyszłych z drukarni, które istniały lub istnieją w okręgu naukowym białoruskim»). Гэта апошняя праца надзвычай важная. Яна змяшчае шмат бібліяграфічных апісанняў кніг, пра якія дагэтуль ніхто не ведаў, шмат выпраўленняў, незвычайную колькасць старанна перапісаных брашур і велізарнаю калекцыю кніг, надрукаваных на русінскай мове (старабеларускай - Л. Л.). Ён памёр у Вільні ў 1848 годзе ва ўзросце 64 гадоў. Пакінуў пасля сябе добрую калекцыю старых польскіх кніг, а таксама значныя калекцыі польскіх гравюр, медалёў і манет. (Заўвага Сабары).
[101] Ачапоўскі нарадзіўся ў Мінскай губерні, Слуцкі павет, у маёнтку Пачэйкі ў 1788 годзе. Пасля закрыцця Віленскага універсітэта, у 1835 годзе быў прызначаны дырэктарам Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі ў Марымонце каля Варшавы, гэтую пасаду займаў да 1853 года. Памёр у 1854 годзе і быў пахаваны ў Ваўжышаве каля Белян. Напісаў і апублікаваў 11 прац па агранаміі. (Заўвага Сабары).
[102] Падчашынскі ў 1824 годзе быў галоўным вінаватым у адмове універсітэта выплаціць дадатковую пенсію ў 800 рублёў срэбрам Яну Снядэцкаму, хоць сваім заробкам ва універсітэце абавязаны амаль выключна гэтаму мужу. Нарадзіўся ў 1790 годзе ў Жырмунах, памёр у Вільні ў 1860 годзе. (Заўвага аўтара).
[103] Вырвіч у кампаніі гэтых паклёпнікаў адважыўся па-блюзнерску назваць Яна Снядэцкага «авечай галавой». (Заўвага аўтара).
[104] Вядома, што ранейшае скасаванне былых езуіцкіх маёнткаў было адменена ўказам 1808 года, што падарвала бяспеку банкаўскага фундушу. Пад выглядам папярэджання наступстваў гэтай шкоды рэфарматары параілі князю Чартарыскаму атрымаць новы ўказ аб згаданых маёнтках, які пад пагрозай страты маёмасці прымусіў бы пацэсараў аднавіць правы універсітэта. Згодна з ранейшымі дамоўленасцямі, гэта было немагчыма, але тым не менш іх прыхільнікі мелі намер захапіць маёмасць і ўжо чакалі гэты прыз. Аднак такі ўказ быў падпісаны і абвешчаны толькі ў пачатку 1825 года і з-за немагчымасці яго выканаць застаўся нядзейным. (Заўвага аўтара).
[105] Імкненні гэтай партыі праз законы і звычаі рэфармаваць усталяваны парадак не абмяжоўваліся універсітэтам. Яны закранулі іншыя станы і ўстановы, паважаныя стагоддзямі. У 1843 годзе рэфарматары мелі намер прымусіць рымска-каталіцкую капітулу ў Вільні падпарадкаваць сабе грэка-уніяцкага святара прафесара Баброўскага. Яны ўзяліся рэфармаваць старажытнае таварыства вольных муляроў (франкмасонаў). Сімвалічныя абрады масонаў здаліся ім занадта састарэлымі. На адным з пасяджэнняў ложы «Руплівы ліцвін», дзе Мяноўскі займаў пасаду найвышэйшага пастара, прадставілі праект рэформы. Калі праект быў адхілены пераважнай большасцю галасоў, рэфарматары пакінулі ложу і вырашылі стварыць новае таварыства рэфармаванага вольнага мулярства. Аднак не знайшлі ахвотных празелітаў. Дысідэнтамі масонаў ад універсітэта былі: Мяноўскі, Вольфганг і Контрым; звонку: Міхал Дмахоўскі, Якуб Шымкевіч, Антоні Марціноўскі, Мацей Шульц і інш. (Заўвага аўтара).
[106] Прафесары: Лелявель, Даніловіч, айцец Баброўскі. (Заўвага аўтара).
[107] Гэта справа доўга займала вялікага князя Канстанціна ў Варшаве, генерала Бенкендорфа ў Санкт-Пецярбургу, а таксама гродскі і галоўны суд у Гродна. Да моманту закрыцця універсітэта справа яшчэ не была завершана. Вымушаныя тлумачыць вялікаму князю абвінавачванні Анацэвіча супраць іх, Пелікан і Мяноўскі мелі шмат клопатаў. Аднак Платон Кукальнік скарыстаўся гэтым і атрымаў ганарар у памеры 400 рублёў за перавозку пратаколаў у Варшаву. (Заўвага аўтара).
[108] Ён памёр у Вільні 1 мая 1837 г. Мы ўжо казалі пра гэтага выдатнага чалавека ў першай карціне. (Заўвага аўтара).
[109] Пра яго гл.: Мараўскі Станіслаў. С. 232.
[110] Ён нарадзіўся ў 1793 годзе і памёр у Вільні 11 жніўня 1841 года. Памяць пра цноты і заслугі гэтага выдатнага чалавека і дагэтуль жыве па ўсяму краю і будзе перадавацца з вуснаў у вусны: Выдатны хірург з еўрапейскай славай, лекар, якога лічылі амаль што чараўніком, калі ён, гатовы змагацца са смерцю, стаяў ля ложка пацыента, і, падумаўшы, казаў: "Я вылечу!". І цені смерці адыходзілі ад ложка, радасць і вера асвятлялі сям'ю ў смутку. Можна было б напісаць тамы пра амаль што цудадзейныя выздараўленні яго хворых, якіх усе ўжо пакінулі. Ён спалучаў у сабе незвычайныя здольнасці, велізарную вучонасць, дакладныя дыягназы і востры, праніклівы розум - і гэта з сэрцам, поўным самых узнёслых і пяшчотных пачуццяў. (Заўвага Сабары).
[111] Нарадзіўся ў Вільні ў 1798 годзе, памёр там жа ў 1810 годзе. Руплівы, добрасумленны прафесар і вельмі паважаны чалавек. Любіў сваіх студэнтаў, умеў распазнаць сапраўдны талент, пракласці шлях для яго і падрыхтаваць да будучай вялікай працы. Сярод яго студэнтаў былі вядомы Людвік Сеўрук, выдатны прафесар Маскоўскага універсітэта, які памёр у маладым узросце, і Ігнацы Кулакоўскі, адзін з самых вядомых лекараў-практыкаў Санкт-Пецярбурга. Віленскі анатамічны кабінет Бялькевіча сабраў 2528 экспанатаў, якія Сеўрук і Кулакоўскі павялічылі да 3000 пасля яго смерці, экспанаты былі перавезены ў Кіеў у 1842 годзе. (Заўвага Сабары).
[112] Ён памёр у Вільні 17 снежня 1851 года ва ўзросце 52 гадоў. Акрамя многіх невялікіх прац, добра вядомыя яго «Курсы паталогіі і тэрапіі» ў 4 тамах. (Заўвага Сабары).
[113] Нам давядзецца падрабязна пагаварыць пра знакамітага Юзафа Мяноўскага, які ўсё яшчэ жыве, у наступнай частцы «Карцін». Каржанёўскі быў высакакваліфікаваным хірургам. Нядаўна памёр у Вільні (Заўвага рэдактара).
[114] Пазней ён быў рэктарам Віленскай духоўнай акадэміі, біскупам Камянецкім, а сёння - мітрапалітам касцёлаў у Расіі, архібіскупам Магілёва. (Заўвага Сабары).
[115] Неяк, пасля падаўлення літоўскага паўстання, пра што шмат гаварылася ў прысутнасці Пелікана і Капелі, жадаючы перасягнуць усіх іншых падхалімаў у бязбожнасці, Капелі сказаў наступныя словы: «Si Jesus-Christ venait chez moi habille en Polonais, d'un coup de jambe par derriere je le mettrais hors de la porte» (фр. «Калі б сам Езус прыйшоў да мяне дадому, апрануты як паляк, я б выкінуў яго за дзверы адным ударам пад зад»). Гэтае блюзнерства абурыла самога Пелікана і выклікала адкрытую пагарду да Капелі. (Заўвага аўтара).
[116] Ён усё яшчэ жывы. Пасля сходу Пелікана значна змяніўся, але не быў цалкам дрэнным чалавекам. Больш за тое, калі мог, нават з радасцю дапамагаў людзям. Як цэнзар і, урэшце, старшыня цэнзурнага камітэта, заўсёды быў разумным, справядлівым і, нягледзячы на строгасць правілаў і адказнасць, нават лёгкім у зносінах і гатовым дапамагчы. Напісаў шматлікія гістарычныя, этнаграфічныя і статыстычныя працы на рускай мове, прысвечаныя выключна Літве. Гістарычныя працы не заўсёды бесстароннія, але этнаграфічныя маюць бясспрэчную каштоўнасць. Ён напісаў шмат паэтычных і драматычных твораў цяжкім вершам, у тым ліку «Іуду», дзе маецца шмат прыгожых і узнёслых урыўкаў на састарэлай мове. У апошнія гады, пры Мураўёве і асабліва пры Каўфмане, бачылі нават яго сімпатыю да нас, што і наклікала на яго пераслед. Ён быў старшынёй археаграфічнай камісіі - гэтую пасаду ў яго забралі і аддалі сумнеўнаму львоўскаму бунтару Галавацкаму. Ён таксама страціў пасаду старшыні цэнзурнай калегіі і нават быў прыцягнуты да адказнасці за тое, што лёгка дазволіў публікацыю польскіх твораў. (Заўвага Сабары).
[117] Аўтар выдатнай працы ў трох тамах пад назвай «Вобразы Літвы». Пасля закрыцця універсітэта жыў у Бельску на Падляшшы і памёр у 1860 годзе ў тым самым драўляным доме, дзе нарадзіўся 66 гадоў таму. (Заўвага Сабары).
[118] Леон Бароўскі нарадзіўся ў Пінскім павеце. У свой час ён прапанаваў "шубраўцам" выкарыстоўваць у якасці псеўданімаў імёны з ўяўнай літоўскай міфалогіі. - Л. Л.
[119] За два гады да публікацыі працы Махнацкага нашы землякі, відаць, дапоўнілі гісторыю пра паўстанне польскага народа кнігай Спацыра («Geschichte des Aufstandes des polnischen Volkes in den Jahren 1830 und 1831») такой колькасцю абсурдных казак, што Махнацкі ў заўвагах на старонках 413 і 414 тома 4 адмаўляецца прызнаць яе не толькі гісторыяй, але і матэрыялам для сапраўднай гісторыі. Доктар Спацыр на пачатку сваёй працы ў якасці гарантаў праўдзівасці і сапраўднасці падзей, якія ён запісвае, пералічвае людзей, якія нібыта дапамаглі яму стварыць гэты зборнік. Гэта: Вінцэнт Поль, Дабраслаў Каліноўскі, Дзяконскі, Дамейка, Вратноўскі, Чацвярцінскі, Хонскі, Станевіч, Бронскі, Адам Міцкевіч, Стэфан Зан, Градкоўскі, Адынец, Гарэцкі, Вейзенгоф.
[120] Пра сутнасць гэтай філалагічнай спрэчкі добра расказаў лепшы знаўца гісторыі Лідчыны ў ХХ ст. Міхал Шымялевіч ў артыкуле "Трохі пра пакрыўджаны J". Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 230-228; Szymielewicz Michał. Coś o skrzywdzonem J. // Ziemia Lidzka. 1936. № 8. S. 5-7. - Л. Л.
[121] Гэтая абарона прафесара Бекю такім чалавекам, як Станіслаў Юндзіл, надзвычай важная. Можна толькі дадаць, што мы часта чулі, як годныя веры і ўсеагульнай павагі, сур'ёзныя людзі абаранялі Бекю такім жа чынам. Цяпер зразумела, што ён не быў членам сакрэтнай камісіі Навасільцава. (Заўвага Сабары).
[122] ««Чым будзем бавіцца, і хто будзе нас бавіць?» - здавалася, пыталіся ў віленскіх салонах пасля ад'езду графа Ільінскага і князя Радзівіла, і калі ніхто новы не пераступаў парогаў, пачыналі прыслухоўвацца да таго, што кажуць па-за салонамі. І пачулі хвалебныя хоры, якія гучалі ў гонар незвычайнага красамоўства маладога, але ўжо вельмі вучонага чалавека, прафесара Юзафа Галухоўскага, які заняў кафедру філасофіі (прыехаў да нас з Каралеўства Польскага). Гэта быў геніяльны прамоўца і апроч студэнцкай моладзі яго лекцыі прыцягвалі натоўпы вольных слухачоў. Усё яны ў захапленні разыходзіліся па горадзе і паўтаралі пачутыя глыбокія і ўзнёслыя ісціны, якія ён выкладаў з прастатой і яснасцю паўсядзённай мовы. Мой бацька быў адным з самых верных слухачоў гэтых цудоўных лекцый, дзеля якіх, а таксама дзеля лекцый па архітэктуры Караля Падчашынскага, пільнаваў гадзіны універсітэцкага жыцця і занатоўваў усё што чуў. Дамы таксама пажадалі жыць такім жыццём і на чале з княгіняй Чацвярцінскай (жонкай Дзмітрыя) пачалі наведваць лекцыі Галухоўскага, які, уражаны незвычайным наплывам слухачоў, распачаў новую серыю лекцый з аналізам душы і прыгажосці. Не ведаю, наколькі наяўнасць дам у зале паўплывала на натхненне прамоўцы, але шырока абмяркоўваўся іх неспрыяльны ўплыў на студэнтаў, для якіх прысутнасць на першых лавах прыгожых княжон Чацвярцінскіх ва ўсім бляску сваіх чараў і ўбрання, была вялікай перашкодай, бо адцягвала ўвагу ад прафесара». - цыт. па: Пузыня Габрыэля. У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815-1843 гадоў. Издательские решения, 2026. С. 58.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
