Вярнуцца: Лаўрэш Л. I зорнае неба над галавой…

Частка II. У Расійскай iмперыi


Аўтар: Лаўрэш Леанiд,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: "I зорнае неба над галавой…": Нарысы з гiсторыi астраномii / Леанiд Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.

Спампаваць




Вiтольд Карлавiч Цэраскi
Гаўрыiл Андрыянавiч Цiхаў

Вiтольд Карлавiч Цэраскi

Ён з тых, у кiм праўда малых iсцiн
I авалоданне законамi натуры
У сэрцах не туманiць сузiрання
Тварца сусветаў у яго праявах.


Праз лiкаў тонкую вуаль i формул
Выносiў Бога твар да твару ён,
Як i першнастаўнiкi навукi:
Пастэр i Дарвiн, Ньютан i Паскаль.
Максiмiлiян Валошын.
«Памяцi В. К. Цэраскага»
(Пераклад С. Суднiка)


Вядомы астрафiзiк канца XX - пачатку XX ст., пiянер iнструментальнай фотаметрыi i заснавальнiк маскоўскай школы фотаметрыстаў Вiтольд Карлавiч Цэраскi (Witold Michał Henryk Ceraski) нарадзiўся 9 мая 1849 г. у горадзе Слуцку.
Цэраскiя - выхадцы з роду рэфармацкiх пастараў, прозвiшча паходзiць ад лацiнскага слова «cera» - «воск».
Iнфармацыi пра род Цэраскiх не шмат. У спiсе ўсiх 42 пратэстанцкiх пастараў ВКЛ за 1754 г. прысутнiчае i Мiхал Цэраскi [1]. Паводле Валерыяна Красiнскага, «Радзiвiлiшкi (Radziwiliszki) - даўняя ўласнасць i, пэўна, фундацыя бiржанскiх Радзiвiлаў, на мяжы з Курляндыяй, пратэстанцкi збор захаваўся да нашых дзён (1905 г. - Л. Л.). 1754 г. штодня тут бываў пастар Мiхал Цэраскi» [2]. Мне ўдалося знайсцi ўпамiнанне пра шлюб дзеда астранома - Юзафа Цэраскага з Багумiлай Навалiнскай у 1795 г. [3]. Юзафа Цэраскага хрысцiлi ў парафii евангелiстаў-рэфарматараў у Новым Месце (Nowe Miasto), а Багумiлу Навалiнскую (нарадзiлася 11.11.1773 г.) - у парафii евангелiстаў-рэфарматараў у Швабiшках (Szwabiszki), кнiгi метрык захоўваюцца ў Архiве Сiнода евангелiстаў-рэфарматараў у Вiльнi [4]. Вядома пра двух сыноў Юзафа Цэраскага - Карла i Мiхала. Бацька будучага астранома Карл Цэраскi (1817-1864) быў высокаадукаваным чалавекам з шырокiмi iнтарэсамi i пасля заканчэння ўнiверсiтэта ў Дэрпце (Тарту) працаваў выкладчыкам геаграфii Слуцкай гiмназii. Дзядзька астранома Мiхал Цэраскi (1814-1870) таксама закончыў Дэрпцкi ўнiверсiтэт i па сямейнай традыцыi працаваў евангелiсцкiм пастарам у Дзевалтове (Dziewałtowie), Бiржах i Койданаве, актыўна ўдзельнiчаў у паўстаннi 1863 г. [5].
Карл Цэраскi перадаў сваiм дзецям цiкавасць да навук, мастацтва, лiтаратуры i гiсторыi. Iнтэлектуальная атмасфера сям'i спрыяла развiццю iнтарэсаў малога Вiтольда. Дзяцiнства Цэраскага прайшло ў асяроддзi сяброў бацькi - педагогаў гiмназii. Дарэчы, Слуцкая гiмназiя - адна з найстаражытнейшых навучальных устаноў у Беларусi. Згодна з граматай князя Януша Радзiвiла ад 7 мая 1617 г. у Слуцку быў заснаваны евангелiчны храм i вучэльня пры iм, заняткi ў вучэльнi пачалiся з восенi 1617 г. [6].
Цэраскi рана пачаў цiкавiцца дакладнымi навукамi, а з'яўленне на небе ў 1858 г. яркай каметы Данацi [7] абудзiла цiкавасць да астраномii. Гэтую цiкавасць падтрымлiваў яго выкладчык матэматыкi Герман i выкладчык прыродазнаўчых навук Вагнер, пра якiх Вiтольд Карлавiч успамiнаў з вялiкай удзячнасцю. Цэраскi меў магчымасць назiраць у маленькi тэлескоп фiзiчнага кабiнета Сонца, Месяц, Юпiтэр, што прыносiла яму вялiкае задавальненне. Вучань Цэраскага прафесар С. М. Блажко згадваў, што «нацыянальны рух у заходнiх губернях Расii выклiкаў рэакцыю царскага ўрада, якая пракралася i ў навучальныя ўстановы; школьны рэжым рэзка змянiўся, вучням забаранiлi выдачу навуковых кнiг са школьнай бiблiятэкi. Вiтольд Карлавiч, якi вельмi хацеў прачытаць кнiгу Гершэля "Нарысы астраномii" ў перакладзе… змог дастаць гэтую кнiгу толькi з вялiкай цяжкасцю»[8].
У 1867 г. Цэраскi закончыў гiмназiю i, нягледзячы на цяжкiя матэрыяльныя ўмовы, выклiканыя смерцю бацькi, паступiў на фiзiка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўнiверсiтэта. Сродкi для iснавання даводзiлася здабываць прыватнымi ўрокамi, i таму ўжо з другога курса ён пачаў працаваць у якасцi звышштатнага вылiчальнiка ў Астранамiчнай абсерваторыi, тут яму быў выдзелены пакой для жыцця. Так пачалася шматгадовая кар'ера Цэраскага ў абсерваторыi Маскоўскага ўнiверсiтэта. Дырэктарам абсерваторыi ў той час быў швейцарац Каспар Готфрыд Швайцар (1816-1873) (Kaspar Gottfried Schweizer). Ён не ведаў рускай мовы i не мог выкладаць ва ўнiверсiтэце. Дырэктар - высакакласны астраном-назiральнiк i вялiкi педант - скрупулёзна сачыў за тым, каб малады вылiчальнiк займаўся на працы толькi сваiмi абавязкамi. Цэраскаму, якi меў шырокiя iнтарэсы ў жыццi, даводзiлася хаваць неастранамiчныя кнiгi ў стол. Ва ўнiверсiтэце ён слухаў лекцыi матэматыкаў Бугаева i В. Я. Цынгера, механiка Ф. А. Слудскага. Курс астраномii чытаў прафесар Ф. А. Брадзiхiн. Пад уплывам апошняга Цэраскi абраў астрафiзiчны кiрунак для сваёй будучай навуковай дзейнасцi. На чацвёртым курсе ўнiверсiтэта Цэраскi напiсаў працу, прапанаваную факультэтам, на тэму: «Вылiчэнне элiптычнай арбiты Марса па трох назiраннях» i атрымаў за яе залаты медаль [9].
У 1871 г. Цэраскi закончыў унiверсiтэт са ступенню кандыдата [10] i быў пакiнуты тут са стыпендыяй, а потым атрымаў месца звышштатнага асiстэнта абсерваторыi. Астраномам-назiральнiкам быў у той час А. I. Грамадскi. Прафесар М. А. Кавальскi запрашаў Вiтольда Цэраскага ў Казань на пасаду астранома-назiральнiка, але ён застаўся працаваць у Маскоўскай абсерваторыi. У 1873 г., пасля смерцi Швайцара, дырэктарам абсерваторыi стаў Брадзiхiн, i Цэраскi пачаў займацца навуковай дзейнасцю.
Першым даручэннем ад Брадзiхiна была экспедыцыя па назiраннi праходу Венеры па дыску Сонца 9 снежня 1874 г. У той час ускладалiся вялiкiя надзеi (яны не апраўдалiся), што гэтым метадам удасца дакладна вызначыць паралакс Сонца [11]. Перад выездам у экспедыцыю Цэраскi апублiкаваў артыкул з iнфармацыяй пра гiсторыю назiранняў гэтай з'явы i з разлiкамi яе момантаў для 41 населенага пункта Расii. У пачатку артыкула ён пiсаў: «Велiзарная цiкавасць, з якой чакаецца ў астранамiчным свеце праход 1874 года, тлумачыцца не рэдкасцю з'явы, якая адбылася ў апошнi раз больш за сто гадоў таму, а важнасцю высноў, якiя, як можна спадзявацца, будуць выведзены з назiранняў…»[12].
Для назiрання экспедыцыя Цэраскага выехала ў сiбiрскi гарадок Кяхта, каля мяжы з Кiтаем. Цэраскi нiколi не адрознiваўся моцным здароўем, а доўгi конны шлях праз усю Расiю з астранамiчным абсталяваннем быў цяжкi. Калi ж наступiў чаканы дзень, надвор'е не дазволiла правесцi паўнавартасныя назiраннi. Праз 15 гадоў навуковец з гумарам пiсаў у асабiстым дзённiку пра сваю няўдалую экспедыцыю: «Я ехаў амаль пяць тыдняў да слаўнага па прыгажосцi Байкала, спусцiўся на поўдзень, i, на маё здзiўленне, аказалася, што я ўсё яшчэ ў Расii. Мне нават сказалi, што Расiя тут не заканчваецца, што яна iдзе да Берынгава пралiва i да Японскага мора, што ёсць нейкi "Усурыйскi край"… што Расii належыць Самарканд, пра якi Шахеразада распавядала такiя цудоўныя казкi, i палымяная Калхiда, i святая вяршыня Арарат…»[13]. Няўдача гэтай экспедыцыi шмат чаму навучыла Цэраскага. I пазней замест арганiзацыi выездаў з няпэўнымi вынiкамi ён выдзяляў грошы на закуп абсталявання з наступнымi назiраннямi ў стацыянарнай абсерваторыi.
Па вяртаннi з Кяхты Цэраскi атрымаў пасаду звышштатнага асiстэнта, а ў 1878 г. - астранома-назiральнiка ў абсерваторыi. Ад ным з першых ён пачаў выкарыстоўваць фатаграфiю ў астраномii. Ён атрымаў ў 1875-1876 гг. здымкi сонечных плям i факелаў на фотагелiёграфе Дальмеера. Неўзабаве iншая галiна астрафiзiкi прыцягнула ўвагу Вiтольда Цэраскага - астрафотаметрыя, якая стала потым галоўным кiрункам ягоных навуковых заняткаў, i працы менавiта ў гэтай галiне прынеслi яму вядомасць у асяроддзi навукоўцаў. Працай па фатаграфаваннi Сонца ў 1877 г. заняўся А. А. Белапольскi.
Сур'ёзных прац па астрафотаметрыi ў той час было не шмат. Можна назваць працы Зейдэля i Цэльнера, якi прапанаваў канструкцыю астрафатометра, распачыналiся астрафотаметрычные працы ў абсерваторыi Гарвардскага каледжа ў Кембрыджы. Вiтольд Цэраскi стаў адным з пiянераў у гэтай параўнальна маладой галiне астраномii. З першых жа гадоў працы ён спланаваў сабе праграму вызначэння зорных велiчынь каляпалярных зорак i пачаў яе выкананне пры дапамозе набытага аб серваторыяй астрафатометра сiстэмы Цэльнера. Але гэтая прылада i метады працы з ёй былi тады яшчэ мала даследаваныя, Цэраскi крытычна даследаваў астрафатометр Цэльнера, iмкнучыся яго ўдасканалiць, а паралельна распрацоўваў новыя прыёмы назiрання. Гэтыя даследаваннi друкавалiся ў 1876 г. у «Працах Маскоўскай астранамiчнай абсерваторыi» i зрабiлiся асновай ягонай магiстарскай дысертацыi. 29 студзеня 1883 г. Цэраскi абаранiў дысертацыю на ступень магiстра «Пра вызначэнне бляску белых зорак». Тут вызначалася яркасць 500 белых зорак з мэтаю стварэння фундаментальнага фотаметрычнага каталога ў сучаснай сiстэме зорных велiчыняў.
У 1879 i 1880 гг. Вiтольд Карлавiч адкрыў дзве новыя пераменныя зоркi: адну тыпу Алголя [14], другую тыпу ó Кiта [15]. У той час адкрыццё пераменных зорак было рэдкасцю, бо фатаграфiчныя назiраннi яшчэ не мелi такога значэння ў астраномii, як цяпер.
У другой палове 1870-х гг. па рэкамендацыi Брадзiхiна Цэраскi пачаў чытаць лекцыi па фiзiцы на Лубянскiх жаночых курсах (пасля - Вышэйшыя жаночыя курсы). Ён меў вялiкi поспех як таленавiты лектар i прыцягнуў сiмпатыi слухачак сваiм удзелам у развiццi жаночай адукацыi.
Ва ўнiверсiтэце Цэраскi пачаў выкладаць у 1882 г. - яшчэ будучы астраномам-назiральнiкам, да абароны магiстарскай дысертацыi. Яму было даручанае кiраўнiцтва ў абсерваторыi практычнымi заняткамi i назiраннямi студэнтаў. Абсерваторыю з гэтай мэтай наведвалi толькi нешматлiкiя студэнты па адмысловым дазволе дырэктара. У справаздачах Брадзiхiна ёсць цiкавыя заўвагi адносна «побытавых умоў» у наваколлi абсерваторыi: «На жаль, адсутнасць шашы i глыбокая гразь увосень i ўвесну ў завулках каля абсерваторыi складаюць вя лi кую перашкоду для наведвання абсерваторыi студэнтамi, заявы пра фе сара пакiдаюцца мунiцыпалiтэтам без наступстваў» (1882 г.). Да таго часу адносiцца i аповед Цэраскага пра тое, што рамiзнiкi ў дажджлiвую пару года з прычыны жудаснай гразi часам не давозiлi з горада да абсерваторыi, а, спынiўшыся на некаторай адлегласцi ад яе, прапаноўвалi людзям самiм шукаць далейшы шлях. Аднак напрыканцы 1880-х гг. завулак (ён зваўся тады Вялiкiм Мiкольскiм) быў забрукаваны [16].
Цэраскi чытаў усе асноўныя курсы па астраномii: апiсальную, сферычную, тэарэтычную i практычную. Яго лекцыi карысталiся вялiкiм поспехам, курс апiсальнай астраномii наведвалi нават студэнты iншых факультэтаў. Дакладнасць i вытанчанасць выкладання прынеслi яму легендарную вядомасць. Шматлiкiя выпускнiкi Маскоўскага ўнiверсiтэта адзначалi майстэрства выкладчыка. Напрыклад Г. А. Цiхаў успамiнаў: «Астраномiю чытаў прафесар Вiтольд Карлавiч Цэраскi. Рабiў ён гэта надзiва проста i займальна. Апiсальную астраномiю студэнты слухалi стаiўшы дыханне. Калi ж выводзiлiся даволi сумныя i доўгiя формулы па сферычнай i тэарэтычнай астраномii i на тварах студэнтаў з'яўлялiся прыкметы безуважлiвасцi, Цэраскi ажыўляў слухачоў або вясёлаю прымаўкаю, або паказам якога­небудзь прыбора. Памятаю такi выпадак. Трэба было растлумачыць, як пераходзяць ад сярэдняга сонечнага часу да зорнага [17]. Прафесар вымае з левай кiшэнi камiзэлькi гадзiннiк, паказвае колькi зараз часу i кажа: "Знойдзем, якi зорны час будзе праз пяць хвiлiн". Робiць на дошцы вылiчэнне. Праз пяць хвiлiн пасля адзначанага сярэдняга часу Вiтольд Карлавiч вымае з правай кiшэнi камiзэлькi другi гадзiннiк. Ён паказвае хвiлiна ў хвiлiну тое, што вылiчана на дошцы»[18].
З канца 1883 г. да сярэдзiны 1884 г. В. К. Цэраскi прабыў у навуковай камандзiроўцы ў Нямеччыне, дзе наведаў розныя абсерваторыi, знаёмячыся з iх працай, i слухаў лекцыi Гельмгальца i iншых выбiтных навукоўцаў. У 1884 г. ён ажанiўся з Лiдзiяй Пятроўнай Шэлехавай (18551931). 20 лiстапада 1884 г. быў абраны прыват-дацэнтам. У тыя гады Цэраскi працягваў назiраннi i даследаваннi астрафатометра, якiя далi матэрыял для ягонай доктарскай дысертацыi «Астранамiчны фатометр i яго выкарыстанне». У дысертацыi ён выклаў прынцыпы ўдасканальвання астрафатометра, якi ў вынiку атрымаў назву фатометра Цэльнера - Цэраскага. Дысертацыя была надрукаваная ў «Матэматычным зборнiку» [19] Маскоўскага матэматычнага таварыства, але абаранiў даследчык яе ў Пецярбургу, дзе i атрымаў 30 мая 1888 г. ступень доктара [20].
У 1889 г. Цэраскi здзейснiў другую камандзiроўку за мяжу i наведаў Парыж з яго сусветнай выставай, а пасля вяртання стаў надзвычайным прафесарам Маскоўскага ўнiверсiтэта (ганаровым прафесарам у 1907 г.).
У 1890 г. Брадзiхiн перайшоў у Пулкаўскую абсерваторыю, i Вiтольд Карлавiч Цэраскi заняў пост дырэктара абсерваторыi Маскоўскага ўнiверсiтэта. На гэтай пасадзе ён працаваў 25 гадоў. Да рэпутацыi строгага i абачлiвага прыродазнаўцы i блiскучага лектара ён далучыў рэпутацыю выбiтнага арганiзатара навукi. З першых жа гадоў дырэктарства Вiтольда Карлавiча пачалося абнаўленне абсерваторыi.
Дзве акалiчнасцi паспрыялi Цэраскаму. Па-першае, купец А. А. Назараў, яго ўнiверсiтэцкi таварыш, выдзелiў са сваiх сродкаў суму на паляпшэнне абсерваторыi, даўшы поўную свабоду набываць неабходнае абсталяванне ў найлепшых фiрмаў. Па-другое, Цэраскi дамогся, што з першага ж асiгнавання ўрада была выдзеленая сума не толькi на будаўнiчыя работы, але i на астранамiчнае абсталяванне. На сродкi А. А. Назарава, акрамя гарманiчнага аналiзатара i некалькiх дробязяў, у 1890 г. быў замоўлены 110-мiлiметровы (4 англійскiя цалi) аб'ектыў-апланат. Для кароткафокуснага тэлескопа-астрографа з гэтым аб'ектывам (для магчымасцi фатаграфавання зорнага неба ў малым маштабе, але цэлымi сузор'ямi) майстра Хейд (Heyde) у 1895 г. у Дрэздэне па праекце Цэраскага вырабiў высокадакладную паралактычную манціроўку. Цэраскi даў прыладзе назву «экватарыяльная камера», i на гэтай камеры з 1895 г. была арганiзаваная першая сiстэматычная служба пошуку i вывучэння пераменных зорак фатаграфiчным шляхам [21]. Да сёння Маскоўская «шкляная бiблiятэка фотапласцiнак» (негатываў фарматам 24 × 30 см) адна з самых багатых у свеце [22]. Да гэтай працы Цэраскi прыцягнуў сваю жонку, i яна адкрыла 219 пераменных зорак [23]. Амерыканскi часопiс «Popular Science» пiсаў у жнiўнi 1906 г.: «Спадарыня Л. Цэраская, жонка дырэктара астранамiчнай абсерваторыi ў Маскве, знайшла вялiкую колькасць пераменных зорак пры вывучэннi фатаграфiй, зробленых астраномам той жа абсерваторыi Блажко. Мадам Цэраская была асаблiва паспяховая ў пошуках пераменных зорак тыпу Алголь. Гэта вельмi добры вынiк, калi ўлiчыць той факт, што з 3000 вядомых цяпер пераменных зорак выяўлена толькi трыццаць восем тыпу Алголь»[24].
Цэраскi дамогся выдзялення 100 000 рублёў i iстотна перабудаваў абсерваторыю. У 1895-1896 гг. яе падоўжылi на поўнач: былi пабудаваныя цудоўная аўдыторыя з двума цаглянымi слупамi для практычных заняткаў студэнтаў, падземны пакой, дзе праз нейкi час быў усталяваны галоўны гадзiннiк абсерваторыi, памiж круглай залай i аўдыторыяй быў уладкаваны невялiкi архiў для захоўвання журналаў назiранняў i iншых навуковых дакументаў. Была ўзведзеная галоўная цылiндрычная трохпавярховая вежа, а пад яе новым металiчным купалам у 1900 г. усталяваны самы буйны на той час у Расii 15-цалевы падвойны (з вiзуальнай i фатаграфiчнай трубамi па 6 м даўжынёю) даўгафокусны рэфрактар-астрограф дзвюх знакамiтых фiрмаў: братоў Анры (оптыка) i братоў Рэпсальдаў (паралактычная манціроўка). Падвойны астрограф праслужыў тры чвэрцi стагоддзя i цяпер, пасля рэстаўрацыi ў 1990-я гг., застаецца дзейным музейным экспанатам.
Апошняя перабудова астранамiчнага комплекса закончылася ў 1903 г., калi на сродкi А. А. Назарава нямецкая фiрма братоў Гейдэ пабудавала вежу (вядомую як «назараўская»), i ў ёй усталявалi 7-цалевы рэфрактар-апахрамат Цэйса. Мадэрнiзавалi мерыдыянны круг з ягоным павiльёнам [25]. Калi на Прэсню быў праведзены электрычны ток, зрабiлi электрычнае асвятленне абсерваторыi i электрычнае кручэнне вялiкага купала (да таго часу круцiлi механiзм рукамi). Каб засцерагчы мерыдыян абсерваторыi ад узвядзення высокiх будынкаў, на хадайнiцтва Цэраскага кiраўнiцтва ўнiверсiтэта купiла ўчастак зямлi на поўнач ад абсерваторыi. Пабудавалi невялiкую метэаралагiчную абсерваторыю, якая не перашкаджала астранамiчным назiранням. На iншы бок участка, на поўдзень, дзе мясцовасць спускаецца да Масквы-ракi, Цэраскi атрымаў сарвiтут, якi забараняў на гэтай зямлi на працягу 99 гадоў узвядзенне высокiх будынкаў у паласе шырынёю 10 сажняў ад абсерваторыi да Масквы-ракi. На хадайнiцтва Цэраскага Гарадская ўправа распарадзiлася завулак абсерваторыi засадзiць дрэвамi.
Пасля ўсiх перабудоў абсерваторыя Маскоўскага ўнiверсiтэта стала другой па значнасцi ў Расii.
Вiтольд Карлавiч любiў сваю абсерваторыю. Зрэдку ў цесным коле ён дазваляў сабе з задавальненнем казаць, што «атрымаў абсерваторыю драўлянай, а пакiдае яе мураванай» [26].
У гады рэвалюцыi 1905 г. абсерваторыя мела рэальную небяспеку з прычыны блiзкiх баёў, а таксама таму, што менавiта ў ёй знаходзiлася бальшавiцкая таемная яўка, узначаленая супрацоўнiкам абсерваторыi П. К. Штэрнбергам (партыйны псеўданiм Месяцовы), пра што Цэраскi не падазраваў.
* * *
Клопаты па абнаўленнi абсерваторыi не парушалi навуковай працы яе дырэктара. Ён дбайна працягваў назiраннi са сваiм астрафатометрам. Пры назiраннях Цэраскi выявiў фiзiялагiчную памылку, якая раней нiкiм не была заўважаная. Ён знайшоў, што адносны бляск дзвюх зорак, якiя стаяць побач, залежыць ад iх узаемнага размяшчэння, таму варта ў астрафатометры ставiць назiраную зорку i направа, i налева ад штучнай. Ягоныя тэарэтычныя працы па вызначэннi хiбнасцяў пры фотаметрычных вымярэннях атрымалi прызнанне, i ягоны метад вымярэнняў быў прыняты iншымi назiральнiкамi [27]. Цэраскi распаўсюдзiў свае фотаметрычныя даследваннi на зорныя скупнасцi h i x Персея (у 18911893 гг.) i ў сузор'i Валасы Веранiкi ў 1897-1901 гг. У першай скупнасцi ён з вялiкай дакладнасцю вызначыў зорныя велiчынi 70 зорак ад 6,4 m да 8,0 m i многiх больш слабых, да 13,2 m, у Валасах Веранiкi зорныя велiчынi 82 фундаментальных зорак ад 6,4 m да 8,0 m i многiх зорак да 13,5 m. У 1906 г. ён адкрыў пераменную зорку RW Вознага. Таксама ён знайшоў адзiн з вiдаў выбуховых зорак - падвойную зорку - U Блiзняцоў.
Цэраскi цiкавiўся пераважна распрацоўкай метадалогii. Самi аб'екты даследавання цiкавiлi яго вельмi мала. Так, напрыклад, у 1879 i 1880 гг. ён выпадкова адкрыў дзве новыя пераменныя зоркi: U i Т Цэфея. Нягледзячы на тое што тады такiх аб'ектаў было вядома я шчэ не шмат, Цэраскi не зацiкавiўся высвятленнем закону змены бляску гэтых зорак (пасля выявiлася, што першая з iх - тыпу Алголя, другая доўгаперыядычная пераменная). Таксама мала цiкавiла яго фiзiчная прырода i iншых пераменных i новых зорак, якiя ён назiраў. Ён працяглы час вымяраў сваiм фатометрам бляск новай зоркi ў Возным ў 1892 г. i ў Персеi 1901 г. Для першай з iх ён атрымаў дакладныя вымярэннi бляску за 16 дзён, прасачыўшы змены яе бляску ад 5-й да 12-й зорнай велiчынi, але крывую бляску пабудаваць не спрабаваў. Вiдавочна, што ён бачыў сваю задачу ў вырашэннi iншых пытанняў, i тым не менш 10 ягоных артыкулаў прысвечаны пераменным i новым зоркам [28].
Неаднойчы Цэраскi звяртаўся да назiранняў метэораў i пачынаючы з 1878 г. прысвяцiў iм сем артыкулаў. Ён прапанаваў вызначаць каардынаты метэорнага радыянта незвычайным спосабам - аналiтычна, больш дакладна. Потым Цэраскi склаў карту вобласцi неба ў сузор'i Персея для нанясення на яе шляхоў метэорнага струменя Персеiдаў. Гэтая карта шырока выкарыстоўвалася назiральнiкамi i была выдадзеная двойчы. У 1898 г. Цэраскi прапанаваў зручны iнструментальны метад вызначэння вуглавой хуткасцi метэораў [29].
Ён звярнуў увагу на выгоды назiрання абодвума вачамi i прапанаваў злучэнне дзвюх астранамiчных труб у астранамiчны бiнокль. Як толькi ў яго рукi трапiў новы ў той час тып бiнокля - прызмавы бiнокль, яшчэ мала святласiльны, з малымi аб'ектывамi, ён прыдумаў новы тып бiнокля для астранамiчных назiранняў, якi складаецца з дзвюх труб сiстэмы Кеплера з аб'ектывамi па 30 мм дыяметрам i павелiчэннем ў чатыры разы. Навядзенне на фокус з улiкам адрознення ў зроку абодвух вачэй назiральнiка ажыццяўлялася дадатковым перасоўваннем аднаго з аб'ектываў. У яго можна было ўбачыць зоркi да 8,5 велiчынi. Лёгкi алюмiніевы корпус рабiў гэты бiнокль зручным у выкарыстаннi. Гэты прыбор шырока рэкамендаваўся аматарам астраномii [30]. Астранамiчныя бiноклi - і сёння іх любiмыя прыборы.
Павялiчаная абсерваторыя запатрабавала наяўнасцi ў кожнай вежы дакладнага астранамiчнага гадзiннiка, i Цэраскi вынайшаў спосаб электрычнага параўнання маятнiкаў i праверкi ходу гадзiннiкаў.
Частковае сонечнае зацьменне 1897 г. навяло яго на думку пра магчымасць выявiць сляды месяцовай атмасферы пры даследаваннi бачных дэфармацый сонечных плям паблiзу месяцовага краю.
Метады вывучэння Сонца таксама ўвесь час цiкавiлi Цэраскага. Ён апублiкаваў тры серыi вызначэнняў каардынатаў сонечных плям. Для вызначэння дакладнага маштабу здымкаў на гелiёграфе ён прыдумаў адмысловую касету, на якую пэўным спосабам «перанёс» нiцi акуляра пасажнай прылады, вуглавая адлегласць памiж iмi была старанна вызначаная праз назiраннi зорак.
У 1906 г. Цэраскi вынайшаў просты акуляр для дэталёвага вывучэння сонечных плям, якi дае магчымасць назiраць, не дыяфрагмуючы аб'ектыў. З гэтым акулярам Вiтольд Карлавiч назiраў у 15-цалевы рэфрактар тонкiя дэталi сонечнай паверхнi [31]. Пра назiраннi з акулярам сваёй канструкцыi ён напiсаў: «У траўнi - чэрвенi бягучага года я назiраў сонечныя плямы з нашым 15­цалевым рэфрактарам пры цалкам адкрытай адтулiне, павелiчэнне было 435 разоў. У нашым клiмаце выгляд Сонца… надзвычай дрэнны, толькi на працягу кароткiх iмгненняў яно бывае спакойным, i тады на паверхнi Сонца i ў плямах бачна дзiўная колькасць дэталяў… ценi плям уяўлялiся мне як густыя аблокi цёмнага сiне­фiялетавага колеру, дно iх было далёка не аднастайнае… можна было адрознiць вельмi разнастайныя адценнi… Ценi мелi па краях вялiкую колькасць тонкiх прыдаткаў, падобных да зубцоў грабянца, тонкiя каранi цi лапкi казурак… 25-26 мая я бачыў асляпляльнае воблака, якое плыло над плямай… яно мне падалося жаўтлявым i больш яркiм, чым паверхня Сонца. 20 мая такое самае воблака зусiм змянiла сваю структуру за 24 гадзiны i з зусiм аднастайнага стала касмыкаватым. Часам былi прыкметныя доўгiя паходнi, якiя праходзяць праз паўцень… 19 мая на ўсходнiм краi з'явiлася група плям, вакол якiх перапляценне паходняў праектавалася на грануляваную паверхню Сонца. Было вiдавочна, што нiякая замалёўка не можа перадаць усе гэтыя тонкiя дэталi, гэтаксама, як i нiякi фатаграфiчны працэс не можа перадаць усе бясконцыя градацыi адценняў пачынаючы ад асляпляльнага святла паходняў i заканчваючы вельмi цёмнымi адценнямi ўнутранасцi плям»[32].
Iмя Цэраскага назаўжды злучанае з адкрыццём рэдкай i вельмi прыгожай з'явы ў атмасферы Зямлi - серабрыстых аблокаў. Пэўныя ўпамiнаннi пра начныя аблокi, якiя свецяцца, сустракаюцца ў працах еўрапейскiх навукоўцаў XVII-XVIII стст., але яны маюць фрагментарны i невыразны характар. Першаадкрывальнiкамi гэтай з'явы лiчацца Т. Бэкхаўс (Backhouse T. W.). якi назiраў iх 8 чэрвеня ў Кiсiнге не (Нямеччына), i астраном Маскоўскага ўнiверсiтэта Вiтольд Карлавiч Цэраскi, якi назiраў iх незалежна ад Бэкхаўса ўвечары 12 чэрвеня (па новым стылi) 1885 г. Цэраскi не спяшаўся з публiкацыяй атрыманых вынiкаў. Ён зрабiў гэта толькi праз два гады, але паведамленне пра незвычайную з'яву прайшло незаўважаным [33].
Вось як апiсвае з'яву яе адкрывальнiк у артыкуле «Пра аблокi, якiя свецяцца»:
«У 1885 г., каля летняга сонцастаяння, намi былi заўважаныя зусiм асаблiвыя аблокi, названыя пасля святлiвымi, цi серабрыстымi, аблокамi.
Што да iх з'яўлення, то я дакладна ведаю, што да 4 чэрвеня 1885 г. мы iх нiколi не бачылi…
Вяртаючыся неяк у адзiн з гэтых дзён досвiткам са шпацыру, мы ўбачылi неба ў незвычайным стане; было бачна - адбываецца нешта, што трэба назiраць, хоць метэаралогiя i не ўваходзiць у праграму працы Абсерваторыi.
Палова неба да зенiту была пакрытая шчыльным пластом зусiм новых для нас аблокаў. З'ява была тады ў максiмуме… яе навiзна прымусiла нас страцiць найболей цiкавыя i спрыяльныя iмгненнi. Шмат разоў з таго дня мы бачылi i фатаграфавалi вельмi цiкавыя аблокi, але гэта былi ўжо толькi рэшткi, якiя не давалi нiякага ўяўлення пра з'яву ў яе максiмальным развiццi.
Назiранне дазволiла нам адкрыць некаторыя вельмi характэрныя ўласцiвасцi згаданых аблокаў.
24 чэрвеня 1885, як сказана вышэй, мы спрабавалi вызначыць iх вышыню, назiраючы з двух пунктаў, аддаленых на 10 км адзiн ад аднаго, i знайшлi, што гэтая база замалая, гэта паказвала на вялiкую вышыню аблокаў. Назiраннi 26 чэрвеня далi нам вертыкальную вышыню каля 75 км. Хутка мы зразумелi, што аблокi, якая б нi была iх колькасць, не бачныя нi ўдзень, нi ўначы; яны бачныя толькi пры адпаведным становiшчы Сонца пад гарызонтам, пры ранiшняй цi вячэрняй заранцы.
У гэтую гадзiну разгортваецца дзiўная карцiна: на зусiм ясным небе з'яўляюцца аблокi, i праз некаторы час яны становяцца нябачнымi. Я падкрэслiваю тое, што яны не знiкаюць, але толькi становяцца нябачнымі, гэта я ўстанавiў з упэўненасцю, назiраючы iх простым вокам i ў трубу са слабым павелiчэннем.
Калi ўвечар аблокаў шмат, то на паўночным захадзе над кропкаю, дзе зайшло Сонца, утвараецца сегмент, якi свецiцца i, змяняючыся патроху ў памерах, павольна перасоўваецца на поўнач. Апоўначы вышыня сегмента больш не змяняецца, i гэта самы спрыяльны момант, каб рабiць назiраннi, замалёўкi цi фатаграфаваннi.
Аблокi, нягледзячы на iх яркасць, вельмi празрыстыя; не адзiн раз я бачыў, як яны праходзiлi перад зоркамi, не памяншаючы iх бляску. Гэта паказвае, што паглынанне света малое, але ўсё ж iснуе i ўплывае на фотаметрычныя назiраннi. Малая колькасць маiх астранамiчных назiранняў за апошнi час тлумачыцца менавiта прысутнасцю гэтых аблокаў.
Пачынаючы з 1885 г. мы iх бачылi кожнае лета. У мiнулым, 1889­м, годзе я ўбачыў iх першы раз 9 чэрвеня, у 11 вечара, каля гарызонту на паўночным захадзе, але да поўначы яны знiклi…»
[34].
Вялiкую вядомасць атрымалi працы Цэраскага па вызначэннi тэмпературы паверхнi Сонца. На пачатку 90-х гг. ХIХ ст. пытанне пра тэмпературу Сонца было яшчэ спрэчным. Дзеля вызначэння тэмпературы Сонца навукоўцы звярталiся да розных спосабаў i атрымлiвалi зусiм розныя вынiкi.
У 1889 г. на сусветнай выставе ў Парыжы дэманстравалiся вырабы французскай аптычнай прамысловасцi. Сярод iх, паводле словаў наведвальнiка выставы В. К. Цэраскага, «у аптычным аддзеле мiмаволi звяртала на сябе ўвагу велiчынёю i дасканаласцю ўвагнутае люстэрка». Пасля парыжскай выставы гэтае люстэрка дэманстравалася сярод экспанатаў фiрмы «Жэтлiф i Сымон» на французскай выставе ў Маскве ў 1891 г., па заканчэннi якой па рэкамендацыi сябра Пастаяннай камiсii аддзела ўжытковай фiзiкi Полiтэхнiчнага музея Цэраскага люстэрка было набытае для гэтага музея.
Для правядзення даследаванняў на дадзеную тэму ў маi 1894 г. Цэ ра скi атрымаў дазвол узяць набытае Полiтэхнiчным музеем люстэрка ва ўнiверсiтэцкую абсерваторыю i правёў з iм шэраг доследаў. На яго думку, тэмпература ў фокусе люстэрка магла служыць «зыходнаю кропкаю для меркаванняў пра тэмпературу Сонца». Люстэрка ўстаўлялася ў простую драўляную раму на шарнiрах i ўраўнаважвалася цэглаю. Назiральнiк трымаў у фокусе ўзор, якi падвяргаўся плаўленню. Падчас доследаў прамянi Сонца, сабраныя люстэркам, расплаўлялi амаль iмгненна ўсе металы i мiнералы (ад плацiны да карунду), нават вапну. Зыходзячы з гэтага Цэраскi ацанiў тэмпературу ў фокусе люстэрка як нiжнюю мяжу тэмпературы Сонца - у 3500 °С. Потым з дапамогаю люстэрка былi сабраныя промнi ад электрычнай дугi з вядомай тэмпературай, роўнай 3500 °С. Электрычную дугу ўсталёўвалi на такой адлегласцi ад люстэрка, каб яе малюнак у фокусе атрымлiваўся такiм самым па памерах, як малюнак Сонца ў папярэднiм доследзе. У фокус уносiлiся розныя лёгкаплаўкiя рэчывы. У гэтым выпадку тэмпература ў iм складала каля 150 °С. Такiм чынам, было пацверджана, што тэмпература ў фокусе люстэрка складае толькi малую частку тэмпературы крынiцы. У вынiку апрацоўкi вынiкаў Цэраскi вызначыў: тэмпература паверхнi Сонца больш за 6000 °С, што адпавядае вынiкам сучасных вымярэнняў. У памяць пра гэты не складаны, але выдатны эксперымент, якi дазволiў яшчэ 100 гадоў таму ўстанавiць нiжнюю мяжу тэмпературы Сонца, рэфлектар французскай фiрмы «Жэтлiф i Сымон» у Полiтэхнiчным музеi носiць памятную назву «Люстэрка Цэраскага» [35].
Стварыў Цэраскi i простую канструкцыю сонечнага тэрмаэлектрагенератара [36]. Яго тэрмабатарэя складалася з 25 iдэн тычных элементаў і змяшчалася ў драўляную раму, прамеж кi памiж сценкамi i элементамi генератара запаўнялiся ватаю. Рама ў шкляной скрынi была размешчаная так, каб гарачыя пласты тэрма батарэi знаходзiлiся пад шклом, а халодныя - на адкрытым паветры, што дазваляла дасягнуць у сонечны дзень рознасцi тэмператур памiж iмi ў 50 °С. Магутнасць генератара была невялiкая: яе ставала толькi на прывядзенне ў дзеянне электрычнага званка. В. К. Цэраскi сцвярджаў, што «тэрмаэлектрычны слуп пры сваёй вельмi простай канструкцыi ўяўляе з сябе самы лепшы сродак утылiзаваць сонечнае цяпло». Асаблiва яго прыцягвала iдэя «пакрыць пустэльныя схiлы гор скалiстага берага Крыма, залiтыя сонечным святлом, тэрмаэлектрычнымi слупамi, якiя будуць паглынаць сонечныя прамянi i дадуць магчымасць выкарыстоўваць iх». Аднак вырашыць праблему сонечнай тэрмаэнергетыкi ў той час было не пад сiлу з прычыны недастатковага развiцця навукi i тэхнiкi. Таму iдэi В. К. Цэраскага пачынаюць увасабляцца ў жыццё толькi ў наш час [37].
У XIХ ст. яшчэ не было вырашанае пытанне пра велiчыню сцiску Сонца i меркавалася часавая змена яго формы. Для вырашэння гэтага пытання Цэраскi прыдумаў i пабудаваў адмысловы гелiёметр [38].
Складанай навуковай задачай у той час было вызначэнне яркасцi Сонца. Праблема складалася ў велiзарнай рознiцы ў яркасцi Сонца i звычайных зорак. За гэтую цяжкую задачу бралiся да Цэраскага толькi нямногiя даследчыкi. А яго праца выканана найболей старанна. Бляск Сонца быў аслаблены праз адлюстраванне яго прамянёў ад шаравой шкляной паверхнi. Гэты бляск параўноўваўся ўдзень пры дапамозе фатометра з бляскам планеты Венеры, а пасля заходу Сонца бляск Венеры параўноўваўся фатометрам з бляскам абраных зорак. У 1903 г. гэтым арыгiнальным спосабам астраном вызначыў бачную зорную велiчыню Сонца - у 26,5 m (адрознiваецца ад сучаснай на 0,1 m) [39].
З канца XIX ст. фiрма-вытворца складанай механiкi і оптыкi «Фiрма Трындзiных» цесна супрацоўнiчала з Вiтольдам Карлавiчам Цэраскiм. Пад кiраўнiцтвам дырэктара абсерваторыi былi распрацаваныя некалькi канструкцый штатываў для тэлескопаў i асвоеная iх вытворчасць. У рэкламным праспекце фiрмы адзначалася: «У апошнi час у Расii зацiкавiлiся астраномiяй. Таму наша фiрма задалася мэтаю стварыць тып таннага i ў той жа час найбольш зручнага партатыўнага штатыва для астранамiчных труб. Мы мелi на ўвазе астраномаў­аматараў, якiм вельмi важна мець штатыў лёгкапераносны i ў той жа час зручны». Фiрма пад кiраўнiцтвам Цэраскага асвоiла выпуск штатываў для астранамiчных труб з адтулiнамi аб'ектыва 61-108 мм i 110-130 мм. Дапамог астраном i з абсталяваннем прыватнай абсерваторыi Трындзiных у Маскве па апошнiм слове тагачаснай тэхнiкi. Вучоны спрыяльна паставiўся да справы будаўнiцтва i адкрыцця новай маскоўскай агульнадаступнай абсерваторыi Трындзiных, бо падчас працы ў абсерваторыi Маскоўскага ўнiверсiтэта яму даводзiлася нярэдка адмаўляцца ад правядзення заняткаў з вучнямi сярэднiх навучальных устаноў з прычыны нястачы часу i месца [40].
Навуковая дзейнасць Цэраскага атрымала ўсеагульнае прызнанне. У 1914 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэмii навук. Быў сябрам Маскоўскага матэматычнага таварыства i ганаровым сябрам Маскоўскага таварыства выпрабавальнiкаў прыроды і актыўна ўдзельнiчаў у іх навуковым жыццi.
Польскi даследчык Пшэмыслаў Рыбка са здзiўленнем зазначыў, што Цэраскi яшчэ ў 1901 г. адмовiўся ад прапановы Ягелонскага ўнiверсiтэта ўзначалiць кафедру астраномii. Мiж iншым гэты факт сведчыць пра тое, што ўжо на пачатку ХХ ст. яго ведалi ў Еўропе i ён меў сталыя кантакты з польскiмi астраномамi [41].
Цэраскi цiкавiўся i гiсторыяй астраномii XVI i XVII стст. Ён наве даў месцы, дзе працавалi Капернiк i Цiха Браге, i напiсаў артыкул пра сваiх папярэднiкаў. У згаданым артыкуле, дарэчы, адзначаў, што «перавароту ў навуцы, роўнага па значэннi перавароту, зробленаму Капернiкам у гiсторыi навукi, ужо быць не можа. Калi падобнае ўвогуле магчыма, дык толькi ў галiне так званых псiхiчных з'яваў»[42].
У 1887 г. Маскоўскае матэматычнае таварыства сумесна з Таварыствам аматараў прыродазнаўства, антрапалогii i этнаграфii ўрачыста адзначыла 200-годдзе з дня выхаду працы I. Ньютана «Матэматычныя пачаткi натуральнай фiласофii». 20 снежня 1887 г. з дакладам «Ньютан як творца нябеснай механiкi» выступiў астраном В. К. Цэраскi. Яго даклад па структуры i манеры выкладу стаў яскравым прыкладам прамоўнiцкага мастацтва, узорам публiчных выступаў.
Пра публiчныя лекцыi Цэраскага, як гэта нi дзiўна, не захавалася звестак да 1887 г., хоць падаецца неверагодным, каб блiскучы лектар не чытаў iх. Найчасцей ён выступаў у Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогii i этнаграфii. Яно падзялялася на некалькi аддзяленняў. Адно з iх, фiзiчнае, на сваiх пасяджэннях збiрала масквiчоў, якiя цiкавiлiся фiзiкай. Паведамленнi па фiзiцы вельмi часта суправаджалiся дэманстрацыямi, таксама рабiлiся паведамленнi па механiцы i па астраномii, дакладчыкам на астранамiчныя тэмы быў Цэраскi [43]. Актыўна выступаў ён з публiчнымi лекцыямi ў Полiтэхнiчным i Гiстарычным музеях перад навучэнцамi гiмназiй i школ. Мноства яго артыкулаў, прысвечаных папулярызацыi астранамiчных ведаў, былi апублiкаваныя ў часопiсах «Свет Божий», «Русская мысль», «Научное слово», «Русский астрономический календарь». Вiтольд Карлавiч усяляк дапамагаў першаму ў Расii аб'яднанню аматараў астраномii - Нiжагародскаму гуртку аматараў фiзiкi i астраномii. Пачынаючы з 1901 г. ён сам стаў супрацоўнiкам «Рускага астранамiчнага календара», апублi ка ваў у iм шэраг артыкулаў. У матэрыялах для аматараў астраномii ён не толькi засяроджваўся на спецыфiчных астранамiчных тэмах, але i шукаў адказы на вечныя пытаннi: «Зорнае неба, бiялагiчныя з'явы ў цесных межах Зямлi i духоўная дзейнасць у нас самiх, разам узятыя, спараджаюць паняцце пра Сусвет, хоць i смутнае i ў найвышэйшай ступенi няпоўнае… Але бясконцасць даступна сузiранню чалавека толькi на зорным небе, прытым бясконцасць сапраўды тут прысутнiчае, i не як гiпотэза цi здагадка, а адгэтуль ужо паняцце пра яе, законным i неабходным чынам распаўсюджваецца на сукупнасць жыццёвых i iншых працэсаў у прыродзе» [44]. Цэраскi лiчыў, што «астраном… павiнен ведаць усе тонкасцi сучаснай астранамiчнай… практыкi… Але нiколi, нi на хвiлiну ён не павiнен забываць, што ён павiнен быць навукоўцам, мысляром, прыродазнаўцам­фiлосафам, наколькi гэта дазваляюць яго сiлы i здольнасцi…»[45].
* * *
Вiтольд Цэраскi наладзiў нядзельныя зборы ўсiх супрацоўнiкоў абсерваторыi для навуковых дакладаў i вольнага абмеркавання ўсякiх пытанняў, звязаных з навуковай працай абсерваторыi. Ён хацеў ведаць думкі iншых, здаралiся гарачыя спрэчкi, якiя перапынялiся да сцiпнымi i лагоднымi заўвагамi Вiтольда Карлавiча, часам даходзiла да галасавання. Быў выпадак, калi Вiтольд Карлавiч выканаў жаданне грамады, хоць сам галасаваў супраць. Стаўленне Цэраскага да супрацоўнiкаў было самае добразычлiвае, i нават патрабаваннi вы казвалiся ў мяккай, пераканальнай, а не загаднай форме. Гэта стварала ў абсерваторыi незвычайна добрую атмасферу ўзаемнага разумення i даверу. Каб згуртаваць астраномаў у адну сям'ю, Цэраскi прыдумаў «свята абсерваторыi». Свята адбывалася штогод увечары 25 снежня. Да 9-й гадзiны ў кватэры Вiтольда Карлавiча збiралiся астраномы i «сябры абсерваторыi». У сярэдзiне вячэры гаспадар уставаў i, адзначыўшы заслугi ранейшых дырэктараў, партрэты якiх вiселi на сцяне, даваў своеасаблiвую справаздачу аб навуковай дзейнасцi абсерваторыi ў мiнулым годзе i выказваў пажаданнi для кожнага на будучы год. Майстар слова ўмеў у прыгожай, дасцiпнай форме нешматлiкiмi словамi вызначыць задачы для ўсiх - ад сябе, дырэктара, да самага малодшага супрацоўнiка, якiм нярэдка бываў студэнт. Пасля хто-небудзь з прысутных астраномаў прамаўляў тост у гонар Вiтольда Карлавiча, i своеасаблiвая «афiцыйная» частка свята заканчвалася, пачыналася нязмушаная гутарка, якая доўжылася да нявызначанага часу [46].
Цэраскi ўважлiва кiраваў працай iншых супрацоўнiкаў, даючы iм значную свабоду ў выбары тэмы працы, але ж заўсёды клапацiўся пра тое, каб праграмныя тэмы абсерваторыi выконвалiся дакладна.
Сучаснiкi адзначалi асабiстую культуру, высокi iнтэлект, спагадлiвасць да людзей Цэраскага. Ён ставiўся да маладых навукоўцаў, простых супрацоўнiкаў абсерваторыi, падтрымлiваў сувязь са студэнтамi-беларусамi i адгукаўся на iх патрэбы. Сярод ягоных вучняў два сусветна вядомыя астраномы, якiя нарадзiлiся ў Беларусi, - Г. А. Цiхаў (з Смалявiчаў пад Мiнскам) i С. М. Блажко (г. Хоцiмск на Магiлёўшчыне). Дапамагаў i зусiм невядомым маладым людзям, якiя мелi жаданне атрымаць адукацыю i шукалi ў яго падтрымкi. Захавалiся ўспамiны Ф. Я. Зотава: «У 1911 г. я, просты хлапчук з "глухой вёскi", бацька якога ўмеў толькi чытаць "па складах" (не «по слогам», а «па складах» - менавiта так у рускiм тэксце. - Л. Л.), працуючы ў карчме, прачытаў папулярны артыкул Цэраскага i напiсаў яму лiст з просьбаю пасадзейнiчаць у атрыманнi адукацыi». Праз нейкi час да Зотава зайшоў сын прафесара са сваiм сябрам i запрасiў яго да сябе дахаты. Цэраскi, пагаварыўшы з маладым чалавекам, даў яму праграму самападрыхтоўкi i падручнiкi. Праз некалькi месяцаў на просьбу прафесара маладога чалавека праэкзаменаваў С. М. Блажко. Прафесар пасадзейнiчаў паступленню на двухгадовыя 1-я Маскоўскiя электратэхнiчныя курсы [47]. Зотаў так апiсаў вядомага астранома: «I вось упершыню я ўбачыў Вiтольда Карлавiча. Ён запрасiў сесцi насупраць яго. Я ўбачыў перад сабою чалавека з сiваватымi хвалiстымi валасамi, з адкрытым светлым тварам i вачыма, якiя нiбы выпраменьвалi святло. Усё аблiчча Вiтольда Карлавiча было адухоўленым. Словам, я бачыў перад сабою чалавека, якiм у маiм тагачасным уяўленнi i павiнен быў быць усякi вялiкi вучоны»[48].
Кола зносiнаў Цэраскага не абмяжоўвалася навукоўцамi. Ён не быў вузкiм адмыслоўцам: яго жывы розум цiкавiлi лiтаратура, мастацтва, гiсторыя. Паступова вучоны стаў сваiм у навукова-лiтаратурным гуртку моладзi, прыцягваючы да сябе сваiм таварыскiм характарам, разнастайнасцю iнтарэсаў i досцiпам гутарак. Вось як сведчыў пра гэта акадэмiк А. А. Белапольскi: «Я быў i яго [Цэраскага] вучнем, i яго таварышам. Незабыўныя гады нашага сумеснага знаходжання ў Маскоўскай абсерваторыi, калi ў нас утварыўся гурток моладзi, аб'яднанай агульнымi iнтарэсамi навукi, мастацтва i жыцця, глыбока хвалявалi мяне ў часы майго наступнага жыцця. Лiдарам гэтага гуртка заўсёды быў Вiтольд Карлавiч. Ён… задаваў тэмы нашым навуковым i жыццёвым спрэчкам, уносiў ажыўленне ў iх разумнымi заўвагамi, выклiкаў крытыку да прачытанага, ён быў душою нашага гуртка; часта прыцягваў ён да нас i маладых людзей звонку: да яго заўсёды iмкнулiся знаёмыя, бо ведалi, што вечар, праведзены ў Вiтольда Карлавiча, пакiне ў душы ўцешнае ўражанне… Каля яго збiралiся самыя выбiтныя людзi ў Маскве… усе яны былi тады маладымi людзьмi, блiскалi сiлаю i талентамi. Сапраўды, я лiчу адмысловым шчасцем, што першыя крокi майго жыцця працяклi ў гэтым блiскучым асяроддзi, у цэнтры якога быў Вiтольд Карлавiч. Гэтую здольнасць прыцягваць да сябе людзей Вiтольд Карлавiч захаваў на ўсё сваё жыццё»[49]. Белапольскi пiсаў, што ўжо ў 1880-я гг. вакол Цэраскага ўтварыўся шматлiкi гурток навукоўцаў, артыстаў, мастакоў, пералiчыў толькi некаторых удзельнiкаў гуртка з лiку навукоўцаў i фiлосафаў: К. А. Андрэеў [50], М. Я. Жукоўскi [51], М. I. Карэеў [52], М. С. Карэлiн [53], Л. М. Лапацiн [54], Б. К. Младзееўскi [55], У. С. Салаўёў [56]. Але i па гэтых iмёнах вiдаць, што ў коле сябраў былi iнтэлектуальныя лiдары грамадства. Многiя з гэтых дзеячаў потым увайшлi ў склад Маскоўскага псiхалагiчнага таварыства i бралi ўдзел у выданнi часопiса «Пытаннi фiласофii i псiхалогii» [57].
Вялiкае сяброўства злучала Цэраскага з паэтам Максiмiлiянам Валошыным. Яны пазнаёмiлiся ў 1907 г. падчас адпачынку ў Крыме [58]. Гэта вiдаць з пiсьма паэта ад 1907 г.: «…памiж iмi [гасцямi] жонка дырэктара Маскоўскай абсерваторыi Цэраскага. Гэ тым знаёмствам я вельмi ўсцешаны, бо яно дае мне магчымасць быць у абсерваторыi ўвосень, пра што я вельмi марыў. Я ўжо атрымаў запрашэнне». Астраномiя заўсёды цiкавiла Валошына, ён даўно ўпадабаў «прагулi па небу». Гэтае захапленне нярэдка ўзбуджала яго натхненне, дазваляла знаходзiць ёмiстыя паэтычныя метафары, пiсаць надзiва вобразныя i выразныя вершы. Як сведчыла жонка паэта, гэта асаблiва цанiў Вiтольд Карлавiч: «Недакладнасцi ў вершы не дараваў бы i Пушкiну, а пра Вашы вершы, Максiмiлiян Аляксандравiч, магу сказаць, што ведаю, у якiм часе, пра якую частку небасхiлу напiсаны кожны радок». Валошын пабудаваў свой дом у 1903 г. на пустынным у той час беразе Кактэбельскай затокi (Крым) [59]. Шматлiкiя госцi, якiя бывалi ў паэта ў Кактэбеле, па вечарах падымалiся на адмыслова зробленую над хатай назiральную пляцоўку - абсерваторыю, каб паглядзець на Месяц, зоркi, планеты, паслухаць у выкананнi ветлiвага гаспадара вершы пра Сусвет. Акрамя Цэраскiх у М. Валошына ў розны час гасцявалi выбiтныя дзеячы культуры: I. А. Бунiн, Ф. I. Шаляпiн, А. М. Таўстой, М. А. Булгакаў, А. М. Скрабiн, В. Я. Брусаў [60].
У архiўным фондзе В. К. Цэраскага (Пецярбургскi архiў АН РФ, фонд № 716) захавалiся два рукапiсныя сшыткi, што змяшчаюць нататкi вучонага па грамадска-палiтычных пытаннях. Першы з сшыткаў мае 37 старонак, нататкi адносяцца пераважна да падзей 1886 г. цi да больш раннiх. На вокладцы сшытка значыцца: «De rebus omnibus» [61]. Другi сшытак - у 16 старонак з нататка мi пра падзеi канца 1890 - пачатку 1900-х гг. Усе запiсы зроблены для сябе i адкрываюць унутраны свет нашага земляка. Цэраскi быў далёкi ад палiтыкi. Ён лiчыў, што справа прафесара - аддаваць усе сiлы сваёй кафедры, няўхiльна выконваць абавязкi навукоўца i настаўнiка. Але Цэраскi нарадзiўся ў Беларусi. Ён быў пляменнiкам паўстанца 1863 г., навучэнцам Слуцкай гiмназii i сведкам рэпрэсiй царскага ўрада. Ужо будучы навукоўцам i прафесарам, стаў сведкам палiтыкi русiфiкацыi народаў Расii. Нядзiўна, што нацыянальна-патрыятычныя разважаннi складаюць галоўную частку запiсаў у сшытках Цэраскага [62].
У першым сшытку чытаем: «Патрыятызм можна падтрымлiваць гiстарычнымi ўспамiнамi. Ён, уласна кажучы, нiчога матэрыяльнага не патрабуе. Але страта незалежнасцi, увогуле, забiвае народ, таму што сцiскае сферу дзеяння, таму што пазбаўляе магчымасцi задавацца гiстарычнымi задачамi i перспектывамi. Толькi Радзiма, перад велiчэзнымi цяжкасцямi, натхняе чалавека i грамадства»; «Патрыятызм, да яго я дайшоў досведам i назiраннем, ёсць сiла i запатрабаванне такое ж несумнеўнае i натуральнае, як запатрабаванне дыхаць. Патрыятызм выяўляецца i ў хвiлiну страты, i ў хвiлiну роздумаў пра страту незалежнасцi». Цэраскi пiсаў гэтыя радкi ў той час, калi руская публiцыстыка, у тым лiку «Маскоўскiя ведамасцi» М. Н. Каткова, абвяшчала «палякаў» лютымi ворагамi рускай дзяржаўнасцi. Зразумела, што Каткоў быў законным i натуральным аб'ектам непрыязнасцi Цэраскага, якi пiсаў у тым жа сшытку, вiдавочна, пад жывым уражаннем чытання «Маскоўскiх ведамасцяў: «Каткоў усё расце, ён i багаслоў, i фiлосаф, i юрыст, i фiнансiст, i палiтык, i фiлолаг з фiлолагаў, i патрыёт. Думаюць, што ён святы i прарок. Перад усiмi прарокамi ў Каткова вялiкая перавага - тых гналi, а яго берагуць. Добра быць палiцэйскiм святым i жандармскiм прарокам»; «Рускiх няма, ёсць антыпалякi. Калi нацыя дойдзе да самасвядомасцi, калi будуць рускiя, дык паладзiць з iмi будзе не цяжка» [63].
Як вучоны i прафесар Цэраскi асаблiва востра рэагаваў на падзеi жыцця, яго хвалявала палiтыка ўрада ў асвеце: «Ордэны, чыны i месцы даюцца прафесарам за так званыя адмiнiстрацыйныя здольнасцi. Гэта дрэнна, бо яны [такiя прафесары] з'яўляюцца прадстаўнiкамi ўнiверсiтэта, не быўшы носьбiтамi яго iдэi… унiверсiтэт i iнспекцыя зваротна прапарцыйныя». Ён з абурэннем прыводзiў выняткi з водгукаў гiмназiчнага начальства пра абiтурыентаў, выхаванцаў гiмназiй, паступiўшых ва ўнiверсiтэт: «NN нiякiх кнiг не чытае, увогуле вучань узорны… NN - вальнадумец, чытае Спенсэра [64]»[65].
Запiсы 1880-х гг. адлюстроўваюць цiкавасць Цэраскага да мiж народных спраў i трывогу з нагоды ўзмацнення германскага мiлiтарызму. Цэраскi занатаваў: «У Турцыi - прускiя iнструктары ў войску, у Кiтаi - прусакi, усюды прусакi». «У iмя чаго, - пытаецца вучоны, - будзяць яны спячую сiлу ўсходнiх народаў, што даюць iм, чаму вучаць?». У сувязi з выступам на юбiлеi Гейдэльбергскага ўнiверсiтэта германскага кронпрынца, якi гаварыў пра значэнне ўнiверсiтэтаў для выпрацоўкi разумовай дысцыплiны, Цэраскi зазначыў: «Што мае на ўвазе пад разумоваю дысцыплiнаю спадар прускi салдат?» [66].
У пазнейшых нататках Цэраскага мы знаходзiм i водгук на замах на жыццё мiнiстра народнай асветы Багалепава ў 1901 г. Непасрэднай нагодаю да замаху былi высiлкi Багалепава па аддачы ў салдаты студэнтаў за ўдзел ва ўнiверсiтэцкiх хваляваннях. Запiсы Цэраскага зроблены пад непасрэдным уражаннем артыкула ў «Маскоўскiх ведамасцях», у якiм давалася апалагетычная характарыстыка Багалепава i, у прыватнасцi, сцвярджалася, што ён заўсёды дзейнiчаў, «падпарадкоўваючыся сумленню». З гэтай нагоды астраном зазначыў: «Сумленне таго цi iншага чалавека не ёсць крытэр справядлiвасцi i праўды. Выключна толькi сумленню падпарадкоўвалiся фанатыкi, прыгнятальнiкi, найвялiкшыя злачынцы i вылюдкi… Падобным чынам Рачынскi [67], цалкам шаноўны чалавек, хвалiў Мураўёва за тое, што той расстраляў графа Плятэра ўжо пасля царскага памiлавання. I для яго, зусiм сумленнага рускага чалавека i прытым дбайнага супрацоўнiка "Пытанняў фiласофii i псiхалогii", мяжы памiж дабром i злом не iснуе». Наступны за гэтым запiс - «Вянок на магiлу Багалепава» (памёр ад атрыманага ранення), у якiм Цэраскi па пунктах фармулюе вынiкi дзейнасцi Багалепава i шкоду, якую ён зрабiў справе развiцця навукi i асветы i, у прыватнасцi, Маскоўскаму ўнiверсiтэту. Асаблiва адзначае «дзiкi i тупы пераслед палякаў, армянаў i г. д.». Цэраскi ўспамiнаў, што ў 1898 г., пры прызначэннi У. I. Вярнадскага прафесарам, Багалепаў, тады папячыцель Маскоўскай навучальнай акругi, выклiкаў Вярнадскага да сябе i заявiў яму, што яго прызначаюць не за навуку (навука - справа Акадэмii навук) i што прафесар павiнен узгадняць свае дзеяннi з поглядамi ўрада i выхоўваць студэнтаў «у вядомым кiрунку» . «Скажам ад сябе, што падобны погляд на ўнiверсiтэты ёсць найвялiкшае няшчасце i згуба ўнiверсiтэтаў. Ганенне навукi - сапраўднай, вольнай, глыбокай - зробiць унiверсiтэт найгоршай са школ, бо ён пазбаўлены рамеснай, тэхнiчнай асновы»[68].
Цэраскi ў перыяд 1889-1911 гг. быў сябрам Рады Маскоўскага ўнiверсiтэта, i яго ўдзел ва ўнiверсiтэцкiх справах быў актыўны. У 1901 г. Цэраскi ўваходзiў у склад камiсii, абранай радай Маскоўскага ўнiверсiтэта для разгляду пытанняў пра неабходныя пераўтварэннi ва ўнiверсiтэтах. У 1904-1905 гг. у вельмi складаным становiшчы Цэраскi ўзначальваў камiсiю Рады па справах студэнцкiх установаў [69]. Пасля ўзброенага паўстання ў снежнi 1905 г. ён зрабiў аб'ектыўны даклад радзе ўнiверсiтэта пра гэтыя падзеi. Вiтольд Карлавiч востра рэагаваў на разгром Маскоўскага ўнiверсiтэта ў 1911 г., далучыўся да прафесараў, якiя выступiлi з пратэстам. Ён спынiў чытанне лекцый ва ўнiверсiтэце i захаваў за сабою толькi абсерваторыю [70].
* * *
Здароўе Вiтольда Карлавiча заўсёды было слабое i патрабавала сталай увагi. Прыкладна каля 1910 г. у яго з'явiлася хвароба, якую лекары так i не змаглi вызначыць дакладна. Хвароба выяўлялася паступова, павольна павялiчвалася агульная фiзiчная слабасць, але розум захоўваў працаздольнасць. Цэраскi адчуваў, што сiлы сыходзяць, i спяшаўся дапiсаць свае працы (яны склалi VI том 2-й серыi «Прац Маскоўскай астранамiчнай абсерваторыi»). У 1916 г. на патрабаваннi лекараў ён вырашыў скласцi з сябе кiраванне абсерваторыяй i пераехаць з жонкай у Феадосiю, дзе, як усе спадзявалiся, паўднёвае сонца ўмацуе яго здароўе. Тут i заспела яго рэвалюцыя i грамадзянская вайна.
Ф. Я. Зотаў успамiнаў: «Пасля дэмабiлiзацыi я выправiўся на Поўдзень… у той час немцы займалi Украiну, i я, хаваючыся ад iх, апынуўся ў Феадосii. Цэраскiя прынялi мяне як роднага сына. Матэрыяльнае становiшча сям'i Цэраскiх тады было няважным. Вiтольд Карлавiч па стане здароўя не мог працаваць. Увесь цяжар клопатаў пра здабыванне сродкаў ляжаў на Лiдзii Пятроўне. Яна выкладала ў настаўнiцкiм iнстытуце i давала шмат прыватных урокаў па розных прадметах… У сям'i Цэраскiх я тады пражыў каля 6 месяцаў. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становiшча сям'i Цэраскiх, яна ў той час у Феадосii, як i раней у Маскве, была прыцягальным цэнтрам усiх разумных людзей. У суботу ўвечары цi ў нядзелю ў Цэраскiх збiралася невялiкая грамада… бываў мастак Багаеўскi, паэт Валошын, члены сям'i мастака Айвазоўскага… каля двух месяцаў сталым госцем была жанчына­астраном Пулкаўскай абсерваторыi, прозвiшча якой я не памятаю… Увечары Вiтольд Карлавiч любiў праводзiць у невялiкiм садку на двары…
Неяк у Феадосii я зайшоў у яго пакой i заспеў яго за сталом з тварам, залiтым слязьмi. Мне было нязручна спытаць яго, што з iм. Ён сам пачаў: "Вось Зотаў, шкада, што вы добра не валодаеце польскай мовай, каб у поўнай меры адчуць усю шчырасць i прыгажосць Мiцкевiча". Тут я заўважыў, што перад iм ляжыць разгорнутая кнiга…»[71].
На працягу нейкага часу Цэраскiя жылi ў паэта Максiмiлiяна Валошына ў Кактэбелi. I перажылi яны неверагодныя цяжкасцi рэ ва лю цыi менавiта дзякуючы апецы паэта. Валошын здабываў пайкi праз Камiсiю асветы, клапацiўся пра неабходныя жыццёвыя дробязi. Лiдзiя Пятроўна Цэраская потым пiсала Валошыну: «Наша знаходжанне ў Крыме не парыўна звязана з Вамi, не было цяжкай хвiлiны, каб Вы не прыйшлi на дапамогу, клапацiлiся пра муку, цукар, газу i г. д. без канца. I гэта Вы рабiлi не толькi для нас, да Вас iшлi гурбы людзей з сваiмi просьбамi» [72].
У вялiкую кватэру прафесара на Прэснi, Вялiкi Мiкольскi завулак, 5 [73], Цэраскiя ўжо не вярнулiся. Увосень 1922 г. яны пераехалi пад Маскву, у горад Троiцк Падольскага павета Маскоўскай губернi, дзе сын Канстанцiн Вiтольдавiч працаваў лекарам. Ф. Я. Зотаў наведаў iх: «Пасля пераезду Цэраскiх у Траецкае я паехаў наведаць iх… Здароўе Вiтольда Карлавiча было значна горшым за тое, якiм яно было падчас майго знаходжання ў Феадосii. Ён цяпер увесь час знаходзiўся ў пасцелi. Але выразнасць думкi i жывая цiкавасць да ўсяго ў яго заставалася ранейшай. Ён некалькi гадзiнаў не адпускаў мяне ад сябе, распытваючы пра тое, што робiцца ў Маскве…»[74].
У 1924 г. астранамiчныя ўстановы i арганiзацыi ўрачыста адзначылi 75-гадовы юбiлей вучонага.
Вiтольд Карлавiч Цэраскi памёр у Троiцку, пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскiх могiлках недалёка ад уваходу. Ягоны сябар Максiмiлiян Валошын прысвяцiў яму кранальны верш.
Iмем Цэраскага названы кратар на зваротным баку Месяца i астэроiд [75]. Але самым значным помнiкам выдатнаму вучонаму служыць Маскоўская астранамiчная абсерваторыя.

Гаўрыiл Андрыянавiч Цiхаў

Член-карэспандэнт Акадэмii навук СССР, ганаровы акадэмiк АН Беларусi, акадэмiк Акадэмii навук Казахскай ССР Г. А. Цiхаў нарадзiўся 1 мая 1875 г. у мястэчку Смалявiчы пад Мiнскам. Бацька, родам з Пецярбурга, служыў начальнiкам чыгуначнай станцыi недалёка ад Смалявiчаў, якая тады называлася Вiтгенштэйнская. Выхаваннем дзяцей займалася мацi, жанчына добра адукаваная, ведала французскую i польскую мовы. Вось як на схiле гадоў акадэмiк успамiнаў роднае мястэчка: «У часы майго дзяцiнства Смалявiчы славiлiся цiшынёй, густымi цёмнымi лясамi i спакойнымi затокамi, поўнымi рыбы… Смалявiчы мелi адзiную вулiцу даўжынёй каля двух кiламетраў… Драўляныя хаткi, драўляная царква, драўляная сiнагога. Царква стаяла на ўзвышшы, каля рэчкi Плiса. У ёй я лавiў рыбу. А колькi там было ракаў! Апусцiш прынаду, прывязаную вяроўкай да доўгай палкi, i злавiў… Цiшыня, спакой…»[76].
З-за службы бацькi сям'я некалькi разоў змяняла месца жыхарства, i ў гiмназiю Цiхаў паступiў, калi яны жылi ўжо на станцыi Зайцава Севастопальскай чыгункi, але менавiта Смалявiчы ён лiчыў сваёй радзiмай.
Вялiкi ўплыў у дзяцiнстве на юнага Гаўрыiла зрабiў дзед па мацi Гаўрыiл Мiхайлавiч Зубковiч: «Для мяне i сястры было вялiкiм шчасцем ездзiць на вакацыi ў любыя Смалявiчы, дзе жылi бацькi мацi, i ўспамiны пра гэтыя падзеi майго далёкага дзяцiнства… звязаны з маiм дзядулем, якога я вельмi любiў. Калi наш вазок пад'язджаў да хаты, я выскокваў з яго на хаду i са слязьмi радасцi кiдаўся да дзеда на шыю. Дзед таксама вельмi любiў мяне, не адпускаў нi на крок, а падчас ежы абавязкова саджаў побач з сабой. Дзядуля Гаўрыiл (мне далi гэтае ж iмя ў яго гонар) у маладосцi закончыў духоўную семiнарыю… Чалавек адораны, з вялiкiмi здольнасцямi да малявання, ён надзiва тонка адчуваў i разумеў прыроду. Ён з такiм натхненнем распавядаў пра яе, так яскрава, так вобразна, што я ягоныя расказы запомнiў на ўсё жыццё»[77].
Прозвiшча дзеда, Гаўрыiла Мiхайлавiча Зубковiча, знайшлося ў спiсах выпускнiкоў 1839 г. у той час яшчэ ўнiяцкай Лiтоўскай духоўнай семiнарыi, якая знаходзiлася ў Жыровiчах [78]. З 1856 г. дзед астранома стаў настаяцелем храма Св. Мiкалая ў Смалявiчах i служыў там да 1888 г. [79].
Дзядзька астранома па мацi Уладзiмiр Гаўрыiлавiч Зубковiч нарадзiўся 26 сакавiка 1863 г., стаў святаром i два тэрмiны, з 1901 да 1907 г. i ад пачатку 1920-х гг. да 1937 г. таксама служыў настаяцелем храма Св. Мiкалая ў Смалявiчах. 29 снежня 1937 г. айца Уладзiмiра арыштавалi, абвiнавацiўшы ў дачыненнi да так званай шпiёнскай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганiзацыi. Падчас допытаў ён сумленнем сваiм не пакрывiў, не падпiсаў данос на свайго епiскапа i мужна вытрымаў усе катаваннi. Па прысудзе Адмысловай тройкi НКУС 74-гадовы святар быў расстраляны ў Мiнску 31 студзеня 1938 г. Рашэннем Святога Сiнода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 28 кастрычнiка 1999 г. протаiерэй Уладзiмiр Зубковiч быў услаўлены як мясцова шанаваны святы, адзiн з 23 новапакутнiкаў Мінскай епархii, а на Архiрэйскiм Саборы РПЦ у 2000 г. прылiчаны да лiку новапакутнiкаў i спавядальнiкаў XX ст. [80].
Такiм чынам, Г. А. Цiхаў - пляменнiк беларускага праваслаўнага святога. Ён i сам усё жыццё заставаўся глыбока рэлiгiйным чалавекам, а напрыканцы жыцця, будучы акадэмiкам Казахскай АН, стаў царкоўным старастам прыхода горада Алматы.
Увогуле, Зубковiч - старадаўняе беларускае шляхецкае прозвiшча i сустракаецца ўжо ў перапiсе войскаў ВКЛ ад 1528 г.
* * *
Цiкавасць да астраномii i дакладных навук у Гаўрыiла выявiлася падчас вучобы ў гiмназii. Будучы акадэмiк так апiсаў з'яўленне зацiкаўленасцi астраномiяй: «…увечары я вяртаўся дадому, зiрнуўшы на неба, я звярнуў увагу на дзве зоркi. Адна была вельмi яркай, а другая прыцягвала погляд тым, што бесперапынна змяняла колер. Яна нагадва ла дыямент, якi мяняў колер ад чырвонага да фiялетавага. Абедзве зоркi мяне надзвычай зацiкавiлi. У маёй сястры ў гiмназii ўжо выкладалi касмаграфiю… i я папрасiў яе спытаць у настаўнiка назвы прыгожых зорак. Адказ быў такi: яркая зорка - планета Венера, мiгатлiвая зорка - Сiрыус. Мне захацелася пабольш даведацца пра iх, блiжэй з iмi пазнаёмiцца. У Сiмферопальскай публiчнай бiблiятэцы я запрасiў астранамiчныя кнiгi. Мне далi дзве кнiгi Камiла Фламарыёна - "Гiсторыю неба" ў рускiм перакладзе i "Папулярную астраномiю" на французскай мове. Прачытаў iх з вялiкай цiкавасцю, i мой лёс быў вырашаны. Вясну 1892 года я нiколi не забуду - тады я беззваротна вырашыў зрабiцца астраномам. У гiмназii, дзе я вучыўся, была метэаралагiчная вышка. Меўся таксама каметашукальнiк i трохцалевая астранамiчная труба. Я запытаў у выкладчыка дазволу паглядзець у iх на неба i ў ясны вечар пайшоў на вышку. Дагэтуль памятаю тое захапленне, якое адчуў, паглядзеўшы ў каметашукальнiк на Млечны Шлях, а ў астранамiчную трубу на Сатурн. Я заўважыў на планеце два iголкападобныя выступы - гэтага было досыць: я бачыў кольцы Сатурна! З прагнасцю набываў я ўсё новыя i новыя астранамiчныя кнiгi. Кожная з iх раскрывала перад мной адну за другой таямнiцы нябес ных свяцiлаў… я цвёрда вырашыў паступiць… на фiзiка­матэматычны факультэт, каб спецыялiзавацца па астраномii» [81].
У 1893 г. юнак закончыў гiмназiю i пачаў рыхтавацца ў Маскоўскi ўнiверсiтэт. «Я падаў заяву i, да вялiкай сваёй радасцi, быў прыняты на матэматычнае аддзяленне фiзiка­матэматычнага факультэта». Выкладчыкамi Цiхава былi буйныя навукоўцы i педагогi: матэматык У. Я. Цвiнгер, фiзiкi А. Г. Сталетаў i П. М. Лебедзеў, астраномы В. К. Цэраскi i А. А. Белапольскi, механiк М. Я. Жукоўскi. Студэнт Цiхаў наведваў пасяджэннi Таварыства даследчыкаў прыроды i Таварыства аматараў прыродазнаўства, дзе слухаў даклады многiх выбітных вучоных свайго часу. Яшчэ студэнтам першага курса Цiхаў пачаў рэгулярна наведваць агульнадаступную абсерваторыю ў аптычнай краме Швабе. «На даху дома (дзе месцiўся магазiн) была пабудаваная невялiкая астранамiчная вежа з купалам. Люкi купала адчынялiся, iх можна было накiроўваць у любы бок неба. У вежы змяшчалася астранамiчная труба з аб'ектывам у 15 сантыметраў, усталяваная на паралактычным штатыве з гадзiннiкавым механiзмам. Механiзм павольна круцiў трубу за выбраным свяцiлам… Я стаў частым наведвальнiкам астранамiчнай вежы над крамай Швабе. Паказваў зоркi i даваў тлумачэннi асiстэнт Маскоўскай абсерваторыi Пакроўскi, аўтар папулярнай кнiгi "Даведнiк пра неба". Мне было асаблiва прыемна, калi Пакроўскi казаў, звяртаючыся да мяне: "Калега, пакруцiце купал"»[82].
Студэнт першага курса Цiхаў прыватнымi ўрокамi назбiраў 65 рублёў (па тым часе вялiкiя грошы) i выпiсаў з Нямеччыны, ад фiрмы «Рэiнфельдэр i Хертэль», тэлескоп з аб'ектывам дыяметрам дзве цалi. Труба была замоўленая на адрас дзеда, у Смалявiчы. Пасля заканчэння першага курса Цiхаў на ўсё лета прыехаў да дзеда i ў дзедавай адрыне пачаў будаваць аматарскую абсерваторыю пад будучы тэлескоп. Жаданне было вялiкае, праца пачыналася а 3-й гадзiне ранiцы i заканчвалася позна ўвечары. Праз месяц над адрынай дзеда-святара з'явiлася вежа з паваротным купалам. «З вежы была бачная дарога са станцыi, адкуль кожны вечар прывозiлi пошту. Кожны вечар я глядзеў у бiнокль на паштовы вазок, у якім ездзiў паштар. I вось аднойчы ўбачыў, што ён вязе на каленях доўгую скрыначку, абабiтую палатном. Я зразумеў, што гэта мая доўгачаканая труба. На наступны дзень ранiцай скрыначку прынеслi дадому. Адразу ж адкрыў яе i ўбачыў трубу. Блiскацелi чырвонае дрэва, аб'ектыў у латуневай аправе i латуневы патрубак для акуляраў. Радасцi маёй не было мяжы… Я ўсталяваў трубу на дубовым штатыве. Процiвагi для яго адлiваў з свiнцу. Калi мая "абсерваторыя" была гатовая, наведаць яе было шмат ахвочых. Не магу ўспомнiць без замiлавання, як мой дзядуля, якому было ўжо за 70 гадоў, залазiў па прыстаўных усходах на дах адрыны i далей па ашэстках на вежу, каб паглядзець на зоркi»[83]. Аднак працавала «абсерваторыя» ў Смалявiчах нядоўга - усяго тры тыднi. Першыя студэнцкiя вакацыi мiнулi хутка, i неабходна было выпраўляцца ва ўнiверсiтэт.
У 1895 г. будучы стваральнiк астрабiялогii зацiкавiўся батанiкай i прачытаў некалькi кнiг, у тым лiку «Жыццё раслiны» К. А. Цiмiразева. «З задавальненнем i падзякай успамiнаю, што маiм першым на стаўнiкам батанiкi была мая бабуля»[84].
На трэцiм курсе (1896 г.) студэнт Цiхаў заняўся пытаннем дысперсii святла ў мiжзоркавай прасторы i апрацаваў вынiкi назiранняў зорак β Лiры, δ Цэфея i η Арла. Вылiчэннi дазволiлi яму выказаць здагадку, што ў мiжзоркавай прасторы ёсць асяроддзе, якое прымушае праменнi з рознай даўжынёй хваляў распаўсюджвацца з рознымi хуткасцямi. У 1898 г. ён распрацаваў два спосабы даследавання касмiчнай дысперсii. Аднак у 1900 г. знакамiты нямецкi астраном К. Шварцшыльд [85] апублiкаваў вынiкi сваiх назiранняў зорак η Арла i β Лiры, якiя не пацвердзiлi вынiкаў Цiхава [86]. У 1897 г. у адной са сваiх першых навуковых прац Г. Цiхаў даказаў на аснове эфекту Доплера, што зорка β Лiры -спектральна-падвойная зорка [87].
Пасля заканчэння ўнiверсiтэта Гаўрыiл Андрыянавiч ажанiўся з Людмiлай Яўграфаўнай Паповай, якую як рэпетытар рыхтаваў да паступлення ў адзiн з еўрапейскiх унiверсiтэтаў. Бацькi жонкi мелi дастатковыя сродкi, што дазволiла з'ехаць за мяжу абаiм. Цiхаў быў прыняты студэнтам у Парыжскi ўнiверсiтэт, а жонка паехала ў Швейцарыю i паступiла на медыцынскi факультэт Бернскага ўнiверсiтэта.
«Цудоўным днём у красавiку я прыехаў у Парыж. Ён сустрэў мяне духмянасцю цвітучых каштанаў. Вулiцы былi прасякнутыя гэтым тонкiм i далiкатным водарам. Ашаломлены, блукаў я па горадзе. Паэтычна­пявуча гучалi для мяне назвы найпрыгажэйшых плошчаў… павольна, гультаявата несла свае цяжкiя воды Сена. Набярэжныя каля плошчы Згоды былi занятыя парыжскiмi букiнiстамi. Поглядам не акiнеш чароды кнiжных крамак, прыкрытых ад сонца палатнянымi падстрэшкамi… У горадзе ўсё гаварыла пра гiсторыiю… ён заваяваў мяне адразу, гэты незабыўны горад, як заваёўвае, вераемна, кожнага, хто ступаў на камянi яго бруку i правёў у iм хоць бы адзiн дзень».
У Францыi Цiхаў займаўся навуковай працай пад кiраўнiцтвам славутага астранома, дырэктара Медонскай абсерваторыi Жуля Жансэна, асабiста пазнаёмiўся з кумiрам свайго дзяцiнства, сусветна вядомым астраномам i папулярызатарам астраномii Камiлам Фламарыёнам. Цiхаў жыў пры Медонскай абсерваторыi, дзе Жансэн выдзелiў яму пакой, а на заняткi ў Парыж ездзiў цягнiком. У Парыжскiм унiверсiтэце слухаў лекцыi буйных прафесараў: матэматыка Пiкара, механiка Апеля, фiзiка Пуанкарэ, астранома Вольфа, хiмiка Труста, батанiка Банiё. «Я часта наведваў парыжскiя тэатры. Бачыў знакамiтую Сару Бернар. Хадзiў у музеi. Быць у Парыжы i не быць у Луўры немагчыма. Я неаднаразова прастойваў там гадзiнамi перад знакамiтымi палотнамi вялiкiх майстроў, бачыў выдатныя статуi антычных скульптараў»[88].
У 1899 г. па парадзе Жансэна Гаўрыiл Андрыянавiч правёў назiранне метэорнага струменя Леанiды з паветранага шара. «У ноч на 15 лiстапада 1899 года… шар "Аэраклуб" з двума пiлотамi, сябрамi парыжскага аэраклуба - графамi дэ ля Во i дэ Сэн Вiкторам, хiмiкам Леспiё i мною падняўся ў паветра. Ноч была вельмi пахмурная. Але праз некалькi хвiлiн мы былi над смугой, якая покрывала зямлю пластом таўшчынёй у 200 метраў. Неба было цалкам чыстае. Я пачаў праглядаць яго з боку сузор'я Льва. I вось упала адна зорка, потым другая, трэцяя… Я не мог адарвацца ад гэтага вiдовiшча. Колькасць метэораў усё павялiчвалася… На жаль, значная частка небасхiлу была закрытая ад мяне шарам»[89].
У тым жа, 1899-м, годзе разам з рускiм астраномам А. П. Ганскiм Цiхаў два разы падняўся на гару Манблан для спектраграфавання тэлурычных лiнiй кiслароду [90]. Гэтыя назiраннi дазвалялi меркаваць пра стан атмасферы, а потым аналагiчныя спектрагафiчныя назiраннi далi магчымасць Цiхаву ўдакладняць склад атмасферы iншых планет [91].
На пачатку 1901 г. Цiхаў вярнуўся ў Маскву. «Пакiдаючы Францыю, я адчуваў да навукоўцаў гэтай краiны вялiкую шчырую ўдзячнасць за гасцiннасць i за адмысловую чыста французскую шырату i свабоду навуковых поглядаў, якiя я там назiраў i засвоiў»[92].
У 1902 г. Цiхаў абаранiў дысертацыю i стаў магiстрам. Яшчэ са студэнцкiх гадоў ён марыў працаваць у Пулкаўскай абсерваторыi. I яго мара ажыццявiлася ў вераснi 1906 г., калi малады магiстр быў залiчаны ад'юнкт-астраномам Пулкаўскай абсерваторыi звыш штату. Акадэмiк Белапольскi ў першы дзень працы сказаў маладому навукоўцу: «Рабiце што хочаце. Мы ведаем, што вы глыбока цiкавiцеся навукай, а таму часу губляць дарма не будзеце»[93].
Астрафiзiка захапiла маладога навукоўца. Але першыя некалькi гадоў ён мог аддаваць ёй толькi летнiя канiкулы, калi працаваў у Пулкава пазаштатна. Некалькi гадоў ён улетку прыязджаў у Пулкава з Кацярынаслава (Днепрапятроўск), дзе выкладаў вышэйшую матэматыку ў Вышэйшай горнай вучэльнi, але з 1906 г., перайшоўшы ў штат Пулкаўскай абсерваторыi, Г. А. Цiхаў канчаткова звязаў сябе з астраномiяй. Астраномам i верным памочнiкам вучонага была i яго жонка, Л. Я. Цiхава.
Але i па-за штатам Гаўрыiл Андрыянавiч актыўна займаўся навукай: у 1907 г. ён апублiкаваў вынiкi свайго дэталёвага даследавання з'явы балiда i падзення каменнага метэарыта Тамакоўка (Кацярынаслаўская губерня). З роспытаў вiдавочцаў з'явы, якiя назiралi палёт i неаднаразовае драбленне балiда, Цiхаў вызначыў касмiчную i атмасферную траекторыю метэорнага цела, ацанiў яго першапачатковую (44-50 км/с) i канчатковую (каля 8 км/с) хуткасць i зрабiў выснову, што метэорнае цела памерамi «ў дзясяткi метраў» павiнна было рассыпацца дажджом па шырокай плошчы. Ён ацанiў каардынаты месца падзення асноўнай масы за 150 км на ўсход ад вёскi Тамакоўкi, каля якой былi падабраныя некалькi невялiкiх, менш фунта вагой, аскепкаў метэарыта. Да гэтай працы, якая лiчыцца найбольш шырокiм даследаваннем пра названы метэарыт, прыкладзена падрабязная карта раёна падзення [94].
Са студэнцкiх гадоў Цiхава цiкавiла дысперсiя святла ў мiжзоркавай прасторы. Знакамiты французскi фiзiк i астраном Араго ўпершыню паставiў пытанне пра тое, цi з аднолькавай хуткасцю рухаецца ў касмiчнай прасторы святло рознага колеру. Ён лiчыў, што пры iснаваннi адрознення ў хуткасцi святла (дысперсii святла) пераменныя зоркi, калi змяняюць сваю яркасць, павiнны змяняць i колер. Аднак назiраннi пераменных зорак астраномамi не пацвярджалi гэтай здагадкi. Цiхаў узяўся за праверку гiпотэзы Араго. Ён фатаграфаваў пераменныя зоркi RT Персея (знойдзеную Лiдзiяй Цэраскай) i W Вялiкай Мядзведзiцы праз розныя святлафiльтры i апрацоўваў спектры β Вознiка, зробленыя акадэмiкам Белапольскiм [95]. Асноўнай высновай з назiранняў i разлiкаў было тое, што ўсе тры зоркi паказалi памяншэнне хуткасцi святла ў мiжзоркавай прасторы пры памяншэннi даўжынi хвалi (запазненне мiнiмуму бляску ў ультрафiялеце ў параўнаннi з памяранцавымi i чырвонымi хвалямi). Вынiкi назiранняў былi абагульненыя ў вялiкiм артыкуле «Два спосабы пошуку дысперсii ў нябеснай прасторы». Праца была надрукаваная ў 1908 г. на французскай мове. Адразу пасля першага артыкула Цiхаў напiсаў наступны па той самай тэме: «Досвед пошукаў дысперсii святла ў мiжзоркавай прасторы з назiранняў спектральна-падвойных зорак». Над дысперсiяй святла працаваў i французскi астраном Ш. Нордман [96]. Ён назiраў дзве iншыя зоркi вiзуальна пры дапамозе фатометра. Адначасова з Цiхавым Нордман выявiў, што змена даўжынi хвалi змяняе хуткасць святла яшчэ ў дзвюх пераменных зорак. За гэтыя даследаваннi Парыжская акадэмiя навук прысудзiла Нордману i Цiхаву прэстыжную навуковую прэмiю iмя Вiльда [97]. Пасля яшчэ некалькi зорак паказалi змену хуткасцi святла пры тых самых умовах. Гэтая з'ява атрымала назву з'явы Цiхава Нордмана. Сувязь з'явы Цiхава - Нордмана з касмiчнай дысперсiяй аспрэчвалася ў 1909 г. П. М. Лебедзевым, якi тлумачыў гэты эфект уздзеяннем атмасферы зорак. З'ява была растлумачаная толькi ў 1935 г. (у працы Э. Р. Мустэля) дзеяннем прылiўной хвалi на галоўнай зорцы ў зорнай пары. Больш познiя вымярэннi паказалi, што ў некаторых зорак з'ява мае зваротны знак (позняцца чырвоныя прамянi), а ў некаторых увогуле адсутнiчае. [98] Будучы ў асноўным астрафiзiкам-эксперыментатарам, Цiхаў не абмяжоўваўся назiраннямi i вымярэннямi. Ён разглядаў гэтыя вынiкi ў святле карэнных задач астраномii. Яго ўвага да складанага i, як пiсаў А. А. Белапольскi, «далiкатнага» пытання пра выбарачнае паглынанне святла ў касмiчнай прасторы была звязаная з актуальнай задачай масавага вызначэння адлегласцяў да зорак. Вырашаючы старую праблему дысперсii святла ў мiжзоркавай прасторы, ён спадзяваўся знайсцi новы метад вызначэння адлегласцяў да зацьменна-пераменных падвойных зорак [99].
Фатаграфаванне неба Цiхаў праводзiў на астрографе, якi стаў яго галоўнай прыладай на ўсё жыццё: «Я працаваў на новым астрографе са святласiльнай камерай. Ён быў усталяваны ў 1905 г. Грошы на набыццё прылады падарыў Фёдар Аляксандравiч Брадзiхiн. Таму астрографу прысвоiлi назву "брадзiхiнскi". "Брадзiхiнскiм" застаўся ён да нашага часу. Падчас… вайны астрограф перавезлi з Пулкава ў Алма­Ату. Я i цяпер працягваю назiраць на iм неба»[100].
Шэраг прац Цiхава, зробленых на пачатку ХХ ст., быў прысвечаны рознага кшталту з'явам у зямной атмасферы - вымярэнням сiнечы i палярызацыi дзённага неба, спектраграфаванню мiгацення зорак. Ён стварыў новыя канструкцыi прыбораў для такiх назiранняў i прапанаваў арыгiнальныя метады даследаванняў. Пры гэтым таксама грунтоўна распрацоўвалiся прынцыпы фатаграфiчнай фотаметрыi, што потым адлюстравалася ў напiсаным iм раздзеле «Астрафотаметрыя» ў першым выданнi «Пулкаўскага курса астрафiзiкi i зорнай астраномii» (1922).
Вельмi iстотным для навуковай бiяграфii Гаўрыiла Андрыянавiча быў 1909 год - год вялiкага супрацьстаяння Марса. Ён адзiн з першых стаў выкарыстоўваць каляровыя святлафiльтры для назiранняў планеты з мэтай падвышэння бачнага кантрасту дэталяў паверхнi. У тыя гады асаблiва актыўна абмяркоўваўся пытанне пра iснаванне на Марсе месцаў, пакрытых раслiннасцю, i рабiлiся спробы выявiць у спектрах Марса паласу паглынання хларафiлу, характэрную для зямных раслiн. Пазней Цiхаў пiсаў: «"Цi ёсць раслiннае жыццё на Марсе?" - такая была асноўная задача, якую мы з М. М. Калiцiным паставiлi перад сабой, рыхтуючыся да назiранняў планеты ў 1909 годзе… Я папытаў Арыстарха Апалонавiча Белапольскага саступiць мне на нейкi час 30­цалевы рэфрактар… Мы ведалi, што назiранне Марса - справа нялёгкая. Цяжка разгледзець на невялiкiм дыску планеты, якi вiдаць у тэлескоп, дробныя дэталi яе паверхнi. Перашкаджаюць ваганнi зямной атмасферы. Праз iх малюнак дрыжыць, расплываецца, цьмянее… Мы вырашылi фатаграфаваць праз святлафiльтры - тонкiя шкляныя пласцiнкi. Прыступiлi да вырабу святлафiльтраў, афарбоўваючы жэлацiн на шкле анiлiнавымi фарбамi: гэта былi цёмна­чырвоны, светла­чырвоны, жоўты i зялёны… Зрабiлi мы i драўляную фотакамеру на рэфрактар. Вядома, што для кожнага рэчыва характэрная вызначаная, толькi яму аднаму ўласцiвая афарбоўка. Няма нават двух рэчываў, афарбаваных сапраўды ў адзiн колер. Таму беспамылкова судзiць пра колер (участкаў Марса. - Л. Л.) - шлях да разумення прыроды рэчыва… Назiраннi рабiлiся ў жнiўнi, калi ў паўднёвым паўшар'i Марса быў канец лета. Вылоўлiвалi Марс праз найменшы прасвет у аблоках…»[101]. У 1909 г. падчас вялiкага супрацьстаяння Марса Цiхаў атрымаў першыя фатаграфii Марса ў розных участках спектра, па якiх ён выявiў адрозненне памераў i яркасцi палярных шапак у розных колерах, iснаванне блакiтнай iмгi ў атмасферы планеты, якая вуалявала дэталi паверхнi ў караткахвалевым дыяпазоне спектра. Навуковец пiсаў: «…такая параўнальна рэдкая астранамiчная з'ява, як вялiкае супрацьстаянне Марса, выклiкала ў мяне непераадольнае жаданне сфатаграфаваць планету пры дапамозе велiчэзнага Пулкаўскага рэфрактара, аб'ектыў якога меў 75 сантыметраў у дыяметры i факальную даўжыню ў 14 метраў. Нягледзячы на гэта, ён даваў дыяметр Марса на фотапласцiнцы ўсяго ў 1,5 мiлiметра… Кожны здымак Марса экспанаваўся… некалькi секунд. Нам удалося зрабiць каля тысячы фотаздымкаў. Некаторыя з iх былi вельмi добрыя i дазволiлi зрабiць шэраг цалкам новых высноў. Так, выявiлася, што палярная шапка пад канец раставання набыла зеленаваты колер… параўнальны з колерам зямнога лёду, а знакамiтыя каналы Марса маюць такi самы колер, як "моры" Марса, якiя лiчацца ўчасткамi раслiнных пакроваў. Далей было знойдзенае падабенства аптычных уласцiвасцяў атмасферы Марса з аптычнымi ўласцiвасцямi зямной атмасферы»[102].
Назiраннi 1909 г. паказалi, што моры [103] Марса маюць падвышаную адбiвальную здольнасць у зялёных прамянях у параўнаннi з мацерыкамi. Пры гэтым i тыя, i другiя застаюцца чырванаватымi ў адносiнах да белага. Колер каналаў, сфатаграфаваных Г. А. Цiхавым, выявiўся такiм самым, як i ў мораў. Гэтаксама было выяўлена, што кантраст памiж суседнiмi дэталямi слабее ў караткахвалевай частцы спектра i ўзмацняецца ў даў гахвалевай. Вiдавочна, што такi эфект давала атмасфера Марса [104].
За даследаваннi Марса з выкарыстаннем святлафiльтраў Цiхаў быў узнагароджаны прэмiяй i памятным медалём Рускага астранамiчнага таварыства [105].
У 1909-1910 гг. Цiхаў займаўся даследаваннем колераў Сатурна (удакладнiў колер Сатурна i яго кольцаў, паказаўшы, што ў адрозненне ад самой планеты яе кольцы пазбаўленыя атмасферы) i Урана, а потым i Нептуна (1922) [106]. У наступныя гады ён шмат увагi аддаваў назiранням планет, атрымлiваючы здымкi праз розныя святлафiльтры i сiнтэзу ючы потым iх каляровыя малюнкi. Пытаннi колеру астранамiчных аб'ектаў - зорак, планет, сонечнай кароны, папялiстага святла Месяца - абмяркоўваў у шматлiкiх артыкулах.
17 красавiка 1912 г. у Пулкаве назiралi няпоўнае сонечнае зацьменне. Цiхаву ўдалося атрымаць выдатныя фатаграфii храмасферы i пратуберанцаў Сонца [107].
У 1914 г. Гаўрыiл Андрыянавiч паставiў пытанне: як у прынцыпе можна выявiць бiясферу метадамi астраномii? Вiдавочна, што для адпрацоўкi методыкi найбольш падыходзiла бiясфера роднай планеты - Зямлi. Для гэтага ён стаў вывучаць папялiстае святло Месяца [108]. Выкарыстаўшы святлафiльтры, вучоны ўпершыню даказаў, што Зямля пры назiраннi з космасу павiнна мець блакiтнаватае адценне. У мемуарах ён пiсаў пра гэта: «Цi можна вызначыць з Зямлi колер нашай планеты, даведацца, як бачылi б яе людзi, трапiўшы на Месяц? …Для гэтага трэба вывучыць колер папялiстага святла Месяца… Колер яркага сярпа Месяца - гэта колер Сонца, зменены люстранымі ўласцiвасцямi месяцовай паверхнi. Колер папялiстага святла - гэта колер Зямлi, таксама зменены месяцовай паверхняй. Параўноўваючы колер папялiстага святла з колерам яркага сярпа, мы тым самым параўноўваем колер Зямлi, бачнай з Месяца, з колерам Сонца, бачным адтуль жа. Для рашэння гэтага пытання я фатаграфаваў пры дапамозе… астрографа яркi серп Месяца i папялiстае святло Месяца ў розных участках спектра - ад чырвоных прамянёў да… ультрафiялетавых… Зямля, бачная з Месяца, мае колер белаватага неба. Калi б мы паглядзелi на Зямлю з прасторы, то ўбачылi б дыск бледнавата­блакiтнага колеру i не ўбачылi б якiх­небудзь падрабязнасцяў на самой зямной паверхнi» [109]. Выснова Цiхава пра колер Зямлi з космасу была пацверджаная з пачаткам касмiчных палётаў. Але галоўнай мэтай даследаванняў папялiстага святла Месяца быў пошук у ягоным спектры паласы паглынання хларафiлу. Нягледзячы на магутную зямную бiясферу, палосы паглынання хларафiлу ў адлюстраваным свеце Зямлi вучоны не выявiў. Ён растлумачыў гэта тым, што ўчасткi сушы, пакрытыя раслiннасцю, адносна плошчы акiянаў невялiкiя i, акрамя таго, магутная зямная атмасфера вельмi моцна паглынае i рассейвае святло [110].
У 1915 г. Цiхаў прапанаваў новы метад хуткага наблiжанага вызначэння колераў зорак, у якiм выкарыстоўваецца аб'ектыў з моцнай храматычнай аберацыяй у фатаграфiчнай галiне (метад падоўжанага спектрографа). У 1937 i 1951 гг. апублiкаваў каталогi колераў каля 18 000 зорак у абраных пляцоўках Каптэйна [111].
Самым галоўным у сваiх астрабiялагiчных даследаваннях Цiхаў лiчыў пабудову дакладнай фiзiчнай мадэлi планеты Марс. Дзеля гэтага была патрэбная адмысловая планетная абсерваторыя для шматгадовых, разлiчаных на шэраг вялiкiх супрацьстаянняў назiранняў Марса. У 1916 г. ён пачаў вывучаць астраклiмат для выбару месца пабудовы высакагорнай абсерваторыi на Каўказе [112]. А ў 1916 г. здзейснiў узыходжанне на Казбек для выбару месца будучай высакагорнай станцыi, будаўнiцтва якой было адкладзенае да заканчэння вайны [113].
* * *
Вялiкую ролю ў лёсе Цiхава адыграў Мiкалай Аляксандравiч Марозаў, чалавек унiкальнага лёсу i разнастайных здольнасцяў, былы на радаволец, вязень Шлiсельбурга (25 гадоў у турмах), даследнiк, аўтар шэрагу кнiг, стваральнiк у 1909 г. Рускага таварыства аматараў света знаўства (Русское общество любителей мироведения - РОЛМ). У наш час навукоўцы, якiя паважаюць Марозава, кажуць пра яго як пра энцыклапедыста з наватарскiмi iдэямi, хто не паважае - як пра блiскучага дылетанта, якi не атрымаў сiстэматычнай адукацыi i таму грувасцiў фантастычныя тэорыi. РОЛМ ставiў сваёй мэтай пашырэнне прыродазнаўчых ведаў, найперш астранамiчных, але таксама зазiраў за гарызонт - цiкавiўся тэлепатыяй, гiсторыяй Атлантыды i г. д. Сам Марозаў - папярэднiк Фаменкi i Насоўскага з iх «новай храналогiяй» у гiсторыi. Гаўрыiл Андрыянавiч сябраваў з Марозавым і, магчыма, падзяляў яго погляды ў прыродазнаўчых навуках, не каментаваў «не надта» навуковыя погляды аматара. Дзякуючы сваёй вялікай папулярнасцi Марозаў забяспечваў галоўнае - збор грошаў на развiццё навукi.
РОЛМ аб'ядноўвала ўсiх аматараў астраномii, яго фiлiялы паўсталi ў вялiкiх i малых гарадах Расіi. Пецярбургскi ўнiверсiтэт перадаў таварыству 175-мiлiметровы рэфрактар Мерца, якi быў усталяваны ў Лабараторыi iмя П. Ф. Лесгафта. Пазней гэтая лабараторыя была ператвораная ў Дзяржаўны прыродазнаўча-навуковы iнстытут iм. П. Ф. Лесгафта (Государственный естественно-научный институт им. П. Ф. Лесгафта), дырэктарам якога стаў М. А. Марозаў.
Сярод iншага Марозаў цiкавiўся пытаннямi пошуку жыцця на Марсе. З гэтай мэтай была распрацаваная шырокая праграма параўнання спектраў зямных раслiн са спектрамi паверхнi чырвонай планеты. Для яе ажыццяўлення ў Iнстытуце iм. П. Ф. Лесгафта было арганiзаванае аддзяленне астрафiзiчных праблем, якое ўзначалiў прафесiйны астраном Пулкаўскай абсерваторыi Гаўрыiл Андрыянавiч Цiхаў. Згодна з ягонымi меркаваннямi, у план працы абсерваторыi таксама было ўключанае фатаграфаванне Сонца з фiльтрамi i фотаметрычныя назiраннi зорак [114]. У даследаваннях Марса Цiхаў абапiраўся на працы iншага супрацоўнiка - У. М. Любiменкi, загадчыка батанiчнага аддзела iнстытута. Апошнi займаўся пытаннем, якiмi ўласцiвасцямi павiнны валодаць жывёльныя i раслiнныя арганiзмы, што прыстасавалiся да жыцця ў розных умовах. Вывучалася залежнасць памiж колькасцю хларафiлу ў раслiнах i ўмовамi геаграфiчнага асяроддзя, дзе яны растуць. Даследаваннi марскiх водарасцяў прывялi Любiменку да iдэi, што водарасцi, з iх малым утрыманнем хларафiлу, можна было б разглядаць як адмысловы бiялагiчны тып раслiн, якiя з большай карысцю ўжываюць светлавую энергiю, чым вышэйшыя раслiны. Несумнеўна, менавiта гэтая iдэя Любiменкi i прывяла Г. А. Цiхава да высновы, што раслiннасць на Марсе, калi яна ёсць, па сваiх аптычных уласцiвасцях павiнна быць блiжэй да зямных нiжэйшых раслiн тыпу мохаў, лiшайнiкаў i водарасцяў [115].
Прыкладна з 1910 г. Цiхаў пачаў чытаць лекцыi па астраномii на фiзiка-матэматычным аддзяленнi Вышэйшых жаночых курсаў (знакамiтых Бястужаўскiх курсаў). Адна з слухачак курсаў - Н. М. Штаўдэ, з якой ён будзе падтрымлiваць сяброўскiя адносiны да канца жыцця, успамiнала, што цiкавасць да астраномii абудзiлася ў яе менавiта пад уплывам Цiхава, якога яна ўпершыню пачула падчас вучобы на курсах у 1911 г. Энергiчны, цiкавы калежскi дараднiк, галоўны астраном Пулкаўскай абсерваторыi быў ужо знакамiты ў навуковых колах. Ягоная лекцыя на Бястужаўскiх курсах называлася «Меркаванае жыццё на Марсе». Менавiта дзякуючы яму i яго захопленасцi ў курсiстак з'явiлася цiкавасць да астраномii i быў створаны астранамiчны гурток, якi Нiна Штаўдэ неўзабаве ўзначалiла. Гаўрыiл Андрыянавiч дапамагаў працы гуртка: курсiсткi наведвалi ўнiверсiтэцкую абсерваторыю, студэнты ўнiверсiтэта чыталi даклады на пасяджэннях гуртка Вышэйшых жаночых курсаў. Арганiзоўваў экскурсii курсiстак у Пулкаўскую абсерваторыю, усталёвалiся сувязi з Рускiм таварыствам аматараў светазнаўства [116]. У лiку нешматлiкiх першых жанчын у 1914 г. Штаўдэ здала дзяржаўныя iспыты на фiзiкаматэматычным аддзяленнi ў Пецярбургскiм унiверсiтэце. Яна была найбольш вядомай i актыўнай супрацоўнiцай РОЛМ - таленавiты астраном i адначасова глыбока рэлiгiйная жанчына, якая неўзабаве стала манашкай. Пасля заканчэння курсаў, у 1914 г., у рамках навуковай праграмы, складзенай Марозавым, яна занялася даследаваннем оптыкi атмасферы, метэорамi i астэроiдамi [117].
У 1916 г. на прапанову Цiхава пры РОЛМ быў заснаваны фонд узнагароды залатым медалём за найлепшыя навуковыя працы аматараў па астраномii. Улiчваючы заслугi Гаўрыiла Андрыянавiча i яго актыўную дзейнасць у таварыстве, агульны сход таварыства вырашыў прысвоiць медалю iмя Г. А. Цiхава. Гэты медаль прысуджаўся найлепшым астраномам-аматарам да канца 1920-х гг. Цiхаў потым неаднойчы з замiлаваннем успамiнаў пра сваю дзейнасць у РОЛМ, высока ацэньваў навуковую i навукова-папулярызатарскую працу таварыства [118].
* * *
Iшла Першая сусветная вайна, i ў 1917 г. астранома прызвалi ў войска, дзе ён займаўся пытаннямi бачнасцi аддаленых аб'ектаў у аэрафотаздымцы. Тады ж Цiхаў апублiкаваў першую ў свеце навуковую манаграфiю «Паляпшэнне фатаграфiчнай i вiзуальнай паветранай выведкi». Пазней акадэмiк згадваў: «Вайсковы аддзел, у якi я патрапiў, стаяў пад Кiевам. Ён меў вельмi доўгую назву: "Цэнт ральная аэранавiгацыйная станцыя Ваеннай школы лётчыкаў­назiральнiкаў"… Мы праводзiлi фатаграфаванне мясцовасцi з самалёта - аэрафотаздымку. Аэраздымкамi я вельмi зацiкавiўся, бо значная частка маiх чыста астрафiзiчных прац была звязаная з iмi. Захацелася палепшыць метады фатаграфавання i яго вынiкi. За службу ў Кiеве я атрымаў чын яфрэйтара i вельмi гэтым ганарыўся. Але астраномiя вабiла мяне неадольна, i, калi скончылася вайна, я быў шчаслiвы зноў да яе вярнуцца»[119].
У галодным 1919 г. Цiхаў рэгулярна чытаў лекцыi па астрафiзiцы ў Петраградскiм унiверсiтэце, дзе сярод яго слухачоў былi такiя пазней знакамiтыя навукоўцы, як У. А. Амбарцумян, М. А. Козыраў, У. П. Цэсевiч, У. Б. Нiканаў. Пры гэтым ён не пакiдаў працу ў Пулкаве i ў Iнстытуце iмя Лесгафта. «У той час я жыў у Пулкаве, i паездкi мае ў Ленiнград былi спалучаныя з вялiкiмi цяжкасцямi. Я iшоў пешшу на станцыю Аляксандраўскую, часам па вiхуры, узбiраўся на адкрытую пляцоўку вагона - пракрасцiся ўсярэдзiну не было нiякай магчымасцi, - нарэшце прыязджаў на Варшаўскi вакзал. Адтуль на трамваi дабiраўся да Васiльеўскага вострава - ва ўнiверсiтэт. На дарогу патрабавалася не меней дзвюх гадзiн. З унiверсiтэта накiроўваўся ў астрафiзiчную лабараторыю. У iнстытуце ў мяне быў адмысловы пакой, дзе я начаваў адну або дзве ночы ў тыдзень. У Пулкава вяртаўся тым самым цяжкiм шляхам»[120].
Пры РОЛМ у 1921 г. быў створаны гурток маладых светазнаўцаў. Шлях у вялiкую навуку пачыналi з працы ў гэтым гуртку шматлiкiя буйныя дзеячы навукi. Сусветна вядомы астраном акадэмiк У. А. Амбарцумян пiсаў потым: «…У гуртку маладых светазнаўцаў мы ўпершыню сур'ёзна, на ўзроўнi найноўшых ведаў таго часу, азнаёмiлiся з астраномiяй, адданасць якой пранеслi праз усё наша жыццё i захавалi дагэтуль… Г. А. Цiхаву, якi, нягледзячы на велiзарную занятасць, аддаваў вялiкую ўвагу нам, моладзi, якая iмкнулася да ведаў, мы абавязаныя тым, што ён прышчапiў нам любоў да навуковай працы. Ён быў сапраўдным распаўсюджвальнiкам навуковых ведаў. Менавiта таму я назаўжды захаваў глыбокую ўдзячнасць да яго…»[121].
У 1927 г. Гаўрыiл Цiхаў па рэкамендацыi А. А. Белапольскага быў абраны ў члены-карэспандэнты АН СССР. У яго за плячыма было каля ста апублiкаваных навуковых прац, у тым лiку 80 арыгiнальных, некалькi вынаходнiцтваў i арганiзацыя не менш як дзясятка навуковых экспедыцый [122].
Нават пры савецкай уладзе матэрыялiзм не стаў светапоглядам большай часткi сябраў РОЛМ. Сябры таварыства ставiлiся лаяльна да рэлiгiйных перакананняў грамадзянаў, антырэлiгiйнай прапагандай не займалiся прынцыпова, лiчачы яе замахам на правы чалавека, у прыватнасцi на свабоду сумлення. Гэта i шмат што iншае не магло спадабацца новай уладзе. У 1930-я гг. таварыства было разгромленае. У 1931 г., па вынiках праведзенага следства, ОГПУ прыйшло да высновы пра iснаванне ў кiраўнiцтве таварыства «контррэвалюцыйнай групоўкi» i вiны шэрагу яго сябраў у злачынствах, прадугледжаных па артыкуле Крымiнальнага кодэкса за антысавецкую дзейнасць (арт. 58-11). Пасля гэтага справа была перададзеная на калегiю ОГПУ для пазасудовага разгляду. У вынiку адны сябры РОЛМ патрапiлi ў канцлагеры, другiя пайшлi ў ссылку або падпалі пад адмiнiстрацыйны пераслед. Само ж таварыства рашэннем адмiнiстрацыйнага аддзела Ленгубвыканкама ў 1932 г. было скасаванае [123]. Пазней, у гады вялiкага тэрору, факт сяброўства ў астранамiчным таварыстве стаў падставай для фiзiчнага знiшчэння. Марозаў не быў рэпрэсаваны, але яго выслалi з сталiцы. Шматлiкiя з асуджаных былi рэабiлiтаваныя толькi ў гады перабудовы пасмяротна. Лёс значнай iх часткi невядомы [124].
Цiхаў - актыўны сябар РОЛМ - у 1931 г. таксама быў арыштаваны. Аднак яму пашанцавала больш, чым iншым: ён прабыў у турме толькi два месяцы. На пачатку 1931 г. арыштавалi Нiну Штаўдэ i выслалi ў Рыбiнск. Неўзабаве яе выпусцiлi, але потым пачаўся цэлы шэраг арыштаў i допытаў. Жанчыну саджалi ў турмы, выпускалi, адпраўлялi ў лагеры i ссылкi. Гэтыя пакуты працягвалiся да 1944 г., пакуль яе канчаткова не выпусцiлi з месцаў зняволення, пасля чаго яна напiсала лiст некалькiм навукоўцам, у тым лiку i Г. А. Цiхаву. Ён запрасiў яе, здольнага астранома, да сябе ў Алма-Ату, дзе ў той час ствараўся сектар астрабатанiкi [125].
У 1930-я гг. Цiхаў працягваў працаваць у Пулкаўскай абсерваторыi. У 1936 г. пры назiраннi зацьмення Сонца ён упершыню заўважыў, што сонечная карона складаецца з дзвюх частак: бесструктурнай «матавай» кароны i бруiстай «прамянiстай» кароны.
З моманту паступлення на працу ў Пулкаўскую абсерваторыю ў 1906 г. i да эвакуацыi ў Алма-Ату ў 1941 г. Цiхаў жыў у кватэры пры абсерваторыi. Аспiрант 1930-х гг. М. М. Гневышаў так апiсаў побытавыя ўмовы вядучых астраномаў абсерваторыi: «Усе пулкаўскiя кватэры абагравалiся дровамi. Калолi дровы i прыносiлi iх вязанкамi дворнiкi па заяўках, якiя падавалiся загадчыку гаспадаркі… дзве кватэры, якiя знаходзiлiся на другiм паверсе астрафiзiчнай лабараторыi, двухпавярховы будынак якой стаяў на захад ад сучаснай гасцiнiцы. У паўднёвай з гэтых кватэр жыў Г. А. Цiхаў, а ў другой - загадчык астрафiзiчнага аддзела…»[126].
Астраном Пулкаўскай абсерваторыi 1930-х гг. Д. Я. Мартынаў успамiнаў: «Я нiчога не сказаў яшчэ пра аднаго са слупоў Пулкаўскай астрафiзiкi - Гаўрыiлу Андрыянавiча Цiхава. Аднак пра яго я магу сказаць не шмат. Ён быў выдатным назiральнiкам. Фiзiкi сказалi б "эксперыментатарам", гэта значыць вылучаўся ўменнем ставiць i вырашаць асобныя задачы, якiя ўзнiкаюць пры развiццi астраномii. У сакавiку 1930 г., калi ўся абсерваторыя разам з астраномамi ўсяго свету была ўзбуджаная адкрыццём дзявятай планеты Сонечнай сiстэмы, якую потым назавуць Плутонам, яшчэ не было канчаткова даказана, што гэта сапраўды вялiкая планета (а не астэроiд), i таму патрэбныя былi новыя i новыя назiраннi. I вось С. К. Касцiнскi (астраном Пулкаўскай абсерваторыi. - Л. Л.) на 33­сантыметровым астрографе, а Г. А. Цiхаў на шмат меншым брадзiхiнскiм астрографе (17­сантыметровым) "навыперадкi" фатаграфуюць вобласць новай планеты, i ў Г. А. Цiхава планета выходзiць зусiм не горш, чым у С. К. Касцiнскага. Гэта - поспех! Праўда, дакладнасць вызначэння каардынатаў новага аб'екта ў Сяргея Канстанцiнавiча ў чатыры разы вышэйшая, бо фокусная адлегласць яго астрографа значна большая. Але затое ў Цiхава дакладней вызначаецца зорная велiчыня планеты. Гаўрыiл Андрыянавiч даходзiць да вiртуознасцi ў выкарыстаннi "свайго" (з 1906 г.!) брадзiхiнскага астрографа ды розных актуальных пытанняў астраномii, i яго, як быццам, не прыгнятае, што гэта маленькая прылада, што яго магчымасцi абмежаваныя. Ён не ставiць тэарэтычных праблем, а калi трэба тэарэтычна абгрунтаваць ужываную iм методыку, ён выяўляе такую самую ювелiрную канкрэтнасць, што i ў назiраннях. Такiм, напрыклад, быў даклад Гаўрыiла Андрыянавiча на IV з'ездзе айчынных астраномаў, дзе я яго ўпершыню ўбачыў. Вырашаючы задачу, да якога моманту варта аднесцi вымераную на фотапласцiнцы яркасць аб'екта, якi змяняе бляск падчас экспазiцыi, Гаўрыiл Андрыянавiч рабiў перад аўдыторыяй разлiкi, якiя адпавядалi элементарнаму вызначэнню iнтэграла. Вераемна, таму ў Гаўрыiла Андрыянавiча не стварылася школы. Ён ахвотна, з поўнай адданасцю вучыў усяму, чаму мог навучыць, быў ветлы, абыходлiвы, у яго было шмат вучняў, але… яны адыходзiлi ад яго, ледзь устаўшы на ногi»[127].
* * *
У лiпенi 1941 г. з Пулкава павiнна была накiравацца экспедыцыя ў Ал ма-Ату для назiрання сонечнага зацьмення. Але пачалася вайна, таму было вырашана сумясцiць экспедыцыю з нагоды сонечнага зацьмення з эвакуацыяй абсерваторыi. Пулкава атрымала адзiн пасажырскi i адзiн таварны вагоны. 1 жнiўня абодва вагоны выправiлiся ў далёкi шлях. Цiхаў згадваў: «На Кастрычнiцкай чыгунцы, памiж Ленiнградам i Масквой, былi ўжо шматлiкiя сляды разбурэнняў i пажараў, У Маскве вагоны стаялi цэлыя суткi. Уначы быў налёт фашысцкiх самалётаў. Выбухi, трасавальныя кулi, пажары… Праз суткi нашы вагоны прычапiлi да таварнага цягнiка, якi iшоў без прыпынкаў некалькi гадзiн… Ехалi ад Ленiнграда да Алма­Аты роўна дваццаць сутак, прыехалi туды 21 жнiўня. З гэтага дня i пачалося маё алмаацiнскае жыццё. Я застаўся ў Алма­Аце, у фiлiяле Усесаюзнай акадэмii навук. У 1946 г. была адкрытая Акадэмiя навук Ка захскай рэспублiкi, сапраўдным членам якой неўзабаве мяне абралi»[128].
Скончылася вайна. Цiхаў правiльна разлiчыў, што на ўзнаўленне разбуранай Пулкаўскай абсерваторыi пойдзе столькi часу, што яго жыцця не хопiць. Таму ён вырашыў застацца працаваць у Алма-Аце [129]. Ёсць меркаванне, што вучоны, якi меў «спецыфiчны» досвед стасункаў з уладай, лiчыў, што ўдалечынi ад сталiц ён i яго сем'я будуць у большай бяспецы.
У верхняй частцы Алма-Аты (у канцы вулiцы Узбекскай, цяпер вул. Сейфулiна), у гарадской метэастанцыi, на ўзвышэннi, якое нагадвае Пулкаўскiя вышынi, у 1946 г. была пабудаваная планетная абсерваторыя i некалькi катэджаў для навукоўцаў. Там усталявалi той самы брадзiхiнскi астрограф, а пазней - 20-сантыметровы тэлескоп сiстэмы Максутава, зручны для экспедыцыйных прац i таксама для фатаграфiчных i спектральных назiранняў Месяца i планет. Быў высаджаны «астрабатанiчны» сад з рознымi дрэвамi i кустоўем. У садзе была любая Цiхаву серабрыстая елка i куст рэлiктавай, iснаваўшай на Зямлi мiльёны гадоў раслiны гiнкга [130]. Сярод iншых будынкаў пры абсерваторыi быў i катэдж Гаўрыiла Андрыянавiча, дзе ён жыў са сваёй жонкай Людмiлай Яўграфаўнай i хатняй прыслужнiцай фiнкай Ганнай, якую ён неўзабаве ўдачарыў [131]. Частку свайго дома навуковец аддаў пад лабараторыю. Цiхаў быў абраны ў члены Вярхоўнага Савета КазССР i падрыхтаваў для сесii Савета вялiкi даклад пра значэнне астраномii.
Астраномы, якiя апынулiся ў Алма-Аце, былi аб'яднаныя ў створаны для гэтай мэты Астрафiзiчны iнстытут, дырэктарам якога быў прызначаны акадэмiк В. Р. Фесянкоў. Для развiцця даследаванняў па пошуку iснавання жыцця на iншых планетах Сонечнай сiстэмы пры Акадэмii навук Казахскай ССР быў арганiзаваны Сектар астрабатанiкi, якi ўзначалiў Г. А. Цiхаў.
* * *
Аднак для разумення пазiцыi Цiхава ў пытаннi пра жыццё на Марсе неабходна крыху ведаць драматычную гiсторыю вывучэння Марса ў XIX-XX стст. Касмiчныя даследаваннi развеялi мiф пра штучнае паходжанне марсiянскiх каналаў. На першых касмiчных здымках паверхня Марса паўстала пакрытая кратарамi. Аднак гэта будзе потым…
* * *
У 1945 г. пасля шматгадовага перапынку Гаўрыiл Андрыянавiч вярнуўся да даследаванняў Марса. Ужо не малады астраном, а шырока вядомы масцiты навуковец, ён паставiў перад сабой галоўную задачу свайго жыцця - вырашыў знайсцi новыя довады на карысць гiпотэзы iснавання жыцця на Марсе. У наступныя некалькi гадоў ён сфармуляваў асноўныя тэзiсы для абгрунтавання гiпотэзы iснавання жыцця на Марсе i стварыў новую навуку - астрабатанiку, якая праз нейкi час стала часткай астрабiялогii.
Астрабатанiка паўстала як навуковая галiна, якая спрабуе растлумачыць аптычныя асаблiвасцi марсiянскiх мораў з пазiцый гiпотэзы аб iснаваннi марсiянскай раслiннасцi. Вось як выглядае астрабатанiчная гiпотэза ў тым выглядзе, у якiм яе выказаў сам аўтар:
1. Законы жыцця ў Сусвеце адзiныя.
2. Прыстасавальнасць жыцця да ўмоў асяроддзя надзвычай вялiкая.
3. Раслiны маюць аптычную прыстасавальнасць да ўмоў асяроддзя. Толькi абапiраючыся на такiя тэзiсы, лiчыў навуковец, варта даследаваць магчымасць жыцця на планетах. Iнакш непазбежны сыход у сферу фантазii, якая нi да чаго не прывядзе [132].
Апаненты iснавання жыцця на Марсе высунулi некалькi вельмi лагiчных аргументаў:
• Па-першае, зямная раслiннасць вельмi моцна рассейвае нябачныя, «цеплавыя» iнфрачырвоныя прамянi. Менавiта таму знятыя скрозь iнфрачырвоныя святлафiльтры зямныя раслiны падаюцца нiбыта пакрытымi шэранню або снегам. У марсiянскiх мораў няма такога iнфрачырвонага эфекту.
• Па-другое, у спектры зямных раслiн добра бачныя палосы паглынання, якiя стварае хларафiл - рэчыва, без якога немагчымае жыццё раслiн. У спектры марсiянскiх раслiн нiякiх палос паглынання хларафiлу не выяўлена.
• Па-трэцяе, зямной раслiннасцi ўласцiвы зялёны колер, тады як, паводле назiраннях шматлiкiх астраномаў, моры Марса маюць добра прыкметнае блакiтнае, сiняе, а часам нават фiялетавае адценне [133].
Цiхаў пачаў шукаць адказы на гэтыя пытаннi, ён цалкам аддаўся новай навуцы, лiчачы, што на iншых планетах (Марсе, Венеры, Меркурыi) могуць iснаваць iншыя формы жыцця, якiя прыстасавалiся да ўмоў, пра якiя да пачатку касмiчнай эры iснавалi цалкам няслушныя звесткi. Першым ён стаў выкарыстоўваць спектраскапiю для даследавання святла, адлюстраванага ад зямных раслiн, што растуць у цяжкiх умовах: на высакагорных плато, у пустэльнях або ў палярных абласцях, каб выявiць шляхi прыстасавання iх да жыцця i параўнаць з спектрам святла адлюстраванага ад некаторых участкаў Марса. Пры гэтым ён адкрыў знiкненне палос паглынання хларафiлу ў спектры некаторых высакагорных раслiн. Потым, калi высветлiлася, што на Марсе няма раслiннасцi, гэтыя вынiкi страцiлi астранамiчнае значэнне, але захавалi бiялагiчную цiкавасць [134].
У 1946 г. у «Веснiку Акадэмii навук Казахскай ССР» Цiхаў апублiкаваў артыкул, сэнс якога пераважна зводзiўся да наступнага: у мяккiм клiмаце нiзкiх i ўмераных шырот Зямлi раслiнам дастаткова светла, каб паглынаць сонечныя промнi ў некалькiх параўнальна вузкiх участках спектра (гэта вiдаць на спектры як паласа паглынання хларафiлу), у суровым жа марсiянскiм клiмаце раслiнам бракуе цяпла i святла, i яны павiнны паглынаць усю даўгахвалевую частку сонечнага спектра, якая нясе яшчэ каля адной трацiны сонечнай цеплынi. Марс знаходзiцца ад Сонца ў паўтара раза далей, чым Зямля, а таму клiмат на iм суровы. Меркаваная раслiннасць Марса павiнна была нiбы ўбiраць у сябе ўсё даступнае цяпло Сонца, а не частку, як распешчаныя цеплынёй i святлом зямныя раслiны. Гэтаксама астрабатанiкi растлумачылi i другую асаблiвасць марсiянскiх мораў: меркаваныя марсiянскiя раслiны павiнны былi пакутаваць ад холаду i iмкнуцца паглынуць амаль усе промнi бачнай часткi спектра. З-за гэтага палосы паглынання хларафiлу ў iх расцягваюцца, «размазваюцца» амаль на ўвесь спектр i таму робяцца цалкам непрыкметнымi. Гэтым астрабатанiкi растлумачылi i блакiтнавата-сiняе адценне марсiянскiх мораў. Паглынаючы амаль усе промнi бачнай часткi сонечнага спектра, марсiянскiя раслiны адлюстроўваюць толькi тыя промнi, якiя нясуць з сабой няшмат цеплынi. Такiмi «халоднымi» промнямi якраз i ёсць сiне-фiялетавыя промнi [135].
Дадзенае Цiхавым тлумачэнне пацвярджалася i назiраннямi на Зямлi. Зямныя раслiны, якiя жывуць у суровых клiматычных умовах, сваiмі адценнямі i ўласцiвасцямі нагадвалi гiпатэтычныя марсiянскiя раслiны. У iх аслаблены iнфрачырвоны эфект, расцягнутая паласа паглынання хларафiлу, а самi палярныя цi высакагорныя зямныя раслiны часта маюць сiняватае адценне.
Здавалася, што Цiхаў даў вычарпальныя адказы на пытаннi апанентаў. На карысць прыхiльнiкаў жыцця на Марсе скончылiся i творчыя дыскусii, якiя праводзiлiся ў Алма-Аце i Ленiнградзе. На пленуме Камiсii па фiзiцы планет Акадэмii навук СССР, якi адбыўся ў сакавiку 1955 г., былi сфармуляваныя наступныя пяць галоўных доказаў наяўнасцi раслiннасцi на Марсе:
• Па-першае, сезонныя змены афарбоўкi марсiянскiх мораў.
• Па-другое, змена iх колеру з павелiчэннем вышынi Сонца над дадзенай вобласцю Марса.
• Па-трэцяе, змены абрысаў некаторых марсiянскiх мораў.
• Па-чацвёртае, падабенства люстраной здольнасцi марсiянскiх мораў i зямных раслiн.
• Па-пятае, устойлiвасць мораў Марса ў дачыненнi да пылавых бур.
У сувязi з развiццём касманаўтыкi ў снежнi 1956 г. у Маскве адбылася склiканая Акадэмiяй навук СССР нарада найбуйнейшых савецкiх астраномаў i бiёлагаў па пытаннi пра магчымасць жыцця на планетах. Пераважная большасць удзельнiкаў мерапрыемства выказалася на карысць наяўнасцi на Марсе арганiчнага жыцця, i нарада прыняла рашэнне аб неабходнасцi развiцця даследаванняў жыцця за межамi Зямлi [136]. Усе гэтыя нарады праходзiлi з удзелам нашага земляка, тое, што ён меў падтрымку, сведчыць, што на ўзроўнi ведаў сярэдзiны 1950-х гг. iдэi Цiхава мелi рацыю. I падобна на тое, што з мэтай далейшага развiцця касмiчнай бiялогii, прыцягнення ўвагi грамадскасцi да космасу i грошай на касманаўтыку, астрабатанiку i персанальна Цiхава падтрымлiвалi найбольш уплывовыя савецкiя вучоныя той эпохi - ракетчыкi. Вядо мы канструктар ракетнай тэхнiкi Сяргей Паўлавiч Каралёў прапаноўваў стварыць Планетны навукова-даследчы iнстытут на базе сектара астрабатанiкi Казахскай акадэмii навук i прыцягнуць да справы Гаўрыiла Андрыянавiча Цiхава i ўсiх яго аднадумцаў, якiя займалiся астрабiялогiяй. Каралёў напiсаў дакладную запiску Хрушчову, дзе сярод iншага прапанаваў ураду i гэтую iдэю. Аднак Цiхаў памёр праз паўгода пасля адсылкi гэтага лiста генсеку, пахаваўшы разам з сабой iдэю стварэння Планетнага iнстытута [137].
* * *
Вучань Гаўрыiла Андрыянавiча - Вiктар Германавiч Тэйфель успамiнаў: «Навуковыя вынiкi, якiя мы атрымалi, азначалi, што ў прынцыпе на Марсе раслiны маглi быць. Кажучы пра гэта, сур'ёзны i больш чым проста адказны навуковец Цiхаў нiколi - хоць тое яму i прыпiсвалi - не сцвярджаў, быццам ён даказаў, што жыццё на Марсе iснуе. Ён меркаваў такую магчымасць, яе не выключаюць i сённяшнiя амерыканскiя вучоныя, якiя даследуюць Марс… Галоўнае, што зрабiў у сваiм жыццi Гаўрыiл Андрыянавiч, звязанае не з астрабатанiкай. У першую чаргу ён быў астрафiзiкам, прычым яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. У гэтай галiне iм зроблена шмат сур'ёзных адкрыццяў… Ён быў не толькi рамантыкам, але больш практыкам, навукоўцам. I нi на ёту не адставаў ад сучаснасцi. Захавалiся нават фатаграфii, дзе ён з супрацоўнiкамi разглядае здымкi зваротнага боку Месяца. Наогул, касмiчныя адкрыццi займалi вялiкую ўвагу Цiхава. Яшчэ да запуску штучнага спадарожнiка Зямлi на тэрыторыi астрабатанiчнага сектара была створаная станцыя па назiраннi за iм, i мы, студэнты i аспiранты, праводзiлi тады свае эксперыменты. У тыя часы, трэба сказаць, да iдэй Гаўрыiла Андрыянавiча была вялiкая цiкавасць не толькi ў СССР, але i за мяжой. Так, у 1958 годзе адмыслова да яго прыязджаў вядомы амерыканскi астраном Джордж Уiльсан. Вось тады ён i вымавiў фразу, якую часта потым часта цытавалi. "Амерыка, - сказаў ён, - занадта позна прызнала Цыялкоўскага, i цяпер мы выпраўляем памылку тым, што прызнаем iдэi Цiхава". Сказаныя Уiльсанам словы не былi праявай адной толькi дыпламатычнай ветлiвасцi. Цiхаў падарыў Уiльсану галiнку раслiны гiнкга як знак супрацоўнiцтва i сяброўства. Мiнула вельмi шмат гадоў з гэтай сустрэчы, i вось гады два таму ў iнтэрнэце з'явiлiся ўспамiны жонкi Уiльсана пра гэты эпiзод i пра гэтую галiнку гiнкга. Амерыканскiя навукоўцы, якiя працуюць цяпер у цэлым шэрагу арганiзаваных у ЗША астрабiялагiчных iнстытутаў, прызналi, што сам тэрмiн "астрабiялогiя" быў прапанаваны Цiхавым i ўпершыню з'явiўся як назва яго кнiгi, што выйшла ў 1959 годзе… Сакраментальнае пытанне "Цi ёсць жыццё на Марсе?" хвалявала ў той час вельмi шмат людзей, i даследаваннi, якiя праводзiлiся Цiхавым i яго супрацоўнiкамi ў сектары астрабатанiкi, прыцягвалi шырокую ўвагу. У абсерваторыi сектара не было адбою ад экскурсантаў, а аўдыторыi, дзе выступаў з публiчнымi лекцыямi Цiхаў, былi заўсёды перапоўненыя. У маю бытнасць Гаўрыiл Андрыянавiч, нягледзячы на вельмi стары век, часта выступаў перад слухачамi. Памятаю, як я сам спрабаваў патрапiць на яго лекцыю ў Акадэмii навук, - прабiцца ў залу было немагчыма. Праблемы iншапланетнага жыцця цiкавiлi, здавалася, усiх. I ў 1956 годзе, калi было вялiкае супрацьстаянне Марса, сюды, у абсерваторыю Цiхава, кожны вечар прыходзiлi натоўпы народу, каб паглядзець на гэтую блiзкую да Зямлi планету ў тэлескоп. Мы з цяжкасцю вялi астранамiчныя назiраннi, бо ад экскурсiй не было адбою. Нядзiва, што ў 40-50­я гады мiнулага стагоддзя, калi дзякуючы Цiхаву нараджаўся цалкам новы навуковы кiрунак - астрабiялогiя, да яго пацягнулася з розных гарадоў i рэспублiк навуковая моладзь. I я бясконца ўдзячны лёсу за тое, што мне пашчасцiла патрапiць менавiта да яго - выдатнага навукоўца, педагога, настаўнiка i сапраўднага iнтэлiгента»[138].
А вось што пiсаў пра Ціхава знакамiты пiсьменнiк - фантаст i пра фесiйны астраном Барыс Стругацкi: «Што тычыцца Цiхава, дык гэта вельмi цiкавая постаць… ён застаўся ў мяне ў памяцi як гэткi кiнанавуковец, вельмi iнтэлiгентны старэча, увесь у белым, у белай акадэмiчнай ярмолцы, з белай эспаньёлкай, усе яго баяцца, i любяць, i глядзяць на яго як на бога, а ён бярэ нас, першакурснiкаў, з сабою на назiраннi Венеры (гэта была апошняя з яго iдэй - здымаць спектры мiгацення Венеры, выкарыстоўваючы зямную атмасферу як гiганцкую прызму)… так, дык вось, бярэ ён нас на назiраннi, сядзiм цiха ў цёмным кутку вежы, ён вядзьмарыць ля тэлескопа, Ваня Бухман (быў у яго такi хлопец на падхваце, майстар спорту па спартовай хадзе, сын ссыльнага прафесара Бухмана, якi - прафесар, а не сын - на тэрыторыi абсерваторыi пабудаваў гелiяжытло, гелiясклеп i гiганцкi люстраны парабалоiд для лячэння канцэнтраванымi сонечнымi прамянямi… аднойчы гэты парабалоiд самазагарэўся… зрэшты, гэта доўгая гiсторыя)… дык вось, Янка Бухман яму асiстуе, i нешта там у iх не ладзiцца, заядае там у iх нешта, i старэча раптам гарлапанiць на ўсю Алма­Ату: "Ну што ты, Янка, круцiшся, нiбы ў цябе шыла ў дупе!"… Акадэмiк. З еўрапейскiм iмем. Сябар Вярхоўнай Рады КазССР. Гэта, памятаецца, зрабiла на мяне велiзарнае ўражанне… I яшчэ памятаю, як спраўлялася там ягонае сямiдзесяцiгоддзе. Вельмi, дарэчы, сцiпла. Толькi свае. Чалавек пятнаццаць: парачка сваякоў, пяток навуковых супрацоўнiкаў абсерваторыi, некалькi практыкантаў, шафёр, садоўнiк i кухар, якi спёк торт з крэмавым надпiсам: "Гаўрыiлу Андрыянавiчу ад улюбёных марсiянаў". Вось пытанне: чаму так сцiпла? I чаму ўвогуле акадэмiк, адзiн з заснавальнiкаў i слупоў Пулкаўскай абсерваторыi, вучоны з еўрапейскiм, паўтараю, iмем апынуўся раптам у Алма­Аце дырэктарам "занюханнейшей" абсерваторыi? Праўда, у тыя гады шмат хто там апынуўся… Дзiўна, дзiўна… Дык вось, там я, быўшы практыкантам, надзёрся як зюзя, прамаўляў нейкiя мудрагелiстыя тосты, на якiя Г. А. адказаў акадэмiчным тостам: "За прыгожых дзяўчат i за п'янюткiх студэнтаў!"»[139].
Вярнуўшыся з лагераў, Н. М. Штаўдэ працавала ў сектары астрабатанiкi i ў 1945 г. пад кiраўнiцтвам Цiхава паспяхова абаранiла даўно напiсаную кандыдацкую дысертацыю. Доктарская таксама была практычна гатовая i патрабавалiся адзiн-два гады, каб атрымаць навуковую ступень доктара навук. У 1946 г. яна прывяла сям'ю Цiхава ў Мiкольскi сабор Алма-Аты на велiкодную ютрань. У 1948 г. прыёмная дачка Цiхавых, Ганна, фiнка па паходжаннi i лютэранка, захацела прыняць праваслаўе. Ганна была хрышчаная 16 верасня 1948 г. Сам архiепiскап Алма-Аты Мiкалай пажадаў стаць хросным бацькам, а Штаўдэ ён прызначыў у хросныя мацi. З 1949 г. праваслаўны святар архiмандрыт Iсаак пачаў наведваць астранамiчную абсерваторыю, дзе працавала i жыла астраном-манахiня. А акадэмiк Цiхаў стаў царкоўным старастам праваслаўнага прыхода. У лютым 1950 г. Нiна Штаўдэ накiравалася ў Маскву, каб абаранiць доктарскую дысертацыю, але ёй не дазволiлi стаць доктарам навук. Неўзабаве ў Алма-Аце ў Акадэмii навук пачалася чыстка кадраў, i ў працяг маскоўскай нямiласцi Штаўдэ была звольненая [140]. Дзякуючы Гаўрыiлу Адрыянавiчу яна не кiнула навуковай працы, па старой памяцi ён дасылаў да яе сваiх супрацоўнiкаў па кансультацыi. У 1956-1957 гг. стары i вельмi хворы акадэмiк жадаў перадаць ёй кiраванне сектарам астрабатанiкi, настойлiва клiкаў яе вярнуцца ў навуку. Штаўдэ адмовiлася, а чалавека, якому акадэмiк змог бы даверыць кiраўнiцтва сектарам, не было [141].
Мажлiва, з улiкам ўсяго гэтага ў некаторых навукоўцаў з'явiлася iдэя пра тое, што Цiхаў шукаў на Марсе i iншых планетах не проста раслiннае жыццё i ва ўсялякiм разе не толькi жыццё. Ён шукаў Бога i яго эманацыi ў Сусвеце. Вера Цiхава ў жыццё была раўнасiльная веры ў нешта такое, што можа iснаваць у самых дрэнных умовах, у неабмежаваную магутнасць Бога i ў бiялагiчнае жыццё як вынiковы сэнс iснавання Сусвету. Аднак давесцi або аспрэчыць гэта ўжо не ўяўляецца магчымым.
Пасля скону Гаўрыiла Андрыянавiча 25 студзеня 1960 г. сектар астра батанiкi, якi набыў ужо сусветную вядомасць, быў расфармаваны. А ў 1980-я гг. абсерваторыя Цiхава i астрабатанiчны сад, нягледзячы на шмат лiкiя пратэсты навукоўцаў i прапановы пакiнуць яго, ператварыўшы ў астранамiчны музей, быў знесены. Цяпер там 12-павярховы хмарачос.
А ўлюбёная прылада Цiхава - знакамiты брадзiхiнскi астрограф - перавезены ў Пулкава [142].
* * *
Цiхаў актыўна папулярызаваў свае погляды ў прэсе. Яго кнiгi друкавалi i перадрукоўвалi самыя розныя выдавецтвы - не толькi навуковыя, але i «Молодая гвардия», i «Детгиз», i «Московский рабочий»… Артыкулы i кнiгi Цiхава з Алма-Аты, дзе ён жыў i працаваў, хутка даходзiлi ў iншыя краiны. Iшлi сур'ёзныя навуковыя дыскусii. Так, напрыклад, у 1954 г. вядомы савецкi астраном акадэмiк В. Р. Фесянкоў выступiў з артыкулам, у якiм катэгарычна адпрэчыў усякую магчымасць якога б нi было арганiчнага жыцця на Марсе. Навуковыя спрэчкi сур'ёзных навукоўцаў выходзiлi на старонкi газет i часопiсаў, i тэма жыцця на Марсе пачынала жыць сваiм жыццём. Тым больш, што канец 1950-х гг. - гэта пачатак касмiчнай эры i масавай цiкавасцi да пытанняў астраномii. Вядомая рэпрыза з фiльма «Карнавальная ноч» «Ёсць жыццё на Марсе цi няма жыцця на Марсе - гэта навуцы пакуль невядома» - таксама адгалосак навуковых спрэчак Цiхава. Добрым фактарам папулярнасцi быў працяг фiнансавання сектара астрабiялогii, але з'явiлiся i адмоўныя наступствы. У 50-я гг. ХХ ст. пра астрабатанiку i Цiхава казалi i ў СССР, i за мяжой. Прычым казалi захоплена, горача, становячыся, безумоўна, альбо прыхiльнiкамi новага навуковага кiрунку, альбо яго працiўнiкамi. Шмат каму з вучоных, хто добра ведаў Цiхава - сур'ёзнага навукоўца, дакладнага, строгага, веруючага толькi ў аб'ектыўныя дадзеныя i неаспрэчнасць вылiчэнняў, - здавалася проста неверагодным яго астрабатанiчнае захапленне. Ён добра ведаў пра скептычныя ўсмешкi, выклiканыя яго пошукам жыцця на Марсе, ведаў i пра сваёй мянушку - «алма­ацiнскi летуценнiк». Але яго падтрымлiвалi i паважалi шматлiкiя аўтарытэтныя навукоўцы з сусветным iмем. Напрыклад, вось выказванне знакамiтага англiйскага бiёлага, лаўрэата Нобелеўскай прэмii Ф. Крыка [143], чалавека, якi адкрыў падвойную спiраль ДНК. Гэтае выказванне аб'ектыўна характарызуе ўсё, што адбылося з астрабатанiкай: «У 50­я гады… мне падабалася гiпатэтычная навука астрабатанiка. Мы лiчылi, што калi­небудзь яна набудзе рысы рэальнасцi, але зусiм не ў блiзкай будучынi. Нам гэта ўяўлялася настолькi далёкiм, што магло паслужыць прадметам жартаў, i самае дзiўнае тут тое, што цяпер гэтыя даследаваннi ўжо вядуцца»[144].
Бацька астрабатанiкi быў вялiкiм вучоным i заўсёды трымаўся ў рамках карэктнасцi ў навуковых спрэчках. А вось шматлiкiя папулярызатары яго iдэй дазвалялi сабе i не зусiм «навуковыя» метады. Некаторыя папулярызатары iшлi занадта далёка ў сваiх iнтэрпрэтацыях iдэй вучонага. Цiхаву пашанцавала не дажыць да часовага краху сваёй навукi, ён памёр у 1960-м. Марсiянскiя каналы выявiлiся ланцужкамi кратараў. Пацямненнi i пасвятленнi паверхнi растлумачвалiся пераносамi вялiкiх мас пылу. Канец мары? У вачах нашчадкаў Цiхаву не пашанцавала яшчэ i таму, што канец 1940 - пачатак 1950-х гг. былi не лепшымi гадамi для навукi ў СССР. Яго iдэi не пацвердзiлiся, i Гаўрыiл Андрыянавiч праз гады ва ўспамiнах некаторых сучаснiкаў мiмаволi стаў персанажам амаль з таго ж шэрагу, што i савецкiя iлженавукоўцы - Лысенка, Лепяшынская, Баш'ян. Цяпер, калi ад нараджэння астрабатанiкi прайшло больш за паўстагоддзя iмклiвага развiцця ведаў пра космас, могуць падавацца наiўнымi метады цiхаўскiх пошукаў, могуць падавацца прамалiнейнымi i небясспрэчнымi некаторыя з яго высноў. Прыкметнейшымi сталi i яго асобныя памылкi. Усё жыццё Гаўрыiл Цiхаў займаўся Чырвонай планетай i ведаў пра яе ўсё. Дакладней, усё, што мог ведаць навуковец яго часу. Кожнаму часу вызначаны яго ўзровень ведаў. Створаная ў першай палове ХХ ст. на падставе наземных тэлескапiчных назiранняў мадэль Марса праiснавала да 1964 г. Да пачатку касмiчнай эры атмасферны цiск ля паверхнi Марса ацэньваўся на ўзроўнi 0,09 атм., а сярэдняя тэмпература - каля 10 °С. На самай справе вымераны касмiчнымi апаратамi цiск роўны толькi 0,006 атм., а сярэдняя тэмпература меншая за -40 °С [145]. Гэтая памылка назiральнай астраномii пачатку ХХ ст. i прывяла да пабудовы Цiхавым недакладнай тэорыi [146].
Напрыканцы жыцця навукоўца, у 1959 г., вышлi яго мемуары «Шэсцьдзесят гадоў у тэлескопа», а яго ворагi зло перайначылi: «Шэсць дзесят гадоў у трубу». Касмiчныя даследаваннi пакуль не выявiлi жыцця па-за Зямлёй. Няўжо «шэсцьдзесят гадоў у трубу»? Не, iдэя пра магчымасць iснавання жыцця ва ўмовах, адрозных ад зямных, не страцiла сваёй актуальнасцi. I астрабiялогiя хутка развiваецца. Пошукi, якiя вядуцца амерыканскiмi астрабiёлагамi, шмат у чым вынiкаюць менавiта з iдэй, якiя паўстагоддзя таму былi прапанаваныя нашым земляком. Найперш гэта прыстасавальнасць жывых арганiзмаў да залiмiтавых па шкоднасцi фiзiчных умоваў: да вельмi нiзкiх або вельмi высокiх тэмператур, да адсутнасцi або нiзкага ўтрымання кiслароду. Дарэчы, такiя арганiзмы знойдзены нават на Зямлi i атрымалi назву экстрамафiлаў, iх знаходзяць у самых розных месцах - пад лёдам Антарктыкi, высока ў атмасферы i нават у ядзерных рэактарах! Сучасная астрабiялогiя засноўваецца на дасягненнях бiялогii, астраномii i хiмii. У эксперыментальным плане яна выкарыстоўвае магчымасцi касманаўтыкi для вывучэння Сонечнай сiстэмы, а таксама метады астраномii i радыёастраномii для вывучэння арганiчнага складнiка мiжзоркавага асяроддзя i пошуку планетных сiстэм, падобных да Сонечнай сiстэмы. I астраномаў зноў хвалюе меркаваны колер раслiн на iншых планетах. У iнтэрнэце ёсць артыкул Нэнсi Цзян, супрацоўнiцы Iнстытута касмiчных даследаванняў у Нью-Ёрку, пад назвай «Колер раслiн на iншых планетах» [147] - якраз над гэтай тэмай усё жыццё працаваў Цiхаў.
Iмем Г. А. Цiхава названыя кратары на Марсе i Месяцы, малая планета № 2251, знойдзеная 19 верасня 1977 г. Крымскай астрафiзiчнай абсерваторыяй.

[1] Гл.: Lukaszewicz Józef. Dzieje kościołow wyznania helweckiego w Litwie. T. 1. Poznań, 1842. S. 413.

[2] Krasiński Walerjan Skorobohaty, Bursche Jul. Zarys dziejów powstania i upadku reformacji w Polsce. T. 2, cz. 2. Warszawa, 1905. S. 220.

[3] Гл.: Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. Warszawa. 1936. S. 217.

[4] Гл.: Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. S. XVI.

[5] Гл.: Konwent Polonia. Konwent Polonia - lista członków 1828-1939. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: prawo.univ.gda.pl/~konwentpolonia/05Album%20Polonorum/Album%20Polonorum%20do%201939.html - Дата доступу: 18.07.2009.

[6] Гл.: Глебов П. А. Из истории старейшей гимназии в Виленском учебном округе // Журнал Министерства народного просвещения. СПб, 1904. Июнь. С. 342-366.

[7] Камета Данацi (C/1858 L1, 1858 VI) - доўгаперыядычная камета, адкрытая iтальянскiм астраномам Джаванi Данацi 2 чэрвеня 1858 г. Найбольш блiзкага да Зямлi становiшча дасягнула 10 кастрычнiка 1858 г. Паводле сведчання Марка Твена, якi служыў тады лоцманам на Мiсiсiпi, свет ад яе дазваляў чытаць газету. Вяртанне каметы C/1858 L1 чакаецца ў XXXIX ст.

[8] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание // Цераский В. К. Избранные работы по астрономии. М.: Гостехиздат, 1953. С. 11.

[9] Гл.: Rybka E., Rybka P. Historia astronomii w Polsce. 1983. S. 238.

[10] Кандыдат унiверсiтэта - першая акадэмiчная ступень. Яна (не варта блытаць з сучаснай навуковай ступенню кандыдата навук) прысвойвалася асобам, якiя закончылi з выдатнымi адзнакамi курс унiверсiтэта. Ступень кандыдата ўнiверсiтэта пры паступленнi на дзяржаўную службу давала права на чын 10-га класа - калежскi сакратар, што адпавядала армейскаму званню штабс-капiтана.

[11] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 12.

[12] Цераскiй В. К. О прохожденiи Венеры черезъ дискъ солнца въ 1874 году // Математическiй сборник, 6:4, 1873. С. 64-73.

[13] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского // Историко-астрономические исследования. М.: Гостехиздат,1955. вып. I. С. 325.

[14] Пераменныя тыпу Алголя з'яўляюцца разнавiднасцю зацьменных падвойных зорак. Калi больш халодная зорка праходзiць перад больш гарачаю, то частка свету гарачэйшай зоркi засланяецца, i агульная яркасць пары часова змяншаецца. Прататыпам дадзенага класа зорак стала зорка Алголь (β Пярсея).

[15] Зоркi тыпу ó Кiта - зоркi з вялiкiмi перыядамi i значнымi зменамi яркасцi.

[16] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 14.

[17] Зорны час - у астраномii гэта час, у якiм працягласць сутак роўная перыяду звароту Зямлi вакол яе восi адносна нерухомых зорак. Зорны час вызначаецца з астранамiчных назiранняў. На розных мерыдыянах Зямлi зорны час розны; змене даўгаты на 15 градусаў да ўсходу адпавядае павелiчэнне зорнага часу на 1 гадзiну. 24 ч зорнага часу = 23 ч 56 мiн 4. 091 с сярэдняга сонечнага часу.

[18] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. М., 1959. С. 26.

[19] Гл.: Цераский В. К. Астрономический фотометр и его приложения С. 551-632.

[20] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 15.

[21] Гл.: Rybka E. Rybka P. Historia astronomii w Polsce. S. 240.

[22] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 20.

[23] Цэраская Лiдзiя Пятроўна (23.06.1855-22.12.1931) адукацыю атрымала на Жаночых педагагiчных курсах у Пецярбургу. З 1875 да 1916 г. - выкладчык французскай мовы. З 1898 г. сумесна з мужам В. К. Цэраскiм прыступiла да працы па пошуку новых пераменных зорак. З таго часу яе iмя цесна злучана з гiсторыяй Маскоўскай абсерваторыi (цяпер - Дзяржаўны астранамiчны iнстытут iм. П. К. Штэрнберга). Яе працы былi адзначаныя прэмiяй Рускага астранамiчнага таварыства.

[24] Гл.: Solon I. Bailey. Study of variable stars // Popular Science. 1906. Aug. P. 175.

[25] Гл.: Бугаевский А. В. Московская университетская обсерватория // Очерки истории отечественной астрономии. С древнейших времен до начала ХХ в. Киев, 1992. С. 55.

[26] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 25-26.

[27] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание С. 24.

[28] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского // Цераский В. К. Избранные работы по астрономии. М.: Гостехиздат, 1953. С. 38-42.

[29] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 34.

[30] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 32-33.

[31] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 35.

[32] Цераский В. К. Окуляр для детального изучения солнечных пятен // Труды Московской обсерватории. II серия. Т. V. 1911.

[33] Гл.: Бронштэн В. А. Неопубликованные наблюдения серебристых облаков В. К. Цераского // Историко-астрономические исследования. Вып. XII. М., 1975. С. 385-389.

[34] Цераский В. К. О светящихся облаках // Труды Московской обсерватории. II се рия. Т. II. 1890.

[35] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 37.

[36] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 36.

[37] Гл.: Остапенко Е. В. Термоэлектрические генераторы: история создания и перспективы применения // Электропанорама. Электротехнический журнал. 2007. № 12. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: elektropanorama.com.ua/ua/magazine/12_2007/economy?article=338 - Дата доступу: 18.07.2009.

[38] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 36.

[39] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 24.

[40] Гл.: Морозова С. Г., Трындин Е. Н. Фирма Трындиных в истории Российской астрономии // Историко-астрономические исследования. Вып. XXXII. М., 2007. С. 57-72.

[41] Гл.: Rybka E., Rybka P. Historia astronomii w Polsce. S. 239.

[42] Цераский В. К. Коперник и Тихо Браге // Научное слово. Кн. 1. М., 1903.

[43] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 16.

[44] Цераский В. К. Астрофотографические работы Московской обсерватории // Русский астрономический календарь на 1902 г.

[45] Цераский В. К. Записка о Московской обсерватории // Историко-астрономические исследования. Вып. IV. М., 1958. С. 577.

[46] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 23.

[47] Гл.: Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском // Историко-астрономические исследования. Вып. I. М., 1955. С. 335-336.

[48] Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском. С. 337.

[49] Цыт. паводле: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 14-15.

[50] К. А. Андрэеў (1848-1921) - вядомы матэматык, унiверсiтэцкi таварыш В. К. Цэраскага, быў прафесарам у Харкаўскiм, потым у Маскоўскiм унiверсiтэце.

[51] М. Я. Жукоўскi (1847-1921) - прафесар, матэматык i механiк, падтрымлiваў цесную навуковую сувязь з маскоўскiмi астраномамi В. К. Цэраскiм, Ф. А. Брадзiхiным, А. А. Белапольскiм.

[52] М. I. Карэеў (1850-1931) - гiсторык, аўтар капiтальных прац па гiсторыi Заходняй Еўропы. Выхаванец Маскоўскага ўнiверсiтэта, потым прафесар Варшаўскага i Пе цярбургскага ўнiверсiтэтаў.

[53] М. С. Карэлiн (1855-1899) - гiсторык, прафесар Маскоўскага ўнiверсiтэта. Аўтар ка пi тальнай працы «Раннi iтальянскi гуманiзм i яго гiстарыяграфiя» i прац па гiсторыi папства.

[54] Л. М. Лапацiн (1855-1920) - прафесар фiласофii ў Маскоўскiм унiверсiтэце, старшыня Псiхалагiчнага таварыства i рэдактар часопiса «Пытаннi фiласофii i псiха логii», спiрытуалiст i метафiзiк.

[55] Б. К. Младзееўскi (1858-1923) - матэматык, прафесар Маскоўскага ўнiверсiтэта

[56] У. С. Салаўёў (1853-1900) - сын вядомага гiсторыка С. М. Салаўёва, фiлосаф i рэлiгiйны мысляр, мiстык i iдэолаг тэакратыi.

[57] «Пытаннi фiласофii i псiхалогii» - шырока вядомы часопiс, якi выходзiў у Маскве пры Псiхалагiчным таварыстве з лiстапада 1890 г. 4-6 разоў у год. Часопiс займаўся не толькi распрацоўкай адмысловых навуковых пытанняў, але i псiхалагiчнай крытыкай адметных з'яў лiтаратуры i жыцця.

[58] Гл.: Цветков В. И. Максимилиан Волошин и естественные науки // На рубежах познания Вселенной. Историко-астрономические исследования. Вып. XXII. М., 1990. С. 381-394.

[59] Гл.: Цветков В. И. В. К. Цераский в Коктебеле // Земля и вселенная. 1974. № 6. С. 52-53.

[60] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. М., 1982. С. 136.

[61] «Пра загадку амнiбуса», лiтаральна - «Пра ўсеагульную загадку» (лац).

[62] Гл.: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского // Историко-астрономические исследования. М.: Гостехиздат, 1955. Вып. I. С. 323-324.

[63] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 325-326.

[64] Спенсэр Герберт (Herbert Spencer, 1820-1903) - англiйскi фiлосаф i сацыёлаг, адзiн з родапачынальнiкаў пазiтывiзму, яго iдэi карысталiся вялiкаю папулярнасцю напрыканцы XIX ст.

[65] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Це раского. С. 328.

[66] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 327.

[67] Рачынскi Г. А. (1859-1939) - пiсьменнiк, пiсаў на рэлiгiйна-фiласофскiя тэмы, перакладчык заходнееўрапейскай лiтаратуры, друкаваўся ў «Маскоўскiх ведамасцях».

[68] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 329.

[69] Тамсама. С. 332.

[70] Гл.: Куликовский П. Г. Витольд Карлович Цераский (к 125-летию со дня рождения) // Земля и вселенная. 1974. № 6. С. 48-51.

[71] Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском. С. 340-341.

[72] Цыт. паводле: Цветков В. И. В. К. Цераский в Коктебеле. С. 52-53.

[73] Гл.: Вся Москва: Адресная и справочная книга на 1917 год. М.: Суворин «Новое время», 1917. С. 526.

[74] Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском. С. 341.

[75] Гл.: Lutz D. Schmadel. Dictionary of minor planet names. International Astronomical Union. 2003. S. 75.

[76] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 9-10.

[77] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 13.

[78] Гл.: Выпускники Литовской духовной семинарии 1830-1891, 1903, 1913 гг. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: petergen.com/bovkalo/duhov/litsem.html - Дата доступу: 12.10.2009.

[79] Гл.: История Смолевичской церкви во имя святого Николая Чудотоворца. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: smaliavichy.by/?p=1588 - Дата доступу: 12.10.2009.

[80] Гл.: Священномученик протоирей Владимир Зубкович. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: minds.by/seminary/znam_vipuskniki/zubkovich.html - Дата доступу: 12.10.2009.

[81] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 14-15.

[82] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 20.

[83] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 23-24.

[84] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 25.

[85] Шварцшыльд Карл (Schwarzschild, 1873-1916) - нямецкi астраном. Склаў каталог фатаграфiчных велiчыняў 3500 зорак, адзiн са стваральнікаў сучаснай тэарэтычнай астрафiзiкi. Асноўныя працы звязаныя з тэорыяй зорных атмасфер i тэорыяй унутранай будовы зорак. Упершыню атрымаў дакладнае рашэнне раўнанняў тэорыi рэлятыўнасцi Эйнштэйна, прадказаў з'яву гравiтацыйнага калапсу i разлiчыў крытычны радыус калапсу - радыус Шварцшыльда.

[86] Гл.: Воробьева Е. Я. К истории вопроса о космической дисперсии света // Историко-астрономические исследования. Вып. 12. М., 1975. С. 157-169.

[87] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. // Астрономический календарь. М., 1976. С. 252.

[88] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 41-55.

[89] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 48.

[90] Тэлурычныя лiнii - спектральныя лiнii, якiя ўтвараюцца ў спектрах нябесных свяцiлаў у вынiку паглынання святла малекуламi газаў зямной атмасферы

[91] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. // Историко-астрономические исследования. Вып. XV. 1980. С. 77.

[92] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 56.

[93] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 57-61.

[94] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 251, 254.

[95] Гл.: Морозов Н. А. Вселенная: III книга из сборника «Итоги науки в истории и практике». Изд. Товарищества «Мир», 1911. С. 614.

[96] Нордман Шарль (Charles Nordman) - французскi астраном, прапагандыст тэорыi рэлятыўнасцi.

[97] Вiльд (Wild) Генрых (17.12.1833-23.08.1902) - фiзiк i геафiзiк, швейцарац па паходжаннi. Вучыўся ў Цюрыху, Кёнiгсбергу i Гейдэльбергу. У 1858-1868 гг. прафесар фiзiкi i дырэктар астранамiчнай абсерваторыi ў Берне. У 1868 г. абраны экстраардынарным акадэмiкам Пецярбургскай АН i дырэктарам Цэнтральнай фiзiчнай абсерваторыi. Заснаваў сетку метэаралагiчных станцый у Швейцарыi i Расii. Сканструяваў шэраг фiзiчных i метэаралагiчных прыбораў. Арганiзаваў апрацоўку i праверку метэаралагiчных назiранняў. Прэзiдэнт Мiжнароднага метэаралагiчнага камiтэта (з 1879), старшыня Мiжнароднай палярнай камiсii (з 1880).

[98] Гл.: Мельников О. А. Научно-биографический очерк и комментарии // Белопольский А. А. Астрономические труды. М.,1954. С. 7-58.

[99] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 253.

[100] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 62.

[101] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 81-82.

[102] Тихов Г. А. Астробиология. М., 1953. С. 15.

[103] Морам на Марсе (як i на Месяцы) навукоўцы называюць цёмныя ўчасткi паверхнi планеты.

[104] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 77.

[105] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. М., 1982. С. 41.

[106] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 253.

[107] Храмасфера - адзiн з пластоў атмасферы Сонца. Пратуберанцы - струменi з распаленых газаў, назiраныя на баку дыска Сонца.

[108] Папялiстае святло Месяца - гэта тое слабое святло, якiм свецiцца ўвесь Месяц, калi яго яркая частка мае выгляд вузкага сярпа.

[109] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 73-74

[110] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 79.

[111] Каптэйн Якаб Карнелiус (Kapteyn Jacobus Cornelius, 1851-1922) - нiдэрландскi астраном. Адным з першых выкарыстаў у астраномii фатаграфiю i статыстычныя метады для вывучэння руху i размеркавання ў прасторы зорак. Распрацаваў (1906) план усебаковага даследавання зорак на 206 абраных пляцоўках (так званыя пляцоўкi Каптэйна).

[112] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 80.

[113] Гл.: Валянский С. И., Недоселина И. С. Отгадчик тайн, поэт и звездочет. М., 2004. С. 664.

[114] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. С. 56.

[115] Гл.: Валянский С. И. История и астрономия. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: hronotron.narod.ru/pred/morozov/hist_astr.txt - Дата доступу: 19.10.2009.

[116] Гл.: Суслов А. К. Студенческие астрономические кружки в Петербурге // Историко-астрономические исследования. Вып III. М., 1957. С. 654.

[117] Гл.: Ходаковская О. И. Нина Михайловна Штауде - монахиня и учёный (1888-1980) [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: mitropolia-spb.ru/news_detail.php?ID=2386 - Дата доступу: 20.10.2009.

[118] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. С. 62.

[119] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 68.

[120] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 76.

[121] Цыт. паводле: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. С. 99.

[122] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 255.

[123] Гл.: Бронштэн В. А. Разгром Общества любителей мироведения // Природа. 1990. № 10. С. 122-126.

[124] Гл.: Справка КГБ СССР о судьбе пулковских астрономов // Историко-астрономи ческие исследования. Вып. 22. М.: Наука, 1990. С. 482-490.

[125] Гл.: Штауде Н. М. Автобиография // Историко-астрономические исследования. Вып. 22. 1990. С. 395-466.

[126] Гневышев М. Н. Свершения и тревоги Пулкова // Историко-астрономические исследования. Вып. 21. 1989. С. 342-368.

[127] Мартынов Д. Я. Пулковская обсерватория в годы 1926-1933 // Историко-астрономические исследования. Вып. 17. 1984. С. 425-449.

[128] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 61.

[129] Гл.: Гневышев М. Н. Свершения и тревоги Пулкова. С. 342-368.

[130] Гл.: Тейфель В. Как в Казахстане родилась астробиология // Известия - Казахстан. 20.05.2005.

[131] Родная дачка Цiхава - Таццяна Гаўрыілаўна, геолаг, аўтар кнiгi «Тайга и горы. Из рассказов геолога Тагиловой» (Ленинград, 1962) .

[132] Гл.: Наука и жизнь. 1973. № 6. С. 52-53.

[133] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 73-83.

[134] Гл.: Гневышев М. Н. Свершения и тревоги Пулкова.

[135] Гл.: Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 97.

[136] Гл.: Зигель Ф. Обитаем ли Марс? // Мир приключений. 1957. С. 18.

[137] Гл.: Творческое наследие академика Сергея Павловича Королева. М.: Наука, 1980. С. 323.

[138] Тейфель В. Гавриил Тихов - звезда первой величины // Казахстанская правда. 30.11.2007

[139] Стругацкий Б. Из писем к Б. Штерну // Миры братьев Стругацких: собр. соч. Стругацких. Т. 12. СПб., 2003. С. 309-346.

[140] Гл.: Из воспоминаний Н. Н. Парийского // Вестник ОГГГН РАН. 2000. № 4 (14), С. 1-15.

[141] Гл.: Штауде Н. М. Автобиография.

[142] Гл.: Тейфель В. Как в Казахстане родилась астробиология.

[143] Крык Фрэнсiс Хары Комптан (Crick, 1916-2004) - англiйскi бiяфiзiк i генетык. У 1953 г. сумесна з Дж. Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (падвойную спiраль), што дазволiла растлумачыць шматлiкiя яе ўласцiвасцi i бiялагiчныя функцыi i распачаць малекулярную генетыку. За працы па расшыфроўцы генетычнага кода атрымаў Нобелеўскую прэмiю (1962, сумесна з Дж. Уотсанам i М. Уiлкiнсам).

[144] Наука и жизнь. 1973. № 6. С. 52-53.

[145] Даведка: сярэдняя тэмпература на паверхнi Марса -63 °С (мiнiмальная -140 °С, максiмальная +20 °С); сярэдняя тэмпература на Зямлi +15 °С. Газавы склад атмасферы Марса такi: 95 % вуглякiслага газу, каля 3 % азоту, больш за 1,5 % аргону. Атмасфера Землi цалкам iншая: 77 % азоту, 21 % кiслароду, усе iншыя складнiкi - 2 %.

[146] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 79.

[147] Нэнси Цзян. Цвет растений на других планетах // В мире науки. 2008. № 7. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: elementy.ru/lib/430636 - Дата доступу: 24.10.2009.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX