Вярнуцца: Эканоміка

Лідская гарадская электроўня, 1916-1939


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 28-07-2016,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідская гарадская электроўня, 1916-1939 // Маладосць №7-2016. С. 131-139.

Спампаваць




У 1916 годзе па распараджэнні нямецкіх акупацыйных уладаў да прыватнай электроўні пастаяннага току магутнасцю 50 к.с., якая працавала ў вінакурні Крыгера, былі падключаны будынкі, дзе месцілася гарадская ўлада, і часткова дамы жылога сектара ў цэнтры горада. Адначасова пачалося будаўніцтва гарадской электроўні, і дзесьці ў тым жа годзе горад атрымаў станцыю з двума лакамабілямі, якія прыводзілі ў дзеянне дынамамашыны пастаяннага току.

(71KB) Паштоўка 1917 года. Злева ідзе электрычная лінія пастаяннага току, якая мае два провады ('+' і '-').

Нягледзячы на тое, што ў 1920-я гады ў горадзе працавалі дзве адносна вялікія электроўні - чыгуначная і гарадская, жыхары Ліды мелі праблемы з асвятленнем. Адна частка горада - «Ферма» асвятлялася ад чыгуначнай электроўні. Чыгуначная электроўня працавала стабільна і прадавала электрычнасць па 60 гр. за кілават-гадзіну.

Увесь астатні горад забяспечваўся гарадской прыватнай электроўняй, арандатарам якой быў нейкі Цыдзяровіч. Электрычнасць у гэтай, большай, частцы горада часта знікала, лямпы гарэлі няроўна і пры гэтым абаненты плацілі 1 зл. 16 гр. за кілават-гадзіну. «Не далей як учора, г. зн. 15 студзеня цэнтр горада да 10-й гадзіны вечара быў пагружаны ў цемру, разам з жыхарамі святла не мелі паліцыя, турма і т. д.» - пісаў карэспандэнт «Слова» у артыкуле «Нашы балячкі» на пачатку 1926 года.

Далей журналіст паведамляў: «Якім чынам электроўня патрапіла ў рукі прыватных уласнікаў? Вядома, што ў будынку, які належаў гораду, немцы ў часы вайны адчынілі электроўню, пасля ж нямецкай акупацыі горад планаваў пакінуць электроўню ва сваёй уласнасці. ... Але ў 1922 г. электроўню прыватызавалі за 100 000 марак, якія павінна была штогод плаціць нейкая суполка дэмабілізаваных. Але суполка збанкрутавала і перадала маёмасць нейкаму Раманоўскаму, а той перадаў яе яўрэю Цыдзяровічу. Выплаты пералічваюцца і зараз (пасля інфляцыі і скасавання польскай маркі. - Л.Л.) электроўня плаціць у скарб усяго 65 гр., яшчэ раз - 65 грошаў! Уладальнік мае даход, але не дбае пра кліента, скарб не атрымлівае выплаты, магістрат бяздарны, а гараджане плацяць вялікія грошы за асвятленне. Што аб гэтым думае пракуратура? Гэта адзін з прыкладаў нашага гаспадарання»[1].

Праз некалькі тыдняў Цыдзяровіч даказаў карэспандэнту «Слова», што гарадская станцыя прадавала электрычнасць па 1 зл. 5 гр., а чыгуначная па 90 гр. за кілават-гадзіну, 60 гр. плацілі толькі работнікі чыгункі, якія жылі ў тым раёне горада. Адсутнасць электрычнасці 15 студзеня 1925 года Цыдзяровіч патлумачыў моцнай снежнай навальніцай. Уласнік электроўні паведаміў таксама, што апрача тых 65 гр. ён яшчэ штогод плаціць у скарб 500 злотых [2].

Праз паўгода газета «Слова» зноў звярнулася да гэтай тэмы: «Нягледзячы на тое, што каштуе (электраэнергія. - Л.Л.) значна болей, чым у Вільні, электрычнасць часта псуецца і гараджане сядзяць пры свечах ці газавых лямпах. Адзіная надзея, што здзейсняцца энергічныя захады бургамістра горада Рудольфа Бергмана і гарадская электроўня пяройдзе з рук нейкага Цыдзяровіча ў маёмасць горада»[3].

У красавіку 1928 года «Навагрудскае жыццё» папярэдзіла аб тым, што Лідзе пагражае «егіпецкая цемра», бо «лакамабілі лідскай электроўні знаходзяцца ў такім стане, што прадстаўнік нагляду за катламі інж. Лябецкі забараніў іх далейшую эксплуатацыю. Але каб не пазбавіць лідзян электрычнасці на велікодныя святы, ён дазволіў электроўні працаваць яшчэ нейкі час. Прычына хуткага псавання катлоў - неадпаведная вада, якую патрэбна было апрацоўваць адмысловымі хімікатамі»[4]. У канцы 1928 года гарадская рада дазволіла прадаць гэты лакамабіль у 80 к.с. [5], але толькі пасля рэканструкцыі станцыі, справа дайшла распрадажы ўсяго яе абсталявання. Менавіта дзякуючы аб'яве аб распродажы машын першай электроўні нашага горада, якая з'явілася на пачатку 1930 года ў прэсе [6], мы ведаем, якое абсталяванне тут працавала з 1916 года.

Гэта:

· Лакамабіль фірмы «Assman et Stocker», 150 к.с., 165 аб/хв.

· Лакамабіль фірмы «Lanc», 80 к.с., 200 аб/хв, рабочы ціск у катле 10 атм.

· Дынама-машына «Siemens-Schuckert», 71 кВт, 310 А, 230 В, 850 аб/хв.

· Дынама-машына «Lahmer et C°, Frankfurt», 52 кВт, 240 А, 220 В, 750 аб/хв.

· Камплекты скураных рамянеў (лакамабілі злучаліся з дынама-машынамі раменнымі перадачамі).

· Размеркавальная мармуровая дошка.

Гарадскія улады дабіліся свайго, у красавіку 1928 года прэса паведамляла, што «Ваяводская ўправа даслала з Міністэрства прамысловасці і гандлю праект умовы продажу электроўні ў Лідзе»[7], а ў ліпені: «Дзякуючы шматгадовым намаганням магістрата, лідская электроўня, якая з'яўлялася дзяржаўнай маёмасцю, але была перададзена ў арэнду прыватнікам, 13 ліпеня за невялікія грошы стала гарадской маёмасцю»[8]. На пачатку 1929 года стала вядома аб ліквідацыі суполкі з абмежаванай адказнасцю «Лідская электроўня», юрыстам-ліквідатарам быў прызначаны Носаль Калмановіч (вул. Шкляная, 16) [9].

Аднак пераход электроўні на баланс магістрату спрыяў не зніжэнню, а павышэнню цэн на электрычнасць. На пачатку кастрычніка 1929 года павышэнне цэн тлумачылася тым, што магістрат пачаў траціць вялікія грошы на будаўніцтва гарадскіх размеркавальных сетак і на будаўніцтва новага гмаху станцыі [10]. Праз тры тыдні тарыфы на электрычнасць зноў павялічыліся [11].

У 1928 годзе на чыгуначнай электроўні прайшла рэканструкцыя, і 27 лістапада тут было апрабавана новае абсталяванне. Гэтая электроўня абслугоўвала чыгуначную станцыю, частку горада (раён Ферма) і да 1930 года, да рэканструкцыі гарадской электроўні, і вайсковыя кашары Паўночнага гарадка [12].

Яшчэ у ліпені 1928 года на пасяджэнні гарадской рады было вырашана ўзяць у Гаспадарчым Краёвым банку пазыку для будаўніцтва новай электроўні ў горадзе. Новую станцыю першапачаткова планавалі будаваць на плошчы імя ксяндза Фалькоўскага [13]. Але ў сакавіку 1929 года газета «Навагрудскае жыццё» паведаміла: «З пачатку мая 1929 г. пачнецца будаўніцтва новай электроўні па вуліцы Сувальскай, недалёка да праваслаўных могілак. Кошт будоўлі склаў 800 000 зл. Станцыя павінна будзе атрымаць два рухавікі ў 260 і 150 к.с., у канцы зімы першы з рухавікоў ужо быў закуплены ў Варшаве»[14]. І насамрэч, у маі 1929 года пачалося будаўніцтва новай электроўні коштам 800 000 злотых на старым (74KB) Фотаздымак 1930-х гадоў. На электроўні бачна абсталяванне фірмы 'Ганц'. месцы па вуліцы Сувальскай. Планавалася, што яна будзе мець два дызель-генератары ў 150 і 260 кВт [15]. Пра генератары такой магутнасці на Лідскай электроўні ў 1932 годзе пісаў часопіс «Асвета» [16]. Але ў 1936 годзе прэса паведамляла пра наяўнасць двух генератараў агульнай магутнасцю 220 кВт [17]. Пра такую ж магутнасць лідскай станцыі паведамлялася ў публікацыях і ў наступныя гады [18].

У канцы жніўня прэса пісала: «Гмах гарадской электроўні надбудоўваецца другім паверхам, працы будуць закончаны да канца восені»[19]. 28 жніўня на гэтай будоўлі павалілася рыштаванне і прыціснула аднаго з будаўнікоў - Пятра Цярпілоўскага (у Лідзе жыў па адрасе Маставая, 56). У шпіталі канстатавалі пералом рэбраў [20].

Разам з рэканструкцыяй электроўні горад пераходзіў з пастаяннага на пераменны ток, таму трэба было будаваць новыя размеркавальныя электрычныя сеткі з трансфарматарнымі пунктамі. З прэсы даведваемся пра некаторыя цікавыя моманты: «Пробашч парафіі лідскай кс. дэкан Баярунец напісаў пану ваяводу пратэст супраць планаў будоўлі трансфарматарнага пункта на пляцы, дзе раней месціўся касцёл кармелітаў і могілкі каля касцёла - каля сучаснага будынка Лідскага староства»[21]. Як бачна з фотаздымкаў канца 1930-х гадоў, улады прыслухаліся да меркаванняў ксяндза, бо той самы трансфарматарны пункт 6/0.4 кВ быў пабудаваны на вуліцы Сувальскай насупраць староства. Тады ж былі пабудаваны тыпавыя трансфарматарныя пункты на Рынку, каля старых могілак і па вуліцы Варшаўскай, размеркавальны пункт насупраць вайсковага шпіталю. Гэты размеркавальны пункт з абсталяваннем фірмы «Ганц» існаваў да канца 1960-х гадоў. А тыпавы трансфарматарны пункт (падстанцыя 6/0,4 кВ) па вуліцы Варшаўскай захаваўся да нашага часу. Гэты тэхнічны будынак створаны па тыпавым праекце таго часу - на фотаздымках 1930-х гадоў такія ж трансфарматарныя пункты, крытыя дахоўкай, бачны каля рынкавай плошчы, могілак і каля староства. Падстанцыя па Варшаўскай была злучана з размеркавальным пунктам (які знаходзіўся каля ваеннага шпіталя) кабелем 6 кВ. Кабель з меднымі токаправоднымі жыламі быў выраблены на заводзе кабельных вырабаў у Быдгашчы ў 1929 годзе. Пры сучаснай рэканструкцыі трансфарматарнага пункта па вуліцы Варшаўская на старым кабелі была знойдзена злучальная муфта, зробленая таксама ў 1929 годзе (у муфце мелася закладная шыльда з прозвішчам манцёра, які рабіў муфту, і годам вырабу) [22].

У красавіку 1930 года венгерскай фірмай «Ганц» была закончана рэканструкцыя электроўні. На фотаздымку машыннага зала лідскай электроўні таго часу добра бачна шыльда фірмы «Ганц». Прэса паведамляла: «Ліда мае электрычнасць. Нарэшце прыйшоў дзень, калі магістрат горада ў прысутнасці ваяводскіх улад афіцыйна адчыніў новапабудаваную гарадскую электроўню. На ёй усталяваны два дызелі агульнай магутнасцю 410 к.с. Выкладзена кабельная размеркавальная сетка класа 6 кВ, якая аб'яднала шэсць трансфарматарных пунктаў. Гэта павінна забяспечыць нармальнае электразабеспячэнне і ўзровень напружання. Вонкавыя размеркавальныя сеткі 0,4 кВ таксама рацыянальна перабудаваны. Галоўная і бакавыя вуліцы, на якіх апошнім часам павялічыўся дарожны рух, атрымаюць добрае асвятленне. Замест былых 75 ліхтароў на вуліцах горада зараз усталявана 185 і магістрат плануе усталяваць яшчэ 35 ліхтароў дадаткова.

(12KB) Лідская электрастанцыя ў 1930-я гады.

Мантаж абсталявання, размеркавальных сетак і трансфарматарных пунктаў выканана фірмай «Ганц» якая згадзілася зрабіць для нашага горада работу ў крэдыт на 4 гады і верагодна гэты крэдыт будзе пралангіраваны яшчэ на паўгода.

Адначасова бюро электроўні прыступіла да замены ўводаў ад магістральных ліній да абанентаў. Усё гэта паменшыць страты электраэнергіі да мінімуму. Таксама персанал электроўні ва ўсіх абанентаў упарадкаваў прыёмныя стаякі, дзе раней часта здараліся замыканні, што дрэнна ўплывала на работу генератараў.

Трэба заўважыць, што у Лідзе ёсць значная колькасць электрыкаў-аматараў, якія лічацца дасведчанымі людзьмі і самі выконваюць розныя рамонты і часта памыляюцца, што прыводзіць да розных пашкоджанняў у сетках. Таму вырак Электрычнай камісіі магістрата ўпарадкаваць прыёмныя стаякі будынкаў зрабіў немагчымым далейшыя эксперыменты аматараў.

Новая электроўня на працягу 6 гадоў будзе цалкам амартызаваная. Але на гэты тэрмін магістрат атрымаў магчымасць заняцца каналізацыяй і водазабеспячэннем горада.

Пры канцы, за выкананую працу, трэба выказаць падзяку перадусім кіраўніку Электрычнай камісіі магістрата, віцэ-бургамістру інжынеру М. Пупко, сябрам камісіі доктару Рамуальду Сапоцьку і Цукерніку, лідскаму раднаму Г. Чартоку, якія шмат зрабілі для таго, каб горад меў новую электроўню і сеткі»[23].

На пачатак 1931 года паведамлялася пра 6 714 м кабельных ліній 6 кВ у горадзе [24].

У ліпені 1930 года газета «Навагрудскае жыццё» як прыклад дрэннай польскай мовы чыноўнікаў лідскага магістрата надрукавала аб'яву пра замену лічыльнікаў у абанентаў горада пасля пераходу на пераменны ток, з гэтай аб'явы мы даведваемся пра ўмовы гэтай замены:

«Паведамленне для абанентаў. Падлік выплат за ўстаноўленыя лічыльнікі.

Адразу, гатоўкай: за лічыльнік - 40 злотых, на падключэнне - 2 злотыя, за канцылярскія расходы - 1 злоты. Разам - 43 злотыя.

Па частках, з падвышкай у 10%:

1) для абанентаў, якія маюць 1-2 кропкі асвятлення можна выплачваюць па 1/24 частцы, 23 часткі па 2 зл. = 46 і 1 частка па 1.85. Разам 47,85 зл.

2) для абанентаў, якія маюць больш за дзве кропкі, выплаты могуць быць разложаны на 13 частак: 1 частка - 4,15 зл., 6 частак па 4 зл. = 24 зл. і 6 частак па 2,95 = 17,7 зл. Разам 45,85 зл. Увага: за здадзеныя старыя лічыльнікі пастаяннага тока будзе налічвацца 25 зл. як частка выплаты за новы лічыльнік пераменнага току»[25].

Пераход на пераменны ток выклікаў і праблемы ў пажарнай ахове горада: «Ужо два гады як лідзяне прызвычаіліся да таго, што аб пажары ў горадзе яны даведваюцца пачуўшы гукі адмысловай сірэны, якая ўсталявана ў самым цэнтры горада, у доме 12 па вуліцы Сувальскай. Пажарная стража мела магчымасць хутка прыехаць да месца пажару. Сірэна прыводзілася ў дзеянне пастаянным токам ад гарадской электроўні. Але пасля пераводу электроўні на пераменны ток сірэна змоўкла»[26].

Трэба адзначыць, што будаўніцтвам электроўні пераменнага току Ліда ў тэхналагічным сэнсе апярэдзіла суседнія гарады. Напрыклад, прэса паведамляла, што толькі ў 1932 годзе Гродна пачынаў пераход на пераменны ток, адным з першых праектаваўся трансфарматарны пункт па вуліцы Дамініканскай гэтага горада [27], а ў Вільні толькі ў жніўні 1933 года паведамлялася пра пераход з пастаяннага на пераменны ток па вуліцы Міцкевіча (ад 3-га Мая да моста) [28].

У 1938 годзе ў Лідзе было 13 электрастанцый: гарадская (220 кВт), чыгуначная (180 кВт), на фабрыцы «Ардаль» (300 кВт), на фабрыцы «Унігум» (117 кВт), на тартаку «Тарлас» (37 кВт), на тартаку пры бровары Пупко (12 кВт), на тартаку пры бровары Папiрмайстра (12 кВт), на тартаку Мельніка (39 кВт), на фабрыцы па перапрацоўцы воўны братоў Г.Я. Жыжэмскiх i Я. Левiна (10 кВт), на фабрыцы сельскагаспадарчых машын братоў Шапiраў (5 кВт), на алейні «Шэмен» (3,4 кВт), на фабрыцы спружын «Звуй» (1,3 кВт) [29], на млыне «Аўтамат» (магутнасць не вядомая).

Сумарная магутнасць электрарухавікоў «Ардаля» была каля 250 кВт, а выпрацоўка энергіі электроўні «Ардаля» пераўзыходзіла выпрацоўку на гарадской электроўні: 750 тыс. кілават-гадзін у год на «Ардалі» супраць 500 тыс. кілават-гадзін у год на гарадской электроўні. Нават прыватная электроўня млына «Аўтамат» выпрацоўвала 500 тыс. кілават-гадзін у год.

На пачатку 1930-х гадоў гарадская гаспадарка патрапіла ў цяжкае становішча, на эканоміцы горада адбіваўся і сусветны эканамічны крызіс. Праблемы эканомікі горада прывялі да крызісу самакіравання. Летам 1931 года паведамлялася: «20 ліпеня ўправа магістрата ў асобах бургамістра Шчэпана Ардылоўскага, намесніка бургамістра Мейлаха Пупко і лаўнікаў Прыбыткі Антона і Карчмара Марэка, на бліжэйшым пасяджэнні, якое адбудзецца 25 ліпеня, фактычна вырашыла падаць у адстаўку. 21 ліпеня бургамістр у павятовым аддзеле дакладаў пра немагчымасць палепшыць фінансавы стан горада і немагчымасць супольнай працы з гарадской радай. Павятовы аддзел вырашыў звярнуцца да ваяводы з просьбай распусціць гарадскую раду і прызначыць камісара для часовага кіравання горадам. Фінансавы стан горада падкасіла будаўніцтва ў 1928-30 гг. двух аб'ектаў якія каштавалі каля 2 000 000 злотых, з гэтай сумы толькі каля 800 000 злотых у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў дала ўправа Віленскай вучэбнай акругі, а рэшту грошай магістрат атрымаў праз кароткатэрміновыя крэдыты ў прыватных асоб і банкаў, якія зараз патрабуюць аплаты. У выніку, розныя суды наклалі арышт на гарадскую нерухомасць коштам у 500 000 злотых. Гэта вынік будоўлі гарадской электроўні і агульнаадукацыйнай школы. Магістрат прасіў доўгатэрміновы крэдыт у 500 000 злотых і адтэрміноўку па выплатах крэдытаў»[30]. У кастрычніку паведамлялася, што горад меў дэфіцыт бюджэту ў 1 149 410 злотых, а крэдыт у 500 000 злотых і адтэрміноўку па выплатах старых крэдытаў яшчэ не атрымаў [31].

У лістападзе 1931 года гарадской радай быў абраны магістрат і прыняты бюджэт на 1931-32 гады. Гораду было неабходна выплаціць для пагашэння пазыкаў 233 139 злотых на працягу года. Акрамя гэтага, трэба было плаціць адсоткі: па доўгатэрміновых крэдытах 61 256 злотых і 126 683 па кароткатэрміновых - разам 187 939 злотых, ці 515 злотых штодзённа. Радныя адзначылі, што нармальнае функцыянаванне гарадской гаспадаркі ў такіх умовах амаль што немагчыма і трэба працаваць над рэструктурызацыяй даўгоў. На пасяджэнні адзначаліся фінансавыя злоўжыванні пры бургамістру Бергману [32]. Заканчэннем крызісу гарадской улады можна лічыць вяртанне пры канцы жніўня 1934 года на пасаду бургамістра Юзафа Задурскага, за якога аднагалосна прагаласавалі ўсе радныя [33]. Задурскі заставаўся на гэтай пасадзе да верасня 1939 года.

Аднак ужо ў канцы жніўня 1932 года камісія гарадской рады вырашыла зменшыць цану на электрычную энергію, якая выкарыстоўваецца для прамысловых мэт, а таксама для дзяржаўных устаноў і на гаспадарчыя мэты (электрычныя пліты, чайнікі і г. д.) Тады ж магістрат змог выплаціць заробкі рабочым гарадской электроўні за чэрвень [34]. Аднак у лістападзе «Навагрудскі кур'ер» пісаў: «Кошт электрычнасці ў Лідзе занадта вялікі. Кілават-гадзіна каштуе 1 злоты, калі ў іншых гарадах ад 0,5 да 0,6 злотага» [35].

З 1935 года пачынаецца эканамічны рост.

Агульнае спажыванне электрычнасці 15 галоўнымі прамысловымі прадпрыемствамі ў 1936 годзе склала 2 220 тыс. кілават-гадзін, а разам з войскам і чыгункай 3 620 тыс. кілават-гадзін [36].

У 1937-1938 гадах электрычнасць прадавалася 2903 абанентам для асвятлення і 63 абанентам для прамысловых мэт, сумарная электрычная магутнасць спажыўцоў дасягнула 446,127 кВт [37].

Ужо ў 1936 годзе два дызельныя рухавікі гарадской электроўні адпрацавалі свой рэсурс, патрабавалі амаль штодзённага рамонту і шмат вельмі дарагіх запасных частак. Энергія, якая выпрацоўвалася на Лідскай гарадской электроўні, мела высокі сабекошт. Таму стала зразумела, што замест пастаяннага рамонту неабходна закупляць новае энергетычнае абсталяванне. Гэтую ініцыятыву высунуў бургамістр горада Задурскі. Пасля яго звароту ў Міністэрства прамысловасці і гандлю ў Ліду, каб вывучыць праблему, выехалі прадстаўнікі Міністэрства пад кіраўніцтвам дарадцы міністра (85KB) Трансфарматарны пункт фірмы 'Ганц' (у правай частцы) на рынкавай плошчы, 1930-я гг. Квінты. Камісія разам з інжынерам Наваградскай ваяводскай управы Жмігроўскім вывучыла праблемы і вырашыла хадайнічаць перад урадам аб перабудове Лідскай гарадской электрычнай станцыі [38].

На пачатку 1937 года са справаздачы гарадской рады вядома, што гарадская электроўня ў 1936 годзе дала 102 399 злотых даходу ў бюджэт горада. Тады ж гарадская рада вырашыла прасіць 100 000 злотых пазыкі на яе пашырэнне [39].

Ужо ў красавіку 1937 года паведамлялася, што «гарадская электроўня атрымае новы камплект абсталявання. Зараз гарадская электроўня мае два дызель-рухавікі агульнай магутнасцю 220 кВт. З-за зносу гэтых машын і росту ўжывання электрычнасці гарадскія ўлады вырашылі купіць новы рухавік у 550 конскіх сіл. Новае абсталяванне будзе закуплена ў Калішы на грошы з доўгатэрміновай пазыкі ад Фонду Працы»[40]. У чэрвені гарадская рада дазволіла ўзяць пазыку на рэканструкцыю электроўні ў памеры нават 142 000 злотых. Сума складалася з выдаткаў на: закупку новага рухавіка, рамонт старога абсталявання, пабудову новай машыннай залы, пабудову новага падмурка пад новы рухавік, пабудову сховішча газу, пераабсталявання рухавіка на газ і на розныя неспадзяваныя выдаткі [41]. Ужо праз некалькі дзён горад атрымаў гэтую пазыку [42].

З пачаткам мадэрнізацыі насельніцтва папярэдзілі, што могуць быць перапынкі ў падачы электрычнасці, і таму неабходна мець у запасе рэзервовыя сродкі асвятлення [43]. Прэса даводзіла, што пасля заканчэння работ гарадская электроўня зможа забяспечыць электрычнасцю ўсе прадпрыемствы горада, а насельніцтва зможа карыстацца электраэнергіяй не толькі для асвятлення жытла, але нават для кухонных мэт [44]. Павінен быў зменшыцца і сабекошт кілават-гадзіны [45].

У ліпені 1937 года за 60 000 злотых горад па аказіі купіў рухавік фірмы «Дызель» у добрым стане магутнасцю 550 к.с., у памяшканні электроўні пачалі будаваць падмурак пад новы энергетычны агрэгат. Планавалася закончыць усе працы да восені, у «выніку сабекошт электрычнасці будзе значна зменшаны»[46]. У тым жа месяцы Фонд Працы зрабіў для электроўні дадатковую пазыку ў 15 000 злотых [47].

(99KB) Трансфарматарны пункт фірмы 'Ганц' па вуліцы Варашаўскай.

Як ужо сказана вышэй, у канцы кастрычніка ў зале Лідскага староства адбылася інфармацыйная сустрэча лідскага бургамістра Задурскага з прэсай і гараджанамі. Бургамістр зноў адзначыў, што гораду патрэбна грунтоўная перабудова электроўні, бо справа з электрычнасцю найгоршая: «Зараз у Лідзе 13 электроўняў, з іх 11 прыватных, агульны выраб электраэнергіі 3,5 мільёна кілават-гадзін. Стан гарадской электроўні крытычны, горад часта паглынае цемра, старыя машыны выпрацавалі рэсурс. Новыя машыны знаходзяцца ў стане манціравання. Аднак уся рэканструкцыя зойме ад 4 да 5 гадоў. Гораду патрэбна вялікая электроўня, якая не толькі б асвятляла яго, але давала б ток для прамысловых мэт»[48]. Як быццам у пацвярджэнне ў вечар 21 снежня 1937 года на электроўні адбылася чарговая аварыя, і ўвесь горад апынуўся ў цемры [49].

1 ліпеня 1938 года адбыўся пробны пуск новага энергетычнага абсталявання, пуск закончыўся выбухам [50]. Праз некалькі дзён адпаведная камісія высветліла, што з-за дрэннай зваркі труб і зборніка газу ў паліўнай апаратуры сістэма была негерметычнай, таму ўтварылася выбуховая газавая сумесь. Дрэнна звараныя трубы не вытрымалі ціску і здарыўся выбух. Шкоду ад выбуху ў некалькі сотняў злотых пакрыў вінаваты за выбух інжынер Трок з Вільні [51]. Такім чынам, першы этап рэканструкцыі закончыўся пры канцы лета 1938 года. Інфармацыі пра другі этап няма, найверагодней, што з-за пачатку вайны далейшыя работы пачаць не паспелі.

Дарэчы, пасля рэканструкцыі электроўні кошт электрычнасці для спажыўцоў у горадзе панізіўся з 1 да 0,8 злотага за 1 кілават-гадзіну. Аднак гэты кошт заставаўся вышэйшым, чым у суседніх гарадах [52]. Трэба адзначыць, што ў параўнанні з нашым часам электрычнасць адносна заробкаў была надзвычай дарагой. Напрыклад, сярэднія сучасныя 100 і болей кілават-гадзін на кватэру за месяц абышліся б рабочаму з «Ардаля» ў яго добры па тым часе сярэдні заробак - 80-100 злотых. Таму людзі абыходзіліся запальваннем слабых электрычных лямпачак толькі ў вячэрні час, а пра выкарыстанне электранагравальнікаў не магло ісці гаворкі. Напрыклад, адна лямпачка на 25 ват, якая ўключалася на 4 гадзіны кожны дзень на працягу месяца, каштавала хатняй гаспадарцы 2,4 злотага па тарыфе, які склаўся пасля рэканструкцыі электроўні (25х4х30х0,8). Агульнавядома, што менавіта колькасцю энергіі, якую чалавек можа сабе дазволіць спажыць, вызначаецца якасць жыццёвага узроўню.

Не дзіўна, што пасля рэканструкцыі электроўні гарадскія ўлады эканомілі на асвятленні нават публічных месцаў: «У Лідзе пабудавана адмысловая аўтастанцыя, на якой спыняюцца агромністыя аўтобусы. Кожны дзень аўтастанцыя прымае 60 аўтобусаў. Аўтобусны рух пачынаецца з рання і закачваецца толькі ў 20-30. Зараз дзень кароткі, аўтастанцыя не мае электрычнага асвятлення і таму разам з усім горадам пагружаецца ў цемру. Тыя электрычная ліхтары, якія ўсё ж свецяць у горадзе, маюць такія слабыя лямпы, што за 10 крокаў ад слупа ўжо цёмна. Таму абяцанне, што пасля рэканструкцыі электроўні "Ліда будзе зіхацець", не выканана»[53].

У траўні 1938 года пачалася пракладка новых электрычных ліній у раёне Слабодкі [54]. Пашырэнне электрычных сетак дазволіла злучыць у Лідзе чыгуначную і гарадскую электроўні: «З новага бюджэтнага года (1939. - Л.Л.) гарадскія ўлады пашырылі свой уплыў у справе электраэнергетыкі, аб'яднаўшы чыгуначную электроўню з гарадской электроўняй. Згодна з разлікамі, чыгуначная электроўня дасць гораду прыбытак у 20 000 злотых у год»[55].

Акрамя трансфарматарнага пункта па вуліцы Варшаўскай, з тых часоў маецца яшчэ адзін трансфарматарны пункт, які існуе і цяпер (але ўжо як размеркавальны пункт), знаходзіцца каля корпуса шпіталя, пабудаванага ў 1938 годзе.

Планы развіцця энергетыкі

Цікава, што яшчэ ў верасні 1928 года лідскі стараста разгледзеў праект пабудовы гідраэлектрычнай станцыі на рацэ Гаўя і дазволіў далейшыя працы па яе праектаванні [56].

У канцы 1930-х гадоў у Лідскім павеце першыя малыя электроўні будаваліся ў мястэчках Воранава і Жалудок [57].

У 1938 годзе будавалася вялікая электроўня ў Слоніме, якая пасля злучэння яе з гідрастанцыяй на рацэ Гаці павінна была абслугоўваць Слонімскі і Баранавіцкі паветы. Праектавалася перабудова электроўні ў Наваградку. На рэалізацыю гэтых праектаў было выдзелена 250 000 злотых [58].

«Кур'ер Віленьскі» адзначаў, што цэнтральныя ўлады мала ўвагі звяртаюць на развіццё ўсходніх тэрыторый. Энергетычны камітэт пры Міністэрстве прамысловасці і гандлю ў планах электрыфікацыі не знаходзіў месца для Віленшчыны ажно да 1935 года. Гэта кажа пра недаацэнку Камітэтам важнасці гэтай справы для развіцця эканомікі.

Як мясцовая ініцыятыва пад кіраўніцтвам інжынера віленскай электроўні Янчы былі распрацаваны планы развіцця энергасістэмы нашага рэгіёна. Наш край мае мала энергетычных рэсурсаў, і таму прапаноўвалася базіраваць выпрацоўку электрычнасці на тарфяных электроўнях, для чаго пачаць здабычу торфу каля Глыбокага і Вільні, таксама прапаноўвалася пабудаваць гідрастанцыю на Віліі [59]. Дарэчы, у 1938 годзе вялікія запасы торфу ў Лідскім павеце знайшоў інжынер-доктар Аляксандр Нявесцін з Геалагічнага інстытута [60]. Акрамя выкарыстання ў якасці паліва, навукоўцамі вывучалася магчымасць выпрацоўкі з лідскага торфу бензолу, асвятляльнай газы, змазачнай алівы, ўгнаенняў і г. д. [61].

Самы дарагі план электрыфікацыі з распрацаваных у Вільні, складаўся з трох этапаў. На першым этапе неабходна было пабудаваць рэгіянальныя электроўні ў Вільні і Маладзечне. Потым лініі высокага напружання ў 100 000 вольт павінны былі аб'яднаць асноўныя гарады Віленшчыны: Ліду, Маладзечна, Глыбокае, Дзісну, Друю. На трэцім этапе лінія электраперадачы ад Маладзечна праз Стоўбцы на Баранавічы павінна была злучыць Віленскі энергетычны раён з агульнадзяржаўнымі сеткамі. Кошт праекта - 100 мільёнаў злотых.

Больш сціплы варыянт прадугледжваў толькі аб'яднанне існых станцый электрычнымі лініямі ў 30 000 вольт. Кошт гэтага праекта быў каля 7 мільёнаў злотых [62].

У лістападзе 1937 года віленская газета «Слова» пісала пра яшчэ адзін гіганцкі праект пабудовы гідраэлектрастанцыі на Нёмане, якая давала б ток для Наваградка, Слоніма і Ліды: «Як стала вядома, у коле адмыслоўцаў г. Гародні паўстала думка звярнуцца да ўладаў з праектам пабудовы на Нёмане вялікай гідраэлектрастанцыі. Станцыя магла б забяспечыць электраэнергіяй частку Наваградскага ваяводства з Лідай, Слонімам і Наваградкам, а таксама частку Беластоцкага ваяводства з горадам Беласток. Адна з прычын слабага развіцця эканомікі нашага краю - недахоп крыніц энергіі. ... Пабудова электроўні на Нёмане выправіла бы гэты недахоп. ... Падлікі паказваюць, што сабекошт 1 кілават-гадзіны з улікам амартызацыі склаў бы 0,6 гроша»[63].

Вайна не дазволіла рэалізаваць гэтыя планы. Але вядома, што з канца 1950-х гадоў, ужо ў іншай дзяржаве, энергетыка развівалася прыкладна так, як было прапісана ў гэтых планах, - будаваліся магутныя электроўні, якія злучаліся лініямі электраперадачы. А гідраэлектрастанцыя на Нёмане была пабудаваная ўжо ў наш час каля Гародні.

Здарэнні на гарадской электроўні

Вялікую цікавасць маюць планы развіцця энергетыкі нашага краю ў тыя часы. У канцы жніўня 1929 года чыноўнік лідскай электроўні Фішар у дрэнным настроі вярнуўся апоўдні дадому і патрабаваў у жонкі, каб тая яго накарміла. Калі жонка трохі прамарудзіла, ён, пакрыўдзіўшыся, выпіў бензін з бутэлькі, якая ста яла каля стала. Урач канстатаваў апёкі горла і кішак [64]. Нервовая была праца ў энергетыкаў у тыя часы...

6 мая 1932 па Лідчыне прайшла магутная вясенняя бура, якая паваліла тэлефонныя слупы і парвала правады на чыгуначным шляху Ліда-Маладзечна (адразу, за мостам праз Лідзею). Маланка патрапіла ў гарадскую электроўню, кіраўнік электроўні і дзяжурны манцёр часова страцілі прытомнасць і таму да 19-30 горад апынуўся ў цемры. З-за моцнага дажджу на 1 метр паднялася рака Лідзея і месцамі выйшла з берагоў [65].

Тады ж, падчас работы на дзядзінцы плябаніі ксяндза Баярунца рабочыя абарвалі электрычны провад. Адзін з рабочых, Юзаф Місюра, вырашыў провад адкінуць і узяўся за яго рукой. «Пацярпелы ў цяжкім стане трапіў у шпіталь»[66].

Энергетыкам заўжды трэба было быць гатовымі выканаць неабходныя аварыйныя работы: «13 ліпеня (1937 года. - Л.Л.) каля староства, на вуліцы Сувальскай, армейскі аўтамабіль збіў слуп электрычнай размеркавальнай сеткі»[67].

Не абыходзілася і без кур'ёзаў. У канцы 1937 года суд прыгаварыў чыноўніка адміністрацыі горада, назіральніка за гарадскімі работамі Палтарацкага да штрафу ў памеры 15 злотых за тое, што падчас начной змены на гарадской электроўні ён збіў работніка Уладзіслава Вільбіка: «Гэта вынікі ўхвалы гарадской радай выдачы работнікам гарэлкі падчас працы»[68].

У любой энергасістэме важным полем дзейнасці з'яўляецца ўлік адпушчанай спажыўцу электраэнергіі. У красавіку 1938 года гарадская ўправа афіцыйна перадала паліцыі справу на Станіслава Чаплю (Легіяновая, 20), які самавольна падключыўся да электрычнай сеткі і краў энергію. Такім жа незаконным чынам карысталіся электрычнасцю ўладальнікі спартыўнай залы яўрэйскага спартыўнага таварыства «Макабі» (Сувальская, 74) [69]. Як паліцыя пакарала парушальнікаў, невядома.

Верагодна, фактаў крадзяжу энергіі было шмат, бо хутка адміністрацыя гарадской электроўні паведаміла, што ўсім абанентам неабходна праверыць дакладнасць працы ўсталяваных у іх электралічыльнікаў і потым іх паўторна перарэгістраваць. За гэта трэба было заплаціць ад 11 да 13,5 злотага, у залежнасці ад стану прыбораў уліку [70].

А ўзімку 1938 года знік без вестак гарадскі кантралёр электроўні Лейба Леў. Па словах крэўных, кантралёр стаў ахвярай кахання без узаемнасці [71].



[1] Słowo №14(1024) 19 stycznia 1926.

[2] Słowo №45(1055) 25 lutego 1926.

[3] Słowo №161(1171) 14 lipca 1926.

[4] Życie Nowogródzkie №73(105) 21 kwietnia 1928.

[5] Życie Nowogródzkie №297(331) 2 grudnia 1928.

[6] Słowo №9(2219) 12 stycznia 1930.

[7] Życie Nowogródzkie №77(111) 25 kwietnia 1928.

[8] Życie Nowogródzkie №158(192) 15 lipca 1928.

[9] Słowo №13(1923) 16 stycznia 1929.

[10] Kurjer Wileński №232(1577) 10 października 1929.

[11] Kurjer Wileński №251(1596) 1 listopada 1929.

[12] Życie Nowogródzkie №292(326) 27 listopada 1928.

[13] Kurjer Wileński №152(1199) 8 lipca 1928.

[14] Życie Nowogródzkie №74(431) 16 marca 1929.

[15] Kurjer Wileński №63(1408) 16 marca 1929.

[16] Oswiata №11-1932. S. 21.

[17] Kurjer Wileński № 353(3957) 24 grudnia 1936.

[18] Kurjer Wileński № 116(4078) 29 kwietnia 1937.

[19] Kurjer Wileński №197(1542) 30 sierpnia 1929.

[20] Kurjer Wileński №200(1545) 3 września 1929.

[21] Życie Nowogródzkie №282(639) 15 października 1929.

[22] Інфармацыя прадстаўлена аўтару начальнікам гарадскога участка Лідскіх электрычных сетак М.Н. Ярмашуком.

[23] Kurjer Wileński №150(1792) 3 lipca 1930.

[24] Oswiata №11-1932. S. 21.

[25] Życie Nowogródzkie №167(881) 22 lipca 1930.

[26] Życie Nowogródzkie №140(854) 19 czerwca 1930.

[27] Słowo №211(3018) 29 sierpnia 1932.

[28] Słowo №182(3319) 6 lipca 1933.

[29] Западная Белоруссия. Статистический справочник. Минск, 1939. С. 67-70. 100.

[30] Życie Nowogródzkie №179(1192) 25 lipca 1931.

[31] Kurier Nowogródzki №26, 17 października 1931.

[32] Kurier Nowogródzki №48, 12 listopada 1931.

[33] Słowo №231(3723) 25 sierpnia 1934.

[34] Słowo №206(3013) 24 sierpnia 1932.

[35] Kurier Nowogródzki №295(381) 22 listapada 1932.

[36] Kurjer Wileński № 353(3957) 24 grudnia 1936.

[37] Zemia Lidzka. № 11. 1938.

[38] Kurjer Wileński № 353(3957) 24 grudnia 1936.

[39] Kurjer Wileński № 56(4018) 26 lutego 1937.

[40] Kurjer Wileński № 116(4078) 29 kwietnia 1937.

[41] Kurjer Wileński № 156(4119) 9 czerwca 1937.

[42] Słowo № 165(4729) 17 czerwca 1937.

[43] Kurjer Wileński № 176(4139) 29 czerwca 1937.

[44] Kurjer Wileński № 178(4141) 1 lipca 1937.

[45] Słowo № 179(4743) 1 lipca 1937.

[46] Kurjer Wileński № 193(4156) 16 lipca 1937.

[47] Kurjer Wileński № 206(4169) 29 lipca 1937.

[48] Kurjer Wileński № 291(4251) 22 października 1937.

[49] Kurjer Wileński № 353(4313) 24 grudnia 1937.

[50] Kurjer Wileński № 180(4498) 3 lipca 1938.

[51] Kurjer Wileński № 184(4502) 7 lipca 1938.

[52] Kurjer Wileński № 283(4601) 15 października 1938.

[53] Kurjer Wileński № 291(4609) 23 października 1938.

[54] Kurjer Wileński № 142(4460) 25 maja 1938.

[55] Kurjer Wileński № 28(4704) 28 stycznia 1939.

[56] Życie Nowogródzkie №212(246) 7 września 1928.

[57] Kurjer Wileński № 7(4325) 8 stycznia 1938.

[58] Kurjer Wileński № 258(4576) 20 września 1938.

[59] Kurjer Wileński № 253(4216) 14 września 1937.

[60] Kurjer Wileński № 182(4500) 5 lipca 1938.

[61] Kurjer Wileński № 185(4503) 8 lipca 1938.

[62] Kurjer Wileński № 253(4216) 14 września 1937.

[63] Słowo № 324(4888) 23 listopada 1937.

[64] Kurjer Wileński №197(1542) 30 sierpnia 1929.

[65] Słowo №104(2911) 8 maja 1932.

[66] Kurier Nowogródzki №128(214) 6 czerwca 1932.

[67] Kurjer Wileński № 192(4155) 15 lipca 1937.

[68] Kurjer Wileński № 327(4287) 28 listopada 1937.

[69] Kurjer Wileński № 97(4415) 8 kwietnia 1938.

[70] Kurjer Wileński № 159(4447) 12 czerwca 1938.

[71] Kurjer Wileński № 27(4345) 28 stycznia 1938.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX