Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. I зорнае неба над галавой…

Частка II. У Расійскай iмперыi 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: 'І зорнае неба над галавой…': Нарысы з гісторыі астраноміі / Леанід Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.

Спампаваць




Вітольд Карлавіч Цэраскі

Гаўрыіл Андрыянавіч Ціхаў

Вітольд Карлавіч Цэраскі

Ён з тых, у кім праўда малых ісцін

I авалоданне законамі натуры

У сэрцах не туманіць сузірання

Тварца сусветаў у яго праявах.


Праз лікаў тонкую вуаль і формул

Выносіў Бога твар да твару ён,

Як і першнастаўнікі навукі:

Пастэр і Дарвін, Ньютан і Паскаль.

Максіміліян Валошын.

«Памяці В. К. Цэраскага»

(Пераклад С. Судніка)


Вядомы астрафізік канца XX - пачатку XX ст., піянер інструментальнай фотаметрыі і заснавальнік маскоўскай школы фотаметрыстаў Вітольд Карлавіч Цэраскі (Wіtold Mіchał Henryk Ceraskі) нарадзіўся 9 мая 1849 г. у горадзе Слуцку.

Цэраскія - выхадцы з роду рэфармацкіх пастараў, прозвішча паходзіць ад лацінскага слова «cera» - «воск».

Iнфармацыі пра род Цэраскіх не шмат. У спісе ўсіх 42 пратэстанцкіх пастараў ВКЛ за 1754 г. прысутнічае і Міхал Цэраскі [1]. Паводле Валерыяна Красінскага, «Радзівілішкі (Radzіwіlіszkі) - даўняя ўласнасць і, пэўна, фундацыя біржанскіх Радзівілаў, на мяжы з Курляндыяй, пратэстанцкі збор захаваўся да нашых дзён (1905 г. - Л. Л.). 1754 г. штодня тут бываў пастар Міхал Цэраскі» [2]. Мне ўдалося знайсці ўпамінанне пра шлюб дзеда астранома - Юзафа Цэраскага з Багумілай Навалінскай у 1795 г. [3]. Юзафа Цэраскага хрысцілі ў парафіі евангелістаў-рэфарматараў у Новым Месце (Nowe Mіasto), а Багумілу Навалінскую (нарадзілася 11.11.1773 г.) - у парафіі евангелістаў-рэфарматараў у Швабішках (Szwabіszkі), кнігі метрык захоўваюцца ў Архіве Сінода евангелістаў-рэфарматараў у Вільні [4]. Вядома пра двух сыноў Юзафа Цэраскага - Карла і Міхала. Бацька будучага астранома Карл Цэраскі (1817-1864) быў высокаадукаваным чалавекам з шырокімі інтарэсамі і пасля заканчэння ўніверсітэта ў Дэрпце (Тарту) працаваў выкладчыкам геаграфіі Слуцкай гімназіі. Дзядзька астранома Міхал Цэраскі (1814-1870) таксама закончыў Дэрпцкі ўніверсітэт і па сямейнай традыцыі працаваў евангелісцкім пастарам у Дзевалтове (Dzіewałtowіe), Біржах і Койданаве, актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1863 г. [5].

Карл Цэраскі перадаў сваім дзецям цікавасць да навук, мастацтва, літаратуры і гісторыі. Iнтэлектуальная атмасфера сям'і спрыяла развіццю інтарэсаў малога Вітольда. Дзяцінства Цэраскага прайшло ў асяроддзі сяброў бацькі - педагогаў гімназіі. Дарэчы, Слуцкая гімназія - адна з найстаражытнейшых навучальных устаноў у Беларусі. Згодна з граматай князя Януша Радзівіла ад 7 мая 1617 г. у Слуцку быў заснаваны евангелічны храм і вучэльня пры ім, заняткі ў вучэльні пачаліся з восені 1617 г. [6].

Цэраскі рана пачаў цікавіцца дакладнымі навукамі, а з'яўленне на небе ў 1858 г. яркай каметы Данаці [7] абудзіла цікавасць да астраноміі. Гэтую цікавасць падтрымліваў яго выкладчык матэматыкі Герман і выкладчык прыродазнаўчых навук Вагнер, пра якіх Вітольд Карлавіч успамінаў з вялікай удзячнасцю. Цэраскі меў магчымасць назіраць у маленькі тэлескоп фізічнага кабінета Сонца, Месяц, Юпітэр, што прыносіла яму вялікае задавальненне. Вучань Цэраскага прафесар С. М. Блажко згадваў, што «нацыянальны рух у заходніх губернях Расіі выклікаў рэакцыю царскага ўрада, якая пракралася і ў навучальныя ўстановы; школьны рэжым рэзка змяніўся, вучням забаранілі выдачу навуковых кніг са школьнай бібліятэкі. Вітольд Карлавіч, які вельмі хацеў прачытаць кнігу Гершэля "Нарысы астраноміі" ў перакладзе… змог дастаць гэтую кнігу толькі з вялікай цяжкасцю» [8].

У 1867 г. Цэраскі закончыў гімназію і, нягледзячы на цяжкія матэрыяльныя ўмовы, выкліканыя смерцю бацькі, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Сродкі для існавання даводзілася здабываць прыватнымі ўрокамі, і таму ўжо з другога курса ён пачаў працаваць у якасці звышштатнага вылічальніка ў Астранамічнай абсерваторыі, тут яму быў выдзелены пакой для жыцця. Так пачалася шматгадовая кар'ера Цэраскага ў абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта. Дырэктарам абсерваторыі ў той час быў швейцарац Каспар Готфрыд Швайцар (1816-1873) (Kaspar Gottfrіed Schweіzer). Ён не ведаў рускай мовы і не мог выкладаць ва ўніверсітэце. Дырэктар - высакакласны астраном-назіральнік і вялікі педант - скрупулёзна сачыў за тым, каб малады вылічальнік займаўся на працы толькі сваімі абавязкамі. Цэраскаму, які меў шырокія інтарэсы ў жыцці, даводзілася хаваць неастранамічныя кнігі ў стол. Ва ўніверсітэце ён слухаў лекцыі матэматыкаў Бугаева і В. Я. Цынгера, механіка Ф. А. Слудскага. Курс астраноміі чытаў прафесар Ф. А. Брадзіхін. Пад уплывам апошняга Цэраскі абраў астрафізічны кірунак для сваёй будучай навуковай дзейнасці. На чацвёртым курсе ўніверсітэта Цэраскі напісаў працу, прапанаваную факультэтам, на тэму: «Вылічэнне эліптычнай арбіты Марса па трох назіраннях» і атрымаў за яе залаты медаль [9].

У 1871 г. Цэраскі закончыў універсітэт са ступенню кандыдата [10] і быў пакінуты тут са стыпендыяй, а потым атрымаў месца звышштатнага асістэнта абсерваторыі. Астраномам-назіральнікам быў у той час А. I. Грамадскі. Прафесар М. А. Кавальскі запрашаў Вітольда Цэраскага ў Казань на пасаду астранома-назіральніка, але ён застаўся працаваць у Маскоўскай абсерваторыі. У 1873 г., пасля смерці Швайцара, дырэктарам абсерваторыі стаў Брадзіхін, і Цэраскі пачаў займацца навуковай дзейнасцю.

Першым даручэннем ад Брадзіхіна была экспедыцыя па назіранні праходу Венеры па дыску Сонца 9 снежня 1874 г. У той час ускладаліся вялікія надзеі (яны не апраўдаліся), што гэтым метадам удасца дакладна вызначыць паралакс Сонца [11]. Перад выездам у экспедыцыю Цэраскі апублікаваў артыкул з інфармацыяй пра гісторыю назіранняў гэтай з'явы і з разлікамі яе момантаў для 41 населенага пункта Расіі. У пачатку артыкула ён пісаў: «Велізарная цікавасць, з якой чакаецца ў астранамічным свеце праход 1874 года, тлумачыцца не рэдкасцю з'явы, якая адбылася ў апошні раз больш за сто гадоў таму, а важнасцю высноў, якія, як можна спадзявацца, будуць выведзены з назіранняў…» [12].

Для назірання экспедыцыя Цэраскага выехала ў сібірскі гарадок Кяхта, каля мяжы з Кітаем. Цэраскі ніколі не адрозніваўся моцным здароўем, а доўгі конны шлях праз усю Расію з астранамічным абсталяваннем быў цяжкі. Калі ж наступіў чаканы дзень, надвор'е не дазволіла правесці паўнавартасныя назіранні. Праз 15 гадоў навуковец з гумарам пісаў у асабістым дзённіку пра сваю няўдалую экспедыцыю: «Я ехаў амаль пяць тыдняў да слаўнага па прыгажосці Байкала, спусціўся на поўдзень, і, на маё здзіўленне, аказалася, што я ўсё яшчэ ў Расіі. Мне нават сказалі, што Расія тут не заканчваецца, што яна ідзе да Берынгава праліва і да Японскага мора, што ёсць нейкі "Усурыйскі край"… што Расіі належыць Самарканд, пра які Шахеразада распавядала такія цудоўныя казкі, і палымяная Калхіда, і святая вяршыня Арарат…» [13]. Няўдача гэтай экспедыцыі шмат чаму навучыла Цэраскага. I пазней замест арганізацыі выездаў з няпэўнымі вынікамі ён выдзяляў грошы на закуп абсталявання з наступнымі назіраннямі ў стацыянарнай абсерваторыі.

Па вяртанні з Кяхты Цэраскі атрымаў пасаду звышштатнага асістэнта, а ў 1878 г. - астранома-назіральніка ў абсерваторыі. Ад ным з першых ён пачаў выкарыстоўваць фатаграфію ў астраноміі. Ён атрымаў ў 1875-1876 гг. здымкі сонечных плям і факелаў на фотагеліёграфе Дальмеера. Неўзабаве іншая галіна астрафізікі прыцягнула ўвагу Вітольда Цэраскага - астрафотаметрыя, якая стала потым галоўным кірункам ягоных навуковых заняткаў, і працы менавіта ў гэтай галіне прынеслі яму вядомасць у асяроддзі навукоўцаў. Працай па фатаграфаванні Сонца ў 1877 г. заняўся А. А. Белапольскі.

Сур'ёзных прац па астрафотаметрыі ў той час было не шмат. Можна назваць працы Зейдэля і Цэльнера, які прапанаваў канструкцыю астрафатометра, распачыналіся астрафотаметрычные працы ў абсерваторыі Гарвардскага каледжа ў Кембрыджы. Вітольд Цэраскі стаў адным з піянераў у гэтай параўнальна маладой галіне астраноміі. З першых жа гадоў працы ён спланаваў сабе праграму вызначэння зорных велічынь каляпалярных зорак і пачаў яе выкананне пры дапамозе набытага аб серваторыяй астрафатометра сістэмы Цэльнера. Але гэтая прылада і метады працы з ёй былі тады яшчэ мала даследаваныя, Цэраскі крытычна даследаваў астрафатометр Цэльнера, імкнучыся яго ўдасканаліць, а паралельна распрацоўваў новыя прыёмы назірання. Гэтыя даследаванні друкаваліся ў 1876 г. у «Працах Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі» і зрабіліся асновай ягонай магістарскай дысертацыі. 29 студзеня 1883 г. Цэраскі абараніў дысертацыю на ступень магістра «Пра вызначэнне бляску белых зорак». Тут вызначалася яркасць 500 белых зорак з мэтаю стварэння фундаментальнага фотаметрычнага каталога ў сучаснай сістэме зорных велічыняў.

У 1879 і 1880 гг. Вітольд Карлавіч адкрыў дзве новыя пераменныя зоркі: адну тыпу Алголя [14], другую тыпу ó Кіта [15]. У той час адкрыццё пераменных зорак было рэдкасцю, бо фатаграфічныя назіранні яшчэ не мелі такога значэння ў астраноміі, як цяпер.

У другой палове 1870-х гг. па рэкамендацыі Брадзіхіна Цэраскі пачаў чытаць лекцыі па фізіцы на Лубянскіх жаночых курсах (пасля - Вышэйшыя жаночыя курсы). Ён меў вялікі поспех як таленавіты лектар і прыцягнуў сімпатыі слухачак сваім удзелам у развіцці жаночай адукацыі.

Ва ўніверсітэце Цэраскі пачаў выкладаць у 1882 г. - яшчэ будучы астраномам-назіральнікам, да абароны магістарскай дысертацыі. Яму было даручанае кіраўніцтва ў абсерваторыі практычнымі заняткамі і назіраннямі студэнтаў. Абсерваторыю з гэтай мэтай наведвалі толькі нешматлікія студэнты па адмысловым дазволе дырэктара. У справаздачах Брадзіхіна ёсць цікавыя заўвагі адносна «побытавых умоў» у наваколлі абсерваторыі: «На жаль, адсутнасць шашы і глыбокая гразь увосень і ўвесну ў завулках каля абсерваторыі складаюць вялікую перашкоду для наведвання абсерваторыі студэнтамі, заявы прафесара пакідаюцца муніцыпалітэтам без наступстваў» (1882 г.). Да таго часу адносіцца і аповед Цэраскага пра тое, што рамізнікі ў дажджлівую пару года з прычыны жудаснай гразі часам не давозілі з горада да абсерваторыі, а, спыніўшыся на некаторай адлегласці ад яе, прапаноўвалі людзям самім шукаць далейшы шлях. Аднак напрыканцы 1880-х гг. завулак (ён зваўся тады Вялікім Мікольскім) быў забрукаваны [16].

Цэраскі чытаў усе асноўныя курсы па астраноміі: апісальную, сферычную, тэарэтычную і практычную. Яго лекцыі карысталіся вялікім поспехам, курс апісальнай астраноміі наведвалі нават студэнты іншых факультэтаў. Дакладнасць і вытанчанасць выкладання прынеслі яму легендарную вядомасць. Шматлікія выпускнікі Маскоўскага ўніверсітэта адзначалі майстэрства выкладчыка. Напрыклад Г. А. Ціхаў успамінаў: «Астраномію чытаў прафесар Вітольд Карлавіч Цэраскі. Рабіў ён гэта надзіва проста і займальна. Апісальную астраномію студэнты слухалі стаіўшы дыханне. Калі ж выводзіліся даволі сумныя і доўгія формулы па сферычнай і тэарэтычнай астраноміі і на тварах студэнтаў з'яўляліся прыкметы безуважлівасці, Цэраскі ажыўляў слухачоў або вясёлаю прымаўкаю, або паказам якога­небудзь прыбора. Памятаю такі выпадак. Трэба было растлумачыць, як пераходзяць ад сярэдняга сонечнага часу да зорнага [17]. Прафесар вымае з левай кішэні камізэлькі гадзіннік, паказвае колькі зараз часу і кажа: "Знойдзем, які зорны час будзе праз пяць хвілін". Робіць на дошцы вылічэнне. Праз пяць хвілін пасля адзначанага сярэдняга часу Вітольд Карлавіч вымае з правай кішэні камізэлькі другі гадзіннік. Ён паказвае хвіліна ў хвіліну тое, што вылічана на дошцы» [18].

З канца 1883 г. да сярэдзіны 1884 г. В. К. Цэраскі прабыў у навуковай камандзіроўцы ў Нямеччыне, дзе наведаў розныя абсерваторыі, знаёмячыся з іх працай, і слухаў лекцыі Гельмгальца і іншых выбітных навукоўцаў. У 1884 г. ён ажаніўся з Лідзіяй Пятроўнай Шэлехавай (18551931). 20 лістапада 1884 г. быў абраны прыват-дацэнтам. У тыя гады Цэраскі працягваў назіранні і даследаванні астрафатометра, якія далі матэрыял для ягонай доктарскай дысертацыі «Астранамічны фатометр і яго выкарыстанне». У дысертацыі ён выклаў прынцыпы ўдасканальвання астрафатометра, які ў выніку атрымаў назву фатометра Цэльнера - Цэраскага. Дысертацыя была надрукаваная ў «Матэматычным зборніку» [19] Маскоўскага матэматычнага таварыства, але абараніў даследчык яе ў Пецярбургу, дзе і атрымаў 30 мая 1888 г. ступень доктара [20].

У 1889 г. Цэраскі здзейсніў другую камандзіроўку за мяжу і наведаў Парыж з яго сусветнай выставай, а пасля вяртання стаў надзвычайным прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта (ганаровым прафесарам у 1907 г.).

У 1890 г. Брадзіхін перайшоў у Пулкаўскую абсерваторыю, і Вітольд Карлавіч Цэраскі заняў пост дырэктара абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта. На гэтай пасадзе ён працаваў 25 гадоў. Да рэпутацыі строгага і абачлівага прыродазнаўцы і бліскучага лектара ён далучыў рэпутацыю выбітнага арганізатара навукі. З першых жа гадоў дырэктарства Вітольда Карлавіча пачалося абнаўленне абсерваторыі.

Дзве акалічнасці паспрыялі Цэраскаму. Па-першае, купец А. А. Назараў, яго ўніверсітэцкі таварыш, выдзеліў са сваіх сродкаў суму на паляпшэнне абсерваторыі, даўшы поўную свабоду набываць неабходнае абсталяванне ў найлепшых фірмаў. Па-другое, Цэраскі дамогся, што з першага ж асігнавання ўрада была выдзеленая сума не толькі на будаўнічыя работы, але і на астранамічнае абсталяванне. На сродкі А. А. Назарава, акрамя гарманічнага аналізатара і некалькіх дробязяў, у 1890 г. быў замоўлены 110-міліметровы (4 англійскія цалі) аб'ектыў-апланат. Для кароткафокуснага тэлескопа-астрографа з гэтым аб'ектывам (для магчымасці фатаграфавання зорнага неба ў малым маштабе, але цэлымі сузор'ямі) майстра Хейд (Heyde) у 1895 г. у Дрэздэне па праекце Цэраскага вырабіў высокадакладную паралактычную манціроўку. Цэраскі даў прыладзе назву «экватарыяльная камера», і на гэтай камеры з 1895 г. была арганізаваная першая сістэматычная служба пошуку і вывучэння пераменных зорак фатаграфічным шляхам [21]. Да сёння Маскоўская «шкляная бібліятэка фотапласцінак» (негатываў фарматам 24 × 30 см) адна з самых багатых у свеце [22]. Да гэтай працы Цэраскі прыцягнуў сваю жонку, і яна адкрыла 219 пераменных зорак [23]. Амерыканскі часопіс «Popular Scіence» пісаў у жніўні 1906 г.: «Спадарыня Л. Цэраская, жонка дырэктара астранамічнай абсерваторыі ў Маскве, знайшла вялікую колькасць пераменных зорак пры вывучэнні фатаграфій, зробленых астраномам той жа абсерваторыі Блажко. Мадам Цэраская была асабліва паспяховая ў пошуках пераменных зорак тыпу Алголь. Гэта вельмі добры вынік, калі ўлічыць той факт, што з 3000 вядомых цяпер пераменных зорак выяўлена толькі трыццаць восем тыпу Алголь» [24].

Цэраскі дамогся выдзялення 100 000 рублёў і істотна перабудаваў абсерваторыю. У 1895-1896 гг. яе падоўжылі на поўнач: былі пабудаваныя цудоўная аўдыторыя з двума цаглянымі слупамі для практычных заняткаў студэнтаў, падземны пакой, дзе праз нейкі час быў усталяваны галоўны гадзіннік абсерваторыі, паміж круглай залай і аўдыторыяй быў уладкаваны невялікі архіў для захоўвання журналаў назіранняў і іншых навуковых дакументаў. Была ўзведзеная галоўная цыліндрычная трохпавярховая вежа, а пад яе новым металічным купалам у 1900 г. усталяваны самы буйны на той час у Расіі 15-цалевы падвойны (з візуальнай і фатаграфічнай трубамі па 6 м даўжынёю) даўгафокусны рэфрактар-астрограф дзвюх знакамітых фірмаў: братоў Анры (оптыка) і братоў Рэпсальдаў (паралактычная манціроўка). Падвойны астрограф праслужыў тры чвэрці стагоддзя і цяпер, пасля рэстаўрацыі ў 1990-я гг., застаецца дзейным музейным экспанатам.

Апошняя перабудова астранамічнага комплекса закончылася ў 1903 г., калі на сродкі А. А. Назарава нямецкая фірма братоў Гейдэ пабудавала вежу (вядомую як «назараўская»), і ў ёй усталявалі 7-цалевы рэфрактар-апахрамат Цэйса. Мадэрнізавалі мерыдыянны круг з ягоным павільёнам [25]. Калі на Прэсню быў праведзены электрычны ток, зрабілі электрычнае асвятленне абсерваторыі і электрычнае кручэнне вялікага купала (да таго часу круцілі механізм рукамі). Каб засцерагчы мерыдыян абсерваторыі ад узвядзення высокіх будынкаў, на хадайніцтва Цэраскага кіраўніцтва ўніверсітэта купіла ўчастак зямлі на поўнач ад абсерваторыі. Пабудавалі невялікую метэаралагічную абсерваторыю, якая не перашкаджала астранамічным назіранням. На іншы бок участка, на поўдзень, дзе мясцовасць спускаецца да Масквы-ракі, Цэраскі атрымаў сарвітут, які забараняў на гэтай зямлі на працягу 99 гадоў узвядзенне высокіх будынкаў у паласе шырынёю 10 сажняў ад абсерваторыі да Масквы-ракі. На хадайніцтва Цэраскага Гарадская ўправа распарадзілася завулак абсерваторыі засадзіць дрэвамі.

Пасля ўсіх перабудоў абсерваторыя Маскоўскага ўніверсітэта стала другой па значнасці ў Расіі.

Вітольд Карлавіч любіў сваю абсерваторыю. Зрэдку ў цесным коле ён дазваляў сабе з задавальненнем казаць, што «атрымаў абсерваторыю драўлянай, а пакідае яе мураванай» [26].

У гады рэвалюцыі 1905 г. абсерваторыя мела рэальную небяспеку з прычыны блізкіх баёў, а таксама таму, што менавіта ў ёй знаходзілася бальшавіцкая таемная яўка, узначаленая супрацоўнікам абсерваторыі П. К. Штэрнбергам (партыйны псеўданім Месяцовы), пра што Цэраскі не падазраваў.

* * *

Клопаты па абнаўленні абсерваторыі не парушалі навуковай працы яе дырэктара. Ён дбайна працягваў назіранні са сваім астрафатометрам. Пры назіраннях Цэраскі выявіў фізіялагічную памылку, якая раней нікім не была заўважаная. Ён знайшоў, што адносны бляск дзвюх зорак, якія стаяць побач, залежыць ад іх узаемнага размяшчэння, таму варта ў астрафатометры ставіць назіраную зорку і направа, і налева ад штучнай. Ягоныя тэарэтычныя працы па вызначэнні хібнасцяў пры фотаметрычных вымярэннях атрымалі прызнанне, і ягоны метад вымярэнняў быў прыняты іншымі назіральнікамі [27]. Цэраскі распаўсюдзіў свае фотаметрычныя даследванні на зорныя скупнасці h і x Персея (у 18911893 гг.) і ў сузор'і Валасы Веранікі ў 1897-1901 гг. У першай скупнасці ён з вялікай дакладнасцю вызначыў зорныя велічыні 70 зорак ад 6,4 m да 8,0 m і многіх больш слабых, да 13,2 m, у Валасах Веранікі зорныя велічыні 82 фундаментальных зорак ад 6,4 m да 8,0 m і многіх зорак да 13,5 m. У 1906 г. ён адкрыў пераменную зорку RW Вознага. Таксама ён знайшоў адзін з відаў выбуховых зорак - падвойную зорку - U Блізняцоў.

Цэраскі цікавіўся пераважна распрацоўкай метадалогіі. Самі аб'екты даследавання цікавілі яго вельмі мала. Так, напрыклад, у 1879 і 1880 гг. ён выпадкова адкрыў дзве новыя пераменныя зоркі: U і Т Цэфея. Нягледзячы на тое што тады такіх аб'ектаў было вядома я шчэ не шмат, Цэраскі не зацікавіўся высвятленнем закону змены бляску гэтых зорак (пасля выявілася, што першая з іх - тыпу Алголя, другая доўгаперыядычная пераменная). Таксама мала цікавіла яго фізічная прырода і іншых пераменных і новых зорак, якія ён назіраў. Ён працяглы час вымяраў сваім фатометрам бляск новай зоркі ў Возным ў 1892 г. і ў Персеі 1901 г. Для першай з іх ён атрымаў дакладныя вымярэнні бляску за 16 дзён, прасачыўшы змены яе бляску ад 5-й да 12-й зорнай велічыні, але крывую бляску пабудаваць не спрабаваў. Відавочна, што ён бачыў сваю задачу ў вырашэнні іншых пытанняў, і тым не менш 10 ягоных артыкулаў прысвечаны пераменным і новым зоркам [28].

Неаднойчы Цэраскі звяртаўся да назіранняў метэораў і пачынаючы з 1878 г. прысвяціў ім сем артыкулаў. Ён прапанаваў вызначаць каардынаты метэорнага радыянта незвычайным спосабам - аналітычна, больш дакладна. Потым Цэраскі склаў карту вобласці неба ў сузор'і Персея для нанясення на яе шляхоў метэорнага струменя Персеідаў. Гэтая карта шырока выкарыстоўвалася назіральнікамі і была выдадзеная двойчы. У 1898 г. Цэраскі прапанаваў зручны інструментальны метад вызначэння вуглавой хуткасці метэораў [29].

Ён звярнуў увагу на выгоды назірання абодвума вачамі і прапанаваў злучэнне дзвюх астранамічных труб у астранамічны бінокль. Як толькі ў яго рукі трапіў новы ў той час тып бінокля - прызмавы бінокль, яшчэ мала святласільны, з малымі аб'ектывамі, ён прыдумаў новы тып бінокля для астранамічных назіранняў, які складаецца з дзвюх труб сістэмы Кеплера з аб'ектывамі па 30 мм дыяметрам і павелічэннем ў чатыры разы. Навядзенне на фокус з улікам адрознення ў зроку абодвух вачэй назіральніка ажыццяўлялася дадатковым перасоўваннем аднаго з аб'ектываў. У яго можна было ўбачыць зоркі да 8,5 велічыні. Лёгкі алюмініевы корпус рабіў гэты бінокль зручным у выкарыстанні. Гэты прыбор шырока рэкамендаваўся аматарам астраноміі [30]. Астранамічныя біноклі - і сёння іх любімыя прыборы.

Павялічаная абсерваторыя запатрабавала наяўнасці ў кожнай вежы дакладнага астранамічнага гадзінніка, і Цэраскі вынайшаў спосаб электрычнага параўнання маятнікаў і праверкі ходу гадзіннікаў.

Частковае сонечнае зацьменне 1897 г. навяло яго на думку пра магчымасць выявіць сляды месяцовай атмасферы пры даследаванні бачных дэфармацый сонечных плям паблізу месяцовага краю.

Метады вывучэння Сонца таксама ўвесь час цікавілі Цэраскага. Ён апублікаваў тры серыі вызначэнняў каардынатаў сонечных плям. Для вызначэння дакладнага маштабу здымкаў на геліёграфе ён прыдумаў адмысловую касету, на якую пэўным спосабам «перанёс» ніці акуляра пасажнай прылады, вуглавая адлегласць паміж імі была старанна вызначаная праз назіранні зорак.

У 1906 г. Цэраскі вынайшаў просты акуляр для дэталёвага вывучэння сонечных плям, які дае магчымасць назіраць, не дыяфрагмуючы аб'ектыў. З гэтым акулярам Вітольд Карлавіч назіраў у 15-цалевы рэфрактар тонкія дэталі сонечнай паверхні [31]. Пра назіранні з акулярам сваёй канструкцыі ён напісаў: «У траўні - чэрвені бягучага года я назіраў сонечныя плямы з нашым 15­цалевым рэфрактарам пры цалкам адкрытай адтуліне, павелічэнне было 435 разоў. У нашым клімаце выгляд Сонца… надзвычай дрэнны, толькі на працягу кароткіх імгненняў яно бывае спакойным, і тады на паверхні Сонца і ў плямах бачна дзіўная колькасць дэталяў… цені плям уяўляліся мне як густыя аблокі цёмнага сіне­фіялетавага колеру, дно іх было далёка не аднастайнае… можна было адрозніць вельмі разнастайныя адценні… Цені мелі па краях вялікую колькасць тонкіх прыдаткаў, падобных да зубцоў грабянца, тонкія карані ці лапкі казурак… 25-26 мая я бачыў асляпляльнае воблака, якое плыло над плямай… яно мне падалося жаўтлявым і больш яркім, чым паверхня Сонца. 20 мая такое самае воблака зусім змяніла сваю структуру за 24 гадзіны і з зусім аднастайнага стала касмыкаватым. Часам былі прыкметныя доўгія паходні, якія праходзяць праз паўцень… 19 мая на ўсходнім краі з'явілася група плям, вакол якіх перапляценне паходняў праектавалася на грануляваную паверхню Сонца. Было відавочна, што ніякая замалёўка не можа перадаць усе гэтыя тонкія дэталі, гэтаксама, як і ніякі фатаграфічны працэс не можа перадаць усе бясконцыя градацыі адценняў пачынаючы ад асляпляльнага святла паходняў і заканчваючы вельмі цёмнымі адценнямі ўнутранасці плям» [32].

Iмя Цэраскага назаўжды злучанае з адкрыццём рэдкай і вельмі прыгожай з'явы ў атмасферы Зямлі - серабрыстых аблокаў. Пэўныя ўпамінанні пра начныя аблокі, якія свецяцца, сустракаюцца ў працах еўрапейскіх навукоўцаў XVII-XVIII стст., але яны маюць фрагментарны і невыразны характар. Першаадкрывальнікамі гэтай з'явы лічацца Т. Бэкхаўс (Backhouse T. W.). які назіраў іх 8 чэрвеня ў Кісінге не (Нямеччына), і астраном Маскоўскага ўніверсітэта Вітольд Карлавіч Цэраскі, які назіраў іх незалежна ад Бэкхаўса ўвечары 12 чэрвеня (па новым стылі) 1885 г. Цэраскі не спяшаўся з публікацыяй атрыманых вынікаў. Ён зрабіў гэта толькі праз два гады, але паведамленне пра незвычайную з'яву прайшло незаўважаным [33].

Вось як апісвае з'яву яе адкрывальнік у артыкуле «Пра аблокі, якія свецяцца»:

«У 1885 г., каля летняга сонцастаяння, намі былі заўважаныя зусім асаблівыя аблокі, названыя пасля святлівымі, ці серабрыстымі, аблокамі.

Што да іх з'яўлення, то я дакладна ведаю, што да 4 чэрвеня 1885 г. мы іх ніколі не бачылі…

Вяртаючыся неяк у адзін з гэтых дзён досвіткам са шпацыру, мы ўбачылі неба ў незвычайным стане; было бачна - адбываецца нешта, што трэба назіраць, хоць метэаралогія і не ўваходзіць у праграму працы Абсерваторыі.

Палова неба да зеніту была пакрытая шчыльным пластом зусім новых для нас аблокаў. З'ява была тады ў максімуме… яе навізна прымусіла нас страціць найболей цікавыя і спрыяльныя імгненні. Шмат разоў з таго дня мы бачылі і фатаграфавалі вельмі цікавыя аблокі, але гэта былі ўжо толькі рэшткі, якія не давалі ніякага ўяўлення пра з'яву ў яе максімальным развіцці.

Назіранне дазволіла нам адкрыць некаторыя вельмі характэрныя ўласцівасці згаданых аблокаў.

24 чэрвеня 1885, як сказана вышэй, мы спрабавалі вызначыць іх вышыню, назіраючы з двух пунктаў, аддаленых на 10 км адзін ад аднаго, і знайшлі, што гэтая база замалая, гэта паказвала на вялікую вышыню аблокаў. Назіранні 26 чэрвеня далі нам вертыкальную вышыню каля 75 км. Хутка мы зразумелі, што аблокі, якая б ні была іх колькасць, не бачныя ні ўдзень, ні ўначы; яны бачныя толькі пры адпаведным становішчы Сонца пад гарызонтам, пры ранішняй ці вячэрняй заранцы.

У гэтую гадзіну разгортваецца дзіўная карціна: на зусім ясным небе з'яўляюцца аблокі, і праз некаторы час яны становяцца нябачнымі. Я падкрэсліваю тое, што яны не знікаюць, але толькі становяцца нябачнымі, гэта я ўстанавіў з упэўненасцю, назіраючы іх простым вокам і ў трубу са слабым павелічэннем.

Калі ўвечар аблокаў шмат, то на паўночным захадзе над кропкаю, дзе зайшло Сонца, утвараецца сегмент, які свеціцца і, змяняючыся патроху ў памерах, павольна перасоўваецца на поўнач. Апоўначы вышыня сегмента больш не змяняецца, і гэта самы спрыяльны момант, каб рабіць назіранні, замалёўкі ці фатаграфаванні.

Аблокі, нягледзячы на іх яркасць, вельмі празрыстыя; не адзін раз я бачыў, як яны праходзілі перад зоркамі, не памяншаючы іх бляску. Гэта паказвае, што паглынанне света малое, але ўсё ж існуе і ўплывае на фотаметрычныя назіранні. Малая колькасць маіх астранамічных назіранняў за апошні час тлумачыцца менавіта прысутнасцю гэтых аблокаў.

Пачынаючы з 1885 г. мы іх бачылі кожнае лета. У мінулым, 1889­м, годзе я ўбачыў іх першы раз 9 чэрвеня, у 11 вечара, каля гарызонту на паўночным захадзе, але да поўначы яны зніклі…» [34].

Вялікую вядомасць атрымалі працы Цэраскага па вызначэнні тэмпературы паверхні Сонца. На пачатку 90-х гг. ХIХ ст. пытанне пра тэмпературу Сонца было яшчэ спрэчным. Дзеля вызначэння тэмпературы Сонца навукоўцы звярталіся да розных спосабаў і атрымлівалі зусім розныя вынікі.

У 1889 г. на сусветнай выставе ў Парыжы дэманстраваліся вырабы французскай аптычнай прамысловасці. Сярод іх, паводле словаў наведвальніка выставы В. К. Цэраскага, «у аптычным аддзеле мімаволі звяртала на сябе ўвагу велічынёю і дасканаласцю ўвагнутае люстэрка». Пасля парыжскай выставы гэтае люстэрка дэманстравалася сярод экспанатаў фірмы «Жэтліф і Сымон» на французскай выставе ў Маскве ў 1891 г., па заканчэнні якой па рэкамендацыі сябра Пастаяннай камісіі аддзела ўжытковай фізікі Політэхнічнага музея Цэраскага люстэрка было набытае для гэтага музея.

Для правядзення даследаванняў на дадзеную тэму ў маі 1894 г. Цэ ра скі атрымаў дазвол узяць набытае Політэхнічным музеем люстэрка ва ўніверсітэцкую абсерваторыю і правёў з ім шэраг доследаў. На яго думку, тэмпература ў фокусе люстэрка магла служыць «зыходнаю кропкаю для меркаванняў пра тэмпературу Сонца». Люстэрка ўстаўлялася ў простую драўляную раму на шарнірах і ўраўнаважвалася цэглаю. Назіральнік трымаў у фокусе ўзор, які падвяргаўся плаўленню. Падчас доследаў прамяні Сонца, сабраныя люстэркам, расплаўлялі амаль імгненна ўсе металы і мінералы (ад плаціны да карунду), нават вапну. Зыходзячы з гэтага Цэраскі ацаніў тэмпературу ў фокусе люстэрка як ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца - у 3500 °С. Потым з дапамогаю люстэрка былі сабраныя промні ад электрычнай дугі з вядомай тэмпературай, роўнай 3500 °С. Электрычную дугу ўсталёўвалі на такой адлегласці ад люстэрка, каб яе малюнак у фокусе атрымліваўся такім самым па памерах, як малюнак Сонца ў папярэднім доследзе. У фокус уносіліся розныя лёгкаплаўкія рэчывы. У гэтым выпадку тэмпература ў ім складала каля 150 °С. Такім чынам, было пацверджана, што тэмпература ў фокусе люстэрка складае толькі малую частку тэмпературы крыніцы. У выніку апрацоўкі вынікаў Цэраскі вызначыў: тэмпература паверхні Сонца больш за 6000 °С, што адпавядае вынікам сучасных вымярэнняў. У памяць пра гэты не складаны, але выдатны эксперымент, які дазволіў яшчэ 100 гадоў таму ўстанавіць ніжнюю мяжу тэмпературы Сонца, рэфлектар французскай фірмы «Жэтліф і Сымон» у Політэхнічным музеі носіць памятную назву «Люстэрка Цэраскага» [35].

Стварыў Цэраскі і простую канструкцыю сонечнага тэрмаэлектрагенератара [36]. Яго тэрмабатарэя складалася з 25 ідэн тычных элементаў і змяшчалася ў драўляную раму, прамеж кі паміж сценкамі і элементамі генератара запаўняліся ватаю. Рама ў шкляной скрыні была размешчаная так, каб гарачыя пласты тэрма батарэі знаходзіліся пад шклом, а халодныя - на адкрытым паветры, што дазваляла дасягнуць у сонечны дзень рознасці тэмператур паміж імі ў 50 °С. Магутнасць генератара была невялікая: яе ставала толькі на прывядзенне ў дзеянне электрычнага званка. В. К. Цэраскі сцвярджаў, што «тэрмаэлектрычны слуп пры сваёй вельмі простай канструкцыі ўяўляе з сябе самы лепшы сродак утылізаваць сонечнае цяпло». Асабліва яго прыцягвала ідэя «пакрыць пустэльныя схілы гор скалістага берага Крыма, залітыя сонечным святлом, тэрмаэлектрычнымі слупамі, якія будуць паглынаць сонечныя прамяні і дадуць магчымасць выкарыстоўваць іх». Аднак вырашыць праблему сонечнай тэрмаэнергетыкі ў той час было не пад сілу з прычыны недастатковага развіцця навукі і тэхнікі. Таму ідэі В. К. Цэраскага пачынаюць увасабляцца ў жыццё толькі ў наш час [37].

У XIХ ст. яшчэ не было вырашанае пытанне пра велічыню сціску Сонца і меркавалася часавая змена яго формы. Для вырашэння гэтага пытання Цэраскі прыдумаў і пабудаваў адмысловы геліёметр [38].

Складанай навуковай задачай у той час было вызначэнне яркасці Сонца. Праблема складалася ў велізарнай розніцы ў яркасці Сонца і звычайных зорак. За гэтую цяжкую задачу браліся да Цэраскага толькі нямногія даследчыкі. А яго праца выканана найболей старанна. Бляск Сонца быў аслаблены праз адлюстраванне яго прамянёў ад шаравой шкляной паверхні. Гэты бляск параўноўваўся ўдзень пры дапамозе фатометра з бляскам планеты Венеры, а пасля заходу Сонца бляск Венеры параўноўваўся фатометрам з бляскам абраных зорак. У 1903 г. гэтым арыгінальным спосабам астраном вызначыў бачную зорную велічыню Сонца - у 26,5 m (адрозніваецца ад сучаснай на 0,1 m) [39].

З канца XIX ст. фірма-вытворца складанай механікі і оптыкі «Фірма Трындзіных» цесна супрацоўнічала з Вітольдам Карлавічам Цэраскім. Пад кіраўніцтвам дырэктара абсерваторыі былі распрацаваныя некалькі канструкцый штатываў для тэлескопаў і асвоеная іх вытворчасць. У рэкламным праспекце фірмы адзначалася: «У апошні час у Расіі зацікавіліся астраноміяй. Таму наша фірма задалася мэтаю стварыць тып таннага і ў той жа час найбольш зручнага партатыўнага штатыва для астранамічных труб. Мы мелі на ўвазе астраномаў­аматараў, якім вельмі важна мець штатыў лёгкапераносны і ў той жа час зручны». Фірма пад кіраўніцтвам Цэраскага асвоіла выпуск штатываў для астранамічных труб з адтулінамі аб'ектыва 61-108 мм і 110-130 мм. Дапамог астраном і з абсталяваннем прыватнай абсерваторыі Трындзіных у Маскве па апошнім слове тагачаснай тэхнікі. Вучоны спрыяльна паставіўся да справы будаўніцтва і адкрыцця новай маскоўскай агульнадаступнай абсерваторыі Трындзіных, бо падчас працы ў абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта яму даводзілася нярэдка адмаўляцца ад правядзення заняткаў з вучнямі сярэдніх навучальных устаноў з прычыны нястачы часу і месца [40].

Навуковая дзейнасць Цэраскага атрымала ўсеагульнае прызнанне. У 1914 г. ён быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук. Быў сябрам Маскоўскага матэматычнага таварыства і ганаровым сябрам Маскоўскага таварыства выпрабавальнікаў прыроды і актыўна ўдзельнічаў у іх навуковым жыцці.

Польскі даследчык Пшэмыслаў Рыбка са здзіўленнем зазначыў, што Цэраскі яшчэ ў 1901 г. адмовіўся ад прапановы Ягелонскага ўніверсітэта ўзначаліць кафедру астраноміі. Між іншым гэты факт сведчыць пра тое, што ўжо на пачатку ХХ ст. яго ведалі ў Еўропе і ён меў сталыя кантакты з польскімі астраномамі [41].

Цэраскі цікавіўся і гісторыяй астраноміі XVI і XVII стст. Ён наве даў месцы, дзе працавалі Капернік і Ціха Браге, і напісаў артыкул пра сваіх папярэднікаў. У згаданым артыкуле, дарэчы, адзначаў, што «перавароту ў навуцы, роўнага па значэнні перавароту, зробленаму Капернікам у гісторыі навукі, ужо быць не можа. Калі падобнае ўвогуле магчыма, дык толькі ў галіне так званых псіхічных з'яваў» [42].

У 1887 г. Маскоўскае матэматычнае таварыства сумесна з Таварыствам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі ўрачыста адзначыла 200-годдзе з дня выхаду працы I. Ньютана «Матэматычныя пачаткі натуральнай філасофіі». 20 снежня 1887 г. з дакладам «Ньютан як творца нябеснай механікі» выступіў астраном В. К. Цэраскі. Яго даклад па структуры і манеры выкладу стаў яскравым прыкладам прамоўніцкага мастацтва, узорам публічных выступаў.

Пра публічныя лекцыі Цэраскага, як гэта ні дзіўна, не захавалася звестак да 1887 г., хоць падаецца неверагодным, каб бліскучы лектар не чытаў іх. Найчасцей ён выступаў у Таварыстве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Яно падзялялася на некалькі аддзяленняў. Адно з іх, фізічнае, на сваіх пасяджэннях збірала масквічоў, якія цікавіліся фізікай. Паведамленні па фізіцы вельмі часта суправаджаліся дэманстрацыямі, таксама рабіліся паведамленні па механіцы і па астраноміі, дакладчыкам на астранамічныя тэмы быў Цэраскі [43]. Актыўна выступаў ён з публічнымі лекцыямі ў Політэхнічным і Гістарычным музеях перад навучэнцамі гімназій і школ. Мноства яго артыкулаў, прысвечаных папулярызацыі астранамічных ведаў, былі апублікаваныя ў часопісах «Свет Божий», «Русская мысль», «Научное слово», «Русский астрономический календарь». Вітольд Карлавіч усяляк дапамагаў першаму ў Расіі аб'яднанню аматараў астраноміі - Ніжагародскаму гуртку аматараў фізікі і астраноміі. Пачынаючы з 1901 г. ён сам стаў супрацоўнікам «Рускага астранамічнага календара», апублі ка ваў у ім шэраг артыкулаў. У матэрыялах для аматараў астраноміі ён не толькі засяроджваўся на спецыфічных астранамічных тэмах, але і шукаў адказы на вечныя пытанні: «Зорнае неба, біялагічныя з'явы ў цесных межах Зямлі і духоўная дзейнасць у нас саміх, разам узятыя, спараджаюць паняцце пра Сусвет, хоць і смутнае і ў найвышэйшай ступені няпоўнае… Але бясконцасць даступна сузіранню чалавека толькі на зорным небе, прытым бясконцасць сапраўды тут прысутнічае, і не як гіпотэза ці здагадка, а адгэтуль ужо паняцце пра яе, законным і неабходным чынам распаўсюджваецца на сукупнасць жыццёвых і іншых працэсаў у прыродзе» [44]. Цэраскі лічыў, што «астраном… павінен ведаць усе тонкасці сучаснай астранамічнай… практыкі… Але ніколі, ні на хвіліну ён не павінен забываць, што ён павінен быць навукоўцам, мысляром, прыродазнаўцам­філосафам, наколькі гэта дазваляюць яго сілы і здольнасці…» [45].

* * *

Вітольд Цэраскі наладзіў нядзельныя зборы ўсіх супрацоўнікоў абсерваторыі для навуковых дакладаў і вольнага абмеркавання ўсякіх пытанняў, звязаных з навуковай працай абсерваторыі. Ён хацеў ведаць думкі іншых, здараліся гарачыя спрэчкі, якія перапыняліся да сціпнымі і лагоднымі заўвагамі Вітольда Карлавіча, часам даходзіла да галасавання. Быў выпадак, калі Вітольд Карлавіч выканаў жаданне грамады, хоць сам галасаваў супраць. Стаўленне Цэраскага да супрацоўнікаў было самае добразычлівае, і нават патрабаванні вы казваліся ў мяккай, пераканальнай, а не загаднай форме. Гэта стварала ў абсерваторыі незвычайна добрую атмасферу ўзаемнага разумення і даверу. Каб згуртаваць астраномаў у адну сям'ю, Цэраскі прыдумаў «свята абсерваторыі». Свята адбывалася штогод увечары 25 снежня. Да 9-й гадзіны ў кватэры Вітольда Карлавіча збіраліся астраномы і «сябры абсерваторыі». У сярэдзіне вячэры гаспадар уставаў і, адзначыўшы заслугі ранейшых дырэктараў, партрэты якіх віселі на сцяне, даваў своеасаблівую справаздачу аб навуковай дзейнасці абсерваторыі ў мінулым годзе і выказваў пажаданні для кожнага на будучы год. Майстар слова ўмеў у прыгожай, дасціпнай форме нешматлікімі словамі вызначыць задачы для ўсіх - ад сябе, дырэктара, да самага малодшага супрацоўніка, якім нярэдка бываў студэнт. Пасля хто-небудзь з прысутных астраномаў прамаўляў тост у гонар Вітольда Карлавіча, і своеасаблівая «афіцыйная» частка свята заканчвалася, пачыналася нязмушаная гутарка, якая доўжылася да нявызначанага часу [46].

Цэраскі ўважліва кіраваў працай іншых супрацоўнікаў, даючы ім значную свабоду ў выбары тэмы працы, але ж заўсёды клапаціўся пра тое, каб праграмныя тэмы абсерваторыі выконваліся дакладна.

Сучаснікі адзначалі асабістую культуру, высокі інтэлект, спагадлівасць да людзей Цэраскага. Ён ставіўся да маладых навукоўцаў, простых супрацоўнікаў абсерваторыі, падтрымліваў сувязь са студэнтамі-беларусамі і адгукаўся на іх патрэбы. Сярод ягоных вучняў два сусветна вядомыя астраномы, якія нарадзіліся ў Беларусі, - Г. А. Ціхаў (з Смалявічаў пад Мінскам) і С. М. Блажко (г. Хоцімск на Магілёўшчыне). Дапамагаў і зусім невядомым маладым людзям, якія мелі жаданне атрымаць адукацыю і шукалі ў яго падтрымкі. Захаваліся ўспаміны Ф. Я. Зотава: «У 1911 г. я, просты хлапчук з "глухой вёскі", бацька якога ўмеў толькі чытаць "па складах" (не «по слогам», а «па складах» - менавіта так у рускім тэксце. - Л. Л.), працуючы ў карчме, прачытаў папулярны артыкул Цэраскага і напісаў яму ліст з просьбаю пасадзейнічаць у атрыманні адукацыі». Праз нейкі час да Зотава зайшоў сын прафесара са сваім сябрам і запрасіў яго да сябе дахаты. Цэраскі, пагаварыўшы з маладым чалавекам, даў яму праграму самападрыхтоўкі і падручнікі. Праз некалькі месяцаў на просьбу прафесара маладога чалавека праэкзаменаваў С. М. Блажко. Прафесар пасадзейнічаў паступленню на двухгадовыя 1-я Маскоўскія электратэхнічныя курсы [47]. Зотаў так апісаў вядомага астранома: «I вось упершыню я ўбачыў Вітольда Карлавіча. Ён запрасіў сесці насупраць яго. Я ўбачыў перад сабою чалавека з сіваватымі хвалістымі валасамі, з адкрытым светлым тварам і вачыма, якія нібы выпраменьвалі святло. Усё аблічча Вітольда Карлавіча было адухоўленым. Словам, я бачыў перад сабою чалавека, якім у маім тагачасным уяўленні і павінен быў быць усякі вялікі вучоны» [48].

Кола зносінаў Цэраскага не абмяжоўвалася навукоўцамі. Ён не быў вузкім адмыслоўцам: яго жывы розум цікавілі літаратура, мастацтва, гісторыя. Паступова вучоны стаў сваім у навукова-літаратурным гуртку моладзі, прыцягваючы да сябе сваім таварыскім характарам, разнастайнасцю інтарэсаў і досціпам гутарак. Вось як сведчыў пра гэта акадэмік А. А. Белапольскі: «Я быў і яго [Цэраскага] вучнем, і яго таварышам. Незабыўныя гады нашага сумеснага знаходжання ў Маскоўскай абсерваторыі, калі ў нас утварыўся гурток моладзі, аб'яднанай агульнымі інтарэсамі навукі, мастацтва і жыцця, глыбока хвалявалі мяне ў часы майго наступнага жыцця. Лідарам гэтага гуртка заўсёды быў Вітольд Карлавіч. Ён… задаваў тэмы нашым навуковым і жыццёвым спрэчкам, уносіў ажыўленне ў іх разумнымі заўвагамі, выклікаў крытыку да прачытанага, ён быў душою нашага гуртка; часта прыцягваў ён да нас і маладых людзей звонку: да яго заўсёды імкнуліся знаёмыя, бо ведалі, што вечар, праведзены ў Вітольда Карлавіча, пакіне ў душы ўцешнае ўражанне… Каля яго збіраліся самыя выбітныя людзі ў Маскве… усе яны былі тады маладымі людзьмі, бліскалі сілаю і талентамі. Сапраўды, я лічу адмысловым шчасцем, што першыя крокі майго жыцця працяклі ў гэтым бліскучым асяроддзі, у цэнтры якога быў Вітольд Карлавіч. Гэтую здольнасць прыцягваць да сябе людзей Вітольд Карлавіч захаваў на ўсё сваё жыццё» [49]. Белапольскі пісаў, што ўжо ў 1880-я гг. вакол Цэраскага ўтварыўся шматлікі гурток навукоўцаў, артыстаў, мастакоў, пералічыў толькі некаторых удзельнікаў гуртка з ліку навукоўцаў і філосафаў: К. А. Андрэеў [50], М. Я. Жукоўскі [51], М. I. Карэеў [52], М. С. Карэлін [53], Л. М. Лапацін [54], Б. К. Младзееўскі [55], У. С. Салаўёў [56]. Але і па гэтых імёнах відаць, што ў коле сябраў былі інтэлектуальныя лідары грамадства. Многія з гэтых дзеячаў потым увайшлі ў склад Маскоўскага псіхалагічнага таварыства і бралі ўдзел у выданні часопіса «Пытанні філасофіі і псіхалогіі» [57].

Вялікае сяброўства злучала Цэраскага з паэтам Максіміліянам Валошыным. Яны пазнаёміліся ў 1907 г. падчас адпачынку ў Крыме [58]. Гэта відаць з пісьма паэта ад 1907 г.: «…паміж імі [гасцямі] жонка дырэктара Маскоўскай абсерваторыі Цэраскага. Гэ тым знаёмствам я вельмі ўсцешаны, бо яно дае мне магчымасць быць у абсерваторыі ўвосень, пра што я вельмі марыў. Я ўжо атрымаў запрашэнне». Астраномія заўсёды цікавіла Валошына, ён даўно ўпадабаў «прагулі па небу». Гэтае захапленне нярэдка ўзбуджала яго натхненне, дазваляла знаходзіць ёмістыя паэтычныя метафары, пісаць надзіва вобразныя і выразныя вершы. Як сведчыла жонка паэта, гэта асабліва цаніў Вітольд Карлавіч: «Недакладнасці ў вершы не дараваў бы і Пушкіну, а пра Вашы вершы, Максіміліян Аляксандравіч, магу сказаць, што ведаю, у якім часе, пра якую частку небасхілу напісаны кожны радок». Валошын пабудаваў свой дом у 1903 г. на пустынным у той час беразе Кактэбельскай затокі (Крым) [59]. Шматлікія госці, якія бывалі ў паэта ў Кактэбеле, па вечарах падымаліся на адмыслова зробленую над хатай назіральную пляцоўку - абсерваторыю, каб паглядзець на Месяц, зоркі, планеты, паслухаць у выкананні ветлівага гаспадара вершы пра Сусвет. Акрамя Цэраскіх у М. Валошына ў розны час гасцявалі выбітныя дзеячы культуры: I. А. Бунін, Ф. I. Шаляпін, А. М. Таўстой, М. А. Булгакаў, А. М. Скрабін, В. Я. Брусаў [60].

У архіўным фондзе В. К. Цэраскага (Пецярбургскі архіў АН РФ, фонд № 716) захаваліся два рукапісныя сшыткі, што змяшчаюць нататкі вучонага па грамадска-палітычных пытаннях. Першы з сшыткаў мае 37 старонак, нататкі адносяцца пераважна да падзей 1886 г. ці да больш ранніх. На вокладцы сшытка значыцца: «De rebus omnіbus» [61]. Другі сшытак - у 16 старонак з нататка мі пра падзеі канца 1890 - пачатку 1900-х гг. Усе запісы зроблены для сябе і адкрываюць унутраны свет нашага земляка. Цэраскі быў далёкі ад палітыкі. Ён лічыў, што справа прафесара - аддаваць усе сілы сваёй кафедры, няўхільна выконваць абавязкі навукоўца і настаўніка. Але Цэраскі нарадзіўся ў Беларусі. Ён быў пляменнікам паўстанца 1863 г., навучэнцам Слуцкай гімназіі і сведкам рэпрэсій царскага ўрада. Ужо будучы навукоўцам і прафесарам, стаў сведкам палітыкі русіфікацыі народаў Расіі. Нядзіўна, што нацыянальна-патрыятычныя разважанні складаюць галоўную частку запісаў у сшытках Цэраскага [62].

У першым сшытку чытаем: «Патрыятызм можна падтрымліваць гістарычнымі ўспамінамі. Ён, уласна кажучы, нічога матэрыяльнага не патрабуе. Але страта незалежнасці, увогуле, забівае народ, таму што сціскае сферу дзеяння, таму што пазбаўляе магчымасці задавацца гістарычнымі задачамі і перспектывамі. Толькі Радзіма, перад велічэзнымі цяжкасцямі, натхняе чалавека і грамадства»; «Патрыятызм, да яго я дайшоў досведам і назіраннем, ёсць сіла і запатрабаванне такое ж несумнеўнае і натуральнае, як запатрабаванне дыхаць. Патрыятызм выяўляецца і ў хвіліну страты, і ў хвіліну роздумаў пра страту незалежнасці». Цэраскі пісаў гэтыя радкі ў той час, калі руская публіцыстыка, у тым ліку «Маскоўскія ведамасці» М. Н. Каткова, абвяшчала «палякаў» лютымі ворагамі рускай дзяржаўнасці. Зразумела, што Каткоў быў законным і натуральным аб'ектам непрыязнасці Цэраскага, які пісаў у тым жа сшытку, відавочна, пад жывым уражаннем чытання «Маскоўскіх ведамасцяў: «Каткоў усё расце, ён і багаслоў, і філосаф, і юрыст, і фінансіст, і палітык, і філолаг з філолагаў, і патрыёт. Думаюць, што ён святы і прарок. Перад усімі прарокамі ў Каткова вялікая перавага - тых гналі, а яго берагуць. Добра быць паліцэйскім святым і жандармскім прарокам»; «Рускіх няма, ёсць антыпалякі. Калі нацыя дойдзе да самасвядомасці, калі будуць рускія, дык паладзіць з імі будзе не цяжка» [63].

Як вучоны і прафесар Цэраскі асабліва востра рэагаваў на падзеі жыцця, яго хвалявала палітыка ўрада ў асвеце: «Ордэны, чыны і месцы даюцца прафесарам за так званыя адміністрацыйныя здольнасці. Гэта дрэнна, бо яны [такія прафесары] з'яўляюцца прадстаўнікамі ўніверсітэта, не быўшы носьбітамі яго ідэі… універсітэт і інспекцыя зваротна прапарцыйныя». Ён з абурэннем прыводзіў выняткі з водгукаў гімназічнага начальства пра абітурыентаў, выхаванцаў гімназій, паступіўшых ва ўніверсітэт: «NN ніякіх кніг не чытае, увогуле вучань узорны… NN - вальнадумец, чытае Спенсэра [64]» [65].

Запісы 1880-х гг. адлюстроўваюць цікавасць Цэраскага да між народных спраў і трывогу з нагоды ўзмацнення германскага мілітарызму. Цэраскі занатаваў: «У Турцыі - прускія інструктары ў войску, у Кітаі - прусакі, усюды прусакі». «У імя чаго, - пытаецца вучоны, - будзяць яны спячую сілу ўсходніх народаў, што даюць ім, чаму вучаць?». У сувязі з выступам на юбілеі Гейдэльбергскага ўніверсітэта германскага кронпрынца, які гаварыў пра значэнне ўніверсітэтаў для выпрацоўкі разумовай дысцыпліны, Цэраскі зазначыў: «Што мае на ўвазе пад разумоваю дысцыплінаю спадар прускі салдат?» [66].

У пазнейшых нататках Цэраскага мы знаходзім і водгук на замах на жыццё міністра народнай асветы Багалепава ў 1901 г. Непасрэднай нагодаю да замаху былі высілкі Багалепава па аддачы ў салдаты студэнтаў за ўдзел ва ўніверсітэцкіх хваляваннях. Запісы Цэраскага зроблены пад непасрэдным уражаннем артыкула ў «Маскоўскіх ведамасцях», у якім давалася апалагетычная характарыстыка Багалепава і, у прыватнасці, сцвярджалася, што ён заўсёды дзейнічаў, «падпарадкоўваючыся сумленню». З гэтай нагоды астраном зазначыў: «Сумленне таго ці іншага чалавека не ёсць крытэр справядлівасці і праўды. Выключна толькі сумленню падпарадкоўваліся фанатыкі, прыгнятальнікі, найвялікшыя злачынцы і вылюдкі… Падобным чынам Рачынскі [67], цалкам шаноўны чалавек, хваліў Мураўёва за тое, што той расстраляў графа Плятэра ўжо пасля царскага памілавання. I для яго, зусім сумленнага рускага чалавека і прытым дбайнага супрацоўніка "Пытанняў філасофіі і псіхалогіі", мяжы паміж дабром і злом не існуе». Наступны за гэтым запіс - «Вянок на магілу Багалепава» (памёр ад атрыманага ранення), у якім Цэраскі па пунктах фармулюе вынікі дзейнасці Багалепава і шкоду, якую ён зрабіў справе развіцця навукі і асветы і, у прыватнасці, Маскоўскаму ўніверсітэту. Асабліва адзначае «дзікі і тупы пераслед палякаў, армянаў і г. д.». Цэраскі ўспамінаў, што ў 1898 г., пры прызначэнні У. I. Вярнадскага прафесарам, Багалепаў, тады папячыцель Маскоўскай навучальнай акругі, выклікаў Вярнадскага да сябе і заявіў яму, што яго прызначаюць не за навуку (навука - справа Акадэміі навук) і што прафесар павінен узгадняць свае дзеянні з поглядамі ўрада і выхоўваць студэнтаў «у вядомым кірунку» . «Скажам ад сябе, што падобны погляд на ўніверсітэты ёсць найвялікшае няшчасце і згуба ўніверсітэтаў. Ганенне навукі - сапраўднай, вольнай, глыбокай - зробіць універсітэт найгоршай са школ, бо ён пазбаўлены рамеснай, тэхнічнай асновы» [68].

Цэраскі ў перыяд 1889-1911 гг. быў сябрам Рады Маскоўскага ўніверсітэта, і яго ўдзел ва ўніверсітэцкіх справах быў актыўны. У 1901 г. Цэраскі ўваходзіў у склад камісіі, абранай радай Маскоўскага ўніверсітэта для разгляду пытанняў пра неабходныя пераўтварэнні ва ўніверсітэтах. У 1904-1905 гг. у вельмі складаным становішчы Цэраскі ўзначальваў камісію Рады па справах студэнцкіх установаў [69]. Пасля ўзброенага паўстання ў снежні 1905 г. ён зрабіў аб'ектыўны даклад радзе ўніверсітэта пра гэтыя падзеі. Вітольд Карлавіч востра рэагаваў на разгром Маскоўскага ўніверсітэта ў 1911 г., далучыўся да прафесараў, якія выступілі з пратэстам. Ён спыніў чытанне лекцый ва ўніверсітэце і захаваў за сабою толькі абсерваторыю [70].

* * *

Здароўе Вітольда Карлавіча заўсёды было слабое і патрабавала сталай увагі. Прыкладна каля 1910 г. у яго з'явілася хвароба, якую лекары так і не змаглі вызначыць дакладна. Хвароба выяўлялася паступова, павольна павялічвалася агульная фізічная слабасць, але розум захоўваў працаздольнасць. Цэраскі адчуваў, што сілы сыходзяць, і спяшаўся дапісаць свае працы (яны склалі VI том 2-й серыі «Прац Маскоўскай астранамічнай абсерваторыі»). У 1916 г. на патрабаванні лекараў ён вырашыў скласці з сябе кіраванне абсерваторыяй і пераехаць з жонкай у Феадосію, дзе, як усе спадзяваліся, паўднёвае сонца ўмацуе яго здароўе. Тут і заспела яго рэвалюцыя і грамадзянская вайна.

Ф. Я. Зотаў успамінаў: «Пасля дэмабілізацыі я выправіўся на Поўдзень… у той час немцы займалі Украіну, і я, хаваючыся ад іх, апынуўся ў Феадосіі. Цэраскія прынялі мяне як роднага сына. Матэрыяльнае становішча сям'і Цэраскіх тады было няважным. Вітольд Карлавіч па стане здароўя не мог працаваць. Увесь цяжар клопатаў пра здабыванне сродкаў ляжаў на Лідзіі Пятроўне. Яна выкладала ў настаўніцкім інстытуце і давала шмат прыватных урокаў па розных прадметах… У сям'і Цэраскіх я тады пражыў каля 6 месяцаў. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча сям'і Цэраскіх, яна ў той час у Феадосіі, як і раней у Маскве, была прыцягальным цэнтрам усіх разумных людзей. У суботу ўвечары ці ў нядзелю ў Цэраскіх збіралася невялікая грамада… бываў мастак Багаеўскі, паэт Валошын, члены сям'і мастака Айвазоўскага… каля двух месяцаў сталым госцем была жанчына­астраном Пулкаўскай абсерваторыі, прозвішча якой я не памятаю… Увечары Вітольд Карлавіч любіў праводзіць у невялікім садку на двары…

Неяк у Феадосіі я зайшоў у яго пакой і заспеў яго за сталом з тварам, залітым слязьмі. Мне было нязручна спытаць яго, што з ім. Ён сам пачаў: "Вось Зотаў, шкада, што вы добра не валодаеце польскай мовай, каб у поўнай меры адчуць усю шчырасць і прыгажосць Міцкевіча". Тут я заўважыў, што перад ім ляжыць разгорнутая кніга…» [71].

На працягу нейкага часу Цэраскія жылі ў паэта Максіміліяна Валошына ў Кактэбелі. I перажылі яны неверагодныя цяжкасці рэ ва лю цыі менавіта дзякуючы апецы паэта. Валошын здабываў пайкі праз Камісію асветы, клапаціўся пра неабходныя жыццёвыя дробязі. Лідзія Пятроўна Цэраская потым пісала Валошыну: «Наша знаходжанне ў Крыме не парыўна звязана з Вамі, не было цяжкай хвіліны, каб Вы не прыйшлі на дапамогу, клапаціліся пра муку, цукар, газу і г. д. без канца. I гэта Вы рабілі не толькі для нас, да Вас ішлі гурбы людзей з сваімі просьбамі» [72].

У вялікую кватэру прафесара на Прэсні, Вялікі Мікольскі завулак, 5 [73], Цэраскія ўжо не вярнуліся. Увосень 1922 г. яны пераехалі пад Маскву, у горад Троіцк Падольскага павета Маскоўскай губерні, дзе сын Канстанцін Вітольдавіч працаваў лекарам. Ф. Я. Зотаў наведаў іх: «Пасля пераезду Цэраскіх у Траецкае я паехаў наведаць іх… Здароўе Вітольда Карлавіча было значна горшым за тое, якім яно было падчас майго знаходжання ў Феадосіі. Ён цяпер увесь час знаходзіўся ў пасцелі. Але выразнасць думкі і жывая цікавасць да ўсяго ў яго заставалася ранейшай. Ён некалькі гадзінаў не адпускаў мяне ад сябе, распытваючы пра тое, што робіцца ў Маскве…» [74].

У 1924 г. астранамічныя ўстановы і арганізацыі ўрачыста адзначылі 75-гадовы юбілей вучонага.

Вітольд Карлавіч Цэраскі памёр у Троіцку, пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках недалёка ад уваходу. Ягоны сябар Максіміліян Валошын прысвяціў яму кранальны верш.

Iмем Цэраскага названы кратар на зваротным баку Месяца і астэроід [75]. Але самым значным помнікам выдатнаму вучонаму служыць Маскоўская астранамічная абсерваторыя.

Гаўрыіл Андрыянавіч Ціхаў

Член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР, ганаровы акадэмік АН Беларусі, акадэмік Акадэміі навук Казахскай ССР Г. А. Ціхаў нарадзіўся 1 мая 1875 г. у мястэчку Смалявічы пад Мінскам. Бацька, родам з Пецярбурга, служыў начальнікам чыгуначнай станцыі недалёка ад Смалявічаў, якая тады называлася Вітгенштэйнская. Выхаваннем дзяцей займалася маці, жанчына добра адукаваная, ведала французскую і польскую мовы. Вось як на схіле гадоў акадэмік успамінаў роднае мястэчка: «У часы майго дзяцінства Смалявічы славіліся цішынёй, густымі цёмнымі лясамі і спакойнымі затокамі, поўнымі рыбы… Смалявічы мелі адзіную вуліцу даўжынёй каля двух кіламетраў… Драўляныя хаткі, драўляная царква, драўляная сінагога. Царква стаяла на ўзвышшы, каля рэчкі Пліса. У ёй я лавіў рыбу. А колькі там было ракаў! Апусціш прынаду, прывязаную вяроўкай да доўгай палкі, і злавіў… Цішыня, спакой…» [76].

З-за службы бацькі сям'я некалькі разоў змяняла месца жыхарства, і ў гімназію Ціхаў паступіў, калі яны жылі ўжо на станцыі Зайцава Севастопальскай чыгункі, але менавіта Смалявічы ён лічыў сваёй радзімай.

Вялікі ўплыў у дзяцінстве на юнага Гаўрыіла зрабіў дзед па маці Гаўрыіл Міхайлавіч Зубковіч: «Для мяне і сястры было вялікім шчасцем ездзіць на вакацыі ў любыя Смалявічы, дзе жылі бацькі маці, і ўспаміны пра гэтыя падзеі майго далёкага дзяцінства… звязаны з маім дзядулем, якога я вельмі любіў. Калі наш вазок пад'язджаў да хаты, я выскокваў з яго на хаду і са слязьмі радасці кідаўся да дзеда на шыю. Дзед таксама вельмі любіў мяне, не адпускаў ні на крок, а падчас ежы абавязкова саджаў побач з сабой. Дзядуля Гаўрыіл (мне далі гэтае ж імя ў яго гонар) у маладосці закончыў духоўную семінарыю… Чалавек адораны, з вялікімі здольнасцямі да малявання, ён надзіва тонка адчуваў і разумеў прыроду. Ён з такім натхненнем распавядаў пра яе, так яскрава, так вобразна, што я ягоныя расказы запомніў на ўсё жыццё» [77].

Прозвішча дзеда, Гаўрыіла Міхайлавіча Зубковіча, знайшлося ў спісах выпускнікоў 1839 г. у той час яшчэ ўніяцкай Літоўскай духоўнай семінарыі, якая знаходзілася ў Жыровічах [78]. З 1856 г. дзед астранома стаў настаяцелем храма Св. Мікалая ў Смалявічах і служыў там да 1888 г. [79].

Дзядзька астранома па маці Уладзімір Гаўрыілавіч Зубковіч нарадзіўся 26 сакавіка 1863 г., стаў святаром і два тэрміны, з 1901 да 1907 г. і ад пачатку 1920-х гг. да 1937 г. таксама служыў настаяцелем храма Св. Мікалая ў Смалявічах. 29 снежня 1937 г. айца Уладзіміра арыштавалі, абвінаваціўшы ў дачыненні да так званай шпіёнскай контррэвалюцыйнай паўстанцкай арганізацыі. Падчас допытаў ён сумленнем сваім не пакрывіў, не падпісаў данос на свайго епіскапа і мужна вытрымаў усе катаванні. Па прысудзе Адмысловай тройкі НКУС 74-гадовы святар быў расстраляны ў Мінску 31 студзеня 1938 г. Рашэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 28 кастрычніка 1999 г. протаіерэй Уладзімір Зубковіч быў услаўлены як мясцова шанаваны святы, адзін з 23 новапакутнікаў Мінскай епархіі, а на Архірэйскім Саборы РПЦ у 2000 г. прылічаны да ліку новапакутнікаў і спавядальнікаў XX ст. [80].

Такім чынам, Г. А. Ціхаў - пляменнік беларускага праваслаўнага святога. Ён і сам усё жыццё заставаўся глыбока рэлігійным чалавекам, а напрыканцы жыцця, будучы акадэмікам Казахскай АН, стаў царкоўным старастам прыхода горада Алматы.

Увогуле, Зубковіч - старадаўняе беларускае шляхецкае прозвішча і сустракаецца ўжо ў перапісе войскаў ВКЛ ад 1528 г.

* * *

Цікавасць да астраноміі і дакладных навук у Гаўрыіла выявілася падчас вучобы ў гімназіі. Будучы акадэмік так апісаў з'яўленне зацікаўленасці астраноміяй: «…увечары я вяртаўся дадому, зірнуўшы на неба, я звярнуў увагу на дзве зоркі. Адна была вельмі яркай, а другая прыцягвала погляд тым, што бесперапынна змяняла колер. Яна нагадва ла дыямент, які мяняў колер ад чырвонага да фіялетавага. Абедзве зоркі мяне надзвычай зацікавілі. У маёй сястры ў гімназіі ўжо выкладалі касмаграфію… і я папрасіў яе спытаць у настаўніка назвы прыгожых зорак. Адказ быў такі: яркая зорка - планета Венера, мігатлівая зорка - Сірыус. Мне захацелася пабольш даведацца пра іх, бліжэй з імі пазнаёміцца. У Сімферопальскай публічнай бібліятэцы я запрасіў астранамічныя кнігі. Мне далі дзве кнігі Каміла Фламарыёна - "Гісторыю неба" ў рускім перакладзе і "Папулярную астраномію" на французскай мове. Прачытаў іх з вялікай цікавасцю, і мой лёс быў вырашаны. Вясну 1892 года я ніколі не забуду - тады я беззваротна вырашыў зрабіцца астраномам. У гімназіі, дзе я вучыўся, была метэаралагічная вышка. Меўся таксама каметашукальнік і трохцалевая астранамічная труба. Я запытаў у выкладчыка дазволу паглядзець у іх на неба і ў ясны вечар пайшоў на вышку. Дагэтуль памятаю тое захапленне, якое адчуў, паглядзеўшы ў каметашукальнік на Млечны Шлях, а ў астранамічную трубу на Сатурн. Я заўважыў на планеце два іголкападобныя выступы - гэтага было досыць: я бачыў кольцы Сатурна! З прагнасцю набываў я ўсё новыя і новыя астранамічныя кнігі. Кожная з іх раскрывала перад мной адну за другой таямніцы нябес ных свяцілаў… я цвёрда вырашыў паступіць… на фізіка­матэматычны факультэт, каб спецыялізавацца па астраноміі» [81].

У 1893 г. юнак закончыў гімназію і пачаў рыхтавацца ў Маскоўскі ўніверсітэт. «Я падаў заяву і, да вялікай сваёй радасці, быў прыняты на матэматычнае аддзяленне фізіка­матэматычнага факультэта». Выкладчыкамі Ціхава былі буйныя навукоўцы і педагогі: матэматык У. Я. Цвінгер, фізікі А. Г. Сталетаў і П. М. Лебедзеў, астраномы В. К. Цэраскі і А. А. Белапольскі, механік М. Я. Жукоўскі. Студэнт Ціхаў наведваў пасяджэнні Таварыства даследчыкаў прыроды і Таварыства аматараў прыродазнаўства, дзе слухаў даклады многіх выбітных вучоных свайго часу. Яшчэ студэнтам першага курса Ціхаў пачаў рэгулярна наведваць агульнадаступную абсерваторыю ў аптычнай краме Швабе. «На даху дома (дзе месціўся магазін) была пабудаваная невялікая астранамічная вежа з купалам. Люкі купала адчыняліся, іх можна было накіроўваць у любы бок неба. У вежы змяшчалася астранамічная труба з аб'ектывам у 15 сантыметраў, усталяваная на паралактычным штатыве з гадзіннікавым механізмам. Механізм павольна круціў трубу за выбраным свяцілам… Я стаў частым наведвальнікам астранамічнай вежы над крамай Швабе. Паказваў зоркі і даваў тлумачэнні асістэнт Маскоўскай абсерваторыі Пакроўскі, аўтар папулярнай кнігі "Даведнік пра неба". Мне было асабліва прыемна, калі Пакроўскі казаў, звяртаючыся да мяне: "Калега, пакруціце купал"» [82].

Студэнт першага курса Ціхаў прыватнымі ўрокамі назбіраў 65 рублёў (па тым часе вялікія грошы) і выпісаў з Нямеччыны, ад фірмы «Рэінфельдэр і Хертэль», тэлескоп з аб'ектывам дыяметрам дзве цалі. Труба была замоўленая на адрас дзеда, у Смалявічы. Пасля заканчэння першага курса Ціхаў на ўсё лета прыехаў да дзеда і ў дзедавай адрыне пачаў будаваць аматарскую абсерваторыю пад будучы тэлескоп. Жаданне было вялікае, праца пачыналася а 3-й гадзіне раніцы і заканчвалася позна ўвечары. Праз месяц над адрынай дзеда-святара з'явілася вежа з паваротным купалам. «З вежы была бачная дарога са станцыі, адкуль кожны вечар прывозілі пошту. Кожны вечар я глядзеў у бінокль на паштовы вазок, у якім ездзіў паштар. I вось аднойчы ўбачыў, што ён вязе на каленях доўгую скрыначку, абабітую палатном. Я зразумеў, што гэта мая доўгачаканая труба. На наступны дзень раніцай скрыначку прынеслі дадому. Адразу ж адкрыў яе і ўбачыў трубу. Бліскацелі чырвонае дрэва, аб'ектыў у латуневай аправе і латуневы патрубак для акуляраў. Радасці маёй не было мяжы… Я ўсталяваў трубу на дубовым штатыве. Процівагі для яго адліваў з свінцу. Калі мая "абсерваторыя" была гатовая, наведаць яе было шмат ахвочых. Не магу ўспомніць без замілавання, як мой дзядуля, якому было ўжо за 70 гадоў, залазіў па прыстаўных усходах на дах адрыны і далей па ашэстках на вежу, каб паглядзець на зоркі» [83]. Аднак працавала «абсерваторыя» ў Смалявічах нядоўга - усяго тры тыдні. Першыя студэнцкія вакацыі мінулі хутка, і неабходна было выпраўляцца ва ўніверсітэт.

У 1895 г. будучы стваральнік астрабіялогіі зацікавіўся батанікай і прачытаў некалькі кніг, у тым ліку «Жыццё расліны» К. А. Ціміразева. «З задавальненнем і падзякай успамінаю, што маім першым на стаўнікам батанікі была мая бабуля» [84].

На трэцім курсе (1896 г.) студэнт Ціхаў заняўся пытаннем дысперсіі святла ў міжзоркавай прасторы і апрацаваў вынікі назіранняў зорак β Ліры, δ Цэфея і η Арла. Вылічэнні дазволілі яму выказаць здагадку, што ў міжзоркавай прасторы ёсць асяроддзе, якое прымушае праменні з рознай даўжынёй хваляў распаўсюджвацца з рознымі хуткасцямі. У 1898 г. ён распрацаваў два спосабы даследавання касмічнай дысперсіі. Аднак у 1900 г. знакаміты нямецкі астраном К. Шварцшыльд [85] апублікаваў вынікі сваіх назіранняў зорак η Арла і β Ліры, якія не пацвердзілі вынікаў Ціхава [86]. У 1897 г. у адной са сваіх першых навуковых прац Г. Ціхаў даказаў на аснове эфекту Доплера, што зорка β Ліры -спектральна-падвойная зорка [87].

Пасля заканчэння ўніверсітэта Гаўрыіл Андрыянавіч ажаніўся з Людмілай Яўграфаўнай Паповай, якую як рэпетытар рыхтаваў да паступлення ў адзін з еўрапейскіх універсітэтаў. Бацькі жонкі мелі дастатковыя сродкі, што дазволіла з'ехаць за мяжу абаім. Ціхаў быў прыняты студэнтам у Парыжскі ўніверсітэт, а жонка паехала ў Швейцарыю і паступіла на медыцынскі факультэт Бернскага ўніверсітэта.

«Цудоўным днём у красавіку я прыехаў у Парыж. Ён сустрэў мяне духмянасцю цвітучых каштанаў. Вуліцы былі прасякнутыя гэтым тонкім і далікатным водарам. Ашаломлены, блукаў я па горадзе. Паэтычна­пявуча гучалі для мяне назвы найпрыгажэйшых плошчаў… павольна, гультаявата несла свае цяжкія воды Сена. Набярэжныя каля плошчы Згоды былі занятыя парыжскімі букіністамі. Поглядам не акінеш чароды кніжных крамак, прыкрытых ад сонца палатнянымі падстрэшкамі… У горадзе ўсё гаварыла пра гісторыію… ён заваяваў мяне адразу, гэты незабыўны горад, як заваёўвае, вераемна, кожнага, хто ступаў на камяні яго бруку і правёў у ім хоць бы адзін дзень».

У Францыі Ціхаў займаўся навуковай працай пад кіраўніцтвам славутага астранома, дырэктара Медонскай абсерваторыі Жуля Жансэна, асабіста пазнаёміўся з кумірам свайго дзяцінства, сусветна вядомым астраномам і папулярызатарам астраноміі Камілам Фламарыёнам. Ціхаў жыў пры Медонскай абсерваторыі, дзе Жансэн выдзеліў яму пакой, а на заняткі ў Парыж ездзіў цягніком. У Парыжскім універсітэце слухаў лекцыі буйных прафесараў: матэматыка Пікара, механіка Апеля, фізіка Пуанкарэ, астранома Вольфа, хіміка Труста, батаніка Баніё. «Я часта наведваў парыжскія тэатры. Бачыў знакамітую Сару Бернар. Хадзіў у музеі. Быць у Парыжы і не быць у Луўры немагчыма. Я неаднаразова прастойваў там гадзінамі перад знакамітымі палотнамі вялікіх майстроў, бачыў выдатныя статуі антычных скульптараў» [88].

У 1899 г. па парадзе Жансэна Гаўрыіл Андрыянавіч правёў назіранне метэорнага струменя Леаніды з паветранага шара. «У ноч на 15 лістапада 1899 года… шар "Аэраклуб" з двума пілотамі, сябрамі парыжскага аэраклуба - графамі дэ ля Во і дэ Сэн Вікторам, хімікам Леспіё і мною падняўся ў паветра. Ноч была вельмі пахмурная. Але праз некалькі хвілін мы былі над смугой, якая покрывала зямлю пластом таўшчынёй у 200 метраў. Неба было цалкам чыстае. Я пачаў праглядаць яго з боку сузор'я Льва. I вось упала адна зорка, потым другая, трэцяя… Я не мог адарвацца ад гэтага відовішча. Колькасць метэораў усё павялічвалася… На жаль, значная частка небасхілу была закрытая ад мяне шарам» [89].

У тым жа, 1899-м, годзе разам з рускім астраномам А. П. Ганскім Ціхаў два разы падняўся на гару Манблан для спектраграфавання тэлурычных ліній кіслароду [90]. Гэтыя назіранні дазвалялі меркаваць пра стан атмасферы, а потым аналагічныя спектрагафічныя назіранні далі магчымасць Ціхаву ўдакладняць склад атмасферы іншых планет [91].

На пачатку 1901 г. Ціхаў вярнуўся ў Маскву. «Пакідаючы Францыю, я адчуваў да навукоўцаў гэтай краіны вялікую шчырую ўдзячнасць за гасціннасць і за адмысловую чыста французскую шырату і свабоду навуковых поглядаў, якія я там назіраў і засвоіў» [92].

У 1902 г. Ціхаў абараніў дысертацыю і стаў магістрам. Яшчэ са студэнцкіх гадоў ён марыў працаваць у Пулкаўскай абсерваторыі. I яго мара ажыццявілася ў верасні 1906 г., калі малады магістр быў залічаны ад'юнкт-астраномам Пулкаўскай абсерваторыі звыш штату. Акадэмік Белапольскі ў першы дзень працы сказаў маладому навукоўцу: «Рабіце што хочаце. Мы ведаем, што вы глыбока цікавіцеся навукай, а таму часу губляць дарма не будзеце» [93].

Астрафізіка захапіла маладога навукоўца. Але першыя некалькі гадоў ён мог аддаваць ёй толькі летнія канікулы, калі працаваў у Пулкава пазаштатна. Некалькі гадоў ён улетку прыязджаў у Пулкава з Кацярынаслава (Днепрапятроўск), дзе выкладаў вышэйшую матэматыку ў Вышэйшай горнай вучэльні, але з 1906 г., перайшоўшы ў штат Пулкаўскай абсерваторыі, Г. А. Ціхаў канчаткова звязаў сябе з астраноміяй. Астраномам і верным памочнікам вучонага была і яго жонка, Л. Я. Ціхава.

Але і па-за штатам Гаўрыіл Андрыянавіч актыўна займаўся навукай: у 1907 г. ён апублікаваў вынікі свайго дэталёвага даследавання з'явы баліда і падзення каменнага метэарыта Тамакоўка (Кацярынаслаўская губерня). З роспытаў відавочцаў з'явы, якія назіралі палёт і неаднаразовае драбленне баліда, Ціхаў вызначыў касмічную і атмасферную траекторыю метэорнага цела, ацаніў яго першапачатковую (44-50 км/с) і канчатковую (каля 8 км/с) хуткасць і зрабіў выснову, што метэорнае цела памерамі «ў дзясяткі метраў» павінна было рассыпацца дажджом па шырокай плошчы. Ён ацаніў каардынаты месца падзення асноўнай масы за 150 км на ўсход ад вёскі Тамакоўкі, каля якой былі падабраныя некалькі невялікіх, менш фунта вагой, аскепкаў метэарыта. Да гэтай працы, якая лічыцца найбольш шырокім даследаваннем пра названы метэарыт, прыкладзена падрабязная карта раёна падзення [94].

Са студэнцкіх гадоў Ціхава цікавіла дысперсія святла ў міжзоркавай прасторы. Знакаміты французскі фізік і астраном Араго ўпершыню паставіў пытанне пра тое, ці з аднолькавай хуткасцю рухаецца ў касмічнай прасторы святло рознага колеру. Ён лічыў, што пры існаванні адрознення ў хуткасці святла (дысперсіі святла) пераменныя зоркі, калі змяняюць сваю яркасць, павінны змяняць і колер. Аднак назіранні пераменных зорак астраномамі не пацвярджалі гэтай здагадкі. Ціхаў узяўся за праверку гіпотэзы Араго. Ён фатаграфаваў пераменныя зоркі RT Персея (знойдзеную Лідзіяй Цэраскай) і W Вялікай Мядзведзіцы праз розныя святлафільтры і апрацоўваў спектры β Возніка, зробленыя акадэмікам Белапольскім [95]. Асноўнай высновай з назіранняў і разлікаў было тое, што ўсе тры зоркі паказалі памяншэнне хуткасці святла ў міжзоркавай прасторы пры памяншэнні даўжыні хвалі (запазненне мінімуму бляску ў ультрафіялеце ў параўнанні з памяранцавымі і чырвонымі хвалямі). Вынікі назіранняў былі абагульненыя ў вялікім артыкуле «Два спосабы пошуку дысперсіі ў нябеснай прасторы». Праца была надрукаваная ў 1908 г. на французскай мове. Адразу пасля першага артыкула Ціхаў напісаў наступны па той самай тэме: «Досвед пошукаў дысперсіі святла ў міжзоркавай прасторы з назіранняў спектральна-падвойных зорак». Над дысперсіяй святла працаваў і французскі астраном Ш. Нордман [96]. Ён назіраў дзве іншыя зоркі візуальна пры дапамозе фатометра. Адначасова з Ціхавым Нордман выявіў, што змена даўжыні хвалі змяняе хуткасць святла яшчэ ў дзвюх пераменных зорак. За гэтыя даследаванні Парыжская акадэмія навук прысудзіла Нордману і Ціхаву прэстыжную навуковую прэмію імя Вільда [97]. Пасля яшчэ некалькі зорак паказалі змену хуткасці святла пры тых самых умовах. Гэтая з'ява атрымала назву з'явы Ціхава Нордмана. Сувязь з'явы Ціхава - Нордмана з касмічнай дысперсіяй аспрэчвалася ў 1909 г. П. М. Лебедзевым, які тлумачыў гэты эфект уздзеяннем атмасферы зорак. З'ява была растлумачаная толькі ў 1935 г. (у працы Э. Р. Мустэля) дзеяннем прыліўной хвалі на галоўнай зорцы ў зорнай пары. Больш познія вымярэнні паказалі, што ў некаторых зорак з'ява мае зваротны знак (позняцца чырвоныя прамяні), а ў некаторых увогуле адсутнічае. [98] Будучы ў асноўным астрафізікам-эксперыментатарам, Ціхаў не абмяжоўваўся назіраннямі і вымярэннямі. Ён разглядаў гэтыя вынікі ў святле карэнных задач астраноміі. Яго ўвага да складанага і, як пісаў А. А. Белапольскі, «далікатнага» пытання пра выбарачнае паглынанне святла ў касмічнай прасторы была звязаная з актуальнай задачай масавага вызначэння адлегласцяў да зорак. Вырашаючы старую праблему дысперсіі святла ў міжзоркавай прасторы, ён спадзяваўся знайсці новы метад вызначэння адлегласцяў да зацьменна-пераменных падвойных зорак [99].

Фатаграфаванне неба Ціхаў праводзіў на астрографе, які стаў яго галоўнай прыладай на ўсё жыццё: «Я працаваў на новым астрографе са святласільнай камерай. Ён быў усталяваны ў 1905 г. Грошы на набыццё прылады падарыў Фёдар Аляксандравіч Брадзіхін. Таму астрографу прысвоілі назву "брадзіхінскі". "Брадзіхінскім" застаўся ён да нашага часу. Падчас… вайны астрограф перавезлі з Пулкава ў Алма­Ату. Я і цяпер працягваю назіраць на ім неба» [100].

Шэраг прац Ціхава, зробленых на пачатку ХХ ст., быў прысвечаны рознага кшталту з'явам у зямной атмасферы - вымярэнням сінечы і палярызацыі дзённага неба, спектраграфаванню мігацення зорак. Ён стварыў новыя канструкцыі прыбораў для такіх назіранняў і прапанаваў арыгінальныя метады даследаванняў. Пры гэтым таксама грунтоўна распрацоўваліся прынцыпы фатаграфічнай фотаметрыі, што потым адлюстравалася ў напісаным ім раздзеле «Астрафотаметрыя» ў першым выданні «Пулкаўскага курса астрафізікі і зорнай астраноміі» (1922).

Вельмі істотным для навуковай біяграфіі Гаўрыіла Андрыянавіча быў 1909 год - год вялікага супрацьстаяння Марса. Ён адзін з першых стаў выкарыстоўваць каляровыя святлафільтры для назіранняў планеты з мэтай падвышэння бачнага кантрасту дэталяў паверхні. У тыя гады асабліва актыўна абмяркоўваўся пытанне пра існаванне на Марсе месцаў, пакрытых расліннасцю, і рабіліся спробы выявіць у спектрах Марса паласу паглынання хларафілу, характэрную для зямных раслін. Пазней Ціхаў пісаў: «"Ці ёсць расліннае жыццё на Марсе?" - такая была асноўная задача, якую мы з М. М. Каліціным паставілі перад сабой, рыхтуючыся да назіранняў планеты ў 1909 годзе… Я папытаў Арыстарха Апалонавіча Белапольскага саступіць мне на нейкі час 30­цалевы рэфрактар… Мы ведалі, што назіранне Марса - справа нялёгкая. Цяжка разгледзець на невялікім дыску планеты, які відаць у тэлескоп, дробныя дэталі яе паверхні. Перашкаджаюць ваганні зямной атмасферы. Праз іх малюнак дрыжыць, расплываецца, цьмянее… Мы вырашылі фатаграфаваць праз святлафільтры - тонкія шкляныя пласцінкі. Прыступілі да вырабу святлафільтраў, афарбоўваючы жэлацін на шкле анілінавымі фарбамі: гэта былі цёмна­чырвоны, светла­чырвоны, жоўты і зялёны… Зрабілі мы і драўляную фотакамеру на рэфрактар. Вядома, што для кожнага рэчыва характэрная вызначаная, толькі яму аднаму ўласцівая афарбоўка. Няма нават двух рэчываў, афарбаваных сапраўды ў адзін колер. Таму беспамылкова судзіць пра колер (участкаў Марса. - Л. Л.) - шлях да разумення прыроды рэчыва… Назіранні рабіліся ў жніўні, калі ў паўднёвым паўшар'і Марса быў канец лета. Вылоўлівалі Марс праз найменшы прасвет у аблоках…» [101]. У 1909 г. падчас вялікага супрацьстаяння Марса Ціхаў атрымаў першыя фатаграфіі Марса ў розных участках спектра, па якіх ён выявіў адрозненне памераў і яркасці палярных шапак у розных колерах, існаванне блакітнай імгі ў атмасферы планеты, якая вуалявала дэталі паверхні ў караткахвалевым дыяпазоне спектра. Навуковец пісаў: «…такая параўнальна рэдкая астранамічная з'ява, як вялікае супрацьстаянне Марса, выклікала ў мяне непераадольнае жаданне сфатаграфаваць планету пры дапамозе велічэзнага Пулкаўскага рэфрактара, аб'ектыў якога меў 75 сантыметраў у дыяметры і факальную даўжыню ў 14 метраў. Нягледзячы на гэта, ён даваў дыяметр Марса на фотапласцінцы ўсяго ў 1,5 міліметра… Кожны здымак Марса экспанаваўся… некалькі секунд. Нам удалося зрабіць каля тысячы фотаздымкаў. Некаторыя з іх былі вельмі добрыя і дазволілі зрабіць шэраг цалкам новых высноў. Так, выявілася, што палярная шапка пад канец раставання набыла зеленаваты колер… параўнальны з колерам зямнога лёду, а знакамітыя каналы Марса маюць такі самы колер, як "моры" Марса, якія лічацца ўчасткамі раслінных пакроваў. Далей было знойдзенае падабенства аптычных уласцівасцяў атмасферы Марса з аптычнымі ўласцівасцямі зямной атмасферы» [102].

Назіранні 1909 г. паказалі, што моры [103] Марса маюць падвышаную адбівальную здольнасць у зялёных прамянях у параўнанні з мацерыкамі. Пры гэтым і тыя, і другія застаюцца чырванаватымі ў адносінах да белага. Колер каналаў, сфатаграфаваных Г. А. Ціхавым, выявіўся такім самым, як і ў мораў. Гэтаксама было выяўлена, што кантраст паміж суседнімі дэталямі слабее ў караткахвалевай частцы спектра і ўзмацняецца ў даў гахвалевай. Відавочна, што такі эфект давала атмасфера Марса [104].

За даследаванні Марса з выкарыстаннем святлафільтраў Ціхаў быў узнагароджаны прэміяй і памятным медалём Рускага астранамічнага таварыства [105].

У 1909-1910 гг. Ціхаў займаўся даследаваннем колераў Сатурна (удакладніў колер Сатурна і яго кольцаў, паказаўшы, што ў адрозненне ад самой планеты яе кольцы пазбаўленыя атмасферы) і Урана, а потым і Нептуна (1922) [106]. У наступныя гады ён шмат увагі аддаваў назіранням планет, атрымліваючы здымкі праз розныя святлафільтры і сінтэзу ючы потым іх каляровыя малюнкі. Пытанні колеру астранамічных аб'ектаў - зорак, планет, сонечнай кароны, папялістага святла Месяца - абмяркоўваў у шматлікіх артыкулах.

17 красавіка 1912 г. у Пулкаве назіралі няпоўнае сонечнае зацьменне. Ціхаву ўдалося атрымаць выдатныя фатаграфіі храмасферы і пратуберанцаў Сонца [107].

У 1914 г. Гаўрыіл Андрыянавіч паставіў пытанне: як у прынцыпе можна выявіць біясферу метадамі астраноміі? Відавочна, што для адпрацоўкі методыкі найбольш падыходзіла біясфера роднай планеты - Зямлі. Для гэтага ён стаў вывучаць папялістае святло Месяца [108]. Выкарыстаўшы святлафільтры, вучоны ўпершыню даказаў, што Зямля пры назіранні з космасу павінна мець блакітнаватае адценне. У мемуарах ён пісаў пра гэта: «Ці можна вызначыць з Зямлі колер нашай планеты, даведацца, як бачылі б яе людзі, трапіўшы на Месяц? …Для гэтага трэба вывучыць колер папялістага святла Месяца… Колер яркага сярпа Месяца - гэта колер Сонца, зменены люстранымі ўласцівасцямі месяцовай паверхні. Колер папялістага святла - гэта колер Зямлі, таксама зменены месяцовай паверхняй. Параўноўваючы колер папялістага святла з колерам яркага сярпа, мы тым самым параўноўваем колер Зямлі, бачнай з Месяца, з колерам Сонца, бачным адтуль жа. Для рашэння гэтага пытання я фатаграфаваў пры дапамозе… астрографа яркі серп Месяца і папялістае святло Месяца ў розных участках спектра - ад чырвоных прамянёў да… ультрафіялетавых… Зямля, бачная з Месяца, мае колер белаватага неба. Калі б мы паглядзелі на Зямлю з прасторы, то ўбачылі б дыск бледнавата­блакітнага колеру і не ўбачылі б якіх­небудзь падрабязнасцяў на самой зямной паверхні» [109]. Выснова Ціхава пра колер Зямлі з космасу была пацверджаная з пачаткам касмічных палётаў. Але галоўнай мэтай даследаванняў папялістага святла Месяца быў пошук у ягоным спектры паласы паглынання хларафілу. Нягледзячы на магутную зямную біясферу, палосы паглынання хларафілу ў адлюстраваным свеце Зямлі вучоны не выявіў. Ён растлумачыў гэта тым, што ўчасткі сушы, пакрытыя расліннасцю, адносна плошчы акіянаў невялікія і, акрамя таго, магутная зямная атмасфера вельмі моцна паглынае і рассейвае святло [110].

У 1915 г. Ціхаў прапанаваў новы метад хуткага набліжанага вызначэння колераў зорак, у якім выкарыстоўваецца аб'ектыў з моцнай храматычнай аберацыяй у фатаграфічнай галіне (метад падоўжанага спектрографа). У 1937 і 1951 гг. апублікаваў каталогі колераў каля 18 000 зорак у абраных пляцоўках Каптэйна [111].

Самым галоўным у сваіх астрабіялагічных даследаваннях Ціхаў лічыў пабудову дакладнай фізічнай мадэлі планеты Марс. Дзеля гэтага была патрэбная адмысловая планетная абсерваторыя для шматгадовых, разлічаных на шэраг вялікіх супрацьстаянняў назіранняў Марса. У 1916 г. ён пачаў вывучаць астраклімат для выбару месца пабудовы высакагорнай абсерваторыі на Каўказе [112]. А ў 1916 г. здзейсніў узыходжанне на Казбек для выбару месца будучай высакагорнай станцыі, будаўніцтва якой было адкладзенае да заканчэння вайны [113].

* * *

Вялікую ролю ў лёсе Ціхава адыграў Мікалай Аляксандравіч Марозаў, чалавек унікальнага лёсу і разнастайных здольнасцяў, былы на радаволец, вязень Шлісельбурга (25 гадоў у турмах), даследнік, аўтар шэрагу кніг, стваральнік у 1909 г. Рускага таварыства аматараў света знаўства (Русское общество любителей мироведения - РОЛМ). У наш час навукоўцы, якія паважаюць Марозава, кажуць пра яго як пра энцыклапедыста з наватарскімі ідэямі, хто не паважае - як пра бліскучага дылетанта, які не атрымаў сістэматычнай адукацыі і таму грувасціў фантастычныя тэорыі. РОЛМ ставіў сваёй мэтай пашырэнне прыродазнаўчых ведаў, найперш астранамічных, але таксама зазіраў за гарызонт - цікавіўся тэлепатыяй, гісторыяй Атлантыды і г. д. Сам Марозаў - папярэднік Фаменкі і Насоўскага з іх «новай храналогіяй» у гісторыі. Гаўрыіл Андрыянавіч сябраваў з Марозавым і, магчыма, падзяляў яго погляды ў прыродазнаўчых навуках, не каментаваў «не надта» навуковыя погляды аматара. Дзякуючы сваёй вялікай папулярнасці Марозаў забяспечваў галоўнае - збор грошаў на развіццё навукі.

РОЛМ аб'ядноўвала ўсіх аматараў астраноміі, яго філіялы паўсталі ў вялікіх і малых гарадах Расіі. Пецярбургскі ўніверсітэт перадаў таварыству 175-міліметровы рэфрактар Мерца, які быў усталяваны ў Лабараторыі імя П. Ф. Лесгафта. Пазней гэтая лабараторыя была ператвораная ў Дзяржаўны прыродазнаўча-навуковы інстытут ім. П. Ф. Лесгафта (Государственный естественно-научный институт им. П. Ф. Лесгафта), дырэктарам якога стаў М. А. Марозаў.

Сярод іншага Марозаў цікавіўся пытаннямі пошуку жыцця на Марсе. З гэтай мэтай была распрацаваная шырокая праграма параўнання спектраў зямных раслін са спектрамі паверхні чырвонай планеты. Для яе ажыццяўлення ў Iнстытуце ім. П. Ф. Лесгафта было арганізаванае аддзяленне астрафізічных праблем, якое ўзначаліў прафесійны астраном Пулкаўскай абсерваторыі Гаўрыіл Андрыянавіч Ціхаў. Згодна з ягонымі меркаваннямі, у план працы абсерваторыі таксама было ўключанае фатаграфаванне Сонца з фільтрамі і фотаметрычныя назіранні зорак [114]. У даследаваннях Марса Ціхаў абапіраўся на працы іншага супрацоўніка - У. М. Любіменкі, загадчыка батанічнага аддзела інстытута. Апошні займаўся пытаннем, якімі ўласцівасцямі павінны валодаць жывёльныя і раслінныя арганізмы, што прыстасаваліся да жыцця ў розных умовах. Вывучалася залежнасць паміж колькасцю хларафілу ў раслінах і ўмовамі геаграфічнага асяроддзя, дзе яны растуць. Даследаванні марскіх водарасцяў прывялі Любіменку да ідэі, што водарасці, з іх малым утрыманнем хларафілу, можна было б разглядаць як адмысловы біялагічны тып раслін, якія з большай карысцю ўжываюць светлавую энергію, чым вышэйшыя расліны. Несумнеўна, менавіта гэтая ідэя Любіменкі і прывяла Г. А. Ціхава да высновы, што расліннасць на Марсе, калі яна ёсць, па сваіх аптычных уласцівасцях павінна быць бліжэй да зямных ніжэйшых раслін тыпу мохаў, лішайнікаў і водарасцяў [115].

Прыкладна з 1910 г. Ціхаў пачаў чытаць лекцыі па астраноміі на фізіка-матэматычным аддзяленні Вышэйшых жаночых курсаў (знакамітых Бястужаўскіх курсаў). Адна з слухачак курсаў - Н. М. Штаўдэ, з якой ён будзе падтрымліваць сяброўскія адносіны да канца жыцця, успамінала, што цікавасць да астраноміі абудзілася ў яе менавіта пад уплывам Ціхава, якога яна ўпершыню пачула падчас вучобы на курсах у 1911 г. Энергічны, цікавы калежскі дараднік, галоўны астраном Пулкаўскай абсерваторыі быў ужо знакаміты ў навуковых колах. Ягоная лекцыя на Бястужаўскіх курсах называлася «Меркаванае жыццё на Марсе». Менавіта дзякуючы яму і яго захопленасці ў курсістак з'явілася цікавасць да астраноміі і быў створаны астранамічны гурток, які Ніна Штаўдэ неўзабаве ўзначаліла. Гаўрыіл Андрыянавіч дапамагаў працы гуртка: курсісткі наведвалі ўніверсітэцкую абсерваторыю, студэнты ўніверсітэта чыталі даклады на пасяджэннях гуртка Вышэйшых жаночых курсаў. Арганізоўваў экскурсіі курсістак у Пулкаўскую абсерваторыю, усталёваліся сувязі з Рускім таварыствам аматараў светазнаўства [116]. У ліку нешматлікіх першых жанчын у 1914 г. Штаўдэ здала дзяржаўныя іспыты на фізікаматэматычным аддзяленні ў Пецярбургскім універсітэце. Яна была найбольш вядомай і актыўнай супрацоўніцай РОЛМ - таленавіты астраном і адначасова глыбока рэлігійная жанчына, якая неўзабаве стала манашкай. Пасля заканчэння курсаў, у 1914 г., у рамках навуковай праграмы, складзенай Марозавым, яна занялася даследаваннем оптыкі атмасферы, метэорамі і астэроідамі [117].

У 1916 г. на прапанову Ціхава пры РОЛМ быў заснаваны фонд узнагароды залатым медалём за найлепшыя навуковыя працы аматараў па астраноміі. Улічваючы заслугі Гаўрыіла Андрыянавіча і яго актыўную дзейнасць у таварыстве, агульны сход таварыства вырашыў прысвоіць медалю імя Г. А. Ціхава. Гэты медаль прысуджаўся найлепшым астраномам-аматарам да канца 1920-х гг. Ціхаў потым неаднойчы з замілаваннем успамінаў пра сваю дзейнасць у РОЛМ, высока ацэньваў навуковую і навукова-папулярызатарскую працу таварыства [118].

* * *

Iшла Першая сусветная вайна, і ў 1917 г. астранома прызвалі ў войска, дзе ён займаўся пытаннямі бачнасці аддаленых аб'ектаў у аэрафотаздымцы. Тады ж Ціхаў апублікаваў першую ў свеце навуковую манаграфію «Паляпшэнне фатаграфічнай і візуальнай паветранай выведкі». Пазней акадэмік згадваў: «Вайсковы аддзел, у які я патрапіў, стаяў пад Кіевам. Ён меў вельмі доўгую назву: "Цэнт ральная аэранавігацыйная станцыя Ваеннай школы лётчыкаў­назіральнікаў"… Мы праводзілі фатаграфаванне мясцовасці з самалёта - аэрафотаздымку. Аэраздымкамі я вельмі зацікавіўся, бо значная частка маіх чыста астрафізічных прац была звязаная з імі. Захацелася палепшыць метады фатаграфавання і яго вынікі. За службу ў Кіеве я атрымаў чын яфрэйтара і вельмі гэтым ганарыўся. Але астраномія вабіла мяне неадольна, і, калі скончылася вайна, я быў шчаслівы зноў да яе вярнуцца» [119].

У галодным 1919 г. Ціхаў рэгулярна чытаў лекцыі па астрафізіцы ў Петраградскім універсітэце, дзе сярод яго слухачоў былі такія пазней знакамітыя навукоўцы, як У. А. Амбарцумян, М. А. Козыраў, У. П. Цэсевіч, У. Б. Ніканаў. Пры гэтым ён не пакідаў працу ў Пулкаве і ў Iнстытуце імя Лесгафта. «У той час я жыў у Пулкаве, і паездкі мае ў Ленінград былі спалучаныя з вялікімі цяжкасцямі. Я ішоў пешшу на станцыю Аляксандраўскую, часам па віхуры, узбіраўся на адкрытую пляцоўку вагона - пракрасціся ўсярэдзіну не было ніякай магчымасці, - нарэшце прыязджаў на Варшаўскі вакзал. Адтуль на трамваі дабіраўся да Васільеўскага вострава - ва ўніверсітэт. На дарогу патрабавалася не меней дзвюх гадзін. З універсітэта накіроўваўся ў астрафізічную лабараторыю. У інстытуце ў мяне быў адмысловы пакой, дзе я начаваў адну або дзве ночы ў тыдзень. У Пулкава вяртаўся тым самым цяжкім шляхам» [120].

Пры РОЛМ у 1921 г. быў створаны гурток маладых светазнаўцаў. Шлях у вялікую навуку пачыналі з працы ў гэтым гуртку шматлікія буйныя дзеячы навукі. Сусветна вядомы астраном акадэмік У. А. Амбарцумян пісаў потым: «…У гуртку маладых светазнаўцаў мы ўпершыню сур'ёзна, на ўзроўні найноўшых ведаў таго часу, азнаёміліся з астраноміяй, адданасць якой пранеслі праз усё наша жыццё і захавалі дагэтуль… Г. А. Ціхаву, які, нягледзячы на велізарную занятасць, аддаваў вялікую ўвагу нам, моладзі, якая імкнулася да ведаў, мы абавязаныя тым, што ён прышчапіў нам любоў да навуковай працы. Ён быў сапраўдным распаўсюджвальнікам навуковых ведаў. Менавіта таму я назаўжды захаваў глыбокую ўдзячнасць да яго…» [121].

У 1927 г. Гаўрыіл Ціхаў па рэкамендацыі А. А. Белапольскага быў абраны ў члены-карэспандэнты АН СССР. У яго за плячыма было каля ста апублікаваных навуковых прац, у тым ліку 80 арыгінальных, некалькі вынаходніцтваў і арганізацыя не менш як дзясятка навуковых экспедыцый [122].

Нават пры савецкай уладзе матэрыялізм не стаў светапоглядам большай часткі сябраў РОЛМ. Сябры таварыства ставіліся лаяльна да рэлігійных перакананняў грамадзянаў, антырэлігійнай прапагандай не займаліся прынцыпова, лічачы яе замахам на правы чалавека, у прыватнасці на свабоду сумлення. Гэта і шмат што іншае не магло спадабацца новай уладзе. У 1930-я гг. таварыства было разгромленае. У 1931 г., па выніках праведзенага следства, ОГПУ прыйшло да высновы пра існаванне ў кіраўніцтве таварыства «контррэвалюцыйнай групоўкі» і віны шэрагу яго сябраў у злачынствах, прадугледжаных па артыкуле Крымінальнага кодэкса за антысавецкую дзейнасць (арт. 58-11). Пасля гэтага справа была перададзеная на калегію ОГПУ для пазасудовага разгляду. У выніку адны сябры РОЛМ патрапілі ў канцлагеры, другія пайшлі ў ссылку або падпалі пад адміністрацыйны пераслед. Само ж таварыства рашэннем адміністрацыйнага аддзела Ленгубвыканкама ў 1932 г. было скасаванае [123]. Пазней, у гады вялікага тэрору, факт сяброўства ў астранамічным таварыстве стаў падставай для фізічнага знішчэння. Марозаў не быў рэпрэсаваны, але яго выслалі з сталіцы. Шматлікія з асуджаных былі рэабілітаваныя толькі ў гады перабудовы пасмяротна. Лёс значнай іх часткі невядомы [124].

Ціхаў - актыўны сябар РОЛМ - у 1931 г. таксама быў арыштаваны. Аднак яму пашанцавала больш, чым іншым: ён прабыў у турме толькі два месяцы. На пачатку 1931 г. арыштавалі Ніну Штаўдэ і выслалі ў Рыбінск. Неўзабаве яе выпусцілі, але потым пачаўся цэлы шэраг арыштаў і допытаў. Жанчыну саджалі ў турмы, выпускалі, адпраўлялі ў лагеры і ссылкі. Гэтыя пакуты працягваліся да 1944 г., пакуль яе канчаткова не выпусцілі з месцаў зняволення, пасля чаго яна напісала ліст некалькім навукоўцам, у тым ліку і Г. А. Ціхаву. Ён запрасіў яе, здольнага астранома, да сябе ў Алма-Ату, дзе ў той час ствараўся сектар астрабатанікі [125].

У 1930-я гг. Ціхаў працягваў працаваць у Пулкаўскай абсерваторыі. У 1936 г. пры назіранні зацьмення Сонца ён упершыню заўважыў, што сонечная карона складаецца з дзвюх частак: бесструктурнай «матавай» кароны і бруістай «прамяністай» кароны.

З моманту паступлення на працу ў Пулкаўскую абсерваторыю ў 1906 г. і да эвакуацыі ў Алма-Ату ў 1941 г. Ціхаў жыў у кватэры пры абсерваторыі. Аспірант 1930-х гг. М. М. Гневышаў так апісаў побытавыя ўмовы вядучых астраномаў абсерваторыі: «Усе пулкаўскія кватэры абаграваліся дровамі. Калолі дровы і прыносілі іх вязанкамі дворнікі па заяўках, якія падаваліся загадчыку гаспадаркі… дзве кватэры, якія знаходзіліся на другім паверсе астрафізічнай лабараторыі, двухпавярховы будынак якой стаяў на захад ад сучаснай гасцініцы. У паўднёвай з гэтых кватэр жыў Г. А. Ціхаў, а ў другой - загадчык астрафізічнага аддзела…» [126].

Астраном Пулкаўскай абсерваторыі 1930-х гг. Д. Я. Мартынаў успамінаў: «Я нічога не сказаў яшчэ пра аднаго са слупоў Пулкаўскай астрафізікі - Гаўрыілу Андрыянавіча Ціхава. Аднак пра яго я магу сказаць не шмат. Ён быў выдатным назіральнікам. Фізікі сказалі б "эксперыментатарам", гэта значыць вылучаўся ўменнем ставіць і вырашаць асобныя задачы, якія ўзнікаюць пры развіцці астраноміі. У сакавіку 1930 г., калі ўся абсерваторыя разам з астраномамі ўсяго свету была ўзбуджаная адкрыццём дзявятай планеты Сонечнай сістэмы, якую потым назавуць Плутонам, яшчэ не было канчаткова даказана, што гэта сапраўды вялікая планета (а не астэроід), і таму патрэбныя былі новыя і новыя назіранні. I вось С. К. Касцінскі (астраном Пулкаўскай абсерваторыі. - Л. Л.) на 33­сантыметровым астрографе, а Г. А. Ціхаў на шмат меншым брадзіхінскім астрографе (17­сантыметровым) "навыперадкі" фатаграфуюць вобласць новай планеты, і ў Г. А. Ціхава планета выходзіць зусім не горш, чым у С. К. Касцінскага. Гэта - поспех! Праўда, дакладнасць вызначэння каардынатаў новага аб'екта ў Сяргея Канстанцінавіча ў чатыры разы вышэйшая, бо фокусная адлегласць яго астрографа значна большая. Але затое ў Ціхава дакладней вызначаецца зорная велічыня планеты. Гаўрыіл Андрыянавіч даходзіць да віртуознасці ў выкарыстанні "свайго" (з 1906 г.!) брадзіхінскага астрографа ды розных актуальных пытанняў астраноміі, і яго, як быццам, не прыгнятае, што гэта маленькая прылада, што яго магчымасці абмежаваныя. Ён не ставіць тэарэтычных праблем, а калі трэба тэарэтычна абгрунтаваць ужываную ім методыку, ён выяўляе такую самую ювелірную канкрэтнасць, што і ў назіраннях. Такім, напрыклад, быў даклад Гаўрыіла Андрыянавіча на IV з'ездзе айчынных астраномаў, дзе я яго ўпершыню ўбачыў. Вырашаючы задачу, да якога моманту варта аднесці вымераную на фотапласцінцы яркасць аб'екта, які змяняе бляск падчас экспазіцыі, Гаўрыіл Андрыянавіч рабіў перад аўдыторыяй разлікі, якія адпавядалі элементарнаму вызначэнню інтэграла. Вераемна, таму ў Гаўрыіла Андрыянавіча не стварылася школы. Ён ахвотна, з поўнай адданасцю вучыў усяму, чаму мог навучыць, быў ветлы, абыходлівы, у яго было шмат вучняў, але… яны адыходзілі ад яго, ледзь устаўшы на ногі» [127].

* * *

У ліпені 1941 г. з Пулкава павінна была накіравацца экспедыцыя ў Ал ма-Ату для назірання сонечнага зацьмення. Але пачалася вайна, таму было вырашана сумясціць экспедыцыю з нагоды сонечнага зацьмення з эвакуацыяй абсерваторыі. Пулкава атрымала адзін пасажырскі і адзін таварны вагоны. 1 жніўня абодва вагоны выправіліся ў далёкі шлях. Ціхаў згадваў: «На Кастрычніцкай чыгунцы, паміж Ленінградам і Масквой, былі ўжо шматлікія сляды разбурэнняў і пажараў, У Маскве вагоны стаялі цэлыя суткі. Уначы быў налёт фашысцкіх самалётаў. Выбухі, трасавальныя кулі, пажары… Праз суткі нашы вагоны прычапілі да таварнага цягніка, які ішоў без прыпынкаў некалькі гадзін… Ехалі ад Ленінграда да Алма­Аты роўна дваццаць сутак, прыехалі туды 21 жніўня. З гэтага дня і пачалося маё алмаацінскае жыццё. Я застаўся ў Алма­Аце, у філіяле Усесаюзнай акадэміі навук. У 1946 г. была адкрытая Акадэмія навук Ка захскай рэспублікі, сапраўдным членам якой неўзабаве мяне абралі» [128].

Скончылася вайна. Ціхаў правільна разлічыў, што на ўзнаўленне разбуранай Пулкаўскай абсерваторыі пойдзе столькі часу, што яго жыцця не хопіць. Таму ён вырашыў застацца працаваць у Алма-Аце [129]. Ёсць меркаванне, што вучоны, які меў «спецыфічны» досвед стасункаў з уладай, лічыў, што ўдалечыні ад сталіц ён і яго сем'я будуць у большай бяспецы.

У верхняй частцы Алма-Аты (у канцы вуліцы Узбекскай, цяпер вул. Сейфуліна), у гарадской метэастанцыі, на ўзвышэнні, якое нагадвае Пулкаўскія вышыні, у 1946 г. была пабудаваная планетная абсерваторыя і некалькі катэджаў для навукоўцаў. Там усталявалі той самы брадзіхінскі астрограф, а пазней - 20-сантыметровы тэлескоп сістэмы Максутава, зручны для экспедыцыйных прац і таксама для фатаграфічных і спектральных назіранняў Месяца і планет. Быў высаджаны «астрабатанічны» сад з рознымі дрэвамі і кустоўем. У садзе была любая Ціхаву серабрыстая елка і куст рэліктавай, існаваўшай на Зямлі мільёны гадоў расліны гінкга [130]. Сярод іншых будынкаў пры абсерваторыі быў і катэдж Гаўрыіла Андрыянавіча, дзе ён жыў са сваёй жонкай Людмілай Яўграфаўнай і хатняй прыслужніцай фінкай Ганнай, якую ён неўзабаве ўдачарыў [131]. Частку свайго дома навуковец аддаў пад лабараторыю. Ціхаў быў абраны ў члены Вярхоўнага Савета КазССР і падрыхтаваў для сесіі Савета вялікі даклад пра значэнне астраноміі.

Астраномы, якія апынуліся ў Алма-Аце, былі аб'яднаныя ў створаны для гэтай мэты Астрафізічны інстытут, дырэктарам якога быў прызначаны акадэмік В. Р. Фесянкоў. Для развіцця даследаванняў па пошуку існавання жыцця на іншых планетах Сонечнай сістэмы пры Акадэміі навук Казахскай ССР быў арганізаваны Сектар астрабатанікі, які ўзначаліў Г. А. Ціхаў.

* * *

Аднак для разумення пазіцыі Ціхава ў пытанні пра жыццё на Марсе неабходна крыху ведаць драматычную гісторыю вывучэння Марса ў XIX-XX стст. Касмічныя даследаванні развеялі міф пра штучнае паходжанне марсіянскіх каналаў. На першых касмічных здымках паверхня Марса паўстала пакрытая кратарамі. Аднак гэта будзе потым…

* * *

У 1945 г. пасля шматгадовага перапынку Гаўрыіл Андрыянавіч вярнуўся да даследаванняў Марса. Ужо не малады астраном, а шырока вядомы масціты навуковец, ён паставіў перад сабой галоўную задачу свайго жыцця - вырашыў знайсці новыя довады на карысць гіпотэзы існавання жыцця на Марсе. У наступныя некалькі гадоў ён сфармуляваў асноўныя тэзісы для абгрунтавання гіпотэзы існавання жыцця на Марсе і стварыў новую навуку - астрабатаніку, якая праз нейкі час стала часткай астрабіялогіі.

Астрабатаніка паўстала як навуковая галіна, якая спрабуе растлумачыць аптычныя асаблівасці марсіянскіх мораў з пазіцый гіпотэзы аб існаванні марсіянскай расліннасці. Вось як выглядае астрабатанічная гіпотэза ў тым выглядзе, у якім яе выказаў сам аўтар:

1. Законы жыцця ў Сусвеце адзіныя.

2. Прыстасавальнасць жыцця да ўмоў асяроддзя надзвычай вялікая.

3. Расліны маюць аптычную прыстасавальнасць да ўмоў асяроддзя. Толькі абапіраючыся на такія тэзісы, лічыў навуковец, варта даследаваць магчымасць жыцця на планетах. Iнакш непазбежны сыход у сферу фантазіі, якая ні да чаго не прывядзе [132].

Апаненты існавання жыцця на Марсе высунулі некалькі вельмі лагічных аргументаў:

• Па-першае, зямная расліннасць вельмі моцна рассейвае нябачныя, «цеплавыя» інфрачырвоныя прамяні. Менавіта таму знятыя скрозь інфрачырвоныя святлафільтры зямныя расліны падаюцца нібыта пакрытымі шэранню або снегам. У марсіянскіх мораў няма такога інфрачырвонага эфекту.

• Па-другое, у спектры зямных раслін добра бачныя палосы паглынання, якія стварае хларафіл - рэчыва, без якога немагчымае жыццё раслін. У спектры марсіянскіх раслін ніякіх палос паглынання хларафілу не выяўлена.

• Па-трэцяе, зямной расліннасці ўласцівы зялёны колер, тады як, паводле назіраннях шматлікіх астраномаў, моры Марса маюць добра прыкметнае блакітнае, сіняе, а часам нават фіялетавае адценне [133].

Ціхаў пачаў шукаць адказы на гэтыя пытанні, ён цалкам аддаўся новай навуцы, лічачы, што на іншых планетах (Марсе, Венеры, Меркурыі) могуць існаваць іншыя формы жыцця, якія прыстасаваліся да ўмоў, пра якія да пачатку касмічнай эры існавалі цалкам няслушныя звесткі. Першым ён стаў выкарыстоўваць спектраскапію для даследавання святла, адлюстраванага ад зямных раслін, што растуць у цяжкіх умовах: на высакагорных плато, у пустэльнях або ў палярных абласцях, каб выявіць шляхі прыстасавання іх да жыцця і параўнаць з спектрам святла адлюстраванага ад некаторых участкаў Марса. Пры гэтым ён адкрыў знікненне палос паглынання хларафілу ў спектры некаторых высакагорных раслін. Потым, калі высветлілася, што на Марсе няма расліннасці, гэтыя вынікі страцілі астранамічнае значэнне, але захавалі біялагічную цікавасць [134].

У 1946 г. у «Весніку Акадэміі навук Казахскай ССР» Ціхаў апублікаваў артыкул, сэнс якога пераважна зводзіўся да наступнага: у мяккім клімаце нізкіх і ўмераных шырот Зямлі раслінам дастаткова светла, каб паглынаць сонечныя промні ў некалькіх параўнальна вузкіх участках спектра (гэта відаць на спектры як паласа паглынання хларафілу), у суровым жа марсіянскім клімаце раслінам бракуе цяпла і святла, і яны павінны паглынаць усю даўгахвалевую частку сонечнага спектра, якая нясе яшчэ каля адной траціны сонечнай цеплыні. Марс знаходзіцца ад Сонца ў паўтара раза далей, чым Зямля, а таму клімат на ім суровы. Меркаваная расліннасць Марса павінна была нібы ўбіраць у сябе ўсё даступнае цяпло Сонца, а не частку, як распешчаныя цеплынёй і святлом зямныя расліны. Гэтаксама астрабатанікі растлумачылі і другую асаблівасць марсіянскіх мораў: меркаваныя марсіянскія расліны павінны былі пакутаваць ад холаду і імкнуцца паглынуць амаль усе промні бачнай часткі спектра. З-за гэтага палосы паглынання хларафілу ў іх расцягваюцца, «размазваюцца» амаль на ўвесь спектр і таму робяцца цалкам непрыкметнымі. Гэтым астрабатанікі растлумачылі і блакітнавата-сіняе адценне марсіянскіх мораў. Паглынаючы амаль усе промні бачнай часткі сонечнага спектра, марсіянскія расліны адлюстроўваюць толькі тыя промні, якія нясуць з сабой няшмат цеплыні. Такімі «халоднымі» промнямі якраз і ёсць сіне-фіялетавыя промні [135].

Дадзенае Ціхавым тлумачэнне пацвярджалася і назіраннямі на Зямлі. Зямныя расліны, якія жывуць у суровых кліматычных умовах, сваімі адценнямі і ўласцівасцямі нагадвалі гіпатэтычныя марсіянскія расліны. У іх аслаблены інфрачырвоны эфект, расцягнутая паласа паглынання хларафілу, а самі палярныя ці высакагорныя зямныя расліны часта маюць сіняватае адценне.

Здавалася, што Ціхаў даў вычарпальныя адказы на пытанні апанентаў. На карысць прыхільнікаў жыцця на Марсе скончыліся і творчыя дыскусіі, якія праводзіліся ў Алма-Аце і Ленінградзе. На пленуме Камісіі па фізіцы планет Акадэміі навук СССР, які адбыўся ў сакавіку 1955 г., былі сфармуляваныя наступныя пяць галоўных доказаў наяўнасці расліннасці на Марсе:

• Па-першае, сезонныя змены афарбоўкі марсіянскіх мораў.

• Па-другое, змена іх колеру з павелічэннем вышыні Сонца над дадзенай вобласцю Марса.

• Па-трэцяе, змены абрысаў некаторых марсіянскіх мораў.

• Па-чацвёртае, падабенства люстраной здольнасці марсіянскіх мораў і зямных раслін.

• Па-пятае, устойлівасць мораў Марса ў дачыненні да пылавых бур.

У сувязі з развіццём касманаўтыкі ў снежні 1956 г. у Маскве адбылася скліканая Акадэміяй навук СССР нарада найбуйнейшых савецкіх астраномаў і біёлагаў па пытанні пра магчымасць жыцця на планетах. Пераважная большасць удзельнікаў мерапрыемства выказалася на карысць наяўнасці на Марсе арганічнага жыцця, і нарада прыняла рашэнне аб неабходнасці развіцця даследаванняў жыцця за межамі Зямлі [136]. Усе гэтыя нарады праходзілі з удзелам нашага земляка, тое, што ён меў падтрымку, сведчыць, што на ўзроўні ведаў сярэдзіны 1950-х гг. ідэі Ціхава мелі рацыю. I падобна на тое, што з мэтай далейшага развіцця касмічнай біялогіі, прыцягнення ўвагі грамадскасці да космасу і грошай на касманаўтыку, астрабатаніку і персанальна Ціхава падтрымлівалі найбольш уплывовыя савецкія вучоныя той эпохі - ракетчыкі. Вядо мы канструктар ракетнай тэхнікі Сяргей Паўлавіч Каралёў прапаноўваў стварыць Планетны навукова-даследчы інстытут на базе сектара астрабатанікі Казахскай акадэміі навук і прыцягнуць да справы Гаўрыіла Андрыянавіча Ціхава і ўсіх яго аднадумцаў, якія займаліся астрабіялогіяй. Каралёў напісаў дакладную запіску Хрушчову, дзе сярод іншага прапанаваў ураду і гэтую ідэю. Аднак Ціхаў памёр праз паўгода пасля адсылкі гэтага ліста генсеку, пахаваўшы разам з сабой ідэю стварэння Планетнага інстытута [137].

* * *

Вучань Гаўрыіла Андрыянавіча - Віктар Германавіч Тэйфель успамінаў: «Навуковыя вынікі, якія мы атрымалі, азначалі, што ў прынцыпе на Марсе расліны маглі быць. Кажучы пра гэта, сур'ёзны і больш чым проста адказны навуковец Ціхаў ніколі - хоць тое яму і прыпісвалі - не сцвярджаў, быццам ён даказаў, што жыццё на Марсе існуе. Ён меркаваў такую магчымасць, яе не выключаюць і сённяшнія амерыканскія вучоныя, якія даследуюць Марс… Галоўнае, што зрабіў у сваім жыцці Гаўрыіл Андрыянавіч, звязанае не з астрабатанікай. У першую чаргу ён быў астрафізікам, прычым яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. У гэтай галіне ім зроблена шмат сур'ёзных адкрыццяў… Ён быў не толькі рамантыкам, але больш практыкам, навукоўцам. I ні на ёту не адставаў ад сучаснасці. Захаваліся нават фатаграфіі, дзе ён з супрацоўнікамі разглядае здымкі зваротнага боку Месяца. Наогул, касмічныя адкрыцці займалі вялікую ўвагу Ціхава. Яшчэ да запуску штучнага спадарожніка Зямлі на тэрыторыі астрабатанічнага сектара была створаная станцыя па назіранні за ім, і мы, студэнты і аспіранты, праводзілі тады свае эксперыменты. У тыя часы, трэба сказаць, да ідэй Гаўрыіла Андрыянавіча была вялікая цікавасць не толькі ў СССР, але і за мяжой. Так, у 1958 годзе адмыслова да яго прыязджаў вядомы амерыканскі астраном Джордж Уільсан. Вось тады ён і вымавіў фразу, якую часта потым часта цытавалі. "Амерыка, - сказаў ён, - занадта позна прызнала Цыялкоўскага, і цяпер мы выпраўляем памылку тым, што прызнаем ідэі Ціхава". Сказаныя Уільсанам словы не былі праявай адной толькі дыпламатычнай ветлівасці. Ціхаў падарыў Уільсану галінку расліны гінкга як знак супрацоўніцтва і сяброўства. Мінула вельмі шмат гадоў з гэтай сустрэчы, і вось гады два таму ў інтэрнэце з'явіліся ўспаміны жонкі Уільсана пра гэты эпізод і пра гэтую галінку гінкга. Амерыканскія навукоўцы, якія працуюць цяпер у цэлым шэрагу арганізаваных у ЗША астрабіялагічных інстытутаў, прызналі, што сам тэрмін "астрабіялогія" быў прапанаваны Ціхавым і ўпершыню з'явіўся як назва яго кнігі, што выйшла ў 1959 годзе… Сакраментальнае пытанне "Ці ёсць жыццё на Марсе?" хвалявала ў той час вельмі шмат людзей, і даследаванні, якія праводзіліся Ціхавым і яго супрацоўнікамі ў сектары астрабатанікі, прыцягвалі шырокую ўвагу. У абсерваторыі сектара не было адбою ад экскурсантаў, а аўдыторыі, дзе выступаў з публічнымі лекцыямі Ціхаў, былі заўсёды перапоўненыя. У маю бытнасць Гаўрыіл Андрыянавіч, нягледзячы на вельмі стары век, часта выступаў перад слухачамі. Памятаю, як я сам спрабаваў патрапіць на яго лекцыю ў Акадэміі навук, - прабіцца ў залу было немагчыма. Праблемы іншапланетнага жыцця цікавілі, здавалася, усіх. I ў 1956 годзе, калі было вялікае супрацьстаянне Марса, сюды, у абсерваторыю Ціхава, кожны вечар прыходзілі натоўпы народу, каб паглядзець на гэтую блізкую да Зямлі планету ў тэлескоп. Мы з цяжкасцю вялі астранамічныя назіранні, бо ад экскурсій не было адбою. Нядзіва, што ў 40-50­я гады мінулага стагоддзя, калі дзякуючы Ціхаву нараджаўся цалкам новы навуковы кірунак - астрабіялогія, да яго пацягнулася з розных гарадоў і рэспублік навуковая моладзь. I я бясконца ўдзячны лёсу за тое, што мне пашчасціла патрапіць менавіта да яго - выдатнага навукоўца, педагога, настаўніка і сапраўднага інтэлігента» [138].

А вось што пісаў пра Ціхава знакаміты пісьменнік - фантаст і пра фесійны астраном Барыс Стругацкі: «Што тычыцца Ціхава, дык гэта вельмі цікавая постаць… ён застаўся ў мяне ў памяці як гэткі кінанавуковец, вельмі інтэлігентны старэча, увесь у белым, у белай акадэмічнай ярмолцы, з белай эспаньёлкай, усе яго баяцца, і любяць, і глядзяць на яго як на бога, а ён бярэ нас, першакурснікаў, з сабою на назіранні Венеры (гэта была апошняя з яго ідэй - здымаць спектры мігацення Венеры, выкарыстоўваючы зямную атмасферу як гіганцкую прызму)… так, дык вось, бярэ ён нас на назіранні, сядзім ціха ў цёмным кутку вежы, ён вядзьмарыць ля тэлескопа, Ваня Бухман (быў у яго такі хлопец на падхваце, майстар спорту па спартовай хадзе, сын ссыльнага прафесара Бухмана, які - прафесар, а не сын - на тэрыторыі абсерваторыі пабудаваў геліяжытло, геліясклеп і гіганцкі люстраны парабалоід для лячэння канцэнтраванымі сонечнымі прамянямі… аднойчы гэты парабалоід самазагарэўся… зрэшты, гэта доўгая гісторыя)… дык вось, Янка Бухман яму асістуе, і нешта там у іх не ладзіцца, заядае там у іх нешта, і старэча раптам гарлапаніць на ўсю Алма­Ату: "Ну што ты, Янка, круцішся, нібы ў цябе шыла ў дупе!"… Акадэмік. З еўрапейскім імем. Сябар Вярхоўнай Рады КазССР. Гэта, памятаецца, зрабіла на мяне велізарнае ўражанне… I яшчэ памятаю, як спраўлялася там ягонае сямідзесяцігоддзе. Вельмі, дарэчы, сціпла. Толькі свае. Чалавек пятнаццаць: парачка сваякоў, пяток навуковых супрацоўнікаў абсерваторыі, некалькі практыкантаў, шафёр, садоўнік і кухар, які спёк торт з крэмавым надпісам: "Гаўрыілу Андрыянавічу ад улюбёных марсіянаў". Вось пытанне: чаму так сціпла? I чаму ўвогуле акадэмік, адзін з заснавальнікаў і слупоў Пулкаўскай абсерваторыі, вучоны з еўрапейскім, паўтараю, імем апынуўся раптам у Алма­Аце дырэктарам "занюханнейшей" абсерваторыі? Праўда, у тыя гады шмат хто там апынуўся… Дзіўна, дзіўна… Дык вось, там я, быўшы практыкантам, надзёрся як зюзя, прамаўляў нейкія мудрагелістыя тосты, на якія Г. А. адказаў акадэмічным тостам: "За прыгожых дзяўчат і за п'янюткіх студэнтаў!"» [139].

Вярнуўшыся з лагераў, Н. М. Штаўдэ працавала ў сектары астрабатанікі і ў 1945 г. пад кіраўніцтвам Ціхава паспяхова абараніла даўно напісаную кандыдацкую дысертацыю. Доктарская таксама была практычна гатовая і патрабаваліся адзін-два гады, каб атрымаць навуковую ступень доктара навук. У 1946 г. яна прывяла сям'ю Ціхава ў Мікольскі сабор Алма-Аты на велікодную ютрань. У 1948 г. прыёмная дачка Ціхавых, Ганна, фінка па паходжанні і лютэранка, захацела прыняць праваслаўе. Ганна была хрышчаная 16 верасня 1948 г. Сам архіепіскап Алма-Аты Мікалай пажадаў стаць хросным бацькам, а Штаўдэ ён прызначыў у хросныя маці. З 1949 г. праваслаўны святар архімандрыт Iсаак пачаў наведваць астранамічную абсерваторыю, дзе працавала і жыла астраном-манахіня. А акадэмік Ціхаў стаў царкоўным старастам праваслаўнага прыхода. У лютым 1950 г. Ніна Штаўдэ накіравалася ў Маскву, каб абараніць доктарскую дысертацыю, але ёй не дазволілі стаць доктарам навук. Неўзабаве ў Алма-Аце ў Акадэміі навук пачалася чыстка кадраў, і ў працяг маскоўскай няміласці Штаўдэ была звольненая [140]. Дзякуючы Гаўрыілу Адрыянавічу яна не кінула навуковай працы, па старой памяці ён дасылаў да яе сваіх супрацоўнікаў па кансультацыі. У 1956-1957 гг. стары і вельмі хворы акадэмік жадаў перадаць ёй кіраванне сектарам астрабатанікі, настойліва клікаў яе вярнуцца ў навуку. Штаўдэ адмовілася, а чалавека, якому акадэмік змог бы даверыць кіраўніцтва сектарам, не было [141].

Мажліва, з улікам ўсяго гэтага ў некаторых навукоўцаў з'явілася ідэя пра тое, што Ціхаў шукаў на Марсе і іншых планетах не проста расліннае жыццё і ва ўсялякім разе не толькі жыццё. Ён шукаў Бога і яго эманацыі ў Сусвеце. Вера Ціхава ў жыццё была раўнасільная веры ў нешта такое, што можа існаваць у самых дрэнных умовах, у неабмежаваную магутнасць Бога і ў біялагічнае жыццё як выніковы сэнс існавання Сусвету. Аднак давесці або аспрэчыць гэта ўжо не ўяўляецца магчымым.

Пасля скону Гаўрыіла Андрыянавіча 25 студзеня 1960 г. сектар астра батанікі, які набыў ужо сусветную вядомасць, быў расфармаваны. А ў 1980-я гг. абсерваторыя Ціхава і астрабатанічны сад, нягледзячы на шмат лікія пратэсты навукоўцаў і прапановы пакінуць яго, ператварыўшы ў астранамічны музей, быў знесены. Цяпер там 12-павярховы хмарачос.

А ўлюбёная прылада Ціхава - знакаміты брадзіхінскі астрограф - перавезены ў Пулкава [142].

* * *

Ціхаў актыўна папулярызаваў свае погляды ў прэсе. Яго кнігі друкавалі і перадрукоўвалі самыя розныя выдавецтвы - не толькі навуковыя, але і «Молодая гвардия», і «Детгиз», і «Московский рабочий»… Артыкулы і кнігі Ціхава з Алма-Аты, дзе ён жыў і працаваў, хутка даходзілі ў іншыя краіны. Iшлі сур'ёзныя навуковыя дыскусіі. Так, напрыклад, у 1954 г. вядомы савецкі астраном акадэмік В. Р. Фесянкоў выступіў з артыкулам, у якім катэгарычна адпрэчыў усякую магчымасць якога б ні было арганічнага жыцця на Марсе. Навуковыя спрэчкі сур'ёзных навукоўцаў выходзілі на старонкі газет і часопісаў, і тэма жыцця на Марсе пачынала жыць сваім жыццём. Тым больш, што канец 1950-х гг. - гэта пачатак касмічнай эры і масавай цікавасці да пытанняў астраноміі. Вядомая рэпрыза з фільма «Карнавальная ноч» «Ёсць жыццё на Марсе ці няма жыцця на Марсе - гэта навуцы пакуль невядома» - таксама адгалосак навуковых спрэчак Ціхава. Добрым фактарам папулярнасці быў працяг фінансавання сектара астрабіялогіі, але з'явіліся і адмоўныя наступствы. У 50-я гг. ХХ ст. пра астрабатаніку і Ціхава казалі і ў СССР, і за мяжой. Прычым казалі захоплена, горача, становячыся, безумоўна, альбо прыхільнікамі новага навуковага кірунку, альбо яго праціўнікамі. Шмат каму з вучоных, хто добра ведаў Ціхава - сур'ёзнага навукоўца, дакладнага, строгага, веруючага толькі ў аб'ектыўныя дадзеныя і неаспрэчнасць вылічэнняў, - здавалася проста неверагодным яго астрабатанічнае захапленне. Ён добра ведаў пра скептычныя ўсмешкі, выкліканыя яго пошукам жыцця на Марсе, ведаў і пра сваёй мянушку - «алма­ацінскі летуценнік». Але яго падтрымлівалі і паважалі шматлікія аўтарытэтныя навукоўцы з сусветным імем. Напрыклад, вось выказванне знакамітага англійскага біёлага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Ф. Крыка [143], чалавека, які адкрыў падвойную спіраль ДНК. Гэтае выказванне аб'ектыўна характарызуе ўсё, што адбылося з астрабатанікай: «У 50­я гады… мне падабалася гіпатэтычная навука астрабатаніка. Мы лічылі, што калі­небудзь яна набудзе рысы рэальнасці, але зусім не ў блізкай будучыні. Нам гэта ўяўлялася настолькі далёкім, што магло паслужыць прадметам жартаў, і самае дзіўнае тут тое, што цяпер гэтыя даследаванні ўжо вядуцца» [144].

Бацька астрабатанікі быў вялікім вучоным і заўсёды трымаўся ў рамках карэктнасці ў навуковых спрэчках. А вось шматлікія папулярызатары яго ідэй дазвалялі сабе і не зусім «навуковыя» метады. Некаторыя папулярызатары ішлі занадта далёка ў сваіх інтэрпрэтацыях ідэй вучонага. Ціхаву пашанцавала не дажыць да часовага краху сваёй навукі, ён памёр у 1960-м. Марсіянскія каналы выявіліся ланцужкамі кратараў. Пацямненні і пасвятленні паверхні растлумачваліся пераносамі вялікіх мас пылу. Канец мары? У вачах нашчадкаў Ціхаву не пашанцавала яшчэ і таму, што канец 1940 - пачатак 1950-х гг. былі не лепшымі гадамі для навукі ў СССР. Яго ідэі не пацвердзіліся, і Гаўрыіл Андрыянавіч праз гады ва ўспамінах некаторых сучаснікаў мімаволі стаў персанажам амаль з таго ж шэрагу, што і савецкія ілженавукоўцы - Лысенка, Лепяшынская, Баш'ян. Цяпер, калі ад нараджэння астрабатанікі прайшло больш за паўстагоддзя імклівага развіцця ведаў пра космас, могуць падавацца наіўнымі метады ціхаўскіх пошукаў, могуць падавацца прамалінейнымі і небясспрэчнымі некаторыя з яго высноў. Прыкметнейшымі сталі і яго асобныя памылкі. Усё жыццё Гаўрыіл Ціхаў займаўся Чырвонай планетай і ведаў пра яе ўсё. Дакладней, усё, што мог ведаць навуковец яго часу. Кожнаму часу вызначаны яго ўзровень ведаў. Створаная ў першай палове ХХ ст. на падставе наземных тэлескапічных назіранняў мадэль Марса праіснавала да 1964 г. Да пачатку касмічнай эры атмасферны ціск ля паверхні Марса ацэньваўся на ўзроўні 0,09 атм., а сярэдняя тэмпература - каля 10 °С. На самай справе вымераны касмічнымі апаратамі ціск роўны толькі 0,006 атм., а сярэдняя тэмпература меншая за -40 °С [145]. Гэтая памылка назіральнай астраноміі пачатку ХХ ст. і прывяла да пабудовы Ціхавым недакладнай тэорыі [146].

Напрыканцы жыцця навукоўца, у 1959 г., вышлі яго мемуары «Шэсцьдзесят гадоў у тэлескопа», а яго ворагі зло перайначылі: «Шэсць дзесят гадоў у трубу». Касмічныя даследаванні пакуль не выявілі жыцця па-за Зямлёй. Няўжо «шэсцьдзесят гадоў у трубу»? Не, ідэя пра магчымасць існавання жыцця ва ўмовах, адрозных ад зямных, не страціла сваёй актуальнасці. I астрабіялогія хутка развіваецца. Пошукі, якія вядуцца амерыканскімі астрабіёлагамі, шмат у чым вынікаюць менавіта з ідэй, якія паўстагоддзя таму былі прапанаваныя нашым земляком. Найперш гэта прыстасавальнасць жывых арганізмаў да залімітавых па шкоднасці фізічных умоваў: да вельмі нізкіх або вельмі высокіх тэмператур, да адсутнасці або нізкага ўтрымання кіслароду. Дарэчы, такія арганізмы знойдзены нават на Зямлі і атрымалі назву экстрамафілаў, іх знаходзяць у самых розных месцах - пад лёдам Антарктыкі, высока ў атмасферы і нават у ядзерных рэактарах! Сучасная астрабіялогія засноўваецца на дасягненнях біялогіі, астраноміі і хіміі. У эксперыментальным плане яна выкарыстоўвае магчымасці касманаўтыкі для вывучэння Сонечнай сістэмы, а таксама метады астраноміі і радыёастраноміі для вывучэння арганічнага складніка міжзоркавага асяроддзя і пошуку планетных сістэм, падобных да Сонечнай сістэмы. I астраномаў зноў хвалюе меркаваны колер раслін на іншых планетах. У інтэрнэце ёсць артыкул Нэнсі Цзян, супрацоўніцы Iнстытута касмічных даследаванняў у Нью-Ёрку, пад назвай «Колер раслін на іншых планетах» [147] - якраз над гэтай тэмай усё жыццё працаваў Ціхаў.

Iмем Г. А. Ціхава названыя кратары на Марсе і Месяцы, малая планета № 2251, знойдзеная 19 верасня 1977 г. Крымскай астрафізічнай абсерваторыяй.



[1] Гл.: Lukaszewicz Józef. Dzieje kościołow wyznania helweckiego w Litwie. T. 1. Poznań, 1842. S. 413.

[2] Krasiński Walerjan Skorobohaty, Bursche Jul. Zarys dziejów powstania i upadku reformacji w Polsce. T. 2, cz. 2. Warszawa, 1905. S. 220.

[3] Гл.: Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. Warszawa. 1936. S. 217.

[4] Гл.: Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. S. XVI.

[5] Гл.: Konwent Polonia. Konwent Polonia - lista członków 1828-1939. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: prawo.univ.gda.pl/~konwentpolonia/05Album%20Polonorum/Album%20Polonorum%20do%201939.html - Дата доступу: 18.07.2009.

[6] Гл.: Глебов П. А. Из истории старейшей гимназии в Виленском учебном округе // Журнал Министерства народного просвещения. СПб, 1904. Июнь. С. 342-366.

[7] Камета Данацi (C/1858 L1, 1858 VI) - доўгаперыядычная камета, адкрытая iтальянскiм астраномам Джаванi Данацi 2 чэрвеня 1858 г. Найбольш блiзкага да Зямлi становiшча дасягнула 10 кастрычнiка 1858 г. Паводле сведчання Марка Твена, якi служыў тады лоцманам на Мiсiсiпi, свет ад яе дазваляў чытаць газету. Вяртанне каметы C/1858 L1 чакаецца ў XXXIX ст.

[8] Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание // Цераский В. К. Избранные работы по астрономии. М.: Гостехиздат, 1953. С. 11.

[9] Гл.: Rybka E., Rybka P. Historia astronomii w Polsce. 1983. S. 238.

[10] Кандыдат унiверсiтэта - першая акадэмiчная ступень. Яна (не варта блытаць з сучаснай навуковай ступенню кандыдата навук) прысвойвалася асобам, якiя закончылi з выдатнымi адзнакамi курс унiверсiтэта. Ступень кандыдата ўнiверсiтэта пры паступленнi на дзяржаўную службу давала права на чын 10-га класа - калежскi сакратар, што адпавядала армейскаму званню штабс-капiтана.

[11] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 12.

[12] Цераскiй В. К. О прохожденiи Венеры черезъ дискъ солнца въ 1874 году // Математическiй сборник, 6:4, 1873. С. 64-73.

[13] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского // Историко-астрономические исследования. М.: Гостехиздат,1955. вып. I. С. 325.

[14] Пераменныя тыпу Алголя з'яўляюцца разнавiднасцю зацьменных падвойных зорак. Калi больш халодная зорка праходзiць перад больш гарачаю, то частка свету гарачэйшай зоркi засланяецца, i агульная яркасць пары часова змяншаецца. Прататыпам дадзенага класа зорак стала зорка Алголь (β Пярсея).

[15] Зоркi тыпу ó Кiта - зоркi з вялiкiмi перыядамi i значнымi зменамi яркасцi.

[16] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 14.

[17] Зорны час - у астраномii гэта час, у якiм працягласць сутак роўная перыяду звароту Зямлi вакол яе восi адносна нерухомых зорак. Зорны час вызначаецца з астранамiчных назiранняў. На розных мерыдыянах Зямлi зорны час розны; змене даўгаты на 15 градусаў да ўсходу адпавядае павелiчэнне зорнага часу на 1 гадзiну. 24 ч зорнага часу = 23 ч 56 мiн 4. 091 с сярэдняга сонечнага часу.

[18] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. М., 1959. С. 26.

[19] Гл.: Цераский В. К. Астрономический фотометр и его приложения С. 551-632.

[20] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 15.

[21] Гл.: Rybka E. Rybka P. Historia astronomii w Polsce. S. 240.

[22] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 20.

[23] Цэраская Лiдзiя Пятроўна (23.06.1855-22.12.1931) адукацыю атрымала на Жаночых педагагiчных курсах у Пецярбургу. З 1875 да 1916 г. - выкладчык французскай мовы. З 1898 г. сумесна з мужам В. К. Цэраскiм прыступiла да працы па пошуку новых пераменных зорак. З таго часу яе iмя цесна злучана з гiсторыяй Маскоўскай абсерваторыi (цяпер - Дзяржаўны астранамiчны iнстытут iм. П. К. Штэрнберга). Яе працы былi адзначаныя прэмiяй Рускага астранамiчнага таварыства.

[24] Гл.: Solon I. Bailey. Study of variable stars // Popular Science. 1906. Aug. P. 175.

[25] Гл.: Бугаевский А. В. Московская университетская обсерватория // Очерки истории отечественной астрономии. С древнейших времен до начала ХХ в. Киев, 1992. С. 55.

[26] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 25-26.

[27] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание С. 24.

[28] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского // Цераский В. К. Избранные работы по астрономии. М.: Гостехиздат, 1953. С. 38-42.

[29] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 34.

[30] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 32-33.

[31] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 35.

[32] Цераский В. К. Окуляр для детального изучения солнечных пятен // Труды Московской обсерватории. II серия. Т. V. 1911.

[33] Гл.: Бронштэн В. А. Неопубликованные наблюдения серебристых облаков В. К. Цераского // Историко-астрономические исследования. Вып. XII. М., 1975. С. 385-389.

[34] Цераский В. К. О светящихся облаках // Труды Московской обсерватории. II се рия. Т. II. 1890.

[35] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 37.

[36] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 36.

[37] Гл.: Остапенко Е. В. Термоэлектрические генераторы: история создания и перспективы применения // Электропанорама. Электротехнический журнал. 2007. № 12. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: elektropanorama.com.ua/ua/magazine/12_2007/economy?article=338 - Дата доступу: 18.07.2009.

[38] Гл.: Воронцов-Вельяминов Б. А. Научная деятельность В. К. Цераского. С. 36.

[39] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 24.

[40] Гл.: Морозова С. Г., Трындин Е. Н. Фирма Трындиных в истории Российской астрономии // Историко-астрономические исследования. Вып. XXXII. М., 2007. С. 57-72.

[41] Гл.: Rybka E., Rybka P. Historia astronomii w Polsce. S. 239.

[42] Цераский В. К. Коперник и Тихо Браге // Научное слово. Кн. 1. М., 1903.

[43] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 16.

[44] Цераский В. К. Астрофотографические работы Московской обсерватории // Русский астрономический календарь на 1902 г.

[45] Цераский В. К. Записка о Московской обсерватории // Историко-астрономические исследования. Вып. IV. М., 1958. С. 577.

[46] Гл.: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 23.

[47] Гл.: Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском // Историко-астрономические исследования. Вып. I. М., 1955. С. 335-336.

[48] Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском. С. 337.

[49] Цыт. паводле: Блажко С. Н. Витольд Карлович Цераский. Жизнеописание. С. 14-15.

[50] К. А. Андрэеў (1848-1921) - вядомы матэматык, унiверсiтэцкi таварыш В. К. Цэраскага, быў прафесарам у Харкаўскiм, потым у Маскоўскiм унiверсiтэце.

[51] М. Я. Жукоўскi (1847-1921) - прафесар, матэматык i механiк, падтрымлiваў цесную навуковую сувязь з маскоўскiмi астраномамi В. К. Цэраскiм, Ф. А. Брадзiхiным, А. А. Белапольскiм.

[52] М. I. Карэеў (1850-1931) - гiсторык, аўтар капiтальных прац па гiсторыi Заходняй Еўропы. Выхаванец Маскоўскага ўнiверсiтэта, потым прафесар Варшаўскага i Пе цярбургскага ўнiверсiтэтаў.

[53] М. С. Карэлiн (1855-1899) - гiсторык, прафесар Маскоўскага ўнiверсiтэта. Аўтар ка пi тальнай працы «Раннi iтальянскi гуманiзм i яго гiстарыяграфiя» i прац па гiсторыi папства.

[54] Л. М. Лапацiн (1855-1920) - прафесар фiласофii ў Маскоўскiм унiверсiтэце, старшыня Псiхалагiчнага таварыства i рэдактар часопiса «Пытаннi фiласофii i псiха логii», спiрытуалiст i метафiзiк.

[55] Б. К. Младзееўскi (1858-1923) - матэматык, прафесар Маскоўскага ўнiверсiтэта

[56] У. С. Салаўёў (1853-1900) - сын вядомага гiсторыка С. М. Салаўёва, фiлосаф i рэлiгiйны мысляр, мiстык i iдэолаг тэакратыi.

[57] «Пытаннi фiласофii i псiхалогii» - шырока вядомы часопiс, якi выходзiў у Маскве пры Псiхалагiчным таварыстве з лiстапада 1890 г. 4-6 разоў у год. Часопiс займаўся не толькi распрацоўкай адмысловых навуковых пытанняў, але i псiхалагiчнай крытыкай адметных з'яў лiтаратуры i жыцця.

[58] Гл.: Цветков В. И. Максимилиан Волошин и естественные науки // На рубежах познания Вселенной. Историко-астрономические исследования. Вып. XXII. М., 1990. С. 381-394.

[59] Гл.: Цветков В. И. В. К. Цераский в Коктебеле // Земля и вселенная. 1974. № 6. С. 52-53.

[60] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. М., 1982. С. 136.

[61] «Пра загадку амнiбуса», лiтаральна - «Пра ўсеагульную загадку» (лац).

[62] Гл.: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского // Историко-астрономические исследования. М.: Гостехиздат, 1955. Вып. I. С. 323-324.

[63] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 325-326.

[64] Спенсэр Герберт (Herbert Spencer, 1820-1903) - англiйскi фiлосаф i сацыёлаг, адзiн з родапачынальнiкаў пазiтывiзму, яго iдэi карысталiся вялiкаю папулярнасцю напрыканцы XIX ст.

[65] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Це раского. С. 328.

[66] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 327.

[67] Рачынскi Г. А. (1859-1939) - пiсьменнiк, пiсаў на рэлiгiйна-фiласофскiя тэмы, перакладчык заходнееўрапейскай лiтаратуры, друкаваўся ў «Маскоўскiх ведамасцях».

[68] Цыт. паводле: Перель Ю. Г. Витольд Карлович Цераский. К вопросу о мировозрении В. К. Цераского. С. 329.

[69] Тамсама. С. 332.

[70] Гл.: Куликовский П. Г. Витольд Карлович Цераский (к 125-летию со дня рождения) // Земля и вселенная. 1974. № 6. С. 48-51.

[71] Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском. С. 340-341.

[72] Цыт. паводле: Цветков В. И. В. К. Цераский в Коктебеле. С. 52-53.

[73] Гл.: Вся Москва: Адресная и справочная книга на 1917 год. М.: Суворин «Новое время», 1917. С. 526.

[74] Зотов Ф. Я. Воспоминания о В. К. Цераском. С. 341.

[75] Гл.: Lutz D. Schmadel. Dictionary of minor planet names. International Astronomical Union. 2003. S. 75.

[76] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 9-10.

[77] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 13.

[78] Гл.: Выпускники Литовской духовной семинарии 1830-1891, 1903, 1913 гг. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: petergen.com/bovkalo/duhov/litsem.html - Дата доступу: 12.10.2009.

[79] Гл.: История Смолевичской церкви во имя святого Николая Чудотоворца. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: smaliavichy.by/?p=1588 - Дата доступу: 12.10.2009.

[80] Гл.: Священномученик протоирей Владимир Зубкович. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: minds.by/seminary/znam_vipuskniki/zubkovich.html - Дата доступу: 12.10.2009.

[81] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 14-15.

[82] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 20.

[83] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 23-24.

[84] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 25.

[85] Шварцшыльд Карл (Schwarzschild, 1873-1916) - нямецкi астраном. Склаў каталог фатаграфiчных велiчыняў 3500 зорак, адзiн са стваральнікаў сучаснай тэарэтычнай астрафiзiкi. Асноўныя працы звязаныя з тэорыяй зорных атмасфер i тэорыяй унутранай будовы зорак. Упершыню атрымаў дакладнае рашэнне раўнанняў тэорыi рэлятыўнасцi Эйнштэйна, прадказаў з'яву гравiтацыйнага калапсу i разлiчыў крытычны радыус калапсу - радыус Шварцшыльда.

[86] Гл.: Воробьева Е. Я. К истории вопроса о космической дисперсии света // Историко-астрономические исследования. Вып. 12. М., 1975. С. 157-169.

[87] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. // Астрономический календарь. М., 1976. С. 252.

[88] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 41-55.

[89] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 48.

[90] Тэлурычныя лiнii - спектральныя лiнii, якiя ўтвараюцца ў спектрах нябесных свяцiлаў у вынiку паглынання святла малекуламi газаў зямной атмасферы

[91] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. // Историко-астрономические исследования. Вып. XV. 1980. С. 77.

[92] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 56.

[93] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 57-61.

[94] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 251, 254.

[95] Гл.: Морозов Н. А. Вселенная: III книга из сборника «Итоги науки в истории и практике». Изд. Товарищества «Мир», 1911. С. 614.

[96] Нордман Шарль (Charles Nordman) - французскi астраном, прапагандыст тэорыi рэлятыўнасцi.

[97] Вiльд (Wild) Генрых (17.12.1833-23.08.1902) - фiзiк i геафiзiк, швейцарац па паходжаннi. Вучыўся ў Цюрыху, Кёнiгсбергу i Гейдэльбергу. У 1858-1868 гг. прафесар фiзiкi i дырэктар астранамiчнай абсерваторыi ў Берне. У 1868 г. абраны экстраардынарным акадэмiкам Пецярбургскай АН i дырэктарам Цэнтральнай фiзiчнай абсерваторыi. Заснаваў сетку метэаралагiчных станцый у Швейцарыi i Расii. Сканструяваў шэраг фiзiчных i метэаралагiчных прыбораў. Арганiзаваў апрацоўку i праверку метэаралагiчных назiранняў. Прэзiдэнт Мiжнароднага метэаралагiчнага камiтэта (з 1879), старшыня Мiжнароднай палярнай камiсii (з 1880).

[98] Гл.: Мельников О. А. Научно-биографический очерк и комментарии // Белопольский А. А. Астрономические труды. М.,1954. С. 7-58.

[99] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 253.

[100] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 62.

[101] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 81-82.

[102] Тихов Г. А. Астробиология. М., 1953. С. 15.

[103] Морам на Марсе (як i на Месяцы) навукоўцы называюць цёмныя ўчасткi паверхнi планеты.

[104] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 77.

[105] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. М., 1982. С. 41.

[106] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 253.

[107] Храмасфера - адзiн з пластоў атмасферы Сонца. Пратуберанцы - струменi з распаленых газаў, назiраныя на баку дыска Сонца.

[108] Папялiстае святло Месяца - гэта тое слабое святло, якiм свецiцца ўвесь Месяц, калi яго яркая частка мае выгляд вузкага сярпа.

[109] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 73-74

[110] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 79.

[111] Каптэйн Якаб Карнелiус (Kapteyn Jacobus Cornelius, 1851-1922) - нiдэрландскi астраном. Адным з першых выкарыстаў у астраномii фатаграфiю i статыстычныя метады для вывучэння руху i размеркавання ў прасторы зорак. Распрацаваў (1906) план усебаковага даследавання зорак на 206 абраных пляцоўках (так званыя пляцоўкi Каптэйна).

[112] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 80.

[113] Гл.: Валянский С. И., Недоселина И. С. Отгадчик тайн, поэт и звездочет. М., 2004. С. 664.

[114] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. С. 56.

[115] Гл.: Валянский С. И. История и астрономия. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: hronotron.narod.ru/pred/morozov/hist_astr.txt - Дата доступу: 19.10.2009.

[116] Гл.: Суслов А. К. Студенческие астрономические кружки в Петербурге // Историко-астрономические исследования. Вып III. М., 1957. С. 654.

[117] Гл.: Ходаковская О. И. Нина Михайловна Штауде - монахиня и учёный (1888-1980) [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: mitropolia-spb.ru/news_detail.php?ID=2386 - Дата доступу: 20.10.2009.

[118] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. С. 62.

[119] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 68.

[120] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 76.

[121] Цыт. паводле: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. С. 99.

[122] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1976 г. С. 255.

[123] Гл.: Бронштэн В. А. Разгром Общества любителей мироведения // Природа. 1990. № 10. С. 122-126.

[124] Гл.: Справка КГБ СССР о судьбе пулковских астрономов // Историко-астрономи ческие исследования. Вып. 22. М.: Наука, 1990. С. 482-490.

[125] Гл.: Штауде Н. М. Автобиография // Историко-астрономические исследования. Вып. 22. 1990. С. 395-466.

[126] Гневышев М. Н. Свершения и тревоги Пулкова // Историко-астрономические исследования. Вып. 21. 1989. С. 342-368.

[127] Мартынов Д. Я. Пулковская обсерватория в годы 1926-1933 // Историко-астрономические исследования. Вып. 17. 1984. С. 425-449.

[128] Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 61.

[129] Гл.: Гневышев М. Н. Свершения и тревоги Пулкова. С. 342-368.

[130] Гл.: Тейфель В. Как в Казахстане родилась астробиология // Известия - Казахстан. 20.05.2005.

[131] Родная дачка Цiхава - Таццяна Гаўрыілаўна, геолаг, аўтар кнiгi «Тайга и горы. Из рассказов геолога Тагиловой» (Ленинград, 1962) .

[132] Гл.: Наука и жизнь. 1973. № 6. С. 52-53.

[133] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 73-83.

[134] Гл.: Гневышев М. Н. Свершения и тревоги Пулкова.

[135] Гл.: Тихов Г. А. Шестьдесят лет у телескопа. С. 97.

[136] Гл.: Зигель Ф. Обитаем ли Марс? // Мир приключений. 1957. С. 18.

[137] Гл.: Творческое наследие академика Сергея Павловича Королева. М.: Наука, 1980. С. 323.

[138] Тейфель В. Гавриил Тихов - звезда первой величины // Казахстанская правда. 30.11.2007

[139] Стругацкий Б. Из писем к Б. Штерну // Миры братьев Стругацких: собр. соч. Стругацких. Т. 12. СПб., 2003. С. 309-346.

[140] Гл.: Из воспоминаний Н. Н. Парийского // Вестник ОГГГН РАН. 2000. № 4 (14), С. 1-15.

[141] Гл.: Штауде Н. М. Автобиография.

[142] Гл.: Тейфель В. Как в Казахстане родилась астробиология.

[143] Крык Фрэнсiс Хары Комптан (Crick, 1916-2004) - англiйскi бiяфiзiк i генетык. У 1953 г. сумесна з Дж. Уотсанам стварыў мадэль структуры ДНК (падвойную спiраль), што дазволiла растлумачыць шматлiкiя яе ўласцiвасцi i бiялагiчныя функцыi i распачаць малекулярную генетыку. За працы па расшыфроўцы генетычнага кода атрымаў Нобелеўскую прэмiю (1962, сумесна з Дж. Уотсанам i М. Уiлкiнсам).

[144] Наука и жизнь. 1973. № 6. С. 52-53.

[145] Даведка: сярэдняя тэмпература на паверхнi Марса -63 °С (мiнiмальная -140 °С, максiмальная +20 °С); сярэдняя тэмпература на Зямлi +15 °С. Газавы склад атмасферы Марса такi: 95 % вуглякiслага газу, каля 3 % азоту, больш за 1,5 % аргону. Атмасфера Землi цалкам iншая: 77 % азоту, 21 % кiслароду, усе iншыя складнiкi - 2 %.

[146] Гл.: Суслов А. К. Астрофизические исследования Тихова Г. А. С. 79.

[147] Нэнси Цзян. Цвет растений на других планетах // В мире науки. 2008. № 7. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: elementy.ru/lib/430636 - Дата доступу: 24.10.2009.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX