Наша слова.pdf № 22 (178), 28 траўня 2025 г.
Абласны фестываль - свята "Танцуем па-даўнейшаму"
У аграмястэчку Дзітва Лідскага раёна адбыўся абласны фестываль - свята "Танцуем па-даўнейшаму".
Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй вобласці з'ехаліся ў Дзітву, каб прадэманстраваць лепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў у чатырох узроставых катэгорыях ад 6 да 50 і больш гадоў з захаваннем мясцовага адметнага выканальніцкага стылю.
Адкрыла свята і ўсіх прывітала шаноўная госця Лілея Пятроўна Рэзкіна, галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Менска, член экспертнай камісіі Міністэрства культуры Рэспублікі, старшыня журы:
- Мы павінны з вамі захоўваць нашу спадчыну і яе перадаваць маладому пакаленню. Усім удзельнікам добрых ураджанняў, усмешак і добрага настрою!
Праграма свята ўключала:
- конкурс беларускіх парных побытавых танцаў;
- выступленні лепшых фальклорных калектываў Гарадзеншчыны;
- майстар-класы па побытавых танцах;
- флэшмоб "Танцуем разам".
Па выніках конкурсу высокія месцы занялі танцоры з Лідчыны:
Наталля Шчалканогава і Аляксей Дзямко - дыплом 1 ступені ў намінацыі "Побытавы танец", узроставая катэгорыя 18-50 год;
Бычкоўская Аліса і Кудош Давід - дыплом 1 ступені у намінацыі "Побытавы танец", узроставая катэгорыя 7-10 год;
Ада і Аркадзь Кім - дыплом 3 ступені ў намінацыі "Побытавы танец", узроставая катэгорыя 50 і болей гадоў;
Ірына Вашкевіч і Дзмітрый Сакалоў дыплом у намінацыі "За непасрэднасць і выразнасць вобразна-пластычнага самавыяўлення".
Гулеўскі Дзмітрый і Ганна Савіцкая дыплом за ўдзел.
На свяце працавалі:
- выстаўка вырабаў майстроў народнай творчасці, на якой можна было набыць сабе падарункі і сувеніры на любы густ.
- інтэрактыўныя пляцоўкі з гульнямі, квэстамі і фотазонамі.
У намінацыі "Леп-шая этнаграфічна-рамесніцкая кампазіцыя" дыплом атрымаў Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
ТК "Культура Лідчыны".
Прыём заявак для рамеснікаў на LIDBEER 2025 стартуе 1 чэрвеня!
Як распавесці пра сябе без слоў? - Праз тое, што ты ствараеш сваімі рукамі! Далучайся да фэсту і пакажы свае ўнікальныя вырабы тысячам гасцей.
Стаў напамінак, падавай заяўку і стань часткай кірмаша майстроў!
Кантактны тэлефон выканкама для ўдакладнення дэталяў рэгістрацыі: +375 (154) 54 62 48.
ТК "Культура Лідчыны".
С А Н Е Т Ы
Язэп Палубятка
57
Спаленне на вогнішчы кахання -
Усё тое спакваля праходзім мы,
Ды толькі б не было ў душы зацвердзявання,
Кахання шал ты толькі не тушы.
Шал лішняга кахання можа і абрыднуць
Той, каго кахаеш без памяцтва штодня,
Само каханне можа згінуць,
І рэчка ў спёку высахне да дна.
Бяздонным не бывае вір,
Хоць кажуць усе, што ён такі глыбокі.
Калісьці станеш на ягоны жвір -
Ва ўсім жыццёвым ёсць свае вытокі.
Як доўга будзеш крочыць па жыцці -
Да нечага заўжды павінен ты прыйсці.
58
Не крыўдзі беспадстаўна другіх,
Не нарывайся, каб табе казалі злое ў вочы.
Умей адрозніваць сваіх, чужых
І будзь да ўсяго ахвочы.
Наўпрост ідзі дарогаю жыцця сваёй,
Не бі нікчэмнасці паклоны.
Калісь настане вечны твой пакой,
Не вер ты ў дурныя забабоны.
Свет жыў каханнем і будзе жыць,
Нішто не зменіць гэты кругабег.
Жылі бы толькі ў згодзе людзі,
А ў іх душы быў шчасця смех.
Вясною зеляніць пружмень,
Штодня зіхціць жыцця прамень.
59
Чорным каравай не бывае ніколі -
Ён светлая радасць твайго і майго.
Заўсёды мы прагнем лепшае долі,
Шчасця шукаем свайго.
Бывае вятрыска так завывае,
Што не ўстаяць на нагах.
Прыйдзе вясна, салавей заспявае
Песню сваю па начах.
Свет непаўторны абліччам -
Чорны, белы і каляровы.
Пражытыя гады ператворацца ў лічбы.
У пенкнай кабеты ўбор паркалёвы.
Усё проста ў жыцці, паверце,
Адзін радок на помніку: год нараджэння ды год смерці.
60
Хто прыйдзе на мае хаўтуры,
Асушыць кубак за душы ўпакой.
Не трэба плакаць, усё ў натуры,
Зямля - прытулак вечны мой.
Зямны свой шлях я з годнасцю адмераў.
Усё бывала: дзе поўз, а дзе ішоў.
Набачыўся ўсяго: прамені шчасця, поцемкі, хімеры,
Бывала чаркі не ўздымаў, бывала піў без меры.
Пабачыў я жыцця калейдаскоп.
Калісь вясёлкаю яно іграла,
Цягнуў яго, як конь той воз, і соп,
Ды ўсё адно чагосьці не ставала.
Ні дабру, ні злу няма мярыла.
Памкненні ўсе мае зямля накрыла.
61
Вер у людзей, у іх светлыя душы,
Нават калі далягляд захмурнее.
Ёсць жа жыццё ў моры й на сушы,
Вякамі яно не марнее.
Было, ёсць і будзе каханне
Ад існавання планеты.
Жыве яно і ў растанні,
Ведай і ты аб гэтым.
Сустрэча прыносіць радасць і жаль.
Бура ламае дрэвы.
Крохкай бывае сталь,
Як перакаліш стрэлы.
Усяму ёсць норма свая,
Помні аб гэтым штодня.
62. Паплечнікам
Па жыцці мы не гнуліся, хоць прымушалі.
Зыркае сонца любілі і дождж у змрочныя дні.
З сябрамі келіх віна прыгублялі,
Казалі камусьці: "Сыдзі".
Мару сваю ад усіх хавалі,
Пяшчоту з каханай дзялілі ўдвух.
Шчырыя словы, бывала, казалі,
Дзіўны ў рэха гук.
Бабіна лета, зыркае сонца,
Дзіўны асенні прывід.
Ніхто і ніколі не жыў бясконца,
Бывае і ў нас сумны выгляд.
Прыгожа было ўсё, калі ты жыў.
Быў час - і кахаў, і любіў.
63
Варона каркае - будзе дождж.
Каханая злуецца - ёсць другі.
Калі святое ёсць, то ёсць ў душы.
Прыкметаў усіх бязмерна на зямлі.
Ды не звяртай на іх увагу.
Кахаеш - пацалуй і прытулі,
Хоць трэба мець для гэтага адвагу.
Адвагу трэба мець, каб па жыцці ісці.
Хоць вецер у твар, разбітая дарога,
Не мар, што можна лепшы шлях знайсці.
Хоць на душы адчай, трывога,
Ды толькі трэба ісці, ісці.
Сваім гасцінцам кроч ты да канца.
Будуюць хату ад падрубы да апошняга вянца.
64
Весяліся ў шчасці! Духам не падай у бядзе.
Усё гэта бывае заўжды па жыцці.
Паспрачаліся ні з чаго, потым памірыліся балазе,
Хмары на небе і тыя мусяць сысці.
Духмянымі кветкамі поўніцца дол,
Вецер з дрэў зрывае лісты,
Восень пладамі напоўніла стол
Тымі, што ўвесну цвілі.
Змены пор года - гушкалка.
Знізу ўверх: то туды, то сюды.
Восенню вырай напоўніцца птушкамі -
За мора ляцяць ад халоднай зімы.
Лепшае долі шукаў па жыцці,
Толькі не ведаў, як тое знайсці.
65
А памятаеш, нешта няўцям ты казала.
Быў месяц май, салаўі спявалі,
Ты на неба ўсё пазірала,
І камары нас на беразе рэчкі кусалі.
Восень жыцця прыйшла.
З таго дня мінулі рокі.
Была прыгажуня, а зараз старэча ўся,
За паўвярсты чуваць твае крокі.
Толькі цяга да маладосці той
У цябе ўзмацняецца з кожным днём.
Лепш ты больш цалавалася, як была маладой,
А не зараз, як стала трухлявым пнём.
Заўжды варта ведаць,
Калі вячэраць, калі снедаць.
66
Мая спадчына - гэта каханне маё.
Па сабе я табе пакідаю
Тыя сцежкі, дарогі, дрэваў галлё,
Іх ад сэрца свайго адымаю.
Ты дала мне ўсё, што змагла:
Салаўіныя спевы і водбліск зарніцы.
Залаціцца на хвоях смала,
Непаўторны пах медуніцы.
Маразамі студзіла душу,
Спёкай летняю сагравала,
Пахам ліпы тлуміла ты мне галаву,
Толькі мне было гэтага мала.
Беларусь! Я вяртаю свой доўг прад табой
І жадаю табе быць заўжды маладой.
67
Мілая, каханая, адзіная мая,
Ты побач ідзеш са мной.
Ты непаўторная, як нашая зямля,
І гэта мне прыносіць неспакой.
Занепакоены я толькі тым, каб была ты жыва, здарова,
Няшчасці і хваробы каб размінуліся з табой.
А для цябе тварыць я буду дзіва,
Ты ведаеш: навек я твой.
Са мной ты будзеш радаснай, шчаслівай,
Дзён чарада стаіць прад намі.
У каханні, веры наша моц і сіла,
Каханне з намі, навек з намі.
У шчырасць і сваё каханне вер,
І будзе ў шчасця якраз твой памер.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Пярун, пяро, пара, пярсцёнак, палец
З вялікага арыйскага кола часу ( калі чакра) беларусы, як і многія іншыя народы, выдзелілі маленькае кола часу даўжынёй у адзін год. Як гаварылася раней, і год дзеліцца на яшчэ меншыя адрэзкі часу. У большасці краін свету прынята дзяленне года на чатыры сезоны, па тры каляндарныя месяцы ў кожным. Аднак індыйскі каляндар, напрыклад, дзеліць год на 6 сезонаў, па 2 месяцы ў кожным, каляндар саамаў - на восем, а ў старажытнасці ў некаторых культурах быў шырока распаўсюджаны трохсезонны каляндар. У Кітаі эпохі Інь у годзе былі толькі два сезоны: першая палова года - чунь і другая палова года - цю, позняе слова, якое азначала ў кітайскай мове змену сезонаў года, чуньцю стала пазначаць гістарычную хроніку. Найстаражытны рымскі каляндар утрымоўваў дзесяць месяцаў, прычым, першым месяцам лічыўся сакавік. Нума Пампілій правёў сур'ёзную рэформу календара, былі ўведзены два новыя месяцы - студзень і люты ў гонар багоў Януса і Феба. Такім чынам, каляндар, уведзены Нумам Пампіліем складаўся з дванаццаці месяцаў.
Астранамічныя поры года адлічваюцца ад кропак раўнадзенства (вясна, восень) і сонцастаяння (лета, зіма).
Феналогія вызначае працягласць і тэрміны пачатку кожнай кліматычнай пары года ў адпаведнасці з прыроднымі з'явамі (выкарыстоўваючы паняцце "сезон"). Кожны сезон адрозніваецца характэрнымі для яго пагоднымі і тэмпературнымі ўмовамі.
У беларускай міфалогіі і дахрысціянскіх вераваннях з кожнай парой года звязваўся нейкі бог, які "адказваў" за гэтую пару, дапамагаў або караў. Добрым багам удзялялася менш увагі, бо яны ж і так добрыя, а сярдзітых задобрывалі, прасілі моцна не караць людзей.
У многіх народаў самым сярдзітым лічыўся бог грому і маланкі: Зеўс, Юпіцер ну і Пярун.
Пярун у славянскай міфалогіі - бог грому і маланкі, бог навальніцы. У балтаў ён носіць імя Пяркунас. Ріеrkunas у летувіскай мове абазначае гром і мае вялікае слоўнае гняздо, з чаго шмат хто з даследчыкаў робіць выснову пра запазычанасць слова пярун з балцкіх моваў і, нават, пра запазычанасць славянамі ад балтаў культу Перуна. Але гэтага бьшь не магло хаця б таму, што ўвесь перадхрысціянскі сонм багоў балты запазычылі ў славян. Магчыма некалі ў іх былі і свае багі. Але балцкія багі 2-га тысячагоддзя запазычаны ў славян. I нават галоўны вяшчун (волхаў, жрэц) у жмудзінаў меў назву (імя, тытул) Крыве-Крывейтэ, што абазначае "Крывіч Крывічавіч'' і падкрэслівае паходжанне іх вешчуноў ад крывічоў і не ў адным пакаленні, спадчыннае паходжанне.
Гняздо словаў ад ріеrkunas у летувісаў багатае, але ўсё завязанае на значэнне гром. У беларусаў тут усё гняздо ўбіраецца ў адзін сказ: "Пярун уперыў". Але калі мы абстрагуемся ад значэння гром, то знойдзем у беларускай мове шмат сугучных словаў са словам пярун. Пяро, пярына і гэдак далей. На першы погляд пяро і пярун ніяк не звязаны. Сувязь можна надумаць, але прыдумка яна і ёсць прыдумка. Мы ж прывыклі абапіраць параўнанні і высновы на цвёрды моўны грунт. Таму ізноў прапускаючы ўсе фармацыі звернемся да санскрыту і паспрабуем з дапамогай гэтай мовы зразумець значэнне і слова пярун, і іншых сугучных словаў.
Для тых, хто не чытаў папярэдніх артыкулаў патлумачу коратка, чаму мы будзем шукаць адказ у санскрыце. I беларуская мова, і санскрыт адносяцца да сям'і інда-еўрапейскіх моваў. Санскрыт зафіксаваны ў пісьмовым выглядзе недзе 3500 гадоў таму назад, беларускую мову пачалі фіксаваць пісьмова гадоў 500 назад. За тры тысячы гадоў адбыліся вялікія змены ў лексіцы ўсіх моваў індаеўрапейскай сям'і, а зафіксаваны пісьмова санскрыт ужо не мог змяніцца. Таму да яго з невялікай нацяжкай можна адносіцца, як да індаарыйскай першамовы і на ім арыентавацца ў пошуках.
Што мы бачым у санскрыце?
Парама - вышэйшы, галоўны.
Паратман - вышэйшы дух.
Парама-пумс - Вышэйшы Дух, эпітэт Вішну.
Парджаня - воблака, дождж, бог дажджу.
У аснове ўсіх гэтых словаў стаіць моўная форма пара-, якая абазначае найвышэйшую ў сабе, крайнюю ступень. У нашу мову яна дайшла ў форме пера-. Прыведзеныя санскрыцкія словы дакладна раскрываюць значэнне слова Пярун, як Вышэйшага духа дажджу ці наогул Вышэйшага духа, які пераважае над іншымі. Таму і не дзіўна, што Перуна ўзвялічвалі над іншымі багамі. Гэтае ўзвелічэнне ішло не па значэнні. Ярыла ці Велес маглі значыць і больш. Гэтае ўзвелічэнне было традыцыйным, закладзеным у глыбокай старажытнасці. У грэкаў яно выразілася ў вобразе Зеўса, у нас у вобразе Перуна.
Форма пара- ў значэнні крайні дае нам у санскрыце слова парна, што абазначае зубец сцяны, крыло, пяро, ліст (дрэва). Параўнаем з хецкім реrunas - скала, зубец гор. Таму калі мы згадаем слова пярнаты і па-раўнаем яго з парна, то становіцца зразумелым паходжанне слова пяро, як крайняга элемента крыла. Але тады і крайні элемент рукі палец павінен мець такое ж паходжанне. Так і ёсць, старая назва пальца - перст. І тут форма пер-. У беларускай мове ад пярста пайшло слова пярсцёнак, у рускай - перчатка, у летувіскай ріrstаs - палец, ріrstуnе - пальчатка.
Слова пара, як газападобнас вада таго ж паходжання. Гэта найвышэйшая ступень вады. Старажытныя людзі ведалі што парджаня - воблака ўтвараецца з пары ў выніку вы парэння вады.
Палец, як крайні элемент рукі мог атрымаць сваю назву ад таго ж слова, што і санскрытскае паляча - ліст, як крайні элемент галінкі дрэва. Але калі палец - ад паляча, то адсюль і плячо, і прадплечча.
Вось што мы атрымалі, пачаўшы разглядаць слова пярун. А для крытыкаў мушу пазначыць, што я прагледзеў усе даступныя мне этымалагічныя слоўнікі на гэтую тэму.
Ярыла, яркі, ворыва, ярмо, вясна
Ярыла - другі з найбольш вядомых і шанаваных дахрысціянскіх беларускіх багоў. Сутнасць культу Ярылы, як і Перуна дастаткова добра вывучана беларускімі даследчыкамі, і я думаю, што пасля гэтых нашых публікацый пра Перуна і Ярылу мы атрымаем артыкулы з грунтоўнымі даследваннямі гэтых культаў. Мая ж задача значна прасцейшая - разабрацца з той інфармацыяй, якую дае лінгвістычны аналіз гнязда словаў, у якое ўваходзіць слова Ярыла.
У адпаведнасці з даследваннямі паганскай рэлігіі беларусаў... (дарэчы слова паганскі не абазначае паганы, дрэнны бязбожны, як яго ўспрымаюць, рaganus па-лаціне - сельскі, вясковы. А стала гэтае слова абазначаць язычнікаў пасля перамогі ў Рыме хрысціянства, таму што пры перамозе хрысціянства ў Рыме і іншых гарадах на вёсцы заставалася старая рэлігія, якую і пачалі называць вясковай - paganus. Дык вось, у паганскай рэлігіі беларусаў бог Ярыла займаў постаць Бога вясны, сонца, урадлівасці, пладавітасці. Першае слова якое вяжацца з Ярылам - яркі. Зразумела, сонца вясной свеціць больш ярка. Далей ідуць словы: яравы, яравая пшаніца, ярына. Тут таксама ўсё зразумела. Уся ярына сеецца вясной. Таму іпастась Бога вясны вырысоўваецца яшчэ ярчэй.
Этымалагічны слаўнік Фасмера прыводзіць слова яра ў значэнні вясна і падае балгарскае дыялектнае яра - вясна і чэшскае jаrо - вясна, але і тут у аснове гэтых словаў - ярына. Нам жа трэба сутнасць і ярыны таксама.
Знаёмы з маімі артыкуламі чытач, пэўна чакае, што я зараз зайду ў санскрыт і ўсё стане ясна. Але на гэты раз справа выглядае некалькі не так. Постаць Ярылы там не праглядваецца, што і не дзіўна. Вясна ў Індыі не настолькі актуальная, як у нас. Таму трэба меркаваць, што культ Ярылы (вясны), хоць і ўзнік у тыя далёкія часы, але значнасць сваю набыў некалькі пазней.
Сувязь жа кораня -яр- ( Ярыла, яркі, яравы) з вясной мы можам канстатаваць незалежна ад культу Ярылы і магчыма датаваць значна больш раннімі часамі, паколькі гэтая сувязь праглядваецца ўва ўсіх групах інда-еўрапейскіх моваў. Так па-нямецку das Jаhr - год. Па-авестыйску год - уаrа, па-готску год - jеіr, па-грэчаску орас - год, пара. Паколькі ў адпаведны перыяд першаснай гісторыі год пачынаўся вясной, то das Jаhr - гэта прамежак часу ад вясны да вясны. Ну, гэта нацяжка, - скажа любы мой апанент. Магчыма, але пяройдзем тады да мовы яшчэ аднаго старажытнага еўрапейскага этнасу, да адной з моў кельцкай групы, а менавіта гэльскай (ірландскай) мовы. Дык вось тут мы бачым: еаrrасh - вясна. Праўда, слова год там сфармавалася паводле іншага прынцыпу. Тым не менш жорсткую прывязку кораня -яр - да вясны мы знайшлі. Прывязаць то прывязалі, але што ў першааснове? Давядзецца ізноў звярнуцца да санскрыту. Тут усё, як звычайна, аrа - руда, медзь, бронза; аrакtа - яркі, чырванаваты. Сонца сапраўды нагадвае чырванаваты медны ці бронзавы дыск. І на ўсякі выпадак згадаем, што бог Сонца ў Егіпце меў імя Ра. Далей у санскрыце: аrс - ззяць, выпраменьваць, аrсі, аrсіs - промень, полымя, аrjunа - светлы, белы. І, нарэшце аrkа - промень, сонца, бог сонца. Таму ў аснове слова Ярыла ляжыць прыметнік яркі, светлы, або дзеяслоў ззяць - аrс, або само слова аrkа - бог сонца, што ніяк не пярэчыць значэнню бог вясны.
Але разглядаючы корань -яр- мы не можам пра йсці міма слова яр - круты глыбокі роў, разлом, вымо-іна. На санскрыце jаrjаrа - разломаны, разарваны, рас-трапаны. Jhаrі - рэчка, плынь. Яр і ёсць разлом, які застаецца пасля плыні, прычым, як правіла, пасля веснавой плыні, паводкі. Далей у нашых пошуках варта звярнуць увагу на асноўны элемент вясны. Што гэта за элемент. На розных этапах развіцця цывілізацыі ён, гэты элемент, розны. I ў розных цывілізацый розны.
Але ў земляробаў асноўны элемент вясны - гэта ворыва, а што такое ворыва, як не ламанне зямлі. І вось тут мы ізноў выходзім на корань - яр-. Пяройдзем найперш у летувіскую мову: jartі - узараць, узорваць. Ну, а тут мы ўжо выходзім на нашае роднае беларускае слова араць. Этымалогія гэтага слова павінна быць дастаткова вывучанай. Проста, мне, мабыць, не ўдалося ўбачыць гэтае даследаванне. Разам з тым з радасцю паведамляю, што ў слоўніку іншамоўных словаў яго няма. I то добра. Хаця заглянуць у тыя мовы ніяк не лішне. Так на лаціне земля-робства - аrаtіо, аrаtоr - земляроб, селянін; аrаtrum - плуг. Трэба згадаць, што прыладу для ўзорвання зямлі часта і называлі арала (параўнай Ярыла). Па-грэчаску араць - аргано (оrgаnо).
Нам засталося дадаць да гэтай групы словаў назву элемента, да якога мацуюць гэтае самае арала, чым арала імаюць (бяруць) - ярмо.
Вось так корань -ар- (-яр) праз тысячагоддзі мяняючы нацыі і мовы рухаўся па цывілізацыях, увасабляючы сонца і вясну.
Само ж слова вясна прайшло з беларусамі праз тысячагоддзі амаль без зменаў. На санскрыце вясна - vаsаntа і паходзіць ад дзеяслова vаs - жыць, жыць багата, жыць у раскошы; vаsn - багацце, дабро, скарб.
Які ўжо раз здзіўляешся логіцы нашых далёкіх прашчураў, якія не восень называлі залатой, а вясну вывелі ад слова багацце, добра разумеючы, што ўсё багацце закладваецца менавіта вясной.
Невялікая замалёўка пра мову
Неяк у свой час ў мяне міжволі з'явілася думка: "Я нарадзіўся ў Беларусі, жыву і працую ў Беларусі, скончыў вышэйшую навучальную ўстанову, першае слова ў назве якой "Беларуская", і пры гэтым дрэнна ведаю найгалоўны духоўны скарб любога народа - нацыянальную мову". З тых часоў я больш пільна пачаў цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай, усім тым, што датычыць Беларусі. За годы жыцця давялося пабываць ў розных кутках Беларусі і ў замежжы. У мяне з'явіліся новыя цікавыя сябры і аднадумцы. Беларуская мова і ўвогуле беларушчына зрабіла вялікі ўплыў на фармаванне майго светапогляду. Набытыя веды дапамаглі мне задумацца над сэнсам жыцця, больш убачыць дабра і справядлівасці, разумець прыгожае, шанаваць родную мову, любіць і берагчы Радзіму. Больш таго, менавіта веданне Роднай мовы неаднойчы дапамагло мне ў разнастайных жыццёвых варунках. Вось толькі некалькі выпадкаў.
Сярод базарнага натоўпу ў адным з абласных цэнтраў да мяне падышла жанчына, па-выглядзе - цыганка, і пачала наступную размову:
- Молодой-красивый, дай погадаю, всю правду расскажу!
У адказ я прамовіў:
- Прабачце, я не разумею, што вам патрэбна. Калі ласка, гаварыце па-беларуску.
- Ой, все-то ты понимаешь, дай руку, что было, что будет, всё расскажу… .
Я, як мог, упэўнена і спакойна адказаў:
- Шаноўная спадарыня, мне вельмі цяжка размаўляць па-расійску. Калі ласка, калі вам нешта патрэбна ад мяне, гаварыце па-беларуску.
У выніку жанчына засмучана адышла і напэўна пайшла шукаць іншага кандыдата на ашуканства.
Потым была паездка ў суседнюю Польшчу. Збіраючыся ў падарожжа, на ўсялякі выпадак, я захапіў расейска-польскі слоўнік. І вось знаходзячыся ў горадзе Любліне па асабістых справах я наведаў мясцовае аддзяленне пошты. З дапамогай слоўніка я звярнуўся да дзяўчыны, супрацоўніцы гэтай установы, і паспрабавў размаўляць нібыта "па-польску". У адказ дзяўчына прыгожа ўсміхнулася, а потым я пачуў наступнае:
- Пан, не мучайся, гавары па-беларуску.
Я быў вельмі здзіўлены. Я быў ахоплены вельмі моцнымі станоўчымі эмоцыямі. У выніку далейшая размова пайшла лёгка і галоўнае мела станоўчы вынік для мяне.
І вось адзін з апошніх выпадкаў. У апошні час вельмі актывізаваліся тэлефонныя ашуканцы. Ужо некалькі разоў яны тэлефанавалі і да мяне. На кожнае пытанне, з якім яны звярталіся, я адказваў на беларускай мове. У выніку наша размова ну неяк не атрымлівала лагічнага працягу. Суразмоўца, не разумеючы маіх адказаў, бянтэжыўся, і наш дыялог спыняўся. Такім чынам, наша Родная мова не раз мне дапамагала і абараняла ад падману.
Алесь Грудзіна.
Навіны Германіі
Дадатковае фінансаванне для 43 нямецкіх універсітэтаў
Федэральны ўрад і землі дадаткова інвестуюць у перадавыя даследаванні 539 млн еўра ў год.
Многія са 109 універсітэтаў у Германіі могуць разлічваць на істотнае павелічэнне дадатковага фінансавання на працягу наступных сямі гадоў. У рамках так званай "Стратэгіі акадэмічнай перавагі" (ням. Exzellenzstrategie) для дадфінансавання былі адабраны праекты з 43 універсітэтаў у 13 федэральных землях. Пра гэта паведаміла частка міністэрства даследаванняў Даратэя Бэр на сумеснай навуковай канферэнцыі федэральнага ўрада і земляў у Боне.
- Надзвычай высокая якасць заявак сведчыць пра тое, што перадавыя даследаванні ў Германіі знаходзяцца на правільным шляху, - сказала міністр.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра фінансаванне адмысловых даследчых праектаў, так званых перадавых кластараў (ням. Exzellenzcluster). Гэта могуць быць праекты асобных універсітэтаў ці сумесныя праекты некалькіх ВНУ, у тым ліку з удзелам іншых навукова-даследчых устаноў. З 2026 года на 70 перадавых кластараў будзе выдзяляцца ў агульнай колькасці 539 млн еўра ў год.
98 заявак на фінансаванне падалі 47 універсітэтаў. Для іх гэта азначала яшчэ шырэйшыя магчымасці: універсітэты, якія ўдзельнічаюць прынамсі з двума кластарамі ці аб'ядноўваюцца не менш, чым з трыма кластарамі, маюць шанец атрымаць званне "Універсітэт перадавых даследаванняў", што прадугледжвае дадатковае фінансаванне ў памеры ад 10 да 15 млн еўра ў год.
Бон (dpa/d.de). На фота: Dorothee Bаr© dpa.
Нямецкая моладзь настроена аптымістычна
Новае даследаванне паказвае, што многія маладыя людзі ў Германіі з аптымізмам глядзяць у будучыню.
Многія маладыя людзі ў Германіі з надзеяй глядзяць на сваё жыццё. Падчас даследавання "Моладзь у Германіі 2025" 65 % людзей ва ўзросце ад 14 да 29 гадоў заявілі, што ў цэлым з аптымізмам глядзяць у будучыню. У леташнім годзе гэты паказчык складаў 62 %.
Па меркаванні аўтараў даследавання ў асобе групы сацыёлагаў, у першую чаргу вырасла здаволенасць фізічным і псіхічным здароўем. Магчымасці для кар'ернага росту і сацыяльнае прызнанне таксама атрымалі больш высокую ацэнку. Калі казаць пра ацэнку ўласнага матэрыяльнага становішча, то яна не змянілася.
Даследаванне аспрэчвае стэрэатып пра "гультаяватую моладзь": пры 81 % занятых поўны працоўны дзень моладзь часцей працуе на поўную стаўку, чым прадстаўнікі старэйшага пакалення. Многія маладыя людзі чэрпаюць сілы ў сям'і, партнёрскіх адносінах і ва ўласных жыццёвых мэтах. Рэлігія ці прырода амаль не іграюць ролі стабілізацыйнага фактара. Занепакоенасць у маладых людзей выклікаюць палітычная сітуацыя і раз'яднанасць грамадства.
Берлін (dpa/d.de), © dpa.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Маем кпіны Пузыны, які, калі не сустрэў гаспадара, на дзвярах маёнтка Лася замест: "Быў тут хтось", напісаў: "Дурань, Лось".
А Лось адпісаў: "Што Лось - то звярына, што дурань - то Пузына".
Усё гэта добра. Гэта стала часткай народных гутарак. Аднак шкада, што ўсё гэта грунтуецца не на чым іншым, як на клаўнадзе. Пры жаданні, можна згадаць шмат яшчэ падобнага, напрыклад: "Пан Бог большы за пана Рымшу" 155. Але чаму мы таксама не чуем увекавечаных у народнай памяці імёнаў людзей, чый розум і цнота заслугоўвае гэтага? Нашы продкі ўмелі ўзнагароджваць заслугі наступнымі словамі: "Спадзявайся на яго, як на Завішу". А сёння гэта прыказка ці то забытая, ці то выйшла з моды!
Аднак трэба імкнуцца да захавання пачэсных імёнаў хай сабе нават і прыватных асоб, хаця б таму, што бясспрэчна, вось ужо паўстагоддзя, па многіх вельмі важных прычынах, мы не маем і не можам мець вядомых і папулярных грамадзян. Шэраг такіх асоб назаўсёды, ці прынамсі надоўга закончыўся на слонімскім маршалку Войцеху Пуслоўскім.
Тамаш Ваўжэцкі, Рэйтан, Ясінскі, падканцлер Храптовіч, Тышкевіч, Бжастоўскі - спалучалі сваё грамадзянскае жыццё з палітычным і хацелі таго ці не, але ўпісалі свае імёны ў старонкі нашай найноўшай гісторыі, якая ўжо не можа ад іх адмовіцца. Але акрамя гэтых асоб, мы мелі шмат такіх людзей, імёны якіх былі цалкам і паўсюдна папулярнымі, шанаванымі ўсімі класамі грамадства, абагаўляемымі, любімымі. Людзі пастаянна іх згадвалі і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці, а сёння пра іх ніхто нават і не ўспомніць, хоць, магчыма, сваім цяперашнім лёсам мы абавязаны іх мінулым намаганням, перамогам і паразам.
Адным з такіх, а можа нават і першым у Літве, быў, напрыклад, Юры Белапятровіч157 з Наваградчыны, які яшчэ жыў на пачатку нашага стагоддзя. Яго насілі на руках і абагаўлялі. Не было ні справы, ні парады, ні кампрамісу, ні пагаднення, ні шлюбу, ні дамоўленасці, якія малі б адбыцца без яго дабрадзейнага пасярэдніцтва. У маім больш познім дзяцінстве, хоць, падобна, ён тады ўжо і не жыў, гэтае імя не сыходзіла вуснаў. А хто сёння ведае пра Белапятровіча?
Гэтак нашы дзеці плацяць сваім бацькам і дзядам.
Я вельмі шкадую, што не маю і не магу мець у маіх Устронях ніякіх дадзеных, якія дазволілі б дакладна напісаць пра гэтага чалавека рэдкай цноты. У памяці засталося толькі тое, што ён быў адным з самых блізкіх сяброў майго бацькі. З газет 1794 г. добра бачна, як яго паважалі ўсе, хто застаўся жывым падчас апошніх уздыхаў Бацькаўшчыны.
Але прыйшоў час вярнуцца да перапыненай тэмы, да майго знаёмства з Мюлерам, якога мы пакінулі, калі ён разглядаў убранне маёй кватэры.
Вы лёгка са мной пагодзіцеся, што няма больш адчувальнага і складанага моманту для розуму, а можа і для сэрца, чым той, калі непадрыхтаваны чалавек раптоўна і хутка ад адной думкі ці адной справы павінен перайсці да другой, ва ўсім супрацьлеглай першай. Не лічачы боскай гісторыі св. Паўла, людзі з самым цвёрдым характарам, самыя вялікія недаверкі, часам пасля нечаканай і дзіўнай сустрэчы вераць у бабскія забабоны. Самыя смелыя людзі раптоўна паміралі на могілках, калі апоўначы браліся прынесці адтуль што-небудзь і, здабыўшы тое, што было ім патрэбна, чапляліся за вечка труны. І я ўвесь час пазбягаў гэтага чалавека гайдамацкага выгляду, унікаў яго, заўсёды пераходзіў на другі бок вуліцы, а зараз быў зачараваны яго голасам, яго прамовай, яго вартасцю, і ён мне міжволі адразу спадабаўся, я адчуў у сваім сэрцы, што люблю яго. Больш за тое, з яго слоў я інстынктыўна адчуў яго добрую душу і з-за нейкага незразумелага і натхнёнага прадчування адразу пачаў у думках шкадаваць, што ён мае такую сухую і псеўдафіласофскую жонку.
Але набліжаўся дзень маёй дактарацыі, і я папрасіў прабачэння ў Мюлера, бо зараз, нават маючы самыя добрыя намеры, не магу яго наведаць. Але дадаў, што некалькі хвілін на раніцы ці вечарам, прысвечаная агульнай з ім размове, будуць для мяне не цяжкай, а нават і пажаданай справай, бо мая галава павінна адпачыць. Ён ахвотна пагадзіўся і на працягу пяці сутак, якія ў мяне заставаліся, наведваў мяне два разы на дзень і актыўна вёў лёгкую і вясёлую гутарку. Ён дапамагаў мне шукаць розныя прадметы ў рэестрах і пад маю дыктоўку пісаў канспекты. Аднойчы, ад жонкі ён прынёс пад пахай пакет смачнай садавіны, якую мы разам з'елі. Адным словам, мы адразу сталі з ім як свае, як быццам былі знаёмы ўжо сто гадоў. Гэта здзівіла нават Караля, які наведаў мяне напярэдадні абароны дысертацыі і знайшоў у мяне Мюлера. Бо ён даўно яго ведаў, ведаў яго нялюдскасць і дзікасць.
Нарэшце, як і ўсё на свеце, мае праблемы шчасліва, з гонарам і славай закончыліся. Спрыяў гэтаму і педант, дэкан Мяноўскі, які раўніва ставіўся да кожнага новага таленту. Ён намерыўся збіць мяне з панталыку і, чаго раней ніколі не было, чатыры разы задаваў мне езуіцкія пытанні. І чаго дабіўся? Сваёй бачнай усім прадузятасцю ён абурыў публіку і калі пачаў ў чацвёрты раз рабіць закіды супраць мяне, з усіх бакоў пачуў гул нараканняў супраць. Я мушу прызнаць вартымі мае высілкі і энергічныя намаганні, бо перамог яго, не страціў прытомнасці і ўцямна адказаў на ўсё пытанні. Пасля гэтага, увесь цяжар, які ляжаў на маёй галаве, раптоўна ўпаў, і я імгненна адчуў сябе лёгкім і свабодным як птушка нябесная. Маладосць, паўната жыцця, упэўненасць у сябе, вясёлы гумар, дасціпнасць, жвавасць дваццацігадовага юнака, усё гэта адразу вярнулася да мяне, каб у той самы момант я стаў прыязным да сябе і іншых. І я стаў такім для ўсіх. Моладзь шчыра радавалася маім лаўрам. Выкладчыкі глядзелі на мяне добрымі і ветлівымі вачыма. Старыя падыходзілі да мяне з нейкай пашанай. Сябры радасна паціскалі мне руку. Жанчыны нічога гэтага не разумелі, яны нават здзіўляліся, што можна радавацца здабытым вышыням у навуцы! Для іх студэнт быў у сто разоў больш варты, чым вывучаны ўжо доктар. Пры гэтым, калі я і адчуваў суцяшэнне, якое прыносіць пяшчотнаму сэрцу чужая зайздрасць, дык гэта, несумненна, у той залаты момант. На жаль, другі раз гэта не паўтарылася.
Натуральна, што я адразу наведаў Мюлераў, свецкіх людзей, якія праз сваю грунтоўную адукацыю ўсё разумелі і маглі ацаніць мае поспехі. Паколькі ўвесь гэты час бачыўся з Мюлерам, я адразу пайшоў у пакой да яго жонкі, якая сустрэла мяне па-мацярынску, з працягнутымі абдымкамі. Прыйшоў і яе муж. Гэта быў першы раз, калі я адначасова ўбачыў гэтую пару разам. Памятаю, што пані Мюлер паўляжала на канапе, а яе муж прыхінуўся да печы і маўчаў. Іх дачушка Зося сядзела ў мяне на каленях і ўвесь час гуляла з лялькамі. Гувернёр сядзеў за фартэпіяна, прыхільна глядзеў на мяне і слухаў, бо і сам на наступны год збіраўся прысвяціць сябе медыцыне. Што я асабліва заўважыў падчас гэтага візіту, дык тое, што Мюлер, у сваім доме пры жонцы, нягледзячы на ўсю сваю зычлівасць, якую ў адносінах да мяне я бачыў на яго твары, больш маўчаў і быў непадобны на таго, кім звычайна быў у мяне. І мяне зноў пачала турбаваць ягоная загана раўнівасці, калі ён паклікаў мяне на сваю палавіну і адразу зрабіўся, так бы мовіць, маім Мюлерам. Хацеў адразу распытаць Караля пра гэтую дзіўную з'яву. Але не мог задаць такога пытання з-за добрага стаўлення да мяне Мюлераў. Трэба было самому думаць і назіраць.
Перш чым працягнуць свой расказ, і паколькі я ўжо апісаў постаць самога Мюлера, але толькі злёгку накідаў абрысы характару яго жонкі, трэба падаць больш выразны партрэт гэтай жанчыны. Толькі так чытачы зразумеюць дух іхняга дома. Яе душа стане зразумелай па ходзе падзей, а зараз трэба апісаць яе знешнія асаблівасці.
Эльжбета Мюлер з дому Закрэўскіх была вельмі малога росту і мела адпаведныя яе прыгажосці памеры рук і ног. Пра сябе яна расказвала, што пачала набіраць вагу толькі пасля адзіных у яе жыцці родаў, якія адбыліся пасля сямі гадоў бясплоддзя. Але калі я з ёй пазнаёміўся, было зразумелым, што яна ўжо скончыла набіраць вагу, бо па форме мала чым адрознівалася ад старой венгерскай бочкі для віна. Калі я назіраў за яе паходкай, мне здавалася, што коціцца мячык, гэты эфект яшчэ больш узмацняўся з-за драбнюткіх крокаў, якія рабілі яе кароткія і тоўстыя ножкі. Вялікая вага прымушала яе больш сядзець, але з-за кароткіх ножак і сядзець ёй было цяжка. Заўсёды і пры ўсіх яна напалову сядзела, а напалову ляжала ў кутку канапы ці сафы. Такім чынам ступні і падэшвы яе заўсёды элегантных чаравікаў увесь час былі накіраваны ў бок суразмоўцы, які сядзеў насупраць, але з-за асаблівасцяў яе фігуры, ніхто не крыўдаваў і не здзіўляўся. Манатоннасць гэтай карціны перарывалася толькі тым, што яна ўвесь час папраўляла падол сукенкі каб лепш прыкрыць ногі і гэта час ад часу дазваляла бачыць і яе моцна нацягнутыя панчохі, і тоўстыя лыткі, і падвязкі, і калені, а часам і вышэй. Яна заўсёды была пагружаная ў развагі, ці прынамсі мне так здавалася, і таму не звяртала на сябе ўвагу бо лічыла, што цела - нішто, а розум - усё. Такая эксцэнтрычная жанчына не магла пакінуць гледача абыякавым. І не таму, што нешта ў ёй казытала ці падагравала мужчынскую цікаўнасць, бо на мой погляд, яе жаночы час ужо мінуў. Твар маленькі, тоўсты, белы. Вочы блакітныя, прычым адно з іх больш яскравае, і хоць не касавокая, але вочы яе рухаліся неяк па-рознаму. Нос маленькі, востры. Светла-русыя, прыгожыя валасы. Агульнае ўражанне пакідала добрае і нізкі голас, паміма яе волі, мог гучаць загадкава. Пры гэтым нюхала шмат тытуню. Увесь час ёй трэба было падаваць насоўкі, бо ці ненаўмысна, ці з разлікам (хто жанчыну ведае), яна ўвесь час траціла свае насоўкі, табакеркі ці ключы і ўвесь час як шар варочалася з боку на бок і шукала іх па канапе. Пры гэтым, як я ўжо сказаў, мусіла весці ўпартую барацьбу з ніжняй часткай сукенкі.
А муж яе абыякава сядзеў побач, і як і мы, жартаваў пра яе рэдка і без жоўці. Толькі адна яе гувернантка, старая, заслужаная і пабожная панна Францішка, калі прыходзілі добрыя знаёмыя, час ад часу падавала ёй насоўку са словамі: "Дальбог, пані, дальбог, усё людзям паказваеш". Але гэта толькі павялічвала камізм сітуацыі.
Іх кватэра была падзеленая на дзве паловы. Палова жонкі была лепш упрыгожана. Паўсюдна найвышэйшая, англійская, чысціня. Паркет як люстэрка. Сцены з густам пафарбаваныя, увешаныя адборнымі карцінамі, партрэтамі, акварэлямі, гуашамі, рэдкімі гравюрамі, аздобленыя статуэткамі старой саксонскай парцэляны. Многія акварэлі і гуашы былі створаны самім Мюлерам, вядомым і таленавітым мастаком. Мэбля не шыкоўная, але больш чым прыстойная і чыстая. Кава і гарбата на срэбры. Кава адборная, а вяршкі такія смачныя, якіх Вільня не бачыла ад стварэння Сусвету! Наогул, у іх зусім не было раскошы, але быў відочна разумны, прывабны і вытанчаны дастатак, у сто разоў больш каштоўны за раскошу, дастатак гэты даваў зразумець, што калі б гаспадары захацелі, яны мелі б чым здзівіць і аматараў раскошы. У палове мужа, таксама прыстойнай і чыстай, адчуваўся прадуманы камфорт. Тут мелася і добрая бібліятэка з архівам дакументаў па былых здзелках і спадчыне пасля маці. Немагчыма было ўладкавацца лепей.
Прымушаны выканаць усе абрады, каб атрымаць неабходныя патэнты, я затрымаўся ў Вільні і ўвесь свой вольны час аддаваў адпачынку. Я аднавіў старыя стасункі і закінуў свае кніжкі. Часта наведваў Мюлера і яго жонку, рабіў гэта з яшчэ большай прыемнасцю, бо мне там былі рады, у іх я ніколі не бачыў кагосьці чужога і таму быў вольны ад гэтага неабходнага ў іншых месцах злашчаснага фрака, які я ўжо пачаў ненавідзець, як і іншыя свецкія умоўнасці, якія паўсюдна, дзе ёсць жанчыны, трымаюць нас на павадку.
У той час прыйсці да дам апранутым у сурдут, абаперціся на парэнчы крэсла, скрыжаваць ногі, насунуць капялюш набок, было такім жа вялікім і смяротным грахом, якім сёння ёсць гонар. Усё гэта залежыць ад моды і падпарадкоўваецца модзе. Не магу сказаць гэтага толькі пра сігары, якія, магчыма, упершыню ў Літве ўвёў менавіта мой бацька, калі набыў у афіцэра, які вяртаўся з Іспаніі два пудэлкі "Гаваны" і маленькія люлькі, яны ёсць у мяне і сёння.
Я памятаю, хоць і быў яшчэ малым, што калі ў майго бацькі збіралася мужчынская кампанія, ён як нешта асаблівае, у якасці пачастунку выносіў кожнаму па адной цыгары. Дзівіліся, аглядалі з усіх бакоў, а потым палілі іх у тых самых малых люльках. І ніхто нават не думаў браць цыгару прама ў рот. Тады ў агульнай модзе быў турэцкі тытунь, доўгія анцібкавыя люлькі - трубкі з галінак чарэшні. Хутка больш моцны і прыемны для палення гамбургскі тытунь "Вагстаф" пачаў выцесняць турэцкі. Але паколькі яго гатавалі з сокамі, ён пакідаў у пакоях і на адзенні сталы і непрыемны пах. А адзенне, прапахлае тытунём, можна было насіць толькі ў шынку. Паліць тытунь пры жанчыне з'яўлялася доказам найвышэйшага хамства, апошняй прыступкай дрэннага выхавання. Хто тады мог падумаць, што праз дваццаць з нечым гадоў, пані, панны і нават дзеці, будуць з задавальненнем і гонарам смаліць гэта зелле і пэцкаць дымам свае ружовыя вусны. Хто б мог падумаць, што праз дваццаць з нечым гадоў, фурманы, лакеі, яўрэі і сяляне будуць паліць тытунь з такой жа пашанай і апломбам, як першыя еўрапейскія свецкія львы і дэндзі?
Вяртаючыся да таго, што сказаў вышэй пра мае візіты - я быў рады вечарам пасля вяртання з прагулкі, без усялякіх цырымоній, у сурдуце, зайсці ў дом Мюлераў і правесці час у цікавай размове. А на ранку Мюлер наведваў мяне. Яго прывабілі мае жукі, яшчаркі і жабы. Ён траціў на іх гадзіны, мучыў сістэму Гала, увесь час мацаў свой агромністы лоб, і набраўся такой цікавасці, што ўвесь час пілаваў мяне, каб я завёў яго ў заалагічны кабінет. Гэта кабінет тады знаходзіўся пад наглядам і апекай Фартуната Юрэвіча, майго маладога і поўнага надзей сябра. Адзінкавы паход у кабінет нічога не даваў, і таму трэба было сцісла пазнаёміць Мюлера з Юрэвічам. Зрабіў гэта.
Пра Юрэвіча, каб па маёй віне не знік ён з людской памяці, бо хто ведае, можа і мае брэдні з часам каму прыдадуцца. Скажу пра яго некалькі слоў. Яго жыццё, а яшчэ больш канец яго жыцця, можа стаць навукай для нейкага паўпанка, навукай, што дурная і грубая ганарыстасць - супрацьлеглая шляхетнай далікатнасці і можа быць шкоднай не толькі асобе, але ўсяму краю.
Фартунат Юрэвіч, выхадзец з беднай украінскай шляхты, на пачатку як дзік трапіў у Вінніцу і паспяхова закончыў там школу, потым неяк здолеў прайсці ў слаўны Валынскі ліцэй у Крамянцы і, нарэшце, каб завяршыць вучобу, з'явіўся ў Вільні. У адзін год з ім, але пазней, бо мяне затрымала вяртанне маёй маці з Берліна, я пачаў слухаць лекцыі ва ўніверсітэце. Стары рэктар Малеўскі158 толькі з-за свайго саракагадовага сяброўства з маім бацькам, а дэкан Нямчэўскі, мой былы гувернёр, з-за ласкі да свайго вучня, залічылі мяне ў студэнты, ці як тады казалі, у акадэмікі. Я бегаў на лекцыі, слухаў курсы і зразумеў, што тое, што мне зараз падрабязна расказваюць, я ўжо ведаю са школы, і таму супакоіўся. Але мне трэба было паказаць сваю руплівасць.
Стары, высакародны і сумленны Юндзіл159 чытаў лекцыі па батаніцы ў бруднай і цеснай зале батанічнага саду і, каб аздобіць сваё дзіўна выразныя і гладкія прамовы, прыносіў нам кветкі з цяпліц. Называў, расказваў і вызначаў іх месца ў сістэме, пасля чаго кідаў перад сабой, каб яны дасталіся больш старанным, умелым ці больш удачлівым. Каб лягчэй здабыць гэтыя кветкі (я пераацаніў такі спосаб), трэба было ўціснуцца ззаду яго крэсла, і калі ён размахнецца, нават калі пры гэтым захопіш і трошкі пудры з яго лысіны, на ляту схапіць кінутыя расліны. Для гэтага я стаяў за ім ля акна.
Тады была такая дзіўная мода, што той, хто не прычэсваецца і не мыецца, чыя вопратка падраная ці хаця б пацёртая, толькі той можа атрымаць славу пільнага вучня. З гэтага пункта гледжання мелася шмат добрых вучняў. Я, на маю бяду, быў вымытым, прычэсаным, шаснаццацігадовым, элегантным хлопцам, апранутым у модныя строі, чым пляміў вочы маім калегам. Тым болей, усе ці амаль што ўсе яны былі ўжо "пад вусам", а я выглядаў дзіцём і блазнам. І як толькі я заняў месца за Юндзілам, на мяне пасыпаліся жарцікі і пачалі рабіцца розныя псоты - памялі мой капялюш, плюнулі на вокладку кніжкі, Юндзілу за крэсла паклалі мокрую гліну і я, як ганчар, прыбіраў яе. Маўчаў і цярпеў, бо ведаў, што тут заўсёды трэба плаціць за нявопытнасць, але было непрыемна. Самыя старанныя студэнты, у тым ліку і Юрэвіч, прыйшлі першымі і селі за стол Юндзіла, бо ў пакоі было цесна. Астатнія, як селядцы ў бочцы, ціснуліся па лаўках ці пхаліся каля іх. За сталом сядзелі толькі старэйшыя, тыя, якія "пад вусамі". Я яшчэ раней чуў студэнцкія байкі пра здольнасць Юрэвіча "даць быка". "Даць быка" - сярэднім пальцам, паднятым другой рукой, раптам урэзаць пстрычку па галаве ці яшчэ куды. Я не ведаў, што і са мной рыхтуецца такі спектакль. Чуў толькі мімаходзь, што клічуць мяне "панічом" і што "паніча трэба правучыць". Я мог адпомсціць за гэта, бо меў спраўных да бойкі школьных сяброў - Мірскага, Залескага, Камінскага і іншых. Але яны не жадалі старанна вучыцца і заўсёды стаялі пры канцы лекцыйнай залы, каб выйсці першымі і сваволіць у сенях. Таму яны заўсёды былі далёка.
Неяк у звычайны час я прыйшоў на заняткі, стаў на звыклае месца і не ведаў яшчэ пра змову супраць мяне. Адзін са студэнтаў, які сядзеў за сталом і з якім я не быў нават знаёмы, разгарнуў кнігу гравюр Левальяна160, звярнуўся да мяне і пачаў паказваць гравюры. Павярнуўшыся да яго, левую руку я трымаў на стале Юндзіла. І зусім нечакана адчуў моцны боль - нехта як нагайкай, пальнуў мне па лапе. Гэта быў "бык" Юрэвіча. Я імгненна павярнуўся, калі ён яшчэ не паспеў прыбраць руку, схапіў яго за галаву і ўрэзаў у твар - ён скруціўся на лаўцы і заліўся юшкай (як і аўтар, я выкарыстоўваю слэнгавы сінонім слова "кроў", які ёсць і ў польскай, і ў беларускай мовах. - Л. Л.).
Дваццаць студэнтаў "пад вусам", якія і прымусілі Юрэвіча зрабіць гэта, замест таго, каб бараніць яго, кінуліся да мяне, абдымалі, цалавалі, насілі мяне на руках і крычалі: "Жыве", - покуль не прыйшоў Юндзіл. Юрэвіч збянтэжана выйшаў з-за стала, пакінуў залу і некалькі дзён не прыходзіў на заняткі. Я перастаў быць легкаважным у вачах калег.
Хто мог прадказаць, хто мог здагадацца, што гэта падзея не спародзіць нянавісць і помсту на ўсё жыццё, а стане залогам самага шчырага сяброўства. Такім розным і незразумелым чынам ствараюцца трывалыя пажыццёвыя стасункі і звязы, якія не могуць з'явіцца падчас прыватнага жыцця ўдома.
Трэба ведаць, што віленская акадэміцкая моладзь была двух тыпаў і ледзь не падзялялася на дзве партыі. На ліцвінаў і валынянаў, альбо крамянчанаў. Валыняне, большасць з якіх раней вучыліся ў Крамянцы, рупліва звязаныя са славай свайго ліцэя, трымаліся разам. Ліцвіны звалі іх "гасконцамі" і, здаецца, ніякай крыўды ў гэтым не было.
Ліцвіны былі свайго роду як семінарысты - кніжка, сэкстэрн (аркуш паперы складзены на шэсць частак, самаробны сшытак. - Л. Л.) і больш нічога. Валыняне зграбна трымалі пад пахай і кніжку з сэкстэрнам і выглядалі, як свецкія панічы. Галоўнай прычынай гэтага былі два розныя падыходы, два розныя духі, дзве розныя сістэмы - Крамянецкая і Віленская. Абодва гэтыя гарады пашыралі даброты адукацыі на ўвесь забраны край.
У Вільні Ян Снядэцкі, чалавек вялікіх заслуг, але горды, жорсткі, сухі пыхлівы педант, быў вымушаны паступова пераходзіць ад езуіцкіх прынцыпаў старой віленскай акадэміі да новых ідэй, ён разумеў набыццё адукацыі як своеасаблівы від рэлігійнага навіцыяту. Паводле гэтага прынцыпу, той, хто сапраўды хоча вучыцца, не павінен весці аніякага свецкага жыцця. Лічылася, што дух універсітэта не можа спалучаць навуку і бляск салона. Такое спалучэнне лічылася шкоднай анамаліяй для моладзі - з'явай несумяшчальнай, як агонь і вада.
Тадэвуш Чацкі, чалавек геніяльны, і як кажуць сучасныя мудрацы, варты несмяротнай славы, абудзіў на Валыні, Падоллі і Украіне прагу да навукі - пачуццё, якога раней там не было. І казацкае племя ўсляпую кінулася на гэтую новаю прынаду. Замілаванне да навукі стала пануючай тэндэнцыяй. Кожны бацька, кожны жыхар ахвотна даваў свае грошы на заснаванне галоўнай школы ў Крамянцы161. На неараным і спрадвечна пустым раней полі ўзнялася, пусцілася ў рост і зазелянела навука. Крамянецкія студэнты, захопленыя гэтым, разам з сваімі бацькамі дабрадушна лічылі, што на зямным шары святло ідзе толькі ад адной кропкі, ад Крамянца. Што ўніверсітэты ўсяго свету - толькі парафіяльныя школкі ў параўнанні з Крамянцом. А Віленская моладзь слушна лічыла Крамянец толькі вельмі добрай падрыхтоўчай школай, а яе вучняў - выпускнікамі гімназіі. Яны здзіўляліся фанабэрыстасці, хоць і адвалі належнае падрыхтоўцы валынян. Усе крамянчане ад сваіх продкаў мелі свежыя, з прадвеку не затлумленыя навукай галовы. На гэтыя, не змучаныя духоўнай працай мазгі, навука дзейнічала больш моцна і выразна. Тым больш, што ў Літве лічылася справай гонару, што кожны, хаця б адзін год, павінен павучыцца ва ўніверсітэце, бо ён свой, блізкі. А для жыхароў Валыні і Украіны, аддзеленых ад нас вялікай адлегласцю, гэтая цацка была цяжкадаступнай. І таму той, хто прыехаў сюды здалёк, вучыўся па-сапраўднаму і меў адпаведныя здольнасці для гэтага.
Геніяльны Чацкі, апярэджваў свой час і разумеў, што малады чалавек, на доўгія гады адарваны ад усіх кантактаў са светам, можа стаць яму чужым. Таму, ён жадаў, каб крамянецкія выпускнікі ведалі свет і ўмелі шчыра весяліцца. Рабіў ім вечары і балі, бо хацеў, каб хлопцы разам з навукай атрымлівалі і рэспектабельнасць. Але такі баланс вытрымаць немагчыма, і атрымлівалася так, што моладзь з гарачай казацкай крывёй, пазбаўлялася сваёй звычайнай нясмеласці да жанчын, пры гэтым ператварала сваю смеласць у нешта гайдамацкае і лічыла сваю гайдамаччыну за добры тон.
Аказалася, што Вільня, акрамя медыцыны, не давала ніякай навукі для жыцця і спарадзіла пустых вучоных, асоб непатрэбных, якія не ведалі, як стаяць, як сядзець, як сказаць два словы, як адказаць жанчыне, куды падзець свае няшчасныя і ў гэты момант непатрэбныя рукі. Але яны маглі імгненна знайсці для вас адказ любой матэматычнай задачы, прыгожымі словамі растлумачыць табліцы рымскага права ці пракаментаваць Гамера, Платона, Арыстоцеля, уступіць у тэалагічныя ці маральна-філасофскія спрэчкі са Спінозам, Вульфам, Лейбніцам або Локам. На медыцынскім факультэце працаваў геніяльны Юзаф Франк, які трымаў у сваіх руках ўсю навуку. Ён навучыў мяне, як лячыць, як хадзіць, як выціраць нос, як стаяць і сядзець. Другога такога выкладчыка, пэўна, ужо не будзе. А з Крамянца выходзілі людзі здольныя, па-гайдамацку свецкія і настолькі фанабэрыстыя, што іх павярхоўная свецкасць перасякала межы добрага густу. Моладзь з Крамянца, вобразна кажучы, здабывала агонь з падковак пантофляў і больш вучылася ў салонах, чым па грунтоўных кнігах. Адным словам, Вільня давала смешных педантаў, а Крамянец - смешных шалахвостаў ці ветрагонаў. І паколькі паводзіны ў маладосці добра фармуюць характар, дык гэтая пячатка застаецца на ўсё жыццё. Калі праз шмат гадоў я сустракаў каржакаватага мужчыну на абцасах, мог біцца на заклад, што ён з Крамянца. А калі бачыў нязграбнага мысляра-педанта - мог беспамылкова пазнаць у ім ліцвіна з універсітэта. Што лепшае? Важнае пытанне, якое не трэба вырашаць з дапамогай гэтай лухты, якую я пішу.
Аднак здаецца, што калі людзі павінны жыць і бываць у свеце, дык з некаторымі абмежаваннямі, але больш мэтазгодна загадзя рыхтаваць іх да жыцця. Бо з тысячы студэнтаў толькі адзін стане навукоўцам, а дзевяцьсот дзевяноста дзевяць будуць па-простаму, без кніжак жыць з людзьмі - і яны павінны ўмець жыць. Што лепей? Той, хто кажа, што ведае адказ, кажа няпраўду. Перашкоды для вырашэння гэтага пытання - маладосць і яе крайнасці, якія не дазваляюць знайсці рашэнне.
Дзіўная рэч, сёння нават многія сур'ёзныя пісьменнікі, праз дваццаць з нечым гадоў, калі трэба шчыра аплакваць страту такога дыяменту як Крамянец, жартуюць і кусаюць лыткі вучням гэтай знакамітай школы. Аб гэтым сведчаць розныя брашуры і артыкулы ў нашых сучасных выданнях. Але гэта няслушна! Паўтараю, усе вучні з Крамянца мелі такія ж урадлівыя голавы, як і зямля Падолля, якая родзіць пшаніцу і не патрабуе ўгнаенняў. Там буяюць такія расліны, супраць якіх літоўскія выглядаюць карлікамі. І бяда, калі гэтыя выданні нічога не пішуць пра асоб, якія вучыліся ў Крамянцы і былі сапраўднымі геніямі. […]
А я не магу забыць нейкага Пятра Мядэкшу162, які, нягледзячы на тое, што і я добра вучыўся, сваёй працай, здольнасцямі, падрыхтоўкай да заняткаў, сваімі канспектамі ўсіх нас заганяў у кут! Які за шэсць гадоў ні разу не сядзеў у карцары, дзе я з сябрамі, на жаль, неаднаразова сядзеў за бойкі. Мы ўсе былі ўпэўненыя, што як найменей ён стане міністрам, калі не каралём Мадагаскара. А ён, пасля таго як закончыў вучобу, пачаў сваволіць больш за нас. Потым ледзь атрымаў пасаду павятовага настаўніка. На канец, ажаніўся са сваёй кухаркай. Гэта было б паўбяды. Але што найгорш, пасля столькіх гадоў настаўніцтва ён нядаўна выдаў свае вершы "Вянок з папараці" і сабраў на гэтае выданне да 500 падпісчыкаў, але ўсё выдадзенае ім было нясцерпна кепскім, чым ён канчаткова дабіў сваё рэнамэ.
Але вяртаемся да Юрэвіча.
Раздзел 11. Фартунат Юрэвіч. Сяброўства з ім аўтара. Каханне Юрэвіча да Наталлі Біспінг. Смерць Юрэвіча. Сябры аўтара і вандроўкі вакол горада. Вайс
У той час я жыў у пансіёне пад наглядам прафесара Леана Бароўскага163, вядомага вучонага, прафесара літаратуры Віленскага ўніверсітэта. Праз чатыры-пяць дзён пасля апісанай вышэй сваркі, адразу пасля абеду, Юрэвіч прыйшоў да мяне дадому. Хоць у нас і не ў модзе былі дуэлі з-за ўсякага глупства, аднак у нашым выпадку абраза была відочна занадта моцнай, каб застацца без пакарання. Я папрасіў яго сесці, але ён устаў і сказаў мне: "Пан Мараўскі, вы сумленны і добры калега. Некалькі дзён таму злыя людзі падгаварылі мяне да гэтага неабдуманага ўчынку, за які вы, магчыма, занадта жорстка пакаралі мяне. Але справа зроблена, і адмяніць яе нельга. Замест злой волі і помсты, прапаную вам верную і шчырую дружбу на ўсё жыццё. Ці пагаджаецеся вы на гэта?".
Я кінуўся яму на шыю і горача абняў, пацалункам зняў з яго шчакі пляму ад майго неасцярожнага ўдару, і мы абодва, як браты, са слязамі на вачах, узяліся за рукі і пайшлі на тую самую лекцыю Юндзіла. І перада мной, як перад сур'ёзным чалавекам, расступіліся калегі, якія больш ніколі не рабілі аферы супраць мяне.
Юрэвіч трымаў слова ўсё сваё жыццё. Ставіўся да мяне, як да брата - о, не, лепш, чым да брата! І я яго моцна любіў. Але з майго боку гэта была не тая прыязнь, якую я меў да Новамейскага, а потым да Караля Мараўскага, Караля Муйшала і Мюлера, дзе мелася роўнасць. Няроўнасць паміж намі з'явілася адразу, ці таму ён сам з ахвотай паддаўся ці, нягледзячы на яго рэдкія практычныя здольнасці, я ўсё ж меў над ім перавагу? Гэта скончылася тым, што паміж намі не было роўнасці, менавіта той поўнай роўнасці, якую і патрабуе сяброўства. У нашых стасунках Юрэвіч заўсёды адчуваў сябе ніжэй, шукаў у мяне парады, прыслухоўваўся да мяне, лічыў маю думку законам, а я не меў патрэбы ў яго парадах і не карыстаўся імі. Па маёй парадзе, гэты таленавіты чалавек, поўны яснага і чыстага розуму, пачаў наведваць медыцынскі курс лекцый, па маёй парадзе пазнаёміўся з Баянусам, адным з лепшых натуралістаў Еўропы (Д 17), па маёй і Баянуса164 парадзе заняўся параўнальнай анатоміяй і стаў годным пераемнікам Баянуса.
Юрэвіч меў прыгожы, белы, значны, вясёлы і адкрыты твар вельмі шляхетнай прыгажосці. Меў коратка падстрыжаныя, рыжыя валасы. Яго голас быў падобны на голас віяланчэлі, ці наадварот, віяланчэль і сёння сваімі самымі прыгожымі гукамі размаўляе яго голасам. Калі ён прамаўляў, яго голас адгукваўся ўва мне, як шкло рэагуе на адпаведны тон камертона.
Людзі - дзіўныя істоты. Напэўна кожны ведае, са мной гэта адбывалася неаднойчы, як вобраз жанчыны гвалтам пранікае ў тваё сэрца. Нейкі інстынкт, нейкая ранейшая думка, некі няпэўны, туманны ўспамін, падказваюць, што гэтыя рысы здаўна знаёмыя, што ты ўжо недзе доўга-доўга быў з ёй разам. Хіба ў раі! Можа там! Гэта адчуваў кожны, я ведаю.
Юрэвіч быў прыгожы мужчына. Дужы, элегантны, старанна паголены. Апранаўся так, што цяжка было паверыць, што можна так насіць вопратку. Неяк ўлетку я сустрэў яго па дарозе да Паплавоў і мы працягнулі наш шпацыр разам. Зачараваны выглядам прыгожых ваколіц Вільні, я сядзеў каля яго ў засені прыгожых зарасляў, захацеў паказаць яму нейкую пятлю Віленкі, рэчкі, якая звівалася як змяя. Таму ўзяў яго за плячо і толькі тады заўважыў, што апрануты ён у фрак з нейкай дзіўна гладкай і лёгкай матэрыі. Наіўна спытаў: "Дзе ты ўзяў гэты бараканік?" (бараканік - від тканіны з воўны - Л. Л.). А ён схапіў мяне за шыю і адказаў з сумным тварам: "О, мой Мараўскі, ты ніколі не знаў, што такое адсутнасць грошай, што такое бяда. Гэты бараканік пашыты з пацёртага, вынашанага сукна, бо не маю за што купіць новы".
Калі ён гаварыў, твар яго свяціўся геніем. Усе важныя пытанні гэты яшчэ вельмі малады чалавек вырашаў з вышэйшых пазіцый. Рэдка каму больш за яго ўдавалася спасцігнуць змест, сутнасць, аснову і філасофію кожнай навукі. Ветлівы, лагодны, з прыемнымі манерамі, ён аднак, быў схільны да нейкай ліслівасці, адным словам быў, як кажуць, падлізай - меў схільнасць, уласцівую асобам з рыжымі валасамі. Але ён ніколі не пераходзіў вядомую мяжу, што і рабіла нас сябрамі.
А зараз раскажу галоўнае пра яго. Я ўжо казаў, што ён часова быў наглядчыкам і кансерватарам заанатамічнага кабінета. На няшчасце (хай бы лепш у іх адвалілася кола), у Вільню прыехала сям'я Біспінгаў165 разам са слаўнай у Варшаве сваёй прыгажосцю паннай Тарэзай Кіцкай166. Пакуль яны нудзіліся і знаёміліся з Вільняй, сам д'ябал шапнуў ім паспрабаваць пазнаёміцца з кабінетам Юрэвіча. Сам Біспінг, чалавек свецкі і ветлівы, узяўся за перамовы аб дазволе і асабіста ў карэце заехаў да Юрэвіча. Ён даў дазвол і яны ўсе разам прыехалі ў прызначаны час. Юрэвіч, жадаючы адказаць на ветлівасць ветлівасцю, сам даваў неабходныя тлумачэнні. Там было некалькі дачок Біспінга, паннаў смелых, прыгожых і знаёмых са светам. Я ўжо згадваў, што голас Юрэвіча, гучаў як віяланчэль. Яму было што сказаць, і ён зачараваў Біспінгаў. Яны запрасілі яго да сябе, і наш вучоны растаў ад кахання. Панна таксама не магла стрымаць сваё сэрца. Біспінгі нічога не падазравалі і таму шанавалі, паважалі і цешыліся з вучонага і дасціпнага Юрэвіча, а калі сабраліся на вёску, гвалтам забралі яго да сябе на адпачынак. Перад ад'ездам ён расказаў мне пра сваё шчасце і сваю надзею. Я шчыра сказаў яму, што пра гэта думаю, радзіў быць асцярожным, зычыў яму шчасце, але засцерагаў, каб легкадумную гжэчнасць бацькі ён не палічыў за згоду на шлюб.
Усё ішло гладка, і на вёсцы амурныя справы толькі паскорыліся. Юрэвіч не ведаў свету, гэта праўда, але ў яго было больш розуму, чым ва усіх былых і будучых Біспінгаў. Дык розум яго і пакараў, калі пасля вяртання на дзяржаўную службу ён абдумаў сваё становішча і нават па парадзе самой панны, з поўнай упэўненасцю ў будучым шчасці, напісаў ліст да яе бацькі, у якім прасіў рукі дачкі.
Біспінг, багаты, пыхлівы, недалікатны, але ў яшчэ большай ступені ганарлівы і дурны, замест таго, каб адмовіць па-добраму, свой адказ пачаў з такіх слоў: "Я не магу не здзівіцца, як Васпан, бедны шляхціц, чыноўнік універсітэта, мог мець надзею і такім чынам пакрыўдзіць мой дом …". Было яшчэ нешта, але Юрэвіч, які сядзеў за столікам каля акна, гэтага не дачытаў, падхапіўся з месца і ў той жа момант звар'яцеў.
Усе мастацтва медыцынскай навукі было дарэмным бо ён стаў люта шалёным. Прайшло паўгода. Калі ўжо нічога не магло дапамагчы, прывезлі майго суседа-татарына, вядомага сваім сакрэтам лячэння манаманаў. Татарын выцер з яго пыл, падзьмуў, прачытаў над ім некалькі раздзелаў Карана і яшчэ раз падзьмухаў. Да Юрэвіча вярнулася галава, вярнулася памяць пра людзей, навуку, але вярнулася і памяць сэрца. Яму не спатрэбілася шмат часу, каб успомніць усё. Пахадзіўшы некаторы час з нясмелым тварам па Вільні, не маючы з кім падзяліцца смуткам (некалькі месяцаў тады я жыў у Пецярбургу), ён абрыдзеў сам сабе і ўціснуўся пад лёд Віленкі. Гэтак, чалавек, варты лепшай долі, скончыў сваё жыццё167.
Калі б ён жыў даўжэй168, яго геній, яго розум, яго ідэі, яго непараўнальныя здольнасці, яго захапленне працай, несумненна, зрабілі б яго сёння знакамітым і вялікім чалавекам Еўропы. Пыха, фанабэрыстасць, глупства і больш за тое, нікчэмная подласць фальшывых сяброў забілі гэтага чалавека Але такая наша доля, такая наша зорка, не толькі наша агульнае, але і персанальнае імя вырывае яна з кнігі памяці. Што зробіш! …
Вернемся да нашага аповеда.
За той кароткі час, які заставаўся да майго ад'езду на вёску, наша мужчынская, вясёлая, пустая, вучоная, дасціпная, кампанія - складалася яна з Мюлера, Караля, Расалоўскага, Юрэвіча, які яшчэ не ведаў сваёй будучыні, і майго лепшага сябра Караля Муйшала - адзінага чалавека, які да самай смерці ні прама, ні ўскосна ніколі не зрабіў мне нічога дрэннага. Калі прыйдзе час, я прысвячу яму старонкі, толькі б Пан Бог працягнуў маё жыццё.
Некалькі разоў да нашых шпацыраў далучаўся Вайс, гэты дзіўны і неацэнны Вайс, якога ўсе мы, універсітэцкія, любілі і ведалі, бо ён быў дырэктарам друкарні Завадскага. Вайс, нямецкі немец, вывучыў польскую мову па кнігах, ведаў усяго Капчынскага і думаў, што дасканала валодае гэтай мовай. Ён ніколі не размаўляў на іншай мове і штокрок рабіў смешныя памылкі, чым прымушаў нас смяяцца ўголас. Часта, калі мы, як сарны, бегалі па ўзгорках за новым, цікавым матылём ці жуком, ён з важнай і вучонай мінай на твары казаў: "Ыдзі, ыдзі, мы табе дагонім", што павінна было значыць: "Ідзі, ідзі, мы цябе дагонім", і са здзіўленнем глядзеў нам у вочы, калі мы рагаталі.
Паважаны Вайс доўгі час гатаваў маральную ежу для нашых галоў, а з-за кахання да Цітусовай169, прыгожай і вядомай у Вільні гаспадыні тракціра (Д 18), стаў даверанай асобай нашых страўнікаў.
Гэта былі па-сапраўднаму залатыя дні залатога веку нашага гуртка, гуртка, у якім не было ні старэйшых, ні малодшых. Жарт за жартам, гісторыя за гісторыяй, і ўсё гэта весела, забаўна, салёна, але так прыстойна, што нават манашка магла нас слухаць. Юзаф Сянкоўскі, знакаміты літаратар і яшчэ больш знакаміты літаратурны зласлівец, увесь час паўтараў, што "некалькі гадоў носіць з сабой дукат з намерам адразу аддаць яго жабракам, як толькі здарыцца так, што два ці тры палякі сыдуцца разам і пасля гадзіннай гутаркі яны не скоцяцца да распуснай размовы". Сянкоўскі пісаў, што дагэтуль не падараваў свайго дуката, але з намі ён "наеўся б мыла" і пазбавіўся б гэтых грошай. Мюлер, як старэйшы з нас, заўсёды трымаў для нас месца і ў сябе дома, і ў горадзе. Ён заўсёды ў сваіх трапных і сціслых словах быў поўны вясёлай, без жоўці, дасціпнасці, якую, незалежна ад прыродных здольнасцяў, можна набыць толькі праз доўгае, разнастайнае навучанне і доўгія роздумы. Нашым заўсёдным сябрам быў Расалоўскі, які, аднак, не дазваляў нам "есці кашу" і чые славутыя вандроўкі па правінцыі і навуковыя даследаванні былі мэтай, да якой мы імкнуліся. Кожны раз, калі ён разыходзіўся, а ён часта злаваўся наўмысна, лекі для яго заўсёды былі пад рукой. Пагулянка, Маркуці, Рыбішкі, Іерусалім, Цівалі - усе гэтыя калявіленскія вёскі адразу забяспечвалі нас смачным падвячоркам і сняданкам -лепшымі для яго лекамі. Смачная кава Мюлераў таксама часта лячыла нашага гнеўнага сябра. У той час былі зробленыя малюнкі і эскізы, некаторыя з іх дагэтуль ляжаць у мяне. Расалоўскі намаляваны на іх падчас вяртання з вясковай пілігрымкі з харчамі ці калі крадзе яйкі з-пад дзікай качкі.
Падчас гэтых забаў, Мюлер з адвагай старога жаўнера, заўсёды быў на першым месцы. Нашы чыстыя, не падуладныя зайздрасці душы, не маглі гэтага не бачыць але не лічылі гэта дрэнным, а Расалоўскі ніколі не прэтэндаваў на першынства. Але я, прыклеіўшыся да Мюлера, такім чынам атрымаў стымул да самалюбства і з кожнай хвілінай усе больш і больш прывязваўся да яго.
Такі быў стан мужчынскай паловы. Жаночая ж палова складалася з адной пані Мюлер. З ёй мы вялі філасофскія дыскусіі і спрэчкі, якія я, асабліва з жанчынамі, заўсёды ненавідзеў. Але нягледзячы на ўсе намаганні, не мог іх пазбегнуць. А тут я хутка павінен быў з'ехаць на вёску і таму не хацеў адмаўляць гэтай маленькай жанчыне ў прыемнасцях. І з-за ветлівасці я заўсёды ўступаў з ёй, як тады казалі, у філасофскія дыскусіі, якія яна пачынала.
Дадаткі:
17. а) Баянус, адзін з самых вучоных і годных людзей у Еўропе і прыгожы чалавек, быў прафесарам ветэрынарыі Віленскага ўніверсітэта. Ведаеце, ветэрынараў у нас лічыць за канавалаў, а канавалаў - нікім. Нейкі полк праходзіў праз Вільню. У жонкі карпуснога генерала меўся шпіц, якога яна вельмі любіла. Шпіц у дарозе захварэў. Дык вось, прыехаўшы ў Вільню, яна адразу пачала шукаць канавала. Яўрэй-фактар, каб быць карысным для такой вялікай пані, сказаў ёй, што ёсць знакаміты канавал Баянус. Разам з яўрэем яна пасла жаўнера, які яшчэ ў шлафроку знайшоў Баянуса і выклікаў яго да шпіца. Баянус дабрадушна ўсміхнуўся і запэўніў, што неадкладна прыдзе. Ён апрануўся ў свой вышыты золатам прафесарскі мундзір з усімі ордэнамі і ў карэце паехаў да шпіца.
Вы можаце лёгка ўявіць збянтэжанасць і жах генералавай. Ёй здалося, што пяці дукатаў будзе мала за такі візіт. Баянус узяў грошы і, смеючыся, вярнуўся дахаты.
б) Віленскі паштовы чыноўнік, палкоўнік Розен170, вельмі непрывабны і сляпы на адно вока, але, Бог ведае з чаго, вельмі горды чалавек, горача закахаўся і адразу ажаніўся з асобай, па якой прафесар Баянус, па чутках, раней "смаліў халявы" і канешне ў яе з прафесарам было нешта большае, чым сяброўства. Розен гэтага не ведаў.
Праз сем месяцаў пасля вяселля яго жонка нараджае прыгожае і здаровае дзіця. Розен бачыць, што нарадзіла раней за тэрмін. Перажывае - дзіця можа памерці. Бо небарака неданошаны. Усхваляваны, лётае па ўсім горадзе, пытаецца і радзіцца з усімі. Усе запрошаныя дактары, агледзеўшы немаўля, кажуць, што яно добра сфармаванае і нават пазногцікаў у яго не бракуе. Няма чаго баяцца. Будзе жыць!
Розен не верыць і запрашае прафесара акушэрыі Мікалая Мяноўскага, слыннага жартаўніка. Той, ведаючы справу, сур'ёзна кажа Розену: "Супакойся. У жанчын адразу пасля шлюбу, пры першых родах, гэтак часта здараецца. Але, гарантую - потым гэтага не будзе!".
Розен ні аб чым не здагадаўся і пры хрышчэнні дзіця гучна ўсім паўтараў словы Мяноўскага.
18. Гэта ў нас асуджаецца і, магчыма правільна, але здаецца, што нам яшчэ доўга смешна будзе чуць размову немца, які сур'ёзна размаўляе па-польску і тысячамі спосабаў перакручвае, ломіць і калечыць мову. […]
Добры Вайс нагадаў мне, што пасля смерці бацькі я знайшоў у яго паперах цыркуляр, выдадзены ў часы прускага ўрада каралеўскім камісарам жыхарам Загленбя, у якім кожны выраз каштуе дуката. Калі гэты край захапіла Прусія, дык кожны немец, які мог сказаць "Добры дзень" і "Будзь здароў", лічыў, што ведае мову, атрымліваў добрае месца і лічыўся каштоўным чыноўнікам. Відочна, такім быў і ўрадавы камісар, чые цыркуляры на польскай мове, расклейваліся па горадзе, а мой бацька чытаў іх, калі вяртаўся з Варшавы. Каб захаваць гэта для сябе, ён сарваў адну такую цікавостку і прывёз яе ў Літву. […]
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
156 З паэмы "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча (кн. 11), даведваемся, што гэтае прыслоўе паўстала ў выніку працяглага суда паміж наваградскім абозным Рымшам і манахамі дамініканскага кляштара, у выніку якога дамініканы выйгралі. Фрагмент паэмы ў перакладзе Пятра Бітэля:
Так справа доўгімі цягнулася гадамі
Між Рымшам і дамініканскімі ксяндзамі,
Пакуль не выйграў сундук манастырскі Дымша,
Адтуль і прыказка: "Бог большы, чым пан Рымша".
157 Юры Белапятровіч герба Абданк, лідскі стражнік, у 1771 г. - лідскі лоўчы, сакратар малой пячаткі ВКЛ, у 1780 г. - наваградскі гродскі суддзя, член Пастаяннай рады Рэчы Паспалітай, у 1792 г. дэпутат для ўкладання кодэксу правоў, у 1794 г. член Найвышэйшай рады, выбітны і шанаваны ўсімі патрыёт.
158 Шыман Малеўскі (1759-1832), рэктар Віленскага ўніверсітэта ў 1816-1822 гг.
159 Станіслаў Баніфацы Юндзіл (1761-1847), піяр, паходзіў з Лідчыны, вядомы выкладчык, навуковец і аўтар шэрагу навуковых кніг.
160 Франсуа Левальян (1753-1824) - французскі вандроўнік і арнітолаг. - Л. Л.
161 Крамянецкі калегіюм, пазней Крамянецкая гімназія, Валынская гімназія вышэйшых навук, Вышэйшы Валынскі ліцэй, Крамянецка-Валынскі ліцэй - навучальная ўстанова пры кляштары езуітаў у Крамянцы. Існавала ў 1743-1773 гг. як калегіюм, у 1803-1819 гг. як гімназія, у 1819-1833 гг. як ліцэй. З'яўлася сярэдняй навучальнай ўстановай. - Л. Л.
162 Пётр Мадэкша выдаў у 1842 г. годзе ў Вільні зборнік "Wianek paproci czyli Zbiоr poezji", 120 старонак з вершамі Яна Аношкі, Януарыя Філіповіча, Фелікса Марушэўскага і г. д. Пра складальніка зборніка гл: Samborska-Kukuс Dorota Karolina. Piotr Medeksza - wydawca "Wianka z paproci" // Acta Universitatis Lodziensis. Folia Litteraria Polonica. 2005. T. 7. № 1. S. 263-270. - Л. Л.
163 Леан Бароўскі (1784-1846), прафесар паэзіі і красамоўства ва ўніверсітэце.
164 Людвік Баянус (1776-1827). Біёлаг, з 1804 г. прафесар Віленскага ўніверсітэта. У 1812 г. пераехаў у Пецярбург і стаў членам Акадэміі навук. У 1814 г. вярнуўся ў Вільню.
165 Справа ідзе пра Пятра Біспінга, маршалка Ваўкавыскага павету, жанатага з Юзэфай з Кіцкіх. Меў 4 дачкі - Наталлю, Ружу, Людвіку і Валерыю. Наталля потым выйшла замуж за свайго дзядзьку, генерала Кіцкага. Біспінгі паходзяць з Вестфаліі (Германія), а ў наш край прыйшлі ў часы Баторыя. У 1635 г. Уладзіслаў IV надзяліў іх вялікімі маёнткамі ў Смаленскім ваяводстве з абавязаннем абараняць Старадубскую цвердзь за свой кошт. Тамаш Біспінг загінуў, абараняючы гэты замак. Пасля страты Рэччу Паспалітай гэтых уладанняў сям'я Біспінгаў пасялілася ў Літве, дзе яны часта займалі розныя сімвалічныя старадубскія пасады. Галоўнай сядзібай сям'і Біспінгаў былі Галоўчыцы. У гэтых ваўкавыскіх Галоўчыцах у час, апісаны Мараўскім, жылі мае (перакладчыка) продкі. - Л. Л.
166 Тарэза Кіцкая, дачка ваяводы Ануфрыя Кіцкага і Юзэфы з Шыдоўскіх, сястра жонкі Біспінга Юзэфы.
167 Якая з гэтых чатырох біспінжанак прыцягнула ўвагу Юрэвіча нам паведамляе Габрыеля Пузыня: "Смерць яго прыпісваецца панне Наталлі Біспінг, прыгожай ліцвінцы, якая зімавала ў Вільні са сваёй карміцелькай і бабуляй Кіцкай, іх штодзённым госцем быў неабыякавы да прыгажосці Юрэвіч. Крыху падобная на статую, спакойная панна Наталля". У іншым месцы аўтарка дзённіка дадае некаторыя падрабязнасці пра дом Біспінгаў: "Дом Кіцкіх і Біспінгаў быў для нас вельмі добрым прытулкам. Некалі вельмі прыгожая панна Тарэза Кіцкая, аб'ект пашаны аднаго з князёў Чартарыйскіх, паслужыла Нямцэвічу мадэллю для ягонай "Панны Юздральскай", якая разам са сваёй малодшай сястрой, жонкай Пятра Біспінга з дочкамі Наталляй і Ружай наведала Літву ў 1826 г., перазімавала ў Вільні, а летам аб'ехала суседнія сядзібы.У 1833 г. прыгажуня Наталля была ўжо ўдавой свайго дзядзькі генерала Кіцкага, які, ажаніўшыся з ёй перад самай вайной, загінуў смерцю храбрых пад Астраленкай. Дачка, якая нарадзілася пасля смерці бацькі, была адзінай уцехай гэтай заўсёды прыгожай, як анёл, маладой удавы". - Л. Л.
168 Фартунат Юрэвіч з 1823 г. па 1826 г. выкладаў заалогію ў Віленскім універсітэце, утапіўся ў 1827 г. - Л. Л.
169 Жонка Аўгуста Цітыюса, маці доктара Юльяна Цітуюса, успаміны якога я цытую ў зносках. - Л. Л.
170 Фрэдэрык Розен, барон, чыноўнік дырэкцыі поштаў, старшыня евангеліцкай кансісторыі, член масонскіх лож у Вільні.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Назіралі паўднёваамерыканскіх індзейцаў: Пазняк, Семірадскі, Юрэвіч
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-21 (157-177) за 2025 г.)
ПАЗНЯК Кацярына (Katsiaryna Pazniak) - мінчанка паехала ў Эквадор летняй валанцёркай, карыстаючыся бязвізавым рэжымам з мэтай турызму, дазволеным на тры месяцы; пабываць у Паўднёвай Амерыцы "даўно хацела".
"Валанцёрскія праграмы каштуюць дастаткова дорага: ад паўтары тысячы долараў і вышэй. Я знайшла IVHQ, дзе кошт унёску пачынаецца ад 250 долараў. І чым даўжэй ты знаходзішся ў краіне і займаешся валанцёрствам, тым таннейшы кошт праграмы: можна ехаць і на месяц, і на два-тры, і на год. Уласна, ва ўнёсак уваходзіць тваё пражыванне і харчаванне ў краіне знаходжання. Пералёт аплачваецца самастойна. Я разумею, чаму для беларусаў гэта будзе цяжка (далёка і дорага), а амерыканцы часта ездзяць у падобныя валанцёрскія праграмы - ім гэта па кішэні".
Эквадорская прыгода мінчанкі адносіцца да лета 2017 г. Гэта была прыгода і ў сэнсе некаторых незвычайных здарэнняў - напрыклад, дзеці ўвесь час кралі яе тэлефон. Тым не менш, адносна іх яна па выніках знаходжання ў Эквадоры захавала, зразумела, самыя цёплых пачуцці. Як ёй растлумачылі, красці сярод тамтэйшых дзяцей - гэта амаль норма. Нявінны ўчынак.
Адказаўшы інтэрв'юеру пра жыццё ў Эквадоры ў цэлым і ў запамінальных дэталях, Кацярына прывяла некаторыя звесткі пра нацыянальныя традыцыі эквадорцаў, якія кантрастуюць з нашымі - напрыклад, ужыванне ў ежу марской свінкі (куі) (смак ёй спадабаўся) і неадназначная цырымонія аяўаска (у матэрыяле з магчымых версіі слова ayawaska ўжываецца аяхуаска).
Кацярына акцэнтавала ўвагу на слове "Indian" (не "indio"). Як і гамяльчанка Наталля Курашова, якая падарожнічала па Цэнтральнай Амерыцы і ў размове ўказала аўтару БСІ на некарэктнасць назвы "індзейцы" - і правільнасць фразы "карэнныя амерыканцы". Калі выходзіць за межы ЗША, то ўжываць "Native Americans" магчыма ў "перакладзе" на іспанскую і "пераводзе" на краінавую канкрэтыку, хоць гэта будзе гучаць не вельмі натуральна. "Карэнных гандурасцаў" або "карэнных эквадорцаў" можна больш ці менш паспяхова аб'яднаць словам "indigena".
Кацярына Пазняк
НЕАБАВЯЗКОВАСЦЬ - ЗВЫКЛЫЯ "КАРА" І "НЯШЧАСЦЕ" ЛАЦІНСКАЙ АМЕРЫКІ
- Эквадор - гэта іншы свет?
- Гэта сапраўды зусім іншы свет. У мяне не было вялікага культурнага шоку, бо я была гатовая і шмат чытала пра яго. Але ўсяроўна ўсё аказалася зусім па-іншаму. Людзі іншыя, менталітэт зусім іншы, вельмі адрозніваецца ад нашага. Яны нібыта [вроде] прыязныя і сардэчныя, але насамрэч вельмі няшчырыя. Яны нешта абяцаюць і не выконваюць. Колькі я ні сустракала эквадорскіх людзей, усе іх абяцанні трэба дзяліць на шаснаццаць. "Так-так, мы сустрэнемся, я табе ўсё пакажу і будзе так здорава!" А на наступны дзень яны ўсё забываюць, як быццам у іх сцерлася аператыўная памяць. У іх ёсць такое слова manana абазначае "заўтра" па-іспанску. Але калі ты яго чуеш, ты павінен разумець, што гэта азначае "ніколі". Мы між сабой жартавалі: ёсць людзі, а ёсць людзі-маньяна.
Інтэрв'юер спытаў: "Наколькі я ведаю, карэннае насельніцтва Перу і Эквадора - гэта індзейцы. Са сваёй культурай і нацыянальным адзеннем. Ці можна такія рэчы знайсці на рынку?"
Кацярына Пазняк
ПОНЧА - ДОБРАЯ КАНЦЭПЦЫЯ І ДЛЯ БЕЛАРУСІ
- Наогул, лепш пазбягаць слова "indian" [так], гэта як афраамерыканца назваць неграм. Зрэшты, у іх да гэтага часу ёсць паселішчы, дзе людзі жывуць па старых індзейскіх законах, наогул не падтрымліваюць кантакт з астатнім светам, ходзяць там сабе голыя і нікога блізка не падпускаюць. Не здзіўлюся, калі яны там да гэтага часу прыносяць крывавыя ахвяры багам.
На рынку можна купіць нацыянальныя дзіўныя штаны накшталт піжамных шаравараў за сем долараў. Многія валанцёры куплялі іх сабе, але я ўпадабала [предпочла] купіць понча. Мне з дзяцінства падабалася сама канцэпцыя такога адзення - я іх купіла штук восем, мусіць. Па мясцовых мерках гэта дарагія рэчы, зробленыя з воўны альпакі. Бачачы, што ты замежнік, прадавец называе кошт у 25 долараў. Але гэта не азначае, што гандаль недарэчны і ты не саб'еш кошт да 15 долараў. Так што калі ў нашым горадзе падчас шпацыру вы ўбачыце кагосьці ў шыкоўным понча, то, хутчэй за ўсё, гэта мае сваякі. А таргавацца можна і трэба.
Літ.:
10760 Сучасны стан беларускага краязнаўства і валанцёрскі рух: Матэрыялы Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі 16 красавіка 2012 г. Мн., 2012. (Індзеец з Андскага рэгіёна ў Гродзенскім раёне.)
13106 Шамякін І. Сатанінскі тур // Шамякін І. Сатанінскі тур: аповесці. Мн., 1995. С. 83-159. ("Ды чорт з ім, з палітом, няхай нацягне хоць рымскую туніку, кітайскі халат, індзейскае понча...")
СЕМІРАДСКІ Юзаф (14) - быў папулярызатарам антрапалогіі карыбаў.
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (14)
Карацей кажучы, па ўсёй тэрыторыі ад Панамы да Вогненнай Зямлі ёсць сляды першабытных людзей, якія цалкам адрозніваюцца ад пазнейшых прыхадняў, адзначаюцца тыпам, які вагаецца паміж эскімоскім і мангольскім, з відавочнай тэндэнцыяй да даліхакефаліі, якія не апрацоўваюць зямлю і не ведаюць керамікі і ткацтва.
Іх рэлігійныя вераванні абмяжоўваюцца верай у злых духаў; яны не ведаюць ні культу сонца, ні азіяцкага шаманізму.
3. З антрапалагічнага пункту гледжання плямёны карыбскай расы [rasy karibskiej] лёгка адрозніць ад першабытных рас, апісаных вышэй, таму што яны ніколі не маюць мангольскіх рысаў. Складаней адрозніць іх ад расы гуарані-тупі [Tupi-Guarani], з якой яны ў многіх месцах, асабліва ў Парагваі і Мату-Гросу [(у зборніку "Па слядах індзейцаў") ужытая форма Matto Grosso, хаця больш распаўсюджаная Mato Grosso], моцна перамешаныя. У антрапалагічна чыстых тыпаў гэтыя адрозненні, акрамя агульнай будовы цела, бачныя і ў форме чэрапа. Карыбы [Karibowie] - стройныя, з тонкімі канечнасцямі, тупі-гуарані ж - невысокія, каржакаватыя, з мускулістымі нагамі і рукамі. Твары карыбаў даўгаватыя [podluzne], з чэрапам сярэдняй даўжыні, у той час як у тупі-гуарані твар круглы і чэрап выразна кароткагаловы [krotkoglowa]. Чарапны індэкс чыстых карыбаў, паводле вымярэнняў фон Штэйнэна, складае ад 75 да 78,8, а тупі-гуарані - ад 81,00 да 86,7.
Цела карыбаў добра складзенае [proporcjonalnie zbudowane], зграбныя плечы [smukle ramiona] і ногі тонкія, круглыя [okragle]; лыткі слаба развітыя, рост сярэдні, твар выцягнуты, шчокі не выпуклыя; нос прамы, не западаючы каля асновы [u nasady nie wgnieciony], умерана шырокі, часта сустракаюцца [zdarzaja] насы "арліныя", семіцкія, лоб моцна выпуклы, шырокі, нізкі лоб, нізкі; вочы вялікія, гарызантальныя, ніколі не раскосыя. Вусны тоўстыя, увесь выгляд больш за ўсё нагадвае фінскія народы Паўночнай Еўропы - фінаў і эстонцаў.
Літ.: (карыбы)
4804 Карыбы // Беларуская энцыклапедыя. Т. 8. Мн., 1999. С. 114.
399 У розных землях і краінах / склад. А. А. Кірайнен. Мн., 1989.
224 Генри О. Короли и капуста: роман / пер. К. Чуковского // Генри О. Короли и капуста: роман, новеллы: пер. с англ. / вступ. ст. А. Аникста. Мн., 1990. С. 9-186. (Карибы - с. 22, 43, 95, 99, 100, 131 (кариб), 173 - фіксацыя пры праглядзе de visu.)
ЮРЭВІЧ Валянцін (3) - у мемуарах прыгадаў свае паездкі ў рэгіёны Эквадора і за межы яго.
Валянцін Юрэвіч
НЕВЯЛІКАЯ АМАЗОНСКАЯ ПРЫГОДА
Адзін раз з'ездзілі ў Амазонію, дакладней, на яе ўскраіну. Шмат вады і зеляніны. Зрабілі круг па Эквадоры. Зрэшты, на карце наш маршрут больш падобны да квадрата. Туды ехалі па нармальным серпанціне, спачатку ўверх, потым вельмі доўга ўніз. Спусціўшыся з гор, павярнулі на поўдзень і доўга ехалі па сельве. Пераначавалі ў горадзе Тэна [Tena]. Пакаталіся на хуткай маторнай лодцы па рацэ Напа [Napo], аднаму з вытокаў Амазонкі. На берагах сустракаліся групы індзейцаў, якія намываюць золата. Але, відаць, яны больш зараблялі на турыстах, якія падплываюць да іх паглядзець, як мыюць золата. Зваротная дарога ўяўляла сабой вузкую прыступку, якая прыляпілася да гары. Справа - стромая скала, злева - глыбокая прорва з ракой на дне. Ды яшчэ ў некаторых месцах са скалы падалі плыні вады. Адпачылі, ужо падняўшыся ў горы, у прыгожым курортным горадзе Баньёс [(Banos), правінцыя Тунгураўа, Tungurahua] з мноствам гарачых лячэбных крыніц і басейнаў.
Літ.:
13104 Юревич В. А. Астрономия доколумбовой Америки. Изд. стереотип. М., 2023. (Выпуск № 320 у серыі выдавецкай групы URSS "Шедевры научно-популярной литературы".)
13105 Давила У., Юревич В. А. Пирамиды Кочаски - археоастрономический календарь? // Земля и Вселенная. 1987. № 3. С. 76-80. (Cochasqui; соавтор В. Юревича - директор Астрономической обсерватории Уго Давила, Hugo Davila.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 151].
Аддзел нестацыянарнага абслугоўвання імчыць па Лідкім раёне
Гурт "Сяброўкi" аддзела нестацыянарнага абслугоўвання дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" з праграмай "І будзем спяваць, і будзем жыць" наведаў в. Цыбары.
ТК "Культура Лідчыны".
"Моўны скарб" Лідскага замка
Лiдскi замак - адна з лакацый, на якой будзем святкаваць Дзень беларускага пiсьменства. Зараз тут працуе культурна-асветнiцкi праект "Моўны скарб". Наведвальнiкам прапануюцца пераклады беларускiх слоў, гiстарычных тэрмiнаў на рускую мову. Запрашаем!
ТК "Культура Лідчыны".