Вярнуцца: 2014

№ 48 (1199)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 48 (1199), 26 лістапада 2014 г.


Архімандрыт Сяргей Гаек: "Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну"

Папа Францішак пажадаў беларускім грэка-католікам, каб "з адвагай асэнсавалі спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў". Кароткая размова апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека са Святым Айцом адбылася пасля агульнай аўдыенцыі 19 лістапада.

У інтэрв'ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё айцец Сяргей распавёў таксама пра ўрачыстасці 100-годдзя з дня нараджэння біскупа Чэслава Сіповіча, якія праходзяць у Беларусі і Рыме.

- Ойча Сяргей, калі ласка, некалькі словаў пра вашу сённяшнюю сустрэчу з папам Францішкам.

- Для мяне сённяшняя сустрэча з Папам, у гэтыя дні, мела асаблівае значэнне. Гэта вялікая радасць і вялікая ласка таму, што 12 лістапада 2014 г. у свята св. Язафата, Біскупа Полацкага, споўнілася 25 гадоў выхаду з падполля нашай грэка-каталіцкай супольнасці ў Беларусі. Я, канешне, з гэтай нагоды прасіў у Святога Айца асаблівага дабраслаўлення.

25 гадоў таму група моладзі з Менска паехала ў Баруны, дзе тады служыў айцец Ян Матусевіч, яшчэ на рыма-каталіцкай парафіі. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пасля ён ахрысціў шмат маладых людзей. Вось чаму мы лічым гэты дзень датай аднаўлення публічнага служэння нашай Царквы. Мы не лічым, што наша Царква была ліквідавана, проста яе дзейнасць была замарожана або нейкім чынам было схавана ў падполлі наша душпастырства. Таму дабраслаўленне Святога Айца для нас і яго словы, каб мы "з адвагай асэнсавалі спадчыну мінулых дзесяцігоддзяў, асабліва апошніх 25-ці гадоў", гэта вялікая ласка, вялікая радасць.

- У гэтыя апошнія тыдні і месяцы праходзяцьюбілейныя ўрачыстасці, звязаныя з асобай біскупа Чэслава Сіповіча. Яны прайшлі ўжо ў Беларусі, і зараз нас чакае іх рымскі этап...

- Біскуп Чэслаў Сіповіч нарадзіўся 8 снежня 1914 г. у вёсцы Дзедзінцы, пад Друяй. Дзякуючы гасціннасці біскупа Алега Буткевіча, мы ў апошнюю нядзелю жніўня святкавалі менавіта ў Друі 100-годдзе з дня нараджэння іерарха. І гэта быў беларускі этап урачыстасцяў.

У Рыме, зразумела, мы хочам сканцэнтравацца на самой даце. 8 снежня 2014 г., у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, генеральны настаяцель Кангрэгацыі айцоў марыянаў арганізуе малітву і сустрэчу сяброў марыянаў і тых, хто памятае біскупа Сіповіча. Для кангрэгацыі гэта асаблівая дата таму, што іерарх быў генеральным настаяцелем марыянаў і 50 гадоў таму адкрыў місію марыянаў у Бразіліі.

У больш шырокім фармаце 7 снежня ў храме св. Антонія пры рымскім калегіюме "Russicum", дзе атрымаў святарскае пасвячэнне біскуп Сіповіч, адбудзецца ўрачыстая літургія, якую ўзначаліць архіепіскап Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Трэба адзначыць, што біскуп Сіповіч быў у свой час членам гэтай ватыканскай дыкастэрыі. Канешне, на гэту ўрачыстасць запрошаны і беларусы, якія жывуць у Рыме, і ўсе сябры Беларусі.

Гэта будзе таксама дзень малітвы за Беларусь, за ўсіх хрысціянаў Беларусі, таму, што біскуп Чэслаў Сіповіч заўжды падкрэсліваў, і ў размовах са мной у тым ліку, што ён лічыць сябе святаслужыцелем для ўсіх хрысціян Беларусі, не толькі для грэка-католікаў, але і для рыма-католікаў, і праваслаўных.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня . Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.



"Будзьма!"

1 снежня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым

"Гісторыя ў падзеях і малюнках" . Пачатак - 18. 30 гадзін. Румянцава, 13 . Уваход вольны.


300 гадоў з дня нараджэння Тамаша Жаброўскага

Тамаш ЖАБРОЎСКІ (па-польску: Tomasz Zebrowski; 25 лістапада 1714, каля Наваградка - 18 сакавіка 1758) - рымска-каталіцкі дзеяч, матэматык, астраном, архітэктар, адзін з вядучых архітэктараў віленскай школы барока Магістр філасофіі і вольных навук.

Навучаўся ў Наваградскім езуіцкім калегіюме, потым на філасофскім (1735-1738) і тэалагічным (1740-1744) факультэтах Віленскага ўніверсітэта.

У 1732 уступіў у Ордэн езуітаў, у 1743 высвечаны на ксяндза. У 1745-1746 прафесар рыторкі і паэтыкі ў Ілукшце (Курляндыя), у 1746 прэфект будаўніцтва ў Бабруйску, у 1746-1748 прафесар філасофіі і прэфект бурсы ў Крожах, у 1748-1750 міністр і прэфект будаўніцтва ў Вільні. У 1750-1752 вывучаў матэматыку, астраномію і архітэктуру ў Празе і Вене. У часе навучання ў Пражскім універсітэце слухаў лекцыі прафесара I. Стэплінга, заснавальніка і кіраўніка Пражскай астранамічнай абсерваторыі. Там Жаброўскі выдаў два падручнікі па арыфметыцы і геаметрыі. Зрабіў спробу вызначыць геаграфічныя каардынаты Вільні, выдаў астранамічнае даследванне "Аб сапраўднай вышыні полюса горада Вільні "

Па вяртанні ў 1752 зрабіўся прафесарам Віленскай акадэміі, стварыў у ёй кабінеты (факультэты) матэматыкі і эксперыментальнай фізікі. Кіраваў кафедрай, выкладаў усе навукі матэматычнага цыклу, з ягонай ініцыятывы ўніверсітэцкі курс матэматыкі пашырыўся да вышэйшай, займаўся ўдасканаленнем вадзяных млыноў і ветракоў.

З фундацыі Альжбеты з Агінскіх Пузыны збудаваў у Вільні астранамічную абсерваторыю, для якой выпісаў з Англіі неабходнае абсталяванне. Будынак абсерваторыі, як адзначалі сучаснікі, сваім абсталяваннем і архітэктурай не саступаў падобным збудаванням Еўропы. Т. Жаброўскі атрымаў магчымасць праводзіць сістэматычныя назіранні.

Як архітэктар распрацаваў планы многіх касцёлаў і палацаў. Кіраваў будоўляй касцёла ў Ілукшце, перабудовай касцёлаў святых Пятра і Паўла ў Бабруйску і сьвятых Ігната і Яна. Аўтар праекту касцёла бэнедыктынак у Кражах і езуіцкага калегіюма ў Жодзішках.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Леаніда Падгайскага

Беларускі мовазнавец Леанід Пракопавіч ПАДГАЙСКІ нарадзіўся 25 лістапада 1934 г. ў Ленінградзе ў сям'і рабочых-беларусаў, якія праз год вярнуліся на радзіму ў Мсціслаў Магілёўскай вобласці. У 1953 г. скончыў Мсціслаўскае педвучылішча. Настаўнічаў. У 1962 г. скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. Кандыдат філалагічных навук (1966). Доктар педагагічных навук (1980). Працаваў у Менскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага старшым выкладчыкам, дацэнтам (1968-74) кафедры беларускай мовы, намеснікам дэкана (1971-74), дэканам (з 1974), прарэктарам па вучэбнай рабоце (з 1978).

Памёр 4 жніўня 1980 г.

Даследаваў сінтаксіс беларускай мовы і методыку яе выкладання ў пачатковых класах. У манаграфіі "Словазлучэнне ў беларускай мове: Дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні з акалічнаснымі адносінамі" (1971) Л. П. Падгайскі разглядае сістэму дзеяслоўна-іменных словазлучэнняў з прасторавымі, часавымі, прычыннымі і мэтавымі адносінамі, высвятляе ролю галоўнага і залежнага кампанентаў гэтых словазлучэнняў, атаксама прыназоўнікаў і суадноснасць іх з прыстаўкамі дзеясловаў прэфіксальнага ўтварэння.

Л. П. Падгайскі - аўтар метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў "Беларуская мова ў трэцім класе" (1971), "Вывучэнне беларускай мовы ў пачатковых класах: Граматыка, правапіс, развіццё мовы" (1975), "Методыка беларускай мовы: (Граматыка і правапіс). I-III класы" (1981), суаўтар прац "Беларуская мова ў першым класе" (1970), "Беларуская мова ў другім класе" (1971), "Зборнік дыктантаў" (1973), "Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія" (1975), "Практычныя работы па беларускай мове: (Граматыка і правапіс). I-III класы" (1976), "Развіццё мовы вучняў пачатковых класаў" (1979), шэрагу падручнікаў па беларускай мове для пачатковых класаў.

К. Германовіч.


…А беларускі караван ідзе!

У газеце "Народная Воля" № 90 (3933) змешчаны допіс Вячаслава Лапціка "Чаму я не згодны са спадаром Трусавым". Публікацыя выклікала пэўныя пытанні і прапановы з боку старшыні ТБМ Алега Трусава да сп В. Лапціка і да рэдактара "Народнай Волі" І. Сярэдзіча:

- Мне цяжка сказаць, што зрабіў канкрэтна беларус Вячаслаў Лапцік, каб беларуская мова пашыралася ў нашай краіне. Можа, ён арганізаваў у Менску беларускамоўны садок ці клас, а можа і цэлую гімназію, як гэтага ў свой час дамаглася Менская гарадская арганізацыя ТБМ? А можа, ён зрабіў і выдаў без дапамогі дзяржавы беларуска-англійскі ці беларуска-шведскі размоўнікі? Можа, дапамог актывістам ТБМ выдаць Правілы дарожнага руху па-беларуску ці выдаў хоць адзін беларускамоўны каляндар, паштоўку ці канверт, як гэта шмат гадоў робіць ТБМ? Спадзяюся, што ў наступным нумары "Народнай Волі" мы даведаемся пра грамадскі вычын спадара Лапціка. А зараз я прашу сп. Сярэдзіча надрукаваць матэрыялы, прынятыя дэлегатамі ХІІ з'езду ТБМ і дасланыя беларускім уладам. Таксама раю сп. Лапціку зазірнуць на сайт ТБМ tbm-mova.by і прачытаць нашу перапіску з уладамі. Можна таксама завітаць на сядзібу ТБМ (Румянцава, 13), дзе ёсць магчымасць азнаёміцца з чарговым выданнем "Летапісу ТБМ" за апошнія пяць гадоў і даведацца пра нашую працу, што ідзе кожны дзень і месяц ужо 25 гадоў запар.

19 лістапада 2014 г. г. Менск.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Інфармацыя

Шаноўныя сябры!

У адпаведнасці са Статутам, Сакратарыят ТБМ 19 лістапада прызначыў рэгіянальных каардынатараў з намеснікаў старшыні ТБМ.

Першы намеснік старшыні Алена Анісім адказвае за дзейнасць рэгіянальных арганізацый Гомельскай, Магілёўскай і Менскай абласцей.

Намеснік старшыні Дзяніс Тушынскі адказвае за дзейнасць Берасцейскай, Віцебскай і Гарадзенскай абласных арганізацый.

Намеснік старшыні Аляксандр Давідовіч адказвае за дзейнасць Менскай гарадской і раённых арганізацый ТБМ у г. Менску.

Сакратарыят ТБМ просіць усіх кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый ТБМ да 10 снежня даслаць свае прапановы да плану дзейнасці ТБМ на 2015 год, спісы сяброў ТБМ сваіх арганізацый па стане на 1 снежня 2014 года і справаздачу аб дзейнасці арганізацыі за гэты год.

Вельмі прашу ўсіх сяброў ТБМ не паленавацца, зайсці на пошту і падпісацца на 6 месяцаў на орган ТБМ - газету "Наша слова".

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСАЎ - У ФРАЗЕАЛОГІІ

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумары.)

6. Сацыяльныя і сацыяльна-прававыя адносіны. У Беларусі ў мінулыя стагоддзі існавала адпрацовачная рэнта - форма эксплуатацыі селяніна, якая называлася паншчынай . Паводле яе залежны селянін павінен быў бясплатна адпрацаваць на пана некалькі дзён у тыдзень. Паншчына афіцыйна была адменена ў 1864 годзе, але напамінак пра яе знаходзім і сёння ў фразеалагізмах (ідзе) як на паншчыну 'павольна, неахвотна', паншчыну адрабляць 'выконваць што-н. неахвотна, для адчэпнага'.

Пры паншчыне выкарыстоўвалі розныя віды прымусу. Адзін з іх - падсуседства . Селяніну на пэўны час падсялялі ў хату чалавека (звычайна работніка ці вайскоўца), якога трэба было карміць і даглядаць. Такі чалавек называўся кутнікам або закутнікам . Пражыванне падсуседа ў чужой хаце адлюстравалася ў фразеалагізмах кутам сядзець, сядзець на куце . У наш час згаданыя фразеалагізмы маюць крыху іншую дэнататыўную накіраванасць, абазначаюць чалавека, які вымушаны сядзець у чужой хаце з прычыны адсутнасці ці страты свайго жытла і маёмасці. Зразумелым у гэтай сувязі зяўляецца зларадны сэнс кленіча Каб ты кутам сеў (сядзеў) .

Пэўныя працоўныя павіннасці бытавалі і пазней. Напрыклад, у Заходняй Беларусі, калі яна да 1939 г. знаходзілася ў складзе Польшчы, існавала дарожная павіннасць шарварка (ням. Scharwerk 'прыгонніцкая праца, паншчына'). Яна абавязвала селяніна некалькі дзён у залежнасці ад памеру зямельнай уласнасці адпрацаваць на будаўніцтве ці рамонце дарог, дарожных збудаванняў, г. зн. шарварку адрабляць . На базе словазлучэння шарварку адрабляць узнік аднайменны фразеалагізм са значэннем 'абыякава, для ачэпнага працаваць'. У гаворках заходняй часткі Беларусі гэты фразеалагізм і цяпер ужываецца актыўна, не гледзячы на тое, што для многіх носьбітаў гаворак слова шарварка ўжо незразумелае.

Прымусы, забароны, спагнанні, якія бытавалі ў сацыяльным ладзе жыцця, зафіксаваны і такімі фразеалагізмамі:

У казе сядзець - 'заставацца ў школе пасля ўрокаў на дадатковыя заняткі з прычыны кепскага выканання хатняга задання'. У ХІХ ст. казой называлі дом, у які садзілі пад варту часова затрыманых людзей, што парушылі ў горадзе парадак.

Выпісаць пару гарачых - 'пабіць, пакараць каго-н.' Гарачыя - лупцоўка як спецыяльны спосаб пакарання ў мінулым.

Выправіць собалі пасвіць, адправіць да белых мядзведзяў - 'адправіць у высылку' (водгук на расправы ўлад царскай Расіі і на сталінсія рэпрэсіі, калі людзей масава высылалі ў Сібір ці на поўнач Расіі).

Сухая арэнда - 'дармаўшчына, тое, што за нішто дасталося каму-н.' Першапачаткова сухой арэндай называлі безпадстаўную плату за што-н., напрыклад, за пашу у лесе, хоць жывёла ў лесе не пасвілася.

На скарб панства (панскі) 'у глум, безвынікова, упустую, дарэмна (пайсці, рабіць і пад.)'. Выраз склаўся на аснове польскага тэрміна skarb panstwa 'дзяржаўнае казначэйства' як іранічная рэакцыя заходнебеларускага сялянства на штрафныя квіткі, што выдаваліся секвестратарамі пры грашовым ці іншым спагнанні за нядоімкі, недазволенае рыбалоўства, збіранне ў лесе грыбоў, ягад і пад.

7. Дзяржаўны лад . Гістарычны лёс Беларусі склаўся так, што яна часта з'яўлялася аб'ектам інтарэсаў іншых краін. Напрыклад, толькі ў ХХ ст. некалькі разоў перакройвалася беларуская карта. Беларусь ці асобныя яе часткі належалі розным дзяржавам і дзяржаўным утварэнням: то царскай Расіі, то Польшчы, то Германіі, то Савецкаму Саюзу. І гэта красамоўна зафіксавана ў фразеалогіі. Вылучаецца серыя ўстойлівых выразаў з тэмпаральным значэннем, якія ўказваюць на час панавання чужой дзяржавы. Яны ўтвораны па вядомай структурнай мадэлі з пачатковымі прыназоўнікамі за, пры, пад : за царом, за царызмай, за рускім, за польскім, за польскімі, за Польшчай, пад палякамі, за немцам, за немцамі, пад немцам, за саветамі, пры саветах.

Нямецкае і савецкае дзяржаўнае кіраванне ў ХХ ст. у Беларусі ўсталёўвалася двойчы. Адпаведныя яму фразеалагізмы характарызуюцца дэталізаванасцю семантыкі, што дасягаецца ўвядзеннем у структуру фразеалагізмаў кампанентаў першы, той, друг і: за першымі немцамі 'пры нямецкай акупацыі ў часе Першай сусветнай вайны', за другімі немцамі 'пры нямецкай акупацыі ў часе Другой сусветнай вайны', за першымі (за тымі) саветамі 'ў перыяд з 1939 па 1941 гады, калі ў Заходняй Беларусі ўсталявалася савецкая ўлада', за другімі саветамі 'ў перыяд пасля 1945 года, калі заходняя частка Беларусі зноў стала часткай Савецкага Саюза'.

Асобныя фразеалагізмы страцілі прывязку да канкрэтнага гістарычнага часу, ужываюцца з абстрактным значэннем 'вельмі даўно': за царом, пры цару, за царом гарохам, пры цару гароху, за каралём гарохавым, пры цару гароху як людзей было троху <і былі дзеравянныя рублі і жалезныя капейкі>.

8. Гістарычныя падзеі . Фразеалогія чуйна адгукаецца на важныя гістарычныя падзеі, якія закраналі жыццё і лёс цэлага народа ці некалькіх народаў. Гэта пераважна войны, ваенныя дзеянні. Ваяўнічасць яцвягаў увасобілася ў прыказцы Яцвеж як еж . Мангола-татарскае пранікненне на тэрыторыю Беларусі паслужыла падставай для ўтварэння наступных прыказак і фразеалагізмаў: страшан, як мангол ; Няма на свеце горшай вяры, як басурманы-татары; арду тварыць; мардва апанавала; погань апанавала .

Падзеі шведскай, турэцкай, напалеонаўскай войнаў адбіліся ва ўстойлівых выразах Як надышлі швяды, то не стала ў Дварчанскім возеры вады; Прапаў, як швед пад Палтаваю; А стуль туркі, а стуль шведы, недзе дзецца з велькай беды; Грэўся француз у Маскве, а замярзаў на Бярозе; Наша Бяроза чужых і генералаў тапіць можа; Пякуцца французы, бы бульба ў прыску; Баіцца холаду, як француз; Галодны француз і вароне рад; Мусю француз, ці не з'ясі гарбуз?

З этнонімам маскаль фразеалагізмы склаліся ў мінулыя стагоддзі. Гэтае слова суадносілася з прадстаўніком Маскоўскай дзяржавы, а ў ХVIII-ХІХ стст. атрымала сэнсавае прырашчэнне 'салдат расійскага войска'. Фразеалагізмы і прыказкі з гэтым кампанентам маюць пераважна адмоўную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку: муціць ваду як маскаль у сяле 'ўносіць разлад, беспарадак у адносіны паміж кім-н.'; Хто хоча гора зажыць, няхай ідзе ў маскалі служыць; Маскаль не вялікі пан, ды ў яго барабан.

У дыялектнай мове найбольш ужывальнымі з'яўляюцца фразеалагізмы і прыказкі, утвораныя па слядах ваенных падзей, што адбываліся бліжэй да нашага часу, у ХХ ст. Напрыклад, у гаворках Гродзеншчыны занатаваны выклічнікавы фразеалагізм цуд над Віслай . Паходжанне фразеалагізма звязана з эпізодам Першай сусветнай вайны. У 1918 - 1920 гадах Беларусь, якая дабівалася незалежнасці, забіралі то немцы, то бальшавікі, то палякі. Летам 1920 года Чырвоная Армія з баямі выцесніла польскія войскі з Беларусі і ў жніўні рушыла на Варшаву, каб "прамацаць Еўропу рускім штыком" (У.І. Ленін). Заваёўнікі падышлі да Варшавы і рыхтаваліся да штурму. Але магутны нацыянальна-патрыятычны ўздым з'яднаў палякаў і даў моцы для супраціву. На абарону Варшавы сталі не толькі вайскоўцы, але жанчыны і дзеці. Добраахвотнікаў улілося ў войска больш за 160 тысяч. І для бальшавікоў, якія стаялі ля сцен Варшавы, здарылася нечаканае, "цуд над Віслай". Палякі пайшлі ў контрнаступленне і за кароткі час вызвалілі Польшчу. Тады і ўзнік выраз цуд над Віслай . Пасля ён фразеалагізаваўся, пашырыў сваю семантыку. Носьбіты гаворак часцей не ўсведамляюць прывязку яго да апісанай ваеннай падзеі, ужываюць з выклічнікавым значэннем 'выказванне здзіўлення, радасці, захаплення нечым незвычайным, неверагодным': Палянь, вярхаваты кошык баравікоў прывалок! А дзе ж ты іх назьбіроў?! Цуд над Віслай! ( в. Бабіна Гродзенскага раёна).

Многа фразеалагізмаў і прыказак створана як рэакцыя на падзеі Другой сусветнай вайны: З'еў бы фашыст беларуса, ды кішка тонка; Ішлі фашысты ў госці - у зямлі пакінулі косці; Кожнай фашысцкай гадзіне вісець на перакладзіне; У беларускім краі не быць фашысцкай зграі; Прапаў, як фашыст пад Сталінградам; як з Асвенцыма 'вельмі худы, слабы, страшны хто-н.', як з блакаднага Ленінграду 'вельмі галодны'.

9. Імёны гістарычных асоб (часцей за ўсё кіраўнікоў дзяржаў, палкаводцаў, палітычных дзеячаў). Фразеалагізм пры пану Зыгмунду 'вельмі даўно' ўвабраў у сябе імя Зыгмунт (Сігізмунт, Жыгімонт) , якое ў перыяд з 1432 па 1622 год насілі аж чатыры вялікія князі Вялікага Княства Літоўскага і тры каралі Рэчы Паспалітай.

З імем вядомага дзяржаўнага дзеяча, военачальніка, вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага і караля польскага Сцяпана Баторыя звязаны фразеалагізм помніць караля Батораго (Батуру) 'стары, даўні, адвечны'. Па адной з ім мадэлі пазней утварыўся фразеалагізм цара <Мікалая> помніць , у якім антрапанімічны кампанент называе аднаго з цароў Расійскай імперыі. Параўн. таксама: за Мікалая (за Мікалаем), пры Ніколаеві .

Фразеалагізмы за крулям Сасам, з крулём Сасам як елі пірог з мясам - 'вельмі даўно' адлюстроўваюць сляды гісторыі, калі ў Рэчы Паспалітай гаспадарыў кароль Аўгуст ІІ Сас (з 1697 па 1733 г.). У той час дзяржава перажывала небывалы крызіс, а беларускі народ пад уздзеяннем ціску з боку Расіі і Польшчы па сутнасці быў пазбаўлены палітычных правоў. Ад беспарадку і безвыходнасці шляхта кінулася ў гулянкі. У яе асяроддзі часта раздаваўся шляхецкі кліч: "Пі, еш і папушчай паса" , які набыў палітычную актуальнасць у такім выглядзе: "За круля Саса еш, пі і папушчай паса" . Гэтыя старонкі гісторыі спарадзілі і прыказкі з кампанентам Сас : Адзін да Саса, другі да ляса; За цара Саса было досыць хлеба й мяса; За караля Саса было досыць (даволі) хлеба і мяса, а як настаў Панятоўскі, то і хлеб не такоўскі; За круля Саса наеліся людзі хлеба і мяса, а за Панятоўскага ні стало і падла конскаго.

Імя рускага палкаводца Кутузава, які праславіўся ў вайне 1812 года з напалеонаўскімі захопнікамі, засведчана фразеалагізмам як Кутуз пранцуза 'рашуча, смела (прагнаць, выгнаць каго-н.)'.

Дыялектныя фразеалагізмы напамінаюць і пра асобаў, менш аддаленых у гістарычным часе: (глядзець) як Ленін на буржуазію 'непрыязна, нядобразычліва', як Троцкі 'вельмі лёгка, па-штукарску (ілгаць, гаварыць няпраўду)' (у аснове фразеалагізма - прозвішча ідэолага антыленінскага, антысавецкага руху Л.Д. Троцкага), (планы) як у Гітлера 'вельмі вялікія'.

У гэтым артыкуле адзначаны асобныя тыповыя пазамоўныя крыніцы беларускай дыялектнай фразеалогіі. На падставе ўжо толькі іх можна бачыць непарыўную сувязь грамадства і мовы. Гістарычныя факты спрыяюць развіццю фразеалагічнага складу гаворак. Многія фразеалагізмы захоўваюць звесткі пра мінулыя забытыя рэаліі і назвы і таму маюць выключную інфармацыйную каштоўнасць не толькі для мовазнаўства, але і для гісторыі народа.

Мікола Даніловіч


Прозвішчы Беларусі

Частка II: Найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў беларускамоўнага друку)

( Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Крывіцкі (Алесь К., Міхась К.) - дэрыват з суфіксам -цкі (-скі) ад тапоніма Кр ы вічы і семантыкай 'жыхар, народзінец названага паселішча': Кры-віч-скі - Кр ы віцкі . Або шляхетная форма з прэстыжным фармантам -іцкі ад антрапоніма Крывы : Крыв-іцкі . ФП: крывы ('няпросты') - Крывы (мянушка) - Крывы (прозвішча) - Кры-віцкі . У першым выпадку ФП: крывіч (адз. л. ад крывічы 'усходнеславянскае плямёнавае згуртаванне 6-10 стст., якое займала тэрыторыю ў вярхоўях Заходняй Дзвіны, Дняпра і Волгі') - Крывічы (паселішча крывічаў) - Кр ы віцкі .

Крыжаноўская (Люцыя К.) - дэрыват з фармантам -оўская ад тапоніма Крыжаны і семантыкай 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Крыжаноўская . ФП: крыжан (м. р. ад крыжанка 'дзікая качка' (самец качкі) - Крыжан (мянушка, потым прозвішча) - Крыжаны (паселішча асоб - Крыжаноў ) - Крыжаноўская .

Ксяневіч (Іван К.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Ксеня і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ксян-евіч . ФП: Ксенія (імя) - Кс е н-евіч - Кся-невіч . Або: Ксенафонт (імя) - Ксеня (ласк.-разм.) - Кс е невіч - Ксян е віч .

Кудасава (Марыя К.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Кудаса і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кудас-ава . ФП: кудаса ('мяцеліца' - Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны) - Кудаса (мянушка, потым прозвішча) - Кудасава .

Кудзерка (Астап К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кудзерка 'невялікі вузкі ўчастак лесу сярод поля'.

Кузьміцкая (Ала К.) - дэрыват з суф. -ск-ая ад Кузь-мічы і семантыкай 'жыхар, народзінец названага паселішча': Кузьмічская - Кузьміц(чс/ц) кая . ФП: Кузьма (імя) - Кузьміч (нашчадак Кузьмы ) - Кузьмічы (паселішча) - Кузьміцкая .

Кукав е нка (Іван К.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Кукава і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кукав-енка . ФП: кукаваць ( 1) Пра зязюлю: ствараць гукі, падобныя на "ку-ку"; 2) перан. Гаварыць (разм.) - кукава ('зя-зюля', параўн. кукавка 'зязюля' (укр.)) - Кукава (празванне, потым прозвішча) - Кукавенка .

Кул а жанка (Аляксандр К.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Ку-лага і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кулаж-анка . ФП: кулага 'саладуха (ежа)', 'зацірка', 'кулеш з грэцкай мукі' - СБГПЗБП, т. 2, с. 563) - Кула-га (мянушка, потым прозвішча) - Кулажанка .

Куланаў (Аляксандр К.) - форма прыметніка з суф. -аў ад антрапоніма Кулан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кулан-аў . ФП: кулан ('дзікая жывёліна, роднасная аслу' (цюркізм) - Кулан (мянушка, потым прозвішча) - Ку-ланаў .

Кулябін (Андрэй К.) - форма прыметніка з суф. -ін ад антрапоніма Куляба і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Куляб-ін . ФП: куляба і ку-лёба ('нага' - экспрэс.) - Куляба (мянушка, потым прозвішча - Кулябін .

Кунцэвіч (Люба К.) - форма бацькайменння з фармантам -эвіч ад антрапоніма Кунц і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кунц-эвіч . ФП: куна ('куніца - звярок') - кунец ('самец куны') - Кунец (мянушка, потым прозвішча) - Кунц-эвіч.

Курава (Тамара К.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Кур і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Кур-ава . ФП: кур ('певень' - Насовіч СБН) - Кур (мянушка, потым прозвішча) - Курава .

Кушнір і Кушнер (Антон К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кушнер 'майстар, які вырабляе шкуры пушных жывёлін на футра' (польск. Kusnierz < нямецк.).

Лабыка (Зміцер Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лабыка 'лабаты чалавек, лабач'. ФП: лоб ('верхняя частка твару чалавека або морды жывёліны') - Лабыка (мянушка) - Лабыка .

Ладыка (Андрэй Л.) - відаць, з першаснага Ўладыка , якое ад апелятыва ўладыка 'ўладар', а таксама 'тытулаванне архірэя'.

Лавіцкі ( Дзмітры Л.) - дэрыват з фармантам -іцкі ад тапоніма Лавы і семантыкай 'жыхар, народзінец названай мясцовасці, паселішча': Лав-іцкі . ФП: лава ('1) прадмет хатняга абсталявання ў выглядзе шырокай дошкі на ножках для сядзення; 2) шырокі аднастайны масіў чаго-небудзь; 3) падземная горная распрацоўка; 4) расплаўленая вулканічная маса; 5) казацкая атака на ворага') - Лава ('мясціна - абсяг на прасторы') - Лавы (тоесама) - Ла-віцкі .

Лазоўскі (Уладзімір Л.) - дэрыват з фармантам - оўскі ад тапоніма Лозы і семантыкай 'жыхар, народзінец названай мясціны': Лаз-оўскі .

Лапіцкая (Ганна Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цк-ая (-ск-ая) ад Лапік і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны': Лапік-ская - Лапіц(кс)кая . ФП: лапік ('невялікі кавалак зямлі, лапіна') - Лапік(і) - (тэрыторыя) - Лапіцкая ('з Лапікаў').

Лаўрэль (Яўген Л.) - дэрыват з суфіксам -эль ад кананічнага праваслаўнага Лаўр (< Лавр ), яно дало пазней формы імёнаў, што замацаваліся ў антрапаніміконе беларусаў: Лаўрын, Лаўрэль, Лаўрэн, Лаў-рэш і іншых формах.

Лаўрэш (Аляксандр Л.) - народная форма (з фармантам -эш ) ад першаснага Лаўр . Гл. Лаўрэль .

Лашкоўскі (Яўген Л.) - форма з прэстыжным фармантам -оўскі ад антрапоніма Лашко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лашк-оўскі . ФП: лоша ('жарабя') - лаш а к ('помесь жарабца і асліцы') - Лашак (мянушка) - Лашко (прозвішча з менай сегментаў ак-ко дзеля адмежавання ад апелятыва) - Лашкоўскі .

Леванцэвіч (Лена Л.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -эвіч ад антрапоніма Лявонцій і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ляв о нц-эвіч - Леванцэвіч . Адымёнавае прозвішча.

Лешчанка (Валянцін Л., Міхаіл Л.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Лешч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лешч-анка . ФП: лешч ('прэснаводная рыба сямейства карпавых з плоскім целам') - Лешч (мянушка, по-тым прозвішча) - Лешчанка .

Літвінка (Франя Л.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Літвін і семантыкай 'жонка ці дачка названай асобы': Літвінка . ФП: Літва (гістар.: тэрыторыя, княства з цэнтрам Літва (на Беларусі) - літвін (дэрыват з -ін ) 'насельнік, жыхар названай мясцовасці') - Літвін (празванне, затым прозвішча) - Літвінка .

Літвіноўская (Алеся Л.) - дэрыват з фармантам - оўская ад тапоніма Літвіны і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Літвін-оўская . Гл. Літвінка .

Лукашонак (Генадзь Л.) - дэрыват з суфіксам -онак ад антрапоніма Лукаш і семантыкай 'нашчадак (дзіця) названай асобы': Лукаш-онак . ФП: Лука ( імя канан. правасл.) - Лу-каш (імя катал. польск. Lukasz ) - Лукашонак . У праваслаўных адпаведна Лук а шык або Лука-шэня .

Лютомскі ( Дзмітры Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Лютома і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Лютом-скі .

Лянкевіч (Уладзімір Л.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Лянко (Ленка) і семантыкай 'нaшчадак названай асобы': Лянк-евіч . ФП: лены ('лянівы') - лянко ('асоба лянівая') - Лянко (мянушка, потым прозвішча) - Лянкевіч .

Ляўковіч (Ала Л.) - форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Ляўко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ляўк-овіч .

Ляхновіч (Тацяна Л.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Ляхно і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ляхн-овіч . ФП: Аляксандр - Александр - Алекс - Алех - Алехно - Алехновіч - Аляхновіч (М. Бірыла).

Ляшук (Вікторыя Л., Мікалай Л.) - дэрыват з суфіксам -ук ад антрапоніма Лях і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лях-ук - Ляшук . ФП: ляхі (састар. 'палякі') - лях ('паляк') - Лях (мянушка) - Лях (прозвішча) - Ляшук .

Макрэцкі (Зыгмунд М.) - дэрыват з фармантам - цкі (-скі) ад тапоніма Макрэц і семантыкай 'жыхар, народзінец названай мясціны, паселішча': Макрэц-кі . ФП: мокры ('насычаны вільгаццю, вільготны, сыры') - Макрэц (тапонім) - Макрэцкі . Дзеду З. Макрэцкага, а потым дзядзьку належала вёска Макрэц пад Ражанкай.

Малажай ( Галіна М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва малажай (рас. моложай, маладжавы 'які выглядае маладзей сваіх гадоў'. ФП: малажавы - малаж-ай ( параўн. голы - галай, доўгі - даўгай ) - Малажай (мянушка) - Мала-жай .

Мамчанка (Святлана М.) - дэрыват з фармантам - анка ад антрапоніма Мамка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мамч(к/x)-анка . ФП: мама - мамка - Мамка (мянушка) - Мамка (прозвішча) - Мамчанка .

Мануленка (Уладзімір М.) - дэрыват з фармантам - енка ад антрапоніма Мануля і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Манул-енка . ФП: Ма-рыя > Маня (гутар. форма імя) - Мануля (пяшч. ад Маня ) - Мануля (празванне, потым прозвішча) - Мануленка .

Мараз е віч (Святлана М.) - форма бацькаймення з суфіксам -евіч ад антрапоніма Мароз і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мараз-евіч . ФП: мароз ('моцны холад, сцю-жа') - Мароз (мянушка) - Мароз (прозвішча) - Мар о завіч - Ма-разевіч .

Марцэвіч (Іван М. ) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Марац і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Марц-эвіч ( Марац - Р. ск. Марц-а ). ФП: марац (рэг. месяц сакавік) - Марац (мянушка) - Марац (прозвішча) - Марцэвіч .

Масл ы ка (Яўген М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва маслыка - ўтварэння з фармантам -ыка ад масліць 'намазваць маслам, класці масла ў ежу': масл-ыка . ФП: масла ('харчовы тлушч') - масліць - маслыка ('той, хто масліць') - Маслыка (мянушка) - Маслы-ка .

Мацвіеня (Сяргей М.) - дэрыват з фармантам -еня ад антрапоніма Мацвей і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мацвеj-эня - Мацвіеня . Адымёнавае прозвішча; на ўсходзе Беларусі яму адпавядае ўтварэнне з фармантам - ёнак ( Мацвіёнак ).

Машчэнская (Людміла М.) - дэрыват з фармантам - ская ад тапоніма Машчэны і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Машчэн-ская .

Мезенка (Галіна М. ) - семантычны дэрыват ад апелятыва мезенка 'маладзейшая, малодшая дачка'. ФП: мезены ('маладзейшы, малодшы') - мезенка (мезен-ка) - Мезенка (мянушка) - Мезенка .

Мігановіч (Вікторыя М.) - форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Міган і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Міган-овіч . ФП: мігі (гаварыць на мігі 'размаўляць пры дапамозе жэстаў, знакаў') - міган ('той, хто размаўляе мігамі (глуханямы') - Міган (мянушка, потым прозвішча) - Мігановіч .

Міцынская (Валянціна М.) - дэрыват з фармантам - ская ад тапоніма Міцына і з семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Міцын-ская .

Мышкавец (Іван М.) - дэрыват з суфіксам -ец ад та-поніма Мышкавічы і з семантыкай 'народзінец, жыхар названага паселішча': Мышкав (-ічы)-ец .

Наваранка (Іван Н.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Навар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Навар-анка . ФП: навар ('вадкасць, насычаная рэчывамі тых прадуктаў, што ў ёй варацца, а таксама тлушч, які ўсплывае наверх пры варэнні стравы', а таксама (перан.) 'прыбытак, выгада ад чаго-небудзь') - Навар (мянушка) - Навар (прозвішча) - Наваранка. Про-звішча магло ўзнікнуць і непасрэна ад апелятыва наваранка 'тлушч пры варэнні стравы'.

Нагода (Андрэй Н.) - семантычны дэрыват ад апелятыва нагода 'падстава для чаго-небудзь' (з нагоды свята і пад).

Нагрэй (Станіслаў Н.) - семантычны дэрыват ад апелятыва нагрэй 'тое, што можа нагрэць , што сагравае, ацяпляльнае'. Утварэнне ад асновы нагрэй (-е, -юць) .

Наркевіч (Аркадзь Н.) - форма бацькаймення з суфіксам -евіч ад антрапоніма Норка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Норк-авіч - Наркевіч . ФП: норка ('драпежны пушны звярок сямейства куніцавых з густой бліскучай поўсцю, а таксама футра з гэтага звярка') - Норка (мянушка, потым прозвішча) - Нар-кевіч .

Насоль (Дзяніс Н.) - семантычны дэрыват ад апелятыва насоль - утварэння ад на-саліць 'персаліць, пакласці зашмат солі' (параўн. небасаль ). Прозвішча магло ўзнікнуць і шляхам акцэнтавання (пераносу націску на іншы склад слова) ад слова носаль 'насаты чалавек чалавек, насач'. ФП: нос ('орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы') - носаль - Носаль (мянушка, потым прозвішча) - Нас а ль (дзеля адмежавання ад апеля-тыва).

Немагай (Валянціна Н.) - семантычны дэрыват ад апелятыва немагай (утварэння з суфіксам -ай ад не магу : немаг-ай ) 'той, тая , тое, хто не можа' (ваканаць, здзейсніць што-небудзь).

Нічыпар (Алесь Н.) - народная форма ад канан. Нікіфар , якая стала побач з Нікіфар афіцыйным асабовым уласным найменнем і набыла функцыю прозвішча.

Нямцэвіч (Іван Н.) - формы бацькаймення з акцэнтаваным суфіксам -эвіч ад антрапоніма Немец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Н е мц-авіч - Нямцэвіч . ФП: нямы ('пазбаўлены здольнасці гаварыць', 'маўклівы, ціхі') - немец ('нямы мужчына' - асабовы назоўнік з суф. - е ц ад нямы ) - Немец (мянушка, потым прозвішча) - Немцавіч - Нямцэвіч . Або: немец адз. л. ад немцы 'народ, які складае асноўнае насельніцтва Германіі - Нямеччыны'. ФП: немец (член нацыі) - Немец (мянушка, потым прозвішча) - Немцавіч - Нямцэвіч.

Нямчынаў (Александр Н.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Немчын і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Немчын-аў . ФП: немка (жан. да немец ) - немчын ('які належыць немцы') - Немчын (мянушка, потым прозвішча) - Н е мчынаў -Ням-ч ы наў.

Нянашаў (Ігар Н.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Нянаш і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Нянаш-аў . ФП: наш ('які належыць нам, які мае адносіны да нас') - не наш (адмоўнае значэнне) - нянаш ('які не належыць нам, не мае адносін да нас') - Нянаш (мянушка, потым прозвішча) - Нянашаў .

Пазнухова (Лілія П.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад атрапоніма Пазнуха і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Пазнух-ова . ФП: пазн у ха ('тая, хто позніцца, спазняецца') - Пазнуха (мянушка, потым прозвішча) - Пазнухова .

Панюціч (Клара П. ) - дэрыват з фармантам -іч ад антрапоніма Панюта і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Панюц-іч . ФП: пані ('жан. да пан') - панюта (экспрэс. суф. -ют-а) - Панюта (мянушка, потым прозвішча) - Панюціч .

Паплаўская (Таццяна П.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Паплавы ( Поплаў ) і семантыкай 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча': Паплаўская.

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


"Верасень" у лістападзе

Л. Дранько-Майсюк і Э. Акулін наведалі Магілёў

Тое, што з дапамогай сяброўкі-гітары, вытанчаных метафар ды чароўнага голасу стварае Эдуард Акулін, сапраўды прымушае летуценіць, усміхацца і лунаць, лунаць, лунаць… У казачным сусвеце хараства.

Менавіта вось такое, самае вялікае ўражанне пакінула прэзентацыя літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень" у Магілёве з удзелам барда Эдуарда Акуліна (галоўнага рэдактара часопіса) і паэта Леаніда Дранько-Майсюка. Зрэшты, фармат сустрэчы творцаў з магілёўцамі 17 лістапада акрэсліўся сам па сабе. З самага пачатку творцы пачалі ўносіць у змест імпрэзы своеасаблівую інтрыгу. Алена, адна з удзельніц, наўрад ці думала, што яе просьба да Акуліна падпісаць зборнік ператворыцца ў імгненны акт творчасці ад Леаніда Васільевіча:

Парыж, Берлін і Вена

Зайздросцяць Эдуарду,

Бо побач з ім Алена

Як зорка, свеціць ярка.

Так бы мовіць, паэт ад верша ніколі не застрахаваны.

Спярша слова ўзяў аўтар знакамітай "Полькі беларускай" (дарэчы, яна была працытавана, што бясспрэчна было ўхвалена магілёўскаю грамадою), сын Палесся Леанід Дранько-Майсюк. Жыццё сярод традыцыйных вясковых майстроў не магло не адбіцца ў паэтычнай спадчыне: творы менавіта пра гэта прагучалі адразу ж.

Далей жа ва ўтульнай зале "Кола сяброў" апынуўся Хомка - французскі бульдог. У атмасферу ён упісаўся вельмі лёгка, з'явіўшыся па ініцыятыве свайго гаспадара - Леаніда Васільевіча. Іранічныя "Вершы для Хомкі" выдатна "зайшлі" ўдзячнай магілёўскай публіцы, адзнакай гэтага быў і смех, і доўгія пляскі ў далоні.

Хомка і хакей

Павялі, як тых дзяцей,

Хомку неяк на хакей…


А яшчэ прыгналі ўслед

Цэлы ж універсітэт!


Школы тут і ўсе ліцэі -

Сумна на такім хакеі!


І з лядовага палаца

Хомка кінуўся хавацца!

Прачытаўшы не менш вясёлы квінтэт вершаў, аб'яднаных назвай "Ля ратушы", "галоўны Дон Жуана беларускай паэзіі" саступіў месца калегу - "каралю пачуццёвай лірыкі" Эдуарду Акуліну. Тут ужо больш ішла размова пра самы малады літаратурна-мастацкі часопіс Беларусі - "Верасень", першы нумар якого пабачыў свет у 2009 годзе. "Выданне з'яўляецца добрым плацдармам для маладых аўтараў, якія робяць першыя крокі. Мы іх вельмі паважаем, друкуем вялікія партрэты - на цэлую старонку. Таксама ў часопісе прадстаўлены і слынныя імёны ў беларускай літаратуры.

- Пераемнасць павінна быць, мы гэта разумеем, - патлумачыў галоўны рэдактар "Верасня" Эдуард Акулін.

Застацца абыякавым, калі чуеш песні Акуліна, сапраўднаму беларусу немажліва. У іх усё, што трэба і што ёсць у нас: замілаванне, патрыятызм, вера, надзея, журба, скруха, бязмежнасць:

Зоркі ў небе расцвітаюць…

Вочы з воч пяшчоту п'юць.

Я адну цябе чакаю,

Я адну цябе кахаю,

Я адну цябе люблю.

Вельмі ж хацеў Эдуард Аляксандравіч, каб магілёўцы спявалі з ім разам, выказаўшы ўпэўненасць, што тое вельмі важна. І дамогся свайго. Уся грамада цягнула словы, ад якіх міжволі стыне кроў:

Многа ці мала дзён мінавала,

Гаснуць Знічы на вадзе…

Янка Купала,

Янка Купала,

Янка Купала ідзе!

Нас за сабою вядзе!

Расповед Акуліна пра недарэчныя перашкоды з рэгістрацыяй імені сына Янкі, яго ж сумны адказ на пытанне пра сённяшні стан філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча "Беларуская хатка" і назву часопіса, бліжэйшыя творчыя планы Дранько-Майсюка - за ўсё гэта і не толькі трэба дзякаваць Магілёўскай гарадской суполцы Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і самім творцам, якія не сядзяць на месцы, а ідуць-едуць, друкуюцца і выступаюць перад беларусамі, не глядзечы на даўно атрыманае прызнанне, як і на цяжкасці і іншыя акалічнасці. Быць пачутымі - для іх галоўнае. А для нас - пачуць.

Андрэй Ільеня.


За праўдзівую інфармацыю ў роднай мове

Сакратарыят ТБМ прапануе грамадзянам Беларусі пасадзейнічаць пераводу адной з самых папулярных і самых масавых незалежных газет краіны "Народная Воля" цалкам на беларускую мову. Тая, безумоўна, праўдзівая інфармацыя, якую падае "Народная Воля", павінна даходзіць да чытача ў роднай беларускай мове.


Галоўнаму рэдактару і заснавальніку газеты

"Народная воля"

спадару Іосіфу Паўлавічу Сярэдзічу

220020, г. Мінск,

вул. Энгельса, 34 а

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, просім Вас з 1 студзеня 2015 года выдаваць вашу газету на дзяржаўнай беларускай мове і такім чынам рэальна паспрыяць яе распаўсюду сярод грамадзян нашай краіны.


80 гадоў з дня нараджэння Валянціна Рабцэвіча

Валянцін Навумавіч РАБЦЭВІЧ (26 лістапада 1934, в. Красная, Кіраўскі раён - 29 траўня 2008, Менск) - беларускі гісторык, нумізмат, археолаг. Кандыдат гістарычных навук з 1965, доктар гістарычных навук з 1995, з 1997 - прафесар. Лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай нумізматыкі.

Скончыў БДУ ў 1957 годзе. У 1957-1959 - супрацоўнік арганізацыйнай групы Дзяржаўнага музея БССР. Навучаўся ў аспірантуры Дзяржаўнага Эрмітажа СССР пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук І. Г. Спаскага ў 1959-1963. У 1964 паспяхова абараніў кандыдацкую, а ў 1995 - доктарскую дысертацыю. З 1963 працаваў на гістарычным факульцеце БДУ, напачатку выкладчыкам, з 1970 - дацэнтам кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, з 1973 - кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных дысцыплін БДУ, з 1997 - прафесар.

Вывучаў гісторыю грашовага звароту на землях ВКЛ і Кароны, тапаграфію манетных скарбаў на Беларусі. Гэта надзвычай складаная справа, асабліва ў Беларусі, бо на тэрыторыі Беларусі сыходзіліся манеты многіх краін і Беларусь славіцца сваімі скарбамі. Гэта вымагае каласальнай эрудыцыі і наладжвання сувязяў са спецыялістамі ўсёй Еўропы, што паспяхова і рабіў Рабцэвіч, і гэта рабіла яму гонар.

Аўтар класічных манаграфій "О чем рассказывают монеты", "Нумизматика Беларуси", "Российско-польские монетные эмиссии эпохи Петра I", больш за 70 навуковых працаў і 300 навукова-папулярных артыкулаў у перыёдыцы і энцыклапедычных выданнях.

На аснове ўласнай калекцыі манет стварыў нумізматычны кабінет БДУ. Прадстаўляў Беларусь у Нумізматычнай камісіі Нацыянальнага камітэта гісторыкаў СССР.

Рабцэвіч вельмі перажываў за нашу спадчыну і шмат зрабіў, каб нашы манеты не раскрадаліся і каб скарбы былі дзяржаўным здабыткам

Дзякуючы яго намаганням на Беларусі застаўся ўнікальны скарб з Поясам Вітаўта, які збіраліся за бесцань прадаць у Расію.

Удзельнічаў у вывучэнні і раскопках археалагічных помнікаў: Ветачка, Рагачоўскі раён; Гадзілавічы, Рагачоўскі раён; Каласы, Рагачоўскі раён; Мадора, Рагачоўскі раён; Навасёлкі ў межах Мядзеля; Нагаўкі, Мядзельскі раён; Наўры, Мядзельскі раён; Цагельня, Рагачоўскі раён; Юдзічы, Рагачоўскі раён.

У апошнія дні свайго жыцьця ён рыхтаваў да друку працу яшчэ аднаго нашага славутага навукоўца, рэпрэсаванага ў трыццатыя гады, Міколы Шчакаціхіна.

Вікіпедыя .


Наўздагон прайшоўшым юбілеям

Газета "Наша слова" змяшчла матэрыялы з нагоды знакавых датаў у жыцці краіны і яе слынных грамадзян, але інфармацыя пра пэўныя падзеі паступае і пасля юбілеяў.

Уладзімір Шыцікаў з Гомеля даслаў самаробны медаль да 500-годдзя Аршанскай бітвы.

"Белпошта" выпусціла мастацкую паштоўку да 100-годдзя з дня нараджэння Язэпа Семяжона.

Тацяна Барысюк даслала санет да 60-годдзя Аляксандра Лукашанца.

Наш кар.


МОЎНАЯ СВЯДОМАСЦЬ

(санет шэкспіраўскага тыпу)

Аляксандру Аляксандравічу Лукашанцу да яго 60-гадовага юбілею


Вы клапоціцеся, каб у спорны спажытак

увайшло слова роднае і гаваркое.

Беларуская мова - праява эліты

ў паўсядзённых стасунках і ў нашай гісторыі.


Ажываюць пад Вашым пяром анамастыка,

моў славянскіх узаемадзеянне, рознасці,

асаблівасці словаўтварэння й граматыкі,

выпускаеце арфаграфічныя слоўнікі.


Прысвяціўшы жыццё і свой лёс мовазнаўству,

Вы стварылі карціну лексічнага свету,

у якой Вы ўплывовы маг-заканадаўца

і стратэг сацыялінгвістычнай планеты.


Беларусы гамоняць - ідылія дома.

Нас ратуе высокая этнасвядомасць.

18.11.2014

Тацяна Барысюк, ад імя аддзела ўзаемасувязей літаратур.


"Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы" ў класічным правапісе

У выдавецтве ТАА "Медыял" накладам 300 паасобнікаў выйшаў "Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы". Больш за 3000 слоў. Аўтар прафесар Мікола Савіцкі. 2-е выданне, дапоўненае і перапрацаванае.

Слоўнiк-даведнiк змяшчае больш за 3000 найбольш ужывальных тэрмiнаў па iнфарматыцы і вылiчальнай тэхнiцы. Кожны тэрмiн прыводзiцца на беларускай i ангельскай мовах i даецца яго тлумачэнне па-беларуску.

Мэта слоўнiка - спрыяць замацаванню і далейшаму развiццю беларускамоўнай тэрмiналогii па iнфарматыцы і вылiчальнай тэхнiцы ў навуковай лiтаратуры і навучальным працэсе.

Прызначаны для выкладчыкаў усiх тыпаў навучальных устаноў, аспiрантаў, магiстрантаў, студэнтаў i школьнiкаў. Можа быць карысны навукоўцам i спецыялiстам рознага профiлю ў галiне iнфарматыкi і вылiчальнай тэхнiкi. Разлiчаны на найшырэйшае кола карыстальнiкаў персанальных кампутараў.

Наш кар.



28 лістапада 2014 года ў 10.00 у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі пачнецца навукова-практычная канферэнцыя да 230-х угодкаў з дня нараджэння бацькі беларускіх гісторыкаў Тодара Нарбут а. Уваход вольны.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на першае паўгоддзе 2015 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 65. Цана змянілася нязначна. У 2015 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Эпоха БССР (1921-1991 гг.)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У гарадах царскай Расіі праблема жытла востра не стаяла. Кваліфікаваны рабочы мог пабудаваць сабе драўляны дом на гарадской ускраіне, а кватэры ў прыгарадах здымалі нават жабракі. Напрыклад, малодшы брат маёй прабабкі, Зміцер Палеўскі, які быў кваліфікаваным рабочым-слесарам на Пуцілаўскім заводзе ў Санкт-Пецярбурзе, меў на Неўскім праспекце пяціпакаёвую кватэру і свой конны выезд. Інтэлегенты і дзяржаўныя службоўцы без праблем арэндавалі 6-7-пакаёвыя кватэры.

Пасля прыходу да ўлады ў 1918 г. бальшавікі забралі ўсе прыватныя дамы і кватэры ва ўласнасць дзяржавы.

У былых даходных дамах яны стварылі "бытавыя камуны", калі ў вялікія кватэры засялялі адразу некалькі сем'яў. Так узніклі "камунальныя" кватэры, калі кожная сям'я мела толькі адзін пакой, а кухня, туалет і ванная сталі агульнымі, і імі карысталіся па чарзе ўсе жыльцы. Першы паверх у такіх дамах займалі установы сацкульбыту, а некаторыя пакоі былі пераўтвораны ў дзіцячыя садкі, чырвоныя куткі і чытальні.

Беларускія гарады, якія моцна пацярпелі падчас Першай сусветнай і савецка-польскай войнаў паступова адбудоўваліся і да 1924 г. жылі па інерцыі. Найлепш захаваўся г. Віцебск, які не пацярпеў падчас ваенных навалаў, і таму менавіта тут, дзякуючы Марку Шагалу і Казіміру Малевічу, сфармавалася віцебская школа мастацкага авангардызму, вядомыя ва ўсім свеце.

У 1925 г. было створана Аб'яднанне сучасных архітэктараў СССР, якое мела свой уплыў і ў БССР. На ўзор "жылога блока" Ле Карбюззе пачалі будаваць дамы-камуны, у якіх побач з індывідуальнымі пакоямі існавалі памяшканні агульнага прызначэння - пакоі адпачынку, кухні, умывальні і туалеты.

Дагэтуль часткова перабудаваныя дамы-камуны захаваліся ў Віцебску (1927-1929 гг.) і Гомелі (1929-1931).

Віцебскі дом-камуна - гэта першы ўзор пабудовы такога тыпу. Гэта чатырохпавярховы будынак са складанай канфігурацыяй плана з цэнтральным аб'ёмам і бакавымі крыламі. На фоне гладкай паверхні сцен з невялікімі па аб'ёму пілястрамі кантрасна вылучаюцца вынесеныя за план дома і закругленыя аб'ёмы лесвічных клетак. Дом быў разлічаны на адначасовае засяленне 280-300 чалавек. Для несямейных прадугледжваліся пакоі плошчай 24 квадратныя метры (на 4 чалавекі). Для маласямейных - пакоі плошчай 12-15 квадратных метраў (на 2-3 чалавекі). Кожная ізаляваная група пакояў на 18-24 чалавекі была аб'яднаная холам для заняткаў і адпачынку, мела кухню і туалеты. На першым паверсе ў цэнтральнай частцы дома знаходзіліся зала, хол і чытальня, а ў цокалі - душ, пральня і сушылка. У тарцах бакавых крылаў размяшчаліся 8 двухпакаёвых кватэр, па адной на кожным паверсе.

У 1930-1935 гг. У Віцебску пабудавалі яшчэ адзін чатырохпавярховы секцыйны мураваны жылы будынак, скампанаваны з 4 чатырох-кватэрных і 1 двух-кватэрнай секцыі ў цэнтры. Вокны дома амаль квадратныя, фасад вылучаецца глухімі агародкамі балконаў з вялікім вынасам на трэцім і чацвёртым паверхах.

Гомельскі дом-камуна быў пабудаваны для рабочых вагона-рамонтнага завода. Гэта шматпавярховы мураваны П-падобны ў плане будынак, які па даўжыні займае цэлы квартал. На другім-шостым паверхах размешчаны ўздоўж калідора жылыя ячэйкі, што маюць па два-тры пакоі і кухню-нішу. На кожным паверсе былі пакоі адпачынку, агульныя кухні, кубавыя і санвузлы. На першым паверсе знаходзілася сталовая, бібліятэка-чытальня і дзіцячая дашкольная ўстанова.

У 1938-1940 гг. на вуліцы Першамайскай у Магілёве пабудаваны жылы дом Саветаў. Гэта пяціпавярховы прамавугольны ў плане будынак складаецца з чатырох пяціпакаёвых кватэр, якія выходзяць па дзве на лесвічную пляцоўку. Рытмічна размешчаныя на вышыні другога-пятага паверхаў пілястры надаюць фасаду ўрачыстасць і выразнасць.

Каля прадпрыемстваў у гарадах будавалі так званыя рабочыя пасёлкі. У 20-х гадах найбольш распаўсюджаным быў двухпавярховы двухсекцыйны дом з пячным ацяпленнем, без водаправода і каналізацыі. Печы аблямоўваліся белай паліванай кафляй, часам аздобленай савецкай сімволікай. Шмат такой кафлі выраблялі ў Копысі.

З 1927 г. у Менску і абласных гарадах пачынаюць будаваць шматпавярховыя секцыйныя дамы, што займаюць цэлыя кварталы. Найбольш масавымі сталі дзвюх-кватэрныя секцыі. У Менску пачаў працаваць завод па вырабе стандартных канструкцый для масавага жыллёвага будаўніцтва. Вышыня столі дасягае 3,2 м, а вышыня будынкаў сягае пяць-сем паверхаў.

У 1930-х гадах па індывідуальных праектах будуюцца і "дамы спецыялістаў", якія знаходзіліся на галоўных гарадскіх магістралях і мелі прадстаўнічы выгляд.

У 1933 г. утапічныя ідэі савецкіх архітэктараў, прыхільнікаў "чыстага канструктывізму" прыпынілі. Адбыўся пераход да класічнага манументалізму - Палацы для народа. Склалася адміністрацыйная мадэль кіравання. Кіраўніцтва прыняло праектна-генеральны план развіцця горада, які меў сілу закона і быў абавязковы для выканання, прычым прымаўся ён на 20-25 гадоў.

Савецкае праектаванне ў беларускіх гарадах рабілі маскоўскія і ленінградскія архітэктары. Першую савецкую мадэрнізацыю прайшоў Барысаў.

У 1930-х гадах у СССР умацоўвалася і пашыралася таталітарная сістэма, раскітнеў культ асобы Сталіна. Вуліцы савецкіх гарадоў забудоўваліся вялікімі будынкамі, а ў архітэктуры склаўся новы манументальны стыль, які потым назвалі "неакласіцызмам", альбо "сталінскім ампірам". Гэты стыль актыўна падтрымліваў савецкі ўрад і вышэйшае партыйнае кіраўніцтва. Значна змяніўся і інтэр'ер. У дамах савецкіх людзей з'явілася цяжкая манументальная мэбля, дэкаратыўна распрацаваныя важкія жырандолі, вазы ў класічным ці ампірным стылі. Асноўным элементам жылога інтэр'еру становіцца вялікая абцягнутая скурай канапа. Яна мае высокую спінку, па баках - цыліндрычныя, выпуклыя валікі і моцныя фігурныя ножкі. Звычайна яна была чорнага колеру, але некаторыя ўвішныя гаспадыні шылі спецыяльныя чахлы з тканін на гэтыя канапы, аздаблялі іх рознымі карункамі. Над канапай вешалі палічку, дзе былі сямейныя фатаздымкі, ставілі гіпсавыя ці парцалянавыя фігуркі слонікаў ці галубкоў. У спальнях з'явіліся металічныя ложкі з высокімі нікеляванымі спінкамі.

У кабінетах партыйных чыноўнікаў, навукоўцаў і пісьменнікаў з'явіліся вялікія настольныя электралямпы на дубовай аснове са шкляным абажурам. Таксама з'явіўся і радыёпрыёмнік, які сёння моладзь называе "радыёпрымач".

Большасць людзей як у горадзе, так і ў вёсцы мела танныя радыёпрыёмнікі ў выглядзе вялікай акустычнай талеркі, у сярэдзіне якой знаходзіўся невялікі дынамік.

Больш прыгожыя лямпавыя радыёпрыёмнікі маркі "Маршал" у 1940-м г. пачалі вырабляць у Менску на радыёзаводзе, які пабудавалі на месцы старой Камароўкі. Прыёмнік меў прыгожы лакіраваны корпус, тры вялікія ручкі настройкі і прыгожую акустычную панель з тонкіх лакіраваных рэек, абцягнутых тканінай.

Паступова склаўся рэальны вобраз беларускага савецкага горада. Гэта зруйнаваныя, альбо ператвораныя ў клубы, музеі ці склады культавыя будынкі, новыя дамы культуры, завадскія карпусы. Амаль на кожным будынку плакаты, зоркі, сярпы і молаты і культурная прапаганда вобразаў Леніна і Сталіна для савецкага працаўніка.

Цікавы лёс напаткаў і беларускія мястэчкі. За гады НЭПу з 176 мястэчак БССР афіцыйна прызналі толькі менш за траціну. Спачатку савецкая ўлада нават стварала новыя мястэчкі. Калі ў 1925-м г. у БССР мястэчкамі лічылі 43 населеныя пункты, то ў 1930-1968-м гг. буйнейшыя мястэчкі пераводзілі ў гарады, а дробныя - у сёлы. Сітуацыя рэзка змянілася ў гады калектывізацыі, местачкоўцаў, а гэта пераважна былі яўрэі, заганялі ў калгасы ці рамёсныя арцелі. Паколькі ў БССР мяжы аселасці не існавала, то яўрэйская моладзь з Беларусі ўцякала ў буйныя цэнтры СССР. Найбольш беларускіх яўрэяў перасялілася ў Ленінград.

У 1938-м г. Прэзідыум Вярхоўнага савета БССР зацвердзіў класіфікацыю паселішчаў рэспублікі. Мястэчкі ў гэты пералік ужо не трапілі. Яны былі ператвораны ў гарадскія ці рабочыя пасёлкі, а часткова ў сёлы.

Як жа жыла ў БССР беларуская вёска? Выгляд беларускіх хатаў канчаткова склаўся яшчэ ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст. Хаты мелі розную форму страхі: двухспадовую, трохспадовую, чатырохспадовую і шатровую. Стрэхі крыліся саломай, чаротам, дранкай, гонтам і дошкамі. Аднак саламяныя дахі, асабліва на Палессі, пераважалі. Калі салому пакласці правільна, саламяны дах мог служыць да 60-і гадоў. Пад страхой было гарышча, дзе жылі душы памерлых продкаў. Падлога ў асноўным была глінабітная, драўляныя падлогі сустракаліся рэдка. Галоўны элемент ітэр'еру - гэта печка, якая спачатку палілася па-чорнаму, а потым атрымала комін. Да печы, як абаронцы ад халадоў, вяскоўцы ставіліся вельмі паважна, каля печы нельга было лаяцца, у запечку жылі хатнія духі. Каля пячнога поду, дзе гатавалі ежу, быў "бабін кут" - жаночая частка хаты.

Самай галоўнай часткай хаты быў "покуць", альбо "чырвоны кут". Тут віселі абразы, ляжала біблія, малельныя кнігі, стаялі свечкі. Цэнтр хаты займаў стол, над якім у "чырвоным куце", перад Калядамі вешалі "павука", зробленае з саломы ўпрыгожванне. Мэблі ў сялянскай хаце было няшмат. Акрамя стала ўздоўж сцен, што стваралі "покуць", стаялі дзве нерухомыя лавы. Да іх дадаваўся "ўслон", пераносныя лавы. Спалі на спецыяльным драўляным памосце з дошак, які звалі "пол" ("палаткі", "палок").

У канцы ХІХ ст. пачалі з'яўляцца драўляныя ложкі, лавы са спінкай і падлакотнікамі, якія часта аздабляліся разьбой і ў Заходняй Беларусі месцамі называліся канапамі. З'явіліся вялікія куфэркі, часам акаваныя жалезам і размаляваныя, дзе захоўваўся пасаг, альбо старыя кабеты складалі чыстае адзенне "на смерць".

Пасля НЭПу ў БССР акрамя вёсак і сёлаў існавалі хутары, прычым да 1929 г. стварэнне хутароў віталася бальшавіцкай уладай. Хутар - адасобленая сялянская гаспадарка з сядзібай, якая знаходзілася непасрэдна на зямельным надзеле селяніна. Узнікалі пасля рэформы 1861 г., аднак масавы характар працэс хутарызацыі набыў у канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. у сувязі са Сталыпінскай аграрнай рэформай. У 1906-1914 гг. з вёсак на хутары перасялілася чвэрць насельніцтва Віцебскай і каля 15% Магілёўскай губерняў. Рост хутароў працягваўся ў 20-я гады і быў прыпынены прымусоваў калектывізацыяй і ліквідацыяй "кулацтва" як класа.

У часы калектывізацыі хутары пачалі знішчаць, а дамы багатых сялян-"кулакоў", якіх высялялі ў Сібір ці іншыя далёкія месцы СССР, забіралі ў калгасы.

Выгляд вёскі значна змяніўся. З'яўляюцца сельсаветы і праўленні калгаса, замест валасной управы і дома земства. На змену зачыненага храма прыходзіць сельскі клуб і хата-чытальня. Прыватную краму замяняе кааператыўны магазін, будуецца школа, пазней з'яўляюцца дзіцячыя сады і яслі.

У 20-30-я гады ў БССР дзейнічалі стацыянарныя дзіцячыя сады і дзіцячыя летнія пляцоўкі. Пляцоўкі летняга тыпу працавалі ў цёплы час года (з траўня па верасень-кастрычнік). Яны існавалі ў гарадах і вёсках. Іх рабілі ў прыгожых месцах на прыродзе. Побач абавязкова быў будынак, дзе дзеці знаходзіліся падчас дажджу і дзе знаходзіліся іх цацкі і іншы дапаможны матэрыял. Пад іх прыстасоўваліся калгасныя будынкі і асабліва былыя "кулацкія" дамы. Стацыянарныя дзіцячыя сады дзейнічалі пры прадпрыемствах і ўстановах, пры вайсковых частках, у калгасах і саўгасах.

Самым буйным горадам Беларусі становіцца Менск. У 1926 г. тут жыло 131,5 тысяч чалавек (узровень 1913 г.). У 1939 г. 237,5 тысяч чалавек, а на пачатку 1941 г. - 270,4 тысячы чалавек.

Першы генеральны план Менска быў зроблены ў 1926 г. Новыя жылыя дамы планавалі будаваць толькі на ўзвышшах - на выпадак газавых атак падчас вайны з Польшчай. У студзені 1941 г. зацвердзілі новы план развіцця беларускай сталіцы. У ім прадугледзелі знос вуліцы Нямігі, пры гэтым гістарычныя каштоўнасці гарадскога цэнтра пад увагу не прымаліся. Існавала прапанова зрабіць раку Свіслач карабляходнай, галоўнай вуліцай зрабіць вуліцу Савецкую і ад Дома ўраду да Дома афіцэраў забудаваць камяніцамі, а шырыню вуліцы давесці да 30 метраў. Аднак пачалася Другая сусветная вайна, і ўжо ў верасні 1939 г. фашысцкія бомбы пачалі падаць на заходнебеларускія гарады. Падчас наземных баявых дзеянняў найбольш пацярпелі гарады Брэст і Кобрын.

Другі этап гэтай вайны - Вялікай айчыннай вайны - накрыў усю Беларусь. Найбольш пацярпелі гарады Полацк, Віцебск, Магілёў і Менск. Нягледзячы на пагрозлівыя заявы Сталіна і яго хаўруснікаў БССР была зусім не гатовая да вайны. Напрыклад, у Полацку было толькі 2 бомбасховішчы, і людзі хаваліся ў сутарэннях універмага, Мікалаеўскага і Сафійскага сабораў. З ліпеня 1941 г. немцы зрабілі "дывановую" бамбардзіроўку Полацка. Налёт рабілі каля 20-і самалётаў. Пры гэтым не бамбілі масты, будынак радыёстанцыі і ваенныя гарадкі. Цэнтр горада быў цалкам разбураны.

(Працяг у наст. нумары.)


І ў ХІХ - пачатку ХХ ст. беларусы і ўраджэнцы Беларусі нярэдка былі першапраходцамі ў Расіі

У наш складаны час вялікае значэнне мае развіццё і далейшае ўмацаванне ўзаемасувязей паміж славянскімі народамі, у прыватнасці, паміж беларускім і рускім у розных галінах чалавечай дзейнасці (навука, тэхніка, прамысловасць, асвета, культура, спорт). На самай справе цяпер існуе шмат расійска-беларускіх або беларуска-расійскіх праектаў, у якіх знаходзяць сваё адлюстраванне мінулае беларусаў і рускіх, іх багатая прафесійная і традыцыйная народная культура, супрацоўніцтва ў такіх галінах, як сучасныя навуковыя тэхналогіі, у тым ліку ў ваеннай, касмічнай і інш. галінах.

Але варта заўважыць, што гэтыя ўзаемакантакты існавалі з даўніх часоў. У артыкуле я б і хацеў спыніцца на разглядзе такіх узаемасувязяў ХІХ - пачатку ХХ ст., тым больш гэта варта зрабіць, бо ў шэрагу прац сучасных расійскіх даследчыкаў ураджэнцаў Беларусі ХІХ - пач. ХХ ст. адносяць або да палякаў, або да рускіх, на што няма ў іх ніякіх падстаў.

Для напісання гэтага артыкула мяне падштурхнуў шэраг публікацый. І, у прыватнасці, кніжка Г. Якутоўскага "История Беларуси. Величие, трагизм, уникальность" (Мн., 2013). Я нямала быў уражаны тым, што многія выдатныя расійскія дзеячы ў галіне навукі, тэхнікі, асветы і культуры ХІХ - ХХ ст. з'яўляліся беларусамі па паходжанні або ўраджэнцамі нашай зямлі (пісьменнікі Грын (Грынеўскі) Аляксандр, Алеша Юры, акадэмік С.П. Каралёў, вядомы на ўвесь свет вучоны Чыжэўскі Аляксандр і інш.).

Да пэўных думак прывёў мяне і артыкул Міхала Патоцкага "Польскія ссыльныя ў Сібіры", надрукаваны ў часопісе "Новая Польша" за 2013 г., № 5, які выходзіць на рускай мове. Публікацыі ў ім самай рознай тэматыкі. Але нас, беларусаў, цікавяць тыя артыкулы, якія маюць непасрэднае дачыненне да Беларусі і беларусаў і, у прыватнасці, да гісторыі і культуры ВКЛ або Рэчы Паспалітай, гістарычныя і культурныя факты з жыцця нашага народа ў ХІХ - пачатку ХХІ ст. Мяне зацікавіла гэтая публікацыя. Аўтар яе імкнуўся адлюстраваць ролю палякаў у гістарычным і культурным жыцці насельніцтва Сібіры ў асноўным ХІХ - пачатку ХХІ ст. Заўважым, асабліва шмат ліцвінаў-беларусаў і палякаў саслалі ў Сібір як удзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. І мне захацелася ўставіць некалькі сваіх капеек у гэтую справу.

Я тут хачу спыніцца на шэрагу прозвішчаў людзей, якія па пэўных прычынах (не заўсёды, праўда, аб'ектыўных) лічацца палякамі, але і мы, беларусы, маем права залічаць іх да свайго народа. І ў гэтым нічога дзіўнага няма, бо шэраг гістарычных ці культурных дзеячоў могуць належаць двум або тром ці нават чатыром народам. Па прыклады хадзіць далёка не трэба. Узяць хаця б Адама Міцкевіча ці Ігната Дамейку. Сваімі іх лічаць не толькі беларусы, але палякі і літоўцы. І гэта лічыцца нармальным.

Трэба заўважыць, што зусім нядаўна - у 2013-м годзе споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння славутага чалавека Літвы-Беларусі Бенядзікта Дыбоўскага , якога нярэдка даследчыкі таксама залічаюць да палякаў. Аднак з падобным меркаваннем я б не згадзіўся на ўсе сто адсоткаў і па меры магчымасці хацеў бы прывесці довады на карысць таго, што мы, беларусы, маем права лічыць яго сваім найперш.

Па-першае, ён быў ураджэнцам Беларусі. І гэта важны довад. Дыбоўскі тысячамі нітак быў звязаны з роднай зямлёй, яго насельнікамі, іх прафесійнай і традыцыйнай духоўнай і матэрыяльнай культурай. Па-другое, Дыбоўскія належаць да старажытных беларускіх шляхоцкіх родаў (гл., напр.: Крукоўскі У. З нататніка папялушкі. - Мн, 2014. С. 46) і, у прыватнасці, яны мелі герб Наленч. Па-трэцяе, гэты шляхціц, па ўсёй верагоднасці, ведаў не толькі польскую, рускую, нямецкую, але і беларускую мову. Бо ў той час прадстаўнікі шляхты нярэдка ўжывалі мову нашых продкаў у размове з прыслугай або сялянамі, а дробназямельная шляхта карысталася ёй часцей, чым польскай, і для гэтай шляхты беларуская мова з'яўлялася, бадай, адной з асноўных моў, якімі яна карысталася. На карысць гэтай думкі сведчаць шмат прыкладаў. От што пісаў Яўстах Тышкевіч у кнізе "Апісанне Барысаўскага павета" (Вільня, 1847) пра чыншавую і ваколічную шляхту: "Чыншавая (не мела зямлі і брала яе ў арэнду на чыншавых умовах (аброк). У апошнія два стагоддзі існавання Рэчы Паспалітай чыншавая шляхта стала найбольш шматлікай групай - А.Л. ) і ваколічная (называлася яшчэ засцянковай , - шляхта, прадстаўнікі якой валодалі гаспадаркамі, але не мелі сялян і самі працавалі на сваёй зямлі - А.Л .) шляхта культурай, спосабам жыцця і імкненнем вельмі мала розніцца ад простага селяніна" (с. 115). Той жа думкі прытрымліваўся і В. Ластоўскі. Ён пісаў, што ў мясцовай прыпалячанай шляхты "жыла і любоў да беларускага народа і краю, да яго звычаяў, у каторых узраслі мясцовыя палякі, і нават да мовы, каторая не была ім чужой, бо зналі яе змалку ад нянек і сялянства, а некаторыя і да апошніх часоў ужывалі яе ў штодзённым жыцці, як сваю родную. Шляхта, хаця і гаварыла па-польску і лічыла сябе палякамі, аднак у стасунках з палякамі называла сябе "літоўскай", хаця з роду літоўскай мовы ня знала. Паміж імі жыло, хоць ужо несвядомае, пачуццё гістарычнай асобнасці" (гл.: Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. - Мн., 1992. С. 95). У сувязі з гэтым тут акурат трэба падаць заўвагу Яна Чачота, што дзяды яго пакалення ў 40-я гады ХІХ ст. аддавалі перавагу беларускай мове (гл.: Красюк У.Ф. Медыятызацыя культурнай прасторы ўсходнеславянскага рэгіёну і феномен самабытнасці беларускай культуры: гістарычны аспект [Электронны рэсурс].-Рэжым доступу repository. buk.by: 8080 /jspuibitstream123456789/2029/1/MEDYIATYICYIYA%20 KULTURNAY%20PRA.

Польскі даследчык Р. Радзік таксама лічыць, што на Беларусі ў першай палове 19-га ст. "дробназямельная шляхта заставалася пераважна беларускамоўнай" (гл.: Радзік Р. Нетыповае грамадства // Невядомая Беларусь.- Мн., 2008. С. 335). Нешта падобнае сцвярджаў і О. Кольберг, дзе чырвонай ніццю праходзіць тая думка, што шляхта на Беларусі да мозгу касцей была беларуская па сваім паходжанні.

І гэта вельмі важна для нас, бо, па словах вялікага нямецкага вучонага В. Гумбальта, "уласна кажучы, ісцінная радзіма - гэта мова… Адыход (у значэнні адмаўленне ад радзімы - А.Л. ) ад радзімы, адчуджэнне, заўсёды хутчэй і лягчэй за ўсё адбіваецца на мове" (гл.: Чуковская Л.К. Избранное: "Былое и думы" Герцена; Декабристы - исследователи Сибиры; Н.Н. Миклуха-Маклай; Мои чужие мысли; Статьи. - М.: Время, 2011. С . 331). Значыць, родная мова - вялікая сіла. В. Гумбальд радзіму прыраўноўвае да мовы. Адыход ад яе (радзімы) азначае ў нямецкага вучонага адыход ад мовы. М. Прышвін таксама роднай мове адводзіў вялікае значэнне. Ён пісаў прыкладна так, што калі чалавек абыякава ставіцца да роднай мовы, то ён абыякава ставіцца і да мінулага, сучаснасці і будучыні свайго народа. У сувязі з гэтым, як тут не згадаць той факт, што дзесяткі тысяч немцаў, паводле польскіх даследчыкаў, у гарадах і мястэчках Польскага Каралеўства 19 - пач. ХХ ст. асіміляваліся ў палякаў, дзякуючы таму, што прынялі польскую мову і культуру. Тысячы чэхаў некалькі стагоддзяў раней, засвоіўшы нямецкую мову і культуру, па сутнасці сталі немцамі.

З гэтага вынікае, што беларусы значна больш, чым палякі маюць права лічыць сваёй малазямельную і беззямельную шляхту (дарэчы, і шляхту больш заможную), пражываўшую на беларускай этнічнай тэрыторыі першай паловы - 60-х гадоў ХІХ ст. (і, зразумела, пазней).

Тут акурат я хачу звярнуцца да ліста В. Савіч-Заблоцкага, які ён пісаў М. Драгаманаву, і выказаць нязгоду з думкай беларускага дзеяча. Цяжка паверыць у словы Савіч-Заблоцкага, які імкнучыся даць цэласную карціну развіцця нацыянальна-этнічнай свядомасці ў беларусаў 1850-х гадоў, пісаў М. Драгаманаву, што "да дзесятка пяці эканомаў, папоў, панскіх гувернёраў, ксяндзоў" … з "простым народам пабраталіся, ды і яго мовай пісаць і размаўляць маглі" (гл.: Савіч-Заблоцкі В. Пісьмы да Драгаманава // Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя.- Мн., 1988. С. 315-316). Калі можна згадзіцца з той колькасцю людзей (не простанароддзя - А.Л. ), каторыя маглі пісаць на мове нашых продкаў у 50-я гады ХІХ ст., і што ўказана ў лісце В. Савіч-Заблоцкага да Драгаманава (і то з агаворкамі), то ніяк нельга пагадзіцца з той колькасцю людзей, што ўказана ў вышэйзгаданага аўтара, якія маглі размаўляць па-беларуску. Іх было ў сотні і сотні разоў больш.

На карысць таго, што Бенядзікт Дыбоўскі мог ведаць беларускую мову сведчыць той факт, што мовай нашых продкаў час ад часу карыстаўся яго брат Уладзіслаў. Ён настолькі зацікавіўся духоўнай спадчынай беларусаў, што пачаў яе запісваць, збіраць. І гэта дало свой плён. У польскім гадавіку "Збюр вядомосьці до антраполёгіі краёвэй" ("Збор звестак па айчыннай антрапалогіі") надрукаваў два артыкулы "Беларускія прыказкі з Наваградскага павета" (1881) і "Беларускія загадкі з Менскай губерні" (1886).

Выкладанне ж у Дэрпцкім (Тартускім) універсітэце да 1889 г. было на нямецкай мове (там вучыліся Бенядзікт і Ўладзіслаў), і, зразумела, у Брэслаўскім (ням. Breslau; польск. Уроцлаў) універсітэце ў 60-я гады ХІХ ст. і пазней вялося па нямецку. Таму браты Дыбоўскія добра ведалі нямецкую мову.

Трэба заўважыць, што з гісторыяй, культурай і побытам нямецкага народа Б. Дыбоўскі, верагодна, някепска пазнаёміўся, бо цягам некалькіх гадоў працаваў на кафедрах нямецкіх універсітэтаў. Пра гэтага здольнага маладога чалавека ведалі як немцы, так і палякі. Яго выбралі ў 1862 г. прафесарам заалогіі і анатоміі Галоўнай школы ў Варшаве. Там ён кантактаваў з людзьмі, якія рыхтавалі паўстанне супраць самадзяржаўя. І Дыбоўскі рыхтаваў сябе да ўдзелу ў гэтым, бадай, народным у сваёй аснове паўстанні. Удзел у паўстанні 1863-1864 гг. расійскія ўлады Б. Дыбоўскаму не даравалі. Наступствы для гэтага шляхціца маглі б быць страшнымі, калі б не хадайніцтва прадстаўнікоў германскай моўнай сям'і. Смяротнае пакаранне Бенядзікту замянілі на катаргу, а потым на бестэрміновую ссылку у Сібір.

Праз некаторы час Дыбоўскі апынуўся ў пункце сваёй катаргі, недалёка ад Чыты, дзе ён набыў папулярнасць выдатнага лекара. Як лекар і натураліст Дыбоўскі прыняў удзел у экспедыцыі у басейны рэк Амур і Ўсуры, а таксама да возера Ханка ў 1868 г. К гэтаму часу цар тэрмін катаргі зменшыў яму напалову, а затым яшчэ на чвэрць. Губернатар Усходняй Сібіры ў сваю чаргу ў тым жа годзе скасаваў астатні тэрмін катаргі і дазволіў яму датэрмінова атрымаць статус перасяленца, а потым і пасяліцца на беразе Байкала.

З гэтага моманту пачаўся вельмі важны перыяд у жыцці і навуковай працы нашага земляка. Б. Дыбоўскі правёў усебаковыя фундаментальныя даследванні гэтага возера, вынікі якіх затым былі надрукаваны на старонках выданняў імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Гэтыя працы прынеслі Дыбоўскаму сусветную вядомасць. У 1870 г. за даследаванні Байкала наш зямляк быў уганараваны залатым медалём імператарскага РГТ. У 1877 г. яго выбралі дзейным сябрам гэтага таварыства, а ў 1913 г. - яго ганаровым сябрам.

Б. Дыбоўскаму дапамагалі не толькі беларусы і палякі, але немцы і рускія. Так, напрыклад, дзякуючы старанням і клопатам сваякоў і сяброў на Радзіме і хадайніцтвам рускіх вучоных, а таксама за заслугі ў даследаванні фаўны Сібіры, цар амніставаў Дыбоўскага і вярнуў яму шляхецкую годнасць.

І ў канцы артыкула хочацца нагадаць, што пра вялікіх ці нават здольных, таленавітых людзей нашай зямлі беларусам трэба памятаць і шанаваць іх.

Чаму ж такі палякі і літоўцы маюць вялікую цікавасць да нашых землякоў? Напрыклад, да Б. Дыбоўскага і І. Дамейкі. Верагодна, па той прычыне, што яны былі выдатнымі людзьмі свайго часу. Бо слабыя, "шэрыя" людзі мала каго цікавяць. Ураджэнцы Беларусі, якія па шэрагу акалічнасцей аказаліся ў Расіі (Б. Дыбоўскі, І. Чэрскі, А. Вількіцкі, Э. Пякарскі, І. Хруцкі, М. Курака і інш.), і прадэманстравалі сваю працавітасць, дапытлівасць, адукаванасць, жыццястойкасць, уменне прыстасоўвацца да нязвыклых для іх прыродных умоў жыцця, энергію, рацыянальнасць, глыбокі розум, высокую эрудыцыю, развітае пачуццё справядлівасці і чалавечай годнасці, імкненне дапамагчы нацыянальным мяншыням. І іх заўважылі мясцовыя жыхары, і палюбілі. Мы не павінны аддаваць нашых суайчыннікаў, суродзічаў, крэўных іншым народам. Мусім за іх змагацца (гістарычная ж і культурная спадчына беларусаў, бадай, найбольш абкрадзеная ў Еўропе), не гледзячы на тое, што наш народ з'яўляецца адным з самых таленавітых на еўрапейскім кантыненце. Нездарма доктар геаграфічных навук Ярмоленка адводзіць беларусам адно з першых месц у Еўропе паводле іх укладу ў сусветную навуку, тэхніку, прамысловасць, асвету і культуру (гл. мой артыкул у "Нашым слове" № 33-34 за 2011 г.). І трэба сказаць, вывад Ярмоленкі ўсё больш пацвярджаецца. Гэта не толькі вышэй згаданая кніга Г. Якутоўскага, але і шэраг іншых кніг не толькі нашых, але і замежных пісьменнікаў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў. Не гледзячы на тое, што ў некаторых рускіх і польскіх даследаваннях нашых землякоў па традыцыі залічваюць яшчэ ці то да палякаў, ці то да рускіх, найважнейшай задачай нашых вучоных на сучасным этапе з'яўляецца абгрунтаваны доказ пра беларускае паходжанне ўраджэнцаў нашай зямлі. І пэўная праца ідзе ў гэтым кірунку. Дастаткова сказаць, што ў шэрагу абласцей нашы даследчыкі і ў асобных выпадках нават замежныя (маецца на ўвазе мастак Вайсенгоф) здолелі даказаць беларускае паходжанне і беларускі характар творчасці шэрагу навуковых і культурных дзеячаў (Восіпа Казлоўскага, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэся Каратынскага, Генрыха Вайсенгофа і інш.).

Вельмі важна падкрэсліць, што беларусы або ўраджэнцы Беларусі былі нярэдка першымі не толькі ў Расіі, але ў Еўропе і свеце. Пра гэта сведчаць многія прыклады (І. Дамейка і інш.).

Не гледзячы ні на што, беларуская гістарычная, культурная і нацыянальная свядомасць на тэрыторыі Расіі паступова расце. І ўсё ж, больш правільна сказаць, што, з аднаго боку, па зразумелых для нас прычынах, ідзе далейшая асіміляцыя беларусаў на прасторах Расійскай Федэрацыі. З другога ж, у часткі беларусаў (інтэлігентныя, развітыя, культурныя, з глыбокім розумам людзі) назіраецца рост цікавасці да мінулага сваёй гістарычнай Радзімы, павышэнне ўласнай нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай гордасці. Гэта заўважыў нават і М. Патоцкі. Калі раней большасць лічыла Івана Чэрскага палякам, то цяпер многія ўжо ведаюць пра яго беларускае паходжанне. Чаму Чэрскі заслужыў павагу ў Расіі? На гэта ёсць адказ у публікацыі М. Патоцкага. Івана Чэрскага ён таксама лічыць палякам і называе яго Янам, які разам з А. Чэканоўскім, на думку польскага аўтара, унёс найбольшы ўклад у вывучэнне Сібіры ў галіне геаграфіі і этнаграфіі. Праводзіў Чэрскі геалагічныя і палеаанталагічныя даследаванні ваколіц Омска, вывучаў будову берагоў Байкала, склаў першую геалагічную мапу яго ўзбярэжжа, даследаваў р. Селенга і Ніжняя Тунгуска. У 1891 г. узначаліў экспедыцыю ў раён рэк Калыма і Індыгірка. Прапанаваў адну з першых тэктоніка-палеагеаграфічных схем унутраных раёнаў Сібіры. Памяць пра яго засталася ў Расіі. Яго імем названа сістэма горных хрыбтоў у Якуціі і Магаданскай вобласці, хрыбет у Забайкаллі, некалькі вуліц у населеных пунктах Сібіры і вёска на Калыме. Важна тое, што Таварыства беларускай меншасці ў Іркуцку носіць яго імя.

Эдуарда (у публікацыі ён называецца Эдвардам) Пякарскага (колькі ў на Беларусі такіх прозвішчаў!) М. Патоцкі таксама адносіць да палякаў, аднак падкрэслівае, што гэтае імя ў Польшчы цяпер забытае. Выходзіць, і за Э. Пякарскага ідзе барацьба (у аснове сваёй схаваная) паміж беларусамі і палякамі. А што ён зрабіў выдатнага і чым заслужыў павагу ў мясцовага насельніцтва Сібіры? Паважаць Пякарскага ёсць за што. У Якуціі яго шануюць за тое, што з'яўляўся стваральнікам першага трынаццацітомнага слоўніка якуцкай мовы.

Хацелася б яшчэ прывесці некалькі прыкладаў, якія сведчаць пра наш значны ўклад у развіццё расійскай навукі, тэхнікі і культуры ХІХ - пачатку ХХ ст.

Тут нам вельмі дапамогуць беларуска-расійскія праекты, прысвечаныя гістарычнаму і культурнаму супрацоўніцтву паміж двума славянскімі народамі, асаблівасцям развіцця беларускай і рускай прафесійнай і традыцыйнай народнай культур у мінулым і ў сучасны момант. Адзін з праектаў выйшаў у свет пад назвай "Белорусы, прославившие Россию. Россияне, прославившие Беларусь: биографический справочник" (Мн., 2013).

Адсюль чытач можа чарпануць для сябе шэраг цікавых фактаў. От, да прыкладу, адно з імён: Курака Міхаіл. Што пра яго ведае масавы беларускі чытач, глядач ці слухач? Скажам проста: мала што або нічога.

Курака Міхаіл Канстанцінавіч (1872-1920) з'яўляўся канструктарам доменных печаў, заснавальнікам школы расійскіх доменшчыкаў. Працуючы на заводзе (Марыупальскі завод) з амерыканцамі, Міхаіл хутка абагнаў сваіх настаўнікаў. Там пра яго ішла слава як пра лепшага доменшчыка. З 1900 г. Курака працаваў обер-майстрам, замяніўшы амерыканца. З 1903 г. ён быў начальнікам доменнага цэха Краматорскага металургічнага завода, адным з першых расейскіх начальнікаў цэха завода поўдня Расіі, дзе працавала шмат іншаземцаў. З гэтага часу Курака становіцца канструктарам доменных печаў. Па яго чарцяжах была пабудавана доменная печ з нахіленым скінавым уздымнікам; гэта быў першы расейскі ўздымнік. Міхаіл Курака, акрамя скінавага ўздымніка, распрацаваў арыгінальную канструкцыю горна, якая і цяпер выкарыстоўваецца на доменных печах, удасканаліў фурменны прыбор для падавання дуцця, увёў 4 стандартныя маркі фасоннай вогнеўпорнай цэглы, што дазволіла ў два разы скараціць працягласць капітальных рамонтаў доменных печаў (Гл., напр.: Белорусы, прославившие Россию. Россияне, прославившие Беларусь… с. 78).

На жаль, пра Івана Фаміча Хруцкага (1840-1885) сказана мала ў згаданым вышэй выданні. Толькі тое, што ён з'яўляўся цудоўным мастаком, жывапісцам, акадэмікам жывапісу, прадаўжальнікам лепшых традыцый рускага жывапісу 19-га ст. Ад сябе дадам, што Іван Хруцкі быў заснавальнікам рускага нацюрморта.

Паўтараю, асабліва вялікая ўвага ў цяперашні момант удзяляецца навуковаму і культурнаму супрацоўніцтву паміж Беларуссю і Расіяй, у прыватнасці, паміж Беларускім універсітэтам культуры і мастацтваў (найбольшую актыўнасць праявіла тут кафедра абрадаў і свят; да жніўня 2014 г. загадчыкам якой быў П.А. Гуд), з аднаго боку, і Чэлябінскім дзяржаўнай акадэміяй культуры і мастацтваў, з другога. У выніку гэтай супрацы з'явіўся расійска-беларускі сумесны навуковы праект "Сучасная святочная прастора" (Чалябінск - Мінск, 2012).

Важным беларуска-расійскім сумесным праектам з'яўляецца кніга-альбом "Беларусы Масквы. ХVII стагоддзе" (Мн., 2013). Беларускія культурныя навацыі аказаліся вызначальнымі, паваротнымі для рускага жыцця і мастацтва другой паловы ХVII стагоддзя. Беларускія майстры "прасеклі акно ў Еўропу", стаўшы для Расіі носьбітамі новых культурна-мастацкіх адкрыццяў. З гэтай кнігі-альбома бачна, што з усіх славянскіх народаў ХVII ст. беларусы аказалі найбольшы ўплыў на рускую культуру таго часу.

Заўважу, ажыццяўленне падобных праектаў гадоў 25-30 таму назад было б проста немагчым.

Вялікую ролю ў павышэнні гістарычнай, культурнай і нацыянальна-этнічнай свядомасці нашых суродзічаў у Расіі, у прыватнасці Сібіры, павінна адыграць метраполія, якой трэба больш увагі ўдзяляць сваім кроўным родзічам у гэтай краіне (дарэчы, і ў іншых дзяржавах) і больш пра іх клапаціцца, дапамагаць ім (папулярызацыя сярод нашых суродзічаў на тэрыторыі ўсходняй суседкі беларускай гісторыі, архітэктуры, традыцыйнай святочнай культуры, мастацтва, літаратуры, мовы (асабліва важным з'яўляецца арганізацыя на месцах курсаў па вывучэнні мовы нашых продкаў), фальклору і інш.; забеспячэнне беларускай дыяспары ў расійскай дзяржаве ўсёй неабходнай літаратурай, буклетамі, кінафільмамі, відэаматэрыяламі і інш.; больш частае ажыццяўленне сустрэч паміж беларусамі метраполіі (выдатнымі навуковымі і культурнымі дзеячамі), з аднаго боку, і нашымі кроўнымі родзічамі Расіі, з другога; арганізацыя навуковых канферэнцый і выступленняў фальклорна-этнаграфічных, мастацкіх калектываў з Беларусі і да т.п. (жывы ж кантакт паміж групамі беларусаў метраполіі і беларускай дыяспарай у Расіі можа шмат даць для духоўнага развіцця, нацыянальнага ўсведамлення нашых кроўных родзічаў усходняй суседкі Беларусі, павышэння іх нацыянальных гонару і годнасці).

Увага да беларусаў у іншых краінах з боку метраполіі павінна быць неаслабнай, імкненне за павышэнне іх нацыяльна-этнічнай самасвядомасці павінна быць пастаяннай, напорыстай, а дапамога ім дзейснай. Тады і будзе вынік.

Было б добра, каб часцей арганізоўваліся канферэнцыі па вывучэнні ўкладу беларусаў ў гістарычныя і культурныя працэсы ў Расіі і, наадварот, укладу рускіх у гісторыю і культуру Беларусі.

І самай неабходнай рэччу з'яўляецца выданне навуковых кніг, мастацкіх твораў, выпуск дакументальных кінафільмаў, відэаматэрыялаў, прысвечаных унёску беларусаў у развіццё навукі, тэхнікі, прамысловасці і культуры Расіі ХVI - пачатку ХХІ ст. У дадатак хочацца сказаць, што ў Расіі маюцца ўраджэнцы Беларусі - мільянеры або вельмі багатыя людзі. От каго трэба "раскручваць" на выданне новых грунтоўных і арыгінальных даследаванняў па беларускай гісторыі, мастацтве, культуры, спорце!

Такім чынам, ураджэнцы Беларусі, якія значны час вымушаны былі пражываць і працаваць у Расіі (Б. Дыбоўскі, І. Чэрскі, А. Вількіцкі, Э. Пякарскі, М. Курака, І. Хруцкі і інш.), пранёсшы ў сэрцы на доўгія гады любоў да сваёй гістарычнай радзімы, унеслі годны ўклад у развіццё расійскай навукі, асветы, тэхнікі, прамысловасці і культуры ў цэлым, беларуска-расійскага ўзаемаразумення, навуковага і культурнага супрацоўніцтва, сяброўства.

Анатоль Літвіновіч.


МОЦ І ЖЫВУЧАСЦЬ РОДНАГА СЛОВА:

беларускія песні і мова ў Сібіры і Далёкім Усходзе

Агульна вядомы стан беларускай мовы і культуры. Часта бывае, калі на афіцыйных мерапрыемствах не пачуеш ніводнага выступлення па-беларуску, а на канцэртах - ніводнай песні на роднай мове. Нацыянальна свядомая грамадскасць б'е трывогу, справядліва называючы крызісным станам выкарыстанне беларускай мовы ў адукацыі, культуры і наогул дзяржаве, з трывогай прадказваючы пераход роднага слова ў разрад мёртвых.

Ці ведаем жа мы сапраўдную моц роднай мовы і традыцыйнай культуры, іх жывучасць?

У 2011 годзе ў серыі "Помнікі фальклору народаў Сібіры і Далёкага Усходу" Інстытутам філалогіі Сібірскага аддзялення Акадэміі навук выйшаў 31 том "Фальклор беларусаў Сібіры і Далёкага Усходу. Частка 1: Сямейна-абрадавыя песні і галашэнні", у стварэнні якога прымалі ўдзел і беларускія навукоўцы. У названай серыі, пачынаючы з 1990 года, таксама выйшлі тамы эвенкійскага, бурацкага, рускага, якуцкага, тувінскага, нанайскага, алтайскага, хакаскага, шорскага, удэгейскага, далганскага, нянецкага, юкагіраўскага, манскага фальклору.

Вядома, што беларуская дыяспара ў Сібіры пачала фармавацца ў ХVІІ стагоддзі. Па перапісе 1897 года на тэрыторыях Табольскай, Томскай, Енісейскай і Іркуцкай губерняў заснаваліся перасяленцы з Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай губерняў. У 1926 годзе ў Сібіры ўжо пражывала 320 тысяч беларусаў. Увесь час іх лік павялічваўся. У 1930-х гадах ён дадаўся за кошт сталінскіх рэпрэсій. На Далёкі Ўсход беларусы прыбывалі як марскім шляхам (асабліва ў 1883 - 1895 гг.), так і сухапутным, і сяліліся кампактнымі грамадамі ў перадгор'ях Сіхатэ-Аліня і іншых мясцовасцях.

Запіс беларускага фальклору мае няпоўную стогадовую гісторыю. Упершыню ўзоры народнай творчасці нашых землякоў з Прымор'я былі апублікаваны ў кнізе А.П. Георгіеўскага "Рускія на Далёкім Усходзе" ў 1929 годзе. Цяпер ужо вядомы дзесяткі-сотні публікацый асобных артыкулаў, зборнікаў і манаграфій па тэме.

У згаданым томе змешчана каля 500 тэкстаў фальклорных адзінак, запісаных ад перасяленцаў (па-беларуску з перкладам на рускую мову), якія ўзяты з фондаў архіваў многіх устаноў Расіі. У 1991 годзе мае калегі Ўладзімір Васілевіч і Ігар Карашчанка запісвалі народную творчасць у беларусаў Прыморскага і Хабараўскага краёў Амурскай вобласці. Найбольш значныя даследаванні беларускага фальклору Сібіры і Далёкага Ўсходу зрабілі рускія навукоўцы В. Ламін, Л. Фяцісава, Л. Свірыдава, І. Сямёнава, А. Сямёнаў, Т. Лявонава, Н. Лявонава, Ф. Балоньеў, М. Мельнікаў, Н. Навасёлава, С. Сакалова, Е. Яфрэмава, С. Звягіна і інш. Добра вядома многім, напрыклад, дзейнасць лепшай беларускай суполкі ў Расіі - Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (заснавальнік А. Рудакоў) і ансамбля "Алёнушка" (кіраўнік Т. Сіпакова), што займаюцца беларускім фальклорам; беларускага песенніка і збіральніка народнай творчасці ў Цюменскай вобласці Міхася Басякова, пра якога, магчыма, будзе згадана ў наступнай кнізе.

Звяртае на сябе ўвагу агульная арганізацыя змястоўнага напаўнення выдання: уступныя грунтоўныя артыкулы аб фальклорных традыцыях (Н. Лявонавай), сямейна-абрадавай паэзіі (К. Кабашнікаў, А. Фядосік) і музычных асаблівасцях народнай спадчыны перасяленцаў (Т. Варфаламеева); ілюстрацыйны матэрыял і фальклорныя тэксты, заўвагі да іх, прылажэнні (беларуска-рускі слоўнік і інш.), дапаўненні, кампакт-дыск. Вось, напрыклад, у заўвагах акрамя падрабязнай пашпартызацыі песні і музычных асаблівасцях падаюцца звесткі пра інфарматара (у тым ліку, з якіх ён краёў перасяліўся) і ў якой літаратуры зафіксаваны падобныя варыянты з іх каментаваннем. Дарэчы, нямала тэкстаў з пазнакай "не зафіксавана", а гэта важна для паўнаты твораў сямейна-абрадавага рэпертуару. Атрымліваецца так, што на этнічнай тэрыторыі песня не зафіксавана, а ў далёкіх мясцінах ад радзімы перасяленцы захавалі яе ў памяці ды яшчэ і моцна ўплываюць сваім фальклорам на рускую культуру рэгіёна.

Вось як выказваюцца самі рускія даследчыкі пра падобныя ўплывы і ўзаемаўплывы. Навасібірскія аўтары Ф. Балоньеў і М. Мельнікаў пішуць: "Лірадраматычныя песні Сібіры бяруць пачатак ад агульнарускай традыцыі, аднак, развіваючыся, яны многае ўспрымалі ад украінскай … і асабліва ад беларускай … песеннасці… Там, дзе пераважалі выхадцы з Беларусі і Украіны, працяглы час захоўваўся не толькі іх песенны стыль, але і спрадвечная мова" (1985).

Аўтар уступнага артыкула заўважае, што "Сустрэчны рух пеўчых традыцый сібірскіх перасяленцаў прывёў так-сама да замацавання песень, прывезеных з беларускіх губерняў, у фальклорным рэпертуары рускіх і ў меншай ступені ўкраінскіх жыхароў Сібіры" , рэпертуар сібіракоў-беларусаў папаўняецца рускімі рамансамі і некаторымі ўкраінскімі лірычнымі песнямі, рускія выканаўцы выкарыстоўваюць беларускія словы, тыпу "дявчина", "от приходить", "караи ж вочки" і інш., і добра памятаюць, песні якіх традыцый спяваюць: "Эту песню могилёвские привезли… А эту смоленские пели…". Далей даследчык піша пра агульную традыцыю вяселля в. Машкова Навасібірскай вобласці, дзе "творы двух фальклорных традыцый - рускай і беларускай, з заўважнай перавагаю апошняй" .

Цікавыя матэрыялы таксама прадстаўлены па беларускіх хрысцінах, пахавальных звычаях і галашэннях, калыханках.

Такім чынам, беларускі фальклор застаецца ў памяці беларусаў-перасяленцаў Сібіры і нават Уладзівастока (маюцца запісы і з гэтага далёкага горада), часткова бытуе і ўплывае на культуру іншых нацыянальнасцей, запісваецца, выкарыстоўваецца некаторымі мясцовымі фальклорнымі калектывамі, перадаецца па спадчыне ад бацькоў дзецям, але таксама русіфікуецца і паступова знікае. Безумоўна, няма падстаў не трывожыцца лёсам роднай мовы і традыцыйнай культуры ў сябе на радзіме, не гледзячы на іх моц за межамі этнічнай тэрыторыі. Патэнцыял роднага слова найбольш праяўляецца ў перыяд росквіту і перад знікненнем. Тапелец выбіваецца з усіх сіл, хапаючыся нават за саломінку, і калі яму не працягнуць рукі, то і сіла згубіцца і цела змарнее, хоць дух і застанецца.

Алесь ЛОЗКА

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX