Папярэдняя старонка: Дзярновіч Алег

Віцебск, Рыга і штодзённасць у XIV—XVII стст. 


Аўтар: Дзярновіч Алег,
Дадана: 15-08-2014,
Крыніца: Дзярновіч Алег. Віцебск, Рыга і штодзённасць у XIV—XVII стст. // Arche –Пачатак. 2014, № 3. С. 288—301.

Спампаваць




Селядцы як стратэгічны тавар

26 лютага 1575 году віцебскі войт Сцяпан Цімафеевіч Лускіна накіраваў у Раду ганзейскага горада Рыгі свой ліст, у якім выказаў прэтэнзіі, сфармуляваныя мешчанінам места гаспадарскага Віцебскага Сямёнам Іванавічам Міцяевым, які "тых часовъ приходилъ пεрεд насъ... зо всими купцами мεста Витεбского" [1]. За ветлівымі фармулёўкамі ўступнага пратаколу ліста ("Славутни, а үчьстиви, и добрε ѡпатрεни п(а)н(о)вε бурмистры, раицы и лавницы мεста славного Рызкого", "Притомъ намъ ласковии и мили зычливи пановε, всӕ Рада ѡсεлаӕ славного мεста Ризкого") хаваліся прэтэнзіі, бо віцебскія мяшчане прыйшлі да свайго войта, "ѡбтӕжливε жалуючисѧ".

Скаргі ж гэтыя былі скіраваныя на адрас рыжскіх "бракароў" (фасоўшчыкаў) селядцоў, а таксама купцоў места Рыжскага, "которыε продают альбо мεнѧют купцомъ нашимъ витεбским сεлεдцы против товаровъ нашихъ". У чым жа мелі "вεликую шкоду" віцебскія купцы? Фармальныя прэтэнзіі палягалі ў тым, што пасля прастаўлення знаку фасоўкі ("Бо коли вжо на бочкахъ сεлεдцохъ будεти цεха браку вашого ризкого"), "тогды купцы ваши нε дозволѧють кажноε бочки сεлεдцов үзбивати и глεдεти". Але вось галоўная прычына незадаволенасці: "намъ добрε звεдомо ү Витεбску, иж бракъ (фасоўка - А.Дз.) вашεй милости ризкии на сεлεдцы вεльми злый, а правε фалшывый, бо гнилую и правε злую флюмку [2] рыбу цεхують за добрую, и тεж рыбу анборку [3] малую, дробную и гнилую цεхуют на добрую". Асобна ў лісце падкрэслівалася, што падобнага "ү вашоε милости пεрвεиε ү Рызε того николи нε бывало".

Іл. 1. Лоўля селядцоў у Скандынавіі. Гравюра з кнігі Олафа Магнуса 'Historia de Gentibus Septentrionalibus' ('Гісторыі паўночных народаў'>), 1555.

У выніку, войт Лускіна піша, "вси купцы мεста Витεбского просили насъ, иж быхмо ѡ томъ до вашоє милости листъ нашъ с прозбою писали, што мы, вεдаючы их шкоду нεмалую ваших милостεи, ӕко приӕтεлεй и сусεдов наших, намъ милε зычливых, просим, ижбы ваша милость в том рачилисε пилно, үложившы бракаров своихъ за то корать, ижбы сε в томъ доброй славε вашоε милости никотороε нарεканε злоε нε было, и купцомъ с их шкода нε дεεла".

Іл. 2. Галандскае рыбацкае судна (buise) XVII ст. Галандскія рыбакі лавілі селядцоў на дрыфтэрах (паруснікі, які пасля пастаноўкі сетак маглі свабодна плаваць). Па-галандску яны называліся 'buise'.

Тут трэба таксама адзначыць, што існуе цэлая нізка полацкіх дакументаў XV ст., якія сведчаць, што пастаўкі селядцоў знаходзіліся пад кантролем уладаў і гэтага падзвінскага горада [4]. Віцебскі войт Сцяпан Лускіна заяўляе, што ў выпадку не жадання выканаць просьбу Віцебска, ён будзе скардзіцца да караля і Паноў-Рады Вялікага Княства Літоўскага: "Но εстли быстε ваша милость, ӕко сεнаторовε мεста славного Ризского, того пεрεстεрεгати нε хатεли, ѡ томъ ваша милость рачтε вεдати, иж купцы всихъ замков хотӕт то донεсти жалобою своѥю господарю Королю и Панамъ Радомъ их милостӕмъ, ижбысε в томъ купцамъ шкода нε дεεла, бо кгдыж ваша милость ѡт насъ бεрεтε товары наши на бракъ свой ризкии чисто и справεдливо, то муситε и свои товары намъ давати чисто и справεдливо такъ, ӕко ѡт насъ бεрεтε". У полацкім жа дакуменце сярэдзіны XV ст. мы знаходзім падобную рэакцыю, але пагроза звярнуцца да гаспадара гучыць больш моцна і ўзнёсла: "А не въсхотите ли намъ исправитисѧ,... оужъ пошлем до милостиваго Королѧ. Есть оу нас ѡсподарь, комү нас ѡборонити" [5]. Чаму ж селядцы былі прадметам такіх палкіх дыскусій паміж ўладамі беларускіх падзвінскіх гарадоў і Рыгі?

Вынікае, што селядцы былі таварам масавага ўжытку. А паспрыяла гэтаму тая акалічнасць, што селядцы - самая распаўсюджаная на Балтыцы і ў Паўночным моры ды досыць лёгкая ў здабычы рыба. Але з-за сваёй тлустасці селядцы ў неапрацаваным выглядзе зусім не прыдатныя для захоўвання, а пад час награвання распаўсюджваюць непрыемны пах - менавіта з-за раскладання тлушчоў. Толькі ў марскіх краінах, дзе свежавылаўленыя селядцы ўжо праз адну-дзве гадзіны могуць быць дастаўленыя на рынак, іх смажаць на алеі. Але смажаць, не проста паклаўшы на патэльню, але загарнуўшы ў газетную паперу, што таксама мусіць дапамагчы пазбегнуць спецыфічнага селядцовага паху. Такія стравы гатуюцца толькі ў партовых гарадах і на адкрытым паветры, таму можна лічыць, што страваў з гарачых селядцоў практычна не існуе для большасці людзей у бальшыні краінаў.

Цяпер робіцца зразумелым, якую вялікую гаспадарчую значнасць мела вынаходніцтва засолкі селядцоў, пры якой гэтая рыба не толькі захоўваецца на працяглы тэрмін (у бочках - гадамі), але і набывае выдатны смак ды можа перавозіцца на любыя адлегласці [6]. Традыцыя прыпісвае галандцкаму рыбаку Вілему Бейкельцону з вёскі Берфліт у галандскай Фландрыі вынаходніцтва новага метаду нарыхтоўкі - у другой палове XIV ст. (памёр рыбак у 1397 г.) ён прапанаваў спосаб хуткага патрашэння селядцоў, іхняй засолкі і вельмі шчыльнай укладкі ў бочкі проста на караблі. Адсюль і паходзіць выраз: "Набіцца, як селядцы ў бочку". Новы спосаб рэзка зменшыў выдаткі на прамысловую здабычу, засолку і транспартаванне, ды зрабіў селядзец рыбай надзвычай таннай, даступнай ледзь не кожнаму бедняку на Поўначы Еўропы [7]. У гонар рыбака найлепшы гатунак селядца названы "беклінг". Попыт на селядцы стымуляваўся таксама традыцыямі хрысціянскага посту, бо селядзец - тыпова посная страва.

Селядцы (Clupeidae) належаць да сямейства рыб атраду селядцападобных. Налічваюць 7 падсямействаў і каля 20 родаў, у тым ліку пузанкі, салака, сардзіны, цюлькі, шпроты, сардзінелы. Разам каля 190 відаў. У Балтыйскім моры, асабліва ў яго ўсходняй частцы, найбольш пашырана салака ці селядзец балтыйскі (Clupea harengus membras) - рыба сямейства селядцовых, падвід селядзец атлантычны. Салака мае даўжыню да 20 см, масу - да 75 гр. Салака - асноўная прамысловая рыба Балтыйскага мора. Таму праўдападобна, што гандлёвыя спрэчкі XV-XVI стст. вяліся якраз вакол салакі.

Падобна, што ў баракальнай культуры Рэчы Паспалітай селядцы сталі метафараю таннасці ды звыкласці. Караль Станіслаў Радзівіл - Пане Каханку пахваляўся сваім уяўным раманам, які аднойчы меў з сірэнай у Адрыятычным моры. І як вынік гэтага раману нарадзілася 100 тысячаў селядцоў.

Кола часу павярнулася зноў і нечакана селядцы і Віцебск зноў сталі павязанымі ўжо ў ХХ ст. На складзе, дзе вяндлілі селядцы, працаваў бацька Марка Шагала, а ягоная маці ўтрымлівала ўласную крамку, дзе прадаваліся тыя самыя селядцы. Развітваючыся з родным Віцебскам, вясною 1907 году Марк Шагал напісаў у сваім дзённіку: "Бывай, Віцебск! І вы - заставайцеся вы тут з вашымі бочкамі, з вашымі селядцамі... землякі!" [8]

Шлях індукцыі

Гэтая гісторыя з селядцамі дазваляе нам выйсці і на іншую праблему - наколькі падобнымі і адрознымі бываюць рэаліі мінулых часоў, якія падаюцца нам звыклымі ў цяпершчыне. Вось і звычайныя, а нават танныя для нас селядцы яшчэ ў XVI ст. былі надзвычай важным і прыбытковым Іл. 3. Адмысловыя канцэнтрычныя знакі ('Zirkel') для пазанчэння розных бочак селядцоў (рознага ўлову і засолу і г.д.). таварам. Адчуць дыстанцыю, якая падзяляе гістарычныя і актуальныя рэаліі, могуць дапамагчы метады вывучэння гісторыі штодзённасці.

У рамках гэтага напрамку гістарыяграфіі праводзіцца даследаванне варункаў жыцця, працы і адпачынку, а таксама фактараў, якія ўплываюць на фармаванне свядомасці і нормаў паводзінаў большасці насельніцтва ("звычайных людзей") той ці іншай краіны ў пэўны гістарычны перыяд. У цэнтры ўвагі "гісторыі штодзённасці" знаходзіцца комплекснае даследаванне тых з'яўвая, якія рэгулярна паўтараюцца, "нармальнае", звыклае, што Іл. 4. Селядзяр (паводле кнігі Якуба Гаўра 'Skład abo skarbiec znakomitych sekretówoekonomiej ziemiańskiej', Кракаў, 1693). канструюе стыль і вобраз жыцця ў прадстаўнікоў розных сацыяльных пластоў, уключаючы эмацыйную рэакцыю на жыццёвыя падзеі і матывы паводзінаў, супольныя страхі і трывогі, прымусовую моц масавых культурных арыенціраў. Гісторыя паўсядзённасці ёсць гісторыяй тых, без каго не магло бы быць гісторыі. Але яны для гісторыкаў застаюцца пераважны "безыменнымі" ды "маўклівымі". Але ў даследаваннях "гісторыі штодзённасці" такія індывідуумы паўстаюць дзейснымі асобамі і творцамі гісторыі, якія актыўна ўзнаўляюць і змяняюць сацыяльна-палітычныя рэаліі мінулага і сучаснага [9].

Як асобны напрамак развіцця гістарыяграфіі "гісторыя штодзённасці" (Alltagsgeschichte) склалася на працягу канца 1970-х - 1980-х гадоў ў асяроддзі новай генерацыі заходне-нямецкіх гісторыкаў, якія заявілі пра сістэмны крызіс нямецкай гістарычнай навукі [10]. Гэтыя "пратэстоўцы" супрацьпаставілі традыцыйнаму вывучэнню сацыяльнай гісторыі Нямеччыны (галоўным чынам - дзяржаўнай палітыцы, глабальных грамадскіх і эканамічных структур і працэсаў) даследаванне "малых жыццёвых светаў" і паўсядзённага жыцця шараговых абывацеляў [11].

Як своеасаблівай рэдакцыяй нямецкай школы "гісторыі штодзённасці" стала паўсталая ў Італіі на чале з Карла Гінзбургам і Джавані Леві школа "мікрагісторыі", што займаецца вывучэннем малых тэрыторый і папуляцый (мястэчак, вёсак, асобных сямей) мінулага з мэтаю вывучэння паўсядзённага жыцця і ментальнасці "маленькага чалавека". Італьянскія гісторыкі заклікалі не адварочвацца ад адзінкавага, выпадковага і прыватнага - індывіда, падзеі ці здарэння. Прызнаючы асобнае вартым навуковага вывучэння, магчыма наблізіцца да разумення ўзаемасувязі паміж індывідуальнай рацыянальнасцю і калектыўнай ідэнтычнасцю.

У працэсе станаўлення "гісторыі штодзённасці", яе адэптам у Нямеччыне прыйшлося вытрымаць жорсткую крытыку аўтарытэтных гісторыкаў, якія бачылі ў сваіх апанентах прыхільнікаў левых палітычных ідэй, а саму гісторыю штодзённасці расцэньвалі як альтэрнатыўны кірунак сацыяльна-навуковай гісторыі, які адмаўляе ідэі рацыянальнасці, змяшчаючы фокус даследчай оптыкі на індывідуальнасць, ды здраджвае каштоўнасцям еўра-атлантычнай цывілізацыі.

На сённяшні дзень у рамках "гісторыі штодзённасці" сфармаваліся два падыходы. Прыхільнікі аднаго з гэтых кірункаў у даследаванні "паўсядзённасці" акцэнтуюць увагу на яе "элементах паўтаральнасці" - менавіта праз паўтаральнасць і руцінізацыю адбываецца "падпарадкаванне аўтарытэту" і, адпаведна, стабілізацыя сацыяльных структур. Але ў даследаванні штодзённасці выкрышталізаваўся і іншы падыход, адэпты якога арыентуюцца на вывучэнне ў гэтай штодзённасці зменлівага і ўнутрана супярэчлівага, каб праз рэканструкцыю трансфармацый штодзённасці выявіць, якім чынам удзельнікі гістарычнага працэсу становяцца ці маглі быць аб'ектамі гісторыі, а якім - яе суб'ектамі.

Але ці можам бы адкідаць і крытыку гэтага напрамку гістарыяграфіі? Скептыкі найперш адзначалі абмежаванасць метадалагічных, канцэптуальных і аналітычных магчымасцяў "гісторыі штодзённасці", ігнараванне ёю буйных гістарыяграфічных праблем, адмаўленне самога паняцця "татальная гісторыя" ды адсутнасць у ёй методык спалучэння вынікаў рознатэматычных даследаванняў. У прыватнасці, адэптамі "гісторыі штодзённасці" вылучаецца патрабаванне максімальнага набліжэння даследчыка да дзейсных асоб гісторыі, што прымушае шырока выкарыстоўваць у аналізе расповеды тых ці іншых асобаў пра саміх сябе. А ў гэтым прыхаваная пагроза падмены ўласнага аналізу інтэрпрэтацыямі іншых. Насамрэч у "гісторыі штодзённасці" дамінуе эмпірызм пры адсутнасці належнай ўвагі да абгрунтавання метадалагічных асноваў даследавання, што вядзе да прадукавання прыхільнікамі гэтага гістарыяграфічнага напрамку прац, перагружаных дробнымі дэталямі.

Ужо ў пачатку 1990-х гадоў нямецкі антраполаг Карола Ліп дасціпна заўважыла, што ў літаратуры "існуе столькі ж шмат 'паўсядзённасцяў', колькі ёсць аўтараў, што яе [паўсядзённасць] вывучаюць" [12]. Апроч таго, гісторыкі звычайна забываюцца на класічнае для сацыялогіі азначэнне паўсядзённага жыцця як "рэчаіснасці, што інтэрпрэтуецца людзьмі і мае для іх суб'ектыўную значнасць ў якасці цэльнага свету" [13]. Гэта азначэнне падкрэслівае дваістую прыроду паўсядзённасці: яе рэальнасць арганізуецца толькі вакол таго, што ёсць сабой "тут" і "зараз" для кожнага канкрэтнага чалавека, і таму глыбока суб'ектыўная. Вось гэтае суб'ектыўнасць, якая можа выдавацца за цэльную карціну, і прыхоўвае пасткі для гісторыкаў штодзённасці. У рэчаіснасці ж паўсядзённае жыццё ўяўляе сабой свет, у якім чалавек жыве і ўзаемадзейнічае з сабе падобнымі.

Агулам можна прызнаць карыснасць метадаў "гісторыі штодзённасці" пры разглядзе лакальных сюжэтаў, яе дыдактычны патэнцыял для школьнага навучання гісторыі. Але не магчыма не прызнаць, што толькі праз "гісторыю штодзённасці" мы не зможам распавесці пра агульную плыню гісторыі. Зрэшты, постмадэрнісцкія практыкі якраз і адмаўляюць існаванне апошняй.

З іншага боку, вывучэнне "гісторыі штодзённасці" прымушае разглядзець тыпалогію там, дзе яна найгорш вонкава праглядаецца: у індывідуальных рашэннях, якія прымаюцца ў розных сітуацыях. І вось пры такім аналізе выяўляецца - гісторыя паўтараецца таму, што так марудна змяняемся мы самі. "Гісторыя штодзённасці" даводзіць: людзі не аднолькава рухаюцца па адной і той жа каляіне, а таму індуктыўны шлях - шлях да спасціжэння агульнага праз асобнае, - гэта вельмі прадуктыўны шлях узнаўлення жыцця мінулых эпох [14].

Усё ж спрацоўвае яшчэ адзін эфект "гісторыі штодзённасці" - яна актуалізуе праблему "апазіцыі" штодзённасці. У якасці такой выступаюць "святы", як праявы нечага незвычайнага, а таксама "экстрэмальныя сітуацыі", якія , пры пэўных абставінах, могуць перайсці ў разрад звычайных і скласці "штодзённасць". Экстраардынарнасць і незвычайнасць на тле ай"штодзённасці" набывае новае вымярэнне і становіцца непадзельнай часткай жыцця.

Разрыў штодзённасці

Такім чынам, віцебскія купцы скіроўваюцца ў Рыгу. Летам, у перыяд навігацыі, зносіны адбываліся па Дзвіне. Зімой жа ехалі на санях. Увесну, Іл. 5. Гравюра 'Рыбны дождж'. Олаф Магнус, 'Гісторыі паўночных народаў', 1555. пад час паводкі, наладаваныя чаўны сплаўляліся ўніз па галоўнай воднай артэрыі. У Рызе яны зноў нагружаліся і скіроўваліся ўжо ўверх па Дзвіне - да Віцебска. Водны шлях быў найбольш танны і зручны.

Дзвінскія караблі мелі і адмысловую беларускую назву - стругі, што па-нямецку перадавалася як Strusen. Як яны маглі выглядаць у ХІІІ-XVІ ст.? Праўдападобна, гэта былі лёгкія судны, якія прыводзіліся ў рух вёсламі, але іх таксама можна было цягнуць вяроўкамі. Мы маем апісанні стругаў толькі з канца XVIІI ст. і належыць яно пяру нямецкага падарожніка Пэтры. Аўтар адзначаў, што гэтыя шырокія пласкадонныя судны будуюцца старажытным спосабам і на іх выдаткоўваецца вельмі шмат лесу. Калі стругі наладаваныя, то яны сідзяць так глябока ў вадзе, што толькі на ¼ фута ўзвышаюцца над ёй. Зверху над стругамі ўзводзіцца своеасаблівае "скляпенне" (будан) з жэрдак, якое накрываецца рагожамі. Гэтыя судны не маюць ні мачты, ні ветразя, а накіроўваюцца толькі вёсламі і такім чынам нясуцца плынёю. Два даўжэзных вяслы па абодвух канцах судны трымаюць шмат людзей, і вёслы гэтыя служаць не для руху наперад, а дзеля кіравання стругамі. Пэтры адзначаў таксама, што гэтыя "дзіўныя судны" перавозяць, часам, значныя грузы - бываюць стругі, груз якіх ацэньваецца ў 20.000 талераў, большая ж частка з іх мае грузы прыблізна на 8.000 - 10.000 талераў.

Ні рыжскія, ні віцебскія купцы не мелі ўласных стругаў - яны наймалі судны і суднарабочых у полацкіх і віцебскіх суднаўладальнікаў [15]. Купцы звычайна самі суправаджалі свае тавары альбо пасылалі з імі сваіх давераных асобаў - прыказчыкаў.

Стругі спыняліся на рачулцы Рызе, якая ўпадала ў Дзвіну. Беларускія купцы часам там жа будавалі з жэрдак і рагожы свае часовыя жытлы, дзе маглі жыць усё лета. Здача тавару, асабліва збожжа і льняных сямян, патрабавала багата часу - іх трэба было ачышчаць. Назад жа частка стругаў ішла таксама гружанай, гэтым разам сольлю. Плаванне назад, у Полацк і Віцебск, было досыць складаным, бо ў парогаў і водмелей стругі прыходзілася разгружаць. На адным жа такім судне знаходзілася 30-40 работнікаў.

Іл. 6. Селядцовы кірмаш на прыстані Рыжскага порту, каля 1650 г. (Vorstellung der Heringskaye in Riga circa 1650). Копія Ёгана Хрыстафа Броцэ (Sammlung verschiedener Liefländischer Monumente. V. 4, T. 1. Nr. 97 [LAB, BM 04060A]).).

Але як маглі вонкава ўспрымацца віцебляне ў Рызе? Мы маем адзін незвычайны дакумент, які прыадчыняе нам этнічныя стэрэатыпы XVI ст. Мова ідзе пра ліст віцебскага намесніка Паўла Юр'евіча Друцкага-Саколінскага гарадской радзе Рыгі ад 19 красавіка 1561 г. у абарону віцябляніна Івана Случыніча [16]. У апошняга здарыўся канфлікт з нейкім рыжанінам, названым у славянізаванай (старабеларускай) форме як Ярмолка Іванавіч Нурпнік. Нядобразычліўцы выдалі віцебляніна за масквіціна, таму Случыніч быў арыштаваны:

"Повεдилъ пεрεдо мною подданый господарьский замку воεводства Витεбского имεнεм Иван Случинич, иж дεй будучи εму тамъ в мεстε Ризском в року прошлом пѧтдεсѧт дεвѧтомъ на вεснε з нεкоторыми мεщаны здεшними витεбскими, ино дεй мεщанин тамошний ризский имεнεм Ермолка Иванович Нурпникъ далъ того справу з нεкоторыми товарыши своими пεрεд вашеми милостѧми, ӕко бы ѡн мεл быти москвитин. За которою справою εго тогож часу поймано и до вεзεнѧ ѡсажоно збитого, израненого и на ѡн дεй часъ нεмалыε шкоды сѧ εму стали, то εст згинуло дεй ү нεго полтораста гривεн". Нагадаем, што тое былі гады Лівонскай вайны і масквіцін як у ВКЛ, так і ў Лівоніі меў статус непрыяцеля.

Гэты дакумент, няхай у лакальным выпадку, сведчыць, што ў другой палове XVI ст. магчыма было атаясаміць віцебляніна з маскоўцам - жыхаром іншай дзяржавы. Зразумела, тут мова ідзе пра здарэнне ў трэццяй краіне, у нашым выпадку - у Лівоніі. Да таго ж, гэтая гісторыя з інтрыгамі і падманам тычыцца гандлёвай карпарацыі, а купцы ўсіх краін, што вандруюць з краіны ў краіну, заўжды вылучаюцца знешне.

Тым не менш, гэты асобны выпадак правакуе развагі пра пэўнае падабенства на вонкавым і штодзённым узроўнях жыхароў Русі Вялікага Княства Літоўскага ды Маскоўскай дзяржавы. Мы таксама бачым, як рэгіянальная адміністрацыя ВКЛ аказвала прававую дапамогу сваім грамадзянам па-за межамі краіны, бо віцебскі намеснік заяўляў рыжскім уладам:

"А ӕ то вашим милостям ѡзнаймую, иж тот Иван Случинич ест боӕрин прирожεнεц здεшний витεбский, нεприхожий чоловεкъ, а ни москвитин, чого вашим милостям ү панов зεмѧн и мεщан здεшних витεбских εго милости госпадарьских, которыε тамъ с товары своими εхали, вывεдати сѧ рачитε, иж ѡн εсть тубылεц витεбский. За што ваших милостεú пилнε прошу, иж бы ваши милости рачили εму с тымъ Ермолкою ѡ то справεдливост слушную и бεзѡдволочную вчинити, жεбы ѡн в томъ собε нεвиннε ѡт нεго нε шкодовал".

Але ж у гісторыі віцебска-рыжскіх зносін XVI ст. здараліся і выпадкі сапраўднага спрыяння трэццім краінам. На пачатку 1520-х гадоў ваявода віцебскі і маршалак гаспадарскі Івана Багданавіча Сапегі звяртаўся да Рыжскай гарадской Рады з падзякай за вяртанне віцебскага мешчаніна, які насуперак забаронам прадаваў непрыяцелю кальчугі ("панцири") [17]. Гэтае пасланне віцебскага ваяводы ілюструе такую важную з'яву ваенна-палітычных адносінаў на cыходзе Сярэднявечча і пачатку Новага часу як эмбарга на зброю і тавары ваеннага прызначэння. Менавіта ў канцы XV - пачатку XVI ст. цэнтральныя ўлады розных дзяржаў нашага рэгіёну Еўропы пачынаюць сістэматычна, як мэтанакіраваную палітыку, выкарыстоўваць гандлёвую блакаду ці яе элементы супраць сваіх непрыяцеляў. Так, на працягу 20 гадоў (1494-1514) у ВКЛ існавала забарона на ўвоз у Маскву каштоўных металаў [18]. Каля 1498 г. Іван ІІІ забараніў імпарт у сваю краіну солі з Лівоніі, што наносіла значныя страты купцам балтыйскіх гарадоў [19]. У адказ у лівонскіх гарадах была ўведзена забарона на продаж у Расію зброі і матэрыялаў ваеннага прызначэння (гарматаў, пораху, салетры і інш.), металаў, коней [20]. 25 чэрвеня 1509 г. Лівонскі магістр Вальтэр фон Плетэнберг яшчэ раз пацвердзіў забарону экспарту ў Расію каляровых металаў (медзі, волава, свінца, таксама ў выглядзе катлоў і дроту) [21]. Перыяд вайны 1512-1522 гадоў адзначаны такой з'яваю як каперства - з ініцыятывы Караля і Вялікага князя Жыгімонта гданьскія каперы ў 1519 г. арганізаваліся і пачалі нападаць на гандлёвыя караблі, якія ажыццяўлялі гандаль з Расіяй [22]. У такім разе, у пачатку 1520-х гадоў віцяблянін мог прадаваць панцыры, парушаючы законы сваёй краіны, а таксама Лівоніі, толькі расійскім купцам.

У сваю чаргу, падуладныя Вялікаму князю Маскоўскаму купцы імкнуліся абыйсці забароны. 24 студзеня 1519 г. бурмістр Нарвы Фр. Корф паведамляў, што расіяне набываюць металы ды тайна запіхваюць іх у бачонкі, купляюць таксама шведскія катлы [23]. Тады ж Ганс Вітэ ўбачыў, як у Ноўгарадзе ўзважваюць паўтара ласта свінцу, і палічыў патрэбным пра гэта паведаміць у Лівонію [24]. Прыблізна гэтым жа часам (у 1514-1519) у Нарве ў івангародцаў Б. Ноценскага і Л. Малскага былі канфіскаваныя 3 беркаўцы свінцу ды 3 панцыры, набытага імі ў Таліне (Рэвеля) [25]. Вось як гэта выглядае ў інтэрпрэтацыі намесніка Івангорада князя Аляксандра Андрэевіча Растоўскага, які пісаў да гарадской Рады Рэвеля: "Да билъ мнѣ челомъ тотъ же Бориско Нотенской да складникъ его Левка Малской, а сказываютъ, что у нихъ отняли в Ругодиве [Нарве - А. Дз.] князь Ругодиівьской и посадніки товару свинцю три берковска да трі пансыри. И язъ о томъ товару к Ругодівскому князю и к посадникомъ посылалъ, и Ругодівской князь и посадніки ответъ учініли: скажі намъ того, у кого тотъ свинецъ купленъ? И тотъ Бориско скажетъ, у кого тотъ свинецъ купленъ, и вы бы царя государя всеа Руси великого князя купцемъ управу учініли по крѣсному целованью и по перемирнымъ грамотамъ безволокидно, а взятое бы естя велели отдати" [26].

Такім чынам, выпадак з віцебскім мешчанінам не быў выключным і адзінкавым. Супярэчнасці паміж дзяржавамі ды абмежавальная палітыка ўладаў прыводзілі да ўзнікнення кантрабанднага гандлю, і заўжды знаходзіліся ахвотныя падзарабіць на складанасцях.

Практыка афіцыйнай забароны паставак ваенназначных тавараў у непрыяцельскія краіны ўрэшце рэшт набыла заканадаўчае афармленне ў Статутах ВКЛ. Адпаведны артыкул "О невывоженью приправъ военныхъ до земли неприятельское" (Раздзел 3, артыкул 41) быў уведзены ў Другі Статут 1566 г. [27] У рэдакцыі Трэцяга Статуту 1588 г. гэты быў артыкул "О выложенье приправъ военъных(ъ) и всякого железа до земли неприятельское" (Раздзел 3, артыкул 48): "Уставуемъ и вечными часы то мети хочемъ, постерегаючи того, абы зо всихъ земль пан(ь)ства нашого Великого Князства Литовъского яко жидове, татарове, купцы, такъ и вси подданые наши которого кольвекъ стану явне и таемне всякихъ броней, железа, ручниц(ъ), косъ, ножовъ, стрелъ и всякого иного нараду военъного не выпущали и послом не продавали, с чого бы неприятель силитисе могъ. А хто бы се того смелъ важити над(ъ) тое росказанье и уставу нашу, тотъ ничимъ инымъ, одно горломъ каранъ быти маеть, а товары и вся маетность его маеть быти до скарбу нашого взята. А того с пильностью на всихъ замкахъ украинъных старостове и вси врядники нашы постерегати мають. А то се розумети маеть во въпокою и подъ непокоемъ" [28]. За выключэннем невялікіх арфаграфічных адрозненнеў ды назвы, тэксты гэтых артыкулаў у Статутах 1566 і 1588 гг. супадаюць. Як бачым, парушэнне гэтай забароны каралася вельмі жорстка - стратай жыцця, і правіла гэтае мусіла дзейнічаць як у ваенны, так і ў мірны час.

Што чакала "нашага" віцябляніна пасля прымусовага вяртання яго на Радзіму? Падобна, таксама смяротнае пакаранне. Але чаму для Віцебскага ваяводы такім важным былі разгляд справы ды пакаранне вінаватага віцябляніна менавіта ў Віцебску? Бо гэтага патрабаваў Віцебскі земскі прывілей. Вялікі князь гарантаваў разгляд усіх крымінальных спраў віцяблянаў менавіта ў іхным месце: "Такежъ который отъ насилия жаловати будетъ намъ видблянинъ на видблянина жь приехавъ въ Литву и безъ истца, намъ на него децкого з Литвы не слати, давати ему намъ листъ къ нашому воеводе, хотябы о смертной вине, а ему [воеводе] судити по целованью нашимъ судомъ досмотрети права (зъ) князи и бояры и мещаны, а осудивши его казнити въ Витебску по ихъ праву" [29].

Мы ж у гэтай сітуацыі юрыдычнай напружанасці павінны зрабіць хоць нейкія высновы. Найперш прыходзіцца прызнаць, што прынамсі частка насельніцтва Віцебска і Беларусі ў перыяд позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу была досыць рухомай і рэгулярна перамяшчалася, у тым ліку па такой важнай транспартнай артэрыі, якой была Дзвіна. Для гэтых людзей - купцоў, сплаўшчыкаў, шкаляроў, ураднікаў (чыноўнікаў) адміністрацыі вандроўка, розныя мовы і краіны, складаныя прававыя працэдуры былі часткаю рэгулярнага існавання, змешваючы штодзённае і незвычайнае, ствараючы цэльную і стракатую тканіну жыцця. І абсалютызаваць значнасць тэмы "штодзённасці" тут не выпадае.



[1] Дзяржаўны Гістарычны Архіў Латвіі (Latvijas Valsts Vēstures Arhīvs, далей - LVVA). 673 f., 4 apr., 19 K., Nr. 156; Віцебска-Рыжскія акты XIII-XVII ст.: Дагаворы і службовая карэспандэнцыя паміж органамі кіравання горада Віцебска і ганзейскага горада Рыгі (з былога комплекса Ruthenica Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва Латвіі) / Падрыхтаваў Алег Дзярновіч; НАН Беларусі, Ін-т гіст. Мн.: ATHENAEUM, 2005. Выпуск І: Дакументы гаспадарча-гандлёвыя, XV-XVI ст. (далей - Віцебска-Рыжскія акты). № 7, с. 40-43.

[2] Флюмка - гатунак селядцоў.

[3] Анборка - гатунак селядцоў.

[4] Полоцкие грамоты XIII - начала XVI вв. / Сост. А. Л. Хорошкевич; Институт истории СССР АН СССР. Москва, 1977. [Вып. I]. (далей - Полоцкие грамоты І). № 43-44, с. 122-123; № 49, с. 130; № 92, с. 184-186.

[5] Полоцкие грамоты І. № 92, с. 184, 186.

[6] Гл. падрабязней: Похлебкин В. В. Кулинарный словарь. М., 2002. С. 364-365.

[7] Белы, Алесь. "Дай мне булку на паўзлоты, ды прыпраў мне селядца..." // Спадчына. 2002, № 4. С. 6-7.

[8] Шагал М. Ангел над крышами. М., 1989. С. 105.

[9] Людтке А. Что такое история повседневности? Ее достижения и перспективы в Германии // Социальная история. Ежегодник, 1998/99. М., 1999. С. 77.

[10] Гл.: Оболенская С. В. «История повседневности» в современной историографии ФРГ // Одиссей. Человек в истории. М., 1990. С. 182-198.

[11] Ullrich V. Entdeckungsreise in den historischen Alltag // Geschichte in Wissenschaft und Unterricht. 1985. Hf. 6. S. 403.

[12] Lipp C. Alltagskulturforschung, Sociologie und Geschichte. Aufstieg und Niedergang eines interdisziplinären Forschungskonzepts // Zeitschrift für Volkkunde. 1993. 89 Jg. Hf. 1. S. 2.

[13] Бергер П., Лукман Т. Социальное конструирование реальности. М., 1995. С. 38.

[14] Гл. падрабязней: Пушкарева Н. Л. История повседневности и частной жизни глазами историка // Социальная история - 2003. М., 2003; Пушкарева Н. Л. «История повседневности» как направление исторических исследований. [Рэжым доступу - электронны рэсурс. 14.10.2012.] perspektivy.info/misl/koncept/istorija_povsednevnosti_kak_napravlenije_istoricheskih_issledovanij_2010-03-16.htm

[15] Сапунов А. П. Река Западная Двина. Витебск, 1893. С. 282.

[16] LVVA. Fonds 673, 4. apr., K-19, № 148; Дзярновіч А. І. "Тубылец віцебскі": новы дакумент з былога архіўнага комплекса MOSCOWITICA - RUTHENICA (Дзяржаўнага Гістарычнага Архіва Латвіі) // Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 8. Мн., 2007. С. 199-206.

[17] LVVA, 673. f., 4. apr., 19. K., Nr. 62; Віцебска-Рыжскія акты. № 2, с. 27-28.

[18] Хорошкевич А. Л. Русское государство в системе международных отношений конца XV - начала XVI в. М., 1980. С. 144.

[19] Хорошкевич А. Л. Русское государство... С. 154.

[20] LECU 2-1, № 741, 742 (ліст Дэрпта да Рэвеля і Рыгі); № 872 (ліст Плетэнберга Рэвелю ад 26.Х.1499); Akten und Recesse, Bd. III, № 12, § 63, 65 (рэцэс ландтагу ад 9-12.ІХ.1499); Казакова Н. А. Русско-ливонские и русско-ганзейские отношения. Конец XIV - начало XVI в. Л., 1975. С. 212-213, 229.

[21] LECU 2- 3, № 657, s. 477.

[22] РЛА, с. 329, 345; Хорошкевич А. Л. Русское государство... С. 162-164.

[23] Hanserecesse 3, Bd. VII. Nr. 157, § 38, S. 357; Хорошкевич А. Л. Значение экономических связей с Прибалтикой для развития северо-западных русских городов в конце XV - начале XVI в. // Экономические связи Прибалтики с Россией. Сб. статей. Рига, 1968. С. 29.

[24] Hanserecesse 3, Bd. VII. Nr. 157, § 38, S. 357.

[25] Хорошкевич А. Л. Значение экономических связей... С. 29.

[26] Русская историческая библіотека. Т. XV. № 28, слп. 49-50.

[27] Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 году / Т. І. Доўнар, У. М. Сатолін, Я. А. Юхо. Мн.: Тэсей, 2003. С. 96.

[28] Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989. С. 136-137.

[29] Сапунов А. П. Витебская старина. Т. 1. Витебск, 1883. № 16, с. 36.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX