Вярнуцца: 2012

№ 44 (1091)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 44 (1091) 31 кастрычніка 2012 г.


15 гадоў "Нашаму слову" ў Лідзе

ДЗЯДЫ - 2012

У Менску прайшлі шэсце і мітынг ушанавання памяці ахвяр сталінізму, прымеркаваныя да дня памінання прод каў - Дзяды. У традыцыйнай акцыі ўзяло ўдзел каля 500 чалавек. Яны не толькі ўшаноўвалі памяць ахвяраў, але і выступалі з пратэстам супраць будаўніцтва ў ахоўнай зоне мемарыялу "Курапаты" забаўляльнага цэнтра "Бульбаш-хол".

- Акцыя на Дзяды - гэта адно з самых важных мерапрыемстваў у палітычным, культурным календары для ўсяго беларускага грамадства. Гэта не толькі дзень ушанавання памяці ўсіх ахвяраў сталінскага рэжыму і ўсіх іншых антыбеларускіх рэжымаў, якія панавалі ў Беларусі, гэта таксама і дзень выказвання пратэсту супраць перапісвання сапраўднай беларускай гісторыі, супраць хавання праўды пра гэтыя злачынствы дзеля таго, каб яны больш ніколі не маглі паўтарыцца. Таму я лічу для сябе вельмі важным кожны год браць удзел у шэсці на Курапаты...", - сказаў Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ.

20 гадоў таму, калі Беларусь рыхтавалася да Дзядоў, памёр галоўны рэдактар выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя", першы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады прафесар Міхась Ткачоў.

28 лістапада, у дзень, калі грамадскасць Менска адзначала Дзяды, у 12.00 да магілы Міхася Ткачова на Усходніх могілках прыйшлі сябры і таварышы выдатнага гісторыка, археолага і грамадскага дзеяча, тыя, хто памятае яго, хто чытаў яго творы, ведае пра яго ўклад у барацьбу за незалежнасць Беларусі, цэніць яго ўнёсак у развіццё гістарычнай навукі ў Беларусі: жонка Валянціна, Алег Трусаў, Уладзімір Някляеў, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, кіраўнікі Грамады.

А ў Курапатах ліст ад Зянона Пазьняка зачытаў прэсавы сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал.

Пазьняк піша, што ў наступным годзе спаўняецца 25 год з дня адкрыцця Курапатаў: "Тады гэтае адкрыццё скалыхнула ўсё грамадства. І адсюль, з Курапацкіх расстрэльных ямаў, узнялася нашая нацыянальная воля: быў створаны Народны фронт, узняўся сцяг нацыянальнага адраджэння, грамадства перамянілася".

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі на мітынгу ў Курапатах сказаў:

- ... Мы, беларусы, стварылі Статут Вялікага Княства Літоўскага, мы заклалі падмуркі юрыдычнай навукі. Таму я хачу сказаць, што мы, беларусы, валодаем усёй паўнатой улады на Беларусі, і гэта нашая задача, каб наверсе ўлады былі сапраўды беларускімі, каб ніякай ганьбы і здзеку не рабілася на нашай зямлі. Для гэтага найперш трэба быць салідарнымі.

Як жа яе гэтай салідарнасці на нашай Беларусі сёння не хапае.

Паводле СМІ.


130 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа

Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада 1882 г. (па новым стылі) у засценку Акінчыцы Менскага павету Менскай губерні (цяпер у межах горада Стоўбцы Менскай вобласці), ахрышчаны ў праваслаўнай царкве. Бацькі - Міхал Міцкевіч і Ганна Лёсік паходзілі з сялян вёскі Мікалаеўшчына (12 км ад Стоўбцаў). З 13 дзяцей, якія нарадзіліся ў іх сям'і, да сталых гадоў дажылі 9. Бацька служыў лесніком у князя Радзівіла, маці вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Костуся (так хлопчыка звалі дома) сям'я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва - Сухошчына). У 1890-1904 гг. сям'я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны.

Костусь сам навучыўся рускай грамаце. Дзве зімы ён разам са старэйшымі братамі вучыўся дома ў так званага "дарэктара", потым скончыў народную вучэльню ў Мікалаеўшчыне (1892-1894 гг.) У 1898 г. паступіў "на казённы кошт" у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, якую скончыў у 1902 г.

Вельмі паўплываў на будучага паэта выкладчык семінарыі Фядот Кудрынскі, які ўхваліў літаратурныя практыкаванні маладога Міцкевіча і звярнуў увагу на большую вартасць напісанага ім па-беларуску. "Вось дзе Ваша сапраўднае прызванне", - адзначыў выкладчык.

Пасля заканчэння семінарыі ў 1902-1905 гг. малады настаўнік працаваў на Палессі ў вёсках Люсіна (цяпер Ганцавіцкі раён), Пінкавічы (цяпер Пінскі раён).

1 верасня 1906 г. у віленскай беларускамоўнай газеце "Наша доля" з'явіўся верш - "Наш родны край", у якім аўтар называў родную зямлю "беднай старонкай", "забытым Богам краем". Гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас.

15 верасня 1906 г. у "Нашай долі" пад псеўданімам Дзядзька Карусь змешчана апавяданне "Слабода" пра самавольства царскай паліцыі - першы надрукаваны празаічны твор пісьменніка.

У жніўні 1912 г. на хутары Смольня, каля вёскі Мікалаеўшчына, адбылася яго першая сустрэча з Янкам Купалам, якая паклала пачатак іх сяброўству. У чэрвені 1913 г. Канстанцін Міцкевіч узяў шлюб з настаўніцай пінскай чыгуначнай школы Марыяй Каменскай, з якой яны пражылі разам больш за 30 гадоў, мелі трох сыноў (Даніла, Юрка і Міхась).

У газеце "Наша ніва" рэгулярна друкаваліся вершы Якуба Коласа, прысвечаныя пераважна розным аспектам жыцця беларускай вёскі. У 1912 г. у Вільні выходзіць яго зборнік "Апавяданні", у 1913 г. у Санкт-Пецярбургу асобнымі выданнямі апавяданні "Нёманаў дар", "Тоўстае палена", зборнік вершаваных апавяданняў "Прапаў чалавек". Галоўная тэма гэтых твораў - жыццё беларускага сялянства, адпаведна галоўны герой - жыхар вёскі з яго клопатамі, звычаямі, норавамі, у іх аўтар ад апісання сялянскага побыту пераходзіў да стварэння разнастайных і глыбокіх вобразаў сялян. У Вільні ў 1914 г. Беларускім Выдавецкім Таварыствам выдадзены зборнік апавяданняў шырокага тэматычнага дыяпазону "Родныя з'явы". Празаічныя творы Якуба Коласа таго перыяду па сваёй тэматыцы, ідэйнай накіраванасці, вобразнай структуры збліжаліся з яго паэзіяй. У 1916 г. у Петраградзе ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца" надрукаваны і драматургічны твор пісьменніка - невялікая п'еса "Чарка ўсё на свеце робіць", якая мела падзагаловак "Трагедыя з нядаўніх год (з вясковага жыцця)" ...


Да 130-годдзя Якуба Коласа

Жыццё на стагоддзі

На золаку ХХ стагоддзя на Беларусі заззяў вясёлкай цудоўны самародак, непаўторна вялікі талент, выразнік запаветных дум і светлых надзей народа - Якуб Колас.

Якуб Колас… Калі мы вымаўляем гэтыя словы, перад намі паўстае вобраз любай сэрцу Беларусі. Ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай літаратуры. Сёння без яго творчых набыткаў немагчыма ўявіць літаратурную скарбонку беларусаў: без "Новай зямлі", "Дрыгвы", паэмы "Рыбакова хата", трылогіі "На ростанях", твораў для дзяцей.

Пра мастацкую шматграннасць таленту сведчыць жанравая разнастайнасць яго творчасці: гэта паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. У літаратурнай спадчыне істотнае месца займаюць пераклады з рускай, украінскай, польскай і іншых заходнееўрапейскіх моў.

Адным словам, Якуб Колас - гэта наш нацыянальны пашпарт, па якім нас пазнаюць у свеце.

Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3 лістапада (22 кастрычніка па старым стылі) 1882 года ў сям'і лесніка ў невялікім засценку Акінчыцы каля Стоўбцаў Менскай вобласці. Пазней, будучы ўжо вядомым паэтам, ён параўнае сваю долю са змрочным асеннім днём, у які ён нарадзіўся, а свае жыццёвыя дарогі - з тымі вузкімі і крывымі сцежкамі, якія распаўзаліся ва ўсе бакі ад лесніковай хаты.

У літаратурным псеўданіме Канстанціна Міхайлавіча шмат сэнсу і чалавечага цяпла. Колас - гэта хлеб, гэта само жыццё. Сваім псеўданімам яшчэ на пачатку творчай дарогі малады паэт быццам падкрэсліў, што ўсім жыццём і творчасцю заўсёды будзе цесна звязаны з роднай зямлёй, што стане неад'емнай часцінкай свайго народа. А з яго жыцця, як з найглыбейшай крыніцы, будзе чэрпаць думкі і надзеі, матывы і фарбы.

Не адзін раз сям'я Міхала Казіміравіча Міцкевіча, бацькі паэта, па волі ляснічага вымушана была пераязджаць з аднаго месца на другое. Дзяцінства Кастуся прайшло ў лесніковых сялібах Ласток (яе яшчэ называюць Сухошчына) і Альбуць на ўлонні чароўнай беларускай прыроды, якую з тых часоў ён палюбіў на ўсё жыццё. Непаўторная краса наднёманскіх лугоў, лясных палян, таемны і ўрачысты шум лесу зачароўвалі ўражлівага хлапчука. Малому Костусю ўяўлялася , што ён разумее, аб чым шуміць лес, пяюць жаваранкі, булькоча ручаёк, галосіць зімовы вецер. І бясспрэчна, у пачуццях героя паэмы "Сымон-музыка" шмат уражанняў дзіцячых гадоў самога Якуба Коласа:

І здавалася яму,

Што ён знае, як травінка

Сваю думае думу,

Што гаворыць жытні колас,

І аб чым шуміць ячмень,

І чаго спявае ўголас

Мушка, конік, авадзень,

Што ўгары над срэбрам жыта

Пяе жаваранак той

Так прыгожа-самавіта,

І зачым у высь блакіту

Ідзе ветрык пехатой…

Каб даць дзецям хоць нейкую адукацыю, бацька наймаў так званага "дарэктара", вясковага хлапчука, які і сам меў вельмі небагатыя веды. Затым два гады Кастусь вучыўся ў Мікалаеўшчынскай пачатковай школе. У 1898 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пасля заканчэння настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна, Пінкавічы Пінскага раёна, Верхмень Смалявіцкага раёна. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены, а ў 1908 годзе за нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў менскім астрозе.

Пісаць пачаў на рускай мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску. 14 верасня 1906 года ў газеце "Наша доля" быў надрукаваны яго першы верш "Наш родны край". У 1910 годзе ў Вільні выйшаў першы зборнік вершаў "Песні жальбы".

Улетку 1912 года адбылася першая сустрэча Я. Коласа і Я. Купалы. Яны пазнаёміліся на сядзібе бацькоў Коласа - хутары Смольня, недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. З той пары і на ўсё жыццё паміж імі завязалася моцная дружба.

Блізкія па светапогляду, Купала і Колас з самага пачатку і да канца свайго творчага жыцця валодалі непадобнымі паэтычнымі галасамі з рознымі дыяпазонамі і сілай пачуцця.

Якуб Колас - паэт, празаік, драматург, крытык, дзіцячы пісьменнік. Неацэнная роля Коласа як заснавальніка рэалістычнай прозы. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Як пісьменнік - педагог, настаўнік па прафесіі, ён шмат зрабіў ў галіне педагагічнай літаратуры. Кнігі Якуба Коласа - удумлівы летапіс настрояў і імкненняў людзей, гістарычных падзей.

Што датычыцца творчай спадчыны Коласа, то яна надзвычай багатая. Але асаблівую цікавасць выклікае паэма "Новая зямля", ці як яе яшчэ называюць - энцыклапедыя сялянскага жыцця. Як ніколі раней яна павінна стаць настольнай кнігай кожнага беларуса. Гэта - самая вялікая кніга ў беларускай літаратуры, - не аб'ёмам, зразумела, а вагой зместу, паэзіі, думак. Там - усё, ад першага радка і да апошняга, - наша, беларускае. Сама сапраўдная жывая Беларусь! Самабытная, а не стылізаваная! Па гэтай кнізе можна беспамылкова распазнаць усё тое, чым мы абавязаны даражыць, што мы не павінны страціць, калі хочам застацца сабою, беларусамі, народам са сваім уласным абліччам.

Якуб Колас здзіўляў і прывабліваў людзей гэтай беларускасцю. Невычарпальным быў яго запас крылатых народных выслоўяў, трапных жартаў, гісторый, разнастайных народных прыкмет.

Па свайму душэўнаму і псіхалагічнаму складу ён на ўсё жыццё застаўся селянінам. Пад акном дома, дзе пасля вайны жыла сям'я Канстанціна Міхайлавіча (зараз там размешчаны Дзяржаўны музей пісьменніка), была ў Якуба Коласа, як ён сам яе называў, "вопытная дзялянка". Ён штогод засейваў яе рознымі гатункамі жыта, ячменю, удасканальваў спосабы апрацоўкі глебы, стараўся падбачыць, якім будзе ўраджай сёлета.

Якуб Колас - чалавек шчодрай душы, мастак сусветнага маштабу, прайшоў вялікі жыццёвы шлях: ад вясковага пастушка да народнага паэта Беларусі, віца-прэзідэнта Акадэміі навук. Ён - наш гонар, невычэрпная крыніца натхнення.

Вялікім агульнанародным горам была смерць Якуба Коласа. Ён памёр 13 жніўня 1956 года. Было жніво… Смерць зрэзала гэты найдаражэйшы Колас роднае зямлі. Уся Беларусь развітвалася з любімым пісьменнікам.

Сягоння журацца бары на Беларусі,

Прыбіты сцежкі кроплямі расы,

Замоўкла песня на шырокім лузе,

І падаюць на пожню каласы.

Над Нёманам схіліліся рабіны,

Маўчаць над Сожам пушчы і сады.

Мой родны кут, якога сына,

Якога друга страціў ты!

Маўчаць палі ў кроплях буйных рос,

Маўчаць бары, а сэрца плача ўголас,

Мой родны кут,

упаў буйнейшы колас,

Што на тваёй зямлі ўзрос.

Ён не паспеў аб нашым часе

Усяго сказаць, усіх паэм злажыць,

Пайшоў пясняр, а песня засталася,

Памёр паэт, а песня будзе жыць!

С. Грахоўскі.

Сёння, як і раней, творы паэта карыстаюцца шырокай папулярнасцю. Яны прывабліваюць чытачоў глыбінёй думкі, праўдзівым адлюстраваннем жыцця, шчырасцю выяўленняў пачуцця любові да роднага краю, да радзімы. Яшчэ са школы нашымі добрымі спадарожнікамі сталі Міхал і Антось з "Новай зямлі", настаўнік Лабановіч, дзед Талаш. Пясняр Беларусі валодаў здольнасцю глядзець далёка наперад, бачыць заўтрашні дзень краіны. Вось чаму новыя чытацкія пакаленні ў творах Я. Коласа знаходзяць адказы на пытанні, якія іх зараз хвалююць.

Я. Колас - тая велічыня сусветнай культуры, аб якой ніколі не будзе сказана апошняе слова, таму што кожнае пакаленне будзе зноў і зноў вяртацца да творчасці вялікага паэта. Прычым кожная эпоха свайго вялікага мастака слова прачытвае нанова і па-новаму.

Сённяшняе прачытанне яго творчасці - дасць магчымасць у многім па-іншаму глянуць на жыццё, на лёс, на гісторыю беларусаў, лепш і глыбей зразумець іх душу, характар, светапогляд, адчуць і ўбачыць найвялікшы цуд, створаны геніем народа - яго мову.

Надзея Гудко , загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Гарадзенскай вобласці.


Каб дайсці да Коласа

Сп. П. П. Латушку,

Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь

пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Аб добраўпарадкаванні памятных мясцін,

звязаных з жыццядзейнасцю Якуба Коласа

Шаноўны Павел Паўлавіч!

Неўзабаве мы будзем святкаваць юбілей класіка нашай літаратуры Якуба Коласа. Несумненна, што колькасць турыстаў, якія захочуць наведаць музей Якуба Коласа і асабліва яго філіялы ў Стаўбцоўскім раёне, узрасце.

У сувязі з гэтым мы прапануем добраўпарадкаваць дарогу ад Смольні да хутара Ласток, заасфальтаваць яе (гэта 8 км) і паставіць цікавыя дарожныя паказальнікі, якія дапамогуць турыстам не памыліцца і трапіць на хутар, а не ў суседні лес. Было б добра зрабіць веласіпедную турыстычную дарожку Стоўбцы-Акінчыцы-Альбуць-Смольня-Ласток працягласцю 18 км, а таксама пусціць некалькі экскурсійных аўтобусаў па маршруце Стоўбцы-Ласток.

З павагай,

старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб прапановах

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрствам культуры сумесна з установай "Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа" (далей - Музей Коласа) разгледжаны Вашы прапановы аб развіцці турыстычнай інфраструктуры філіялаў Музея Коласа. Па выніках паведамляем наступнае.

Філіялы Музея Коласа сядзібы "Акінчыцы", "Альбуць", "Смольня", "Ласток" размешчаны на тэрыторыі Коласаўскага запаведніка, аб'яднаны мемарыяльна-мастацкай кампазіцыяй "Шлях Коласа", створанай ў канцы 1990-х гадоў па матывах твораў Якуба Коласа.

На тэрыторыі запаведніка на мясцінах, звязаных з пэўнымі перыядамі жыцця Якуба Коласа, створана "Дарога валуноў", дзе ўсталяваны памятныя знакі, якія выклікаюць цікавасць ў наведвальнікаў коласаўскіх мясцін. Сумесна з турыстычнай базай "Высокі бераг", размешчанай побач з музейнымі аб'ектамі, распрацаваны веласіпедны маршрут "Родны кут Якуба Коласа", які ўключае турыстычную базу "Высокі бераг" і філіялы Музея Коласа. Таксама Музеем Коласа арганізаваны пешаходныя экскурсіі па сядзібах "Акінчыцы", "Смольня", "Ласток".

Стаўбцоўскім райвыканкамам будзе забяспечана добраўпарадкаванне дарогі ад Смольні да хутара Ласток.

Намеснік Міністра Т.І. Стружэцкі.



Мар'ян Даргель: У вянок Якубу Коласу

Родны дзядзька

Як дзядзьку роднага свайго. Антося помню я адмалку.

Было мне восем усяго:

Пачуў праз ляснікову хатку. Малому мне здалося:

Я ў дзядзькі ў гасцях,

І родны дзядзька мне - Антось!..

Бо і ў нас ў доме

усё гэтак жа вялося:

I печ у хаце, на куце,

і пад паветкай вось...

Цяпер усведамляю -

не!.. не памыліўся...

У Беларусі ён - усім радня!

Дзядзька нам усім! -

Мова нас яднае з ім,

мы ўсе адна сям'я!

А Колас родны нам,

Бо ён -духоўны бацька!

Верасень 2012 года.

Удзячнасць

Асенняе свята "Пакровы" -

Адбітак пяшчотнай тугі.

Усіх маці яно ўшаноўвае,

Дзень для ўсіх нас дарагі.


Мы ім удзячны давеку,

I ці зможам адудзячыць за ўсё;

Бо маці дала чалавеку

Свет цэлы - існасць, жыццё!


А калі ўжо сыйдзем

у высокую вечнасць,

I пакаленні другія

на змену прыйдуць,

Ад дзяцей сваіх

маці другія ўдзячнасць,

Заўжды ў падарунках знайдуць.

14.10.2012 г.



2 лістапада у межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца вечарына памяці Міхася Ткачова

Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18.00 гадзін. Уваход вольны.


"Беларускамоўная група? Гэта немагчыма!"

Менавіта такі адказ я атрымала ад загадчыцы аднаго з гомельскіх дзіцячых садкоў, які наведвае мой двухгадовы сын, на прапанову стварыць падобную групу.

Пры гэтым загадчыцу не столькі здзівіла мая прапанова, сколькі хутчэй абурыла. Амаль адразу пасыпаліся пытанні накшталт: "А чаму гэта Вас наведала такая ідэя?", "Чаму Вас гэта так турбуе?" Сапраўды, жывем у Беларусі, ды яшчэ і па-беларуску прыдумалі размаўляць!

Змяніўшы гнеў на літасць, загадчыца паведаміла, што нават калі я і збяру бацькоўскі сход, то ўсё роўна стварыць беларускамоўны клас будзе немагчыма, паколькі "кадраў і так не хапае, а тым больш дзе я знайду беларускамоўныя!"

Вось такі мне далі выбар: калі нават і знайду аднадумцаў, якія хочуць, каб іх дзіця ведала мову, то ўсё роўна групы не будзе.

Канешне, гэта парушэнне заканадаўства: як Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 5), згодна з якім "дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання", так і Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (арт.21). У адпаведнасці з апошнім - "кіраўнікі і педагагічныя работнікі сістэмы адукацыі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі" .

Выхавальніцы павінны ведаць мову, але я ахвотна веру, што знайсці такія кадры амаль немагчыма. Ды і сама загадчыца прызналася, што хоць і мае вышэйшую адукацыю, сама вольна беларускай мовай не валодае.

Саршыня ТБМ па Гомельскай вобласці Яўген Якавенка наступным чынам пракаментаваў падобную сітуацыю:

- Калі чалавек працуе ў сістэме адукацыі і выхоўвае дзяцей, ён як найменш мае сярэднюю адукацыю, у курс сярэдняй адукацыі ўваходзіць беларуская мова.

Пра мову мусіць клапаціцца дзяржава, бо беларуская мова замацавана ў Канстытуцыі. Дзяржава павінна дбаць пра мову, заахвочваць выкарыстоўваць беларускую мову, бо гэта мова тытульнай нацыі. Таму мы можам пісаць калектыўныя заявы, патрабаваць, бо зрэшты гэта абавязак дзяржавы - забяспечыць патрабаванні грамадзян.

Мы вырашылі даведацца, што мясцовыя ўлады робяць для развіцця беларускай мовы. Улетку сябры гомельскай філіі ТБМ звярталіся з лістом да гарвыканкаму. Былі зададзены наступныя пытанні:

- колькі садкоў (груп у садках) з поўным працэсам навучання на беларускай мове знаходзіцца ў г. Гомелі;

- колькі на сённяшні дзень рыхтуецца спецыялістаў для груп з беларускай мовай выкладання ў г. Гомелі;

- наколькі сістэма дашкольнай адукацыі забяспечана метадычнай і вучэбнай літаратурай;

- што робіцца для папулярызацыі беларускай мовы ў дашкольных установах;

- ці праводзіцца маніторынг па выяўленні попыту на беларускую мову навучання сярод бацькоў, чыя дзеці наведваюць дашкольныя ўстановы?

На гэты ліст гарвыканкам прыслаў адпіску.

Адзінае, чым можа зацікавіць гэты адказ - "100% выпускнікоў гэтых устаноў (Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л.С. Выгоцкага і Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна) маюць права рэалізоўваць адукацыйны працэс у дашкольных установах на беларускай мове". "Маюць права" - значыць, як мінімум, здольныя. Ну вось, а гаворыце, што кадраў няма.

Для папулярызацыі беларускай мовы ў дашкольных дзіцячых установах у нас час ад часу ладзяцца мерапрыемствы на беларускай мове ў адпаведнасці з праграмай "Пралеска". Плён ад гэтага невялікі, бо дзеці, пачуўшы невядомую дагэтуль мову, проста нічога не разумеюць і не запамінаюць.

Можна пабачыць, што інфармацыю пра тое, колькі на сённяшні дзень садкоў ці груп у садках з беларускай мовай навучання ў г. Гомелі, мясцовыя ўлады так і не паведамілі. Узгадваюцца словы Старшыні Таварыства беларускай школы Алеся Лозкі: "У Беларусі зараз засакрэцілі статыстыку беларускамоўнага навучання, каб не ўзбуджаць нядобрыя настроі ў людзей…"

Хачу зазначыць, што ў Гомелі сітуацыя з беларускамоўнай адукацыяй даволі складаная: штогод набіраецца толькі адзін беларускамоўны клас толькі ў адной школе - Гімназіі № 36 імя І. Мележа г. Гомеля, ды і там навучальны працэс сузім не цалкам беларускамоўны, такія прадметы як матэматыка, ангельская мова, фізіка, хімія, біялогія, інфарматыка і інш. праводзяцца на рускай мове. Таму ці можна назваць гэта паўнавартаснай беларускамоўнай адукацыяй? Дый знаходзіцца гімназія не ў зусім зручным месцы - далёка ад цэнтра і іншых раёнаў горада. Адзіны вядомы мне дзіцячы садок з беларускамоўнымі групамі №160, таксама знаходзіцца ў тым жа Савецкім раёне, амаль на ускраіне горада. Таму дашкольная адукацыя на першай дзяржаўнай мове даступная далёка не ўсім.

У той жа час шмат бацькоў як мінімум нядрэнна ставяцца да беларускамоўнай адукацыі. Вось якія адказы мы атрымалі на адной з дзіцячых пляцовак майго раёна:

- Скажыце, калі ласка, як Вы ставіцеся да беларускамоўных груп у дзіцячых садках? Ці аддалі бы Вы сваё дзіця ў беларускамоўную групу ў садку?

- Нейтральна. Проста нейтральна, - адказалі маладыя бацькі з вазком.

А не для запісу дадалі:

- Але дзіцяці ў беларускамоўную групу не аддалі бы, БО МЫ БЛІЖЭЙ ДА РАСЕІ".

Дзве жанчыны на лаўцы адказалі наступнае:

- Хай вывучаюць, бо ў школе беларуская мова таксама патрэбна будзе.

- Я бы не аддала, таму што яны яшчэ дрэнна гавораць па-руску. У старэйшай групе - можа быць. Каб гэта БЫЛО УВЕДЗЕНА.

Мужчына з унучкай:

- Не думаў пра гэта, таму што ўсе нашыя групы рускамоўныя, дзіцячы садок быў на рускай мове, і ШКОЛА ЗАРАЗ БУДЗЕ ТАКСАМА НА РУСКАЙ МОВЕ.

Маладая матуля:

- Нармальна ставімся, аддалі б, таму што беларуская мова - таксама родная мова, мы яе таксама павінны ведаць з дзяцінства.

Матуля з дзяцём:

- Нейтральна стаўлюся. Можа быць, і аддала б. У нас жа Беларусь, двумоўе: чаму нароўні з рускай не ведаць беларускую мову? Таму што, як правіла, мы ні тую, ні тую не ведаем.

Маладыя бацькі з немаўлём:

- Нармальна. Станоўча. Нічога не бачым ў гэтым благога.

Дзве маладыя жанчыны:

- Калі толькі па-беларуску, то - не. Калі там будзе дзве мовы, то - можа быць. Я проста памятаю, калі я пайшла ў першы клас, у нас была беларусізацыя, і была ўся матэматыка, усе падручнікі на беларускай мове. Не, я не хачу, каб маё дзіцё так пакутвала і не ведала, як пішацца гэтае слова.

- А я цалкам нармальна стаўлюся да гэтага і аддала б дзіця без праблем.

Жанчына з унукам:

- Калі б дзве мовы. Бо наша краіна ў большасці гаворыць па-руску. На беларускай мове, на правільнай беларускай мове, у нас гавораць адзінкі. Калі чуеш перакручаную мову - гэта жудасна.

Матулі з дзецьмі:

- У прынцыпе, станоўча стаўлюся. Але не аддала бы сваё дзіцё, таму што ў нашай сям'і заведзена размаўляць па-руску. Калі б мы размаўлялі на беларускай мове, пастаянна зносіны ажыццяўляліся па-беларуску, тады - так, я б вітала наведванне маім дзіцяці такіх садкоў.

- Станоўча. Канешне, я бы аддала. Чамусьці ўсе ведаюць дзве мовы, а мы - адну толькі. Хай вывучаюць дзеці, каб ведалі родную сваю мову ў першую чаргу. А потым - рускую.

- Нармальна. Мова для азнаямлення - так, у плане вывучэння. Аднак залежыць ад жадання дзіцяці ў будучыні. То бок адсоткаў на 50-70 - так, аддала б.

- Я б аддала дзіця ў беларускамоўную групу. Увогуле лічу, што калі ёсць Рэспубліка, то павінна быць і мова, і яна павінна быць з самога пачатку, з дзяцінства. Вельмі цяжка, калі дзеці вырастаюць і пачынаюць размаўляць то на рускай мове, то на беларускай, гэта вельмі дрэнна. Таму ўсё павінна пачынацца з азоў, калі з дзяцячага садка, то гэта павінна працягвацца і ў школе, і ва ўніверсітэце.

- Добра. Аддала бы таму, што свая мова падабаецца.

- Станоўча. Я сама пайшла ў першы клас з беларускім ухілам, таму аддала бы сваё дзіцё ў такую групу.

- Не ведаю. Напэўна, для дзіцячага садка - гэта яшчэ ранавата. Калі толькі для старэйшых груп ці дашкольнай падрыхтоўкі, то - можа быць. А што датычыцца зусім маленькіх - трох-чатырох гадоў, - то яны яшчэ і па-руску не ўмеюць размаўляць. Напэўна, не аддала б дзіцяці ў такую групу, бо сама не ведаю мовы, а з ім жа трэба будзе займацца…

Застаецца толькі спытаць ва ўладаў, якія ж тады яны праводзяць маніторынгі і апытанкі? Ці, калі праводзяць, можа, яны проста не ўлічваюць меркаванне насельніцтва?

Але ў дадзенай сітуацыі, канешне, павінен і сам народ, бо часта ад людзей даводзіцца чуць: "Мы ж невінаватыя, што няма ні садкоў, ні школ беларускамоўных" , ці "мы бы наведвалі беларускамоўны садок, каб ён быў" . Але, як вядома, пад ляжачы камень вада не цячэ, і таму, калі мы хочам захаваць сваю найвялікшую спадчыну - мову, - трэба гуртавацца, шукаць адзін аднаго і, галоўнае, - патрабаваць. Тым больш што зараз пры жаданні рэальна адшукаць аднадумцаў, напрыклад, у інтэрнэце, на сайце dzietki.by, у сацыяльных сетках - vk.com/mova_dzyatsyei ці размясціць заклік на старонках "Нашай Нівы".

Анэля Мнішкава , сайт "Народны журналіст"


Урач-лячэбнік ці ўрач -лячэннік?

Пане Рэдактару.

У душы накіпела, пяро нарыпела. Калі можна - чаму не?- напішыце наступны тэкст у Вашай газеце.

Ні першае, ні другое. Наагул, ніяк.

Апошнім дзесяцігоддзем у беларускую мову - нарэшце, дзякаваць Богу! - прыйшло ладнага рускамоўных элементаў. Натуральна, гэтыя элементы думаюць па-расейску, і ім даводзіцца для камунікацыі перакладаць усё на беларускую. Пераклад - гэта асобае мастацтва і зусім не масавае. Элементарна не ведаючы прынцыпаў перакладу, гэныя нованавернутыя празеліты наіўна перакладаюць з расейскай слова ў слова. коска ў коску, аўтаматычна прыпадабняючы нашу АДМЕТНУЮ, НЕПАЎТОРНУЮ беларускую мову да чужой каланіяльнай мовы. Тым самым яны, хочаш ці не, пацьвярджаюць (каланізатарска - дыктатараў) тэзіс аб няпаўнавартасьці нашай мовы. (Зірніце хоць бы тэксты "Нашай Нівы").

Таго ж кшталту розныя пазычанні з украінскай: " лайно, майткі, безкаштоўны, гаманец" і пад., якія гора-культуртрэгеры, недавучкі, цягнуць ў нашу мову замест нашага, свайго.

Таго ж кшталту малакультурная і небясьпечная для цэласьці мовы зьява як "віленскі правапіс", дзе аўтары замахнуліся перадаць у беларускай мове аўтэнтычнае фанетычнае аблічча замежных слоў. Аднак усе замежныя словы абмежаваліся малавядомай, але шыроказнанай у нас англійскай мовай

I вось пайшло гуляць па "балонках" напаўпісьменных тэкстаў неўласьцівае нашай арфаэпіі і правапісу "ў" у абсалютным пачатку слова "*ўікэнд. *Ўотсан" і пад.; цьвёрдае "г" замест простага выдыху "h" ў словах-пачварах кшталту "*Гыляры Клінтан", "*гакей" "*гард-рок"; "кіляметр", "пляцформа". Дзякаваць Творцу, аўтары шчэ не дакеўлялі да перадачы дацкага штуршка, шапялявага "с" грэцкай, іспанскай ды англійскай моў, шасьці таноў в'етнамскай мовы ды іншых фанетычных экзотаў з моў сьвету. Пад гэтыя гукі давядзецца прыдумляць новыя літары і знакі. Тут, браце, псаваць ды псаваць давядзецца! Да віленшчыкаў, бачыш, конь не валяўся!

На меркаванне культурных людзей праект гэты пачварны. Ды і, беручы пад увагу стан і статус нашай мовы, ён, як і ўсякія рэфармацыі, недарэчы, лішні і шкодны. Хай гароўнікі папрацуюць пакуль што ў шуфляду.

Таго ж кшталту і апошняе шчыраванне шаноўнага сп. Івана Лепешава. Ён зрабіў цяжкую і важную справу, сабраў беларускія фразеалагізмы. Але навошта ж туды дадаваць расейскія выразы і выслоўі, шукаючы іх у тэкстах неахайных майстроў слова ? Такое словаўжыванне альбо паразітнае, замест нашага, альбо аказіянальнае, а, ўвогуле, праява ляноты і абыякавасьці. (Кіньце вокам на творы А. Куляшова, М. Танка і вы знойдзеце даволі прыкладаў простай неахайнасьці, нядбайнасьці.) Навошта ж аўтарскія хібы рабіць "эталёнам", замацоўваць у слоўніках, як бы кананізаваць? Не сьлед хапацца, трэ пачакаць.

Але вернемся да нашых бараноў, то бо да "лечашчаго врачя". Так у расейскай мове ё такое слова, але чаму тое павінна калькавацца менавіта з расейскай??!! Ці ё, увогуле, патрэба ў такім слове? Ці зірнулі моцна лінгвістычна заклапачоныя гэтай "лакунай"- прагалам у іншыя мовы? Я не глядзеў і, мяркую, трэ карыстацца духам нашай мовы.

Вапрос "Кто твой лечашчы врачь?" па-беларуску без аніякай страты гучыць: "Хто цябе лечыць?" Савет "Пасаветуйся з сваім лечашчім врачём" без аніякага перакручання гучыць як парада "Парайся з сваім лекарам". Няўжо гэта будзе незразумела? Выснова: не трэ меркаваць пра недабудаванасьць нашай мовы. Яна кадыфікавана і цудоўна распрацавана, гэта ведаў і Адам Міцкевіч. А людзям малакультурным і маладасьведчаным іхніх родных моўных сродкаў ніколі не хапае, таму і пераходзяць на "большпанятную", прыніжаючы сваё і сябе.

У мове, як і ў лекарскай справе, важны прынцып "не нашкодзь". Значыцца, трэ сем разоў па сем разоў мераць, пакуль адважыцца на крок. Бяда і ў тым, што ў нас няма нармавальнага цэнтра мовы, няма Акадэміі Беларускай мовы, таму кажын уяўляе сябе Антоніем Нябрыхай ці Станіславам Тарашкевічам.

З пакорай

Мікола Бусел , народны чытака і селькор.

Рэдакцыя падае гэты тэкст з поўным захаваннем правапісу аўтара, на правах этнаграфічнага.



9 лістапада ў межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца паседжанне Рабочай групы ТБМ "Беларускай мове - статус еўрапейскай" . Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ

па вул. Румянцава, 13. Пачатак - 18. 00 гадзін.


Беларускі кірмаш у лідскім дзіцячым садку

У сістэме дашкольнага выхавання г. Ліды вядзецца сістэматычная праца па папулярызацыі і пашырэнні сферы ўжытку беларускай мовы. Шэраг садкоў і груп мае тут статус беларускамоўных, у іншых маюць месца такія формы, як "Беларускі дзень", беларускія ранішнікі і святы.

23 кастрычніка ў лідскім Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 прайшла традыцыйная ўжо імпрэза "Беларускі кірмаш" у старэйшай групе. Такія імпрэзы праходзяць тут у кожнай групе чатыры разы на год і прымяркоўваюцца да розных знакавых дзён беларускага народнага календара.

Падрыхтавалі імпрэзу музычны кіраўнік Вікторыя Віктараўна Сітнікава і выхавацелькі Рэгіна Вацлаваўна Федасевіч ды Тацяна Альбертаўна Лойка.

Цудоўная беларуская мова вядоўцы, абсалютна без усякага акцэнту мова дзетак, на якой яны расказвалі вершыкі і спявалі песенькі, пасяляе спадзяванне і ўпэўненасць, што не ўсё для нашай мовы страчана.

Прынамсі, у Лідзе ніхто не плача і не разводзіць рукамі, што няма каму працаваць па-беларуску, што няма кадраў. Сёння тут усе робяць тое, што можна цяпер. Заўтра стане магчымым больш - будуць рабіць больш.

Яраслаў Грынкевіч.


Да 100-годдзя Пятра Бітэля

24 кастрычніка ў Лідскім каледжы прайшла літаратурная імпрэза, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта Пятра Бітэля.

Само 100-годдзе прыпала на чэрвень месяц 2012 года, але чэрвень - гэта лета, пара экзаменаў і канікулаў, а вельмі важна пазнаёміць з жыццём і творчасцю паэта менавіта навучэнцаў каледжа, якія кожны дзень ідуць на вучобу каля Свята-Міхайлаўскага сабора, дзе хрысцілі Пятра Бітэля.

На 18 кастрычніка прыпадае дзень памяці паэта і ў бліжнюю сераду ў каледж прыйшлі святар царквы Ўсіх беларускіх святых айцец Уладзімір, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслаў Суднік, бард Сяржук Чарняк і кіраўнік літаб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" Алесь Хітрун.

Пра жыццё і ідухоўны подзвіг заходнебеларускага настаўніка, польскага падпаручніка і савецкага ваеннапалоннага, які мог трапіць у Катынь, салдатаа Чырвонай Арміі, праваслаўнага святара і вязня ГУЛагу, настаўніка Вішнеўскай школы, які пасля польскай настаўніцкай семінарыі скончыў Менскі педінстытут і Маскоўскі Иняз, а таксама пра таленавітага беларускага паэта і перакладчыка распавёў айцец Уладзімір:

- Бязбожныя ўлады хацелі зрабіць з Беларусі першую атэістычную рэспубліку і, у той самы час, першую рэспубліку без сваёй адметнай культуры і мовы, стварыць, тым самым, новую фармацыю людзей. За адзін толькі 1960 год у нашай краіне было зачынена 219 праваслаўных храмаў. А ўсе гарадскія школы рэспублікі былі пераведзены на расійскую мову навучання. Пётр Бітэль супрацьстаў гэтай бязбожнай сітэме на двух франтах: рэлігійным - як праваслаўны святар, і нацыянальным - як паэт і перакладчык. Тое, што мы сёння маем адносную свабоду вызнаваць сваю веру і не забывацца на сваю культуру - у шмат чым заслуга такіх герояў духу, як Пятро Бітэль.

Станіслаў Суднік пазнаёміў прысутных з творчасцю Пятра Бітэля. У аснову аповяду была пакладзена аўтабіяграфічная паэма "Баруны". Незадоўга да імпрэзы машынапіс паэмы, а таксама трох казак перадаў у Ліду Міхась Скобла.

Сяржук Чарняк выканаў песню на словы Пятра Бітэля, узятыя з тых жа "Барунаў", а таксама іншыя песні.

Трэба спадзявацца, што беларуская мова ўсіх удзельнікаў іпрэзы хоць злёгку абудзіць беларускасць у душах юнакоў і дзяўчат, пакліча да мовы.

Наш кар.


БІТЭЛЬ Пятро , нарадзіўся 19.06.1912 г. у мястэчку Радунь Лідскага павету (цяпер Воранаўскі раёна Гарадзенскай вобласці). Хрышчаны ў лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы. Праваслаўны святар, беларускі паэт.

Друкаваўся з 1929 у часопісе "Шлях моладзі" пад псеўданімам Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм "Замкі і людзі" , "Сказанне пра Апанаса Берасцейскага", "Памятны верасень. Урыўкі з салдацкага дзённіка". Пераклаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча ("Пан Тадэвуш", "Конрад Валенрод", "Гражына", "Дзяды", "Крымскія санеты"), польскамоўныя паэмы і п'есы В. Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю. І. Крашэўскага "Хата за вёскай", паасобныя творы М. Канапніцкай, Б. Пруса, Ю. Славацкага, Г. Сянкевіча, М. Лермантава, А. Пушкіна, І. Франко, Т. Шаўчэнкі, Б. Брэхта, Ё.В. Гётэ, Ф. Шылера і інш. У 1990 г. выйшла кніга П. Бітэля "Дзве вайны", дзе змешчана паэма "Баруны". Пераклад П. Бітэля паэмы "Пан Тадэвуш" у 1998 годзе надрукаваны ў юбілейным трохмоўным выданні да 200-годдзя Адама Міцкевіча, што само па сабе абазначае прызнанне найвышэйшай якасці перакладу.

Памёр Пятро Бітэль 18.10.1991 г. у Вішневе.


У памяць паўстанцаў 1863 года

У Свіслачы на Гарадзеншчыне 27 кастрычніка грамадскасць ушанавала памяць паўстанцаў 1863 года.

Штогод у апошні тыдзень кастрычніка людзі з усёй Беларусі, якім дарагія ідэалы паўстання 1863 года, з'язджаюцца ў Свіслач, каб ускласці кветкі на магілу Віктара Каліноўскага, да помніка Кастусю Каліноўскаму, Рамуальду Траўгуту, а таксама наведаць Якушоўку, дзе жылі браты Каліноўскія.

Каля 50 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і партый і проста актывістаў прыехалі з розных куткоў Беларусі: з Гародні, Віцебска, Менска, Бярозаўкі дзеля таго, каб адзначыць дзень Дзядоў ва ўшанаванні памяці братоў Каліноўскіх - Віктара і Кастуся, а таксама іншых удзельнікаў паўстання 1863 года. Група прыезджых з бела-чырвона-белымі сцягамі была на асвячэнні магілы Віктара Каліноўскага, якая была папраўлена актывістамі Свіслачы. Грамадскасць скіравалася да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, дзе мелі месца ўрачыстыя выступы прадстаўнікоў розных грамадскіх арганізацый, якія прыехалі сюды. Фэст завяршыўся ў раёне вёскі Якушоўка, радавым месцы братоў Каліноўскіх.

Каля помніка Каліноўскаму палымяна выступіў Сяргей Каваленка. Пасля выступу ён сказаў:

- Адчуваю вялікую радасць, што знаходжуся на Гарадзеншчыне, што выступіў каля помніка вялікага героя - Кастуся Каліноўскага. Яшчэ хачу сказаць, што наш сцяг у душы, а таму мы носім белыя кашулі і чырвоны гальштук, каб усе ведалі, хто мы такія".

Станіславай Гусакова, якую пазней затрымаюць міліцыянты і адвядуць у пастарунак, гаварыла:

- Я вельмі ўсцешана, што сюды трапіла, паколькі лёс маёй сям'і цесна звязаны з Каліноўскім. Мой прапрапра-дзед быў сасланы пасля паўстання, а я пасля выбараў 2006 года навучалася па праграме Каліноўскага. І вось цяпер я вярнулася і прыехала на зямлю, дзе жыў чалавек, якому я абавязаная лёсам сваім і сваёй сям'і.

Увесь час з удзельнікамі мерапрыемства знаходзіўся ўніяцкі святар - айцец Андрэй. Ён маліўся на магіле Віктара Каліноўскага, асвяціў новы крыж у Якушоўцы, разам з усімі спяваў Магутны Божа. З шэрагу вядомых палітыкаў у Якушоўцы быў Рыгор Кастусёў.

У часе святкаванняў былі затрыманы 4 чалавекі ў розных месцах Свіслачы, а так-сама пасля выезду з Якушоўкі. Затрыманымі былі Вітольд Ашурак з Бярозаўкі, Алесь Крот з Менска, Станіслава Гусакова з Віцебска і Віталь Лопасаў з Гародні.

Наш кар.


Сустрэча з Алегам Трусавым: незалежнасць і матчына мова

25 кастрычніка ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава адбылася сустрэча з кандыдатам гістарычных навук, дацэнтам, дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны А.А. Трусавым.

Алег Анатольевіч завітаў ва ўніверсітэт на канферэнцыю, але разам з тым знайшоў час для размовы са студэнтамі факультэта беларускай філалогіі і культуры, а таксама гістарычнага факультэта.

Наш госць ад пачатку размовы засяродзіў сваю ўвагу на тэме незалежнасці Беларусі. Ён зазначыў, што незалежнасць - гэта вялікі скарб для любой нацыі, бо ў свеце жыве шмат народаў, якія не маюць сваёй дзяржаўнасці. Таксама А. Трусаў з аптымізмам паставіўся да аднаўлення і рэстаўрацыі помнікаў мінулага. "Безумоўна, ёсць пытанні да якасці рэстаўрацыі замкаў і храмаў, але тое, што іх аднаўляюць - гэта ўжо добра. Вось я гляджу ў акно і бачу цудоўную панараму на адну з віцебскіх цэркваў, а яшчэ толькі ў 1982 годзе мы прыязджалі сюды, каб праводзіць раскопкі. Мы і не ўяўлялі, што ўсё так хутка адродзіцца", - сказаў А. Трусаў. Акрамя гэтага, ён выказаўся пра сучасны стан беларускай мовы і яе перспектывы. Асобна спыніўся на пытанні матчынай мовы. "Я бачу, што тут большасць прысутных - гэта дзяўчаты. Таму галоўнае, каб вы, як будучыя маці, размаўлялі з вашымі дзеткамі на беларускай мове, бо хто б ні быў па нацыянальнасці бацька, дзеці будуць гаварыць на матчынай мове", - падкрэсліў А. Трусаў. Госць з задавальненнем адказаў на пытанні студэнтаў. Адно з іх было пра тое, як адбывалася прыняцце дзяржаўных сімвалаў - герба "Пагоні" і бел-чырвона-белага сцяга. Ён, як непасрэдны ўдзельнік тых падзей, распавёў пра ўсе акалічнасці таго часу: пра тое, як дэпутаты, каб пераканаць сваіх апанентаў, зрабілі выставу пра нацыянальныя сімвалы, якая падмацоўвалася гістарычнымі фактамі; як ён асабіста даказаў, што супрацоўнікі мясцовай паліцыі падчас нямецкай акупацыі насілі белую павязку (з адмысловым надпісам), а не бел-чырвона-белую. Зрэшты, гэта ўсё займела вынікі і нацыянальныя сімвалы былі прынятыя большасцю дэпутатаў ВС.

На гэтым і скончылася размова. Алег Трусаў падзякаваў за сустрэчу і на развітанне падараваў на памяць каляндар на 2013 год, які змяшчае выяву Кастуся Каліноўскага і нагадвае, што ў наступным годзе будуць 150-я ўгодкі паўстання 1863 г. у Беларусі.

Андрэй Шчарбіцкі, студэнт, сябар суполкі ТБМ ВДУ імя П.М. Машэрава г. Віцебска.


"Ваярскія гульні" ў Лідзе

Больш за дзесяць клубаў сярэднявечнай рэканструкцыі ("Dies Magna" з Ліды, "Арыдан" і "Кром" з Гародні, "Ордэн Паўночнага храма"з Наваградка, "Ваяр" са Слоніма, "Шляхецкая застава" з Баранавіч і інш.) сабраў у Лідзе 20 кастрычніка рэгіянальны фэст сярэднявечнай культуры "Ваярскія гульні".

Нягледзячы на дрэннае надвор'е, цікаўных сабралася вельмі шмат. Усіх іх размясцілі на адноўленых галерэях Лідскага замка.

"Ваярскі гульні" не асабліва вялікі фестываль і мае рэгіянальны характар. Тым не менш, як кажуць у Цэнтры сярэднявечнай рэканструкцыі, - сезон скончыўся, мерапрыемстваў мала, клубы імкнуцца куды-небудзь яшчэ выехаць. Таму вось такія восеньскія фэсты і збіраюсць дастаткова ўдзельнікаў.

У праграме традыцыйна прысутнічалі рыцарскія турніры, жывая музыка, агульныя бойкі-бугурты былі жорсткімі і відовішчнымі, а майстар-класы па танцах сабралі шмат ахвотных патанчыць.

Беларуская мова на турніры, хоць была і не адзінай, але была прадстаўлена годна. Для многіх клубаў яна адзіная працоўная.

Наш кар.


Калі за адраджэнне мовы,чытай, спадарства, "Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачынаецца падпіска на першае паўгоддзе 2013 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана, падрасла, але далёка не ў тэмпе інфляцыі. У 2013 годзе мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды. Мы падаём факты. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


ПРА НАЗВУ НАШАЙ КРАІНЫ І ІНШАЕ

У некаторых жнівеньскіх і вераснёўскіх нумарах "Нашага слова" змешчаны палемічныя артыкулы Э. Ялугіна (№ 32), У. Лупакова (№ 38), П. Шаравара (№ 39). Тут закранаюцца пытанні пра даўнейшую назву нашай краіны, яе жыхароў ("ліцвін" ці "беларус"?), паходжанне назвы "Русь" і інш. Аўтары выказваюць сваё стаўленне да кніг В. Дзеружынскага "Таямніцы беларускай гісторыі", "Забытая Беларусь".

Загаловак артыкула Эрнэста Ялугіна пагрозлівы: "Калі ў Гісторыю стрэліць…". Але, і паўторна прачытаўшы тэкст, цяжка зразумець: хто ж тут страляе ў Гісторыю? Аўтар, як той Баян, расцякаецца думкаю па дрэве, дае волю фантазіі і (няхай прабачыць) змешвае боб з гарохам ці мох з балотам.

Так, без пэўнай сувязі з папярэднім тэкстам піша, што ў нас "той-сёй са спадарства" Германію называе "нейкай Нямеччынай ". І далей: "А самі ж абураюцца, калі расійцы называюць нашу краіну "Белоруссией", бо ў нас вырашана пісаць "Беларусь".

Але гэта - несупастаўляльныя рэчы. Ёсць жа нарматыўныя літаратурныя словы: немец, немка, нямецкі (напрыклад: нямецкая мова ). Слова Нямеччына даецца ў акадэмічных "Беларуска-рускім слоўніку" і ў "Руска-беларускім слоўніку". У рускім этымалагічным даведніку паказана, што слова немец - агульнаславянскае паводле паходжання.

А "Беларусь" і "Белоруссия" - гэта ўжо зусім іншае. Вось і памянёны вышэй Уладзіслаў Лупакоў, які называе сябе "расіянінам", "ураджэнцам РФ", піша: "Сёння Расійская Федэрацыя (рус. Российская Федерация) і Рэспубліка Беларусь (рус. Республика Белоруссия) - краіны, якія прызнаюць адна адну" . Дзіўна: няўжо аўтар не ведае, што нашу краіну і па-руску трэба называць не "Белоруссия", а "Беларусь"? 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон, у якім сказана, што з гэтага часу наша краіна называецца "Рэспублікай Беларусь", а ва ўкарочанай назве - "Беларусь" і што гэтыя назвы транслітаруюцца на іншыя мовы адпаведна з беларускім гучаннем. І сёння гэта, як і належыць, строга захоўваецца ўсімі краінамі свету. Толькі ў адной РФ працягвалі карыстацца старым тэрмінам "Белоруссия". Але з 1 верасня 2009 года і там, нарэшце, узаконілі, што ў Расіі трэба гаварыць "Беларусь", а не "Белоруссия". Пра гэта ў сродках масавай інфармацыі заявіў кіраўнік Інстытута рускай мовы. Былы прэзідэнт РФ Д. Мядзведзеў у канцы 2009 года сказаў беларускім журналістам, што ён вымаўляе назву нашай краіны так, як гэта зафіксавана ў дакументах ААН: Беларусь. "І настойваю менавіта на такім вымаўленні нашай брацкай дзяржавы" . Аднак ён не стаў адмаўляць, што "ёсць адзінкавыя выпадкі" , калі прадстаўнікі расійскага істэблішменту называюць рэспубліку "Белоруссией". Выходзіць, што У. Лупакоў - з ліку гэтых прадстаўнікоў?

Э. Ялугін адвольна называе Полацкае княства "Русь Полацкая", ды яшчэ "Белая", "ці не з часу Усяслава Чарадзея". Робіцца спроба этымалагізаваць словы "рус" і "рос", а ў якасці недарэчных аргументаў прыцягваюцца бог з дахрысціянскіх часоў Бялун, трэцяя кніга рамана Канстанціна Сіманава "Жывыя і мёртвыя" і г.д. Сцвярджаецца, што "Полацкая зямля ніколі Літвою не называлася" і "людзі самі сябе называлі там русінамі, а пазней беларусінамі".

Калі ж звярнуцца да беларускіх акадэмічных даведнікаў, якія складаліся на вялізным дакументальным матэрыяле пісьмовых помнікаў, то бачым зусім іншае.

Слоў "беларус" ці "беларусін" няма ні ў "Слоўніку мовы Скарыны", ні ў "Этымалагічным слоўніку беларускай мовы", ні ў "Гістарычным слоўніку беларускай мовы". Назоўнік жа "русіны" даецца толькі ў адным з гэтых слоўнікаў і тлумачыцца як 'назва ўкраінцаў заходнеўкраінскіх зямель'. У "Гістарычным слоўніку" ёсць толькі адзіны выяўлены прыклад на ўжыванне назоўніка "белорусецъ" са значэннем 'жыхар Белай Русі' і адзінай ілюстрацыяй: "москва и вси белорусцы не примут тых всех" . У канцы ХVІ ст. беларусцамі называлі бежанцаў з Масковіі, а таксама тых, хто прыняў маскоўскую веру і прысягнуў маскоўскаму цару.

У гэтым жа слоўніку фіксуецца прыметнік "белоруский, бялоруский" , але толькі з пацвярджальнымі цытатамі, датаванымі канцом ХVІІ ст. (1686, 1691, 1699), прычым усе яны з рэлігійных тэкстаў: белоруский епископ , архидьякон белоруский

Затое, як занатавана ў гэтым жа слоўніку, шырока выкарыстоўваліся словы литвин (са значэннем 'жыхар Вялікага Княства Літоўскага'), литва ('насельніцтва ВКЛ'), литовчичъ ('сын літвіна'). А ў "Этымалагічным слоўніку беларускай мовы" (т. 6) сказана, што этнонімы літвіны, ліцвякі, літва "ў большай ступені адносяцца да паўднёва-заходняй Беларусі, але пашыраюцца і на ўсю Беларусь".

Ёсць, дарэчы, у "Этымалагічным слоўніку" і слова маскаль , якім называлі рускіх салдат, рускіх стараабрадцаў, рускіх купцоў і г.д.

Мікола Ермаловіч сваю капітальную працу назваў "Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае". Наша дзяржава мінулых эпох з часоў Міндоўга (прыкладна з 1240 года) называлася Вялікім Княствам Літоўскім . Пасля таго як у бітве на Сіняй Вадзе (1362) войска ВКЛ разграміла татараў і вызваліла Русь (Украіну) ад татарскай няволі, значная частка Русі ўвайшла ў ВКЛ, і дзяржава прачала называцца Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім . А калі пасля Грунвальдскай бітвы былі вызвалены ад крыжакоў землі сучаснай Летувы (Жамойціі), дзяржава атрымала назву "Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае" .

Жыхары тагачасных нашых (сучасных беларускіх) земляў называлі сябе ліцвінамі. Гэтак было яшчэ і ў сярэдзіне ХІХ ст. У.І. Даль у "Напутном слове" да "Толкового словаря живого великорусского языка" (1863) так апісваў адну з асаблівасцей гаворак (дзеканне) "Белоруссіи" з прывядзеннем падшліфаваных ім ілюстрацыйных прыкладаў: "Дзеканье - говор этот, дз вместо д . Как ни заикайся литвин, а дзекнет. Только мёртвый литвин не дзекнет. Разве лихо возьмет литвина, чтоб он не дзекнул". Як бачым, у Даля - толькі "литвин", але не "белорус", хоць нашы землі называюцца ім не афіцыйным "Северо-Западным краем", а "Белорусіей".

Вядомы рускі этнограф С. Максімаў (1831-1901), які аб'ездзіў усе губерні Паўночна-Заходняга краю, у сваіх назіраннях, апублікаваных у 1877 г. у адным з тамоў серыі "Живописная Россия", пісаў: "Назва "Белоруссъ" - штучная, кніжная і афіцыйная. Самі сябе нашчадкі крывічоў пад гэтым імем не ведаюць… Пад імем Белая Русь разумее тамашні народ Велікаросію. Мясцовая інтэлігенцыя пачала лічыць назву "Белоруссъ" нават крыўднай" .

А вось В.П. Лемцюгова ў кнізе "Тапонімы распавядаюць" (2008) надумана сцвярджае зусім іншае: "Белы колер суправаджае нас (беларусаў) праз усё жыццё. Нават край наш здаўна завецца Белай Руссю". Не сказана, аднак, кім завецца. Акадэмік Я.Ф. Карскі ў 1904 г. пісаў: "Просты народ у Беларусі не ведае гэтай назвы. На пытанне: хто ты? - прасталюдзін адказвае - рускі, а калі ён католік, то называе сябе або католікам, або палякам; часам сваю малую радзіму назаве Літвой, а то проста скажа, што ён "тутэйшы", канечне, супрацьпастаўляючы сябе асобе, што гаворыць па-велікаруску, як прышламу ў заходні край" . Дык што: можа, "здавён называлі свой край Белай Руссю" , а пасля запамятавалі? Не! Як адзначае вядомы ўкраінскі філолаг-славіст Р.А. Ільінскі (1876-1937), тут "не толькі ніколі не ўжывалі "Белая Русь", але і чужаліся гэтага наймення нават у афіцыйнай літоўскай тэрміналогіі".

Не ўжывалі назваў Белая Русь, беларус ні Ф. Скарына, ні С. Будны, ні Л. Сапега, ні іншыя вучоныя ці палітычныя дзеячы, няма гэтых назваў ні ў Статуце ВКЛ, ні ў Літоўскай метрыцы.

У некаторых германскіх хроніках сярэднявечча і ў працах польскіх гісторыкаў ёсць упамінанні пра Белую Русь. Але, як зазначыў беларускі савецкі правазнаўца, доктар юрыдычных навук Я.А. Юхо, многія аўтары гэтых прац "не ведалі дакладна, дзе знаходзіцца Белая Русь". Так, вядомы польскі вучоны М. Мяхоўскі ў "Трактаце пра дзве Сарматыі" (1517), апісваючы Вялікае Княства Літоўскае і Маскоўскую дзяржаву, толькі адзін раз упамінае пра Белую Русь, якая размешчана "недзе між Уралам і Азоўскім морам" .

Назва "Белая Русь" прыйшла на нашу тэрыторыю не з захаду, як беспадстаўна пішацца ў асобных працах, а з усходу. Спашлемся на выказванне Я.Ф. Карскага: "Назва "Белая Русь" з'явілася не раней за тэрміны "Вялікая Русь", "Малая Русь", а пасля іх і ў перайманне іх. Гэтым тлумачацца рэдкія выпадкі ўключэння "Белай Русі" ў "Вялікую" ці "Малую".

"Русь" - гэта назва Кіеўскай дзяржавы ў сярэдневяковы перыяд. Паралельна, як сінонімы, на працягу стагоддзяў ужывалася і назва "Украіна" (яе першае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1187 года). Ва Украіне ўпершыню ўзніклі і назвы "Вялікая Русь" і "Малая Русь". Першая - для абазначэння Кіеўскага княства, другой называлі Галіцка-Валынскае княства. У кнізе В. Іванішына і Я. Радзевіча-Вінніцкага "Мова і нація" (Драгобыч, 1994) гаворыцца, што назвы "Вялікая Русь" і "Малая Русь" пайшлі з сінода царгарадскага патрыярха ў 1303 годзе "ў сувязі са стварэннем Галіцка-Валынскай мітраполіі".

Як дакументальна засведчана ў шматтомнай "Истории Российской" В.М. Тацішчава (1686-1750), у летапісах вялікі князь Растова-Суздальскай зямлі Андрэй Юр'евіч (Багалюбскі) з 1157 г. называецца ўжо князем Белай Русі (хутчэй за ўсё, для таго, каб адрознівацца ад князя адзінай і першапачатковай тады Русі (Кіеўскай), адкуль родам яго бацька Юрый Даўгарукі - вялікі князь кіеўскі, з імем якога звязана заснаванне Масквы). І ў далейшым гэта назва працягвае ўносіцца ў тытул маскоўскіх князёў. Напрыклад, Іван ІІІ (другая палова ХV ст.) лічыўся князем Белай Русі. А на тагачасных заходнееўрапейскіх картах адпаведная тэрыторыя пазначалася як Russia Alba sive Moskowia (Белая Русь або Масковія). Зрэшты, назва Масковія выкарыстоўвалася ў еўрапейскіх краінах да пачатку ХVІІІ ст. Напрыклад, захаваўся дакумент, які сведчыць, што ў 1713 г. амбасадар Масковіі ў Капенгагене атрымаў загад: "Ва ўсіх газетах друкуюць нашу дзяржаву Маскоўскай, неадкладна папярэдзьце, каб друкавалі Расійскай, пра што і іншым ва ўсе амбасады пісана".

З набыткам Украіны ў 1654 годзе Масковія пачала сябе называць Вялікай Руссю, а Украіну - Малой Руссю. Ды і канстанцінопальскі патрыярхат, як адзначана ў памянёнай раней кнізе "Мова і нація" (с. 174), стаў Масковію называць Вялікай Расіяй.

Працягваючы вялікадзяржаўную каланіяльную палітыку "сабірання рускіх зямель" і "прырашчэння тэрыторыямі", цар Аляксей Міхайлавіч (яго ў Расіі афіцыйна называлі "тишайшим" і "добрейшим") распачаў трынаццацігадовую вайну (1654-1667) з Вялікім Княствам Літоўскім, выкарыстоўваючы і войскі Украіны (Малой Русі). У загадзе арміі цар пісаў: "Унии не быть, латинству не быть, жидам не быть" . Акадэмік У.М. Ігнатоўскі (1881-1931) адзначае: "Пасля таго, як былі здабыты абедзве сталіцы Літоўска-Беларускага гаспадарства, Вільня і Трокі, маскоўскі цар пачаў тытулаваць сябе "Усяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам ". ("Белая Русь" - як вынік "прырашчэння тэрыторыямі".) Хоць у 1667 г. было падпісана замірэнне на 13 гадоў і царскія войскі мусілі пакінуць землі Вялікага Княства Літоўскага, але ранейшы тытул самадзержцаў (з нарошчаным "Белая Русь") заставаўся нязменным.

Імператрыца Кацярына ІІ, распачынаючы адзін за адным тры падзелы Рэчы Паспалітай, аб'явіла: "Отторгнутое возвратить". Захоп нашых зямель афіцыйна лічыўся ўз'яднаннем з Расіяй нібыта яе старажытнай часткі - Белай Русі. На "ўз'яднаных" землях былі створаны тры губерні: Беларуская (на тэрыторыі цяперашніх Віцебскай і Магілёўскай абласцей), Літоўская (сучасныя Мінская і Гродзенская вобласці) і Ковенская (сучасная Летува). У дачыненні да першых дзвюх губерняў выкарыстоўваўся і тэрмін "Белоруссия", а пасля загадам імператара Мікалая І ад 18.07.1840 г. было забаронена ўжываць тэрміны "Белоруссия", "белорусский язык"; яны былі заменены іншымі: "Северо-Западный край", "западнорусское наречие".

Кіраваў жа "Краем" генерал-губернатар Мураўёў. Народ ахрысціў яго мянушкай "вешальнік". Ён праславіўся як крывавы кат, як бязлітасны душыцель паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, як люты вынішчальнік усяго нацыянальна-беларускага (ці, дакладней, ліцвінскага). Узначальваючы працэс русіфікацыі, ён (ва ўнісон з графам Уваравым) гаварыў: "Што не змог зрабіць рускі штык, даробіць руская школа" . Яму належыць і такая ўстаноўка: "У Паўночна-Заходнім краі так званую беларускую мову неабходна звесці на нішто. Бо, калі гэтага не зрабіць, яна пастаянна будзе інспіраваць думку аб асобным беларускім народзе і аб праве гэтага народа на этнічную самабытнасць і нацыянальна-дзяржаўную суверэннасць, чаго дапусціць нельга".

Нездарма гаворыцца: забаронены плод салодкі. У другой палове ХІХ ст., нягледзячы на забарону, словы "Белоруссия", "белорус", якія сталі ўжо прывычнымі, працягвалі ўжывацца ў друку - у працах фалькларыстаў, этнографаў П. Шэйна, Е. Раманава, Е. Ляцкага, І. Насовіча (яго кнігі "Словарь белорусского наречия", "Сборник белорусских пословиц"), у творах рускіх пісьменнікаў (напрыклад, у М. Някрасава: "Видишь, стоит, изможден лихорадкою, высокорослый больной белорус" , у М. Дабралюбава: "Белорусы еще скажут свое слово" ), а ў канцы ХІХ ст. і асабліва пасля рэвалюцыі 1905 г., калі цар, напалоханы падзеямі, дазволіў карыстацца нацыянальнай мовай, - у творах беларускіх пісьменнікаў ("Дудка беларуская", "Смык беларускі" Ф. Багушэвіча, "Скрыпачка беларуская", "Першае чытанне для дзетак беларусаў" Цёткі), у шматлікіх вершах і паэмах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага і інш.

У 1918 г., калі стварылася Беларуская Народная Рэспубліка, пачалі выходзіць газеты на беларускай мове (напрыклад, "Вольная Беларусь"), пачалі працаваць больш як 300 беларускіх школ і некалькі гімназій, культурна-асветніцкія таварыствы і выдавецтвы… Канчаткова найменне Беларусь замацавалася за нашай рэспублікай, калі яна стала БССР (у абнародаванай 31 ліпеня 1920 года "Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці…" рэспубліка называлася ССРБ - Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь).

У Сяргея Грахоўскага ёсць вершаваныя радкі: "Я ўяўляю змену пакаленняў жывою шматступеньчатай ракетай" . Падобнае ўяўленне ўзнікае, калі кажам пра змены ў назве нашай краіны. І яшчэ адно супастаўленне прыходзіць на думку - параўнанне з матрошкаю, унутры якой змяшчаюцца аддаленыя па часе назвы: Рэспубліка Беларусь - БССР - БНР - "Северо-Западный край" - "Белоруссия" - Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае - Вялікае Княства Літоўскае.

Вернемся цяпер да артыкулаў, аўтары якіх названыя напачатку.

Э. Ялугін прыпісвае В. Дзеружынскаму тое, чаго ў ягоных кнігах няма. Сцвярджае ў выглядзе "невялічкага фэнтэзі", быццам В. Дзеружынскі хацеў бы перайменаваць Беларусь у Літву, беларусаў - у ліцвінаў, а мову называць ліцвінскай. Але ж у абедзвюх кнігах нічога падобнага і са свечкаю не знойдзеш. Іх аўтар развенчвае шматлікія міфы і выдумкі пра мінулае нашага народа, дбае пра гістарычную памяць і самасвядомасць беларусаў, без чаго народ ператвараецца ў бязмоўнае дрымотнае насельніцтва. А кніга "Забытая Беларусь" завяршаецца спадзяваннем, што дзеці, якія "нарадзіліся ў суверэннай Беларусі", стануць "тымі, кім не сталі мы, - Нацыяй Беларусаў!" Як бачым: "беларусаў", а не "ліцвінаў", "Беларусь", а не "Літва" і не "ВКЛ"…

А вось Мікола Шаравар, ухвальна ставячыся да кніг В. Дзеружынскага і яго поглядаў на гісторыю Беларусі, многіх нашых сучаснікаў (пералічвае іх) называе ліцвінамі і свой артыкул заканчвае ўпэўненым сцвярджэннем: "Этнічна я па нацыі - ліцвін, а мая Айчына - Літванія" . Нелагічна ставіць пытанне: як мы павінны называцца ў будучым - беларусамі ці ліцвінамі? Мы (дакладней, нашы далёкія продкі) былі калісьці ліцвінамі, але і сёння, і заўтра мы - беларусы! Адрэзанай лусты не прыклеіш. Што было, тое прайшло. Але ведаць праўду пра гісторыю свайго народа крайне неабходна!

Можна прывесці шэраг паралеляў. Жыхары сучаснай Францыі даўней называліся не французамі, а галамі. Кельцкае племя, якое ў старажытнасці насяляла землі сучаснай Англіі, - брыты. Не было раней італьянцаў, як і самой Італіі. Карэнныя жыхары сучаснай Літвы (Летувы) - не літоўцы, а жмудзіны. Сучасныя іранцы раней зваліся персамі, сучасныя ізраільцяне - іудзеямі, сучасныя рускія - маскавітамі або маскалямі. Украінцаў у свой час расіяне называлі маларосамі. Але сёння ніхто з гэтых народаў і не думае вярнуцца да даўнейшай назвы. Гэта ўжо пройдзены гістарычны этап. Тое ж самае адносіцца і да размовы пра ліцвінаў і беларусаў.

Яшчэ некалькі слоў пра артыкул "ураджэнца РФ" У. Лупакова.

Ён шмат разоў паўтарае пра адзіную калыску нашых продкаў, заснаваную на хрысціянскіх каштоўнасцях, сцвярджае, што "адна ў нас калыска", што ідэя адной калыскі "далёка не вораг для беларускага адраджэння і беларускай мовы" і г.д. Думаецца, аднак, што гэта не што іншае, як замаскіраваная ды прыкрытая праваслаўем, прыдуманая ў вялікадзяржаўных, шавіністычных мэтах яшчэ ў ХІХ ст. канцэпцыя трохмоўнай калыскі, "трох плямёнаў адзінага рускага, ці ўсходнеславянскага, народа - велікарусаў, маларосаў і беларусаў", канцэпцыя-трыяда: адна дзяржава (Кіеўская Русь, ці Старажытнаруская дзяржава) - адзін народ (старажытнарускі) - адна мова (старажытнаруская). Гэта канцэпцыя аб развіцці трох моў з адной калыскі - старажытнарускай, ці ўсходнеславянскай - набыла ў рускім мовазнаўстве, як пісаў прафесар Л.М. Шакун, "усеагульнае прызнанне; у савецкія часы ёй быў нададзены статус афіцыйнай дактрыны, улады адгарадзілі яе ад усялякай крытыкі, бо яна як найлепей адпавядала іх імкненню сцвердзіць "адвечнае адзінства" ўсходніх славянаў, зліць "ізноў" іх мовы ў адзіную - рускую мову". Пра гэту канцэпцыю прафесар В.У. Мартынаў сказаў, што яна "не вытрымлівае ніякай крытыкі. Гэта была больш палітычная канцэпцыя, чым навуковая, і нам усім вядома, чаму яна была папулярная" . Дарэчы, ніхто ж не гаворыць пра нейкую міфічную агульназаходнеславянскую калыску (для палякаў, чэхаў, славакаў) або пра агульнапаўднёваславянскую калыску (для балгараў, сербаў, славенцаў, харватаў, македонцаў). Так што сённяшняе ўзгадванне У. Лупаковым пра "адзіную калыску продкаў" - бессэнсоўнае паўтарэнне пройдзенага.

Між іншым, украінскія палітычныя дзеячы, пісьменнікі, мовазнаўцы рашуча адмежаваліся ад навязанай ім палітычнай калыскавай канцэпцыі; напрыклад, былы Прэзідэнт Украіны Кучма выдаў кнігу "Україна - не Расія". А вядомы пісьменнік Барыс Алейнік задае такое рытарычнае пытанне: "Як маглі сябе ўсведамляць расіянамі спаконвечныя ўкраінцы, якія здаўна жылі на берагах Дняпра, больш за сем стагоддзяў да нараджэння Масквы, заснаванай кіеўскім князем, і якая потым ужо стала сталіцай Расійскай дзяржавы?" А між тым у некаторых беларускіх вышэйшых навучальных установах і цяпер пры выкладанні так званай "гістарычнай граматыкі" паранейшаму пералічваюць і характарызуюць моўныя асаблівасці, што нібыта ідуць з той самай калыскі трох моў. Што да Расійскай Федэрацыі, то там і сёння працягваюць друкаваць ранейшыя савецкія навуковыя "працы", дзе паўтараецца тая ж калыскавая канцэпцыя. Да прыкладу, маскоўскае выдавецтва ў 2009 годзе перавыдала ў якасці навучальнага дапаможніка для студэнтаў кнігу Ф.П. Філіна (1908-1982) "Происхождение русского, украинского и белорусского языков". У ёй, у прыватнасці, сказана: "Русский, украинский и белорусский языки - языки-братья, имеющие одного предка - древнерусский (восточнославянский) язык" .

У. Лупакоў піша, што ягоная РСФСР як састаўная частка Савецкага Саюза была ў нераўнапраўным, пакрыўджаным становішчы, што яна "была адзінай з саюзных рэспублік без уласнага гімну". А які ж яшчэ гімн патрэбны быў для РСФСР, калі ў адзіным для ўсіх гімне адназначна абвяшчалася: "Союз нерушимый республик свободных сплотила навеки великая Русь". І гэтым няўхільна і неабвержна падкрэслівалася гегемонія Расіі сярод "малодшых сёстраў", сцвярджалася, кажучы словамі С. Міхалкова, што "начинается земля, как известно, от Кремля" . Дзіўна, як гэта не прыйшло ў галаву У. Лупакову сказаць яшчэ і такое: ва ўсіх саюзных рэспубліках быў свой ЦК партыі, а ў РСФСР не было…

Характарызуючы сябе "аматарам сацыялогіі", У. Лупакоў выдзяляе ў сучасным беларускім грамадстве нейкія здзіўляльныя чатыры сацыяльныя групы. Адну з іх, яму "вельмі несімпатычную", называе маргінальнай і здзекліва крытыкуе яе прадстаўнікоў - у асобе А. Тараса і В. Дзеружынскага (за іх кнігі "Предыстория беларусов", "Тайны беларуской истории"). Адпаведны і грунтоўны адказ аўтару даў Анатоль Тарас у "Нашым слове" (№ 40).

Іван Лепешаў.


Да апошняга дыхання служыў роднай Беларусi

Пахавалi мы нашага лепшага сябра - Мельнiкава Мiкалая Аляксандравiча.

23 верасня пазванiла мне бухгалтар музея Быкава Яўгенiя Серафiмаўна: "Сёння ў 5 гадзiн памёр Мельнiкаў. Заўтра ў 12 гадзiн пахаванне". Светлы i цёплы дзянёк 24 верасня паслаў Бог на пахаванне нашага Мiколы.

Заранёў я прыехаў на Горкага 62. Тут ужо было вельмi многа знаёмых i незнаёмых людзей, тэлебачанне, карэспандэнты. Ад Купалаўскага ўнiверсiтэта сябры па працы I. Лепешаў, I. Жук, А. Пяткевiч. Сябры Саюза беларускiх пiсьменнiкаў Ю. Голуб, М. Амялiшка.

У 12 гадзiн роўна труну с целам Мiколы ўстанавiлi ля пад'езда. Да труны першы падыйшоў Я. Петрашэвіч, якога я добра ведаю, здымаў на вiдэакамеру на розных фестывалях i святах гадоў мо дваццаць таму. Беларускiя вершы, беларуская мова. Я абняў яго i падзякаваў. Стварылася такая атмасфера дабрынi, свабоды i павагi! Нiхто не камандаваў. Людзi падыходзiлi i гаварылi развiтальныя словы, словы падзякi i любовi. Усе вельмi ўважлiва слухалi. Нiхто не спяшаўся. А сказаць многа добрага пра Мельнiкава хацеў кожны.

Маленькi пакутнiк, вырваны з роднай зямелькi i кiнуты на поўнач. Дзе тая праўда?

А ў Маскве на ўвесь Саюз выпускалася "Правда". Адзiн чалавек. Ён пакутнiк, партызан, салдат, настаўнiк, iнтэлiгент, вучоны, грамадскi дзеяч, пiсьменнiк, праўдашукальнiк.

I гаварылi, развiтвалiся. Тут i былыя студэнты, сябры, пiсьменнiкi, вучоныя. Я не запiсваў прозвiшчаў выступоўцаў, бо нiхто iх не называў. Назаву толькi мне знаёмых - М. Амялiшка, М. Васiлючак, А. Астроўскi, А. Пяткевiч, Д. Бiчэль. Пасля А.Пяткевiча я ўзяў слова. Мiкола любiў сваю зямлю, хутар, сад, пчолы. Радасць i дабрабыт ад свае працы. Працавiтасць беларуса. I вось за гэта 6-гадовага хлапчука i ўсю сям'ю - у высылку. Холад, голад, хваробы, непасiльная праца. Па якому закону?

У маiм жыццi, як i ў жыццi многiх беларусаў, Мельнiкаў займае асобнае месца. Ён умеў арганiзаваць, натхнiць. Звонiць: "Андрэй, паедзем у Гудзевiчы да А. Белакоза. Выдатны музей створаны iм. У нас экскурсiя студэнтаў." Едзем. З мiкрафонам Саша Крой. Я таксама ўзяў мiкрафон. I вось Гудзевiчы. Музей. Экскурсiю вядзе сам Алесь. Здымаю. Усё цудоўна. Цiкава. Не апiсаць усё. Трэба там пабыць. А праз некалькi месяцаў я ужо з другой экскурсiяй Мельнiкава ведаў, што i дзе здымаць.

Фiльм на хвiлiн 30 мне дапамог зрабiць цудоўны чалавек Сяргей Прылепскi ў Купалаўскiм унiверсiтэце ў Гародні. Фiльм "Алесь Белакоз" i ўсе чарнавыя запiсы я падарыў музею. Нават на VI з'ездзе ТБМ гэты фiльм падарыў мiнiстру адукацыi Стражаву.

Або выступленне хора "Бацькаўшчына" ў каралеўскiм палацы на Замкавай гары ў Гародні. Да сёняшняга дня не магу забыць Веру Васiльеўну, незабыўнае выкананне "Магутны Божа" Н. Арсеневай i М. Равенскага. Выступленне ветэранаў i моладзi.

Асаблiва добрую справу мы зрабiлi з Мiколам - я зняў ХV з'езд БП. Ён пазванiў Алесю Пашкевiчу. Цягнiком Гародня - Масква ехаў я ў Менск. Залатая восень! Пакуль не сцямнела я не мог адарваць свой позiрк ад акна. Глядзеў, захапляўся. Знаёмыя ўсё мясцiны: Скiдзель, Масты, Шчучын, Жалудок, Казiнцы, Скрыбаўцы, Лiда i далей. Дапамагаў мне Бог i добрыя людзi.

Столькi было цудаў, што можна напiсаць кнiгу. А сам з'езд!!! Я быў, як сярод родных. Стараўся зняць кожнага ўдзельнiка, асаблiва выступоўцаў. Нават верш тут нарадзiўся:

О, як маё палае сэрца!

Бо сёння я сярод сяброў.

Няхай заўжды жыве свабода,

Надзея, розум i любоў!

Гэты фiльм, адлічбаваны i запiсаны на дыску, я падарыў нашаму музею (бiблiятэцы) ў Мiнойтах. Цiкава было б арганiзаваць яго прагляд сярод цяперашнiх пiсьменнiкаў.

Я па просьбе Мiколы многа здымаў у музеi В. Быкава. Звычайна мы збiралiся ў музеi 9 траўня. У гэтым годзе мы сабралiся на кватэры Мiколы. Тут па сутнасцi быў таксама музей В. Быкава. Столькi матэрыялаў, экспанатаў! Тут сапраўдная лабараторыя пiсьменнiка. Сабралiся блiзкiя людзi. Я здымаў сваёй новай вiдэакамерай, купiў добры прафесiянальны штатыў.

I тут ля труны Мiколы можна было гаварыць многа. Але час. I падышла да мяне Данута Бiчэль. "Андрэй, час абмежаваны".

Адпяванне Мiколы, было ў Святапакроўскiм саборы, што на вулiцы Элаiзы Ажэшкі. Пахаванне на могiлках у Аўльсе.

Рытуальны обед на БЛК у "Залатым цяляцi".

Уся праца Мiколы, яго кнiгi, яго пакуты i змаганне не прападуць. Ёсць нашчадкi - сын Андрэй Мiкалаевiч, унукi Наталля i Саша, якiя мне вельмi спадабалiся. Разумныя, патрыятычныя, духоўныя.

Мiкола любы, будзе жыць твая справа.

Будзе жыць наша мова, будзе жыць Беларусь!

Андрэй Юшкевiч, в. Галавачы.


Гарошкаў: свята ў гонар паэта і першага жыццялюба

27 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну восьмы раз ладзілася традыцыйнае свята беларускай паэзіі ў гонар Анатоля Сыса пад назвай: "Дух - гэта, людзі, Я!".

Свята прымеркавана да дня народзінаў слыннага беларускага паэта, які нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году і заўчасна памёр у траўні 2005-га.

Родныя і землякі, вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі Анатоль Вярцінскі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Эдуард Акулін, Анатоль Бароўскі, Ларыса Раманава, Сяржук Сыс, Вадзім Болбас, Генадзь Лапацін, а таксама барды і гісторыкі наведалі магілу паэта пад жоўтымі бярозамі на гарошкаўскіх могілках.

Да помніка паэту, высечанага з граніту скульптарам Генікам Лойкам, ляглі жывыя восеньскія кветкі.

Адкрываючы імпрэзу, старэйшы беларускі паэт Анатоль Вярцінскі сказаў, што ягоны цёзка і сабрат па пяры Анатоль Сыс быў "слаўным беларусам, выдатным паэтам, грамадзянінам і патрыётам". І працягнуў: "Некалі Анатолю гэтыя могілкі мроіліся як Гарошкаўскі рай. І называў іх Анатоль "запаветным гаем". Пра іх напісаў верш і Эдуард Акулін: "Ах, якія могілкі прыгожыя на радзіме Толіка Сыса".

Пазней на панадворку роднай хаты Сыса аксакал беларускай паэзіі Вярцінскі дадаў, што Анатоль Сыс з іх дваіх быў яшчэ "першым жыцьцялюбам" - як ён сам і пісаў.

Старшыня саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч уручыў тут у Гарошкаве нядаўна прынятаму ў творчы саюз маладому паэту Яўгену Сергіенку пасведчанне сябра арганізацыі.

У межах свята адбылася прэзэнтацыя кніг серыі "Кнігарня пісьменніка": "Стрэмка" Сержука Сыса, "Святая вада" Ларысы Раманавай, "Около облака" Генадзя Лапаціна, а таксама юбілейнага, 60-га нумара часопіса "Дзеяслоў", у якім ёсць прысвячэнні і Анатолю Сысу.

Паводле Радыё Свабода.


Любоў да дзяцей у паэта - ад матулі

У 2012 годзе ў выдавецтве Логвінава выйшла кніга паэзіі і лірычных успамінаў Канстаціна Севярынца "Пакуль квітнее бэз".

Невялічкая, але цёплая кніжка душэўна апавядае пра родныя мясціны і продкаў бацькі заснавальніка адноўленай Беларускай хрысціянская дэмакратыі.

Кастусь Севярынец - паэт, журналіст, перакладчык, аўтар паэтычных кніжак для дзяцей нарадзіўся ў 1952 годдзе ў в. Унорыца на Гомельшчыне. Скончыў школу ў літоўскім горадзе Траўге, які натхніў на паэтычныя радкі. Балтыйскі вецер гайдаў юначыя віхуры, рэчка Юра зачароўвала рамантыкай. Пазней быў філфак БДУ, сустрэчы моладзі ля Купалаўскага тэатра.

Канстанцін Паўлавіч служыў у войску, быў узнагароджаны медалём за адвагу на пажары.

У шлюбе з прынцыповай і патрабавальнай выкладчыцай расейскай мовы і літаратуры Тацянай Севярынец выгадаваў трох дзяцей, залатых медалістаў, эрудытаў і сумленных грамадзянаў.

Ён - аўтар кніг "З глыбінь жыватворных ", зборніка вершаў "Пакуль дыхаю", паэтычнай кнігі для дзяцей "Там, дзе жыве вясёлка"( 2007) і яшчэ каля 20 іншых.

Кастусь Севярынец піша вершы на расейскай і на беларускай мовах, працуе з дэтэктыўным матэрыялам. Яго дзіцячыя кніжкі з малюнкамі карыстаюцца папулярнасцю. У Менску рыхтуецца да друку кніга з вершаванай азбукай, вершы і тэксты песняў размешчаны ў інтэрнэце. Пісьменнік з'яўляецца лаўрэатам літаратурнай прэміі часопіса "Florida" (ЗША). Спадар Севярынец - добры кухар, любіць гатаваць дранікі і іншыя смачныя стравы.

Вёска Унорыца знаходзіцца за 13 кіламетраў ад Рэчыцы. Як у казцы - направа: Днепр - з акунямі, плоткамі, ляшчамі, налева - лес з суніцамі і чарніцамі, баравікамі, арэхамі і бярозавым сокам.

"Такая кропачка - радзімка ў маім сэрцы, - піша аўтар. - І не сцёрці яе, не змахнуць, да сканчэння майго веку ніякім ураганам ні ліўням. Таму што радзімка гэта - падарунак лёсу, яна - ад бацькоў і ад Бога."

Маці Кастуся - Марыя Аляксееўна Севярынец, уроджаная Аніськова, патрапіла ва Ўнорыцу з хутара.

З родных мясцінаў яна выправілася вучыцца на агранома ў Рэчыцу. Невялічкага росту, настойлівая і ветлівая да людзей, Маруся з'явілася ў вучэльні ў вайсковай цяльняшцы. Пасля размеркавання яна патрапіла ў вёску Чорнае на левым беразе Дняпра. Там яна сустрэла свайго будучага мужа Паўла Севярынца. Калі зайшла яна ў хату з земляной падлогай, дзе было чацвёра малых хлопчыкаў і дзяўчынка без маці, якая памерла ад тыфу, пашкадавала іх і пачала пра іх клапаціцца.

Пра аграномію давялося забыць да 60-тых гадоў мінулага стагоддзя. Перавозіла яна пошту праз раку, а астатні час аддавала сям'і, гаспадарцы, агароду, дзеткам - мужніным братам і сястрычцы, і потым сваім траім хлопыкам.

З таго часу Марыя Аляксееўна - самы лепшы сябар дзяцей, мудры і дасведчаны чалавек. Яна ўклала частачку сэрца ў сваіх трох унукаў: Ганну, Паўла і Дар'ю, любіць і пяцёх праўнукаў: Жэню, Любашу, Глеба, Грышу і Соню, памятае іх дні народзінаў, кожнаму унуку падаруначак рыхтуе з пенсіі. Нядаўна маці і два браты прыязджалі у Віцебск павіншаваць спадара Канстанціна з 60-гадовым юбілеем, выказалі самыя добрыя зычэнні.

Для многіх невядома, што менавіта ў гонар дзеда-фронтавіка, кавалера ордэна Чырвонай зоркі, і назвалі таленавітага маладога пісьменніка Паўла Севярынца, сустаршыню БХД. Дзед Павал, хоць і не доўга быў на фронце, але ў баі каля рэчкі Проня ён страціў нагу і на ўсё жыццё ў яго цела патрапілі асколкі ад выбуху. Годна ён пражыў свой доўгі век, быў аптымістам, жыў у згодзе і ладзе з суседзямі, падтрымліваў унука, уступаўся за яго. "Родныя былі дзюжыя людзі", - сведчыць Кастусь Севярынец.

Кастусь Севярынец ганарыцца тым, што сын пераўзышоў яго на літаратурным шляху. Ён з'яўляецца аўтарам кніг: "Дыджэй Адраджэньня" (1998 г.), "Пакаленьне Маладога Фронту" (2002 г.), "Нацыянальная ідэя" (2005 г.), "Лісты зь лесу" (2007 г.), "Брату" (2007 г.) і "Люблю Беларусь" (2008). Лаўрэат літаратурнай прэміі імя А. Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру, сябар БАЖ.

Э. Дзвінская. На здымку: 1. К.П. Севярынец, 2. Сям'я Севярынцаў у 1989 г.


Прэзентацыя кнігі Сяргея Хмары ў Казлоўшчыне

У вёсцы Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна адбылася прэзентацыя кнігі беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча на эміграцыі Сяргея Хмары "Рабінавы хмель". Кнігу прэзентаваў пісьменнік, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын, які ў 2009 годзе сабраў спадчыну Сяргея Хмары пад адну вокладку і выдаў у менскім выдавецтве "Кнігазбор".

Вёска Казлоўшчына - радзіма Сяргея Хмары (1905-1992), якая раней уваходзіла ў Слонімскі павет. У сярэдзіне 1920-х гадоў мінулага стагоддзя Сяргей Хмара арганізаваў на Слонімшчыне 32 гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У Слоніме паэт жыў з канца 1930-х і ў пачатку 1940-х гадоў. За сваю беларускую творчую і палітычную дзейнасць пры паляках, пры немцах і пры саветах ён адседзеў у турмах каля 11 гадоў. У 1939 годзе ў Вільні паэт выдаў свой першы паэтычны зборнік "Жураўліным шляхам".

У 1949 годзе Сяргей Хмара апынуўся ў Канадзе, дзе ад самага пачатку развіў актыўную дзейнасць. На той момант ён быў ужо вядомы як стваральнік Літаратурнай сустані "Баявая Ускалось" і выдавец аднайменнага часопіса, аўтар некалькіх, выдадзеных у паваеннай Нямеччыне і даволі папулярных у беларускім эміграцыйным асяроддзі кніг (напрыклад, "Аб багох крывіцкіх сказы", што зведала некалькі выданняў). Да самай смерці ў Канадзе Сяргей Хмара выдаваў газету "Беларускі голас" і часопіс "Баявая Ўскалось".

Падчас прэзентацыі кнігі Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра жыццёвы і творчы шлях іх земляка, паказаў выданні Сяргея Хмары, распавёў, як ён збіраў спадчыну Хмары, адказаў на розныя пытанні вяскоўцаў.

Кацярына ЯНУШЭВІЧ.


Пабыў у казцы

17 кастрычннка ў Віцебскім абласным мастацкім музеі адбылася творчая выстава карцін аднаго з выдатнейшых мастакоў Віцебскай школы прафесара Шамшура Вячаслава Вячаслававіча. Павіншаваць яго з сямідзесяцігоддзем і паўвекам мастацкай дзейнасці прыйшлі калегі-мастакі, кіраўніцтва, прафесары і выкладчыкі мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.М. Машэрава, сгудэнты, землякі, сябры мастака. Вячаслаў Шамшур працуе ў тэхніцы пастэлі. Яго мастацкія творы прыцягваюць да сябе сваёй непаўторнай казачнай красою, грэюць душу нейкай незямной, плывучай з неба цеплынёй. вясёлкамі фарб. Ад яго карцін сыходзіць непаўторная духоўная аўра якая цалкам захапляе гледача. Калі доўга глядзіш, складаецца ўражанне, што і сам як бы ляціш пад ружовыя воблакі, над родным прасторамі: азёрамі, рэкамі, вёскамі, гарадамі. Я расчуліўся, калі глянуў вачамі мастака на знаёмыя краявіды родных і мне Мёраў, (карціна "Мёры", "Ельня", "Усяночная ў Чэрасах"), Браслава, Глыбокага, Лужкоў, непаўторныя пейзажы Віцебска і яго ваколіц. Мастак вельмі любіць свой край і ўкладае ўвесь свой геніяльны талент, каб данесці сваю любоў да гледача. Як Напалеон Орда, ён шмат увагі надае паказу, створаных рукамі таленавітых землякоў архітэктурных шэдэўраў - храмаў, будынкаў, велічных руін мінулых часоў (карціны з цыкла Віленскае барока). Яго калегі - мастакі гэтыя работы ўжо, амаль не памыляючыся адносяць да класікі. Ва ўсім адлюстраваны светапогляд мастака-творцы, і ён сам нам здаецца нейкім вельмі блізкім, родным чалавекам, чыстым, па-беларуску памяркоўным, вельмі шчырым. Ён нам як бы кажа з сваіх карцін: не праходзьце міма, глядзіце як навокал усё прыгожа, будзьце і самі адпаведнымі гэтай красе, лепшымі, дабрэйшымі, любіце свой край і адзін другога.

Вячаслаў Вячаслававіч вельмі аўтарытэтны і таленавіты педагог - кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры дэкаратыўнага мастацтва вядзе дзве групы студэнтаў з КНР. Ён шчыра дзеліцца сакрэтамі сваёй творчасці перад паслядоўнікамі і вучнямі выдаў навуковы дапаможнік "Вобразны свет пастэлі". Пажадаем юбіляру добрага здароўя, натхнення і новых творчых поспехаў.

Удзячны наведвальнік выставы Мар'ян Даргель .

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX