Папярэдняя старонка: Лаўрэш Л. I зорнае неба над галавой…

Астраномы XX ст. - нараджэнцы Беларусі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-04-2013,
Крыніца: 'І зорнае неба над галавой…': Нарысы з гісторыі астраноміі / Леанід Лаўрэш. — Мінск: Лімарыус, 2013.

Спампаваць




Блажко Сяргей Мікалаевіч

Гаўрылаў Iгар Уладзіміравіч

Глэнбоцкі Роберт

Дубяга Зміцер Iванавіч

Жангаловіч Iван Данілавіч

Iванішэўскі Генрык

Каменскі Міхал

Ліпскі Юры Навумавіч

Хайкін Сямён Эмануілавіч


Блажко Сяргей Мікалаевіч (17.11.1870-11.02.1956) - астраном, астраметрыст, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, член-карэспандэнт АН СССР, спецыяліст у галіне даследавання пераменных зорак, аўтар шэрагу арыгінальных канструкцый і прылад для тэлескопаў.

Нарадзіўся ў купецкай сям'і ў г. Хоцімску Магілёўская вобласці. У 1880 г. закончыў народную вучэльню ў Хоцімску, а ў 1888 г. - Смаленскую гімназію і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Iмператарскага Маскоўскага ўніверсітэта на спецыяльнасць «астраномія». У 1892 г. атрымаў дыплом I ступені МДУ. Настаўнікамі былі прафесары: В. К. Цераскі і Ф. А. Брадзіхін, калегамі па працы: П. К. Штэрнберг, З. А. Казакоў, Б. П. Мадэстаў.

Пасля заканчэння ўніверсітэта С. М. Блажко быў залічаны на пасаду звышштатнага асістэнта абсерваторыі і пачаў працаваць пад кіраўніцтвам В. К. Цэраскага, з якім яго на ўсё жыццё звязалі сяброўскія стасункі. З 1894 г. Блажко - штатны асістэнт абсерваторыі. Ён прыняў эстафету ад Цэраскага і стаў прадаўжальнікам традыцый маскоўскай школы даследнікаў пераменных зорак. Навуковыя інтарэсы С. М. Блажко былі вельмі шырокія, але ён займаўся пераважна даследаваннем пераменных зорак і практычнай астраноміяй [1]. У 1895 г. астраном пачаў сістэматычнае фатаграфаванне зорнага неба з выкарыстаннем святласільнага шырокавугольнага астрографа - экватарыяльнай камеры Цэраскага.

Блажко выявіў у пераменных зорак тыпу Алголь уплыў на крывыя змены іх бляску пацямнення яркасці краю дыска зоркі, што дазволіла ўдакладніць арбіту падвойнай сістэмы. Гэтае адкрыццё стала падмуркам ягонай магістарскай дысертацыі, дзе ён упершыню выклаў агульную тэорыю пераменных зорак тыпу Алголь і паказаў метад вызначэння элементаў іх арбіт па фотаметрычных дадзеных. Дысертацыя была бліскуча абароненая ў 1911 г. і апублікаваная як манаграфія пад назвай «Аб зорках тыпу Алголь».

Сяргей Блажко даследаваў звыш двухсот пераменных зорак розных тыпаў і першым выявіў у некаторых хуткаперыядычных пераменных зорак тыпу RR Ліры перыядычныя змены іх перыяду і бляску. Гэты эфект атрымаў у літаратуры назву «эфект Блажко». У 1919 г. астраном прапанаваў новы метад фатаграфавання малых планет, які хутка пашыраўся. Сутнасць метаду палягала ў тым, што на адной пласцінцы атрымлівалі тры выявы з перапынкамі паміж ім і са зрухам трубы па скланенні.

На працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў спектраграфаванне метэораў было аперацыяй вельмі працаёмкай з прычыны раптоўнасці і кароткачасовасці з'явы. У ХIХ ст. была атрыманая толькі адна такая спектраграма (Э. Пікерынг, 1897 г.), дый тое выпадкова. Менавіта таму С. М. Блажко прыступіў да сістэматычных прац па спектраграфаванні метэораў пры дапамозе аб'ектыўнай прызмы. 11 траўня 1904 г. і 12 жніўня 1907 г. даследніку пашчасціла атрымаць удалыя фатаграфіі спектраў метэораў і ўпершыню даць правільнае іх тлумачэнне. Так, спектр метэора 1904 г. складаўся з 17 ліній, сярод якіх асабліва добра былі бачныя лініі жалеза, вадароду і кальцыю. Цікава адзначыць, што да 1909 г. ва ўсім свеце было атрымана ўсяго пяць спектраў, а з іх тры належалі С. М. Блажко [2].

У 1914 г. Блажко выявіў палярызаванасць выпраменьвання сонечнай кароны з дапамогай прыбора сваёй канструкцыі. Ён прапанаваў новы спосаб выяўлення астэроідаў па фатаграфіях, распрацаваў арыгінальны метад вызначэння каардынатаў свяцілаў, далёкіх ад аптычнага цэнтра пласцінкі. Ён сістэматычна фатаграфаваў зорнае неба і зрабіў вялікі ўнёсак у знакамітую «шкляную бібліятэку» Маскоўскай абсерваторыі, а таксама сканструяваў шэраг прыбораў: бясшчыльны зорны спектрограф для 15-цалевага падвойнага астрографа, блінк-мікраскоп для выяўлення новых пераменных, прыладу на мерыдыянным крузе для паслаблення бляску пры назіраннях момантаў мінання зорак.

Педагагічная дзейнасць Сяргея Блажко пачалася на Вышэйшых курсах (1900-1918), у Народным універсітэце ім. А. Л. Шаняўскага (19091919) і на Педагагічных курсах Таварыства выхавальніц і настаўніц. З 1910 г. Блажко - прыват-дацэнт кафедры астраноміі і геадэзіі, з 1918 г. - прафесар Маскоўскага ўніверсітэта, дзе чытаў: «Курс агульнай астраноміі», з 1910 г. - «Курс практычнай астраноміі», «Курс сферычнай астраноміі», «Курс агульнай астрафізікі», «Поспехі астраноміі за апошнія дзесяцігоддзі», «Курс практычнай астрафізікі», а таксама вучыў студэнтаў праводзіць практычныя астранамічныя назіранні.

У 1918-1920 гг. Блажко працаваў намеснікам дырэктара, а з 1920 г. дырэктарам Маскоўскай абсерваторыі. З 1922 г. ён дырэктар НДI астраноміі і геадэзіі пры МДУ, у 1931-1937 гг. - загадчык кафедры астраноміі, з 1937 да 1953 г. - загадчык кафедры астраметрыі механікаматэматычнага факультэта МДУ. Блажко быў старшынёй Цэнтральнай камісіі па пераменных зорках пры Астрасавеце, сябрам Міжнароднага астранамічнага саюза (з 1938 г.), сябрам рэдкалегій «Астранамічнага часопіса» і бюлетэня «Пераменныя зоркі» [3].

Сусветна вядомы астрафізік Iосіф Шклоўскі, вучань прафесара Блажко, пісаў у мемуарах: «Сяргей Мікалаевіч Блажко быў асобай цалкам легендарнай. Напрыклад, з ім здарылася такая гісторыя. Падчас чарговай кампаніі за падвышэнне працоўнай дысцыпліны наведванне лекцый зрабілі строга абавязковым. Сяргей Мікалаевіч чытаў курс агульнай астраноміі на фізічным факультэце для некалькіх сотняў студэнтаў. Лекцыі адбываліся ў знакамітай Ленінскай аўдыторыі на Мохавай, дзе лавы размешчаныя амфітэатрам. Журчанне старога лектара так­сяк можна было чуць толькі ў першых двух шэрагах, тыя ж студэнты, якія сядзелі вышэй, займаліся хто чым. У прыватнасці, двое ўладкаваліся на верхатуры і, нагнуўшыся, акружаныя заўзятарамі, гулялі шахматную партыю факультэцкага першынства. На дошцы стварылася вострая сітуацыя з "віслымі" фігурамі. I ў гэты момант адзін з гульцоў зрабіў груба хібны ход, ламаючы ўсю шахматную партыю. Тады яго партнёр, які забыўся пра ўсё, радасна зароў на ўсю аўдыторыю: "Ну, гэта мудзі!" Сяргей Мікалаевіч палічыў гэты крык душы за сумнеў дапытлівага юнака ў праўдзівасці нейкай тэарэмы, якую ён у гэты момант даказваў. Перапыніўшы доказ, ён нечакана гучным фальцэтам пракрычаў: "Гэта не мудзі, а закон прыроды!"» [4].

У 1920-я гг. прафесар Сяргей Мікалаевіч Блажко на пытанне пра тое, навошта патрэбна такая старажытная і несучасная навука, як астраномія, адказваў прыкладна так: «Поспехі астраноміі, вядома ж, не робяць непасрэднага ўплыву на ўдоі кароў, але павінны ж мы ведаць, як уладкаваны той свет, у якім мы жывём!» [5].

За цыкл прац па даследаванні пераменных зорак у 1929 г. Блажко быў абраны ў члены-карэспандэнты АН СССР, у 1934 г. яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР». Яго неаднаразова ўзнагароджвалі медалямі і ордэнамі, ён быў лаўрэатам Сталінскай прэміі за падручнік па сферычнай астраноміі (1952), яго імем названыя малая планета № 2445 і кратар на зваротным баку Месяца. Блажко напісаў больш за 100 навуковых прац.

На пачатку 2008 г. у Хоцімску была ўсталяваная памятная дошка з надпісам «Тут нарадзіўся астраном Сяргей Блажко» на той самай хатцы (цяпер па вуліцы Камсамольскай), дзе ў 1870 г. ён нарадзіўся.

Гаўрылаў Iгар Уладзіміравіч (17.05.1928-19.10.1982) нарадзіўся ў мястэчку Рубяжэвічы Мінскай вобласці. У 1952 г. закончыў фізікаматэматычны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта, пасля чаго пэўны час працаваў настаўнікам матэматыкі сярэдняй школы. З 1954 г. - супрацоўнік Галоўнай астранамічнай абсерваторыі АН УССР, з 1976 г. загадчык аддзела фатаграфічнай астраметрыі.

Ягоныя асноўныя навуковыя працы - гэта працы па селенадэзіі [6] і фатаграфічнай астраметрыі. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле складзеныя першыя ў СССР селенадэзічныя каталогі каардынатаў кропак бачнага боку Месяца, якія былі неабходныя пры ажыццяўленні праграм вывучэння Месяца з дапамогай касмічных апаратаў і картаграфаванні месяцовай паверхні. Iгар Гаўрылаў правёў вялікі цыкл даследаванняў па азначэнні параметраў геаметрычнай формы Месяца. Значная частка гэтых даследаванняў адлюстраваная ў яго манаграфіі «Фігура і памеры Месяца па астранамічных назіраннях» (1969), а таксама ў калектыўнай працы «Зводная сістэма селенадэзічных каардынат 4900 кропак месяцовай паверхні» (1977). У апошнія гады жыцця шмат увагі аддаваў праблемам фатаграфічнай астраметрыі, быў адным з ініцыятараў праграмы па фатаграфічным аглядзе паўночнага неба [7].

Глэнбоцкі Роберт (Robert Głębockі, 02.01.1940-21.02.2005) нарадзіўся 2 студзеня 1940 г. у маёнтку Трэпалава каля Вілейкі. Вышэйшую адукацыю атрымаў ва Універсітэце Мікалая Каперніка ў Торуні. Атрымаў ступень магістра ў галіне астраноміі ў 1961 г., доктарскую дысертацыю абараніў у 1966 г. Доктарам габілітаваным стаў у 1972 г. Быў прафесарам кафедры матэматыкі, фізікі і інфарматыкі Гданьскага ўніверсітэта.

Пасля атрымання доктарскай ступені, у 1966-1967 гг., ён меў паслядоктарскую стажыроўку ва Універсітэце штата Агаё (ЗША), а з 19831988 гг. некалькі разоў па некалькі месяцаў стажыраваўся ў Медонскай абсерваторыі (Францыя).

У коле навуковых інтарэсаў прафесара Глэнбоцкага была праблема структуры зорных атмасфер, вывучэнне іх метадамі спектраскапіі і статыстыкі. Вынікам яго даследаванняў сталіся больш за 50 публікацый і каля 20 навукова-папулярных прац. Падрыхтаваў больш за сто магістраў і 7 дактароў навук. Прафесар Глэнбоцкі быў вялікі папулярызатар астраноміі. Ён таленавіта пісаў пра цяжкія праблемы сучаснай астраноміі, даступна і з гумарам. Глэнбоцкі лічыў, што папулярызацыя ведаў - сацыяльны і маральны абавязак кожнага выкладчыка ўніверсітэта.

Прафесар Глэнбоцкі актыўна падтрымліваў рух за дэмакратыю ў Польшчы. У жніўні 1980 г. ён прадстаўляў універсітэт Гданьска ў стачачным камітэце на Гданьскай суднаверфі. У 1988-1990 гг. быў старшынёй Камітэта па навуцы прафсаюза «Салідарнасць».

Напрыканцы жыцця займаў пасады рэктара Гданьскага ўніверсітэта і міністра нацыянальнай адукацыі Польскай Рэспублікі [8].

Дубяга Зміцер Iванавіч (03.10.1849-22.10.1918) нарадзіўся ў 1849 г. у Магілёўскай губерні (сяло Соіна, цяпер Смаленская вобласць). Атрымаў першапачатковую адукацыю ў Гатчынскім інстытуце і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

У 1872 г. Зміцер Дубяга закончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. У 18781884 гг. працаваў астраномам Пулкаўскай абсерваторыі. З 1884 да 1918 г. быў дырэктарам абсерваторыі Казанскага ўніверсітэта.

Зміцер Iванавіч Дубяга - заснавальнік казанскай астранамічнай школы. Пасля запрашэння яго на пасаду ардынарнага прафесара кафед ры астраноміі і геадэзіі і прызначэння на пост дырэктара абсерва то рыі да заняткаў назіральнай астраноміяй пачала прыцягвацца таленавітая моладзь, былі створаныя вылічальнае бюро і навуковая бібліятэка, пачалося сістэматычнае выданне навуковых прац, пашырылася сувязь з іншымі абсерваторыямі [9]. У 1892 г. у абсерваторыі пачаліся вымярэнні на пасажнай прыладзе змянення геаграфічнай шыраты. Зміцер Дубяга вызначыў тэматыку назіранняў і на геліяметры [10], адзінай у Расіі ажно да сёння астранамічнай прыладзе такога тыпу. Назіранні на ім для вывучэння лібрацый Месяца пачаліся з 1895 г. Гэтыя назіранні сталі традыцыйнымі ў праграме казанскай астранамічнай школы і працягваюцца да нашага часу. На 9-цалевым рэфрактары пры Дубягу пачалі сістэматычна весціся назіранні малых планет і камет, назіранні пакрыццяў зорак Месяцам, якія давалі магчымасць назапашваць каштоўны матэрыял для вывучэння руху нашага спадарожніка, быў пакладзены пачатак працам Казанскай абсерваторыі ў галіне гравіметрыі, якія з 1899 г. сталі пастаяннымі. У 1880-я гг. перад Казанскай астранамічнай абсерваторыяй, у сувязі з ростам горада, паўстала пытанне аб яе перабазаванні за гарадскую рысу. Шмат для будаўніцтва новай абсерваторыі зрабіў яе дырэктар. Грошы на новую абсерваторыю і новае абсталяванне даў аматар астраноміі В. П. Энгельгарт (1828-1915).

Перадгісторыя гэтай падзеі была такая. Яшчэ ў Пецярбургу ў Дубягі завязалася ліставанне з Васілём Паўлавічам Энгельгартам, астраномам-аматарам, які жыў і працаваў ва ўласнай абсерваторыі ў Дрэздэне. Васіль Энгельгарт, багаты абшарнік, нарадзіўся 29 чэрвеня 1828 г. у маёнтку Кустовічы Кобрынскага павета Гарадзенскай губерні [11]. Адукацыю ён атрымаў у вучэльні правазнаўства, але з ранніх гадоў вельмі цікавіўся астраноміяй. У выніку цікаўнасць вылілася ў жаданне прысвяціць сябе служэнню любімай навуцы. У 70-я гг. XIX ст. пераважна з прычыны больш лёгкага ажыццяўлення свайго жадання ў замежжы Васіль Паўлавіч перасяліўся ў Нямеччыну, у Дрэздэн. Спачатку ў 1877 г. пабудаваў невялікую вежу-абсерваторыю ў прыватным садзе. У 1879 г. вырашыў пабудаваць уласную вілу і да яе непасрэдна прыбудаваць абсерваторыю. З вясны 1880 г. назіранні праводзіліся ўжо ў новай абсерваторыі. Абсерваторыя складалася з трохпавярховай вежы, злучанай з жылым памяшканнем калідорам з люстранымі вокнамі. На верхнім паверсе вежы з купалам размяшчаўся на моцным падмурку тэлескоп-рефрактар фірмы Груба з аб'ектывам у 12 цалей. На сярэднім і ніжнім паверхах вежы знаходзіліся малыя дапаможныя прылады і электрычныя батарэі. Да ніжняга паверха вежы непасрэдна прымыкала мерыдыянная зала, дзе стаяла пасажная прылада Бамберга і вісеў гадзіннік Кнобліха. Акрамя таго, на даху вілы размяшчаўся каметашукальнік Мерца. У такой добрай абсерваторыі не было іншых назіральнікаў, акрамя гаспадара. Энгельгарт выкарыстоўваў пераважна вялікі рэфрактар. Назіранні на іншых прыладах мелі службовы (вызначэнне часу) або выпадковы характар. Аб'ектамі назіранняў былі планеты, каметы, падвойныя зоркі, але найбольш багаты матэрыял пакінуў Энгельгарт у галіне туманнасцяў і зорных збораў. Ён вызначыў каардынаты зорных збораў і даў іх падрабязныя апісанні. Асобныя назіранні друкаваліся ў розных астранамічных часопісах, а потым былі выдадзеныя асобна ў трох тамах [12].

Дваццаць гадоў працягвалася бесперапынная наглядальніцкая дзейнасць Васіля Энгельгарта, пакуль няўмольная старасць не прымусіла пакінуць заняткі любімай навукай. Перад Энгельгартам паўстала пытанне, што рабіць са сваёй абсерваторыяй. Ён жадаў сысці з жыцця з упэўненасцю, што і пасля смерці ягоныя прыборы будуць працаваць для любімай навукі. Прасцей за ўсё было перадаць прылады аднаму з універсітэтаў, тым больш што шматлікія германскія ўніверсітэты дамагаліся атрымаць іх. Напрыклад, рэфрактар фірмы Груба, які належаў Энгельгарту, у 1880-я гг. быў адным з найлепшых у Нямеччыне.

Але Энгельгарт жадаў, каб яго абсерваторыя вярнулася на радзіму. Спачатку ён думаў перадаць яе ў адзін з паўднёвых рускіх універсітэтаў. Але ў выніку яго выбар спыніўся на Казанскім універсітэце, дзе працаваў яго сябар і зямляк Зміцер Iванавіч Дубяга. Дубяга не раз у лістах і пры асабістых сустрэчах у Дрэздэне жаліўся сябру на моцныя нязручнасці пры назіраннях у старой абсерваторыі, размешчанай у двары ўніверсітэта ў цэнтры Казані. Няма сумневу, што сяброўства з Зміцерам Iванавічам было вырашальным у тым, што менавіта Казанскаму ўніверсітэту Энгельгарт надумаў перадаць усё абсталяванне сваёй абсерваторыі. Нягледзячы на тое што клімат Паволжа не вельмі спрыяў дакладным астранамічным вымярэнням, ён палічыў, што ў сяброўскіх руках яго абсерваторыя адродзіцца найлепшым чынам. Так адбылася перадача Энгельгартам усіх яго прылад, бібліятэкі і ўсёй маёмасці ў поўнае распараджэнне Казанскага ўніверсітэта. Дубяга разумеў, што гэта сур'ёзны аргумент на карысць хадайніцтва аб пабудове новай абсерваторыі за рысай горада. 29 жніўня 1897 г. Энгельгарт праз Дубягу папрасіў у рады Казанскага ўніверсітэта прыняць ад яго ў падарунак галоўныя прылады яго абсерваторыі: 12-цалевы тэлескоп Груба, 6-цалевы каметашукальнік, 4-цалевы каметашукальнік, пасажную прыладу Бамберга, гадзіннік Кнобліха, гадзіннік Тыдэ і шэраг іншых малых прылад і прыбораў, а таксама вельмі значную навуковую бібліятэку ў 2000 тамоў. Пасля сваёй смерці, па завяшчанні, ён перадаваў Казанскаму ўніверсітэту і ўсю сваю рухомую і нерухомую маёмасць, каб яго абсерваторыя на новым месцы была забяспечаная сродкамі для працы і развіцця. Падарунак з падзякай быў прыняты, і ўжо ў снежні астранамічныя прылады ў дваццаці скрынях прыбылі ў Казань. Улетку 1898 г. хадайніцтва Дубягі ў вышэйшых інстанцыях аб сродках на будаўніцтва новай абсерваторыі і аб адводзе зямлі было задаволенае [13]. Васіль Энгельгарт браў самы актыўны ўдзел у будаўніцтве новай абсерваторыі пры Казанскім універсітэце. На базе гэтага абсталявання ў 1901 г. за 20 кіламетраў ад Казані ў маляўнічай мясцовасці была пабудаваная новая астранамічная абсерваторыя Энгельгартаўская [14]. Для ўмацавання інструментальнай базы новай абсерваторыі з горада перанеслі галоўныя прылады - мерыдыянны круг і геліяметр [15].

* * *

У 1899 г. Зміцер Iванавіч Дубяга быў прызначаны на пасаду рэктара Казанскага ўніверсітэта і займаў яе да 1905 г.

Асноўныя навуковыя працы Дубягі - па тэарэтычнай астраноміі, астраметрыі і гравіметрыі. Па назіраннях казанскіх астраномаў за перыяд з 1869 да 1882 г. Дубяга склаў каталог 4281 зоркі (частка міжнарод нага зорнага каталога). Даследаваў арбіту Трытона, спадарожніка Неп туна, па назіраннях, выкананых на пулкаўскім рэфрактары з 1847 да 1876 г., ён стварыў тэорыю руху астэроіда Дыяна [16].

У гонар З. I. Дубягі і ягонага сына, таксама астранома А. З. Дубягі, названы кратар на Месяцы.

Жангаловіч Iван Данілавіч (20.02.1892-29.07.1981) нарадзіўся ў Гродне. Закончыў Петраградскі ўніверсітэт. У 1917 г. быў мабілізаваны ў Ваенна-Марскі флот. У 1919 г. удзельнічаў у экспедыцыі па вывучэнні Курскай магнітнай анамаліі. У 1920-1930-я гг. працаваў у Галоўным гідраграфічным упраўленні флоту, штогод удзельнічаў у экспедыцыях па даследаванні розных раёнаў Паўночнага Ледавітага акіяна. Адначасова з 1920 г. працаваў у Астранамічным інстытуце (з 1943 г. - Iнстытут тэарэтычнай астраноміі АН СССР), дзе займаў пасаду намесніка дырэктара, ведаў аддзелам спецыяльных эфемерыд. З 1930 г. выкладаў у Ваенна-марской акадэміі імя К. Я. Варашылава. У першай палове 1930-х гг. быў арыштаваны па «Пулкаўскай справе» [17]. У Астранамічны інстытут вярнуўся ў 1937 г. [18].

У 1930-я гг. Iван Жангаловіч удзельнічаў у экспедыцыях на Памір і ў паўночных экспедыцыях у розныя раёны Арктыкі. Ён браў удзел у распрацоўцы навуковай праграмы «Паўночны полюс - 1». У 19371938 гг. быў у экспедыцыях на ледаколах «Садко», «Седов», «Малыгин» у Арктычным басейне. Падчас 9 месяцаў сумеснага рэйса і дрэйфу «Седова» прафесар Жангаловіч займаўся адукацыяй і падрыхтоўкай студэнта Буйніцкага да выканання складаных назіранняў. Разам са студэнтам ён праводзіў астранамічныя, магнітныя і гравітацыйныя вымярэнні, назіраў за палярнымі ззяннямі, лёдам, жывёламі і дапамагаў камандзе ў правядзенні метэаралагічных назіранняў, у вымярэннях глыбінь Арктыкі. Палярнікі ўспаміналі, што падчас доўгага палярнага дрэйфу прафесар часта граў на губным гармоніку [19].

Асноўныя навуковыя працы I. Жангаловіча прысвечаныя тэарэтычнай, практычнай і эфемерыднай астраноміі, вывучэнню формы і гравітацыйнага поля Зямлі, спадарожнікавай геадэзіі, геафізіцы. Ён распрацаваў спосаб азначэння цэнтра масы Зямлі па назіраннях штучных спадарожнікаў Зямлі. Даследаваў магчымасці выкарыстання радыёінтэрферометраў са звышдоўгай базай пры вырашэнні асноўных праблем астраноміі, геадэзіі і геадынамікі. Быў галоўным рэдактарам «Марскога астранамічнага штогодніка» і «Авіяцыйнага астранамічнага штогодніка». Распрацаваў спосаб вызначэння масы Зямлі па назіраннях штучных спадарожнікаў Зямлі. Ганаровы сябар Геаграфічнага таварыства СССР, ганаровы палярнік. Узнагароджаны медалём імя П. П. Сямёнава-Цян-Шанскага Геаграфічнага таварыства СССР, медалём «За выяўленне новых астранамічных аб'ектаў» Астранамічнай рады АН СССР.

Заслужаны дзеяч навукі РСФСР. Яго імем названа малая планета [20].

Iванішэўскі Генрык (Henryk Iwanіszewskі, 12.04.1922-31.08.1981) нарадзіўся ў Гродне ў сям'і рамесніка. У 1939 г. ён закончыў чацвёрты клас гімназіі. Адукацыю за VIII і IX класы атрымоўваў у савецкай школе. У ліпені 1945 г. разам з сям'ёй з'ехаў у Польшчу (г. Зялёна Гура). У 1946 г. залічаны студэнтам Торунскага ўніверсітэта Мікалая Каперніка. Ужо падчас вучобы стаў супрацоўнікам універсітэта. Быў вучнем прафесара Уладзіслава Дзявульскага. У лютым 1962 г. абараніў доктарскую дысертацыю.

У 1956 г. стажыраваўся па радыёастраноміі ў навуковых установах у Крыме, Арменіі і Маскве. Пасля вяртання, у 1957-1962 гг., ён пабудаваў некалькі радыётэлескопаў, найбуйнейшы з якіх меў 12-метровую парабалічную антэну. Доктар Iванішэўскі шмат зрабіў у галіне электронікі. Ён апублікаваў 21 навуковую працу па астраноміі. Гэта былі пераважна працы па зорнай астраноміі і радыёастраноміі, а таксама ў галіне нябеснай механікі і зорнай фотаметрыі.

Доктар Iванішэўскі быў членам Польскага астранамічнага таварыства і Навуковага таварыства ў Торуні [21].

Каменскі Міхал (Mіchał Kamіeńskі, 24.11.1879-18.04.1973) нарадзіўся ў маёнтку Дамброўка Черыкаўскага павета Магілёўскай губерні. У старасці, успамінаючы сваё жыццё, Каменскі казаў сябрам, што яго бацька быў уладальнікам маёнтка, а маці - вясковай беларускай дзяўчынай (яе 90-гадовы прафесар называў з вялікай любоўю «мая мамуся»). Сярэднюю адукацыю Міхал атрымаў у Пскоўскай класічнай гімназіі і ўжо там ён вылучаўся здольнасцямі. У 1898 г. паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Фізіка-матэматычны факультэт закончыў у 1903 г. з дыпломам кандыдата ўніверсітэта і адразу быў запрошаны на дзяржаўную службу астраномам у Пулкаўскую астранамічную абсерваторыю. Такім чынам здзейсніліся юнацкія мары пра астраномію [22].

Спачатку Каменскі працаваў астраномам-вылічальнікам, тым не менш яму даручалі і астраметрычныя назіранні. Аднак найбольш маладога даследчыка захапілі разлікі арбіт камет. Пад кіраўніцтвам вядомага пулкаўскага астранома А. А. Баклунда ён рабіў разлікі арбіт камет Энке, Вольфа 1, Галея. А вылічэннямі і ўдакладненнямі арбіты каметы Вольфа 1 астраном займаўся ўсё жыццё [23].

У 1908 г. Каменскі атрымаў стыпендыю ў Пецярбургскай акадэміі навук, што дазволіла яму пачаць рыхтавацца на ступень магістра. На працягу некалькіх месяцаў 1909 г. ён быў настаўнікам матэматыкі і фізікі ў Калузе. Там 15 чэрвеня 1909 г. ён ажаніўся з Марыяй Дэмбіцкай. У 1909 г. астраном атрымаў прызначэнне на службу ў гідраграфічны аддзел флоту ў порце Ліепая. Ён займаўся выпускам штодзённых сінаптычных карт, выяўляў і вывучаў анамаліі магнітнага скланення ў раёне Ліепаі і г. д.

Ступень магістра ў галіне астраноміі і геадэзіі Каменскі атрымаў у Санкт-Пецярбургскім універсітэце ў маі 1910 г. У 1914 г. ён быў пераведзены ва Уладзівасток, дзе спачатку служыў астраномам порта, а потым арганізаваў Марскую абсерваторыю і з 1919 г. быў яе начальнікам. Каменскі даследаваў зямны магнетызм, метэаралогію і гідраграфію, ствараў сінаптычныя карты Усходняй Сібіры і арганізаваў навуковыя станцыі для вывучэння арктычных ільдоў уздоўж заходняга ўзбярэжжа Ціхага акіяна ад Уладзівастока да Берынгава праліва.

На пачатку 1920 г. праз бальшавіцкую небяспеку Каменскі пакінуў пасаду начальніка абсерваторыі ва Уладзівастоку. Ён вырашыў пакінуць Расію і пераехаць у Польшчу. Каб зарабіць грошы на далёкі пераезд у Еўропу з Далёкага Усходу, ён прыняў запрашэнне гідраграфічнай службы японскага флоту і з мая 1920 г. два гады служыў у Токіа. У Японіі астраном складаў эфемерыды пар зорак для дакладнага вызначэння шыраты ў паласе ад 20 да 40 градусаў па метадзе Пяўцова [24]. Гэтая праца мела важнае значэнне і магла быць выкарыстаная, у тым ліку, для стварэння тапаграфічных картаў Сахары, Афганістана, Кітая і іншых тэрыторый у паласе ад 20 да 40 градусаў. На жаль, рукапісы і ўсе запісы Каменскага згарэлі падчас пажару ў будынку гідраграфічнай службы пасля моцнага землятрусу, які абрынуўся на Токіа 1 верасня 1923 г., але Каменскі ў ліпені 1922 г. ужо быў у Польшчы. Правёўшы некалькі месяцаў у Кракаве, ён перабраўся ў Варшаву, дзе ў сакавіку 1923 г. быў прызначаны прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта і дырэктарам астранамічнай абсерваторыі [25].

З прыходам прафесара Каменскага ў Варшаўскай абсерваторыі пачаўся перыяд развіцця. Разумеючы, што дрэнна абсталяваная і размешчаная ў цэнтры горада абсерваторыя не дае магчымасці выконваць сур'ёзныя назіранні, Каменскі скіраваў навуковыя інтарэсы падпарадкаваных яму астраномаў на тэарэтычныя пытанні. Прыярытэтным стала вывучэнне руху каметы Вольфа 1, было вырашана паўтарыць і значна палепшыць разлік эфемерыд зорных пар для вызначэння дакладных геаграфічных шырот па метадзе Пяўцова. Каменскі пачаў рабіць намаганні па рэканструкцыі абсерваторыі і закупе новых інструментаў, арганізаваў сучасную службу часу, заснаваў перыядычнае выданне «Публікацыі астранамічнай абсерваторыі Варшаўскага ўніверсітэта» [26] (у 1925-1939 гг. надрукавана 12 тамоў). Да пачатку Другой сусветнай вайны ўдалося пабудаваць філіял абсерваторыі далёка ад Варшавы ў добрых астракліматычных умовах - на вяршыні гары Поп Iван (2022 м) у Карпатах. Каменскі таксама кіраваў аматарамі астраноміі, быў прэзідэнтам Польскага таварыства сяброў астраноміі з 1924 да 1939 г. (з невялікім перапынкам).

Дзейнасць Каменскага як навукоўца і адміністратара была хутка заўважана ў свеце. Ужо ў 1927 г. ён стаў ганаровым сябрам Каралеўскага астранамічнага таварыства [27] ў Лондане. У тым самым годзе ён быў абраны членам-карэспандэнтам Польская акадэмія ведаў [28] і членам Варшаўскага навуковага таварыства [29].

Падчас Другой сусветнай вайны Каменскі застаўся ў Варшаве. Універсітэт быў зачынены, але нават акупацыйныя ўлады прызналі, што астранамічныя ўстановы неабходныя, і дазволілі абсерваторыям у Варшаве, Кракаве і Львове працаваць. Аднак на пачатку 1940 г. найлепшыя астранамічныя прылады былі вывезеныя ў Германію. У гэтых умовах Каменскі працягваў свае даследаванні і зноў вярнуўся да галоўнай тэмы свайго жыцця - да разлікаў арбіты каметы Вольфа 1. Ён пабудаваў матэматычную тэорыю руху каметы Вольфа 1 з улікам уплываў ад шасці планет (ад Венеры да Урана) і негравітацыйных эфектаў. Каменскі першым паказаў, што негравітацыйныя сілы дзейнічаюць у каметным перыгеліі і могуць выклікаць не толькі векавое паскарэнне ў руху каметы Вольфа 1, але і векавое запаволенне. Астраном даказаў, што ў выніку збліжэння з Юпітэрам камета Вольфа 1 рухаецца вакол Сонца па пульсоўнаму з нерэгулярнай перыядычнасцю эліпсу. Каменскі распрацаваў новы метад ацэнкі планетных уплываў на каметную арбіту [30]. Гэты метад быў ужыты для вывучэння руху каметы Галея ў вялікім інтэрвале часу, для гэтых вылічэнняў выкарыстоўваліся запісы ў старажытных хроніках. Вынікі працы былі апублікаваныя ў 1946 г. асобнай кнігай [31]. У той самы час ён распрацаваў так званы цыклічны метад для знаходжання становішча целаў Сонечнай сістэмы ў вялікіх прамежках часу. Гэты метад пазней быў паспяхова ўжыты ў працах па астранамічнай храналогіі.

На пачатку Варшаўскага паўстання ў жніўні 1944 г. абсерваторыя была цалкам спаленая, згарэлі багатая бібліятэка і жыллё астраномаў. Страціўшы дах над галавой, Каменскі з жонкай знайшлі часовы прытулак пад Варшавай. Цяжар блуканняў не ўдалося перажыць хворай на сэрца жонцы прафесара: праз некалькі тыдняў пасля страты жытла Марыя Каменская памерла. Напрыканцы кастрычніка 1944 г. Каменскі прыбыў у Кракаў і зноў заняўся любімай працай.

Неўзабаве пасля вайны быў адчынены Варшаўскі ўніверсітэт, але прафесар Міхал Каменскі быў нечакана выпраўлены на пенсію і пазбаўлены ўсіх пасад. Да працы ў якасці прафесара Варшаўскага ўніверсітэта ён больш не вярнуўся. Але пасля аднаўлення працы Польскай акадэміі навук пры ёй быў створаны дэпартамент астраноміі, дзе Каменскі пачаў працаваць на пасадзе прафесара. У верасні 1960 г. вучоны канчаткова выйшаў у адстаўку па ўзросце, але застаўся актыўным удзельнікам камісіі камет, што дзейнічала пры Польскай акадэміі навук [32].

У 1963 г. прафесар Каменскі вярнуўся ў Варшаву, пасяліўся ў маленькай, але ўласнай кватэры ў вялізным доме па вуліцы Каперніка. Нягледзячы на сталы ўзрост, ён быў па-ранейшаму вельмі актыўны, інтэнсіўна займаўся даследчай працай, шмат чытаў, вёў вялікую перапіску, удзельнічаў у семінарах і навуковых канферэнцыях, наведваў сяброў. Прафесар вельмі любіў даваць сваім сябрам розныя мянушкі, якія ў новым свеце паказвалі асобу і ў якіх выказваліся яго сімпатыі да чалавека. Напрыклад, доктара Халіну Яськову, якая між іншымі справамі займалася ў Кракаўскай абсерваторыі перакладамі на англійскую мову, ён называў Халінай Брытанікай, прафесара Стэфана Пятроўскага - Стэфан Магнус. Вучань Каменскага Крыштаф Зялкоўскі ўспамінаў, што прафесар быў патрабавальным і строгім чалавекам, але часта бываў вясёлым і дасціпным. Ён быў выдатным педагогам і чароўным апавядальнікам, памятаў шмат вясёлых гісторый, звязаных з працай астранома, любіў згадваць гады свайго навучання ў вядомых пулкаўскіх астраномаў, часта расказваў пра Японію.

Пасляваенная навуковая дзейнасць Каменскага складалася пераважна з вывучэння руху дзвюх камет - Вольфа 1 і Галея. Ён зрабіў вялікі ўклад у пашырэнне ведаў пра рух каметы Вольфа 1 і дажыў да прызнання выключнасці сваіх намаганняў навуковай супольнасцю.

Памёр Міхал Каменскі 18 красавіка 1973 г. пасля непрацяглай хваробы ў выніку выпадковага падзення на вуліцы. Паводле жадання, ён быў пахаваны на прыходскіх могілках недалёка ад Варшавы, побач з магілай жонкі [33].

Ліпскі Юры Навумавіч (22.11.1909-24.01.1978) нарадзіўся ў вёсцы Дуброўна Горацкага раёна Віцебскай вобласці. Будучы астраном рана асірацеў. У 1925 г. Юры паступіў на вагонарамонтны завод, дзе асвоіў прафесію электраманцёра. У 1932-1933 гг. вучыўся ў школе працоўнай моладзі пры заводзе. У 1938 г. закончыў фізічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым паступіў у аспірантуру да знакамітага астранома В. Р. Фесянкова [34]. Супрацоўнікі Дзяржаўнага астранамічнага інстытута імя П. К. Штэрнберга неаднаразова з падзякай успаміналі Юрыя Навумавіча. Справа ў тым, што, займаючы кіроўчыя пасады ў партыйнай арганізацыі інстытута, Ю. Н. Ліпскі выступаў супраць палітычных рэпрэсій у адносінах да астраномаў ДАIШ. У адрозненне ад Пулкаўскай абсерваторыі, дзе шматлікія вядучыя астраномы былі альбо знішчаныя, альбо адпраўленыя ў сталінскія лагеры, ніхто з супрацоўнікаў інстытута ў гэтыя змрочныя гады не быў рэпрэсаваны. Адзін з найвыбітнейшых астраномаў XX ст. I. С. Шклоўскі ўспамінаў, што менавіта Юры Навумавіч Ліпскі выратаваў яму жыццё, адмовіўшыся разглядаць заяву даносчыка. Відавочна, што такую грамадзянскую пазіцыю можна было займаць, толькі рызыкуючы ўласным жыццём. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1941 г. Ліпскі быў прызначаны загадчыкам Кучынскай астрафізічнай абсерваторыі [35] ДАIШ. У тым самым годзе з'явілася з друку першая навуковая праца вучонага «Аб дыфракцыйным метадзе даследавання шчыліны спектрографа». Матэрыял вылучаўся арыгінальнасцю падыходу і дакладнасцю праведзеных даследаванняў [36].

У 1942-1945 гг. Ю. Н. Ліпскі ўдзельнічаў у баях на Варонежскім і Украінскім франтах, у Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі, быў тройчы паранены і кантужаны. За вайсковыя заслугі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.

Пасля дэмабілізацыі Ю. Н. Ліпскі вярнуўся ў ДАIШ на пасаду асістэнта. Галоўным аб'ектам яго навуковых інтарэсаў стаў Месяц. У 1948 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вызначэнне масы месяцовай атмасферы па палярызацыйных даследаваннях яе паверхні». У 1953 г. яго прызначылі загадчыкам Лабараторыі фотамет рыі і спектраскапіі ДАIШ. Адначасова ён чытаў курс тэарэтычнай фізікі для астраномаў. У 1958 г. Ліпскі разам з калегамі даследаваў спектра-палярызацыйныя асаблівасці дзённага і змрочнага неба па праграме Міжнароднага геафізічнага года [37].

Зорныя гадзіны ў лёсе Ю. Н. Ліпскага пачаліся з пачаткам касмічнай эры: 7 кастрычніка 1959 г. савецкая аўтаматычная станцыя «Месяц-3» упершыню ў гісторыі атрымала здымкі адваротнага боку Месяца. З ініцыятывы акадэміка С. П. Каралёва адным з кіраўнікоў прац па вывучэнні фатаграфій зваротнага боку Месяца стаў Ю. Н. Ліпскі. Ён распрацаваў і выкарыстаў арыгінальную методыку вывучэння здымкаў, якія мелі шмат дэфектаў, што дазволіла значна падвысіць іх інфарматыўнасць і выявіць вялікую колькасць дэталяў рэльефу на не вядомай раней частцы месяцовай паверхні. Па выніках гэтых прац у 1960 г. была складзеная першая ў свеце карта адваротнага боку, а потым і першы глобус Месяца, на якіх з'явіліся новыя назвы: мора Масквы, мора Мары, заліў Астранаўтаў, кратары Цыялкоўскі, Курчатаў, Мендзялееў, Джардана Бруна, Лабачэўскі, Пастэр. Неўзабаве быў выдадзены «Атлас адваротнага боку Месяца» пад рэдакцыяй М. П. Барабашава, А. А. Міхайлава і Ю. Н. Ліпскага. У 1963 г. Юрыю Ліпскаму была прысуджаная навуковая ступень доктара фізіка-матэматычных навук [38].

У 1962-1964 гг. на дзяржаўным узроўні была прынятая праграма даследавання Месяца аўтаматычнымі станцыямі і пачалася падрыхтоўка да палёту чалавека на Месяц. Для апрацоўкі інфармацыі з ініцыятывы С. П. Каралёва ў 1964 г. у ДАIШ стварылі аддзел фізікі Месяца і планет, загадчыкам якога прызначылі Ю. Н. Ліпскага. Пэўны час ён працягваў кіраваць таксама Лабараторыяй фотаметрыі і спектраскапіі. Яго навуковыя інтарэсы былі вельмі шырокія - ад астрафізічных даследаванняў Сонца і планет да распрацоўкі новых метадаў вывучэння целаў Сонечнай сістэмы з дапамогай ракетна-касмічнай тэхнікі.

Да сярэдзіны 1960-х гг. усходняя частка адваротнага боку Месяца заставалася нявывучанай. У канструктарскім бюро С. П. Каралёва распрацоўвалася новае пакаленне аўтаматычных станцый для даследавання целаў Сонечнай сістэмы, у тым ліку Венеры і Марса. На стадыі лётных выпрабаванняў новых касмічных апаратаў адзін з іх, «Зонд-3», быў запушчаны ў далёкі космас. 20 ліпеня 1965 г. аўтаматычная міжпланетная станцыя «Зонд-3» праляцела на адлегласці каля 10 000 км ад месяцовай паверхні і перадала на Зямлю каля 30 здымкаў усходняга сектара адваротнага боку Месяца. На працягу 1965 г. навуковая група пад кіраўніцтвам Ю. Н. Ліпскага апрацавала вынікі здымкаў Месяца і падрыхтавала першыя публікацыі. На прапанову С. П. Каралёва была створаная другая частка «Атласа адваротнага боку Месяца», выдадзены поўныя месяцовыя карты і глобусы.

Працы, выкананыя пад кіраўніцтвам Ю. Н. Ліпскага, мелі міжнароднае прызнанне. Незадоўга да высаджвання на Месяц амерыканскіх астранаўтаў па праграме «Апалон» яе кіраўнік У. фон Браўн звярнуўся з просьбай даслаць яму набор месяцовых картаў, выдадзеных пад кіраўніцтвам Ліпскага.

У 1975 г. пад навуковым кіраўніцтвам Ю. Н. Ліпскага выйшла трэцяя частка «Атласа адваротнага боку Месяца», у якой былі апрацаваныя апошнія матэрыялы, перададзеныя касмічнымі апаратамі «Зонд-6, -7, -8» [39].

Пад кіраўніцтвам Ліпскага быў праведзены параўнальны статыстычны аналіз размеркавання кратарных формаў на Месяцы, Меркурыі і Марсе і ў 1977 г. выдадзены «Каталог кратараў Меркурыя і Месяца» і «Каталог кратараў Марса, Меркурыя і Месяца». Апошняя праца астранома «Картаграфаванне Месяца» была апублікаваная ў зборніку «Поспехі Савецкага Саюза ў даследаванні касмічнай прасторы (другое касмічнае дзесяцігоддзе 1967-1977 гг.)». Пасля смерці вучонага рашэннем Міжнароднага астранамічнага саюза яго імем названы кратар у цэнтры нябачнага паўшар'я Месяца [40].

Хайкін Сямён Эмануілавіч (21.08.1901-0.07.1968) нарадзіўся ў Мін ску ў сям'і педагогаў. Яго бацька, аграном па адукацыі, быў заснавальнікам і дырэктарам Мінскай прыватнай рэальнай вучэльні, эвакуяванай падчас Першай сусветнай вайны ў Пензу. Гэтую вучэльню Сямён Эмануілавіч закончыў у 1918 г. У тым самым годзе ён паступіў вучыцца ў МВТУ і адначасова на Вышэйшыя электратэхнічныя курсы. У 1919 г., закончыўшы курсы, Хайкін добраахвотнікам уступіў у Чырвоную армію і да 1924 г. знаходзіўся на ваеннай службе у розных частках і ўстановах сувязі. У 1920 г. ён удзельнічаў у баях на Заходнім фронце як начальнік палявой радыёстанцыі. Пасля дэмабілізацыі С. Э. Хайкін працаваў радыётэхнікам і лабарантам, працягваючы вучыцца, і ў 1928 г. закончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Пасля нядоўгачасовай працы ў якасці інжынера ў Ленінградскай фізікатэхнічнай лабараторыі і Усесаюзным электратэхнічным інстытуце (1928-1930 гг.) Хайкін у 1930 г. перайшоў на фізічны факультэт Мас коўскага ўніверсітэта, дзе пачаў працаваць асістэнтам, дацэнтам і пасля загадчыкам кафедраў ваганняў (1935-1938 гг.) і агульнай фізікі (1938-1946 гг.). У 1930-1931 гг. ён быў навуковым сакратаром, у 1931-1933 гг. - намеснікам дырэктара Інстытута фізікі МДУ, а ў 1934-1937 гг. - дэканам фізічнага факультэта. У лютым 1935 г. С. Э. Хайкіну была прысуджаная навуковая ступень доктара фізіка-матэматычных навук і званне прафесара. У гады Другой сусветнай вайны, працягваючы кіраваць кафедрай агульнай фізікі фізічнага факультэта, Хайкін узначальваў лабараторыю, дзе распрацоўваліся прапанаваныя ім сістэмы фазавай радыёлакацыі і радыёнавігацыі. Пасля вайны С. Э. Хайкін перанёс сваю асноўную працу ў Фізічны інстытут імя П. Н. Лебедзева АН СССР, дзе ён кіраваў сектарам радыёастраноміі лабараторыі ваганняў [41].

Пасля 1945 г., падчас разгрому генетыкі і кібернетыкі, праблемы атрымалі і фізікі. Вось некалькі тагачасных цытат: «Бораўскае вытлумачэнне суадносінаў нявызначанасці квантавай механікі ёсць адыход ад матэрыялізму», «тэорыя рэлятыўнасці Эйнштэйна, несумненна, прапагандуе антынавуковыя погляды па карэнных пытаннях сучаснай фізікі і навукі ўвогуле. Погляды Эйнштэйна павялі фізіку не наперад, а назад як у стаўленні да тэорыі спазнання, так і да фізічных метадаў. Ужо шматлікія фізікі ўсведамляюць, што тэорыя рэлятыўнасці Эйнштэйна - гэта тупік сучаснай фізікі…». На жаль, з «марксісцкіх» пазіцый выступалі не толькі штатныя савецкія філосафы - людзі, для якіх веданне натуральных навук абмяжоўвалася табліцай множання, але і некаторыя выкладчыкі фізікі МДУ. Пад асуджэнне падпала і кніга Хайкіна «Механіка». Хайкін быў абвінавачаны ў фізічным ідэалізме (ідэалізм у механіцы? - Л. Л.). Навукоўца пачалі «апрацоўваць». У 1949 г. у трэцім нумары «Поспехаў фізічных навук» з'явіўся артыкул выкладчыка фізічнага факультэта МДУ Ф. А. Каралёва «Аб метадалагічных памылках у кнізе прафесара С. Э. Хайкіна "Механіка"». Каралёў сцвярджаў, што «пранікненне чужой марксізму ідэалогіі ў асяроддзе савецкіх навукоўцаў не абмяжоўваецца рамкамі біялагічных навук, а мае месца і ў іншых навуках, у прыватнасці і ў фізіцы… выкарыстаўшы слабую ідэалагічную падрыхтоўку студэнтаў першага курса (падручнік прызначаны менавіта ім. - Л. Л.)… [Хайкін]… імкнецца прышчапіць чытачу светапогляд, які ідзе цалкам насуперак з марксісцка­ленінскім светапоглядам». Гэта выяўляецца ў вызначэнні фізічнага закону. Хайкін пісаў: «Усякі колькасны закон ёсць сцвярджэнне адносна сувязі паміж тымі або іншымі велічынямі». Спрактыкаванаму «марксісту» Каралёву здаецца, што тут «на першы план выстаўляецца свядомасць, у супрацьлегласць дыялектычнаму матэрыялізму, які прызнае першасным не свядомасць, а аб'ектыўную заканамернасць, існую па­за і незалежна ад нашай свядомасці». Такую самую філасофскую крамолу Каралёў угледзеў у спробе Хайкіна разабрацца з паняццямі «азначэнне» і «сцвярджэнне». Вынік - светапогляд Хайкіна «ідэалістычны, махісцка­кантыянскага кшталту». А яшчэ і «недастатковае асвятленне ролі рускіх навукоўцаў»: Жукоўскі і Чаплыгін згаданы толькі двойчы, а Лебедзеў і Цыялкоўскі - ні разу! Выснова напрошваецца сама сабой: «Узнікае пытанне, каму патрэбы такі падручнік, у якім праведзены ідэалістычны светапогляд, перакручваецца змест навукі і прыніжаецца роля рускіх і савецкіх навукоўцаў» [42].

Але ад фізікаў рэжыму была патрэбная зброя, і таму працэсу «цкавання» не далі моцы і «спусцілі на тармазах». Вось як распавядаў пра гэта акадэмік А. П. Аляксандраў: «Неўзабаве пасля вайны… мяне выклікалі ў ЦК партыі і завялі гутарку, што квантавая тэорыя, тэорыя рэлятыўнасці - усё гэта глупства». Але я ім сказаў вельмі проста: «Сама атамная бомба дэманструе такое ператварэнне рэчыва і энергіі, якое выцякае з гэтых новых тэорый, а ні з чаго іншага. Таму, калі ад іх адмовіцца, то трэба адмовіцца і ад бомбы. Калі ласка: адмаўляйцеся ад квантавай механікі - і рабіце бомбу самі, як жадаеце». Таксама паводзілі сябе і ўсе астатнія фізікі, якія бралі ўдзел у савецкім ядзерным праекце. «Марксіцкае» пустаслоўе адступіла, і потым хадзіла байка, што фізікі «адбіліся ад ілжэвучоных атамнай бомбай» [43].

* * *

Апошнія дваццаць гадоў навуковай творчасці С. Э. Хайкіна былі аддадзеныя новай галіне навукі - радыёастраноміі. Пасля смерці акадэміка Н. Д. Папалексі С. Э. Хайкін узначаліў падрыхтоўку і правядзенне экспедыцыі ў Бразілію, дзе ўпершыню ў свеце былі праведзеныя назіранні радыёзацьмення Сонца. Назіранні паказалі, што радыёвыпраменьванне ў метровым дыяпазоне хваляў зыходзіць ад сонечнай кароны.

З бразільскай экспедыцыі Хайкін вярнуўся поўны шырокіх планаў развіцця радыёастраноміі, родапачынальнікам якой у СССР ён з поўным правам лічыцца. У кароткі час пад кіраўніцтвам С. Э. Хайкі на ў Фізічным інстытуце імя Лебедзева АН СССР вырас калектыў радыёастраномаў. Ён дакладна і своечасова ацаніў важнае ўжытковае значэнне радыёастраноміі, бо метадамі радыёастраноміі стала магчымым даследаваць умовы распаўсюджвання радыёхваляў скрозь усю тоўшчу зямной атмасферы. Аднак нароўні з даследаваннямі ўжытковага характару кіраваны Хайкіным калектыў усё больш залучаўся ў астрафізічныя даследаванні і адразу атрымаў новыя важныя дадзеныя па радыёвыпраменьванні Сонца і Месяца. У 1948-1949 гг. Хайкін кіраваў стварэннем першай савецкай радыёастранамічнай станцыі ў Кры ме, якую абсталявали буйнымі па тым часе радыётэлескопамі [44].

Хайкін быў ініцыятарам прац, якія прывялі да стварэння радыётэлескопаў тыпу РТ-22, прыдатных для даследаванняў у міліметровым дыяпазоне. У 1953 г. Хайкін арганізаваў аддзел радыёастраноміі ў Пулкаўскай абсерваторыі, якім кіраваў да канца жыцця. Ацаніўшы выключныя далягляды радыёастранамічных даследаванняў у караткахвалевай частцы «радыёвакна» празрыстасці зямной атмасферы, Сямён Эмануілавіч накіраваў высілкі калектыву пулкаўскіх радыёастраномаў па шляху асваення сантыметровага дыяпазону радыёхваляў. Цяжкасць пабудовы вельмі вялікіх і дакладных антэн, неабходных для гэтага дыяпазону, на думку вучонага, мусіла быць пераадоленая шляхам рашучай адмовы ад традыцыйнай канструкцыі радыётэлескопа з суцэльным парабалічным рэфлектарам. Люстраная паверхня новага радыётэлескопа падзялялася на шэраг невялікіх і вельмі дакладна вырабленых плоскіх элементаў, якія ўсталёўваліся з дапамогай механізмаў і вымяральных прылад такім чынам, каб утварыць паверхню, што збірае ў адзіны фокус выпраменьванне ад крыніцы. Для назіранняў у розных напрамках профіль паверхні павінен быў змяняцца, таму антэна новага радыётэлескопа атрымала назву антэны пераменнага профілю. Такі радыётэлескоп пад кіраўніцтвам С. Э. Хайкіна быў збудаваны ў Пулкаве ў 1956 г.

На гэтым радыётэлескопе былі праведзеныя даследаванні сусветнага ўзроўню: выяўлена і вывучана моцная кругавая палярызацыя выпраменьвання актыўных частак Сонца, дэталёва даследаваныя «радыёплямы», выяўленая і вывучаная ў сантыметровым дыяпазоне лінейная палярызацыя цеплавога радыёвыпраменьвання Месяца, упершыню вывучана размеркаванне радыёяркасці па дыску планеты Венера і праведзе на даследаванне структуры магутных радыяцыйных паясоў планеты Юпітэр. Даследаванні на пулкаўскім радыётэлескопе дазволілі ацаніць інтэнсіўнасць рассейвання экліптычным газам радыёхваляў сантыметровага дыяпазону і ацаніць напружанасць магнітнага поля ў міжпланетным асяроддзі. Быў складзены першы ў свеце дэталёвы марфалагічны каталог галактычных крыніц радыёвыпраменьвання. Дэталёва даследаваліся структура і палярызацыя складаных пазагалактычных кры ніц радыёхваляў [45].

Сямён Хайкін быў не толькі буйным навукоўцам, але і педагогам, які выхаваў цэлае пакаленне фізікаў і інжынераў. З 1934 да 1947 г. ён чытаў агульны курс фізікі на фізічным факультэце МДУ. З першых лекцый ён стаў вельмі папулярным сярод студэнтаў лектарам. Вынікам чытання лекцый з'явіўся той самы «ідэалістычны» курс механікі С. Э. Хайкіна, які вытрымаў тры выданні. Над гэтай кнігай ён працягваў працаваць больш як трыццаць гадоў. Апошняе выданне пашыранага курсу пад назвай «Фізічныя асновы механікі» выйшла ў 1963 г. У гэтай кнізе Хайкін упершыню ў рамках падручніка па агульным курсе фізікі даў глыбокі фізічны выклад асноў механікі спецыяльнай тэорыі рэлятыўнасці.

Да канца свайго жыцця С. Э. Хайкін кіраваў пабудовай самага велізарнага ў свой час радыётэлескопа РАТАН-600 (гіганцкай пабудовы дыяметрам 600 м).

За выбітныя працы ў галіне радыёфізікі і радыёастраноміі С. Э. Хайкін быў узнагароджаны Залатым медалём Акадэміі навук імя А. С. Папова [46].



[1] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А. Родригес М. Г. Астрономы. Биографический справочник. Киев, 1977. С. 35-36.

[2] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1984 г. С. 304-307.

[3] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 35-36.

[4] Иосиф Самуилович Шкловский. Эшелон. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: lib.ru/MEMUARY/SHKLOWSKIJ/eshelon.txt - Дата доступу: 01.11.2009.

[5] Цыт. паводле: Романов А. М. Занимательные вопросы по астрономии и не только. М., 2005. С. 1.

[6] Селенадэзiя (ад греч. selene - Месяц i dáio - дзялю, падзяляю) - навуковая дысцыплiна, прысвечаная вывучэнню формы i памераў Месяца.

[7] Гл.: Гаврилов Игорь Владимирович. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: www.astronet.ru/db/msg/1233469 - Дата доступу: 02.11.2009.

[8] Гл.: Woszczyk Andrzej. Robert Głębocki (1940-2005) // Urania - Postępy Astronomii. 2005. № 3. S. 122-123.

[9] Гл.: Аганов А. В., Ларионов А. Л. 200 лет физики и астрономии в Казанском университете // Ученые записки Казанского университета. 2005. Т. 147, кн. 2. С. 8.

[10] Гелiяметр - астраметрычная прылада для вымярэння невялiкiх (да 1°) вуглоў на нябеснай сферы. Першапачаткова гелiяметр ужываўся для вымярэння дыяметра Сонца, з чым i звязана яго назва, пазней - для вымярэння папярочнiкаў Месяца, планет, каардынат спадарожнiкаў планеты, а таксама для вымярэння падвойных зорак i для вызначэння зорных паралаксаў.

[11] Род Энгельгартаў вядзе свой радавод ад Роберта Энгельгарта, якi падчас Лiвонскай вайны ў 1558 г. быў узяты ў палон i з дзецьмi вывезены ў Расiю. Унук Роберта, Вернер Энгельгарт, на пачатку XVII ст. пачаў служыць ВКЛ i за гэтую службу атрымаў маёнткi блiзу Смаленска. Пасля ўзяцця Смаленска рускiмi войскамi ў 1654 г. Вернер Энгельгарт уступiў у рускую службу, захаваўшы свае зямельныя валадарствы. Вернер стаў родапачынальнiкам смаленскiх Энгельгартаў.

[12] Пад загалоўкам «Observations astronomiques, faites par V. d' Engelhardt a son Observatoire a Dresde. Dresde 1886-1895».

[13] Гл.: Становление и развитие Казанской астрономической школы. [Электронны рэсурс] - Рэжым доступу: www.ksu.ru/astro/hist2001.html - Дата доступу: 29.11.2009.

[14] Гл.: Луцкий В. К. История астрономических общественных организаций в СССР. 1982. С. 9.

[15] Гл.: Нефедьев Л. Л. Астрономия в Казанском университете в послеоктябрьский период // Ученые записки Казанского университета. 1960. Т. 120, кн. 7. С. 89-90.

[16] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А. Родригес М. Г. Астрономы. С. 98.

[17] «Пулкаўская справа» (1936-1937) - крымiнальная справа, сфабрыкаваная НКУС супраць групы навукоўцаў, па абвiнавачваннi ва «ўдзеле ў фашысцкай трацкiсцка-зiноўеўскай тэрарыстычнай арганiзацыi, якая нiбыта ўзнiкла ў 1932 г. з iнiцыятывы германскай выведкi i ставiла сваёй мэтай звяржэнне савецкай улады i ўсталяванне на тэрыторыi СССР фашысцкай дыктатуры.

[18] Гл.: McCutcheon R. A. The 1936-1937 Purge of Soviet Astronomers // Slavic Review. 1991. Т. 50. № 1. С. 100-117.

[19] Гл.: Как встречали Новый год на судах в плену арктических льдов // Моряк Севера. 27.12.2006. № 49.

[20] Гл.: Колочинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. C. 178.

[21] Гл.: Woszczyk Andrzej. Henryk Iwaniszewski (1922-1981) // Rocznik Toruński. T. 16. Toruń, 1983. S. 23-26.

[22] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973 // Sylwetki Astronomów Polskich XX w. Toruń, 2007. S. 78.

[23] Гл.: Historia astronomii w Polsce. S. 248.

[24] Метад вызначэння геаграфiчнай шыраты паводле назiранняў пар зорак на роўных вышынях.

[25] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973. S. 79.

[26] Publications of the Astronomical Observatory of the Warsaw University.

[27] Royal Astronomical Society.

[28] Polskiej Akademii Umiejętności.

[29] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973. S. 80.

[30] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. C. 208.

[31] List of the works achieved in the field of Mathematics and Sciences in Poland during the German occupation 1939-1945.

[32] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński 1879-1973. S. 80-81.

[33] Гл.: Ziółkowski Krzysztof. Michał Kamieński1879-1973. S. 82-85.

[34] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 194-195

[35] У 1925 г. пад Масквой, у Кучына, была створаная наглядальная станцыя, якая ў 1930 г. стала Кучынскай астрафiзiчнай абсерваторыяй.

[36] Гл.: Шевченко В. В., Родионава Ж. Ф. Юрий Наумович Липский (к 90-летию со дня рождения) // Земля и Вселенная. 2000. № 2. С. 28.

[37] Гл.: Еремеева А. И. Памятные даты астрономии в 1979 г. // Астрономический календарь на 1979 г. М., 1978. С. 318-322.

[38] Гл.: Шевченко В. В., Родионава Ж. Ф. Юрий Наумович Липский (к 90-летию со дня рождения). С. 29-30.

[39] Гл.: Шевченко В. В., Родионава Ж. Ф. Юрий Наумович Липский (к 90-летию со дня рождения). С. 31-33.

[40] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 194-195.

[41] Гл.: Иверонова В. Н. [и др.]. Семен Эммануилович Хайкин // Успехи физических наук. 1969. Февраль. Т. 97. Вып. 2. С. 367-368.

[42] Цыт. паводле: Сонин А. С. Тревожные десятилетия советской физики 1947-1953 // Знание - сила. 1990. № 5. С. 80-84.

[43] Александров А. П. Как делали бомбу // Известия. 22. 07. 1989. С. 3.

[44] Гл.: Иверонова В. Н. [и др.]. Семен Эммануилович Хайкин. С. 368.

[45] Гл.: Иверонова В. Н. [и др.]. Семен Эммануилович Хайкин. С. 369-370.

[46] Гл.: Колчинский И. Г., Корсунь А. А., Родригес М. Г. Астрономы. С. 264.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX