Папярэдняя старонка: Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг.

Ад аўтара 


Аўтар: Лаўрэш, Л. Л.,
Дадана: 30-10-2018,
Крыніца: Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017.

Спампаваць




Толькі праўда з'яўляецца цікавай

Юзаф Мацкевіч

Ад аўтара

Мяне заўжды цікаваў лёс майго горада да 1939 года. З дзяцінства я чуў расказы бацькоў і сваякоў пра жыццё ў Заходняй Беларусі і менавіта гэтыя жывыя ўспаміны назаўжды пакінулі для мяне «смак» і адчуванне той эпохі і таго жыцця.

Спатрэбілася шмат часу і высілкаў, каб стварыць, у першую чаргу для сябе, цэльны гістарычны наратыў, цэльнае ўяўленне пра той час, якое і сталася фундаментам гэтай кнігі. Потым падлічыў, што прыйшлося праглядзець, прачытаць, вывучыць каля 30 000 нумароў самых розных газет на беларускай, польскай і рускай мовах. Пры гэтым улічвалася, што кожная рэдакцыя газеты ці часопіса мела сваю пэўную рэдакцыйную палітыку і мэту - не інфармаванне, а перадачу рэдакцыйнага погляду і пэўнага стаўлення да падзеі. Менавіта гэта стаўленне і вызначала інфармацыйны накірунак выдання. Таму ў гэтай кнізе газетныя матэрыялы будуць тлумачыцца і дапаўняцца мемуарамі, а таксама вынікамі сучасных гістарычных даследаванняў. Працуючы над кнігай, аўтар зыходзіў з максімы віленскага пісьменніка Юзафа Мацкевіча, тэксты якога будуць шматкроць цытавацца ў гэтай кнізе: «Толькі праўда з'яўляецца цікавай. Адначасна праўда, як правіла, больш універсальная, багатая і цікавая, чым прыдуманыя замест яе апрацоўкі» [1].

Акрамя інфармацыі мне хацелася данесці да чытача жывы водар гісторыі, які часта цікавейшы за ўсялякія аўтарскія каментарыі. Таму тэкст кнігі месцамі ўяўляе сабой мазаіку з газетных артыкулаў. Матэрыял наўмысна падабраны так, каб зберагчы аўтэнтычныя тэксты і каб аўтарскага тэксту пры гэтым было не зашмат - вывады з прапанаванага матэрыялу кожны можа зрабіць сам. Збіраючы інфармацыю, я «тануў» у вялікай колькасці матэрыялаў і таму адбіраў, з майго пункту гледжання, самае цікавае. Шмат у чым прыйшлося сябе абмяжоўваць: напрыклад, тэма лідскага спорту ў тыя гады магла б стаць тэмай асобнага вялікага артыкула ці нават кнігі. Тэма жыцця яўрэяў нашага горада таксама абмяжоўваецца толькі матэрыяламі даступных мне газет і ўспамінаў таго часу, жыццё гэтай «затануўшай Атлантыды» яшчэ будзе вывучацца будучымі даследчыкамі.

Усе назвы вуліц горада аўтар прыводзіць па рэаліях таго часу. Карты горада ў кнізе дапамогуць цікаўнаму чытачу зразумець, якую назву гэтыя вуліцы маюць зараз. Тэксты з беларускамоўных газет падаюцца ў тым выглядзе, у якім яны друкаваліся - граматыка нашай мовы тады яшчэ толькі выкрышталізоўвалася.

Зараз Лідчына 1900-1930-х гг. адсутнічае ў памяці лідзян, і таму я вельмі спадзяюся, што кніга зможа даць чытачу першасныя веды пра той час, дапаможа зразумець, чым жылі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, якія праблемы іх турбавалі. І як незваротна, фатальна, некалькі разоў за кароткі час, змянялася іх жыццё.



[1] Mackiewicz Józef. Literatura contra faktologia. Kultura. 1973, №7-8. (Jestem za ścisłością, gdyż jedynie prawda jest ciekawa. Ale jednocześnie prawda jest z reguły bardziej wielostronna i bogata, i barwna, niż wykoncypowane jej przeróbki).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX