Папярэдняя старонка: Леанід Лаўрэш

Сустрэча з пісьменнікам у лідскай кавярні 'Моманты' 


Аўтар: Штых Ала,
Дадана: 14-02-2026,
Крыніца: Штых Ала. Сустрэча з пісьменнікам у лідскай кавярні 'Моманты' // Наша слова.pdf № 3 (212), 21 студзеня 2026.

Спампаваць




Мая новая праца, мой новы этап жыцця звязаны з гісторыяй роднага краю, роднай Лідчыны. Я - экскурсавод. Прафесія, якая патрабуе дасканалых ведаў, пастаяннага навучання. Кнігі, інтэрнэт-сайты, YоuTube - зараз шмат магчымасцей для атрымання інфармацыі. Сустрэча з пісьменнікам у лідскай кавярні 'Моманты'. Але сярод яе бясконцай плыні мяне не "адпусціла" адна кніга - гэта кніга Леаніда Лаўрэша "Шпацыры па старой Лідзе".

Сустрэча з пісьменнікам у лідскай кавярні 'Моманты'.

Я ўзяла яе ў чытальнай зале Лідскай раённай бібліятэкі на адзін месяц. Калі пачала чытаць, то зразумела - гэтага часу мне не хапае. Бо "Шпацыры" патрабуюць удумлівага чытання, асэнсавання. І я працягнула свой абанемент яшчэ на месяц. Напрыканцы тэрміну карыстання мне патэлефанавалі з бібліятэкі - кнігу "Шпацыры па старой Лідзе" ўжо чакалі новыя чытачы. Неверагодны факт - чарга на кнігу! У мяне з'явіліся два жаданні - я хацела мець гэтую кнігу і пазнаёміцца з яе аўтарам, Леанідам Лаўрэшам.

Жаданні могуць збывацца…..

26 снежня 2025 года ў кавярні "Моманты" праводзілася сустрэча з нашым краязнаўцам і пісьменнікам Леанідам Лаўрэшам. Зразумела, што я не магла прапусціць гэтую магчымасць - паслухаць знакамітага лідзяніна, задаць яму пытанні і атрымаць адказы.

Сустрэча сабрала шмат зацікаўленых людзей. Асабліва радавала, што сярод прысутных большасцю была моладзь і госці з Гародні. Некаторыя прыйшлі з новымі кнігамі аўтара - "Лідскі замак. Кароткая гісторыя", "Выхаванкі князёў Чартарыскіх з-пад Ліды", "Гісторык Юстын Нарбут" і г. д.

Амаль дзве гадзіны без перапынку, на прыгожай беларускай мове Леанід Лявонцьевіч распавядаў пра гісторыю нашага роднага горада, пра свае даследаванні, планы, кнігі (іх ажно 23). Сустрэча была вельмі цікавай, пазнавальнай, а слухачы - падрыхтаваныя і зацікаўленыя. Шмат пытанняў было зададзена моладдзю. Юнакі літаральна не адпускалі нашага знакамітага аўтара. І ўсе прысутныя выказалі пажаданне - працягнуць гэтыя сустрэчы, нават зрабіць іх традыцыяй.

Будзем спадзявацца, што так і будзе. Вялікі дзякуй арганізатарам гэтай сустрэчы і, канешне, Леаніду Лявонцьевічу Лаўрэшу. Яго справа няпростая, але мінулае нашага краю, якім займаецца Леанід Лявонцьевіч, скіравана у будучыню.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX