Вярнуцца: 2012

№ 20 (1067)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1067) 16 траўня 2012 г.


Еўра-2012: беларускі футбольны сэрвіс

Гульні футбольнага чэмпіянату Еўропы пачнуцца 8 чэрвеня і пройдуць на стадыёнах Польшчы і Ўкраіны.

Адмыслова з гэтай нагоды Беларускага Радыё Рацыя падрыхтавала першы беларускамоўны спецыяльны сэрвіс, прысвечаны чэмпіянату, які размешчаны на сайце Тут вы можаце знайсці інфармацыю пра ўсе гарады і стадыёны, на якіх пройдуць гульні. А таксама графік гульняў, які будзе аператыўна адлюстроўваць найноўшую сітуацыю. Тут таксама вы зможаце знайсці статыстычны звесткі пра ранейшыя чэмпіянаты Еўропы.

Запрашаем наведаць сэрвіс new.racyja.com/content/eura-2012

Сачыце за падзеямі чэмпіянату разам з намі.

Беларускае Радыё Рацыя.



Магілёўская гарадская арганізацыя

Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Аб правядзенні работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці

Міністэрствам культуры ў межах сваёй кампетэнцыі разгледжаны зварот аб праекце прыбудовы да будынка па вул. Першамайскай, 34а у г. Магілёве, які ўваходзіць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "3" - гістарычны цэнтр (XIV - XX стст.) г. Магілёва.

Згодна з палажэннямі артыкула 37 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" на падставс звароту ТС "МагнітСервісЦэнтр" Міністэрствам культуры заказчыку работ выдадзены дазвол ад 15.04.2011 № 11-01-08/249 на права правядзення навукова-даследчых і праектных работ па будаўніцтву прыбудовы да будынка па вул. Першамайскай, 34а у г. Магілёве з вызначэннем асобых умоў.

Праектная дакументацыя па будаўніцтву прыбудовы да будынка па вул. Першамайскай, 34а у г. Магілёве ў Міністэрства культуры не была прадастаўлена. Заключэнне аб адпаведнасці праектных рашэнняў названай дакументацыі нормам заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь Міністэрствам культуры не выдавалася.

Прававыя нормы для адмены дазволу Міністэрства культуры на права правядзення навукова-даследчых і праектных работ адсутнічаюць.

Намеснік Міністра В.І. Кураш.



24.05 у чацвер у Менску ў рамках праекту "Будзьма!"

"Беларускамоўная адукацыя ў садках і школах сталіцы. Паседжанне бацькоўскага камітэту."

Адказная Алена Анісім.

17.30-18.20

Сядзіба ТБМ. Уваход вольны.


Дарагія сябры!

Калі Вы хочаце азнаёміцца з дзейнасцю ТБМ і яго рэгіянальных арганізацый, даведацца пра распаўсюджанне беларускай мовы ў розных сферах жыцця нашай краіны, запрашаем наведаць партал ТБМ!

tbm-mova.by


130 гадоў з дня нараджэння Ўладзіслава Галубка

Уладзіслаў Галубок (сапр. Уладзіслаў Язэпавіч Голуб; 15 траўня 1882 - 28 верасня 1937) - беларускі драматург, рэжысёр, актор, тэатральны дзеяч.

Нарадзіўся 15 траўня 1882 года на станцыі Лясная (сёння в. Лясная ў Баранавіцкім раёне Берасцейскай вобласці) ў сям'і чыгуначніка. Адукацыю атрымаў у царкоўнапрыходскай школе, здаў экстэрнам экзамены за курс Менскай гарадской навучальні (1906), скончыў у Менску мастацкія курсы. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у краме, слесарам у Менскім дэпо. З дзіцячых гадоў імкнуўся да ведаў, культуры.

У 1917-1920 гадах - актор і рэжысёр Першага таварыства беларускае драмы і камедыі. З 1920 да 1922 года - загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся "Трупа Галубка". Вандроўны тэатар пабываў са сваімі спектаклямі ў самых розных кутках Беларусі. Галубок адначасова выконваў абавязкі мастака-дэкаратара, музыканта-выканаўцы і рэжысёра. Аснову рэпертуару складалі яго п'есы "Пан Сурынта", "Ганка", "Плытагоны", "Пінская Мадонна", "Васіль Хмель", у якіх раскрываецца барацьба беларускага народа за права "людзьмі звацца". Тэатр Галубка карыстаўся выключнай папулярнасцю ў гледачоў. У 1906 годзе У. Галубок пачаў выступаць у перыядычным друку як паэт і празаік. Выдаў зборнік "Апавяданьні" (Пецярбург, 1913). З 1917 году выступаў як драматург. У 1968 г. выйшаў зборнік "П'есы", у 1982 г. - "Творы". Аўтар публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы як мастак-дэкаратар і пейзажыст. Першы Народны артыст БССР.

16 чэрвеня 1923 года ў Серабранскім клубе адбыўся бенефіс кіраўніка трупы Ўладзіслава Галубка - была пастаўленая ягоная п'еса, драма ў пяці актах "Блуд".

Лёс Галубка быў тыповым для нацыянальных дзеячоў Беларусі. Звольнены з усіх пасадаў, у 1937 г. ён быў рэпрэсаваны, і, паводле афіцыйнай версіі, памёр у няволі ад гіпертанічнай хваробы. Трупа Трэцяга Беларускага Дзяржаўнага тэатра Ўладзіслава Галубка была арыштаваная ў поўным складзе і расстраляная. Рэабілітаваны пасмяротна 26 жніўня 1957 года Вярхоўным судом БССР.


100 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іверса

Іверс Анатоль (Іван Дарафеевіч Міско) - заходнебеларускі паэт, нарадзіўся 15 траўня 1912 г. у вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Сям'я, як і многія іншыя аднавяскоўцы, у 1914 годзе выехала ў бежанства і вярнулася дадому ў 1918 годзе. У 1926 годзе Іван паступае вучыцца ў Віленскую беларускую гімназію.

Будучы навучэнцам Віленскай беларускай гімназіі, у 1926 годзе ён уключаецца ў рэвалюцыйную барацьбу супраць польскіх уладаў. І калі ў гімназіі пачалася забастоўка Іван Міско прыняў у ёй актыўны ўдзел. Паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, а Івана Міско пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам.

Ён тройчы быў асуджаны польскім судом, неаднойчы арыштоўваўся дыфензівай. У 1935 годзе Іван Міско служыў у польскай кавалерыі ў Плоцку, калі пад коламі легкавога аўтамабіля загінула яго маці. Пасля службы паэт вяртаецца на бацькоўскі хутар, хутка жэніцца і жыве на гаспадарцы з маладой жонкай і бацькам. Тут жа ён дачакаўся сваёй першай кніжкі "Песні на загонах". Калі прыйшлі "першыя саветы" (1939) і ў Слоніме пачала выдавацца спачатку павятовая, а потым раённая газета "Вольная праца", Анатоля Іверса запрасіў працаваць літсупрацоўнікам рэдакцыі першы рэдактар газеты І.А. Чарняўскі. У 1940 годзе стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.

З лістапада 1943 г. - партызан брыгады імя Ракасоўскага. Да канца вайны Анатоль Іверс узначальваў Слонімскую падпольную антыфашысцкую арганізацыю і быў намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Дзяржынскага. Выдаваў антыфашысцкую газету "Беларусь".

Пасля вайны працаваў у рэдакцыі мясцовай раёнкі. 1949 па 1965 гады, замест творчай працы, паэт працуе майстрам на смолазаводзе, а потым тэхнолагам лесахімічнага завода. Працаваў у газеце, гарсавеце, Слонімскім гарвыканкаме. У 1976-1984 гг. - сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

(Пра Івана Міско чытайце на ст. 5.)


ПРЫЧАШЧЭННЕ РОДНЫМ СЛОВАМ

А. Каўрус глыбока дасведчаны ў пытаннях беларускай мовы, у тым ліку яе культуры: выбар моўных сродкаў (варыянтных і сінанімічных слоў, словаформаў ці сінтаксічных канструкцый). Даследчык клапоціцца, каб не страціліся, а захаваліся і пашырыліся ва ўжытку самабытныя асаблівасці беларускай мовы, якія і вызначаюць яе непаўторнасць і багацце.

Гэтыя і шмат якія іншыя пытанні разглядаюцца ў новай кнізе А. Каўруса "Да свайго слова: пытанні культуры мовы" , якая выйшла ў выдавецтве Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы (Мінск, 2011) накладам 600 асобнікаў. Кніга складаецца з шасці раздзелаў. кожны з якіх у сваю чаргу - з шэрагу падраздзелаў.

У раздзеле "Агледзіны слова" гаворка вядзецца пра парушэнні літаратурнай нормы пераважна ў сродках масавай інфармацыі. Адно з самых прыкрых - ужыванне русізмаў замест сваіх, нярэдка самабытных слоў. У кнізе не толькі прыводзяцца прыклады такіх парушэнняў, з якімі сустракаемся на старонках газет, у тэкстах радыё- ці тэлеперадач, але і даюцца слушныя прапановы, як абысціся без таго або іншага русізму. Так, замест рускага гутарковага нервотрепка ў беларускамоўным перыядычным друку і Беларускім радыё ўжываюцца такія варыянты, як трапанне нерваў , нерванне . А ёсць і яшчэ адзін варыянт унікнення русізму: матанне (вымотванне) нерваў . Дарэчы, з такім варыянтам перакладу сустракаемся ў акадэмічным "Руска-бела-рускім слоўніку" (1982). Падамо яшчэ колькі беларускіх адпаведнікаў русізмаў (слоў і выразаў): падзвіжкі - зрух, зрухі, угон (машыны) - згон, угоншчык - згоншчык, угнаць - сагнаць, чціва - чытво (чытанне), уход у адстаўку - выхад у адстаўку.

Ведучы гаворку пра тэрмінатворчасць 40-90-х гг. ХХ ст., А. Каўрус прыводзіць адпаведнікі рускамоўным тэрміналагічным адзінкам з не ўласцівымі беларускай мове суфіксамі щ-, -ющ-,-ащ-, -ящ-, -ем-, -им- : образующая - утваральная, равнодействующая - раўнадзейная, растворяемость - растваральнасць, нисходящий - сыходны, успокаивающий - заспакаяльны.

Як адзначаецца ў кнізе, ужо ў "Руска-беларускім слоўніку" (1953) да шмат якіх тэрмінаў падабраны беларускія адпаведнікі, якія "дэманстравалі і ўстаўлёўвалі нацыяльную адметнасць і самабытнасць беларускай мовы" (с. 34).

Што ж да зваротных дзеепрыметнікавых формаў, то яны перакладзены ў гэтым Слоўніку беларускімі аддзеяслоўнымі прыметнікамі з суфіксамі -н-, -к-, -л- : напракти-ковавшийся - напрактыка-ваны , запыхавшийся - задыханы, качающийся - хісткі, укоренившийся - укаранелы. Адзначаюцца выпадкі перакладу дзеепрыметнікаў апісальна - " які + дзеяслоў цяперашняга часу ў трэцяй асобе адзіночнага ліку": преломляющий - які пралямляе, удавшийся - які ўдаўся . Назіранні А. Каўруса пацвярджаюць правільнасць такой пазіцыі лексікографаў. Шэраг назоўнікаў (у тым ліку наватворы) з тыповымі для беларускай мовы суфіксамі ў ролі адпаведнікаў рускіх дзеепрыметнікаў няспынна пашыраецца: выступоўца, выступальнік, нападнік, размоўца, правяральнік, спачувальнік, смуткоўца, спадзяванец, спрыяльнік, завітанец і інш.

Нярэдка пошук натуральнага беларускага адпаведніка і яго ўваходзіны ва ўжытак займае працяглы час. Прыкладам могуць быць словы, якія абазначаюць працэс размовы і яго ўдзельнікаў. Абмяжуемся некаторымі беларускамоўнымі адпаведнікамі асобных рускіх слоў або выразаў, з якімі сустракаемся ў кнізе: бел. моўнік, моўца - рус. говорящий ; так-сама: суразмова - собеседование, маўленчая асоба - говорящее лицо .

Некаторыя словы, перш чым заняць належнае месца ў беларускай літаратурнай мове, прайшлі, як паказвае даследчык, складаны шлях выпрабаванняў, жорсткага супраціву з боку некаторых мовазнаўцаў. Сярод іх - распавесці і яго аднакаранёвікі расповед, аповед , якія сёння годна пачуваюць сябе ў нашай мове.

Другі раздзел - "З беларускай граматыкі". У адным з яго падраздзелаў А. Каўрус выказвае абгрунтаваныя меркаванні адносна прыметнікавых формаў тыпу найнізкі, найбагаты, найглыбокі (г. зн. з далучэннем прыстаўкі най- да пачатковай формы прыметніка). Рэч у тым, што некаторыя даследчыкі (у прыватнасці, П. Жаўняровіч) такія формы лічаць неапраўданымі: маўляў, акадэмічная граматыка толькі адзначае іх рэдкае выкарыстанне "ў мове мастацкіх твораў" (с. 87). Адмоўна ставіцца да такіх формаў і У. Казбярук, які "нідзе - ні на Беласточчыне, ні на Наваградчыне, ні на Полаччыне, ні ў іншых месцах… не чуў слоў тыпу найдобры, найсмачны, найпрыгожы " (с. 87-88). Але "не чуў" - гэта далёка не навуковы крытэрый ацэнкі пэўнай моўнай з'явы як ненарматыўнай. Ужо нават тое, што такія формы найвышэйшай ступені ўжываюцца ў мастацкіх тэкстах, служыць надзейнай асновай для сцверджання: "Гэта дастатковая падстава, каб іх ацэньваць станоўча" (с. 87). Каб абвергнуць "чужароднасць" згаданых вышэй (і падобных да іх) формаў, А. Каўрус лічыць нялішнім нагадаць, што такія прыметнікавыя формы ўжываліся ў беларускіх мастацкіх творах 1920-30-х гадоў (М. Чарот, А. Мрый, У. Жылка і інш.). Не чужародныя гэтыя формы і сучасным аўтарам - пісьменнікам, журналістам, літаратуразнаўцам, крытыкам (падамо толькі некаторыя са згаданых у кнізе прозвішчаў: Э. Агняцвет, А. Адамовіч, З. Азгур, М. Арочка, Р. Барадулін, Р. Бярозкін, Н. Гілевіч, М. Гіль, У. Гніламёдаў, С. Законнікаў, К. Кірэенка, Г. Кісялёў, А. Куляшоў, М. Купрэеў, М. Лынькоў, В. Макарэвіч, І. Мележ, Я. Сіпакоў). Засведчаны такія формы і ў "Слоўніку беларускай мовы" І. Насовіча, у "Расійска-беларускім слоўніку" (1928) С. Некрашэвіча і М. Байкова.

Аўтар кнігі непрымальна ставіцца да пазіцыі тых мовазнаўцаў, якія лічаць, што дзеяслоўныя формы 1-й асобы множнага ліку загаднага ладу супадаюць з формамі 1-й асобы множнага ліку абвеснага ладу. Ягоны пункт гледжання выразны і абгрунтаваны (дарэчы, ён адлюстраваны і ў акадэмічных граматыках беларускай мовы): "Трэба з усёй пэўнасцю падкрэсліць: выступаючы са значэннем загаднага ладу, дзеяслоў заканамерна набывае і адмысловы марфалагічны сродак загаднасці - канчатак - ем(-эм) . Таму калі ў абвесным ладзе асабовыя формы канчаюцца на -ём(-ом) : бяром, забяром, пяём, спяём , то ў загадным ладзе гэтыя дзеясловы маюць канчатак -ем(-эм ): бярэм, забярэм, пяем, спяем " (с. 100).

Некаторыя дзеепрыметнікі залежнага стану ўтвараюцца і ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі -іва-, -ва- . Паводле названай вышэй граматыкі і ў гэтым выпадку дзеепрыметнікі не ўтвараюцца, што, аднак, пярэчыць маўленчай практыцы, дзе такія дзеепрыметнікавыя формы ўжываюцца: абліваны, згадваны, здабываны, паказваны, паліваны, ужываны, ушчуваны і інш. Сюды, як лічыць А. Каўрус, трэба далучыць вытворы ад дзеясловаў на -оўваць - тыпу дастасоўваны, параўноўваны, рэалізоўваны .

Вялікую практычную каштоўнасць (для настаўнікаў, перакладчыкаў, журналістаў, пісьменнікаў) мае матэрыял раздзела, дзе даволі падрабязна падаюцца асноўныя адпаведнікі (сродкі замены) неўласцівых беларускай мове формаў дзеепрыметнікаў з суфіксамі - уч-, -юч-, -ач-, -яч- , (с. 135-163). Часцей за ўсё заменнікамі выступаюць прыметнікі з рознымі суфіксамі (абмяжуемся некаторымі прыкладамі):

-лів- : гнятлівы - гнетущий, блуклівы - блуждающий, грымлівы - гремящий, мірглівыя (зоркі) - мерцающие (звезды), дрымлівыя (рэкі) - дремлющие (ре-ки), шапатлівае (трысцё) - шуршащий (тростник);

-льн- : згасальны - угасающий, узрушальны - потрясающий, гаварыльны - говорящий, вырашальны (фактар) - решающий (фактор);

-н- : заходны - заходящий, падыходны - подходящий, наводнае (пытанне) - наводящий (вопрос), думныя (палітыкі) - думающие (политики);

-оў-н- : атакоўны - атакающий, інтрыгоўны - интригующий, канфліктоўны - конфликтующий, пульсоўны - пульсирующий, паноўны (клас) - господствующий (класс);

-оў-ч- : арганізоўчы (цэнтр) - организующий (центр), накіроўчая (сіла) - направляющая (сила), мабілізоўчая (работа) - мобилизирующая (работа);

-ацый-н- : кансалідацыйнае, мабілізацыйна е (значэнне) - консолидирующее, мобилизирующее (значение), характарызацыйная, актуалізацыйная (фукцыя) - характеризующая, актуализирующая (функция), канстатацыйная (інтанацыя) - констатирующая (интонация);

-к- : міготкае (святло) - мигающий (свет), кіпяткая (вада) - кипящая (вода), лёткая (птушка) - летящая (птица).

Адпаведнікамі рускіх формаў дзеяслова з суфіксамі -ащ-, -ящ-, -ущ-, -ющ -, якія ўжываюцца ў функцыі назоўнікаў, у сучаснай беларускай маўленчай практыцы, усё шырэй выстапаюць субстантываваныя прыметнікі і назоўнікі. Параўн.: бел. наступоўца - рус. наступающий ; таксама: нападоўнік, нападнік, нападчык - нападающий, ахвотны - желающий, пакутны - страждущий, распытвальнік - распрашивающий, адпачыванец ( адпачывальнік, адпачываншчык ) - отдыхающий ; таксама: пажаданец, прапаноўца, выязджанец, непрыманец, пратэстоўца, выступовец ( выступоўца, выступальнік, выступальшчык ).

Замяшчальнікам дзеепрыметнікаў з суфіксамі -уч-, -юч-, -ач-, -яч-, -ш-, -ўш- можа быць дзеепрыслоўе. Адна з прычын, якая не спрыяе шырокаму ўжыванню дзеепрыметнікаў, у прыватнасці ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду, з'яўляецца аманімія з дзеепрыслоўямі, што замінае адназначнаму ўспрыманню выказвання: А тут - бяскрайні сасновы лес, прыцярушаны марозным снегам, захапляючы сваёй магутнай цішынёй (П. Пестрак).

Параўнаем, як перакладаюцца беларускія дзеепрыслоўі на рускую мову: Бегучы, дзяўчынка ўпусціла мячык і Бегущая девочка уронила мячик ; таксама: Мы, жывучы ў Беларусі, выдатна разумеем… як нам яшчэ далёка да Еўропы (П. Садоўскі). - Мы, живущие в Беларуси, отлично понимаем… У сказе А праз нейкі час // Данеслі крумкачы, // Што яны сустрэлі // Чаек летучы (М. Танк) дзеепрыслоўе прапануецца перакласці на рускую мову такім варыянтам (як адным з мажлівых): летящих (чаек).

У кнізе разглядаецца такая асаблівасць беларускай мовы, як ужыванне дзеепрыслоўяў (галоўным чынам у гутарковым і мастацкіх стылях) з суфіксамі -ўш-, -ш- у складзе выказнікаў: Зоська босая, але старанна прычасаўшыся і адзеўшыся (Я. Купала); Думаю: вось і мяне магло так забіць на вышках, на доміку, што цяпер згарэўшы (М. Гарэцкі); Абодва берагі рэчкі былі густа заросшы старымі дрэвамі… (Я. Колас); Адзін з ваяроў быў упаўшы на падлогу… (П. Васючэнка). Дарэчы, у "Граматыцы беларускай мовы: сінтаксіс" (Мінск, 1966) такія выказнікі не лічацца адхіленнем ад літаратурнай нормы. Памяркоўна і нават прыхільна ставіўся да падобных выказнікаў Р. Клюсаў, навуковец, які "ў цэлым актыўна ігнараваў спецыфіку беларускай мовы" (с. 151). Ён піша: "Некаторыя з падобных выразаў атрымалі нават літаратурнае прызнанне. Так, напрыклад, бытуе выраз «ён быў выпіўшы», і мы не адчуваем якой-небудзь нязвыкласці такога словаўжывання. Параўнаем падобныя ж прыклады ў К. Крапівы: «Хай танцуюць кулі й рыкшы, танцаваць яны прывыкшы »...; у Р. Мурашкі: «Там дзядзькі нашы ой як згаладаўшыся па добрым слове»" (с. 161-162). Нельга не пагадзіцца з абгрунтаванай высновай А. Каўруса, што ўжыванне дзеепрыслоўяў у функцыі выказніка "ў пэўнай ступені кампенсуе абмежаванасць некаторых формаў дзеепрыметніка, якія для рускай мовы з'яўляюцца звычайнымі, нарматыўнымі", а ў беларускай ўспрымаюцца "як ненатуральныя, скалькаваныя" і, паводле навуковай кваліфікацыі, "непажаданыя ва ўжытку" (с. 162). З улікам сказанага вышэй рускамоўны сказ тыпу Люди приходят на работу неотдохнувшими (НТБ. 23. 12.2002) па-беларуску прапануецца перадаць так: Людзі прыходзяць на працу не адпачыўшы.

Надаецца ўвага разгляду самабытных асаблівасцяў беларускага сінтаксісу. Адна з іх - канструкцыя "прыназоўнік з + родны", якая выражае прычыну або падставу дзеяння: з прычыны, з прывычкі, з ініцыятывы, з жадання, з любові, з болю і інш.: У шчэпку высах з той хады (Я. Колас); Струны хай грымяць і рвуцца, // З болю, з гневу (А. Гарун); З гэтае прычыны яму было крыху і нядобра (Я. Колас); З старой прывычкі Мікуць сказаў: - Памажы божа (К. Чорны). Дарэчы, такая канструкцыя, як адзначае А. Каўрус, была прадукцыйная ў старой беларускай мове: зиме з морозовъ и метелицы по дорогамъ многое множество людеи… померло (Баркалабаўскі летапіс, канец ХVІ - пачатак ХVІІ ст.).

Для абазначэння прычыны, падставы дзеяння пашырэнне атрымалі формы роднага склону з прыназоўнікам паводле : Але, паводле спецыяльных жаданняў заказчыка, сурвэты рабіліся любых колераў і рознакаляровыя (К. Чорны); Паводле патрабавання Каліноўскага, Цэнтральны камітэт пазбаўляўся права пасылаць у Беларусь і Літву якіх-небудзь агентаў (Г. Кісялёў); Зрабіў гэта, паводле просьбы Тэраўскага, Міхась Чарот (М. Лужанін).

Аднак і да гэтага часу, "на жаль, і навуковыя, і школьныя граматыкі… не «ўзаконьваюць», не кадыфікуюць такіх канструкцый" (с. 173).

У кнізе разглядаюцца выпадкі злоўжывання ў маўленчай практыцы (у тым ліку пісьмовай) прыназоўнікам па , паказваецца, якія іншыя адпаведнікі могуць выступаць як сінанімічныя з "па"-канструкцыямі, напрыклад: па гэтай прычыне - з гэтай прычыны, па заканчэнні сходу - пасля сходу, па праву лічыцца - справядліва (правільна) лічыцца, па большай частцы - збольшага, вялікі па памеры - вялікі паводле памеру - вялікі памерам - вялікі на памер . А вось якія сінанімічныя формы спалучэння па прымусу ўжываюцца ў мастацкіх творах, перыядычных выданнях: прымусам, пад прымусам, па прымусе, з-пад прымусу, з прымусу, прымусова .

На аснове аналізу багатага фактычнага матэрыялу ў кнізе робіцца даволі ўдалая спроба паказаць, у якіх выпадках больш правільна выказальнае слова (назоўнік, прыметнік і інш.) у складзе састаўнога іменнага выказніка ўжываць у форме назоўнага склону, а ў якіх - творнага.

Звычайна ў форме творнага склону "выступаюць назоўнікі ў спалучэнні з дзеясловамі-звязкамі стаць, зрабіць і пад." (с. 184): Стары замахаў вакол сябе кіем. Сабака стаў зверам (К. Чорны); Але ці не самым прыкметным вынікам яго шанавання памяці пра воінаў другой сусветнай сталася ўратаванне помніка выдатнаму палкаводцу (ЛіМ. 12.10.2000).

Пры звязцы быць назоўнік можа мець форму як творнага, так і назоўнага склону: Былі яны аднакласнікамі некал і (Б. Пятровіч); Валянцін Таўлай быў нястомны шукальнік (А. Клышка).

Калі няма звязкі (нулявая звязка), найчасцей ужываецца назоўнік у форме назоўнага склону: Вялікая сіла - роднае слова! (І. Навуменка); Мясцінка як мясцінка (І. Мележ); Ён жа ім не раўня (І. Пташнікаў).

Закранаючы спрэчныя пытанні, А. Каўрус, як гэта і належыць сапраўднаму навукоўцу, не навязвае чытачу сваё меркаванне як адзіна магчымае, не прадпісвае норму, а "далучае чытача да пошуку і выбару найбольш прыдатнай формы слова, спалучэння слоў, будовы сказа" (с. 7). Так, няпроста даць адназначны адказ на пытанне: якая будзе правільная форма прыналежнага прыметніка ад назоўніка Вольга? Адно з меркаванняў даследчыка - Вольжын , паколькі тыповым для беларускай мовы з'яўляецца чаргаванне г - ж (дарэчы, яно зафіксавана ў помніках беларускага пісьменства ХVІ ст.). Аднак зрабіць канчатковую выснову замінае яшчэ адна форма, сустрэтая ў мове мастацкай літаратуры, - Вользін : Каля іх [каменняў], як куры ў пяску, грабліся Вользіны дзеці ( В. Адамчык. Год нулявы). Адзначана гэтая форма і ў некаторых помніках старажытнаўсходнеславянскай, а таксама старой беларускай мовы: Ользины, Ользинъ, Вользинъ . Ужываецца форма Вользін і ў роднай мне стрэшынскай гаворцы (Жлобінскі раён).

У раздзеле "Водгукі" крытычна асэнсоўваюцца (з меркаваннямі, аргументамі) погляды іншых вучоных на неўпадабаныя імі словы ( прыкмета, намнажаць, накіруна к…) або іх формы ( вачэй, гадоў, межаў, плячэй, імёнаў …), якія, аднак, сталі агульнаўжывальнымі, таму што адпавядалі патрэбам маўленчай практыкі.

Апошні раздзел "Асцерагаймася памылак" прысвечаны выяўленню і кваліфікаванаму аналізу шматлікіх моўных памылак (агрэхаў, апісак, недакладнасцяў), з якімі даследчыку давялося сустрэцца на старонках кніг, часопісаў, газет.

Кніга таленавітага мовазнаўца А. Каўруса напісана на высокім навукова-тэарэтычным узроўні, вызначаецца глыбокім аналізам фактычнага матэрыялу і абгрунтаванымі высновамі. Чытаеш змешчаныя ў ёй артыкулы (лінгвістычныя абразкі, водгукі) - і прычашчаешся родным словам, бо напісаны яны не навукападобнай моваю, а натуральнай, з ужываннем самабытных слоў (формаў) і канструкцый, - той, на якой гаварылі спакон вякоў нашы чуйныя да слова вяскоўцы, на якой створаны класічныя творы беларускай літаратуры.

Васіль Рагаўцоў , загадчык кафедры беларускай мовы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова, доктар філалагічных навук, прафесар.


СВЕТ РЭЧЫВАЎ У ТВОРАХ ЯКУБА КОЛАСА

Творчы шлях Якуба Коласа ўвасабляе цэлую эпоху ў гісторыі літаратуры. Пра мастацкія вартасці ягоных твораў сказана і напісана нямала. А што, калі ў якасці дапаўнення паглядзець на іх яшчэ і вачыма хіміка? Якія звесткі пра рэчывы і іх ператварэнні, няхай і між іншым, згадаў гэты аўтар?

Вось радкі з паэмы "Новая зямля":

Тым часам

Спас святы мінуўся

І лес у чырвань апрануўся.

Дрыжаць у золаце асіны

І гнуцца кісці арабіны.

Змяненне колеру рэчываў - адна з прыкмет хімічных рэакцый, сведчанне таго, што пэўныя рэчывы ператварыліся ў іншыя. Калі лісты раслін дасягаюць пэўных памераў, у іх пачынаюцца працэсы старэння. Знешне гэта праяўляецца ў пажаўценні або пачырваненні. Гэта звязана з разбурэннем хларафілаў, назапашваннем антацыянаў і каратыноідаў. Вось адкуль і "чырвань", і "золата"…

Самае распаўсюджанае на Зямлі рэчыва - вада, або аксід вадароду. Яна пакрывае амаль 3/ 4 паверхні планеты, без яе немагчымае жыццё. Многія літаратары, і Колас у тым ліку, не раз у сваіх творах пішуць пра ваду. Напрыклад:

Цякла тут з лесу невялічка

Травой заросшая крынічка.

Абодва берагі каторай

Лазняк, ракітнік абступалі;

Бруіліся ў цяньку іх хвалі

І ў луг чуць значнаю разорай

Ішлі спакойна між чаротаў,

Рабілі многа заваротаў,

Аж покі ў Нёман не ўцякалі.

("Новая зямля")

Тут ужо пачатак экалагічнага даследавання: лазняк, ракітнік, чарот, сапраўды, растуць пры вадзе, і больш, чым многія іншыя расліны, маюць у ёй патрэбу.

Паміж малекуламі вады ўтвараюцца так званыя вадародныя сувязі. Прыцягваючыся адна да адной, малекулы Н 2О пакідаюць паміж сабою пустэчы, асабліва ў лёдзе, дзякуючы чаму лёд лягчэйшы за вадкасць і плавае на яе паверхні. Гэта дазваляе вадаёмам, як правіла, не прамярзаць наскрозь, таму арганізмы перажываюць зіму. Прамярзанне вадаёмаў пачынаецца з паверхні.

Вада на лузе разлілася,

А потым лёдам занялася.

Мароз падскочыў

ды прыціснуў.

Вада і збегла, лёд павіснуў:

Цяпер наніз ён ападае.

А лёд таўшчэзны,

важкасць мае,

А паміж лёдам і вадою

Ўнізе над мёрзлаю зямлёю

Пустое месца астаецца.

("Новая зямля")


Або яшчэ:

- Эх ты, лёд-гвалтоўнік!

Што ты вытвараеш?

Ты на што вадзіцу

Крыўдзіш і ўшчуваеш?

Бедненькай, ёй цёмна,

Цесна пад табою.

Хай жа пагамоніць,

Мілая, са мною!

("На рэчцы зімою")

У рэчываў малекулярнай будовы, у тым ліку ў вадзе, сілы ўзаемнага прыцягнення паміж малекуламі слабейшыя за хімічныя сувязі, таму гэтыя рэчывы легкаплаўкія. Так, вада плавіцца пры тэмпературы ўсяго 0 °С (для параўнання: крэмнезём - асноўная частка пяску - рэчыва немалекулярнай будовы, плавіцца пры 1713 °С; крышталічны ёд, хоць і мае малекулярную будову, плавіцца пры 186 °С). Вось праходзіць зіма, сонца пачынае больш грэць - і крышталікі лёду разбураюцца, рэчыва пераходзіць у вадкі стан:

Сонца грэе, прыпякае,

Лёд на рэчцы затрашчаў…

( "Песня аб вясне")

Вада - слабы электраліт, у нязначнай ступені яе малекулы распадаюцца на іоны Н+ і ОН-. У нейтральным асяроддзі канцэнтрацыя гэтых іонаў аднолькавая, у кіслым асяроддзі большая канцэнтрацыя іонаў Н+, у шчолачным - ОН-. І глебы таксама бываюць кіслыя, нейтральныя, шчолачныя. Расліны, якія прыстасаваны да пэўных паказчыкаў канцэнтрацыі гэтых іонаў у глебе, называюцца індыкатарамі глебаў. Канюшына, хвошч, верасы і іншыя расліны - індыкатары кіслых глебаў. Большасці культурных раслін патрабуюцца нейтральныя або слабашчолачныя глебы. Вось што пра гэта сказана ў Коласа:

Край наш бедны,

край наш родны!

Лес, балоты і пясок…

Чуць дзе луг

крыху прыгодны -

Хвойнік, мох ды верасок.

("Наш родны край")

Тут згадваюцца расліны - індыкатары кіслых (рН<7) глебаў.

Аснову літасферы - цвёрдай абалонкі Зямлі - складаюць злучэнні крэмнію, у тым ліку аксід крэмнію (IV), або гліназём SiO 2. Найбольш чыстым лічыцца рачны SiO 2, паколькі дамешкі арганікі, якія заўсёды прысутнічаюць у навакольным асяроддзі, у рэках вымываюцца цячэннем. Рачны пясок белы або крыху жаўтаваты:

І ўсхліпвае рэчка

ў пясках залатых,

Як маці па дзецях сваіх…

("На рэчцы")


На дне пясочак

жоўты, чысты,

Вадою згладжаны, зярністы.

("Новая зямля")

Газа - адна з фракцый перагонкі нафты. Як і нафта ў цэлым, яна складаецца з вуглевадародаў. Іх гарэнне - прыклад экзатэрмічных рэакцый, пры якіх выдзяляецца цеплыня:

На току ў дзяцькі,

бы ў святліцы,

Маркотна свеціць

блеск газніцы;

Дрыжыць агеньчык сіратліва,

Убокі ходзіць палахліва.

Браджэнне - ферментатыўнае расшчапленне вугляводаў. З гэтай з'явай мы сутыкаемся, напрыклад, у хлебапячэнні:

Дзень быў святы.

Яшчэ ад рання

Блінцы пякліся

на сняданне <…>.

Услон заняў сваё ўжо месца,

На ім стаяла дзежка цеста,

І апалонік то і дзела

Па дзежцы боўтаў

жвава, смела

І кідаў цеста ў скавародкі.

Давала піск яно кароткі,

Льючыся з шумам на патэльні,

І ў жар стаўлялася пякельны;

І там з яго ўжо ўвачавідкі

Пякліся гладзенькія пліткі

Блінцоў з-пад нізу

наздраватых,

Угору пышна, пухла ўзнятых.

("Новая зямля")

Пры гэтым адбываюцца наступныя хімічныя рэакцыі:

1) гідроліз крухмалу: (C 6H 10O 5) n + nH 2O --> nC 6H 12O 6;

2) браджэнне глюкозы: С 6Н 12О 6 --> 2С 2Н 5ОН + 2СО 2.

Вуглякіслы газ СО 2, які ўтвараецца пры спіртавым браджэнні, робіць цеста, як сказана ў Коласа, "наздраватым", з-за чаго яно прапякаецца не толькі звонку, але і знутры (у працілеглым выпадку мякіш мог бы застацца сырым). Пры награванні газ пашыраецца, таму і чутны пры лопанні пухіркоў у цесце піск.

Пад уплывам бактэрый у ротавай поласці вугляводы ператвараюцца ў кіслоты, а апошнія пераводзяць нерастваральныя мінеральныя рэчывы зубоў у растваральныя:

Цукеркі дзеду - не, не любы,

Няхай іх к ляду: псуюць зубы.

Ды лепш не знаць іх,

ну іх к ляду,

Гэту дзявочую прынаду!

("Новая зямля")

Дым - дысперсная сістэма, дзе цвёрдыя часцінкі размеркаваны ў асяроддзі газу. Гэтая сістэма здаўна выкарыстоўваецца ў пчалярстве дзеля ўціхамірвання пчол:

Дай дыму ім! дай,

Дай ім дыму!..

Га, трохі ёсць!

Давайце выму, -

Кандрат дзялянку падразае,

І крэхча, бедны, і пацее,

Пчала ад дыму

бы п'янее <…>.

("Новая зямля")

А вось прыклад кіравання працяканнем хімічнай рэакцыі, няхай і на побытавым узроўні: "Лабановіч павыбіраў лісткі і брашуркі, падлажыў пад іх запалку. Папера загарэлася". Г. зн. рэчыву (паперы) была паведамлена энергія актывацыя, з-за чаго яно аказалася здольным да хімічнага ператварэння. І далей: "Андрэй патрос яе ражончыкам, каб апроч чорнага пораху, нічога не засталося…". ("На ростанях".)

"Патрос ражончыкам" дзеля павелічэння паверхні сутыкнення рэагуючых рэчываў - цэлюлозы паперы і кіслароду паветра. Рэакцыя, якая пры гэтым адбывалася, можа быць апісана ўраўненнем: (C 6H 10O 5)n +6nO 2 --> 6nCO 2 + 5nH 2O.

Хімія - прыродазнаўчая навука. І для любой кнігі па прыродазнаўству эпіграфам могуць стаць радкі Якуба Коласа з трылогіі "На ростанях":

"О, прырода! Колькі вялікага задавальнення дае нам яна! Бо прырода - найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачыма кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы - хіба ж гэта не ёсць шчасце?"

Уладзіслаў ЛУПАКОЎ, настаўнік хіміі СШ № 10 г. Берасця.



Прэс-рэліз Музейная акцыя "Ноч музеяў"

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Праграма: "Веснаход"

Дата правядзення: 18.05.2012

"Музей, які змяняецца, у зменлівым свеце" (ICOM)

Вясной, калі аднаўляецца прырода, чалавеку як ніколі хочацца пераменаў, абнаўлення, адраджэння. Таму невыпадкова Літаратурны музей Максіма Багадановіча вырашыў гэтае музейнае мерапрыемства сёлета правесці ў вясновай, поўнай прагі зменаў танальнасці. Тым больш, што сам Максім Багдановіч вельмі любіў гэтую пару года: згадаць хаця б яго цудоўны верш "Маёвая песня" ці прасякнуты радасным адчуваннем адраджэння навакольнага свету верш "Перад паводкай."

Кожнае новае знаёмства - гэта нейкія змены, а ноч музеяў - гэта цудоўная нагода пазнаёміцца. Знаёміцца з музеем можна з самага маленькага ўзросту. Менавіта з арт-дзеі "Фарбы траўня" для самых юных наведвальнікаў і пачнецца сёлетняя праграма. З дапамогай мастакоў і супрацоўнікаў музея дзеці ажыццявяць падарожжа ў чароўны свет вобразаў Максіма Багдановіча, і змогуць падзяліцца іх бачаннем праз асабістую творчасць. У дзетак будзе магчымаць памаляваць з бацькамі крэйдай на пляцоўцы каля музея, упрыгожыць сябе малюнкам і зрабіць на памяць вясновую аплікацыю, і ўсе гэта пад "сонечную" музыку ад "сонечных" музыкаў.

Максім Багдановіч першым з беларускіх паэтаў звярнуўся да напісання танка - традыцыйных японскіх вершаў. Сёлета ў музеі будзе магчымасць бліжэй пазнаеміцца з культурай Японіі: пагуляцца ў гульні, даведацца пра цікавыя традыцыі краіны Узыходзячага сонца.

Завершыць "Веснаход" канцэртная праграма "Навальніца вясны" з удзелам гуртоў "Пацукі" і "Нельга забыць".

План:

17.00 - 18.00 музычна-фальклорная дзея "Вяснянка" з удзелам дзіцячых калектываў Нацыянальнага палаца дзяцей і моладзі;

18.00 - 20.00 - арт-праграма "Фарбы траўня": маляванне крэйдай, вясновы бодзі-арт для наведвальнікаў музея, выраб папяровых матылёў;

20.00 - 21.30 - інтэрактыўна-відовішчная імпрэза "Разам з Максімам";

21.30 - 23.00 - "Навальніца вясны": канцэрт.

Уваходны квіток: дарослы 5000, дзіцячы 2500.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча, вул. М. Багдановіча, 7а.

Кантактная асоба: загадчык экскурсійна-масавага аддзела Мацук Юлія Багуславаўна, тэл. прац. 334-07-61.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы


Моўная сітуацыя і моўная палітыка ў Шатландыі: гісторыя і сучаснасць

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

15 і 16 стагоддзі - залаты век шатландскай літаратуры на скотс, адзначаныя ў тым ліку творчасцю менестрэляў, або, як іх называлі ў Шатландыі, makars - стваральнікаў. Іх творы надзвычай узбагацілі і развілі скотс. Гэта мова шырока выкарыстоўвалася і ў дыпламатычных стасунках.

Адзначаецца, што ў 16 - 17 стагоддзях адназначнага стаўлення да ўзаемаадносін скотс і англійскай мовы не было. Шатландцы і англічане лічылі скотс і англійскую двума дыялектамі адной мовы альбо дзвюма мовамі, у залежнасці ад сваіх сацыяльных і палітычных поглядаў. Але памылкова думаць, што скотс успрымалася як дыялект англійскай. Гэтаму маецца шмат доказаў. Напрыклад, у адным дакуменце 16 стагоддзя сярод замежных моў, якімі валодае каралева Англіі Елізавета Першая называецца і скотс.

Адной з перадумоў заняпаду мовы скотс стала тое, што, як ужо адзначалася, у пачатку 17 стагоддзя шатландскі кароль Джэймс Шосты заняў англійскі трон пад імем Джэймса Першага, а шатландскі двор перамясціўся ў Лондан. Акрамя таго, шатландскія пратэстанты не пераклалі Біблію на скотс, а вырашылі карыстацца англійскай Бібліяй Караля Джэймса. Хаця адзначаецца, што першая поўная версія Новага Запавету на скотс з'явілася каля 1530 года.

Адукаваныя шатландцы пераходзілі на англійскую мову, якая таксама пачала моцна ўплываць на скотс. Даходзіла да анекдатычных выпадкаў. Так, шатландскі паэт і філосаф Джэймс Біцці выдаў слоўнік скотыцызмаў не для адраджэння мовы скотс, а спецыяльна для таго, каб паказаць суайчыннікам, якіх словаў яны павінны пазбягаць у правільнай англійскай гаворцы. Было створана таварыства па прасоўванні англійскай мовы ў Шатландыі. Быць шатландцам зрабілася непапулярна. Адзначаецца, што многія выбітныя шатландцы таго часу, напрыклад, Дэвід Юм, лічылі сябе не шатландцамі, а паўночнымі брытанцамі.

Тым не менш, у 18 стагоддзі частка шатландскіх паэтаў і пісьменнікаў пісала на скотс і перакладала на яе сусветную класіку. Прычым, у адрозненне ад сярэднявечных папярэднікаў, якія часам штучна ўскладнялі мову, напрыклад, лацінскімі граматычнымі канструкцыямі, новыя паэты цалкам перайшлі на народную гутарковую мову. У 1786 годзе Роберт Бернс выдае сваю першую кнігу "Вершы ў асноўным на шатландскім дыялекце", якая набывае надзвычайную папулярнасць.

"Тытан" шатландскага адраджэння, сэр Вальтар Скот у пачатку 19 стагоддзя выдае тры тамы шатландскіх балад. У сваіх англамоўных раманах Скот выкарыстоўваў дыялогі на скотс.

Зрэшты, менавіта Скот адрадзіў традыцыю шырокага выкарыстання шатландскай народнай вопраткі. У 1822 годзе яму было даручана арганізаваць прыём у Эдынбургу брытанскага манарха Георга Чацвёртага. Той быў шчырым прыхільнікам раманаў Скота і спачуваў яго захапленню ўсім шатландскім. Таму Скоту ўдалося пераканаць караля апрануць шатландскі касцюм, хоць той і спалучыў яго з трыко, каб не паказваць свае паўнаватыя ногі. Скот арганізаваў і працэсію шатландскай шляхты, так-сама апранутую ў тартан.

Шырока выкарыстоўваў шатландскія словы ў сваіх творах Роберт Льюіс Стывенсан. Ён таксама спрабаваў адлюстроўваць на пісьме асаблівасці шатландскага вымаўлення. Адзначаецца, што ў другой палове 19 стагоддзя пісаліся і творы цалкам на скотс. Тым не менш, як і ў выпадку з гэльскай, выкарыстанне скотс у школах было забароненае і каралася. Зрэшты, паведамляецца, што не далей, як у 1993 годзе адзін чалавек быў арыштаваны за знявагу суду за тое, што ён размаўляў на скотс падчас разбіральніцтва.

У пачатку 20 стагоддзя ўзнікае лаланс (Lallans) - сінтэзаваная з розных дыялектаў, літаратурная шатландская мова. Асноўнай фігурай у яе стварэнні быў паэт Хью Мак-Дэрмід.

Хью Мак-Дэрмід (псеўданім Крыстафера Мюрэя Грыва) у канцы 20-ых гадоў ўдзельнічаў у заснаванні Нацыянальнай партыі Шатландыі (папярэдніцы сучаснай Шатландскай нацыянальнай партыі), але ў 1933 яго выключылі з яе шэрагаў за тое, што ён быў камуністам. Дарэчы, Мак-Дэрмід напісаў тры паэмы пра Леніна. У 1934 ён далучаецца да брытанскай кампартыі, адкуль яго выключаюць праз чатыры гады - зараз ужо за нацыяналізм. Пазней сяброўства ў кампартыі ён аднавіў.

Скотс і шатландская англійская мова ў сучаснасці

Пытанне аб тым, ці валодаюць людзі мовай скотс, у межах перапісу насельніцтва першы раз было зададзена толькі ў 2011 годзе. Яго вынікі будуць вядомыя не раней, як у другой палове 2012 года. Таму пакуль пры вызначэнні колькасці людзей, якія размаўляюць на скотс, можна абапірацца толькі на вынікі выбарачных апытанняў. Апошняе з іх было праведзена ў 2010 годзе. Апытанне прыблізна тысячы чалавек паказала, што часта размаўляюць на скотс - 20%, даволі часта - 23%, калі-нікалі - 27%, рэдка - 15% і ніколі - 14%. Адзначым, што па дадзеных перапісу 2001 г. агульная колькасць насельніцтва Шатландыі трохі большая за 5 мільёнаў чалавек. Іншыя пытанні гэтага шматпланавага даследавання, а таксама вынікі іншых апытанняў на гэту тэму падрабязна разглядаюцца ніжэй. Адзначаецца, што скотс - гэта самая распаўсюджаная меншасная мова Вялікабрытаніі, пры гэтым фінансавая падтрымка ёй аказваецца найменшая.

Скотс мае шэраг даволі своеасаблівых дыялектаў. Адным з дыялектаў з'яўляецца гарадскі скотс. Некаторыя людзі выкарыстоўваюць назву пэўнага дыялекту ў дачыненні да ўсёй мовы. Не ўсе носьбіты мовы скотс ведаюць сам гэты тэрмін. Некаторыя, гаворачы на скотс, могуць нават сказаць, што яны выкарыстоўваюць шатландскі слэнг.

Сёння ў шатландскім Лоўлэндзе мова большасці людзей знаходзіцца дзесьці на кантынуюме, адзін полюс якога - скотс, а супрацьлеглы - шатландскі варыянт англійскай мовы.

З гэтай нагоды - колькі слоў пра англійскую мову ў Шатландыі. У адных крыніцах адзначана, што ў Шатландыі разам са скотс і гэльскай выкарыстоўваецца шатландская англійская мова, у іншых - проста англійская. Шатландская англійская мова апісваецца як вынік кантакту паміж скотс і стандартнай англійскай мовай пасля 17 стагоддзя. Як ужо адзначалася, англійская мова ў пэўны момант пачала ўплываць на скотс, які паступова англізаваўся. Гэты працэс асабліва паскорыўся ў другой палове 20 стагоддзя з пашырэннем доступу да СМІ на англійскай мове і ростам мабільнасці насельніцтва.

У адрозненне ад, напрыклад, Уэльса, у Шатландыі распаўсюджаны свой стандартны дыялект англійскай мовы - стандартная шатландская англійская мова. Такім чынам, нават найбольш сацыяльна прэстыжныя формы англійскай мовы ў Шатландыі маюць спецыфічна шатландскія элементы. Ад стандартнай англійскай мовы гэты дыялект адрозніваецца ў асноўным шэрагам фанетычных асаблівасцей, але маюцца таксама лексічныя і граматычныя адрозненні, абумоўленыя ўплывам скотс. На англійскую мову Хайлэнду аказала ўплыў гэльская.

У адным артыкуле 1979 года адзначалася, што найбольш распаўсюджаны ў Лоўлэндзе маўленчы тып мае адносна нізкую частотнасць лексічных і граматычных шатландызмаў і таму атрымаў назву разрэджаная скотс. Гэтая гаворка называецца іншым аўтарам "дыялектам, які з'яўляецца хутчэй варыянтам англійскай мовы з вялікай колькасцю рыс, якія ўзыходзяць да скотс".

Многія ў Шатландыі размаўляюць і на скотс, і на англійскай, часта выкарыстоўваючы і мяшаную мову. Як і ў сітуацыі з нашай трасянкай, нялёгка вызначыць, ці размаўляе пэўны чалавек на скотс з англійскімі элементамі ці па-англійску з элементамі скотс. Пазіцыя Цэнтра мовы скотс заключаецца ў тым, што размаўляць на скотс - гэта не тое самае, што размаўляць па-англійску з шатландскім акцэнтам.

Выбар канкрэтнай мовы білінгвамі часта абумоўлены сітуацыяй. Шатландскую англійскую ў асноўным выбіраюць у фармальных абставінах ці ў размове з чалавекам больш высокага статусу. Скотс, як адзначаецца ў літаратуры, значна часцей выкарыстоўваецца прадстаўнікамі рабочага класу і сялянамі.

Адно даследаванне адносін дзяцей горада Глазга да гучання стандартнай англійскай мовы і стандартнай шатландскай англійскай паказала, што стандартная англійская ўспрымаецца як мова снобаў. Дзеці таксама адказалі, што ў тых, хто так размаўляе, больш шанцаў атрымаць працу. Палове гучанне стандартнай англійскай не падабалася. Пры гэтым, многія дзеці назвалі шатландскія словы слэнгам.

Маіх уласных уражанняў, натуральна, абсалютна недастаткова, каб рабіць абагульненні. Размаўляючы з людзьмі ў Эдынбурга, я чуў адказы на цалкам стандартнай англійскай мове, гаворку з шатландскім акцэнтам, але таксама і такую спецыфічную гаворку, у якой разумеў зусім не кожнае слова. Праўда, трэба ўлічыць, што ў Эдынбургу шмат замежнікаў.

(Працяг у наст. нумары.)


Выратавальнік касцёла Св. Андрэя ў Слоніме

Да 100-годдзя Анатоля Іверса (Івана Міско)

Мне давялося пазнаёміцца са спадаром Міско ў Слоніме, у 1978 годзе, калі ён быў адказным сакратаром слонімскай раённай арганізацыі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Пасля апошняй вайны слонімскія ўлады зачынілі ўнікальны помнік беларускага барока з элементамі ракако касцёл Св. Андрэя, збудаваны ў канцы ХVІІІ ст. і прыстасавалі яго пад склад солі, з мэтай яго паступовага разбурэння і зносу. Бо соль паступова назапашвалася ў падмурках і сценах будынка, разбураючы іх. Пачынаючы з 1969 года Іван Міско змагаўся за захаванне гэтага шэдэўра беларускага дойлідства і патрабаваў вывезці соль з інтэр'ераў былога храма. Аднак улады не спяшаліся гэта рабіць. У 1978 годзе Міско звярнуўся ў Міністэрства культуры і СНРВМ МК БССР (дзе я тады працаваў археолагам і быў сакратаром камсамольскай арганізацыі) з прапановай уключыць будынак касцёла ў план рэстаўрацыйных работ і перадаў адпаведную даведку, якую мы зараз і друкуем.

Паколькі план рэстаўрацыйных прац і так быў перагружаны заяўкамі на рэстаўрацыю, і спецыялістаў не хапала, кіраўніцтва СНРП прапанавала камсамольскай арганізацыі разгледзець гэтую прапанову, з'ездзіць у Слонім, высветліць сітуацыю на месцы і, пры жаданні, пачаць работы па выратаванні будынка спачатку на грамадскіх пачатках. У Слонім разам са мной паехалі дзве дзяўчыны-архітэктары, таксама камсамольскія актывісткі, зараз закамітыя рэстаўратары - Вольга Атас і Людміла Іванова.

Прыехалі ў Слонім, пазнаёміліся з Іванам Міско, які і тады гаварыў і пісаў афіцыйныя паперы па-беларуску, што нас моцна здівіла, і агледзелі будынак.

Потым пайшлі да кіраўніцтва горада. Пасля доўгіх перамоваў дамовіліся аб пачатку рэстаўрацыі будынка пад кіраўніцтвам Вольгі Атас. Улады выдзелілі групу вайскоўцаў, якія разбілі ламамі скамянелую соль і вывезлі яе з будынка.

Вакол будынка паставілі драўляныя рыштаванні і пачаліся навуковыя даследаванні, каб пачаць рэстаўрацыйныя работы. Справы ішлі марудна, грошай выдзялялі няшмат і таму будынак здолелі толькі закансерваваць.

Пасля развалу СССР касцёл вярнулі вернікам, былі запрошаны польскія спецыялісты, якія ўжывалі самыя сучасныя тэхналогіі і касцёл Св. Андрэя быў цалкам адноўлены.

Было б добра, каб імя Івана Міско, які выратаваў гэты шэдэўр беларускага дойлідства, ведалі і згадвалі ў сваіх малітвах вернікі, якія належаць да парафіі касцёла Святога Андрэя.

Алег Трусаў, канд. гістарычных навук.



Мінск, вул. Горкага, 141.

Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні МК БССР.

Д А В Е Д К А

Касцёл св. Андрэя, які знаходзіцца ў Слоніме на вуглу вуліц Янкі Купалы і Касманаўтаў, пабудаваны ў 1775 годзе. з'яўляецца архітэктурным помнікам барока з багата аформленым фасадам, пышнымі карнізамі сцен. Быў разбураны ў Першую сусветную вайну і адноўленыў 1925 годзе.

У час Вялікай Айчыннай вайны гэты помнік архітэктуры не пацярпеў. Слонімскі гархарч-прамгандаль выкарыстоўвае яго як склад солі. За пасляваенныя гады ўсё ўнутранае абсталяванне, у тым ліку і выдатны арган, знікла з касцёла.

Гэтае "складское памяшканне" ні разу не рамантавалася, патупова падвяргалася атмасферным і іншым разубрэнням. У выніку больш чым абыякавых адносін арандатараў да свайго склада амаль поўнасцю знішчана чарапічная страха помніка. Ад дажджоў і снегу пачало разбурацца і ў некалькіх месцах прадзіравілася скляпенне.

Атмасфернаму разбурэнню найбольш падвергся фасад: пачалі адвальвацца карнізы, выпадаюць са сцен цагліны. Пашкоджана правая вежа, з яе купала адрываецца бляха. Ва ўсіх вокнах выбіта шкло. Вакол некаторых аконных праёмаў таксама адвальваюцца цагліны. Значна пацярпелі ад разбурэння прыбудоўкі пры бакавых сценах. На левай прыбудоўцы няма страхі, абсыпалася тынкоўка. Вышчарбіўся край цаглянай кладкі. Правая прыбудоўка амаль у такім жа стане, хоць сёе-тое засталося ад страхі. Знішчана цагляная агароджа, што была ўзведзена вакол касцёла.

Найлепш захавалася задняя (усходняя) сцяна.

Усе аконныя і іншыя праёмы не забіты дошкамі, у будынак лазяць дзеці і іншыя непажаданыя там асобы. Дырэктар гархарчпрамгандлю Барыс Філіпавіч Міхайлаў, які працуе на гэтай пасадзе каля дзесяці гадоў, абяцаў, што ў студзені бягучага года будзе вывезена соль з касцёла і тады закрыюць дошкамі ўсе адтуліны. Калгасы паступова вывозяць соль, але ўсю яшчэ не вывезлі.

У перапісцы раённай арганізацыі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры за 1969 год ёсць рашэнне № 140 выканкома Слонімскага гарсавета, дзе запісана: "Абавязаць дырэктара гархарчпрамгандлю тав. Міхайлава Б.Ф. у бягучым годзе прывесці ў адпаведны стан пераданы гархарчпрамгандлю касцёл святога Андрэя і прылягаючую да яго тэрыторыю".

Раённае аддзяленне Таварыства пісьмом ад 17 лістапада 1969 года паведаміла тав. Міхайлаву Б.Ф. аб рашэнні № 140 выканкома гарсавета. 19 лістапада дырэктар гандлю даў адказ, што ў бягучым годзе не будзе рамантаваць касцёл "з-за адсутнасці сродкаў".

1 снежня 1969 года такі ж адказ выслала ў аддзяленне Таварыства начальнік упраўлення гандлю Гродзенскага аблвыканкома В. Кзачэўская.

У далейшай препісцы ёсць даведка, што выканаўчы камітэт Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне № 68 ад 23 лютага 1970 года, у якім абавязаў Слонімскі гарсавет вызваліць касцёл св. Андрэя ад солі і правясці яго кансервацыю за кошт арандатара. Гарсавету было дазволена таксама выдаткоўваць штогодна да 3 тысяч рублёў на ўтрыманне помнікаў.

Адказны сакратар Слонімскай раённай арганізацыі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (І. Міско).


У Слоніме ўшанавалі памяць паэта Анатоля Іверса і прафесара, паэта Алега Лойкі

Слонімскія актывісты адзначылі першы дзень траўня насычанай праграмай. Як распавёў журналіст, краязнавец і публіцыст са Слоніма Сяргей Чыгрын, спярша прайшла прэзентацыя адразу некалькіх кніг.

- Гэта тры кнігі Анатоля Іверса, кніга яго твораў, вершаў і ўспамінаў "Аўсяныя росы", кніга ўспамінаў пра Анатоля Іверса і кніга журналісцкіх вандровак, напісаных на працягу ўсяго жыцця, а таксама кніга яшчэ аднаго заходнебеларускага паэта, мала вядомага, ён друкаваўся яшчэ з 1938 года, жыў тут у нас у вёсцы Азярніца, сябра Анатоля Іверса - Алеся Сучка (Пятра Дабрыяна). І дзве кнігі мае асабістыя - адна прысвечана гісторыі Альбярціна і другая кніжка "Па слядах Купалы і Коласа", якая літаральна на мінулым тыдні пабачыла свет у выдавецтве "Кнігазбор".

Пазней сябры дэмакратычнага згуртавання Слоніма наведалі магілу знакамітага земляка, доктара філалагічных навук, прафесара Алега Лойкі і ўсклалі кветкі на яго магілу.

- Мы вырашылі наведаць магілу слыннага беларуса, нашага земляка прафесара Алега Лойкі. Магіла яго знаходзіцца на вуліцы Чырвоных партызанаў у Слоніме на гарадскіх могілах. Сёння як раз дзень нараджэння Алега Лойкі. Яму споўнілася б 81 год. І заўсёды Першамай Алег Антонавіч любіў сустракаць у Слоніме,- кажа Сяргей Чыгрын.

Прайшло амаль чатыры гады пасля смерці вялікага беларуса, а памяць пра Алега Лойку ўладамі Слоніма так і не ўшанавана, нягледзячы на ранейшыя абяцанні мясцовых чыноўнікаў.

Завершылі свой дзень актывісты Слоніма невялікім семінарам, прысвечаным самакіраванню.

Яна Запольская.


Кніга Мікалая Плавінскага да юбілею Полацка

З 24 траўня ў Полацку пачынаюцца ўрачыстыя святкаванні 1150-годдзя першага згадвання горада ў летапісах, якія будуць доўжыцца цэлы тыдзень. Да гэтай падзеі выходзіць шмат розных выданняў - фотаальбомы, кнігі па гісторыі горада.

Вось і сталічнае прыватнае выдаветва "Галіяфы" да юбілею Полацка выдае адмысловую кнігу "Войска Полацкага княства ад часоў Рагвалода да эпохі Усяслава Чарадзея". Аўтар кнігі - гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі. Дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў паведаміў, што гэта вельмі прыгожае і змястоўнае выданне:

- Мікалай Плавінскі напісаў кнігу "Войска Полацкага княства ад часоў Рагвалода да эпохі Усяслава Чарадзея" да 1150-годдзя першай летапіснай згадкі Полацка. Там вельмі шмат малюнкаў графічных, фотаздымкаў. Яна ўся на дыхтоўнай паперы.

Мікалай Плавінскі - адзін з самых знаных у Беларусі даследчыкаў старажытнарускай зброі і матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X-XIII стст. З 1999 года ён працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, загадвае навукова-фондавым аддзелам археалогіі, нумізматыкі і зброі.

Васіль Кроква.


Гісторыя чыгункі на Лідчыне

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Новы цагляны вакзал "астраўнога" тыпу ў Лідзе быў пабудаваны па тыпавому праекту для сумеснага карыстання абедзвюх дарог і акрамя пералічаных аб'ектаў меў дадатковыя пакоі для каменданта і яго канцылярыі, а таксама буфет з «драўляным, абсыпаным зямлёй, ледніком» для захоўвання прадуктаў. Пасажырскія платформы рабілі з каменнага друзу або бітай цэглы, якую залівалі вапнавым растворам. Платформы былі абсыпаны пяском і ўтрамбаваная «да шчыльнасці добрай садовай дарожкі» . Па краях і пасярэдзіне платформы ўкладваліся дарожкі з дошак. Каля кожнага вакзала ўладкоўваліся «садкі», разбіваліся кветнікі. Плошчу і вуліцу каля вакзала масцілі каменем. Усе жылыя і службовыя памяшканні да адкрыцця дарогі былі «цалкам мэбляваныя і забяспечаныя білетнымі скрынямі і штэмпелямі, вагавым абсталяваннем, брызентам, вогнетушыльнымі прыборамі, сігнальным інвентаром, інструментамі, качэргамі, венікамі ...» 25 .

Усе іншыя чыгуначныя будынкі - казармы, паўказармы, будкі вартаўнікоў, лінейныя будынкі, будаваліся з дрэва і прызначаліся для пражывання адміністрацыйнага персаналу сярэдняга і ніжняга звяна, рабочых, абходчыкаў і вартаўнікоў. Жылы фонд будаваўся капітальна і спраўна служыць аж да сёння, больш за 100 гадоў з дня пабудовы.

На пачатку студзеня 1907 г. новая лінія здаецца ў пастаянную эксплуатацыю, «Курьер Літоўскі» пісаў: "Ад 1 студзеня лінія Балагое - Ваўкавыск з адгалінаваннем на Гародню, далучана да Мікалаеўскай дарогі. Па ёй адкрыты рэгулярны рух цягнікоў. Часова курсуе толькі адна паштова - пасажырскіх пара цягнікоў, з якіх кожны складаецца з аднаго вагона першага класу, аднаго - другога класу і двух вагонаў трэцяга класу.

Цягнік выходзіць з Балагое ў 04-30, з Полацка ў 19-41, з Маладзечна ў 01-45, з Ліды ў 05-51, прыбывае ў Ваўкавыск у 09-00.

З Ваўкавыска выходзіць у адваротны бок у 22-45, з Мастоў у 23-45, з Ліды ў 01-40, з Маладзечна ў 05-20, з Полацку ў 11-27. У Балагое цягнік прыбывае ў 02-50.

З Гародні цягнік выходзіць у 19-15, прыбывае ў Масты ў 20-55. З Мастоў на Гародню адпраўляецца ў 11-10 і прыбывае ў 12-50" 26 . Праз некалькі тыдняў газета адзначае, што "Адкрыццё руху па чыгунцы Балагое - Сядлец паскорыла гандлёвы пульс у нашым краі … Артэрыя гэта мае для яго вялікае эканамічнае значэнне … Але ўзмацнілася русіфікацыя краю з-за наплыву інжынераў, прадпрымальнікаў, чыгуначных службоўцаў … якія на чыгунцы заўсёды былі "з над Волгі"" 27 .

Ужо ў траўні прэса 28 паведамляла пра "абставіны чыгуначнага крушэння: паштовы цягнік № 4 выйшаў уначы 11 траўня са станцыі Ваўкавыск у бок Балагое перапоўнены пасажырамі. Катастрофа здарылася ў 6 гадзін раніцы на 662 вярсце, бліжэй да Маладзечна. Раздаўся аглушальны скрыгат, пасля чаго лакаматыў і частка вагонаў паваліліся з высокага насыпу ў дол. На рэйках засталіся толькі апошнія вагоны цягніка. Пачалася страшная паніка. З ацалелых вагонаў у ніжняй бялізне павыбягалі пасажыры бо катастрофа вырвала іх са сну. Абслуга цягніка шукала доктара ці фельчара сярод не пацярпелых пасажыраў. Унізе, пад насыпам з пабітых вагонаў разносіліся страшныя стогны і енкі. Пасля сёмай раніцы прыйшлі выратавальныя цягнікі з боку Ліды і Маладзечна. Забіты: машыніст Жукоўскі, яго памочнік Суровіч і адзін пасажыр, цяжка паранены качагар і тры памочнікі, лёгка паранены падкандуктар Землякоў і 5 пасажыраў. 11 траўня з Пецярбурга на месца катастрофы выехаў міністр шляхоў зносін Шаўфус 29 ".

Цяжкія інцыдэнты, пэўна, не абыходзілі і Палескую чыгунку, бо ў лістападзе 1907 г. прэса паведамляла: "З-за неаднаразовых няшчасных выпадкаў з гібеллю людзей на чыгунцы, міністэрства шляхоў зносін запатрабавала ад кіраўніцтва Палескіх чыгунак прыняць самыя энергічныя меры для недапушчэння падобных інцыдэнтаў у будучыні" 30.

Ад пачатку эксплуатацыі чыгункі участак ад Балагое да Ваўкавыска перадаецца Мікалаеўскай дарозе, а ад Ваўкавыска да Сядляца-Прывісленскім дарогам. У 1909 г. ў сувязі з будаўніцтвам чыгункі Полацк-Сядлец прадугледжвалася поўная перабудова станцыі Ліда. З адкрыццём лініі меркавалася «перанесці карэннае дэпо з Вільні ў Ліду і зрабіць у Вільні абаротнае дэпо» 31. Але вайна перашкодзіла гэтым планам. У 1910 годзе ўчастак Ваўкавыск-Полацк уключаны ў склад Палескіх дарог.

У красавіку 1910 г . "селянін Ракішка кінуўся пад хуткі цягнік і загінуў пад яго коламі. Прычынай гэтага страшнага ўчынку сталася адсутнасць сродкаў да жыцця" 32. А праз некалькі дзён "на станцыі Ліда адбылося сутыкненне манеўровага лакаматыва з таварным цягніком ... вагоны атрымалі пашкоджанняў на 1500 рублёў" 33.

У снежні 1911 г. "Кур'ер Літоўскі" пісаў пра новае сур'ёзнае крушэнне цягніка: «Больш падрабязна пра катастрофу на чыгуначнай станцыі Ліда: калі таварны цягнік рухаўся ад Ліды да станцыі Скрыбаўцы, семафор быў зачынены, але як раз у момант калі цягнік праходзіў стрэлку, стрэлачнік па памылцы перавёў яе на іншую лінію. У выніку 6 вагонаў сышлі з рэек і валакліся 250 сажняў, руйнуючы ўсё на сваім шляху. Кандуктар тармазоў Стулаў быў забіты адразу, старшаму кандуктару Казлоўскаму скамячыла абедзве нагі і ён памёр у чыгуначным шпіталі ў Вільні, кандуктару Юхневічу пашкодзіла грудную клетку, ён знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане. У катастрофе вінаваты дзяжурны па станцыі які недакладна паведаміў стрэлачніку пра лінію, па якой будзе рухацца цягнік. Дзяжурны адразу адхілены ад сваіх абавязкаў» 34 .

У 1911 г. камісія па перспектыўнаму будаўніцтву пры Міністэрстве шляхоў зносін Расіі вызначыла, што чыгункі павінны будавацца з улікам эканамічных патрэбаў тэрыторый. Планы міністэрства абмяркоўваліся ў Дзяржаўнай Думе. Быў прыняты план праектавання і будаўніцтва дарог на 1911-13 гг. У Беларусі планавалася пабудаваць дарогу Магілёў-Паставы-Свянцяны-Паневеж і чыгунку Ліда-Араны (зараз - Варэна) даўжынёй 60 км 35 . Дарога Ліда-Араны павінна была злучыць новую дарогу Балагое-Сядлец з дарогай Пецярбург-Варшава, яна мела б і ваеннае значэнне для перавозкі грузаў і расейскіх войскаў да Прусіі ў выпадку вайны. Па ўспамінах людзей, ў 1914 г. ужо былі пачаты падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву. Вядома, што на тэрыторыі Лідчыны, чыгунка павінна была прайсці прыкладна па трасе сучаснай аўтадарогі Ліда-Радунь.


Заробкі на чыгунцы былі ў сярэднім у два разы большыя за заробкі на іншых прадпрыемствах 36 . У 1913 г. стаўкі зарплаты на Палескай дарозе былі наступныя: інжынеры атрымлівалі 1800 - 2400 руб. у год, тэхнікі - 1200 руб. у год, дарожныя майстры 480 - 720 руб. у год, машыністы, у залежнасці ад класа 742 - 510 руб. у год, качагары 255 - 270 руб. у год, шчэпшчыкі вагонаў 240 - 468 руб. у год, стрэлачнікі 240 - 156 руб. у год, шараговыя пуцейцы 144 - 228 руб. у год 37 . У 1882 г. на Палескай дарозе было зацверджана "Палажэнне аб абмундзіраванні…". Абмундзіраванне атрымлівалі тэлеграфісты і тэлефаністы, машыністы і памочнікі машыністаў паравозаў, качагары і дарожныя майстры - шматлікія іншыя катэгорыі чыгуначнікаў, у сярэднім на абмундзіраванне аднаго работніка трацілася 11 руб. 43 капейкі ў год. Выплачваліся грошы на здыманне кватэы (некаторым катэгорыям работнікаў давалася бясплатнае жыллё), розныя прэміі, у выпадку працы за межамі сваёй зоны - камандзіровачныя і сутачныя выплаты, розныя грашовыя дапамогі 38 .


Пасля пачатку Першай Сусветнай вайны і паразы рускіх войскаў ва Ўсходняй Прусіі пачалося наступленне немцаў ва Ўсходняй Польшчы. Рэзка вырасла значэнне Лідскага аэрадрома, сюды з-пад Варшавы пераляцела эскадра самалётаў "Ілья Мурамец". Узнікла патрэба ў дастаўцы вялікай колькасці грузаў на аэрадром і была пабудавана каляя ад вакзала да аэрадрома. Легендарнай асаблівасцю гэтай будоўлі стала тое што будавалі каляю, у тым ліку цераз пойму рэчкі Лідззейкі, адны жанчыны (мужчыны пагалоўна былі мабілізаваныя ў войска). Аднак немцы акупавалі Заходнюю Беларусь. Пры адступленні рускіх войскаў з Ліды ў 1915 г. ў горадзе быў знішчаны будынак лідскага вакзала і віадук на скрыжаванні Палескай і Полацк-Сядлецкай чыгунак каля сучаснай бальніцы, рускія войскі ўзарвалі чыгуначныя масты, у тым ліку і праз раку Гальшанку на перагоне Юрацішкі-Багданаў (Вайгяны). Немцы не аднаўлялі мост, а блізка ад яго ўладкавалі станцыю перагрузкі з шырокай і вузкай каляямі. Станцыя "Лістапады" на ўчастку Маладзечна - Ліда пры наступе немцаў у 1915 г. разбурана артылерыяй. Пасля вайны замест аднаўлення гэтай станцыі была пабудавана бліжэй да Маладзечна новая станцыя Гаронькі (зараз Валожын). У 1915 г. Ліду наведаў кайзер Вільгельм.

З 1920 г. чыгункі Лідчыны ўваходзілі ў склад Віленскай акруговай дырэкцыі Польскіх дзяржаўных чыгунак. У склад Віленскай акруговай дырэкцыі уваходзілі рэгіянальная аддзелы. Лідскі аддзел меў 703 км чыгункі і 2 226 супрацоўнікаў. Чыгунка была найбуйнейшым працадаўцам у рэгіёне, амаль што ўся каляя яшчэ немцамі была перашыта на еўрапейскі стандарт (з 1524 на 1435 мм) 39 . З-за змяншэння аб'ёму перавозак па лініі Ліда - Маладзечна (яна стала амаль што тупіковай), на гэтым адрэзку была знята другая каляя.

Верагодна, 24 жніўня 1923 г. адбылося найвялікшае чыгуначнае крушэнне за ўсю гісторыю лідскай чыгункі. Загінула 50 чалавек і больш за 100 чалавек было паранена, калі пад Лідай пасажырскі цягнік "Вільня - Варшава сышоў з рэек. Трагедыя была выклікана размывам чыгуначнага насыпу 40.

Па ўспамінах відавочцаў, на пачатку 1920-х гадоў, пакуль не быў адноўлены будынак вакзала, замест яго выкарыстоўвалася таварная кантора чыгунки - зараз адзін з будынкаў паліклінікі па вул. Труханава.

Пасля аднаўлення вакзал быў пафарбаваны ў светла-крэмавы колер і пакрыты чырвонай дахоўкай. Пасярэдзіне была зала білетных касаў і памяшканне для захоўвання багажу. Дзяцей прыцягвалі 2 аўтаматы, якія прадавалі смачны шакалад: малая плітка каштавала 20 а вялікая 50 грошаў. Злева ад цэнтральнай залы была вялікая зала чыгуначнага рэстарана 1-га класу з буфетам: "У рэстаране можна было смачна пад'есці, а ў буфеце атрымаць розныя вытанчаныя халодныя закускі, найлепшую вяндліну, фашырованага шчупака, галярэту ці селядца з рознымі салатамі. Да ежы падавалася гарэлка, віно і піва лідскага бровара ці віленскага бровара "Шапэн". Алкаголь пілі культурна і не шмат, ніколі не бачыў я каб хтосьці валіўся з ног ці ладзіў сваркі " 41 . Направа ад цэнтральнай залы вакзала была зала чакання, ў якой месцілася паштова-тэлеграфнае аддзяленне Ліда-2 з тэлефонам-аўтаматам.

Летам 1944 года Лідскі вакзал быў спалены і разбураны. Яго аднавілі толькі ў 1949 г. Але гісторыя лідскай чыгункі ў гады Другой Сусветнай вайны і пасля яе, а таксама гісторыя вузкакалейнай чыгункі на Лідчыне - гэта асобныя тэмы.

Апошняя рэканструкцыя Лідскага вакзала адбылася ў 2010 годзе.


24 Шимелевич М. Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

25 Вульфов А. Заповедная железная дорога // Наука и жизнь. 2001. № 12.

26 Kuryer Litewski № 2, 4(17) stycznia 1907.

27 Kuryer Litewski № 16, 21 stycznia (3 lutego) 1907.

28 Kuryer Litewski № 106, 16(29) maja 1907.

29 Мікалай Канстанцінавіч Шаўфус (1846-1911) - ваенны інжынер, генерал-лейтэнант. З 1905 г. начальнік Упраўлення чыгунак Міністэрства шляхоў зносін і сябра ад міністэрства ў Савеце па тарыфных справах пры Міністэрстве фінансаў. З 25 красавіка 1906 г. па 29 студзеня 1909 года міністар шляхоў зносін.

30 Kuryer Litewski № 249, 7(20) listopada 1907.

31 Карэннае дэпо з'яўлялася цэнтрам цягавага участка (цягавага пляча). За даўжыню кожнага ўчастка прымалася адлегласць паміж карэннымі дэпо. Да такіх дэпо для рамонту і абслугоўвання былі прыпісаны грузавыя і пасажырскія паравозы. У прамежках паміж карэннымі размяшчаліся абаротныя дэпо, дзе знаходзіліся рэзервовыя паравозы на выпадак паломкі лакаматываў.

32 Kuryer Litewski № 73, 1(14) kwietnia 1910.

33 Kuryer Litewski № 81, 10(23) kwietnia 1910.

34 Kurjer Wilenski № 158, 7(20) grudnia 1911.

35Kuryer Wilenski № 92, 26 kwietnia (9 maja) 1911.

36 Шибеко З. В. Шибеко С.Ф. Минск: Страницы жизни дореволюционного города. 1990. Минск, С. 32.

37 Железная дорога Беларуси. История и современность. Минск, 2001. С. 100. 112.

Для параўнання: Кошт страў у чыгуначнай сталовай быў: суп без мяса - 5 кап., каша з маслам - 5 кап., суп з мясам - 10 кап., смажаніна - 10 кап., "Пры ўсіх стравах адпускаецца неабмежаваную колькасць хлеба на чалавека бясплатна" .

38 Железная дорога Беларуси. История и современность. Минск, 2001. С. 103-105.

39 Skrуt opisowy organizacji i działalności Dyrekcji Wileńskiej Kolei. Wilno, 1920. S. 34. 36.

40 Meriden Daily Jornal. Aug 24, 1923.

41 Naruszewicz Wl. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 97.

Леанід Лаўрэш


Краязнаўства і любасць да Айчыны - сёстры

Асэнсаванне радзімнасці да мяне ішло праз слуцкія традыцыі, песні, абярэгі, прыкметы. Іскры святога язычніцтва яскравіліся, грымелі ў купальскіх агнях, Калядных, Вялікодных замоўных, песнявых абрадах нашай вёскі, суседніх.

З гадамі ацаніў пекнасць заакіяння, еўрапейскіх гарадоў і замкаў, але чым болей захаплялі яны, тым вышэй узнімалася, сэрцам і душой цанілася асобнасць і прыгажосць сваёй вёскі Вялікая Сліва, ваколяшніх гайкоў і палеткаў, рэчак і ўзгоркаў. Гісторыя і культура, побыт і песня слуцкай ціхай вёскі неўзаметку расшырыліся на суседнія - Казловічы, Працавічы, Нежаўка, Валаты, Бандары, Лясішча, Іграва, Вялікі Быкоў, Пагост… - захапілі Слуцак, Старобін, Любань, Старыя Дарогі, Нясвіж…

Гады ляцяць птушкамі незваротнымі, яшчэ мацней яны ўвамклівілі ў душу любасць да ўласнага, адметнабеларускага.

Дзевяцікласнікам шукаў вытокі рэчкі Сліўка, што павольненька дзеліць напал нашыя вуліцы, хаткі, дамы, абдорвае вёску густым травастоем паплавоў, выганаў, лугоў. Знайшоў вытокі з цяжкасцю, на здзіўленне сабе і крэўным, знайшоў. Вытокамі Сліўкі былі шматлікія крынічкі ў балотцах воддаль Бандароў і Валатоў. Радасць знаходкі была невымерная. Параўнальная хіба з слодыччу тонаў мясцовай суладнай песні, хвалямі адкрыццяў роднасці з суседствам вёскаў і гарадкоў.

З гадамі стаў атрымліваць высокую душэўную насалоду ад вывучэння асобнасці іншых ваколіцаў, дапамогі маладому і дасведчанаму пошукаўцу ва ўзнаўленні, высвечванні на ўсё людства беларускіх своеасаблівасцяў, у чым бы яны не праяўляліся.

Як ранішняя святлынь заўжды жывога сонца, упала ў душу асэнсаванне: айчызнае не толькі пабудаванае і выкапанае - гэта забярэгі і прыкметы, выслоўі і прыказкі маіх бабуляў Лысай Агапы Мікітаўны, Санько Зосі Андрэеўны, маці Санько (Скуцэня) Любы Кузьмінічны. Ад іх, заўсёдных на памяці і сэрцы, не адно пераймаў фальклорнае, запісваў. Дасланыя ў ІМЭФ АН БССР асобныя запісы былі надрукаваныя ў трох тамах 50-томавага збору беларускага фальклору.

Уражлівымі, асэнсавана краязнаўчымі сталі працяглыя размовы з пажылымі і старымі людзьмі сваёй і суседніх вёскаў, асабліва мясцовымі шаптухамі Мартаю і Ганнаю, настаўнікамі, франтавікамі, партызанамі.

Прыемным здзівам запамяталася гісторыя з папом Іванам Вошавым. У святара на фронце загінулі два сыны, у прыгожай вялікай царкве ў горадзе Касцюковічы на Магілёўшчыне Вошаў не проста святарнічаў болей двух дзесяцігоддзяў. Арганізоўваў рамонты. Адхілілі старанніка ад царкоўнай службы, бо здараліся выпадкі, калі ахрышчанае дзіця па просьбе бацькоў не рэгістравалі ў журнале.

Ад невінаватай савецкай улады і такой жа невінаватай праваслаўнай канфесіі атрымаў стараннец страшэнна вялікую пенсію - 42 рублі. У чарзе на кватэру стаіць два з гакам дзесяцігоддзі, не атрымаў. Не выдзяляюць адзінокаму і цяпер. Ён, ці бачыце, носіць воду, коле дровы гаспадыні, у якой жыве. Можа ўсямейніўся.

- Памажэця. Прашу. Адна спадзея на вас, - шаптаў мне не святар Іван Аляксеевіч Вошаў, выплаквалі сіня-сінія вочы, зпакутаваны твар. - Гэты храм аднаўлялі ўласнымі сіламі, мала хто памагаў. У сэрцы маім ён і Касцюкоўшчына. - Узіраецца, пранізвае мяне, выдае: - Не трэба пакуль нам любасць да храмаў, пабачыце, адумаюцца, павернуцца да святыняў.

Матэрыял пра горкую крыўду касцюковіцкага святара ў 1970 годзе не надрукавала ні адна рэспубліканская газета. Але старшыня Магілёўскага аблвыканкама Васіль Канстанцінавіч Луцкін, шчыры беларус, зрэагаваў хутка: касцюковіцкага старшыню райвыканкама Матарыкіна неўзабаве адхілілі ад старшынёўства (прызначылі дырэктарам мясцовага саўгаса-тэхнікума, зарплата з 210 рублёў павысілася да 220), знайшлася кватэра для рупліўцасвятара.

Жыццё змусіла дзяржаўныя ўстановы звярнуць большую ўвагу на краязнаўства. У час працы ў выдавецтве "Полымя" (1982 - 1990) я арганізоўваў і ўзначальваў упершыню створаную на Беларусі рэдакцыю краязнаўства, фізкультуры, турызму. Падбіраў заяўкі, аўтарскі калектыў.

Чарговым абуджальнікам мэтанакіраванага краязнаўчага струменю стаў для мяне Міхаіл Фёдаравіч Мельнікаў. Жыхар Крычава несправядліва адседзеў гады ў ГУЛАГах (Варкута, 11 гадоў), веру ў справядлівасць не страціў. Першы ў краіне Саветаў напісаў пра год і дзень, калі Ленін ехаў праз Беларусь; ніхто не ведаў, што ў 1941 пад Крычавым старшы сяржант Мікалай Сірацінін у адзіночку з трох гарматаў падбіў дзевяць нямецкіх танкаў (па распараджэнні Гудэрыяна нямецкія салдаты труну з адважненцам неслі на выцягнутых руках), - савецкія ваенныя і цывільныя гісторыкі дзесяцігоддзямі адмаўлялі нават думку пра такі гераізм. Мельнікаў праз нямецкія архівы пацвердзіў вычын, М. Сірацініна пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам.

У рэцэнзіях беларускіх гісторыкаў начыста адхіляліся адкрыцці аматара Мельнікава. Патрабавалі ад краязнаўцы дакументальных пацвярджэнняў. Рукапіс хадзіў па выдавецтвах доўгія чатыры гады. Нямала прыйшлося доказніцца і мне пакуль кніга выйшла, дапамог прафесар Аляксандр Хацкевіч.

Амаль тое ж паўтаралася з рукапісамі/кнігамі "Маршрутамі народнай славы", "Беларусы на бастыёнах Севастопаля", "Гарадская геральдыка Беларусі", "Шэсцьдзесят гадоў "Дынама" Беларускай ССР", "На вытоках Нёманскіх", "Беларуская народная кераміка", "Старажытны горад на Случы", "Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна", "Гальшаны", "Пагоня ў сэрцы - тваім і маім", "Як цячэ Случ", "Армія Краёва на Беларусі", "Беларуская нацыянальная ідэя", "Спадчына "Спадчыны", "Дзейнасць Кастуся Мярляка на эміграцыі","Сялец. Прынёманская рэчаіснасць"… Выходзілі з цяжкасцю, са скрыпам. Усяго дабраславіў на чытацкія полкі 1089 (!) аўтарскіх кніг (гл. "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах", Мн., 2009, стар. 25; ВІКІПЕДЫЯ, бел. пісьменнікі).

Мноства краязнаўцаў, гісторыкаў, навукоўцаў, думаецца, удзячацца мне за дапамогу ў друкаванні кніг - Іван Стальмашонак, Рыгор Кручок, Аляксандр Хацкевіч, Міхаіл Сідарэнка, Анатоль і Валянцін Грыцкевічы, Генадзь Каханоўскі, Віктар Шомадзі, Анатоль Цітоў, Станіслаў Цярохін, Яўген Сахута, Кастусь Тарасаў, Уладзімір Кісялёў, Вячаслаў Ляховіч, Сяргей Сергачоў, Іван Аношка, Яўген Сямашка, Феафан Раманоўскі, Аляксей Кур'ян, Мікалай Дзікевіч…

У кнізе Эдуарда Корзуна "Гальшаны" насуперак райшчыкам упершыню ў Савецкай Беларусі змешчаны партрэт святара і паэта Вінцука Адважнага.

Практычна ніводны краязнаўчы рукапіс не абыходзіўся ў тыя часы без прыдзірлівага разгляду. Сярод мноства заўвагаў з ЦК КПБ былі і такія: зняць на здымках крыжы з храмаў (або змясціць на месцы крыжоў лісцікі клёнаў, дубоў), змяншаць гістарычную даўніну беларускіх мястэчкаў і гарадоў.

Асабліва памятаецца плённая праца над кнігамі пра Янку Купалу - "Янка Купала і "Наша Ніва", "Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні", "Музей Янкі Купалы у сучасным асэнсаванні" - і над кнігаю Міколы Жыгоцкага пра Якуба Коласа "Беларусь, ён дастойны змагар твой і сын".

Беларускія даследчыкі з ЗША ў абодвух артыкулах пра Янку Купалу выказалі шмат цікавага, нязнанага, блытаніну дапусцілі таксама; была думка іх артыкулы не друкаваць. Аднак у Беларускім выдавецкім таварыстве "Хата", чатырнаццаць гадоў якое я ўзначальваў, мелі права атрымліваць рэцэнзіі на рукапіс ад розных установаў і аўтараў, змясцілі артыкулы беларускіх амерыканцаў.

Назва кнігі пра Коласа першапачаткова меркавалася для рукапісу аб вялікім беларускім начальніку (міністру), але сродкаў на тую кнігу не знайшлося. Не прападаць жа цудоўнай назве. Тым болей, па карысці для мовы і культуры, вазе і ўплыву на беларускі народ паэт пераўзышоў многіх начальнікаў. Упершыню ў кнізе на ўсю старонку дадзены партрэт брата Якуба Коласа, які болей сарака гадоў жыў у ЗША (ад вайны).

Шмат турботаў і працы прынеслі плакат "Радавод Полацкіх і Вялікіх Беларускіх (Літоўскіх) князёў", уласны дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе".

Многім аўтарам важыўся я памагчы, асобным не змог. Не па сваёй волі.

Усё жыццё словам і справаю выспаведваю вялікі прынцып: родная мова, краязнаўства і любасць да Айчыны - найблізкія сёстры; як душа з целам. Без краязнаўства і мовы няма гісторыі, Радзімы, нацыі.

Валер Санько, пісьменнік, краязнавец.


Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах

Паміж Смаргонню і Ашмянамі (Ашмяной - так тут называюць гэты горад) па магістралі Менск-Вільня ёсць шыльда з надпісам Солы. Затым правы паварот на тракт, што ідзе праз сёлы і вёскі на паўночны захад і дасягае магісталі Полацк-Вільня.

Калі звярнуць на гэты тракт, неўзабаве апынешся у маляўнічым мястэчку Солы, якое раскінулася па берагах ракі Ашмянкі і уключана ў "залаты пярсцёнак" Беларусі.

Старажытныя Солы упершыню згадваюцца ў летапісных крыніцах у сярэдзіне 16-га стагоддзя (Іпацьеўскі летапіс). Пасёлак узнік на левым беразе ракі Ашмянкі. Ён быў пабудаваны па рацыянальнаму плану, але два пажары, якія здарыліся ў сярэдзіне 20-га стагодцзя амаль дашчэнту знішчылі ўсе асноўныя вуліцы акрамя сучаснай Першамайскай, таму ад даваеннага і старажытнага мястэчка застаўся толькі яго асноўны план.

Каталіцкая парафія была заснавана ў 16 стагоддзі. Фундатарам першага драўлянага касцёла была Гальшка Радзівіл, жонка Віленскага ваяводы. Касцёл некалькі разоў быў знішчаны ў часы розных гістарычных падзей. Сучасны мураваны касцёл Маці Божай Ружанцовай пабудаваны з цэглы ў 1926 - 1934 гадах па праекту архітэктара А. Дубановіча на месцы храмаў 1598 і 1849 гадоў, на сродкі парафіянаў. Яго архітэктурны стыль вызначаюць як необарока з элементамі мадэрна. Будынак мае складаную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю. Да асноўнага аб'ёму далучаны трансерт і паўцыркульная абсіда. Над будынкам узвышаюцца дзве 2-ярусныя вежы.

У дэкаратыўным афармленні інтэр'еру выкарыстана фрэскавая размалёўка. Асаблівую цікавасць уяўляюць фрэскі па баках алтарнай часткі: злева знаходзіца фрэска, на якой выяўлены сюжэт перамогі хрысціянскага войска над туркамі-асманамі, на правай - "цуд на Вісле" - разгром войска Тухачэўскага, што, акрамя іншага, зрабіла магчымым далучэнне дадзенай тэрыторыі да Польшчы. У храме, па традыцыі, знаходзіцца копія Вастрабрамскага абраза Божай Маці. На карнізе, справа ад галоўнага ўвахода размешчана статуя Святога Станіслава - заступніка Польшчы.

Касцёл ніколі не быў закрыты, і не быў разбураны у гады "ваяўнічага атэізму", дзякуючы мужнасці і рашучасці аднога жыхара пасёлка - Іосіфа Яцэвіча, па мянушцы Мельнік, якога лічылі не надта набожным. Іосіф стаў ў дзвярах касцёла і не пусціў туды мінёраў, сказаўшы: "Перш мяне - затым касцёл". Мінёры пайшлі і болып не вярталіся. Перамаглі прыгажосць касцельнага будынка, кошт затрат і высілкаў небагатых парафіянаў на яго будаўніцтва. Мяркуецца, што гэта сапраўдны доказ таго, што "прыгажосць выратуе свет" - прыгажосць мастацкая і чалавечай душы.

Сёння касцёл Маці Божай Ружанцовай з'яўляеца асяродкам культурнага жыцця жыхароў Солаў і суседніх вёсак, уваходзіць ў турыстска-экскурсійны маршрут "Касцёлы Вілейскага краю". У касцёле праходзяць набажэнствы з выкарыстаннем аргана, мерапрыемствы прысвечаныя рэлігійным і свецкім святам, працуе нядзельная школа.

Марыя Ганчарык, студэнтка 450 гр. факультэта ІДК, БДУКМ г. Менск.


Добрыя рукі гояць раны

"Дакторкі, як веснія яблыні ў вэлюме,

Над неастылымі папялішчамі

Бездапаможнай людской бяды

Святлеюць, далічваючы гады,

Што сквапнай хваробай знішчаны."

( Р. Барадулін.)

Класік беларускай літаратуры прысвяціў верш добрым доктаркам, якія даглядаюць знямоглых матуль і дораць ім цяпло і пяшчоту, калі іх дзеці працуюць далёка ў іншых кутах.Такіх старанных доктарак, медсястрыц і фельчарак, якія рупяцца аб здароўі людей сталага веку, можна сустрэць у аддзяленнях Рэспубліканскага шпіталя для ветэранаў і інвалідаў вайны імя Машэрава.

Карпусы шпіталя размяшчаюцца ў Бараўлянах пад Менскам па суседстве з хваёвым лесам Тут падлечваюцца штогод самыя гераічныя і мужныя грамадзяне краіны.У сценах клінікі можна спазнаць усю веліч духу Беларусі: нязломны характар, працоўны пульс, вясёлы нораў і аптымізм.

- Шпіталь імя Пятра Машэрава быў першапачаткова створаны для ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Пазней у ім пачалі лячыцца таксама былыя вязні канцлагераў і ўдзельнікі баявых дзеянняў, лакальных канфліктаў, воіны-інтэрнацыяналісты, - распавяла загадчыца 5-тага тэрапеўтычнага аддзялення Ала Міхайлаўна Моўчан. - Тут атрымліваюць медыцынскую дапамогу і душэўную цеплыню былыя воіны-афганцы, якія былі скалечаны фізічна і маральна. Асяроддзе яшчэ не да канца даацаніла іх унутраныя пачуцці і перажыванні, глыбока затоеныя. Чацвёртае і пятае тэрапеўтычныя аддзяленні ў шпіталі - самыя буйныя, на 80 ложкаў. У ім папраўляюць здароўе каля 1370 - 1470 чалавек у год.

Паколькі гэта аддзяленне было раней кардыялагічным, сярод нашых пацыентаў ёсць хворыя з ішэмічнай хваробай сэрца, артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Многія імкнуцца класціся да нас паўторна, атрымліваць кропельніцы, працэдуры, фізіятэрапію, якая тут на высокім узроўні.

Супрацоўнікі шпіталя засвоілі на досведзе, што галоўнае - гэта цярпенне, разуменне, жаданне дапамагчы. Бабулі і дзядулі кажуць: "Спачатку дзейнічаюць Вашыя рукі і сэрцы, а потым ужо лекі. Мне было цэлы год добра пасля Вашага лячэння!", - так яны пішуць у падзяках.У шпіталі можна пазнаёміцца і выслухаць аповеды доўгажыхароў, вяскоўцаў 1914 -1916 года нараджэння.

Сярод пацыентаў шпіталя можна сустрэць асобаў з унікальнымі лёсамі: што ні палата, то захапляльная гісторыя бязмежнай мужнасці і чалавечай вернасці.

84-гадовая Вольга Іванаўна Грэк звычайна суправаджае на лячэнні свайго мужа Сяргея Герасімавіча Пратасеню, інваліда Вялікай Айчыннай вайны.

У сям'і Вольгі Іванаўны было сямёра дзяцей, браты Вольгі пайшлі на фронт і ў партызаны. Дзяцінства было цяжкім, напаўгалодным. Выбіцца з галечы і вывучыцца дапамог пасля вайны старэйшы брат, які дасылаў сёстрам свой атэстат, дзякуючы чаму можна было атрымліваць харчаванне. Вольга Іванаўна Грэк стала педагогам, выкладчыцай пачатковых класаў, а затым - беларускай мовы. 44 гады працавала Вольга Іванаўна ў школе на Случчыне. Яна любіла распавядаць дзецям пра Янку Купалу і Якуба Коласа, чытала на памяць М. Багдановіча і М. Лужаніна. Выгадавала траіх сыноў і дапамагала ім, выпесціла ўнукаў, працавала на розных жаночых участках: санітаркай у інтэрнаце, гаспадыняй у пральні, у лясніцтве на ўборцы лесу - і так да 80 гадоў, калі запіс у працоўнай кніжцы зафіксаваў 62 гады стажу! У Ждановіцкім доме-інтэрнаце для ветэранаў і інвалідаў, Вольга Іванаўна сустрэла незвычайнага чалавека: былога ўрача-хірурга Сяргея Герасімавіча Пратасеню.

У 1945 годзе пад Бярлінам Сяргей Герасімавіч атрымаў два раненні, адну нагу выбухам адарвала да калена, другую - пашкодзіла, лекары хацелі ампутаваць абедзве нагі. Параненага байца, аказаўшы дапамогу, прывезлі ў Маскву, у сталіцы дасведчаны прафесар вырашыў захаваць адну нагу, а для другой ўдала падабраў англійскі пратэз, які дзейнічаў на працягу 10 гадоў. Баец не стаў скардзіцца на жыццё. Мабыць, па прыкладзе свяціла навукі, Сяргей Герасімавіч паступіў у медыцынскі інстытут і, скончыўшы яго, стаў хірургам і прысвяціў сябе дапамозе такім жа пацярпелым на 10 гадоў плённай працы.

Калі стала сказвацца нагрузка на нагу, Сяргей Герасімавіч сышоў у санітарную медыцыну, доўгі час быў санітарным лекарам па Менскай вобласці, цалкам рэалізаваў сябе ў прафесійнай дзейнасці, выгадаваў дачку. У позніх гадах воляй лёсу ён апынуўся ў Рэспубліканскім інтэрнаце для інвалідаў у Ждановічах.

Вольга Іванаўна, якая страціла мужа, праявіла да яго спачуванне і пачала даглядаць яго. Так яны знайшлі падтрымку адзін у адным, злучылі лініі жыцця.

Медсёстры і лекары шпіталя атачаюць іх увагай, кожны дзень выслухоўваюць, вымяраюць ціск, робяць ін'екцыі і электрафарэз ў палаце.

- Мы робім абыходы штодня, - распавяла палатны урач-тэрапеўт Ірына Пятроўна Сідарэнка. - Для нашых мілых пажылых асобаў лячэбнымі фактарамі з'яўляюцца не толькі таблеткі і рэгулярнае харчаванне, а папаўненне дэфіцыту ўвагі. Мы імкнемся з імі пагутарыць, у іх ёсць магчымасць распавесці пра доўгае жыццё з нягодамі і з клопатамі, і пра тое, што іх турбуе.

З суседзямі па палаце ў іх адбываюцца шчырыя сяброўскія гутаркі, ўзаемны абмен станоўчымі эмоцыямі. Нашы заслужаныя дзядулі і бабулі заводзяць знаёмствы, ходзяць на прагляд кінафільмаў, на танцы і канцэрты, ўлюбляюцца, арганізуюць сем'і, жыццё па-ранейшаму кіпіць.

У прадстаўніках старэйшага пакалення нас здзіўляе незвычайная жыццярадаснасць, цвёрдасць характару, ім па-ранейшаму ўсё цікава ў жыцці.Яны чытаюць газеты і часопісы, некаторыя асвойваюць лічбавую фотатэхніку і дзеляцца здымкамі, іншыя навучаюцца карыстанню камп'ютарам, знаходзяць сяброў па інтэрнэце ў замежжы. Прыемна, калі бачыш ясны розум, мудрасць, рахманы характар. Мы бачым плюсы і мінусы старасці, бачым прыгожую і паважаную старасць, з якой можна было б браць прыклад.

Культарганізатар шпіталя Таццяна Міхайлаўна Падкапаева ўносіць свой унёсак у ахову здароўя і напаўняе вольныя гадзіны пацыентаў выдатнымі музычнымі творамі, запрашае артыстаў з Менска. Калектыў мастацкай самадзейнасці Рэспубліканскага шпіталя стаў лаўрэатам 1 ступені ў аглядзе-конкурсе мастацкай творчасці. Акрамя таго, некаторыя ветэраны самі прыязджаюць са сваім гармонікам ці акардэонам, у вольны час спяваюць, забываючы пра ўзрост, боль і хваробы. Мясцовыя мастакі і майстрыхі дораць шпіталю сваё карціны і дэкаратыўныя пано, размешчаныя ў вестыбюлях, каб прыгожыя беларускія краявіды навявалі думкі аб магутнасці прыроды і ўсепераможнай сіле жыцця.

Эла Дзвінская. На фота аўтара тэрапеўт Ірына Сідарэнка даглядае Вольгу Іванаўну Грэк, былую выкладчыцу беларускай мовы.


Анталогія аднаго верша ад Пятра Макарэвіча

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла анталогія аднаго верша "Птица свободы", складзеная з перакладаў вершаў сотні беларускіх паэтаў на рускую мову, зробленых сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў Пятром Макарэвічам. А назва кнігі ўзята па назве верша Вольгі Іпатавай.

У кнігу ўвайшлі вершы беларускіх паэтаў, пачынаючы з Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Наталлі Арсенневай і заканчваючы Анатолем Сысам, Славамірам Адамовічам, Сяржуком Сокалавым-Воюшам.

Няма ніякага сумніву, што мы павінны падтрымліваць пераклады нашай літаратуры на замежныя мовы. Беларускія адраджэнцкія сілы ніколі не выступалі за самаізаляцыю.

Пётр Макарэвіч нарадзіўся 15 красавіка 1938 года ў в. Шынкі на Крупшчыне. Жыве ў Лідзе. Аўтар кніг паэзіі "Злітак" і "Расінкі беларускіх слоў".

Наш кар.


Аповесць часоў беларускай смутнай пары

Хоць такі перыяд як "Беларуская смутная пара" ў беларускай гісторыі афіцыйна і не выдзелены, але 18-е стагоддзе, перад падзеламі Рэчы Паспалітай можна смела так называць. То безкаралеўе, то двухкаралеўе, канфедэрацыі адкрытая грамадзянская вайна, чужаземныя войскі, якія ваявалі адно з адным, а пляжылі наш край. У некаторай ступені паспрабаваў паказаць гэты час гарадзенскі пісьменнік Аркадзь Ліцьвін (Аркадзь Жукоўскі) у кнізе "Галс. Аповесць з 1734 году", якая выйшла ў серыі "Гарадзенская бібліятэка. У кнізе 330 старонак.

Аркадзь Жукоўскі нарадзіўся ў 1937 годзе ў вёсцы Пагост Менскай вобласці. Ветэран нацыянальнага адраджэння, удзельнік Устаноўчага з'езду БНФ.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX