Вярнуцца: Ад Лiдскiх муроў

Ад Лідскіх муроў 8


Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ліда, 2015.

Спампаваць




Літаратурна-мастацкі зборнік
2012 - 2015 гг.

№ 8

г. Ліда
2015


Ад лідскіх муроў. Літаратурна - мастацкі зборнік № 8 за 2012-2015 гг. На беларускай мове. Ліда. 2015. 440 с.

Укладальнікі: Станіслаў Суднік, Алесь Хітрун.

Галоўны рэдактар: Станіслаў Суднік.

Рэдактар раздзела паэзіі: Алесь Мацулевіч.

Рэдактар раздзела прозы: Алесь Хітрун.

У зборнік уключаны выняткі з творчага даробку лідскіх літаратараў за 2012-2015 гг. У зборнік трапілі матэрыялы, якія былі апублікаваны ў гэтыя гады або падрыхтаваны да друку. У зборнік увайшлі і іншыя матэрыялы, датычныя літаратурнага жыцця Лідчыны.

На першай старонцы вокладкі - Бюст Янкі Купалы. Аўтар Яўген Лукашэвіч, г. Бярозаўка, 2015 г. Месца ўстаноўкі - Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, фае чытальнай залы.

Людзі на Узвышшы

Назвай уступнага артыкула ў гэты зборнік узята назва верша Ірыны Багдановіч, які пачынаецца наступнымі радкамі:

Кажуць хлусы: беларусы -

Людзі на балоце,

І балота іх калыска

Ў радасці й самоце.

Але мы тут скажам з верай

Хлусакам увішным:

Беларусы - гэта ўперад

Людзі на Узвышшы!..

Цяжкавата сказаць, як там справа выглядае з усімі беларусамі, але аўтары твораў, змешчаных у чарговым нумары альманаха "Ад лідскіх муроў" сапраўды - на Узвышшы, на Узвышшы творчым. Некаторыя нават ужо стаяць і на подступах да Парнаса, а то і на саму гару заглядваюць.

У зборніку сабраны творы каля 40 аўтараў і перакладчыкаў, напісаныя, надрукаваныя, перакладзеныя ў перыяд 2012-2015 гадоў. Ёсць імёны, якія сустракаліся ў папярэдніх зборніках альманаха, ёсць дэбютанты, але, што праўда, адсутнічаюць многія аўтары, асабліва маладыя, якія друкаваліся ў мінулыя гады, а цяпер нідзе не праяўляюцца. Магчыма яны і працягваюць пісаць, але сувязь з літаратурнай Лідчынай у пэўны час згубілі, будзем спадзявацца, што не назаўсёды.

Затое ўпершыню далі свае творы ў альманах такія знаныя майстры пяра як Віктар Праўдзін і Валер Санько. Упершыню друку-юцца пераклады вершаў Антонія Гарэцкага і генеральнага сакратара Саюза пісьменнікаў народнай Польшчы Ежы Путраманта. Упершыню з'явіўся раздзел "Мемуары".

Вялікі перапынак паміж выхадамі 7-га і 8-га зборнікаў стварыў сітуацыю, што сабралася значная колькасць паэтычных і празаічных твораў. Таму ў 8-мы зборнік не ўключаны раздзелы "Крытыка" і "Жыццяпісы", якія меліся быць. Адсутнічае раздзел "Музыка", памёр кампазітар Вячаслаў Пыпець, а больш ніхто з музычных творцаў на супрацоўніцтва з альманахам не выйшаў.

Тым не менш 8-мы зборнік, калі і не паказвае цэльнай карціны лідскага літаратурнага жыцця, то падае даволі грунтоўны зрэз яго на сучасным этапе. Фактычна, хто ёсць у лідскім літаратурным працэсе, той ёсць і ў альманаху. Хто недзе побач, той побач.

Станіслаў Суднік.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX