Вярнуцца: 2012

№ 12 (1059)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 12 (1059) 21 сакавіка 2012 г.

25 сакавіка - Дзень Волі

НА 25 САКАВІКА

Світае дзень,

Адходзіць проч

Панура, цёмна, страшна ноч.

Знікае цень.

Устаў народ,

Ідзе, спяшаючы, на сход.


Куды, куды

Спяшыць, ідзе

Ў магутнай, дружнай грамадзе?

Ідзе туды,

Дзе сэрца б'е,

Дзе наша воля, доля дзе.


Заселі ўсе.

Тут кожны рад -

Адзін народ, друг другу брат;

Усе свае,

Свая тут браць:


Прыйшлі Айчыну будаваць.

Хоць льецца пот,

Фундамент ёсць -

Душа народна, кроў і косць!

Жыве народ,

Не есць, не спіць:

Работа йдзе, гарыць, кіпіць...


План ясны тут:

Дом родны свой

Будуй, старайся, ды не стой!

Свой родны кут,

Наш родны пляц

Мілейшы, чым чужы палац.


Ды, Божа ж мой!

Сусед пазнаў:

Нам волю адабраць жадаў.

З душой крывой

З крыніцы піў -

Ваду нам чысту замуціў.


Ваду змуціў,

А ў той вадзе

Расставіў сетачкі свае:

Народ зблудзіў,

Аслеп, змадзеў,

Сябе забыў і абгалеў...


Світае дзень,

Гарыць зара:

Ўставаць даўно, даўно пара!

Бо знікнуў цень:

Усе ўстаюць

I волю-долю б'юць-куюць.


Устань, устань!

Скарэй, скарэй!!

Раўнуйся да другіх людзей.

На сонца глянь,

Крылом удар -

Пазнай свабоды, волі цар!

Вінцук Адважны. 1932


Выйшлі "Правілы дарожнага руху" па-беларуску

У выдавецтве «Радыёла-плюс» выйшаў асобнай кніжачкай беларускі пераклад "Правілаў дарожнага руху".

Ініцыятарам перакладу было Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. «Наш пераклад аналізавалі ў Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі Навук, - кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў.

- Мы перадавалі тэкст у ДАІ і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і нам дазволілі надрукаваць яго кнігай.

У Адміністрацыі нават грамату выдалі.

Цяпер мы падарым Макею адзін асобнік і будзем працаць над стварэннем адмысловага указу кіраўніка дзяржавы, які б мог зрабіць беларускую версію правілаў афіцыйнай.

- Справа ў тым, тлумачыць А. Трусаў, што расейскамоўныя Правілы дарожнага руху зацвярджаліся спецыяльным указам Лукашэнкі. Адпаведна, для зацвярджэння беларускамоўных таксама трэба падрыхтаваць праект такога ўказу.

- Але ці можна ўжо зараз здаваць на правы па-беларуску?

- Безумоўна можна, - лічыць кіраўнік ТБМ. - Грунтуючыся на Законе аб мовах, мы маем такое права. Людзі і раней здавалі па-беларуску, не маючы тэксту ПДР, і ніхто ім нічога не мог зрабіць.

Цяпер ТБМ распрацоўвае дадатковыя матэрыялы для беларускамоўных кіроўцаў.

- Неўзабаве мы выпусцім на дысках экзаменацыйныя білеты, адказы на іх і ўсё астатняе - яшчэ на 300 старонак матэрыялаў, якія дазволяць цалкам падрыхтавацца да экзаменаў у ДАІ, - кажа Алег Трусаў.

Наш кар.


Шаноўныя сябры і прыхільнікі жывога беларускага слова!

ТБМ пры падтрымцы кампаніі "Будзьма!" працягвае правядзенне 5-ай Агульнанацыянальнай дыктоўкі і паведамляе, што апошні этапы яе напісання адбудзецца 23 сакавіка ў 19.30 (этап, прысвечаны ўгодкам БНР).

Запрашаем усіх далучыцца да такой значнай і цікавай падзеі, наведаўшы сядзібу ТБМ у вышэйназваны час (Румянцава, 13).


60 гадоў з дня нараджэння Алеся Емяльянава

Емяльянаў Алесь (20.03.1952 - 6.10.2005) нарадзіўся у вёсцы Забалацце Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1969-1971). У 1971-1973 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў электрыкам у Менску, а ў 1977 г. перайшоў на журналісцкую працу (газеты «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі»). Скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). У 1983-1986 гг. - рэдактар на Беларускім тэлебачанні. З 1986 г. - літкансультант СП БССР. Сябар СП СССР з 1986 г.

Першы верш апублікаваў у 1968 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар кніжак вершаў і паэм «Ранак поўніцца жыццём» (1977), «Нязжатае поле» (1982), «На падкове дарог» (1987).

У кнізе ўспамінаў "Доўгая дарога дадому" Васіль Быкаў прыгадвае, што Емяльянаў "працаваў кансультантам у СП і набыў вядомасць тым, што прызнаўся, як яго вербаваў КДБ, ды ён не пагадзіўся. Пісьменніцкая грамадскасць падвергла яго астракізму, хоць было невядома, за што: за тое, што яго вербавалі, ці за тое, што ён прызнаўся" .

Але вядомасць прыйшла да Емяльянава раней - увосень 1988 года, калі ён увайшоў у склад Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту.

30 кастрычніка 1988 году былі разагнаныя "Дзяды" - Зянон Пазьняк павёў людзей ад Усходніх могілак у Курапаты, і Ўладзімір Арлоў зачытаў адозву Аргкамітэту БНФ. Слухалі яе некалькі сотняў чалавек.

А 6 лістапада ў "Звяздзе" і іншых партыйных газетах з'явіўся невялікі артыкул карэспандэнта БелТА "Прыйшла ў рэдакцыю лістоўка" - пра ўлётку з заклікам "ствараць групы падтрымкі Народнага Фронту Беларусі па месцах працы ды жыхарства. Рэгістрацыя на адрасе: Менск, вуліца Фрунзе, 5, Саюз пісьменнікаў БССР".

Журналіст звярнуўся па каментар да Старшыні праўлення СП Максіма Танка: "Упершыню чую", - быў адказ народнага паэта. Сакратар праўлення СП Валеры Скварцоў запэўніў, што "Дом літаратара не з'яўляецца штаб-кватэрай аргкамітэту Народнага Фронту па той прычыне, што пісьменніцкі партыйны сход адхіліў пункт у рэзалюцыі ў падтрымку Народнага Фронту".

Аднак літкансультант Саюза пісьменнікаў Алесь Емяльянаў сказаў: "У лістоўцы ўсё правільна напісана... Можаце пацвердзіць чытачам: я з поўнай адказнасцю ад імя аргкамітэту пацвярджаю, што адрас на сённяшні дзень дакладны. Чаму на сённяшні дзень? Вы самі выдатна разумееце, што ў любы момант нас могуць адсюль папрасіць." І людзі паехалі...

Заява Сакратарыята ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

13 сакавіка ў беларускіх СМІ была апублікаваная запіска для службовага карыстання на імя старшыні Брэсцкага аблвыканкама К.А. Сумара, у якой "во исполнение поручений Главы государства, данных 24 февраля 2012 г. в ходе совещания по итогам проведения финала Национального телевизионного музыкального проекта "Еврофест"" ад імя першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.М. Радзькова патрабавалася: "принять конкретные меры по недопущению проведения руководителями государственных органов, иных организаций политики принудительной белорусификации и искусственного сокращения использования русского языка в их деятельности".

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" выказвае абурэнне такой пазіцыяй уладаў адносна беларускай мовы.

Пра якую "прымусовую беларусіфікацыю" можа весціся гаворка, калі паводле апошніх статыстычных дадзеных сітуацыя з беларускай мовай у краіне катастрафічная? Так, у параўнанні з 1999 годам колькасць беларусаў, якія карыстаюцца роднай мовай скарацілася з 36,70 % (ад агульнай колькасці насельніцтва) да 23, 43% у 2009 г. За апошнія 15 гадоў колькасць школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, скарацілася з 40,6% да 19 %. Да гэтага часу ў Рэспубліцы Беларусь няма нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання…

Сакратарыят ГА "СБП" рашуча выказваецца супраць ганьбавання і дыскрымінацыі беларускай мовы высокапастаўленымі дзяржаўнымі чыноўнікамі і заклікае іх няўхільна выконваць палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паводле якой беларускай мове гарантаваны дзяржаўны статус.

15 сакавіка 2012 г.

Прэсавая служба СБП


20 гадоў таму назад выйшла ў свет першая паштовая марка незалежнай Беларусі

20 гадоў таму выйшла ў свет першая паштовая марка незалежнай Беларусі. Пра гэта паведаміў вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

Паводле яго слоў, БССР, як заснавальніца ААН, фармальна мела права выпускаць свае паштовыя маркі яшчэ пад час знаходжання ў складзе СССР. Але савецкае кіраўніцтва рабіла ўсё мажлівае, каб БССР, як і УССР, не выпускалі сваіх знакаў паштовай аплаты, сказаў Трусаў. Паводле яго слоў, замест гэтага ўсе саюзныя рэспублікі мелі права прадстаўляць свае нацыянальныя сюжэты на савецкіх паштовых марках, пры гэтым у афармленні гэтых філатэлістычных мініяцюр разам з рускай выкарыстоўвалася і адпаведная нацыянальная мова. Ен адзначыў, што такім чынам выйшла каля 30 савецкіх знакаў паштовай аплаты з беларускімі тэмамі і беларускай мовай.

- І вось у 1990 годзе, калі я стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XII склікання, у айчыннай прасе паднялася хваля патрабаванняў выпускаць беларускія паштовыя маркі згодна з правам, якое мела БССР ў складзе СССР, як краіна - заснавальніца ААН. І я па гэтым пытанні не раз выступаў з парламенцкай трыбуны. Але прэм'ер-міністр краіны Вячаслаў Кебіч быў катэгарычна супраць гэтага, матывуючы сваю пазіцыю, між іншым, і тым, што ў краіне няма адпаведнага спецыяльнага абсталявання. Аднак трэба заўважыць, што як толькі літоўцы аб'явілі аб выхадзе з Савецкага Саюза, яны адразу яшчэ ў сакавіку 1990 года пачалі выпускаць свае паштовыя маркі на кепскай друкарскай паперы і прадаваць іх у сваім парламенце. І хаця ніхто ў свеце гэтыя знакі паштовай аплаты не прызнаваў, літоўцы клеілі іх на канверты побач з савецкімі маркамі і такім чынам распаўсюджавалі па ўсім свеце, як візітоўку сваёй будучай незалежнай краіны, - сказаў Трусаў.

Як толькі Беларусь стала незалежнай, ён зноўку пайшоў да Кебіча.

-- І ён нарэшце даў загад міністру сувязі выйсці на Маскву і пачаць друкаваць беларускія паштовыя маркі. Тым больш, што яшчэ на прыканцы 1991 года Расія пачала выпускаць свае знакі паштовай аплаты з нацыянальнай сімволікай і выявамі першых герояў Расіі, - адзначыў Трусаў.

На пачатку 1992 года ў парламенцкую камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, намеснікам старшыні якой быў Трусаў, былі прадстаўлены ўзоры першай паштовай маркі незалежнай Беларусі. Гэта была мініяцюра наміналам 20 капеек, прысвечаная народнаму артысту СССР Рыгору Шырме.

- Я звярнуў увагу на тое, што ўсе нармальныя краіны на сваіх марках назву валюты стараюцца не пазначаць, а указваюць толькі намінал. Разам з тым, ва ўмовах інфляцыі гэтыя маркі наміналам у 20 капеек адразу прыдзецца выкідаць ў сметніцу. Акрамя таго, нельга пачаць выпуск айчынных паштовых марак з выпадковага сюжэта, няглядзечы на ўсю маю павагу да постаці Шырмы. А паколькі другой паштовай маркай незалежнай Беларусі павінна была стаць мініяцюра з крыжом Еўфрасінні Полацкай, я звярнуўся да ўладыкі Філарэта і Кебіча з прапановай, каб менавіта гэтая паштовая марка стала першым айчынным знакам паштовай аплаты. І 20 сакавіка 1992 года ў серыі "Старажытнае мастацтва Беларусі" выйшла марка наміналам ў адзін рубель з выявай сімвала Беларусі - крыжа Еўфрасінні Полацкай і нацыянальнай чырвона-белай каларыстыкай. Сюжэт гэтай маркі, створанай па эскізу расійскага мастака Германа Комлева і надрукаванай накладам два мільёны экзэмпляраў, потым неаднаразова паўтараўся на іншых айчынных знаках паштовай аплаты, у тым ліку, на марцы і на першым беларускім паштовым блоку, прысвечаных 1000-годдзю Беларускай праваслаўнай царквы. Апошні раз гэты сюжэт быў увасоблены на блоку, які выйшаў летась і быў прысвечаны 850-годдзю стварэння крыжа Еўфрасінні Полацкай, - паведаміў Трусаў.

Паводле яго слоў, 21 сакавіка ў 17.30 ў сталічнай сядзібе РГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" адбудзецца вечарына па тэме "Маркі незалежнай Беларусі. 20 год з выхаду першай беларускай паштовай маркі".

Марат Гаравы.


З ВЕРАЙ У ПРЫШЛАСЦЬ

(Віншавальнае слова да сябра ТБМ)

Сёлета 21 сакавіка сваю 62-ую вясну сустракае журналіст з Салігорска Мікалай Васільевіч Малышчыц, сябар ТБМ, з якім мяне звязваюць блізкія па духу стасункі яшчэ з часу "развітога сацыялізму", які нам наканоўваў шчаслівае жыццё і якога, на вялікі жаль, мы так і не дачакаліся. Але час ішоў. Змяніліся абставіны адшукваць спагаду "сіняй птушкі". Тым не менш нашыя сяброўскія адносіны не памерклі, хоць кожнаму з нас лёс падрыхтаваў нямала сюрпрызаў. Асабліва цяжкае адчуванне змены пагоды часу закранула Мікалая Васільевіча - ён аказаўся інвалідам 1-й групы: яму ампутавалі нагу - стаў маларухомым. Аднак ён не страціў веры ў прышласць нацыі...

Неяк наведваючы яго, мне ў рукі патрапіла кніга "Географія Беларусі" Аркадзя Смоліча - народнага сакратара асветы БНР, пра якую я напісаў баладу. Менавіта з лёгкай рукі журналіста і нарадзіўся ў мяне яе сюжэт, пра што ён распавёў у сваёй нататцы "I анёлы прынясуць яму (г.зн. мне) паэму", апублікаванай у №51 "Нашага слова" за 2011 год.

Я вельмі ўдзячны нашаму знаёмству з Мікалаем Васільевічам, якое доўжыцца вось ужо каля 40 гадоў, і ў знак чаго я прысвяціў яму свой верш "Пяро журналіста".

ПЯРО ЖУРНАЛІСТА

Пад веснавое раўнадзенства

Анёл надаў Міколе крыл.

I стаў наш праведнік з маленства

Пяром народу несці быль.


Яна выносіцца, бясспрэчна,

Са спратаў памяці жывой:

Яе матыў-заўжды сардэчны,

Калі вядзе парадак свой.


Каб нашу сутнасць мы не збылі

I, каб не нарабіць бяды,

Народу несці трэба былі

Ды не на час, а назаўжды.


Хай нам пяро тваё, заступнік,

Паслужыць шмат яшчэ гадоў,

Каб вызначаўся дзень наступны

Пазнаннем дзейнасці дзядоў.


Дык нагружай стыло, Мікола! -

Яго так просіцца пара:

Хай не хаваюцца ў падпольлі

Нататкі слушнага пяра!

Вельмі кранае маю душу яго любоў да роднай мовы, якую ён нясе яшчэ са школьнай пары пяром журналіста. Каб сутнасць долі не пазбыў народ і каб не нарабіў бяды, ён мову продка паклаў у аснову свайго стыла, бо вера ў прышласць нацыі яго крэдам застаецца назаўжды.

Ад шчырага сэрца сяброў ТБМ і ад сябе асабіста віншую Мікалая Васільевіча з днём яго нараджэння і зычу у першую чаргу здароўя і яшчэ болын моцнай веры ў прышласць Айчыны, якую нагадвае нам і нашым нашчадкам Народны паэт Ніл Гілевіч сваім вершам:

"Не трацце надзей і веры,

Пакутнай зямлі сыны!

На вежах званіц збуцвелых

Мы ўдарым яшчэ ў званы!"


Старшыня Салігорскай

арганізацыі "Таварыства

беларускай мовы

імя Ф. Скарыны"

Мікола Шаравар.


ТАТА, ТАТА, ЧОРТ У ХАТУ!..

Раман досыць вядомага пісьменніка беларускай эміграцыі Кастуся Акулы (16. 11. 1925 - 29.01.2008) «Заўтра ёсць учора» займае асобнае месца сярод іншых яго твораў. Толькі адзіны гэты раман быў напісаны К. Акулам не па-беларуску, а на англійскай мове. Ен выйшаў у г. Таронта і стаў у Канадзе лепшым бестселерам 1968 года. У 2008 г. раман, у перакладзе на беларускую мову, пабачыў свет і ў Менску (выдавецтва «Медисонт»). Тут нямецкія фашысты і расійскія бальшавікі паказаныя аднолькава небяспечнымі ворагамі Беларусі. А ў цэнтры рамана - здзіўляльны па сваёй сіле і прыгажосці вобраз беларускай жанчыны. Яна, прайшоўшы праз пекла вайны і жорсткія жыццёвыя выпрабаванні, не страціла веру ў Бога, моц духу і, як фенікс з попелу, здолела адрадзіцца для новага жыцця.

Есць на пачатку рамана эпізод, як летам 1941 года рэшткі Чырвонай Арміі, хаваючыся па лясах, таропка адступаюць на ўсход. Гасцінец, па якім яны час ад часу рухаліся, «спаралізоўвалі нямецкія самалёты». І далей: «Вяскоўцы прыціхлі ў чаканні невядомага. Яны так нацярпеліся ад расейскіх калгасаў, што былі б ужо рады любым зменам. Старая народная прыказка спраўджвалася, як і стагоддзі раней: Тата, тата, чорт у хату! - Няхай, сынку, абы не маскаль.

Шулаўцы выпілі свой горкі кубак да самага дна. Адыход расейцаў аднаўляў іхнія спадзяванні на лепшую долю. Есць жа ж Бог на белым свеце, які мусіць кампенсаваць урэшце ўсе нягоды, што яны пацярпелі».

З прыведзенага кантэксту выразна бачыцца сэнсавы змест «старой народнай прыказкі», аформленай у выглядзе дыялогу паміж сынам і бацькам. А слова «маскаль» у прыказцы абазначае 'жыхар Масковіі, яе ваяр, салдат '. Масковіяй жа да XVI ст. называлася краіна на ўсходзе ад Вялікага Княства Літоўскага. І на тагачасных картах, у тым ліку і на заходнееўрапейскіх, гэта краіна абазначалася толькі як Moskowia. Афіцыйна Масковія перайменавана ў Расію толькі ў 1721 г. Падчас трынаццацігадовай вайны з Вялікім Княствам Літоўскім цар Аляксей Міхайлавіч тытулаваў сябе «всея Великия, Малыя и Белыя Руси самодержцем».

Згаданы выказ фіксуецца і ў «Зборніку беларускіх прыказак» І.І. Насовіча (СПб, 1874, с. 161): Татка, татка, лезець чорт у хатку! - Абы б не маскаль . Праўда, Насовіч паясняе прыказку наступным чынам: «Крестьяне так смеются над шляхтами, боящимися Русских хуже чёрта» . Але ж баяліся і слушна ацэньвалі маскалёў не толькі шляхціцы, але і ўвесь народ ВКЛ. Былі для гэтага і важкія падставы: за 300 каляндарных гадоў XIV-XVII стст. войны паміж Масковіяй і ВКЛ занялі 72 гады! Вось пералік датаў гэтых войнаў, якія Масковія вяла «за субіранне рускіх зямель» (між іншым, шукаючы іх не толькі на зхадзе, але і на Далёкім Усходзе, і на Калыме, і на Алясцы, і ва Усходняй Прусіі): 1) 1368-1372 гг.; 2) 1406-1408 гг.; 3) 1445-1449 гг.; 4) 1492-1494 гг.; 5) 1500-1503 гг.; 6) 1507-1508 гг.; 7) 1512-1522 гг.; 8) 1534-1537 гг.; 9) 1563-1582 гг.; 10) 1609-1618 гг.; 11) 1632-1634 гг.; 12) 1654-1667 гг.

Названая прыказка сустракаецца і ў сучасным вусным маўленні многіх беларусаў, але ў беларускіх літаратурных творах савецкага часу яе днём з агнём не знойдзеш. Па зразумелых прычынах…

Іван Лепешаў, прафесар.


Шаноўнае "Наша слова"!

Сярод шматлікіх спраў, якімі займаецца ТБМ, нам трэба знайсці час і сродкі яшчэ для адной справы. Яна непасрэдна датычыцца нашай будучыні, дакладней кажучы, тых дзетак, якія хутка народзяцца і будуць размаўляць па-беларуску.

Справа ў тым, што многія маладыя бацькі, нават пры вялікім асабістым жаданні, не ведаюць, як зрабіць першыя крокі ў выхаванні свайго дзіцяці, каб выхаваць яго беларусам. Бо самі бацькі жывуць у такім асяродку, дзе яны пазбаўлены магчымасці нават чуць родную мову. А жаданне ў іх, каб дзеткі пачалі гаварыць на роднай мове, ёсць, толькі бацькі часта не ведаюць з чаго пачаць. Пазней, калі ў дзіцяці ўжо сфармаваны асновы светаўспрымання на чужой мове, гэта зрабіць значна цяжэй, а парой і немагчыма.

Вось мне і падумалася: а ці не скласці ТБМ кніжку, якою трэба надзяліць усе ЗАГСы краіны. Кожная маладая пара, якая б заключала шлюб, атрымоўвала б яе ў падарунак. У гэтай кніжцы на першай старонцы мусіць быць спіс беларускіх імён хлопчыкаў і дзяўчынак, якімі традыцыйна называліся беларусы, і якімі, несумненна, будуць называцца нашы дзеткі ў будучыні. На наступных старонках - першыя словы, якімі мусіць авалодаць дзіця пасля нараджэння (татуля, мамуля, дзядуля, бабуля і г. д.) з малюнкамі, якія некалі паслужаць і дзеткам у якасці першай кніжкічытанкі. Далей мусяць быць прыклады ўжывання некалькі дзесяткаў найбольш распаўсюджаных дзеясловаў, якім трэба навучыць дзіця найперш. (Напрыклад: дай, вазьмі, не чапай і г.д.) Далей усе правілы беларускага этыкету: як правільна прывітацца і развітацца, пажадаць смачна есці і шчаслівай дарогі, як пачаць размову па тэлефоне і як запытаць нешта ў незнаёмага. А яшчэ ў кніжцы можна намаляваць хату і яе пакоі і надпісаць, як што ў пакоях называецца па-беларуску. А таксама што і як называецца ў аўтамабіля і камп'ютара, як называецца мэбля і сталовыя прыналежнасці, грыбы, ягады, травы, птушкі і звяры і г.д.

Кніжку трэба ўпрыгожыць вершыкамі, беларускімі прыказкамі і прымаўкамі. На першых старонках мусяць абавязкова быць розныя беларускія калыханкі, казкі. Далей дзіцячыя вершыкі-загадкі пра жывёл і птушак, пра надвор'е і - усё тое, чаго сёння не мае беларуская сям'я, каб выхоўваць сваіх дзетак на беларускай мове, з улікам усіх беларускіх традыцый.

Кніжку трэба зрабіць з густам. Да распрацоўкі яе трэба падключыць нашых вядомых пісьменнікаў, знаўцаў беларускіх традыцый, усіх тых, хто адчувае, што ён можа паспрыяць справе. Яна павінна стаць бестселерам і карыстацца попытам. Выдаць яе можна за народныя грошы.

Георгій Станкевіч , Бешанковіцкі раён, в. Старыя Ранчыцы.


Справы з беларускай мовай у медыцыне

Грамадскае аб'яднанне

Таварыства беларускан мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву Алегу

220034, вул. Румянцава, д. 13,

г. Мінск

Аб пашырэнні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы у гаіне медыцынскай адукацыі і аховы здароўя

У адказ на пісьмо старшыні грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Трусава А.А., накіраванае ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 16 студзеня 2012 г. № 4 "Аб пашырэнні дзяржаўнай беларускай мовы ў галіне медыцынскай адукацыі і аховы здароўя" Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь паведамляе наступнае.

Ва ўсіх установах адукацыі вядзецца работа па папулярызацыі беларускай мовы. У адпаведнасці з дзеючымі адукацыйнымі стандартамі ў гэты час ва ўсіх універсітэтах выкладаецца курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка".

Раней, намаганнямі тэрміналагічнай камісіі ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт" былі распрацаваны і выдадзены наступныя дапаможнікі і падручнікі: "Гісталогія з асновамі цыталогіі і эмбрыялогіі", "Беларуская гісталагічная наменклатура: на лацінскай, беларускай і рускай мовах", "Беларуская эмбрыялагічная наменклатура: на лацінскай, беларускай і рускай мовах", "Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, рускай і лацінскай мовах", "Слоўнік па агульнай і медыцынскай вірусалогіі", "Цыталогія: Тэрміналагічны слоўнік", "Анатомический словарь (русско-белорусско-латинский, русско-белорусский, белорусско-латинский)".

У 2011 годзе ў выдавецтве ўстановы адукацыі "Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт" быў надрукаваны першы ў гісторыі беларускай лексікаграфіі "Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў", які змяшчае больш за тры тысячы медыцынскіх тэрмінаў (з іх дзве тысячы ўласнабеларускіх) і тлумачэнні да іх. Слоўнік атрымаў вялікі рэзананс як у рэспубліканскіх сродках друку (газеты "Звязда", "Рэспубліка", "Медицинский вестннк", "Наша слова", інтэрнет-рэсурсы, радыё "Рацыя"), так і сярод работнікаў аховы здароўя.

Зараз створана тэрміналагічная камісія па распрацоўцы і афіцыйнаму зацвярджэнню беларускамоўнай медыцынскай тэрміналогіі ва ўстанове адукацыі "Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт". Камісіяй вядзецца мэтанакіраваны збор, аналіз медыцынскіх тэрмінаў па наступных галінах: стаматалогія, фармацыя і лячэбная справа.

Дадаткова паведамляем, што для адкрыцця беларускамоўных груп неабходна правесці папярэдняе анкетаванне абітурыентаў 2012 года з мэтай вызначэння колькасці жадаючых вучыцца ў названай групе і мэтазгоднасці іх адкрыцця. Пры наяўнасці такіх абітурыентаў універсітэтам спатрэбіцца пэўны час для падрыхтоўкі выкладчыкаў і вучэбна-метадычных матэрыялаў на беларускай мове. Акрамя таго напачатку кожнага навучальнага года студэнты новага набору інфармуюцца пра магчымасць навучацца на беларускай мове.

Так, у 2011 годзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце праводзіліся міжуніверсітэцкія навукова-практычныя чытанні "Максім Багдановіч. Жыццё і творчасць", прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння паэта. Зараз вядзецца падрыхтоўка да юбілею Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка.

Плануецца і надалей пашыраць ролю беларускай мовы ў жыцці медыцынскай грамадскасці.

Першы намеснік Міністра Д.Л. Піневіч.


Будуць маркі з Кірылам і Мяфодзіем

Старшыні Грамадскага аб'яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск

Аб выпуску паштовых марак і

мастацкіх канвертаў

Паважаны Алег Анатольевіч!

... У дапаўненне да нашага пісьма ад 25.01.2011 № 05-17/330 інфармуем, што ў тэматычны план выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2013 год прынята рашэнне ўключыць выпуск паштовага блока з выявамі Святых Кірыла і Мяфодзія.

З павагай,

Намеснік Міністра М.М. Струкаў.


Большая частка выданняў беларускага аддзела захавана і засталася ў Віцебскай абласной бібліятэцы

Трусаву А.А.,

Старшыні грамадскага аб яднання

«Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны»,

вул. Румянцава, д. 13,

220034, г. Мінск

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства культуры сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі разглядзела Ваш зварот і паведамляе наступнае.

У студзені 2012 года ў дзяржаўнай установе «Віцебская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна» (далей - Віцебская АБ) адбылося аб'яднанне аддзела беларускай літаратуры і сектара краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. Створанае ў выніку аб'яднання структурнае падраздзяленне і бібліятэкі атрымала назву «Аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі». Новая арганізацыйная структура Віцебскай АБ была зацверджана загадам дырэктара бібліятэкі ад 25.01.2012 №31-ОД, а таксама ўзгоднена ўпраўленнем культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, у кампетэнцыі якога знаходзяцца пытанні рэструктурызацыі падпарадкаваных яму ўстаноў.

Трэба адзначыць, што неабходнасць змены структуры Віцебскай АБ абумоўлена шэрагам прычын. Па-першае, адначасовае функцыянаванне аддзела беларускай літаратуры і сектара краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі прыводзіла да частковага дубліравання іх функцый, асабліва ў частцы фарміравання фондаў. Наяўнасць дзвюх блізкіх па функцыянальным прызначэнні структур вымушала бібліятэку набываць дадатковыя (дублетныя) экзэмпляры аднаго выдання, што з'яўлялася эканамічна немэтазгодным.

Па-другое, асноўныя паказчыкі работы аддзела беларускай літаратуры за апошнія тры гады мелі выразную адмоўную дынаміку. Так, за перыяд 2009-2011 гады колькасць чытачоў названага аддзела паменшылася на 2,6 тыс. чалавек, колькасць наведванняў - на 9,5 тыс. адзінак, колькасць выдадзеных дакументаў - на 44,6 тыс. экзэмпляраў.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь» (артыкул 15) бібліятэкі маюць права самастойна вызначаць змест і формы сваёй дзейнасці і замацоўваць іх у статуце (палажэнні). У адпаведнасці са сваім Статутам (пункт 1.5) Віцебская АБ з'яўляецца «абласным кнігасховішчам краязнаўчай літаратуры і літаратуры на беларускай мове». Таму стварэнне асобнага аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі адпавядае яе статутнай дзейнасці.

Неабходна дадаць, што ў структуры іншых абласных бібліятэк сістэмы Міністэрства культуры асобныя аддзелы беларускай літаратуры таксама не існуюць. З мэтай максімальнага набліжэння беларускіх выданняў да ўсіх катэгорый чытачоў іх мэтазгодна размяркоўваць па ўсіх структурных падраздзяленнях бібліятэкі, а не кумуляваць у адным. Сучасныя магчымасці электронных каталогаў, якія створаны ў абласных і цэнтральных бібліятэках краіны, дазваляюць чытачам ажыццяўляць аператыўны пошук і заказ патрабуемых выданняў незалежна ад таго, ў якой частцы бібліятэчнага фонду яны знаходзяцца. З боку чытачоў Віцебскай АБ скаргаў на рэарганізацыю структуры бібліятэкі не паступала. Такім чынам, структурныя пераўтварэнні, якія адбыліся ў бібліятэцы, абаснаваныя, не ўступаюць ў супярэчнасць з дзеючымі нарматыўнымі прававымі актамі і існуючай бібліятэчнай практыкай.

Па другім пытанні, узнятым у Вашым пісьме, а менавіта па неабаснаваным спісанні літаратуры, паведамляем наступнае.

У адпаведасці з рэарганізацыяй структуры бібліятэкі і згодна з Інструкцыяй па ўліку і захаванасці бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь спецыялісты Віцебскай АБ прынялі рашэнне аб аб'яднанні фондаў аддзела беларускай літаратуры і сектара краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

На падрыхтоўчым этапе быў праведзены аналіз выкарыстання фонду аддзела беларускай літаратуры, які высветліў яго нізкую абарачальнасць (у 2,5 разы менш, чым рэкамендавана міжнароднымі нарматывамі), што паказвала на невысокую якасць фонду, наяўнасць у ім незапатрабаванай літаратуры. У сувязі з гэтым з фонду, агульнай колькасцю 22 860 экзэмпляраў, было выключана 987 выданняў (толькі 4%). Пераважную большасць спісаных дакументаў склалі выданні, устарэлыя па змесце. Так, 99,5% выключаных дакументаў - гэта літаратура, выдадзеная да 2001 года (старэйшая за 10 гадоў).

Акрамя таго, 4 313 экзэмпляраў (19%) з фонду аддзела беларускай літаратуры былі пераразмеркаваны ў іншыя галіновыя аддзелы бібліятэкі: літаратуры па мастацтву, тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры, дзіцячай літаратуры, перыёдыкі і інш. У выніку ў склад аб'яднанага фонду новага падраздзялення бібліятэкі трапіла 77% выданняў з фонду былога аддзела беларускай літаратуры.

Такім чынам, большая частка выданняў вышэйназванага аддзела захавана і засталася ў Віцебскай АБ, якая зацікаўлена і ў далейшым набываць беларускамоўныя выданні і творы беларускіх пісьменнікаў.

Намеснік Міністра В.І. Кураш.


Алег Трусаў: Пры падзеле савецкага войска нам удалося захаваць для Беларусі Віцебскую дэсантную дывізію (Д 20-годдзя стварэння войска Рэспублікі Беларусь)

У лютым-сакавіку 1992 года дэпутат Вярхоўнага савета Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў ўзначальваў беларускую дэлегацыю пад час падзелу савецкага войска. Вось як ён пра гэт ўспамінае:

-- Пасля падпісання 8 снежня 1991 года ў Віскулях Белавежскага пагаднення аб скасаванні дзейнасці саюзнай дамовы Савецкі Саюз перастаў існаваць, але савецкае войска засталося. Вось чаму на пачатку 1992 года кіраўнікі краін Садружнасці незалежных дзяржаў вырашылі падзяліць Савецкую Армію. Кіраўнікі краін Балтыі лічылі савецкае войска акупанцкім, таму адмовіліся ад удзелу ў яго падзеле. Паколькі гэтыя краіны атрымалі незалежнасць ад СССР яшчэ ў верасні 1991 года, было вырашана, што з цягам часу Савецкая Армія з усім сваім дабром павінна пакінуць Літву, Латвію і Эстонію. Вярхоўныя Саветы астатнія 12 постсавецкіх рэспублік прызначылі кіраўнікоў сваіх дэлегацый на перамовы па пытанні падзелу войска. Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета Беларусі прызначыў мяне кіраўніком беларускай дэлегацыі. Прычым, гэтая місія была ў нейкай ступені сакрэтная. Перад тым, як на саміце кіраўніков краін СНД зацвердзіць падзел савецкага войска, нам трэба было падзяліць яго на паперы.

Нягледзячы на вялікія паўнамоцтвы і спецсувязь, я ў вайсковых пытаннях не быў вялікім спецыялістам, па-гэтаму ў склад дэлегацыі ўключылі дзесятак палкоўнікаў па кожнаму роду войск. Так што ў мяне была добрая каманда. Далі нам вайсковы самалёт і з вайсковага аэрадрома паляцелі мы на сакрэтную авіябазу каля ўкраінскага горада Ірпень, што пад Кіевам. Там на прыканцы лютага - у першай палове сакавіка 1992 года і адбыўся падзел савецкага войска.

І вось сабралі дэлегацыі ўсіх 12 краін ў вялікай зале і да нас прыехаў галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі краін СНД маршал авіяцыі Яўген Шапашнікаў. Расію прадстаўлялі першы намеснік міністра абароны генерал Павел Грачоў і намеснік камандуючага паветрана-дэсантнымі войскамі генерал Аляксандр Лебедзь. На чале дэлегацыі кожнай краіны былі генералы. Толькі беларускую дэлегацыю ўзначальваў цывільны чалавек, які ніколі ў войску не служыў. Усе караўнікі прадстаўляюцца, раблю гэта і я: "Трусаў Алег Анатоллевіч, дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі". Шапашнікаў пытаецца: "А ваша воінскае званне?" Адказваю: "Старшы лейтэнант запасу". У зале ўсе грохнулі са смеху… А маршал ўдакладняе: "Дык вы якую краіну прадстаўляеце?". Адказваю: "Рэспубліку Беларусь". Праз некаторы час я звярнўся да Шапашнікава з дазволам задаць пытанне і спытаў яго: "А вы якую краіну прадстаўляеце?" У зале ізноў грохат смеху, а Шапашнікаў аж пачырванеў, як рак… Маё пытанне вельмі спадабалася кіраўніцтву расійскай дэлегацыі, і мы з імі адразу пасябравалі.

Нам насілі і паказвалі розныя сакрэтныя паперы, якія пры нас і знішчаліся на макулатуру. І калі я паглядзеў, колькі ў Беларусі было савецкага войска, мае апошнія валасы дыба ўсталі. Гэта было нешта страшнае. Акрамя стратэгічнай ядзернай зброі, ракет і бамбардзіроўшчыкаў, якія перадаваліся Расіі, было вялікае мноства рознай іншай зброі, што павінна была застацца на месцы. Праблема ўзнікла наконт Віцебскай дэсантнай дывізыі, якая адна ў СССР мела такія вялізныя транспартныя самалёты, што дазвалялі нават перавозіць і скідваць танкі на парашутах. Склалася так, што на папярэднік перамовах старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч і прэм'ер-міністр краіны Вячаслаў Кебіч згадзіліся аддаць гэтую дывізію Расіі. Але перад ад'ездам на Украіну на мяне выйшлі афіцэры гэтай дывізіі і перадалі зварот, пад якім стаяла больш за тысячу подпісаў дэсантнікаў і іх жонак - у асноўным ураджэнак і грамадзянак Беларусі. Падпісанты звароту прасілі мяне зрабіць ўсё мажлівае, каб дывізія засталася ў Беларусі, бо набліжалася вайна ў Чачні. А галоўны аргумент падпісантаў быў такі: "Мы Кабул бралі. Можа зноў нешта прыдзецца браць? "І калі аднойчы вечарам мы з расіянамі і ўкраінцамі падымалі чарку за славянскае брацтва, я ўзняў гэтае пытанне, а праз некалькі дзён Лебедзь з Грачовым далі згоду пакінуць Віцебскую дэсантную дывізію Беларусі: "Яны ж заслужылі, яны ж Кабул бралі, хай жывуць!".

Паколькі справа пайшла добра, я прад'явіў прэтэнзіі на Пінскае марское вучылішча, дзе рыхтавалі афіцэраў-маракоў, большасць з якіх служыла на расійскім Далёкім Усходзе ў складзе Амурскай ваеннай флатыліі. Расіяне хацелі цалкам забраць гэтае вучылішча, але я быў супраць. Дамовіліся, што вучылішча будзе дзейнічаць у Беларусі яшчэ два гады, каб курсанты яго скончылі. Прычым, згадзіліся: гэтыя два гады расіяне будуць фінансаваць дзейнасць навучальнай установы, а пасля забяруць яе сабе пры ўмове, што маёмасць вучылішча застанецца Беларусі.

Акрамя таго, у кулуарах я сціпла падымаў пытанне пра ўдзел Беларусі ў падзеле савецкага ваенна-марскога флота. І мне адказвалі, што пры згодзе беларускага кіраўніцтва магчыма абмяняць беларускую долю ў савецкім ВМФ на частку савецкага гандлёвага і рыбалоўнага флатоў, якая прыпісана да партоў балтыйскіх краін. Пры гэтым прадстаўнікі Расіі згаджаліся за невялікую плату прадставіць для караблёў пад беларускім сцягам расійскі порт прыпіскі ў Калінінградзе. З падтрымкай гэтых ідэй да мяне звярталіся сотні беларусаў-маракоў, якія служылі ў савецкім ВМФ, а так-сама ў пасажырскім, гандлёвым і рыбалоўным флатах СССР. Так, паводле маіх дадзеных, толькі ў савецкім ВМФ каля паловы камандзіраў атамных падводных лодак былі ўраджэнцамі Беларусі. Але кіраўніцтва Беларусі не падтрымала мае прапановы. І да гэтай пары Беларусь - заснавальніца СССР, якая ўклала шмат людскіх высілкаў і матэрыяльных рэсурсаў у стварэнне і забеспячэнне флоту вялікай дзяржавы - не мае свайго флоту. Бо гэта выгадна карупцыянерам ад улады.

Марат Гаравы .


"Песня Дзвіны..."

... Днямі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў рамках праекта "Дыяменты прыгожага пісьменства" адбылося адкрыццё выставы "Песня Дзвіны" Тараса Хадкевіча і аднайменная вечарына, прымеркаваныя да 100-годдзя з дня нараджэння пісьменніка...

На мерапрыемства былі запрошаныя Алесь Савіцкі, Навум Гальпяровіч, Сяргей Панізьнік, Таіса Грамадчанка, а таксама землякі з Верхнедзвінскага раёна...

На вечарыне прысутнічалі родныя класіка беларускай літаратуры. Радкі з твораў Тараса Хадкевіча прагучалі ў выкананні славутага артыста Беларускага радыё Алега Вінярскага... на мерапрыемстве прысутнічала творчая інтэлігенцыя і моладзь...

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


У Менску прайшла вечарына памяці Міхася Ткачова

12 сакавіка ў сядзібе Таварыства беларускай мовы прайшла вечарына, прымеркаваная да 70-годдзя з дня нараджэння Міхася Ткачова - гісторыка, археолага, першага беларускага замказнаўца, грамадска-палітычнага дзеяча, які ўжо амаль дваццаць гадоў таму назад пакінуў гэты свет.

Міхась Ткачоў быў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту і першым лідарам адроджанай Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.

На думку старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Скарыны" Алега Трусава, доктар гістарычных навук, прафесар Ткачоў, які ўмеў ствараць, а не разбураць, мог быць вельмі добрым кандыдатам у прэзідэнты і дзеля Беларусі аб'яднаць людзей розных поглядаў і інтарэсаў. "Для гэтага ў яго было ўсё - моцная харызма, абаяльная знешнасць высокага і дужага чалавека, прыемны голас і ўсмешка, аратарскія здольнасці цудоўнага прамоўцы з гумарам, які мог з дапамогай жарту ў момант памяняць сітуацыю на сваю карысць. Але самае галоўнае - ён доўга не трымаў крыўды на чалавека, і нават калі яго самаго крыўдзілі, што было не раз, мог першы дараваць і падаць руку. А такіх людзей вельмі мала", - падкрэсліў Трусаў.

Паводле яго слоў, гэтая аб'яднальная моц Ткачова асабліва праявілася пасля яго пахавання, калі сябры нвукоўцы выдалі кнігу яго публіцыстыкі "Паходня", дзе выступілі ўсе - ад Зянона Пазняка да Станіслава Шушкевіча, ад Васіля Быкава да мітрапаліта Філарэта. "Ткачова ўсе вельмі паважалі і пахавалі на Маскоўскіх могілках. А паколькі сям'я нябожчыка была бедная, мы збіралі грошы яму на помнік. Я быў вельмі здзіўлены, калі каля сотні дэпутатаў Вярхоўнага Савета XII склікання - ад фронтаўцаў да камуністаў прычыніліся да гэтай высакароднай справы. Дарэчы, скульптар Алесь Шатэрнік зрабіў добры помнік на магіле Ткачова ў выглядзе бел-чыр-вона-белага сцяга. На яго цэнтральнай частцы - барэльефы навукоўца і Мірскага замка, які ён даследаваў", - сказаў Трусаў.

Паводле яго слоў, годна ўшанавана і памяць пра Ткачова - яму адкрыты мемарыяльныя дошкі на школе, дзе ён вучыўся ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці, і на доме, дзе жыў у Гародні больш за 10 гадоў. "Акрамя таго, у Мсціславе з'явілася вуліца імя Міхася Ткачова. ТБМ выдала кішэнны і насценны каляндары, прысвечаныя памяці вучонага. Дарэчы, у Гародні, дзе у мясцовым універсітэце імя Янкі Купалы Ткачоў стварыў кафедру археалогіі, працуюць шмат яго вучняў, у тыл ліку доктар гістарычных навук Сяргей Піваварчык і кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук, а ягоны вучань кандыдат гістарычных навук Андрэй Мяцельскі працуе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У Гарадзенскім універсітэце дзейнічае археалагічны музей, створаны Ткачовым. Добра, каб яшчэ ў яго гонар вуліца была ў Гародні", - сказаў Трусаў. Ен выказаў пажаданне, каб гарадзенская інтэлігенцыя зрабіла гэта. "Але самым галоўным помнікам навукоўцу з'яўляюцца яго кнігі. Дарэчы, яго кніга "Замкі Беларусі" вытрымала ўжо каля дзесяці выданняў на беларускай і рускай мовах", - адзначыў Трусаў.

Паводле яго слоў, Ткачоў актыўна вяртаў беларусам іх нцыянальныя сімвалы - бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня", вельмі добра папулярызаваў іх гісторыю ў рэспубліканскіх газетах, спрабаваў сябе ў мастацкай літаратуры, а апошні свой выступ прамовіў на прысязе афіцэраў Беларускага згуртавання вайскоўцаў.

Міхась Ткачоў нарадзіўся 10 сакавіка 1942 года ў Мсціславе ў сям'і нашчадка старадаўняга шляхецкага роду Дамінікі Казлоўскай і настаўніка рускай мовы і літаратуры Аляксандра Ткачова, які загінуў пад Ленінградам у 1942 годзе. Памёр навуковец 31 кастрычніка 1992 года.

Марат Гаравы.


Студэнцкая канферэнцыя памяці Міхася Ткачова

У Гародні прайшла Міжнародная студэнцкая канферэнцыя, прысвечаная памяці прафесара Міхася Ткачова, якому споўнілася б сёлета 70 год.

На сустрэчу з новым пакаленнем будучых археолагаў прыехаў вядомы беларускі археолаг з Менска Леанід Калядзінскі, які на канферэнцыі ўспомніў пра славутага вучонага, старэйшага сябра Міхася Ткачова.

- Быў яго вучнем, быў яго сябрам, быў яго калегам. У Менску ён працаваў доўгі час у Акадэміі Навук, у сектары археалогіі, затым працаваў у энцыклапедыі, спачатку быў загадчыкам аддзела, а потым галоўным рэдактарам энцыклапедыі. Гэта чалавек, які быў талерантны. Ен не быў катэгарычным. Часам такая рыса прысутнічае сярод нашага кіраўніцтва, у якіх ёсць дзве думкі - мая і няправільная. Ткачоў прыслухоўваўся да сваіх падначаленых, да сваіх вучняў, у прыватнасці да мяне, і нават гаварыў: я ў цябе такса-ма таму-сяму магу навучыцца.

Святлана Сяльвестрава, Купалаўскі ўніверсітэт:

- Уся кафедра так ці інакш вучні Ткачова. Ткачоў, напрыклад, быў куратарам маёй групы. Я з ім двойчы была на раскопках. Магчыма, ён быў першым, хто прывіў любоў да беларускай культуры, увогуле да беларушчыны. Паказаў вёску, паказаў, што гэта цікава. Вось гэтая аўтэнтычная беларуская культура, яна сапраўды высокая, яна цікавая. Я памятаю, як яны арганізавалі з "Паходняй" выезд на Купалле. І мяне з сабой бралі. На канферэнцыі ездзілі. Для мяне ён быў увасабленнем беларушчыны.

Разам з беларускімі студэнтамі ў форуме прымалі удзел студэнты з Польшчы пад кіраўніцтвам прафесара Збігнева Ліберы з Ягелонскага ўніверсітэта. У рамках канферэнцыі праходзіў майстар-клас па этналогіі, фотавыстава, прысвечаная гарадзенскім археолагам.

Якуб Сушчынскі


Другі этап агульнанацыянальнай дыктоўкі

Вечарам 15 сакавіка у менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбыўся другі этап агульнанацыянальнай дыктоўкі. Яна пісалася па хрэстаматыйным вершы Максіма Танка «Родная мова».

- Мы выбралі гэты дзень, - тлумачыць БелаПАН старшыня таварыства Алег Трусаў, - таму што якраз 15 сакавіка 1994 года была прынятая першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, дзе адзінай дзяржаўнай мовай была абвешчана беларуская. Таму мы ўжо пяты год ушаноўваем гэтую дату і праводзім другі этап агульнацыянальнай дыктоўкі менавіта ў гэты дзень. Мы далі магчымасць напісаць дыктоўку любому, хто хоча, - працягвае Трусаў. - Сёння ў нас людзей няшмат, але гэта ў асноўным моладзь, і вельмі добра, што яна не забываецца пра роднае слова. Пакуль моладзь будзе размаўляць па-беларуску, наша мова ніколі не загіне.

Алег Трусаў паведаміў, што трэці этап дыктоўкі адбудзецца 23 сакавіка з нагоды 84-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі.

Наш кар.


Мая Беларусь

Я нарадзіўся беларусам,

Беларусам буду жыць!

Мову родную вучуся

Шанаваць, цаніць, любіць.

Пад такой назваю і пад такім дэвізам напярэдадні свята роднай мовы ў Лышчанскай СШ праведзена мерапрыества для вучняў пачатковых класаў.

Мэтай пазакласнага мерапрыемства былі пашырэнне ўяўлення вучняў аб роднай краіне, роднай мове, чароўнай прыродзе Беларусі. Мерапрыемства накіравана было на выхаванне любові да роднай старонкі, яе чароўнай прыроды, да людзей, якія жылі і жывуць на нашай зямлі. Хлопчыкі і дзяўчаткі больш даведаліся пра мінулае сваёй Радзімы, а таксама пра сучаснае жыццё Беларусі.

І ўсяму гэтаму дапамагалі вершы П. Прыходзькі "Мая Беларусь", цудоўнае падарожжа па прасторах беларускай зямлі. Народныя прыказкі і прымаўкі, віктарына, ілюстрацыі, карціны, партрэты знакамітых нашых землякоў і вядоўцы ў прыгожых нацыянальных касцюмах. Вядоўца пад мелодыю песні "Белавежская пушча" чытае верш П. Прыходзькі:

Мая Беларусь!

Край Дняпра і Палесся,

Празрыстых азёраў і рэк...

Так пачалося пазакласнае мерапрыемства, прысвечанае "Дню роднай мовы".

Далей вучань выконвае песню "Наша Радзіма", сваеасаблівы гімн роднаму краю. Эмацыянальныя патрыятычныя пачуцці выклікалі радкі:

Я - дзяўчынка-беларуска

З васільковымі вачыма.

Хоць малая, але знаю:

Беларусь - мая Радзіма.

Іх прадэкламавала дзяўчынка, якая з'явілася раптам пасля песні "Мая Радзіма".

На экран дэманструюцца выявы Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і дзеці чытаюць вершы паэтаў, якія прысвечаны роднаму краю, яго гісторыі і прыродзе. І сапраўды. Прырода - гэта наш вялікі дом, без якога было б немагчымым жыццё чалавека. А беларусам пашанцавала на прыгажосць і непаўторнасць краявідаў Беларусі.

Асобным акордам, калі хочаце клятвай, прагучалі радкі верша В. Шведа:

Я клянуся: не зракуся

Сваё роднае любіць.

Быў і буду - Беларусам!

Покуль толькі буду жыць!

Добра, хораша прагучала з вуснаў вучня! І хочацца верыць, што так яно і будзе ў жыцці сёняшніх пачаткоўцаў.

І яшчэ пра адно мерапрыемства, якое прайшло ў Бобрыкаўскай СШ і было прысвечано "Дню роднай мовы". На гэтым мерапрыемстве прысутнічаў і аўтар гэтых радкоў. Не толькі як старшыня раённай суполкі ТбМ імя Ф. Скарыны, але і як першы выпускнік гэтай школы. А падрыхтавала мерапрыемства настаўніца роднай мовы Аксана Іванаўна Банцэвіч са сваімі вучнямі.

Уразілі постаці летапісца і Ф. Скарыны, якіх увасобілі Будзін і Сярэдзіч.

Перакананы, што праведзенае мерапрыемства пакінула свой след у душах сённяшніх школьнікаў, якім належыць будучыня роднай Беларусі. Калі б усё гэта падмацоўвалася ў штодзённым жыцці ўсіх школ раёна, то, несумненна - мове роднай жыць і развівацца.

Але ж той трагічны факт для нашага народа, што родная мова беларусаў па рашэнні ААН занесена ў спіс паміраючых моў у свеце, прымушае хвалявацца ўсіх сумленных беларусаў. І пытанне стаіць востра: ці ўдасцца ўратаваць родную мову беларусам? Хочацца спадзявацца. І нашы спадзяванні і барацьба за родную мову з дапамогаю Божаю дадуць свой плён.

Уладзімір Гук, старшыня Пінскай раённай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны.

На здымках: мерапрыемства ў Лышчанскай школе.


Сустрэчы ў Полацку

13 сакавіка Полацк наведаў Анатоль Бутэвіч, вядомы пісьменнік, грамадскі дзеяч, перакладчык, публіцыст. Палачане мелі магчымасць сустрэцца з сапраўдным Беларусам, слухаць якога адно задавальненне. Першая сустрэча адбылася ў гарадской гімназіі №2. Вучні 8-10 класаў атрымалі добры ўрок беларускасці. Анатоль Іванавіч расказаў пра свае кнігі, дзе займальна і цікава ідзе аповед пра далёкае гістарычнае мінулае нашай Радзімы, пра тое, чым нам можна і трэба ганарыцца. Дзеці задавалі госцю шмат пытанняў і толькі па-беларуску. А на сустрэчы ў Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур, дзе сабраліся дарослыя, была шчырая размова пра Беларусь і яе сем цудаў, пра Полацк і яго слаўны юбілей. Госць выказаў асабістае разуменне нацыянальнай ідэі і пакінуў шмат аўтографаў на сваіх кнігах.

Валянціна Крук , старшыня Полацкай гарадской суполкі ТБМ

На здымках Эрнста Цецярэўскага: выступае Анатоль Бутэвіч; Анатоль Іванавіч з чытачамі.


Мілавіды слухаюць песні філаматаў і філарэтаў

Па запрашэнні баранавіцкіх сяброў Таварыства беларускай мовы наш горад і раён 17 сакавіка зноў наведалі аматары і прапагандысты песняў філаматаў і філарэтаў - Аляксей Жбанаў, Алена Прохарава з Менска і гарадзенец Зміцер Занеўскі. Галоўнае мерапрыемства адбылося ў Мілавідскай школе (Баранавіцкі раён). Падчас імпрэзы артысты і гледачы пілі сымбаль чысціні і праўды - малако, як некалі гэта рабілі на сваіх пасяджэннях філарэты Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Ігнат Дамейка. Затым артысты не толькі расказвалі пра жыццё і дзейнасць віленскіх студэнтаў, але і прыгожа спявалі маладзёвыя песні 19 ст., найперш студэнтаў Віленскага універсітэта. Навучэнка баранавіцкай СШ № 14 Таццяна Ўпярэчкіна прачытала верш Адама Міцкевіча на польскай мове і заспявала "песню Марылі". Вучні і настаўнікі Мілавідскай школы з задавальненем далучыліся да спеваў, атрымаўшы ў падарунак зборнік песень філаматаў і філарэтаў "Хай радасць з вачэй нашых блісне…". Мерапрыемства скончылася аглядам экспанатаў музея Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 года. Госці падаравалі школе верш баранавіцкага паэта Алеся Белага "Мілавідская бітва" і кнігу Алены Белай "Фарміраванне гісторыка-патрыятычнай свядомасці школьнікаў пры вывучэнні твораў Уладзіміра Караткевіча".

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.


БНР - гістарычны выбар нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдаў 1-ю кнігу "Гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХІ ст." (У дзвюх кнігах.) Паколькі наклад ўсяго 700 асобнікаў, ды і кніга дарагая, прапануем нашым чытачам адзін з раздзелаў, прысвечаных БНР, каб быў зразумелы акадэмічны, а ў нашым выпадку дзяржаўны, погляд на БНР . У прадмове на ст 11, дарэчы, пазначана: "Гістарычная веліч беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР відавочна ўжо ў тым, што сама ідэя існавання нацыянальнай дзяржавы пасля БНР не знікла. Праз дзесяцігоддзі менавіта гэта ідэя знайшла ўвасабленне ў ідэі дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь, якая па форме і па змесце паводле Канстытуцыі, з'яўляецца дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай."

5.5. БНР - гістарычны выбар нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння

БНР: выбар саюзнікаў . Пасля абвяшчэння незалежнасці перад Радаю БНР даволі востра паўстала пытанне знешнепалітычнай арыентацыі або выбару саюзнікаў. Першым актам, у якім вызначаліся асноўныя геапалітычныя задачы, што стаялі на той момант перад Радай БНР і Народным Сакратарыятам, была трэцяя Устаўная Грамата БНР. Рада БНР у гэтай грамаце выказала свае надзеі на тое, што ўсе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу ў поўнай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржаўныя ідэалы.

На момант абвяшчэння акта незалежнасці БНР спектр знешнепалітычнай арыентацыі розных палітычных сіл быў даволі шырокім. Разам з тым было відавочна, што ва ўмовах акупацыі магчымасць дзяржаваўтваральнай працы ў значнай меры залежала ад пазіцыі германскіх улад.

К. Езавітаў, які на той момант займаў пасаду народнага сакратара вайсковых спраў, характарызуючы палітычную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі ў сакавіку 1918 г., вылучаў у краі тры асноўныя плыні: 1) антынямецкую; 2) антыпольскую; 3) антыбальшавіцкую. Як і большасць прадстаўнікоў Рады БНР і Народнага Сакратарыята, К. Езавітаў вясной 1918 г. падтрымліваў антыпольскую і антыбальшавіцкую плыні.

Пры гэтым ён быў перакананы ў тым, што германскія войскі не вечна застануцца ў краіне, а таму лічыў неабходным прыняць меры, каб абараніць яе пасля зыходу акупантаў ад нападу палякаў і бальшавікоў, і асабліва перасцерагаў ад верагоднай небяспекі з боку палякаў, падкрэсліваючы, што «польская плынь вялікая, трэба быць напагатове».

К. Езавітаў выступаў супраць антынямецкай плыні, аргументуючы тым, што паўстанне супраць германскіх акупантаў магло б прывесці да негатыўных наступстваў. На яго думку, акупацыйныя нямецкія ўлады маглі прывесці падмацаванне і «ачысцілі бы ўсю краіну ад усяго беларускага».

Акрамя таго, заклік да паўстання супраць германскіх акупантаў сапраўды мог выклікаць вяртанне бальшавікоў, якія, як вядома, арганізавалі супраціўленне акупантам пад лозунгам аб'яднання вызваленай ад нямецкай акупацыі тэрыторыі з Савецкай Расіяй. 3 вялікадзяржаўнай палітыкай бальшавіцкіх улад у асобе Аблвыкамзаху прадстаўнікам беларускага нацыянальнага руху ўжо даводзілася сутыкацца ў канцы 1917 - пачатку 1918 г., калі гвалтоўна быў разагнаны I Усебеларускі з'езд, і разлічваць на тое, што сутнасць іх палітыкі змянілася, падстаў не было. Разам з тым спробы наладзіць сувязі з антыгерманскай плынню Рада БНР рабіла, але, як сведчыць К. Езавітаў, без пэўных вынікаў.

Важным фактарам геапалітычнай сітуацыі з'яўлялася тая акалічнасць, што згодна з заключаным 26 лютага 1918 г. пагадненнем польскі корпус Доўбар-Мусніцкага перайшоў у падпарадкаванне немцаў і размяшчаўся ў Бабруйскім павеце. У выпадку антыгерманскага паўстання, арганізаванага Радай, легіянеры маглі б выступіць на баку Германіі, як гэта адбылося ў выпадку з антыбальшавіцкім выступленнем беларускага эскадрона ў Віцебску ў канцы 1917 г. Необходна было ўлічваць і той факт, што большасць памешчыкаў на той момант лічыла сябе палякамі і імкнулася да аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы з уключэннем у яе склад і беларускіх земляў.

Паланізацыя, а потым русіфікацыя на працягу некалькіх стагоддзяў у значнай ступені абумовіла спробы прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху шукаць саюзніка сярод неславянскіх народаў. Адзін з членаў Рады БНР Алесь Гарун у рэдакцыйным артыкуле газеты «Беларускі шлях» заклікаў беларускі народ «ісці сваёй дарогай», абапіраючыся ў дзяржавастваральнай працы на дапамогу «мацнейшага за нас неславянскага народа».

Кіраўнік Віленскай беларускай рады і ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці БНР А. Луцкевіч адзначаў, што беларусы ўпершыню атрымалі падтрымку ў пытаннях развіцця нацыянальнай культуры ад нямецкіх уладаў, і падкрэсліваў, што гэта будзе служыць яшчэ адным фактарам, які звязваў беларускі край з цэнтральнымі дзяржавамі. Але гэта імкненне да захаду, паводле яго меркавання, не стасуецца з вырашэннем пытання будучыні беларускіх земляў на аснове анексіі іх Прусіяй або Германскай імперыяй. Акрамя таго, «беларусы, разумеючы, што далучэнне іх краю да таго ці іншага ваюючага боку будзе мець сваімі вынікамі яшчэ і ўскладанне на яго падаткаў дзеля пакрыцця ваенных расходаў, адзінай формай свайго палітычнага існавання, якая можа забяспечыць магчымасць гаспадарча-эканамічнага прагрэсу, лічаць палітычную незалежнасць». Менавіта такую лінію паводзін і падтрымлівалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады, што ўваходзілі на той момант у склад Рады БНР. Прагерманскую пазіцыю Рады БНР падтрымлівалі і іншыя палітычныя сілы.

Напрыклад, «Мінскае беларускае прадстаўніцтва», якое было створана 25 лютага 1918 г. і аб'ядноўвала пераважна прадстаўнікоў духавенства, чыноўнікаў і землеўласнікаў, лічыла, што ў першую чаргу трэба праводзіць лінію на падтрыманне цеснай сувязі з вялікай цэнтральнай дзяржавай - Германіяй, якая, паводле іх думкі, адна толькі магла забяспечыць народу права на самавызначэнне, а таксама заклікала весці супольную працу з германскімі акупацыйнымі ўладамі, каб завесці новы парадак і дабрабыт краю.

Пры гэтым лідары «Мінскага прадстаўніцтва» выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і на момант абвяшчэння ўстаўных грамат фактычна знаходзіліся ў апазіцыі да Рады БНР і Народнага Сакратарыята.

Інстытуцыйныя нормы, замацаваныя ва ўстаўных граматах, па сваёй палітычнай сутнасці амаль цалкам супадалі са зместам Праекта Праграмы Беларускай сацыялістычнай грамады, прынятым Петраградскай канферэнцыяй БСГ 4-6 чэрвеня 1917 г. У Праекце адзначалася, што БСГ клапоціцца пра ўвядзенне сацыялістычнага парадку.

Вырашэнне пытання знешнепалітычнай арыентацыі выклікала крызіс Рады БНР. Палітыкі, якія лічылі магчымым існаванне беларускіх земляў толькі ў складзе Расійскай дзяржавы, выступалі супраць незалежнасці БНР. Гэта былі ў асноўным прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання. Мясцовыя самаўправы, «выбраныя ў час расейскай рэвалюцыі, пры панаванні на Беларусі «ўсякіх «земгусарскіх» расейскіх партый, катэгарычна патрабавалі федэрацыі з Расіяй. Адзін з лідараў БНР М. Касцевіч падкрэсліваў, што прадстаўнікоў земстваў і гарадоў, якія ўваходзілі ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, цяжка назваць іначай як «таксама беларускімі». Шмат хто з іх, будучы беларусам па крыві, прыйшоў у «беларускі прэдпарламент з расейскай моваю, з расейскімі думкамі». Пасля абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці БНР яны выйшлі са складу БНР. Пры гэтым спынілася і фінансаванне дзейнасці Рады БНР і Народнага Сакратарыята з боку земстваў.

Узаемадачыненні з германскімі акупацыйнымі ўладамі . Вядома, што незалежная дзяржава магла на законных падставах патрабаваць вываду замежных войскаў са сваёй тэрыторыі, вяртання незаконна захопленых зямель, прэтэндаваць на кампенсацыю страт, якія прынесла вайна беларускаму насельніцтву. Аднак дабіцца прызнання незалежнасці і адстойваць інтарэсы Беларусі як суб'екта міжнародных адносін было справай празмерна складанай. Улады Германіі аднесліся да акта ўтварэння Беларускай дзяржавы скептычна, бо лічылі беларускі нацыянальны рух недастаткова развітым і разглядалі беларускую праблему як магчымасць палітычнага гандлю з кіраўніцтвам РСФСР.

Рада БНР настойліва спрабавала дабіцца ад германскага ўрада прызнання дзяржаўнай незалежнасці. У пачатку красавіка 1918 г. Народны Сакратарыят даслаў мемарандум германскаму рэйхс-канцлеру, у якім паведамляў аб прыняцці Другой і Трэцяй устаўных грамат, прасіў прызнаць незалежнасць БНР, а таксама перагледзець тыя пункты Брэсцкага дагавора, якія датычаць Беларусі. У адказ на гэты мемарандум рэйхсканцлер паведаміў Народнаму Сакратарыяту Беларусі, што Берлін разглядае Беларусь як «частку Савецкай Расіі» ў адпаведнасці з Брэсцкім дагаворам самастойна вырашыць прызнанне БНР не можа.

На ўсе звароты да Германіі аб прызнанні дзяржаўнай незалежнасці Рада БНР нязменна атрымлівала адмоўны адказ. У адным выпадку германскія акупацыйныя ўлады спасылаліся на законы і правілы вайны, у адпаведнасці з якімі ўся паўната ўлады на акупіраванай тэрыторыі цалкам належыць акупантам, як гэта было адразу пасля захопу германскімі войскамі Мінска. У другім выпадку перашкодаю для прызнання незалежнасці БНР нямецкія ўлады называлі артыкулы Брэсцкага мірнага дагавора.

Неабходна адзначыць, што на старонках перыядычных германскіх выданняў, што выходзілі на акупіраванай тэрыторыі, выказваліся самыя розныя погляды на магчымы далейшы лёс беларускіх земляў. Напрыклад, у газеце «Ваенны веснік», якая выдавалася нямецкім камандаваннем у Вільні, прапаноўваўся праект стварэння пад апекаю Германіі вялікіх княстваў Полацкага і Смаленскага. У газеце «Возрождение» ў артыкуле «Германскія колы пра Доншчыну і Беларусь» найбольш дакладна адлюстроўвалася сутнасць геапалітычнай сітуацыі на той момант, а таксама адносіны нямецкага ўрада да вырашэння беларускага пытання. Было відавочна, што імкненне беларусаў да стварэння самастойнай дзяржавы не стасавалася з геапалітычнымі інтарэсамі, якія ставілі германскія акупацыйныя ўлады. Гэтаму супярэчыла сітуацыя, якая склалася пасля заключэння Брэсцкага дагавора, у выніку чаго «адна частка тэрыторыі, на якую прэтэндуе Мінская Рада, знаходзіцца ў межах іншай дзяржавы - Літвы, другая частка - у Расіі, трэцяя - у акупаванай германскай вобласці». Пры гэтым падкрэслівалася, што «Германіі даводзіцца не толькі стаяць на варце уласных інтарэсаў, што зусім натуральна, і па магчымасці пайсці насустрач усім, хто заключыў з ёю мір або ўступіў з ёю ў саюз».

У канцы красавіка 1918 г. Рада БНР апынулася ў крызісным стане і 25 красавіка 1918 г. накіравала тэлеграмму да германскага кайзера Вільгельма. У тэлеграме Рада і Народны Сакратарыят дзякавалі за вызваленне Беларусі і прасілі дапамагчы ў стварэнні дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй. Тэлеграму, аўтарам якой быў Я. Варонка, падпісалі: Старшыня Рады Іван Серада, члены Рады Раман Скірмунт, Антон Аўсянік, Павел Аляксюк, Пётр Крычэўскі і Язэп Лёсік. Удзельнікі пасяджэння Рады БНР, на якім была прынята тэлеграма, пазней успаміналі, што ініцыятарам яе пасылкі быў Раман Скірмунт. Спачатку, усведамляючы магчымыя негатыўныя наступствы гэтага кроку, большасць Рады выступала супраць. Але пераканаўчымі падаліся прыклады Украіны і Літвы, незалежнасць якой германскі ўрад прызнаў 23 красавіка 1918 г., пасля таго як Літоўская Тарыба абвясціла Літву незалежнай дзяржавай, звязанай з Германіяй «вечным цвёрдым саюзам». У выніку за пасылку тэлеграмы прагаласавала 35 сяброў Рады БНР, супраць выказаліся 4 і столькі ж устрымаліся. В. Гадлеўскі, асэнсоўваючы наступствы і вынікі прыняцця тэлеграмы кайзеру Вільгельму, падкрэсліваў, што «высылка тэлеграмы была памылкай», але разам з тым гэта было «адной са шматлікіх спроб шукання выхаду з цяжкага становішча, у якім апынуўся тады беларускі народ».

Галоўнай мэтай такога няўдалага тактычнага кроку з боку Рады БНР было імкненне дабіцца прызнання абвешчанай дзяржаўнай незалежнасці з боку Германіі. Разам з тым прынятае Радаю рашэнне не магло не выклікаць вострага палітычнага крызісу і фактычнага распаду Народнага Сакратарыята. Выказваючы свой пратэст, са складу Рады выйшлі: Кашчанка, Макрэеў, Вайнштэйн, Гутман, Бялевіч і інш.

У выніку расколу БСГ узніклі тры новыя партыі: Беларуская Сацыял-Дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф). Члены кожнай з гэтых партый мелі свой погляд на вырашэнне геапалітычных праблем. Фактычнымі стваральнікамі БСДП былі В. Іваноўскі, I. Краскоўскі, А. Луцкевіч, I. Луцкевіч, Я. Лёсік, С. Рак-Міхайлоўскі і А. Смоліч. Абапіраючыся на ідэі К. Маркса, партыйныя лідары лічылі, што пераход да сацыялізму магчымы толькі ў краіне з высокім узроўнем развіцця эканомікі. Прызнаючы вучэнне аб класавай барацьбе, БСДП меркавала, што да сацыялізму можна прыйсці шляхам рэформ. Не адмаўляючы ідэі дыктатуры пралетарыяту, члены БСДП меркавалі, што ўстанаўленне палітычнай улады рабочага класа будзе магчыма толькі тады, калі ён складзе большасць насельніцтва і пераможа на дэмакратычных выбарах.

БСДП выступала за незалежнасць Беларусі як дэмакратычнай рэспублікі. Галоўная геапалітычная мэта, якую ставіла гэтая партыя, - зрабіць беларускі народ паўнапраўным членам інтэрнацыянальнай сям'і. Члены БСДП былі ўпэўненыя ў тым, што вольны ад эксплуатацыі народ будзе выяўляць сваю творчасць у нацыянальных формах, а задачай сацыялізму з'яўляецца не знішчэнне нацыянальных асаблівасцей, а іх развіццё. Прагрэс, паводле іх пераканання, павінен весці не да асіміляцыі народаў, а да найвышэйшай формы іх згоднага жыцця, да працоўнага інтэрнацыянала.

Сацыял-дэмакраты былі гатовыя супрацоўнічаць з любой палітычнай сілай, што падтрымлівала ідэю незалежнасці БНР. Лідары БСДП лічылі, што дасягнуць сапраўднага суверэнітэту Беларусь у тагачасных умовах зможа толькі дзякуючы спрыяльнаму знешняму фактару - падтрымцы ўрадаў еўрапейскіх краін. Таму асноўныя свае намаганні ў 1918 г. партыйныя лідары накіравалі на тое, каб дабіцца юрыдычнага прызнання незалежнасці БНР з боку іншых дзяржаў. Але гэтыя намаганні не далі станоўчага выніку.

Ініцыятарам стварэння БПС-Р была група беларускіх палітычных дзеячаў на чале з Т. Грыбам і П. Бадуновай, якія былі незадаволены германскай арыентацыяй Рады Беларускай Народной Рэспублікі і пасля адпраўкі тэлеграмы ў красавіку 1918 г. заявілі пра сваю аўтаномію ў рамках БСГ. Прадстаўнікі групы выйшлі з Народнага сакратарыята БНР і ў маі 1918 г. заявілі аб стварэнні самастойнай партыі - БПС-Р. Кіруючае ядро партыі склалі выхадцы з БСГ: М. Асвяцімскі, П. Бадунова, Т. Грыб, Л. Заяц, А. Карач, Я. Ладноў, Я. Мамонька, С. Некрашэвіч, Я. Трафімаў, Я. Чарапук, Ф. Шантыр, М. Шыла і інш. У аснове тактыкі БПС-Р была праграма БСГ. У брашуры «Чаго дабіваецца Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў» (выдадзена ў чэрвені 1918 г.) ЦК БПС-Р, звяртаючыся да сялянскіх мас, заявіў, што ўпэўнены «ў перамозе беларускай рэвалюцыі» і таму ўступіў «у няроўны бой за свае народніцкія ідэалы, ідэалы рэвалюцыі і сацыялізму». ЦК БПС-Р заклікаў працоўных да актыўнай рэвалюцыйнай барацьбы супраць «прыгнёту і самаўпраўства германскіх акупантаў, за ўстанаўленне сапраўднага народаўладдзя ў Беларусі». Партыя заявіла пра сваю сацыялістычную арыентацыю, пацвердзіла, што ўвядзенне сацыялістычнага парадку магчыма праз развіццё класавай барацьбы і сацыяльнай рэвалюцыі, застаючыся пры гэтым выразнікам сялянскіх імкненняў беларускай вёскі. У нацыянальным пытанні БПС-Р адмовілася ад ідэі БСГ пра тэрытарыяльную аўтаномію Беларусі ў межах Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі і адназначна выказалася за ажыццяўленне права вольнага самавызначэння за ўсімі народамі былой царскай імперыі. Асноўныя законы і формы ўлады павінен быў вызначыць. Усебеларускі ўстаноўчы з'езд. Хоць партыя дапускала наладжванне федэратыўных адносін Беларусі з Расіяй, вырашэнне гэтага пытання яна разглядала ў кантэксце перамогі сусветнай рэвалюцыі і ўтварэння сусветнай федэрацыі.

У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А. Аўсянік, Я. Варонка, К. Езавітаў, В. Захарка, П. Крычэўскі, I. Серада, А. Цвікевіч і інш. У нацыянальным пытанні БПС-Ф падтрымлівала абвяшчэнне 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак палітычная лінія партыі не супадала ў нацыянальным пытанні з імкненнямі правага крыла беларускага палітычнага руху. Большая частка членаў ЦК БПС-Ф не падтрымлівала германскую арыентацыю Рады БНР і разам з эсэраўскай фракцыяй спрабавала змяніць яе палітычны курс.

У праграмнай заяве БПС-Ф адмовілася ад увядзення ў абсалют права нацый на самавызначэнне і не абсалютызавала незалежнасць БНР. У 1918 г. у яе праграмных дакументах праводзілася думка пра неабходнасць рэалізацыі канцэпцыі федэралізму, прынятай Усебеларускім з'ездам у 1917 г. у Мінску. Але абвешчаныя з'ездам палажэнні ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва былі падменены ЦК БПС-Ф ідэяй «федэрацыі з суседзямі».

На думку лідара партыі Цвікевіча, акт 25 сакавіка 1918 г. быў спробай «адмежавацца ад Вялікарасіі і яе неразумнага ўрада, аб'явіць сябе самастойнай дзяржавай і тым самым выратаваць будучае адзінага беларускага народа». Фракцыя БПС-Ф вымушана была часта блакіравацца з левым крылом Рады - беларускімі эсэрамі, якія патрабавалі ад апошняй адмовы ад нямецкай арыентацыі.

Тэрытарыяльнае самавызначэнне. Важным аспектам, які істотна ўплываў на магчымасць прызнання дзяржаўнай незалежнасці, было тэрытарыяльнае самавызначэнне, або вызначэнне межаў абвешчанай дзяржавы. Згодна з Трэцяй Устаўнай Граматай, Беларуская Народная Рэспубліка павінна «абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбовую перавагу беларускі народ, а ласьне Магілёўшчыну, беларускія часці Меншчыны, Віленшчыны, Гародзеншчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерній, заселеных беларусамі» .

Адразу пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, 29 сакавіка 1918 г., на пасяджэнні Рады БНР ствараецца камісія міжнародных спраў. Акрамя вырашэння бягучых пытанняў знешняй палітыкі дадзеная камісія займалася дэталёвым вызначэннем межаў БНР. У мемарыяле Народнага Сакратарыята БНР імперскаму Канцлеру Нямеччыны за 5 красавіка 1918 г. падкрэслівалася, што «беларускі народ жыве суцэльнаю масаю ў басейнах верхняга і сярэдняга Дняпра, Нёмана і Заходняй Дзвіны, займаючы тэрыторыю каля 300 тыс. км 2 з агульнай колькасцю насельніцтва да 15 млн». У агульных рысах былі акрэслены межы Беларусі: «ад Дзвінску на поўнач ломанай лініяй да чыгуначнай станцыі Корсаўка, адтуль на ўсход да Ржэва амаль прамой лініяй, ад Ржэва мяжа ідзе ў паўднёва-заходнім кірунку на Бранск, - адтуль на Захад выгнутай лініяй на Ноўгарад-Северскі, Гарадню, вусце Прыпяці і далей уздоўж балот Прыпяці, Буга і Нарэва да Беластоку. Абыходзячы з захаду Беласток і мястэчка Харош, мяжа падымаецца на поўнач да Аўгустова і далей ідзе ломанай лініяй праз Друскенікі, Эйшышкі, Новыя Трокі, Муснікі, Свянцяны і да Дзвінску. Горад Вільня знаходзіцца на беларускай тэрыторыі» . Паводле звестак, пададзеных у мемарыяле, на тэрыторыі Беларусі беларускае насельніцтва складае каля 75 % ад усёй колькасці, яўрэі - каля 10 % і 15 % - іншыя нацыянальнасьці, галоўным чынам палякі, велікарусы, літоўцы, украінцы і інш.

Для атрымання падрабязных (двухвёрставых і дзесяцівёрставых) карт Беларусі Народны Сакратарыят звяртаецца да галоўнакамандуючага германскімі войскамі на Беларусі. 7 мая 1918 г. прынята рашэнне стварыць пры Народным Сакратарыяце Камісію па вызначэнні межаў і стварэнні стратэгічнай карты Беларусі.

У камісіі былі задзейнічаны асобы, добра знаёмыя як з сакрэтнымі ваеннымі апісаннямі памежных раёнаў, так і з жыццём у гэтых раёнах. Перад камісіяй стаяла даволі складаная задача: высветліць з абсалютнаю дакладнасцю кожны ўчастак мяркуемай мяжы БНР, каб пры міжнароднай абароне яе інтарэсаў цвёрда ведаць, што можна патрабаваць, што прасіць і што можна саступіць у пытанні пра мяжу. У склад Камісіі былі запрошаны палкоўнікі Генштаба Дз. Бетхер, А. Брандт і А. Гоерц, палкоўнікі інжынерных войск I. Беніксан і Р. Янушкоўскі.

Камісія разгарнула сваю працу 5 чэрвеня 1918 г. Ужо 14 ліпеня 1918 г. газета «Вольная Беларусь» паведамляла, што Народны Сакратарыят Міжнародных спраў заканчваў падрыхтоўку падрабязнай карты Беларусі паводле этнаграфічнага, гістарычнага і дзяржаўнага прынцыпаў. Вызначэнне дзяржаўнай мяжы праводзілася на строгім навуковым грунце, на падставе даных этнаграфіі, статыстыкі, стратэгіі. I ўжо ў верасні 1918 г. рэдакцыя часопіса «Варта» падрыхтавала да выпуску новую карту Беларусі на беларускай мове ў двух выданнях: вялікую і памерам з паштоўку.

У пошуках міжнароднай падтрымкі . Для таго каб стаць паўнапраўным суб'ектам міжнароднай палітыкі, неабходна было атрымаць прызнанне незалежнасці абвешчанай дзяржаўнасці. Дзеля рэалізацыі гэтага Радай БНР была разгорнута актыўная дыпламатычная работа, правядзенню якой акупацыйная ўлады не чынілі істотных перашкод.

Добрыя ўзаемаадносіны былі наладжаны з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 г. урадам БНР была створана і накіравана ў Кіеў спецыяльная дэлегацыя (дыпламатычная місія) на чале з А. Цвікевічам. Знаходзячыся ў Кіеве, члены місіі сустракаліся са старшынём Украінскай Цэнтральнай Рады М. Грушэўскім і міністрам замежных спраў УНР А. Любінскім. У выніку ўкраінскі ўрад даў сваю згоду на стварэнне беларускай Ваеннай камісіі, якая мела на мэце фарміраванне беларускіх нацыянальных вайсковых частак на ўкраінскай тэрыторыі. У Кіеве былі створаны «Таварыства ўкраінска-беларускага збліжэння» і «Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны». Украіна першай з замежных дзяржаў дэ-факта прызнала БНР. Так, 3 чэрвеня 1918 г. А. Квасніцкі быў прызначаны ўкраінскім консулам у Мінску, а 16 чэрвеня 1918 г. П. Трэмповіч узначаліў Беларускае консульства ў Кіеве. Акрамя Кіева, Беларускае консульства дзейнічала ў Адэсе. Яго ўзначаліў С. Некрашэвіч.

Самым складаным пытаннем ва ўзаемаадносінах УНР і БНР на працягу 1918 г. было пытанне ўстанаўлення беларуска-ўкраінскай мяжы. 19 і 20 красавіка адбыліся першыя пасяджэнні прадстаўнікоў урада БНР і УНР для разгляду справы ўстанаўлення мяжы паміж рэспублікамі. Дэлегацыя БНР прапаноўвала: «У аснову размежавання палажыць прынцып этнаграфічны, але ў цеснай сувязі з прынцыпам геаграфічным і эканамічным» . Як сведчаць архіўныя дакументы, перамовы па размежаванні ішлі вельмі складана. Урады БНР і УНР у канцы красавіка заключылі прэлімінарны дагавор, у якім пытанне пра канчатковае ўстанаўленне беларуска-ўкраінскай мяжы адкладвалася да заключэння адпаведнай дамовы паміж УНР і РСФСР. У маі 1918 г. на Украіне адбыўся дзяржаўны пераварот і мірныя перамовы з РСФСР з 22 мая 1918 г. вёў урад гетмана Скарападскага. Рада БНР накіравала для вядзення перамоў аб беларуска-ўкраінскай мяжы Р. Скірмунта. Але яго дыпламатычная місія поспеху не мела.

Канчатковае ўрэгуляванне шэрага пытанняў двухбаковых узаемаадносін БНР і УНР залежала ў першую чаргу ад пазіцыі Германіі. Улетку 1918 г. геапалітычная сітуацыя для БНР яшчэ больш ускладнілася. Нямецкая газета «Kolne Zeitung» летам 1918 г. паведамляла пра тое, што Савецкі ўрад падаў нямецкаму ўраду сваю прапанову ў форме пажадання, каб нямецкі ўрад апрача ўжо прызнаных дзяржаў не прызнаваў ніякіх новых, якія б меліся яшчэ ўтварыцца на расейскай тэрыторыі. Статс-сакратар замежных спраў Германіі Хінцэ на нарадзе з прадстаўнікамі партый заявіў, што ён лічыць Брэсцкі дагавор за бясспрэчную аснову сваёй палітыкі на Усходзе. Гэтая пазіцыя нямецкага ўрада знайшла сваё лагічнае пацверджанне пры заключэнні 27 жніўня 1918 г. дадатковага дагавора паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Так, у артыкуле чацвёртым гэтага дагавора падкрэслівалася, што Нямеччына ні ў якім выпадку не будзе ўмешвацца ва ўзаемаадносіны паміж Расійскай дзяржавай і прыналежнымі ёй землямі. Акрамя таго, Германія абавязалася вывесці свае войскі на ўсход ад ракі Бярэзіна.

У сувязі з заключэннем дадатковага дагавора абвастрыліся спрэчкі. Так, у рэдакцыйным артыкуле «Гомана» адзначалася: «Нас рэжуць ізноў і ізноў - па берасцейскаму міру, па новай акупацыі, па апошняй дадатковай умове, па спадзяванай новай» . Рада БНР накіравала германскаму ўраду пратэст з нагоды заключэння дадатковага дагавора, але ніякага адказу на свой зварот не атрымала. Германія, як і Савецкая Расія, не была зацікаўленая ў існаванні беларускай дзяржавы.

Разам з тым, нягледзячы на неспрыяльныя знешнепалітычныя абставіны, Рада БНР настойліва імкнулася дасягнуць сваёй галоўнай мэты - дабіцца прызнання незалежнасці БНР на міжнароднай арэне. 18 кастрычніка 1918 г. надзвычайная дэлегацыя Рады БНР накіравала старшыні рэйхстага і рэйхсканцлеру Германіі чарговую ноту з просьбаю прызнаць дзяржаўную незалежнасць Беларусі. У ноце падкрэслівалася, што ў дадзены момант прызнанне Нямеччынай незалежнасці Беларусі з'яўляецца вельмі своечасовым і патрэбным і яно дыктуецца не толькі патрэбамі Беларусі, але і патрэбамі самой Нямеччыны. 20 кастрычніка 1918 г. у Берлін была накіравана спецыяльная дэлегацыя БНР, у склад якой уваходзілі Я. Лёсік, Р. Скірмунт, К. Савіч, I. Луцкевіч, Ш. Разэнбаўм з даручэннем дамагацца ад урада Германіі, якім кіраваў М. Бадэнскі, афіцыйнага прызнання незалежнасці Беларусі і дапамогі ў справе дзяржаўнага будаўніцтва і кіравання, а таксама арганізацыі ўзброеных сіл. Аднак згоды германскага ўрада атрымаць не ўдалося.

22 лістапада 1918 г. быў створаны чацвёрты па ліку ўрад БНР - Савет (Рада) Міністраў на чале з Антонам Луцкевічам. Асноўнай задачай урада былі абвешчаны будаўніцтва і абарона незалежнасці БНР. Новы ўрад абавязаўся дабівацца прызнання незалежнасці Беларусі і аб'яднання ўсіх беларускіх земляў і права голасу на мірнай канферэнцыі.

24 лістапада 1918 г. у Берлін выехала новая беларуская дэлегацыя, якая прывезла пасланне новаму германскаму ўраду - Цэнтральнаму Савету рабочых і салдат у Берліне, у якім выказвалі надзею на тое, што вольны нямецкі народ дапаможа беларускаму народу захаваць сваю свабоду і незалежнасць. Але і новы германскі ўрад праводзіў ранейшую палітыку ў пытанні самавызначэння беларусаў.

Без адказу застаўся і зварот Рады БНР да прэзідэнта ЗША В. Вільсана, накіраваны 20 кастрычніка 1918 г. У дакуменце падкрэслівалася: «просім выратаваць безабаронную Беларусь ад разгрому і ў гэтых мэтах цяпер жа да адыходу акупацыйнай арміі забяспечыць ёй знешнюю недатыкальнасць прызнаннем яе самастойнасці і незалежнасці і ўнутраную бяспеку перадачай у рукі Рады ўсёй паўнаты грамадзянскай улады ў краі» .

Не прынеслі рэальных вынікаў і спробы атрымаць прызнанне незалежнасці з боку ўрада Савецкай Расіі. У час перамоў у лістападзе 1918 г. прадстаўніка БНР Т. Грыба з наркамам па справах нацыянальнасцей РСФСР I. Сталіным не было дасягнута ўзаемаразумення. Між тым прадстаўнікі БНР працягвалі настойлівую міжнародную дзейнасць. У снежні 1918 г. урад БНР пераехаў з Мінска ў Гродна, а потым у Вільню. Менавіта з Вільні 14 снежня 1918 г. была накіравана Нота пратэсту Рады Міністраў БНР міністру замежных спраў Польскай Рэспублікі па прычыне ўключэння «этнаграфічных беларускіх тэрыторый (Беласточчыны і Бельшчыны) у склад Польшчы».

У 1918 г. па сутнасці і прадвызначалася будучыня беларускага народа. Зразумела, што дасягнуць рэальнай дзяржаўнай незалежнасці, калі на тэрыторыі краіны знаходзіцца акупацыйнае войска, было немагчыма. Ва ўмовах германскай акупацыі Рада БНР і Народны Сакратарыят з'яўляліся па сутнасці адзіным цэнтрам на Беларусі, які актыўна дзейнічаў і спрабаваў бараніць інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне, наколькі гэта было магчыма.

У якасці важнейшых геапалітычных задач сваёй дзейнасці Рада БНР вылучыла аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель у адно цэлае і прызнанне незалежнасці БНР на міжнароднай арэне. Палітыкі БНР прыкладвалі намаганні, каб выкарыстаць прадстаўленыя магчымасці для практычнай рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці.

Абмежаваны ў сваёй дзейнасці даволі жорсткімі ўмовамі акупацыі і не маючы дастатковых фінансавых сродкаў і кваліфікаваных кадраў, урад БНР тым не менш дабіўся адносных поспехаў. У 1918 г. БНР атрымала фактычнае прызнанне з боку Украіны, наладзіла свае консульствы ў Савецкай Расіі, на Паўночным Каўказе, карысталася падтрымкай з боку Літвы і Латвіі.

Прадстаўнікі беларускіх рэвалюцыйна-дэмакратычных партый: БСДП, БПС-Р і БПС-Ф, пры рознасці палітычных поглядаў і падыходаў па вырашэнні пытанняў грамадска-палітычнага жыцця, паслядоўна імкнуліся да галоўнай мэты, якая іх аб'ядноўвала, а менавіта практычнай рэалізацыі ідэі дзяржаўнай незалежнасці БНР. Разам з тым, нягледзячы на ўсе намаганні, дабіцца юрыдычнага прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі з боку дзяржаў, якія мелі на той час рэальны ўплыў на геапалітычную сітуацыю, урад і Рада БНР на працягу 1918 г. не змаглі. Беларусь у 1918 г. так і не стала паўнапраўным суб'ектам міжнародных адносін.


Галасы гісторыі

З 17 лютага па 5 сакавіка ў Лідзе праходзіў раённы этап VІІ абласнога краязнаўчага конкурсу "Галасы гісторыі". Як і ўсе папярэднія гады яго мэтай было пашырэнне і актывізацыя краязнаўчага руху сярод навучэнцаў і педагогаў сярэдніх школ, фармаванне нацыянальнай самасвядомасці і грамадзянска-патрыятычных пачуццяў, фармаванне беражлівых адносін да прыроднай і культурнай спадчыны роднага краю, захаванне гістарычнай памяці і традыцый беларускага народа.

Арганізатарам конкурсу стаў Лідскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства навучэнцкай моладзі (дырэктар Л.Ю. Мамантава). А дапамагалі яму, як і ў далёкім 1998 годзе, калі адбыўся першы гарадскі літаратурна-краязнаўчы конкурс "Зямля пад белымі крыламі", цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы і гістарычна-мастацкі музей. Сумесна распрацоўваліся пытанні да бліц-конкурсу, ацэньваліся выступленні каманд-удзельніц, вызначаліся пераможцы кожнай гульні. Бібліятэкай імя Янкі Купалы былі падрыхтаваны грунтоўныя спісы літаратуры па кожнай частцы конкурсу і разасланы ва ўсе публічныя бібліятэкі Лідчыны.

Большасць гульняў адбывалася ў зале раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У гэтым годзе на конкурс выносіліся пытанні па гісторыі і культуры Гарадзеншчыны перыяду 1801-1917 гадоў. У конкурсе "Славутыя імёны Гарадзеншчыны" неабходна было прадставіць сцэнічны расповед пра адну з дванаццаці прапанаваных знакамітых асоб: Адама Багдановіча, Францішка Багушэвіча, Міхала Валовіча, Іосіфа Гашкевіча, Францішка-Ксаверыя Друцкага-Любецкага, Авеніра Касценчыка, Сяргея Мікалаевіча Ланскога, Паўліну Мядзёлку, Пятра Сталыпіна, Януарыя Сухадольскага, Зыгмунта Урублеўскага і Адама Храптовіча.

Вандроўка была цалкам прысвечана падзеям Айчыннай вайны 1812 года і насіла назву "Вайна 1812 года на зямлі маіх продкаў". Кожная каманда павінна была распавесці пра ваенныя падзеі, помнікі і памятныя знакі на месцах баёў і пахавання ўдзельнікаў вайны.

Заключнай часткай конкурсу стала прэзентацыя праекта "Гістарычныя сядзібы: шлях з мінулага ў будучае". Кожная каманда творча падышла да падрыхтоўкі свайго праекта, выкарытоўваючы сродкі мультымедыя, элементы тэатралізацыі, адлюстравала асноўныя звесткі з гісторыі сядзібы, яе сучасны стан, значныя і цікавыя факты з жыцця яе ўладальнікаў. А таксама былі прапанаваны разнастайныя варыянты выкарыстання забудовы ў будучым. Усе прадстаўленыя сядзібы знаходзяцца на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці - у Жалудку і Жымаслаўлі, Красках і Гальшанах, Шчорсах і Азёрах. З лідскіх сядзіб былі прадстаўлены Бердаўка і Тарнова, Дворышча і сядзібы сям'і Столе ў Бярозаўцы. А каманда Першамайскай сярэдняй школы, нават, прапанавала аднавіць у Дуброўні сядзібу Вайдылы (ХІV ст.).

Прымалі ўдзел у конкурсе каманды сярэдніх школ, сфармаваныя з вучняў 8-10 класаў. Адчувалася, што ўдзельнікі добра падрыхтаваліся да гульні, паказалі добрыя веды ва ўсіх чатырох конкурсных частках. Давялося нават праводзіць дзве паўфінальныя гульні. У рэшце рэшт у фінал выйшлі каманады СШ №1 і 16, Бярозаўскай СШ №3 і Бердаўскага НПК. Пераможцам стала каманда навучальнага-педагагічны комплексу "Бердаўскі дзіцячы сад - сярэдняя школа". Яна прыме ўдзел у занальным туры, які адбудзецца ў г. Дзятлава. Жадаем ёй поспехаў.

Асобныя словы ўдзячнасці хочацца сказаць у адрас настаўнікаў, якія рыхтавалі каманды да конкурсу, бо сапраўдае свята атрымалася толькі дзякуючы іх намаганням і клопатам.

Лідчына здаўна славіцца сваімі светлымі памкненнямі да адраджэння нацыянальнай культуры, захавання сваёй слаўнай гісторыі і роднага слова. Няхай так будзе і надалей.

Тамара Зенюкевіч ,намеснік дырэктара Лідскай ЦРБ імя Янкі Купалы.


Паэтычныя імпрэзы ў Лідзе

14 сакавіка чытальная зала Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі была запоўнена цалкам. Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі літаратурную імпрэзу па творчасці слыннай беларускай паэтэсы Раісы Баравіковай. А пазнаёміцца з шэдэўрамі прыгожага пісьменства прыйшлі ў асноўным навучэнцы Лідскага каледжа, а таксама сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце". Кіраўнік "Суквецця" Алесь Хітрун у свой час атрымаў з рук Раісы Баравіковай, тады рэдактара часопіса "Маладосць", прэмію за лепшы празаічны твор, змешчаны ў "Маладосці".

Акрамя расповеду Алеся Хітруна пра сустрэчу з Раісай Баравіковай, прысутныя змаглі пазнаёміцца з творчасцю паэтэсы, пачуць яе вершы самай рознай тэматыкі.

Удзельнікі імпрэзы даведаліся, што Раіса Баравікова акрамя многіх зборнікаў вершаў напісала вострасюжэтную драматычную паэму "Барбара Радзівіл" і аднаіменную п'есу, пастаўленую у 1994 годзе. А яшчэ даведаліся, што 11 траўня Раісе Андрэеўне спаўняецца 65 гадоў, і бібліятэка пастараецца запрасіць яе ў Ліду.

* * *

18 сакавіка ліатаратурная імпрэза прымеркаваная да Сусветнага дня паэзіі прайшла ў Лідскім памежным атрадзе.

На сустрэчу з жаўнерамі-памежнікамі быў запрошаны сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэт і перакладчык Станіслаў Суднік.

У клубе атрада Станіслаў Суднік прадставіў прысутным у асноўным гістарычныя вершаваныя мініяцюры са сваіх кніг "Лідскія скрыжалі" і "Літва". Прагучалі вершы пра самыя розныя гістарычныя асобы і падзеі лідскай гісторыі, тым больш, што асноўная маса жаўнераў не з Ліды, і праз вершы хлопцы хоць што змаглі даведацца пра горад, дзе яны служаць.

С. Суднік прадставіў прысутным часопіс "Лідскі летапісец" і газету "Наша слова".

Апошнія нумары "Лідскага летапісца", кнігі Станіслава Судніка, а таксама літаратурны гадавік "Ад лідскіх муроў" былі перададзены ў бібліятэку часткі.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX