Папярэдняя старонка: Дзеячы мастацтваў

Лідская пісьменніца Каміла Юрэвіч з Нарбутаў 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 17-09-2025,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідская пісьменніца Каміла Юрэвіч з Нарбутаў // Наша слова.pdf № 35 (191), 27 жніўня 2025.

Спампаваць




Біяграфія дачкі Юстына Нарбута - Камілы Юрэвіч з Нарбутаў у нас яшчэ не даследавалася, але ў суседзяў ўжо выйшла кніга пра яе [1]. У кнізе змяшчаецца біяграфія і аналіз літаратурнай спадчыны гэтай творчай жанчыны, якая жыла і працавала ў маёнтку Юршышкі на гістарычнай Лідчыне. Закранаецца важная тэма аб месцы Камілы ў тагачаснай літаратуры, расказваецца пра інтэлектуальнае і паўсядзённае жыццё аўтаркі, яе стаўленне да літаратуры і гісторыі. Дачка Юстына Нарбута дэбютавала ў друку ў 1829 г., яе апошні твор быў апублікаваны ў 1874 г., апошні рукапісны твор датуецца 1879 г. Літаратурная спадчына Камілы складаецца з трох аповесцей, шэрагу апавяданняў, апісанняў падарожжаў, вялікай колькасці вершаў і перакладаў з французскай мовы. Усе яе галоўныя творы былі надрукаваны ў вядомых друкарнях Вільні таго часу [2].

Вядома, што Каміла супрацоўнічала з "Дзённікам Віленскім". У 1835 г. выдала аповесць "Мечыслаў і Стэфанія" [3] і "Маральныя лісты" ("Pisma moralne"). Пасля смерці бацькі, стала ўладальніцай маёнтка Юршышкі і выйшла замуж за жамойцкага шляхціца Ігната Юрэвіча (1820-1872) [4]. Пад гэтым прозвішчам выдала, як найменей, яшчэ тры кнігі.

У 1852 г. выйшлі "Калядкі Камілы Нарбут …" [5]. У сярэдзіне XIX ст. такія кнігі - калядныя падарункі, былі даволі распаўсюджанай літаратурнай з'явай у Еўропе, але не ў тагачаснай Літве. Для Камілы кніга магла быць своеасаблівым развітаннем з яе дзявоцтвам - праз год аўтарка выйшла замуж.

Адну з частак кнігі "Ліст да Аляксандры М…", у якой Каміла даказвае, што жанчыны маюць аднолькавыя правы з мужчынамі, я пачаў перакладаць, але хутка скончыў гэтую працу, бо палічыў для сябе бессэнсоўным перакладаць доказы таго, што для ўсіх з'яўляецца відочным. Аднак менавіта гэты тэкст сёння ў Летуве лічыцца феміністычным маніфестам, выклікае вялікую цікавасць і перавыдадзены на польскай і летувіскай мовах [6].

У 1855 г. надрукавана кніга "Тры разы па аднаму" [7], прысвечаная памяці памерлай маці пісьменніцы Петранелі Сабаньскай. Каміла пачынае твор наступнымі радкамі: "Гэтая кніга напісаная дзеля ўласнай забавы ля ложка хворай маці. Чатыры гады ляжала яна ў маёй тэчцы і ніколі не была б надрукавана, каб мне не нагадалі, што каму-небудзь можа прыдацца любы твор, напісаны ў хрысціянскім духу. Прашу прабачэння ў сваіх чытачоў за водступы і зноскі, у якіх я выказваю свае меркаванні. Гэтае шматслоўе характэрнае для майго полу і асабістага характару.

Калі хтосьці абвінаваціць мяне ў тым, што мой тэкст не мае каларыту XVIII стагоддзя, адразу адказваю, што выводзячы на сцэну арыстакратаў з замежным выхаваннем я не мела патрэбы хаваць іх грубаватую бесцырымоннасць, уласцівую ў той час гэтаму класу" [8].

У 1862 г. былі надрукаваны яе "Літоўскія замалёўкі" [9].

У 1873 г. Каміла Юрэвіч з Нарбутаў надрукавала нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім акрамя апісанняў Аранаў, Мерачы і Друскенкаў, яна адносна падрабязна падала гісторыю лякарні водамі ў Друскеніках. Каміла пісала, што тутэйшая вада па сваіх лекавых якасцях стаіць у адным шэрагу з лепшымі водамі Еўропы [10]. Трэба дадаць, што яшчэ ў 1840-х гг. лякарняй у Друскеніках апекаваўся сваяк Камілы, гісторык Тэадор Нарбут, і ў яе аповесці "Вандроўка ў Беларусь" маюцца думкі пра мясцовыя лекавыя воды.

У 1841 г. разам з бацькамі ў Друскеніках лекавалася і адпачывала вядомая пісьменніца Габрыэля Пузыня з Гюнтараў, яна дастаткова падрабязна апісала гэты курорт і сярод іншага паведаміла: "На ранку водны курорт ажываў, грала музыка, мы ўвесь час сустракалі і знаёміліся з новымі людзьмі, бо ўсе прагульваліся па адных і тых жа сцежках. Былі тут і вядомыя асобы - гісторык старажытнай Літвы, стары Нарбут [11], Фларыян Бохвіц [12] з жонкай і дзецьмі, якім ён прысвяціў свае "Думкі", і нарэшце, Тамаш Зан [13], які праз васямнаццаць гадоў вярнуўся з Сібіры, але быў усё такі ж лагодны, спакойны і пабожны, быццам з ім нічога не здарылася" [14].

З невялікай аповесці Камілы Юрэвіч з Нарбутаў "Вандроўка ў Беларусь" са зборніка "Калядкі Камілы Нарбут …" маем інфармацыю пра Юстына Нарбута і яе далёкіх сваякоў у Магілёўскай губерні (усе гэтыя асобы выступаюць пад крыптонімамі), апісанне беларускіх гарадоў і маёнткаў, пачынаючы з Ашмянаў, Менска і далей. З тэксту бачна, што Каміла мела хуткі розум, жвавае пяро, добрую назіральнасць, але дрэнны зрок. Яе творы не належаць да вышынь літаратуры - яны з ліку тых твораў, якія складаюць моцную сярэдзіну, добра чытаюцца і абмяркоўваюцца адукаваным класам свайго часу. Для нас Каміла Нарбут, акрамя яе месца ў літаратуры, цікавая яшчэ і тым, што яна - наша зямлячка і яе кнігі - гэта літаратура гістарычнай Лідчыны. Таксама важна, што Каміла належала да Нарбутаў - роду, які граў важную ролю ў нашай гісторыі.

Першай публікацыяй Камілы Юрэвіч з Нарбутаў у перакладзе на беларускую мову стала яе апавяданне "Пустэльнік з Ражанкі" [15], якое ў XIX ст. было апублікавана ў зборніку "Калядкі Камілы Нарбут …". Аповесць "Вандроўка ў Беларусь" і вершы з кнігі "Калядкі Камілы Нарбут …" надрукаваны ў першым томе альманаха "Ад лідскіх муроў" № 11.



[1] Гл: Griskaite Reda. Moteris ir istorija: Kamiles Narbutaites patirtys. Lietuvos istorijos institutas. 2024.

[2] Griskaite Reda. Kamiles laiskas Aleksandrai, arba Ne tik laiskas // Literatura. 2024, vol. 66(1). P. 142-143.

[3] Аповесць "Мечыслаў і Стэфанія" згадвае ў сваіх успамінах Табенская - Гл: Табенская Альжбета. З долі і няволі. Успаміны выгнанкі // Лідскі Летапісец. 2020. № 2 (90). С. 80.

[4] Griskaite Reda. Kamiles laiskas Aleksandrai, arba Ne tik laiskas. P. 143-144.

[5] Jurewiczowa Kamilla. Koleda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciolek na rok 1852. Wilno, 1852.

[6] Griskaite Reda. Kamiles laiskas Aleksandrai, arba Ne tik laiskas. P. 142-157.

[7] Trzy razy jeden. Obrazek z XVIII wieku Kamille z Narbuttow Jurewicz. Wilno. 1855.

[8] Там жа. S. 7-8.

[9] Jurewiczowa Kamilla z Narbuttow. Restytucya. Obrazek litewski. Wilno, 1862.

[10] Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 wrzesnia 1873. S. 260-261.

[11] Тэадор Нарбут (1784-1864), гісторык. У 1840-1850 гг. быў ініцыятарам і ўдзельнікам стварэння і будаўніцтва аздараўленчых устаноў у Друскеніках, таксама яго заслугай з'яўляецца ўзнікненні лекарскага асяродка ў гэтым мястэчку. Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. С. 76. - Л. Л.

[12] Фларыян Бохвіц, пісьменнік, пісаў на філасофска-маральныя тэмы, аўтар шэрагу кніг.

[13] Тамаш Зан (1796-1851) - паэт, геолаг, грамадскі дзеяч. Удзельнік і адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў, кіраўнік таварыства "прамяністых". Па справе філаматаў адбываў ссылку ў Арэнбургу (1824-1835), дзе стварыў музей. У 1837-1841 гг. служыў бібліятэкарам у Горным інстытуце ў Санкт­Пецярбургу. У 1841 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. - Л. Л.

[14] Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiеtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. S. 303.

[15] Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 54-55.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX