Папярэдняя старонка: Вайсковая гісторыя

Паўстанне 1830-1831 гг. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 10-06-2011,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Паўстанне 1830 - 1831 гг. // Наша Слова № 19 (1014), 11 траўня 2011 г.; № 20 (1015), 18 траўня 2011 г.; № 21 (1016) 25 траўня 2011 г.; № 22 (1017) 1 чэрвеня 2011 г.; № 23 (1018) 8 чэрвеня 2011 г.

Спампаваць




Да 180-х угодкаў

Паводле рашэння Венскага кангрэсу, частка Варшаўскага княства, якое стварыў Напалеон, ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і атрымала назву Царства Польскае. Гэтая дзяржава ўяўляла сабой канстытуцыйную манархію і кіравалася двухгадовым соймам ды царом, якога ў Варшаве прадстаўляў намеснік. Пасаду намесніка заняў паплечнік Касцюшкі генерал Заёнчак, а галоўнакамандуючым польскім войскам напачатку стаў брат цара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Пасля смерці Заёнчка ў 1826 г. Канстанцін Паўлавіч стаў таксама і намеснікам. Царству Польскаму была нададзена канстытуцыя, якая, аднак, неаднаразова парушалася расійскімі ўладамі. Так, другі сойм ў 1820 г. адхіліў законапраект, які скасоўваў уведзены яшчэ Напалеонам ў Польшчы суд прысяжных. На гэта Аляксандар заявіў, што ён, як аўтар канстытуцыі, мае права быць яе адзіным тлумачальнікам. У 1819 г. была ўведзена папярэдняя цэнзура, якой да гэтага часу тут не ведалі. Скліканне трэцяга сойму доўгі час адцягвалася - абраны ў 1822 г., ён быў скліканы толькі ў пачатку 1825 г. Выбары адмяняліся, калі ў сойм праходзілі непажаданыя людзі, напрыклад, пасля таго, як у Калішскім ваяводстве быў абраны Вінцэнт Немаеўскі, выбары былі касіраваны і прызначаныя новыя, калі ж Каліш зноў выбраў Немаеўскага, ён быў наогул пазбаўлены права абірацца, а калі ён усё ж прыехаў у сойм, каб заняць сваё месца, дык быў арыштаваны на варшаўскай заставе. Царскім указам скасавана публічнасць пасяджэнняў сойму, і ў такой сітуацыі трэці сойм прыняў ўсе законы, прадстаўленыя ў яго царом. Неабходна дадаць, што іншыя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, гэта значыць Літва, Беларусь і Украіна (так званыя «восем ваяводстваў»), не мелі ніякіх канстытуцыйных правоў і гарантый.

У 1819 г. маёр Валяр'ян Лукасінскі, князь Ябланоўскі, палкоўнікі Кржыжаноўскі і Прондзінскі заснавалі Нацыянальнае масонскае таварыства, сябрамі якога стала каля 200 чалавек, у асноўным афіцэры. Пасля забароны масонскіх ложаў ў 1820 г. яно было пераўтворана ў глыбока заканспіраванае Патрыятычнае таварыства. Адначасова існавалі таемныя таварыства і за межамі "канграсовай" Польшчы: патрыётаў, сяброў, філаматаў (у Вільні), тампліераў (на Валыні) і інш. Рух быў неаднастайным па сваіх сацыяльных мэтам і падзяляўся на дзве варожыя партыі: арыстакратычную (белыя) з князем Чартарыйскім на чале і дэмакратычную (чырвоныя), кіраўніком якой лічыўся прафесар Лелявель - лідар і кумір універсітэцкай моладзі. Вайсковае крыло ўзначаліў падпаручнік гвардзейскіх грэнадзёраў Высоцкі, інструктар школы падхарунжых, які стварыў заканспіраваную вайсковую арганізацыю ўнутры самога нацыянальнага руху. Гэтыя дзве партыі раздзялялі толькі планы на будучыню Польшчы, але ўсе яны мелі адзіныя ўяўленні пра паўстанне і пра будучыя межы (1772 г.).

Надзеі палякаў ажывіліся пасля аб'яўлення Расіяй вайны Турцыі ў 1828 г. Ліпеньская рэвалюцыя 1830 г. ў Францыі адрадзіла надзеі ў польскіх патрыётаў. 12 жніўня адбыўся сход, на якім абмяркоўвалася пытанне аб неадкладным паўстанні, аднак было вырашана чакаць, бо трэба было схіліць на свой бок высокапастаўленых вайскоўцаў. Удалося дамовіцца з генераламі Хлапіцкім, Станіславам Патоцкім, Крукавецкім і інш. Рух ахапіў амаль усіх афіцэраў, шляхту, жанчын, рамесныя цэхі, студэнцтва. Быў прыняты план Высоцкага, па якім сігналам для паўстання павінна было паслужыць забойства Канстанціна Паўлавіча і захоп казармаў рускіх войскаў. Выступленне прызначылі на 26 кастрычніка. У першых днях кастрычніка на вуліцах былі расклееныя пракламацыі, з'явілася нават аб'ява, што Бельвядэрскі палац у Варшаве (месцазнаходжанне вялікага князя Канстанціна Паўлавіча) з новага года будзе вольным і здаецца ў наём. Вялікі князь перастаў выходзіць з Бельвядэра.

Апошняй кропляй з'явіўся маніфест цара Мікалая з нагоды бельгійскай рэвалюцыі, з якога палякі дазналіся, што іх войска прызначана стаць авангардам у паходзе супраць паўстаўшых бельгійцаў. Пасля гэтага паўстанне было канчаткова прызначана на 29 лістапада.

З надыходам вечара 29 лістапада ўзброеныя студэнты сабраліся ў Лазянкоўскім лесе, а ў казармах войскі ўзяліся за зброю. У 6 гадзін вечара Пётр Высоцкі увайшоў у казарму падхарунжых і сказаў: «Браты, гадзіна свабоды надышла!», яму адказвалі крыкамі: «Жыве Польшча!».

Напад на Бельвядэрскі палац быў даручаны Людвіку Набяляку з курсантамі школы падхарунжых. Высоцкаму і Урбінскаму было даручана арыштаваць рускіх генералаў і афіцэраў, ксяндзу Бранікоўскаму - звярнуцца да народа ў горадзе.

29 лістапада каля 8 гадзін вечара Набяляк разам з 5-ю падхарунжымі і 8-ю выкладчыкамі адправіўся ў Бельвядэр. Не сустракаючы супрацьдзеяння, змоўшчыкі праніклі ў палац і кінуліся ва ўнутраныя пакоі шукаць вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Вялікі князь у гэты час знаходзіўся ў сваім кабінеце разам з віца - прэзідэнтам Варшавы Любавіцкім і генералам Жандрам. Калі раздаўся шум у суседнім пакоі, Любавіцкі і генерал Жандр выбеглі з кабінета, каб даведацца, з якой нагоды шум, і былі забітыя паўстанцамі, але Любамірскі паспеў крыкнуць: «Князь, ратуйцеся, дрэнная справа». Стары камердынер князя вывеў яго ў суседнія пакоі і зачыніў за сабой масіўныя дзверы на засаўку, але, зрэшты, змоўшчыкі і не думалі шукаць вялікага князя, прыняўшы за яго генерала Жандра. Між тым вялікі князь выйшаў чорным ходам і ўцёк пад ахову рускага коннагвардзейскага палка.

Паўстанцы адразу захапілі 40 000 патронаў і выдалі іх сваім войскам, а потым без бою авалодалі самай важнай цвердзю ў Польшчы - Модлінам, пра якую Напалеон казаў: «Хто валодае цвердзю Модлін, той будзе валодаць і ўсёй Польшчай». У цвердзі паўстанцы знайшлі 5 000 000 патронаў і 60 гармат. Аднак становішча паўстанцаў не было устойлівым. Большая частка польскага войска не спяшалася далучыцца да іх, і яны не мелі агульнага кіраўніка. Таму многія сучаснікі лічылі, што калі б вялікі князь Канстанцін Паўлавіч адразу скарыстаўся вернымі яму войскамі і энергічна прыступіў да задушэння паўстання, то з вялікай верагоднасцю выйграў бы. Тым больш, што сярод кіраўнікоў паўстання пачаўся разлад. Але вялікі князь Канстанцін на наступны дзень, 30 лістапада, разам з усімі рускімі войскамі пакінуў Варшаву, стаў лагерам за тры вярсты ад сталіцы, у мястэчку Вержб і пачаў чакаць далейшага развіцця падзей.

Пасля сыходу расейцаў з горада ўзмацнілася арыстакратычная партыя, якая спадзявалася ўступіць у перамовы з урадам імперыі і мірным шляхам дасягнуць жаданага выніку - стварэння незалежнай дзяржавы ў межах 1772 г. пад пратэктаратам Расіі. 4 снежня была сфармавана Адміністрацыйная рада з 7 чальцоў, уключаючы Яўхіма Лелявеля, Юльяна Нямцэвіча і генерала Хлапіцкага, які стаў галоўнакамандуючым польскіх войскаў. Узначаліў раду князь Адам Чартарыйскі. Найбольш актыўных левых лідараў, Заліўскага і Высоцкага выдалілі з Варшавы, першага - для арганізацыі паўстання ў Літве, другога - капітанам ў войска. Узяўшы ўладу ў свае рукі, Адміністрацыйная рада адправіла дэпутацыю да вялікага князя з тлумачэннем прычын, выклікаўшых хваляванні, і умоў, на якіх паўстаўшыя гатовыя іх спыніць. Аднак вялікі князь лічыў, што палякі павінны быць удзячныя расейцам за тое, што для іх зроблена, таму ў перамовы ўступаць адмовіўся і разам з войскамі пакінуў тэрыторыю Царства Польскага.

18 снежня Адміністрацыйная рада была распушчана і замест яе створаны часовы ўрад на чале з Адамам Чартарыйскім, у гэтым урадзе міністрам народнай асветы стаў Лелявель. Быў скліканы сойм, на якім не ўдалося выпрацаваць агульную палітыку дзяржавы на будучыню, і ў сувязі з гэтым генерал Хлапіцкі абвясціў сябе дыктатарам. Генералу Хлапіцкаму ў час паўстання было 60 гадоў. Ён лічыўся адным з самых выдатных людзей свайго часу - меў велічную знешнасць сапраўднага генерала, быў сумленным, адкрытым і прамым чалавекам, меў харызму лідара, яго любілі жаўнеры. З ранніх гадоў Хлапіцкі служыў у войску, пры Напалеоне ён удзельнічаў у вайне ў Іспаніі, і французскі імператар цаніў яго таленты і зрабіў генералам. Шанаваў яго і рускі ўрад, пры імператары Аляксандры I ён працягваў служыць, пры Мікалаі I выйшаў у адстаўку і жыў у Варшаве як прыватная асоба, атрымліваючы ад французскага ўраду 6 000 франкаў пенсіі.

Стаўшы дыктатарам, Хлапіцкі паспрабаваў ўступіць у перамовы з рускім імператарам і з еўрапейскімі ўрадамі. Але Мікалай I адмовіўся ад перамоваў з польскім пасольствам і сустрэўся толькі з яго кіраўніком - князем Любецкім, як з міністрам фінансаў Царства Польскага. Праз яго цар перадаў палякам, каб яны неадкладна здавалі зброю і прасілі яго літасці. З гэтым адказам 25 студзеня 1831 г. дэпутацыя вярнулася ў Варшаву.

Хлапіцкі сабраў сойм і паведаміў аб рашэнні рускага цара, пасля чаго прапанаваў сойму пайсці на кампраміс, бо разумеў што ў выпадку поўнамаштабнай вайны ў Польшчы шанцаў не будзе. Але «чырвоныя» ў сойме асвісталі дыктатара і запатрабавалі канчатковага разрыву з імперыяй, «што будзе, тое будзе» крычалі дэпутаты. Па парадзе графа Рамана Солтыка, сойм пастанавіў пазбавіць рускую імператарскую фамілію права на польскую карону. Таму Хлапіцкі, склаў з сябе званне дыктатара і камандуючага войскамі. Камандуючым арміяй сойм прызначыў Міхала Радзівіла - чалавека добрага, сумленнага, але мяккага і падатлівага і зусім не палкаводца. Таму польскае кіраўніцтва ўпрасіла Хлапіцкага заўсёды быць пры Радзівілу і дапамагаць яму ва ўсім.

Расійскі імператар ўспрыняў рашэння сойму як асабістую абразу. Мікалай I інфармуе аб паўстанні 1830. 24 студзеня стотысячная руская армія з 336 гарматамі, пад камандаваннем фельдмаршала Дыбіча - Забалканскага, уступіла на тэрыторыю Польшчы. Акрамя гэтых войскаў, да межаў Польшчы рухаліся 13 казацкіх палкоў з Дону і такім чынам усё рускае войска налічвала каля 180 000 чалавек. З супрацьлеглага боку было выстаўлена 140 000 чалавек і 146 гармат.

Паўстаўшымі быў прыняты план, паводле якога галоўныя польскія сілы (каля 70000 чалавек) размяшчаліся на поўнач ад Варшавы, кантралюючы дзве дарогі - Ковенскую і Берасцейскую. Пры набліжэнні непрыяцеля польскае войска павінна было, не дапусціўшы ворага да Варшавы, уступіць у генеральную бітву.

1 лютага рускае войска першы раз сустрэлася з польскім, пасля гэтага невялікія сутычкі адбываліся штодня, пакуль нарэшце 19 лютага каля Ваўра (у XIX ст. ў гэтым месцы была карчма на дарозе Менск - Варшава, за 7 вёрст ад тагачаснага прыгарада Варшавы - Прагі) не адбылася першая значная бітва якая працягвалася 7 гадзін, расейцы ў гэтай бітве страцілі каля 4 000 чалавек. 25 лютага рускае войска ў 76 000 чалавек пры 250 гарматах падышла да паселішча Грохаў (каля Варшавы), дзе па раней прынятым плане іх ужо чакала польская армія ў 60 000 чалавек. Адбылася знакамітая Грохаўская бітва. Яна пачалася ў 9 гадзін раніцы і працягвалася да 5 гадзін вечара. Палякі зноў біліся мужна і стойка, але ўсё ж у выніку адступілі да Варшавы. У бітве быў паранены генерал Хлапіцкі. Рускі галоўнакамандуючы тры дні прастаяў на поле бітвы, чакаючы здачы Варшавы, але на чацвёрты дзень ён даведаўся, што палякі ўмацоўваюць сваю сталіцу і здавацца не думаюць. Пасля гэтага рускае войска адступіла на поўдзень ад Варшавы і пачало чакаць прыбыцця асаднага парку, каб прыступіць да аблогі горада.

Польскі сойм зняў Радзівіла з пасады камандуючага войска і прызначыў на гэтае месца Скржынецкага. Новы галоўнакамандуючы меў 45 гадоў, быў родам з Галіцыі, адукацыю атрымаў у Львове. Ва ўзросце 23 гады ён уступіў у войска Напалеона і ўдзельнічаў у паходзе на Расію 1812 г. Пасля стварэння Царства Польскага Скржынецкі жыў у Варшаве і быў камандзірам 8-га пяхотнага палка.

Скржынецкі загадаў свайму войску выйсці з Варшавы, і пачаўся шэраг больш-менш значных бітваў, у адной з іх, пры Дэмбе-Велькай рускі 6-ты корпус барона Розена быў разбіты і страціў каля 4 000 забітых і 3 000 параненых. Рускія аўтары сцвярджаюць, што параза была б яшчэ мацнейшай, каб не ўстойлівасць 47 рускага егерскага палка, якім камандаваў палкоўнік Квіцінскі - паляк па нацыянальнасці. Але 26 траўня ў бітве пад горадам Астраленкай, польскае войска якое мела 40 000 супраць 70 000 рускіх, было разбіта і адступіла да Варшавы. Аднак пасля бітвы расейскае войска таксама было не ў лепшым стане, і таму Дыбіч не пераследаваў польскае войска, а адступіў да Пултуска

Паўстанне ў Літве

Практычна адначасова з паўстаннем у Польшчы адбылося паўстанне ў Літве і на Валыні. Ужо 1 снежня 1830 г. расейскія ўлады ўстанавілі ваеннае становішча ў Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губернях і ў Беластоцкай акрузе. Пачаліся арышты патэнцыйных удзельнікаў паўстання і канфіскацыя зброі, але ўсяроўна, напрыканцы 1830 г. па паветах пачалася падрыхтоўка да паўстання. У канцы студзеня 1831 г. з ініцыятывы Лелявеля ў Вільні паўстаў Цэнтральны Камітэт, які быў павінен арганізаваць і ўзначаліць паўстанне на Літве. У склад камітэта ўвайшлі Антоні Гарэцкі, Станіслаў Шумскі, Людвік Забржыцкі, Эдвард Ромер, Юстын Грабніцкі, Міхал Балінскі і Леан Рагалінскі.

Кожны павет трымаў сувязь з Камітэтам праз свайго дэлегата. У Дзісненскім павеце гэта быў Аляксандр Лапацінскі, у Браслаўскім - Віктар Грынцэвіч, у Расіенкім павеце на сувязі з Камітэтам былі Юліюш Грушэўскі і Дабраслаў Каліноўскі, ва Ўпіцкім - Казімір Трускоўскі. Пачатак паўстання Ігат Дамейка сустрэў у Лідскім павеце, знаходзячыся пад наглядам паліцыі ў маёнтку Заполле. У пачатку красавіка да Дамейкі прыбыў пасланец Віленскага камітэта для каардынацыі дзеянняў. З мемуараў Дамейкі вядома аб стасунках Камітэта з Гарадзенскай губерняй. Напрыклад па рашэнні Камітэта паўстанцы павінны былі сабрацца ў трох месцах губерні: у Лідскім павеце каля Васілішак, у Слонімскім ў Харабравецкай пушчы і ў Навінскіх лясах пад Наваградкам. Шчапінскі, адзін з паўстанцаў з Белавежскай пушчы прыязджаў у Вільню ў сакавіку, каб скаардынаваць свае дзеянні. Але ў цэлым Камітэт не змог каардынаваць дзеянні паўстанцаў і пасля выбуху паўстання ў Жмудзі страціў уплыў.

На пачатку паўстання расейскіх войскаў у Літве было адносна не многа. У Вільні знаходзілася брыгада 5-й пяхотнай дывізіі (2-га корпуса) сілай каля 3 200 чалавек, у гарадах стаялі невялікія залогі (напрыклад у Менску была пакінута залога батальён Архангельскага палка з 2-мя гарматамі). Аднак праз нашу тэрыторыю ў гэты момант рухаліся ў Польшчу войскі 3-га расейскага корпуса і ў выпадку неабходнасці яны павінны былі аказаць падтрымку мясцовым залогам. У палове сакавіка расейскі ўрад на нашай тэрыторыі прызначыў рэкруцкія наборы і планаваў узяць хлеб і фураж для войска. Гэта ініцыявала паўстанне. Напрыклад, у Жмудзі пасля абвяшчэння 9 лютага расейскага ўказу пра мабілізацыю рэкрутаў шмат мужчын схавалася ў лесе, і з іх пачалі фармавацца першыя паўстанцкія аддзелы.

26 сакавіка аддзелы паўстанцаў якія складаліся са шляхты і сялян, з трох бакоў напалі на Расіены і занялі горад. Пры гэтым была абяззброена залога (60 чалавек) і захоплены скарб. Адразу была абвешчана незалежнасць Літвы. Вызваляліся рэкруты і арыштанты, рускіх чыноўнікаў бралі ў палон, людзі пачалі насіць трохкаляровыя кукарды. Было вырашана каб кожныя два дымы выставілі па аднаму ратніку, была арганізавана вытворчасць зброі, нарыхтоўка абмундзіравання і рыштунку. Блізкасць Прусіі палегчыла набыццё пораху і свінцу.

28 сакавіка былі узяты Шаўлі, Тэльшы і Панявежа. Калі ў Коўні пра гэта даведалася расейская адміністрацыя, было вырашана ўжыць жорсткія меры. Палкоўнік Барталамей, які з лейб - гвардзейскім конна-піянерным эскадронам чакаў прыбыцця пантонаў, атрымаў загад 29 сакавіка выступіць супраць інсургентаў са сваім эскадронам і дадатковымі 4-мя ротамі з 4-мя гарматамі (усяго 1 200 чалавек). У той жа дзень камандзір паўстанцаў Ігнат Станевіч сабраў некалькі тысяч чалавек і рушыў у Эйраголу насустрач Барталамею, аднак 31 сакавіка паўстанцы былі разбітыя, частка аддзела разбеглася ў розных кірунках а частка адступіла. Барталамей заняў Расіены. Аднак ён не змог доўга ўтрымацца ў Расіенах, пакінуў горад, быў прыціснуты інсургентамі да мяжы з Прусіяй і праз некаторы час са сваім атрадам інтэрнаваны ў Прусіі.

Тэльшінскія паўстанцы ўздоўж мяжы рушылі да Палангі, па дарозе абяззбройваючы памежныя заслоны. Іх мэтай было ўзяць Палангу і арганізаваць марскія пастаўкі ад знешніх сяброў. Горад ўдалося ўзяць, але неўзабаве паўстанцы былі адтуль выбітыя. У канцы сакавіка інсургенты спрабавалі злучанымі сіламі ўзяць Коўню, але былі адкінутыя ад горада.

У Літву пачалі сцягвацца рускія войскі: 1-я ўланская дывізія (3,5 т. шабель) знаходзілася на маршы, 2-я пяхотная брыгада займала Жамойць, 3-я пяхотная брыгада брала пад кантроль Гародню, Мерач, Коўню, 5-я пяхотная дывізія знаходзілася ў раёне Вільні, 6-я пяхотная дывізія ішла да Слоніма, 7-я рухалася да Берэсця. Між тым паўстанне не сціхала, а разгаралася вакол Вільні: 4 красавіка паўсталі Ашмяны, 11 красавіка Свянцяны, а таксама Відзы, Трокі, Гальшаны. Паўстанне пачыналася і ў Гарадзенскай ды Менскай губернях.

Ашмянская разня

Паўстанне ў Ашмянах перапыніла сувязь Вільні з Расіяй. На чале паўстання стаў П. Важынскі і былы палкоўнік французскай арміі Караль Пшаздзецкі. Пад іх камандаванне сабралася каля 2500 інсургентаў. Паўстанцы былі разбіты на роты і эскадроны, праходзілі паскоранае вайсковае навучанне. Між тым у Вільню ў якасці падмацавання з Каўказа прыйшоў зводна-лінейны казацкі полк, спрактыкаваны ў баях з горцамі. Вайсковы губернатар Вільні Храпавіцкі 14 красавіка адправіў да Ашмян аддзел у 300 казакоў, 5 000 чалавек пяхоты і 4 гарматы пад камандаваннем палкоўніка Вярзіліна.

Даведаўшыся аб прасоўванні рускіх войскаў, інсургенты вырашылі адступіць у лясы каля Вішнева, але пакінулі ў горадзе ў якасці ар'ергарду 600 чалавек, якія павінны былі адступіць пазней. Па расейскай версіі, ар'ергард выступіў насустрач непрыяцелю і прыняў бой, быў разбіты і адкінуты ў горад, і ў горадзе інсургенты разам з гараджанамі "ожесточенно" абараняліся, таму казакі зрабілі "зачыстку горада", прычым "у запале сутычкі рэдка хто атрымаў літасць" пісаў палкоўнік Пузырэўскі А.К. у сваёй кнізе «Польско - руская вайна 1831 г.» (Пузыревский А.К. Польско-русская война 1831 г. С-Петербург. 1886.).

Вось як апісвае падзеі паўстанец І. Клюкоўскі: "Маскалі затрымаліся перад горадам... і пачалі кананаду. Было зроблена 80 артылерыйскіх стрэлаў і пабіта шмат дамоў. Каб прадухіліць абстрэл, кавалерысты... спрабавалі атакаваць, але стрэлы карцеччу знішчылі некалькі кавалерыйскіх звязаў, асуджаных на смерць… Менавіта гэтае знішчэнне слабога заслону, які імкнуўся прадухіліць разбурэнне горада артылерыяй і было паднесена Вярзіліным як штурм горада які моцна бароніцца. Пасля таго, як невялікі аддзел Сцяльніцкага быў разбіты, неўтаймаваны зброд уварваўся ў горад, быццам яго захапілі штурмам, не прапускаючы ні слабога полу, ні састарэлых. Для іх не было нічога святога. Жанчыны і дзеці, якія схаваліся пад Боскай аховай у касцёле, палі ахвярай лютасці раз'юшаных дзікуноў. I была гэта ахвяра, апырсканая крывёю бязвінных! Не прыпыняліся забойствы на вуліцах. Былі забіты два ксяндзы, жыхары Завадскі, Ган і шмат іншых. Аднак сама смерць яшчэ не знішчала ў вачах полчышч акупантаў выступлення з узняццем зброі за вольнасць. Ім патрэбны былі яшчэ пакутніцкія забойствы. У якасці трафеяў перамогі варвараў над бяззбройным народам застанецца ўспорванне нутра ў аднаго з жыхароў, калі дапытваліся ў яго пра грошы; рассяканне доктара Закржэўскага, і забойства каля двухсот простых жыхароў. Іх кроў цяжарам ляжа на галаву віноўніка ўсяго гэтага - Храпавіцкага, калі людскія паводзіны на зямлі паддаюцца вышэйшай наканаванасці, наўмысна паслаўшай зборышча катаў для таго, каб спалохаць паўстанцаў!".

Іншы паўстанец успамінаў: "Маскалі даведаліся, што Пшаздзецкі адвёў усе сілы на менскі тракт, пакінуўшы толькі 200 кавалерыстаў і да батальёна стральцоў і касінераў пад камандай Сцяльніцкага (Каментатар выдання піша, што такой колькасці войскаў не было - Л. Л.). Праз гадзіны тры, велькім струменем на гэтую малую жменьку надышлі маскалі... Калі мы расстралялі ўсе патроны, то кінуліся на ўцёкі, а маскалі хутка абкружыўшы цэлыя Ашмяны, кожнага чалавека, хоць і бяззбройнага забілі. Маскалі ўехалі ў горад з вялікім крыкам. Габрэі сустракалі іх з вялікай радасцю, але яны ўсё роўна пачалі ўзломваць крамы габрэяў, за што іх лаяў палкоўнік. Потым пачалі рабаваць касцёлы. Дамініканскі ўзламалі, абрабавалі, чатырох людзей, якія схаваліся ў касцёле зарэзалі. Дзверы і замок мураванага касцёла ніяк не маглі ўзламаць, дзверы высадзілі стрэлам з гарматы, потым спалілі архіў і забілі траіх чалавек. Францішканаў таксама абрабавалі… забраўшы дарагія рэчы. Абрабавалі дамы гараджан, у дамах не засталося нават ні падлог ні аконных шыбаў. Гараджаніна, якога знаходзілі ў хаце, не разбіраючыся, забівалі.... іншых..., збілі неміласэрна бізунами і агаліўшы палову галавы, адпускалі...".

Сучасны расейскі гісторык Матвееў А. У. піша: "Яшчэ 1 снежня 1830 г. быў сфармаваны зборна - лінейны полк. Камандзірам палка быў прызначаны будучы атаман Каўказскага лінейнага казацкага войска палкоўнік П. С. Вярзілін, баявы афіцэр, які меў багаты досвед вайны з горцамі і туркамі. 13 снежня 1830 года зборналінейны полк... выступіў з Стаўрапаля ў горад Гародню. Лінейцы былі ўключаныя ў мерапрыемствы, накіраваныя супраць паўстанцаў у Літве... Неабходны былі рашучыя меры. Асабліва буйныя сілы ракашан былі сканцэнтраваны ў раёне г. Ашмяны, дзе гаспадарыў аддзел графа Пшаздзецкага, які налічваў 2,5 тыс. чалавек. 1 красавіка (14 па новым стылі - Л. Л.) Храпавіцкі паслаў у Ашмяны аддзел з 300 лінейцаў, 500 чалавек пяхоты пры 4-х гарматах пад агульным камандаваннем палкоўніка Вярзіліна ... бой быў непрацяглым, за некалькі гадзін справа скончана, адноўлены спакой, які абышоўся інсургентамі коштам 350 чалавек .... з тых часоў ... слова «чаркес» рабіла жахлівае дзеянне... Гэтая атака лінейцаў, як пісаў польскі мемуарыст, перайшла ў пагром: казакі не шкадавалі нікога на сваім шляху, рабавалі габрэйскія крамы, касцёлы, дамы. Многіх жыхароў Ашмян прывязалі да гармат і прывялі ў Вільню, іншым галілі голавы. На справу ў Ашмянах цар Мікалай I адрэагаваў наступным чынам: «Справы літоўскія выпраўляюцца, урок Ашмянаў быў дзейсны" (Матвеев О.В. Под Варшавой и Вайценом. http://slavakubani.ru/).

Адам Міцкевіч у кнізе польскага народа і польскага пілігрымства, у "Літаніі пілігрымскай" пісаў: "Праз пакутніцтва жыхароў Ашмян забітых у касцёлах і дамах Пана, Вызвалі нас, Пане".

Далейшае развіццё паўстання на Літве

Асноўнае харчовае забеспячэнне рускай дзейнай арміі ішло з Літвы і таму паўстанне ў Літве моцна ўплывала на поспех баявых дзеянняў у Польшчы. З ліку 11 паветаў Віленскай губерні 9 кантралявалася інсургентамі, а праз нейкі час пад іх кантроль перайшлі і астатнія Свянцянскі і Брацлаўскі паветы. Пад поўным кантролем рускіх заставалася толькі 3 гарады - Вільня, Коўня і Відзы (тут аддзел палкоўніка Кахоўскага перашкаджаў пераходу горада інсургентам), але менавіта ў гэтых гарадах знаходзіліся галоўныя дзеячы паўстання.

У Менскай губерні паўстанне пачалося пазней чым у Віленскай - на пачатку красавіка з Дзісненскага і Вілейскага паветаў. Аднак пры набліжэнні 2-га Тэпцярскага казацкага палка, вілейскія інсургенты пад камандаваннем былога палкоўніка французскай арміі Радзішэўскага адышлі да Мядзеля, дзе занялі зручную пазіцыю ў лясістай і балоцістай мясцовасці. Аддзел папоўніўся і дасягнуў колькасці ў 3 000 чалавек пяхоты і 300 вершнікаў. Радзішэўскі меў нават артылерыю - адна шляхетная дама падарыла яму дзве 4-х фунтовых гарматы, якія былі закапаныя ў зямлі і чакалі сваёй пары з часоў апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.

З трох гарадоў, якія кантраляваліся расейцамі найбольшае значэнне мела Вільня. Вызваленне Вільні, акрамя сімвалічнага, мела і вялікае практычнае значэнне: у горадзе былі сканцэнтраваны вялікія запасы зброі, амуніцыі, прадуктаў харчавання. Аднак штурм горада быў вельмі складанай справай бо залога Вільні складалася з 3 000 салдат рэгулярнай арміі і тым не менш інсургенты вырашылі штурмаваць горад. Аб'яднаныя сілы ўзначаліў камандзір упіцкіх паўстанцаў Караль Залускі - чалавек, які карыстаўся усеагульнай павагай і даверам, але не меў ваеннага досведу і неабходных ведаў. Быў выпрацаваны план, згодна з якім Залускі зрабіў наступныя распараджэнні: Віленскі павет павінен засяродзіць свае ўзброеныя сілы на вількамірскай дарозе, каля Мейшаголы, у адным пераходзе ад Вільні, Свянцянскі і Брацлаўскі паветы - на такой жа адлегласці ад горада, каля Няменчына, па дынабургскай дарозе, Ашмянскі павет - па менскай дарозе, нарэшце ўзброеныя сілы Трокскага, Вількамірскага і Панявежскага паветаў павінны былі засяродзіцца каля Еўя на ковенскай дарозе. Такім чынам спадзяваліся сабраць 16-20 тысяч чалавек на адлегласці 20-30 вёрст вакол Вільні а потым дзейнічаць па абставінах. Каб засцерагчы сябе звонку, ковенскім інсургентам пад камандай Прозара было даручана назіраць за расейцамі з боку Коўні і ахоўваць рачныя пераправы, вількамірцы павінны былі ўтрымліваць расейцаў з боку Дынабурга, а паўстанцы Жамойціі - з боку Курляндыі. Кожны аддзел зрабіў запас харчавання на 14 дзён і арганізоўваў забеспячэнне ўсім неабходным.

16 красавіка Залускі з аддзеламі з Трок і Панявежы, якімі камандавалі Агінскі, Матусевіч і Білевіч, пераправіўся цераз Вілію каля Чабішак і да вечара заняў пазіцыю недалёка ад Еўя. Тут сабралася да 3000 чалавек, з іх 150 вершнікаў, аднак толькі 1 000 была ўзброена стрэльбамі а 2 000 былі касінерамі. Расейскі камандуючы Храпавіцкі, атрымаў звесткі пра тое, што вялікая колькасць інсургентаў збіраецца на левым беразе Віліі і 18 красавіка выслаў туды толькі што вярнуўшагася з Ашмянаў палкоўніка Вярзіліна з 300 казакамі, дзвюмя ротамі Белазерскага палка і дзвюмя гарматамі. Інсургенты, даведаўшыся пра набліжэнне расейцаў, вырашылі атакаваць першымі. Залускі рушыў наперад з конніцай, а Білевіч ішоў за ім з пяхотай. Казакі заўважылі кавалерыю інсургентаў і імітавалі адступленне, прывёўшы такім чынам паўстанцаў да сваёй пяхоты і артылерыі. Сустрэтыя кулямі і карцеччу інсургенты адступілі. Білевіч паспешна заняў абарону каля паселішча Аўсянішкі і адкрыў моцны ружэйны агонь па расейцах. Вярзілін, пазбягаючы страт, загадаў запаліць паселішча, пасля чаго пяхота Білевіча адступіла з селішча ў лес. Казакі пераследавалі інсургентаў да лесу, пасля чаго вярнуліся ў Вільню. Пасля падыходу некалькіх свежых аддзелаў, інсургенты вырашылі ўмацавацца каля Аўсянішак, але ў гэты час ім стала вядома аб падзенні Ашмян і разгроме расейцамі паўстанцаў Прозара каля Коўні. Гэта інфармацыя прымусіла інсургентаў 24 красавіка адысці за Вілію.

У красавіку да Вільні падышлі рускія падмацаванні: 1-шы егерскі полк, 1-я і 2-я брыгады 1-шай уланскай дывізіі, Ладажскі полк. Для дзеянняў супраць інсургентаў з Пецярбурга даслалі план, сэнс якога быў у тым, каб выкарыстоўваць Вільню ў якасці базы, і дзейнічаць «як для ачышчэння найважнейшых шляхоў, так і для пераследу інсургентаў невялікімі рухомымі калонамі». Частка войскаў пад камандаваннем генерала Атрошчанкі павінна была ахоўваць Ашмянскі павет і дарогу на Менск і Гародню, іншая частка пад камандаваннем генерала Хілкова павінна была ўзяць пад кантроль дарогу на Пецярбург праз Відзы і Дынабург, а генерал Суліма са сваімі войскам павінен быў заняцца пацыфікацыяй Жамойці. Невялікія аддзелы планавалася выкарыстаць для "ачышчэння" наваколляў Вільні.

20-га красавіка з Вільні выступіў Атрошчанка з паўтара батальёнамі 11-га егерскага палка, эскадронам гусарскага эрц-герцага Фердынанда палка і 6-ю гарматамі, трохі пазней выйшаў генерал Шырман з аддзелам складзеным з 7-га і 8-га егерскага палка і 4 гарматамі. У кожным з гэтых аддзелаў было каля 1200 чалавек. Атрымаўшы звесткі, што інсургенты Пшаздецкага збіраюцца ў Вішнеўскіх лясах, Атрошчанка рушыў туды і 24 красавіка інсургенты не прымаючы бой адступілі ў густыя лясы да Рума. Аддзел Атрошчанкі, узмоцнены ўланскім Вялікага князя Міхаіла Паўлавіча палком, вырашыў дзейнічаць супраць паўстанцаў ў двух кірунках: з Бакштаў і з Валожына. Для гэтага ён рушыў палкоўніка Севасцьянава з 2-мя ротамі, эскадронам уланаў і 2-мя гарматамі праз Валожын, а частка уланаў і казакоў заступілі дарогу інсургентам на Бакшты. Севасцьянаў напаў каля вёскі Рум на інсургентаў (каля 2 000 чалавек). Пасля бою, страціўшы да 100 чалавек, інсургенты рассеяліся. Пузырэўскі пісаў: "галоўныя дзеячы паўстання ў Ашмянах альбо былі ўзятыя ў палон, або збеглі. Паўстанню ў Ашмянах быў нанесены рашучы ўдар".

Генерал Шырман, сустракаючы па шляху толькі невялікія аддзелы паўстанцаў, перш рушыў на Панявежу, адкуль, аднаўляючы па дарозе рускую адміністрацыю, пайшоў на Шаўлі, каб злучыцца там з войскамі генерал-губернатара Палена, якія ішлі туды з Мітавы. Залускі спрабаваў заступіць Шырману шлях на Шаўлі, але не змог гэтага зрабіць. Барон Пален выступіў з Мітавы з войскамі складзенымі з палкоў 4-й рэзервовай дывізіі (Неўскі, Сафійскім, Нараўскі, Капорскі, 2 эскадроны і 6 гармат) ў колькасці 2 000 чалавек. Разбіўшы паўстанцаў Тышкевіча і пад Янішкамі, паўстанцаў Херубовіча і Шаміёта, Пален 8 траўня злучыўся з Шырманам ў Шаўлях.

Войскі князя Хілкова (12-ы егерскі полк, і Сібірскі ўланскі полк з 8 гарматамі) выступілі 29 красавіка з Вільні да Вількаміра, дзе 30 красавіка разбілі інсургентаў каля Мейшаголы. Пасля гэтага ён рушыў да Свянцянаў але паўстанцы Барткевіча загадзя сышлі з горада і 7 траўня рускія войскі увайшлі у Свянцяны.

29 красавіка рускія войскі (Ладажскі пяхотны і два уланскія палкі) выйшлі з Вільні на Кейданы. На наступны дзень інсургенты Прозара разабралі мост цераз раку Нявяжу і спрабавалі не прапусціць войскі, але да вечара расейцы пераправіліся на другі бераг.

Генерал Суліма таксама выправіўся да Шаўлёў, каб прыняць у Шырмана вялікі транспарт з боепрыпасамі, прыведзенымі з Дынабурга. Залускі, дазнаўшыся пра набліжэнне рускіх, загадаў Прозару адысці да Бейсаголы і назіраць за рухамі непрыяцеля, сам жа сабраў злучаныя сілы і падышоў да Панявежы. 5 траўня сутыкнуліся з расейскімі войскамі і атрымалі паразу.

Пасля гэтага паўстанцы адмовіліся ад вялікіх бітваў з рускімі войскамі, было вырашана разысціся і падобна іспанскім гверыльясам, кожнаму весці на сваёй малой радзіме, цяжкую для расейцаў партызанскую вайну. Аднак сур'ёзныя сутыкненні не спыніліся.

Палкоўнік А. Пузырэўскі так апісаў сітуацыю якая склалася ў той час у нашым краі: «Падчас гэтых падзей у заходняй частцы краіны, г.зн. Жамойці, справы інсургентаў ва ўсходняй яе частцы, г.зн. ўласна ў Літве, былі не ў лепшым становішчы. Залускі, пасля вяртання…, знайшоў ва Ўпіцкім павеце поўную анархію і павінен быў заняцца перш за ўсё ўсталяваннем там хоць якога парадку. Тое самае было і ў Вількамірскім павеце... у Віленскім, Трокскім паветах засталіся ранейшыя камандзіры, якія працягвалі весці дробную партызанскую вайну. Ашмянскі, Свянцянскі і Барацлаўскі паветы ўтрымлівалі (расейцы - Л. Л.) Атрошчанка, Хілкоў і Кахоўскі. У Трокскім і Вількамірскім паветах захаванню парадку садзейнічалі калоніі рускіх раскольнікаў, філіпаўцаў… якія пасяліліся ў краіне яшчэ пры Жыгімонце Аўгусту».

У гэты час найбольшую ваенную моц мелі інсургенты Віленскага, Свянцянскага і Дзісненскага паветаў. Віленскія паўстанцы, пад кіраўніцтвам Радзішэўскага, базаваліся каля Мядзеля. Калі да іх далучыліся рэшткі ашмянцаў, раней разбітых каля Рума было вырашана зрабіць напад на Вілейку. Войцах Коссак. Эмілія Плятар ў бітве пад Шаўлямі. 5 траўня інсургенты ўварваліся ў горад з двух бакоў, але там у гэты час знаходзіўся генерал Саф'янаў з двума рэзервовымі батальёнамі. Пасля бою паўстанцы адступілі да Глыбокага, каб злучыцца з паўстанцамі Дзісненскага павету.

9 траўня дзісненскія паўстанцы напалі на свой павятовы горад, руская залога пасля некалькіх стрэлаў адступіла, але праз тры дні падышоў палкоўнік Маркаў з 3-ма батальёнамі пры 2-х гарматах і зноў авалодаў Дзісной. Інсургенты вярнуліся ў Лужкі, дзе і злучыліся з Радзішэўскім. Такім чынам у гэтым месцы сканцэнтравалася каля 5-6 тыс. інсургентаў.

Між тым генерал Саф'янаў атрымаў падмацаванне - два эскадроны ўланаў, і 16 траўня яму ўдалося разбіць паўстанцаў Радзішэўскага. З-за наступу рускіх войскаў і набліжэння рэзервовай арміі графа Талстога, інсургенты вырашылі адыходзіць у Вількамірскі павет, каб быць бліжэй да мяжы. Каб падмануць рускіх, адна, лепш ўзброеная частка інсургентаў павінна была рушыць ў абраным кірунку, а другая, для дэманстрацыі - у Віцебскі павет. 19-га траўня абедзве калоны выступілі з Лужкоў. Меншая частка інсургентаў напала на Лепель, выцесніла адтуль залогу і паспрабавала падняць паўстанне ў Віцебскай губерні, але ўжо праз некалькі дзён была акружаная брыгадай 4-й гусарскай дывізіі генерала Каблукова і разбіта. Другая частка (2 500 чалавек)

24 траўня падышла да Віжунаў і ўз'ядналася з вількамірскімі інсургентамі. У гэтым раёне знаходзілася мноства дробных, добра ўзброеных і самастойна дзеючых аддзелаў паўстанцаў, але аб'яднацца пад агульным камандаваннем яны не змаглі. Вілейцамі працягваў камандаваць Радзішэўскі, у свянцянцаў і дзісненцаў Брахоцкі камандаваў пяхотай а Барткевіч кавалерыяй. Паўстанцы падзяліліся: 25 траўня Брохоцкі і Барткевіч рушылі насустрач польскаму генералу Гелгуду, і злучыліся з ім 12 чэрвеня. Паўстанцы Радзішэўскага некаторы час пераследаваліся расейцамі, але здолелі злучыцца з польскімі войскамі генерала Хлапоўскага каля Чабішак. З пяхоты Радзішэўскага былі сфармаваны 26 пяхотны, а з конніцы 12 уланскі палкі, пяхота двух іншых паветаў была далучаная да 19 пяхотнага палка, а з конніцы сфармаваны 10 і 11 уланскі палкі. Так сама трокцы, вількамірцы, упітцы і іншыя былі далучаны да войскаў Гелгуда. Усе гэтыя інсургенты павялічылі рэгулярныя войскі на 10-12 тысяч чалавек.

Сярод вількамірскіх інсургентаў да войскаў генерала Хлапоўскага далучыўся і аддзел знакамітай Эміліі Плятар - Жанны д'Арк паўстання 1831 г. Менавіта ёй Адам Міцкевіч прысвяціў верш «Смерць палкоўніка».


Асаблівая тэма 1831 г. – віленскія студэнты. Яны доўга чакалі паўстання ў самім горадзе. Не дачакаўшыся яны самастойна ўзброіліся і выйшлі з горада для вядзення партызанскай вайны. Высланы супраць іх аддзел Крагельскага 20 траўня нанёс паразу частцы студэнтаў у Рудніцкім лесе, праз 4 дні студэнты ўдала адбілі напад роты Віленскага палка, але, недалёка ад Барбарышак, былі нагнаны палкоўнікам Севасцьянавым і рассеяны, страціўшы да 200 чалавек. Тым не менш вялікая частка студэнтаў далучылася да войскаў генерала Хлапоўскага.

Галоўнай бядой паўстанцаў была недасведчанасць камандзіраў і жаўнераў, слабое ўзаемадзеянне паміж сабой, што прыводзіла да няздольнасці супрацьстаяць рэгулярнай арміі. Аднак, палкоўнік расейскага генеральнага штаба Пузырэўскі адзначаў, што сярод паўстанцаў былі і дасведчаныя камандзіры. Напрыклад кіраўнік Расіенскага павета Станевіч сур’ёзна займаўся арганізацыяй сваіх войскаў і нарыхтоўкай баявых прыпасаў. А найбольшыя таленты ў партызанскай вайне праявіў правадыр тэльшынскіх інсургентаў Яцэвіч, ён першы зразумеў што паўстанскім войскам немагчыма дзейнічаць вялікімі масамі і даваць рашучыя бітвы, а варта абмежавацца малою вайною. Таму ён падзяліў свае войскі на невялікія, але самастойныя аддзелы і размясціў іх уздоўж курляндскай мяжы, так што параза аднаго з іх не магла шкодзіць іншым, а войскі і начальнікі мелі магчымасць альбо ўхіляцца ад бою альбо прымаць бой, у залежнасці ад таго ці спрыяльна складвалася сітуацыя.

Паўстанне ў Белавежскай пушчы

У Гарадзенскай губерні рэвалюцыйны рух быў слабейшы чым у Віленскай, часткова таму, што з пачаткам паўстання большая частка моладзі з’ехала ў Варшаву і ўжо прыняла ўдзел у паўстанні.

Інсургентаў на Гарадзеншчыне узначаліў Т. Краскоўскі, асабісты сакратар цывільнага губернатара, арганізатарамі былі так сама берасцейскі маршалак К. Нямцэвіч, адвакат Ю. Гацыскі, засядацель гарадзенскага суда Я. Жылінскі. Патрыёты мелі некалькі варыянтаў выступлення. Планавалася захапіць мясцовую залогу або, стварыўшы ў Белавежскай пушчы партызанскі аддзел, пашырыць яго дзеянні на ўсю губерню (Гарбачова В. Паўстанне 1830—1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі // Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў. г. п. Мір, 12 вер. 2002 г. ). Склалася так, што базай паўстання стала Белавежская пушча, дзе галоўны ляснічы інспектар, швейцарац Я. Ронка загадзя пачаў рыхтаваць усё неабходнае. Белавежская пушча мела 160 вёрст у акружнасці, да 50 вёрст у даўжыню і каля 40 у шырыню. У пушчы было 3 галоўныя населеныя пункты: у цэнтры – Белавежа, на паўночным усходзе – Рудня і на паўночным захадзе – Нараўка, яны ж з’яўляліся і вузламі шляхоў, якія вялі праз пушчу.

Капiтан Я. Жылiнскi заняўся фармаваннем паўстанцкага войска, абсталяваннем лагера, нарыхтоўкай узбраення і харчавання. Па успамінам інсургентаў, у 4 лагерах сканцэнтравалася каля 250–300 чалавек, сярод якіх знаходзіліся беластоцкія, берасцейскія, ваўкавыскія, пружанскія, лідскія паўстанцы, палкоўнік Пузырэўскі кажа пра 800 інсургентаў падзеленых на некалькі аддзелаў, значную частку паўстанцаў склалі ляснічыя.

Рускі генерал Розэн, даведаўшыся, што мясцовая шляхта, збіраецца ў сяле Крыніцы (усходняя частка пушчы), 11 траўня выслаў туды падпалкоўніка Горскага з 2-ма эскадронамі Валынскага ўланскага палка, затым даведаўшыся, што да паўстанцаў прыходзіць усё больш мясцовай шляхты і сялян, Розэн 14 траўня выслаў для ўзмацнення Горскага яшчэ падпалкоўніка Сарабію з 3-мя ротамі Мурамскага палка, 1 гарматай і 14 казакамі. Сарабія прыбыў 17 траўня ў Белавежу і знайшоў яе пакінутай жыхарамі. Адтуль ён рушыў у Каралеўскую Альтону, дзе па атрыманых звестках, знаходзіўся галоўны зборны пункт інсургентаў. Тут Сарабія захапіў лагер з запасамі зброі, аднак у гэты час рускі транспарт з 418 фурманак, які рухаўся з Берасця ў Скідаль, быў атакаваны ў лесе каля рэчкі Гвозна і знішчаны, прычым з аховы ў 53 чалавекі ўратавалася толькі 28, таму Сарабія, лічачы сваё становішча у лесе небяспечным, вырашыў адступіць на поўдзень да Дзмітравіч. Пераканаўшыся, што інсургенты мацней, чым ён меркаваў, Розэн 19 траўня адправіў генерала Ліндэна з Жытомірскім палком, паўэскадрон уланаў з 2 гарматамі, загадаўшы злучыцца з аддзламі Сарабіі і Горскага, пасля чаго ачысціць лес і аднавіць сувязь Гародні і Берасця. Пад Гайнаўкай Ліндэн нечакана сутыкнуўся з Хлапоўскім. Такім быў стан спраў на момант прыходу рэгулярных по-льскіх войскаў генералаў Гелгуда і Хлапоўскага.

Дзеянні войскаў Хлапоўскага ў Літве

Хлапоўскі прыйшоў у Літву з аддзелам у 800 чалавек: 1-шы уланскі палк (500 чалавек), 100 чалавек 1-га егерскага палка, 100 афіцэраў і унтэр-афіцэраў і 2-ве конныя гарматы. З ім былі адпраўленыя інструкцыі рэвалюцыйнага ўраду, згодна з якімі паўстанцы павінны былі пазбягаць баёў у адкрытым полі, пакуль не падыдуць новыя значныя сілы, заміж баёў неабходна было займацца арганізацыяй і навучаннем паўстанцаў для таго каб быць гатовым ўзяць пад кантроль балтыйскае ўзбярэжжа для прыёму транспартных караблёў.

Палкоўнік расейскага генеральнага штаба так характарызаваў Хлапоўскага: “Дэзыдэры Хлапоўскі, былы ад’ютант Напалеона, як сваім вайсковым дарам так і па ўласцівасцях характару цалкам быў здольны да выканання небяспечных і цяжкіх заданняў”. Пры прасоўванні сваіх войскаў Хлапоўскі распускаў чуткі, што з’яўляецца толькі авангардам вялікай арміі, якая ідзе следам. Перайшоўшы ўначы з 22 на 23 траўня мяжу Царства Польскага ён затым праз Бельск прайшоў у Белавежскую пушчу для злучэння з інсургентамі. 24 траўня у Гайнаўцы Хлапоўскі сутыкнуўся з аддзелам расейскага генерала Ліндэна (700 чалавек пры 2-х гарматах) і атрымаў перамогу. У выніку ў палон трапілі 150 вайскоўцаў, былі захоплены ўзбраенне і амуніцыя, якую паўстанцы выкарысталі ў далейшым. Расейцы адступілі да Белавежы, злучыліся там з аддзеламі Сарабіі і Горскага і адступілі да Шэршава. Хлапоўскі рушыў на Свіслач, па дарозе да яго далучылася некалькі аддзелаў інсургентаў, паўсюдна яго палымяна віталі. У Нараўцы з навакольных вёсак прыходзілі людзі і прыносілі паўстанцам харчаванне. У Масеве да фармавання Хлапоўскага далучыўся з 200 байцамі Ронка. 26 траўня пачалося фармаванне з прыбываючых ліцвінаў 25-га пяхотнага палка, які ўзначаліў С. Мацэвіч. 27 мая фармаванне Хлапоўскага ўвайшло на тэрыторыю Ваўкавыскага павета, у Мсцібаве яно налічвала болей за 4 000 чалавек. Каб увесці у зман расейцаў, ён прадэманстраваў намер рухацца да Слоніма, дзе знаходзіўся цэсарэвіч Канстанцін Паўлавіч, а потым пайшоў на Масты, дзе 30 траўня пераправіўся цераз Нёман. Затым з мэтай дэманстрацыі рушыў на Гародню, але развярнуўся і ідучы дзень і ноч каля Шчучына, праз Жалудок і Арланку, 31 траўня падышоў да Лiды. Капітан Камарніцкі, які знаходзіўся ў Лідзе з дзвюмя ротамі Віленскага рэзервовага батальёна пры двух гарматах, з набліжэннем Хлапоўскага адступіў па Віленскай дарозе, але быў затрыманы ў адкрытым полі конніцай Хлапоўскага і пасля невялікага супраціву склаў зброю. У гэты час з Жырмунаў да Ліды выступіў аддзел палкоўніка Гаферланда, які прыбыў туды напярэдадні. Хлапоўскі, знішчыўшы аддзел Камарніцкага, атакаваў Гаферланда, расейцы ўмацаваліся на краі лесу і адбілі атаку толькі што сфармаванага літоўскага батальёна. Хлапоўскі, не губляючы тэмпу павярнуў і рушыў праз Мыто на Араны.

31 траўня кур’еры аддзела заехалі ў Заполле, дзе Дамейка аказаў ім неабходную дапамогу і праз Жыбуртоўшчыну таксама накіраваўся ў Ліду (Domeyko I. Pamiętniki. Krakуw, 1908.). Пасля паўстання, “адстаўны капітан-інжынер” Тэадор Нарбут абвінавачваўся расійскімі ўладамі ў тым, што падчас побыту Хлапоўскага ў Лідскім павеце напісаў “пасквіль супраць Расеі”. Вядома гэтак жа, што пазней, перад планаваным штурмам горада Нарбут чарціў планы Вільні для генерала Гелгуда, таксама засталіся ўспаміны паўстанцаў, што адстаўны капітан Нарбут арганізаваў ліццё гармат у Варнях (Rabinowiczowna Sara. Wilno w powstaniu roku 1830/31. Wilno. 1932.).

З усей Літвы на злучэнне з Хлапоўскім спяшаліся аддзелы паўстанцаў: з Ізабелінскага лесу прыйшоў аддзел у 40 чалавек, з-пад Слоніма аддзел графа А. Солтана і памешчыка Мікульскага, да фармавання Хлапоўскага пачала далучацца дробная шляхта. У гэты ж час І. Дамейка быў прызначаны ад’ютантам 25-га пяхотнага палка, у размове з Хлапоўскім ён тлумачыў генералу, што не ведае вайсковай службы, аднак польскі генерал, высока ацэньваючы навуковыя здольнасці і шляхетны характар апошняга, загадаў: “Павінен навучыцца, бо толькі салдатаў павінен тут мець” (Гарбачова В. Паўстанне 1830—1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі // Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў. г. п. Мір, 12 вер. 2002 г. ).

Між тым Храпавіцкі, не маючы дакладнай інфармацыі аб сілах Хлапоўскага, прымаў меры абароны Вільні, ён быў гатовы пакінуць горад з ненадзейным насельніцтвам і абараняцца ў гарадскім арсенале акружаным валам. Былі пасланыя загады генералу Суліме прыбыць з Вількаміра ў Вільню, а Атрошчанку з Ашмянаў адыйсці ў Салешнікі і сабраўшы там расейскія аддзелы ўтрымліваць горад. Неўзабаве было атрымана данясенне Гаферланда, пра сапраўдны лік паўстанцаў, таму Атрошчанку было загадана знайсці і разбіць Хлапоўскага. Атрошчанка сабраў больш за 1 000 чалавек пяхоты, эскадрон уланаў, 400 казакоў і 9 гармат і рушыў праз Яшуны на Ганушышкі, але польскі генерал рухаўся хутчэй і перахапіць яго не ўдалося. Ліцвіны, падбадзёраныя прыходам войскаў Хлапоўскага зноў паўсталі і Хлапоўскі рухаўся да Кітавішак для сустрэчы з аддзелам Агінскага. 7 чэрвеня каля Кітавішак Агінскі далучыў да аддзела Хлапоўскага 1000 інсургентаў і аддзел віленскіх студэнтаў, які налічваў да 350 чалавек. Неўзабаве ў аддзеле Хлапоўскага было ўжо 5 000 чалавек, што дало яму магчымасць сфармаваць 2 пяхотныя і 4 кавалерыйскія палкі і артылерыйскую батарэю з 5 гармат. Мясцовае насельніцтва забяспечвала паўстанцаў ўсім неабходным і дастаўляла выведвальную інфармацыю. Хлапоўскі прыводзіў свае войскі ў парадак у Жыжморах, адкуль пагражаў, як Вільні, так і Коўні. Аднак ён планаваў абыйсці Вільню і рушыць праз Менск на Мазыр, да балот Прыпяці, дзе паўстанне ўжо было падрыхтавана. У гэты час ён даведаўся аб прыбыцці атрада Гелгуда.

Генерал Гелгуд быў прызначаны камандзірам і над Хлапоўскім. Хлапоўскі прапаноўваў Гелгуду хутка рухацца да Вільні, каб злучанымі сіламі авалодаць старажытнай сталіцай Літвы. Аднак Гелгуд пераправіўся цераз Нёман далёка ад Вільні (каля Гелгуцішак) і запатрабаваў каб Хлапоўскі са сваімі войскамі ішоў да яго.

Паход Гелгуда

27 траўня, на другі дзень пасля бітвы пад Астраленкай, генерал А. Гелгуд рухаўся на злучэнне з галоўнымі сіламі польскай арміі, калі Дэмбінскі прыбыў да яго з кавалерыйскім эскадронам і перадаў славесныя інструкцыі аб далейшых дзеяннях. Гелгуд, на думку сучаснікаў не самы лепшы генерал польскай арміі, такім чынам стаў на чале важнай экспедыцыі ў Літву. Польскія войскі пад ягоным кіраўніцтвам рушылі спачатку ў Аўгустоўскае ваяводства, 29 мая яны дасягнулі Граева, дзе Дэмбінскі сустрэў свой аддзел і зноў узначаліў яго. Аддзелы Гелгуда і Дэмбінскага дасягалі колькасці 12 000 чалавек пры 26 гарматах. Па даозе, недалёка ад Граева, польскія войскі разграмілі аддзел расейскага генерала Сакена, (расейцы страцілі 1 500 чалавек). Далей, праз Аўгустоў, польская армія рушыла на Марыямпаль дзе было прынята рашэнне перапраўляцца цераз Нёман каля Гелдуцішак (7 вёрст вышэй па плыні ад Юрбурга), пры гэтым спадзяваліся дапамагчы паўстанню ў Жамойціі і сустрэць у Паланзе англійскі карабель са зброяй. Гелгуцішкі былі радзінным местам генерала Гелгуда і ён хацеў праславіць гэтай пераправай сваіх продкаў. Для дэманстрацыі быў высланы да Коўні авангард Дэмбінскага, які павінен быў замаскаваць рух на Гелгуцішкі. 4 чэрвеня Дэмбінскі прыбыў у Алексоцін, насупраць Коўні і пачаў абстрэльваць горад з супрацьлеглага берага, аднак пераправіцца на другі бераг і ўзяць горад не адважыўся, таму што хадзілі чуткі пра набліжэнне вялікай масы рускіх войскаў. 7 чэрвеня войскі Гелгуда з далучыўшымся авангардам Дэмбінскага, ужо былі на правым беразе Нёмана. 10 чэрвеня адбылося аб’яднанне войскаў Гелгуда і Хлапоўскага. Асноўныя сілы аддзела Хлапоўскага маршам праз Кейданы пайшлі да Рыконтаў і пачалі рыхтавацца да наступлення на Вільню, у той час як два уланскія і 25-ы пяхотны палкі ў адпаведнасці з загадам Гелгуда былі накіраваны да Коўні.

10–11 чэрвеня ў Зеймах было абвешчана пра заснаванне так званага Часовага паўстанцкага ўраду для беларуска-літоўскіх зямель. Узначаліў урад генерал граф Т. Тышкевiч. Паўнамоцтвы новага ўраду распаўсюджваліся толькі на землі Віленскай губерні, у тым ліку і на Браслаўскі, Свянцянскі і Ашмянскі паветы. Адным з першых крокаў Цэнтральнага паўстанцкага ўраду стала распрацоўка 11 чэрвеня 1831 г. прынцыпаў фармавання “паспалiтага рушэння” і фармаванне апалчэння.

Рух войскаў Гелгуда на Вільню выклікаў энтузіязм жыхароў горада. Святары ў поўным уборы дабраслаўлялі войскі, насельніцтва абсыпала іх шлях кветкамі. Узяцце старажытнай сталіцы мела б каласальнае маральнае значэнне для развіцця паўстання, сталіца мела і велізарнае ваеннае значэнне – ў ёй былі вялікія арсеналы са зброяй, запасамі вайсковай маёмасці і 200 гармат. Аднак канцэнтрацыя паўстанцаў каля Вільні ішла павольна, і рускія паспелі сцягнуць да сталіцы амаль усе свае войскі з Літвы.


У чаканні інсургентаў, войскі пад камандаваннем Сакена размясціліся на Панарскіх гарах пад Вільняй. Толькі 19 чэрвеня Гелгулд падышоў да Вільні, і пачалася бітва, якая працягвалася каля 8-мі гадзін і скончылася паразай войскаў паўстанцаў. З 21 чэрвеня да Вільні пачала падыходзіць рэзервовая армія графа Талстога (44 000 чалавек) і магчымасці паўтарыць штурм больш не было (Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна. 1896.).

Войскі на чале з Гелгудам пачалі рухацца ў кірунку Жамойціі, разам з імі былі і сябры Часовага Літоўскага ўраду. Аддзел Хлапоўскага атрымаў загад галоўнакамандуючага накіравацца ў Коўню і аб’яднацца з аддзеламі, якія прыбылі туды раней. 21 Войцах Коссак. Улан супраць казака. чэрвеня Хлапоўскі быў на месцы, аднак 22 чэрвеня быў атрыманы новы загад, паводле якога ў Коўне неабходна было пакінуць 25-ы пяхотны полк Мацэвіча, а асноўным сілам адыйсці на Кейданы. Гэты аддзел (у яго складзе знаходзіўся Дамейка), планавалася выкарыстаць для прыкрыцця адступаючай арміі. Пасля Кейдан паўстанцы пачалі адыходзіць да Шаўлёў дзе стаяў аддзел генерала Крукава ў (2 500 чалавек). Выбіць расейцаў з горада не атрымалася і прыйшлося адступіць да Куршанаў. У Куршанах ад паўстанцаў засталося не болей за 11000 чалавек. Тут была склікана ваенная рада. Пасля доўгіх спрэчак, вырашылі падзяліць войска на 3 аддзелы: Дэмбінскага, Роланда і Хлапоўскага. Гелгулд быў адхілены ад камандавання і далучыўся да аддзела Хлапоўскага. Сярод паўстанцаў павялічвалася нервовасць, і польскі афіцэр Скульскі стрэлам ва ўпор забіў генерала Гелгулда. Рускія войскі працягвалі ціснуць з усіх бакоў, і аддзелы паўстанцаў Роланда і Хлапоўскага перайшлі ля Палангі прускую мяжу склаўшы зброю. 13 ліпеня ў складзе 25-га пяхотнага палка ў Прусіі апынуўся і Дамейка.

Аддзел Дэмбінскага здолеў вырвацца. На сваім шляху ён разграміў некалькі рускіх атрадаў, пераправіўся цераз Нёман ля Збойска (каля Іўя) і 22 ліпеня прыбыў у Варшаву. Па дарозе да Дэмбінскага далучыліся некалькі соцен паўстанцаў з Наваградчыны. Пры ўступленні ў горад аддзел меў самы стракаты выгляд: паўстанцы былі апранутыя ў польскія і рускія мундзіры, у студэнцкія сурдуты і сялянскую вопратку, былі абарваныя і босыя, але шмат хто ўзброены дарагой зброяй. Кавалерысты сядзелі на вялікіх і маленькіх конях: жамойцкіх, рускіх, казацкіх з рознымі сёдламі. Сагнутая і ржавая зброя, худыя і змучаныя коні, падраная збруя – усё паказвала на тыя цяжкасці, якія перанесла армія, сярод якой можна было сустрэць жанчын і дзяцей.

Апошнім уздымам паўстання было ўзброенае выступленне Мазырскага, Рэчыцкага і Пінскага паветаў у чэрвені і ліпені. На усходзе, у Віцебскай і Магілёўскай губернях паўстанне мела форму непрацяглых хваляванняў шляхты. На пачатку жніўня паўстанне закончылася, і ўвосень па лясах хаваліся ужо толькі рэшкі разбітых паўстанцаў (Латышонак А., Мірановіч Я. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку XXI ст. Вільня. 2010.).

Так скончылася паўстанне на Літве.

Паўстанне на Валыні таксама пацярпела паразу.

Заканчэнне паўстання

Між тым, галоўная руская армія, пасля бітвы пад Астраленкай адступіла да Пулстуска і ў канцы траўня (праз два тыдні) была папоўнена. Вайна зацягвалася, а руская армія так і не магла дасягнуць вырашальнага выніку. У Расеі распаўсюджваліся самыя нявыгадныя чуткі пра фельдмаршала, яго нават абвінавачвалі у здрадзе.

Фельдмаршал Дыбіч вырашыў у чэрвені прыступіць да аблогі Варшавы, але 29 траўня ён памёр ад халеры. Пасля смерці Дыбіча, рускую армію ўзначаліў начальнік штаба Дыбіча генерал Толь. Але хутка на змену Толю (25 чэрвеня) прыехаў Паскевіч–Эрыванскі які раней добра зарэкамендаваў сябе ў вайне з туркамі. Па прыбыцці ў Пулстуск ён загадаў сцягнуць да горада максімальную колькасць войскаў і потым рушыў на Варшаву. 5 ліпеня руская армія чатырма калонамі выступіла да Варшавы. З-за дажджоў і бездаражы шлях да польскай сталіцы заняў больш за месяц.

Польскі камандуючы Скрыжынецкі не супрацьдзейнічаў прасоўванню рускіх войскаў да Варшавы, таму яго бяздзейнасць выклікала незадаволенасць. Скрыжынецкі вымушаны быў пайсці ў адстаўку, і на яго месца быў прызначаны генерал Дэмбінскі, які толькі што прывёў свой аддзел з Літвы. У гэты час збунтаваліся нізы Варшавы, у выніку рэвалюцыйных пературбацый дыктатарам Варшавы стаў генерал Крукавецкі. Ён зняў з пасады Дэмбінскага і ўвязніў яго ў турму, а Адама Чартарыйскага і Лелявеля прысудзіў да шыбеніцы, і ім абодвум прыйшлося ратавацца ўцёкамі за мяжу. Новы дыктатар прызначыў камандуючага войскамі свайго сябра генерала Малахоўскага.

Між тым рускія войскі (60 000 чалавек і 200 гармат) набліжаліся да Варшавы. Каб не дапусціць іх пераправы на левы бераг Віслы, Малахоўскі адправіў супраць рускіх войска ў 20 000 чалавек пад камандаваннем генерала Рамарына. Супраць Рамарына Паскевіч высунуў войскі двух рускіх генералаў: Красоўскага і Розэна. У серыі сутычак рускія войскі прыціснулі аддзел Рамарына да аўстрыйскай мяжы. Польская армія ў 14 000 чалавек з 42 гарматамі перайшла мяжу і была інтэрнавана.

Напрыканцы жніўня – у пачатку верасня Паскевіч аблажыў Варшаву. Пасля чатырох дзён блакады ён склікаў ваенную раду, на якой вырашылі штурмаваць горад. У гэты час быў атрыманы зварот цара з патрабаваннем да паўстанцаў скласці зброю і змірыцца. Зварот быў перададзена палякам з прапановай пачаць перамовы. Для перамоваў з Варшавы прыехаў генерал Прандзінскі якому і было ўручана пасланне цара. На наступны дзень расейцам перадалі ліст ад дыктатара Крукавецкага, якое заканчвалася словамі: «Палякі ўзнялі зброю за незалежнасць Айчыны ў тых межах, якія спрадвеку аддзялялі яе ад Расеі, народны ўрад чакае адказу ў якой меры Яго Імператарская Вялікасць можа выканаць гэтае жаданне». Паскевіч загадаў рыхтавацца да штурму.

У 5 гадзін 6 верасня рускія войскі, калонамі, пад гукі музыкі, маючы наперадзе 92 гарматы рушылі на штурм. Даўжэй за ўсіх супраціўлялася Воля, камандзір якой, генерал Савінскі, на прапанову здацца адказаў: «Адно з вашых ядраў адарвала мне нагу пад Барадзіным, і я зараз не магу зрабіць ні кроку назад», ён быў забіты пры штурме. Паскевіч зладзіў сваю стаўку ў Волі, на працягу ночы з 6 на 7 верасня расейцы бамбардавалі другую лінію; польская артылерыя адказвала слаба, за недахопам зарадаў. Раніцай 7 верасня Паскевіч аднавіў штурм. Але па просьбе польскага боку да 3 гадзін дня было абвешчана перамір’е. Паколькі пасля заканчэнне гэтага тэрміну паўстанцы не здаліся, штурм быў адноўлены. Падчас бою Паскевіч быў кантужаны і рускую армію ўзначаліў генерал Толь. Да вечара амаль усе ўмацаванні Варшавы былі ўзятыя. На наступны дзень паміж бакамі была складзена ўмова, паводле якой Варшава здаецца непрыяцелю, а польскія войскі адыходзяць да Плоцка і чакаюць далейшых рашэнняў.

Апоўдні 8 верасня рускія войскі ўвайшлі ў Варшаву.

Польскай ўрад пераехаў ў Закрочын, і пачаў пасяджэння пад кіраўніцтвам Немаеўскага. На гэтым пасяджэнні быў дэзавуяваны акт аб падначаленні рускім, галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал Рыбінскі. Ён сабраў разрозненыя аддзелы ў адно войска ў 30 000 чалавек спрабаваў аднавіць ваенныя дзеянні, але сур’ёзна ваяваць польская армія ўжо не магла. Таму на пачатку кастрычніка, пад ціскам расейцаў, апошнія польскія войскі перайшлі прускую мяжу і былі інтэрнаваны.

26 лютага 1832 г.  з’явіўся «арганічны статут», паводле якога Польскае Царства аб’яўлялася часткай Расеі, скасоўваўся сойм, і заміж сойма засноўваўся дзяржаўны савет, члены якога прызначаліся самім імператарам, скасоўвадася польскае войска. Старое адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы было заменена дзяленнем на губерні. Намеснікам Царства Польскага быў прызначаны граф Паскевіч, які атрымаў тытул князя Варшаўскага. Фактычна гэта азначала прыняцце курсу на ператварэнне Царства Польскага ў рускую правінцыю – на польскую тэрыторыю распаўсюджваліся расейская манетная сістэма і сістэма мер і вагаў.

На тэрыторыі гістарычнай Літвы быў ліквідаваны Віленскі ўніверсітэт. Было вырашана, каб ва ўсіх навучальных установах кіраўнікамі былі толькі расейцы, павялічана колькасць гадзін вывучэння рускай мовы, а выкладчык рускай мовы заміж малодшага выкладчыка стаў старэйшым, гісторыя і статыстыка сталі выкладацца на рускай мове. Віленская навучальная акруга была паменшана, вялікая яе частка адышла да Кіеўскай і Беларускай навучальных акругаў. Была ліквідавана ўніяцкая царква.

Для паслаблення ўплыву каталіцкага духавенства, рускі ўрад пастанавіў:

• Каб ад змешаных шлюбаў каталікоў і праваслаўных (былых уніятаў) дзеці былі праваслаўныя.

• Кандыдаты на епіскапскія пасады выбіраліся ўрадам.

• Каталіцкія духоўныя асобы без згоды свецкай улады “не мелі права кроку зрабіць з свайго месцазнаходжання”.

Рымскія папы, спачатку Рыгор XIV а потым Пій IX дасылалі свае пратэсты, але ў Расеі не звярнулі на іх ні якай увагі і, «як непатрэбны дакумент здалі ў архіў».

У 1840 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі было скасавана дзеянне Статута 1588 г.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX