Лідскія літаратары - частыя госці ў бібліятэцы сярэдняй школы №11 г. Ліды. Напярэдадні святаў на чарговую сустрэчу з вучнямі дзявятага чыгуначнага класа ў літаратурную гасцёўню завітаў пісьменнік і адзін з самых таленавітых даследчыкаў гісторыі нашага горада, выпускнік нашай школы Леанід Лаўрэш. Менавіта яго намаганнямі адноўлены многія важныя старонкі мінулага Ліды і Лідчыны.
На гэты раз Л. Лаўрэш прадставіў свае новыя кнігі: "Гісторык Юстын Нарбут", "Выхаванкі князёў Чартарыйскіх з-пад Ліды", "Лідскі замак. Кароткая гісторыя" і ўласны пераклад кнігі Ігната Ходзькі "Баруны".
Зразумела, што найбольш увагі было нададзена кароткай гісторыі пра Лідскі замак. Тут і пачаткі Ліды, і пачаткі Лідскага замка, лёс замка ў розныя стагоддзі, рэканструкцыі замка ў розныя часы і, вядома, самыя галоўныя легенды пра замак, надрукаваныя ў свой час лепшым знаўцам лідскай гісторыі ХХ стагоддзя Міхалам Шымялевічам.
Госць адказаў на шматлікія пытанні вучняў. У тым ліку распавёў пра тое, што натхніла яго на першыя краязнаўчыя артыкулы і выданне першай кнігі "Ліда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках" у суаўтарстве з У. Круцікавым.
А сёння Леанід Лаўрэш з'яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і 23 кніг, пры чым не толькі па гісторыі Лідчыны. Напрыклад, з пад яго пяра выйшла кніг "І зорнае неба над галавой…Нарысы з гісторыі астраноміі".
Як заўжды, аўтар падарыў свае новыя кнігі бібліятэцы роднай школы.
Тамара Зенюкевіч, загадчык бібліятэкі СШ № 11 г. Ліды.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
