Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Тэадор Нарбут: жыццяпіс без прэтэнзіі на паўнату 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 23-10-2024,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: жыццяпіс без прэтэнзіі на паўнату. Да 240-годдзя з дня смерці гісторыка // Лідскі Летапісец. 2024. № 1-2(105-16). С. 31-74.

Спампаваць




Змест

Першая частка жыцця Тэадора Нарбута, служба ў войску

Жыццё ў маёнтку Шаўры

Вільня і дарога ў Вільню

Паўсядзённы быт Нарбута ў вёсцы

Дзеці Нарбутаў у юнацтве

Тэадор Нарбут - прыхільнік «арганічнай працы»

Хатняя бібліятэка і кабінет Тэадора Нарбута

Пошукі Нарбутам навуковых кніг

Тэадор Нарбут - збіральнік перыядычных выданняў

Тэадор Нарбут - збіральнік рукапісаў

Артыкулы Тэадора Нарбута ў перыёдыках

Кнігі Тэадора Нарбута

Выданне шматтомнай «Гісторыя літоўскага народа»

Выданне Хронікі Быхаўца

Кнігі выдадзеныя Нарбутам у 1850-х гг.

Калекцыя Тэадора Нарбута

Замест эпілогу

Дадаткі

Род Нарбутаў, дадатак да Каяловіча

Нарбут.

Генеалагічная табліца лепшым чынам паказвае паходжанне Нарбутаў.

Успаміны пра гісторыка Літвы Тэадора Нарбута



Гісторыя сям'і Нарбутаў сыходзіць каранямі ў вельмі далёкія часы. Нарбуты былі набілітаваны ў 1413 г. у Гародлі. Сярод прадстаўнікоў гэтага роду мы сустракаем вайскоўцаў, палітыкаў, пісьменнікаў і гісторыкаў.

У Лідскім павеце Нарбуты жылі яшчэ ў XVII ст., тут яны валодалі маёнткамі: Шаўры, Андрушаўцы, Янаўшчына, Карбаўцы, Стары Двор, Варонічы, Радзівонішкі, Сукурчы, Нарбутушкі, Балкупы і фальваркамі: Вершулішкі, Пігоша, Шчуркішкі, Білаты, Былінішкі, Ляўкішкі і інш. Радніліся са шляхецкімі родамі Наневічаў, Рылаў, Жабаў, Марачэўскіх, Барташэвічаў, Сабанскіх, Грудзінскіх і інш.

Вось некаторыя з найбольш вядомых Нарбутаў:

- Даніэль Казімір Нарбут (?1738-1807) сын Казіміра, вучыўся ў Рыме, ксёндз, абат парадыскі, прафесар піярскага калегіюма, прафесар Collegium Nobilium у Вільні. Член Адукацыйнай камісіі. Аўтар першага ў нас падручніка логікі (Вільня, 1769 г.). Сакратар канцлера ВКЛ князя Міхала Чартарыскага. За заслугі перад Бацькаўшчынай і навукай атрымаў у 1793 г. ад караля Станіслава Аўгуста ордэн св. Станіслава. У вольны час пісаў вершы. У канцы жыцця вярнуўся на Лідчыну, дзе жыў у маёнтку Радзівонішкі свайго брата Дамініка, тут і памёр 17 сакавіка 1807 г. і пахаваны ў Радзівонішскай грэка-каталіцкай царкве, якой ужо даўно няма [1].

- Тадэвуш Нарбут, падкаморы лідскі, дэпутат Вальнага сойма 1776 г., які не падпісаў ратыфікацыю першага падзелу і за гэта быў пераследаваны. Яго сын Войцех Нарбут, падкаморы караля Станіслава Аўгуста, дэпутат Вялікага сойма, удзельнічаў ва ўсталяванні Канстытуцыі 3 Мая. Дочкі Тадэвуша Нарбута, славутыя Аляксандра, Канстанцыя - так званыя «пулаўкі», выхоўваліся i атрымалі адукацыю пры двары княгіні Ізабэлы Чартарыйскай з Флемінгаў (1745-1835) у Пулавах [2].

- Юстын Нарбут (?1776-1845) сын Юзафа, палкоўнік войска ВКЛ, гісторык. Адным з першых напісаў кнігі па гісторыі ВКЛ, жыў і памёр у маёнтку Юршышкі на Лідчыне. Яго дачка - пісьменніца Каміла Юрэвіч з Нарбутаў [3] і сястра - вядомая авантурыстка і мецэнатка Юлія Шышкова з Нарбутаў [4].

- Ян Антон Нарбут, сын Казіміра і Мар'яны з Навіцкіх. Быў братам Дамініка і Казіміра Нарбутаў (піяра). У 1778 г. стаў паслом у сойм і быў абраны ў Скарбовую Камісію ВКЛ. У 1785 г. стаў стольнікам Лідскага павета і займаў гэтую пасаду да 1794 г. У траўні 1797 г. абраны на пасаду маршалка шляхты Лідскага павета і займаў пасаду да 1798 г. Быў жанаты з Кларай Плятэр, меў дачку Казіміру, жонку вядомага капітана польскіх войскаў Юзафа Гружэўскага.

- Аляксандр Остык Нарбут (?1763-1833), - лідскі маршалак [5].

- Вінцэнт Нарбут (?1812-1883), гісторык і палеограф славянскіх моў, шматгадовы супрацоўнік Архіва гістарычных дакументаў Трыбунала ВКЛ у Вільні [6].


Асаблівае месца сярод прадстаўнікоў роду Нарбутаў займае наш славуты Тэадор Нарбут. У 1854 г. гісторык, публіцыст і выдавец Адам Кіркор пісаў: «Усе адукаваныя краіны Еўропы ганарацца сваімі гістарыёграфамі, і ў кожнай з краін вельмі мала ёсць асоб, працы якіх сталі гонарам сваёй краіны. Аддаючы належную пашану мінулым і сучасным працаўнікам на гістарычнай ніве, шчыра прызнаемся, што ў нашай літаратуры мы можам ганарыцца толькі двума асобамі, заслугай якіх з'яўляецца стварэнне вялікіх і маштабных прац, у якіх выкладаецца гісторыя нашай краіны. Гэта Адам Нарушэвіч [7] і Тэадор Нарбут. Але першы меў шчодрую падтрымку караля Станіслава Аўгуста, багацце матэрыялаў і такога здольнага і працавітага памочніка як Альбертрандзі [8] , пры гэтым, ён, пачаўшы пісаць гісторыю, зрабіў толькі палову працы, пасля чаго старасць спыніла яго пяро. Тэадор Нарбут сам распачаў і сам закончыў (скажам гэта смела) сваю вялікую справу. Сваімі намаганнямі і сваім коштам, праз археалагічныя раскопкі і пошукі ў далёкіх архівах ён стварыў гісторыю ВКЛ і праклаў дарогу для яе даследчыкаў у будучыні. І нават сёння, калі яго галава ўжо пасівела, ён з маладой энергіяй заканчвае і ўдасканальвае розныя часткі сваёй манументальнай працы. Сапраўдны творца літоўскай гісторыі, ён усім сваім жыццём паказаў, што можа зрабіць адзін чалавек з рашучым і нязломным характарам. Дзевяць тамоў ягонай гісторыі даюць яму безумоўнае права на славу і вядомасць. Ён шчаслівы, бо пры сваім жыцці ўбачыў плён сваёй працы і адчуў пашану землякоў. Вывеў ліцвінаў з цёмнай, нязведанай пячоры і прайшоў з імі ад паганскай калыскі да хрысціянкай Рэчы Паспалітай. Шмат гадоў ён прысвяціў карпатлівай працы па зборы матэрыялаў нашай таямнічай мінуўшчыны, перш чым з гэтага амаль што нікім не кранутага хаосу, выкрышталізавалася гарманічнае цэлае - гісторыя роднай зямлі, якую ён, як самы каштоўны скарб, падараваў сваім суайчыннікам» [9].

Пра Тэадора Нарбута і яго сям'ю я пісаў і раней [10], гэты ж артыкул будзе грунтавацца на перапісцы доктара Аніцэта Рэніера з нашым славутым гісторыкам, інфармацыі Уладзіслава Сыракомлі пра яго калекцыю, архіў яго дачкі Тэадоры Манчунскай [11], успамінах Камілы Юрэвіч з Нарбутаў [12] і г. д. Сканы нявыкарыстаных да гэтага часу ў беларускай гістарыяграфіі вельмі карысных тэкстаў Манчунскай і Юрэвіч, аплаціў мой сын, за што яму вялікі дзякуй.

Архіў Тэадоры Манчунскай складаецца са 142 сканаў здвоеных старонак, якія на жаль, не з'яўляюцца паслядоўным тэкстам яе ўспамінаў. Галоўным зместам архіва з'яўляюцца вершы яе бацькі, розныя яго ненадрукаваныя ў прэсе артыкулы, метэаралагічныя заўвагі, а таксама ўрыўкавыя ўспаміны самой Манчунскай пра яе сям'ю (гэта частка амаль што цалкам выкарыстоўваецца ў гэтым артыкуле) і раней не надрукаваны тэкст самога Тэадора пра яго род, гэты тэкст цалкам прыводзіцца ў дадатках да артыкула.

Успаміны Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, падобна, напісаны як артыкул для перыёдыкі, у ім шмат агульнавядомай інфармацыі, але, тым не менш, яе тэкст карысны асабістым поглядам аўтаркі і асобнымі крэскамі пра далёкага сваяка, якім быў для яе Тэадор Нарбут.

Шмат новай і цікавай інфармацыі дае нам аналіз шматгадовай перапіскі з доктарам Аніцэтам Рэніерам, з якім Тэадор Нарбут моцна сябраваў. Пераклад перапіскі пойдзе ў наступным нумары.

Першая частка жыцця Тэадора Нарбута, служба ў войску

Тэадор Нарбут нарадзіўся 8 лістапада 1784 года ў сядзібе Шаўры Лідскага павета, быў сынам Яўхіма і Ізабэлы з Наневічаў. Выхоўваўся ў Лідскай піярскай школе, а ў 1799 г. паступіў на матэматычна-інжынерны факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1803 г. [13]

Ю. Азямблоўскі. Партрэт Тэадора Нарбута.

Нарбут вучыўся ў Лідзе і потым неаднаразова бываў тут. Тэадора Манчунская запісала цікавы эпізод з юнацтва яе бацькі ў Лідзе: «Ліда запомнілася яму як наша павятовае мястэчка - ён казаў, што там чытаць не ўмеюць, хоць гэты горад і займаў сваё месца ў гісторыі нашай сям'і, бо там стаіць касцёл фундацыі Нарбутаў [14], калі бацька быў малады, ён прыходзіў у госці да ксяндза-апата Нарбута [15]. Ксёндз любіў паразмаўляць, а людзі шмат казалі пра яго грошы [...].

Засталіся ў маёй памяці гісторыі якую бацька апавядаў пра Ліду: "Пасля смерці ксяндза-апата, казалі, што ён недзе закапаў бочкі з золатам, і таму яго маладыя пляменнікі, між імі і я, шукалі бочкі па схованках ". Тэадор спыніўся на думцы, што скарб можа быць схаваны ў склепе пад касцёлам. Таму быў парушаны апошні прытулак памерлых, і адзін з нябожчыкаў, пругкі і лёгкі, скочыў Тэадору на грудзі. "У мяне перахапіла дух", - казаў бацька, але потым, агледзеўшыся, ён зразумеў, што "высахшы як трэска нябожчык, вельмі лёгкі і цвёрды, паўстаў перад мной як струна, калі я наступіў на яго стапу". Аказалася, што тутэйшае паветра і сухая зямля ўтрымлівае ўсе целы нябожчыкаў у падобным стане. Пасля гэтага здарэння пошукі закончыліся - золата не знайшлі, ... але страху нацярпеліся. Дух апата вартаваў сваё золата і не жадаў, каб нехта са сваякоў яго знайшоў. Расказы пра духаў былі любімай тэмай» [16].

Адам Кіркор падае наступную кароткую біяграфічную даведку: «Тэадор Остык Нарбут герба Трубы, нарадзіўся 8 лістапада 1784 г. у спадчынным маёнтку Шаўры Лідскага павета. У 1799 г. паступіў у Галоўную літоўскую школу (г. з., універсітэт - Л. Л.), дзе пад кіраўніцтвам Гуцэвіча і (Міхала) Шульца вывучаў матэматычныя навукі, цывільную і вайсковую архітэктуру. У 1803 г. ён накіраваўся ў Пецярбург і там пачаў сваю вайсковую кар'еру ў якасці інжынера. Некаторы час ён выкладаў у 2-гім кадэцкім корпусе, у 1807 г. атрымаў багнетную рану пад Астраленкай і пад Тыльзітам рану ў левую руку з ружжа. Падчас вайны ў Фінляндыі ў 1808 г. пад г. Або (зараз, г. Турку ў Фінляндыі. - Л. Л.) Нарбут атрымаў цяжкую траўму галавы, якая прывяла да страты слыху. Потым служыў у эскадры ў бухце балтыйскага порта і, калі яна была заблакаваная, для яе абароны будаваў артылерыйскія батарэі на востраве Руген. У 1810 і 1811 гг. займаўся праектаваннем Бабруйскай фартэцы, месцазнаходжанне якой указаў першым. Гідратэхнічныя працы аслабілі яго здароўе і цалкам пазбавілі слыху, які так ніколі больш і не вярнуўся. Перад вайной з Напалеонам (1812 г.) Нарбут пакінуў вайсковую службу і вярнуўся ў родны дом» [17].

Дадам некалькі радкоў. Калі Нарбут стаў выкладчыкам у 2-гім кадэцкім корпусе, ён адначасова паглыбляў сваё майстэрства пад непасрэднай апекай ваеннага інжынера Аўрэ. Гэты знакаміты выкладчык звяртаў сваю ўвагу на асабліва адораных і накіроўваў іх на ваеннае будаўніцтва. Нарбута цікавілі фартыфікацыі, ён вывучаў іх гісторыю і спосаб канструявання вайсковых аб'ектаў, галоўным чынам фартыфікацый. Потым Тэадор перайшоў на працу ў інжынерны дэпартамент Вайсковага міністэрства і быў прызначаны да службы ў дырэктара генерала Сухтлене. У 1804 г. ён быў уключаны ў камісію, якая працавала пад кіраўніцтвам прускага гідратэхніка Я. А. Эйтэльвейна над праектам рэгуляцыі Нёмана на ўсім яго працягу, які тады быў граніцай з Прусіяй. У адным з тамоў сваёй знакамітай працы ён так успамінае гэтую справу: «Я сам, выконваючы абавязкі інжынера па гідраўлічных працах на рацэ Нёман, у выніку падпісанай Найвышэйшай канвенцыі паміж Расіяй і Прусіяй у 1804 годзе на чале з Камісіяй абедзвюх дзяржаў, якую узначальваў знакаміты гідраўлік Я. А. Эйтэльвейн, меў магчымасць пазнаць мясцовасці гэтай вялікай ракі ад вытоку да вусця і маю сёння пад рукой неабходныя мне матэрыялы». Нарбут, несучы сваю службу на працягу двух гадоў, вызначыўся стараннасцю і шматлікімі тэхнічнымі прапановамі. Яму было прысвоена званне падпаручніка [18].

Да важнага ў жыцці гісторыка 1812 г. вернемся пазней, а зараз я падам некалькі эпізодаў з біяграфіі нашага земляка, якія па памяці запісала яго дачка Тэадора Манчунская: «Думка пра смерць і вечнасць уласціва маладому веку […]. Мой бацька расказваў, як пры будаўніцтве Бабруйскай фартэцы ён адчуў Божую волю. У балотах бацька прамачыў ногі і захварэў на гарачку ў бязлюднай мясцовасці, дзе не было лекара. Хвароба стала небяспечнай, яна скруціла яго так, што ён ужо не падаваў нават і прыкмет жыцця, і толькі думка яго была свабоднай і яна вяла яго да Бога - ён думаў пра вечнасць, бачыў ужо яе мяжу і з цікавасцю чакаў хвіліны, калі на тым боку магілы ён паўстане перад міласэрным - ужо чуў ваенную музыку на сваім пахаванні, і дух кружыў каля яго - падчас гэтых важных дум пра вечнасць прыехаў суседні поп [19] і адпеў яго перад смерцю.

Святар не ведаў, да якой рэлігіі належыць Нарбут, бо той ужо не мог размаўляць і разважаць, а яго жаўнеры гэтага таксама не ведалі. Поп адпеў хворага і быў спакойны за яго душу, напісаў ён толькі вялікімі літарамі на шыльдзе крэйдай: «ПАМРЭ». Але хворы гэтага ўжо бачыць не мог.

Пасля гэтага, жаўнеры якія заставаліся ў халоднай хаце, прыкрылі яго тонкай тканінай, і Нарбут зноў пачаў адчуваць вечнасць. Рукі яму склалі крыжам, а ногі скруцілі паміж сабой. Аднак ён хутка пачуў падарожны званочак і ачнуўся - але мог толькі круціць галавой. Своечасова прыехаў палкавы доктар, выкліканы верным слугой Нарбута, каб адагрэць і адхукаць хворага, чым і ўратаваў прыгаворанага ад смерці.

Бацька любіў апавядаць пра гэтыя хвіліны, вера ў несмяротнасць душы, якую ён меў, змяніла тады яго аблічча, бо здавалася, што ў гэты момант яго душа сваімі вачамі бачыла свой шляхетны, спакойны, апошні прытулак.

Пасля гэткага дрэннага лячэння, ён цалкам страціў здароўе, да таго ж сказалася кантузія ўзімку пад Або ў 1808 г. ад гарматнай кулі (шрапнелі), калі толькі праз 24 гадзіны пасля ранення яго паклалі на воз, высланы гарохам і разам з іншымі раненымі вывезлі з поля бітвы. На возе Нарбут адчуў вялікае жаданне з'есці гарох, стручкі якога ляжалі пад ім. "Гэты павінен выжыць", - сказаў шведскі афіцэр. - "Бо есць гарох". Шведская мова падалася яму здалёк падобнай да тых моў, якія ён ведаў. Пасля лёгкай гарачкі, ён паздаравеў і вольна хадзіў па горадзе. Праз нейкі час яго памянялі на палонных, але пасля гэтай раны ён атрымаў цяжкі галаўны боль і амаль што страціў слых. На пачатку меў далікатнае вуха - найменшы шэлест падаваўся яму стрэлам, але такі стан, падобна, трымаўся толькі два гады, ажно да вышэй апісанага здарэння на Бабруйскіх балотах. Планы Бабруйскай фартэцы ён потым перадаў французкаму маршалу Басано, герою, пра якога бацька не мог забыць да канца свайго жыцця. Напалеон меў такую харызму, што ўсе, хто яму служыў, заставаліся вернымі яму да смерці [20].

Любіў Бабруйск [фартэцу] як сваё тварэнне, і адзін са знаёмых нам афіцэраў, доктар Сабаткоўскі, у 1862 г. пісаў да сястры: "Раскажу шаноўнаму дзеду, пану Тэадору Н., што ў Бабруйску мы пілі за яго здароўе"» [21].

Падчас даследавання мясцовасці, якая магла быць прыдатная для размяшчэння Бабруйскіх умацаванняў, Тэадор Нарбут, займаючыся інжынернай працай, заўважыў у раскапанай зямлі невядомыя яму прадметы і зразумеў, што яны паходзяць з даўніх часоў. Адначасова ён звярнуў увагу на курганы і занатаваў у адным са сваіх першых артыкулаў: «...паміж рэкамі Друць і Беразіна, на левым беразе Дняпра ад Магілёва да ракі Сож і да Рагачова звярнуў увагу на курганы». Пасля выхаду ў адстаўку ён вярнуўся ў свае ўладанні ў Шаўрах і прысвяціў сябе даследаванням мінуўшчыны роднага краю, хаваючыся ад французаў. Па іншай версіі біяграфіі Нарбута, у 1812 г. ён разам з царскім дваром Аляксандра І прыехаў у Вільню і, хаваючыся ў знаёмых, дачакаўся адступлення царскіх войскаў і пасля гэтага далучыўся да Напалеона. Згадванне яго дачкой французскага маршала Басано, пацвярджае гэтую версію біяграфіі, згодна з ёй Нарбут не хаваўся ў адстаўцы ад французаў, а ў 1812 г. выступіў за аднаўленне ВКЛ на баку Напалеона [22], пра што пісала і яго дачка: «Пра сваё жыццё ў 1812 г. ён расказваў мне з запалам. Праз шмат гадоў ён з дрыжачымі вуснамі апавядаў, што заўсёды тады меў надзею на лепшую будучыню» [23].

Раней я ўжо згадваў гэтую таямніцу ў біяграфіі нашага гісторыка [24].

Трэба сказаць, што за сваю вайсковую службу Тэадор Нарбут меў шэраг узнагарод, стаў кавалерам ордэна св. Уладзіміра 4 ступені, кавалерам ордэна св. Ганны 4 ступені і за будаўніцтва цвердзі ў Бабруйску ў 1809 г. кавалерам ордэна св. Ганны 2-й ступені.

Пікантнамі рысамі жыцця маладога Нарбута ёсць яго ўдзел у дзейнасці таварыстваў шубраўцаў [25] і масонаў - у Літоўскім нацыянальным музеі захоўваецца аздобленая масонскай сімволікай шклянка з выгравіраваным надпісам «Тэадор Нарбут» і годам - 1817.

Жыццё ў маёнтку Шаўры

Маёнтак Шаўры ў 1844 г. меў 77 прыгонных сялян, браты Нарбуты (Тэадор, Адольф і Ксаверый - сыны Яўхіма) валодалі ім разам [26]. Маёнтку належалі 860 дзесяцін зямлі з трыма сялянскімі вёскамі.

Сядзіба Нарбутаў на малюнку Напалеона Орды, 1877 г.

Усе мастацкія і навуковыя творы Т. Нарбута былі напісаны ў Шаўрах - у тым ліку і яго знакамітая праца «Dzieje narodu litewskiego» («Гісторыя літоўскага народа», т. 1-9, Вільня, 1835-1841). Сядзіба стала творчай лабараторыяй і месцам працы гісторыка, у ёй месцілася бібліятэка, калекцыі і збор старажытных рукапісаў. З акна свайго кабінета Тэадор бачыў Радуньскі замак, які штодзень натхняў яго на творчую працу [27].

Максіміліян Фаянс (1827-1890). Тэадор Нарбут.

У Шаўрах Нарбут абмяркоўваў самыя розныя пытанні - ад эканамічных да пытанняў вырошчвання льну і канопляў, тут ён перакладаў Гарацыя, Мігеля дэ Сервантэса і Жан-Жака Русо. Тут пісалася самабытная паэзія гаспадара сядзібы. Адсюль вялося вялікае навуковая ліставанне.

Шаўры Тэадора Нарбута, як і Юршышкі Юстына Нарбута і Яшуны Міхала Балінскага - у той час былі асаблівымі, знакавымі месцамі для інтэлектуальнай часткі нашага грамадства. Гэтыя вельмі спецыфічныя маёнткі каля Ліды з'яўляліся эксклюзіўнымі інтэлектуальнымі астраўкамі, дзе жылі «абшарнікі-творцы».

Для абшарнікаў-творцаў значным быў факт валодання сядзібай, зямлёй, клопат пра ўраджай і сялян - усё гэта, разам з навуковымі заняткамі, стварала іх непаўторны быт. Бо беззямельныя частка шляхты, якая пераважна асела ў гарадах і з часам стала прафесійнай інтэлігенцыяй, была зусім іншай сацыяльнай групай. Вядома, што нашу гісторыю пісалі таксама сапраўдныя прафесіяналы - прафесары Віленскага ўніверсітэта. Але ў нашым выпадку Тэадор Нарбут як і яго сваяк Юстын і больш далёкі сусед Міхал Балінскі, з'яўляліся адначасова творцамі і высакароднымі абшарнікамі, яны сумяшчалі першае і другое, такіх асоб было не шмат.

Уладары «творчых» маёнткаў жылі па пэўнай схеме, якую можна ахарактарызаваць як «жыццё па Гарацыю». У той час паўсюдна ідэалізавалі гэтага рымскага паэта і кіраваліся яго думкамі - не толькі чыталі і перакладалі яго творы, але і пераймалі жыццёвы шлях Гарацыя, бо абшарнікі-творцы, як калісьці і сам Гарацый у сваім знакамітым маёнтку на рацэ Тыбур (што каля цяперашняга Цівалі), таксама жылі ў маёнтках. У сваёй сядзібе рымскі паэт атрымліваў асалоду ад адасобленага жыцця і адчуваў сапраўднае чалавечае шчасце. Творчасць заўсёды займала важнае месца і ў жыцці вышэйзгаданых абшарнікаў, але іх ніколі не адпускалі і гаспадарчыя праблемы. Часам, як і Гарацый, гаспадары маёнткаў скардзіліся на адзіноту, але калі ім даводзілася пакідаць свой дом, яны вельмі хутка сумавалі па ім. Бо толькі ўласная сядзіба была тым месцам, куды творца заўсёды хацеў вярнуцца, толькі свая сядзіба заўсёды была сапраўдным прытулкам шляхціца. Як і Гарацый у маёнтку на Тыбуры, уладальнікі гэтых сядзібаў пастаянна сачылі за тым, што адбываецца па-за межамі іх асабістай прасторы. Іх сядзібы была месцам, дзе фізічнае жыццё спалучалася з творчасцю, месцам, дзе творца ствараў для сябе аазіс духоўнага супакою і мог жыць па дэвізе Гарацыя - «Carpe diem...» («Трымай дзень», ці цалкам: «Сarpe diem quam minimum credula postero» - «Карыстайся (кожным) днём і як мага менш спадзявайся на наступны», лац.).

Для абшарнікаў-творцаў важным было і вучэнне Гарацыя аб «разумнай любові» да радзімы. Бо рымскі паэт вучыў творцаў, як жыць у складанай палітычнай сітуацыі. Гэтым можна патлумачыць «сіндром Гарацыя» - г. зн. проста ашаламляльную колькасць перакладаў творчасці рымскага паэта менавіта пасля паўстання 1830-1831 гг., калі папулярнасць Гарацыя дасягнула свайго апагею [28]. У крытычныя моманты жыцця краіны гэты рымскі паэт заўсёды станавіўся самым чытаным і трактаваным аўтарам. Пераклаў і выдаў кнігу сваіх перакладаў Гарацыя і наш Тэадор Нарбут [29].

Трэба сказаць яшчэ некалькі слоў пра партрэты Тэадора Нарбута, якія адлюстроўваюць яго асобу падчас жыцця ў Шаўрах.

Адам Кіркор у 1854 г. пісаў: «З радасцю паведамляю, што партрэт гэтага заслужанага ветэрана нашай гісторыі неўзабаве будзе выдадзены ў Варшаве, у вялікім зборніку сп. Фаянса. Вялікія заслугі Нарбута, яго вялікая праца і адданасць навуцы яшчэ больш прывабліваюць нас да яго незвычайнай сціпласці, адсутнасці фанабэрыі і чароўнай прастаты» [30]. Класічным партрэт Тэадора Нарбута, пра які паведамляў Кіркор, выканаў вядомы мастак Максіміліян Фаянс (1827-1890). Першы раз яго надрукавалі ў 1857 г. у альбоме «Вобразы Польшчы» («Wizerunki polskie») [31]. Літаграфія зроблена паводле фотаздымка, дзеля якога гісторык двойчы спецыяльна ездзіў у Вільню да мастака-дагератыпіста. Двойчы таму, што першая фатаграфія здалася варшаўскаму выдаўцу «недакладнай». Але ў выніку атрымаўся хрэстаматыйны і самы вядомы партрэт Тэадора Нарбута.

Таксама добра вядомы партрэт нашага гісторыка зроблены Юзафам Азямблоўскім паводле малюнка Адольфа Піварскага (1817-1870). Азямблоўскі з'яўляўся сталым ілюстратарам твораў Нарбута. Гэтая літаграфія з'явілася каля 1840-1841 г. па ініцыятыве Антонія Марціноўскага, выдаўца шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа», калі ішла падрыхтоўка да друку дзясятага, апошняга, тома твора, які так і не выйшаў. Партрэт павінен быў быць размешчаны ў кнізе побач з біяграфіяй аўтара.

Абодва партрэты пацвярджаюць апісанне гісторыка зробленае сваячкай і суседкай Камілай Юрэвіч з Нарбутаў: «Меў і знешнасць ліцвіна: светлы бландзін з вялікімі блакітнымі вачыма і лагодным выразам твару. Ад прыроды меў моцнае цела і спадзяваўся дажыць да 100 гадоў» [32].

Партрэт Нарбута, зроблены незадоўга да яго смерці, здаецца, добра адлюстроўвае ўнутраны сусвет старога і мудрага чалавека.

Вільня і дарога ў Вільню

Запрашаючы да сябе свайго сябра Аніцэта Рэніера, гісторык пісаў: «Прыязджай, шаноўны пан Аніцэці, прыязджай да мяне. Даехаць зручна, па добрай дарозе, па якой мае фурманкі возяць прадукты, таму - сам у адной, рэчы ў другой і трэцяй - у яе можна паставіць куфар з усім неабходным. Пісар, які будзе з фурманкамі, атрымае ад мяне неабходны загад. Калі зараз не можаш, дык праз некалькі тыдняў мае фурманкі зноў павязуць прадукты [у Вільню]»[33].

Тэадор стала дасылаў фурманкі з прадуктамі сваёй гаспадаркі на продаж у Вільню. Канешне ж, для яго гэта было больш выгадна, чым прадаваць іх цераз перакупшчыка, у гэтым сэнсе маёнтак Шаўры меў добрае становішча. Пра продаж тавараў у Лідзе Тэадор нават і не згадвае, што цалкам зразумела - Ліда была далей, чым Вільня і мела значна больш слабы рынак. Але нашы дарогі з-за сваёй якасці не злучалі людзей, а наадварот, разлучалі іх. «Пасля доўгага бездарожжа, прыйшоў час, калі можна выслаць некалькі фурманак ў Вільню, каб купіць неабходнае» [34], - пісаў гісторык 21 студзеня 1843 г., калі дарогі ўжо скаваў мароз. І праз 10 месяцаў таго ж года: «Высылаю па ўжо трошкі замерзлай зямлі фурманку з жытам у Вільню і, каб не страціць аказіі, пішу гэты ліст» [35].

Калі я наведаў Шаўры, падумалася - якое ж гэта добрае месца, як блізка да Вільні, дзе жылі яго сябры і аднадумцы - пэўна Нарбут вельмі часта наведваў гэты горад. Аднак, у рэальнасці ўсё было не так. «Не магу выбрацца ў Вільню, заўсёды нешта перашкаджае. Але калі я ў Вільні, дык цяжка вярнуцца дахаты, а ў мяне дома немагчыма без гаспадара» [36], - пісаў гісторык 19 студзеня 1842 г.

У жніўні 1844 г. Нарбут паведамляў свайму сябру Аніцэту Рэніеру: «Пра варшаўскі павадак знойдзеш у газеце. У нас на працягу 5 дзён перад нядзеляй быў страшны лівень, якога раней не бачылі, ён таксама і ў нас выклікаў патоп. Дарога на Вільню была затоплена, паштовым трактам мог праехаць толькі вершнік. У Віленскім Зарэччы здарылася жудаснае: млыны, дамы з дзецьмі пайшлі з вадой у Вілію. У Паўлава Кабылінскага [37] рэчка Мерачанка знесла мураваны бровар, пры гэтым быў страчаны і медны кацёл, які важыў 700 фунтаў. Ніхто ў нас не памятае такога павадка» [38], - паведамляе Тэадор сябру чуткі з усяго краю.

Паўсядзённы быт Нарбута ў вёсцы

Гісторык звяртаўся да свайго сябра-доктара Рэніера таксама і з гаспадарчымі праблемамі: «Ці знойдзецца для мяне садоўнік? Папярэдняму плаціў 20 рублёў срэбрам і жытло, нежанатаму даў бы 25 рублёў срэбрам у год. Зрабі такі запыт, каб праз некалькі тыдняў я мог ведаць, ці знойдзецца садоўнік. Парнік яшчэ не заклаў. Меў садоўніка з Гародні, але яго збаламуцілі» [39].

Позні партрэт Тэадора Нарбута.

10 траўня 1840 г. Нарбут паведамляе сябру-доктару Рэніеру, што ў яго вёсцы шмат хворых, ён чакае сябра ў госці і просіць прывезці лекі, асабліва ад ліхаманкі і гарачкі. Пра сябе паведамляе, што «цалкам здаровы, жаўтуха пасля тваіх рэцэптаў прайшла. Калі ласка, купі тэрмометр, бо мой разбіўся. Трэба купіць звычайны, пасаджаны на простую бляху, галоўнае каб ён быў дакладны і меў надзейную шкалу. Мой чалавек возьме грошы ад Марціноўскага, каб выканаць некаторыя даручэнні» [40]. Згаданы Марціноўскі - Антоні Марціноўскі, у свой час рэдактар «Дзённіка Віленскага» і «Кур'ера Літоўскага», уладальнік друкарні, выдавец шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа».

У першай палове XIX ст. усё насельніцтва нашага краю пакутавала ад смяротных эпідэмій, Тэадор Нарбут, зрабіў наступную занатоўку: «У часы максімуму эпідэміі халеры, над левым берагам Дзітвы, у вёсцы Моўчадзь, жыў чалавек, які хаваў усіх памёршых, даглядаў хворых, але сам не заразіўся. Адвечны піяк, ён пры тым меў надзвычай здаровы страўнік. Мой падданы Ян Шымкевіч, ва ўзросце 40 гадоў, з'ядаў дзве лоевыя свечкі з хлебам як хлеб з маслам, фунт вэнджанай кілбасы і ўсё гэта яго страўнік пераварваў. Мяне нават могуць абвінаваціць у цвярджэнні, што страўнік чалавека можа працаваць, як страўнік звера. У адным лазарэце для хворых, медычны вучань Ленартовіч, расказаў мне, што ў 1831 г. у Вільні, калі захворвалі на халеру нават вартаўнікі і жаўнеры, якія тут прыслужвалі, ён у сваім аддзеле даваў сваім людзям па некалькі грам хініну, і ніхто з іх не захварэў, хоць іх было ў гэтым лазарэце да 20 чалавек» [41].

2 кастрычніка 1840 г. Тэадор перадае падзяку доктару за адрамантаваны гадзіннік, «чалавек які перадасць табе гэты ліст, Іцак Карантовер, верне табе 3 рублі за рамонт» [42]. Падумалася, што ў той час вызначыць дакладны час, каб наставіць гадзіннік можна было толькі астранамічнымі сродкамі. Падчас побыту ў Вільні, кішэнны гадзіннік можна было выставіць па вежавым гадзінніку, які ў свой чарод карэктаваўся віленскай абсерваторыяй. Але кішэнны гадзіннік - не хранометр, ён хутка назапашвае памылку. Цікава будзе адзначыць, што ўжо пасля смерці Тэадора Нарбута, калі дырэктарам віленскай абсерваторыі стаў Пётр Смыслоў, ён распачаў рэстаўрацыю адной з веж абсерваторыі і прадугледзеў на ёй месца для вежавага гадзінніка. Стары механічны гадзіннік дэмантавалі і перадалі ў падарунак віленскаму Свята-Духаваму брацтву. Паводле задумы Смыслова на вежы абсерваторыі ўсталявалі электрычны гадзіннікавы механізм фірмы «Рычы» з шатландскага Эдынбурга, які злучылі з астранамічным гадзіннікам абсерваторыі сістэмы Шэлтана, i такім чынам была гарантавана абсалютная дакладнасць адліку часу. Вялікі цыферблат вежавага гадзінніка асвятляўся 12 газавымі ражкамі, па гэтым гадзінніку можна было спраўджваць час удзень і ўночы, што гараджане і госці горада рабілі з відавочным задавальненнем. У той жа час у Вільні прыжылася традыцыя - адзначаць поўдзень па мясцовым часе стрэламі з гарматы. Батарэю абсталявалі на Замкавай гары на пляцоўцы перад замкам Гедыміна. Каб з Замкавай гары разгледзець стрэлкі на вежавым гадзінніку абсерваторыі, астраномы выдалі ў карыстанне артылерыстам стары тэлескоп. Сігнальшчык з Замкавай гары назіраў у тэлескоп за цыферблатам і ў момант, калі стрэлкі гадзінніка паказвалі 12, даваў адмашку артылерыстам, і гук халастога стрэлу разносіўся па ўсім горадзе [43].

Думаю, што інжынер Нарбут, чалавек з добрай матэматычнай адукацыяй, валодаў дастаткова нескладанымі метадамі вызначэння дакладнага часу па сонцы і мог сам карэктаваць свае гадзіннікі. Тым больш, што з успамінаў яго дачкі я з задавальненнем даведаўся, што Тэадор па-сапраўднаму цікавіўся астраноміяй і нават меў невялікі тэлескоп: «Ужо ў старым узросце, бацька, узброены падзорнай трубой, вечарам сядзеў на ганку і глядзеў на зоркі. Яго белая, доўгая барада і цёмны шлафрок рабілі яго падобным на нейкага астролага з малюнка» [44].


У лісце ад 2 кастрычніка 1840 г., Тэадор Нарбут паведамляў, што ўчора быў першы дзень без дажджу - «тры тыдні стаялі халады, і ішоў дождж, на нізінах небывалая паводка, пасеянае збожжа не расце, а запозненыя снапы гніюць. Няма ні восеньскай гародніны, ні насення кветак», - і далей: «Раз ты так ласкава ставішся да мяне, я прашу знайсці час і паглядзець мэблю, якая прадаецца па аб'яве ў дадатку да "Кур'ера". Хачу купіць з дзесятак крэслаў, вялікую парадную канапу і дзве маленькія канапы ці шэзлонгі ў гасцёўню, два столікі, каб паставіць перад імі, і, можа, яшчэ што-небудзь такое. Каб даведацца пра кошт і дамовіцца, а можа і заплаціць - перш за ўсё за крэслы і канапу, пан Марціноўскі будзе ласкавы даць вам грошы ці гарантаваць аплату» [45]. Праз два тыдні гаспадар маёнтка Шаўры тлумачыць: «Мэбля мне патрэбная, аднак у віленскіх сталяроў яна занадта дарагая, я ўжо знайшоў сталяра і вясной змагу яго наняць. Аднак было б добра купіць мэблю на танным аўкцыёне, але прашу купіць яе толькі, калі будзе пасапраўднаму танна. Адну канапу ці сафу, з тузін лёгкіх крэсел, маленькі, нізкі камод чырвонага дрэва, два шэзлонгі і больш нічога»[46], - як бачым, гісторык заўсёды быў гатовы эканоміць на бытавых рэчах, да якіх, здаецца, ставіўся абыякава.

Гаспадар Шаўроў імкнуўся ўдасканальваць сваю гаспадарку, 20 кастрычніка 1840 г. ён пісаў: «На сваёй гаспадарцы я зрабіў дзіўнае назіранне, што белыя цукровыя буракі (ці шлёнскія), на маёй зямлі ў Шаўрах пастаянна незвычайна добра родзяць. Ужо некалькі гадоў, як быццам на пробу, сею іх і штогод атрымліваю добры ўраджай. Напрыклад, у гэтым годзе яны нідзе не ўрадзілі, а ў маім нізкім агародзе, у вельмі вільготнае лета, сабралі 5 бочак з паловы гарнца насення, але, па-праўдзе, буракі былі малыя. Раскажы свайму брату пра гэта. Ці можна мне з ім паразмаўляць самому, можа мы закладзём якую цукровую вытворчасць? [...] Ты казаў мне, што твой брат ведае, як мураваць прамысловыя будынкі, напрыклад ёмістасць для бровара. Папрасі яго, каб даслаў мне інфармацыю з малюнкамі пяром ад рукі пра тое, як вымураваць дужую ёмістасць. Добра было б зрабіць гэта за тыдзень. Бо, буду мураваць, а маразы ўжо блізка», і дадае: «Не паверыш, якую шкоду нарабілі нам дажджы. Лугі пазаліваныя, сена няма, гародніна, авёс, гарох, грэчку - з поля гнілымі звозілі. Бульбы мала сабралі. Будзе голад у нашых сялян. Трэба запасацца хлебам, прадаваць няма чаго» [47].

Думка пры выраб цукру не пакідае інжынера Нарбута, і 27 кастрычніка 1840 г. ён зноў нагадвае сябру: «Памятай, што трэба пагаварыць з тваім братам, у якога я хацеў бы папрасіць парады, нават дапамогі і супрацоўніцтва ў справе пабудовы цукровай фабрыкі, якую патрабуе мой добры ўраджай буракоў. Я такі чалавек, які калі нешта задумаў, дык распачынаю справу разважліва, а калі яна пачынае атрымлівацца, актыўна бяруся і заканчваю. Зараз гэта фабрыка ў маёй галаве, і я хачу знайсці знаўцу гэтай справы. На бяду з табой і тваім братам мы не жывём у адным горадзе, але спадзяюся, што справа атрымаецца», - у тым жа лісце ён перадае прывітанні сябру сваёй сям'і і распавядае пра цікаўнасць старэйшага сына Людвіка да біялогіі: «Калі гэта пішу, прыйшла маленькая Ёгалька [48], а потым Крысціна [49] спытала, ці пішу я зараз пану доктару? Адказваю: "Так", - "Тады вельмі прашу яму кланяцца і дзякаваць, што ўзяў Эдварда пад сваю апеку і робіць яму дабро". Ёгалька таксама робіць рэверанс і просіць кланяцца. Людвісь усё памятае і скардзіцца, што матылі памерлі. Меў тры прыгожыя вусені, з якіх ён расціў матылёў, але 2 уцяклі са шклянкі, трэці ператварыўся не ў матыля, а ў ляльку, і ён бядуе, што яна непрыгожая і мёртвая. Сказаў яму, што ўвесну з яе будзе матыль, але ён не верыць, што з мёртвага можа паўстаць жывая істота» [50].

Дачка Тэдора Манчунская пісала, што з-за недахопу сродкаў многія планы яе бацькі, пацярпелі крах, хоць вёска, якую ён атрымаў у спадкі і ўласная праца, дазваляла жыць без даўгоў. Нарбут значна палепшыў гаспадарку, значна павысіў даходы, але грошай усяроўна не хапала, каб рэалізаваць планы гаспадара: «Маці казала мне, што ў маладосці бацька любіў на раніцы зрывацца з ложка, каб пешкам ішоў аглядаць сад, праверыць, як скасілі луг, ці не пашкодзіў хтось прышчэпленую грушу. Потым праз поле ці луг вяртаўся і сядаў за малы драўляны столік, а вакол яго, на падлозе, ляжалі паперы і кнігі, ён пісаў, бо не меў другога стала і шафы. Пры падзеле з братам успадкаваў ён руіны і пусткі, але хацеў мець менавіта гэтую, а не іншую вёску. Бо карыстаўся тут блізкасцю Вільні да Шаўроў (яшчаркі па-летувіску), вёскі, якая была яго калыскай.

З-за сядзячай працы рабіў перапынкі - рэзаў на камяні, лежачы ў ложку перакладаў Дон Кіхота, смяяўся сам з сабой ці падчас чытання кніжак.

Не раз думала пра тое, як бацька мог з усім спраўляцца? Мець дастатак і дабрабыт. У мае часы ў нас ужо нічога не бракавала, меліся гаспадарчыя запасы, было быдла, коні, было ўсё неабходнае. […] Бог абараняў працу майго бацькі, бо на працягу ўсяго яго жыцця не было ні перуна, ні граду - усе буры пачаліся толькі, калі бацька мусіў пакінуць свой дом, каб памерці, маці выслалі, аднаго брата забілі, другога саслалі ў Сібір, а я жыву ў Францыі. Пасля смерці бацькі пярун спаліў стайню, якая стаяла ў самай сярэдзіне, а зямлю вакол двара аддалі сялянам»[51].


На пачатку 1841 г. Нарбут пісаў сябру-доктару: «Святы мы правялі дома. На двары доўгія завеі і буры, і ўсё бліжэй голад, таму не хочацца гучных забаў. Дзякуючы Богу, яшчэ маю трошкі здароўя» [52]. Праз тры тыдні: «Падобна, што гэтай зімой у Вільні не буду, бо, па-першае: гаспадарка, па-другое: пахаванне брата [53] і сямейная жалоба, - усё гэта перашкаджае, да таго ж і грошай мала, бо нічога з прадуктаў не прадаў» [54].

Слова «голад» неаднаразова гучыць у перапісцы Нарбута, і ён думае, як уратаваць сялян. У той час у Еўропе шырока абмяркоўваліся рэцэпты так званага «румфордскага супа», напрыклад, у 22-й главе першага тома «Капіталу» Карла Маркса знаходзім: «Пяць фунтаў ячменю, пяць фунтаў кукурузы, на 3 пенсы селядцоў, на 1 пенс (1 пенс = 1/240 фунта стэрлінгаў) солі, на 1 пенс воцату, на 2 пенсы перцу і зеляніны, разам на суму 20 ¾ пенса атрымліваецца суп на 64 чалавекі». Маркс прыводзіць гэты рэцэпт як прыклад таго, якімі спосабамі прагныя капіталісты імкнуцца танней пракарміць сваіх працоўных, і называе імя аўтара: «Гэта адзін амерыканкі гаварун, які атрымаў баронскі тытул - янкі Бенджамін Томпсан, ён жа граф Румфорд». Наш Тэадор Нарбут таксама зацікавіўся гэтым супам: «Нашы сяляне ўжо пакутуюць ад голаду. Я вырашыў паспрабаваць прыгатаваць румфордскі суп і, перабіраючы кнігі, знайшоў цэлы трактат пра гэты дабрачынны суп. Перакладаю ... для Вільні: здаецца за 2 грошы кожны чалавек можна добра пад'есці. Хачу надрукаваць пра гэта брашуру і, каб лепш ведаць цэны ў Вільні, пасылаю запіску, у якую, калі ласка, у канцылярыі ратушы выпішы цэны і дашлі мне, а я хутка дашлю рукапіс» [55], - пісаў гісторык 15 лютага 1845 г. Праз некалькі тыдняў ён паведаміў свайму сябру пра вынік прыгатавання супу: «Пра суп для сялян. Пробы былі паспяховымі, але я яшчэ не дапісаў рукапіс пра гэтую міласэрную справу. Зраблю кароткае апісанне і аддам у газеты. Цяжка нават уявіць, покуль сам не ўбачыш, колькі можа даць гэтае вынаходніцтва Румфорда!» [56].

Наступныя фрагменты з лістоў Тэадора Нарбута можна нават не каментаваць, той хто з большага ведае грамадскія настроі і праблемы таго часу, хто на сабе адчуў наша заходнебеларускае надвор'е - заўсёдную шэрую восень, той зразумее пачуцці глухога і таму засяроджанага на сябе чалавека. Багатая перапіска гаспадара Шаўроў паказвае, што нават для яго - якім бы адукаваным ён ні быў, як бы добра ні ведаў законы прыроды, як бы ён ні цікавіўся гаспадарчымі навінкамі - сумяшчаць творчасць і гаспадарку было вельмі цяжка. Голад, падаткі і рэкруты. Смерць родных і суседзяў, безграшоўе, пажары, пастаянная барацьба з прыродай - сядзібу, размешчаную ў нізіннай, бязлеснай мясцовасці, знясільвалі, калі не засуха, дык моцныя дажджы. А гэта значыла толькі адно - што хлеба не будзе.

6 снежня 1842 г.: «Парушыўся ў нас сезонны клімат гэтак жа, як і людскія норавы. Ні зімы, ні восені - восенню зіма, а зімой - ні тое, ні сёе. Можа з-за дэфармацыі прыроды ідзе і маральная дэфармацыя. Няма сёння ў нас нічога добрага. Падаткі, утрыманне магазінаў (дзяржаўных складоў з харчаваннем - Л. Л.) і выплаты ў скарб перавысілі 4 рублі срэбрам з сялянскай душы, гандаль паралізаваны, упадак Вільні, пажары, голад і беднасць, народ хварэе, памірае, і калі так пойдзе і далей, дык і адсутнасць навукі для моладзі будзе мець свой уплыў на маральнасць і асвету. О, бедная Літва! Да чаго ты прыйдзеш!» [57].

20 снежня 1842 г.: «Выправіў у Вільню трохі збожжа, бо цалкам бракуе грошай, якія патрэбны для гаспадаркі. З новага года мы разам з Наваградскім паветам будзем належаць да Віленскай губерні. … Падаткі і корчмы бязмерна спустошылі кішэню, а яшчэ да гэтага аддаць рэкрута каштуе да 15 чырвоных злотых за кожнага»[58]. Насамрэч, сталася трошкі не так - Наваградскі павет з Гарадзенскай перайшоў у Менскую губерню, а Лідскі - у Віленскую.

21 красавіка 1843 г.: «Выберуся на кірмаш у Вільню, як толькі мая кішэня будзе добра адчуваць сябе, бо сёння яна занадта лёгкая. Вазьму з сабой яшчэ экземпляры "Гісторыі …", якія ў мяне засталіся, можа прадам» [59].

23 ліпеня 1844 г.: «Ідзе дождж дык дождж! Калі гэта не пачатак патопу, дык пачатак голаду і мору. Але так не паўсюдна: кажуць, што на поўдзень ад нас, за Нёманам, надвор'е добрае і ўраджай нядрэнны» [60].

4 сакавіка 1845 г.: «Запусты прайшлі так добра, як толькі магчыма ў нашым стане» [61].

29 верасня 1845 г.: «Сумнай для мяне навіной стала смерць с. п. Юстына Нарбута [62], бо стары меў моцнае здароўе і хуткая дапамога добрага лекара магла б яго ўратаваць. Шляхетная Каміла 2 верасня пісала мне, што яе бацька вось ужо 10 дзён як хворы, яна хацела ведаць, ці не гасцюеш ты ў мяне ў Шаўрах, і я парадзіў ёй паслаць па цябе ў Вільню. Развітаўся з нябожчыкам 14 верасня» [63].

Калі-нікалі Нарбута ахопліваў сапраўдны адчай, 20 студзеня 1846 г. ён піша: «О, Божа! Як тут глуха на вёсцы! Каб не кніжкі і адвечныя справы Боскія і людскія, згінуў бы ад нудоты ў гэтыя вартыя жалю часы» [64].

Думаю, што Тэадор Нарбут, як і кожная творчая асоба, калі адчуваў, для чаго ён жыве, разумеў, што павінен зрабіць, што ніхто акрамя яго гэтага не зробіць, што ён павінен зрабіць тое, для чаго прыйшоў на гэты свет, павінен выканаць свае жыццёвае прызначэнне. Падобнае разуменне ўласціва творчым асобам і дапамагае ім жыць.


28 студзеня 1845 г. Тэадор Нарбут пісаў сябру: «... як толькі вырашу хатнія справы, хачу быць у Вільні. Мне даручылі працу начарціць план фасада і г. д. касцёла, які маюць будаваць у Эйшышках. А таксама зрабіць разлік матэрыялаў, работнікаў і коштаў. Таму, нягледзячы на ўзрост, давялося ўзяць у рукі цыркуль і пэндзаль. Удалося прыдумаць прыгожую форму для Панскай святыні, гатовыя ўжо малюнкі даслаў кс.-біскупу Каліноўскаму, а падлікі толькі ўчора закончыў. Паедуць яны ў Пецярбург» [65]. Вядома, што мураваны касцёл Ушэсця Хрыста ў 1847-1852 гг. з адасобленай ад яго званіцай, вышынёй у 40 м, быў пабудаваны па праекце Тэадора Нарбута.

Зразумела, што Тэадор Нарбут працаваў не ўвесь час, з перапіскі можна даведацца і пра яго адпачынак. У архіве яго дачкі ёсць верш Нарбута пра казіно ў Лідзе, напісаны ў 1823 г., дзе ён без сумнення бываў на кантрактах ці з іншай нагоды [66]. Рускі афіцэр Андрэй Розен апісаў адпачынак у гэтай лідскай установе ў 1821 г.: «У Лідзе ў святочныя і нядзельныя дні арганізоўваліся забавы [...]. Для павелічэння танцавальнай залы разабралі сцяну і злучылі два сумежныя пакоі. У выніку, у сярэдзіне залы ўтварылася невялікая ўпадзіна, і мы, танцуючы вальс, уздымаліся ўверх і ўніз, але гэта не перашкаджала танцам і весялосці пад музыку яўрэйскага аркестра і пры святле сальных свечак. Як заўжды танцы скончыліся на світанку ...» [67].

Верагодна, у той час ужо немалады і глухі гісторык не надта цікавіўся танцамі, але Тэадора Манчунская падае ў сваім рукапісу яго вершаваны тэкст на матыў паланэза [68], які Нарбут танчыў сам і любіў больш за ўсе іншыя танцы: «Любімай музыкай майго цалкам пазбаўленага слыху таты быў паланэз. З-за слыху ён цалкам перастаў чуць музыку, хоць раней сам граў на скрыпцы. У яго памяці засталіся толькі такты паланэза, і ён часта яго спяваў, пры гэтым пытаўся ў нас, ці не фальшывіць? Паказваў нам, як раней танчылі, як раней здымалі шапку перад дамай, прыкленчваючы пры гэтым і абапіраючыся на карабелю [69], і ні адны імяніны ў нас ці збор гасцей не абыходзіліся без таго, каб наш бацька не загадваў граць паланэз. Ён не чуў музыку, але вёў даму ў першай пары праз усе пакоі і ў апошнім паварочваў» [70].

Тэадор Нарбут усё жыццё пісаў вершы, частку з якіх пакінула ў сваім архіве яго дачка Тэадора Манчунская, але пісаў «для сябе» і не лічыўся добрым паэтам, яго дачка ўспамінала: «Мой бацька нарадзіўся яшчэ пры падзелах, а яго лютня нарадзілася ў 1798 г. ва ўзросце 14 гадоў, хоць яе і немагчыма параўнаць з лютняй Адама [Міцкевіча] …» [71], - верагодна свой першы верш Нарбут напісаў у 14 гадоў.

Для гісторыка, як і для іншых асоб, перапынкамі ў бытавой нудзе былі розныя здарэнні, пра якія ён таксама пісаў свайму сябру. 30 жніўня 1842 г. Нарбут паведаміў доктару пра дзіўную падзею, якая раней адбылася ў Лідскім павеце: «Жыхар Лідскага павета Якімовіч узяў у арэнду па-францішканскі кляштар і жыве там ў келлі гвардыяна. Ён хацеў перарабіць спальню і за старой абіўкай знайшоў лацінамоўны рукапіс, напісаны вельмі старым почыркам, у якім меўся рэцэпт нейкага таямнічага спірту. Можа гэта быў рэцэпт алхіміка Твардоўскага ці Парацэльса? Захацеў паспрабаваць. Самым цяжкім было знайсці дзяўчыну. Знайшоў, наладаваў апарат, на які ў пэўнай позе села дзяўчына з нейкімі зёлкамі ў руках і з вянцом з зёлак і пёраў птушкі савы на галаве. Справа адбывалася ў поўнач. Тым часам апарат нагрэўся, колбы і рэторты ўзарваліся і разарвалі дзяўчыну на кавалкі. Сам Якімовіч атрымаў апёкі, ад якіх памёр, кляштар ледзь уратавалі. Гэта адбылося ў Лідскім павеце, у ліпені, у кляштары Шайбакполе» [72]. Інфармацыю пра падзеі ў Шайбакполі гісторык прасіў перадаць аптэкару Савіцкаму.

Пра гэты выпадак, Нарбут напісаў у сваёй кнізе [73]. Са спасылкай на Нарбута, паведамляў пра яго і Міхал Шымялевіч: «Ён (Якімовіч) пасля закрыцця кляштара францысканцаў у Шайбакполі Лідскага павета атрымаў у валоданне ад скарбу фальварак з сялянамі і гаспадарскія пабудовы былога кляштара, дзе і жыў. Падобна, што рамантуючы будынкі, ён знайшоў на кляштарным паддашшы, заваленыя рознай непатрэбнай мэбляй старыя паперы і стосы друкаваных кніг. Кнігі і паперы былі ўжо збуцвелыя і паедзеныя мышамі. З гэтых крыніц і быў напісаны біяграфічны нарыс біскупа. Таксама быў там збор рэцэптаў і сакрэтаў алхімічных, але гаспадар мне іх не паказваў. Згодна з нейкім рэцэптам, (Якімовіч) хацеў зрабіць нейкі бальзам. Для гэтага, як патрабаваў рэцэпт, ён знайшоў цнатлівую дзяўчыну ва ўзросце 18 гадоў. Уважліва вывучыўшы паперы, алхімік развёў агонь у пустых склепах пад былым касцёлам, пры гэтым агні прыставіў флягу ці шкляную колбу, а сам разам з дзяўчынай раздзеліся дагала і пільнавалі начынне колбы, якое складалася з гаручых матэрыялаў. Хутка колба лопнула, адбыўся моцны выбух агню, ад чаго сам алхімік і дзяўчына атрымалі апёкі, ад якіх хутка памерлі. Гэта было ў 1837 г. Якімовіч у гэты час меў 35 ці 37 гадоў узросту» [74].

З ліста ад 30 жніўня 1842 г. даведваемся пра падзеі, якія ў той час абмяркоўвала ўся Літва: «У нас расказваюць пра празарліўцу пані Грасыльду, некаторыя ездзілі і казалі пра цуды. Што пра яе ў вас кажуць?» [75].

Да гэтай тэмы Нарбут зноў вяртаецца праз паўтара года, вось фрагмент з ліста ад 7 снежня 1843 г.: «У вясковым грамадстве ідуць размовы пра празарліўцу Грасыльду Наркевіч, якую заможны Эйсмант прывёз у свой маёнтак пад Гародню і заняўся яе справамі. І з таго часу адбываецца цуд за цудам. Але падумай і скажы сваім разумным калегам-лекарам, што і раней былі празарліўцы, хоць нікому і не сніўся жывы магнетызм (гіпноз - Л. Л.). Паглядзіце толькі запісаны і надрукаваны ў Нясецкага ("Гербаж Польскі" Т. IX. С. 162-170.) вынятак з жыцця Зоф'і Тамінскай з Тыліцкіх (памерла ў Торуні 8 лістапада 1633 г.). Калі выключыць перабольшванні, наведванні д'ябла, вядзьмарства і дзіўнае бачанне сітуацыі яе біёграфам езуітам Бжэхвам, дык усяроўна яна будзе сапраўднай празарліўцай, якая з'явілася нам і сёння. Рэч вартая ўвагі. І добра было б знайсці кніжачку Бжэхвы, тытул кніжкі ёсць у Нясецкага, і яна мусіць быць недзе ў бібліятэцы якога з віленскіх кляштараў. Вось, каб хто пашукаў! Бо Нясецкі перадаў толькі змест, а можа і сам нешта прыдумаў» [76], - як бачым Нарбут дастаткова сур'ёзна ставіўся да «празарліўцы» і пры яго эрудыцыі, ведаў падобных, знаных у гісторыі, асоб.

Аднак артыкул у «Гарадзенскай губернскай газеце» ад 16 сакавіка 1844 г. у раздзеле ўрадавых абвестак, паставіў кропку на лёсе гэтай «празарліўцы»: «З некторага часу сярод жыхароў Віленскай і Гарадзенскай губерняў, дзякуючы незвычайнай эфектыўнасці лячэння хвароб, якое на кожны маладзік рабілася падчас магнетычнага сну, стала вядома імя празарлівай шляхцянкі з Ашмянскага павета Віленскай губерні Грасыльды Наркевіч. Яна некаторы час жыла ў Гарадзенскай губерні ў мястэчку Воўпа. Найвышэйшым загадам з Пецярбурга быў прысланы адукаваны медык і пасля яго самых старанных назіранняў і доследаў, а таксама сумесных назіранняў разам з мясцовымі лекарамі на працягу двух маладзікоў, было выяўлена, што шляхцянка Наркевічова, якая перыядычна пакутавала нярвовай хваробай, не валодае ніякімі ўласцівасцямі празарліўцы і што прычынай распаўсюджвання чутак пра яе цуды была з аднаго боку народная схільнасць верыць ва ўсё звышнатуральнае, а з другога зацікаўленасць мужа гэтай жанчыны, які зарабляў грошы на наведвальніках. У выніку некалькіх незвычайных, але лёгкавытлумачальных выпадкаў з ёй і пайшлі пагалоскі пра цуды. Таму мясцовая ўлада, каб не дапусціць распаўсюду неабгрунтаваных чутак, выдала пастанову, якая забараніла збор цікаўных у Наркевічовай падчас яе нервовых прыступаў» [77].

І тым не менш пры канцы 1846 г. ён зноў пытаецца ў доктара Рэніера: «У нас кажуць, што ў кашарах, былым касцёле св. Ігнація, адбыліся нейкія цуды, якія вядомы ўсёй Вільні. Ці чуў пра іх? Пабожныя спевы, езуіцкая ютрань і г. д.» [78].

Дзеці Нарбутаў у юнацтве

Падобна, дзеці гісторыка не праяўлялі асаблівай цікавасці да гісторыі. Напрыклад, старэйшы сын Людвік Нарбут маляваў карты і перапісваў старыя дакументы толькі па загадзе бацькі, а цікаўнасць да старых кніг у малодшага сына Станіслава Нарбута (1853-1926) з'явілася толькі тады, калі яго бацька даўно ўжо памёр [79].

З ліста ад 3 жніўня 1845 г. даведваемся, што Тэадор Нарбут з 24 па 29 ліпеня быў у Вільні, «памясцілі Людвіся і Алеся ў п. Рачковіча, настаўніка ланкасцерскай школы. Для дзяўчат прымаем гувернантку, ужо дамовіліся ў Вільні з паннай Хоўвальд» [80].

Людвік Нарбут.

Людвісь - знакаміты сын Тэадора Людвік Нарбут. Алесь - сын Алозій-Аляксандр, 1835 г. н. афіцэр арміі, удзельнік абароны Севастопаля, захаваліся яго лісты з хадайніцтвам за бацьку і маці і адказ Мураўёва-вешальніка. У 1864 г. ён выйшаў у адстаўку ў чыне штабс-капітана. Далейшы лёс яго невядомы.

Тэадора Маньчунская з Нарбутаў (Тося).

З жонкай Крысцінай з Садоўскіх (Krystyna z Sadowskich Narbuttowa, 1803-1899) Тэадор Нарбут меў ажно адзінаццаць дзяцей, трое з якіх памерлі ў раннім дзяцінстве. Цікавая і нават сенсацыйная для тых часоў дэталь - адносіны Нарбута з Крысцінай былі афіцыйна ўзаконены толькі ў 1840 г. праз шлюб у Нацкім касцёле. У гэты час у сям'і падрастала ўжо пяцёра дзяцей (першынец Людвік нарадзіўся ў 1832 г. і да шлюбу бацькоў рос як Садоўскі) [81]. Тэадора Манчунская запісала аповед свайго бацькі, з якога бачна, што гісторык меў добрае пачуццё гумару: «Нехта з гараджан ішоў каля руін Лідскага замка і пачуў адтуль галосную гаворку, а вядома было, што там часта чуліся галасы д'яблаў. Спалоханы гараджанін упаў пад мур - аказалася, што на гэты раз чутна была не размова д'яблаў, але з замка даносіўся скрыгат зубоўны, плач і лямант - новапрыбыўшы і цалкам няшчасны д'ябал, тлумачыў іншым прычыну свайго плачу: "Марачэўскі спавядаўся, а Нарбут ажаніўся", - вось чаму д'яблы скавыталі хорам. Марачэўскі быў хлусам і бязбожнікам, а пан Тэадор ажаніўся толькі, калі меў ужо 5 дзяцей. І страціўшы такіх грэшнікаў, д'яблы ўпалі ў роспач» [82].

Заўважу, што Тэадор Нарбут хоць і любіў пагаварыць пра духаў, але быў вернікам і больш за ўсе іншыя святы, «шанаваў і вельмі любіў дзень св. Казіміра, у гэты дзень, ён адзначаў і свята роду Ягайлавічаў. Звычайна ў гэта свята над палямі ўжо бачылі жаўрука. Бацька купляў для нас абразкі гэтага святога бо ў яго сэрцы жыла любоў да св. Казіміра. Кожны год у гэты дзень я мусіла чытаць яму ў голас жыццяпіс і казанні, напісаныя кс. Скаргам. Потым я была моцна ўражана, што гэтага святога не вельмі добра ведаюць ва ўсім каталіцкім свеце» [83]. Што не дзіва, бо св. Казімір - патрон гістарычнай Літвы, ён вельмі шануецца ў нас і мала вядомы ў астатнім свеце. У сучаснай летувіскай гістарыяграфіі Ягайла не ёсць вялікі герой, такой асобай з'яўляецца яго стрыечны брат Вітаўт. Таму, з аднаго боку, святкаванне Нарбутам дня роду Ягайлавічаў з'яўляецца цікавай адзнакай, але з другога боку, нацыянальны пантэон летувісаў у той час яшчэ не склаўся.

Пэўна, Тэадор і Крысціна Нарбуты ўзялі шлюб да кастрычніка 1840 г., бо з ліста ад 27 кастрычніка 1840 г., даведваемся пра новую ахмістрыню Шаўроў, якую завуць Юстынай (зразумела, што гаспадыняй дома раней была Крысціна): «Я нідзе не быў. Пасля гэтых дажджоў заняты фабрыкамі. Вечарам з серады на чацвер у мяне быў прыпадак. З боку сада, злодзей выбіў шыбу і ўлез у пакой. Ён скраў са стала падсвечнікі, бо думаў, што яны срэбныя, насамрэч яны толькі маюць пакрыццё. Юстына пачула шум, падумала, што кот разбіў шкло, загадала падаць агонь, і кот на двух нагах, але без хваста ўцёк праз тую ж дзюрку, у якую ўлез. Не магу зразумець, адкуль узяўся такі смяльчак. Бо такога ў нашых краях ніколі раней не было» [84]. Для смелай ахмістрыні і для гувернёра сваіх дзяцей, Нарбут купляў не танныя ў той час кнігі, гэтак 20 снежня 1842 г. ён прасіў доктара купіць для яе малітоўнік «Залаты алтарык» у прыгожай вокладцы [85], а 7 снежня 1843 г. даслаў цэлы спіс (рэестрык) кніг, якія жадаў мець «наш гувернёр» [86], які займаўся выхаваннем дзяцей гісторыка.

Вядома што гувернёрам у сям'і Нарбутаў быў паэт і этнограф Уладзіслаў Абакановіч. Са сваіх маладых гадоў ён быў сябрам Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), любіў дзяцей і таму з ахвотай браўся за іх навучанне. Быў настаўнікам у сям'і Тэадора Нарбута ў Шаўрах, потым пераехаў у блізкую да Шаўроў Начу і навучаў маладога Вандаліна Шукевіча. Абакановіч сабраў вялікую колькасць этнаграфічных матэрыялаў, нейкую частку з якіх потым надрукаваў Шукевіч.

Вось што ён пісаў пра гэтую важную для гісторыі Лідчыны постаць: «Не трэба даказваць, наколькі важна для даследчыка развіцця культуры вывучэнне такіх праяў духу, як народныя вераванні, павер'і і забабоны. [...] Гэты матэрыял, у значанай ступені, належыць сёння ўжо нябожчыку Уладзіславу Абакановічу, некалі сябру Сыракомлі і таксама паэту, чые ўдалыя вершыкі, падпісаныя псеўданімам «Вл. з Заціша» былі вядомыя 30 гадоў таму чытачам розных часопісаў («Opiekuna Domowego», «Przyjaciela Dzieci», «Tygodnika Mód» і інш.). Ён паходзіў са шляхты Троцкага павета, усей моцай сваёй душы любіў наш народ, у свой час быў разбуджаны Тышкевічымі, Кіркорам, Нарбутам (пад уплывам якога ён некаторы час знаходзіўся) і іншымі. Ён цікавіўся краёвымі справамі, што падказала яму неабходнасць збору вуснай народнай творчасці, якую ён і сам памятаў з дзяцінства і якую чуў падчас сваіх блуканняў па свеце.

Тут варта адзначыць, што не толькі сялянскія вёскі і засценкі дробнай шляхты забяспечвалі с. п. Абакановіча матэрыялам для яго збору - у сярэдзіне XIX ст. нават дворыкі і двары вышэйшай часткі землеўладальнікаў былі так жа прасякнутыя атмасферай забабонаў і павер'яў, як і ў часы палення ведзьмаў. І нават сёння не адна дачка шляхціца таксама прасякнута як верай у св. Андрэя, гэтак і верай у забабоны, і на вяселлі ў сяброўкі яна цягне вугал дывана, як і звычайная сялянка Кася, а шляхціц верыць у «злое вока», як і яго сусед, селянін Юрка.

Дзякуючы менавіта гэтаму, с. п. Абакановіч сабраў вялікую колькасць народных забабонаў выключна ў Віленскай губерні, і, калі б яго зборы захаваліся ў цэласнасці, яны былі б вялікім укладам у вывучэнне фалькларыстыкі. На жаль, у апошнія гады свайго жыцця ён перастаў цаніць тое, што калісьці было надзвычай дарагім для яго, і палічыўшы свой збор некаштоўным, шмат што з яго спаліў. Засталіся толькі рэшткі, якія трапілі ў мае рукі пасля смерці гаспадара.

Гэтыя рэшткі, якія складаюцца з павер'яў, забабонаў, вядзьмарстваў, варажбы і г. д., некалі здабытых с. п. Абакановічам сярод розных класаў нашага краю ... [былі надрукаваны].» [87].

Дадам, што гувернёр дзяцей Нарбута і настаўнік Вандаліна Шукевіча Уладзіслаў Абакановіч, навучаў дзяцей граматыцы і каліграфіі, пісаў для іх вершыкі, якія вучылі дзяцей патрыятызму і дапамагалі разумець самыя цяжкія праблемы гісторыі, вучыў дзяцей любіць і разумець сапраўдную літаратуру.

Абакановіч застаўся ў Начы як сябар і амаль што член сям'і Шукевіча. Займаўся тут агародніцтвам, тут жа памёр і быў пахаваны. Таму, неабходна заўважыць, што ўсе этнаграфічныя матэрыялы Абакановіча належаць Лідскаму павету (які ў той час знаходзіўся ў Віленскай губерні) і нашаму беларускаму народу [88].

Трэба адзначыць, што дачка Вандаліна Шукевіча, збіральніца беларускага фальклёру Ванда-Аліна (28.11.1885-1911) выйшла замуж за ўнука гісторыка Тэадора Нарбута - таксама Тэадора Нарбута [89] (1881 г. н., сын Баляслава).

Вось такія асобы гуртаваліся вакол нашага гісторыка Тэадора Нарбута.

Не магу не заўважыць, што замілаванне нашай гісторыяй, ад Тэадора і Юстына Нарбутаў, сімвалічна, перайшло да яго суседа Вандаліна Шукевіча, той перадаў гэтую святую паходню пакаленню, якое групавалася вакол выдання «Лідская Зямля» (самым выбітным сярод іх быў Міхал Шымялевіч [90] - лідскі радны ад Таварыства беларускай школы) і ад іх, праз выбітных краязнаўцаў, рэдактара «Лідскай газеты» Аляксандра Жалкоўскага і майго школьнага настаўніка Анатоля Куляша, перайшла да нашага пакалення. Гэтак, на працягу больш за 200 гадоў, трымаецца непарыўная сувязь пакаленняў даследчыкаў гісторыі Лідчыны і будзе трымацца далей.


Ва ўспамінах дачкі Нарбута маюцца некалькі цікавых эпізодаў з жыцця сям'і ў Шаўрах: «Бацька не любіў палявання, не дазваляў лавіць рыбу ў ставе і рацэ, якія яму належалі, таксама не было вольным выцінаць дрэвы ў гаях, а тым больш у садзе.

Ёсць адна важкая дэталь дзяцінства, якая добра захавалася ў маёй памяці. Людвік, як звычайна, з дзяцінства будаваў умацаванні і гуляў у вайну. Маладыя браты, мая сястра і я былі жаўнерамі, а пляц для ўмацаванняў знаходзіўся ў садзе. Мы пашыхтаваліся і хутка павінна была пачацца бітва. Я не выказвала вялікай адвагі, але як больш старэйшая па ўзросце была пастаўлена на муры з саломы - сам Людвік паставіў мяне за валы фартэцы.

Вал быў вышэй за мяне на галаву, і трэба было стаяць на падстаўцы. Каб яе зрабіць, Людвік ссек сякеркай галінку бярозы. У гэты момант бацька ішоў праз алею і ўбачыў гэта. У гневе ён закрычаў на Людвіка: "Ты не мой сын", - і пакрыўджаны пайшоў да сябе. Людвік плакаў за дрэвам, а яго жаўнеры стаялі ў роспачы. Усе не смелі прасіць у бацькі прабачэння, і толькі я, заахвочаная маці, без страху пайшла ў яго пакой. Я ўбачыла яго лагодны твар, добрую ўсмешку і папрасіла прабачыць віну Людвіка.

"Прывядзі яго сюды", - сказаў бацька мне. Я стала паслом добрай навіны, але Людвік доўга не мог паверыць у такое шчасце і потым заўсёды памятаў пра гэтае здарэнне.

Яшчэ адна камічная прыгода адбылася, калі я ўжо была паненкай. Франусь з чарэшні кідаў мне ягады, ён заўважыў бацьку, які ішоў у сад і сканфузіўся, бо на галінцы дрэва быў у ботах (гэта нішчыла дрэва), брат пахіснуўся і галінка зламалася. Тады ён крадучыся злез на зямлю і ўцёк. А я паспяшала спаткаць бацьку і накіраваць яго шлях у іншую частку саду. Бацька схамянуўся бы ад зламанай Франусем галінкі, і ён - ужо вялікі хлопец - меў бы цяжкія хвіліны.

Бо сыноў бацька трымаў грозна і сурова. Пасля вяртання з Каўказа, Людвік не мог выехаць з дому без згоды бацькі, а мусіў працаваць, маляваць карты і абавязкова перапісваць [тэксты]. Ніхто з братоў не смеў усміхацца пры бацьку, а ні тым болей паліць тытунь ці ўзяць каня. Дочкі, і асабліва я, мелі іншыя прывілеі. Мы маглі вольна сядзець пры ім, ён браў нас на рукі і цалаваў, мы часам асмельваліся гладзіць яго бараду ці цалаваць у твар. Прывучаў нас да працы, яму спадабалася, калі мы рабілі малыя ватнія падушачкі для іголак і інш., такія малыя падарункі ахвотна прымаў ад нас і збіраў іх калекцыю. Яго заўсёдны добры гумар і сістэмнае стаўленне рабіла нас пэўнымі ў тым, што бацька нас любіць і зычыць нас дабра, але ён не цярпеў нашыя капрызы і фантазіі» [91].

Віленскі мемуарыст Станіслаў Мароўскі пісаў пра старадаўнія літоўскія шляхецкія правілы, якія дзейнічалі яшчэ ў сярэдзіне XIX ст.: «Сын ёсць поўная ўласнасць бацькі. Ганьбі і карай сына калі ён дрэнны, каб стаў лепшым. А калі ён добры, ганьбі яго і карай, каб не сапсаваўся» [92].

Дадам, што бацькі заўсёды строга ставяцца да сваіх сыноў, бо інтуітыўна жадаюць, каб з іх выраслі нераспешчаныя мужчыны, і наадварот, любяць і песцяць сваіх дачок. Пра такое стаўленне да сваіх дзяцей, можна прачытаць у розных успамінах, напрыклад, з ўспамінаў Алены з Іваноўскіх даведваемся, што сыны гаспадара маёнтка Лебёдка ў Лідскім павеце, запомнілі свайго бацьку Леанарда Іваноўскага (будучага тайнага дарадцу) негаваркім і строгім, ён любіў і песціў толькі сваю дачку Алену (у замустве Скіндар), а да сыноў ставіўся сурова, і яны яго нават баяліся [93]. Другім па ўзросце сынам ў сям'і Іваноўскіх быў знакаміты Вацлаў.

Улюбёным месцам адпачынку дзяцей Тэадора Нарбута была крыніца недалёка ад маёнткавага дома: «Крыніца! Прадмет вялікіх намаганняў майго бацькі, бо з яе чэрпалі самую здаровую ваду для піцця і для гарбаты. Да яе вяла выбрукаваная сцежка паміж вольхамі, якія здалёк рабілі ўражанне быццам бы дубовага гаю. Гэта прыгожая альшына ў маёй маладосці стварала непраходны і небяспечны зялёны гушчар, у якім было шмат малінаў і парэчкаў. Раскоша для дзяцей! Якая гэта была радасць, калі каму-небудзь з нас давяралі татаў кубак, каб зачэрпнуць і прынесці яму крынічнай вады - гэта заўсёды было сапраўднай узнагародай за нашы поспехі ў навуках ці, часцей, у працы. Калі я апускала кубак на дно крыніцы, дык была такая шчаслівая, што мяне нават не вабіла ідылія навокал. Крыніца была агароджана плотам, сплеценым з галля, ад завеі і лісця, яна была празрыстая, як люстэрка. Вузенькі раўчук цёк з яе да бліжэйшай рачулкі-свавольніцы.

Улетку на Купалу, вечарам мы ўбачылі страшную непрыемнасць - камяні ў крыніцы, і браты мусілі яе ачышчаць. Людвік звыкла кіраваў гэтымі работамі. Нашы вольхі былі слізкімі, і таму ручнікі і сукенкі хутка пафарбаваліся ў зялёны колер.

Мы тут бавілі час, маглі купацца, і рэха далёка разносіла нашы спевы, далей, чым цякла наша рачулка. За 200 крокаў ад дома раслі лілеі і нават бэз. Любімыя вольхі і крыніца!» [94].

Згадвае Тэадора Манчунская пра крыніцу і ў часы паўстання 1863 г.: «У час паўстання, ці зоркі мне падказалі, ці знаёмыя гукі пачула маё вуха, я знайшла тут брата Баляслава. Жаўнераў, якія яго шукалі, гэтае месца з вольхамі не зацікавіла, бо з боку выглядала, як балота. Яны бегалі навокал і шукалі слядоў на вытаптанай сцежцы, а каля крыніцы спакойна сядзеў Болюсь, ён непакоіўся толькі за нас.

Не раз я паіла там паўстанца і яго каня, за што мяне назвалі Рэбекай ці добрай самарыцянкай. Неяк мая сяброўка, не ведаючы пра крыніцу, выпадкова дайшла да яе і ўсхвалявалася, бо ўбачыла нечаканае відовішча. З таго часу яна ўсё зразумела і пачала добра мне дапамагаць. Адзін раз мы панеслі два збанкі - адзін з ежай, а другі пусты, нібы па ваду, на выпадак жаўнераў. Але не знайшлі нашых згаладалых ні каля крыніцы, ні каля ракі і таму больш асцярожна пайшлі далей. Ідзём, як быццам па матылі ці ў ягады. Ідзём і прыслухоўваемся. Мой малодшы брат Баляслаў ужо нейкі час назіраў за намі, і, убачыўшы ва ўсім гэтым нешта камічнае, засмяяўся і закрычаў па-маскоўску: "Что вы делаеце?" Мы адразу схавалі збаны ў лесе і праз некалькі хвілін выйшлі з пустымі рукамі. Не дзіва, што мне немагчыма забыць гэтае месца, бо хутка, у наступныя дні, Людвік павёў паўстанцаў на слаўны бой.

Я выратавалася праз уцёкі, і перад маімі вачамі часта паўстае тая хвіля, яна прыходзіць, яна не адпускае мяне і нават ў ва сне я ніколі не вагаючыся, выскокваю ў сад і бягу да крыніцы. Потым я заўсёды буду жыць паміж чужых людзей» [95].

Тэадор Нарбут - прыхільнік «арганічнай працы»

Звяртаюць на сябе наступныя радкі Тэадора Нарбута з ліста да доктара Рэніера: «Я хацеў далучыцца да выдавецтва Пшаздзецкага і Грабоўскага, але мае мецэнаты - тыя, хто дае мне матэрыялы, на гэта не згодны. Яны толькі жадаюць, каб Літва была асобнай, бо палякі мелі ці маюць звычку ўзвышацца над намі, ліцвінамі, і нібыта прымяншаюць значнасць большай часткі нашых тэкстаў» [96]. Як бачым, Нарбут меў уплывовых мецэнатаў, мэты якіх не зусім супадалі з мэтамі іншых, знаёмых яму, асоб. Варшаўскае выданне, у якім была надрукаваная перапіска Нарбута з Рэніерам, пракаментавала думку гісторыка наступнымі словамі: «Крыніцы да польскай гісторыі» (Zrzódła do dziejów polskich...), якія выдавалі Пшаздзецкі і Грабоўскі, а кіраваў Мікалай Маліноўскі, наогул, не заслугоўваюць такіх ацэнак. Верагодна, «мецэнаты» нават не бачылі выданне, супраць якога выступалі» [97]. Але, усё ж пакінем за Нарбутам і яго атачэннем права на асабістае меркаванне, тым больш, што аналагічная думка выказваецца гісторыкам яшчэ ў адным лісце да доктара Рэніера: «Праз пасланца я атрымаў ліст з літаратурнымі заўвагамі, якія знаходжу справядлівымі, хоць і крыху перабольшанымі. Наша літаратура заўсёды знаходзілася ў дрэнным стане і сама сабе рабіла перашкоды для аднаўлення нават у цудоўныя часы Жыгімонта Аўгуста. Сёння, разам з упадкам народа, не дзіва, што, нягледзячы на намаганні адпаведна настроеных людзей, ёй цяжка стаць на ногі. Мае думкі цалкам у мінулым, і, можа, таму я не бачу добрай будучыні, але, можа, я і пішу глупства.

Польскія гісторыкі і даследчыкі заўсёды нас, ліцвінаў, прыніжалі і прыніжаюць, нават сёння, апісваючы нашых герояў, Крашэўскі [98] перайначвае імёны: з Міндоўга зрабіў Міндаўса - так у нас сабак называюць. Яго дзецям ён дае нейкія неверагодныя імёны і нерыфмаванымі, дрэннымі вершамі, расказвае пра істоты, якія нікому ў нашым краі нават і не сніліся. Дык вось таму, з-за гэтых і падобных прычын, трэба збіраць помнікі літоўскага духу і паказваць, што мы іх шмат маем і яны лепшыя за польскія» [99].

Вядома, што Тэадор Нарбут быў прыхільнікам так званай «арганічнай працы». Ідэі «арганічнай працы» былі распрацаваны польскімі пазітывістамі ў XIX ст. Пад «арганічнай працай» мелася на ўвазе сацыяльная, навуковая, асветніцкая і мастацкая дзейнасць, якая магла складацца з самадапамогі, спрыяння эканамічнаму развіццю краю і развіццю простых людзей, стварэнню бібліятэк, шматлікіх перыядычных выданняў і навукова-асветніцкіх таварыстваў. Творцы павінны былі пісаць кнігі, карціны ці музыку, а не займацца падпольнай палітычнай дзейнасцю. У выніку, менавіта такая праца павінна была прывесці да мірных і станоўчых зменаў у грамадстве [100].

Прыкладна пра гэта пісаў Тэадор Нарбут у прадмове да II-га тома сваёй «Гісторыі …»: «З нараджэння ліцвін, з маладосці жаўнер, выхаваны на прынцыпах любві да цноты, праўды і гонару, але здароўе, аслабленае калецтвам, набытым у прафесіі, не дазваляе служыць манарху ні ў полі, ні за сталом дзяржаўнай службы. Колькі прычын я знаходжу, каб узяцца за працу! Колькі надзей, якія суцяшаюць душу, нараджаюцца ў маім розуме! Калі я адчуваю недахоп здольнасцяў і жадання завяршыць свой праект і выканаць свой план, ці калі я адчуваю патрэбу ў страшэннай колькасці матэрыялаў, тады я спадзяюся пераадолець усе перашкоды праз гарачае жаданне быць карысным для грамадства і глыбока ўкаранёнае ў глыбіні маёй душы пачуццё абавязку» [101].

Стварэнне праграмы і ідэалогіі «арганічнай працы» ўзяла на сябе, сярод іншых, група пісьменнікаў і палітыкаў, якая гуртавалася вакол Генрыка Ржавускага [102]. Натхнёны ім з'езд кансерватыўнай шляхты адбыўся ў чэрвені 1841 г. ў г. Чуднава (Украіна), дзе былі закладзены асновы кансерватыўнай праграмы, галоўным тэарэтыкам якой быў сам Ржавускі. Гэта была праграма замірэння з Расіяй як апорай кансерватыўнага, феадальнага ладу і рашучая барацьба з «бунтамі, пагромамі, святатацтвамі і рабункамі». Група выступала за захаванне прыгону і адмовы ад памкненняў да палітычнай незалежнасці [103].

Пасля паўстання 1831 г., калі Вільня страціла свае асяродкі вышэйшай адукацыі і па колькасці надрукаваных выданняў з другога месца пасля Варшавы, адышла на 4-е (наперад яе выйшлі Кракаў і Львоў), лідары думак нашага краю таксама пачалі схіляцца да так званай «арганічнай парцы», і падпольная дзейнасць патроху страчвала сваю папулярнасць. Ад канспіратыўнай працы адмовіўся калега Адама Міцкевіча па ўніверсітэце Антон Адынец і адзін з кіраўнікоў філарэтаў Мікалай Маліноўскі, які ў свой час адбываў тэрмін у вязніцы [104].

Гісторык, археограф і выдавец гістарычных крыніц Маліноўскі граў вялікую ролю ў інтэлектуальным жыцці Вільні, вакол яго гуртаваліся былы прафесар права Юзаф Ярашэвіч, гісторыкі Адам Ёхер, Міхаіл Балінскі і Тэадор Нарбут [105]. У сваіх успамінах Маліноўскі пісаў: «Пры Мiркавiчу [106] ў Вiльнi было спакойна, канфіскацыі і пераслед пераканалі віленскую публіку, што эмісары (падпольных таварыстваў - Л. Л.) самі гінуць і іншых губяць, таму яна і не належала да ніякіх таварыстваў. Кожнае … паўстанне, кожная наша параза былі жнівом для расійскіх чыноўнікаў» [107]. Падобных жа думак прытрымліваліся Ігнацый Крашэўскі, Адам Кіркор, Тэадор Нарбут [108] і Яўстах Тышкевіч [109]. Аднак і прыхільнікам «арганічнай працы» часта даводзілася патаемна рэалізоўваць свае планы.

І тым не менш дзеці Тэадора Нарбута атрымалі звычайнае для шляхты таго часу, выхаванне ў патрыятычным духу, пра што пісала яго дачка Тэадора Манчунская: «Памятаю яшчэ адзін выпадак з нашага дзяцінства. Муштравалі жаўнераў, якія стаялі ў нашай вёсцы. Недалёка ад нашага саду стаялі афіцэры, абапёршыся плячамі на частакол. Мы з братамі Францішкам і Баляславам хутка падбеглі да частаколу з другога боку, так каб нас пачулі, і пачалі нястройнымі дзіцячымі галасамі спяваць "Мазурку Дамброўскага". Спадары афіцэры можа нават і не звярнулі на нас увагі, але нам здавалася, што мы мусім загінуць з-за гэтага гераічнага чыну і што на нас нападзе цэлы эскадрон. Потым мы дамовіліся чакаць жаўнераў у іншым месцы і хутка тое ж самае прапелі ў кустах агрэсту. […] Неяк, памятаю, ў бацькоўскім доме, я ўбачыла жаўнера, які краў у гародзе гародніну. Такая агіда мяне ахінула, што я паклікала братоў Францішка і Баляслава, і мы разам прагналі яго з гарода - ён уцёк ад нас!» [110].

Акрамя літаратурнай ці навуковай творчасці, часткай «арганічнай працы» магла быць руплівасць у справе захавання нашай гістарычнай спадчыны. Працытую вялікі фрагмент успамінаў рэктара лідскай піярскай павятовай вучэльні Язафата пра ратаванне Нарбутам Лідскага замка: «На шчасце замак у вачах урада займеў каштоўнасць, і таму мае з яго боку абарону ад знішчэння рукамі людзей. Указам цара ... распачата справа аб разбурэнні Лідскага замка ў 1840 г. Пан лідскі гараднічы, падпалкоўнік Стугін вырашыў вымураваць масток цераз рэчку Каменку і пачаў рабіць яго з камянёў, якія валяліся каля дарогі пры замку. Аднак да муроў не дакрануўся. Тым не менш пачаліся размовы, і па павеце распаўсюдзілася навіна, што гараднічы разбірае замак. Хутка гэтая навіна дайшла на Нарбута, гістарыёграфа Літвы. У нашай мясцовасці ён быў руплівым абаронцам замкавых парэшткаў, пра разбурэнне замка ён данёс губернскаму ўпаўнаважанаму, і той распачаў следства. Гараднічы даводзіў, што яго недарэчна абвінавацілі, але пасля далучэння Лідскага павета ... да Віленскай губерні, з Вільні было загадана: "Привести в первобытное состояние". Гараднічы ў рапарце справядліва адказаў, што гэтага зрабіць немагчыма, бо для гэтага, трэба пабудаваць новы замак. Аднак у новым указе было напісана: "Привести … в первобытное состояние. А за неисполнение записать Городничего в черную книгу".

Гараднічаму нічога не заставалася як пачаць працы па прывядзенні замка ў першасны стан. Калі ж Стугін распачаў працу, яго ж канцылярыст Яраслаў Ёлец, каб не было клопату, падаў наступную параду: адрапартаваць, што загад ужо выкананы і замак "приведен в первобытное состояние". Гэтак і зрабілі - гараднічаму справа ўдалася, бо на гэтым усё скончылася, і ўказаў больш не было» [111].

Хатняя бібліятэка і кабінет Тэадора Нарбута

Па словах дачкі Нарбута Тэадоры Манчунскай, якая ў сваю чаргу абапіралася на ўспаміны яе маці, калі гісторык толькі пачаў жыць у старым маёнткавым доме («у спадчыну яму засталіся руіны і запусценне»), ён на пачатку доўга пісаў за сціплым малым драўляным сталом, а вакол яго, на падлозе, ляжалі паперы і кнігі: «Не было ў яго ні вялікага стала, ні шафаў» [112]. Такім быў першы «кабінет» даследчыка.

Потым, у сціпла абстаўленым сядзібным доме ў Шаўрах самай прыгожай мэбляй была кніжная шафа ў кабінеце гісторыка. У складзеным 2 жніўня 1863 г. чыноўнікамі з Вільні інвентары сядзібы, побач з пафарбаваным у чорны колер пісьмовым сталом з бярозы, на якім былі напісаны ўсе тэксты Нарбута, пазначана і: «бібліятэка ў шафе з адной вялікай шкляной дзверцай і дзвюма меншымі і яшчэ адной меншай шафай наверсе». Але ў складзеным у 1864-1865 гг. каталозе гэтай бібліятэкі пазначаны тры шафы: «Кнігі захоўваюцца ў трох шафах і часткова ў верхняй шафе». У інвентарным апісанні бібліятэкі, калі яна ўжо была вывезена ў Вільню, зробленым 28 лістапада 1865 г., падрабязна апісаны не толькі пісьмовы стол («Просты драўляны стол на чатырох ножках з трыма шуфлядамі»), але і кніжная шафа коштам 30 руб: «Вялікая кніжная шафа: даўжыня 5 ½ аршына, вышыня 5 аршынаў (аршын роўны 0,7112 м - Л. Л.), большая пасярэдзіне - на 1 ½ аршына. Ясень, са шклянымі дзвярыма. У гэтай шафе захоўвалася бібліятэка Нарбута - усяго 840 экземпляраў розных кніг [113], якія па пастанове ўрада былі вывезены з маёнтка». Такім чынам кнігазбор Нарбута захоўваўся ў шафе са шклянымі дзверцамі, якая складалася з трох частак, наверсе шафы стаяла антрэсоль таксама са шклянымі дзверцамі. Вядома, што, часцей за ўсё кнігі расстаўляліся на паліцах у два рады але ў антрэсолях яны стаялі ў тры, а ў левай і правай частцы шафы - нават у сем радоў [114]. З-за такой складанай канструкцыі шафаў, якая, пэўна, склалася гістарычна, Каміла Юрэвіч з Нарбутаў пісала пра некалькі кніжных шаф у доме гісторыка [115].

Тэадор Нарбут нават пасяліў у сваім маёнтку Нача пераплётчыка кніг і, калі той выканаў работу ў бібліятэцы гісторыка, пачаў шукаць яму іншую працу: «Змілуйся, дашлі кнігі ў пераплёт, бо пераплётчык каля 200 тамоў ужо аправіў і не будзе мець што рабіць далей. … Калі маеш пераплесці якія кнігі, дык мой пераплётчык зграбна працуе. Бярэ 20 грошаў за кнігу, я плачу 8, бо даю яму разам з жонкай жытло» [116].

Цікава, што ў бібліятэцы Нарбута меліся 4 кнігі на летувіскай мове (сярод іх кніга яго сябра Даўконта). Пра свой узровень ведання летувіскай мовы Тэадор Нарбут пісаў у 1839 г. у лісце да Я. Памарнацкага: «... праўду кажучы, я мала змог навучыцца (летувіскай мове - Л. Л.), хоць я нарадзіўся і жыву ў вёсцы, дзе ёсць працавітыя летувісы, якія размаўляюць на гэтай мове» [117].

Але для нас асаблівую каштоўнасць мае цікаўнасць гісторыка да зборніка «Сялянскія песні з-над Нёмна і Дзівны» («Piosnki wieśniacze znad Niemna i Dźwiny «), які склаў Ян Чачот [118]. Вядома, што Чачот сабраў каля тысячы аўтэнтычных беларускіх народных песень і выдаў іх у шасці зборніках «Сялянскія песні…» у перакладзе на польскую мову, восьмую частку песняў ён апублікаваў у беларускім арыгінале. У сваёй прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» 1846 г. Чачот змясціў нарыс граматычных асаблівасцей беларускай мовы і ўпершыню паставіў пытанне аб прынцыпах будучага «крывіцкага» правапісу [119].

Вядома, што для сваёй працы Тэадор Нарбут карыстаўся рознымі кнігазборамі нашага краю, напрыклад, ва ўступе да 2-га тома сваіх «Дзеяў ...» ён пісаў: «Нягледзячы на значныя намаганні, працу і выдаткі, я не змог бы завяршыць сваю задуму, ці, быў бы вымушаны шукаць дапамогі ў бібліятэках сталіц розных краін, калі б мяне не падтрымалі мае суграмадзяне, якія прыхільна паставіліся да маёй працы. Бібліятэка ў Шчорсах, праз яе шаноўнага гаспадара, падтрымала маю працу шматлікімі рэдкім творамі, за што я павінен выказаць ёй вялікую падзяку» [120]. З гэтага фрагмента бачна, што Нарбут працаваў у знакамітай бібліятэцы ў Шчорсах.

Вядома, што наш гісторык таксама карыстаўся бібліятэкамі Вандаліна Пуслоўскага (Мерачоўшчына Слонімскага павета) і Адама Жагеля (Радзюны, Вількамірскі павет) [121].


Тэадор Нарбут быў не толькі заўзятым і руплівым бібліяфілам, але яшчэ ён заўсёды заахвочваў сваіх знаёмых да чытання, да пакупкі кніжак ці пазычаў ім свае кнігі: «Хай чытаюць». «Ён усімі спосабамі імкнуўся разбудзіць лянівых і навучыць іх чытаць» [122].

Тэадора Манчунская пісала: «Вестка пра тое, што мой бацька збірае кнігі, разышлася так шырока, што фурман нашай суседкі, які сам не ўмеў чытаць, калі быў у Вільні, за пару злотых купіў у яўрэя французскую кнігу спадарыні Сафіі Катэн (Sophie Cottin у дзявоцтве Risteau, 1770-1807 - Л. Л.) і як падарунак, прынёс майму бацьку: "Нарбут - такі пабожны пан, у яго столькі кніжак, дык я падумаў, няхай бы меў і гэтую. Мне, католіку, грэх было не купіць яе ў яўрэя!".

Памятаю, як узрадаваўся бацька такому падарунку, як ён загадаў падаць старку і выпіў з фурманам па кілішку, як ён быў крануты да слёз. Усё гэта здалося мне тады даволі дзіўным» [123]. І далей: «Віленскія яўрэі, як толькі ён [Тэадор Нарбут] з'яўляўся ў Вільні, весела прыносілі яму стосы кніг і трымалі дзверы кватэры ў аблозе. Бацька загадваў іх пускаць, пагладжваў ім бароды, ляпаў па плячах, купляў кнігі, заахвочваў і ўзнагароджваў. Гэтак працягвалася, пакуль мая маці, стаміўшыся ад назойлівасці купцоў, загадала іх больш не пускаць.

Памятаю, я атрымала ад бацькі ў падарунак скрынку са срэбнымі дзесяткамі і купіла яму ў падарунак кнігу Крашэўскага. Бацька быў не вельмі рады выбару кнігі гэтага аўтара. І я ледзь не плакала. Але ён загадаў аддаць кнігу назад яўрэю і памяняць яе на Мальчэўскага (магчыма, паэт Антоні Мальчэўскі - Л. Л.), кнігу якога разрэзаў і чытаў са мной у Вільні» [124].


Пасля смерці гісторыка маёнтак яго сям'і, падпаў пад секвестр, а кнігі былі перавезены ў Вільню і складзены ў адным з касцёлаў у чаканні арганізацыі Віленскай Публічнай бібліятэкі. Яна адчынілася толькі праз тры гады, а тым часам кніжны збор Тэадора Нарбута раскрадаўся. Пазней нейкая частка кніг Нарбута і сапраўды патрапіла ў Віленскую Публічную бібліятэку. А зараз яго кнігі рассеяны па зборах Вільні, Кракава і, магчыма, Львова [125].

На шчасце, захаваліся рукапісныя бібліяграфічныя апісанні бібліятэкі, зробленыя самім Тэадорам Нарбутам, якія даюць уяўленне пра яго бібліятэку. Напрыклад, у складзеным ім спісе сваёй бібліятэкі, ён, як прафесійны бібліёграф змест перыёдыка «Дзённік Віленскі» згрупаваў у пяць раздзелаў: «Навука і мастацтва» («Umiejętności i sztuki»), «Прыкладныя навукі « («Nauki stosowane»), «Мастацкая літаратура» («Literatura Nadobna»), «Гісторыя і літаратура» («Historya i Literatura») і «Навіны навукі» («Nowiny Naukowe»). Гэтыя раздзелы ў сваю чаргу падзяляліся на больш дробныя, напрыклад, першы меў наступныя падраздзелы: «Выхаванне моладзі» («Wychowanie młodzi»), «Філасофія» («Filosofia»), «Навука» («Umiejętności «), «Рэлігія» («Religija»), «Астраномія» («Astronomija»), «Сельская гаспадарка» («Gospodarstwo wiejskie»), «Матэматыка» («Matematyka»), «Фізіка» («Fizyka»), «Хімія» («Chemija»), «Метэаралогія» («Meteorologija»), «Заалогія» («Zoologija»), «Батаніка» («Botanika»), «Мінералогія» («Mineralogija»), «Геалогія» («Geognozija»), «Оптыка і жывапіс» («Optyka i malarstwo»), «Гідраўліка» («Hydrawlika»), «Геадэзія» («Geodezija»), «Адкрыцці і вынаходніцтва» («Odkrycia i wynalazki») і «Fizyologija roslinna» («Фізіялогія раслін») [126].

Трэба заўважыць, што для інтэлектуальнай часткі тагачаснага грамадства наяўнасць вялікай бібліятэкі і шыкоўнага пісьменнага была справай прэстыжу. Добрая хатняя бібліятэка з'яўлялася прэстыжнай неабходнасцю для яе гаспадара, гэтак было яшчэ і ў маім пакаленні. З маладосці ў мяне засталася зараз добра ўжо прарэджаная бібліятэка, якая налічвае сёння больш чым 1000 тамоў, але практычна ўсе кнігі для мяне ўжо замяніў кампутар. Я і сёння маю піетэт да папяровай кнігі, але каб не магчымасць доступу праз інтэрнэт да неверагодных у часы маёй маладосці кніжных скарбаў, не шмат бы я змог напісаць. І, ужо неаднаразова, на жаль, мне даводзілася бачыць знаёмыя з дзяцінства кнігі хатніх бібліятэк бацькоў маіх сяброў на сметніках, пасля смерці і продажу кватэры. Балючае відовішча ...

Пошукі Нарбутам навуковых кніг

У тым ліку і праз перапіску з Рэніерам, Тэадор Нарбут увесь час шукаў і заказваў сябе новыя кнігі: «Трэба выпісаць "Вільню" [127] Крашэўскага» [128], - піша ён 2 кастрычніка 1840 г. і праз 3 тыдні ў наступным лісце дадае: «Мне патрэбна Барбара з Радзівілаў Балінскага [129], том ІІ.» [130]. Ужо 24 лістапада 1840 г. паведамляе, што атрымаў «Барбару» [131] і просіць, калі гэта магчыма, «даведацца, ці ёсць у святара Баброўскага [132] выданне Міхалона Літвіна [133], экземпляр які ён купіў у Рыме пасля нейкага кардынала? Пра гэта мне казаў Анацэвіч [134] . Калі гэта так, дык якім чынам можна атрымаць доступ да гэтай кнігі, ці хоць атрымаць яе бібліяграфічны вопіс? Баброўскі жыве ў Шарашова. Я знайшоў у сябе рэдкі сшытак «Тыгодніка Віленскага» за 1804 г.» [135]. 30 лістапада 1840 г. гісторык просіць свайго сябра, калі той не палянуецца марозам зайсці ў кнігарню, спытаць, ці маюць яны кнігу Лелявеля [136] «Апошнія гады панавання Жыгімонта І» [137]. «Гэтую маленькую кніжку Завадскі [138] абяцаў мне прывезці з Варшавы» [139], і 5 лютага 1842 г.: «Я хацеў бы мець "Хроніку Віганда", выдадзеную ў Познані, пра якую ты мне паведаміў, па-польску і па-латыні. … Быў бы рады мець I, IX і X тамы Нясецкага [140]» [141]. І падобныя просьбы і запыты маюцца амаль што ва ўсіх лістах Нарбута да Рэніера.

Аніцэт Рэніер перадаваў свайму сябру спісы (ці каталогі) кніг, якія ён мог бы даслаць гісторыку. У красавіку 1842 г. Нарбут адказаў доктару: «Я вам вельмі ўдзячны і вельмі абавязаны за дасыланне звестак пра важныя і архіпатрэбныя кнігі. Кнігі трэба купіць. Дасылаю каталог дзе «+» пазначаны кнігі, якія абавязкова трэба купіць, «5» пазначаны не вельмі патрэбныя мне кнігі, але калі будуць грошы, іх можна набыць, тыя, перад якімі стаіць значок, можна купіць, калі яны танныя і хопіць касы. Тыя, нумар якіх перакрэслены, непатрэбныя. Не маю запасу грошай, бо пазычыў і на св. Юрыя чакаю, што вернуць. Таксама маю і вялікія расходы. Дасылаю асігнацыю ў 25 рублёў, астатнія з касы ці на абмен на экземпляр нашай «Гісторыі …». [...]

Вярнуўшыся з Вільні, дастаў рукапіс хронікі, напісанай нямецкім вершам у 1293 г., больш поўнай за друкаваную, якую меў раней. Там знайшоў біч на Даніловіча [142], аўтара завуць Дзiтлеб фон Алнпеке, ён быў крыжацкім трубадурам [143]. Даслана з Дэрпту. У гэтых фаліянтах сяджу дзень і ноч, адкрываю рэчы, якія не ведаў раней. Я гэтыя рэчы ведаў у скароце, але зараз, перачытаўшы і ўчытаўшыся, убачыў шмат новага, нават тое, чаго раней за мяне не ўбачыў Фойгт [144] [...].

З Пецярбурга мне піша кнігар Шуберт, прапануе купіць новую вялікую гістарычную кнігу Фойгта з папярэдняй аплатай ў 155 рублёў!» [145].

У траўні 1842 г. Нарбут піша сябру: «Дзякуй за тое, што купіў і даслаў мне кнігі пра с. п. біскупа Клангевіча [146]. Патрэбны мне яшчэ Нясецкі і «Вільня» Крашэўскага, гэта ёсць у Завадскага. А таксама трэба карціна Дмахоўскага [147].

Патрэбна мне і «Гісторыя польскай літаратуры» Вішнеўскага [148], пра якую пісаў да Завадскага, вазьму яе ў крэдыт на рахунак. Каб можна было яшчэ і лісты Жыгімонта ў Завадскага дастаць! Не магу плаціць гатоўкай, але аддам яму сваімі кнігамі» [149]. Як мы ўбачым ніжэй, кнігі самога Нарбута таксама былі вельмі не таннымі, але яны карысталіся попытам, і ён часта хацеў атрымаць у сваю бібліятэку кнігі іншых аўтараў за кошт сваіх кніг. Гэта бачна і з наступнага ліста: «Пра сябе скажу, што я па сваім фізічным стане ні здаровы, ні хворы. Парадкую свае кнігі і маю пераплётчыка. Прашу цябе падзейнічаць на Завадскага, каб трэці том «Гісторыі літаратуры» Вішнеўскага мне прыслаў зараз, хай бярэ за гэта два экземпляры маёй «Гісторыі …» на замену, каб мне з ім разлічыцца. А можа даў бы мне «Бібліятэку Варшаўскую» за пазамінулы, мінулы і гэты год. … Ці няма яшчэ з Ляйпцыга IX-га тома Нясецкага, маю з другога па восьмы» [150].


Нарбут неаднаразова выказваў падзяку Рэніеру за дасланыя яму кнігі, газеты, брашуры і іншыя крыніцы «для маёй працы», том за томам збіраў усяго Каспара Нясецкага, Міхала Вішнеўскага [151] і Юзафа Ярашэвіча [152]. «За Нясецкага прымі падзяку, не мала мяне ён уцешыў, бо пад літарай «Z» я прачытаў артыкул (раней не заўважаны), які пацвярджае мае даследаванні і думкі пра Літву» [153], - пісаў Нарбут 26 лістапада 1845 г. А 11 лютага 1846 г. паведаміў: «Рахунак складзены акуратна, але не памятаю, калі я браў 3-ці том «Вобразаў Літвы» Ярашэвіча, куды б яго мог падзець, калі б атрымаў? Адзін экземпляр у маім зборы, другі даслаў сп. Даўконту наўзамен на «Хроніку Валынскую», а трэцяга не было» [154].

6 лістапада 1843 г. Нарбут пісаў: «З Пецярбурга спадзяюся атрымаць шмат матэрыялаў ад Анацэвіча. Зараз атрымаў ліст ад брата, ён вязе іх да мяне, але яшчэ покуль бавіцца ў Беларусі» [155].

Свайго стрыечнага брата, Фрэдэрыка-Вінцэнта Нарбута (1787 г. н., калежскі архіварыус, у 1816 г. лідскі межавы суддзя, у 1832 г. ужо былы суддзя, удавец, уладальнік маёнткаў Нікадэмаў і Варанічы), Тэадор згадвае пры канцы 1846 г.: «Вярнуўся з Пецярбурга мой брат Фрэдэрык, прывёз лісты, кнігі, копіі рукапісаў з нашай гісторыі і адразу пачаў патрабаваць, каб я пачаў друкаваць дзённікі ці помнікі з нашай гісторыі» [156].


У студзені 1843 г. Рэніер даслаў сябру вядомую брашуру Пачобута пра Егіпецкі задыяк у Дэндэры, гісторык адказаў: «Дзякую за яе, хай будзе мне ў памяць пра гэтага заслужанага езуіта» [157]. Гэтая праца астранома, рэктара Віленскага oніверсітэта Марціна Пачобута мела наступную гісторыю.

На самым пачатку XIX ст. уся адукаваная Еўропа чытала кнігі французскіх егіптолагаў, якія пабылі разам з войскам Напалеона ў Егіпце. Экс-канцлер ВКЛ Храптовіч атрымаў у сваю бібліятэку кнігу егіптолага барона Дамініка Віванда Данона і даслаў Пачобуту копію малюнка са знакамі задыяка. Пачобут, як прафесійны астраном, з вялікай цікавасцю вывучыў найстаражытнейшы задыяк і размяшчэнне зорак задыякальных сузор'яў. У ліпені ў друкарні ўніверсітэта была выдадзена ягоная кніга пра старажытны егіпецкі задыяк. Увосень гэтая кніга выйшла на французскай мове, а потым - на нямецкай [158]. Аналізуючы рух кропкі летняга сонцастаяння віленскі астраном вылічыў узрост помніка - 583 г. да н. э. Гэта было вельмі істотна, бо ў той час пашырылася меркаванне пра даўнасць егіпецкіх знаходак у дзесяткі тысяч гадоў, і менавіта астранамічнае датаванне нашага ўплывовага вучонага дазволіла часткова вырашыць вельмі важнае для гістарычнай навукі пытанне [159].

Цікава, што астраном і рэктар Віленскага ўніверсітэта Пачобут у свой час падараваў дзеду Тэадора Ігнацыю Нарбуту (~1730-пасля 1772) драўляны сонечны гадзіннік [160].

Вядома, што інжынер Тэадор Нарбут вельмі цікавіўся прыродазнаўчымі навукамі і папулярызаваў прыродазнаўчыя веды ў тагачаснай прэсе [161].

Цікавіўся Нарбут і геалогіяй на стыку з палеанталогіяй. На пачатку 1858 г. на пасяджэнні Археаграфічнай камісіі, яе старшыня граф Яўстах Тышкевіч, паведаміў прысутным, што «наш знакаміты член Тэадор Нарбут паведаміў Камісіі, што ў Лідскім павеце, у Нацкай парафіі, у маёнтку Старанішкі (ляжыць паміж Начай і Аранамі), уладальнікам якога з'яўляецца доктар медыцыны Юзаф Юндзіл, у 1856 г. пры капанні студні, на значнай глыбіні натрапілі на пласт, які па словах Нарбута, складаўся з закамянелых рыб рознага памеру і па віду гэтай субстанцыі, падобны на торф. Наш гісторык … пераканаўся, што гэтую субстанцыю можна з карысцю ўжываць у якасці паліва».

Хімічны аналіз, выкананы ў Вільні членамі Камісіі паказаў, што знойдзеная субстанцыя з'яўляецца нечым сярэднім паміж вуглём і лігнітам і можа быць палівам сярэдняй якасці, але не можа выкарыстоўвацца як сыравіна для вырабу асвятляльнага газу [162].

У архіве Манчунскай маецца аўтэнтычная занатоўка самога Нарбута пра гэтую знаходку: «У Лідскім павеце ў Нацкай парафіі, у маёнтку Белюнцы Юзафа Юндзіла, доктара медыцыны, маецца фальварак Старанішкі. Да Вільні 13 міль, да Эйшышак 2 мілі, знаходзіцца паміж Начай і Аранамі.

Гісторыя адкрыцця. Фальварак Старанішкі не меў вады ў студнях. Вада была з рэчкі Начанкі, ад якой фальварак знаходзіўся далёка. Яго сучасны ўладальнік Юндзіл захацеў выкапаць студню, нават глыбока выкапаўшы, вады не знайшоў, але знайшоў выкапні рознай прыроды, у тым ліку, і закамянелых рыб. Гэта было 2 гады таму. На няшчасце, капальнікі панішчылі экземпляры большага памеру, і я выпадкова атрымаў два меншыя, калі Юндзіл быў у мяне, расказваў пра свае знаходкі і паказаў гэтыя закамянеласці. … Юндзіл апавядаў мне, што там жа ён знайшоў і паліва, я паспяшаўся зрабіць пробу і напісаў у археалагічную камісію» [163].

Тэадор Нарбут - збіральнік перыядычных выданняў

24 лістапада 1840 г. Тэадор Нарбут піша доктару Рэніеру: «Я вельмі ўдзячны любаму пану Аніцэту за дапамогу ў вырашэнні маіх невялікіх праблем. [...] Трэба пагандлявацца з Марціноўскім аб «Дзённіку ...», я пісаў яму, каб больш за 3 рублі на год за падпіску не браў. Атрымаў 20 тамоў «Паментніка Варш.» [164] Дмахоўскага, але для мяне тут малое жніво. Непараўнальна з ім мне патрэбны «Паментнік Львоўскі» [165] за 1817 г. усе, да IX тома» [166].

Мірон Браніслаў Нарбут у ссылцы.

У той час газеты і часопісы былі галоўным і адзіным сродкам інфармацыі. Таму для культурнага чалавека было абсалютна неабходна выпісваць газеты. Але падпіска каштавала вельмі многа, таму, напрыклад, нямецкую «Газету Аўгсбургскую» на 1841 г. Тэадор Нарбут выпісаў разам са сваім родным братам Ксаверыем [167]. Дадам, што гэтая газета карысталася вялікай павагай і чыталася ва ўсёй Еўропе.

19 студзеня 1842 г. гісторык паведамляў сябру, што ён яшчэ не атрымаў новых газет [168], а 5 лютага таго ж года, пісаў, што «"Тыгоднік Пецярбургскі" [169] не выпісаў, бо і так маю шмат расходаў пры малых даходах - 50 вольных рублёў срэбрам цяжка знайсці» [170]. 50 рублёў срэбрам - у тыя часы немалыя грошы, але «Тыгоднік» у той год ён усё ж чытаў, бо ў снежні 1842 г. падзяліўся з доктарам Рэніерам сваім меркаваннем: «… маладыя псеўдалітаратары, якія самі сябе такімі лічаць, як і свае творы літаратурай, якой да іх ніколі не было, а іх папярэднікі для нашай літаратуры нічога не варты. Чытаю «Тыгоднік Пецярбургскі», і ажно валасы на галаве паўстаюць» [171], - здаецца гэта звычайнае стаўленне ўжо не маладога літаратара да маладых калег, з чыім меркаваннем ён не можа пагадзіцца. Не дзіва - меркаванні Нарбута па гісторыі ВКЛ (асабліва ранняй) часта былі вельмі спецыфічнымі.

З ліста ад 28 студзеня 1845 г. даведваемся, якім чынам Нарбут чытаў нятанны «Тыгоднік Пецярбургскі»: «Дзякуй за «Тыгоднік», але ўмовы цяжкія - трэба толькі за тое, каб чытаць, заплаціць 6 рублёў у год, калі за 3 ці 2 рублі можна атрымаць магчымасць чытаць іх раз у квартал. Таму, я выпісваюся з суполкі, бо часы зараз цяжкія. Раней плаціў 8 рублёў, але за гэтыя грошы меў экземпляр, які ўжо нікому не быў павінен перадаваць і які ніхто не хацеў памяняць на нейкі іншы» [172]. Можна не сумнявацца, што менавіта доктар Аніцэт Рэніер, як гаспадар тайнай бібліятэкі, арганізаваў гэтыя суполкі чытачоў газет, калі за 2 ці 3 рублі ў год можна было прачытаць газету і перадаць яе наступнаму чытачу, але, здаецца, гісторык прызвычаіўся плаціць 8 рублёў, каб чытаць газету апошнім і пакідаць экземпляр у сваёй бібліятэцы.

Нарбут мог чытаць вялікую колькасць газет толькі маючы калектыўную падпіску, магчымасць якой яму прадстаўляў доктар Рэніер, 12 лістапада 1845 г. ён пісаў доктару: «Адсылаю газеты і прашу падпісаць мяне як і раней, ад слушных складак я не адмаўляюся» [173]. Тым не менш, верагодна, паміж сябрамі ўсё ж узнікла непаразуменне, бо 26 лістапада 1845 г. незадаволены Тэадор Нарбут пісаў: «Дасланыя табой газеты, адсылаю назад. Чаму ты так хвалюешся пра грошы? Я ніколі і нікога не падмануў на грошы і не быў камусьці вінен. Памятай, што я маю твой ліст, у якім ты дэкларуеш мне магчымасць паўгода чытаць «Тыгоднік» без ніякіх прэтэнзій на грошы, на другое паўгоддзе такіх абяцанак не маю і таму пастаў гэтую суму на мой рахунак» [174].

Нарбут чакаў газеты як глыток свежага паветра, напрыклад, 12 жніўня 1844 г. ён пісаў: «Я наўмысна пасылаў у Вільню па газеты і атрымаўшы іх, спяшаюся напісаць вам гэты ліст» [175].

Перыёдыкі яму былі патрэбны не толькі, каб ведаць, што робіцца ў свеце, але і як крыніца навуковай інфармацыі. Напрыклад, у тым жа 1845 г. ён прасіў даслаць яму «Бібліятэку Варшаўскую», бо ў гэтым часопісе быў надрукаваны артыкул Д. Шульца [176] пра яцвягаў, «які мне патрэбны, бо дадае новае святло нашай гісторыі» [177].

Прэса таго часу ў асноўным друкавала сухую інфармацыю разам з сур'ёзнымі, у тым ліку, і навуковымі, артыкуламі. Таму Тэадор Нарбут і збіраў у сваю бібліятэку старыя газеты. З ліста ад 5 лютага 1842 г. даведваемся, што ён мае ўсе нумары «Дзённіка Віленскага» [178], «акрамя нумароў за май і чэрвень 1820 г., студзень, люты, сакавік, красавік і май 1823 г. Калі ёсць танныя нумары 1823 г., гатовы набыць» [179]. А 20 снежня 1842 г. ён паведаміў Аніцэту Рэніеру, што варшаўскага «"Дамашняга музея" бракуе першага тома за 1838 г.» [180]. Вядома, што Тэадор Нарбут з асаблівым запалам збіраў гэтае выданне.


У красавіку 1842 г. гісторык просіць купіць яму VI-ты том «Атэніўма» («Athenaeum. Pismo Poświęcone Historii, Literaturze, Sztukom, Krytyce itd.»), часопіс, які ў той час выдаваў у Вільні Юзаф Крашэўскі, «бо мушу туды напісаць заўвагі на Даніловіча. Гэтыя паны шкодзяць усёй нашай беднай Літве, самі не будучы ліцвінамі. Што піша Крашэўскі, тое з ветрам уляціць, але Даніловіч - гэта іншае, трэба яму адказаць прыгожа і моцна» [181]. Невядома, чаму Нарбут не лічыў прафесара Ігната Даніловіча ліцвінам, магчыма, не ведаў, адкуль ён паходзіць, але, як бачым, прызнаваў за ім вялікую навуковую вагу. У канцы 1842 г. Нарбут просіць парады ў Рэніера: «Я яшчэ нічога не выпісаў з газет на наступны год, парадзь, што выпісаць, бо сам буду выпісваць нешта таннае. Ці зноў «Тыгоднік» ці «Кур'ер Літоўскі», ах … памыліўся, «Кур'ер Віленскі»« [182].


Вядома, што ў 1840-1850 гг. Тэадор Нарбут быў ініцыятарам і ўдзельнікам стварэння і будаўніцтва аздараўленчых устаноў у Друскеніках, таксама яго заслугай з'яўляецца ўзнікненні лекарскага асяродка ў гэтым мястэчку [183]. Для папулярызацыі курорта, у 1844-1846 гг. у Гародні, выдаваўся літаратурна-гістарычны і медыцынскі часопіс ліберальна-асветніцкага кірунку «Ундзіна Друскеніцкіх крыніц» («Ondyna Druskienickich srodel»). Гэта быў другі па часе часопіс на тэрыторыі Беларусі пасля «Полацкага штомесячніка» («Miesiecznik Polocki»), які выдавала Полацкая езуіцкая акадэмія ў 1818-1820 гг. Назва часопіса паходзіла ад імя духа вады Ундзіны. Нарбут шчыльна супрацоўнічаў з гэтым выданнем.

15 лютага 1845 г. гісторык паведаміў свайму сябру: «Атрымаў экземпляр «Ундзіны»« [184], 11 ліпеня таго ж года ён піша: «Паведамляю, што атрымаў тры нумары «Ундзіны». Прапанаваў іх розным суседзям, але ніхто з іх не пажадаў купіць» [185].

3 жніўня 1845 г.: «Пра «Ундзіну». […] мне даслалі 2 нумары - ні з Гародні ні з Друскенікаў па пошце нельга перасылаць кніжкі, бо гэта памежныя гарады (з-за рэвалюцыі ў Еўропе па загадзе цара Мікалая І - Л. Л.). Дасылаю мой артыкул і паэзію Браніслава Нарбута, перадай пану выдаўцу. З дасланых 3-х экземпляраў, 2 ужо размеркаваў, але грошай не атрымаў - адзін заплаціць, а другі абяцае купіць у калабарацыі са мной» [186]. Як бачым, пакупка газет у складчыну, была тады звычайнай справай. У гэтым пісьме цікавым з'яўляеццка згадванне Браніслава Нарбута - верагодна, гэта вядомы мемуарыст Браніслаў Мірон Нарбут (нарадзіўся 07.09.1822 г. у маёнтку Гулькоўшчына, што недалёка ад Сабакінцаў, сучаснае Першамайскае Шчучынскага р-на).

Да выдання «Ундзіны» я яшчэ вярнуся ніжэй.

Тэадор Нарбут - збіральнік рукапісаў

Тэадор Нарбут пісаў доктару Рэніеру: «З ліста з Пецярбурга, напісанага 23 лютага, даведаўся пра смерць Нацэвіча (Анацэвіча) 18 лютага а 10-й гадзіне (1845 г. - Л. Л.) ў клінічным шпіталі. Хто ведае, куды пайшлі яго рукапісы? Дзякуючы злосці Марціноўскага, з якім Вінцэнты [187] сябруе, адкрылася ўся інтрыга. Зараз яны мне пішуць, што Анацэвіч яшчэ пры жыцці прадаў па падпісцы свае кнігі і рукапісы, якія хацеў пакінуць мне за пэўныя грошы. Але калі да яго дайшлі віленскія плёткі, ён, відаць, расчараваўся ўва мне і пайшоў на гэты крок. Каб пацвердзіць свае байкі, яны наўмысна затрымалі публікацыю «Хронікі» [Быхаўца]. Калі я даведаўся пра гэта, дык напісаў Анацэвічу і Даўконту, але было ўжо позна, бо Анацэвіч ужо не мог сам прачытаць майго ліста, а калі яму прачыталі, дык узрадаваўся і шкадаваў, што паспяшаўся паверыць. Так зніклі набыткі гэтага чалавека. Ці ж гэта справядліва?» [188].

Гісторык і пісьменнік Сымон Даўконт (1799-1864) працаваў у Пецярбургу канцылярыстам Сената і памочнікам метрыканта Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Ён быў аўтарам першай гісторыі Літвы на летувіскай мове. Перапіска Сымона Даўконта з Тэадорам Нарбутам, якая датычаць апошніх гадоў жыцця прафесара Анацэвіча, утрымлівае шэраг цікавых падрабязнасцяў з жыцця прафесара і менавіта Даўконт у 1845 г. паведаміў Нарбуту пра смерць Анацэвіча. З перапіскі Даўконта з Нарбутам бачна, што калекцыя прафесара Анацэвіча «перайшла ў рукі тых, хто даваў болей» і матэрыялы калекцыі вывозілі за мяжу. Частку каштоўных дакументаў і кніг прафесар яшчэ пры жыцці параздаваў знаёмым і вучоным, якіх нават асабіста не ведаў. Важна тое, што прафесар Анацэвіч, як і Нарбут, працаваў над гісторыяй Літвы. На думку Даўконта, Анацэвіч быў вучоным, «які іншых заахвочваў, а сам мала рабіў». Напрыклад ён абяцаў, што ў 1844 г. апіша панаванне Гедыміна, але свайго абяцання не выканаў [189].

Як мы ўбачым ніжэй, Нарбут спасылаўся на нябожчыка прафесара Анацэвіча як на крыніцу сваіх фальшаванняў і вельмі цікавіўся лёсам яго рукапісаў. Магчыма таму ў лісце без даты (канец 1846 - ці пачатак 1847 г.) ён паведамляе, што ўсё ж атрымаў ад прафесара нейкую пасылку: «Па справах я быў у Вільні і хацеў бачыць доктара Чарноўскага, які вярнуўся з Пецярбурга і меў да мяне пасылку ад А'Нацэвіча, але не сустрэў яго. Хацеў бы ведаць, ці ёсць ён зараз у Вільні, ці можа ён даслаць мне гэтую пасылку, бо інакш давядзецца ехаць у Вільню» [190].

Цікавіўся ён лёсам рукапісаў і калекцый іншых гісторыкаў і аматараў гісторыі.

5 лютага 1842 г. Нарбут пісаў: «Кажуць, што прэлат Гразмані [191] памёр. Пакінуў ён старажытныя рэчы, для мяне там цікавыя толькі каменныя молаты (каменныя сякеры - Л. Л.) - два ці тры, астатняе не цікава. Можа ведаеш Далецкага, гэта мой кузэн і ўнук нябожчыка, сын яго пляменніцы, трэба яго папрасіць пра молаты. Ёсць і яго пляменнік Яўстах Гразмані [192], мой знаёмец з Лідскага павета, але не ведаю, каму гэтыя рэчы запісаны тастамантам» [193]. 6 снежня 1842 г.: «Кажуць, што памёр прэлат Гразмані. Трэба пільнаваць, бо гэты стары меў шмат гістарычных каштоўных рэчаў для нашага музея» [194].

Юзаф Крашэўскі пісаў: «Прэлат Гразмані, адзін з сучасных калекцыянераў, меў навуковую калекцыю, якая складалася з розных рэчаў, змешаных у прыгожым беспарадку. Мелася ў яго і некалькі ахвярных каменных молатаў, але не ведаючы ні іх ранейшага прызначэння, ні іх гістарычнай каштоўнасці, ён, з задаволенай усмешкай, якая казала пра яго душэўны спакой, паказваў усім, як ён дасціпна даў новае жыццё гэтай рэчы, калі ўставіў у адтуліны свечку і зрабіў з яго падсвечнік» [195]. Дадам, што калекцыянер і прэлат Юзаф Гразмані быў сынам палкоўніка Юзафа Адальберта Гразмані (1718-1794?) герба «Корвін» і родным дзядзькам яшчэ аднаго гісторыка Юстына Нарбута (дальняга сваяка Тэадора і бацькі пісьменніцы Камілы Юрэвіч з Нарбутаў). Род Гразмані паходзіў з Італіі [196]. На Лідчыне, з канца XVIII ст. Гразмані валодалі маёнткам Лаўчылавічы (знаходзіўся каля сучаснай вёскі Рылаўцы), часткай маёнтка Ішчална, маёнткам Місевічы і фальваркам Лебяда [197]. Вядома, што будучы прэлат нарадзіўся ў 1762 г. у Мазовіі, у 1771-1779 гг. вучыўся ў рыцарскай школе, дзе вывучаў ваенную архітэктуру, а ў 1780 г. працаваў на фабрыцы зброі ў Казеніцах [198].

Нарбут для сваіх спраў шукаў адрас прафесара Ігната Даніловіча: «Ці даведваўся [...] пра адрас Даніловіча? Кажуць мне, што ён пайшоў у адстаўку з маскоўскага ўніверсітэта і жыве ў Кіеве ці ў вёсцы каля Кіева. Мае шмат розных дыпламатычных актаў і розных рукапісаў, у тым ліку і па літоўскай гісторыі» [199].

12 ліпеня 1843 г. Даніловіч памёр, 23 студзеня 1843 г. Нарбут пісаў Рэніеру: «Як шкода Даніловіча! Ён сабраў шмат рукапісаў, сярод якіх павінна быць многа важных для гісторыі Літвы, зараз, хто ведае, куды гэта ўсё можа знікнуць? Праўду я пісаў раней, што нейкі незайздросны лёс перашкаджае развіццю ў нас гістарычных даследаванняў. Абыякавасць, эгаізм ці выпадкі, якіх немагчыма прадбачыць - праблемы, праблемы» [200]. А 6 лістапада 1843 г., атрымаўшы нейкую інфармацыю, дадае: «Даніловіч памёр у Графэнбергу (зараз Есенік, Паўночная Маравія - Л. Л.[201].

Вялікую калекцыю ў удавы Даніловіча набыў Яўстах граф Тышкевіч, яе апрацаваў вучоны сакратар Музея старажытнасцяў у Вільні Маўрысі Круповіч, пасля чаго было выдадзена вялікае двухтомнае выданне «Скарбец дыпламатаў …» (Вільня, 1860-1862).


Думаю ў гэты месцы можна расказаць пра стасункі Тэадора Нарбута з другім знакамітым абшарнікам-творцам Яўстахам Тышкевічам [202]. У нумары ад 11 красавіка (30 сакавіка па старым стылі) 1843 г. «Тыгодніка Пецярбургскага» Тэадор Нарбут надрукаваў станоўчую рэцэнзію на толькі што надрукаваную кнігу Тышкевіча [203]: «Гэта пачатак Нацыянальнага музея, матэрыялы да якога збіраліся на працягу васьмі гадоў. Апісанне помнікаў, знойдзеных у магілах або знойдзеных выпадкова, напісана дакладна, выразна і добрым пяром. Гравюры якасна адлюстроўваюць рэчы, якія інакш трэба было б апісваць словамі. Добры прыклад, карыснага ўнёску, высакародны занятак. Аўтар дэманструе неабходнасць культывавання навукі археалогіі ...» [204]. 9 траўня (27 красавіка) у той жа газеце на кнігу Тышкевіча друкуецца і добрая рэцэнзія Юзафа Крашэўскага, у якой станоўча згадваецца і Тэадор Нарбут [205].

Пэўна, рэцэнзія спадабалася Тышкевічу, і 14 лютага 1843 г. Нарбут пісаў сябру: «Пішу табе, бо Марціноўскі з аказіяй пераслаў мне ліст ад гр. Яўстаха Тышкевіча, да якога прыкладзены экземпляр яго кнігі па археалогіі з вялікімі кампліментамі да мяне як да гісторыка Літвы» [206].

Праз тры тыдні праз Рэніера Нарбут прапануе Тышкевічу сумесны выдавецкі праект: «Калі ты знаёмы з Яўстахам Тышкевічам, паразмаўляй з ім пра мой збор старажытнасцяў і пра маю гатоўнасць падаць яго апісанне і гравюры. Але мне цяжка гэта зрабіць за свой кошт, і таму, калі Завадскі не захоча, трэба знайсці нейкія сродкі. Можа, пан граф багаты і захоча быць шчодрым. Буду рады пачуць любыя навіны» [207]. А 6 лістапада 1843 г. паведамляе, што «Яўстах Тышкевіч вярнуўся са Швецыі і Даніі і ўжо напісаў мне» [208].

Два знаныя гісторыкі знаходзіліся ў сталай перапісцы: «Яўстах Тышкевіч 3 ліпеня (1845 г.) напісаў да мяне з Барысава, што хацеў быць у Вільні і ў Шаўрах, але паедзе ў Украіну для закупаў збожжа на хлеб для сялян» [209]. 11 лютага 1846 г. паведамляе доктару, што «атрымаў ліст ад графа Яўст. Тышкевіча. Піша, што ў Кіеве набыў 8 вялікіх тэчак з рукапісамі, якія засталіся пасля Ігната Даніловіча, рукапісы, як быццам, датычаць гісторыі Літвы. Ён збірае гістарычныя рэчы і хоча ў сэрцы Літвы - горадзе Гедыміна - адчыніць музей. Мае быць у Вільні сам на кантрактах і хоча купіць дом для музея. Склаў нават статут музея. Я ўсе свае гістарычныя зборы перадам у яго музей. Калі гэты выдатны праект будзе мець вынікі - ён стане прыкладам патрыятызму» [210]. Як бачым Тышкевіч дзяліўся з Нарбутам сваімі планамі і меў ад яго падтрымку. Гэты музей адчыніўся праз 10 гадоў у Вільні ў па-езуіцкіх мурах.

Вядома, што на працягу многіх гадоў Нарбут збіраў копіі гістарычных дакументаў і пры пасярэдніцтве гісторыкаў Фойгта і Наперскага атрымліваў матэрыялы з архіваў Кёнігсберга і Рыгі.

У лісце да Рэніера 1846 г. без даты, Нарбут паведамляе пра тое, якой можа быць зацікаўленасць да сваёй гісторыі з боку грамадства: «Кажуць, што ў Рыме ёсць важныя акты і матэрыялы па гісторыі Літвы, але дзе ўзяць сродкі на гэта? Жыхары Інфлянтаў пачалі складаць унёскі і 40000 - трэцюю частку неабходнай сумы - ужо сабралі. Мы нават не думаем пра гэта», - і далей ён паведамляе пра вельмі цікавы і назаўсёды страчаны рукапіс: «Вучоныя кажуць мне, што трэба шукаць рукапісы літоўскага гербоўніка, напісаныя Дварэцкім, былым карэктарам Завадскага, які ўтрымлівае 9 000 літоўскіх радоў. Бабровіч з Ляйпцыга прасіў гэты матэрыял, але не атрымаў яго з-за падбухторвання нябожчыка Завадскага і з-за абяцання надрукаваць яго ў Вільні. Калі не надрукавалі ў Вільні, хацеў надрукаваць рукапіс за мяжой. Памёр невядома дзе, і разам з ім прапаў рукапіс. Адам Завадскі ці Ёхер могуць распавесці лепш. Трэба ўважліва прасачыць спадкаемцаў Дварэцкага.

30 гадоў таму Юльян Нямцэвіч [211] узяў з архіва Радзівілаў 24 тамы рукапісаў, якія тычыліся Літвы, і невядома, куды яны зніклі. Ты жывеш у вялікім свеце і можа нешта пачуеш пра гэта» [212].


Цікавай з'яўляецца праца Нарбута па дапаўненні генеалагічных прац Каяловіча і Нясецкага, якую мы маем магчымасць часткова прасачыць па перапісцы нашага гісторыка з доктарам Рэніерам.

У лісце без даты з канца 1846 ці пачатку 1847 г. гісторык з задавальненнем паведамляе сябру: «Мае зборы рукапісаў значна папоўніліся, маю гербоўнік Каяловіча, напісаны для Літвы - вялікі рукапіс з малюнкамі, ін-фоліо. Маю з Літоўскіх Метрык ледзь не ўсё, што я мог толькі жадаць - старанна перапісаны том ін-фоліо і іншыя дробныя рэчы» [213].

У 1853 г. «Газета Варшаўская» больш падрабязна распавяла пра рукапіс Каяловіча і дапаўненні да яго, зробленыя нашым гісторыкам, які «купляў за свае грошы архіўныя дакументы і хронікі. Яго апошнімі працамі ёсць дапаўненне гербоўніка Каспара Нясецкага з папраўленага рукапісу Войцеха Віюка-Каяловіча і «Невялікія гістарычныя творы». Рукапісы гэтых прац захоўваюцца ў сп. Кіркора, які спяшаецца іх выдаць.

Каспар Нясецкі меў пад рукой першы рукапіс Каяловіча і цалкам яго выкарыстаў, таму Нарбут вырашыў дапоўніць яго толькі тым, што Нясецкі не мог ведаць, бо інфармацыя знаходзіцца ў другім рукапісе, папраўленым і дапоўненым самім аўтарам як найменей на 700 артыкулаў» [214]. Вядома, што Каспар Нясецкі склаў гербоўнік «Карона польская» (тт. 1-4, 1728-1743), які ў XIX ст. быў перавыдадзены Я. Н. Баброўскім пад назвай «Польскі гербоўнік» (тт. 1-10, 1839-1845) з дапаўненнямі А. Нарушэвіча, I. Красіцкага, I. Лелявеля, а таксама са звесткамі з іншых крыніц. Як бачым, і Нарбут працаваў над працягам гэтага гербоўніка.

Кіркор далей пісаў: «Праца Нарбута мае за мэту дадаць да гербоўніка Нясецкага 11-ты том, які будзе складацца з жыццяпісу Каяловіча, а таксама дапаўнення, напісанага ў алфавітным парадку, 6 табліц з гербамі і некалькімі генеалагічнымі табліцамі галоўных літоўскіх радоў, а таксама з розных артыкулаў Каяловіча.

Рукапіс Войцеха Каяловіча зараз знаходзіцца ў сп. Нарбута, ён напісаны на паштовай паперы вялікага фармату добрым почыркам (хоць і не без граматычных памылак) і мае 105 аркушаў. Гербы намаляваныя ўмелай рукой пяром без размалёўкі. Некаторыя артыкулы, пазначаныя §§, належаць да больш позняга варыянту твора. …

Гісторыю самога рукапісу сп. Нарбут падае наступным чынам: пасля смерці Каяловіча, засталіся 2 уласнаручныя экземпляры аўтара, адзін з іх езуіты падаравалі куяўскаму біскупу Андрэю Залускаму, і гэты экземпляр сёння знаходзіцца ў Імператарскай бібліятэцы ў Пецярбургу, гэты рукапіс неразборлівы, са скарачэннямі і падобна, не поўны. Другі, цалкам перапісаны ў 1658 г., пасля скасавання закона езуітаў дастаўся віленскаму біскупу Масальскаму, з'яўляецца поўным і ўжо папраўленым, як быццам, гатовым для друку. З яго знята копія для Сапежынскай бібліятэкі ў Вільні, з гэтай копіі нехта зрабіў яшчэ адну копію. У 1744 г., невядомая рука, пэўна, з экземпляра езуіцкай бібліятэкі зрабіла копію, гэта бачна з надпісу над тытулам па-латыні. З яе Сымонам Даўконтам была знята копія і перададзена нашаму гісторыку» [215].

У архіве Тэадоры Манчунскай захавалася частка гэтай генеалагічнай працы Нарбута, датычная яго роду. Я вывучыў і пераклаў гэты тэкст, і амаль што праз 200 гадоў пасля яго напісання, упершыню, ён друкуецца ў дадатку да гэтага артыкула.

Дадам, што ў інтэрнэце нядаўна з'явіліся сканы рукапісу «Гербоўнік Каяловіча» Нарбута.

Артыкулы Тэадора Нарбута ў перыёдыках

Адам Ганорый Кіркор, рэдактар «Тэкі Віленскай» і «Кур'ера Віленскага», заўсёды імкнуўся рабіць карысныя для нашага краю справы. У 1843 г. пры ўдзеле Ю. Крашэўскага і М. Грабоўскага ён выдаў зборнік «Радэгаст» («Radegast», - бог вайны), а потым, у 1845-1846 гг., зборнік у трох кнігах «Помнікі ўмыслове» («Pamiеtniki umyslowe»). 6 лістапада 1843 г. Нарбут пісаў Рэніеру: «Да ліста пану Кіркору прыкладаю пакет, дай Божа, каб «Радэгаст» меў поспех! Буду для яго дасылаць цікавыя рэчы» [216]. 28 студзеня 1845 г.: «За «Помнікі ўмысловы» Кіркора вялікі дзякуй, пасылаю трошкі матэрыялаў, якія могуць зацікавіць чытача. Такое выданне вартае падтрымкі» [217].

Шмат пісаў наш гісторык у Друскеніцкую «Ундзіну», адным з заснавальнікаў якой ён быў і меў вялікую перапіску з супрацоўнікам часопіса Данілецкім, 15 лютага 1845 г. Тэадор Нарбут паведаміў «дарагому сябру Аніцэту»: «Ва «Ундзіну» даслаў артыкул - «Трошкі з гісторыі Друскенікаў». Па пошце атрымаў ліст з Гародні ад сп. Данілецкага. Ён піша, што гарадзенскі губернатар Васькоў хоча мець мае матэрыялы ў нейкай газеце «Гродзенскія губернскія ведамасці» і да ліста прыкладае копію надпісу на мармуровым нагробку, знойдзеным там у адным з садоў. Не маю часу адказаць і па руску я не ўмею. У «Помнікі ўмысловы» даслаў артыкул: «Нарыс жыцця дабраславёнага Віта»« [218].

Цікава, як Тэадор Нарбут служыў афіцэрам у рускім войску і не ведаў мову? Думаю, што ў дадзеным выпадку гэта была толькі адгаворка. Але звернем увагу на тое, што гарадзенскі губернатар Рыгор Допельмайер шукаў аўтараў для «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей» - урадавай газеты, якая выдавалася з 1838 па 1915 г. Выданне «Губернскіх ведамасцяў» у кожнай губерні ў свой час было ўведзена царскім указам па ўсёй краіне.

Аляксандр Герцэн, які ў ссылцы з 1838 г. сам быў рэдактарам неафіцыйнай часткі «Уладзімірскіх губернскіх ведамасцей», у 2-й частцы сваіх вельмі цікавых успамінаў «Былое і думы», пісаў: «"Губернскія ведамасці" былі ўведзены ў 1837 годзе. Арыгінальная думка прывучаць да галоснасці краіну маўчання і нематы, прыйшла ў галаву міністру ўнутраных спраў Блудаву. [...] У нас урад, пагарджаючы ўсякай пісьменнасцю, мае вялікія дамаганні да літаратуры; і ў той час, як у Англіі, напрыклад, зусім няма казённых часопісаў, у нас кожнае міністэрства выдае свой, акадэмія і ўніверсітэты - свае. У нас ёсць часопісы горныя і саляныя, французскія і нямецкія, марскія і сухапутныя. Усё гэта выдаецца на казённы кошт, падрады артыкулаў выконваюцца ў міністэрствах так, як падрады на дровы і свечкі; недахопу ў агульных справаздачах, выдуманых лічбах і фантастычных высновах не бывае. Узяўшы ўсе манаполіі, урад узяў і манаполію балбатні, ён загадаў усім маўчаць і сам пачаў гаварыць без перапынку. Працягваючы гэтую сістэму, Блудаў загадаў, каб кожнае губернская ўправа выдавала свае «Ведамасці» і каб кожная «Ведамасць» мела сваю неафіцыйную частку для артыкулаў гістарычных, літаратурных і інш. Сказана - зроблена, і вось пяцьдзесят губернскіх упраў ірвуць сабе валасы над неафіцыйнай часткай. Святары з семінарыстаў, дактары медыцыны, настаўнікі гімназіі, усе тыя, якіх падазраюць у тым, што яны людзі адукаваныя і нават могуць правільна ўжываць літару «яць», прымушаюцца да справы. Яны думаюць, перачытваюць «Бібліятэку для чытання» і «Айчынныя запіскі», баяцца, а потым бяруцца і, нарэшце, пішуць артыкулы» [219].

Нягледзячы на «няведання мовы», Тэадор Нарбут надрукаваў у «Гарадзенскіх губернскіх ведамасцях» гістарычны нарыс, прысвечаны гісторыі Ліды [220]. Вядома, што ён першым напісаў кароткую гісторыю нашага горада, годам заснавання якога лічыў 1180 г. Артыкул у газеце паўтараў артыкул у пятым томе яго «Старажытнай гісторыі літоўскага народа» [221]. На пачатку гэтага важнага для нашага горада тэксту, Тэадор Нарбут паведаміў: «Большасць дэталяў у гэтым артыкуле ўзята з парафіяльных нататак, сабраных нябожчыкам с. п. Вінцэнты Нарбутам, пробашчам і дэканам Лідскім» [222]. Дадам, што лідскі дэкан Вінцэнт Нарбут - родны дзядзька Тэадора.

Вернемся да «Ундзіны».

11 ліпеня 1845 г. Нарбут напісаў Рэйнеру: «Я па пошце атрымаў ліст ад пана Данілецкага, з якога даведаўся, што мае артыкулы для «Ундзіны» дайшлі і ён просіць дасылаць наступныя. У працы маю зараз артыкул «Гістарычная і праўдзівая навіна» з часоў Жыгімонта ІІІ, грунтуецца ён на рукапісе, які нядаўна дастаў. Будзе нядрэнны, хоць і кароткі, артыкул, спяшацца не магу з-за хатніх перашкод» [223]. 16 кастрычніка 1845 г. гісторык зноў даслаў для «Ундзіны» «значныя матэрыялы» [224].

Супрацоўніцтва з «Ундзінай» працягвалася, і 6 студзеня 1846 г. наш гісторык паведаміў сябру, што «пан Вольфганг просіць артыкул пра Лішкаў [225], даслаў мне мае ж матэрыялы, каб я зрабіў з іх гэты артыкул. Напішу яго для «Ундзіны» наступнага года» [226]. 20 студзеня Тэадор Нарбут ужо пачаў пісаць артыкул пра Лішкаў і знайшоў шмат цікавага па гэтай тэме і «перш за ўсё агляд месца, план гары і выгляд вежы ў перспектыве - тое, без чаго гэты артыкул не будзе поўным. Але паколькі малюнкі - гэта не для «Ундзіны», было б добра стварыць часопіс па тыпу «Візярункаў» [227]. Я маю шмат матэрыялаў па гісторыі Літвы» [228].

Кнігі Тэадора Нарбута

Выданне шматтомнай «Гісторыя літоўскага народа»

Працяглы час, паралельна з падрыхтоўкай прац па гісторыі і ў якасці адпачынку, Тэадор Нарбут перакладаў «Дон Кіхота» Мігеля Сервантэса. Пра гэтую сваю працу Нарбут шмат пісаў сябрам, але ў выніку яго пераклад не быў надрукаваны, бо не знайшоўся выдавец. 31 сакавіка 1840 г. гісторык пісаў Рэніеру: «Дон Кіхота атрымаў, самае новае і лепшае выданне 1837 г., Парыж, французскае. Параўнаў якасць перакладу з іншымі выданнямі, і калі нішто не перашкодзіць, да Зялёных Святаў ці да ліпеня ў мяне палова перакладу будзе гатовая. Сервантэс мяне вельмі забаўляе, бо мае выдатны гумар. Але польскі стары пераклад шукаю з вялікай прагай, мне сказалі, што ў ім дасціпна перакладзены прыказкі і слоўцы непараўнальнага Сервантэса» [229].

Восенню 1840 г. Нарбут спяшаўся вычытаць карэктуру VIII і IX тома сваёй «Гісторыі ...» і 20 кастрычніка 1840 г. даслаў доктару Рэніеру карэктуру і экземпляр VIII тома [230]. Але 27 кастрычніка ён зноў думкамі вяртаецца да «Дон Кіхота» і нават піша пра меркаваны ганарар за сваю працу, з гэтага ліста мы наогул даведваемся пра ганарары Тэадора Нарбута: «Наконт «Дон Кіхота», гэта рэч галавакружная, але смешна гучыць на нашай мове […] … калі абмяркоўваць ганарар, дык можна казаць пра 600 рублёў срэбрам, ні менш ні больш, і 60 экземпляраў аўтару. За свае кнігі я бяру па 300 рублёў срэбрам ганарару за том, за пераклады палову гэтага, «Дон Кіхот» будзе ў 4 тамах, 30 выдавецкіх аркушаў, вялікім літарамі. Можам зрабіць новае выданне ў Расіі, а калі выдавец не захоча плаціць грошы за гравюры Плюшчава з Пецярбурга, дык Азямблоўскі [231] зробіць свае гравюры. Канчатковую карэктуру я б узяў на сябе» [232].

3 лютага 1840 г. Тэадор Нарбут паведамляў сябру, што піша і чытае мала, бо закончыў апошні том «Гісторыі ...» і перадаў яго ў цэнзуру. Верагодна, гэты апошні, IX-ты том, які выйшаў у 1841 г., ад пачатку меркаваўся як апошні, але потым гісторык пачаў рыхтаваць наступны, X-ты том, які так і не быў надрукаваны.

Пры канцы лістапада 1840 г. Нарбут забраў з выдавецтва рукапіс IX-га тома, бо «выкапаў новыя матэрыялы - рукапіс нейкага біскупа часоў панавання Жыгімонта Аўгуста - сапраўдны скарб цікавай інфармацыі» [233].

Удасканальванне IX тома працягвалася, і 14 снежня 1840 г., гісторык напісаў свайму сябру: «Зараз праўлю апошнюю кнігу «Гісторыі» бо здабываў матэрыялы, якіх раней не мог мець: 1) «Апошнія гады панавання Жыгімонта І» Лелявеля, Варшава, - Завадскі абяцаў дастаць, калі не ён, дык Рубэн ці Глюксберг; 2) «Помнікі гісторыі і літаратуры польскай» Міхала Вішнеўскага, - некалькі тамоў мае Глюксберг. Ты мусіш мне хутка іх выслаць, бо ўвесь IX том затрымліваецца»[234].

Трэба сказаць, што ў 1841 г., калі былі ўжо надрукаваны дзевяць тамоў «Гісторыі...» віленскі біскуп Андрэй Бенедыкт Клангевіч звярнуўся з цыркулярам да духавенства сваёй дыяцэзіі ў якім настойліва рэкамендаваў набываць творы Тэадора Нарбута. І не толькі набываць, але і «чытаць, і думаць аб гэтым, і расказваць людзям, для якіх святары з'яўляюцца праваднікамі ў іх хрысціянскім жыцці: што было раней у гэтым кутку зямлі, дзе мы цяпер жывём, хто і якімі намаганнямі садзіў той вінаграднік Хрыста і перадаў яго нам ужо добра апрацаваным, як найкаштоўнейшую ўласнасць» [235]. Гэты зварот, першага віленскага біскупа сялянскага паходжання, моцна ўзрушыў гісторыка. Дадам, што біскуп Клангевіч таксама купіў усе дзевяць тамоў для сябе асабіста [236].


Як я ўжо пісаў вышэй, рыхтаваўся ў друк і X-ты том «Гісторыі …».

5 лютага 1842 г. Тэадор Нарбут піша сябру: «З Марціноўскім канцоў няма, абяцае і абяцае, і абяцанкамі ўсё заканчвацца. Прапаную яму, каб пакінуў мяне ў спакоі, і я тады сам паспрабую надрукаваць X-ты том у іншай друкарні, спаслаўшыся на павелічэнне аб'ёму кнігі і таму непад'ёмны для выдаўца кошт» [237], - відавочна, Тэадор не мог аднабакова скасаваць дамову з выдаўцом Марціноўскім, які цягнуў справы з выданнем X-га тома, і спадзяваўся, што той зробіць гэта сам.

З ліста ад 23 студзеня 1843 г. Тэадор Нарбут піша, што X-ты том павінен стаць даведнікам для ўсёй працы: «У маёй працы зараз малы перапынак. Закончыў індэкс рукапісных матэрыялаў якія былі выкарыстаны ў «Гісторыі …». Каля 2000 рукапісаў, пра кожны - змест, дата, інфармацыя пра арыгінал і копію» [238].

Верагодна, менавіта пра X-ты том ідзе гаворка ў лісце ад 27 снежня 1843 г.: «Тое, што ў Марціноўскага не выйшла, гэта з-за прагнасці. Ён надрукаваў больш за тысячу экземпляраў і хоча прадаваць кнігі па кошце больш за 20 рублёў за экземпляр. А калі б 1000 кніг прадаў бы па 15 рублёў, няўжо яму было б мала? Прадаў бы, пэўна гадоў за 6» [239]. 12 жніўня 1844 г. гісторык у роспачы паведамляе сябру-доктару: «Мяне моцна лаюць за тое, што не выдаў X-ты том «Гісторыі ...», а Марціноўскі заўсёды, як Марціноўскі, ён - маруда, які сам сябе губіць, а на мяне звальвае» [240].

Выдавец Нарбута Марціноўскі зацягваў справу але, падобна, ён прапаноўваў Тэадору дадаць у X-ты том рэчы, якія патрабавалі больш часу і дадатковых выдаткаў: «Жадаюць, каб я выдаў карту старажытнай Літвы ў дадатак да матэрыялаў, якія маю. Мне патрэбны маршруты тэўтонскіх нападаў у XIV ст., мне трэба атрымаць іх у Фойгта з Кёнігсберга. На гэта трэба шмат часу і грошай, але з Божай дапамогай, можа, і атрымаецца. Археалагічная камісія хоча выдаць 8 тамоў Догеля. Гербоўнік Нясецкага аўстрыйскі імператар зацвердзіў і прыняў за ўзор. Перапіска з Завадскім цяжкая, ён ніколі не спяшаецца адказаць, бо малады і шмат бавіцца. Марціноўскі напісаў, што друкуецца X-ты том» [241].

У канцы 1846 ці на пачатку 1847 г. Тэадор Нарбут пісаў доктару Рэніеру: «Марціноўскі нічога не плаціць, не выдае X-ты том і яшчэ лае мяне за продаж маіх аўтарскіх экземпляраў». Вядома, што кнігі нашага гісторыка карысталіся папулярнасцю і гандляры жадалі гандляваць яго «Гісторыяй …»: «Яўрэі мяне атакавалі ў Вільні «за Нарбута» (як яны завуць маю гісторыю) і давалі па 15 рублёў срэбрам за экземпляр, але я не меў іх з сабой. Маю яшчэ ў доме шэсць ці болей экземпляраў» [242].


X-ты том так і не быў надрукаваны. Адам Кіркор потым пісаў: «Нарбут напісаў і дзесяты том сваёй гісторыі, які павінен быў стаць указальнікам да ўсяго шматтомніка. Ён падрыхтаваў рэестр архіваў, пераглядзеў літоўскую міфалогію і працягвае ўдасканальваць, дапаўняць і рэдагаваць тамы сваёй працы ў надзеі яшчэ раз надрукаваць сваё палепшанае выданне» [243]. Гэта палепшанае выданне не ўбачыла свету.

У абарону такога паважанага чалавека як Антоні Марціноўскі, трэба сказаць, што ён не толькі друкаваў кнігі Нарбута, але быў яшчэ і іх рэкламным агентам. Захаваўся выдатны прыклад гэтай рэкламы - так званая справаздача аб творчасці Нарбута, напісаная выдаўцом, калі ён надрукаваў ужо восем тамоў. Як сведчыць гэты рэкламны тэкст, Марціноўскі быў не простым гандляром, якому важна прадаць свой тавар, але чалавекам, які выдатна разумеў значэнне «Гісторыі ..» Нарбута. Выдавец захапляўся асобай гісторыка, які нават пасля таго, як столькі зрабіў і страціў сваё здароўе, «не лічыў, што ў дастатковай меры аддаў свой доўг грамадству». Таму славуты віленскі выдавец (які, дарэчы, і сам быў літаратарам) называў творчасць Нарбута «падарункам грамадству» і казаў, што ўпершыню літоўская гісторыя, нарэшце, зведзена «ў адно цэлае і ўпарадкавана», такая праца здзіўляе ўжо адным сваім размахам. Марціноўскі разважаў так: «Чакаючы, калі з'явіцца непрадузятае меркаванне навуковага мудраца, можна з поўным правам, ... з упэўненасцю сказаць: такую працу чакалі вякамі, і яна будзе жыць у вяках ... пакуль у сучаснікаў будзе патрэба ведаць гісторыю, а ў іх нашчадкам будзе патрэба ў навуцы. Творы Нарбута будуць аб'ектам навуковых дыскусій, яны будуць неабходныя грамадзянам усіх саслоўяў, будуць скарбам і крыніцай матэрыялаў для гісторыка, зборам захаваўшыхся ад знішчэння помнікаў і сведчанняў, а для жыхароў Літвы, для любога яе кутка, будуць неабходнасцю, будуць стымулам, які прымушае задумацца пра апісаныя там падзеі ... і салодкім напамінам аб былой славе» [244].

Выдавец і публіцыст, знаўца нашай гісторыі Антоні Марціноўскі (1781-1855) нарадзіўся ў Радашковічах у сям'і ўніяцкага святара Яна Марціноўскага. Скончыў Менскую гімназію, а ў канцы 1807 г. і Віленскі ўніверсітэт. Быў адным з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства і літаратурна-грамадскага аб'яднання шубраўцаў. Рэдагаваў часопіс шубраўцаў «Навіны з бруку» («Wiadomości brukowe «). З 1818 да канца 1839 г. Марціноўскі друкаваў і рэдагаваў газету «Кур'ер Літоўскі» («Kurier Litowski»), якая з 1831 г. стала афіцыйнай і з 1840 г. змяніла назву на «Кур'ер Віленскі» («Kurier Wileński «). У 1818-1830 г. Марціноўскі рэдагаваў і друкаваў «Дзённік Віленскі» («Kurier Wileński»). У 1807 г. адчыніў прыватную друкарню, якая надрукавала звыш 400 назваў кніг у розных галінах ведаў, у тым ліку «Статут ВКЛ» (1819 г.), працы прафесара Ігната Даніловіча, Тэадора Нарбута і г. д.


Як і кожны аўтар, Тэадор Нарбут з цікаўнасцю і хваляванням чакаў рэцэнзій на свае творы, вось, напрыклад, фрагмент ліста ад 14 лютага 1843 г.: «Чакаю, каб прачытаць, што Жавускі напісаў пра маю «Гісторыю …». Крашэўскага падбухторваў Тэафіл Глюксберг, які зайздросціў Марціноўскаму. Бо твор які крытыкуецца, траціць рэнтабельнасць, а пахвала паляпшае справу выдаўца. Гэтыя паны мала клапоцяцца пра аўтара, справу і праўду. Яны маюць надзею на сваю эфемерную славу, зарабляюць грошы, і ім гэтага дастаткова» [245].

У прадмове да IX тома сваёй «Гісторыі ...», аўтар, між іншым, піша, што матэрыял для ўсёй гэтай працы ён пачаў збіраць яшчэ трыццаць гадоў таму: «Не цяжкімі для мяне былі б трыццаць гадоў нягод і высілкаў па зборы матэрыялаў і пошуках крыніц і нават не жаль было б моцна аслабленага здароўя, калі б я толькі ведаў, што я спраўджу свой намер» [246], - ён мог дазволіць сабе напісаць гэтыя словы ў прадмове да IX тома, бо мара жыцця амаль што спраўдзілася. З гэтых слоў, дарэчы, вынікае, што ўжо недзе каля 1808 г., афіцэр рускай арміі Нарбут выношваў думку напісаць гісторыю свайго краю. З гэтага моманту, апанаваны адной вялікай думкай, ён ахвяраваў увесь свой вольны час, сваю маёмасць і свой спакой, каб спраўдзіць мэту свайго жыцця.

Пра асабістае крэда гісторыка Тэадор Нарбут напісаў наступнае: «У нашай гісторыі так мала фактаў і так шмат фактаў у агульнай гісторыі, што яна зацяняе нашу гісторыю і дамінуе над ёй. Нарушэвіч не пісаў пра народ, а падаваў толькі войны і дзеі ўрадаў. Лелявель, жадаючы гэта паправіць, робіць другую памылку, бо штукуе сваімі домысламі і параўнаннямі з гісторыяй іншых дзяржаў і не пакідае месца фактам. Я імкнуся трымацца сярэдняй лініі, выкладаю факты і пакідаю магчымасць самаму чытачу дамысліць тое, чаго няма ў крыніцах. Узорам мне быў Юм [247], не ведаю нават, як так сталася» [248].


За напісанне шматтомнай «Гісторыі літоўскага народа» Тэадор Нарбут атрымаў ад цара Мікалая I памятны сыгнет [249].

6 студзеня 1846 г. Нарбут паведаміў сябру аб сваёй новай кнізе: «Марціноўскі ўзяў у мяне скарочаную да аднаго тома «Гісторыю літоўскага народа», каб надрукаваць, праз цэнзуру кніга яшчэ не прайшла, падобна што ён туды яе і не аддаваў» [250]. У 1847 г. гэтую кнігу, «Дзеі народа літоўскага сабраныя ў скароце» («Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane»), надрукаваў выдавец Рубэн Рафаловіч.

Выданне Хронікі Быхаўца

«Хроніка Быхаўца» - гэта летапісны звод з ліку беларускіх летапісаў, адзін з агульнадзяржаўных зводаў Вялікага Княства Літоўскага, які быў складзены ў сярэдзіне XVI ст. і дайшоў да нашых часоў у двух спісах - Быхаўца і Вавельскім. Спіс Быхаўца зроблены ў канцы XVII - пачатку XVIII ст., захоўваўся ў маёнтку Магілёўцы шляхціца Аляксандра Быхаўца, які ў 1834 г. пераслаў рукапіс Тэадору Нарбуту.

Працяглы час гэтая хроніка лічылася фальсіфікатам і прыпісвалася Нарбуту, які ўпершыню выдаў яе ў серыі «Помнікі літоўскай гісторыі» («Pomniki do dziejów Litewskich», 1846.), пасля чаго рукапіс бясследна знік. Гэта, а таксама рэпутацыя Нарбута, супярэчнасці і анахранізмы ў тэксце, далі падставы для думкі пра фальсіфікацыю. Але з сапраўднасцю хронікі згадзіліся шматлікія беларускія, польскія і расійскія гісторыкі. За некалькі гадоў да Нарбута, урывак з хронікі (фрагмент пра забойства вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 г.) надрукаваў настаўнік Віленскай гімназіі Г. Клімашэўскі, які чытаў рукапіс яшчэ ў маёнтку самога Быхаўца. У 2011 г. у 1-м (вавельскім) аддзеле Нацыянальнага архіва ў Кракаве быў знойдзены ўрывак «Хронікі Быхаўца», перапісаны ў 1570-1580-я гг., што абвяргае магчымасць фальсіфікацыі яго Нарбутам [251].

Улічваючы, што рукапіс хронікі знік бясследна, цікавым з'яўляецца наступны фрагмент з ліста Нарбута доктару Рэніеру ад 23 лютага 1844 г.: «Дасылаю ў твае дарагія рукі, Аніцэці, сваю найвялікшую каштоўнасць, аўтограф хронікі Быхаўца. Перадай яе пану Вінцэнту Нарбуту, які жыве ў базыльянскім кляштары, ён павінен яе надрукаваць і пасля гэтага вярнуць мне» [252]. Як бачым, шлях рукапісу бясцэннай хронікі па перапісцы прасочваецца да лютага 1844 г., калі Тэадор Нарбут перадаў яго свайму стрыечнаму, брату, які, пэўна, дажываў свой век у Віленскім базыльянскім кляштары.

23 ліпеня 1844 г. Нарбут пісаў сябру: «Пра «Хроніку Быхаўца» нічога не чутно. Нарбут [Вінцэнт] не піша» [253]. Аднак Вінцэнт патрошку пачаў нешта рабіць, і 12 жніўня 1844 г. гісторык паведаміў: «В. Нарбут піша, што папраўляе ўжо 5-ты аркуш «Хронікі Быхаўца», але гэта страшна марудная і нудная праца» [254].

Потым пачаліся праблемы з выдаўцоў Рубэнам Рафаловічам [255], з ліста ад 11 ліпеня 1845 г.: «З Вільні 3 ліпеня паведамілі, што Рубэн яшчэ бавіцца на кантрактах у Менску і што няма канца з «Хронікай». Бог ведае, калі яна будзе гатова» [256].

16 кастрычніка 1845 г.: «З Рубэнам прашу неяк ласкава заканчваць, хай ужо выдае «Хроніку» да майго прыезду» [257].

12 лістапада 1845 г.: «Кажу, што з Рубэнам няможна давесці справу да канца. Хай будзе, як Бог дае. Зараз я не ў тым стане, каб напісаць новую прадмову, хай будзе ранейшая. Тытул таксама раней ужо напісаў: на першай старонцы, як у рукапісе - агульная назва ўсяго выдання, на другой назвы сшыткаў, з якіх складаецца «Хроніка»« [258].

У лісце ад 26 лістапада 1845 г. заўважны нават нейкі аптымізм: «За тваё старанне вакол «Хронікі» дзякую тысячу разоў, можа, ужо справа неяк будзе скончана. Можа, ад Рубэна будзе нейкі ганарар, пра сумы я з ім не дамаўляўся і аддаю справу на той суд» [259].

Надзея на хуткае выданне бачна і ў двух наступных лістах, 6 студзеня 1846 г. гісторык пісаў сябру: «Усе планы прошлага года выкананы, засталіся праблемы з «Хронікай», яе выданне вельмі зацягнулася, але, можа, і яны закончацца. Я вельмі пакутую з-за гэтай затрымкі, каб ведаў, дык не абяцаў бы многім годным людзям гэтую кнігу. Будзь ласкавы, калі ўсё ж кніга будзе гатова, падлічы з Рубэнам рахункі» [260] , і ў лісце без даты з 1846 ці пачатку 1847 г.: «На «Хроніку Быхаўца» пасля выхаду першага нумара, можна абвесціць падпіску. Мяне запэўніваюць, што падпісчыкаў з Санкт-Пецярбурга будзе шмат. Пшэслаўскі, рэдактар «Тыгодніка», наш сваяк, не адмовіць у дапамозе. Адным словам, абдумваю гэты праект. Мне самому немагчыма займацца рэдактурай. Апошнія ўмовы я напісаў» [261].

Кніга выйшла ў 1846 г. На тытульнай старонцы напісана: «Накладам Рубэна Рафаловіча, віленскага кнігара. У друкарні друкара М. Зымяловіча» (Nakładem Rubena Rafałowicza Księgarza Wileńskiego. W drukarni M. Zymelowicza Typografa. 1846.). На другой пасля тытульнай старонкі маецца літаграфія віленскай Вострай Брамы.

3 жніўня 1845 г. Нарбут пісаў сябру: «Азямблоўскі Вострую Браму на камені выразаў фальшыва, я мусіў сам па-новаму намаляваць, добра што з балкона ў доме Касабудcкіх, дзе мы жылі, было зручна яе назіраць. Азямблоўскі яшчэ раз, па майму малюнку выразаў яе на камені. Думаў у Яшчалда [262] выпрасіць відарысы Вільні Смуглевіча [263], каб Азямблоўскі зрабіў іх на камені, але Яшчалд так дрэнна ставіцца да літаграфічнага таленту нашага сябра, што і слухаць пра гэта не жадае» [264].

Як бачым, Тэадор Нарбут калі-нікалі сам маляваў ілюстрацыі да сваіх кніг. Яго дачка пісала: «Апавядаў мне тата, што калі здымаў план катэдральнай вежы ў Вільні, дык устанавіў шкло на акне (верагодна, лупу ў якасці аб'ектыва. - Л. Л.) і ўбачыў, што шкло намалявала яму вежу адваротным чынам (як і належыць, выява была перавернутая - Л. Л.). […] Потым ён доўга думаў над магчымасцю захаваць бачанае ім адлюстраванне. Пазнейшае з'яўленне дагератыпаў пацвердзіла яго ідэю. Свае малюнкі ён размалёўваў алейнымі фарбамі» [265].

Перад самым выхадам з друку «Хронікі Быхаўца», гісторык пісаў свайму сябру Рэніеру, з ліста бачна, што наогул «Помнікі...» задумваліся як альманах: «Мой ласкаўца Даўконт жадае, каб кожная вокладка нашых «Помнікаў …» была аздоблена літаграфаванай гравюрай з выявай тытульнага фасада Вострай Брамы. … Каб усе ведалі, паведамляю, што артыкулы будуць на лацінскай, нямецкай, польскай, чэшскай і славянскай мовах, у апошнім выпадку - рускімі літарамі, калі-нікалі можа і лацінскімі [266]. Рукапісы павінны брацца толькі для друку і адразу вяртацца да мяне. Яшчэ адна заўвага, самая галоўная: паколькі над Брамай ёсць Літоўская Пагоня, дык яна павінна быць выразна бачна на малюнку. Можна было б намаляваць толькі гэтую частку будынка і не зважаць на яго ніз. Гэта значыць паказваць толькі Пагоню з грыфамі пад карнізам і больш нічога. Калі б у мяне быў гэты малюнак, дык у Пецярбургу зрабілі б дрэварыт - нехта з тых, хто гравіруе віньеткі. Патрэбна парада і дапамога ад Азямблоўскага. Зрэшты, хто возьмецца друкаваць, з тым і дамовімся. Мне параілі нейкага пана Дамініка Ходзьку [267] , перакладчыка віленскай цывільнай палаты, ён можа дапамагаць мне вычытваць карэктуры, ён паважаны чалавек і руплівым ліцвін» [268].

І яшчэ пра мяркаванае новае выданне: «Вярнуўся з Пецярбурга мой брат Фрэдэрык, прывёз лісты, кнігі, копіі рукапісаў па нашай гісторыі і адразу пачаў патрабаваць, каб я пачаў друкаваць дзённікі ці помнікі з нашай гісторыі.

Праект такі: выдаваць па 2-3 сшыткі ў адзін том, будуць раней ненадрукаваныя яшчэ хронікі, дзённікі, розныя справаздачы і дыпламатычныя акты, якіх у мяне вялікі запас. Я хацеў далучыцца да выдання Пшаздзецкага і Грабоўскага [269], але мае мецэнаты - тыя хто дае мне матэрыялы, на гэта не згодны. Яны толькі жадаюць каб Літва была асобнай, бо палякі мелі ці маюць звычку ўзвышацца над намі, ліцвінамі, і нібыта прымяншаюць значнасць большасці нашых тэкстаў. Хаця я не зусім у гэта веру, я не магу спрачацца з людзьмі, якія дапамагаюць мне ў працы. На жаль, я не магу хутка прыехаць у Вільню з-за дрэннай дарогі, а час ідзе. Таму я вырашыў прасіць тваю параду, што мне рабіць? Мне здаецца, што найперш трэба паразмаўляць з Завадскім. Калі ён не пагодзіцца з умовамі ці адразу адхіліць прапанову, дык тады з Глюксбергам і, нарэшце, з яўрэем. Паколькі выданне будзе разбітае на сшыткі, я б хацеў атрымаць ганарар па 5 рублёў за друкаваны аркуш, а друкар на сваю рызыку павінен атрымаць прыбытак з накладу і мне аддаць толькі 60 экземпляраў. Зрэшты, мог бы патрабаваць і меней, але не менш за 3 рублі срэбрам. Канчатковай карэктурай і памылкамі я заняўся б сам, і таму штотыдзень мне трэба было б прысылаць спецыяльнага ганца, якому б рэдактар плаціў па паўрубля. Для першага сшытка першага тома дасылаю «Хроніку Быхаўца», і пасля выхаду першага нумара можна абвесціць падпіску» [270].

Выданне альманаха не атрымалася, «Хроніка Быхаўца» выйшла асобнай брашурай намаганнямі самога Нарбута. Вядома, што яшчэ ў 1851 г. рукапіс «Хронікі Быхаўца» знаходзіўся ў сядзібным доме ў Шаўрах, і толькі вопіс 1864 г. зафіксаваў яго адсутнасць.

Кнігі выдадзеныя Нарбутам у 1850-х гг.

Адам Кіркор у 1854 г. наступным чынам падсумаваў шматгадовую працу Тэадора Нарбута:

«Акрамя вялікай колькасці артыкулаў, апублікаваных у розных выданнях […] ён апублікаваў у Вільні наступныя працы:

1) Нарыс гісторыі цыганскага народа, 1830.

2) Вырошчванне лёну, канопляў і іншых валаконных раслін, па заказу былога Віленскага ўніверсітэта,1833.

3) Выбраныя оды і кантаты Жана Батыста Русо, пераклад з фр., 1833.

4) Оды Гарацыя, вершам, 1835 г.

5) Гісторыю літоўскага народа, 9 тамоў, т.1. выйшаў у 1835 г., а т. 9 - у 1841 г.

6) Помнікі літоўскай гісторыі, 1846 г.

7) Дзеі народа літоўскага сабраныя ў скароце, 1847 г.

8) Невялікія гістарычныя творы. (Pomniejsze Pisma historyczne).

9) Гербоўнік Каяловіча.

Апошнія дзве кнігі яшчэ знаходзяцца ў рукапісах.

Сёння, у цішыні свайго дома, сярод сваёй сям'і, Нарбут не перастае працаваць над статыстыкай і археалогіяй нашага краю і пільна сачыць за рухам нашай літаратуры. Яго вялікая бібліятэка, багатая рэдкімі гістарычнымі творамі, старажытнымі рукапісамі, выпіскамі з літоўскіх спраў з тайнага архіва ў Кёнігсбергу, Інфлянцкага архіва і іншых крыніц. Акрамя таго у ёй ёсць рэдкія калекцыі археалагічных помнікаў, выкапаных з-пад зямлі, у тым ліку і бронзавая статуя бога вайны Каваса разам з іншымі археалагічнымі каштоўнасцямі»» [271].

Пра паганскага бажка Каваса паразмаўляем у наступным раздзеле, а покуль спынімся на «Невялікіх гістарычных творах».

9 сакавіка, 1845 г. гісторык паведамляе доктару Рэніеру, што ён «падрыхтаваў шмат артыкулаў непасрэдна па гісторыі Вільні: 1) Новае пра жыццё віленскага біскупа Андрэя Васілы, з рукапісаў алькеніцкіх францішканаў. 2) Важныя заўвагі пра касцёл св. Мікалая. 3) Гісторыя касцёла св. Ганны. 4) Пра каменнае надмагілле Альбрыхта Гаштольда. 5) Пра царкву св. Параскевы ці Пятніцкую. 6) Пра студэнцкі бунт у Вільні 1644 г. 7) Пра тапаграфію Вільні - два апошніх з адшуканых рукапісных дзённікаў» [272].

На гэтым месцы трэба спыніцца.

З ліста бачна, што Нарбут рыхтуе да публікацыі кнігу «Невялікія гістарычныя творы» [273], якая выйшла ў 1856 г. Выхад кнігі быў анансаваны ўжо ў канцы 1853 г. у «Газеце Варшаўскай». Газета надрукавала вялікі артыкул пра гэтую кнігу Нарбута, якая павінна была складацца з 24 частак, сярод якіх аўтар артыкула асабліва выдзяляў часткі пра сваволю віленскіх студэнтаў з дзённіка Філона Асінскага і «Дзённік пасольства крыжакоў у 1397 г.» («Дзённік Кібурга»). У газеце пераказваўся змест «Дзённіка…» і паведамлялася, што гэта не тэкст самога дзённіка а толькі яго выклад для невядомай асобы, што рукапіс «Дзённіка Кібурга» Нарбуту перадаў прафесар Анацэвіч, які да таго часу ўжо памёр і таму немагчыма даведацца, адкуль ён здабыў гэты тэкст [274].

У сваім лісце Нарбут паведамляе доктару Рэніеру пра так званы «Дзённік пасольства ад Прускіх Крыжакоў да вялікага князя літоўскага Вітаўта ў 1347 г. які будзе надрукаваны ў гэтай кнізе» [275]. Сёння вядома, што гэты дзённік Нарбут сфальшаваў. У ім віленскі касцёл св. Ганны апісаны ў такім выглядзе, які помнік набыў толькі пасля 1500 г. [276], бо вядома, што першасны, драўляны касцёл Святой Ганны быў збудаваны ў XIV ст. Таксама фальшыўкамі з'яўляюцца і апісанне ўмацаванняў сталіцы ВКЛ у сярэдзіне XV ст., і ліст сучасніка пра спальванне ерэтычных кніг у Вільні ў 1581 г., і аповед пра хваляванні студэнтаў-езуітаў у 1644 г. [277]

Цікава, што Нарбут надрукаваў сваю фальшыўку, як быццам, у перакладзе «з арыгінальнага рукапісу», зробленым выкладчыкам былога Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Ігнатам Анацэвічам. Як выдавец Нарбут дадаў, што Анацэвіч падараваў яму гэты дзённік «разам з іншымі матэрыяламі па гісторыі Літвы. З якога архіва ці бібліятэкі ўзяты - не вядома» [278]. Нарбут і насамрэч быў добра знаёмы з прафесарам Анацэвічам. У перапісцы з Рэйнерам сустракаем, напрыклад, такія словы: «...гэта мне казаў Анацэвіч» [279], ён цікавіўся лёсам яго рукапісаў: «Хто ведае, куды пайшлі яго рукапісы?» [280] і г. д.

Гісторык Генадзь Сагановіч задаецца пытаннем: «Чым жа кіраваўся аўтар ... містыфікацыі?» і прыводзіць меркаванне сваіх папярэднікаў, некаторыя з іх лічылі, што ў фальсіфікацыях Нарбут кіраваўся высакародным памкненнем - ім рухала любоў да сваёй Айчыны, іншыя, што гэта было «жаданне прыдаць бляску літоўскай гісторыі XIII-XVI ст.ст.» ці зайздрасць славе Юзафа Крашэўскага, ці тое, што Нарбут меў схільнасць да белетрызацыі гісторыі і таму стварэнне і публікаванне фальсіфікатаў з часам «зрабілася для яго амаль што неабходнасцю».

Сагановіч дадае, «што трэба ўлічваць і так званы «дух часу». На канец XVIII-першую палову XIX ст. прыпаў найбольшы ўздым вырабу гістарычных і літаратурных фальшывак як у краінах Цэнтральна-Усходняй Еўропы, так і ў Расійскай імперыі. Напрыклад, у 1817 г. чэхі В. Ганка і В. Свобада апублікавалі «Краледворскі рукапіс» - славуты твор чэшскага эпасу, які на павер аказаўся таленавітай падробкай. Цалкам верагодна, што, менавіта прыклад чэхаў натхняў на містыфікацыю і віленскіх гісторыкаў» [281].

Каб зразумець што адчуваў і пра што думаў наш гісторык, цікава будзе прачытаць наступны кавалак тэксту з II-га тому яго «Гісторыі ...»: «З вокнаў майго дома, у якім гэта пішу, я кожны дзень гляджу на цвердзь пад Радунню [282], якая знаходзяцца ад мяне на адлегласці не больш за вярсту па прамой лініі. Яна з'яўляецца для мяне вобразам велічнай, далёкай цвердзі. Гледзячы на гэты рэдкі помнік мінуўшчыны, я кожны дзень адчуваю, як у маім сэрцы ўзнікаюць новыя пачуцці, якія абвастраюць маю цікаўнасць да разумення гісторыі, і з кожным днём я адчуваю ўсё большую немагчымасць дасягнуць гэтага. Чым больш я паглыбляюся ў пазнанне даўніны роднай зямлі, тым далей яна адыходзіць ад мяне ў глыбіню стагоддзяў і імкнецца схавацца ад вачэй маёй душы» [283].

Нарбут не меў на ўвазе нейкія фізічныя перашкоды для вывучэння мінуўшчыны. Немагчымасць даследаваць гэтую цвердзь (як сімвал нашай гісторыі) - гэта немагчымасць дакрануцца да яе сапраўднага мінулага, немагчымасць цалкам рэканструяваць яго. «Бо я параўноўваю сябе з хлопчыкам, які, выйшаўшы на бераг мора, якое затапіла руіны некалі магутнага горада, знайшоў рэшткі разбітага мазаічнага малюнка, раскіданага або паглынутага вадой. Прыцягнуты прыгажосцю мастацтва, ён пачаў збіраць дробязь і размяшчаць яе ў ранейшай сіметрыі. Ён зрабіў абрысы і выявіў шмат дэталяў; але ён бачыць, колькі яшчэ не хапае, і ён не ў стане запоўніць пустэчу і таму глядзіць на водную прастору, якая ўсё затапіла. З уздыхам ён спадзяецца на той момант, калі мора выкіне каменьчык з гэтай мазаікі, спадзяецца, спадзяецца і нарэшце сам тоне ў гэтай бездані шматвекавога знішчэння» [284].

Нарбут адчуваў недахоп тэкстаў, недахоп жывых успамінаў (як гэта адчуваю, напрыклад, і я, вывучаючы значна больш познія часы) якія павінны былі запоўніць гэтую пустку гісторыі, жыва адлюстраваць гістарычныя падзеі, якія ён ужо адчуваў і ў глыбінях сваёй душы прадбачыў, каб такім чынам адрынуць усялякія непаразуменні з калегамі.

Як чалавек, які шмат гадоў вывучае Нарбута і яго сям'ю, заўважу, што Нарбут пісаў яшчэ ў тыя часы, калі факультэты ўніверсітэтаў, якія рыхтавалі гісторыкаў называліся «гісторыка-філалагічнымі» - гісторыя яшчэ не разышлася з філалогіяй, і сам Тэадор называе сябе літаратарам. Нарбут, быў чалавекам, які страціў слых і меў вялікія праблемы ў камунікацыі з іншымі людзьмі, што пакідала яго сам-насам з унутраным жыццём сваёй душы. І пасля дзесяцігоддзяў вывучэння гісторыі роднага краю, у яго душы склаўся вобраз нашай гісторыі, у якім ён быў абсалютна ўпэўнены, але не мог доказна паказаць яго сваім калегам. Можа, ён нават меў і нейкі містычны, рэлігійны вопыт суперажывання і разумення гістарычных шляхоў, які цалкам пераконваў яго ў сваёй праваце, і таму Нарбут мог лічыць, што сваім пяром ён робіць абсалютнае дабро і адчыняе нам невядомыя раней таямніцы гісторыі.

Нарбут быў чалавекам свайго часу - з аднаго боку «расказы пра духаў былі яго любімай тэмай» [285], ці: «З нейкай наіўнай прыемнасцю ён часамі размаўляў пра надпрыродныя рэчы. Калі-нікалі яго думкі блукалі ў краіне духаў, ён дапускаў іх існаванне і стасункі з нашым светам» [286], з другога боку, падобна на тое, што ён прытрымліваўся ідэй дастаткова вульгарнага матэрыялізму, уласцівых XIX ст.: «Не раз казаў мне, што ўсё ўжо адкрыта і ўсё напісана. Ён гэта прымаў і скардзіўся на брак сродкаў і неабходных рэчаў, з дапамогай якіх можна зрабіць адкрыццё» [287], - казаў усё гэта дачцэ. У нечым падобныя погляды, напрыклад, меў і рэктар Віленскага ўніверсітэта Ян Снядэцкі, які вінаваціў самога Канта ў ідэалізме: «Пасля таго як Бэкан, Лок, Лейбніц, д'Аламбер і іншыя так добра растлумачылі здольнасці i дзеянні душы, Кант падымае з дамавіны нездавальняльнае вучэнне Платонава… мяшае летуценні і дзівацтвы з простым, хоць, зрэшты, недастатковым вучэннем Платона» [288].

Адукаваныя людзі таго часу былі ўпэўнены, што ўсе законы прыроды ўжо адкрыты і, абапіраючыся на тры законы механікі Ньютана, можна не толькі вылічыць рух планет і зорак але і, калі будзе магчымасць, падлічыць вялікія масівы дадзеных, вылічыць і растлумачыць працу чалавечага мозгу і душы. Магчыма, гэтае дзіўнае злучэнне ўласцівай Нарбуту спецыфічнай рэлігійнасці з матэрыялізмам чалавека, які мае прыродазнаўчую адукацыю і прывяло яго да фальшавання гістарычных крыніц.

Але гэта толькі мае гіпотэзы.

Калекцыя Тэадора Нарбута

Найважнейшым месцам у Шаўрах - сапраўднай сядзібе-архіве, яе сэрцам, была бібліятэка і калекцыя старажытнасцяў з нумізматычнымі зборамі і шматлікімі рукапісамі.

З ліста ад 5 лютага 1842 г. даведваемся, што прэлат Гразмані, пра якога я пісаў вышэй, падараваў нашаму гісторыку, як найменей, частку сваёй калекцыі: «Пішу да Далецкага пра каменныя молаты (каменныя сякеры - Л. Л.), якія мне [раней] падараваў нябожчык, прэлат Гразмані. Я не забраў іх у прошлым годзе, бо забыў пра іх і ўвесь год больш не быў у Вільні, там яны і засталіся» [289].

Нарбут добра ведаў тагачасных збіральнікаў гістарычных артэфактаў і ўважліва сачыў за лёсам калекцый пасля смерці гаспадароў: «У нас кажуць, што генерал Касакоўскі пайшоў у лепшы свет. Пасля яго засталося шмат старых рэчаў. Было б добра атрымаць некаторыя з іх у музей літоўскіх старажытнасцяў», - пісаў ён сябру-доктару 20 снежня 1842 г., і праз месяц: «Прашу памятаць пра дробязі, якія пасля смерці генерала Касакоўскага ёсць магчымасць атрымаць» [290].

Юзаф Антоні Касакоўскі (1772-1842), заслугоўвае таго, каб трошкі расказаць пра яго. Генерал Юзаф Касакоўскі паходзіў са шляхецкага роду Касакоўскіх герба Слепаўрон. Адукацыю атрымаў у калегіюме каталіцкага манаскага ордэна піяраў у Вільні. У 1792 г. Юзаф Антоні Касакоўскі як харунжы 8-й харугвы 1-й брыгады кавалерыі ВКЛ удзельнічаў у вайне за незалежнасць. Затым у чыне маёра стаў камандзірам 3-й брыгады кавалерыі ВКЛ. Пасля вайны збіраўся прыняць духоўны сан і стаць вікарыем свайго дзядзькі, інфлянцкага біскупа Юзафа Казіміра Касакоўскага, аднак у тым жа 1792 г. ён стаў дарадцам Літоўскай генеральнай канфедэрацыі ў складзе Таргавіцкай канфедэрацыі. У 1794 г. Касакоўскі ўдзельнічаў у паўстанні Касцюшкі і прыняў удзел у абароне Вільні. Пасля задушэння паўстання некалькі гадоў жыў у Парыжы, потым вярнуўся ў Літву, якая ўвайшла ў склад Расіі.

Падчас ваеннай кампаніі 1812 г. ужо брыгадны генерал Касакоўскі, знаходзіўся ў свіце імператара Напалеона як флігель-ад'ютант (акрамя яго, ад мясцовай шляхты флігель-ад'ютантамі былі Яўстах Эразм Сангушка і Людвік Міхал Пац). Удзельнічаў у бітве пад Смаленскам і Барадзіно. З 29 верасня 1812 г. тры дні займаў пасаду губернатара Масквы. Падчас адступлення арміі, прымаў удзел у шэрагу сутычак і бітваў, у тым ліку, і ў бітве на рацэ Бярэзіне.

У 1813 г., застаючыся флігель-ад'ютантам імператара, прыняў удзел у бітвах пад Лютцэнам, Баўцэнам, Дрэзданам, Ляйпцыгам і Ганаў. У 1814 г. з-за хваробы некалькі месяцаў не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях, аднак у красавіку 1814 г. быў адным са сведкаў адрачэння Напалеона Банапарта ад імператарскага трона ў Фантэнбло. У тым жа годзе Юзаф Антоні Касакоўскі атрымаў тытул графа французскай Першай імперыі і стаў рыцарам Мальтыйскага ордэна. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў быў амніставаны і вярнуўся на радзіму. Быў вядомы як калекцыянер, у тым ліку і розных рэліквій, звязаных з Напалеонаўскімі войнамі [291].

У «Тыгодніку Пецярбургскім» у 1843 г. сярод іншага, Тэадор Нарбут пісаў: «У кабінеце нябожчыка генерала Касакоўскага я разглядаў маленькую бронзавую фігурку, якую ён лічыў ідалам літоўскіх паганцаў, бо яна была знойдзена ў яго маёнтку над Віліяй Дольнай. Аднак у яе характары і прыкметах не было нічога, што нагадвала б нейкага знаёмага бажка. Стыль і метал заяўлялі аб яго старажытнасці. Дзе зараз знаходзяцца гэтыя помнікі і якую карысць яны нясуць для археалогіі?» [292]. У тым жа артыкуле гісторык згадвае страчаныя калекцыі Дыянізія Пашкевіча, які ўсё жыццё збіраў жмудскія старажытнасці, і калекцыянера і маршалка Расіенскага павета графа Юрыя Плятэра.

Праз нейкі час «Тыгоднік Пецярбургскі» друкуе водгук на артыкул Нарбута нейкага Т. Б. з Жытоміра, у якім той апісаў калекцыю генерала Касакоўскага: «... генерал Касакоўскі памёр. Некалькі гадоў таму, калі быў у Вільні, я зблізіўся з ім. Гэта быў выдатны чалавек. Ён ваяваў па ўсім свеце і ўсюды збіраў усё вартае гісторыі - кабінет у яго быў вельмі цікавы. Там вы бачылі самыя розныя цікавосткі - на розныя густы і схільнасці. Акрамя таго, усё гэта было шыкоўна размешчана ў гасцёўнях, дзе спыняўся і прымаў гасцей сам генерал, - а паколькі ён звычайна жыў у Вільні, дык многія з карысцю маглі ўбачыць гэты кабінет-кватэру, у якую адны прыязджалі як сябры генерала, а другія прыходзілі, каб непасрэдна ўбачыць цікавыя рэчы, вартыя іх ўвагі. Генерал з аднолькавай прыязнасцю абводзіў усіх па сваіх пакоях, як старых, так і новых знаёмых, паказваў і тлумачыў ім свае цікавосткі. Я некалькі разоў прасіў генерала скласці спіс рэчаў ягонага кабінета і надрукаваць. Я не ведаю, ці пакінуў ён такі спіс з гістарычнымі і фізічнымі апісаннямі ўсяго, што меў, і пра які я яго прасіў. ... калі ён не зрабіў, гэтага ўжо ніхто не зробіць. Аднак спадчынніку ... варта было б зрабіць хаця б фізічны вопіс гэтых цікавостак і абнародаваць яго» [293].

Незайздросны лёс у нашым краі мелі калекцыі, незайздросны лёс мела і калекцыя самога Тэадора Нарбута, пра якую якраз і прыйшла чарга падрабязней расказаць. Каб зрабіць гэта, мы маем тэкст паэта Уладзіслава Сыракомлі, прысвечаны калекцыі ў Шаўрах, надрукаваны ў 1854 г. у «Газеце Варшаўскай».

«Пачнём з таго, што абагаўлялі нашы прабацькі і зірнём на камень асаблівай формы, якому па меркаванні Нарбута, пакланяліся, як богу. Яго знайшлі ў маёнтку Шаўры, у капанцы, куды Пяруна кінулі ахрышчаныя паганцы. У імя навукі каменны бог вярнуў сабе «алтар» як помнік гісторыі», - пачаў паэт апісанне калекцыі нашага земляка: «Наступны экспанат - рэшткі чорнага мармуру, якія паходзяць з Інфлянтаў і лічацца кавалкамі надмагілля Міндоўга. Трэба дадаць, што Нарбут адмаўляе магчымасць пахавання Міндоўга ў так званай Наваградскай гары Міндоўга». Думаю, у наш час не мае сэнсу каментаваць аўтэнтычнасць надмагілля Міндоўга.

Як і Яўстах Тышкевіч [294], наш гісторык у сваёй калекцыі меў слязніцы: «Нарбут мае 5 слязніц (lacrimatoria) [295] з розных курганаў, у адной з іх яшчэ засталіся слёзы, другая - пустая і адчыненая, трэцяя не сферычная, як звычайна, а падобная на бутэльку, чацвёртая зробленая з гліны і вылучаецца асабліва добрай апрацоўкай, але разбітая, пятая і апошняя - маленькая, бурштынавая чаша, знойдзеная ўнутры васковага шара памерам з яблык, яна ляжала ў нагах шкілета малога дзіцяці».

Меў Нарбут і артэфакты, якія казалі пра распаўсюджанасць абраду трупапалення ў старыя часы: «Звычай спальвання парэшткаў асоб, якія мелі ўладу, пакінуў у калекцыі Нарбута два прадметы: першы - кавалак верху урны з попелам, выраблены з абпаленай гліны і знойдзены каля Нёмана ў Друскеніках, другі - ніжняя частка гранітнай урны з попелам, якая некалі была выкапана з зямлі і ляжала пад парогам сялянскай хаты, а зараз умуравана ў слуп брамы саду [у Шаўрах]». І далей, пра знаходкі ў могільніках: «Маецца ў калекцыі і больш за 30 вырабленых з рознага матэрыялу пацерак рознай формы і памеру, яны знойдзены ў курганах і з'яўляюцца жаночымі ўпрыгожаннямі.

Пра тое, што ў магілах разам з нябожчыкам хавалі і яго любімыя рэчы ці рэчы, якія былі яго заняткам, сведчаць знойдзеныя ў курганах два шарыкі з адтулінамі для завострывання брытваў, Нарбут лічыў, што гэтыя рэчы ляжалі ў магілах цырульнікаў. Пяць брытваў і ржавых нажоў, знойдзеных там, здаецца, пацвярджаюць выснову, што нават у тыя старажытныя часы захад аказваў уплыў на Русь і Літву, у якіх адрошчванне барады было традыцыйным і амаль што рэлігійным звычаем».

Потым Уладзіслаў Сыракомля пераходзіць да апісання зброі ў калекцыі Тэадора Нарбута: «Сем каменных тапароў рознага памеру, сярод якіх два разбітыя, і два каменныя долаты - усё гэта знойдзена ў Лідскім павеце.

Каменныя шары накшталт тых, якія мы апісалі ў калекцыі Тышкевіча, яшчэ да з'яўлення пораху служылі для скідвання на непрыяцеля з гары. Яны выточваліся з рознага каменю - больш буйныя з граніту, а дробныя з любога каменю.

У калекцыі Нарбута ёсць гарматнае ядро са шведскага мармуру, знойдзенае каля вёскі Кубанцы, напалову трэснуты гранітны шар вялікага калібру, які быў знойдзены пад гістарычным замкам у Лідзе, і яшчэ большы, таксама гранітны, знойдзены пад Замкавай гарой у Вільні».

Сыракомля гэтак заканчвае першую частку свайго артыкула: «Каменная пліта з цвёрдага вапняку з падлогі і кавалак пячной кафлі былі знойдзены ў руінах замка ў Друскеніках, які некалі існаваў на правым беразе ракі Ратнічанкі» [296].

Дадам, што Нарбут усё жыццё цікавіўся памятнымі камянямі: «Атрымаў інфармацыю пра знойдзены нядаўна важны камень у Літве, на якім шмат невядомых надпісаў, але сёння ён ляжыць пад снегам, адкладу да вясны мой візіт да гэтага ветэрана нашай краіны. Таксама чуў пра другі камень з невядомымі надпісамі і фігуркамі, хутка чакаю больш падрабязных вестак» [297], - пісаў ён доктару Рэніеру 12 студзеня 1841 г. Нарбут першым паведаміў пра цікавыя, гістарычныя камяні на Лідчыне, напрыклад пра цікавы камень каля Няцечы (за 7 км на ўсход ад Ліды па левым баку дарогі з Ліды на Ліпнішкі): «За Лідай, на тэрыторыі Дубровенскага староства, ёсць велічэзная глыба граніту, да 400 кубічных футаў» [298], пра камень-следавік, які раней ляжаў каля вёскі Мэйры (Лідскі р-н): «... адзін (камень) у Лідскім павеце, Ваверскай парафіі, у маёнтку Юзафа Шышкі, каля вёскі Мэйры: ступня на камені там выразная і дакладна выбітая. Сяляне ўважаюць яе за ступню Маці Божай і прызвычаіліся да яе ўшанавання» [299].


Другую частку артыкула паэт пачынае са старажытных помнікаў з металу, са статуі паганскага бажка Каваса: «Цікавыя рэчы ў гэтым раздзеле пачынаюцца з маленькай бронзавай статуэткі Каваса ў старажытных балтаў. Статуэтка была выарана на полі каля Плацялёў. Сваімі мастацкімі якасцям статуэтка ўказвае на яшчэ дзікі стан Літвы. Дэталі вопраткі баства паказваюць узбраенне старажытных балтаў. На галаве баства маецца шлем, які шчыльна ахоплівае лоб, патыліцу і шыю, а звычайны рыцарскі нашыйнік, злучаны са шлемам, бароніць частку грудзей і плячэй. Мяркуецца, што шэраг маленькіх ямачак, якія праходзяць праз шыю і грудзі, сімвалізуюць ланцуг, які насілі ваяры ў той час. Непрапарцыянальна вялікія адтуліны ў шлеме для вушэй могуць сімвалізаваць гэтак неабходную ваяру пільнасць. Жалезны панцыр боства ці, можа, кафтан з тоўстай звярынай скуры, цесны і з нізкім разрэзам, падзелены ад паса на восем частак, дакладна такой формы, якую мы і сёння бачым на гарсэтах сялянак. Ногі баства сагнутыя ў каленях, як быццам ён скача. Акрамя таго, баство не мае абутку і ніжняй часткі адзення. Падстаўкай для статуэткі з'яўляецца васьмігранны слуп, як быццам капітэль ад калоны. У выцягнутых, але зараз зламаных руках, як сімвал сваёй сілы, статуя павінна была трымаць нейкую зброю» [300].

Сам Тэадор Нарбут пісаў пра Каваса ў першым томе сваёй «Гісторыі ...» наступнае: «Месяц сакавік літоўцы называюць Кавас, які ў рымлян таксама быў прысвечаны богу Марсу. У летувіскай гаворцы, калі хочуць сказаць пра рыцарскі характар ці выраз твару чалавека, кажуць: «Kawinga Kartu». Слова Кавас на самай справе азначае костка ці вайна. Стрыйкоўскі называе гэтага бога Хаўрырары [301] [...].

У 1809 г. у Мар'ямпольскім павеце, непадалёк ад левага берага Нёмана, у вёсцы Лакайцы, селянін Кавалеўскі церабіў лес і знайшоў на полі, пад гнілым ствалом некалі вялізнага дуба, розную зброю: гэта былі ржавыя мячы, корды, наканечнікі стрэл, баявыя тапары, цэнтральныя часткі шчытоў, прылбіцы, некалькі рэчаў з медзі і срэбра. У 1813 г. с. п. Даўят, які валодаў у той час фальваркам Лакайцы, расказваў мне пра гэта: «Я атрымаў медную медзяніцу шырынёй у 2,5 цалі і па абводзе ў 11. Выяву гэтай рэчы, якую я зрабіў вельмі старанна, можна ўбачыць на малюнку 1, таблічка 1 (у канцы 1-га тома «Гісторыі ...» - Л. Л.). На ім выбіты ваяўнічыя сімвалы [...].


Унізе надпіс па-літоўску: «Kawas. Kawas podek mums», значыць: Kawas, Kawas, дапамажы нам. Гэта было акуцце трубы літоўскага ваяра, якая, напэўна, была зроблена з рога і згніла ў зямлі. Надпіс зроблены русінскімі літарамі [...] Дуб, з-пад ствала якога знойдзена гэтая старадаўняя зброя, быў святым, на ім вешалі зброю, прысвечаную багам [...]» [302].

У нізе надпіс па-літоўску: 'Kawas. Kawas podek mums' ...

Пра статуэтку гэтага ўяўнага бажка Каваса ў сядзібе Нарбута таксама пісалі: Каміла Юрэвіч [303] (гл. ніжэй) і Адам Кіркор (гл. вышэй).

Сам Нарбут у 1843 г. пра знаходку статуэткі паведамляў наступнае: «Найбольш рэдкімі і цікавымі помнікамі з'яўляюцца статуі багоў. Наколькі я ведаю, у Літве іх выяўлена толькі тры: дзве ў Коўні, пра якія я ўжо згадваў у сваім месцы (Dzieje narodu Litews. Т. IV. Dodatek XVIII. str. 80-84 .). Трэці бог, Каваc, знойдзены ў Жмудзі ў 1836 г., на ворным полі каля Крож, на хутары Бурачкі і беражліва захоўваецца ў мяне. ... Я бачыў у мінералагічным кабінеце былога Віленскага ўніверсітэта фрагмент бронзавай фігуркі з барадатай галавой і доўгімі, растрапанымі, неахайнымі валасамі, чымсьці вельмі падобным да паганскай бронзы; але вучоныя, поўныя скептыцызму, ... не дазволілі мне аднесці гэты помнік да эпохі паганства, сцвярджаючы, што ... гэта павінен быць аскепак якога-небудзь хрысціянскага святога, зроблены няўмелым майстрам» [304]. Як бачым, Нарбут шукаў і бачыў паганскіх бажкоў у самых розных аскепках.

Магчыма, менавіта пра гэтую статуэтку ішла гаворка ў лісце ад 11 ліпеня 1845 г.: «Пан Данілецкі піша, што мае для мяне нейкую бронзавую фігурку, знойдзеную ў зямлі, просіць дазволу даслаць яе ў наш музей» [305]. Нагадаю, што Данілецкі жыў у Гародні і быў супрацоўнікам часопіса «Ундзіна».

Сучасныя летувіскія навукоўцы вінавацяць Тэадора Нарбута не толькі ў падачы сумнеўных матэрыялаў па літоўскай міфалогіі, але і ў фальсіфікацыях, бо інфармацыя Нарбута не пацвярджаецца іншымі крыніцамі. Сярод спісу бажкоў, якіх ведаў толькі Нарбут, ёсць і бажок Кавас [306] - такі сабе, «два разы» міфалагічны бажок.

Вядучы сучасны летувіскі інтэлектуал Томас Венцлава пісаў: «Вельмі цяжка сказаць, якая была гэтая старая вера. Рамантыкі дзевятнаццатага стагоддзя, не выключаючы і Міцкевіча, гаварылі аб цэлым літоўскім пантэоне і спрабавалі яго ўваскрэсіць па нешматлікіх сведчаннях даўніны. Сярод гэтых рамантыкаў асобна вылучаецца Тэадор Нарбут, які напісаў дзевяцітомную гісторыю Літвы, - першы яе том цалкам прысвечаны міфалогіі. Багі, якіх ён згадвае, амаль дакладна адпавядаюць багам Алімпа, часам Эдды, толькі імёны ў іх іншыя. Нарбут здабыў нават статуэткі багоў і помнікі паганскай летувіскай пісьмовасці, але ўсе яны пазней аказаліся фальшыўкамі» [307].


Вернемся да калекцыі Нарбута, апісанай Уладзіславам Сыракомлем. У другой частцы артыкула ён зноў звяртаецца да калекцыі зброі і падзяляе яе дзве часткі.

Зброя ВКЛ: «Сталёвы шлем, знойдзены ў магіле каля Аранаў і нагрудная частка даспехаў, у калекцыі таксама маецца стальны баявы тапор, знойдзены ў могілках пад Друскенікамі і два замкі ад вогнепальнай зброі знойдзеныя на полі ў ваколіцах Трок».

Іншая зброя належала адвечнаму ворагу - крыжакам, гэта: «Жалезнае стрэмя асаблівай формы са срэбным узорам, дзве сякеры з выдатнай сталі, дзве шпоры - бронзавая і жалезная, жалезная дзіда, наканечнік кап'я, два бронзавыя гузікі ад рукаятак мячоў і срэбны кручок для мацавання раменьчыкаў ад мяча - усе гэтыя рэчы, якія характарызуюцца ўзроўнем вырабу, якасцю і каштоўнасцю металу, паходзяць з 1385 г., калі Тэўтонскія рыцары, дзвюма калонамі напалі на Літву, але атрымалі адпор у Медніках і Вільні і адступілі. Адна з такіх бітваў адбылася каля вёскі Кубанцы ў Лідскім павеце, адтуль паходзіць вялікая частка знаходак, пра якія ідзе гаворка.

Дзве сталёвыя пальчаткі, якія добра захаваліся, знойдзены ў кургане каля возера Омель у Вількамірскім павеце. Парахаўніца з вельмі цвёрдага дрэва з мастацкай разьбой, паходзіць з Тыльзіта. Абедзве рэчы маюць нямецкае паходжанне» [308].

У лісце да доктара Рэніера 12 студзеня 1841 г. Нарбут таксама паведамляў пра «цікавую дугу ад стрэмені, страчаную на полі бітвы ў 1386 г., у часы крыжовых паходаў. На тым полі да сёння 50 высокіх курганоў. У тым месцы выарана мноства металічных рэчаў, але покуль мне пра гэта паведамілі, сяляне перакавалі іх на сярпы і нажы» [309].

Меў Нарбут у калекцыі дэталі вопраткі і ўпрыгожанняў: «Даволі шмат рэчаў звязаных з жаночым адзенем. Дзве бронзавыя іголкі, абпаленыя на вогнішчы, тры пярсцёнкі рознай формы, наплечныя спражкі ад верхняй вопраткі (фібулы), малыя званочкі для абрамлення нізу сукенкі, рознага кшталту завушніцы, знойдзены на чэрапе бронзавы ланцужок з падвойных кольцаў даўжынёй у два локці - гэта з раскопак жаночых пахаванняў у курганах.

Пад гарой Бекеша ў Вільні быў знойдзены карычневы гузік дыяметрам больш за цалю, яшчэ адзін, меншы, з устаўленымі ў яго каштоўнымі камянямі, можа належаць самому Каспару Бекешу» [310].

22 красавіка 1844 г. гісторык паведаміў сябру-доктару пра цікавую знаходку: «Маю цяпер гістарычны здабытак са здабыткаў. Гэта зроблены з жалеза скіпетр Гедыміна, пакрыты лістамі карынфскай медзі і ўсыпаны цвікамі з чыстага золата. Зразумелыя толькі Пагоня і герб Калюмны, а вось іншае - «а ні ў зуб». Не разумею, што гэта значыць: і гэта пры мностве літар і малюнкаў. Ён даўжынёй у локаць, таўшчынёй у паўтары цалі. Але мне даслалі толькі копію, наклееную на дрэве і прасілі сказаць, што гэта такое? Можа атрымаю і арыгінал. Але яго існаванне яшчэ з'яўляецца таямніцай. Прывязу гэта, і ты будзеш здзіўлены мастацтвам» [311].

Праз 10 гадоў Нарбут ўжо не ўпэўнены ў тым, што гэтая рэч - скіпетр. Сыракомля піша: «Варты ўвагі яшчэ адзін цікавы помнік - гэта копія скіпетра вялікага князя ВКЛ. Арыгінал у ранейшыя часы быў выкапаны з зямлі і потым знаходзіўся ў пана Багаткі ў Гародні. Скіпетр меў даўжыню ў 25 літоўскіх цаляў і, падобна, быў выраблены з дутага жалеза абцягнутага бронзавай бляхай. На яго паверхні меліся бліскучыя залатыя цвікі, якія, верагодна, выконвалі функцыю календара. Але Нарбут не мае свайго меркавання наконт гэтай рэчы». Потым, у Віленскім музеі старажытнасцяў Тышкевіча, гэтая рэч была вызначана як рунічны каляндар.

Тэадор Нарбут валодаў вялікай нумізматычнай калекцыяй: «Калекцыя прадметаў даўніны дапаўняецца нумізматычным зборам.

Знойдзены ў Друскеніках медны медаль з арабскім надпісам і лічбамі, вялікую каштоўнасць маюць знойдзеныя ў курганах 12 старажытных манет.

Яшчэ больш цікава даведацца пра невялікі бронзавы бюст з багата пазалочаным барэльефам, знойдзены ў абсыпаўшымся беразе Нёмана каля Гародні.

З нумізматыкі больш новага часу, маюцца 323 манеты з Польшчы, Расіі, Швецыі, Францыі і розных краін Германіі. А таксама 14 новых медалёў, сярод якіх вылучаецца вялікі медаль Віленскага ўніверсітэта 1828 г. работы вядомага мастака гр. Талстога».

«Пяройдзем да прадметаў, якія маюць падвойную, гістарычную і мастацкую, каштоўнасць - пагаворым пра карціны, малюнкі і гравюры, апішам усе цікавыя рэчы з калекцыі Нарбута.

Самай старой у гэтай калекцыі з'яўляецца старадаўняя копія партрэта Альгерда, вялікага князя ВКЛ, выкананая невядомым мастаком.

Далей ідзе партрэт Марціна Лютара ў натуральную велічыню, ад паловы цела, пэндзля Караля Фераці.

Партрэт князя Тэадора Любамірскага італьянскай школы.

Партрэт Юліі Шышковай з Нарбутаў, жонкі былога міністра асветы, пэндзля Марэчла Бачарэлі (1731-1818), які надаў ёй міфалагічную постаць Венеры [312].

Партрэт пэндзля Дамеля ксяндза-місіянера, падобна візітатара Похля.

Абраз Найсвяцейшай панны з дзіцём, якае спіць, пэндзля Вандэрбурга і іншыя безыменныя партрэты італьянскай школы.

З мініяцюр найбольшай увагі заслугоўвае апостал Пётр, каляровая мініяцюра на чвэрць ліста, работа А. М. Вяржбіцкага, 1772 г., якую ўладальнік называе дасканалым творам. Вяржбіцкі - мініяцюрыст і дэкаратар былога тэатра Радзівілаў у Нясвіжы.

Партрэт Ганны, жонкі Вітаўта, эмаль на блясе, паходзіць з Беластока ад гетманавай Браніцкай.

Каляровы на парцэляне партрэт караля Аўгуста ІІ.

Рэдкасцю сёння з'яўляецца відарыс былых езуіцкіх будынкаў у Полацку, выгравіраваны на блясе фарматам у аркуш, паводле малюнка ксяндза-езуіта Гурбера.

Фрагмент «Civitatem orbis terrarium» («Гарады сусвету», лац.) Ежы Браўна і Францішка Гогенберга з відамі гарадоў Вільні і Гародні XVI ст.» [313].

Таксама ў калекцыі гісторыка меліся партрэты лідскага стольніка і лідскага харунжага Юзафа Нарбута і яго жонкі, перакладчыцы Ганны Нарбут з Гразмані. З ліста мастака Яна Матэйкі да сына Тэадора - Баляслава Нарбута (1843-1889), тагачаснага ўладальніка Шаўроў - даведваемся, што ў маёнтку яшчэ ў 1805 г. мелася копія старажытнага алейнага партрэта легендарнага казака Вярнігары.

У справе пра секвестраванне маёнтка Шаўры пазначана дакладная колькасць мастацкіх твораў: «Карціны і партрэты ў розных рамах (некаторыя пакрытыя шклом) - усяго - 61».

Трэба дадаць, што і сам Тэадор Нарбут умеў выдатна маляваць, выразаць і нават рэстаўраваць гравюры. У маладосці ён пісаў артыкулы пра мастацтва і ў яго кнігах бачна сапраўднае захапленне мастацтвам. Яго дзевяцітомнік «Гісторыі літоўскага народа» багата ілюстраваны, у ім ажно 30 партрэтаў важных для гісторыі ВКЛ асоб, выявы гістарычных месцаў, малюнкі, якія адлюстроўваюць археалогію, нумізматыку, сфрагістыку, геральдыку, шэсць карт і г. д. Багатыя па тых часах ілюстрацыі мелі і іншыя яго кнігі [314].

Сваю калекцыю Нарбут, напэўна, захоўваў у кабінеце (інакш - у сядзібнай канцылярыі), які адначасова быў і яго бібліятэкай. Але паводле ўспамінаў яго дачкі, шмат прадметаў даўніны захоўвалася таксама і ў яго жылым пакоі: «Мой бацька … шукаў навокал сябе рэчы для навукі і працы. Мы, дзеці, кожны каменьчык, які знаходзілі ў полі, прыносілі яму ў кабінет і ён ніколі не адпускаў нас без доўгага тлумачэння вартасці гэтай рэчы. Ваколічныя сяляне ведалі яго густ і зацікаўленасць і таксама ўсё вартае, знойдзенае ў полі, лесе ці ў вадзе, неслі яму. Таму друз, цагліны, карэнні, магільныя пліты і камяні розных кшалтаў, - кучы ўсяго гэтага ляжалі ў яго жылым пакоі, які з гэтай нагоды меў назву салона. З гэтага ж друзу складалася гара ў садзе, якая мела 7 футаў і была падобная на алтар паганскай Літвы. На версе яе расла белая вярба. У маім раннім дзяцінстве я была перакананая, што гэта кабета ў смутку прарасла ў зямлю і таму вельмі баялася, каб не расплакацца ўголас. Маім братам было забаронена рабіць з яе свае дзіцячыя рэчы, і яны былі ўпэўненыя, што вярба можа заенчыць чалавечым голасам. Гэтае дрэва вырасла з галінкі на пальмовую нядзелю» [315].

Калекцыі і бібліятэка Тэадора Нарбута пасля задушэння паўстання 1863 г. па распараджэнні Мураўёва ў 1865 г. былі вывезены ў Пецярбург [316].

Замест эпілогу

Ацэньваючы ролю і працу Тэадора Нарбута пасля яго смерці, Юзаф Крашэўскі пісаў: «Нікому не зразумелы ў тую эпоху Тэадор Нарбут аднаасобна рыў старыя магілы і адначасова вывучаў сакрэтныя архівы Кёнігсберга. З першых ён здабыў каштоўныя рэчы нашай мінуўшчыны, з другіх ён браў сведчанні старажытнай гісторыі і гэтак атрымаў багатыя матэрыялы, з якіх склаў сваю «Гісторыю …» з дзевяці вялікіх тамоў, друкаванне якіх пачалося ў 1835 г. у Вільні, у друкарні А. Марціноўскага» [317].

'Dziennik Poznanski'. 1864. 6 grudnia (6 снежня 1864 г.).

Тэадора Нарбута памятаюць і вельмі цэняць ў сучаснай Летуве, там пераклалі і выдалі яго шматтомную працу. Працытую погляд на яго летувіскага гісторыка, якая шмат займалася Нарбутамі: «Але чаму сталася так, што і ў часы Т. Нарбута, і ў пазнейшыя часы, нават у такія ліберальныя, як нашы, пры згадванні імя гэтага гісторыка на першы план выступалі (і дагэтуль выходзяць) яго заганы і толькі потым - яго праца, а яшчэ радзей - яго гераізм? Адказ, мабыць, быў бы просты - Т. Нарбут быў і застаецца абсалютна невядомым, незразумелым, а яго творчая спадчына дагэтуль належным чынам не вывучаная і ў большасці сваёй проста не прачытаная. А калі і чыталася, то толькі фрагментарна, мэтанакіравана, вышукваючы (і абавязкова знаходзячы) памылкі і хібы, дэталёва разглядаючы асобныя выказванні і факты гісторыка, мала разумеючы кантэкст, не паглыбляючыся ў яго творчую майстэрню, не разумеючы яго творчае асяроддзе, не спрабуючы зразумець інтэнцыі гісторыка, які пісаў на пачатку XIX ст., [...] у вельмі своеасаблівым культурным і палітычным асяроддзі, пісаў упершыню нешта іншае, такое, што тут ніколі не пісалася. Не будзем сёння шукаць у творчасці Т. Нарбута хібы ці мінусы, а адкрыем яшчэ адну старонку рукапісу гэтага гісторыка і, хоць на імгненне, станем побач з самім аўтарам, паспрабуем зразумець пазіцыі Т. Нарбута, як ён сам іх разумеў». І далей: «У 1989 годзе ў віленскім касцёле св. Яна (менавіта тут у лістападзе 1864 г. віленцы маглі апошні раз развітацца з аўтарам «Гісторыі...»), [...] на вечары, прысвечаным 205-годдзю з дня нараджэння Т. Нарбута, гісторык Эгідыюс Аляксандравічус выказаў думку, якая глыбока ўрэзалася ў памяць сабраных: «Вы не сумняваецеся, прыйдзе час, калі тое, што мы сёння называем самымі вялікімі «памылкамі» Т. Нарбута, самымі вялікімі «недахопамі» яго творчасці, стане калі-небудзь для нас самай вялікай каштоўнасцю, самай вялікай перавагай яго творчасці. І сапраўды, сёння ўсё больш тых, хто сцвярджае, што менавіта ў творчасці Т. Нарбута, у гэтым класічным прыкладзе «як не трэба пісаць гісторыю», была ўпершыню прадстаўлена трактоўка гісторыі Вялікага Княства Літоўскага з літоўскага ракурсу. Тое, што прапанаванае гэтым гісторыкам бачанне гісторыі Літвы было адхілена, а дакладней - праігнаравана па прычынах, якія сёння мы маглі б назваць ненавуковымі, бо праца супярэчыла не толькі афіцыйнай расійскай трактоўцы гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, але і традыцыйнаму стаўленню польскіх гісторыкаў, якім не падабаўся сепаратызм гэтага гісторыка. І ёсць тыя, хто падкрэслівае асаблівае значэнне твора Нарбута «Гісторыя літоўскага народа» для дзеячаў нацыянальнага руху, якія стваралі нашу нацыю. Іншымі словамі, сёння ўсё больш людзей кажуць, што гісторыю можна пісаць так, як яе пісаў Тэадор Нарбут. Бо ў больш шырокім ракурсе кожны з нас піша сваю гісторыю» [318].

З першай часткай гэтага тэксту цяжка не пагадзіцца - і сапраўды трэба зразумець, што Тэадор Нарбут быў першым, зразумець час, у якім працаваў, яго атачэнне і псіхалагічны стан. Думку, якую спакваля прапануюць у другой частцы - дабратворнасць яго фальшавання для стварэння нацыі - можна пацвердзіць тэзай беларускага гісторыка Алега Латышонка, які справядліва заўважыў: «... у першай палове XIX ст. з'яўляюцца творы Т. Нарбута, прасякнутыя літоўскім патрыятызмам. У сённяшні час прынята чамусьці на Беларусі лічыць Нарбута беларускім гісторыкам. Ягоны сучаснік, беларус Даніловіч, не сумняваўся, што Нарбут з'яўляецца […] неславянскім, патрыётам. Зрэшты, памерамі прапагандысцкага фальшавання гісторыі на некарысць беларусаў Нарбут пераўзышоў усіх сваіх папярэднікаў» [319]. З гэтым цяжка не пагадзіцца, бо і насамрэч, калі не ўсе, дык большасць сваіх фальшаванняў Нарбут рабіў на карысць балцкага элементу ў нашай гісторыі.

Я шмат свайго часу прысвяціў вывучэнню біяграфіі і тэкстаў нашага земляка Тэадора Нарбута і заўсёды цікавіўся ім менавіта як сваім земляком і чалавекам, які таксама, як і я, быў інжынерам і займаўся гісторыяй. Яго відавочная схільнасць да балцкага элементу ў нашай гісторыі магла б здзівіць, калі не ведаць тое, што род Нарбутаў мае балцкае паходжанне і нават вельмі моцная польская ідэнтычнасць Тэадора не перашкаджала яго памяці пра карані свайго роду. Гэта і нарадзіла яго схільнасць да гісторыі ВКЛ. Адзін з першых біёграфаў нашага гісторыка, Юльян Барташэвіч пісаў у 1860 г.: «Нарбут ёсць костка ад косткі літоўскай, таму яму больш пасавала ... пісаць пра Літву. Збіраючы факты з мінуўшчыны, ён будаваў гмах народнай славы, гмах, у якім часта гасцявалі яго продкі - якія калісьці мелі моцны голас у літоўскім сенаце, у святліцах вялікіх князёў» [320].

Нарбут цікавы як першапраходзец, як зямляк, цікавы шматлікімі фактамі, раскіданымі ў яго кнігах, але не цікавы сваімі фальшыўкамі. Фальшаваць гісторыю нам, беларусам, без патрэбы. Нам патрэбны аб'ектыўныя веды. Мы маем цудоўную і вялікую гісторыю якая патрабуе толькі праўды, праўды пра ролю ў ёй як беларускага, гэтак і балцкага элементаў, іх дынаміку, сімбіёз і г. д., да таго ж ва ўсіх нас беларусах, цячэ як славянская, гэтак і балцкая кроў.

Як пісаў віленскі пісьменнік Юзаф Мацкевіч: «Толькі праўда з'яўляецца цікавай. Адначасна праўда, як правіла, больш універсальная, багатая і цікавая, чым прыдуманыя замест яе апрацоўкі» [321]. Лепш і не скажаш.

Дадаткі

Род Нарбутаў, дадатак да Каяловіча [322]

Ад публікатара і перакладчыка: пра паганскага каплана Лідзейку і яго нашчадкаў Тэадор Нарбут надрукаваў артыкул у зборніку «Pomniejsze pisma historyczne» [323].

Тэадора Манчункая (каля 1880 г.): «Гэта гербоўнік Каяловіча з дапаўненнямі, напісанымі па ўласнай памяці [бацькі] пра некаторыя лідскія сем'і Нарбутаў. З рукапісу гербоўніка Каяловіча падаю толькі кавалак пра ўласную сям'ю Тэадора Нарбута.

Гербоўнік Каяловіча я потым пакладу ў бібліятэку Асалінскіх у Львове, як і некаторыя іншыя рукапісы, бо ніхто з самых блізкіх сваякоў не мае зараз небяспечнага сховішча ці сталага месца жыхарства, а я свой падарожны клунак і зараз вязу на лакаматыве» [324].

Нарбут.

Ані Каяловіч, ані Нясецкі дакладна не напісалі пра гэтую фамілію, у сваім тэксце я ўжываю іх матэрыялы, а таксама дэкрэт, выдадзены 21 чэрвеня 1811 г. камісіяй па разборы шляхты Гарадзенскай губерні і вырак Сенацкай камісіі па геральдыцы ад 30 кастрычніка 1850 г.

Герб «Тры Трубы» на шлеме, 3 пяры страўса (Herbarz Polski, T. 6. S. 519.; T. 9. S. 104.).

Гэты род у асноўным жыў у Лідскім павеце. Род паходзіў ад Рыгора Осціка (які сам паходзіў ад Лідзейкі). Осцік быў сынам Сырпуця Віршулавіча і ўнукам Лідзейкі, сына князя Нарымунда. Рыгор Осцік на Гарадзельскім сойме прыняў герб «3 Трубы», ён меў 2-х жонак: 1-я жмудзінка невядомага імені, сваячка маці вялікага князя Вітаўта, з якой меў сыноў Бака, Нявера, Радзівіла і Токара [325]. Другая жонка - Хелена [326], меў сына Ганку.

Чорны Токар ці Атакар быў падчашым пры двары вялікага князя ВКЛ і пакінуў трох сыноў: Нарбута, Івашку і Піцака [327].

Нарбут быў пачынальнікам дынастыі і меў хрысціянскае імя Мікалай. Меў 9 сыноў: Дабрагоста, Станіслава, Мікалая, Войцеха (ці Альбрэхта [328]), астатнія імёны невядомыя. Прывілей караля Аляксандра 26 чэрвеня 1498 г. Войцех, сын Мікалая, маршалак Літоўскі, намеснік Пераломскі і Ясвойскі, падобна, першым пасяліўся ў Лідскім павеце, ён каля 1496 г. набыў двор на Лебядзе ў Сенькі і яго братоў. Меў сыноў Войцеха, земскага слонімскага харунжага і Мікалая, мазырскага і крэўскага старасту (у 1551-1556 гг. Падляшскі ваявода). Ён падпісаў дыпломы павета Пяляскага да кароны ў 1543 г. (Vol. legum. T. 1. S. 589.) Пакінуў сына Станіслава.

Земскі слонімскі харунжы Войцех у Лідскім павеце меў Забалаць, якую атрымаў ад караля Жыгімонта І пасля Глінскага. Меў сыноў Станіслава і Пятра.

Станіслаў застаўся безпатомны.

Пётр з жонкай Скуміноўнай пакінуў сыноў Ежы, менскага намесніка, беспатомнага, а таксама Мікалая і Яна.

Ян быў лідскім падкаморым, фундаваў францішканаў у Каўтынянах (тагачасны Расіенскі павет. - Л. Л.), пакінуў сына Яна, земскага лідскага пісара, жанатага з Крысцінай Храптавічоўнай.

Мікалай Пятровіч з жонкай Бушчышоўнай меў двух сыноў:

- Адама, падкаморага, а потым войскага лідскага. Ён фундаваў лідскіх кармелітаў.

- Яна Міхала, маршалка Трыбунала ВКЛ, дзедзіча вялікай маёмасці. Ён меў дзвюх жонак, першая Масальская, з якой меў сыноў: Уладзіслава, Аляксандра і Яна Міхала, лідскага земскага суддзю. З другой жонкай, княжной Шуйскай, меў сына Францішка.

Уладзіслаў, лідскі падкаморы, некалькі разоў узначальваў паспалітае рушэнне свайго павета, у тым ліку і пад Алькенікамі ў 1701 г. Разам жонкай, княжной Крысцінай Лукомскай, быў замучаны шведамі ў Хадзілонях. Меў сыноў Казіміра і Яна, гэты апошні быў безпатомны.

Мікалай (сын Аляксандра - Л. Л.) меў 4 сыноў: Адама, Юзафа, старасту Кярвяліцкага, Міхала і Пятра.

Сын Юзафа Марцін, член лідскага земскага суда, памёр у 1814 г. Яго сын Ян - падпалкоўнік Тульскага палка, жанаты з Юзэфай з Лісоўскіх.

Сыны Міхала - Ігнацый, Юзаф і Казімір.

Сын Ігнацыя - Караль, жыў у Кобрынскім павеце.

Сын Юзафа - Пётр, віцэ-губернатар Аўгустоўскай губерні.

Сын Казіміра - Бенядыкт, таксама жыў у Каралеўстве.

Аляксандр - сын маршалка Трыбунала Яна Міхала, застаўся безпатомным, служыў у аўстрыйскім войску. Яго другі сын, земскі лідскі суддзя Ян Міхал, валодаў Лаўчылавічамі (?), памёр беспатомным. Францішак - самы малодшы з сыноў маршалка Трыбунала Яна Міхала - пакутаваў на нейкімі прыпадкамі, і таму яго, абцяжаранага калецтвам, браты абдзялілі пры падзеле вялікай бацькоўскай маёмасці. Пакінулі толькі невялікі маёнтак Крупа (Крупава) у Лідскім павеце. Супраць іх волі ён ажаніўся з Міцкевічоўнай Яўгеніяй, памёр у 1694 г., меў 4 сыноў: Яна, Антона, Казіміра (прадзед Тэадора Нарбута. - Л. Л.) і лідскага гродскага пісара Міхала (дзед гісторыка Юстына Нарбута. - Л. Л.). Сын Міхала - лідскі харунжы Юзаф, кансультант стану (konsyliarz stanu - урадовец, які выконвае абавязкі дарадцы), кавалер ордэна св. Станіслава. Яго сын Казімір - шамбелян польскага двара, Юстын - прэзідэнт лідскі гродскі. Сын Казіміра Севярын - капітан тульскага палка. Сын Юстына Рамуальд - капітан жандармерыі, а дачка Каміла - аўтарка надрукаваных кніг.

Другі сын Францішка - Казімір, маршалак Лідскага павета, з жонкай з Навіцкіх, меў 6 сыноў:

- Ігнацыя, земскага лідскага суддзю.

- Фелікса, каплана ў законе базыльянаў.

- Тадэвуша, лідскага падкаморага, кавалера ордэна св. Станіслава, ён разам з жонкай з Вяжэвічаў меў сына Войцеха, які не пакінуў патомства мужчынскага полу, і Косаўскага пробашча Станіслава.

- Казіміра, экс-піяра, абата парадыскага, лідскага пробашча, кавалера ордэна св. Станіслава.

- Антона, лідскага маршалка. У яго з Гейштароўнай былі 4 сыны: Адам, земскі пісар, Антон, вывадовы дэпутат (дэпутат шляхты - Л. Л.), Юзаф, гродскі лідскі пісар, Тадэвуш, пасля іх не засталося патомства ва ўнуках.

- Дамініка, лідскага войскага, разам з Касцялкоўскай пакінуў сыноў: Яна і Вінцэнта, якія памерлі безпатомна,

- Юзафа, старасту Трабскага, сын якога Мікалай служыў у міністэрстве асветы. Імёны яго дзяцей ад рускай жонкі невядомыя.

- Ігнацый, меў сына Казіміра, земскага лідскага суддзю, з Евай Лютавінскай (?), удавой па Гейштару, меў 9 сыноў:

1. Яўхіма, прэзідэнта лідскага гродскага суда, з Ізабелай з Наневічаў меў сына Марціна Тэадора Ігнацыя (звычайна Мацей ці Мар'ян - Л. Л.), інжынера-капітана ў адстаўцы, кавалера ордэнаў. Ён з Крысцінай Садоўскай герба Любіч, меў 5 сыноў: Людвіка Алойзы, Аляксандра, Францішка, Баляслава і Станіслава, а таксама 3 дачкі: Яганну, Тэадору Пелагею і Амелію.

Адольф, другі брат Тэадора.

Ксаверый, трэці брат, уланскі паручнік польскага войска. Памёр у 1814 г.

2. Каэтана, пінскага крайчага, памёр безпатомна.

3. Вінцэнта, лідскага пробашча, дэкана і Інфлянцкага каноніка.

4. Караля, лідскага крайчага, з жонкай з Гарваскіх меў дваіх сыноў: Генрыка, падпалкоўніка ў адстаўцы, сын якога Карнелій меў сына Войцеха, загінуў у паўстанні 1863 г. (пад Кавалькамі. - Л. Л.) і другога сына Фрэдэрыка, які з быў жанаты з Евай Нарбутоўнай, дачкой Дамініка, меў двух сыноў: Браніслава (Мірона Браніслава, аўтара вядомых ўспамінаў. - Л. Л.), жанатага з Марачэўскай, і сына Валяр'яна.

5. Людвіка, дзяцей не меў.

6. Гераніма, дзяцей не меў.

7. Аляксандра, лідскага маршалка, кавалера ордэнаў, з Наневічоўнай меў дзвюх дачок.

8. Аўгустына, памёр нежанаты.

9. Нікадзіма, з Навіцкай меў дачок.

Лідзейка - сын вялікага князя ВКЛ Нарымунда, абароненага Крыва Крывейтам ад смерці, калі князь (?) загадаў выцяць сям'ю.


Даўмунт, брат Нарымунда, быў забіты сваім пляменнікам Лаўрам. Гэты Лідзейка, злажыў з сябе капланскія абавязкі, жаніўся з сястрой вялікага князя ВКЛ Віценя і даў пачатак дому, генеалогію якога я тут выкладаю. Гэты дом праз Остыка, на ўвесь свой род, у Гародлі, прыняў герб «Трубы» ці «Тры Трубы» паляўнічыя, ці рогі, апраўленыя ў золата […].

Генеалагічная табліца лепшым чынам паказвае паходжанне Нарбутаў.

Нарымунд, вялікі князь ВКЛ

|

Лідзейка

|

Віршул (Віршытыла)

|

Сырпуць

|

Рыгор Остык, (ад яго Мікалай Радзівіл, Рак, Токар, Івашка і інш.)

Сыны Токара - Нарбут, Івашка і Піцак (Піцко).

Успаміны пра гісторыка Літвы Тэадора Нарбута [329]

Каміла Юрэвіч з Нарбутаў

Ад перакладчыка: Сваячка і суседка Тэадора Нарбута - Каміла Юрэвіч з Нарбутаў[330], напісала гэтыя, ніколі раней не друкаваныя ўспаміны, недзе ў 1870-я гг. Відочна, што пісала яна іх для перыядычнага выдання, але, верагодна, гэтыя ўспаміны, напісаныя вельмі разборлівым, жаночым почыркам, не былі прыняты да друку. На жаль, замест таго, каб напісаць пра Тэадора Нарбута як добра вядомага ёй чалавека, яна напісала непатрэбную апалагетыку гісторыка і пераказала агульнавядомыя факты з яго біяграфіі. І толькі ў канцы ўспамінаў ёсць каштоўныя бо асабістыя радкі. Трэба адзначыць словы Камілы, пра тэчку з лістамі Тэадора Нарбута. Верагодна, маецца на ўвазе перапіска Тэадора з бацькам Камілы Яўхімам Нарбутам, а потым, пасля смерці яе бацькі, з самой Камілай. На жаль, гэтыя лісты ніколі не друкаваліся і, калі яны недзе і захаваліся, дык, здаецца, яшчэ не знойдзены.

Тэкст замовіў і аплаціў зусім не таннае сканаванне ў архіве, мой любімы сын Вадзім, за што яму вялікі дзякуй ад усіх аматараў гісторыі і проста культурных людзей нашай краіны.

Біяграфія дачкі Юстына Нарбута - Камілы Нарбут у нас яшчэ не даследавалася, але ў суседзяў ужо выйшла кніга пра яе [331].


Тэадор Остык Нарбут герба Трубы, аўтар «Дзеяў народу літоўскага» ў 9-ці тамах (1841) і вялікай колькасці іншых гістарычных прац, прыйшоў на свет у 1784 г. у дзедзічным маёнтку [332] сваіх продкаў Шаўры, які знаходзіцца ў Лідскім павеце Віленскай губерні. Бацька - старшыня земскага суда Яўхім Нарбут [333], маці - Ізабела з Наневічаў. Памёр у 1864 г., парэшткі гісторыка спачываюць каля яго парафіяльнага касцёла. Магілу і калыску вялікага гісторыка аддзяляюць толькі некалькі вёрст.

Як ліцвінка і крэўная с. п. Нарбута, я наведала не толькі гэтыя два месцы, асвечаная памяццю чалавека, які з большай, чым у яго папярэднікаў, руплівасцю займаўся даследаваннямі гісторыі роднага краю і здабыццём з забытых архіваў імён землякоў, якія вызначыліся некалі сваёй шляхетнасцю, мужнасцю і ахвярнасцю ў справе агульнага дабра для радзімы. Гэта годная і цяжкая праца рабілася дзеля нашага незвычайнага народа, які, нягледзячы на сваю маральную цемру з-за няведання ў XIV ст. па-сапраўднаму святой рэлігіі і цывілізацыі, нягледзячы на няведання германа-крыжацкага вайсковага мастацтва і пісаных законаў, якія мелі немцы і палякі, здолеў сярод дасведчаных суседзяў не толькі ўтрымаць сваю дзяржаву, але і пашырыць яе межы і абараніцца і ад дзікіх татараў, і ад цывілізаваных народаў, якія мелі металічны крыжацкі панцыр, якія, як быццам, збіраліся навярнуць нас у хрысціянскую веру - веру праўды, міласэрнасці і міру, але насамрэч неслі смерць, агонь і рабунак. Як усім вядома, злучэнне ліцвінаў з палякамі не было вынікам перавагі моцы гэтых апошніх, але добрай воляй народаў, накіраванай да пазнання рэлігіі, якую аб'явіў сапраўдны Бог. Таму пасля заснавання Вільні яна была часткова заселена людзьмі, якія прыехалі сюды з цывілізаваных краёў, чым у выніку і зацьміла бляск паганскага Зніча. Немагчыма не прызнаць, што сапраўдная асвета пашырыла і асвятліла думкі ліцвінаў, тая самая сіла духу, якая была выразна бачная яшчэ ў прабацьках, у нашчадках перайшла на поле больш глыбокіх думак і пакінула моцны адбітак у пазнейшым часе - у розных напрамках сур'ёзнай літаратуры, у творах мастакоў (Гуцэвіч, Смуглевіч, Чаховіч) і пісьменнікаў, імёны якіх сталі ў адзін шэраг з самымі слыннымі еўрапейскімі пісьменнікамі (Нарушэвіч, Нямцэвіч, Міцкевіч, Адынец, Кандратовіч).

Да гэтага народа адносіўся і Тэадор Нарбут, чалавек, які напісаў яго гісторыю. Пасля таго, як ён на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў апрацоўваў архівы Інфлянтаў, тайны архіў Караляўца і іншыя, пасля раскопак мноства старажытных магіл, пасля адкрыцця вялікай колькасці дагістарычных сядзіб, Нарбут зрабіў працу, за якую да яго ніхто нават не мог і ўзяцца.

Звычайным чынам, праца Нарбута атрымала шмат рэцэнзій.

Рознае было да яе стаўленне - і станоўчае і адмоўнае. З некаторымі з гэтых, апошніх, цяжка спрачацца. Можа, і слушным былі закіды ў празмерным замілаванні да вусных, часта непраўдападобных паданняў ці ў браку аналізу і крытыкі. Але несправядлівымі былі абвінавачванні ў прыдумванні фактаў таго, чаго не было. Без крытычнага разбору, ён часамі паўтараў тое, што недзе пачуў ці прачытаў, але як чалавек праўдзівы, сам нічога не выдумляў [334]. Знайшліся і такія рэцэнзенты, якія з гэтай нагоды адмаўлялі яму ў званні гісторыка і называлі хранікёрам. Хай будзе так, аднак гэтая Хроніка Нарбута ёсць вялікая і бессмяротная справа, яна сёння і ў будучыні застанецца невычарпальнай крыніцай усіх, хто піша пра Літву. Тыя самыя, якія абвінавачвалі Нарбута ў памылках, чытаюць і часта цытуюць яго працу. Наша павага і ўдзячнасць працаўніку, які з пылу і цвілі ўратаваў каштоўныя краёвыя помнікі і памёр з пяром у руцэ і думкай пра родны край, бо смерць напаткала яго, калі Нарбут правіў сваю Літоўскую міфалогію. […]

У сваёй маладосці Тэадор Нарбут служыў у войску інжынерам, а да гэтага некалькі гадоў вывучаў у Віленскім універсітэце курс матэматычных навук, цывільную і вайсковую архітэктуру, якую праз некалькі гадоў сам выкладаў у 2-гім кадэцкім корпусе Пецярбурга [335]. У 1807 г. пад Астраленкай [336] быў паранены багнетам, а пад Тыльшамі [337] атрымаў рану ў руку. Падчас вайны ў Фінляндыі, у 1808 г. пад Аба, быў моцна кантужаны ў галаву, што потым прывяло да поўнай страты слыху. Падчас гэтай вайны, калі эскадра Балтыйскага флоту была закрыта на сваёй базе, для яе абароны ён ставіў батарэі на выспе Боген.

Аўтограф Камілы Юрэвіч з Нарбутаў.

Па загадзе ўраду ў 1810-1811 гг. знайшоў месца для пабудовы Бабруйскай фартэцы і ўдасканаліў яе праект. На пачатку 1812 г. пакінуў вайсковую службу і пасяліўся ў сваім маёнтку Шаўры [338], дзе прысвяціў свой час працы гісторыка, выязджаў у Каралявец і іншыя гарады, дзе мог знайсці патрэбныя яму дакументы.

Нягледзячы на прыкрае калецтва, наш гісторык любіў жыццё, часта сустракаў у сваім доме гасцей і сам у час адпачынку ад цяжкай працы, наведваў родных і суседзяў. Вольны ад усялякай фанабэрыстасці, з людзьмі ён заўсёды паводзіў сябе далікатна і сціпла. Пісаў ладныя лісты, значная колькасць якіх захоўваецца у маёй тэчцы. Меў добры настрой і неяк ў старым веку ўзяў удзел у свавольстве і забавах сваіх маладых сваякоў. Любіў паэзію, зрабіў шмат даслоўных перакладаў, у якіх, па-праўдзе, не было паэтычнага таленту.

Перакладаў оды Гарацыя і іншае, быў знаўцам нашых паэтаў і меў у сваёй бібліятэцы шмат іхніх твораў. З нейкай наіўнай прыемнасцю часамі размаўляў пра надпрыродныя рэчы. Калі-нікалі яго думкі блукалі ў краіне духаў, ён дапускаў іх існаванне і стасункі з нашым светам. Меў сапраўднае сэрца і душу ліцвіна. Меў і знешнасць ліцвіна: светлы бландзін з вялікімі блакітнымі вачыма і лагодным выразам твару. Ад прыроды меў моцнае цела і спадзяваўся дажыць да 100 гадоў, але цяжкія перажыванні пасля смерці некалькіх членаў сям'і аслабілі яго моцны арганізм і паскорылі смерць, якая надышла без папярэдняй цяжкай хваробы. Як добры хрысціянін выконваў усе касцельныя законы і пайшоў з жыцця пасля споведзі і св. сакрамантаў. Размаўляючы са мной, ён некалькі разоў паўтараў, што самая вялікая, матэматычная праўда - гэта існаванне Бога і Яго святой мудрасці.

Больш за 10 гадоў таму маёнтак Шаўры меў выгляд мілай, вясковай, добра ўпарадкаванай сядзібы. Тэадор Нарбут - матэматык, добра абазнаны ў фізіцы, трымаў гаспадарку ў добрым стане і лічыўся заможным землеўладальнікам. Зараз гэтае месца мае сумны выгляд знішчэння і пусткі. У прасторным жылым доме, у якім мелася грунтоўная бібліятэка і вялікая калекцыя археалагічных старажытнасцяў, цяпер пануе страшэнная пустэча. Няма ўжо запоўненых кніжных шафаў, няма бронзавага літоўскага бога вайны Каваса, якім так ганарыўся наш гісторык.

Знікла і зброя старажытнага літоўскага рыцара разам з фетышам і каменнай багіняй кахання Мілдай. Няма нават слязніцаў - засталася толькі адна вялікая урна ці гліняная попельніца, як сімвал сучаснага стану рэчаў і надмагільны помнік незваротнага мінулага.



[1] Гл: Стасевіч-Ясюкова Ірэна. Казімір Нарбут. Варшава - Ліда, 2004.

[2] Гл: Лаўрэш Леанiд. Аляксандра Нарбут - акадэмiк Берлiнскай акадэмii навук // АСОБА і ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 4. 2011. Мінск. С. 6-16.

[3] Гл: Лаўрэш Леанід. Юстын Нарбут // Наша слова.pdf № 43 (95), 25 кастрычніка 2023.

[4] Гл: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122.

[5] Гл: Лаўрэш Леанід. Маршалкі Лідскага павета // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 13-19.

[6] Malewski Czesław. Rody i herby szlacheckie na Litwie (X) // Nasza Gazeta. 1 (490).

[7] Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч (1733, Лагішын, Пінскі павет - 1796, Янаў-Падляшскі) - філолаг, гісторык, перакладчык, паэт і празаік.

[8] Ян Альбертрандзі (1731-1808) - гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў Варшаве. Працаваў у езуіцкіх калегіюмах у Пултуску, Плоцку, Нясвіжы, Вільні. Меў шэраг царкоўных пасад, з 1796 г. - біскуп зенапалітанскі. Збіраў крыніцы па гісторыі Рэчы Паспалітай у архівах і бібліятэках Рыма, а таксама Швецыі, куды яны былі вывезены, галоўным чынам, пад час шведскіх войнаў. Пакінуў вялікую навуковую спадчыну ў сферы гісторыі і нумізматыкі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Таварыства аматараў навук.

[9] Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…] // Gazeta Warszawska. 1854. №. 42. S. 4.

[10] Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут - папулярызатар найноўшых дасягненняў прыродазнаўства // Лідскі Летапісец. 2014. №4 (68). C. 12-13; Лаўрэш Леанiд. Людвiк Нарбут // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Мінск, 2015. С. 74-105; Лаўрэш Леанід>. Тэадор Нарбут у падзеях 1812 года // Наша Слова. № 14 (1425), 3 красавіка 2019; Лаўрэш Леанід. Новае пра Тэадора Нарбута і яго сям'ю // Лідскі Летапісец. 2021. № 3-4(95-96). С. 52-59., і інш.

[11] [MONCZUŃSKA Z NARBUTTÓW, Teodora]. Zapiski córki ś. p. Teodora Narbutta z papierów, [apie 1880 m.] Lietuvos valstybės istorijos archyvas (LVIA), f. 1135, ap. 11, b. 19, lap. 1r-137v. Далей - ДГАЛ (Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы). Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19.

[12] [JUREWICZOWA Z NARBUTTÓW, Kamilla]. Wspomnienie o Dziejopisie Litwy Teodorze Narbucie, 1875 m. ap. 11, b. 4, lap. 103r-105v. Далей - ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4.

[13] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 537.; Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. Варшава - Ліда, 2011. C. 46.

[14] Маецца на ўвазе касцёл кармелітаў.

[15] Даніэль Казімір Нарбут (?1738-1807) з 1783 па 1801 г. быў лідскім дэканам і пробашчам, у 1801 г. гэтую пасаду заняў кс. Вінцэнты Нарбут. Бацька Даніэля Казіміра Нарбута - Казімір Нарбут быў прадзедам Тэдора Нарбута, а дзед Ігнацый - родным братам Даніэля Казіміра Нарбута, такім чынам Тэадор - яго ўнучаты пляменнік.

[16] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19.Арк. 22 - 23.

[17] Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…].

[18] Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. C. 46-47.

[19] Верагодна, гэта быў грэка-каталіцкі святар.

[20] У самыя цяжкія моманты 1814 г. Напалеона здрадзілі нават самыя блізкія да яго маршалы.

[21] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 17 адв. - 19 адв.

[22] Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. С. 48.

[23] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 113.

[24] Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут у падзеях 1812 года // Наша Слова. № 14 (1425), 3 красавіка 2019.

[25] Шубраўцы - сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822 гг.

[26] Malewski Czesslaw. Wykaz alfabetyczny z 1844 r. majątków pow. Lidzkiego // Ziemia lidzka. 2004. № 2(60).

[27] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. II. Wilno, 1837. S. 383-384.

[28] Reda Griškaitė. Dvaras kaip "archyvas": bajorija ir Lietuvos istorijos tyrimai (XIX a. 4-7 d.) // Metai. 2016. № 10. Vilnius. P. 134-135.

[29] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 105.

[30] Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…].

[31] Wizerunki polskie, rysowaù z natury i litografowaù M. Fajans. Warszawa, nakùadem autora, w Drukarni rzàdowej przy Kom. Rzàd. Sprawiedliwoúci, 1857. S. 10.

[32] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 105.

[33] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[34] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[35] Там жа.

[36] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[37] Пра Паўлава, гл: Пра Паўлава, гл: Jerzy Hoppen. Rzeczpospolita Pawlowska // Slowo. 1938. № 334.; Хопен Ежы. Рэспубліка ў Паўлаве // Наша слова.pdf . № 4 (108), 24 студзеня 2024.

[38] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[39] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[40] Там жа.

[41] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 123 - 123 адв.

[42] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[43] Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміію Мінск, 2013. С. 109.

[44] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 82.

[45] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[46] Там жа.

[47] Там жа.

[48] Дачка гісторыка Яна.

[49] Жонка гісторыка.

[50] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[51] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 79 адв - 83.

[52] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[53] Здаецца, я больш нідзе не бачыў інфармацыі, што брат Тэадора - Ксаверый Нарбут, які нарадзіўся ў 1787 г., памёр на пачатку 1841 г.

[54] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[55] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[56] Там жа.

[57] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[58] Там жа.

[59] Там жа.

[60] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

[61] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[62] Пра Юстына Нарбута, гл: Лаўрэш Леанід. Юстын Нарбут // Наша слова.pdf № 43 (95), 25 кастрычніка 2023.

[63] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[64] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[65] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[66] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 23 адв.

[67] Успаміны пра Лідчыну на пачатку XIX ст. // Лідскі Летапісец. 2020. № 2(90). С. 72.

[68] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 21.

[69] Карабеля - крывая шабля, прыналежнасць параднага ўбору шляхціца, насілася на поясе пры жупане або кунтушы.

[70] Там жа. Арк. 21 адв.

[71] Там жа. Арк. 10.

[72] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[73] Гл: Pomniejsze Pisma historyczne. Wilno, 1856. S. 165-170.

[74] Цыт. па: Шымялевіч Міхал. Збор твораў. укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 126.

[75] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[76] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

[77] Цыт. па: Gazeta Codzienna. 1844, № 125.

[78] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[79] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 77 адв.

[80] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[81] Reda Griškaitė. Teodoras Narbutas, arba Apie tai, "kaip nereikia rašyti istorijos" // Lietuvos istorijos metraštis 2014 metai 2 / Lietuvos istorijos institutas. Vilnius: Lietuvos istorijos instituto leidykla, 2015. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://www.zurnalasmetai.lt/?p=15588. Дата доступу: 01.02.2024.

[82] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 23 - 23 адв.

[83] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 127 адв. - 128.

[84] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[85] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[86] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

[87] Szukiewicz W. Wierzenia i praktyki ludowe w gub. Wileńskiej // Wisła. T. XVII. Z. 3. Warszawa. 1903. S. 265-280. Wisła. T. XVII. Z. 4. Warszawa. 1903. S. 432-435.

[88] Магдалена Бломберг Мар'яна. Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919). Варшава - Ліда, 2010. С. 52.

[89] Там жа. С. 55.

[90] Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. - Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2019.; Лаўрэш Леанiд. Пра Міхала Шымялевіча: Крэскі да біяграфіі найлепшага гісторыка горада Ліды // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 6. Мінск, 2015. С. 133-165.; Лаўрэш Леанід. Міхал Шымялевіч. Крэскi да бiяграфii найлепшага гiсторыка горада Лiды // Лідскі летапісец. 2016. № 1 (73). C. 45-58. ; Лаўрэш Леанід. Новае пра лепшага лідскага гісторыка XX ст. Міхала Шымялевіча // Лідскі Летапісец. 2021. № 1(93). С. 15-17.

[91] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 76 - 77 адв.

[92] Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825) . Warszawa. 1924. S. 25.

[93] Лаўрэш Леанід. Алена Іваноўская // Маладосць. 2019. № 8. С. 20.

[94] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 70 адв - 71 адв.

[95] Там жа. Арк. 71 адв. - 73 адв.

[96] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[97] Там жа.

[98] Юзаф Ігнацы Крашэўскі (1812-1887), нарадзіўся ў Варшаве. Пісьменнік, гісторык і фалькларыст, рэдактар, выдавец, публіцыст. Лічыцца адным з найвялікшых польскіх пісьменнікаў.

[99] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

[100] Пра «Арганічную працу» гл: Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846-1848. Warszawa, 1965. S. 41-79.

[101] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. II. Wilno, 1837. S. IV.

[102] Генрык Жавускі (1791-1866), пісьменнік, публіцыст, палітык і масон. Адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў кансерватыўнай думкі 1830-50-х гг. у Беларусі, Літве і Польшчы.

[103] Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846-1848. S. 43.

[104] Там жа. S. 59, 41.

[105] Малiноўскi Мiкалай. Кнiга ўспамінаў. Мінск, 2014. С. 59.

[106] Міркавіч Фёдар Якаўлевіч (1789-1866), расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч. У 1840-1850 гг. быў віленскім ваенным генерал-губернатарам.

[107] Малiноўскi Мiкалай. Кнiга ўспамінаў. С. 121.

[108] Fajnhauz Dawid. Ruch konspiracyjny na Litwie i Białorusi, 1846-1848. S. 45, 47, 59.

[109] Лаўрэш Леанід. Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей // Наша слова.pdf № 49 (101), 6 снежня 2023.; № 50 (102), 13 снежня 2023.

[110] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 113 - 114 адв.

[111] Wspomnienie domku Pijarów Lidzkich. Napisał ks. Jozafat Wojszwiłło, ostatni rektor Pijarów lidzkich // Biblioteka Zakładu Narodowego im. Ossolińskich we Wrocławiu., sygn.3667/III. S. 21-22.

[112] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 83 адв.

[113] Іншыя даследчыкі пісалі пра, прыкладна 600 кніг, але пэўна, меліся на ўвазе толькі навуковыя кнігі. Гл: Kowkiel L. Prywatne księgozbiory na Grodzieñszczyênie w pierwszej poùowie XIX wieku. Kraków 2005. S. 178.

[114] Reda Griškaitė. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus // Knygotyra. 2020. T. 75. P. 285-286., 303.

[115] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 105.

[116] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[117] Reda Griškaitė. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus. P. 292.

[118] Там жа. P. 299.

[119] Гісторыя беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў у двух тамах. Т. 2. Мінск, 2007. С. 192.; Крамко Іван. Спадчына Яна Чачота як выток беларускага мовазнаўства // Беларусіка-Albaruthenica. Кн. 10. Мінск, 1998. С. 55.

[120] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 2. Wilno, 1837. S. IV.

[121] Reda Griškaitė. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus. P. 311.

[122] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 95 адв.

[123] Там жа. Арк. 95 адв. - 96.

[124] Там жа. Арк. 96 - 96 адв.

[125] Полехаў Сяргей Бацька беларускіх гісторыкаў. Тодар Нарбут // Лідскі летапісец. 2009. №3-4(47-48). С. 32.

[126] Reda Griškaitė. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus// Knygotyra. 2020. T. 75. P. 296.

[127] Гл: Kraszewski Józef Ignacy. Wilno od początków jego do roku 1750. T. 1-4. Wilno, 1838-1842.

[128] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[129] Гл: Baliński Michał. Pamiętniki o królowej Barbarze, żonie Zygmunta Augusta. Warszawa, T. 2. 1840.

[130] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[131] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[132] Грэка-каталіцкі святар і прафесар Міхал Баброўскі. Гл. пра яго: Лаўрэш Леанід. Выбітныя манахі-базіліяне часоў ліквідацыі ўніі // Biuletyn Historii Pogranicza. 2015. № 15. С. 65-89.

[133] Міхалон Літвін (лац.: Michalon Lituanus, магчымае сапраўднае імя Венцлаў Мікалаевіч або Міхайла Цішкевіч) - аўтар трактату "Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў" (De moribus tartarorum, lituanorum et moscorum), які быў напісаны перад 1550, а выйшаў у свет у 1615 г. Міхалон Літвін абгрунтоўваў паходжанне літоўскай арыстакратыі ад Юлія Цэзара, які, быццам, захапіў Літву і зрабіў яе правінцыяй Рыма (т. з. «Легенда аб Палемоне»).

[134] Выдатны беларускі гісторык 1-й паловы XIX ст., прафесар Віленскага ўніверсітэта Ігнат Анацэвіч быў вядомым сучаснікам пад псеўданімам Жэгота з Малой Бераставіцы. Гл.: Габрусевіч С. А., Марозава С. В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына. Гродна, 2005.

[135] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[136] Яўхім Лялевель (1786-1861) - знаны гісторык і грамадскі дзеяч.

[137] Гл: «Ostatnie lata panowania Zygmunta Starego i początek panowania Zygmunta Augusta wyciąg z rękopismu Historji Polskiej Joachima Lelewela» (1821).

[138] Юзаф Завадскі - віленскі друкар і выдавец.

[139] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[140] Каспар Нясецкі (1682-1744), аўтар грунтоўнай шматтомнай працы па генеалогіі.

[141] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[142] Ігнат Даніловіч (1787-1843). Нарадзіўся ў в. Вялікія Грынявічы, цяпер Бельскі павет, Польшча, гісторык права і археограф, прафесар. Адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў ВКЛ. З сям'і беларускага ўніяцкага святара. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1812 г.), дзе ў 1814-1824 гг. выкладаў права. Пасля «справы філаматаў» звольнены з працы, пакінуў Вільню, яму забаронена жыць на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў. У 1825-1829 гг. прафесар Харкаўскага ўніверсітэта, у 1830-1835 гг. працаваў Санкт-Пецярбургу ў камісіі М. М. Спяранскага па падрыхтоўцы збору мясцовых законаў для заходніх губерняў. У 1835-1842 гг. выкладаў права ў Кіеўскім Імператарскім універсітэце св. Уладзіміра і Маскоўскім універсітэтах.

[143] Маецца на ўвазе «Лівонская старэйшая рыфмаваная хроніка» - наратыўная хроніка лівонскага паходжання, напісаная каля 1290 г. на сярэдненямецкім дыялекце і складаецца з 12017 вершаваных радкоў. Доўгі час на падставе пазнейшага допісу на адным з рукапісаў хронікі аўтарства памылкова прыпісвалі Дзітлебу фон Альнпеке. гл: Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Жэшаў, 2000. С. 11, 12.

[144] Іаганес Фохт (1786-1863) - нямецкі гісторык, прафесар у Кёнігсбергу, «бацька» прускай гістарыяграфіі.

[145] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[146] Андрэй Клангевіч (1767-1841), прафесар універсітэта а потым віленскі і брэсцкі біскуп.

[147] Вінцэнт Дмахоўскі (1807-1862) - мастак, вучань Яна Рустэма і Казіміра Ельскага, удзельнік паўстання 1831 г. Уладальнік маёнтка Нагародавічы (у той час Лідскі павет). Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Гісторыя вёскі і маёнтка Нагародавічы // Дзятлава і Дзятлаўскі край: гісторыка-культурная і археалагічная спадчына: зб. навук. арт. / Нац. акад, навук Беларусі, ін-т гісторыі. Мінск, 2023. С. 107-117.

[148] Wiszniewski Michał. Pomniki historyi i literatury polskiey. T. 1-3. (1835).

[149] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[150] Там жа.

[151] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[152] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[153] Там жа.

[154] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[155] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[156] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[157] Там жа.

[158] Гл: О dawnoscі zodіjaku Egіpskego w Denderach. Wіlno. 1803.; Recherches sur le zodіaque de Denderah. Wіlno. 1805.; Sur l'antіquіte du zodіaque de Denderah. Wіlno. 1805.

[159] Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміі. Мінск, 2013. С. 69-70.

[160] Reda Griškaitė. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus// Knygotyra. 2020. T. 75. P. 269.

[161] Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадар Нарбут - папулярызатар найноўшых дасягненняў прыродазнаўства // Лідскі Летапісец. 2014. №4(68). C. 12-13.

[162] Tygodnik Petersburski : gazeta urzędowa Królestwa Polskiego. 1858, № 4. S. 32.

[163] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 128 адв. - 131 адв.

[164] Pamiętnik Warszawski - штомесячны навукова-літаратурны часопіс, які выдаваўся ў Варшаве ў 1815-1823 гг.

[165] Pamiętnik Lwowski - штомесячны навукова-літаратурны часопіс, выдаваўся ў 1816-19 гг. y Львове.

[166] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[167] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[168] Там жа.

[169] Tygodnik Petersburski - палітычна-літаратурнае выданне, якое выходзіла ў Санкт-Пецярбургу ў 1830-1858 гг. пад рэдакцыяй Юзафа Працлаўскага і Францішка Малеўскага. Выданне доўгі час было адзіным перыядычным выданнем, вакол якога гуртаваліся літаратурныя і навуковыя колы нашага края.

[170] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[171] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[172] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[173] Там жа.

[174] Там жа.

[175] Там жа.

[176] Дамінік Шульц (1797-1860), былы выкладчык філасофіі і гістарычных навук Віленскага ўніверсітэта.

[177] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[178] Dziennik Wileński - літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс. Выходзіў ў 1805-1806 і з 1815 па 1830 на польскай мове ў Вільні.

[179] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[180] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[181] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[182] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[183] Бломберг Мар'яна Магдалена. Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі, гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў. С. 49, 68.

[184] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[185] Там жа.

[186] Там жа.

[187] Верагодна, Вінцэнт Нарбут (?1812-1883), гісторык і палеограф славянскіх моў, шматгадовы супрацоўнік Архіва гістарычных дакументаў Трыбунала ВКЛ у Вільні.

[188] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[189] Габрусевіч С. А., Марозава С. В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына. Гродна, 2005. С. 98, 99, 119, 144.

[190] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[191] Юзаф Гразмані (Józef Grozmani, 1762-1843), прэлат Віленскага кафедральнага сабора.

[192] Яўстах Гразмані, сын Вінцэнта, роднага брата прэлата Гразмані (1805-?1856). Каля 1817 г. вучыўся ў Шчучынскай піярская школе, потым служыў у Ніжагародскім драгунскім палку. Выйшаў у адстаўку паручнікам. Валодаў маёнткам Лаўчылавічы.

[193] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[194] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[195] Цыт. па: Konstanty hr. Tyszkiewicz. Wilija i jej brzegi. Pod względem hydrograficznym,historycznym, archeologicznym i etnograficznym. S. 17.

[196] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[197] Malewski Czesław. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku. Powiaty lidzki, oszmiański i wileński. Warszawa, 2016. S. 78.

[198] Polski Słownik Biograficzny.Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977. T. XXII. S. 533.

[199] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[200] Там жа.

[201] Там жа.

[202] Пра Яўстаха Тышкевіча гл: Лаўрэш Леанід. Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей // Наша слова.pdf № 49 (101), 6 снежня 2023.; № 50 (102), 13 снежня 2023.

[203] Tyszkiewicz E. Rzut oka na źródła archeologii krajowej, czyli opisanie niektórych zabytków starożytności odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego. Wilno, 1842.

[204] Tygodnik Petersburski: gazeta urzędowa Królestwa Polskiego.1843, № 25. S. 156.

[205] Tygodnik Petersburski : gazeta urzędowa Królestwa Polskiego. 1843. № 32. S. 203-204.

[206] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[207] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[208] Там жа.

[209] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[210] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[211] Юльян Урсын Нямцэвіч (1757-1841), нарадзіўся ў вёсцы Скокі, Брэсцкага павета, пісьменнік, палітычны дзеяч, гісторык.

[212] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[213] Там жа.

[214] Gazeta Warszawska. 1853. №. 251. S. 4.

[215] Там жа. S. 5.

[216] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[217] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[218] Там жа.

[219] Герцен Александр. Собрание сочинений в тридцати томах. Т. 8. Москва, 1956. С. 304-305.

[220] Blombergowa Maria Magdalena. Narbutt (Ostyk-Narbutt) Teodor Mateusz z Ziemi Lidzkiej. Historyk Litwy, inżynier i badacz starożytności oraz ojciec bohaterów-powstańców. Warszawa-Lida, 2011. S. 29.

[221] Narbutt Teodor. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.

[222] Narbutt Teodor. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1.

[223] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[224] Там жа.

[225]Зараз - Лішкява, вёска ў Літве, на левым беразе ракі Нёман. Уваходзіць у склад Алітускага павета.

[226] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[227] Wizerunki i roztrząsania naukowe - часопіс, які ў Вільні выдаваў Юзаф Завадскі ў 1834-1843 гг.

[228] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[229] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[230] Там жа.

[231] Юзаф Азямблоўскі (1805-1878), мастак-графік і гравёр.

[232] Kronika Rodzinna. 1888. № 9, 1 maja. S. 262-266.

[233] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[234] Там жа.

[235] Reda Griškaitė. Teodoras Narbutas, arba Apie tai, "kaip nereikia rašyti istorijos".

[236] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. IX. Wilno, 1841. S. V.

[237] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[238] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[239] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

[240] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[241] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[242] Там жа.

[243] Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…].

[244] Reda Griškaitė. Teodoras Narbutas, arba Apie tai, "kaip nereikia rašyti istorijos".

[245] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[246] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. IX. Wilno. Nakładem i drukiem A. Marcinowskiego. 1841. S. VIII.

[247] Дэвід Юм (1711-1776) - шатландскі філосаф і асветнік.

[248] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[249] Malewski Czesław. Rody i herby szlacheckie na Litwie (X) // Nasza Gazeta. 1 (490).

[250] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[251] Міхальчук Г. Новы спіс агульнадзяржаўнага летапісання Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і яго суадносіны з «Хронікай Быхаўца» // Беларускі гістарычны зборнік. Беласток. 2016. № 45. С. 190−225.

[252] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

[253] Там жа.

[254] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[255] Рубэн Рафаловіч, кнігар, выдаўца некаторых прац Нарбута.

[256] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[257] Там жа.

[258] Там жа.

[259] Там жа.

[260] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[261] Там жа.

[262] Францішак Яшчалд (1808-1873), архітэктар, працаваў на Падляшшы.

[263] Францішак Смуглевіч (1745-1807), мастак, заснавальнік беларускай і літоўскай нацыянальных школ жывапісу.

[264] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[265] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 66 адв.

[266] Дачка гісторыка Тэадора Манчунская пісала, што яе бацька ведаў ажно дзевяць моў.

[267] Верагодна, Дамінік Цэзары Ходзька (каля 1800-1863) - беларускі фалькларыст, этнограф, літаратар.

[268] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[269] Пшаздзецкі і Грабоўскі выдавалі «Крыніцы да польскай гісторыі» (Zrzódła do dziejów polskich...) кіраваў выданнем Мікалай Маліноўскі.

[270] Kronika Rodzinna. 1888. № 14, 15 lipca. S. 425-430.

[271] Jan ze Sliwina [Kirkor A. H.]. [Wszystkie oúwiecone kraje Europy…] // Gazeta Warszawska. 1854. №. 42. S. 4.

[272] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[273] Narbutt Teodor. Pomniejsze pisma historyczne. Wilno, 1856.

[274] Gazeta Warszawska. 1853. №. 262. S. 5-6.

[275] Dziennik poselstwa od Krzyzaków Pruskich do Wielkiego Księcia Litewskiego Witolda, w r. 1347 odbytego, przez Konrada, Hrabi Kiburg, Wielkiego Szpitalnika Zakonu, z towarzyszami (niewymienionymi po nazwiskach) // Narbutt T. Pomniejsze pisma historyczne. Wilno, 1856. S. 133-162.

[276] Сагановіч Г. М. Дзённік Конрада Кібурга 1397 г.: вяртанне да фальшыўкі // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 5. Мінск, 2004. С. 105.

[277] Tazbir Janusz. Z dziejów fałszerstw historycznych w Polsce w pierwszej połowie XIX wieku XIX w. // Przegląd Historyczny. T. LVII. Zesz. 4. 1966. S. 580-598.

[278] Сагановіч Г. М. Дзённік Конрада Кібурга 1397 г.: вяртанне да фальшыўкі. С. 102.

[279] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[280] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398

[281] Сагановіч Г. М. Дзённік Конрада Кібурга 1397 г.: вяртанне да фальшыўкі. С. 107-108.

[282] Так званы «Радуньскі замак», гл: Лаўрэш Леанід. Радуньскі замак // Наша Слова №25(968), 23 чэрвеня 2010.; Лаўрэш Леанід. Таямнічыя замкі Лідчыны // Маладосць. 2012. №6. С. 97-100.

[283] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. II. Wilno, 1837. S. 383-384.

[284] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. VI. Wilno, 1839. S. VI-VII.

[285] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 23.

[286] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 105.

[287] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 82 - 82 адв.

[288] Лаўрэш Леанід. «I зорнае неба над галавой…»: Нарысы з гісторыі астраноміію Мінск, 2013. С. 87.

[289] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[290] Kronika Rodzinna. 1888. № 11, 1 czerwca. S. 328-335.

[291] Polski Słownik Biograficzny. T. XIV. S. 262-263.

[292] Teodor Narbutt. [Jest to zawiązek Muzeum krajowego ...] // Tygodnik Petersburski: gazeta urzędowa Królestwa Polskiego.1843. № 25. S. 157.

[293] Tygodnik Petersburski: gazeta urzędowa Królestwa Polskiego. 1843. № 43. S. 258.

[294] Гл: Лаўрэш Леанід. Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей // Наша слова.pdf № 49 (101), 6 снежня 2023. С. 12.

[295] Слязніца (слязнік) - посуд, які ставілі памерламу ў магілу і ў які быццам бы збіраліся слёзы родных, што плачуць па нябожчыку.

[296] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie. Zbiór historyka Litwy Teodora Narbutta (w powiecie Lidzkim w majątku Szawrach). Rzeczy ze szkła, glony i kamienia // Gazeta Warszawska. 1854. № 159. S. 4.

[297] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[298] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1837. T. II. S. 196.

[299] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. Wilno, 1839. T. VIII. Dodatak XI. S. 45.

[300] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie. Jeszcze zbiór historyka Litwy Teodora Narbutta (w powiecie Lidzkim w majątku Szawrach). Rzeczy z metalu // Gazeta Warszawska. 1854. № 169. S. 4.

[301] На сучаснай летувіскай мове ёсць слова «Kauriraris» . Этымалогія слова не ясная. Мацей Стрыйкоўскі згадвае бога як Chaurirari, навукоўцы не згодныя наконт арыгінальнай формы гэтага імя. Уладзімір Тапораў выказаў гіпотэзу, што слова паходзіць ад літоўскага «kaurai» (мех). Іншыя лічыць, што назва паходзіць ад літоўскага «вайна», а яго сапраўднае імя «Karorius» (жаўнер).

[302] Narbutt Teodor. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. I. Wilno, 1835. S. 12-14.

[303] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 105.

[304] Teodor Narbutt. [Jest to zawiązek Muzeum krajowego ...] // Tygodnik Petersburski: gazeta urzędowa Królestwa Polskiego.1843. № 25. S. 157.

[305] Kronika Rodzinna. 1888. № 13, 1 lipca. S. 393-398.

[306] Rimantas Balsys. Lietuvių ir prūsų dievai, deivės, dvasios: nuo apeigos iki prietaro. Klaipėda, 2006. P. 264.

[307] Венцлова Томас. Вильнюс: Город в Европе. Санкт-Петербург, 2012. C. 41.

[308] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie. Jeszcze zbiór historyka Litwy Teodora Narbutta (w powiecie Lidzkim w majątku Szawrach). Rzeczy z metalu. S. 4.

[309] Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[310] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie. Jeszcze zbiór historyka Litwy Teodora Narbutta (w powiecie Lidzkim w majątku Szawrach). Rzeczy z metalu. S. 4

[311] Kronika Rodzinna. 1888. № 12. 15 czerwca. S. 356-359.

[312] У лісце да Рэніера Нарбут піша пра «арыгінал карціны Бачарэлі, партрэт маладой жанчыны ў выглядзе Венеры. Хацеў бы паказаць яе Азямблоўскаму і параіцца аб рэстаўрацыі яе пашкоджаных частак, неабходна яе пакрыць лакам і г. д. Можа Рыпінскі-старэйшы ўзяўся бы за гэтую працу, хацеў бы, каб гэта была рука майстра, якая не сапсуе карціну знакамітага мастака». Гл: Kronika Rodzinna. 1888. № 10, 15 maja. S. 294-300.

[313] Wł. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie. Zbiór historyka Litwy Teodora Narbutta (w powiecie Lidzkim w majątku Szawrach). Rzeczy ze szkła, glony i kamienia. S. 4.

[314] Reda Griškaitė. Teodoro Narbuto intelektiniai žaidimai: Šiauriai kaip lietuviškų senienų muziejus// Knygotyra. 2020. T. 75. P. 273, 275, 283, 284.

[315] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 66 - 66 адв.

[316] Blombergowa Maria Magdalena. Narbutt (Ostyk-Narbutt) Teodor Mateusz z Ziemi Lidzkiej. Historyk Litwy, inżynier i badacz starożytności oraz ojciec bohaterów-powstańców. S. 29, 56.

[317] Цыт па: Konstanty hr. Tyszkiewicz. Wilija i jej brzegi. Pod względem hydrograficznym,historycznym, archeologicznym i etnograficznym. Drezno. Drukiem i nakładem J. I. Kraszewskiego. 1871. S. 17.

[318] Reda Griškaitė. Teodoras Narbutas, arba Apie tai, "kaip nereikia rašyti istorijos".

[319] Латышонак Алег. Беларуская нацыянальная ідэя // Сьвіцязь. 1994. № 2. С. 34.

[320] Bartoszewicz Julian. Teodor Narbutt // Tygodnik Illustrowany. 1860. № 26. S. 1.

[321] Mackiewicz Józef. Literatura contra faktologia. Kultura. 1973, №7-8.

[322] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 19. Арк. 56 адв - 64 адв.

[323] Гл: Narbutt Teodor. Pomniejsze pisma historyczne : szczególnie do historyi Litwy odnoszące się (z dziesięcioma rycinami). Wilno, 1856. S. 70-74.

[324] Тэадора Манчунская выканала свае абяцанне, бо сканы гэтага поўнага рукапісу Нарбута ў фармаце PDF з'явіліся ў інтэрнеце: «Herbarz litewsko-polski Wojciecha Kojałowicza S. J., dopełnienie Herbarza polskiego Kaspra Niesieckiego w lipskiem wydaniu N. N. Bobrowicza, z rękopismu łacińskiego przełożony i drukiem ogłoszony przez Teodora Narbutta, tablic herbów litografowanych V» // https://polona.pl/preview/bb41e5f4-bf15-43ab-8363-5ad78ce20d38

[325] Гл: Нарбут А. Н. Нарбуты Гродзенской губернии. Москва, 1998. С. 4.

[326] Чэшскага паходжання, графіня Хэлена дэ Пісэк. Гл. Narbutt Teodor. Pomniejsze pisma historyczne : szczególnie do historyi Litwy odnoszące się (z dziesięcioma rycinami). Wilno, 1856. S. 72.

[327] Гл. там жа.

[328] Ці Альберта. Гл: Пятраўскас Рымвідас. Літоўская знаць у канцы XIV-XV ст.: Склад - структура - улада. Смаленск, 2014. С. 275.

[329] ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 11. Спр. 4. Арк. 103 - 105адв.

[330] Гл: Лаўрэш Леанід. Юстын Нарбут // Наша слова.pdf № 43 (95), 25 кастрычніка 2023.

[331] Гл: Reda Griškaitė. Moteris ir istorija: Kamilės Narbutaitės patirtys. Lietuvos istorijos institutas. 2024.

[332] Для Тэадора Нарбута Шаўры былі дзедзічным маёнткам па маці, бацька Тэадора, паручнік літоўскай гвардыі Яўхім Нарбут (?1760-1813) маёнтак Шаўры атрымаў як пасаг за жонку, якая ў сваю чаргу ўспадкавала яго ад свайго дзядзькі Бранеўскага, гл: Нарбут А. Н. Нарбуты Гродненской губернии. Москва, 1998. С. 15.

[333]Інфармацыя пра пасаду старшыні земскага суда не пацвярджаецца сучаснымі даследваннямі. Гл: Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa, 2004. S. 372-375.

[334] На жаль, Нарбут і насамрэч некаторыя свае чыста літаратурныя творы друкаваў як сапраўдныя гістарычныя хронікі.

[335] 2-гі кадэцкі корпус імя імператара Пятра - ваенная навучальная ўстанова Расійскай імперыі, якая размяшчалася ў Санкт-Пецярбургу.

[336] Астраленка - горад на паўночным усходзе сучаснай Польшчы.

[337] Тыльшы, Тыльзіт, сёння Савецк Калініградскай вобласці.

[338] Ёсць і іншыя версіі біяграфіі Нарбута ў 1812 г., гл. вышэй.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX