Папярэдняя старонка: Рэлігійная гісторыя

'Багародзіца, Дзявіца, Богам славёна Марыя' 


Аўтар: Камінскі Уладзімер,
Дадана: 21-05-2025,
Крыніца: Камінскі Уладзімер. 'Багародзіца, Дзявіца, Богам славёна Марыя' // Наша слова.pdf № 21 (177), 21 траўня 2025.

Спампаваць




"Багародзіца, Дзявіца, Богам славёна Марыя"[1]

(150-годдзе лідскай копіі Вастрабрамскага абраза Божае Маці)

У 2025 годзе святкаванне найурачысцейшага хрысціянскага свята - Вялікадня - атрымалася асаблівым, бо яго спраўлялі ў адзін дзень праваслаўныя і католікі. Гэтая падвоеная ўрачыстасць асабліва адчуваецца на Лідчыне, дзе большасць дружынаў (так у нашай гаворцы называюцца сем'і [2]) перамяшаныя ў канфесійным стасаванні. А ў наступную пасля Вялікадня (Паскі [3]) нядзелю - Антыпаску (знаўцы даўняй беларускай літаратуры адразу ўспомняць Слова на Антыпаску Кірылы Тураўскага), 27 красавіка [4], у праваслаўным календары адзначаецца святочная памяць Божае Маці ў гонар яе цудадзейнага Віленскага Вастрабрамскага абраза. Гэтая дата абрана дзеля памяці ў гэты самы дзень трох віленскіх мучанікаў Антонія, Яна і Яўстахія. Другой датай святочнага шанавання Вастрабрамскага абраза пазначаны наступны дзень пасля Божага Нараджэння - 8 студзеня [5]. У каталіцкім набажэнстве віленскаму абразу аддаецца літургічная пашана 16 лістапада. Святкаванне віленскай святыні таксама паказальна для Лідчыны, бо Вастрабрамскі абраз Багамаці аднолькава шануецца і католікамі, і праваслаўнымі. Лідчына - частка гістарычнай Віленшчыны, і дагэтуль ледзь не ў кожнай хаце лідзяніна-тубыльца вісіць абразік з выявай іконы з Вострай брамы. Лідзяне-католікі маюць пабожны звычай замест фота на помніку памерлай жанчыны змяшчаць выяву менавіта Вастрабрамскага абраза Божай Маці.

У лідскай цэркве ("цэрква" ў нашай гаворцы) святога Юрага, якая ў 2025 г. адзначыць 150-годдзе з дня свайго заснавання, увесь час знаходзілася копія Вастрабрамскага абраза, намаляваная [6] на вялікай дошцы. Такім чынам, гэтая копія - аднагодніца цэрквы, а, можа, і старэйшая за яе. Праз доўгі час абраз сцямнеў, але ўсё адно захаваў прыгожае аблічча Багародзіцы. Ад віленскага арыгіналу ён адрозніваецца меншым памерам і надпісам на царкоўнаславянскай мове фрагменту літургічнага спеву: "Честнъйшоую хероувім и славнъйшоую безъ сравнения серафимъ" ["Больш годную пашаны за херувімаў і без параўнання больш слаўную за серафімаў] [7]. Гэты надпіс зроблены пад уплывам містыфікацыі гісторыка-аматара, нараджэнца Лідскага павету Тэадора Нарбута (1784-1864; пра яго выйшла выдатная кніга лідскага даследніка Л. Лаўрэша [8]), які ў сваіх "Дзеях народу літоўскага" выклаў выдуманы аповед пра існаванне гэтага надпісу на вывезеным вялікім князем Альгердам цудадзейным абразе з крымскага Корсуня (сёння гэта ўскраіна Севастопаля) ў Вільню ў 1369 г. Нарбут спасылаўся на выдуманую крыніцу - рукапіс 1649-1669 гг. святара Даніеля Ладзяты, што нібыта захоўваўся ў кляштары босых кармелітаў. Толькі ў XX ст. даследаванні спецыялістаў зняпраўдзілі гэты прыгожы падман.

Пачынаючы з 1927 г. святыня пільна вывучалася адмыслоўцамі, якія ўсталявалі, што Вастрабрамскі абраз Божай Маці намаляваны невядомым майстрам у 1620-х-1630-х гадах на велічэзнай дубовай дошцы. Мастака натхнілі гравюры Гіранімуса Вірыкса, зробленыя па малюнках вялікага фламандскага маляра Марціна дэ Воса (1532-1603), якія выяўлялі парныя фігуры Хрыста ў калючым вянцы і Багародзіцу са скрыжаванымі рукамі на грудзях. Вастрабрамскі абраз таксама першапачаткова быў парным, і разам з ім на браме месціўся абраз Хрыста. У канцы XVIII ст. гэты абраз вынеслі ў касцёл у места, і зараз ён захоўваецца ў Музеі царкоўнай спадчыны.

У 1671 г. быў зафіксаваны цудоўны выпадак: пасля малітвы да Божай Маці аджыло дзіцё, якое звалілася з даху. У 1702 г. у час Паўночнай вайны ля Вострай брамы адбылася сутычка са шведамі, але ніхто з абаронцаў места не загінуў дзякуючы, як яны лічылі, Божай Маці. Некалькі гадоў пасля, ужо расейскі жаўнер спрабаваў скрасці каштоўную рызу з абраза, але, згодна з апісаннем цудаў, забіўся, будучы адкінутым на цагляную сцяну. У час пажару 1711 г., які знішчыў драўляную капліцу, вялікі, цяжкі абраз, што не па сілах падняць аднаму чалавеку, вынес з агню малады манах, і гэта таксама было ўспрынята за цуд. У людской памяці захаваліся выпадкі ацалення ад хваробаў, дапамогі ў цяжкіх абставінах, ратавання ад смерці і небяспекі пасля малітваў аб дапамозе да Божай Маці. У 1849 г. унізе абраза змясцілі вялікую сярэбраную ахвяру-воту ў выглядзе месяца.

Хоць святына ўвесь час месцілася ў католікаў, але праваслаўныя шанавалі яе таксама здаўна. У XVIII ст. у Расеі пачалі распаўсюджвацца абразы, блізкія па кампазіцыі да Вастрабрамскага. Падобны абраз знаходзіўся ў келлі вядомага святога Серафіма Сароўскага (+ 1833), які ласкава называў яго "Радасць усіх радасцяў". Зараз ён мае назоў Серафіма-Дзівееўскага "Замілаванне". Нездарма ў позні жыццяпіс гэтага святога быў перанесены з апісання цудаў перад Вастрабрамскім абразом сюжэт падзення з даху дзіцяці. Агіёграф атаясаміў дзіцё з маленькім Серафімам, а саму падзею перанёс на званіцу ў Курску. Сярод падобных копіяў вядомыя Града-Якуцкая ікона, якую прывёз у Якуцк дзекабрыст А. Бястужаў і абраз з Янавай слабады Войска Донскага.

Некрытычнае ўспрыманне легендарнай версіі Нарбута пра старажытнае паходжанне абраза ўтварыла кароткачасовае напружанне паміж вернікамі дзвюх канфесій у Вільні, калі адна з іх безпаспяхова імкнулася "вярнуць" абраз сабе. Такія спробы з 1840 г. рабіў Язэп (Сямашка), архіепіскап Літоўскі і Віленскі Праваслаўнай расейскай царквы [9].

Ліда ў царкоўным дачыненні юрысдыкцыйна ўваходзіла ў Кіеўскую мітрапаліцкую архіепархію, а пасля далучэння да Праваслаўнай расійскай царквы ўвайшла ў Літоўскую і Віленскую, якую ў 1913-1917 гг. ачольваў Ціхан (Бялавін), пасля эвакуацыі ў Расею абраны маскоўскім патрыярхам. 3-4 траўня 1914 г. Ціхан наведваў Ліду, начаваў у нашым горадзе, адпраўляў набажэнства. Ён таксама наведаў цэркву св. Юрага на праваслаўных могілках (зараз арыенцірам цэрквы служыць завод электравырабаў), дзе захоўваецца копія шанаванага Ціханам Вастрабрамскага цудадзейнага абраза Багародзіцы.

У 2025 г. споўнілася 100 гадоў з дня спачыну патрыярха Ціхана, і 2-4 траўня ў Ліду прывозілі часцінку яго мошчаў.

У сувязі з усімі вызначальнымі і юбілейнымі датамі копія цудадзейнага Вастрабрамскага абраза Божае Маці з цэрквы св. Юрага ў Лідзе з 27 красавіка (дня памяці) па 4 траўня перабывала ў цэркве св. Матруны ў в. Няцеч (пасёлак Першамайскі) Лідскага раёна, у якой адбываўся парафіяльны фэст.

Пасля фэсту абраз быў вернуты ў Ліду і зараз вісіць на сваім месцы - усходняй сцяне, на тым самым месцы, дзе звонку ўсталяваны памятны медальён з выявай князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Князь вядомы шанаваннем Багародзіцы. Дзякуючы ягонаму фундаванню быў адноўлены Прачысценскі сабор у Вільні. Прачыстая - эпітэт Багародзіцы, цэрквы з назвай Прачысценская асвечаны ў гонар галоўнага багародзіцкага свята - Успення (15/28 жніўня).

Хай Божая Маці - заступніца хрысціянаў перад Сваім Сынам - бароніць жыхароў нашай краіны і захоўвае іх у міры і здароўі.

Уладзімер Камінскі.

Хрышчэнне перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай

У Першамайскай царкве пасля фэсту адбылося хрышчэнне немаўляці перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Абрад здзейсніў а. Уладзімір Камиіскі.

Фота Маргарыты Снапко.



[1] Пачатковыя словы "Багародзіцы" - гімну Вялікага Княства Літоўскага.

[2] Згодна са сведчаннем выбітнага філолага Юра (так ён сам сябе называе) Пацюпы, які выхоўваўся і ўбіраў жывую беларускую мову ў вёсцы Дамейкі на Лідчыне, сям'я - "дружына", сваякі - "радзіна", больш шырокі круг - "фаміля", а адзін заступнік (прадстаўнік) фамілі - "фамільят".

[3] Грэцкае слова "пасха" з-за фанетычнай нязручнасці яго ўжывання ў давальным і месным склонах было адаптавана ў нашай мове і прыняло форму "паска". "Пасха" вымагае немажлівага чаргавання - аб "пассе". Таму ў нашай мове ўтварылася натуральная форма "паска" з натуральным чаргаваннем - аб "пасцы".

[4] Па грыгарыянскім календары (новым стылі), якому зараз адпавядае 14 красавіка па юліянскім календары (старым стылі). Пад апошняй датай святочная памяць і існуе насамрэч.

[5] 26 снежняя па юліянскім календары. Шараговы абываталь забываецца, а можа і не ведае, што Раство 7 студзеня ніхто ў свеце не святкуе. Раство Хрыстова ўсімі хрысціянамі, апроч армянскіх, адзначаецца толькі 25 снежня, але па розных календарных сістэмах. Пры канвертаванні гэтых сістэм і з'яўляецца дата 7 студзеня. Розніцца паміж сістэмамі ўвесь час расце. Калі ў нашым краі ў 1582 г. быў уведзены грыгарыянскі каляндар (новы стыль), то канвертацыя давала дату Раства Хрыстовага 4 студзеня, а ў XIX ст. ужо 6 студзеня. Праз 75 гадоў Калядам будзе адпавядаць 8 студзеня. У будучым юліянскі каляндар (стары стыль) будзе вымушаны канчаткова зысці ў гісторыю, бо інакш давядзецца некалі Божае Нараджэнне святкаваць улетку.

[6] У беларускай мове абразы "малююць" "маляры", як і ўсё астатняе, што трэба пакрываць фарбай альбо мазаць. Насычэнне колерам тканіны, валасоў і яёк называецца "фарбаваннем", а дзеяслоў "пісаць" мае выключна графічны сэнс - пішуць лісты і г. д. "Пісаць" у сэнсе маляваць абразы ці карціны, і негатыўны сэнс слова "маляваць" прыйшлі да нас з расейскай мовы.

[7] Херувімы і серафімы - віды анёлаў. Дыграфам "оу" з-за тэхнічнай немажлівасці ўставіць у тэкст адзінкавую графему я перадаю фанему "ук", якая мае абодва варыянты абазначэння на пісьме.

[8] Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. - 172 с.

[9] Комашко Н. Н. Остробрамская икона Божией Матери // Православная энциклопедия / под ред. патр. Кирилла. - М, 2019. - Т. 53. - С. 458-461.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX