Папярэдняя старонка: Навукоўцы

Вандалін Шукевіч   


Аўтар: Бломберг Мар'яна Магдалена,
Дадана: 28-03-2011,
Крыніца: Варшава - Ліда 2010.

Спампаваць




Камітэт гісторыі навукі і тэхнікі Польскай Акадэміі Навук

ГА "Таварыства польскай культуры на Лідчыне"



Мар'яна Магдалена Бломберг


Вандалін Шукевіч

Сын лідскай зямлі

даследчык і грамадскі дзеяч

(1852-1919)


Варшава - Ліда

2010


Знакамітыя палякі Лідчыны пад ред. Ірэны Стасевіч-Ясюковай

ГА “Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне” і Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук сардэчна дзякуюць варшаўскаму выдавецтву “Рэтра-Арт” за бескарыслівае, бясплатнае выкананне вокладак для нашай серыі.


Змест

Прадмова ...11

Cын лідскай зямлі, даследчык і грамадскі дзеяч ...46

Радавод і бацькоўскі дом ...50

Нача - радзімае гняздо ...52

Біяграфія даследчыка ...53

Сямейнае жыццё ...56

Навукова-даследчая і арганізатарская праца ...62

Грамадская і адукацыйная дзейнасць ...73

Кантакты з навуковымі суполкамі ...77

Літаратура ...80


Пераклад на беларускую мову: Тадэвуш Страчынскі

Графічны праект, вёрстка Аляксандр Колышка

© ГА "Таварыства польскай культуры на Лідчыне"


Уступнае слова

Жыццё Вандаліна Шукевіча - Wandalin Szukiewicz. даследчыка старажытнасці і археолага - прыпадае на другую палову ХІХ стагоддзя і пачатак ХХ. Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і на крэсах, на лідскай зямлі, у Начы. Жыў у часы перамен у грамадстве. Тады ў памешчыцкіх сем'ях, якія збяднелі ў часы народнай барацьбы 1830 і 1863 гадоў, з'явілася новая польская інтэлігенцыя, якая ўсё больш актыўна праяўляла сябе. З аднаго боку, яна фарміруецца з шляхты, якая несла службу, аднак значная частка гэтай шляхты не разумела новых плыняў у духоўным жыцці і змен у грамадстве. Менавіта разнастайнасць падыходаў да жыцця і ацэнкі з'яў адбілася на асабістым жыцці Вандаліна Шукевіча. Пасля смерці першай жонкі, Браніславы з дому Сямашкаў, ажаніўся з Юліяй Камінскай, гэты шлюб аказаўся вельмі няўдачным. Юлія не разумела навуковых інтарэсаў мужа. Куплю кніг, часопісаў лічыла марнатраўствам грошай, а вучоных, якія прыязджалі ў Начу, называла стар'ём і дармаедамі. Гэта былі два розныя погляды на акаляючы свет. У выніку спрэчак, якія усё больш узмацняліся, Юля пакінула дом і перасялілася да сваіх бацькоў, якія жылі ў Ягелавічах. Судзячыся з мужам і выйграючы на той час вялікія сумы грошай, яна прывяла да ўпадку Начы. Сыны вучыліся ў Вільні і заставаліся пад уплывам Вандаліна. Пасля смерці бацькі атрымалі ў спадчыну Начу і Ягелавічы, адначасова папоўнілі рады польскай інтэлігенцыі перад і пасля атрымання Польшчай незалежнасці.

Адзін з сыноў ад другога шлюбу, Генрых, працаваў інжынерам на чыгунцы ў Гдыні. Так складваліся лёсы шляхецкіх пакаленняў на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Біяграфія Вандаліна Шукевіча з'яўляецца яркім прыкладам таго, як цяжка было спалучаць захапленне навукай, а таксама актыўны ўдзел у культурным жыцці Віленшчыны з няўдалым шлюбам з асобай, сэнсам жыцця якой была выключна барацьба за грошы, без якой-небудзь зацікаўленасці духоўным жыццём.

***

Аўтарам гэтай кнігі аб Вандаліне Шукевічы з'яўляецца прафесар, доктар археалогіі Мар'яна Магдалена Бломберг - выдатная вучоная з Лодзкага ўніверсітэта. З'яўляючыся па прафесіі археолагам, усебакова асвяціла дзейнасць Вандаліна Шукевіча як археоолага на лідскай зямлі. Даследуючы пахаванні часоў ранняга жалезнага веку, апісаў магілы, у якіх захаваліся шкілеты, вызначыўшы нават пол асоб, якія былі пахаваны ў гэтых магілах. Вядомы археолаг Юльян Талька-Грынцэвіч лічыць Вандаліна найлепшым знаўцам памежжа Лідскага павета. Прафесар Бломберг падрабязна аналізуе археалагічныя дасягненні Шукевіча, які сам сябе ацэньваў вельмі сціпла, насуперак меркаванням археолагаў да сённяшняга дня, высока ацаніўшы яго археалагічныя здабыткі.

У кнізе паказваецца, якую значную ролю адыграў Шукевіч у культурным жыцці Віленшчыны ХІХ і ХХ стагоддзяў. Вандалін змяшчаў свае артыкулы ў "Літоўскім кур'еры" ("Kurier Litewski"), "Віленскім пасланцу" ("Goniec Wileński"), "Віленскай штодзённай газеце" ("Dziennik Wileński"), "Польскай газеце" ("Gazeta Polska"). З'яўляўся старшынёй шматлікіх навуковых аб'яднанняў, як, напрыклад, у тайным "Таварыстве прыхільнікаў старажытнасці і чалавеказнаўства".

Прымаў актыўны ўдзел у розных арганізацыйных мерапрыемствах, у кансерваванні замка ў Троках. Прафесар Бломберг падрабязна ўзгадвае аб той вялікай працы, якую праводзіў Вандалін і ў якой удзельнічаў асабіста. Пры такой інтэнсіўнай навуковай і арганізацыйнай працы хіба маглі знайсціся месца і час для кіравання радзімым гняздом у Начы? Для другой жонкі Вандаліна, Юліі, гэта быў зусім чужы свет Глогераў, Талька-Грынцэвічаў, якія размаўлялі на зусім чужых мовах. У шляхецкіх маёнтках зараджалася польская інтэлігенцыя, якая адрознівалася ад некаторай часткі шляхты з засценкавым менталітэтам, не паспяваючай за плынню часу і зменамі. Заклікаю чытачоў да азнаямлення з кніжкай пра выдатнага археолага, самавука з Начы, які праславіў лідскую зямлю, але, на жаль, мала вядомы па-за навуковым асяроддзем.

Прафесар, доктар навук Ірэна Стасевіч-Ясюкова.

Вандалін Шукевіч, сын лідскай зямлі, даследчык і грамадскі дзеяч (1852-1919)

Вандалін Шукевіч у польскай, беларускай і рускай літаратуры вядомы перш за ўсё як даследчык старажытнасці. Амаль чвэрць стагоддзя праводзіў раскопкі на любімым лапіку зямлі, вывучаў шматлікія месцы амаль усіх культур старажытнасці і сярэднявечча, якія развіваліся на тэрыторыі Літвы і Беларусі.

Wandalin Szukiewicz.

Яго археалагічная дзейнасць і па сённяшні дзень не страціла свайго значэння, таму што ён запоўніў тую пустату, якая ўтварылася пасля падаўлення студзеньскага паўстання, закрыцця Археалагічнай камісіі і музея старажытнасці ў Вільні, якія заснаваў і якімі кіраваў Яўстахій Тышкевіч (1814 - 1878).

Якія функцыі выконвалі гэтыя навуковыя інстытуты і хто быў іх арганізатарам? Асвятленне гэтых пытанняў паможа ўявіць, якое значэнне мела даследчыцкая праца Шукевіча для развіцця археалогіі ў Літве і ў Беларусі.

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў многіх еўрапейскіх краінах помнікамі археалогіі пачалі апекавацца грамадствам і дзяржавай. Узніклі спецыяльныя інстытуты, якія праводзілі даследаванні, абапіраючыся на салідныя метадычныя падмуркі і музеі, у якіх былі назапашаны помнікі старажытнасці, іх даследавалі, публікавалі і папулярызавалі веды аб іх у грамадстве. У Польшчы, якая была пазбаўлена дзяржаўнасці, падзелена паміж трыма захопнікамі, навуковыя дзеянні былі моцна абмежаваныя. У рэгіёнах, якія апынуліся пад уладай Расіі, пасля паражэння лістападаўскага паўстання - увогуле забаронены. Былі зачынены Віленскі ўніверсітэт і ліцэй у Крамянцы на Падоллі, былі ліквідаваны Варшаўскае навуковае таварыства і Плоцкае навуковае таварыства. У гэтых установах многа ўвагі ўдзялялася помнікам старажытнасці, у тым ліку і помнікам археалогіі. Назапашаныя знаходкі ў часы рэпрэсій у сваёй большасці былі вывезены ў расійскія музеі і бібліятэкі.

У час змякчэння палітыкі расійскіх улад у адносінах да заваяваных народаў аматары старажытнасці паспрабавалі аднавіць інстытут, які змог бы аб'яднаць тых, хто быў зацікаўлены ў навуковых справах і хацеў праводзіць даследаванні ў адпаведнасці са сваёй спецыяльнасцю. На арганізацыю Навуковага таварыства, у якім пераважалі б польскія або літоўскія навукоўцы, расійская адміністрацыя дазволу не дала. Яўстахій Тышкевіч, які лічыўся галоўным археолагам, які дзейнічаў на тэрыторыі Літвы і Беларусі і які лічыўся лаяльным падданым, запланаваў арганізаваць музей старажытнасці. У падрыхтоўцы да адкрыцця музея яму дапамагаў старэйшы брат Канстанцін Тышкевіч (1806-1868), а таксама Адам Ганоры Кіркор (1819 -1886), які быў членам Статыстычнага камітэта ў Вільні. У пошуках прыкладаў абодва браты адправіліся ў падарожжа па краінах і гарадах, у якіх музеі былі. Яўстахій наведаў Скандынавію (Лунд і Капенгаген), Канстанцін наведаў Кракаў, Прагу, Загрэб, у Аўстрыі прымаў удзел у раскопках у Гальштаце.

У 1851 годзе Я. Тышкевіч выканаў праект Музея старажытнасці і прадставіў генерал-губернатару І. Г. Бібікаву для зацвярджэння. Генерал-губернатар даў згоду на ажыццяўленне гэтай ідэі і, пасылаючы пісьмо Мікалаю І, выказаў сваё меркаванне, што адкрыццё музея дасць магчымасць сабраць у адным месцы шматлікія каштоўныя для навукі акты, рукапісы і іншыя дакументы, якія цяпер захоўваюцца ў прыватных дамах, касцёлах і каталіцкіх кляштарах, таму недаступныя для ўлад. Стваральнік музея Тышкевіч абвясціў, што для музея, які будзе створаны, аддасць тое, што сам сабраў, розныя калекцыі і бібліятэку, і ўпэўнены, што гэта заахвоціць іншых уладальнікаў такіх жа збораў і бібліятэк зрабіць так, каб яны сталі даступнымі. Расійская адміністрацыя сама шукала неабходныя дакументы для навуковага тлумачэння гістарычнага факту, які пацвярджаў бы непарыўную цэласць Расіі да ХІІ стагоддзя, гэта значыць, для абгрунтавання прыналежнасці Літвы і Беларусі да Расіі. Тышкевіч адначасова прапанаваў стварэнне пры музеі Археалагічнай камісіі, якая займалася б даследаваннямі і кансервацыяй старажытных актаў і рукапісаў, якія датычыліся гісторыі Заходняй Расіі, а таксама апрацоўкай і публікацыяй важных дакументаў.

Праект быў адобраны толькі праз чатыры гады, і ўжо пасля смерці Мікалая Аляксандр ІІ падпісаў 29 красавіка 1855 г. загад аб стварэнні Музея старажытнасці і Археалагічнай камісіі.

Anna Wołłk-Karaczewska z d. Kasprzycka, babcia Wandalina.

Сярод членаў былі прадстаўнікі розных навуковых дысцыплін, пісьменнікі, арыстакраты, якія падтрымлівалі сваімі ахвяраваннямі і фінансава навуковую і даследчую работу, замежныя вучоныя, прадстаўнікі як мясцовай, так і расійскай адміністрацыі. На звычайных і ўрачыстых пасяджэннях абмяркоўвалі вынікі даследаванняў, прэзентавалі новыя ахвяраванні, набыткі і старажытныя прадметы, якія здабывалі падчас археалагічных даследаванняў. Адначасова прадстаўлялі падрабязны каталог знаходак. Рабочая праграма прадугледжвала прадастаўленне рэкамендацый для тых, хто займаўся археалагічнымі пошукамі, збор інфармацыі аб калекцыях, зборах, галерэях, архівах і бібліятэках, складанне спіса існуючых на тэрыторыі Літвы курганаў, гарадзішч, старажытных фартыфікацый, могілак, замкавых гор, старадаўніх кляштараў, капліц, палацаў, замкаў, мастоў, помнікаў і магільнікаў. Члены камісіі Адам Ганоры Кіркор, Тэадор Нарбут, браты Тышкевічы праводзілі археалагічныя даследаванні шматлікіх пахаванняў і курганоў, збіралі інфармацыю аб старажытных забудовах, замках, апісвалі гарады і друкавалі вынікі сваіх даследаванняў. Згодна з уставам камісія займалася расшыфроўкай, апрацоўкай і публікацыяй старажытных актаў і дакументаў. У гэты час у 1858 г. быў апублікаваны пад рэдакцыяй М. Круповіча "Збор дзяржаўных дакументаў і прыватных актаў, якія служаць для тлумачэння падзей у Літве і далучаных да яе тэрыторый (ад 1307 да 1710 гг.)". Гэтае выданне камісія ахвяравала ў гэтым жа годзе цару, просячы, каб намеснік трона царэвіч Мікалай стаў яе апекуном. Пазней былі выдадзены іншыя зборы дакументаў. Літоўскі біёграф камісіі Эгідзіус Александравічус ("Пад уладай цароў", 269-277) заўважыў, што з самага пачатку сваёй дзейнасці імкнулася да таго, каб стаць цэнтрам культурнага жыцця Літвы, напрамую або пасрэдна кіруючы ўсімі напрамкамі навукі і культуры. Таксама звярнуў увагу на тое, што гэтай мэце служылі намаганні Тышкевіча, Балінскага, Кіркора і іншых, каб актывізаваць дзейнасць не толькі ў гістарычна-гуманістычных навуках, але і ў прыродазнаўчых, эканамічных і ў статыстыцы. У выніку паўстання 1863 года праект стварэння Навуковага таварыства быў не ажыццяўлёны.

Расійская адміністрацыя, бачачы небяспечнасць пашырэння польскіх уплываў на розныя сферы навукі ў Літве і Беларусі, пастаралася ліквідаваць абедзьве ўстановы. Пачынаючы з 1862 года мясцовыя ўлады рыхтаваліся да рэарганізацыі Археалагічнай камісіі і музея старажытнасці такім чынам, каб яны поўнасцю падпарадкоўваліся адміністрацыі дзяржавы. Падыходзячай падставай было паражэнне паўстання. У пачатку 1865 года па загаду Міхаіла Н. Мураўёва, які тады быў генерал-губернатарам, адбылося апошняе агульнае пасяджэнне членаў камісіі, на якім Аркадзій Сталыпін прачытаў даклад аб будучым музея. У дакладзе сцвярджалася, што музей не служыць збору помнікаў і дакументаў, якія пацвярджалі б непадзельнасць Літвы і Расіі, і ў сувязі з гэтым павінен перайсці ў поўнае распараджэнне генерал-губернатара.

Наступным крокам расійскай адміністрацыі было стварэнне спецыяльнай камісіі, якая павінна была перагледзець матэрыялы, якія былі сабраны ў музеі. Яе мэтай быў адбор тых прадметаў, якія насілі польскі характар. У выніку царская адміністрацыя тады забрала (паводле спісу) 67063 прадметы. Гэта былі археалагічныя, нумізматычныя калекцыі, пячаткі, этнаграфічныя, заалагічныя, мінералагічныя, батанічныя здабыткі, збор кніг, які налічваў 19700 тамоў, а таксама дакументы, аўтографы, рукапісы, партрэты, гравюры і эстампы, бюсты. Адабраныя зборы апынуліся ў публічнай бібліятэцы, якая была адчынена ў Вільні ў 1867 годзе. Здабыткі, якія адносіліся да польскасці, пераслалі ў музеі ў глыб Расіі. Медалі, манеты і пячаткі апынуліся ў Румянцаўскім музеі ў Маскве, а партрэты, бюсты і частка зброі - у царскім палацы ў Гатчыне. Археалагічную камісію распусцілі і забаранілі ўсялякую работу розным польскім таварыствам.

На многа гадоў была спынена даследчая работа. Аматары старажытнасці і калекцыянеры народных помнікаў працавалі аднаасобна без навуковай падтрымкі.

Невялікае ажыўленне даследчыцка-навуковай працы ў Літве і Беларусі адбылося ў сувязі з арганізацыяй Маскоўскім археалагічным таварыствам чарговага, ІХ археалагічнага з'езда ў Вільні ў 1893 годзе. Сярод жыхароў Віленшчыны быў Вандалін Шукевіч, навуковыя даследаванні якога ўжо былі вядомыя ў навуковых колах расійскіх археолагаў. Быў запрошаны да супрацоўніцтва пры арганізацыі з'езда і ўдзельнічаў у навуковай экскурсіі Арганізацыйнага камітэта з'езда.

Радавод і бацькоўскі дом Вандаліна Шукевіча

Вандалін Мацей Шукевіч нарадзіўся 10 снежня 1852 года ў Начы каля Ліды. Паходзіў з сям'і, якая ўжо ў многіх пакаленнях асела на лідскай зямлі. Яго бацька Аляксандр быў адвакатам у Вільні. Маці Аліна з дому Волк-Карачэўскіх валодала маёнткам у Начы. Род Шукевічаў, як вынікае з нататак, якія пакінуў Вандалін, ставіў пячаткі з гербам Адравонж (Odrowąż). Яго продкі паходзяць з Жмудзі (Жэмайціі), з вёскі Шукяны, якая знаходзілася каля Панявежыса. Перад Гарадзельскай уніяй мелі там і ў Троцкім (Тракайскім) павеце сваю маёмасць, аб чым Кіпрыян Шукевіч, даказваючы сваё шляхецкае паходжанне перад маскоўскім судом пасля страты Польшчай незалежнасці 8 сакавіка 1799 г. прадставіў адпаведныя дакументы. З тых жмудскіх Шукевічаў паходзіць заснавальнік роду. З доўгага спісу продкаў і сваякоў, якіх апісаў у сваім радаводзе Вандалін Шукевіч, згадваю толькі продкаў па прамой лініі нашага героя:

Wandalin Szukiewicz, synowie Zygmunt, Roman, Henryk (1908 r. Wilno).

І. Вядомы па імені Казімір, які ў сярэдзіне ХVII стагоддзя перасяліўся са Жмудзі ў Слонімскі павет і тут пад залог атрымаў фальварак Ярашоў. Паміраючы, ахвяраваў суму, якую меў ад Ярашова, слонімскім бенедыктам, а фальварак перайшоў ва ўласнасць сына.

ІІ. Марцін. Ён выплаціў суму, якая належала бенедыктам, і 23 красавіка 1717 года купіў маёнтак Палонка ў Казіміра Бучынскага. Меў сыноў: Аляксандра, які быў езуітам, і Дажбога, які быў слонімскім ротмістрам, і

Siostra Idalia.

ІІІ. Багуслава - земскага пісара. Найперш ён быў слонімскім гарадскім суддзёй, потым рэгентам Галоўнага літоўскага трыбуналу, крайчым і стражнікам, паслом на канвакацыйны сейм, прысутнічаў на каранацыі Станіслава Аўгуста ад слонімскага земства. Ажаніўся з Ізабэлай Пратасевіч, з якой меў сем сыноў: Адама, Станіслава, Антона, Юзафа, Аляксандра, Міхала і

ІV. Ігната. Ігнат быў паслом на Чатырохгадовы сейм, дэпутатам і пісарам Галоўнага Літоўскага трыбуналу, абозьным, канюшым і земскім пісарам у Слоніме. Валодаў маёмасцю (Дворышчам у Лідскім і Тракелямі ў Ашмянскім паветах, якія купіў 9 чэрвеня 1789 г. у Станіслава Гуроўскага, маршалка Вялікага княства Літоўскага), потым хутка падцверджанай у Малой літоўскай метрыцы. У Тракелях знаходзілася капліца з пахаваннямі Шукевічаў. Ігнат пакінуў пецярых сыноў: Фаустына, Алойзага, Хрызастома, Кіпрыяна, а таксама

V. Фабіяна, які быў дзедам Вандаліна Шукевіча. Ён быў старшынёй крымінальнай судовай палаты ў Гродне, а з 1837 г. - лідскім гарадскім рэгентам і пасяліўся ў Лідзе. Уладаў маёнткам Гайкаўшчына ў Лідскім павеце. У маладосці пісаў вершы, у 1808 годзе выдаў томік вершаў у Гродне. Фабіян ад першага шлюбу меў сына і дачку, ад другога - васьмярых дзяцей, з якіх

VI. Аляксандр быў бацькам Вандаліна (нар. 29.11.1819 г.). Скончыў школу піяраў у Лідзе і працаваў прыватным адвакатам. Пастаянна пражываючы ў Лідзе, вёў актыўнае грамадскае жыццё. Часта бываў у гасцях у ксяндза Антонія Ясінскага - пробашча касцёла ў Начы. Там пазнаёміўся з будучай жонкай Алінай, дачкой уладальніка Начы Мацея Волк-Карачэўскага і Ганны з дому Кацпшыцкіх. Аліне тады было 16 гадоў, і яна была навучэнкай школы пры кляштары Сясцёр Міласэрных у Шчучыне. Волк не хацеў чуць аб яе шлюбе з Шукевічам. Без ведама бацькі, але са згоды маткі ксёндз Ясінскі даў маладым шлюб. Урачыстасць адбылася ў 1847 г. у Бернардынскім касцёле ў Вільні. Калі аб гэтым даведаўся бацька, збіў маці і дачку і выгнаў з дому. Маці спачатку пасялілася ў Тальмонтах недалёка ад Ліды, потым перабралася да брата ў Шчучын. Яе брат там меў аптэку. Дачка пераехала да мужа ў Ліду.

Пазней Карачэўскі раскаяўся ў сваім учынку, прабачыў жонцы і дачцэ. Жонка, дачка і зяць пераехалі ў Начу. Спадзяваўся, што зяць перайме пасля яго гаспадаранне маёнткам. Аднак Аляксандр у хуткім часе пачаў канфліктаваць з цесцем, пакінуў сям'ю і выехаў на пастаяннае пражыванне ў Ліду. Праведваў толькі дзяцей з нагоды свят. Сустрэчы адбываліся не ў маёнтку, а ў плябаніі, куды стары слуга Карачэўскага прыносіў дзяцей - Ідальку і Вандаліна. Аляксандр памёр у Лідзе 22 снежня 1891 года. Быў пахаваны ў капліцы ў Начы. Яго жонка Аліна памерла 18 лістапада 1905 года ў дачкі ў Зубішках і была пахавана таксама ў капліцы ў Начы.

У нататках Вандаліна Шукевіча таксама ёсць інфармацыя, якая датычыць радаводу з боку маці. Прабабка з боку маці Разалія паходзіла з роду Халадніцкіх, якія мелі ўласны дом у Варшаве на Старым Месце. Прадзед з боку маці Марцін Каспшыцкі паходзіў з Кракава, але атрымаў пасаду ўпраўляючага маёмасцю ў князя Любецкага ў Літве. Уступіў у шлюб з Разаліяй Халадніцкай тайна ў касцёле Св. Ганны ў Варшаве. Прадзед Марцін памёр раптоўнай смерцю ў Варшаве паміж 1813-1818 гадамі і пахаваны ў падзямеллі касцёла Святога Крыжа.

Нача - радзімае гняздо Вандаліна Шукевіча

Гэта вёска знаходзіцца над ракой Нача, якая праз рэкі Пеляса, Ула і Мерачанка злучаецца з Нёманам. Гэтую мясцовасць са старажытных часоў вывучыў Вандалін Шукевіч падчас шматгадовых археалагічных даследаванняў. Гісторык, аўтар прац па гісторыі літоўскага народа Тэадор Нарбут, які пахаваны на могілках у Начы, сцвярджаў, што гэтая мясцовасць мае вельмі старажытную метрыку і што была заселена групай літоўскага народа, які называўся Насці. У "Гісторыі літоўскага народа" змясціў падрабязнае апісанне гэтага народа. Вандалін Шукевіч, які з цягам часу пачаў займацца археалогіяй, пацвердзіў, што ваколіцы яго роднай вёскі былі заселены ўжо ў каменным веку, пасяленцы займалі ўсе прыгодныя для жыцця тэрыторыі. Юзаф Ядкоўскі, археолаг і гісторык мастацтва, які сябраваў з Вандалінам, вывучаў акты Літоўскай метрыкі, якія знаходзіліся ў былым архіве Міністэрства юстыцыі ў Маскве, і на падставе здабытых запісаў з гэтай крыніцы склаў спіс папярэднікаў, якія валодалі Начай з XV стагоддзя. Таксама знайшоў запіс, які гаворыць аб тым, што ўжо у XVI стагоддзі на ахвяраванні Марыны з дому Красінскіх, якая была жонкай уладальніка Начы Януша Касцевіча, быў пабудаваны парафіяльны касцёл. Ахвяруючы парафіі, таксама шчодра абдарыла плебана, перадаючы зямлю з сялянамі, а таксама выдзеліла грошы на ўтрыманне вікарыя і настаўніка парафіяльнай школы. У пачатку ХІХ стагоддзя, як сведчыць "Копія нацкага эксдывідорскага суда" ад 25 студзеня 1829 года, пасля смерці Мацея Паплаўскага спадкаемцам Начы стаў яго сын Тамаш Паплаўскі, былы намеснік судовага выканаўцы ў Лідскім павеце.

У 1841 годзе Начу купіў Мацей Волк-Карачэўскі (В. Шчэбет, "Старонка з гісторыі Начы", "Зямля Лідская", №1, 1937 г.). Потым па спадчыне маёнтак перайшоў у валоданне адзінай дачкі Волкаў Аліны, якая выйшла замуж за лідскага адваката Аляксандра Шукевіча.

Біяграфія даследчыка

Чарговы ўладальнік нерухомасці ў Начы, Вандалін Мацей Шукевіч, нарадзіўся 28 лістапада (11 снежня) 1852 г. у Начы. У яго была старшая сястра Ідалія (нар. у 1850 годзе, пам. у лістападзе 1919 года).

Бацькі пасля нараджэння Вандаліна ў выніку пастаянных непаразуменняў развяліся, і ўвесь цяжар выхавання дзяцей лёг на маці і бабку, якая старалася кіраваць навучаннем і фарміраваннем характараў Вандаліна і Ідаліі. Абедзьве апякункі на той час былі адукаваныя, інтэлігентныя і цанілі веды, а таксама добрую адукацыю. Шмат чыталі і сабралі багатую бібліятэку. У ёй знаходзіліся творы польскіх пісьменнікаў, напрыклад, Кажанеўскага, Крашэўскага, Ржэвускага і замежных, напрыклад, Вальтэра Скота, Шылера і Гётэ. Таксама цанілі музыку, маці добра іграла на фартэпіяна і выпісвала з Вільні многа добрых нот найлепшых кампазітараў. Так у спакойнай, інтэлектуальнай атмасферы ў доме фарміравалася пачуццё прыгажосці і любові да навукі.

Wandalin Szukiewicz, synowie Zygmunt, Roman, Henryk, zięć Teodor Narbutt (1918 r.).

Калі падышоў час ісці ў школу, бабка і маці абмяркоўвалі справы навучання. Ведаючы, што навучанне ў школе падвяргаецца вялікаму націску русіфікацыі, вырашылі арганізаваць навучанне дома.

Першым настаўнікам быў Уладзіслаў Абакановіч, з маладых гадоў быў сябрам Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), як і апошні, быў паэтам. Любіў дзяцей і таму браўся за іх навучанне. Быў настаўнікам у Нарбутаў у Шаўрах, потым пераехаў у Начу. Калі дзеці выраслі, застаўся ў Начы як сябар і амаль член сям'і. Займаўся агародніцтвам. Тут памёр і быў пахаваны. Абакановіч навучаў дзяцей граматыцы і каліграфіі, пісаў для іх вершыкі, якія вучылі патрыятызму і дапамагалі запамятаць найцяжэйшыя праблемы. Яго ўплыў на Вандаліна быў відочны ў захапленні паэзіяй і нават ва ўдалых спробах паэтычнай творчасці. Музыцы вучыла Юстына Слядзінская, аднак доўга ў Начы не затрымалася. Пасля яе музыцы вучыла Кацярына Крупавіс.

Wandalin Szukiewicz, Julian Talko Hryncewicz, Stanisława Juchniewicz, Józef Jodkowski.

Вялікую дапамогу ў выхаванні Вандаліна і Ідаліі аказвалі дзядзька Атаназ Шукевіч і яго жонка. Па іх угавору ў 1867 годзе дзяцей аддалі працягваць навучанне ў Вільню да былога прафесара Віленскага ўніверсітэта, батаніка Юзафа Юндзіла. Быў ён ужо тады чалавекам сталага веку, але захаваў светлы розум, быў улюбёны ў сваю галіну ведаў, умеў яскрава перадаваць свае веды і заахвочваць да даследаванняў, да пазнання багацця прыроды. Таксама апавядаў аб былых падзеях і эпохе адраджэння народнага духа. Слухачоў вучыў думаць і ўмеў фарміраваць іх погляды.

На гэтыя лекцыі прыходзілі да Юндзіла Аляксандр і Станіслаў Слядзінскія, сыны вядомага мастака. Моладзь здзяйсняла экскурсіі ў ваколіцы Вільні, каб сабраць расліны для гербарыяў і экзэмпляры насякомых. Вандалін сабраў цікавую калекцыю і з дапамогай прафесара згрупаваў іх і абазначыў назвы.

У Вільні Шукевіч вучыўся таксама жывапісу ў Вінцэнтага Слядзінскага, дзеда пазнейшага дэкана школы мастацтваў у Вільні.

У 1869 г. Ідалія і Вандалін выехалі ў Варшаву, каб працягваць навучанне. Вандалін меў намер паступіць у Галоўную школу. Ідалія наведвала вячэрнія курсы ў кансерваторыі. На жаль, у 1869 г. Галоўную школу зачынілі, а на яе месцы арганізавалі расійскі ўніверсітэт. Умовай залічэння на навучанне была здача ўсіх прадугледжаных праграмай прадметаў на расійскай мове, якой наш герой не ведаў. Фінансавае становішча сям'і не дазваляла выехаць на навучанне за мяжу (напрыклад, у Кракаў). Таму Вандалін застаўся ў Варшаве і рыхтаваўся да экзаменаў прыватна пад кіраўніцтвам прафесара-пенсіянера Горы-Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі доктара Галаўні і прафесара Высоцкага.

Вучыў гісторыю, геаграфію, матэматыку, французскую, нямецкую, лацінскую і, безумоўна, рускую мовы.

У вольныя хвіліны стараўся наведваць канцэрты і тэатральныя прадстаўленні, якія лічыў важнымі складаючымі свайго развіцця.

У Варшаве пасяліўся ў дзядзькі Томаша Шукевіча, а Ідалія - у сваякоў Шукевічаў Вайзэнгофаў.

Удалечыні ад дому і радзімага цяпла Вандалін вельмі сумаваў, пісаў вялікія лісты сваім апякункам, падаючы дакладныя справаздачы аб кошце навучання і выдаткаў, якія ішлі на культурныя мерапрыемствы. Расказваў аб людзях, з якімі пазнаёміўся, і поспехах у навучанні.

У Варшаве Вандалін знаходзіўся тры гады, але не суджана было яму паступіць ва ўніверсітэт, таму што бабка ў 1871 годзе паклікала яго, каб вярнуўся ў Начу і замяніў яе ў кіраванні маёнткам.

Дамоў вярнуўся, аднак не замкнуўся на працы на зямлі, вучыўся далей самастойна, купляючы кнігі ў Вільні і выпісваючы з-за мяжы. Паглыбляў свае веды ў галінах прыроды, старажытнай гісторыі, а часам і археалогіі. Захапляўся фізікай і астраноміяй. Яго зачароўвала бязмернае і таямнічае, поўнае зорак неба. Таму шмат начэй з картай у руках назіраў і вывучаў размяшчэнне розных сузор'яў. У вольны час чытаў кнігі з хатняй бібліятэкі і выпісваў часопісы. Яго перапаўняла цікавасць да ўсё новых галін навукі, цікавіўся і "праглынаў" польскія аповесці і зборнікі паэзіі, якія тады выходзілі.

Вялікі ўплыў на яго зацікаўленасць і пункт погляду на грамадства мелі найбліжэйшыя суседзі Юзаф і Браніслаў Ёчы з Галадоўкі. Людзі высакародных характараў, гаспадарлівыя і адукаваныя. Былі культурным цэнтрам, вакол якога віравала грамадскае жыццё. Пані Юзэфа, дачка вядомага адваката і філантропа, вынесла з дому пачуццё выканання грамадскіх абавязкаў. Таму наладжвала культурна-асветніцкую працу сярод бедных людзей. Разам з тым у сваім маёнтку адкрыла тайную польскую школу, у якой вучыла чытаць і пісаць, рэлігіі і гісторыі. На заняткі прыходзілі польскія, а часам і літоўскія дзеці. Часам навучалася трыццаць, а то і болей дзяцей адначасова. Пані Юзэфа ахвотна дапамагала бедным і хворым, добра і вынікова лячыла.

Дом Ёчаў наведвалі знакамітыя госці, якія падарожнічалі па Віленшчыне. Гэта, напрыклад, Мар'я Канапніцкая і мастачка Дулэмба, а таксама суседзі з бліжэйшых і дальніх ваколіц. Сяброўства Вандаліна Шукевіча з сям'ёй Ёчаў доўжылася да астатніх дзён яго жыцця. Падтрымлівалі адзін аднаго ва ўсіх праблемах. Вандалін падтрымліваў Юзэфу Ёч у педагагічнай працы. Для патрэб навучання падрыхтаваў цыкл аповядаў аб "старажытным часе", якія друкаваліся ў часопісах "Пабудка" і "Пшіяцель люду" ("Сябра народу"). Варта падаць меркаванне Аляксандра Снежкі, што ў наваколлі, дзе адбывалася навучанне, значна зменшылася колькасць непісьменных і павялічваўся ўзровень нацыянальнай свядомасці (А. Снежка, "Успаміны аб Юзэфе Ёч", "Лідская зямля" ("Ziemia Lidzka"), 1939 г., г. 4, № 6, стар.177-180).

Сямейнае жыццё Вандаліна

Першай жонкай Вандаліна была Браніслава, дачка Пятра і Магдалены з сям'і Сямашкаў-Паўловічаў, дачка чыноўніка курыі біскупаў у Вільні. Меў з ёй сына Рамана Зыгмунта, які нарадзіўся 5.07.1884 года, і дачку Ванду Аліну, якая нарадзілася 28.11.1885 г. Выйшла замуж за Тэадора Нарбута. Першая жонка Вандаліна памерла 18.11.1885 г.

Wandalin Szukiewicz, Julian Talko Hryncewicz, Henryk Szukiewicz (Pietkuszki k/Naczy 1907).

Пасля яе смерці наш герой у 1888 г. ажаніўся з Юліяй Камінскай. Яна была дачкой Юлія і Стэфаніі з Паплаўскіх-Камінскіх. Пасля смерці бацькоў стала ўладальніцай фальварка Ягаловічы. Прыватным апекуном Юліі быў Браніслаў Ёч. У іх доме пазнаёміўся з ёй Вандалін Шукевіч. Насуперак рашучаму супраціўленню апекуноў Юліі Шукевіч вырашыў з ёй ажаніцца. Выклікала прыхільнасць да сябе прыгожым голасам, быў уражлівы на прыгажосць, на ўсё, што мела прыкметы мастацтва. Іх шлюб адбыўся 06.11.1888 г. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сыны Зыгмунт, 09.03.1890 года і Генрых, 22.03.1899 г.

Юлія была асобай простай і запальчывай, навуковых інтарэсаў мужа не падзяляла, крытыкавала яго і лаяла, не цярпела вучоных, якія да іх прыязджалі, называла іх "старызнамі" і дармаедамі. Юлія не ўдзельнічала ў навуковым і культурным жыцці. Паўтараліся непаразуменні з нагоды выдаткавання Вандалінам грошай на кнігі і раскопкі. З цягам часу сваркі паглыбіліся настолькі, што Юлія пакінула мужа і ў 1902 годзе пераехала ў Ягаловічы. У сваіх пісьмах да апякункі яго дзяцей Вандалін Шукевіч напісаў аб жонцы: "Сваім балаганам і злой воляй давяла дом да развалу і, нарэшце, спагнаўшы праз суд належачыя ёй, па яе словах, грошы, прымусіла прадаць палову Начы..."

Вандалін шмат разоў прасіў, каб жонка вярнулася, але тая так зацялася ў злосці, што вяртацца не хацела. Выступіла з фінансавымі патрабаваннямі. Працэс быў доўгі і шмат каштаваў. Пасля працяглага часу наважылася вярнуцца, але тады ўжо прыгнечаны, з хворым сэрцам Вандалін не даў згоды на новае паяднанне. У працэсе супраць мужа Юлія выйграла, і Шукевіч вымушаны быў заплаціць жонцы 7000 рублёў. Па тым часе гэта была вельмі вялікая сума, таму, каб здабыць яе, вымушаны быў прадаць частку маёнтка. Знаёмыя і родзічы угаварылі купіць гэтую частку Тэадора Нарбута, зяця Вандаліна. Гэта адбылося ў 1911 годзе, ужо пасля смерці дачкі Вандаліна Ванды, якая была замужам за Тэадорам Нарбутам. Ён у той час прадаў бацькоўскія Шаўры. Было агульнавядома, што, з'яўляючыся легкадумным, мог выручаныя ад продажу грошы распусціць. Швагер Вандаліна Пётр Сядлікоўскі ўгаварыў Нарбута купіць Начу. Ва ўмове, якая датычыла продажу, Шукевіч зазначыў, што пакіне сабе пажыццёва дом, агарод і сад і што будзе атрымліваць некалькі соцен пудоў збожжа, будзе ўтрымліваць пару кароў і каня. Такое вырашэнне справы давала яму магчымасць застацца ў Начы, з якой быў вельмі звязаны, а таксама стварала прымальныя ўмовы для жыцця. Акрамя таго, завёў пасеку, а прадукты пчалярства прыносілі яму дадатковы даход.

Kaplica nagrobna w Naczy przed rekonstrukcją stan 2004 r..

У той час калі Вандалін заняўся археалагічнымі даследаваннямі і, захапіўшыся гэтым заняткам, не меў часу і сіл, каб штодзённа займацца хатняй гаспадаркай і выхаваннем дзяцей, гэтым занялася далёкая сваячка Шукевічаў Станіслава Юхневіч, якую Вандалін прывёз з Вільні. Гэта было тады, калі сыну Вандаліна Зыгмунту споўнілася пяць гадоў. Спачатку Станіслава займалася ў якасці настаўніцы, вучыла хлопца чытаць і пісаць.

У 1896 годзе ўся сям'я выехала ў Вільню, каб навучаць старэйшых дзяцей. Там нанялі кватэру, каб клапаціцца аб дзецях. У той час праследаванне палякаў прыняла вельмі вострыя формы. Сведчаннем таго былі развешаныя ў публічных месцах плакаты, на якіх значылася, што "курыць, пляваць і размаўляць па-польску забаронена".

Вучні, якія не мелі сям'і ў горадзе, вымушаны былі жыць у казённых інтэрнатах, у так званых канвіктах. Там знаходзіліся пад пастаянным кантролем і падвяргаліся русіфікацыі. Вучань не мог наняць кватэру ў чужых людзей. За гэта выключалі з гімназіі.

Такая сітуацыя была прычынай таго, што сям'я Шукевічаў наняла дом у Вільні на ўвесь час навучання дзяцей. Пасяленне ў Вільні спрыяла частым кантактам з мясцовай інтэлігенцыяй і супрацоўніцтву з установамі і арганізацыямі, якія займаліся навукай. У Начы засталася Станіслава Юхневіч, клапоцячыся аб малых дзецях і даглядаючы гаспадарку.

Пасяліўшыся ў Вільні, Вандалін прысвячаў сябе не толькі навуковым справам, але і думаў аб працы, якая давала б яму даход. Заняўся журналістыкай і пісаў артыкулы ў мясцовыя газеты: "Літоўскі кур'ер" ("Kurier Litewski"), "Віленскі пасланец" ("Goniec Wileński"), "Віленская штодзённая газета" ("Dziennik Wileński"), а таксама ў выданні, якія выходзілі раз на тыдзень. Артыкулы на археалагічную тэматыку і аб справах грамадскіх і эканамічных змяшчаў таксама ў варшаўскіх газетах ("Польская газета" ("Gazeta Polska")). У гады рэвалюцыйных хваляванняў (1905-1906) друкаваў шматлікія артыкулы, якія падымалі актуальныя справы. Цікавілі яго гаспадарчыя і грамадскія праблемы. Крыніцай даходу была таксама кнігарня, да адкрыцця якой яго падгаварыў Зыгмунт Нагродскі, які быў купцом, але і выдаваў папулярныя, але недарагія кнігі. Кнігарня была размешчана ў добрым, бойкім месцы на Дамініканскай вуліцы. Шукевіч заняўся атрыманнем канцэсіі, падборам кніг і ўладкаваннем крамы. Часта сам стаяў за прылаўкам. Нагродскі ўгаворваў свайго кампаньёна заняцца выдавецкімі справамі. Да некаторых кніг Вандалін Шукевіч пісаў прадмовы. Як доўга працаваў Вандалін Шукевіч у гэтай галіне, сказаць цяжка, таму што аб кнігарні ў сваіх лістах да родных ён не ўзгадвае, можа, выйшаў з суполкі і заняўся толькі працай у Таварыстве сяброў навук. Абавязаўся арганізаваць аддзел археалогіі ў музеі, які належаў таварыству, і клапаціцца аб ім. Праца па інвентарызацыі і ўпарадкаванню збораў займала ў яго ўвесь час аж да пачатку вайны ў 1914 годзе.

У неспакойныя часы 1904-1905 і 1914 гадоў сыны Вандаліна ўдзельнічалі ў патрыятычных выступленнях, гэта пагражала ім рэпрэсіямі. Таму вымушаныя былі пакінуць Вільню і доўгі час жылі то ў Начы, то ў маёнтку маткі ў Ягяловічах. Вандалін Шукевіч у сувязі з пагаршэннем стану здароўя таксама часцей жыў у вёсцы і, хутчэй за ўсё, запрашаў да сябе вучоных. Вядома, што даволі доўга гасцяваў у яго прафесар Юльян Талька-Грынцэвіч, доктар і антраполаг, з якім сумесна даследавалі плоскія пахаванні ў Ланкішках каля Начы. Талька-Грынцэвіч даследаваў з пункту гледжання антрапалогіі косці, якія знаходзіліся ў пахаваннях сярэдневяковых памерлых. Потым сумесна з Вандалінам падрыхтавалі да друку справаздачу з гэтых даследаванняў.

Некалькі разоў наведваў Начу Юзаф Ядкоўскі, які працаваў і жыў у Гродне, пакінуў значны след у гісторыі гэтага горада, бо заснаваў там музей і для яго размяшчэння атрымаў ад горада замак, у якім пасля адмовы ад трона жыў апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У Начы таксама быў па спецыяльнаму запрашэнню гаспадара Казімір Кульвець - сузаснавальнік і старшыня Польскага краязнаўчага таварыства з Варшавы. Яго суправаджаў сябар гэтага таварыства, батанік з Вільні Кароль Карповіч. Сумесна даследавалі флору Нацкай пушчы і бліжэйшых азёр. Знайшлі некалькі раслін, якія рэдка сустракаліся ў гэтых мясцінах.

Гэта былі апошнія мінуты перад надыходзячай вайной, якая хутка пачалася пасля ад'езду гасцей.

Часы вайны, а потым і рэвалюцыі зруйнавалі Начу, як і шмат навакольных вёсак і маёнткаў. Папераменна змяняючыяся расійскія і нямецкія войскі, гарцуючыя банды, рэквізіцыя прадуктаў прывялі да голаду, бо не было ані прыбытку, ані прадуктаў. Сітуацыю выратоўвала Станіслава, якая ездзіла ў Вільню ці ў іншыя ваколіцы, каб здабыць нешта з яды.

Часам дапамагала Вандаліну яго сястра Ідалія Седлікоўская, а час ад часу і жонка, маёнтак якой, на шчасце, не быў знішчаны і абрабаваны.

Сыны Вандаліна пасля заканчэння сярэдніх школ выехалі на вучобу ў Пецярбург, а падчас вайны былі мабілізаваныя ў войска. Удзельнічалі ў ваенных дзеяннях на некалькіх франтах ад Вільні праз Баранавічы да Кіева, а таксама ў ваколіцах Беражан (Brzeżany) у Галіцыі. Зыгмунт шчасліва дабраўся да польскага корпуса ген. Доўбар-Мусніцкага. Пасля вымушанага раззбраення частка польскіх салдат, якія паходзілі пераважна з Беларусі і Віленшчыны, была перавезена ў Коўна і там змешчана ў крэпасці. Калі ім вырабілі нямецкія дакументы, іх выпусцілі, і яны змаглі вярнуцца дадому. Пасля іх вяртання матэрыяльнае становішча сям'і ў Начы палепшылася.

Аднак ваенныя дзеянні і далей закраналі жыхароў Начы і навакольных тэрыторый. Нямецкія акупанты і далей забіралі ў жыхароў вёскі прадукты і скаціну. У выніку голаду, выкарыстаўшы замяшанне, выкліканае адыходзячымі нямецкімі атрадамі, вясковая моладзь напала на гаспадарчыя пункты, каб адабраць нарабаваную жывёлу. У адказ нямецкія атрады ўчынілі пагром, расстраляўшы больш за дзесятак мужчын, якіх сілай выцягвалі з навакольных дамоў. Сыны Шукевіча, на шчасце, папярэджаныя, уцяклі яшчэ да з'яўлення немцаў і схаваліся ў маёнтку маці. Адтуль акружной дарогай накіраваліся ў Вільню і ўступілі ў Віленскую самаабарону палкоўніка Дамброўскага, удзельнічалі ў цяжкім пераходзе атрада з Вільні ў Варшаву. Туды Зыгмунт прыбыў, калі Юзаф Пілсудскі прыходзіў да ўлады. Потым ужо ў радах польскага войска маршыраваў да Вільні, змагаўся з расійскімі войскамі пад Лідай і вызваляў Вільню. Падчас змагання з расійскімі войскамі, якое адбылося ў ваколіцах Браслава, быў ранены і праходзіў курс лячэння ў Вільні. Пасля выхаду са шпіталя вярнуўся на радзіму. У Ягяловічах застаў цяжка хворую маці, якая 30 кастрычніка 1919 г. памерла. Вандалін не мог удзельнічаць у пахаванні, таму што сам пакутаваў ад хваробы сэрца. Толькі даў распараджэнне, каб Юлію пахавалі ў сямейнай капліцы ў Начы, якую пабудавала прабабка Ганна з роду Каспрыцкіх Шукевіч (каля 1850 г.). Хутка (у лістападзе гэтага ж года) памерла таксама сястра Вандаліна Ідалія Седлікоўская. Гэтыя два цяжкія для Вандаліна здарэнні пагоршылі стан яго здароўя. Ён нечакана памёр 1 снежня 1919 года. Спачыў у сямейнай капліцы побач з бацькамі, дачкой Вандай, з яе маленькай дачушкай, жонкай Юліяй і сястрой Ідаліяй.

Сыны Зыгмунт, Раман і Генрых да 1922 года нячаста заглядалі ў дом, таму што ўдзельнічалі ў змаганнях, якія яшчэ працягваліся, потым пры фарміраванні ўрадавых структур.

На памежжы Літвы і Беларусі ў 1921-1922 гадах актывізаваліся атрады "шаўлісаў", літоўскага нацыялістычнага партызанскага фарміравання, якое выступала супраць з'яднання Віленшчыны з Польшчай, таму жыхары Начы і навакольных маёнткаў жылі ў пастаяннай гатоўнасці. Спакой наступіў, як успамінае сын Вандаліна Зыгмунт, калі ў 1923 годзе на абарону граніц паставілі войскі Корпуса аховы пагранічча. Тады з'ехаліся сыны Вандаліна, каб падзяліць спадчыну бацькоў. Начу атрымаў Раман Шукевіч і пляменнік Тэадора Нарбута, затое Зыгмунт і Генрых падзялілі пароўну маёнтак маці ў Ягяловічах. Генрых, які пасля спынення ваенных дзеянняў асеў у Гдыні і працаваў на будаўніцтве чыгуначнай лініі Гдыня - Новыя Гербы, прадаў сваю частку спадчыны і выехаў у горад, які разбудаваўся над Балтыкай. Зыгмунт пасяліўся з сям'ёй (жонкай і двума сынамі) на гаспадарцы ў Ягяловічах. Гады крызісу перажылі, таму што Зыгмунт атрымаў пасаду намесніка войта ў Аранах (цяпер Варэна), потым, здаўшы экзамен у Акружным судзе ў Вільні, загадваў бюро заяў пры судзе. Адначасова паляпшаў вынікі гаспадарання ў маёнтку, і ў 1939 г. ён быў у поўным росквіце. Чарговая вайна знішчыла ўвесь набытак шматгадовай цяжкай працы сям'і. Астатнія сыны працавалі на розных пасадах у Польшчы. Генрых, як вышэй згадвалася, працаваў пры будаўніцтве дарог і мастоў, Раман - на дзяржаўных пасадах у Варшаве.

Навукова-даследчая і арганізатарская праца

Заняткі гаспадаркай, частыя вандроўкі па наваколлі, па палях, надрэчных дзюнах і адкрытых узгорках стваралі Вандаліну магчымасць знайсці сляды старых пасяленняў. Першыя назіранні і адкрыцці курганоў і пахаванняў, якія былі абазначаны вялікімі камянямі, абудзілі цікавасць да археалагічных даследаванняў. Першыя раскапаныя могілкі, якія знаходзіліся на начскай зямлі, апісаў, адлюстраваў у малюнках знойдзеныя помнікі даўніны і перадаў у друк у "Штотыднёвік ілюстраваны" ("Tygodnik Ilustrowany"). Былі надрукаваны у т. 5, нумар 113 за 1885 год. З гэтага часу археалогія стала яго жыццёвым захапленнем і штодзённым заняткам. Разумеў, што яму не хапае ведаў па прадмеце, што недастаткова валодае даследчыцкай дзейнасцю, таму выпісваў з Вільні патрэбныя публікацыі, а таксама з Варшавы і з-за мяжы. Таксама завязваў знаёмствы з вопытнымі даследчыкамі, як, напрыклад, з Зыгмунтам Глогерам з Яжэва на Падляшшы і Эразмам Маеўскім з Варшавы, устанавіў пісьмовыя сувязі з дацэнтам Уладзімірам Дэметрыкевічам з Кракава. Ён сам набыў у Вільні і на Беларусі славу дасканалага знаўцы і даследчыка мінуўшчыны і з розных старон атрымліваў карэспандэнцыю па археалагічных справах.

У Вільні ўвайшоў у асяроддзе аматараў старажытнасці і быў выбраны старшынёй тайнага Таварыства прыхільнікаў старажытнасці і чалавеказнаўства, вядомага як археалагічны гурток. Яго члены галоўнай сваёй мэтай паставілі збор народных рэліквій, культурных пажыткаў, а таксама іх абарону ад знішчэння або вывазу з Вільні.

Памятаючы, які лёс напаткаў Віленскую археалагічную камісію і музей старажытнасці, сваю арганізацыю не рэгістравалі і працавалі канспіратыўна. Рэгулярныя пасяджэнні праходзілі ў прыватных дамах членаў.

Праект стварэння такой арганізацыі ўзнік у 1898 годзе, а ініцыятарамі былі Люцыян Узембла (1864-1942), літаратар, калекцыянер і аматар старажытнасці Вільні; Станіслаў Булгароўскі (1872-1935), адвакат і натарыус, і Браніслаў Мураўскі, горны інжынер. Праўленне было ўтворана ў маі 1899 г. Першым старшынёй стаў Казімір Падэрня (1842-1910), гісторык і даследчык віленскіх помнікаў, бібліятэкарам - Людвік Чаркоўскі (1855-1928), потым працаваў бібліятэкарам універсітэта імя Стэфана Баторыя; кансерватарам помнікаў - Уладзіслаў Загорскі (1858-1927), сакратаром і казначэем - Люцыян Узембла. Праз шэсць месяцаў кіраўніцтва змянілася, старшынёй выбралі Вандаліна Шукевіча, сакратаром застаўся Станіслаў Яроцкі (1879-1944), мастак; казначэем - Францішак Юрэвіч (1850-1924), бібліятэкарам - Люцыян Узембла, а пасля яго - Адам Карповіч (1842-1914). Гурток функцыянірваў да 1906 года, і на працягу гэтага часу яго членамі былі каля трыццаці асоб, галоўным чынам прадстаўнікі віленскай інтэлігенцыі. Гэта былі пісьменнікі, мастакі, юрысты, некалькі выдаўцоў кніг, дзеячы асветы, сярод іх Браніслаў Умястоўскі (1863-1933), купцы і інжынеры.

Члены гуртка імкнуліся падняць патрыятычны настрой і прыцягнуць да супрацоўніцтва шырокія колы грамадскасці і з гэтай мэтай арганізоўвалі ўрачыстасці падчас народных свят, экскурсіі ў гістарычныя мясціны: у Трокі, на Вілію, у Навагрудак, уводзілі звычай аздаблення і асвячэння ў дзень памерлых могілак заслужаных людзей для народнай гісторыі і культуры. Таксама займаліся кансервацыяй могілак віленскіх прафесараў на Росе і на Бернардынскіх могілках. Арганізоўвалі лекцыі і гутаркі для моладзі і навучэнцаў гімназій. У часопісе "Пад'ём" ("Pobódka") змяшчалі артыкулы па тэматыцы "інвентарызацыі помнікаў далёкай мінуўшчыны".

Прадметам клопату археалагічнага гуртка была кансервацыя жывапісу ў старых касцёлах Вільні. У гэтай справе падтрымлівалі кантакт з выдатным прапаведнікам і гісторыкам ксяндзом-прэлатам Я. Курчэўскім, які дапамагаў ім уплываць на духоўную свядомасць тых, хто спрабаваў аднавіць унутранае ўбранства касцёлаў. Члены гуртка служылі дарадцамі падчас аднаўлення касцёлаў і прадметаў, якія мелі мастацкую каштоўнасць, а Францішак Юрэвіч, Станіслаў Яроцкі і Вацлаў Макоўскі (1854-1922) самі працавалі пры ачышчэнні фрэсак у капліцы Святога Казіміра. Пад уплывам старання археалагічнага гуртка магістрат Вільні выдаліў з вежы, якая знаходзілася на замкавай гары, сігналізацыю, а знутры яе - кавярню.

Адным з найважнейшых заданняў, якое рэалізоўваў археалагічны гурток, было выратаванне ад поўнага знікнення руін замка, які знаходзіўся на востраве ў Троках. Аб'ект ператвараўся ў руіны, а цэглу з яго муроў выкарыстоўвалі для будаўніцтва жыхары найбліжэйшага наваколля. Афіцыйным гаспадаром на падставе дамовы арэнды з горадам Трокі стаў Вандалін Шукевіч. Ён таксама атрымаў як вядомы даследчык згоду ад царскай Археалагічнай камісіі з Пецярбурга на вядзенне археалагічных даследаванняў у замку і на востраве, а таксама на правядзенне рамонтных работ на помніках даўніны.

Старанні членаў археалагічнага гуртка выклікалі зацікаўленасць і дапамогу польскай і літоўскай грамадскасці. У першыя гады Шукевіч асабіста назіраў за работай пры ўмацаванні муроў вежы. Пасля наняў спецыяліста, работніка будаўнічай фірмы.

Кошты рамонтных работ былі вельмі вялікія, таму што Шукевіч загадаў выпаліць спецыяльныя цэглы і купіў цэмент. З цягам часу грамадскія ахвяраванні затухалі, а паступленні ў якасці членскіх узносаў былі невялікія, бракуючыя выдаткі пакрываў сам Шукевіч. Гэта прывяло да сварак у сям'і і фінансавых клопатаў. Дзякуючы яго ўмяшанню квадратная вежа была выратавана.

Кансерватарская праца пад патранатам гуртка доўжылася да 1906 года, г. зн., да канца дзейнасці арганізацыі. У 1907 годзе ў Вільні было створана Таварыства сяброў навук, і яно пераняло апеку над кансервацыяй замка. Непасрэдны нагляд і далей ажыццяўляў Вандалін Шукевіч, які свае абавязкі перадаў Юзафу Ёдкоўскаму, які з'яўляўся афіцыйным кансерватарам помнікаў даўніны ў губернях паўночнага захаду, быў рэкамендаваны і назначаны царскім Імператарскім археалагічным таварыствам.

У 1913-1914 гг. Ёдкоўскі правёў археалагічныя даследаванні і кіраваў рамонтнымі работамі ў замку ў Троках.

Таварыства сяброў навук узнікла ў выніку старанняў групы віленскай інтэлігенцыі, якая выкарыстала спрыяльныя абставіны, звязаныя з памякчэннем пасля рэвалюцыі 1905 года абмежаванняў з боку расійскіх улад. Сярод заснавальнікаў былі Эліза Ажэшка, Юзаф Глазко, Юзаф Монтвілл, граф Уладзіслаў Тышкевіч, Альфонс Парчэўскі, граф Ваўжынец Путкамер, Уладзіслаў Загорскі. Членам Таварыства застаўся таксама Вандалін Шукевіч. Яму таксама паручылі апеку над археалагічным аддзелам музея, які ўзнік пры таварыстве. Асновай музейных збораў таварыства былі калекцыі тайнага Таварыства прыхільнікаў старажытнасці і чалавеказнаўства, а таксама асобныя калекцыі яго членаў, у тым ліку і Вандаліна Шукевіча. Для музейных мэт ахвяраваў свой палац Юзаф Тышкевіч. У 1910 годзе пачалі будаваць новы будынак. Ён быў пабудаваны на ахвяраванні грамадства. Будынак таварыства быў закончаны ў 1914 годзе, і сюды перанеслі зборы. Вандалін Шукевіч, як апякун археалагічных збораў, найбольшая частка якіх складалася з матэрыялаў з яго даследаванняў, заказаў вітрыны і абсталяваў сховішча, а таксама экспазіцыю. Праводзіў акцыі па папулярызацыі мінуўшчыны, выкарыстоўваючы археалагічныя помнікі. Вельмі часта сам суправаджаў па музею экскурсіі, якія ў вельмі вялікай колькасці прыязджалі з Вільні, Віленскай губерні, а таксама з іншых губерняў і захопленых земляў.

Развіццё музея і яго папулярызатарскую работу перарвала вайна 1914 г. Помнікі даўніны, асабліва каштоўныя з пункту гледжання іх мастацкай і сыравіннай вартасці, былі вывезены ў Маскву і Пецярбург, шмат іншых прапала падчас ваенных дзеянняў. Нанава музей быў адчынены ў 1930 годзе. Упарадкаванне збораў выканаў Міхал Брэнштэйн (Брэнштайн) - бібліятэкар універсітэта імя Стэфана Баторыя.

Вандалін Шукевіч раскопкі, якія пачаў у 1883 годзе, праводзіў амаль кожны год, нават падчас вайны і рэвалюцыі. Раскапаў сотні магіл, шмат могільнікаў і пасяленняў. Не займаўся даследаваннем гарадзішчаў, таму што яны вымагалі шмат працы і фінансаў, а таксама былі цяжкасці метадычныя.

Да супрацоўніцтва пры даследаваннях магіл са шкілетамі запрасіў вядомага антраполага Юльяна Тальку-Грынцэвіча. Сабраныя Шукевічам калекцыі помнікаў даўніны дазваляюць даведацца, чым займаліся людзі ў эпоху каменнага веку на тэрыторыі Літвы, ад самых старажытных часоў да больш позніх, усебакова. Стан ведаў аб каменным веку ў гэтым раёне прадставіў Шукевіч у публікацыі "Нарысы з дагістарычнай археалогіі Літвы" (Вільня, 1901 г., выдадзеныя Таварыствам прыхільнікаў археалогіі і чалавеказнаўства). Варта пры гэтым падкрэсліць, што ўсе праблемы разглядаў на еўрапейскім фоне. Спасылаўся на працы скандынаўскіх вучоных: Ведэля Сімансэна, I. I. Варсаэ, О. Мантэліуса - і падзяліў гэтую эпоху старажытнай гісторыі на тры перыяды: камень, бронзу і жалеза. Спрабаваў размясціць знаходкі ў храналагічным парадку, і прымяніў для гэтай мэты падзел, які распрацавалі француз Сальмон і чэх Я. Н. Вольдрых. Аналізуючы літоўскія каменныя прадметы, параўноўваў іх з публікаванымі Г. Марцілье (Францыя) і задумваўся над тым, ці можна яго тэорыю прымяніць усюды. У пісьмах да М. Ваўжанецкага (М. Ваўжанецкі, "Вытрымкі з лістоў святой памяці Вандаліна Шукевіча", "Археалагічныя ведамасці", 1920 г., т. V) падкрэсліваў своеасаблівасць літоўскіх матэрыялаў, якія значна адрозніваюцца ад астатніх еўрапейскіх.

На аснове археалагічных матэрыялаў, якія наносіў на карты, спрабаваў узнавіць старадаўнія пасяленні, пры гэтым палемізіраваў з поглядамі папярэднікаў, у тым ліку і з Тэадорам Нарбутам, які ўсе археалагічныя помнікі на Літве адносіў да часоў з'яўлення літоўцаў на гістарычнай арэне. Шукевіч выказаў меркаванне, што ўжо ў эпоху каменнага веку гэты край быў шчыльна заселены, а некаторыя мясцовасці былі абжыты яшчэ да прыходу літоўцаў.

Сучасныя польскія і беларускія даследчыкі падкрэсліваюць, што падчас даследаванняў раскопак былі знойдзены стаянкі амаль што з усіх эпох старажытнай гісторыі і ранняга сярэднявечча. Ён першы адкрыў стаянкі з прадметамі даўніны, якія адносяцца да сярэдняй эпохі каменнага веку (мезаліт), з якіх сабраў шматлікія прылады, зробленыя з крэмня (Шукевіч, "Каменная эпоха ў Віленскай губерні", "Святавід", 1901 г., т. ІІІ). Ён таксама адкрыў самыя старыя неалітычныя пахаванні ў беларускай частцы ўзбярэжжа Нёмана ва ўрочышчы Ланкішкі каля Начы, над ракой Котрай. Даследаваў іх у 1911, 1913 і 1914 гадах. На плошчы 3600 квадратных метраў адкрыў больш за 80 пахаванняў, у большасці з якіх целы былі спалены, тры шкілеты. У іх знаходзіліся каменныя вырабы і асколкі пасуды. Многія чарапкі былі аздоблены арнаментам.

На палях Начы, у Зубішках, Чапялюнах, Рудні і іншых месцах даследаваныя ім пахаванні паходзяць з часоў лятанскіх, або з ранняга жалезнага веку. Курганы з рымскіх часоў (пачатак нашай эры) даследаваў у мясцовасцях Версака і Вільканцы. Ва ўрочышчы Плітніца каля Начы даследаванае пахаванне аднёс да неаліту. Па сутнасці яно адносіцца да ранняга перыяду эпохі жалеза, аб чым сведчыць кераміка, якая сустракаецца на гальштанцкіх гарадзішчах (пачатак нашай эры), або раннярымскіх, якія знаходзіліся на ўсходнім узбярэжжы Балтыкі.

У сферы зацікаўленасці Шукевіча былі аб'екты, якія сучасныя даследчыкі вызначылі як каменныя магілы. Да гэтай групы было аднесена першае пахаванне, раскапанае Шукевічам у 1883 годзе недалёка ад Начы ў Лідскім павеце і апублікаванае ў "Ілюстраваным штотыднёвіку" за 1885 год. Шукевіч меркаваў, што яго неабходна аднесці да эпохі ранняга каменнага веку. Там знайшоў вырабы з крэменю і чарапкі посуду, на некаторых быў нанесены гарызантальны арнамент, насечкі і лініі, выкананыя грабянём. У выніку пазнейшых даследаванняў выявілася, што гэта было пахаванне, дзе знаходзіліся так званыя каменныя магілы. Зверху былі абазначаны прадольным насыпам, даўжэйшая вось якога была скіравана з усходу на захад. На заходнім ускрайку насыпу былі пастаўлены вялікія камяні. На некаторых капцах камяні былі пастаўлены на двух канцах. У раскапаных магілах заўважыў, што ямы да самага дна былі выкладзены камянямі. Пад насыпамі на глыбіні каля паўтара метра ляжалі выпрастаныя людскія шкілеты галавой на захад. Рукі былі выцягнуты ўздоўж бакоў, у некаторых шкілетаў - скрыжаваныя на жываце або грудзях. У некаторых магілах шкілеты былі абстаўлены дошкамі.

Сярод згаданых пахаванняў Шукевіч на аснове іх аснашчэння выдзеліў мужчынскія і жаночыя пахаванні. Каля адной магілы на камні, які стаяў на насыпе ад галавы, быў выбіты знак у форме крыжа. У адным пахаванні рэчы, якія захаваліся, далі магчымасць устанавіць фрагменты адзення памерлай: на ілбе знаходзіліся арнаментаваныя бляшкі з бронзы, нашытыя на палатно. Побач з бляшкамі было знойдзена некалькі дробных шкляных пацерак. Такія ж шкляныя пацеркі былі на шыі. На руках былі два бранзалеты, зробленыя са скручанага бронзавага дрота, на пальцах - два пярсцёнкі, адзін сярэбраны, другі з бронзы. Каля левага боку на фрагменце суконнай тканіны, якая добра захавалася, былі нашытыя дзве гафткі з бронзавага дрота. Быў знойдзены таксама кавалак скуры з вышыўкай, а таксама прасла з мяккага вапняку. У іншым пахаванні аздаблялі галаву апроч бляшак, нашытых на тканіну, сярэбраныя завушніцы круглай формы. На шыі і грудзях памерлай ляжалі бронзавыя званочкі, белыя шкляныя пацеркі і кавалкі скручанага ў спіраль дрота. Каля левага пляча былі знойдзены два ключы з бронзы. На абодвух прадплеччах знаходзіліся бранзалеты з арнаментаванай тонкай сярэбранай стужкі. На пальцах былі два бронзавыя і два сярэбраныя пярсцёнкі. Каля галавы знаходзіўся гліняны посуд, упрыгожаны крывалінейным арнаментам. У іншай магіле на грудзях памерлага бронзавая пражка, прымацаваная да кавалка скуры, пры левай руцэ - жалезная, моцна заржавеўшая сякера, вастрыём накіраваная ў напрамку нагі памерлага. Каля сякеры ляжала вастрыё дзіды ("Тыгоднік ілюстраваны", 1885 г.).

Падобныя пахаванні даследаваў Шукевіч у мясцовасці Пузелі (публ. у "Святавіце", т. І, 1899 г.), недалёка ад фальварка Вензаўшчына, на ўзбярэжжы Котры, ва ўрочышчы, якое называецца Ганчарыха, два пахаванні ў ваколіцах мястэчка Забалаць у Лідскім павеце, у мясцовасці Дварчаны і многіх іншых месцах. У некаторых пахаваннях знаходзіў адну або некалькі манет. Гэта былі дынар Кейстута, пражскі грош Вацлава ІІІ, місненскі грош Вільгельма з другой паловы XV стагоддзя, паўгрошы Аляксандра Ягелончыка.

Справаздачы з даследаванняў каменных магіл пасылаў у Цэнтральную археалагічную камісію ў Пецярбург. Зараз гэтыя дакументы захоўваюцца ў архіве Інстытута археалогіі Расійскай акадэміі навук у Пецярбургу. Значную частку матэрыялаў, якія паходзяць з уласных даследаванняў, Шукевіч апублікаваў.

З аналізу яго апрацовак вынікае, што ён выдзеліў два тыпы каменных магіл, якія адрозніваюцца галоўным чынам формай насыпаў. Адны мелі насыпы ў форме паўкруга, другія былі авальныя. Магілы з авальнымі насыпамі звычайна мелі камяні, якія былі пастаўлены вертыкальна з боку галавы памерлага, часам былі пастаўлены на абодвух канцах насыпа. Адрозненне формы насыпаў каменных магіл звязана з храналогіяй іх з'яўлення. Магілы з паўкруглымі насыпамі прызнаваў болей старэйшымі на падставе адсутнасці ў іх манет. Затое ў магілах з авальнымі насыпамі знаходзіліся дынары вялікіх князёў літоўскіх Кейстута і Вітаўта, праскія грошы Вацлава, а таксама паўгрошы Аляксандра Ягелончыка. Затое ў больш ранніх магілах было менш упрыгожванняў і зброі, а на камянях, якія ставілі над магіламі, з'яўляюцца ўжо высечаныя крыжы.

Элементам, які знаходзіўся амаль ва ўсіх магілах, з'яўляліся чарапкі глінянага посуду, якія знаходзіліся тут жа пад брукам, разбітыя пад націскам камянёў. Часам посуд ставілі ў зямлі, якой запаўнялі дол, таму яны захаваліся ў лепшым стане.

На падставе ўласных даследаванняў В. Шукевіч першапачаткова меркаваў, што каменныя магілы найчасцей сустракаюцца на тэрыторыі, якая распасціралася паміж рэкамі Дзітва і Котра, пачынаючы ад іх вытокаў, але не пераходзяць за лінію Нёмана. Павінны былі размяшчацца групамі па некалькі дзесяткаў і нават па некалькі соцень пахаванняў. Асобных магіл або пахаванняў, на якіх былі б разам каменныя магілы з няспаленымі памерлымі, а таксама курганоў з поўнасцю спаленымі не сустракаў. Адсюль зрабіў выснову, што "...людзі, прах якіх адпачывае пад тымі камянямі, калі не крывёю, то культурай былі чужыя літоўцам, і хоць былі нешматлікія, аднак мелі столькі сілы для супраціўлення, што, нягледзячы на збліжэнне на працягу вякоў з літоўцамі і палітычную залежнасць ад іх, сумелі захаваць сваю своеасаблівасць у звычаях і абрадах" (Шукевіч, "Каменныя курганы", 1899 г., стар. 32-33). Далейшыя яго даследаванні і даследаванні сучасных археолагаў змянілі веды аб распаўсюджванні гэтай катэгорыі пахаванняў.

У артыкуле пад назвай "Некаторыя дагістарычныя помнікі ў Лідскім" (1898 г.) В. Шукевіч спрабаваў акрэсліць час узнікнення каменных магіл. Ён пісаў: "Манеты, якія былі знойдзены ў нашых магілах, дакладна вызначаюць іх век, разам з тым указваючы на не вельмі далёкую даўнасць, абмежаваную выключна да апошніх часоў язычніцтва і першага веку пасля ўвядзення хрысціянства ў Літве, нават, здаецца, можна напэўна сцвярджаць, што нават старэйшыя магілы не адыходзяць глыбей у мінулае, чым да ХІ-ХІІ стагоддзяў. (...) Толькі можна заўважыць, што чым пазнейшыя магілы, тым меней у іх знаходзіцца прадметаў, нарэшце, у пачатку ХVI стагоддзя прадметы зусім знікаюць. Некаторыя звычаі, такія, як пакіданне гаршкоў у магілах і выкладванне насыпаў камянямі, захаваліся ў гэтым закутку доўга, верагодна, аж да XVII стагоддзя."

Вынікі даследаванняў згаданых тут тыпаў магіл, якія адкрыў Шукевіч, падсумавала сучасны беларускі археолаг Ф. Д. Гурэвіч (1962 г.). Падкрэсліла піянерскі характар даследаванняў Шукевіча, а таксама вялікае значэнне сістэматычнасці і паслядоўнасці яго пошукаў. Абмеркавала яго даследаванні на фоне раскопак іншых археолагаў і падцвердзіла шмат назіранняў і прапаноў, выкананых Шукевічам. Адзначыла, што ўсе найбольш характэрныя прыкметы гэтай групы археалагічных аб'ектаў правільна даследаваў і апісаў, а іменна: лакалізацыю пахаванняў, форму насыпаў і спосабы, якімі абазначаліся магілы, пахавальныя абрады, канструкцыю магіл і іх аснашчэнне. Падкрэсліла і тое, што прадметы, якія былі знойдзены ў магілах, дазваляюць вызначыць пол пахаванай асобы, а часта і храналогію пахавання. Таксама пацвердзіла, што магілы, якія былі даследаваны ў ХІХ стагоддзі, трэба аднесці да часу ад ХІІ-XIV стагоддзяў да канца XVI або нават да сярэдзіны XVII ст. У пытанні распаўсюджвання гэтага тыпу пахаванняў выказалася, што яны распасціраліся на больш шырокіх тэрыторыях, заўважыла, што знаходзяцца каля Нёмана і яго прытокаў, але былі адкрыты і на суседніх тэрыторыях: над Бугам, на Навагрудчыне, там вядомыя былі пад назвай "жальнікі", таксама ў наваколлі Пскова, Кастрамы, над верхняй Беразіной, а таксама ў Літве і ў Карэліі (Ф. Г. Гуревич, "Древности белорусского Понеманья", 1962 г., с.128-129).

В. Шукевіч цікавіўся ўсялякімі тыпамі старажытных аб'ектаў, галоўную ўвагу сканцэнтраваў на даследаванні і на нанясенні на карту слядоў старажытных пасяленняў на тэрыторыі літоўска-беларускага памежжа. Праводзіў раскопкі таксама ў ваколіцах Віцебска, Лепеля, Радашковіч і вакол возера Дрысвяты.

Даследчыцкую дзейнасць Вандаліна ў расійскім археалагічным асяроддзі папулярызаваў Аляксандр Спіцын. У артыкуле, які быў змешчаны ў часопісе «Известия археологической комиссии», напісаў: "Дасягненні Шукевіча растлумачыць можна не толькі багаццем гістарычных помнікаў у ваколіцах яго дзейнасці, але перш за ўсё сістэматычнасцю яго пошукаў" (А. Спіцын, "Раскопкі В. Шукевіча, 1909 г., с. 68).

Сучасныя беларускія археолагі таксама з прызнаннем выказваюцца аб дасягненнях Шукевіча. Напрыклад, варта адзначыць выказванне Ф. Д. Гурэвіч: "Хоць В. Шукевіч сціпла ахарактарызаваў сябе як дылетанта, але яго справаздачы, пасланыя ў Археалагічную камісію (у Пецярбург), і яго публікацыі, галоўным чынам у польскай археалагічнай літаратуры, сведчаць аб высокім на тыя часы прафесіяналізме" ("Древности белорусского Понеманья", с. 8).

З вялікай зацікаўленасцю Шукевіч займаўся таксама фальклорам і з гэтай галіны ведаў публікаваў у розных выданнях шэраг каштоўных матэрыялаў. Матэрыялы чэрпаў з уласных назіранняў, а таксама з нататак Уладзіслава Абакановіча, яго настаўніка і сябра сям'і. Ён падтрымліваў добрыя і абшырныя сувязі з вясковымі людзьмі падчас знаходжання ў Начы і раней у час вандровак у пошуках працы. Легенды, якія апавядалі ў навакольных вёсках, занатоўвала таксама яго дачка Ванда, якая была замужам за Тэадорам Нарбутам.

Сабраную інфармацыю, рыхтуючы да друку, Шукевіч падзяліў на сем асноўных частак, якія ахоплівалі ўсё чалавечае жыццё ад нараджэння да смерці. Поўнасцю апублікаваў у "Вісле" пад назвай "Вераванні і народная практыка". Па гэтай жа тэме абшырную працу змясціў у "Літоўскім квартальніку" (т. ІІ, 1910 г.) пад назвай "Некаторыя вераванні, прымхі і забабоны нашага народу. Легенды і паданні". У гэтым жа квартальніку (т. ІV) выклаў свой погляд на долю сялян і прычыны іх адсталасці наступнымі словамі: "Любячы Польшчу больш, чым жыццё, не павінны мы заплюшчваць вочы на зло, якое ў ёй размнажаецца. Цвярозы погляд у нас быў злом, якое, можа, і вырашыла аб нашым лёсе. Не памяталі, што гэтыя цёмныя і верачыя ў забабоны сяляне былі нашымі братамі па крыві і косці, якія першапачаткова былі такімі вольнымі, як і мы, а якіх толькі што, выкарыстаўшы слабасць каралёў, вымушаны пастановамі сеймаў спіхвалі іх усё ніжэй, аж, нарэшце, кіруючыся сваім эгаізмам, насуперак агульным інтарэсам, зрабілі іх амаль што нявольнікамі..." (Снежка, "Вандалін Шукевіч", 1949 г., с.79).

У V томе "Літоўскага квартальніка" змясціў артыкул на тэму: "Даўнія лекавыя сродкі". Для гэтага артыкула выкарыстаў рукапіс свайго дзеда Волк-Карачэўскага, які ўтрымліваў багаты спіс спосабаў лячэння сродкамі, якія яшчэ ў XVIII стагоддзі лічыліся эфектыўнымі.

У часопісе "Зямля" змясціў апісанне звычаяў, звязаных з выпечкай хлеба. Тут знаходзіцца інфармацыя аб посудзе, які выкарыстоўваўся на розных этапах працэсу выпечкі хлеба, падрыхтоўкі збожжа да памолу на хлеб, прыгатаванні і захоўванні рошчыны, замесе цеста і выпечцы хлеба. Тут жа звярнуў увагу на тое, як людзі цанілі хлеб, таму што, як пісаў: "у разуменні людзей хлеб як важнейшая аснова яго ежы ... дадзены Богам, ёсць божым падарункам, таму годны не толькі павагі, але і шанавання. У адпаведнасці з гэтымі паняццямі абыходзяцца з хлебам, таксама і са збожжам, з якога пякуць хлеб, вельмі асцярожна. Як быццам бы баяцца, каб неадпаведнымі паводзінамі не разгневаць Пана Бога".

Цікавыя назіранні, звязаныя з вырабам пісанак і велікоднымі забавамі з гэтымі пісанкамі, апублікаваў Шукевіч у "Зямлі" (Р. ІV, 1913 г., № 19). З галіны народнага мастацтва сабраў вельмі многа масак з наваколля Начы, якія выкарыстоўвалі калектывы пры пастаноўцы "Караля Ірада", а таксама народныя музычныя інструменты.

В. Шукевіч усе археалагічныя і этнаграфічныя прадметы захоўваў у сваім маёнтку ў Начы, потым перадаў у музей Таварыства прыхільнікаў навук у Вільні, да збораў Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музей у Кракаве. Віленскія зборы падчас войн і рэвалюцыі былі амаль поўнасцю знішчаны або разрабаваныя. Разам з імі загінулі этнаграфічныя калекцыі Шукевіча. Затое ў Кракаве, на шчасце, захаваліся і з'яўляюцца цікавымі помнікамі пасля даследчыка, які па праву заслужыў прызнанне за даследаванне гістарычнага мінулага і народнай культуры ў Літве і Беларусі.

Грамадская і адукацыйная дзейнасць Шукевіча

Разам з навуковай працай старанна займаўся грамадскай працай сярод жыхароў навакольных вёсак. У Начы арганізаваў кааператыў і краму, а таксама стварыў земляробчы гурток з мэтай павышэння ўзроўню сельскай гаспадаркі. Часта за ўласныя грошы выпісваў новае, лепшае насенне збожжа, буракоў і бульбы, якое раздаваў сялянам на выпрабаванне. Калі ўраджай быў добры, сяляне прыходзілі да Шукевіча з просьбай, каб больш замовіў такога добрага насення і за яго плацілі. Па прапанове Віленскага земляробчага таварыства арганізаваў пяць даследчых палеткаў для выпрабавання штучных угнаенняў і новых гатункаў бульбы і аўса. Эксперымент удаўся (Снежка, 1949, 91). Члены сельскагаспадарчага гуртка ў Начы купілі таксама жняяркі, атрымаўшы вялікую карысць пры зборы ўраджаю.

Аб дзейнасці сельскагаспадарчага гуртка В. Шукевіч апублікаваў справаздачу ў часопісе "Світанне" ("Jutкzenka"), які выходзіў у Вільні. У Начы Шукевіч заснаваў Раду гміны, старшынёй якой быў аж да смерці, якая наступіла як раз пасля паседжання гэтай Рады - 01.12.1919 года.

Праца па некалькіх напрамках грамадскага жыцця была перарвана Першай сусветнай вайной. Шукевіч, карыстаючыся тым, што немцы падчас вайны не цікавіліся справамі адукацыі, заснаваў 18 так званых элементарных (простых) польскіх школ у найбліжэйшым наваколлі. Запрасіў з горада настаўнікаў, прызначаў у гэтыя школы, забяспечваў дзяцей падручнікамі, алоўкамі і г. д. Пазычаў кнігі з уласнай бібліятэкі, імі карысталіся не толькі моладзь, але і дарослыя. Шукевіч наглядаў за працай настаўнікаў і напісаў для іх падручнік пад назвай "Абавязкі народных настаўнікаў". Ён не быў надрукаваны, але разыходзіўся ў рукапісах.

Сляды клопатаў Шукевіча аб арганізацыі школ у Начы і наваколлі захаваліся ў лістах, якія былі адрасаваны Шукевічу ў 1916-1917 гадах. Асобай, з якой у справе навучання і настаўніц перапісваўся, была Эма Дмахоўская, якая займалася падрыхтоўкай дыдактычнага персанала і дапамагала ў камплектаванні настаўнікаў для правінцыяльных школ.

У пісьме ад 13 ліпеня 1916 г. (Нац. бібл.: 2941, к. 124) адказвала Шукевічу, што мае вялікую колькасць адпаведна падрыхтаваных кандыдатак, якія могуць прыступіць да працы з пачаткам новага навучальнага года.

У іншым пісьме (12 студзеня - к. 126) інфармуе, што ў гэты час можа прыслаць толькі адну настаўніцу. Далей піша: "Праз тры дні скончацца курсы, арганізаваныя Адукацыйным камітэтам для народных настаўнікаў, будзе мець некалькіх хлопцаў і пару дзяўчат, якіх можна рэкамендаваць. Буду магчы выслаць у Ралесліны і Галадоўку". Далей пералічвае ўмовы, на падставе якіх настаўнікі могуць прыступіць да працы: "Настаўніца павінна быць забяспечана жыллём, палівам, харчаваннем (натуральна, вельмі сціплым) і 15 рублямі ў месяц.

Натуральна, платы ад дзяцей не хопіць на ўсё, але хоць нешта вернецца. Астатняе гатовы даплаціць Віленскі адукацыйны камітэт, галоўнай задачай якога з'яўляецца адкрыццё і ўтрыманне як мага большай колькасці школ, выкарыстоўваючы гэты асаблівы час". У прыпісцы знаходзіцца інфармацыя: "падручнікаў, сшыткаў і г. д. даем, колькі можам, бо шмат чаго ў Вільні бракуе.

Аддаю пад пана апеку п. Свірскую, якая хоць маладая, але мне за яе сорамна не будзе"

У лісце ад 4 лютага (к. 128) Э. Дмахоўская паведаміла Шукевічу, што высылае ў Галадоўку настаўніцу п. Арцішэўскую і "настаўніка пана Ярмаловіча - у распараджэнне Шукевіча, плаціць ім будзе Адукацыйная камісія". Пані Дмахоўская ў лісце, які датаваны 19 красавіка, дзякуе Шукевічу за інфармацыю аб настаўніках і выказвае задавальненне, што даюць рады ў працы, далучыла інфармацыю аб семінарыях, якія вучаць на настаўнікаў, у канцы напісала: "Віншую ўсё кола настаўнікаў, якім кіруе шаноўны пан, жадаю ўмення і практычнасці ў вядзенні адукацыйнай справы. Тое, што ўдалося звязаць канцы і што адразу навучанне было арганізавана не на дабрачыннай аснове, але справе так патрэбнай, за якую плацяць, гэта з'яўляецца рацыянальным і салідным фундаментам для будучыні. Каб так было ўсюды".

Фінансавымі справамі займаўся разам з Шукевічам Казімір Дмахоўскі, які ў сваіх лістах дзякаваў за дакладную інфармацыю аб працы школ у Нацкай парафіі, з яго лістоў вядома, што фундацыя на адукацыю паходзіла таксама з касы Мяноўскага ў Варшаве.

У клопаце аб выхаванні моладзі не абмяжоўваў сваёй дабрачыннасці Начай, таксама падтрымліваў іншыя арганізацыі, якія займаліся апекай над дзецьмі, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, выкліканай

вайной. Сярод лістоў, якія адрасаваны Шукевічу, знаходзім ліст ад ксяндза Кароля Любранецкага ад 11 студзеня 1915 г. (2943, к. 106-107), у якім дзякуе за матэрыяльную падтрымку Прытулку для дзяцей, які быў арганізаваны "Домам сэрца Езусовага" у Вільні, у якім піша: "Вельмі і вельмі ўдзячны пану... Тым больш, для мяне вельмі прыемна, што паступіла ад пана, такога блізкага земляка і адной парафіі, ад пана, які, столькі робячы дабра для іншых, таксама захацеў сваёй дабрачыннасцю далучыцца да спраў майго Прытулку... Няхай сэрца Езуса сваёй ласкай аддзячыць пану за яго дабрату. Дзякую пану ад імя ўсіх дзяцей, якіх зараз налічваецца 460. Усе яны жывуць у інтэрнаце, іх трэба карміць, адзяваць, навучаць, зрабіць усё, каб выхаваць, навучыць і падрыхтаваць да жыцця...".

Клопат аб развіцці польскай адукацыі ў вёсках, як часта пры розных нагодах падкрэсліваў Шукевіч, узмацняўся, таму што актывізавалася літоўская інтэлігенцыя ў намаганні развіваць свядомасць народа праз пашырэнне пачатковай адукацыі.

Падсумоўваючы працу Шукевіча ў сферы адукацыі і выхавання моладзі, трэба падкрэсліць, што дзякуючы яго намаганням адукацыя ў наваколлі Начы развівалася паспяхова аж да вайны 1919-1920 гадоў. Вынікам гэтай працы было тое, што значная колькасць людзей скончыла школы, якія арганізаваў Шукевіч.

Кантакты Шукевіча з навуковымі суполкамі

Работа даследчыка, клопат аб ахове старадаўніх аб'ектаў, а таксама навуковыя публікацыі былі падставай для таго, што прозвішча Шукевіча было вядома ў навуковых колах не толькі ў Літве і Беларусі, але і ў Расіі, Варшаве, Кракаве і Львове.

Прыхільнікі старажытнасці, якія жылі на тэрыторыях, падпарадкаваных Расійскай імперыі, з-за неабходнасці падтрымлівалі кантакты з расійскімі інстытутамі і археалагічнымі таварыствамі. Кожнае мясцовае даследаванне і праца па кансерваванню помнікаў даўніны павінны былі быць узгоднены з царскай Археалагічнай камісіяй у Пецярбургу. Гэта была дзяржаўная ўстанова, створаная ў 1859 годзе, якая функцыянавала пры Міністэрстве двара. Яго галоўным заданнем было вядзенне раскопак і кантроль над усімі археалагічнымі пошукамі на дзяржаўных землях па ўсёй імперыі. Таксама наглядала за рэканструкцыяй аб'ектаў, якія мелі гістарычную архітэктурную каштоўнасць. Камісія выдавала дазвол на даследаванні, часам выдзяляла гранты на працу. Але за гэта патрабавала справаздачы з працы і здабытых прадметаў даўніны.

З гэтай камісіяй перапісваўся Шукевіч, галоўным чынам у сувязі з працай і даследаваннямі ў замку ў Троках. Намаганні для атрымання дазволу на правядзенне работ па кансервацыі пачаў 20 снежня 1901 года. Па загаду Камісіі апрацаваў дакладную праграму даследаванняў і аховы помнікаў у Віленскай губерні. Потым атрымаў згоду на правядзенне вызначаных прац і на збор ахвяраванняў шляхам падарункаў і добраахвотных узносаў ад грамадскасці Вільні і Віленскай губерні. Просьбы аб дазволе на працу на тэрыторыі замка ўзнаўляў кожны год, і ёсць падцвярджэнне, што па меншай меры адзін раз атрымаў сродкі ў суме 2600 рублёў. Таксама кожны год рабіў справаздачу, да якой прыкладаў малюнкі, планы і фотаздымкі ўсяго замка, яго фрагментаў і дэталяў, а таксама выкапаных прадметаў, у тым ліку пячных кафляў (архіў ІA PAH, І, № 103 і 175). За дасягненні ў справе пазнання мінуўшчыны лідскіх і беларускіх зямель ён быў выбраны членам царскай Археалагічнай камісіі ў Пецярбургу. Такое прызначэнне атрымалі толькі тры палякі. Гэтае званне спрыяла таму, што аблягчала атрыманне дазволу на правядзенне раскопак і кансервацыю помнікаў на розных даследчых пляцоўках.

У 1893 годзе маскоўскае Археалагічнае таварыства, якое з'яўлялася ініцыятарам сістэматычнага склікання археалагічных з'ездаў, чарговы, дзевяты з'езд арганізавала ў Вільні. Правядзенне з'ездаў у розных гарадах імперыі мела сваёй мэтай ажыўленне зацікаўленасці рэгіёнаў да ўласнай гісторыі і культуры. Арганізатары да падрыхтоўкі з'езда запрашалі прадстаўнікоў адміністрацыі і вучоных, якія працавалі на вызначанай тэрыторыі. Гэта спрыяла ажыўленню навуковага і даследчага руху, а таксама ўзнікненню (пасля з'езда) рэгіянальных музеяў.

Арганізацыйны камітэт меў сваю сядзібу ў горадзе, які быў вызначаны для правядзення з'езда, - у Вільні. У склад гэтага камітэта былі запрошаны прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі - працаўнікі статыстычных камітэтаў, настаўнікі, маршалкі шляхты. Запрасілі дапамагчы ўладальнікаў калекцый і архіваў, а таксама вядомых даследчыкаў з заходніх зямель імперыі, між іншым, Эмарыка Гуттэн-Чапскага, Рамана Сангушку, Зыгмунта Глогера. Сярод іх асобнае месца займаў В. Шукевіч. Арганізацыйны камітэт у Маскве прапанаваў, каб усім гэтым асобам надаць тытул ганаровых членаў таварыства. Вандалін Шукевіч падрыхтаваў план экскурсіі, маршрут якой быў так прадугледжаны, каб даць магчымасць даведацца аб граніцах пасяленняў літоўскіх і беларускіх плямён. На выстаўку, якая была арганізавана на з'ездзе, Шукевіч прадставіў шматлікія здабыткі, якія паходзілі з яго асабістых даследаванняў. На пасяджэннях з'езда прымаў актыўны ўдзел, рабіў даклад па даследаваных археалагічных стаянках у Лідскім і Троцкім паветах.

Пасля IX з'езда Вандалін Шукевіч устанаўліваў пісьмовыя кантакты і абменьваўся публікацыямі з Маскоўскім археалагічным таварыствам. Быў таксама выбраны членам-карэспандэнтам гэтага таварыства.

Навуковыя кантакты Шукевіча перасягалі граніцы Расійскай імперыі, з мэтай атрымання прафесійнай літаратуры дасягалі Францыі, Даніі, Германіі. Актыўна супрацоўнічаў з навуковымі ўстановамі Кракава. Шмат гадоў перапісваўся, а таксама абменьваўся прадметамі даўніны і публікацыямі з навуковым супрацоўнікам Кракаўскага ўніверсітэта Уладзімірам Дэметрыкевічам, а таксама з Антрапалагічнай камісіяй Польскай акадэміі ведаў (у Кракаве - рэд.). Па просьбе кіраўніцтва Этнаграфічнага музея высылаў характэрныя для літоўскай і беларускай культур экспанаты. На пасяджэннях антрапалагічна-археалагічнай камісіі Юльян Талька-Грынцэвіч рабіў справаздачы аб археалагічных даследаванняў, якія праводзіліся ў Лідскім павеце. Аб прызнанні кампетэнцыі Вандаліна Шукевіча сведчыць тое, што Акадэмія навук паслала яго ў Пуцілаўцы (Барысаўскі павет), каб упарадкаваў археалагічныя зборы, якія засталіся пасля смерці доктара Францішка Варанца, якія ахвяравала для Акадэміі навук яго сям'я. Адначасова яму даручана было правесці навуковыя даследаванні на бліжэйшых магільніках. Прадметы, якія здабыў падчас гэтых даследаванняў, таксама перадаў у акадэмію ў Кракаве.

З 1902 года, г. зн. ад пачатку дзейнасці ў Кракаве Таварыства апекі над польскімі помнікамі мастацтва і культуры, Вандалін Шукевіч звярнуўся з прапановай супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй і стаў яе членам. Быў таксама пасрэднікам у прыцягненні да супрацоўніцтва новых членаў, якія жылі на тэрыторыі Літвы і Беларусі, якія мелі б ахвоту далучыцца да працы па ахове помнікаў. Шукевіч актыўна далучыўся да працы гэтага таварыства і падтрымаў яго фінансамі. У публікацыях гэтага таварыства была надрукавана справаздача Шукевіча аб даследаваннях замка ў Троках з каляровымі ілюстрацыямі старых кафляў, якія былі знойдзены падчас раскопак.

У 1906 годзе ў Варшаве з'явілася Польскае краязнаўчае таварыства, першым старшынёй якога стаў добра вядомы даследчык народных культур і аматар старажытнасці Зыгмунт Глогер (1845-1910).

Хутка гэтае Таварыства стварыла аддзелы ў многіх месцах усіх трох падзелаў (Рэчы Паспалітай - рэд.). У 1910 годзе пачалі выдаваць навукова-папулярны часопіс "Зямля". У гэтым выданні Шукевіч змяшчаў шматлікія артыкулы, прысвечаныя этнаграфічным, археалагічным пытанням, апісаў замкі і бары Літвы. Члены кіраўніцтва гасцявалі ў Шукевіча ў доме ў Начы, а Шукевіч стаў актыўным дзеячам гэтага таварыства.

Згаданыя навуковыя таварыствы не вычэрпваюць спіс арганізацый, якія хацелі б мець у сваім складзе нашага героя або карыстацца яго парадамі і дапамогай. Ніколі не адмаўляў, калі быў перакананы ў тым, што яны служаць грамадству і прынясуць карысць навуцы.

Найлепш ахарактарызаваў Шукевіча як чалавека, грамадскага дзеяча і даследчыка Юльян Талька-Грынцэвіч у сваіх успамінах: "Да актыўных змагароў у абарону польскай культуры Вільні належаў... Вандалін Шукевіч, які ўжо не жыве, археалагічныя зборы якога аздабляюць музей Таварыства сяброў навукі ў Вільні. Гэты сціплы, без прэтэнзій чалавек... быў найлепшым знаўцам перадгісторыі малога памежнага пояса Лідскага павета, беларускіх і літоўскіх магіл, у помніках якіх дасканала, па-майстэрску арыентаваўся... Чалавек вельмі інтэлігентны, як, зрэшты, і ўсе Шукевічы, адрозніваўся запальчывасцю да мастацтва і патрыятызмам. Многія з іх плацілі бацькаўшчыне ўласнай крывёю, змагаючыся ў паўстаннях і ідучы ў эміграцыю. Вандалін быў годным сынам гэтага роду, ў сваім характары меў многа рыцарства і любові да гэтай зямлі, на якой ён вырас. У маладосці браўся за пяро, пісаў вершы, актыўна ўдзельнічаў у грамадскіх справах, у зберажэнні помнікаў краю, а потым яго захапілі справы, якія былі звязаны са старажытнай гісторыяй гэтага закутка, у якім пражыў усё сваё жыццё... Не ведаю, ці быў у Польшчы другі такі чалавек, які так выдатна ведаў гэтую лапінку лідскай зямлі, як ён, перакрочыў яе шматразова, так падрабязна даследаваў і апісаў..." (Талька-Грынцэвіч, "Успаміны з апошніх гадоў", 1932 г.). Аб каштоўнасці археалагічнай працы напісаў: "Самааддана аручы цалінную глебу, стаў затое адзіным прадаўжальнікам работы па старажытнай гісторыі Літвы, распачатай калісьці Віленскай археалагічнай камісіяй. І калі хто захацеў бы гэтыя даследаванні працягваць, то будзе заўжды вымушаны абапірацца на матэрыялы, сабраныя ім" (Талька-Грынцэвіч, "Археалагічныя паведамленні" (1920 г., т. V)).

Літаратура

1. Аляксандравічус Э., Кулакаўскас А.

2003г. Пад уладай цароў. Літва ў ХІХ стагоддзі. Пераклад В. Калемба, Кракаў.

2. Ф. Д. Гурэвіч

1962 г. Древности белорусского Понеманья, Москва-Ленинград.

3. Нарбут Т.

1835-1841 гг. Старажытная гісторыя літоўскага народа, Вільня,

1846 г. Памятнікі да літоўскай гісторыі.

4. Спіцын А.

1909 г. Раскопкі В. Шукевіча, «Известия Археологической комиссии», С.-Петербург, т. 29, с. 68.

5. Снежка В.

1939 г. Успаміны аб Юзэфе Ёч. "Зямля Лідская", г. ІV, №6, стар. 177-180.

1949 г. Вандалін Шукевіч. Біяграфія даследчыка старажытнай гісторыі Літвы,

апрацаваў ... Вроцлаў, машынапіс. Народная бібліятэка імя Асялінскіх,

сігн. 13199 ІІ.

6. Шчабёт В.

1937 г. Карта з гісторыі Начы, "Зямля Лідская".

7. Шукевіч В. Археалагічная знаходка ў Лідскім павеце. "Ілюстраваны тыднёвік", т. 5, №113, Варшава, стар. 143-144.

1898 г. Некаторыя старажытныя помнікі ў Лідскім павеце Памятная кніга ў гонар стагоддзя нараджэння Адама Міцкевіча, Варшава, т. 2, стар. 214-227.

1899 г. Каменныя курганы ў Лідскім павеце (Віленская губерня), "Святавіт", т. 1, стар. 32-38.

1900 г. Нарысы з археалогіі старажытнай Літвы, Вільня.

Неапублікаваныя матэрыялы.

1. Шукевіч Вандалін. Радавод і фрагменты ўспамінаў, спіс публікацый (у прыватных зборах Аляксандра Снежкі ў Сопаце).

2. Шукевіч Вандалін. Карэспандэнцыя Вандаліна Шукевіча, Варшава. Народная бібліятэка. Аддзел спецыяльных збораў, сігн. 2678, 1941, 2947.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX